Папярэдняя старонка: 2018

№ 33 (1392) 


Дадана: 15-08-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1392), 15 жніўня 2018 г.

У Зэльве ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш

У суботу, 11 жніўня, у Зэльве ўшанавалі найвялікшую беларускую паэтку і змагарку, вязня сталінскіх лагераў, дысідэнтку Ларысу Геніюш (1910-1983). Ушанаванне пачалося паніхідай у Зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве, якую па-беларуску правёў яе настаяцель айцец Георгій Субаткоўскі. Каля помніка Ларысы Геніюш, які знаходзіцца на тэрыторыі царквы, кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка прыгадаў апошні год жыцця паэткі, лячэнне яе ў гарадзенскай бальніцы. Пісьменнік Сяргей Чыгрын распавёў пра новыя факты з біяграфіі Ларысы Геніюш, а таксама тых людзей, якія некалі з ёй сябравалі і да сённяшніх дзён заставаліся невядомымі. На Зэльвенскіх гарадскіх могілках, на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў былі ўскладзены кветкі і запалены лампадкі. Наталля Карповіч з Гародні прачытала некалькі патрыятычных вершаў паэткі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.

Да дня нараджэння Ларысы Геніюш нагадаем яшчэ раз некалькі патрыятычных твораў паэткі. Іх павінен ведаць кожны беларус на памяць.

* * *

Адзінай мэты не зракуся,

І сэрца мне не задрыжыць:

Як жыць - дык жыць для Беларусі.

А без яе - зусім не жыць!

* * *

Ці мо сэрца малое маё,

Ці мой дух неузлётны і вузкі? -

Для Цябе толькі, Краю мой, б'е,

Для Цябе, мой Народ Беларускі!

* * *

Мая мова - як шчасце на вуснах,

Хвалявання гарачы прыбой.

Можа быць, на чужой засмяюся,

Ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.

* * *

Хай славіцца наш беларускі род -

Душой з вясны і воляю са сталі,

Каб з гнёздаў нам не пеўнікі на плот,

А горда арляняты выляталі!

* * *

Не згінай мяне, я не сагнуся,

Не баюся ні страхаў, ні зла.

Нездарма я з зямлі беларускай

Непахіснай сасною ўзрасла.

* * *

Народнае шчасце мы выкупім ў боі,

Пад вёсны засеем зялёную рунь -

Шумець будуць нівы над вольнай Дзвіною,

Над Бугам, над Нёмнам: "Жыве Беларусь!"

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Сёння - Зельна

Зельна лічыцца адным з першых значных восеньскіх святаў, адзначаецца паводле каталіцкага календара 15 жніўня. Традыцыйна ўспрымалася як свята ўраджаю, калі асвячаўся сёлетні хлеб. У гэты дзень асвячалі таксама жыта на засеў і розныя зёлкі, што яшчэ былі ў гэты час (як адзначаюць даследчыкі, традыцыя асвячэння зёлак замацавалася ў Х стагоддзі). Больш характэрна для каталіцкай традыцыі, дзе некаторыя элементы захаваліся да сённяшніх дзён. У Ваўкавыскім раёне, паводле звестак В.І. Басько і Т.І. Кухаронак, асвячэнне пачыналася ўрачыстым шэсцем з крыжам, што бралі з касцёла, за крыжам няслі сноп і пірог, а таксама розную гародніну і садавіну. З аўсу і жыта вілі вяночак. Усё гэта ставілі ў касцёле перад алтаром. Абавязковым лічылася і асвячэнне на Зельну лекавых раслінаў. Пазней яны выкарыстоўваліся не толькі як лекавы, але і як ахоўны сродак: ад пярэпалаху, ад навальніцы, для аховы кароў і г.д. Дзень гэты не працавалі, заканчваўся ён святочным застоллем. У некаторых рэгіёнах пасля Зельны пачыналіся засеўкі азімых.

У турыстычнай справе можа быць выкарыстана як аснова для арганізацыя наведвання турыстамі традыцыйных рэгіянальных фэстаў, а таксама пастановак з элементамі традыцыйнай абраднасці і арганізацыі вечарынаў для знаёмства з рэгіянальнай кухняй.

І.С. Чарнякевіч.

105 гадоў з дня нараджэння Анатоля Багатырова

Анатоль Васільевіч БАГАТЫРОЎ (13 жніўня 1913, Віцебск - 13 верасня 2003, Менск) - беларускі савецкі кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч. Заслужаны артыст Беларусі (1940). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1944). Прафесар (1960). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1969). Народны артыст РСФСР (1981). Народны артыст БССР (1968). Лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1941). Ганаровы грамадзянін Віцебска (2002).

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара В. А. Залатарова ў 1937. З 1948 года выкладчык кампазіцыі ў Беларускай акадэміі музыкі, у 1948-1962 гады яе рэктар. У 1938-1949 гадах старшыня праўлення СК БССР. Дэпутат ВС БССР (1938-1959).

А. В. Багатыроў памёр 19 верасня 2003 года. Пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.

Належаў да першага пакалення беларускіх кампазітараў, творчасць якіх фарміравалася ў рэчышчы савецкага музычнага мастацтва. Кампазітарскаму мысленню Багатырова ўласцівыя шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, схільнасць да ўвасаблення глыбока жыццёвых канцэпцый, дэмакратычная накіраванасць.

Тэмы сучаснасці, гуманістычнай ідэі ўвасоблены ў музыцы Багатырова яснай, пераканаўчай музычнай мовай, заснаванай на беларускай народнай песеннасці. Нацыянальныя рысы выяўляюцца ў мэласе, рытміцы, ладавых формах. Музыкальная тканіна твораў звычайна прасякнута развітымі меладычнымі ўтварэннямі, якія фарміруюць поліфанізаваную фактуру. Для твораў характэрна працяглае дынамічнае развіццё тэматычнага матэрыялу, вытокі якога знаходзяцца ў фальклорных жанрах (балада, жніўныя песні і інш.).

Творчай манеры ўласцівая эпічнасць выказвання. Узнёслая філасофская лірыка, псіхалагічная паглыбленасць.

Вікіпедыя.

Слова да паважаных чытачоў газеты і жнівенскіх педсаветаў

Леанід Лыч, Мікола Савіцкі

Як гэта ні дзіўна можа падацца, але ў нас з усіх сфераў грамадскай дзейнасці людзей у найбольшай меры адрывае беларусаў ад уласных і інтэгруе ў чужыя культурнамоўныя каштоўнасці - гэта адукацыя. Яе русіфікатарскі характар не толькі не аслабеў, а, наадварот, яшчэ больш узмацніўся. Адарванасць сферы адукацыі ад беларускага нацыянальнага інтарэсу непакоіць усіх, хто жыве, працуе на яго карысць. Да людзей такой здаровай нацыянальнай свядомасці належым і мы, таму і палічылі неабходным выказаць свае меркаванні кіраўніцтву Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, як гэтую важную дзяржаўную сферу з яе вялізным інтэлектуальным патэнцыялам трансфармаваць з нацыяруйнавальнай у нацыястваральную.

Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі адрэагавала на нашы прапановы, за што мы ўдзячныя яму. На жаль, у адказе адсутнічае дыялог па сутнасці праблемы. Таму просім рэдакцыю змясціць на сваіх старонках нашу перапіску з Міністэрствам. Яна, думаецца, выкліча зацікаўленасць у чытачоў, прымусіць задумацца, што трэба рабіць, каб маладыя пакаленні пасля заканчэння вучобы не былі нямымі ў сваёй роднай беларускай мове.

Мяркуем, наша перапіска з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь выкліча зацікаўленасць, прынясе нямалую карысць нацыянальнаму інтарэсу, калі з ёю пазнаёмяцца, возьмуць на ўзбраенне і ўдзельнікі штогадовых жнівеньскіх "Педагагічных канферэнцый" (педсаветаў). Катастрафічная становішча ў народнай адукацыі з-за страшэннага спаду ролі нацыянальнага фактару, робіць неабходным змагацца з гэтым ліхам і кожнаму настаўніку, максімальна выкарыстоўваючы дазволеныя ў дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь сродкі. Жыццё пераканаўча паказала, што прынятыя ў ёй нарматыўныя акты датычна моўнага рэжыму ў выхаваўчых і навучальных установах, сама праца ў іх педагагічных калектывах не даюць станоўчых вынікаў. Маладая змена ў Беларусі ўступае ў жыццё не беларускамоўная, не са здаровай нацыянальнай свядомасцю. Нават не ведаюць, што ад нараджэння беларусы з'яўляюцца носьбітамі мовы, якая ЮНЭСКА занесена ў спіс выміраючых.

* * *

Нацыянальная адукацыя - галоўны гарант рэальнага северэнітэту, будучыня беларускага народа

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь

Карпенку Ігару Васілевічу

Мінуў ужо не адзін дзясятак гадоў, як беларусы перасталі быць народам паўнавартасным, са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, з выразным этнічным пачаткам, з роднай этнічнай мовай на вуснах. І ў такіх нацыянальна-гаротных, асірацелых ва ўласнай бацькоўскай хаце пераўтварыліся яны не самі па сабе, не ў выніку якой-небудзь жалезнай гістарычнай заканамернасці, а пад уздзеяннем не аднаго стагоддзя дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі і асабліва двух апошніх дзесяцігоддзяў. Цэнтральным жа, ударным звяном такой разбуральнай антынацыянальнай палітыкі з'яўлялася і з'яўляецца франтальна навязаная дзяржавай народу рускамоўная сістэма адукацыі.

Гэтая галоўная нацыястваральная сфера не прынесла аніводнаму з еўрапейскіх народаў такой вялізнай шкоды, як беларускаму. І пачалося такое ліха тады, як ён апынуўся ў складзе Рэчы Паспалітай. На высокім прафесійным узроўні многія гады вяла сваю асімілятарскую дзейнасць рэакцыйная ў нацыянальным плане расійская сістэма адукацыі. Галоўным чынам па яе віне мільёны этнічных беларусаў Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны, Чарнігаўшчыны трансфармаваліся ў рускіх. Што на гэтых тэрыторыях некалі жылі беларусы сёння сведчаць толькі назвы некаторых населеных пунктаў і штосьці з мясцовай гаворкі людзей сталага веку.

Да гонару педагагічнай інтэлігенцыі і ўвогуле адукаваных колаў беларускага грамадства можна залічыць, што ў іх асяроддзі заўжды хапала сур'ёзных, смелых апанентаў царскай русіфікатарскай сістэме адукацыі. Без асобаў такога здаровага нацыянальнага гарту цар не пагадзіўся б дазволіць пасля рэвалюцыі 1905 - 1907 гадоў адкрыццё школ на беларускай мове. У досыць масавым парадку ствараліся і працавалі яны на занятай у Першую сусветную вайну кайзераўскімі войскамі тэрыторыі нашага краю, з якой вымушана была з'ехаць царская адміністрацыя з усімі сваімі русіфікатарскімі кадрамі і планамі па асіміляцыі яго карэннага жыхарства.

Нельга не стаць на калені перад педагагічным корпусам маладой Савецкай Беларусі, асабліва яе наркамамі асветы Аляксандрам Чарвяковым, Усеваладам Ігнатоўскім, Антонам Баліцкім - бязвіннымі ахвярамі бальшавіцкіх масавых фізічных рэпрэсій. Іх уклад у стварэнне, развіццё беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі - гэта адна з самых славутых старонак у нашай айчыннай гісторыі. У гады міжваеннай беларусізацыі настаўніцтва пад кіраўніцтвам цвёрдай нацыянальнай пазіцыі працаўнікоў рэспубліканскага, акруговых, абласных, раённых (гарадскіх) апаратаў асветы дапамагло не толькі школьнікам, студэнтам, але і ўсяму беларускаму народу глянуць на сябе, як на самабытны, адрозны ад усіх суседзяў этнас. Людзі па-сапраўднаму ганарыліся сваёй прыналежнасцю да беларускай нацыі, шанавалі як зрэнку вока яе культуру і мову.

Пад уздзеяннем гістарычных дасягненняў у сферы асветы ў гады беларусізацыі вялася ўпартая барацьба за нацыянальную школу на той частцы тэрыторыі Беларусі, што паводле несправядлівай Рыжскай дамовы 1921 года апынулася ў складзе Польшчы.

За беларускамоўную сістэму асветы было каму заступіцца і ў пасляваенныя гады. Шчырых нацыянальных патрыётаў з ліку педагогаў асабліва непакоіла адсутнасць беларускай мовы ў практыцы сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, бо многімі добра разумелася, што такая крайне адмоўная, нічым не абгрунтаваная практыка не можа не перакінуцца і ў самае шматлікае па колькасці навучэнцаў звяно асветы - агульнаадукацыйную школу. Тым шчырым прыхільнікам, змагарам за абавязковую, нязменную прысутнасць роднага слова ў педагагічным працэсе сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы ніяк не пазайздросціш: многія з іх пазбавіліся сваіх пасад, у тым ліку і кіраўнічых. Самыя сур'ёзныя выпрабаванні за прыхільнасць да беларускасці выпалі на долю і міністра асветы БССР Платона Саевіча (1947-1951). За шчырую адданасць беларускаму нацыянальнаму ідэалу яго арыштавалі і прысудзілі да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Яго імя даўно павінна была б насіць адна з вуліц беларускай сталіцы і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, бо радзіма гэтай моцнай нацыянальнай беларускай арыентацыі асобы знаходзіцца на берасцейскай зямлі.

Шмат дзеячаў, адданых нацыянальнаму пачатку ў сферы народнай адукацыі БССР, выйшла на арэну ў апошнія гады існавання СССР, асабліва калі быў прыняты цалкам камуністычным Вярхоўным Саветам 12 склікання БССР 26 студзеня 1990 года гістарычнай важнасці Закон "Аб мовах у Беларускай ССР", якім паводле ўсталяванай ва ўсіх монанацыянальных краінах практыцы справядліва, апраўдана і ўлады Беларусі надалі роднай мове сваёй тытульнай нацыі статус адзінай дзяржаўнай у краіне.

Інакш, як гістарычнымі, нельга назваць дасягненні парламенцкай сістэмы кіравання краінай па стварэнні сапраўднай беларускай нацыянальнай адукацыі. У правамернасць існавання толькі яе, а не якой-небудзь іншай, на нашай змардаванай палітыкай русіфікацыі зямлі, паверыла абсалютная бальшыня людзей. Светлыя нацыянальна-адраджэнцкія мары нашага народа не збыліся, бо з лета 1994 года над яго зямлёй уварваліся, пачалі праносіцца магутныя ўсходнія вятры. Як і трэба было чакаць, яны ў першую чаргу пачалі ўрывацца ў адукацыю, дзе ішоў натуральны ў найвышэйшай ступені прагрэсіўны працэс фармавання вольнай ад любых формаў асіміляцыі маладой змены беларускай нацыі. Нягледзячы на ўпарты супраціў трывалай нацыянальнай пазіцыі педагагічнай інтэлігенцыі, у сістэме адукацыі пачаў крок за крокам усталёўвацца, узмацняцца рускі пачатак, які актыўна падтрымліваў магутны дзяржаўны чыноўніцкі апарат. Створаная пры яго непасрэдным удзеле знізу і да самага верху сістэма кіравання адукацыяй цалкам перайшла на прарасійскія пазіцыі, перастала быць носьбітам, архітэктарам усяго нацыянальнага ў сферы сваёй прафесійнай дзейнасці. Гэта ўнікальная - прычым не толькі для Еўропы! - з'ява, калі органы адукацыі на зямлі свайго народа аддаюць прыярытэты чужароднаму, а не нацыянальнаму. Ва ўсіх жа цывілізаваных краінах праводзіцца ў адукацыйнай сферы прама процілеглая палітыка.

Больш як за дваццаць апошніх гадоў не было выпадку, каб Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узяло на сябе ініцыятыву па ўмацаванні нацыянальнага пачатку ў сферы сваёй дзейнасці. Наадварот, яно ўсяляк супраціўляецца гэтаму, калі хтосьці з нацыянальна-патрыятычных колаў патрабуе ад яго ўтаймаваць русіфікацыю, даць хоць трохі прасторы нацыянальнаму. Як заканамерны вынік, сёння ў нашай сістэме адукацыі адсутнічае так неабходнае ёй нацыянальна-беларускае аблічча. Яна носіць амаль цалкам прарасійскі характар, не ў стане зрабіць з маладых пакаленняў беларускага народа носьбітаў яго прыродных культурна-моўных традыцый, бязлітасна разбурае этнакультурную самабытнасць Рэспублікі Беларусь, няшчадна дэфармуе нацыянальную ідэнтычнасць яго карэннай нацыі.

Вось такую бяду прынесла і прыносіць нам прарасійская сістэма адукацыі. Нацыянальна-прагрэсіўныя колы беларускага грамадства не раз крытыкавалі, прасілі кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь карэнным чынам змяніць свае падыходы да навучання і выхавання моладзі, не пазбаўляць яе гістарычнай памяці, не адрываць ад культурна-моўных традыцый Бацькаўшчыны. І ўсё безвынікова! Чужародная адукацыя як была, так і застаецца магутным рэактарам этнічнай пераплаўкі моладзі з беларусаў у бязродных рускіх. І, думаецца, застаецца такой галоўным чынам па волі найперш за ўсё саміх уладных структур краіны, дзякуючы якім і створаная ў ёй адпаведная сістэма адукацыі. У мэтах русіфікацыі маладых пакаленняў беларусаў яе з належнай аддачай выкарыстоўвалі кіраўнікі гэтага міністэрства В.І. Стражаў (1994-2001), П.І. Брыгадзін (2001-2003), А.М. Радзькоў (2003-2010), С.А. Маскевіч (2010-2014), М.А. Жураўкоў (2014-2016).

Хоць і з недаравальна вялікім спазненнем (не па Вашай віне), Вам, глыбокапаважаны Ігар Васілевіч, неабходна стварыць з ліку высокаэрудзіраваных, здаровай нацыянальнай пазіцыі супрацоўнікаў калектыў па выпрацоўцы Канцэпцыі аб поўным пераходзе на працягу дзесяцігадовага тэрміну ад рускамоўнай да беларускамоўнай нацыянальнай сістэмы адукацыі і падаць яе на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта краіны. Неабходнасць пайсці на такі крок абумоўлена тым, што ў самога міністэрства занадта мала правоў і магчымасцяў, каб чужародную сістэму адукацыі зрабіць па-сапраўднаму нацыянальнай. Не выключаем, што на гэта можа не хопіць смеласці, адвагі нават і ў самога Прэзідэнта, бо сучасная нашая сістэма адукацыі на ўсе сто адсоткаў задавальняе ўрад, шавіністычна настроеных палітыкаў і інтэлектуалаў Расіі. Што для нас значаць іх воля, настрой, кожнаму вядома. І ўсё ж трэба ісці на любую рызыку, не зважаючы на ўсходняга суседа, бо без уласнай, адпаведнай нацыянальнаму інтарэсу беларускага народа сістэмы адукацыі, яго немінуча чакае этнічнае выміранне. Гісторыя дае Вам шанец стаць бацькам, а Вашым супрацоўнікам быць стваральнікамі сапраўднай беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі і ўвайсці ў шэрагі славутых асобаў нашага часу.

Да таго як распачаць карэнную ломку існай сістэмы адукацыі, не рэкамендуем Вам падключаць да гэтай не толькі тонкай, але і надзвычай адказнай справы сам народ. Не рэкамендуем таму, што ён вельмі раз'яднаны русіфікацыяй, амаль цалкам адарваны ад уласнай нацыянальнай глебы. Да таго ж адукацыя - гэта надзвычай складаная з'ява, разабрацца з якой падуладна толькі прафесіяналам высокай эрудыцыі, багатага практычнага досведу і да таго ж яшчэ тым, хто ведае цану нацыянальнаму.

У святле ўсяго выкладзенага вышэй зразумела, чаму ў 2015 годзе выйшла ў свет рускамоўная "Белорусская педагогическая энциклопедия" і чаму ў ёй так мала беларускага. Логіка тут вельмі простая: рускамоўнай адукацыі патрэбная і рускамоўная энцыклапедыя, прычым такая, у якой да мінімуму зведзены артыкулы, дзе хоць штосьці асвятлялася б з беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Усё гэта на выдатна выканана рэдакцыйнай калегіяй і аўтарамі "Белорусской педгогической энциклопедии". Аднак чытацкім попытам на яе нельга пахваліцца. Распаўсюджвалася і распаўсюджваецца з вялікімі цяжкасцямі і галоўным чынам па спісу, па бібліятэках. Таму вельмі добра, што гэты энцыклапедычны даведнік выйшаў на рускай, а не на беларускай мове, бо ўсе цяжкасці з распродажам былі б спісаны на яе адрас...

... З розных крыніц нам вядома, што рэдакцыйная калегія "Белорусской педгогической энциклопедии" прызнала адным з істотных недахопаў яе поўную адсутнасць артыкулаў аб самых вядомых дзеячах сферы адукацыі і збіраецца прысвяціць ім трэці том. Думаецца, што так рабіць не варта, бо ён будзе выглядаць нейкім другарадным дадаткам да асноўнага выдання. Найлепш за ўсё пакінуць так, як адбылося і з усёй сур'ёзнасцю прыступіць да падрыхтоўкі і выдання паўнавартаснай беларускамоўнай педагагічнай энцыклапедыі, напісанай пераважна на беларускім матэрыяле, не дапускаючы ўсіх тых хібаў, з якімі выйшла ў свет яе рускамоўная папярэдніца. Калі ў беларускамоўнай педагагічнай энцыклапедыі будуць аб'ектыўна паказаны гісторыя айчыннай народнай адукацыі, нястомнае змаганне перадавых людзей нашага краю за наданне ў ёй належнага месца нацыянальнаму пачатку, будуць прысутнічаць імёны соцень слынных айчынных вучоных педагогаў і перадавых настаўнікаў, такі каштоўны даведнік, нягледзячы на сваю беларускамоўнасць, абавязкова будзе карыстацца шырокім попытам у чытачоў, прычым не толькі педагогаў. У якасці прыкладу можна спаслацца на выдадзеную ў 1993-2003 гг. на беларускай мове "Энцыклапедыю гісторыі Беларусі". Мець яе ў асабістай бібліятэцы - гэта вялікі гонар для кожнага свядомага беларуса. Такі гонар здабудзе і " Беларуская педагагічная энцыклапедыя", калі з яе артыкулаў чытач даведаецца пра тых, хто самаахвярна змагаўся за права беларусаў мець нацыянальную сістэму адукацыі і хто перашкаджаў ім у гэтым; калі даведаецца пра шляхі, як сёння рускамоўную адукацыю ператварыць у беларускамоўную, зрабіць яе па-сапраўднаму ўласнай, а не чужароднай. Бо толькі такая адукацыя прадухіліць нас ад этнічнага вымірання, не дасць нікому пазбавіць Рэспубліку Беларусь нацыянальнага суверэнітэту, знішчыць яе прыроднае культурна-моўнае аблічча.

Можна лічыць спрыяльнай для ажыццяўлення карэнных перамен у сістэме адукацыі сітуацыю, што сёння ўрад Рэспублікі Беларусь і яе галоўную нацыястваральную сферу (адукацыю) ўзначальваюць асобы рускай нацыянальнасці Андрэй Кабякоў і Ігар Карпенка. Калі па ініцыятыве гэтых уплывовых ва ўладных структурах асобаў пачнецца не мяккая, а так неабходная ў інтарэсах Бацькаўшчыны канструктыўная беларузізацыя сучаснай рускамоўнай адукацыі, ніхто, у тым ліку і ў Расіі, не абвінаваціць гэтых асобаў ў беларускім наступальным, агрэсіўным нацыяналізме ці ў русафобіі, чаго ў нас не назіраецца на практыцы. Дарэчы, у міжваенны перыяд самая высокая выніковасць беларусізацыі, яе сапраўдны пік у сферы адукацыі назіраліся акурат ў час, калі першымі сакратарамі Камуністычнай партыі Беларусі з'яўляліся прысланыя сюды Масквою асобы рускай нацыянальнасці. Чаму б не ўзяць з іх прыкладу?

Творачы ў сябе дома беларускамоўную сістэму адукацыі, мы менш за ўсё павінны глядзець, як да гэтага будуць ставіцца ўзгадаваны ў нас "русский мир" ці ў Расіі. Мы беларусы, таму і ўсе тыпы навучальных устаноў у нас павінны быць беларуска-моўнымі. Такое дыктуецца не толькі нашымі глыбіннымі нацыянальнымі інтарэсамі, але і практыкай усіх цывілізаваных народаў, асабліва еўрапейскіх, да якіх, на вялікае шчасце, належаць беларусы. Калі на сваёй дарагой, роднай зямлі мы насуперак разумнаму сэнсу будзем заставацца рускамоўнымі, нас рана ці позна немінуча напаткае гістарычна-трагічны лёс адносін паміж Расеяй і Украінай.

Ліпень 2018 г. Леанід Лыч, прафесар,

Мікола Савіцкі, прафесар.

* * *

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

15.12.2015 № 05-3058

Накіроўваецца па электроннай пошце

Савіцкаму М.

mikola.savicki@mail.ru

(для інфармавання зацікаўленых)

Міністэрствам адукацыі разгледжаны Ваш зварот аб беларускай мове, які паступіў з Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У межах сваёй кампетэнцыі паведамляем наступнае.

Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва краіны.

Артыкулам 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, карыстацца роднай мовай, а дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Рэалізацыя вышэйазначаных канстытуцыйных норм знайшла сваё развіццё ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".

Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон) мае на мэце ўрэгуляванне адносiн у галiне развiцця i ўжывання беларускай, рускай i iншых моў, якiмi карыстаецца насельнiцтва рэспублiкi ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамiчным i культурным жыццi, ахову правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, замежных грамадзян i асоб без грамадзянства ў гэтай сферы, выхаванне паважлiвых адносiн да нацыянальнай годнасцi чалавека, яго культуры i мовы, далейшае ўмацаванне дружбы i супрацоўнiцтва народаў.

Сёння беларуская мова - гэта высокаразвітая літаратурная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Як і любая іншая мова, яна аб'ектыўна выконвае ў грамадстве тры асноўныя функцыі: камунікатыўную (сродак зносін), культурную (з'яўляецца часткай і сродкам нацыянальнай духоўнай культуры), ідэнтыфікацыйную (сродак нацыянальнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі).

Беларуская мова распаўсюджана і функцыянуе на ўсёй тэрыторыі нашай дзяржавы. Яна шырока выкарыстоўваецца ва ўстановах адукацыі, з'яўляецца не толькі вучэбным прадметам, але і рэальным сродкам навучання, прысутнічае ў сферы навукі, сродках масавай інфармацыі, у сферы справаводства і кіравання, а таксама і ў ваеннай сферы. Яна з'яўляецца мовай дзяржаўных і афіцыйных дакументаў, мовай візуальнай і гукавой інфармацыі і рэкламы.

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам жаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў). У заяве законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў вызначаецца пажаданая мова навучання дзіцяці.

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзеці далучаюцца да багацця беларускай мовы, фарміруюцца каштоўнасныя адносіны да яе. Ва ўсіх узроставых групах ажыццяўляецца знаёмства з беларускімі народнымі святамі, звычаямі, творамі беларускіх пісьменнікаў і кампазітараў, выхоўваецца пачуццё этнічнай прыналежнасці, фарміруюцца ўяўленні аб роднай краіне, устойлівая цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы. У розных відах дзіцячай дзейнасці развіваецца культура маўленчых зносін, фарміруецца актыўны і пасіўны слоўнік, граматычны лад маўлення, правільнае вымаўленне гукаў, дыялагічнае і маналагічнае маўленне як сродак зносін.

Вывучэнне беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынаецца з першага класа. З наступнага навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынаючы з ІІ класа незалежна ад мовы навучання на вывучэнне беларускай і рускай моў, беларускага і рускага літаратурнага чытання будзе адведзена аднолькавая колькасць гадзін (на вывучэнне беларускай і рускай моў - 3 гадзіны на тыдзень, беларускага і рускага літаратурнага чытання - 2 гадзіны на тыдзень). Адпаведна для ІІІ класа пераход на новы тыпавы вучэбны план адбудзецца з 2017/2018 навучальнага года, для ІV класа - з 2018/2019 навучальнага года.

Незалежна ад мовы навучання ў V-ХІ класах на вывучэнне вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" і "Русский язык", "Русская литература" адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін.

З 2015/2016 навучальнага года вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў Х класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (з 2016/2017 навучальнага года і ў ХІ класе) арганізавана на двух узроўнях - базавым і павышаным. На базавым узроўні на вывучэнне беларускай мовы прадугледжана 1 гадзіна на тыдзень, беларускай літаратуры - 1,5 гадзіны на тыдзень, на павышаным узроўні на вывучэнне беларускай мовы - 3 гадзіны на тыдзень, беларускай літаратуры - таксама 3 гадзіны на тыдзень.

Пачынаючы з 2012 года Міністэрствам адукацыі вывучаецца запатрабаванасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання, вучні якіх жадаюць вывучаць вучэбныя прадметы "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія" на беларускай мове, што ўлічваецца пры фарміраванні тыражу на падручнікі па дадзеных вучэбных прадметах.

Прадугледжаны абавязковы выпускны экзамен па беларускай і рускай мовах за перыяд навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, выпускны экзамен па адной з дзяржаўных моў на выбар вучняў - на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі забяспечана права выбару тэстаў на рускай або беларускай мове пры праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання.

Вывучэнне беларускай мовы дадаткова ажыццяўляецца праз правядзенне факультатыўных заняткаў. Міністэрствам адукацыі зацверджана больш за 40 праграм факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура".

З мэтай выяўлення адораных вучняў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, уласных здольнасцей, заахвочвання іх да паглыбленага вывучэння пэўнай тэмы ці адпаведнага матэрыялу Міністэрствам адукацыі праводзяцца рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура", рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў. Штогод удзельнікамі інтэлектуальных рэспубліканскіх спаборніцтваў з'яўляюцца каля 280 тысяч вучняў нашай краіны. Названыя мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей вучняў, і іх правядзенне запланавана як на ўзроўні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, раёнаў, абласцей, так і на рэспубліканскім узроўні.

Грамадскім аб'яднаннем "Беларуская асацыяцыя "Конкурс" у лютым месяцы для вучняў ІІ - ХІ класаў традыцыйна праводзіцца гульня-конкурс "Буслік". Штогод у конкурсе прымае ўдзел каля 104 тысяч вучняў.

Нацыянальная сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь стварае ўсе неабходныя ўмовы для выхавання рознабакова развітай, свабоднай, маральна сталай, творчай асобы навучэнца, здольнай будаваць адносіны паміж людзьмі, народамі і дзяржавамі на аснове павагі, талерантнасці, добрасуседства і справядлівасці.

Развіццё сістэмы выхавання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі ідэалогіі беларускай дзяржавы, прынцыпамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, палажэннямі Канцэпцыі і Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гг.

З мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа штогод у лютым адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У межах свята ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізуюцца навуковыя канферэнцыі, выставы мастацкай літаратуры, Дні і Тыдні беларускай мовы, алімпіяды, конкурсы, тэматычныя выхаваўчыя гадзіны.

Ва ўстанове адукацыі "Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі" ў 2015 годзе рэалізуецца рэспубліканскі інтэрактыўны праект "Рэцытацыя" з удзелам навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Праект падрыхтаваны ў адпаведнасці з канцэпцыяй "Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў". Таксама праводзяцца рэспублікан-ская выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў "Калядная зорка", інтэлектуальныя гульні сярод вучняў "Беларусь сінявокая" і інш.

Магчымасць атрымаць адукацыю на беларускай мове забяспечваецца і ўсім дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца з улікам структуры і ступені цяжкасці парушэнняў развіцця дзіцяці і мае карэкцыйную накіраванасць.

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі для абавязковага вывучэння ўведзены курс "Беларуская мова (прафесійная лексіка)".

У шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі (далей - УВА) ажыццяўляецца адпаведная работа па пашырэнні межаў выкарыстання беларускай мовы ў адукацыйным працэсе. Распрацоўваюцца і выдаюцца вучэбна-метадычныя комплексы па асобных дысцыплінах, у тым ліку і спецыяльных. Для ажыццяўлення якаснага выкладання дысцыплiн на беларускай мове арганiзавана павышэнне квалiфiкацыi выкладчыкаў (праз спецыяльныя курсы). У асобных УВА (звыш 20) створаны вучэбныя групы, у якіх студэнты навучаюцца на рускай і беларускай мовах. Пашыраецца колькасць спецыяльных дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на далейшае паглыбленне выкарыстання беларускай мовы і яе папулярызацыі ва ўстановах адукацыі краіны.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" адказ Міністэрства адукацыі Вы маеце права абскардзіць у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.

Намеснік Міністра Р.С. Сідарэнка.

Прозвішчы Беларусі

Новая серыя. Частка 2

Павел Сцяцко

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

1834. Фок (Аксана) - семантычны вытвор ад апелятыва фок (спец.) 'ніжні прамы ветразь на пярэдняй мачце карабля або трохвугольны ветразь на караблі з адной мачтай' (ТСБМ, т. 5. Кніга 2, с. 173).

1835. Франко (Іван) - украінская форма імені Францішак (<ст.-герм. frank 'вольны, адкрыты') набыла ролю прозвішча Франко (Іван) - знакавай постаці ўкраінскай і сусветнай літаратуры, гісторыі і культуры (яго спадчына налічвае больш за сто тамоў). У беларускай мове гэтае афіцыйнае імя мае свае вытворы: Франак, Франук, Франчук, Франь, Прань, Пранко, Пранько, Прануза і адпаведныя прозвішчы, а таксама суфіксавыя дэрываты ад іх: Франчанка, Францкевіч, Праневіч, Пранкевіч, Прановіч.

1836. Фядэцкі (Земавіт, Зёмак) - вытвор з фармантам -скі(-цкі) ад антрапоніма Фядэц і значэннем 'нашчадак названай асобы' ці з семантыкай прэстыжнасці: Фядэцскі - Фядэцкі. ФП: Фёдар (імя, з мовы грэкаў Theodoros: theos 'Бог' і daron 'дар' = 'божы падарунак') - Федец (1528 г.) - Фядэц - Фядэцкі.

1837. Хаданёнак (Марыя) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Ходан і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Ходанёнак - Хаданёнак. ФП: ходацца ('дужацца, бароцца', "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1065) - ходан ('той, хто ходаецца - дужаецца, борацца') - Ходан (мянушка, потым прозвішча) - Хаданёнак.

1838. Хаменка (Алег) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Хама і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хаменка. ФП: Фама (імя <арам. 'блізнюк') - Хома (1528 г.) - (народная форма) - Хама (празванне, потым прозвішча) - Хаменка.

1839. Ханінаў (Міхаіл) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Ханін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ханінаў. ФП: хан ('тытул манарха, феадальнага правіцеля ў некаторых цюркскіх і мангольскіх народаў, а таксама асоба, якая мае гэты тытул') - Хан (мянушка, потым прозвішча) - Ханін ('нашчадак хана', прыналежны суфікс -ін) - Ханінаў.

1840. Харэвіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Хар і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Харэвіч. ФП: Харытон (імя <грэч. 'дабрадушны, шчодры, надзейны') - Харко (1597) - Хар (празванне) - Харэвіч (прозвішча). Або ад рус. хорь ('тхор') - Хор (мянушка) - Хорэвіч - Харэвіч.

1841. Хіжынкова (Вольга) - вытвор з фармантам - ова ад антрапоніма Хіжынка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Хіжынкова. ФП: хіжынка - памянш.-ласк. ці зневаж. ад хижина (рус.) 'хаціна') - Хіжынка (мянушка, потым прозвішча) - Хіжанкова.

1842. Хмурова (Ніна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Хмуры і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Хмурава - Хмурова. ФП: хмуры ('пахмурны, воблачны (пра неба, надвор'е і пад.)', перан. 'сумны, пануры') - Хмуры (мянушка, потым прозвішча) - Хмурова.

1843. Храпіцкая (Надзея) - семантычны вытвор ад апелятыва храпіцкая 'тая, хто храпе - утварае храп' або (разм.) 'спіць моцным сном'. Параўн. даць (задаць) храпака 'захрапець, заснуць'.

1844. Худзякоў (Юрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Худзяк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Худзякоў. ФП: худы ('з тонкім, хударлявым целам') - худзяк ('пра худога чалавека') - Худзяк (мянушка, пазней прозвішча) - Худзякоў.

1845. Худык (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Худы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Худык. ФП: худы ('з тонкім, хударлявым целам') - Худы (мянушка, потым прозвішча) - Худык. Мадэль утварэння ўласцівая славянскім мовам: Вутлік (< вутлы), Хворык (< хворы), Белік (< Белы), Лукашык, Pawlik ( Pawel).

1846. Цівунчык (Мікалай) - вытвор з суфіксам - чык ад антрапоніма Цівун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цівунчык. ФП: цівун ('наглядчык за працай сялян у памешчыка ў часы прыгону') - Цівун (мянушка, потым прозвішча) - Цівунчык. Або як памяншальна-ласкальнае ад цівун, Цівун.

1847. Ціж (Галіна) - другасная форма, першасная Чыж - семантычны вытвор ад апелятыва чыж 'невялікая лясная пеўчая птушка сямейства ўюркавых'. Мена гукаў [ ч] на [ ц] уласцівая гаворкам Захаду Беларусі і адлюстроўваецца ў антрапаніміі: Чыгрын - Цігрын ( цігра 'тыгр'). Гэта фанетычны працэс знайшоў фіксацыю ў "Слоўніку народнай мовы Зэльвеншчыны" і ў "Падручным гістарычным слоўніку субстантыўнай лексікі" (Мінск, 2013): цярэшня - чарэшня.

1848. Чабатарэўская (Тамара) - вытвор з суфіксам - эўская ад тапоніма Чабатары і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці': Чабатарэўская. ФП: чобат ('бот') - Чобат (мянушка, потым прозвішча) - Чабатары ('мясціна з прозвішчамі Чабатар') - Чабатарэўская.

(Працяг у наст. нумары.)

Фотасесія з першадрукаром

Скарынаўскі леташні год, хоць і мінуў, але запомніўся шматлікімі акцыямі, выставамі, публікацыямі. Юбілейная дата 500-годдзя з часу выхаду ў свет скарынаўскай "Бібліі" на старабеларускай мове адзначалася не толькі ў Беларусі. 6 жніўня стала святам беларускага першадрукарства ва ўсім свеце, найперш у чэшскай Празе, месцы выдання вялікай кнігі.

Нясвіж да гэтага свята мае крэўную гістарычную прыналежнасць. У сярэдзіне ХVI стагоддзя ў горадзе працавала друкарня Сымона Буднага - асветніка, філосафа, выдаўца, паслядоўніка Францішка Скарыны на Беларусі.

На прапанову ўшанаваць 6 жніўня як дзень беларускага першадруку ахвотна адгукнуліся ў дзіцячым садку № 4. Ранічкай сустракалі ўсіх народнай загадкай: "Белае поле, чорнае семя; хто яго сее, той разумнее". Выхавацелі расказвалі маленькім пра рукапісныя ды друкаваныя кнігі. Асобныя групы наведаліся да помніка нясвіжскаму першадрукару. Калі ж вечарам бацькі забіралі маленькіх з садка, то кіравалі не дадому, а зноў жа да помніка, каб зладзіць там сямейную фотасесію "Мы і Будны", "Я і Будны".

Крыху здзіўленыя гараджане і заезджыя турысты пазіралі на тое, як маленькія клалі на подыум букецікі кветак, артыстычна пазіравалі з "фаліянтамі" буквароў ды сваіх любімых кніжак. А то і проста гулялі, забаўляліся на прасторным пляцы перад помнікам. Адным словам, у дзіцячым садку № 4 зрабілі ўсё, каб вялікі дзень у гісторыі беларускай мовы і кнігадрукавання не прайшоў будзённа і незаўважна, а напоўніўся святочнымі фарбамі і каларытам.

Хочацца верыць, што сёлетні добры прыклад не застанецца эпізадычна адзінкавым, а ў наступным годзе прымножыцца энтузіязмам іншых адукацыйна-культурных асяродкаў, што вядомы афарызм "Мы нашчадкі Скарыны" напоўніцца дзейнай канкрэтыкай ушанавальнага святкавання.

Акцыя атрымалася нечакана шматлюднай - бацькі, дзеці, выпадковыя мінакі, турысты. На фотаконкурс адпраўлена 34 фотаздымкі. А перамаглі ўсе: у добрай справе няма лепшых і горшых.

Старшыня Нясвіжскай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса.

Я чую песню старажытнага Крэва

На бардаўскім фэсце ў Вайцюшках узорамі высокай паэзіі падзяліўся малады спявак Максім Знак. Яго цыкл "Гарады" напісаны са шляхетнымі, патрыятычнымі пачуццямі. Калі ён бачыць стракатыя дахі Вільні і вежу Гедыміна, заўважае ў завулку постаць Скарыны і адчувае ягоны дух, у ім прачынаецца памяць дзядоў з любоўю да нашай крывіцкай Мекі.

Палымнее касцёл святой Ганны,

На далоні не змесціцца ён,

Захаваю ў душы той цагляны,

Скіраваны ў неба агонь.

Паэт і выканаўца нарадзіўся ў Менску, але вельмі пранікнёна напісаў пра Ракаў, паўночныя Афіны, край талерантных прафесій.

Ракаў - яму ўсміхаюцца зоры,

Ракаў - праходзяць тут межы душы.

Мястэчка пад Менскам,

Дзе Іслач і горы,

Дзе можна застацца, застацца ды жыць.

Уражвае слухачоў яго песня пра старажытнае Крэва, пранізаная інтуітыўным адчуваннем гісторыі.

Я бачу тое, чаго ўжо даўно няма:

Прывіды сцягоў над прывідамі вежаў,

І сажалку, якой даўно няма,

Высокія муры замест каменных рэштаў.

Я чую, як спяваюць камяні…

У вершы "Ветразь" Максім уявіў, як белы ветразь вынырнуў з падземнай ракі Нямігі, што цячэ па трубах, і прамільгнуў каля Траецкага прадмесця паміж новых шэрых гмахаў.

У маладога паэта ёсць цыкл рамантычных песень "Мора", які перагукваецца з аднайменнай баладай Рыгора Барадуліна. Уражлівая душа назірае за колерамі вады, за сонцам над морам і апявае прыгажосць:

Яно шапоча, яно грукоча,

І днём, і ноччу

Зашыфраваны шле сігнал.

І будзе вечна спяваць аб нечым

Той спеў адвечны пакуль ніхто не разгадаў.

Пра сябе Максім Знак распавёў:

- Вершы я пішу са школьных гадоў, з 8 класа. З інстытуцкіх часоў я пачаў пісаць вершы і песні менавіта па-беларуску. Мне падабаецца песенная паэзія Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна, ёсць цікавасць да Анатоля Сыса, да англійскіх і расійскіх паэтаў.

Запісаў ужо тры альбомы песень. Яшчэ ёсць матэрыял на 7-8 альбомаў, ён чакае свайго часу. Некалькі разоў я ездзіў на Бардаўскую восень у Бельск і кантактаваў з іншымі выканаўцамі. Удзельнічаў у музычнай праграме "Пешаходка", якая праводзіцца ў Менску ў Верхнім горадзе. Займаюся таксама спортам.

Мы з жонкай Надзеяй працуем у адвакацкім бюро ў юрыдычнай фірме. Нашаму сыну Алесю 10 гадоў.

У цыкле спеваў пра каханне ёсць думка, што калі ўсё добра, песні не складаюцца. Калі нічога не турбуе, то і творы не нараджаюцца. Паэзія - гэта заўсёды хваляванне, перажыванне. Бывае, што перажыванне светлае і радаснае. Калі нешта ўразіла не ў станоўчым плане - пішаш песню.

Некалькі разоў я ўдзельнічаў у "Бардаўскай восені". У журы адборачнага туру былі Міхал Анемпадыстаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Сяргей Будкін, Алесь Камоцкі. У 2010 годзе мяне адабралі, але я не змог паехаць, бо быў у замежнай камандзіроўцы. У 2011 годзе праз інтэрнэт-галасаванне я патрапіў на фэст. У Бельску было вельмі цікавае шоў, паўсюль у горадзе віселі афішы, падзея была значнай. Кожнага выступоўцу ўважліва выслухоўвалі.

Гэта выдатны фестываль для бардаў, магчымасць знайсці сваю аўдыторыю, атрымаць падтрымку. Ёсць квота для беларускіх выканаўцаў і квота для выступоўцаў з Падляшша, тых, хто ў Польшчы піша песні і спявае па-беларуску. Наступны раз я паехаў у Бельск у 2016 годзе. Цікавасці і ўвагі да гэтага мерапрыемства было ўжо значна меней. Але ў любым разе, гэты фестываль - выдатны шанец для бардаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Менш чым праз месяц штогадовы фестываль Lidbeer ("Лідбір"), які ладзіць кампанія "Лідскае піва", пройдзе 8 верасня ў Лідзе. Хэдлайнерам музычнай часткі праграмы стане гурт "Ленинград".

LIDBEER - адзін з самых буйных, гучных і душэўных опэн-эйраў Беларусі.

Уваход на LIDBEER вольны! Кошт квітка на пляцоўку гала-канцэрту - ад 25 BYN.

Набыць квіткі можна на сайце lidbeer.by.

Нямецкая паліцыя ўратавала чалавека ад ваверчаняці

Навіны Германіі

Нямецкая паліцыя прыбыла на выклік, каб абараніць чалавека ад нападу малой вавёркі. Калі афіцэры ў горадзе Карлсруэ прыбылі на месца здарэння, яны сталі сведкамі таго, як звярок працягвае тэрарызаваць мужчыну, піша bbc.com.

Калі ваверчаня знясілілася і заснула, яго ўзялі пад варту.

У паведамленні праваахоўнікаў сказана, што грызун стаў іх новым талісманам, і яго назвалі Карлам-Фрыдрыхам.

Цяпер яго даглядаюць ў цэнтры выратавання жывёл.

Вавёркі звычайна пераследуюць людзей, калі ім трэба ежа або дапамога. Прэс-сакратар паліцыі Крысціна Крэнц распавяла, што ваверчаняты, якія страцілі маці, могуць замест іх пераключаць усю сваю ўвагу на чалавека, які ім сустрэнецца. "Гэта можа быць даволі страшна", - сказала яна, дадаўшы, што чалавек, які выклікаў паліцыю, "безумоўна, адчуваў сябе ў небяспецы".

Карл-Фрыдрых цяпер у бяспецы - у выніку яго дзеянняў ніхто не пацярпеў. Але не ўсе гісторыі, у якіх фігуруюць вавёркі, маюць такія шчаслівыя завяршэнні. Летась група з шасці вавёрак пакусала да моцнага крывацёку трохгадовага хлопчыка ў англійскім графстве Карнуэл.

bbc.com.

За гады незалежнасці рэстаўратары ўзнялі Лідскі замак

У жніўні заняткі гістарычнай школы ТБМ былі прысвечаны Лідзе і Лідскаму замку.

8 жніўня на лекцыю Алега Трусава на тэму "Ліда. Горад", якая прайшла ў офісе ТБМ, прыйшло два дзясяткі чалавек. Акрамя лекцыі былі паказаны фільмы Алеся Краўцэвіча (тэлеканал Белсат з серыі "Загадкі беларускай гісторыі" "Горад Ліда. Родам з Вялікага Княства" і "Лідскія касцёлы - ад велічы да заняпаду").

9 жніўня Алег Анатольевіч Трусаў прачытаў лекцыю "Ліда. Замак" і пазнаёміў наведвальнікаў з дзвюмя дакументальнымі стужкамі.

Цікава, што навуковая кар'ера маладога археолага пачыналася менавіта ля муроў Лідскага замка.

- Калі я пачынаў раскопкі, то не думаў, што праз 30 гадоў замак будзе стаяць, - кажа навуковец.

У стужцы доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча адлюстраваны факты з мінуўшчыны старадаўняй фартэцы.

Будаўніцтва замка было пачата ў 1323 г. вялікім князем ВКЛ Гедымінам. Замак будаваўся на насыпным пясчаным узгорку, акружаным берагамі рэк Лідзея і Каменка, і ровам, які злучаў гэтыя рэкі з поўдня і аддзяляў замак ад горада.

Верагодна, што менавіта адсюль у 1410 годзе на Грунвальдскую бітву выпраўлялася Лідская харугва. У 1422 годзе ў Лідскім замку святкавалася вяселле караля Уладзіслава Ягайлы і Сафіі Гальшанскай, якая стала маці каралёў дынастыі Ягелонаў.

За сваю гісторыю замак вытрымаў мноства бітваў і аблог. У XVIII ст. ён страціў сваё стратэгічнае значэнне і пачаў паступова разбурацца.

У 1891 г. цэнтральная частка горада Ліда моцна пацярпела пры пажары, і камяні з паўднёва-заходняй вежы і часткі заходняй сцяны замка былі выкарыстаны для аднаўлення будынкаў, што пацярпелі ад агню. У 1920-я гады пачалася кансервацыя замка, якая завяршылася ў 1982 г.

Археалагічныя даследаванні тут праводзілі Міхась Ткачоў, Алег Трусаў і Алесь Краўцэвіч. Рэстаўрацыйныя працы вяліся па праекце архітэктара Сяргея Багласава пры падтрымцы старшыні Лідскага гарвыканкама Уладзіміра Логаша (1969-1980).

У 1982 годзе была зроблена поўная кансервацыя Лідскага замка. Затым два дзесяцігоддзі вяліся (з перапынкамі) рэстаўрацыйныя работы. Маштабная рэстаўрацыя замка была праведзена ў 2010 г. З 2006 года замак стаў цэнтрам рыцарскіх фэстаў.

Кінастужка па сцэнары і з каментарамі Алега Трусава зацікавіла гасцей сядзібы найбольш.

У верасні заняткі гістарычнай школы будуць прысвечаны Наваградку і Любчы. Наведаць іх змогуць усе, каго захапляюць вандроўкі ў мінулае.

Э. Оліна.

Маёнтак Дамбавецкага гасцінна сустрэў гасцей свята!

У цёплы сонечны дзень - 4-га жніўня маёнтак Дамбавецкага сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка і яго гасцей - тых, хто любіць сваю малую Радзіму, захоўвае яе гістарычную спадчыну і цікавіцца яе будучым.

На пачатку свята гледачоў вітаў народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі" і прадставіў інтэрактыўную экскурсійна-пазнавальную праграму ў музеі сям'і "Падарожжа ў сямейны дабрабыт". Цікавым атрымаўся і агляд музейных экспазіцый: "Творчая лабараторыя народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў" і "Вяселле - пачатак сямейнага жыцця", дзе ўдзельнікамі аматарскага аб'яднання "Ойра" Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра быў прадстаўлены вясельны абрад "Надзяванне вэлюму".

Даспадобы прыйшоўся гасцям свята паркавы шпацыр "Спадчына Дамбавецкага" з аглядам рэдкіх парод дрэў. У прыгожым пейзажным парку наведвальнікі ўбачылі блакітныя елкі, лістоўніцы еўрапейскія, піхты і іншыя дрэвы, пасаджаныя ў свой час самім спадаром Дамбавецкім.

У рамках свята была арганізавана выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Рамеснае сузор'е". У шырокім выставачным асарціменце свае вырабы прадставілі таленавітыя майстры Бердаўскага сельсавета. Дзівілі позірк цудоўныя вырабы з саломы, тканіны і дрэва, а таксама выцінанка, шыццё і ткацтва. Філіял "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Бедаўка" ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" падрыхтаваў тэматычную выстаўку літаратурных твораў пра Бердаўку, яе гісторыю і жыхароў. Працавала інтэрактыўная пляцоўка Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра.

Меў месца на свяце і цудоўны момант! Па запрашэнні гаспадыні свята - ахмістрыні маёнтка, праз вякі і час стагоддзяў завітаў у свой палац спадар Дамбавецкі! На ўпрыгожанай брычцы ён прыехаў на свята, каб павітаць землякоў, пачаставаць усіх смачнай фамільнай "дамбавецкай юшкай" і аладкамі ад сваёй кухаркі Адэліны, разам паспяваць песні, патанчыць, пасмяяцца, пагуляць у гульні, і наогул, убачыць, як бердаўчане карыстаюцца той спадчынай, якую ён пакінуў сваім нашчадкам.

На свяце было шмат вясёлых гульняў, танцаў і песень. Пад час правядзення сюжэтна-забаўляльнага прадстаўлення "Кола часу", гледачы гулялі ў гарадкі, "пяклі" бліны, спрытна "даілі" кароў, танцавалі разам з панам Дамбавецкім старадаўнія танцы: кракавяк, падыспань, польку-бабачку, вясковы вальс і іншыя.

У канцэртнай праграме "Таленты зямлі Бердаўскай" гледачоў парадавалі выдатным выкананнем бердаўчане - Сяргей Баранаў, Наталля Новікава, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі".

Як сведчыць гістарычны летапіс, А. Дамбавецкі любіў наладжваць у маёнтку тэатральныя, паэтычныя і гумарыстычныя вечарыны. Падтрымліваючы традыцыі культурных падзей гістарычнай сядзібы, арганізатары свята правялі фестываль гумару "Пацешкі ды ўсмешкі - даўгалецця сцежкі", у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Беліцкага, Крупаўскага, Тарноўскага, Першамайскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, а таксама госці свята - удзельнікі аматарскага аб'яднання "Актыўнае даўгалецце" Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пераможцам фестывалю, па выніках глядацкіх сімпатый, вызначыўся гумарыстычны дуэт Акуліны і Агрыпіны Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Пад авацыі прысутных ва ўрачыстых абставінах ім быў уручаны галоўны прыз - дыплом і мяшок зерня новага ўраджаю ад КСУП "Бердаўка-Агра"!

Падарункам для ўсіх стала канцэтна-забаўляльная праграма салістаў эстраднага калектыву рэтра-песні "Мерыдыян" Палаца культура г. Ліды. Прадоўжыў святочную праграму танцавальны вечар адпачынку "Танцуем усе!"

Напрыканцы, спадар Дабавецкі выказвў словы падзякі бердаўчанам за цудоўнае свята, што зберагалі маёнтак, пакінуты ім у спадчыну. Пажадаў, каб Бердаўка квітнела, а яе жыхары былі заўсёды шчаслівыя на сваёй роднай зямлі!

Удзельнікам і гасцям свята прыйшлося даспадобы і пакінула самыя лепшыя і незабыўныя ўражанні. Работнікі Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра на чале з вядучымі метадыстамі ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" з адданасцю рыхтавалі свята, якое прайшло на высокім мастацкім узроўні. За падрыхтоўку мерапрыемства калектыў узнагароджаны Падзячным лістом дырэктара ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Падводзячы вынікі свята, неабходна сказаць, што нас усіх аб'ядноўвае любоў да роднай зямлі, дзе ўсе мы блізкія людзі, а сугучча стагоддзяў дапамагае нам памятаць пра тое, што засталося ў спадчыну ад нашых продкаў!

Алена Габіс.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

азіцыя нашая паводле меркаванняў усіх вайскоўцаў была выбрана дасканала. Да 12 1/ 2 гадзін чакалі на ёй. Не бачачы непрыяцеля атрымалі загад пакінуць яе. У хвілю, калі калоны пачалі спускацца з узвышша, раздаліся выстралы. Мы былі здраджаны. Зноў завязалася бітва, гэтым разам страшная, роспачная. Нашы касінеры два разы кідаліся ў атаку, два разы сустрэтыя густым градам куль мусілі адступаць. Частка стральцоў пайшла за іх прыкладам. Мы, якія стаялі бліжэй да нашага палкоўніка Антаневіча, трымалі пазіцыю, але калі той палёг і ў нас скончыліся боепрыпасы, многія з нас, шчасліва адступіўшы, схапіліся за косы. Найбліжэйшыя мае таварышы ў шарэнзе леглі. Юзя Гейштар з куляй у сэрцы з разгону прабег яшчэ некалькі крокаў, упаў, а я не падняў, не вынес яго з поля бітвы, не мог адарваць вачэй ад непрыяцельскіх шарэнг, чуў адзін толькі голас: "Наперад! Наперад! Каса сёння ўжо наша адзіная зброя!" Вівульскага з цяжкай ранай вынеслі з поля бітвы. Гаварылі мне - я там не прысутнічаў, што Зыгмунт на кані, прашыты куляй у бок, пакладзены на мураве, сказаў сябе прыпадняць і напалову ўкленчыўшы супакойваў, заахвочваў да далейшай бітвы, кіраваў ёю, неба засланілі хмары, халодны, пранізлівы вецер мяце нам снег у вочы. Кожны з нас адчувае, што прабіла рашучая гадзіна, вырашальная для далейшых лёсаў нашай кампаніі, а з ёй і ўсёй справы.

Пад моцным напорам і націскам касінераў, якімі ўжо ў тую хвілю ніхто не кіруе, непрыяцель хістаецца. Божа! молімся ў душы, калі Мацкевіч у час выканае свой абавязак, непрыяцель пад агнём з двух бакоў будзе загнаны ў балота. Перамога будзе ў нас.

Чытаў потым апісанне гэтай бітвы ў газеце. Масква гаварыла, што адступіла з-за набліжаўшайся ночы, але мы бачылі, што яе шэрагі захісталіся пад нашым напорам, пад ударамі нашых кос. Можа, меркавалі па яго сіле, што новыя аддзелы прыбылі нам на дапамогу? Адступілі. Мы ўтрымаліся на пазіцыях пры значных стратах не так у колькасці азвяр, як камандных сілаў. Зыгмунт паранены каля шостай вечарам. Перад дзясятай маскоўскае войска адступіла."


Як жа тая "Гісторыя двух гадоў" падзіцячы іджывая. На некаторай там старонцы, з жадання абвінаваціць Зыгмунта, напісана - ён забраў з сабой Колышку. Дзіця нават зразумела б нонсанс такога сцверджання. Бітва такая крытычная, столькі камандных афіцэраў забітых або параненых. Ён сам, Даленга, мусіць адысці і здаць камандаванне Ляскоўскаму, якому пакінуў акрамя сваёй калоны яшчэ і калону Колышкі без камандзіра.

З Зыгмунтам адышлі апрача Касакоўскага, Траскоўскага і Касцялкоўскага дзесяць чалавек. Не дазволіў на большую колькасць, прадбачачы ў блізкім часе далейшую бітву. Быў прывезены з 8 на 9 траўня ў Скробішкі 123, у той жа дзень - у Мядэйкі 124, куды прывёў аддзел войска Колышка, 10 раніцай - у Вільню, дзе вакольнай дарогай яго прывезлі ў шпіталь св. Якуба.

Пасля Біржанскай бітвы Канстанцін у ранзе афіцэра застаўся ў аддзеле Ляскоўскага. Я пазнаёмілася з ім у Вільні, прыбыў туды адначасова з Зыгмунтам. З дзяцінства выхоўваны ў школе кадэтаў па-польску гаварыць не ўмеў, што яму перашкаджала ў прыцягненні сімпатый людзей. Ацэньвалі яго вялікую сумленнасць як правадыра, яго вялікую дбайнасць і працавітасць. Гаварылі яго падначаленыя: "Калі б раней не ведалі і не мелі над сабой Серакоўскага, можа б Ляскоўскі нас задаволіў". Тыя словы пацвярджае і кс. Жахоўскі. У Вільні, чуючы яго, які гаварыў так кепска па-польску, звярнулі на гэта ўвагу. "Так, - адказаў, - гаварыць па-польску не ўмею, але адчуваць і памерці па-польску патрафлю".


9 траўня а шостай гадзіне , г.зн. на другі дзень пасля адходу Зыгмунта падцягнуўся кс. Мацкевіч, пад Шнуркішкамі 125 завязалася зноў заўзятая бітва, але нашае войска змучанае і вычарпанае двухдзённай бітвай ад раніцы амаль да ночы, галоднае, пазбаўленае сваіх любімых камандзіраў (Даленга, Колышка, Вівульскі, Антаневіч), без боепрыпасаў і раззлаванае на кс. Мацкевіча за спазненне не магло ўжо настроіцца на геройскую, як у мінулы дзень, бітву, сёння ўжо не бітву, але на пэўную смерць, даць сябе цалкам выбіць.

Ляскоўскі пасля збору аддзела, часткова рассеянага, з калонамі Зыгмунта і Колышкі вярнуўся ў Панявежскі павет.

Біржанскія ваколіцы былі пераважна заселены немцамі, а, дакладней, кальвіністамі. Дзве тамашнія парафіі вядомыя былі варожым духам да палякаў і паўстання (пад уплывам, як гаварылі, пастараў). Гэта іхнія людзі былі праваднікамі нашых аддзелаў, яны быццам бы навялі маскоўскае войска. Мне распавядалі, што бедны Гружэўскі, які як кальвініст належаў да тых парафій, пасля Біржанскай бітвы ўпаў у род шалу - дакараў сябе, што з тым выбарам праваднікоў можа мімавольна стаўся прычынай паразы.


Ксёндз Мацкевіч ад гэтага часу трымаўся пушчы, якая называлася Павятоўка 126 недалёка ад Кракінава 127, з якой час ад часу вынырваў, але заўсёды сюды вяртася, калі расейскае войска шукала яго ў вялікіх лясах.

У адной з такіх вылазак з Павятоўкі яго аддзел быў нагнаны расійскім войскам каля Панявежыка 128. Ані геройства, ані адчаянасць аддзела не маглі яго зберагчы, амаль увесь мацкевічаўскі аддзел быў вымардаваны, і так страшна здзекаваліся над параненымі і трупамі, што на другі дзень маці не маглі пазнаць сваіх сыноў у тых нялюдска змасакраваных парэштках. Мацкевіч у таварыстве некалькіх ацалелых і свайго ад'ютанта Андрыёлі 129 вярнуўся ў Павятоўку. З гэтага часу не была гэта ўжо партызанская барацьба, але толькі бачнасць яе працягу і чаканне канца, а, дакладней, сродкаў, каб перабрацца за мяжу. Вясной, пасля крушэння надзеяў кс. Мацкевіч у таварыстве свайго ад'ютанта стаў над ярам недалёка ад вёскі Вількі 132 з намерам перайсці мяжу. Каб падмацавацца перад дарогай, зайшоў у самотна стаяўшую хату. Кружацца сёння там аповесці, што гаспадар паведаміў стражнікам і выдаў у іхнія рукі кс. Мацкевіча, пасля чаго сам згінуў без вестак. Іншыя гавораць, што стражнікі, якія кружылі па мяжы, што аддзяляла Літву ад Польшчы, выпадкова ў хаце яго знайшлі і пазналі. Ва ўсякім разе няшчасны кс. Мац[кевіч] са сваім ад'ютантам былі дастаўлены ў Коўню, дзе першы загінуў на шыбеніцы, а другі, г.зн. Андрыёлі, уцёк з вязніцы. Так дзіўна ад таго часу ішоў яго шлях, што многія прымаюць аповесць пра яго лёсы за выдуманую, аднак жа была праўдзівая. Тым часам камісарам у Коўні быў мой швагер Міхал Беркман, выконвала яго абавязкі ў многіх выпадках жонка Юлія пад імем Юльяна Далеўскага, пад гэтым імем Мураўёў шукаў ковенскага камісара. Пасля Беркмана быў прызначаны і выдатна свае абавязкі выконваў яўрэй д-р Шапіра.


Канстанцін пасля расстання з Ляскоўскім быў нейкі час з Грахоўскім, пасля чаго меў свой аддзел. Цяжка паранены здаў яго Руткоўскаму, а сам лячыўся пад стараннай апекай высакароднай, шляхетнай пані Ціш...

Літва, жывая ілюзорнай надзеяй збройнай інтэрвенцыі, трывала да вясны 1865 года, трывала да апошняга голасу, які выгукнуў: "Перастаць, усё страчана". А якім гэтае трыванне было ў нас цяжкім, Богу і тым, якія цярпелі і жыцці свае няслі ў ахвяры, было ва ўсёй сваёй сіле вядомым.

Пасля выгнання з Краю ўсёй нашай сям'і, пасля смерці Цітуса застаўся толькі Канстанцін, які туляўся па ковенскіх пушчах.

Выканаўчы аддзел на Літве раскіданы або выбіты. Тыя, хто застаўся ў жывых, мелі адно толькі заданне для выканання: ратаваць, хаваць і шукаць сродкі ратунку для яшчэ жывых, але ўжо прыгавораных ахвяр, а менавіта рэшткаў аддзелаў.

На вестку пра смерць Цітуса Ковенская губерня прасякнутая літасцю, засяродзілася на шуканні сродкаў, каб (як прывыклі выказвацца ў тыя часы) выпхнуць найперш Канстанціна за мяжу. Некалькі месяцаў прайшло ад хвілі, як прыйшло з Варшавы распараджэнне: "Перастаць, усё страчана!", а партыі усё яшчэ туляліся. Літва не мела грашовых сродкаў, каб выправіць іх за мяжу. Канстанцін толькі ў верасні ледзь змог выбрацца за мяжу праз Рыгу. Якім спосабам, мне не сказалі. Канстанцін выбраўся сам, але ён не мог цешыцца з атрыманай свабоды, ведаючы, што церпяць пазасталыя ў Краі яго таварышы. Вяртаецца восем разоў. Збірае раскіданых і часцёва выводзіць іх за мяжу. Пані Ціш..., дачка былога камісара, якая ведала пра гэта, паўтарала мне словы свайго бацькі: "На тое, што зрабіў Канстанцін, трэба больш ахвярнасці і мужнасці, чым памерці пад слупам ад кулі". Бо колькі ж ён мусіў пераадолець цяжкасцяў і небяспек, калі брат камісара Ц. 131, каб перабрацца за мяжу, лічыў за адзін мажлівы сродак даць сябе закруціць у карабельны ветразь і так кіданым і калыханым паміж небам і марской пропасцю выбрацца з межаў Расійскай дзяржавы.

На працягу ўсіх васьмі гадоў не адступаўся і дапамагаў Канстанціну Малашэвіч, малады ліцвін з засцянковай шляхты. Партыя, якія выводзіў Канстанцін, складаліся, апроч моладзі са шляхты, з сялян-жмудзінаў і засцянковай шляхты, якія не хадзелі здавацца і прыносіць прысягу на вернасць. Пасля прыбыцця ў Парыж бачыў многіх з эміграцыі, якія змагаліся з сапраўднай, крайняй нэндзай. Ён, будучы ў ранзе афіцэра, мог бы карыстацца месячнай дапамогай, якую выдзяляў французскі ўрад 132, але тыя, якія змагаліся як шарагоўцы, нічога не атрымалі, і Парыжскі камітэт 133 пра такіх не клапаціўся. Што з імі пачаць? Край падтрымліваць не быў у стане. Еўрапейскія ўрады неахвотна прымалі польскіх уцекачоў. Італьянцы давалі нават на дарогу, абы іх пазбыць. Мелі ў Парыжы шмат знаёмых, як Галянзоўскага (Галіноўскага), Халхоўскіх, Багдана Залескага і шмат іншых. Але Канстанцін патрабаваў дапамогі не для сябе, а для тых няшчасных, адарваных ад сваіх сядзіб. Патрабаваў для іх не міласціны, а працы, спосабу для жыцця.


Канстанцін, будучы ў школах, не прыдаваў вялікага значэння вывучэнню чужых моваў. Умеў толькі столькі, колькі школа навучыць магла. Сцвярджаў, што ані забаўляцца, ані перапісвацца з чужаземцамі не будзе, хоча ўмець толькі столькі, колькі трэба для разумення вартых рэчаў на чужых мовах. Лёс распарадзіўся іначай. І ў тым была новая цяжкасць знайсці працу для сябе і для тых няшчасных, якіх прывёў на чужыну. Не траціў энергіі. Найперш сам падаецца ў Швейцарыю, знайходзіць там працу для сябе, а потым для сваіх таварышаў у Ст. Галене на заводзе жалезных вырабаў. Палякі, прынятыя заводскім кіраўніцтвам, рабочымі ўспрымаліся як няпрошаныя госці. Мусілі зносіць шмат прыдзірак і пераследаванняў. Такі быў лёс і Канстанціна да пэўнага дня, калі пасля звыклых насмешак адзін з рабочых кінуў на яго голую нагу жалеза, распаленае да белага. Жалеза зашыпела. Канстанцін не аглянуўся нават, хто і што кінуў. Адхіліў нагу і далей без прызнаку болю ці гневу на твары каваў сваю работу. Тая халодная кроў, тое валоданне сабой і болем заімпанавала рабочым, а можа адчулі сорам з-за брутальнасці таварыша, досыць, што ад той пары пачалі больш збліжацца, атачаць клопатам і служыць палякам сваімі парадамі.

У той час, калі ён прайходзіў звыклае пекла ў жыцці эмігранта, я была ў Ноўгарадзе. У лістах яго не было скаргаў і нараканняў; былі яны толькі невыказна журботныя. У адным з іх гаворыць: "Не хачу дастаткаў і шчасця, калі ўвесь мой Край енчыць у нэндзы і нядолі".


Цяжкія былі шляхі жыцця маіх бедных братоў! Усе тыя, аднак, цярпенні былі б нічым, калі ў душы тлела хоць іскра веры ў збавенне Бацькаўшчыны пасля ўсіх тых вялікіх расчараванняў. З тою верай нічога б ім не было цяжкім для знясення, для ператрывання. але ці захавалі яны тую веру, раскідваючыся па свеце? Думаю, што так.

Канстанцін заспакоены ў канцы за лёс тых сваіх найбяднейшых вярнуўся ў Парыж. Не ведаю, хто яму выстараўся месца ў чытальні Міцкевіча, з якім мы пазнаёміліся ў 1861 годзе, калі размаўлялі з Францішкам пра намеры Літвы ў выпадку выбуху паўстання ў каралеўстве.

"Месца гэтае, - піша Канстанцін, - лёгкае па абавязках, але разам з тым цяжкае, бо да 11 1/ 2 вечара". У іншым лісце гаворыць: "Я ў адной з найбольшых сталіц свету, а пачуваюся больш самотным, чым у літоўскай пушчы. Гэты холад, гэтую абыякавасць да долі нашага краю, гэтую нязносную чужаземшчыну часам не вытрымаць. Ведаю, што не можа быць іначай у гэтым адарванні ад таго ўсяго, што сваё, ва ўмовах супраціўных натуры паляка з погляду на мясцовасць, клімат, паняцці і грамадскія стасункі".

Найахвотней і найчасцей Канстанцін бываў у таварыстве Браніслава Залескага. Андрыёлі, Эдварда Пажэрскага.

Піша яшчэ: "Калі ўсе свае церпяць, не хачу асабістага шчасця, хаця і прызнаюся, што часамі дазваляю марам уносіцца ў іншы свет, у мой, у акрэс іншай карыснай працы. Рад быў бы выехаць з Парыжа, калі не ў Галіцыю, то ў Турцыю, у Амерыку, хоць куды-небудзь, абы пазбыцца наяўнай у Францыі палітычнай атмасферы. Паўстала партыя ці групоўка (не ведаю ўжо, нават, як яе назваць) бяссільная, без пэўна абазначанага шляху, мэты, а на маю думку неразумная і несумленная, якая хацела даказаць вялікія рэчы з дапамогай крыку і галасу, а паказала ў выніку ўсю сваю штучнасць і шкоднасць; не ўмела ані пацягнуць, ані пераканаць масы і дала ўраду ў рукі зброю, легалізуючы яго тэрарызм, а сама канчаткова здэмаскавалася. выказваючы ўсю сваю нікчэмнасць".

(Працяг у наступным нумары.)


123 Скробішкі (літ. Skrebiskis, Біржанскі р-н), уласнасць сям'і Тызенгаўзаў у Новааляксандраўскім пав. Ковенскай губерні.

124 Мядэйкі (літ.Medeikiai, Біржанскі р-н), вёска на поўнач ад Біржаў у Панявежскім пав.

125 Шнуркішкі (літ. Sniurkiskiai, Біржанскі р-н), вёска ў Панявежскім пав. на захад ад блізкіх Біржаў.

126 Пушча Павятоўка (Pavietava), нізкі лес недалёка ад вёскі Лебедзі (Lebedziai, Ковенскі р-н).

127 Кракінаў (літ. Krekenava, Панявежскі р-н, казённае мястэчка над Нявяжай у Панявежскім пав.

128 Панявежык (літ. Paneveziukas, Ковенскі р-н) мясцовасць у Ковенскім павеце.

129 Ад'ютантам кс. Мацкевіча быў Фларыян д'Артузі, а не Андрыёлі, як была пераканана Серакоўская.

130 Вілька (літ. Vilkija, Ковенскі р-н), вёска ў Ковенскім пав. Тут разыгралася апошняя бітва аддзела кс. Мацкевіча.

131 Быць можа: Клеты (Анаклеты) Цішкевіч (Кілінскі), пра сям'ю няма інфармацыі.

132 Французскі ўрад выплачваў падтрымку эмігрантам пасля заверкі звестак спецыяльнай камісіяй у прэфектуры паліцыі.

133 Цэнтральны польскі камітэт, які называлі таксама Французска-польскім, заснаваны ў 1831 г., узнавіў дзейнасць пасля 1863 г. Атрымаў буйныя фундушы і дапамог дзясяткам палякаў.

ВОЕНАЧАЛЬНІКІ З БЕЛАРУСІ

Струменскі, С. В. Военачальнікі з Беларусі (XVIII - XX стст.) : біяграфічны даведнік / Сымон Струменскі. - Мінск : Зміцер Колас, 2018. - 316 с. [4 л.] іл. ISBN 978-985-23-0013-1.

Гэта кніга - зборнік біяграфічных нарысаў пра военачальнікаў, генералаў і адміралаў, якія нарадзіліся ў Беларусі або продкі іх паходзяць з нашай краіны. Нарысы згрупаваны па гістарычных тэмах. Пры падборы асоб аўтар не звяртаў увагі на іх веравызнанне, нацыянальнасць, сацыяльнае паходжанне і партыйнасць, хоць і даецца такая інфармацыя. Звярталася ўвага на іх ролю ў гісторыі той ці іншай дзяржавы. Гэтыя военачальнікі - самі ўдзельнікі многіх гістарычных падзей. Яны самі тварылі гісторыю сваёй краіны або суседніх краін. Таму ў кнігу трапілі чырвоныя і белыя, бальшавікі і іх праціўнікі, нашы патрыёты і іх ворагі. Некаторыя военачальнікі ваявалі і на адным, і на другім варожым баку. Большасць генералаў і адміралаў невядомыя нашым чытачам, бо пра іх раней нічога не пісалі. Кніга па сваім змесце разлічана на школьных настаўнікаў і на кадэцкія класы. Але яна будзе вельмі карысная для кожнага, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, Расіі і Польшчы ХVІІІ - ХХ стагоддзяў.

Дай жа, Божа, каб у Беларусі было шмат вучоных, інжынераў і лекараў, а было зусім мала генералаў, але пакуль што і без іх нам не абысціся.

Каму яны служылі і за што ваявалі? Беларускі народ мае надзвычай цікавую гісторыю, якую належным чынам беларусы не ведаюць і не ганарацца гэтым. Адрадзіўшы сваю дзяржаўнасць, яны да гэтага часу не зрабілі належныя высновы. Нібы і не трэба ім урокі са сваёй гісторыі. З канца XVIII ст. да канца XX ст. нашы продкі не мелі сваёй дзяржаўнасці. А ў першай палове мінулага стагоддзя яны аказаліся падзелены, як і курды, паміж трымя дзяржавамі. Курдам, па-ранейшаму не шанцуе. Яны так і не маюць сваёй дзяржавы і таму вядуць барацьбу. Нам пашанцавала. Але беларусы - дзіўны народ! Ім бы трэба ганарыцца сваёй гісторыяй і цаніць свае нацыянальныя набыткі, а яны сваім зусім не даражаць. А таму часта служаць не свайму народу, а суседзям.

У ХІХ ст. беларусы пачалі служыць у Рускай імператарскай арміі, якая вяла частыя войны. У французска-рускай вайне 1812 г. нашы военачальнікі ваявалі на двух варагуючых баках: за рускіх і за французаў. А чаму так? У кожнага былі свае спадзяванні на дапамогу моцнага, што дапаможа аднавіць дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае. На баку Банапарта Напалеона выступалі пяць літоўскіх палкоў пяхоты і чатыры ўланскія палкі. Адным з напалеонаўскіх военачальнікаў і арганізатарам славутай імператарскай гвардыі быў генерал Ян Канопка. Апрача яго на баку Напалеона ваявалі Стэфан Грабоўскі, Міхал Грабоўскі, Кароль Прозар, Ян Генрых Вітольд Валадковіч, Юзаф Антон Касакоўскі, Рамуальд Тадэвуш Гедройц, Дамінік Геранім Радзівіл, Тадэвуш Тышкевіч. Юзаф Антон Касакоўскі пасля ўзяцця Масквы займаў пасаду маскоўскага губернатара. Іншыя ваявалі ў рускай арміі, як напрыклад, Яўхім Чапліц, Іван Сухазанет, Тамаш Ваўжэцкі, Пётр Капцэвіч, Платон Казлоўскі, Аляксандр Грабоўскі. Яўхім Чапліц выкарыстаў бесшабашнасць Яна Канопкі і ўзяў яго ў палон. Трэба адзначыць, што Кацярына ІІ і Аляксандр І да польскіх, і літоўскіх камандзіраў, якія траплялі ў палон да рускіх, праяўлялі памяркоўнасць і стрыманасць. Калі яны пераходзілі на бок рускага войска, дык ім даравалі прычыненую шкоду і не пазбаўлялі іх маёмасці. І нават калі яны не пераходзілі на расійскую службу, дык іх доўга ў палоне не трымалі і амнісціравалі. Гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што было ў СССР пасля Перамогі ў 1945 годзе, калі нават тых, хто вяртаўся з германскага палону, каралі высылкай.

Ліцвіны (беларусы) разам з палякамі тройчы паўставалі супроць расійскай акупацыі: у 1794 г., 1830-1831 гг. і ў 1863-1864 гг.

Паўстаннем 1794 г. кіраваў генерал Т. Касцюшка.

У 1830-1831 гадах асабліва вызначылася паненка Эмілія Плятэр, якая ваявала сярод паўстанцаў у чыне афіцэра.

Сярод кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі варта адзначыць між іншых дзвюх асоб - генерала Рамуальда Траўгута і Кастуся Каліноўскага.

У Крымскай вайне таксама ўдзельнічалі нашы землякі-афіцэры: Л.Л. Радзівіл, М.А. Кучэўскі, М.А. Сухазанет, А.А. Непакойчыцкі, браты М.І. і Д.І. Святаполк-Мірскія, Б.Г. Кутневіч. Праявіў сябе геройствам у баях маёр М.Р. Чарняеў. Беларусы могуць ганарыцца тым, што ў руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў ваеннымі аперацыямі камандавалі каля 10 нашых землякоў: фельдмаршал Іосіф Гурка, генерал ад інфантэрыі Артур Непакойчыцкі, генерал-лейтэнант Мартын Кучэўскі і генерал-лейтэнант Казімір Лявіцкі і іншыя. Тая вайна закончыліся Сан-Стэфанскім дагаворам, пад якім 19 лютага (3 сакавіка) 1878 года свае подпісы паставілі Непакойчыцкі і Лявіцкі. Нашы землякі-генералы займалі высокія ўрадавыя пасады. Мікалай Сухазанет быў ваенным міністрам Расіі (у 1856-1861 гг.). Нашы землякі, выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса, сталі міністрамі абароны - А.Ф. Рагоза на Украіне і І.В. Ляснеўскі ў Польшчы. Губернатарамі былі Ян Казімір Сапега, М.Н. Кайгародаў, С.Ф. Хамінскі, М.Р. Чарняеў, П.М. Капцэвіч, а камендантамі цвердзяў - Б.Г. Кутневіч, І.К. Сакалоўскі, М.І. Лавіцкі і А.Ф. Рагоза, Н.Н. Кайгародаў. Ваеннымі акругамі камандавалі І.У. Рамейка-Гурка - Варшаўскай, М.С. Ганецкі - Віленскай, І.І. Мрозаўскі - Маскоўскай, П.А. Лячыцкі - Прыамурскай, а Я.А. Радкевіч - Іркуцкай. Інжынер-генерал-лейтэнант К.А. Шыльдэр стварыў першую ў свеце падводную лодку.

На Беларускай зямлі нарадзілася шмат генералаў. Іх колькасць налічваецца парай сотняў. Для некаторых военачальнікаў гэта стала сямейная прафесія. Былі браты-генералы, а было і так, што сыны ішлі па бацькавым шляху і таксама атрымоўвалі заслужаны чын генерала. Атрымліваліся генеральскія дынастыі. У Вялікім Княстве Літоўскім славіліся ваенныя дынастыі Радзівілаў, Сапегаў, Грабоўскіх. Самая славутая генеральская дынастыя ў Расіі - віцебская сям'я Рамейка-Гуркі, у якой да пачатку ХХ стагоддзя былі ўжо аж тры военачальнікі (фельдмаршал і два яго сыны генералы). Полацкая сям'я Кайгародавых - гэта генерал-маёр Нікіфар Іванавіч і яго сыны генерал-лейтэнант Нестар Нікіфаравіч і генерал ад інфантэрыі Міхаіл Нікіфаравіч. Чын генерал-лейтэнанта мелі віцябчане, родныя браты Казімір і Мікалай Васілевічы Лявіцкія. З Магілёўшчыны праславіліся браты Агапеевы - генералы ад інфантэрыі Мікалай Ерамееіч і Пётр Ерамееіч, а таксама ягоны сын генерал-маёр Уладзімір Пятровіч. З Магілёўшчыны родам - генерал-лейтэнант Барыс Герасімавіч Кутневіч, а яго сын Мікалай таксама даслужыўся да чыну генерала ад інфантэрыі. У гады Першай сусветнай вайны дабавіліся новыя генеральскія дынастыі - гэта віцябчане Адам і Максіміліян Цвецінскія, Яўген і Мікалай Радкевічы. Адразу двое генералаў было ў віцебскай сям'і Радкевічаў: Яўген стаў камандзірам 10-й арміі Заходняга фронту, а яго брат Мікалай у чыне генерал-лейтэнанта ўзначальваў падчас вайны Адэскі кадэцкі корпус. Малодшы брат генерала ад інфантэрыі У.І. Гуркі, Дзмітрый, даслужыўся да чыну генерал-маёра, ваяваў, як і брат, у Беларусі. А ў барысаўскай сям'і Махровых афіцэрамі сталі трое братоў - Пётр, Мікалай і Васіль. Васіль даслужыўся да чыну падпалкоўніка, а Пётр і Мікалай у 1917 годзе атрымалі пагоны генерал-маёра. У 1905 годзе, калі пачалася руска-японская вайна за Маньчжурыю, браты Пётр і Мікалай Махровы (курсанты акадэміі Генеральнага штаба) папрасіліся добраахвотна на фронт. Туды іх і адправілі. За ваенныя подзвігі былі абодва ўзнагароджаны ордэнам Святой Ганны 4-й ступені "За храбрость". А Грамадзянская вайна раздзяліла лёсы генералаў Махровых: Пётр і Васіль ваявалі на баку белых, а Мікалай - на баку чырвоных. Падчас гэтай вайны ім аднойчы нават давялося сустрэцца, але не ў баі. У ходзе баявых дзеянняў 1914-1916 гадоў сямёра беларускіх генералаў (І. Мрозаўскі, П. Лячыцкі, М. Трыкоўскі, В. Гурка, С. Сцяльніцкі, У. Токараў, Ю. Белазор) атрымалі вышэйшую вайсковую ўзнагароду Расіі часоў Першай сусветнай вайны - ордэн Святога Георгія 3-й ступені. Нагадаем, што гэтая заснаваная Кацярынай ІІ у 1769 г. узнагарода дзялілася на чатыры ступені. Вышэйшую, 1-ю ступень, у гады Першай сусветнай вайны не атрымаў ніхто, а ордэн 3-й ступені атрымалі ўсяго 60 чалавек. Ордэн Св. Георгія 2-й ступені ўдастоіліся шэсць военачальнікаў, у тым ліку два замежнікі. Цяпер, на жаль, дакладна вядомыя далёка не ўсе лёсы военачальнікаў Першай сусветнай вайны - нашых землякоў. Не захавалася, да прыкладу, ні адной фатаграфіі М.Н. Караткевіча, невядома, як і пры якіх абставінах скончылі свой зямны шлях К.А. Аляксееўскі, П.А. Парчэўскі і С.Ф. Сцельніцкі. Ніяк не ўвекавечана памяць славутых военачальнікаў на нашых картах. Адзінае выключэнне - генерал-маёр А.В. Станкевіч, у гонар рэвалюцыйных заслуг якога названа вуліца ў Паставах. На працягу толькі 1914-1917 гадоў два ўраджэнцы з Беларусі камандавалі франтамі (Заходнім і Румынскім), 9 - арміямі, 13 - карпусамі. Вядомы даследчык Першай сусветнай вайны В.В. Бандарэнка піша: "Калі разгледзець гэтыя лічбы ў працэнтнай адносіне, то акажыцца, што 13 працэнтаў (9 з 63) камандармаў Першай сусветнай былі нашымі землякамі. Для параўнання - у гады Вялікай Айчыннай вайны пасаду камандуючага арміяй займалі 10 % нашых землякоў (19 з 183)". Трэба адзначыць, што беларускім генералам давяралі і царыца Кацярына І, і імператар Мікалай І, Напалеон Банапарт і Іосіф Сталін. Так, ахову Сталіна доўгі час узначальваў наш зямляк Мікалай Уласік. Не зайдросны лёс нашых землякоў-генералаў, якім давялося ў гады Грамадзянскай вайны ў Расіі ў 1918-1920 гадах выбіраць на якім ваюючым баку ім быць. Так здарылася, што яны ваявалі паміж сабой, бо сталі ворагамі (адныя прымкнулі да белых. І толькі некаторыя з беларускіх военаначальнікаў спрабавалі змагацца за незалежнасць Беларусі, але ім мала дапамаглі свае генералы-землякі і суседнія народы, якім не хацелася нас адпускаць са сваёй дзяржавы.

Даючы тут кароткія звесткі пра генералаў, звяртаю ўвагу чытачоў на тое, што шмат хто з іх не заслугоўвае паважанага слова "патрыёт", бо яны не абаранялі сваю Радзіму, а заваёўвалі суседнія краіны для пашырэння царскай імперыі - пралівалі кроў сваіх і чужых салдат, пазбаўлялі іх жыцця. Яны ваявалі за хрысціянскую веру, за цара і душылі народныя паўстанні ў імперыі. Горш таго, некаторыя з іх станавіліся здраднікамі: спачатку ваявалі на адным баку, а потым сталі ваяваць на варожым баку. І такіх каралі свае за здраду і такіх караў Бог. Такім быў Шыман Касакоўскі, якога павесілі паўстанцы. Большасць з генералаў - гэта дзеці шляхты, дваран, памешчыкаў, а пасля і самі былі памешчыкамі. Вось па гэтай прычыне пра іх у савецкай школе дзецям і не расказвалі. Нават студэнты гістарычных факультэтаў педагагічных інстытутаў пра іх мала што ведалі.

У Другую сусветную вайну шэраг беларускіх генералаў павялічыўся, іх ужо налічваліся дзясяткі. Адным з першых генералаў у 1941 годзе стаў Леў Даватар, слаўны кавалерыст.

Нашы землякі мелі самыя высокія ваенныя чыны: фельдмаршала - Іосіф Гурка, Ян Сапега і Маршала Савецкага Саюза - Васіль Сакалоўскі, Іван Якубоўскі, які быў нават намеснікам Міністра абароны СССР. Званне адмірала атрымалі Лука Багдановіч і Мікалай Амелька. Мы можам ганарыцца, што ў Савецкай арміі нашы землякі праявілі сябе ўва ўсіх родах войскаў: маршал авіяцыі Сцяпан Красоўскі, маршал танкавых войск Алег Лосік, маршал артылерыі Уладзімір Міхалкін, віцэ-адмірал Георгій Халасцякоў. Былі сярод нашых вышэйшых афіцэраў і паспяховыя разведчыкі - Якаў Серабранскі, Пётр Івашуцін, Аляксей Бацян, Іван Колас, Леў Маневіч, Юрый Драздоў і іншыя. Не ўсе беларускія военачальнікі мелі афіцыйнае званне генерала. Некаторыя з іх былі камандзірамі на генеральскіх пасадах. Гэта Кастусь Езавітаў, Антон Сокал-Кутылоўскі і Францішак Кушаль.

Паводле С. Струменскага.

Выстаўкі прац Ядвігі Сенько пройдуць у Валожыне, Браславе, Івацэвічах

Велічны абраз Маці Божай Будслаўскай, выкананы Ядвігай Сенько, знаходзіцца ў алтары касцёла св. Сымона і Алены. Яе пэндзлю належаць больш за 2000 абразоў і карцін на біблейскія сюжэты. У ліпені лепшыя творы мастачкі дэманстраваліся на выстаўцы ў касцёле.

Пані Ядвіга мае дабраславенне мітрапаліта Філарэта на духоўную творчасць. У жніўні выстаўка будзе экспанавацца ў Валожынскім краязнаўчым музеі. Пазней з яе творамі можна будзе пазнаёміцца на Гомельшчыне. Працы пані Ядвігі знаходзяцца ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Францыі, Польшчы, Бельгіі, Італіі, ЗША. На Беларусі прайшло больш за 200 выставак у розных установах і парафіях. Улюбёная тэма пані Ядвігі - пялёсткавы рай: 500 кветкавых кампазіцый і букетаў напісаны мастачкай. Выяву санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, створаную пані Ядвігай для касцёла Св. Сымона і Алены, асвячаў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў кардынал Марк Уэле (Канада). У сонечны жнівеньскі дзень мы сустрэліся з Ядвігай Аляксандраўнай ля Чырвонага касцёла.

- Пані Ядвіга, Вы імкнецеся напоўніць свет дасканаласцю і гармоніяй. Светлы жаночы погляд на праваслаўныя і каталіцкія абразы - адкуль ён ідзе? Магчыма, ад пяшчоты матулі, сястры?

- Сапраўды, так. Маёй матулі Яніне Адамаўне Кадушкевіч у жніўні споўніцца 88 гадоў. У маладосці яна была вельмі прыгожай. У яе нас трое, тры дачкі. Яна шыла нам пекныя строі. Закладзены з маленства эталон прыгажосці скіроўвае мяне на тое, каб зрабіць усё вакол прыгожым. Абстаноўка і асяроддзе ў маёй двухпакаёвай кватэры ствараюць камфортныя ўмовы для працы: светлая мэбля, люстэркі. Усё гэта дапамагае займацца жывапісам. Я павінна несці культуру людзям. Упэўнена, што жанчына павінна быць акуратнай. Прыгожы і гарманічны чалавек нясе толькі дабро ў свет!

- Дазвольце даведацца, адкуль Вы родам?

- Я нарадзілася ў Палачанах на Маладзечаншчыне. З 1961 года я жыву ў горадзе Маладзечна. У дзяцінстве мы ездзілі ў касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў пасёлку Чырвоным. Наш тата Ян Аляксандравіч быў столярам, ён дапамагаў касцёлу св. Юзафа ў Маладзечне і іншым касцёлам Беларусі. Ён быў майстрам на ўсе рукі. Яго адпраўлялі ад фабрыкі, і ён аздабляў іканастас у царкве Успення Прасвятой Багародзіцы ў г. Маладзечна. Ён меў бачанне, як будаваць, у хаце рабіў сваім рукамі ўсю мэблю. Маму цягнула да малявання. Я марыла быць артысткай, хадзіла ў тэатральную студыю. Бабуля першай заўважыла мае схільнасці да малявання.

Я займалася ў студыі Юрыя Герасіменкі, потым скончыла Маскоўскі інстытут мастацтваў завочна. Да 1997 года я працавала мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве, пісала плакаты і наглядную агітацыю. Першы мой абраз - Сэрца Марыі - захаваўся. Ён быў напісаны ў 20 гадоў.

У момант скарачэння на працы я знайшла аб'яву, якая запрашала да супрацоўніцтва іканапісцаў у краму "Праваслаўная кніга". Яе дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Чартовіч пазнаёміўся з маімі працамі і даў мне заданне напісаць абраз Божай Маці Скорапаслушніцы. Я ехала дадому з радасцю! Паступова пачала атрымліваць заказы на стэнды вялікага памеру, на абразы для цэркваў, а таксама для асобаў, якія жадалі мець той ці іншы абраз у сябе дома. Дзевяць гадоў мы супрацоўнічалі, у "Праваслаўнай кнізе" праходзіла выстаўка-продаж маіх прац. Вялікія карціны мятровага памеру набывалі святары з розных прыходаў. Я працавала па заданні і прыслухоўвалася да патрабаванняў.

- У той перыяд аднаўляліся і будаваліся храмы ў розных куточках Беларусі.

- Была вялікая патрэба ў абразах. Аднойчы, каб паглядзець узор, я пайшла ў Маладзечна ў царкву Успення Прасвятой Багародзіцы. Мужчына ў кіёску ў звычайнай вопратцы запытаў у мяне, з якой мэтай я шукаю абраз. Аказалася, што гэта быў настаяцель прыходу.

Я крыху разгубілася. Бацькі выхавалі нас у павазе да святароў. Але ўсе мае родныя былі каталікамі. Зараз мяне запрашаюць на асвячэнне храмаў, а тады я не ведала, як сябе паводзіць.

"Давайце будзем пісаць!" - сказаў бацюшка. І мы пісалі. Праз увесь горад для мяне неслі вялізныя лісты ДВП. З'явіліся выявы: Хрышчэнне Ісуса, Серафім Сароўскі, Еўфрасіння Полацкая, св. Георгій Пераможца, св. апосталы Пётр і Павел, святы прарок Ілля, Віленскія пакутнікі, разам больш за 30 абразоў. Я пішу алеем на палатне, бо ўпэўнена, што праца можа захавацца на 100 гадоў. Пісаць па тынкоўцы менш надзейна. Я лічу, што трэба вельмі адказна падыходзіць да сваёй працы.

Шмат абразоў напісана мной для храма Нараджэння Хрыстовага ў горадзе Маладзечна. Гэта іканастас, святая Ксенія Пецярбургская, Матрона Маскоўская, Сафія, Вера, Надзея і Любоў, Еўфрасіння Полацкая. У новай царкве Георгія Пераможцы ёсць таксама мае працы. Усё, што мы пакідаем на зямлі, застаецца пасля нас. Дзякуючы працы ў "Праваслаўнай кнізе", я зразумела еднасць традыцый праваслаўных і католікаў. Мой муж - праваслаўны. Мітрапаліту Паўлу я перадала ў дар абраз святога апостала Паўла, калі ён наведваў Маладзечна. Цяпер я пачала пісаць больш каталіцкіх абразоў.

- Вы пішаце выявы Маці Божай, Найсвяцейшай Панны Марыі. Як прыходзіць досвед?

- Лічаць, што існуе больш за 200 праваслаўных выяў Маці Божай. Аднойчы ў мяне заказаў абразы мецэнат з Пецярбурга, ён замовіў 50 абразоў, ён іх калекцыянаваў. Тады я пісала рэдкія выявы Маці Божай. Розныя працы - добрая практыка. Мастак заўсёды хоча пісаць новую працу і больш складаную. Белае палатно прыцягвае, і пачуццё страху пераадольваецца. Наношу алоўкам контур, жывапіс раблю алеем, ідзе штодзённы працэс. Абразы заказваюць вядомыя, часцей - Вострабрамскую і Будслаўскую, Гудагайскую і Браслаўскую. Абразы атрымліваюцца строгія, аскетычныя, адпаведна колеру металу. Таксама я супрацоўнічаю з сёстрамі-назарацянкамі з Гародні. Для іх я напісала абраз заснавальніцы назарацянскага ордэна Францішкі Сядліскай, 11 наваградскіх пакутніц, сёстраў-назарацянак.

- Вы адчуваеце патрэбу ў выстаўках?

- Выстаўкі дазваляюць мне знаёміцца з новымі людзьмі і святарамі. У горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці айцец Цімафей, настаяцель храма Тупічэўскай Маці Божай, сябруе з дырэктарам гістарычна-краязнаўчага музея. Ён даў замову напісаць іканастас, які складаецца з 16 абразоў, і яшчэ 11 абразоў для царквы, у тым ліку - рэдкі абраз Божай Маці Тупічэўскай. Абразы, напісаныя мной, можна ўбачыць ў касцёлах і цэрквах на Беларусі і не толькі… Я гэтым жыву, пра гэта чытаю і ўжо не змагу пражыць без маленькага Езуса, без Мадоннаў. Яны ствараюць мой унутраны свет і маё асяроддзе.

Я суправаджаю выстаўку тэчкай з кароткім апісаннем абразоў. Навуковыя супрацоўнікі музея чытаюць лекцыі на духоўныя тэмы для школьнікаў і інтэлігенцыі. Адначасова дзве мае выстаўкі перамяшчаюцца па розных гарадах. Іншая мая выстаўка знаходзіцца ў горадзе Міёры, у кастрычніку яна пераедзе ў Браслаў. Трэццяя выстаўка называецца "Кветкавы рай". Я падрыхтавала яе да аднаго са сваіх юбілеяў, і зараз яна экспануецца ў карціннай галерэі ў горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці, у верасні яе пабачаць жыхары Івацэвічаў. Мае выстаўкі іконапісу і кветкавых кампазіцый праходзілі не толькі ў малых гарадах Беларусі, але і ў Віцебску ў музеі М.Ф. Шмырова, у Менску ў Нацыянальным гістарычным музеі, у музеі Якуба Коласа, у галерэі "Універсітэт культуры" ў Палацы Рэспублікі. У 2016 годзе праходзіла мая выстаўка ў галерэі Гаўрыіла Вашчанкі ў Гомелі.

- Жадаем Вам поспехаў!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва Ядвігі Сенько.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX