Папярэдняя старонка: 2018

№ 21 (1380) 


Дадана: 23-05-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1380), 23 траўня 2018 г.


Ноч музеяў у Паўночных Афінах

Па ўсёй краіне 19 траўня прайшлі акцыі Міжнароднай ночы музеяў.

оч музеяў"прайшла і ў Залессі на Смаргоншчыне. Упершыню музей-сядзіба М.К. Агінскага сабрала сваіх сяброў менавіта ўначы: праграма доўжылася да 3 гадзін раніцы, а распачалося мерапрыемства на адноўленых мастах ля возера. Адной з цікавостак "Ночы музеяў" стала прэзентацыя выставачнага праекта Пятра Карвэцкага "Гісторыя роду Агінскіх у дакументах", падчас якой былі прадстаўлены копіі дакументаў з асабістай калекцыі аматара гісторыі, падарожніка і краязнаўцы.

Спадар Карвэцкі жыве ў Польшчы, ля Варшавы, але ўжо больш за 10 год цікавіцца Беларуссю, гісторыяй свайго роду і гісторыяй Смаргоншчыны.

- Увесь мой род па лініі бацькі паходзіць з Беларусі, з вёскі Асіпаны (былы Ашмянскі павет) на Смаргоншчыне. Пасля Другой сусветнай вайны, у 1945 годзе, бацька пераехаў у Польшчу. Гэта былі няпростыя, цяжкія часы… Пра многія рэчы не прынята было гаварыць. І ў мяне не было часу, каб распытаць бацьку пра гісторыю сям'і: яго не стала, калі мне было толькі 6 год… Прайшло шмат год, я сам прыехаў у Асіпаны - знайшоў родных, убачыў магілы продкаў, мне гэтага было мала… Пачаў шукаць звесткі ў архівах (Менск, Гародня, Вільня, Пскоў, Санкт-Пецярбург), каб ведаць гісторыю свайго роду ды перадаць яе сваім - ужо дарослым - дзецям. Пачаў цікавіцца нашымі каранямі - пачаў цікавіцца гісторыяй Смаргоншчыны і ўвогуле беларускай зямлі - тых мясцінаў, дзе 400 год жылі мае продкі. Так нарадзілася маё захапленне калекцыянаваннем і краязнаўствам. Гісторыя - маё жыццё цяпер!

Крыху пазней Пётр Карвэцкі зацікавіўся і гісторыяй роду князёў Агінскіх.

- Агінскі - знакавая асоба для гэтай зямлі, ёсць версія, што менавіта ён аўтар польскага гімна "Мазурка Дамброўскага" - я не мог ёй не захапіцца. Пачаў набываць дакументы, звязаныя з Міхалам Клеафасам і родам Агінскіх, калекцыянаваць іх. Залессе, Смаргоншчына - месца сімвалічнае. Я гляджу на гэтую зямлю і адчуваю гісторыю Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага… Яшчэ адно маё захапленне - падарожжы. Аднойчы ў гарах Албаніі мы з жонкай прыпыніліся ля старога касцёла, рыхтавалі ежу і слухалі музыку Агінскага. Побач сталі галандцы, і мы з імі цудоўна паразмаўлялі. Дарога заўжды дорыць сустрэчы з цікавымі людзьмі.

оч музеяў" у Залессі была дапоўнена музычным салонам у летняй аранжарэі маёнтка і майстар-класам па танцах 19 ст., які з унутранага дворыка быў перанесены ў сцены палаца: пахаладанне скарэктавала планы музейшчыкаў.

Дар'я Ліс, для Беларускага радыё Рацыя, Смаргонскі раён. Фота аўтара.


Уладзіміру Карызну - 80

Уладзімір Іванавіч КАРЫЗНА (25 траўня 1938, в. Закружка, Менскі раён) - беларускі паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961-1967), у гэты час узначальваў літаратурнае аб'яднанне пры раённай газеце "Браслаўская звязда". Пазней рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё (1967-1980), рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя" (1980-1981), старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва "Юнацтва" (1981-2001), намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Крыніца" (2002).


Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета "Чырвоная змена"). Аўтар зборнікаў паэзіі "Край мой сінявокі" (1963), "Жураўліны досвітак" (1969), "Святло ліўня" (вершы і паэма, 1972), "Цеплыня" (паэма, вершы, песні, 1977), "Цішыня баразны" (вершы і паэма, 1981), "Шумяць вербы" (вершы, песні, 1982), "Музыка ў свеце" (1985), "Расколіна на Звоне Свабоды" (1986), "Душы разгуканай мелодыя" (вершы, паэмы, песні, 1988), "Хвіліна святла" (Выбранае, 2003), "Доля Русь наша Белая" (выбранае ў серыі "Беларускае паэзія ХХІ стагоддзя", 2007).

Аўтар кніжак вершаў для дзяцей "На сяле ў бабулі" (1975), "Кыонг і яго сябры" (1982), "Малююць дзеці" (з А. Вольскім, 1984), "Зямля - два паўшар'і" (1988), "Мір і сонейка для ўсіх" (1990).

Больш за двухсот вершаў пакладзена на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі. З Карызнам супрацоўнічалі Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна-малодшы. Выдадзены зборнікі песень "Клубныя вечары" (1979), "Люблю цябе, Белая Русь" (1984), "Салавей спявае" (1990).

Пераклаў зборнік вершаў А. Матуціса "Мамін пірог" (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі "Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР".

Аўтар слоў да гімна Беларусі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996).

Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002).

Лаўрэат літаратурнай прэміі "Залаты купідон" (2007).

Вікіпедыя.


Дыктоўка па беларускай мове ад "Лідскага піва"

2 чэрвеня ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы ў другі раз пройдзе "Агульная дыктоўка". Праверыць сваю пісьменнасць і напісаць дыктоўку па беларускай мове змогуць усе ахвочыя. Ідэйным арганізатарам мерапрыемства зноў выступіла ААТ "Лідскае піва".

- "Лідскае піва" працягвае падтрымліваць развіццё беларускай мовы. З дапамогай гэтага адукацыйнага праекта, які сабраў у мінулым годзе больш за 170 чалавек, у тым ліку з рэгіёнаў, мы імкнемся натхняць людзей пашыраць ужыванне беларускай мовы, бачыць яе прыгажосць і натхняцца ёю. У гэтым годзе "Агульная дыктоўка" набывае статус нацыянальнай. Для ўсіх, хто захоча праверыць свае веды па беларускай мове, акрамя інтэрнет-трансляцыі будзе арганізавана трансляцыя на Першым канале Нацыянальнага радыё, - сказала менеджар па карпаратыўных камунікацыях ААТ "Лiдскае пiва" Наталля Яфімкіна.

Што трэба для ўдзелу?

1. Зарэгістравацца на сайце lidskae.by.

2. Прыйсці не пазней за 11.30 у Нацыянальную бібліятэку Беларусі (уваход з боку рэстарана "Явар" (раней - "Мегаполіс"), 2-гі паверх), пр-т Незалежнасці, 116.

3. Альбо падключыцца да Першага канала Нацыянальнага радыё або інтэрнэт-трансляцыі дома.

Дыктоўка пачнецца ў 12.20 і працягнецца да 13:20. Тэкст абраны адмыслова да 400-годдзя першага беларускага буквара. Чытаць яго будзе Руся - cпявачка, акторка беларускага дубляжу, "голас беларускай чыгункі", трэнерка па пастаноўцы голасу.

Пасля дыктоўкі ўдзельнікаў чакае спецыяльная зона, дзе можна будзе пагуляць у беларускія настольныя гульні і сфатаграфавацца.

Працы мінчан правераць прафесійныя філолагі. Вынікі стануць вядомыя на працягу 5-цi рабочых дзён. Усе ўдзельнікі атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты аб удзеле ў дыктоўцы. Арыгінал тэксту будзе выкладзены на сайце.

Чакаем вас на "Агульнай дыктоўцы"!

2 чэрвеня 2018 года -

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (уваход з боку рэстарана "Явар", 2-гі паверх), пр-т Незалежнасці, 116.

Праграма мерапрыемства:

11.30 - 12.00 - рэгістрацыя ўдзельнікаў;

12.00 - 12.20 - урачыстае адкрыццё;

12.20 - 13.20 - напісанне дыктоўкі.


Аб развіцці Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту

Старшыні грамадскага аб'яднання

Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Анісім А.М.

Аб развіцці Беларускага дзяржаўнага музея

народнай архітэктуры і побыту

Паважаная Алена Мікалаеўна!

У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 красавіка 2018 г. № 10/535-22 Міністэрствам культуры разгледжаны зварот грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб развіцці Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту (далей - Музей). Па выніках разгляду звароту паведамляем наступнае.

Музей, які заснаваны ў 1976 г. у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 9 снежня 1976 г. № 347, захоўвае і дэманструе пад адкрытым небам у натуральным прыродным асяроддзі традыцыйныя помнікі беларускага драўлянага дойлідства і прадметы сялянскага побыту і промыслаў.

На тэрыторыю музея ў 80-я гады XX стагоддзя былі перавезены 28 помнікаў архітэктуры. Абмежаванасць фінансавання аб'екта ў 90-х гадах XX ст. не дазволіла цалкам адлюстраваць на мясцовасці шэсць этнаграфічных зон Беларусі і аднавіць усе помнікі архітэктуры (з 28 аб'ектаў 7 помнікаў з'яўляліся аб'ектамі незавершанай рэстаўрацыі). На сённяшні час у Музеі для экспанавання адчынены тры экспазіцыйныя сектары: "Цэнтральная Беларусь", "Падняпроўе" і "Паазер'е".

У перыяд да 2014 г. рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на помніках не праводзіліся, выконваліся толькі работы па бягучаму рамонту.

За перыяд работы Музея страчаны толькі адзін аб'ект. Помнік архітэктуры "Адрына з в. Левановічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Рэканструкцыя 1986 г." у маі 2015 г. згарэў ад удару маланкі. У архіве музея захоўваецца праектная дакументацыя, на падставе якой помнік будзе адноўлены.

За перыяд 2014-2018 гг. рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы выкананы на трох гісторыка-культурных каштоўнасцях: каплічка з в. Каралеўцы Вілейскага раёна, царква з в. Барань Аршанскага раёна і ветраны млын з в. Зелянец Хоцімскага раёна.

У бягучым годзе праводзяцца работы па карэкціроўцы праектна - каштарыснай дакументацыі на рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на помніку архітэктуры "Хутар з в. Цімошкава Міёрскага раёна" (будаўнічыя работы запланаваны на 2019 г.), распрацоўцы праектнай дакументацыі па ўладкаванні сістэмы відэаназірання на экспазіцыйных сектарах і ў гаспадарчай зоне, работы па аднаўленні іканастаса XVIII ст. у помніку "Праабражэнская царква з в. Барань Аршанскага раёна".

Трэба адзначыць, што Горадабудаўнічым праектам арганізацыі і забудовы тэрыторыі Музея, які зацверджаны рашэннем Мінскага райвыканкама ад 12 студзеня 2015 г. № 115 "Об утверждении градостроительного проекта", прадугледжана развіццё шэрагу экспазіцыйных сектароў, у тым ліку сектараў "Заходняе Палессе", "Усходняе Палессе", "Панямонне". Дакументальная база для стварэння дадзеных экспазіцыйных сектараў маецца ў Музеі ў выглядзе праектнай дакументацыі па шэрагу помнікаў, а таксама дакументальнага апісання амаль дзясятка вясковых сядзібаў з гэтых рэгіёнаў.

Улічваючы, што для ажыццяўлення гэтага праекта патрабуецца пэўны час і фінансавыя ўкладанні, завяршэнне работ па стварэнні пастаяннай экспазіцыі Музея да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года не ўяўляецца магчымым.

Згодна з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, канцэпцыя развіцця Музея, якая зараз распрацоўваецца, будзе накіравана, у першую чаргу, на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны і нацыянальных каштоўнасцей Беларусі, арыентавана на беларускага спажыўца, а таксама на актыўнае ўключэнне Музея ў турыстычны абарот.

Дадзены адказ можа быць абскарджаны ў парадку, вызначаным артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Об обращениях граждан и юридических лиц"

Намеснік Міністра А.А. Яцко.


"Беларускае пяціборства" - ужо і ў Асіповіцкім раёне

Кожны год школьнікі нашай краіны, пачынаючы ўжо з 4-га класа, уключаюцца ў алімпіядныя спаброніцтвы па тых прадметах вучэбнага плана, у якіх яны дасягнулі найлепшых вынікаў. Усё гэта добра. Але ж… У жыцці кожнаму з нас патрэбны шырокі спектр ведаў у розных галінах. А спаборніцтвы, якія выяўлялі б веды вучняў па многіх прадметах адначасова, пакуль што не праводзяцца. І таму Магілёўскае абласное таварыства беларускай мовы шмат год таму вырашыла падчас абласных алімпіяд школьнікаў, што праводзяцца ў студзені, арганізаваць спаборніцтва па пяці важнейшых прадметах школьнай праграмы. А менавіта: па матэматыцы, беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, прыродазнаўстве, куды ўключаецца адзін з наступных прадметаў: фізіка, хімія, біялогія, геаграфія. Ужо само па сабе такое спаборніцтва выклікае цікаўнасць у многіх вучняў. А тут яшчэ пяціборства называецца беларускім. А гэта азначае, што вучні павінны даваць адказы на заданні па-беларуску. І гэта таксама ацэньваецца баламі, што дадаюцца да атрыманых па іншых прадметах.

Магілёўскае абласное ТБМ пад кіраўніцтвам Міхася Булавацкага на базе МДУ правяло ўжо сямнаццаць спаборніцтваў, у якіх прымалі ўдзел і асіповіцкія вучні з гімназіі (Шухава Н., Аляксандраў І.), Дараганаўскай СШ (Гарох С., Сітнік К.) і займалі месцы ў першай дзясятцы. Сёлета, напрыклад, Гарох С. заняў прызавое ІІ месца.

На жаль, афіцыйныя органы адукацыі чамусьці не падхапілі цікавую ініцыятыву. Таму Асіповіцкая арганізацыя ГА ТБМ імя Ф. Скарыны вырашыла паспрабаваць правесці падобнае спаборніцтва ў адной са школ раёна. Выбар прыйшоўся на Дараганаўскую СШ, і мерапрыемства было праведзена ў рамках тыдня беларускай мовы. Яно паказала даволі вялікую зацікаўленасць вучняў да гэтых спаборніцтваў, а таксама хібы ў іх ведах. Адначасова з'явілася стымулятарам да здаровай канкурэнцыі, павышэння ўзроўню выкладання ўсіх дысцыплін школьнай праграмы. Пераможцы атрымалі ўзнагароды ад таварыства.

Ёсць спадзяванне, што гэтае пяціборства прыжывецца ў дадзенай школе. І не толькі. Не бачу ніякіх перашкодаў, каб пераняць такі від інтэлектуальнага спаборніцтва ва ўсіх зацікаўленых калектывах школ раёна і краіны.

С.Д. Бародзіч, старшыня Асіповіцкай арганізацыі ГА ТБМ.


У Дзятлаве Аляксей Пяткевіч прэзентаваў кнігу аўтографаў

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася першая прэзентацыя новай кнігі пісьменніка і прафесара з Гародні, старшыні Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксея Пяткевіча "Аўтографы - разам". Кніга Аляксея Пяткевіча нядаўна пабачыла свет у гарадзенскім выдавецтве "ЮрСа-Прынт". Кніга ўнікальная і з'яўляецца першым на Гарадзеншчыне выданнем аўтографаў, якія ў розны час на сваіх кнігах пакінулі літаратары, навукоўцы, літаратуразнаўцы і падаравалі Аляксею Пяткевічу. Усе кнігі з аўтографамі захоўваюцца ва ўласнай бібліятэцы гарадзенскага літаратара і педагога. А гэта - кнігі з аўтографамі Васіля Быкава, Петруся Броўкі, Алега Лойкі, Міколы Арочкі, Макара Паслядовіча, Ніла Гілевіча, Кандарата Крапівы, Сяргея Грахоўскага, Івана Мележа, Вячаслава Адамчыка, Анатоля Сербантовіча і дзесяткі іншых вядомых людзей Беларусі. Пра ўсё гэта распавёў Аляксей Пяткевіч і падараваў сваю кнігу Дзятлаўскай бібліятэцы. Ён таксама паведаміў, што прэзентацыя кнігі "Аўтографы - разам" у бліжэйшы час будзе наладжана ў Гародні.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава. Фота аўтара.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

Ад аўтара. За час публікавання (з 09.08.2017 г. па 11.04.2018 г.) антрапанімічных нарысаў "Прозвішчы Беларусі: Новая серыя" з'явілася дадатковая частка даследавання. Яна падаецца як працяг (Частка II). Часам трапляюцца тут і новыя інтэрпрэтацыі разгледжаных онімаў.

1478. Абламейка (Сяргей) - вытвор з фармантам - ейка ад антрапоніма Аблам/ Аблом і значэннем 'нашчадак названай асобы': Абламейка, Абломейка - Абламейка. ФП: аблам ('футра, шкурка з ворсам' (Нас.), 'месца, дзе што-небудзь абламалася') - Аблам, Аблом (мянушка, потым прозвішча) - Абламейка.

1479. Агуновіч (Эдуард) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Агун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Агуновіч. ФП: агун (рэг. ад польск. ogon, які мае некалькі значэнняў: 'хвост', 'чарга (яе хвост)', 'галава' (разм.) (адзінка злічэння жывёлы), (тэатр.) 'выхадная роля' (эпізадычная)) - Агун (мянушка, потым прозвішча) - Агуновіч.

1480. Аксёнчык (Ніна) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Аксён і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Аксёнчык. ФП: Аўксенцій (імя <грэч. 'павялічвацца, узрастаць') - Аксён (народны варыянт, зафіксавны ў 1647 г.) - Аксён (празванне, потым прозвішча) - Аксёнчык.

1481. Аксючыц (Галіна) - другасная форма, першасная Аксютич - вытвор з суфіксам -ич ад антрапоніма Аксюта і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Аксютич - Аксюціч - Аксючыц (перастаноўка гукаў ц-ч). ФП: Ксенія (імя <грэч. xenia 'гасціннасць' або 'іншаземка') - Аксана (укр. разм. ад Ксенія) - Аксюта (памянш.-ласк. суф. - юта) - Аксючыч - Аксючыц (вынік дысіміляцыі: чч > чц).

1482. Амялішка (Міхаіл, Міхась) ад імя Емельян (лац. 'рымскае радавое імя', 'удзельнік спаборніцтва') - Амеля (1539 г.) - Амеля (празванне) - Амелюшка (разм.) - Амялюшка - Амялішка (дысіміляцыя галосных). Або ад імя Амелія (<ст.-герм. 'працавітасць'), яго народна-гутарковай формы з фармантам - ішка (ласк. ці зневаж. семантыка) Амелішка - Амялішка. Ці ад апелятыва амяла ('шматгадовая вечназялёная расліна з белымі атрутнымі ягадамі, якая паразітуе на іншых дрэвах') з фармантам -ішка і семантыкай непахвальнасці. ФП: амяла (расліна) - Амяла (мянушка) - Амяла (прозвішча) - Амялішка.

1483. Амяльчук (Ніна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Амелька і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Амельч(к/ч)ук - Амяльчук. ФП: Амелія (імя <ст.-герм. amal 'працавітасць') - Амелька - Амяльчук.

1484. Анацка (Андрэй) - народная форма кананічнага імя Анань (<ст.-яўр. 'Бог спрыяе') набыла ролю прозвішча.

1485. Анемпадыстаў (Міхаіл) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Анемпадыст і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анемпадыстаў. ФП: Анемпадыст (імя <грэч. anempodistos 'бесперашкодны, вольны, свабодны') - Анемпадыст (празванне, потым прозвішча) - Анемпадыстаў.

1486. Анікейчык (Анатоль) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Анікей з семантыкай 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Анікейчык. ФП: Анікей (імя <грэч. nikа 'перамога') - Анікей - Анікейчык.

1487. Анісім (Алена) - імя Онасим (1528 г.) (грэч. Onаsimos 'карысны') у маўленчай форме Анісім (рус. Онасим, Анисим) набыло функцыю прозвішча (праз ступень празвання).

1488. Анісовіч (Надзея) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Аніс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анісовіч. ФП: Аніс (імя <грэч. onіsis 'карысць') або Анісім (<грэч. 'карысны') - Аніс (прозвішча) - Анісовіч. Або ад апелятыва аніс 'расліна сямейства парасонавых з насеннем, якое мае рэзкі саладкаваты пах'; 'гатунак яблыкаў'.

1489. Анчук (Іван) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Анка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Анкчук - Анчук. ФП: Анна (імя <ст.-яўр. Hanna>hаn 'грацыя, мілавіднасць') - Анка (памянш.-ласк. варыянт, фармант -ка) - Анчук.

1490. Ардынская (Людміла) - вытвор з фармантам - ская ад тапоніма Ардына і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Ардынская. ФП: Арда ('дзяржава-аб'яднанне качавых плямёнаў'; 'племя качэўнікаў', 'войска качэўнікаў' ("Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі, 2013")) - Арда (мянушка, потым прозвішча) - Ардына ('уладанне Арды', суфікс -ына) - Ардынская. Ці форма з прэстыжным фармантам -ынск- ад прозвішча Орда: Ордынская - Ардынская. Або ад апелятыва-прыметніка ардынская 'якая мае дачыненне да арды'. Арда ад цюрк. ordu 'палатка хана'. Форма Орда для адмежавання ад апелятыва арда.

1491. Асмолаў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Асмол і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асмол-аў. ФП: асмол ('смалістая драўніна хвойных парод') - Асмол (мянушка, потым прозвішча) - Асмолаў.

1492. Асмолкавіч (Алег) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Асмолка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асмолкавіч. ФП: асмолка ('смалістая драўніна хвойных парод') - Асмолка (мянушка, пазней прозвішча) - Асмолкавіч.

1493. Асначоў (Віктар) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Аснач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асначоў. ФП: аснач ('плытагон') - Аснач (мянушка, пазней прозвішча) - Асначоў.

1494. Асташэня (Іван) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Астах і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асташ(х/ш)эня. ФП: Яўстафій (імя <грэч. 'устойлівы, ураўнаважаны, моцны, здаровы') - Астап (народны варыянт, 1681 г.) - Асташ (1528 г., празванне, потым прозвішча) - Асташэня.

1495. Атрашэнка (Сяргей) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Атрох і значэннем 'нашчадак названай асобы': Атрохенка - Атраш(х/ш)энка. ФП: Трафім (імя, <грэч. 'выхаванец, гадаванец') - Атрох (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Атрашэнка.

1496. Аўсянікаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Аўсянік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аўсянікаў. ФП: аўсянік ('крылатае насякомае, якое жыве ўсяго некалькі дзён; падзёнка') - Аўсянік (мянушка, потым прозвішча) - Аўсянікаў.

1497. Ашмянцаў (Сяргей) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Ашмянец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ашмянецаў - Ашмянцаў. ФП: Ашмяны (геаграфічная назва) - ашмянец ('жыхар з Ашмянаў') - Ашмянец (празванне, потым прозвішча) - Ашмянцаў.

1498. Багіно (Іосіф) - мажлівая другасная форма ад багіня (рэканструяваная ў форму мужчынскага (агульнага) роду) 'бажаство жаночага полу', а таксама 'пра жанчыну незвычайнай прыгажосці і грацыі'. Або ад апелятыва багна і яго формы багніна (узмацн.) 'топкае балота, дрыгва'; перан. 'усё, што засмоктвае і цягне чалавека да адсталасці і коснасці'.

1499. Бажок (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва бажок 'статуэтка, якая ўвасабляе бажаство' (ТСБЛМ-2016, с. 101).

1500. Байбак (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва байбак 'стэпавая жывёліна атрада грызуноў, якая восень і зіму праводзіць у спячцы', а таксама (перан.) 'пра непаваротлівага, гультаяватага чалавек (разм.)'.

1501. Байдоўская (Кацярына) - вытвор з фармантам -оўская ад антрапоніма Байда і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Байдоўская. ФП: байда ('рыбацкая, крыху большая за човен, лодка', а таксама 'брус, увагнаны ў грунт; паля') - Байда (мянушка, потым прозвішча) - Байдоўская. Або ад тапоніма Байды (мн. ад прозвішча Байда) і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Байдоўская.

1502. Баланда (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва баланда (разм.) 'посная рэдкая поліўка'.

1503. Банадысева (Кацярына) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ева ад антрапоніма Банадысь і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Банадысьева - Банадысева. ФП: Бенядзікт (імя <лац. benedictus 'шчаслівы, які жадае дабра') - Бенедикт (1528 г.) - Бенедыкт (1558) - Бенядысь (імя, празванне) - Банадысь (прозвішча) - Банадысева.

1504. Баранскі (Вячаслаў) - адтапанімічны вытвор з фармантам -скі ад наймення паселішча Бараны з значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны': Баранскі. ФП: баран ('жвачная жывёліна сямейства пустарогіх з густой воўнай і выгнутымі рагамі'; 'самец авечкі'; перан. 'Пра тупога, някемлівага чалавека' (лаянк.). А таксама баран 'двухручны гэблік для габлявання дошак') - Баран (мянушка, потым прозвішча) - Бараны (паселішча з прозвішчамі Баран) - Баранскі. Бытуе і ў форме Бараноўскі (часцей у шляхты).

1505. Барковіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Борка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Борковіч - Барковіч. ФП: Барыслаў (імя <слав. 'змагацца за славу') - Барыс (скароч. форма: Борыс, 1555 г.) - Бора, Борка (празванне, потым прозвішча) - Боркавіч - Барковіч.

1506. Буйла (Алесь) - семантычны вытвор ад апелятыва буйла (рус. 'буйвал', 'лось', 'высокі здаровы чалавек' (СРНГ, 3)).

1507. Буйло (Канстанцыя) - семантычны вытвор ад апелятыва буйло 'тое, што буяе, бушуе (вецер, завіруха)'. Або ад буйла (гл. вышэй).

1508. Бурда (Барыс) - семантычны вытвор ад апелятыва бурда 'дрэнна прыгатаванае, нясмачнае пітво або вадкая ежа' (пагард.).

1509. Бушчык (Святлана) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Буж і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бужчык. ФП: буза ('падонкі', 'від пітва на Каўказе і ў Крыме', 'адклады на дне вадаёму', а таксама (разм.) 'скандал, шум'), бужа (<польск. burza 'бура', 'навальніца') - Буза ці Бужа (мянушка, потым прозвішча) - Бузчык - Бужчык - Бушчык; Бужа - Бужчык - Бушчык (асіміляцыя зычных).

1510. Бысюк (Рыгор) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Бысь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бысюк. ФП: бысь (ад падзыўнога для бычкоў "бысь-бысь" - быська 'бычок' (Нас.) - Бысь (мянушка, пазней прозвішча)) - Бысюк.

1511. Бяласін (Яўген) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Бяласы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бяласін. ФП: бяласы (варыянт ад нарматыўнага бялесы / бялёсы 'белаваты, цьмяна-белы') - Бяласы (мянушка, потым прозвішча) - Бяласін.

1512. Важнік (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва важнік (падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова з тлумачэннем 'вагаўшчык') 'той, хто займаецца ўзважваннем або наглядае за ўзважваннем'.

1513. Вайцюль (Надзея) - народны варыянт (з фармантам -юль, экспрэсіў) ад імя Войцех (слав. 'уцеха, пацеха, воін, змагар') набыў ролю прозвішча.

1514. Валасюк (Лявон) - вытвор з суфіксам -юк ад імя Валас (якое ад Валента (лац. valentis 'здаровы, дужы') набыў ролю прозвішча. Адсюль і суфіксавыя дэрываты Валашчук (<Валасчук), Валасюк.

1515. Валочка (Ганна) - семантычны вытвор (з памянш. фармантам -ка) ад апелятыва валока (уст.) 'былая мера зямлі (каля 20 дзесяцін, прыблізна 21 га)'.

1516. Валошка (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва валошка, які мае розныя значэнні: 'травяністая расліна васілёк'; 'жыхарка Валахіі (гіст.)' - 'італьянка' (Валахія - Італія).

1517. Валяваты (Андрэй) - другасная форма ад першаснай Валляваты - семантычны вытвор з фармантам - яваты ад валлё ('пашыраная частка стрававода ў птушак, насякомых, малюскаў, дзе папярэдне перапрацоўваецца ежа') 'з вялікім валлём'. Форма Валяваты для адмежавання ад апелятыва.

1518. Валявы (Юрый) - семантычны вытвор ад субстантываванага прыметніка валявы (суфіксавага дэрывата ад назоўніка воля (мае 8 значэнняў) 'здольны ажыццяўляць свае жаданні' і інш.

1519. Валянін (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва валянін 'вольны ад прыгону' ("Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі", Мінск, 2013 (Скарот: ПГССЛ).

1520. Варатнік (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва воротник (гіст.) 'варатар' (ПГССЛ) або ад воротник (рус.) 'каўнер'.

1521. Варонік (Святлана) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Варона і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Варонік. ФП: варона ('птушка сямейства крумкачовых з чорна-шэрым або чорным апярэннем') - Варона (мянушка, потым прозвішча) - Варонік. Параўн.: Данік, Лукашык.

1522. Варэйка (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва варэйка 'гліняная пасудзіна, у якой вараць страву; гаршчок'.

1523. Ватыль (Віктар) - мажлівы варыянт імя Васіль (параўн. балгарскае Вато і дыялектнае (в. Грабава Зэльв. р-н) Ватыль (відазмен імя Васіль) (грэч. basileus 'цар') набыў ролю прозвішча (праз ступень празвання).

1524. Ваўковіч (Іван) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Воўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Воўкавіч - Ваўковіч. ФП: Валадзімір і Уладзімір (<слав. "валодаць і мір") - Вова і Воўка (гутарк. форма) - Ваўковіч. Па-расейску часта пісалі Валкович і Волкович і звязвалі з словам волк 'воўк'.

1525. Верамейчык (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Верамей і значэннем 'нашчадак названай асобы': Верамейчык. ФП: Ерамей (імя <ст.-яўр. 'быць высокім') - Верамей (народная форма < Веремей 1582 г.) - Верамейчык.

1526. Вераніцын (Канстанцін) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Вераніка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Веранікін - Вераніц(к/ц)ын. ФП: Вірынея (імя <лац. 'маладая, свежая'; грэч. 'якая прыносіць перамогу') - Веранея, Вераніка (народныя варыянты) - Вераніка (імя, потым прозвішча) - Вераніцын.

1527. Віславух (Францішак) - семантычны вытвор ад апелятыва віславух 'з абвіслымі вушамі'.

1528. Віцецкая (Сняжана) - вытвор з фармантам - ская ад антрапоніма Віцец і значэннем шляхетнасці (прэстыжнасці). ФП: Віт (імя <лац. vita 'жыццё') - Віт (празванне, потым прозвішча) - Віцец ('нашчадак Віта', суфікс -ец) - Віцецская - Віцецкая.

1529. Волчык (Юрый) - вытвор з суфіксам -ык(-ік) ад антрапоніма Волк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Волкік - Волч(к/ч)ык. ФП: волк ((рус.) 'воўк') - Волк (мянушка, потым прозвішча) - Волчык.

1530. Воцінава (Людміла) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Воцін і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Воцінава. ФП: вацін ('рэдкая трыкатажная тканіна з густым начосам, якая падшываецца пад падкладку для ўзмацнення вопраткі') - Вацін (мянушка, пазней прозвішча) - Воцінава (з галосным "о" для адмежавання ад апелятыва). Або ад слова вот ('часціца, тое, што і вось' - указальная ч. (ТСбМ, т.1, с. 507-508)). ФП: вот ('часціца') - Вот (мянушка чалавека, які ўжывае гэтае слова (замест часц. вось)) - Вот (прозвішча) - Вотин ('які належыць Воту') - Вотинова (рус.) - Воцінава.

(Працяг у наст. нумары.)


"Стаўлю задачу філасофскага асэнсавання беларускай культуры"

Вядомы культуролаг, кандыдат філалагічных навук, прафесар Аляксей Уладзіміравіч Рагуля стаў адным з эпізадычных герояў апошняй кнігі Васіля Якавенкі "Абярэг".

"Прафесар Аляксей Уладзіміравіч Рагуля неабыякавы да падзей на Радзіме і ў свеце, няўрымслівы, па-грамадзянску мужны, адкрыты і шчыры. Дасціпны чалавек, тонка адчуваючы як сам дух, так і красу народнай культуры ды мастацкай творчасці. Ён пісаў падручнікі і манаграфіі, у якіх прынцыпова адстойваў свае навуковае бачанне народных традыцый у эстэтыцы і літаратуры. Гэта рэдкі, адметны і глыбокі душой вучоны, патрыёт і мысляр, годны сярод годных", - так ахарактарызаваў яго Васіль Якавенка.

Не аднойчы даводзілася слухаць навукоўца і бліскучага прамоўцу на літаратурных вечарынах. І вось надарылася магчымасць паслухаць яшчэ раз і даведацца пра яго жыццёвы і творчы лёс. Мы сустрэліся з Аляксеем Уладзіміравічам ля бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук.

- Аляксей Уладзіміравіч, напэўна, у Вашай памяці застаўся яшчэ час вайны?

- Я нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Сенна Наваградскага раёна, паблізу ад Любчы. У мястэчку размаўлялі на жывой беларускай мове, гучала польская і ідыш. У час вайны я вучыўся ў беларускай пачатковай школе. У школьныя гады на мяне аказала ўплыў чытанка для дзяцей Леанілы Чарняўскай, жонкі Максіма Гарэцкага, выдадзеная ў Вільні. Яна патрапіла да мяне без пачатку і канца, я чытаў і перачытваў яе і вывучыў усю хрэстаматыю на памяць. Запомніліся мне радкі Якуба Коласа: " Ліпы старыя жаласна глуха шумяць". Прыцягваў верш Максіма Багдановіча: " Ты стамілася, самлела…" , зачароўвала яго музычная танальнасць.

У мястэчку пасля 1939 года засталася сям'я настаўнікаў, якія ведалі беларускую мову і культуру, і ўмелі заахвоціць дзяцей. У гады вайны небяспечна было мець беларускія падручнікі, і наш настаўнік Баляслаў Іванавіч парэзаў кнігі на картачкі, якімі мы абменьваліся. Калі б немцы ведалі, яго маглі б растраляць. Дом асадніка Жураўля быў перавезены з-за Нёмана, у ім зрабілі пачатковую школу, і там мы вучыліся. Пасля сямігодкі больш зацікаўленыя хлопцы вучыліся ў Наваградскай гімназіі. Хлопцы, якія належалі да Саюза беларускай моладзі ва ўмовах акупацыі настойліва развівалі і прапагандавалі беларускую мову. Пасля школы я цягам году быў загадчыкам хатычытальні. Сярод кніг трапляўся цікавы часопіс "Аганёк".

У 1952 годзе я паступіў на філалагічны факультэт БДУ і скончыў яго ў 1957 годзе. Пяць гадоў працаваў у Барысаўскім раёне, а ў цэлым у вясковых - Халхоліцкай, Зачысцкай - і ў гарадской школах я выкладаў 14 гадоў. Потым я працаваў у школе-інтэрнаце, і там былі цяжкія дзеці з няпоўных сямей. Працуючы, я рыхтаваўся да завочнай аспірантуры Менскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Мая дысертацыя была на мяжы філасофіі і філалогіі: " Канцэпцыя асобы ў творчасці Кузьмы Чорнага". Дзям'ян Сяргеевіч Шыркоў стварыў школу сацыяльнай эстэтыкі ў пасляваенным літаратуразнаўстве. Яго аспірантамі былі: Алег Лойка, Сцяпан Лаўшук, Серафім Андрыюк, Аляксей Пяткевіч. Гэты напрамак аказаўся найбольш перспектыўным у развіцці нашага літаратуразнаўства. Блізкімі з'яўляюцца традыцыі гістарычнай школы. У Шыркова пераважаў падыход да беларускай літаратуры як да самакаштоўнай з'явы.

- А як Вы перайшлі менавіта да вывучэння культуралогіі?

- Я заўсёды адчуваў патрэбу ў пашырэнні фону даследванняў у рэчышчы агульнай комплекснай сацыякультурнай дынамікі. Мы бачым гістарычную карціну самаруху культурных сэнсаў. Гэты метад называецца генератыўнай семантыкай. Такі напрамак, на якім даследуецца гістарычны працэс станаўлення і развіцця сэнсу. Нядаўна я здаў у выдавецтва першую кнігу з задуманай трылогіі. Яна называецца "Этнічны семіёзіс і нацыянальная дактрына". Навуковыя ісціны, якія адкрываюцца ў пластыцы, выяўленчым мастацтве і мастацкім слове, маюць вялікае значэнне для асэнсавання чалавечага лёсу і чалавечага прызначэння.

- Вы чытаеце лекцыі студэнтам?

- Апошнія 12 гадоў я працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі культуры. Пры гэтай кафедры мы стварылі факультэт народнай культуры і там рыхтавалі спецыялістаў па сусветнай айчыннай культуры і фальклоры. У нас былі канцэптуальныя праграмы, мы актыўна супрацоўнічалі са Шлёнскім універсітэтам, дзе існуе інстытут навук пра культуру. Мы абменьваліся досведам, і калегі, якія да нас прыязджалі, былі здзіўленыя высокім узроўнем канцэптуалісцкага мыслення. Але нядаўна мы перажылі крыжовы паход на культуру…

Беларуская культура становіцца ў адзін шэраг з высокімі дасягненнямі самапазнання чалавецтва. Беларуская культурная думка заўсёды валодала рэсурсамі, нягледзячы на тое, што фоны былі чужымі, (а то і варожымі для Беларусі), якіх больш цікавіў працэс этнагенацыду, чым развіццё. Тым не менш, беларуская культура дала адказ на тыя выклікі, якія знаходзяцца ў індывідуалізме, ніцшэанстве, фрэйдызме. Перад намі стаіць задача больш дасканалай інтэрпрэтацыі культурнага працэсу ў цэлым, а разам з тым - падрыхтоўкі новых праграм па ўсіх галінах культуразнаўства. Рашаючае значэнне мае духоўна-этнічная кансалідацыя ў працэсе жыццядзейнасці і будаўніцтва культуры.

- Вы надаеце шмат увагі народнай культуры, вывучэнню фальклору.

- Характэрнай асаблівасцю народнай культуры з'яўляецца адзінства ідэалаў эстэтычнага і этычнага, змест якіх адлюстроўваюць універсаліі народнай канцэпталогіі: хараство і людскасць. У беларускай ментальнасці гэтыя рэчы непадзельныя. Беларускі ідэал вырастае з рэальнага быцця, нібы збажына на апрацаванай і засеянай раллі. Дом і ніва з'яўляюцца сталым топасам ў беларускім жывапісе. У плане аксіялагічным дом быў і застаецца першаснай каштоўнасцю ў нацыянальнай культуры беларусаў.

- Вы спрычыніліся да выдання філасофскай спадчыны Мікалая Крукоўскага.

- На мой погляд, галоўная пазнавальная мэта і прызначэнне чалавека на зямлі: спасцігнуць дыялектыку. У вышэйшай ступені гэта зрабіў беларускі філосаф Мікалай Крукоўскі. Важнай была арганізацыйная праца Васіля Якавенкі па выданні яго твораў. Я быў членам рэдакцыйнага савета і перакладаў на рускую мову чацвёрты том твораў мысляра, які ўключае працу "Бляск і трагедыя ідэала". Я таксама ўвесь час стаўлю перад сабой задачу філасофскага асэнсавання беларускай культуры. У нас павінна быць нацыянальная філасофія. Калі народ яе не стварае, то ўсе дасягненні ў культурнай дзейнасці абясцэньваюцца і не рэалізуюцца.

- У Вас трое сыноў, а якія яны маюць зацікаўленні?

- Старэйшы сын Юрка Рагуля - індывідуальны прадпрымальнік, займаецца керамікай, другі - мой цёзка Аляксей, таксама быў індывідуальным прадпрымальнікам, а трэці - Уладзімір - з'яўляецца пастырам евангельскай царквы ў Заводскім раёне Менска.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.


Вясковы настаўнік перакладае падручнікі на беларускую мову і вучыць сваіх дзяцей гісторыі па тэкстах "Дзецюкоў"

Ёсць прыпавесць пра матыля. Нейкі злы чалавек заціснуў таго ў далонях і папрасіў мудраца адказаць, ці жывы ён. Калі той скажа, што жывы, ён зацісне кулак, калі скажа, што матылёк мёртвы - выпусціць яго. На што мудрэц адказаў: "Усё ў тваіх руках".

Так і ў жыцці настаўніка інфарматыкі і геаграфіі з маладзечанскай вёскі ТурэцБаяры Дзяніса Радвіловіча. Можна было б працаваць як усе, асабліва не замарочвацца наконт падручнікаў, беларускай мовы і пазашкольных заданняў, але Дзяніс вырашыў для сябе па-іншаму: "Калі не я, то хто?"

Сам Дзяніс нарадзіўся ў вёсцы Каштаноўка, што на Валожыншчыне. А ў Турэц-Баяры прыехаў у 2004 годзе, у прымакі, як кажа сам Дзяніс.

Тут ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў Наталляй, тут нарадзіліся дзеці: Дарына і Антон.

Сёння Дзяніс, акрамя таго, што выкладае геаграфію, дапрызыўную падрыхтоўку і інфарматыку, з'яўляецца класным кіраўніком сёмага класа, дзе вучацца 9 чалавек.

- Школа ў нас беларускамоўная, а электронныя падручнікі былі на рускай мове. Ці па геаграфіі: падручнік на беларускай мове, а працоўныя сшыткі на рускай. Даводзіцца перакладаць самому. А што рабіць? Хочацца, каб дзеці па-беларуску ведалі не толькі "дзякуй" і "добры дзень".

А не так даўно Дзяніс са сваімі вучнямі стварыў карту мікратапонімаў ваколіц вёскі Турэц-Баяры, таксама разам з вучнем праехаў на ровары 40 кіламетраў па навакольных вёсках, каб стварыць веламаршрут па мікратапонімах мясцін, якія сталі Дзянісу роднымі.

- Пачалося ўсё з навуковай працы, якую рабіла для вучнёўскай канферэнцыі наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна стварыла ўнікальны слоўнік тапонімаў. Мне стала шкада, што ён так і застанецца ў выглядзе раздрукаваных на чорна-белым прынтары старонак, якія пакладуць у школьны музей і больш іх ніхто не ўбачыць. Тады і прыйшла ідэя перанесці гэтыя тапонімы на карту.

Дапамагалі Дзянісу ў стварэнні карты мясцовыя жыхары. Старажылы расказвалі і паказвалі месцы, дзе раней знаходзіўся панскі маёнтак, месца, дзе ў вайну ўпаў самалёт і разбіліся дзве лётчыцы, расказвалі пра тое, з якіх часоў тут існуюць Салдацкія могілкі, дзе ў часы Першай сусветнай узарвалі склад боепрыпасаў.

- Дапамагаў у стварэнні карты і мой цесць. Наташын бацька тут проста мясцовы-мясцовы. Яго бацька нарадзіўся ў былым панскім маёнтку, што ля вёскі Грыцава. Дзявочае прозвішча Наташы - Дудко, а на карце ёсць два возеры: Вялікае Дудкава возера і Малое Дудкава возера, якія назвалі ў гонар Наташынага дзеда.

На вялікі жаль, амаль да кожнага апісання гэтага маршруту можна дадаваць словы "на гэтым месцы калісьці было".

- Сапраўды, час мала чаго пашкадаваў, ды і людзі асабліва не намагаліся захаваць унікальную спадчыну. Тым больш каштоўнай робіцца гэтая карта. Бо хаця б такім чынам не згубяцца назвы гэтых па-сапраўднаму прыгожых мясцін. Яны настолькі прыгожыя, што пан Свентарэцкі, які любіў тут паляваць пры жыцці, загадаў пахаваць яго ў лесе. Расказваюць, калі пан памёр, на ўзлеску яшчэ тры дні стаяла яго труна.

Сям'я Радвіловічаў некалькі гадоў таму перамагла ў раённым конкурсе "Сям'я года". Адзін з этапаў конкурсу патрабаваў прадставіць сваё радавое дрэва.

- Пачалі складаць. Далічыліся ў сваім радаводзе да шостага калена. Нашы дзеці, выходзіць, будуць ведаць род да сёмага калена. Хачу выхаваць дзяцей так, каб ведалі, дзе знаходзяцца магілы продкаў, каб шанавалі і не забываліся наведваць і самі, і разам са сваімі ўжо дзецьмі. А радня ў нас немалая, адных толькі прамых сваякоў, - кажа Дзяніс, - 250 чалавек.

З прозвішчам у сям'і Радвіловічаў праз памылку нейкай далёкай "пашпартысткі" здарыўся казус.

- Спачатку ў продкаў было прозвішча Радзвіловіч. Мела балцкія карані, як і прозвішча Радзівіл, што значыць кемлівы. А потым з прозвішча маіх дзядоў знікла літара " з", застаўся корань "радвіла", што перакладаецца як "падкідыш".

Дзяды Дзяніса з Іўя і з Валожыншчыны.

- Адтуль, відаць, і пачалася мая беларускасць. Вельмі падабаліся словы, якія гаварыла бабуля: відэлец, кубак, ложак… Дома, часам, размаўляем і па-руску, хаця дзеці самі цягнуцца да мовы.

- Антон,- крычыць у другі пакой свайму 5-гадоваму сыну Дзяніс, - які твой любімы гурт?

- "Дзецюкі", - адказвае хлопчык.

- Неяк прыйшоў з садка, расказвае мне, што хлопчык Елісей з іх групы пачаў расказваць нешта пра тое, што іх радзіма быццам Масква, што яны галоўныя. Пытаецца: "Тата, гэта так?". А я яму: "А ты слухаў, што пра гэта "Дзецюкі" спяваюць?" "Ааааа, ну зразумела, пытанняў няма".

Паездка на Дзень Волі для сям'і Радвіловіч стала сапраўдным сямейным святам.

- Нашы дзеці лёгкія на пад'ём. Калі Антону быў год з хвосцікам, - а нарадзіўся ён 2 лютага, як Кастусь Каліноўскі, - паехалі на "Вольнае паветра". Тады не падумалі і намёт паставілі каля сцэны, а там дыскатэка ўсю ноч была. А Антон спаў хоць бы што.

Старэйшай дачцы Дарыне на 10-годдзе бацькі падарылі білет на канцэрт гурту NAKA.

- Правільна выхоўваеце дзяцей?

- А хто яго ведае? Выхоўваем па ўласных адчуваннях, каб раслі годнымі людзьмі. Ведалі карані і шанавалі памяць продкаў.

Наталля Тур. nn.by. Фота аўтаркі і з архіва героя.


У Гарошкаве, на радзіме Анатоля Сыса, прайшло свята паэзіі

Літаратурны фэст "Агмень" імя Анатоля Сыса ладзіўся 19 траўня ў садку пад грушамі каля роднай хаты паэта ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Сюды прыехалі пісьменьнікі, сваякі, грамадскія актывісты, журналісты з Беларусі і Польшчы. Музычна літаратурнае свята аздобілі блюзмэн Юры Несцярэнка і бард Зміцер Цярэнццеў.

Гаворыць Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў:

- Ад сёння змянілася назва нашага літаратурнага фэсту. Цяпер ён называецца "Агмень" - гэтак называўся першы зборнік вершаў Анатоля Сыса. Чаму мы так зрабілі? Мы хацелі б, каб літаратурнае свята пашыралася, праводзілася не толькі на падворку хаты, у якой жыў Анатоль, пісаў вершы. Хацелася б, каб свята стала літаратурным фэстам на ўсёй Гомельшчыне, каб як мага больш людзей далучалася да паэзіі выбітнага земляка. Мы хацелі б таксама, каб свята гэтае было і ў Гомельскім унівэрсітэце імя Францішка Скарыны, які скончыў Анатоль Сыс.

Я не бачу іншага месца і для ягонага літаратурнага музея, як тут, у яго дома, у Гарошкаве. Тым больш, што для будучай экспазіцыі шмат чаго сабралі сёстры паэта, Тамара і Валянціна - яго рукапісы, карціны, яму прысвечаныя. Музей трэба будзе рабіць на грамадскіх пачатках, абапіраючыся на добрую волю мясцовых уладаў.

Віктар Ярац, паэт, выкладчык адзначыў:

- Сёння я ўпершыню тут, на гэтым падворку, на гэтай траве, дзе бегаў Анатоль басанож і ў ботах, якія ў нас тут называлі часцей "чобатамі". Пазнаёміўся з сёстрамі, Тамарай і Валянцінай, братам Віктарам. Паглядзеў хату, сцены, у якіх Анатоль жыў, дыхаў, спаў, дняваў, начаваў. Як пісаў Янка Сіпакоў, "усе мы з хат". Ці адно не ўся беларуская літаратура. Усе мы з хат, з вёсак.

Анатоль Сыс быў ва ўніверсітэце маім вучнем, мы нават разам выступалі ў рабочых інтэрнатах, куды нас запрашалі на літаратурныя вечарыны. Чытаў там Анатоль свае першыя вершы - пра тое ж белае піяніна, рукі, чорныя клавішы. Ужо першыя вершы яго ўражвалі нейкай нешматслоўнасцю, стрыманасцю і нейкім вельмі сваім адчуваннем гэтага свету, у які прыйшоў.

Яго любімымі паэтамі на той час былі Максім Багдановіч, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў. Любіў усё, што было лепшае на той час у нашай паэзіі - у яе жывых носьбітах, а таксама тое, што засталося ў спадчыну. Любіў ён і Гарсія Лорку. Адсюль многія могуць заўважыць і супадзенні, блізкія яму - да маці, вачэй-азёраў, родных сэрцаў. Ужо тады адчувалася, калі будзе праца, лёс складзецца літасціва, вырасце ён у сур'ёзную з'яву. І ён паспеў пра сябе заявіць, як пра з'яву надзвычай сур'ёзную, адметную, непаўторную. Ён ня спраўдзіў сябе да канца, не рэалізаваў, бо лёс адмераў яму малавата часу.

Яўген Вапа, пісьменнік, рэдактар тыднёвіка "Ніва":

- Дзякуючы паэзіі Анатоля Сыса, крыху старэйшага за яго Алеся Разанава, мы, жывучы ў Польшчы, адчувалі, што беларуская літаратура ёсць роўная сярод іншых еўрапейскіх літаратур.

Зборнік вершаў "Агмень", падпісаны Анатолем, стаіць у мяне на паліцы як з ліку святых кнігаў.

Ён у мяне бываў, начаваў. І калі мы ехалі на "Басовішча", заўважыў буслоў. І сказаў: "У вас шмат буслоў, але ў Беларусі больш". Я запярэчыў: "Няпраўда". Біліся аб заклад. Анатоль давай лічыць па дарозе кожную буслянку. Калі прыехалі, Анатоль кажа мне: "Ты выйграў: на Беласточчыне больш буслоў".

Анатоль друкаваўся на старонках нашага тыднёвіка "Ніва". Мы прыехалі сюды з Ганнай Кандрацюк, аўтаркай кнігі "Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.", прысвечанай Анатолю Сысу і нашым беластоцка-гарошкаўскім сувязям, нашай памяці і нашаму супольнаму палескаму свету.

Сяржук Сыс, паэт і зямляк Анатоля Сыса:

- Тры дні таму я зайшоў у Менску ў турыстычную фірму - афармляў дачку на паездку ў Балгарыю. Жанчына з гэтай турфірмы прачытала прозвішча і кажа: "У вас прозвішча Сыс, а я ведаю славутага паэта Анатоля Сыса". Пытаюся: "Адкуль яго ведаеце?" Яна адказвае, што колісь была на ягоным выступе - ён і запомніўся. Цяпер ходзіць перыядычна ў кніжную краму, шукае яго кніжкі, але не знаходзіць.

Я паабяцаў ёй выправіць гэтую несправядлівасць і праз два дні прынёс зборнік выбранага Анатоля. Кажу гэта да таго, што мы нават не можам уявіць у поўнай меры, якую Анатоль пакінуў памяць пра сябе.

Яўген Рагін, літаратар:

- Анатоль раскатурхаў мяне як беларуса, хоць я напалову старавер. Ён забараніў мне вершы пісаць па-расейску. Дапёк, што называецца. І правільна. Я пачаў задумвацца: а хто мы? Гэта былі 80-я гады. Анатоль тады не піў і не курыў. А вочы ў яго былі: адно вока д'ябла, а другое - Ісуса Хры-ста.

Георгі Ліхтаровіч, фотамастак, літаратар:

- 24 сакавіка 1996 года быў мітынг каля Опернага тэатра, потым усе пайшлі да будынка тэлебачання патрабаваць наўпроставага эфіру. І тут падыходзіць да мяне малады чалавек і кажа: "Сфатаграфуй мяне". Пытаюся: "А вы хто?" Адказвае: "Я - Анатоль Сыс". Я сфатаграфаваў яго. Цяпер павялічыў здымак, надрукаваў і перадаю ў будучы музей Анатоля Сыса ў Гарошкаве.

Радыё Свабода.


У Германіі для выратавання тапельцаў пачалі выкарыстоўваць дроны

Навіны Германіі

Гэтая фатаграфія была зроблена ў Германіі на балтыйскім курорце Цынгст. Тутэйшыя ратавальнікі з Нямецкага Чырвонага Крыжа (DRK) у новым сезоне будуць выкарыстоўваць на пляжах такія дроны.

З дапамогай гэтых квадракоптараў, здольных развіваць хуткасць да 65 кіламетраў у гадзіну, яны змогуць скідаць гумовую камеру, якая будзе аўтаматычна надзімацца пры дакрананні да вады. Яна павінна дапамагчы тапельцам пратрымацца на паверхні да прыбыцця саміх ратавальнікаў.

nn.by.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на другое паўгоддзе 2018 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 62. Цана змянілася нязначна. У 2018 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

У с п а м і н ы**

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Новыя весткі прыйшлі толькі восенню: "Ад бра-товай не маем ані слова, толькі чулі, што прасіла праз Суворава, каб адной сястры пры ёй жыць дазволілі" 25. Сапраўды, восенню 1864 г. да Апалоніі прыбыла Тэкля, якая раней была ў Іншары, і абедзве з дзіцем пасяліліся ў вёсцы Баравічы каля Ноўгарада 26. Наступным этапам была Самара, дзе яны злучыліся з маці і сёстрамі. Там у 1866 г. памерла дачка Серакоўскай 27.

Маніфест аб амністыі Аляксандра ІІ, выдадзены ў 1867 г. прынёс маці і дочкам вызваленне з высылкі. Ім дазволілі пасяліцца ў Варшаве. Серакоўская аказалася ў Каралеўстве Польскім найпазней, на пачатку 1868 г. 28 Наступнымі прыехалі Беркманы, а ў 1883 г. - таксама Францішак. Праўдападобна Апалонія спачатку жыла з свякроўю і швагеркай, а пасля іх выезду - з сёстрамі, найперш з Ксаверай, а пазней з Тэкляй 29. Апекай атачыла яе сям'я Ігнацыя Бараноўскага, вядомага варшаўскага лекара. Апалонія абарачалася ў асяродку былых ссыльных з Літвы, якім не дазволілі вярнуцца ў радзімыя краі пасля адбыцця пакарання або атрымання амністыі.

Нарцыза Жміхоўская, якая асабіста пазнаёмілася з Серакоўскай, пакінула з таго перыяду нечаканыя меркаванні на яе тэму ў лісце да Эдварда Каплінскага: "Яго (Беркмана) "швагерка" пані Серакоўская, якая, пазначым у дужках, выдатна выглядала, хоць моцна небяспечная для грамадскіх асноў - уцелаўлёная прапаганда арыстакратыі! Хачу верыць, што мае гартаваныя, нават пераходзячыя ў стаіцызм прынцыпы, аднак тым не менш так рухаецца, так ходзіць, гаворыць, глядзіць, як быццам бы яе Пан Бог для персідскіх кілімаў стварыў, у аксаміты і шаўкі ад дзяцінства спавіваў і на адны кветкі, дыяменты і прыгажосці глядзець ёй дазваляў. Рэдкасная антытэза лёсу!" 30

Апалонія Серакоўская займалася ў Варшаве настаўніцтвам, вяла таемныя школкі для дзяўчат, дачок сібіракоў з Літвы, вучыла з малодшай сястрой Ксаверай 31. Мела таксама нейкі капітал, размешчаны на працэнты 32.

Былі гэта для яе цяжкія часы не толькі з прычыны асабістых страт, якія панесла, але, напэўна, і з атмасферы непрыязні ў адносінах да ініцыятараў збройнай барацьбы, якая прывяла да такой велізарнай паразы. Рэха тых перажыванняў чуваць і ў яе ўспамінах.

Апалонія Серакоўская памерла адразу пасля І Сусветнай вайны 2 студзеня 1919 г. 33 у Варшаве і была пахавана ў сямейным магільніку на Павонзках.

* * *

Невядома дакладна, калі Апалонія Серакоўская пачала пісаць гісторыю сваёй сям'і. Напэўна, пісала на пачатку 1913 г. (пра швагра, які памёр 18 лютага 1913 г., піша, што "дагарае") і, напэўна, закончыла працу ў 1915 г. Увесь тэкст трапіў найперш у Львоў у рукі Анелі Якубоўскай, удавы па таварышу па зброі Зыгмунта Серакоўскага, доктары Сатурніне Якубоўскім, якая яго прагледзела і ўнесла невялікія папраўкі. Пазней прыяцель Серакоўскіх, праф. Бенедыкт Дыбоўскі завёз яго ў Вільню (прыбыў найпазней у студзені 1916 г.) і 4 красавіка 1916 г. уручыў Уладзіславу Загорскаму, тагачаснаму віца-старшыні Віленскага таварыства сяброў навук 34. Загорскі пакінуў нататку, што Серакоўская напісала ўспаміны ў 1914 і 1915 гг. 35

Быў гэта чыстапіс, напісаны рукой Апалоніі, што пацвярджае, акрамя Загорскага 36, таксама параўнанне почырку з двума вядомымі лістамі Серакоўскай ад 1917 і 1918 гг. 37

Загорскі паклаў тэкст Серакоўскай у архіў Віленскага таварыства сяброў навук разам са сваёй нататкай, у якой пералічыў шэсць асобна панумараваных частак, якія кладуцца як дзённік, у наступнай паслядоўнасці: "Некалькі ўрыўкаў з успамінаў пра Канстанціна, Цітуса Далеўскіх і пра Аляксандра Далеўскага" (с. 1-18), "Нататкі з 1863 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства Польскага на Літве" (с. 1-22), "Дэталі пра гады, праведзеныя Зыгмунтам Серакоўскім у арыштанцкіх ротах" (с. 1-14), "Пра Міхала Беркмана" (с. 1-3), "Пра сям'ю Далеўскіх" (с. 1-22), "Некалькі ўспамінаў з падарожжа, якія адносяцца да майго прыватнага жыцця" (с. 15-39) і фатаграфіі 38.

У сітуацыі, калі кожная частка мае загаловак і асобную нумарацыю старонак, цяжка меркаваць станоўча, ці тая чарговасць адпавядала ўкладу, перададзенаму Серакоўскай і чарговасць з'яўлення ўспамінаў і нататак (так трэба было б абазначыць гэты рукапіс). Гэта праўдападобна. З заўваг самой Серакоўскай вынікае, што тэксты пра Далеўскіх і мужа з'явіліся пасля "Нататак з 1863 г. і некалькіх распараджэнняў Каралеўства Польскага на Літве", а ўспаміны пра швагра Беркмана былі напісаны, калі ён яшчэ жыў, значыць, перад лютым 1913 г.

Праўдападобна, узнікненне ўспамінаў Серакоўскай звязана з пяцідзясятымі ўгодкамі выбуху паўстання, якія адзначалі ў 1913 г. Звароты былі накіраваны да жывых сведкаў падзей аб напісанні ўспамінаў ("без прэтэнзіі на літаратурную закончанасць") ішлі адусюль - ад удзельнікаў паўстання, гісторыкаў, прадстаўнікоў новага пакалення, якое пазбавілася паслястудзеньскай траўмы і жыло ў новых палітычных умовах, а таксама ад дзяячак жаночага руху, якія хацелі задакументаваць удзел жанчын у студзеньскім паўстанні 39. Запіскі Серакоўскай самі па сабе ёсць сведчаннем пастудзеньскай свядомасці пакалення, зацікаўленага ў абгрунтаванні свайго лёсу. Добра праінфармаваны Загорскі напісаў, што да напісання ўспамінаў Серакоўскую ўгаварыў гісторык Генрык Масціцкі (гл. заўв. 35), выкладчык у Таварыстве навуковых курсаў.

Апалонія Серакоўская мела таксама асабістую нагоду, каб узяцца за пяро. У 1913 г. гісторык і былы паўстанец Тадэвуш Кажон (Карзон, Korzon) паказаў ёй рукапіс успамінаў Якуба Гейштара, аднаго з кіраўнікоў белых на Літве, прыяцеля Серакоўскага з часоў вучобы і знаёмага братоў Далеўскіх. Кажон супрацоўнічаў у той час пры падрыхтоўцы ўступу і заўваг да тых успамінаў 40. Серакоўская прызнала тэкст Гештара хлуслівым у адносінах да ролі свайго мужа і братоў Францішка і Цітуса ў паўстанні 41. Якуб Гейштар - гэта амаль адзіны чалавек, пра якога Серакоўская піша непахвальна і досыць востра, выразна памяншае яго ролю ў падзеях 1863 г. Паўстае таксама ў абарону Антонія Яленскага, свайго прыяцеля, абвінавачанага Гейштарам у здрадзе. Выпраўляе таксама непраўдзівую, як піша, інфармацыю пра свайго мужа, змешчаную ў кніжцы Валерыя Пшыбароўскага "Гісторыя двух гадоў. 1861-1862" 42. За прызнанне "Кароткіх нататак з 1863 г." за тэкст, напісаны з мэтай замацавання ў памяці прозвішчаў і чыноў людзей, якія ўзялі ўдзел у паўстанні, а таксама ў пэўным сэнсе ў іх імя, удавой па іхнім камандзіры і прыяцелі, сведчыць сам тэкст, у якім аўтарка называе дзясяткі паўстанцаў, а таксама копія нататак з заўвагамі і зменамі (пра што далей) 43, зробленымі напэўна кімсьці з удзельнікаў апісваных падзей або на падставе атрыманай ад іх інфармацыі.

Акрамя партыі хутчэй асабістай, якая датычыла братоў, мужа і сясцёр, Серакоўская звярталася таксама да сваіх пляменніц і пямяннікаў. Думала пра напісанне чарговых частак: "Калі жыць буду, пішучы для маладых з нашай сям'і гісторыю нашу пра бадзянне па Расіі, вярнуся да часоў увязнення Зыгмунта" 44.

Успаміны Серакоўскай прыбліжаюць падзеі на Літве 40-60 гадоў ХІХ ст., апісаныя перадусім з перспектывы ролі ў іх чальцоў сям'і Далеўскіх і Серакоўскага. Датычаць змовы братоў Далеўскіх, іхняй высылкі на катаргу, дзейнасць у перыяд, які папярэднічаў паўстанню, удзелу ў паўстанні і зняволення сясцёр і братоў. Неяк паралельна бяжыць жыццё Зыгмунта Серакоўскага, якое аўтарка апавядае ад дзяцінства, пра высылку на Арэнбургскую лінію, наступны перыяд - перыяд нарачэння і сямейнага жыцця, службовае падарожжа ў Лондан і Алжыр, нарэшце перыяд пачатку паўстання, ці кампаніі Серакоўскага і апошніх дзён жыцця мужа. У раздзеле пра брата Канстанціна цытуе яго лісты з французска-прускай вайны, а ў раздзеле пра Францішка і Аляксандра згадвае апошнія гады Францішка, праведзеныя ў Варшаве (пералом ХІХ і ХХ стст.).

Ад аповядаў пра дзейнасць і характары братоў і мужа трохі адстаіць частка "Нататкі з 1863 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства Польскага на Літве", якая апісвае ўтварэнне цывільных паўстанцкіх арганізацый, праведзеныя бітвы і жыццё ў лагеры Серакоўскага. Паколькі лёсы ўсіх герояў перапляталіся, а тэкст паўставаў паступова і ў форме чарговых біяграфій, многія рэчы Серакоўская паўтарае. Заўсёды, аднак, піша трохі іначай.

Расійскі гісторык В. Бікуліч ацэньвае запіскі Серакоўскай як адзін з двух, побач з Якубам Гейштарам 45, найважнейшых помнікаў пра студзеньскае паўстанне (на Літве і Беларусі) 46. Ацэнку слушнасці гэтай думкі пакінем спецыялістам па гісторыі студзеньскага паўстання. Успаміны Серакоўскай па яскравасці апісання не параўнаць з запіскамі Гейштара, якія "пырскаюць жыццём". Аднак, нягледзячы на канструкцыйную і літаратурную слабасць, бароняцца яны вагой перажыванняў герояў і трагізмам іхніх лёсаў. Іх значэнне па-за тэматыкай, звязанай з найважнейшымі падзеямі ў гісторыі Польшчы пасля раздзелаў, вызначае той факт, што аўтарка была найбліжэйшым чалавекам да постацяў, якія адыгрывалі ў іх першарадную ролю. Кожны гісторык, які займаецца гісторыяй Літвы ў 40-60 гадах павінен адчуваць сябе абавязаным заглянуць у гэтыя запіскі.

Ацэнка верагоднасці паасобных інфармацый напэўна не ў адным выпадку створыць гісторыкам клопат. Розніца ў дэталях паміж паасобнымі фрагментамі самога віленскага тэксту і копіямі здараюцца досыць часта. Серакоўская, пішучы, мела звыш 70 гадоў, а, значыць, успамінала часы паўстагоддзя назад. Што, аднак, больш важнае, большасць апісваных фактаў знала з другой рукі: аповедаў сведкаў падзей (пераказваных ёй у ходзе і адразу пасля іх, а таксама ўжо ў Варшаве) і апублікаваных успамінаў сяброў мужа (Браніслава Залескага, Яна Станевіча, Бенедыкта Дыбоўскага, Браніслава Люткевіча). Да найкаштоўнейшых фрагментаў успамінаў належаць абшырна цытаваныя лісты ад братоў і мужа.

(Працяг у наст. нумары.)


** "Успаміны" Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай для выдання 2010 г. апрацавалі Ёланта Сікорская-Кулеша і Тамара Байрашаўскайтэ. Кнігу знайшоў і даставіў у Ліду Леанід Лаўрэш.

25 Там жа. Ліст ад 14.Х.1863, а ў снежні: "Мы пра нашую малую такія толькі атрымалі весткі: la petite parle le non de son pere. elle fait ses dents не маці гэта пісала" (24/12.(ХІІ.)1864 з Варшавы). Пазней весткі даходзілі яшчэ радзей.

26 Паводле Дыбоўскага жыла без сродкаў для жыцця і лекарскай апекі два гады. Пад канец другога года дазволілі прыехаць у Баравічы Тэклі. B. Dybowski, op. cit.

27 Фартуната Серакоўская атрымала вестку 9.ІХ.1866, што "наша малое дзіцятка з маці зноў саслана аж у Самару", але не мае яе адрасу; BCz. rkps 6956/ІІІ, ліст ад 22.ІІ.1867(?).

28 Нарцыза Жміхоўская ў лісце да Ванды Грабоўскай ад 6.ІІІ.1868 піша, што хацела б "абавязкова" адведаць Серакоўскую (але можа сястру ці маці Зыгмунта?); N. Zmichowska, Listy, t. 5: Narcyssa i Wanda, wyd. B. Winklowa, H. Zytkowicz, Warszawa, 2007, s. 424.

29 На вул. Воўчай, 27, кв. 6; Універсітэцкая бібліятэка ў Варшаве (далей BUW), ркпс 1832.

30 N. Zmichowska, Listy, t. 3: Miodogorze, oprac. М. Romankowna, Wroclaw-Warszawa-Кrakow, 1967, s. 294. list z 7.ІІІ.1869.

31 B. Dybowski, op. cit. s. 50; М. Odrezyna, biogram: Dalewska Кsawierа, w Polski slownik biograficzny, t. 4, Wroclaw, 1989, s. 394.

32 BUW, rkps 1832.

33 "Кurier Warszawskі", № 3 ад 3.І.1919 і № 8 ад 8.І.1919; Cmientarz Powanzkowski, Warszawa, 1984, s. 167.

34 МL, ркпс 490/t. 2, Pametniki Sierakowskiej. Wstep dopamietnika, k. 204-204v; LVIА, zesp. 1135, іnw. 38, k. 127. У дзённіку Загорскі запісаў: "перад выездам (Дыбоўскі) запрасіў мяне з Галяй (дачкой Загорскага) на гарбату. Ахвяраваў на запіскі некалькі сваіх прац і фатаграфіі і ўручыў запіскі свайго брата Эміля пра братоў, загнаных з-за яго на катаргу і на выгнанне, а таксама запіскі Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскай, ёю ўласнаручна напісаныя"; BN, rkps 10457, Wladyslaw Zahorski, Dziennik..., t. 2, k. 96v.

35 "У 1914-1915 гг. па просьбе п. Генрыка Масціцкага - гісторыка напісала вышэй пададзеныя свае ўспаміны, якія перагледжаны ў Львове п. Якубоўскай, удавой па др. Сатурніну Якубоўскаму, таварышы па зброі Зыгмунта Серакоўскага ў паўстанні, праф. Бенедыкт Дыбоўскі прывёз у Вільню і ўручыў мне"; МL, rkps 490/t. 2, k. 204-204v.

36 BN, rkps 10457. Wladyslaw Zahorski, Dziennik..., t. 2, k. 96v.

37 BUW, rkps 1832, list do Каrola Jenikego.

38 LVIA, zesp. 1135, іnw. 8, vol. 38, k. 127. Фатаграфіі (фармат візітоўкі) Дамінікі Далеўскай, маці і дачок: Юліі Беркман, Тэклі Яніке, Зузанны Турскай, Ксаверы Далеўскай і асоб, якія згадваюцца ў запісках: Антаніны з Керсанаўскіх Зялінскай, Генрыкі з Баэтаў Стралецкай, Чарнеўскай і Анеты з Пажэрскіх Ракоўскай цяпер знаходзяцца ў Музеі літаратуры ў Варшаве, быць можа, Загорскі падрыхтаваў іх да выдання.

39 Напрыклад Якуб Гейштар спасылаўся на збор "праўдзівых матэрыялаў" пакаленнем 1863 г.; W. Sliwowska, Сібір у жыцці і памяці Гейштараў - паслястудзеньскіх ссыльных. Вільня-Сібір-Вятка-Варшава. Warszawa, 2002, s. 99; L. Міchalska-Brachа, Марыя Брухальская і яе даследванні ўдзелу жанчын у студзеньскім паўстанні, у Шматкультурным гістарычным цэнтры Львова ў ХІХ - ХХ стагоддзях, t. 4, Lwow-Rzeszow, 2006, s. 437.

40 J. Gieysztor, Pamietniki Jakobа Gieysztora z lat 1857-1865, t. 1-2, Wilno, 1913.

41 V.B. Bikulic, op. cit. s. 113-114; S. p. Аpolonia Sierakowska "Кurier Wilenskі", № 8 ад 8.І.1919.

42 (W. Przyborowskі), Historya dwoch lat. 1861-1862 przez Z.L.S., t. 1-5, Кrakow, 1892-1896. У абарону Зыгмунта выступіў таксама Дыбоўскі, пратэстуючы нават супраць памылковага прадстаўлення фізічнага выгляду прыяцеля. Пшыбароўскі карыстаўся расійскімі працамі, напісанымі на замову тагачасных уладаў; B. Dybowskі, W ime prawdy (Выпраўленне фактаў, датычных біяграфіі Зыгмунта Серакоўскага, напісанай аўтарам "Гісторыі двух гадоў"), (b.d і m.w.).

43 Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве (далей РГБ), аддзел рукапісаў , кампл. 218, кардон 401, № 1, с. 1-24, 48-101.

44 BN, rkps ІV.6538 (mkf 21343). Быць можа была ў змесце лістоў ад сясцёр і копій лістоў з высылкі сястры Ксаверы, пра якія піша Марыя Ардужына, дачка Францішка Далеўскага. Спасылаюцца на іх у бібліяграфіі да біяграмы Ксаверы Далеўскай у Польскім слоўніку біяграфічным (гл. заўв. 31).

45 J. Gieysztor, op. cit.

46 V.B. Bikulic, op. cit. s. 59.


На беразе жыцця, на беразе Дзвіны

Гэта было вясной 1988 года. Ад 17-га да 30-га траўня па Дзвіне-Даўгаве праходзіла Экалагічная экспедыцыя пад дэвізам: "Мір - планеце, здароўе і моц - Зямлі!"

Натхняльнікам гэтай міжнароднай падзеі быў Васіль Цімафеевіч Якавенка - празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Гэта ён, эколаг, заўзята выступаў супраць знявечання прырэчча Прыпяці, у свой час заснаваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", выпускаў газету "Набат"… У памяць пра слаўнага чалавека пазначаю даты жыцця аўтара раманаў "Надлом", "Пакутны век", "Абярэг": 5.05.1936 - 22.01.2018.

А той вясной на яго покліч адгукнуліся вучоныя, пісьменнікі з Расіі, Беларусі, Латвіі. Мы падарожнічалі то праваруч, то леваруч агульнай для трох народаў ракі. Даўжыня яе 1020 км., а ў межах Беларусі 335 км., дзе лірычна гучаць прытокі Дзвіны: Усьвяча, Палата, Дрыса, Сар'янка, Каспля, Лучоса, Дзісна, Друйка. Далучаю сюды і Мёрыцу, і Волту, на якой нарадзіўся. Удзельнікі мірнага паходу вывучалі экалагічны стан берагоў, а таксама помнікі гісторыі і культуры. Спецыялісты аналізавалі ўмовы гаспадарання і побыту насельнікаў. Па дарозе ад возера Ахват-Жаданне спыняліся ў Андрыянопалі, Веліжы, Віцебску, Бешанковічах, Полацку і Наваполацку, Верхнядзвінску, Друі, Краславе, Даўгаўпілсу, Екабпілсу і Крустпілсу, перш чым трапіць у Рыгу. Гэта была другая пасля выступленняў супраць узвядзення Даўгаўпілскай ГЭС акцыя людзей розных нацыянальнасцяў у абарону зямлі, яе скарбаў, культурнага асяроддзя ў басейне Дзвіны-Даўгавы.

Самым шчырым і апантаным летапісцам той ужо гістарычнай падзеі аказалася латышка Айя Лацэ. Яна ў часопісе "Карогс" ("Сцяг") па гарачых слядах надрукавала свой нарыс "З грэкаў у варагі". Урывак з яго ў перакладзе з латышскай мовы Нінай Янсанэ (у дзявоцтве Панізьнік) быў змешчаны ў кнізе "Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі" (2003 г.).

Там можна знайсці спасылкі і пра наведанне дэлегацыяй з трох дзяржаў Асвеі, Сар'і, Бігосава, вёскі Цінкаўцы на прыбярэжжы Дзвіны, дзе быў заснаваны мною этнаграфічна-краязнаўчы музей "Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі" яшчэ ў 1979 г. У той сядзібе і начавалі "тры народы". А сярод удзельнікаў экспедыцыі, арганізаванай Васілём Якавенкам, былі яго паплечнікі-аднадумцы ў экалагічных даследаваннях Віктар Плужнікаў, Іван Шкатулаў, сусед-расеец Вячаслаў Вераб'ёў.

Біялагічны факультэт Латвійскага ўніверсітэта закончыла Айя Лацэ. Працавала літаратарам, журналістам. Біялагічны факультэт закончыў і Эгілс Зырныс - журналіст, паэт, які і да гэтага часу працуе ў рыжскай газеце. Журналістам, празаікам зарэкамендаваў сябе Артурс Сніпс. Разам з Дайнісам Івансам ён выступаў супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС. Запомніўся і яшчэ адзін удзельнік латвійскай сябрыны - Юрас Кунас, этнограф, паэт, які працаваў у Этнаграфічным музеі прыроды Латвіі.

І літаратараў можна назваць краязнаўцамі-этнографамі-асветнікамі… Заўважу толькі, што ўдзельнік нашых прыгодаў быў рускі паэт, перакладчык Іосіф Васілеўскі, які доўгі час працаваў акторам тэатра…

Мы дазналіся, якім эколагам, сапраўдным нетразнаўцам роднай зямлі аказаўся перад намі рускі літаратар, творца так званай "вясковай прозы" Іван Афанасьевіч Васільеў. За кнігі нарысаў, у якіх даследаваў "зямлю вытокаў - Валдай", і іншыя быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй імя М. Горкага, у 1986 г. стаў лаўрэатам Ленінскай прэміі. Пісьменнік змагаўся з духоўным апусташэннем вёскі. Для яго экалагічнае выхаванне - гэта маральна-этычнае выхаванне чалавека. І ён узвёў на сваёй радзіме Дом экалогіі - стварыў своеасаблівы маленькі ўніверсітэт. Бо, як пісаў Іван Ваасільеў: "Цынізм палітыкаў перадаецца народу, у людзях знікае ўсялякае адчуванне сумлення". І для выхавання здаровых нораваў людзей у вёсцы Боркі Вялікалукскага раёна і стаў дзейнічаць культурны цэнтр з музеем, бібліятэкай, выставачнай залай, Домам экалогіі…

Унікліва праседжваў у размовах з Іванам Васільевым і апантаны эколаг Васіль Якавенка: насычаўся яго думамі.

На працягу двух тыдняў працы нашай Экалагічнай экспедыцыі мы сустракаліся ў Полацку з пісьменнікамі Уладзімірам Арловым, Сержуком Сокалавым-Воюшам. Гутарылі з Сяргеем Навумчыкам, які ўзначальваў ініцыятыўную групу супраць будаўніцтва электрастанцый на Дзвіне ў Віцебскай вобласці. Цікава было пазнаёміцца ў Андрэанопалі з краязнаўцам Э. Шымкевічам. Даведаліся, што ў 1950 г. быў устаноўлены слуп на месцы пачатку Заходняй Дзвіны (Эрыдана, Рубона, Дуны, Дзіны…) Выток яе - Дзвінец - у возеры Каракіна ў Цвярской вобласці, на Валдайскім узвышшы. Гэты ж Дзвінец упадае ў возера "Охват Желанье".

З усіх нечаканасцяў і ўзрушэнняў згадаю мо толькі пра ўбачаны помнік вялікаму ўсясветнаму матэматыку (і не толькі) - Соф'і Васільеўне Кавалеўскай (1850-1891). Ля музейнага будынка ўзгадаліся тыя беларускія эрытрацыты, якія і сёння журчаць па ўсім свеце…

То колькі ж гадоў Шляху з варагаў у грэкі, бо пачалі ж асвойваць яго недзе ў 9 - 11 стагоддзях? Праходзіў ён і каля румаў паблізу майго роднага Лявонпаля, злучаючы Прыбалтыку і Скандынавію з Паўднёвай Руссю і Візантыяй… Быў адным з асноўных фактараў утварэння і маёй (Белай) Русі. А дзе зараз той уцаркоўлены Царград?

На беразе жыцця, на беразе Дзвіны

стаіць вялікі рум яшчэ з часоў вайны.

Сцякае з бервяна жывіцы даўніна.

А беражэ той рум і Волта, і Дзвіна.


Здалёку чую гул сасновага камля:

нібы заве мяне прыдзвінская зямля.

А я Дзвіне - ніхто, пакуль (як ні лаўчы)

ляжаць мае сцягі, маўчаць мае мячы.


Здалёк свіціцца рум бурштынавай луской -

і воляй баравой, і доляю людской.

З яго я свой ганок вяжу… На быстраку

спазнаць жыццё ракі, спазнаць жыцця раку.

Так, жыццё гэтай ракі ўлілося і ў маё жыццё. Адгукнулася ў лёсе, у творчасці. Праплылі па рэчышчы рэчаіснасці і кінулі якар у Латвіі мая сястра, нашы з Нінай бацькі. Я многа гадоў-прыбояў аддаў служэнню зямлі Райніса ў стварэнні перакладаў, выданні кніг - і стаў кавалерам ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі. І сёння гэтая рака жыцця - на быстраку. Таму 30-годдзе той падзеі, калі мы бралі ў абдымкі выток з вусцем, зноў заіскрыліся на вёслах Памяці.

Сяргей Панізьнік.


Біёлаг і кінадакументаліст абараняе птушак і жывёл

Да года малой Радзімы тэлеканал " Беларусь 24" адкрыў 15 траўня ў Нацыянальнай бібліятэцы маштабны фотапраект "Я сэрцам бачу". На выставе прадстаўлены экалагічныя і прыродаахоўныя здымкі Іллі Гегеля, Ігара Бышнёва, Станіслава Багдзевіча, Сяргея Тарасава, Сяргея Плыткевіча і Максіма Мішэкіна.

Адзін з удзельнікаў фотапраекта, біёлаг і кінадакументаліст Ігар Бышнёў дэманструе рэдкія здымкі жывёл і птушак. Ігара Іванавіча не лёгка сустрэць у горадзе. Ён жыве ў Бярэзінскім запаведніку і падарожнічае па ўсім свеце: на Беларусі фатаграфуе баброў і лебядзеў, у Азербайджане здымае джэйранаў і фламінга, на Курыльскіх выспах назірае за цюленямі. Ён - аўтар 60 відэафільмаў, прысвечаных прыродзе Беларусі: "Жывая вада", "Лясныя хованкі", "Жывыя сведкі ледавікоў", "Апошнія арлы", "Жабы на дарогах", "Чаму ў бабра падрапаны нос", "У царстве бакланаў і чапляў". Як біёлаг ён з'яўляецца аўтарам 70 навуковых прац і адной манаграфіі. На выставе Ігар Іванавіч распавёў пра сябе і свае захапленні:

- Я нарадзіўся ў Віцебскім раёне, заканчваў школу ў пасёлку Багушэўск. У дзяцінстве разам з братам фатаграфаваў жывёл фотаапаратам з тэлеаб'ектывам. Нягледзячы на поспехі ў матэматыцы, у душы я быў натуралістам і зрабіў свой выбар на карысць прыродазнаўчых навук. У 1980-тым годзе паступіў на біялагічны факультэт БДУ у Менску.

Скончыўшы яго, 14 гадоў я працаваў арнітолагам у Бярэзінскім запаведніку і жыў там з сям'ёй, абараніў дысертацыю па птушках. У 90-тыя гады мы стварылі арганізацыю "Ахова птушак Бацькаўшчыны", і я з'яўляюся сябрам яе Рады. У 1999 годзе мяне запрасілі падтрымаць першы на Беларусі праект па кіназдымках прыроды. Мой лёс змяніўся ў бок кіно, пра якое я марыў са студэнцкіх гадоў. Былі створаны фільмы, відэяролікі, тэлеперадачы, у якіх я бяру ўдзел. Адна з іх на тэлеканале "Мір" называецца "Мільён пытанняў пра прыроду". Зараз з "Аховай птушак Бацькаўшчыны" мы працуем над фільмам пра тэрыторыі, важныя для птушак. У кожнай з іх - свой характар, аднолькавых птушак і звяроў, як і людзей, не бывае.

Шмат гадоў я ездзіў у Чарнобыльскую зону, назіраў за прыродай у экстрэмальных умовах, быў галоўным аператарам фільма "Радыёактыўныя ваўкі Чарнобыля". Гэты фільм перамог на фестывалі прыроднага кіно - Jackson Hole Wild Film Festival і дэманстраваўся ва многіх краінах свету. Іншы наш фільм называўся "Чарнобыльскія джунглі". Назіраючы за навакольным асяроддзем у зоне, я пераканаўся, што прырода за 20 гадоў аднавілася да стану Еўропы 18-га стагоддзя, нягледзячы на радыяцыю. Чалавек часам наносіць ёй вялікую шкоду сваёй гаспадарчай дзейнасцю. Як толькі чалавек сышоў з той тэрыторыі, яна пачала аднаўляцца.

Таму галоўнай высновай з убачанага з'яўляецца тое, што людзі павінны падпарадкоўвацца законам прыроды і не парушаць іх, прыслухоўвацца да мяркаванняў біёлагаў, эколагаў, якія пастаянна займаюцца спецыфічнымі пытаннямі і ведаюць, якія ўмовы патрэбны ўсім жывым істотам. Трэба весці дыялог з прадстаўнікамі ЖКГ, ланшафтнымі дызайнерамі, якія адказваюць за захаванне зялёных масіваў у населеных пунктах.

Каб захаваць птушак у гарадах, мы павінны даць вырасці маладняку, птушанятам, захаваць крылатых малышоў. Дзеля гэтага наша арганізацыя штогод праводзіць акцыі "Сустракаем вясну", "Слухаем салаўёў". Мы збіраемся ў Цэнтральным батанічным садзе, парках і нагадваем гараджанам, што побач з намі жывуць, спяваюць і харчуюцца птушкі, што іх трэба берагчы.

Аднойчы я паехаў у Францыю і з задавальненнем назіраў, як сям'я з дзецьмі выбралася на пікнік. Калі дзеці паснедалі, тата ўзяў аглядную трубу і паказваў сынам матылёў, жукоў, расліны, а потым - мясцовыя гістарычныя помнікі. Варта адпачываць так, каб прывіваць дзецям цікавасць да жывога свету.

Эла Дзвінская.


Пад купалам парасона

У Лідзе ўсталёўваюць незвычайны аўтобусны прыпынак

Па праспекце Перамогі, цераз дарогу ад Лідскага замка, усталёўваюць незвычайны аўтобусны прыпынак. Да захаплення гараджан, дызайнеры - працаўнікі Лідскага ГУП ЖКГ - вельмі пастараліся і зрабілі яе ў выглядзе велізарнага парасона.

- Мантаж прыпынка заняў тры дні, - пракаментаваў начальнік добраўпарадкавання і рамонту дарог дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці Леанід Трацяк. - Паводле распрацаванага праекту заліваўся падмурак, бетанаваліся закладкі, да якіх потым прыварваўся каркас павільёна. Дарэчы, вага парасона складае дзесьці паўтары тоны. Каб транспартаваць канструкцыю з цэха металаканструкцый, дзе яна выраблялася, на праспект Перамогі, а затым усталяваць, клікалі на дапамогу адмысловую тэхніку.

Пакуль прыпынак-парасонік толькі прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей горада. Сваю непасрэдную функцыю - хаваць ад сонечных прамянёў і дажджу падчас чакання аўтобуса - ён пачне толькі на наступным тыдні. У панядзелак камунальнікі мусяць зрабіць ашалёўку полікарбанатам купала павільёна, а таксама яго сцен. Але ўжо зараз не выклікае сумневаў той факт, што прыпынак-парасонік стане яшчэ адной выбітнасцю Ліды, а фатаграфіі на яго фоне не зробіць хіба што гультаяваты.

Вікторыя Русілевіч, ЛГ.


Археалагічны летнік для моладзі і падлеткаў, 2018

У 2018 г. пры археалагічнай экспедыцыі, якая дзейнічае ў адной з гістарычных мясцін Беларусі, арганізуецца штогадовы 15-дзённы летнік для моладзі і падлеткаў. Запрашаюцца добраахвотнікі з ліку моладзі, студэнтаў і навучэнцаў, якім цікава правесці 2 летнія тыдні ў добрай сяброўскай кампаніі, паспрабаваць сябе ва ўмовах экспедыцыйнага жыцця, і займацца карыснай і значнай для грамадства справай.

Мэта летніка - далучэнне моладзі і падлеткаў да практычнай дзейнасці па даследаванні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. У праграме - праца на археалагічных раскопках, лекцыі па гісторыі Беларусі, экскурсійныя паездкі. Даследаванні звязаны з гісторыяй праваслаўнай царквы, таму асабліва вітаюцца заяўкі ад моладзі, якая ўдзельнічае ў брацтвах і іншых праваслаўных аб'яднаннях, і ад падлеткаў, якія наведваюць нядзельныя школы пры царкоўных прыходах.

З удзельнікамі школьнага ўзросту ў летніку працуюць дасведчаныя педагогі. Падрабязныя звесткі можна атрымаць: Т. Маслюкоў, masliukou@gmail.com.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX