НАША СЛОВА № 43 (14021), 17 кастрычніка 2018 г.
Урад рыхтуе першы кодэкс законаў на дзвюх мовах
Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка выказаў спадзеў, што неўзабаве на разгляд Палаты прадстаўнікоў будзе пададзены праект Кодэксу законаў аб адукацыі.
- Міністэрства не з'яўляецца суб'ектам, які мае права самастойна ўносіць законапраекты ў Палату прадстаўнікоў. Гэта прэрагатыва Савета Міністраў. Адтуль нам ужо чатыры разы вярталі праект Кодэксу з рознымі заўвагамі. Але я спадзяюся, што на цяперашнюю сесію дакумент усё ж трапіць, - сказаў Карпенка.
Праект Кодэксу аб адукацыі падрыхтаваны як рабочы дакумент толькі на расейскай мове. Аднак міністр Карпенка некалькі разоў заяўляў, што канчатковы варыянт Кодэксу будзе перададзены для разгляду дэпутатам на дзвюх мовах: беларускай і расейскай.
Калі так атрымаецца і дэпутаты яго ўхваляць, то, паводле старшыні ТБМ дэпутата Алены Анісім, гэта будзе першы кодэкс, які Палата прадстаўнікоў за ўвесь час свайго існавання прыме на дзвюх мовах.
20 кастрычніка беларускія хрысціянскія дэмакраты паведамілі, што сумесна з Аленай Анісім ініцыююць прыняцце новага Закона аб адукацыі. Адно з найважнейшых палажэнняў законапраекту - рэальнае раўнапраўе беларускай і расейскай моваў у сферы адукацыі.
Альтэрнатыўны законапраект, на думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, можа паскорыць прыняцце Кодэксу аб адукацыі.
- Інфармацыя пра тое, што грамадскасць рыхтуе свой законапраект, на мой погляд, можа падварушыць чыноўнікаў. Не выключаю, што яны за тыдзень усё даробяць. Тут жа галоўнае, каб яно было на карысць, а не ў піку. Не пра суперніцтва ідзе гаворка, а пра якасць і пра справу, - сказала спадарыня Анісім.
Уладзімір Глод. Радыё Свабода.
Гарадзея адказвае Скідзелю
Пасля выпуску Скідзельскім цукровым заводам вельмі папулярнай маркі "Цудоўная цукерня" з беларускамоўным афармленнем упакоўкі пазіцыі іншых заводаў на рынку Беларусі пахіснуліся, што не магло не хваляваць вытворцаў.
На сітуацыю адрэагаваў гарадзейскі завод маркай "Літвінскі цукар". Упакоўка аформлена з нацыянальным каларытам. З абодвух шырокіх бакоў пачка назва аформлена па-беларуску. Тэхналагічныя надпісы на адным вузкім баку выкананы па-беларуску, на другім - па-расейску.
Вось годныя адказы цукровых заводаў на спрэчкі і аднекванні чыноўнікаў пра немагчымасць адначасовага ўжывання на ўпакоўках абедзвюх дзяржаўных моў. Ну, і вельмі важна, што мова становіцца фактарам эканамічным. Напісалі па-беларуску - купляюць лепш.
Наш кар.
90 гадоў з дня нараджэння Адама Супруна
Адам Яўгенавіч СУПРУН (24 кастрычніка 1928, Палтава - 18 жніўня 1999 года) - савецкі і беларускі лінгвіст, славіст, доктар філалагічных навук (1966), доктар педагагічных навук (1981), прафесар, загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, заслужаны дзеяч навукі БССР (1990).
Нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. Пасля вайны сям'я пераехала ў Кіргізію, у горад Фрунзе. А.Я. Супрун вучыўся ў Кіргізскім універсітэце, які скончыў у 1952 г. У 1955 г. у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава абараніў кандыдацкую дысертацыю "Словы з каранямі лічэбнікаў у сучаснай рускай літаратурнай мове". Лічэбнікі сталі адной з ключавых тэм у творчасці навукоўца: у 1961 г. ён напісаў кнігу "Стараславянскія лічэбнікі", а ў 1966 г. у Ленінградскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю "Славянскія лічэбнікі. Станаўленне лічэбнікаў як часціны мовы". Аднайменная кніга дагэтуль застаецца ў славістыцы неперасягненым дыяхранічным даследаваннем пра лічэбнікі.
У тым жа 1966 г. навуковец пераехаў у Беларусь у горад Менск і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце арганізаваў і ўзначаліў кафедру агульнага і славянскага мовазнаўства, на якой прапрацаваў усё жыццё - больш 30 гадоў. А. Е. Супрун быў ініцыятарам стварэння ў Беларусі ўніверсітэцкай славістыкі: на філалагічным факультэце БДУ выкладаюцца ўсе славянскія мовы, з 1993 г. адкрыта спецыяльнасць і аддзяленне "Славянская філалогія".
Другую доктарскую дысертацыю "Лінгвадыдактычныя праблемы зместу навучання рускай мове ў беларускай школе" (на атрыманне навуковай ступені доктара педагагічных навук) Адам Яўгенавіч абараніў у Менску ў 1981 г.
Прафесар Супрун чытаў лекцыі і выступаў з дакладамі ва ўніверсітэтах і навуковых установах Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Даніі, Іспаніі, Люксембурга, Польшчы, Славакіі, Славеніі, ЗША, Фінляндыі, Харватыі, Чэхіі, у краінах СНД. Пачынальна з 1958 годав ён - удзельнік міжнародных з'ездаў славістаў (таксама чалец Беларускага камітэта славістаў), затым і кангрэсаў МАПРЯЛ, лаўрэат міжнароднага медаля МАПРЯЛ імя А. С. Пушкіна (1991).
Навуковец вылучаўся энцыклапедычнай шыратой навуковых інтарэсаў. У славістыцы ён застаецца прызнаным аўтарытэтам у этымалогіі, палабістыцы, лексікалогіі і лексічнай тыпалогіі славянскіх моў, псіхалінгвістыцы, лінгва-дыдактыцы, лінгвістыцы тэксту. Пад кіраўніцтвам А.Я. Супруна былі створаны асацыятыўныя слоўнікі беларускай, украінскай, кіргізскай, латышскай моў, а таксама комплекс з пяці частотных слоўнікаў розных стыляў беларускай гаворкі. Застаючыся вядучым славістам, ён шукаў матэрыял для сваіх даследаванняў у генеалагічна і тыпалагічна розных мовах. Яго працы выдаваліся на ўсіх славянскіх, кіргізскай, узбекскай, нямецкай, дунганскай і японскай мовах: А. Е. Супрун з'яўляецца аўтарам больш за 600 публікацый, у тым ліку больш за 60 кніг і брашур.
Адам Яўгенавіч Супрун быў выбітным педагогам, заснавальнікам навуковай школы: пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 60 кандыдацкіх і 10 доктарскіх дысертацый. Сярод кніг прафесара Супруна нямала падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.
Дадатковую інфармацыю пра А. Е. Супруне можна знайсці на сайце кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Вікіпедыя.
Менскія ўлады дазволілі шэсце на Дзяды
28 кастрычніка (нядзеля) 2018 г. адбудуцца мемарыяльныя шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў Дзяды. Атрыманы дазвол Менгарвыканкама і аблвыканкама.
Збор удзельнікаў а 11.30 каля Гадзіннікавага завода (ст. метро "Парк Чалюскінцаў"). Пачатак шэсця а 12.00.
Шэсце пройдзе па пр. Незалежнасці - вул. Каліноўскага - вул. Гамарніка - вул. Мірашнічэнкі. 15.00 - 17.00 - мемарыяльны мітынг на тэрыторыі Народнага мемарыялу ў Курапатах. Мерапрыемства арганізоўвае Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя - БНФ.
Беларускае Радыё Рацыя.
Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў беларускамоўнай школе
20 кастрычніка кіраўніцтва ТБМ і рэктарат Універсітэта імя Ніла Гілевіча завіталі ў Дзераўнянскую школу ў Стаўбцоўскім раёне. Мэтай гэтага мерапрыемства было пазнаёміцца з дзейнасцю школы з беларускай мовай навучання, а таксама ў межах профільнай арыентацыі распавесці пра дзейнасць прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" настаўнікам і вучням школы.
Дырэктар школы Шумчык Марыя Мар'янаўна правяла кароткі агляд па школе, падчас якога можна было заўважыць, што гэтая школа з'яўляецца эталонам установы адукацыі з беларускай мовай навучання. Інфармацыйнае афармленне зроблена цалкам на беларускай мове, як і выкладанне ўсіх прадметаў. Акрамя таго, заўважана, што педагогі шмат намаганняў надаюць таксама пазакласнай дзейнасці, пацверджаннем чаго з'яўляецца музей "Літаратурная Стаўбцоўшчына", дзе вучні годна расказалі пра пісьменнікаў-землякоў, праспявалі цудоўныя аўтарскія беларускія песні, паказалі ўрыўкі са спектакля па творы Генрыха Далідовіча.
Падчас паседжання ў актавай зале школы старшыня ТБМ, дэпутат Алена Анісім, в.а. рэктара Алег Трусаў, першы прарэктар Уладзімір Колас, прарэктар па навучальнай і акадэмічнай працы Павел Церашковіч распавялі пра дзейнасць Універсітэта імя Ніла Гілевіча. У сваіх выступах яны закцэнтавалі ўвагу на адметнасці новастворанай установы адукацыі, распавялі пра сваё бачанне выкладання ў сучаснай ВНУ. У прысутных выклікала цікавасць інфармацыя пра запланаваныя спецыяльнасці, а таксама падрыхтоўчыя курсы, навучанне на якіх ужо пачалося. Адбылася зацікаўленая размова, старшакласнікі задавалі шмат пытанняў. У якасці зваротнай сувязі вучні запоўнілі прапанаваныя анкеты.
Наш кар., г. Стоўбцы.
У інтэрнэт-прасторы беларуская мова ўжываецца нароўні з італьянскай
Як пашыраецца сфера ўжывання беларускай мовы? Пра гэта, грунтуючыся на выніках незалежных даследчыкаў, распавядае акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец:
- Толькі тры і шэсць дзястых працэнта моваў свету з'яўляюцца жывымі для Інтэрнэту. Усе астатнія для Інтэрнэту мёртвыя. Дык вось, беларуская мова адносіцца якраз да групы моваў, што знаходзяцца ў адной групе з такімі еўрапейскімі мовамі як італьянская і іншыя. Беларуская мова з'яўляецца рэальна запатрабаванай для прасунутай часткі нашага грамадства, часцей за ўсё яна выкарыстоўваецца ў сегментах, дзе выкарыстанне моў нікім не рэгулюецца. Пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі адбываецца і ў канфесійнай сферы, прычым багаслужэнні вядуцца на сучаснай літаратурнай мове.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.
На курсы ўкраінскай мовы ў Менску запісалася 80 чалавек
У пятніцу ў Менску пачаўся другі сезон курсаў украінскай мовы. Тры групы займаюцца ў двух памяшканнях:
18.00 - у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (Чычэрына, 19) - група пачаткоўцаў;
18.00 - у Таварыстве беларускай мовы (Румянцава, 13) - група пачаткоўцаў;
19.30 - у Таварыстве беларускай мовы (Румянцава, 13) - група тых, хто працягвае вывучаць мову. Большасць студэнтаў тут ходзіць другі год.
Пачаткоўцы пачалі з вывучэння літар і вітанняў, студэнты-другакурснікі - з практыкаванняў па націску і вуснага задання ў малых групах: абмяркоўвалі прафесіі і заробкі.
Цяпер на курсах трое выкладчыкаў: філолаг і журналіст з Украіны Аксана Ціпліцька, беларускі філолаг-украініст з украінскімі каранямі Вольга Барысенка і Ягор Дзёбык, беларускі філолаг-украініст, які цяпер выкладае беларускую мову ў Луцку ва Усходнееўрапейскім універсітэце імя Лесі Украінкі. Вольга і Ягор будуць чаргавацца.
Выкладчыкі працуюць на валанцёрскіх пачатках.
- Групы дастаткова вялікія, і людзі ўсё яшчэ запісваюцца, у наступную пятніцу далучацца і новыя студэнты. Таму, канешне, хацелася б падзяліць групы, - кажуць арганізатары. - Але для гэтага трэба яшчэ адзін выкладчык. Мы яго актыўна шукаем.
Пачаткоўцы расказалі, што прывяло іх на курсы. Нехта мае ўкраінскія карані і хоча ведаць мову продкаў. У некага знаёмыя ва Украіне ("Калі мае ўкраінскія сябры вывучылі беларускую мову, мне стала сорамна, таму я сёння і прыйшоў", - падзяліўся студэнт-гістфакавец). Камусьці ўкраінская патрэбная для работы. Большасць, аднак, проста хоча адчуваць сябе ў сваёй талерцы, калі бывае ва Украіне: "Хачу размаўляць з украінцамі на іх мове".
На адкрыцці групы для пачаткоўцаў у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур ансамбль хору ўкраінскай песні "Крыніца" праспяваў "Ой зелене жито зелене, хорошиї гости у мене". Ансамбль спявае цудоўна, але ўкраінская музыка зараз перажывае такі росквіт, што на афіцыйных мерапрыемствах з поўным правам можа гучаць і "Акіян Эльзы", і песні гурта "KAZKA". Яны слухаліся б не менш чароўна, але прэзентавалі б Украіну больш сучасна.
Паўліна Купрысь.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка ІІІ
1. Абляк (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва абляк 'цюрк. абляк 'таўсташчокі' (Бір.)', ст.-рус. облякъ 'мужчынскае адзенне' (Ср.).
2. Абручнік (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва (ст.-бел.) обручник 'жаніх' (ПГССЛ).
3. Адасік (Ігар) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Адась і значэннем 'нашчадак названай асобы': Адасьік - Адасік. ФП: Адам (ст.-яўр. 'чалавек', 'узяты з зямлі') - Адам (1528 г.) - Адась (народны экспрэсіўны варыянт) - Адась (празванне, потым прозвішча) - Адасік.
4. Алеферэнка (Валерый) - другасная форма ад Аліферэнка - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Аліфер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аліферэнка. ФП: Аліфер (імя <грэц. 'свабодны, вольны') - Олифер (1528) - Аліфер (імя, потым прозвішча) - Аліферэнка.
5. Альховік (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва альховік 'грыб, што расце ў альховым лесе'; жыхар мясцовасці паблізу Альхі (лесу).
6. Альшэўскі (Алег) - вытвор з суфіксам -скі/-эўскі (-еўскі) ад тапоніма Альшэўка/-Альха і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Альшэў(ка) скі, Альхеўскі - Альш(х/ш)эўскі.
7. Амялюсік (Алена) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Амялюс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Амялюсік. ФП: Емельян, Еміліян, імя (<грэц. 'які належыць Эмілію, прыняты ў род Эмілія'; 'прыемны ў словах') - Емилиян (1676 г.) - Амеллян (1746 г.), Мелюс (1539), Амялюс (празванне, потым прозвішча) - Амялюсік.
8. Андрасюк (Барыс) - вытвор з суфіксам -юк ад антарпоніма Андрась і значэннем 'нашчадак названай асобы': Андрасюк. ФП: Андрэй (імя <грэц. andreios 'мужны, храбры, адважны') - Андрей (1211 г.) - Андрась (народны экспрэс. варыянт, празванне, прозвішча) - Андрасюк.
9. Андрушкевіч (Таццяна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Андрушка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Андрушкевіч (Андрушкевіч). ФП: Андрэй (імя <грэч. 'мужны, храбры, адважны') - Андрушко ((1528 г.) празванне, потым прозвішча) - Андрушкевіч.
10. Андрыянаў (Уладзімір) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Андрыян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Андрыянаў. Утваральнае слова ад імя Андрыян <грэч. 'Андрэеў' < Андрэй 'мужны, храбры, адважны'.
11. Анісавец (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Анісава і значэннем 'нараджэнец названага паселішча': Анісавец. Або ад антрапоніма Анісаў з суфіксам
12. Антонік (Мікалай) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Антон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Антонік. Як і Данілік, Адамік. ФП: Антоній (лац. 'які пераўзыходзіць', грэч. 'атрыманы ўзамен') - Антон (1566 г., празванне, потым прозвішча) - Антонік.
13. Анучын (Дзмітрый) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Ануча і значэннем 'нашчадак названай асобы': Анучын. Утваральнае слова ад апелятыва ануча 'кавалак якой-н. тканіны (звычайна старой)'; 'парванае, паношанае, старое адзенне' (разм.); 'кавалак тканіны для абгортвання ног'; перан. 'бязвольны, бесхарактарны чалавек'.
14. Апалькаў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Апалька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Апалькаў. ФП: апалька ('запалены, апечаны' або 'гняўлівы' - ад рус. опалиться 'гневацца' (Сразн.)) - Апалька (мянушка, потым прозвішча) - Апалькаў.
15. Апаніцын (Сяргей) - вытвор з суфіксам -ын ад антрапоніма Апаніца і значэннем 'нашчадак названай асобы': Апаніцын. ФП: ст.-руск. опона ('занавес, заслона, пакрывала' (Ср.) - опоница (рэг.) памянш., суфікс -ица) - Опоница (мянушка, пазней прозвішча) - Опоницын - Апаніцын.
16. Аполік (Ігар) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Апол і значэннем 'нашчадак названай асобы': Аполік. ФП: Апол (імя < грэц. 'імя Бога мудрасці або апекуна прыгожых мастацтваў') - Апол (празванне, потым прозвішча) - Аполік.
17. Аржанік (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва аржанік 'аржаны хлеб' [ аржанік - утварэнне з суфіксам -ік ад аржаны 'жытні, прыгатаваны з жытняй мукі, напрыклад, хлеб з жытняй мукі'; аржаны (жытні) - аржанік ('аржаны хлеб')] - Аржанік.
18. Арцем'еў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Арцемій і значэннем 'нашчадак названай асобы': Арцемійэў - Арцем'еў. ФП: Арцемій (грэц. artemes 'здаровы, непашкоджаны', прысвечаны Арцямідзе - багіні палявання і месяца) - Арцём (1528 г.) Артемей (1567 г.) - Артем'еў.
19. Арэшчанка (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -анка (-енка) ад антрапоніма Арэшка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Арэшкенка - Арэшч(к/ч)-анка. ФП: арэх ('плод некаторых дрэў, кустоў з ядомым ядром у цвёрдай шкарлупіне', а таксама 'дрэва, куст з такімі пладамі') - Арэх (мянушка, потым прозвішча) - Арэшка ('жонка (дачка) асобы з прозвішчам Арэх', суфікс -ка) - Арэшка (празванне, потым прозвішча) - Арэшчанка.
20. Асташкевіч (Ірына) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Асташка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Асташкевіч. ФП: Аўстафій (імя <грэц. 'моцны, трывалы, устойлівы, здаровы') - Остап (1541) - Асташа (1528) - Осташко (1526) - Асташка (імя, потым прозвішча) - Асташкевіч.
21. Асташоў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Асташ і значэннем 'нашчадак названай асобы': Асташоў. ФП: Астап (імя <грэц. 'уваскрэшаны') - Астап (1681 г.), Асташ (1528) - (празванне, пазней прозвішча) - Асташоў.
22. Астравец (Усевалад) - семантычны вытвор ад (ст.-бел.) островец 'астравок' (ПГССЛ).
23. Ашурак (Вітольд) - семантычны вытвор ад апелятыва (рус. смаленск.) ашурак, аш урка 'рвань, анучы' (Дабр.).
24. Бабачкін (Ігар) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Бабачка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бабачкін. Утваральнае слова ад апелятыва бабачка <рус. бабочка заал. 'матылёк, матыль'.
25. Бабічава (Анжэла) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Бабіч і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Бабічава. ФП: бабіч (рэг.) 'дзіця, якое нарадзілася ў бабкі-павітухі ці ў старой жанчыны' - Бабіч (мянушка, пазней прозвішча) - Бабічава. Або ад антрапоніма Бабіч 'бацькайменне з суфіксам -іч ад Баба (разм. непахв. 'пра асобу мужчынскага полу') - Бабіч - Бабічава.
26. Багдзяй (Васіль) - варыянт імя Багдан (<слав. 'Богам дадзены' <грэц. Феадосій) набыў ролю прозвішча.
27. Бадылевіч (Арсень) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Бадыль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бадылевіч. ФП: бадыль ('звычайна сухое сцябло аднагадовай расліны') - Бадыль (мянушка, потым прозвішча) - Бадылевіч.
28. Балай (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва балай (тат. бала 'дзіця' і -ай' памянш. суфікс, балай).
29. Балахонаў (Ігар) - форма прыметніка з прыналежныным суфіксам -аў ад антрапоніма Балахон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Балахонаў. Утваральнае слова - семантычны вытвор ад апелятыва балахон 'халат шырокага крою, які раней насілі сяляне, а таксама наогул шырокая бясформеная вопратка'. ФП: балахон ('вопратка') - Балахон (прозвішча) - Балахонаў.
30. Баранкова (Алена) - вытвор з акцэнтаваным прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Баранок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Баранокова - Баранкова. ФП: баранок ('вырабленая аўчына ягняці') - Баранок (мянушка, потым прозвішча) - Баранкова.
31. Бардовіч (Анатоль) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Барда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бардовіч. ФП: барда (укр. барда 'акраец хлеба'; 'сякера асобай формы' (Грынч.)) - Барда (мянушка, пазней прозвішча) - Бардовіч.
32. Бародзька (Ігар) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Барада і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бародка (форма з літарай "ь" (мяккі знак) для адмежавання ад апелятыва бародка (памянш.-ласк. да барада)) - Бародзька.
33. Барскі (Аляксандр) - вытвор з прэстыжным суфіксам -скі ад антрапоніма Барс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Барсскі. Утваральнае слова - семантычны вытвор ад апелятыва барс 'буйная драпежная жывёліна сямейства кашэчых з плямістай поўсцю'.
34. Басаў (Ізраіль) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Бас і значэннем 'нашчадак названайі асобы': Басаў. Утваральнае слова ад апелятыва бас, які мае некалькі значэнняў: 1) самы нізкі мужчынскі голас; 2) спявак з такім голасам; 3) агульная назва музычных інструментаў нізкага рэгістра; 4) струны або клавішы музычных інструментаў, якія адзываюцца нізкім гукам. ФП: бас ('голас нізкі') - бас ('спявак з нізкім голасам') - Бас (мянушка, потым прозвішча) - Басаў.
35. Басенка (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Бас з значэннем 'нашчадак названай асобы': Басенка. ФП: бас ('самы нізкі мужчынскі голас', 'спявак з такім голасам', 'музычны інструмент нізкага рэгістра', 'струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам') - Бас (мянушка, пазней прозвішча) - Басенка.
36. Басянкоў (Анатоль) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Басянок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Басянокоў - Басянкоў. ФП: бас ('самы нізкі мужчынскі голас', 'спявак з такім голасам', 'музычныя інструменты нізкага рэгістра і пад.') - Бас (мянушка, потым прозвішча) - Басянок ('нашчадак Баса', суфікс -онак, потым прозвішча) - Басянкоў.
37. Баталаў (Фёдар) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Батал і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баталаў. Утваральнае слова ад апелятыва баталы (рус.) 'вялікія боты', 'нязграбны абутак' (СРНГ).
38. Баханькоў (Арцём) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Баханка ( Баханька) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баханькоў. Утваральнае слова ад апелятыва баханка 'адна штука печанага хлеба; булка, бохан'.
39. Бачарнікаў (Сяргей) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Бачарнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бачарнікаў. Утваральнае слова ад апелятыва бачарнік 'той, хто вырабляе бочкі; бондар'. ФП: бочка ('пасудзіна') - бачар ('той, хто вырабляе гэты посуд') - Бачар (прозвішча) - Бачарнік ('бондар') - Бачарнікаў.
40. Бедка (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва бедка 'той, хто бядуе' - 'жыве ў нястачы, гаруе' ( бядун). Або памянш. ад бяда.
41. Белашэвіч (Ігнат) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Белаш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Белашэвіч. Утваральнае слова ад апелятыва белаш (укр. білаш 'белы хлеб' (Грынч.)).
42. Белявец (Вадзім) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Бялявы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бялявец - Бялявец, Белявец. ФП: бялявы ('не зусім белы; белаваты', 'са светлымі валасамі') - Бялявы (мянушка, пазней прозвішча) - Белявец.
43. Біруля (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва біруля (рус. бируля 'дудка', 'дробныя цацкі', 'упрыгажэнні' (Даль)).
44. Бісун (Юрый) - мажлівы семантычны вытвор ад апелятыва бісун - утварэння ад укр. біснуватися 'вар'явацца, шалець'.
45. Бітэль (Пётр) - семантычны вытвор ад бітэль < літ. bitele 'пчолка' (Фрэнк.).
46. Бораўля (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -уля (-аўля) ад антрапоніма Бора і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бор(а)уля (параўн. Барадуля). ФП: Барыслаў (імя <слав. 'змагар за славу') - Барис (1528) - Бора (скароч. варыянт, празванне, потым прозвішча) - Бораўля (з устаўным " а" для ўнікання формы баруля (< бароцца)).
47. Бразоўскі (Андрэй) - вытвор з суфіксам -оўскі ад антрапоніма Броза з значэннем 'нашчадак названай асобы': Бразоўскі - Бразоўскі. Або ад тапоніма Брозы з значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Бразоўскі - Бразоўскі. ФП: польск. brzoza ('бяроза') - brzozowy ('бярозавы') - Brzozowski - Бразоўскі. Або непасрэдна ад прыметнікавай формы: Бразоўскі (апелятыў) - Бразоўскі (прозвішча) (шляхам антрапанімізацыі). Або паланізаваны варыянт Беразоўскі.
48. Броўка (Пятрусь) - семантычны вытвор ад апелятыва броўка 'край абочыны, кювета на дарогах і пад.' або броўка 'памянш.-ласк. (з суфіксам -ка) форма ад брыво 'дугападобная палоска валасоў над вокам''.
49. Брушка (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва брушка 'тоўсты жывот у чалавек (разм., жарт.)'; 'задні аддзел цела членістаногіх (спец.)' або (рэг.) брушка 'агародная расліна сямейства крыжакветных, а таксама караняплоды гэтай расліны жоўтага ці жоўта-белага колеру', адэкват нарматыўнага бручка (гл. СНМЗ, с. 20).
50. Брыцікаў (Мікіта) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Брыцік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Брыцікаў. Утваральнае слова ад апелятыва брыцік 'астрыжаны пад грэбень' (Даль). ФП: брыць ('зразаць валасы пад корань') - брыцік ('пастрыжаны пад корань', брыцік) - Брыцік (мянушка, потым прозвішча) - Брыцікаў.
51. Бубех (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва бубех 'малы плод' (СНМЗ, с. 20).
52. Бубка (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва бубка (зборн. дзіцяч. 'зярняты', 'ягады' (КСЧ)).
53. Буглак (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва буглак тат. 'сіло?' (пастка для лоўлі птушак і дробных жывёлін).
54. Будовіч (Таццяна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Буда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Будовіч. ФП: буда ('крытая скураю або брызентам карэта, брычка, воз і пад.'; 'верх над карэтай, брычкай', 'шалаш, будан') - Буда (мянушка, потым прозвішча) - Будовіч.
55. Буевіч (Іосіф) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Буй з значэннем 'нашчадак названай асобы': Буйевіч. ФП: буй ('высокае, адкрытае з усіх бакоў для ветру месца'; а таксама 'сігнальны паплавок на рацэ, возеры, у бухце для абазначэння мелі; месца рыбацкай сеці і пад.') - Буй (мянушка, потым прозвішча) - Буевіч.
56. Бузо (Аляксандр) - другасная форма ад буза - семантычны вытвор ад апелятыва буза: 1) рэшткі вадкасці разам з асадкам; падонкі; пітво з проса, грэчкі, ячменю, распаўсюджанае ў Крыме і на Каўказе; адклады на дне вадаёмаў; 2) скандал, шум (разм.). Форма з фінальным о для адмежавання ад апелятыва ці даніна модзе.
57. Букштаў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Букшта і значэннем 'нашчадак названай асобы': Букштаў. ФП: букшта ('той, хто палохае' <літ. bukstus 'палохаць'') - Букшта (мянушка, пазней прозвішча) - Букштаў.
58. Булгак (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва булгак (рус.) 'склока, звадка, сварка' (Даль).
(Працяг у наступным нумары.)
Прайшлі чарговыя заняткі "Гістарычнай школы"
16 кастрычніка, прайшла лекцыя і прагляды дакументальных гістарычных стужак у "Гістарычнай школе" на чале з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. Тэма сустрэчы "Спадчына Радзівілаў: Мір і Нясвіж", на якой былі паказаныя стужкі гісторыка і доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча (створаныя для тэлеканала Белсат). Цікава было параўнаць фільмы пра Мірскі і Нясвіжскі замкі, сп. Алег даў разгорнуты каментар да стужак, распавёў многа дадатковага матэрыялу і адказаў на розныя пытанні прысутных.
Другая лекцыя на тэму тэму "Гістарычны цэнтр Нясвіжа" прайшла ў сядзібе ТБМ 23 кастрычніка.
Наш кар.
Слонімцы слухалі пра гісторыю, культуру і літаратуру
Сябры Слонімскага грамадскага аб'яднання ўстойлівага развіцця "Мінолс" запрасілі да сябе слонімскага краязнаўца, гісторыка і літаратара, намесніка старшыні Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Сяргея Чыгрына, каб ён распавёў ім пра гісторыю горада над Шчарай, пра знакамітых людзей, пра славутыя помнікі на тэрыторыі раёна. Госць пагадзіўся, і такая сустрэча адбылася. Прысутныя з цікавасцю пазнаёміліся з выступленнем Сяргея Чыгрына, які цікава распавёў пра свой край, пра тыя факты і падзеі, пра якія яны ніколі не чулі. Падчас сустрэчы вялася гутарка і пра ўшанаванне сваіх знакамітых землякоў, асабліва пісьменнікаў, тым больш, што ў верасні 2019 года ў Слоніме адбудзецца рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства і друку. Сябры грамадскага аб'яднання задалі госцю шмат пытанняў, асабліва па ахове помнікаў, у прыватнасці, па ахове палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін. Бо архітэктурны помнік першай паловы XIX стагоддзя, сапраўды, просіць дапамогі, асабліва каменныя львы перад палацам.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.
Тысячы людзей наведалі выставу "Беларусь і Біблія"
Завершыў дзейнасць у нашай краіне ўнікальны міжнародны праект "Inspired Exhibited".
Па падлікам за месяц выставу "Беларусь і Біблія" наведалі каля 20.000 чалавек. Яна выклікала гарачую зацікаўленасць. Па выходных днях на пляцоўку да бібліятэкі прыбывалі шматлікія экскурсійныя аўтобусы з Баранавічаў, Віцебска, Паставаў, Багушэўска, Гомеля, Гародні.
Выставу наведала падчас чарговага візіту на Беларусь праўнучка Ігната Дамейкі з дачкой і ўнукамі - сеньёра Пас Дамейка. Каштоўныя экспанаты аглядаў брытанскі філолаг-славіст з Лондана Арнольд Мак-Мілін.
Творчыя асобы штодзённа знаёміліся з унікальнай экспазіцыяй. Павел Татарнікаў і Канстанцін Вашчанка, Мікола Купава і Алесь Пушкін вывучалі ілюстрацыі і гравюры старажытных выданняў, Навум Гальпяровіч і Яўген Гучок цікавіліся мовай і стылем кніг, Глеб Лабадзенка і Руся фатаграфаваліся з дзецьмі і моладдзю, друкавалі аркушы першай старонкі "Псалтыра".
На выставе працавалі 70 валанцёраў. Глыбокія па змесце экскурсіі праводзілі гісторыкі Юрась Бачышча і Андрусь Унучак, служыцелі розных цэркваў Алег, Багдан і Аляксандр, пастар Антоній Бокун. Вялікія скаўтскія дружыны прыбывалі з Гародні і Менска ў суправаджэнні старэйшых.
Адбыліся навуковыя сталы па пытаннях сучасных перакладаў Бібліі. За апошні тыдзень з лекцыямі выступілі вядомы гебраіст дацэнт БДУ Галіна Сінілава і доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая.
Наведвальнікі пранікліся галоўнай думкай арганізатараў выставы: незлічоныя невядомыя перапісчыкі Святога Пісьма са стагоддзя ў стагоддзе рупліва перапісвалі і захоўвалі яго змест, вялікія асветнікі і мецэнаты ўсіх народаў (сярод якіх былі Ёган Гутэнберг, Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл Чорны і Канстанцін Астрожскі, Уільям Ціндэйл і Майз Кавердэйл, Дзекуць-Малей і Янка Станкевіч) з самаахвярнасцю і рызыкай друквалі і распаўсюджвалі Пісанне, каб яно нязменным дайшло да нашага часу.
Архімандрыт Сяргей Акімаў, доктар багаслоўя, прафесар, рэктар Менскай духоўнай акадэміі падзяліўся сваімі думкамі пра наведванне выставы "Беларусь і Біблія":
- Мяне захапляе ідэя, якая нарадзілася ў Нацыянальнай бібліятэцы і энтузіязм, які праявіў Раман Сцяпанавіч Матульскі. Выстава была цікавая ўсім. Яе значэнне ў тым, што яна была прызначаная для самай шырокай аўдыторыі. Спецыялістам важна было наведаць яе і ўбачыць арыгіналы старажытных рукапісаў, сабраных у адным месцы. Кожнаму чалавеку, які цікавіцца гісторыяй, духоўнай культурай, пытаннямі, звязанымі з жыццём чалавека і грамадства, важна было пабываць на ёй.
Мне вельмі спадабалася, як была арганізавана прастора для дзяцей - інтэрактыўная пляцоўка, заняткі, гульні. Здзівіла, якую вялікую цікавасць праяўлялі да выставы людзі. Плынь наведвальнікаў сведчыць аб тым, што гэтая тэма важная, яна запатрабаваная і тут адкрываецца вялікае поле для дзейнасці. Вельмі важна папулярызацыя такіх ведаў сярод дзяцей і моладзі. У гэтым - самае галоўнае значэнне выставы!
Дзіцячыя ўражанні - самыя яркія, яны застаюцца на ўсё жыццё. Цікавасць, якая загараецца ў дзіцячым узросце, праходзіць праз усе гады. Калі ў кагосьці на выставе запаліцца агенчык любові да Святога Пісання як да кнігі, як да прадмета, звязанага з гісторыяй і культурай, цікавасць гэта будзе развівацца, з'явіцца жаданне зазірнуць углыб, паглядзець, што там напісана, чаму гэтай кнізе надаецца так шмат увагі.
Мы прыводзілі на выставу нашых студэнтаў з Менскай духоўнай акадэміі. Я і іншыя выкладчыкі выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб прыйсці сюды некалькі разоў, паглядзець на экспанаты і натхніцца! Выстава мяне кранула, ўразіла і захапіла. Гэта не проста збор каштоўных прадметаў, якія можна разглядаць. Выстава жывая, яна суправаджалася вялікай колькасцю мерапрыемстваў, сустрэч з людзьмі. След, які яна пакіне ў душах людзей, будзе працяглым і станоўчыя вынікі мы будзем адчуваць.
Бібліёграф Любоў Іванаўна Даніленка падчас круглага стала задала пытанне, як далей вывучаць Кнігу кніг усім, у каго абудзілася цяга да пазнання яе. Спадарыня Ірына Дубянецкая адказала: трэба чытаць Бібілію з каментарамі айцоў Царквы і з сучаснымі каментарамі, і прымяняць Слова Божае ў сваім жыцці, у літаратурнай і навуковай творчасці. Спадар Алесь Суша нагадаў, што ў Нацыянальнай бібліятэцы ёсць свая багатая калекцыя каштоўных беларускіх старадрукаў, ёсць факсімільныя ўзнаўленні кніжных помнікаў, кнігі па біблеістыцы, якія можна вывучаць круглы год.
21 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося апошняе мерапрыемства ў межах выставы "Беларусь і Біблія", якое сабрало вялікую колькасць наведвальнікаў. Сябры "Клуба кніжных прафесараў" пад кіраўніцтвам Таццяны Сапегі і іншыя дзеці з бацькамі прыйшлі на прэзентацыю захапляльнай кнігі доктара Скота Кэрала "Прыгоды Вялікай кнігі" у перакладзе на беларускую мову, які зрабіла Вольга Жандарава. Кніга выйшла накладам у 1000 асобнікаў і яе атрымалі групы наведвальнікаў выставы, якія прыходзілі з агульнаадукацыйных і нядзельных школ.
Доктар Скот падпісаў кніжкі на памяць дзецям і бацькам. Дзеткі атрымалі сапраўдныя гусіныя пер'і, якімі карысталіся перапісчыкі. Маленькім прафесарам было важна пагаварыць з паважаным навукоўцам з ЗША, які паставіўся да іх з любоўю. Усе наведвальнікі выставы сардэчна падзякавалі доктару Скоту Кэралу за ўнікальную магчымасць дакрануцца да гісторыі стварэння самай галоўнай Кнігі чалавецтва.
Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Архімандрыт Сергій Акімаў; 2. Круглы стол "Беларусь і Біблія"; 3. Сястра Алена, Джон Слайф і айцец Мікалай; 4. Алесь Суша, Скот Кэрал і маленькія чытачы; 5. Яўген Гучок.
Прэзентацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка "Дзевяноста трэці"
У менскай сядзібе Партыі БНФ 17 кастрычніка прайшла прэзентацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка "Дзевяноста трэці" з серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе", а таксама ранейшай кнігі "Дзевяноста другі".
Эпіграф кнігі - цытата з рамана "Дзевяноста трэці год" Віктора Гюго: "Усё было страшна, але ніхто не ведаў страху".
У зале прысутнічаў шэраг дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 склікання: Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Голубеў, Лявон Дзейка, Пётра Садоўскі. Прыйшлі таксама палітыкі Тацяна Караткевіч, Рыгор Кастусёў, Аляксей Янукевіч, Павел Севярынец, праваабаронца Алесь Бяляцкі, мастак Аляксей Марачкін, літаратары Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Сяргей Ваганаў, Сяргей Шапран.
Сяргей Навумчык заявіў, што праводзіцца прэзэнтацыя не адной кнігі, а цэлага цыклу з пяці кніг. Праўда, выходзілі яны ў іншай паслядоўнасці - "Дзевяноста першы", "Дзевяноста чацвёрты", "Дзевяноста пяты" і "Дзевяноста другі".
- Кожны з іншых дэпутатаў напісаў бы інакш. Але мне збольшага ўдалося захаваць гістарычную канву, - перакананы аўтар. - Прывілей аўтара жанру "нон-фікшн", у адрозненне ад аўтараў мастацкіх твораў, - ён нічога не мусіць выдумляць.
Пачатак 1990-х гадоў у аўтара цыклу кніг атаясамліваецца з дзвюмя гістарычнымі постацямі - Васілём Быкавым і Зянонам Пазьняком. Сяргей захаваў касету з выступам Васіля Быкава ў тагачасным Доме кіно, што быў тады ў Чырвоным касцёле, на паседжанні "Мартыралогу" ў 1988 годзе. Народны пісьменьнік гаварыў там пра Курапаты, пра ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Уладзімір Арлоў успамінаў, як 30 гадоў таму ў Доме кіно "тварылася новая гісторыя Беларусі, адбываўся першы крок да незалежнасці" - утварэнне "Мартыралогу" і ўтварэнне аргкамітэту Беларускага народнага фронту. А праз некалькі дзён былі "Дзяды". На экране - фотаздымкі з тых першых "Дзядоў", бел-чырвона-белы сцяг.
- Гэта былі непаўторныя дні. Як напісаў Васіль Быкаў у часопісе "Огонёк", " на мітынг ішло насельніцтва, а вяртаўся народ", - казаў Арлоў.
На думку Арлова, і 1988, і 1989, і 1990 гады вартыя асобных кніг, таму ён чакае ад Сяргея Навумчыка яшчэ як мінімум пяці.
Літаратар, публіцыст Сяргей Дубавец узгадаў "Майстроўню" - першае незалежнае моладзевае аб'яднанне, якое ўтварылася яшчэ ў 1980 годзе, і таксама "Дзяды" 1988 года.
- Варта нагадваць, што менскія Дзяды 1988 года былі першай пратэставай акцыяй у Савецкім Саюзе, якую жорстка разганялі вадамётамі, спецназам з дубінкамі. Ужо потым былі падзеі ў Прыбалтыцы, Тбілісі, - казаў Дубавец.
Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання гісторык Валянцін Голубеў перакананы, што калі б не было БНФ, калі б не было такога ўздыму, як у канцы 1980-х - пачатку 1990-х, мы б не змаглі так хутка стварыць незалежную суверэнную дзяржаву - Беларусь.
- Шчасце ў тым, што 1990-я гады былі гадамі нацыянальнага адзінства. А гул з плошчы даходзіў у залу Вярхоўнага Савета. Было чуваць задавальненне людзей. Была сувязь паміж людзьмі і сувязь паміж палітыкамі, і яна вельмі шмат значыць, - казаў Голубеў.
Дэпутат ВС 12 склікання Лявон Баршчэўскі расказаў, што для яго 1993 год быў самым "шалёным" - апазіцыя ездзіла па краіне, даносіла да людзей свой пункт гледжання.
- Кантакт з людзьмі - гэта тое, чаго не могуць сабе дазволіць цяперашнія маладыя палітыкі, бо яны не могуць уладкавацца на працу, а ў нас гэта было, - разважаў Баршчэўскі. - Мы ўсе прыйшлі з гушчы народа. І напоўніцу выкарыстоўвалі магчымасць кантактаваць з людзьмі.
На прэзентацыі таксама выступілі Вінцук Вячорка, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Антончык, Вячаслаў Ракіцкі.
* * *
"Дзевяноста трэці" - 69-ы том "Бібліятэкі Свабоды" і пятая кніга хронікі новай беларускай дзяржаўнасці канца ХХ стагоддзя.
У ёй аднаўляецца ва ўсёй вастрыні барацьба ў парламенце за і супраць вайсковых саюзаў, за энергетычную незалежнасць і супраць увядзення прэзідэнцтва, гаворыцца пра здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэння і дэмакратыі, пра галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды - 1993 год вачыма ўдзельніка, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990-1995).
Іна Студзінская, Радыё Свабода.
У Менску пройдзе Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы
Навіны Германіі
У сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (МКБ), якая пройдзе 30 кастрычніка - 1 лістапада ў Менску, возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, паведамляюць арганізатары на сайце канферэнцыі. "Пасяджэнне асноўнай групы МКБ арганізаванае ў партнёрстве з урадам Беларусі і з'яўляецца нейтральнай платформай для абмену думкамі па палітычных пытаннях", - адзначаецца ў паведамленні. Плануецца, што ў мерапрыемстве таксама возьмуць удзел прэм'ер-міністр Балгарыі Бойка Барысаў, прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян і прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп. Удзельнікамі дыскусіі стануць міністры замежных спраў Македоніі, Манголіі, Польшчы і Славакіі, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, камісар ЕС па перамовах аб добрасуседстве і пашырэнні Ёханес Хан, генеральны сакратар НАТА па камунікацыях і бяспецы Арнд Фрэйхер Фрэйтаг фон Ларынгховен, выканаўчы сакратар Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зербо.
"Пасяджэнне асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з'яўляецца нейтральнай платформай для абмену думкамі па палітычных пытаннях. Мерапрыемства аб'ядноўвае выбітных, высокапастаўленых удзельнікаў з усіх бакоў у важны момант, каб спрыяць канструктыўнаму дыялогу і зрабіць магчымы ўнёсак у адраджэнне тупіковых перагаворных працэсаў", - гаворыцца ў прэс-релізе. Асноўнымі тэмамі стануць перспектывы менскага працэсу па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны, будучыня адносін паміж Усходам і Захадам, заканчэнне тэрміну дзеяння пагадненняў аб кантролі над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі ў Еўраатлантычным рэгіёне. Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца рэгіянальныя канфлікты і ўстойлівасць эканомікі Усходняй Еўропы.
"Адносіны паміж Усходам і Захадам - гэта страта ўзаемнага даверу, чаго не існавала з часоў "халоднай вайны", таму Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы не выбрала б лепшага месца для арганізацыі сустрэчы сёлета. У Менска доўгая гісторыя як месца для міжнародных намаганняў па вырашэнні канфліктаў і крызісаў", - цытуюць арганізатары старшыню Мюнхенскай канферэнцыі Вольфганга Ішынгера.
belapan.by. Фота securityconference.de.
100-годдзе першай беларускай арганізацыі на Лідчыне
22 кастрычніка на аграсядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі Лідскага раёна актывісты лідскіх і бярозаўскіх арганізацый адзначылі 100-годдзе ўтварэння першай беларускай арганізацыі ў Лідзе. Арганізацыя была створана 19 кастрычніка 1918 года героем Першай сусветнай вайны генерал-маёрам Я.А. фон Гротэ дэ Буко.
Менавіта нямецкае прозвішча дазволіла яму знайсці агульную мову з немцамі, якія збіраліся пакідаць Ліду (першыя часткі пачалі ад'язджаць 27-28 снежня). Беларусы імкнуліся атрымаць ад немцаў зброю і ўзяць уладу. Улада павінна была брацца на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Вечарам 22 кастрычніка Станіслаў Суднік прачытаў невялікую лекццыю пра падзеі тых часоў, пра тое, як нялёгка было беларускім патрыётам, калі немцы вырашылі перадаваць уладу ў горадзе бальшавікам, калі павет быў захоплены падраздзеламі польскай Самаабароны Лідчыны.
Сяржук Чарняк распавёў пра перыпетыі 30-гадовай даўніны, калі восенню 1988 года ў Лідзе пачала стварацца першая беларуская арганізацыя найноўшага часу, а менавіта - "Рунь".
Лявон Анацка, Вітольд Ашурак, Сяргей Пантус, Віталь Карабач, Сяргей Сідарэнка гаварылі пра сёлетнюю дзейнасць грамадскіх арганізацый на Лідчыне, дзе становіцца вельмі няпроста.
Завяршыў вечарыну невялікі канцэрт патрыятычных песень у выкананні Сяржука Чарняка.
Помнім мы, будуць помніць і нас.
Наш кар.
У с п а м і н ы
Да 155-годдзя паўстання 1863 г.
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Копія прамовы дакладчыка пана Legoyt-a.
'Monsieur le capitaine a l'etat major Russe Sierakowski avait emis le desir que le Congres le recommandat nominativement a M.M. les chefs des Bureaux de statistique etrangers et facilitat ainsi les etudes de criminalites et fac [?] [выкраслена] militaire qui lui ont ete confies dans son pays. La section a pense que Votre assemblee sortirait des limites de sa mission et peut-etre meme de convenances en accueillant un voeu formule dans ces termes. Mais jalouse d'encourager autant qu'il pourrait depen-dre d'elle les estimables travaux deja entrepris par M. Sierakowski et dont elle a reconnu tout l'interet, elle a emis le voeu suivant, qu'elle soumet avec confiance a Votre ratification.
Le Congres verrait avec plaisir les divers gouvernements mettre a la disposition des savants etrangers occupes d'etudes sur la criminalite militaire comparee les documents qu'ils ont pu recueillir sur celle de leurs armees respectives.
Il verrait egalement avec plaisir les gouvernements qui publient habituellement la statistique criminelle de leurs armees faire preceder ce document de notes explicatives sur l'organisation et la competence des tribunaux militaires de leurs paysr".
На тым жа кангрэсе ў 1861 [1860] годзе была прынята аксіёма, аснованая на матэматычных вылічэннях, што большасць войск неабучаных не можа перамагчы меншасці ў 100 000 абучананага жаўнера, хіба што ледзве магла б зраўняцца ў лакальных бітвах пры роўнай спраўнасці і энергіі.
"La verite de ce principe a ete frequement demontree, mais elle ne peut etre demontree en trop de formes, car elle contient cet enseignement solenel que le devouement patriotique meme allie au courage heroique et a l'adresse personnelle dans l'usage des armes ne pourrait defendre l'independance nationale, a moins que ces qualites ne soient combinees a l'organisation scientifique qui permet au chef de concentrer les efforts du tout ou d'une poignee de soldats sur un point donnе dans le plus bref delai et avec l'effet le plus complet 220.
Палажэнне гэтае было выказанае і горача падтрыманае роўна як на Кангрэсе, так і ў прыватных колах Серакоўскім.
"Пасля прайшоўшага Кангрэсу Серакоўскі адведаў у навуковых мэтах Парыж 221. Турын, Вену і Берлін. Рэкамедаваны міністрам амбасадарам у тых сталіцах, меў магчымасць вывучыць дакладна ўсё, што яму для мэты было патрэбным. Мемарыяламі, высыланымі з падарожжа, не пераставаў падтрымліваць неабходнасць рэформ. Падарожжа і сутыкненне з захадам і яго цывілізацыяй развілі і расшырылі яшчэ болей здольнасці і паняцці Серакоўскага. Працы 222 яго былі прызнаны такімі выдатнымі, што іх міністр перадаваў імператару ў арыгінале, і што ў вачах заўзятых праціўнікаў давала яго думкам права на існаванне ў Расіі. Стаў вядомым у цэлым Пецярбургу, а не толькі ў вышэйшых сферах ваеннага міністэрства".
"Вяртаючыся з замежжа, калі затрымаўся ў Варшаве, Сухазанет 223, былы міністр, а цяпер намеснік Каралеўства Польскага, захацеў пабачыцца з Серакоўскім, на тлумачэнне, што едучы з-за мяжы не мае мундзіра, Сухазанет загадаў адказаць, што не мундзір, а галава Серакоўскага яму патрэбная. Падобныя словы і прыём даказвалі вялікае ўжо значэнне Серакоўскага ва ўрадавых колах".
(Часта здаралася, што цар запрошваў змест мемарыялаў Серакоўскага ўжо пасля паметак у Камітэце. Маю ў сябе адзін такі "Аб не прызначэнні на пасады асобаў не паводле здольнасцяў, а па пратэкцыі". Часта выклікаў да сябе Зыгмунта і казаў яму чытаць і тлумачыць праблемы. змешчаныя ў мемарыялах.)
"Зыгмунт пасля вяртання ў Пецярбург быў як найлепей прыняты генералам Мілюціным і бачыў прыбраныя з кодэксу цялесныя пакаранні. Гэтая змена пакіравала на наступнае, г.зн. на рэфармаванне турам і на заснаванне дысцыплінарных рот на ўзор цывілізаваных краёў. Зыгмунт падаў гэтую думку Мілюціну. Той прыняў яе добра і ў другі раз выслаў Серакоўскага за мяжу, менавіта ў Францыю і Алжыр".
Некалькі ўспамінаў з падарожжа, якія адносяцца да нашага прыватнага жыцця
"У 1861 годзе Зыгмунт праязджаючы праз Вільню пазнаёміўся з сям'ёй Далеўскіх. Двух старэйшых братоў Францішка і Аляксандра, а таксама сястру Тэклю (сёння Яніке) знаў ужо з 1846 года. Складалася яна з чатырох братоў: Францішка, Аляксандра, Канстанціна і Цітуса і шасці сясцёр. З адной з малодшых Апалоніяй Зыгмунт узяў шлюб у 1862 годзе, выязджаючы за мяжу на чатыры месяцы, два адпачынку і два ў інтарэсах дзяржавы" 225.
Так дзіўна, не раз нават па-дзівацку, як бы з жадання паменшыць сімпатыі да яго памяці апісваюць Зыгмунта менавіта ў "Гісторыі двух гадоў", дзе аўтар прадстаўляе яго блякла-жоўтым, з малымі заўсёды апушчанымі вачыма, з губамі з'едліва сціснутымі і г.д. Апісаннем тым лупцуе сам сябе, калі гаворыць пра яго словы, натхнёныя, электрызуючыя і падымаючыя натоўпы. Каб гэта было мажлівым, пры малых вачах, заўсёды апушчаных і губах з'едліва заціснутых?!
Сёння спытаю сябе, якім жа мне падаўся, калі яго першы раз убачыла, як чалавека пабочнага, зусім чужога.
Ад варшаўскіх падзей жыхары Вільні звыклі збірацца што пятніцу а шостай гадзіне за Зялёным мостам, на ўзгорку пад фігурай Збаўцы, называнай Чырвоным Крыжам 226. У адну з пятніц, калі мы з сёстрамі вярталіся, пайшоў дождж, што нас прымусіла зайсці да знаёмых. Было каля сёмай, калі мы ўвайшлі пад браму нашага дома. Ва ўсіх вокнах было цёмна, толькі гасцявы пакой быў асветлены. Відочна, нехта быў у нязвыклую гадзіну ў брата Францішка. З пярэдняй, у якой таксама не гарэла лямпа, сястра для прывядзення ў парадак вільготнай ад жажджу вопраткі, пабегла ў пакой маці, я затрымалася ў цёмнай пярэдняй, занепакоеная відам нейкага вайскоўца, які стаяў каля брата пасярод пакоя (вайскоўцы ў нас не бывалі - полькі не глядзелі ніколі на праход войска, адварочвалі галовы, сустрэўшы вайскоўца на вуліцы).
Зацікаўленая гляджу і думаю - дзіўны твар. Гэты твар адрозніла б сярод найінтэлігентнейшых людзей. Уражваў выявай розуму, энергіі, станоўчасці, побач з дзіўнай прамяністасцю вялікіх цёмна-, шэра-блакітных вачэй, адлюстроўваючых кожную думку, кожнае пачуцце. Уся постаць гэтага чалавека ад першай хвілі бачання цягнула. прыкоўвала да сябе.
Размаўлялі, а я стаяла задумаўшыся, аж пакуль Францішак, не ведаю, ці заўважыўшы некага, стаяўшага ў пярэдняй, увайшоў.
- Гэта ты, - сказаў, - як жа гэта добра. Калі ласка, увайдзі, забаў госця на хвіліну - я пайду да Севярына (Ромера), можа там каго з патрэбных мне людзей застану. Адразу вярнуся.
Я ўвайшла - прадставіўшы Зыгмунта Серакоўскага, Францішак пайшоў. Села, паказала госцю на фатэль. Што было далей, не сумела б распавесці. Ці мы размаўлялі? Ці мы маўчалі? Памятаю толькі, што дзівілася сама сабе, што не абразілася, калі ён асмеліўся адсунуць нецярплівай рукой падсвечнік, стаяўшы на стале, які яму часткова мяне засланяў. Углядаўся сваімі блакітна-шэрымі прамяністымі вачыма, як мне здавалася, са здзіўленнем.
Брат вярнуўся, а за ім увайшло некалькі чалавек - я выйшла. У кабінеце брата сядзелі дзве сястры, гатовыя ўвайсці ў залу ў выпадку з'яўлення паліцыі ў браме. Яны гаварылі, што сплёўшы рукі над галавой я прайшла ў свой пакой са словамі: "Адбылося". А што адчувала тады? Што думала? Памятаю пачуццё трывогі, уражання перад нечым, што адбылося, чаго ўжо не адсунуць назад, ані адклікаць нельга, а што адтуль будзе ўсім, на ўсё маё жыццё.
Наступным днём, г. зн. у суботу была пэўная, што Зыгмунт прыйдзе не дзеля брата, але выключна дзеля мяне, але цэлы дзень сышоў. Зыгмунт не прыйшоў.
Звычайна ў нядзелю збіралася ў нас больш людзей. Цэлы дзень сышоў - Зыгмунт не прыходзіў. Была здзіўленая і заведзеная. Вечарам каля дзясятай званок. Я стаяла ў дзвярах, якія вялі з кабінета брата ў залу - увайшоў Зыгмунт. Вітаўся з маці, з братамі, з калегамі з Арэнбурга, у канцы з неспакоем аглянуўся вакол па пакоі, як бы каго шукаў. Убачыў мяне, наблізіўся, узяў руку са словамі:
- Прашу мяне прабачыць , што ўчора не быў, быў з Алесем у Караля Фалевіча ў Верках, маглі вярнуцца толькі чоўнам, вясляр спазніўся - прыбылі ў горад ноччу.
Ён тлумачыў, і я тое тлумачэнне прымала зусім натуральна, як бы мне яно належала пасля ўчарашняга чакання.
Размаўлялі ў кабінеце, дзе быў з намі брат Аляксандр.
На наступны дзень рана Зыгмунт ад'ехаў за мяжу. Вяртаючыся, затрымаўся на адзін дзень - быў у нас. Праз некалькі дзён (можа Зыгмунт размаўляў з братам) Францішак увайшоў рана ў наш пакой, разбудзіў мяне, падняў з пасцелі, паставіў і, гледзячы мне проста ў вочы, запытаў:
- Скажы мне шчыра, ці табе Зыгмунт больш падабаецца, чым усе, якіх ведала дагэтуль?
Праз хвілю маўчання і вагання я адказала:
- Я сама не ведаю.
Пасля сыходу двух тыдняў сястра Беркман забрала мяне ў Кяйданы. Я зразумела - маці і браты не хацелі, каб бачылася з Зыгмунтам, калі той будзе паўторна праязджаць праз Вільню.
У Вільні снавалі апавяданні пра намеры Мілюціна ажаніць Зыгмунта з плямянніцай - пра намеры Філосафа, Штрэфлера ў Вене і іншыя таму падобныя весткі. Злучэнне Зыгмунта з нашай сям'ёй, так моцна скампраментаванай, не толькі было б канцом кар'еры, але ў будучыні пагражала яму смерцю. Я ў той час гэтага не разумела.
Сястра Беркман атрымала ў траўні тэлеграму з запытаннем ад Зыгмунта, ці можа ён прыехаць у Кяйданы?
30 ліпеня/11 жніўня 1862 года адбыўся наш шлюб у Кяйданах у фарным касцёліку 227. Пасля правядзення тыдня з сям'ёй, якая сабралася ў Беркманаў, праз Коўню, дзе сабраная вялікая колькасць жыхароў чакала ў кватэры Якуба Гейштара, і Вільню, пасля паразумення з Цэнтральным камітэтам у Францішка Далеўскага, Зыгмунт накіраваўся ў Варшаву, дзе мы знаходзіліся ў таварыстве некалькіх знаёмых сямей з Літвы, у іх ліку былі ад даўна блізкія знаёмыя абоіх, як Ганна з Турчынскіх Славінская і прыяцель Зыгмунта пан Бенядыкт Дыбоўскі.
Набліжалася да Варшавы з дзіўным неспакоем і ўзрушэннем. Мела там пазнаць і ўбачыць той горад, які быў першым па ахвярах за Бацькаўшчыну, горад, абліты ўжо крывёю тых ахвяр, сустрэць і пазнаёміцца са жменькай людзей, якія меліся вырашаць лёсы Літвы і нашага жыцця. Перад тымі думкамі Варшава гістарычная, цывілізацыйная паменшала ў маіх вачах.
Пры дзённым святле мы праехалі (у той час яшчэ драўляны) мост. Горад і яго старажытны замак былі спавітыя ў смузе. Церушыў дробны, імглісты дождж. Мы спыніліся ў Еўрапейскім гатэлі. Таварыства разбілася. Кожны шукаў іншых уражанняў, стасоўна да сваіх жаданняў і прыхільнасцяў.
Зыгмунт цэлы дзень заняты, жыве сярод сваіх і фігур чыноўніцкіх, вяртаецца ў гатэль смутны і задумлівы. Бывае на судах Ярашынскага і Ржонкі.
Вечарам тры нумары, якія мы займаем 20,21, 22 - поўныя людзей, асаблівых вечарам.
Экзекуцыя адбылася над абодвума асуджанымі 228. Страшнае гэта зрабіла на мяне ўражанне. Ці ж тыя слёзы , у той час пралітыя, той боль, які не паддаецца выказванню, які адчула ад весткі пра пакутніцкую смерць тых маладых, невядомых мне людзей, быў голасам прадчуцця ўласных пакутаў у недалёкай будучыні.
А потым Кракаў, якія ж інакшыя ад Варшавы выклікаў ува мне ўражанні. Сумнай, разжаленай свежа пралітымі слязамі, здавалася мне, што ступаю па магільніку, дзе спачывае пахаванай уся вялікасць Бацькаўшчыны, і што кожная ўзлятаўшая пылінка ёсць часткай праху тых веліканаў, чыя прайшоўшая вялікасць ёсць сёння нашай моцай. Знікла з маёй душы ўразлівасць на ўсякую прыемнасць, такі боль і смутак мяне агарнуў, што сыходзячы па ступеньках да лёхаў, дзе спачываюць у трунах парэшткі нашых каралёў, гатовая была ўпасці на калені і абдымаць тыя труны, заклікаючы да тых прахаў аб літасці, аб дапамозе. Авалодала ўзрушэннямі, апомнілася, але не магла здабыць з сябе ні аднаго слова - стаяла, услухвалася ў словы Зыгмунта і ва ўражанні ўласнай душы.
Пасля наведвання ўсіх памятных мясцін Кракава і яго ваколіц: Вялічкі, Бялан, падаліся мы ў Вену. Урадавых даручэнняў Зыгмунт там не меў, але, аднак, працаваў тут вельмі шмат у архівах, ва ўрадавых бібліятэках, адведваў асоб, патрэбных для папаўнення шуканых звестак, а вечарамі часта да пазна пісаў. Гаварыў, што для падтрымкі справы, мэты свайго жыцця, яшчэ шмат мае для залатвення і мусіць залатвіць.
(Працяг у наст. нумары.)
220 Праўдзівасць гэтай высновы выказвалася шматкратна, але нельга яе выказаць цалкам фармальна, паколькі ўтрымлівае яна высокую навуку, што адно патрыятычнае заангажаванне злучанае з геройскай адвагай і асабістым уменнем у карыстанні зброяй, не маглі бы абараніць нацыянальнай незалежнасці, калі гэтыя якасці былі злучаны з навуковай арганізацыяй, якая дазваляе начальніку сканцэнтраваць высілкі ўсіх або часткі жаўнераў у дадзеным пункце неадкладна і з як найлепшым вынікам ( франц.).
221 У Парыжы ў 1860 г. Севярын Гашчынскі безвынікова намагаўся зацягнуць Серакоўскага ў тавянізм. Напісаў пра Серакоўскага: "Паганец поўны, але чысты, шчыры з вялікім жыццём і агнём. Думкі радыкальныя, дэмакратычныя. Рассталіся сардэчна"; S. Goszczynski, Dziennik Sprawy Bozej, т. 2, Варшава, 1984, с. 82.
222 У перыяд ад VII.1860 да ІІ.1861 г. Серакоўскі напісаў і апублікаваў чатыры карэспандэнцыі "Извлечения из писем о военно-уголовных учреждениях главнейших европейских государств", "Морской сборник", 1862, № 1-4.
224 Сухазанет як ваенны міністр перад Мілюціным пасылаў Серакоўскага за мяжу, каб пазнаёміўся з пануючай там пенітанцыянарнай сістэмай.
225 Серакоўскі атрымаў камандзіроўку і адпачынак 2/14.VІІ.1862 г. на выезд з даручэннем ураду, каб агледзець турэмныя ўстановы ў Парыжы і Лондане.
226 Фігура Збаўцы з крыжам, прызнавалася за цудатворную, стаяла на беразе Віліі насупраць касцёла св. Рафаіла ад 1720 г.
227 Ва ўрачыстасцях і вяселлі ўзяло ўдзел шмат гасцей з Коўні і Вільні. м. ін. Якуб Гейштар, Канстанцін Каліноўскі, кс. Антоні Мацкевіч. Сведкам быў прыяцель з Арэнбурга Ян Станевіч.
228 21 жніўня 1862 г. страчаны Ярашынскі, а 26 - Ржонка. Серакоўскі, прыехаўшы ў Парыж, прасіў Зофію і Юзафа Багдана Залескіх аб дапамозе ў пошуках лекара і лекаркі для жонкі, якая: "Нажаль, у дарозе моцна слабла на здароўе з-за ўражанняў у Варшаве". Ягелонская бібліятэка. Аддзел рукапісаў., ркпс. 921 1ІІІ, т. 17, арк. 147.
У Стоўбцах адбылося грамадскае абмеркаванне: "Стоўбцы - 425. Як нам святкаваць Дзень горада?"
Горад Стоўбцы ўпершыню адсвяткаваў свой Дзень горада толькі ў 2018 годзе. Раней, нефармальным святам горада было 2 ліпеня - Дзень вызвалення ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў, але сам дзень не меў аніякіх згадак пра гісторыю горада, акрамя самога факту прыходу савецкай арміі. Дзякуючы праведзенай канферэнцыіі НАН ў Стоўбцах, а потым і адпаведнаму рашэнню мясцовага Савета дэпутатаў было вырашана, што дата заснавання - 20 чэрвеня 1593 года і адзначаць Дзень горада на бліжэйшыя выходныя ад гэтай даты. На гэты год прыпала дата - 23 чэрвеня.
Свята сабрала небывалую колькасць наведвальнікаў і па праведзенай апытанцы большасці жыхароў свята прыйшлося да спадобы. У той жа момант такія аспекты, як фармат правядзення, канцэптуальнае аформленне, а таксама няведанне жыхарамі гістарычных перадумоў свята, прывялі да неабходнасці абмеркаваць: "Як і якім чынам нам адзначаць наступнае свята горада?".
Каб абмеркаваць вынікі праведзенага свята, 19 верасня ў Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа, адбылося грамадскае абмеркаванне: "Стоўбцы 425. Як нам святкаваць Дзень горада?". Ініцыятарамі абмеркавання сталі Таварыства беларускай мовы г. Стоўбцы і дэпутат палаты прадстаўнікоў спн. Алена Анісім. Удзел у мерапрыемстве прынялі жыхары горада, начальніца аддзела па ідэалогіі і справах моладзі спн. Святлана Жыбуль, гісторыкі, краязнаўцы і простыя жыхары горада.
Каб распавесці пра свой досвед правядзення гарадскіх фестываляў быў запрошаны сп. Уладзімір Булаўскі, каардынатар кампаніі "Будзьма" па Віцебскай вобласці, прамоўтар і мэнаджар розных музыкальных груп і канцэртаў, арганізатар шматлікіх імпрэзаў, падзей, вядоўца, чалец гарадскога камітэта па падрыхтоўцы Дня горада Віцебск.
Спадар Уладзімір вельмі цікава і грунтоўна расказаў і паказаў якім чынам адбываецца ўзаемадзеянне культурніцкіх грамадскіх арганізацый і гарадскіх уладаў горада Віцебска. Як пры дапамозе грамадства складаюцца праграмы святкавання гарадскіх святаў.
У выніку дыскусіі былі абмеркаваны і выказаны наступныя парады і ідэі:
- Так ці інакш упісваць міфалогію і вобраз Нёмана ў свята горада, бо менавіта гэтая рака ёсць пачатак горада. Увасобіць віціну, як сімвал горада, што змяшчаецца на гарадскім гербе;
- Неабходна і надалей прасоўваць стварэнне краязнаўчага музея, які б мог узяць на сябе частку адказнасці за такое мерапрыемства надалей;
- Прадставіць месца для выступу сучасных стаўпецкіх гуртоў, да прыкладу Rosy;
- Распачынаць працу ў падрыхтоўцы да свята з распрацоўкі канцэпцыі. Яна можа быць датычна якой-небудзь адной тэматыкі ці эпохі гісторыі г. Стоўбцы, ці ствараць занальнасць у адпаведнасці з гісторыяй горада;
- Мясцовай філіі ТБМ ўвайсці ў склад арганізацыйнага камітэта, дзе прапанаваць правядзенне "Кірмашу праектаў" для жыхароў горада.
Дэпутат спн. Алена Анісім праінфармавала ўсіх аб тым, што ў ліпені 2019 года пройдзе канфэрэнцыя па мовазнаўстве ў Стоўбцах, і аб неабходнасці скарыстаць яе для падрыхтоўкі і распрацоўкі мясцовых адметнасцяў.
Крыніца: Фэйсбук "Таварыства беларускай мовы. Стоўбцы"
Кнігі ўспамінаў як гістарычная крыніца
Сымон Барыс
(Заканч. Пачатак у папяр. нумары.)
Кніга "Асавінская Слабодка" журналіста Віктара Скарахода выйшла ў серыі "Ведаць свой край Беларусь". У гэтай серыі надрукавана не меней за 14 невялікіх кніг - кожная з іх пра адно сельскае паселішча. Кніга В. Скарахода цікавая тым, што ён апісвае як праводзілася сялянская рэформа 1861 года ў яго вёсцы, як сяляне выкуплівалі ў паноў зямлю. Апрача таго тут можна пазнаёміцца са звесткамі "Метрычных кніг" Вітуніцкай царквы (цяпер Докшыцкага раёна) за 1837-1859 гады. Там даюцца запісы грамадзянскага стану: вянчанні і хрышчэнні гэтага прыходу. Па-беларуску называюцца тутэйшыя людзі - іх імёны, па бацьку ў родным склоне (чый ён або яна) і прозвішчы.
Спадзяюся, што кароткія звесткі пра кнігі, выдадзеныя ў апошнія гады зацікавяць чытачоў і ў першую чаргу настаўнікаў гісторыі. Звярніце ўвагу на мову кніг і на іх змест. Усе пракамуністычныя ўспаміны напісаны па-руску. Не паважаюць яны родную мову. Падумайце, хто ж яны самі.
Навуковая і навукова-папулярная літаратура на гістарычную тэму:
Е. Г. Мазаник* "Возмездие: Документальная повесть" (Мн., 1988).
А. І. Валахановіча "Узлёты і падзенні Вільгельма Кубэ: яго бачанне будучыні Беларусі" (Мінск, 2014).
М. И. Пастухов "Под знаком Конституции" (Мн., 2017).
Э.Г. Иоффе "Его называли "белорусский Берия" (Лаврентий Цанава") (Мн., 2016).
Сяргей Шупа "Падарожжа ў БНР" (2018).
Станіслаў Рудовіч, Валерый Герасімаў "Іх звала Беларусь святая" Да 100-годдзя Усебеларускага з'езда 1917 года" (Мн., 2017).
"Беларуская Народная Рэспубліка - крок да незалежнасц: да 100-годдзя абвяшчэння: гістарычны нарысі"/А.А. Каваленя і інш. (Мн., 2018).
*Як склаліся іх лёсы?
Аніта Кубэ (1916-2011), жонка гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ, пражыла 95 гадоў і памерла ў доме састарэлых, куды яна захацела пераехаць сама. Догляд ёй забяспечвалі высакакласныя лекары і абслуга. У публікацыях у нямецкай прэсе сцвярджалася, што ў апошнія гады Аніта пакутавала на псіхічнае расстройства. Яе часта наведвалі сыны. Яна пісала лісты да Алены Мазанік і даравала ёй забойства мужа, бо была пераканана, што яе прымусілі зрабіць такі ўчынак.
Алена Рыгораўна Мазанік (1914 -1996) памерла ў 82 гады, апошнія гады пакутавала ад вострага псіхічнага расстройства. Яна ўвесь час трымала ў доме хатнюю прыслужніцу. Мела дачу і часта мяняла адрас месца жыхарства. Баялася не столькі немцаў, як сваякоў тутэйшых закладнікаў, якіх немцы расстралялі як помсту за забойства Кубэ. А сышоўшы на пенсію ў 46 гадоў, жыла пад наглядам пляменніцы Лідзіі Пігулеўскай. У часе перабудовы Зорку Героя Савецкага Саюза Алены Мазанік прадалі яе сваякі.
Алена двойчы была замужам. Першы муж быў арыштаваны, рэпрасаваны, а пасля загінуў як партызан. На пачатку 1930-х гадоў яна выйшла другі раз замуж за шафёра Баляслава Антонавіча Тарлецкага. Да вайны ў Алены з Баляславам памерлі двое сыноў. Жэня памёр у 1935 годзе, ва ўзросце паўтара гады. Яна аддала сына ў беларускую вёску Паддзягцярня сваякам. Там дзіця захварэла інфекцыйнай хваробай і памерла ад абязводжвання арганізма. Так кажуць сваякі.
Другога сына Мазанік страціла ў 1939 годзе. Цяжарную Алену моцна ўзрушыла ў кузаве грузавіка. Заўчасныя роды, і дзіцяці, народжанага за некалькі тыдняў да тэрміну, выратаваць не ўдалося. Ён пражыў некалькі дзён. У час вайны Б. Тарлецкі служыў шафёрам НКУС у Маскве. Ад жонкі ён адмовіўся за тое, што працавала ў Менску на немцаў.
У Менску жанчыны Аніта і Алена ведалі адна адну каля года, але не размаўлялі. З 1942-га па верасень 1943-га года, Мазанік (тут яе называлі Галіна) выконвала даручэнні сям'і Кубэ: сервіравала сталы, прыбірала памяшканні ад'ютантаў. Алена добра не ведала нямецкагай мовы, карысталася парай фраз па-нямецку.
Да вайны Алена Мазанік 10 гадоў была супрацоўніцай НКУС, працавала ў сталовых НКУС і на ўрадавых дачах. Там навучылася сервіраваць абеды і банкеты, выгульваць сабак, няньчыць дзяцей. У 29 гадоў выгадна адрознівалася ад маладых студэнтак, якіх бралі немцы на работу ў якасці прыслугі. Буйная, працаздольная. У асабняку Кубэ яе звалі Галіна Вялікая. Вялікія ногі, рукі.
Алена напісала ў аўтабіяграфіі, што Кубэ ўзяў яе на работу, ведаючы, што яна была супрацоўніцай НКУС. Ён вырашыў, што назад для яе дарогі не будзе, бо здраднікамі ў СССР лічыліся ўсе, хто працаваў на немцаў.
У Аніты усё было па-іншаму. Маладая актрыса з Гамбурга прыехала ў правінцыйны нямецкі гарадок сыграць у гістарычнай драме "Таціла". Яе аўтарам быў вядомы нямецкі палітык Рыхард Пауль Вільгельм Кубэ (1887-1943). І гэта была апошняя роля Аніты ў тэатры. Аўтар драмы Вільгельм (меў 46 гадоў) закахаўся ў маладую актрысу Аніту Лідэн (мела 22 гады). Дзеля яе ён кінуў сваю жонку Маргарэт Шмідт і двух сыноў. А ў 1938 годзе ажаніўся з ёй. Потым было ў Аніты шчаслівае замужжа і нараджэнне чацвярых дзяцей. Праўда, чацвёрты сын ніколі не бачыў свайго бацькі. Кубэ забілі, калі Аніта была цяжарная.
Вільгельм Кубэ нарадзіўся ў сям'і вайскоўца ў горадзе Глогаў. Скончыў Берлінскі ўніверсітэт па спецыяльнасці гісторыя. Працаваў настаўнікам і рэдактарам газет. У паводзінах быў ветлівы і культурны. Захапляўся тэатрам і гісторыяй. Вывучаў і гісторыю Беларусі. Лічыў, што яўрэяў трэба выкарыстоўваць як рабочую сілу, а не знішчаць. Як сцвярджала Аніта, аб гэтым ён напісаў Гітлеру і Гімлеру. Паважліва ставіўся да беларускай інтэлігенцыіі і беларускіх нацыянальных арганізацый. Не ладзіў з кіраўніцтвам СС. Забойства Кубэ адбылося выбухам міны ноччу на 22 верасня 1943 года. Калі Кубэ забілі, Гімлер сказаў: "Добра, што яго забілі партызаны, інакш ён скончыў бы ў канцлагеры". Даследчыкі гэтага забойства лічаць, што гэта забойства не магло б адбыцца на кватэры, калі б у гэтым не былі зацікаўлены эсэсаўцы. Трохпавярховы асабняк на вуліцы Тэатральная, д. 27, ахоўваўся знадворку, а спальня Вільгельма - афіцэрам паліцыі. (Гэты былы Дом пісьменніка на вуліцы Энгельса стаяў праз вуліцу ад сучаснага кінатэатра "Піянер" і Тэатра юнага гледача.) Дарэчы, партызаны некалькі разоў спрабавалі яго забіць, але ўвесь час Вільгельму шанцавала.
Алена Рыгораўна Мазанік, Марыя Барысаўна Осіпава (1908 -1999) і Надзея Віктараўна Траян ( 1921-2011) за тэрарыстычны акт атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, а іх памочнікі сястра Мазанік Валянціна Шуцкая і камандзір атрада "Дзіма" маёр Фёдараў былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Удзельнічала ў той падзеі ў Менску яшчэ адна жанчына лекар Таццяна Мікітаўна Каліта (1918-1996), якая нейкі час працавала прыбіральшчыцай у сям'і Кубэ. Менавіта яна звязала Осіпаву з Мазанік. Яе таксама хацелі адправіць тым самалётам у Маскву, але яна спазнілася, а самалёт ужо адляцеў.
Лёс распарадзіўся так, што Алену Мазанік і гаўляйтара Кубэ хавалі з аднаго будынка - Дома афіцэраў, толькі з разніцай ў 53 гады. Мазанік і Осіпава пахаваны на Усходніх могілках у Менску.
Салігорск беларусізуецца
У Салігорску на новых прыпынках грамадскага транспарту з'явіліся стэнды на гістарычную тэматыку з Вітаўтам, Львом Сапегам і Радзівіламі.
Свята капусты "Хрумсцім, хрумсцім капустай" адбылося ў Дзітвянскім Доме культуры
Восень - час ураджаю і падвядзення вынікаў працы земляробаў… А ў аграгарадку Дзітва Лідскага раёна стала добрай традыцыяй праводзіць свята капусты "Хрумсцім, хрумсцім капустай"!
Здзейснілася брэндавае мерапраемства 14 кастрычніка на адкрытай пляцоўцы Дзітвянскага Дома культуры, дзе творчы калектыў установы прадставіў гасцям свята займальную праграму. Даспадобы ўсім прысутным прыйшлася дэгустацыя народных страў з капусты. Мясцовыя гаспадыні прадставілі гэту цудоўную гародніну ва ўсіх варыянтах прыгатавання: тушаную і параную, вараную і смажаную, квашаную і запечаную. Атрымаліся сапраўдныя шэдэўры кулінарнага мастацтва! Паспрабаваць прысмакі змаглі ўсе ахвочыя.
А пакуль вяскоўцы частаваліся стравамі з капусты, праграма свята працягвала радаваць конкурсамі, жартамі, танцамі і музычнымі нумарамі. Народны хор "Скарбніца" адкрытага акцыянернага таварыства "Завод "Оптык" горада Ліды прадставіў музычную праграму і падараваў гасцям мерапрыемства святочны настрой.
Падчас свята працавалі гандлёвыя рады, дзе можна было набыць садавіну, агародніну і нават мёд. Для маленькіх гасцей працавалі дзіцячыя інтэрактыўныя пляцоўкі. Дзень парадаваў і сонейкам, і восеньскім цяплом, і цудоўным святочным настроем!
Наш кар.
"Свет вачыма мастака"
16 кастрычніка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча "Свет вачыма мастака" з вядомым беларускім мастаком, аўтарам партрэтнай галерэі выдатных людзей нашай сучаснасці Мельнікавым Уладзімірам Сяргеевічам.
Работы мастака знаходзяцца ў найбуйнейшых музеях Рэспублікі Беларусь, у прыватных калекцыях Расіі, Амерыкі, Аўстраліі, Польшчы, Літвы, Германіі, Швецыі і іншых краін.
Сярод цудоўных партрэтаў аўтара - партрэты Ніла Гілевіча, Вольгі Іпатавай, Анатоля Ярмоленкі, Уладзіміра Мулявіна, Ігара Лучанка, Валянціна Таўлая, Ганны Радзько, Барыса Кіта, Мітрапаліта Філарэта, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і многія іншыя.
Запрошанымі гасцямі былі расійскі паэт Півавараў Руслан Анатольевіч і лідская паэтка Мельнікава Святлана Уладзіміраўна.
Руслан Анатольевіч Півавараў нарадзіўся і вырас у Новамаскоўску. З'яўляецца членам і сузаснавальнікам грамадскай арганізацыі "Літаратурнае аб'яднанне паэтаў Новамаскоўшчыны "Вольная ліра".
Святлана Уладзіміраўна Мельнікава ў цяперашні час з'яўляецца членам літаратурнага аб'яднання "Суквецце" г. Ліды. Вершы апублікаваны ў міжнародным калектыўным зборніку "Зоряна криниця" (Зорны калодзеж), г. Пакроўск (Украіна).
Ва ўтульнай зале сабраліся шматлікія чытачы, навучэнцы школ і ліцэя г. Ліды, бібліятэкары. На мерапрыемстве былі прадэманстраваны мастацкія творы Мельнікава Уладзіміра Сяргеевіча, прагучалі вершы запрошаных гасцей у аўтарскім выкананні. Гледачы змаглі ацаніць усю прыгажосць мастацкіх і паэтычных твораў і талент аўтараў, а таксама задаць усе пытанні, якія цікавяць, па біяграфіі і творчасці гасцей.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.