Папярэдняя старонка: 2018

№ 35 (1394) 


Дадана: 30-08-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1394), 29 жніўня 2018 г.

2 верасня - XXV Дзень беларускага пісьменства

XХV Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Іванаве 2 верасня і будзе прысвечаны тэме "Мая малая радзіма".

Асноўнай пляцоўкай святкавання XXV Дня беларускага пісьменства стане гарадскі парк Іванава, як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні райвыканкама Віталь Клышко. "Плануецца, што галоўная пляцоўка размесціцца ў парку. Там створана пэўная інфраструктура, ёсць амфітэатр. Недалёка ад яго будзе ўстаноўлена сцэна, створым умовы для размяшчэння большай колькасці людзей", - расказаў В. Клышко.

Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства:

- урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з'яўляюцца грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі", Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншыя зацікаўленыя;

- "круглы стол" з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі", РВУ "Выдавецкі дом "Звязда", выдавецтва "Мастацкая літаратура";

- навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны;

- узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка", накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне", ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".

Складовай часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з Дабрадатным агнём ад Труны Гасподняй, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.

Паводле mininform.gov.by.

Меч Лідскага замка

Традыцыйны рыцарскі турнір "Меч лідскаага замка" пройдзе ў Лідзе 8 верасня 2018 года. У праграме:

- рыцарскі турнір;

- конны турнір;

- бугурты;

- масавыя баі.

Уладзіміру Арлову - 65

Уладзімір АРЛОЎ нарадзіўся 25 жніўня 1953 года ў Полацку ў сям'і інтэлігентаў (маці працавала выкладчыцай гісторыі, бацька - пракурорам). У 1970 годзе скончыў сярэднюю школу ў Полацку, з 1970 па 1975 год студэнт гістарычнага факультэта БДУ.

Пасля сканчэння вучобы працаваў у Наваполацку выкладчыкам гісторыі ў школе, з 1976 па 1986 - у рэдакцыі ґазеты "Хімік". У 1986 годзе ўваходзіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Ад 1988 да 1997 года - супрацоўнік выдавецтва "Мастацкая літаратура". У 1988 годзе становіцца сябрам БНФ. У 1989 годзе выйшаў з КПСС. У 1990-х шмат падарожнічае і піша эсэ паводле ўражанняў ад месцаў, дзе пабываў (кнігі "Божая кароўка з Пятай авеню", "Адкусі галаву вароне" і "Сланы Ганібала"). З 1992 года двойчы абіраўся ў Сойм БНФ. З 1997 года - супрацоўнік рэдакцыі часопіса "Крыніца".

Першыя свае вершы надрукаваў у студэнцкіх самавыдавецкіх альманахах: у 1973 годзе ў наваполацкім "Блакітным ліхтары", а ў 1974 годзе ў менскай "Мілавіцы", да выдання якіх, паводле ўласных успамінаў, меў непасрэднае дачыненне. Эсэ "Незалежнасць - гэта…" з кнігі "Мой радавод да пятага калена" 1993 года перакладзенае больш як на дваццаць моваў свету (у тым ліку летувіскую, эстонскую, румынскую, латышскую, грузінскую, чэшскую і славацкую).

Кнігі "Таямніцы полацкай гісторыі" (1994) ды "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" (у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам) увайшлі ў спіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг 20 стагоддзя, складзены паводле апытання газеты "Наша Ніва". Аўтарства Уладзіміра Арлова маюць таксама сцэнары навукова-дакументальных фільмаў "Еўфрасіння Полацкая", "Полацкія лабірынты" ды "Сімяон Полацкі"

Грэка-каталік. Жонка - паэтка, журналістка Валянціна Аксак, сыны Раман (экс-удзельнік гуртоў "J:Морс" і "Мантана") ды Багдан.

Вікіпедыя.

На iPhone і Android выйшла беларускамоўная "Біблія для дзяцей"

Папулярная ў свеце бясплатная мабільная праграма Bible App for Kids, распрацаваная YouVersion супольна з евангельскімі хрысціянамі OneHope, стала даступнай на беларускай мове.

"Біблія для дзяцей" - не кніга, а зборнік анімаваных апавяданняў і гульняў на біблійную тэматыку для дзяцей ад 4 гадоў. Толькі на Android праграму ўсталявалі не менш за 10 млн чалавек (Apple не раскрывае колькасці інсталяцыяў на iPhone і iPad). Каб пераключыць праграму на беларускую версію, трэба зайсці ў пункт "Settings", падпункт "Language". Як расказвае на Facebook распрацоўнік Мікалай Малашчонак, над праектам працавалі два гады. У праграме, сцвярджае ён, "яскравыя анімацыі, цікавыя галаваломкі, пазлы і самая лепшая беларускамоўная агучка ад каманды КінаКонг".

- Персанажы рухаюцца, і размаўляюць, і ажыўляюць Біблію для маленькіх чытачоў: апостал Павел сапраўды трапляе ў шторм, Ной будуе каўчэг, а Пан Езус падымае паралізаванага, - апісвае праграму "КінаКонг".

Тыя ж распрацоўнікі, якія стварылі "Біблію для дзяцей", маюць і "дарослую" праграму чытаць Біблію для Android і iOS - яна таксама перакладзена на беларускую (і яшчэ на чатыры дзясяткі моваў).

Радыё Свабода.

Ці магчыма ў Беларусі стварыць сапраўдны якасны ўніверсітэт еўрапейскага профілю?

Такое пытанне ставіць Багдан Сакалоў у сваім матэрыяле на сайце "Будзьма беларусамі!" пад адпаведным назовам...

Я адкажу адразу: "Так, магчыма!" Беларусы не горшыя людзі за іншых еўрапейцаў, пра што сведчыць досвед Віленскага ўніверсітэта, БДУ і некаторых іншых універсітэтаў нашай краіны (дастаткова толькі прыгадаць нашых праграмістаў!).

Цяпер адкажу на другое пытанне сп. Багдана, што важнейшае: якасць навучання ці мова навучання? Не адмаўляючы якасць, скажу, што мова важней!

У свой час у Расіі, дзякуючы Пятру І, спачатку запанавала нямецкая мова, а пазней - французская. (Згадаем дыялогі герояў рамана Л. Талстога "Война и мир".)

Дарэчы, бацькі Пушкіна гаварылі па-французску, і свае першыя вершы ён напісаў на мове Вальтэра, Напалеона і Гюго. Аднак пазней усе ўніверсітэты Расіі, за выключэннем універсітэта ў Дэрпце (дзе да канца ХІХ ст. вучылі па-нямецку), сталі рускамоўнымі, прыгэтым якасць адукацыі была даволі высокая, але студэнты добра ведалі яшчэ з гімназіі латынь, французскую і нямецкую мовы. Дарэчы, англійскую мову тады вельмі не вывучалі і не ведалі, асабліва ў Расіі. Аднак у часы Аляксандра ІІІ па ўсёй імперыі пачалі праводзіць татальную русіфікацыю і нават русіфікавалі ўніверсітэт у Дэрпце, а горад назвалі Юр'евам (зараз Тарту ў Эстоніі).

Да 1917 г. у нас забаранялі нават пачатковыя школы на беларускай мове, бо галоўная мэта рускіх імперыялістаў была канчаткова асіміляваць украінцаў і беларусаў, стварыць "вялікі рускі народ", які захопіць Басфор і Дарданелы, і ўсталюецца ў свеце Масква як "Трэці Рым".

Гэту ідэю запазычылі Сталін і Хрушчоў разам з Брэжневым, якія стваралі на базе паняволеных народаў "адзіны і недзялімы" савецкі народ, што будзе размаўляць і вучыцца на "великом и могучем русском языке".

СССР знік, але сённяшняя пуцінская Расія дастала з нафталіну гісторыі вышэйзгаданую ідэю і пачала русіфікацыю нярускіх народаў Расіі. Найбольш гэтыя праблемы зараз абвастрыліся ў Татарстане і Башкірыі.

Дарэчы, і ЕГУ, які так прапагандуе сп. Сакалоў, прыйшоў на Беларусь з Масквы як "вялікарускі праект" для "цёмных" беларусаў. Спачатку там не было нават кафедры беларускай мовы, і беларуская мова там у адрозненне ад дзяржаўных універсітэтаў зусім не вывучалася. Адпаведную кафедру стварылі толькі дзякуючы намаганням ТБМ. Выехаўшы ў Вільню, ЕГУ давялося маскіравацца, але паступова большасць беларускіх выкладчыкаў-патрыётаў была адтуль звольненая, і зараз некаторыя будуць працаваць, маючы еўрапейскі вопыт, у нашым універсітэце.

Ёсць у нас і прафесары, якія стала працуюць у Польшчы і Расіі, але родную мову не забыліся і забывацца не збіраюцца.

Калі мова навучання не істотная, то чаму ўлады Беларусі, нягледзячы на звыш 50 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі з патрабаваннем мець нацыянальны беларускамоўны ўніверсітэт (а гэта ідэя была агучана прафесарам Юрасём Хадыкам у 1998 годзе), за 20 гадоў так яго і не стварылі?

Пра сутнасць палітыкі кіраўніцтва ЕГУ сведчаць такія выказванні яе абаронцы сп. Сакалова, як "апагей моцнага трызнення беларускамоўнай секты", "абапірацца капытом на беларускую мову", "краіне патрэбныя вольныя па духу інтэлектуалы, а не носьбіты роднай мовы". Гэты спіс можна прадоўжыць. Засталося толькі зрабіць адпаведны пераклад гэтага артыкула на "великий и могучий" і змясціць на расійскім сайце тыпу "Рэгнума". Можа і ганарар дадуць праз адпаведную амбасаду.

Наша мэта простая. Усе студэнты, якія не прагнуць вучыцца за мяжой і там пасля застацца, а дома гатовы навучацца па-беларуску, такую магчымасць павінны мець. Іх колькасць немалая, калі зыходзіць з таго, колькі абітурыентаў выбіраюць на ЦТ беларускую мову. Іх, дарэчы, значна больш, чым усіх выпускнікоў беларускамоўных школ.

Алег Трусаў, в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

Менскі гарадскі суд адмовіў грамадзянам

У сакавіку 2018 года бацькі 24 беларускамоўных дзяцей з 21 сям'і звярнуліся ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Менска з просьбай стварыць беларускую групу ў адным з дзіцячых садкоў раёна. Атрымалі адмову і пайшлі ў суд, каб аспрэчыць дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі і дамагчыся выкання гарантаванага Канстытуцыяй права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе.

Аднак суд адмовіўся ад прыняцця скаргі бацькоў, вырашыўшы, што пытанне павінна вырашацца не ў судзе.

Бацькі абскардзілі рашэнне Першамайскага суда ў прыватнай скарзе ў судзе горада Менска. На працэс прыйшлі прадстаўнікі бацькоў з групай падтрымкі, у тым ліку завітала старшыня ТБМ, дэпутат Алена Анісім.


20 жніўня я прысутнічала на паседжанні Менскага гарадскога суда, на якім разглядалася скарга бацькоў Першамайскага раёна г. Менска. Мне важна было і як старшыні ТБМ, і як дэпутату (хоць я зараз афіцыйна знаходжуся ў адпачынку) мець уяўленне пра тое, як у нас працуюць законы ў частцы забеспячэння моўнага раўнапраўя. Судовае паседжанне доўжылася цягам гадзіны. Былі заслуханы аргументы бацькоў, а таксама меркаванне Беларускага Хельсінскага камітэта, якое агучыў сп. Гары Паганяйла.

У выніку суддзя адмовіла бацькам у задавальненні іх скаргі, пацвердзіўшы рашэнне суда Першамайскага раёна г. Менска. Прыгэтым яна выказала меркаванне пра тое, што дзеянні службовых асоб ніякім чынам не парушаюць правоў бацькоў у частцы забеспячэння іх канстытуцыйнага права на беларускамоўнае выхаванне сваіх дзяцей у сістэме дашкольных устаноў Міністэрства адукацыі.

Для таго, каб асэнсаваць тое, што адбылося, пачнём з самага пачатку, каб ведаць сутнасць справы. Бацькі звярталіся да адміністрацыі Першамайскага раёна з заявамі аб навучанні і выхаванні дзяцей у беларускамоўных садках і групах, прыгэтым яны ў якасці найлепшага варыянту прапанавалі стварыць рознаўзроставыя групы. У гэтым выпадку дзеці мелі б найбольш камфортную моўна-псіхалагічную атмасферу. Аднак, чыноўнікі ад адукацыі ўхіліліся ад вырашэння пытання менавіта ў такім фармаце і адмовілі бацькам у стварэнні такой групы, прапанаваўшы ім месцы ў садках, якія ў іх фармальна лічацца як установы з беларускай мовай. Бацькі, у прыватнасці, Вольга Кавальчук, не пагадзіліся з такім рашэннем і паспрабавалі праз звароты ў розныя інстанцыі дамагчыся свайго канстытуцыйнага права на выхаванне дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове. Тым больш, што ў Першамайскім раёне ўжо функцыянуюць 6 рознаўзроставых груп з рускай мовай навучання. Акрамя таго, як стала вядома, у некаторых садках пры неабходнасці прымаюцца аператыўныя рашэнні і адкрываюцца лагапедычныя групы без аніякіх праблем. Гэта значыць, што пры неабходнасці такога роду пытанні, як адкрыццё спецыяльных груп, чыноўнікі могуць вырашыць, у адрозненне ад забеспячэння канстытуцыйнага права на дзяржаўную беларускую мову. Бацькі, карыстаючыся стандартнай прыпіскай у лістах ад службовых асоб пра тое, што ў выпадку нязгоды можна абскардзіць адказ у судзе, звярнуліся ў суд Першамайскага раёна г. Менска. І вось тут узнікла першая нечаканасць. Суд адмовіўся прыняць да разгляду скаргу бацькоў на дзеянне/бяздзеянне службовых асоб і ўзбуджаць справу. Учора Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле гэтае рашэнне суда Першамайскага раёна. Не паглыбляючыся ў юрыдычныя нюансы, зазначу толькі, што суддзя пры гэтым аперыравала артыкуламі Кодэкса аб адукацыі. І гэта прымушае задумацца пра тое, у якой ступені названы законапраект, змены ў які так доўга распрацоўваюцца, здольны забяспечыць роўныя правы ў функцыянаванні дзяржаўных моў у сістэме адукацыі.

Названы судовы працэс, на маю думку, прадэманстраваў наступнае. У некаторых мясцовых органах улады існуе моцная ўзаемазалежнасць, якая паралізуе нармальную адказную працу па забеспячэнні правоў грамадзян, а ўсё зводзіцца да таго, каб прынятае адмоўнае рашэнне пацвярджаць на ўсіх узроўнях. Такім чынам сістэма дзяржаўных органаў улады праз дзейнасць канкрэтных чыноўнікаў дэманструе сваё непаважлівае стаўленне да правоў грамадзян.

І тут узнікаюць наступныя пытанні. Хто і якім чынам здольны абараніць правы бацькоў у такой сітуацыі? Які орган мае права даць прававую ацэнку прынятых рашэнняў судовых інстанцый, калі ёсць сумненні ў іх юрыдычнай бездакорнасці?

Зараз бацькі будуць вырашаць, як далёка яны гатовы ісці па шляху абароны сваіх канстытуцыйных правоў. Я лічу сваім непасрэдным абавязкам трымаць гэтую сітуацыю пад пільным наглядам з тым, каб знайсці магчымасць станоўча паўплываць на яе вырашэнне. Бо насамрэч, справа не вартая гроша. Дастаткова было ўпраўленню адукацыі Першамайскага раёна г. Менска пайсці насустрач законнаму праву бацькоў і падчас перамоў знайсці аптымальнае рашэнне па адкрыцці адной ці двюх рознаўзроставых груп з беларускамоўным працэсам выхавання і навучання ў садку і ніякага супрацьстаяння і судовай валакіты не было б. Як не было б і падстаў для чарговых прэтэнзій да органаў улады.

Старшыня ТБМ імя Францішка Скарыны Алена Анісім.

Родная мова на тэсціраванні

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў перадаў лічбы ў Міністэрства адукацыі. Усяго па краіне цэнтралізаванае тэсціраванне на беларускай мове пісалі 23.829 чалавек. Іспыты праходзілі 12 чэрвеня, 6 і 8 ліпеня. За 2 гадзіны трэба было выканаць 40 заданняў. Вышэйшыя адзнакі, 100 балаў, атрымаў 21 чалавек. Пра гэта паведаміла прэсавы сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая. Індывідуальныя вынікі тэсціравання знаходзяцца на сайце www.rikc.by.

Эла Дзвінская.

ЗАПРАШАЕМ НА ВУЧОБУ

Падрыхтоўчыя курсы Універсітэта імя Ніла Гілевіча дзейнічаюць з верасня 2018 г. для вучняў старэйшых класаў (10, 11 класы), студэнтаў, а таксама для ўсіх, хто хоча ўдасканаліць свае веды і падрыхтавацца да ЦТ і паступлення ў ВНУ, па наступных прадметах: гісторыя Беларусі, матэматыка, фізіка, хімія, беларуская, англійская, нямецкая і (пры наяўнасці попыту) французская мовы.

Адначасова дзейнічаюць трох- і шасцімесячныя курсы. На курсах, якія будуць доўжыцца 3 месяцы, заняткі будуць праходзіць два разы на тыдзень па тры гадзіны на дзень. На курсах працягласцю шэсць месяцаў заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень (па суботах) таксама па тры гадзіны на дзень. Колькасць навучэнцаў у кожнай групе - не больш за 10-12 чалавек.

Кожны курс уключае ў сябе тры прадметы на выбар навучэнца ў любой камбінацыі (гісторыя Беларусі, матэматыка, фізіка, хімія, беларуская, англійская, нямецкая і французская мовы). Кошт любога курса ўсяго 200 BYN (і за трох-, і за шасцімесяцовы курс).

Каб трапіць на курс (абраныя прадметы навучэнцы паведамяць на сумоўі), неабходна да 31 жніўня запоўніць і даслаць заяву (узор дадаецца) на электронны адрас універсітэта nhuniversitet@gmail.com з пазнакай "Заяўка на курсы" ці паштовы адрас офіса ТБМ: 220034, Таварыства беларускай мовы, г. Мінск, вул. Румянцава, 13. Таксама прыкласці да заявы скан ці копію аплаты за курс. Аплату неабходна пералічыць на рахунак Прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" BY49BLBB30150193050167001001 BIC BLBBBY2X (ААТ "Белінвестбанк") з пазнакай "Плата за курсы".

Дамовы з тымі, хто дашле заяву і копію пра аплату, будуць заключаныя на арганізацыйнай сустрэчы (сумоўі), якая пройдзе 7 верасня ў офісе Таварыства беларускай мовы (г. Мінск, вул.Румянцава, 13) з 17:00 да 19:00. Для падпісання дамовы неабходна будзе прынесці пашпарт і квітанцыю аб аплаце курсаў.

УЗОР ЗАЯВЫ

В.а. рэктару

ПУА "Універсітэт імя Ніла Гілевіча"

Трусаву А. А.

ад. .

(прозвішча, імя, імя па бацьку)

ад. .

(№ і серыя пашпарта)

. .

адрас рэгістрацыі і сталага месца жыхарства)

. .

(мабільны тэлефон і электронная пошта)

Заява

Прашу залічыць мяне на трохмесяцовыя (ці шасцімесяцовыя) падрыхтоўчыя курсы з наступнымі прадметамі:


1.. .


2.. .


3.. .


Дата Подпіс

Паходы па мову ў Магілёве

22 жніўня 2018 г. старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў наведаў адміністрацыю СШ № 34 г. Магілёва. У гэтай школе набіраецца беларускі клас, і на сённяшні дзень пададзены дзве заявы. Спадару Алегу патэлефанавалi бацькі і паведамілі, што ім звоняць з адміністрацыі школы і адгаворваюць ад беларускага класа. Кажуць наступныя рэчы: заяў, акрамя вашай, больш няма; фінансавання няма; дома вам прыйдзецца размаўляць з дзіцём па-беларуску і іншае.

Калі спадар Алег паразмаўляў з завучам Святланай Іванаўнай, яна сказала, што такой размовы не было. Клас будзе і ўсё будзе добра.

Вельмі прыемна, што сумныя факты не пацвердзіліся...

23 жніўня 2018 г. старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Дзьячкоў меў размову з намеснікам начальніка аддзела адукацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Казловай Інай Аляксандраўнай. Спраава ў тым, што ў Кастрычніцкім раёне набіраецца першы клас з беларускай мовай навучання ў СШ № 34, таксама набіраецца група ў дзіцячы садок № 79. А ў Ленінскім раёне нічога не атрымліваецца. Пасля неаднаразовых размоў з адміністрацыяй дзіцячага садка № 93, дзе на сённяшні дзень толькі адна заява, спадар Алег вырашыў звярнуцца непасрэдна ў Ленінскі раённы адзел адукацыі. На вялікі жаль, канструктыўнай размовы са спадарыняй Казловай не атрымалася. Калі спадар Алег распавёў Іне Аляксандраўне пра сітуацыю і запытаўся, ці ў курсе спраў кіраўніцтва і ці рабіліся якія крокі для выпраўлення сітуацыі, то адразу пачуў пытанне:

- Я что, должна перед вами отчитываться?

І яшчэ яму сказалі:

- Мы ничего не должны - мы предоставляем услуги.

У чыноўніцы ўсё ж такі атрымалася нешта высветліць, і сярод захадаў па папулярызацыі беларускай мовы былі названы:

1. Размяшчэнне інфармацыі на сайце;

2. Выступы на бацькоўскіх сходах;

3. Праца з кадрамі.

Калі спадар Алег паведаміў пра некаторыя факты ў садку № 93, якія не спрыяюць адкрыццю групы, то спадарыня Казлова адказала наступнае:

- Я не следователь и разбиратьсяс этими фактами не собираюсь.

У канцы размовы спадар Алег зразумеў, што адна з прычын трагічнай сітуацыі з беларускамоўным навучаннем у Ленінскім раёне г. Магілёва - гэта абыякавасць кіраўніцтва Аддзела адукацыі.


Пасля гэтай размовы ён накіраваўся ў гарвыканкам, дзе дадзеную сітуацыю абмеркавалі з начальнікам упраўлення па адукацыі гарвыканкама Новікавай Ірынай Леанідаўнай. Спадарыня Новікава ўважліва выслухала і паабяцала прыняць меры.

Навіны і анонсы Магілёўскага ТБМ.

Кніга Арлова - шчыт нашай Айчыны

Адна з галоўных падзей 500-годнасці беларускага кнігадруку адбылася ў сталіцы. Кніга Ул. Арлова і П. Татарнікава "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" была прадстаўлена шырокай публіцы пасля шэрагу паспяховых аўтографсесій ў менскай "Акадэмкнізе". Імпрэза адбывалася ў галерэі партрэтаў князёў Радзівілаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. На фоне выяваў Юрыя, Кшыштафа і Януша Радзівілаў слова ўзялі аўтары кнігі і яе рэдактар.

Як адзначыў рэдактар выдання, дырэктар выдавецтва "Тэхналогія" Зміцер Санько:

- Менавіта Уладзімір Арлоў зрабіў найбольшы ўнёсак у папулярызацыю айчыннай гісторыі за апошнія 30 гадоў. Яшчэ на пачатку 90-тых выйшла папулярная кніга "100 пытанняў і адказаў беларускай гісторыі", адным з аўатараў якой быў спадар Арлоў. Сумарны наклад яе складаў больш за паўмільёна паасобнікаў. Потым выходзіла кніга "Адкуль наш род," адрасаваная малодшым школьнікам, якая вытрымала 4 выданні, затым у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам была падрыхтавана кніга "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі," якая вытрымала 3 выданні. За ёй з'явілася "Краіна Беларусь", якая перавыдавалася на рускай і ангельскай мовах, а за ёй - "Вялікае Княства Літоўскае" і, нарэшце, новая кніга. Усё гэта яскрава сведчыць пра велізарны унёсак шаноўнага аўтара ў надзвычай важную для нашага народа тэму. З часоў кніжнага буму 80-90-тых гадоў не было здарэння, каб па кнігу людзі стаялі ў чарзе па некалькі гадзін, што сведчыць пра прызнанне таленту Уладзіміра Арлова і вялікую цягу да ведаў па айчыннай гісторыі. Гэта кніга - шчыт нашай Айчыны, не ў фізічным сэнсе, а ў тым, калі мы яе засвойваем, то яна становіцца лепшай абаронай нашай краіны, чым ракетныя комплексы, танкі і самалёты.

Сам пісьменнік распавёў пра імпульсы, якія даюць штуршок для стварэння твора.

- Я пераканаўся, што як гісторык па адукацыі, я павінен напісаць кнігу для тых дзетак, якія будуць жыць у незалежнай Беларусі, даць ім новых герояў. Кніжка "Адкуль наш род" увайшла ў школьную праграму для пазакласнага чытання. Яна даўно стала рарытэтам, і я атрылімваў шмат лістоў з прапановай яе перавыдання. Працяглы час пісалася паэзія, проза, са Змітром Герасімовічам мы стваралі аб'ёмныя фаліянты. І вось настаў час працягнуць кнігу для дзяцей на новым мастацкім узроўні. Надышоў шчаслівы дзень знаёмства з Паўлам Татарнікавым, які бліскуча валодае гістарычнай тэмай. Калі доўгі час працуеш над кнігай, у якой шмат геніяльных асобаў, то надыходзіць момант, калі ты пачынаеш адчуваць метафізічна людзей розных эпох, - прызнаўся пісьменнік.

Поспех кнігі пераўзышоў чаканні аўтараў. Выйшла другое яе трохтысячнае выданне. За адну аўтографсесію даводзілася падпісваць па 300 кніг. Цікава было пазначаць імёны дзетак, якім яны падпісвалі кнігі. Сярод іх - Альгерды, Вітаўты, Францішкі, Дамінікі і Аліцыі. 18 кніг былі падпісаны Стэфаніям. Па аўтографы прыходзілі нашчадкі ўдзельнікаў паўстання К. Каліноўскага і нашчадкі Ігната Буйніцкага. Да поспеху прывяла не толькі плённая праца пісьменніка і мастака, але і змены, якія адбываюцца ў грамадстве. Усё больш беларусаў хочуць мець сваю Айчыну, аднавіць каналы духоўнай повязі з продкамі, якія ўмацоваюць род, даюць сілу і энергію. Чытачы адзначаюць, што адчуваюць згустак энергіі, калі бяруць кнігу ў рукі.

Мастак Павел Татарнікаў - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за цыкл гістарычных партрэтаў "Брама вечнасці", адзін на Беларусі уладальнік двух залатых яблыкаў - найвышэйшай узнагароды Браціслаўскага б'енале кніжных ілюстратараў. З дзяцінства творца захапляўся выявамі рыцараў, старажытных замкаў. У кнізе - 65 партрэтаў, сярод іх -12 прадстаўнікоў роду Радзівілаў. У кнізе ёсць батальныя сцэны, рэканструкцыі гарадоў. Калі мастак працаваў над ілюстрацыямі, ён імкнуўся, каб яны падабаліся хлопцам, якія цікавяцца старажытнасцю.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Масквічка ў цэнтры Слоніма спявала па-беларуску

Шыкоўны канцэрт адбыўся ў цэнтры Слоніма каля драмтэатра. Маскоўская спявачка Міла Ражкова бясплатна спявала для слонімцаў песні на беларускай мове. Сваё выступленне спявачка пачала з паланэза Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай" на словы беларускага паэта Сержука Сокалава-Воюша. Спявачка выканала шмат іншых песень беларускіх аўтараў, а таксама беларускія народныя песні. Спявала Міла Ражкова і па-грузінску, і на іншых мовах. Рускамоўныя песні гучалі ў перакладзе на беларускую мову гарадзенскай паэткі Алы Петрушкевіч. Уся канцэртная праграма спявачкі называлася "Беларускі альбом". Выступленне Мілы Ражковай арганізавала Слонімская галерэя АртБуш, ТБМ і Упраўленне культуры Слонімскага райвыканкама.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.

У Бярозаўцы пачаўся збор подпісаў за помнік Юліюсу Столе

У горадзе Бярозаўка, што на Лідчыне, пачалася кампанія па зборы подпісаў за ўсталяванне помніка аднаму з заснавальнікаў шкляной вытворчасці ў гэтым месцы - Юліюсу Столе. Да мясцовых актывістаў далучыліся і валанцёры з грамадскага руху "Дзея". Толькі за два няпоўныя дні сабралі 650 подпісаў у падтрымку ініцыятывы. Улічваючы, што ў самой Бярозаўцы жыве не больш за 10 тысяч чалавек, такая колькасць подпісаў за некалькі гадзін збору сведчыць пра тое, што перад гэтым прайшла вельмі грунтоўная інфармацыйная кампанія з боку мясцовых актывістаў, лічыць заснавальнік і сябар рады грамадскага руху "Дзея" - Алесь Лагвінец:

- Бачна, што ёсць станоўчае стаўленне людзей, вельмі цешыць, што бярозаўцы пазітыўна рэагавалі. Шмат хто адказвае на беларускай мове. Людзі разумеюць важнасць гістарычнай памяці. Ёсць таксама свой сімвалізм, калі помнік з'явіцца ў цэнтральным месцы горада і будзе паказваць паспяховага чалавека, які найперш дбаў пра асабісты інтарэс, але праз асабісты інтарэс ён спрычыніўся да таго, што паўстаў цэлы горад.

Юліюс Столе - мастак па шкле, прадпрымальнік і мецэнат, які з'яўляецца адным з заснавальнікаў вядомай на ўвесь свет шкляной вытворчасці пад маркаю "Нёман". У наш час яго імя ніякім чынам не ўвекавечана ў горадзе Бярозаўцы, які ўзнік вакол прадпрыемства.

Арганізавалі збор подпісаў мясцовыя актывісты БНФ і ТБМ.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Агееў Алесь Рыгоравіч Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Асіпцова Яніна Аляксандраўна Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Барадаўкіна Ірына Сяргееўна Баран Павел Баршчун Валянціна Дзмітр. Баршчэўская Алеся Барысенка Аляксандр Анатол. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варанец Міхаіл Адамавіч Варановіч Крысціна Васілевіч Дарына Аляксандр. Васілеўскі Валянцін Васільева Вераніка Міхайл. Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенцевіч Вінакурава Кацярына Віняцкі Ягор Змітравіч Войніч Вікторыя Іосіфаўна Волкаў Міхаіл Уладзіміравіч Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянцін. Вяргей Валянціна Сяргееўна Вярцінская Вольга Уладзімір. Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галоцік Ганна Дзмітрыеўна Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер'еўна Ганчар Марыя Іосіфаўна Гарбузова Аліна Канстанцін. Гідлеўская Людміла Канстанц. Гнётаў Віталь Мікалаевіч Гойшык Аляксандр Рыгоравіч Грыб Мечыслаў Іванавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дзежыц Аляксандр Альфрэд. Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дымкоў Сяргей Анатольевіч Дэц Аксана Аляксандраўна Ермаловіч Людміла Іванаўна Еўстратоўскі Уладзімір Парф. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жбанкова-Стрыганкова В. Г. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жыгалка Уладзіслаў Сяргеевіч Жышкевіч Людміла Заверуга Вольга Яраславаўна Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зелянкевіч Аляксандра Ігар. Зелянкевіч Павел Ігаравіч Зімін Мікалай Васільевіч Зяльвовіч Алена Аляксандр. Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандраўна Івашка Ірына Алегаўна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Кабушка Уладзіслава Уладз. Кавалевіч Алена Сцяпанаўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казакевіч Дзяніс Валер'евіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калашнікаў Уладзімір Іванавіч Калбасіна Ірына Канабраткіна Таццяна Васіл. Канановіч Алена Канановіч Віталь Антонавіч Кандраценка Артур Сяргеевіч Кануннікаў Дзмітры Сяргеевіч Капусціна Святлана Валянцін. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Касцевіч Ніна Аляксееўна Касцян Кастусь Дзянісавіч Каўшырка Наталля Паўлаўна Качук Уладзіслаў Ігаравіч Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Уладзімір. Кіенка Генадзь Кліменцьева Марыя Андр. Кляўцэвіч Іван Віктаравіч Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Аляксан. Краснагір Аляксей Рыгоравіч Краўцоў Андрэй Краўцэвіч Аляксандр Канст. Краўчанка Ала Крот Кацярына Міхайлаўна Круглік Юлія Віктараўна Крэмко Ганна Іосіфаўна Крэнць Максім Кудзелька Віктар Яўхімавіч Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксанд. Купчык Мікола Курган Дзяніс Аляксандравіч Курдзя Антаніна Юр'еўна Курдо Антон Васільевіч Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапато Валянціна Уладзімір. Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лізуноў Андрэй Іванавіч Ліпскі Міхаіл Аляксандравіч Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцьвінчук Алена Лобан Ірына Фёдараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Майсюк Вольга Мікалаеўна Малец Надзея Генадзеўна Малочка Таццяна Маляўка Андрэй Фёдаравіч Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандравіч Маркелава Марыя Дзмітр. Маркелаў Валер Анатольевіч Маркушэўскі Ігар Марозаў Валеры Уладзімір. Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракопавіч Мезяк Віктар Віктаравіч Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Алякс. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалоўская Вольга Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцінаўна Мухін Ігар Алегавіч Мухіна Алена Аляксандраўна Мяцельская Наталля Іванаўна Навумік Зінаіда Наздрына Ларыса Паўлаўна Новік Дзіяна Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Панкрат Пётр Аляксеевіч Папова Марыя Парфёненка Віктар (Вітаўт) В. Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Ганна Генрыхаўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл. Петрычэнка Аніта Аляксанд. Півавар Кацярына Сяргееўна Піваварчык Ірына Вайцехаўна Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прывалаў Васіль Уладзімір. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятровіч Карней Ізідоравіч Пятроў Дзяніс Валер'евіч Пятроў Іван Сяргеявіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Салавей Лія Мацвееўна Саламевіч Кацярына Аляксан. Салдатава Аліса Сяргееўна Сармант Надзея Сцяпанаўна Сарока Надзея Саскавец Ала Мікалаеўна Свяколкін Антон Віктаравіч Севярынец Канстанцін Паўл. Севярынец Таццяна Яўгенаўна Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Случак Таццяна Уладзіміраўна Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мінаўна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сцяцэнка Яўгенія Валер'еўна Сяльверстава Святлана Яўг. Таніня Наталля Мікалаеўна Тарасевіч Пётр Пятровіч Таратута Аляксей Мікалаевіч Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Тычына Андрэй Уладзіміравіч Уласюк Юры Уліцкая Ганна Уладзіміраўна Усеня Уладзімір Мікалаевіч Усцімчук Мікалай Мікалаевіч Усціновіч Васіль Віктаравіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандравіч Хляба Ігар Вітальевіч Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Георг. Чабатарэўскі Андрэй Барыс. Чайкова Ірына Аляксандраўна Чаркасаў Л.І. Чарнавус Мікалай Дзмітр. Чарноў Павел Фёдаравіч Чырвонцаў Леў Раманавіч Чэчат Лілея Пятроўна Шабар Маргарыта Сяргееўна Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шутаў Аляксандр Эдуардавіч Шыбкоўскі Сяргей Георгіевіч Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Якіменка Кацярына Мікал. Янкоў Дзмітры Уладзіслававіч Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзіміравіч

Лідзянін купіў стары мікрааўтобус і ператварыў у круты рэтра-бус

Навіны Германіі

Нямецкія канструктары былі б у шоку, убачыўшы сваё стварэнне на хаду - ды яшчэ ў такім вытанчаным выглядзе! "Баркас-В1000" выраблялі на заводзе ў ГДР да 1991 года. Потым канвеер спыніўся… У руках Андрэя Кудаша і яго брата Марка стары мікрааўтобус, якому 40 гадоў, ператварыўся ў дарагую рэтра-цацку, ад якой вока не адарваць!

Андрэй першапачаткова хацеў "Волгу". Але на ГАЗ-21 кошты зааблочныя. А "кракадзільчыка" ён узяў ад уладальніка з Гародні за 500 у.е. Убачыўшы пакупку, жонка Вікторыя сказала з гумарам: "Адгані яго ў поле - і спалі!" Такія ж эмоцыі былі ў сяброў і знаёмых. "З яго ніколі не выйдзе тое, пра што ты марыш", - казалі людзі. Настолькі гнятліва глядзеўся сіні фургон.

Але Андрэй быў непахісны. Тры гады працы, адчувальныя фінансавыя ўкладанні. У выніку сёння "Баркас" ловіць захопленыя погляды на вуліцах, а за руль хочуць усе чальцы сям'і! Маленькая Мілана больш за іншых радая татаваму тварэнню. Яна ласкава заве аўта: "Мой Барсік!" Дзеля дачкі, уласна, Андрэй і зрабіў гэтую машыну.

аркас" лідзяніна - унікальны экспанат. "Донараў" у яго нямала: драўляны руль ад Alfa Romeo, сядушкі ад Mazda, ручкі ад Mercedes-Benz, святлодыёдныя фары - Hummer, а панэль - Ford Orion.

Гэта па-сучаснаму круты рэтра-бус: на ім хоць у вандраванне адпраўляйся, хоць вечарынку ўладкоўвай! У машыне - шклапад'ёмнікі, панарамны люк, тэлевізар, падсветка, святламузыка, добры гук, міні-бар, канапы, якія раскладаюцца . Усё гэта, аж да драбнюткіх дэталяў, адлітых са шкла, зробленых з экаскуры - эксклюзіўны аўтадызайн Андрэя.

- Нічога з Інтэрнэту, толькі тое, што прыходзіла ў галаву, - пацвярджае суразмоўца.

Адрадзіць мікрааўтобус было стымулам жыцця для Андрэя. Цяпер лідзянін марыць зганяць "Баркас" на яго радзіму - у Германію. Немцы-старажылы напэўна памятаюць гэтыя фургоны з 1970-х. Хай яны ўбачаць, што "Баркасы" могуць быць і такімі!..

0154.by.

16 верасня ў Мажэйкаве Лідскага раёна пройдзе 2-гі адкрыты фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага

"Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі". Праграма вельмі насычаная. Запрашаем.

Памёр Алесь Ліпай

23 жніўня ў Менску пасля цяжкай хваробы памёр Алесь Ліпай - заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 года. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Яму было 52 гады.

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты "Лірнік". У 1988 годзе Ліпай стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

Многія яго праекты апярэдзілі час. Алесь Ліпай не толькі стварыў інфармацыйную кампанію БелаПАН і сайт "Навіны", але яшчэ напрыканцы 90-х - пачатку 2000-х спрабаваў выдаваць газету "Отдыхай". Ён спрабаваў стварыць радыёстанцыю, але не далі частоты.

БелаПАН быў генеральным партнёрам менскага мітынгу-канцэрту "Свята Незалежнасці", прысвечанага 100-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на свяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзіміра Някляева, які той напісаў за кратамі.

14 чэрвеня супраць Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленне ад сплаты падаходнага падатку. Крымінальны пераслед Ліпая лічаць звязаным з ягонай прафесійнай дзейнасцю. Беларуская асацыяцыя журналістаў і праваабарончы цэнтр "Вясна" асудзілі справу супраць Ліпая.

Алесь - гэта чалавек, без якога беларуская журналістыка была б значна-значна іншай. Прыгэтым ён ніколі не выпячваў сваю ролю. Ён быў такім сапраўдным беларусам, які шмат што робіць і ніколі асабліва пра гэта не расказвае.

Вечная памяць.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

2. Дарэўскі А.В. - 5 р., г. Менск

3. Рабека Мікалай - 50 р., г. Менск

4. Ляўшун - 15 р., г. Менск

5. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

6. Драздоў Ю.Р. - 100 р., г. Менск

7. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

8. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск

9. Амяльковіч Андрэй - 100 р., г. Менск

10. Літвінава Людміла - 10 р., г. Менск

11.Лапацкая Алена - 15 р., Шаркоўшчынскі р.

12. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда

13. Рыбачонак Алесь - 25 р., в. Міханавічы

14. Кукавенка Іван - 20 р., г. Менск

15. Жыдаль Дз. - 20 р., г. Менск

16. Касяк - 13 р., г. Менск

17. Кузьмук З.Г. - 20 р., г. Берасце

18. Самарын Вадзім - 20 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У с п а м і н ы

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Аднойчы грамадка бедна апранутых хрысціян і яўрэяў забегла за імі на наш падворак. Вялікі быў перапалох і здзіўленне нашай маці. Выйшла. Пытаецца, што да чаго.

- Навошта панічы ўцякаюць - гукнуў нейкі яўрэйчык. - Панічы не разумеюць. Мы хочам дабра. Мы хочам панічоў завесці ў ратушу і сведчыць [што] на працягугэтай вясны яны ўжо траіх дзяцей і двух дарослых выратавалі. Мы хочам, каб атрымалі медаль і ўзнагароду. Штодзень на беразе ракі яны пільнуюць, а, бачачы няшчасце, кідаюцца ў ваду і ратуюць.

Вілейка наша ля падножжа гор, акаляўшых горад, на працягу лета малая, плыткая, ледзьве пазначаная вузкім струменьчыкам, на вясну разліваецца шырока, і хуткай плынню зносіць хаты, жывёлу, людзей, калыскі з дзецьмі. развальвае і падмывае нават мураваныя дамы. Нягледзячы на страшныя небяспекі, бедная хрысціянская і яўрэйская люднасць, зважаючы на тое, што нідзе танней не знойдзе жылля, пасля кожнай разрухі адбудоўваецца нанава і вяртаецца на даўняе месца. (Так прынамсі было ў часы, пра якія пішу.)

Брацікі нашыя вечна марылі пра жыццё добрае і карыснае народу, у той час ужо моцныя, рослыя і добра плавалі, кожнай вясной пасля ночы поўнай небяспекі для беднага люду беглі на раку, каб яму нечым дапамагчы. Ведалі таксама многіх наўзбярэжных жыхароў у твар і па прозвішчы. У 1863 годзе люднасць Зарэчча 150 адплаціла прыгаворанаму на смерць Цітусу, але перад наступленнем тых страшных часоў не магла іначай выказаць сваёй удзячнасці, нягледзячы на пратэсты і гнеў, хацела ўжыць нават сілу, каб, як ім здавалася, недасведчаных завесці па ўзнагароду.

Ледзьве маці ўдалося іх супакоіць і пераканаць, што магчымасць аказаць дапамогу бліжняму ёсць найвышэйшай узнагародай.

Пасля вяртання з Сібіры першым клопатам Аляксандра адносна сям'і было выслаць малодшых братоў ва ўніверсітэт. Ад 1852 года каляжанскае жыццё ў Маскве было ўжо заарганізавана Савіцкім 151 і др. Маткевічам, паводле задумы Фр[анцішка] Дал[еўскага]. Гэты ўніверсітэт стаяў найвышэй з погляду агульнасці мэтаў абодвух народаў і падбору прафесараў. У 1859 годзе Канстанцін паступіў на матэматычны факультэт, Цітус - на юрыдычны. У той час у гэтым універсітэце моладзі польскай вучылася каля 500 чалавек. Шмат з таго ліку было амаль без ніякіх сродкаў утрымання. Універсітэцкі статут гаварыў, што кожны з больш заможных, стасоўна да велічыні сваіх фундушаў, быў абавязаны складаць працэнт на падтрымку для калег, якія мелі патрэбу, і на павелічэнне бібліятэкі. Акрамя таго калегі з вышэйшых курсаў абавязваліся сачыць, прытуляць і дапамагаць у навуцы бяднейшым. На надзорных сесіях таварыства выбірала са свайго кола: бібліятэкара, касіра, галоўнага зборшчыка і факультэтных зборшчыкаў. Заданнем апошніх было абысці ўсіх калег свайго факультэта для збору падатку і здачы потым на рукі галоўнага зборшчыка. Вось жа Цітус Далеўскі вызначаючыся шляхетнасцю характару, чыстатой звычаяў, гарачай любоўю да Краю і энергіяй, нягледзячы на свае сямнаццаць гадоў, быў абраны калегамі галоўным зборшчыкам 152. Прыняты абавязак выконваў да выезду з універсітэта.


Пакуль не прыйшоў у Маскву заклік да бою ад Літ[оўскага] аддз[ела], занепакоеная моладзь пасля варшаўскіх выступленняў пасылала некалькі разоў Цітуса для больш дакладнага інфармавання на Літву і ў Пецяр[бург] да Серакоўскага. З Вільні вярнуўся з даручэннем Аддз[ела], каб студэнты заставаліся на месцы; што таксама часова паўстрымала моладзь, якая рвалася ў бой. У сакавіку 1863 года другі раз быў пасланы ў Пецяр[бург] па казанскай справе 153. Цітус пасля вяртання быў зняволены, праз дзесяць з нечым дзён быў адпушчаны на волю. У першыя гады пылкага руху за свабоду, перад самым паўстаннем, у Расіі ўсе адозвы друкавалі ў Маскве, потым - у Пецярбургу.

Калі самыя гарачыя ў канцы студзеня і на пачатку лютага пакінулі Маскву, Цітус з-за казанскай справы мусіў застацца з групай найдзелавіцейшых і найэнергічнейшых калегаў для аказання дапамогі Кяневічу. Афіцэр Чарняк, расеец з Пецярбурга, быў найвыбітнейшым дзеячам у Казані пры Кяневічу. Справа была здраджана студэнтам-расіянінам. Кяневіч пры вяртанні з Парыжа быў арыштаваны на граніцы.

Адной ночы ў Маскве, калі некалькі маладых людзей цягнула скрынкі, напоўненыя адозвамі да салдат і да расейскага народа, каб утапіць у канале, патруль вынырнуў з бакавой вуліцы. Моладзь, кінуўшы на беразе скрынкі, уцякла. Цітус застаўся адзін, разумеючы фатальныя наступствы таго, калі паліцыя знойдзе скрынкі. Ператрусы ў студэнтаў, следства, і польская моладзь будзе затрымана ў Маскве на час паўстання, і справа Кяневіча пагоршыцца. Цітус з напругай усёй сваёй сілы адна за другой кідае скрынкі ў канал, пасля чаго, бачачы немажлівасць пазбегнуць арышту, бяжыць у бок патруля, каб схаваць след месца, дзе ўтапілі адозвы. Затрыманы, аб'яўляе з ходу, што складзе свае прызнанні камісіі, а не паліцыі. На допытах тлумачыўся так лоўка і разумна, што праз пару тыдняў яго вызвалілі. Моладзь, засаромленая і прыгнечаная фактам сваёй баязлівасці, з таго часу, як сама нам прызнавалася, была слепа паслушнай у руках Цітуса.

Прыбылую з Масквы моладзь Літ[оўскі] аддзел далучыў да сумесных работ. Цітус, як мне падаецца 154, неахвотна застаўся ў Вільні, хацеў ваяваць як жаўнер. Аддзел, бачачы неабходнасць паставіць некага з найчыннейшых і з найэнергічнейшых пры Гейштары, прызначыў Цітуса намеснікам, памочнікам.


Лёсы нашай першай друкарні былі невыказна сумныя. На пагорках Бяльмонта 155 пад карэньмі разложыстай прыгожай сасны, на схіле ўтварыўся натуральны невялікі грот з уваходам, заслоненым зараснікамі

Тут паставілі малую друкарню. Было там, на думку расказчыкаў, вельмі нязручна і цёмна. Аднаго дня (перад прыбыццем Цітуса) пасланец, які пайшоў, каб забраць адозвы на правінцыю, застаў уваход засыпаным. Дзе тры маладзёны, якія там з раніцы працавалі? Генрык Км., выцягнуты напаўжывы, ацалеў, дзякуючы толькі малому прытоку паветра праз карэнні, з якіх пясок асунуўся да падножжа ўзгорка. Тыя, хто працаваў глыбей, загінулі Там, аднак (калі мяне памяць не падводзіць), была надрукавана першая адозва "Да зброі!" 156.

Пасля прыбыцця Мураўёва нашая друкарня хавалася ў розных пунктах. У канцы, дзякуючы добрай заплаце, перанеслі яе на Мураўёўскую. З тога часу была зусім бяспечная, друк быў выразны і чысты. Апошняя друкарня была задумай Каўфмана. Я была ў той час у Пецярбургу, дзе расейцы, як і палякі, забаўляліся апавяданнем пра прыгоду часоў кіраўніцтва Каўфмана на Літве. Невядома, ці для прадаўжэння ўрадавага тэрору, ці для сыску, сказалі двум салдатам занесці і схаваць сярод вялікага стосу дрэва, навезенага на падворак пэўнага ўладальніка (вядомага заможнасцю), друкарню з роду тых, якія ўжываліся ў часы паўстання. Пасля чаго быў арганізаваны пільны ператрус ва ўсім доме. Арыштавалі гаспадара. Пярэчыў. Выклікалі сведкаў, салдатаў, якія ў час ператрусу знайшлі друкарню. Друкарню паставілі на відным месцы. Выступае на сярэдзіну залы салдат з дурнавата шырока расплюшчанымі вачыма, з чырвоным перапужаным тварам.

- Как тебя зовут? - пытецца чалец камісіі.

- Тимофей Дарук.

- Хорошо. Скажи, брат, как и где ты нашёл эту машину?

- Да вот так. Его превосходительство господин полицмейстер призвал меня и Ивана Долгасова и приказал нам взять вот эту машину и занести на Виленскую улицу.

- Дурак! Что ты за глупости болтаешь? Спрашиваю тебя, как ты нашёл эту машину и где?

- Да вот так, Ваше превосходительство. Где мы поместили, оттуда и взяли.

- Поди вон, безмозглый дурак. Сумашедший, или что? 157

Слухаючы пытанні і адказы, роўна як арыштаваны, так і чальцы камісіі пырскалі вясёлым смехам. Але хто быў пакараны? Не ведаю. Ці ўладальнік дома? Ці паліцмайстар? Ці Каўфман? Праўдападобна, найменш вінаватыя - салдаты.


Мушу аддаць належнае Мураўёву, што пра сваю ўласную дачку так не клапаціўся, як клапаціўся пра мяне. Апрача двух жандармаў у перадпакоі, некалькі разоў на дзень жандармскі палкоўнік заскакваў для вывучэння, як са мной і ўва мне. Пасля чаго складаў асабіста Мураўёву рапарт. А дзясятай раніцай і вечарам давераны яго казак з'яўляўся, гонячы цераз горад на сваім, як ён сам, чорным кані, пакрыты калматай чорнай апончай з асабістымі Мураўёва распараджэннямі, калі мне можна выйсці ў таварыстве жандарма на прагулку, а калі маю застацца ў доме і г.д. Адзін з такіх лісткоў я ўручыла пану Дыбоўскаму.


Становішча маёй сям'і з кожным днём станавілася цяжэйшым. Францішак і Тэкля зняволены. Маці і сясцёр мучаць пастаяннымі выклікамі на дазнанне ў камісію 158. Цітус хаваецца ў Вільні пад чужым прозвішчам. Юлію Беркман шукаюць як Юліяна Далеўскага, камісара Коўні. Канстанцін змагаецца з цяжкім лёсам, як паўстанец.

Ад 15 чэрвеня 159 ляжала хворая без памяці. Пра той страшны перажыты дзень. Дабраславёнае цярпенне цела, якое забівае хоць на кароткую хвілю веліч цярпення душы.

Можна зайздросціць звар'яцелым шаленцам, якія да канца жыцця трацяць памяць пра мінулае. Сястра Зузанна і Антанёва Зялінская, якая сумела ўталкаваць жандармам, што ёсць доктарка, даглядалі мяне. У канцы жніўня ў першы раз я магла супакоіць маці, адведаць яе. У гэты час я даведалася пра жудаснае жыццё жыхароў Вільні, а менавіта арганізацыі - прасіла і вымагала, каб мне аддалі на захаванне ўсё, што магло б найбольш скампраментаваць арганізацыю, а менавіта Ад-дзел. Што да мяне, то мне ўжо нічога не было страшным.

Прыпомнілася мне адна хвіля з тых часоў. Мы мелі пастаянную факторку 160, якая ад часу нашага прыбыцця ў Вільню дастаўляла нам патрэбныя тавары. Калі я была зняволена, ёй адной вольна было прыходзіць з таварамі. Звязвала прыходы з чаканым дзіцяткам.

Пакуль мне дазвалялі хадзіць да маці, я штодзень яе адведвала. Жандарм нёс за мной пакет з тым, што мне давалі на перахаванне. Цітус чакаў мяне ў азначаныя дні, ставіў пячаткі, браў або дадаваў паперы, пасля чаго я забірала ўсё назад. Калі Мураўёў забараніў мне паказвацца на вуліцах горада, хадзіла на Росы, там за помнікам Аляксандру, або за адной з трох сосен, што раслі на магіле, клала ўзяты ад жандарма пакет, адыходзіла. Цітус чакаў недалёка. Тут, як перад тым у маці, выконваў тое, што было патрэбным. Адыходзіў, а я вярталася, каб забраць назад.

Аднаго дня казак прывёз загад, які забараняў прагулкі. Пасля адыходу пасланца Мураўёва пачула размову жандармаў: праз пару гадзін мае быць у мяне ператрус, загадана ім пільна сачыць, што ў мяне робіцца.

Уражаная не мела паняцця, дзе схаваць пакет (былі ў ім пячаткі Аддзела), што скажу, адкуль іх маю. З тысячы варыянтаў ні адзін не задавальняў. Раптам заходзіць факторка Цырка з таварам. Знала мяне з чатырох гадоў жыцця. Сама была малым дзіцем, калі яе маці займалася факторствам у нас.

- Цырка! Цырка! - выгукнула, - я ў гэты час вельмі няшчасная. Глянь, маю рэчы пры сабе, якія не павінны трапіць у рукі паліцыі. Тут праз гадзіну будзе ў мяне праверка! Цырка, ці разумееш, якое гэта страшнае няшчасце можа наступіць для многіх?!

- Пані, давай гэта Цырцы! Забяру сабе. У мяне, у такой беднай жыдоўкі ніхто, нічога не будзе шукаць. Давай!

- Слухай, а калі ў цябе зробяць праверку? Ты згінеш. Нас забіваюць, высылаюць у Сібір, але вас, яўрэяў, апрача гэтага, б'юць, трэціруюць і мучаць. Цырка! Цырка, і цябе біць і мучыць будуць, а ты маеш маленькую дачушку. Ці ты памятаеш пра тое?!

- Ведаю! Ведаю! Але давай мне гэта ўсё, толькі хутка! Схаваю. Бог ёсць у небе!

Так гаворачы, Цырка раптоўна схапіла з маіх рук пакет, палажыла ў сярэдзіну тавараў - выбегла. Былі гэта часы, калі Мураўёў загадаў правесці праверкі па ўсім горадзе ў адзін час.

Я жыла пры Вострай Браме каля брамы пабазыльянскага кляштара, адтуль магла бачыць вокны дамоў па левым і правым баку вуліцы. Налева насупраць дома Ледахоўскага жылі калегі Цітуса: Попел, Барановіч і Сулістроўскі. Цітус у дзень хоць на хвілінку заскокваў да іх, каб з акна мяне павітаць і супакоіць, што жывы - вольны.

(Працяг у наст. нумары.)


150 Зарэчча, у ХІХ ст. прадмесце, сёння квартал Вільні за ракой Вілейкай.

151 У частцы "Кароткія нататкі з 63 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства на Літве" выступаюць Леапольд Савіцкі і Леапольд Маткевіч. Абодва не названы ў даступнай літаратуры на тэму "Агула".

152 Гаворка ідзе пра таварыства "Агул". Спачатку (ІІ.1861) быў гэта саюз студэнцкіх зямляцтваў, які аб'ядноваў студэнтаў з заходніх губерняў у Маскве. Змяніўся ў палітычную арганізацыю пад уплывам патрыятычных маніфестацый на польскіх землях. На канец 1862 года налічваў звыш 400 сяброў. Цітус Далеўскі належаў да актыўных кіраўнікоў "Агулу".

153 Казанская справа ("Казанская змова") - змова польскіх і расійскіх рэвалюцыянераў (з кола Серакоўскага, з "Зямлі і Волі"), якая мела на мэце выклікаць у 1863 годзе сялянскі бунт на Волзе (у Казанскай губерні). Цітус Далеўскі браў удзел у падрыхтоўцы (люты) акцыі. Змову выкрылі, шмат удзельнікаў прыгаварылі да смерці.

154 Дапісана алоўкам на месце закрэсленым алоўкам: "Зняволены ў Маскве, вярнуўся ўжо пасля Біржанскай бітвы".

155 Бяльмонт - прадмесце на ўсход ад Вільні.

156 Праўдападобна, адозва Літоўскага правінцыйнага камітэта, паміж 10 і 20.І.1863 г.

157 - Як цябе завуць?

- Цімафей Дарук.

- Добра. Скажы, брат, як і дзе ты знайшоў гэтую машыну.

- Ды вось так. Яго правасхадзіцельства спадар паліцмайстар паклікаў мяне і Івана Даўгасава і загадаў нам узяць вось гэтую машыну і занесці на Віленскую вуліцу.

- Дурань! Што за глупства мелеш? Пытаюся цябе, як ты знайшоў гэтую машыну і дзе?

- Ды вось так, Ваша правасхадзіцельства. Дзе мы памясцілі, адтуль і ўзялі.

- Пайшоў вон, бязмозглы дурань. Вар'ят ці што?

158 Справу Францішка і Тэклі вёў Часовы палявы суд пры штабе Віленскай вайсковай акругі.

159 15/27 чэрвеня - дзень экзекуцыі мужа.

160 Факторка, пасярэднічка ў гандлі.

Фелікс Стацкевіч

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне.)

Важную самасільную работу вёў Антон Грыневіч. Быўшы ўрадоўцам нейкага міністэрства, ён на зберажэнні ад заработнай платы выдаваў сваім коштам запісаныя ім самім песні. Быў беларускі хор. Прынамсі прыпамінаю адну спеўку на кватэры пры вул. Глінкі. Час ад часу ладзіліся публічныя досыць шматлюдныя канцэрты-вечарыны. На адным з іх я бачыў выступленне ансамблю танцаў Буйніцкага з яго дочкамі. На адным з баляў прыпамінаю В. Іваноўскага ў лапцях, апранутага ў кашулю і порткі з белага самаробнага палатна, падпяразанага паяском. На адным вечары я пазнаёміўся з жонкай, магчыма, толькі яшчэ будучай, Янкі Купалы. Самога Купалу я спаткаў увосень 1908 г. на кватэры Іваноўскага. Купала меў ужо гарадскі выгляд. Ён быў ужо больш самапэўны, свядомы сваёй вартасці. Калі была гутарка аб труднасцях адшукання яму работы, ён выказаўся ў тым сэнсе, што даць матэр'яльныя магчымасці для яго жыцця ў Пецярбурзе ёсць грамадскі абавязак беларусоў. Бадай што беларусы самі перацягнулі яго ў Пецярбург.

Беларуская работа часткова вялася у клубе "Promien", які меў польскую вывеску, але ў склад сябраў яго ўваходзілі работнікі і служачыя пераважна беларускага паходжання. Час ад часу ладзіліся лекцыі ў беларускай мове. У летнім часе адбываліся загарадныя экскурсіі-спацыры. Значную ролю ў гэтым клубе адыгрываў агратэхнік Пётра Маркевіч. Адзін, ужо не малады, вучыцель, прозвішча якога не помню, злажыў падручнік ці то папулярную кнігу па прыродазнаўстве. З іншых беларусоў прыпамінаю інж. Перапечку і студэнтаў Зайца і Вінцука Валэйку" 16.


У 1913 г. скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт.

У 1913-1919 гг. Фелікс Стацкевіч працаваў у Цвяры.


Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі працаваў у прафсаюзах. У 1919-20 гг. - супрацоўнік выдавецкага аддзела Наркамата асветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-23 гг. супрацоўнік Віленскага беларускага саюза кааператываў. У 1923 г. выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны.

Як бачым, на пачатку XX ст. беларускія і польскія нацыянальныя дзеячы добра супрацоўнічалі паміж сабой. Вось што пісаў пра гэта Стацкевіч у 1921 г.: "Цяпер польскія дэмакратычныя партыі, у тым ліку i сацыялістычная, ідуць іншым шляхам - яны заняты сваімі нацыянальнымі мэтамі, кажуць, як у Рызе, што не хочуць разбіваць свае галовы за незалежнасць беларусаў i ўкраінцаў, a цешаць нас, што польскі рабочы клас, дужэйшы i болей свядомы за наш, здабудзе большую свабоду ў дзяржаве польскай, якой скарыстаемся i мы. Тым часам гэтыя партыі не хочуць бачыць прыгнечэння i дэмаралізацыі беларускага народа з боку польскай адміністрацыі, a праз тое і дэмаралізацыі польскага грамадзянства, частку якога складае гэта адміністрацыя; яны моўчкі падтрымліваюць гэты парадак. ... Беларуская дэмакратыя можа сказаць польскай: вашы адносіны да нас - гэта частка Беларускай справы. З Польшчай, без Польшчы, ці проці Польшчы беларускі народ здабудзе сабе незалежнасць. Аднак справядлівыя i шчырыя адносіны з вашага боку да нашай справы могуць шмат скараціць шлях беларускага народа да яго свабоды, ды i вам можа будзе менш "балець глова". Не прымушайце беларускі народ зварачываць вочы на ўсход, ці яшчэ кудысьці. Няхай свабода для яго ідзе з заходу на ўсход, a не наадварот" 17.


У 1926 г. Фелікс Стацкевіч сярод іншых абіраецца сябрам Управы Таварыства беларускай школы 18. Пасля расколу ТБШ у 1929 г., 19 траўня 1929 г. на нелегальным з'ездзе старшынём Галоўнай управы ТБШ абралі Фелікса Стацкевіча 19. Адначасова ён працуе ў Савеце адвакатаў пры Віленскім апеляцыйным судзе.

Прывяду вялікую і цікавую цытату Антона Шукелойця пра ТБШ: "ТБШ - гэта старая беларуская арганізацыя, закладзеная яшчэ ў 20-х гадах. Старшынямі яе былі людзі розных палітычных перакананняў. Быў нейкі час Тарашкевіч, быў нейкі час ксёндз Адам Станкевіч, здаецца, Астроўскі. Словам, у выніку росту Грамады, ТБШ (якое ў Грамадзе прадстаўляла культурную частку Грамады, школьніцтва, перадусім) разраслося несамавіта, і тады, калі ліквідавалі Грамаду, ліквідавалі адначасна і ТБШ. Тады ТБШ зайшло зусім у тупік, асабліва ў 30-я гады. Не ведаю, бо гэта яшчэ перада мной было (як я паступіў на ўніверсітэт), але нехта з дзеячоў ТБШ, магчыма, нават і Шырма, звярнуўся да Беларускага Студэнцкага Саюза, каб яны ім дапамаглі. Таму ў некага там думка паўстала, што такую заслужаную арганізацыю, якая ў розныя часы мела сваімі старшынямі такіх выдатных людзей, як Тарашкевіч, ксёндз Станкевіч, не можна страціць. Звярнуліся да Беларускага Студэнцкага Саюза, і Саюз выслаў групу студэнтаў (гэта Шчорс, Вайтэнка, Аўген Аніська). Гэтыя студэнты ўвайшлі ў галоўную ўправу (значыць прынялі ўдзел у выбарах) і аднавілі ТБШ, надалі яму зноў нацыянальны характар, бо яно ўжо мела такі характар прабальшавіцкай арганізацыі. Абнавілі арганізацыю і выбралі на старшыню вельмі такога саліднага адваката Стацкевіча (стары дзеяч, яшчэ з "нашаніўскіх" часоў, які карыстаўся павагай усіх беларусаў). Заступнікам старшыні быў Тумаш. Часта Вітаўту Тумашу закідалі, што ён нібыта быў з бальшавікамі, што ён быў радыкальна левы чалавек. Гэта няпраўда. Ён ніколі не быў радыкалам. Сакратаром ТБШ, дарэчы, стаў Шырма.

Перамены засведчылі, што ТБШ нібы працягвае старыя традыцыі беларускай культурніцкай арганізацыі, а з другога боку, што нібы не адарвалася ад Грамады; што яно, у параўнанні з Беларускім Інстытутам Гаспадаркі і Культуры (створанага хадэкамі), на чале якога стаяў ксёндз Гадлеўскі, ёсць арганізацыяй такой лявейшай" 20.

Тым не менш, разам з іншымі Стацкевіча абвінавачваюць ў "скамунізаванні" ТБШ і ў 1930 і 1933 гг. арыштоўваюць.

З 1933 г. Стацкевіч з'яўляўся рэдактарам-выдаўцом штомесячніка "Летапіс Таварыства беларускай школы", супраць якога польскія ўлады разгарнулі рэпрэсіі. Усяго выйшла 19 нумароў часопіса, прычым асобныя нумары былі здвоеныя. Часопіс пачаў выходзіць з траўня 1933 года як орган ТБШ. Выдаваўся да верасня 1939 г. (у 1934-1935 гг. часопіс не выходзіў з-за з рэпрэсій польскіх улад). Са снежня 1936 г. часопіс пачаў выходзіць пад назвай "Беларускі летапіс". Друкаваўся ў Вільні ў друкарнях Я. Баеўскага на Татарскай вуліцы, 13, М. Багаткевіча і Б. Тручко на вуліцы Міцкевіча, 22, а таксама ў друкарні Я. Левіна на Нямецкай вуліцы, 22. У склад рэдакцыі, акрамя рэдактара, уваходзілі таксама Сяргей Паўловіч, Максім Танк, Рыгор Шырма і Вітаўт Тумаш. Часопіс актыўна асвятляў культурна-грамадскі і літаратурны рух у Заходняй Беларусі 21.


У 1939-41 гг. Фелікс Стацкевіч настаўнічаў у Вілейцы і Клецкім раёне. У Другую сусветную вайну працаваў суддзём у Смаргоні. У 1944-49 гг. з'яўляўся супрацоўнікам Беларускага музея ў Вільні. Дырэктар музея Янка Шутовіч пісаў: "Пасля вызвалення Вільні ў ліпені 1944 года для музея пачаўся новы, савецкі перыяд існавання ... Ен быў кароткім, бо трываў некалькі месяцаў... Пакінулі музей i перайшлі на іншую работу Уладас Дрэма i Янка Бэкіш. На ix месца паступілі Стацкевіч Фелікс, Сергіевіч Пётра i Фёдараў Мікіта" 22.


У 1945-49 гг. працаваў у музеі А. С. Пушкіна ў мястэчку Маркучай пад Вільняй. У 1949 г. арыштаваны і зняволены. Пасля вызвалення ў 1950-х гг. жыў у Вільні. Быў актывістам руху эсперантыстаў, склаў "Эсперанта-беларускі слоўнік" 23 (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераклаў на мову эсперанта кнігу Л. Петражыцкага "Тэорыя права і маральнасць" (публікацыя не выяўлена).

Старэйшы беларускі нацыянальны дзеяч меў цяжкую, адзінокую старасць. 23 красавіка 1962 г. ён напісаў ліст Максіму Танку, у якім прасіў таго дапамагчы атрымаць персанальную пенсію (як вялікая колькасць заходнебеларускіх дзеячаў, не меў ніякай пенсіі): "У тутэйшым Собесе насунулі мне думку прасіць аб прызнанні мне персанальнай пенсіі. З гэтай мэтай зварочваюся да Вас з просьбай даць ацэнку, паколькі яна можа быць прыхільнай, аб маёй працы ў часе апошняга польскага панавання ў Заходняй Беларусі на грунце ТБШ. Магчыма, Вы так жа ведаеце, што мне, як адвакату, здаралася бараніць сябраў ТБШ у палітычных справах, часам выязджаючы на правінцыю - у Вялейку, Свіслач і іншыя суды. Мо Вы чулі нешта аб маёй папярэдняй працы ў беларускім культурна-вызвольным руху, пачатай яшчэ ў 1905 годзе, жывых удзельнікаў якой мне цяжка знайсці. Тое, што Вы можаце пасведчыць, прашу пераслаць мне на рукі, каб я мог далучыць гэта да сваёй заявы ў тутэйшыя ворганы Соцаховы… Мой адрас: Лит. ССР, Неменчине, Бирайский дом инвалидов" 24.

Не дачакаўшыся адказу, 11 чэрвеня таго ж года Фелікс Стацкевіч піша Максіму Танку другі ліст: "Ад Сергіевіча я чуў, што Вы сумняваецеся, каб Ваша апінія аб маёй грамадскай працы магла мне памагчы. Тымчасам у Літоўскім Мін. Соцаховы ... мне ... сказалі, што якраз Ваша апінія была бы карыснай для мяне ў гэтай справе. Калі не маеце іншых прычын адмовіць у маёй просьбе - так яшчэ раз прашу Вас здаволіць яе…" 25.


Пасля другога звароту, і як бачна, пры пасярэдніцтве вядомага беларускага мастака Пётры Сергіевіча, Максім Танк задаволіў просьбу ветэрана беларускага руху і выслаў кароткую станоўчую характарыстыку яго працы ва ўмовах Заходняй Беларусі.

Пасля чаго Фелікс Стацкевіч напісаў Максіму Танку: "Паважаны Еўгені Іванавіч! Шчыра дзякую за Вашу спраўку і пісьмо. Незалежна ад выніку дадзенай справы, гэтыя дакументы даюць мне маральнае здаваленне; як ацэнка маёй грамадскай працы з боку выдатнага як Вы прадстаўніка эліты нашай савецкай інтэлігенцыі" 26.

Невядома, ці атрымаў Стацкевіч хоць якую пенсію ад Савецкай улады, але жыць у доме інвалідаў яму заставалася яшчэ 5 гадоў.

Тым не менш, беларускі этнограф, педагог і мемуарыст Мар'ян Пецюкевіч у якасці дзейнага адрасу Фелікса Стацкевіча ў 1965 г. падае адрас: Вильнюс, ул. Спорту 24 27.

У 1968 г. Мар'ян Пецюкевіч адным з лістоў пісаў: "Фелікса Стацкевіча, якога я меў намер наведаць, на жаль ужо не застаў у жывых. Памёр незадоўга да майго прыезду. Стацкевіч быў для мяне блізкім і шанаваным чалавекам, бо быў ён адзін год маім дырэктарам у Радашкоўскай Бел[арускай] Гімназіі. Калі ... санацыйная паліцыя і дэфензіва грамілі Віленскую Бел [арускую] Гімназію, я, каб пазбегнуць эвентуальнага арышту, пераехаў у матуральны клас у Радашковічы. Там мне і давялосяя блізка пазнаёміцца з Ф. Стэцкевічам - добрым і разумным чалавекам і педагогам. ... Заслугі ён мае несумніўныя, нават як дырэктар, які падабраў у Радашкоўскую Бел [арускую] Гімназію адпаведны настаўніцкі персанал, які развіваў камсамольскую дзейнасць сярод навучэнцаў. Наведваў гэту гімназію даволі часта Б. Тарашкевіч, ну і сталым быў апекуном Ал[яксандр] Уласаў, які пражываў у Мігаўцы, у 3-х км ад Радашковіч. ... у Варшаве стала пражывае яго родны пляменнік, які да апошніх дзён жыцця дзядзькі быў з ім у кантактах" 28.


Фелікс Стацкевіч пакінуў пасля сябе ўспаміны, якія, па-легендзе прыслаў даўняму знаёмцу - Максіму Танку, тады галоўнаму рэдактару "Полымя". Танк, не маючы мажлівасці ўспаміны надрукаваць, здаў іх у архіў.

Лідзянін, які аддаў жыццё Беларусі, памёр 21.06.1967 г. і пахаваны на Віленскіх Свята-Еўфрасіннеўскіх праваслаўных могілках (Ліпаўскія могілкі) разам з іншымі знанымі дзеячамі Заходняй Беларусі.


Аўтар удзячны за кансультацыі і дапамогу з матэрыяламі для артыкула выбітному беларускаму гісторыку Анатолю Сідарэвічу.

16 Успаміны Ф. Стацкевіча з асабістага архіва Анатоля Сідарэвіча.

17 Стацкевіч Ф. І. Успаміны і думкі // Беларускі звон. № 4, 17 красавіка 1921.

18 Кароткі нарыс беларускага пытання. Мінск, 2008. С. 246.

19 Siemakowicz M. Szkoly z bialoruskim jezykiem nauczania na tle polityki wladz polskich wobec ludnosci bialoruskiej od zamachu majowego do konca II Rzeczypospolitej // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2002. № 17. S. 135.

20 Пазняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003. С. 35-36.

21 Чыгрын Сяргей. Часопісу "Беларускі летапіс" - 80 гадоў // Новы Час. № 19 (340), 17 мая 2013.

22 З успамінаў Янкі Шутовіча // Спадчына. 1995. № 1. С. 39.

23 Чыгрын Сяргей. Часопісу "Беларускі летапіс" - 80 гадоў ...

24 Мікуліч Мікола. Жыццё як маральны подзвіг // Маладосць. 2012. № 9. С. 75.

25 Там жа.

26 Там жа.

27 Пецюкевіч Мар'ян. Лісты (1956 - 1982). Беласток, 2005. С. 56.

28 Там жа. С. 64-65.

Прэзентацыі новых кніг у Лідзе

У арт-прасторы GA11ERY (Галерэя 11) у Лідзе па Міцкевіча, 31 прайшла прэзентацыя чарговай кнігі даследчыка, краязнаўца і пісьменніка Леаніда Лаўрэша - "Генерал, які дайшоў да Беларусі". Гэта ўжо дзясятая кніга аўтара. У ёй расказваецца пра постаць Кіпрыяна Кандратовіча - генерала расейкай арміі, ураджэнца Лідчыны, які ў лёсавырашальны час заняў прабеларускую пазіцыю і ўвайшоў у склад ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Па словах аўтара, гэтае выданне адмыслова рыхтавался да 100-гадовага юбілею абвяшчэння БНР.

- Гэта мая вечная тэма: генерал Кандратовіч. Цяжка неяк з ёй развітацца. Гэтая фігура становіцца ўсё больш зразумелай для мяне асабіста, хоць яшчэ шмат чаго трэба шукаць, каб зразумець да канца, як чалавек такога маштабу: вышэйшая службовая ваенная асоба ў Расейскай імперыі, чалавек, узнагароджаны ўсімі ордэнамі Расейскай імперыі, стаў беларусам, сапраўдным беларусам.

Прадстаўленая ў кнізе біяграфія генерала значна шырэйшая за папярэднюю, выдадзенуюў 2007 г. Праца мае высокую навуковую каштоўнасць, бо падмацавана дакументамі і добра напісана. Аўтар рупліва прааналізаваў вялікую колькасць крыніц: дакументы, прэсу, успаміны і навуковыя працы. Крок за крокам мы даведваемся пра лёс генерала Кандратовіча, які жыў у складаныя часы ўпадку і скону Расійскай імперыі ды фармавання новай палітычнай карты Усходняй Еўропы.

Генерал Кандратовіч зрабіў свой выбар - далучыўся да беларускага нацыянальнага руху і ўвосень 1917 г. узначаліў Беларускую Цэнтральную Вайсковую Раду. Ён не ўзяў на сябе рашэнне пра стварэнне беларускага войска, што не дадало яму сімпатыі з боку маладых, энергічных афіцэраў, прывяло да адстаўкі з пасады. Аднак генерал Кандратовіч не збочыў з абранай дарогі. У 1918 г. мы бачым яго ў другім урадзе БНР, створаным Раманам Скірмунтам, а на наступны год ён ствараў беларускія вайсковыя фармаванні пры літоўскім урадзе, а потым быў чальцом дэлегацыі БНР на мірнай канферэнцыі ў Парыжы. Нейкі час генерал жыў у Парыжы, дзе - як вынікае з апошніх даследаванняў Леаніда Лаўрэша - нарадзіўся яго пазашлюбны сын Уладзімір, чалавек трагічнага лёсу...

Кніга "Генерал, які дайшоў да Беларусі" пабачыла свет сёлета ў Гародні, але паколькі пад 25 сакавіка было вельмі шмат розных мерапрыемстваў, то вырашылі прэзентацыю кнігі не падладжваць пад юбілей, а правесці асобна.


Другая кніга, якую прэзентавалі ў Лідзе вершаваны аповед "Пілігрымка дадому" Станіслава Судніка. Вялікі паэтычны твор беларускі пісьменнік, журналіст і выдавец прысвяціў роднай вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Мастацкі твор напісаны на падставе розных легендаў пра Сейлавічы і на ўспамінах старэйшых людзей вёскі. Першая пісьмовая згадка пра Сейлавічы адносіцца да 1586 года. Вёска перажыла шмат розных акупацый і вызваленняў. Яна багата на лёсы людзей, гісторыю касцёла, каплічкі, тых падзей, якія там і вакол яе адбываліся. Аўтар "Пілігрымкі дадому" вельмі цікава, змястоўна і праўдзіва апісаў усё тое, што звязана з лёсам роднай вёскі на Нясвіжчыне. І ўсё гэта напісана ў вершаванай форме, дзе скразною лініяй праходзяць легенды і паданні пра вёску і пра тыя факты з біяграфіі людзей і рэлігійных святынь, якія там былі і ёсць. Сказ пра Сейлавічы аздоблены любоўю да Бога, да ўсяго святога, што аберагае і аберагала вёску. Адчуваецца, што аўтар шчыра ўлюбёны ў родныя мясціны, улюбёны ў сваіх землякоў, у сваю вёску ад легендаў і паданняў, пакінутых у спадчыну, да Бажантарні - могілак на ўскраі. Пілігрымка ў родную вёску Сейлавічы ў Станіслава Судніка атрымалася даволі душэўнай, адкрытай і шчымлівай. Яна будзе цікава не толькі для яго землякоў, але і для ўсіх беларусаў, хто цікавіцца паэзіяй, гісторыяй і краязнаўствам.

Каб данесці да прысутных на прэзентацыі людзей сутнасць сказу найбольш даходліва, было даручана прачытаць раздзел кніжачкі акцёру Лідскага народнага тэатра Алегу Лазоўскаму. Ён выбраў для чытання раздзел, дзе сярод іншых герояў твора прысутнічае Юзаф Лазоўскі, не сваяк, вядома, а ўсё ж.

Падчас прэзентацыі было згадана, што сёлета спаўняецца 30 гадоў з часу стварэння ў Лідзе першай беларускай арганізацыі новага часу "Рунь". У "Рунь" некалі ўваходзіў і Леанід Лаўрэш, а яшчэ адзін рунёвец, слынны лідскі бард Сяржук Чарняк аздобіў імпрэзу песнямі патрыятычнай тэматыкі.

Такім чынам новая арт-прастора Ліды Ga11ery атрымала 23 жніўня сваё літаратурнае хрышчэнне, і па ўсім відаць, літаратурныя імпрэзы будуць тут яшчэ не раз.

Андрусь Панямонаў, Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX