НАША СЛОВА № 42 (1401), 17 кастрычніка 2018 г.
30 гадоў таму назад прайшоў устаноўчы сход Беларускага Народна Фронту "Адраджэньне"
Арганізацыйны камітэт БНФ за перабудову "Адраджэньне" ўтвораны 19 кастрычніка 1988 г. па прапанове Зянона Пазьняка на ўстаноўчым сходзе Беларускага гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму "Мартыралог Беларусі", заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз кінематаграфістаў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі і рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва". На сходзе ў менскім Доме кіно (цяпер Касцёл Святога Сымона і Святой Алены) прысутнічалі каля 400 чал. - творчая, навуковая і тэхнічная інтэлігенцыя, рабочыя, моладзь з аб'яднанняў "Талака" і "Тутэйшыя". У Аргкамітэт увайшлі Рыгор Барадулін, Алег Белавусаў, Васіль Быкаў, Алесь Бяляцкі, Анатоль Варава, Вінцук Вячорка, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, П. Дзмітрук, Юрый Дракахруст, Міхаіл Дубянецкі, Алесь Емяльянаў, Вячаслаў Жыбуль, Уладзімір Конан, Яўген Кулік, Мікола Купава, Адам Мальдзіс, Аляксей Марачкін, Валерый Маслюк, Зянон Пазьняк, Пімен Панчанка, Пятро Садоўскі, Алесь Суша, Сымон Свістуновіч, Кастусь Тарасаў, Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Генадзь Тумаш, Iгар Чарняўскі, Міхась Чарняўскі, Яўген Шунейка, Васіль Якавенка, пазней па рэкамендацыі апошняга кааптаваны А. Жураўлёў.
Аргкамітэт з'яўляўся калегіяльным органам. 11.11. 1988 Аргкамітэт прыняў адозву "Да грамадзян Беларусі", у якой акрэсліў палітычную пазіцыю руху і заявіў, што БНФ "падтрымлівае распачатую лепшымі сіламі КПСС перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму", "выступае за дэмакратыю… супраць манаполіі ўлады бюракратычных сіл", "за рэальны суверэнітэт Беларусі, абвешчаны Канстытуцыямі БССР і СССР", "за падпарадкаванне эканомікі інтарэсам чалавека, за сацыяльную справядлівасць, за непарушнасць правоў чалавека, за прававую дзяржаву, ..., за адраджэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы".
Вікіпедыя.
100 гадоў таму назад створана першая беларуская арганізацыя ў Лідзе
19 кастрычніка Ліда адзначае 100-годдзе ўтварэння ў Лідзе першай беларускай арганізацыі новага часу. Стварыў і ўзначаліў арганізацыю герой Першай сусветнай вайны генерал-маёр Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко.
Адзін з лідараў польскага руху таго часу ў Лідзе Юзаф Дзічканец пісаў у сваёй кнізе "Самаабарона Лідскай зямлі": "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ дэ Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі".
Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды, як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко і той пакінуў шэрагі расіян. ... фон Гротэ дэ Буко ... пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю".
pawet.net.
Іосіфу Навумчыку - 80 гадоў
21-га кастрычніка свой 80-гадовы юбілей адзначае стваральнік Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", яе шматгадовы кіраўнік, а цяпер Ганаровы старшыня Іосіф Адамавіч Навумчык. Гэтае імя добра вядомае не толькі прыхільнікам роднага слова на Віцебшчыне, але і далёка за межамі рэгіёна. Бо ўжо колькі дзесяцігоддзяў Іосіф Адамавіч прымае самы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, з'яўляецца асобай з непахісным аўтарытэтам і карыстаецца нязменнай павагай усіх, хто яго ведае, хто хаця б адзін раз з ім сустракаўся.
Іосіф Адамавіч Навумчык нарадзіўся ў 1938 годзе на Пастаўшчыне, і ўсё яго жыццё непарыўна звязана з Прыдзвіннем. Тут ён працаваў на розных адказных пасадах, у тым ліку і сакратаром Віцебскага абласнога камітэта партыі. Партыйныя чыноўнікі такога высокага ўзроўню не маглі мець па вялікім рахунку сваёй уласнай думкі, якая б не супадала з генеральнай лініяй партыі. Тым больш паказальна, што ў Віцебску і ў іншых гарадах вобласці па ініцыятыве сп. Навумчыка часта ладзіліся шматлікія імпрэзы з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, увогуле з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Неаднаразова прыязджалі на творчыя сустрэчы з працоўнымі і студэнтамі Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і Вольга Іпатава, Алесь Петрашкевіч і Сяргей Панізьнік, Васіль Зуёнак і Пімен Панчанка, Сяргей Законнікаў і Іван Шамякін… Зрэшты, усіх цяпер і не прыгадаеш. Тады Віцебск сапраўды з зайздроснай рэгулярнасцю прымаў пісьменнікаў, бадай, як ніякі іншы горад у Беларусі.
Добра памятаю, як вясною 1989 года мне трапіўся на вочы адзін артыкул у тыднёвіку "Літаратура і мастацтва". Называўся ён "Праца неабходная, складаная". Яго аўтарам быў сакратар Віцебскага абкама КПБ І.А. Навумчык. Тады я не быў знаёмы з гэтым чалавекам, але прозвішча трывала запомніў. Бо артыкул прысвячаўся праблемам нацыянальнага адраджэння, гаварылася пра неабходнасць ведання роднай мовы, пашырэння сеткі беларускамоўных школ, асвятлялася праца абкама ў гэтым накірунку. Прызнацца, моцна парадаваўся тады, бо з'явілася надзея, што і на маёй роднай Віцебшчыне часцей загучыць беларускае слова.
І пазней, калі я сам непасрэдна пазнаёміўся з Іосіфам Адамавічам, зразумеў, што ўсё гэта было невыпадкова. Ужо ў той час ён бачыў неабходнасць вяртання беларускай мовы ў штодзённы ўжытак, быў не па абавязку, а па душэўным памкненні заклапочаны справай адраджэння мовы. Таму і стаў актыўным удзельнікам устаноўчай канферэнцыі па стварэнні Таварыства беларускай мовы, а потым ініцыяваў арганізацыю першасных суполак ТБМ у Віцебску і раёнах вобласці.
Пазней, калі І.А. Навумчык пайшоў на заслужаны адпачынак, то цалкам прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці. Ён - да нядаўняга часу нязменны кіраўнік абласной арганізацыі, якая цяпер налічвае больш за шэсцьсот сяброў. Суполкі таварыства дзейнічаюць у многіх раёнах вобласці. І ў гэтым безумоўная заслуга спадара Навумчыка!
Гаворачы пра І.А. Навумчыка, варта прыгадаць, што ён узнагароджаны трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. У свой час (у 1985 - 1986 г.г.) наш сённяшні юбіляр знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Афганістане. Мяркую, няма неабходнасці расказваць, чым была гэтая краіна для нашага тагачаснага грамадства, якія пачуцці і асацыяцыі выклікала. За заслугі пры выкананні службовага задання ў Афганістане Іосіф Адамавіч узнагароджаны ордэнам і Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Зрэшты, не ордэны і граматы з'яўляюцца асноўным для сапраўднага чалавека. Напэўна, куды больш важнымі ёсць шчырая павага сяброў і аднадумцаў, непахісны аўтарытэт у грамадстве, у тым ліку і сярод тых, хто, мякка кажучы, сёння не вельмі прыхільна ставіцца да беларускага слова.
А яшчэ хочацца сказаць пра Іосіфа Адамавіча як пра таленавітага арганізатара, чалавека няўрымслівага, здольнага захапіць ідэяй сваіх аднадумцаў і абавязкова ажыццявіць запланаванае. І сёння спадар Навумчык практычна кожны дзень займаецца грамадскай працай. Ён па-ранейшаму рэгулярна сустракаецца з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама, абмяркоўвае з чыноўнікамі праблемы, звязаныя з пашырэннем беларускай мовы на Віцебшчыне, са стварэннем беларускамоўных школаў у рэгіёне, актыўна перадае свой багаты досвед моладзі. Таму хацелася б пажадаць шаноўнаму Іосіфу Адамавічу найперш здароўя, добрага самадчування на доўгія-доўгія гады! І, безумоўна, здзяйснення ўсіх мараў! Не маю ніякіх сумненняў, што да выказаных пажаданняў далучыцца кожны, хто хоць бы адзін раз сустракаўся з сённяшнім юбілярам!
Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.
"Круглы стол" у Лідскім замку
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання і старшыня арганізацыі Таварыства беларускай мовы спн. Алена Анісім, у сваім Фэйсбуку падзялілася ўражаннямі ад паездкі кіраўніцтва ТБМ і рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча ў г. Ліду, якая адбылася 13.10.2018 г.
Спн. Анісім распавяла, што ў Лідскім замку быў праведзены "круглы стол", прысвечаны гісторыі рэстаўрацыі гэтага выбітнага помніка архітэктуры. Прысутнічалі музейшчыкі, грамадскасць, адказныя асобы з мясцовых органаў улады, журналісты мясцовай тэлевізіі і друкаваных СМІ.
- В.а. рэктара Алег Трусаў, я як старшыня ТБМ, першы прарэктар Уладзімір Колас, прарэктар па навучальна-акадэмічнай працы Павел Церашковіч прэзентавалі дзейнасць нашага Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Для ўсіх прысутных было цікава даведацца пра дзейнасць падрыхтоўчых курсаў, пра запланаваныя спецыяльнасці. Мы атрымалі таксама зваротную сувязь ад моладзі ў выглядзе запоўненых анкет.
Мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй, у якой размешчаны ўнікальныя рэчы. Гэта фактычна наша першая паездка з прэзентацыяй дзейнасці Універсітэта імя Ніла Гілевіча. І вельмі добра, што яна адбылася ў сценах старажытнага адметнага помніка нашай архітэктуры. Спадзяёмся, што правядзём яшчэ шэраг такіх прэзентацый па Беларусі.
Па-за ўражаннямі сп-ні Анісім трэба адзначыць, што арганізоўвала і вяла імпрэзу "кашталян" замка Ганна Некрашэвіч. З дакладам пра лёс замка ў першай палове ХХ стагоддзя выступіў відны лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш.
На імпрэзе прысутнічалі супрацоўнікі Лідскага музея, якія штодзень вядуць экскурсіі па замку, вымушаны адказваць на самыя розныя пытанні, а тут і самі нарэшце змаглі задаць неабмежаваную колькасць пытанняў Алегу Трусаву. Але прысутнічалі і старшакласнікі, многія з бацькамі, якім перш за ўсё была важная інфармацыя пра Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Відаць, што яны ўжо думаюць пра будучае месца вучобы. І добра, што гэтыя думкі фармуюцца на фоне старажытных і магутных муроў Лідскага замка.
Наш кар.
Чытачы сустрэліся з вядоўцай папулярнай калонкі і тэлеперадачы
На Менскай сядзібе ТБМ адбылася сустрэча з вядомай журналісткай Святланай Калінкінай, да якой многія чытачы ставяцца з павагай.
Спадарыня Святлана нарадзілася ў 1970 годзе ў Менску. Яна працавала ў "Белоруской деловой газете" ( БДГ) ў 2002-2004 гадах, была шэф-рэдактарам "Народнай Волі" з 2004 года, а зараз працуе на "Белсаце" і з'яўляецца вядоўцай праграмы " Размова дня". Святлана Калінкіна з'яўляецца суаўтарам кнігі "Случайный президент", выдадзенай сумесна з Паўлам Шараметам у 2004 годзе.
Спадарыня Святлана патлумачыла, чаму беларускай мовы становіцца менш на сайтах і яе не хапае ў перыядычных выданнях. На некаторых сайтах няма беларускамоўных версій па фінансавых прычынах. Нават на сайце Navinу.by , якім кіраваў адданы беларушчыне паэт Алесь Ліпай, не было беларускамоўнай версіі.
- Каб выжыць, існаваць і атрымоўваць сродкі, Інтэрнэт-рэсурсы прытрымліваюцца рускамоўнай версіі.
На рускамоўны сегмент інтэрнэту заходзіць больш людзей, - лічыць С. Калінкіна. У дзяржаўных друкаваных СМІ беларускамоўная прастора звужаецца.
- Для мяне беларуская мова цалкам вывучаная. Я гадавалася ў Менску, у Заводскім раёне. Настаўніца беларускай мовы вяла прадмет па-руску, і толькі дыктоўкі вучні пісалі на роднай мове. Ва ўніверсітэце на факультэце журналістыцы давялося больш сур'ёзна заняцца вывучэннем мовы. Мая беларуская мова - акадэмічная, не сакавітая, таму я пішу на ёй толькі прынцыпова важныя тэкты пра сімвалы, ідэалогію, а астатнія - па-руску. У інтэрв'ю з экспертамі ў эфіры я выбіраю тую мову, на якой суразмоўца можа лепш раскрыць сваю тэму, - адзначыла прызнаная журналістка.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Прайшла прэзентацыя новага сайта газеты "Наша слова" nslowa.by
У чацвер, 11 кастрычніка, у офісе ТБМ у Менску адбылася прэзентацыя новага сайта газеты "Наша слова" nslowa.by. Рэдактар газеты і сайта Станіслаў Суднік распавёў пра накіраванасць праекту, пра перспектыву пераходу толькі на электроннае выданне ў будучыні, тэматыку і развіццё, фактычна, новага навінавага партала.
Цікава, што і вольную назву сайта таксама было няпроста абраць, выратавала, як распавёў сп. Станіслаў, менавіта напісанне праз w. Сайт напаўняецца штодня і мае шырокі тэматычны партфель. Дарэчы, цяпер "Наша слова" мае ўжо два сайты. Першы naszaslowa.by таксама актыўны і напаўняецца, але больш накіраваны менавіта на тую аўдыторыю, якая прывыкла да друкаванага фармату. Новы больш разгалінаваны і тэматычна шырэйшы. Разам з тым толькі на старым сайце выстаўляецца word-аўскі фармат усёй газеты "Наша слова", менавіта там можна спампаваць любы артыкул у самым простым выглядзе.
На новым сайце можна знайсці pdf-версіі газеты "Наша слова", часопіса "Лідскі летапісец", альманаха "Ад лідскіх муроў", альманаха "Нясвіжскі ўток", хутка з'явіцца наваградскі альманах "Стольны град", магчыма яшчэ нешта.
Такім чынам сістэма СМІ ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" прадаўжае развівацца. У тым ліку трэба ўлічваць і развіццё групаў ТБМ у сацыяльных сетках. Ужо актыўна працуюць групы Лідскага, Гарадзенскага, Магілёўскага ТБМ, на падходзе іншыя рэгіёны.
Паводле Ю. Бажок.
Пазітыўны імідж прадстаўніка Праваслаўнай Царквы
На чарговых занятках курсаў "Мова Нанова" па запрашэнні Глеба Лабадзенкі выступіў з прэзентацыяй кіраўнік інфармацыйнага аддзела Менскай Праваслаўнай епархіі айцец Яўген Грамыка. Святар, які служыць у храме Святога Мікалая ў Шабанах прамаўляў да аўдыторыі і адказваў на пытанні па-беларуску.
Ён расказаў пра гісторыю распаўсюджання хрысціянства на беларускіх землях, пра першыя праваслаўныя кафедры, заснаваныя ў Полацку ў 992 і Тураве ў 1005 годзе, пра дзейнасць Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Полацку, пра служэнне Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага.
Святар назваў 14 памесных цэркваў, якія існуюць па ўсім свеце, распавёў пра дзейнасць Беларускага Экзархата Праваслаўнай Царквы, нагадаў пра асноўныя праваслаўныя святы і сімвалы. Айцу Яўгену давялося служыць у новазбудаваным храме ў Дудутках пад Менскам.
Асноўныя пытанні да святара датычыліся ўжывання беларускай мовы ў набажэнствах у праваслаўных храмах. Айцец Яўген засведчыў пра існаванне многіх прыходаў на тэрыторыі краіны, дзе служыцца беларускамоўная літургія, у прыватнасці, у Гарадзенскай Каложскай царкве, у Менскім Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы, у царкве ў Ратамцы і многіх іншых.
Святар нярэдка выступае на тэлебачанні ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь" і стварае вельмі прыязны імідж сучаснага прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Э. Дзвінская. На здымках аўтара: айцец Яўген Грамыка
Уладзімір Арлоў - лаўрэат Прэміі Гедройця -2018
Галоўным лаўрэатам Прэміі Гедройця - 2018 стаў Уладзімір Арлоў з кнігай "Танцы над горадам" за аднаўленне містычнай традыцыі ў беларускай прозе ХХІ стагоддзя.
Да фінансавання прызавога фонду сёлета ўпершыню за сем гадоў існавання прэміі далучыліся беларускія фундатары: Адвакацкае бюро "Бараўцоў і Салей", ПП "Тэра-софт": ТАА "І-Экс-Пі Кэпітал", Юры Зісер і іншыя. Менавіта дзякуючы ім прызавы фонд прэміі ў гэтым годзе істотна павялічыўся і склаў 18 108,80 BYN.
Другое месца заняў Альгерд Бахарэвіч з кнігай "Сабакі Еўропы" за паспяховае ўкараненне еўрапейскай культурнай традыцыі ў сучасны беларускі літаратурны працэс. Прыз - месяц творчай рэзідэнцыі на выспе Готланд (Швецыя). Фундатар прыза - Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Трэцяе месца заняў Вінцэсь Мудроў з кнігай "Забойца анёла" за развіццё смехавой культуры ў сучаснай беларускай літаратуры. Прыз - выданне (наступнай) кнігі. Фундатар прыза - Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года і ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. Суарганізатарамі прэміі з'яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.
Беларускае Радыё Рацыя.
СЯБРОЎ НАБЫВАЙ І СТАРЫХ НЕ ЗАБЫВАЙ
Нядаўна колькасны склад Нясвіжскай арганізацыі ТБМ павялічыўся на двух сяброў, дакладней, сябровак. Ды якіх! Неўтаймоўна актыўных, непахісных у мудрых жыццёвых пазіцыях, бясспрэчна аўтарытэтных, заслужана ацэненых і прызнаных на Нясвіжчыне. Гэта былыя настаўніцы Яніна Аляксандраўна Ялтыкова з Гарадзеі і Аляксандра Аляксандраўна Скрындзіеўская з Высокай Ліпы. Жанчыны сёлета, як кажуць у народзе, размянялі ўжо дзясяты дзясятак гадоў!
Дні ўшанавання настаўнікаў, пажылых людзей, жанчын-маці, што выпадаюць на пару лагоднай восені, бабінага лета з серабрыстай павуцінкай, скіравалі актывістаў Гарадзейскай суполкі праведаць аўтарытэтных асоб.
З Янінай Аляксандраўнай, дачкой і зяцем прыгадалі яе бацьку, які аддаў жыццё за вольную Беларусь, за тое, каб дзеці ў школах вучыліся па-беларуску. Успамінала Яніна Аляксандраўна даўнія гарадзейскія школы, гады настаўніцтва, навучанне абслугоўваючай працы - колькі добрых швачак выгадавала яна! І тое не дзіўна: сама ж першакласная мадэльерка і швачка. А ў сучаснай Гарадзеі жанчына больш вядомая як шчырая верніца і мецэнатка.
Аляксандра Аляксандраўна Скрындзіеўская выкладала замежную мову, выдатна валодае нямецкай і польскай і мо таму так заўзята прапагандуе-бароніць родную. Радкі з Якуба Коласа, Паўлюка Труса ўзнёсла прачытае кожнаму свайму госцю: хай адчуе смак роднага слова. Вучняў у яе шмат, ні адзін школьны будынак не змесціць. А ёй прасторна ў сваёй невялікай вясковай хацінцы, дзе пануе культ кнігі і Божай веры.
Прапанову далучыцца да суполкі ТБМ жанчыны прынялі без аніякіх ваганняў, як самае натуральнае для сапраўднага беларускага інтэлігента.
Шчырыя вітанні і віншаванні нашым ганаровым сяброўкам!
Н. Плакса, Нясвіж.
Віншаванне Сяргею Чыгрыну
Сябры Слонімскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны шчыра віншуюць краязнаўца, паэта, драматрурга, журналіста, перакладчыка і грамадскага дзеяча Сяргея Мікалаевіча Чыгрына з юбілеем. Зычым яму моцнага здароўя і сілы духу, натхнення і светлых адкрыццяў у кожным новым дні! Наш невялікі падарунак - у словах верша.
Паэту Сяргею Чыгрыну.
Да 60-годдзя.
Слонім - сталіца любові,
Сталіца еднасці нашай…
Душа ажывае нанова,
Прыняўшы гаючую чашу
З тавайго рачнога паветра,
Паветра шчырае Шчары.
Тут варта расстацца, паехаць -
Вярнуццца дадому ўжо марыш…
Паэзія Шчарай ліецца…
Здавён наша Шчара люляе
Паэтаў - і іх спадкаемцаў,
А Слонім - яднае!
Святлана Адамовіч.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку
Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Антановіч Лідзія Аляксандр. Арлова Эрыка Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Аўдошчанка Валянціна Ашурак Вітольд Міхайлавіч Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Баравік Пятро Пятровіч Барташэвіч Антаніна Бархамовіч Мікалай Сямёнавіч Барэль Васіль Бекарэвіч Зміцер Генадзевіч Бераставы Глеб Андрэевіч Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Букаты Алесь Уладзіміравіч Булавацкі Міхась Пятровіч Булат Алена Анатольеўна Бурлевіч Людміла Мікалаеўна Бусел Мікалай Кліменцевіч Бычэнка Аляксей Уладзімір. Бягун Рацібор Аляксандравіч Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Варабей Таццяна Пятроўна Васільева Вераніка Пятроўна Ваўкавыцкая Таццяна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Восіпава Аляксандра Яўген. Гайдукевіч Ганна Іванаўна Гарбуль Аляксандр Васільевіч Гарніцкі Янка Андрэевіч Герасіменка Алесь Герашчанка Аліна Андрэеўна Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Гражынская Галіна Іосіфаўна Грушка Мікалай Пятровіч Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грыцавец Алесь Андрэевіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Данілаў Уладзімір Аляксандр. Даніловіч М.А. Данілюк Віктар Уладзіміравіч Даржынкевіч Генрых Фелікс. Дашкевіч Святлана Мікал. Джэйгала Уладзімір Васільевіч Дзегцярова Кацярына Алякс. Дзедушкова Алена Дзеружынская Вераніка Ав. Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іванавіч Долбік Ларыса Рыгораўна Драздова Валерыя Аляксанд. Дубейка Васіль Міхайлавіч Дудар Таццяна Аляксандраўна Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жылінская Кацярына Алякс. Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Жэгалік Любоў Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зубарава Алена Мікалаеўна Зяневіч Галіна Сямёнаўна Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзевіч Ігнашэвіч Вадзім Уладзімір. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавецкая Наталля Уладзімір. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каліноўская Бажэна Андр. Каліноўская Крысціна Калыска Раіса Рыгораўна Каморчанка Алена Мікалаеўна Каратай Уладзімір Арсеневіч Карвацкая Валянціна Мікал. Каржанеўская Марыя Станіс. Карповіч Лія Васільеўна Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Георг. Качарагіна Людміла Алякс. Кірыленка Анатоль Іванавіч Клундук Святлана Сяргееўна Князюк Андрэй Вас. Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крот Міхаіл Мікалаевіч Крупіца Валянціна Кубанская Любоў Леанідаўна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Фёдаравіч Лабко Іван Антонавіч Ланец Вадзім Уладзіміравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебедзь Вераніка Аляксандр. Лебядзевіч Д.М. Ліс Дар'я Алегаўна Ліхадзіеўская Вольга Мікал. Ліцін Алесь Лазаравіч Лучко Валянцін Станіслававіч Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Лявончык Раман Раманавіч Ляўчук Валеры Аляксеевіч Мазырка Аляксандр Макоўская Вікторыя Алякс. Макруш Сяргей Вячаслававіч Малец Таццяна Малочка Віктар Уладзіміравіч Малочка Наталля Мікалаеўна Малько Вячаслаў Аляксандр. Мальцава Ірына Малюкова Яніна Ігараўна Мартысюк Вера Марцінкевіч Іван Віктаравіч Маслюкоў Іван Віктаравіч Масяйчук Аляксандр Мацвеенка Аляксандр Яўген. Медзяны Сяргей Віктаравіч Мезаўцоў Павел Васільевіч Мерынава Алеся Сяргееўна Мінаў Леанід Уладзіміравіч Мінец Валеры Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Міцкевіч Уладзімір Валянцін. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдаравіч Осіпава Аляксандра Падаляка Павел Аляксандр. Палейка Анатоль Дарафеевіч Палікарпаў Валер Канстанц. Палсцюк Валеры Віктаравіч Палтаржыцкая Ірына Генадз. Палубятка Іосіф Іосіфавіч Паляжаеў Мікалай Уладзімір. Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Парыжэская Кацярына Пастушэнка Герман Сяргеевіч Пасюкевіч Ірына Уладзіслав. Паўлоўскі Аляксандр Уладзім. Пахолак Марына Іосіфаўна Пеганава Інга Піліпенка Алена Поўжык Карына Сяргееўна Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Пракопчык Таццяна Васіл. Прыбыш Іван Вітольдавіч Прылішч Ірына Аляксандр. Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сяргееўна Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Рагачэўскі Сяргей Віктаравіч Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Уладзімір Іванавіч Раманцоў Зміцер Уладзіміравіч Раманюк Раман Раплевіч Юры Альбінавіч Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзёнак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сазонаў Вячаслаў Мікалаевіч Сакевіч Уладзімір Клеменцевіч Салаўёў Мікалай Сварцэвіч Алег Іосіфавіч Святоха Генадзь Уладзіміравіч Сёмкіна Вольга Віктараўна Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адамавіч Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Сіндзееў Уладзімір Дзмітр. Сіняк Павел Віктаравіч Скалабан Аляксандр Максім. Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Уладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгі Статкевіч Дар'я Валер'еўна Стральцоў Алесь Уладзімір. Стэпановіч Алесь Язэпавіч Субоцін Андрэй Юр'евіч Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітрый Сярг. Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Сцефаненка Ірына Віктараўна Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васільеўна Сямёнаў Віталь Сенькевіч Надзея Іосіфаўна Трафімчык Сяргей Аляксан. Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Уюльская Надзея Іларыёнаўна Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цвік Наталля Казіміраўна Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыганкоў Віталь Аляксеевіч Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Цярэшка Паліна Васільеўна Чайкоўскі Павел Іванавіч Чмарава Марына Чубат Аляксей Леанідавіч Чыжова Таццяна Дзмітраўна Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Шаткова Дар'я Дзмітрыеўна Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шульвінскі Віктар Віктаравіч Шчэрбік Вераніка Мікалаеўна Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Шырокава Наталля Аляксан. Юхноўскі Віктар Францавіч Янкоўскі Юры Уладзіміравіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яраховіч Марына Рыгораўна Яроменкаў Аляксандр Леан.
Адказы У. Арлова на пытанні "Радыё Свабода"
- Уладзімір, перш за ўсё віншую вас з атрыманнем прэміі Гедройця за кнігу "Танцы над горадам". Можа, для пачатку размовы вы б самі патлумачылі нашым чытачам, пра што гэтая кніга і чаму яе варта прачытаць?
- Лепш, каб я пра сваю кнігу казаў не сам (гэта было б нясціпла), а адказаў цытатамі з рэцэнзіі нашай славутай літаратуразнаўцы, доктара філалогіі Ганны Кісліцынай. Тым больш што тая рэцэнзія мела падзагаловак "Чаму варта пачытаць новую кнігу Уладзіміра Арлова" і з'явілася ў верасні на Tut.by. Ганна піша:
"Кніга "Танцы над горадам" - эстэцкая па ўсіх параметрах.
Для тых, хто адчувае час і прастору як непаразуменне і ўмоўнасць. Для тых, хто шануе сексуальныя фантазіі. Для тых, хто любіць няспешнае гурманскае чытанне. Для тых, хто любіць таямніцы - свае і чужыя.
Ну і, вядома, для тых, хто не баіцца танчыць на дахах у цёплыя травеньскія вечары".
Я магу дадаць, што назву гэтай кнізе дала аповесць "Танцы над горадам", героі якой - самнамбулы. Удзень яны не знаёмыя паміж сабой, а ўначы, калі танчаць, утвараюць сваё таемнае брацтва, якое, безумоўна, не вечнае. І потым лёсы маіх танцораў складаюцца вельмі па-рознаму, некаторыя з іх пачынаюць танчыць ужо на дахах гарадоў іншага свету.
- Як заўсёды, пасля ўручэння Гедройця хапае каментароў і дыскусіяў, асабліва ў сацыяльных сетках, што зноў кагосьці абышлі. На гэты раз, улічваючы ваш аўтарытэт, мала хто ставіць пад сумнеў вашу перамогу, мала хто піша, што "зноў далі не таму". Але, тым не менш, многія лічаць, што і іншыя заслугоўвалі перамогі. Як вы ставіцеся да такіх дыскусіяў? Яны вас чапляюць, кранаюць?
- Я прымаю выбар журы і ў такіх дыскусіях не ўдзельнічаю. Сёлета была асабліва вострая канкурэнцыя - паверце мне як сябру журы прэміі Гедройця мінулых гадоў. Дарэчы, ніколі выбар журы ўсіх не задавальняў.
- Ці маеце вы сваю герархію ў сучаснай беларускай літаратуры? Хто ў ёй стаіць вышэй - у каго большыя наклады ці ў каго больш прэміяў, замежных перакладаў? Каго вы любіце і чытаеце, каго лічыце вартымі прачытання?
- Я хачу сказаць найперш, што лічу надзвычай цікавымі, таленавітымі і вартымі пісьменнікамі ўсіх сёлетніх фігурантаў кароткага спісу прэміі Гедройця, таксама ўсіх лаўрэатаў мінулых гадоў. Мой спіс усіх, каго я люблю і чытаю, можа атрымацца занадта доўгі.
- Вы неяк пісалі, што Беларусь пачалі адкрываць для сябе з Караткевіча. Я памятаю, як у канцы 80-х васьмітомнік Караткевіча на беларускай мове выйшаў накладам 70 тысяч асобнікаў. Ці можа сёння пісьменнік быць такім валадаром думак, як былі Караткевіч і Быкаў?
- Час змяніўся. Перада мной два тамы новага, 25-томнага збору твораў Караткевіча, у якіх змешчаны раман "Каласы пад сярпом тваім". (Зраблю тут невялікае адступленьне. Мы часам чуем з вуснаў вядомага ўсім "літаратуразнаўцы" - "Дайце мне "Вайну і мір" беларускую". Вось, калі ласка, вазьміце гэты том і пачытайце. "Каласы" - гэта наша "Вайна і мір". Дык вось, сёмы том - якім, вы думаеце, накладам ён выйшаў? 2 тысячы асобнікаў. Іншыя тамы выйшлі накладам тысяча асобнікаў.
Магу ўзгадаць, што мая кніга гістарычнай прозы, "Міласць князя Гераніма", выпушчаная ў 1993 годзе, мела наклад 40 тысяч асобнікаў.
У нашым несвабодным грамадстве пісьменьнік вымушаны заставацца "больш чым пісьменнікам". Калі адбываецца сустрэча з чытачамі, гучаць пытанні не столькі пра літаратуру, як пра сучасную сітуацыю ў краіне, стан мовы, гістарычнай памяці, падручнікі, школьныя праграмы. Я разумею, што пісьменнік сёння - не валадар думак, але ад яго чакаюць не толькі кніг, але і адказаў на грамадска-палітычныя пытанні.
- Вы разам з мінулагоднім лаўрэатам Гедройця Змітром Бартосікам аб'ездзілі ўсю Беларусь з лекцыямі і выступамі. Часам людзі скардзяцца, што дзеці цяпер не разумеюць беларускую мову, не хочуць чытаць. А вашы ўражанні ад гэтых сустрэчаў?
- Пра гэтыя сустрэчы я, магчыма, калі-небудзь напішу цэлую кнігу. У пэўным сэнсе такой кнігай ужо з'яўляецца мая кніга "Пакуль ляціць страла. Сто пытанняў пісьменніку", дзе я адказваю на самыя розныя пытаньні чытачоў.
Наконт таго, што дзеці не разумеюць беларускай мовы. Я ўзгадаю выступ у адной з менскіх школаў, гэта быў сёмы клас. Я звычайна больш люблю сустракацца са старэйшымі класамі, гэта мая аўдыторыя. Але выйшла мая кніга "Айчына", якая адрасаваная дзецям і падлеткам. І вось калі я выступаў, то гаварыў, як мы, полацкія хлапчукі, шукалі старажытныя скарбы. І я бачыў, што мяне большасць не разумее. Я папрасіў падняць руку таго, хто ведае, што такое "скарб". Паднялося пяць рук. Я тады спрабаваў патлумачыць ім тое, што галоўны скарб для нас - гэта наша беларуская мова. Што мова бароніць межы дзяржавы лепш за любую армію.
- Вы паводле адукацыі гісторык, а гісторыкі, магчыма, трошкі па-іншаму глядзяць на падзеі, бо яны ведаюць, што "ўсё ўжо было". Звычайныя людзі не заўсёды могуць глядзець на час, у якім яны жывуць, з гледзішча вечнасці. А як вы гледзіце з пункту гледжання гісторыі на наш час?
- Гісторыя, адрозна ад эканомікі, не можа даваць дакладных прагнозаў, яна не прадказвае будучыні. Але веданне гісторыі дае чалавеку шырыню светабачання, светаразумення і светаўяўлення. І веданне гісторыі, у прыватнасці нашай, айчыннай, сведчыць, што наша цяперашняя беларуская сітуацыя не ёсць нейкай непазбежнай і бязвыйсцевай, што перад намі могуць адкрыцца зусім іншыя шляхі.
У мяне зараз на стале ляжыць кніга "Кароткая гісторыя чалавецтва" Юваля Ноя Харары. У яго цэлы раздзел там ёсць "Сляпая Кліо" (нагадаю, Кліо - муза гісторыі).
- Вы даволі шмат пісалі ў сваіх творах пра пэўныя свае біяграфічныя факты. Ці задумваліся вы пра пытанні выпадковасці і заканамернасці ў сваім лёсе?
- Я тут узгадваю аднаго з улюбёных сваіх аўтараў - Мілана Кундэру, які казаў калісці, што гісторыя безаблічная і няўцямная. Адзін з герояў маёй кнігі баладаў "Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань" разважае, што гісторыя сапраўды забаўляецца непрадказальнымі сюжэтамі, што яна нястомна хлусіць, зневажае, здзекуецца, часам жартуе. Заходзіцца ад рогату.
Я б сказаў, што гэта сказана і пра маю асабістую гісторыю. А наконт пытанняў выпадковасці і заканамернасці ў маім лёсе - я думаю, што маё нараджэнне ў Полацку ў радзілні насупраць Сафійскага сабора запраграмавала мой лёс і маю справу жыцця.
Атрымаўшы прэмію Гедройця, я быў удзячны маім дарагім танцорам і танцоркам і Полацку, дзе мы пачалі танчыць. Полацку, дзе мая альфа і амега.
Малая радзіма вялікага пісьменніка
Шостага кастрычніка ў Глушы падчас фестывалю "Глушанскі хутарок" урачыста адкрылі "Прыпынак Адамовіча" - аўтобусны прыпынак, аздоблены ў гонар славутага земляка Алеся Адамовіча.
Арт-аб'ект размясціўся на "галоўнай вуліцы" Глушы, на трасе Бабруйск - Слуцк. Дзяцінства і юнацтва знакамітага беларускага празаіка, публіцыста, кінасцэнарыста Алеся Адамовіча прайшло ў Глушы. Тут ён знайшоў і спачын. Захаваць і ўшанаваць ягоную памяць ва ўмовах пастаяннага недахопу часу і сродкаў у дзяржавы вырашылі грамадскія актывісты. Пакуль працягваецца збор сродкаў на помнік і музей, ідзе ўзгадненне праектнай і іншай дакументацыі, ініцыятыўная група вырашыла пайсці нестандартным шляхам і звычайны аўтобусны прыпынак ператварыць у мемарыял у сучасным стылі - мастацкую прастору.
- Мы падумалі, што гэта прыцягне ўвагу нават да самой Глушы, - расказвае галоўны ініцыятар кампаніі па ўшанаванні памяці Адамовіча, бабруйчанін Андрэй Архіпенка. - Людзі праязджаюць праз Глушу - убачаць нешта незвычайнае, цікавае для сучаснага пакалення, спыняцца і лішні раз узгадаюць пра Алеся Адамовіча. Ідэя нарадзілася ў сакавіку, калі былі сабраны подпісы за помнік і атрыманы адказы з Міністэрства культуры пра пачатак узгадненняў. У траўні правялі конкурс, выбралі варыянт аздаблення, і ў мінулыя выхадныя мастак Алесь Благій размаляваў прыпынак.
Цяпер на сценах прыпынка - вялікі партрэт Алеся Адамовіча, карта Беларусі з асобна пазначанай Глушай і цытата з аўтабіяграфічнай аповесці "Vixi".
- Калі мне сказалі пра ідэю такога прыпынка, я нават не зразумела, што гэта і як можа быць, - прызнаецца Наталля Адамовіч, дачка пісьменніка. - Тым больш не магла б такое прыдумаць сама. А потым праніклася, ідэя мне вельмі спадабалася, я сама прапанавала канкрэтную цытату з твора. У ёй - пра прыезд дадому, пра любоў да сваёй радзімы, да Глушы. Якраз пасуе для прыпынка.
На адкрыццё "Прыпынка Адамовіча" прыехала шмат бабруйчан, са сталіцы прыехалі скульптар будучага бюста пісьменніка Генік Лойка, палітык Таццяна Караткевіч - кіраўнік грамадскага аб'яднання "Гавары праўду", сябрам якога з'яўляецца Андрэй Архіпенка, і журналіст Зміцер Бартосік, які ў мінулыя гады выступаў на "Глушанскім хутарку" са сваімі песнямі. Прыехалі і групы дзяцей з бабруйскага Цэнтра турызму і краязнаўства.
- Мы хацелі спалучыць наведванне фэсту і экскурсію па мясцінах Адамовіча, - расказвае кіраўніца краязнаўчага гуртка Таццяна Ачыновіч. - Тым больш такая нагода, адкрыццё цудоўнага прыпынка. І толькі прыязджаем у Глушу, як нам мясцовы жыхар кажа: "А вы былі на нашым новым прыпынку? Абавязкова схадзіце!".
Яшчэ ў Глушы плануецца стварыць музей Алеся Адамовіча ў будынку былой аптэкі: тут працавала мацi пісьменніка, і сам будынак - герой аповесці "Вайна пад стрэхамі". У наступным годзе мае быць усталяваны бюст - ці на пляцоўцы між музеем і сельсаветам, ці на плошчы перад Домам культуры.
Тэкст і фота: Арцём ЛУК'ЯНОВІЧ, "Бабруйскі кур'ер".
Горшы вынік з 1950 года: баварскія саюзнікі канцлера Меркель правалілі выбары
Навіны Германіі
Экзітполы сведчаць аб тым, што сястрынская партыя канцлера Германіі Ангелы Меркель пацярпела поўнае паражэнне на выбарах у зямлі Баварыя.
Хрысціянска-сацыяльны саюз - партнёр па кіруючай кааліцыі ХДС Ангелы Меркель губляе абсалютную большасць у ландтагу - федэральным парламенце Баварыі.
На другое месца выйшлі Зялёныя, у ландтаг таксама ўпершыню прайшла Альтэрнатыва для Германіі, якая прытрымліваецца антыіміграцыйнай палітыкі.
ХСС практычна аднаасобна кіраваў Баварыяй з 1957 года, аднак пачаў губляць падтрымку пасля таго, як многія выбаршчыкі пачалі прытрымлівацца дыяметральна процілеглых пунктаў гледжання ў такіх ключавых пытаннях як іміграцыя.
"Гэта ўзрушэнне для Баварыі", - прыводзіць Financial Times меркаванне палітычнага аналітыка з Універсітэта Майнца. Больш за 60 гадоў ХСС правіў Баварыяй. "ХСС быў Баварыяй, а Баварыя была ХСС. Цяпер усё ў мінулым".
Старшыня ХСС Хорст Зеехофер прызнаў, што гэта быў "не лепшы дзень", але гэта толькі "адзін бок медаля", паколькі па выніках выбараў партыя атрымала "відавочны мандат" на фарміраванне новага ўрада.
nslowa.by.
Праграма Тыдняў Германіі ў Беларусі
Менск
18.10, чацвер, 19.00.
Інстытут імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3.
Аўтарскія чытанні з Марлене Родар у Менску
Нямецкая пісьменніца Марлене Родар чытае ўрыўкі са сваёй кнігі "Cache".
Каханне, якое спальвае сэрца. Лейла і Макс - няроўная пара, якая ўжо год разам. Макс - прывабны хлопец з сям'і, якая займае высокае становішча ў грамадстве, і Лейла - "несамавітая дзяўчына з міграцыйным фонам", як яна сама сябе характарызуе.
Тым не менш усё выглядае ідэальна, пакуль не з'яўляецца загадкавы Рэд.
На нямецкай мове.
Уваход вольны.
23.10, аўторак, 10.00-18.00.
Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау. Пр-т Газеты Праўда, 11.
Форум "75 гадоў трагедыі і гераізму Менскага гета: праблемы і перспектывы захавання памяці пра Халакост у Беларусі".
Форум праводзіцца ў памяць аб ахвярах Менскага гета, якое было ліквідавана 21-23 кастрычніка 1943 года, 75 гадоў таму назад. На ім будуць прысутнічаць былыя вязні Менскага гета, спецыялісты-гісторыкі, адукатары, грамадскія дзеячы з Беларусі, Германіі і іншых краін Еўропы. Падчас пленарнага і секцыйных паседжанняў форуму будуць дыскутавацца актуальныя пытанні даследаванняў, адукацыі і захавання памяці пра гэтую трагічную старонку гісторыі.
Уваход па запрашэннях.
24.10, серада, 19.00-21.00.
Абласная бібліятэка імя Пушкіна, аддзел замежнай літаратуры, 3 паверх, вул. Гікалы 4.
24 кастрычніка аддзел замежнай літаратуры бібліятэкі імя А.С. Пушкіна стане месцам сустрэчы дзвюх культур. Кавер-бэнд DACH выканае старыя і новыя хіты на нямецкай мове. Таксама выступіць
Ганна Веракша - студэнтка БДУ, якая не можа ўявіць свайго жыцця без беларускай народнай музыкі.
Падчас гульняў госці могуць больш даведацца як пра нямецкую, так і беларускую культуру і гісторыю.
Уваход вольны.
У с п а м і н ы
Да 155-годдзя паўстання 1863 г.
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Дванаццацігадовая мая сястрычка з уражанымі вочкамі пытаецца ў яго:
- Пане, а што з Польшчай у той час будзе?
- Пані пытаецца, што будзе з Польшчай? Прыйдзе такая хвіля ў часе барацьбы з дзікімі бестыямі, хвіля цяжкая для перажыцця, калі загукаем: "Мы ж браты вашыя, разам на дапамогу!" Вы паверыце - ха! ха! ха! вы паверыце, вы - мяккі народ! Мы падставім плечы, вы ўпадзеце нам на грудзі, прыціснем моцна, так моцна. аж задушым!
- Але ж гэта подла, што пан гаворыш! - закрычала з абурэннем і са слязамі малая.
- Так, гэта подла - і гэта шчасце наша, гэта адно нас робіць падобнымі да людзей, якія маюць меркаванне пра рэчы (і чаго звяры пазбаўлены), што мы бачым і адчуваем нашую подласць!
Серакоўскі, вядомы ў акадэміі як найздольнейшы вучань, скончыў яе курс і ў 1857 годзе быў прызначаны ў Генеральны штаб 213. Была гэта хвіля, якая дазваляла яму ажыццявіць мэту, да якой імкнуўся з прагаю, а прынамсі на крок наблізіцца да яе; найперш падтрымаць няшчаснага салдата расійскай арміі, вярнуць яму месца сярод людзей, абараніць ад катавання палкамі, выкінуўшы з дысцыплінарнага кодэксу цялесныя пакаранні. Аддаўся гэтаму з усёй яму ўласцівай энергіяй і вытрымкай. Тут былі патрэбны не філантрапійныя дэкларацыі і заклікі супраць палак, але трэба было скласці довады іхняй шкоды. Серакоўскі, маючы вольны доступ да архіваў Ваеннага міністэрства, цяжка працуючы, склаў статыстыку пакаранняў і праступкаў у расійскім войску за некалькі дзясяткаў гадоў; пасля дадання да іх параўнальных табліц дысцыплінарных кодэксаў усіх еўрапейскіх войскаў давёў:
1) Што расійскі кодэкс за часы Пятра Вяікага 214 найлагоднейшы за ўсе, сёння ўсе іншыя пераважаюць строгасцю.
2) Што колькасць праступкаў у расійскім войску нечувана перавышае статыстыку еўрапейскіх армій, якія па меры пастаяннага больш лагоднага заканадаўства, становяцца больш маральнымі, даказваў, што цялесныя пакаранні абавязкова павінны быць адменены.
Працу яго ваенны міністр аддаў камітэту 215, які працаваў над пераглядам дысцыплінарнага кодэксу. Ад яго меркавання залежала ўсё. У ліку чальцоў камітэта было некалькі генералаў з мікалаеўскіх часоў, гэтыя, верачы толькі ў палкі, жадалі адкінуць прапанову і аддаць аўтара ў простыя салдаты за збэшчванне расійскай арміі довадам, што тае мае больш злачынстваў, чым іншыя ў Еўропе. Хвіля для Зыгмунта і яго справы была крытычная. Маладыя прыяцелі Серакоўскага, якія засядалі разам са старымі, вышэй згаданымі, атрымалі перамогу. Працу яго прызналі за добрую і карысную і аддалі яе на абдумванне, а аўтара дэлегавалі для ўдакладнення звестак у тым кірунку на міжнародны кангрэс у Лондан у 1861 годзе 216.
Са справы, якая ўтрымоўвае увесь ход дэбатаў на Міжнародным кангрэсе ў Лондане ў 1861 годзе, выпісваю толькі тыя прамовы Серакоўскага, якія ўплывалі на пастановы таго ж кангрэсу.
Выступаў па праблемах статыстыкі маральнасці і па праблемах вайсковасці. Аднагалосна быў выбраным сакратаром з боку замежных дзяржаў.
Секцыя 5 займалася арміяй і ваенна-марскім флотам. Пастанавілі дэбатаваць толькі над тым, што ўжо было прадметам разгляду на кангрэсе ў Бруселі 217.
Серакоўскі ўносіць адзіную новую прапанову, што да параўнаўчай статыстыкі, на колькі і якія пакаранні, а менавіта цялесныя, спрычыняюцца станоўча або адмоўна да маральнасці ў арміі? А затым, каб дайсці да пэўнасці прапануе, каб сам Кангрэс звярнуўся да ўсіх дзяржаў, а менавіта да тых, дзе ёсць вайсковыя трыбуналы і таемныя архівы, каб далі яму вольны доступ да іх.
Праблема тая разбудзіла жывую зацікаўленасць усяго сходу. Наступілі доўгія, гарачыя дэбаты за і супраць прапановы. Прэзідэнт Stanhope, Balfour, дакладчык Legoyt і многія іншыя былі за прапанову. Апасаліся толькі абразіць і абудзіць падазрэнне дзяржаваў, ці пад відам статыстыкі Англія не ўпіхне палітыкі, хочучы праз параўнанне меншай або большай дэмаралізацыі ў арміі прыйсці да высновы пра меншую ці большую сілу дзяржавы.
У канцы, хоць і ў змадыфікаванай форме, атрымаў Серакоўскі тое, чаго прагнуў, г.зн. вольны доступ да вайсковых архіваў і трыбуналаў усіх еўрапейскіх краін.
Дакладчык Legoyt закончыў такімі словамі:
- Панове! Дні сходаў падходзяць да канца. Кожная хвіля важная. Гэтая справаздача будзе кароткай. Ніякіх змен паводле кангрэсу ў Бруселі, апрача адной новай прапановы, унесенай у гэтай секцыі панам капітанам Серакоўскім.
Пан Серакоўскі, капітан расійскага Генеральнага штаба, выказаў пажаданне, каб наш кангрэс даў яму імянное даручэнне да ўсіх начальнікў статыстычных бюро за мяжой для аблягчэння яму тым вывучэння стану вайсковай крыміналістыкі, што яму даручана ў яго дзяржаве.
Секцыя пасля дэбатаў прызнала, што ваш, панове, сход магчыма перайшоў бы межы сваёй місіі, а можа, і межы этыкету, падтрымаўшы пажаданні ў той форме. Але прагнучы падтрымаць, на колькі гэта ёсць у моцы секцыі, каштоўную працу пана Серакоўскага, важнасць якой цалкам прызнае, секцыя выразіла свае пажаданні наступным спосабам:
Кангрэс з прыемнасцю вітаў бы ўсе ўрады, якія аддадуць для скарыстання ў навуковых мэтах вучоным замежных дзяржаў, якія працуюць над параўнальнай вайсковай крыміналістыкай, усякія дакументы, сабраныя ў архівах адносна да сваіх армій.
Вітаў бы кангрэс з такой жа прыемнасцю ўрады, якія прывыклі абнародаваць сваю карную статыстыку адносна да арміі і якія выдзялялі б тым жа вучоным нататкі паясняльных дакументаў адносных да арганізацыі і кампетэнцыі вайсковых трыбуналаў у св аіх дзяржавах.
Адзін з чальцоў прапанаваў прыбраць з праграмы пытанне адносна да колькасці спраў, іх калібру і сістэмы, але я, - гаварыў далей Legoyt, - раблю заўвагу, што Францыя дае прыклад, выстаўляючы на сваю рызыку, поўную яснасць у тым поглядзе. Прыгадваю яшчэ тут, што Францыя абвяшчае штогод па тым пытанні Compterendu du Materiel 218 асобна для арміі і для ваенна-марскога флоту.
Секцыя 6. Дакладчык Legoyt з секцыі 6 пра статыстыку маральнасці з дапамогай прэсы называе толькі тры найгалоўнейшыя прамовы: з Галандыі Ackersdyka супраць статыстыкі маральнасці; з Іспаніі Ripalda за статыстыку мараль[насці]; хоць бы толькі пералікам і вылічэннем спраў карысных Зыгмунта Серакоўскага наступным чынам:
Legoyt:
- Капітан Серакоўскі сцвярджае, што доктар Ackersdyk памыляецца, калі даводзіць немагчымасць правядзення статыстыкі маральнасці (з дапамогай прэсы).
Серакоўскі:
- Дазвольце мне, пане прэзідэнце, дадаць некалькі слоў. Пан Quetelet ёсць бацькам той статыстыкі, якую можна назваць статыстыкай маральнасці? якую прымаюць як сацыяльную анатомію, а заданнем яе будзе стварыць новую навуку сацыяльную фізіялогію. А таму, што да мяне, то адкідваю найнесправядлівейшы закід, які да яе можа быць прыменены, што ёсць прапагандысткай фаталізму, што да нічога не вядзе, хіба толькі да заспакаення пустой цікавасці. Гэта не так. Пан Quetelet і ўсе з яго школы падтрымліваюць супраціўнае, што вядзенне статыстыкі маральнасці дапамагае заканадаўцам і адміністрацыі ў паляпшэнні грамадства, паказвае яго сённяшні рэальны стан. Тая ж самая статыстыка сцвярджае таксама, што там, дзе праводзяцца паляпшальныя рэформы роўна як у заканадаўстве, так і ў адміністрацыі, упаўшая маральнасць папраўляецца, лік парушэнняў і злачынстваў змяншаецца. Статыстыка маральнасці не толькі не заслугоўвае імені прапагандысткі фаталізму, ёсць гэта хутчэй ідэалізм, напоўнены верай ва ўдасканаленне народа. Але і гэтае сцвярджэнне было б памылкай, бо ёсць яна хутчэй рэалізмам - ёсць сапраўднай навукай. Вучоныя, якія вывучалі гісторыю звычаяў і заканадаўстваў з канца ХVІІІ стагоддзя, ужо давялі, што статыстыка маральнасці, што статыстыка судовая пасля правядзення разумных рэформ дапамагае ў паляпшэнні звычаяў і ў змяншэнні колькасці праступкаў і злачынстваў.
Збор прыняў прамову з жывым прызнаннем.
Пасля трываўшых нейкі час дыскусій прызналі статыстыку маральнасці, якая абнародваецца пры дапамозе прэсы, сведчаннем інтэлектуальнай і маральнай сілы краю.
Секцыя 2. Санітарная статыстыка (кіраўнік Shaf-tesbury). На першым месцы - прадстаўлены план міс Nightin-gale, план апрабаваны ў шматлікіх вялікіх шпіталях, таму пастанавілі рэкамендаваць яго ўсім урадам.
Пан Legoyt пасля зачытвання ліста міс Nightingale, да якога былі далучаны паперы, што даводзілі чаканыя вынікі тых жа планаў, закончыў выказваннем удзячнасці ад імя ўсіх замежных дэлегатаў высокапастаўленым асобам у Лондане, якія не толькі адчынілі для прыбылых свае салоны, але частавалі іх яшчэ гасцінна і прыязна за сваімі сталамі, а менавіта лорду Ebringtonowi, міс Gutts і міс Nightingale, чыё імя вядомае ва ўсёй Еўропе з-за яе бязмежнай адданасці і гераічнай працы ў час Крымскай вайны, дзе была для арміі сапраўднай збаўчай апорай.
(Міс Nightingale, найбагацейшая партыя ва ўсёй Англіі не выйшла замуж, каб усё сваё жыццё прысвяціць філантрапічным мэтам, да якіх ішла разумна і з вартай здзіўленню вытрымкай.)
Гавару пра тую секцыю, а за тым і пра лонданскіх асабаў, бо Зыгмунт у іхніх салонах быў частым госцем, зычліва і з прыемнасцю прыманым і адзначаным. Распытвалі доўга і з зацікаўленнем пра лёсы Польшчы, пра яе адносіны да Расіі, пра яе надзеі і змаганні. Тут ён пазнаёміўся і зблізіўся з многімі знакамітасцямі у Англіі, як сем'і Derby'ch, Nitchel'a, Russela, які аказваў яму шмат сімпатыі і прызнання, слухаў з захапленнем яго прамовы. У першы дзень пасля знаёмства запытаў: "Пан не расеец?" Калі Серакоўскі адказаў, што ён - паляк, сказаў: "Я быў у тым упэўнены". Схіляў яго да пакідання Пецярбурга, прапаноўваў яму адпаведную яго сіле розуму пасаду ў Лондане. Дадаў:
- Шкода жыцця, шкода здольнасцяў!
Перад пакіданнем Пецярбурга Зыгмунт атрымаў ліст таго ж зместу.
Даслоўная копія:
" Legoyt. Captain Sierakowski contends that doctor Ackersdyck is mistaken in asserting the impossibility of moral statistics.
Sierakowski. Permettezmoi M.le President d'ajouter quelques mots. M. Quetelet est le pere de ce qu'on peut appeler la statistique morale, de dette statistique qu'on regarde comme l'anatomie sociale, et qui doit tendre a creer une nouvelle science, celle de la physiologie sociale.
Eh bien, je repousse, pour mon compte, le reproche le plus injuste, qui puisse etre fait a la statistique, celui qui consiste a dire qu'elle propage le fatalisme, ou qu'elle ne mene a rien, que c'est de la pure curiosite.
Cela n'est pas. M. Quetelet et tous ceux de son ecole disent, au contraire, que la statistique morale aide le legislateur et l'administrateur a corriger les defauts de la societe, en montrant son etat actuel. La statistique demontre que, des qu'il y a des reformes salutaires apportees dans la legislation et dans l'administration, les mans moeurs se corrigent, le nombre des d?lits et des crimes s'amoindrit.
Loin donc d'encourir le reproche de pousser au fatalisme, on pourrait peutetre dire de la statistique que c'est de l'idealisme, c'est de la foi en la perfectibilite humaine, mais cela n'est pas, non plus, c'est plutot du realisme, c'est de la vraie science.
Tous les hommes, qui ont etudi? l'histoire des moeurs et des legislations depuis la fin du 18 eme siecle ont constate qu'il etait juste de dire que la statistique morale, que la statistique judiciaire demontrait qui les reformes bien faites aidaient a corriger les moeurs et a diminuer les d?lits et les crimes. (Vives approbations)" 219 .
(Працяг у наст. нумары.)
213 Серакоўскі скончыў вучобу (1859) з выдатным вынікам і быў прадстаўлены да звання штабс-капітана; быў прыняты на службу ў статыстычны рэферат дэпартамента Генеральнага штаба, ад V.1861 г. як капітан Генеральнага штаба далучаны да групы, што працавала над праектам новага вайсковага дысцыплінарнага кодэксу.
214 Так зв. "Вайсковыя артыкулы" 1715 г.
215 Праект вайскова-судовай рэформы разглядалі ў некалькіх камітэтах і камісіях. Тут камітэт пад кіраўніцтвам ген. М. Сухазанета, утвораны ў ліпені 1862 г. Серакоўскі працаваў над праектам змякчэння адбывання пакаранняў у вязніцах і адмены цялесных пакаранняў.
216 Міжнародны статыстычны кангрэс у Лондане адбыўся 16-22.VII.1860 г. Серакоўскага дэлегавалі вясной у Еўропу з мэтай збору інфармацыі пра ўмовы ўтрымання вайсковых арыштантаў. У Бруселі ён адведаў Ёахіма Лялявеля і асобна падтрымаў яго фінансва, як успамінае Аўгуст Іванскі. A. Iwanski, Pamietniki 1832-1876, Варшава, 1968, с. 117.
217 У Бруселі ў 1853 г. адбыўся першы Міжнародны статыстычны кангрэс.
218 Compte-rendu du Materiel - справаздача.
219 Пераклад гэтага ліста пададзены вышэй.
Кнігі ўспамінаў як гістарычная крыніца
Сымон Барыс
У 1970-1980-х гадах было надрукавана нямала кніг успамінаў удзельнікаў Другой сусветнай вайны, перш за ўсё партызанскага руху. Сем кніг лепшых партызанскіх мемуараў наступныя:
Ковпак С.А. "От Путивля до Карпат";
Артозеев Г.C. "Партизанская быль";
Линьков Г.М. "Война в тылу врага";
Игнатов П.К. "Записки партизана";
Лебедев П. "Мы - алексеевцы";
Андреев В.А. "Народная война";
Шкрябач Я.П. "Дорога в Молдавию".
Кніга Я. Шкрабача - успаміны камандзіра партызанскага атрада, які прайшоў з баямі ад Навазыбкава праз Беларусь і Украіну да дзяржаўнай мяжы Малдавіі.
Жыхары Беларусі таксама напісалі некалькі кніг усапамінаў пра свой удзел у партызанскім руху. Вось некалькі з іх:
Климов И., Граков Н. "Партизаны Вилейщины"(Мн., 1970).
"Люди Нарачанского края. Вопоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны". (Мн., 1976).
Мачульский Р.Н. "На огненной земле" (Мн., 1983), "Вечный огонь" (Мн, 1978), "Страницы бессмертия" (Мн., 1972), "Люди высокого долга" (Мн., 1975).
Данилочкин П, М. "Зарево над Вилией" (Мн., 1983).
У Татарстане са спазненнем была надрукавана кніга М.І. Машкова "Таня" (г. Цяцюша, 2013). Татарын Мікалай Іванавіч Машкоў 14 месяцаў партызаніў на Магілёўшчыне, куды быў закінуты ў жніўні 1942 года пасля заканчэння адмысловых трохмесячных курсаў у Маскве.
Легендарны беларускі партызан Герой Савецкага Саюза Васіль Захаравіч Корж напісаў кнігу пра сваю партызанскую брыгаду і даў сваю праўдзівую характарыстыку некаторым кіраўнікам БССР, а гэта не спадабалася ў ЦК КПБ, а таму яго кнігу не надрукавалі. З вялікімі скарачэннямі ён друкавацца адмовіўся. Пасля яго смерці дачка здала рукапіс кнігі Каржа ў Нацыянальны архіў Беларусі. Варта сказаць, што В. Корж (псеўданім Камароў) арганізаваў і ўзначаліў адзін з першых партызанскіх атрадаў у Беларусі яшчэ ў чэрвені 1941 года і правёў адразу першы бой. Амаль такі ж лёс напаткаў і кнігу камісара брыгада "Штурмавая" Ільі Мартынавіча Фёдарава "Вблизи Минска". Яму ў ЦК КПБ прапанавалі перапісаць кнігу па-іншаму, паказаць шырэй баявую дзейнасць партызан. А на мой погляд, у кнізе пра гэта напісана нямала. Рукапіс гэтай кнігі цяпер захоўваецца ў Музеі генерала М.К. Пуцейкі, што ў Заслаўскай сярэдняй школе № 2.
Некаторыя ўспаміны партызанаў і пра жыццё ў часе нямецка-нацысцкай акупацыі запісвалі настаўнікі многіх школ і друкавалі іх у часопісах і газетах. У бягучым стагоддзі выйшла з друку невялікім накладам кніга былога настаўніка С. Струменскага "Бліскавіцы над Заслаўем" (Мн., 2015), у якой апавядаецца пра падпольшчыкаў Заслаўя і партызан брыгад "Штурмавая" і імя М. В. Фрунзе, якія дзейнічалі ў Заслаўскім, Радашковіцкім і Ільянскім раёнах.
У Слоніме ў 2003 годзе была надрукавана кніга Уладзімра Навумавіча Хартановіча "Трудные дни ленинградской блокады: Воспоминания", а ў 2006 годзе - яго кніга "Годы нашей молодости: воспоминания; Послевоенный мирный труд: воспоминания". Хоць у гэтай кнізе і даюцца праўдзівыя факты аб вайне, але дзе-нідзе былы настаўнік дае сваю надуманую характарыстыку некаторых падзей. Так ён у апошняй кнізе крытыкуе былых старшынь Вярхоўнага Савета С. Шушкевіча, М. Грыба і С. Шарэцкага. Што датычыцца Грыба, дык ён нават памылкова называе яго ініцыял В. А пра апазіцыю дык і наогул сцвярджае ўпэўнена: "… помогает Америке оппозиция, за это она получает от неё подачки в долларах. (…). Они соответствуют названию: агенты американских спецслужб" (с. 317). Такія выказванні ў прававой дзяржаве павінен бы разглядаць суд. Хачу адзначыць, хоць аўтар і атрымаў вышэйшую адукацыю, але так і застаўся савецкім камуністам, ён так і не зразумеў сутнасці калгаснага ладу. Яго кнігі мне падараваў яго сын, які вывучыўся на настаўніка гісторыі.
На пачатку гэтага ХХІ стагоддзя з'явілася некалькі кніг падлеткаў, якія добра памятаюць тую страшную вайну. Вельмі цікавая кніга "Сквозь тернии" Уладзімра Васілевіча Гарбачова (1926, г. Талачын - 2016, Мінск). Ён падрабязна расказаў пра захоп немцамі Менска, пра пакуты ўцекачоў. Потым ён стаў партызанам. Славуты ўрач-кардыёлаг, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, памёр у 2016 годзе. Вядомы гісторык прафесар Леанід Лыч у 2011 годзе выдаў сваю кнігу ўспамінаў "Магільнае ў часы нямецкай акупацыі (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.). У ёй расказваецца пра трывожнае жыццё местачкоўцаў падчас апошняй вайны. Былы савецкі афіцэр Ілля Копыл распавёў пра сваё бачанне вайны ў кнізе "Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка", якая была выдадзена невялікімі накладамі ў 2009 і 2014 гадах. Гэта кніга была адмоўна ацэнена ветэранамі савецкіх узброеых сіл. Ім не спадабалася страшная праўда.
У серыі "Бібліятэка Свабоды" пасля 2013 года выйшлі кнігі былога дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргея Навумчыка "Дзевяноста першы", "Дзеяноста другі", "Дзевяноста трэці", "Дзевяноста чацьверты", "Дзевяноста пяты" 2015). У іх расказваецца аб палітычных падзеях у Беларусі ў 1991 - 1995 гадах, удзельнікам якіх быў сам аўтар.
Кіраўнікі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь таксама пакінулі свае ўспаміны. Надрукавана кніга "Уроки жизни" Мікалая Дземянцея (Мн., 2006). Яго ўспаміны заканчваюцца 1991 годам. Вось адказы Мікалая Іванавіча на пытанні карэспандэнта "Народнай газеты". Адказвае і тлумачыць М. Дземянцей: "Жыццё ў мяне, як бачу цяпер, склалася ўдала, было вельмі насычанае і цікавае. Мне давялося працаваць разам з Пятром Міронавічам Машэравым, Кірылам Трафімавічам Мазуравым, Ціханам Якаўлевічам Кісялёвым, многімі іншымі вядомымі беларускімі дзяржаўнымі дзеячамі, пабываў у многіх краінах, многае бачыў і перажыў. Але, кажучы пра сябе, пра тое, чым даводзілася займацца многія гады, з кім сустракацца, я стараўся паказаць гэта праз перапляценні асабістых адносін з людзьмі, якія атачалі мяне, расказаць аб найбольш яркіх рысах характару былых кіраўнікоў рэспублікі, іх захапленнях. Бо ўсе яны, нягледзячы на тое, што былі выбітнымі асобамі, заставаліся рознымі па натуры, вызнавалі розны стыль у працы. Скажам, Машэраў, хоць і быў патрабавальны, ніколі не ладзіў разносаў падначаленым, не стараўся іх зняважыць. Пры ім, калі чалавек не спраўляўся з абавязкамі, яго ціха пераводзілі на іншую, менш адказную пасаду. А вось Мікалай Мікітавіч Слюнькоў прытрымліваўся некалькі іншых прынцыпаў. Як гаворыцца, не дай Бог было трапіцца яму пад гарачую руку. Ён і мяне, калі я выязджаў у камандзіроўкі, часта прасіў быць больш жорсткім і асабліва не цырымоніцца з адсталымі.
Не заўсёды проста, як гэта здавалася неазнаёмленаму, складваліся і асабістыя адносіны паміж першымі асобамі Рэспублікі. Мне, напрыклад, прыйшлося быць сведкам, калі на просьбу загадчыка аддзела ЦК партыі прыняць баявога сябра Пятра Міронавіча Машэрава, незадоўга да гэтага загінулага ў аўтакатастрофе, новы першы сакратар Ціхан Якаўлевіч Кісялёў адказаў рэзкай адмовай.
Узяцца за пяро вырашыў і яшчэ па адной прычыне. Мне давялося стаяць ля руля Рэспублікі ў вельмі цяжкі, можна сказаць, драматычны для нашай, на вялікі жаль, былой вялікай краіны час. Я, як і многія мільёны савецкіх грамадзян, вельмі хваравіта ўспрыняў развал СССР, а падпісанне ў Белавежскай пушчы віскулёўскіх пагадненняў лічу крымінальным злачынствам. Сёння што-небудзь выправіць у гэтай справе немагчыма, але атрымаць урокі з ранейшых памылак, каб зноў не наступіць на тыя ж граблі, мы проста абавязаны.
Як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, я меў магчымасць пастаянна знаходзіцца ў курсе ўсяго, што адбывалася ў яго кабінетах і кулуарах. У кнізе я досыць падрабязна распавядаю пра перыпетыі барацьбы паміж Гарбачовым і Ельцыным, аб падрыўной дзейнасці розных парламенцкіх фракцый і аб'яднанняў, закулісных інтрыгах. Асобная частка ўспамінаў прысвечана падзеям у Вільні ў студзені 1991 года, якія сталі, як цяпер ясна, свайго роду першым сцэнарам так званых "каляровых рэвалюцый", якія час ад часу ўспыхваюць на тэрыторыі былога Саюза. Мне давялося не толькі ўбачыць гэтыя падзеі на свае вочы, але і расследаваць іх у якасці старшыні камісіі саюзнага парламента. Спадзяюся, што напісаў пра іх не для гісторыі, а для тых, хто жыве цяпер і прыйдзе на змену нашаму пакаленню. Бо пасля знікнення Савецкага Саюза з карты ў палітыцы, кажучы па вялікім рахунку, нічога не змянілася, супрацьстаянне працягваецца. І пра гэта, калі мы хочам бачыць Беларусь моцнай, багатай і стабільнай, таксама трэба памятаць.
- Падводзячы вынік, які ж , Мікалай Іванавіч, галоўны ўрок вашых "урокаў жыцця"?
- Як мне ўяўляецца сёння, самае важнае - шанаваць сучаснае, не бурыць без разбору створанае раней, быць паслядоўным у сваіх учынках і дзеяннях. Да чаго можа прывесці ігнараванне гэтых прынцыпаў, думаю, наглядна і ярка паказаў развал краіны, якая займала шостую частку зямнога шара. Да сённяшняга дня, праз дваццаць з лішнім гадоў, тыя, не зусім прадуманыя, не да канца ўзважаныя, а часам і шкодныя рэформы даюць аб сабе ведаць. Прычым, заўважце, цяжэй за ўсіх даводзіцца тым, хто больш за іншых стараўся вытруціць з розумаў і душ людзей усё савецкае, усё тое, што звязвала і аб'ядноўвала нас многія дзесяцігоддзі, тым, каму не цярпелася хутчэй прывесці свой народ у "светлую капіталістычную будучыню".
Вячаслаў Францавіч Кебіч напісаў тры кнігі: першая - "Искушение властью: из жизни премьер-министра" /под ред. И. Н. Осинского. (Минск : Парадокс, 2008), другая-"Беловежский гамбит" /под ред. И. Н. Осинского. (Минск : Парадокс, 200); трэццяя -"Любим ли мы Россию?" (Мн, 2016).
Яго першая кніга "Спакуса уладай" (2008 год) - асабліва мемуарная: ва ўспамінах аўтара з'яўляюцца яшчэ матывы крыўды, часам ён несправядлівы да сваіх супрацоўнікаў, не хавае горычы ад паражэння на прэзідэнцкіх выбарах. Другая кніга "Белавежскі гамбіт" (2013) уяўляе сабой фактычна пратакольны запіс усяго таго, што адбывалася ў "Віскулях" у канцы 1991 года.
У трэцяй кнізе "Ці любім мы Расію?" (2016) В. Ф. Кебіч ахоплівае практычна ўвесь перыяд гісторыі беларускага этнасу: ад першых яго праяў у Вялікім Княстве Літоўскім да станаўлення дзяржаўнасці ў 1919 годзе, яе страты падчас польска-рускай вайны 1920 года, аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці нашага краю ў поўным аб'ёме ў 1939 годзе, цяжкі і слаўны перыяд пасляваеннай працы ўсіх народаў СССР па аднаўленні разбураных рэгіёнаў краіны ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны.
У гэтай кнізе В. Ф. Кебіч выступіў за больш цесную інтэграцыю Менска і Масквы, прааналізаваў з прарасейскіх пазіцый гісторыю Беларусі, жорстка раскрытыкаваў нацыяналістаў і трохі мякчэй - беларускую ўладу і некаторых навукоўцаў Акадэміі навук за "скажэнне гісторыі". Такім чынам, Кебіч імкнецца даказаць, што лепш ведае гісторыю, чым акадэмічныя вучоныя. Адзначу, што сам ён мае толькі тэхнічную адукацыю, а не гістарычную і хоча вучыць вучоных-гісторыкаў, як правільна пісаць.
Кебіч пачынае кнігу з тлумачэння, навошта напісаў яе: "Прымусіла тое, што развярнулася ў апошнія гады ў СМІ жорсткая палеміка аб ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі". Экс-прэм'ер шкадуе, што яго пакаленню ўжо не дажыць да заканчэння гэтай "бессэнсоўнай" спрэчкі.
- Таму я хачу споўніць свой апошні доўг перад дзецьмі, унукамі і будучымі праўнукамі".
Аўтар пачынае з агляду канфліктаў у свеце і адразу пазначае свае сімпатыі. Вайну на Данбасе ён называе грамадзянскай і развязанай "ўзброенымі сіламі Украіны і Нацыянальнай гвардыяй разам з прафашысцкімі добраахвотніцкімі фарміраваннямі". Зрэшты, далей Кебіч прызнае, што канфлікт ідзе паміж Расеяй і Украінай, але ляжыць ён "за гранню зразумелага".
Сямён Шарэцкі напісаў таксама тры кнігі, але яны намнога меншыя па аб'ёму і па ахопу падзей: "Абаронім наш дом - Беларусь", "Наш беларускі дом", "Яшчэ раз аб нацыянальнай ідэі для беларускага народа".
Станіслаў Станіславаіч Шушкевіч хоць і выступаў шмат гадоў са сваім лекцыямі ў замежных краінах, але напісаў успамінаў зусім мала. Ягоная кніга "Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР" была надрукавана ў Маскве ў 2012 годзе. Другая кніга Шушкевіча "Наброски первого. Мемуары" друкавалася толькі ў газеце "Народная воля" ў 2012 годзе (з 18 студзеня па 30 сакавіка).
Тры кнігі выдаў Мечыслаў Іванавіч Грыб "Беларусь на шляхах незалежнасці" (Мн., 1994); "На гістарычным скрыжаванні" (Мн., 1996); "Белорусский мост: история, факты, события" (Великие Луки, 2006). Асабліва лёгка чытаецца апошняя кніга: хоць яна і дакументальная, але захоплівае чытача як нейкі дэтэктыўны твор. Раю ўсім чытачам яе прачытаць. Цікава згадвае Грыб аб тым, як у 1993 годзе В. Кебіч у Маскве падпісаў дакумент аб увядзенні расійскага рубля ў Беларусі замест беларускіх грошай, а ў Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь за гэты ўчынак разглядалася пытанне аб арышце прэм'ер-міністра. Але было прынята кампрапіснае рашэнне: расійскі рубель не ўводзіць, а Кебіча не чапаць, бо ў Вярхоўным Савеце яго падтрымлівала большасць дэпутатаў. Старшыня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Станіслаў Багданкевіч са згоды Прэзідыума Вярхоўнага Савета адмовіўся ад расійскага рубля і не падпісаў той дакумент. Тлумачыць Мечыслаў Іванавіч, чаму Наталля Пятроўна Машэрава адмовілася быць кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Назаву яшчэ кнігі, якія былі надрукаваны на пачатку ХХІ стагоддзя.
Віктар Скараход "Асавінская Слабодка: Краязнаўчы нарыс" (Мн., 2004).
Пётр Краўчанка "Беларусь на ростанях. Нататкі дыпламата і палітыка" (Вільня, 2007).
Николай Мицкевич "Между истиной и выдумкой: Коммунистическое подполле Жабинковщины в 20-30-е гг. ХХ ст." (Брест, 2007).
Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк "Дэпутаты назалежнасьці" (Варшава, 2010).
"Жыццё ў імя Бацькаўшчыны: вянок успамінаў і разваг пра Анатоля Белага" (Мн., 2015). У кнізе пра Анатоля Белага надрукавны ўспаміны яго сяброў і чальцоў клуба "Спадчына".
У 1997 годзе ў выдавецтве "Наша Ніва" надрукавана кніга "Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае, Паставы.1945-1947 гг.). Гэта кніга складаецца з успамінаў 12 сяброў падпольнай маладзёжнай арганізацыі, якая дзейнічала ў Глыбокім і Паставах і была разгромлена супрацоўнікамі МДБ БССР. Мемуары даюць сапраўднае ўяўленне пра сапраўдны беларускі патрыятычны гарт навучэнцаў Глыбоцкага і Пастаўскага педагагічных вучылішчаў.
(Заканч. у наст. нумары.)
Куток малой радзімы
У Мормалі шануць культуру продкаў
Важным сродкам вывучэння гісторыі малой радзімы з'яўляюцца школьныя этнаграфічныя музеі. Адзін з іх у 1991 годзе быў створаны ў Мормальскай СШ Жлобінскага раёна.
З таго часу вучнямі, іх бацькамі і настаўнікамі мясцовай школы былі сабраны шматлікія экспанаты сялянскага побыту вёскі, матэрыялы аб гісторыі Беларускай чыгункі, якая праходзіць праз Мормаль, вядомых земляках - сярод іх: пісьменнікі Уладзімір Федасеенка і Уладзімір Содаль, дзяржаўны дзеяч і дыпламат Анатоль Тозік, вучоны і педагог Ігар Карабанаў, іншыя, а таксама - аб гісторыі самой навучальнай установы, якой ужо больш за 100 гадоў.
Кожны раз 1 верасня, калі пачынаецца чарговы навучальны год, у музей Мормальскай школы на экскурсію наведваюцца першакласнікі. А на працягу вучэбнага года вучні наглядна вывучаюць тут матэрыяльную і духоўную культуру сваіх продкаў, вучацца любіць малую радзіму.
Мікалай ШУКАНАЎ, краязнавец, настаўнік Мормальскай школы ў 1988-1990 гадах. На здымках: у этнаграфічным музеі Мормальскай школы. Фота аўтара.
Мастацтва
Надзея Саўчук-Германовіч
Я Славу цяжка гартавала,
Бо прыйдзе час і зразумееш,
Што толькі таленту нам мала -
Табе ды мне, а смутак, зрэшты -
Нічога большага за прыкрасць,
Калі не бачу прыгажосць;
І дапаможа толькі літасць,
Мастацтва сіла ды фурор.
Каб з палатна ды на паперу,
З канцэрту бегма да пленэру,
Я назапашу азарэнне,
Ды Славу прапішу!!!
На Глыбоччыне ўшанавалі памяць Язэпа Драздовіча
130-годдзе з дня нараджэння Язэпа Драздовіча адзначылі на Глыбоччыне. На імпрэзу сабралася каля 20 грамадскіх актывістаў з Глыбокага, Шаркоўшчыны, Менска і Бабруйска. Прысутныя ўсклалі кветкі да магілы вядомага мастака ў Ліплянах. Дарэчы, сёлета магілу славутага земляка прызналі гістарычна-культурнай каштоўнасцю мясцовага значэння.
Алена, звычайны бухгалтар з Менска і вечны вандроўнік, як яна сябе называе, прыехала на імпрэзу ўпершыню і здзівілася такой невялікай колькасці прысутных.
- Для мяне Драздовіч - гэта сімвал Беларусі, чалавек, які любіў Беларусь, быў вандроўнікам. І я - вандроўнік. Вельмі шмат езджу па Беларусі, люблю Беларусь. Чым больш я езджу, тым больш дазнаюся новага, таму мне так захацелася прыехаць. Я чакала большага. Думала, што будзе хаця б два аўтобусы людзей, бо 130 гадоў Драздовічу. І як бы я крыху расчаравалася.
Падчас імпрэзы ля магілы мастака паэткі Марыя Баравік і Марыя Новікава чыталі вершы, прагучалі ўспаміны родзічаў, краязнаўцаў і мастакоў пра Язэпа Драздовіча. Потым мерапрыемства перамясцілася на сядзібу былога настаўніка і турыста Мар'яна Місевіча. Там прысутныя паглядзелі дакументальны фільм, паслухалі музычную імправізацыю ў гонар Драздовіча на бансуры (індыйская бамбукавая флейта) у выкананні музыкі і мастака Ягора Дзяйгалы. Імпрэза скончылася наведванем прыватнага музея Мар'яна Місевіча.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтаркі.