Папярэдняя старонка: 2018

№ 49 (1408) 


Дадана: 06-12-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1408), 5 снежня 2018 г.

Першы ў свеце беларускі "Буквар" вярнуўся ў Вільню

28 лістапада ў Вільні, дзе 400 гадоў таму быў створаны першы "Буквар" - у чытальнай зале Літоўскай Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання гэтай кнігі.

Падзея сведчыць пра вяртанне хрысціянскіх каштоўнасцей у сферы культуры і адукацыі і служыць узамапаразуменню і культурнаму ўзаемаабмену паміж народамі.

- Вельмі сімвалічнае правядзенне прэзентацыі менавіта ў Вільні, - распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі Алесь Суша, - бо першы "Буквар" быў падрыхтаваны ў 1618 годзе манахамі Віленскага манастыра Святога Духа. Надрукаваны ён быў у друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва, якая дзейнічала недалёка ад Вільні - у мястэчку Еўе (сучасны Вевіс).

У межах мерапрыемства адбылася ўрачыстая перадача факсімільнага выдання найбуйнейшым літоўскім бібліятэкам - Нацыянальнай, Акадэмічнай і Універсітэцкай, а таксама Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, Свята-Духаву манастыру і Гістарычнаму музею Тракайскага замка.

Перад гасцямі выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Літве Аляксандр Кароль і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Літвы Рэналдас Гудаўскас.

Прэзентацыя стала падсумаваннем вынікаў рэалізацыі міжнароднага навуковага выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні першага "Буквара".

- Да выдання "Буквара" спрычыніліся дзве найбольш яркія фігуры беларускай культурнай прасторы - Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч, - адзначыў А.А. Суша. - Багаслоў і публіцыст Лявонцій Карповіч быў кананізаваны Праваслаўнай царквой.

Партнёрамі праекта выступілі: Бібліятэка Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл у Лондане, Пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі "Белінвестбанк".

- Сёння па кнігах з назвай "Буквар" вучацца ў многіх краінах свету. Дадзены маштабны праект закліканы зрабіць першы "Буквар" даступным для шырокай аўдыторыі і прадэманстраваць паважлівае стаўленне да нашай культурнай спадчыны, - адзначыў спадар Алесь Суша.

28 кастрычніка ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 400-годдзю выдання першага беларускага "Буквара", дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Р.С. Матульскі наведаў Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, а 29 кастрычніка ён правёў прэзентацыю кнігі ў Бібліятэцы Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл.

27 лістапада Р.С. Матульскі наведаў аддзяленне славянскіх моваў і літаратуры філалагічнага факультэта Жэнеўскага ўніверсітэта з прэзентацыяй "Буквара" ў рамках даследванняў беларускай кніжнай культуры ў кантэксце еўрапейскай гісторыі.

Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота nlb.by.

Радзіму Гарэцкаму - 90

Радзім Гаўрылавіч ГАРЭЦКІ (нар. 7 снежня 1928, Менск) - беларускі вучоны-геолаг, грамадскі дзеяч. Акадэмік НАН Беларусі. Сын Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, пляменнік Максіма Гарэцкага.

Скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут імя І.М. Губкіна.

У 1952-1957 гг. навуковы супрацоўнік Геалагічнага інстытута АН СССР. З 1971 г. загадчык аддзела (а з 1978 лабараторыі) Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР (з 1994 Інстытут геалагічных навук). Член-карэспандэнт АН БССР (1972), з 1977-га - правадзейны член АН БССР. У 1977-1993 дырэктар Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі.

У 1973-1990 сябар Бюро, намеснік старшыні, старшыня Міжведамаснага тэктанічнага камітэта АН СССР. З 1975 намеснік старшыні, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта па Міжнароднай праграме геалагічнай карэляцыі, з 1993 сябар Амерыканскага геафізічнага саюза. У 1992-1997 віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1993 г. галоўны рэдактар часопіса "Літасфера". У 1995-1997 гг. працаваў загадчыкам кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Радзім Гарэцкі з'яўляецца заснавальнікам беларускай школы тэктаністаў. Добра вядомы ў міжнародных навуковых колах. Імем Радзіма Гарэцкага названа некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.

Навуковыя працы прысвечаны тэктоніцы і геадынаміцы платформаў, уключаючы тэрыторыю захаду Усходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі, геалогіі карысных выкапняў. Удзельнічаў у складанні шматлікіх тэктанічных мапаў у якасці галоўнага рэдактара ці аўтара. Р. Гарэцкі з'яўляецца аўтарам 500 навуковых прац. Надрукаваў шэраг твораў, прысвечаных нацыянальнаму адраджэнню Беларусі.

Радзім Гарэцкі з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і актыўным грамадскім дзеячам. Ён клапоціцца пра адраджэнне нацыянальнай культуры. На працягу васьмі гадоў, з 1993 да 2001 г., з'яўляўся прэзідэнтам "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына"", на цяперашні момант сябра Вялікай і Малой Радаў арганізацыі, сябар Рады ТБМ.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Узнагароджаны дзяржаўнымі прэміямі СССР, БССР, Расейскай АН.

Вікіпедыя. (Гутарку нашага карэспандэнта з Радзімам Гарэцкім чытайце на ст. 4.)

Каляндар "Родны край"

У Беларусі паспяхова прадаецца самы папулярны беларускі каляндар "Родны край". У Лідзе першы завоз даўно разабралі. Завезлі зноў. Сёлета, нарэшце, не ўпаў наклад. Як і летась, выдадзена 4 000 асобнікаў. Мізэрная колькасць для ўсёй краіны, але на дварэ заканчваецца другое дзесяцігоддзе 21-га стагоддзя з яго абсалютна новай інфармацыйнай прасторай. І тое, што традыцыйны адрыўны каляндар усётакі запатрабаваны, ёсць паказчыкам якасці выдання.

Сёлета выдаўцы выбралі асабліва цікавыя артыкулы пра нашу краіну Беларусь, а таксама матэрыялы, карысныя для прымянення ў паўсядзённым жыцці. Гартаючы старонкі выдання, можна даведацца пра старажытныя міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў, пра знаёмыя кожнаму з нас звычайныя прадметы, пра незвычайныя сучасныя музеі нашай краіны, пра рэчы і прадукты, якія вырабляюцца ў Беларусі, вядомыя далёка за яе межамі, пра славутыя мясціны нашай краіны і шмат іншага. Каляндар дапаможа вам прасачыць юбілейныя даты знакамітых людзей нашай краіны і нагадае вершы класікаў беларускай паэзіі.

У "гаспадарчай" частцы выдання вы знойдзеце каляндар збору лекавых траў і раслін на кожны месяц, парады па захаванні і ўмацоўванні здароўя, а таксама парады па вядзенні хатняй гаспадаркі, кулінарныя рэцэпты, лічыльнік калорый розных прадуктаў і многае іншае.

Спадзяёмся, што любімы каляндар дапаможа вам пражыць новы год дзень за днём насычана, цікава і з карысцю!

Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Наш кар.

Па-беларуску можна ўсё

С. М. Румасу

Прэм'ер-міністру

Рэспублікі Беларусь

Аб забеспячэнні моўных правоў

грамадзян Беларусі

Паважаны Сяргей Мікалаевіч!

Да мяне як да члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь звяртаюцца грамадзяне са скаргамі на тое, што іх права на карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай абмяжоўваецца на падставе юрыдычных дакументаў, прынятых некаторымі міністэрствамі, у тым ліку і Саветам Міністраў.

Так, сп. Раткевіч А.А. сутыкнуўся з праблемамі карыстання беларускай мовай у сістэме "Белпошта", якія ўзніклі на падставе Пастановы № 72 ад 16.11.2017 г., прынятай Міністэрствам працы, праз што ён склаў адпаведны зварот (копія дадаецца).

Грамадскаму аб'яднанню "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ўпраўленнем юстыцыі Мінгарвыканкама адмоўлена ў атрыманні пасведчання юрыдычнай асобы "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" на беларускай мове на падставе Пастановы Савета Міністраў ад 28 студзеня 2009 г. № 114.

Іншыя грамадзяне скардзяцца на тое, што адсутнічаюць штампы аб шлюбе, аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і іншыя на дзяржаўнай беларускай мове.

У сувязі з гэтым прашу звярнуць увагу на неадпаведнасць названых юрыдычных дакументаў у сістэме працы Савета Міністраў і падначаленых Вам міністэрстваў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што прыводзіць да парушэння правоў грамадзян.

Прапаную на ўзроўні Савета Міністраў прыняць належныя меры для прывядзення юрыдычных дакументаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзеля забеспячэння права грамадзян Беларусі бесперашкодна карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Дадатак: на 3-х ст.

З павагай, Дэпутат ад Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70 А. Анісім.


МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ

РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

вул. Калектарная, 10, 220004, г. Мінск

Тэл./факс: 200-86-87, 200-97-55

E-mail: kanc@minjust.by

Накіроўваецца па СМДА

Дэпутату Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Анісім А.М.

Аб разглядзе звароту

Паважаная Алена Мікалаеўна!

У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 2018 г. № 05/149-37/12693р Міністэрства юстыцыі сумесна з зацікаўленымі разглядзела Ваш зварот ад 30 кастрычніка 2018 г. № 45, які датычыцца выкарыстання ў заканадаўстве беларускай мовы, і паведамляе наступнае.

Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны роўны прававы статус абедзвюх дзяржаўных моў - беларускай і рускай.

Згодна з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

З улікам роўнасці прававога статуса моў, у заканадаўстве не ўтрымліваецца норм аб абавязковасці прыняцця нарматыўных прававых актаў на адной ці другой з дзвюх дзяржаўных моў. Абавязкаў прымаць усе нарматыўныя прававыя акты на абедзвюх дзяржаўных мовах у заканадаўстве таксама не існуе.

Згодна з часткай другой артыкула 54 Закона ад 10 студзеня 2000 года "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах.

У дачыненні да пытання аб атрыманні пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" на беларускай мове паведамляем наступнае.

Формы заяў аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб i індывiдуальных прадпрымальнiкаў, устаноўленыя пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 г. № 8 "Аб некаторых мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 1", і формы пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы i iндывiдуальнага прадпрымальнiка, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2009 г. № 114, прыняты на рускай мове.

Аднак, ў адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 5 Закона i ў сувязі з тым, што заява аб дзяржаўнай рэгістрацыi прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" была запоўнена і прадстаўлена ў рэгіструючы орган на беларускай мове, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі названай установы можа таксама быць выдадзена на беларускай мове.

Пазіцыя Міністэрства юстыцыі па гэтым пытанні даведзена да ведама галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарвыканкама.

Для атрымання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" на беларускай мове ўзамен раней выдадзенага кіраўніку ўстановы неабходна звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне юстыцыi Мінскага гарвыканкама (г. Мінск, пл. Свабоды, 8/10).

Таксама інфармуем, што са снежня 2015 года запушчана беларуская версія вэб-партала Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, з дапамогай якога зацікаўленым асобам прадастаўлена магчымасць скарыстацца рознымі электроннымі паслугамі ў сферы дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання.

Па пытанні аб наяўнасці штампаў аб шлюбе на беларускай мове паведамляем, што згодна з артыкулам 10 Закона Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" запісы актаў грамадзянскага стану i пасведчаннi аб рэгiстрацыi актаў грамадзянскага стану выконваюцца на беларускай i рускай мовах.

Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 2008 г. № 60 "Аб парадку ўнясення і анулявання органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, адзнак у дакументы, якія сведчаць асобу" зацверджанна Інструкцыя аб парадку ўнясення і анулявання органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, адзнак у дакументы, якія сведчаць асобу.

Згодна з пунктам 5 дадзенай Інструкцыі адзнакі ў дакументы, якія сведчаць асобу, уносяцца ў выглядзе адпаведных штампаў згодна дадаткам 1-5 да яе, падпісваюцца службовай асобай органа загса, якая ўнесла адзнаку, і змацоўваюцца пячаткай органа загса з адлюстраваннем Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Тэкст у штампе запаўняецца фіялетавым або чорным чарнілам (пастай) на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

Такiм чынам, тэкст у штампе аб рэгiстрацыi заключэння шлюбу па жаданні зацікаўленных асоб можа запаўняцца на беларускай мове.

У дачыненні да пытання аб выкарыстанні беларускай мовы ў рабоце РУП "Белпошта" Міністэрства сувязі і інфарматызацыі паведаміла, што для недапушчэння ў далейшай працы сітуацый, выкладзеных у звароце грамадзяніна Раткевіча А.А., РУП "Белпошта" праведзена тлумачальная работа з працаўнікамі аб'ектаў паштовай сувязі.

Пратаколам рабочай нарады Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 25 чэрвеня 2018 г. № 10 РУП "Белпошта" і РУП "Белтэлекам" даручана прапрацаваць магчымасць ажыццяўлення службамі тэхнічнай падтрымкі, даведачна-інфармацыйнымі службамі адказаў на беларускай мове на беларускамоўныя звароты грамадзян.

Напрыклад, у рамках выканання пратакола РУП "Белпошта" распрацаваны і 19 ліпеня 2018 г. зацверджаны План работы па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ва ўзаемадзеянні з карыстальнікамі паслуг паштовай сувязі. Планам прадугледжаны мерапрыемствы, скіраваныя на граматнае вядзенне дыялогу працаўнікамі аб'ектаў паштовай сувязі і даведачна-інфармацыйнай службы РУП "Белпошта" з карыстальнікамі паслуг, якія звярнуліся за атрыманнем паслуг і інфармацыі на беларускай мове, а таксама мерапрыемствы па забеспячэнні належнай якасці аказання паслуг беларускамоўным карыстальнікам.

Акрамя таго, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі выдадзены загад аб неабходнасці распрацоўкі РУП "Белпошта" і РУП "Белтэлекам" патрабаванняў для даведачна-інфармацыйных службаў, сэрвісных цэнтраў, аддзяленняў паштовай сувязі пры абслугоўванні беларускамоўных карыстальнікаў паслуг сувязі і заключэнні дагавораў па аказанні паслуг сувязі на беларускай мове. У адпаведнасці з загадам іншым аператарам паштовай сувязі і электрасувязі рэкамендавана распрацоўка вышэйзгаданых патрабаванняў.

Па пытанні пра замацаванне патрабавання аб неабходнасці валодання беларускай мовай для начальнікаў аддзяленняў паштовай сувязі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведаміла, што ў адпаведнасці з артыкулам 61 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аднясенне работ, якія выконваюцца, да канкрэтных тарыфных разрадаў (пасад) і прысваенне работнікам адпаведнай кваліфікацыі ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным калектыўным дагаворам, пагадненнем або наймальнікам у адпаведнасці з Адзіным тарыфна-кваліфікацыйным даведнікам работ і прафесій рабочых (далей - АТКД), Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых (далей - АКДП), іншымі кваліфікацыйнымі даведнікамі, зацверджанымі ва ўстаноўленым парадку.

У адпаведнасці з агульнымі палажэннямі АКДП, зацверджанымі пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2012 г. № 1 (далей - Агульныя палажэнні АКДП), кваліфікацыйная характарыстыка кожнай пасады мае тры раздзелы: "Службовыя абавязкі", "Павінен ведаць", "Кваліфікацыйныя патрабаванні".

У раздзеле "Службовыя абавязкі" вызначаюцца асноўныя, найбольш характэрныя для канкрэтнай пасады працоўныя функцыі, якія могуць быць даручаны поўнасцю або часткова служачаму, які займае дадзеную пасаду.

У раздзеле "Павінен ведаць" змяшчаюцца асноўныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да служачага ў дачыненні да спецыяльных ведаў, а таксама ведаў нарматыўных прававых актаў, палажэнняў, інструкцый і іншых дакументаў, метадаў і сродкаў, якія служачы павінен прымяняць пры выкананні службовых абавязкаў.

У раздзеле "Кваліфікацыйныя патрабаванні" прадугледжваецца ўзровень адукацыі, пры неабходнасці - профіль (напрамак) адукацыі, спецыяльнасць, рэкамендуемыя патрабаванні да стажу працы, неабходныя для выканання ўскладзеных на яго службовых абавязкаў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам. У асобных выпадках паказваецца патрабаванне наяўнасці асваення зместу адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую (сярэднюю спецыяльную) адукацыю для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці.

У прыватнасці, раздзел "Павінен ведаць" кваліфікацыйнай характарыстыкі пасады "Начальнік аддзялення сувязі" (выпуск 16 АКДП "Пасады служачых, занятых прадастаўленнем паслуг у галіне тэлекамунікацый і паштовай дзейнасці", зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2017 г. № 72) прадугледжвае веданне нарматыўных прававых актаў у сферы арганізацыі паштовай сувязі і іншых дакументаў, якія рэгламентуюць адпаведны від эканамічнай дзейнасці.

Названыя патрабаванні з'яўляюцца спецыфічнымі, характэрнымі для службовых абавязкаў работніка, які займае дадзеную пасаду.

Згодна з часткай другой пункта 10 Агульных палажэнняў АКДП службовая інструкцыя служачага з'яўляецца лакальным нарматыўным прававым актам арганізацыі, які распрацоўваецца і зацвярджаецца наймальнікам самастойна.

З улікам вышэйсказанага наймальнік мае права ў службовай інструкцыі прадугледжваць дадатковыя патрабаванні да абавязкаў, ведаў і кваліфікацыі работніка з улікам спецыфікі працоўнай функцыі.

У прыватнасці, калі службовыя абавязкі служачага патрабуюць пастаяннага прымянення ў працы рускай і беларускай моў, наймальнік мае права ўстанавіць для работніка дадатковыя патрабаванні да ведаў беларускай мовы.

Адначасова паведамляем, што выпускі АТКД і АКДП размешчаны на прававых парталах і іншых крыніцах прававой інфармацыі ў электронным выглядзе. Паколькі тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты зацвярджаюцца органамі дзяржаўнага кіравання пераважна на рускай мове, то размяшчэнне выпускаў АТКД і АКДП на інфармацыйных парталах выконваецца на мове арыгіналу.

З павагай,

Міністр А.Л. Сліжэўскі.


З адказу вынікае, што па-беларуску ў нас можна практычна ўсё, дасягнута ўжо такое жаданае раўнапраўе моваў.

Варта толькі дэпутату звярнуцца да прэм'ер-міністра, дык глядзіш і пасведчанне пра ўніверсітэт могуць зусім законна па-беларуску выдаць, і нейкія там штампы на беларускай мове могуць пазнайходзіць, і нейкага там паштавіка навучыць па-беларуску на беларускай пошце нешта ведаць.

Глядзіш, там нейкую праграму на пошце паставяць, з'явіцца недзе там на задворках той праграмы беларуская мова пасля кітайскай і г.д.

І што гэта вырашае?

Нічога.

Пакуль няма Праграмы па дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, так і будзе асобна ўзяты дэпутат займацца асобна ўзятым паштавіком, а асобна ўзятага грамадзяніна кожны асобна ўзяты чыноўнік будзе пасылаць ў нетры беларускагам заканадаўства або ў іншае месца.

Пакуль няма Інспекцыі беларускай мовы, датуль чыноўнікам глыбока абыякавы ўсе нашыя моўныя правы.

Яраслаў Грынкевіч.

"Чырвоны касцёл нас вітае абдымкам ахоўным"

Урачыстасць, прысвечаная 108-ай гадавіне асвячэння касцёла Святых Сымона і Алены, была адзначана каталіцкай супольнасцю 25 лістапада ў дзень Пана Езуса Хрыста - Валадара Сусвету.

На свята ў Менск прыбыў біскуп Казімір Вялікаселец, які ў гэты дзень удзяліў сакрамант канфірмацыі дзясяткам маладых людзей.

Вечарына, прысвечаная памятнай даце асвячэння Чырвонага касцёла "Вы святую веру захавалі…", адбылася ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча. Прывітальнае слова гасцям бібліятэкі сказаў біскуп Казімір Вялікаселец. Прадстаўляючы яго, кс. Уладзіслаў Завальнюк нагадаў, што ён пабудаваў сем храмаў.

- Радасць напаўняе нашыя сэрцы, бо мы гадаваліся ў часы, калі храмы былі зачыненыя. Я нарадзіўся ў Пружанскім раёне Берасцейскай вобласці. Калі мне было тры гады, касцёл зачынілі, а ксяндза забралі ў турму. Школьнае выхаванне, палітінфармацыі ў войску - усё было накіравана супраць веры. Нас выратавала вера бацькоў, хатні касцёл,- распавёў ён.

Біскуп узгадаў выпадак, калі генерал Шарль дэ Голь прыляцеў з візітам да Леаніда Брэжнева. Ён сказаў: "Я - католік і хачу ў нядзелю наведаць храм." У Маскве ў той час не знайшлося каталіцкага святара. Генерал дэ Голь сеў на самалёт і паляцеў у Ленінград, каб прысутнічаць на святой імшы. Пра візіт Шарля дэ Голя распавёў будучаму біскупу на рэкалекцыях ленінградскі ксёндз.

- Нават прэзідэнты знаходзяць прыклады веры і маралі, - падсумаваў Яго Экселенцыя.

Працягнула імпрэзу паэтка і кіраўнік менскага літаратурна-музычнага аб'яднання "Галактыка" Кацярына Мяшкова.

Дакументальная стужка адкрыла цікавыя факты, звязаныя з будаўніцтвам святымі.

На пачатку ХХ стагоддзя ў губернскім Менску існавалі толькі два касцёлы. Фундатар святыні Эвард Вайніловіч замовіў праект польскаму архітэктару Томашу Паяздзерскаму з Варшавы. Завяршаў будаўніцтва архітэктар Генрых Гай. Матэрыял на будаўніцтва касцёла быў прывезены з Чанстахова, кожная цаглінка была загорнута ў паперу.

Уладзіслаў Трыпуз працягнуў аповед пра гісторыю касцёла Святых Сымона і Алены, які перажыў шмат драматычных момантаў.

21 лістапада 1910 года быў асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, які стаў самым вялікім у горадзе і хутка атрымаў неафіцыйную назву "Чырвоны касцёл". Храм асвячаў ксёндз Вітольд Чачот. На ўрачыстасць прыбыў губернатар Якаў Эрдэлі.

Шмат выпрабаванняў перанёс касцёл у ХХ стагоддзі, але яму выпала важная роля стаць цэнтрам духоўнага жыцця Менска. У 1932 годзе касцёл быў зачынены. У 60-тыя гады храм хацелі знесці і на яго месцы збудаваць сучасны кінатэатр.

У савецкія гады ў касцёле знаходзіўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР, пазней у ім быў створаны Дом кіно.

З 1989 г. ксёндз Уладзіслаў Завальнюк разам з вернікамі пачаў барацьбу за вяртанне народу каталіцкіх святынь у Менску аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах, Лагойску, Корані, Негарэлым і інш.

Каб вярнуць Чырвоны касцёл, вернікі праводзілі крыжовыя шэсці вакол будынка паўтары гады кожны вечар, а ў нядзелю - днём, пры любым надвор'і.

21 лістапада 1990 года, у дзень 80-годдзя касцёла, святыня была вернута прыхаджанам.

Вядоўца імпрэзы падкрэсліла, што з 90-тых гадоў касцёл стаў цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця сталіцы, яго візітнай карткай. У ім штодня гучыць родная беларуская мова, захоўваецца духоўная спадчына продкаў. У бібліятэцы імя А. Міцкевіча захоўваецца 50.000 кніг з творамі нацыянальнай і сусветнай класікі. Словы сардэчнай падзякі прагучалі ў адрас пробашча Чырвонага касцёла ксяндза-каноніка Уладзіслава Завальнюка, які з пастырскай адданасцю і шчырым словам служыць Богу і людзям.

На імпрэзе прагучалі вершы, прысвечаныя Чырвонаму касцёлу, створаныя Кацярынай Мяшковай, Эдуардам Граковічам, Алегам Жыдовічам, Ірынай Багдановіч.

Засявае Хрыстос

дабрынёй Беларусь,

Яе бачаць

крыштальнай крыніцай,

- стварыла кранальныя радкі Кацярына Мяшкова.

"Чырвоны касцёл нас вітае абдымкам ахоўным", - напісала паэтка і перакладчыца Ірына Багдановіч.

На вечарыне адбылася прэм'ера песні, прысвечанай касцёлу. У ёй былі выказаныя пачуцці многіх вернікаў:

У нашым касцёле

ты знойдзеш сяброў,

Пан Бог адкрывае

ў сэрцах любоў,

Усіх навучае, каб добрымі былі,

І тое, што трэба

старанна рабілі.

У імпрэзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі менскага літаратурна-музычнага аб'яднання "Галактыка": паэтэса Кацярына Мяшкова, спявачка і пісьменніца Ірына Цуканава, музыка і паэт Афанасій Бацяноўскі; навукоўцы, паэты і пісьменнікі, сябры бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, удзельнікі дзіцячай артстудыі "Неспадзянка" і музычнай групы Медыцынскай Палоніі Менска і Менскай вобласці.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

181. Заміроўскі (Віктар) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Замірова і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Заміровскі - Заміроўскі.

182. Заморац (Дзяніс) - семантычны вытвор ад апелятыва заморац (рэг.) 'заморак' ('кволая, фізічна недаразвітая істота'. Або 'той, хто прыбыў з-за мора' ( заморац)).

183. Запартыка (Алена) - семантычны вытвор ад апелятыва запартыка 'затычка, якой раней затыкалі дзверы, запёртыя на прабой' (РНС).

184. Зарэмбін (Антон) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Зарэмба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зарэмбін. ФП: zarеba (польск. 'зарубка' (Карл.)) - Зарэмба (мянушка, пазней прозвішча) - Зарэмбін.

185. Затурэнская (Таццяна) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Затур'я і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясціны': затурэнец, затурэнка, затурэнская - Затурэнская.

186. Згіроўскі (Аляксандр) - вытвор з суфіксам - скі ад тапоніма Згірава і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Згіравскі - Згіраўскі - Згіроўскі.

187. Зізюк (Міхась) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Зіз і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зізюк. ФП: Зіз (укр. рэг. 'касавокасць' - В.П. Лемцюгова. Украінска-беларускі слоўнік, с. 261) - Зіз (мянушка, потым прозвішча) - Зізюк.

188. Зоцікавіч (Леанід) - форма бацькаймення з суфіксам -авіч ад антрапоніма Зоцік з значэннем 'нашчадак названай асобы': Зоцікавіч. ФП: Ізот (імя <грэч. Zotikos 'жыццёвы, жыватворны') - Зот, Зоцік (народныя формы, празванне, потым прозвішча) - Зоцікавіч.

189. Зубрыцкая (Аліна) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Зубрычы з значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Зубрычская - Зубрыц (ч+с=ц) кая. ФП: зубр ('дзікі лясны бык сямейства пустарогіх'; 'пра коснага, кансерватыўна настроенага чалавека'; 'пра буйнога спецыяліста, уплывовую асобу (разм. жарт.)') - Зубр (мянушка, потым прозвішча) - Зубрыч ('нашчадак Зубра', бацькайменне з суфіксам -ыч) - Зубрычы (тапонім) - Зубрыцкая.

190. Зэльвіч (Міхась) - вытвор з суфіксам -іч ад тапоніма Зэльва і значэннем 'жыхар названага паселішча': Зэльвіч. Параўн. Масквіч (<Масква).

191. Івуць (Галіна) - варыянт імя Іў (падаецца "Арфаграфічным слоўнікам беларускай мовы" 2010 у рубрыцы "Асабовыя ўласныя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі", с. 552) з фінальным -уць: Івуць (параўн. Карп і Карпуць) набыў ролю прозвішча.

192. Ігаровіч (Засім) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Ігар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ігаравіч - Ігаровіч. Утваральнае слова-імя Ігар (сканд.) 'ваяўнічы'; (слав.) 'асцярожны, беражлівы'.

193. Ігнацік (Віталь) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Ігнат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ігнатік - Ігнацік. ФП: Ігнат (імя <грэч. 'невядомы, вогненны') - Игнат (1528) - Ігнат (празванне, потым прозвішча) - Ігнацік. Параўн. Карпік, Данілік.

194. Ізраіль (Якаў) - ад імя Ізраіль (<яўр. 'які змагаўся супраць Бога'), якое праз ступень празвання набыло ролю прозвішча.

195. Ізраільчык (Абрам) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Ізраіль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ізраільчык. Утваральнае слова ад імя Ізраіль (<яўр. 'які змагаўся супраць Бога'). ФП: Ізраіль (імя) - Ізраіль (прозвішча) - Ізраільчык.

196. Іконнікава (Людміла) - вытвор з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Іконнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Іконнікава. ФП: іконнік ('той, хто вырабляе ці распаўсюджвае іконы' (абразы - 'выявы Бога, святога або падзей іх жыцця як прадмет рэлігійнага пакланення вернікаў')) - Іконнік (мянушка, потым прозвішча) - Іконнікава.

197. Ільеня (Фядот) - вытвор з суфіксам -еня ад ант-рапоніма Ілья і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ільеня. Утваральнае слова Ілья ( Ілля, Ілія) <яўр. 'моц, цвердзь Божая'.

198. Істомін (Віктар) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Істома і значэннем 'нашчадак названай асобы': Істомін. ФП: Істома (імя <ст.-грэч. 'леў сярод людзей', <ст.-руск. 'млявы') - Істома (празванне, пазней прозвішча) - Істомін.

199. Кабаковіч (Сяргей) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Кабак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кабаковіч. ФП: кабак (рус. кабак 'шынок, карчма') - Кабак (мянушка, потым прозвішча) - Кабаковіч.

200. Кавалёнак (Уладзімір) - вытвор з суфіксам - ёнак ад антрапоніма Каваль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кавалёнак. Утваральнае слова - семантычны вытвор ад апелятыва каваль 'рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу', перан. 'той, хто сваёй настойлівай працай дамагаецца чаго-н., стварае што-н.'. Або ад апелятыва кавалёнак 'памочнік ці сын каваля'; параўн. укр. коваленко 'сын каваля' (семантычны вытвор). ФП: каваль ('майстар коўкі металу') - каваль ('стваральнік') - Каваль (антрапонім) - Кавалёнак.

201. Кадзянчук (Мікалай) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Кадзян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кадзянчук. ФП: кадзь ('вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі' (выкарыстоўваецца для заквашвання капусты і інш.)) - кадзян ('той, хто вырабляе кадзі', суфікс -ян (параўн. гаршкі - гаршчан 'ганчар')) - Кадзян (мянушка, потым прозвішча) - Кадзянчук (гл. "Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 147).

202. Кадлубовіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антарпоніма Кадлуб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кадлубовіч. Утваральнае слова ад апелятыва кадлуб (ст. бел.) 'пасудзіна, зробленая з цэлага кавалка дрэва, кадаўб' (Гарб.); 'драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з тоўстай калоды' (ТСБЛМ - 2016, с. 328). ФП: кадлуб ('пасудзіна') - Кадлуб (мянушка, пазней прозвішча) - Кадлубовіч.

203. Казаніна (Віёла) - вытвор з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Казань і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казаніна. ФП: казань ('прамова рэлігійна-навучальнага характару; пропаведзь') - Казань (празванне, потым прозвішча) - Казаніна.

204. Казімірэня (Антон) - вытвор з суфіксам -эня ад антрапоніма Казімір і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казімірэня. Утваральнае слова Казімір (слав.) 'той, хто не дае ворагу спакою'.

205. Калакут (Засім) - семантычны вытвор ад ст.-бел. калакут 'індык' (ПГССЛ).

206. Калейчык (Яўгеній) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Калея і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калейчык. Утваральнае слова ад апелятыва калея 'чарга' (Нас.).

207. Калібер (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) калібер 'калібр' (Нас., Даль).

208. Калістратава (Вікторыя) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам - ав-а ад антрапоніма Калістрат і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Калістратава. ФП: Калістрат/ Калістрацій (імя <грэч. 'спрытны, спрытны воін') - Калістрат (1567 г.) - імя, пазней прозвішча - Калістратава.

(Працяг у наст. нумары.)

Апантаны Бацькаўшчынай

Слыннаму навукоўцу, акадэміку НАН Беларусі Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму, сябру Рады ТБМ імя Ф. Скарыны 7 снежня спаўняецца 90 гадоў.

Радзім Гаўрылавіч - доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і дзяржаўнай прэміі БССР, прэміі РАН імя акадэміка М.С. Шацкага, ён - былы віцэ-прэзідэнт НАН Беларусі, член амерыканскага геафізічнага саюза, былы прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", прэзідэнт Беларускага геаграфічнага таварыства, старшыня фонду братоў Гарэцкіх.

Навуковыя працы акадэміка Р.Г. Гарэцкага прысвечаны геалогіі, тэктоніцы і геадынаміцы платформаў і радовішчаў карысных выкапняў. Радзім Гаўрылавіч - аўтар публіцыстычных артыкулаў, дакладаў і выступленняў на міжнародных з'ездах і навуковых канферэнцыях. Акадэмік Радзім Гарэцкі - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар Рады Беларускага фонда культуры, сябар Рады ТБМ.

- Радзім Гаўрылавіч, за апошнія гады выйшаў шэраг Вашых кніг: "Браты Гарэцкія", "Жыццёвы меланж", "Лісты жыцця і кахання" , у якіх адлюстроўваюцца лёсы братоў Максіма і Гаўрылы Іванавіча Гарэцкіх, важныя падзеі Вашага жыцця і гісторыя кахання Вашых бацькоў. Вы шмат працуеце над захаваннем гісторыі Вашай сям'і.

- У выдавецтве "Кнігазбор" некалькі месяцаў таму выйшла мая кніга "Апантаны Бацькаўшчынай". Гэта працяг маёй кнігі ўспамінаў "Жыццёвы меланж", якая выходзіла ў 2013 годзе. Падрыхтаваць і выпусціць кнігу мне дапамагло ГА ЗБС " Бацькаўшчына". "Меланж-2" аб'ядноўвае пяць раздзелаў, у якіх сабраны ўспаміны пра значныя падзеі грамадскага і культурнага жыцця 2013-2018 гадоў.

- У дні народзінаў прынята з пашанай узгадваць бацькоў. Вашы бацькі надалі Вам такі моцны імпульс узаемнай любові і паказалі прыклад годнага жыцця, што яго хапіла на 90 гадоў!

- Такога шчырага, вернага і высокага кахання нашых бацькоў, якое прыносіла любоў да жыцця людзей, зямлі, мы з братам не сустракалі! Гэта быў прыклад узаемаразумення, аднадумства, шчырай любові адзін да аднаго, да родных, да блізкіх, Бацькаўшчыны, народа, беларускай мовы і роднай зямлі.

Гаўрыла Іванавіч - сапраўдны беларускі інтэлігент, носьбіт вызначальных рысаў беларускага нацыянальнага характару. Сярод гэтых рысаў - высокародства, мудрасць, вера ў высокія гуманістычныя ідэалы, арганічная зрошчанасць са сваім народам, самаахвярнасць, здзіўляючае працалюбства, сіла духу, унутраная непахіснасць, няскоранасць.

Вось чаму сёння неабходна гаварыць пра вялікую ролю Гаўрылы Іванавіча ў духоўным жыцці беларуса, у маральным аздараўленні грамадства, як і даследваць літаратурна-мастацкую спадчыну класіка айчыннай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Ларыса Восіпаўна Парфяновіч была родам з Беластока з сям'і чыгуначніка Восіпа Іванавіча і хатняй гаспадыні Ефрасінні Міхайлаўны.

Я заўсёды здзіўляўся мужнасці гэтых людзей. Што ім дапамагала перанесці ўсе тыя жудасныя пакуты і заставацца сапраўднымі добразычлівымі людзьмі з чыстымі душамі?

Гэта - прага да жыцця, бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, уменне знаходзіць задавальненне ў рознай, як у разумовай, так і фізічнай працы, а каму пашчасціла - вялікае каханне. 8 ліпеня 1939 года з турмы пасёлка Мядзвежая Гара Гаўрылу ўдалося перадаць ліст да жонкі, у якім выказаў сваё вялікае каханне да яе і які цудам захаваўся да нашага часу. Таму я выдаў кнігу "Лісты жыцця і кахання".

- У кнізе " Жыццёвы меланж" Вы ўзгадвалі пра 100-годдзе Вашага навуковага кіраўніка акадэміка Аляксандра Леанідавіча Яншына.

- Яму была ўласцівая жарсць да ведаў, нявычэрпная дапытлівасць, надзвычайная памяць і дзівосная працавітасць у спалучэнні з мэтанакіраванасцю, якія дазволілі яму стаць шырока адукаваным інтэлігентам. Яго цікавілі прыродазнаўчыя і гуманітарныя навукі, любоў да прыроды, цяга да вандраванняў. Ён быў палявым геолагам, яго захапляла рамантыка даследванняў, у экспедыцыях ён дапамагаў разгружаць машыну, ставіць палаткі, распальваць вогнішча. На мяне паўплываў гэты чалавек вялікай мужнасці, сілы волі, самавалодання, з любоўю да справы, з ашаламляльнай энергіяй і грамадзянскай прынцыповасцю, народны дэпутат Вярхоўнага савета СССР.

- 25 гадоў Вы крочыце разам з ЗБС "Бацькаўшчына".

- У 1993 годзе ўзнікла ідэя стварэння Згуртавання беларусаў свету, міжнароднай грамадскай і культурна-асветніцкай установы з мэтай адраджэння мовы, культуры і адукацыі, стварэння дэмакратычнай дзяржавы. Першым прэзідэнтам ЗБС "Бацькаўшчына" стаў Васіль Быкаў, старшынём Рады - Яўген Лецка. Кульмінацыйным момантам стаў першы з'езд у ліпені 1993 года, які праходзіў з вялікім уздымам.

ЗБС" Бацькаўшчына" працягвае праводзіць шматгранную шырокую дзейнасць па аб'яднанні беларусаў свету, у якой прымае ўдзел вялікая колькасць шчырых сыноў Беларусі і замежжа, адданых здзяйсненню беларускай нацыянальнай ідэі.

Важным за гэтыя гады было выданне ўнікальных кніг з серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны", інфармацыйнага бюлетэня " Беларусы ў свеце", шырокую вядомасць атрымала грамадская кампанія "Будзьма беларусамі".

Я з'яўляюся сябрам Малой і Вялікай Рады ГА ЗБС "Бацькаўшчына", і 5 снежня адбудзецца яе пасяджэнне. У Вялікую Раду ўваходзяць прадстаўнікі замежжа, беларусы з ЗША, Канады і Вялікабрытаніі. Перыядычна мы збіраемся і плануем нашу супольную дзейнасць.

- Вас даўно хвалюе лёс літаратурнага дома-музея Максіма Іванавіча Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы.

- Музей быў адчынены ў 1993 годзе да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Пра яго адкрыццё рупіўся другі сакратар ЦК КПБ Кузьмін, які тады з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па Мсціслаўскай акрузе.

Зламаць і перанесці хату ў Мсціслаў нельга, яна павіннна заставацца ў Малой Багацькаўцы. Раней яна належала да Рэспубліканскага музея гісторыі беларускай літаратуры ў Менску, а ў 2011 годзе яе перадалі ў валоданне Мсціслаўскага краязнаўчага музея, у якога не хапае сродкаў на належнае падтрыманне сядзібы. Яна не даглядаецца, не ацяпляецца. Мемарыял павінен стаяць там, дзе чалавек жыў і тварыў. Сёлета ў Мсціславе адзначалі 125-годдзе Максіма Гарэцкага, запрашалі на святкаванне і мяне.

- Радзім Гаўрылавіч, нягледзячы на такі пашанотны ўзрост, Вы працягваеце працаваць і дзейнічаць у шэрагу ўплывовых беларускіх арганізацый. Вы і далей займаецеся пытаннямі геалагічнай навукі. Які зараз яе стан?

- Раней існаваў Інстытут геахіміі і геафізікі як адзіная моцная ўстанова ў краіне, якая налічвала 220 супрацоўнікаў (17 дактароў і 57 кандыдатаў навук). Вельмі шкада, што накірунак навук аб зямлі зараз у горшым стане. Пасля расфарміравання Інстытута 20 чалавек маіх калег і я перайшлі працаваць ў Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі. Інстытут узначальвае мой вучань, геолаг, доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік Аляксандр Кірылавіч Карабанаў. Мы з калегамі працуем і ўдзельнічаем у супольных міжнародных праектах. Нядаўна адзін з такіх міжнародных праектаў з удзелам спецыялістаў з Украіны, Польшчы, Германіі і Даніі даследваў Прыпяцкі прагін на поўдні Беларусі. Там знаходзіцца наша самае галоўнае багацце, карысныя выкапні калійнай солі, нафты. Дзякуючы сучасным прыборам было магчыма вывучаць геалагічную будову раёна, каб мець напрамак, як шукаць карысныя выкапні. Мы шмат супрацоўнічаем з украінскімі калегамі, у іх шмат інстытутаў геалагічнага профілю. Яны запрасілі нас на святкаванне 100-годдзя Украінскай Акадэміі навук.

Нядаўна я ўдзельнічаў адкрыцці помніка Нілу Гілевічу на Кальварыйскіх могілках. Мы былі сябрамі з Нілам Гілевічам, і я выступіў на адкрыцці яго помніка, быў рады, што прыйшла моладзь.

- Вы кожны год ладзіце Гарэцкія чытанні, ці прадоўжацца яны ў будучыні?

- Так. Гарэцкія чытанні працягнуцца і далей. Кожны раз адкрываюцца ўсё новыя бакі творчай спадчыны Максіма Гарэцкага, робяцца цікавыя параўнанні яго твораў з працамі пісьменнікаў, даецца ацэнка яго дзейнасці і яго ролі ў развіцці беларускай літаратуры, мовазнаўства, знаходзяцца новыя звесткі пра жыццё і дзейнасць братоў Гарэцкіх. (Даследванні праводзілі Міхась Мушынскі, Віталь Скалабан, Таццяна Дасаева, Г. Запартыка).

Нядаўна выйшаў з друку зборнік матэрыялаў ХХVI Гарэцкіх чытанняў, якія звычайна праходзяць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. 6 снежня ў музеі адбудзецца прэзентацыя дыска відэаматэрыялаў, зробленых Алегам Вінярскім да 125-годдзя Максіма Гарэцкага.

13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў 16.00 пройдзе вечарына, якую падрыхтаваў да майго юбілею Беларускі фонд культуры, сябрам Рады якога я з'яўляюся.

- Шчыра дзякуем Вам і жадаем моцнага здароўя і дужых сіл!

Гутарыла

Эла Дзвінская,

75 гадоў з дня нараджэння Валерыя Дзевіскібы

На ўшанаванне 75-годдзя з дня нараджэння мастака Валерыя Дзевіскібы (25.11. 1943 - 19.10.2001), таленавітага чалавека з трагічным лёсам, які вымушаны быў з'ехаць у 1992 г. з натхнёнай Рыгі ў Новую Мільчу,"мастака з беларускай душой", як сказаў пра яго Вячка Целеш, прапаную з архіва свайго некалькі здымкаў. 1."Францыск Скарына" В. Дзевіскібы; 2. "Мікола Гусоўскі" В. Дзевіскібы (1980 г.); 3. "Сяргей Панізьнік", 1988 г.; 4. Валерый Дзевіскіба ў майстэрні, 1988 г., 5. Рыга, каля помніка Крыш'яну Барону Уладзімір Арлоў, Яўген Лецка, Валерый Дзевіскіба, Вячка Целеш, Сяргей Панізьнік.1986 г.

Калі ў Гомелі Валерыя не стала, жонка Лідзія звярнулася да мяне з просьбай аб дапамозе устанавіць помнік на яго магіле. Паспрыялі мне пісьменнікі Вячаслаў Рагойша, Адам Мальдзіс. Я ім перадаў па партрэту з калекцыі Дзевіскібы, а яны наўзамен самі пераслалі на адрас Лідзіі сродкі для ўстаноўкі помніка. У Гомелі наведаць мастака яшчэ паспеў пры яго жыцці Яўген Лецка.

У кнізе "Крывіцкія руны-2" можна прачытаць на стар. 337-342 успаміны Вячкі Целеша пра Валерыя Дзевіскібу: "Мастак з беларускай душой".

Вось такія згадкі пра беларуса, народжанага ў гітлераўскім канцлагеры на тэрыторыі Польшчы. А дапамаглі яму выжыць палякі Стэфа і Богдан Завірухі. У касцёле горада Лодзі і быў ахрышчаны Валеры-Лявонты.

Я пісаў пра мастака ў газеце "Літаратура і мастацтва": "З Юрмалы - у Гомель" (31 снежня 1993 г.), і "Беларусь была роднай" (10 снежня 2004 г.). А таксама ў газеце "Культура": "Анёл-абаронца Валеры Дзевіскібы..." (№ 47, 25 лістапада - 1 снежня 2000 г.). Пісалі пра яго, як пра ўдзельніка выставы "Мікола Гусоўскі і яго час" (Мінск, 1980 г.). Ён стварыў мастацкія вобразы Ф. Скарыны, В. Дуніна-Марцінкевіча, М. Гусоўскага, М.А. Агінскага, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, С. Манюшкі, В. Цяпінскага, К. Каліноўскага... Сустрэўшыся ў юрмальскім доме творчасці (Дубулты) з Р. Барадуліным, У. Караткевічам, У. Калеснікам, У. Дамашэвічам, Ф. Янкоўскім, не губляў з імі сувязі. Сябраваў з Я. Куліком.

Працы В. Дзевіскібы рознай тэматыкі трапілі ў свой час у прыватныя зборы У. Арлова, А. Лойкі, А. Мальдзіса, У. Сакалоўскага, Э. Ялугіна, Я. Лецкі...

Сяргей Панізьнік. Здымкі Сяргея Панізьніка.

З літаратурай і па-мастацку наведаў

Віктар Шніп Крупаўскую сярэднюю школу

Мая малая радзіма… Мой родны кут. Заўсёды пяшчотна і радасна ўзгадваю вёску (аграгарадок) Крупава, што на Лідчыне. Тут прайшло маё дзяцінства, тут я скончыў Крупаўскую сярэднюю школу. Заўсёды, калі я пераступаю яе парог, то хваляванням няма мяжы. Тым больш, калі сам запрашаю ў яе ўтульныя сцены знакамітых асоб Беларусі, а менавіта тых, хто сёння стварае сучасную беларускую літаратуру, тых, чые імёны вядомы хоць знешне ў школьнай праграме, чые кнігі змяшчаюцца на бібліятэчных паліцах. Тады тут пануе сапраўднае свята, якое не часта бывае ў вясковых школах. Так, памятаю, у 2007 годзе тут, у школьных сценах па маёй ініцыятыве была сустрэча з галоўным рэдактарам дзіцячага беларускага часопіса "Вясёлка" Уладзімірам Ліпскім. Памятаю тут сустрэчу з Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным. А на гэты раз я зноў зрабіў падарунак для роднай школы. Сюды завітаў вядомы пісьменнік, галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп. Сустрэча адбылася з вучнямі і настаўнікамі ў школьным гістарычна-краязнаўчым музеі "Час. Падзеі. Людзі", дзе асобна змяшчаецца экспазіцыя пра вядомага падарожніка, вучонага Ігнацыя Дамейку, які жыў у свой час непадалёку ад Крупава.

Затаіўшы дыханне вучні слухалі аповеды госця, баючыся ўпусціць цікавыя моманты з жыцця і творчасці пісьменніка. А паслухаць было што! Віктар Анатольевіч згадаў гісторыю напісання свайго першага верша, распавёў пра незабыўнае знаёмства з Вязынкай - малой радзімай Янкі Купалы, куды насіў вершы яшчэ хлапчуком з мэтай пазнаёміцца з вядомым класікам беларускай літаратуры, падзяліўся момантамі са сваіх прыгодніцкіх ўчынкаў, пра вучобу і працу ў выдавецтве. З задавальненнем адказаў на пытанні прысутных. І, безумоўна, зачытаў свае вершы. А найбольш актыўныя слухачы атрымалі на памяць кнігу "Пугачоўскі цырульнік" з аўтографам аўтара. Папоўніў фонды школьнага музея таксама асобнік гэтага выдання, а таксама памятны запіс у кнізе водгукаў. Напрыканцы, Віктар Анатольевіч завітаў у бібліятэку, што знаходзіцца ў будынку школы, пацікавіўся яе кніжным фондам. Вядома, значная частка кніг выходзіць у выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Потым госць наведаў літаратурны аддзел (дом Валянціна Таўлая) Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Пасля адбылася яшчэ адна сустрэча - у канферэнц-зале Лідскага замка.

Трэба нагадаць, што ў 2014 годзе паважаны пісьменнік быў таксама ў Лідскім замку, аб чым узгадаў у сваім дзённікавым рамане "Заўтра была адліга". Пазней стала вядома, што пра сёлетнюю сустрэчу паэт таксама збіраецца занатаваць у сваіх чарговых мемуарах.

Алесь Хітрун, былы выпускнік Крупаўскай сярэдняй школы.

Году малой радзімы прысвячаецца…

З чаго пачынаецца паэт? Магчыма з адчування таго, што жыццё чалавека - гэта шчасце, вялікі дар… - менавіта такімі словамі пачалася гадзіна гістарычнай памяці "І зноў пяе душа…" ў Карэліцкай раённай бібліятэцы, прысвечаная 110 - годдзю з дня нараджэння самабытнага паэта з маленькай вёсачкі Скорычы Карэліцкага раёна Алеся Мілюця. У час літаратурнай імпрэзы гучала чароўная, лірычная музыка цымбал, чыталіся цудоўныя вершы паэта - вершы пранікнёныя любоўю да сваёй Бацькаўшчыны, якая і ёсць тым ідэалам, якому павінен служыць сапраўдны паэт. Таксама гучаў аўтабіяграфічны аповед з жыцця сялянскага хлопца, які загінуў ў 1944 годзе ва Усходняй Прусіі.

Сваякі Мілюця, якія прыехалі з Берасця і Менска з самага ранку наведалі родную вёску знакамітага продка і агледзелі кожны куток дарагога сэрцу месца. У час мерапрыемства натхнёныя і з вялікім жаданнем не раз вярнуцца сюды, каб адрадзіць радавое гняздо, шмат гаварылі цёплых слоў аб сям'і, успаміналі сваіх прашчураў, усіх тых, ад каго пайшоў іх род, а таксам з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю гаварылі пра свайго "роднага паэта", чыталі яго пісьмы з фронту да стрыечнай сястры Мані, успаміны класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля, якому пашчасціла быць знаёмым з Алесем Мілюцем.

Таксама далі наказ маладому пакаленню, вучням якія прысутнічалі - любіць і шанаваць сваю маленькую радзіму, ведаць яе гісторыю і тых людзей, якія яе праслаўляюць.

У рамках мерапрыемства працавала кніжная выстава "Мой верш - мая споведзь", на якой прадстаўлена літаратура з бібліятэчных фондаў, і матэрыялы з фонду раённага краязнаўчага музея. Ладзілася электронная прэзентацыя.

Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

Экспарт у Германію прадпрыемствамі "Беллеспаперпрама" павялічаны на 62%

Навіны Германіі

За студзень-верасень 2018 гады экспарт прадпрыемстваў "Беллепаперпрама" на рынак Германіі вырас на 62% да 12,2 млн даляраў.

З агульнага аб'ёму экспартаванай прадукцыі больш за 50% займае мэбля (6,4 млн даляраў - у чатыры разы больш, чым за дзевяць месяцаў 2017 года). Другі па папулярнасці прадукт - фанера (2,8 млн). Пастаўляюцца таксама піламатэрыялы, драўнянае паліва, драўняныя пліты (ДСП і ДВП), папера, кардон, дзверы, вокны, розныя драўляныя вырабы і іншая прадукцыя.

У наш час канцэрн вядзе падрыхтоўку да ўдзелу беларускіх вытворцаў мэблі ў найбуйнай міжнароднай мэблевай выставе IMM Сologne 2019, якая адбудзецца ў нямецкім Кёльне 14-20 студзеня.

Беларуская мэбля тут будзе прадстаўлена ўпершыню на адзіным нацыянальным стэндзе. Раней шэраг прадпрыемстваў удзельнічаў самастойна ў дадзенай выставе, але разрозненасць стэндаў і іх знаходжанне ў розных павільёнах не давалі належнага эфекту, адзначыла прэс-служба "Беллеспаперпрама".

Таму прынята рашэнне прадставіць на выставе адзіны брэнд якаснай і разнастайнай беларускай мэблі. Прадукцыя будзе прадстаўлена ў інтэр'еры стылізаванай беларускай хаты, дзе ёсць гасціная, спальня, кухня, пакоі адпачынку.

У рамках выставы запланавана правядзенне беларуска-германскай канферэнцыі, на якой адбудзецца прэзентацыя беларускіх мэблевых прадпрыемстваў і іх магчымасцяў па працы з нямецкімі замоўцамі і партнёрамі. Удзел у канферэнцыі прымуць прадстаўнікі шэрагу гандлёвых сетак Германіі і буйных кампаній. Адбудуцца перамовы з прадстаўнікамі і французскіх кампаній, якія таксама выказалі зацікаўленасць у супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі.

Выстава IMM Cologne штогод прымае экспанентаў з усяго свету на плошчы 280 тыс. кв. м. Па колькасці і геаграфіі ўдзельнікаў з гэтай выставай могуць канкураваць толькі Парыжскі мэблевы салон (студзень, Францыя) і Міланскі мэблевы салон (красавік, Італія).

Прэс-служба "Беллеспаперпрама".

"Верасень" і высокая паэзія на Лідчыне

У канцы лістапада на Лідчыне прайшлі чарговыя літаратурныя сустрэчы. Сюды завіталі паэт і бард, рэдактар літаратурнага часопіса для маладых "Верасень" Эдуард Акулін і паэт-песеннік, сталы аўтар часопіса "Верасень" Леанід Дранько-Майсюк.

Першая сустрэча адбылася ў Мінойтаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна. Гэтая школа слынная тым, што першая з навучальных устаноў Лідчыны ўключылася ў напісанне Агульнанацыянальных дыктовак.

Дзіцячыя вершы і зусім сур'ёзныя песні не пакінулі абыякавымі нікога: ні вучняў, ні настаўнікаў.

Другая сустрэча прайшла ў Палацы культуры Лідскага політэхнічнага ліцэя. Да слова, і гэты ліцэй у сваёй "вагавай катэгорыі" таксама першым далучыўся да Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

На сустрэчу прыйшлі шэсць груп навучэнцаў, пад 200 чалавек, а ў зале стаяла мёртвая цішыня, на столькі ўсе былі захоплены выступамі гасцей. Толькі апладысменты час ад часу разрывалі тую цішыню. А новая песня Эдуарда Акуліна "Белае паліто", якая яшчэ не трапіла ў ніякі альбом, была сутрэта з захапленнем.

Сустрэчы ішлі пад крылом лідскіх арганізацый ТБМ.

Яраслаў Грынкевіч.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Камендантам у Вільні быў генерал Вяткін, пад камандай і наглядам якога знаходзіліся вайсковыя вязні. Зыгмунт у час сваіх праездаў праз Вільню ніколі не мінаў Вяткіна (чалавек гэты просты, грубаваты, але не ведаў фальшу і двурушнасці цывілізаваных расейцаў, з простага мужыка, жудасна брыдкі (таму называўся ў Вільні "прыгожым") нейкай нам невядомай удачай падняўся да рангу генерала, ажаніўся з кузінай Суворава. Натура добрая, але ардынарная. Вяткін шчыра прывязаўся да Зыгмунта, апрача таго, імпанавалі яму падарожжы, блізкія стасункі з міністрам і іншымі высокапастаўленымі асобамі. (На Літве і ў Расіі Зыгмунт меў ужо вялікі розгалас.)

У сілу атрыманых царскіх даручэнняў Зыгмунт зажадаў ад Вяткіна змены тагачаснай сістэмы і адмены цялесных пакаранняў, ужываных у турмах. Жаданне тое суправаджала лекцыя па тэорыі. Вяткін не меў загаду з Пецярбурга, тэорыі не быў у стане зразумець, але, не могучы супраціўляцца ўплыву Серакоўскага, адмяніў цялесныя пакаранні ў турмах. Крок гэты апярэджваў праектаваную рэформу. У Пецярбургу яшчэ дэбатавалі над ёй, а ў Вільні яна ўжо ўвайшла ў жыццё. Акрамя вымовы, прысланай Вяткіну, вайсковыя ўлады мелі доказ, што турмы могуць існаваць без палак. У тыя часы вярнуцца да даўняй сістэмы было рэччу немажлівай.

Цяпер пасля пакідання Пецярбурга, калі затрымаўся на некалькі дзён у Вільні, быў, як звыкла, у Вяткіна і Назімава, апошні з узрушэннем уручыў яму тэлеграму з міністэрства, віншуючы яго са званнем падпалкоўніка265.

(Як бы падазравалі мэту яго выезду і спрабавалі яго тым затрымаць.)


Па сыходзе многіх гадоў пыталася мяне маці:

- Калі б табе дадзена было выцерці і з сэрца, і з памяці ўсё тваё мінулае, якое б жыццё для сябе стварыць хацела?

- Калі пакутніцкая смерць дарагіх для нас была неабходнай, непазбежнай, калі ўсе паразы, знішчэнне краю і слёзы там пралітыя былі гістарычнай неабходнасцю, непазбежныя, то такое, якое пражыла, не інакшае. Ані адной хвілі, ні аднаго пачуцця не хацела б сцерці з памяці (а памяць маю страшна бязлітасную). Адны памятаюць, гэта значыць - ведаюць, як было; для мяне памятаць - гэта ведаць, чуць і бачыць, як даўней. Каб была мастаком, магла б аднавіць пэндзлем кожную рысу, кожнае адценне выразу твару так, як у той час бачыла. Звычайныя штодзённыя рэчы сцерліся цалкам. Гаварыла маці і так адчувала. Бо, калі страшны гром, які выцяў з волі Бога, нішчачы ўсё маё шчасце і жыццё, быў большым, амаль чым людская душа можа перанесці; тая ж самая воля Божая дала мне спазнаць найвышэйшага асабістага шчасця: кахаць і быць каханай найвысакароднейшым чалавекам на зямлі. Калі мусіла глядзець і падзяляць пакуты майго мардаванага народа, то бачыла яго ў найпрыгажэйшыя хвілі яго жыцця.

Сёння могуць рацыянальныя людзі з халоднай крывёй крытыкаваць, наракаць і здзекавацца, і пляваць на тую старонку нашага мінулага, якая была зместам тагачаснага пакалення і ўсяго жыцця маёй сям'і, але хто яе перажыў, хто яе бачыў, той толькі мае паняцце, чым яна была.

У памяці маёй замацавалася, як бы вялікая, высакародная хвіля натхнення, адухаўлення цэлага народа. У Польшчы ва ўсіх трох дзялянках, у Расіі, на эміграцыі, усюды, дзе хто насіў імя паляка, маладыя, старэйшыя ўсіх узростаў адно адчувалі, адно супольнае мелі жаданне жыцця ці смерці, але разам, за Бацькаўшчыну. Маючы ў душы тыя ўспаміны, разумею запал і радасны ўздым першых хрысціян, калі тыя ішлі на мукі і на смерць за веру. Быў гэта момант, у які знікалі ўсе злыя інстынкты ў нашым грамадстве і пряўляліся ўсе яго добрыя бакі: ахвярнасць, самаахвярнасць, любоў да бліжняга, вера ў шляхетнасць чалавечай душы - і ўсё гэта ў імя аднаго вялікага пачуцця, любові да Бацькаўшчыны!


У той час нашая сям'я пазнаёмілася з Зыгмунтам, Францішак і Аляксандр ведалі яго ад 1846 года. Была гэта постаць так цяжкая для зразумення і для апісання для тых, якія яго не ведалі і не бачылі, як быў цяжкім для зразумення і для апісання для тых, якія не жылі і не атрымалі ўражанняў 1863 года, той цудоўны момант у нашай гісторыі.

Бачачы і чуючы Зыгмунта, адчувалася, што дух Божы кіраваў тым чалавекам. У яго прысутнасці кожны пачуваўся лепшым, здальнейшым да высакародных учынкаў. Калі гаварыў, твар яго пераўтвараўся, прыкоўваў зрок, пакараў душу слухача. Серакоўскі не знаў хвіль, праведзеных у бяздзейным спакоі. Думка яго заўсёды дзейная, пільна планавала ўсё, што можна, што трэба зрабіць, каб ашчаслівіць тых найбяднейшых і пераследаваных, падняць пагразшых у бяздзейнасці і ў эгаістычным дабрабыце. Зыгмунт ніколі не сумаваў, і ніхто ніколі не спазнаў суму ў яго таварыстве. Калі стаў паводле абавязку або прыгожага чыну, не вагаўся ахвяраваць шчасцем і жыццём сваім. Ніхто яго ніколі не бачыў панурым, маркотным або апатычным. Не верыў у знікненне Духу Божага ў чалавеку. Надзелены нечуванай энергіяй і воляй, быў сапраўдным панам сам над сабой. Не разумеў так часта паўтараных палякамі выразаў: "Зробіцца", "Неяк будзе", "Мне ўсё адно". Не мог зразумець, як чалавек, абдораны думкай і воляй, можа гаварыць: "Неяк будзе" замест "Зраблю", а найхутчэй тое апатычнае: "Мне ўсё адно". Любіў усіх людзей: балела яму за ўсякую дробязь. У выпадку найбольшага падзення чалавека не пагарду, а літасць адчуваў да яго, не думаў, як яго пакараць, але як яго паправіць і падняць.

Пэўнага дня было характэрнае ў тым родзе здарэнне. У ранні час нехта пазваніў, просячы пра сустрэчу з Зыгмунтам. Выйшаў. Праз хвілю вярнуўся, пытаючыся ў жонкі.

- Польцю, колькі маеш грошай у бюро?

- Яшчэ ўсе, што даў мне ўчора на хатнія выдаткі.

- Як жа гэта добра! Давай жа мне ўсе да гроша.

- Зыгмунце, а што будзе заўтра? - пыталася я, смеючыся.

- Заўтра?! Ах ты нядобрая хрысціянка! Нядобра ведаеш пацеры: "Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння", - тут выразна няма згадкі пра заўтра. Прашу цябе, бяжы ў залу, там застанеш бедную сплаканую маці семярых дзяцей, бацька якіх упаў нізка, спаняверыўся. Прытулі яе збалелую і прыгнечаную, суцеш яе. Польцю, ты зразумееш, як яна моцна няшчасная. Еду ў міністэрства, трэба яго ратаваць, трэба яму даць час выправіцца, падняцца ў вачах дзяцей, жонкі, уласнага сумлення і грамадства.

(На жаль, быў гэта паляк, палкоўнік Лаш...266; сёння бачу ўнукаў таго чалавека, занятых карыснай працай. Клопат Зыгмунта за іх лёс не пайшоў на марна.)

Паўстанне Зыгмунт разглядаў з усіх бакоў сродкам не для нашага часу. Едучы ў Парыж, гаварыў мне:

- Праз гадоў 20-30, туды-сюды, мусіць наступіць сутыкненне інтарэсаў еўрапейскіх дзяржаў, чакаюцца вялікія, страшныя перавароты. Мы сёння ледзьве можам сабрацца на пратэст, але і пратэст павінен быць аблічаным і выкананым так, каб паказаў, акрамя крывавых ахвяр, пэўную сілу і моц, а адной з найважнейшых ёсць маральная, духоўная моц ва ўзгодненых памкненнях агулу...

(Працяг у наст. нумары.)

265 Серакоўскі закончыў службу ў званні капітана (тады капітан адпавядаў сённяшняму маёру, і адпаведна наступным званнем было званне падпалкоўніка. Сённяшняму званню капітан тады адпавядала званне штабс-капітан. А Мілюцін, пішучы пра выезд Серакоўскага са службовай дэлегацыяй, зусім запісаў: палкоўнік; Д.А. Мілюцін. Успаміны, т. 1, Масква. с. 482-483.

266 Постаць не ідэнтыфікавана.

"Казнить смертью расстрелянием!"

(пра ваеннага начальніка Гарадзенскага павета ў час паўстання 1863 г. А. Лянкевіча)

Іван Буднік

Такі суровы вердыкт вынес 19 лістапада 1866 года Часовы палявы аўдытарыят у Вільні Аляксандру Алойзавічу Лянкевічу, саракатрохгадоваму падпалкоўніку царскай арміі ў адстаўцы, нашаму земляку.

Нямногія гарадзенцы могуць распавесці, кім ён быў, чым вызначыўся і заслужыў такую ўвагу расійскага суда. А між тым звыш 150 гадоў назад дзяржаўныя службы, паліцыя, жандармы Паўночна-Заходняга краю былі моцна занепакоены яго дзейнасцю, яго шукалі, імкнуліся затрымаць, але безвынікова. Ажыўлена зарыпелі пёры паліцэйскіх і ваенных чыноў, калі віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў 7 лістапада 1863 г. запатрабаваў даць дакладныя звесткі аб усіх "предводителях мятежнических шаек". У выніку працяглых пошукаў былі складзены і высланы гарадзенскім губернатарам І. Скварцовым у Вільню "Сведения о предводителях мятежнических шаек и банд, действовавших в Гродненской губернии, составленные из уведомлений следственных комиссий и из показаний добровольно явившихся мятежников". У гэтых "Сведениях" значылася і прозвішча Аляксандра Лянкевіча (пс. Ляндар).1


У час паўстання 1863 - 1864 гг. ён быў ваенным начальнікам Гарадзенскага павета і камандаваў паўстанцкімі аддзеламі на Гарадзеншчыне. Такі яго жыццёвы лёс не быў выпадковым з пункту гледжання яго паходжання і папярэдняга роду дзейнасці.

Як сведчаць архіўныя дакументы, род Лянкевічаў паходзіў з Гарадзенскага павета і пражываў у няісным цяпер невялікім маёнтку Панюкі, які знаходзіўся за сем вёрст ад мястэчкаў Скідзель і Азёры, побач з невялікай вёскай Струпін. За паўвярсту праходзіў ажыўлены паштовы тракт з Гародні ў Скідзель і далей у Мількаўшчыну і Каменку. Сам двор размяшчаўся на правым беразе рачулкі Пыра, якая нясе воды ад Азёр у раку Котра. Група гарадзенскіх краязнаўцаў паспрабавала адшукаць на мясцовасці і ў свядомасці навакольных жыхароў зніклы фальварак Панюкі. Аб гэтым павялі гаворку ў вёсцы Лашавічы, што размясцілася на высокім процілеглым беразе Пыры.

- Вось тут насупраць, на другім беразе, недалёка ад рэчкі і стаяў панскі дом, - павёў з намі размову мясцовы жыхар сямідзесяціпяцігадовы Пілец Уладзімір Аляксеевіч. - Я помню добра і дом, і двор, там і сад яшчэ быў. Пасля вайны там пасялілі ўсходнікаў. Яны будавалі цукровы завод у Скідзелі. Не глядзелі за домам, загадзілі. А пазней яго разабралі.

- А прозвішча ўладальніка помніце?

- А як жа! Зялінскі, польскі капітан. Да вайны, расказвалі, тут і дзве паненкі, дочкі яго, жылі. З'ехалі перад вайной усе.

- Раней каму належаў, пры царскім часе? Пра гэта тут не гаварылі?

- Не, не скажу. Тут не ведаюць.

Пра Лянкевіча тут не чулі. Мы разумеем. Дзе ж ім ведаць аб падзеях і людзях сі-вой даўніны! Пра іх можна было б даведацца ў школе, калі б пра іх пісалі падручнікі, пачуць па радыё, прачытаць у газетах, калі б там аб іх узгадвалі. А такога не было, або аб паўстанцах, ваяваўшых супраць расійскага панавання, падавалася скажоная ці няпоўная інфармацыя.

Месца размяшчэння невялікага панскага двара Лянкевічаў парасло забыццём не толькі ў памяці мясцовых жыхароў, але і ў самой прыродзе. Рэльеф мясцовасці, лініі захаваўшыхся старых дрэў, рэшткі некалькіх здзічэлых яблынь і груш даюць прыблізны эскіз размяшчэння сядзібы, жылых і гаспадарчых будынкаў на

двары. Так, двор знаходзіўся недалёка ад рэчкі, якая дугой выгіналася перад ім. З "Описи имущества" маёнтка, складзенай 28 верасня 1863 г. чыноўнікам палаты дзяржаўных маёмасцяў, даведваемся, што тэрмін "маёнтак" не вельмі стасуецца ў дачыненні да Лянкевічаў. Гэта больш нагадвае вялікі сялянскі двор, дзе знаходзіліся жылы драўляны дом, крыты саломай, адрына для збажыны і разам канюшня, адрына для сена, хлеў для жывёлы, калодзеж. У гэтым маёнтку для патрэб гаспадаркі і яго жыхароў меліся адзін рабочы вол, адзін стары конь, карова, дзве свінні. Памешчыку належала 83,5 дзесяціны зямлі. І ўвесь гадавы прыбытак складаў 150 руб.2 Для параўнання паведамім, што ў вёсцы Струпін дзве залежныя сялянскія сем'і (згодна з Інвентарным апісаннем маёнтка Панюкі ад 15 снежня 1845 г.) мелі па два рабочыя валы, па адным кані і карове, па 5 авечак і па 4 свінні; у іх у карыстанні было 13 дзесяцін зямлі. Трэба адзначыць, што становішча гэтых дзвюх сялянскіх сем'яў у маёнтку Алойзія Лянкевіча (бацькі Аляксандра) у гэтыя часы адрозніваліся ў лепшы бок у параўнанні з павіннасцямі сялян у іншых памешчыкаў. Так, яны апрацоўвалі толькі палавіну памешчыцкай зямлі, выконваючы 3 мужчынскія і 3 жаночыя паншчынныя дні ў тыдзень, а на другую - маёнтак наймаў іншых работнікаў. Яны не выконвалі такіх адпрацовачных павіннасцей, як шарваркі і згоны, не плацілі натуральных падаткаў. Рабочы дзень у Панюках пачынаўся летам з сямі гадзін - на адну гадзіну пазней, чым у іншых. Такія больш мяккія адносіны да сялян у маёнтку не маглі не паўплываць на складванне поглядаў і жыццёвых прынцыпаў Аляксандра Лянкевіча, на яго адносіны да простых людзей3.

Абмежаваныя прыбыткі невялікага маёнтка Панюкі не далі магчымасці яму атрымаць адукацыю ва ўніверсітэце. Пасля вучобы ў прыватнай навучальнай установе Аляксандр у сямнаццацігадовым узросце паступіў у званні ўнтэр-афіцэра на ваенную службу, якой аддаў 21 год жыцця і набыў добры вайсковы досвед. У гады яго службы (з 1840 па 1861) войска фарміравалася на аснове рэкруцкіх набораў, існавала жорсткая палачная дысцыпліна часоў праўлення цара Мікалая І (1825-1855 гг.). (Дастаткова ўспомніць апавяданне Л. Талстога "Пасля балю".) Служба Аляксандра Лянкевіча праходзіла ў адным з старэйшых у расійскай арміі палкоў - у Нізаўскім пяхотным. Ён быў сфарміраваны яшчэ ў 1726 г. і ўдзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй, Персіяй, Швецыяй, Францыяй; паказальна, што ён прымаў удзел у задушэнні ўсіх трох вызвольных паўстанняў на тэрыторыі Польшчы-Беларусі (1794, 1830-1831,1863-1864 гадоў). У гады службы Аляксандра Лянкевіча Нізаўскі полк удзельнічаў у задушэнні венгерскай рэвалюцыі ў 1849 г. і ў Крымскай вайне ў 1855-56 гг. Як вопытны ў правядзенні карных аперацый, полк быў накіраваны і ў Царства Польскае ў 1863 г.

(Працяг у наст. нумары.)

1 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, (далей - НГАБ у Гродне), ф. 1, воп. 34. Сп. 1151, л. 18.

2 НГАБ у Гродне, ф.31, воп.1, сп. 33, л. 39, 41, 44

3 НГАБ у Гродне, ф. 31, воп. 1, сп. 33, л. 41, 43

Новая інфармацыя пра крыж на магіле паўстанцаў 1863 г. каля Стрэліцы і іншыя народныя мемарыялы 1863 г. на Лідчыне

Леанід Лаўрэш

Як ужо паведамлялася раней, вывучаючы машынапісны рукапіс (больш за 400 старонак) аднаго з апошніх уладальнікаў маёнтка Ішчална Караля Лясковіча, я натрапіў на гэткую інфармацыю: "На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўночна-ўсходнім накірунку (так у тэксце, рэальна - у паўночна-заходнім накірунку - Л.Л.) знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні - помнік 1863 г. Тут была супольная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі".

Пасля гэтага на месца пахавання была зладжана экспедыцыя, у якой я не прымаў удзел, і быў знойдзены той самы курган дзе пахавалі паўстанцаў. Гэта інфармацыя мела досыць шырокі распаўсюд праз незалежныя сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя сеткі, распаўсюду інфармацыі, часткова спрыяла тое, што няўрымслівая журналісты знайшлі "прывід" каля месца пахавання паўстанцаў ...


Некалькі дзён таму праз адну з сацыяльных сетак да мяне звярнуўся Іван Аркадзьевіч Давідовіч (1958 г. н.), урач-неўролаг, інтэлігентны і высокаадукаваны чалавек. Ён нарадзіўся ў вёсцы Ігнаткаўцы, і хутары яго вёскі пераходзілі ў хутары засценка Станкевічы - тая мясцовасць родная для Івана Аркадзьевіча. Ён усё жыццё цікавіўся гісторыяй, чытаў і зараз чытае шмат гістарычнай літаратуры, да таго ж многа размаўляў і размаўляе з старымі людзьмі, ды і яго бацька (1933 гн.) - сапраўдны скарбец нашай гісторыі.

Дык вось, старыя людзі, якія нарадзіліся ў Іганаткаўцах яшчэ на пачатку XX ст. у свой час расказвалі Івану Аркадзьевічу, што сутычка паміж паўстанцамі і казакамі адбылася каля населенага пункта Ваенполь - мясцовая легенда нават звязвала назву "Ваенполь" ці "Вайнаполе" менавіта з той сутычкай. Вядома, што населеных пунктаў з гэтка назвай ў 1784 г. не было, на карце Лідчыны яны з'явіліся пасля другой паловы XIX ст. Цікава, што на гэтай карце маюцца два блізкія адзін да аднаго фальваркі з назвай Ваенполь ( Вайнаполе) - адзін каля Ігнаткаўцаў (трошкі на ўсход ад вёскі), а другі наўпрост каля Стрэліцы. У 1920-я гг. гэты, апошні, фальварак меў ужо назву Антопаль. Гэта не так істотна, але сутычка паміж паўстанцамі і казакамі магла адбыцца і наўпрост каля Стрэліцы.

Фальварак Ваенполь (які каля Ігнаткаўцаў) і засценак Станкевічы ляжалі каля старажытным гасцінца Мыто - Голдава - Жалудок, гэтак апісанага ў вопісе Жалудоцкай парафіі 1784 г.: "(Дарога) ад Ліды да Жалудка ... ад Жалудка на карчму ў Жушме, дзе ёсць мост на рацэ Лебяда, з Жушмы праз Ходараўцы (вёска яснавяльможнага пана Валовіча, Слонімскага маршалка), каля Беразаўца (яснавяльможнага пана Шукевіча, капітана) і двор Стрэліца (яснавяльможнага пана Сяклюцкага) ... адсюль трэба ехаць на Голдава (яснавяльможнага пана Важынскага), з Голдава да Радзівонішак (яснавяльможных паноў Нарбутаў), з Радзівонішак да Мыто (яснавяльможнага пана Паца)".

Калі сутычка адбылася каля Ігнаткаўцаў, дык забітых паўстанцаў па старажытным гасцінцы адвезлі да кургана, які знаходзіўся на зямлі маёнтка Стрэліца, і тут пахавалі. Калі сутычка адбылася каля Ваенполя Стрэліцкага, забітых нікуды вазіць і непатрэбна было, пахавальны курган быў зусім блізка. Сутычка, магчыма, сталася вынікам засады паўстанцаў на нейкі расейскі атрад ці пошту. Па ўсім відаць, што паўстанцы з поля бою не ўцякалі, а спакойна хавалі сваіх забітых. Значыць, перамога была тут за імі. У метрычных кнігах бліжніх праваслаўных цэркваў павінны былі б быць запісы пра пахаванне расейцаў на нейкіх тутэйшых могілках, бо тады расейцы сваіх забітых нікуды не вывозілі, а хавалі на полі бою ці недалёка, але пакуль нічога падобнага не знаходзілі.

Іван Аркадзьевіч яшчэ каля 1970 г. асабіста сам бачыў той крыж на кургане. Ён памятае, што гэты зарослы бэзам драўляны крыж быў бачны здалёк і раней пра яго добра ведалі ўсе мясцовыя людзі. Памятае гэты крыж на кургане каля Стрэліцы і яго родная сястра Ганна Аркадзеўна Фунт (1961 гн.) і, канешне ж, яго бацька.

Трэба ўлічваць, што ўладальнікам маёнтка Стрэліца ў час паўстання быў Вінцэнт Сяклюцкі (1793-1864). На Лідчыне ён валодаў яшчэ адным маёнткам - Гарнастаішкі (каля Эйшышак). Дык вось, за падтрымку паўстання царскія ўлады наклалі секвестр на маёнтак Гарнастаішкі, але даказаць "віну" Вінцэнта Сяклюцкага так і змаглі, і таму сын Вінцэнта Сяклюцкага Уладзіслаў праз суд вярнуў маёмасць. Сяклюцкія - калі наўпрост не прымалі ўдзел у паўстанні, дык спачувалі яму.

Іван Аркадзьевіч Давідовіч таксама расказаў, што ў 1950-х гг. з Сібіры ў засценак Станкевічы вярнуўся толькі адзін чалавек, але выжыла значна больш жыхароў гэтага старога шляхецкага асяродка - усе астатнія з Сібіры адразу ж з'ехалі ў Польшчу.

Па словах Давідовіча, ад Стрэліцы ў той час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы, дарэчы, галоўны, "панскі" дом быў спалены адступаўшымі рускімі войскамі яшчэ ў 1915 г.


Далей раскажу пра вядомыя на гэты час магілы паўстанцаў 1863 г. на гістарычнай Лідчыне.

Пра пахаванне каля вёскі Мохавічы раней неаднаразова пісалася. У 1995 г. шляхетныя людзі тут аднавілі крыж, які стаяў на магіле паўстанцаў з 1920-х гг. Як вядома, сапраўдны, народны, мемарыял з'яўляецца лепшай данінай памяці герояў (пра гэтае пахаванне, гл: Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне, Гродна, 2016. С. 226-227.; Грынкевіч Яраслаў. Народны мемарыял невядомых паўстанцаў // Наша слова № 45(1352), 8 лістапада 2017. і інш.).

На гістарычнай Лідчыне, каля маёнтка Лябёдка Іваноўскіх (зараз Шчучынскі раён), ёсць яшчэ адна магіла паўстанцаў з мемарыяльным крыжам. Магіла гэта таксама з'яўляецца сапраўдным народным мемарыялам. Дадатковую каштоўнасць гэтаму помніку паўстанцам 1863 г. дадае тое, што каля яго рос і выхоўваўся адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі.

Брат Вацлава Іваноўскага Тадас Іванаўскас у сваіх мемуарах узгадваў лябёдскую байку канца XIX ст.: "Аднаго разу наш ляснік Вінцук, які жыў у Ванёўцах, сам бачыў д'ябла ці злога духа. Было гэта так: ішоў дарогай і - набліжаючыся да крыжа, які стаяў у лесе як памяць пра паўстанне 1863 г., убачыў чалавека, які стаяў, як і належыць чалавеку, але ўвесь час з сябе нешта здзьмухваў. "А што ён з сябе здзьмухвае? - запытаў адзін з парабкаў. - Можа вошы? - "Не, не вошы, калі б вошы, дык забіваў бы іх". Потым той чалавек хутка расплыўся і знік у імгле". Прывіды на Лідчыне былі заўсёды ...

Пляменнік Вацлава Іваноўскага (сын малодшага брата Станіслава), прафесар Казімір Іваноўскі ўспамінаў пра падзеі 1930-х гг.: "... мы ... пайшлі са стрэльбай на паляванне ў Ванёўцы. ... У Ванёўцах меўся добры кавалак мокрага лесу, у гэту пару года ён стаяў яшчэ шэры і голы. ... Пасярод лесу стаяў крыж, каля якога маліліся за паўстанцаў 1863 г. Тут казакі наскочылі на лагер інсургентаў, у лагеры меліся вазы з маёнтка Лябёдка з рэчамі для паўстанцаў. Следства так не ўстанавіла, чые былі тыя вазы і коні - ніхто з суседзяў не выдаў Іваноўскіх (за дапамогу паўстанцам улады канфіскоўвалі маёнткі) ... На адваротным шляху, пасля палявання, размова вярнулася да крыжа памяці паўстанцаў ...".

З успамінаў Тадаса Іваноўскага даведваемся, што яго (і Вацлава Іваноўскага) дзед Станіслаў Іваноўскі "аддаў паўстанцам 1863 г. свайго вельмі добрага і таму агульнавядомага ў ваколіцах каня. Пасля задушэння паўстання рускія, каб даведацца, хто быў гаспадаром каня, вадзілі яго па ваколіцах і пыталіся ў сялян, каму ён належыць. І хоць усе ведалі, чый гэта конь, але ніхто дзеда не выдаў".

Гэты крыж стаіць недалёка ад вёскі Арцішы (на захад ад Васілішак). Мясцовыя людзі памяталі, што карнікі менавіта тут вешалі паўстанцаў, сутычка паміж імі адбылася трошкі на захад ад крыжа, як раз недалёка ад Лябёдкі Іваноўскіх. Лесу, як раней, каля крыжа на месцы страты (і верагодна, пахавання) паўстанцаў ўжо няма.

Раней тут стаяў просты драўляны крыж, у 2014 г. яго замянілі на стальны. Прыглядае за крыжам Лідскае таварыства польскай культуры - памяць пра герояў 1863 г. жыве.

Здымак А. Колышкі.

"Углядайся, мой сыне…"

Чарговы, пятнаццаты каляндар серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" прэзентаваны ў Нясвіжы

Калі падарожны завітае ў Нясвіж і спытае, як прайсці, напрыклад, у палац, кожны несвіжац, дарослы ці малы, пакажа дарогу. А калі вы захочаце даведацца, як трапіць на Міхальскую гару ці сядзібу Булгакоў, каб атрымаць сем колераў-адценняў бэзу ад Тарэзы і Тамаша? Ды павітацца з дубам Якубам, пасядзець каля Зорнага каменя ў ваколіцах Лявонавічаў? Памаліцца ў старажытным Дабравешчанскім храме ў вёсцы Кунаса, які не быў знішчаны ў гады ваяўнічага атэізму дзякуючы мясцовым жыхарам, прайсціся роднымі сцежкамі выбітнага беларускага школазбіральніка Язэпа Шнаркевіча? Тут, згадзіцеся, вам дапаможа не кожны сустрэчны. Ды што там дарогу! Далёка не кожны і чуў пра такія цікавосткі.

Тым часам гэта сапраўдныя адкрыцці новага нясвіжазнаўства, якія прэзентуе свежы каляндар на 2019 год "Невядомая Нясвіжчына", што папоўніў серыю каляндарных выданняў "Маляўнічая Бацькаўшчына". Выпуск "Невядомая Нясвіжчына" быццам і не прэтэндуе на гэткую ролю абазнанага сустрэчнага, які і падкажа, і ўсё пакажа, аднак такім акурат і з'яўляецца.

Апроч маляўнічых фатаграфій і "кола-дзён" на штомесяц, падаецца кароткае краязнаўчае эсэ і падрабязныя звесткі-каардынаты, як даехаць да той або іншай мясціны. Падказкі вельмі дарэчныя, пазначаюць усе бакі свету "невядомай Нясвіжчыны". Скажам, дуб Якуб - гэта поўдзень, а кунасаўская святыня - вам на паўночны край раёна. А яшчэ - куды можна даехаць роварам ці аўто, а куды, калі тое бліжэй, - дайсці пешшу.

Гэта пятнаццаты каляндар серыі. А пачыналася яна ў 2000 годзе з календара акурат нясвіжскай тэматыкі "Нясвіж. Водна-паркавы краявід". Заснавальнік Валер Дранчук прыгадвае:

- Гэта быў самы вялікі ў памерах каляндар, дзесьці 85х65. У Менску яго было не знайсці. Спонсар, які валодаў накладам, не мог адбіцца ад замоваў. А прэзентацыю зладзілі ў Нясвіжы, тэматыка абавязвала. І дваццаць асобнікаў пакінулі тут на продаж.

Сёння маем пяты каляндар з прысвечаных Нясвіжчыне. Былі таксама алоўкавая спадчына Міхала Сеўрука (2003), "мясцовы" жывапіс Яўгена Ждана "Зямля маіх сноў" (2015), а летась дванаццаць старонак былі аддадзены жывапісным "Ідыліям" амаль забытага самадзейнага мастака з Малева Хведара Вініцкага.

Выданне "Ідылій" і стала першым "народным праектам". На будучы каляндар зрабілі ўнёскі землякі і родныя мастака, да іх далучыліся яшчэ дзясяткі людзей, якія вырашылі падтрымаць ідэю выдаўцоў-краязнаўцаў - кожны ўдзельнік крэдытор і карыстальнік: сёння даў, заўтра атрымаў.

Аўтар гэтай ідэі краязнаўца і старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса бачыць бліскучую перспектыву такіх супольных выданняў. Па-першае, кажа яна, беларуская мова, па-другое, нашы, беларускія акцэнты, увогуле беларушчына, тое, за што змагаемся. Напрыклад, у гэтым выпуску мы актуалізавалі будучы перапіс насельніцтва і звярнуліся да карыстальнікаў быць патрыётамі Радзімы, запісваць у якасці роднай толькі беларускую мову. І наказаць гэта сваім родным і блізкім. Сваёй актуальнай інфармацыяй напоўнілі і "коладзён", напрыклад, не абышлі хвілінай маўчання кастрычніцкія дні жудасных рэпрэсій у Менску і інш.

Сёлета да спонсараў-крэдытораў далучыліся грамадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", а таксама менская айтышная кампанія "Адкрыты кантакт".


Прыканцы кастрычніка ў кавярні "Чабарок" адбылася прэзентацыя календара. Яна сабрала найперш удзельнікаў праекта, а таксама шматлікіх запрошаных. У чым адметнасць і актуальнасць "Невядомай Нясвіжчыны", сказаў Валер Дранчук:

- Нясвіж з яго гістарычнай спадчынай, гняздом Радзівілаў і сучасным дзяржаўным запаведнікам застаецца адным з самых паспяховых і самадастатковых сёння гарадоў Беларусі. Аднак, за межамі першай "культурнай сталіцы" шмат асяродкаў з адметнымі сваімі вартасцю, пра якія мала ці зусім невядома ні ў блізкім, ні ў шарокім свеце. Менавіта на гэтыя каштоўнасці скіравана ўвага календара. Гэта першы такі выпуск. Мяркую, будуць і наступныя.

Аб вартасцях календара выказваліся гісторык Леанід Качановіч, журналістка Раіса Хвір, паэты Нясвіжчыны Алена Шаблоўская, Зоя Кулік, дочкі паэта Івана Гурбана Людміла Асоева і Ларыса Ратомская, былая жыхарка Нясвіжа Валянціна Холадава, захавальнік гісторыі роднага краю Алясандр Сідаровіч, краязнаўца, стваральнік музея лёну на Стаўбцоўшчыне Іван Дзявойна, галоўны рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, супрацоўнік кампаніі "Адкрыты кантакт" Валянцін Гладкі, сталыя ўдзельнікі і шчырыя спонсары каляндарнай талакі Пётр Кулік, Ала Шчука, Міхась Асмыковіч, Аляксей Сачко, а таксама Адам Скачко, Аляксандра Чурак, Уладзімір Плакса - людзі, якія нядаўна далучыліся да выдавецкай талакі. Нясвіжац Ігар Шаблоўскі сказаў, што каляндар проста дадае добрага настрою, а настаўніца са шматгадовым стажам і, дарэчы, маці галоўнага спонсара свята, Алены Харлеман, Ніла Яўгенаўна Бруй, узгадала словы Юліуса Фучыка, ягоны запавет, каб у гісторыі не было невядомых людзей - кожны з іх меў сваё прозвішча, сваё імя, сваё аблічча… Ніла Яўгенаўна падзякавала духоўным фундатарам календара за тое, што яны робяць усё, каб знакамітыя людзі Бацькаўшчыны не засталіся невядомымі, каб з нашай памяці не сціраліся адметныя падзеі, каб мясціны, што знікаюць з твару зямлі, адраджаліся ці пакідалі след.

На апошняй старонцы календара змешчаны імёны удзельнікаў, якія зрабілі першыя ўнёскі. Сярод іх пераважна жыхары Нясвіжчыны, Стаўбцоўскага раёна, але да справы адраджэння малой радзімы паспелі далучыцца і Вікторыя Жукевіч з Польшчы, і Алена Харлеман з Германіі. Ім, адарваным ад роднай зямлі, кожнае слова на роднай мове, кожная выява нясвіжскіх краявідаў грэе душу.

Цікава, што каляндар можна скарыстаць не толькі ў 2019 годзе, але і ў 2030, 2041, 2058, 2069-м…

"Цудоўны стымул жыць доўга!" - падказваюць нам выдаўцы.

"Цудоўны стымул набыць каляндар і стаць удзельнікам народнага праекта па захаванні гісторыі Нясвіжчыны " - гэта ўжо раю Вам і я як уладальніца календара. Сведчу: ён дорыць не толькі добры настрой, але і веды, надзею, памяць, запрашае ў новае падарожжа кожнага, хто не абыякавы да ўсяго роднага.

Гартаючы каляндар, міжволі прыгадваеш словы Ніла Гілевіча:

Углядайся, мой сыне, пільней углядайся

У святыя абрысы бацькоўскай зямлі,

На чужыя спакусы душой не паддайся,

Каб нашчадкі мяне за свой лёс не клялі.

Валянціна Шчарбакова, Нясвіж.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX