Папярэдняя старонка: 2018

№ 45 (1404) 


Дадана: 08-11-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1404), 8 лістапада 2018 г.

31-я Усебеларускія Дзяды

Дзяды ў Лошыцы

У Менску Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ правяла акцыю ў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

У шэсці ад будынка Менскага гарадскога палаца культуры да Лошыцкага яра ўдзельнічала прыблізна 50 чалавек. Яны неслі не менш за 20 бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама расцяжкі "Расея - гэта вайна" і "Дзяды".

"Улады імкнуцца знішчыць сляды генацыду 1930-40-х гадоў", - гаворыцца ў заяве старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка, якое зачытаў на мітынгу ў Лошыцкім яры 4 лістапада адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі. Пазьняк назваў лёс Беларусі трагічным. Паводле яго слоў, на сённяшнім мерапрыемстве актывісты партыі "ўспамінаюць у першую чаргу тых, хто бязвінна загінуў ад рук маскоўскіх акупантаў". Ён адзначыў, што найбольш масавыя расстрэлы адбываліся ў 1937 годзе. "Прывозілі і забівалі кожны дзень. Паводле маіх разлікаў, тут забілі прыкладна 10 тысяч чалавек. Улетку 1988 года, калі вяліся археалагічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлу ў Лошыцы было засыпанае грунтам", - адзначыў кіраўнік КХП-БНФ. Палітык заклікаў памятаць падзеі ў Лошыцкім яры, блізу якога ў найбліжэйшы час улады могуць пабудаваць офісы. "Трэба арганізаваць штодзённае назіранне за гэтым месцам і памятным знакам. Камунізм не вернецца. Фашызм не пройдзе. Ніколі не забудзем аб генацыдзе. Зберажом памяць", - заклікаў Пазьняк у заяве.

За падзеямі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Акцыя дазволеная сталічнымі ўладамі ў поўным аб'ёме. Згодна са звесткамі гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званая Белая дача - месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі. Шэсце і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасля акцыі ў Курапатах. Сёлета яна адбылася 28 кастрычніка.

belapan.by.

Дзяды ў Віцебску

Удзельнікі ініцыятывы "Хайсы - віцебскія Курапаты" наведалі месцы масавых расстрэлаў. Таксама актывісты ўсталявалі крыжы з надпісамі пра трагедыю 1930-х гадоў каля перапахаванняў парэшткаў расстраляных.

Паводле распараджэння Мазалаўскага сельсавета, парэшткі ахвяраў сталінізму, знойдзеныя ў 2014-м годзе ў навакольлях вёскі Хайсы, перапахавалі як "ахвяраў вайны" на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна.

Ян Дзяржаўцаў, даследчык сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам, вырашыў спыніць гэтую недарэчнасць.

- На месцы перапахавання мы ўсталявалі крыж з надпісам "Ахвярам сталінскіх рэпрэсій". Кожны, хто ўбачыць яго, задумаецца: чаму ахвяры сталінізму пахаваныя разам з загінулымі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Таму, што ініцыятары перапахавання ўзялі грэх на душу, схлусілі нашчадкам! Наша задача - выправіць несправядлівасць, - лічыць актывіст.

З ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, крыж з такой самай шыльдай быў усталяваны і на ўскрайку могілак у вёсцы Мазалава: там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля Хайсоў пазней, у 2017-м годзе. 22 труны з косткамі закапалі сёлета на гліністым схіле пад крыжам з няўцямным надпісам - проста "Ахвярам", не вядома, якога часу і якіх падзеяў.

Сёння тут маліліся і за супакой душаў забітых, і за пакаянне іхніх катаў. У невялікім казанні да прысутных ксёндз Вячаслаў Барок гаварыў пра неабходнасць адчыніць архівы КДБ, але не дзеля помсты. Гэта варта зрабіць дзеля пакаяння, замірэння і магчымасці перагарнуць нарэшце гэтую страшную старонку гісторыі.

svaboda.org.

Дзяды ў Магілёве

Трыццаць чалавек прыйшлі 3 лістапада, у дзень памінання памерлых "Дзяды", ушанаваць памяць нявінна забітых да двух крыжоў, устаноўленых насупраць Магілёўскага мясакамбіната, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсій праходзілі расстрэлы. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі да месца масавых расстрэлаў часта прыходзілі толькі некалькі грамадскіх актывістаў апазіцыйных партый, сёння сярод тых, хто сабраўся, было шмат новых людзей, моладзі.

- Ахвяры масавых рэпрэсій вартыя таго, каб мы пра іх памяталі. І памяталі не толькі асабіста, але і масава. Каб была нейкая калектыўная памяць, з якой можна жыць наступным пакаленням. Бо, на жаль, мы сёння назіраем сітуацыю, калі аднаўляецца гэтая савецкая, камуністычная ідэалагічная сістэма. Сёння святкуецца юбілей ВЛКСМ, зноў да 7 лістапада прымеркаваны нейкія святочныя мерапрыемствы. Гэта ўсё выглядае дзіка, бо тая дзяржава, якую прыхарошваюць і забіваюць нам у галаву, была таталітарнай, - заявіў, адкрываючы памятны мітынг, магілёўскі журналіст і праваабаронца, актывіст незарэгістраванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" А. Буракоў.

Ён расказаў, як было выяўлена гэта месца сталінскіх расстрэлаў, і выказаў шкадаванне, што маладое пакаленне практычна нічога не ведае пра іх. Пасля гэтага прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій хвілінай маўчання, усклалі кветкі і паставілі запаленыя знічы да ўстаноўленых крыжоў.

БелаПАН. Фота: svaboda.org.

Насустрач 30-ці гадоваму юбілею Закона "Аб мовах у Беларускай ССР"

Когда мы разучимся говорить на белоруском языке, мы перестанем быть нацией.

А.Р. Лукашэнка.

Язык - это история народа. Язык - это путь цивилизации и культуры.

А. Купрын.

Рэальная моўная сітуацыя ў Беларусі

Жыццё за апошнія, больш чым два дзесяцігоддзі, пераканаўча паказала і даказала беларусам і ўсяму цывілізаванаму свету, што ўведзенае ў дзеянне канстытуцыйнае двухмоўе ў монаэтнічнай Беларусі давяло да калапсу беларускай мовы. Аб'ектыўная рэальнасць на сёння сведчыць, што практычная татальная моўная дзяржаўная палітыка русіфікацыі прывяла беларускі народ на мяжу поўнага моўнага вымірання і, як вынік, знішчэнню нашай суверэннай дзяржаўнасці. Высокае аўтарытарнае кіраўніцтва, калі меркаваць па дробязных кропкавых упырскваннях беларускага слова ў грамадскае жыццё, зразумела сваю антынацыянальную памылку. А таму выратаваць нашу сітуацыю можа толькі агалошванне ідэі і сродкаў яе вырашэння. А яна - у нашай сучаснай гісторыі. Апошняя зафіксавала: толькі ўвядзенне ў дзеянне Закона аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове спыніць актыўны працэс асіміляцыі беларусаў. Ні ў адной з краін, акрамя Беларусі, якія атрымалі сваю дзяржаўную незалежнасць пасля распаду імперыі СССР, не было ўведзена дзяржаўнае двухмоўе. Жыццё ва ўмовах так званага двухмоўя ў Рэспубліцы Беларусь пераканаўча даказала, што толькі Закон аб Адзінай беларускай дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь і нацыянальна-патрыятычная палітычная воля Прэзідэнта здольныя гэтую лёсавызначальную праблему пачаць эфектыўна вырашаць. Як паказаў час, канстытуцыйнае двухмоўе немінуча вядзе да поўнай асіміляцыі беларускага этнасу. Зацягванне часу з вырашэннем гэтай праблемы смерці падобна. Без этнічнай мовы народ страчвае класічныя абрысы нацыі. Нішчачы мову, нацыянальную культуру і гісторыю ствараецца атмасфера (страшнае слова) нянавісці да ўсяго беларускага.

Цікава, а дзе ж карані русіфікацыі беларускага этнасу?

Сёння ў Беларусі здзяйсняецца ўнікальная гістарычная сітуацыя. Інтарэсы імперыі-асімілятара супалі з сучаснай рэальнай дзяржаўнай палітыкай самой суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь. Стратэгія ж Расіі, сфармуляваная царыцай Екацярынай II ва ўказе ў далёкім для нашага часу 1796 годзе. І яна на нашых вачах збываецца, рэалізуецца. Вось яна: "…Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её белорусами, чем на века привяжем её к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя". Запомні яе кожны беларус, і не толькі. Вось адкуль растуць карані ідэалогіі сучаснага "русского мира".

Прапаную кожнаму беларусу ў думках аглянуцца вакол сябе і параўнаць свой моўны стан з моўным станам чалавека любой іншай нацыі. І што мы ўбачым? Мы не такія, як ўсе іншыя. Беларусы адзіны ў свеце народ, які пад прымусам незаўважна адышоў ад сваёй роднай мовы, роднай песні, беларускамоўных дзіцячых садкоў, беларускамоўных школ, беларускамоўных універсітэтаў. І ці можна нават у сне ўявіць, што, для прыкладу, рускі чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, даў згоду на падобны зняважлівы стан? У адказ мы пачуем ад рускага: "Ты что, идиот, о чем ты спрашиваешь?" А ці можна ўявіць Расею без рускай мовы? Дык будзем годнымі нашых продкаў і не будзем аб'ектам асіміляцыі ("этнаграфічнай масай") і паглынання нашай гістарычнай Бацькаўшчыны неаімперыяй.

Цытата з указу Кацярыны II, як вынікае, з'явілася на свет у 1796 годзе. Праз 100 гадоў у 1897 годзе, адбыўся Першы Усерасійскі перапіс насельніцтва Расійскай Імперыі. У адпаведнасці з яго вынікамі ў Віленскай губерні на беларускай мове размаўляла 56,1% яе насельніцтва, у Віцебскай - 53,0%; Гродзенскай - 44,0%; Менскай - 76,0%; Магілёўскай - 82,4%; а ўсяго - 63,5 % або 5.408.420 агульнай колькасці жыхароў. Як бачна, за 100 гадоў ні рускі штык, ні руская школа, ні рускі поп не змаглі асіміляваць нашых продкаў. Якая рэальная сітуацыя з беларускай мовай склалася за часы ад 1994 года "Наша слова" перыядычна друкуе.

Гістарычна аб'ектыўны прарыў у татальнай русіфікацыі

На працягу двух з добрым хвосцікам стагоддзяў Расія праводзіла ў жыццё асіміляцыйную імперскую палітыку: "отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя". І паралельна з гэтым знішчальным гістарычным працэсам убівалі ўсімі даступнымі сродкамі ў галовы беларусаў міф пра ніколі не існаваўшага "старэйшага брата". Але ж, о дзіва! У гэтых умовах інтэлектуальны і здаровы нацыянальна-патрыятычны патэнцыял беларусаў выспяваў у часе, і ў канцы ХХ стагоддзя народ асэнсаваў трагізм моўнай сітуацыі ў Беларусі. Прыйшоў выратавальны час (80-90-ыя гады), калі канстытуцыйныя прадстаўнікі народа (дэпутаты-камуністы Вярхоўнага савета БССР) адчулі сваю адказнасць за лінгвацыд беларускага народа, а нацыя прыйшла да разумення ролі этнічнай мовы ў далейшым яе гістарычным лёсе. Быў прыняты Закон аб адзінай дзяржаўнай мове.

Шлях да выратавання

Сёння для спынення поўнага выцяснення беларускай мовы з жыццядзейнасці грамадства на сваёй гістарычнай Бацькаўшчыне патрэбна толькі палітычная воля дзейнага Прэзідэнта дзяржавы. Толькі ён, разам з элітай грамадства, абавязаны і могуць прапанаваць навукова абгрунтаванае выйсце з гэтай гістарычна-трагічнай рэальнасці. Улада павінна разарваць гістарычныя ланцугі-путы "русского мира". І тут немагчыма не ўспомніць пра гістарычны Закон. Вось ён: 26 студзеня 2020 года спаўняецца 30-ці гадовы юбілей прыняцця камуністычнай уладай і цалкам камуністычным (!!!) Вярхоўным Саветам Беларускай ССР Закона "АБ мовах у Беларускай ССР". Гэты гістарычны Закон на той час і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года і яе 17 артыкул (і як паказаў час і сёння) быў адзінай рэальнай гарантыяй выратавання беларускай мовы і беларусаў як нацыі ад поўнай асіміляцыі. Сітуацыя патрабуе ад дзяржаўнікаў і інтэлектуалаў заўчаснага шырокага, удумлівага, абачлівага яе абмеркавання.

Прапаную. Кампетэнтным дзяржаўным установам падрыхтаваць абгрунтаваную праграму "30-ці гадовы юбілей Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Лагічна было б юбілейны год гэтага гістарычнага Закона назваць і Годам беларускай мовы. Такія прапановы ўжо ўносіліся, яны не супярэчаць Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 чэрвеня 2018 г. № 247 "Аб правядзенні Года малой радзімы", а паглыбіць, пашырыць "Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў па правядзенні ў Рэспубліцы Беларусь 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы", зацверджаную пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2018 г. № 547.

У адпаведнасці з правам заканадаўчай ініцыятывы (артыкул 99 Канстытуцыі) адпаведным установам выступіць ініцыятарам і арганізатарам дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове ў Рэспубліцы Беларусь і распрацоўцы новага закона "Аб адзінай дзяржаўнай мове", або аднавіць (вярнуць да жыцця) Закон "Аб мовах у Беларускай ССР" ад 26 студзеня 1990 года. Галоўнае - сістэмна на аснове навуковай, гістарычнай, педагагічнай інфармацыі праводзіць патрыятычнае выхаванне народа, умацоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці шляхам паступовага і асэнсаванага пашырэння грамадзянамі ўжывання беларускай мовы. Нагадаю, што права заканадаўчай ініцыятывы маюць і грамадзяне, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек.

Важна псіхолага-педагагічна стварыць агульнадзяржаўны клімат добраахвотнасці і адсутнасці праяў якіх-небудзь форм "гвалту". Праз СМІ трэба давесці да розуму кожнага грамадзяніна, народа, што іменна мова вызначае шлях натуральнага духоўнага развіцця асобы і Нацыі. Беларуская мова вывела беларусаў у свет, ідэнтыфікавала нас, абазначыла тэрытарыяльна наша месца на зямным шары. Беларус без беларускай мовы ніхто і нішто. Беларуская мова святыня беларусаў. Народы і іх мовы ствараюць суквецці цывілізацый. Мова народа ёсць яго пашпарт, унікальны ідэнтыфікатар у суквецці моваў свету. Мова народа ёсць векапомны духоўны помнік. Ён у вечнасці нацыі.

Прэзідэнт БНР Пётра Крэчэўскі пакінуў навечна нам словы, актуальнасць якіх непадуладная часу: "Без мовы няма нацыі, без культуры няма народа і не можа быць незалежнасці, сваёй уласнай дзяржавы" .

Мікола Савіцкі, прафесар.

У цэнтры Варшавы гучыць малітва па-беларуску

Ужо больш за дзесяцігоддзе ў цэнтры Варшавы гучыць па-беларуску малітва.

У грэка-каталіцкім храме Успення Найсвяцейшай Багародзіцы на вул. Мядовай, якім апякуюцца украінскія манахі-базыляне, служацца (хоць не часта, але рэгулярна - прыкладна раз у месяц) беларускія багаслужбы.

Прыязджаюць адпраўляць Боскія Літургіі святары Беларускай грэка-каталіцкай царквы з розных гарадоў Беларусі. Набажэнствы збіраюць тых беларусаў, якія жывуць на чужыне і маюць прагу пачуць Божае Слова па-беларуску. Сярод іх ёсць тыя, хто ўжо стала жыве ў Варшаве, а таксама і тыя, хто прыехаў у сталіцу Польшчы на вучобу.

nslowa.by. На фотаздымку: а. Андрэй Буйніч, пробашч Лідскай грэка-каталіцкай парафіі св. Язафата, удзяляе таямніцу хрышчэння дзіцяці маладой беларускай сям'і ў Варшаве.

КАЛАСАВІНЫ ЎВЕСЬ ГОД

Сябры Новасвержанскай суполкі ТБМ дадаюць у дзейнасць арганізацыі жыватворнага наднёманскага водару, нязводнага духу Коласа. Валянціна Іванаўна Холадава, старшыня суполкі, - выдатная знаўца творчасці і родных мясцін песняра - нястомны ініцыятар літаратурна-лірычных вандровак па Наднямонні. А гэта заўсёды і замілаванае любаванне краявідамі, і паэтычныя чытанні, і згадкі з жыцця і лёсу Міцкевічаў.

Яшчэ вясной Валянціна Іванаўна прэзентавала сябрам-нясвіжцам улюбёнае сасновае ўрочышча на беразе Нёмана з дрэвам-кандэлябрам ды даўнія сенажаці пад Свержанем, дзе нарыхтоўвалі сена гаспадары з-пад самога Нясвіжа. "Эх, час касьбы, вясёлы час", - раз-пораз прыпраўляе яна свае экскурсіі то адным, то другім прыродалюбным радком.

Настойліва вядзе яна сваіх сяброў-аднадумцаў і да слыннай Прыстанькі - усім нібыта вядомай, уганараванай памятным каменем, але не адкрытай шырокаму воку мясцінкі, якая выпадае з заўсёднай турыстычна-экскурсійнай коласавай айкумены, застаецца ўбаку ад нашага спасціжэння Коласа як чалавека, пісьменніка, прыродалюба, апазіцыянера-змагара. Падаецца, што менавіта тут, каля Прыстанькі, на стромых нёманскіх берагах можна зразумець усё гэта, адкрыць для сябе… новага Коласа.

Н. Плакса.

"Божа, што вы хочаце ад нас?"

Як гомельскія садкі рэагуюць на прапановы стварыць беларускамоўныя групы

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны дабіваецца стварэння ў дзіцячых садках Гомеля беларускамоўных груп. У горадзе з насельніцтвам амаль 500 тысяч чалавек створана адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку. Дзяцей туды набіраюць адзін раз на чатыры гады.

Ці сапраўды бацькі не хочуць?

Адміністрацыі садкоў сцвярджаюць, што арганізаваць беларускамоўныя групы немагчыма: няма метадычнай літаратуры, выхавацелі не валодаюць беларускай мовай. Галоўны ж аргумент - 100% бацькоў хочуць, каб дзяцей выхоўвалі на расейскай мове.

ТБМ правяло адкрыты бацькоўскі сход. На мерапрыемстве абмеркавалі сітуацыю з беларускамоўнай адукацыяй у Гомелі, прэзентавалі вынікі маніторынгу садкоў.

Агульная выснова паўтарагадовага маніторынгу сітуацыі ў садках такая, што недзе зніклі 15% бацькоў, якія былі не супраць навучання дзяцей на беларускай мове. Сёлета з адказаў адміністрацыі садкоў вынікае, што 100% бацькоў выказаліся за навучанне дзяцей на расейскай мове.

- Ці за паўтара года адбылася нейкая катастрофа, ці садкі проста хлусяць нам, - зазначае сябра ТБМ Яўген Якавенка.

Паўтара года таму ТБМ напісала звароты ва ўсе 116 дзіцячых садкоў Гомеля. Адміністрацыі прасілі паведаміць: ці магчыма арганізаваць беларускамоўныя групы, ці ёсць бацькі, якія не супраць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. Адказы былі разнастайныя. Большасць спасылалася, што выхавацелі не валодаюць беларускай мовай, у садку няма метадычнай літаратуры.

Апытанне бацькоў дало такі вынік: ад 8 да 20% бацькоў не былі супраць беларускай мовы. У сярэднім актывісты ТБМ падлічылі, што 15% бацькоў - за беларускую мову.

Сёлета ТБМ накіравала запыты ў 97 садкоў. У кіраўніцтва ўстаноў пыталіся: ці мае дзіцячы садок магчымасць прадставіць беларускамоўную адукацыю, ці звяртаўся да іх хто-небудзь з бацькоў, ці праводзілі садкі тлумачальную працу сярод бацькоў аб магчымасці навучання на беларускай мове?

- Мінулы раз, паўтара года таму, адміністрацыі садкоў наогул не разумелі: што мы хочам. І калі мы пасля запытаў тэлефанавалі ў садкі, загадчыцы казалі: "Божа, што вы хочаце ад нас?", - заўважыла старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алеся Аўласевіч.

Сёлета на 97 зваротаў былі атрыманы 74 адказы - 3/4. З гэтых 74 адказаў 2/3 адказалі па-беларуску, 1/3 - на расейскай мове. Гэта парушае Закон аб зваротах грамадзян.

З усіх адказаў 3/4 прыйшлі пад капірку, абсалютна аднолькавыя.

- Стандартныя балванкі. Відавочна, нехта іх разаслаў у садкі, а там часам нават не парупіліся, каб уставіць нумар садка, ці назву адміністрацыі раёна, куды мы можам абскардзіць адказ. Замест нумара садка ці назвы адміністрацыі раёна - проста прагалы, - патлумачыў Яўген Якавенка.

Калі сябры ТБМ пачалі аналізаваць адказы, то прыйшлі да такой высновы: адказы, атрыманыя да 12 кастрычніка, былі не "балванкамі", іх пісалі самастойна адміністрацыі. "Усе яны былі розныя і цікавыя", - заўважыў сябра ТБМ.

З 12 па 15 кастрычніка ў ТБМ з садкоў пайшла "стандартная балванка" - ідэнтычныя адказы ў выглядзе спасылак на заканадаўчыя акты.

- Мы пытаемся: у вас ёсць магчымасць адукацыі на беларускай мове? А яны адказваюць - у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. З гэтых стандартных "балванак" тры былі па-беларуску, 12 - на расейскай мове, - дадаў Яўген Якавенка.

Пасля 15 кастрычніка адміністрацыі садкоў "апамяталіся" і пачалі збольшага адказваць па-беларуску. Прынамсі, 3/4 адказаў пасля 15 кастрычніка прыйшлі на беларускай мове.

Чым "адбіваліся" садкі ад беларускай мовы?

Паводле Яўгена Якавенкі, пераважная большасць загадчыкаў садкоў спасылалася на нежаданьне бацькоў, каб дзеці навучаліся на беларускай мове.

- Нібыта яны праводзілі апытанне, і 100% выказаліся за расейскую мову. Дзіка, бо паўтара года таму 15% мелі жаданне вучыцца па-беларуску, - здзіўляецца сябра ТБМ.

Іншыя аргументы - няма выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай, няма метадычнай літаратуры, няма памяшкання.

- Быў такі адказ, што ў садку ёсць і метадычная літаратура, і сцэнары святаў, і выхавацелі, якія валодаюць беларускай мовай, але няма жадаючых сярод бацькоў, - заўважыла Алеся Аўласевіч.

З садка № 34 Чыгуначнага раёна адказалі, што, паводле Кодэксу аб адукацыі (не спасылаючыся на канкрэтны артыкул) для стварэння беларускамоўнай групы патрэбна не менш за 20 чалавек.

- Гэта стопрацэнтная хлусня. Нідзе ў Кодэксе аб адукацыі няма такой нормы. Гэта міф, - кажа Яўген Якавенка.

Як садкі папулярызавалі беларускую мову сярод бацькоў

Алеся Аўласевіч пабывала ў адным садку, каб паглядзець, як адміністрацыя папулярызуе сярод бацькоў беларускамоўнае навучанне.

- Калі ў садку казалі бацькам пра беларускую мову, то чамусьці гучала такое: "Лапці, сяляне, народныя песні, будзем вучыцца на гуслях граць". Але беларуская мова - гэта не пра прыгнечаных сялян, не пра гуслі! Гэта мова стасункаў, - кажа старшыня гарадской арганізацыі ТБМ.

Алеся Аўласевіч вядзе гурток "Мова дзяцей". Там займаюцца дзеці розных узростаў - і 3-5 гадоў, і школьнікі.

- Дзеці вельмі пазітыўна рэагуюць на беларускую мову. Асабліва дашкольнікі - яны лёгка ўспрымаюць новыя словы. Для тых жа дзяцей, якія да школы не займаліся беларускай мовай, у першым класе ўзнікаюць складанасці. Ім цяжка размаўляць, цяжка разумець такія словы, як " спадніца, кашуля, цыбуля", - кажа Алеся Аўласевіч.

Яўген Якавенка лічыць, што "зверху" не проста не хочуць спрыяць адукацыі на беларускай мове, але і ства-раюць перашкоды.

Што рабіць з адказамі з садкоў

На сходзе было прапанавана сабраць усе адказы з садкоў і накіраваць у пастаянную камісію па адукацыі пры Палаце прадстаўнікоў.

- Гэты факт павінен разглядацца на самым высокім узроўні. Як гэта? У рэгіёне Беларусі, не Расеі, цалкам адсутнічае насельніцтва, якое хоча навучацца на беларускай мове? Ці садкі скажаюць інфармацыю і хлусяць?, - заўважыў адзін з бацькоў.

Алеся Аўласевіч дадала, што ёсць бацькі, якія хочуць, каб навучанне ў садках вялося на беларускай мове. Яны гатовыя аддаць дзяцей у такія групы. Толькі не гатовыя змагацца - хадзіць па выканкамах, аддзелах адукацыі, збіраць подпісы, падаваць на суд.

Пакуль гатоў змагацца да канца і дайшоў да суда толькі адзін бацька - жыхар Гомеля Сяргей Макрэнка. Ён падаў пазоў у суд на чыноўнікаў, якія не дазволілі яго дачцэ атрымаць адукацыю на беларускай мове ў школе № 5 па месцы жыхарства. Цяпер Сяргей мусіць вазіць дачку праз увесь горад у гімназію № 36 - там створаны адзіны першы клас з беларускай мовай навучання.

Радыё Свабода.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

87. Ветраніцын (Мікалай) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Ветраніца і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ветраніцын. ФП: ветраніца ('ветранае надвор'е'; "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" Сцяцко П., с. 24) - Ветраніца (прозвішча) - Ветраніцын.

88. Веяўнік (Барыс) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) веяўнік 'той, хто вее зерне (ачышчае яго ад мякіны веялкай)': веяць - веяўнік.

89. Вільчук (Канстанцін) - семантычны варыянт ад (рэг.) вільчук 'вільчык' (верхні стык двух бакоў страхі; канёк).

90. Віцяк (Юрый) - народны экспрэс. варыянт з суфіксам -як (-ак) ад канан. імя Віктар (лац. Victor 'пераможца').

91. Волах (Ілья) - семантычны вытвор ад апелятыва волах (рус. волох 'юшка', 'накрыўка на пасудзіне' (Мельн.)). Або змененая форма Валах - семантычны вытвор ад апелятыва валах (ст.-бел.) 'конь' (Нас.), рус. валах 'пакладаны баран, пакладаны бычок', валах 'батан. назва некалькіх раслін' (Даль).

92. Волік (Ала) - семантычны вытвор ад старабел. воликъ 'вол' (''Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі", Мінск, 2013).

93. Вуек (Уладзімір) - ад польск. wuj 'дзядзька (брат мамы)', укр. рэг. вуйко 'дзядзька', (перан.) 'мядзведзь'.

94. Вупар (Цімох) - семантычны вытвор ад апелятыва (ст.-бел.) упар 'упартасць' (ПГССЛ).

95. Вяжэвіч (Пётр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Вежа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вежевіч - Вяжэвіч. Утваральнае слова ад апелятыва вежа 'высокае і вузкае архітэктурнае збудаванне'; 'браніраваная вышка для гармат і кулямётаў на караблях, танках і пад.'. ФП: вежа ('збудаванне, вышка') - Вежа (мянушка, потым прозвішча) - Вяжэвіч.

96. Вярыга (Уладзіслаў) - семантычны вытвор ад ст.-бел. верига 'ланцуг' (Сразн.).

97. Габец (Ягор) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Габа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Габец. ФП: габа (укр.) 'белае турэцкае сукно'; (перан.) 'покрыва' (уст.) 'аблямоўка' - Габа (мянушка, потым прозвішча) - Габец.

98. Гавін (Эдвард) - семантычны вытвор ад апелятыва (укр.) гавин 'варонін'.

99. Гайдучык (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -ык (-ік) ад антрапоніма Гайдук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гайдукік - Гайдуч(к/ч)ык. Утваральнае слова ад апелятыва гайдук 'слуга, выязны лакей часоў прыгоннага права', а таксама 'паўстанец-партызан на Балканах і ў Венгрыі ў эпоху турэцкага ўладальніцтва'. Або ад гайдук (ст.-рус. 'лёгка ўзброены воін (Ср.)').

100. Галабурда (Гандзя) - семантычны вытвор ад апелятыва галабурда укр. 'дэбош, буянства', 'дэбашыр, буян' (Грынч.).

101. Галец (Сымон) - семантычны вытвор ад апелятыва галец (рыба 'галец'), 'стары венік, дзяркач'; 'бедны чалавек'. На Зэльвеншчыне з гэтай семантыкай (пра беднага чалавека) бытуе слова галуй і галай ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны", с. 31).

102. Галоўчанка (Раман) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Галоўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Галоўч(к/ч)анка. ФП: галава (слова мае шмат значэнняў: 1) верхняя частка цела чалавека або жывёлы; 2) перан. 'розум, свядомасць, развага'; 3) кіраўнік, начальнік, старэйшы ў сям'і і інш.) - галоўка (памянш. ад галава, суфікс -к-а) - Галоўка (празванне, потым прозвішча) - Галоўчанка.

103. Галоцік (Ганна) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Галота і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Галотік - Галоцік. ФП: галота (разм. 'беднякі, бедната'; 'беднасць, галеча' (ТСБМ, т. 2, с. 20)) - Галота (мянушка, потым прозвішча) - Галоцік.

104. Галубіцкая (Любоў) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Галубічы і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Галубічская - Галубіцкая.

105. Галубоўскі (Валерый) - вытвор ад тапоніма Галубы з суфіксам -оўскі з значэннем 'нараджэнец названай мясціны': Галуб(ы)оўскі. Або прэстыжная форма з фармантам - оўскі ад Голуб.

106. Галышка (Ягор) - ад імя Галышка (яўр., польск.) 'Бог мой з'яўляецца дасканаласцю'. Або ад апелятыва галышка 'жан. да галыш - голы чалавек, голае дзіця'; 'бедны чалавек'; 'круглы гладкі камень' (ТСБМ, т. 2, с. 22).

107. Ганчыш (Іван) - другасная форма ад Ганчыч - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч (-іч) ад антрапоніма (імя) Ганка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ганкіч - Ганч(к/ч)ыч. ФП: Ганна (імя <ст.-яўр. Hanna > hen 'грацыя, мілавіднасць') - Ганна (1528 г.) - Ганка (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Ганчыч - Ганчыц (вынік дысіміляцыі чч > чц).

108. Гарадзецкая (Яніна) - вытвор з суфіксам -ская (-цкая) ад тапоніма Гарадзец і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Гарадзецская - Гарадзецкая.

109. Гардзіеня (Алег) - вытвор з суфіксам -еня/-эня ад антрапоніма Гардзій і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гардзійэня - Гардзіеня. Утваральнае слова - імя Гардзій <грэч. 'грозны, хуткі'.

110. Гаркуноў (Данііл) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Гаркун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гаркуноў. ФП: горкі (апелятыў мае розныя значэнні: 1) з смакам палыну, гарчыцы; 2) поўны гора, цяжкі, гаротны; 3) набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў; 4) які жыве ў цяжкім горы; бяздольны) - гаркун ('з уласцівасцямі таго, што абазначана словам "горкі", суфікс -ук') - Гаркун (мянушка, потым прозвішча) - Гаркуноў.

111. Гарэцкі (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка гарэцкі (рэг.) 'той, хто жыве на ўзгорку, гарыстай мясцовасці'.

112. Гасан (Надзея) - семантычны вытвор ад апелятыва гасан - утварэння ад дзеяслова (укр.) гасати (разм.) 'кідацца, мітусіцца', 'ганяцца (за кім у пераслед)' - 'той, хто гойсае ў клопатах'; 'гайсун'.

113. Гелей (Ілья) - магчымая другасная форма ад Гілій - семантычны вытвор ад апелятыва гелій 'хімічны элемент, інертны газ - самы лёгкі пасля вадароду'. Або ад Елей (рус. елей, бел. Ялей - ад апелятыва ялей 'аліўкавы алей, які выкарыстоўваецца ў царкоўным ужытку' (семантычны вытвор)): Гелей < Елей; параўн. Гальпяровіч < Альпяровіч.

114. Гермашэўскі (Міраслаў) - вытвор з прэстыжным суфіксам - эўскі ад антрапоніма Гермаш і значэнем 'нашчадак названай асобы': Гермашэўскі. ФП: Герман (імя <плац. 'родны, адзінародны брат') - Герман (1528) - Гермаш (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Гермашэўскі.

115. Гікала (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва гікала (укр. гикало 'заіка' (Грынч.)). Або 'той, хто гікае' - утварэнне з суфіксам - ла ад рэг. гікаць: гікала - адэкват нармаванага ікала - ад ікаць 'міжвольна ўтвараць удыхальныя рухі і адрывістыя гукі, якія выклікаюцца сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы' (падаецца гікаць, гіканне, гікаўка "Вялікім слоўнікам беларускай мовы Ф. Піскунова, с. 230"). Гл. таксама "Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 48-49.

(Працяг у наст. нумары.)

Звяртаюся да Паўла Сцяцко. Паважаны спадар Павел, вельмі хацелась бы, каб у Вашым артыкуле "Прозвішчы Беларусі" з'явілася тлумачэнне прозвішча Харлап . Гэта прозвішча былога міністра прамысловасці і маё. Не магу нідзе знайсці хоць якую інфармацыю. Буду вельмі ўдзячная. З павагай Ала Харлап.

Цудоўны свет уяўленняў мастака адкрыты для чытачоў

Рэтраспектыўная выстаўка кніжнай графікі вядомага ілюстратара Паўла Татарнікава "Pencil & пэндзаль" адкрылася ў галереі "Лабірынт" у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Чытачы памятаюць паспяховыя аўтограф-сесіі мастака з Уладзімірам Арловым ў 2017 годзе падчас прэзентацыі кнігі "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" ў сталічнай "Акадэмкнізе" і ў Нацыянальным мастацкім музеі.

І вось цэлая галерэя вобразаў вядомага кніжнага ілюстратара разгортвае свет яго ўяўленняў пра мінулае Беларусі і іншых еўрапейскіх краін.

Нагадаем, што Павел Юр'евіч нарадзіўся ў Берасці ў сям'і мастакоў у 1971 годзе. Ён скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў і аддзяленне графікі Беларускай акадэміі мастацтваў.

Сёння Павел Татарнікаў - дацэнт кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў, акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Ён - тройчы дыпламант (2000, 2001, 2002) і двойчы лаўрэат (2003, 2007) Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі".

Павел Татарнікаў - адзіны ў краіне ўладальнік прыза "Залаты яблык" Міжнароднага біенале ў Браціславе (2001, 2009) - вышэйшай узнагароды для кніжных ілюстратараў. Спадар Павел быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе ў галіне літаратуры, архітэктуры і мастацтва.

Яму пашчасціла ўдзельнічаць у шматлікіх выставах кніжнай графікі ў Літве, Украіне, Чэхіі, Славакіі, Германіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Японіі. Стылю мастака ўласціва вытанчанасць, дэталёвасць, скрупулёзнасць.

Асаблівае майстэрства і багатую фантазію мастак праяўляе пры афармленні кніг казак. Ён стварыў захапляльны вобразны свет, ілюструючы творы Уладзіміра Ягоўдзіка: "Царэўна ў падземным царстве"," Звярынец апошняга ледавіка", "Чаму зніклі маманты", аповесці Анатоля Бутэвіча: "На далонях вечнасці", " За наміткай гісторыі", " Славутыя сваім родам". У скарбонцы мастака - ілюстрацыі да французскай і англійскай класікі, да твораў Аляксандра Дзюма і Роберта Льюіса Сцівенсана, да кітайскага эпасу "Нябесны імператар і 10 сонцаў", да запамінальных казак Ганса Хрысціяна Андэрсана.

На адкрыцці выставы выступілі заслужаны дзеяч мастацтва Уладзімір Савіч, графік і дызайнер Андрэй Басалыга, пісьменнікі Анатоль Бутэвіч і Уладзімір Ягоўдзік.

Уладзімір Савіч адзначыў, што сапраўдны мастак вызначаецца па сваім беражлівым стаўленні да гісторыі Радзімы, яе нацыянальных герояў. Анатоль Іванавіч Бутэвіч з удзячнасцю ўзгадаў перыяд працы над кнігамі з серыі "Сем цудаў Беларусі".

- Ад таленту мастака залежыць, ці знойдзе кніга шлях да сэрцаў чытачоў, і асабліва да маленькіх, - сказаў Анатоль Бутэвіч. - Зычым шмат плёну шаноўнаму Паўлу Юр'евічу на доўгія гады!

- Для мяне асаблівае значэнне мае тое, што выстава пачынае працу ў перыяд успаміну нашых продкаў, на Дзяды, - адазваўся вядомы ілюстратар.

На выставе прадстаўлены больш за 90 графічных работ мастака. Гледачы пазнаёміліся з графічнымі партрэтамі Яна Хадкевіча, Канстанціна Астрожскага, Яна Гаштольда, Сафіі Слуцкай, Яўхіма Літавора Храбтовіча і караля Артура - цэнтральнага героя брытанскага эпасу. Гасцей выставы зацікавілі дэталёвыя малюнкі да твораў Шэкспіра, Стывенсана. У выглядзе аднаго з венецыянскіх дожаў Павел Татарнікаў увекавечыў свайго бацьку. Мастак жыве ў Менску, мае жонку Ірыну і сына Яна. Яны прыйшлі, каб падзяліць з ім радасць падзеі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

У Магілёве прэзентавалі мастацкую выставу "100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці"

23 кастрычніка ў Магілёве прэзентавалі мастацкую выставу "100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці". Выстава знаёміць гледачоў з творчасцю мастакоў суполкі "Пагоня". Гэтае мастацкае аб'яднанне паўстала пры Беларускім саюзе мастакоў у пачатку 1990-х. У Магілёве прадстаўлены 23 працы: графіка, фота і жывапіс, гэта творы з выставы "Код: 25.03.18", што ўвесну 2018 года ладзілася Беларускім саюзам мастакоў у менскім Палацы мастацтваў. Для магалёўцаў паказ гэтай выставы арганізавалі магілёўскі мастак Базыль Камароў і грамадскі дзеяч Віталь Васількоў. Камароў, мастак-адраджэнец, ветэран незалежніцкага руху Магілёўшчыны. Пад час прэзентацыі ён падрабязна распавёў пра ўсе акалічнасці, звязаныя як з самой суполкай "Пагоня", так і непасрэдна з ідэяй і рэалізацыяй мастацкага праекту "100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці" ў Магілёве. Першапачаткова выставу "100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці" планавалася экспанаваць у адным з гарадскіх музеяў, дзе звычайна праходзяць усе выставы. Але, як паведаміў магілёўскі арганізатар, паўставалі бюракратычныя пытанні. І ён хадзіў па музеях і ўстановах, каб дамовіцца аб месцы правядзення, але ніхто не захацеў браць гэтую выставу. Людзі перасцерагаліся. Адказныя чыноўнікі цягнулі час, каб узгадніць пытанне аб правядзенні выставы ў Магілёве. А час ішоў, чакаць больш не было магчымасці, бо карціны хутка павінны ехаць у Гомель і Берасце. Грамадскі цэнтр "Кола" гасцінна прыняў выставу ў сваіх сценах.

На выставе прадстаўленыя працы Міколы Рыжага, Віктара Маркаўца, Віктара Мікіты, Людмілы Зарубінай, Мікалая Крукава і Міколы Купавы. Усе працы яднае тэма патрыятызму, беларускасці. Як зазначыў гісторык Алесь Агееў, выстава "100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці" распавядае пра Беларусь і асобу ў Беларусі. Выстава знаёміць з асобамі, якія былі рухавікамі адраджэння. На постарах - партрэты галоўных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху: Ларысы Геніюш, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка і іншых, а на карцінах наўпрост ці ўскосна ўздымаецца тэма барацьбы за незалежнасць. Напрыклад, карціна Віктара Маркаўца "Памятны камень на шляху Язэпа Драздовіча" выяўляе пейзаж, цэнтральнае месца ў якім займае прыдарожны валун з выявай "Пагоні". А на карціне Мікалая Крукава наўпрост выяўлены партрэт генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

Базыль Камароў зладзіў і невялічкую "экскурсію" па экспазіцыі. Больш падрабязныя звесткі пра перыяд БНР і ўвогуле пра гісторыю адраджэння нашае дзяржаўнасці на працягу гэтых 100 год, пра некаторых нацыянальных дзеячаў распавялі гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў. Але зрабілі яны гэта не звычайным спосабам, а ў выглядзе гістарычнай віктарыны з цікавымі прызамі.

Праз карціны і постары, прадстаўленыя на выставе, мы можам пазнаёміцца з патрыётамі Беларусі, якія былі рухавікамі адраджэння і пакінулі нам духоўную і матэрыяльную спадчыну. Не дзіўна, што на прэзентацыі выставы сабраліся сённяшнія магілёўскія патрыёты. Гэта не проста наша памяць, гэта яшчэ і даніна нашай павагі тым прадстаўнікам Беларусі, якія ў няпростых варунках узялі на сябе адказнасць за лёс краіны, абвясціўшы пра стварэнне суверэннай дзяржавы. Адкрыццё выставы працягвае святкаванне ў Магілёве 100-годдзя БНР. Да канца года плануецца правядзенне яшчэ некалькіх мерапрыемстваў па дадзенай тэматыцы.

Выстава "100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці" прабудзе ў грамадскім цэнтры "Кола" да канца лістапада. Дагэтуль яе паспелі пабачыць наведнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія праходзяць на "Коле": студэнты курсаў "Мова нанова", удзельнікі майстар-класаў па спевах, танцах і іншыя.

Наталля Шамянкова, г. Магілёў.

80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Блакіта

Валянцін БЛАКІТ (сапр.: Валянцін Уладзіміравіч Болтач; 7 кастрычніка 1938, в. Вострава, Шчучынскі раён, Гарадзенская вобласць - 7 снежня 2007) - беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на работу літсупрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты "Чырвоны сцяг". Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960).

Потым працаваў у жалудоцкай раённай газеце "За Радзіму" і ў міжраённай газеце "Савецкая вёска". У 1963-67 гг. - адказны сакратар воранаўскай раённай газеты "Ленинское знамя".

У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

У 1967-68 гг. - уласны карэспандэнт абласной газеты "Гродненская правда". З 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971-72 і 1974-78 гг. - намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкама КПБ. У 1972-74 гг. вучы-ўся ў ВПШ ЦК КПСС у Маскве. У 1978-87 гг. - загадчык сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. У 1987-2000 гг. - галоўны рэдактар часопіса "Вожык". Сябар Саюза пісьменнікаў з 1981 г.

Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс "Вожык")

Першы зборнік сатыры і гумару пад назвай "Вынаходнік" выдаў у 1974 г. Аўтар кніг: "Час прылёту журавоў", "Адчай", "Чуйная цішыня", "Вяселле ў Беражках", "Шануй імя сваё", "Усмешка фартуны". "Вырай", "Аповесці".

Узнагароджаны медалямі.

Вікіпедыя.

ГЕРМАНІЯ ПЕРАД НОВЫМІ ПРАБЛЕМАМІ

Навіны Германіі

Да вынікаў выбараў ў Гесэне

Праз два тыдні пасля выбараў у зямельны парламент Баварыі на выбарчыя ўчасткі прыйшлі жыхары федэральнай зямлі Гесэн.

Гэтымі выбарамі завяршаецца пяцігадовы цыкл 2013-2018 гг., цягам якога прайшлі выбары ў зямельныя парламенты ўсіх 16 федэральных земляў і двойчы (у 2013 і 2017 гг.) выбары ў Бундэстаг.

Нічога сенсацыйнага ў Гесэне не адбылося. Кожная з партый-суперніц атрымала прыблізна тую колькасць галасоў, якую прадказвалі ёй сацыёлагі. А сацыёлагі прадказвалі, што Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Сацыял-дэмакратычная партыя зведаюць вялікія страты.

Поспех прадказвалі зялёным і права-папулісцкай Альтэрнатыве для Германіі. Зялёныя набралі 19,8 адсотка галасоў. Прырост у параўнанні з 2013 годам склаў 8,7 працэнта. Альтэрнатыва ў 2013 годзе дэбютавала і атрымала тады падтрымку толькі 4,1 працэнта гесэнскіх выбаршчыкаў. Учора ж за яе прагаласалі 13,1 адсотка грамадзян, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Можна сказаць, што і зялёныя, і Альтэрнатыва забралі галасы ў хадэкаў і эсдэкаў. У 2013 годзе за "чорных" (колер хрысціянскіх дэмакратаў) галасавалі 38,3 працэнта выбаршчыкаў, сёлета ім перавагу аддалі 27 адсоткаў грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Чырвоныя (а дакладней - ружовыя) страцілі падтрымку 10,9 адсотка выбаршчыкаў: у 2013 г. яны набралі 30,7 працэнта галасоў, сёлета - 19,8 адсотка. Умацавалі свае пазіцыі таксама ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) і Левая партыя.

Калі працэнты галасоў пераводзіць на колькасць мандатаў, то хадэкі атрымалі ў 137-асабовым ландтагу Гесэна 40 месцаў, а сацыял-дэмакраты і зялёныя - па 29. 19 крэслаў у зямельным парламенце будуць належаць прадстаўнікам Альтэрнатывы, 11 - "жоўтым" (колер Свабоднай дэмакратычнай партыі) і 9 - Левай партыі.

Вынікам выбараў у Гесэне стала тое, што старая - чорна-зялёная ўрадавая кааліцыя захаваецца. Хадэкі і зялёныя атрымалі роўна 69 мандатаў у ландтагу, што дазваляе ім зноў сфармаваць кабінет. (Адной з асаблівасцяў Гесэна з'яўляецца тое, што лідэрам зялёных і віцэ-прэм'ерам зямлі з'яўляецца Тарэк аль-Вазір, сын немкі і еменскага араба, грамадзянін Германіі і Емена). Некаторыя ж назіральнікі лічаць, што для большай стабільнасці земельнага ўрада ў Гесэне патрэбная і можа скласціся "Ямайка" - трохпартыйная чорна-зялёна-жоўтая кааліцыя (такія колеры сцяга Ямайкі).

Выбарамі ў Гесэне практычна завяршылася перамена палітычнага ландшафту ў Германіі. Цяпер правая Альтэрнатыва для Германіі прадстаўлена ва ўсіх зямельных парламентах і ў Бундэстагу. Яна стала трэцяй палітычнай сілай у краіне, пасунуўшы зялёных, лібералаў ды Левую партыю і наступаючы на пяты сацыял-дэмакратам.

Многія назіральнікі лічаць, што выбары 14 кастрычніка ў Баварыі, дзе хрысціянскія сацыялісты і сацыял-дэмакраты таксама панеслі страты, а таксама выбары ў Гесэне абвастрылі пытанне аб лідэры Хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Раздаюцца галасы, што Ангеле Меркель пара ўжо пакінуць капітанскі масток. Прадказваюць таксама распад вялікай урадавай кааліцыі хадэкаў і эсдэкаў у Берліне і стварэнне "ямайкі" на федэральным узроўні (чорныя, зялёныя і жоўтыя маюць у Бундэстагу 393 з 709 месцаў).

Пакуль што не падобна на тое, што сацыял-дэмакраты хочуць выйсці з кабінета Ангелы Меркель. Іх лідарка Андрэа Налес па выніках выбараў у Гесэне наракае на кааліцыю, але разам з тым хоча яе захаваць, бо лічыць выхад з альянсу небяспечным. Небяспека ж палягае ў тым, што фармаванне новага, трохпартыйнага, ураду Германіі можа зацягнуцца і нават скончыцца няўдачай, а гэта з неабходнасцю прывядзе да новых парламенцкіх выбараў, на якіх, як прадказваюць сацыёлагі, і сацыял-дэмакраты, і хрысціянскія дэмакраты пацерпяць істотныя страты. Калі раней у Германіі дамінавалі гэтыя дзве палітычныя плыні, то цяпер такой гарантыі няма. Германіі могуць пагражаць частая змена кабінетаў і перафарматаванне ўрадавых кааліцый, як гэта некалі было ў Італіі.

Анатоль Сідарэвіч.

Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў Гомелі

У суботу 3 лістапада кіраўніцтва ТБМ зладзіла паездку ў Гомель. У ёй бралі ўдзел старшыня ТБМ Алена Анісім, ганаровы старшыня, в.а. рэктара Уіверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў, першы намеснік Уладзімір Колас, кіраўнік справамі Юля Бажок, а таксама прарэктар універсітэта Павел Церашковіч і загадчык па гаспадарчай частцы Яўген Кажарскі. Мэтаў было некалькі:

- Наведаць Цэнтр беларускай мовы;

- Паглядзець на дзейнасць Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ;

- Прэзентаваць Універсітэт імя Ніла Гілевіча.

Падчас сустрэчы ў Цэнтры беларускай мовы, дзе ажыццяўляе сваю дзейнасць Гомельская гарадская арганізацыя ТБМ, удзельнікі распавялі пра імпрэзы, якія ладзіць ТБМ Гомеля. Яны таксама задавалі пытанні пра спецыяльнасці, пра фінансаванне Універсітэта імя Ніла Гілевіча, выказалі некалькі прапаноў і пажаданняў.

Хоць часу было няшмат, улічваючы адлегласць паміж сталіцай і горадам над Сожам, бо трэба было вярнуцца назад, удалося крыху прагуляцца па цэнтры і сфатаграфавацца ля знакавых месцаў: ля палаца, з Кірылам Тураўскім.

Наш кар, г. Гомель.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Андрэй - 135 р., г. Менск

2. Макуленка Барыс - 5р., г. Менск

3. Жыдаль - 10 р, г., Менск

4. Грудніцкая Тамара - 7 р., Баравуха

5. Нагулевіч В.С. - 10 р., г. Гародня

6. Сабалеўскі І.А. - 10 р., г. Гародня

7. Янучок - 20 р., г. Менск

8. Каржанеўская М.С. - 10 р., г. Заслаўе

9. Бандарэнка З. - 20 р., г. Менск

10. Вяргейчык - 15 р., г. Барысаў

11. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

12. Ляўшун - 13 р., г. Менск

13. Бойса І.Б. - 25 р., г. Ліда

14. Рабека Мікалай - 40 р., г. Менск

15. Салавей Лія - 7 р., г. Менск

16. Пальчэўскі Юрась - 5 р., г. Менск

17. Краўчанка А. - 50 р., г. Менск

18. Спадаровіч Віктар - 1 р., г. Менск

19. Ралько Леанід - 20 р., г. Баранаывічы

20. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

21. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

22. Шкарда Уладзіслаў - 45 р., г. Менск

23. Кукавенка Іван - 25 р., г. Менск

24. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

25. Сівы Сяргей - 5 р., г. Валожын

26. Крыўко - 10 р., г. Наваполацк

27. Скрыпко Анатоль - 100 злотых, Польшча

28. Саўчанка Уладзімір - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Лёсіка

Язэп Юр'евіч Лёсік (18 лістапада 1883, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі раён - 1 красавіка 1940) - беларускі нацыянальны і палітычны дзеяч, пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог. Акадэмік АН БССР (1928).

Язэп Лёсік нарадзіўся ў сялянскай сям'і на Стаўбцоўшчыне. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898 - 1899), скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (1902). З 1902 г. працаваў выкладчыкам Бабруйскай сельскагаспадарчай школы, з 1903 г. настаўнічаў у мястэчку Грамяч Ноўгарад-Северскага павета Чарнігаўскай губерні. За ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях 1905 г. арыштаваны, зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму. У 1907 г. прывезены на суд г. Старадуб, але праз некалькі дзён уцёк з мясцовай турмы. У 1911 г. прыехаў у Ноўгарад-Северскі да брата Антона. Тут зноў арыштаваны і прыгавораны да бестэрміновага пасялення ў Сібіры. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губерні, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з А. Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газетай "Наша ніва".

У Беларусь са ссылкі вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917. У Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе (БСГ, менская секцыя, з красавіка 1917). Стаў адным з лідараў БСГ, кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сойм на Меншчыне. Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газету "Вольная Беларусь" (1917-18). На З'едзе беларускіх арганізацый і партый абраны ў Выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Старшыня Выканаўчага камітэта Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (па II з'езде, ліпень 1917). Удзельнік Усебеларускага з'езда (кангрэса) 1917 г. Выступіў публічна супраць разгону кангрэса і супраць бальшавікоў.

Падчас акупацыі Беларусі нямецкімі і польскімі войскамі жыў і працаваў у Менску. Супрацоўнічаў з Народным сакратарыятам Беларусі. Адзін з ініцыятараў акту незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). З 14 траўня 1918 г. Старшыня Прэзідыума Рады БНР. Пасля падпісання 27 жніўня дадатковай нямецка-савецкай дамовы да Берасцейскага міру Я. Лёсік, старшыня Народнага сакратарыяту і народны сакратар замежных спраў І. Серада і народны сакратар, начальнік канцылярыі Народнага сакратарыята Л. Заяц накіравалі канцлеру Германіі Г. фон Гертлінгу пратэст супраць планаў перадачы земляў, на якія прэтэндавала БНР, у рукі палякаў. Пасля прыходу бальшавікоў у Менск (пачатак снежня 1918 г.) абвешчаны па-за законам разам з іншымі раднымі.

Падчас польскай акупацыі 1919-20 супрацоўнічаў у газетах "Звон" і "Беларусь" (рэдактар з 1920). Пасля расколу Рады БНР на Найвышэйшую раду БНР і Народную раду БНР (13.12.1919) Язэп Лёсік стаў старшынём першай.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны застаўся ў БССР. У ліпені 1920 абвясціў аб "прызнанні прынцыпаў Савецкай улады" і выйшаў з палітычнага жыцця. З ліпеня 1921 выкладаў у БДУ, на беларукіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме. У 1922 абраны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры, удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня). Пераклаў на беларускую мову (1923) "Маніфест камуністычнай партыі" К. Маркса і Ф. Энгельса. Быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой выступіў з двума асноўнымі дакладамі. У 1928 зацверджаны правадзейным членам Беларускай АН. З'яўляўся дырэктарам Інстытутата навуковай мовы.

У 1922 г., пасля выхаду ў свет "Практычнай граматыкі беларускае мовы", "Звезда" назвала падручнік "контррэвалюцыйным". У пач. лістапада 1922 г. Я. Лёсіка арыштавалі, але ў абарону яго выступіў тагачасны наркам асветы БССР У. Ігнатоўскі. У снежні 1922 Лёсік адпушчаны. Другі раз яго арыштавалі 20.7.1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі". 6.12.1930 пастановай СНК БССР Я. Лёсік пазбаўлены звання акадэміка. Пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10.4.1931 ён сасланы на 5 гадоў у г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 г. пастановай ВЦВК атрымаў амністыю без дазволу на вяртанне ў Менск. У 1935 г. пераехаў з сям'ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў Малавышкаўскай школе на ст. Злынка. Восенню 1937 перасяліўся ў г. Актарск Саратаўскай вобл., працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938 зноў арыштаваны за "прыналежнасць да існаваўшай у Саратаве з ліку палітссыльных контррэвалюцыйнай арганізацыі". 31.3.1940 асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў канцлагераў за "антысавецкую агітацыю". Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Па прыгаворы 1938 г. рэабілітаваны 8.10.1958 г., па прыгаворы 1931 г. - 10.6.1988 г. Адноўлены ў званні акадэміка ў 1990 г.

Вікіпедыя.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Зыгмунт, не хочучы пазбаўляць мяне прыемнасці пазнаёміцца і пачуць размовы цікавых для мяне людзей, прымаў іх у маіх пакоях, што разам з усім было больш бяспечным. А калі я ўжо была здаравейшая, карысталася са шматлікіх запрашэнняў на абеды і вячэрнія зборы даўней тут асеўшых сямей.


15 жніўня арганізоўваюць у Вярсалі забаву, якая называецца "Вялікімі водамі", каб правесці час разам польскае таварыства заняло для сябе некалькі вагонаў. Нешта ў машыне самсавалася, адлажылі асвятленне фантанаў на некалькі гадзін, пра што забылі паведаміць парыжскую станцыю.

Пасля забавы таварыства распарушылася па парку, па палях Трыанона 237, у канцы аказалася на станцыі трохі змучанае самой забавай і агляданнем палаца, карціннай галерэі і іншымі асаблівасцямі. Усе былі аднак у як найлепшым настроі. Зыгмунт, весела смеючыся, жартуючы пастанавіў сесці толькі ў такое купэ, дзе ўсе будуць маладыя, і дзе ўсе твары будуць яму сімпатычныя. Ужо тры разы пасля адчынення дзверцаў гукаў: "Не, не тут, ідзём далей!" У канцы заскакваем [мы] абое. Усе тут маладыя і вясёлыя, як і мы. Зыгмунт развясёлены нахіляецца да мяне са словамі, якія так часта вымаўляюцца дзецьмі: "Што б ты рабіла ў падобным...". Не дакончыў. Раздаўся не крык, не енк, але толькі з соцень грудзей жудаснае: "Ах!" Пазней - поўная ціша і цемната. Вагон наш перавярнуўся акном да зямлі, пры якім я сядзела. Зыгмунт як заўсёды не думае пра сябе, засланяе мяне, падтрымлівае ўсёй сілай цяжар васьмі чалавек, выкінутых са сваіх месцаў. На шчасце ўсе маладыя, моцныя, ужо ўзбіраюцца на верх вагона праз другое акно, чапляючыся за паліцы, сеткі і г.д. Дванаццатая гадзіна, поўнач, ані аднаго агенчыка. Лямпы і ліхтары пагаслі. Цемра поўная. Па шуме дрэў можна толькі здагадацца, што мы ў лесе. Выбіраемся праз акно, нягледзячы на заклікі: "Ne vous bongez pas! Ne vous bongez pas!" 238 Цяпер чуем з пэўнай адлегласці енк і крыкі пра дапамогу. Чыгуначная служба бяжыць уздоўж лініі заклікаючы: "Les medecins! Les Medecins au secours" 2 39.

Вагоны збіліся ў кучу. Наш (лакаматыў) яшчэ манеўраваў, калі кур'ерскі з Парыжа даскочыў перарваў ланцуг, адны вагоны нагрувасціў, іншыя раздушыў або толькі перавярнуў. Шаснццаць вагонаў з падарожнымі разбіта..

Зыгмунт пакінуў мяне пад дрэвам, а сам з іншымі паспяшыў на дапамогу: ратаваць, выцягваць, пераносіць. Нейкі англічанін паспяшаўся на месца здарэння з просьбай аб размяшчэнні параненых у яго блізка размешчаным палацы. Асвяцілі ўвесь палац. Не буду апісваць усёй жудасці і жахлівых сцэн. Польскае таварыства ацалела, апрача няшчаснай пані Цеханоўскай, якая быццам бы мела адарванымі абедзве нагі.


Не раз пазней у цяжкія і балесныя гадзіны жыцця думала, чаму ў той час не загінулі абое разам? Вагон наш быў першым каля раздушаных. Зыгмунт спрабаваў адказаць і абходзіў маўчаннем - для чаго і на што былі патрэбны абоім пазнейшыя пакуты.

Тры гадзіны прайшло ад крушэння вагонаў. Мы вярнуліся ў Парыж. Тэлеграма данесла пра выпадак. Гатэль пані Бойс на Калізеі быў увесь асветлены. Ніхто не спаў. Чакалі вестак пра наш лёс. Калі экіпаж затрымаўся на Калізеі, 7 перад англійскім пансіянатам пані Бойс, яна, уся служба, госці, усе выбеглі сустракаць. Жывучы тут цэлы месяц, мы пазнаёміліся і зжыліся з многімі англійскімі сем'ямі. Цяпер яны выказвалі нам сардэчную радасць з нагоды цудоўнага, як гаварылі, ацалення. Наш шаноўны служка, стары Пётр, прывязаны да абоіх, бегаў узрушаны, узрадаваны ад Зыгмунта да мяне, гукаючы: "Vous etes surs! Grace a Dieu, vous etes sauves!" 240 Калі Зыгмунт адыходзіў на даўжэйшы час, звыкла даручаў шаноўнаму Пятру глядзець за маладой, недасведчанай паняй. Не раз Пётр паступаў са мной страшна дэспатычна. Аднаго дня ў адсутнасць Зыгмунта пан Багдан Залескі і пан Севярын Галянзоўскі, папярэджаныя Зыгмунтам, што жонка засталася адна, прыйшлі яе забавіць "et lui tenir compagnie" 241 да вяртання мужа. Былі Пятром даложаны, але і адпраўлены, нягледзячы, што выразна яму гаварыла: "Recevoir" 242. "Jamais, - адказаў з упартасцю. - Je connais tous ces vieus-la! Mon maitre est absent, je ne les recevorai pas!" 243 Паны, якія стаялі на некалькі ступенек ніжай, чулі ўсю размову з Пятром, якую апавядалі, смеючыся, Зыгмунту.


У пярэдадзень майго выезду ў Вільню, а Зыгмунта ў Алжыр, мы хацелі абое разам залатвіць некаторыя справы, як довад памяці для сям'і і прыяцеляў. У адной з крамаў ці згубіла, ці ў мяне нехта выцягнуў партманэтку з кішэні, у якой быў абручальны пярсцёнак, што стаў лішне свабодным на пальцы пасля хваробы. Сядаючы ў экіпаж, з уражаннем заўважыла згубу. Забабонныя ліцвіны ўспрымаюць такое за кепскае прадказанне. Зыгмунт звычайна жартаваў з усіх забабонаў і прадказанняў, у гэты раз выраз яго твару змяніўся на адно імгненне вока. Супакойваў і суцяшаў мяне. Усялякія пошукі, абвяшчэнні праз паліцыю і газеты, ахвяраванне вялікай узнагароды аказаліся дарэмнымі. Вырашылі зрабіць другі абручальны пярсцёнак. Прасіла - таму мы пайшлі ў касцёл Св. Магдалены, прысягаючы там перад алтаром ужо не да смерці, але захоўваць вернасць і пасля смерці 244. Згублены абручальны пярсцёнак быў паводле ліцвінаў другім кепскім прадказаннем. Першае было ў дзень шлюбу, які адбыўся ў фарным касцёле ў Кейданах, на Жмудзі. Пасля заканчэння цырымоніі Зыгмунт абняў плечы жонкі, каб з ёй выйсці з касцёла. Дзень быў пахмурны. Калі ўжо былі пасярэдзіне касцёла, касцельная служба расчыніла шырока дзверы перад маладой парай. У тую хвілю з-за хмараў упаў ясны сноп праменняў на іх абоіх, пасля чаго сонца зноў схавалася за хмары, а калі выйшлі з касцёла пайшоў густы дождж пры проблісках сонечных промняў. З натоўпу людзей, што запоўнілі гару, на якой узносіцца касцёл адазваліся галасы забабонных жмудзінаў: "Бог праменямі сваімі дабраслаўляе, шчасліва будуць жыць, але коратка! Дождж з промнямі - гэта слёзы на ўсё жыццё з прызначэння неба". Абое гэта чулі. Зыгмунт прытуліў мацней плечы жонкі. Ішоў, гледзячы перад сабой, сходзячы сказаў толькі: "Няхай споўніцца Божая воля - абы не па нашай віне".

Калі перад домам мы выйшлі з экіпажа - брама расчынілася. Вясковая дзятва ў белых кашульках з кветкамі ў ручках стаяла па абодвых баках дарогі, усыпанай да ганка валошкамі. (Былі гэта мае вучаніцы і вучні з прылеглых вёсак, а менавіта з Ібян 245, у 1863 годзе спаленых, зраўняных з зямлёй, а жыхароў гэтай асады пагналі ў Сібір.)

Маці наша з жонкай Стэфана Гейштара прыняла нас на ганку хлебам і соллю. А тыя ўсе, якія селі з намі спажыць першы абед, які ж смутны быў іхні канец пасля прайшоўшага года.

Маці наша з малодшымі сёстрамі сасланая на граніцу Сібіры. Юлія з Далеўскіх Беркман (шуканая Мураўёвым, як Юліян Далеўскі, камісар Коўні, зняволеная разам з мужам на два гады), вывезены абое ў Вятку, Францішак Далеўскі - у Сібір на 20 гадоў катаргі; Канстанцін Далеўскі расстраляны, Цітус Далеўскі расстраляны. Якуб Гейштар - у Сібір; Шылінг забіты ў паўстанні; кс. Мацкевіч, які ў той дзень прыбыў да Беркмана і быў затрыманы на абед, павешаны; Канстанцін Каліноўскі расстраляны. Трое Гейштараў, сыны Стэфана, забітыя, чацвёрты сасланы ў Сібір; Чапскі - на цяжкія работы ў Сібір. Адзін толькі прыбылы з Пецярбурга Ян Станевіч ацалеў.

Усе гэтыя ўспаміны, без ведання будучых страшных лёсаў, з дня шлюбу стаялі перад вачыма нашага ўяўлення. І той малы ў Кяйданах домік (Страбейкаў), аточаны дрэвамі, падворак з клумбамі рознакаляровых кветак, вялікая гасціннасць і сардэчнасць Беркманаў пры частаванні радні на працягу тыдня; радасць Зыгмунта ад магчымасці правесці некалькі дзён сярод лясоў, палёў і вясковага люду, а таксама жыхароў суседніх маёнткаў; іхняя гасціннасць і жаданне прыняць, вера і прызнанне яму аказваныя. Прыпаміналіся нам нашыя вылазкі да цудоўных бароў; найчасцей мы пакідалі экіпаж на краі лесу, а самі заглыбляліся, раскашуючы шумам дрэў, відам надзвычай пышнай папараці і смарагдавых палянак. Усё гэта мы перажылі яшчэ раз, ідучы плошчай Рэвалюцыі, па вуліцы Калізея

На наступны дзень я, праведзеная Зыгмунтам і панам Уладзімірам Міловічам, накіравалася ў Вільню.

(Працяг у наступным нумары.)

237 Трыанон - частка вярсальскага парку.

238 Не кранайцеся з месцаў! Не кранайцеся! ( франц.).

239 Лекара, лекара на дапамогу! ( франц.).

240 Ацалелі! Дзякуй Богу, ацалелі! ( франц.).

241 І скласці ёй кампанію ( франц.).

242 Прыняць ( франц.).

243 Ніколі. Не ведаю гэтых старых! Няма майго пана і іх не ўпушчу! ( франц.).

244 У рапартах ваеннага ведамства захавалася нататка пра шлюб Серакоўскага ў Парыжы.

245 Ібяны (Ібенай, сёння р-н Кяйданскі) - шляхецкая ваколіца ў Ковенскай губерні, Ковенскім павеце, дашчэнту спаленая ў час паўстання 1863 г.; ад 1866 г. заселена стараверамі.

Старое пахаванне. Як захаваць памяць продкаў?

Аблічча старых гарадскіх могільнікаў - тэма трапяткая для насельніцтва. Лёс старых могілак (размешчаных па праспекце Перамогі ў Лідзе) складаны. Іх захаванасць і тэрытарыяльную цэласнасць трагічна парушалі падзеі і людзі 20 стагоддзя. "Гістарычны горад" у горадзе, заснаваны ў 1797 годзе, з мноствам магіл людзей розных саслоўяў і канфесій.

Сюды прывозілі хаваць не толькі гараджан, але і некаторых жыхароў Лідскага павета. Узрост могілак такі, што магіл, даўно не наведваных, вельмі шмат.

Тым не менш, яны - частка культурнай прасторы, якую неабходна вывучаць і правільна пра яе распавесці сучаснаму грамадству.

Наколькі аўтэнтычнасць гэтага гістарычнага некропаля можна зберагчы і захаваць? Ініцыятарамі такой задачы выступіла грамадскае аб'яднанне сяброў Лідчыны з г. Гданьска пры фінансавай падтрымцы праектаў аднаўлення помнікаў гісторыі і культуры Міністэрствам культуры Рэспублікі Польшча.

Гэтая ініцыятыва была падтрымана Лідскім раённым выканаўчым камітэтам, і праект ужо ў дзеянні. Супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея ў адзін з восеньскіх дзён наведалі гэтае "месца сну" ў суправаджэнні карэннай лідзянкі, прадстаўніцы адной з найстарых сем'яў горада Галіны Лаўрэш (з сям'і Хруль). Пачынаючы гутарку пра рэалізацыю дадзенага праекту, яна сказала:

- Гісторыя гэтага горада - гэта фактычна гісторыя і маёй сям'і з 1527 года.

Мы пазнаёміліся з цікавым падыходам, пакладзеным у аснову канцэпцыі аднаўлення, распрацаванай прафесарам архітэктуры і спецыялістам па паркавым дызайне Катажынай Размарыноўскай. Гэта так званая рамантычная рэстаўрацыя ("арганізаваная занядбанасць"). Надмагіллі захоўваюцца ў існым выглядзе (закансерваваны, што вельмі важна!), але надпісы "адкрыты" для чытання (і вывучаны, што каштоўна!). Дазваляецца ачыстка і вываз смецця, але не фрагментаў надмагілляў і агародж, да якога б перыяду гісторыі могілак яны ні адносіліся. Высякаецца хмызняк, асобныя старыя дрэвы фрагментарна ўключаюцца ў агульную кампазіцыю або высаджваюцца новыя тых жа парод. Аднаўляецца гістарычная трасіроўка алей і дарожак. І што ў дадзеным выпадку важна - аднаўляецца фундатарская агароджа могілак 1903 года.

Менавіта надмагіллі - натуральная прыналежнасць і каштоўнасць любых могілак. Розных памераў, стыляў, выкананыя ў традыцыйных матэрыялах; наіўныя - самадзейных разбяроў, тыпавыя, аўтарскія, нарэшце, сапраўдныя шэдэўры сепулькральнага мастацтва. Надмагільныя помнікі - гэта дэманстрацыя сацыяльнага і фінансавага становішча, на гэтых могілках повятовая шляхта гэта паспяхова дэманстравала. Мы ўбачылі надмагіллі з граніту, пясчаніку, цэглы, дзікага каменю, шмат рэдкіх узораў чыгуннага ліцця і коўкі. Характэрна, што вельмі рэдка сустракаюцца паўторы вонкавага выгляду надмагілляў - знак таго, што грошай на гэтыя мэты не шкадавалі…

Тут жа можна разглядзець надмагільныя сімвалы і знакі. Выпадковаму чалавеку яны невядомыя: дэндралагічныя помнікі ў выглядзе ствалоў без галінак, часцей за ўсё падкажуць пра пахаванне чалавека, у якога няма спадчыннікаў; плюшч - знак вечнага жыцця; паходня - знак канца жыцця; зламаная ружа - знак сыходу чалавека ў росквіце гадоў; вянок з руж - знак дабрадзейнасці; галінка лаўру - неўміручасць і чысціня; свечкі - хуткабежнасць жыцця…

Гэта так званыя, лапідарныя "лісты". Часам іх завуць (па форме помнікаў) "квадратнымі лістамі" будучым пакаленням. Вынікам працы на працягу года ў рамках дадзенага праекту стаў цэлы пласт "адкрытых" (расчышчаных) прачытаных і дадаткова вывучаных "каменных лістоў". На плітах чытаецца найкаштоўнейшая інфармацыя пра тое, хто пахаваны, з якой сям'і і род заняткаў памерлага. Бяры і чытай рэальную гісторыю жыцця людзей горада Ліды і Лідскага павета!

Вельмі важна, што гэтае месца, нягледзячы на разбурэнні на яго тэрыторыі, захавала архітэктурную кампазіцыю. Размяшчэнне вонкавых і ўнутраных элементаў, усё яшчэ ўзгоднена паміж сабой і творыць адзінае цэлае, у якім вызначальнымі з'яўляецца глыбінная кропка капліцы ў гонар хрысціянскай вялікапакутніцы Святой Барвары. Заснавана капліца ў 1805 годзе; у яе сценах гучаў орган, яна спазнала пажар, зацягнутую рэстаўрацыю, доўгае запусценне і толькі на стыку стагоддзяў ХХ і ХХІ яе аднаўленне было завершана.

Назапасілася досыць аргументаў, каб надаць самаму старому з захаваных могільнікаў горада, рэгіянальны статус гістарычна - культурнай каштоўнасці. Гэта вельмі важна для гісторыі самога горада і генеалагічных (біяграфічных) даследаванняў пра людзей, якія яго засялялі… Дарэчы, падобныя аб'екты многія гарады ўключаюць у настальгічныя турыстычныя туры для невялікіх груп людзей.

Таццяна Нікіфарава, г. Ліда. Здымкі Лідскага гістарычна-мастацкага музея. На сярэднім здымку: Наталля Хацяновіч (музей), Галіна Лаўрэш, Таццяна Нікіфарава (музей).

Пад крыжам Святой Ефрасінні

2 лістапада з ініцыацівы гаспадара аграсядзібы "Гасьціна" Віталя Карабача і яго сяброў былі запалены знічы ў памяць святой асветніцы Беларусі і ўсіх нашых продкаў каля ўсіх ефрасіннеўскіх крыжоў на Лідчыне. У Лідзе іх - шэсць, і два - у раёне.

Святая Ефрасіння, беражы Ліду і ўсю Беларусь!

Наш кар.

Палымяны матор сэрца Маякоўскага

Грандыёзная прэзентацыя новага дыска Змітра Вайцюшкевіча на вершы Уладзіміра Маякоўскага "Люблю" адбылася 2 лістапада ў культурнай прасторы "ОК16" у Менску па вуліцы Кастрычніцкай, 16. Атмасфера былога індустрыяльнага комплекса 1920-тых гадоў, у якім праходзіла відовішча, найбольш адпавядала стылістыцы паэзіі Уладзіміра Маякоўскага.

У супольным праекце ўзялі ўдзел лепшыя музыканты краіны: джазавы калектыў "Apple Tea" на чале з Ігарам Сацэвічам, Аляксандр Шувалаў і Канстанцін Гарачы, Марк Прыходзька, Аляксей Іванько, Сяргей Трухановіч, Майк Рубін, Стыў Крамер і "Conkordia-Chor" Галіны Казіміроўскай.

Зміцер Вайцюшкевіч упершыню выканаў творы Уладзміра Маякоўскага ў 2003 годзе, дыск "MW" пабачыў свет у 2005-тым. Дзякуючы новым магчымасцям, артыст зноў звярнуўся да лірыкі У. Маякоўскага, ужо ў беларускім варыянце.

- Калі Рыгор Іванавіч пачуў мой першы запіс на вершы Уладзіміра Маякоўскага, ён мякка папракнуў: "Паслухай, а чаму ты не спяваеш па-беларуску?! У мяне ёсць пераклад, зроблены на пачатку 80-тых гадоў", - узгадвае Зміцер Вайцюшкевіч.

У новы альбом увайшлі дзве песні на беларускай мове: "Паслухайце" ў перакладзе Рыгора Барадуліна і "Размова з фінінспектарам аб паэзіі", пераствораная В. Рыжковым.

Найбольш выразна на канцэрце прагучалі творы "Бруклінскі мост" і "Паслухайце". Уладзімір Маякоўскі наведаў ЗША ў 1925 годзе, калі ён рыхтаваў публікацыі да "Известий" і "Огонька". Знаходзячыся ў Нью-Ёрку, ён глядзеў з вышыні на Гудзонаў заліў і маленькія мачты караблёў унізе, і быў уражаны гігантскай сталёвай канструкцыяй маста. У захапленні ён пісаў у вершы: "Вот эта стальная лапа соединяла моря и прерии".

Зміцер Вайцюшкевіч пабываў у Нью-Ёрку і прайшоўся па Бруклінскім мосце ў 2017-тым. Сустрэча творцаў у думках адбылася, і музычная кампазіцыя "Бруклінскі мост" атрымалася вельмі моцнай.

- Стварыць атмасферу, напусціць рокава гулу ўдалося, - адазваўся Ігар Сацэвіч, кіраўнік гурта "Apple Tea . - Я працаваў у студыі Уладзіміра Мулявіна ў 1988 годзе, як раз у той момант, калі ён займаўся з тэкстамі Уладзіміра Маякоўскага. І сёння таксама эмоцыі былі моцныя, спектакль атрымаўся!

- Канцэрт для мяне быў асабліва прыемным, таму што мы знаходзіліся на адной сцэне з найлепшымі беларускімі музыкантамі, - адзначыў баяніст "WZ- Orkiestrа" Аляксандр Шувалаў. - Я заўсёды шанаваў гурт "Apple Tea", але ніколі не думаў, што мы будзем граць разам. Для мяне асобны гонар, што мы знайшлі сумесны настрой і падыход да паэзіі Маякоўскага. Джазавыя музыканты ў кожным творы паказвалі свае магчымасці і захавалі свой непаўторны стыль.

- Дыск "Люблю" ў параўнанні з "MW" атрымаўся найбольш разнастайным па стылях: ад джазу і акадэмічнай музыкі да альтернатыўнага року і хіп-хопу, - прамовіў З. Вайцюшкевіч. - Некаторыя песні з першага альбома я перарабіў у новым выглядзе, як мне падаецца, лепшым чынам. Двухмоўе ў нас прысутнічае ў жыцці, яно з'яўляецца рэальнасцю. Кантакты з Расіяй эканамічныя і культурныя мы так ці іначай падтрымліваем,- сказаў артыст.

Асноўная тэма канцэртнай прэм'еры і дыска, тэма кахання, пераканаўча прагучала, насычаная энэргетыкай Маякоўскага і перакладамі Р. Барадуліна і В. Рыжкова.

"Паслухайце, - пачуўся непаўторны тон Рыгора Барадуліна. - Яно як зоркі - запальваюць, значыць, гэта некаму рупіць павінна. Значыць, нехта хоча, каб яны свяцілі!"

І слухачы адчулі сябе ў цэнтры зорнай феерыі. У Маякоўскага, які заўсёды ўспрымаўся чыста пралетарскім паэтам, знайшліся нечаканыя радкі:

" Плача, Богу жылістую руку цалуе,

просіць, каб абавязкова зорка была.

Клянецца, што не вытрывае

бяззорную муку".

Асэнсаванне лірыкі Маякоўскага па-беларуску ўзбагачае чытачоў і слухачоў больш глыбокім разуменнем яго творчасці. Сто гадоў таму паэт пісаў пра каханне з грандыёзнымі метафарамі. Пра тое, што ўсё яго цела ператварылася ў суцэльнае сэрца, якое гудзіць ад пачуцця. Як караблі імкнуцца да гаваняў, так і паэт - да сваёй каханай.

Ураган, огонь,

вода подступают в ропоте.

Кто сумеет совладать?

Можете? Попробуйте...

(Ул. М.)

У кампазіцыях "Невозможно", "Флоты", "Разговор с товарищем Костровым из Парижа о сущности любви" прагучала асноўная ідэя паэта: " Клянусь - люблю неизменно и верно!". На канцэрце прысутнічала жонка Змітра Вайцюшкевіча - Галіна Казіміроўская, кіраўніца калектыва "Conkordia-Chor", які ўдзельнічаў у запісах дыска.

У канцы праграмы ў стылі хіп-хопу Віталь Рыжкоў і Зміцер Вайцюшкевіч выканалі песню "Размова з фінінспектарам пра паэзію". "Здабыць каштоўнае слова з артэзіянскіх людскіх глыбінь" - клопат творцаў усіх эпох, які іх аб'ядноўвае. Прэзентацыя новага дыска завершылася выкананнем новай мелодыі "Зорка Дзіва", якая ў хуткім часе ўвойдзе ў запісы скрыпічных квартэтаў на вершы Ул. Някляева: "Ты са мною, Зорка Дзіва, Божае святло".

Эла Дзвінская, фота Алекса Жарнасека і аўтара.

На Дзятлаўшчыне ўшанавалі Вячаслава Адамчыка

Увесь дзень 3 лістапада на Дзятлаўшчыне адбывалася шырокае ўшанаванне лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслава Адамчыка (1933-2001), якому 1 лістапада споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. Урачыстасці пачаліся ў Круцілавіцкай сярэдняй школе, дзе былі наладжаны дзве выставы, прысвечаныя жыццю і творчасці земляка. У Круцілавіцкай школе ў гэты дзень прэзентавалі музей-пакой, прысвечаны Вячаславу Адамчыку. А ў актавай зале пра яго ўспаміналі землякі, пісьменнікі, сябры. Цікавыя эпізоды сустрэч з пісьменнікам прыгадвалі літаратары Леанарда Юргілевіч, Сяргей Чыгрын, Аляксей Пяткевіч, Алена Абрамчык. Шчырыя словы ў адрас арганізатараў мерапрыемства выказаў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, асабліва ў адрас настаўніка Круцілавіцкай СШ Сяргея Каско, які шмат зрабіў дзеля ўшанавання свайго земляка, і ў адрас фундатараў мерапрыемства. Са школьнай сцэны ў гэты дзень гучалі раннія вершы Вячаслава Адамчыка, урыўкі з яго кніг, былі паказаны школьныя рэпартажы з тых мясцін, дзе нарадзіўся і жыў іх знакаміты зямляк. Адбыўся і невялікі канцэрт мясцовых артыстаў.

Пасля з Круцілавічаў усе ўдзельнікі свята пераехалі ў вёску Варакомшчына. Тут і быў адкрыты мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечанай Вячаславу Адамчыку. Падчас адкрыцця мемарыяльнай шыльды і каменя перад прысутнымі спяваў бард з Ліды Сяргей Чарняк.

У арганізацыі мерапрыемстваў чынны ўдзел брала Дзятлаўская раённая арганізацыя ТБМ на чале з Валерыем Петрыкевічам.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX