НАША СЛОВА № 52 (1411), 26 снежня 2018 г.
З Новым 2019 годам!
Прыгажуні з Бялыніцкага лясгасу зняліся для календара
На дванаццаці аркушах насценнага календара-2019 кожны месяц прэзентуе працаўніца прадпрыемства ад інжынера-леса-патолага да намесніцы дырэктара ў нацыянальным адзенні з дарункамі лясоў і палёў у руках і з беларускай мовай.
Каляндар прысвечаны году малой радзімы.
Як нам распавялі ў прыёмнай дырэктара Бялыніцкага лясгасу, дзяўчаты вынікам задаволены, але распаўсюджвацца ў якасці сувеніра каляндар будзе толькі паміж "сваімі".
belsat.eu.
Выйшаў "Верасень" № 19
Выйшаў з друку чарговы, дзевятнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Яўгеніі Паўлавец, Ганны Рудак, Кацярыны Ваданосавай, Уладзіміра Чараухіна, Насты Кудасавай.
Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Вольгі Ліхадзіеўскай, Ганны Навасельцавай і аповесць "Супадзенні" Юрыя Несцярэнкі.
У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы маладога ўкраінскага паэта Яраслава Скідана...
Пытайце "Верасень" № 19 на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13). Чытайце "Верасень" на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@gmail.com
Дакументы, якія ўплываюць на фарміраванне нацыянальнай свядомасці
Да 100-годдзя БССР
Выстава дакументаў, прымеркаваных да 100-годдзя абвяшчэння БССР, разгорнута ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. На адкрыцці выставы выступілі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея, Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Прадстаўленыя дакументы даюць больш поўную інфармацыю пра падзеі 1918-1919 гадоў і пра стварэнне БССР. Першая сусветная вайна і рэвалюцыі 1917 года прывялі да краху імперый і стварылі магчымасць для фарміравання нацыянальных дзяржаў.
- Мы наблізіліся да важнай падзеі ў гісторыі краіны - 100-годдзя БССР, - сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша. - Гэтая падзея прадвызначыла лёс нашай краіны і яе стан, у якім яна была 30, 50 і 80 гадоў таму. Быў абраны той вектар развіцця, які прайшоў праз усё ХХ стагоддзе. Маючы глыбокія гістарычныя карані, беларуская дзяржаўнасць фарміравалася на пачатку ХХ стагодзя, пачынаючы ад бурлівых падзей 1917 года, ад Берасцейскага і Рыжскага міру, да абвяшчэння БНР - ССРБ-ЛітБел- БССР. У той кароткі перыяд нарадзіліся Беларускі ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка і шматлікія дзяржаўныя ўстановы. На прыкладах крыніц бібліятэкі і Нацыянальнага архіва, якія з трапяткімі пачуццямі ставяцца да захавання гістарычных дакументаў, на выставе паказаны публікацыі перыяду абвяшчэння БНР-ССРБ-ЛітБел-БССР.
- За сто гадоў наша краіна прайшла шлях, дзе былі трагічныя падзеі, - адзначыў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, - і была велізарная колькасць поспехаў. Дакументы, якія захоўваюць гісторыкі, уплываюць на фарміраванне нацыянальнай свядомасці і пачуццяў патрыятызму ў тых, хто сёння адстойвае незалежную беларускую дзяржаву.
На мерапрыемтсве выступіў гісторык Валянцін Генрыхавіч Мазец, які з'яўляецца аўтарам новай манаграфіі, прысвечанай 100-годдзю БССР.
- Калі мы адзначалі 100-годдзе БНР правядзеннем канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі, узнікла ідэя стварыць кнігу да 100-годдзя Беларускай савецкай рэспублікі, былі выкарыстаны ўнікальныя крыніцы, успаміны, звязаныя з гэтым часам. У іх адлюстравана, як складана і супярэчліва прыходзілася беларусам даказваць свае права на самастойнае дзяржаўнае жыццё, - сказаў Валянцін Мазец.
1 студзеня 1919 года была абвешчана ССРБ і выдадзены "Маніхвэст Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі". У хуткім часе на I Усебеларускім з'ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя ССРБ. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі будынка на пл. Свабоды, дзе ў той час знаходзіўся Дом ураду БССР.
Шматлікія экспанаты распавядаюць пра дзейнасць Змітра Жылуновіча, Аляксандра Чарвякова і Аляксандра Мясніковіча. На выставе прадстаўлены асобнікі газет "Дзянніца", "Звон", "Звезда", "Гоман", "Оршанский вестник" і іншых выданняў, рукапісы Змітра Жылуновіча, рэдкія архіўныя фотаздымкі.
"Зміцер Жылуновіч быў галоўным рэдактарам газеты "Дзянніца", якая выходзіла ў Петраградзе, - піша ў сваёй дакументальнай аповесці" Без эпітафіі" (1989) Эрнест Ялугін. - Дзянніца - гэта значыць ранішняя зорка, прадвесніца світання, узыходу сонца. Газеце прадстаяла адыграць немалаважную ролю ў развіцці ідэі стварэння БССР. Першы нумар "Дзянніцы" ўдалося надрукаваць на шэранькай паперы і рускім шрыфтам тыражом 5 тыс. экзэмпляраў."
Драматычныя падзеі 1918-1819 гадоў падрабязна апісаў у сваёй кнізе "БНР-БССР" (2002) пісьменнік Генрых Далідовіч. "Колькі было высілкаў, нерваў, сілы волі і духу, каб вырваць з зубоў нашу Беларусь! - піша Г. Далідовіч. - А ўдалося найхутчэй таму, што бальшавікі не столькі прыслухаліся да Белнацкама, увогуле да "чаяний" усяго беларускага народа, колькі пагадзіліся з пунктам Жылуновіча, што Беларусі пагражае белапольская акупацыя, дык няхай яна лепш пад уладай Саветаў стане буферам паміж буржуазнай Польшчай і Савецкай Расіяй. Жылуновіч, нарэшце, акрыляецца і сам піша "Маніхвэст". Збываецца шматвекавая мара лепшых сыноў беларускага народа, і ўвасобіць яе ў жыццё выпала яму. Зм. Жылуновіч і А. Чарвякоў - буйныя асобы, без іхняй кіпучай дзейнасці было б нялёгка дабіцца БССР, але і ім адным было б гэта не па сіле, за імі былі Белнацкам, беларускія камуністычныя секцыі, розныя грамадскія і культурна-асветніцкія суполкі з дзясяткамі тысяч актывістаў, з сотнямі тысяч спачуваючых, - канстатуе пісьменнік. - Але амаль усе, хто ствараў і БНР, і БССР, былі разагнаныя (выжыў той, хто перабраўся за мяжу), а пры сталінізме - знішчаныя.
Зм. Жылуновіча доўгі час прызнавалі толькі як пісьменніка Цішку Гартнага, як палітычнага дзеяча яго поўнасцю рэабілітавалі толькі ў 90-тыя гады, і ягоным імем назвалі вуліцу ў Менску і паставілі помнік на радзіме."
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Фарміраванне этнічнай ідэнтычнасці асобы дзяцей дашкольнага ўзросту ў кантэнце духоўна-маральнага выхавання
Слайд 1.
Добры дзень, шаноўнае спадарства. Шчыра вітаю вас і шлю прывітанне ад аднаго з самых цудоўных гарадоў нашай краіны - Нясвіжа.
Слайд 2.
Апрыёры, для таго, каб жыць асэнсавана і з пачуццём асабістай годнасці, кожнаму з нас патрэбна ведаць свае вытокі, шанаваць традыцыі, захоўваць памяць пра мінулае свайго народа. Мы добра ведаем, што менавіта ў дашкольным узросце, у першыя гады жыцця, у працэсе сацыялізацыі асобы адбываецца інтэнсіўнае фарміраванне эмацыянальна-каштоўнасных, станоўчых адносін дзіцяці да культуры, да сваёй роднай мовы, людзей. А гэта не што іншае, як этнічная ідэнтыфікацыя, якая адбываецца на аснове прынцыпу самавызначэння этнічнай прыналежнасці. Згодна з гэтым прынцыпам, чалавек належыць да той этнічнай супольнасці, з якой ён лічыць сябе звязаным агульнасцю мовы, культуры, быту.
Слайды 3 - 4.
Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, інструктыўна - метадычныя пісьмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь "Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыш і іншыя лакальныя дакументы надаюць важную ўвагу аспекту фарміравання этнічнай ідэнтычнасці асобы дзяцей дашкольнага ўзросту менавіта ў кантэнце духоўна-маральнага выхавання.
Слайд 5.
Мова выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасцi пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Слайд 6.
Педагагічны калектыў дзяржаўнай установы адукацыі "Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа "Караблік дзяцінства" ўдзяляе асаблівую ўвагу пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы і вырашэнню задач, накіраваных на далучэнне дашкольнікаў да агульначалавечых і культурных каштоўнасцей і імкненні захоўваць нацыянальныя каштоўнасці.
З мэтай найбольш якаснага вырашэння вышэйпералічаных задач педагагічны калектыў працуе з 2011 года ў фармаце інавацыйных праектаў, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту асноў нацыянальнай самасвядомасці, цікавасці да нацыянальнай культуры і традыцый.
Слайд 7.
На прыкладзе рэалізацыі апошняга інавацыйнага праекта "Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа" дазволю сабе прапанаваць вопыт работы ясляў-сада ў гэтым кірунку.
Слайд 8.
Арганiзацыя адукацыйнага працэсу на папулярызацыі беларускай мовы ажыццяўляецца у трох накірунках: работа з дзецьмi, баць-камi і педагогамі.
Гэтыя накірункі адлюстраваны ў гадавым плане і плане па рэалізацыі інавацыйнага праекта. Звернемся да некаторых.
Слайд 9.
Арганізацыя гульняў і заняткаў у музейным пакоі "Беларускай кнігі і цацкі". Мы добра ведаем, якую важную ролю адыгрывае ў жыцці дзіцяці цацка, як яна спрыяе пазнанню знешняга свету і служацыць крыніцай станоўчых эмоцый.
Слайд 10.
Пры выбары цацкі, як сродка выхавання, улічвалі ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Заняткі праводзім у другой палове дня, у нерэгламентаванай. Згодна з Праграмай духоўнамаральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа - напрыклад, гэта могуць быць гульні па сюжэтах беларускіх народных казак, з выкарыстаннем драўлянага канструктара, саламяных альбо гліняных цацак.
Слайд 11.
Гульні і заняткі, якія праводзяцца ў праваслаўным пакоі "Калыска для душы", праходзяць у фармаце літаратурных конкурсаў чытачоў "Мова родная - пявучая, звонкая", размоў з дзецьмі, чытанні твораў на беларускай мове, а таксама праз кніжныя выставы (кніг, зробленых рукамі бацькоў і педагогаў). Згодна з Праграмай духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа - напрыклад, вывучэнне Праваслаўных традыцый (Вялікдзень, Каляды, Пакровы і г.д.)
Слайд 12.
Інфармацыйнае забеспячэнне папулярызацыі беларускай мовы прадстаўлена на групавых стэндах "Васілёк і Васілінка", "Ад прадзедаў спакон вякоў…". Творчая група педагогаў, якая працуе ў інавацыйным праекце, распрацавала макет стэндаў і фармат прапанаванай інфармацыі для бацькоў. Абавязкова на гэтым стэндзе павінна быць інфармацыя па тэме тыдня, па мэтах і задачах на беларускай мове. Таксама па ўзросце дзяцей, выхавацелі прапануюць бацькам, для сумеснага развучвання з дзецьмі, вершы, пацешкі, загадкі і г. д. Неабходнасць уключэння сям'і да працэсу азнаямлення дашкольнікаў з сацыяльным акружэннем і нацыянальнай мовай тлумачыцца асаблівымі педагагічнымі магчымасцямі, якімі валодаюць бацькі: любоў і прыхільнасць да дзяцей, эмацыянальна-пачуццёвы бок зносін, іх грамадскі накірунак.
Слайд 13.
Рашэннем педагагічнага савета вызначаны беларускамоўны дзень (кожны чацвер). Дарэчы, нават меню на гэты дзень прапануецца на беларускай мове.
Згодна з Вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі - гульні і заняткі па развіцці беларускага маўлення (1 раз у тыдзень, сярэднія і старэйшыя групы). Але кожны чацвер ўсе групы праводзяць гульні і заняткі на беларускай мове.
Слайд 14.
З мэтай удасканалення прафесійнай кампетэнцыі выхавацеляў, а таксама педагагічнай асветы бацькоў выхаванцаў па далучэнні дзяцей да вытокаў нацыянальнай культуры, распрацавана тэматычная дэкада па папулярызацыі беларускай мовы. Дэкада прымеркавана да Дня роднай мовы (21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы, Міжнародны дзень матчынай мовы - адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе).
Слайд 15 - 16 - 17.
Дэкада таксама рэалізуецца ў трох накірунках: работа з дзецьмi, работа з бацькамi, работа з педагогамі.
Слайд 18.
Перш за ўсё, гэта метадычнае суправаджэнне выхавацеляў, дапамога пры арганізацыі мерапрыемстваў з дзецьмі і іх бацькамі. Семінары-практыкумы садзейнічаюць вырашэнню наступных задач: папоўніць і сістэматызаваць тэарэтычныя веды, павысіць прафесійную кампетэнтнасць педагагічных работнікаў па пытанні развіцця маўлення дзяцей; папярэдзіць і пераадолець недахопы і цяжкасці ў прафесійнай дзейнасці педагогаў па пытанні развіцця маўлення дашкольнікаў.
Слайд 19.
Таксама для педагогаў з мэтай павышэння іх прафесійнага ўзроўню, была арганізавана кансультацыйная гадзіна па праглядзе і абмеркаванні метадычнай літаратуры, распрацовак калег па далучэнні выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры, да развіцця маўлення. Мы нават напісалі дыктоўку.
Слайд 20.
Гэтая дзейнасць дазволіла выхавацелям на высокім узроўні агранізаваць і правесці такія мерапрыемствы з дзецьмі, як размовы, чытанне твораў на беларускай мове, тэатральныя пастаноўкі ва ўсіх узроставых групах па сюжэтах беларускіх казак і твораў беларускіх пісьменнікаў. Як вынік, дзеці з вялікім жаданнем прынялі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах.
Слайд 21.
З мэтай педагагічнай асветы бацькоў была арганізавана работа па фарміраванні зацікаўленасці сем'яў да сумеснай дзейнасці з дашкольнай установай. У ходзе сумеснай дзейнасці педагогаў і бацькоў вырашаліся задачы па фарміраванні актыўнай сацыяльнай пазіцыі бацькоў як актыўных удзельнікаў выхавання дзіцяці сродкамі нацыянальнай спадчыны Беларусі.
Слайд 22.
Праз агранізацыю ў групах інтэрактываў для бацькоў выхаванцаў "Скарбонка роднай мовы" (бацькам прапанавалі на лістках паперы напісаць любімыя словы, выразы на беларускай мове, якія потым былі прадстаўлены ў калажах-букетах "Нашы любімыя беларускія словы") педагогі вызначылі ўзровень выкарыстання беларускай мовы ў сем'ях.
Удзел тат-валанцёраў у акцыі "Беларуская нацыянальная культура - вынік мудрасці продкаў" у распаўсюджванні закладак і афармленні сямейных часопісаў "Зямля бацькоў - зямля святая" паказалі, што бацькам не ўсё роўна, у якім моўным і культурным асяроддзі будуць гадавацца і выхоўвацца іх нашчадкі, якую спадчыну, сямейныя традыцыі яны перададуць сваім дзецям.
Слайд 23.
Цікавай была праца па запісе дыска "Калыханкі і забаўлянкі ад тат і дзядуль".
Слайд 24.
Асноўным мерапрыемстам, на якім былі падведзены вынікі дэкады, стала святочная акцыя "Беларуская нацыянальная культура - вынік мудрасці продкаў", дзе і дзеці, і бацькі, і педагогі актыўна прадэманстравалі свае адносіны да станаўлення беларускай культуры, нацыянальнай мовы, выказалі пачуцці прыхільнасці да духоўных каштоўнасцяў свайго народа, пэўных, уласцівых яму звычак.
Слайд 25.
Відэазапіс.
Слайд 26.
А зараз прапаную звярнуць ўвагу на гульневыя альтанкі пад назвай "Мая сінявокая Беларусь". Такіх альтанак у нас - 12, па колькасці груп.
Слайд 27.
Афармленне знешніх бакоў альтанак дапамагае вандраваць па геаграфічнай карце нашай краіны. Вызначаны 6 абласцей, сталіца - Мінск, абласныя цэнтры і гарады кожнай вобласці. Як лагатып вобласці быў выбраны найбольш вядомы архітэктурны альбо гістарычны помнік гэтай вобласці.
Слайд 28.
Кожная альтанка мае свою назву і з'яўляецца сваеасаблівым цэнтрам па пэўным напрамку.
Слайд 29.
Так, ёсць альтанка па працоўным выхаванні, эстэтычным, экалагічным і так далей.
Слайд 30.
У гэтым годзе мы адчынілі "Альтанку дзяцінства" - наш музей пад адкрытым небам. Альтанка стваралася ў рамках падрыхтоўкі да летняй аздараўленчай кампаніі і рэалізацыі задач інавацыйнага праекта.
Слайд 31.
Экспанаты альтанкі былі сабраны выхавацелямі і бацькамі дзяцей дзіцячага сада. "Альтанка дзяцінства" была пабудавана з мэтай знаёмства дзяцей з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце.
Слайд 32.
Падчас яе наведвання вырашаліся наступныя задачы: адукацыйная - забяспечыць засваенне асноўных фактараў, якія паўплывалі на развіццё роднага краю; развіваючая - развіваць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізаваць атрыманую інфармацыю; выхаваўчая - выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага роднага краю і Беларусі.
Слайд 33.
Педагагічным калектывам быў распрацаваны метадычны дапаможнік. Дарэчы, асноўную яго частку распрацаваў малады спецыяліст.
Прапаную вам азнаёміцца з яго зместам. Як бачыце, пры складанні метадычнага матэрыялу ўлічваўся узрост дзяцей, а ў сувязі з гэтым і пазнавальнае, маўленчае, эстэтычнае, сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё дзяцей.
Слайд 34.
З мэтай замацавання ўбачанага на "Альтанцы дзяцінства" распрацавалі гульню на інтэрактыўным стале і інтэрактыўнай дошцы.
Слайд 35.
Акрамя таго, запісалі на раённым радыё перадачу "Хвілінка Нясвіжазнаўства". Калі ласка, паслухайце ўрывак запісу перадачы.
Слайд 36 - 37.
Альтанка стала месцам добрых сустрэч гасцей не толькі з Беларусі, але і замежных гасцей.
Слайд 38.
Мы спадзяёмся, што далучэнне дзяцей да нацыянальнай культуры беларускага народа стане тым падмуркам, на якім шырока разгорнецца нязгаснае пачуццё любові да Баларусі, шаноўных адносінаў да мінулага, жаданне насіць слаўнае імя - беларус.
Слайд 39.
(Урывак урачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў. Дзеці выконаюць Гімн Рэспублікі Беларусь.)
З беларускай мовай нам жыць у ХХІ стагоддзі!
(Інфармацыя для бацькоў выхаванцаў, размешчаная на стэндзе "Ад прадзедаў спакон вякоў…")
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы, Міжнародны дзень матчынай мовы - адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе.
21 лютага - яшчэ адна нагода задумацца пра лёс роднай мовы і нам, беларусам. Менавіта сёння хочаццца звярнуцца да бацькоў дашкольнікаў. Чаму? На маленькім прыкладзе паспрабую даць адказ на гэтае пытанне. Восенню 2016 года нашы дзеці і бацькі былі запрошаны ў адну цудоўную ўстананову дашкольнай адукацыі - садок-будучыню. Вельмі прафесіянальныя педагогі і цудоўныя дзеткі сустрэлі нас цеплынёй і ветлівасцю. І вось, у час прывітання нашых дзяцей, а яно было падрыхтавана на беларускай мове, ад дзяцей гэтага садка я пачула наступнае : "Я ничего не понимаю! О чем они говорят?"
Уяўляеце мой жах?! Тыя, на каго застанецца наша Беларусь заўтра, не разумеюць роднай мовы!
Шаноўныя бацькі - вы першы транслятар мовы для свайго дзіцяці! Вы добра ведаеце, што родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назвалі яе роднай, калі лічыце яе такой для сябе - павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых 74 працэнтаў, якія пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе - значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень размаўляйце са сваімі дзецьмі па-беларуску! Такім днём рашэннем педагагічнага савета ў нашым садку абраны чацвер. У гэты дзень, пачынаючы з прыёму дзяцей і заканчваючы працоўны дзень, усе работнікі і БАЦЬКІ размаўляюць з выхаванцамі на беларускай мове. Ранішняя зарадка пачынаецца з беларускай музыкі. Падчас усіх рэжымных момантаў дзеці знаёмяцца з беларускімі назвамі посуду, мэблі, адзення, прыродных з'яў, частак цела чалавека і многім іншым. На шпацырах, фізкультурных і музычных занятках выхаванцам прапануюцца народныя гульні рознай рухомасці, народныя песні, пацешкі, прыказкі і прымаўкі. Інфармацыя выхаванцам падаецца дазавана, замацоўваецца на працягу некалькіх дзён і дапаўняецца новым матэрыялам.
Дома разам з дзецьмі вы можаце: пачытаць свайму дзіцяці ўжо знаёмыя казкі Х.К. Андэрсана на беларускай мове альбо беларускія казкі, дзе адлюстроўваецца побыт, культура і традыцыі беларускага народа. Такім чынам, мы фарміруем, напаўняем, актывізуем беларускі слоўнік нашых дзяцей, вучым слухаць нацыянальную мову, разумець і свабодна размаўляць на ёй.
Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове. Мова - жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. А людзі, што служаць дзяржаве на чынавенскай пасадзе, вам дзякуй скажуць, бо будуць вучыцца ад вас і вашых дзяцей. А блізкія і далёкія суседзі адчуюць вашу самапавагу і будуць яшчэ больш вас паважаць.
Вольга Пуляк, загадчык ДУА "Яслі-сад №4 г. Нясвіжа "Караблік дзяцінства".
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка ІІІ
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
261. Крыкалёў (Сяргей) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ёў (-оў) ад антрапоніма Крыкаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крыкальоў - Крыкалёў. Утваральнае слова ад апелятыва крыкаль, які ад крычаць 'абзывацца крыкам, паднімаць крык', 'голасна плакаць, раўці (пра дзяцей)'; структура: крыкаль ("Беларускае народнае словаўтварэнне" Сцяцко, с. 25). ФП: крычаць ('паднімаць крык') - крык (субстантыў) - крыкаль ('крыкун') - Крыкаль (мянушка, пазней прозвішча) - Крыкалёў.
262. Крышталюк (Сяргей) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Крышталь з значэннем 'нашчадак названай асобы': Крышталюк. ФП: крышталь ('цвёрдае цела, якое мае форму шматгранніка', 'від шкла') - Крышталь (мянушка, потым прозвішча) - Крышталюк.
263. Крыштопчыкаў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Крыштопчык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крыштопчыкаў. ФП: Хрыстафор (імя <грэч. 'хрыстаносны - які нарадзіў Хрыста - эпітэт горада Віфліема') - Крыштоф, Крыштоп (народныя варыянты) - Крыштопчык (вытвор з суфіксам -чык і значэннем 'нашчадак Крыштопа') - Крыштопчыкаў.
264. Кубрын (Аляксей) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Кубар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кубарын - Кубрын. Утваральнае слова ад апелятыва кубар (рус. кубарь (дзіцячая забаўка) 'юла').
265. Кудзелка (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) кудзелка 'кудзелька' (памянш. ад кудзеля).
266. Кудзіненка (Андрэй) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Кудзін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кудзіненка. ФП: кудзя ('чараўнік' - ад кудзебства 'чараўніцтва' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 459) - Кудзя (мянушка, потым прозвішча) - Кудзін ('нашчадак Кудзі', суфікс -ін) - Кудзіненка.
267. Кудрашова (Таццяна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Кудраш з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кудрашова. ФП: кудры ('кучаравыя валасы') - кудраш ('кучаравы') - Кудраш (мянушка, потым прозвішча) - Кудрашова.
268. Кузінец (Алена) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Кузіна і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці': Кузінец. ФП: кузіна ('стрыечная (дваюрадная) сястра, а таксама далёкая сваячка з кім-небудзь' - "Словарь русского языка", т. 2, 1982, с. 146) - Кузіна (мянушка, потым прозвішча) - Кузіна (тапонім) - Кузінец. Або вытвор ад антрапоніма Кузен з суфіксам -ец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кузенец - Кузінец (па аналогіі). Параўн.: Лена (< Алена) - Ленец, Адам > Адамец ("Словарь…").
269. Куксар (Наталля) - семантычны вытвор (з суфіксам -ар) ад апелятыва куксар 'той, хто б'е кулаком, штурхае' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, 459: куксаць 'біць кулаком, штурхаць').
270. Кулевіч (Яўгенія) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Куль з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кулевіч. ФП: куль ('тоўсты сноп адборнай саломы, з якой раней рабілі стрэхі', а таксама 'задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды трапляе рыба пры лоўлі') - Куль (мянушка, потом прозвішча) - Кулевіч.
271. Кулеўская (Анастасія) - вытвор з суфіксам - ская/-еўская ад тапоніма Кулева, Кулі і значэннем 'нараджэнка названай мясцовасці': Кулевская - Кулеўская; Кулі - Кулеўская.
272. Кулюкіна (Алена) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Кулюк і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кулюкіна. ФП: куля ('невялікі свінцовы або стальны прадаўгаваты снарад для стральбы з ручной агнястрэльнай зброі і кулямётаў') - Куля (мянушка, пазней прозвішча) - Кулюк ('нашчадак асобы з прозвішчам Куля', суфікс -юк) - Кулюкіна.
273. Кумпавіч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -авіч ад антрапоніма Кумп і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кумпавіч. ФП: кумп ('кумпяк' (ПГССЛ) (мяса)) - Кумп (мянушка, потым прозвішча) - Кумпавіч.
274. Купарвас (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва купарвас 'назва некаторых соляў сернай кіслаты'.
275. Купцэвіч (Юлія) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Купец з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Купецэвіч - Купцэвіч. ФП: купец ('багаты гандляр, уладальнік прыватнага гандлёвага прадпрыемства', (разм.) 'пакупнік' (чалавек, які купляе што-н.)) - Купец (мянушка, потым прозвішча) - Купцэвіч.
276. Курава (Ірына) - вытвор з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Кур і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Курава. ФП: кур (аг.-слав. кур 'певень') - Кур (мянушка, потым прозвішча) - Курава.
277. Куратнік (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва куратнік 'памяшканне для курэй'. [Асоба магла атрымаць такую мянушку паводле частотнага выкарыстання ў маўленні гэтага наймення ці "будаўніка" такога памяшкання].
278. Курач (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва курач (рэг.) 'курыца, якая не нясецца і мае выгляд пеўня' (Бірыла "Беларуская антрапанімія", 1969, с. 232).
279. Курган (Ілья) - семантычны вытвор ад апелятыва курган 'высокі старадаўні надмагільны насып з зямлі ці камення'.
280. Курка (Давід) - семантычны вытвор ад апелятыва курка, памянш. ад кура 'самка кура ( кур (агульнасл.) 'певень')', польск. kura 'курыца'. Або як адзінкавае ад куры: курка.
281. Куркоўскі (Эдвард) - вытвор з суфіксам - оўскі ад антрапоніма Курка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Куркоўскі. Або ад тапоніма Куркі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Куркоўскі.
282. Курыловіч (Мечыслаў) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Курыла з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Курыловіч. ФП: Кірыл (імя <перс. 'сонца', грэч. 'які мае сілу'), Кирил (1528), Курыло (1556 г.), Курыла (празванне, потым прозвішча) - Курыловіч.
283. Кухарэвіч (Антон) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Кухар з значэннем 'нашчадак названай асобы': Кухарэвіч. ФП: кухар ('той, хто гатуе стравы; повар') - Кухар (мянушка, потым прозвішча) - Кухарэвіч.
284. Кячко (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва кечка рус. 'каза' (Фасмер) з пераходам націску на канцавы склад.
285. Лабкова (Людміла) - вытвор з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Лабок, Лабко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Лабкова. ФП: лоб ('верхняя надвочная частка твару чалавека або морды жывёлы') - Лабко ('лабасты, лабач') - Лабко (мянушка, потым прозвішча) - Лабкова.
286. Лава (Барыс) - семантычны вытвор ад апелятыва лава, які мае розныя значэнні: 1) прадмет сялянскай мэблі для сядзення ў выглядзе шырокай дошкі на ножках; 2) расплаўленая вулканічная маса, якая вывяргаецца на паверхню зямлі; 3) вялікі абшар, шырокі аднастайны масіў чаго-н.; 4) падземная горная выпрацоўка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні; 5) баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і тылу, а таксама атрад, зшыхтаваны для такой атакі.
(Працяг у наступным нумары.)
Якім быць "Нашаму слову" ў 2019 годзе?
Паважаная рэдакцыя!
У нядаўнім нумары "Нашага слова" змешчаны артыкул Міхася Булавацкага "Зацікавіць "Нашым словам", дзе ён раіць публікаваць у газеце артыкулы з частковым выкарыстаннем рускай мовы. Асабіста я катэгарычна супраць. Досыць нам гэтай "мяшанкі"! Павінна ж быць хоць адна газета, дзе ўсё публікуецца па-беларуску. І гэта - "Наша слова". Мой муж пры жыцці вельмі высока цаніў і любіў "Наша слова" менавіта за беларускасць. І я - таксама.
А вось у чым я згодна са сп. Булавацкім, дык гэта з тым, што апошнім часам газета стала занадта "акадэмічнай". Ёй не хапае лёгкага жанру. І гэта сапраўды так. І пра юбіляраў можна ж пісаць не толькі інфармацыйна. Змаглі ж вось апублікаваць артыкул С. Чыгрына пра Янку Саламевіча! Цікава! Змястоўна! Хочацца чытаць і перачытваць. І пра каеты-сшыткі таксама цікава. Ёсць і іншыя цікавыя матэрыялы ў газеце. Але "лёгкі жанр" не перашкодзіць. Таму я на ўсякі выпадак высылаю на ваш адрас выразкі з нашай газеты "Наша слова", бо многа я параздавала ў свой час дзецям, а нядаўна - і ўнуку.
Можа, у вас не захаваліся ў архіве. А як ёсць - то і яшчэ лепш. Гэта "Пачутае ў Лявона", "Пачутае на вясковай лаўцы" і інш.
Ну вось і ўсё.
Выбачайце, калі што не так. Што думала, тое і напісала.
P.S. І вось яшчэ што. Я падтрымліваю сп. М. Скоблу ў тым, што "трасянка" - гэта шашаль беларускай мовы. Усе службовыя асобы павінны ведаць літаратурную беларускую мову і карыстацца ёю. Яна дзяржаўная.
З павагай, Алена Дзядова-Стома, г. Наваградак.
Рэдакцыі газеты "Наша слова".
Хачу выказаць сваё меркаванне наконт артыкула "Зацікавіць "Нашым словам". Газета, як і раней, павінна выходзіць толькі на беларускай мове. Гэтая ініцыятыва не новая: друкаваць і нашым, і вашым. Лічу, сітуацыю яна не выправіць. Калі прыняць пазіцыю аўтара згаданага артыкула, то між волі ўзнікае пытанне: а навошта нам тады такая мова, калі яна не можа дакладна перадаць нешта з іншай мовы (у дадзеным выпадку з расійскай)? Ці, можа, у нашай краіне стала не хапаць беларускамоўных аўтараў? Можа, тады дзеля выжывання газету зрабіць цалкам рускамоўнай, але тады давядзецца і назву газеты мяняць!
Не, тут нешта не так. Бо, каб мова жыла і народ на ёй гаварыў, пісаў і чытаў, трэба як мінімум нацыянальная адукацыя і адзіная дзяржаўная беларуская мова. А пакуль нічога гэтага няма, прапаную свой спосаб павялічыць колькасць падпісчыкаў, як гэта робяць ужо даўно іншыя выданні: пачаць друкаваць у газеце праграму тэлеперадач, таму што, як і сярод цяперашніх чытачоў, так і патэнцыяльных, ёсць нямала аматараў спорту, серыялаў, адным словам - тэлегледачоў. Можна таксама раз-пораз друкаваць крыжаванкі і г.д.
Таксама прапаную перастаць друкаваць даўно ўстарэлыя ўзоры абанементаў, імі даўно не карыстаюцца аддзелы сувязі, бо зараз, каб аформіць падпіску ніякіх бланкаў запаўняць не трэба, дастаткова назваць індэкс і назву выдання. Тое самае і з бланкамі ахвяраванняў: даўно ўжо існуюць іншыя формы.
З павагай, сталы падпісчык і чытач "Нашага слова"
Валер Шаўроў, г. Гародня.
Сапраўдны перадкалядны цуд
Як здараюцца перад-калядны цуды?
Можа іх прыносіць у мяшку Святы Мікалай?
А можа ён завітае ў Ліду, увасобіўшыўся ў Івана Кірчука?
І гэта сапраўды так. "Мова нанова" ў Лідзе ў суботу вітала слыннага дзеяча беларускай культуры і, дарэчы, свайго земляка, на адмысловай імпрэзе. Не бачыла такога Ліда даўно!
Іван Кірчук стаў культурным нацыянальным здабыткам, як нечым бясспрэчным і ўнікальным на беларускай сцэне. Шлях да прызнання не назавеш простым, ён пралягаў праз расчараванні, адсутнасць грошай і ўвагі, праз адсутнасць званняў - хаця іх ужо шмат! Але ніколі не зніжаў планку і ўпарта працягваў рабіць сваю справу. Іван Кірчук са сваім тварам, сваім гучаннем. Магу прадказаць, што гэтыя песні дабяруцца нават да сэрцаў тых, хто раней па нейкіх прычынах мог застацца глухім да творчасці "Троіцы". Праграма імпрэзы ў Лідзе была такой, каб не ўражваць складанасцю і канцэптуальнасцю, а каб слухач быў блізка-блізка ад музыкаў, яны ігралі вось побач. А можа, і спяваюць нават проста для яго.
Разам з музыкамі хоўм-бэнда Ga11ery - Аліна Бойка (цымбалы), Alexander Blakhin (народныя інструменты), шаноўны госць выканаў тры цудоўныя калядныя песні: "А ў свеце нам навіна", "Го-го-го каза", "Вой, там на горэ пеўнік пяе".
Напрыканцы сустрэчы кожны з прысутных мог задаць пытанні і атрымаць змястоўны адказ на кожнае з іх.
nslowa.by.
Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка
20 студзеня літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея сабраў сваіх калег-музейшчыкаў на навагоднюю забаўляльную праграму "Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка". Менавіта так гучыць і выстава, якая змешчана тут, у адным з памяшканняў дома паэта Валянціна Таўлая. Асноўным музейным прадметам тут з'яўляецца навагодняя паштоўка. Супрацоўнікі музея на працягу некалькі гадоў сабралі цэлую калекцыю гэтых цікавых экспанатаў. Асноўнымі іх здатчыкамі з'яўляюцца творчыя людзі - гэта былы супрацоўнік лідскай дзіцячай бібліятэкі Мілановіч Ніна Уладзіміраўна, ветэран вайны, паэтэса Ляцецкая Вера Рыгораўна, педагог, лідская паэтэса Бурак Алеся Аляксандраўна, краязнавец Лідчыны, пісьменнік Дзікевіч Мікалай Мікалаевіч, а таксама паэт Мельнік Міхась Іванавіч - педагог і былы кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце". Ёсць паштоўкі і за 1913 - 1926 гады, якія перадала ў фонды музея жыхарка хутара Казляны (былога маёнтка Скабейкі), педагог Ярмантовіч Галіна Мікалаеўна. Знайшлі сваё месца ў экспазіцыі пісьмы, калісьці адрасаваныя лідскімі дзецьмі Дзеду Марозу. Тут знаходзіцца і паштовая скрынка для пісем галоўнаму навагодняму персанажу.
Трэба зазначыць, што цяпер у доме паэта Валянціна Таўлая гасцей сустракаць будзе Ахмістрыня - гаспадыня. На гэты раз яна таксама гасцінна сустрэла супрацоўнікаў музея, распавяла шмат цікавай інфармацыі пра тое, як святкавалі Новы год нашы продкі, адкуль з'явіліся Дзед Мароз і Снягурка, беларускі Зюзя Паазерскі, а таксама навагодняя паштоўка і ёлка.
Так, музейшчыкаў наведалі галоўныя навагоднія героі Дзед Мароз і Снягурка. Па ўстаноўленай традыцыі гучалі вершы Дзеду Марозу, які, між іншым, нікога не пакінуў без салодкага пачастунка. Зладзілі карагод, паўдзельнічалі ў віктарынах, адгадалі загадкі.
Падзякаваўшы за гасцінасць, утульнасць Дзед Мароз зазначыў:
- Ліда - гэта казачны, адметны горад. У гэтым я ўпэўніўся праязджаючы па яго велічных вуліцах. І вось вырашыў спыніцца тут часова на месяц, змяніць сваю прапіску і пасяліцца па вуліцы Замкавая, 7. Чаму тут? Бо люблю літаратуру. Ведаю, што тут жыў вядомы паэт Валянцін Таўлай. І я таксама люблю паэзію, але больш за ўсё - слухаць вершы ад дзяцей каля навагодняй ёлкі. Без пачастунку абяцаю не пакінуць нікога. Тут, у гэтым доме я спынюся з 20 снежня па 20 студзеня. Так што, запрашаю сямейнага наведвальніка ў дом паэта Валянціна Таўлая на маю навагоднюю праграму "Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка". Бачу, што супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея падрыхтавалі для мяне і наведвальнікаў дома Таўлая цікавую экспазіцыю. Тут вельмі шмат навагодніх паштовак за розныя гады. Некаторым з іх больш за 100 год. Дзеткі змогуць паглядзець мультфільмы, пачытаць добрыя казкі, а дарослыя - пазнаёміцца з гістарычнымі звесткамі пра Новы год. А яшчэ я чакаю пісем ад вас, мае сябры. Паштовую скрынку таксама ўстанавілі тут. Чакаю вас, чакаю, чакаю!
Алесь Хітрун. PS: Запісвацца на сустрэчу з Дзедам Марозам і Снягуркай можна па тэлефонах: +375 154 530552, +375 154 622494.
Падведзены вынікі ІІІ Лідскага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям"
20 снежня 2018 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы на ўрачыстай цырымоніі падводзілі вынікі і ўзнагароджвалі пераможцаў ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".
Гэты конкурс з'яўляецца яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй, ладзіцца ён раз у два гады і ўпершыню прайшоў у 2014 годзе. Арганізуе конкурс дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" пры падтрымцы лідскага ТБМ.
Мэтай конкурсу стала прапаганда творчай спадчыны Веры Сяргееўны Навіцкай сярод лідзян, выяўленне, падтрымка і заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.
Вера Сяргееўна Навіцкая - пісьменніца канца ХIX - пачатку XX стагоддзя (з 1910 года яна ўзначальвала "Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх"), аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак - гімназістак. Для горада Ліды Вера Навіцкая на сёння - найбуйнейшы лідскі дзіцячы пісьменнік усіх часоў, таму конкурс і носіць яе імя.
Конкурс праходзіў з 15 чэрвеня па 10 снежня 2018 года ў дзвюх намінацыях: "Паэзія" і "Проза". З мэтай дасягнення аб'ектыўнасці ацэнак усе творы былі перададзены журы. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся паўната раскрыцця тэмы, стыль выкладання, адлюстраванне асабістых адносін да тэмы і пісьменнасць.
Да ўдзелу ў конкурсе было прынята 16 заявак. Тры аўтары выступілі ў намінацыі "Проза", астатнія - у намінацыі "Паэзія". Сярод удзельнікаў былі як аматары, так і пісьменнікі, і паэты, якія маюць не толькі вялікі вопыт, а і ўзнагароды за свае творы.
Пераможцамі ІІІ раённага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" сталі:
- I месца - Алесь Мацулевіч (намінацыя "Паэзія");
- II месца - Ірэна Сліўко (намінацыя "Паэзія");
- III месца - Ірына Бараздзіна (намінацыя "Проза").
Па-за конкурсам была прадстаўлена кніжачка дзіцячых вершаў Марыі Канапніцкай (23 траўня 1842 - 8 кастрычніка 1910) "Ад вясны да зімы". Кніжачка ўтрымоўвае 19 дзіцячых вершаў у перакладзе з польскай мовы Станіслава Судніка і ў адным асобніку будзе знаходзіцца ў Лідскай бібліятэцы.
Напрыканцы мерапрыемства са шмтлікімі віншаваннямі і словамі падзякі, сябры журы запрасілі ўсіх да ўдзелу ў наступным IV Лідскім літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які адбудзецца ў 2020 годзе.
Наш кар.
Германія патрабуе ў Расіі вярнуць культурныя каштоўнасці. Якая пазіцыя Беларусі па сваёй спадчыне?
Навіны Германіі
Германія зноў заклікала Расію вярнуць культурныя каштоўнасці, вывезеныя з нямецкай тэрыторыі пасля Другой сусветнай вайны. Пра гэта расійскай газеце "Вести" заявілі ў нямецкім пасольстве ў Маскве, спаслаўшыся на бюро ўпаўнаважанага па пытаннях культуры ва ўрадзе ФРГ Монікі Грутэрс. Пры гэтым у дыпмісіі адзначылі, што Берлін, у сваю чаргу, гатовы працягваць перамовы па вяртанні расійскай спадчыны, размешчанай на тэрыторыі Германіі.
Нямецкі бок называе культурныя каштоўнасці, вывезеныя падчас вайны з тэрыторыі Трэцяга Рэйха, трафейнымі, расійскі - перамешчанымі. Самыя знакамітыя з іх - знаходкі Генрыха Шлімана і Эберсвальдскі скарб, а таксама тысячы ўнікальных залатых прадметаў і ўпрыгожванняў, якія адносяцца да IX стагоддзя да н.э.
Як заявілі "Вестям" у Бюро ўпаўнаважанага па пытаннях культуры і СМІ Германіі, "культурныя аб'екты, якія ўвасабляюць выбітныя дасягненні нацыі і складнік яе гісторыі і самабытнасці, не павінны выкарыстоўвацца ў якасці кампенсацыі за ваенныя страты".
Па меркаванні нямецкага боку, гэтая пазіцыя пацвярджаецца міжнароднымі дамовамі, у прыватнасці Гаагскімі правіламі вядзення вайны ад 1907 года. Акрамя таго, у 2017-м годзе былі зарэгістраваны чатыры выпадкі, калі расійскія прадметы мастацтва добраахвотна вярталіся з Германіі (у тым ліку гаворка ідзе пра карціны, вывезеныя ў 1944 годзе з Гатчынскага палаца).
У каментары "Вестям" спецпрадстаўнік прэзідэнта Расіі Міхась Швыдкой заявіў, што пакуль з Берлінам няма палітычнага дыялогу, казаць пра абмен трафейнымі каштоўнасцямі не мае сэнсу.
Таксама ён нагадаў, што ў Расіі дзейнічае закон ад 1998 гада "Пра каштоўнасці, перамешчаныя ў РФ у выніку Другой сусветнай вайны і яе наступстваў".
Паводле дакумента, пераважная большасць гэтых прадметаў мастацтва зараз лічацца культурнай спадчынай Расіі і не можа быць вывезена ці перададзена іншым краінам.
Якая пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні? Па інфармацыі "Камерсанта", беларускі бок яшчэ ў 1990-я гады прадпрымаў спробы вярнуць у Беларусь некалькі слуцкіх паясоў. Тым больш, што ў Маскве толькі ў Дзяржаўным гістарычным музеі захоўваюцца 80 цэлых паясоў і 60 фрагментаў. Гэтыя спробы завяршыліся безвынікова.
Афіцыйную пазіцыю Масквы ў 2009 годзе сфармуляваў тагачасны міністр культуры Аляксандр Аўдзееў.
- Расійскі бок гатовы надаць Беларусі права экспанаваць без абмежаванняў слуцкія папясы са сваіх музеяў, - запэўніў ён падчас візіту ў Нацыянальны мастацкі музей.
Але пра вяртанне гаворкі не ідзе:
- Не варта адчыняць скрыню Пандоры, інакш будуць сустрэчныя просьбы.
У адрозненне ад Германіі, пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні меней катэгарычная. Пры Савеце міністраў працуе камісія па вяртанні культурных каштоўнасцяў. У студзені 2017 года яна была створана зноў (папярэдні склад камісіі працаваў з 2012 года).
Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які працаваў у камісіі абодвух складаў, распавядаў TUT.BY, што ў 2016-м ён і яго калегі завяршылі працу па стварэнні базы дадзеных па культурных каштоўнасцях. У ёй прадстаўлены больш за тысячу пазіцый.
- Там ёсць індывідуальныя пазіцыі - як крыж Ефрасінні Полацкай ці Полацкае Евангелле. А ёсць комплексныя - напрыклад, бібліятэка Радзівілаў, у якой захоўваліся дзясяткі тысяч дакументаў, - тлумачыў Алесь Суша.
Частка базы дадзеных выкладзена на адмысловым інтэрнэт-партале.
- Будзем рэалістамі: вярнуць нешта з дзяржаўных збораў замежных краін амаль нерэальна, - казаў Алесь Суша. - Напрыклад, у свеце захавалася каля 520 кніг Францішка Скарыны (пераважная большасць у Расіі). Натуральна, нам бы вельмі хацелася іх вярнуць. Але амаль ніякай магчымасці няма. Або на працягу цэлых дзесяцігоддзяў мы вядзём перамовы пра вяртанне з Кіева бібліятэкі Храптовічаў. Перамовы пачаліся яшчэ ў 1920-х гадах і цягнуцца дагэтуль. Але захавальнікам з'яўляецца Нацыянальная бібліятэка Украіны імя У. І. Вярнадскага. Як дзяржаўная структура, яна пярэчыць перадачы, хаця на тое ёсць юрыдычныя падставы.
Дзяніс Марціновіч, TUT.BY. Фота: Аляксандра Васюковіча, TUT.BY.
КАЛЯДНЫ ПАДАРУНАК ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ
зрабілі недзяржаўныя арганізацыі Верхнядзвіншчыны
- Яшчэ ў чэрвені гэтага года мы вырашылі паўдзельнічаць ў "Кірмашы праектаў", які ладзіла кампанія "Будзьма беларусамі", - расказвае Валянціна Болбат, кіраўніца Верхнядзвінскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы". - А перад гэтым запрасілі яе прадстаўнікоў - Насту Дашкевіч і Уладзіміра Булаўскага на сустрэчу ў наш раён з прадастаўнікамі мясцовай улады, грамадскімі актывістамі і спецыялістамі аддзелаў выканкама. Не скажу, каб мы чакалі, што будзем ў ліку пераможцаў, тым больш нечаканай і прыемнай была для нас гэтая вестка аб тым, што наш праект падтрыманы.
Супрацоўніцтва з Цэнтрам для дзяцей і моладзі, які ўжо распачаў мастацкі конкурс, прысвечаны Году малой радзімы, дало нам магчымасць таксама ўключыцца ў працу, і было прынята рашэнне аб вырабе двух банераў, якія планавалі размясціць на фасадах будынка Цэнтра.
Ала Барысаўна Марозава, дырэктар Цэнтра, разам са сваімі памочнікамі-мастакамі Валерыем Счасным і Аляксандрам Мурзо, і дзеткамі таксама, унеслі некалькі творчых прапаноў-эскізаў для банераў. Карэктывы ўнеслі і спецыялісты фірмы "Ассорти-Пресс" з Наваполацка, якія ў максімальна сціслыя тэрміны выканалі заказ.
Апрача гэтага, набыты рамкі для творчых работ гурткоўцаў.
- Для нас рамкі для карцін вельмі запатрабаваны, бо ў нашым горадзе рамкі такіх памераў няпроста набыць, а па-другое - мастацкі твор набывае зусім іншыя абрысы, калі ён мае належную аздобу, - гаворыць дырэктар Цэнтра Ала Барысаўна Марозава.
На мінулым тыдні падарункі, а таксама "салодкія", былі перададзены гурткоўцам Цэнтра для дзяцей і моладзі.
- Проста цудоўныя банеры! - не стрымлівалі захаплення кіраўнікі гурткоў і дзеці! Прыемна рабіць ДАБРО, уклаўшы ў падарунак частку сваёй працы!
Наш кар.
Грамадскаць памятае заснавальнікаў БССР, а дзяржава?
Да 100-годдзя БССР
Напярэдадні гадавіны трагедыі 1937 года сайт пра правы чалавека і магілёўскае аддзяленне Праваабарончага цэнтра "Вясна" аб'явілі пра дыскусію "Памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў: што нам рабіць далей".
Каля трыццаці чалавек сабралася 26 кастрычніка на дыскусію пра памяць ахвяр палітычных рэпрэсій. На дыскусіі ішла гаворка пра тое, што сёння мала хто з магілёўцаў задумваецца над тым, што савецкая дзяржава не толькі спявала камсамольскія песні, але і забівала нявінных. Нехта ўзгадвае слова "Курапаты", аднак зусім нямногія ведаюць, што і ў Магілёве ёсць месца памяці ахвяр рэпрэсій. Для ўладаў тэма савецкіх рэпрэсій нязручная: існая ідэалогія бярэ вельмі многае з лозунгаў СССР. Улады выкарыстоўваюць падмену памяці, паколькі самі з'яўляюцца ідэалагічнымі нашчадкамі савецкай наменклатуры. Таму ў незалежнай Беларусі мы на дзяржаўным узроўні атрымліваем святкаванне стагоддзя Ленінскага камсамолу і - поўнае маўчанне на тэму сотняў нявінна забітых і тысяч сасланых у лагеры. Факт савецкіх рэпрэсій старанна не згадваецца на ўзроўні абласной і гарадской дзяржаўнай прэсы.
На дыскусіі большасць выказалі згоду з тым, што трэба спрабаваць правесці акцыю памяці ахвяраў рэпрэсій сумеснымі намаганнямі. У прыклад узялі арганізацыю мерапрыемстваў у гонар стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета ўвесну магілёўцы паказалі, што яны ўмеюць самаарганізавацца, дамовіцца і сумесна зрабіць важныя рэчы. Тое ж самае трэба зрабіць і на Дзяды. Таксама ўсе пагадзіліся з ідэяй устаноўкі помніка ахвярам палітычных рэпрэсій, адзначыўшы, што толькі сумеснымі намаганнямі гэтага ўдасца дасягнуць.
Па выніку дыскусіі было прынята рашэнне правесці акцыю памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на месцы расстрэлаў, дзе зараз усталяваныя крыжы, з запрашэннем усіх ахвотных. Дата - 3 лістапада, у 12 гадзін дня. Акрамя гэтага, плануецца аднавіць работу па ўсталяванні помніка рэпрэсаваным савецкім рэжымам.
У першую суботу лістапада больш за два дзясяткі гараджан сабраліся на акцыю памяці ў гонар ахвяр рэпрэсій савецкага часу. У гэтым годзе да памятных крыжоў прыйшлі палітыкі, актывісты грамадскіх арганізацый, праваабаронцы і журналісты.
- Нажаль, мы вымушаныя канстатаваць, што дзяржава паступова вяртаецца да савецкай ідэалогіі. Гісторыя сталінскіх рэпрэсій забываецца, а замест яе навязваецца ідэалогія таталітарнай дзяржавы, якой быў СССР, у якім масава забівалі людзей. Насаджаюцца юбілеі ВЛКСМ, шырока святкуецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паступова гісторыя рэпрэсій забываецца. Мы ж павінны разумець, што СССР - гэта таталітарная дзяржава, якая забівала людзей - беларусаў, магілёўцаў. Гэта тое, пра што забываць нельга, - казалі выступоўцы.
Людзі, якія сабраліся, ушанавалі памяць ахвяр хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі і паставілі знічы да памятнага крыжа. Станоўчым момантам, як адзначаюць арганізатары, з'яўляецца тое, што на сустрэчу прыйшло адносна шмат маладых людзей.
А менавіта 7 лістапада сябры ТБМ імя Ф. Скарыны ў Магілёве ўшанавалі памяць пісьменніка і палітыка Цішкі Гартнага. Усклалі кветкі, пагарталі кнігі, пачыталі вершы.
Цішка Гартны (сапраўднае імя Жылуновіч Зміцер Хвёдаравіч) - дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, дзяржаўны дзеяч БССР, гісторык, пісьменнік, публіцыст. Удзельнічаў у стварэнні Беларускай ССР, з'яўляецца аўтарам маніфесту аб яе абвяшчэнні. 1 студзеня 1919 году ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі. Акрамя таго, актыўна займаўся гістарычнай і публіцыстычнай дзейнасцю, праявіў сябе як пісьменнік. З 1934 г. член Саюза пісьменнікаў БССР і Прэзідыума Інбелкульта. Займаўся навуковай і гістарычнай дзейнасцю. У 1928 г. абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Быў выключаны з партыі ў 1931 г. у сувязі з абвінавачваннямі ў "нацыянал-дэмакратызме" і арыштаваны ў 1936 годзе. У турме праз катаванні страціў здароўе, быў абвешчаны псіхічна хворым і пераведзены ў Магілёў, у псіхіятрычную лячэбніцу, дзе неўзабаве памёр ад гангрэны лёгкіх (па некаторых звестках - скончыў жыццё самагубствам).
У Магілёве няма помніка Цішку Гартнаму. Дакладнае месца яго пахавання невядомае. На ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў 1989 годзе сябры мясцовай філіі арганізацыі "Мартыралог Беларусі" ўсталявалі памятны знак загінуламу літаратару і палітыку. Гэтая мясціна і лічыцца сімвалічнай магілай Цішкі Гартнага.
Н.М. Шэмянкова, г. Магілёў.
14 траўня 2000 года ў Капылі быў адкрыты адзіны ў Беларусі помнік знакамітаму земляку, аўтару "Маніхвэсту" аб абвяшчэнні БССР, вядомаму беларускаму пісьменніку, грамадскаму дзеячу Цішку Гартнаму. Размяшчэнне помніка каля будынка раённага краязнаўчага музея невыпадковае, бо менавіта тут у канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя знаходзілася гарбарная майстэрня, дзе і пачынаў працаваць простым гарбаром Цішка Гартны.
Сяргей КОЗЕЛ.
У с п а м і н ы
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
Да 155-годдзя паўстання 1863 г.
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
(Пасля адходу Зыгмунта ведаю, што Ляскоўскі там перамяшчаўся са сваім аддзелам). Даленга ішоў гасцінцам праз мястэчкі і парафіяльныя вёскі: Субач279, Камаі280, Солы281, Скапішкі282. Панядэль283, Панямунь284 і Попелы285. Маскоўскія ўправы ўцякалі. Быў гэта сапраўдны трыумфальны паход. Пасыланыя наперад паўстанцы паведамлялі жыхарам пра надыход аддзела. Узрушаныя натоўпы збіраліся пры касцёлах. Ксяндзы выходзілі з працэсіяй на сустрэчу. Даленга сыходзіў з каня, прымаў дабраславенства каплана, за працэсіяй зайходзіў у касцёл, пацалаваўшы прыступкі алтара, кленчачы з харугвай у руках слухаў набажэнства. Ксёндз Пэжа, лагерны капелан выступаў на амбоне, прамаўляў да люду, у простых выразах тлумачыў мэту паўстання, якой былі шчасце і свабода ўсіх. Пазней спявалі Te Deum. Удзяленне дабраславенства ўсяму аддзелу заканчвала ўрачыстасці. Люд тлумна ціснуўся, дастаўляючы ўсё, што было патрэбна і зносячы харчы. Жанчыны прыводзілі дзятву, каб паглядзела на абаронцаў веры і Бацькаўшчыны.
Набожныя жмудзіны, бачачы паўстанцаў, якія пачыналі справу з Богам, верылі, што справа гэтая святая. У адной з мясцовасцяў Даленга, бачачы старога, які заліваўся слязамі, укленчыў перад ім і прасіў дабраславенства. У Солах вясковая дзетвара атачыла яго, сыплючы яму да ног кветкі "аер", якія ўжываюцца ў касцельных урачыстасцях. Аддзел разрастаўся. Запал быў вялікі. Каб была зброя, можна было фармаваць цэлыя палкі. Большую частку добраахвотнікаў мусіў Даленга адправіць да лепшых часоў, г.зн. да тых, калі зброя будзе.
Меў добрыя надзеі, а прыём людзей падняў яго дух. Былі гэта несумненна найвышэйшыя хвілі ў яго жыцці. Хутка пасля іх мела наступіць пакутніцтва.
Рухаліся да пункта, указанага тром калонам, і чым бліжэй набліжаліся да Курляндыі, тым з непрыязнейшым сустракаліся прыёмам. Двары стаялі пусткамі, латышы, беручы прыклад з паноў, зносячы з сабой прадукты, хаваліся ў лясах, пазней аднак не грамадства курляндскае, а бедны люд дастаўляў прадукты аддзелам. Часта паказвалі няправільныя дарогі, што нечувана вымучвала аддзелы, а Ганецкі, паведамлены спраўнікам Баляславам Сясіцкім (параднёным як праз сваю сям'ю, так і праз сям'ю жонкі Памарнацкай амаль з усёй Ковенскай губерняй) пра рух нашага войска, групаваў сілы для таго, каб перарэзаць нашым войскам дарогу на поўнач.
7 траўня / 24 красавіка286 ледзве авангард Колышкі пад Латвелямі праз мілю за Біржамі злучыўся ў малым ляску з Даленгам, маскоўскія фарпосты адкрылі агонь. Неўзабаве падышоў маёр Мерлін з дзвюма ротамі, і бітва працягвалася 4 гадзіны. Перад ноччу маскалі адступілі да Мядэйкаў, а Даленга з Колышкам размясціліся ў густой пушчы пад Гудзішкамі287. (Пад Латвелямі перамога была на нашым баку). Бітва цягнулася да ночы. Маскалі мелі 65 забітых і 85 параненых. Нашыя страты былі нязначныя. Сволкень, які прывёз рапарт апавядаў пра зацятую бітву, у якой забілі каня пад Зыгмунтам, і ён меў прастрэленую шапку. Апавядаў пра ўзяцце ў палон Мерліна, якога Даленга загадаў выпусціць, гаворачы: "Даю табе свабоду, але памятай, калі ты будзеш панам жыцця палоннага паляка, абыдзіся з ім так высакародна, як сёння з табой паступаем". Паколькі Мерлін не меў зусім пры сабе грошай на дарогу, Зыгмунт даў яму тры рублі на аплату пераезду ў Мядэйкі ці Новааляксандраўск288. Чула ў той час крытыкуючых той учынак Зыгмунта - дзівіліся, што не загадаў яго расстраляць. Ніколі з палонным Зыгмунт так не паступіў. Пра абмен на палоннага паляка не магло быць мовы ў партызанскай вайне - з кім і дзе пра тое дамаўляцца?
Назаўтра, г.зн. 8 траўня289 на два аддзелы Зыгмунта і Колышкі, якія налічвалі да 700 чалавек, ударыла да 3000 маскалёў290.
Пазіцыя нашая, паводле думкі камандзіраў, была выбрана дасканала. Да 12 ½ гадзін чакалі на ёй. Не бачачы непрыяцеля, войска атрымала загад пакідаць яе. Калі абозы пачалі спускацца з вышыні, раздаліся стрэлы. Былі здраджаны. Зноў завязалася бітва, тым разам страшная. Нашыя касінеры два разы кідаліся ў атаку, два разы сустрэтыя густым градам куль мусілі адступаць. Частка стральцоў пайшла па іх прыкладу. Стаяўшыя бліжэй да палкоўніка Антаневіча ўтрымалі пазіцыю, у іх ліку быў Канстанцін Далеўскі і Ян Жахоўскі. Зыгмунт быў усюды, заахвочваў голасам, падпіраў плячом, заклікаў да мужнасці і бою, але калі Антаневіч упаў і забракла боепрыпасаў, многія са стральцоў схапіліся за косы - праз увесь час бою, да канца быў чуцён адзін голас толькі заклікаючы: "Наперад! Наперад! Каса сёння ўжо нашая адзіная зброя!" Вівульскага з цяжкай ранай вынеслі з поля бітвы.
Апавядаюць, што Зыгмунт на кані, прашыты куляй у бок, загадаў сябе прыпадняць, нягледзячы на цяжкую рану напаўкленчачы, супакойваў атачаўшых яго, заахвочваў да далейшай бітвы, кіраваў ёю281. Неба засланілася хмарамі, моцны, пранізлівы вецер нясе снег у вочы. Ваяры адчулі, што гэта хвіля станоўчая, вырашальная для далейшых лёсаў усёй нашай кампаніі, а з ёй і справы.
Пад моцным напорам і націскам касінераў непрыяцель хістаецца. Калі Мацкевіч выканае ў час свой абавязак, непрыяцель, узяты пад агонь з двух бакоў, будзе загнаны ў балота - перамога і гэтым разам застанецца за намі.
(Працяг у наст. нумары.)
279 Субач (літ. Субачас, Купіскі р-н), казённае мястэчка над ракой Вяшынтай, Вількамірскага пав.
280 Камаі (літ. Камаяі, Рокіскі р-н), мястэчка ў Новааляксандраўскім пав.
281 Солы (літ. Салас, Рокіскі р-н), добры над ракой Солай у Вількамірскім пав.
282 Скапішкі (літ. Скапішкіс, Купіскі р-н), засценак і вёска, Вількамірскі пав.
283 Панямунь (літ. Панямуніс, Рокіскі р-н), мястэчка на Неманкам, Новааляксандраўскі пав.
284 Панядэлі (літ. Пандэліс, Рокіскі р-н), мястэчка на ракой Апошн, Новааляксандраўскі пав.
285 Попелы (літ. Папіліс, Біржанскі р-н), мястэчка і добры над ракой Ровяй. Новааляксандраўскі пав.
286 Павінна быць 25 красавіка.
287 Гудзішкі (Гудзішкай, Пасвольскі р-н), вёска ў Панявежскім пав. У літаратуры называецца таксама як Гудзышкі .
288 Новааляксандраўск (Езяросы, літ. Зарасай, Зарасайскі р-н), павятовы горад у Ковенскай губерні.
289 Паводле Грыгарыянскага календара.
290 Расейцаў было найбольш 1800, у тым ліку, аднак, 200 нямецкіх егераў з Курляндыі, якія складалі выдатна абучаную баявую частку, і гэта яны, нягледзячы на велізарную баявітасць паўстанцаў, вырашылі вынік бітвы.
291 Серакоўскі быў паранены ў пазваночнік. Параненага і скрываўленага яго вынес з поля бою ад'ютант Касакоўскі.
Святло яго душы - у фарбах
6 снежня 2018 г. "Беларускі гурток" ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва і Абласная бібліятэка (аддзел мастацтва) правялі імпрэзу "Святло яго душы - у фарбах", прысвечаную беларускаму жывапісцу Станіславу Жукоўскаму. Як вядома, сусветная мастацкая прастора шчодра ўзбагацілася талентамі, што прыйшлі ў жыццё на нашай зямлі: Валенці Ваньковіч, Марк Шагал, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Леў Бакст, Хаім Суцін, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі. Дзякуючы гэтай імпрэзе, слухачы даведаліся пра мастака, які ўславіў сваімі творамі краявіды роднага краю, прыгажосць Беларусі.
Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся 13 траўня 1875 года ў вёсцы Ендрыхоўцы блізу мястэчка Рось у сям'і Юльяна Жукоўскага і Марыі з роду Вярбіцкіх, аб чым захаваўся запіс у архіве касцёла пасёлка Рось. Неўзабаве пасля нараджэння Станіслава Жукоўскія вярнуліся ў маёнтак Старая Воля (зараз в. Стараволя) недалёка ад Пружанаў, але ўжо толькі арандатарамі. Справа ў тым, што за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў Юльян Жукоўскі быў пазбаўлены ўсіх саслоўных і маёмасных правоў. Сам Юльян, хутчэй за ўсё, не прымаў удзел у паўстанні, а пазбавіўся родавага маёнтка ў выніку эканамічных санкцый, якія былі накладзены на сем'і паўстанцаў, мясцовую шляхту і каталіцкі касцёл указам пасля паразы паўстання. Магчыма, кантрыбуцыя была накладзена за ўдзел у паўстанні двух ягоных старэйшых братоў, адзін з якіх знаходзіўся ў кіраўніцтве паўстання, быў непасрэдным паплечнікам Кастуся Каліноўскага, а другі ўзначальваў паўстанцкі аддзел. Не здолеўшы выплаціць кантрыбуцыю і падаткі, Юльян страціў сваю нерухомую ўласнасць і быў вымушаны стаць арандатарам у Ендрыхоўцах, дзе і нарадзіўся Станіслаў.
Маці Станіслава, Марыя, паходзіла са шляхецкага роду Вярбіцкіх з Варшавы. Яна атрымала добрае хатняе выхаванне і адукацыю ў Парыжы, вылучалася сардэчнасцю і далікатнасцю, ведала некалькі замежных моваў і была цудоўнай піяністкай. Станіслаў быў малодшым з траіх. Менавіта малодшага сына больш за ўсё любіла маці будучага мастака. Бацькi здолелi выправiць Станіслава на вучобу ў Польшчу. Тут, у Варшаве, ён атрымаў сваю першую адукацыю ў класічнай гiмназii. Пазней ён пераехаў назад, да сваякоў у Беласток, дзе скончыў рэальную вучэльню.
Менавiта ў Беластоку Станiслаў Жукоўскi пачаў сваю мастацкую адукацыю пад кiраўнiцтвам выкладчыка вучэльнi Южанiна, з якiм ён пасябраваў. Южанiн, сам гадаванец Пецярбурскай Акадэмii мастацтваў, падрыхтаваў юнага мастака да далейшага навучання, дапамог з расейскаю моваю. Падчас навучання ў Беластоку пачынаючым мастаком былі напісаны два эцюды, на якіх адлюстраваны маёнтак Старая Воля. Гэта аднапавярховы драўляны дом, які сваёй архітэктурай сведчыць пра беларускія барочныя традыцыі. Пазней, падчас рускага перыяду жыцця і творчасці, мастак неаднаразова будзе вяртацца да матыву роднага дома. У 1892 годзе Жукоўскi ўпершыню трапляе ў Расію, дзе да 1901 году займаецца ў Маскоўскай вучэльнi жывапiсу, скульптуры і дойлiдства.
Настаўнiкамi Жукоўскага ў Маскве былі Каровiн, Сяроў, Архiпаў, Левiтан. Ледзве пачаўшы прафесійную навуку, Станiслаў Жукоўскi шмат працуе на пленэрах, актыўна выстаўляецца, а вольныя часы праводзіць на Гарадзеншчыне. Тут былі намаляваны карціны "Нёман", "Лес", Папараці" і іншыя. Слава імклiва ўзносiла яго на сваiх лёгкiх крылах ад самага пачатку мастакоўскага шляху.
Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае вялiкi срэбны медаль са званнем класнага мастака. Гэтую пашану ён заслужыў за чарговы пейзаж "Веснавая ноч", якi, дарэчы, проста з выставы набыў слынны фундатар мiльянер Мамантаў. За iм услед некалькi краявiдаў работы Жукоўскага купляе для сваёй галерэi Траццякоў. У чым сакрэт папулярнасцi Жукоўскага ў тыя гады? Бо сапраўды, беларускаму шляхцюку 25 гадоў убiцца ў расійскi бамонд было, па меншай меры, цяжка. У Жукоўскага пэйзаж пераўтвараецца ў завязку нейкага аповеду, пачатак п'есы. Гасне сонца, што закацiлася за вершалiны дрэваў, недзе запалiўся агеньчык, зараз загучыць голас ад аўтара. Анi шышкiнскага натуралiзму, анi левiтанаўскай сентыментальнасцi.
Як i многiя iншыя выхадцы са шляхецкiх сем'яў, Жукоўскі аддаў належнае i рамантызму. Захавалася яго праца "Паляванне на зуброў у Белавежскай пушчы", якая зберагаецца ў архiве Пецярбургскай Акадэмii мастацтваў. Раз'ятраны смяротна паранены зверволат гатовы рынуцца ў апошнi бой. За сконам магутнай iстоты сочаць знямелыя паляўнiчыя - расейскiя вяльможы.
Адносiны Жукоўскага з мастацкай Акадэмiяй таксама склалiся. Ягоны пейзаж, напiсаны ў родных мясцiнах, "Нёман", быў дыпламаваны на акадэмiчнай выставе, а затым i набыты ў Акадэмiю. I прызнанне атрымаў, i патрыётам застаўся... Нягледзячы на тое, што Жукоўскi, не могучы пакiнуць сваiх сяброў у Расіi, сталым чынам жыў у Маскве, ён па-ранейшаму рэгулярна наведваў бацькоўскi край, дзе i пiсаў свае славутыя пейзажы "Восеньскі вечар", "Ветрана", "Плацiна", "Ельнiк" (чамусьцi ён любiў менавiта ялiны, дзе "д'яблу душу прадаваць") i шмат, шмат нёманскiх краявiдаў.
У 1907 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае званне акадэмiка. З гэтай прапановаю выступiлi Цвяткоў, зямляк Крыжыцкi i Куiнджы, якi хоць i быў грэкам, але меў невытлумачальны сантымент да беларусаў. Беларусы, дарэчы, плацiлi старому Куiнджы ўзаемнасцю, i ягоны творчы ўплыў на iх быў невыпадковым. Крыху пазней, у 1910 годзе, Жукоўскаму была ўручана ганаровая прэмiя iмя Куiнджы, за славутае палатно "Плацiна", якое шматкроць экспанавалася.
Напрыканцы 1900 - у пачатку 10-х менавiта тая група беларускiх мастакоў, якiя гадавалiся ў Маскоўскай вучэльнi жывапiсу, скульптуры i дойлiдства, задавалi тон у пэйзажным жывапiсе: Бялынiцкi-Бiруля, Пятровiчаў, Туржанскi i Жукоўскi... Сярод гэтай кампанii Жукоўскi ў тыя гады рэзка вызначыўся ўспрыманнем натуры.
Частыя ўцёкі з Масквы ў Беларусь сталi для Жукоўскага невычэрпнаю тэмаю. Настальгiчнай, фiзіялагiчна-патрыятычнай, абсалютна здароваю тэмаю. У гэтых пераездах ён пiша шмат, шмат эцюдаў, якiя пазней пераўтваралiся ў славутыя палотны. I ўжо цяжка распазнаць, цi гэта Панямонне, цi Падняпроў'е, цi напiсана гэта пад Менскам, цi пад Смаленскам. Але гэта ўсё недзе побач. Гэтыя карцiны мелi нязменны поспех. Працы Жукоўскага куплялi ўсе вядомыя ў Расіi фундатары i калекцыянеры: Рабушынскi, Мамантаў, Марозаў, Траццякоў.
Прыходзiла і еўрапейская слава. Вядома, што Жукоўскi экспанаваўся i ў еўрапейскiх салонах. Праўда, там больш дзiвiлiся ягоным раннiм рэчам, напрыклад, "Восеньскай ночы". За палатно "Веснавы вечар", напiсанае ў 1909 годзе, ён у 1912 атрымоўвае залаты медаль у Мюнхене.
Першая сусветная вайна змянiла шмат, змянiла многiх. Жукоўскi пачаў пiсаць тое, што баяўся згубiць i што гiнула ў Беларусi незваротна. Родны край, у якiм засталiся бацькоўскiя маёнткi, радавое котлiшча былi бязлiтасна адрэзаны ад яго. Прадчуванне немiнучага канца таго сусвету, у якiм ён вырас i куды марыў вярнуцца, сусвету старасвецкiх шляхецкiх фальваркаў сярод пушчаў, штурхала яго да працы. У тыя гады ён пiша дзясяткi iнтэр'ераў. Залiтыя сонцам пакоi, камiнныя залы, гасцёўнi, расчыненыя насустрач паветру вокны і дзверы. Напiсаныя па памяцi, яны ўжо апавядалi пра нешта зусiм iнтымнае, мройнае. Тады ж ён пiша свой славуты "Iнтэр'ер". Родны дом, радасць вяртання.
Пасля ўсталявання бальшавiцка-польскага мiру, Жукоўскi вяртаецца на радзiму. Назаўсёды. Ён вяртаецца разам з блiзкiм сябрам, земляком Мар'янам Лялевiчам, выбiтным пецярбурскiм архiтэктарам. Бацькоўскiя маёнткi парабаваныя. Доўгiя спробы неяк адрадзiць гаспадарку плёну не далi. Ён прадае землi і пераязджае да Лялевiча ў Варшаву. Ён iзноў малюе пасля доўгага перапынку. Шматлiкiя iнтэр'еры i краявiды Палесся і Панямоння прынеслi яму славу i ў Варшаве.
У 1944 годзе сябар Жукоўскага, Мар'ян Лялевiч загiнуў падчас Варшаўскага паўстання. Праз некалькi месяцаў памёр пад Варшаваю i мастак.
Н.М. Шэмянкова, Магілёў.
Імантас Зіедоніс: "Латышы ўвашлі ў сусвет з узорчатымі рукавічкамі і паклалі іх у скарбонку культурных каштоўнасцяў ..."
Прыгожыя ўзорчатыя рукавічкі і незвычайны па прыгожосці і даўжыні дыван, зроблены майстрыцамі з суседняга Дагдскага краю. Гэта ўжо не першая выстава, якую прывозяць у Верхнядзвінск, у рамках супрацоўніцтва з нашым раёнам, нашыя сябры-суседзі з Латвіі. Спачатку гэта была выстава сурвэтак, у якой былі вельмі незвычайныя і з далёкіх краін экземпляры, потым - выстава асадак.
Марыя Міцкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і культуры, і сама захоплены і незвычаны на шчырасць чалавек. І ўсе гэтыя выставы - у памяшканні Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Т. Хадкевіча. А пачатак гэтым сувязям пакладзены дзякуючы намаганням старшыні раённага Савета дэпутатаў І.Ф. Козел, якая і пасадзейнічала такому сяброўству, карыснаму абодвум бакам.
Імантас Зіедоніс, латышскі народны паэт, надаючы важнае значэнне народным промыслам і традыцыям, казаў так: "Латышы ўвашлі ў сусвет з узорчатымі рукавічкамі і паклалі іх у скарбонку культурных каштоўнасцяў побач з персідскімі дыванамі, індыйскімі і японскімі шаўковымі тканінамі, кітайскім фарфорам, рускай драўлянай разьбой, брусельскімі карункамі, філіграннай чаканкай народаў Каўказа". Пра гэта значэнне і гісторыю рукавічак і ўзгадала Марыя Міцкевіч, выступаючы на сяброўскай сустрэчы ў раённай біліятэцы.
А таксама распавяла пра тое, што ў Латвіі прайшла акцыя "Да 100-годдзя Латвіі - у вязаных рукавічках", у якой удзельнічала шмат людзей, бо для латошоў рукавічкі-вялікая каштоўнасць: у даўніну без іх не абыходзілася ні адна важная падзея ў жыцці: рукавічкі былі падарункам на дзень нараджэння дзіцяці, хрэсьбіны ці імяніны. Нават за падкаванага каня каваля павінны былі аддзячыць рукавічкамі.
Свооеасаблівыя рукавічкі вязаліся і да сумных падзей жыцця - пахавання блізкіх людзей, а калі справа ішла да вяселля, то рукавічкі вязаліся дзясяткамі пар.
Не першы раз сустракаючыся з гэтымі шчырымі жанчынамі, дзівуюся іх вернасці і любові да роднай зямлі, яе традыцыяў. І гэта не павевы сёняшніх рэалій ў Латвіі. Яшчэ з савецкіх часоў, калі мне даводзілася разам з мастацкімі калектывамі раённага Дома культуры, дзе я працавала дырэктарам, наведваць гасцінныя латгальскія землі, я бачыла, як ставяцца да сваёй гісторыі нашы суседзі.
В. Болбат.
Манаграфія пра мястэчкі
У выдавецтве "Беларуская навука" выйшла кніга нябожчыка сп. Юрыя Бохана пад назвай "Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў ХV-XVII ст. ст. Наклад манаграфіі 200 асобнікаў. Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца прафесары Ігар Марзалюк і Валянцін Голубеў. Укладальнік - кандыдат гістарычных навук - М. Волкаў. Нажаль аўтар кнігі памёр 13 сакавіка 2017 года...
Асноўную частку выдання складае кандыдацкая дысертацыя Юрыя Мікалаевіча Бохана "Мястэчкі вярхоўяў Віліі і Нёманскай Бярэзіны ў ХV-XVII ст. ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах), якая была абаронена ў 1994 г., але да гэтага часу не дачакалася публікацыі. У ёй на матэрыяле рэгіёна разглядаюцца мястэчкі, як адна з найважнейшых форм урбаністычных паселішчаў, што спрыялі гаспадарчаму развіццю навакольных зямель! У астатняй частцы кнігі сабраны апублікаваныя артыкулы сп. Бохана па праблеме ўрбаністкі.
Манаграфія разлічана на прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй ВКЛ і Беларусі. Кнігу можна набыць у сталічнай краме "Акадэмкніга" ўсяго за 12 рублёў.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
"Энергія душы" ад Уладзіміра Васько
Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце", якое існуе пры рэдакцыі "Лідскай газеты" кожны месяц збірае сваіх аднадумцаў, прыхільнікаў мастацкага слова ў літаратурным аддзеле (доме Валянціна Таўлая) Лідскага гістарычна-мастацкага музея. А гэты раз мясцовыя літаратары сабраліся на прэзентацыю чарговай кнігі Уладзіміра Васько "Энергія душы", якая нядаўна выйшла ў друк з Лідскай друкарні і прысвечана малой радзіме аўтара - вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Гэта ягоная шостая па ліку кніга. А першай - "Прасветленасць" - было наканавана парадаваць чытачоў у 1981 годзе. Другая - "На схілах берагоў" - выйшла ў свет у 1997 годзе, потым - "Кругаварот жыцця" - у 2011 годзе, "Лясная рапсодыя" - 2013 год, "Зігзагі лёсу" - 2017 год.
У новай кнізе змешчаны вершы і проза аўтара. Выданне апавядае пра вёскі Наднямоння, родную прыроду, адносіны паэта да людзей і часу. Акрамя гэтага чытач знойдзе ў кнізе лірычныя, спавядальныя творы, вершы грамадзянскага гучання, цыкл вершаў для дзіцячай аўдыторыі і фантастычную аповесць для дзяцей "На залатой планеце". Знайшлося месца ў кнізе і для паэтычнай фантастыкі "Лідскія паэты ў космасе", "На Венеры", "Фантазія" і інш., а таксама прозы "Водпаведзь", "Завіток", "Ідзі, мой міленькі!", "Балэбка", "Знявераны".
За плячыма Уладзіміра Гаўрылавіча - Гарадзенскі педінстытут (цяпер дзяржаўны ўніверсітэт) імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях Шчучынскай (1959 -1960), Дзятлаўскай (1967-1972) і Лідскай (1972-2000) раённых газет. Трэба зазначыць, што да 2003 года У. Васько кіраваў літаратурным аб'яднаннем "Суквецце", між іншым, назву якому таксама даў ён. А ў 2007 годзе шаноўны лідскі пісьменнік быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Выхад кнігі - гэта заўсёды радасць не толькі для яе аўтара, але і для чытача, тым больш, калі яго творы становяцца запатрабаванымі. У гэтым можна было ўпэўніцца падчас прэзентацыі, калі гучалі цёплыя водгукі чытачоў ад ранейшых прачытаных яго кніг. Было прыемна пачуць вершы з вуснаў самога аўтара і гісторыю іх узнікнення. Напрыканцы кожны ахвочы змог набыць чарговы асобнік з аўтографам Уладзіміра Васько. Вядома, напісанае застаецца ў гісторыі. А ў планах Уладзіміра Гаўрылавіча - папоўніць кніжную гісторыю. І гэта значыць, што наперадзе яшчэ не адна кніга лідскага пісьменніка.
Алесь Хітрун, кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце".
СНЕЖАНЬ
Паўсюль зіма палотны насцяліла;
І беллю ўсё ваколле зіхаціць;
І на Калядныя часіны не забыла,
І нас на свята хоча запрасіць!
Зіма! Парою белай і чароўнай,
З пачуццямі натхнення ды надзей,
Зіма нам сыпле даланёю поўнай
Сняжок на дахі, дрэвы і людзей.
Спатканне мроіцца, вяселле,
Ад белі вуліц гарадскіх;
Цябе, мой сябар, у касцеле
Віншую з новым рокам між святых.
ЛІХТАРЫ
Ажно хрумсціць мой ранішні настрой;
І ліхтары, яны запаляць зранку
Мой тыдзень і маю надзею,
Ад іх святла і ўтульней, і цяплей,
Пад іх крылом, нібы мурашкі-дабрадзеі,
Паўзуць тралейбусы няспешнаю хадой.
І ранак пачынаецца дзівосна,
І я натхняюся ізноў на новы дзень..
* * *
Мне родны горад прачынаецца не раптам,
А толькі з кожным першым, яркім ліхтаром.
ЗОРКА КАХАННЯ
Усе зоркі, што мігцяць на небе, -
Гэта зоркі шчасця тых, хто пакахаў;
Нашыя пачуцці,
нібы зоркі, успыхнуць раптам,
Замігцяць ды створаць хараство.
Пан Бог іх пазбірае ды складае ў сузор'і,
Вось яны: Вялікая, Малая, Эўрыдыкі…
Мы падымем вочы і не здолеем адвесці
Позірк ад нябеснай казкі чарадзейства.
Быццам шчыры нехта
крочыць зорным шляхам;
Сыпле ўсюды навакол і квеціць небасхіл!
І калі ўспыхне зорка, бы тое каханне!
То гарыць, не гасне - на дваіх адна!!
Надзея Саўчук-Германовіч
ПАМЯЦІ ЖЭНІ ЯНІШЧЫЦ
Вялікі дом у яе - усё Палессе:
Тут ціха казкі пушча шаптала,
Жаўрук тануў у небе прадвеснім,
Настрой гудзеннем пчолка надавала,
Раскрыліся фібры чулай душы,
Палесся дух загаварыў яе мовай,
На зорным ранку, ці нат уначы,
У снапочкі, вяночакі вязаліся словы.
А вершы, нібы спеў салаўя -
Роднага краю святая мелодыя,
Уся Беларусь у яе - сям'я ,
Цудоўны храм з гімнаў і рапсодый.
Жыццёвую сілу, талент да канца
Укладала ў душэўныя, светлыя,
пяшчотныя радочкі.
Яны былі ёй сэнсам, мэтай жыцця,
Гадавала, песціла іх, нібы дочак.
Яе верш увабраў:
усе настроі і фарбы вясёлкі.
Яны патаемныя струны душы закранаюць,
да сэрца пранікаюць!
Дзе яшчэ ёсць у свеце паэты,
якія так так паэтычна
пранікнёна - балюча,
Радзіму сваю апяваюць.
На жаль трагічны апагей,
Стаў яе высакароднасці
адчаянным здзяйсненнем,
Каб родны край асвяціць,
раўнадушша людзей, разбудзіць
Смерцю яе - паэткі,
Жэні Янішчыц, беларускага генія!…
Мар'ян Даргель
СУСТРЭЧА З ПАЭЗІЯЙ
Людміла Ардынская, сябра ТБМ, удзельніца народнага музычна-літаратурнага аб'яднання "Світанак" г.п. Шаркоўшчына.
На вечары паэзіі ў Менскім педагагічным інстытуце, дзе я вучылася, у 1967 г. мне пашчасціла сустрэцца з Яўгеніяй Янішчыц і Юркам Голубам, студэнтамі БГУ, пачынаючымі паэтамі.
У перапоўненай студэнцкай зале
На сцэне Юрка Голуб і Янішчыц Жэня
Нам свае вершы новыя чыталі
З якой узнёсласцю, з якім натхненнем!
Расчырванелыя, напэўна, хваляваліся,
Прыгожыя былі і маладыя.
Паэзіяй да сэрцаў дакраналіся,
Нясу сустрэчу тую праз гады я.
А дзесьці Ясельды расплёскваліся хвалі,
І Горна ў думках юнака была адна.
Паэты будучыя ў высі узляталі
На ўзыходзе, як ім мроілася, дня.
Прайшла свой годны шлях Янішчыц Жэня,
"Палесся ластаўка", зямлі сваёй дачка.
Перадала наступным пакаленням
Пакутны крыж Мацея Бурачка.
Вялікі дзякуй табе, Юрка, мой сучаснік!
Пачаў з юнацтва ты і хораша спяваў.
Ад роднай мовы і зямлі не адракаўся,
Адданасць, вернасць слову захаваў.
Імчаліся гады, знікалі ценямі.
Сустрэчу з памяці не сцерці аніяк:
Дзяўчо шчаслівае і летуценнае,
Прыгожы побач зэльвенскі юнак.