Папярэдняя старонка: 2018

№ 19 (1378) 


Дадана: 16-05-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1378), 8 траўня 2018 г.


9 траўня - Свята Перамогі шматнацыянальнага савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

Ветэран

Сядзіць на прызбе ветэран

Гвардыі пяхоты.

Не адны стаптаў вайной

Ён на фронце боты.

Быў паранены не раз,

У шпіталях ратавалі.

Тры ордэны на грудзях,

Чатыры медалі.

Уздоўж гасцінца ўдаль глядзіць,

Успамінае штосьці,

Як калісьці да яго

Прыязджалі госці.

Як гаманілі за сталом,

Келішкі ўздымалі,

Франтавых сваіх сяброў,

Моўчкі паміналі.

Як вярнуўшыся з вайны

Да радзімай хаты

Працавалі ў мірны час

Учарашнія салдаты.

Жонку рана пахаваў,

Хварэла нябога.

Каб душу яе прыняў,

Маліў слёзна Бога.

Ажаніцца ў другі раз

Памяць не давала.

Жонка любая яго

Ля сябе трымала.

Хаця ўдоў вакол яго,

Што казаць - хапала,

І што пакліча да сябе -

Не адна чакала.

Нехта зойдзе да яго

З іх і пашкадуе -

Увішна ў хаце прыбярэ,

Нешта прыгатуе.

Ён, хаваючы слязу,

Выкажа падзяку,

Што яму дапамагла

Удаўцу-небараку.

А сказаць: "Застанься тут…"

Бо і яна гаруе,

Ён не можа, бо адну

У сваім сэрцы чуе.

Сядзіць на прызбе ветэран,

З ім побач - кот на плоце.

І бачыць ён сябе не тут,

А ў незабыўнай роце,

З якой усю вайну прайшоў-

У гвардыі пяхоце.

Ён чуе гучнае "Ур-ра!" -

Дзесь там за танкамі пяхота

Пайшла ў атаку, і салдат

Ужо не кій, а аўтамат

У сваёй руцэ ўяўляе ўпотай.

Фелікс Шкірманкоў.


85 гадоў з дня нараджэння Юрася Свіркі

Юрась (Юрый Мікалаевіч) СВІРКА (псеўд. Банадысь Кастрыца, Гарчыца; 6 траўня 1933, в. Маргавіца, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць - 31 жніўня 2010) - беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1953 г. скончыў Бягомльскую сярэднюю школу, у 1959 г. - аддзяленне журналістыкі БДУ. Некалькі месяцаў працаваў стылістам у часопісе "Камуніст Беларусі". У 1959-61 гг. літсупрацоўнік рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", з 1961 г. старшы рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. З 1975 г. загадчык аддзела прозы і паэзіі газеты "Літаратура і мастацтва". Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі (1961).

Першы верш Ю. Свіркі "Новы крок" надрукаваны ў газеце "Піянер Беларусі" (1952). Першы зборнік вершаў "Шэпчуцца ліўні" (1959) шырока абмяркоўваўся ў крытыцы разам з першымі кнігамі маладых паэтаў. Аўтар паэтычных зборнікаў "Вечнасць" (1963), "Баравіна" (1967), "Крэўнасць" (1971), "Аўтограф" (1974), "Люблю і веру" (1975), "Памятная вярста" (1978), "Біяграфія памяці" (1981), "Ядранасць" (1983), "Паўшар'е блакіту" (1986), "Шлях да сябе" (1986, на рускай мове), "Кружка з пясчаным дном" (1990).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Лермантава, А. А. Фета, Ф. Цютчава, Б. Пастарнака, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Браўна, Я. Смелякова, М. Луконіна, М. Дудзіна, А. Жыгуліна, вершы паэтаў рэспублік СССР. Многія яго творы перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, грузінскую, таджыкскую, польскую, англійскую мовы.

Песні на яго вершы напісалі М. Аладаў, Э. Зарыцкі, В. Кандрасюк, М. Наско, Ю. Семяняка і інш.

Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматай і граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Літоўскай ССР. Літаратурная прэмія імя А. Куляшова (1993, за зборнік паэзіі "Узаемнасць").

Вікіпедыя.


Добраўпарадкаванне тэрыторыі каля крыжа "Ахвярам рэпрэсій..." у Капылі

Перад травенскімі святамі ў Капылі было арганізавана маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол крыжа "Ахвярам рэпрэсій 20-80 гадоў". Менавіта так напісана на крыжы. "Удзячныя" савецкай уладзе капыляне не сталі дзяліць савецкую эпоху на ленінскі, сталінскі, хрушчоўскі, брэжнеўскі ды іншыя перыяды, а прызначылі вінаватым увесь савецкі лад і, пэўна ж, мелі рацыю.

Крыж пастаўлены 15-20 гадоў таму назад у самым цэнтры горада паміж райвыканкамам і касцёлам. Як паведамілі капыльскія краязнаўцы, галоўным ініцыятарам быў Вячаслаў Уладзіміравіч Паграбіцкі (займаў ён за жыццё шмат розных пасад, быў старшынём калгаса, што ў Вялікай Раёўцы, працаваў аграномам, памёр ужо). У яго родзе былі рэпрэсаваныя. Падтрымалі яго яшчэ людзі з такімі ж лёсамі сваіх продкаў, якіх на Капыльшчыне было нямала, пачынаючы з Цішкі Гартнага. Выйшлі на райвыканкам, старшынём тады быў нехта Луцкі - і, як аказалася, людскі, бо ініцыятыву падтрымалі, толькі запрасілі пісьмовае абгрунтаванне, праект, колькі будзе каштаваць. Займаўся гэтым больш сын Паграбіцкага - настаўнік працы школы № 2 г. Капыля. Ён і цяпер яшчэ працуе там.

Дарэчы за часы савецкай улады ў двух райцэнтрах Беларусі ніколі не было помнікаў Леніну - гэта ў Мсціславе і Капылі, што ніколькі не замінала Капыльскаму раёну мець у сваёй гісторыі 11 Герояў Савецкага Саюза і 10 Герояў Сацыялістычнай Працы.

Такая яна, глыбінная Беларусь.

Наш кар.


Неўзабаве з'явіцца праграма падрыхтоўчых курсаў Універсітэта імя Ніла Гілевіча

Грамадскае аб`яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) у канцы траўня плануе запусціць сайт прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча, паведаміў ганаровы старшыня ТБМ і выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ гісторык Алег Трусаў. Паводле інфармацыі, размешчанай на афіцыйным партале даменных зон .by і .бел, даменнае імя сайта ўніверсітэта - nhu.by - было зарэгістравана 11 красавіка.

- Сайт амаль гатовы, засталіся дробязі, - сказаў гісторык. Трусаў адзначыў, што да чэрвеня стваральнікі ўніверсітэта паспрабуюць сфарміраваць праграму падрыхтоўчых курсаў, якія плануецца запусціць з канца верасня - пачатку кастрычніка. - Мы хочам зрабіць два віды курсаў, адзін з іх будзе разлічаны на тры месяцы, другі - на паўгода, - растлумачыў ён. - Трохмесячныя курсы будуць накіраваныя ў першую чаргу на падрыхтоўку да здачы цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове, а таксама замежных мовах - англійскай, нямецкай і некаторых іншых. Навучаць замежным мовам будзем па-беларуску. На шасцімесячных курсах будзе весціся падрыхтоўка па мовах, але таксама будуць і агульнаадукацыйныя лекцыі па гісторыі Беларусі, культуролагі і іншых гуманітарных дысцыплінах. Памяшканняў у нас хапае - ёсць офіс ТБМ, офіс універсітэта. Для пачатку мы хочам набраць на курсы 30-40 чалавек.

Ганаровы старшыня ТБМ нагадаў, што ў канцы траўня стваральнікі ВНУ маюць намер падаць дакументы ў Міністэрства адукацыі для атрымання ліцэнзіі на падрыхтоўку бакалаўраў і магістраў па шэрагу спецыяльнасцяў. Па статуце ўніверсітэта навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях, але па першым часе яго заснавальнікі паспрабуюць атрымаць ліцэнзію на 6-10 спецыяльнасцяў.

- У першую чаргу мы хочам адкрыць кафедру паланістыкі, а таксама кафедру балтыйскіх краін, дзе будуць вывучаць эстонскую, латышскую і літоўскую мовы, - сказаў Трусаў. - Магчыма, мы паспрабуем атрымаць ліцэнзію на такія хадавыя спецыяльнасці, як менеджмент, літаратурны пераклад, юрыспрудэнцыя. Ёсць розныя планы, але да канца яны пакуль не сфарміраваныя. Аднак праца па фарміраванні вядзецца штодня". "Нам паступае шмат заявак ад людзей, якія хочуць пазней да нас паступіць вучыцца на бакалаўрыят, а таксама ад студэнтаў старшых курсаў розных ВНУ Беларусі, якія хочуць пасля паступаць да нас у магістратуру. Мы ўжо атрымалі каля пяцідзесяці заявак ад тых, хто хоча ў нас выкладаць, і прыкладна столькі ж ад тых, хто хоча ў нас вучыцца, - дадаў гісторык.

Стварэнне прыватнай беларускамоўнай ВНУ ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў універсітэт як структурнае падраздзяленне Таварыства беларускай мовы і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць назву ВНУ. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спроб прыватную ВНУ зарэгістравалі пад назвай "Універсітэт імя Ніла Гілевіча". Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта. Трусаў раней заяўляў БелаПАН, што на паўнавартаснае функцыянаванне ВНУ ў перспектыве будзе неабходна каля 7-8 млн долараў у год. Па першым часе для навучання студэнтаў па частцы заяўленых у статуце спецыяльнасцяў ВНУ будзе дастаткова мільёна долараў у год. Асноўную частку сродкаў заснавальнікі ВНУ разлічваюць атрымаць ад беларускіх і замежных спонсараў, у рамках розных міжнародных адукацыйных праграм і па лініі Усходняга партнёрства.

belapan.by.


РЭЙД ТБМ ПА НЯСВІЖЧЫНЕ

Неўзабаве ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь павінен паступіць Кодэкс аб адукацыі.

У красавіку актывісты Нясвіжскай арганізацыі ТБМ разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, членам пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, членам грамадскай рады пры Міністэрстве адукацыі Аленай Анісім, прадстаўнікамі раённай улады і аддзела адукацыі наведаліся ў вясковыя школы Нясвіжчыны. Цікавіла, наколькі адпавядае мовакарыстанне ў навучанні, выхаванні і справаводстве статусу беларускамоўных устаноў адукацыі. Школы ў вёсках Лань, Карцэвічы і Старыя Навасёлкі абраныя для наведвання як тыповыя ў гэтай якасці сельскія школы. Занатаванае падчас гутарак з кіраўнікамі і настаўнікамі, падчас азнаямлення з першачарговай дакументацыяй, афармленнем устаноў склала жывы фактычны матэрыял пра месца роднай мовы ў асяродках адукацыі і выхавання. А яно не зайздроснае, асабліва ў галіне выхаваўчай і пазаўрочнай працы, дзе нават у беларускамоўных школах пра мову проста забываюць.

Плануецца прадоўжыць сустрэчы не толькі ў школах Нясвіжчына, але і іншых раёнаў, дзеля больш дакладнай і аб'ектыўнай інфармацыі.

Наш кар. На здымках: 1. Дэлегацыя ТБМ у Лані; 2. "Навуковая" праца Ланьскай школы.


400-годдзе "Буквара" адзначана міжнароднай канферэнцыяй і выстаўкай

Артэфакт мінулага становіцца фактарам кансалідацыі грамадства і развіцця на будучыню. Такая стратэгія, выпрацаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прыносіць дзейсны плён. 26-27 красавіка 400-гадовы юбілей беларускага "Буквара" стаў галоўнай тэмай цікавейшых выступленняў даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы на ХIV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях. У Менск прыехалі даследчыца спадчыны Францішка Скарыны з Расіі Джаміля Рамазанава, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Антоні Мірановіч, прафесар Варміньска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Валянціна Бачкоўская і Дзмітро Лукін з Кіева, ды іншыя вядомыя навукоўцы. Канферэнцыя была падрыхтавана сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам і Міністэрствам культуры.

- Азбукі і абэцэдарыюмы існавалі ва ўсіх народаў ва ўсе часы. Нашы продкі даўно мелі асветніцкія і адукацыйныя традыцыі, - сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша. - З даўніх часоў настаўнікамі былі святары, манахі або вандроўныя настаўнікі. Ля вытокаў айчыннай адукацыі стаялі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі і Аўраамій Смаленскі. Падручнікамі з'яўляліся "Псалтыр" і "Часаслоў". " Псалтыр" Скарыны быў прасякнуты ідэяй адукацыі. Асобныя педагагічныя аспекты Францішак Скарына падкрэсліваў у прадмовах да Бібліі.

Праваслаўныя брацтвы ў канцы ХVI і ў ХVII стагоддзі служылі асвеце і адукацыі насельнікаў ВКЛ. Пашырэнне іх сеткі патрабавала выпуску падручнікаў, якімі станавіліся буквары. Найбольш старажытны беларускі "Буквар" быў выдадзены ў 1618 годзе ў друкарні віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі за 40 кіламетраў ад Вільні. Адзін з яго асобнікаў захоўваецца ў Лонданскай бібліятэцы "Мідл Тэмпл", якая існавала пры храме рыцараў-тампліераў. Сёння гэты раён належыць карпарацыі лонданскіх адвакатаў. Другі асобнік знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі ў Капенгагене.

Аўтарства "Буквара" з Еўя прыпісваецца Мялецію Сматрыцкаму, бо яго "Граматыка" выходзіла ў 1619 годзе. Выпуск "Буквара" падтрымліваў Багдан Агінскі, уладальнік Еўя, і яго герб змешчаны на старонках кнігі.

Друкароў ужо даўно няма на свеце, а кнігі з літарамі: аз, букі, ведзі захоўваюцца цэлымі і непашкоджанымі, нагадваючы нам пра спрадвечныя ісціны. Першыя старажытныя буквары ўключалі ў сябе малітвы і маральна-рэлігійныя запаветы, а пазнейшыя савецкія - заклікалі пераплавіць званы на трактары.

Яркай падзеяй канферэнцыі стаў удзел у ёй латвійскага педагога і перакладчыка Юрыса Цыбульса. Пры дапамозе Міністэрства замежных спраў у Менск прыбыла яго калекцыя буквароў і азбук на розных мовах. Адбылося адкрыццё міжнароднай выставы "Буквары народаў свету". На ёй прадстаўлена каля 1400 буквароў на 587 мовах розных народаў пяці частак свету - Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Кожны экспанат з'яўляецца мініяцюрнай энцыклапедыяй, у якой у займальнай форме падаюцца веды пра гісторыю, геаграфію, культуру свайго народа.

Каранасты латыш з чорнымі вусамі ў капялюшы распавёў пра дыялект індзейцаў чыпэа з ЗША, мандарынскую кітайскую мову, мову рокакас Новай Гвінеі. Ён з'яўляецца сябрам Міжнароднага таварыства аматароў моваў і збірае буквары ўсіх народаў.

Спадар Юрыс сам удзельнічаў у стварэнні новага латвійскага буквара пасля аднаўляння незалежнасці дзяржавы.

- Місіянеры прыдумвалі азбуку і стваралі буквары, - сказаў Юрыс Цыбульс, - каб людзі потым умелі чытаць пераклад Бібліі.

У межах канферэнцыі адбыўся майстар-клас для маладых педагогаў дацэнта Вольгі Цырынавай, аўтаркі сучаснага "Буквара", вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі пачатковай адукацыі "Нацыянальнага інстытута адукацыі".

Арганізатары мерапрыемства паспяхова здолелі аб'яднаць бібліёграфаў, філолагаў, гісторыкаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый дзеля вывучэння тэмы, звязанай з першымі і адукацыйнымі і асветніцкімі кнігамі на Беларусі. Даследчыкі мелі магчымасць сустракацца, камунікаваць, павышаць свой інтэлектуальны ўзровень.

"Мудрасць вякоў і высокія тэхналогіі, якія спалучае ў сваёй дзейнасці Нацыянальная бібліятэка, спрыяюць развіццю і гуманізацыі грамадства, служаць міжнароднаму абмену і камунікацыі", - адзначалі замежныя госці канферэнцыі.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Удзельнікі ХIV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў ля памятнага знака першаму беларускаму "Буквару"; 2. На выставе "Буквары народаў свету".


У Гомелі адкрываюць беларускамоўныя групы ў двух дзіцячых садках

ДАШКОЛЬНАЕ ВЫХАВАННЕ

Камплектаванне груп адбудзецца ў чэрвені-жніўні па тым самым прынцыпе, што і ва ўсіх астатніх дашкольных установах, піша гомельскі партал "Белка".

- Прыём выхаванцаў ва ўстановы дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца ў парадку чарговасці згодна з датай пастаноўкі на ўлік і патрэбы бацькоў у афармленні дзіцяці ва ўстанову, - канкрэтызавала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Людміла Крылісценка. - Інфармацыю аб камплектаванні можна атрымаць у спецыялістаў аддзелаў адукацыі раённых адміністрацый.

Групы з поўным працэсам навучання на беларускай мове адкрыюцца ў яслях-садзе № 160 на вуліцы Косарава (для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 4 гадоў) і ў яслях-садзе № 161 на вуліцы Маневіча (для дзяцей ад 3 да 6 гадоў).

Па пытаннях пастаноўкі на ўлік у яслі-сад № 160 варта звяртацца ў службу "Адно акно" адміністрацыі Савецкага раёна. Накіраванне ў беларускамоўныя групы законныя прадстаўнікі выхаванцаў павінны ўзгадніць у мясцовым аддзеле адукацыі, спорту і турызму.

"Белка", Гомель.


РОДНАЕ СЛОЎЦА

Хто з нас не ведае, як мамы спяваюць над калыскай дзіцяці:

"Люлі,люлі,прыляцелі гулі,

Селі на балота

ў чырвоных ботах.

Спі, маё дзіцятка,

спі ты бесклапотна…"

Песня матулі на роднай мове пакідае шчымлівы ўспамін на ўсё жыццё, і так хочацца, каб цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі ведалі і паважалі сваю мову, мову лясоў і палёў, Коласа і Купалы, у якой закладзена і мацярынская пяшчота, і любоў да Радзімы, нашай Беларусі. А ўсё пачынаецца з маленства, калі чалавек вучыцца бачыць і захапляцца, дзівіцца і радавацца. Такія пачуцці развіваюцца ў дзіцячым садзе, дзе вучаць добраму і светламу. Менавіта таму Станіслава Георгіеўна Вальчык наважылася весці ў дашкольнай установе Нясвіжа гурток "Роднае слоўца". Яе падтрымала загадчыца дзіцячага сада-ясляў № 4 В.І. Пуляк, чалавек крэатыўны і неабыякавы. І вось ужо чацвёрты месяц Станіслава Георгіеўна кожны тыдзень прыязджае ў Нясвіж, каб вучыць (да таго ж на грамадскіх пачатках) выхаванцаў роднай мове, нагадаць тыя словы і рэчы, якімі карысталіся іх бабулі і прабабулі. А як гэта адбываецца на практыцы?

- Вяду заняткі ў сярэдняй групе, - расказвае С.Г. Вальчык. - Гэта дзеці 4-5 гадоў, таму пачынала з простага: прывітанне па-беларуску "Добры дзень!","Калі ласка","Добрай раніцы". Каб дзеткі лепш разумелі, разам з імі рыхтуем нагляднасць. Напрыклад, выразаем з паперы зорачкі, месячык, а пасля называем іх па-беларуску. Падобна і з рэчамі: бяром рукавічкі, пальчаткі, іншае адзенне і даём адпаведныя назвы. Галоўнае, што мае маленькія вучні праяўляюць цікаўнасць, усе да аднаго стараюцца прамовіць-паўтарыць новыя для іх слоўцы. Асабліва дае эфект гульнявая форма заняткаў: паравозік, фізкультхвілінка, тэматычны карагод. Вучым назвы грыбоў і раслін, жывёл і птушак. Тут жа падкрэсліваю, што трэба берагчы прыроднае багацце Радзімы, паважаць людзей, якія наводзяць парадак у лесе ці ля дома. Прыемна, што выхаванцы слухаюць і дружна пагаджаюцца.

Пахвальны энтузіязм Станіславы Георгіеўны. Яна па спецыяльнасці географ, выкладала ў школе і гісторыю, а апошнія дваццаць гадоў была намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце. Але як сапраўдны інтэлігент любіць родную мову, узорна ёю валодае, усведамляе яе фундаментальную ролю для народа, таму і стараецца перадаць гэтае багацце новаму пакаленню. І гэта без усякіх матэрыяльных заахвочванняў, адна патрэба і жаданне зрабіць добрую справу. А дома Станіслава Георгіеўна прадумвае, як цікавей правесці наступныя заняткі. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра рэчы, яна паказвае дзецям невялікі пудэлачак і нагадвае, што такой формы (толькі большых памераў) былі ў вёсках куфры, дзе складвалася адзенне. Словам, ва ўсім ёсць практычная скіраванасць, сітуацыйныя моманты, што дазваляе дзеткам лягчэй засвоіць матэрыял. Настаўніца напамінае ім, што трэба і дома называць знаёмыя прадметы на роднай мове, у магазіне ці на вуліцы. Важна, каб і бацькі не забываліся гаварыць з сынамі ці дачушкамі на мове сваіх продкаў, падтрымлівалі высакароднае пачынанне, замацоўвалі ў сямейных стасунках матэрыялы заняткаў, вучыліся разам, усёй сям'ёй. Не так гэта і складана, варта захацець.

Станіслава Георгіеўна вучыць дзетак ашчадным адносінам да хлеба, паводзінам за сталом - такая навука прыдасца ў жыцці кожнаму. А народныя прымаўкі абагачаюць веды дзяцей, развіваюць іх інтэлект. І што важна - усё, дадзенае на занятках беларускай мовы, спатрэбіцца ў школе, а пазней, магчыма, хтосьці пажадае звязаць сваё жыццё з беларускім мовазнаўствам. Наколькі лягчэй будзе паступаць на адпаведны факультэт. Нездарма людзі кажуць, што навуку за плячыма не носяць. Прывітае з дзяцінства застаецца надоўга ў памяці. Ды і шанаваць сваю мову - адна з лепшых якасцей чалавека, які паважае і любіць Радзіму. І задача выхавацеляў - падтрымаць гэтае імкненне, крануць маленькія сэрцы, каб яны адгукнуліся. Ці ёсць зрухі ў справе навучання?

- Так, ужо праглядваюцца, - гаворыць Станіслава Георгіеўна. - Дзеці вітаюцца на роднай мове, развітваюцца і дзякуюць. І сустракаюць мяне больш прыязна, чым спачатку, я бачу радасць у вачах. З разуменнем ставіцца і Вольга Іванаўна, загадчыца сада, запрашае мяне на святы ці ранішнікі. І я адчуваю сябе ў гэтай атмасферы ўтульна. Стараюся ўдасканальваць сваю работу, знаходжу найлепшыя вершы на роднай мове, хачу, каб дзеці адчулі яе напеўнасць і прыгажосць. Спадзяюся, што мае намаганні перадаць ім любоў да беларускай мовы будуць мець добры водгук.

Няхай збудзецца добрая мара патрыёткі з Карцэвіч, жанчыны неабыякавай, натхнёнай і паслядоўнай, якая знайшла сваю адметную і светлую сцяжыну.

Станіслава Георгіеўна кіруе адной з суполак ТБМ на Нясвіжчыне. У сакавіку на адным з паседжанняў яна правяла дыктоўку, прысвечаную юбілею Паўлюка Пранузы. А ў вольны час любіць спяваць, з поспехам выступала на сцэне раённага Цэнтра культуры і адпачынку. Наперадзе ў яе многа цікавых спраў і знаходак.

Раіса Хвір, г. Нясвіж.


Адам Міцкевіч сабраў сваіх прыхільнікаў

Музычна-паэтычнае свята ў гонар 220-годдзя Адама Міцкевіча адбылося ў дольняй зале касцёла святых Сымона і Алены. У велічны Велікодны перыяд з асаблівай узнёсласцю прагучалі патрыятычныя і лірычныя радкі Адама Міцкевіча з паэмаў "Свіцязянка", " Гражына", "Пан Тадэвуш".

Іх выканалі Уладзіслаў Трыпуз і Вікторыя Ермалёнак з Грамадскай паланійнай школы пад кіраўніцтвам выкладчыцы Бярнарды Пятроўны Івановай. 2018 год з'яўляецца юбілейным у адносінах да слыннага выхадца з ліцвінскіх абшараў, таму яго паэзія цягам усяго года будзе натхняць.

- Сёлета мы святкуем круглую дату з дня нараджэння Адама Міцкевіча разам з польскімі, літоўскімі і ўкраінскімі сябрамі, - адзначыў ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. - Яшчэ ў 1908 годзе пры Чырвоным касцёле існавала бібліятэка "Міцкевічаўка". Пасля разрабавання храма яе не стала, але мы адрадзілі яе ў 1998 годзе. З польскага боку ў дар касцёлу было перададзена 6,5 тысяч кніг польскай класікі, у тым ліку творы Адама Міцкевіча, і зараз у ёй каля 40 тысяч кніг.

У канцэрце ўзяў удзел Народны калектыў Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта "Тутэйшая шляхта" пад кіраўніцтвам Вольгі Махнач. Узнёслыя спевы прагучалі ў выкананнні касцельнага хора "Cantus Cordis" пад кіраўніцтвам Яніны Хвалько. Лаўрэат міжнародных конкурсаў Маша Русіна выканала сола на скрыпцы. " Паланэз Агінскага" прагучаў у выкананні Альгерда Грышчанкі.

Літаратурная даследчыца, паэтка і перакладчыца Ірына Багдановіч прачытала радкі з верша графіні Габрыэлі Пузыні, якія тая прысвяціла Адаму Міцкевічу. Прыхільніца творчасці вялікага рамантыка пані Габрыэля вырашыла паслаць у Парыж паэту не толькі свой верш, але флакончык вады з Нёмана і букет кветкак. Яе даручэнне выканала пані Катажына з Ліпінскіх, яна наведала Парыж і сустрэлася з вялікім выгнаннікам, які таміўся ад настальгіі па Радзіме. Пазней з дакументаў стала вядома, што вадою з Нёмана быў ахрышчаны малодшы сын паэта, а засохлы букецік кветак застаўся з паэтам да ёго апошніх дзён. Гэтую кранальную гісторыю распавяла спадарыня Ірына Багдановіч, аўтарка перакладаў і прадмовы да новай кнігі Габрыэлі Пузыні. Кнігу, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве "Про Хрысто", прадставіла на свяце Хрысціна Аляксееўна Лялько.

Куратар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Галіна Івуць выказала шчырую падзяку ўсім творчым калектывам і выканаўцам за створаную шляхетную атмасферу часоў Адама Міцкевіча і пачуццёва перададзены змест яго твораў.

Э. Дзвінская, фота аўтар


Супрацоўніцтва даследчыкаў

Прафесар, доктар габілітаваны Антоні Мірановіч з Беластоцкага ўніверсітэта часта прыязджае на Беларусь для ўдзелу ў навуковых канферэнцыях. Ён з'яўляецца даследчыкам гісторыі Праваслаўнай царквы ў Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і ва Усходняй Еўропе. Пасля ўдзелу ў ХIV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях пан прафесар распавёў пра сябе:

- Частка маіх даследванняў прысвечана гісторыі культурных і палітычных адносін у Цэнтральнай Еўропе. Мяне цікавіць уплыў Балканскага рэлігійнага жыцця на жыццё Рэчы Паспалітай. Я займаюся выданнем кніг, прысвечаных рэлігійнаму руху на Беларусі не толькі часоў Рэчы Паспалітай, але і ў перыяд міжваенны і пасляваенны. Частка даследванняў адлюстроўвае жыццё беларускай пасляваеннай эміграцыі, лёс беларускіх душпастыраў і звычайных людзей. Мне давялося надрукаваць шматлікія новыя матэрыялы, якія я знайшоў у розных краінах свету. Навуковую і выдавецкую дзейнасць я вяду ў Беластоцкім універсітэце, дзе з'яўляюся кіраўніком кафедры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Надрукаваў 55 кніжак і выдаў больш за 500 навуковых прац. Самым каштоўным лічу тое, што падрыхтаваў двух дактароў гістарычных навук і 500 магістраў і ліцэнзіятаў - гэта кадры, якія атрымалі добрую падрыхтоўку для навуковай дзейнасці. Яны будуць працягваць тыя працы, якія я ўжо ўзгадаў.

Беларуская гісторыяграфія ў Беластоку вельмі абмежаваная, і мы цешымся тым, што маем магчымасць прыехаць у Менск на канферэнцыі, пакарыстацца архівамі і выпрацаваць разам з беларускімі даследчыкамі супольныя тэмы. У гэтым кірунку развіваюцца нашы адносіны і з царкоўнымі арганізацыямі. Я з'яўляюся старшынём Саюз праваслаўных вучоных Польшчы. Штогод мы арганізуем ад трох да пяці канферэнцый, дзе разглядаем розныя пытанні. Мая сям'я з'яўляецца беларускай, мы спрадвеку жылі на Беласточчыне.

Э. Оліна, фота аўтара.


Імпрэза да 70-годдзя Алеся Госцева

У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні адбылася імпрэза да 70-годдзя гарадзенскага настаўніка і краязнаўцы Алеся Госцева.

Госцеў вядомы ў горадзе не толькі як суаўтар адной з першых краязнаўчых кніг "Кронан", але і як выкладчык ліцэя, астраном і эсперантыст. Пра свайго настаўніка распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч:

- Алесь Пятровіч Госцеў - гэта наш настаўнік, гэта духоўны лідар, наколькі дарэчна тут ўжываць тэрмін "гуру", але напэўна так яно і ёсць, таму што гэта чалавек, які захапляе не толькі сваёй цікавасцю да гісторыі, а ўвогуле сваім стылем жыцця, таму што ён жыве гісторыяй, ён жыве мінулым, ён жыве нашым горадам, ён сапраўды любіць усю гэтую справу. І відавочна, што горад дае яму сілы, горад яго любіць у адказ.

Для мастака Алеся Сурава Алесь Госцеў гэта прыклад гарадзенскага гісторыка:

- Госцеў - з кагорты такіх людзей, на якіх, як на падмурку базуецца ўся гісторыя. Таму што ўсе гісторыкі заняты самі сабою, кнігамі, выданнямі, нейкімі даследаваннямі, архівамі. Рэальную гісторыю даследуюць, складаюць у шафы, складаюць у тэчкі вось такія, як Госцеў. І менавіта часцей за ўсё захаваная гісторыя, рэальная гістрыя, якую мы затым ведаем, праз 200-300-500 гадоў - гэта праца такіх, як Госцеў, якія ціха, незаўважна ідуць сваёй дарогай.

Для самога Алеся Госцева імпрэза стала нечаканасцю і на ёй у якасці падарунка быў уручаны партрэт, які намаляваў Алесь Сураў, паказаны фільм, які некалькі год таму зрабілі журналісты тэлеканала Белсат, а таксама невялікія падарункі ўручылі яго калегі і вучні.

Беларускае Радыё Рацыя.


У нямецкім Трыры адкрылі помнік Марксу

Навіны Германіі

На радзіме Карла Маркса, у нямецкім горадзе Трыр, 5 траўня адкрылі помнік філосафу-эканамісту. Бронзавая статуя вагой больш за 2 тоны з'яўляецца падарункам ад Кітая да 200-годдзя з дня нараджэння Маркса. Пяцімятровы помнік - праца кітайскага мастака У Вэйшаня.

Паводле дадзеных паліцыі, на цырымоніі адкрыцця прысутнічалі каля трох тысяч чалавек і каля 200 ганаровых гасцей. Як паведамляе "Нямецкая хваля", у той жа час, каля 70 чалавек прынялі ўдзел у акцыі правапапулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" пад дэвізам "Зняць Маркса з пастамента". Яшчэ адна дэманстрацыя супраць помніка сабрала каля 150 удзельнікаў.

Падарунак дэманструе жаданне жыхароў КНР выказаць павагу да памяці Карла Маркса, сказаў, выступаючы на цырымоніі, пасол Кітая ў Германіі Сі Міндэ. Ён назваў статую "сведчаннем нашага сяброўскага абмену", якім Кітай "хацеў перадаць вялікаму Карлу Марксу павагу і памяць Кітая і кітайского народа". У сваю чаргу, прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц Малу Драер назвала падарунак "мостам дружбы і партнёрства". На яе думку, філосафа недапушчальна вінаваціць у злачынствах XX стагоддзя.

Радыё Свабода.


Сустрэча з Анатолем Сідарэвічам у Баранавічах

У першамайскія выходныя адбылася сустрэча сяброў Баранавіцкай арганізацыі ТБМ з вядомым беларускім гісторыкам, палітолагам Анатолем Міхайлавічам Сідарэвічам. Сустрэча прысвечана памяці сяброў Рады БНР, якія нарадзіліся і выраслі на Баранавіцкай зямлі.

29 красавіка наведалі гістарычныя мясціны Баранавіцкага раёна ў Ішкальдзі, Паланечцы, Бартніках, Вольна. У Ішкальдзі агледзелі самы старажытны ў нашай мясцовасці касцёл і саму вёску. У Паланечцы пабачылі руіны палаца і млына Радзівілаў. У Бартніках наведалі драўляны панскі дом, які пабудаваў у канцы 18-га стагоддзя харунжы Наваградскага павета Ян Слізень для свайго сына Уладзіслава. Гэты дом - адзін з будынкаў маёнтка Уладзіслава Янавіча. У ім бывалі філаматы і філарэты, магчыма, Адам Міцкевіч, у ім год жыў Ян Чачот. Аб наведванні гэтага дома ў 1884 годзе піша ва ўспамінах Ігнат Дамейка. Цяпер гэты дом стаіць без гаспадара.

Але галоўнай мэтай нашай вандроўкі была вёска Задвея, дзе нарадзіўся старшыня Рады БНР Іван Серада, каб паглядзець магчымае месца ўстаноўкі памятнага знака аб кіраўніку Рады БНР. На прыгожым пагорку знайшлі месца былой царквы, дзе служыў святаром бацька Івана. Там можна і ўстанавіць памятны знак.

На другі дзень, 30 красавіка, на сядзібе ТБМ у Русінах Анатоль Міхайлавіч прачытаў лекцыю аб дзеячах Рады БНР з нашага рэгіёна, аб тых грамадска-палітычных і геапалітычных рэаліях, у якіх жылі і дзейнічалі Кахановіч, Серада, Прушынскі, аб тым як складваліся іх лёсы, як фарміравалася гісторыя краіны, якая пазней стала "Рэспублікай Беларусь". Такога глыбокага знаўцы гісторыі пачатку 20-га стагоддзя мы не сустракалі, таму слухаць было вельмі цікава. Пасля доўга задавалі пытанні.

Наш кар. На здымках: 1, 2, 3. А. Сідарэвіч у Ішкальдзі, Паланечцы, Задвеі. 4. Лекцыя ў Русінах.


135 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Некрашэвіча

Сцяпан Міхайлавіч НЕКРАШЭВІЧ (08.05.1883, фальварак Данілоўка Бабруйскага павета Менскай губерні - 20.12.1937, Менск, НКУС) - беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытута беларускай культуры (цяпер - Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі), акадэмік Акадэміі навук Беларусі. Ахвяра сталінскіх рэпрэсій. Разам з Я.Ф. Карскім і І.В. Воўк-Левановічам уваходзіць у лік заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы.

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і Міхаіла Паўлавіча Некрашэвіча, які займаўся сельскай гаспадаркай, і яго жонкі Евы Дзмітрыеўны. Сястра Ганна, па мужу Акановіч, у наступным была настаўніцай у Нью-Ёрку, ЗША. Род Некрашэвічаў (герба "Любіч") вядомы з XVII ст. і паходзіць са Слуцкага княства.

Пачатковую адукацыю атрымаў у сям'і. У 1908 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Панявеж Ковенскай губерні, у 1913 - Віленскі настаўніцкі інстытут. Працаваў у школе "Таварыства цвярозасці" ў Цельшынскім павеце Ковенскай губерні.

З 1914 г. падчас Першай сусветнай вайны - на Румынскім фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у партыю Беларуская сацыялістычная грамада, затым - адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялі-стаўрэвалюцыянераў.

З восені 1917 г. - у Адэсе. Загадчык беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай асветы.

Пасля абвяшчэння БНР у 1918 г. - прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Украіны і ў зносінах з французскім камандаваннем Антанты. Быў прыхільнікам фарміравання беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтра, які быў створаны 13 студзеня 1919. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.

З 1920 г. - у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асветы БССР: загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела, старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, намеснік старшыні Акадэмічнага цэнтра, намеснік старшыні Галоўнага ўпраўлення прафесійнай асветы і інш.

У студзені 1921 г. на сходзе работнікаў асветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэннем беларускай культуры. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922-1925 - яго першы старшыня.

З пачатку 1925 г. да ліпеня 1926 г. - на падвышэнні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-даследчым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце), працаваў пад кіраўніцтвам Я.Ф. Карскага.

У 1926-1928 гг. - старшыня Аддзела гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Адначасова ў 1923-1925 - выкладчык беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, з 1927 - дацэнт педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 г. - акадэмік, віца-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 - дырэктар Інстытута мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і аспіранцкай камісій. З 1 студзеня 1928 - старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асветы БССР. У 1927-1931 гг. быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.

21 ліпеня 1930 г. арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем (ДПУ) БССР па справе "Саюза вызвалення Беларусі". 10 красавіка 1931 пастановай калегіі Аб'яднанага ДПУ СССР прыгавораны да пяці гадоў высылкі ў г. Сарапул (Удмурція, Расія); у 1936 тэрмін высылкі прадоўжаны на два гады. Працаваў планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым - бухгалтарам канторы "Нарыхтзерне" (руск.: "Заготзерно"). Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, дастаўлены ў Менск, 19 снежня 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэабілітаваны па 2-м прысудзе Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 12 кастрычніка 1957 г., адноўлены ў званні акадэміка ў 1978, рэабілітаваны па 1-м прысудзе ў закрытым паседжанні Судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988 г.

Асноўныя кірункі навуковых даследванняў С. Некрашэвіча - лексікаграфія, правапіс, дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы. Апублікаваў болей за 30 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі і слоўнікі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар першага паслярэвалюцыйнага "Беларускага лемантара" (1922 г., 6-е выданне - 1929), школьнай чытанкі "Роднае слова" (1923, 4 выданне - 1925), суаўтар буквара для ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых "Наша сіла - ніва і машына" (1925).

Важнейшыя працы ў галіне лексікаграфіі - "Беларуска-расійскі слоўнік" (1925), "Расійска-беларускі слоўнік" (1928, абодва - разам з М.Я. Байковым); "Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў" (1927, разам з П. А. Бузуком).

Працы ў галіне гісторыі беларускай мовы: "Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты "О ўставах манастирских" (1928); "Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелля на беларускую мову і мова перакладу" (не апубл.).

Унёскам у развіццё беларускага мовазнаўства былі і іншыя навуковыя публікацыі: "Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм" (1922), "Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы" (1925); "Да пытання пашырэння акання на чужаземныя словы" (1926), "Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна" (1929), "Праект беларускага правапісу" (1930), даклады на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г. "Сучасны стан вывучэння беларускай мовы" і "Да пытання аб рэформе нашага правапісу" (1927). Стану культуры і навукі ў Беларусі ў 1920-я гг. прысвечаны артыкулы "Становішча культурна-асветных устаноў Беларусі пры нэпе" (1924), "Да пяцігадовага плана навукова-даследчай працы БССР" (1928).

У Данілоўцы на месцы былога фальварка Некрашэвічаў усталяваны памятны знак (1993 г.). У 1998 г. у будынку ў Менску, дзе знаходзіўся Інстытут беларускай культуры, усталявана мемарыяльная шыльда з імёнамі выдатных вучоных, сярод якіх - С. Некрашэвіч. У г. Светлагорску ў гарадской карціннай галерэі "Традыцыя" імя Г. Пранішнікава маецца партрэт "Сцяпан Некрашэвіч" (1992, мастак А. Марачкін, Менск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астафьеў, Менск). Да 125-годдзя з дня народзінаў С. Некрашэвіча Міністэрства сувязі Беларусі выдала мастацкі маркіраваны канверт, увод у выкарыстанне - 8 траўня 2008.

Вікіпедыя.


Цяпер Універсітэт імя Ніла Гілевіча мае свой разліковы рахунак

У аўторак 24 красавіка прыватная адукацыйная ўстанова

"Універсітэт імя Ніла Гілевіча" адкрыла свой разліковы рахунак.

Ахвяраванні на дзейнасць універсітэта можна пералічыць на рахунак: BY49BLBB30150193050167001001 - BIC BLBBBY2X - УНП 807000028 - АКПА 37558116

(ААТ "Белінвестбанк").


КАПЫЛЬСКАЯ МІСТЭРЫЯ

Да Дня Перамогі

Аповесць

Дзень быў змрочны і замарочаны. Яна любіла, каб усе справы разлягаліся на паліцах і па сваім часе ды чакалі яе гаспадыньскага вырашэння, а не гармідарыліся, як сёння, нечакана і недарэчна. Асабліва цяпер гэта яе нервавала, бо дзень быў распланаваны даўно, да яго рыхтаваліся, і толькі надвор'е, здавалася, унясе свае карэктывы ў адзенне. Надвор'е ўнесла і не толькі ў адзенне. Ледзяны дожджык і нечакана цёплы вецер зжэрлі амаль увесь снег, і бруднае месіва снегу і гразі на дарогах і ў полі збівала цікавасць і святочнасць паездкі да сяброў у таямнічы Капыльскі край, у лясісты куток, аб якім многа разоў распавядалі ў яе маленстве, і заўсёды шмат заставалася недасказанага, нязведанага.

Быў ужо снежань. І добры маразец, і пухнасты наст снегу вабіў туды, у прыгожы казачны лес, да цудоўных шчырых людзей. А тут вось такое! Надвор'е!

А яшчэ зранку патэлефанавала дачка. Яна ехала па справах у іх горад і з задавальненнем паведаміла, што заскочыць дамоў. Таму, як клапатлівай маці, ёй трэба было падрыхтаваць і прысмакі, і ласункі сваёй любай дачушцы. І хоць дзяўчына стала ўжо дарослым чалавекам, для яе вялікай радасцю было пачаставаць, аблашчыць у радзімым доме сваю адзіную галінку і яшчэ раз парадавацца яе росквіту і чароўнай прыгажосці. Аднак, з мужам плануючы паездку, яна, смакуючы ў думках тамашнія прысмакі, абед не рыхтавала і цяпер кінула збіраць рэчы для дарогі, і таропка ляпіла так упадабаныя з дзяцінства дачушкай варэнічкі.

Як на злосць, муж затрымліваўся, адданы справе, якую рабіў. "Выміраючы зубр вытворчага кіравання", - называла яго дачка. І вельмі пяшчотна любіла, ганарылася. Ну, і дзіва! Усе кропелькі яго пазбірала!

Бегаючы паміж кухняй і каморкай, яна клапатліва напакавала добры вандзэлак дачушцы, падпрасавала і сабрала ўборы для сябе і мужа, раз-пораз паглядаючы ў акно: ці не змянілася надвор'е? Ці не пад'ехала машына дачкі? Надвор'е не змянілася. Дробны дожджык даядаў снег. Дачушка прыехала. Як заўсёды, на бягу распавяла свае навіны, парадавалася, што з'явіўся бацька, падлыбала маміны варэнікі і, пакінуўшы пасля сябе непаўторны пах водару дзявочых духоў, змакрэлага футравага каптурыка скураных нагавіц, ізноў памчала вяршыць свае справы - вытанчаная, прыгожая, сучасная.

Яны пераглянуліся з мужам, замілавана ўдыхаючы няўлоўны чароўны пах роднага дзіцяці, і замітусіліся са зборамі. Дзень пераваліў за поўдзень.

Снежаньскія прыцемкі пачынаюцца рана. І, хоць выбраліся, здаецца, каб патрапіць у час, не паспелі выехаць за Нясвіж, цемра абляпіла машыну з усіх бакоў. Але дарога была добрая, роўнай стужкай кідалася пад калёсы. І яна, ямчэй умастаколіўшыся на пярэднім сядзенні, заспакоена пазірала на ўтульныя вокны прыдарожных вёсак. Муж уключыў ціхую музыку, і толькі, раз-пораз, металічны голас навігатара парушаў прыемныя думкі падарожнікаў.

Да Бабоўні дамчаліся неўпрыкметку. Навігатар загадаў, куды павярнуць, і дарога павяла далей. Але, здаецца, стала яшчэ цямней, недзе зніклі прыдарожныя знакі і слупы з засветкаю. Дождж сеяў непрыкметнай морассю, і, сяды-тады выплываючыя з пацёмкаў будынкі, нахохлена пазіралі чорнымі ваканіцамі. Яна трохі занервавалася:

- Зараз у Слуцк прыедзем.

Па яе меркаванні, дарога даўно павінна была прывесці падарожнікаў у Засцеб'е, адкуль рукой падаць да ляснога фальварка, але Лоцвіны праехалі даўно, а павароту не было. Металічна звякнуў навігатар:

- Вы сышлі з маршруту!

Тут ужо неяк таргануў плячыма і муж. Мясцовасць незнаёмая, кругом цемра, дарога пачалася яма на яме.

- І не баісь! - як заўсёды, паспрабаваў заспакоіць яе ён, - некуды ж выедзем, поле не лес.

Раз-пораз аб'язджаючы выбоіны і лужыны, іх маленькі "мінівэнчык" храбра прабіраўся па разбітай палявой дарозе.

Напружана пазіраючы ўперад, яна не заўважыла, як з яе боку машыны з'явіўся светла-шэры сабака. Ён моўчкі як бы ляцеў побач, і зусім светлая поўсць на яго скуры адсвечвала мокрымі кроплямі дажджу. "Адкуль ён узяўся?" - не паспела падумаць яна, як сабака вялікім скачком апярэдзіў забуксаваўшую машыну і ўсе-ўся наперадзе на самай дарозе. Ашчэрыўшы вялікія зубы, ён натапырыў загрывак і загарадзіў сабою праезд. "А каб цябе! Яшчэ і ты тут!"

Муж з цяжкасцю вывеў машыну з каляіны і, чартыхнуўшыся на сабаку, ужо каторы раз паспрабаваў звязацца па мабільніку з сябрамі, тэлефон плёў абы-што. Дзынкаў абы-як, і ён прызнаў:

- Трэба варочацца на трасу, а там разбярэмся.

Сабакі ўперадзе ўжо не было. Муж выйшаў на дарогу, у святле фар прайшоў пару метраў перад машынай, азіраючыся, колькі дазваляла цемра, і раптам застыў на месцы, нібы аслупянеўшы. Яна выйшла таксама, бо ён не адклікаўся. Падышоўшы, міжволі сціснула перад сабою рукі, а затым перажагналася.

Уперадзе дарога абрывалася вялікай ямай, на дне якой, далёка ўнізе, блішчала вада, гэта былі, напэўна, глінішчы або пясчаны кар'ер.

Не прамовіўшы ні слова, яны хуценька вярнуліся ў машыну. Добры кіроўца-муж развярнуўся амаль на месцы. Далёка ў полі на міг мільганулі ў святле доўгія, амаль распластаныя ў паветры выявы некалькіх сабак.

На пад'ездзе да трасы запрацаваў мабільнік. Яшчэ адна пара гасцей, іх добрыя сябры, таксама зблудзілі на дарозе. Але, дзякаваць Богу, нікуды не збочылі, аднак таксама прыехалі якраз на гэтае перакрыжаванне.

Папрасіўшы пачакаць іх, муж весялей уладкаваўся за рулём, тым больш, што агні машыны сяброў на дарозе ўперадзе былі добра відаць здалёк.

"Мінівэнчык", пакрэхтваючы, выбраўся на асфальт. Весела пабег наўздагон суседу і, раптам, завіскацеў усімі тармазамі, стаў як укопаны. Збялелы муж недаверліва ўзіраўся ў цемру, а яна ізноў міжволі перахрысцілася. На перакрыжаванні стаяла вельмі худая жанчына, у белай спадніцы і чорным паношаным паўпаліто. Клюка, якой яна падперла сваё знямоглае цела, была амаль вышэй за яе. З-пад белай спадніцы віднеліся босыя пачарнелыя ногі, і ў святле фар уся выява стварала дзікае ўражанне нерэальнасці.

- Містыка нейкая! - прамармытаў муж.

Не прайшло і хвіліны ад новага ўзрушэння, як падляцела шыкоўная белая "аўдзі" сяброў, і паазбаўлены якіх-небудзь замарочак, рэалістычны Аляксандр ужо крычаў:

- Бабуля! Як нам праехаць у Новую Гуту?

- Сама не ведаю, дзетка! Вось зараз будзе ехаць машына - дык едзь за ёй, яна прывядзе!

Сапраўды, з боку Капыля на вялікай хуткасці ішла машына. Шафёр нават не павярнуў да іх галавы, але дзве машыны чамусьці даверліва рванулі следам.

Усе разам мігам дамчалі да непрыкметнай павароткі на тое Засцеб'е, і пярэдняя машына, не зніжаючы хуткасці, амаль паляцела па раз'езджаных каляінах. Следам, як танк, імчала аўдзюха. А маленькі "мінівэнчык" ледзь паспяваў за імі, слізгаючы ў снежным месіве.

- Хачу дадому, - скурчылася яна на крэсле, але прамаўчала і ўткнула нос у шалік.

Свет фар "аўдзі" добра абрысоўваў пярэднюю машыну, і яе выявы здаваліся нейкімі страшнымі, несучаснымі. Жалезныя парэнчы грузавічка, бо гэта быў такі невялікі грузавы аўтамабіль, нічым не пакрытыя, стваралі сабою шацёр, пад якім віднеліся нейкія поўныя мяшкі, скрынкі і, яна магла паклясціся: тырчала над бартом нешта падобнае на кулямёт ваенных часоў.

- Зусім з глузду з'ехала! - нервова пацерла яна скроні і пакасілася на мужа, які, не адрываючы вачэй ад дарогі, адчуў, як заўсёды, яе настрой.

- І не баісь! - ізноў паўтарыў ён і следам за "аўдзі" крутануў машыну пад вялікі шлагбаум.

Грузавічок, не разбіраючы дарогі, памчаў прама і, у імгненне вока, знік у на хвіліну ад'ехаўшых варотах цёмнага бярвенчатага частаколу, за якім яна згледзела вялізны, асветлены цмянымі фанарамі ангар. Там мітусіліся постаці нейкіх мужыкоў у падпяразаных на ваенны лад куфайках, з аўтаматамі і стрэльбамі на плячах. Гэтак жа імгненна вароты зачыніліся, і толькі іх дзве фары асвятлялі пляцоўку, бо Аляксандр павярнуў сваю машыну за нейкі жалезны плот і ўжо прыладкоўваўся на стаянку. Уперадзе цьмянымі вокнамі адсвечваў невялікі асабняк. Але вакол было цёмна, ціха, іх ніхто не сустракаў.

Яны з мужам выйшлі з чумазага "мінівэнчыка", ачмурэла азіраючы асяроддзе.

- Сюды ці не сюды? - асцярожна падала яна голас.

- Машыны гаспадароў! - заспакоіў Аляксандр.

Раптам яны ўсе зарагаталі, парадаваўшыся, што прыбылі на месца, хоць і не без прыгод.

Прайшлі крытую тэрасу, патузалі нейкіх пару дзвярэй і, не сустрэўшы нікога, уваліліся гурбою ў прыгожыя сені, дзе аднекуль са сцяны выскачыла прыгажуня ў ваеннай гімнасцёрцы і пілотцы, белым накінутым халаціку.

Яны ўсе вытарашчылі вочы. Сюрпрызы працягваліся. Тым больш, што маладзіца настойліва патрабавала іх праверыцца на ўсялякую заразу, каб не занесці ў "зямлянку" хвароб.

- Распранайцеся! - рагаталі ўжо ўсе.

Чароўная гаспадыня і паважны гаспадар - вялікія знаўцы і патрыёты свайго краю - вырашылі арганізаваць вечарыну ў стылі "мілітары".

Добрая вячэра, утульная паляўнічая зала, цудоўныя суразмоўцы наталілі яе душу даўно не адчуваным спакоем. Прыгожыя людзі свяціліся духоўнай прыгажосцю, вытанчанасцю разважанняў, і яе розум працаваў з задавальненнем, бо наўкол крышачку іранічна, але вельмі лагодна глядзелі і слухалі яе байкі, разважанні і, галоўнае, разумелі.

Зразумеўшы, што за размовамі забылася ў час выпіць свае лекі, яна прайшла на кухню, каб узяць шклянку вады. За вуглом лесвіцы стаяў вялікі більярдны стол, і на ім ляжаў: прыгожы малады воўк! Яна ажно здрыганулася ад нечаканасці, але потым зразумела, што гэта вельмі ўдала зробленае чучала.

Не стрымаўшыся, яна падышла бліжэй. На дзіва мяккая поўсць аблашчыла яе далонь. Падзівіўшыся цудоўнаму колеру поўсці, жанчына злавіла сябе на думцы, што, на самай справе, ёй вельмі шкада гэтае ваўчанё. Навукоўцы кажуць, што ваўкі жывуць сем'ямі і вельмі падобныя ў сваіх адносінах да людзей.

"Не, чалавек - горшы, ён здрадзіць, а звер - ніколі".

Яна адвярнулася ад празрыстых ваўчыных вачэй-гузікаў і пачула, што ў сені нехта стукае.

Гаспадар выйшаў на тэрасу. Праз прычыненыя дзверы гучаў голас сталага мужчыны.

- Можа ўжо не грэць болей лазню, Аляксеевіч? Ці як?

- Тушы! Тушы! - з добрым настроем пажартаваў гаспадар.

- Тушыць можна толькі святло ды пажар, - не прыняў яго жарт дзед. - Русы-беларусы.

І незадаволена грымнуў дзвярыма.

З гэтым голасам да яе вярнулася адчуванне таямнічасці і нерэальнасці гэтай ночы. Нешта павяло яе да выхаду. Накінуўшы сваё паліто, яна выйшла на крытую тэрасу. Цьмяны ліхтар асвятляў памяшканне і на верхняй прыступцы яна ўбачыла старога, але яшчэ вельмі, на погляд, моцнага чалавека, які дзіўна і вельмі знаёма курыў цыгарку. Цыгарка прыляпілася да ніжняй губы і як бы жыла сама па сабе. Прыжмуранае вока пакасілася на яе. Ну якраз, як яе бацька, калі ён смаліў самарошчаную табаку.

- Ну што, дзяўчынка! Кампанія не даспадобы ці што?

І голас, гэты голас таксама насіў родныя інтанацыі чароўнай мясцовай гаворкі, аднолькава прыгожай што на Капыльшчыне, што на Нясвіжчыне.

- Ды не, кампанія добрая. Так, ніколі не была ў вашых мясцінах. Шкада, што цемната, відаць, прыгожы край: лес, вёскі лясныя. Вырашыла хоць падыхаць паветрам ляснога бору.

- Лес, праўда, цудоўны. А вёскі паміраюць, як усюды. Не будзе вёскі - прападзе зямля, мова прападзе ўшчэнт. З горада зямлю можна абрабляць - ды любіць яе нельга, а без любові ўсё гіне. Адбілі людзей ад зямлі, ад сялянскай працы. Некалі па кавалачку людзі збіралі надзелы, у спадчыну толькі хлопцам перадавалі, каб род не перасёкся, - ён як бы гаварыў сам з сабою і задумліва глядзеў недзе ў цемру. - А колькі хлопцаў нашых пагінула за радзіму, а, значыць, і за зямельку сваю. А цяпер што? Зараз ізноў памешчыкаў пасадзяць, а ўнукі нашы па гарадах ды заграніцах плёндраюць. Ужо і не хочуць гэтае працы, а калі хацелі, дык хэнць адбілі. Не далі.

Яна згодна паківала галавой і, каб перавесці размову, асцярожна запытала:

- Напэўна вайной тут ціха не было, чула, што партызанская зона ў вас пакрывала амаль усю Капыльшчыну.

- Войны па нашых мясцінах заўсёды, як усюды для людзей мэнка, вялікі боль. Каб іх спрэндзіла, хто гэтыя войны пачынае, каб іх халера пабрала.

Усё не нажаруцца зямелькі чужой. А колькі чаго трэба таму чалавеку!? Спакой ды цяпло, дзеці ды яда. Ды каб род жыў, пушча стаяла, сонца грэла, моладзь любілася, старыя куток мелі! Але ж людзей на свеце многа, вось сумлення ўсім і не хапіла ў Бога.

А мы, мясцовыя жыхары, так і жывём на гэтым свеце: лішняга нам не трэба, чужога не жадаем. Але і нашага не чапай! Прыйшоў ты к нам з дабром - жыві, працуй. Але не шкодзь, калі цябе наша зямелька прыгрэла і людзі з дабром. Цярплівы наш народ!

Стары змоўк. Адляпіў ад ніжняй губы амаль скураную да нельга цыгарку, прыпаліў ад яе новую і пакасіўся на госцю:

- Ты, дзяўчынка, пэўна ведаеш, што не толькі ў нашых лясах ды балотах спакон веку людзі жылі. Стаяла некалі магутная дзяржава, гарады, войска, рамёслы - усё мелі. На ўвесь свет ішла пра яе гаворка. І быў закон у гэтага Княства - да апошняга палоннага гнаць чужынца, адбіраць сваіх людзей. І ўсе гэта ведалі. Свае трымаліся ў сваім коле, трымаліся сваёй зямлі, бераглі пушчы, птушак, звяроў. Кожны род меў свой абярэг - татэм. Людзі верылі, што звяры, птушкі іх аберагаюць, а можа нават яны таксама людзі, толькі ў другім абліччы. І менавіта свайму татэму пакланяліся. У нашых мясцінах люд паважаў ваўкоў, лічыў воўка ахоўнікам свету нябожчыкаў, а воіны мясцовыя на бітву часта апраналі воўчыя скуры - так яны лічыліся неўміручымі. Ды і не дзіва! Некалі чалавек жыў побач з ваўкамі ў пушчы, канкурыраваў з імі ў паляванні. І воўк здзіўляў розумам, вынослівасцю, арганізаванасцю зграі, сямейнай вернасцю.

- Пра воўка памоўка, а воўк тут, - сцепанулася госця, ведаючы, што многія вераць ва ўсяведнасць ваўка. - Лес жа наўкол.

І больш уважліва прыгледзелася да дзеда: прыродная мудрасць мясцовага жыхара, ці можа нейкі ў мінулым навуковец? "Мясцовы філосаф", - вырашыла яна.

А стары працягваў:

- Чужынцы сем разоў думалі з чым ісці да нас - з мячом ці з хлебам. І шмат каму наша зямля стала радзімай. Многа вякоў прайшло. Чаго толькі не было! І ўвесь гэты час мы, мясцовы люд, вядзём род свой, сваю радзіму трымаем ды з Божай ласкай з добрымі людзьмі дружым, а ворага заўсёды гонім. Цярпенне - да часу.

Ён пакрахтаў, прыжмурыў вока ад дыму цыгаркі ці мо ад наплыўшых думак, яшчэ раз глянуў на прыціхлую жанчыну і, відаць задаволены яе ўвагаю, загаварыў ізноў цудоўнай мясцоваю моваю, якая гучала для яе сэрца, як песня.

- Так, дзяўчынка, было і ў гэтай вайне.

Тое, што ён называў яе, сталую жанчыну дзяўчынкай, варочала ў любае дзяцінства і так зачароўвала сваёй незвычайнасцю і цяплом, што лацвей уладкаваўшыся на шырокай лаве, яна гатова была слухаць яго бясконца.

- У сорак другім годзе немцы ўжо спрабавалі завесці ў нас свае парадкі, а мясцовых жыхароў ператварыць у быдла. Фронт грукацеў пад Масквой. Там было зразумела, дзе свае, дзе чужыя, а тут хочаш жыць - паспявай круціцца. І на сям'ю трэба здабыць, і хлопцы-партызаны хлеба просяць, і немец гумы дае - апошняе выграбае. У лясных вёсках адсядзецца таксама не ўдавалася. Партызаны трушчылі нямецкія гарнізоны больш, чым той твой фронт, а немцы тады каралі жыхароў, бамбілі лясы.

Як з'явіліся ў нас партызаны - многа гаворана. Гэта і ваенныя акружэнцы, што не паспелі ў сорак першым годзе далучыцца да асноўных войск, і параненыя салдаты, падлечаныя на хутарах, і, можа, засланыя ўжо ў сорак другім дэсанты.

Але многа было ў партызанах і мясцовых хлопцаў. Па розных прычынах. Але я думаю, што памяць продкаў, як і ва ўсе часы, абудзіла гонар людзей і гістарычную нянавісць да захопнікаў.

"Чаго прыперліся!? Чаго вам мала?! Ну дык наешцеся нашай зямелькі ўволю. Не будзі ліха!"

Дзед патрос кулаком недзе на захад. Ох, і адчайныя сярод іх былі. Не тыл, а фронт утварылі партызаны фашыстам у нашых краях. Спрабавалі немцы выкурыць мсціўцаў з лясоў, але партызанская зона існавала, і часцяком сунуцца туды немцы баяліся. А зона жыла сваім жыццём, моладзь ваявала, але і асабістага не пазбегнеш у такія гады. Асабліва калі падраслі чароўныя дзяўчаты ў вёсках, а з вёскамі партызаны ладзілі.

Восенню сорак другога ў гэтых мясцінах, у Лаўскім лесе пасля шматлікіх баёў партызанская брыгада выбрала месца для стаянкі. Атрады, па партызанскіх законах, стаялі на лясных ускраінах, бо немцы бамбілі і з самалётаў і абстрэльвалі з пушак сярэдзіну пушчы. Так ці гэтак, вырашылі зімаваць тут.

У Лавах абсталявалі шпіталь. Варту шпіталя і навакольных сёл даручылі звязу мясцовага хлопца Вінцуся.

Смелы да бязбашанасці па маладосці быў хлопец. Але гэта яму і дапамагала. Дзе пешшу, дзе на конях, звяз, як лятучы, трымаў пад кантролем партызанскія граніцы.

Яшчэ год назад Вінцусь прыйшоў у партызаны з маладым ваўком.

Падабраў недзе ваўчанё з пакалечанай лапай, вылечыў яго. Вось той і прывязаўся да чалавека. Усюды побач быў: і за канём паспяваў, і за палутаркай. Стаяў моўчкі, калі Вінцусь з кім гаварыў і глядзеў пранізліва, заўсёды гатовы абараніць гаспадара. Нават хутчэй сябра, таварыша, бо воўк ніколі не лашчыўся, а Вінцусь ніколі не раздаваў яму загады. Яны разумелі адзін аднаго без слоў.

Наогул, дзіўны быў воўк. Светла-шэрая, амаль белая поўсць на шкуры і цёмныя палосы ўздоўж лап, празрыстыя халодныя ўважлівыя вочы. Здавалася, ён разумее ўсё, што творыцца наўкол.

Адну Яньку, дзяўчыну Вінцуся з суседняй вёскі, падпускаў да сябе Уладар - так называў яго хлопец.

- О, Властитель лесов и гроза немцев видно к Яньке поскакали, - блазнавалі партызаны.

З Янькай было ўсё сур'ёзна. За Вінцуся яна збіралася замуж. А Уладара мела права кундышыць за грыву бялявых пасмаў на галаве, выбіраць калючкі, торгаць за маленькія прыгожыя вушы.

- Не псуй мне звера, - панарошку хмурыў бровы Вінцусь, - Што ён табе твой Лазутка, ці кот.

Але Янька толькі смяялася, а Уладар сарамліва адводзіў вочы, і відаць было, што яму гэта вельмі падабаецца.

На пачатку снежня Янька і Вінцусь вырашылі, што вайна вайною, а трэба ладзіць вяселле. Бацькі не супраць. А хоць бы і супраць! Маладосць, каханне! Гэта ж не цяпер. А тады трэба было ўсё па закону. Вырашылі, што дабраслаўляць будзе камандзір. Ганарова!

На пачатку ж снежня і немцы вырашылі, што з партызанамі трэба разбірацца ўсур'ёз. У Капыль, Нясвіж, Слуцк пачалі прыбываць нямецкія салдаты і паліцаі. І хоць аперацыю трымалі ў сакрэце, партызаны разумелі, што немцы іх не пакінуць у спакоі. Але паразважалі, што сярод зімы, у завеі ў пушчу не сунуцца.

А ў Нясвіжы, у нямецкім гарнізоне працаваў перакладчыкам немчык - Рэхант. Некалі Радзівілы запрасілі яго бацьку працаваць па догляду маладога парку, які пасадзіла вакол замка жонка Радзівіла Генрыха - Марыя Дарота дэ Кастэлян.

Шмат саджанцаў прывезлі тады з Берлінскіх школак-пітомнікаў. Тады прыехаў і бацька Рэханта, немец з Берліна, каб навучыць мясцовых садаводаў даглядаць пасадкі.

Перад самай вайной бацькі Рэханта вярнуліся ў Германію, а немчык застаўся. Чаму, мне гэта невядома. Калі прыйшлі фашысты, Рэхант пайшоў працаваць перакладчыкам у гміну. Але, відаць, нешта заляцела ў душу хлопца ад гэтай зямлі, ад гэтых тутэйшых людзей. Дзе на самай справе ён адчуў Радзіму? Відаць тут. І таму, атрымаўшы звесткі, што восем батальёнаў карнікаў пачалі абходзіць размяшчэнне брыгады партызан з трох бакоў, занялі навакольныя сёлы Пясочнае, Касцюшы, Восава і вось-вось начнуць наступ, Рэхант пачаў шукаць, праз каго перадаць партызанам гэтыя звесткі. Ён выязджае з камандай СС у Пясочнае, дзе гітлераўцы спрабавалі сярод мясцовых жыхароў знайсці праваднікоў праз незамярзаючыя балоты ў Лаўскі лес. Нейкім чынам Рэхант перадае свае звесткі тамашнім людзям, а тыя - бацькам Янькі.

Дзяўчына прымярала вясельную белую сукенку, калі пачула размову аб наступленні немцаў. Накінуўшы чорнае плюшавае паўпаліто, яна, не зважаючы на матчын енк, кінулася бегчы ў Лавы. Не ведала Янька, што ўжо ўсе дарогі заняты фашыстамі, а па ўскрайках пушчы стаяць паліцаі з сабакамі. Адна думка вяла дзяўчыну - папярэдзіць! папярэдзіць! Яна спадзявалася прабрацца ў сяло сцяжынкай, праз балота абапал Кляцішч.

Цяжка дыхаючы, Янька з жалем агледзела брудны ніз карункаў на вясельнай спадніцы і, цясней абматаўшы голаву матчынай хусткай, збочыла ў хмызняк каля дарогі.

І тут з'явіліся яны. Як яна не пачула гэтую матацыклетку?! Можа яны сядзелі ў засадзе?..

Дзяўчыну нават не пыталі, куды яна бяжыць. Тоўсты немец тузануў яе за адзенне і шпурнуў на лазовы куст. Двое другіх рагаталі:

- Partizanen schwein!

Янька ўжо не адчувала ні холаду ад мёрзлай зямлі, ні бачыла, як насоўваецца над пушчай ноч. Яе шчаслівая вясельная ноч! Яна ўжо не адчувала нічога.

А з неба з ледзяным спакоем глядзела на грэшную зямлю далёкая бліскучая зорка.

Наступленне на партызан немцы пачалі на прысвятку. У наступ ішлі не толькі нямецкія салдаты, але і танкі, бранявікі.

Асабліва цяжка было байцам-партызанам трымаць фашыстаў у кірунку Лаваў, дзе быў партызанскі шпіталь. Асноўны атрад з цяжкасцю адбіваўся ад нечаканага штурму, і камандзір арганізоўваў эвакуацыю шпіталя.

Патрэбна было затрымаць немцаў хаця б на тры гадзіны.

У засаду, супраць некалькіх соцень узброеных да зубоў немцаў, ісці вызваўся звяз самых маладых, адчайных хлопцаў пад началам Вінцуся. Іх было васямнаццаць, і амаль усім ім было таксама васямнаццаць гадочкаў. Заселі хлопчыкі на Кляцішчанскім пагосце, дзе стаяла старая каплічка.

Старыя людзі гаварылі, што некалі было тут старадаўняе капішча. Вось тут, на гэтым пятачку, зарослым старымі дрэвамі, сярод чыстага поля, партызаны адбілі некалькі атак фашыстаў. Кажуць людзі, палажылі германца шмат, але канчаліся боепрыпасы. Вінцусь паслаў аднаго з хлопцаў па дапамогу. А сам падняў партызан у рукапашны бой. Калі дранцвеючымі рукамі біў штыком у ненавісныя морды захопнікаў, краем вока зглядзеў, што разам з хлопцамі ў бой пайшлі ваўкі. Белы Уладар прывеў зграю бяссмяротных. Яны моўчкі стаялі поплеч з партызанамі! Яны рвалі зубамі фашысцкіх нелюдзяў! І кулі нямецкія не бралі бессмяротных продкаў.

Шпіталь выратавалі.

Хлопцы са звяза Вінцуся паляглі ў гэтым баі. Усе! Але, баяць людзі, калі скончыўся бой, белы Уладар адводзіў у бок старога капішча праз поле сваю неўміручую зграю, і стала яна на васямнаццаць галоў большая.

Стары змоўк. Прыкурыў яшчэ адну цыгарку, павярнуўся да скамянелай жанчыны:

- Тым хлопцам, што пайшоў па дапамогу, быў мой бацька. А з тых часоў у нашых мясцінах на ваўкоў не палююць.

Ён устаў, пагрукатаў ялавымі ботам і па прыступках тэрасы, аглядзеў цёмны абшар:

- Згубілі хлопцаў, ды гэтакіх хлопцаў!

Расправіў спіну :

- Трасца іх матары!

- Божа мой! - толькі і змагла прамовіць яна.

Ён ізноў прыязна пакасіў на яе вокам і дадаў:

- Янька з той пары ў гэтыя снежаньскія дні з'яўляецца ў нашых мясцінах.

Асабліва на той развілцы, дзе яе замучылі.

Кажуць людзі, што яе бачылі.

А Белы Уладар з таварышамі таксама рыскае ў гадавіну бою партызан. Вартуе неўміручая зграя ад навалачы сваю зямлю. А як жа!

У пушчы, недзе далёка пачуўся стрэкат кулямётнай чаргі, яму падтаквала воўчае выццё.

Дзедава цыгарка ўжо свяцілася на дварэ.

- Пачакайце! - яна махнула дзеду рукой. - А што гэта за база насупраць? Паляўнічыя?

- Няма тут нікога. Пушча вакол.

Капыльскія лясы добра зберагалі свае таямніцы. Над зямлёй гучала рэха памяці.

У хаце было цёпла, гаманілі, вялі свецкую размову госці. Шкляныя мёртвыя вочы воўка на більярдзе з пагардай сачылі за чалавечым тлумам.

Варочаліся дадому яны за поўнач. Выехаўшы на добрую дарогу, муж задуменна паглядзеў на цёмнае поле, далёкі лес і прамовіў:

- А гэты сабака выратаваў нам жыццё, - і ціха дадаў: - Калі гэта быў сабака.

Яна не адазвалася.

Як і тысячы, мільёны гадоў назад жанчына ціха сядзела побач са сваім мужчынам, і перад імі адкрывалася высокае зорнае неба.

Гэтак жа, як і перад яе продкамі, перад ёю халодным спакоем ззяла далёкая яскравая Зорка Венера.

Зорка таямніча глядзела на Зямлю, на жыццё, на людзей, на іх войны, на каханне, на працу і прыгажосць, на іх адданасць, гонар.

Хто мы? Аб тым ведае толькі Маці-Зямля, якая верціць гэтае кола гісторыі роду чалавечага.

Зоя Кулік


Другі міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў прайшоў на Глыбоччыне

Сёлета ў "Дударскім рэі" прымаюць удзел дудары з Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Латвіі, Партугаліі ды з рэгіёнаў Беларусі. Адкрыццё фэсту адбылося ў Алеі славутых землякоў, потым ён перамясціўся на радзіму Ігната Буйніцкага ў Празарокі. Першы дзень свята скончыўся канцэртам дудароў у санаторна-курортным комплексе "Пліса". Паводле аднаго з арганізатараў фэсту і яго вядоўца Віталя Воранава, у гэтым годзе ў праграме пакінулі найлепшыя напрацоўкі з мінулага года і дадалі новыя.

- З новага - у нас неспадзяваныя госці з суседніх рэгіёнаў - з Лепельшчыны. Да таго ж у нас яшчэ дададуцца танцы. Будзем вучыць танчыць розныя традыцыйныя беларускія танцы. Асноўны ўхіл нашага фэсту і адрозненне ад іншых дударскіх фэстаў гэта тое, што мы займаемся выключна этнічнай музыкай. Гэта жывы беларускі фальклор і фальклор рэгіёнаў тых калектываў і музыкаў, якія прыязджаюць да нас.

У межах фэсту плануюцца выставы выцінанкі, славацкіх дудаў ХХІ стагоддзя. А таксама шэсце і гала-канцэрт дудароў. Падчас канцэрту кожны ахвотны зможа навучыцца старадаўнім беларускім танцам пад гукі лепельскай дуды. У Беларусі самымі старажытнымі дудамі лічацца менавіта глыбоцкая і лепельская.

Таццяна Смоткіна. Фота аўтаркі.


Помнім і шануем

(На Дзятлаўшчыне набліжаецца да фінішу месячнік памяці Віктара Шымука)

2018 год - год малой радзімы. Для нашай Дзятлаўшчыны ён адметны яшчэ і шматлікімі юбілеямі.

520 гадоў таму назад у пісьмовых крыніцах была першая згадка пра Дзятлава. Вялікі князь літоўскі Аляксандр за заслугі перад дзяржавай падараваў паселішча Зецела (Дзятлава) з воласцю гетману найвышэйшаму ВКЛ Канстанціну Іванавічу Астрожскаму з правам заснавання мястэчка і пабудовы драўлянага замка.

Пад цэнтр будучага горада К.І. Астрожскі выдзяліў зямлю на развілцы дарог са Слоніма на Вільню і Наваградак. Месца бойкае, на гандлёвых шляхах, таму паселішча імкліва расло, набывала вядомасць у рамеснікаў і гандляроў. З цягам часу мяняліся ўладальнікі гэтых зямель - Астрожскія, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы, Солтаны. Вядомыя і найбагацейшыя магнаты тагачаснай дзяржавы. Кожны з іх стараўся зрабіць нешта добрае і пакінуць памяць пра сябе. К.І. Астрожскі, побач з замкам, збудаваў праваслаўную царкву. К.Л. Сапега (сын знакамітага Льва Сапегі) фундаваў будоўлю велічнага мураванага касцёла на рыначнай плошчы. Радзівілы - двухпавярховы раскошны палац у барочна-ракайльным стылі, Солтаны адзначыліся актыўным удзелам у паўстанні 1830-31 гг.

За 520 гадоў сваёй гісторыі наша зямля ўзгадавала сотні таленавітых асоб. Тут нарадзіўся і жыў Крыштаф Удальрык Радзівіл (1712-1763), пісьменнік, які пакінуў пасля сябе даволі значную літаратурную спадчыну. Ён спрабаваў увесці ў прыдворных тэатрах беларускую мову.

Праславіў Дзятлава і Тамаш Жаброўскі (1714-1758), прафесар Віленскага ўніверсітэта, беларуска-літоўскі асветнік, матэматык, астраном, архітэктар.

Дзятлаўшчына натхняла польскамоўнага паэта з Жукоўшчыны Раймонда Корсака (1768-1817). Жнівень гэтага года будзе юбілейным для яго - 250 гадоў з дня нараджэння.

З Дзятлавам звязаны лёс і сусветна вядомага вучонага, філамата, сябра Адама Міцкевіча, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі (1802-1889), які неаднаразова бываў тут, а напрыканцы свайго жыцця жыў некалькі гадоў у сядзібе свайго дзядзькі ў фальварку Жыбуртоўшчына на паўночна-заходняй ускраіне горада.

Яшчэ адзін Ігнат - Ігнат Сымонавіч Дварчанін (1995-1937), родам з в. Погіры, што побач з Дзятлавам, вучоны, доктар філасофіі, пісьменнік, палітык, грамадскі дзеяч, праславіў наш край не толькі навуковымі працамі, але і нястомным змаганнем за лепшае жыццё, за свабоду беларускага народа, за яго родную мову.

У 2-30 -я гады ХХ стагоддзя актыўна гучаў голас у барацьбе за лепшую долю, за "годнасць людзьмі звацца" і сялянскіх паэтаў-змагароў А.К. Бяленкі з Труханавіч і І.П. Івашэвіча, І.І. Пышко, А.М. Лебедзева з в. Зачэпічы "гнязда" паэтаў.

А якія ў іх былі гучныя псеўданімы! Міхась Скобла прыраўняў іх да радка з песні, з заклікам: "Граніт", "Прамень", "Струмень"!

Родам з нашай Дзятлаўшчыны і Сяргей Хмара і Віталь Губарэвіч, ды дзясяткі іншых знакамітых навукоўцаў, палітыкаў, вайскоўцаў, мастакоў, дзеячоў культуры.

2018 год стаўся юбілейным для Міколы Грышана, Віктара Шымука і Вячаслава Адамчыка. Гэта нашыя паэты і пісьменнікі другой паловы ХХ стагоддзя. Сёлета ім было б па 85. Іхні зямны шлях завершаны, але навечна засталося напісанае імі.

Зусім нядаўна высілкамі супрацоўнікаў Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея і грамадскіх актывістаў было арганізавана мерапрыемства ў гонар Мікалая Паўлавіча Грышана, першага старшыні раённай суполкі ТБМ, былога настаўніка роднай мовы, паэта. (Леанарда Юргілевіч пісала пра падзею ў артыкуле "І ружы, і калючкі Міколы Грышана", "Народная Воля" за 16 сакавіка 2018 г.)

4 красавіка раённай бібліятэкай была падрыхтавана і праведзена вечарына памяці Віктара Шымука, пісьменніка, журналіста, намесніка галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных перадач беларускага радыё. В. Шымук нарадзіўся 2 красавіка 1933 года ў беднай сялянскай сям'і ў в. Змяёўцы, што за 3 км ад Дзятлава. Яго дзяцінства і юнацтва цесна звязана з нашым горадам. Тут ён вучыўся ў школе, тут у рэдакцыі мясцовай газеты пачынаў працоўную дзейнасць, тут з-пад яго пяра пабачылі свет першыя вершы.

Бібліятэкары Вольга Бойка і Ганна Вянско падабралі багатую выставу твораў Віктара Шымука, аповяд пра жыццёвы шлях слыннага земляка падмацоўвалі відэа-ролікамі, фотаздымкамі і адмысловай музыкай.

Беларускімі песнямі, у тым ліку і на словы юбіляра, цешылі Ганна Харлінская і вучаніца Гезгалаўскай СШ Ксенія Шыкуць.

Алена Абрамчык прысвяціла паэту свой верш, які быў сустрэты дружнымі воплескамі. В. Шымук у свой час супрацоўнічаў з часопісам "Вожык" і пакінуў у спадчыну шмат твораў, у якіх выкрываў і высмейваў заганы і недахопы грамадства. Асабліва даставалася п'яніцам, гультаям, пустасловам, аматарам лёгкага хлеба. Адзін з такіх вершаў "Зяць і цешча" па-мастацку прадэманстравала Наталля Бадзяка.

Апошнім узяў слова аўтар гэтых радкоў, які прыгадаў два эпізоды сустрэч з В. Шымуком, прачытаў яшчэ адзін яго верш-жарт "Смелы заяц" і прапанаваў падтрымаць ідэю аб увекавечанні памяці знакамітага земляка мемарыяльнай шыльдай на будынку рэдакцыі газеты "Перамога". Рэдакцыя знаходзіцца на адной з галоўных вуліц Дзятлава, побач з будынкам райвыканкама і гімназіі. Месца шматлюднае. Мемарыяльная шыльда тут штодзённа будзе напамінаць вучням і дарослым пра сціплага, таленавітага, улюбёнага ў сваю малую радзіму земляка, якога даўно няма сярод нас, але засталіся яго вершы, апавяданні, жарты пра нашых людзей, пра нашую прыроду, пра нашыя лясы, азёры і рэкі, пра нашую Дзятлаўшчыну.

Віктар Шымук памёр 18 верасня 1998 года. На вечны спачын прыняла яго родная Дзятлаўская зямля. Яго магіла на гарадскім цвінтары, пад апекай мясцовых гімназістаў, заўсёды дагледжаная, заўсёды з кветкамі.

Імпрэза ў раённай бібліятэцы была толькі стартам месячніка гэтага нашага творцы.

9 красавіка па запрашэнні шматгадовай кіраўніцы школьнага патрыятычнага клуба "Спадчына" Наталлі Ляўкевіч у Дварэцкую СШ на расшыранае паседжанне клуба, прысвечанае памяці В. Шымука, прыехалі даследчык літаратуры, краязнавец, пісьменнік Сяргей Чыгрын са Слоніма, журналіст, бард Зміцер Бартосік з Менска, прадстаўніца грамадскай арганізацыі "Будзьма беларусамі" Анастасія Комлік-Ямаціна і ваш пакорны служка, краязнавец Валерый Петрыкевіч. У актавай зале пасля ўрокаў сабраліся амаль усе вучні 7-11-х класаў і настаўнікі. Н. Ляўкевіч сумесна з актывістамі клуба "Спадчына" аформіла вялікі і прыгожы стэнд з фотаздымкамі, аўтабіяграфіяй, вершамі В. Шымука, прысвечанымі Дзятлаўшчыне. Гэты стэнд да канца навучальнага года будзе напамінаць вучням пра таленавітага земляка.

Сяргей Чыгрын з асабістай бібліятэкі прывёз і паказаў вялікую падборку твораў паэта. Успомніў цікавыя факты з жыцця В. Шымука. Зміцер Бартосік праспяваў некалькі беларускіх песень, цёпла ўспрынятых аўдыторыяй. Анастасія Комлік-Ямаціна правяла вельмі цікавую інтэрактыўную моўную віктарыну, якая зацікавіла не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Ніводзін правільны адказ не застаўся без узнагароды, а гэта былі наборы паштовак, закладкі для кніг, каляндарыкі, значкі да 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання. На завяршэнне госці падарылі для школьнай бібліятэкі некалькі кніг і часопісаў, у тым ліку і з аўтографамі аўтараў.

Больш за гадзіну доўжылася мерапрыемства, а прысутныя не хацелі разыходзіцца. Нагадаю, што дзея адбывалася пасля шасці ўрокаў, а на дварэ ў гэты дзень было па-летняму сонечна і цёпла. Вывад просты: сустрэча цікавая, карысная, запамінальная і актуальная для года малой радзімы. На развітанне дзеці прасілі прыязджаць да іх часцей.

За арганізацыю гэтай імпрэзы хочацца шчыра падзякаваць дырэктару школы Аляксандру Белавусу, кіраўніцы клуба "Спадчына"! Наталлі Ляўкаевіч і ўсяму калектыву настаўнікаў і вучняў Дварэцкай СШ.

У пятніцу, 13 красавіка, ушанаванне В. Шымука адбылося ў Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі. Супрацоўнікамі гэтай установы Дзінарай Харошка і Аленай Абрамчык было падрыхтавана мерапрыемства, на якое запрасілі мясцовых паэтаў, краязнаўцаў і вучняў старэйшых класаў гімназіі і сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава.

У прыгожай выставачнай зале музея з галерэяй партрэтаў знакамітых дзятлаўчан, якія намаляваў і падарыў музею наш вядомы сябар Саюза мастакоў Беларусі, кераміст Мікалай Несцярэўскі, сабралася больш за 60 чалавек.

Цікавы аповед пра жыццё В. Шымука зноў падмацаваўся відэаролікамі і фотаздымкамі. Прысутныя ўспаміналі сустрэчы з паэтам.

Алена Абрамчык распавяла, як хавалі творцу на могілках у Дзятлаве і прачытала верш, які быў напісаны ёй на развітанне, падчас пахавання В. Шымука.

Вучнямі гімназіі Маркавай Марыяй, Мазурэвіч Насцяй, Ёдаам Мікітам, Ломацем Аляксеем дэкламаваліся вершы нашага земляка, а 11-ці класніца Ганна Пінчук задушэўна, пад гітару, праспявала некалькі песень, у тым ліку і на словы юбіляра.

Свой верш, прысвечаны слыннаму земляку прачытаў і наш найстарэйшы паэт, былы настаўнік геаграфіі, апантаны пчаляр Георгій Шундрык.

Ушаноўвалі і ўспаміналі добрым словам Віктара Шымука і ў некаторых сельскіх бібліятэках раёна, на класных гадзінах у старэйшых класах многіх школ. Да канца красавіка мелі правесці такія класныя гадзіны ў астатніх навучальных установах.

Хочацца верыць, што памяць аб нашых слынных земляках будзе жыць на іх роднай зямлі яшчэ доўгія гады. Ды і ўспамінаць мы іх будзем не толькі падчас юбілеяў.

Валерый Петрыкевіч, краязнавец, настаўнік-пенсіянер.


Вершы для маленькіх дзетак

Буквар - літар нашых уладар

Кніжка гэта, дзеткі,

букваром завецца,

так Сматрыцкі Мялецій

яе назваў, здаецца.

Літары ўвабраў

усе ў сябе буквар:

складай з іх слоўцы,

маленькі спадар.

Што пачуў ад мамы,

слоўцы беларускія:

пра маму, тату, Радзіму, дом,

рэчку, качку, гуску.

Як вырасцеш, то і ты

свет праз літары пазнаеш,

мо з імі ў космас паляціш,

а мо песні заспяваеш.

Шануй жа, дружа,

свой буквар -

бо ён - усіх літар уладар!

Дзед з унукам - рыбакі

Дзед з унукам вудзяць рыбу

На беразе ракі Дзвіны.

У дзядулі клюнула ўжо нібы,

Але ж старога адалелі сны.

Унук падбег і тузіць дзеда:

"Дзядуля, клюе! Прачынайся!

Не зварыць бабуля нам абеду,

Не злавілі мы

для юшкі карася".

"Глядзі, унучак,

і ў цябе клюе нібыта вунь",

Покуль дабег да вуды ўнучак,

З'еў чарвячка

пражэрлівы акунь.

Вось дзед з унукам так лавілі,

Не шанцавала штосьці ім,

Больш навакольны

свет смяшылі,

Рыбак старэнькі ды з малым.

* * *

Са слоўцамі я часта

ў хованкі гуляю,

шукаю іх паўсюль,

дзе толькі знаю:

у лазе, і ў капусце,

на беразе рэчкі,

на полі ў канюшыне,

дзе пасвяцца авечкі.

А слоўцы-гарэзы

ад мяне хаваюцца:

галоўкі пакажуць,

ды туманом накрываюцца.

Не хавайцеся слоўцы -

я ж вас адшукаю,

анікуды не дзенецеся

з нашага краю!

Надакучыла зімка

Надакучыла зімка -

Маразы ды завірухі,

Далягляд з туманам-дымкай,

Ды жыццё ў кажусе.

Уцякай, мароз-дзядуля,

Досыць дзетак халадзіць,

У лес руш да Ягі-бабулі,

Вясну-унучку час будзіць!

Мар'ян Даргель, Віцебск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX