Папярэдняя старонка: 2019

№ 4 (1415) 


Дадана: 24-01-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1415), 23 студзеня 2019 г.

ЯЛІНКА Ў ПРУЖАНАХ

Ужо ў дзясяты раз пад стары Новы год запрашае да сябе на свята ялінка ў Пружанскім палацыку, а арганізатарамі свята з'яўляюцца сябры Пружанскай арганізацыі ТБМ. Наша свята ў гэтым годзе адбылося 11 студеня і аб'яднала дзяцей і моладзь узорнага танцавальнага ансамбля "Круцёлачкі", дзяцей нядзельнай школы пры Свята-Мікалаеўскай праваслаўнай царкве і маленькіх прыхаджан каталіцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а ганаровымі гасцямі сталі выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі - дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спачатку дзеці з касцёла паказалі тэатралізаваную пастаноўку на калядную тэматыку: пра пастушкоў, якія першымі даведаліся ад анёлаў аб нараджэнні Збаўцы, пра мудрацоў з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца маленькаму Езусу, пра злога цара Ірада і яго жахлівы загад забіць усіх немаўлят у Віфліеме.

Прыйшоў да ўдзельнікаў святочнай ялінкі і Дзед Мароз са Снягуркай. Ён слухаў, як дзеці чыталі вершы, вадзіў з імі карагоды, разам з усімі прысутнымі любаваўся прыгожым выкананнем беларускіх народных танцаў ансамблем "Круцёлачкі", адорваў дзяцей цукеркамі. А пасля з вялікім захапленнем сачыў за выступленнем выхаванцаў нядзельнай школы, якія прыйшлі на свята з сапраўднай батлейкай - драўлянай двухпавярховай скрыняй з лялькамі і паказалі лялечны спектакль аб нараджэнні Хрыста. Усе дзеянні спектакля суправаджаліся вершаванымі дыялогамі і чароўнай музыкай.

Прыгадалі на ялінцы і язычніцкага бажка Зюзю, і Святога Мікалая, які ў калядную ноч прыносіць паслухмяным дзецям падарункі. Завяршылася свята раздачай падарункаў, якія нам дапамагаюць набыць мясцовыя прадпрымальнікі, за што мы вельмі ім удзячныя.

Свята прайшло, як адзначыла карэспандэнтка мясцовай газеты "Раённыя будні" Зялевіч Алена, пад ззяннем каляднай зоркі. Дзеці і дарослыя ад усёй душы дзякавалі за сапраўдную казачную атмасферу, створаную намі для 60 дзяцей нашага горада, якія да Бога звяртаюцца па-беларуску, і мы спадзяёмся, што і ў паўсядзённым жыцці яны таксама будуць гаварыць на роднай мове.

Старшыня рады Пружанскай арганізацыі ТБМ Тарэса Жэгалава.



Шаноўнае спадарства!

Паседжанне Рады ТБМ адбудзецца 27 студзеня (нядзеля) у Менскім офісе (вул. Румянцава, 13). Пачатак рэгістрацыі - 9.30. Пачатак працы - 11.00.

Вуліца імя Прышчэпава ў Менску можа быць

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Анісім А.М.

Аб ушанаванні памяці Д.Ф. Прышчэпава

Паважаная Алена Мікалаеўна!

Па даручэнні кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама Ваш зварот па пытанні прысваення імя Д.Ф. Прышчэпава адной з новых вуліц г. Мінска накіраваны ў камісію па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска (далей - камісія).

Паведамляем, што прозвішча Д.Ф. Прышчэпава ўключана ў спіс знакамітых дзеячаў краіны, імёны якіх прапанаваны аргнізацыямі і грамадзянамі краіны да ўвекавечання ў назвах састаўных частак г. Мінска.

Камісія на кожным пасяджэнні разглядае магчымасць увекавечання імёнаў вядомых асоб у тапаніміцы сталіцы. Ваша прапанова будзе ўлічана пры прысваенні найменняў састаўным часткам горада.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Об обрашеннях граждан и юридических лиц" гэты адказ Вы маеце права абскардзіць у суд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Начальнік упраўлення В.У. Рудзікава.

Яйкі ў Мастах не "маладзецкія", а "хутарскія"

У Мастах па вуліцы Будаўнікоў побач з міні-рынкам распачынае працу другі гандлёвы пункт у горадзе па продажы яек. Адметнасць гэтага гадлёвага пункта ад іншых, што ўся яго рэклама выключна беларускамоўная і аформлена з густам. Мастаўлянам давядзецца купляць тут яйкі не "маладзецкія", а "хутарскія" .

Язэп Палубятка.

Справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў 2018 годзе

У 2018 годзе праведзена наступная работа:

1. 16 студзеня адбылося сумеснае паседжанне раённай арганізацыі ТБМ і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат". Былі разгледжаны наступныя тэмы: "Справаздача аб дзейнасці раённай арганізацыі ТБМ за 2017 год", сумесны план дзейнасці на 2018 год, заслуханы паведамленні пад агульнай назвай "Новыя звесткі з гісторыі Шклова".

2. 20-21 сакавіка сябры таварыства Л. Анціпенка і А. Грудзіна прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася ў Шклоўскім гістарычна-краязнаўчым музеі пад назвай "Шклоў і яго ваколіцы ў гісторыі Беларусі", дзе былі ўзнагароджаны Падзякамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі "За захаванне і развіццё культурнай спадчыны Шклоўскага краю".

3. 25 сакавіка адбылося сумеснае паседжанне таварыства і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" з нагоды 100-годдзя заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Слухалі старшыню раённага таварыства Аляксандра Грудзіну, які зрабіў паведамленне аб падзеях, звязаных з абвяшчэннем 25 сакавіка 1918 года БНР. Потым прысутным быў прапанаваны дакументальны фільм "БНР і Менск. Нараджэнне новай сталіцы - загадкі беларускай гісторыі".

4. Паведамленне сябра таварыства Пётра Мігурскага ўключана ў выдадзены зборнік "Нацыянальны ўніверсітэт у XXI стагоддзі: місія і выклікі, матэрыялы Міжнароднай канферэнцыі, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Універсітэт імя Ніла Гілевіча". Менск, 25-26 лістапада 2017 года.

5. Сябры таварыства падтрымалі асабістымі подпісамі ідэю ўсталявання помніка Алесю Адамовічу ў родным пасёлку Глуша пад Бабруйскам і прынялі ўдзел у якасці назіральнікаў у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28-га склікання.

6. Сябрамі таварыства праведзены некалькі экскурсій і сустрэч з навучэнцамі школ раёна.

7. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага накірункаў друкаваліся ў газеце ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Наша слова", а таксама ў выданнях: раённай газеце "Ударны фронт", рэгіянальным інтэрнэт-партале www.6tv.by "Магілёўскі рэгіён" і іншых беларускіх інтэрнэт-выданнях.

8. Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ А. Грудзіна.

"По-белорусски" ці "па-беларуску"?

На якіх мовах размаўляюць беларусы? Скажаце: на рускай і беларускай. А вось жа і не ўгадалі. Беларусы размаўляюць "по-белорусски" або "па-беларуску". Прынамсі, калі верыць кнізе Галіны Мыцык.

Кніга рыхтавалася, па ўсім відаць, не адзін год, бо сярод рэцэнзентаў яшчэ с.п. У. Содаль, але выйшла толькі сёлета ў выдавецтве "Беларусь" накладам 900 асобнікаў.

Гэта кніга для тых, хто цікавіцца беларускай мовай і хацеў бы вывучаць яе самастойна.

У пачатку кнігі змешчана "Ласкавае запрашэнне ў мову" ад аўтара:

"Шаноўны дружа!

Хто б ты ні быў - студэнт, настаўнік, міністр, бізнесмен, проста аматар славеснасці, - гэтая кніга спатрэбіцца табе. Яна дапаможа самастойна вывучыць беларускую мову.

Кніга складаецца з дваццаці ўрокаў. Матэрыял пададзены ў выглядзе паралельных артыкулаў на беларускай і рускай мовах. На кожным занятку даюцца веды па лексіцы, граматыцы, сінтаксісе. Тэксты да ўрокаў раскрываюць змест розных бакоў жыцця, гісторыі і культуры беларусаў. У рубрыках "Ясь распавядае", "Па-беларуску кажуць так", "Кароткія размовы" паказана своеасаблівасць беларускай мовы, багацце яе фанетычных, граматычных і лексічных асаблівасцей, у рубрыцы "Майстры слова гавораць" прыводзяцца тэксты беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У канцы выдання дадзены адказы да практыкаванняў, што забяспечыць эфектыўнае самастойнае навучанне. Фарміраванню маўленчых навыкаў служаць таксама некаторыя прыказкі і прымаўкі, беларускарускі слоўнік.

Гэтая кніга для тых, хто цікавіцца беларускай мовай і хацеў бы вывучыць яе самастойна.

На працы, у краме, у гатэлі, на вуліцы - усюды карыстайся беларускай мовай. Хай з тваіх вуснаў беларускае слова гучыць нязмушана і лёгка.

Запрашай, вітай, частуй па-беларуску!

Галіна Мыцык."

У кнізе выкарыстана самая сучасная беларуская лексіка. Тут ёсць месца і "спадару", і "філіжанцы", і "фатэлю", і "шэйпінгу", і, як здаецца, нічога няма пра "вясёлых калгаснікаў".

Канешне, прафесійнаму савецкаму лінгвісту, можа, што і не да спадобы будзе, але для тых, хто гаворыць "по-белорусски", кніга вельмі карысная і патрэбная.

Яраслаў Грынкевіч.

СВЕТ І ВОЛЬНЫ, І ШЫРОКІ

ЮРЫЮ НАГОРНАМУ - 70!

(Слова на юбілей)

"Не юбілейце!" - з уласцівай яму катэгарычнасцю па-пярэджваў колісь паэт Уладзімір Маякоўскі.

Але што паробіш, калі гэтыя самыя юбілеі калі-нікалі здараюцца?! Вось і ў добрага майго сябра, Юрася Аляксандравіча Нагорнага, такое здарылася. Яму - 70!

Чаму б не даслаць на яго адрас, як той казаў, пару ласкавых? У прамым сэнсе, без зламыснай іроніі!

Наша агульнае філалагічнае мінулае, перасячэнні на жыццёвых шляхах-дарогах у Оршы і Барані, сённяшнія стасункі ў Таварыстве беларускай мовы і проста сяброўскія сустрэчы, мяркую, даюць для гэтага падставы.

Часам фантазірую, што, калі б сышліся мы ў часе і прасторы са знакамітым мастаком Іллём Рэпіным, які ў Здраўнёве пад Віцебскам шукаў фактуру для сваёй карціны "Беларус", я абавязкова параіў бы яму звярнуць увагу на постаць Юрася Нагорнага. І не трэба было б яму, як сведчаць мастацтвазнаўцы, мучыць пазіраваннем сваю дачку. І было б у гэтай карціне куды больш тутэйшага і беларускага. Без усялякіх мастацкіх хітрыкаў і выбрыкаў. Бо ў Юрася Аляксандравіча беларускасць натуральная, каранёвая - у генах і крыві, наваградскага замесу, адкуль ён родам.

Як той казаў, тыповы беларус у тыповых абставінах, які шчыруе на сваёй ніве цягавіта і ўпарта, не выстаўляючыся, не рвучы кашулю на грудзях, а калі і здарыцца неспадзяванка, не б'ецца ў гістэрыцы: "Шэф, усё прапала!", а без крыку-гіку пераадольвае цяжкасці і крочыць далей па выбраным шляху.

Ён не імкнуўся да кар'ернага росту, высокіх пасадаў і ўтульных чыноўніцкіх фатэляў. Аднак кіроўныя пасады самі яго знаходзілі. Быў ён і дырэктарам школы, шчыраваў і на пасадзе "гарадскога галавы" ў мястэчку з насельніцтвам тысячаў пад пятнаццаць месцічаў.

Адмысловы талент кіраўніка ён праявіў, калі працаваў старшынём выканкама гарадка-спадарожніка Оршы Барані. Для тых, хто ведае, ніякі не сакрэт, што пры статусе горада гэта ўсё-ткі быў прызаводскі пасёлак і рэй у ім вяло кіраўніцтва завода "Чырвоны кастрычнік", што меў саюзнае падпарадкаванне. Дзякуючы старанням і намаганням Юрыя Аляксандравіча, гарадскія інтарэсы і праблемы нярэдка набывалі прыярытэтнае значэнне. Бо з яго прынцыповасцю і ўменнем дыпламатычна вырашаць самыя вострыя і спрэчныя пытанні, захоўваць так званы баланс інтарэсаў, аргументавана пераконваць суразмоўцаў, вылушчваць зерне праблемы, лічыліся, так бы мовіць, "наверсе" і паважалі "знізу".

Ці не гэтыя станоўчыя якасці перадаліся сынам, якія зараз ужо самастойна, сваімі справамі і здабыткамі на прафесійным шляху, пры сем'ях і ўнуках радуюць бацьку паспяховымі адмысловымі біяграфіямі?

Старэйшы, Сяргей, скончыў інстытут замежных моў, некаторы час працаваў у Міністэрстве культуры, потым пайшоў на дыпламатычную службу, працаваў у амбасадзе Беларусі ў Варшаве, пасля ў Індыі, цяпер у Вашынгтоне, у прадстаўніцтве Беларусі. Малодшы сын, Максім, стаў прадпрымальнікам, займаецца аўтаперавозкамі, жыве ў Барані.

Пры мэры Нагорным утульная Барань умацоўвалася, улагоджвалася і харашэла. Што выразна сведчыла пра клапатлівага гаспадара наваколля не толькі з заводскаю прапіскай.

З ім цікава гаварыць пра надзённае і разважаць аб будучым, проста і дасціпна наладзіць літаратурную сустрэчу з чытачамі, лёгка і весела падняць чарку ў сябрыне. Праўда, Юрась не асабліва схільны да гэтай мужчынскай забавы. Тут даводзіцца налягаць за дваіх.

Не прамінае ён і любой нагоды пасядзець з вудаю на дняпроўскім беражку, выцягнуць з ракі якую плотачку, язька ці падлешчыка, а то і акунька з яршом. А потым згатаваць наварыстую юшку і зладзіць сябрыну.

Ён і ў жыццёвых дробязях не здраджвае самому сабе: прыязны, прыветны, гасцінны, канкрэтны і кранальна ветлівы.

Такога адналюба шчэ ідзі, пашукай у наш тлумны і хісткі час: адна жанчына ў лёсе і па жыцці, адна мова на вуснах, адна Радзіма - Беларусь.

І гэта не высокая патэтыка, а высокародная праўда жыццёвага досведу.

Як тут не ўспомніць светлай памяці Тамару Іванаўну Нагорную, у дзявоцтве Малашэвіч, якая не так даўно неспадзявана выправілася ў вечнасць. Іх адносіны паміж сабою і з людзьмі вартыя, калі не рамана, дык рамантычнай аповесці пра каханне, самаахвярнасць, вернасць адно адному. І сваёй справе, у якой беларускасць і вернасць сваёй зямлі ці не галоўны чыннік. Яны вучыліся разам на беларускім аддзяленні філфака ў Белдзяржуніверсітэце ў Менску. Гэта быў "зорны" курс: Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Бутэвіч, Віктар Ярац, Таццяна Шамякіна, Яўген Хвалей, Алена Руцкая...

- Тамара, выкладаючы ў школе беларускую мову і літаратуру, вельмі захапілася і музейнай справай: сама стварыла ў Барані два музеі. Адзін - "Аршаншчына літаратурная", у школе № 15, якая месціцца на вуліцы імя нашага земляка, байкапісца Уладзіміра Корбана. Другі - этнаграфічны, "Баранская сяліба", у нашай гімназіі. І была ў яе яшчэ думка стварыць музей уласнага роду, захаваць памяць пра дзядоў. У памяць аб ёй цяпер ёсць у нашым дачным куточку ў Селішчы "Тамарына сяліба". Зрабіў яе так, як яна сабе яе ўяўляла і марыла...

І я там быў... Чым адметны гэты сціплы сямейны музей? Тым, што гэта не "ўстанова", а прызнанне ў каханні. Нагорныя заўжды былі добрай сям'ёй, шанавалі адно аднаго. І музей атрымаўся камерны. У ім ёсць чалавечнасць, якой так бракуе нашай культуры.

Зараз у Беларусі абвешчаны Год малой радзімы. Але ў нас падобныя кампаніі часцяком наскрозь прасякнутыя афіцыёзам. А тут бачна, што чалавек уклаў у гэтую сядзібу сваю душу.

Пры ўсёй сціпласці і далікатнасці натуры, душа ў Юрася Аляксандравіча светлая, спагадлівая, поўная людскасці, дабрыні і любові, а характар цвёрды і ўпарты. Па-сапраўднаму каранёва беларускі.

З ім побач і камфортна, і ўтульна, і надзейна. Як кажуць, смела можна ісці ў выведку! Мо таму і свет яго жыцця і вольны, і шырокі, нягледзячы на недасканаласць і шэрасць таго, што ёсць вакол нас. І імкне, і віруе плынь яго жыцця хай сабе і стрымана, але напоўніцу.

З, юбілеем, дарагі сябра! Няхай шчасціць!

Кастусь Севярынец.

СЯБРОЎСКІ ТОСТ

На сямідзесяцігоддзе Юрася Нагорнага

Зноў зіма забалявала,

Снежны студзень на двары.

Юбілей намалявала

На тваім календары.


Нехта вякне: "Не фігура..."

Ну й няхай!

Сцялі абрус!

Я ж скажу:

Мой сябра Юра

Ёсць сапраўдны беларус!


На высокія спакусы

Ты адказваў без маны:

- Годны гонар беларуса

Не мяняю на чыны!


Без камланняў навамодных

У цябе - шчаслівы дар:

На палетках мовы роднай

Ты руплівы гаспадар.


Ты з тае яшчэ кагорты,

Што не зломіш, не сагнеш,

Спавядаеш прынцып цвёрды:

Што пасееш, то сажнеш.


Мелюць зёрны лёсу жорны.

Будзе хлеб у прышлым дні!

Свой надзел, Юрась Нагорны,

Засявай, гадуй і жні!

Кастусь Севярынец.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

366. Нікульча (Эдуард) - вытвор з суфіксам -ча ад антрапоніма Нікула і значэннем 'асоба жаночага полу (дачка, жонка) намінанта Нікула': Нікулча - Нікульча. ФП: Нікан (імя <грэч. 'пераможца, чалавек перамогі') - Никон (1556 г.) - Нікула (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Нікульча ("Беларускае народнае словаўтварэнне" П. Сцяцко, с. 176, напрыклад: Платон - Платонча, бляхар - бляхарча).

367. Нюнька (Хведар) - семантычны вытвор ад апелятыва (з суфіксам -к-а) ад нюня (разм.) 'плакса, ныцік' - ( нюн'-ка - нюнька). Або вытвор ад дзеяслова нюніць (разм.) 'надакучліва плакаць, ныць' з фармантам -ка (ТСБМ, т. 3, с. 421). ФП: нюніць - нюня - нюнька - Нюнька.

368. Няронская (Святлана) - вытвор з суфіксам -ск-ая ад тапоніма Няронскі, Нярон і значэннем 'народжанка, жыхарка названай мясцовасці': Няронская, Няронск - Няронская (надкладанне суфікса -ск- на фіналь утваральнай асно-вы).

369. Няфёдава (Вольга) - вытвор з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Няфёд і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Няфёдава. ФП: Няфёд (імя <грэч. 'упарадкаваны') - Няфёд (прозвішча) - Няфёдава.

370. Паграбіцкі (Вячаслаў) - вытвор ад тапоніма Паграбы з суфіксам -іцкі ці з суфіксам -скі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Паграбіцкі, Паграбікскі - Паграбіцкі.

371. Падгайскі (Міхаіл) - вытвор з тапанімічным фармантам -скі ад наймення Падгай і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Падгайскі.

372. Паддубскі (Ігнат) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Паддубы з значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Паддубскі.

373. Палазкоў (Ілья) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Палазок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Палазокоў - Палазкоў. ФП: полаз 1 ('адна з дзвюх ніжніх частак саней у выглядзе загнутай спераду драўлянай паласы (або металічнай пласціны)'; полаз 2 (спецыяльны брус, які падкладваецца пад ніз пры перавозцы цяжару, пры спуску караблёў і пад.)) - палазок (памянш. да полаз, суфікс -ок) - Палазок (мянушка, пазней прозвішча) - Палазкоў.

374. Палубочка (Жанна) - семантычны вытвор ад апелятыва палубочка ('палова бочкі' (рэг. полубочка) ці з акцэнтаваннем на першым складзе палубачка 'невялікая палуба' (з суф. -ачка) - гарызантальнае перакрыцце ў корпусе карабля).

375. Палукашак (Праскоўя) - семантычны вытвор ад апелятыва палукашак 'тое, што палукаш (плецены кораб, які ўстаўляецца ў драбіны воза або сані (ТСБЛМ - 2016, с. 538))'.

376. Палявец (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва палявец 'палявы вартаўнік' (КСЧ).

377. Палянскі (Валерый) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Паляна і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны' (з Паляны): Палянскі.

378. Палятаеў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Палятай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Палятайеў. ФП: палятай (рус. полетай 'жвавы, рухавы чалавек' (Даль)) - Палятай (празванне, потым прозвішча) - Палятаеў.

379. Палятай (Андрэй) - семантычны вытвор ад палятай (рус.) полетай 'жвавы, рухавы чалавек' (Даль).

380. Памецька (Арцём) - семантычны вытвор ад апелятыва памецька - памянш. ад памета, у слоўніках: спецыяльнае ўказанне на граматычную ўласцівасць слова, яго стылістычную афарбоўку і інш.

381. Паморка (Дар'я) - семантычны вытвор ад апелятыва паморка, жан. ад памор 'жыхар памор'я' - мясціны, якая прымыкае да марскога берага (на Поўначы).

382. Панчэня (Кацярына) - вытвор з суфіксам -эня (< -еня) ад антрапоніма Панко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Панкеня - Панч(к/ч)эня. ФП: Панцеляймон (імя <грэч. 'усяміласцівы') - Панко (1541) г. празванне, потым прозвішча) - Панчэня.

383. Панямонаў (Андрусь) - другасная форма, скарочаная ад Панямонцаў - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад Панямонец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Панямонецаў - Панямонцаў. Утваральнае слова Панямонне < Нёман ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 678; тут падаюцца і словы панямонец і зб. панямонцы).

384. Папрыка (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва папрыка 'чырвоны стручковы перац' (венг. paprika) (ТСБМ, т. 4, с. 28).

385. Папырка (Людміла) - семантычны вытвор ад апелятыва папырка <рус. попырка (аб карове) 'баданне', 'бегатня, беганіна', 'штуршкі, тумакі' (Даль).

386. Парошын (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Пароша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Парошын. Утваральнае слова - семантычны вытвор ад апелятыва пароша 'снег, які толькі што выпаў'. ФП: пароша ('снег') - Пароша (прозвішча) - Парошын.

387. Парфёненка (Фёдар) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Парфён з значэннем 'нашчадак названай асобы': Парфёненка. ФП: Парфеній (імя <грэч. 'чысты, нявінны') - Парфёненка.

388. Пасха (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва пасха 'салодкая ежа з тварагу са сметанковым маслам, разынкамі, якая гатуецца ў спецыяльнай форме (у выглядзе чатырохвугольнай піраміды) да Вялікадня' (ТСБМ - 2016, с. 563). Або ад рус. пасха 'вялікдзень'; кул. пасха (РБС-93, с. 452).

389. Паўлініч (Ліза) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Паўлін і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Паўлініч. ФП: паўлін ('птушка сямейства фазанавых са стракатым апярэннем надхвосця ў самцоў') - Паўлін (мянушка, потым прозвішча) - Паўлініч. Або ад жан. імя Паўліна (лац. 'малая, маленькая, нізкага росту'): Паўлініч.

390. Паўлушчык (Арсень) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Паўлуша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Паўлушчык. ФП: Павел (імя, гл. Паўлянковіч) - Паўлуша (варыянт імя, суфікс -уша; празванне, пазней прозвішча) - Паўлушчык.

391. Паўлянковіч (Ліна) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Паўленка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Паўленковіч - Паўлянковіч. ФП: Павел (імя <лац. 'малы, невялікі'), 1528 г. - Паўлёнак ('нашчадак Паўла', суфікс -ёнак) - Паўлянковіч.

392. Пачыцкая (Маргарыта) - вытвор з суфіксам - ская (-цкая) ад тапоніма Пачыца і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Пачыцская - Пачыцкая.

393. Перунова (Ганна) - прыметнікавая форма з суфіксам -ова ад антрапоніма Пярун і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Пярунова - Перунова. ФП: пярун ('маланка; грымоты'; Пярун (міф.) "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 827) - Пярун (мянушка, потым прозвішча) - Перунова.

394. Першын (Уладзімір) - другасная форма ад Першына - семантычны вытвор ад апелятыва першына 'поле, якое ўзаралі ўпершыню' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 746).

(Працяг у наступным нумары.)

Юбілей Галіны Ліс

17 студзеня 2019 года грамадскасць г. Баранавічы адзначыла 55-годдзе вядомай паэткі Галіны Іванаўны Ліс, якая нарадзілася 14 студзеня 1964 года ў вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна на Берасцейшчыне.У 1964-1981 гг. спадарыня Галіна жыла ў вёсцы Лунін, а таксама у Кажан-гарадку, а з 1983 да 1987 года ў вёсцы Моўчадзь. У 1981-1983 гг дзяўчына навучалася ў СШ №3 г. Ганцавічы. Шмат увагі выхаванню Галіны надавалі бацька Іван Васільевіч Аржаны, які працаваў тады старшынём калгаса і маці, Тамара Міхайлаўна, якая была настаўніцай.

У 1981-1983 гг. дзяўчына навучалася ў Маладзечанскім улікова-планавым тэхнікуме, а ў 1988-1992 гг. - у Гомельскім кааператыўным інстытуце. У 1983-1987 гг. наша юбілярка працавала ў моўчадскім спажывецкім таварыстве, а пасля ў 1983-1987 гг. у г. Баранавічы (гаркаап-гандаль). З 1997 і па сучасны момант - прадпрымальніца, дырэктар фірмы "ЮГ ЛІС", а таксама намеснік кіраўніка фірмы "СервізДаф" (г. Баранавічы).

Першая публікацыя Галіны Іванаўны з'явілася ў 2009 годзе ў часопісе "Гоман". Таксама публікацыі спадарыні Ліс з'яўляліся ў часопісах "Гоман" і "Сучасная паэзія", а таксама ў газеце "Наш край" (г. Баранавічы) штогод з 2009 па 2012 гг. Паэтка шмат працуе і падарожнічае па краіне: Палонская CШ (2011), Варончанская СШ (2012), а таксама выступы ў г. Салігорску і г. Стоўбцы. Адна са значных сустрэч - вечарына памяці Валянціна Таўлая, а таксама сустрэчы з чытачамі ў гарадскім доме культуры (г. Баранавічы) і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце...

Спадарыня Ліс мае ўзнагароды: ганаровую грамату ГДК да 25-годдзя клуба "Ваганты", а таксама дыплом лаўрэата фестывалю "Ветразі надзеі"...

З 1986 года ў шлюбе са спадаром Юрыем Генадзевічам Лісам і мае дачушку Вольгу. Паэтку падтрымліваюць дзве сястры: Святлана Іванаўна Кот і Ірына Іванаўна Трапец.

Галіна Ліс працуе пад уласным прозвішчам, без псеўданіма.

Юбілейны вечар " У сэрцы - дабрыня, у словах - шчырасць", прымеркаваны да юбілею баранавіцкай паэткі, адбыўся ў зале літаратуры (краязнаўства) ЦГБ імя В. Таўлая. На сустрэчу завіталі сябры, знаёмыя галоўнай гераіні мерапрыемства, баранавіцкія паэты, пісьменнікі і ўсе, хто цікавіцца музыкай і паэзіяй. Вядоўца распавяла пра жыццёвы і творчы шлях паэткі. У адрас юбіляркі гучалі віншавальныя словы і песні. Можна было пачуць музычныя кампазіцыі на вершы Галіны Ліс, у тым ліку ў яе асабістым выкананні.

Паэтка выдала 6 кніг паэзіі на беларускай і рускай мовах. У г. Баранавічы спадарыня Галіна вельмі папулярны чалавек.

З Юбілеем! Шчасця! Здароўя! Творчых поспехаў і новых кніг!!!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Японскія казкі прадстаўлены на беларускай мове

Кіраўніца Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры, які працуе ў 5-тай дзіцячай бібліятэцы г. Менска, Масако Тацумі з дапамогай дабрачыннага фонда "Чыра" ажыццявіла выданне на беларускай мове казак японскага дзіцячага пісьменніка Нанкіцы Ніімі. Пераклад выканала яе дачка Юйэ Тацумі. Кніжка патрапіла ў Нацыянальную бібліятэку і бібліятэкі абласных цэнтраў Беларусі, дзе з ёй могуць пазнаёміцца чытачы.

Нанкіцы Ніімі - папулярны японскі педагог, перакладчык і паэт (1913- 1943). Ён нарадзіўся ў пасёлку Янабэ прэфектуры Айцы ў Японіі. За сваё кароткае жыццё Ніімі пакінуў след у літаратуры і атрымаў вядомасць як японскі Андэрсан. Найбольш папулярныя яго казкі "Лісяня Гон", "Гаротнасці смаўжа", "За рукавічкамі" перакладзены на 12 моваў свету. 20 ліпеня 2013 года адзначаўся 100-гадовы юбілей Ніімі. У гонар гэтай падзеі яго казкі былі перакладзены на беларускую і рускую мовы пры дапамозе Інфацэнтра японскай культуры ў Менску.

Новае выданне дапоўнена іншымі казкамі Нанкіцы Ніімі, якія пераклала Юйэ Тацумі. Ніімі быў маладым пісьменнікам і, магчыма, таму, ён захаваў яркія ўражанні свайго дзяцінства, якія вобразна перадаў у казках.

Яго творы здзіўляюць веданнем стану дзіцячых перажыванняў у розных абставінах і дапамагаюць зазірнуць у свет пачуццяў і ўяўленняў дзіцяці. Чытач сустракае на старонках кніжкі японскіх хлопчыкаў з незвычайнымі імёнамі: Мацукіцы і Сугісаку, Таро і Кадзо, Тоіці і Сохаці, якія гуляюць са сваімі аднагодкамі, падарожнічаюць, даведваюцца пра гісторыю старажытных газавах лямпаў.

Жывёлы і расліны ў казках дзейнічаюць і трапляюць у розныя прыгоды. Парастак бамбуку ўцякае ад матулі і цягнецца на чароўны загадкавы гук. Ён вырастае дарослым, і з яго робяць чароўную флейту.

Матуляліса пасылае сваё лісяня ў вёску набыць у краме капелюшоў маленькія рукавічкі. Яна ператварае адну лапку лісяняці ў дзіцячую далонь, каб людзі не пакрыўдзілі яе малыша. Малое пераблытвае і прасоўвае ў дзверы крамы лісіную лапку, але чалавек праяўляе любоў і прадае рукавічкі на лапку лісяняці.

Казкі Нанкіцы Ніімі Масако Тацумі ведала яшчэ з дзяцінства, але яна ніколі не ўяўляла, што будзе чытаць іх калі-небудзь беларускім дзеткам! Бацькі Масако Тацумі жывуць у Кіёта. У Японіі Масакосан скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці "Сацыёлаг-педагог". Ва Уладзівастоку яна вывучала рускую мову, а потым пераехала ў Менск, каб удасканаліць веды. Тры гады яна выкладала японскую мову ў БДУ.

Маладзенькая, абаяльная японачка закахалася ў мужнага спартоўца, які нагадваў ёй стралка з лука Насу На-Ёйці са старажытнага японскага эпасу. Яго звалі Сцяпан Бугайчук. У шлюбе ў Масако і Сцяпана нарадзілася дачка Юйэ, у характары якой спалучыліся беларуская сіла волі і японская далікатнасць.

Цэнтр японскай культуры быў створаны ў Менску ў 1999 годзе пры дапамозе заснавальніка фонду "Чыра" інжынера Усуі Хіра. Дзякуючы падтрымцы простых японцаў, на Беларусі распаўсюджваюцца кніжкі пра краіну Узыходзячага сонца, дарослыя і дзеці могуць знаёміцца з японскай культурай і літаратурай, пашыраюцца сяброўскія стасункі паміж дзеячамі культуры і асобнымі людзьмі. Дэманстраванне чайных цырымоній, выставы кімано, майстар-класы па арыгамі, клуб японскіх шахмат сёгі - такія разнастайныя формы дзейнасці Інфацэнтра знаёмяць беларусаў з японскай культурай. Масако-сан шчыра любіць беларускую мову і працягвае паглыбляць веды ў ёй.

Спадарыня Масако Тацумі ўдзельнічала ў шматлікіх дабрачынных праектах, яна дапамагала з набыццём пектынавых прэпаратаў для дзіцячай SOS-вёскі ў Бараўлянах і закупкамі медыцынскай тэхнікі для РНПЦ дзіцячай хірургіі ў Менску.

Масако Тацумі з'яўляецца аўтарам ідэй і ажыццяўлення многіх сумесных беларуска-японскіх культурных праектаў. Яна перакладала на беларускую мову вершы Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага. Масако-сан была ініцыятаркай стварэння музычнага праекта "Месяц і сонца" на вершы японскіх паэтаў, які ажыццявіў Зміцер Вайцюшкевіч.

Юйэ Тацумі вучыцца ў 11 класе 18-ай менскай гімназіі. Яна марыць стаць медыкам і спрыяць аздараўленню беларусаў і японцаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара і сям'і Тацумі.1. Масако Тацумі ля партрэта Францішка Скарыны 2. Юйэ Тацумі з кнігай Нанкіцы Ніімі.

Тур Таццяны Грыневіч-Матафонавай па Лідчыне

16 і 17 студзеня выдатная беларуская спявачка, папулярызатарка беларускай літаратуры Таццяна Грыневіч-Матафонава наведвала Лідчыну Адбыліся адразу тры імпрэзы.

16 студзеня сп. Таццяна выступала на лідскіх курсах "Мова нанова". Народу было не так многа, але атмасфера была вельмі свойская і ўтульная. Магчымасць пачуць галасы класікаў беларускай літаратуры і сучасных літаратараў, прыгожыя беларускія песні і майстар клас па беларускіх танцах "Свінні ў рэпу...", "Грачанікі", "Млын" і "Яблычак". Гэта сапраўды быў клас, калі Таццяна, іграючы на скрыпцы бадзёрую танцавальную мелодыю, сама ж і вяла танец.

Назаўтра 17 студзеня чароўная дзея паўтарылася ў Бердаўскай СШ Лідскага раёна і ў СШ № 13 г. Ліды.

Гэтым адрозніваецца Лідчына, што тут пісьменнікі, паэты, артысты выступаюць пераважна перад моладдзю, сеюць зярняткі беларушчыны ў душах і сэрцах будучых гаспадароў Беларусі. І па тым, як дзеці слухаюць, наколькі ім цікава ўсё, што гаворыцца і паказваецца, можна смела гаварыць, што нічога намі не згублена, нічога не страчана, наш народ - на шляху станаўлення паўнавартаснай беларускай нацыі. У той жа Бердаўцы, калі б не абмяжоўваць час, то імпрэза магла б ісці не адну гадзіну.

Больш складана дайсці да гарадскіх школаў, і вось імпрэза ў школе № 13 прайшла, значыць можна ісці і ў іншыя школы. Пабольш бы толькі такіх самаахвярных энтузіястаў, як Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Яраслаў Грынкевіч.

Абласная алімпіяда па роднай мове

У дзейнасці Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны стала добрай традыцыяй прымаць удзел у заключных мерапрыемствах трэцяга этапу алімпіяды па роднай мове сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. Вось і ў мінулую суботу сябры абласной рады наведалі Скідзельскі прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй, дзе адбылося падвядзенне вынікаў і аб'яўленне пераможцаў.

У выступах прамоўцаў - членаў арганізацыйнага камітэта і журы - прагучала выказванне аб тым, што была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа настаўнікамі школ вобласці і з выкананнем заданняў асноўная частка ўдзельнікаў справілася паспяхова. З вучняў - уладальнікаў дыпломаў першай і другой ступені была складзена каманда ўдзельнікаў апошняга заключнага этапа алімпіяды, якая будзе прадстаўляць Гарадзенскую вобласць на рэспубліканскім узроўні.

Прадстаўнікі Гарадзенскай суполкі ТБМ падаравалі пераможцам, якія занялі прызавыя месцы (з першага па трэцяе) кнігі па краязнаўстве і выказалі пажаданне далейшых поспехаў у адкрыцці таямніц роднай мовы. Сярод настаўнікаў і класных кіраўнікоў былі распаўсюджаны газеты "Наша слова".

Наш кар.

НЯСВІЖСКІЯ КАЕТЫ

Ідзе збор матэрыялаў для першага нумара краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага квартальніка "Нясвіжскія каеты", які мае выйсці пад 25 сакавіка 2019 года.

Сёння ёсць вострая патрэба ў звестках для "Нясвіжскага гістрычнага календара" на першае паўгоддзе 2019 года. Гэта значыць: патрэбны кароткія звесткі пра падзеі, якія адбыліся на Нясвіжчыне ў студзені-чэрвені па гадах кратных 5 да 2019 года (да прыкладу, 1569, 1574 і г.д).

Таксама ўжо можна прысылаць і матэрыялы ў нумар гістарычнай і краязнаўчай тэматыкі, якія тычацца Нясвіжчыны. Можна прысылаць і літаратурныя творы гістарычнага зместу.

Тэрыторыя, якая павінна адлюстроўвацца - былы Нясвіжскі павет (сённяшнія Нясвіжскі і Клецкі раёны, а таксама былая Гавязнянская гміна, якая сёння ў Стаўпецкім раёне).

Матэрыялы чакаем у электронным выглядзе па адрасе: kajety@list.ru.

Рэдкалегія.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Вяргейчык В.П. - 30 р., г. Барысаў

2. Невядомы - 10 еўра, г. Менск

3. Рэзнікаў Аляксандр - 5 р., г. Менск

4. Грыбоўскі Васіль - 3, 5 р., в. Чурылавічы

5. Птушка С.І. - 10 р., в. Хільчыцы

6. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

7. Рабека Мікалай - 40 р., г. Менск

8. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

9. Zh. S. U. - 5 р., г. Менск

10. Заяц Мікалай - 0,1 р., г. Менск

11. Невядомы - 440 р., г. Менск

12. Енін Сяргей - 50 р., г. Менск

13. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

14. Жыдаль Дзяніс - 70 р., г. Менск

15. Кукавенка Іван - 25 р., г. Менск

16. Ралько Леанід - 20 р., г. Баранавічы

17. Бойса Іосіф - 25 р., г. Ліда

18. Стадуб - 10 р., г. Менск

19. Чайкоўскі Павел - 18,5 р., г. Менск

20. Герасіменка - 10 р., г. Гомель

21. Гяцэвіч Вячаслаў - 20 р., г. Ліда

22. Сакалоўскі Віктар - 10 р., г. Ваўкавыск

23. Панасюк А. - 20 р., г. Менск

24. Сівы - 6 р., г. Валожын

25. Ляскоўскі - 120 р.

26. Клімук - 200 р., г. Менск

27. Ляўшун - 16 р.

28. Неабыякавы - 10 р.

29. Грышкевіч - 10 р., г. Менск

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Традыцыйны строй Карэліччыны

Году малой радзімы прысвячаецца…

У 2018 годзе майстры Карэліцкага Дома рамёстваў па матывах старадаўняга адзення нашых продкаў (19 ст. - пач. 20 ст.) стварылі мужчынскі і жаночы гарнітуры. Паўгода ўдумлівага вывучэння літаратуры і руплівай працы спатрэбілася, каб матэрыяльная гісторыя нашай зямлі ажыла ў выглядзе адноўленага строю. За аснову майстры ўзялі варыянты адзення з экспазіцыі Карэліцкага краязнаўчага музея, але дадалі ў вобразы сваё бачанне.

Так, мужчынская і жаночая кашулі па арнаменце і сілуэце аналагічныя музейным, нагавіцы і спадніца таксама выкананы ў падобным стылі, але з іншай тканіны - пераважна з ільняной. Мужчынскія аксесуары - пояс ручной работы са спалучэннем рознакаляровых нітак і саламяны капялюш - таксама ў многім паўтараюць экспанаты музея.

Жаночы гарнітур Дома рамёстваў мае больш асаблівасцей. У якасці галаўнога ўбора майстры Дома рамёстваў узнавілі апаяску. Цікавае месца ў жаночым касцюме займае фартух. Музейны варыянт - гэта гарманічнае спалучэнне ручной вышыўкі і заводскіх карункаў, расліннага і геаметрычнага арнаменту. У сваю чаргу фартух у Доме рамёстваў - гэта санет сімвалаў беларускага арнаменту: сімвалы зерня, малой радзімы, продкаў (памяці, роду), чалавека (народа, краіны), моцнай сям'і, дзіцяці і абярэга.

Адноўлены строй у Год малой радзімы - выдатны падарунак майстроў роднай зямлі, які абуджае гісторыю і цешыць беларускую душу.

Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці "Карэліцкі Дом рамёстваў" Ю.А. Баярэнка.

У Слоніме адкрылася выстава, прысвечаная паўстанню 1794 года

У Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага адкрылася выстава, прысвечаная 225-годдзю паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Выстава мае назву "За волю, незалежнасць і свабоду". Наведвальнікі выставы з вялікай цікавасцю пазнаёмяцца з рэдкімі і каштоўнымі экспанатамі, якія прысвечаны паўстанню і Тадэвушу Касцюшку.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.

У с п а м і н ы

Да 155-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Акрамя мірнай працы, палітычная агітацыя пастаянна ўзрастала. З некаторых універсітэтаў моладзь высылае сваіх дэлегатаў у Варшаву на штогадовы збор Зем[ляробчага] т[аварыства]. Многа шляхты туды падаецца, нягледзячы на перашкоды з боку губернатараў, з-за чаканых там забурэнняў.

Неўзабаве прыйшла ў Вільню вестка пра варшаўскія падзеі і першыя іх ахвяры 15/27 лютага 1861 года. Вестка тая страсянула ўсю Літву і апранула яе ў жалобу, нягледзячы на пагрозы Назімава, што ўсякае праяўлення спачування да тых падзей будзе ўладамі сурова карацца.

Напэўна больш балючай за першую была вестка пра роспуск Зем[ляробчага] тав[арыства]314.


У той самы час, г. зн. у 1861 годзе, па загадзе цара ў першыя дні студзеня маршалкі збіраюцца ў губернскіх гарадах для выбару чальцоў па вясковых справах. Сялянская рэформа, наколькі ад намаганняў краю гэта залежала, праводзілася шчасліва. Ажыццяўлялася на Літве першае галоўнае заданне. Устаноўлены губернскія ўправы, пасярэднікі. (Сакратаром Губернскага ўрадавага камітэта быў прызначаны Тадэвуш Корзан). Наогул, выбар людзей быў задавальняльны. Грамадскую працу Літва вяла з запалам. Моладзь працуе супольна са старэйшымі і сваёй верай у паспяховасць той працы пабуджае іх да энергічных дзеянняў. Цэнтральны камітэт у Вільні ўзначальвае працу агулу.

У тым жа годзе ў траўні 1861 г. праяўляецца пачатак нашага ва ўсіх вымярэннях трагічнага паўстання 1863 года.

У дзень св. Станіслава315 ў Віленскай кафедры падчас пад'ёму раздаўся спеў гімну "Божа, што ж Польшча", выкананы моладдзю, якая прыбыла пераважна з-за мяжы. у тым ліку былі Бенедыкт Дыбоўскі, трое Ліманоўскіх: Люцыян, Баляслаў і Юзаф, Карэва, Зыльвяровіч і іншыя, якіх не памятаю. Усе гэтыя маладыя людзі пасля набажэнства былі арыштаваныя. Натоўп пераважна жанчын падаўся да Назімава, патрабуючы вызвалення вязняў. Дэманстрацыя скончылася без кровапраліцця.

Ад таго часу па ўсёй Літве распачаліся спевы, дэманстрацыі, якіх ужо ніхто не меў моцы стрымаць.

У ліпені таго ж года сабраўся шматлікі з'езд шляхты ў Вільні з мэтай канчатковай падрыхтоўкі праекта Крэд[ытнага] т[аварыства]316, а разам для прыняцця супольнай праграмы дзейнасці ў сувязі з пашыраючыміся дэманстрацыямі. Што да Кр[эдытнага] т[аварыства] Варшава дала свае парады, прыслаўшы дваіх вельмі разумных чалавек: Уратаноўскага і Клабукоўскага. Статут. як сцвярджалі, быў выдатна складзены, але зацверджання ўрадам не атрымаў.

За колькі дзён перад 6 жніўнем пачала кружыць па Вільні пагалоска пра прыбыццё працэсіі з Варшавы317 Спачатку ніхто з жыхароў Вільні гэтаму не верыў, аднак пагалоска ўпарта паўтаралася. Хто быў яе аўтарам? Адкуль пайшла? З якой мэтай? Пыталіся ў сябе.

Напярэдадні азначанага дня расейцы, начальнікі ўстаноў і дырэктары школ раніцай апавясцілі пагрозу: "З-за пэўнасці, што набліжаецца працэсія з Варшавы, паведамляем вам, панове, што калі б нават прыбылым не хапала харчоў або памяшкання, а вы б паспяшаліся да іх з дапамогай, будзеце выдалены з устаноў, а вучні са школ".

Ад той хвілі зніклі ўсякія сумненні ў галовах нашай сумленнай люднасці. Пяклі, смажылі, чысцілі свае жытлы, каб прытуліць змораных, згаладнелых варшавякаў. 6 жніўня ад паўдня цягнуліся незлічоныя натоўпы ў бок Пагулянкі318, несучы з сабой харчы. Дарэмныя былі перасцярогі, дарэмныя заклікі, што гэта падступства ўраду, што хочуць іх сабраць у адным пункце для арганізацыі пагрому безабаронных, каб адбіць віленцам раз назаўсёды ахвоту да дэманстрацый. Абураны натоўп адкідаў перасцярогі, прымаючы іх за галасы паліцыі. Раптам з бакавых вуліц у месцы, дзе многа гадоў назад адбылася экзекуцыя Канарскага, войска пачало акружаць і сціскаць найбольш зграмаджаных людзей. Раздаліся выстралы, секлі палашамі, білі прыкладамі. Трывога, крык, енкі, заклікі: "Не аддаваць маскалям параненых і забітых!" Нягледзячы на біццё, народ бароніцца, не дае.

Арыштаваных шмат. Параненых схавалі ў бакавых прылеглых вуліцах, дзе адчыняліся дзверы дамоў для іх прыняцця. Адны крычаць: "У палац! Да Назімава, адабраць параненых!" Іншыя (Рудаміна): "У касцёл! На Анёл Панскі за палеглых". На шчасце гэты голас перамог.

Ужо позна было, калі натоўпы ў ясную месячную ноч, спяваючы "Божа, што ж Польшча" накіраваліся Нямецкай вуліцай319 да Вострай Брамы.

Увесь горад браў удзел. Люд з добрай верай, іншыя, каб на колькі можна, надаць як найменш грозны кірунак дэманстрацыі, іншыя яшчэ з цікавасці. Усе дамы ў той дзень сталі пусткамі.

У першыя дні н[овага] 1962 г[ода] ўведзены ў жыццё "Надаўчы ліст"320.

У некаторых мясцовасцях сяляне выказвалі гатоўнасць адрачыся ад усялякіх выгадаў за наданне ім шляхецтва (разумеючы напэўна ў тым небіццё палкамі, незбыткаванне кожнага над хамам, нездаванне ў рэкруты і да т.п.). Жмудзіны асабліва. У князя Ірэнія Агінскага (належаў да пецярбургскай арганізацыі) сяляне не хацелі ніякіх змен, прасілі, каб іх пакінулі ў спакоі, так упарадкаваных, як датуль жылі.


Рэтаўшчына321 Агінскага была сапраўдным аазісам. Агінскі з зацятасцю ўзяўся за справу ашчасліўлення сваіх прыгонных, а меў іх звыш 10 тысяч мужчынскіх душ (так у той час лічылі прыгонных). Пачаў сваю справу з адшукання ласкаў двара, узяў замуж Каліноўскую, даму двара імператрыцы. Іменаваны шамбелянам. Прадставіў імператару Мікалаю свае добры як бунтоўныя, прасякнутыя свабодалюбівымі прынцыпамі, якія аказваюць згубнае ўздзеянне на суседнюю люднасць. Пераканаў імператара ў неабходнасці адасаблення іх. І пра свае добрыя намеры вывесці сваіх прыгонных на правую дарогу.

Пасяліўся сярод свайго люду. Першым, у выключным парадку, атрымаў права адмены ў сябе паншчыны. Увёў гмінныя ўправы, заснаваныя на галасаванні. Меў 12 гмін, як войт кіраваў імі, закладвае банкі ўкладава-пазыковыя ці ашчадныя, пазбаўляе свае добры ад рэкруцкага набору за выплату 700 рублёў з гміннай касы, будуе для войска казармы (не памятаю, на якой адлегласці) з тым, каб нага жаўнера ніколі не ступіла ў яго воласці. (Апавядалі ў Пецярбургу і смяяліся з прыгоды аднаго палкоўніка, які бавячы час у тамтых краях. хацеў навочна пераканацца ў парадках у Рэтаўшчыне. Памежныя слупы абвяшчалі, што кожны вайсковец, які пераступіць мяжу атрымае 50 бізуноў. Паштовы вазніца асцерагаў, але высакамерны палкоўнік адказаў: "Дурак, это меня, полковника, не касается" 322, але ледзве пераехаў з дзясятак крокаў за слупы, памежная варта схапіла п[ана] палкоўніка, даставіла ў гміну, там асудзілі і прыгавор выканалі, пасля чаго пад экскортам адправілі прэч за мяжу. Палкоўнік паскардзіўся. Агінскага арыштавалі, вызвалілі праз тры месяцы, але са свайго боку ён распачаў працэс супраць дзяржавы на 100 тысяч кампенсацыі за страты, якія панёс у час сваёй адсутнасці. Выплацілі.) Закладвае крамы, базары, склады прыпасаў, уводзіць устрыманні. У яго не ведалі гарэлкі. Ва ўсе тыя паляпшэнні ўкладваецца гміна, але аднак, нягледзячы на тыя выдаткі, Рэтаўшчына славіцца ладам, багаццем і спакоем. Як гміны, так і сам князь, які, калі засядаў ва ўправе як войт, заўсёды ўбіраўся ў самаробны сукман (праўда, што той сукман меў атласную падшэўку).

(Працяг у наступным нумары.)

314 25.ІІІ.1861 г.

315 8 траўня.

316 Намер утварэння Земскага крэдытнага таварыства, а таксама Земляробчага таварыства паўстаў у коле землеўладальнікаў у 1860 г. Склікалі камісію для ўлажэння Статута таварыства, у склад якой увайшлі згадваныя ва ўспамінах Серакоўскай: А. Аскерка, С. Ромер і К. Фалевіч. Сабраны ў Вільні 1.VII.1861 г. з'езд землеўладальнікаў з Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Менскай губерній, а таксама прадстаўнікі даўніх польскіх Інфлянтаў прадыскутавалі праект. Прынятыя артыкулы апублікаваны ў форме брашуры, выдадзенай Адамам Ганорым Кіркорам: "Праект статута Земскага крэдытнага таварыства для Літоўскіх губерній" ("Projekt Ustawy Towarzystwa Kredytowego Ziemskiego dla Guberni Litewskich").

317 31.VII / 12.VIII.1861 г. у гадавіну заключэння Люблінскай уніі адбылася вялікая маніфестацыя ў Коўні. Калона ковенскіх маніфестантаў на мосце цераз Нёман злучылася з калонай маніфестантаў з Польскага Каралеўства. Падобна, што чакалі прыбыцця падобнай працэсіі з Варшавы. 6/18.VIII адбылася маніфестацыя ў Вільні на Пагулянцы, пра якую піша Серакоўская.

318 Пагулянка - квартал Вільні.

319 Цяпер вул. Вакечу.

320 Гаворка пра ўвядзенне ў жыццё ўставы ад 19.ІІ.1861 г. аб адмене прыгону ў Віленскай. Гарадзенскай, Ковенскай, Менскай губ. і частцы Віцебскай губерні. Надаўчыя лісты (Устаўныя граматы) абгаворвалі ўмовы надання зямлі сялянам.

321 Рэтаўшчына, Рэтаў (літ. Rietavas, рэтаўскае самакіраванне), маёнтак Агінскіх у Тэльшаўскім пав., Ковенскай губ.

322 Дурань, гэта мяне, палкоўніка, не тычыцца (рас.).

Мінуў 2018 год - першы Год малой радзімы

Аляксандр Крой,

сябар садовага таварыства "Мігова"

і сябар абласной Рады ТБМ

М і г о в а

(Заканчэнне. Пачатак ў папярэдніх нумарах.)

Пасля нашага прыпынку, які мы закончылі напрыканцы жніўня 2018 года быў зроблены цікавы праект на Магілёўшчыне на прыпынку ў вёсцы Глуша, на малой радзіме Алеся Адамовіча і прысвечаны яго памяці. Варта таксама звярнуць на яго ўвагу.

Частка ІІІ

Другая ідэя для садовых таварыстваў, якой мы дзелімся, наступная. У таварыстве вуліц і дамоў сёння больш, чым было ў вёсцы Мігова. У шматлікіх садовых таварыствах вуліцы да сёння пазначаюцца нумарамі: першая, другая, трэцяя… А хто перашкаджае ім даць назвы ў гонар вядомых мясцовых асобаў, падзей, павесіць шыльды назваў вуліц і нумары ўчасткаў? Так нашы сябры садовага таварыства і зрабілі ў мінулыя гады. Дамовіліся з суседам Міхалам, які мае адмысловы замежны дрэваапрацоўчы ручны станок і за 30 хвілін можа вырабіць на дошцы назву вуліцы. Застаецца іх толькі пакрыць лакам і ўсталяваць на доме адпаведнай вуліцы з дазволу кіраўніцтва таварыства і гаспадара дачы.

Вуліцы назвалі імёнамі тутэйшых людзей, якія нарадзіліся, жылі, працавалі, адпачывалі і засталіся ў памяці мясцовых людзей. Першымі ў таварыстве з'явіліся вуліцы акадэміка Я. Карскага і адзіная ў Беларусі вуліца князя-асілка Комата. Як лічаць некаторыя краязнаўцы, вёска Коматава ўтворана ад імя гэтага славутага князя, пра якога людзі Гарадзеншчыны і Ковеншчыны, па сведчаннях этнографа Паўла Шпілеўскага, спявалі песні больш 600 гадоў, з 13 па 19 стагоддзе. А Ян Чачот пра князя Комата нават напісаў верш. Ці ёсць яшчэ на Беларусі падобны прыклад такой доўгай памяці простых людзей пра нейкага героя? Род Коматаў вывучаюць летувісы і палякі, ангельцы, але звестак пра яго за 13 стагоддзе не шмат. Гэта ён праводзіў перамовы з галіцка-валынскімі князямі і ад іх загінуў у 1254 годзе, пакінуўшы быццам трох сыноў… там вядзецца гаворка і пра населены пункт Комата, які быў спалены (Іпацьеўскі летапіс). Некалькі гадоў назад на беразе Нёмана археолагамі быў зроблены самы вялікі ў Беларусі раскоп у сельскай мясцовасці (450 м2) - познесярэднявечныя могілкі, якія пасля вывучэння вучонымі і перазахавання парэшткаў людзей знаходзяцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Там на беразе Нёмана на паўвостраве пастаўлены дзяржавай знак "Могільнік Коматава-5". Дамогся гэтага мясцовы краязнаўца Васіль Сямко з Коматава, які доўга абіваў парогі кіраўніцтва вобласці.

Пасля праведзенай вечарыны на лецішчы, прысвечанай заслужанаму настаўніку Беларусі Апанасу Цыхуну, на якую сям'я Шалай запрасіла сваю калегу па працы Ларысу Цыхун, вырашылі надаць іншым вуліцам без назвы ў садовым таварыстве імя заслужанага настаўніка Беларусі А. Цыхуна, старшыні СВК "Абухава" Ільі Сянько, святара Іосіфа Амельяновіча, які выратаваў жыхароў Коматава ад расстрэлу фашыстамі ў 1944 годзе, мясцовага гаспадара маёнтка "Мігова " Аляксандра Абуховіча і іншых.

Трэцяя ідэя. Як працяг першай і другой. У мінулым 2017 годзе зроблены неабходныя дакументы праз Міністэрства культуры і мясцовыя ўлады для ўсталявання памятнага знака ў вёсцы Мігова акадэміку Я. Карскаму. Каб гэта рабілі на землях садовага таварыства, то патрэбна было ў 10 разоў менш дакументаў і ўзгадненняў з уладамі. Але зрабілі цяжэйшы варыянт. Дакументы ёсць, але запрошаная сума ад будаўнічай фірмы на ўсталяванне памятнага знака ў вёсцы Мігова ў 10 тысяч беларускіх рублёў для тутэйшых мясцовых людзей і сяброў таварыства на сёння пакуль непад'ёмная. Багаты фундатар таксама пакуль не знайшоўся. Таму вырашылі рабіць гэта паэтапна. На весну прывезці некалькіх машын пяску для пляцоўкі, разраўняць, зрабіць падмурак пад валун-знак, прывезці і ўсталяваць на падмурак знойдзены шматтонны валун. Потым неабходна зрабіць шыльду з надпісам, якую ў ліпені 2017 года зацвердзіў на сваім паседжанні Гарадзенскі абласны мастацка-экспертны савет па манументальна-дэкаратыўным мастацтве і рэкамендаваў устанавіць памятны знак Я. Карскаму ў Мігове.

Спадзяёмся на Божую ласку і на нашых добрых мясцовых чытачоў, якія любяць Беларусь, сваю малую радзіму-Бацькаўшчыну і могуць крыху матэрыяльна дапамагчы нам ва ўсталяванні ў Мігова валуна з шыльдай акадэміку Я. Карскаму. Рахунак Гарадзенскага абласнога ТБМ на "Памятны знак Я. Карскаму": р/р BY34RSHN30156897300130 000000 у ЗАT "Банк "Рашэнне", БІК: RSHNBY2X, УНП 500599123. Прозвішчы будучых фундатараў і сумы (са згоды фундатараў) будуць надрукаваны ў СМІ.

Па ўсіх трох ідэях нам можна патэлефанаваць: +375-33-342-16-17, ці напісаць на эл.адрас: migowich@tut.by.

Сёлета Зюзя Дзеда Мароза ў Лідскі замак не пусціў

Пазнаёміцца з каляднымі традыцыямі - спарава важная і неабходная для маладога пакалення. Інтэрактыўныя гульні, квэсты, па-дарожжы - усё гэта дапамагае сёння дзецям лепш пазнаёміцца з жыццём продкаў і зазірнуць у мінулае сваёй малой радзімы.

Напярэдадні старога Новага года, які адзначаецца з 13 на 14 студзеня, усіх ахвочых запрасіў у госці Лідскі замак. Менавіта ў сценах старажытнага помніка архітэктуры ХIV стагоддзя прайшоў тэатралізаваны калядны фэст. Стаць удзельнікамі насычанага тэатралізавана-абрадавага дзеяння, атрымаць зарад добрага настрою і пазітыву, пачаставацца прысмакамі мелі магчымасць усе лідзяне. Вучні 6 "Б" класа СШ № 11 разам з бацькамі і класным кіраўніком таксама вырашылі ўбачыць усё сваімі вачыма і стаць актыўнымі ўдзельнікамі свята.

Сярод магутных мураваных сцен работнікі культуры Лідчыны наладзілі сапраўдны "Калядны фэст". Музыка, спевы, зімовыя забавы, пачастункі, прыемныя ласункі - усё гэта атрымалі вучні, якія актыўна ўдзельнічалі ў свяце.

"Калядны фэст" запрасіў на імправізаваную пляцоўку - у сялянскую хату, дзе гаспадар і гаспадыня чакалі гасцей. Першым з'явіўся бог зімы Зюзя. Ён пачаў пужаць, што падрумяніць усім шчокі, пасля - што сваёй булавой будзе біць па чароўным пні, і тады пачнуцца траскучыя маразы. Але потым, крыху падсілкаваўшыся прымакамі са святочнага стала, ён падабрэў, і ўсе адчулі, што мароз адступіў. Услед за беларускім Зюзям у хату завіталі калядоўшчыкі. Зарканоша нёс калядную зорку, якую пасля запальвалі ў хаце. Каза, якую прывялі калядоўшчыкі, тупаючы абяцала добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і багаты ураджай: "Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе каза хвастом, там жыта кустом". Хітрая каза і ў скокі кідалася, і памірала, і ўваскарасала, пасля таго як гаспадары пачаставалі яе і калядоўшчыкаў прысмакамі. Цыганка прывяла мядзведзя, які танчыў пад бубен і смяшыў гледачоў. Дарэчы, цыганкі, натуральна, варажылі ўсім ахвотным, але пры ўмове "пазалаціць ручку".

Пакуль адны гледачы слухалі звонкія песні, іншыя госці мелі магчымасць стаць удзельнікамі зімовых забаў, цікавых конкурсаў, вясёлых эстафет, каляднай гульні "Ката пячы". Акрамя цікавых забаў, не абмінулі ўвагай вучні і выставу-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усе змаглі купіць сувеніры на памяць. Дзеці вадзілі калядны карагод вакол прыгажуні ёлкі і з такім жа задавальненнем глядзелі п'есу "Цар Ірад" лялечнага тэтра "Батлейка".

Своеасаблівым сюрпрызам, які падарыў яшчэ больш добрага настрою, стала арт-прастора "Калядная" з удзелам творчых калектываў Лідскага раёна.

Задаволеныя, хоць крыху стомленыя, вучні атрымалі цудоўныя ўражанні, якімі доўга будуць дзяліцца з тымі, хто не змог наведаць "Калядны фэст" у гэтым годзе, але напэўна, захоча зрабіць гэта ў наступным годзе.

"Калядны фэст у Лідскім замку" ўжо стаў брэндавым мерапрыемствам для горада, бо дапамагае і бацькам, і дзецям дакрануцца да традыцый нашых продкаў, якія нельга забываць, а наадварот, трэба адраджаць і захоўваць.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 6 "Б" класа СШ № 11 г. Ліды.

Адкуль у нас з'явіліся прусакі?

Леанід Лаўрэш

Я вырашыў у гэтым артыкуле падсумаваць дастаткова цікавую інфармацыю пра агульна вядомых казурак - тараканаў, якую час ад часу сустракаю ў розных крыніцах.

Пачнём здалёк.

Вядома, што рускі цар Пётр І ніколі не ўваходзіў у хату, пакуль нехта з яго служак не агледзіць усе пакоі і не ўпэўніцца ў тым, што ў доме няма розных гнюсных насякомых. Расказваюць, што аднойчы цара частаваў у сваім доме нейкі афіцэр. Калі госці селі за стол і пачалі баляванне, Пётр падазрона спытаў у гаспадара:

- Ці чысты твой дом ад прусакоў?

- Амаль што, - адказаў гаспа-дар, - а каб мне зусім ад іх пазбавіцца, я аднаго тут прыбіў жыўцом.

І ён паказаў на сцяну, дзе яшчэ перабіраў лапкамі і варушыў вусамі прыбіты цвіком прусак. Убачыўшы таракана, цар здрыгануўся і ўскочыў з-за стала, потым даў гаспадару добрую аплявуху і ўцёк. Падобнага кшталту гісторыі пра Пятра І пераказваюць розныя расейскія аўтары.

Жыхар Лідчыны, гісторык Юстын Нарбут (не блытаць з Тэадорам!) захаваў, а ў сярэдзіне XIX ст. Адам Кіркор апрацаваў і надрукаваў успамін пра знаходжанне Пятра І ў Лідскім павеце.

Тры дні, на пачатку верасня 1705 г., Пётр гасцяваў у гаспадара маёнтка Трабушкі (што паміж Эйшышкамі і Радунню) лідскага шляхціца Ільцэвіча. Зразумела, што перад друкам той успамін быў моцна адрэдагаваны, каб паказаць веліч, добрасумленнасць і шляхетнасць гэтага цара, які, як вядома, меў няўстойлівую псіхіку і розныя, мякка кажучы, дзіўныя схільнасці. Але ва ўспамінах Ільцэвіча ёсць яўна аўтэнтычны кавалак тэксту які я і прыводжу ніжэй - дазволю сабе дастаткова вялікую цытату:

"Аднойчы, перад поўднем, кавалерыя, пяхота і артылерыя наляцелі, як гром на Трабушкі ... афіцэры агледзелі і ператрэслі ўсё ў доме Ільцэвіча і загадалі яму перайсці з сямействам у стадолу, пасля чаго пачалі паляпшаць памяшканне ... У святліцы сцены пакрылі парчой, падлогу выслалі дыванамі. ... Да вечара пад'ехалі свежыя казакі і драгуны, разам з імі прыехала карэта, запрэжаная шасцю коньмі. ... З карэты выйшлі двое мужчын: адзін высокага росту з вусамі, ... другі сярэдняга росту, тоўсты і старэйшы за першага. ...

Ледзь яны ўвайшлі ў дом, як загадалі паклікаць гаспадара. "Я ўвайшоў, распавядаў Ільцэвіч, калі адзін з старэйшых дварэцкіх даваў справаздачу аб сродках на кухню ..." Ільцэвіч нізка пакланіўся абодвум. ... Высокі мужчына гучна запытаў:

- Як цябе завуць?

- Бедны шляхціц Леў Ільцэвіч да вашых паслуг.

- Ці ёсць у тваім доме прусакі?

Такое пытанне Ільцэвіч раней чуў ужо некалькі разоў, і, не ведаючы, навошта ім патрэбныя гэтыя брыдкія істоты, адказаў:

- На жаль, ні ў нас, ні ва ўсёй Літве не водзяцца гэтыя звяркі ....

Засмяяўшыся, высокі спадар сказаў:

- Але ж гэта, друг мой, не звяры, а агідныя і шкодныя чорныя жукі.

Ільцэвіч адказаў:

- Можа быць, але мы іх не ведаем ..." (Памятная книжка Виленскай губернии на 1860 г. Вильно, 1860. Ч. 2. С. 31.)

Потым гаспадар дома даведаўся, што высокі мужчына - гэта сам цар Пётр І, а тоўсты - царскі фаварыт Шафіраў.

Як бачым, на пачатку XVIII ст. ніхто ў нас і не ведаў пра існаванне гэткіх непрыемных казурак.

У Расіі сёння мае распаўсюд легенда пра тое, што тараканаў (ці іх разнавіднасць - прусакоў, рыжых тараканаў) занеслі з Прусіі рускія салдаты падчас руска-прускай вайны (1756-1763 гг.), а раней гэтых кузурак там і не было. Але тады адкуль узялася фобія на тараканаў у рускага цара?

Пойдзем далей.

Вось што занатаваў у дзённіку ў лістападзе 1822 г. візітатар, правінцыял ордэна дамініканаў (выдаўцы зборніка дакументаў, дзе надрукаваны яго ўспаміны, чамусьці не падалі імя гэтага чалавека):

"Ліда засталася па правай руцэ. Начавалі мы ў карчме ксяндзоў піяраў, карчма была б цалкам зручнай, калі б не прусакі - казуркі занесеныя з глыбіні Расіі ў Літву. Гэтыя казуркі завуцца прусакамі таму, што яны тут з'явіліся гэткім чынам: былі прынесеныя азіяцкімі ордамі падчас паходу рускіх на Прусію ў валадаранне царыцы Лізаветы".

(Археографический сборник документов издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1904. Т. 14. С. 136-137.)

Такім чынам, на пачатку XIX ст. тараканы ў нас ужо добра вядомыя і моцна дапякаюць жыхарам гістарычнай Літвы, але людзі яшчэ памятаюць, адкуль яны тут з'явіліся. І, дарэчы, у Германіі і Чэхіі рыжых тараканаў (прусакоў) і зараз называюць "рускімі" (па-нямецку: russen, па-чэшску: rus). А біёлагі цвердзяць, што ў XIX ст. тараканы менавіта з Азіі былі занесены ў Еўропу.

На пачатку XXI ст. па невядомай прычыне тараканы амаль што цалкам зніклі з нашых гарадоў (як надоўга?), і маладыя беларусы, таксама, як і шляхціц пачатку XVIII ст. Леў Ільцэвіч, ужо не ведаюць гэтых "брыдкіх жывёл".

Ад аўтара. У гэтай папулярнай публікацыі я адмыслова падаю крыніцы інфармацыі пра тараканаў, каб пазбегнуць абвінавачванняў у міфатворчасці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX