Папярэдняя старонка: 2018

№ 30 (1389) 


Дадана: 24-07-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1389), 25 ліпеня 2018 г.

Шлях вялікага князя да Ліды стаў карацей яшчэ на некалькі крокаў

Эскіз помніка "Заснавальнік замка - князь Гедымін" прайшоў узгадненне па лініі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На днях адбылося паседжанне ў Рэспубліканскім мастацка-экспертным Савеце па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі Лідскага райвыканкама.

- Экспертная камісія адзначыла добрае навуковае абгрунтаванне самой ідэі помніка, - распавядае журналісту "Лідскай газеты" начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Леўшунова. - Тым не менш спецыялісты адзначылі невялікія нюансы ў першасным варыянце мадэлі і далі шэраг рэкамендацый па іх удасканаленні. Напрыклад, трэба будзе ўнесці невялікія змены ў надпіс да помніка, падкарэктаваць пластыку плашча вялікага князя.

Наступны крок пасля ўзгаднення з Прэзідэнтам помніка "Заснавальнік замка - князь Гедымін" - выраб рабочай мадэлі 1:4, якую выканаюць самі аўтары - Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Паралельна будзе весціся работа па напісанні праектна-каштарыснай дакументацыі на арганізацыю пляцоўкі, дзе непасрэдна будзе ўсталяваны помнік, таксама будзе прадумвацца светлавое рашэнне. Але гэта ўжо справа Лідскага ГУП ЖКГ, якое з'яўляецца заказчыкам праекту.

Этапы стварэння помніка "Заснавальнік замка - князь Гедымін" пастаянна трымае ў полі зроку кіраўніцтва Лідскага раёна.

Нагадаем, адкрыты конкурс па выбары помніка Гедыміну ў Лідзе праходзіў у пачатку 2018 года. Таго самага князя экспертнае журы выбірала з 28 прэтэндэнтаў. З мэтай захавання ананімнасці конкурсныя аўтары прадставілі свае эскізы пад чатырохзначным нумарам, таму выбар лепшага быў пазбаўлены ўсялякай прадузятасці і асабістых сімпатый да таго ці іншага майстра. Па выніках падліку галасоў найбольшую колькасць "плюсаў" атрымаў эскіз з дэвізам № 4836. І толькі затым быў ускрыты конкурсны канверт, вызначаны імёны аўтараў. Як нам ужо вядома, гэта Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.

Помнік "Заснавальнік замка - князь Гедымін" будзе ўсталяваны каля сцен Лідскага замка арыенціровачна ў наступным годзе. Ён будзе выраблены за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

Вікторыя РУСІЛЕВІЧ. lidanews.by.

Этнаграфічная выстава "Скарбы Лідчыны"

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» адкрылася новая этнаграфічная выстава "Скарбы Лідчыны", якая адлюстроўвае розныя напрамкі традыцыйных рамёстваў: пляценне з саломы, выцінанка, шыццё, ткацтва, ганчарства, дрэваапрацоўка.

Выстаўленыя вырабы выканалі майстры Лідскай зямлі. Вялікая калекцыя ручнікоў, посцілак, прадметаў хатняга побыту парадуюць вашыя вочы. Наведвальнікаў выставы зацікавіць і заглыбіць у мінулае беларуская хата з рэчамі, якімі карысталіся нашыя продкі.

Працуе выстава з 8:30 да 17:30. Выхадны - нядзеля і панядзелак.

Запрашаем усіх ахвочых наведаць нашу ўстанову па адрасе: г. Ліда, вул. Савецкая, 12.

rmcnt-lida.jimdo.com.

110 гадоў з дня нараджэння Юркі Лявоннага

Юрка ЛЯВОННЫ, сапр.: Леанід Мікалаевіч Юркевіч (16 (29) ліпеня 1908, Чавусы, цяпер Магілёўская вобласць - 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС; псеўданімы: Леанідаў; Леонидов; крыптанімы: Ю. Л.; Л-ны; Юр. Л-ны; Юр. Ляны) - беларускі паэт.

Паходзіў з сям'і службоўца. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім педтэхнікуме, Менскім педінстытуце (за распаўсюджванне "контррэвалюцыйных вершаў" выключаны, але пазней аднавіўся і ў 1934 годзе скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта). Друкавацца пачаў у 1924 годзе. Першыя зборнікі паэзіі "Камсамольскія вершы" і "Штурм" выйшлі ў 1930 годзе, наступныя - "Жалезныя віхуры" і "Разбег" (1931), "Стала і мужна" (1932). Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Працаваў у рэдакцыях газет "Магілёўскі селянін", "Звязда", часопіса "Работніца і калгасніца Беларусі". Выдаў зборнік нарысаў "Крок пяцігодкі" (1931). Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуль Верна "20000 лье пад вадой" (1937). Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Чуркіным, Несцерам Сакалоўскім, Ісакам Любанам. Пасмяротна выйшаў зборнік вершаў "Выбранае" (1960).

З успамінаў Сяргея Грахоўскага: "Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: "Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…"

Арыштаваны 30 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2. З падследных, якія праходзілі з ім разам, толькі Юрка Лявонны не пацвердзіў, што Цішка Гартны "контррэвалюцыянер", "нацдэм" і да т.п. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як "член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі" да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года. Асабовая справа № 10242-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

5 лістапада 1938 года ў Менску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2 арыштавана бухгалтар "Белсольэнерга" Яўгенія Абрамаўна Гольдберг, жонка Юркі Лявоннага. 28 лістапада 1938 года асобай нарадай НКУС асуджана як "член сям'і ворага народа" да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапавана праз Оршу ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2 чэрвеня 1956 года трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Асабовая справа Г. № 6656-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Вікіпедыя.

Валянціну Дубатоўку - 55

Гарадзенскаму пісьменніку, краязнаўцу, мецэнату, кіраўніку Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціну ДУБАТОЎКУ 20 ліпеня споўнілася 55 гадоў з дня нараджэння. Гарадзенцы шчыра віншуюць свайго земляка з гэтымі дзвюмя пяцёркамі і жадаюць яму здароўя, творчых сіл і новых кніг і знаходак.

Валянцін Дубатоўка нарадзіўся 20 ліпеня 1963 года ў вёсцы Александрыя Зэльвенскага раёна. У 1981 годзе скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, у 1982-м - электратэхнічнае вучылішча ў Гародні. У 1982-1984 гадах служыў у Савецкай Арміі, пасля дэмабілізацыі служыў у пажарнай ахове на прадпрыемстве "Азот". У 1990-х стаў заснавальнікам і кіраўніком камерцыйных структур. Фундаваў кнігі: факсімільнае выданне Ларысы Геніюш "Ад родных ніў", Міхася Скоблы "Розгі ў розніцу", Юркі Голуба "Багра" ды многія іншыя. У касцёле Дзярэчына намаганнямі Валянціна Дубатоўкі была ўсталяваная мемарыяльная дошка ў гонар удзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегі. У Зэльвенскай праваслаўнай царкве, дзякуючы Валянціну, з'явілася дошка памяці Ларысы Геніюш. Пісаць Валянцін Дубатоўка пачаў яшчэ ў школьныя гады, друкаваўся ў зэльвенскай раённай газеце "Праца". Выступаў як аўтар тэкстаў песень для гарадзенскіх музычных калектываў. Проза і вершы публікаваліся ў многіх газетах і часопісах. Выдаў кнігу даследаванняў і вершаў "Архіпелаг Сапегаў" і кнігі прозы "Чорная Воля" і "Чужы". За кнігу "Чужы"сёлета ўганараваны ў Кіеве прэміяй "Воін Святла".

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

25 гадоў таму назад у гэты дзень адкрылі помнік Францішку Скарыну ў Лідзе

У Лідзе, у скверы паблізу Фарнага касцёла, узвышаецца помнік вялікаму беларускаму першадрукару, пісьменніку, вучонаму, асветніку, выдатнаму дзеячу культуры эпохі Адраджэння Францішку Скарыну. Адкрыты гэты манумент быў 25 гадоў назад, 25 ліпеня 1993 года. З прапановай устанавіць у Лідзе помнік знакамітаму беларусу выступіў яшчэ ў канцы 1989 года грамадскі дзеяч, педагог, паэт Міхась Мельнік, які ў той час узначальваў Лідскую гарадскую раду Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Дарэчы, гістарычнага сведчання таго, што Францішак Скарына быў у Лідзе, не знойдзена. Аднак ёсць дакументы, у якіх гаворыцца, што ў часы Скарыны праз Ліду праходзіў шлях з Кракава ў Вільню, так званы "Каралеўскі тракт". Магчыма, Скарына ехаў вучыцца з Полацка ў Кракаў праз Ліду, а таксама дабіраўся з Кракава і Прагі ў Вільню старадаўнім гасцінцам праз Ліду.

Выдатны вобраз Скарыны ў бронзе стварыў скульптар з Менска Валяр'ян Янушкевіч. Архітэктурнае аздабленне тэрыторыі каля помніка, устаноўка манумента праводзіліся пад кіраўніцтвам лідскага мастака Рычарда Грушы. У скульптуры першадрукар увасоблены ў доўгім адзенні, з паднятай угару правай рукой, што сімвалізуе веды і мудрасць. Побач - кніга на высокай падстаўцы.

Як ужо было адзначана, урачыстае адкрыццё помніка Францішку Скарыну ў Лідзе адбылося 25 ліпеня 1993 года. У той памятны дзень у Лідзе адбылася грандыёзная, насычаная культурная праграма, у Ліду з'ехалася вельмі шмат гасцей, у тым ліку з блізкага і далёкага замежжа.

Помнік Скарыну ў Лідзе - адзіны помнік гэтай выдатнай асобе ў Гарадзенскай вобласці, другі ў Беларусі помнік знакамітаму асветніку (першы быў пастаўлены ў 1974 годзе ў Полацку, на яго малой радзіме). Помнікі Францішку Скарыну ёсць таксама ў Менску, Празе, Калінінградзе і Кішынёве.

Падрыхтаваў Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Францішак Скарына ў Лідзе

Міхась Мельнік


Едучы з Полацка ў Кракаў

Веды ў навуках набыць,

Спыніўся ля Лідскага замка

Скарына душой адпачыць.

Гэтым жа шляхам вяртаўся

Ён з Прагі ў ліцвінскую Вільню,

Дзе справай друкарскай заняўся,

Каб кнігай уславіць краіну.

Ягонае Слова лунае

Сёння ў вялікім Сусвеце,

Мудрым святлом яно ззяе

Дзедам, бацькам і дзецям.

Высіцца ў горадзе Лідзе

Помнік Скарыну выбітнаму.

Здаецца, што раптам сыдзе

Францыск з пастамента гранітнага,

Выйдзе да люду з парадай

Кнігі чытаць пажыццёва,

Каб родная мова на радасць

Нам свет адкрывала новы.

З верасня ў менскіх садках з'явіцца пяць новых беларускамоўных груп

У Менску ў новым навучальным годзе адкрыецца яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання і выхавання ў дзіцячых садках.

Пра гэта сёння журналістам паведаміла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Алена Макарэвіч, піша БЕЛТА.

Яна адзначыла, што колькасць груп у дзіцячых садках, якія працуюць на беларускай мове, залежыць ад запытаў бацькоў.

- У 2017-2018 навучальным годзе на падставе запытаў бацькоў колькасць такіх груп у Менску павялічылася на пяць. У новым навучальным годзе мы плануем адкрыць яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання, - сказала яна.

Па словах галоўнага спецыяліста, забяспечыць усіх жадаючых, каб іх дзеці навучаліся ў садзе на беларускай мове, месцамі крокавай даступнасці няма магчымасці.

- Недзе гэта можа быць у крокавай даступнасці, дзесьці па ходзе руху транспарту, але ўсім бацькам, якія выказалі такое жаданне, месца ў групе прадастаўляецца. Колькасць бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзіця атрымлівала адукацыю і выхаванне ў садзе на беларускай мове, расце, - кажа яна.

nn.by.

500-ГАДОВАЕ ЗМАГАННЕ ФАРЭРСКІХ АСТРАВОЎ ЗА ЎРАТАВАННЕ СВАЁЙ МОВЫ

Норы Джаміл

Змаганне за выжыванне мовы

Фарэрцы вялі змаганне за выжыванне сваёй мовы ад таго моманту, як яна была забаронена датчанамі, калі астравы сталі часткай дацка-нарвежскага каралеўства ў 1380 годзе. У часы Рэфармацыі гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася, і фарэрская мова была наогул забаронена ў школах. Людзям нічога не заставалася, як скарыцца афіцыйнай мове судоў і дацкага парламенту.

І хоць ў афіцыйнай сферы дацкая мова панавала стагоддзямі, уся грамада працягвала размаўляць і спяваць па-фарэрску. Пісьмовая мова, якой людзі карыстаюцца зараз, афіцыйна ўзнікла ў 1846 годзе, і ў наступныя некалькі дзесяцігоддзяў уздым у фарэрскай гаспадарцы, выкліканы прамысловым рыбалоўствам і канцом дацкай гандлёвай манаполіі, яшчэ болей узмацніў нацыянальныя перакананні.

Большыя кантакты са знешнім светам у канцы 1800-х гадоў прывялі да таго, што людзі пачалі адстойваць высокія якасці сваёй мовы і фарэрская мова ў вуснай форме стала школьным прадметам у 1912 годзе, а ў пісьмовай форме - у 1920. Пасля атрымання самакіравання ў 1948 годзе фарэрская мова была прызнаная афіцыйнай мовай мясцовага ўрада, але дацкая мова ўсё яшчэ выкладаецца як абавязковы прадмет, і ўсе пастановы фарэрскага парламенту павінны быць перакладзены на дацкую.

Культура, сфармаваная аддаленасцю

Фарэрская культура, ідэнтычнасць і мова часткова былі сфармаваны суровым кліматам гэтых прадзіманых вятрамі астравоў і аддаленым размяшчэннем. Неабходнасць супольнай працы дзеля выжывання прышчапіла астраўлянам моцнае пачуццё грамады і зацятую адмову адцурацца ад свайго ладу жыцця, які даваў ім выжыць у суровыя зімы, у войнах і хваробах.

Фермер і земляўласнік Ёханес Патурсан з'яўляецца 17-ым пакаленнем сям'і, што жыве ў вёсцы Кірк'ю-бур. Частка ягонага дома - гэта музей, сведчанне старадаўніх традыцыйных заняткаў, якія яшчэ захаваліся тут, такія як рыбалоўства і жывёлагадоўля. Ягоны прапрадзед з гэткім жа імем быў паэтам і нацыяналістам і, як ягоны продак, Патурсан працягвае змаганне за грамадства, у якім тутэйшыя людзі будуць вырашаць сваю ўласную будучыню.

Мова гэтак жа важная яму, як яна была важная ягонаму продку-паэту і ён можа назваць вам побытавую назву кожнай рыбалоўнай ці паляўнічай прылады ў музеі. Ягоны дом стаіць непадалёк ад царквы Св. Олава, і ён у штомесячныя нядзельныя службы дзеіць там старастам, звонячы ў звон, і вітае парафіян, апрануты ў нацыянальны строй.

Мужчына, вядомы як "Слоўнік"

Асоба навукоўца Ёхана Хендрыка Вінтэра Поўльсена трывала карэніцца ў зямлі Кірк'юбура. З царквы Св. Олава праз затоку яму відаць Скопун, маленькая вёсачка, дзе ён вырас. А ў Кірк'юбуры, дзе ён асеў, ажаніўшыся са сваёй каханай Бірнай, ён стаў душой грамады і выгадаваў чацвёра дзяцей.

Ён здолеў бы пражыць жыццё ў маленькай вёсцы, але імя Поўльсена будзе запісана вялікімі літарамі ў аналах фарэрскай гісторыі. Цяпер ужо, адышоўшы ад выкладчыцкай дзейнасці, ён больш вядомы як чалавек, які склаў найпершы слоўнік фарэрскай мовы, што прынесла яму мянушку Ордабокін (Слоўнік), а ягоным дзецям празванне сонур Ордабокіна (Слоўнікаў сын) ці доццір Ордабокіна (Слоўнікава дачка).

У канцы 60-х гадоў навуковец і паэт Хрысціян Матрас запрасіў Поўльсена вярнуцца з ЗША, дзе той выкладаў скандынаўскія мовы. У 1961 годзе Матрас склаў Фарэрска-дацкі слоўнік і захацеў, каб Поўльсен стварыў такі, дзе ўжываюцца фарэрскія словы для сучасных прадметаў і з'яваў. Такі слоўнік быў бы для фарэрцаў наступным жыццёва важным крокам захавання роднай мовы. І вось цягам 30 год, да выдання слоўніка ў 1998 годзе, Поўльсен працаваў з групай лінгвістаў ва ўніверсітэце Торсхаўна, каб закончыць працу.

Старыя словы для новых рэчаў

Аднак для стварэння слоўніка Поўльсену былі патрэбныя новыя фарэрскія словы для апісання рэчаў - такіх, як сучасная тэхніка - якіх не было, калі дацкая мова стала афіцыйнай мовай астравоў.

Ён знайшоў новыя словы праз сувязі з даўнейшым, букалічным ладам жыцця, як, да прыкладу, скігі для пазначэння кампутарнага экрана, старое фарэрскае слова, што азначала авечыя кішкі, ужываныя некалі для прыкрыцця коміна ад дажджу, і флёга для кампактдыска, якое паходзіць ад прыёму рассцілання скруткаў сена.

Пад час працы над слоўнікам Поўльсен вёў радыёшоў з абмеркаваннем пытанняў, датычных фарэрскай мовы. Калі ён папрасіў слухачоў дасылаць любыя фарэрскія словы, што выйшлі са штодзённага ўжытку, энтузіястычны адказ яго ўразіў. Да сёння людзі спыняюць яго на вуліцы з новым словам, і часам яму патрапляе слова, якое ўзнікла нашмат пазней за ягоны выхад на пенсію, як геймі для "флэшка".

Жыццё з песняй і танцам

Аднак яшчэ да слоўніка фарэрцы іншым чынам падтрымлівалі жыццё мовы і культуры. Калі на іхняй мове не гаварылі ў судзе, цэрквах ці школах, астраўляне працягвалі між сабою размаўляць па-фарэрску. Як і ў ісландцаў, у іх моцная вусная традыцыя і багатая спадчына балад і эпічных паданняў, крыніца нацыянальнага гонару.

Прыйшоўшы некалі з Францыі і іншых куткоў Еўропы ў 13 стагоддзі карагодныя танцы жывуць да сёння. Яны дазволілі астраўлянам трымацца разам, трымацца за рукі як грамада і расказваць паданні пра свае карані і пра жыццё да таго, як была запісана мова, у непагадзь і сабраўшыся ў цяпле каля агню і ежы

І хоць некаторыя балады, ці кведзі, на дацкай мове і на фарэрскай, астраўляне гэтак напоўнілі іх сваёй гаворкай і інтанацыяй, што датчаніну давялося б пакумекаць, каб пазнаць некаторыя з сваіх слоў.

- Усё мела свой назоў, што сягае ў старадаўнюю фарэрскую мову, і калі яны страцяць гэта, то наўрад ці таксама змогуць жыць тут, - сказаў Патурсан.

Скарочаны пераклад з матэрыялу БіБіСі пра Фарэрскія выспы

Міколы Бусла.

НОВАЕ Ў ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВЕ

Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве "Беларуская навука" выйшла кніга "Літаратура. Гісторыя. Свядомасць", падрыхтаваная вядомымі і прызнанымі навукоўцамі: доктарам філалагічных навук, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У. Гніламёдавым і кандыдатам філалагічных навук, загадчыкам аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М. Мікулічам. Бясспрэчна, што сучасны этап развіцця навукі і мастацтва адбываецца ў культурна-інфармацыйнай прасторы, што істотна адрозніваецца ад той, у якой фарміраваліся фундаментальныя палажэнні гуманітарыстыкі і складаліся базавыя крытэрыі і сістэмы ацэнак мастацкасці, значнасці, грамадскай і эстэтычнай вартасці літаратурных твораў. Таму сёння абаснованым і запатрабаваным з'яўляецца аб'ектыўны і сістэмны разгляд твораў з улікам традыцыйных падыходаў і пераемнасці, што і прапанавана даследчыкамі ў сваёй працы.

Надзвычай каштоўным, своечасовым і актуальным, асабліва цяпер, калі сучасная сітуацыя характарызуецца нівеліроўкай і стандартызацыяй шмат якіх грамадскіх працэсаў, з'яўляецца вывучэнне пытанняў нацыянальнай свядомасці, вызначэнне самабытнасці нашай краіны і яе народа. Дзякуючы ўдумліваму аналізу, аналітычнаму погляду і ўменню навукоўцаў заглыбіцца ў найбольш важныя і істотныя пытанні літаратуразнаўчага і мастацка-гістарычнага дыскурсу даследчыкамі выбудоўваецца сістэма фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускага народа.

Аўтары выдання ставяць перад сабой звышактуальную і запатрабаваную сённяшнім часам задачу: "даследаванне нацыянальнай свядомасці ў літаратуры, нацыянальных вобразаў-этнатыпаў <...> у шырокім сацыяльна-гістарычным кантэксце іх складвання з улікам эстэтычнай прыроды літаратуры як аднаго з відаў мастацтва" (с. 9). Такая пастаноўка скіроўвае ўвагу на міждысцыплінарны характар выкладзенага матэрыялу кнігі, што адлюстравана ў назвах раздзелаў працы: "Этнічны ўзровень", "Прырода. Ландшафт. Клімат", "Язычніцтва. Мова", "Гісторыя. Дзяржаўнасць. Хрысціянства", "Тыпы і характары", "Рэнесанс", "Люблінская унія і яе наступствы" і інш.

У цэнтры ўвагі - фарміраванне нацыянальнай свядомасці і самасвядомасці беларусаў. Менавіта гэтае пытанне становіцца краевугольным каменем даследавання. На думку навукоўцаў, нацыянальны тып свядомасці, "субліміраваўшыся ў характэрныя аспекты духоўна-філасофскай парадыгмы", "абумоўлівае прадуцыраванне і функцыянаванне ў літаратуры тых ці іншых ідэйна-мастацкіх канстант і стылявых ліній" (с. 3). Даследчыкаў цікавіць уплыў розных фактараў на фарміраванне нацыянальнай свядомасці, якія вывучаюцца ў працэсе гістарычнага развіцця беларускай народнасці; асноўны акцэнт робіцца на літаратуразнаўчы аспект.

Жанр сваёй кнігі У. Гніламёдаў і М. Мікуліч вызначылі як "гісторыка-літаратурны нарыс", што, як сцвярджаюць аўтары ў анатацыі, абумовіла "выяўленне багацця і разнастайнасці крыніц і матэрыялаў, раскаванасць аўтарскага аповеду". Даследаванне ўмоўна падзяляецца на дзве часткі: гістарычную і літаратуразнаўчую. У першай з іх асвятляюцца асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці, уплыў гістарычных падзей на фарміраванне этнасу і нацыянальнай самасвядомасці, другая, па сутнасці, паказвае спосабы адлюстравання творчай інтэлігенцыяй нацыянальнай свядомасці на старонках мастацкіх твораў.

Значнасць кнігі заключаецца, у першую чаргу, у тым, што ў ёй у кандэнсаваным выглядзе падаецца гісторыя развіцця беларускага прыгожага мастацтва: ад яе вытокаў, пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, да станаўлення і сталення беларускай літаратуры ў ХХ стагоддзі. Не застаецца па-за ўвагай аўтараў і літаратурны працэс на мяжы новага стагоддзя, з характэрным яму абнаўленнем жанравай парадыгмы. Назіраецца скрупулёзны падыход да адбору матэрыялаў - мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў, - на аснове якіх робяцца аб'ектыўныя абагульненні, закліканыя ахарактарызаваць аб'ект даследавання найбольш поўна, усеабдымна. Такімі матэрыяламі становяцца знакавыя для развіцця беларускага прыгожага мастацтва слова творы, дзе найбольш ярка рэпрэзентаваны вопыт таго ці іншага пакалення пісьменнікаў (у дачыненні да літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў) або цэлай эпохі.

Каштоўнасць нарысаў "Літаратура. Гісторыя. Свядомасць" - у сістэмным падыходзе да аб'екта вывучэння, у пошуку своеасаблівага літаратурнага інтэграла, той велічыні, што ўвабрала ў сябе асноўныя складнікі нацыянальнага прыгожага мастацтва слова. Працэс узаемадзеяння грамадска-гістарычнага і мастацка-літаратурнага жыцця разгледжаны аўтарамі не выбарачна, не эскізна, а ўсеахопна, як з'ява цэласная - ад старажытнасці да сучаснасці, а па-другое - як працэс рознаскіраваны і ўзаемаабумоўлены: кожны перыяд напоўнены канкрэтным зместам - паказана, як у залежнасці ад гістарычных, грамадска-палітычных абставін мянялася ўздзеянне на літаратуру, якая, у сваю чаргу, уплывала на нацыянальную самасвядомасць грамадства.

Дзякуючы сваёй грунтоўнасці і аргументаваным высновам, праца У. Гніламёдава і М. Мікуліча садзейнічае вывучэнню беларускай літаратуры ў шырокім гістарычна-культурным полі, пашырэнню міждысцыплінарнага кірунку сучаснага літаратуразнаўчага працэсу. Кніга адрасавана даволі шырокаму колу чытачоў (гісторыкам, літаратуразнаўцам, выкладчыкам і студэнтам ВНУ, настаўнікам і навучэнцам, усім, каго цікавіць інтэлектуальная спадчына Беларусі), што, несумненна, спрыяе папулярызацыі беларускай навуковай думкі ў грамадстве.

Людміла Іконнікава.

І на бутэльцы з элем ёсць месца беларускай мове

"Лідскае піва" ўпершыню ў сваёй гісторыі выпусціла кіслы эль. Навінка Sour Ale з "Калекцыi Майстра" стала першым у Беларусі кіслым гатункам, які выведзены на масавы рынак буйным піўзаводам.

Навінка выпушчана ў крафтавай серыі і адкрывае беларускім спажыўцам папулярны клас прадуктаў у піўным крафте. Кіслы эль з'явіўся на прылаўках крам ужо з 16 ліпеня.

Гісторыя піваварства абвяшчае: да з'яўлення пастэрызацыі амаль любы гатунак у той ці іншай ступені падвяргаўся ненаўмыснаму акісленню бактэрыямі. І калі два стагоддзі таму назад півавары імкнуліся гэтага пазбегнуць, то цяпер акісленае бактэрыямі піва стала модным і запатрабаваным кірункам крафтавага піваварства.

І тут, да гонару лідзян, на этыкетцы даволі экзатычнага прадукта таксама шырока ўжываецца беларуская мова.

Наш кар.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка 2

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

1755. Пушкарова (Ірына) - вытвор з прыналежным суфіксам -ова ад антрапоніма Пушкар і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Пушкарова. ФП: пушка ('гармата', 'скрыначка з дрэва ці кардону') - пушкар ('артылерыст'; 'той, хто вырабляе ці прадае пушкі (каробкі)') - Пушкар (мянушка, пазней прозвішча) - Пушкарова.

1756. Пыж (Марына) - семантычны вытвор ад апелятыва пыж 'лямцавая ці кардонная затычка, якой забіваюць зарад у зброі, што зараджаецца з рулі', 'пракладка ў сярэдзіне патрона, якая аддзяляе зарад ад кулі, шроту'.

1757. Пыжык (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва пыжык 'цяля паўночнага аленя ва ўзросце да аднаго года, а таксама футра яго'.

1758. Пясецкі (Яўген) - прэстыжная форма з суфіксам -скі ад антрапоніма Пясец - семантычнага ўтварэння ад апелятыва пясец 'палярная лісіца з каштоўным футрам, пераважна сівога колеру, а таксама само футра'.

1759. Пячэўскі (Антон) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -эўскі ад тапоніма Печы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Печаўскі - Пячэўскі.

1760. Радковіч (Аляксандра) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Радко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Радковіч. ФП: р адавацца ('адчуваць радасць, праяўляць радасць'/ радаваць ('выклікаць радасць, прыносіць радасць, асалоду') - рады ('які перажывае пачуццё радасці, задавальненне', 'пра пачуццё радасці, задавальнення, якое перажывае хто-н.'; 'Пра жаданне, гатоўнасць зрабіць што-н.')) - радко ('той, хто рады, хто радуецца'; вытвор з фармантам -ко; параўн.: хвалько, нямко, праськопроська 'хто просіць')) - Радко (празванне, пазней прозвішча) - Радковіч.

1761. Радына (Данута) - мажлівы семантычны вытвор ад (рэг.) родына - 'радзіна' (разм. 'радня, сям'я') (ТСБМ, т. 4, с. 555).

1762. Ражанскі (Андрэй) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ражаная (сучаснае Ружаны, Брэсцкая вобл.) і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Ражанскі.

1763. Раманцэвіч (Валянціна) - вытвор з суфікса бацькаймення -эвіч (-евіч) ад антрапоніма Раманка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Раманкевіч - Раманц(к/ц)эвіч. ФП: Раман (імя, лац. 'чалавек з Рыма, рымскі'; грэч. 'моцны') - Раманка (памянш.-ласк. форма, фармант -ка) - Раманка (празванне, потым прозвішча) - Раманцэвіч.

1764. Расколавіч (Ігар) - вытвор з фармантам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Раскол і значэннем 'нашчадак названай асобы': Расколавіч. ФП: раскол ('хуліган, задзіра') - Раскол (мянушка, потым прозвішча) - Расколавіч.

1765. Растоўцаў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Растовец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Растовецаў - Растоўцаў. ФП: Растоў (горад) - растовец ('жыхар г. Растова', суфікс -ец) - Растовец (мянушка, потым прозвішча) - Растоўцаў.

1766. Расходнік (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва расходнік 'зайцава капуста' (ТСБЛМ, 2016, с. 700).

1767. Рахманінаў (Эдуард) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Рахманін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рахманінаў. ФП: рахманы ('які не баіцца чалавека, спакойны, нязлосны (пра жывёлін, птушак)', 'памяркоўны ў адносінах да іншых; згаворлівы; дабрадушны, лагодны') - Рахманы (мянушка, потым прозвішча) - Рахманін ('нашчадак Рахманага', суфікс -ін) - Рахманінаў.

1768. Ржавуцкая (Марына) - вытвор з фармантам - ская (>цкая) ад тапоніма Ржавутка і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Ржавуткская - Ржавуцкая.

1769. Рудзь (Марына) - вынік трансфармацыі прыметнікавай формы Руды ў назоўнікавую; Руды - ад апелятыва руды 'рыжа-карычневы'.

1770. Русак (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва русак 'шэры заяц, які захоўвае аднолькавую афарбоўку зімой і летам'. Або ад апелятыва русак (непахв.) 'рускі' ці 'той, хто выдае сябе як рускі (пры гаворцы з выкарыстаннем рускіх слоў)'.

1771. Русілка (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва русілка - дэрывата ад русець (слова падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 870) 'набываць светла-карычневыя валасы, станавіцца русым': русілка. Або экспрэсіў ад русіць 'устаўляць у маўленне на роднай мове элементы рускай мовы': русілка - Русілка.

1772. Рэвекава (Аксана) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Рэвека з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рэвекава. ФП: Рэвека (імя <ст.-яўр. 'сетка' або 'прывязана') - Рэвека (празванне, потым прозвішча) - Рэвекава.

1773. Рэзкіна (Лілея) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Рэзка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рэзкіна. ФП: рэзка ('дробна нарэзаная салома; сечка') - Рэзка (мянушка, потым прозвішча) - Рэзкіна. Або ад апелятыва рэзкі (ён мае 6 значэнняў: 1) які праяўляецца з вялікай сілай, вастрынёй, 2) раптоўны і вельмі значны, 3) парывісты, 4) не расплыўчасты, з выразнымі рысамі, 5) занадта моцны, 6) прамы, жорсткі, востры) - Рэзкі (мянушка, потым прозвішча) - Рэзкіна.

1774. Рэпчыц (Вадзім, Юлія) - другасная форма ад Рэпчыч - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч (-іч) ад антрапоніма Рэпка з значэннем 'нашчадак названай асобы'; Рэпч(к/ч)ыч. ФП: рэпка ('кораняплод з акруглым коранем светла-жоўтага колеру' (тое, што і рэпа), а таксама 'надкаленная косць') - Рэпка (мянушка, потым прозвішча) - Рэпчыч - Рэпчыц (вынік дысіміляцыі чч>чц).

1775. Садокава (Анна) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Садок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Садокава. ФП: Садок (імя <перс. 'царскі сябар'; ст.-яўр. 'справядлівы, праведны') - Садок (празванне, потым прозвішча) - Садокава.

1776. Сайкоў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сойка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сойкоў - Сайкоў. ФП: сойка ('пярэстая лясная птушка атрада вераб'і-нападобных') - Сойка (мянушка, пазней прозвішча) - Сайкоў.

1777. Сакура (Кандрат) - семантычны вытвор ад апелятыва сакура 'вішня, якая цвіце' (япон.).

1778. Салановіч (Яўген) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Салана і значэннем 'нашчадак названай асобы': Салановіч. ФП: салана ('вецер', падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 885) - Салана (мянушка, потым прозвішча) - Салановіч.

1779. Салаш (Вольга) - другасная форма, першасная Шалаш - семантычны вытвор ад апелятыва шалаш 'тое, што і будан' ('верх, пакрыццё павозкі або часовая пабудова з галін або саломы'). Або ад рэг. салаш (тс.), параўн. саша (< шаша 'дарога')

1780. Самсон (Соф'я) - вытвор ад імя Самсон (<ст.-яўр. Sаimisіоn < sаimsni 'сонечны') набыў ролю прозвішча. Параўн. Барыс, Кузьма і інш.

1781. Сангін (Станіслаў) - семантычны вытвор ад апелятыва сангін 'від жывапісу' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 893).

(Працяг у наступным нумары.)

Баравікі на патэльні, смак добрага слова і музыкі

Калі Віцебск прымае гасцей "Славянскага базара", і ў звычайныя гарачыя летнія дзянькі ў арт-пабе "Torvald" на вуліцы Талстога, 1 шмат наведвальнікаў. Папулярная кавярня прапануе гасцям смачную ежу і беларускамоўнае абслугоўванне. Тут праходзяць канцэрты музыкаў, літаратурныя вечарыны і іншыя імпрэзы, якія прывабліваюць моладзь. Мы пагутарылі з кіраўніком установы грамадскага харчавання, паспяховым менэджарам Віталём Броўкам:

- Мы імкнёмся аб'яднасць традыцыйныя беларускія смакі і стравы, і сучасны падыход, улічваем чаканні гарадскога жыхара ад ежы ў кавярні. Наш арт-паб - месца дэмакратычнае і адначасова простае. Тут ёсць звычайныя сялянскія патэльні і моладзевы стрыт-фуд. Мы ўлічваем густы вегетарыянцаў, у нас ёсць стравы з грыбоў. Патэльня са сма-жанымі баравікамі называецца "Сняданак лясных братоў". Традыцыйныя стравы мы гатуем у сучасным пераасэнсаванні. Мы імкнемся да здаровай ежы, таму некаторыя стравы гатуюцца без смажання на тлушчы. Мы спрабуем аднавіць старадаўнія рэцэпты, напрыклад, прапануем сваім наведвальнікам "Шыю па-шляхецку". Шукаем магчымасць аднавіць рэцэпт супа з рэбраў ляшча - улюбёную страву Уладзіміра Арлова, якую гатавала яго маці ў дзяцінстве. Паводле Арлова, ляшчы мусяць быць дзвінскія - да Дзвіны ў нас некалькі соцень метраў!

- Вы зацікаўліваеце моладзь культурнымі імпрэзамі?

- У арт-пабе "Torvald" праходзіць багата якіх падзей. У нас ёсць асобная зала са сцэнай, дзе змяшчаецца да 80 чалавек. Хаця, на сустрэчу з Уладзімірам Арловым прыйшло пад 120 чалавек! Усе ўладкаваліся, змаглі набыць кніжкі і атрымаць аўтографы. Штотыдня ў нас праходзяць курсы " Мова Нанова", у межах гэтых курсаў ідуць сустрэчы з цікавымі асобамі: літаратарамі і музыкамі. Прыязджаў Іван Кірчук, Кацярына Ваданосава і шмат іншых. Па нашай харчовай тэматыцы мы рабілі прэзентацыю кніжкі Алеся Белага "Сакатала бочачка". Выступае наш блізкі сябар краязнавец Мікола Півавар. Пасля Еўрабачання я рабіў у канцэртнай залі " Віцебск" сольны канцэрт гурта " Navi", а ў "Torvald'е" напярэдадні была аўтографсесія, дзе Ксюша з Арцёмам праспявалі некалькі песень у акустычным варыянце, фатаграфаваліся, адказвалі на пытанні слухачоў, была мілая атмасфера ўзаемінаў. Прыходзілі юнакі з кветкамі, зусім новыя маладыя людзі, якія імкнуцца размаўляць па-беларуску.

Ёсць падзеі, якія не змяшчаюцца ў "Torvald" . Летась 3 верасня, мы рабілі ў летнім амфітэатры канцэрт "Ляпіс-98". Разам з запрошанымі было каля 4 тысяч чалавек - атрымалася грандыёзнае свята са сцягамі і з пагонямі. Слухачоў вельмі ўразіла, што песні пераасэнсаваныя па-сучаснаму, а паміж песнямі гучалі прамовы, якія натхнялі слухачоў. Сапраўды, было шыкоўнае шоў! Сёлета мы паспрабуем яго паўтарыць 1 верасня ў канцэртнай зале "Віцебск". Зараз, улетку, пастаянна граюць вулічныя музыкі перад "Торвальдам". Музыкі збіраюцца ў фрыстайл-бэнды і ладзяць перкусіі, інструментальныя рэчы ці з вакалам. Гэта прыўносіць вулічную гарадскую атмасферу ў наша жыццё. Творы падабаюцца нашай публіцы, робяць Віцебск сапраўдным фестывальным горадам!

- Як Вы аб'ядналі любоў да музыкі з добрым пачастункам для гасцей?

- Канцэртамі я займаюся вельмі даўно. З вясны 1999 года, калі ў Наваполацку разам з маім сябрам і паплечнікам Андрусём Храпавіцкім і з Сяргеем Іванавічам Анішчанкам я рабіў першыя свае канцэрты. Потым, калі я пераехаў у Віцебск ў 1994 годзе, гэта стала асноўнай дзейнасцю. Увесь час бракавала месца, куды пайсці пасля канцэрту, дзе сустрэцца з сябрамі ў нефармальнай атмасферы. Паколькі падыходзячага месца не было, мы стварылі "Torvald". Ён аформіўся і запрацаваў як канцэртная пляцоўка ў 2015 годзе, а 25 сакавіка 2016 года мы атрымалі ліцэнзію як установа грамадскага храчавання, арт-паб пачаў развівацца і расці, мы пераехалі ў большае памяшканне на вуліцу Талстога,1.

Гутарыла Эла Дзвінская.

Шчаслівыя спатканні на вуліцах Горада майстроў

Улюбёны горад Марка Шагала ў месяц нараджэння мастака ператвараецца ў суцэльны пленэр. Горад фестывалю становіцца адначасова творчай пляцоўкай жывапісцаў, керамістаў, разьбяроў па дрэву, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Цудоўныя вырабы прапануюць адмыслоўцы Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна". Выстава-кірмаш даўжынёй у некалькі кіламетраў цягнецца ўздоўж набярэжнай ракі. Ля ратушы выстаўлены на прагляд разнастайныя творы жывапісу: пейзажы, нацюрморты, кампазіцыі.

У Віцебск прыехаў, каб сустрэцца з сябрамі і аднадумцамі, Алесь Пушкін. У адзін з сонечных дзён мастак пісаў алоўкам партрэты з натуры, шчыра кантактаваў з іншымі жывапісцамі, дзяліўся з калегамі сваімі навінамі і здабыткамі апошніх гадоў. Віцебчане памятаюць яго галерэю на вуліцы Суворава, якая дзейнічала тут у 90-тыя гады.

Кераміст Сяргей Масіха з Крычава ў саламяным капелюшы з павагай паціснуў яму руку. У свой час ён заканчваў факультэт народнай культуры БДПУ імя М. Танка, цяпер мае сваіх паспяховых вучняў.

15 ліпеня віцебчане прыйшлі на сустрэчу з Алесем Пушкіным ў творчую прастору VZAP па вуліцы Кастрычніцкай, 2, дзе ён прадставіў сваю інсталяцыю з 12 частак "Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі". Праца дэманстравалася сёлета ўпершыню ў вёсцы Бобр.

На скрыжаванні вуліц Кандраццева і Рэвалюцыйнай, нападалёку ад Дома-музея Марка Шагала Пушкін узяў удзел у перформансе "За сцяной", ідэю якога прапанавала мастачка беларускага паходжання Таццяна Тур. Таццяна нарадзілася ў Гомелі, жыла ў Воршы, а зараз вучыцца ў Ізраільскай Акадэміі мастацтва і дызайну "Бэцэлель". Яна праяўляе сябе ў розных формах мастацтва, піша карціны алеем, займаецца скульптурай і шклом.

Пра галоўныя падзеі мінулых пяці гадоў мастак распавёў:

- Найбольш важнай за прайшоўшыя гады была праца над Містэрыяй Госпада Ісуса Хрыста ў пасёлку Беразінскае ў супрацы з ксяндзом-канонікам Сяргеем Бараўнёвым. У гэтым годзе важнымі для мяне былі выставы ў Вене, у Калінінградзе і ў горадзе Светлым. З беларусамі Калініградскай вобласці і з суполкай аўстрыйскіх мастакоў я зрабіў значныя выставы па экспарце беларускага мастацтва.

Два гады таму нарадзіўся ў мяне ўнук Марцін. Сын Міколка паступіў у Беларускі гуманітарны ліцэй імя Коласа, цікавіцца гісторыяй і біялогіяй. У жніўні ён паедзе ўпершыню ў Менск на летнюю сесію. Жонка Янечка атрымала ад Таварыства беларускай школы магчымасць прайсці курсы павышэння кваліфікацыі, выйграла конкурс і ў ліку сямі настаўнікаў Беларусі ездзіла на стажыроўку па медыйнай адукацыі настаўнікаў гісторыі ў Кальмар, у Швецыю.

Цэлы год доўжыцца выстава "Беларускі сучасны сядзібны партрэт" у панскім маёнтку Сула пад Менскам, дзе выстаўлены 20 маіх прац. Гэта партрэты розных гадоў, прысвечаныя такім знаным асобам, як Іван і Антон Луцкевічы, так і незнаным персанажам: Эвеліна, алегарычныя вобразы. Сярод іншых я напісаў партрэт Сяржука Доўгушава, які прадстаўлены ў Суле.

Прыемна, што жанр сядзібнага партрэта запатрабаваны ў нас і такое месца, як Сула мае вялікую калекцыю. Важным было адкрыццё маёй галерэі ў арт-спа цэнтры ў вёсцы Гумны Крупскага раёна, якое адбылося 29 сакавіка гэтага года.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

"Гэтая краіна валодае магічнымі сіламі!"

Навіны Германіі

Нямецкі журналіст прызнаўся ў любові да Беларусі на старонках берлінскага часопіса

Калі я ўпершыню паехаў у Беларусь у 1994 годзе, бацькі пазіралі на мяне як на вар'ята. Ім было б больш даспадобы, каб я, як усе нармальныя людзі, скіраваўся на Коста Браву ці Лазурны Бераг. Маіх бацькоў у першую чаргу пужала тое, што яны анічога не чулі пра гэтую дзяржаву - Беларусь ці Вайсруслянд, як кажуць у нас дагэтуль. Што гэта за край такі? І дзе ён увогуле знаходзіцца? Інтэрнэт тады яшчэ хадзіў у дзіцячых штоніках і выдаваў вобмаль інфармацыі. Кнігі пра Беларусь? Старонка не знойдзена. Артыкулы пра Беларусь? Жадаем поспехаў.

Але мне было даспадобы адкрываць краіну, пра якую ніхто нічагусенькі не ведаў. Я здаваўся сабе Джэймсам Кукам ХХ стагоддзя. Тут я навучыўся піць самагонку так, каб не зваліцца пад стол, даведаўся, што тутэйшыя балотныя абшары поўняцца містычнымі істотамі, а таксама навучыўся гаварыць: "Я кахаю цябе" па-беларуску

Беларуская мова - глыбока паэтычная ды казачная. Што выклікае неймавернае здзіўленне, калі ўзгадваеш пра ўсё тое гора, якое выпала на долю гэтага краю.

Цягам стагоддзяў сваёй гісторыі, якая надзяліла беларусаў уласнай дзяржавай толькі пасля скону Савецкага Саюзу, Беларусь неаднаразова была ператворана ў пустэльню, яе насельніцтва высякалі пад корань і прыгняталі.

За гэтыя гады я зразумеў, як цесна звязана Беларусь з рэштай Еўропы - праз такія духоўныя плыні, як Адраджэнне, праз Магдэбургскае права, а таксама праз катастрофы ХХ стагоддзя: Халакост, дыктатуру, тэрор. Гэтае месца пасуе для таго, каб спасцігаць еўрапейскія культурныя зрухі. Хто б мог падумаць, што Адам Міцкевіч, слынны польскі паэт, быў таксама і беларусам, што першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман, а таксама Марк Шагал паходзяць з Беларусі.

Адпачынак у Беларусі падобны да вакацыяў у федэральнай зямлі Брандэнбург - хіба што тут яшчэ лепей.

Найцудоўнейшыя азёры, інфраструктура - у больш прыстойным стане, чым прынята лічыць, ландшафт не выглядае прылізаным пад грабеньчык - і акурат гэта сімпатычна. Людзі: вясковыя, але сяброўскія. Іх схільнасць да пафасу з'яўляецца бунтам супраць супярэчнасцяў, з якімі даводзіцца жыць.

Калі самалёт вынырвае з аблокаў ля Менска і адкрываецца від на мора стромкіх соснаў, я адчуваю, што трапляю ў іншы свет, які даўно зрабіўся часткай майго жыцця. Краіна, якую завуць Беларусь, проста-такі валодае магічнымі сіламі.

Доказ: мой цесць мае дом на беразе Нёмана. Вуліца, на якой стаіць хацінка, называецца Наднёманскай. Там я спраўляў вяселле са сваёй жонкай. Мой дзед, які жыў у Штольбергу ля Аахену, меў дом на вуліцы, якую перад вайной называлі Мемель-штрасэ - Нёманская ў перакладзе. Нёман - гэта беларуская назва Мемеля. Для беларусаў Нёман - бацька. Бадай, для нас, еўрапейцаў, таксама.

Інго Пэтц, часопіс Cicero (пераклаў Руслан Гаёк).

"Ёсць месца на Зямлі, дзе вам заўсёды рады"

Пад такой назвай 18 ліпеня ў Крупаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна выхаванцаў летняга аздараўленчага лагера "Дружба" сабрала літаратурная гасцёўня, прысвечаная Году малой радзімы. Нішто на зямлі для чалавека не можа быць бліжэй і даражэй, чым той куточак, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго цудоўнае дзяцінства, дзе ён спазнаў сваё першае нясмелае каханне, дзе гучыць самая прыгожая, родная мова. Менавіта такімі думкамі з юнымі слухачамі на працягу ўсяго мерапрыемства дзяліліся паважаныя госці, вядомыя паэты Лідскага краю Міхась Мельнік і Алесь Хітрун.

Гэтыя таленавітыя і надзвычай адкрытыя людзі цікава распавядалі ўдзельнікам творчай сустрэчы пра свае шляхі ў літаратурную дзейнасць і сваё жыццё, якое яны не ўяўляюць без літаратурнай творчасці, прэзентавалі кнігі і часопісы, у якіх друкуюцца, чыталі вершы, дзе з вялікай любоўю і гордасцю праслаўляюць малую радзіму і такую неверагодна прыгожую родную мову. Каб пераканаць у апошнім прысутных, Алесь Хітрун нават прачытаў асабісты твор "У абарону роднай мовы" у арыгінале і ў перакладзе на рускую мову. Вельмі падабалася дзецям і гумарыстычнае тлумачэнне слоў, якое прапанаваў малады лідскі пісьменнік з свайго жартоўнага тлумачальнага слоўніка. А Міхась Іванавіч Мельнік захапіў увагу маленькіх слухачоў вясёлым вершам пра жыхароў беларускіх лясоў.

Юныя ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы не толькі слухалі творы гасцей ў аўтарскім выканані, але і самі прачыталі на памяць вершы-прызнанні іншых беларускіх паэтаў у любві да Бацькаўшчыны. Асаблівым падарункам для запрошаных на мерапрыемства паэтаў стаў відэаролік, у якім выпускніца Крупаўскай школы Ішкула Таццяна прачытала верш настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Жульпы Г.В. "За што я люблю сваю вёску", апошнія радкі якога, дарэчы, і паслужылі назвай для літаратурнай гасцёўні.

Цікава і непаўторна прайшоў час. Думаецца, што гэта мерапрыемства здолее ўзмацніць павагу і любоў маленькіх дапыптлівых грамадзян да сваёй радзімы, падштурхне іх стаць сапраўднымі і руплівымі гаспадарамі роднай зямлі. Трэба таксама адзначыць, што нейкі час таму Алесь Хітрун, з'яўляючыся вучнем 8 класа Крупаўскай школы, у гэтым жа самым памяшканні з заміраннем сэрца слухаў вершы лідскіх паэтаў Віктара Бачарова і Міхася Мельніка. Па ўспамінах Алеся, тая сустрэча стала неверагоднай, лёсавызначальнай падзеяй у жыцці юнака. Магчыма, некаму з сённяшніх юных выхаванцаў гэта сустрэча таксама дапаможа вызначыць яго лёс.

Кіраўнік школьнай газеты Крупаўскай СШ Вінчо А.М.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Ралько Леанід - 15 р., г. Баранавічы

2. Грыбоўскі Васіль - 5 р., Чурылавічы

3. Шык Кірыл - 10 р., г. Менск

4. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск

5. Блінова - 120 р., г. Менск

6. Бераговіч Павел - 441 р., г. Менск

7. Нагорны Юры - 70 р., г. Менск

8. Жаўнерчык Ларыса - 100 р., г. Пружаны

9. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

10. Вяргейчык - 10 р., г . Барысаў

11. Лойка Ніна - 20 р., г. Менск

12. Крыўко Арына 5 р., г. Наваполацк

13. Сівы Сяргей - 5 р., г. Валожын

14. Спасюк Г.В. - 20 р., г. Бабруйск

15. БТВ - 10 р., г. Менск

16. Шкірманкоў Ф. - 10 р., г. Слаўгарад

17. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

18. Спадаровіч Віктар - 1 р., г. Менск

19. Руткевіч Вераніка - 5 р., г. Менск

20. Салавей Валянціна - 10 р., г. Менск

21. Оліна Эла - 20 р., г. Менск

22. Яніцкая М.М. - 10 р., г. Менск

23. Вайткоў Валеры - 100 р., в. Копішча

24. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск

25. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск

26. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда

27. Чыгір Яўген - 10 р., г. Гродна

28. Амяльковіч Андрэй 100 р., г. Менск

29. Абдулаева Святлана - 10 р., г. Наваградак

30. Кануннікава Ніна - 20 р., г. Гродна

31. Пастаіск Вінцук - 20 р., г. Фаніпаль

32. Зылькоў С.П. - 50 р., г. Гародня

33. Мануленка Барыс - 5 р., г. Менск

34. Вяргейчык В.П. - 10 р., г. Барысаў

35. Джэйгала В.В. - 30 р., г. Менск

36. Суліталёў Андрэй - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Праўда, партыі, што гналі з Літвы, складаліся пераважна з інтэлігентаў, якія ўмелі адчуць роспачлівае становішча кабет (а былі ў іх ліку дзяўчаткі гадоў па пятнаццаць).

Але чым мужчыны былі больш субтэльныя ў адчуванні іхняй сарамлівасці і прыгнечанасці, тым яны больш цярпелі. Сярод маскоўскага салдацтва, сярод той дзікасці, можа быць, адчувалі сябе, як сярод зборышча звяроў. Два прозвішчы ўспамінала Тэкля з удзячнасцю Горскага і Дзяжбіцкага. Хаця ўсе без выключэння былі добрыя і людскія. Прыпамінала, як бедакі на этапах здымалі з сябе армякі 80, каб з іх рабіць заслоны для жанчын; як сачылі за тым, каб ні адзін жарт або брутальнае слова не абразілі пачуццяў тых бедных кабет, як клапатліва выбіралі для іх найлепшыя куткі і да т.п.

У той час высылалі літоўскіх маршалкаў за непадпісанне адрасу Мураўёву 81. Калі выходзілі з казармаў у шматлікіх шэрагах нашай моладзі з песняй на вуснах "Яшчэ Польска не згінэнла..." і т.д.

Натоўпы жыхароў Масквы - пешых, арыстакратыя ў павозках, сабраліся, каб паглядзець на тых "метежников" 82 з выказам інтэлігентным, шляхетным, поўным годнасці і павагі, тым постацям, узнёслым, боскім. Натоўпы крычалі: "Удивительный народ" 83 Павозкі з маскоўскай арыстакратыяй суправаджалі партыі да наступнага пастою.

Тэкля гаворыць, што сёння яшчэ паўстае ёй часамі перад вачыма вобраз партыі пасля трохдзённага знаходжання пад замком. Твары жоўтыя, амаль зялёныя, вочы запалыя, хістаюцца, як бы пад уплывам алкаголю.

Прывезлі Тэклю ў Іншар 84, дзе яна застала шмат знаёмых, а менавіта Напалеона Яленскага, які дзесяць гадоў назад за пададзеную просьбу пра адмену паншчыны і вызваленне сялян быў сасланы на Каўказ, і Яна Вішнеўскага з сям'ёй.

Пачцівыя выгнанцы арганізавалі для яе, на колькі ў тых умовах было мажлівым, пакойчык з камфортам. Пасля вязніц, пасля этапаў, на тле трагічных лёсаў цэлага Краю і нам найбліжэйшых прыяцеляў побыт у Іншары, далёка ад віду перажытых жудасцяў мог падацца месцам перадыху. Праз год Тэкля пакінула яго, каб дзяліць мой самотны на бязлюддзі лёс у Баравічах 85, адкуль стараннямі князя Суворава перасялілі нас у Пецярбург, у Самару 86, а ў канцы пасялілася са мной у Варшаве да выхаду замуж за Людвіка Еніке. Жыццё пад апекай гэтага высакароднага, разумнага і далікатнага чалавека мусіць Бог прызначыў ёй як узнагароду за ўсе перажытыя мукі і трывогі. Была шчаслівая. Гэтага чалавека яна магла глыбока кахаць і шанаваць.

Мураўёў выслаў нашую маці, а таксама сясцёр Юзэфу, Зузанну (Турскую) і Ксаверу 87 ў Кунгур, дадаючы поўныя міласэрнасці словы: "Няхай жа тая маці, якая выхавала гэтых бунтаўшчыкоў, сядзіць пры дарозе, якая вядзе да цяжкіх месцаў пакарання: няхай глядзіць, як яе сыноў, сваякоў, прыяцелеў, закутых у кайданы, будуць гнаць, як быдла на рэзню". Так тут няшчасная атрымоўвала ад тых шэрагаў, закутых у кайданы, тысячы выказаў пашаны, прызнання і гонару. Дабраслаўляла іх святым крыжам і праводзіла гарачай малітвай, каб Бог падтрымаў іх у нядолі і вярнуў на родную зямлю.

Аднаго дня прайшла праз Кунгур без доўгай затрымкі партыя, у якой былі абедзве нашыя пакутніцы, сёстры міласэрнасці Ганна Дамброўская і Анеля Гаеўская. Да іх трэба прымяняць слова "пакутніцы". Калі ўсіх, якіх гналі ў Сібір , без зважання на ўзрост, агульначалавечыя заслугі і адукацыю, штурхаючы, падганяючы, то манашкі сталіся мэтай такіх жудасных падходаў і заігрыванняў салдацтва, жандармаў і афіцэрства, што толькі, мабыць, цудоўная моц з неба ўзброіла іх і падтрымала, што не пасягнулі яны на сваё жыццё. Дзе яны аказаліся? Што з імі сталася? Не ведаем. Не маглі мы пра іх атрымаць ад ссыльных ніякіх пэўных вестак.

Абцяжараныя кайданамі, у шэрых катаржных сукманах, бледныя, вымучаныя валакліся, спатыкаючыся, як Хрыстос несучы свой пакутніцкі крыж. На від нашай маці Ганна падняла чорныя, выразныя свае вочы, якія іскрыліся ў гарачцы. Выраз твару гаварыў пра зацятасць у болю, у пакуце. Кіўнула галавой у бок маці. Вочы іх спаткаліся, пасля чаго зноў уперлася перад сабой на дарогу.

Анеля - тая таўстушка, свежая, ружовая. Што з ёю сталася? Пахілілася. згорбілася, з галавой нізка на грудзі апушчанай, прыгнечаная. збялелая. Не адважылася паглядзець у вочы маці. Ганна ёй не прабачыла, і яна сама сабе прабачыць не магла здрады плямянніка. (Так яна думала, а ў сапраўднасці быў гэта шпіён у ролі яе плямянніка).

Працягнулася і партыя, у якой быў Францішак. Не дазволілі яму падысці да маці, хаця ўсім чужым не забаранялі. Прывітала яго на этапе і ўручыла нейкую ашчаджаную на тую мэту суму грошай. Радавалася, што згадзіўся ўзяць, што яму там у Сібіры прыдадуцца для запачаткавання жыцця. Хутка даведалася, чаму яму твар так раз'ясніўся, калі браў грошы з яе рук.

Былі гэта дні пякельнай гарачыні. Цяжкія катаржныя сукманы былі сапраўдным катаваннем для прыгавораных. Балела Францішку, што тым пакутам не можа дапамагчы.

Аж тут раптам, як з неба, з рук маці, зусім неспадзявана трапляе яму ў рукі дастатковая сума, каб прыадзець тых у партыі, якія не мелі, у лёгкія кашулі. Выстараліся на трохі даўжэйшы побыт у Кунгуры, што было мажлівым, бо чым далей, чым глыбей у Сібір, тым быў лепшы люд, тым улады былі больш паблажлівыя, а дакладней больш спачувалі палітычным.

Каханая, высакародная Фабіяна Дыбоўская пры развітанні клапацілася, як сястра (бо з нас нікога ўжо ў Вільні не было), апранула Францішка ў чорны, лёгкі, непрамакальны ангельскі плашч.

Таварышы апавядалі, што ўсю дарогу Францішак меў твар спакойны, амаль вясёлы, дадаваў ім адвагі, жартаваў з сябе, што правёў канікулы на Літве, а цяпер вяртаецца ў свой дом у Сібіры. У Кунгуры купіў вялізарны самавар, каб хапала гарачай, калі не гарбаты, то хоць вады для партыі, даводзіў, што гэта абавязковае для бяспекі ад тыфу.

Усе кунгурцы вырушылі на Табольскую дарогу. І маці нашая з дочкамі стала пры дарозе, каб хоць поглядам яшчэ раз, можа, апошні развітацца з сынам.

Францішак на выгляд маці, якую шанаваў, як святую, выбраўся з калоны, упаў перад ёй на калені, схіліў галаву да яе ног, каб іх абняць, пацалаваць. Калі падняў яе, твар быў смяртэльна бледны - маці прытуліла тую галаву да грудзей без енку, без плачу, без нараканняў.

Партыя рушыла ў далейшую дарогу. Доўга яшчэ стаяла маці, углядваючыся ў тую шэрую, павольна сунуўшуюся калону, сярод якой віднеўся чорны плашч сына.


Як жа адрознівалася гэтая дарога ад першай, чатырнаццаць гадоў назад. У той час малады, поўны веры і энергіі, поўны запалу да працы, якая вядзе да любімай мэты, ішоў побач з братам не толькі па крыві, але і з братам па духу. Суправаджала іх надзея і вера, што патрафяць ператрываць, перамагчы ўсякія запоры. што вернуцца да сваіх братоў, каб разам з імі працаваць.

А сёння? Усё адступілася ад яго, пакінула яго, нічога яму не засталося. Найдарожэйшыя, найбліжэйшыя яму пайшлі з гэтага свету, або раскіданы, як павялыя лісты па далёкім свеце. Край знішчаны, таварышы па працы памардаваныя, або валакуцца той самай дарогай, каб ужо ніколі не вярнуцца на радзіму. Маці на старасці гадоў закінута на мяжу Сібіры, Аляксандр мёртвы, Тэкля ў Іншары хворая, змучаная. Дзе Апалонія Серакоўская, не ведаў, Цітус забіты. Смерць гэтага апошняга, як сам гаварыў, як прызнаваўся з болем Францішак, была найбольш балючым ударам. На яго ўскладаў старэйшы брат усе свае надзеі, ён меў у будучыні быць носьбітам дарагіх яму ідэалаў. Верыў у моц, у здольнасці, у энергію Цітуса, што ён падыме, выдабудзе з друзу мэту жыцця старэйшых братоў, загоіць раны і распачне новае жыццё. Ён - Францішак - ужо не вернецца, ужо не стане да працы там, дзе вызначаў месца малодшаму брату. Дваццаць гадоў катаргі! Гэта больш, чым цэлае жыццё чалавека!

Сіла думкі, сіла любові да Айчыны не аслаблі, але сіла жаданняў вытрымкі, падтрымкі жыцця знікла. Хацеў смерці - прагнуў яе як найхутчэй - бо для чаго прадаўжаць тое жыццё?! Лічыў сябе [нечытэльна] для Краю непрыдатным. У хвілях барацьбы - ламання духу сумлены, шляхетны Мар'ян Дубецкі, як анёл Божы стаяў пры ім, не пакідаў яго. Хвароба сэрца і астма, якія праявіліся яшчэ ў Краі, без асцярожнасці, развіліся ў Сібіры. Такі стан трываў да маніфесту. Прыехаў у водпуск у Варшаву на тры месяцы. Ажыў. Апрытомнеў. Умацаваў сябе.

Дазволілі яму выбраць месца пасялення ў Расіі без права вяртання ў Край. Я з вялікім страхам думала пра тое і рабіла ўсялякія магчымыя старанні праз прыяцелеў мужа ў Пецярбургу, у Вільні, праз губернатара ў Варшаве. Усюды чула адзін адказ: "Далеўскі мае вярнуцца? Няхай дзякуе Богу, што яму пакінулі жыццё". Была знявераная, бо ці ж для Францішка жыццё бясчыннае, бязмэтнае ў Расіі магло мець якую-небудзь вартасць?!

Раптам найнеспадзявана атрымоўваю дэпешу з Пецярбурга: "Брат пані вяртаецца ў Варшаву з усімі правамі". Была шчаслівая і азадачаная, адкуль тая раптоўная змена. Дзякуючы старанням шляхетнага і вернага прыяцеля, калегі са школьных гадоў доктара Фелікса Рымовіча Францішак атрымаў вольнасць. Доктар Фелікс Рымовіч атрымаў Францішка ў падарунак ад свайго пацыента Чарэвіна, п'яніцы, "телохранителя" 90 цара Аляксандра ІІІ.

Пан Фелікс скарыстаўшыся з незвычайна добрага гумору Чарэвіна прасіў яго пра вызваленне Францішка царскай ласкай.

- Кто он таков? Как его фамилия? - пытаўся.

- Далевский.

- Старик или молодой?

- Около 50 лет.

- Богат?

- Бедный.

- Так бери его себе - нет опасности. Что же может сделать бедный человек? Не будет иметь никакого влияния! 91

Францішак вярнуўся 92. Ажаніўся ў Ноўгарадзе з полькай Амеліяй Сакалоўскай. Жонка, дзеці ажывілі яго. Кахаў яе больш за жыццё. Мусіў сабраць усю волю, каб нягледзячы на хваробу, якая з кожным днём падточвала сілы, працаваць для здабыцця хлеба для сям'і.

Ад дня вяртання на працягу дваццаці гадоў працаваў цяжка, без адпачынку. Не было гэта справай лёгкай для чалавека, які праз усё жыццё імкнуўся да вялікіх мэтаў, рысаваў шырокія планы грамадскай працы, пачувацца шчаслівым, праводзячы жыццё над мёртвымі рахункамі ў канторы Дамброўскай чыгункі. Месца гэтае атрымаў дзякуючы Блоху (праз Л. Еніке). Радаваўся, аднак, атрыманай пасадзе. З нагоды дасягнутага ўзросту пасля дваццаці гадоў быў звольнены. Чыгунка перайшла ў рукі ўраду.

Калі Францішак быў добрым братам для малодшага сямейства, то лёгка сабе ўявіць, якім быў бацькам для сваёй дзятвы. На выгляд разрадаваных тварыкаў дзяўчатак, якія выбягалі на яго спатканне, нягледзячы на стому пасля доўгіх гадзін працы і доўгай пешай дарогі ад Саскага парку да Фраскаці, дзе найдаўжэй жыў, нягледзячы на змучанасць, твар яго раз'ясняўся, гладзіў малыя галоўкі, туліў, даваў сябе валтузіць, лезці на фатэль, на якім спачываў, на калені, шчабятаць, апавядаць пра свае радасці і жалі.

Кожная фраза, кожнае слова да іх сказанае, мелі думку прышчаплення ў тых маленькіх душачках асноваў праўды, дабрыні і справядлівасці.

Я не чула ніколі з вуснаў яго слова асуджэння нават для найгоршых людзей. Заўсёды знайходзіў нешта для іхняга апраўдання, дурнаватых і пустых пазбягаў, для асабістых непрыяцеляў [меў] словы прабачэння.

Ён сам навучыў сваю дзятву першай малітве, як яго вучыла яго абагаўлёная маці; ля яго калень дзятва адмаўляла малітву Божую.

Часамі, асабліва ў апошнія гады, у размове з сям'ёй пераносіўся ўспамінамі ў гады маладосці. Твар яму разрумяньваўся, калі гаварыў пра Літву, пра яе лясы, палі, пра засеянае збожжа, пра вясковых людзей. Любіў жартаваць, што як жонка выйграе ў латарэю (мела адну прэміёўку 92), купяць на Літве невялікую калонію і будуць з дзецьмі сярод люду працаваць.

Я няраз думала, што ў тых умовах ён знайшоў бы ў гэтым большае задавальненне, чым ў канторскай працы. Вучыў бы люд жыць чэсна і шчасліва, задавольвацца малым. Я апавяала яму, што моладзь, якая ў той час збіралася ў маім доме, прагне з ім пазнаёміцца, рада была б пачуць яго парады і ўказанні, прасіла іх шмат разоў. Падзяліся з імі, і для іх, і для цябе будзе тое добра. Не, ты мыляешся - гаварыў - мусяць яны самі знайсці дарогу выхаду з цяжкасцяў. Кожная эпоха мае заданне для выканання - калі ёсць патрэба, знойдуцца і людзі адпаведныя той патрэбе.

Апошнія восем гадоў быў зноў сабой даўнім. Абтросся ад немачы духу. Жыў у коле сям'і, даўніх прыяцеляў (хаця іхні лік пастаянна змяншаўся, смерць забірала аднаго за другім) і былых сваіх таварышаў па канторскай працы (менавіта адданым, сардэчным аказаўся Фрыдляйн [і] яго сям'я). Атачалі яго пашанай і верай. Пры з'яўленні чужых плыняў і заклікаў спяшаліся да пана Далеўскага па параду і ўказанні.

(Працяг у наст. нумары.)


80 Армяк (з рас.) - верхняя сялянская вопратка з грубага сукна, падобная да кафтана.

81 Мураўёў ініцыяваў складанне вернападданіцкіх адрасоў шляхтай, змушаючы землеўладальнікаў да лаяльнасці пад пагрозай зняволення і канфіскацыі. Тут аднак Серакоўская мыляецца адносна акцыі, якая мела месца пад канец 1862 г., за што маршалкі і шляхта былі высланы на Сібір яшчэ вясной 1863 г.

82 Ракашанам.

83 Дзіўны народ.

84 Іншар - павятовы горад у Пензенскай губерні над рэкамі Іншарай і Ісой.

85 Баравічы - павятовы горад у Наўгародскай губернні недалёка ад Ноўгарада.

86 Самара - цэнтр Самарскай губерні над Волгай пры ўпадзенні ў яе ракі Самары.

87 У кастрычніку 1863 г.; гаворка пра сясцёр Серакоўскай

88 Кунгур - павятовы горад Пензенскай губерні.

89 Прыехаў у 1875 г., у выніку маніфесту амністыі Аляксандра ІІ ад 1874 г.

90 Целаахоўнік

91 - Хто ён такі? Як яго прозвішча? - пытаўся.

- Далеўскі.

- Стары ці малады?

- Каля 50 гадоў.

- Заможны?

- Бедны.

- То бяры яго сабе. Няма небяспекі. Што ж можа зрабіць бедны чалавек? Не будзе мець ніякага ўплыву.

92 Далеўскі вярнуўся на пастаянна з ссылкі ў сілу маніфесту, абвешчанага ў траўні 1883 г. з аказіі каранацыі Аляксандра ІІІ. Пад амністыю трапілі ўсе паўстанцы.

93 Білет расейскай латарэі (латарэйная прэміёўка).

Пашкадуйце мяне, кропелькі

Валер Санько

Апавяданне

(Працяг. Пачатак у папяр.. нумарах.)

Настаўнік, дырэктар школы Раман Кавалёў, вайсковы адстаўнік маёр Алесь Станкевіч, беларускі інжынер Іван Кісель і ўкраінскі інжынер Уладзімір Гудаў нечакана аказаліся ў блізкіх камандзіровачных стасунках. Гадамі не бачыліся, а тут загарэлася - трэба сустрэцца. Тэлефоны ў кішэнях, дыпламатах, званок, другі званок, трэці - і з'ехаліся.

Прычына - сябра, ліквідатар, актывіст першага і другога ліквідарскага з'ездаў Ігар Бадановіч захварэў, перанёс інсульт. Радыяцыйныя ліквідатарскія балячкі не прайшлі ў мужчын, пабольшалі. Гады бягуць, скроні сівеюць, час на сустрэчу ніяк не выпадае.

- Лекаваўкі, браткі, усім па граму. Ніякіх некавак. Паўтараю, усім па граму, - ставіў на стол далікатныя кілішкі Алесь Станкевіч.

Высокі статны прыгажун восьмага верасня 1992 года першым даваў прысягу на вернасць Беларусі і беларускаму народу ад вайскоўцаў з розных катэгорый арміі. Акурат у гэты дзень стагоддзі таму вялікалітоўскае войска пад Воршай разбіла ўтрая большае войска нападнікаў - маскавітаў.

Паляпванні па плячах, абдымкі, каштаванне прыносак. Навіны.

Столькі гадоў не бачыліся, сустрэліся, перакінуліся словам з ліквідатарствам, кожнаму ўбачылася: усе яны абпечанцы, амаль роўныя, счаканыя, напружаныя. Ва ўсіх нечакана зніклі роспытствы. У кожнага нібы адцяла мову. Абпаленцам, як хворым у шматлюднай палаце, няма што казаць, пра што пытаць.

Узгадалася даўняя ваенная прысяга, з радасцю давалі яе на Беларусі многія патрыёты: у Менску - Мікола Статкевіч, Валерый Костка, Уладзімір Барадач, Канстанцін Звярко, Уладзімір Савінок, Мікола Бірукоў… Праз некаторы час Алесь Станкевіч напісаў выдатны верш "Белы легіён", пра мужнасць і чыстату вайскоўцаў, іх прысяганні народу беларускаму і зямлі беларускай.

Кожнаму з сабраных не ўпершыню пячэ трагічны лёс радыяцыйна пацярпелых 27 гарадоў, 2700 беларускіх вёсак. Распараджэнне Генеральнага пракурора СССР Турбіна правесці дадатковую праверку фактаў, звязаных з утойваннем інфармацыі ў пацярпелых раёнах, так і не было выканана. Усе вінаватыя карпаратыўна падтрымлівалі адзін аднаго раней, працягваюць падтрымліваць цяпер.

Геройнічалі ў 1986-м ліквідатары і не ведалі пра ўласнае геройства. Цяпер ведаюць ліквідатары і блізкія блізкіх, яны былі героямі, а толку…

- Хлопцы, - ківаецца, расхістваецца галава Ігара Бадановіча, - ведаем пра той хаос мы, ведаюць дзяржаўцы. Давайце лепш урэжам па кроплі.

- Ты з Алёшкам Бялько - яшчэ тыя ўразакі.

Усіх здзівіла ўсеславянская хуткая згода і гатоўнасць забыць чарнобыльскіх герояў.

- Перш прачытаем прапанаваныя Аляксеем тэксты, у якіх высвятляемся мы, і прасвятляюцца, трэба думаць, чытачы, - прапанаваў Ігар Бадановіч.

*** Ад будаўніцтва АЭС дзяржавам лёгка адмовіцца: не будаваць іх дзесяцьпятнаццаць гадоў, разумна і экалагічна чыста спальваць вугаль, прапаноўваў акадэмік Веліхаў.

*** Чатырнаццаць графітавых рэактараў было ў СССР - гэта 14 мажлівых выбухаў. Ілгалі, сістэмна ілгалі дзяржаўнікі народу пра Чарнобыль. Там нуль цэлых, нуль, нуль тысячных рэнтгенаў, хаця на самай справе там былі дзясяткі, сотні рэнтгенаў. Няўжо гэткая ж мана паўторыцца на астатніх РБМК-1000?

*** Усе сорак АЭС СССР не далі таго, што страцілі на адной ЧАЭСнай аварыі - каля трохсот мільярдаў долараў.

*** На тэрыторыі закрытай зоны 800 магільнікаў радыеактыўных адходаў, прыблізна ў двухсот страцілі месца знаходжання. У спешцы забылі абазначыць магільнікі.

*** Аб'ектыўка. А. Сахараў. Ваенныя абодвух бакоў ўжо не могуць абысціся без ядзернай зброі. Адзін залп, усяго адзін залп падводнай лодкі з 24 ядзернымі ракетамі, то бок 96 атамнымі бомбамі - і практычна любая дзяржава свету не існуе. Рэальны спакушальны спосаб змагання з ёю - прымяніць супраць ракетаносца ядзерную зброю. Вычварэнства, але асобныя ваенныя на такое могуць пайсці.

Выбухі з двух бакоў, прылётны з неба і лодкавыя з водаў, пяцьдзясят выбухаў адначасова - і жывога няма на планеце. Нічога няма, сама не існуе.

*** Амерыканцы свядома ці несвядома ствараюць сітуацыю, што Расія, ратуючыся ад "Першынгаў", павінна стаць забойцам Еўропы. Кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў выдатна разумеюць небяспеку для сваіх народаў ад меркаваных амерыканскіх ракет і радарных наглядальных сетак, тым не меней за амерыканскія доларавыя падачкі хочуць вырашыць мясцовыя праблемы… коштам страты свайго народа і дзяржавы ў будучыні.

На абодвух баках акіянаў вялікія і малыя дзяржаўцы ніяк не асягнуць ясным яснае - дзе б ні вухнулі "Першынгі", СОІ і "Булавы", радыяцыя распаўзецца паўсюдна. Няўдараная мясцовасць зраўняецца з ударанай хутка. Як было ў Чарнобылі. Ніхто не павінны разлічваць, што коштам старой Еўропы выйграе вайну, ніхто.

Любы цяперашні канфлікт найперш вынішчыць белую расу. Самагубства высокай цывілізацыі, спароджанай у асноўным геніальнасцю і энергіяй белых, не абрадуе жоўтых і чорных. Ядзерная вайна ніколі не можа быць справядлівай. Нікому не дасць перамогі, бо не стане самога чалавека, адзінай істоты, якая ўсвядоміла што ўсё смяротнае, у тым ліку чалавецтва і планета. Тым не меней усе ідуць да гэтага.

*** Пры любых варыянтах - памятайма! - беларускую зямлю захопіць першы нападны ўдар і галоўны удар на адказ. Механізм прагрэсу, настойваў Алесь Адамовіч, павінны націснуць абодва бакі на тармазы рэзка, адразу, каб не было запозна.

Невядома, ці памогуць папярэджванні цяперашніх разумных людзей. Як не памаглі засцярогі даўнейшых жрацоў і святароў. За шэсць тысяч гадоў 14 513 войнаў, забіта амаль чатыры мільярды людзей. ("Лит. газета", 02.3. 1983). З чатырох тысяч гадоў на планеце не было войнаў усяго 285 гадоў.

Пасля стварэння ААН на планеце адбылося болей ста дваццаці войнаў.

*** Чалавек любіць сябе, нацыя - сябе, дзяржавы - сябе, аднак чалавецтва да гэтага часу не вынайшла імгненна-неадхільных кнопак самазахавання. Пастка асабістых інтарэсаў ЗША, Еўропы, Расіі, Кітая можа знішчыць любыя інтарэсы. Уласцівасць не ацэньваць усю небяспеку - рыса не толькі чалавека, дзяржавы, а і чалавецтва ў цэлым, планеты.

*** Атамныя выбухі зрухнуць планету з восі ў горшым выпадку, не стане паветра, у лепшым - абшкляць глебу да аднаго метра, за дзесяць тысяч гадоў ніводная травіна не праб'ецца праз рыжа-шкляную тоўшчу. Тым болей што атручаныя воды, калі застануцца, не змогуць наталіць ні адну сцябліну на восемдзесят градусаў захаладзелай планеце.

Баяцца патрэбна не адной радыяцыі, баяцца трэба азоннай праблемы, атамнай зімы. Пры атамным пажары ні ў кога не будзе запасных вокнаў і дзвераў, бункераў ці запасных выхадаў.

*** Дзвесце ўспыхлых сонцаў спародзяць апраметную цемру, разбураць паветраную абарону і супрацьсонечную.

Дзякую Богу і працавітым рукам.

*** Хоць і была спецыяльная пастанова ЦК КПСС і Урада краіны СССР, сапраўдная ацэнка ўстойлівасці працы усіх АЭС краіны, у прыватнасці Чарнобыльскай, так і не была дадзена. Галіновыя міністэрствы, Мінэнерга СССР і СМ СССР разам з Дзяржпланам такую сур'ёзную працу пусцілі на самацёк. Усё засталося на паперы.

- Браткі, у мяне галава закружылася. Пра гэтую радыяцыю і савецкія няпраўды лепш не гаварыць, - з сумам прамовілі Іван Кісель і Уладзімір Гудаў.

- Прыехалі супакоіць хворага і абнадзеіць, ажно яго і сябе замарачылі.

Толькі што з радасцю сустрэліся даўнія сябры, расставаліся, як ні дзіўна, маркотна. Навіна - ні ў адной газеце Беларусі і Расіі так і не надрукавалі дзелавы артыкул пра судовыя разборы над вінаватымі ў чарнобыльскай катастрофе, скарочаны да немагчымага, да чатырох старонак, - нікога не ўразіла.

Няхай кроплі, кропелькі вылечваюць усіх. Не кудыхочна падайце крапулечкі, не расцякайцеся. Дадзенаю вам моцаю групуйцеся, шкадуйце ўсіх. Хто вас вызначыў, на вас спадзяецца, упрошваецца.

Пагрымоты нябесныя ўкладваюць гарэтных хворых у Маладэчне на ложкі.

Нябесныя грымоты ўслаўліваюць не ўсю Меншчыну, Гарадзеншчыну, Капыльшчыну, Случчыну. Усюды было сухменьства.

У такую цяплінную зморачную вечаровасць мастак, паэт, графік, аўтар двух паэтычных кніг, выдатны выдавецкі працаўнік Мікалай Іванавіч Ганчароў выбег у гастраном. Ён на хвіліну, малако і хлеб купіць. Як сядзеў, усхапіўся, паімчаў.

- Таблеткі ў кішэні? - жонка выкрыкнула заслед. Не пачуў пытанне ўпэўнены. Пасведчання, хоць якой паперкі з сабой не захапіў.

Да гастранома сто метраў. Зашчымела ў грудзях. Упаў Мікалай. Безумоўна біч, сядзіць, ляжыць. Народ валіць паўз чалавека ў спартыўным паношаным касцюме з нязграбна падціснутаю нагою.

Увесь вечар сямейства Ганчаровых шукала бацьку, мужа, паэта, мастака. Яму патрабавалася няшмат гадоў, каб стаць упоравень з вялікімі. Не хапіла часу стваральніку, каб захапіць з сабою таблетку валідолу. Паспяшаўся.

Тры дні жонка шукала мужа. Пяць дзён сніўся ёй, прасіў: забяры мяне, бо пахаваюць з бяздомнымі і беспрытульнымі. Маладзіца абхадзіла і аб'ехала ўсе бальніцы і моргі сталіцы. На шосты дзень пасля трайнога абыходу клінік абыйшла ўсе моргі, калі муж у сне і наяве прасіў і загадваў жонцы: "Забяры мяне! Знайдзі мяне!" Выпадкова знайшлося цела Міколы Ганчарова. Значыўся бяздомным бічом. Хто распытваўся пра зніклых, заўжды ўглядваўся ў знаёмы твар, рысы. Усе справядліва яго адхіляліся, стараніліся ад непадобна змененага. Пахавалі б належна, як непатрэбнага жывым біча і алкаголіка.

Такіх выпадкаў шмат.

На апошнім супынку затрымаўся Мікола, не пайшоў у апошнюю зямную сцяжыну абыякава. Слава снам жончыным, веры жонкі ў свайго мужа.

Вада з воблакаў і неба, крыніцовая вадзіца і рачная, з мораў і акіянаў пры ўсёй неабходнасці планеце, гаспадару і жыўнасці, саступае цярушачкам з танюсенькай трубкі ў ампулу, зварухвае нерухлівы твар Бадановіча, сцірае напружанасць губ, расплюшчвае сціснутыя бровы, вочы, вусны. Вочы ўзіраюцца ў бісерную празрыстасць вадзіцы. Хворы зрэдку вымаўляе словы, шэпча малітву. Некалі з кожнага крока ў хаце Вялікай Ігрушы, з годзіка жыткі ў цёплай хаце пад апекаю матулі і бабуляў у Вялікай Ігрушы і меншым Дудзеве на той бок Слуцка, бліз Грэска, усе гады, увесь век маліўся хлопчык Аляксей Бялько. Разжыліся ён і Ігар Бадановіч на ўласныя малітвы, выкавалі за гады вялікую ісціну: дзе б ні быў, усюды маліся.

Божа мой родны, чаму раптам Ігар Бадановіч забыў святыя словы найважнай малітвы Усясветнаму і Усюдыіснаму, даваныя ў радасць плыні. Калі ты свядома кланяешся плыні, дух і плынь вакол цябе не даюць усяму жывому і зямному стаць ніцасцю, тленам. Відушчыя існуюць дзеля жыццёдайнасці.

Цяпер Ігар Бадановіч перастаў супраціўляцца імклівасці пераліўнай дыяментай плыні. Хутчэй у рай! Няма сэнсу супраціўляцца рэчыўнай існасці.

Усплыло мінулае ягонае забойства, вялікае шчасце даўнішніх зведваных палётаў над хатаю, вёскаю. Тады ў яго Ядзі не было. Вяселле наважылі, не адгулялі. Цяпер жонка Ігару і дзецям даглядалка. Дзеля іх Ігар павінны зноў ажыць. Цяперашні інсульт - паскудства дурное. Ад перапрацы і ператомы зваліўся працаголік Ігар Адамавіч на падлогу, у адну бальніцу і другую. Ён паправіцца, іначай быць не можа. Ягоная малітва не горшая - лепшая!

Навошта папраўляцца, навошта?

Сузірацца ў зямны бядлам, хітрамондрасці сем'яў і дзяржаваў надакучыла. Нічога не мяняецца. Стаміўся.

Хутчэй у рай!

Яшчэ сёння Ігар Бадановіч вымольваўся ў празрыстых лёгенькіх кропелькаў: шпарчэй цурчыце, барджэй, не пакідайце вы мяне, не перапыняйцеся, а цяпер хачу вашага супыну. Рвуся ў рай.

Чаму маці, Ядзя, а сёння медсястра распытваліся ў яго пра шчасце ведаць пра жыватворную плынь, бачыць яе, я баяўся выдаць ім хоць грам таемных ведаў, уведаных у прысмяротны час, як некалі Аляксей Бялько. Цяпер я хачу ўліцца ў плынь, зведаць рай у поўнай свядомасці і - не магу. Паварушыцца не магу. На жаль, не магу. Бачу, па трубачках пераліўнай сістэмы бягуць кропелькі, апускаюцца ўніз, вось-вось, як некалі даўно-даўно пры пераліванні крыві не выжыў выдатны публіцыст Уладзімір Бягун, - а сёння не ведаю на што адважыцца. Узгадалася былое, уласнае пахаванне.

У кропцы зруху Бадановічу забылася нават малітва малітваў "Ойча наш сапраўдны...", словы высокай расцярушыліся.

Недаробленае, дзеці, радня, запланаванае… Не горшы ты за ўсіх, не горшы! Не чапай струмень. Не сунь пальцы ў вар!

Жыві - і радуйся.

Медсястрычка, дзе вы? Пурпалькі мае, бурбы, кроплі, кропелькі, услухоўвайцеся ў беларускі стогн, мітрэнгі захварэлай галавы Ігара Бадановіча. Не хачу здавацца напору вагі і важкасці моманту. Вызваліцца ўвесь раствор на дне ампулы, увесь, два міліметры і завіднеецца дно ампулы. Цэдзіцца празрыстасць шкла. Зусім не стала руху вадкасці, пульхірчыкаў не стала. Роўнасць веснага ільду пад красавіцкім сонцам. Ціха, замрыце усе. У тоненькім правадку пераліўнай сістэмы тоўшчаю адзін-два міліметры, дасюль нічога нельга было ўзяць вокам, з яе нечакана раствор паімкнуў уніз. Да локця дабярэцца, над слупікам вільгаці паветра пухірчыкамі ўцягнецца ў вену, а там - страшна падумаць.

- Сястрычка, дзе вы! - вытрапечваецца грузкае сэрца ў цяжэрнага інсультніка. Двайное абследаванне абедзвюх палавін мозгу падазрэнне перавяло ў яву. Дзе ж медсястра?

- Я тут, не бойцеся. Вы моліцеся. Не бойцеся. Сучасная сістэма супыняе зацёк паветра ў вену.

Што можа шаптаць чалавек, калі секундны слупок паўзе ўніз, паўзе, а я гляджу на яго, нічога не магу, адшэптвае Ігар Бадановіч.

- Раніца. Кропельнікаў шмат. Зарплата ў медсясцёр малая. Вось і круцімся.

- Трэці флакон сёння не будзем перакапваць?

- Вы што? Трэба. На трэцім самыя карысныя растваральнікі крыві, калій і вітаміны.

Медсястрычка скамандавала Бадановічу пасля ўводу ў вену новай іголкі:

- Руку не разнімаць, кулак сціскаць, бо можа быць крывападцёк. - Нахіляецца. - Вы паўтараеце малітвы Богу і Небу? Я зразумела сэнс. Вучоны, а так верыце. Нашым рабацягам, як ідзе раствор, абы ішоў. А вы баіцеся, моліцеся.

- Разумелі і яны. Мо' не поўнасцю. Рабацяг не трэба пад адну мятлу. Пад лаянкаю і грубасцю дыхае няведанне і прага ведаў. Бачыце, як мяняюцца яны пасля маіх шкалярных прачосаў.

(Працяг у наст. нумары.)

Спасцігнуць загадку творчасці мэтра жывапісу

Унікальная магчымасць убачыць самую вялікую колькасць твораў народнага мастака Гаўрыіла Вашчанкі прадстаўляецца гэтымі днямі наведвальнікам Палаца мастацтваў. На выставе экспануюцца 135 карцін, прывезеных з майстэрні мастака і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.

Адкрываючы выставу, прафесар Уладзімір Зінкевіч выказаў словы падзякі сям'і майстра, якая беражліва ставіцца да творчай спадчыны бацькі.

- Гаўрыіл Вашчанка пакінуў значны след у беларускім мастацтве другой паловы ХХ стагоддзя. Сваёй педагагічнай дзейнасцю ён аказваў ўплыў на культурнае жыццё, ён вучыў сваіх выхаванцаў інтэлігентнасці і разважлівасці.

Рэдкая гармонія адносін паміж ім і Мацільдай Адамаўнай сведчаць пра чалавечыя якасці вялікай асобы, - адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

На выставе прадстаўлены партрэты родных мастака: маці, бабулі, жонкі і сына, аўтапартрэты розных перыядаў, краявіды Палесся і іншых куткоў Беларусі. Эксперты лічаць, што буразалацісты тон многіх яго палотнаў звязаны менавіта з колерам зямлі на Палессі. Загадкі, якія ён пакінуў у сваіх пейзажах, можна увесь час разгадваць, сузіраючы прыгажосць і злітнасць неба і вады, палёў і аблокаў. Ён дзяліўся з гледачом супакоем, які знаходзіў у прыродзе.

Працы мастака сёння захоўваюцца ў калекцыях 28 буйнейшых музеяў свету. Творы Гаўрыіла Харытонавіча экспануюцца ў Аўстрыі, Алжыры, Венгрыі, Даніі, Балгарыі, Італіі, Францыі, Румыніі, ФРГ, Чэхіі і іншых краінах.У 2002 годзе была адчынена Карцінная галерэя Гаўрыіла Вашчанкі ў Гомелі. У ёй захоўваецца 121 праца мастака. Выстава ў Палацы мастацтва, будзе доўжыцца ўсяго дзесяць дзён.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Баранавіцкае ТБМ у летніку "Іса"

18 ліпеня сябры Баранавіцкай арганізацыі Таварыства Беларускай мовы наведалі дзіцячы аздараўленчы лагер Баранавіцкай чыгункі "Іса". Журналіст і паэт Аляксей Белы выступіў на сустрэчы са старшакласнікамі, зачытаў ім свае вершы, адказаў на ўзнікшыя пытанні. Адзін з хлопчыкаў, натхніўшыся, прачытаў верш, які напісала яго сястра.

Беларускі лялечны тэатр паказаў меншым дзеткам тры казкі: "Казаманюка", "Коцік, пеўнік і лісічка", "Як лісіца ваўка судзіла". Дзеці рэагавалі эмацыйна і ўзрушана. Пасля выступу яны разглядалі і фатаграфаваліся з лялькамі і, нават, спрабавалі самі рабіць міні-спектаклі.

Дзякуем дзяцям і кіраўніцтву лагера за запрашэнне выступіць і цёплы прыём і чакаем запрашэнняў і надалей.

Баранавіцкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы.

Юныя эколагі слухалі пра гісторыю і літаратуру

Сябры школьнага лагера "Эколаг", які дзейнічае пры Слонімскім раённым экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі, запрасілі да сябе ў госці беларускага пісьменніка, краязнаўца, гісторыка і журналіста Сяргея Чыгрына. Госць расказаў юным эколагам пра гісторыю беларускай кнігі, а таксама пра гісторыю роднага горада над Шчарай. Асабліва шмат дзеці пыталіся пра знакаміты тэатр Агінскага, канал Агінскага і памятныя мясціны Слонімшчыны. Падчас сустрэчы госць правёў некалькі конкурсаў і віктарын на веданне гісторыі, прыроды і літаратуры Беларусі, а пераможцам уручыў сваю кнігу "125 пытанняў з гісторыі Слонімшчыны" і слонімскія значкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX