Папярэдняя старонка: 2018

№ 18 (1377) 


Дадана: 05-05-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1377), 2 траўня 2018 г.


3 траўня - Сусветны дзень свабоды друку

Змаганне за беларускі клас у Баранавічах

У Баранавічах пяцёра бацькоў заўчасна напісалі заявы дырэктару гімназіі № 4, каб іх дзеці пайшлі ў першы беларускамоўны клас. Гэта самая лепшая гімназія ў горадзе і размешчана ў цэнтры горада. Але гарадскі аддзел адукацыі супраць. Беларускамоўных дзяцей упарта адпраўляюць ў школу для дзяцей-інвалідаў з праблемамі ў мысленні. Бацькі не пагаджаюцца, кажа маці адной з вучаніц Таццяна Малашчанка:

- Там жа школа мала напоўненая, вам там будзе добра. Але, даруйце, беларуска-моўных хочуць запхнуць туды, дзе ёсць "эксклюзіўныя". Значыць, мы не такія як усе, але, ці наша гэта віна, што мы не такія як усе. Мы не хочам быць у расейскай прасторы, мы хочам быць беларусамі. Бо гэтае навучанне па-руску, яно не такое бяскрыўднае.

Паводле Таццяны Малашчанкі, усе бацькі беларускамоўнага класа жывуць побач з гімназіяй. Для іх дзяцей месца не хапае. А вось з аддаленых раёнаў, дзе ёсць свае школы і нават гімназія, калі ласка. У гімназіі № 4 навучаюцца толькі дзеці чыноўнікаў, кіраўнікоў і вайскоўцаў і толькі па-расейску. Каб кіраўнікі горада дбалі пра родную мову, то беларускамоўны клас павінен быць адкрыты менавіта ў самым лепшым месцы. Для такога класа - найлепшая рэклама.

Беларускае Радыё Рацыя.


Новая каталіцкая парафія ў Лідзе

1 траўня ў жыці каталіцкай супольнасці горада Ліды адбылася вельмі важная падзея - у мікрараёне Паўднёвы быў асвечаны прыдарожны крыж. І ўсяго. Але асвячаў крыж гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. І ўсё гэта таму, што тут адбывалася першая святая імша ў новастворанай лідскай парафіі Святога Юзафа-рамесніка.

Парафія была зацверджана біскупам яшчэ летась, але толькі сёлета стала магчымым развязаць пытанне з выдзяленнем зямлі пад новы касцёл. Зямля яшчэ не выдзелена, але справа рухаецца. Гэта будзе шосты касцёл у Лідзе. Ёсць яшчэ дзейная капліца святой Барбары і каля дзясятка касцёлаў у раёне.

Пробашчам новай парафіі прызначаны ксёндз Віталь Сідорка.

Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Набажэнства ішло па-беларуску, па-польску і на латыні. Сам біскуп маліўся па-польску, а прамаўляў да людзей па-беларуску. На дзвюх мовах па чарзе гучалі малітвы і чыталася Евангелле. Па-беларуску, у чым відна заслуга пробашча, віталі біскупа дзеці, дзякавалі парафіяне. Па-руску тут не было сказана ніводнага слова.

Ксёндз Віталь вядомы ў Лідзе выдатным веданнем беларускай мовы, і можна спадзявацца на больш шырокае ўжыванне нашай мовы ў будучым касцёле, на тое, што новы лідскі касцёл стане яшчэ адным апірышчам беларускасці.

Наш кар.


50 гадоў Алегу Рудакову

29 красавіка 50-гадовы юбілей адзначыў Алег Рудакоў - сябар Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", актывіст беларускага руху ў Сібіры. Ён гаспадар "Беларускай хаты" ў Іркуцку, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, адзін з кіраўнікоў Іркуцкага моладзевага клуба "Крывічы".

Алег Рудакоў нарадзіўся ў вёсцы Бяздзедавічы на Полаччыне. Пасля школы паступіў у вайсковую вучэльню інжынерных войскаў у Цюмені. Ад 1989-га цягам наступных 5 гадоў служыў афіцэрам, звольніўся па стане здароўя. Скончыў у Іркуцку эканамічны факультэт тэхнічнага ўніверсітэта і гістарычны факультэт дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1996-м стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага - найбуйнейшае сярод чатырох дзясяткаў нацыянальна-культурных утварэнняў у рэгіёне і адну з самых актыўных у Расеі беларускіх суполак. У 2013-м сышоў з пасады старшыні таварыства, засяродзіўся на дзейнасці ў моладзевым клубе "Крывічы".

Алег Рудакоў пра сваю жыццёвую дарогу:

- Калі я закончваў школу, адкрывалася шмат шляхоў. Напрыклад, наш гісторык агітаваў паступаць у Віцебскі педінстытут на гістарычны факультэт: добра ведаеш прадмет, разбіраешся ў ім, толькі там табе месца. Я таксама займаўся валейболам, ездзіў з вёскі ў горад. І трэнер, і фізрук у адзін голас казалі: ідзі ў Берасце на факультэт фізвыхавання, там прафесійная каманда, будзеш займацца вялікім спортам.

Кожнае лета, пачынаючы ад 7-га класа, я працаваў памочнікам камбайнёра. Аграном саўгаса хваліў, як спрытна ўпраўляюся і з камбайнам, і з трактарам, як жартавалі, спецыяліст "шырокага профілю вузкай каляіны". Спакушаў новым трактарам, жыллём. Ну і быў у школе ваенрук, у вайну камандзір роты выведкі. Я хутка разбіраў-збіраў аўтамат, запаўняў магазін патронамі, прызначыў мяне начальнікам штаба юнаармейцаў. Нават не сумняваўся, што маю талент да вайсковай справы і трэба рушыць далей.

Умяшаўся юнацкі максімалізм. З аднаго боку, быў сумнеў, што наогул здолею паступіць, з іншага, хацелася свет паглядзець - Цюмень далёка, аж за Уральскімі гарамі. Падумаў, як што, вярнуся назад і ўжо тады нешта вырашу. Але нечакана паступіў і скончыў вайсковую вучэльню. Праўда, кар'ера ня склалася.

Калі пачаў развальвацца Савецкі Саюз, я ўжо быў размеркаваны ў Іркуцк камандзірам інжынернага звяза. Падаў цэлы стос рапартаў, каб перавесціся на радзіму і працягваць службу ў беларускім войску. Мне даводзілі, што ў Беларусі масавае скарачэнне, афіцэраў няма куды падзець, ракетныя часткі выводзяць (а я патрапіў у ракетныя войскі). А тут, кажуць, наадварот, кадраў не хапае. Напэўна, нейкія магчымасці існавалі, але патрэбныя былі сувязі, у мяне яны адсутнічалі. Ставілася нават пытанне, або звальняцца па дыскрэдытацыі, або застацца ў Сібіры. Па дыскрэдытацыі неяк не пасавала, таму вырашыў даслужваць, а ўжо тады вяртацца дадому.

У 1994 годзе пачаліся праблемы са здароўем - перастала працаваць адна нырка. Спачатку лекары пераконвалі, што яе не было ад нараджэння і на гэтай падставе я з войска быў звольнены па "абмежаваным стане здароўя без права пенсіі". Потым, праўда, выявілася, што нырка ўсё ж была, але падчас службы чамусьці "сапсавалася". Доказаў знайсці не ўдалося - як быццам страцілі маю медычную кніжку, я ўжо не стаў штосьці аспрэчваць. Як ёсць так ёсць. Сапраўдны беларус: раз так трэба, то і добра. У выніку не маю ніякай пенсіі - ні вайсковай, ні іншай.

Зноў узнікла думка ехаць у Беларусь, але гэтым разам перашкодзілі эканамічныя прычыны. Трымаў грошы ў банку, а ён "згарэў", усе назапашванні ў адзін момант прапалі. Перад гэтым усё страціў падчас "паўлаўскай рэформы" 1991 года, потым тое ж паўтарылася ў 1995-м. Ехаць з пустымі рукамі не хацелася, так і застаўся. Жыву, працую, як сам смяюся, стварыў у Іркуцку сваю Беларусь.

Я прыйшоў да беларускасці сам, сваім шляхам. Гэта было маёй моцнай асновай яшчэ са школы. Вывучаючы гісторыю, ганарыўся, што палачанін, бо Полацкае княства ў свой час было магутнай дзяржавай, а князі Ўсяслаў, Брачыслаў дамагліся яе буйнага развіцця. І калі з'ехаў у Расею, мне Беларусі вельмі не хапала.

Калі служыў, ні пра якія беларускія суполкі не магло быць гаворкі. А як Саюз разваліўся, пачаў атрымліваць цікавыя навіны. Ад 1989 года выпісваў газету "Літаратура і мастацтва". Там было шмат палемічных артыкулаў, па-новаму адкрываў беларускі рух. На адзін з тэкстаў, які вельмі ўзрушыў, напісаў свае разважанні. Даслаў і забыўся. А праз тры месяцы атрымаў ліст ад галоўнага рэдактара Барыса Сачанкі: вашы думкі цікавыя, часткова надрукуем, будзеце ў Менску - завітайце ў рэдакцыю. І ўвосень 1995-га, калі паехаў у адпачынак, запрашэннем скарыстаўся. У вялікай ступені гэты візіт стаў вызначальным...

Паводле Ігара Карнея, Радыё Свабода.


Пытанне старшыні ТБМ, дэпутата Алены Анісім да Прэзідэнта краіны

Пасля выступу 24 красавіка перад Нацыянальным сходам Беларусі Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытанні дэпутатаў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы дэпутат Алена Анісім, як толькі скончылася імпрэза, паведаміла Свабодзе, што ў яе былі тры пытанні да кіраўніка дзяржавы.

Першае пытанне тычылася беларускай мовы: дэпутат прапанавала прыняць адмысловую праграму па пашырэнні яе ўжывання.

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Звяртаюся да Вас з нагоды таго, што неаднаразова падкрэслівалася Вамі падчас сустрэч у Палаце прадстаўнікоў, а менавіта пра важнасць агучваць праблемы, якія ўздымаюць людзі. Калі гаварыць у цэлым, то многіх нашых грамадзян хвалюе тое, каб у Беларусі беларусы адчувалі сябе не горш, чым рускія ў Расіі, палякі ў Польшчы, італьянцы ў Італіі. Гэта падразумявае пэўныя стандарты якасці і ўзроўню жыцця.

Я хачу да Вас звярнуцца наконт праблемы, якую я неаднаразова ўздымала і ў грамадскай дзейнасці і падчас цяперашняй дэпутацкай, і якая мае непасрэднае дачыненне да таго, пра што Вы казалі ў сваім выступе, чаму беларусы не адчуваюць сябе гаспадарамі на роднай зямлі, а моладзь усё часцей паглядае, куды з'ехаць. А менавіта пра рэальны статус дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах.

Пачнём з таго, што ў нас у адрозненне ад іншых краін, дзе існуе практыка прыняцця законаў на ўсіх афіцыйных ці дзяржаўных мовах, заканадаўства не прымаецца на дзвюх дзяржаўных мовах. Гэта прыводзіць да дысбалансу, што негатыўна адбіваецца ў стасунках грамадзян з дзяржаўнымі органамі і правакуе непатрэбныя канфліктныя часам сітуацыі. З пункту погляду юрыдычнага, што паказала правядзенне круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў, ніякіх перашкод для станоўчага вырашэння пытання няма. Тым не менш, у адказах і прыватных размовах гучыць спасылка на тое, што без вышэйшай палітычнай волі гэта вырашыць немагчыма.

Таму я, карыстаючыся магчымасцю, звяртаюся да Вас з наступнай просьбай. Магчыма, варта прыняць Указ аб тым, каб тэксты законаў і падзаконных актаў прымаліся адразу на абедзвюх дзяржаўных мовах на ўсіх узроўнях: ад раённага да агульнабеларускага. Акрамя таго, лічу, што было б добра, каб у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь распрацавалі рэальную праграму пашырэння дзяржаўнай беларускай мовы ў сферы адукацыі і інфармацыйнай прасторы з далучэннем зацікаўленых і дасведчаных людзей з грамадзянскай супольнасці. Я ўпэўнена, што такая дзейнасць будзе прыхільна ўспрынята значнай большасцю грамадзян нашай краіны, павысіць узровень даверу да ўлады і паспрыяе кансалідацыі грамадства. Як станоўчы прыклад выкарыстання беларускай мовы ў сферы інфармацыі, можна прывесці Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага, калі канал АНТ усе навіны агучваў на беларускай мове і рэакцыя гледачоў была наступнай: Якая прыгожая беларуская мова! І што замінае рабіць гэта кожны дзень і на ўсіх беларускіх каналах?

Чаму звяртаю ўвагу на сферу адукацыі. Калі казаць мякка, даволі дзіўна выглядае сітуацыя, што ў нас беларус не мае магчымасці аддаць сваё дзіця ў садок з беларускай мовай, павінен чамусьці збіраць яшчэ бацькоў, каб адкрыць клас з беларускай мовай навучання. І нават калі група збіраецца, бацькам адмаўляюць у праве навучаць дзяцей у дзяржаўным садку на беларускай мове ў рознаўзроставай групе, хоць гэта прадугледжана заканадаўствам. Калі гэта не вырашаецца на раённым узроўні, то на якім яно павінна вырашацца: на гарадскім, ці на ўзроўні Міністэрства адукацыі? Мала каго турбуе, што парушаецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, парушаецца Кодэкс аб адукацыі, не кажучы ўжо пра парушэнне элементарных правоў дзіцяці. Фактычна на пустым месцы ствараецца канфлікт паміж грамадзянамі і органамі ўлады.

Таму я прашу Вас зразумець важнасць гэтага пытання і падтрымаць мае прапановы па пашырэнні ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы дзеля паразумення ў грамадстве, для забеспячэння нашай нацыянальнай бяспекі, у тым ліку маючы на ўвазе тую няпростую інфармацыйную сітуацыю, якая зараз склалася ў свеце.

Паводле Анісім, Лукашэнка падзякваў ёй за пытанне і сказаў, што "спяшацца тут не будзем". Трэба ўсё грунтоўна абдумаць. Дэпутат мяркуе, што плён ад яе пытання будзе.


Зварот да Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Алены Анісім 25 красавіка 2018 г.

Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны, член камісіі Палаты Прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Алена Анісім 25 красавіка выступіла на паседжанні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу.

Паважаныя спадарыні і спадары!

Я планавала выступаць на беларускай мове, аднак з-за складанасцей перакладу вымушана выступаць на рускай мове.

Дзякуй за магчымасць прысутнічаць і прымаць удзел у дыскусіі на высокім еўрапейскім узроўні. Для мяне гэта асабліва важна, бо я тут прадстаўляю грамадзянскую супольнасць і выбаршчыкаў двух раёнаў Беларусі. Падставай для майго выступу стала выказванне эксперта на канале Еўраньюс, які выказаўся так: "Беларусь не з'яўляецца прыярытэтам для Еўропы, у прыярытэце Украіна і Грузія". У сувязі з гэтым хачу сказаць наступнае. Нядаўна дэмакратычная грамадскасць нашай краіны адзначала 100-годдзе аднаўлення нашай дзяржаўнасці, звязанае з абвяшчэннем у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак і тады - 100 гадоў таму - Беларусь не была ў прыярытэце. Нягледзячы на ўсе намаганні тагачаснай эліты і волю беларускага народа жыць у сваёй незалежнай краіне, БНР не была да канца прызнанай еўрапейскімі краінамі, у адрозненне ад нашых бліжэйшых суседзяў: Літвы, Латвіі, Польшчы. У выніку розных перадзелаў у міжваенны і пасляваенны перыяды беларусы страцілі значную частку сваіх этнічных тэрыторый, якія зараз знаходзяцца ў складзе іншых еўрапейскіх краін, дзе жыве значная колькасць беларусаў.

У выніку сённяшняга непрыярытэту толькі для беларускіх грамадзян існуе высокая плата за візы, якая можа стаць яшчэ большай. А між тым, беларусы першыя ва Ўсходняй Еўропе распачалі кнігадрукаванне, выдалі першы Буквар (400 гадоў таму), а Статут Вялікага Княства Літоўскага - узор законаў, створаны ў 16 ст. Мы былі часткай еўрапейскай культурнай прасторы.

Вернемся да сучаснасці. У выніку русіфікацыі, якая мэтанакіравана праводзілася ў Савецкім Саюзе, і пазнейшай незбалансаванай моўнай палітыкі ў незалежнай Беларусі, беларуская мова трапіла ў спіс моў, якім пагражае знікненне. Наша арганізацыя (ТБМ), як і шэраг іншых, прыкладалі шмат намаганняў, каб паўплываць на гэтую сітуацыю. У прыватнасці, мы спрычыніліся да таго, каб быў створаны тэлеканал "Белсат", няхай сабе зарэгістраваны ў Польшчы, але ён праводзіў вяшчанне на беларускай мове. Зараз праз супрацу з Бі-бі-сі ён пашырае праграмы на рускай мове, якой у нас і так дастаткова ў інфармацыйнай прасторы. А чаму ў такім разе няма рэдакцыі Еўраньюс і іншых еўрапейскіх каналаў на беларускай мове? Хацелася б, каб на еўрапейскім узроўні было разуменне і падтрымка дзейнасці грамадзянскай супольнасці, якая змагаецца за лінгвістычныя правы ўнутры Беларусі, пачынаючы са стварэння садкоў, школ і прыватнага ўніверсітэта. Гэта пытанне мы падымаем на самым высокім узроўні. Таму вельмі хацелася б, каб Беларусь прысутнічала на парадку дня Савета Еўропы: і па пытаннях візавага рэжыму і ў падтрымцы дзейнасці грамадскіх арганізацый, якія займаюцца абаронай лінгвістычных правоў. Бо без беларускай мовы Беларусь не можа стаць ні дэмакратычнай краінай, ні арганічнай часткай еўрапейскай прасторы.

Дзякуй за ўвагу!


Сябры ТБМ з Лідчыны наведалі памятныя мясціны ў Суботніках і Вішневе

Сябры ТБМ з Лідчыны зладзілі азнаямленчую экскурсію па Івейскім і Валожынскім раёнах. Яны наведалі мястэчка Суботнікі, дзе нарадзіўся Зянон Пазьняк, усклалі кветкі да магілы яго маці. Затым завіталі ў мястэчка Вішнева, дзе мясцовая краязнаўца Тэрэса Бітэль зладзіла змястоўную экскурсію па музеі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, разам з мясцовым пробашчам паказалі касцёл, дзе ён служыў і завіталі ў царкву, што стаіць побач. Таксама наведалі музей прэзідэнта Ізраіля і Нобелеўскага лаўрэата Шымона Пераса, пабывалі на падворку, дзе стаяла хата ў якой нарадзіўся палітык. Пасля чаго адведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваныя беларускія літаратары - Пятро Бітэль і Канстанцыя Буйло. Сваімі ўражаннямі ад вандроўкі падзяліўся лідзянін, які зараз стала пражывае ў Нью-Ёрку - Аляксандар Хомчанка:

- Кожны раз, калі я прыязджаю ў Беларусь, калі ёсць такая магчымасць, я заўсёды стараюся і знаходжу час пад'ехаць на радзіму Зянона Станіслававіча ў Суботнікі, паразмаўляць з суседам, пабачыць, што там адбываецца. Для мяне гэта заўсёды вельмі важная падзея. Была вельмі цікавая паездка ў Вішнева, да спадарыні Тарэсы Бітэль, якая на ўласныя сродкі арганізавала музей ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Я дакрануўся да гэтай гісторыі, і вялікі дзякуй усім, хто гэтую паездку арганізаваў.

У сваю чаргу, госці з Лідчыны падаравалі ў Вішнеўскую бібліятэку некалькі дзясяткаў кніг беларускіх аўтараў. А таксама перадалі непасрэдна ў музей ксяндза Чарняўскага апошнія выданні Зянона Пазьняка са шчырымі пажаданнямі ад аўтара.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.


У Магілёве 2018 год абвесцілі годам Свята Незалежнасці

За дзесяць дзён да Дня Волі магілёўскія дэмакратычныя актывісты, палітыкі і журналісты вызначыліся з мерапрыемствамі да стогадовага юбілею абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. А напярэдадні магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесці ў Дзень Волі інфармацыйны пікет у цэнтры горада, перад кінатэатрам "Радзіма". Фармальная прычына - гэтай пляцоўкі няма сярод вызначаных уладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі прапанавалі перанесці пікет на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, дзе не ходзяць людзі.

15 сакавіка Аргкамітэт "#БНР100 у Магілёве" правёў адмысловую прэс-канферэнцыю, прысвечаную святкаванню 100-годдзя з дня Адраджэння Незалежнасці Беларусі, на якой кіраўнік гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы і старшыня аргкамітэта па святкаванні БНР Алег Дзьячкоў з калегамі распавёў пра бліжэйшыя мерапрыемствы.

- 25 сакавіка - гэта самае вялікае свята беларускага народа, гадавіна адраджэння нашай дзяржаўнасці. Гэтую дату варта было б святкаваць увесь 2018 год і таксама на дзяржаўным узроўні. Мы не будзем абмяжоўвацца толькі гэтымі мерапрыемствамі, увесь год будзе юбілейны, - абвесціў старшыня Аргкамітэта "#БНР100 у Магілёве", кіраўнік Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў.

Аргкамітэт "#БНР100 у Магілёве" складаецца з прадстаўнікоў шэрагу грамадскіх і палітычных арганізацый горада, якія цягам некалькіх месяцаў рыхтавалі святочныя мерапрыемствы. Быў распрацаваны святочны план-каляндар адзначэння БНР100 у Магілёве. На сакавік і красавік было запланавана 14 святочных мерапрыемстваў, частка якіх ужо праведзена.

Напярэдадні свята ў суботу, 24 сакавіка, адбылася ў офісе АГП вельмі цікавая лекцыя гісторыкаў А. Агеева і І. Пушкіна, прысвечаная пытанням прызнання БНР у Магілёве. 25 сакавіка магілёўцы, якія не паехалі ў Менск, адзначылі Дзень Волі ў сяброўскім коле за ўспамінамі і ўзгадкамі падзей у найноўшай гісторыі нашай дзяржаўнасці, і ў першую чаргу тых, што адбываліся ў нашым горадзе, а распавялі пра ўсё былое самыя непасрэдныя сведкі і героі тых часоў.

А 27-га сакавіка, у межах тыдня святкавання ў Магілёве, адбыўся квіз (інтэлектуальная гульня) у цалкам беларускамоўнай кавярні "Шпаркі лось", прысвечаны юбілею нашае дзяржаўнасці. Усё прайшло надзвычай цікава і весела, ну і пытанні былі ў самы раз - досыць арыгінальныя, але і не надзвычай складаныя. Пераможцы атрымалі вельмі класныя прызы і падарункі! Да таго ж, адбыўся майстар-клас па святочным аздабленні гэтай кавярні ў нацыянальным стылі, арганізатарам мерапрыемства быў Алесь Сабалеўскі.

Магілёў быў адзіным губернскім горадам, які падтрымаў абвяшчэнне БНР у Менску. Гэта здарылася 100 год таму, 31 сакавіка 1918 года. У гэты сімвалічны дзень, менавіта 31 сакавіка гісторыкі і даследчыкі дзейнасці МБК Ігар Пушкін і Алесь Агееў, аўтары манаграфіі "Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэта" (далей - МБК), правялі пешую экскурсію па мясцінах, звязаных з гісторыяй БНР. Дарэчы, адной з прычынаў, чаму спачатку (пасля лютаўскай рэвалюцыі), бальшыня магілёўцаў яшчэ была за аўтаномію, а на сходзе 31 сакавіка 1918 з больш як 400-сот дэлегатаў супраць незалежнасці прагаласавалі толькі адзінкі - тое, што ў гэты час частка Магілёва ўжо была пад "бальшавіцка-савецкай" уладай, і шмат хто паспрабаваў усе "перавагі" улады маскоўскіх стаўленікаў на сабе, ці ведаў ад сваякоў і знаёмых, бо мяжа праходзіла па Дняпры, і месцічы маглі амаль свабодна туды-сюды пераходзіць.

Магілёў у 1918 годзе быў цэнтрам беларускага руху, а мог стаць і цэнтрам БНР - пра гэта заяўляюць гісторыкі Алесь Агееў і Ігар Пушкін. Згодна іх даследаванню, 12 кастрычніка 1917 года ў Магілёве на нарадзе беларускіх арганізацыяў абмяркоўвалася пытанне правесці Усебеларускі з'езд у Магілёве. Такім чынам, Магілёў мог стаць першай сталіцай Беларусі. Але пасля кастрычніцкіх падзеяў быў рэалізаваны іншы праект - і з'езд адбыўся ў Менску.

Дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэта 100 гадоў таму мела выключную значнасць для беларускага руху. 23 сакавіка 1917 года магілёўскія патрыёты стварылі Магілёўскі беларускі гурток, а праз месяц зарэгістравалі легальную арганізацыю - МБК, якая займалася шырокім колам беларускіх пытанняў: выступала за аднаўленне народных гулянняў і святаў, спрыяла арганізацыі беларускага школьніцтва, бібліятэк, выдавецтваў, праводзіла лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, садзейнічала пашырэнню кааператыўнага рух, а таксама брала ўдзел ува ўсіх важных палітычных працэсах. МБК паспрыяў таму, што Магілёў падтрымаў БНР.

31 сакавіка 1918 г. - сто год таму ў будынку сёняшняй СШ № 1, а ў той час Марыінскай жаночай гімназіі, на сходзе прадстаўнікоў партый, аб'яднанняў і таварыстваў магілёўцы падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці БНР. А цяпер магілёўскі скульптар Андрусь Вераб'ёў прэзентаваў свой эскіз памятнай шыльды ў гонар 100-годдзя БНР - з Пагоняй і крылом, што азначае ўзлёт незалежнасці, беларускай дзяржаўнасці. Пад час экскурсіі быў распачаты збор подпісаў пад зваротам да ўладаў на ўсталяванне памятнай дошкі.

Магілёўцы адзначылі стагоддзе абвяшчэння БНР яшчэ і святочным канцэртам. Ён адбыўся 1 красавіка - на наступны дзень, калі роўна сто год таму, 31 сакавіка 1918, у Магілёве на агульнагарадскім сходзе было падтрымана абвяшчэнне Незалежнасці БНР. Канцэрт распачаў малады магілёўскі рок-гурт LIS, затым выступілі наш вядомы блюзмэн Юрась Несцярэнка і непаўторны Андрусь Такінданг. З віншавальнымі словамі да магілёўцаў звярнуліся старшыня ТБМ Алег Дзьячкоў (ён жа быў і вядоўцам імпрэзы), гісторык Аляксандр Агееў, лідары абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка. Адбылася і невялічкая святочная віктарына на тэму БНР, якую зладзілі Алесь Мазанік і Ілля Дабратвор.

Пасля канцэрту і сяброўскага "салодкага стала" самыя стойкія магілёўцы яшчэ і патанчылі). У распрацаваным аргкамітэтам плане па святкаванні яшчэ шмат мерапрыемстваў: у красавіку - круглы стол у МДУ імя А. Куляшова; велаэкскурсія летам з экскурсаводам Алегам Дзьячковым; стварэнне і распаўсюд відэароліка на тэму 100-годдзя ўтварэння БНР і ўдзелу ў гэтым магілёўцаў, публічныя лекцыі з гісторыкамі.

Далучайцеся да мерапрыемстваў, дарагія сябры, бо юбілейны год толькі пачынаецца!

Наталля Шамянкова, г. Магілёў.


"КАПЫЛЬСКАЯ МІСТЭРЫЯ"

На поўдні Менскай вобласці ёсць прыгожы куточак, незвычайны па сваім рэльефе: дарогі ідуць то ўверх, то ўніз, што стварае адметную непаўторнасць.

Капыльшчына… Край запаведных лясоў, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанскія брыгады вялі барацьбу з фашысцкай навалай. Менавіта гераічныя старонкі мінулага натхнілі несвіжанку З.М. Кулік напісаць шчымлівую аповесць "Капыльская містэрыя", у якой адлюстраваны падзеі таго часу (славуты Лаўскі бой паміж патрызанамі і фашыстамі) па ўспамінах старажыла вёскі Лавы. Аўтар пабывала на месцы гібелі васемнаццаці адважных юнакоў, якія цаной жыцця спынілі карную акцыю ў мясцовую пушчу, дзе быў партызанскі шпіталь і штаб брыгады. Таму прэзентацыя названага твору адбылася ў Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі. Сюды сабраліся мясцовыя бібліятэкары, прыехалі і госці: прыхільнікі літаратурна-музычнага аб'яднання "Валошкі" пры Нясвіжскай райбібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, сябры раённай арганізацыі ТБМ. Нас прыязна сустрэла дырэктар установы Т.П. Серая, запрасіла ў чытальную залу. Дарэчы, афармленне яе даволі цікавае, адразу кінуўся ў вочы партрэт Максіма Багдановіча, намаляваны мясцовым мастаком У. Пасюкевічам. Ёсць стэнды, прысвечаныя знакамітым людзям Капыльшчыны: Герою Беларусі, прафесару, канструктару МАЗаў М.С. Высоцкаму, пісьменнікам Кузьме Чорнаму, Анатолю Астрэйку, Міколу Хведаровічу. Дарэчы, сярод землякоў - 11 Герояў Савецкага Саюза і 10 Герояў Сацыялістычнай Працы. Не кожны раён можа пахваліцца такой элітай. Як не прыехаць на такую слынную зямлю!

Сустрэчу адкрыла старшыня "Валошак", паэтэса, маці-гераіня (пяцёра дзяцей) В.В. Шчарбакова, якая адзначыла, што атрымала Божае дабраславенне ад Дабрачыннага Нясвіжскай акругі айца Аляксандра. А потым прагучала духоўная песня ў выканані спявачкі Н. Калеснікавай з Нясвіжа. І сапраўды, толькі стойкі дух народа ў вайне здолеў атрымаць Перамогу, і гэтае мерапрыемства сімвалічнае, бо праходзіла за некалькі дзён да свята.

Аўтар "Капыльскай містэрыі" З.М. Кулік адзначыла, што погляд на жыццё мінулае нейкі сакральны, бо ў ім адлюстраваны знакавыя падзеі, патрыятызм беларусаў, трывога за родную зямлю. І трэба памятаць сваю гісторыю, свае карані, перадаваць маладым, каб яны шанавалі народную годнасць. І ганарыцца тымі людзьмі, берагчы зямлю і мову беларускую.

Пра аўтара "Капыльскай містэрыі": Зоя Мікалаеўна закончыла педуніверсітэт імя М. Танка, працавала загадчыцай дзіцячага садка ў Нясвіжы, затым намеснікам дырэктара ЖКГ па рабоце з грамадскасцю, экскурсаводам у музеі. Піша з дзяцінства,друкавацца пачала з 2000 года. Выдала кнігу "Перад табой стаю".

Характарызуючы "Капыльскую містэрыю", Т.П. Серая адзначыла яе жыццесцвярджальнасць, вялікую ролю ў выхаванні патрыятызму.

Хвалюючым было кароткае выступленне прыхільніка "Валошак", паэта У.Т. Жылко. Яго бацькі і дзяды - ураджэнцы Капыльшчыны, вёскі Прусы, сваякі былі ў партызанах, за што загінулі ад рук фашыстаў. Ён прачытаў свой верш, прысвечаны сумным падзеям таго часу.

Дзядзькі рэдактара газеты "Наша слова" (г. Ліда), С.В. Судніка, родам з Сейлавіч, удзельнічалі ў баях каля Лаваў. Журналіст расказаў пра землякоў-партызан, пра сённяшнія справы ў лідскім літаб'яднанні "Суквецце" і ў Лідскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якую ўзначальвае. А яшчэ падкрэсліў, што бібліятэкі на сёння - асноўны асяродак Беларушчыны. Дарэчы, некалі самы першы верш Станіслава Судніка быў апублікаваны менавіта ў капыльскай газеце "Слава працы".

Адметнымі былі выступленні пісьменніка, аўтара кнігі "Трэцяя бярэзіна" (і не толькі) У.Д. Бруя, аматара роднай мовы, краязнаўцы Н.Я. Бруй. Іх думка: "Капыльская містэрыя" - патрэбны твор, у ім шмат роздуму пра жыццё мінулае і сучаснае, кніга прасякнута любоўю да Радзімы. Аналагічнае меркаванне выказаў нясвіжскі паэт, мастак А.В. Пракарына, пляменнік І.І. Пракарыны, паэта, журналіста, які працаваў у капыльскай райгазеце "Слава працы". Ён з душой выканаў песні пад гітару на словы вядомага аўтара.

Кожны з гасцей характарызаваў кнігу, прэзентацыя якой сабрала сяброў. Так, краязнаўца, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Н.В. Плакса акцэнтавала ўвагу на вялікай патрыятычнай ролі кнігі З.М. Кулік, спынілася на дзейнасці па ўвекавечванні памяці славутых землякоў. Па ініцыятыве журналіста і пісьменніка В. Дранчука і на складкі добрых людзей выдадзены каляндар "Ідыліі", прысвечаны настаўніку, мастаку, краязнаўцу Хведару Вініцкаму. А раней падобныя календары выпусцілі пра майстроў пэндзля Яўгена Ждана і Міхася Сеўрука, пра Якуба Коласа…

Настаўнік з Гарадзеі А.У. Гунько, краязнаўца, наведваўся з вучнямі ў в. Лавы, дзе расказаў пра подзвіг маладых абаронцаў радзімы. Ён жа падкрэсліў, што аўтар "Капыльскай містэрыі" зрабіла вялікую справу, напомніўшы ў кнізе аб героях былых, але незабыўных часоў.

Гаспадары, удзельнікі капыльскага літаб'яднання "Вясёлкі" паведамілі аб сваіх поспехах, а Я.Г. Малевіч прачытала вершы. Вясновым прывітаннем стаў прыемны момант: бібліятэкары Капыльшчыны павіншавалі калегу з Браткаўскай сельскай бібліятэкі-клуба В.І. Чакун з юбілеем. Кветкі, цёплыя словы пажаданняў. А потым спявачка Н. Калеснікава для яе і ўсіх прысутных выканала душэўныя песні. Аўтар гэтага матэрыялу прачытала ўласныя падборкі жартоўных афарызмаў.

Завяршылася сяброўская сустрэча дамовай наступны раз сустрэцца ў Нясвіжы.

Раіса Хвір, г. Нясвіж.


Уладзіміру Сіўчыкаву - 60

Сіўчыкаў Уладзімір Мікалаевіч, нар. 03.05.1958 г., г. Жодзіна Менскай вобл., перакладчык, празаік, паэт, драматург, выдавец. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 г., Беларускага ПЭН-Цэнтра з 2004 г., Беларускай асацыяцыі журналістаў з 2009 г.

З сям'і службоўцаў. Скончыў 8 класаў Жодзінскай СШ № 5 у 1973 г., педагагічнае аддзяленне Менскай мастацкай вучэльні ў 1977 г. Выкладаў маляванне і чарчэнне ў Траянаўскай сярэдняй школе (Барысаўскі раён), пасля службы ў Савецкай Арміі (1977-79) працаваў мастаком-афарміцелем у Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў у Менску. У 1981 г. паступіў, а ў 1986 г. скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Падчас вучобы праходзіў стажыроўку ў Тбіліскім універсітэце, дзе вывучаў грузінскую мову і літаратуру. З 1986 г. рэдактар аддзела літаратуры і мастацтва, а з 1989 г. адказны сакратар часопіса "Бярозка". З 1992 г. ачольваў Беларускую асацыяцыю дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана (БАДППР), з 1994 г. - выдавецтва "Радыёла-плюс". Жыве ў Менску.

З 1982 г. выступае ў рэспубліканскім друку. З 1984 г. вядомы як перакладчык найперш з грузінскай на беларускую мову. У яго перакладзе выйшаў раман Надара Думбадзе "Закон вечнасці" ("Мастацкая літаратура", 1989). Аўтар прадмовы, складальнік біяграфічных звестак, каментарыяў, перакладчык твораў у "Анталогіі грузінскай паэзіі" (у 2-х т. - "Мастацкая літаратура", 1989). Пераклады Ул. Сіўчыкава змяшчаліся ў беларускім і грузінскім друку, альманахах "Братэрства", "Ветразь", у зборніку дэтэктыўных навел "Кінжал з крыламі" ("Юнацтва", 1994) і інш.

Добра валодае словам і як празаік, адчувае яго каларыт. Адзін з аўтараў зборнікаў прозы "Жнівеньскі праспект" ("Бібліятэка "Маладосці", 1988), "Тутэйшыя" ("Мастацкая літаратура", 1989), "Карані" ("Юнацтва", 1994).

Аўтар кнігі апавяданняў і п'ес "Гульня ў тастамант" ("Юнацтва", 1992), кніг прозы "Лісты да брата" ("Радыёла-плюс", 1998), "Бювар" ("Радыёла-плюс", "Выдавец І. П. Логвінаў", 2009), "Уладзевы гісторыі" (Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, 2015).

Склаў кнігу прозы маладых аўтараў "Перад маімі вачыма" ("Бібліятэка "Маладосці", 1990), зборнік дэтэктыўных навел "Кінжал з крыламі" ("Юнацтва", 1994), "Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства" (сумесна з М. Тычынам, "Сэр-Віт", 2003), зборнік дэтэктываў "Карона Вітаўта Вялікага" (сумесна з А. Сіўчыкавай, "Мастацкая літаратура", 2004).

Выступіў укладальнікам кніг прозы Васіля Быкава "Избранное" (Москва, "Мартин", 2004) і "Афганец" (Москва, "Вагриус", 2005), выбраных твораў Славаміра Мрожака "Дом на мяжы" ("Радыёла-плюс", "KEW", 2008).

Як крытык і публіцыст вядомы шэрагам артыкулаў па літаратурных узаемасувязях, рэцэнзіямі, мастацтвазнаўчымі эсэ, падарожнымі нататкамі.

З 1983 г. працуе ў жанры паэзіі. Вершы друкаваліся ў перыёдыцы, калектыўных зборніках "Вусны" ("Юнацтва", 1985), "Маладыя галасы" ("Мастацкая літаратура", 1985), "Лагодны промень раніцы" ("Мастацкая літаратура", 1988), "Квадра" ("Універсітэцкае", 1990), "Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў" ("Літаратура", 1996) і інш.

Аўтар кніг паэзіі "Высакосны год" ("Радыёла-плюс", 2004), "Кошык Велікодны" ("Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў", 2014).

Уклаў кнігу версэтаў Алеся Разанава "Горад-вандроўнік" (разам з Н. Каберыдзе, "Сабчота Сакартвело", на грузінскай мове, 1987), зборнікі "Яна і Я. Вершы і песні пра каханне" (сумесна з Р. Шастак, "Радыёла-плюс", 2005), "Максім Багдановіч. Інтымны дзённік. Выбраныя творы" ("Радыёла-плюс", 2006), "Рыгор Барадулін. Руны Перуновы. Выбраныя творы" (сумесна з А. Камоцкім, "Радыёла-плюс", 2006), "Пад шэпат хваляў Віліі" ("Радыёла-плюс, 2006), "Качка-дзівачка. Польская паэзія дзецям" (сумесна з Л. Баршчэўскім, "Радыёла-плюс", 2006), анталогію беларускай паэзіі ХV-ХХ стагоддзяў "Чала я не хіліў прад сілай" (на беларускай, лацінскай, польскай мовах, разам з Л. Баршчэўскім, А. Паморскім, А. Скурко, А. Хадановічам, "Калегіюм Усходняй Еўропы", Уроцлаў, 2008), кніг вершаў дзецям "Рыгор Барадулін. Выпаў грук у грома з рук" ("Радыёла-плюс, 2009) і "Артур Вольскі. Выйшаў зайчык пагуляць" ("Радыёла-плюс", 2009), "Максім Багдановіч. Пярсцёнак. Выбраныя творы" ("Папуры", 2015), "Рыгор Барадулін. Тастамант. Выбраныя творы" ("Папуры", 2015), "Кастусь Тарасаў. Апошняе каханне князя Міндоўга. Выбраныя творы" (сумесна з Г. Тарасавай, "Папуры", 2016), "Кастусь Тарасаў. Крывавы патоп. Выбраныя творы" (сумесна з Г. Тарасавай, "Папуры", 2016), "Іван Навуменка. Інтэрнат на Нямізе. Аповесці і апавяданні" (разам з П. Навуменкам, "Папуры", 2016). Уклаў і пераказаў шэраг тэкстаў у зборніках "Сіняя Світа. Казкі, легенды, паданні" ("Папуры", 2015) і "Зачараваны Замак. Легенды, паданні, казкі, песні" ("Папуры", 2016).

Укладальнік (разам з А. Марачкіным) і адзін з аўтараў альбомаў "Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова" ("Радыёла-плюс", 2008), "Рыцары Пагоні і Арла" ("Радыёла-плюс", 2010).

П'есы-казкі Ул. Сіўчыкава выходзілі на старонках часопісаў "Бярозка" (№ 4, 1990 - "Кароль і Майстра", "Вясёлка" (№ 2, 1990 - "Чаму кабета спачыну не мае", № 2, 1992 - "Тыгр-абаронца"), "Тэатральная Беларусь" (№ 2, 1994 - "Філасофскі камень"). П'есы "Лёс і Удача", "Кароль і Майстра", "Чароўны камень" увайшлі ў кнігу "Гульня ў тастамант" ("Юнацтва", 1992), п'еса "Філасофскі камень" - у зборнік "Сучасная беларуская драматургія. Традыцыі і наватарства" ("Сэр-Віт", 2003), а таксама ставіліся ў драмгуртках Барысава, Беластока, Слуцка і інш. У Беларускім тэатры лялек "Лялька" (Віцебск) з 1995 г. у перастварэнні Ул. Сіўчыкава ідзе казка ў 2-х дзеях "Хлопчык-зорка" паводле О. Уайльда.

У 1987-89 гг. напісаў сцэнарыі і правёў тэлеперадачы "Старонкі беларуска-грузінскіх літаратурных узаемасувязей", "Дыялогі маладых перакладчыкаў" і інш., выступіў аўтарам шэрагу сюжэтаў для тэлеперадач "Ліра", "Літаратурная Беларусь", "Роднае слова", "Сустрэнемся пасля адзінаццаці".`

Аўтар слоўнікаў-даведнікаў "2000 русских, 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний", "Русско-белорусский, Белорусско-русский словарь фразеологизмов" (сумесна з А. Баярынай, "Папуры", 2006, 2012).

Творы Ул. Сіўчыкава перакладаліся на балгарскую, грузінскую, рускую, славацкую і ўкраінскую мовы.

Вядзе актыўную грамадскую, а таксама краязнаўчую дзейнасць (найперш па родным Жодзіне, дзе працуе ў складзе ініцыятыўнай групы па ўсталяванні помніка заснавальніку горада князю Багуславу Радзівілу).

Вікіпедыя.


Запрашаем на летнік!

Запрашаем вас на моладзевы летнік на радзіме Васіля Быкава.

У Бычках - на радзіме Васіля Быкава - 19-24 чэрвеня пройдзе моладзевы летнік "Сакрэты беларускай культуры", на які запрашаецца моладзь ад 18 да 30 гадоў. Удзельнікі змогуць сумясціць адпачынак, нефармальнае навучанне на свежым паветры ды працу па ўладкаванні тэрыторыі каля дома-музея пісьменніка.

Сёлета летнік ладзіцца ў трэці раз. Сярод выступоўцаў і лектараў школы былі Уладзімір Арлоў, Алесь Пушкін, Валярына Кустава, Франак Вячорка, Пятро Клюеў, Аляксандр Лукашук ды іншыя дзеячы.

Удзельнікаў школы чакае насычаная цікавая праграма ды атмасфера: выступы экспертаў, музыкаў, культурніцкіх і грамадскіх дзеячаў; творчыя сустрэчы, гульні, майстар-класы; новыя знаёмствы.

Будынак школы Васіля Быкава зараз даглядае грамадскасць Віцебшчыны, а валанцёры працуюць над яе аднаўленнем. Да важнай справы спрычыняцца і ўдзельнікі летніка.

Умовы:

Арганізатары забяспечваюць праезд і харчаванне ўдзельнікаў. Пражываць яны будуць у намётах на тэрыторыі сядзібы.

Удзельнікам трэба запоўніць анкету (https://goo.gl/forms/cFPocj LINllqcshF2) да 5 чэрвеня.

Дадатковыя пытанні можна задаць праз мэйл: AITButsefal@gmail. Com


Што напісалі пра 100-годдзе Беларусі ў Германіі

Навіны Германіі

Euronews выкарыстала стагоддзе БНР, каб пагаварыць пра Беларусь паміж Захадам і Усходам. Для нямецкай публікі 100-годдзе БНР было проста стагоддзем Беларусі: такія асаблівасці перакладу. Пакуль "нічога" застаецца ўзорам беларускай дзяржаўнай журналістыкі, па-нямецку пра Дзень Волі выходзілі цікавыя артыкулы.

Frankfurter Allgemeine Zeitung апублікавала агляд гісторыка Фелікса Акермана пад назвай "Патрыёты самі шыюць свае сцягі". Гэта агляд падзей, звязаных з юбілеем БНР. Акерман даўно і шчыльна звязаны з Беларуссю. Нагадаем, што ён напісаў дысертацыю пра Гародню. У падобным жанры ён быў напісаў агляд беларускай рэакцыі на Нобелеўскую прэмію Алексіевіч. Артыкул пра Дзень Волі - 2018 таксама прыклад нямецкай эмпірычнай грунтоўнасці.

Акерман расказвае перадусім пра неспадзявана дазволеную шыльду на Доме Маліна, дзе была абвешчаная ІІІ Устаўная грамата. Падкрэсліваецца, што больш як дзве тысячы еўра былі сабраныя за некалькі гадзін. Далей гісторык упамінае выставу ў гістарычным музеі. Паспяхова прайшла прэзентацыя кнігі "Шляхі да Беларускай Народнай Рэспублікі" (хіба не зусім дакладны пераклад назвы кнігі "Шляхамі БНР"). Акерман цытуе гісторыка Ляхоўскага: у 1918-м у Менску было дзесяць беларускамоўных школ, у 2018-м іх пяць.

Асноўная думка аўтара палягае ў тым, што сёлета Дзень Волі стаў прадметам увагі ўрада. Акерман спасылаецца на ліст ідэалагічнага аддзела Гарадзенскага аблвыканкама, які патрабуе ад музеяў і бібліятэк зрабіць святочныя праграмы да 25 Сакавіка. Іншы важны прыклад - канферэнцыя ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. На ёй выступалі таксама Церашковіч і Смалянчук, "якім гадамі не дазвалялася выступаць на дзяржаўных мерапрыемствах". Паводле ацэнкі аўтара, канферэнцыя ўключыла БНР у гісторыю беларускай дзяржаўнасці без ідэалагічных абертонаў.

Асобна згадваецца аўдыягід па мясцінах БНР, падрыхтаваны Акадэміяй.

Акерман ставіць пытанне аб прычынах гэтага набліжэння вертыкалі да ейных апанентаў. Ён прыводзіць ацэнку Церашковіча, які кажа пра магчымы пачатак сапраўднага нацыябудаўніцтва.

Таксама цытуецца Варанецкі, які кажа пра стабільнае развіццё і кансалідацыю як мэты ўрада.

Сам Акерман тлумачыць гэтую новую тактыку спасылкай на палітычныя інстынкты Лукашэнкі. Прэзідэнт Беларусі, на думку гісторыка, не з'яўляецца "дыктатарам на аўтапілоце". "Ён, хутчэй, аўтарытарны валадар, які заўсёды рэагуе на зменлівую сітуацыю ў краіне і рэгіёне, каб легітымаваць сваю ўладу".

Такая "стратэгія захопу" прывяла да расколу ўнутры апазіцыі. Адны "вітаюць бела-чырвона-белыя карагоды", спадзеючыся такім чынам узмацніць беларускую мову. Іншыя робяць стаўку на Дзень Волі як сродак пратэсту. Пра арышты на плошчы Якуба Коласа нямецкія выданні паведамлялі асобна.

Адначасова Акерман займаецца тым, што паведамляе свайму чытачу некаторыя агульныя звесткі пра Беларусь. БНР ён характарызуе як палітычны праект, створаны за нямецкай акупацыяй, які не дасягнуў міжнароднага прызнання.

Таксама Акерман прасочвае спецыфічную нямецкую дылему: як Беларусь павінна называцца па-нямецку? Заснавальнікі БНР спрабавалі адмежавацца ад Расіі, пераклаўшы назву краіны на нямецкую мову як WeissRuthenien. Але ў 1941-1944 тэрмін быў дыскрэдытаваны нацыстамі, і ў ГДР, а таксама ў ФРГ назву краіны ўжо перакладалі з рускай мовы.

Цытуецца Валер Булгакаў, які характарызуе Дзень Волі як частку апазіцыйнай субкультуры ў Беларусі. Працягвае гэтую думку спасылка на даследаванне Пера Андэрса Рудлінга (які напісаў дысертацыю пра беларускі нацыяналізм, а цяпер выкладае ў Сінгапуры). У Рудлінга Акерман пазычае думку аб тым, што ў Беларусі склаліся дзве традыцыі дзяржаўнай легітымнасці: адна абапіраецца на БНР, другая - на БССР.

Думка не надта каб новая - і, можа, не зусім справядлівая. Сёлета неаднойчы ўспаміналіся розныя рэчы аб тым, што гэтая пазіцыя не заўсёды адэкватна апісвае гістарычны досвед "беларускай нацыянальнай рэвалюцыі". Магу толькі сцісла спаслацца на артыкул Туронка "Нежаданая рэспубліка", апублікаваны ў беластоцкім самвыдаце ў 1989-1990 гадах. Там гісторык паказвае, як Усебеларускі з'езд - такі, які ён быў - аказаўся непатрэбны і савецкай, і нацыяналістычнай гістарыяграфіі. З'езд, частка культуры рэвалюцыйнай дэмакратыі, не зусім дапасоўваецца да схемы "дзвюх традыцый". На тое ж паказваюць і некаторыя дзённікавыя запісы Луцкевіча, і спадчына Грыба.

Іначай пабудаваў свой артыкул неназваны аўтар ліберальна-кансерватыўнага часопіса "Tichys Einblick" ("Погляд Ціхі"). Гэта правае, не самае ўплывовае нямецкае анлайн-выданне. Шмат месца ў гэтым тэксце займае сучаснасць. Прычым, паколькі тэкст апублікаваны ў рубрыцы "Меркаванні", аўтар абапіраецца і на асабісты досвед.

Артыкул "100 гадоў Беларусі: нацыя ў зале чакання" таксама імкнецца інфармаваць чытача. Але ў меншай ступені пра БНР як такую. Гісторыя Беларусі (акрамя ўласна БНР, падзел Беларусі ў 1920-м, атрыманне сучасных межаў у 1940-х, немагчымасць свабоднага нацыянальнага развіцця ў СССР, траўмы сталінскага тэрору і "пачварных страт насельніцтва ў ходзе Халакосту") застаецца на другім плане.

Гісторыя служыць як тлумачэнне, чаму ў 1990-х "дэмакратычны эксперымент" праваліўся і да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Апісваюцца асноўныя палітычныя рысы створанай ім сістэмы. Асабліва цікавіцца аўтар гаспадаркай, якую ён характарызуе як "франкенштэйн-сацыялізм". Паводле журналіста, Лукашэнка сфармуляваў ідэю эвалюцыйнай эканомікі: ён меўся перавесці дзяржаўныя прадпрыемствы на рынкавыя рэйкі паступова.

У 2010-м аўтар быў у Беларусі і сустракаўся ў тым ліку з менеджарамі дзяржаўных фірм. Ён невысока ацэньвае іхную гатоўнасць "увайсці" ў рынак: "Я зычу тутэйшым эканамічным кіраўнікам шмат удачы. Яна ім дужа спатрэбіцца".

Згадваюцца таксама пратэсты 2010-га, але аўтар, хоць і сімпатызуе пратэстоўцам, скептычна ставіцца да шанцаў апазіцыі перамагчы Лукашэнку нават на дэмакратычных выбарах. Бо ў Беларусі пенсіянеры маюць адносна шчодрую сацыяльную падтрымку, а рабочыя, хоць часам ім затрымліваюць заробак, напалоханыя ўкраінскім прыкладам і не хочуць "ніякіх эксперыментаў".

Як важнае дасягненне Лукашэнкі ацэньваецца ягонае манеўраванне паміж ЕС і Расеяй. Паводле аўтара, беларускі прэзідэнт дасягнуў пэўнай аўтаноміі ў гэтай гульні. У якасці прыкладу незалежнай ад Масквы палітыкі прыводзяцца смелыя каментары Лукашэнкі наконт Крыма (хай бы цяпер Масква аддала манголам іхныя колішнія землі) і Трампа (калі Лукашэнка мусіў засцерагчы Пуціна ад залішняй радасці).

Але гэтае лавіраванне мела свае выдаткі. Сярод іх асноўны - беларуская мова: на думку журналіста, яна стала стаўкай у "покеры паміж Захадам і Усходам". Каб растлумачыць беларускую моўную сітуацыю, выкарыстоўваецца раман Марціновіча "Мова".

Пераказаўшы сюжэт рамана, аўтар неспадзявана пераходзіць да ўласна нямецкіх ці наогул заходніх праблем, як ён іх бачыць. "Бо гэты малюнак [у Марціновічавай антыўтопіі] напамінае тое, што прыхільнікі дэканструкцыі ідэй французскай, ангельскай, нямецкай нацыі рабілі з мовамі гэтых нацый. Мовы, у іхняй своеасаблівай форме, характарызуюцца як палітычна некарэктныя і нават рэпрэсіўныя". Далей аўтар выказваецца супраць "наватвораў", якія ўводзяцца з палітычнымі мэтамі ў медыя і школах. Перш за ўсё маюцца на ўвазе, відавочна, фемінітывы.

"Пакуль беларусы пасля ста гадоў усё яшчэ чакаюць магчымасці свабодна і самастойна развівацца як нацыя, нацыі Захаду самі звязваюць сабе ногі". Такі вось погляд на беларускія падзеі праз прызму нямецкіх дыскусій.

Чаму важна гаварыць пра нямецкую перспектыву на Беларусь?

Наогул цікавасць да вонкавых апісанняў свайго - натуральная. Варта ўспомніць, як часта ў Беларусі абмяркоўваліся розныя расейскія вандроўныя нататкі пра Менск ці наогул пра Беларусь. Крыху радзей гавораць пра англамоўныя водгукі.

Між тым Германія застаецца адной з асноўных краін, зацікаўленых Усходняй Еўропай. З розных прычын. Пра Беларусь па-нямецку пішуць не так часта, але ўсё ж рэгулярна, і часта змястоўныя рэчы (пра квоты для апазіцыі ў парламенце ці пра архітэктуру савецкай мадэрнасці). Вонкавая перспектыва важная менавіта як адмена позірку. З адлегласці лёгка схібіць, але яна мае моцны стваральны патэнцыял.

У спрэчку пра БНР Акерман можа ўнесці важны інсайт. Пра тое, што гэты праект развіваўся пад акупацыяй, у Беларусі часта забываюцца. А гэта мае быць першая характарыстыка БНР. І яна можа прымусіць гісторыкаў заняцца нарэшце не паўтарэннем ідэалагічных формул, а вывучэннем гістарычнага досведу.

Звяртае ўвагу і эвалюцыя беларусазнаўства ў свеце. Эфектам паступовага назапашвання ведаў пра Беларусь у свеце з'яўляецца новая якасць у абмеркаванні нашай краіны. Яна ўсё часцей робіцца часткай шырэйшай дыскусіі. Таму здаецца паказальным апошні артыкул.

З беларускай перспектывы ён варты ўвагі, бо адлюстроўвае доўгі і складаны працэс. Тое, што Жылка называў узыходжаннем беларуса на мапу Еўропы. Бо выйсці на мапу - гэта не проста маляванне межаў як такое. Гэта шматбаковы ўдзел у еўрапейскай сучаснасці: уключэнне ў сістэму ведаў і прысутнасць у дыскусіі.

Антон Лявіцкі, nn.by.


Памёр краязнавец Андрэй Юшкевіч

У вёсцы Галавачы непадалёк Скідзеля памёр Андрэй Юшкевіч, беларускі краязнавец, педагог, сябар ТБМ, пчаляр. Андрэй Юшкевіч нарадзіўся ў Шчучынскім раёне, доўгія гады настаўнічаў у розных школах Гарадзеншчыны, займаўся краязнаўствам, ягоным іншым улюбёным заняткам было пчалярства.

Беларускае Радыё Рацыя.


Развіваць традыцыі мецэнтацтва

На цырымоніі ўзнагароджання мецэнатаў культуры за 2017 год ў малой зале Палаца Рэспублікі 23 красавіка выступіў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар. Ён уручыў узнагароды спонсарам важных праектаў у сферы культуры - музычных і мастацкіх фестываляў, музейных і выставачных праектаў, і падзякаваў прадстаўнікам 44 прадпрыемстваў, банкаў і кампаній за іх унёсак у развіццё айчыннай культуры.

- На Беларусі здаўна існавалі традыцыі мецэнацтва, дзякуючы якім каштоўнымі рарытэтамі папаўняліся бібліятэчныя зборы, пашыраліся калецыі жывапісу і скульптуры, ткацтва, друкаваліся лепшыя ўзоры паэзіі і прозы. Для будучыні краіны важна, каб такіх асобаў было больш.

Сёння сярод галоўных спонсараў буйных культурных праектаў выступаюць "Белгазпрамбанк", "Беларус-банк", банк " БелВЭБ", "Прыёрбанк", мабільныя тэлеаператары "Велком" і МТС, прадпрыемствы " Беларускалій", " Камунарка", " Спартак" і іншыя.

Паколькі з дзяржаўнага бюджэту на культуру выдзяляецца зусім невялікі адсотак грошай, выдаткі на маштабныя музычныя фестывалі, спеўныя акцыі, міжнародныя тэатральныя фестывалі выдзяляюць менавіта спонсары. Сярод такіх асобаў госці вечарыны прывіталі старшыню праўлення банка "БелВЭБ" Мікалая Лузгіна, які спрычыніўся да ажыццяўлення поўнага факсімільнага ўзнаўлення спадчыны Францішка Скарыны.

Артысты Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета і Белдзяржфілармоніі, якія выступілі на імпрэзе, спрабавалі ў сваіх спевах знайсці формулу любові да мастацтва, якая інспіруе сапраўдных мецэнатаў на патрыятычныя вычыны.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


Філасофская спадчына мысляра даступная для чытачоў

23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя 5-томнага збора твораў беларускага філосафа Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага (1923-2013). З яго твораў ён паўстае як адораны даследчык прадмета філасофіі, культуралогіі, эстэтыкі, як пранікнёны, глыбокі аналітык. Кнігі выйшлі ў 2017 годзе ў С. Пецярбургу ў выдавецтве "Нестор-История" накладам 400 асобнікаў, дзякуючы руплівасці Васіля Цімафеевіча Якавенкі, які знайшоў выдаўца, і яго паплечнікаў, якія ўвайшлі ў рэдакцыйную раду з беларускага боку: філосафаў Леаніда Яўменава, Эдуарда Сарокі, Аляксандра Лапцёнка, Аляксея Рагулі, пісьменніка і палітолага Анатоля Астапенкі.

З першых старонак 1-га тома з жыццём і дзейнасцю мысляра знаёміць даклад Васіля Якавенкі "Чалавек Прыгожы. Цярністы шлях у навуцы прафесара М.І. Крукоўскага." Ён праілюстраваны партрэтамі філосафа, напісанымі мастакамі Віктарам Барабанцавым і Алесем Цыркуновым, сямейнымі фотаздымкамі.

Мікалай Крукоўскі нарадзіўся на хутары каля вёскі Машкова ў 1923 годзе, закончыў дзесяцігодку ў Оршы, быў прыняты ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пасля года навучання надышла вайна, і Мікалаю давялося стаць дабраахвотнікам. "Мікалай Ігнатавіч перш, чым стаць філосафам, багата чаго зведаў у жыцці, - адзначае В. Якавенка. - Яшчэ будучы маладым чырвонаармейцам, ён апынуўся ў нямецкім палоне, збег адтуль. Прыхапіўшы томік Гегеля ў заплечнік, рушыў у партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Оршай, быў паранены ў руку. У сталыя гады,будучы кандыдатам навук, Мікалай Ігнатавіч вернецца да Гегеля, будзе даследваць і шчыра развіваць гегелеўскую эстэтыку."

Уражвае разнастайнасць захапленняў, з якімі Мікалай Крукоўскі ішоў па жыцці. Юнаком ён марыў стаць музыкам, па-заліхвацку іграў на гітары і мандаліне, любіў праводзіць летні адпачынак у вандроўках на яхце па рэках і азёрах Беларусі, ахвотна хадзіў на лыжах і займаўся плаваннем, займеў свой тэлескоп і нярэдка ўзіраўся ў зорнае неба. Ён займаўся спортам, паляваннем, рыбалкай, і таму век яго быў доўгім.

У 1945 годзе Мікалай Крукоўскі паступіў у Белдзяржуніверстэт на філфак і за добрае навучанне атрымліваў Купалаўскую стыпендыю. Пазней Кандрат Крапіва дапамог яму ўладкавацца ў Інстытут мовазнаўства АН БССР, дзе здольны малады чалавек у хуткім часе напісаў кандыдацкую дысертацыю. У 1963 ён перайшоў у БДУ на кафедру філасофіі, логікі і эстэтыкі і чытаў студэнтам лекцыі па сацыялогіі мастацтва і тэорыі мастацкай культуры.

У 1965 годзе малады філосаф надрукаваў манаграфію "Логіка прыгажосці", якая прапаноўвала новую па тым часе сістэму эстэтычных катэгорый. Новай з'яўлялася яго канцэпцыя развіцця мастацтва як гісторыі мастацкіх стыляў.

Яго працы па эстэтыцы належаць да лепшых узораў айчыннай і сусветнай філасофскай думкі. Яны цытуюцца ў сучасных расійскіх падручніках, прысутнічаюць у вучэбных праграмах, узгадваюцца ў Інтэрнеце. Але працы, якія выдаваліся ў 1960-80 гады, сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Цяпер яны прадстаўлены ў новым 5-томным зборы твораў.

М. Крукоўскі быў выдатным знаўцам гісторыі мастацтва. Яго цікавілі мазаікі царквы св. Віталія ў Равэне і статуі Наўмбургскага сабора, захапялі палотны Джота і Рафаэля, Джарджоне і Ціцыяна.

"Далейшыя гады і ўзмужнелая мудрасць далі магчымасць М. Крукоўскаму напісаць яшчэ шэраг манаграфій: "Эстэтычныя катэгорыі", "Кібернэтыка і законы прагажосці", "Чалавек прыгожы", "Філасофія культуры", "Бляск і трагедыя ідэала". "Гэтыя наватарскія працы сведчаць пра навукоўца як пра неардынарнага і таленавітага беларускага мысляра, надзеленага самастойнай і неацэннай для навукі парадыгмай мыслення", - напісаў В. Якавенка.

На думку прафесара Аляксея Рагулі, "кніга "Бляск і трагедыя ідэала" Мікалая Крукоўскага (1994) засведчыла факт спеласці беларускай рэфлексіўнай філасофіі, яе здольнасць развіваць лепшыя традыцыі сусветнай філасофскай і эстэтычнай думкі з апорай на нацыянальны культурны досвед".

Між тым, акцэнтуе ўвагу Васіль Якавенка, філасофскую школу прафесара Крукоўскага растапталі, у 1994 годзе Мікалая Ігнатавіча звольнілі з універсітэта і адправілі на пенсію за чытанне лекцый на беларускай мове. Ён перайшоў у БДУКіМ і напісаў новыя працы "Філасофія культуры" (Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію), "Філасофія культуры (Уводзіны ў гістарычную культуралогію)".

У апошнія гады Мікалай Крукоўскі адышоў ад марксісцка-ленінскай філасофіі, імкнуўся пераадолець супярэчанне паміж матэрыялізмам і ідэалізмам, і шукаў альтэрнатыўную метадалогію для вывучэння беларускай культуры. Ён цікавіўся дасягненнямі філасофскай думкі ў ВКЛ, аналізаваў досвед рускіх рэлігійных філосафаў У. Салаўёва, С. Булгакава, П. Фларэнскага, спасылаўся на працы св. Аўгустына і Дыянісія Арэапагіта, цытаваў Тэяр дэ Шардэна і У. Вярнадскага.

"Тое, што культура ўяўляе сабой цэласны арганізм, у якім усе яго часткі непарыўна звязаныя паміж сабой, і эканоміка не можа існаваць без этыкі і нават рэлігіі - не прымалі ў разлік марксісты, - пісаў М. Крукоўскі . - Таму можна сказаць, што ўсе нашы беды ў сферы эканомікі ўзніклі па прычыне духоўнага і этычнага характару. І калі іх не ўлічваць, то ніякія рэформы нас не выратуюць. Выратаванне можа прынесці толькі адраджэнне нацыянальнай культуры ў цэлым, у адзінстве матэрыяльнага і духоўнага пластоў, як цэласнага і складанага сацыальнага арганізма", - быў упэўнены беларускі філосаф.

- Я ажыццяўляў пераклад, рэдагаванне і ўкладанне 5-га тома, - кажа пісьменнік і навуковец Анатоль Астапенка. - Хацелася б выдаць філасофскія творы Мікалая Крукоўскага на Радзіме на беларускай мове.

Эла Дзвінская, фота з сайта www.nbl.by і з 1 тома збору твораў.


"сТАЎЛенне" або экскурсія па лідскіх сцежках паэта В. Таўлая

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень гістарычных помнікаў і мясцінаў. У Беларусі гэта свята годна адзначаецца, дзякуючы правядзенню ў красавіцкія дні "Фэсту экскурсаводаў", падчас якога можна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне.

"Фэст экскурсаводаў" - гэта акцыя, якая нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Галоўная ідэя мерапрыемства - прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень.

21 і 22 красавіка такія экскурсіі прайшлі па ўсёй Беларусі. Прынёманскі горад Ліда з задавальненнем таксама прыняў удзел.

Літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея арганізаваў пешы маршрут "сТАЎЛенне". У чым ён заключаўся? Першапачаткова трэба звярнуць увагу на назву - "сТАЎЛенне". Яна азначае пэўныя адносіны (стаўленне) таго ці іншага ўдзельніка (прыхільніка) да творчасці Валянціна Таўлая. Так, менавіта, да творчасці гэтага грамадска-палітычнага дзеяча, беларускага паэта нашай Лідчыны! У назве маршруту, між іншым, змяшчаецца частка яго прозвішча. Гэта маршрут - шляхамі В. Таўлая. Дзякуючы яму кожны зможа дазнацца пра жыццёвыя сцяжыны паэта ў нашым горадзе. А яны пракладзены праз увесь горад Ліда.

Трэба зазначыць, што мінулы год паклаў пачатак такога маршруту. У гэтым, 2018 годзе турыстаў сабралася нашмат болей, чаму, напэўна, паспрыяла цёплае надвор'е. Удзельнікамі экскурсіі сталі вучні сярэдняй школы № 11 пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Анашкевіч Наталлі Мікалаеўны, а таксама лідскія паэты - сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыіі "Лідскай газеты".

Пунктам збору прыхільнікаў творчасці паэта стаў літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавая - 7, які, між іншым, у народзе прызвычаіліся называць "домік Таўлая". У гэтым доме з 1939 па 1941 год жыў Валянцін Таўлай.

Агульныя звесткі пра жыццё і творчасць культурнага дзеяча прысутныя пачулі ў мемарыяльным пакоі паэта (адзіным, прысвечаным яму ў Беларусі). Адсюль і накіраваліся па распрацаваным маршруце.

Другім пунктам стала вуліца Мопраўская - 4, ААТ "Лідская мэблевая фабрыка", дзе турыстаў з задавальненнем чакала намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Енза Ларыса Славаміраўна. Гэты пункт, напэўна быў самы напружаны. Так сталася, што пад час Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчалася фашысцкая турма, у якую падпольшчык і партызан Валянцін Таўлай быў кінуты разам з бацькам Паўлам Дзям'янавічам, мачахай Сцепанідай Паўлаўнай і сястрой Нінай у верасні 1943 года. Да гэтага часу захаваліся тыя будынкі, якія прыстасавалі для апрацоўкі дрэва пад мэблю. Між іншым, захаваліся і турэмныя адзіночныя камеры, і краты, якія бачны нават з вуліцы. Экскурсантам давялося пабачыць і прайсці ў гэтыя памяшканні і пачуць цікавую інфармацыю з вуснаў Ларысы Славаміраўны.

Далейшы шлях ляжаў па бульвары Гедыміна, які ў свой час называўся вуліцай Пілсудскага, пазней - Чапаева. Каля дома № 2 пашчасціла сустрэць старажыла гэтага дома - Чылека Мікалая Канстанцінавіча, які раскрыў новыя звесткі, што тычацца В. Таўлая. Так, драўляная хата, у якой жылі бацькі Таўлая - мачаха Сцепаніда Паўлаўна і бацька Павел Дзям'янавіч - знаходзілася насупраць аўтавакзала, амаль што на гэтым месцы, дзе і збудаваны гэты дом, будаўніцтва якога закончылася ў пачатку 1950 года. З вуснаў Мікалая Канстанцінавіча была пачута новая інфармацыя і пра пасляваенны лёс будынка каля замка, у якім жыў паэт.

Сцежка Таўлая прывяла турыстаў да Лідскага замка. Як мяркуецца, каля яго заходняй сцяны была сфатаграфавана група вучняў, сярод якіх і будучы паэт, якому было ўсяго 6-7 гадкоў. Месца гэтае было вызначана дзякуючы каменю, які добра бачны на захаваўшымся фотаздымку. А вось школа, у якой паэт атрымаў першыя веды, размяшчалася за паўночным бокам замка. Ад яе, нажаль, не захаваўся нават фундамент, але дзякуючы фотаздымку гэтай навучальні - школы № 5 імя Людвіка Нарбута і некаторым гістарычным згадкам і меркаванням, гэтае месца было вызначана. З вуснаў экскурсавода быў пачуты першы верш паэта на польскай мове "Варабейкі", раскрыты новыя звесткі пра лёс грамадска-палітычнага дзеяча, дзякуючы дасланым успамінам яго сястры Ніны Таўлай-Радзюкевіч. Так сталася, што зборнік вершаў "Шляхі і краты" паэт так і не змог выдаць пры жыцці за свае 33 гады, але ж пасля смерці, праз год, у 1947 годзе, выйшаў зборнік "Выбранае". Адзін асобнік захоўваецца ў фондах літаратурнага аддзела. Яго і пашчасціла патрымаць у руках некаторым экскурсантам.

Сцяжыны Таўлая пракладзены праз увесь горад. Па-гэтаму канчатковым прыпынкам на гэты раз стаў Лідскі замак. Нажаль, тыя будынкі, праз якія быў пракладзены лёс паэта не захаваліся: гэта, напрыклад, былая рэдакцыя газеты "Уперад", у якой ён працаваў, дзесьці па вуліцы Сувальскай (цяпер Савецкай). Імя паэта носіць адна з вуліц нашага горада, па якой ходзяць лідзяне і госці горада, адна з бібліятэк у горадзе - таксама названа імем В. Таўлая, а сучасная рэдакцыя "Лідскай газеты" помніць свайго калегу, што і сцвярджае змешчаная на яе будынку мемарыяльная дошка. Усё гэта, хочацца верыць, вядома лідзянам.

Усё, што тычыцца жыцця В. Таўлая, а гэта фотаздымкі, меркаванні, успаміны літаратурны аддзел з задавальненнем будзе выкарыстоўваць і ў далейшых фэстах эскурсаводаў і пастараецца гэта зрабіць інтэрактыўна і пазнавальна.

Гайда, у літаратурны аддзел па вуліцы Замкавая - 7! Валянцін Таўлай чакае Вас!

PS: У матэрыяле змешчаны фотаздымкі настаўніцы рускай мовы і літаратуры СШ № 11 Анашкевіч Наталлі Мікалаеўны.

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік музея.


Дом Юрыя Іваноўскага ў Галавічполі, пабудаваны па праекце архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага

Галавічполе - невялікае мястэчка на поўнач ад Шчучына, былы Лідскі павет.

"Цудоўны прыклад драўлянай пабудовы ў новазакапанскім стылі - дом Вадэйкаў у Галавічполі ... зараз выконвае ролю каталіцкай капліцы, што дае надзею на захаванне гэтай "пярліны" амаль чысцюткага новазакапанскага стылю", - напісаў я ў сваім артыкуле пра закапанскі стыль у 2011 г. (Гл: Лаўрэш Леанід. Архітэктура нацыянальнага рамантызму на Лідчыне // Наша слова. № 37 (1032), 14 верасня 2011; №38 (1033), 21 верасня 2011.). Запомнілася таксама прыгожая столь і ўнутраная лесвіца ў гэтым доме - сапраўдным казачным палацыку.

Усе мясцовыя людзі называюць гэты цудоўную пабудову "домам Вадэйкаў". Аднак насамрэч, дом пабудаваў старэйшы брат Вацлава Іваноўскага, вядомы польскі палітычны дзеяч Юры Іваноўскі. Менавіта ён у 1930 г. успадкаваў палову Галавічполя, а Вадэйкам у той час належала другая палова. Пасля 1930 г. менавіта Юры Іваноўскі на месцы згарэўшага старога драўлянага пабудаваў гэты прыгожы дом. А спраектаваў яго наш знакаміты беларускі архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі! Адначасова з пабудовай дома Юры Іваноўскі пасадзіў новы сад на 10 га, верагодна з тых часоў недалёка ад дома захавалася і афіцына.

Вядома, што пры канцы 1920-х гг. Дубейкаўскі нейкі час выкладаў у Лідзе, а потым, у першай палове 1930-х гг. ён настаўнiчаў і працаваў ў Беларускiм Iнстытуце Гаспадаркi i Культуры, аднаўляў кляштар у Друi, будаваў кляштар пад Варшаваю і мiкрараён на Антокалi ў Вiльнi. У другой палове 1930-х гг. з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. Пра ягонае аўтарства дома ў Галавічполі, здаецца, мастацтвазнаўцы яшчэ не ведаюць.

Юры Іваноўскі падчас Другой сусветнай вайны служыў ў Заходнім польскім войску і застаўся жыць у Англіі. У савецкія часы дом, спраектаваны архітэктарам Вітан-Дубейкаўскім, стаў школьным інтэрнатам, а сёння, належыць парафіі касцёла ў Старых Васілішках, дарэчы, Іваноўскія былі сярод фундатараў будаўніцтва гэтага прыгожага касцёла ў стылі неаготыкі.

Інфармацыю пра аўтарства Вітан-Дубейкаўскага можна спраўдзіць у 6-тым томе энцыклапедыі "Землеўласнікі Польшчы XX ст." (Ziemianie polscy XX wieku. Slownik biograficzny, czasc 6. Warszawa, 2002. S. 58-59), адкуль і я даведаўся пра сапраўдную гісторыю зацікавіўшага мяне шмат гадоў таму назад дома.

Магчыма, раней я памыляўся з вызначэннем стылю галавічпольскага дома. Можа гэта ўсе ж не "закапанскі", а "беларускі" архітэктурны стыль, але вызначаць гэта трэба адмыслоўцам, да якіх я, вядома ж, не належу. У любым выпадку турыстычная прывабнасць мястэчка пасля вызначэння аўтарства Вітан-Дубейкаўскага павінна павялічыцца, тым больш, што Лябёдка Іваноўскіх зусім блізка.

І трэба узяць гэты дом пад дзяржаўную ахову як помнік архітэктуры і, пэўна, вярнуць аўтэнтычны выгляд - прыбраць саўковы шыфер, замяніць сапсаваныя драўляныя дэталі дэкору і інш.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

Фотаздымкі: 01 - Дом, пабудаваны па праекце Лявона Вітан-Дубейкаўскага ў Галавічполі, фотаздымак А. Колышкі. 02 - Фрагмент дома. 03 - Унутраная лесвіца, фотаздымак А. Колышкі. 04 - Дом Іваноўскага ў 1930-х гг., здымак з сайта rogala-iwanowski.pl.


Шырокі спектр краязнаўчых тэм

Году малой радзімы прысвячаецца

У Год малой радзімы яшчэ большае значэнне набывае краязнаўчая дзейнасць. На Лідчыне гэта дзейнасць звязана з вывучэннем Лідскага краю. Актыўную краязнаўчую работу праводзіць у тым ліку і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Менавіта ў яе сценах днямі прагучаў шэраг дакладаў на краязнаўчыя тэмы - тут прайшла навукова-практычная канферэнцыя "VI лідскія чытанні. Лідчына: учора, сёння і заўтра", прымеркаваная да Года малой радзімы і 695-годдзя горада Ліды. На мерапрыемства былі запрошаны бібліятэчныя і музейныя работнікі, работнікі Цэнтра турызму і краязнаўства вучнёўскай моладзі, лідскія краязнаўцы, настаўнікі.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Ганчар і дырэктар раённай бібліятэкі Арцём Мартынаў.

Тэмы дакладаў былі самыя розныя. Так, старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Мікалай Іода на прыкладзе прыватнай выстаўкі "Не стой пад стралой!", якая знаёміць з гісторыяй лукаў і арбалетаў, расказаў, як выстаўка прыватнай калекцыі можа паслужыць сродкам прыцягнення ўвагі да гісторыі роднага краю. Па тэме "Этнічная тапаніміка Лідчыны" выступіў пісьменнік, журналіст, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік, расказаўшы аб кельцкіх, балцкіх і славянскіх тапонімах на Лідскай зямлі. З гісторыяй археалогіі на Лідчыне, археалагічнымі даследаваннямі яе гістарычных помнікаў азнаёміў прысутных навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Ілля Пузаткін. Экскурс у мінулае і дзень сённяшні Дварышчанскага краю правёў краязнавец з аграгарадка Дворышча Віктар Кудла.

Загадчык аддзела краязнаўства Цэнтра турызму і краязнаўства Наталля Бразоўская коратка азнаёміла з праектнай дзейнасцю цэнтра ў галіне літаратурнага краязнаўства. Тэму вывучэння літаратурнай спадчыны Лідчыны працягнула настаўніца СШ № 11 Наталля Анашкевіч, азнаёміўшы прысутных з даследчай працай "Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце": гісторыя і сучаснасць". З дакладам па тэме "Краязнаўчыя выданні Лідкай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы выступіла галоўны бібліёграф бібліятэкі Галіна Курбыка. Дарэчы, Галіна Раманаўна падкрэсліла, што краязнаўства з'яўляецца адным з вядучых кірункаў дзейнасці бібліятэкі, шмат увагі работнікі бібліятэкі ўдзяляюць краязнаўчаму кніжнаму фонду.

На аснове матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі "VI лідскія чытанні. Лідчына: учора, сёння і заўтра" бібліятэкай на працягу года будзе складзены зборнік, які паслужыць дапаможнікам тым, хто цікавіцца краязнаўствам, гісторыяй роднай зямлі, той ці іншай тэмай, узнятай у ходзе канферэнцыі.

Трэба таксама адзначыць, што на працягу мерапрыемства ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала разгорнутая кніжная выстаўка "Святлом кнігі Лідчына сагрэта", прысвечаная 695-годдзю горада Ліды.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


На выставе Андрэя Вераб'ёва

Выстава скульптуры таленавітага беларускага мастака Андрэя Вераб'ёва адкрылася ў Магілёве ў канцы сакавіка. А днямі сам майстар правёў па ёй экскурсію для жыхароў горада, якіх арганізаваў і запрасіў старшыня ТБМ Алег Дзячкоў. Андрэй Вераб'ёў - беларускі скульптар з ліку тых, хто ператварае ўсходнюю ўскраіну ў тыповы еўрапейскі горад (прынамсі ў той галіне, якая тычыцца малых архітэктурных формаў). Дзяўчына каля Палаца гімнастыкі, трубач у Ратушы, львы на мосце на Пушкінскім праспекце, смешны мульцяшны Лёва, які насупраць стадыёна "Спартак" тэлефануе па мабільным тэлефоне маме ў Афрыку, памятны знак "Магілёў - культурная сталіца" ля гарвыканкама - гэта далёка не поўны пералік яго прац. Вераб'ёў з лёгкасцю спраўляецца з дзяржзаказам, ствараючы пры гэтым нешта арыгінальнае і непаўторнае. Скульптуры Андрэя Вераб'ёва можна ўбачыць сёння ў розных гарадах Беларусі. Акрамя Магілёва - помнік Агурку ў Шклове, студэнтка і студэнт, якія чытаюць кнігу ў Горках, скульптура "Развітанне" ў Быхаве і шмат іншых.

Андрэй Вераб'ёў казаў, што збіраўся зрабіць выставу на 50-годдзе, праз год, але яму прапанавалі зараз, і прыдумалася якраз-такі канцэпцыя "сем разоў па сем". "Як вучаць і сцвярджаюць вучоныя, за сем год чалавек цалкам абнаўляецца. Таксама кажуць, што ёсць сем жыццяў па сем год. У сакавіку яму споўнілася 49 гадоў, своеасаблівай квінтэсенцыяй гэтай падзеі стала інсталяцыя "7х7". Мастак расклаў 49 самых важных для яго прадметаў у квадраце 7 на 7. Ніякага ханжаства, усё пасумленнаму: бутэлька - дык бутэлька, сэкс - значыць кладзём прэзерватыў.

У склад выставы Андрэя Вераб'ёва пад назвай "7х7" увайшлі як вядомыя работы майстра, так і эскізныя макеты, якія прапаноўваюцца для рэалізацыі ў якасці самастойных праектаў у Магілёве, а яшчэ ўпершыню - фотапраекты, сведкі розных падарожжаў.

Многія ідэі для Магілёва пакуль занадта смелыя, але ў выставачнай прасторы мастацкага музея Масленікава выглядаюць арганічна і цікава. Акрамя скульптур, інсталяцыі і эскізных макетаў тут упершыню выстаўленыя яшчэ і фатаграфіі Вераб'ёва, аднак, як ён прызнаецца, галоўнае месца ўсё ж адведзенае скульптурам.

Большасць работ прысвечаная каханню. Вераб'ёў паказаў магілёўцам свой праект маста закаханых - месца, дзе маглі б прызначаць спатканні і сустракацца закаханыя парачкі. Постаць "Пацалунак" ён прапануе ўсталяваць на мосце праз Дубравенку. Мастак прызнаецца: ён думае, як зрабіць, каб побач заўсёды гарэў ліхтар, што працуе на сонечных батарэях.

Пра кожную сваю працу Вераб'ёў распавядае якую-небудзь байку, дзякуючы яго рабоце гарады і гарадскія лакацыі абрастаюць новымі легендамі. У такога простага і сумнага Магілёва з'яўляецца падтэкст і тая гісторыя, якую цікава вывучаць і расказваць.

У планах Андрэя Вераб'ёва - зрабіць некалькі сімвалічных скульптур для Магілёва і іншых гарадоў Беларусі. Эскізы гэтых і многіх другіх прац майстра з'яўляюцца часткай экспазіцыі "7х7". Напрыклад, распрацаваны эскіз скульптуры льва на выездзе з горада. Таксама ў Магілёве можа з'явіцца скульптура Машэкі. Скульптар зафіксаваў момант, калі Машэка вызваліў сваю каханую. Але, паколькі яна ўжо пажыла пэўны час у панскіх палацах, яна ад гэтага вызвалення разгубілася. Машэка прагне наблізіць яе да зямлі. Ён захінае яе ў скуру ільва. Яе ж рука нібы абдымае яго, ці цягнецца да зброі… Памер рэальнай працы - 2 метры. Андрэй бачыць яе ў магілёўскім парку Горкага. Таксама майстр хацеў бы зрабіць для Магілёва бетонны тунэль. Усталяваць яго, на думку скульптара, можна ў алеі каля музея Масленікава, або па дарозе да фантанаў на Міронава.

- Гэта работа - спроба паказаць, як бяжыць час і праходзіць чалавечае жыццё, - распавядае Андрэй. - Уваход у тунэль з аднаго боку маленькі - для дзіцяці, а з другога боку - для дарослага чалавека. Маленькі чалавек можа зайсці з аднаго боку і выйсці з другога, а дарослы можа толькі пасунуцца ў адзін уваход і прайсці па тунэлі не зможа, бо вярнуцца ў дзяцінства нельга.

А адна з маштабных работ - "Шагал уцякае з Віцебска". Нагамі мастак знаходзіцца на дахах віцебскіх дамоў, а рукой ужо дакранаецца да Эйфелевай вежы ў Парыжы. У яго два твары, бо глядзіць ён і на Радзіму, і на Францыю. Сам Шагал з'ехаў, і, як казаў, не дасягнуў бы такіх поспехаў, каб застаўся ў Беларусі. Але, як ён сам адзначаў, Віцебск заўсёды заставаўся ў ягоным сэрцы. Андрэй бачыць дзве аднолькавыя скульптуры - адна ў Віцебску, другая - у Парыжы.

На выставе шмат дзіўных рэчаў і прадметаў, вялікія ды маленькія твары і сілуэты. Кожная з фігур - самастойны аб'ект мастацтва. А з каментарамі Андрэя - гэта цэлыя гісторыі аголеных пачуццяў і вырашальных момантаў мінулага, сучаснага і будучага.

І зараз у майстра шмат планаў і задумак - як маленькіх, так і маштабных. Падзяліўся ён і сваёй маштабнай задумкай:

- Самая грандыёзная - гэта самалёт з 700 пасажырамі на борце, усё гэта з бронзы. Гэта недзе і гістарычныя персанажы - тыя, хто разбіўся ў авіякатастрофах. Гэта своеасаблівы помнік чалавецтва, спроба адкруціць час назад і даць гэтым людзям - ахвярам авіякатасроф - прызямліцца.

Унiкальны творца i чалавек! Пазнаёміліся з яго працамi: гэта - цуд, прагулка па дзiўным свеце, якая дазваляе дакрануцца да нябачнага...

Шамянкова Н.М. Магілёў.


Творчая сустрэча з Яўгенам Гучком

дзiбе ТБМ адбылася творчая сустрэча паэта i пyблiцыста Яўгена Гучка са сваiмi чытачамi. Нягледзячы на дажджлiвае надвор'е, людзей сабралася поўная зала. Сустрэча прайшла жыва i цiкaва. Бiяграфiя Яўгена Гучка вельмi насычаная рознымi падзеямi i cycтрэчамi з цiкaвымi, знакамiтымi людзьмi. Яўген Гучок вельмi любiць i паважае сваю малую Радзiму - горад Слуцк, дзе ён нарадзiўcя i дзе прайшло яго дзяцiнства i школьныя гады. Ён з такiм захапленнем распавядаў пра Слуцк, што гэты горад не маглi не палюбiць усе ўдзельнiкi сустрэчы. Ён дасканала ведае гicторыю Слуцка i можа гадзiнамi весцi расповед пра Случчыну.

Удзельнiкi cycтрэчы даведалiся, што з-пад пяра паэта, пicьменнiкa Яугена Гучка выйшла больш за дзесяць кнiг паэзii i гiстарычнай прозы. Я назаву некалькi кнiг, назвы якix памятаю, таму што я ix прачытаў, i яны ёсць у маёй хатняй бiблiятэцы. Гэта "Формула травы", "На патрэбу душы", "Ах, Родчанка", "Альгерд Абуховiч", "Беларусь у Магдэбургскiм праве", "Nekropolis" ды iншыя. Працягваецца праца над другой часткай кнiгi "Чаму мы страцiлi этнонiм "Лiтва", цi да гiсторыi аднаго рабства". У мiнулым годзе выйшла яго кнiга "Маё пяцiкнiжжа". Гэта фундаментальная праца аб'ёмам на 800 старонак. Кнiгi Яўгена Гучка ў кнiжных крамах не залежваюцца.

Яўген Гучок - адметны паэт, майстар трохрадкоўяў, якiя разбiраюцца на афарызмы. Ён знайшоу сваю пiсьменнiцкую нiшу, якая вельмi складаная, не кожнаму па плячы, таму яму вальготна ў гэтай нiшы, няма таўкатнi, нixто там яму не замiнае. Усё гэта я i ўce прысутныя пачулi ад самога паэта. А яшчэ творца чытаў па памяцi свае вершы i вершы яго любiмых паэтаў, за што сарваў шмат апладысментаў. На заканчэнне арганiзатар сустрэчы Ул. Азёма ўручыў Яўгену Гучку падарунак - Кубак, прысвечаны 100-годдзю БНР.

Iлля Копыл, удзельнiк сустрэчы.


ХХVI Гарэцкія чытанні ў Менску

19 красавіка 2018 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры праводзіў міжнародную навукова-практычную канферэнцыю ХХVI Гарэцкія чытанні, якія прысвячаліся 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 35 навукоўцаў. З уступным словам выступала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Настасся Кальцова. З прывітаннямі да ўдзельнікаў свята выступалі: пісьменнік, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, краязнавец сп. Анатоль Бутэвіч, а таксама галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" паэт Віктар Шніп, які прэзентаваў кнігу "Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам". Далей цікавае інфармацыйнае паведамленне прамаўляў акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі.

На пленарным паседжанні, якое адбывалася далей, старшынствавалі Радзім Гарэцкі, і Тамара Тарасава (доктар філалагічных навук). Асабіста мяне вельмі ўразіў даклад Аляксандры Чарнавокавай з Менска "Мастацкая проза Леанілы Чарняўскай ў кантэксце эпохі (да 125 годдзя з дня нараджэння Л. Чарняўскай (Гарэцкай)"...

Пасля кава-паўзы навукоўцы паддзяліліся на секцыі. У секцыйных выступах прынялі ўдзел навукоўцы з Віцебска, Гомеля, Гародні, Полацка, Баранавіч.

Асабіста я прыняў удзел ў працы другой секцыі, якой кіравалі кандыдаты філалагічных навук Вольга Губская і Зінаіда Драздова.

Вельмі цікавым быў даклад Жаны Косцінай (Баранавічы), які меў назву "Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя ў тэарэтыка-крытычных матэрыялах Максіма Гарэцкага". Удзельнікі чытанняў сфатаграфаваліся ў музеі, а таксама ўсклалі кветкі да помніка Максіму Гарэцкаму.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры журналіст-фрылансер.


Псалтыр на нашай мове

18 красавіка 2018 года бібліятэка №14 імя Францішка Багушэвіча сумесна з Фрунзенскай арганізацыяй ТБМ г. Менска зладзілі творчую сустрэчу з вядомым моваведам Валянцінай Карлаўнай Раманцэвіч і прэзентацыю новага выдання кнігі "Псалтыр". Выданне было зроблена пры дапамозе каталіцкага касцёла Беларусі накладам 50 асобнікаў. На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты лінгвагуманітарнага каледжа, а таксама актывісты ТБМ з г. Менска (Яўген Гучок, Мікола Бамбіза, Павел Чайкоўскі) Было зададзена шмат пытанняў.

Мерапрыемства адбылося, дзякуючы намаганням і арганізацыйным здольнасцям Наталлі Стрыгельскай, Паўла Чайкоўскага, а таксама вядомага выкладчыка Алеся Віктаравіча Чэчата. Было вельмі цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX