Папярэдняя старонка: 2018

№ 27 (1386) 


Дадана: 27-06-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1386), 4 ліпеня 2018 г.


3 ліпеня - Дзень вызвалення Менска ад нямецка -фашысцкіх захопнікаў, Дзень незалежнасці

На Пружаншчыне асвяцілі помнік паўстанцам 1863-1864 гадоў

Ля вёскі Ласасін Пружанскага раёна адбылося асвячэнне помніка палеглым паўстанцам 1863-1864 гадоў. На ўрачыстасцях прысутнічалі сябры мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы (ТБМ), прадстаўнікі інтэлігенцыі з Берасця, Гародні, Пружанаў, а таксама святары. Свой верш зачытаў колішні галоўны рэдактар пружанскай газеты "Раённыя будні", адзін з тых, хто аднаўляў помнік напрыканцы 80-х гадоў, Мікола Антаноўскі:

Помніць край сасновы, верасовы,

як з "Мужыцкай праўдаю" на прызбах,

дзецюкі і хлопцы кастусёвы

зрэбнаю свабодай трызнілі.


А пасля, абняўшы сохі з жалем,

косы - з-пад застрэшкаў і - наўсторч…

Касінераў без труны хавалі,

палажыўшы пад галовы корч.


Ды не гэта страшыла іх душы.

Горш за смерць - пазбавіцца надзей.

Будуць маскалі, паны, чынушы

дзерці і далей сем шкур з людзей.


Хай палеглі тут, у вольнай пушчы,

зіпуны і світкі на зары.

Мой народ, я веру, неўміручы.

Бо нашчадкам Волю падарыў.

Помнік на магіле, у якой пахаваныя парэшткі сарака чалавек, быў усталяваны яшчэ ў міжваенныя часы другой Рэчы Паспалітай. Пазней, з прыходам Саветаў, яго зруйнавалі і ўжо на хвалі беларускага адраджэння напрыканцы 1980-х высілкамі мясцовых ТБМ і БНФ аднавілі. А ўжо ў найноўшай гісторыі, у 1998 годзе, помнік быў расстраляны падчас вучэнняў, бо знаходзіцца цяпер ён на тэрыторыі вайсковага палігона Вайскова-паветраных сілаў. У 2000-м была зроблена новая пліта і адбылося яе ўсталяванне над магілай паўстанцаў. Мясцовая грамада перыядычна ладзіць сюды экскурсіі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пружаны. Фота аўтара.

Спяём гімн разам

Выканане Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь падчас акцыі "Спяём гімн разам" 3 ліпеня 2018 г. стала адным з самых масавых выкананняў беларускамоўнай песні. Паводле паведамлення (магчыма, недакладнага) аднаго з тэлеканалаў сёлета гімн Беларусі спявалі каля 640 тысяч чалавек.

На здымку: гімн спяваюць у Мастах Гарадзенскай вобласці.

Амерыканскія беларусы адсвяткавалі Купалле

23 чэрвеня беларусы з Нью-Ёрка і суседніх штатаў сабраліся ў парку каля мястэчка Крос-Рывер, каб супольна адсвяткаваць старажытнае беларускае свята Купалле. Амерыканскія беларусы ладзяць Купалле ўжо далёка не першы год, але сёлета да арганізацыі свята прычыніліся вядомыя сваім творчым падыходам і ўменнем выдатна падрыхтаваць і правесці мерапрыемства Ганна Шарко і Аляксандр Мазгавы з сябрамі-актывістамі з групы ў фэйсбуку "Беларусы ЗША. Разам лягчэй". Таму сёлетняе Купалле адбылося ў пашыраным фармаце і планавалася як актыўны адпачынак на працягу абодвух выхадных дзён. У дадатковай праграме былі футбол, валейбол, урок беларускай мовы, гульня "Пошук папараць-кветкі", спартыўная эстафета з інтрыгуючай назвай "Бітва княстваў" і іншыя заняткі. Валянціна Якімовіч прывезла сваю вялікую калекцыю вышываных беларускіх кашуль і строяў для тых, у каго не было сваёй традыцыйнай вопраткі. Такім чынам, каля вогнішча ўсе ўдзельнікі святкавання былі апранутыя ў сапраўдныя беларускія вышываныя кашулі і сукенкі. Лена і Пётр Рыжыя падрыхтвалі адмысловы купальскі напой, завараны на 27-мі розных зёлках - Крупнік. Перад тым, як Купаліш і Купалінка распалілі вогнішча, Валянціна Якімовіч распавяла пра значэнне свята летняга сонцастаяння - Купалля для нашых продкаў, пра Купальскія метафары і сімалізм. Спевы каля вогнішча, карагоды і гульні праходзілі пад кіраўніцтвам Валянціны Якімовіч і Лены Рыжай. На сёлетнім Купаллі было шмат ахвочых скокнуць цераз вогнішча, трымаючы дзяўчыну за руку. А пасля апоўначы зарганізавалася вялікая група ахвочых паехаць на суседняе возера, каб акунуцца ў ваду ў чароўную купальскую ноч. У падрыхтоўцы і правядзенні свята таксама ўдзельнічалі сям'я Алены і Юрыя Кавальчукоў і Беларуска-амерыканскае згуртаванне "Пагоня".

Фота і тэкст Сержа Трыгубовіча.

Васіль Быкаў - гэта наша доўгая дарога дадому…

Штогод Віцебская абласная рада ТБМ у супрацы з рухам "За Свабоду" ладзіць у Бычках, на малой радзіме Васіля Быкава, літаратурныя імпрэзы, прысвечаныя ўшанаванню памяці вялікага пісьменніка. Чарговая літаратурная сустрэча адбылася 23 чэрвеня ў в. Бычкі. Па добрай традыцыі, нягледзячы на дрэннае надвор'е, тут сабраліся аматары беларускага слова, прыхільнікі творчасці Быкава.

А перад гэтым віцебскія тэбээмаўцы ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі на будынку ў Віцебску, дзе ў свой час вучыўся будучы пісьменнік.

Адкрыў імпрэзу прывітальным словам Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ. Потым слова было перададзена віцебскім паэтам. Сапраўды атрымалася адкрытая імправізаваная сцэна для творчых людзей, якія з радасцю чыталі свае вершы.

Паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч, які быў асабіста знаёмы з Васілём Уладзіміравічам, падзяліўся цікавымі ўспамінамі пра падзеі, якія іх звязвалі. Пасля зачытаў свой верш, прысвечаны Васілю Быкаву.

Вядомы паэт-гумарыст Міхась Мірановіч, як заўсёды, выклікаў добры настрой сваімі дасціпнымі, арыгінальнымі вершамі. Прысутныя слухалі і ўсміхаліся, гэта сапраўды сагравала ў дрэннае надвор'е, якое так не хацела адступаць.

Аўтар паэтычных кніжак для дзяцей Кастусь Севярынец прачытаў свой верш "Прызнанне", прысвечаны Быкаву. Паэтка Марыя Баравік таксама прапанавала прысутным адмыслова напісаны да ўрачыстай падзеі твор. Гэта ўсё нагадвала сустрэчу даўніх сяброў, якія нібы размаўлялі адно з адным і са шматлікімі прысутнымі вершамі, перадаючы мікрафон, згадваючы Васіля Быкава і аддаючы належнае яго ролі не толькі ў беларускай літаратуры, але і ў грамадскім жыцці краіны.

Радасна было, што да нас завіталі і новыя людзі, якія ўпершыню трапілі на свята. Паэтка Валянціна Пятроўская прыехала з Наваполацка. Яна прысвяціла верш Васілю Быкаву і прачытала яго.

Зусім нечакана слова папрасіў паэт з Салігорска, які прызнаўся, што з творчасцю Васіля Уладзіміравіча знаёмы не так даўно, але ўсё, што ён прачытаў, натхніла яго на напісанне цудоўнага верша "Спадчына апостала сумлення". Гэта сапраўды цудоўна, што ўсё больш і больш людзей далучаецца да нас, знаёміцца з творчасцю нашых выдатных пісьменнікаў і, канешне ж, стварае свае літаратурныя творы.

Усім вядома, што ў нашай краіне ў гэты час праходзіла цэнтралізаванае тэставанне для патэнцыйных абітурыентаў. Таму і ў нашых гледачоў была мажлівасць прыняць удзел у імправізаваным тэсце, створаным паводле творчасці Васіля Быкава. Спачатку ўдзельнікам раздалі папяровыя варыянты пытанняў, кожнаму ахвотнаму трэба было напісаць назву твора, пра які ідзе гаворка. Крыху пачакаўшы, мы зачыталі некаторыя пытанні, каб і ўсе астатнія гледачы маглі прыняць удзел. Кожнаму, хто першым адказаў на пытанне правільна, была падорана кніга. Як правіла, гэта быў зборнік вершаў пэўнага аўтара. Па выніках віктарыны можна адзначыць, што прысутныя дастаткова ўважліва перачытвалі творы Васіля Быкава. Гэта не можа не радаваць.

Сёлета Быкаўская ўрачыстасць адзначалася 23-га чэрвеня, і гэта даволі сімвалічны дзень ушанавання памяці Васіля Уладзіміравіча, бо якраз 22-га чэрвеня (2003 год) выдатнага пісьменніка не стала. Але дужа хацелася ўшанаваць не толькі яго памяць, але і памяць тых, хто загінуў у самым росквіце сваіх творчых сіл, тых, каго мы адносім да "(не) расстралянай паэзіі". Так, верш Юлія Таўбіна "Ты помніш" прачытала студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава Наталля Ермакова.

Імпрэза закончылася, але яшчэ доўга, практычна ўсю дарогу да Віцебска, актывісты ТБМ абмяркоўвалі падзею, дзяліліся ўражаннямі, складалі планы на будучыню. Можна не сумнявацца, што ў наступным годзе, калі мы будзем адзначаць 95-ыя ўгодкі з дня нараджэння Васіля Быкава, Віцебская абласная рада ТБМ прапануе новыя ідэі, мы пабачым новых людзей, для якіх імя Быкава значыць вельмі шмат!

Крысціна Дайлідзёнак, сябра ТБМ, студэнтка ВДУ імя Машэрава.

Сяброўства двух геніяў - літаратурны набытак

На сёлетнім Быкаўскім свяце ўзгадвалі пра шчырае сяброўства, якое з'ядноўвала Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна і знайшло адлюстраванне ў кнігах эпісталярнага жанру "Дажыць да зялёнай травы", "Калі рукаюцца душы". Гэтую тэму закранулі ў сваіх выступленнях Уладзімір Папковіч і Андрэй Хадановіч.

Рыгор Барадулін слаў лісты ў вершах сябру ў Фінляндыю, а затым у Нямеччыну. Васіль Быкаў дасылаў у адказ свае прыпавесці, суровыя і іранічныя. Дзядзька Рыгор умацоўваў сябра духоўнай паэзіяй. "Барадулінскае слова натхняла, мацавала веру, давала сілы жыць і спадзявацца, - успамінаў пазней Васіль Уладзіміравіч. - Паэзія Барадуліна - чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхнення, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку."

Народны паэт прысвяціў свайму сябру і земляку трыпціх у прозе. Ён пісаў:

осмас Васіля Быкава. Ён сілкуе дух беларускай нацыі. Ён дазваляе зрабіць небасхіл нашага слова далёкім і глыбокім, неба нашага слова ўдумлівым і высокім, сцежкі нашага слова прыступнымі і роднымі.

Васіль Быкаў прыйшоў у літаратуру нашую, у свядомасць нашую, калі здавалася, усё нацыянальнае, усё людскае, было задушана жалезабетонам камуністычнай ідэалогіі, таталітарным рэжымам чырвонай імперыі. Прыйшоў і сказаў: "Жыве Беларусь! Думае Беларусь, мысліць Беларусь, мае сорам, мае сумленне!" І прыход Васіля Быкава заўважылі, голас сумлення Беларусі пачулі. Ва ўсім свеце.

Васіль Быкаў нябёсамі пасланы на грэшную зямлю нашую, каб несці крыж сумлення, а крыж гэты цяжкі, бо разлічаны на моцную натуру. І ўзышоў Васіль Быкаў на Галгофу за Беларусь, за людства, роднае яму, за ўсіх тых, што з ахвотаю ў далоні яго праўдадарныя ўганялі цвікі абразы, цвікі паклёпаў, цвікі зайздрасці. Ды ўзляцеў дух лепшага сына Беларусі ў Слове шчырым, як сама праўда, у Слове чыстым, як думкі прарока, у Слове пакутным, як Маці-Беларусь."

У Бычках мы сустрэліся з даследчыцай творчасці Рыгора Барадуліна Наталляй Аляксееўнай Давыдзенка. Яна распавяла пра змест новых тамоў "Дзённікаў і запісаў" народнага паэта, якія яна падрыхтавала:

- Чацвёрты том выйшаў у снежні 2017 года. Ён ахоплівае 1983-84 гады і ўключае вялікую паездку Рыгора Барадуліна на чатыры месяцы ў Амерыку, у ААН.

У дзённіках Рыгора Іванавіча шмат напісана пра Васіля Быкава. Рыгор Іванавіч не проста сябруе з Васілём Уладзіміравічам, перамаўляецца, гаворыць, але і запісвае за ім. І сёння такіх матэрыялаў больш нідзе не возьмеш! Пра ўсё, што яны гаварылі, ён фіксаваў у сваіх дзённіках. Гэта даволі рэдкая з'ява. Сяброўства вылілася ў фіксацыю гаворкі, настрою. Быкаў казаў: "Рыгор, ты - малайчына! Усё запісваеш у блакноты, а я ўсё збіраўся, збіраўся, а цяпер ужо позна". Сяброўства двух геніяў дало вялікі літаратурны плён: 250 вершаў Рыгор Барадулін прысвяціў Васілю Быкаву.

Рыгор Іванавіч, які быў эмацыйным, адпускаў на ляту жарты, пасміхаўся, тым не менш, ва ўсіх паездках запісваў, што бачыў і што яго цікавіла. Нават статыстычныя лічбы ён запісваў, калі дэлегацыі чыталі лекцыі. Можна сказаць, што гэтыя чатыры тамы - заканчэнне савецкага перыяду, бо ў 1990 тым годзе Беларусь абвесціла незалежнасць, і пачаліся новыя часы. Памяніліся настроі і думкі паэта.

Раней я не падлічвала, колькі вершаў уваходзіла ў мяне ў новы том: там былі вершаванкі сябрам і эпіграмы. У пятым томе будзе больш за 70 вершаў, якія паэт нідзе не друкаваў у зборніках. Гэта набытак! Мы рупімся пра тое, каб к канцу года выпусціць пяты том, - кажа спадарыня Наталля. - Ён прыходзіў у сны…

Эла Дзвінская, На здымках: 1-2. На свяце ў Бычках. Фота Таццяны Смоткінай 3. Друкарская машынка Васіля Быкава, фота аўтара.

Не стала Алеся Зайкі

26 чэрвеня не стала найвялікшага беларускага рупліўца, педагога, краязнаўцы, збіральніка самабытнай беларускай народнай лексікі Алеся Зайкі, які жыў у роднай вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучала дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Пры жыцці ён выдаў "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" (2011), "Населеныя пункты Івацэвіччыны" (2012), "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны" (2013), "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны" (2015), а таксама кнігу кароткай прозы "Чысты чацвер" (2015). А за сваю першую кнігу прозы "Дым з коміна" (2011 ) Алесь Зайка атрымаў Берасцейскую мядовую літаратурную прэмію. Усё жыццё Алесь Фаміч збіраў фальклор, запісваў крылатыя словы, дыялекты, выслоўі, фатаграфаваў старыя будынкі, студні, клямкі, вокны, а свой "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" ён збіраў і запісваў 35 гадоў. Алесь Зайка вельмі любіў сваю Бацькаўшчыну, перажываў за лёс роднай мовы, ён дасканала валодаў роднай мовай і ведаў яе "на зубок". Зусім нядаўна Алесь Зайка быў у Мерачоўшчыне і радаваўся адкрыццю помніка Тадэвушу Касцюшку, казаў, што гэта вялікае свята для беларусаў, а яшчэ ён паведаміў сябрам, што да друку падрыхтаваў некалькі новых сваіх даследчых кніг.

Сёлета 12 жніўня Алесю Фамічу Зайку споўнілася б 70.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Мы пахавалі вялікага чалавека

Пра Алеся Зайку, які пайшоў з жыцця на мінулым тыдні, піша галоўны рэдактар выдавецтва "Тэхналогія" Зміцер Санько

Пахавалі Алеся Зайку. Пахавалі вялікага чалавека. Вялікага ў сваёй бязмернай дабрыні, у сваёй шчырай любові да Беларусі, у плёне працы, якую ён ахвяраваў Айчыне.

Ён быў выдатным спецыялістам у галіне лакальнай этналогіі. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучала дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў аднаго з самых адметных і цікавых куткоў Беларусі - радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Яму ніхто не прапаноўваў і не зацвярджаў планавых тэмаў, ён ніадкуль, ні з якой навуковай установы, не атрымліваў заработнай платы. Ён сам быў установай - шматпрофільнай навуковай установай у адной асобе.

Вынікі працы даследніка ўражваюць: "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" (2011), "Населеныя пункты Івацэвіччыны" (2012), "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны" (2014), "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны" (2015). Ім падрыхтаваныя да выдання "Нарысы з гісторыі і культуры Івацэвіччыны" і "Мікратапаніміка Івацэвіччыны". І, апрача гэтага, багата матэрыялу засталося ў рукапісах.

Распачынаецца новы сезон "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

У ліпені пачнецца новы сезон "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячом, в.а. абавязкаў рэктара "Універсітэта імя Ніла Гілевіча", Ганаровым старшынём ТБМ. Штомесяц будзе праведзена па 2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў будзе распавядаць пра гісторыю Менска, Нясвіжа, Ліды, Наваградка і Стоўбцаў.

Таксама будуць ладзіцца прагляды гістарычных фільмаў і іх абмеркаванне. Расклад і час будуць пададзены пазней.

У ліпені і жніўні запрашаем на прагляды фільмаў у беларускай агучцы

У канцы ліпеня - пачатку жніўня запрашаем у офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13) на прагляды фільмаў у беларускай агучцы. Прагляды будуць пачынацца а 18-й, уваход вольны. Большасць стужак агучаныя суполкай gavarun_by.

Расклад:

24 ліпеня - "Хтосьці любіць гарачае", ЗША, 1959 г.

25 ліпеня - "Уцёкі з Шаўшэнка", ЗША, 1994 г.

26 ліпеня - "Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць", ЗША, 2016 г.

31 ліпеня - "Фанфан-Тульпан", Францыя, 2003 г.

1 жніўня - "Вэрхал у галаве", ЗША, 2015 г.

2 жніўня - "Час", ЗША, 2011 г.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пач. у папяр. нум.)

1672. Ксяневіч (Яўген) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Ксеня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ксеневіч - Ксяневіч. ФП: Ксенія (імя <грэч. xenia 'гасціннасць') - Ксенія (празванне, потым прозвішча) - Ксяневіч. Або ад Ксенафон (грэч. 'які гаворыць на замежных мовах') - Ксена (народны варыянт) - Ксена (празванне, потым прозвішча) - Ксяневіч.

1673. Куваева (Зоя) - вытвор з прыналежным суфіксам -ев-а ад антрапоніма Кувай і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кувайева. ФП: куваць (абл. і паэт. 'тое, што і кукаваць (пра зязюлю)') - кувай (форма загаднага ладу дзеяслова: кувай(уць)) - Кувай (мянушка, потым прозвішча) - Куваева.

1674. Кугейка (Міха-іл) - семантычны вытвор (з экспрэсіўным фармантам - ейка) ад апелятыва куга 'водная расліна сямейства асаковых; азёрны чарот'; а таксама 'гукапераймальнае абазначэнне крыку груднога дзіцяці' (ТСБМ, т. 2, с. 749).

1675. Кудзерка (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва кудзерка 'невялікі вузкі ўчастак лесу', а таксама 'кучаравыя або накручаныя валасы'.

1676. Кузька (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва кузька 'шкоднік злакавых раслін; хлебны жук'.

1677. Кукавіч (Ігнат) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Кука і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кукавіч. ФП: кука (абл. 'вялікі драўляны малаток рознай формы і рознага прызначэння'; а таксама (дзіцяч.) 'балячка' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" Сцяцко П., с. 64)) - Кука (мянушка, пазней прозвішча) - Кукавіч.

1678. Кунцэвіч (Васіль) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Кунц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кунцэвіч. ФП: кунц ('птушка сініца' (Даль)) - Кунц (мянушка, пазней прозвішча) - Кунцэвіч.

1679. Кур'ян (Дзяніс) - варыянт імя Кірыён (грэч. kyrion 'дзяржаўная ўлада, закон'); зафіксаваны ў 1556 г. у форме Курьян, набыў ролю прозвішча.

1680. Курцова (Ірына) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Курэц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Курэц (Курца) + ова - Курцова. Або ад нямецк. kurz 'кароткі' шляхам антрапанімізацыі.

1681. Курышка (Пятро) - другасная форма, першасная Купрышка (ад імя Купрыян <грэч. kyprios 'кіпрскі, жыхар Кіпра') - утварэнне з фармантам -ышка ад Купра (з 1540 г.) з семантыкай экспрэсіўнасці (ласк. ці зневаж.) - Купрышка - Курышка (па асацыяцыі 'курыльшчык, курэц' ці 'тое, што курыцца - тлее').

1682. Ладыга (Вера) - семантычны вытвор ад апелятыва ладыга 'сцябло, націна' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 466).

1683. Лажбей (Ігар) - семантычны вытвор ад апелятыва лажбей 'гультай' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 466).

1684. Лажбень (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва лажбень 'тое, што і лажбей' (Тамсама).

1685. Лазавік (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва лазавік 'лапаць' (абутак лазовы) ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 467).

1686. Лакотка (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва лакотка < польск. lakotka 'ласун', 'ласуха'.

1687. Лапацкая (Алена) - вытвор з суфіксам -ская ( >цкая) ад антрапоніма Лапата ці Лапаць і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Лапатская - Лапацкая, Лапацьская - Лапацская - Лапацкая. Ад апелятыва лапата 'металічная, драўляная і іншая прылада з дзяржаннем і шырокім плоскім ніжнім канцом для капання, перамяшчэння чаго-небудзь' ці лапаць 'плецены абутак з лыка, бяросты ці вяровак' і (перан.) 'адсталы, некультурны чалавек' шляхам антрапанімізацыі (пераход у прозвішча).

1688. Лівіцкая (Таццяна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Лівікі, Лівічы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Лівікская - Лівіцкая, Лівічская - Лівіцкая.

1689. Лізуноў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Лізун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лізуноў. ФП: лізун ('той, хто любіць лізаць, лізацца'; перан. 'ліслівец, падлізнік, падхалім') - Лізун (мянушка, а потым прозвішча) - Лізуноў.

1690. Ліштван (Іван) - семантычны вытвор (з суфіксам -ан) ад апелятыва ліштван 'той, хто вырабляе ліштвы' ('фігурныя планкі вакол дзвярнога ці аконнага праёму або металічныя накладкі з шчылінай для ключа на дзвярах, шуфлядах', а таксама плінтусы і пад.) (П. Сцяцко, Беларускае народнае народнае словаўтварэнне, с.147).

1691. Лупасін (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Лупася і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лупасін. ФП: лупа ('павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе'; рэг. 'губа', 'губаты' (Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны (СНМЗ), с.69)), лупсі ('губы': СНМЗ), лупся/ лупася 'з вялікімі губамі' (СНМЗ) - Лупася (мянушка, потым прозвішча) - Лупасін.

1692. Лупач (Лёнік, Лёля) - семантычны вытвор ад апелятыва лупач 'губаты, з вялікімі губамі' (СНМЗ, с. 69).

1693. Луцэнка (Барыс) - вытвор з фармантам -энка ад антрапонім Луц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Луцэнка. ФП: Лук'ян (лац. Lucianus 'сын Лукі') - Луц (1539) - (гутарковая форма) - Луцэнка. Або ад Лука (лац. Lukas < lux 'святло') +енка - Луц(к/ц)энка.

1694. Лысікаў (Барыс) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Лысік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лысікаў. ФП: лысы ('які мае лысіну, з лысінай') - Лысы (мянушка, потым прозвішча) - Лысік (вытвор з суфіксам -ік і значэннем 'пра таго, хто мае лысіну' або 'спадчыннік асобы з прозвішчам Лысы') - Лысікаў.

1695. Лявіцкі (Марк, Мардухай) - вытвор з фармантам -іцкі/-скі ад тапоніма Лёвы, Лёвікі з семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясціны, паселішча': Лёвіцкі - Лявіцкі, Левікскі - Левіцкі - Лявіцкі. ФП: Леў (імя <грэч. leаn 'леў') - Лёва (народна-гутар. варынт) - Лёвы (тапонім з прозвішчамі Леў, Лёва) - Лявіцкі, Леўка (народны варыянт ад Леў, Лёва; або вытвор з фармантам -ка і значэннем 'жанчына', 'жонка, дачка названай асобы'): Леўка ( Левко, 1528). Або ад (рэг.) ляўко 'ляўшун'.

1696. Ляўковіч (Ірына) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Леўка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Леўкавіч - Ляўковіч. Або ад апелятыва ляўко (рэг.) 'ляўшун', які набыў ролю прозвішча і форму бацькаймення. ФП: левы (левая рука) - ляўко - Ляўко - Ляўковіч. Або ад імя Леўкій (грэч leukos 'белы, светлы, ясны') і яго народнага варыянта Леўка з суфіксам бацькаймення -овіч: Леўковіч - Ляўковіч.

1697. Ляхновіч (Павел) - другасная форма, першасная Аляхновіч - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Аляхно і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аляхновіч. ФП: Аляксандр (імя, з мовы грэкаў Alexandros: alexo 'абараняць' і andros 'муж, мужчына') - Олехно (1528 г.) - Аляхно (народны варыянт імя, потым прозвішча) - Аляхновіч - Ляхновіч (з адпадзеннем пачатковага "А").

1698. Макрацоў (Алесь) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Макрэц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Макр эцоў - Макрацоў. ФП: макрэц ('мокры лішай на нагах у коней і буйной рагатай жывёлы') - Макрэц (мянушка чалавека з частотным такім словам) - Макрэц (прозвішча) - Макрацоў.

(Працяг у наст. нумары.)

Узаемаабмен культур на летніх імпрэзах

13 чэрвеня ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы ў горадзе Светлым Калінінградскай вобласці адкрылася выстаўка твораў вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Адчыняў экспазіцыю дырэктар бібліятэкі Сяргей Аляксандравіч Суздалеў.

Перад гэтым 12 чэрвеня мастак браў удзел у выставе Калінінградскага культурнага таварыства на Дні Расіі. Усе нацыянальныя меншасці горада Калінінграда выстаўляліся ў цэнтральным парку культуры і адпачынку. Удзел беларусаў уключаў выступ цымбалісткі Насты, дэманстраванне партрэтаў Янкі Філістовіча і Юркі Моніча пэндзля Алеся Пушкіна, выступ Ігара Шаховіча і дудара Міхася Галубкіна. Яны годна прадставілі беларускую дыяспару ў Калінградзе.

Побач дэманстравалі сваю культуру немцы, літоўцы і палякі, былі прадстаўнікі армянскай і таджыкскай дыяспары, былі прадстаўлены такія народы, як мардвіны і каракі.


- Я ўдзельнічаў у мерапрыемствах, бо даўно сябрую з Ігарам Шаховічам, старшынём Калінінградскага таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны, - распавёў Алесь Пушкін. - Ігар Шаховіч усталяваў помнік Францыску Скарыну ў двары Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Эмануіла Канта.

Яшчэ ў 2017 годзе мы схадзілі ў гарсавет, і Ігар Шаховіч ініцыяваў наданне адной з вуліц Калінінграда імя Францішка Скарыны ў сувязі з 500-годдзем друкавання Бібліі. Падчас святкавання Дня Расіі да нас падышоў мэр Калінінграда Сіланаў і сказаў: "Вуліцы Францыска Скарыны ў Калінінградзе быць!"

14 чэрвеня на Дунаі з групай аўстрыйскіх, чэшскіх і партугальскіх мастакоў у Вене мы зрабілі супольны праект і адзначылі Купалле, - падзяліўся ўражаннямі мастак і перформер. - Мы сплялі вялічэзны вянок і пусцілі яго па Дунаі. Гэта быў сваеасаблівы мікс культур. Гэта ляжыць у трэндзе сучаснага мастацтва, якое разглядае чалавека ў асяроддзі экалогіі.

Сярод нас быў адзін прадстаўнік з Косава, адзін амерыканец, былі аўстрыйцы, немцы, палякі. Мы пакаштавалі стравы партугальскай кухні. 19 чэрвеня ўсё было зафіксавана на відэа і прадстаўлена ў галерэе "Хост" па адрасе: Сполграсэ, 25. Там адкрылася мая выстава, якая будзе доўжыцца да 1 ліпеня, - паведаміў мастак.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота з архіва Алеся Пушкіна.

Дарослыя - дзецям

ДЗЯРЖАЎНАЯ УСТАНОВА КУЛЬТУРЫ

"Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"

ПРЭС-РЭЛІЗ

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрашае да ўдзелу ў літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які аб'яўлены з 15 чэрвеня па 10 снежня 2018 года.

У Год малой радзімы калектыў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" вырашыў аддаць доўг сваёй малой радзіме актыўнай краязнаўчай працай: зборам і назапашваннем матэрыялаў, якія маюць дачыненне да нашай мясцовасці, ушаноўваннем імёнаў вядомых землякоў; правядзеннем шырокай асветніцкай работы па вывучэнні гісторыі, культуры, традыцый роднага краю. Адным з такіх значных культурных праектаў года з'яўляецца раённы літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які ладзіць дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" раз у два гады, пачынаючы з 2014 года і які стаў яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй.

Вера Сяргееўна Навіцкая - дзіцячая рускамоўная пісьменніца канца ХIX - пачатку XX стагоддзя. Пра яе жыццё вядома вельмі мала, нават гады жыцця і смерці страчаны, уроджаная Шыльдэр-Шульднер. Горад Ліда можа лічыць яе сваёй, бо ў Лідзе Вера Навіцкая пражывала сем ці дзесяць гадоў (з 1908 па 1915 г., магчыма, да 1918 г.) і нават некаторы час з'яўлялася начальніцай мясцовай прыватнай жаночай гімназіі (з 1910 года яна ўзначальвала "Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх", зараз гэта ДУА "Ліцэй № 1 г. Ліды"). Вера Навіцкая - аўтар дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак-гімназістак. Мясцовыя краязнаўцы сцвярджаюць, што некаторыя свае кнігі яна напісала менавіта ў нашым горадзе. Для горада Ліды Вера Навіцкая на сёння - найбуйнейшы лідскі дзіцячы пісьменнік усіх часоў, яшчэ адна неардынарная постаць - пісьменніца, якую ў Расіі перавыдаюць праз 100 гадоў, таму конкурс і носіць яе імя. Першая кніга з тэтралогіі Веры Навіцкай пра гімназістку Марусю Старабельскую ўжо перакладзена на беларускую мову Станіславам Суднікам. Адзіны асобнік гэтага перакладу знаходзіцца ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы"

Мэтай конкурсу стала прапаганда творчай спадчыны Веры Сяргееўны Навіцкай сярод лідзян, выяўленне, падтрымка і заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей. Літаратурны конкурс адбываецца ў двух жанрах: "Паэзія" і "Проза".

За час існавання конкурсу былі атрыманы творы ад больш за два дзясяткі аўтараў з розных куточкаў Лідскага краю. Сярод намінантаў: Цішук Святлана Аляксандраўна, Рэлікоўская Ганна Леанардаўна, Васько Уладзімір Гаўрылавіч і іншыя аўтары. Дасланыя на конкурс творы выдадзены бібліятэкай у зборніках "Дарослыя - дзецям".

Умовы сёлетняга конкурсу размешчаны на афіцыйным сайце ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы": http://www.libro-lida.by/. Творчыя працы прымаюцца па адрасе: 231300, г. Ліда, вул. Ленінская, 10, а таксама па электроннай пошце: Libro-lida@mail.ru.

Спадзяёмся, што ў 2018 годзе літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" пашырыць свае межы і выявіць шмат таленавітых аўтараў.

Тэлефон для даведак: 8 (0154) 53-07-40.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Т.В. Чайко.

Смачнай кавы!

У кавярні Central Coffee г. Ліда, з'явіўся своеасаблівы артэфакт - фотаздымак і жывы аўтограф першай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі з Рэспублікі Беларусь, 2015 г. - Святланы Алексіевіч, які яна пакінула сваёю рукой у дзень намінавання ў сталіцы Швецыі Стакгольме. Разам з фотаздымкам сп-ні Алексіевіч, у адной рамцы - здымкі ўсіх Нобелеўскіх лаўрэатаў ў галіне літаратуры 1901 - 2015 гг.

Да ўсяго, у падтрымку беларускай мовы на ўваходных дзвярах кавярні размешчаны выдатныя налепкі-указальнікі.

Рэспект вам, гаспадары кавярні Central Coffee!

Алег Лазоўскі. P.S. Адрас, дзе знаходзіцца кавярня Central Coffee ў г. Ліда можна адшукаць на сайце або ў мабільным дадатку SAY.BY https://say.by/i/1107.

Смачнай кавы!

Прэзідэнты Беларусі, Германіі і Аўстрыі адкрылі "Дарогу памяці" ў лагеры смерці "Трасцянец"

Навіны Германіі

29 чэрвеня ў лесе пад Менскам сустрэліся прэзідэнты Беларусі, Германіі і Аўстрыі. Аляксандр Лукашэнка, Франк-Вальтар Штайнмайер і Аляксандр Ван дэр Белен прынялі ўдзел у адкрыцці другой часткі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Ён створаны на месцы аднайменнага канцлагера - чацвёртага па ліку ахвяр пасля Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі.

Пад Менскам тры прэзідэнты адкрылі "Дарогу памяці" ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец", дзе за два гады вайны немцамі былі знішчаны звыш 200 тысяч чалавек. "Дарога памяці" - гэта ўсяго 800 метраў: ад маленькага "пляца жыцця", куды прывозілі вязняў і дзе яшчэ была надзея, да чорнага пятака "пляца смерці", адкуль іх вялі на расстрэл. Па словах архітэктараў, гэтага досыць, каб усвядоміць маштаб трагедыі.

Лагер смерці "Трасцянец" - чацвёрты па колькасці знішчаных фашыстамі вязняў і найбуйны на тэрыторыі Беларусі. У сутнасці, гэта не адно, а тры месцы, непадалёк адзін ад аднаго. Урочышча Благаўшчына - проста паляна ў невялікім лесе. Але толькі там немцы расстралялі і атруцілі газам 150 тысяч чалавек. А затым, каб схаваць сляды масавых забойстваў, выкопвалі целы і спальвалі.

Аляксандр Лукашэнка:

- Маючы ўнікальную магчымасць ведаць праўду той краіны з аповядаў відавочцаў, галоўнае, што мы павінны зрабіць, - гэта захаваць гэтую праўду, не дапусціць адраджэння страшнага. Гісторыя жорсткім чынам паказала, што нельга ігнараваць зло, нават існае на стадыі ідэі. Яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу ў такім разе - толькі пытанне часу.


Беларусь заклікае да маштабнага, адкрытага гістарычнага дыялогу. Ніхто не супраць, але разыходжанні бачныя адразу. Прэзідэнт Аўстрыі ў сваім выступе назваў іншыя лічбы пра загінулых ў "Трасцянцы".

Аляксандр Ван дэр Белен:

- Нацыянал-сацыялісты стварылі сетку тэрору, якая накрыла ўсю Еўропу. Веды пра гэта мы павінны ў нашых жа ўласных інтарэсах захаваць у калектыўнай памяці Еўропы як перасцярогу. У Малым Трасцянцы ў 1941-1944 гадах былі забіты ад 40 да 60 тысяч чалавек.

Пытанне з лічбамі, сапраўды, з'яўляецца дыскусійным. Праверыць і ўдакладніць іх сёння не ўяўляецца магчымым. Пры гэтым частка гісторыкаў схіляецца да таго, што ў "Трасцянцы" было знішчана значна больш вязняў - да паўмільёна чалавек.

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер лічыць важным захаваць памяць пра злачынствы нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

- Чым бліжэй падыходзіш да гэтага месца, тым з большай цяжкасцю даецца гэты шлях. Веды пра тое, што тут адбылося, кладуцца на плечы шматтонным гнётам. Хто прыходзіць сюды, той чытаў ці чуў пра злачынствы, якія немцы здзейснілі ў адносінах да беларусаў, сваіх еўрапейскіх суседзяў і сваіх жа землякоў. Той ведае, які спусташальны след пакінула на гэтай зямлі апошняя жудасная вайна. Больш чвэрці насельніцтва Беларусі не перажыло германскую акупацыю.

Штайнмайер нагадаў пра сюжэт фільма "Ідзі і глядзі" рэжысёра Элема Клімава, знятага ў 1985 годзе.

- Гэта быў год, калі жалезная заслона пачала прыўздымацца, і фільм гэтага віднага савецкага рэжысёра паказвалі ва ўсёй Еўропе - як на Ўсходзе, так і на Захадзе. Гэта была сустрэча тварам да твару з вайной. Не такой вайной, якая была вядомая да гэтага. Не! З той вайной, якая зацямніла сабой памяць аб усіх папярэдніх войнах, якая траўміравала цэлыя пакаленні і сказіла аблічча нашага кантынента: гэта быў паход германскага вермахта супраць Савецкага Саюза, і мэтай гэтага паходу было знішчэнне, - падкрэсліў ён. - "Ідзі і глядзі"! Так, цяжка прыслухацца гэтаму клічу. Усё яшчэ цяжка. У нас усяляюць жах сотні тысяч ахвяр, якіх паглынула гэтае пекла, якія сталі людзьмі без імя, перш чым іх заштурхалі ў лагеры, атруцілі газам ці адразу з перона чыгуначнай станцыі ў Малым Трасцянцы пагналі на край рова і там расстралялі. У нас усяляе жах вайна, планы, загады і метады вядзення якой мелі на ўвазе татальнае знішчэнне. Беларусі прыйшлося на сабе выпрабаваць, што гэта азначае. Больш за 600 вёсак разам з усімі жыхарамі былі сцёртыя з твару зямлі, - заявіў Штайнмайер.

Ён адзначыў, што тыя падзеі былі "справай рук чалавечых, і ў гэтых злачынстваў былі нямецкія імёны - Генрых Гімлер, Райнхард Гейдрых, Эрых фон дэм Бах-Зялеўскі, Оскар Дзірлевангер".

- Гэтае мястэчка, Малы Трасцянец, захопленае вермахтам як "жыццёвая прастора на ўсходзе", стала месцам смерці. Яно знаходзілася на самым канцы ланцужка дырэктыў, не было пазначана ні на адной геаграфічнай карце, затое значылася ў плане канчатковага рашэння габрэйскага пытання. Ужо даўным-даўно трэба было вярнуць яго ў гістарычную свядомасць Еўропы, - заявіў федэральны прэзідэнт. - Тое, што адбылося тут, пакінула глыбокія раны. Іх бачаць усе, хто жадае бачыць. "Ідзі і глядзі!" - гэты заклік, які б пакутлівы ён ні быў, звернуты да нас, да пакаленняў, якія нарадзіліся пазней.

Штайнмайер упэўнены, што агульнаеўрапейская адказнасць за тое, каб больш не было вайны, засноўваецца на ведах таго, што людзі рабілі са сваімі блізкімі ў месцах, падобных Трасцянцу. Таму важна вывучаць гісторыю і перадаваць яе кожнаму наступнаму пакаленню, лічыць ён.

- Часткай гэтай гістарычнай памяці еўрапейцаў, а ў першую чаргу немцаў, непазбежна з'яўляецца і гісторыя Беларусі. Пасля амаль трох дзесяцігоддзяў незалежнасці прыйшоў час для таго, каб гэтая краіна ў нашай свядомасці і разуменні выйшла з ценю Савецкага Саюза, але першым чынам - каб Беларусь успрымалася як дзяржава з уласнай гісторыяй, сапраўдным і будучым, - падкрэсліў палітык.

Прэзідэнт Германіі адзначыў, што мемарыяльны комплекс "Трасцянец" увасабляе не толькі жудасную старонку беларускай гісторыі, але і агульную памяць.

- Гэта вынік сумесных высілкаў беларускіх і германскіх гісторыкаў і грамадскіх груп, такіх як міжнародныя адукацыйныя цэнтры ў Беларусі і Германіі. Без волі Беларусі да прымірэння гэта супрацоўніцтва было б немагчыма. Мы ніколі не павінны забываць: мэта вайны на знішчэнне, развязанай Германіяй, складалася ў тым, каб са свету сцерці краіну і людзей, якія ў ёй жылі. Тым глыбей мая пакора, тым больш я ўдзячны людзям у Беларусі за іх волю да прымірэння, - падкрэсліў ён.

арога памяці" - не апошні комплекс на месцы масавых пакаранняў смерцю. Задача - каб пра "Трасцянец" ведаў увесь свет, як ведае пра Асвенцым і пра іншыя ваенныя лагеры смерці.

БЕЛТА.

Улады паабяцалі прыпыніць добраўпарадкаванне Вайсковых могілак.

Пакуль на словах

Раніцай 27 чэрвеня на Вайсковых могілках, дзе ўжо некалькі тыдняў адбываецца "добраўпарадкаванне", прайшла сустрэча грамадскіх актывістаў, супрацоўнікаў Мінкульту і кіраўніцтва Спэцыялізаванага камбіната камунальна-бытавога абслугоўвання, які займаецца тым самым добраўпарадкаваннем. Супрацоўнікі КУП "Спецкамбінат" ставяць аднатыпныя надгалоўнікі і называюць гэта добраўпарадкаваннем могілак.

- Нам на словах паабяцалі прыпыніць работы, - кажа Свабодзе Павел Каралёў, які каардынуе кампанію, скіраваную на захаванне Вайсковых могілак. - Мы прайшліся з кіраўніцтвам камбіната і прадстаўніком Мінкульту па тэрыторыі, вызначылі каля дзесяці пахаванняў, ад якіх на самой справе мала што засталося, якімі маглі б заняцца супрацоўнікі камбіната. Пакуль нам паабяцалі працаваць там і не чапаць іншых магілаў. Але гэта на словах, вядома. Сустрэча не мела афіцыйнага характару.

Павел Каралёў таксама паведаміў, што актывістам па-ранейшаму не ўдалося пабачыць ніякага афіцыйнага дакумента, які б вызначаў парадак работаў па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак. Актывісты плануюць і далей рабіць парадак на месцах пахаванняў самастойна.

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску - адзін з самых старых някропаляў беларускай сталіцы, які мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 года, асвячэнне іх адбылося ў 1895 годзе.

Тут пахаваныя літаратары Якуб Колас, Янка Купала і Кузьма Чорны, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар слоў дзяржаўнага гімна БССР Міхась Клімковіч, кампазітар Нестар Сакалоўскі, амерыканская місіянерка Рут Уолер.

На мінулым тыдні актывісты заклікалі людзей "адстойваць магілы, бо сітуацыя кепская, будаўнікі ўсё робяць на свой густ".

- Добраўпарадкаванне часам нагадвае знос помнікаў. Невядома, на якой падставе яны вызначаюць, што можна зносіць, а што не, і ці ёсць у іх адпаведны праект. Дакументы яны нам не паказваюць. Відаць, што чалавек вырашае на свой густ, будзе гэтая агароджа, помнік, ці не. На жаль, пару тыдняў мы страцілі, бо некалькі каштоўных агароджаў ужо прыбралі, - сказаў Свабодзе Павел Каралёў.

На сайце petitions.by збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем спыніць "добраўпарадкаванне".

Радыё Свабода.

Парэнчы Вайсковых могілак

Ну й мацярык: не сціхлі дрэнчы-енчы.

Народ - няўрод?

…Бо тузаюцца ўсе.

Т а к, агароджа могілак - парэнчы, -

каб не ссівела Памяць у лазе.


Парэнчы - каб засведчыць: бачым строму.

Падзел прасторы трэба пільнаваць…

Магілка вунь - як ганачак ля дому.

Крышыць крыжы - як свой хрыбет ламаць.


Тупее адубелы недалюдак.

Пільнуе? Мо выконвае наказ,

каб над зямлёй людзей мець за малютак,

бо продкі пад зямлёю - без прыўкрас.


За кій хапаецца неасцярожны следчы.

Хістаюцца над морам слёз парэнчы…

Збуцьвее продкаў мацярык без нас,

бо агароджа - космасу парожак…


* * *

Калі народнае паўзе ў бязбожжа,-

Трымаецца парэнчаў вечны Час.

22.06. 2018 г. Сяргей Панізьнік.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Аляксандр збудаваў адзін з найбольшых мастоў на рацэ Віліі ў Сантаках 46.

Кампанія ацаніла яго здольнасці і бездакорную сумленнасць, па-гэтаму даверыла яму кантроль усіх выдаткаў. Але тут спаткаў ён супярэчнасці. Разлічвалі на тую вялікую яго сумленнасць, пакуль яна была патрэбная ў асабістых інтарэсах пры расходах, але пры здачы работ ураду хацелі абысціся без яе, ведучы бухгалтэрыю так, каб магчы напоўніць свае кішэні расейскімі грашыма. Але перашкодай гэтаму стала вялікая сумленнасць Аляксандра. Адкінуў з абурэннем прапанаваныя яму сто тысяч. Спрабавалі ўцягнуць у гэтую справу Антонія Зялінскага, начальніка руху, сардэчнага прыяцеля Аляксандра, як і ўсёй нашай сям'і. Дарэмна, бо быў гэта найшляхетнейшы чалавек у свеце (бацька доктара Эдварда Зялінскага).

Таму, клянучы дурных палякаў, вярнулася французская кампанія на Сену без спадзяваных прыбыткаў (прынамсі на гэтай лініі). Быў час, што Аляксандр, выязджаючы з Сантакоў у Вільню на свята, мусіў забіраць з сабой бухгалтарскія кнігі з-за апасення, каб у яго адсутнасць не ўчынілі злоўжыванняў.

Пасля смерці Аляксандра Францішак заняў пасля яго пасаду на чыгунцы 47.


Пасля вывазу братоў у Сібір у 1850 годзе моладзь роўна як з горада, так і з вёскі, а таксама іхнія сем'і атачылі нашую маці і ў сю сям'ю пашанай і братэрскай любоўю першых хрысціян. Вучылі, перасцерагалі, сачылі, каб хто з паганым намерам не ўціснуўся ў тую сям'ю. Мы раслі з перакананнем, што свет ёсць прыгожым і добрым творам Божым. Не толькі, каб мы не ведалі брудных адмоўных бакоў жыцця, але нават паняцця не мелі, што чалавек такім можа быць. Першымі і найбліжэйшымі сябрамі для нас былі маці, браты і сёстры. Чужых давераных мы не мелі, не адчувалі патрэбы іх шукаць. У сям'і не было таямніц. Мы дзяліліся ўсімі ўражаннямі. Не ашчаджалі сабе крытыкі і насмешак, выкрыўшы нейкі адмоўны бок у кім-небудзь з нашай сям'і - у сёстрах, ці ў братах, але нельга нам было ані слухаць, ані весяліцца з чужых абгавораў. Маці нагадвала, а старэйшая сястра Тэкля востра граміла ўсялякія намеры ў тым кірунку.

Мы мелі звычай вечарам збірацца пры ложку маці, хоць бы ў найпазнейшы час, ці то пасля працы, ці пасля вяртання з тэатра або са сходаў у знаёмых і ў сябе. Атачыўшы яе, мы апавядалі ўсё-ўсё, кожнае да нас і намі сказанае слова. Маці слухала цярпліва. Смяялася, а часамі ўстаўляла нейкі дасціпны анекдоцік у форме крытыкі, калі ў тым была патрэба.

Калі мы скончылі пансіён, для нас арганізавалі вышэйшы курс навук. А ў тым была вялікая патрэба. І так мяне на восьмым годзе аддалі ў Шляхецкі інстытут 48 (Главацкай). Праз чатыры гады закончыла той інстытут з чатырох класаў. Можна сабе ўявіць, якім няцяжкім было заканчэнне пансіёна, калі дванаццацігадовая дзяўчынка магла гэта зрабіць. У тым пансіянаце вучылі нібыта найбольш і найлепей.

Каб атрымаць патэнт пра заканчэнне 49, трэба было мець шаснаццаць гадоў і адбыць настаўніцкую практыку, ці як настаўніца ў прыватным доме, ці як папінерка 50 ў інстытуце. Хацела першага, але пакуль тое магло наступіць, цешылася з таемных курсаў: матэматыкі, прыроды, гіст[орыі] і літар[атуры], эстэтыкі і педагогікі. Манюшка вучыў музыцы, а перад ім добрая, сардэчная, поўная ахвярнасці Генрыета Таквіч, а пасля выезду Манюшкі - Міхалоўскі Габрыель, Шэмеш - рысунку, Андрыёлі - маляванню, маст[ацкім] спевам, опернаму мастацтву - Навакоўскі, акрамя таго вучылі французскую, ангельскую і італьянскую мовы. (Сумна прызнаць, што ў Вільні мы адчувалі вялікі недахоп у навучанні польскай мове. Не мелі нават добрай граматыкі. Над польскай мовай Літва пачала працаваць толькі пасля вяртання з выгнання).

Мы вялі жыццё так дзейсна, так працавіта, што не мелі ані мы, ані нашыя браты, ані нашае найбліжэйшае атачэнне ўяўлення пра пачуцці нейкага разгульнага кахання, бо іншым сэрцы нашыя і думкі былі запоўненыя. Так мы цалкам былі пад уражаннем вялікай, гарачай любові да Айчыны, што не задумваліся нават над тым, ці могуць абудзіцца ў сэрцах нашых нейкія іншыя, больш гарачыя пачуцці.

Пры агульным руху на Літве і жанчыны нашыя пыталіся сябе: а мы, ці ж мы нічым не можам спрычыніцца да паляпшэння агульнага стану адсталасці ў нашай любімай Літве?


Жанчына-ліцвінка з натуры добрая, сумленная ў выкананні сваіх абавязкаў, здольная да ахвярнасці, дзейная, прадбачлівая і гаспадарлівая. Умее задаволіцца малой, ціхай роляй у грамадстве, не любіць розгаласу, не любіць апраўляць сваё хатняе шчасце ў рамкі лішку і пыхі. Умее быць шчаслівай у колку сямейнікаў, любіць у ім караляваць, але гэты скіпетр можа ашчаслівіць яе толькі тады, калі дадзены ёй з кахання, з прызнання, а не здабыты барацьбой або падступствам. Любіць адчуваць разумовы верх мужа, брата і сына і тым ганарыцца і захапляецца. Жанчына-ліцвінка мае шмат станоўчых рысаў, але ў 1848 годзе і пазней - пазней, нават у 1863 годзе, была яшчэ выразна старасвецкая і забабонная.

Аддаючы дачок у навуку нашыя абывацелькі звыклі больш-менш выказваць свае пажаданні такім чынам: "Прашу навукі адпаведнай для майго дзіцяці. Бог даў нам дастатак, мы не трывожымся пра заўтрашні дзень нашых дачок. Ім патрэбна ўмець толькі тое, што абавязкова патрэбна ў свеце. Дасканалае французскае маўленне, музыка, салонныя спевы, натуральная гісторыя, французская літаратура, каб не скампраментавацца ў размове. Гувернанткамі, дзякуй Богу, не будуць".

У той час не на шмат адрознівалася і праграма выхавання сярэдняга паніча шляхетнага стану. Братні звяз у 1848 годзе пастанавіў ваяваць з тымі цёмнымі поглядамі на выхаванне, ваяваць з адмоўным трактаваннем усялякай працы як разумовай, так і фізічнай. Бедная шляхцяначка рабіла страшны мезальянс, выходзячы замуж не за землеўладальніка, а за доктара, адваката, настаўніка і да т.п. Да настаўніц, якія замянялі матак, адносіліся не на шмат лепей, чым да слуг, бо яны былі платныя. З большым гонарам выступаў падупадлы шляхціц або шляхцянка, якія туляліся па дамах крэўных дальшых або бліжэйшых на ласкавым хлебе, чым жанчына, занятая карыснай для грамадства працай, якая стаіць у ім уласнымі сіламі.

Пра нашую маці адзываліся яшчэ ў 1862 годзе: "Бедная гэтая пані Далеўская, мусіць звар'яцела з вялікага няшчасця! Чаму ж яна кажа вучыць сваіх дачок? Хіба з іх усіх думае парабіць гувернантак, філасофак? 51 А шкода прыгожых дзяўчынак, "паходжання старашляхецкага, маглі б яшчэ зрабіць добрую партыю, нягледзячы, што беспасажныя, а так тая доўгая навука адпужне ад іх цэлы свет".

Маці была глухая да тых усіх радаў і нагадванняў, паўтарала нам наўсцяж адно: "Вучыцеся, калі хочаце свайго і іншых шчасця, калі хочаце быць карыснымі на свеце".

Жанчыны, набліжаныя да Братняга звязу праз сваіх мужоў, братоў або сыноў як па вёсках, так і па гарадах пастанавілі ваяваць з тымі поглядамі словам, пісьмом, прыкладам і працай, ставячы сябе ў ролі настаўніц. Для падтрымкі гэтых намаганняў многія спрычыніліся да навукі паважанага і шаноўнага настаўніка гісторыі Аляксандра Здановіча, настаўніц Ядвігі Кучынскай і Кліманскай (Дэштрунг) і многіх іншых. Прышчаплялі погляды, што настаўніцкая прафесія адкрывае перад жанчынай поле найпрадукцыйнешай грамадскай працы, што ў руках выхавацельніц знайходзіцца будучыня Польшчы і кожнага краю, што чым яны стануць вышэй, тым больш паспяхова выганяць уплыў чыжаземцаў, такі чужы, такі згубны для духу і звычаяў нашых сямей. Настаўніцтва - гэта капланства.

Братні звяз моладзі, нягледзячы на арышты, Сібір і арыштанцкія роты, не толькі не загінуў, але з падвойнай энергіяй развіваўся і пашыраў ідэі роўнасці, праўды, працы, братняй любові, ведаў і надзей на збаўленне.

Таму ў 1861 годзе працаўнікі, даўнія таварышы Далеўскіх, цяпер ужо дарослыя мужчыны, сталі з верай побач тых, дзесяць гадоў таму назад высланых маладзёнаў, а цяпер так, як і яны самі, узбагачаных досведам, да далейшай сумеснай працы.

З досведу былых падзей у каралеўстве, Літва пастанавіла найперш бараніць край ад заўчаснага выбуху, у выпадку немажлівасць пазбегнуць таго, быць салідарнай з каралеўствам.


Паўстанне пачалося. Літва бярэ ў ім удзел. Не буду тут гаварыць ні пра людзей, ні пра дзейнасць з тых часоў, бо нашая кальварыйская дарога яшчэ не скончана. Нямала яшчэ трэба будзе перахварэць, ператрываць, каб сёння ворагаў не вучыць, якімі шляхамі край наш ішоў да мэты. Тое толькі дадам, што пры нашых вялікіх цярпеннях, Бог абдарыў нашую сям'ю вялікай ласкай, даў нам пазнаёміцца з найлепшымі і найшляхетнейшымі людзьмі ў краі.

У нас на Літве адзін, канешне, быў склад чальцоў, найперш для мірнай працы, які засядаў у Цэнтральным літоўскім камітэце 52 (з выбару большасці ў краі), потым тыя ж самыя ў Кіраўнічым аддзеле Літвы 53, прызнаным уладай Каралеўствам Польскім. Так трывала да 10 ліпеня новага стылю 1863 года. Потым у выніку арыштаў пад канец паўстання, пасля зняволення Францішка Далеўскага 10 ліпеня новага стылю 54 распараджэнне, прысланае з Варшавы змяняе Кіраўнічы аддзел на Выканаўчы 55.

У Кіраўнічым аддзеле былі:

1. Пячатка аддзела, а таксама ўнутраныя справы: Францішак Далеўскі;

2. Краёвая каса: Антоні Яленскі;

3. Начальнік горада: Аляксандр Аскерка;

4. Замежная карэспандэнцыя: Ігнацы Лапацінскі;

5. Сакратар: Вагнер (Оскар);

6. Вайсковасць: Якуб Гейштар і яго намеснік (таварыш) Цітус Далеўскі.

Таму так склалася, што да хвілі зняволення Францішка ў нашым доме складалі яму рапарты, справаздачы з дзейнасці і баёў у правінцыях, ён зацвярджаў усялякія пастановы, бланкі і г.д. Тут з'яўляліся найперш пасланцы з Каралеўства, з-за мяжы і з Расіі 56.

(Працяг у наст. нумары.)


46 Сантакі (літ. Santaka, р-н Віленскі) - мясцовасць каля Немянчына. Чыгуначны мост на рацэ Віліі пры ўпадзенні ў яе ракі Жаймяны, на адрэзку Немянчын-Падброддзе.

47 Францішак працаваў наглядчыкам будаўнічых работ пры Варшаўска-Пецярбургскай каляі на адрэзку каляі Вільня-Раканцішкі (Новая Вільня) у 1861 і да паловы 1862 г.

48 Віленскі Шляхецкі інстытут, ці існая ад 1834 г. элітарная школа для хлопцаў, надзіраў за дзяржаўным інстытутам для дзяўчат шляхецкага паходжання. Была гэта галоўная жаночая школа ў Вільні, адкрытая ў 1848 г., якой кіравала Караліна Главацкая. Ксавера Далеўская таксама закончыла пансіён Главацкай і таемныя курсы.

49 Шляхецкі інстытут меў права экзаменавання і выдачы настаўніцкіх дыпломаў, атэстаты тыя павінны былі зацвярджацца радай прафесараў Кіеўскага ўніверсітэта.

50 Папінерка (з франц. pepiniere) - дзяўчына, якая выконвала абавязкі настаўніцы ў навучальнай установе (школе) узамен на адначасовае бясплатнае навучанне ў той жа ўстанове.

51 Філасофка - жанчына, якая цікавіцца навукай, вучоная, сціплых запатрабаванняў, якая аддае перавагу незалежнасці над ранейшымі звычаямі.

52 У 1862 г. на Літве дзейнічалі дзве арганізацыі: чырвоных (ад ліпеня - Літоўскі правінцыйны камітэт, у складзе: Кастусь Каліноўскі, Людвік Звяждоўскі, Баляслаў Длускі, Ахілес Банольдзі, Эдмунд Вярыга, пазней таксама Ян Козел-Паклеўскі, Зыгмунт Чаховіч, Антоні Залескі), а таксама белых (ад з'езду ў верасні - таксама Літоўскі правінцыйны камітэт у складзе: Антоні Яленскі, Аляксандр Аскерка, Віктар Стажэнскі, Станіслаў Плятар-Зыберг, Францішак Далеўскі і Якуб Гейштар). Таму Серакоўская Цэнтральным літоўскім камітэтам называе Літоўскі правінцыйны камітэт белых.

53 Правінцыяльны кіраўнічы аддзел Літвы ўзнік 11.ІІІ.1863 г.

54 Францішка Далеўскага арыштавалі 10.VI.1863 г.

55 Дэкрэт ад 14/26.VI.1863 г. Правінцыйнаму кіраўнічаму аддзелу Літвы аб утварэнні новага кіраўнічага органа Выканаўчага аддзела на Літве.

56 У копіі BUW іначай "адзін быў толькі склад чальцоў ураду. Найперш засядацелі (у Цэнтральным літоўскім камітэце) (з выбару большасці краю), потым тыя ж самыя ў Н[ацыянальным] л[ітоўскім] аддзеле з малымі зменамі ў выніку арыштаў, ужо пры канцы паўстання г.зн. ад 10 чэрвеня ст[арога] ст[ылю]. Пячатку аддзела трымаў Францішак Далеўскі, касу - Антоні Яленскі, начальнік горада і паліцыі - Аскерка, карэспандэнцыю замежную і краёвую - Лапацінскі, Вагнер - сакратар, вайсковасць - Якуб Гейштар (але на самай справе ніколі ёй не займаўся), за яго найцяжэйшыя справы з чужымі людзьмі - Цітус Далеўскі. Пад канец праз пару тыдняў застаўся ўжо толькі адзін Канстанцін Каліноўскі. Не ведаю, як тое склалася, але да хвілі арышту ў Далеўскага звычайна складалі рапарты, у яго былі справаздачы з дзейнасці і баёў па правінцыях, ён зацвярджаў бланкі, тут найперш з'яўляліся прыбылыя з каралеўства, з замежжа і з Расіі.

Дыпломы фіналістаў на Х Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва "Берагіня" атрымалі ўдзельнікі фальклорнага гурта "Талер"

З добрай навіной вярнулася з Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня" зборная група ўдзельнікаў фальклорнага гурта "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

ерагіня" адзначыла ў гэтым годзе юбілейную дату - 20 год свайго існавання. Гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці маштабна падрыхтаваўся да мерапрыемства. З 20 па 24 чэрвеня гаспадары фестывалю арганізавалі экскурсіі ў карцінную галерэю, Цэнтр гісторыі і культуры, заапарк. На Цэнтральнай плошчы адбылося свята народнай харэаграфіі, музыкі і песні "Рудабельскі баль". У гарадскім скверы праходзілі конкурсы, канцэрты, прэзентацыі мастацкіх праграм, а таксама свята народнай творчасці "Рудабельскі кірмаш" і народнае свята "Рудабельскае Купалле". У Цэнтры вольнага часу працавалі выстаўкі, рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, прэс-канферэнцыя з удзелам СМІ, круглы стол, і, галоўнае, конкурс парвыканаўцаў беларускіх побытавых танцаў "Лявоніха" і конкурс харэаграфічнай імправізацыі "Барыня".

Лідскую каманду з трох пар падрыхтавала Мікялевіч Таццяна - культуролаг ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Малады спецыяліст зрабіла ўсё магчымае, каб танцоры выканалі конкурсную праграму і былі гатовы да высокіх патрабаванняў журы. Лідскія пары змагаліся за перамогу ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Складана было выступаць ўпершыню і стрымліваць хваляванне, спаборнічаць з супернікамі, адаптаванымі да сцэны. Прыемна, што воля да перамогі не засталася без увагі журы. Дзве пары: Мікялевіч Таццяна і Дзямко Аляксей, Дыдышка Ірына і Сакалоў Дзмітрый прайшлі ў 1/2 фінала і атрымалі Дыпломы за пераемнасць і працяг танцавальных традыцый свайго краю, а пара Шчалканогавай Наталлі і Сакалоўскага Мікалая стала першай - атрымала Дыпломы фіналістаў!

rmcnt-lida.jimdo.com.

Гурт Vuraj святкаваў Купалле ў куршскай Нярынзе

Гурт Vuraj, які грунтуе сваю творчасць на народнай спеўнай спадчыне, на Купалле выступіў на фальклорным фестывалі на Куршскай касе. Vuraj быў адзіным прадстаўніком ад нашай краіны на фальклорным фестывалі "Цячэ сонейка па моры", што прайшоў 22-24 чэрвеня ў Нярынзе. З літоўскага боку ўдзельнічаў вялікі шэраг фальклорных гуртоў - усе яны на добрым узроўні прадстаўляюць сваю народную спадчыну, пад палову гуртоў былі з таго рэгіёну, з самага захаду Літвы: Клайпеда, Юодкранце, Ніда, Паланга і інш. Гурт Vuraj цяпер рыхтуе альбом палескіх песень Lito, у выніку краўдфандынгавай кампаніі сабраная большая, чым прасілі ў людзей, сума на альбом. Менавіта песні з гэтага чаканага альбома гурт і прадставіў на літоўскім фестывалі. Песні былі выкананыя з пачуццём і з добрай інструментальнай аранжыроўкай. Захапленне палескімі спевамі і палескай спадчынай вядзе радавод з часоў, што папярэднічалі абвяшчэнню незалежнасці краіны. Палессе звязвалі, дый часам звязваюць па-ранейшаму, з "прарадзімай славянаў", тады як, па звестках гідраніміі, абшар, дзе гаварылі па-балцку, даўней сягаў і на поўдзень за Прыпяць. Адзначым, што ў чэрвені скрыпачка гурта Vuraj Анастасія Папова прадставіла сваю складанку з чатырох узятых з фальклору песень. У стварэнні складанкі ўзялі ўдзел і яе калегі па Vuraj. Праект названы Sneguole, Анастасія ў каментары 34mag так тлумачыць выбар назвы:

- Назва Sneguole паходзіць ад літоўскага імя Snieguolе, што можна перакласці як "пралеска". Мая мама хацела даць мне такое імя. Рэч у тым, што я нарадзілася ў Літве ў красавіку, і ў той дзень пайшоў снег". І гэта ж не адзіная нітка, што гурт Vuraj звязвае з літоўскім кірункам: кантрабасістам у гурце грае музыка Эрык Арлоў-Шымкус. Тым больш выклікае здзіўленне "палеская" арыентацыя ў спевах гурта, калі дазнаешся, што і сам вакаліст і стваральнік гурта Сяржук Доўгушаў родам не з-над палескіх балатоў, а з поўначы, з Віцебшчыны.

svajksta.by Фота - В. Пятрыкас.

Народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік"завітаў на літоўскае Купалле ў Клайпеду

Пакуль сама Беларусь паволі рухаецца да Купалля па старым стылі, беларусы ўдзельнічаюць у святкаванні Купалля па новым стылі ў нашых суседзяў. Так, Народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" быў запрошаны на літоўскае Купалле ў Клайпеду. rmcnt-lida.jimdo.com.

Патрыярх роду захоўвае моцны дух

Найстарэйшы сябар ТБМ Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў нядаўна наведаў Менск. Нягледзячы на тое, што за яго плячыма дзевяць дзясяткаў і два гады, ветэран не губляе бадзёрасці і працягвае працаваць у літаратурнай галіне, застаецца адданым сябрам нашай грамадскай арганізацыі. Як заўсёды, ён перадаў ахвяраванні на дзейнасць ТБМ.

За гэты час выдавецтва "Чатыры чвэрці" пачало апрацоўваць рукапіс яго новай кнігі вершаў "Зарубкамі памяці". Фелікс Уладзіміравіч цікавіцца, як ідзе працэс фарміравання Нацыянальнага ўніверсітэта.

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 года ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Пятнаццацігадовым падлеткам ён стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны. У 1951 годзе, прачытаўшы абвестку ў газеце "Львовская правда", ён адправіўся ў порт Находка, дзе скончыў курсы горных тэхнікаў, а пазней завочна - інстытут. Разам з жонкай Верай Васільеўнай ён доўгі час удзельнічаў у геолагаразведачных экспедыцыях на Далёкім Усходзе.

Пасля выхаду на пенсію сужанцы вырашылі вярнуцца ў Слаўгарад, бо Вера Васільеўна ўпадабала гэты куток Магілёўшчыны, мілыя ёй былі рэчкі, поўныя рыбы і лясы, багатыя на грыбы. З таго перыяду ў душы Фелікса Уладзіміравіча абудзілася цяга да роднага слова, імкненне да спазнання гісторыі краіны, да грамадскай актыўнасці, пачалі прыходзіць вершаваныя радкі. У 90-гады землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў. У 2005 годзе ён быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

Ён быў знаёмы з Нілам Гілевічам, наведваў народнага паэта ў яго на кватэры, а той даваў яму карысныя парады наконт яго вершаў. "Ніл Сымонавіч казаў, што толькі, калі ў нас будзе Нацыянальны ўніверсітэт, тады мы зможам належным чынам захоўваць пазіцыі беларускай мовы ў дзяржаве", - успамінае паважаны ветэран.

Сёлета Фелікс Уладзіміравіч выступаў на ўрачыстасці з нагоды Дня перамогі ў Слаўгарадзе ля брацкай магілы. "Мяне запрашаюць выступаць, і я заўсёды прамаўляю на роднай мове. Я звярнуўся да маладых і сказаў, каб моладзь, калі яна хоча мець добрую будучыню, шанавала нашу беларускую мову, якая дадзена нам Богам. Да мяне падышла жанчына і ўручыла кветкі."

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Ідэі бацькі працягвае ўвасабляць сын

Вопытны дызайнер, кіраўнік студыі "Сollection" Канстанцін Вашчанка вельмі падобны на свайго бацьку. Такія ж блакітныя вочы глядзяць шчыра і адкрыта, а ў іх зіхаціць творчы агенчык.

Канстанцін Гаўрылавіч, малодшы сын слыннага майстра, нарадзіўся ў горадзе Кішынёве ў 1961 годзе. Ён паступіў на графічнае аддзяленне і ў 1985 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў М. Селяшчука, Л. Кальмаевай, В. Савіча, В. Шаранговіча. Канстанцін Вашчанка працуе ў кніжнай і станковай графіцы (літаграфіі), плакаце, камп'ютарнай графіцы. Менавіта яго студыі было даверана зрабіць афармленне поўнага факсімільнага выдання "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны". Для юбілейнай выстаўкі "Скарыніяна" ён вырабіў адмысловую копію адной з біблійных гравюр з полістыролу.

- Да 90-годдзя з дня нараджэння Гаўрыіла Вашчанкі Вы падрыхтавалі выставу яго карцін у Нацыянальнай бібліятэцы. Цікава, а якім ён быў у сваёй сям'і?

- Нашы адносіны з бацькам былі цудоўнымі, але я ставіўся да яго не толькі як да таты, але як да мэтра, у якога была незвычайная аўра. Дома ён не займаўся гаспадарчымі справамі. Мацільда Адамаўна аберагала яго ад хатніх клопатаў.

Ён вучыў мяне ў форме простай гутаркі падчас нашых сумесных паходаў і падарожжаў. Ён быў сапраўдным палешуком: спакойным, працавітым, задуменным, разважлівым. У яго было абвостранае пачуццё справядлівасці. Ён ніколі не павышаў голас у сям'і, быў карэктным і інтэлігентным.

- Як склаўся Ваш асабісты творчы лёс?

- Мне не хацелася быць другім маленькім Вашчанкам, я імкнуўся знайсці свой шлях, таму выбраў факультэт графікі, а не жывапісу. Пасля абароны дыплома я пайшоў у армію і служыў паўтары гады. Не паспеў вярнуцца дадому і павячэраць, як мне патэлефанаваў аднакурснік Валеры і паклікаў мяне працаваць у часопіс "Рабочая смена". Мяне захапіў сам працэс, калі мой малюнак адразу ішоў у друк.

Я маляваў ілюстрацыі для часопіса, адказваў за дызайнерскую частку вёрсткі. У 90-тыя гады з маім сябрам Дзмітрыем мы арганізавалі сваю прыватную фірму, у якой працуюць 10 дызайнераў. Так у нашым маленькім з'яднаным калектыве мы працуем ужо 24 гады. Мы афармляем кнігі, альбомы жывапісу, мастацкія календары, выпускалі зборы твораў Мая Данцыга, Георгія Скрыпнічэнкі і іншых, робім дэкарацыі з полістыролу. Асноўным накірункам працы студыі з'яўляецца якасная паліграфія. Лагатыпы, гербы, надпісы на будынках Менска - наша прадукцыя. Кінамайстры замаўляюць у нас дэкарацыі з полістыролу. Мы імкнемся выпускаць календары на беларускую тэму, каб узняць прэстыж нашай краіны.

- Вы выдатна знайшлі дызайнерскае рашэнне для вёрсткі факсімільнага ўзнаўлення кніг Францыска Скарыны.

- Грандыёзны бібліятэчны праект мы выконвалі цягам пяці гадоў. Упершыню ў свеце быў выдадзены ўвесь Скарына. Мы гарантавалі высокую якасць дызайну, вёрсткі і друку. Бібліятэка прадаставіла нам сканы ўсіх кніг Францыска Скарыны, мы прапанавалі пакласці іх на шэра-блакітны фон, каб розныя фарматы выданняў добра чыталіся. Дызайнеры выраўнівалі тэксты. Мы рабілі пробы колераў. Была абрана адмысловая шведская папера для факсімільных выданняў. Якасная італьянская скура была выкарыстана для вонкавага афармлення. Праект доўжыўся пяць гадоў. Мне пашчасціла патрымаць у руках рарытэты Скарыны.

Я адчуў прыліў сіл. Скарынавыя тытулы, буквіцы, гравюры мяне вельмі ўразілі! Я параўноўваю іх з Дзюрэрам, але яны эмацыйна цяплейшыя. Нямецкая школа больш халодная, стрыманая. Асветнік выканаў асноўную задачу паліграфіі - данесці кнігу да шырокіх масаў людзей.

- Гаўрыіл Харытонавіч манументальна ўвасобіў вобраз першадрукара.

- Да вобразу Скарыны бацька звяртаўся тройчы. Першы раз - у роспісе "Асветнікі", дзе Скарына ідзе з разгорнутай кнігай. Другім зваротам стаў партрэт першадрукара пад назвай "Роднае слова". На карціне "Нашчадкам" ён напісаў яго за сталом са свечкай.

Перад смерцю тата намаляваў эскіз помніка-валуна з крыжом пасярэдзіне. Ён памёр у мяне на руках. Яго блакітныя вочы ззялі і глядзелі ў неба. Я часта думаю, як бы ён ацаніў мае дзеянні. Думаю, што яму было б прыемна, што сын займаецца скарынаўскай тэмай. Я рады, што мае дочкі Яна і Ангеліна шмат кантактавалі з бацькам. Яна працуе ў мяне ў студыі. Ангеліна нядаўна іх паступіла вучыцца на графіку

Мне б хацелася зрабіць альбом з творамі бацькі. Ён годны добрага выдання. Мне хочацца, каб яго працы выстаўляліся і зараз. Мастак жыве, пакуль людзі бачаць яго творы. Сапраўныя майстры пакідаюць нам запавет людскасці. Тата быў перакананы, што кепскі чалавек не можа быць добрым мастаком. Святло душы павінна вылівацца на твор. Ён заўсёды так жыў.

Гутарыла Э. Дзвінская. 1. Канстанцін Вашчанка з томам "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны"; 2. Гравюра з полістыролу; 3. У студыі "Сollection".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX