НАША СЛОВА № 3 (1414), 16 студзеня 2019 г.
Сойм Партыі БНФ абвясціў 2019 год Годам беларускай мовы
Беларуская мова - найважнейшы фактар нацыянальнай бяспекі для незалежнай беларускай дзяржавы
Заява Сойма Партыі БНФ 12 студзеня 2019 года
12 студзеня Сойм Партыі БНФ на сваім першым паседжанні прыняў заяву " Беларуская мова - найважнейшы фактар нацыянальнай бяспекі для незалежнай беларускай дзяржавы", у якой абвясціў 2019 год Годам беларускай мовы, чаго дабіваліся многія арганізацыі і грамадзяне ад Беларускай дзяржавы, але так і не дабіліся. У заяве ў прыватнасці гаворыцца:
"У апошнія месяцы з падачы расейскіх дзяржслужбоўцаў у СМІ ізноўку ўкінуты інсінуацыі пра ўвасабленне ў жыццё авантуры пад назвай "саюзная дзяржава". ... Пакуль існуе "саюзная дзяржава" - існуе пагроза аншлюсу, ліквідацыі беларускай дзяржавы і яе інкарпарацыі ў склад Расеі.
Разам з тым БНФ цвёрда перакананы ў тым, што беларуская незалежнасць грунтуецца не толькі на фармальна-прававых інстытутах, а тым больш не на адзінаасобнай аўтарытарнай уладзе. Цяперашняя Рэспубліка Беларусь каштоўная не сама па сабе, і тым больш не як "падмандатная тэрыторыя"... Рэспубліка Беларусь ёсць формай існавання беларускай нацыі - і толькі як беларуская нацыянальная дзяржава яна мае сэнс для існавання і можа прэтэндаваць на ўстойлівасць. Дзяржаўныя інстытуты будуць сапраўды моцныя толькі тады, калі будуць абапірацца на беларускае грамадства, беларускі бізнэс, беларускае сялянства, беларускае войска, беларускія СМІ, беларускую царкву, на пачуццё нашай агульнай ідэнтычнасці як беларусаў і пачуццё нашай супольнай адказнасці за лёс нашай краіны і будучых пакаленняў беларусаў.
У гэтай сістэме дзяржаваўтваральных падмуркаў найважнейшым элементам з'яўляецца беларуская мова. Выбар на карысць беларускай мовы - гэта выбар на карысць нацыянальнай дзяржавы і, у рэшце-рэшт, адзіна магчымы выбар для сапраўднага беларускага патрыёта.
Пакуль значная частка беларусаў не карыстаецца беларускай мовай, глядзіць расейскія тэлеканалы, жыве ў расейскай моўнай прасторы - заўжды будзе небяспека таго, што сюды прыйдуць расейскія танкі "бараніць рускамоўных". Нездарма ж расейскія шавіністы кажуць што "русский мир" - гэта ўся прастора панавання расейскай мовы.
Прымаючы пад увагу актывізацыю антыбеларускіх выступаў і інфармацыйных атак супраць Беларусі і беларусаў, мы абвяшчаем 2019 год Годам беларускай мовы і заклікаем да наступных крокаў па ўмацаванні беларускай мовы:
- заклікаем усіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валодання беларускай мовай, заклікаем карыстацца беларускай мовай ва ўсіх жыццёвых выпадках, ініцыяваць стварэнне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў;
- заклікаем усіх беларусаў падчас перапісу насельніцтва, які прызначаны на кастрычнік 2019 года, пазначаць беларускую мову ў якасці роднай мовы і мовы штодзённага ўжытку дома;
- заклікаем беларускі бізнэс, усіх вытворцаў тавараў і паслугаў, карыстацца беларускай мовай у рэкламных кампаніях, у аздабленні тавараў, у камунікацыі з пакупнікамі і карыстальнікамі;
- патрабуем ад уладаў Беларусі абмежаваць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў, якія распальваюць міжнацыянальную варажнечу і па-сутнасці ёсць сродкамі вядзення інфармацыйнай вайны супраць нашай краіны, замяніўшы іх праграмамі ўласнай вытворчасці альбо збалансаваным наборам замежных тэлепраграмаў з розных іншых краінаў;
- патрабуем ад уладаў Беларусі прыняцця актаў заканадаўства на беларускай мове;
- заклікаем улады Беларусі пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі, у тым ліку стварыўшы вышэйшыя навучальныя ўстановы з выкладаннем на беларускай мове і прыняўшы на заканадаўчым узроўні дзяржаўную праграму развіцця і падтрымкі беларускамоўнага навучання з павелічэннем дзяржаўнага фінансавання праграмаў па развіцці беларускай культуры, адукацыі і мовы з выдзяленнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці;
- нагадваем што ад 1 студзеня 2019 года ўсе інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і арганізацыяў павінныя мець беларускамоўныя версіі і абвяшчаем пра намер пільна адсочваць выкананне гэтай нормы заканадаўства праз маніторыг дзяржаўных сайтаў з рэагаваннем на парушэнні шляхам адпаведных зваротаў да ўладальнікаў сайтаў і, пры сістэмных парушэннях, шляхам скаргаў у міністэрства інфармацыі."
За два дні, якія прайшлі ад моманту прыняцця заявы, ужо многія грамадскія арганізацыі Беларусі выказалі падтрымку Партыі БНФ і гатоўнасць паўнавартасна ўключыцца ў Год беларускай мовы.
Наш кар.
Ініцыятыва года ад ТБМ
У чацвер 10 студзеня ў культурніцкай прасторы "Корпус" у Менску былі названы пераможцы прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці". Дзясяты раз яе ўручала Асамблея НДА. У шорт-лісце было 57 намінантаў, а ў журы - 112 грамадскіх лідараў, экспертаў і журналістаў з усёй Беларусі.
У намінацыі "Новая ініцыятыва" ўзнагароду атрымала ініцыятыва ТБМ "Універсітэт імя Ніла Гілевіча". Зарэгістраваны ў якасці ўстановы ў сакавіку 2018. Заснаваны ТБМ, каб выправіць ганебную сітуацыю з немагчымасцю атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.
Асамблея НДА.
ТБМ правяло ў Баранавічах Дзень здароўя
Сябры Баранавіцкага таварыства беларускай мовы на выходных правялі Дзень здароўя. Але гэта былі не толькі прагулкі на прыродзе і катанні на лыжах. Знайшоўся час і на духоўныя ды інтэлектуальныя практыкаванні, кажа старшыня таварыства Таццяна Кісель:
- Арганізавалі катанне на лыжах. У нас былі музыкі, мы вельмі добра патанцавалі. Нашы баранавіцкія паэты прадставілі свае творы, правялі віктарыну.
Мікалай Падгайскі - намеснік старшыні Баранавіцкага ТБМ:
- Якраз і з надвор'ем нам вельмі пашанціла. Пасядзелі за сталом, папілі гарбаты, патанцавалі, паспявалі песні.
Прысутныя былі вельмі ўдзячныя арганізатарам Мікалаю Падгайскаму і Таццяне Кісель за цудоўнае мерапрыемства. Па словах прысутных, яно аб'яднала людзей і паказала, што шмат чаго мы не ведаем пра нашу Радзіму.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы.
Дарагія браты-беларусы!
Давайце ўсёй грамадой правядзём 2019 год пад дэвізам Года беларускай мовы. Не дамо нікому загнаць яе ў магілу!
На нашыя звароты на працягу 2018 года да ўладаў абвясціць 2019 год Годам беларускай мовы не атрымана згода, што сведчыць пра іх абыякавае стаўленне да нашага неацэннага нацыянальнага скарбу. Паколькі ён проста на нашых вачах незваротна гіне і не выклікае аніякай трывогі, заклапочанасці ў дзяржавы і шмат у каго з тых, хто залічвае сябе да нацыянальнай палітычнай і інтэлектуальнай эліты, мы просім цябе, дарагі беларускі народ, самому ўзяць гэтую высокародную, выратавальную ініцыятыву ў свае рукі і правесці ўвесь 2019 год пад дэвізам Года беларускай мовы, што, упэўнены, пойдзе ёй на карысць, затармозіць навязаны нам уласнай дзяржавай пагібельны працэс русіфікацыі. І хаця ў абсалютнай сваёй бальшыні беларусы правільна ўяўляюць гістарычнае значэнне сваёй роднай мовы ў іх лёсе, ведаюць, што трэба кожнаму і ўсім рабіць, абвясціўшы 2019 год Годам беларускай мовы, мы дазволім сабе некалькі паразважаць над гэтымі няпростымі пытаннямі.
У свеце прынята лічыць і зусім слушна, што людзі, якія па розных прычынах выракліся, не карыстаюцца роднай мовай сваёй зямлі - гэта ўжо не народ, не нацыя, а нейкі натоўп, насельніцтва. Мы ж не будзем такімі суровымі суддзямі ў вызначэнні назвы для адрынутых ад матчынай мовы беларусаў, добра ведаючы, якую конскую дозу русіфікацыі яны не па сваёй волі глынулі за царскім і савецкім часамі, і што за апошнія 24 гады функцыявання Рэспублікі Беларусь гэтая доза набыла нечуваныя раней памеры, стала практычна смяротнай. І калі ў моц такіх жорсткіх этнакультурных катаванняў з боку чужых і ўласнай гадоўлі зацятых русіфікатараў сёння толькі адзін з пяці беларусаў з'яўляецца актыўным носьбітам роднай мовы, будзе незаслужана называць наш народ насельніцтвам ці натоўпам. Затое самыя ганебныя азначэнні можна ўжыць у дачыненні да тых, хто раней і сёння займаецца русіфікацыяй беларусаў. Таму давайце ганарыцца тымі, хто некалі жыў і сёння жыве з беларускай мовай у сэрцы і робіць так, каб колькасна раслі шэрагі такіх сапраўдных нацыянальных патрыётаў Бацькаўшчыны.
Уступіць жа ў шэрагі такіх ганаровых людзей досыць проста: без каманды зверху пачынаць пакрысе далучаць сябе з першых дзён 2019 года да беларускага слова. Вельмі пажадана, каб такое правіла прынялі для сябе ўсе члены сям'і, пачынаючы і ад таго, хто толькі вучыцца размаўляць. У выніку такая сям'я стане лабараторыяй, кабінетам беларускай мовы. Вялікую карысць ёй прынясе, калі вы аформіце гадавую ці на меншы тэрмін падпіску на адно з беларуска-моўных перыядычных выданняў ці набудзеце 2-3 беларускамоўныя кніжкі. Старайцеся па-беларуску запаўняць усе бланкі на адрас афіцыйных устаноў і арганізацый, уступайце ў дыялог з імі толькі на беларускай мове.
Гэта толькі мінімум рэкамендацый па ўваходжанні ў родную мову для тых, хто пакуль жыве па-за ёю. Дадаць штосьці да іх ёсць магчымасць у кожнага. Гісторыі вядома нават і такое: калі ў залаты час чэшскага адраджэння, выратавання ад нямецкай асіміляцыі хтосьці да чэха звяртаўся па-нямецку, ён на гэта рэагаваў звычайным маўчаннем. Такога прыёму мы не раім запазычваць, лепш застанёмся максімальна спагадлівымі да ўсіх, хто па розных прычынах (а іх процьма) апынуўся па-за родным словам знявечанай русіфікатарскай палітыкай беларускай зямлі. У нашым нацыянальным адраджэнні ласкай, спагадай да моўна пакалечаных беларусаў больш дасягнеш, чым з дапамогай прымусу, гвалту.
У працяг нашай гаворкі дададзім і наступнае:
а) ва Усебеларускі год роднай мовы хадзіце ў тыя святыні, дзе набажэнства вядзецца па-беларуску;
б) усяляк садзейнічайце сваім дзецям дашкольнага і школьнага ўзросту па далучэнні іх да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах нацыянальна-беларускага характару, настойліва дамагайцеся адкрыцця ў чарговым 2019/20 навучальным годзе беларускамоўных груп, класаў;
в) як і ва ўсе папярэднія гады, нам і ў 2019 годзе давядзецца правесці ў замагільны свет нямала людзей. Рабіце надпісы на помніках толькі па-беларуску, каб у чужых людзей, што наведваюць нашыя клады (могілкі), не фармавалася ўражанне пра пахаванне тут толькі рускіх нябожчыкаў, а беларусы проста закапваюць іх (нябожчыкаў) у зямлю без усталявання надмагілля;
г) адзін аднаму пішыце лісты, паштоўкі толькі па-беларуску. Такім чынам стаўцеся да беларускай мовы, калі Вы прымаеце ўдзел у юбілейных мерапрыемствах, святах.
Калі ўсё прапанаванае Вам і яшчэ штосьці ў дадатак да яго будзе ў масавым маштабе здзяйсняцца, прыносіць вялікую радасць, тады нішто не перашкодзіць нам, каб цэлыя дзесяцігоддзі, усё нашае далейшае жыццё на злосць унутраным і знадворным нядобразычліўцам беларускасці праходзіла пад знакам роднай беларускай мовы.
Просім цвёрда запомніць: яшчэ ніводнаму народу не ўдалося захаваць сябе як самабытную этнічную супольнасць, страціўшы родную мову. Без яе такі народ няўмольна пераўтвараецца ў гной, які служыць жаданай спажыўнай ежай для таго народа, чыёй мовай ён стаў карыстацца. Шматлікія прыклады такой трагічнай этнічнай пагібелі знаходзім мы на неабсяжнай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. За апошнія сто гадоў яе існавання тут звяліся дзясяткі самабытных, з адметнымі культурай і мовамі народаў. І гэты смяротны працэс, на вялікую бяду, працягваецца і па сёння. Давайце зробім усё, каб нам не стаць такой ахвярай
Ласкава запрашаем да азнаямлення з наступным матэрыялам, што, упэўнены, многім з Вас дасць несумненную карысць.
Працягнуць нашу размову прапануем з уважлівага прачытання і асэнсавання правераных часам і прынятых агульным чалавечым розумам выказванняў мысліцеляў-здуменнікаў па архіважнай для беларускага народа праблеме.
"Калі знікне народная мова, народа няма больш… Пакуль жывая мова народная ў вуснах народа, да тых часоў жывы і народ."
(Рускі педагог Канстанцін Ушынскі, 1824 - 1870.)
"Там, дзе кожны валодае дзвюма мовамі, заўсёды ў рэшце-рэшт агульная перавага па тых ці іншых прычынах будзе аддадзена адной з іх … нацыя знікне не з-за вымірання і не з-за спынення яе культурной агульнасці, а проста таму, што яна перастане размаўляць на сваёй мове."
(Тэарэтык у галіне нацыянальнага пытання Карл Каўцкі, 1854 - 1938.)
"Увод другой дзяржаўнай мовы пагражае нацыянальнай бяспецы, самабытнасці, унітарнасці дзяржавы, інтэгральнай ролі мовы і культуры (карэннага народа) і не ў апошнюю чаргу, асноўным эканамічным правам чалавека."
(Прафесар Македонскага ўніверсітэта Чэда Цветаноўскі.)
"Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быть нацыяй."
(Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.)
Даведка Вікіпедыі. Усяго на зямлі існуе каля 7000 моваў і 40 тыс. дыялектаў. У свеце ўсяго 252 краіны. Цікава, што з гэтай колькасці моваў больш за 800 належаць жыхарам Папуа - Новай Гвінеі.
Сусветная гісторыя цывілізацый зафіксавала сотні народаў (этнасаў), якія зніклі, адышлі ў нябыт. Блізкі для нас беларусаў прыклад. Існавала калісьці вялікая балцкая нацыя прусы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Вядома ж, была ў іх і свая родная мова. Калі ж зніклі прусы як самабытны народ? Гэта адбылося пасля таго, як крыжак забіў у Кёнігсбергу (сучасным Калінінградзе) апошняга пруса, які размаўляў на сваёй роднай мове. Няма жывога носьбіта мовы - няма і самабытнага народа. У суквецці народаў свету кожны народ можа жыць толькі ў сваёй Богам (прыродай) дараванай яму роднай мове. Мёртвыя адышлі ў нязведаную вечнасць, а жывыя раствараюцца ў асяроддзі іншых народаў, звычайна ў заваёўніках, акупантах. Інтэлект, талент тых, хто застаўся ў жывых, працуюць ужо толькі на развіццё культур заваёўнікаў. Такія горкія рэаліі жыцця народаў, адарваных ад родных культурна-моўных традыцый.
У бясконцым гістарычным часе беларуская мова зведала багата спроб яе знішчэння. Зацята займаліся гэтым злачынствам улады Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР, і як не дзіўна, ім спраўна акампануе наша сучасная ўладная вертыкаль. На шчасце і гонар для кожнага беларуса, іх мова і ў самыя цяжкія перыяды сваёй гісторыі працягвала жыць у маўленні людзей, фальклоры і літаратурных творах, чаго, на вялікую бяду, не асабліва заўважаем сёння.
Мова ёсць культурная скарбонка кожнага народа, самая надзейная ахоўніца яго. Таму для знішчэння паняволенага народа заваёўнікі заўсёды ставілі мэтай ствараць умовы для немагчымасці яго існавання ў роднамоўным асяроддзі. Такое мы і сёння назіраем на планеце Зямля. Сучасныя сродкі масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, інтэрнэт і інш.) у руках русіфікатараў-асімілятараў дазваляюць гэта рабіць імгненна ў самыя кароткія тэрміны і надзвычай эфектыўна.
Мёртвыя мовы толькі напамінаюць сучаснікам пра народы, якіх сёння няма, бо ў свой час у іх не было магчымасці развівацца ў сваёй роднай мове. Зараз такой магчымасці практычна і мы цалкам пазбаўлены. Сённяшні стан беларускай мовы ніколькі не адпавядае ўніверсальнаму статуснаму становішчу беларускай нацыі ў сваёй краіне, самой назве дзяржавы Рэспубліка Беларусь з прычыны татальнай русіфікацыі. З гэтай бядой трэба рашуча змагацца нам усёй грамадой!
Міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА колькі гадоў таму не без падстаў ўнесла беларускую мову ў чырвоны спіс моваў, якім пагражае выміранне. Для любога народа гэта ў найвышэйшай ступені ганебны факт. Аднак, за чвэрць стагоддзя ніхто з нашага высокага дзяржаўнага кіраўніцтва не выказаўся па гэтай балючай праблеме, А як вядома, маўчанне ёсць згода. Трагедыя!
Народ Беларусі! Ласкава запрашаем цябе да актыўнага ўдзелу ў дыскусіі па гэтай праблеме на ўсіх узроўнях нашага грамадскага жыцця. Мо тады і ўлады па усёй вертыкалі прыслухаюцца да голасу народа? Здзейсненае ўладнай вертыкаллю ў моўнай сферы ёсць вялікая здрада нацыянальнаму інтарэсу Бацькаўшчыны, чаго не даруюць нам нашчадкі, калі будзем маўчаць, бяздзейнічаць
Беларус! Нарэшце задумайся і запытай у самога сябе: ці з'яўляешся ты носьбітам мовы, якая вымірае? Ці не абрыдла табе і надалей заставацца чалавекам з чужой мовай у душы, што смешыць увесь цывілізаваны свет? Няўжо ў цябе няма здаровага ўнутранага гонару і самапавагі? Няўжо ты горшы за іншых? Задумайся, ці ёсць хоць адзін рускі чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі і адрокся русского языка? Ты ж па чужой ці ўласнай волі адракаешся ад роднай беларускай мовы і пераходзіш на чужую рускую мову? І нарэшце задумайся: чаму ты не такі, як усе цывілізаваныя народы свету?
Высокашаноўны Беларус! Прапануем (у глыбокім роздуме) разам, супольна грунтоўна паразважаць, падумаць: "А што ж гэта з намі (са мной і маёй сям'ёй) адбылося? І што трэба рабіць, каб перастаць і нам знаходзіцца ў трагічна-абразлівай сусветнай сям'і бесперспектыўных народаў, народаў, у якіх выміраюць родныя Богам даныя мовы?"
Давай, шаноўны народзе, усёй Грамадой правядзём 2019 год пад дэвізам Года беларускай мовы. Не дамо забіць пакуль што яшчэ жывую беларускую мову!
Беларусь - не Расія! Беларусь - не пад Расіяй! Жыве незалежна-суверэнная Беларусь!
Прафесары Леанід Лыч, Мікола Савіцкі.
Справаздача Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны аб рабоце за 2018 год
1. Візіт (беспаспяховы) да старшыні Гарадзенскага аблвыканкама наконт стварэння музея В. Быкава ў Гародні (3.01).
2. Прэзентацыя новай кнігі паэта Р. Бялячыца (29.01).
3. Экскурсія ў Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей (2.02).
4. Паседжанне Рады ТБМ (11.02).
5. Візіт у ГарАНА наконт беларускіх класаў у горадзе Гародні (15.02).
6. Дзень роднай мовы (сумесна з філфакам ГрДУ) 21.02.
7. Вечарына да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі (27.03).
8. Усебеларуская дыктоўка (24.03).
9. Вечарына, прысвечаная Л. Геніюш (27.03).
10. Вечарына, прысвечаная творчасці Р. Бялячыца (10.04).
11. Вечарына, прысвечаная памяці музыканта і кампазітара Я. Петрашэвіча (11.04).
12. Абмеркаванне (сумесна з абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў) чарговага выпуску альманаха "Новы замак" (19.04).
13. Сустрэча з А. Сідарэвічам (11.05).
14. Круглы стол "Бацька Нёман і яго масты ў Гародні" (16.05).
15. Круглы стол (сумесна з кафедрай беларускай філалогіі ГрДУ), прысвечаны памяці літаратуразнаўца І. Жука (20.06).
16. Канцэртнае выступленне (беларускі рэпертуар) у Гародні маскоўскай спявачкі і гітарысткі М. Рыжковай (12.07).
17. Вечарына памяці гарадзенскага гісторыка і паэта Э. Мазько (29. 08).
18. Творчая сустрэча з У. Арловым. Прэзентацыя яго кніг (12.09).
19. Паэтычная вечарына У. Някляева (25.09).
20. Вечарына, прысвечаная 60-годдзю паэта, журналіста, краязнаўца С. Чыгрына (28.09).
21. Вечарына (сумесна з яўрэйскай грамадскай суполкай) памяці паэта Л. Найдуса (26.10).
22. Абмеркаванне кнігі А. Петрушкевіч "Шчонаўскія абразкі" (30.10).
23. Вечарына, прысвечаная Н. Арсенневай (8. 11.).
24. Паседжанне Рады ТБМ (11.11).
25. Вечарына, прысвечаная памяці педагога, краязнаўца, музеязнаўца А. Белакоза (14.11).
26. Вечарына, прысвечаная памяці гарадзенскага грамадскага дзеяча Дз. Кісяля (15.11).
27. Прэзентацыя кнігі "Аўтографы - разам" А. Пяткевіча (6.12).
28. Юбілейная вечарына гарадзенскага біяхіміка і краязнаўца, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі А. Майсяёнка (7. 12).
29. Паседжанне Рады ТБМ (11.12).
30. Прэзентацыя кнігі гарадзенскай пісьменніцы І. Шатыронак "Аўтарская калонка" (12.12).
31. Пераднавагоднія віншаванні і падарункі - дзецям першых беларускіх класаў у Гародні (18.12).
Старшыня Рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ А. Пяткевіч.
На Жыткаўшчыне мову шануюць
Дзе ў нашым райцэнтры можна пачуць чыстую, прыгожую беларускую мову? У школах і гімназіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. У асяроддзі мясцовых журналістаў-раёншчыкаў. Сярод работніц клубаў і бібліятэк. А яшчэ, каб чуць яе асалоду ўвесь час, то трэба часцей сустракацца з жыхаром горада Жыткавічы Васілём Нікановічам - сённяшнім пенсіянерам, старшынём раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", учарашнім настаўнікам гісторыі, метадыстам раённага метадычнага аб'яднання. Васіль Васільевіч - адзін з галоўных носьбітаў беларускага слова, беларускасці ў нашым раёне. Шчыры, свядомы беларус. І сустрэцца з ім, паразмаўляць на роднай мове - гэта быццам у спякотны летні дзень з калодзежа халоднай гаючай вады напіцца...
Звыш 20 гадоў узначальвае Васіль Нікановіч у Жыткавічах мясцовую суполку Таварыства беларускай мовы. У ёй зараз каля 30 сяброў. У новым 2019 годзе будуць падведзены вынікі работы за год мінулы, і сябры таварыства пачнуць рыхтавацца да дыктоўкі па беларускай мове, якая, як і ў мінулыя гады, пройдзе ў лютым у Дзень рподнай мовы ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Варта сказаць і яшчэ пра адну яркую старонку грамадскай дзейнасці Васіля Нікановіча. Гэта работа разам з іншымі членамі рэдакцыйнай калегіі і раённай камісіі над стварэннем гістарычна-дакументальнай хронікі Жыткавіцкага раёна - кнігай "Памяць". Шчыра працаваў разам са - светлай памяці цяпер ужо - журналістамі Фёдарам Ляшкевічам і Васілём Феранцам. Работа была распачата ў 1989 годзе, кніга выйшла ў 1994 годзе ў выдавецтве "Ураджай". Васіль Васільевіч ездзіў па сельсаветах, праводзіў нарады з актывам, збіраў спісы, працаваў над шматлікімі дакументамі. І агульная высакародная мэта была дасягнута.
Крыніца беларускасці на Жыткаўшчыне хай не б'е так шчодра, як бы нам вельмі хацелася, але тым не менш увесь час пульсуе, не вычэрпваецца. Прыкметнай з'явай у 2016 годзе стаў выхад з мазырскай друкарні "Калор" кнігі "Вільча, Случ, радзіма" супрацоўніка жыткавіцкай раённай газеты "Новае Палессе", сябра ТБМ, члена Беларускага саюза журналістаў Сяргея Кулакевіча, які 36 гадоў адпрацаваў у мясцовым рэгіянальным друку. Яна вельмі цёпла, прыхільна была сустрэта землякамі аўтара, усёй творчай грамадскасцю Жыткаўшчыны. Яе прэзентацыі з поспехам прайшлі ў мясцовай бібліятэцы, ліцэі, у Людзяневіцкай сярэдняй школе, дзе вучыўся аўтар, у школе № 1 горада Жыткавічы, а таксама ў адной з бібліятэк Мазыра.
Гэтая кніга, вобразна кажучы, - духоўны помнік сваім землякам-палешукам, сваёй малой радзіме. Дарэчы, прадмову да яе напісаў ураджэнец Жыткаўшчыны Уладзімір Гаўрыловіч - былы галоўны рэдактар раённай газеты "Новае Палессе", старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, публіцыст. Уладзімір Мікалаевіч, хаця і жыве ў Гомелі, але часта бывае на сваёй малой радзіме, ахвотна наведвае мерапрыемствы, звязаныя з беларушчынай.
Станоўчую ацэнку кнізе "Вільча, Случ, радзіма" даў цудоўны беларускі пісьменнік Віктар Казько ў эсэ "Незваротнае", надрукаваным у № 1 часопіса "Дзеяслоў" за 2018 год. Дарэчы, Віктар Апанасавіч - былы выпускнік вільчанскага дзіцячага дома. Пісьменнік падтрымлівае цесную сувязь са сваёй малой радзімай. Адсюль, з Вільчы, з іншых навакольных вёсак і прататыпы яго рамана "Хроніка дзетдомаўскага саду", "Неруш", аповесці "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел", іншых шматлікіх твораў песняра Палесся Віктара Казько.
Жыткаўшчына, што даўно злілася з Тураўшчынай - радзімай епіскапа-малітваслова, паэта і прапаведніка Кірылы Тураўскага - дала пуцёўку ў літаратуру многім сваім таленавітым землякам. Сярод іх празаік і паэт Мікола Гамолка, імя якога нададзена гарадскому парку ў Жыткавічах. А ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, дзе ён вучыўся, маецца яго мемарыяльны музей. Гэта таксама кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мазырскага педуніверсітэта імя Івана Шамякіна, аўтарка некалькіх паэтычных зборнікаў Галіна Дашкевіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі паэт Павел Шруб, мясцовыя паэты Алесь Бандзюк, Ніна Аксёнчык, Адам Таболіч, Аляксандр Алпееў, Кастусь Кашэвіч, Віктар Папок, Кацярына Панова, Таццяна Русая, Рыгор Кудлач і інш.
Гучыць беларуская мова ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая напярэдадні новага 2019 года паспяхова правяла мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю ўтварэння БССР. У бібліятэцы працуе таленавітая Ала Бут-Гусаім, якая разам са сваімі калегамі цудоўнымі людзьмі ладзіць шматлікія літаратурныя вечарыны, і з-пад пяра якой выходзяць хвалюючыя паэтычныя радкі.
Даўно і паспяхова займаецца тапонімамі і мікратапонімамі мясцовага рэгіёна, міжэтнічнымі працэсамі ў тапаніміі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Браніслаўскай базавай школы Валянціна Цупік разам са сваімі вучнямі. Валянціна Міхайлаўна - высокапрафесійны педагог, сапраўдны патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Пад яе кіраўніцтвам вучаніца 9 класа Вольга Ханеня склала слоўнік тапонімаў. У ім 84 тапонімы і мікратапонімы мясцовага рэгіёна. Тлумачыцца іх паходжанне, назвы размеркаваны па раздзелах. Вярбінскае балота, Гігукова селішча, Глінкі, Жоўты Брод, Царскі Бор, Печы, Сушня... Слоўнік прызначаецца для вучняў школы і настаўнікаў пры вывучэнні асобных тэм і раздзелаў па беларускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй сваёй малой радзімы.
... Баліць у Васіля Нікановіча і яго аднадумцаў душа за тое, што звужаецца ў нас сфера ўжывання беларускай мовы.
- Хаця б палова беларусаў карысталася сваёй мовай, - выказвае спадзяванне на светлую перспектыву Васіль Васільевіч. - І яна б загучала ва ўстановах улады, у калектывах, на вуліцы...
Шчыры беларус Васіль Нікановіч і яго землякі-палешукі ні ў якім разе не заклікаюць беларусаў да культурнай самаізаляцыі, да адгароджвання ад рускай і сусветнай культуры і літаратуры. Яны толькі сардэчна раяць: дакраніцеся душой да свайго, роднага, і вы спазнаеце асалоду гаючага спеўнага беларускага слова, адчуеце гонар за гэты цуд і асабістую адказнасць за яго захаванне ў будучым.
С. Вечаровы, г. Жыткавічы.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка ІІІ
(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)
329. Масцілоўская (Ніна) - вытвор з суфіксам -ск-ая ад тапоніма Масцілава і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Масцілавская - Масцілоўская.
330. Матульскі (Станіслаў) - вытвор з суфіксам -скі ад антрапоніма Матуль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Матульскі. ФП: Мацвей (імя <грэч. 'Божы дар', ст.-грэч. 'Божы чалавек') - Мацвей (1623 г.) - Матуль (празванне, пазней прозвішча) - Матульскі.
331. Мацюшка (Ігар) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Мацюш і значэннем 'асоба жаночага полу': Мацюшка. ФП: Мацвей (імя <грэч. 'Божы дар'; ст.-грэч. 'Божы чалавек') - Мацвей (1623 г.) - Мацюш (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Мацюшка. Або экспрэсіўны варыянт ад Мацюш.
332. Мельнікавец (Аркадзь) - семантычны вытвор ад ст. бел. мельниковец 'млынарчык' (ПГССЛ).
333. Мельянцоў (Дзяніс) - другасная форма ад Емельянцоў - вытвор з суфіксам прыналежнасці - оў ад антрапоніма Емельянец і значэннем 'нашчадак названай асобы' Емельянец (род. Емельянца) - Емельянцоў. ФП: Емельян (імя <грэч. 'прыемны ў словах') - Меллян (1746) - Мельянец ('нашчадак Мельянца', суфікс -ец) - Мельянцоў.
334. Мікалуцкі (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Мікалучы з значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Мікалучскі - Мікалуцкі.
335. Мікулёнак (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Мікула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мікулёнак. ФП: Мікула (імя <грэч. 'які перамагае') - Мікула (1528 г., празванне, потым прозвішча) - Мікулёнак.
336. Мікуловіч (Іван) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Мікула з значэннем 'нашчадак названай асобы': Мік улавіч - Мікуловіч. ФП: Мікула (імя <грэч. 'які перамагае') - Мікула (1528) - Мікуловіч.
337. Мінейка (Зыгмунд) - вытвор з фармантам -ейка ад антрапоніма Міна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мінейка. ФП: Міна (імя < грэч. mena, menas 'месяц' - 'месяцавы') - Мина (1614 г.) - празванне, потым прозвішча - Мінейка. Параўн. Адамейка, Сідарэйка.
338. Мірановіч (Спартак) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Мірон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міронавіч - Мірановіч. ФП: Мірон ((імя <грэч. 'які вытачае міра - пахучы царкоўны алей') - Мірон (1614), празванне, пазней прозвішча) - Мірановіч.
339. Міхадзюк (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Міходзь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міходзюк - Міхадзюк. ФП: Мяфодій, Мятодзій (грэч. 'які ўпарадкоўвае, ведае методыку') - Мефед (1680 г.), Міход (празванне, потым прозвішча) - Міхадзюк.
340. Міхалюціна (Ніна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Міхалюта з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Міхалютіна - Міхалюціна. ФП: Міхаіл (імя <яўр. 'роўны Богу') - Михал (1568) - Міхалюта (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Міхалюціна.
341. Міхневіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Міхно і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міхневіч. ФП: Міхаіл (імя <яўр. 'хто як Бог, роўны Богу') - Міхно (1528) - Міхневіч.
342. Міцюрыч (Георгій) - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч ад антрапоніма Міцюра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Міцюрыч. ФП: Дзмітрый (імя <грэч. 'плод зямны, плод зямлі') - Міц (1541) - Міцюра (празванне, потым прозвішча) - Міцюрыч.
343. Молчан (Іван) - семантычны вытвор ад укр. мовчан 'маўклівы чалавек' (Грынч.).
344. Мсціславец (Пётр) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Мсціслава і значэннем 'нараджэнец названай мясціны': Мсціславец. ФП: Мсціслаў (імя <слав. 'слаўны мсцівец') - Мсціслава ('уладанне Мсціслава') - Мсціславец.
345. Мужатка (Маргарыта) - семантычны вытвор ад (ст.-бел.) апелятыва мужатка 'замужняя жанчына' (ПГССЛ).
346. Мулярчык (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва мулярчык 'памочнік муляра - рабочага, які будуе што-н. з цэглы' ці 'пячнік - спецыяліст па кладцы печаў'.
347. Мурзёнак (Пётр) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Мурза з значэннем 'нашчадак названай асобы': Мурзёнак. ФП: мурза (разм. 'мурзаты, з запэцканым тварам, бруднымі рукамі чалавек (часцей пра дзіця)') - Мурза (мянушка, потым прозвішча) - Мурзёнак.
348. Мушыц (Аляксандр) - другасная форма ад Мушыч - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч (-іч) ад антрапоніма (прозвішча) Муха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мухіч - Муш(х/ш)ыч. ФП: муха ('насякомае') - Муха (мянушка, пазней прозвішча) - Мушыч - Мушыц (вынік дысіміляцыі шыпячых ш-ч -> ш-ц).
349. Мытар (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва мытар (ст.-бел.) 'мытнік' (работнік мытні) (ПГССЛ).
350. Мякіна (Юлія) - семантычны вытвор ад апелятыва (з памянш. суфіксам -ка) мякінка 'адыходы, якія застаюцца пасля абмалоту і ачысткі зерневых, бабовых культур і лёну'.
351. Мялешка (Андрэй) - варыянт імя Мялецій (<грэч. 'клапатлівы апякун, старанны') - Мелетий (1589 г.) - набыў ролю прозвішча.
352. Наваковіч (Аляксандр) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Новак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Новаковіч - Наваковіч. Утваральнае слова ад апелятыва новак - дэрывата ад новы: новак.
353. Наглы (Пятрусь) - семантычны вытвор ад наглый (ст.-бел.) 'нечаканы, раптоўны, неадкладны' (Нас.), тое самае (КСЧ), ад польск. nagly (тс).
354. Наздрова (Алена) - вытвор з суфіксам -ова ад антрапоніма Ноздра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ноздрова - Наздрова. Утваральнае слова ад апелятыва ноздра 'адна з парных вонкавых адтулін носа'.
355. Налётава (Наталля) - форма прыметніка з суфіксам -ава ад антрапоніма Налёт і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Налётава. ФП: налёт ('форма назоўніка ад дзеяслова наляцець', а таксама 'раптоўны ваенны ўзброены напад на каго-н.'; перан. 'Пра што-н., звязанае з унутраным станам, пачуццямі'; 'колькасць налятанага часу або налятанай адлегласці') - Налёт (мянушка, потым прозвішча) - Налётава.
356. Наліўка (Лідзія) - семантычны вытвор ад апелятыва наліўка 'род віна - салодкая настойка на фруктах, ягадах'.
357. Напорка (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва напорка 'прыбор для напору вадкасці', а таксама 'пра напорыстага чалавека, які нападае, націскае дзеля здзяйснення сваёй мэты' (разм.).
358. Наскевіч (Ірына) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Наско і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Наскевіч. ФП: нос ('орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёл'; 'дзюба ў птушкі'; 'пярэдняя частка карабля, лодкі, самалёта і пад.'; 'выступаючая пярэдняя частка якога-н. прадмета', 'тое, што і насок' (у 2 знач. - пярэдняя частка абутку, панчох і пад.)) - Нос (мянушка, пазней прозвішча) - Наско ('нашчадак чалавека з найменнем Нос'; суфікс -ко: Носко) - Носкевіч - Наскевіч.
359. Наўроз (Дзмітрый) - семантычны вытвор ад (ст.-бел.) навруз 'мужчынскі галаўны ўбор' (Ср.).
360. Нашынец (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва (ст.-бел.) нашинец 'наш чалавек' (ПГССЛ).
361. Невядомскі (Леанід) - вытвор с суфіксам прэстыжнасці -скі ад антрапоніма Невядомы - семантычнага дэрывата ад апелятыва невядомы, які мае некалькі значэнняў: 1) такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы; 2) які не карыстаецца вялікай папулярнасцю; малавядомы; 3) нязведаны, не перажыты раней; 4) у значэнні назоўніка невядомы 'незнаёмы, незнаёмая'; 5) аб нязваным; 6) у матэматыцы: 'велічыня, якую трэба знайсці'.
362. Некрас (Алег) - семантычны вытвор ад рус. некраса 'непрыгожы чалавек ці жывёліна' (Даль).
363. Немкіня (Алеся) - семантычны вытвор ад апелятыва немкиня (ст.-бел.) ' немка' (ад немец, немцы).
364. Неткачова (Валянціна) - прэфіксавы вытвор, фармант не ад антрапоніма Ткачова - утварэння з прыналежным суфіксам -ова ад Ткач і значэннем 'дачка асобы з прозвішчам Ткач': Ткачова. ФП: ткач ('спецыяліст ў тканні') - Ткач (прозвішча) - Ткачова ('нашчадак Ткача') - Неткачова.
365. Нікіпорчык (Ала) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Нікіпор і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Нікіпорчык - Ні-кіпорчык. ФП: Нікіфар (грэч. 'перамоганосны'), Никифор (1528 г.), Никипор (1577), Нікіпор (празванне, потым прозвішча) - Нікіпорчык.
(Працяг у наст. нумары.)
150 гадоў з дня нараджэння Ядвігіна Ш.
Ядвігін Ш., сапр. Антон Іванавіч Лявіцкі (16 (4) студзеня 1869, маёнт. Добасна, цяпер агр. Добасна Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці - 24 лютага 1922, Вільня) - беларускі празаік, публіцыст, фельетаніст, драматург, паэт, перакладчык, літаратуразнавец, палітык, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.
Яго літаратурная творчасць шматжанравая. Ён вядомы як аўтар баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататкаў, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. Вялікае значэнне для станаўлення буйной празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман "Золата". Творчасць Ядвігіна Ш. адыграла значную ролю ў фарміраванні норм беларускай літаратурнай мовы, удасканаленні сістэмы яе стылістычных сродкаў, пашырэнні выяўленчых магчымасцей.
Нарадзіўся ў маёнтку Добасна Рагачоўскага павета (цяпер Кіраўскі раён) у сям'і Яна і Вольгі Лявіцкіх (меў сястру Эву), дзе яго бацька служыў эканомам маёнтка. Пазней у 1870-х гадах ён быў ляснічым графа Тышкевіча і жыў у Пяршаях цяперашняга Валожынскага раёна.
Неўзабаве сям'я Лявіцкіх пераехала ў Карпілаўку пад Радашковічамі на Меншчыне. Тут у 1877-1878 гг. Антон Лявіцкі вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцынцы, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча - Каміла.
Пасля паспяхова скончыў Менскую губернскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.
8 сакавіка 1890 года за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Ядвігін Ш. быў арыштаваны і зняволены на некалькі месяцаў у Бутырскую турму.
Па вызваленні з турмы Ядвігін Ш. не дамагаецца аднаўлення ва ўніверсітэце. Ён здае экзамен на аптэкарскага практыканта, праходзіць практыку ў адной з маскоўскіх аптэк і выязджае на Беларусь, дадому ў фальварак Карпілаўку.
Маёнтак Ядвігіна Ш. часта наведваў сын суседа-арандатара Дамініка Луцкевіча па імені Ян.
У 1909-1910 г. жыў у Вільні, працаваў сакратаром, а затым загадчыкам літаратурнага аддзела "Нашай нівы". Шмат піша і друкуецца. У 1913 г. працаваў у рэдакцыі газеты "Беларус". На гэты час прыпадае найбольш плённы ў жыцці пісьменніка перыяд 1906-1914 гадоў.
З сакавіка 1918 года - сябра Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў Беларускай народнай партыі сацыялістаў і партыі "Зялёны Дуб".
Вікіпедыя.
Нараджэнне Знака Памяці ля месца нараджэння Язэпа Драздовіча
Ідэя
На зыходзе леташняй зімы патэлефанаваў Валерый Бурэнь з Маладзечна:
- У ТБМ уступіў, каб мець падтрымку ў задуманым дзеянні.
У артыкуле "Іду да Драздовіча", змешчаным у кнізе "Праз церніі да зорак", ён распавёў, як не мог знайсці месца нараджэння славутага земляка і цяпер вырашыў дзейнічаць, каб пазначыць… Дык вось хоча прыехаць і паспрабаваць звярнуцца да ўладаў, большых і меншых. Якраз дарэчы - юбілей народзін мастака, 130-годдзе. Але ўжо даведаўся, што там - маладыя лесапасадкі, і ў яго загуляла ідэя…
- Каб не аднаму ісці - з дэлегацыяй, - так думаў і накіраваўся да нашай падсвільскай суполкі ТБМ, у прыватнасці, да мяне.
Дамовіліся сустрэцца на Глыбоцкай станцыі. Ён - з Маладзечна. Я - з Падсвілля. Пачынаўся ўжо час абеду. І мы, прама ад чыгуначнага вакзала, пешкі, праз усё Глыбокае, да лясгаса шлёпалі па мокрым снезе. Прыйшлі і яшчэ чакалі.
Цяпер разумею, што паход у лясгас, прама да Гайдука Сяргея Васільевіча, быў правільным рашэннем. Заўсёды, перш, чым ісці ў кабінет выканкама, варта шырэй абвясціць ідэю. Можа гэта і дапамагло ў шыльдавай задуме? Хай сабе ўсё крыху гумарыстычна і няўпэўнена, але - ад душы з натуральным удзелам, пяшчотным і пераканаўчым.
Да Гайдука і ад Гайдука
Малады начальнік - спадар Сяргей Гайдук - неяк спанталычана здзівіўся ў адказ на прапанову спадара Валерыя Бурэня назваць лесапасадкі ў Пуньках імем Язэпа Драздовіча. І тым больш ўразіўся, калі дэлегат ТБМ сказаў:
-У гарадзенскім лесе малады лес назвалі іменем Васіля Быкава.
- Не разумею, чым прылягае Быкаў да лесу, - прыкладна так, з затоенай усмешкай, адказаў, і аж падскочылі бровы.
Тут мне таксама падумалася: "Быкаў - можа і не. А ў Язэпа Драздовіча за хатай - лес. Зоркі гаварылі з ім над вершалінамі тых прысядзібных ліпаў, ствалы якіх мацалі гадоў 20, 30 назад, дзівіліся, (ого, як летуценілі!) мастакі групы "Пагоня" - нараджалі ідэю. Яна і сёння жывая. Нават, калі тут - лесапасадкі".
Дык лес шаптаў Язэпу,
Яму ўзмацнялі летуценне
Лясныя блікавыя цені,
І зоркі промеж вершалін
Нябесна гутарылі з ім.
Правільна, што лес - імя!..
Валеры, прыкметна расхвалявана, дастаў з торбы важкі доказ - том "Праз церніі да зорак".
- Во тут яго творы і пра яго - беларускага "Леанарда да Вінчы", вартага ўшанавання, але вам прапаную прачытаць маленькую кніжку, для знаёмства, - сказаў адзін Васільевіч другому. Том "Ад церніяў…" доўга не затрымаўся на стале - вярнуўся ў торбу. А тоненькая кніжачка засталася ляжаць.
Спадар Гайдук заўважна скеміў, што ў намеры цёзкі па бацьку можа быць зернетка…Ён зычліва сказаў:
- Ды мы ж зробім, калі дазволіць нам выканкам.
- Заяву туды панясём во цяпер, пасля абеду, - павесялела надзея на вуснах Бурэня.
У ідэалагічным аддзеле не пашанцавала на спатканне. Загадчыца была занятая экскурсіяй прадстаўнікоў Прэзідэнцкай адміністрацыі. Нас сустрэла рухава ветлівая сакратарка. "Прапанова" лягла на бліжэйшы стол. Чакаць было бессэнсоўна. А тут яшчэ думка пра цягнік.
І мы ўжо - бягом. На станцыю. Валер Васільевіч таксама ў Падсвілле. З Падсвілля зручней на Маладзечна.
Ён на развітанне ўручыў мне ўзнагароду за паплечніцтва - чорную рэдзьчыну з асірацелай бацькоўскай ляхі і кавалак торта - замарыць таго чарвячка, які тачыў увесь дзень страўнік.
"Тыя" адгулялі
…Напачатку вясны Валеры Бурэнь атрымаў пісьмовую адмову ад першага намесніка старшыні райвыканкама - І. І. Пачкоўскага: "…Прапанову назваць лясную пасадку, размешчаную на месцы сядзібы Язэпа Драздовіча з усталяваннем адпаведнага знака, лічым немэтазгоднай".
І Валера сцішыў сваю мару, мне нічога не кажучы. А тут, у сярэднюю восень, званок ад яго:
- Нібы там Знак Памяці ўсталявалі? У Пуньках. Што-небудзь чулі? Я можа б вырваўся з работы на адкрыццё?..
- Не-е, а якая сёння дата? - злякнулася, бо дапісвала верш да юбілею. Але выявіла, што яшчэ тры дні ёсць, і абрадвалася, што гэтая навіна ці не апраўдвае тое наша падарожжа. Яно, выходзіць, не марнае… Трэба ў Мар'яна спраўдзіцца. І тэлефаную. Чую:
- Дык жа "тыя" ўжо адгулялі!
- Як адгулялі? Калі?
- Весела! І яшчэ на тым тыдні. Ты што, Марыя, не ведала? Афішу трэба чытаць! Менш пісаць, больш гуляць на паветры і прыглядацца! Плошча машынамі была застаўлена. Не ўгледзела?.. Канферэнцыя гучная. І ў Пуньках… У лесе адбылося. Дык ты ж лес любіш…
"Язэпе! - адчайна ўсклікнула душа, - і на тваім юбілеі раскол". Дык што рабіць? Кладу смех на душу - хай яна іскрыцца… Бач ты: "тыя". Мы, значыць, "гэтыя"? Дык "гэтыя" не ведаюць, што "тыя" робяць? У адносінах да агульнароднага беларускага Язэпа Драздовіча?..
А ў Пунькі сапраўды хацелася. І прыгадалася рэдзьчына… І куды яшчэ паляцела думка? Чамусьці да Вацлававіча (старшыні нашага сельсавета), да якога я хадзіла з просьбай паклапаціцца пра шыльду на будынку гэтай установы, каб на дзьвюх мовах… Пэўна ж ён быў у Пуньках і бачыў прыклад: на Язэпавай шыльдзе - беларускі тэкст? А ці беларускі? - раптам ушчамілася дурашлівая думка.
І зноў затаміла Язэпава свята ў "тых". Гэта ж трэба: якіх 500 метраў (няўжо больш?) ад майго дома адбылося… У ДК. І некалькі крокаў… ад запасной, "стратэгічнай", кватэры сябра ТБМ - Місевіча. Дык той і даляцеў - паспеў на канферэнцыю.
Люба кажа:
- Чэсік завязе ў Пунькі ў Дзень юбілею, не хвалюйся, Марыя. Убачым, які там Знак!
Мастак Купава задумаўся…
На могілках, дзе Язэп, дачакаліся ўсіх: і мастакоў, і Ады Райчонак, і Мар'яна, і глыбачанаў (карэспандэнтаў-незалежнікаў) і новых - незнаёмцаў. Усяго 22 чалавекі. Дык з Пунькамі зноў што выйшла? Мікола Купава, які ўжо даўно марыць пра нейкую адметнасць на месцы сядзібы Драздовіча, пачуў маё паведамленне пра Знак (як ён пачынаўся).
Пасля слова-ўспаміну паэткі Марыі Новікавай пра даўняе ўражанне (100-годдзе з Дня нараджэння мастака) Купава выяўна задумаўся і сказаў:
- Хацелася б пабачыць тую Знак-шыльду "на камяні".
- Ты за праважатага, Чэсь! - гукнуў Мар'ян, - а я на сядзібу - гаспадыня чакае.
Мы рушылі на Пунькі, але ззаду чамусьці прыстроілася толькі адна машына. Я заўважыла ў ёй Купаву… Праехаўшы нейкі адрэзак шляху, Чэсь спахапіўся спытаць, ці ведаюць нашы паслядоўнікі дарогу назад, да сядзібы Місевіча, бо астатнія туды ірванулі.
- Нам жа на цягнік трэба, назад да Мар'яна не паедзем… Не ведаеце? Ну, тады хутчэй, пакуль яшчэ хвост картэжа відаць, во па гэтай дарозе!
Так і не трапілі ў Пунькі.
Не блукаў ён - ішоў…
Пасля аналізу гэткіх падзей перада мной, уночы, разгарнулася містычная карціна: бачу, што ўсё бачу і чую. Асабліва слыхам бяру.
Я - нічый, без патрэб
Па Ліплянах блукаю.
Я - Драздовіч Язэп…
"Вышыванку" шукаю…
Што маё захавана?..
Ну, з аднаго боку, - думаю, - кожны пра сваё рупіцца… Дык нейкая інтуіцыя падказвае, што "Вышыванка" - гэта кніга. Як нібы я калісьці чытала. Ды пры пісьменніцкім расколе павылятала ўсё з галавы - не помню аўтара. Але голас узмацніўся:
Я вас помню, а вы?..
Усё - вон з галавы?
Аж сам Язэп мільгнуў перад вачмі. Вось і не вер у той свет, - здзіўляюся, - Язэп сочыць… Збоку той нейкі аўтар верша паведамляе:
Задыхаўся і слеп…
Гэта Язэп слеп? - абураюся, - ай-яй-яй! Не гавары так, паэт! Калі мастак і скардзіўся на зрок, дык толькі восеньскім адвячоркам, калі рана цямнела. У яго дальназоркасць развівалася. Ого, які дальназоркі Язэп! І запытайся ў Чэся Лубчонка з Наваполацка. Язэп жа яму, яшчэ школьніку-пачаткоўцу, графічна занатаваў зімовы малюнак. Тады Драздовіч жыў два тыдні ў бацькі Чэся - пуцявога рабочага на чыгунцы. І той пазней вельмі журыўся, што памірае мастак у Падсвільскай бальніцы. "Ці закурыць, ці нешта смачнае, прыгатаванае мамай", насіў яму, - згадвае Часлаў. Дык жа не сляпы быў Драздовіч. І памёр не ад задышкі. І тут мне ў вуха разанула апраўданне:
Не пісаў бы, што слеп,
Дык жа рыфму дзе ўзяць?
Бо не Восіп - Язэп -
Тут праблема уся !
І адказ чую з сябе, знутры:
Нам, дык сёння - на здзіў
Рух яго: дзе хадзіў…
Не блукаў без патрэб
Ля кустоў і ля рэк.
Не блукаў ён - ішоў!
Не на возера Шо -
На нябёсы, да зор -
Нёс прамыслены твор.
Ён пытаўся у зор:
"А ці якасны твор
Для нябесных патрэб?".
Дзейна-мройны Язэп
Мог і жыць толькі так,
Як аб'ёмны дзівак.
Зорку сноў запаліў…
І з падсвільскай зямлі
Карані яго мар
Так шырока пайшлі
Праз глыбоцкі абшар…
"…І шукалі яго,
І знайшлі не ўсяго", -
Кажа ясна нам лёс,
Беларускі да слёз…
"Пунькам" верны мастак!
Дык пра гэта і Знак…
Вельмі зычны быў голас мой у сне, аж разбудзіў.
Аскоміна?
У Любы таксама адчувалася нейкая аскоміна ў настроі. Але ў яе - пасля нашага наведвання Язэпавай магілы.
- Нешта не так, унутры ные, -- казала яна. І пазней прынесла мне райгазету - "Веснік Глыбоччыны". Але пакуль "Веснік…", я прачытала " незалежную - "Вольнае Глыбокае". Дык там Валодзя Скрабатун што нарабіў? Знак Памяці, у сэрцы выпешчаны, што з Валерыем па інстанцыях прасоўвалі, прысвоіў толькі ўладзе: "Дзякуй уладам, што зрабілі Знак!"
- Ага, зрабілі, скляпалі малатком, - кіплю, - і не здагадаліся б пра Пунькі, бо ў іх там маса бібліятэчных мерапрыемстваў, буклетаў, выставаў, афармлення дакументаў і г. д. Што ім у лесе рабіць? А ты, Валодзя, чым ты слухаў? Такі вядомы Чэсь стаў Юзікам! І чаму ты робіш заўвагу, што я чытала "свой" верш? Няўжо мне трэба было дэкламаваць чужы? Накшталт: "Я вас помню…".
Тут вочы нервова збочылі ў "Веснік Глыбоччыны"! А там… Падрабязна! Калярова, урачыста-ўзнёсла, іскрыста, як феерверк, на ўсю старонку, таксама: "Я вас помню, а вы?.."
Містыка! Дык скажы, чытач, што сны не спраўджваюцца!
Марыя Баравік.
Каляды ад Гарадзенскага ТБМ
Пад час Калядаў, вясёлыя калядныя імпрэзы арганізавала Гарадзенская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны для беларускіх дзетак, якія толькі пачынаюць вучыцца ў беларускіх класах сярэдняй школы, а таксама дашкольнікаў. Апошняя ў гэтыя святы прайшла Ёлка ў Дзіцячым садку нумар 45, што на суліцы Сахамбаева. Тамака дзейнічаюць дзве беларускія групы. Адна з дзвюх - выпускнікі. І сёлета яны, разам з бацькамі будуць вырашаць: ці працягваць навучанне па-беларуску ў новым першым беларускім класе, ці адступіць, пад націскам цяжкасцяў у даездзе да вызначанай аддзелам адукацыі школы нумар 32. Зрэшты, бацькі маюць права патрабаваць для сябе адкрыцця беларускага класа ў школе побач - нумар 16. Да імпрэзы рыхтаваліся не толькі сябры арганізацыі, якія падаравалі кожнаму дзіцяці па кніжцы - казцы, шакаладцы, але і ўласна самі выхаванцы садка. Яны чыталі вершы, вадзілі карагод разам з калядоўшчыкамі ды спявалі песні. За Ёлкай назіралі некаторыя бацькі дзвюх беларускіх групаў садка, якім калядная дзея, арганізаваная сябрамі Таварыства беларускай мовы вельмі спадабалася. Кажа Юры Седзянеўскі, бацька выхаванца Косціка.
- Вельмі файная атрымалася такая імпрэзка. Асабліва ў час, калі святы скончыліся, то для дзяцей быў гэта добры сюрпрыз. І баба Яга такая каларытная, і калядоўшчыкі: каза такая вясёлая, і мішка такі разумны з загадкамі. Было вельмі прыемна бачыць гэта. І што перадусім Таварыства беларускай мовы аб'ядноўвае вакол сябе іншыя супольнасці для правядзення такой цікавай імпрэзы.
На Ёлцы быў таксама пісьменьнік і аніматар, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Міхась Зязюк з Наваградка. Ён апрача выступу, як аніматар падараваў дзеткам уласныя падарункі, а ўсяму садку сваю кніжку:
- Гэтая кніжка называецца "Янка, Шмурдзік, Бушматка ды іншыя." Выйшла ў выдавецтве "Галіяфы". Кніжка трапіла ў ліст найлепшых дзіцячых кніжак за 2015 год. Кніжка менавіта для такіх вось дзетак, каб яны ведалі: што такое нашая прырода? як жывуць розныя жывёлы? як трэба любіць гэтую прыроду і як трэба сябраваць. Я хацеў, каб прачытаўшы, дзеці навучыліся шанаваць нашую прыроду ды нашую зямлю. Кніга аздоблена малюнкамі і мае буйны шрыфт.
Па водгуках чытачоў, кніга Міхася Зязюка прыцягвае сваёй прастатой і разам з тым, багатай мовай аўтара.
- Першым чытачом гэтай кнігі была дачка, - згадвае Міхась Зязюк.
Адну такую кніжку аўтар пакінуў для калектыва садка ў якасці падарунка. Увогуле Міхась Зязюк з задавальненнем адгукнуўся на запросіны Таварыства беларускай мовы прыехаць у Гародню на імпрэзу для дашкольнікаў. Бо, на яго думку, словы: "Калі не мы - то хто?" - гэта не пафас. Гэта кірунак па якім павінны ісці рупліўцы беларушчыны.
- Мы ж бачым, якая зараз сітуацыя ў краіне. Што робіцца. І калі яны будуць чуць жывое слова, я думаю, штосьці ў іх застанецца. А калі мы будзем вось такім чынам, як мы, як вы сёння прапагандаваць і тыя народныя традыцыі, гэта будзе цудоўна.
Галоўная задача Таварыства беларускай мовы і яе сяброў у падобных імпрэзах падтрымаць святочны настрой беларусам, якія шануюць родную, беларускую мову, а асабліва падтрымаць самых маленькіх, якія толькі пачынаюць сваё жыццё, як беларусы. Усяго за святы, сябры арганізацыі павіншавалі самых малых дзяцей усіх навучальных установаў Гародні, дзе навучальны працэс вядзецца па-беларуску, а гэта сярэдняй школы 32 і 34, а таксама садкоў: нумар 65 і 45.
Віктар Парфененка, старшыня абл. арганізацыі ТБМ.
Музычныя Каляды
Уладзімір Някляеў выступіў 7 студзеня з чытаннем вершаў на калядным канцэрце Змітра Вайцюшкевіча. Паэт, прызнаючы, што Нараджэнне Хрыстовае з'яўляецца адным з самых светлых святаў, успамінаў дзяцінства і першую зорку над Крэвам, з'яўлення якой чакалі з нецярпеннем, і асаблівую атмасферу святаў. Паэт і артыст выканалі разам новую, нядаўна створаную калядку. Уладзімір Някляеў у вершаванай форме пажадаў, каб Бог жыў у кожнай хаце, і каб там жыла беларуская мова, тады народ будзе моцным і з'яднаным.
Зміцер Вайцюшкевіч паспяхова дзейнічае ў накірунку "стэндапа". Не шмат беларускіх артыстаў вядуць размову са слухачамі падчас канцэртаў, а яму гэта заўжды ўдаецца. Спявак выканаў песні на вершы Алеся Камоцкага "Ад зімы я хаваюся ў гэтых вачах" і на словы Рыгора Барадуліна "Новы год" і "SOS".
Аддаючы даніну адышоўшым у мінулым годзе, артыст заспяваў песню на вершы Алеся Ліпая.
Традыцыйны калядны канцэрт быў напоўнены радасцю і святлом . Для дзетак была арганізавана спецыяльная пляцоўка, дзе яны маглі пагуляць каля ёлкі, адгадаць загадкі, паспяваць, і патанчыць, і не перашкаджаць бацькам атрымоўваць асалоду ад выдатнай музыкі.
А пасля яны выйшлі разам з артыстам на сцэну і заспявалі разам: "Моцны той, хто сябра мае!", "Весяліся, дружына Хрыстовая!"
"Неверагодна класны канцэрт!Прыемна сустрэць усіх сяброў", - напісала ў Фэйсбуку Наста Дашкевіч, якая прыйшла на імпрэзу разам з мужам Змітром і дзецьмі Марай і Давідам.
26 снежня артыст сустракаўся з моладдзю ў віцебскім арт-пабе "Торвальд". Перад Новым годам спявак і яго сям'я паўдзельнічалі ў здымках каляднай кулінарнай праграмы, якую можна праглядзець на YOU-TUBE.
Э. Дзвінская
У с п а м і н ы
Да 155-годдзя паўстання 1863 г.
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Зайздросны лёс забраў ад нас залішне рана гэтага чалавека; цяжка паранены, з абывацельскага дома ўзяты дзікім ворагам, скончыў прыгожае і карыснае сваё жыццё на шыбеніцы, на якой бандыт Мураўёў, выконваючы дадзеныя сабе інструкцыі, нягледзячы на званне расійскага падпалкоўніка, павесіў яго.
Серакоўскі меў характар адкрыты, шчыры, станоўчы, цалкам жаўнерскі. Любіў прыяцеля ўсёй душой, для непрыяцеля, як кожны польскі жаўнер, умеў быць хрысціянінам, у жыцці прыватным быў без плямы. Захоплівала яго ўсё, што было прыгожым і ўзнёслым і смела выражаў сваю думку перад маскалямі. У песнях напэўна апяюць не адзін чын яго жыцця і памяць пра гэтага знакамітага чалавека і пакутніка застанецца надоўга ў народзе".
У лістку, перасланым перад аперацыяй у Аддзел піша: "Хацеў бы вас у хвілю смерці маёй бачыць у апошні раз. Я вас вельмі люблю!
А ты, мой Анёле, ці будзеш мець моц, сілу хоць з далёку - поглядам развітацца са мной, стаячым пад шыбеніцай?!
Ваш - твой Зыгм[унт]".
Кароткія нататкі з [18]63 г. і некалькі распараджэнняў Каралеўства на Літве
Ад падзелу Польшчы на Літве намаганні вызвалення ад маскоўскага гвалту не спыняліся ніколі, і Братні звяз, заснаваны Францішкам і Аляксандрам Далеўскімі ў 1846 [годзе] быў далейшым працягам тых намаганняў толькі не цераз паўстанне, але мірным шляхам, для пераадолення тых перашкод, якія ў папярэдніх паўстаннях былі прычынай няўдач і сталі перашкодай для здабыцця свабоды.
Праца сяброў Звязу, нягледзячычы на зняволенні, Сібір і пастаянныя пераследы не спынілася, наадварот, тая ж самая моладзь праз жыццё і яшчэ больш цеснае ўнікненне ў патрэбы краю, яшчэ больш асэнсавана рухалася да мэты дарогай праўды, справядлівасці і безупыннай напружанай працы, пашыраючы шляхетныя прынцыпы і думкі для з'яднання і павышэння маральнасці ўсіх пластоў грамадства.
Узрушаныя гарачымі патрыятычнымі пачуццямі не змаглі ўтрымацца ў акрэсленых межах. Падзеі ў Еўропе ў 1848 годзе страсянулі моладзь, асабліва рамесніцкую, якая нягледзячы на апазіцыю кіраўнікоў вызначыла паўстанне на дзень рэзурэкцыі ў надзеі, што пры натоўпах, якія заліваюць у той дзень вуліцы горада, лягчэй ім будзе выканаць намер захопу зброі з арсенала.
Адзін з рамеснікаў здрадзіў. Пачаліся арышты. Праз два тыдні Далеўскія былі зняволены з-за ліста, знойдзенагга ў студэнта Харкаўскага ўніверсітэта.
Многія з сяброў Звязу, якія былі ў непасрэдных стасунках з Далеўскімі, ацалелі і вялі далей распачатую працу. Праз год пасля вывазу Далеўскіх у Сібір, г.зн. у 1851 годзе, калегі іхнія Леапольд Савіцкі і Леапольд Маткевіч ствараюць у Маскве студэнцкую арганізацыю паводле праграмы, складзенай Далеўскімі. Студэнты ў довад прызнання дэлегуюць Сатурніна Якубоўскага для ўручэння ад іхняга імя пярсцёнка Маткевічу.
Рамуальд Кабецкі, караім з Трокаў, апрача ўплыву на сваіх субраццяў пахвальна дзейнічаў са Станіславам Калкоўскім у Адэскім ліцэі.307
У Дэрпце Браніслаў Залескі, Лапацінскі, Антаневіч, Мітарноўскі, які быў там гадоў з восем для нагляду за заснаванай арганізацыяй. Адным словам, дзе толькі магла зграмадзіцца жменька інтэлегентнай моладзі, яе ўплыў пашыраўся на атачэнне.
У Пецярбургу Серакоўскі з колам моладзі, паўсталым пад яго ўплывам, мае перад сабой задачу цяжкую для выканання, тут іншыя ўмовы і іншая супольнасць, выгадаваная пад уплывам нігілізму, пагарды і плявання на сваё грамадства, дзе атрыманне ведаў ёсць толькі сродкам для здабыцця магчымасці ўжывання пажадлівых інстынктаў і сілы для прыгнечання слабейшых.
Перамагаючы нігілізм і яго ўплывы пры што раз павялічваным коле людзей добрай волі, прышчапляючы сярод расейскага грамадства: веру ў вышэйшую мэту жыцця; надзею на вызваленне ад сілаў, якія стрымліваюць рух да свабоды духу і побыту; любоў і справядлівасць да слабых і прыгнечаных.
Серакоўскі першы групуе вакол сябе, арганізуе, уплыў яго невымерны. З хвілі, калі яго не стала, роўна кола польскае і расейскае ў 1848 годзе разбіліся, але калегі-расейцы, бліжэйшыя да яго (ведаю гэта з іх уласных вуснаў) не перастаюць працаваць.
Зыгмунт вяртаецца з Арэнбурга з праграмай шырокай, вялікай, якая далёка сягае. Мэтай яе ёсць аўтаномія ў Польшчы праз наданне канстытуцыі ва ўсёй Расійскай дзяржаве. Палякі павінны працаваць для Польшчы, расійцы - для дабра Расіі, узаемная дапамога. падтрымка і добрая рада. Пасля Крымскай вайны настаюць часы рэформ. Тыя людзі добрай волі займаюць ужо ў той час высокія ўплывовыя пасады, яны падтрымліваюць спраектаваныя Серакоўскім рэформы. Кола іх пашыраецца, прыходзіць вера ў лепшую будучыню. З палякаў, якія супрацоўнічалі з Серакоўскім. былі: Агрызка, Балтазар Каліноўскі, Спасовіч, Нарымскі, Баршчоў, д-р Залеўскі, д-р Казлоўскі. Апоцкі, Рымовіч і г.д. Большасць з іх пасля выбуху паўстання гіне або пакутуе з братамі ў краі. (Пагаднення ў тыя часы не было, узнікла яно пазней, у 1866-67 годзе).
Па літоўскіх вёсках і гарадах вядзецца паўсюль ціхая, мурашкавая праца. Большы рух з'яўляецца пасля вяртання выгнанцаў з Сібіры і арыштанцкіх рот. Аляксандр Далеўскі ў гэты час вярнуўся з Сібіры. Аляксандр Далеўскі разбуджае на Літве яшчэ большы рух, групуе адзіночак, заахвочвае да грамадскай працы. Дамаўляецца з паняй Бучынскай, заахвочвае яе да паездкі ў Варшаву для знаёмства з тымі, хто працуе там па заснаванні школак, ахоў, прытулкаў і г.д. Пані Бучынская пры дапамозе кс. Шулейкі арганізуе колка работніц у грамадскай справе на Літве. Найбольшай дапамогай у намаганнях Аляксандра былі: Альфрэд Ромер і Вінцэнты Рудаміна. Сярод шляхты перадавыя ў працы: Ромеры, жонка Ендрэя Снядэцкага. Напалеон Яленскі, Людвік Яленскі, Козелы, Клімаскія, Лапацінскія, Вагнер, Ян Тышкевіч, Эміль Аскерка і шмат - шмат іншых. Моладзь, якая мысліла больш сур'ёзна, будзіла да практычных дзеянняў бацькоў сваіх і ўсю супольнасць.
Аляксандр не адпачывае пасля вяртання з катаргі, гуртуе, злучае, звязвае раскіданыя вузлы Братняга звязу. Маршалкі ў апошнія месяцы 1857 г. склікаюць шляхту (найчыннейшым тут быў Ян Тышкевіч, звязаны цесным сяброўствам з абодвума Далеўскімі).
На сумеснай нарадзе ўхваляюць неабходнасць стварэння губернскіх камітэтаў308 з мэтай падрыхтоўкі праектаў дзейнасці. На сесіях абмяркоўваюць, радзяцца. Большасць шляхты за вызваленне сялян. Губернатары ствараюць цяжкасці, нягледзячы на гэта шляхта на Літве пастанаўляе адмяніць прыгон на падставе чаканага царскага рэскрыпту, праводзіць рэформу нічым не бянтэжачыся. Натуральна, знайходзяцца асобы, якія апанаваны і кіруюцца эгаістычным інтарэсам, аднак пад націскам думкі ў Краі, ужо моцна пашыранай, лічацца з агулам, які жадае падаць просьбу да імператара пра адмену прыгону і вызваленне сялян.
У палове 1858 і [1859] годзе настаюць часы небывалага шалу на Літве. Пецярбург гаворыць пра рэформы. Верыць у іх. І Літва па яго прыкладзе радуецца, як бы ў дзень досвітку шчаслівых часоў. Верыць у магчымасць жыцця пад скіпетрам найшляхетнейшага з цароў, Аляксандра ІІ. Паўстаюць шматлікія праекты выказвання яму сваёй лаяльнасці. Губ[ернатар] Назімаў падае свой праект прыняцця яго свецкім балем. Літва згаджаецца, але пад уплывам найвыбітнейшых у краі асобаў, а менавіта выгнанцаў (менш легкаверных) дадае ад сябе намер падання адрасу з выдзяленнем найпільнейшых патрэб, менавіта вызваленне сялян, увядзенне ў пачатковых школах выкладання польскай мовы або той, якой размаўляе мясцовая люднасць, рэлігійная талеранцыя і ўніверсітэт у Вільні.
Апрача балю хоча выдаць яшчэ альбом на памяць пра яго знаходжанне309. Стары Адынец, напэўна страціўшы розум, піша свой "Ойча наш"310, у якім называе цара дзедзічам Ягелонаў. Горад падстройваецца, асвяжаецца, малююць транспаранты, двухгаловых арлоў і г.д.
Назімаў на вестку пра праектаваны адрас забараняе шляхце прыезд у Вільню ў час побыту цара. Маршалкі, карыстаючыся належнымі ім правамі, збіраюцца ў Дамейкі, марш[алка] віленскага, для паразумення, што рабіць з адрасам. Найчыннейшымі са шляхты ў той справе былі: Ян Тышкевіч і Ромеры. Дамейка дае слова. што сам яго ўручыць імператару. Але ў пярэдадзень яго прыезду Дамейку знайсці не могуць. Занепакоеныя маршалкі спяшаюцца да ковенскага губернатара Хамінскага, пра якога былі добрыя водгукі. Той ім сказаў шчыра, што Дамейка адначасова даў шляхце слова, што сам адрас падасць, а Назімаву, што зусім не будзе пададзены.
У хвілю агульнага абурэння Ромер вымаўляе памятныя словы: "Урад робіць вялікую памылку, адкідваючы шчыры зварот літоўскай шляхты, якая прадстаўляе неабходныя патрэбы Краю, задавальненне якіх ёсць адзіны сродак забеспячэння шчасця і спакою народа. Паколькі ўрад нас адпіхвае, мы не бяром на сябе адказнасці за наступствы. Выканаем наш абавязак. Нягледзячы ні на што, верым, што народ наш жыве і жыць будзе!"
Ромер прамовіў ад імя кола маршалкаў, якія рэпрэзентавалі Край. Маршалкі падалі адрас311 адрэдагаваны, па зместу вельмі сціплы, просячы толькі ўніверсітэт, аднак цар прыняў іх словамі, якія абурылі ўсю Літву: "Скажыце шляхце, што я ёю вельмі незадаволены. Няхай яна памятае і Еўропа, што гэта не Польшча!"
Словы гэтыя ўпалі на Літву ў хвілі веры большасці Краю ў дабрыню і справядлівасць Аляксандра ІІ.
У той час Францішак Далеўскі ўжо вярнуўся з Сібіры. Аляксандр быў тут ужо некалькі гадоў. Сабраныя маршалкі, з якіх многа дзесяць гадоў назад яшчэ маладзёнамі належалі да Братняга звязу, на зборы шляхты ў Яна Тышкевіча паразумеліся з Далеўскімі і запрасілі іх на больш шматлікія з'езды ў Ковенскай, у Менскай і Віленскай губернях. Там Францішак прадстаўляе сабраным будучы план дзеянняў, абапёрты на сістэму колаў і колкаў, які можна прымяніць роўна як па вёсках, так і па гарадах. На пачатак кожная губ[ерня] ставіла на чале сябе двух наўплывовейшых чалавек, якія б пастаянна паміж сабой раіліся пры кіраванні губерняй, а ў кожным павеце па два найбольш вядомых і на якіх цалкам можна было б разлічваць, бо праз іх якраз мелі быць прышчэплены прынцыпы і меркаванні. Гарады арганізуюцца стасоўна да ўмоваў жыцця людзей, якія іх насяляюць.
Першым найпільнейшым заданнем арганізацыі было:
1) Справядлівае і хуткае развязанне сялянскай праблемы (не можа быць поўнага паразумення і ўплыву на чалавека ў няволі).
2) Земляробчае таварыства на ўзор Каралеўства Польс[кага] з мэтай пад'ёму земляробства, а таксама для лягчэйшага ўзаемапаразумення.
3) Крэдытнае таварыства.
4) Школкі. (Тут кожны грамадзянін быў абавязаны выбраць у сваёй вёсцы найздольнейшага хлопца з сумленнай сям'і і прыслаць яго ў горад. Абавязкам гарадской арганізацыі было памясціць яго да вядомага сумленнем і польскімі прынцыпамі рамесніка, а моладзі прысвяціць свае вольныя хвілі на навучанне вясковай дзетвары; рамяству вучыліся б у таго ж рамесніка).
Гэтым спосабам праз кароткі час вёскі нашы мелі б у сваім коле патрэбных рамеснікаў, а разам і настаўнікаў, калі не яўных то тайных, а што найважней людзей сумленных прынцыпаў.
Гэтая праца не павінна была ніколі перапыняцца. Вынікі яе на Літве праявіліся ў час паўстання і ў адносінах да яго нашых мужыкоў і пры першых выбарах у Думу312 ў адказе таго ж літоўскага хлопца: "Не зямлі больш, а ваш розум нам патрэбны".
Думку сумеснай няспыннай працы падаў Фра[нцішак] Дал[еўскі], але Край наш любімы быў яе выканаўцам. У хуткім часе ўся Літва арганізавалася, а бачачы неабходнасць пастаяннага паразумення па прапанове Францішка ўстанавіла Цэнтральны Камітэт313, які складаўся з Францішка Далеўскага (Аляксандр ужо памёр), Антонія Яленскага. Аляксандра Аскеркі, Ігнацыя Лапацінскага і Аскара Вагнера. Край ажывіўся, цешыўся надзеяй працы, хоць павольнай, але карыснай. Арганізоўваўся, выбіраў людзей даверу - колы і колкі пашыралі маральнасць, лад, ашчаднасць, устрыманасць, веды і працу. Мэта - свабода Бацькаўшчыны. Каб дайсці вынікова да гэтай мэты, утрымаць грамадства ад змоваў і заўчасных паўстанняў.
(Працяг у наст. нумары.)
307 Адэскі ліцэй - у Адэсе сярэдняя школа і пансіён для хлопцаў, створаныя пад апекай губернатара Рыхеля (Richelieu), ад 1837 г. вышэйшая школа, ад 1862 г. Наварасійскі ўніверсітэт.
308 У 1857 г. па даручэнні ген.-губернатара Назімава і са згоды маршалкаў шляхты ў Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губ. утвораны так зв. камітэты для ўлажэння новых інвентарных перапісаў, складзеныя з маршалкаў і землеўладальнікаў. Цар пазнаёміўся з вынікам прац камітэтаў і дазволіў на скліканне губернскіх камітэтаў па паляпшэнні быту сялян, якія мелі распрацаваць праекты адмены прыгону.
309 Шляхта ў надзеі на аднаўленне ўніверсітэта выдала так зв. Альбом ("Na pamiatku pobytu Najjasniejszego cesarza Jego Mosci w Wilnie 6 i 7 wrzesnia 1858") з творамі у т.л. Ходзькі і Адынца, прыняты негатыўна з нагоды лаяльнага зместу.
310 Назва верша Адынца "Przyjdz Krolestwo Boze!". Цар названы "дзедзічам думкі і любові Ягелонаў", "бацькам народа".
311 Віленскі губернскі соймік яшчэ ў Х.1855 г. падрыхтаваў адрас да цара, у якім у т.л. прасіў пра вяртанне Віленскага ўніверсітэта. Адрас, падпісаны павятовымі маршалкамі, дайшоў да рук Аляксандра ІІ, але неадкрыты канверт з адрасам адаслалі ў Вільню. Падрыхтоўкі адраса з просьбай аб аднаўленні ўніверсітэта і вяртання ў школы польскай мовы зажадала шляхта, сабраная на віленскім сойміку на пачатку 1859 г, а таксам на менскім, восенню 1859 г. Да перадачы адраса, аднак, не дайшло. Ковенская і віленская шляхта з ініцыятывы Якуба Гейштара падрыхтавала новы адрас з паўтарэннем папярэдніх просьбаў і намерылася яго ўручыць цару падчас яго паўторнага побыту ў Вільні (15.Х.1860). Аляксандр ІІ аднак прыняць адрас адмовіўся і выказаў вядомыя словы, якія абурылі літоўскую грамадскасць.
312 Першыя выбары ў абвешчаную маніфестам ад 30.Х.1905 г. Дзяржаўную Думу адбыліся ў 1906 г., у іх узялі ўдзел таксама і жыхары заходніх губерняў Расіі.
313 У выбраны на з'ездзе белых (ІХ.1862) новы камітэт ўвайшлі: Віктар Стажэнскі (Старэнскі), Станіслаў Зыберг-Плятар, Якуб Гейштар, Аляксандр Аскерка, Антоні Яленскі і Францішак Далеўскі.
М і г о в а
(Працяг. Пачатак ў папярэднім нумары.)
Мінуў 2018 год - першы Год малой радзімы
Адначасова краязнаўцы дапрацавалі эскіз краязнаўча-турыстычнага маршруту "Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я. Карскага" з улікам новых гістарычных звестак. Закупілі фарбы для малюнкаў і тэкстаў. Запрасілі праз інтэрнэт мастака, яго можна знайсці і сярод сваіх садаводаў, можна пашукаць праз знаёмых. Праца мастака па працягласці самая доўгая, таму лепш дамовіцца за аплату. Мы сабралі грошы і запрасілі студэнтку. Сума 300 рублёў, якую ўдалося сабраць з ахвяраванняў добрых людзей і ўласнай кішэні. Канчатковы разлік з мастачкай быў 350 рублёў і дадатковыя грошы на транспарт. Лізавета Бірукова, з верасня другакурсніца з ГрДУ, каля трох тыдняў малявала на сценах прыпынка задуманнае і першая шмат новага даведалася для сябе пра тутэйшую гісторыю і людзей. Сёння іншыя сябры таварыства просяць даць інфармацыю пра вядомых мясцовых людзей. Садаводы правялі вечарыну, прысвечаную Апанасу Цыхуну. Плануем з вясны павесіць кароткія нарысы пра іншых мясцовых настаўнікаў, паэтаў на інфармацыйных стэндах таварыства. Адмыслова прыязджала Гарадзенскае тэлебачанне і здымала працу мастачкі, бралі інтэрв'ю. У праграме "Чемодан" Гарадзенскага тэлебачання за 22 ліпеня 2018 года гэта можна ўбачыць. На рэстаўрацыю, збор і дапрацоўку зробленых раней краязнаўчых матэрыялаў, удасканальванне эскізу і мастацкае афармленне прыпынка спатрэбілася паўтара месяца валанцёрскай і наёмнай працы.
Што намалявалі на сценах?
На бакавой сцяне партрэт Героя Сацыялістычнай працы, шматгадовага старшыні СВК "Абухава" Сянько Ільі Пятровіча, які ў 2017годзе пакінуў гэты свет. Гады жыцця і месца нараджэння. Зверху партрэта - адлятаючы бусел, з левага боку верш заслужанага настаўніка Беларусі Апанаса Цыхуна пра край наш родны, край герояў… Знізу партрэта - жытнёвае поле СВК "Абухава".
Унутры прыпынка на цэнтральнай сцяне - карта турыстычнага маршрута "Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я. Карскага", партрэт акадэміка, гады жыцця і месца нараджэння. Тур маршруту праходзіць праз населенныя пункты, рэчкі. Населеныя пункты турыстычнага маршрута, дзе бываў і збіраў беларускія духоўныя скарбы акадэмік Я. Карскі пазначаны з датай заснавання. Праз гэтыя населеныя пункты можна ехаць на ровары, ісці пешшу і, канешне, на аўтамабілі (аўтобусе). Дарэчы, роўна 100 гадоў назад, у лістападзе 1918 года прафесар Яўхім Карскі быў прызначаны начальнікам акругі народнай асветы ў Менску, дзе працаваў разам з В. Іваноўскім і Б. Тарашкевічам. Таму турыстычны маршрут, дзе бываў і працаваў акадэмік Я. Карскі, можна пашыраць не толькі на Беласточчыну і Варшаву, але і на Менск, і далей на ўсход і поўнач Беларусі…
Акрамя гісторыі цэркваў, касцёлаў, сінагог у населеных пунктах па маршруце вельмі важна нагадаць пра цікавых людзей, якія ўжо адышлі ў лепшы свет - гэта найперш вядомыя настаўнікі, паэты, мясцовыя патрыёты, прадаўжальнікі збірання духоўных беларускіх скарбаў-словаў. Яны пакінулі свой след у культуры і асвеце нашага краю, у абароне нашай зямлі. Таму мы намалявалі партрэты мясцовых людзей, пад партрэтамі напісалі прозвішчы і даты жыцця іншых цікавых, знакавых мясцовых асобаў. Зверху, над партрэтамі напісалі радок беларускага класіка літаратуры Я. Коласа "Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму…."
Трэцяя сцяна з правага боку - яшчэ адзін беларускі сімвал памяці - валошкі (васількі) ў памяць аб мясцовых людзях, пра якіх узгадана на ўсіх трох сценах.
Зверху паміж беларускім арнаментам на прыпынку напісана "Садовае таварыства "Мігова".
Калі нехта знойдзе багатых фундатараў, выйграе нейкі грант, то можна зрабіць значна лепш за нас, для прыкладу раім паглядзець у інтэрнэце прыпынак у вёсцы Літоўка Наваградскага раёна. Гэты прыпынак пакуль самы прыгожы ў Беларусі і прысвечаны твору Адама Міцкевіча "Гражына".
(Заканчэнне ў наст. нумары.)
Аляксандр Крой, сябар садовага таварыства "Мігова" і сябар абласной Рады ТБМ
Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!
Году малой радзімы прысвячаецца
Лідскі край - наша малая радзіма! А што мы ведаем пра яе? Якая прырода навокал нас? Якую спадчыну пакінулі нам продкі? Чым мы павінны ганарыцца і што абавязаны захаваць для будучых пакаленняў? На ўсе гэтыя пытанні вырашылі знайсці адказы навучэнцы 6-7 класаў СШ №11 г. Ліды, якія накіраваліся ў падарожжа па родным краі.
За дзень юныя краязнаўцы наведалі дзесяць населеных пунктаў, якія вядуць сваю гісторыю не адну сотню гадоў. У маршрут паездкі ўвайшлі такія вёскі, як Дакудава - Мінойты - Ганчары - Беліца - Збляны - Голдава - Леснікі - Бабры - Тарнова - Белагруда. Калі правесці лінію на карце, то можна заўважыць, што атрымліваецца пярсцёнак. І на самой справе, "залаты пярсцёнак" Лідскага краю, таму што ў кожным населеным пункце ёсць помнікі гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны.
Першым населеным пунктам маршруту стала вёска Дакудава. Пазнаёміцца з гісторыяй вёскі школьнікам дапамаглі мясцовыя жыхары, якія сустракалі дзяцей. Святлана Аляксееўна Агарка, у мінулым настаўнік гісторыі, паказала і расказала, на першы погляд, пра непрыкметны аб'ект, які знаходзіцца пры ўездзе ў вёску з трасы Менск-Гародня. Але сапраўдныя знаўцы гістарычнай спадчыны разумеюць, наколькі значным для нас, лідзян, з'яўляецца гэтае месца, таму што яно ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з'яўляецца адным з пунктаў геадэзічнай Дугі Струве.
Каля царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы школьнікаў сустрэла Ірына Уладзіміраўна Маркевіч, прыхаджанка храма, а ў мінулым таксама настаўнік Дакудаўскай школы. Яна пазнаёміла з гісторыяй праваслаўнага храма і шанаванымі абразамі, якія аберагаюць вёску і яе жыхароў. Таксама навучэнцы пачулі пра дзейнасць партызанскага атрада "Іскра", калі наведвалі месца пахавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівым гонарам мясцовых жыхароў з'яўляецца рэспубліканскі біялагічны заказнік "Дакудаўскі". Кожны лідзянін ведае, што ў балотах заказніка растуць журавіны. Адправіцца па іх у школьнікаў часу не было, але палюбавацца прыродай змог кожны, пакуль аўтобус накіроўваўся да другога населенага пункта, вёскі Мінойты.
У 90-я гады ХХ стагоддзя стараннямі святара айца Іаана Мяндзіла у Мінойтах быў пабудаваны храм, асвечаны ў гонар Святога Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Аб гісторыі царквы і пра жыццё святара хлопцы пачулі менавіта ля сцен храма, дзе і пахаваны айцец Іаан.
Не змаглі не заехаць школьнікі ў вёску Ганчары. Сёння ў гэтым населеным пункце знаходзіцца самы старажытны праваслаўны храм Лідскага раёна - Свята-Пакроўская царква. Пры ўваходзе ў царкву размешчана мемарыяльная дошка Мікалаю Усціновічу. Святар служыў у храме ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не аднойчы ён дапамагаў партызанам. Але пасля вайны яго арыштавалі за "антысавецкую" дзейнасць. Ля ўваходу на тэрыторыю храма збудаваны паклонны крыж у памяць аб протаіерэі Іаане Мяндзіле, які служыў у гэтым храме больш за 30 гадоў.
Чацвёртым населеным пунктам стаў аграгарадок Беліца. Пра яго гісторыю юныя краязнаўцы пачулі падчас экскурсіі ў гістарычна-этнаграфічным музеі "Спадчына" Беліцкай школы. Таксама школьнікі ўбачылі такія гістарычна-культурныя аб'екты, як праваслаўная царква Узвіжання Святога Крыжа, каталіцкая капліца з пахаваннямі ХIХ стагоддзя, мураваны касцёл Святога пакутніка Юрыя, брацкая магіла 20 чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятны знак ля дарогі Ліда-Слонім расстраляным беліцкім яўрэям.
Пятым населеным пунктам маршруту стала вёска Збляны. Галоўны помнік архітэктуры і духоўнасці вёскі - гэта Свята-Пакроўская царква. Падчас наведвання храма навучэнцы не толькі пазнаёміліся з Свята-Пакроўскай царквой, але і паўдзельнічалі ў духоўнай гутарцы з настаяцелем храма айцом Георгіем.
Голдава, наступны населены пункт, заўсёды быў цэнтрам духоўнасці нашага раёна. Яшчэ ў ХVII стагоддзі тут праводзіліся кірмашы. У той час на сродкі мясцовага памешчыка была пабудавана царква. Сучасная царква была пастаўлена ў 1793-95 г.г. на сродкі Фелікса Важынскага і асвечана ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Да 1839 года царква была ўніяцкай. Яшчэ вядома, што на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца царква, раней быў мужчынскі манастыр. Сучасны храм пабудаваны з дрэва і з'яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, які ахоўваецца дзяржавай, як і ўсе храмы, якія мы наведалі ў гэты дзень. Сёння тут працягваюць весці летапіс пра жыццё прыходу і беражліва захоўваюць абраз Голдаўскай Божай Маці. У цэнтры вёскі мы наведалі помнік загінулым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вёска Леснікі - сёмы населены пункт маршруту. Многія лідзяне ведаюць, што гэтая вёска з'яўляецца сястрой беларускай вёскі Хатынь. Пачуць гісторыю тых трагічных падзей школьнікі змаглі з вуснаў навучэнкі 6 "Б" класа СШ №11 Дар'і Булавус, якая ў мінулым годзе працавала над даследаваннем "Вёска Леснікі Лідскага раёна - старэйшая сястра Хатыні..." у рамках рэспубліканскага конкурсу "Дарогамі памяці".
Далей у нашым маршруце была вёска Бабры. Пазнаёміцца з невялікім населеным пунктам, дзе сёння пражывае 11 чалавек, хацеў кожны краязнаўца нашай паездкі. Чаму? Тлумачэнне вельмі простае. Па-першае, сёння ў вёсцы захавалася і дзейнічае праваслаўная царква, пабудаваная яшчэ ў 1810 годзе. За час свайго існавання сцены царквы ўбачылі шмат пераменаў і вакол сябе, і ўнутры. Як змог захавацца драўляны храм, для ўсіх застаецца загадкай. А вось мясцовыя жыхары распавялі, што на будаўніцтва царквы выбіралася хвоя вельмі патрабавальна: дрэвы прывозілі з другога берага Нёмана, бо лічылі, што там лес мацней. Секлі дрэвы зімой, ды і то тыя, з якіх не збіралі смалы. І, вядома, захаваць будынак храма да нашых дзён дапамагала вера, з якой продкі будавалі яе. Падругое, побач расце двухсотгадовы дуб-волат, аднагодак храма. Убачыць такога волата ў нашых краях вялікая рэдкасць. Па-трэцяе, на царкоўнай тэрыторыі ўжо шмат гадоў захоўваецца камень-следавік. Як сцвярджае мясцовая легенда, след належыць Божай Маці.
Далей дарога прывяла нас у вёску Тарнова, візітнай карткай якой з'яўляецца дом-сядзіба графа Маўраса, пабудаваная ў 80-я гады 19 стагоддзя. Сёння гэта жылы дом, дзе жывуць людзі. З гісторыяй вёскі нас пазнаёміў ў гістарычна-краязнаўчым музеі "Спадчына" Тарноўскай школы настаўнік гісторыі Аляксандр Іосіфавіч Раўко. У вёсцы ўстаноўлены два помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры пад'ездзе да р. Дзітва нашу ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін помнік, усталяваны, як аказалася, на месцы гібелі чалавека, чыё імя носіць яшчэ адна з вуліц нашага горада - камандзіра 86 кавалерыйскага палка А.Ф. Труханава.
Дзясятым населеным пунктам падарожжа па нашай малой радзіме стала вёска Белагруда. Што здзівіла дзяцей на гэты раз, дык гэта знак "Селішча перыяду сярэдневечча". Амаль усе вандроўцы апынуліся ўпершыню на такім месцы. Але вядомы гэты населены пункт сваім архітэктурным помнікам - касцёлам Святога Міхаіла, пабудаваным ў 1908 годзе на месцы драўлянага храма 1609 года ў рамана-гатычным стылі. Не заўважыць яго вежы на ўзвышшы ля ракі Дзітва проста немагчыма. Тут беражліва захоўваецца мясцовашанаваны абраз Белагрудскай Божай Маці, які змешчаны ў алтары храма. Абраз налічвае 300-гадовую гісторыю. Існуе легенда, быццам бы абраз прыплыў на гэтае месца па рацэ, а праз некаторы час людзі пабудавалі на беразе драўляны касцёл.
Падчас экскурсіі юныя краязнаўцы СШ №11 г. Ліды змаглі ўбачыць і наведаць шэраг гістарычна-культурных помнікаў і прыродных аб'ектаў. Вучні паспрабавалі адказаць на пытанне, з чаго ж пачынаецца любоў да Радзімы? Вядома, з любові да сваёй малой радзімы! Любіце, шануйце, захоўвайце тое, што дасталася вам у спадчыну! А навучэнцы СШ №11 г. Ліды запрашаюць і вас прайсціся па іх маршруце! Старадаўняя спадчына Лідскага краю чакае вас!
Наталля АНАШКЕВІЧ, настаўніца СШ №11г. Ліды.