Папярэдняя старонка: 2018

№ 51 (1410) 


Дадана: 19-12-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1410), 19 снежня 2018 г.

З Калядамі, шаноўныя беларусы!

Ціхая ноч

Ціхая ноч, святая ноч!

Спіць усё, сніць даўно.

Толькі Маці Святая ўсцяж

Ціха ў яслях люляе Дзіця:

«Спі, Сыночак малы,

Спі, Сыночак малы!»

Ціхая ноч, святая ноч!

Бог прыйшоў да людзей.

Хор анёлаў спявае з нябёс:

«Нарадзіўся

вам Збаўца-Хрыстос,

Ён збаўленне прынёс.

Ён збаўленне прынёс!»

Ціхая ноч, святая ноч!

Божы Сын, шчасці нам;

І ў сэрцах любоў запалі,

Супакоем наш край адары.

Поўню радасці дай.

Поўню радасці дай!

Музыка - Франц Грубэр. Словы - Ёзэф Мор. Пераклад Наталлі Арсенневай.

Да 30-годдзя ТБМ

У наступным 2019 годзе спаўняецца 30 год ад моманту заснавання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Да паважнай даты Таварыства выпусціла серыю календароў рознага фармату на 2019 год.

На ўсіх календарах - сімволіка ТБМ і партрэты ўсіх чатырох старшынь: Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Алега Трусава і Алены Анісім. Календары можна знайсці ў сядзібе ТБМ.

Наш кар.

ФЕСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАГА СЛОВА

НА ФІЛАЛАГІЧНЫМ ФАКУЛЬТЭЦЕ ВДУ ІМЯ П. МАШЭРАВА

З 3-га па 7-ае снежня на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава праходзіў у чарговы раз Фестываль беларускага слова. Стала ўжо добрай традыцыяй у першыя снежаньскія дні ладзіць на працягу ўсяго працоўнага тыдня розныя імпрэзы, акцыі, сустрэчы, накіраваныя на папулярызацыю нашай роднай мовы, беларускай культуры ўвогуле. Самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах бяруць сябры ТБМ, у тым ліку і кіраўнікі Віцебскай абласной арганізацыі таварыства.

Сёлета фэст адкрыўся ў панядзелак, 3 снежня, спектаклем-калажам па матывах камедыі У. Бутрамеева "Новыя прыгоды Несцеркі", дзе ў галоўнай ролі выступіла актывістка ТБМ Крысціна Дайлідзёнак. У гэты ж дзень усе ахвотныя маглі наведаць выставу дэкаратыўных вырабаў студэнтаў і выкладчыкаў факультэта "Свет нашых захапленняў".

У аўторак студэнты ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні "Збяры Беларусь у думках і сэрцы", а потым адбылася сустрэча з пераможцай Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года - 2017" Святланай Румянцавай - колішняй выпускніцай факультэта беларускай філалогіі. Спадарыня Святлана дала таксама майстар-клас пад красамоўнай назвай "Ад законаў прыгажосці - да законаў стварэння тэксту".

У сераду, 5 снежня, прайшла Рэгіянальная (з міжнародным удзелам) навукова-практычная канферэнцыя "Навукова-метадычная думка на Беларусі", прысвечаная 100-годдзю "Беларускай граматыкі для школ" Браніслава Тарашкевіча.

Чацвер, 6 снежня, запомніўся цудоўнай акцыяй "З гітарай па-беларуску", дзе студэнты розных факультэтаў, а таксама прафесійныя артысты выконвалі песні пад гітару. Спецыяльна запрошаным госцем быў выкладчык па класе гітары Віцебскай музычнай школы № 4 Міхаіл Рубін - лаўрэат "Бардаўскай восені" - 2016. Ён жа аўтар пяці зборнікаў вершаў, апошні з якіх беларускамоўны, увайшоў у шорт-ліст сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай.

7 снежня, у пятніцу, свята роднага слова завяршылася шыкоўным акордам пад сімвалічнай назвай "Мая зямля, мая Радзіма названа светла - Беларусь!"

Такім чынам, на працягу пяці дзён на філалагічным факультэце напоўніцу гучала беларуская мова, песцілі слых беларускія песні, а студэнты, у тым ліку і грамадзяне Туркменістана, у нацыянальных беларускіх строях выклікалі нязменнае захапленне ў шматлікіх гасцей фестывалю, сярод якіх былі і кіраўнікі абласной арганізацыі таварыства, сябры абласной рады ТБМ. А наперадзе нас чакае Дзень роднай мовы, які па традыцыі на філфаку ВДУ таксама праходзіць яскрава і запамінальна!

Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Год 1968. Ліст з філфака БДУ

50 гадоў таму назад

50 гадоў таму на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася адметная падзея, пра якую ў агульных рысах ведае кожны, хто цікавіцца літаратурай і тагачасным культурным жыццём. У кастрычніку 1968 года з ініцыятывы Алеся Разанава, Віктара Яраца і Лявона Барташа некалькі сотняў студэнтаў БДУ падпісалі ліст з пажаданнем, каб на беларускім аддзяленні гуманітарныя дысцыпліны выкладаліся на роднай мове. Тое, што для сучасных студэнтаў падаецца натуральным, у 1960-я гады было вялікай марай, і для партыйнага кіраўніцтва гэтая мара выглядала абсалютна неадпаведнай надзённым задачам. Тым больш, што падзеі разгортваліся неўзабаве пасля "Пражскай вясны", увядзення войскаў у Чэхаславацкую Сацыялістычную рэспубліку і задушэння там мірных дэмакратычных пераўтварэнняў.

Але для большасці студэнтаў, якія падпісвалі ліст, пашырэнне беларускай мовы ва ўніверсітэце падавалася цалкам нармальнай перспектывай. Безумоўна, ідэя напісаць ліст з'явілася ў асяроддзі людзей творчых, шчырых і зацікаўленых.

- Наш курс прафесар Міхась Ларчанка аднойчы жартам назваў хатай-чытальняй, - успамінае паэтка, літаратуразнаўца Алена Руцкая. - У аўдыторыю заўсёды прыносілі газеты і часопісы, новыя зборнікі вершаў і прозы, абменьваліся імі, абмяркоўвалі. Апекаваліся намі многія выкладчыкі, асабліва пісьменнікі-выкладчыкі. Непрынукнутае пакаленне шасцідзясятнікаў уражвала і захапляла. А пасля натхнёных аповедаў Уладзіміра Караткевіча (Алег Лойка запрашаў яго на сустрэчы з "узлётаўцамі") "гістматы", "дыяматы", лекцыі па гісторыі Беларусі, ды яшчэ на рускай мове, зусім не ўспрымаліся. Пра гэта загаварылі, бо хацелася, каб адчувалася дамінаванне беларускай мовы.

Пра ідэю напісання ліста я даведалася, як помніцца, ад Жэні Янішчыц, ішла да яе па нейкі падручнік, расказала, што наш выкладчык замежнай літаратуры на практычных сказаў, што згодны, каб больш дысцыплін выкладалася па-беларуску, і можа чытаць свой курс на беларускай мове. Да самага інтэрната вымяркоўвалі прагнозы - атрымаецца што ці не. Амаль ніхто не бачыў у такіх пажаданнях крамолы".

План з лістом не быў рэалізаваны: імкненне падтрымаць мову афіцыйна асудзілі, Алесь Разанаў і Віктар Ярац былі адлічаныя і пазней працягнулі вучобу ў іншых навучальных установах. У агульных рысах "гісторыя з лістом" добра вядомая, але ўдакладненне асобных дэталяў дазваляе зрабіць яе яшчэ цікавейшай і выявіць акалічнасці, якія дапамагаюць больш выразна усвядоміць супярэчнасці эпохі…

Гісторыя з лістом найперш скіроўвае нашу ўвагу на сам артэфакт. Алесь Разанаў пераконваў следчых, што спаліў ліст, але фота дакумента лёгка знаходзіцца ў байнэце. Што адбылося насамрэч? Калі студэнты адчулі небяспеку, малады паэт зімітаваў знішчэнне ліста і спаліў некалькі аркушаў паперы. "Адказныя таварышы", якія хацелі атрымаць звесткі пра ўсіх, хто падпісаўся, не задаволілі сваю цікаўнасць. Ліст быў надзейна схаваны, пазней захоўваўся ў сяброў, а ў пачатку 1990-х гг. стаў экспанатам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі і культуры (цяпер Нацыянальны гістарычны музей).

Каму быў адрасаваны ліст - і адпаведна смелая просьба-пажаданне мець больш прадметаў на беларускай мове? Насамрэч адрасат не быў пазначаны, але студэнты планавалі накіраваць яго "на самы верх" - першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву.

- Мы падпісвалі ліст, бо сапраўды чакалі зменаў, - распавядае Віктар Ярац. - Студэнты ехалі ў беларускую сталіцу з вёсак ды мястэчкаў і спадзяваліся на глыток беларускай вечнасці, але яе тут не было… Выглядала на тое, нібы мы патрапілі не ў сталіцу Беларусі, а ў Курскую губерню. Ішла татальная русіфікацыя, і гэта ўзрушвала. Многія разлічвалі на падтрымку з боку Пятра Машэрава. Але тады мы яшчэ не вельмі разумелі, што пад пільным наглядам Крамля мала што можа змяніцца. Нават перадаць ліст не атрымалася, бо "стукнуў" нехта з аднакурснікаў…"

Хто найбольш ахвотна падпісваў ліст? Як згадвае Алесь Разанаў, "першакурснікі падпісаліся практычна ўсе. На другім курсе подпісаў было крыху меней, на трэцім, нашым, - яшчэ меней. На чацвёртым курсе не падпісалася і палова, а на пятым зусім мала". Такім чынам, больш асцярожныя і абачлівыя студэнты старэйшых курсаў не захацелі рызыкаваць. Бо, натуральна, старэйшыя сябры распавядалі пра тонкасці ідэалагічнай работы і папярэджвалі, што ў кожнай групе, на кожным курсе ёсць асобы, якія далі згоду на супрацоўніцтва з КДБ.

Якія наступствы мела "гісторыя з лістом"? Атмасфера на факультэце была напружаная, але скандалу ці надзвычай драматычнай развязкі не адбылося. Партыйныя і камсамольскія функцыянеры выказалі сваё адмоўнае стаўленне і рэзкае асуджэнне "нацыяналістычных настрояў". Тым часам, многія студэнты, выкладчыкі, пісьменнікі падтрымлівалі ініцыятыву "трэцяга беларускага курса" - прычым дастаткова настойліва. Найперш гэта Ніл Гілевіч, Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік… Удзельнікі тых падзей могуць лёгка працягнуць гэты пералік. Напрыклад, Алеся Разанава падтрымаў рэктар Берасцейскага педінстытута Сяргей Гусак - таленавіты літаратуразнаўца і вельмі сумленны чалавек. Віктар Ярац згадвае добрым словам пісьменнікаў Міхася Даніленку, Леаніда Гаўрылкіна… Падтрымка ўплывовых людзей надавала ўпэўненасці і дапамагла арганізатарам акцыі вырашыць праблему з навучаннем.

Што да настрояў у студэнцкім асяроддзі, то паказальным быў справаздачна-выбарчы камсамольскі сход, які адбыўся ў лістападзе. Алеся Разанава абралі спачатку старшынём сходу, а потым кіраўніком камсамольскай арганізацыі курса. І гэта здарылася неўзабаве пасля камсамольскага сходу, на якім арганізатарам акцыі зрабілі строгую вымову! Не перашкодзіў студэнтам нават кіраўнік універсітэцкага камсамолу, а накіраваны ад факультэта Іван Навуменка проста пакінуў залу. "Людзі зразумелі, што сістэме можна супрацьстаяць, што яна не ўсемагутная," - адзначае Алесь Разанаў. Аднак пасля асабістых гутарак з кіраўнікамі камсамольскай арганізацыі многія студэнты саступілі, і на наступным сходзе былі зацверджаны рашэнні, патрэбныя кіраўніцтву.

Сітуацыя з выкладаннем гуманітарных дысцыплін у БДУ на той час засталася нязменнай. Але студэнцкая акцыя, вядома, мела сэнс:

- Найперш трэба было зрушыць з месца сам стан рэчаў, выявіць сябе, падаць свой голас нязгоды, сказаць, што нешта не так у "каралеўстве" Беларусь, - разважае Алесь Разанаў. - Загадзя наступстваў ніхто з нас не вылічваў і не змог бы вылічыць. Неабвешчаныя, у нас былі і далейшыя намеры з выхадам за межы БДУ. Аднак ужо нашы самыя першыя крокі сталіся падзеяй, урэшце, як выявілася, у гэтым і быў самы большы вынік нашага выступу. Па сваім значэнні ён, пэўна, пераўзыходзіў тыя паблажкі-ўступкі, якія былі б дасягнутыя шляхам мірных перамоў. Пра іх, дарэчы, і гаварыў дэкан філфака Аляксей Арсенавіч Воўк, наракаючы, чаму мы не звярнуліся са сваёй ініцыятывай наўпрост да яго.

Універсітэцкія падзеі 1968 года не змаглі змяніць сітуацыю ў краіне, але змаглі паказаць, што можна не баяцца быць сабой і сказаць уголас, што "жыве Беларусь".

Адлічэнне з БДУ і працяг навучання ў іншых ВНУ было своеасаблівым пакараннем для бунтароў, але не стала жыццёвай катастрофай. Новыя знаёмствы і стасункі нават спрыялі пашырэнню патрыятычных ідэй. Выразна сведчаць пра гэта ўспаміны паэта, тэлежурналіста, грамадскага дзеяча Міколы Пракаповіча:

- У групе Берасцейскага педінстытута, куды давялося патрапіць Алесю Разанаву, размаўлялі па-беларуску або на мясцовых гаворках, у інтэрнаце час ад часу наладжваліся калектыўныя чытанні і абмеркаванні, нярэдка па-маладому бескампрамісныя і паспешлівыя. Пра ліст студэнтаў філфака БДУ ў абарону беларускай мовы мы даведаліся толькі праз нейкі час пасля таго, як у групе з'явіўся новы студэнт з рамантычнымі кудзеркамі на галаве і рымскім профілем.

Школьнікам я даволі іранічна ставіўся да слухання бацькам па радыё "варожых галасоў". Мае ж стасункі з палітыкай змяніліся, бадай, пасля "Пражскай вясны". А нацыянальнае пытанне ў канфрантацыі з камуністычнай ідэалогіяй узнікла, хутчэй, не ад размоў з Алесем, колькі ад самой студэнцкай акцыі і рэакцыі на яе ўладаў. Сам жа Алесь успрымаўся не як ахвяра, а як лідар, здольны павесці за сабой. Ён не дараваў прыніжэння, ні маральнага, ні фізічнага. А стаўленне савецкіх уладаў да нацыянальных культур і было такім прыніжэннем цэлых народаў".

Вакол Алеся Разанава гуртаваліся аднадумцы. Дзякуючы маладому паэту, у Берасце траплялі фотакопіі забароненых кніг і дакументаў.

- Былі і сумесныя вандроўкі ў сталіцу, візіты ў рэдакцыі "ЛіМа", "Маладосці", знаёмствы з маладымі мастакамі (Яўгенам Куліком, Аляксеем Марачкіным), з сябрамі-аднакурснікамі ў студэнцкім інтэрнаце. Да Рыгора Барадуліна завіталі проста на кватэру. Гэта было як адкрыццё новай, беларускай планеты з яе захапляльным творчым жыццём, - згадвае Мікола Пракаповіч.

Прыхільна паставіліся ў Гомелі да Віктара Яраца - і таксама даведаліся пра гісторыю з лістом ужо ў той час, калі хлопец стаў студэнтам Гомельскага педагагічнага інстытута. Віктар Ярац скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук, доўгі час працаваў там выкладчыкам, а галоўнае - узначальваў літаб'яднанне "Крыніца", дзе пачынаўся літаратурны шлях шматлікіх выдатных творцаў.

Дзякуючы гісторыі з лістом, многія тагачасныя студэнты пачалі больш асэнсавана ставіцца да грамадска-палітычных падзей, актыўна падтрымалі нацыянальную ідэю і, зрэшты, шмат зрабілі на ніве беларушчыны.

- Учынак Алеся Разанава, Віктара Яраца і Лявона Барташа ў 1968 годзе ўскалыхнуў Менск, Беларусь, - згадвае паэтка, педагог Тамара Аўсяннікава. - Пра падзею даведаліся за межамі краіны, і цяпер яна на слыху. Трэба было крочыць у нагу з усімі, а тут знайшліся тыя, хто парушыў роўныя шэрагі. І сёння, магчыма, у некаторых студэнтаў спее думка ўскалыхнуць свядомасць не толькі сваіх аднагодкаў, для якіх родная мова стала няроднай, каб абудзіць іх этнічную памяць.

Ганна Скрыпка.

Ад рэдакцыі.

Размясціўшы гэты матэрыял, мы ўбачылі, што вельмі мала сказана пра трэцяга ініцыятара ліста Лявона Барташа, і вырашылі коратка дадаць.

Лявон (Леў Георгіевіч) Барташ нарадзіўся ў Мастоўскім раёне на хутары каля вёскі Княжаводцы, якую ў 1943 годзе спалілі немцы. У вёсцы было 1,5 тысячы чалавек.

Пасля ліста 1968 года Лявона Барташа не адлічылі з БДУ. Чаму? Ён і сам не ведае. Далі давучыцца і накіравалі па размеркаванні ў Асвею Віцебскай вобласці, дзе ён адбыў тры гады. Вярнуўся на родную Мастоўшчыну. Некаторы час працаваў у райвыканкаме, а пасля выступіў ініцыятарам стварэння музея "Чалавек і лес", дырэктарам якога прабыў каля двух дзясяткаў гадоў.

Музей стаў цэнтрам беларускасці ў Мастах. Тут збіраліся нацыянальныя актывісты, фармаваліся беларускія асяродкі. Сам Лявон, калі прыйшла пара, уступіў у БНФ, быў разам з Алесем Белакозам на ўстаноўчым з'ездзе ТБМ, быў у Мастоўскай раённай арганізацыі ТБМ. Актыўна супрацоўнічаў са Станіславам Суднікам падчас бытнасці таго ў Мастах і пазней.

У мясцовай незалежнай газетцы "Мастоўскі веснік" друкаваў "сарказмы" на тутэйшую вертыкаль.

Лявона Барташа з 1968 года добра памятае і добра пра яго адзываецца знакаміты беларускі гісторык Анатоль Сідарэвіч, які вучыўся на некалькі курсаў раней.

Жыве ў Мастах.

Інфармацыя атрымана ад Язэпа Палубяткі, сябра Лявона Барташа на працягу многіх дзесяцігоддзяў.

Старэйшы летапісец роду Гарэцкіх

13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася юбілейная вечарына акадэміка Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага. Бібліятэка падрыхтавала кніжную выставу, на якой былі прадстаўлены шматлікія кнігі навукоўца і пісьменніка. Радзім Гаўрылавіч перадаў у дар бібліятэцы сваю новую кнігу "Апантаны Бацькаўшчынай".

Радзім Гарэцкі з'яўляецца аўтарам 515 навуковых прац па геалогіі і агулам каля 1000 артыкулаў на тэмы грамадскага жыцця, культуры, літаратуры і беларускай мовы.

Апантаны навукай, мэтанакіраваны і мужны Радзім Гаўрылавіч усё сваё свядомае жыццё быў упэўненым і непахісным на сваіх шляхах. Ён заўсёды адстойвае нацыянальныя каштоўнасці і выказвае маральную пазіцыю, сваім аўтарытэтам акрэслівае важныя агульнанацыянальныя падзеі. Днямі акадэмік Р.Г. Гарэцкі быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай НАН Беларусі - Залатым медалём за развіццё навукі.

Святочную вечарыну вёў намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, пісьменнік і грамадскі дзеяч Анатоль Іванавіч Бутэвіч. Да яго прывітанняў далучыліся Тадэвуш Стружэцкі і Уладзімір Гілеп.

Успамінаючы свае доўгае жыццё, акадэмік Гарэцкі ўмоўна вызначыў асноўныя 20-гадовыя цыклы: дзяцінства і жыццё на Беламора-Балтыйскім канале, працу ў Маскве ў Акадэміі Навук СССР і яшчэ два 20-гадовыя цыклы плённай навуковай дзейнасці на Беларусі.

З маленства яму было горка насіць на сябе найменне сына ворага народа, быць пазбаўленым роднага кута, які бальшавікі адабралі ў 1928 годзе.

Радзім Гаўрылавіч узгадваў эпізоды дзяцінства, простыя, яле трывалыя маральныя прынцыпы, на якіх яго выхоўваў бацька. Распавядаў вучоны пра свой першы паход на лодках разам з Гаўрылам Іванавічам па рацэ Каме, які вызначыў яго пакліканне да геалогіі. Р.Г. Гарэцкі вывучаў архітэктуру зямлі на 100 кіламетраў углыб, у 33 гады ён стаў кандыдатам навук, а у 41 год - ужо доктарам навук.

Радзіма Гаўрылавіча прыйшлі павіншаваць унучкі Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна і Вера Данілаўна. Вялікае сяброўства звязвала сям'ю Гарэцкіх з сям'ёй Якуба Коласа, пра што сведчаць лісты, дарчыя надпісы на кнігах, якія захаваліся.

- Радзім Гаўрылавіч уяўляе для нас прыклад стойкасці, мудрасці, бадзёрасці! Ён умее слухаць сэрца зямлі. Яго геалагічна моцнае здароўе дапамагае яму падтрымліваць усіх нас! - адзначыла Марыя Міхайлаўна Міцкевіч.

- Юбілей акадэміка Гарэцкага - свята для беларускай нацыі! - прамовіў старшыня Саюза беларускіх мастакоў, вядомы графік і паэт Рыгор Сітніца, - гэта сведчанне таго, што яна не пахіснецца! Гарэцкія сталі брэндам Беларусі, такім як Еўфрасіння Полацкая і Скарына, як Васіль Быкаў, як Рыгор Барадулін. Мы шчаслівыя прысутнічаць на гэтым свяце. Асабіста я рады, калі мне бадзёрым голасам тэлефануе акадэмік Гарэцкі і паведамляе пра важныя грамадскія падзеі. Ён навечна замацаваў свайму роду месца ў гісторыі, у нацыянальнай вечнасці!

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч павіншаваў слыннага навукоўца і сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і прызнаў факт, што Радзім Гарэцкі стварыў новы жанр у беларускай літаратуры, аб'яднаўшы лірычныя мініяцюры, нататкі, згадкі пра сяброў у своеасабовы меланж.

Калісьці рэкамендацыю на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Радзіму Гаўрылавічу даваў Язэп Янушкевіч. Прысутны на вечарыне спадар Язэп з букетам кветак у руках пажадаў юбіляру творчага натхнення і поспехаў.

- Судакрананне з ім прыносіць святло! - прызнаўся паэт Васіль Зуёнак. - Ідзе ўзбагачэнне інтэлекту і назапашванне энергіі! Радзім Гаўрылавіч дзеліцца духоўным багаццем з шырокім колам людзей, перадае свой багаты жыццёвы досвед. Яго кнігі, сюжэты, характары - залатая сумесь, створаная інтэлектуальнымі пластамі, - адзначыў Васіль Зуёнак.

Словы віншавання і пашаны выказала юбіляру старшыня Рады ГА ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская:

- Немагчыма пераацаніць унёсак акадэміка Гарэцкага ў арганізацыю і правядзенне I з'езда беларусаў свету ў 1993 годзе. Радзім Гаўрылавіч здзейсніў акт яднання беларускай нацыі, ён паспрыяў кансалідацыі беларусаў замежжа, ён пераконваў прадстаўнікоў дыяспары паспрыяць Беларусі!

- Мы вельмі шануем Радзіма Гаўрылавіча, вялікага вучонага, глыбокага, духоўна багатага чалавека, імклівага і шчырага сябра, - прамовіла Тарэза Голуб. - Ён з'яўляецца сапраўдным рухавіком сумесных спраў з музеем гісторыі беларускай літаратуры, а найперш - Міжнароднай канферэнцыі "Гарэцкія чытанні", якая адбылася ўжо 26 разоў. - Сіла і моц роднага карэння, як пісаў Максім Гарэцкі, давала прадстаўнікам сям'і Гарэцкіх стойкасць, мужнасць, жаданне рабіць для народа.

Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка зачытала віншаванне шаноўнаму юбіляру ад яго старэйшых сяброў з-за акіяна Вітаўта Кіпеля і Янкі Запрудніка. Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель з імпэтам заспявала любімую песню Ефрасінні Гарэцкай "Кум і кума".

На завяршэнне вечарыны Радзім Гаўрылавіч і Галіна Рыгораўна шчодра пачаставалі гасцей. Днямі былы геолаг і спадарожніца па жыцці шаноўнага акадэміка, Галіна Рыгораўна Гарэцкая, таксама адзначыла свой юбілей. Ёй былі выказаны словы пашаны і ўдзячнасці і падораны букеты кветак.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

234. Кіблоў (Андрэй) - мажлівая другасная форма ад Келбоў - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Келб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Келбаў - Келбоў - Кілбаў. ФП: келб ('пячкур' - невялікая рачная рыба сямейства карпавых, падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 435) - Келб (мянушка, пазней прозвішча) - Келбоў - Кіблоў.

235. Кіеня (Аляксандр) - вытвор з суфіксам - еня ад антрапоніма Кій і значэннем 'нашчадак' Кійеня. ФП: кій ('прамая тонкая палка', 'молат драўляны, жалезны') - Кій (мянушка, пазней прозвішча) - Кіеня.

236. Кізялевіч (Руслан) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Кізель і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кізельевіч. ФП: кізель ( кізляй (тат. 'крыніца' (ТРС))) - Кізель ( Кізляй) - мянушка, потым прозвішча) - Кізелевіч - Кізялевіч.

237. Кійко (Ігнат) - другасная форма ад Кіёк - семантычны вытвор з суфіксам - ок ад Кій і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кійок - Кіёк. Гл. Кіеня.

238. Кіловіч (Алесь) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Кіла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кілавіч - Кіловіч. ФП: кіла ('тое, што і грыжа' (разм.); 'хвароба крыжакветных раслін, пры якой на карэнні ўтвараюцца нарасці') - Кіла (мянушка, потым прозвішча) - Кіловіч.

239. Кірмашовец (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва кірмашовец 'удзельнік кірмашу' - '(вялікі продаж тавараў, які праводзіцца ў пэўную пару года ў вызначаным месцы і часта звязаны з выстаўкай)'.

240. Кіршнер (Крысціна) - семантычны вытвор з суфіксам -ер ад кіршвасер ('гатунак гарэлкі' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 440) і значэннем 'той, хто вырабляе ці прадае кіршну (гарэлку)'.

241. Кітурка (Ягор) - семантычны вытвор ад апелятыва кітурка 'костачка на назе каля ступні; шчыкалатка' (гл.: "Калоша ж. Ніжняя часць штаноў ад кятуркі да ступы." (В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. - Коўна. 1924, с. 245).

242. Кіянка (Зінаіда) - семантычны вытвор ад апелятыва кіянка (рэг.) 'малаток для апрацоўкі камянёў' або ўкр. киянка 'кіяўлянка', 'багамолка, якая ідзе ў Кіеў', 'невялікі драўляны малаток у столяра' (Грынч).

243. Клемянок (Ала) - народны варыянт імя Клемянцін (лац. 'спакойны, ціхі, ласкавы') або імя Клеменс (<лац. clemens 'міласэрны, літасцівы, ласкавы') набыў ролю прозвішча.

244. Клец (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва клец 'зуб у баране'. Або ад клець 'свіран, кладоўка' (з ацвярдзеннем канцавога зычнага для адмежавання ад апелятыва).

245. Клім (Рамуальд) - варыянт імя Клімент (лац. clemens 'міласцівы' (зафіксаваны ў 1528 г.)) набыў ролю прозвішча.

246. Ключнік (Вікенцій) - семантычны вытвор ад апелятыва ключнік 'слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты, харчаванне і ключы ад месцаў іх знаходжання'.

247. Кляўцэвіч (Іван) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Клявец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Клявецэвіч - Кляўцэвіч. ФП: клявец ('малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос') - Клявец (мянушка, потым прозвішча) - Кляўцэвіч.

248. Кміт (Леанід) - бяссуфіксавы вытвор ад укр. кмітити ('думаць, меркаваць, разумець, цяміць', абл. 'назіраць, сачыць (за кім-н., чым-н.); бачыць, заўважаць' (Лемцюгова В.П. Украінска-беларускі слоўнік, с. 300) з значэннем 'той, хто думае, разумее, бачыць, заўважае') набыў ролю прозвішча (праз семантычны пераход - антрапанімізацыю).

249. Козіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Коза/ Каза і значэннем 'нашчадак названай асобы': Козіч. ФП: каза ('самка казла', 'беларускі калядны абрад') - Каза (мянушка, потым прозвішча) - Козіч.

250. Концэвіч (Сяргей) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч (-евіч) ад антрапоніма Конец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Конец - Концэвіч. ФП: koniec (польск. 'канец' і іншыя значэнні) - Koniec (мянушка, потым прозвішча) - Концэвіч. Або польская форма бел. Канцэвіч ці змененае ад Кунцэвіч (гл.).

251. Корсак (Зоя) - семантычны вытвор ад апелятыва корсак (рус. корсак, корсук 'ліса ў кіргізскіх стэпах', 'сялянская футравая шапка' (Даль)).

252. Космач (Генадзь) - семантычны вытвор ад рус. космач (праст. 'касмач, кудлач'). Або акцэнтаваная форма бел. касмач 'кудлач' (праст. 'пра чалавека з доўгімі кудлатымі валасамі'), структурна: космач.

253. Коцік (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Кот і значэннем 'нашчадак названай асобы': Котік - Коцік. ФП: кот ('свойская жывёліна сямейства кашэчых; самец кошкі') - Кот (мянушка, потым прозвішча) - Коцік. Ці ад памянш.-ласк. коцік (семантычны вытвор): Кот - коцік - Коцік. Або ад коцік 'марская млекакормячая жывёліна сямейства вушастых цюленяў з каштоўным футрам (ці само футра яго)'; ад коцік 'суквецце з дробных кветачак у некаторых дрэвавых раслін, якое ападае пасля цвіцення' (шляхам семантычнай дэрывацыі).

254. Крачок (Эдвард) - семантычны вытвор ад ст.-бел. крачок 'куст' (ПГССЛ).

255. Крашэўская (Анжаліка) - вытвор з суфіксам - ская ад тапоніма Крашэва і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясціны': Крашэвская - Крашэўская.

256. Крой (Алесь) - семантычны вытвор ад апелятыва крой - нульсуфіксавае ўтварэнне ад дзеяслова кроіць 'разрываць (матэрыю, футра і пад.) на кавалкі пэўнай велічыні, выразаць па мерцы часткі чаго-н.', 'адразаць часткі ад цэлага або разразаць на кавалкі чам-н. вострым'; 'фасон, пакрой (спец.)'.

257. Крупко (Леанід) - семантычны вытвор ад апеля-тыва крупка 'здробленае ачышчанае ад шалупіння зерне пшаніцы як прамежкавы прадукт пры перапрацоўцы яе ў гатунковую муку', а таксама 'тое, што і крупы' (2 знач.) - перан. 'снег у выглядзе невялікіх шарападобных зярнят'. Форма з канцавым (Крупко) для адмежавання ад апелятыва ("моднае", "прэстыжнае").

258. Кручанаў (Аляксей) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Кручаны з значэннем 'нашчадак названай асобы': Кручанаў. ФП: кручаны ('зроблены скручваннем'; 'свіралепадобны, віты'; 'хворы на шаленства (пра жывёл)', (перан.) 'заблытаны, неспакойны') - Кручаны (мянушка, потым прозвішча) - Кручанаў.

259. Крывалап (Аляксей) - семантычны вытвор ад апелятыва крывалап (рэканструяваны назоўнік ад прыметніка крывалапы) 'з крывымі лапамі' (лапа 'ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак').

260. Крывушэнка (Ігар) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Крывуш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крывушэнка. ФП: крывы ('выгнуты, не просты'; ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела)); 'з пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы' (разм.) - крывуш ('крывы прадмет', 'кульгавы чалавек') - Крывуш (мянушка, пазней прозвішча) - Крывушэнка.

(Працяг у наступным нумары.)

ТАЛАКОЎЦЫ: У "ХОЛАД" КОЖНЫ МОЛАД

Хто яны, талакоўцы з Нясвіжчыны, што праз другі год спрыяюць выданню шматгадовай каляндарнай серыі Валерыя Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына" - робяць гэты праект па-сапраўднаму народным? Мо адны толькі гараджане-нясвіжцы, сябры ТБМ, пісьменнікі, настаўнікі? Ды не. Значную частку гэтай неабыякавай грамады складаюць карэнныя вяскоўцы, людзі сельскагаспадарчага занятку, часам ужо і немаладога веку, з аддаленых ад вірлівага жыцця, часам неперспектыўных, вёсак - Альхоўкі, Малева, Карцэвічаў, Маляўшчыны, Саскай Ліпкі, Студзёнак, асобы, што ўразяць мудрасцю поглядаў , глыбінёй разумення як ранейшага так і сённяшняга свету, далікатнасцю і шчырасцю.

Ірына Абрамовіч з Малой Быхаўшчыны кожны раз удзельнічае ў талакоўскім праекце, авансуе грошы на два календары, а то і болей асобнікаў. Падчас сустрэчы абавязкова пачастуе цікавай прыгадкай, даўнім слоўкам, забытай народнай завядзёнкай. Аніяк не скараецца жанчына сталым гадам, тым болей гэтай зімовай парой, бо памятае дзядоўскую мантру: у холад кожны молад. А ў сённяшнім жыцці гэты холад кранае многія душы сцюжай "русіфікацыі", наступам чужога, нянаскага свету. Але ў Малой Быхаўшчыне, насуперак усім халадам, нарыхтоўваюць паліва і паляць печкі, заўсёды радыя роднаму слову і выбіраюць на штодня наш беларускі каляндар.

Не губляе жыццёвага імпэту жыхарка Гарадзеі Яніна Іванаўна Ялтыкова - ганаровая сяброўка Нясвіжскай арганізацыі ТБМ, а найперш, вы не паверыце, аднакласніца самога айца Аляксандра Надсана. Дні яе "календара-2019" будуць, як і раней, напоўненыя жвавым клопатам, добрым стараннем на карысць сваёй Радзімы і мовы, людзей і Божай веры.

Наталля Плакса. Нясвіж.

"Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці"

У Гародні адбылася прэзентацыя кнігі па гісторыі Расіі ўпершыню выдадзенай па-беларуску. Кажа адзін з укладальнікаў выдання, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў:

- Першае ў свеце выданне напісанае пра гісторыю Расіі па-беларуску з беларускага гледзішча. Ніхто па-беларуску пра гісторыю Расіі ў такім аб'ёме, як мы, не пісаў. Мы напісалі ад славян і па сённяшні дзень - гэтым яна і адметная. Па-другое, выкарыстана маса новай літаратуры, асабліва замежнай, якая мала вядомая: ангельскія крыніцы, нямецкія, а таксама падабраная вялікая колькасць ілюстрацый.

На думку мастацтвазнаўцы Аляксея Хадыкі, кніга мае паказаць уплывы на расейскую культуру мастацтва іншых краін:

- Задача была напісаць раздзелы па культуры. Натуральна трэба было паказаць сінтэтычна, адкуль браліся якія крыніцы натхнення ў расейскім мастацтве, якое канешне было выдатным, але ў значнай ступені было выпеставана замежнымі мастакамі. У значнай ступені рабілі італьянскія мастакі, але астатнюю частку фактычна з 14-га стагоддзя прыносілі беларусы.

Апрача прэзентацыі выдання па гісторыі выступоўцы надалі вялікую ўвагу тэме стварэння ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, падрыхтоўчыя курсы якога працуюць у Менску.

Беларускае Радыё Рацыя.

Беларуска-нямецкія Каляды

Навіны Германіі

У сталічным Музеі гісторыі беларускай літаратуры пачаліся традыцыйныя беларуска-нямецкія Каляды. Гаворыць дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў.

- Культура - гэта тое, што яднае нашы народы. Не толькі беларускі, нямецкі, але розны народ, ён складаецца менавіта з культуры. А культура пачынаецца з самога чалавека, з саміх каранёў, з таго, з чаго ён пайшоў. І гэта можа быць не толькі нейкі выдатны мастацкі твор, не толькі музыка, спевы, літаратура, але і звычайныя танцы, гульні, якімі займаліся нашы дзядулі, бабулі альбо дзеці, якія і сёння гуляюць у нешта на дварэ.

Беларусы з немацамі не толькі ваявалі. Мы праз палякаў запазычылі ад народаў Германіі Магдэбургскае права, некаторыя прафесіі і назвы рыштунку для працы па метале і драўніне.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота аўтара.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на першае паўгоддзе 2019 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана змянілася нязначна. У 2019 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Валерыю Стралко - 80!

19 снежня свой 80-гадовы юбілей адзначае Валерый Васільевіч Стралко - творца, які стаў адметнай з'явай у гісторыі беларускага прыгожага пісьменства.

У літаратуру ён прыйшоў ужо ў сталым узросце, але ўвайшоў у яе напрыканцы 1990-х імкліва, як яркі, самародны перакладчык. І ўжо меней, чым праз два гады пасля сваіх першых публікацый, маючы ўжо дзве кнігі (напісаных ім асабіста дзіцячых вершаў "Тук-тук-тук" (1999) і першы выдадзены ў Беларусі ўкраінамоўны зборнік перакладаў "На кленових листах" (2000)), Валерый Стралко быў амаль адначасова прыняты ў Нацыянальны Саюз пісьменнікаў Украіны (2000) і Саюз беларускіх пісьменнікаў (2001).

Прычым найбольш фенаменальнае ў творчасці Валерыя Васільевіча - тое, што па адукацыі і прафесіі ён фізік; і менавіта ён ці не адзіны сёння ў Беларусі, хто перакладае з беларускай, рускай моваў на ўкраінскую і наадварот.

Ды як перакладае!

На гэты конт знаны ўкраінскі паэт і перакладчык Дзмітро Білавус (1920-2004) адзначыў наступнае: "В. Стралко тонка адчувае арыгінал, а яго аўтарскія мажлівасці, руляванне на два крылы, украінскае ды беларускае, з аднолькавымі праніклівасцю і ўменнем, - з'ява проста ўнікальная".

Майстэрства Валерыя Стралко і яго ўнёсак у скарбніцу мастацкага слова атрымалі высокую ацэнку такіх вядомых беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, перакладчыкаў, крытыкаў, як Мікола Аўрамчык (1920-2017), Рыгор Барадулін (1935-2014), Генадзь Бураўкін (1936-2014), Алена Васілевіч, Ніл Гілевіч (1931-2016), Васіль Жуковіч, Станіслаў Жукоўскі (укр. Станіслав Жуковський), Васіль Жураўлёў, Уладзімір Жытнік (укр. Володимир Житник; 1938-2010), Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Уладзімір Каламіец (укр. Володимир Коломієць; 1935-2017), Віктар Капцілаў (укр. Віктор Коптілов; 1930-2009), Міхась Кенька, Міхайла Літвінец (укр. Михайло Литвинець), Алег Лойка (1931-2008), Максім Лужанін (1909-2001), Алесь Лупій (укр. Олесь Лупий), Юрый Мушкецік (укр. Юрій Мушкетик), Аляксандр Панамарыў (укр. Олександр Пономарів), Алесь Петрашкевіч (1930-2012), Алесь Пісьмянкоў (1957-2004), Рыгор Піўтарак (укр. Григорій Півторак), Уладзімір П'яноў (укр. Володимир П'янов; 1921-2006), Станіслаў Рэп'ях (укр. Станіслав Реп'ях; 1938-2012), Янка Сіпакоў (1936-2011), Браніслаў Спрынчан (1928-2008), Міхайла Шаўчэнка (укр. Михайло Шевченко), Алесь Яскевіч і інш.

Каб зразумець каштоўнасць зробленага шаноўным юбілярам у літаратуры, варта дадаць ужо хаця б тое, што ў шэрагу шматлікіх перакладаў Валерыя Стралко першае перастварэнне па-ўкраінску найлепшага эпічнага твора беларускай літаратуры мінулага стагоддзя - паэмы Я. Коласа "Новая зямля".

Гаворачы пра гэты пераклад, Ніна Мацяш (1943 - 2008) падкрэсліла: "Пераклад папраўдзе кангеніяльны. Не згубілася ні крыхотка з багацюшчага тэксту і падтэксту паэмы, ні рыскі з адзінства лірычнага і эпічнага ў ёй… Праца, вартая нашай самай шчырай удзячнасці і найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды, бо гэта надзвычай важкі й каштоўны ўнёсак у культуру абодвух народаў, у агульначалавечую духоўнасць".

А ў пасляслоўі да ўкраінскага выдання "Новай зямлі" (Якуб Колас. Нова земля : пер. з білорус. Валерія Стрілка. Київ : Український письменник, 2006) вядомы беларускі літаратуразнаўца Я. Янушкевіч аўтарытэтна заўважыў, што гэта "першы поўны пераклад коласаўскага твора сярод іншых славянскіх перакладаў".

Сёння, з адлегласці часу, цяжка ўявіць, што ў маладосці Валерый Васільевіч нават і не марыў пра пісьменніцкую дзейнасць…

Жыццёвая дарога ў Валерыя Стралко даволі пакручастая; здаралася так, што непагадзь рабіла непраглядным далейшы шлях. Знайсці выйсце дапамагаў стойкі і ўпарты характар падарожніка, загартаваны на роднай Чарнігаўшчыне, Херсонскіх караблеверфях, на распрацоўцы першага савецкага калайдара…

Але больш падрабязна пазнаёміцца з лёсам таленавітага перакладчыка, мяркую, будзе цікава з першых вуснаў. Я неаднаразова сустракаўся з Валерыем Васільевічам, апошні раз напярэдадні яго юбілею. Падчас гэтых сяброўскіх сустрэч-размоў ён вельмі ахвотна і змястоўна распавядаў пра сваё жыццё. Вытрымкі з яго аповедаў, якім не бракуе займальных сюжэтных ліній, і прапануюцца чытачам.

"Я нарадзіўся ў старажытным Любечы на Чарнігаўшчыне ў сям'і настаўнікаў. Але дзяцінства прайшло ў Тупічаве, дзе і скончыў школу. Тады гэта быў раённы цэнтр Чарнігаўскай вобласці, а сёння - сяло ў складзе Гараднянскага раёна.

Маці Таццяна Фядотаўна (1915 - 1997) выкладала ў школе ўкраінскую мову і літаратуру, а бацька Васіль Мікітавіч (1911 - 1991) - чарчэнне і маляванне, у пасляваенны час загадваў Тупічаўскім раяна.

Вучыўся я няблага. У 1952 г. пасля заканчэння з пахвальнай граматай 7 класаў быў заахвочаны 10-дзённай пуцёўкай у Ялту. Мора мяне ўразіла страшэнна. З таго часу загарэўся марской прафесіяй і мэтанакіравана маральна і фізічна рыхтаваўся да службы на флоце: чытаў кніжкі пра маракоў і адміралаў, загартоўваўся - рабіў зарадку, спаў у каморы на торфе, мёрзнуў…

У старэйшых класах, вывучаючы фізіку, я толкам не разабраўся ў электрычнасці. Яна падалася незразумелай, і я вырашыў, што мая працоўная дзейнасць ніякім чынам не будзе звязана з ёй. Але жыццё з мяне пасмяялася, і я шмат гадоў быў павязаны з электрычнасцю: зваршчык, кранаўшчык, і біла мяне токам… Скончыў нават электратэхнічны інстытут. Прызнаюся, да сённяшняга часу баюся электрычнасці, як і радыяцыі.

У 1955 г. скончыў школу з сярэбраным медалём. І сёння дзіўна, але адзіная чацвёрка ў маім атэстаце… па ўкраінскай мове, за сачыненне. Цікава, што старэйшы брат Уладзімір, які годам раней за мяне атрымаў атэстат сталасці, таксама сярэбраны медаліст, і таксама чацвёрка ў яго была за сачыненне, але па рускай мове. Дарэчы, сёння Уладзімір Васільевіч Стралко - вядомы ўкраінскі навуковец у галіне фізіка-хіміі, акадэмік НАН Украіны, яшчэ ў савецкія часы за навуковыя дасягненні ён здабыў Дзяржаўную прэмію СССР.

Пасля школы вырашылі з аднакласнікам паступаць у Херсонскую мараходку (Херсонскае мараходнае вучылішча Міністэрства марскога флоту СССР. - Ю.К.). Варта адзначыць, што тады ў сярэднія мараходкі медалістаў бралі без іспытаў. Але маці сказала катэгарычна: "Ніякіх мараходак, ты што, тапіцца хочаш?". А я, між іншым, быў перакананы, што час марскіх катастроф мінуўся разам з ветразьным флотам, для якога яны былі ўласцівыя. Маці з практычных меркаванняў (маючы на ўвазе прыклад добраўладкаванага жыцця ў Тупічаве дырэктара мясцовага спіртзавода і ляснічага) загадала паступаць ў сельгасакадэмію на лесагаспадарчы факультэт. Дарэчы, брат тады ўжо вучыўся на хімічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. Бацька, хоць займаў нейтральную пазіцыю, казаў, каб дзеці самі выбіралі, куды паступаць, каб потым не было ніякіх размоў, але моўчкі ўсё-такі падтрымліваў маці. Слова бацькоў - закон, і я мусіў паехаць у Кіеў, у сельгасакадэмію (Украінская сельска-гаспадарчая акадэмія, сёння - Нацыянальны ўніверсітэт біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны. - Ю.К.).

Як медаліст здаваў адзін іспыт па матэматыцы, якой увогуле не баяўся, яна была маім любімым школьным прадметам. Але час на рашэнне адводзіўся малы, і мне яго проста збракавала. У выніку - тры балы. Далей экзаменавацца на агульных умовах не захацеў, бацькам зманіў, што паступленне заваліў, і махнуў у Херсон на штурманскае аддзяленне мараходкі.

Заўважу, паступаць на філфак і ў голаў не прыходзіла. Я думаў, што вершы пішуць нейкія небажыцелі, а не проста звычайныя людзі. Тычына, Сасюра, Бажан, Рыльскі… для мяне з'яўляліся недасяжнай вышынёй. Я нават да школьных настаўнікаў ставіўся не як да простых людзей.

У Херсоне чакала чарговая няўдача. Яна карэнным чынам змяніла лёс. Медыцынская камісія выявіла дальтанізм (як тады казалі, парушэнне каляровага ўспрымання) і назаўсёды зачыніла дзверы ў мараходку. І што рабіць? Вярнуцца дадому - гэта ж ганьба. Я першы ў гісторыі школы медаліст, хто не паступіў. З цяжкасцямі ўладкаваўся на працу вучнем зваршчыка на караблемеханічны і караблерамонтны завод імя Камінтэрна і паступіў на вячэрняе аддзяленне Херсонскага караблемеханічнага тэхнікума імя адмірала Ф.Ф. Ушакова.

Усё-такі праз два гады мне ўдалося ажыццявіць сваю марскую мару. Праўда, не без хітрыкаў. Я знайшоў і запомніў спецыяльныя поліхраматычныя табліцы, што прымяняліся для праверкі дальтанізму, і паспяхова прайшоў медагляд прызыўной камісіі. Служыць патрапіў на адзін з лепшых караблёў Чарнаморскага флоту - эсмінец "Сообразительный". Ды ненадоўга. Праз год з невялікім падман выявіўся, і мяне камісавалі.

Вярнуўся на свой завод. Але неўзабаве напаткала бяда. Па просьбе майстра ("канец месяца, выручай" - сумнавядомы савецкі аўрал планавай гаспадаркі) выйшаў у начную змену і зваліўся ў адкрыты люк, які забыліся абгарадзіць папярэднія рамонтнікі. Ледзь не забіўся. Аперацыя (выдалілі селязёнку), доўгае выздараўленне. Лекары забаранілі працаваць у шкодных умовах, падымаць цяжкае. Было мне тады 20 гадоў.

Давялося асвоіць прафесію кранаўшчыка. Увесну 1960 г., скончыўшы тэхнікум (абараніў дыплом 29 лютага), паехаў дамоў дапамагчы бацькам. Восенню вярнуўся на Херсоншчыну, дзе ў Вялікай Аляксандраўцы пасля заканчэння фізмата Херсонскага педінстытута выкладала ў вячэрняй школе фізіку і матэматыку мая каханая Рая. Ажаніліся мы з ёй 7 студзеня 1961 г., а пазнаёміліся, дарэчы, на вечарынцы ў Херсоне 7 лістапада 1958 г. Такое не забудзеш. Ужо болей за год жыву без сваёй Раісы Савельеўны, яна памерла 1 снежня 2017-га. Хачу адзначыць: адзіная найвялікшая ўдача ў маім жыцці - гэта мая жонка.

Калі ў космас паляцеў Гагарын, працаваў падменным настаўнікам у глухой вёсцы на Херсоншчыне, выкладаў нямецкую мову, чарчэнне і геаграфію ў васьмігодцы. А вёска мела назву… Новасібірск. Сябры ў лістах жартавалі: маўляў, думалі, што стаў сібіраком. Цікава, што 17 траўня 1961 г. я ўжо сапраўды працаваў у "сапраўдным" Новасібірску, у Інстытуце ядзернай фізікі Сібірскага аддзялення навук Акадэміі СССР. Скончыўся тэрмін падмены, і, не знайшоўшы адпаведнай працы на Бацькаўшчыне, я падаўся туды, дзе мяне ніхто не чакаў (мажліва, трошкі авантурна). У Новасібірскім акадэмгарадку адпрацаваў каля 10 гадоў.

Адзін з першых у свеце калайдараў (паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) быў пабудаваны і запушчаны ў 1963 г. менавіта ў Інстытуце ядзернай фізікі СА АН СССР. І я спрычыніўся да гэтай падзеі…

У Новасібірску завочна скончыў электратэхнічны інстытут, перайшоў працаваць старшым інжынерам у лабараторыю прыкладной кібернетыкі Інстытута гідрадынамікі. Адкуль праз пару гадоў быў запрошаны на працу ў Менск, дзе адпрацаваў у навукова-даследчых і праектна-канструктарскіх інстытутах. Апошняе месца працы да выхаду на пенсію - начальнік сектара ЦКБ "Спектр".

Азіраючыся назад, хачу адзначыць, што ўсё ў жыцці невыпадкова. І тое, што я прыйшоў у літаратуру, было дзесьці прадвызначана ланцугом пэўных падзей…

Калі я быў ужо ў сталым узросце, маім блізкім сябрам стаў вядомы беларускі чытальнік, пісьменнік Аляксей Аляксеевіч Слесарэнка (1919 - 2005). Ён нарадзіўся ў Кіеве, але карані яго на Брагіншчыне, дзе Аляксей Слесарэнка, дарэчы, вучыўся ў школе. І толькі падчас нашага сяброўства высветлілася, што мае бацькі добра ведалі яго яшчэ падлеткам. Да вайны Слесарэнка здымаўся ў ролі Мірона ў фільме "Палескія рабінзоны" (1934). Атрымаў ганарар, за які яго бацька набыў хату… у Любечы, і хата гэтая знаходзілася па дыяганалі насупраць школы, у будынку якой тады выкладалі і часова жылі мае бацькі-настаўнікі…

Родны брат маёй маці Мікола Чмель вучыўся ў гімназіі разам з Абрамам Кацнэльсонам (1914 - 2003), вядомым украінскім савецкім паэтам і перакладчыкам.

Толькі ў 1990-х гг. я даведаўся, што да вайны ў Любечы жыў Эдвард Адамавіч Пархамовіч, лекар з Палтаўшчыны. А яго сын - вядомы ўкраінскі паэт у эміграцыі Леанід Палтава (1921 - 1990) у 1938-м скончыў Любецкую школу, дзе працаваў мой бацька. Дарэчы, Л. Палтава сябраваў з Майсеем Сяднёвым (1913 - 2001), пераклаў на ўкраінскую паэму А. Вярцінскага "Загор'е"…

Асабліва ў памяці адна драматычная падзея. Упэўнены, яна сталася для мяне знакавай.

Я скончыў украінскую школу, выхоўваўся ў нацыянальным асяродку. А калі апынуўся на Херсоншчыне, сутыкнуўся зусім з іншай моўнай сітуацыяй: фактычным панаваннем рускай мовы. Вучыцца ў тэхнікуме, дзе ўсё выкладался па-руску, і працаваць на заводзе, дзе ў лепшым выпадку гучаў уедлівы суржык (аналаг беларускай трасянкі), мне было спачатку цяжка. Першы год я яшчэ размаўляў па-ўкраінску.

І вось у першы свой адпачынак 31 ліпеня 1956 г. я ступіў на палубу парахода "Тарас Шаўчэнка", што плыў па Дняпры маршрутам Херсон - Кіеў - Херсон і… перайшоў на рускую мову… На зваротным шляху ў Кахоўскім моры (Кахоўскае вадасховішча ў ніжнім цячэнні Дняпра. - Ю.К.) наляцеў такі шторм, якога я і на моры не бачыў. Мы ледзь выратаваліся… І выратаваў нас усіх, і пасажыраў і каманду, стары параход "Тарас Шаўчэнка", які не скарыўся злой стыхіі…

Але асабіста для мяне, лічу, тая дняпроўская драма з'явілася ў першую чаргу пакараннем за здраду роднай мове. А пакаральнікам і ратавальнікам у адной асобе выступіў Кабзар. Тарас Рыгоравіч з нябёсаў вызначыў дарогу майго жыцця - духоўнага і творчага…

Сёння я і не разумею, як мог жыць без літаратуры…".

У творчым набытку Валерыя Стралко - кнігі перакладаў: "На кленових листах" (Мінск, 2000); "Тарас на Парнасі" (Мінск: "Рэдакцыя часопісу "Вожык", 2003) - вядомай беларускай сатырычнай паэмы "Тарас на Парнасе" на ўкраінскую мову; "Мелодыі журбы і надзеі" (Мінск, 2003) - твораў Лесі Украінкі на беларускую мову; "Непагасны агонь = Непогасний вогонь" (Мінск, 2003) - твораў Т. Шаўчэнкі, Л. Украінкі, І. Франко на беларускую, а Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча на ўкраінскую мову; "Нова земля" (Київ, 2006) - паэмы Якуба Коласа "Новая земля" на ўкраінскую мову; "Любить би вічно..." (Мінск, 2007) - вершаў Алеся Пісьмянкова на ўкраінскую мову; "Тріада слов'янської поезії = Трыяда славянскай паэзіі = Триада славянской поэзии" (Київ, 2008) - твораў украінскай класікі на беларускую і рускую мовы, беларускай класікі - на ўкраінскую і рускую мовы, рускай класікі - на ўкраінскую і беларускую мовы; "Майдан Волі" (Київ, 2008) - рамана-хронікі Алеся Пашкевіча "Пляц Волі" на ўкраінскую мову; "Тінь Гобліна" (Київ, 2009) - рамана Валерыя Казакова "Цень Гобліна" на ўкраінскую мову; "Круглянський міст" (Київ, 2011) - аповесцей Васіля Быкава на ўкраінскую мову; "Час sесоnd-hand" (Канец чырвонага чалавека) (Мінск, 2013) - кнігі Святланы Алексіевіч на беларускую мову; "Мастак" (Мінск, 2014) - паэзіі і прозы Т. Шаўчэнкі на беларускую мову.

Перакладчыцкая дзейнасць Валерыя Васільевіча Стралко ўганаравана Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Івана Франко 2003 г. "за пераклады на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франко, шматлікіх сучасных паэтаў", Літаратурнай прэміяй імя Кандрата Крапівы за пераклад класічнай беларускай паэмы "Тарас на Парнасе" на ўкраінскую мову (2003), медалём Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны "Почесна відзнака" - "За важкі ўклад у адраджэнне духоўнасці і асабістыя дасягненні ў літаратурнай творчасці" (2006), Міжнароднай літаратурна-мастацкай прэміяй імя Грыгорыя Скаварады Фонда культуры Украіны за вялікую падзвіжніцкую працу з мэтай збліжэння ўкраінскай і беларускай літаратур (2013).

Юры Кур'яновіч. Фота аўтара.

Творчая сустрэча з пісьменнікам гістарычнага жанру

27 лістапада 2018 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося мерапрыемства "За крокам крок…", прысвечанае прэзентацыі кнігі "Леанід Дайнека. "Выбраныя творы", якая пабачыла свет у выдавецтве "Беларуская навука" у серыі "Беларускі кнігазбор". У кнігу ўвайшлі новыя раманы Леаніда Дайнекі "Ілоты" і "Сын ільва, дачка Зеўса - Леанід і Зінаіда", а таксама найбольш значныя яго вершы і мініяцюры "Герадоцінкі".

Літаратар нарадзіўся ў 1940 годзе 28 студзеня ў вёсцы Змітраўка 2-я (Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць) у сям'і калгасніка. Скончыў сярэднюю школу (1956 г.). У Ніжнім Тагіле вучыўся ў тэхнічным вучылішчы (1957-1959 гг.), працаваў электраслесарам на металургічным камбінаце ў трэсце "Уралспецбуд" (1959-1960 гг.). Служыў у Савецкай Арміі (1960-1963 гг.). У 1967 скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў рэдактарам, старэйшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва Віцебскай студыі тэлебачання (1967-1971 гг.). Пасля пераезду у Менск працаваў старэйшым рэдактарам Беларускага тэлебачання (1971-1972 гг.), адказным сакратаром часопіса "Маладосць" (1972-1989 гг.)

З 1989 года - загадчык рэдакцыі паэзіі ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Друкавацца пачаў з 1961 года.

Пісаў вершы, паэмы. Выдаў паэтычныя зборнікі "Галасы" (1969), "Бераг чакання" (1972), "Начныя тэлеграмы" (1974), "Мая вясна саракавая" (1979), "Вечнае імгненне" (1985), "Сняжынкі над агнём", "Вершы і паэмы" (1989).

Некаторыя вершы Леаніда Мартынавіча пакладзены на музыку П. Альхімовічам і У. Семенякам.

З 1976 года аддае перавагу прозе. Аўтар зборніка апавяданняў "Бацькава крыніца" (1976), раманаў "Людзі і маланкі" (1978), "Запомнім сябе маладымі" (1981), "Футбол на замініраваным полі" (1983), "Меч князя Вячкі" (1987), "След ваўкалака" (1988), "Жалезныя жалуды"

Леанід Мартынавіч лаўрэат літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1988) за раман "Меч князя Вячкі", Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей - за гістарычныя раманы "Меч князя Вячкі" і "След ваўкалака". Многія творы Леанід Мартынавіча перакладзены на мовы народаў свету.

Спадар Дайнека - вядомы ў 90-я гады мецэнат, які разам з сынамі займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірму "БелПі", вядомую выпускам старажытнага напою "Крамбамбуля". Свёкар знакамітай Таццяны Беланогай. У апошнія гады вельмі папулярным стаў раман спадара Дайнекі "Назаві сына Канстанцінам".

На мерапрыемстве прысутнічалі: Кастусь Цвірка, Яўген Гучок, Сяргей Законнікаў, Аляксандра Грыцкевіч, Ірына Багдановіч, Міхась Скобла, Леанід Дранько-Майсюк, Таццяна Лаўр. Вельмі цікава выступаў вядучы рэдактар выдавецтва "Беларуская навука" Георгій Кісялёў.

Прыйшлі барды Алесь Камоцкі з песнямі "Ляцяць гады ...немалады я" і "Тутэйшы чалавек" і Эдуард Акулін з кампазіцыяй пра беларускага песняра Янку Купалу. Пад час імпрэзы гучалі вершы ў выкананні творцы Леаніда Дайнекі. Было вельмі цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Каб спявала душа

"Рабі, што можаш, з тым, што маеш, там, дзе ты ёсць", - пад такім дэвізам знакамітага амерыканскага палітыка Тэадора Рузвельта працуюць ў нашай краіне з людзьмі, што маюць абмежаваныя магчымасці.

Праца з інвалідамі дзеля іх паўнавартаснага ўдзелу ў самых розных напрамках зносін - гэта і ёсць для такіх людзей сінонім жыцця. Пры гэтым, гаворка ідзе не пра адзінкавыя ці выпадковыя мерапрыемствы, а сістэму, пры якой сёння кожны можа займацца спортам, творчасцю, атрымліваць прафесію, дзяліцца сваім майстэрствам.

Адзначэнне Міжнароднага дня інвалідаў характэрна сёлета нейкім добрым усплескам цікавасці да літаратурнай творчасці гэтых мужных людзей. Іх пачуцці, абвостраная ўспрымальнасць рэчаіснасці, нясмелая надзея і вера ў каханне, будучыню зачароўвае і прыцягвае ўвагу чытача.

Літаратурныя аб'яднанні, студыі, зборнікі! Колькі ўсяго!

23 лістапада ў меннскай бібліятэцы № 5 адбывалася чарговая паэтычная сустрэча студыі "Палітра радасці". "Закружыла нас паэзіі завея" - такую назву далі імпрэзе арганізатары. Кіраўнік паэтычнай студыі Здуард Дубянецкі, маладая паэтка Наталля Алейнікава, Наталля Казакевіч, Міхаіл Піліпец, Ларыса Вайцэховіч закружылі прысутных у кругаверці рыфмаў. Зрэшты, не толькі паэзіі, а яшчэ і музыкі, фарбаў.

Мне ўдалося пабываць на паэтычнай вечарыне "Разам з рыфмай" у выставачным комплексе "БелЭкспа", дзе для інвалідаў быў наладжаны выступ паэтаў і бардаў. А яшчэ, і самае галоўнае, тут прайшла прэзентацыя зборніка "Рыфма", які сабраў творы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І, што цікава, вельмі шмат вершаў на роднай беларускай мове. Дзіўна, цікавыя, глыбокія вершы Эдуарда Дубянецкага (Менск), Валянціны Кісель, Соні Несцярук (Лепель), Ганны Прыёмкі, Сяргея Бяспалага зачаравалі пачуццямі і роднай мовай.

Ц.М. Мартыновіч, старшыня Лепельскай першаснай арганізацыі інвалідаў, распавяла пра лепельскі калектыў народнай песні. І можа не адбылося б гэтай падзеі, каб не сумесная праца галоўнага фундатара - рэспубліканскай газеты "Вместе" і Саюза пісьменнікаў Беларусі, які прадставілі знакамітыя паэты Ф. Баравы і А. Кавалёнак, сябры Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў Зоя Кулік, Тамара Кавальчук.

З вялікай насалодай слухалі ўдзельнікі імпрэзы народную артыстку, мастацкага кіраўніка Дома паэзіі Таццяну Багушынскую, якая была вядоўцай мерапрыемства.

Галоўны рэдактар рэспубліканскай газеты "Вместе" Жанна Леанідаўна Канопліч як генеральны фундатар гэтага зборніка з задавальненнем канстатавала, што іх выданне робіць шчаслівымі шмат людзей, якім лёс паслаў цяжкія іспыты, але даў талент і дабрыню сэрца. А рубрыка газеты "Вместе" пад назвай "Паэтычны куфэрак" дае стымул і веру таленавітым людзям, якія разам маюць моц і духоўнасць, якім дапамагае і радзіць Бог, бо пасыае на жыццёвую дарогу неабыякавых людзей, з якімі ва ўнісон стукае іх сэрца і спявае душа.

Зоя Кулік, старшыня Нясвіжскай гарадской суполкі ТБМ.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Бацькаўшчына! Калі канец пакутам за цябе? Смерць, кроў вакол.

Лягчэй было Хрысту паміраць на крыжы. Ён ведаў, што сваёй смерцю. сваёй пакутай ашчаслівіць чалавецтва, свет збавіць. А мы? Мы церпім. ведаючы, што сёння даём сябе ўкрыжаваць, каб заўтра сыны і дочкі нашыя мусілі прайсці праз тыя самыя катаванні. Гавораць, што нічога не гіне, нічога не ідзе на марна на тым свеце, але ці будуць сабраны і палічаны крывавыя слёзы нашыя і ўся вялікая нядоля пакаленняў, якія пасля нас прыйдуць?

Браніслаў Залескі гаварыў пра Зыгмунта: "Серакоўскі ўсім сваім жыццём давёў, што любіў людзей і прагнуў дабра для іх, што гатоў ахвяраваць за іх. Апошнія гады працаваў у мэтах гуманітарных, але ніколі, ані на хвілю не пераставаў быць палякам і ў тым свеце, які ўяўленнем і думкай сваёй агарнаў заўсёды найдарожшай яму была тая найнешчаслівейшая Бацькаўшчына. Як будучы маладзёнам гатоў быў аддаць ёй сваё жыццё, так цяпер ясная індывідуальная ў будучыні пазіцыя, а што найбольшае, сямейнае, ледзьве пакаштаванае шчасце, паклаў на яе алтар" 272.

Зыгмунт перад тым, як пайсці на бой, з улікам добрых стасункаў з міністрам і сапраўдных яго поглядаў, напісаў да яго ліст, у якім паведаміў, што дакуль мог служыў сумленна ўраду, сёння аднак не можа быць глухім да голасу Бацькаўшчыны і насуперак клікаўшым яго братам не ў стане застацца ў непрыяцельскіх шэрагах, мусіць змагацца, таму ідзе ў адстаўку і сведчыць, што ўжо ад той хвілі лічыць сябе вольным ад усіх абавязкаў перад урадам. Скончыў такімі словамі: "Можа, праз колькі тыдняў падпіша пан на мяне вырак смерці, але і ў той час не з зможаш адмовіць мне ў павазе" 273.

Паўстанне выбухнула ў краі, які яго не хацеў, бо бачыў у той час усю немагчымасць правесці яго ўдачна - не быў да яго падрыхтаваным. Зброі Літва не мела і бачыла немажлівасць яе дастаўкі ў патрэбнай колькасці, нават паляўнічую зброю ўрад у той час сканфіскаваў. Заставаўся адзін сродак - перакоўваць косы на жаўнерскую зброю, якой трэба было ўмець валодаць. Таму галоўным, а хутчэй першым заданнем камандзіраў было вучыць моладзь абыходзіцца са зброяй, з касой, трымаць шыхт, выконваць сігналы, адліваць кулі і да т.п. Гэта ўсё можна было ажыццявіць у хвілі, вольныя ад нападаў ворагаў, у глыбінях пушчы. Настаўнікамі былі самі камандзіры, якія ў час бою станавіліся ў шэрагі, як простыя жаўнеры, кідаліся ў найнебяспечнейшыя пункты для падтрымання запалу і дапільнавання выканання аддадзеных загадаў.

Паводе слоў Браніслава Залескага: "Даленга зразумеў, што народны дух, узняты любоўю да Бога і Бацькаўшчыны ў той час, у паўстанні на Літве быў адзіны матэрыялам. Распальванне гэтага духу, з'яднанне як найшырэйшых падстаў для паўстання, лічыў за галоўную сваю задачу. Ад маладых гадоў любіў народ, умеў прамовіць да тых простых сэрцаў. Сам шмат цярпеў, разумеў цярпенне іншых і бачыў вялікую нядолю тых, хто спрадвеку працуе на зямлі. Марыў пра грамадства, якое б кіравалася правам справядлівасці і любові. Заклікаючы народ да бою, прагнуў уліць у душы тых бедных веру, што, калі перамогуць, усім будзе добра ў вернутай Бацькаўшчыне. Люд яму верыў, гарнуўся да яго і ішоў за яго голасам".

Паўстанне на Жмудзі трывала найдаўжэй і ішло найбольш паспяхова. Люд асабліва пасля выступлення Даленгі браў у ім удзел. Выклік яго адбыўся пасля доўгіх ваганняў і нарадаў. Пайшлі на той крок. як на адзіны выніковы сродак пазбавіцца ад пашыраўшайся анархіі.

На трэці дзень святаў Серакоўскі (Даленга) ў суправаджэнні капітана Ляскоўскага і д-ра Траскоўскага прыбыў у Шаты ў Панявежскім павеце да Фларыяна Даноўскага 274. Адтуль выправіў Яна Жахоўскага ў Кнэбю (Тарэсбор), княжацкі фальварак для заснавання лагера, а сам з шаснаццацю чалавекамі падаўся ў Пашумер да Вялічкі, павятовага камісара. Хвілі там праведзеныя, як і паход у Трускоўскія лясы, дзе наступіла злучэнне паўстанцкіх аддзелаў Ковенскай губерні, апрача дробных аддзелаў, якія атрымалі загады застацца па паветах для далейшага фармавання, я занатавала, пішучы пра Канстанціна Далеўскага.

Першым на зборнае месца з'явіўся Колышка, які абмінуў умелым маршам два аддзелы маскоўскіх войскаў, за што атрымаў потым пахвалу перад сабранымі камандзірамі.

Узрушальным быў від пры спатканні тых дзвюх жменек людзей у глыбокай пушчы, сярод голых яшчэ дрэў, на зямлі, пакрытай снегам, а мейсцамі вязкай граззю. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя камандзіры сталі адзін перад адным. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі і прамаўляючы прысягу ісці з ім на жыццё або смерць за Бацькаўшчыну. Гарачыя словы Даленгі, іхнія сардэчныя, братнія абдымкі зэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, абдымалася.

Пасля размовы з Даленгам Длускі - Ябланоўскі з найлепш узброенай універсітэцкай моладдзю быў пасланы ў бок мора 275. Астатнія, як: Кушлейка, Цытовіч, Дамброўскі 276, Колышка, кс. Мацкевіч падаліся з Зыгмунтам у бок Тарэсбору для навучання моладзі вайсковай справе.

У лесе пад Генетамі недалёка ад Рогава 6 красавіка Даленга, апавешчаны пра гнаўшаеся за паўстанцамі расейскае войска, арганізаваў засаду. На невялікай палянцы, удачна акружыўшы ворага, нанёс яму паразу, 80 салдатаў палажыў трупамі, маскоўскую кавалерыю загнаў у балота і забраў увесь абоз з боепрыпасамі 277.

Уцякаўшыя маскалі разнеслі вестку пра яго перамогу, што падняло дух у ваколіцах, наводзячы страх на непрыяцеля. Недалёка ад Карсакішак 278 правёў другую пераможную бітву, што яму дазволіла на працягу цэлага тыдня свабодна праводзіць арганізацыю аддзелаў у Кнебях, а потым, падзяліўшыся на тры калоны пад камандаваннем Даленгі, Колышкі і Мацкевіча пусціцца ў далейшы шлях к Біржам, маёнтку Бенедыкта Тышкевіча, дзе ў вядомай яму мясцовасці меў захапіць схаваную вельмі значную партыю зброі.

(Працяг у наст. нумары.)

272 P.R., Zygmunt Sierakowski, "Ojczyzna", 1865, № 27.

273 Біёграф Серакоўскага праф. Смірноў не знайшоў гэтага ліста ў архіве Мілюціна. А. Смирнов, Сигизмунд Сераковский, Масква, 1956, с. 98, 133.

274 Серакоўскі з Длускім прыбылі 3/15.IV. Планавалі стварыць каля Шат у Крамянцішскіх (Крамянцінскіх) лясах галоўны лагер паўстацкага злучэння. 7/19.V. злучэнне Серакоўскага і Колышкі (каля 450 паўстанцаў) рушыла ў Рогаўскую пушчу. Да іх далучыўся аддзел ксендза Мацкевіча. Дабраліся да мэты праз два дні.

275 Длускі быў пасланы на прускую мяжу з мэтай даўзбраення аддзела Серакоўскага. Вярнуўся са зброяй і боепрыпасамі, якія аднак забяспечылі толькі чвэрць ад неабходнага.

276 Вядомая нам літаратура не падае ні аднаго Дамброўскага ў тым лагеры.

277 Бітва мела месца 9/21.IV.

278 Карсакішкі (літ. Карсакішкіс, р-н Панявежскі), вёска і фальварак у Вількамірскім павеце на край Карсакішскага лесу. Сутычка адбылася 15/27.

"Казнить смертью расстрелянием!"

Іван Буднік

(пра ваеннага начальніка Гарадзенскага павета ў час паўстання 1863 г. А. Лянкевіча)

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Бой пачаўся на наступны дзень, 22 траўня (3 чэрвеня па н. ст.), каля палудня. Пра яго так рапартаваў падпалкоўнік Булгарын, апраўдваючы свае дзеянні: на адлегласці каля вярсты ад лагера на паляне размяшчалася смалакурня. Адсюль пачалася атака на лагер. Пасля абстрэлу яе карцеччу першая рота пайшла ў атаку справа ад шашы, а 1-ы звяз 3-й роты паглыбіўся ў лес з боку пляцоўкі, 2-ому звязу загадаў ісці з боку смалакурні з барабанным боем "для адцягнення ўвагі мяцежнікаў, але гэта не дапамагло: мяцежнікі ведалі непрыступнасць сваёй пазіцыі і так упарта трымаліся на ўзлеску, што я праз 2 гадзіны вымушаны быў на месца 1-й роты паслаць 2-ю, а 1-ю адвесці ў рэзерв; але і 2-я рота не змагла пераадолець цяжкасцяў мясцовасці; яна таксама не змагла дайсці да адзінай сцяжынкі, якая злучае шашу з лагерам, хаця і адцясніла мяцежнікаў настолькі, што ўжо бачны былі іх баракі. Дзеянні 3-й роты, што дзейнічала пад асабістым наглядам маёра Ягорава, таксама былі паралізаваны мясцовымі перашкодамі. Значная страта людзей (забіта 9 чалавек, паранена 41), іх стомленасць, наступаючая цемра і мяркаванае чатырохвёрстае адступленне па вузкай шашы, акружанай лесам, прымусілі мяне спыніць бой. У палон падчас бою ўзята 2 чалавекі.... Мяцежнікі пры адступленні нашым не патурбавалі нас ні адным стрэлам." 10

Пасля нарады камандзіраў паўстанцы ноччу пакінулі лагер. Запланаваны штурм лагера раніцай 23 траўня быў адкладзены на 3 гадзіны ў сувязі з прыбыццём з Бярозы дзвюх рот пад камандай маёра Радава на падмацаванне атрада падпалкоўніка Булгарына. Калі пачалося наступленне і карнікі прайшлі 2 вярсты, сустрэлі адпушчанага паўстанцамі параненага ўнтэр-афіцэра Кушму, які паведаміў, што мяцежнікі ноччу пакінулі лагер. Пошукі іх не далі вынікаў, толькі бачыліся іх сляды на зямлі. На наступны дзень п-п Булгарын з дзвюма ротамі ўвайшоў у лагер і знайшоў 9 загінуўшых і 5 параненых паўстанцаў і загінуўшых расійскіх салдат. Мёртвых пахавалі ў розных магілах.

Паўстанцкія аддзелы рушылі з-пад Мілавід у розных накірунках, абыходзячы населеныя пункты, мяркуючы заблытаць непрыяцеля і пазбегнуць пераследу.

Вынікі бою паказалі ўзросшае ўменне паўстанцкіх камандзіраў ваяваць. Яны здолелі аб'яднацца і даць адпор праціўніку, нанеслі яму значныя страты, прымусілі яго адступіць і шукаць падтрымкі, але пакінулі поле бою і ініцыятыву за ім (непрыяцелем) з-за недахопу сіл. Расійскія камандзіры атрадаў і вайсковыя следчыя адзначалі іншыя асаблівасці тактыкі паўстанцкіх камандзіраў, зменлівасць іх складу. Маючы пад сваёй камандай 150 - 200 чалавек перад боем і ў час яго, пры пагрозе паражэння Лянкевіч даваў каманду сваім дробным камандам-атрадам адступаць-расходзіцца ў розных накірунках, а потым збірацца ў вызначаным месцы. А "Сведения о предводителях мятежнических шаек" адзначаюць, што шайка змянялася ў сваім складзе па розных прычынах, часам для таго, каб караць непаслушных жыхароў за іх вернасць ураду, а таксама для таго, каб на вялікай тэрыторыі пагрозамі вербаваць людзей у шайку. "Определить количество шайки невозможно, оно постоянно изменялось… Он отделял от себя человек по тринадцать мятежников, а в случае надобности притягивал эти отряды к себе." 11

З-пад Мілавід Аляксандр Лянкевіч разам з ваўкавыскім аддзелам Стравінскага накіраваўся на сустрэчу з Ануфрыем Духінскім, ваяводскім ваенным начальнікам. Сустрэча адбылася 15-16 чэрвеня ў Вялікім Вугле, месцы ранейшага базіравання ваўкавыскіх паўстанцаў, і абмяркоўваліся планы і месцы дзеянняў паўстанцкіх атрадаў. Адсюль 16 чэрвеня па распараджэнні Духінскага Лянкевіч з 56 паўстанцамі накіраваўся ў Гарадзенскую пушчу. Шлях далёкі і небяспечны: ваенныя і паштовыя дарогі, вёскі, мястэчкі і гарады кантраляваліся расійскімі воінскімі камандамі, паліцыяй, сельскімі вартамі. Тым не менш яны дабраліся ў ваколіцы Азёр, па дарозе каля Шчучына злучыўшыся з атрадам у 150 чалавек Парадоўскага (Астрогі). Лянкевіч зноў прыняў камандаванне над аб'яднанымі сіламі.

У азёрскіх лясах паўстанцы знаходзіліся некалькі дзён, наведвалі лясныя вёскі Зубрава, Шумы, Бершты, Шчанец, дзе знаходзілі падтрымку жыхароў. Іх спачуванне паўстанцам улады не пакінулі без пакарання: тры сям'і з вёскі Шумы былі высланы ў Астраханскую губерню, а 11 сямействаў з вёскі Зубрава расселены па Гарадзенскай. Насцігнутыя пераважнымі сіламі карных войск, аддзелы Лянкевіча і Астрогі на гэты раз выстаялі, але страцілі ў баі 7 чалавек і вымушаны былі адступіць у глыб Гарадзенскай пушчы.

У сувязі з панесенымі стратамі і напаўненнем Гарадзенскага ваяводства (паўночная частка губерні) воінскімі камандамі Лянкевіч атрымаў загад народнага ўраду ў Вільні перамясціцца ў Аўгустоўскія лясы для аб'яднання з аддзеламі Вавера. 25 ліпеня ён прыбыў са сваімі 200 байцамі ў Сейненскі павет, дзе прыняў камандаванне над аддзеламі Глеба, Любіча, Сэндка, Колышкі, якія зліліся ў адзін аддзел колькасцю каля 800 чалавек. То аддзяляючыся, то зноў аб'ядноўваючыся з аддзелам Лянкевіча, гэтыя аддзелы кружылі па лясістым Аўгустоўскім ваяводстве, уступалі ў сутычкі з ворагам. У пачатку жніўня аддзел Глеба, атакаваны моцнымі сіламі расейцаў у Кальварыйскім павеце, быў разбіты і рассеяны. Аддзел Колышкі ў Сейненскім павеце выстаяў у сутычцы з пераважнымі сіламі ворага, але адступіў, панёсшы невялікія страты, і далучыўся да Лянкевіча. 12

К пачатку восені паўстанне і ў Аўгустоўскім ваяводстве пайшло на спад, дробныя аддзелы цярпелі паражэнні і рассейваліся; буйнейшыя, не маючы прытоку новых сілаў, таксама не маглі даваць адпор пераважнай сіле карнікаў. У пачатку верасня Вавер (пс. Раматоўскага) і А. Лянкевіч з аддзелам у 300 чалавек з дабраахвотнікаў і рэшткаў іншых аддзелаў, якія знаходзіліся ў ваколіцах Аўгустова каля вёскі Стральцавіна (Strzelcowizna), былі нечакана атакаваны дзвюма ротамі пяхоты і казакамі пад камандай маёра Эгера. Заспетыя знянацку, паўстанцы не змаглі арганізаваць адпор і пачалі адступаць, адказваючы агнём, трымаліся да позняй ночы.

Бой працягваўся ад палудня да ночы. У выніку яго паўстанцы былі разбіты і рассеяны; толькі невялікі аддзел Гліндзіча і Дзікоўскага змог арганізаваць абарону і адарвацца ад пераследу. У такіх абставінах Вавер і Лянкевіч сышлі за мяжу. 13

* * *

Хаця Лянкевіч і пакінуў Расійскую імперыю, але яна яго не забывала. Калі толькі дайшлі да гарадзенскага губернатара фон Галера весткі, што Аляксандр Лянкевіч узначаліў "шайку мятежников", ён 25 красавіка 1863 г. запатрабаваў ад губернскага праўлення накласці секвестр на маёнтак Панюкі. Маёнтак быў раздзеланы з памерлым братам Антонам, і таму была секвестравана толькі яго палавіна. Акрамя таго казначэйская палата пазбавіла былога падпалкоўніка ваеннай пенсіі. Ваенна-паліцэйскія і следчыя органы імкнуліся адшукаць камандзіраў паўстанцкіх аддзелаў і дамагчыся іх пакарання па першым разрадзе (смяротны прысуд), але многія з тых, хто не загінуў у баі, змаглі эміграваць на Захад. І тады прысуд выносілі завочна. Так паступілі і адносна Лянкевіча. Часовы палявы аўдытарыят Віленскай вайсковай акругі, вывучыўшы ўсе матэрыялы аб дзейнасці Аляксандра Лянкевіча, у сваім заключэнні ад 19 лістапада 1866 г. прызнаў яго "виновным в принятии личного участия в … вооружённом восстании …и полагает: Александра Ленкевича, лишив чинов…, орденов… и званий, казнить смертью расстрелянием ..., имущество конфисковать в казну". 14

Некаторыя з удзельнікаў паўстання 1863 г., хто пайшоў у эміграцыю, уключыліся на Захадзе ў грамадска-палітычнае жыццё, іншыя напісалі ўспаміны, якія былі сабраны ў Архіве швейцарскага гарадка Рапельсвіля. А сляды Аляксандра Лянкевіча губляюцца ў Заходняй Еўропе. Мы ж на яго радзіме не можам пагадзіцца з тым, каб імя барацьбіта за незалежнасць краіны, было забыта.

10. НГАБ у Гродне, ф.1, воп.34, сп. 220, л. 63 адв.- 64.

11. НГАБ у Гродне, ф.1, воп. 34, сп. 1151, л. 19

12. St. Zielin'ski, "Bitwy i potyczki 1863-1864r., Krako'w, 1913, s. 334

13. St. Zielin'ski, "Bitwy i potyczki 1863-1864r., Krako'w, 1913, s. 270

14. НГАБ у Гродне, ф. 1, воп. 34, сп. 3420, л. 11

Творчы чалавек заўсёды знойдзе сабе справу па душы

Які лёс чакаў дзяцей, што нарадзіліся ў цяжкія перадваенныя гады? Якая будучыня чакала тых немаўлят, якіх маці хавалі ад фашыстаў у халодных зямлянках? Як выжывалі яны падчас цяжкіх карных аперацый фашыстаў, калі зямля гарэла агнём. Нават зімой.

Самая ахвярная карная аперацыя на Асвейшчыне распачалася ў лютым 1943 года. "Зімовыя чары" - так узнёсла фашысты назвалі аперацыю, якая вынішчала практычна ўвесь Асвейскі раён: кожны другі беларус стаў ахвярай жудаснага зверства над старымі і малымі жыхарамі самага прыгожага краю на поўначы Беларусі.

Аляксандру Мядзюта напачатку вайны было тры гады. Але дзіцячая памяць, як чорна-белыя фотаздымкі, навечна пакінула ў яго свядомасці самыя цяжкія ўспаміны пра той час.

- Пра гэта расказваць цяжка, - кажа Аляксандр Іванавіч. - Ужо сёння, з вышыні гадоў, немагчыма нават асэнсаваць, як людзі выжылі ў тым пекле.

У гэтыя дні Аляксандр Іванавіч Мядзюта адзначае свой 80-гадовы юбілей, але застаецца цікаўным да грамадскага жыцця, да творчасці. Жыццё як бы кампенсуе яму за тыя цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, калі жылося адной думкай: як бы ўволю пад'есці хлеба.

І за свае 80 год жыцця наш імяніннік у многім быў першым, нават ужо ў сталыя гады ён знаходзіў сабе заняткі па душы, здзіўляючы сяброў сваім выбарам .

Ён быў першым у раёне, хто набыў відэакамеру і пачаў спрабаваць здымаць нашы краявіды, гарадскія святы, цікавых людзей, а крыху пазней звярнуўся і да больш сур'ёзных формаў:спрабаваў рабіць невялікія фільмы па тых тэмах, якія яго хвалявалі. Канешне, тэма вайны гучала асобна.

Давялося перажыць клінічную смерць і пасля гэтага ён узяў у рукі пэндзаль.

- У мяне не было ніякіх ведаў пра тое, як ТРЭБА МАЛЯВАЦЬ. Маляваў так, як падказвала ўнутранае пачуццё, - расказвае Аляксандр Іванавіч. - І здарылася нечаканае для мяне: адну з маіх карцін ўзялі на выставу аж у Маскву! У мяне не было мэты стаць мастаком, ды і запозна ўжо, мне проста хацелася маляваць: прыроду, пейзажы, бо мясціны ў нас вельмі прыгожыя. А мая родная Асвейшчына - пярліна раёна!

Затым ён ўзяў у рукі пяро і пачаў пісаць вершы, пацягнула на паэзію. А па дапамогу прыйшоў да Эдуарда Зубрыцкага, які на той час працаваў у раённай газеце "Дзвінская праўда" і вёў у ёй творчую старонку "Дзвінскія заранкі".

- Не ўсё пайшло адразу, быў і адчай, бо Эдуард Зубрыцкі быў моцны крытык, - смяецца Аляксандр Іванавіч. - Ён і дапамагаў, і вучыў. А калі нешта стала атрымоўвацца, я атрымаў вялікую асалоду. Я, калі бяруся за што, спрабую, нават праз няўдачы, давесці справу да канца, - дзеліцца Аляксандр Іванавіч.

Зараз ён выдаў дзве кнігі "Между светом и тенью" і "От сердца к сердцу".

Пытаюся, ці ёсць вершы на роднай мове? Шчыра прызнаецца, што на роднай мове напісаў мала, хаця добра разумее, што мова для нацыі - гэта фундамент, якія трымае ўвесь дом.

Аляксандр Мядзюта - ганаровы грамадзянін гарадскога пасёлка Асвея.

В. Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

* * *

Летам п'ю

цішыню надвячорка, -

Не напіцца мне ўволю цяпла.

І любуюся, ёй на пагорку,

Даллю цешацца вокны сяла.

Закукуе зязюля на гаі,

Не сканчаецца цуд забыцця…

Мае грудзі прастор распірае,

Дзе бясконцая радасць жыцця.

А даюць мне бязмерную сілу

Над палямі жаўрук, пах зямлі,

Любай вочкі, лістокі асіны,

І той плуг,

што блішчыць ад раллі.

Ці з касой

выйду раніцай роснай,

Зазвініць цішыня і жыты,

Як звінелі зімовыя сосны

Што чакалі вясну, як і ты?

А. Мядзюта.

Лідскія літаратурныя зазімкі

12 снежня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі Лідскія літаратурныя зазімкі, прысвечаныя 220-м угодкам з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

У імпэзе брсалі ўдзел старшыня Лід скай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, намеснік старшыні, вядомы бард Сяржук Чарняк. Вяла імпрэзу бібліёграф Галіна Курбыка. Аўдыторыю складалі дзве групы Лідскага каледжа, работнікі бібліятэкі, прадстаўнікі СМІ.

Падчас імпрэзы прагучалі ўрыўкі з "Пана Тадэвуша" на беларускай і польскай мовах, "Песня жаўнера" ў перакладзе Станіслава Судніка. Сяржук чарняк выканаў некалькі песень, у тым ліку на словы наваградскага паэта Самсона Пярловіча.

Станіславу Судніку было даручана адказаць на пытанне, чаму Адам Міцкевіч, які так моцна любіў Беларусь, пісаў па-польску.

І, магчыма, нехта з прысутных зразумеў, чым такім была пратэстная самапаланізацыя, і дойдзе да пратэстнай самабеларусізацыі. Прынамсі аўдыторыя актыўна рэагавала на выступы, асабліва на песні.

Яраслаў Грынкевіч.

На лідскіх курсах "Мова нанова" глядзелі батлейку

12 снежня ў Лідзе на курсах "Мова нанова" адбылася прэзентацыя прыватнай батлейкі. Ініцыятарам яе стварэння стаў мясцовы бізнесовец Віталь Карабач - гаспадар аграсядзібы "Гасьціна", які адразу атрымаў творчы псеўданім "Карабач-Барабач". Па яго словах, ідэя стварэння беларускай батлейкі ўзнікла амаль тры гады таму. І вакол гэтай ідэі адразу ж з'явіўся гурток аднадумцаў - цесляры, якія стваралі сцэну міні-тэатра, мастакі, якія выраблялі лялькі і адзенне для персанажаў пастановак, самадзейныя акцёры, якія ўдзельнічаюць у прадстаўленнях. Усіх іх аб'яднала любоў да Беларусі, яе гісторыі і мастацтва.

- Вясна была. Я прачнуўся і ўключыў тэлевізар. Пабачыў лялечны гарадзенскі тэатр. Паглядзеў. Мяне захапіла гэтая ідэя. Я тыдзень пражыў з гэтай ідэяй. Паехаў да мастака. Ён мне сказаў, так, лялечны тэатр, гэта файна, але трэба рабіць батлейку, бо гэта менавіта нашая гісторыя, гэта будзе больш цікава. З'явілася Алёна Ткачова. Гэта майстар, які захопены батлейкай. І тут супала ўсё. У яе была мара, каб батлейка заставалася ў Беларусі.

Падчас прэзентацыі прыватная батлейка паказала п'есу Сяргея Кавалёва "Чарнакніжнік". Пры гэтым, памяшканне арт-прасторы Ga11ery ледзьве змагло змясціць усіх гледачоў.

На прадстаўленні прысутнічала дырэктар Лідскага дома рамёстваў Алена Шчэліна, дзе таксама ёсць батлейка. Яна засталася вельмі задаволенай. Лідскія батлейкі адрозніваюцца адна ад другой, але выконваюць адну задачу, нясуць людзям беларускую культуру і беларускую мову.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя. Фота С. Судніка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX