НАША СЛОВА № 15 (1374), 11 красавіка 2018 г.
Дарагія сябры "Нашага слова"!
Падпіска, калі глядзець па табліцы, то нібыта падрасла, але калі параўнаць з сакавіком, то зноў упала. Многія арганізацыі ТБМ стараліся ў гэты перыяд падняць падпіску ў сваіх рэгіёнах. У першую чаргу гэта Гародня, Нясвіж. Злёгку вырасла падпіска ў Менску і абласных цэнтрах, акрамя Берасця. Берасцейская вобласць - адзіная вобласць, дзе падпіска ўпала. Відавочна сказваецца адсутнасць абласной арганізацыі ТБМ.
Студзень Красавік
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 18 18
Бяроза р.в. 8 8
Белаазёрск р.в. - -
Бярэсце гор. 6 6
Ганцавічы р.в. - -
Драгічын р.в. - -
Жабінка р.в. - -
Іванава р.в 1 1
Івацэвічы р. в. 4 3
Камянец р.в. 1 1
Кобрын гор. 2 2
Лунінец гор. 3 2
Ляхавічы р.в. 2 1
Маларыта р.в. 1 1
Пінск гор. 7 6
Пружаны р.в. 7 6
Столін р.в. - -
Усяго: 60 55
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. - -
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 17 19
Віцебск РВПС - 1
Верхнедзвінск р.в. 4 4
Глыбокае р.в. 8 8
Гарадок р.в. 3 -
Докшыцы р.в. 3 3
Дуброўна р.в. 1 1
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 1 1
Міёры р.в. 1 1
Наваполацк гор. 17 17
Орша гор. 10 8
Полацк гор. 4 4
Паставы р.в. 6 8
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 2 1
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 1 1
Шаркоўшчына р.в. 7 8
Шуміліна р.в. - -
Усяго: 91 91
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 2 2
Барысаў гор. 6 6
Вілейка гор. 1 1
Валожын гор. 6 6
Дзяржынск р.в. 7 7
Клецк р.в. - -
Крупкі р.в. 2 2
Капыль р.в. 1 1
Лагойск 5 5
Любань р.в. 1 1
Менск гор. 210 214
Менск РВПС 9 9
Маладзечна гор. 9 10
Мядзель р.в. 2 2
Пухавічы РВПС 4 4
Нясвіж р.в. 5 9
Смалявічы р.в. 2 2
Слуцк гор. 5 6
Салігорск гор. 5 6
Ст. Дарогі р.в. - -
Стоўбцы р.в. 6 4
Узда р.в. 1 3
Чэрвень р.в. 2 2
Усяго: 291 302
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва 3 3
Брагін р.в. 1 -
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 21 23
Добруш р.в. 1 2
Ельск р.в. 1 1
Жыткавічы р.в. 11 10
Жлобін гор. 2 3
Калінкавічы гор. 1 1
Карма р.в. 2 2
Лельчыцы р.в. - -
Лоеў р.в. 1 1
Мазыр гор. 2 2
Акцябарскі р.в. 1 1
Нароўля р.в. 1 1
Петрыкаў р.в. 1 1
Рэчыца гор. 1 1
Рагачоў гор. 1 1
Светлагорск гор. 1 1
Хойнікі р.в. - -
Чачэрск р.в. 1 -
Усяго: 53 55
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 2 2
Ваўкавыск гор. 4 4
Воранава р.в. 4 3
Гародня гор. 30 36
Гародня РВПС 13 15
Дзятлава р.в. 10 9
Зэльва р.в. 1 1
Іўе р.в. 2 2
Карэлічы р.в. 2 2
Масты р.в. 3 2
Наваградак гор. 4 4
Астравец р.в. 3 3
Ашмяны р.в. 3 4
Смаргонь гор. 4 5
Слонім гор. 11 9
Свіслач р.в. 3 3
Шчучын р.в. 3 2
Ліда 10 12
Усяго: 112 118
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 2 2
Бялынічы р.в. - -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. - 1
Горкі гор. 3 2
Дрыбін р.в. - -
Кіраўск р.в. - -
Клічаў р.в. 2 2
Клімавічы р.в. - -
Касцюковічы р.в. 1 -
Краснаполле р.в. - -
Крычаў р.в. - -
Круглае р.в. 2 2
Мсціслаў р.в. 1 1
Магілёў гор. 21 24
Асіповічы гор. 9 8
Слаўгарад р.в. - 1
Хоцімск р.в. - -
Чэрыкаў р.в. 2 2
Чавусы р.в. - -
Шклоў р.в. 2 2
Усяго 46 48
Усяго на краіне: 653 669
Наперадзе Радуніца
Адной з адметнасцяў традыцыйнай беларускай культуры ёсць культ продкаў. У нашым афіцыйным календары ёсць вызвалены ад працы дзень, у які сем'і выпраўляюцца на месцы пахаванняў сваіх бацькоў і прадзедаў, каб прыбраць магілку і ўшанаваць іх памяць. У народным календары такіх дзён было болей - восеньскія, дзмітраўскі, троіцкія Дзяды, Асяніны і іншыя дні, калі людзі збіраліся на могілках і ўрачыста паміналі пачынальнікаў свайго роду. Найбольш вядомыя, паўсюдна адзначаныя сёння - Радуніца і восеньскія Дзяды.
На сёння:
Радуніца - царкоўнае свята Праваслаўнай царквы;
Радуніца - дзяржаўнае свята (нерабочы дзень) у Рэспубліцы Беларусь;
Радуніца - з 2018 года дзяржаўнае свята (нерабочы дзень) у Бранскай вобласці Расіі.
Радуніца, або Радаўніца, радунiцкiя Дзяды, Вялікдзень мёртвых, "снеданне па радзіцелях", адзначалася вясною. Гэта было адно з першых святаў новага года, які для земляроба пачынаўся не ў зімку, а вясною, з выхадам у поле. У наш час такія памінальныя дні звычайна прымацаваны да рухомага царкоўнага календара.
Сённяшняя Радуніца ў Беларусі з'яднала два святы Наўскі Вялікдзень і ўласна Радуніцу.
Наўскі Вялікдзень адзначаўся ў большасці на захадзе і паўночным захадзе Беларусі ў першы чацвер па Вялікадні. Яго адзначалі і праваслаўныя, і католікі. Яшчэ ў 60-я гады 20-га стагоддзя католікі Нясвіжчыны насілі велікодныя яйкі на магілы продкаў, а сёння нясуць штучныя кветкі.
Уласна Радуніца адзначалася больш на ўсходзе Беларусі. Людзі прыходзілі на могілкі з раніцы, згадвалі памерлых, звярталіся да іх у замовах і малітвах, жанчыны галасілі. Тут жа, на засланым на надмагільным насыпе абрусе, хустцы або ручніку раскладалі памінальныя стравы - яйкі, куццю, мясное, печыва. Памерлых запрашалі далучыцца да снедання са словамі: "Святыя радзіцелі, хадзіце к нам хлеба і солі есці, старыя і малыя". У некаторых месцах на магілах качалі яйкі. Лічылася, што так можна ажывіць нябожчыка. Абавязкова крыху ежы і напою пакідалі "для мёртвых". Паўсюдна на крыжы навешвалі адмыслова вытканыя і аздобленыя ручнічкі, фартушкі, вяночкі, стужачкі. Часткова гэтая традыцыя захавалася, аднак замест ручнікоў прыносяць штучныя кветкі.
Сёння Радуніца - дзяржаўнае свята і адзначаецца на дзявяты дзень пасля Вялікадня, але ў рэгіёнах з традыцыямі Наўскага Вялікадня людзі не трымаюцца строга гэтага дня, а ідуць ці едуць на могілкі ў любы дзень па Вялікадні, аднак адведаць продкаў вясной стараюцца абавязкова.
Сяргею Токцю - 50
Сяргей ТОКЦЬ нарадзіўся 12.04.1968, в. Бершты Гарадзенскай вобласці. Скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (1992), аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995). Доктар гістарычных навук. Працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце. У 1997 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Дзяржаўны апарат царызму ў Беларусі ў 30-60-х гадах ХІХ ст. (структура, функцыі, чыноўніцкі корпус)". Даследуе праблемы этнаканфесійнай і сацыяльнай гісторыі Беларусі 19-20 стст., праводзіць мікрагістарычныя даследаванні. Аўтар манаграфіі "Беларуская вёска на мяжы эпох: Змены этнічнай самасвядомасці сялянства ва ўмовах распаду традыцыйнага аграрнага грамадства (па матэрыялах Гарадзеншчыны 19 - першай трэці 20 ст.) (Гародня, 2003)" і каля 50 навуковых артыкулаў, з якіх найважнейшыя: Барацьба за беларускую дзяржаўнасць на абшарах Гарадзенскай (Берштаўскай) пушчы ў 1920-х гадах, "Bialoruskie Zeszyty Historyczne" Bialystok 2001, nr 15, s. 135-167; Беларускі нацыянальны рух ХІХ - пач. ХХ у кантэксце нацыянальных рухаў народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы // Нацыянальныя пытанні: Матэрыялы ІІІ міжнароднага кангрэса беларусістаў "Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый". Мінск.:"Беларускі кнігазбор", 2001. С.68-75; Нацыятворчыя працэсы на Гарадзеншчыне 19 - пачатку 20 ст. // Гістарычны альманах. Гародня, Т.6. 2002. С.130-151; Праблемы перыядызацыі беларускага нацыянальнага руху 19 - пачатку 20 ст. // Гістарычны Альманах. Т.7. 2002. С.187-192 і інш.
Kamunikat.org.
Круглы стол у Палаце Прадстаўнікоў
У Палаце Прадстаўнікоў 5 красавіка адбыўся круглы стол па пытаннях беларускамоўнага заканадаўства. У прэзідыуме мерапрыемства сядзелі экс-старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч, дэпутат Ігар Марзалюк і першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец.
Гаворка ішла пра тое, ці трэба (а калі трэба, то як) пашырыць ужыванне беларускай мовы ў працэсе заканатворчасці.
Варта адзначыць, што з запрошаных дэпутатаў і чыноўнікаў ніхто не выказаўся "супраць", таму дыскусія вялася на тэму, як менавіта гэта рабіць: прымаць законы на адной мове, а потым перакладаць іх на іншую, або прымаць адразу на дзвюх, або вынайсці нейкі камбінаваны шлях.
Ва ўзор ставіліся парламенты Казахстана, Ірландыі, расійскіх рэспублік. Прамоўцы нагадвалі, што ў БССР законы ў абавязковым парадку прымаліся на беларускай мове.
Прапануем вам найбольш цікавыя фрагменты дыялогаў з круглага стала.
Рыгор Васілевіч:
- Калі трэба і наспеў час прымаць законы на рускай і беларускай мове - дык калі ласка, няма ніякіх перашкод. Я не думаю, што варта кідацца з боку ў бок: прымалі па-руску, а цяпер вось па-беларуску, давайце і так, і так. На першы час нават можна праводзіць адну сесію па-руску, адну па-беларуску. Калі па-беларуску, то законапраект разглядаецца па-беларуску. Дзяржаўныя службоўцы павінны выконваць патрабаванні закона "Аб мовах" і закона "Аб дзяржаўнай службе". Усе павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, а беларускую мову звычайна не ведаюць. І парушаюць заканадаўства. І тады, калі адказваюць на беларускамоўныя звароты грамадзян па-руску, таксама парушаюць. Можа, прыняць закон аб мовах у новай рэдакцыі?
Мікалай Савановіч, начальнік аддзела канстытуцыйнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў:
- Тут я згодны з папярэднім прамоўцам, што не трэба кідацца з боку ў бок, давайце прымаць законы на дзвюх мовах. Але галоўнае, што павінен быць выбар. Чаму я сёння не магу аддаць дзіця ў беларускамоўны садок і вымушаны ездзіць праз увесь горад? Няма адпаведнага садка ў маім раёне. З маіх знаёмых 5-7 чалавек ужо аддалі дзяцей у рускамоўны садок, бо не было магчымасці аддаць у беларускамоўны. Я не кажу, што яны абавязаны быць адразу выйшаў - і ля ганку. Але ў кожным раёне павінны быць.
Алена Філімонава, начальнік галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі:
- Адразу скажу, што мы стараемся адпавядаць тым патрабаванням да дзяржслужбоўцаў, якія прадугледжаны Законам аб мовах. А наконт тэмы круглага стала… Ніякіх прававых перашкодаў прымаць законы па-беларуску няма. Пытанне ў практыцы. Не трэба перабольшваць цяжкасці працэсу падрыхтоўкі [законаў]. Невырашальнага тут нічога няма.
***
Аляксандр Лукашанец:
- Няма грошай на беларускамоўны пераклад? Давайце пісаць па-беларуску і паглядзім, ці знойдуцца грошы на рускамоўны пераклад.
Аксана Мякіннік, начальніца юрыдычнага аддзела Мінадукацыі:
- Мы прымаем ведамственныя акты па-беларуску. Што тычыць законаў, то я, як грамадзянін, падтрымліваю Аляксандра Аляксандравіча [Лукашанца].
***
Ігар Марзалюк:
- Заўважу, што гэта не размова пра існаванне дзвюх нацыянальных абшчынаў, гэта дыскусія, якая ідзе ўнутры беларускай нацыі. Я супраць стварэння моўных рэзервацый, я заўсёды ўспрымаў сябе як прадстаўніка большасці, а не меншасці. Выхаванне моўнай культуры - гэта важна.
Алег Трусаў, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы:
- Чаму існуе такая практыка, што суддзі, беларускія суддзі, наймаюць за нашыя ж грошы перакладчыкаў з беларускай мовы? Прапаную забараніць ім гэта рабіць, а грошы накіраваць на аплату перакладаў заканадаўчых актаў.
Ігар Марзалюк:
- Гэтыя суддзі, выходзіць, увогуле не адпавядаюць статусу дзяржаўных службоўцаў.
***
Таццяна Кананчук, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі і прыродакарыстання:
- Будучыня за тымі прапановамі, якія тут агучаныя. Але такі прыклад: Кодэкс аб культуры прыняты і выкарыстоўваецца - хто сёння патрабуе яго перакладу на рускую мову? Ніхто. Але зусім мала законапраектаў паступае на беларускай мове. Чаму мала? Бо мы мала выкарыстоўваем мову. Колькі грамадзян нашай краіны будзе выкарыстоўваць гэта, калі мы перакладзем законы? Я пра іншае. Я пра пашырэнне выкарыстання беларускай мовы. Яна не выкарыстоўваецца дзяржаўнымі службоўцамі ў поўнай меры. Сёння вясковыя школы працуюць па-беларуску, але калі дазволілі здачу экзамену па гісторыі па-руску… Гэта няправільна. Хаця я і з радасцю канстатую, што нашая моладзь усё больш і больш размаўляе па-беларуску.
Аляксандр Лукашанец:
- Таццяна Пятроўна, не трэба падмяняць прыярытэты - калі будзе заканадаўчая база, то на гэтым вырасце астатняе.
Ігар Марзалюк:
- Ужо вырасла цэлае пакаленне, для якога беларуская тоеснасць - не савецкая тоеснасць. Майму сыну 15 год, ён, ідучы некалі з садка, шукаў паўсюль беларускае: машыны, прадукты… Гэта іншыя людзі, для іх Беларусь - не месца прапіскі. Можа, гэта незаўважна на вуліцах, але да мовы цяпер ёсць стаўленне як да найважнейшага маркера, гляньце, як рэкламу беларускамоўную замаўляюць. Па-беларуску гаварыць цяпер модна. Калі мы ў 1980-я хлопцамі заходзілі ў кавярню, то нам казалі: хлопцы, а вы калгаснікі ці пісьменнікі, што гаворыце па-беларуску? Потым да гэтага дадаліся яшчэ бэнээфаўцы. Цяпер жа палітра беларускамоўных нашмат шырэйшая.
Напрыканцы круглага стала ўдзельнікі вызначылі, што далейшая работа ў кірунку беларусізацыі заканадаўства будзе весціся паступова і "крок за крокам".
- Гэта прэстыж краіны, - казалі дэпутаты ў кулуарах.
nn.by.
Рыцар Праўды і Справядлівасці
Гэты чалавек - як сумленне. У сваіх выступах і публі кацыях ён усюды на варце закона.
Выкрывае беззаконне, прававое бязмежжа, парушэнне правоў чалавека, самавольства, гвалт, несправядлівасць.
Ён - як промень святла, паказвае шлях у змрочнай атмасферы аўтарытарызму.
Ён - як гаючы эліксір, падрымлівае стомленых і няўпэўненых у сабе спадарожнікаў, надае ім веры і аптымізму.
Ён - як рыцар, абаронца высокіх ідэалаў. Рыцар з прыўзнятым забралам. Нездарма за выяўленыя смеласць і самаахвярнасць у барацьбе за адраджэнне свабоды і дэмакратыі на Беларусі Грамадскі рух імя Юрыя Захаранкі "Абаронцы Айчыны" ўзнагародзіў яго прэміяй і назваў яго "Рыцарам 2015 года".
Гэты чалавек - Пастухоў Міхаіл Іванавіч, доктар юрыдычных навук, прафесар, "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь", праваабаронца і выдатны публіцыст. З 1994 па 1996 гг. працаваў у складзе Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.
З 2015 года Міхаіл Іванавіч з'яўляецца актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ён кажа, што ў такі час вырашыў быць з тымі, хто гатовы змагацца за сваю мову. Для ТБМ гэтае ягонае рашэнне вельмі важнае і ганаровае, бо ў яго асобе арганізацыя атрымала высокакласнага спецыяліста і шчырага сябра. Сёння ён актыўна працуе над прававымі аспектамі праблемы беларускай мовы ў незалежнай Беларусі.
Падчас навуковых канферэнцый, якія праводзіць ТБМ, выступае з дакладамі і публікацыямі ў прэсе па гэтай тэматыцы. З'яўляецца сябрам Аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча з беларускай мовай навучання.
7 красавіка Міхаіл Іванавіч адзначыў круглую дату ў сваім жыцці - яму споўнілася 60 гадоў.
Наша Таварыства ад усёй душы віншуе яго з гэтай датай і зычыць здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і задумах, радасці кожнага дня.
Асабіста я хачу павіншаваць спадара Міхаіла Іванавіча Пастухова прысвечаным яму сваім вершам, які напісаўся ў выніку колішняй нашай з ім размовы пра яго жыццё і лёс ягонай сям'і...
ВЯРТАННЕ
Чалавек ён вядомы. Ды сам - не з мясцовых.
Прыехаў ён з Бранска. А дакладней, - з-пад Бранска.
І род іх - амаль што вясковы.
У дзяцінстве сваім ён набраўся там слоўцаў сялянскай -
З той мясцовай гаворкі - "нярускай", "няправільнай" мовы.
Мову дзецям настаўнікі школьныя выпраўлялі,
Ім алоўкам чырвоным у сшытках "фальклор" вытраўлялі.
Часам думаў-гадаў: ну адкуль яны, гэтыя слоўцы?
З Беларусі нібы хтось прынёс, ды натрос выпадкова...
Толькі ж ведаюць праўду пісьменнікі і навукоўцы:
Тут была насамрэч Беларусь, і тое засведчыла мова.
Яе словы жывыя на Бранскай зямлі не звяліся,
І ў ягонай душы прытаіліся ды засталіся...
Тыя словы няўцямныя, нібыта ціхія шэпты, не ўсе нават чулі...
Ён жа сэрцам іх покліч адчуў, бо ў дзяцінстве іх чуў ад бабулі -
Беларускі, у ліхія часы пераселенай прымусова
Ў Расію ... Як голас душы, беларускай была яе мова.
Гэта клікала Маці - Зямля, і душа яе чула...
Усё ж бабулю Радзіма вярнуць не змагла.
А затое ўнука вярнула!
Святлана Багданкевіч, сябра ТБМ. 7.04.2018 г., г. Менск.
Пытанні захавання спадчыны
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны"
Анісім А.М.
Аб разглядзе зваротаў
Паважаная Алена Мікалаеўна!
У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 05.02.2018 № 10/124-227 Міністэрства культуры інфармуе па сутнасці пытанняў, узнятых у Вашых зваротах аб ушанаванні памяці Ф. Скарыны і аб захаванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Аршанскага рэгіёна.
Аб стварэнні музея Ф. Скарыны.
Музейныя экспазіцыі, або іх раздзелы, прысвечаныя спадчыне Ф. Скарыны, у цяперашні час функцыянуюць на пастаяннай аснове ў дзяржаўных установах "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь", а таксама ў навукова-даследчай і асветнай установе культуры "Нацыянальны Полацкі гісторыка- культурны музей-запаведнік".
Адзіная ў дзяржаўных арганізацыях калекцыя арыгінальных выданняў Ф. Скарыны з 10 кніг прадстаўлена толькі ў Музеі кнігі дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", дзе створаны належныя ўмовы для захавання калекцыі, закуплена і ўсталявана адпаведнае абсталяванне, якое забяспечвае тэмпературна-вільготнасны рэжым, неабходны для захавання старадрукаваных і рэдкіх выданняў. У іншых музеях экспанаты прадстаўлены ў копіях і муляжах.
Наяўныя музейныя экспазіцыі ва ўстановах культуры паспяхова функцыянуюць і дапаўняюць адна другую. Пры гэтым Нацыянальная бібліятэка Беларусі сёння з'яўляецца вядучым цэнтрам па захаванні і папулярызацыі спадчыны Ф. Скарыны. У 2017 г. пры ўдзеле яе супрацоўнікаў было праведзена каля 300 мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Быў падрыхтаваны і выданы камплект факсімільнага выдання спадчыны Ф. Скарыны, створаны інфармацыйны партал, які ўтрымлівае інфармацыю аб выданнях першадрукара, а таксама лічбавыя копіі выданняў Ф. Скарыны.
З улікам пазначанага, меркавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама таго, што ў цяперашні час у рэспубліцы няма ў наяўнасці арыгінальных музейных прадметаў для стварэння асобнага музея, прысвечанага спадчыне Ф. Скарыны, лічым стварэнне такога музея немэтазгодным.
Аб захаванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Аршанскага рэгіёна.
Міністэрствам культуры разам з Віцебскім аблвыканкамам створаны ўмовы для захавання гісторыка-культурнай спадчыны на тэррыторыі аграгарадка Смальяны. На дадзенай тэрыторыі знаходзяцца тры аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны: Спаса-Праабражэнская царква (катэгорыя "2"), рэшткі былога дамініканскага касцёла (катэгорыя "2") і руіны замка "Белы Ковель" (катэгорыя "2").
Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2016 г. № 6 зацверджаны праект зон аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў аграгарадку Смальяны, устаноўлена забарона на будаўніцтва будынкаў і збудаванняў на тэрыторыі зон аховы названых аб'ектаў.
Міністэрствам культуры сумесна з Віцебскім аблвыканкамам распрацаваны ўзгодненыя прапановы па паэтапнаму правядзенню работ па кансервацыі і рэстаўрацыі рэшткаў былога дамініканскага касцёла і руін замка "Белы Ковель". Ужо распрацавана навукова-праектная дакументацыя на аб'ект "Рэшткі былога дамініканскага касцёла (другая палова XVIII стагоддзя)" у аграгарадку Смальяны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Віцебскім аблвыканкамам разам з Аршанскім райвыканкамам вядзецца работа па пошуку сродкаў для працягу работ на дадзеным аб'екце.
Мерапрыемствы па кансервацыі руін замка "Белы Ковель" плануецца ажыццявіць у рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады пасля завяршэння работ на ўжо пачатых аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны.
Па пытанні стварэння памятнага знака Тамашу Зану.
Міністэрства культуры разам з Віцебскім аблвыканкамам лічаць, што ўсталяваны і захаваны да нашага часу на магіле Тамаша Зана аўтэнтычны помнік XIX стагоддзя, першапачатковая выява якога не змянілася і зафіксавана на гравюры Напалеона Орды, прадстаўляе каштоўнасць і цікавасць для гісторыкаў і турыстаў.
У сувязі з гэтым Віцебскім аблвыканкамам прапрацоўваецца пытанне аб магчымасці ўключэння месца пахавання Тамаша Зана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помніка гісторыі рэгіянальнага значэння, што будзе садзейнічаць папулярызацыі дадзенага аб'екта пры фарміраванні міжнародных турыстычных маршрутаў. Таксама будуць праведзены работы па добраўпарадкаванні месца пахавання і забеспячэнні належнага парадку на прылеглай да яго тэрыторыі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення
культуры і аналітычнай работы В.М. Чэрнік.
Выстава "Беларускі друкар Спірыдон Собаль"
Рэдкія выданні XVII стагоддзя прадстаўлены на выстаўцы "Беларускі друкар Спірыдон Собаль" з 10 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. На часовай экспазіцыі, прысвечанай выдатнаму дзеячу беларускага асветніцтва Спірыдону Собалю, у наведвальнікаў ёсць магчымасць убачыць яго друкарскі шлях і даведацца пра радаслоўную асветніка, пра кнігу "Букварь сиречь, начало учения детем, начинающим чтению извыкати".
belta.by.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх. нумарах.)
1457. Ялфімаў (Вадзім) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Ялфім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ялфімаў. ФП: Яўхім і Яфім (імя <ст.-яўр. 'дабрадушны, дабразычлівы') - Ялфім (варыянт яго) - Ялфім (празванне, потым прозвішча) - Ялфімаў.
1458. Янко (Алена) - другасная форма (для адмежавання ад утваральнага слова), першасная Янка - утварэнне ад Ян (з 1528) - Янка (1528), ад імя (грэч. iannus <Іannus < ст.-яўр. 'Бог мілуе') набыла ролю прозвішча.
1459. Янчук (Вольга) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Ян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Янчук. ФП: Ян (імя, з мовы грэкаў (гл. Ясевіч)) - Ян (празванне, потым прозвішча) - Янчук. Або ад Янка з суфіксам -ук: Янч(к/ч)-ук.
1460. Ярац (Андрэй) - мажліва семантычны вытвор ад апелятыва ярац < укр. ярець 'ячмень' (Грынч.), бел. (рэг.) 'яравы злак' ('яравая пшаніца'). Або ад імя Ярац (грэч.) 'асвячоны Богам' ці варыянт імя Иерофей (Бірыла, I, 81).
1461. Ярашэнка (Андрэй) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Яраш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ярашэнка. ФП: Ерафей (імя, з мовы грэкаў з семантыкай 'свяшчэнны Бог') - Яраш (народная форма) - Яраш (мянушка) - Яраш (прозвішча) - Ярашэнка.
1462. Ярмалюк (Вольга) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Ярмола і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ярмалюк. ФП: Ермалай (імя) - Ярмола (народна-гутарк. форма) - Ярмола (мянушка, потым прозвішча) - Ярмалюк.
1463. Ярмоленка (Георгій) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Ярмола і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ярмоленка. Гл. Ярмалюк.
1464. Ярмольчык (Ларыса) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Ярмола і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ярмольчык. ФП: Ермалай (імя <грэч. Гермес) - Ярмола (нар-гут. форма) - Ярмола (мянушка) - Ярмола (прозвішча) - Ярмольчык. Або як памяншальна-ласкальнае ад Ярмола.
1465. Яроцкі (Анатоль) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ярок і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Яроц(к/ч)-кі. ФП: ярок (памянш. ад яр 'круты бераг, роў, лагчына') - Ярок (тапонім) - Яроцкі.
1466. Ярошык (Вера) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Яраш і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ярошык. ФП: Ерафей (імя) - Ярош / Яраш (народнагутарк. форма) - Ярош (мянушка) - Ярош (прозвішча) - Ярошык.
1467. Ярук (Надзея) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Яр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ярук. ФП: яр ('роў, лагчына'; 'ярына' (рэг.)) - Яр (мянушка, потым прозвішча) - Ярук.
1468. Ярыновіч (Уладзімір) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ярына і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ярыновіч. ФП: ярын а ('аднагадовая сельскагаспадарчая культура, якая высяваецца і прарастае вясной і дае ўраджай восенню таго ж года') - Ярына (мянушка) - Ярына (прозвішча) - Ярыновіч. Або ад яры ('азлоблены, гнеўны, раз'юшаны') - Яры (мянушка, потым прозвішча) - Ярына ('дачка асобы з прозвішчам Яры', фармант - ына) - Ярыновіч.
1469. Ясевіч (Анатоль) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Ясь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ясевіч. ФП: Ян (імя, <грэч. iannes - ioannes) - Ясь (народна-гутарк. форма ад Ян і Іван) - Ясь (празванне, потым прозвішча) - Ясевіч.
1470. Яскевіч (Святлана) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Яско і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яскевіч. ФП: Ян (імя, з мовы грэкаў) - Яс, Яско (народна-гутарк. формы) - Яско (мянушка, потым прозвішча) - Яс-кевіч.
1471. Ясючэня (Уладзімір) - вытвор з фармантам недаросласці - эня ад антрапоніма Ясюк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ясюч(к/ч)эня. ФП: Ян (імя) - Ясь (нар.-гут. форма) - Ясь (мянушка, потым прозвішча) - Ясюк ('нашчадак Ясі') - Ясюк (мянушка, потым прозвішча) - Ясючэня.
1472. Яхантава (Вольга) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Яхант і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Яхантава. ФП: яхант ('старая назва каштоўных камянёў рубіну, сапфіру і інш.') - Яхант (мянушка) - Яхант (прозвішча) - Яхантава.
1473. Яхімчык (Зінаіда) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Яхім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яхімчык. ФП: Яўхім (імя з мовы грэкаў 'дабрадушны') - Яхім (разм. форма) - Яхім (прозвішча) - Яхімчык.
1474. Яхнавец (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Яхнава і значэннем 'жыхар названай мясціны': Яхнавец. ФП: Яўхім (імя, з мовы грэкаў 'дабрадушны, добразычлівы') - Яхім (з 1612 г.) - Яхно (прозвішча) - Яхнава ('уладанне асобы з прозвішчам Яхно') - Яхнавец.
1475. Яцкоўская (Святлана) - вытвор з фармантам -ская / -оўская ад тапоніма Яцкоўка / Яцкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Яцкоўская, Яцкоўская. ФП: Яцак (імя, ад Ян <з мовы грэкаў) - Яцко (гутарк. форма) - Яцко (прозвішча) - Яцкі (тапонім) - Яцкоўка (тапонім) - Яцкоўская.
1476. Яцэнка (Жанна) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Яц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яцэнка. ФП: Ян (імя) - Ясь, Яц (народна-гутарк. форма) - Яц (мянушка, потым прозвішча) - Яцэнка.
1477. Ячэйка (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва ячэйка 'паглыбленне, дзірачка', 'акоп для аднаго стралка', 'дробная адзінка ў складзе большай і пад.'
Дзень памяці Ларысы Геніюш
Выбітная паэтка і патрыётка Ларыса Геніюш пакінула гэты свет 35 гадоў таму. У менскай Арт-сядзібе гэтую дату адзначылі лекцыяй літаратара Міхася Скоблы.
- Напярэдадні свята Вялікадня мы сустракаемся ў Арт-сядзібе з такой, як мне здаецца, аптымістычнай нагоды. Здавалася б, дзень памяці Ларысы Геніюш, якая пайшла з жыцця 35 гадоў таму, 7 красавіка, але на нашай вечарыне не павінна быць месца ні смутку, ні жалобе. Яе творы жыццялюбныя, яны сцвярджаюць перамогу жыцця над смерцю.
На Арт-сядзібе праходзіць цыкл імпрэз, прысвечаных стагоддзю абвяшчэння БНР. Адной з іх і сталася лекцыя Міхася Скоблы, які асабіста ведаў Ларысу Геніюш.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота аўтара.
Ушанаванне памяці Ларысы Геніюш на Лідчыне
7 красавіка ў вёсцы Ёдкі, каля ўсталяванага да стагоддзя БНР памятнага каменя, актывісты з Ліды і Бярозаўкі чыталі вершы Ларысы Геніюш, спявалі песні на яе словы, прагадвалі яе біяграфію а таксама тых, хто змагаўся за БНР.
З ініцыятывай ушанаваць 35-я ўгодкі з дня смерці Ларысы Геніюш выступілі Лідскія арганізацыі Таварыства беларускай мовы. У Ёдкі сабліся каля 20 чалавек з розных грамадскіх арганізацый. Месца каля памятнага каменя да 100-годдзя БНР было выбрана не выпадкова. Ларыса Геніюш у 1943 годзе была прызначана генеральным сакратаром Рады БНР.
Імпрэзу распачаў Сяржук Чарняк, які выканаў песню паводле верша Ларысы Геніюш "Куфар".
Станіслаў Суднік прачытаў два раздзелы са сваёй паэмы "Пілігрымка дадому" пра ўстаноўку крыжа ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна ў пачатку 60-х гадоў, у самы разгар чарговай кампаніі па барацьбе з рэлігіяй, як засцянковыя жанчыны, па даўняй беларускай традыцыі без мужчын устанавілі адзіны на ўвесь раён крыж. І ўся савецкая ўлада нічога не змагла зрабіць з народнай воляй. Паэма толькі што апублікавана ў нясвіжскім літаратурным альманаху "Нясвіжскі ўток" № 1.
Па чарзе хлопцы чыталі вершы Ларысы Геніюш, бард Сяржук Чарняк спяваў патрыятычныя песні.
Вельмі цікава пра Ларысу Геніюш і яе пакаленне распавядаў Станіслаў Суднік. Ён сказаў, што ў таго пакалення, да якога належыць Ларыса Геніюш, фактычна нічога не было, акрамя веры ў Беларусь, нават надзеі не было. А нам сёння лягчэй, паколькі ёсць вера, ёсць надзея і нават невялікія поспехі.
Наогул, атмасфера была веснавая, перадвелікодная, і добра, што з'явілася каля Ліды яшчэ адно месца, дзе можна вольна сабрацца на невялікую нацыянальную імпрэзу, не пытаючыся асаблівага дазволу.
Наш кар.
"Баварыя" ў 28-мы раз стала чэмпіёнам Германіі па футболе
Навіны Германіі
Мюнхенская "Баварыя", 7 красавіка атрымаўшы ў гасцях буйную перамогу над "Аўгсбургам" (4:1) у 29-м туры нямецкай бундэслігі, стала недасягальнай для супернікаў і забяспечыла сабе 28-мы тытул чэмпіёна Германіі.
Гэта шостае запар чэмпіёнства "Баварыі", якая непадзельна пануе ў Германіі з вясны 2013 года. 6 тытулаў запар - новы рэкорд бундэслігі. Да "Баварыі" нікому не ўдалося стаць чэмпіёнам больш трох разоў запар.
За пяць тураў да фінішу ў актыве "Баварыі" - 72 ачкі, яе найбліжэйшы пераследнік, "Шальке-04" з Гельзенкірхена, адстае на 20 балаў (!), дортмундская Барусія - ззаду праз 24 ачкі ад лідара.
Да чарговага золата "Баварыю" прывёў 72-гадовы спецыяліст Юп Хайнкес, які ў 2013 годзе завяршыў трэнерскую кар'еру, але вярнуўся ў прафесію пасля таго, як увосень 2017-га пасля серыі няўдач кіраўніцтва клуба вырашыла растацца з італьянскім настаўнікам Карла Анчалоці.
Юп Хайнкес у чарговы раз узначаліў "Баварыю" ў кастрычніку 2017 года і прывёў яе да чэмпіёнства ў бундэслізе. Акрамя таго, ён устанавіў яшчэ адзін рэкорд, здабыўшы з камандай 12 перамог запар у матчах Лігі чэмпіёнаў.
Наогул жа гэта чацвёрты прыход Юпа Хайнкеса да штурвала "Баварыі". Раней ён узначальваў каманду ў 1987-1991, 2009 і 2011-2013 гадах. І гэта ўжо чацвёртае золата Хайнкеса за рулём "Баварыі" (1989, 1990, 2013, 2018).
tut.by. Фота: fcbayern.com.
У Дзятлаве ўшанавалі паэта Віктара Шымука
У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася вечарына, прысвечаная памяці паэта Віктара Шымука (1933-1998), які быў родам з Дзятлаўшчыны і якому 2 красавіка споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. Мерапрыества памяці Віктара Шымука арганізавалі супрацоўнікі бібліятэкі. У гэты дзень у бібліятэцы гучалі вершы і песні на вершы паэта-земляка. Цудоўна выканалі музычныя творы Ганна Харлінская з мясцовага РДК і вучаніца Гезгалаўскай школы Ксенія Шыкуць. Дзяўчынка праспявала песню на словы паэта. Прысутным было цікава паслухаць вуступленні Алены Абрамчык - супрацоўніцы Дзятлаўскага музея і грамадскага актывіста Валерыя Петрыкевіча. Спадарыня Алена прачытала вершы, прысвечаныя Віктару Шымуку, а спадар Валерый прапанаваў на будынку рэдакцыі раённай газеты "Перамога" ўстанавіць мемарыяльную шыльду, прысвечаную дзятлаўскаму паэту.
- Справа ў тым, - сказаў Валерый Петрыкевіч, - што ў 1949-1951 гадах Віктар Шымук працаваў адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты, якая тады называлася "За новую вёску". Гэта быў няпросты час, але юнак працаваў шчыра і ў 1951 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Ён ніколі не забываў роднай Дзятлаўшчыны, шмат друкаваўся на старонках раёнкі.
Ідэю Валерыя Петрыкевіча падтрымалі ўсе прысутныя. Дарэчы, да вечарыны памяці Віктара Шымука была арганізавана выстава яго кніг і асобных твораў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава. Фота аўтара
"Мы спраўдзім волі нашай свята"
Пранікнёныя радкі з верша паэта Уладзіміра Някляева прагучалі на адкрыцці вялікай мастацкай выставы "Код: 25.03.18'', прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
На ўрачыстасці прысутнічала больш за 200 гасцей. Старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сямёнавіч Сітніца павіншаваў прысутных і адзначыў, што дата 25 сакавіка павінна застацца ў генетычным кодзе беларусаў і ўвайсці ў падсвядомасць грамадзян,
- Мастацкая хваля ідзе заўсёды наперадзе, - сказаў у сваёй прамове Уладзімір Някляеў. - Мастакі, паэты і музыкі лепш адчуваюць суінасць галоўных нацыятворчых працэсаў. Без карэнняў не вырасце тое дрэва, на якім будзе лунаць бел-чырвона-белы сцяг, таму памяць пра 25 сакавіка напаўняе нашыя дні асэнсаваннем важнасці таго, што зрабілі дзеячы БНР і што Беларуская Народная Рэспубліка сапраўды адбылася.
На заканчэнні ўрачыстасці госці заспявалі разам з Максімам Іўкіным гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", а потым выступіў гурт "Балцкі Субстрат".
Наведвальнікі пазнаёміліся з творамі Віктара Маркаўца "Пакутнікам зямлі беларускай. Яўген Кулік", "Ян Матусевіч", карцінамі Алеся Марачкіна "Дабравест", "Утопія-17", "Адраджэнне", інсталяцыямі і партрэтамі пэндзля Алеся Пушкіна, выразнымі палотнамі Андрэя Дубініна. Алы Шкарадзёнак, Марыі Касцюкевіч і іншымі працамі мастакоў розных пакаленняў.
Адначасова на першым паверсе Палаца Мастацтваў была прэзентавана экспазіцыя, якая складаецца з 30-ці лепшых карцін Алеся Іванавіча Цыркунова, якога Рыгор Сітніца назваў жывым носьбітам нашых святыняў.
Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Рыгор Сітніца, Алесь Цыркуноў, Уладзімір Някляеў; 2. Мікола Купава; 3. На выставе "Код: 25.03.18"; 4. Наведвальнікі экспазіцыі.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Жыліч Т.М. - 10 р., г. Менск
2. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда
3. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы
4. Рамановіч Раман - 10 р., г. Менск
5. Сотнікаў А.Я. - 25 р., г. Менск
6. Спадаровіч Віктар - 1 р., г. Менск
7. ZRSU - 3 р., г. Менск
8. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск
9. Рылько Леанід - 10 р., г. Баранавічы
10. Супіталёў Андрэй - 10 р., г. Менск
11. Жыдаль Дз.У. - 25 р., г. Менск
12. Мануленка Барыс - 5 р., г. Менск
13. Ляскоўскі Уладзіслаў - 80 р., г. Шаркаўшчына
14. Ляўшун Дзяніс - 11 р., г. Менск
15. Шышко І.В. - 5 р., г. Менск
16. Ралько Леанід - 10 р., г. Баранавічы
17. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
18. Вернік Вольга - 100 р., г. Менск
19. Сяргейчык Віктар - 24,4 р., г. Менск
20. Неабыякавы - 5 р., г. Менск
21. Курава Т.А. - 10 р., г. Менск
22. Крыўко Арына - 5 р., г. Наваполацк
23. Спадаровіч Віктар - 1 р., г. Менск
24. Далангоўская - 5 р., г. Менск
25. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы
26. Кісель Яніна - 2 р., г. Гомель
27. Вяргейчык В.П. - 10 р., г. Барысаў
28. Аніскевіч Ганна - 10 р., г. Баранавічы
29. Эмалькоў С. - 20 р., г. Гродна
30. Давідоўскі - 20 р., г. Менск
31. Сямашка - 15 р., г. Бярэсце
32. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск
33. Дзядова Алена - 10 р., г. Наваградак
34. Лягушаў Алег - 10 р., ст. Ясень
35. Лойка Генадзь - 50 р., г. Менск
36. Сябры кінаклуба - 15 р., г. Менск
37. Свярдлоў Аляксандр - 10 р., г. Менск
38. Супіталёў Андрэй - 5 р., г. Менск
39. Саротнік А. - 20 р., г. Менск
40. Клецкі К. - 10 р., г. Менск
41. Зенька Вадзім - 50 р., г. Менск
42. Рабенка МІкалай - 20 р., г. Менск
43. Птушка С. - 5 р., в. Хільчыцы
44. Рамановіч Раман - 10 р., г. Менск
45. Бабіч Юры - 60 р., г. Віцебск
46. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск
47. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск
48. Дараховіч Андрэй - 5 р., г. Менск
49. Вяргей Валянціна - 25 р., г. Менск
50. Шкуран А.Б. - 7 р., г. Менск
51. Казлоўская Іна - 5 р., г. Менск
52. Савельеў Зміцер - 20 р., г. Менск
53. Спадаровіч Віктар - 5 р., г. Лагойск
54. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск
55. Саўко Міхаіл - 20 р., г. Барысаў
56. Сінажэнскі Мікалай - 15 р., г. Менск
57. Фурс Антон - 10 р., г. Паставы
58. Яніцкая Мая - 10 р., г. Менск
59. Бусел Кастусь - 5 р., г. Менск
60. Жыдаль Дз.У. - 10 р., г. Менск
61. Плакса Уладзімір - 5 р., г. Менск
62. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск
63. Ляўшун Дзяніс - 14 р., г. Менск
64. Барт-Юрэвіч Надзея - 200 еўра, Германія
65. Вяргейчык В.П. - 10 р., г. Барысаў
66. Мануленка Барыс - 5 р., г. Менск
67. Анікееў - 15 р., г. Менск
68. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск
69. Чачотка Анатоль - 5 р., г. Менск
70. Сябры кінаклуба - 17 р., г. Менск
71. Навуменка Валянціна - 14 р., г. Менск
72. Янучок Мікалай - 10 р., г. Менск
73. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск
74. Крыўко Арына - 10 р., г. Наваполацк
75. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
76. Рысявец Ул. - 10 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Свецяць сонца і прыкметы
Валер Санько
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Вера не надзея, не стамляецца
Хрысціянства доўга выступала супраць язычніцкага памінання роднымі памерлых сваякоў на кладах. Асабліва на Радаўніцу. Ніякіх сыроў і хлеба, віна і цукерак, усе гэтыя перакусы з памерлымі на магілах, трызны - аджылае, няправільнае, паганства, заўзята цвердзілі святары. Прайшло нейкіх 50 пасляваенных гадоў ад кастрычніцкага атэістычна-касмапалітнага перавароту - беларускае і рускае хрысціянства не стала катэгарычнае. У цэрквах і касцёлах не раяць памінальныя перакусы на магілах, але ўжо не настайваюць на сваім, не забараняюць, не пужаюць грахоўствам. Так баптысты не прызнавалі крыжа стагоддзямі, на апошніх іх Бібліях свеціцца крыж. Адступілі, прыстасаваліся - не прайгралі.
Даўнінныя вядуны і жрацы сумленна кіравалі абрадамі, памагалі абярэгамі, кветкамі і крыжамі, накіроўвалі пошукаўцаў і хворых. Многія цяперашнія экстрасэнсы здатныя толькі павярхоўніць, дробязна вылікоўнічаць.
Калі вядун долеў гаварыць з сіламі прыроды, жывёламі, раслінамі, то цяперашні гарадскі экстрасэнс увесь у пытаннях. Змаршчынеў, зсівеў, растаўсцеў, аброс хворасцямі, ведае адно - роспыты. Даўнейшы чараўнік і шаптун, жрэц і шаман - падарожнікі, яны былі струнамі сувязі людзей з іншым светам, не ваявалі з людзьмі, прыродай, дамаўляліся.
Многія з сучасных экстрасэнсаў боўтаюцца ў быце. Такому патрэбна задаць нямала пытанняў хвораму, пакуль пачне раіць штосьці. Без пытанняў, як умее Аляксей Бялько, не можа абазвацца.
Калі Марта Захарэвіч і Аляксей Бялько з старых дрэваў на Купалле і Каляды атрымлівалі белы агонь і стары агонь - попел такога кастра супыняў свары ў сем'ях, ляноту, беднасць, то гарадскія павярхоўнікі, замарочная экстрасэнсавасць прыпаўзалі да гэтых вядух, прыляталі на легкавіках з адной малесенькай просьбай: як вылячылі такога, чым лечыцца такое; скажыце ім хуценька, у іх няма часу, яны спяшаюцца, яны заплацяць.
Аляксей Бялько часам пытаў у паспешнага гарадскога экстрасэнса, што такое полымя, у чым розніца душы і духа, як памагае неба чалавеку. Крыўдзіліся. Пра гэта яны потым пацікавяцца, запішуць. Добра, што нагадалі такое, аднак, патрабавалі адказу на пытанне, выбаўленне ад наспелай праблемы. Яны прыехалі - могуцца водгуку.
Аляксей Бялько расставаўся з летунамі.
Часта хутка не ўдавалася.
Прыезджыя дачуліся: нейкую мазь вы перадаяце хворым, з чаго яна. Моцна памагае ў вас, памагацьме ў нас, як і з чаго яе рыхтаваць. Скажыце, калі ласка, мы заплацім.
...Ад'язджалі адукаванцы пакрыўджанымі. Яны добрыліся, абяцаліся, спадзяваліся, ім не памаглі, іспыты наладзілі. Якія нядобрыя слуццакі і іхнія народныя лекары, асабліва вялікаігрушавец Аляксей Бялько.
Зачастую ў адукаваных сярэдніх праслойках, асабліва рабоча-сялянскага заводу, знікае здаровая прага ведаў, падзеяў, разумення. Мяшчанства рай- і аблгарадкоў патрабуе ўвагі і клопату да сябе, само аддаць не хоча, набыць не ўмее. Ім патрэбна ўтульнасць, пяшчота, жратва. Асноўны выдых мешчаніна - пра яго павінны дбаць, клапатаць. Жыве рупнаю пчалою, мурашкаю, хоча жыць птушкаю.
- Можна. Праз працу і дасягненні некалькі пакаленняў. Інтэлігент петрыць здольны.
- Доктар Аляксей Бялько, не кажыце такое, якія пакаленні, мне цяпер падказка неабходна.
У пачатку таго стагоддзя ведунамі і шаманамі, Вярнадскімі і Цыялкоўскімі чалавецтва папярэджвалася - неўзабаве канец, адумайцеся пра спажыванне, правільна-эканомнае развіццё тэхнікі.
Не прыслухаліся, не зразумелі. Спажывецкі лад жыцця прывёў планету на мяжу самазнішчэння. Амаль усё з'елі, спажылі, нетры заканчваюцца. Ядзерныя выбухі ўсё часцей сутрасаюць не паветра - цела планеты, яе душу.
У кожнага граху ёсць аўтар, прычына.
Вера і прыкмета не стамляюцца надзеіць, недзе ёсць выхад.
Сузгоддзе ўнутры самога і блізкімі можна ўсталяваць, заваяваць, заўжды ў яго аснове малітвы і справы. У цяперашніх многіх дзяржаўцаў адна справа, канкрэтная, малітвы няма, калі ёсць - павярхоўнасць. Неба гаворыць з чалавекам вачыма і духам, не цяміць падказчык сэнс навучання, тады вучаць яго хваробы.
Лёс і прадбачанне могуць поручніцца - калі ў сузгоднасці ідуць да мэты, калі выбралі спосаб ісці і мэту развіцця.
Хто пераступіць клятву - пракляты, такіх адвяргаюць жрацы і начальства, не толькі шараговы люд.
Вера і самазабойства
Беларускія прыкметы, у якім бы асяроддзі не існавалі ў праслойках грамадства, усёвідавочна супраць усё больш распаўсюджванага зараз самазабойнага глупства маладых і старых. Любы разумны чалавек, калі асягае вечную існасць прыкметаў - жахаецца пакарання Тагасвецця.
Вера і самазнішчэнне не сумяшчальныя. Кожны перад страшэнным одумам павінны раздумацца - пра сябе, блізкіх, прыношваны боль вакольным. Як горка і балюча стане ім ад такога. Іх неабходна нават у апошнія хвіліны адгаворваць. Практыка паказвае, менавіта апошнія секунды становяцца вырашальнымі. Задуманы на вар'яцтва не палезе ў пятлю або пад цягнік, застанецца жывы, будзе працаваць, дзяцей выхоўваць.
Страх Тагасвецця ахоплівае любога ўшалелага. Самазабойны дурылка Там трапіць у пекла, ужо згодны на пакуты вечныя ў зямным разуменні - і не зможа. Ратуючыся ад нясцерпнага болю самазабойцу Там замарыцца пра самае вогненнае пекла, захоча выратавацца ад разрыўнай кары няруху - і не зможа.
Глупства самазабойцы закране сваяцтва яго на зямлі і Там.
Імануіл Кант лічыў смяротную кару не толькі справядлівай, а найлепшым хуткім пакараннем для асабліва гадкіх забойцаў.
Вальтэр выступаў супраць смяротнай кары, калі самазабойца гразіўся, што можа пазбавіць жыцця многіх, тым болей, калі сам пацвярджае намеры.
За смяротную кару быў Гегель: яна закладзена ў самім злачынцы, то бок у ёй воля і думкі злачынцы. Старажытны прынцып таліона - кара павінна быць роўная злачынству, - дзейнічае ва ўсіх народаў, ва ўсе эпохі, даказваў Гегель.
На выбарах 80% насельніцтва ЗША пры падтрымцы любога кандыдата ў прэзідэнты ЗША адабраюць смяротную кару.
Крыўдна разумным і таленавітым, як той жа Аляксандр Фадзееў, зрабіць над сабой самасуд. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Міхаіл Шолахаў быў за смяротную кару злачынцам: гуманізм - гэта не слюнцяйства.
На з'ездзе народных дэпутатаў РСФСР (чэрвень, 1990) 82% прагаласавалі за смяротную кару.
Прароцкія сны для таго, каб жывыя істоты маглі падрыхтавацца да будучыні, заглядваючы ў яе.
Прадказванне тэрмінаў вялікага сыходу адчуваюць выбраныя, агульнае поле смяротнай небяспекі адчуваюць многія.
Час - вуліца з двухбаковым рухам, ён можа адначасова даць сувязь мінулага з будучым у сне, прадчуваннях.
Бог стараецца не ўмешвацца ў справы асобы, назірае заўжды.
Самы закаранелы матэрыяліст не павінны падавацца на свабоду волі і прадказання лёсу ў самазабойцы: асцерагацца толькі, каб з'ехалы з рэйкаў не пацягнуў за сабою іншых людзей, як правіла, невінаватых.
Шарагоўцу не патрэбна знацца з цыганкамі, не гадаць на руках. Найболей дзейныя і мудрыя сярод гадалак самі не бяруцца прадказваць будучыню чалавеку, асабліва незнаёмаму маладому, як правіла нецямкаму. Бо названая лічба, дата можа закласціся ў яго няспелых мазгах, адбіцца на агульным плане лёсу.
У асноўным вызначаюцца тры формы суіцыду: сапраўдны, афектыўны, дэманстрацыйны.
Хто выратаваў чалавечае жыццё - павысіў сваё рэнамэ перад брамай Чысцілішча. Друкаваннем фаталістычнага язычніцкага твору рэдакцыя ратуе мноства мужыкоў і баб сваёй краіны, суседніх, планету.
... 26 жніўня 2017 аўтар перажыў інсульт (удар па мазгавых частках). Па дзве і тры кропельніцы штодня - у дзвюх бальніцах, да 29.9.2017. Праз пяць дзён хуткая дапамога завезла ў неўралагічнае аддзяленне дзявятай клінікі Менска. На чарговае КТ галавы аўтар не згаджаўся, гэта ж апраменьванне звілін мозга. Пад ціскам медыкаў і абставінаў мусіў згадзіцца. Слава богу, аказваецца, менскія новыя клінічныя прыборы дзейсныя. Галава аўтара за апошнія гады перажыла аказваецца не два інсульты - тры.
Наказ медыкаў: не будзеш асцерагацца, не будзеш лекавацца, хутка пагудзеш пад бярозкі ў роднай Вялікай Сліве на Случчыне, на магілу поруч са сваякамі, асабліва з маці.
Часу мала, таму аўтар спяшыць выказацца пра галоўнае.
Як вера ў Аллаха заўжды дапамагала мусульманам, нават у паражэннях, так вера ў прыкмету і абярэг заўжды памагала і памагае беларусу.
Калі Хрыстос не ўваскрос, значыць, наша хрысціяская вера, як і мусульманская, нічога не вартая. Нішто не замінае чалавеку дасягаць у веры. Традыцыі любога народа назапасілі велізарны досвед апрацоўваць зямлю, з жывёламі гаварыць, сумесніць з людзьмі. Разумей кожны, вучыся.
Калі Бога няма, рэлігіі няправільныя, прыкметы і абярэгі - лішніца, чаму касмапалітныя Саветы ўсё жыццё з імі змагаліся. Камідэолагі ганьбілі не адно сябе. Ганьбілі краіну, вынішчалі не толькі жрацоў і шаманаў, папоў і ксяндзоў, вынішчалі дух народны, нацыю. У Туве, Хакасіі, Башкірыі пад корань вынішчалі шаманаў. Павялічыліся хваробы, смяротнасць, затое бубначоў у раёне не стала. Дзеці змушана вырашчаных кіраўнічкоў-прыстасаванцаў і павярхоўнікаў толькі цяпер не саромеюцца прызнавацца ў сваёй цемнасці і этычнай неадукаванасці.
Як некалі асобным савецкім уладнікам было выгадна выстаўляць сябе ваяўнікамі і змагарамі з праклятымі контррэвалюцыянерамі і нацдэмамі, кулакамі і выраджэнцамі, так асобным цяперашнім беларускім апазіцыянерам і ўладнікам у эпоху першага прэзідэнта стала выгадна выстаўляць сябе ваяўнікамі за двухмоўе і нейтралістамі ў адносінах да беларускай мовы, традыцыі. Прыкметавасць і абярэгавасць часам прымаюць, а беларускую мову, без чаго няма нацыі і дзяржавы, паціху адсоўваюць у запечак, на дзясятую паліцу. Прыдуць яны да ўлады, тады ёй памогуць падняцца з каленяў, пасля, вераемна. Цягамоціна была, цяпер чуецца.
Доктар Аляксей Бялько асягае ўласную мажлівую недакладнасць у вызначэнні тых ці іншых пытанняў веры. Але вызнаўцы канфесійных тонкасцяў не змогуць яго папракнуць, што ваюе з якой вераю, прыніжае ці ўзносіць яе адну.
Яго аб'ектывізм усебачны.
Прылучыцца да тайнаў анёльства і веры найперш той, хто поўнасцю прысвяціў сябе язычніцтву, прыкмеце, традыцыі нацыі. Бог дазваляе асобным людзям часам пранікнуць у тайны існавання і стварэння. Людзі Яго дарунак зачастую не раскемліваюць, сумняваюцца не ў Яго сіле - у сабе. Іх сумненям і пошукам ні пачатку ні канца. Як самому стварэнню. Як глыбіні розуму дзіцяці.
Ці пагражае Апакаліпсіс чалавецтву?
На першым скрыжаванні будуць усе людзі, на наступных - рэдкія. Перад дзвярыма святога Пятра апынуцца выбраныя. На тых вагах улічваецца пасада, ступень, прафесія, беднасць, багацце ўкалененага, але гэта ўсё на другім плане. Спадзявацца на лепшую палічку/струмень таму, што я рабіў дабро, не дапускаў зла, можна, але гэтага мала. Гэта само сабой зразумела, інакш наогул перад высокай брамай Пятра не была б душа твая і дух, як большасці двухногіх.
У Тагасвецці важныя чатыры градацыі. Называю адну з іх. Ці зрабіў чалавек тое высокае, новае, якое без яго ніхто на свеце не зрабіў бы. Сябры, ворагі, сваякі Там на дзясятым месцы, асноўнае - выканаў чалавек прызначанае, да чаго вяла яго вялікая Правідэнцыйнасць і гены ці не, памог ці не свайму роду, нацыі.
Хачу данесці да чытача (не толькі) трывогу пісьменніка пра лёс асобнага чалавека і ўсёй планеты. Мой неспакой апраўданы, заслугоўвае ўвагі. Тым больш што ў моры цяперашняй верхагляднай лiтаратурнай і газетнай шалупені, фактаграфіі я з гэтым праблемным творам шосты год у Беларусі не магу прабіцца ні ў адно дзяржаўнае выданне.
Вайна можа ўспыхнуць не па волі вялікіх, якія могуць націскаць кнопкі. Менавіта таму людзі, светлыя і цёмныя, белыя і жоўтыя, шараговыя і генералы павінны ведаць аб небяспецы сумешчаных выбухаў на планеце.
Самы даступны, ясны, нявінны спосаб яшчэ раз папярэдзіць абсалютна ўсіх пра грэх самазнішчэння планеты - выказаць думкі пра самазнішчэнне зямлі.
У другой частцы апавядання даводзіцца насельніцтву краін Еўропы і кіраўнікам, якое глупства яны робяць, калі размяшчаюць у сябе амерыканскія ракеты.
Польшча, Чэхія, Іспанія, Прыбалтыйскія дзяржавы ўласнае няўменне гаспадарыць, г. зн. жыць толкам, кампенсуюць прадастаўленнем баз для амерыканскіх войскаў. Не разумеюць, што атрыманыя ад ЗША трыццаць сярэбранікаў за базы могуць абярнуцца распяццем не толькі іх краін, усёй планеты.
Апавяданне яшчэ раз явіць звышасветным, развітым урадам (вядомае ім або невядомае, справа дзясятая) жах адначасовага выбуху на планеце пяцідзесяці ядзерных прыладаў (атамных бомбаў). На Зямлі перастане існаваць жыццё. Дзе б ні ўпалі бомбы, на любым кантыненце, разарвуцца ў паветры, вадзе, пясках, фініш адзін - планета сарвецца з восі, апусціцца ў змрок здранцвення, астэроідны холад.
Даўніна стукаецца ў шыбы і форткі кожнага
Нацыя не можа быць паўнавартаснай, калі ў яе гісторыі шмат правалаў, белых плям. Апошнія гады асобныя беларускія лёгкагаловыя напаўінтэлігенты пачынаюць шмат выплетваць пра беларусаў як неадбылую нацыю. Мы яшчэ не ўсталяваліся, мы яшчэ ў стадыі будаўніцтва і станаўлення. То бок самі паніжаюць шматвяковы народ да афрыканскага племені.
Менавіта таму многія беларускія дзяржаўнікі "обоснованно" замоўчваюць, перафарматуюць цёмныя недасведчаныя плямы з жыцця беларуса, горада свайго, галіны і роду на дзяржаву ў цэлым.
Аляксей Бялько паўтараецца сумысля. Жаданне недалёканцаў сказаць адметнае, несузгодненае пераліваецца ў таптанне і прыніжэнне беларускасці (ліцвінства).
Яны не розняць, што рускага народу, рускай цывілізацыйнай прасторы ў ВКЛ не існавала. Для некаторых мясцовых рускіх Беларусь, яе мова - малая радзіма, адгалінаванне старажытнарускай народнасці. Для іх тэрмін "русь", часта сустраканы ў рускіх летапісах і еўрапейскіх хроніках, апісанне гісторыі старажытнай Русі, ВКЛ, Маскоўскага царства, Рэчы Паспалітай, з'яўляецца шматзначным тэрмінам як і назва "славяне", "славянцы". Не петраць - рускіх, маскоўцаў у ВКЛ не было.
Міф пра старажытна-рускую народнасць у сур'ёзных даследчыкаў даўно лічыцца выдумкай. Мова берасцяных грамат Ноўгарада адносіцца да лехіцкай моўнай групы, мовы славян Палабскай Русі, а ў Кіеве быў распаўсюджаны карпацкі славянскі дыялект.
Паўтараюць палітызаваныя выдумкі савецкіх часоў рускія мудрацы, каб даказаць - няма і ніколі не было беларусаў, украінцаў, а ёсць заходняя галіна адзінага рускага народа.
(Працяг у наступным нумары.)
Не забаўка і не нажыва
Яўген Гучок
Эрнэсту Васільевічу Ялугіну прысвячаецца
Ужо 60 гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (сёння гэта прыгарад Дуброўны). Пасля заканчэння сярэдняй школы і ўніверсітэта працаваў як журналіст-карэспадэнт, адказны сакратар, загадчык аддзела, намеснік галоўнага рэдактара, галоўны рэдактар у розных раённых, абласных, рэспубліканскіх і саюзных газетна-часопісных выданнях. З'яўляецца аўтарам многіх нарысаў, аповесцей (і дакументальных), сцэнарыяў дакументальных фільмаў, п'ес і раманаў, сярод якіх сапраўднымі шэдэўрамі з'яўляюцца дакументальная аповесць "Без эпітафіі" пра трагічны лёс Цішкі Гартнага, гістарычная аповесць "Мсціслаўцаў посах" пра аднаго з першых нашых друкароў Пятра Мсціслаўца, гістарычныя раманы "Ідзі і кажы", "Перад патопам" пра найважнейшыя перыпетыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і складаныя (часам трагічныя) лёсы яго жыхароў і іншыя.
Сёння Эрнэст Васільевіч моцна хварэе. Пажадаем яму хуткага выздараўлення і ўвагі, і павагі прыхільнікаў яго таленту.
І
* * *
Талент высокі і чысты -
Душы народнай
Донар праз вякі.
* * *
Пісьменнік і пісака -
То розныя паняцці,
Як акіян глыбокі і лужа плыткая.
* * *
Літаратура - не шабашка,
Хаця шабашнікам заўсёды -
І званні ганаровыя, і грошы немалыя.
* * *
А пена - яшчэ не творчасць,
Яна - нібы бросня
Над агуркамі ў чане.
* * *
Нямала клоўнаў у літаратуры,
Але і пілатаж вышэйшы там...,
Ды гэта не пра іх.
* * *
Сапраўдны майстра слова
Не быў ніколі ў ролі папрашайкі
І ні на якую падачку сябе не спакушаў.
* * *
Ну колькі можна ўжо пра
Целагрэйкі, сырадой і кірзачы...
Душы патрэбна болей неба.
* * *
Для каго літаратура - забаўкі і забаўкі,
А для каго - пры таленце
Заўсёды праца, праца, праца.
* * *
Праслухоўваюць непаслухмяных
І пасуць таленавітых...
Калі раней - дык іх у Курапаты.
* * *
Не ідэалагічны сілас ад рэжымаў,
А сіла розуму і сэрца чысціня
Пісьменніку, нібы паветра, неабходны.
* * *
Хтось чухае сваю патыліцу,
А хтось сабе - азадак,
Ты ж іх сумлення рэшткі скрабані.
ІІ
* * *
Сёй-той нібыта на танцулькі
Па кантрамарцы
Імкнецца ў літаратуру.
* * *
Ад "тварэння" занадта раскручаных
Вельмі многа ў грамадстве
Ускручаных.
* * *
А вунь якія зборы твораў,
І ўсе яны, на жаль, -
Фальшак і паражняк.
* * *
Во настрачыў пісака,
Што чытачу на вушы
Пыл кладзецца.
* * *
Закормлены, залашчаны пісака,
Што бачыць ён вакол і ў даўніне
Вочкамі заплыўшымі сваімі?!.
* * *
Плечы многіх так званых пісьменнікаў
Заўсёды прасілі і просяць
Пагонаў і партупеяў.
* * *
Хто пад пахай сядзіць у рэжыму,
Той ліжа яму і адтуль
І азадак і пяты.
* * *
На кармушку халяўна-рабскую
Скіраваны патугі
Пісак.
* * *
Ад чаркі да шкваркі
І жыццёвы і творчы шлях
Пралягае у гэтых пісакаў.
* * *
Як хлёбаюць у карыце свінні
Рэжымам так падхлёбваюць-прыхлёбваюць
Прадажныя пісакі.
* * *
Хто грашовы, не творчы нясе інтарэс,
Той трапляе абавязкова
У пастку д'ябла.
* * *
А залезеш у пазуху д'ябла -
Ні светлых зямных успамінаў,
Ні напамінку аб вечным небе.
* * *
Хто за слова кладзе ў кішэні валюту,
Той аднойчы ў порткі
Між волі сваёй накладзе.
* * *
Яны нібыта Бацькаўшчыне служаць,
А самі ў дол штодня
Закапваюць яе.
* * *
Калі вядуць рэжымы паляванне
На сапраўдных і сумленных творцаў,
Дык у дапамогу тым рэжымам і пісакі.
* * *
Каб жа толькі сябе рабавалі,
Дык і Радзіму
Рабуюць яны.
* * *
Калі творца ідзе да рэжыму па ласку -
Не інакш - ён ідзе
На кастрацыю.
* * *
Не заўсёды раскручанае раскуплена,
А калі і раскуплена,
Дык душа ў пакупніка аблуплена.
* * *
І яшчэ раскручаныя рэжымам пісакі
Ў грамадстве фармуюць
Ідыётства і гадства.
* * *
А чыйсці выхад у свет
Ні болей - ні меней,
Як выхадка дзікая.
* * *
Аднавяскоўцы -
калгаснай сістэмы выкармышы
Браць разам чарку занадта здольныя,
А вось суполку здаровую творчую - ні-ні-ні.
* * *
А гэты ўжо ад тлушчу вар'яцее -
І чартапалох літаратурны
Выдае.
* * *
А ў яго падкаўнерык - бы падваротня,
І твор яго не лепшы -
Падваротны.
* * *
Калі пісака над сваім раманам кісне,
Дык можна ўявіць,
Якіх ён мае чытачоў.
* * *
А гэтай жухласцю
Сваю спатоліць смагу
Народзец бытавушны, разавы.
* * *
Пачні замываць плямы брудныя
Ў тэкстах пісак некаторых,
Дык ад твораў такіх застаюцца нулі і мінусы.
* * *
І творакідальнікі-грошахапальнікі
Ў рэшце рэшт фінішуюць
У прадонне.
* * *
Хітруны, карыталізнікі,
Месца ваша заслужанае -
Пад ліхтаром чырвоным.
* * *
Але былі, і ёсць, і будуць
І ў нас ў жыцці і ў літаратуры
Асобы рыцарскага звання годныя.
ІІІ
* * *
Сёння слова абесцэнена і абжулена,
Але больш бы такіх, як Ялугін,
Пісьменнікаў.
* * *
Такі талент заўжды сучасны
Для Радзімы, планеты,
Сусвету.
* * *
Ялуга... ялуга... - векавая магутная елка...
Вось адкуль і прозвішча гэта -
Ялугін.
* * *
Эрнэст, Эрнэст... Чаму Эрнэст?!.
Ды проста вельмі ўсё:
Бацькі з энтузіязмам успрыймалі Крэнкеля. 1
* * *
І яшчэ знешне падобны Эрнэст Ялугін
У сваёй маладосці і знешне
На Джона Кенадзі - амерыканскага прэзідэнта.
* * *
Прыйшоў у свет і гадаваўся
Пры чыгунцы...
Ды мо таму, нібы чыгунка, ён дакладны?!.
* * *
Не абмінуў яго ў час вайны
Барак тыфозны,
Ды маці свайго Эру вырвала адтуль.
* * *
Пры немцах за тое,
што антыгітлераўскія прыпеўкі
Спяваў на вуліцы,
Быў п'янымі паліцаямі збіты.
* * *
І з той прычыны
Без слухавога апарата
Не абыходзіцца Ялугін сёння.
* * *
А за антысталінскі дзіцячы вершык
Ледзь усю сям'ю
Ў Сібір не скіравалі.
* * *
У Дняпры патануў у дзяцінстве
Хлопчык Эрык,
Ды ўратавалі яго бацька і байкапісец Корбан.
* * *
Яшчэ не раз ён патанаў
У тым Дняпры любімым
Ды, дзякуй Богу, выбіраўся сам.
* * *
Тады, але зімой,
У снежную завею і мароз
Амаль замерзшаму мне паратунк даў
мужчына незнаёмы.
* * *
Дзевяцігадовы ішоў тады
Я ў школу
Па рэйках паравозных.
* * *
Многа праўды беларускай
і ў акіяне,
Адным Дняпром колькі яе
Туды сплыло.
* * *
Авохці мне! Які быў час тады,
Калі па хлеб чэргі
Нагадвалі для гладыятараў арэны.
* * *
Асінаўка -
сягоння прыгарад Дуброўны.
І землякі назвалі вуліцу
й завулак там
За яго кнігі прозвішчам ягоным.
* * *
У каго і якіх тут няма забралаў!
А ён без забрала
Вядзе свой жыццёвы і творчы рэй.
* * *
Каб браць пад казырок -
Ён казырка не меў такога,
Як і забрала ён не меў.
* * *
Ты сам сабе і штаб,
І ўсе, якія толькі ёсць,
падраздзяленні,
Калі ахрышчаны талентам
сумленным.
* * *
Хтось зліпае вочы паспалітыя,
А ён праз абсяг гісторыі
Памяць і душы вярэдзіць іх.
* * *
І ў seken-hend духоўна-разумовы
Па імпарт
Ніколі не звяртаўся ён.
* * *
Адна генеральна-сюжэтная лінія
Праходзіць праз творы Ялугіна -
Сумленне і патрыятызм.
* * *
І пані цэнзура тэксты яго
Не абмінала
Пільна-прыдзірлівай увагай сваёй.
* * *
Яго ўлады і калегі не раскручвалі,
Затое цэнзура часам
Закручвала яго.
* * *
І што ні твор яго -
То споведзь беларускае
Душы.
* * *
Быць сабою, з Радзімаю быць
З маленства цягнула яго,
А інакш? Дык навошта ты?!.
* * *
Кожны твор яго -
Цягнік з паравозам, з вагонамі
З разумова-маральным грузам.
* * *
На чым яшчэ будуецца
стылістыка пісьменніка?
На добрым веданні
Душы народа і ягонай мовы.
* * *
Галоўнае - не прыдумляць,
Не прыдаваць
сваім героям аперэтачнасць,
Не ставіць іх ніколі на катурны.
* * *
Ён і пра "Гарт" -
Саюз патрыятычнай моладзі,
Пра лёс іх драматычны прамаўляў.
* * *
Як журналіст і як рэдактар
Ён годны след пакінуў
І ў "Нашым слове".
* * *
Яго ў "Огонёк" і ў "Комсомолку"
На працу запрашалі ў Маскву...
Але ці можна жыць за межамі
Айчыны?!.
* * *
А як жа жыць без Беларусі,
А як жа жыць не ў Беларусі,
А як жа Беларусі не служыць?!.
* * *
А Быкава сябры -
маскоўскія пісьменнікі
Прызналі, што лепей, чым Ялугін,
Пра яго ніхто яшчэ не напісаў.
* * *
Калі хто з беларусаў з ім
Не на роднай мове размаўляе,
Яму заўсёды сорамна за ўсіх.
* * *
Часам пісаў і па-руску,
Каб болей маглі прачытаць
Ад моваы сваёй адшчапенцы.
* * *
Не адцягваць увагу
Ад праблемаў сучасных Айчыны!
Наадварот,
працаваць на яе прыцягненне!
* * *
І ён прыйшоў сказаць пра Беларусь,
Што у смузе вякоў ды нядаўна
Цярпела ад чужынца
і сваіх манкрутаў.
* * *
Хтосьці з капцілкай
ідзе ў гісторыю,
А хтосьці з паходняй,
Каб высвеціць праўду народную.
* * *
Кожны твор гістарычны Ялугіна -
Дакладна-сумленны компас
У складанае наша мінулае.
* * *
Так, і сёння патрэбны
сумленныя вартаўнікі
І ў далёкай нашай
Мінуўшчыне.
* * *
На словах сумленных,
суровых, бязлітасных
І гістарычная праўда
Жыве і трымаецца.
* * *
Не трэба даводзіць сябе да таго,
Каб у імя кахання
Ператвараць у ахвяру
Айчыну і Творца.
* * *
Пільней углядацца ў гістрыю
Натхнялі яго Міколы -
Улашчык і Ермаловіч,
Грыцкевіч і многія іншыя патрыёты.
* * *
Глыбокакапальнікам
у гісторыі Беларусі
Называе Ялугіна
Мальдзіс.
* * *
Вывучаць раны памяці нашай
Дапамагаюць крыніцы
пісьмовыя розныя
І талент уласны, і інтэлект.
* * *
"Ідзі і кажы",
"Перад патопам" і інш. -
То добры падарунак
Тэатру гістарычнае драматургіі...
Ды дзе ён?!.
* * *
"Ідзі і кажы", а я бяру і чытаю;
"Перад патопам" - чытай-спасцігай;
"Без эпітафіі" - будзь пільным.
* * *
"Перад патопам"...
Ён дваццаць год пісаў раман,
Каб гістарычна быць
ва ўсім дакладным.
* * *
Рупліва, з устаноўкаю
на звышдакладнасць,
Не спехам ствараюцца раманы
Пра сівую даўніну.
* * *
Каб гістарычнай праўдзе
Сумленна слугавалі ўсе творцы,
Дык і цяпершчына была б інакшай.
* * *
"Эрнэст Васільевіч,
чаму не жэнішся?
Даўно ж памерла Ваша Джэма!"
"Для вас яна памерла,
а не для мяне!"
* * *
А вас і яго прыгоды...
Каб выдаць
свае гістарычныя творы,
Ён хату сваю прадаў.
* * *
Не ўшанаваны, не ганараваны...
Але яго раманы
гістарычныя і іншыя -
Для чытача ўзнагарода.
* * *
Калі ты не раскручаны
Наменклатурна ці,
скажам, міжсабойна,
Дык перакладчыкі цябе
наўмысна не заўважаць.
* * *
Такія рашуча здольны
Ажыўляць парэшткі памяці і душы
Ў сваіх суаайчыннікаў занядбаных.
* * *
Такія заўжды гатовы
Падставіць плячук свой
Айчыне.
* * *
Каб гістарычнай праўдай
цікавіліся людзі,
Пісьменнік-патрыёт
Уласным коштам свае кнігі выдае.
* * *
"Як добрым выціральнікам
я выцерся", -
Сказаў сусед мой,
Раман Ялугіна асвоіўшы.
* * *
Творы многіх пісьменнікаў -
Прыхаванае адпяванне Айчыны,
А яго - заклік ісці да яе.
* * *
Вядома, задача свая у кожнага:
Хтось чытача дурыць і пацяшае,
А ён абуджае і жывіць памяць.
* * *
"Твор "Без эпітафіі" Ялугіна
Сказаў нам болей,
чым усе акадэмічныя гісторыкі" -
То Быкава вердыкт.
* * *
Слова Праўды
Да Радзімы і Творцы
Дарогу торыць.
ІV
* * *
Як золата не многа ў народзе,
Так словаў залатых нямнога
Ў пісьменнікаў.
* * *
З усіх чатырох бакоў
Слова праўды
Святло прыцягвае.
* * *
Стукі сэрца твайго -
Вось табе
І знакі прыпынку.
* * *
Ў літаратуры хтось -
Нібыта на курорце,
А хтосьці - бы ў шахце,
бы у каменаломні.
* * *
А хто апалітычны,
Ці не занадта палітычны ён
Наадварот?!.
* * *
Голас праўды журчыць і журчыць,
Супрацьлеглае ёй -
Жухне і жухне.
* * *
Як земснарад, што рэчку чысціць,
Так для Айчыны дарагой
Пісьменніцкі патрыятычны талент.
* * *
На Айчыну не трэба глядзець
З магілы;
Трэба з неба глядзець на яе.
* * *
Як будзеш падпораю для Радзімы,
Дык і яна адгукнецца
Табе.
* * *
Сапраўдны талент
ды без аўдыторыі?!.
Няпраўда!
Хоць адзін ды прыйдзе патрыёт.
* * *
Упадак грамадства -
Не ўпадак для творцы сапраўднага,
Наадварот,
больш мажлівасці працаваць!
* * *
Калі ідзе сумленне ў андэграўнд,
Яно калісьці знізу пошласць узарве
Ці з вышыні яго накрые.
* * *
Таленавіты грамадзянскі тэкст
Дапамагае распазнаць
І ў прэзідэнце рэзідэнта.
* * *
Пры таленце не доўга ўпасці ў грэх,
Але ёсць паратунак -
Бацькаўшчына і Стваральнік.
* * *
Яшчэ ніхто гісторыю не адмяняў;
Скажай яе - яна ўсё тая ж;
Аб гэтым і пісьменнікі
таленавітыя гавораць.
* * *
Каб лёсу пустацвету
Твор твой не спазнаў,
Радкі свае на зоркі неба арыентуй.
* * *
Адстараніць ад Слова Праўды
Паэта здольна толькі смерць
І то часова.
* * *
І добрая кніга -
Дарога добрая...
Яна вядзе да Дабра і Стваральніка.
1 Крэнкель Эрнэст Тэадоравіч (1903, г. Тарту, Эстонія - 1971, г. Масква) - савецкі палярнік. Доктар геаграфічных навук. Герой Савецкага Саюза. Дырэктар навукова-даследчага інстытута гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матачкін Шар, бухта Ціхая, мыс Алавяны, востраў Дамашні. Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі "Граф Цэпелін", караблях "Сібіракоў", "Чалюскін", радыст першай дрэйфуючай станцыі "Паўночны полюс". Здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусветны рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антрактыдай.