НАША СЛОВА № 25 (1384), 20 чэрвеня 2018 г.
Памяці Міхала Валовіча і яго паплечнікаў
У нядзелю, 17 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна ля мемарыяльнага знака Міхала Валовіча (1806-1833) і яго 12 паплечнікаў адбылося ўшанаванне ўдзельнікаў паўстання на Беларусі ў 1830-1833 гадах.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беларусь была цалкам акупавана расейскімі войскамі. На працягу няпоўных ста гадоў беларусы тройчы ўздымалі меч барацьбы супраць нацыянальнага ворага - Масквы. Адным з самых магутных было паўстанне 1830 - 1831 гадоў. Чынным яго ўдзельнікам быў наш зямляк са Слонімшчыны Міхал Валовіч. Ён нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 годзе ў маёнтку Парэчча Слонімскага павета. Лістападаўскае паўстанне 1830 года застала Міхала ў бацькоўскім доме. У той час, калі расейскія войскі былі выгнаны з Польшчы, выступленне паўстанцаў у Беларусі ўжо распачыналася. Тут ужо існаваў Цэнтральны камітэт па кіраўніцтву паўстаннем на Беларусі ў тагачаснай сталіцы - Вільні. Камітэт меў сувязь з варшаўскімі паўстанцамі і з кожным паветам. Паўстанцкі камітэт Слонімскага павета вылучыў сваім прадстаўніком Міхала Валовіча і накіраваў яго па дырэктывы ў Вільню. У хуткім часе Валовіч удзельнічае ў Грахоўскай бітве, за што атрымлівае сваю першую вайсковую ўзнагароду. Новы Народны ўрад Польшчы вырашае дапамагчы паўстаўшай Беларусі. Валовіч і Працлаўскі павінны былі сустрэць груз са зброяй у Паланзе. Пакуль яны дабраліся да Палангі, порт ужо быў захоплены расейцамі. Палангу было вырашана ўзяць штурмам сумесна з партызанскім атрадам Яцэвіча. Штурм пачаўся 13 траўня 1831 года. Спачатку поспех быў на баку паўстанцаў, аднак да расейскага гарнізона неўзабаве падаспела дапамога. Потым быў штурм Вільні, аднак авалодаць горадам не ўдалося. Валовіч у гэты час прымаў удзел у іншых баях. За заслугі ў справе паўстання Валовіч і Працлаўскі былі ўзнагароджаны Цэнтральным урадам Польшчы залатымі кавалерскімі Крыжамі. Некаторы час Міхал Валовіч вымушаны быў знаходзіцца на чужыне. У Парыжы ён з паплечнікамі рыхтаваўся да новага паўстання. У пачатку сакавіка 1833 года група патрыётаў рушыла на Бацькаўшчыну. Дабраліся не ўсе. Але найбольш здатныя перайшлі мяжу і прыступілі да падрыхтоўкі паўстання. Валовіч хутка сфармаваў партызанскі атрад. Хутка ў яго з'явілася магчымасць павялічыць свой атрад, бо 10 траўня ў лес уцяклі 28 палонных паўстанцаў, якія раззброілі свой канвой. Каб не дапусціць аб'яднання паўстанцаў, на іх пошукі было кінута звыш 10 тысяч салдат, паліцыянтаў і прыгонных сялян. Міхал Валовіч быў схоплены. На допытах трымаўся годна, праявіў выключную мужнасць, нічога не расказаў катам пра паўстанцкую арганізацыю. 21 ліпеня Міхал Валовіч быў павешаны ў Гародні. Пазней каты таемна схавалі цела героя, каб сцерці яго з народнай памяці. Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны. І сёння месца, дзе ён стаяў, невядомае. У 2000 годзе на могілках у Парэччы быў пастаўлены мемарыяльны крыж, а пазней і знак у гонар Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікам. Там і адбываецца штогод ушанаванне нашых герояў.
Сёлета ўшанаваць Міхала Валовіча прыехалі грамадскія актывісты з Баранавіч, Гародні, Бярозаўкі (Лідскі раён), са Слоніма і Жыровіч. Урачыстасць адкрыў сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Бедка, які прыгадаў трагічны лёс Міхала Валовіча. Пра паўстанні на Беларусі, пра нацыянальных герояў і сітуацыю ў краіне распавядалі Вадзім Саранчукоў з Гародні, Вітольд Ашурак з Лідскага раёна, Уладзімір Кавальчук з Жыровічаў і іншыя выступоўцы. Галіна Ярашэвіч і Таццяна Малашчанка з Баранавіч спявалі беларускія патрыятычныя песні.
Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.
130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Цвікевіча
Аляксандр Іванавіч ЦВІКЕВІЧ (22 чэрвеня 1888, Берасце - 30 снежня 1937, Менск) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.
Нарадзіўся ў сям'і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасці. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны - у бежанстве ў Туле. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.
Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з'езда, быў абраны сакратаром прэзідыума, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з'езда. У студзені 1918 г. Выканкам І Усебеларускага з'езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Берасце.
У канцы сакавіка 1918 г. быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР.
Вясной 1919 г. урад БНР накіроўвае Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне - атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.
З 1921 па 1923 г. Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынём І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 г. Выказаўся за кансалідацыю беларускіх палітычных сіл. У 1922 г. Цвікевіч разам з В. Ластоўскім прысутнічаў на Генуэзскай канферэнцыі, дзе спрабаваў уключыць беларускае пытанне ў парадак дня яе работы.
У 1923 г., у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў з палітыкай урада БНР В. Ластоўскага быў сфармаваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. Сабраў 12-16 кастрычніка 1925 года Другую Усебеларуская канферэнцыю ў Берліне. У лістападзе 1925 г. Аляксандр Цвікевіч з сям'ёй пераехаў у Менск. Пасля пераезду ў БССР працаваў кансультантам у Наркамаце фінансаў, потым - вучоным сакратаром Інбелкульта. З 1929 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.
4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе "Саюза вызвалення Беларусі". 10 красавіка 1931 г. асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмуртыя). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937. 30 снежня 1937 г. Аляксандр Цвікевіч быў расстраляны ў Менску.
Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 г., па другім - 31 траўня 1989 г.
Вікіпедыя.
Віктару Валадашчуку - 60
11 чэрвеня рэдактару і выдаўцу "Газеты Слонімскай" Віктару ВАЛАДАШЧУКУ споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння. Усё сваё свядомае жыццё Віктар аддаў журналістыцы. Пачынаў ён журналісцкі шлях са звычайнага фотакарэспандэнта раёнкі, потым быў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, а ў красавіку 1997 года ён разам са сваімі землякамі Сяргеем Чыгрыном і Сяргеем Яршом пачаў выдаваць "Газету Слонімскую". Першы нумар пабачыў свет 24 красавіка 1997 года. І вось на працягу 21 года Віктар Валадашчук выдае ў Слоніме свой незалежны тыднёвік. За гэты час шмат прыйшлося перажыць і вытрымаць, адолець і сцярпець, бо ўтрымліваць адзіную незалежную газету на Гарадзеншчыне не так проста было і застаецца цяпер. Але "Газета Слонімская" жыве, бо яе рэдагуе цудоўны і вопытны рэдактар і журналіст Віктар Валадашчук. Усе землякі і творчая інтэлігенцыя Гарадзеншчыны шчыра віншуюць спадара Віктара з юбілеем і жадаюць яму здароўя, сіл і новых адкрыццяў на журналісцкай ніве.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.
Стаўленне беларусаў да беларускай мовы
"Хто не любіць свайго народа і каму не мілы канкрэтны вобраз яго, той не можа любіць і чалавецтва, таму не мілы і канкрэтны вобраз чалавецтва."
Мікалай Бярдзяеў, рускі мысліцель ХХ стагоддзя.
Кожны народ роўнавялікі ў суквецці народаў Свету. Шарль дэ Голь гэтае паняцце вызначаў так: "Вялікі народ - у самім народзе". Кожны народ вялікі сваёй гісторыяй, самабытнай непаўторнай мовай, фальклорам, нацыянальным характарам, сусветнага ўзроўню навукоўцамі, творчымі асобамі. Беларускі этнас пасеяў на сусветнай ніве цывілізацый шмат імёнаў, якія ўслаўляюць беларускі народ. Узгадаем некаторых з іх - і адчуем унутраны гонар і самапавагу. Да самых вялікіх і неўміручых складнікаў вялікасці нашага этнасу належыць беларуская мова. Яна прыгожая, пявучая, гнуткая, выразная і самадастатковая - гэта гісторыя беларускага народа. Для беларусаў мова ёсць шлях цывілізацыі і культуры, а таму ёсць жыццёвай неабходнасцю. Беларуская мова дала назву нашай дзяржаве, яднае народы, якія пастаянна жывуць у Беларусі. Яскравы прыклад беларускіх татар - сталі часткай беларускай культуры - і мяккі незаўважны ўплыў на беларускую культуру яўрэйскай, асабліва ў даваенны час.
Мова ў часы гітлераўскай акупацыі
Як не дзіва, яе нават нямецкі фашызм паважаў, на дзяржаўным акупацыйным узроўні, спрыяў яе адраджэнню і прапанаваў зрабіць яе дзяржаўнай мовай акупаванага беларускага народа. Гэта не публіцыстычныя словы. Прыводжу архіўныя звесткі. У пачатку кастрычніка 1941 года было выдадзена і надрукавана ў газетах (напрыклад, "Мінская газета") распараджэнне кіраўніка акупацыйнай улады такога зместу: "Генеральная акруга Беларусі ахоплівае жыццёвы абшар беларускага народу. Дбанне пра беларускую культуру, звычаі і асвету ёсць адной з істотных задач школ Генеральнай акругі Беларусі". У часы нямецкай акупацыі ў Беларусі беларуская мова была ў пашане. Гэта гістарычны факт. Ён да сёння прыхаваны ад народа, магчыма, многія не гатовы нават успрыняць і асэнсаваць рэальнае жыццё беларускага народа на роднай зямлі ў часы крывавай бойні Сталіна і Гітлера. Аўтар гэтага тэксту вучыўся ў часы акупацыі ў беларускамоўнай школе. Згадаем, што і ў 1918 годзе пад нямецкай акупацыяй 3 красавіка 1918 года беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай мовай БНР.
Сітуацыя сёння
Які лёс мовы, такі і лёс народа. Аўтарытарнае на дзяржаўным узроўні мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы з усіх сфераў грамадскага і дзяржаўнага жыцця прывяло беларускую нацыю да мяжы, за якой пачынаецца шлях да вымірання, знікнення вялікага гістарычна-культурнага этнасу. Беларусы! Мы незаўважна для сябе "згадзіліся" з 300-гадовай палітыкай гістарычных акупантаў на нашую асіміляцыю і ліквідацыю як нацыі. Агульна прызнанае, што мова вызначае шлях натуральнага духоўнага развіцця Нацыі. Беларуская мова ў гістарычным часе з насельнікаў зямлі нашай зрабіла беларускі народ, беларускую Нацыю, вывела яе ў свет.
У параўнанні з усімі народамі свету, мы жывём ва ўмовах пачварнай, ненармальнай сітуацыі: у дзяржаве Беларусь няма для беларуса яго натуральнага роднамоўнага асяроддзя. Уся дзяржаўная сістэма кіравання, ад верху да старшыні сельсавета, выконвае канстытуцыйныя функцыі не на мове карэннага этнасу, які перадаў ёй свае правы на кіраванне, а на мове асімілятараў. Над Беларуссю навісла і застыла хмара духоўнай "рускаязычнай" радыяцыі, а яна больш трагічная, чым ядзерная ад Чарнобыля.
Адказныя ў гістарычным часе не толькі сённяшняя вертыкаль, а і кіраўнікі часоў БССР. Народны паэт Ніл Гілевіч на 12 з'ездзе пісьменнікаў Беларусі ў траўні 1998 года ўспомніў пра свой крык душы ў абарону беларускай мовы ў 1966 годзе і запытаўся, а што ж змянілася праз 32 гады і адказаў: "Мушу аб гэтым гаварыць, бо тое, што чыніцца ў Беларусі з мовай 10-ці мільённага славянскага народа, ёсць вялікае злачынства (выдзелена аўт. ) перад культурай усяго чалавецтва і ёсць здзек над усімі разумнымі асновамі міжнацыянальных узаемаадносін". І працягваў з горыччу гаварыць з літаратарамі і народам, што "мову яшчэ большымі тэмпамі і з нейкай садысцкай азвярэласцю выганяюць з Беларусі".
Што рабіць?
Кожнаму беларусу падумаць, асэнсаваць моўную і культурную сітуацыю за апошнія дзесяцігоддзі, і пачаць з сябе, і разам з грамадзянскай супольнасцю бараніць (вяртаць, адраджаць) родную беларускую мову. Яна абароніць нас, наш род і беларускі народ ад татальнай русіфікацыі-асіміляцыі і вымірання нацыі. Беларуская мова - асноўны гарант рэальнага суверэнітэту Беларусі і гарантаваная зброя ў барацьбе з ідэалогіяй і практыкай "русского мира". Усвядоміць прычыны сённяшняга стану грамадства: - дзяржава апошнія дзесяцігоддзі заганяе беларусаў па-расейскаму плану ў балота абывацельшчыны, што скарачае час да поўнай асіміляцыі. Этнічная мова вызначае шлях натуральнага духоўнага развіцця Нацыі.
Пачаць беларусізацыю дзяржава павінна з сябе. Людзі павінны ўбачыць гэты працэс ("прэзідэнт загаварыў па-беларуску") і тады яны таксама актыўна да яго далучацца. Досыць часта нашым сучасным высокім кіраўнікам і чынавенству ніжэйшых эшалонаў вертыкалі прыходзіцца маўкліва прымаць сорам ад прадстаўнікоў высокіх рангаў замежжа. Нагадаем 1990 год: прэзідэнт Расіі Б. Ельцын выступаў у Беларускай акадэміі навук. Уся беларуская эліта, за выключэннем віцэ-прэзідэнта Радзіма Гарэцкага, выступала і гаварыла на рускай мове, і толькі адзіны прадстаўнік світы Ельцына акадэмік Ул. М. Кудраўцаў выступіў па-беларуску!!! Гэта быў сорам, ганьба кіраўніцтву Беларусі і ўсім беларускім акадэмікам і не толькі. Дэманстрацыя на ўвесь свет адсутнасці адказнасці перад нацыяй, гонару і самапавагі. Адным словам - халуйства, а яно страшней за рабства. Рабы мелі гонар і самапавагу, змагаліся за свабоду.
Лёс мовы - лёс нацыі
Мову і нацыю ў бясконцым гістарычным часе разглядаюць як дзве субстанцыі, паміж імі ставяць знак роўнасці. Мова этнасу павязаная з нацыяй так моцна, што калі знікае мова, то і яе носьбіт-народ знікае з нівы цывілізацыі. Хтосьці можа сцвярджаць, што са знікненнем мовы яе носьбіт нікуды не падзенецца. У рэальнасці мова ёсць вельмі важная субстанцыя, якая гартуе людзей адной самабытнай нацыі. Мова - галоўная маральная і інтэлектуальная каштоўнасць, якая дадзена кожнай жывой істоце ад нараджэння. Адрачыся ад яе - значыць жыць бяссэнсава. Адраджэнне (уваскрашэнне) этнічнай мовы ёсць галоўная справа кожнага свядомага беларуса. Мова азначае ўсё роднае, знаёмае, блізкае. Мова ёсць сімвал Бацькаўшчыны, родных, далёкіх гістарычных продкаў. У нармальнай сітуацыі мова сімвалізуе свой родны дом і цяпло дамашняга вогнішча. Любы сустрэчны незнаёмец, які гаворыць на нашай роднай мове ёсць зямляк, а значыць не зусім чужым нам. Як бачым, мова цэментуе людзей (як цаглінкі) у адзіную нацыю (усенародны дом).
А што адбываецца, калі людзі перастаюць, незаўважна для сябе пад уплывам дзяржаўнага векавога прэсінгу, гаварыць не на роднай для іх мове? Вобразна кажучы, іх сумесны дом пачынае развальвацца. У гэтым працэсе знікаюць многія кампаненты, якія яго трымалі. А што ж робіць мова чужога народа, які навязаў яе нам узамен роднай? Чужая мова пачынае аб'ядноўваць людзей з чужой мовай, і народам, і культурай. З'яўляецца сурагат, не свая нацыя. Свая родная нацыя ўжо не трымаецца сваёй этнічнай пупавіны. Калі ж у краіне мова развіваецца ў натуральным асяроддзі, дзяржава рэгулюе працэсы яе развіцця і абароны ад шкодных знешніх уплываў, то разам з ёю і нацыя мацнее. Для чалавека захоўваюцца сакральныя святыні, што вельмі важна для кожнай асобы. Умацоўваецца пачуццё каштоўнасці роднай мовы, адчування адзінства са сваім этнасам, пачуццё гордасці за сваю Бацькаўшчыну, за сваё роднае і непаўторнае ў свеце.
Нам трэба ведаць гісторыю сваіх заваёўнікаў, як яны ў свой гістарычны час абаранялі родны ім "русский язык". Вось глыбокая думка-пазіцыя: "Где чужой язык употребляется предпочтительнее своего, где чужие книги читаются более, нежели свои, там при безмолвии словесности все вянет" - А. С. Шышкоў, дзяржаўны і грамадскі дзеяч ХIХ стагоддзя, міністр асветы, Прэзідэнт Расійскай Акадэмі навук.
Праблема самаідэнтыфікацыі
Гістарычна так склалася, што частка беларусаў лічаць Беларусь і да сёння як частку няіснага СССР. Неадчуванне сябе беларусам, а беларусаў нацыяй для гэтых людзей і для дзяржавы Беларусь на сёння ёсць нацыянальнай праблемай, якую трэба вырашаць і разглядаць яе як стратэгічную праблему. А пакуль вядуцца бясконцыя спрэчкі ў замкнёным гістарычным коле. Гэты адмоўны працэс будзе адбывацца да той пары, пакуль беларусы будуць глядзець на сябе, на сваю гісторыю, на сваю нацыю чужымі імперскімі вачыма. А трэба шляхам асветніцтва дасягнуць становішча, калі кожны беларус будзе насіць у сэрцы і розуме як малітву: беларускі народ - самабытны, беларуская нацыя - вялікая, самабытная, этнас беларусаў - самабытны!
Мова ў сэрцы
Беларусы спрыяльна ставяцца да сваёй роднай мовы, а ўнутрана, духоўна носяць яе ў сваіх сэрцах. Аўтарытарная дзяржава стварыла такія ўмовы, што для выжывання на сваёй радзіме трэба ўнутрана саромецца самога сябе. Адчуванне адсутнасці ўнутранага гонару і ўнутранай самапавагі ёсць пажыццёвы панцыр, які разбурыць можна толькі праз (сама)асветніцтва - шлях да годнай самасвядомасці. Разам з тым беларус разумее неабходнасць вяртання на Бацькаўшчыне беларускамоўнага асяроддзя і хоча ў ім жыць. Для свядомага беларуса няма праблем з беларускай мовай, нават калі ён сёння і не карыстаецца ёй у штодзённым жыцці.
Выжыўшы пад трохсотгадовай акупацыяй, беларуская мова не толькі захавалася, а і дасягнула ўзроўню самадастатковасці для развіцця незалежнай Беларусі ў цывілізаваным свеце. Недалёкі час, калі беларуская мова стане асноўным інструментам у паўнакроўным жыцці беларусаў. Паважаны чытач, падзівіцеся на сваё акружэнне і ўбачыце, нягледзячы на тое, што большасць пакуль гаворыць не на роднай беларускай, а на рускай мове, аднак, перайсці на беларускую мову няма праблем. Беларуская мова жыве ў генах кожнага беларуса незалежна ад узроўню самасвядомасці кожнага з нас.
Хто выступае за двухмоўе?
За двухмоўе выступаюць гістарычныя мігранты, якія жывуць у Беларусі ў рускай культуры (дыскурс). Да іх далучаюцца дашчэнту зрусіфікаваныя беларусы, якія сталі ахвярамі прапаганды накшталт: "Мы рускія, толькі вышэйшай якасці", "Мы з рускімі адзін народ", - і падобныя зомбі-выказванні. Пад уплывам такога "абалваньвання" многія беларусы ў апраўданне перад здрадай самому сабе ў публічных зносінах, з унутраным сорамам, гавораць "но я тоже белорус". Аб'ектыўна ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, у Беларусі каля 84 працэнтаў назвалі сябе беларусамі, а рускімі - толькі 8 працэнтаў. Па ўсіх дзейных нормах дэмаграфіі - гэта нацыянальная меншасць. Адказ таму хто заяўляе, што "ў нас дзве дзяржаўныя мовы" такі: "Тады трэба ведаць дзве, асабліва дзяржаўным чыноўнікам". Не можа развівацца на роўных краіна, нацыя без роўнасці этнічнай роднай мовы з мовай гістарычных акупантаў-мігрантаў.
Беларусы ніколі не адмаўляліся ад беларускай мовы
Аб гэтым яскрава сведчыць усім народам свету наша тысячагадовая змаганне з заваёўнікамі за нашу самабытнасць, дзяржаўнасць і фактычнае захаванне і няўхільнае развіццё нашай этнічнай мовы. На сёння беларуская мова - гэта прызнанае лінгвістычнай нацыянальнай і сусветнай навукай - самадастатковая, прафесійна распрацаваная.
Беларускі народ захавае нацыянальную мову толькі праз свядомасць, якая выспявае праз вяртанне да гісторыі і культуры свайго гераічнага этнасу. На жаль, у рэальным жыцці беларус чуе з афіцыёзнага рупара, што беларусы добраахвотна далі згоду на адмаўленне ад беларускай мовы. Гвалтоўнай беларусізацыі ў 80-90-я гады, як лямантуюць ворагі беларусізацыі, не было, гэта непрыхаваная хлусня і маніпуляцыя. Беларус ніколі не адмаўляўся, а наадварот, на працягу стагоддзяў змагаўся за сваё выжыванне. У часы апошняй беларусізацыі 90-х гадоў не зафіксавана аніводнага выпадку афіцыйнага пратэсту, дэманстрацыі, пікетаў, лістоў-скаргаў у СМІ. Беларускі народ не абураўся супраць канстытуцыйнай адзінай дзяржаўнай мовы беларускай. Апошнія гады, нягледзячы на актыўнае выцясненне беларускай мовы з грамадскага жыцця, беларушчына няўхільна заваёўвае свае пазіцыі і перамагае, што ёсць сведчаннем небывалай яе сілы і неўміручасці, жыватворнасці нацыянальнай ідэі, прыцягальнасці беларусаў да нацыянальнай мовы і культуры. Мы павінны бараніць тое, што потым абароніць нас.
Гэта толькі мары ці рэальнасць?
Як сведчыць гісторыя, развіццё ідзе па спіралі і пасля велізарных страт і замарожвання пачнецца чарговае гістарычнае Адраджэнне Беларусі. У нас усё будзе, як у народаў свету. Будзе закон аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове. Як у шматнацыянальнай Расіі - дзяржаўная мова адна - руская, у Летуве - летувіская, у Польшчы - польская і г. д. Права нацыянальных меншасцяў на выкарыстанне сваёй мовы ў рэгіянальных органах не закрэслівае адзіны дзяржаўны статус мовы тытульнай нацыі.
Беларуская мова адбіралася ў беларусаў не дэмакратычным шляхам, а гвалтам, знішчэннем эліты нацыі, а таму нацыянальная, дэмакратычная ўлада павінна і мае права вярнуць беларускую мову ў Беларусі на належнае ёй пачэснае месца ў прававым полі. Жыццё яскрава паказала, што ўзаконенае двухмоўе - шлях у нікуды: ад няўхільнага аслаблення беларускай мовы і культуры да катастрофы, гібелі. Толькі нацыянальная дзяржава - гарант спынення лінгвацыду і генацыду. Наша памяць аб ахвярах цэлых пакаленняў лепшых сыноў беларускай нацыі за мову і культуру ёсць важным імунітэтам народа ад заняпаду і вымірання. Шматгадовая ініцыятыва ТБМ аб прыняцці закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які адобрыў ХШ з'езд ТБМ імя Ф. Скарыны, адтэрміноўвае на нявызначаны тэрмін вырашэнне моўнай анамаліі ў Беларусі. Вертыкаль скажа, што ж вы хочаце, калі Таварыства беларускай мовы не ставіць пытанне аб адзінай мове, а выходзіць з касметычнымі прапановамі да існага закона, значыць двухмоўе іх задавальняе.
Закон "Аб мовах" 1990 года, якім беларускай мове камуністычным Вярхоўным Саветам БССР нададзены ў краіне статус адзінай дзяржаўнай, быў адзінай рэальнай га рантыяй выратавання беларускай мовы, культуры. Брутальны адмен яго стаўся гістарычнай трагедыяй у гісторыі беларускага народа. Па ўсіх параметрах ЮНЭСКА, беларуская мова занесена ў спіс выміраючых моваў.
Калі памірае мова?
Мова, якой народ не карыстаецца ў паўсядзённым жыцці, пераходзіць у спіс мёртвых. Як толькі мова перастае выконваць асноўныя функцыі ў жыцці нацыі, а менавіта: у сістэме выхавання і навучання, ва ўзаемаадносінах у сям'і, грамадскім жыцці і ў інфармацыйнай прасторы, то яна становіцца непатрэбнай, не каштоўнаю і ступае на доўгі ганебны шлях вымірання.
Моўная разнастайнасць ідзе ад разнастайнасці ўсяго жывога на планеце Зямля. У развіцці Home sapiens этнічныя мовы адыгралі вызначальную ролю ў гісторыі цывілізацый. Кожны народ мае сваю родную мову. У гістарычным часе існавання кожнага народу менавіта мова фіксуе і зберагае ўсе адметныя асаблівасці яго развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры. Праз этнічную мову ўспрымаецца непаўторны светапогляд гэтага народа. Гэта можна зразумець, калі параўнаць, як называюць (якой колькасцю слоў) розныя з'явы прыроды, напрыклад колькасць адценняў белага колеру. Народы Поўначы адрозніваюць да сотні адценняў снегу. Як бачым, мова кожнага народа ёсць бясцэнным сродкам (крыніцай) ведаў пра свет, і калі высыхае хоць адна з іх, страчваецца непаўторная карціна бачання свету.
Дык калі ж памірае мова?
Цывілізацыям вядома шмат прыкладаў. У большасці выпадкаў знікалі мовы народаў, якія былі заваяваны іншымі і пад прымусам змушаны былі перайсці на мову акупантаў. Гісторыя беларускай мовы зафіксавала шмат стагадовых спроб яе знішчыць: часы Рэчы Паспалітай, Расійкай імперыі, БССР у складзе СССР, ды і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь беларуская мова сядзіць не на лаўцы, а ляжыць у сваёй хаце пад лаўкай (унікальная сітуацыя ў 21 стагоддзі!). І ў гэтых умовах беларуская мова працягвае жыць. Зорным яе часам былі некалькі гадоў, калі дзейнічаў закон "Аб мовах " і беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. Для знішчэння народа знешнія сілы заўсёды імкнуліся стварыць умовы, калі б беларусы не мелі магчымасці жыць у роднамоўным асяроддзі. Навукоўцы вызначаюць узровень культурнасці чалавека, нацыі, дзяржавы па іх стаўленні да мовы паняволеных народаў, у нашым выпадку: Расіі да Беларусі. У краінах з рэальным суверэнітэтам і дэмакратыяй мовы карэннага этнасу і нацыянальных меншасцяў не паміраюць, а толькі квітнеюць у сваім развіцці.
Мікола Савіцкі, прафесар.
Як папулярызаваць беларускую мову: 15 прапаноў Алены Анісім да "галоўнага ідэолага"
12 чэрвеня дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім прыняў Уладзімір Жаўняк, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, які займаецца пытаннямі ідэалогіі.
Прадметам сустрэчы стала распрацоўка праграмы пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў інфармацыйнай, адукацыйнай сферах і ў заканадаўстве. Гэтую ідэю Алена Анісім упершыню агучыла падчас сёлетняга паслання Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе. А цяпер яна перадала ў Адміністрацыю канкрэтныя прапановы.
Пасля размовы спадарыня Анісім сказала Свабодзе, што ў яе засталіся дваістыя ўражанні.
- З аднаго боку, ёсць разуменне ненармальнасці сітуацыі. З другога боку, няма дакладнага ўяўлення, што і як рабіць. Пакуль мы не прыйшлі да пагаднення аб тым, распрацоўваць ці не такую праграму на дзяржаўным узроўні і хто будзе гэтым займацца. Тым не менш спадзяюся, што некаторыя мае аргументы былі ўсё ж пачутыя і будуць пэўным чынам скарыстаныя, - сказала яна.
15 прапаноў Алены Анісім:
1. Новым школам надаваць ад пачатку статус беларускамоўных з забеспячэннем высокапрафесійнымі педагогамі і адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай.
2. У дзіцячых садках па заявах бацькоў на працягу аднаго году адкрываць групы з беларускай мовай навучання, у тым ліку і рознаўзроставыя.
3. Выхаваўчыя і культурныя мерапрыемствы ў сістэме адукацыі не менш як на 50% праводзіць на беларускай мове, у тым ліку праз арганізацыю віктарын, літаратурных конкурсаў, ранішнікаў, свят, тэматычных вечарын.
4. Павялічыць колькасць выданняў і перавыданняў твораў сучаснай беларускай літаратуры (у тым ліку і ў электронным выглядзе), якія ўваходзяць у школьную праграму (серыі "Школьная бібліятэка" і "Бібліятэка школьніка").
5. Арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі ва ўстановах адукацыі.
6. Рэгулярна арганізоўваць экскурсіі для школьнікаў у краязнаўчыя музеі, музеі Якуба Коласа, Янкі Купалы, іншыя літаратурныя музеі, на спектаклі ў тэатры, якія працуюць на беларускай мове.
7. Курс "Беларусазнаўства" выкладаць у сістэме навучання ССНУ і ВНУ.
8. Увесці іспыт на веданне дзяржаўнай беларускай мовы для выпускнікоў ССНУ і ВНУ.
9. Стварыць інфармацыйны партал (умоўная назва - pismiennasc.by) па праверцы артаграфіі і пошуку значэнняў слоў. Можна выкарыстаць досвед slounik.org.
10. Усе шыльды з назвамі вуліц у населеных пунктах афармляць на беларускай мове (па жаданні і на расейскай).
11. На ўсіх дзяржаўных тэлеканалах Беларусі штодня рабіць выпускі навін на дзяржаўнай беларускай мове - не менш за 50% ад усіх выпускаў.
12. Тэлеканал "Беларусь-3" перавесці цалкам на беларускую мову, пры неабходнасці суправаджаючы дэманстрацыю кіно і іншыя перадачы субтытрамі.
13. Мясцовы кантэнт на 50% павінен быць зроблены на беларускай мове, незалежна ад жанру перадачы (інфармацыйная, забаўляльная, рэкламная, камерцыйная, сацыяльная) і ад формы ўласнасці тэлеканала (дзяржаўны ці прыватны).
14. Падрыхтаваць указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб Правілах дарожнага руху на беларускай мове.
15. Усе заканадаўчыя акты на ўсіх узроўнях улады прымаць адразу на абедзвюх дзяржаўных мовах.
Што далей збіраецца рабіць Анісім?
- Як старшыня ТБМ і як член сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, я буду гэтую справу рухаць далей. Лічу яе важнай, у тым ліку і для забеспячэння ўстойлівага развіцця, лінгвістычных правоў і нацыянальнай бяспекі краіны. Сітуацыя, калі дзяржаўная мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, моцна б'е па прэстыжы Беларусі, - кажа дэпутат.
Яна лічыць, што, магчыма, трэба будзе сабраць круглы стол з удзелам грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў дзяржаўных структур і на ім абмеркаваць далейшыя крокі па рэалізацыі як асобных пунктаў, так і ўсёй праграмы.
Уладзімір Глод.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка 2
(Працяг. Пач. у папяр. нум.)
1616. Кажура (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва кажура / кажурына 'кавалак аўчыны', 'тоўстая скура на чым-небудзь (яблыку, бульбе і пад.)'.
1617. Казевіч (Тамара) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Казя, Казё і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казевіч. ФП: Казімір (імя <слав. 'той, хто не дае ворагу спакою', 'прадказваць мір') - Казё (рэг. форма, в. Грабава Зэльв. р-н) - Казё (мянушка, пазней прозвішча) - Казевіч. Або ад Казіміра (жан. ад Казімір) - Казя - Казевіч.
1618. Казючыц (Андрэй) - другасная форма, першасная Казючыч - вытвор з суфіксам -ыч ад антрапоніма Казюк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казюкіч - Казюч(к/ч)ыч. ФП: Казімір (імя, слав. <польск. Kazimierz 'вядомы, слаўны') - Казюк (народны варыянт, потым празванне) - Казюк (прозвішча) - Казючыч - Казючыц (дысіміляцыя: чч>чц).
1619. Калдун (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва калдун 'зліплыя валасы на галаве' ці 'хвароба скуры на галаве з валасамі-камякамі'. Або ад рус. колдун 'вядзьмак, вядзьмар', а таксама 'чарадзей, чараўнік'.
1620. Калдуновіч (Аляксей) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Калдун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калдуновіч. ФП: калдун ('клёцка, начыненая мясным або іншым фаршам' або варыянт ад каўтун ('валасы')) - Калдун (мянушка, потым прозвішча) - Калдуновіч.
1621. Каленік (Антон) - варыянт імя Калінік (грэч. Kallinikos 'прыгожы пераможца') набыў форму Каленік (1540 г.) і стаў сямейным онімам-прозвішчам. Або ад апелятыва калена (частка нагі).
1622. Каліневіч (Міхаіл) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Каліна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каліневіч. ФП: каліна ('кустовая расліна сямейства бружмелевых з белымі кветкамі і чырвонымі горкімі ягадамі, а таксама ягады гэтай расліны') - Каліна (мянушка, потым прозвішча) - Каліневіч. Або вытвор ад імя Каліна - Каліневіч.
1623. Калосіч (Антон) - акцэнтаваны вытвор з суфіксам -іч ад антрапоніма Колас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Коласіч - Калосіч. ФП: колас ('суквецце злакаў і некаторых іншых раслін, у якіх кветкі размяшчаюцца ўздоўж канца сцябла', а таксама 'суквецце з пладамі, насенне гэтых раслін') - Колас (мянушка, потым прозвішча) - Калосіч.
1624. Калугін (Антон) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Калуга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калугін. ФП: калуга ('далёкаўсходняя буйная рыба сямейства асятровых, від бялугі') - Калуга (мянушка, потым прозвішча) - Калугін.
1625. Камлюк (Алесь) - семантычны вытвор ад апелятыва камлюк 'ніжняя частка ствала дрэва, камель'.
1626. Кампанеец (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва кампанеец ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 411) 'член кампаніі', - вытвор ад кампан ('сябар') (Тамсама).
1627. Канавалаў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Канавал і значэннем 'сын Канавала': Канавалаў. ФП: канавал ('знахар, які лечыць коней (саст.)', перан. 'Пра дрэннага ўрача, невука ў медыцыне' (пагард.)) - Канавал (мянушка, потым прозвішча) - Канавалаў.
1628. Капліца (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва капліца 'невялікі царкоўны або касцельны будынак з абразамі без алтара; малельня'.
1629. Капуснікаў (Георгій) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Капуснік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Капуснікаў. ФП: капуснік ('капуснае лісце', а таксама (перан.) 'вечарынка ў акцёраў, студэнтаў і іншых з аматарскімі нумарамі жартаўліва-парадыйнага характару') - Капуснік (мянушка, потым прозвішча) - Капуснікаў.
1630. Капыскі (Андрэй) - вытвор ад тапоніма Копысь з фармантам -скі і з семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Копысьскі - Копысскі - Капыскі. ФП: копыс 'сверб, шолах' (Даль) - Копыс (мянушка, потым прозвішча) - Копысь (паселішча) - Капыскі.
1631. Карабач (Віталь) - семантычны вытвор ад апелятыва карабач 'карабаты - няроўны, скрыўлены, пагнуты'; утварэнне з суфіксам -ач ад карабаціць 'рабіць карабатым; скрыўляць, выгінаць'.
1632. Карпеня (Алена) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Карп і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Карпеня. ФП: Карп (імя, з мовы грэкаў karpos 'плод') - Карп (празванне, потым прозвішча) - Карпеня. Або семантычны вытвор ад апелятыва карп ('прэснаводная рыба, якая разводзіцца ў сажалках, штучных вадаёмах; культурная разнавіднасць сазана'), што набыў ролю мянушкі і стаў утваральнай асновай прозвішча (з фармантам -еня) - Карпеня.
1633. Карэйва (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва карэйва <літ. kareiva (непахв.) 'ваяка' (Бірыла).
1634. Карэліч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Карэлы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Карэліч. ФП: карэлы ('пакрыты слоем засохлай гразі; каравы, брудны') - Карэлы (мянушка, потым прозвішча) - Карэліч. Або ад карэл, мн. карэлы 'народ, які складае асноўнае насельніцтва Карэліі (у складзе Расіі)'.
1635. Касач (Надзея) - семантычны вытвор ад апелятыва касач, які мае два значэнні: 1) 'травяністая расліна з доўгімі мечападобнымі лістамі і вялікімі кветкамі жоўтага, сіняга або фіялетавага колеру'; 2) 'цецярук-самец, які ў адрозненне ад самкі мае ў хвасце доўгае выгнутае пер'е'.
1636. Касачук (Лідзія) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Касач і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Касачук. ФП: касач (апелятыў са значэннем 'расліна' і 'птушка' - гл. Касач) - Касач (празванне, потым прозвішча) - Касачук.
1637. Касянок (Мікалай) - варыянт канан. імя Касьян (лац. 'пусты, парожні, бедны') - Касян (1578 г.) - Касянок (памянш.-ласк. з -ок, празванне) набыў ролю афіцыйнага родавага наймення-прозвішча.
1638. Каткавец (Васіль) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -ец ад тапоніма Коткава і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Коткавец - Каткавец. Або вытвор з -ец ад антрыпоніма Коткаў і значэннем 'нашчадак названай асобы': Коткавец - Каткавец. ФП: котка ((рэг.) 'кошка') - Котка (мянушка, потым прозвішча) - Коткаў (прозвішча, суф. -аў ад Котка) - Коткава (тапонім) - Каткавец.
1639. Каўняровіч (Максім) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Каўнер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каўнеровіч - Каўняровіч. ФП: каўнер ('верхняя, часцей прышыўная частка адзення, якая прылягае да шыі') - Каўнер (мянушка, потым прозвішча) - Каўняровіч.
1640. Каўтуновіч (Алена) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Каўтун і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Каўтуновіч. ФП: каўтун ('хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца ў камяк' або (пагардліва) 'пра валасы') - Каўтун (мянушка, потым прозвішча) - Каўтуновіч.
1641. Каўцэвіч (Аляксей) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Каўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каўкевіч - Каўц(к/ц)эвіч. ФП: каўка ('птушка галка') - Каўка (мянушка, потым прозвішча) - Каўцэвіч.
(Працяг у наст. нумары.)
Дэманструем неадступнасць у дасягненні мэты
На сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны 12 чэрвеня адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнаму ўніверсітэту, і абмяркаванне пытанняў, звязаных з развіццём Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
З прамовамі выступілі старшыня ТБМ, дэпутат Парламента Алена Мікалаеўна Анісім, выканавец абавязкаў рэктара ўніверсітэта Алег Анатольевіч Трусаў, сябры Аргкамітэта па стварэнні нацыянальнага ўніверсітэта Уладзімір Колас і Павел Церашковіч. Свае думкі выказалі аўтары дакладаў, надрукаваных у зборніку - Павел Баркоўскі, Пётр Рудкоўскі і Пётр Мігурскі.
- Нават у часы аднаўлення нашай дзяржаўнасці ў 90-тыя гады не было зроблена ўсё, каб паўстала вышэйшая навучальная ўстанова з беларускай мовай, - зазначыла Алена Анісім. - Былі выкладчыкі, якія самааддана працавалі на ніве адукацыі ў вышэйшай школе: нашы медыкі, хімікі, матэматыкі і біёлагі, гісторыкі і філолагі. Гэта ідэя лакальнымі кропкамі спрабавала рэалізавацца, але не была рэалізавана. Пры наяўнасці волі, жадання і ўзаемнай падтрымкі ідэя можа быць ажыццёўлена. Пытанне ў тым, каб мы настойліва і пераканаўча ішлі да мэты, спрыяючы і дапамагаючы адзін аднаму. Працу па стварэнні ўніверсітэта мы пачыналі ў час правядзення Кангрэса за незалежнасць напрыканцы 2014 года. Аргкамітэт разглядаў стварэнне ўніверсітэта як адну з надзённых задач. Мы падымалі гэтае пытанне падчас розных круглых сталоў. Восенню 2017 года былі зроблены практычныя крокі. Мы здолелі згуртавацца і, нягледзячы на розныя перашкоды, у сакавіку 2018 года дамагліся рэгістрацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
- У статуце ўніверсітэта плануецца больш, чым 50 спецыяльнасцяў для магістраў і бакалаўраў, - сказаў Алег Трусаў. - У канцы верасня распачнуць работу падрыхтоўчыя курсы. Плануюцца трохмесячныя і шасцімесячныя курсы. Там будуць выкладацца замежныя мовы для падтрыхтоўкі ЦТ, беларуская мова, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства. Ёсць спіс выкладчыкаў, якія гатовы на курсах выкладаць. Курсы будуць працаваць на працягу года, яны будуць платнымі. Калі будзе атрымана ліцэнзія, то з 1 верасня 2019 года пачнецца набор студэнтаў на дзённае аддзяленне.
Распачаў дзейнасць сайт Універсітэта імя Ніла Гілевіча: www.nhu.by. Пра гэта распавёў Уладзімір Колас. На сайце будуць размяшчацца матэрыялы канферэнцый, звесткі пра курсы і падзеі, звязаныя з адукацыяй.
12 чэрвеня спадарыня Алена Анісім мела сустрэчу ў Адміністрацыі прэзідэнта з намеснікам кіраўніка адміністрацыі па ідэалогіі і перадала яму зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
- Чарговыя перамовы прайшлі ў Міністэрстве адукацыі наконт атрымання ўніверсітэтам ліцэнзіі, - адзначыла Алена Анісім. - Атрыманне ліцэнзіі вымагае канкрэтных формаў дакументаў, працы са спецыялістамі ў розных інстанцыях, якая паступова вядзецца.
Эла Оліна, фота аўтара.
Справаздача Баранавіцкай рады ТБМ за 2017 год
Студзень 2017 года пачаўся з ужо традыцыйнага мерапрыемства - Дня здароўя, у якім прынялі ўдзел усе ахвочыя. З цудоўным настроем адбывалася катанне на лыжах па лесе, а потым адпачынак за гарбатай.
4 лютага 2017 г. адбылася святочная імпрэза, прысвечаная Дню народзінаў славутага сына беларускай зямлі Андрэя Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя ЗША, Польшчы, Летувы і ганаровага грамадзяніна Францыі. Ён нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына, вучыўся ў Любешаўскім калегіюме піяраў, які даваў амаль універсітэцкую адукацыю, затым вучыўся ў Францыі, змагаўся за незалежнасць ЗША.
Касцюшка стаў кіраўніком вызвольнага паўстання 1794 г. за адраджэнне Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Быў гарачым прыхільнікам ідэі свабоды і роўнасці людзей. Святочная імпрэза пачалася 4 лютага а 12-й гадзіне ў фальварку Мерачоўшчына. Ад Баранавіцкіх сяброў ТБМ у мерапрыемстве прынялі ўдзел Мікалай Падгайскі, Тамара Патоцкая, Тамара Зверава, Марына Жук, Галіна Дубоўка і інш.
13 лютага сябры баранавіцкага ТБМ Т. Малашчанка, С. Гоўша, М. Падгайскі адправілі зварот у Белкнігу аб недастатковым выкананні Закона аб мовах у дачыненні да друкаванай прадукцыі на беларускай мове.
23 лютага адбылася прэзентацыя дзвюх новых кніг паэта Алеся Корнева.
21.02.-14.03 адбывалася наведванне беларускамоўных груп у садках №№ 24, 2, 9, 40, 23, 54, 69 з падарункамі дзецям.
25 лютага адбылася агульнанацыянальная дыктоўка ў Русінах.
11.03. Сустрэча з Паўлам Севярынцам і Аляксеям Туровічам.
15.03 - 24.03. Змаганне за беларускасць Жамчужніцкай школы.
26.03. Святкаванне Дня Волі. Малітва, наведванне магіл змагароў за беларускасць.
03.04. Сустрэча з Валерыем Мазынскім, прагляд фільма "Як пошуг маланкі".
З траўня па чэрвень адбывалася стварэнне лялечнага тэатра і першыя пастаноўкі пад кіраўніцтвам В. Болбата.
8 траўня адбылася сустрэча з Вінцуком Вячоркам, а 21 разам з вернікамі ўніяцкай парафіі прынялі ўдзел у святкаванні Дня стварэння баранавіцкай парафіі імя святых Кірыла і Мятода.
27.05. Сустрэча з Ул. Арловым, на якой адбылася прэзентацыя кнігі "Айчына".
17.06. Вандроўка па Гарадзеншчыне з наведваннем Зэльвы і магілы Ларысы Геніюш.
Усталяванне кантактаў з сеткай таксі "Калі ласка".
15 ліпеня грамадская супольнасць і сябры ТБМ развіталіся з Лідзіяй Антановіч. Яна была сталым прыхільнікам адраджэння беларушчыны і стаяла ў пачатку стварэння ТБМ. Лідзія Аляксандраўна пахавана на могілках ў Русінах побач са сваім мужам Д. Р. Жуком.
У ліпені працавалі над буклетам, прысвечаным Ігнату Дамейку, і выпусцілі такі буклет. Таксама адбылася творчая сустрэча з Сяргеем Чыгрыном, а 29 ліпеня - вандроўка па Наваградчыне.
У верасні прайшлі чацвёртыя краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя Першай сусветнай вайне.
У кастрычніку адбылося прадстаўленне гісторыі ТБМ на "Мова нанова", а таксама ТБМ прыняло ўдзел у працы "круглага стала" па гісторыі партызанскага руху Наваградчыны і Карэліччыны.
Традыцыйна ў кастрычніку была ўшанавана памяць ахвяр палітычных рэпрэсій малітвай ля крыжа, які ўсталяваны на месцы турмы "Крывое кола" па вуліцы Смаленскай. А пасля ўшанаванне працягнулася вечарынай памяці, на якой гучалі радкі "нерастралянай паэзіі".
А напрыканцы 2017 года адбыўся вечар паэзіі і ўспамінаў творчай сям'і Аляксея і Алены Белых.
М. Падгайскі.
Пастанова Рады ТБМ
Аб памеры штогадовых складак
Устанавіць з 1 ліпеня 2018 г. наступны памер складак:
- для тых, хто працуе - 15 руб. на год;
- для пенсіянераў і беспрацоўных - 7 руб. на год;
- для студэнтаў - 3 руб. на год;
- для школьнікаў - 1 руб. на год.
- для грамадзян РФ - 750 рас. руб., іншых краін - 15 даляраў ці 15 еўра на год.
21.02.2018 г.
"Наша слова" прыйшло ў "Тэхнасіці"
14 чэрвеня сябры лідскіх арганізацый ТБМ і рэдакцыі газеты "Наша слова" былі запрошаны на свята беларускай мовы ў летнік "Тэхнасіці" пры Лідскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці.
Свята беларускай мовы прайшло ў рамках рэспубліканскага марафону "Мая малая радзіма. Лета - дзень за днём".
У свяце бралі ўдзел старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік, намеснік старшыні, Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ бард Сяржук Чарняк, сябар Ёдкаўскай суполкі ТБМ Віталь Карабач.
Падчас імпрэзы ішла шматузроўневая гутарка пра лёсы беларускай мовы. Дзеці падрыхтавалі вершы класікаў беларускай літаратуры і мясцовых аўтараў.
Станіслаў Суднік распавёў пра племя дайнаву, якое жыло на Лідчыне і знікла, бо страціла сваю мову, і выказаў спадзяванне, што з беларусамі такога не адбудзецца.
Сяржук Чарняк спяваў беларускія песні для дзяцей і разам з дзецьмі, а Віталь Карабач прадставіў дзецям лялек са сваёй батлейкі, прэм'ера першага спектакля якой павінна адбыцца 8 верасня на фестывалі "Лідскага піва". П'еса як бы ўжо напісана.
У канцы летніку былі падараны беларускія паштоўкі, нумары "Нашага слова" і "Лідскага летапісца".
Яраслаў Грынкевіч. На здымках: 1. Бард Сяржук Чарняк і метадыст цэнтра Ганна Янкоўская; 2. У "партэры" імпрэзы; 3. Выступае рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік; 4. Хор летніка спявае "Простыя словы".
Семінар у сферы медыя-адукацыі
Навіны Германіі
Саксонскі фонд медыя-адукацыі (SSM) штогод з 2001 года праводзіць у верасні ў Ляйпцыгу Цэнтральна - і ўсходнееўрапейскі семінар для журналістаў. Могуць прэтэндаваць журналісты з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія не старэйшыя за 40 гадоў і маюць добрыя веды нямецкай мовы.
У асноўным гэта тычыцца журналістаў, якія працуюць на радыё, тэлебачанні, у анлайн-СМІ, газетах і часопісах. Стварэнне адказнага і ў той жа час займальнага інфармацыйнага абмену з'яўляецца пастаяннай задачай для сродкаў масавай інфармацыі. Неабходна пастаянна пераглядаць старыя веды і разумець новыя тэмы. Патрабаванні да журналістаў розныя ў кожнай краіне.
Інфармацыя і высновы
Семінар прапануе, па-першае, шырокую і разнастайную інфармацыйную і візітную праграму з дыскусійнымі коламі, лекцыямі і рэдакцыйнымі кіраўніцтвамі. Удзельнікі семінара атрымліваюць уяўленне аб медыйнай сістэме Германіі на прыкладзе горада Саксоніі і атрымліваюць інфармацыю па палітычных, тэхналагічных і медыйным пытаннях. Структуры і метады працы тэлебачання, радыё, друку і анлайн у Германіі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, у рамках семінара распрацоўваецца анлайн-прадукт, у якім удзельнікі семінара паведамляюць аб сваім вопыце ў сваіх родных краінах і паказваюць свае веды.
Абмен і сетка
З іншага боку, стварэнне і развіццё шырокай сеткі журналістаў з'яўляюцца важнымі аспектамі семінара. Журналістам прадастаўляецца магчымасць мець зносіны адзін з адным, а таксама ўступаць у кантакт з прадстаўнікамі СМІ ў Германіі і абменьвацца актуальнымі падзеямі і тэндэнцыямі ў сродках масавай інфармацыі. Акрамя таго, стварэнне анлайн-прадукту дазваляе атрымаць вычарпальную дакументацыю па медыясістэмах у адпаведных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Удзельнікі даведаюцца аб канкрэтнай сітуацыі ў СМІ ў Саксоніі і будуць праінфармаваныя аб палітычным, тэхналагічным і медыйна-прававых пытаннях.
Медыйная сістэма Германіі
Наглядна выкладаюцца структуры і метады працы тэлебачання, радыёвяшчання, друку і анлайн ў двайных медыя-сістэмах Германіі
Анлайн-прадукт
У рамках семінара ўдзельнікі рэалізуюць анлайн-прадукт, у якім яны распавядаюць пра свой досвед і дэманструюць свае веды.
Сетка
Семінар павінен спрыяць развіццю сеткі. Анлайн-прапанова і старонка Facebook даюць магчымасць для далейшых дыскусіяў за межамі семінара.
SSM.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Чэчат Алесь - 50 р., г. Менск
2. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы
3. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда
4. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск
5. Вяргейчык В.П. - 15 р., г. Барысаў
6. Ляскоўскі Уладз. - 85 р., г. Шаркаўшчына
7. Ляўшун Д. - 14 р., г. Менск
8. Неабыякавы - 5 р., г. Менск
9. Спадаровіч Віктар - 2 р., г. Менск
10. Судлянкова Вольга - 20 р., г. Менск
11. Сячко Зміцер - 10 р., г. Менск
12. Ладуцька Наталля - 20 р., г. Менск
13. Жылач Т.М. - 5 р., в. Аколава, Лагойскі р-н
14. Анісім А.М. - 60 р., г. Менск
15. Шкірманкоў Ф. - 10 р., г. Слаўгарад
16. Слухачы курсаў укр. мовы - 24 р., г. Менск
17. Бубен Кастусь - 10 р., г. Менск
18. Луцэвіч Мікалай - 3 р., г. Менск
19. Калымага Аляксей - 5 р., г. Менск
20. Чыгір Яўген - 10 р., г Менск
21. Сітнікаў Арцём - 10 р., г. Менск
22. Амяльковіч А. - 60 р., г. Менск
23. Жыдаль Дз. У. - 20 р., г. Менск
24. Парфёненка В. - 20 р., г. Гародня
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
У с п а м і н ы
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
Да 155-годдзя паўстання 1863 г.
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Суддзі вырашылі, што "прытварыўся", пасадзілі яго, як Далеўскіх, у цёмны лёх, пасля чаго прыгаварылі на 15 гадоў цяжкіх работ. Звар'яцелага закавалі ў кайданы t і пагналі ў Сібір. Далеўскія, на колькі толькі маглі, апекаваліся над ім. Подлая салдатня ў дарозе на этапах і ў турмах выкарыстоўвала яго для найбольш паніжальных паслуг. uНаш добры, гарачага сэрца Аляксандр, не раз адхіляў яго і сам іх за яго выконваў u.
vПасля абвяшчэння маніфесту v25 браты рассталіся, не лічачыся ні з пачуццямі асабістымі, ані з інтарэсамі, памятаючы адно толькі, што кожны, каму надараецца права вяртання ў Айчыну, павінен вяртацца, каб ёй далей служыць. Макрэцкі ў сваім зацменні пазнаваў толькі Францішка і Аляксандра. Першага называў: "Бог бацька", другога: "Бог сын". Аляксандр, вяртаючыся ў край, забраў няшчаснага з сабою, маючы надзею, што від знаёмых і любімых месцаў верне яму прытомнасць. Марная надзея. На від Вострай Брамы спыніў хаду, твар яму зарумяніўся, вочы заблішчалі. Трывала гэта адну толькі хвіліну, пасля чаго твар зноў набыў мёртвы, апатычны выраз. Жыў у нас больш, чым паўгода. Лекары пастанавілі неабходнасць аддання няшчаснага ў дом вар'ятаў. Ніхто з сям'і не азваўся ні да яго, ані пра яго.
Наогул, моладзь наша ў 1848 годзе дзейнічала добра, шляхетна. Няшмат удалося, а і гэта, можа не з браку духу, не праз подласць, але хутчэй з-за недахопу ўмення распазнаць фальш, абман і двудушнасць чальцоў камісіі.
У 1848 годзе перад сваім увязненнем браты Далеўскія дамовіліся ў выпадку зняволення старацца аб тым, каб хоць адзін з іх дваіх ацалеў і мог застацца ў краі для правядзення працы далей. А калі гэта акажацца рэччу немагчымай, прымаць віну вышукваных на сябе, каб тыя ацалелі і маглі працаваць далей. Тым спосабам многія з чальцоў першай звязавай арганізацыі (вядомыя толькі Далеўскім) з кола шляхецкай моладзі па вёсках, універсітэтах, семінарыях, карпусах ацалелі і маглі пазней завіхацца на ніве асветы люду, ліквідацыі паншчыны і г.д.
Францішка асудзілі на смерць, прысуд замянілі ў выніку старанняў сям'і перад Бібікавым на 15 гадоў катаргі; Аляксадра - на 10 гадоў 26, але ён прасіў пра магчымасць раздзяліць лёс брата. Прабыў у Сібіры 7 х гадоў, вярнуўся ў y1856 годзе ў снежні у; Францішак прабыў ад z лістапада 1850 да 1860 года - 10 27 гадоў.
Пашана і прызнанне вялікай шляхетнасці аабодвух братоў Далеўскіх, якія захоўваліся ў сэрцы Літвы ад 1848 года, зрабілі, што з хвілі іхняга вяртання згрупавалася яна з верай вакол іх.
Нядоўга абодва ўлюбёныя браты крочылі ў любімай працы поруч. bАляксандр памёр у 1862 годзе b.
сАляксандр, вяртаючыся з Сібіры, для паразумення з моладдзю затрымліваўся ў Казані 28, у Маскве і ў Пецярбургу, дзе ад Зыгмунта (Серакоўскага) пачуў шмат каштоўных падказак адносна вясковых праблем.
dТак, гэтыя два браты, якія бязмежна любілі Бацькаўшчыну, моцна адрозніваліся, аднак, па настроі, тэмпераменце. Любоў да Бацькаўшчыны, сумленнасць і поўная ўпартасць у асабістых поглядах роўныя ў абодвух. Розум, воля і лагічнасць, якія ўказвалі хутка і ясна надзейную, найправільнейшую дарогу, па якой павінна крочыць грамадства, будзілі веру, пашану і бясспрэчнае падпарадкаванне грамадства кірунку Францішка. Аляксандр будзіў да сябе больш, чым Францішак, братэрскія любоў і давер. (Прыгадваюцца мне ў гэтую хвілю словы аднаго з чальцоў арганізацыі: "Францішка баімся, саромеемся і слухаемся; Аляксандра любім, распавядаем яму пра нашыя слабасці і тропім яго парадам").
Аляксандр верыў брату, стараўся заглушыць у сабе запал і парывы, тараваў і аблягчаў дарогу брату, хаця чуццём схіляўся больш у бок партыі руху d29. За колькі гадзін перад сконам падняўся яшчэ на пасцелі з даўнім бляскам у вачах і з заклічнымі словамі: "Не прыціскаць, не душыць парываў духу народа!" се
Пахаванне яго было першай вялікай маніфестацыяй народных пачуццяў, для выражэння якіх за труной ішлі не толькі жыхары Вільні, але рабілася ўражанне, што f Літва журботная, бедная, урачыстая хавае аднаго з сыноў сваіх. Сяляне і работнікі, з якімі ў часы g правядзення работ на чыгуначнай лініі h зблізіўся і падаў довады шчырай да іх любові, і як таксама і моладзь, вернутая з выгнання і, прасілі сям'ю, каб ім дазволіла паставіць сваім коштам помнік і выразаць уласнымі рукамі крыж і агароджу 30. jНа валуне выбілі словы:
"Аляксандр Далеўскі, нар. 12 студз. 1827. пам. 14 красавіка 1862 г.
Не змардаваны нядоляй
вучань Хрыстовы,
Верны Майстру сэрцам
і паслушны чынам
Дух мацаваў свой
адважным словам
Usque ad finem. 31
Сябры па выгнанні,
цябе мы праводзім як брата
Магілу тваю
лаўрам адвагі вянчаем,
Далоні сабе падаём
тваім заклікам узняты.
Usque ad finem."
Духавенства хавала яго паводле цырыманіялу, прынятага пры пахаванні капланаў. Спаведнік, выходзячы ад Аляксандра, сказаў: "Святы! Не мы за яго, але ён няхай там за нас моліць Бога" j.
Пасля смерці бацькі была гэта першая ахвяра, якую смерць паклікала з грона нашай сям'і. Не буду апісваць, чым быў той удар для Францішка. Мы бачылі толькі, што ад таго часу з падвойнай энергіяй і аддачай пасвяціў ён сябе справе Бацькаўшчыны. Яго розум, яго трапныя і справядлівыя меркаванні пра падзеі і пра людзей зрабілі, што ўся Літва не толькі згрупавалася, але з бясспрэчнай верай у яго моц як аднаго на той час чалавека, здольнага пакіраваць лёсамі Літвы, абаперлася на яго k.
l Пры целе Аляксандра не было пахавальных прамоў (не было, бо не магло быць). Толькі ўзрушаны Севярын Ромер пры апусканні цела ў зямлю прамовіў у некалькіх словах: "Быў гэта сярод нас Ян, які пракладваў дарогу Хрысту" l.
Праца развівалася ўдачна і былі відочныя яе вынікі. (Праз узмоцненую працу цягнуліся да з'яднання і незалежнасці). Але, аднак, у 1863 годзе тыя вялікія надзеі трэба было прынесці ў ахвяру на імя салідарнасці з Польшчай.
У 1848 годзе найважнейшых вязняў звычайна трымалі ў цытадэлі і адтуль вывозілі. У лістападзе "таго ж года" наша маці таемна атрымала паведамленне, што 26 лістапада вывезуць кібіткай 37 з вязніцы абодвух Далеўскіх.
Уся сям'я, не выключаючы дробнай дзятвы, слуг, сяброў і калегаў братоў, аказалася ў той дзень перад узыходам сонца на дарозе, якая ішла пад гару. Не ведаю, ці ўтрымалася ў памяці ўласна ў той час атрыманае ўражанне, ці пазнейшы аповед старэйшых сямейнікаў, але здаецца мне, што адчуваю сёння: холадна, шэра, раса, жудасная санлівасць. Я спала на каленях маці. Распавядалі мне, што раптам у аддаленні з боку горада пачуўся паштовы званок. Моладзь сарвалася, маці ўсунула аднаму з іх торбачку з грашыма для ўручэння сынам. Кібітка наблізілася, раздаліся воклічы:
- Хто?
- Далеўскія!
- Куды?
- На Сібір!
Голас маці сярод цішы.
- Няхай вас суправаджае малітва і дабраславенства маці!
- Маці! Вернемся! Бог з намі! Да пабачэння ў краі!
Кібітка затрымалася, што было для сабраўшыхся рэччу незразумелай. Літасць з боку жандарма? Ці ямшчыка 33? Мабыць, тое другое.
Кабецкі n караім з Трокаў, окалега братоў о (нешта ў родзе Браніслава Залескага з погляду на высакароднасць і дабрыню сэрца) падбег першы учапіўся за кібітку. Францішак паціснуў яму руку, грошы адхіліў. Кібітка памчалася.
У далейшым падарожжы гналі іх пеша, закутых у кайданы, прымацаванымі да аднаго прута з разбойнікамі 34. Моладзь нашая, ідучы з імі, вучылася сягаць глыбока ў людскую нядолю, у нэндзу гэтага свету.
Францішак меў побач з сабой старавера 35 з Пскоўскай губерні. Асудзілі яго на 15 гадоў цяжкіх работ за абразу, нанесеную князю, прыгонным якога быў. Старавер меў чатыры дачкі, найпрыгажэйшыя з усёй вёскі. Князь штогод браў іншую, адсылаючы раней узятую бацьку на пасмешышча і на няславу сям'і ў вачах усёй вёскі. Засталася яму ўжо толькі наймалодшая, адзіная, гадоў пятнаццаці. Пэўнага дня прыйшлі з двара і па яе. Бацька не даў. Схавалася. Праз некалькі дзён прыйшоў воз з розгамі. Адшукалі і выцягнулі дзяўчыну. Сяклі розгамі бацьку, маці і яе за супраціў. Павалаклі Дуняшку ў двор. Зроспачаны бацька склікаў усю вёску. Узброіліся розгамі. Ідуць у двор. Князь выходзіць, каб разграміць і разагнаць зухвалы зброд ў перакананні, што прыйшлі прасіць аддаць дзяўчыну. Раскольнікі 36 кідаюцца на яго. Паваліўшы, вучаць розгамі. Пасля экзекуцыі князь сказаў толькі такія словы: "Васька! Васька! Что ты сделал. Лучше было меня убить, чем так обесчестить" 37.
Васька ў маладосці быў узяты для паслуг панічу. Вучыўся з ім, у школах рабіў за яго ўрокі. Быў з князем ва ўніверсітэце. Здаў за яго экзамен і за яго атрымаў дыплом. Пасля чаго быў адпраўлены ў вёску, як прыгонны - мужык.
Палітычныя вязні хутка прыйшлі да высновы, што для забеспячэння жыцця, для атрымання дапамогі і апекі дасведчаных разбойнікаў, мусяць аддаваць ім усе свае "падзённыя" 38 грошы, што без іх практычнай рады бедакам не хопіць сіл на далейшую дарогу. Яны навучылі палітычных здымаць кайданы і зачапляць іх за прут. На прывалах разбойнікі захоўвалі для палітычных найлепшыя куткі, якія не раз мусілі здабываць ад іншых сілай. Па прыбыцці на этап кідаліся як шалёныя, распіхваючы і дратуючы тых, хто ім стаяў на дарозе, каб першымі заваліцца гурбой у той кут, добра ім вядомы з паўтараных ужо паходаў той дарогай. Навучылі палітычных выбірацца з этапаў у горад, фальшаваць пераклічкі, ці паверкі 39 (якія выгнанцамі называліся паняверкамі), г.зн. заміж непрысутных ставіць ужо палічаных.
На нейкім [з] этапаў, было гэта на Навагоднюю куццю, моладзь ўспамінала, што ў тую хвіліну робяць у іх, у родных дамах. Нехта пачаў тонкім голасам мурлыкаць папулярную на Літве мазурку; "Недалёка ад вёсачкі хадзіў я каля рэчкі. Там бачыў прыгожую Басю, з прыгажосці цешыўся". Спяваў тонкім голасам, перадаючы спеў сваёй малой сястрычкі. Некалькі іншых далучылі свае галасы. Паўстаў у выніку вясёлы аркестр. Моладзь сарвалалася да танцу, пабракваючы кайданамі. Раптам раздаўся надрыўны крык: "Так! Ах так! Яшчэ! Яшчэ!" Павярнуліся ў бок, адкуль голас паходзіў.
(Працяг у наступным нумары.)
t У копіі BUW пасля гэтага словы: памешчаны ў агульную камеру з забойцамі і ...
u-u У копіі BUW няма.
v-v У копіі BUW у тым месцы: У 1859 г.
w У копіі BUW няма.
25 Аляксандр ІІ абвясціў два амністычныя маніфесты: пасля заняцця трона (27.ІІІ/8.ІV.1855) і з аказіі каранацыі (26.VIII/7.IX.1856). Браты вярнуліся ў сілу каранацыйнага маніфесту.
26 Кару смерці, змененую на ссылку атрымаў таксама і Аляксандр.
х У копіі BUW: 9
у-у У копіі BUW: 1859 г.
z У копіі BUW пасля гэтага слова: лістапада.
а У копіі BUW: характараў.
b-b У копіі BUW іначай: Праз некалькі месяцаў пасля вяртання Францішка ў 1861 г. памёр Аляксандр у траўні.
с-с У копіі BUW няма гэтага фрагменту.
d-d Гэты фрагмент знаходзіцца таксама ў далейшай частцы ўспамінаў. У гэтай рэдакцыі будзе ён там прапушчаны (гл. дадат. d на с. 95).
е-е Гэты фрагмент знаходзіцца таксама ў далейшай частцы ўспамінаў. У гэтай рэдакцыі будзе ён там прапушчаны (гл. дадат. d на с. 95).
f У копіі BUW пасля гэтага слова: уся.
27 Аляксандр атрымаў пашпарт у Нерчынску 4.І.1858 г. і ў той жа год вярнуўся ў край, Францішак атрымаў пашпарт 14.ІІІ.1860 г. і ў Вільню вярнуўся ў ліпені таго ж года.
28 Казань - губернскі горад, які ляжыць на галоўным ссыльным шляху з каралеўства і заходніх губерній у Сібір, універсітэцкі цэнтр. Сёння сталіца Рэспублікі Татарстан.
29 Партыяй руху называлі лагер чырвоных, радыкальнае згрупаванне ў студзеньскім паўстанні.
g У копіі BUW заміж таго: на працягу двух гадоў.
h У копіі BUW пасля таго слова: збратаўся.
i-i У копіі BUW няма.
j-j Гэты фрагмент знаходзіцца таксама ў далейшай частцы ўспамінаў. У гэтай рэдакцыі будзе ён там прапушчаны (гл. дадат. g на с. 96). У копіі BUW няма часткі ад пачатку да апошніх слоў інскрыпцыі.
k У копіі BUW пасля таго: у 1862 і 63 г.
l-l Гэты фрагмент знаходзіцца таксама ў далейшай частцы ўспамінаў. У гэтай рэдакцыі будзе ён там прапушчаны (гл. дадат. f-f на с. 96). У копіі BUW няма.
30 Аляксандр быў пахаваны на могілках на Росах. Надмагільную пліту паставілі на складкі віленскія мастакі: Баляслаў Русецкі, Эдвард Паўловіч і Альфрэд Ромер. Была абноўлена і нанава адкрыта ў міжваенны перыяд.
31 Usque ad finem (лац.) - аж да канца.
m-m У копіі BUW у тым месцы: 1850 г.
n У рукапісе: Кубецкі.
о-о У копіі BUW няма.
32 Кібітка - турэмная карэта, якая служыла ў Расіі для перавозкі вязняў у высылку.
33 Ямшчык (з рас.) - паўсюль ужываная ў тагачаснай Літве назва вазніцы.
34 Прыгавораных у дарозе на месца кары часта злучалі ланцугамі (прымацаванымі да ног або рук), якія зачаплялі за адзін прут.
35 Стараверы, іначай стараабрадцы-праваслаўныя, якія не прынялі рэформ, праведзеных у XVII ст. у праваслаўнай царкве, застаючыся пры старых абрадах; афіцыйнай царквой прызнаваліся за секту.
р У копіі BUW: Галодныя.
36 Раскольнікі ці стараабрадцы. Назва ад слова "Раскол".
37 Васька! Васька! Што ты зрабіў? Лепш было б мяне забіць, чым так абняславіць.
38 Напэўна сума, якую вязні атрымлівалі падчас дарогі на дзённае пражыванне. Наогул называлася гэта "харчовае" або "кармавое".
39 Гаворка ідзе пра сістэму праверкі прысутнасці, ад рас. слова "поверать" - правяраць.
Гусі-гусі, будзьце мне сведкамі
Валер Санько
Апавяданне
(Працяг у наст. нумары.)
- Якія?
- За пяцьдзясят гадоў колькі табе надавалі - у дзяржаўных ведамасцях, недзяржаўных.
Івану Самусевічу баліць захоп здаровых рук саракатрохгадовага мужчыны. Спрабуе адарваць чужыя рукі ад валасоў:
- Чалавек багаты, калі неба яго церпіць. Я бедны.
Удар кулаком поўху. Зараней дастаныя з штаноў пласкагубцы схапілі два пальцы правай фельчара, ціснуць. Чуваць як у адным ломіцца костка. Абутнік можацца закрычаць - не атрымліваецца. Два мускулістыя плячукі заціснулі рот салдацкай папругай, паверх жаночы шалік.
Абое не агледзеліся як апынуліся на падлозе. Малады звязваў старому за спіною рукі. Ашаломлены ад болю і нязручнасцяў Іван Самусевіч перапужаны не на жарты, пнецца штосьці мовіць. Бескарысна. У руках бандзюгі шавецкі востры нож. Выказвае сур'ёзнасць намераў. Гаварыць Самусевіч не можа, сумоўніка чуе.
Антон Новік паказвае старому вынятую з кішэні залатую непамечаную манету:
- Гэта не мая. Твая. Мае намечаныя засталіся ў цябе. У тваёй кайстры. Золата аддавай. У цябе шмат. Аддасі схрон - жыць будзеш, не іначай.
Разгайданыя дзверы ў гумне зрэдку паскрыпваюць. Іван Самусевіч спадзяецца на суседзяў. Лямпа ў хаце не гарыць, кнот дыміць... Суседзі ведаюць, стары абутнік рана кладзецца спаць, можа хто пойдзе за хлеў ці ў туалет, пачуе шоргат звязанага дзеда, падасць хоць як-небудзь сігнал.
Іван Самусевіч выцярпеў удары малатком і шчыпы абцугамі, бачыў ярасныя вочы азвярэлага ашалельца, распетрыў: вырвацца з варожых рук не ўдасца.
Убачыў сшытак, махнуў галавою. Змікітлівы Антон упетрыў галоўнае. На чыстай старонцы сшытка напісаў Самусевічу: "Дзе грошы?" Праз хвіліну ў шаўца разблытаныя ногі і рукі. Вывеў яго Антон Новік да вакенца ў сенцах.
- Паказвай, не цягні хвіліны. Жыць застанешся. Не пакажаш дзе схрон - сыйдзеш крывёю.
У хаце рабаўнік аблазіў усё, у сенцах аблазіў усё, спадзяецца на калоду для расколвання палення ўскрай хлява.
Некалькі выратавальных хітрыкаў Івана не ўдаліся. Моцна перавязаныя рот, завязаныя за спіною рукі не даюць нават грукнуць.
Позна ўвечары абнясілены дзед ляжаў у сенцах, хрыпеў, апошнім рашучым жэстам паказаў аловак, новую чыстую старонку.
Нечаканая рашучасць старога падзейнічала на ката і рабаўніка. Самусевіч вызваленай правай рукой пачаў выводзіць літары. Антон Новік у цемнаце мігцівага курадымства сернікаў не зразумеў, што выводзіць палонны.
"Гусі-гусі, забярыце мой боль".
Новік ушалопіў насмехства, ткнуў шаўцу нож у бок.
- Напішы яшчэ пра жораваў.
- Ты, думаеш, ашукаў мяне, калі выцягнуў з хаты. Рот табе не адкрыю. Паказвай дзе манеты, грошы. Ніхто нас не пачуе, не ўбачыць. - Антон Новік выдатна ведае логіку цягавітых эканомных вяскоўцаў. Будзе хадзіць у зрэб'і, недаядацьме, а грошы берагчыме.
Барацьба дваіх за маленькія секунды волі завяршылася нечаканым фіналам. Самусевіч схапіў аловак аслабелай рукою пачаў выводзіць нарэшце патрэбнае Новіку прызнанне. Праз паўхвіліны загарэўся сернік бліз сшытка, дрыготлівая рука старога не паспела дапісаць адзінае і апошняе слова: "Эсэсавец!"
У вялікай непераможнай Германскай дзяржаве, фактычна імперыі адзін чалавек біўся над вырашэннем вялізарнага пытання. Ці можа сучасны чалавек фізічна вытрымаць допыты, нават катаванні, як было ў раннім хрысціянстве і ў часы інквізіцыі? Гэтае пытанне рэйхсміністр Генрых Гімлер вырашаў на нямецкіх злачынцах, нямецкіх камуністах, асабліва часта і прыдзірліва на іншаземцах, у тым ліку славянцах.
Вывад рэйхсміністра Гімлера не суцяшальны для сучаснага чалавецтва. Ніхто фізічна не вытрымае здзекі, боль. Чалавек, які мог кіраваць усёй Германіяй, пад воклічамі якога "Рот фронт" маршыравалі шматлікія калоны, - Эрнст Тэльман, - адкрыта прызнаваўся: толькі не пакуты. Тэльмана ў турмах не катавалі. Спалілі.
Сярод дваццаці сямі аб'яднаных пад Германіяй дзяржаў Еўропы знайшлася толькі адна, што засупярэчыла этычным і фізічным законам прыроды, засупярэчыла логіцы сучасся, магла цярпець логіку смерці, перамагаць боль. Такой дзяржавай быў СССР. Вострай кропкай у саветаў стаў горад Мінск.
Пад вялікім дзяржаўным сакрэтам, без ніякай палітычнай буфанады перад вачыма рэйхсміністра ў кастрычніку 1942 года ў Мінску з'явіўся лабасты валявы мужчына ў абарванай вопратцы арыштанта. Сярод трох следчых Іван Кавалёў не звяртаў увагі на ціхага цывільнага ў пенснэ за столікам бліз вакна. Толькі пасля двухгадзінных катаванняў - калолі рукі і ногі, адрэзвалі па частках пальцы, потым руку левую, адсеквалі пальцы на ступні, а потым і самую ступню, - пасля мора крыві на падлозе, маўклівы пры вакне цывільны загаварыў не жэстамі, загадамі.
Вырэзвалі стужкі і зоркі з цела мужчыны. Маўчаў, стагнаў. Аблівалі вадою. Зноў білі. Катавалі горай за інквізітараў.
Нечакана акулярык дазволіў Івану Кірылавічу Кавалёву хвіліну вырашаць - пакутаваць з языком ці без языка.
- Вас, сакратара мінскага падпольнага гаркама партыі, свае будуць лічыць здраднікам. - Чарговы раз разгортваюць на стале нямецкія і беларускія газеты з партрэтам Івана Кавалёва. Псеўданімы Іван Стрэльскі, Іван Неўскі, Іван Гаўрыловіч. - Нямецкія і камуністычныя газеты, лістоўкі, як газету "Звязда", мы перадаём па ўсіх вашых кропках. Нават у Зыслаў на Любаншчыну будзе ўсё выслана. Нічога вы не даб'яцеся жалезнай упартасцю. Правакатарам і здраднікам застанецеся ва ўсіхных вачах. На стагоддзе.
- Бог і Неба ўсё бачаць. Як тыя ж птушкі за вокнамі, - адзін з адказаў дапытванага, які так і не прызнаўся ні ў чым.
На другі дзень Генрых Гімлер яшчэ раз узіраўся ў абрубкі чалавечага цела з галавою Івана Кавалёва. Праз хвілін колькі ў наступнай жорсткай катавальні назіраў яшчэ двух чалавек. Вярнуўся да Кавалёва:
- Ніхто вас ведаць не будзе. Ні ў Мінску, ні ў Зыславе. Мы патурбуемся пра гэта. Вам лёгка памерці не дадзім, сцячы крывёю не зможаце.
- Птушкам не загадаеце. І Небу.
Нямецкія следчыя памыліліся нашмат. Дваццаць з лішнім гадоў Іван Кавалёў лічыўся на Беларусі правакатарам і здраднікам, герой не мог прабіцца праз нямецкія і савецкія няпраўды.
Гэты выстагн чалавечага абрубка, мужнасці і геройства Кавалёва застаўся ў душы рэйхсміністра Гімлера навекі, да самастойнага расціску зубамі шкляной ампулы з ядам у 1945 годзе.
Рэйхсміністр Германіі Генрых Гімлер і яго падручныя ўсяможна стараліся ўтаіць свой прылёт у пракляты Русланд, праўдзівей, Беларусланд. Цэлая каманда найвысокіх катаў не сумела выбіць ад Івана Кавалёва хоць якое прызнанне пра яўкі, атрады, спіскі. Ні ў адной краіне Еўропы не ўдалося знайсці арыштанта, які вытрымваў катаванні. Іван Кавалёў разбіў мары стваральніка тэорыі нібелунгаў.
Змаглі асобныя асілкі выкаваць сабе помнікі з золата, могуць асобныя быць волатамі. Пры жыцці займець няўмірную славу і пашану. Як Іван Кавалёў.
Фельчар і абутнік Іван Самусевіч увачавідна пацвердзіў мужнасць этрускаў, заснавальнікаў Рыма.
Абачлівыя грабежнікі ніякіх знакаў пасля сябе не пакінулі. Спаленыя сернікі і попел вынеслі. Слядоў не было. Нават адбіткаў знайсці не ўдалося. Толькі на двух перакамлычаных старонках адбіліся складзеныя літары з рукі закатаванага славянца "Гусі-гусі! Будзьце мне сведкамі!". У празорнасць лёсаноснай сілы птушак ніхто са слуццакоў доўга не мог верыць.
Таямніца прыроды ствараць жывыя лагічныя істоты з любой сваёй часткі, надаваць уладу пераўплоцеванням жывога ў нежывое. Нават незадаволеныя перарослікі могуць узвышацца самаахвяраваннямі. Жыць вольна, у роўнасці ўз'яднанняў з усежывой прыродай, чулай да любой часткі да самой сябе.
Нават рана памудрэлыя да сілы лётнасці істоты не могуць параўнацца з яркасцю ваколля, не могуць у любой стадыі пераўзыходства, самай зайздроснай стадыі, сузіраць асобныя дэталі рухальнай плыні, не кожнаму даступнай.
Усяленская гармонія жываноснай плыні не для недавумкаў тыпу Антона Новіка, якія хіляцца ў любыя бакі жыцейскага існавання. Для іх, як эсэсаўцаў Гімлера, неганьбоцце любыя злачынні, катаванні.
Іван Самусевіч засынаў. Звон вялікай ігрушаўскай званіцы тапіў хаты, пабудовы, агароды. Звон умацоўвае высілкі пакутаў душы жыхароў Гэтага свету і Таго, асабліва маладзіў намежавых, да якіх акурат цяпер адносіўся Іван Самусевіч.
Страх і жудасць запоўнілі цела фельчара і абутніка, не на доўгі час. Неўзабаве падыйшло замірэнне з існым і няісным. Нішто не стала страшным.
Прыйшло разуменне асноўнага: грошы гадзяцца толькі на добрасць сваёй і чужым душам - адрамантаваць званіцу, храм паставіць, малітоўнік купіць для школы, перапісаць для прыхаджан прошаны Аляксеем Бялько тэкст філасофскай складанай мудрасці. Шчасце - праца, старасць абмяжоўвае задумы разумення і ацэнкі выкананага.
Прыгажосць усё, яе трэба чуць усім. У завязцы сумныя праблемы бачацца не кожнаму. Жыццё іначыць сам чалавек, час заменьвае не любога, узвышае яшчэ меней.
Недарэчна ляжыць Іван Самусевіч на падлозе, у крыві? Чаму так? Адкуль такая пранізлівасць разумення ўсяго, хоць бы таго ж Ігара Бадановіча. Пасля страшэнных каматозных бедстваў ажывання Ігар Бадановіч уваскрос, прытуліўся да жыцця вёскі, сям'ю зладаваў. Пашана, любоў да ўзвышанай навукі - і зрыў Бадановіча ў бытавое калыханне, раз'яднанне інтарэсаў навукі. Разменьвае сябе ў фізічныя і бытавыя ўмовы, як большасць вясковых працаголікаў. Няўжо тое ж паўторыцца з Іванам Самусевічам. Дык яго ж сілы і мазгі не тыя, слабыя, як у большасці старых.
Чуе пагрозы абутнік, праклінае грозніка Новіка, засынае. Сыход у зіхатлівую залатлівасць Івану Самусевічу станавіўся радасцю.
Да дваіх задаволеных удалым завяршэннем рамонту хаты Івана Бурака, сумесна выпітай паўлітроўкі, анекдотных размоўнікаў нечакана прысуседзіўся цыган Новік, чацвярцінку прынёс сваю. Ярка зкаламбурыў. Бывае ж такое, ёсць што выпіць, дзе выпіць, а з кім ніяк не знаходзіцца. Працавіты дружбацкі Новік прыемнічаў амаль з усімі вяскоўцамі. Прыстаканіўся па дарозе, то можна, сядай.
Восень усё болей выпраўляе ў цёплы вырай птушак. У спакоі восеньскіх надвечаровых агародаў і палёў, дзелавітай адзінокасці калодзежных вочапаў, што старанна носяць ваду з калодзежных глыбіняў, у яркіх пахах ускапанай свежай раллі, ласкава пагладжванай восенню, цвірчыць, выстойвае цішыня.
Шапаткі вятрыска гайданецца па сонечным нягрэйкім полі, зашэпчуць бурачнік, пажаўцелыя беразак і дубняк, пачырванелыя клёны, асіны і зноў цішыня. Зрэдзь цішу разгойдваюць вострыя да пранізлівасці гусіныя кугіканні і жураўлінае курлыканне. Велічныя ў далёкай светлай цемрыўнасці моцныя птахі калыхаюць неба, рэдкія воблачкі.
Задаволеныя вераснёўскаю багатаю парою, выпітаю гарэлкаю, зараней прынесенымі смажанымі рыжыкамі і сыраежкамі, абабкамі і лісічкамі, мужчыны пачуваюцца не проста землякамі - прыяцелямі. Іван Бурак ўзгадвае народнае - калі грыбна, то і хлебна. Дапаўняе Мікалай Макарэня: зялёнкі, падзялёнкі і апенькі дарэмна не бяруць вялікаігрушаўцы і працавічанцы, іграўцы і нежаўцы. Такія грыбцы соляць і марынуюць бочкамі.
Праз гадзіну трое мужчын, прылашчаных градусамі за зямляцкім сумоўем, калываюцца па вуліцы.
- Кінь Іван глупства зялёнае, нам хопіць баравікоў і лісіцаў. Бярыце адно справядлівыя, - настойвае Іван Бурак.
- Стрыжы ўжо адляцелі, - Антон Новік зрэдзь узіраецца ў неба. - Гусі і жоравы яшчэ вухкаюць. Таксама рыхтуюцца ў вырай.
Выглянула з воблакаў усміхлівае сонца. Сад Мікалая Макарэні, узбочныя дрэвы гараць, пераліваюцца, безупынна мяняе фарбу кляновае лісце. Полымем уззіхваюць у парадзелай лістоце шчопці рабінаў.
- Гу-іў! Гус-і! Курлы-ы… - выдыхае неба рэха воддальнага гусінага і жураўлінага кліну. Пераклікаецца рэха, касякі нясуць яго вольна, з годнай прыгажосцю.
- Іванавыя сведкі ляцяць, - прамаўляе Антон Новік.
Дробнае птаства - шчыглы і чыжы, любіць ласавацца пераспелым зернем жыта і пшаніцы. Поўны месяц учырвонена і стойка выстойвае над зямлёй, у прырэчных кустах алешніку і ядлоўцу, крушынніку. Запозненыя сінічкі яшчэ выдзёўбваюць насенне высокага зелля паўз платы. Вераб'і з імі не спаборнічаюць, кожнай птасе хапае спажывы.
- Хораша нябесныя выводзяць, - ацэньвае чарговыя рулады гусей і жораваў цыган.
- Якога Івана? - насцярожыўся Мікалай Макарэня. Яму яшчэ не расцяміўся выказ.
- Вялікаігрушаўскага.
Як удзень у сонечным пажары выярквалі гатункі малінавак, каштэляў і піпінкаў у садах, як сцемлівала іх высокую адметнасць нябесная поўня, так завыразнела паміж траімі страхавітае ўдакладненне. Задаць яго Антону Новіку ніхто з дваіх не асмеліўся.
У недалёкай высокай буслянцы на вязе, быццам увесну, выстойваў бусел. Пачуў блізкае мужчынскае выгалассе, запаважніў над полем; выцягнутая задуменная дзюба асочвае ваколіцу.
Гожасць багатага жніўнага позьняга вечара, роўнасць сярод самавітых вясковых гаспадароў, выпітая шклянка самагрэву аднялі заўсёдную пільнасць у Антона Новіка. Прышчаміў язык, закашляўся, нічога не патлумачваў, лоўка перавёў размову на тупых і разумных баб. Іграўскія і вялікаігрушаўскія аднолькавыя, да познага часу на агародах.
- Вячэру трэба мужыку рыхтаваць, а дастатныя ўсё буракі цярэбяць, збіраюць зелле.
Развітанне, смех, бываліцы, прыбашліцы. Згоды-нязгоды Антон Новік не пачуў, яе не было.
Івана Іванавіча Самусевіча любілі ў Вялікай Ігрушы, Працавічах, Іграве, Нежаўцы, Валатах. Недарэчная пакутлівая смерць дабрака нікім не забывалася. Перанесеныя ім пакуты грукаліся ў сэрцы многіх. Мікалай Макарэня раскеміў, сведкі якога Івана выгіквалі ў небе.
Не філасофскімі тытэзамі, усімі фібрамі душы словы доктара Аляксея Бялько даўно ўясніў былы вясковы механік Мікалай Макарэня: мёртвыя чуюць, памагаюць і шкодзяць, за любую дапамогу тагасветнаму прырода аддзякуе не адно табе, усяму крэўству. У забойцы і яго памагатага адна дарога, хто іх ловіць - восем памочнікаў мае. Нельга чакаць пакуль ваўкі з'ядуць авечку, каб пачаць сцерагчы статак - адразу стой за праўду. Хто пасягнуў на жыццё другога, асабліва добрага, невінаватага, ганебна, страціць сваё, блізкіх.
(Заканч. у наст. нумары.)
Звiнiць каса - жыве вёска
Ужо ў трэці раз Ганчары сабралі людзей, якія ўмеюць трымаць у руках касу. Тую, самую сапраўдную, з дзядулявай вёскі, кіно і старых кніг пра сельскае жыццё. Нехта пацісне плячамі - а навошта, маўляў, гэта трэба, калі ёсць трымеры і газонакасілкі? Што варажыць? Пойдзем і спытаем у касцоў! Толькі крыху пазней. Пакуль пра тое, як усё праходзіла.
Дабірацца да поля, выдзеленага мясцовым сельскім саветам для правядзення конкурсу, было лёгка і проста - яно зусім побач з дарогай, а для поўнай выгоды шлях быў пазначаны самаробнымі паказальнікамі. Людзей - удзельнікаў, заўзятараў і гасцей сустракалі ветліва - песнямі, скокамі і накрытым з дапамогай Лідскага хлебазавода, які падаў прадукцыю на дэгустацыю, сталом. Як высвятлілася, аматараў, фанатаў і прыхільнікаў ручной касы не так ужо мала. Паспаборнічаць прыехалі 16 чалавек з розных куткоў Лідскага краю. І - пра цуд! Сярод касцоў - дзве дзяўчыны! Няўжо ім таксама не слаба?..
Кожнаму ўдзельніку быў выдзелены свой участак, які дастаўся па лёсіку, усе сталі ля сваіх нумароў, і час пайшоў. Ішоў ён хутка пад звон кос і песні мясцовых артыстаў. А працавалі ўдзельнікі лёгка і нязмушана, быццам і не працавалі зусім, а танчылі. Няўжо ўсё так проста?
- У задавальненне, - засмяяўся Станіслаў Ждонец з Верх-Ліды, які прадстаўляў Гуды, праціраючы скошанай травой лязо касы. Ён скончыў працу. - Як усе вясковыя хлопцы, касіць навучыўся рана і даўно, таму што трэба было. А зараз, быццам і не трэба (ёсць тэхніка), а раблю гэта з задавальненнем.
Станіслаў - сталы ўдзельнік ганчарскіх конкурсаў касцоў і заўсёды ў прызёрах. Паглядзім, як размяркуюцца вынікі гэтым разам. А пакуль, паспрабую і я... Потым пра мяне скажуць - і прэса касіла! Не, гэта вядома, гучна сказана, але праз пару спроб пасля экспрэс-навучання, якое правёў Станіслаў, каса пайшла як з маслам. Вось што значыць добры настаўнік!
Дарэчы, вельмі нядрэнна касіла каса ў прадстаўніцы далікатнага полу Вольгі Навік з Ганчароў. Дакладней, сама дзяўчына жыве ў Дроздаве, загадвае мясцовай фермай. Няўжо, кармы нарыхтоўваць уручную даводзіцца?
- Ды не! - усміхаецца Вольга. - Проста цікава. Глядзела, як у мужчын спрытна атрымліваецца, аднойчы сцягнула татаву касу і пачала спрабаваць. Усяк было спачатку - і ў зямлю лязом і па верхавінах. Тата спачатку лаяўся, а потым пачаў распавядаць і вучыць. Вось і атрымалася.
Вольга бярэ ўдзел у конкурсе касцоў упершыню. Хвалявалася. Не дзіва. Спаборнічаць у мужчынскай справе з мужчынамі - гэта вам не жартачкі! Святлана Радомская з Мінойтаў таксама можа абыйсціся без трымера і дапамогі мужчын. Нават касу накляпаць умее!
Як быццам гуляючы, скончыў сваю паласу яшчэ адзін прадстаўнік Ганчароў Іван Матусевіч, дужы, гужаваты і самы старэйшы ўдзельнік. Яму ўжо за 80, а фізічнай форме можа і малады пазайздросціць.
- Гэта ж фізкультура, - пацвярджае мужчына і жартуе. - Тое ж самае, што трэнажор. Тут табе і спіна роўная, і рукі дужыя.
А калі без жартаў, Іван Матусевіч упэўнены, што толькі ручная каса і спрыт рук чалавека не наносяць страты прыродзе, не псуюць каранёвую сістэму травы, і ўкос вырастае густы, сакавіты, увогуле - што трэба для жывёлы.
Наогул, конкурс касцоў становіцца яе толькі раённым, а сямейным. У ім ужо з'явілася свая дынастыя: бацька і сын Пятрашкі - Валянцін і Валянцін (Ваверка). Яны - каманда! Калі старэйшы скончыў свой участак, адпачываць не стаў, а адправіўся дапамагчы сыну справіцца з працай.
Такім чынам, прыйшоў час падвядзення вынікаў. Не ведаю, як там прыйшлося журы. Мяркуючы па ўсім, нялёгка. Бо ацэньваць трэба было і па хуткасці, і па якасці, і па нейкай "барадзе". У выніку трэцяе месца падзялілі Іван Матусевіч (Ганчары) і Іван Кароль (Ваверка), другое дасталася Генадзю Станіславовічу (Пескаўцы), а першае бясспрэчна выйграў Станіслаў Ждонец (Гуды). Але, як той казаў, месцы месцамі, але тых, прайграў тут не было, кожны ўдзельнік атрымаў зарад бадзёрасці і мора пазітыву. Усім уручылі заахвочвальныя прызы, пра якія паклапацілася ААТ "Шклозавод "Нёман", а пераможцам дасталася яшчэ і слава.
Таццяна Кудрашова.