НАША СЛОВА № 6 (1417), 6 лютага 2019 г.
Заява Рады ТБМ
Аб удзеле арганізацыі ў палітычных кампаніях 2019-2020 гг.
Рада ТБМ заклікае ўсіх сваіх сяброў і прыхільнікаў прыняць актыўны ўдзел у палітычных кампаніях 2019-2020 гг. з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця нашай краіны.
27.01.2019 г.
Слонімскае ТБМ выпусціла паэтычны перакідны каляндар
Слонімская раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" выпусціла ўнікальны настольны перакідны каляндар "Паэзія Шчарай ліецца…". Каляндар складаецца з прыгожых фотаздымкаў і вершаў паэтаў Слонімшчыны, якія жывуць у розных кутках Беларусі і ў іншых краінах. Творы паэтаў прысвечаны прыродзе, роднай мове і Бацькаўшчыне. Сярод аўтараў календара - Надзея Салейка, Святлана Варонік, Яўген Барышнікаў, Сяргей Чыгрын, Алена Руж, Ірына Войтка, Ігар Бурсевіч, Святлана Адамовіч, Мікола Канановіч, Дар'я Бялькевіч, Мікалай Емяльянчык, Уладзімір Лабко.
Акрамя вершаў паэтаў, у календары апублікаваны іх фотаздымкі і біяграфічныя звесткі. Прадмову да календара напісала кіраўнік Слонімскай арганізацыі ТБМ Святлана Бушчык, якая адзначыла, што "гэтае выданне - сціплы ўнёсак беларускіх паэтаў Слонімшчыны ў скарбонку падарункаў свайму краю да самага яркага свята, якое Слонім прыме 1 верасня 2019 года - Дня беларускага пісьменства і друку". Дарэчы, Святлана Бушчык таксама з'яўляецца яшчэ ўкладальнікам і рэдактарам календара. Каляндар надрукаваны ў Гародні выдавецтвам "ЮрСаПрынт".
Сяргей ЧЫГРЫН, г. Слонім.
Леаніду Лычу - 90
Леанід Міхайлавіч Лыч (нар. 8 лютага 1929, в. Магільнае, Уздзенскі раён Менскай вобл.) - беларускі гісторык, публіцыст; доктар гістарычных навук, прафесар.
Нарадзіўся сельскай сям'і. Пасля вайны навучаўся ў Менскім статыстычным тэхнікуме, вайсковым вучылішчы, скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута ў Уфе (1957). З 1958 г. працаваў настаўнікам. З 1962 года ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР, прайшоў шлях ад старшага лабаранта да вядучага навуковага супрацоўніка (1989), доктара гістарычных навук, прафесара. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992-1996).
Даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX-XX ст., міжнацыянальныя адносіны ў краіне ў XX стагоддзі.
Адзін з аўтараў кніг "Гісторыя Беларускай ССР", "Гісторыя рабочага класа БССР", "Гісторыя Мінска"; аўтар манаграфіяў "Беларуская нацыя і мова" (1994), "Назвы зямлі беларускай" (1994), "Гісторыя культуры Беларусі" (1996) ды інш.; aўтap кніг "Нарысы гісторыі Беларусі" (1995), "Краязнаўства - крыніца ведаў і нацыянальнага сталення" (Бібліятэчка "Краязнаўчай газеты", выпуск 1, 2004), "Міжнацыянальныя адносіны на Беларусі (верасень 1943 г. - кастрычнік 1964 г.)" (2009), "Уніяцкая царква Беларусі: Этнакультурны аспект" (2010), "Магільнае ў часы нямецкай акупацыі (чэрвень 1941 г. - ліпень 1944 г.)" (2011), "Беларуская нацыянальная ідэя" (2010) ды інш. Навукова-публіцыстычныя артыкулы друкуюцца таксама ў часопісах і газетах.
Вікіпедыя.
Агульнавядома, каб сёння беларуская мова не на словах, а на справе стала дзяржаўнай, яе трэба поўнамаштабна ўвесці ў палітычнае, эканамічнае і вайсковае жыццё, адукацыю, навуку, культуру, а таксама ў розныя сферы неафіцыйнай грамадскай дзейнасці людзей. Не сакрэт, што такое рэальна толькі праз самае істотнае абмежаванне сацыяльных функцый рускай мовы, якую ўжо з першых дзён усталявання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай яе ўлады, як след не падумаўшы, зрабілі фактычна адзінай дзяржаўнай і пачалі планамерна выводзіць беларускую мову адусюль, куды яе змаглі ўкараніць дагэтуль. Не сакрэт, што пайсці на абмежаванне маштабаў выкарыстання рускай мовы ў афіцыйным жыцці ніхто з нашых палітыкаў нават і пры вялікім жаданні не адважыцца, ведаючы, як за яе лёсам у іншых краінах пільна сочаць Маскоўскі Крэмль і яго гаспадар Уладзімір Пуцін. Таму на прыняцце супярэчлівых іх інтарэсам захадаў па вырашэнні моўнай праблемы не хопіць смеласці ў палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, прычым нават і тады, калі яно цвёрда ўсвядоміць сабе, што моўная залежнасць ад усходняга суседа да нуля зводзіць яе дзяржаўны суверэнітэт. Вось у што, цалкам заканамерна, вылілася недасведчанасць у моўным пытанні тых, хто прыйшоў да ўлады ўлетку 1994 года, хто ў маі 1995 года рукамі збітага з панталыку народа сацыяльна зраўнаваў рускую мову з беларускай! Зараз яе не выратаваць без згоды Масквы. Надзеяў жа на яе згоду вельмі мала, паколькі яна так моцна зацікаўлена ў тэрытарыяльным аднаўленні колішняй савецкай імперыі - СССР ...
Леанід Лыч.
Зварот Рады ТБМ
Аб штогадовых складках
Рада ТБМ звяртае ўвагу арганізацый ТБМ на своечасовы збор сяброўскіх складак за 2019 год. Па просьбе старшынь арганізацый нагадваем памеры складак:
З 1 ліпеня 2018 г. устаноўлены наступныя памеры складак сяброў ТБМ:
- для тых, хто працуе - 15 руб. на год;
- для пенсіянераў і беспрацоўных - 7 руб. на год;
- для студэнтаў - 3 руб. на год;
- для школьнікаў - 1 руб. на год.
- для грамадзян РФ - 750 рас. руб., іншых краін - 15 даляраў ці 15 еўра на год.
27.01.2019 г.
Тэксты да 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі
Шаноўнае спадарства!
Рада ТБМ пастанавіла адзначыць чарговы (20-ы) Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. На Радзе былі вызначаны тэмы ў падтрымку Беларушчыны па Каліноўскаму, па Арлову, па Караткевічу.
Мы друкуем артыкул "Адкуль узялася паншчына?" з "Мужыцкай праўды" № 2. Гэты тэкст пісалі ў 2013 годзе. Змяшчаем чатыры фрагменты з эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта...", а таксама "Беларускую песню" Уладзіміра Караткевіча.
У дадатак рэдакцыя "Нашага слова" прапануе верш вучаніцы 40-й школы г. Магілёва Насці Мацюлінай "Наказ". Магчыма, менавіта гэты верш захочуць напісаць у школах.
Безумоўна, у кожным горадзе, у кожнай вёсцы, у кожнай установе, у кожнай арганізацыі вольна ўзяць свой тэкст нечым больш блізкі, больш адпаведы канкрэтнай мясцовасці, статусу канкрэтнай установы і г.д. Галоўнае, каб да дыктоўкі далучылася як мага больш беларусаў, каб быў заўважным наш беларускі свет.
Адкуль узялася паншчына?
Дзецюкі!
Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў аднолькавую душу, дык адкуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе ды і над людзьмі збыткуе, а другі бедны паншчыну служыць або аброкі ў казну плаціць?
Быў калісьці народ наш вольны і багаты. Не памятаюць гэтага нашыя бацькі і дзяды, але я вычытаў у старых кніжках, што так калісьці было. Паншчыны тады ніякай не было. І няма чаго таму дзівіцца, бо было лесу шмат, поля - колькі хочаш, а людзей мала, дык нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і мець сваё поле.
Але ў суседстве з намі жыў немец і цар. Аднаму і другому багацце наша калола ў вочы, каб іх так колка схапіла, і хацелі нас сагнаць з нашае Бацькаўшчыны. Трэба было бараніцца, дык кароль кажа: "Хадзем бараніцца!" - а тут не ўсе ідуць, ды і мала нашых пайшло. Выгналі цара і немца, але каб жонкі і дзеці гэтых, якія хадзілі на вайну, мелі за што пражыць, кароль наш напісаў такое права: "Гэтыя, якія не хочуць ісці бараніць сваю зямлю, няхай абрабляюць поле гэтым, якія б'юцца за волю і шчасце ўсіх".
І гэтак было доўга: адны баранілі край, усё хадзілі па войнах, а другія то аралі, то сеялі, то касілі, то жалі. Згэтуль і ўзялася гэтая паншчына. Мяркуйце цяпер самі, ці можна было зрабіць справядлівей, як зрабіў калісьці наш кароль?
Яська, гаспадар з-пад Вільні.
("Мужыцкая праўда" № 2, 1862 г.)
Незалежнасць - гэта...
... Незалежнасць - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, - на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату і маме не трэба будзе ўсё лета збіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата і мама, а проста ніколі пра гэта не думалі, бо выраслі пры інтэрнацыяналізме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару і два - сакратарцы, і першы вераснёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў свой клас не даведаешся, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўраду, у вас на ўвесь клас толькі адзін лемантар і дзве «матэматыкі» на роднай мове.
... Незалежнасць - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскара, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасць», і ты па-французку растлумачыш яму.
.... Незалежнасць - гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што расстраляла твойго дзеда і задушыла голадам тваю бабулю.
... Незалежнасць - гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.
Уладзімір Арлоў, люты 1990 г.
Беларуская песня
Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў.
Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты - наш край.
Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.
Уладзімір Караткевіч.
НАКАЗ
На ўсю Беларусь мільён пракурораў
І толькі адзін, толькі ён адвакат.
Рыгор Семашкевіч.
Ён быў адвакатам не толькі
Сялянскаму простаму люду.
Ён быў адвакатам для мовы,
Для мовы сваёй беларускай:
"Вы паслухайце, людзі добрыя,
Людзі добрыя, беларускія!
На судзе перад вамі і Богам я
За мову сваю заступлюся…
Ніякая яна не "мужыцкая"
Дый не горшая за французскую.
Мова наша напеўная, чыстая,
Мова наша такая ж людская!
Ну чаму ж мы такія бяздольныя?
Родных словаў чаму выракаемся?
І пісаць мы па-свойму няздольныя,
І з мовы свае насміхаемся…
Яна ж Богам навекі нам дадзена,
Каб душы нашай стаць адзежынай!
Яна продкамі ў генах закладзена,
Каб нашчадкам быць годна данесенай.
Шмат народаў, на мову забыўшы,
Адышлі з анямелым горлам.
Мову родную ў сэрцах стуліўшы,
Не пакіньце яе, каб не ўмёрлі!"
… Да словаў Мацея мы і зараз
Схіляемся ў думах і ў сэрцах.
Нам гэты наказ назаўсёды.
Як сцяг, тыя словы трымаем.
Жыццём той наказ мы пацвердзім,
Сынам перадаць сваім зможам.
Жыві, Беларуская Мова,
Бо ёсць у цябе адвакаты!
Насця Мацюліна, вучаніца СШ № 40 г. Магілёва.
Падрыхтаваў да друку Міхась Булавацкі.
НАШЧАДАК МАЦЕЯ БУРАЧКА
21 сакавіка 2018 года, у Міжнародны дзень паэзіі, у цэнтры дзіцячай творчасці "Эверэст" прайшоў ІІІ гарадскі конкурс вакалу і мастацкага чытання "Магілёўскія зорачкі". І спевы, і вершы на гэтым конкурсе гучаць толькі на беларускай мове, таму гэты конкурс - унікальная з'ява дзіцячай творчасці Магілёва. Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: 6-9 год, 10-13 год і 14-18 год. Бываюць выключэнні: на пазамінулым конкурсе бурныя воплескі гледачоў і журы выклікала песенька "Цік-так, ходзікі, мне чатыры годзікі…", якую выканала чатырохгадовая дзяўчынка.
Радуе, што конкурс набывае папулярнасць: на гэты раз у намінацыі "мастацкае чытанне", дзе аўтар гэтых радкоў быў сярод чальцоў журы ад Таварыства беларускай мовы, удзельнічалі ажно 72 прэтэндэнты з розных навучальных устаноў горада. Варта адзначыць, што ўдзельнікі парадавалі не толькі сваёй колькасцю, але і выбарам твораў для чытання, і якасцю выканальніцкага майстэрства. Шасцёра з іх чыталі вершы ўласнай творчасці, што асабліва кранала журы. І невыпадкова гран-пры ў гэтай намінацыі атрымала адна з гэтай шасцёркі - дзесяцікласніца школы № 40 Насця Мaцюліна, якая пранікнёна выканала свой верш, прысвечаны Мацею Бурачку (Францішку Багушэвічу), "адвакату роднай мовы".
Насця пісала вершы і раней, але пісала на рускай мове. Гэты твор - першая спроба вершаскладання на роднай мове. І, не ведаючы яе ранейшых вершаў, магу ўпэўнена сказаць, што ён варты ўсіх ранейшых, разам узятых. Яна раптам адчула сябе нашчадкам Мацея Бурачка. Вельмі адказнае адчуванне.
Міхась Булавацкі.
Не стала перакладчыка Васіля Сёмухі
Васіль Сёмуха памёр 3 лютага на 84-м годзе жыцця.
Нарадзіўся Вялікі Перакладчык на хутары Ясенец Пружанскага раёна. Ягоных тату і маму забілі немцы, за сувязь з партызанамі. Уратавалі Васіля ад смерці і выгадавалі цёткі.
Ён аўтар поўнага перакладу Бібліі на беларускую мову. Ён таксама пераклаў на беларускую дзясяткі аўтараў з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, нарвежскай, іспанскай моў. Вуснамі Сёмухі па-беларуску загаварылі Гётэ, Шылер, Грымельсгаўзэн, Брэхт, Зюскінд, Райніс, Бэлшавіца, Міцкевіч, Славацкі, Ева Пінска…
Удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць у 1980-1990-я.
Васіль Сёмуха - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Германіі і Латвіі. Ад сярэдзіны 1990-х яго, аднак, ігнаравалі ўлады Рэспублікі Беларусь.
Выкладаў у забароненым Беларускім ліцэі імя Якуба Коласа. П'есу "Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць" у ягоным перакладзе, поўную паралеляў з беларускай сучаснасцю, знялі з паказу ў тэатры "Вольная сцэна".
Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з заслужаным артыстам Беларусі кіраўніком "Беларускай капэлы" Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да операў А. Г. Радзівіла "Фаўст", "Маргер" Горскага, "Страшны двор" Манюшкі
Каларытны і душэўны, Васіль Сёмуха, гэты непаўторны чалавек, сустварыў творы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай культуры.
Вечная памяць!
Паважаныя сябры ТБМ, усе прыхільнікі нашай роднай мовы!
Ужо колькі гадоў выказваецца заклапочанасць зніжэннем падпіскі на "НС", а воз і цяпер там. Вось і апошняя інфармацыя аб выніках падпіскі на студзень 2019 г. сведчыць аб тым жа. З 5-6 тысяч сяброў ТБМ на газету падпісалася толькі 674 чал. У 25-ці раёнах з 118-ці ў рэспубліцы не выпісана ніводнага экзэмпляра газеты, а ў большасці астатніх іх колькасць не дасягае і 10-ці экзэмпляраў. Не могуць пахваліцца падпіскай нават такія буйныя гарады, як Берасце, Пінск, Орша, Полацк, Барысаў, Слуцк, Салігорск, Жлобін, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, Бабруйск, Горкі, дзе таксама падпісчыкаў меней 10-ці.
А вось Ліда можа ганарыцца, дзе падпісчыкаў больш, чым у Гародні і толькі ў 4-ы разы меней, чым у сталіцы. Відаць, што там ТБМ працуе.
Чаму ж такое ганебнае становішча з падпіскай на нашу газету? Я лічу, што "Наша слова" павінен выпісваць кожны сябар ТБМ, бо арганізацыя наша грамадская, дабраахвотная, уступаць у яе ніхто не прымушаў, і таму трэба падтрымліваць існаванне газеты і самой арганізацыі не толькі штогадовымі сімвалічнымі складкамі, а і падпіскай. А інакш узнікае пытанне, ці сапраўды ў нашых шэрагах 5-6 тысяч сяброў? Скажаце, выглядае на прымус? У нейкай ступені так. Але такая сітуацыя ва ўсіх іншых друкаваных СМІ, што асвятляюць жыццё розных прафесій: настаўнікаў, медыкаў, леснікоў, аграрыяў, пажарнікаў і г.д. Я не маю на ўвазе прамы прымус, які там існуе. Але нейкая агітацыя, напамін аб падпісцы павінен быць, і гэта дзейнічае. Калі ў час падпісной кампаніі патэлефануеш сваім сябрам, напомніш - вынік адразу відаць, колькасць падпісаўшыхся ўзрастае амаль удвая. Так што, кіраўнікі раённых арганізацый, не лянуйцеся гэта рабіць.
Цяпер што тычыцца зместу і якасці матэрыялаў газеты. Як на мой погляд, дык яны адпавядаюць тым магчымасцям, што ёсць у рэдакцыі, а яны вельмі абмежаваныя. І таму ў сённяшнім "моры" ўсялякіх "СМІ" і пры існай канкурэнцыі выбіцца ў "людзі" наўрад ці ўдасца. У той жа час у газеце можна знайсці шмат матэрыялаў, якія патрэбныя гісторыкам, мовазнаўцам і г.д., і таму трэба праводзіць пэўную работу сярод настаўнікаў, работнікаў культуры, даводзіць да іх адпаведную інфармацыю.
Не пашкодзіць зменшыць колькасць матэрыялаў пра Лідчыну, каб газета не ператварылася ў рэгіянальную, пачаць друкаваць праграму тэлеперадач "Белсату", якую мала хто друкуе, і праграмы беларускіх 1-3-га і 5 каналаў.
Не маю нічога супраць прапановы М. Булавацкага аб частковым выкарыстанні расійскай мовы, менавіта частковым, дзе гэта проста неабходна. Катэгарычныя апаненты, мяркую, яго няправільна зразумелі.
Падтрымліваю таксама М. Скоблу наконт яго меркавання аб "трасянцы". Канешне, пазбавіцца ад яе ў нашых цяперашніх умовах немагчыма, але імкнуцца да гэтага патрэбна.
І яшчэ. Пажадана больш адказна адносіцца да адбору фотаздымкаў і іх якасці (у прыватнасці помнік Ф. Скарыну на лагатыпе газеты зрабіць больш выразным).
Мы не павінны страціць нашу газету, якая аб'ядноўвае нас, не дазваляе забыцца, кім мы ёсць.
Старшыня Асіповіцкай раённай рады ТБМ імя Ф. Скарыны С. Бародзіч.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка ІІІ
Пач. у папяр. нум.)
422. Ралавец (Марыя) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Ралава з значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Ралавец. ФП: рала ('адгалінаванне ад ствала дрэва; тоўсты сук') - Рала (мянушка, потым прозвішча) - Ралава ('уладанне асобы з прозвішчам Рала') - Ралавец.
423. Расолька (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг. экспрэсіў) расолька 'расольнік' (мясны суп з салёнымі агуркамі). Або 'тое, што росліцца' ("Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова падаецца росліцца 'дае расткі, прарастае'(с. 853)).
424. Родзін (Алесь) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Родзь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Родзін. ФП: Ірадзіён, Радзівон (імя <грэч. 'геройскі, ружовы') - Родь (1539) - (пра-званне, потым прозвішча) - Родзін.
425. Рубанік (Васіль) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Рубаны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рубанік. ФП: рубіць ('будаваць з дрэва', бярвення будынак (спец.); здабываць (вугаль, руду)) - рубаны (прыметнік ад рубіць, суфікс -ан-ы) - Рубаны (мянушка, потым прозвішча) - Рубанік.
426. Рубцоў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антарпоніма Рубец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рубец - Рубцоў. ФП: рубец ('след на целе пасля зажыўлення раны', 'паглыблены след, засечка на чым-небудзь', 'патоўшчанае шво на тканіне, скуры', а таксама 'част-ка страўніка жвачных жывёл, куды паступае праглынутая ежа', 'страва, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка') - Рубец (мянушка, пазней прозвішча) - Рубцоў.
427. Рудкін (Віталь) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Рудко з значэннем 'нашчадак названай асобы': Рудкін. ФП: руды ('рыжа-карычневы') - Руды (мянушка, потым прозвішча) - Рудко ('нашчадак Рудога', фармант -ко) - Рудкін.
428. Румазаў (Арцём) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Румаз і значэннем 'нашчадак названай асобы': Румазаў: румзаць ('часта і надакучліва плакаць') - румза і румаз (плакса) - Румаз (мянушка, потым прозвішча) - Румазаў.
429. Румас (Іван) - магчымая другасная форма ад Румаз, што ад апелятыва румаз 'той, хто румзае, плача'. Або утварэнне ад " румы ('румы распускаць') (плакаць, румзаць)" - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 870) з суфіксам -ас: румас; параўн. вырвас (ад вырваць (з рук), 'хапаць' "Беларускае народнае словаўтварэнне", с. 62).
430. Румасаў (Серафім) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Румас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Румасаў. ФП: Румас - семантычны вытвор ад апелятыва румас 'той, хто румае' (ціха плача): румас; па-раўн. вырвас 'той, хто вырывае з рук' ("Беларускае народнае словаўтварэнне", с. 62).
431. Руслановіч (Алег) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Руслан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Русланавіч - Руслановіч. Утваральнае слова ад імя Руслан (<перан. 'волат, гігант'; ад араб. імя Еруслан, якое прыйшло ў рускую і беларускую мовы ад часоў татара-мангольскіх заваёўнікаў). ФП: Еруслан (татар.) - Руслан (перс.) - Руслан (празванне, пазней прозвішча) - Руслановіч.
432. Руфкін (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Руфка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Руфкін. ФП: Руф (імя <лац. 'рыжы') - Руфка (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Руфкін.
433. Рымашэўскі (Фёдар) - другасная форма ад Рымажэўскі - вытвор ад Рымаж з суфіксам шляхетнасці -эўскі ад антрапоніма Рымаж - семантычнага дэрывата ад польск. rymarz 'рымар' (майстар, які шые раменную вупраж (хамуты, сёдлы, вуздэчкі)). ФП: рымаж (польск. rymarz 'рымар') - Рымаж (мянушка, потым прозвішча) - Рымаш (варыянт з аглушэннем звонкага ( ж>ш)) - Рымашэўскі.
434. Рысявец (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) тапоніма Рысева і значэннем 'нараджэнец названай мясціны, паселішча': Рысявец; 2) ад антрапоніма Рысевы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рысявец. ФП: рысь ('драпежная млекакормная жывёліна сямейства кашэчых з незвычайна вострым зрокам') - Рысь (мянушка, потым прозвішча) - Рысеў (антрапонім, прозвішча) - Рысева (тапонім) - Рысявец.
435. Рэзнікаў (Арнольд) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Рэзнік з значэннем 'нашчадак названай асобы': Рэзнікаў. ФП: рэзнік (адэкват сучасн. рэзчык, падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 876) 'майстар па мастацкай разьбе; разьбяр, займаецца рэзкай чаго-н. (спец.)' - Рэзнік (мянушка, потым прозвішча) - Рэзнікаў. Або ад рэзнік 'разнік' (мяснік - рэжа жывёлу).
436. Рэйда (Святлана) - рэканструяваная (дастасаваная да полу асобы) форма апелятыва рэйд 'водная прастора (каля марскога берага), зручная для стаянкі караблёў'; 'набег рухомых ваенных сіл ў тыл праціўніка з мэтай ажыццяўлення баявых дзеянняў'; (перан.) 'нечаканая рэвізія, праверка дзейнасці якіх-н. аб'ектаў, што праводзяцца групай актывістаў па заданні грамадскіх арганізацый'.
437. Рэуцкая (Людміла) - вытвор з суфіксам -ская (-цкая) ад антрапоніма Рэут і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рэутская - Рэуцкая. ФП: рэут (рус.) реут 'звон' (Даль) - Рэут (мянушка, потым прозвішча) - Рэуцкая.
438. Сабуць (Аліна) - варыянт імя Саба (<араб. 'ранішняя зорка') набыў функцыю прозвішча; параўн. Карпуць < Карп, Івуць < Іў; Федута < Федзя < Фёдар; фіналь -ут/-уць выяўляе экспрэсіўную семантыку.
439. Савонава (Ала) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Савон і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Савонава. ФП: Сава (імя <яўр. 'віно'; грэч. 'суботні', арам. 'стары дзед') - Сава (1528 г.) - Савон (1599 г.) - Савон (празванне, потым прозвішча) - Савонава.
440. Сазонаў (Віктар) - форма прыметніка з прыналежным суіксам -аў ад антрапоніма Сазон з семантыкай 'нашчадак (сын) названай асобы': Сазонаў. ФП: Сазонцій, Сазон (<грэч. 'які ратуе, выратавальнік') - Созон (1567) - Сазон (празванне, потым прозвішча) - Сазонаў.
441. Саколікаў (Яраслаў) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Саколік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Саколікаў. ФП: сокал ('драпежная птушка з моцнай дзюбай і доўгімі вострымі крыламі') - саколік (памянш. ад сокал, суфікс -ік) - Саколік (мянушка, потым прозвішча) - Саколікаў.
442. Саламянік (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва соломяник 'кошык з саломы' (ПГССЛ). ФП: салома - саламяны - саламянік - Саламянік.
443. Самонаў (Міхаіл) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Самон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Самонаў. Утваральнае слова Самон ад імя Самон <яўр. 'моцны, дужы, тоўсты'.
444. Самцоў (Пётр) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Самец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Самецоў - Самцоў. Утваральнае слова ад апелятыва самец 'асобіна жывёлы мужчынскага полу', перан. 'Пра празмерна палкага да жанчыны мужчыну'.
(Працяг у наступным нумары.)
Да 135-тых угодкаў нараджэння Антона Луцкевіча
Леанід Лаўрэш
Мне падалося цікавым выбраць з сваіх занатовак кавалачкі пра Антона Луцкевіча з тэкстаў розных аўтараў. Гэтая мазаіка, спадзяюся, дазволіць дадаць для чытача нешта новае пра вельмі важнага ў беларускай гісторыі чалавека.
Антон Луцкевіч пра сям'ю свайго бацькі:
"[Сям'я] жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, - і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх".
Каментар: Дзядзька Антона Луцкевіча Сцяпан (брат Івана Якімавіча) удзельнічаў у паўстанні 1863 г. і быў расстраляны царскімі карнікамі ў Менску - у лесе, на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца чыгуначны вакзал - Л.Л.
Кветка Вітан:
"Тут мушу зазначыць, што з выдавецтвам газэты "Гоман" справа прадстаўлялася гэтак: трэба было выдаваць беларускую газэту, але на гэта трэба было мець ня толькі канцэсію, але й грошы, якіх Беларускі Камітэт ня меў. І вось акупацыйныя ўлады, разумеючы патрэбу інфармаваньня жыхарства гэтага краю, зрабілі Беларускаму Камітэту прапанову друкаваць у нямецкай друкарні і даваць паперу, а Беларускі Камітэт сваімі сіламі павінен рабіць усю рэдакцыйную працу. І вось, амаль усю рэдакцыйную працу рабіў Антон Луцкевіч. Іван часамі рабіў накіды артыкулаў, а Антон іх апрацоўваў. Калі газэта пачала выходзіць і лацінскай і гражданкай, Антон ня мог сам справіцца з карэктай і гэтую працу перадаў Аляхновічу, які цалкам атрымліваў 75 марак на месяц, што немцы давалі на рукі Антона для карэктара. Магу сказаць з спакойным сумленьнем, што ўсе злосныя гутаркі людзей, непрыязных братом Луцкевічам, што быццам яны за працу ў газэце "Гоман" атрымлівалі грошы, або наагул бралі грашовыя дапамогі ад нямецкіх акупацыйных уладаў - пустая брахня. Дай Божа, каб усе грамадзкія дзеячы мелі гэтак чыстыя рукі, як тады браты Луцкевічы.
За нямецкую акупацыю 1915-1919 гадоў Іван Луцкевіч ня мала страціў здароўя сваймі пошукамі антыкаў і продажай іх - гэта быў адзіны даход Луцкевічаў, якія жылі вельмі скромна".
М. Гурын:
"Камуністы ніколі не лічылі А. Луцкевіча сваім; ён шмат у чым замінаў ім, раздражняў нават сваёй прысутнасцю ў Вільні, блытаў каму-ністам планы і наогул - з'яўляўся іх-нім недругам".
Пасол у Сойм Выгодскі, з выступу падчас працэсу над Грамадой:
"Яшчэ за царату (за царызмам - Л.Л.) ўсе меншасьці стварылі адналітую арганізацыю, у склад якой ўваходзілі i браты Луцкевічы. ... памятаю ix, як беларускіх нацыяналістаў, дбаючых перадусім аб падняцьце культуры свайго народу. За ўвесь гэты час ... не спасьцярог ані яднаго факту, які б сьведчыў аб тым, што Луцкевічы імкнуцца да асабістае карысьці. Больш-менш каля 1922 году Ан. Луцкевіч зусім адыйшоў ад палітыкі, аддаўшыся выключна працы культуральнай. He кандыдаваў навет у выбарах у Сойм 1922 г., хоць ведаў, што напэўна прайшоў бы. ... абодва Луцкевічы былі нацыяналістымі. Беларуская школа, мова, лемантар - гэта галіны іх дзейнасьці. Луцкевічы ня былі кар'ерыстымі, бо часта ня мелі чым плаціць за абед. А. Луцкевіч пасьвяціў сябе культурнай працы і барацьбе за нацыянальныя правы".
Віславух Севярын, асістэнт Віл. універсітэта, з выступу падчас працэсу над Грамадой:
"... пазнаёміўся з Луцкевічам яшчэ перад вайной. Увесь час Луцкевіч займаўся культуральнай працай. ... Ніколі не адмаўляўся ад супрацоўніцтва з польскай дэмакратыяй. Сьведчыць аб гэтым хоць бы той факт, што калі ўжо іншыя беларускія дзеячы згубілі веру ў польскія ўрады, Луцкевіч не адмовіўся ўступіць у Т-ва "Пагоня" i супрацоўнічаў з Палякамі ў галіне пазнаньня роднага краю".
Янка Станкевіч:
"Знаючы добра Луцкевіча, Тарашкевіча, Рака-Міхайлоўскага, Уласава й А. Нэканду-Трэпку (бо й гэтыя два належалі да Грамады), я з чыстым сумленьнем магу цьвердзіць, што, ідучы на супрацоўніцтва з камуністымі, яны кіраваліся вылучна дабром беларускага народу. Але вельмі абмыліліся".
Леанід Галяк:
"Мая першая кляса "Б" (у Віленскай беларускай гімназіі - Л.Л.) мясьцілася на першым паверсе (над партэрам) у канцы левага крыла муроў, каля самай прыбіральні, дзе, як цьвердзілі палякі, знаходзілася гэтак званая "цэля Конрада", у якой меў сядзець калісьці арыштаваны Адам Міцкевіч і дзе быццам адбывалася акцыя трэйцяй часткі "Дзядоў" А. Міцкевіча. Польская прэса пачала акцыю цкаваньня Беларусаў, што яны быццам прафануюць іхную нацыянальную сьвятыню "цэлю Конрада", хоць ясна Беларусы тут былі не пры чым, бо ніякіх перабудоваў у будынку не рабілі. У сувязі з гэтай польскай цкавальнай акцыяй Антон Луцкевіч быў выдаўшы брашуру пад загалоўкам: "Праўда пра цэлю Канрада" (ў польскай мове), дзе даводзіў, што "цэля Конрада" знаходзілася хоць і на гэтым самым паверсе дзе гімназія, але не там, дзе расейцы зрабілі прыбіральню, а ў збураным крыле, прастападлым да існуючага крыла. Гэтае збуранае крыло прытыкала да муру Сьв. Траецкае царквы згодна з тым, што было напісана ў "Дзядах": "Цэля пшытыка до муру косьцёла". Фундаманты гэтай збуранай часткі былі відаць нароўні зь зямлёю".
"Антон Луцкевіч - гэрбу Навіна. Заўсёды насіў на пальцы гэрбавы пярсьцёнак".
"Ад жонкі лекаркі, з дому Абрамовіч, меў двух сыноў: Юрку і Лявона, якія цяпер у Савецкім Саюзе".
"Выкладаў у гімназіі ў 7 і 8 клясах беларускую літаратуру. Выкладаў вельмі добра, на высокім узроўні. Брат закладчыка Беларускага музэю ў Вільні Івана Луцкевіча".
"Найбольш зьненавіджаная асоба для "хадэцыі", якая часта пішучы аб ім дадавала пры ягоным прозьвішчы азначэньне "масонскі біскуп". У 1939 годзе арыштаваны і вывезены ў Расею. Загінуў".
Вітаўт Тумаш:
"Антон Луцкевіч не меў спецыяльнай універсітэцкай адукацыі. Ён праслухаў поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта ў Пецярбургскім універсітэце, але дзяржаўных экзаменаў не здаваў. Пасля шэсць семестраў вывучаў права ў Дэрпцкім універсітэце. Быў ён вельмі адукаваным і разнастайным чалавекам-адраджэнцам. І ўсё ягонае аблічча выпраменьвала адраджэнцкі дух".
"Жонка Антона Луцкевіча Зоф'я, вельмі прыгожая і адукаваная жанчына, была па нацыянальнасці яўрэйкай. Яна нейкі час працавала лекаркай, потым выхоўвала дзяцей. Калі фінансавае становішча Антона Луцкевіча стала вельмі дрэнным, ён уладкаваў яе ў гімназію.
Два разы на год яна рабіла медычны агляд гімназістаў. I вось, калі ў сувязі з разгромам Грамады Луцкевіча арыштавалі, яна засталася адна з малымі дзецьмі на руках без усялякага заробку; матэрыяльнай і маральнай падтрымкі. Шукала яна працу, але безвынікова. У Вільні наогул у тыя часы было складана знайсці працу, а тут яшчэ для жанчыны, муж якой сядзіць за кратамі. Значнае нервовае ўзрушанне ўзмацнілася яшчэ больш пасля таго, як увосень віленская пракуратура накіравала ў апеляцыйны суд пратэст супраць апраўдання Луцкевіча судом першай інстанцыі. Нервы накаляліся па меры набліжэння апеляцыйнага працэсу, які пачаўся 28 лютага 1929 г. Зоф'я Луцкевіч не магла дачакацца канца разгляду справы і, поўная страху перад няпэўнай будучыняй, 5 сакавіка пакончыла жыццё самагубствам.
У дзень яе пахавання дырэктар нашай гімназіі вызваліў ад заняткаў наш клас для жалобнай працэсіі. Я таксама ішоў за гробам з целам нябожчыцы. Пахавалі Зоф'ю Луцкевіч на яўрэйскім могільніку, хаця яна з яўрэямі ў кантакце не была, увесь час - з беларусамі. Абрад пахавання быў выкананы па-яўрэйску".
Антон Шукелойць:
"У час майго старшынства ў Таварыстве прыяцеляў "Беларусаведы" я сарганізаваў беларусаведны курс і запрасіў на выкладчыка літаратуры Антона Луцкевіча. Ён у заходняй Беларусі ў тыя часы быў найвыдатнейшым літаратуразнаўцам і літаратурным крытыкам. Хаця ў дачыненьні да Луцкевіча тады беларускае грамадзтва мела вялікія засьцярогі з увагі і на тое, што ў час грамадаўскага працэсу Луцкевіч там выказаўся выразна па польскай старане. Пасьля гэтага быў звольнены ён, Астроўскі, Акінчыц, а іншых грамадаўцаў засудзілі на многія гады турмы. Для нас, для тых, што прыходзілі з польскіх гімназіяў, гэтыя сваркі між групамі беларускага грамадзтва ці беларускіх дзеячоў ня мелі значэньня. Мы арыентаваліся ў асноўным на людзей, якія ў дадзеным выпадку былі нам патрэбныя і якія вызначаліся ведай у патрэбных нам кірунках беларусаведы. I таму Луцкевіч у нас быў вельмі паважаным лектарам. Лекцыі ён вёў на ўніверсітэце, цэлы курс па беларускай літаратуры, на высокім узроўні, цікавым для ўсіх нас".
"Я б хацеў яшчэ расказаць адзін жарт, паколькі мы раней гаварылі пра ксяндза Станкевіча. Гэта адзін з тых вечаровых жартаў, якія расказваў Ян Пазьняк вечарам для нас, студэнтаў. Антон Луцкевіч, як ведама, быў масонам і належыў да масонскай лёжы ў Вільні. Адзін раз ён вырашыў зацягнуць у лёжу ксяндза Станкевіча, бо гэта ж выдатны дзеяч, і там, відаць, у лёжы, вельмі хацелі б яго мець. I вось ён ужо дамовіўся зь ім, і яны пайшлі. Але ён ня кажа ксяндзу Станкевічу, куды яны йдуць. Вось, маўляў, ідуць адведаць там н-скага, ня памятаю ўжо каго, магчыма, што рэктара ўнівэрсітэту Станевіча. Ну і прыйшлі ўжо, і падымаюцца па сходах перад дзьвярыма лёжы. Луцкевіч кажа: "Ведаеш, мы з табой прышлі ў лёжу масонаў". I тут ксёндз Станкевіч даў драла. Адразу, адмовіўся ісьці туды і сыйшоў назад. Так што такая няўдача была Луцкевіча ў ягоным супрацоўніцтве з масонскай лёжай".
Мацвей Рэпкаў-Смаршчок (Анатоль Бярозка):
"У той час вялікім майстрам масонскай ложы быў рэктар Віленскага ўніверсітэта Віталь Станевіч (дарэчы, лідскі шляхціц - Л.Л.), вельмі прыхільная да беларускай справы асоба. I вось аднойчы Луцкевіч захацеў завесці ксяндза Адама Станкевіча ў масонскую ложу. Трэба сказаць, што ў тыя часы для католікаў быў забаронены ўваход у масонскія ложы. Асабліва ксяндзам, якіх за прыналежнасць да масонаў маглі пазбавіць сану: Антон Луцкевіч ведаў гэта, але прывёў Адама Станкевіча да дзвярэй ложы і пытае: "Ведаеш. куды мы прыйшлі?" "Не", - адказаў здзіўлены Адам Станкевіч. "Зараз адчыняцца дзверы, і ты ўвойдзеш у масонскую ложу", - здзівіў Антон. Станкевіч, як толькі пачуў гэта, завярнуўся назад. Так гэты "жарт" Антона Луцкевіча і ўвайшоў у гісторыю".
Васіль Рагуля:
"Гэта быў чалавек зь вялікай хваравітай амбіцыяй, добры крытык, глыбокі знаўца беларускай літаратуры й слабы палітык. Кожнага, хто не пагаджаўся зь ягонымі паглядамі, ён уважаў за асабістага ворага й пісаў аб ім усякія паклёпы, ня лічачыся з этыкаю сапраўднага журналіста"
"Ён нават напалову адрокся ад свае нацыянальнасьці (падчас суда над Грамадой - Л.Л.). Будучы арыштаваны ў справе Грамады, на допытах, на пытаньне аб ягонай нацыянальнасьці, адказаў: "bialorusin-polak". Для ідэалёга й лідара Грамады - гэта непрабачальны грэх".
Яня Каханоўская (пляменніца, размова з Святланай Белай):
- Усе дзеці Луцкевіча атрымалі вышэйшую адукацыю?
- Так. Бо бацька іх быў герой абароны Севастопаля (маецца на увазе бацька Антона і Івана Луцкевічаў - Л.Л.), меў Георгіеўскі крыж, а пры цары за гэта дазвалялася дзецям атрымаць адукацыю дарма (можна казаць пра нефармальную вышэйшую адукацыю, бо з атрыманнем дыпломаў меліся праблемы - Л.Л.)
…
- Браты з Пецярбурга перабраліся ў Вільню. Чаму? Там у іх былі знаёмыя?
- Не, не ў Вільню, у Мінск. Яны проста ўцяклі, паліцыя іх шукала.
Яны ўжо скончылі ўніверсітэт і прыехалі ў Мінск. Гэта было, здаецца, у 1905 годзе, калі на Курлова быў замах на жыццё. Гэта ж бомба ў нас дома перахоўвалася.
- Адкуль вы ведаеце, што ў вас?
- Ведалі мы ўсе. Мама нам расказвала. У служанкі пад ложкам ляжала. Гэта ж студэнцкі гурток быў. У нашай хаце збіраліся. Маці вельмі хвалявалася, угаворвала: "Навошта вам гэта трэба. кіньце, вучыцеся лепш". Але ж яны не слухаліся. Такімі ўжо яны нарадзіліся.
Каментар: Каб забіць мінскага губернатара Курлава, з Пецярбурга бомбу для выканаўцы замаху Пуліхава прывезла агентка царскай ахоўні, таму бомба мела дэфект і не магла выбухнуць. Гэтай бомбай Пуліхаў не мог забіць губернатара. Бомба ўсё ж узарвалася, пасля няўдалага замаху, каб абясшкодзіць, яе кінулі ў касцёр, і ад яе выбуху павыляталі шыбы ў суседніх дамах - Л. Л.
Яня Каханоўская (пляменніца, размова з Святланай Белай), працяг:
- А вось тое, што жонка Антона Луцэвіча застрэлілася - няпраўда. Яна павесілася. Антон пісаў маме: "Я пішу каб ты даведалася ад мяне, а не з газетаў. Жонка мая хворая". Тады яшчэ не казалі "шызафрэнічка", казалі - "меланхалічка". Мы яе пільнавалі, гэта мо не ў першы раз. А ў гэты дзень, так сталася, мы ўсе выйшлі з дому. Вярнуліся, а яна ўжо вісіць... Гэта ж хвароба такая. Цяпер гэта называюць шызафрэніяй.
Вітаўт Тумаш:
"З прыходам бальшавікоў у Вільню [Беларускім] музеем зацікавіліся супрацоўнікі НКУС. Антон Луцкевіч аднойчы расказваў, што неяк у Беларускі музей зайшоў афіцэр, які праглядзеў экспазіцыю музея і заўважыў: "Вельмі добра. што вы захавалі рускую культуру".
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым
Абраменка Эдуард Якаўлевіч
Абрамовіч Адэлаіда Паўлаўна
Амурак Вольга Іванаўна
Андруцэвіч Станіслаў Вячасл.
Ануфрыенка Валянціна
Арабей Вольга Анатольеўна
Аскерка Валянціна Валянцін.
Аўкштулевіч Тамара Яўген.
Аўсеенкава Кацярына Валер.
Ахрамчук Віктар Георгіевіч
Ахрэменка Мікалай Аляксан.
Бабічаў Антон Вячаслававіч
Багдановіч Эвеліна Паўлаўна
Багдзевіч А.І.
Балбераў Яўген Сяргеевіч
Баравік Марыя Якаўлеўна
Бардош Іна Анатольеўна
Барысік Мікалай
Бекешка Вікторыя Сямёнаўна
Бельчына Алеся Рыгораўна
Блажэвіч Ірына Уладзіміраўна
Богуш Мікалай
Бодрыкаў Яўген Аляксандр.
Болбас Вадзім Іванавіч
Болбат Вячаслаў Парфір'евіч
Бубен Уладзімір
Бублікава Лілія
Бубновіч Іна Іванаўна
Будзянок Аляксей Пятровіч
Бузо Алег Леанідавіч
Бязрукая Аксана Юр'еўна
Бяліста Марына
Бярэзіна Надзея Уладзіміраўна
Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна
Валочка Святлана Анатол.
Васючэнка Пятро Васільевіч
Ваўрышук Наталля Юр'еўна
Вашанка Дзмітры Дзмітрыевіч
Вашкевіч Марына
Верхачуб Уладзімір Васільевіч
Войткун Галіна Вотэхаўна
Врублеўская Наталля Вікенц.
Вышадкевіч Наталля Алегаўна
Вярцейка Алесь
Галякевіч Яўген Ціханавіч
Гаравы Леанід Антонавіч
Гарбацэвіч Валеры Аляксанд.
Гарнастай Алена
Гарэлава Ганна
Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч
Гільвей Вацлаў
Голуб Аксана Уладзіміраўна
Грык Рыгор Яраслававіч
Грынь Сяргей Іванавіч
Губарэвіч Настасся Уладзім.
Губарэвіч Юры Іванавіч
Гуцалік Галіна
Давідовіч Аляксандр Анатол.
Дземідовіч Вольга Валер'еўна
Дзенісевіч Павел Алегавіч
Дзеружынскі Авяр'ян Авяр.
Дзмітручына Ганна Мікал.
Дзмітрыеў Віктар Аляксандр.
Дзюбайла Андрэй Мікалаевіч
Дзямідка Генадзь Руфінавіч
Добыш Генадзь Канстанцінавіч
Драгун Павел Якаўлевіч
Драздова Марыя Аркадзьеўна
Драка Альбіна
Дубіцкі Віктар Сымонавіч
Емяльянава Аляксандра Вікт.
Жаўняровіч Ганна Дзмітр.
Жук Мікалай
Жукоўская Л. С.
Забаўская Святлана
Засім Тамара
Заяц Генадзь Мікалаевіч
Іваніцкі Павел Яўгенавіч
Ігаценка М.І.
Іжохіна Надзея Іванаўна
Іжохіна Таццяна Мікалаеўна
Ільіч Андрэй Іванавіч
Кадыка Міхась Аркадзьевіч
Калядзінскі Лявон Уладзімір.
Калядка Таццяна Рыгораўна
Камесніковіч Вольга
Камінская Аліна Аляксандр.
Канановіч Ірына
Канашэнка Рыгор
Канецкі Яўгеній Вітальевіч
Канойка Ігар
Каноў Уладзіслаў Васільевіч
Карбановіч Сяргей
Каржанеўская Марына Дзміт.
Карнеева Алена Віктараўна
Карповіч Лявон Эдвардавіч
Карэтка Дар'я Віктараўна
Касаржэўскі Віктар Іванавіч
Касцючык Валянціна Міхайл.
Качура Яўген
Кірэеў Антось Мікалаевіч
Клімовіч Наталля
Клімуць Лада
Клімуць Станіслава
Клімчык Генадзь
Кляшчонак Алена
Ковель Уладзімір
Корзан Ала Вікеньцеўна
Красілава Маргарыта Алякс.
Краснабаеў Артур Мікалаевіч
Красоўскі Сяргей Уладзімір.
Краўчанка Арцём Аляксандр.
Крук Алена
Крываногава Святлана
Крыванос Алеся
Крывапуст Дзмітры Валер.
Крыстэсіашвілі Сергій Мамук.
Крысюк Людміла
Крэйніна Людміла Міхайлаўна
Кузьмініч Ігар Расціслававіч
Кузьмянкова Наталля Алег.
Купрацэвіч Адам Прохаравіч
Курыленка Юлія
Кур'ян Астап Андрэевіч
Кухаронак Аляксандр Дзмітр.
Кучаравенка Паліна Уладзім.
Кучынскі Віталь Паўлавіч
Лабада Анастасія
Лагодская Ірына
Ладыга Сяргей Паўлавіч
Лазарэвіч Аляксандр
Лашкоўская Рэгіна В.
Леванкова Алена Аляксееўна
Леван Вадзім Вайцехавіч
Ліс Тамара
Літаш Вольга
Літвінава Людміла Сямёнаўна
Лопух Таццяна Уладзіміраўна
Лукашонак Тамара
Лукашэвіч Тамара Георгіеўна
Лукашэвіч Яўген Фёдаравіч
Лыч Леанід Міхайлавіч
Лявончыкава Дз.
Лягуцкі Анатоль Пятровіч
Ляшчынскі Іван Купрыянавіч
Мазынскі Валер Яўгенавіч
Макарэвіч Аляксандр Васіл.
Макевіч Настасся
Макрыцкая Ніна Міхайлаўна
Малашчанка Алег Міхайлавіч
Маліноўская Таццяна Рыгор.
Марачкін Ігар Аляксеевіч
Мартынаў Мікола Рыгоравіч
Маслюкова Алена Аляксанд.
Матавілава Кацярына Ігараўна
Матэлёнак Леанід Аляксандр.
Машнюк Тацяна Аляксандр.
Мінько Жанна
Мірановіч Міхаіл Канстанцін.
Місуна Раман
Мішчанкова Юлія Анатол.
Мудроў Максім
Мурашка Ігар
Мядзведзева Вераніка Мікал.
Мянькоў Юры Уладзіміравіч
Мяхедка Аляксей Уладзімір.
Мяцельскі Мікалай Міхайл.
Навоеў Максім Алегавіч
Навумовіч Іван Мікалаевіч
Надокунева Ірына
Наскоў Міхаіл Андрэевіч
Нікіценка Таццяна Пятроўна
Нікіцін Віталь
Новікава Яна
Нялепа В.
Падашвялёў Дзмітры Алякс.
Памецька Ніна Казіміраўна
Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч
Парашчанка Яўгенія Уладзім.
Парфёнаў Аляксандр Іванавіч
Патоцкая Тамара Антонаўна
Паўкштэла Сюзана Алегаўна
Петрашкевіч Аляксандр Ан.
Петрашкевіч Часлава
Петрушкевіч Ала Мікалаеўна
Піўко Юры
Плітко Віктар Васільевіч
Працко Святлана Аляксандр.
Прыгожын Аркадзь Ілліч
Прымака (Кухарэнка) Настас.
Пташнік Ларыса Уладзімір.
Пухоўская Таццяна Фёдараўна
Пяткевіч Марына
Пяткевіч Уладзімір Сцяпан.
Пятровіч Аксана Іванаўна
Пятроўскі Аляксандр
Радзюк Аляксандр Рыгоравіч
Ражкоў Леанід Мікалаевіч
Разумаў Андрэй Томакавіч
Ракевіч Мікалай
Раманоўская Вольга Парфір.
Раманцэвіч Валянціна Карл.
Рачко Мікалай
Рудніцкая Яніна
Ружыцкі Павел Аляксандравіч
Русак Андрэй
Рымач Мікалай Мікалаевіч
Рымко Вольга
Рысявец Раіса Рыгораўна
Савасцеева Людміла
Савіцкая Таццяна Яўгеньеўна
Савіцкі Мікалай Іванавіч
Садоўская Яна Францаўна
Сакалова Алена Георгіеўна
Сакалоўскі Віктар Міхайлавіч
Саколка Анастасія Вацлаваўна
Салаўёў Зміцер Віктаравіч
Сарока Андрэй Іванавіч
Саўчук Ян Васільевіч
Сахута Яўген Міхайлавіч
Свістун Сяргей
Серада Алеся Сяргееўна
Сідарук Лілея Мікалаеўна
Сіманёнак Людміла Іванаўна
Сіплівеня Жана Сямёнаўна
Стадуб Іван Дзям'янавіч
Старавойтаў Сяргей Мікал.
Старжынскі Андрэй
Стома Анастасія
Страчук Аляксандр Сяргеевіч
Строганаў Вадзім Вячаслав.
Стэпановіч Язэп Міхайлавіч
Сугойдзь-Зубовіч Кацярына
Сухарэбская Кацярына Аляк.
Сухоцкі Іван Андрэевіч
Сучак Міхась
Сцепанішчава Вера Андрэеўна
Сцефановіч Галіна Іванаўна
Сцяпанава Зоя Анатольеўна
Сямашка Сяргей Анатольевіч
Сяменас Людміла Францаўна
Сянкевіч Мікалай Іванавіч
Сянькова Вольга Фёдараўна
Талстая Алена Уладзіміраўна
Тарэлка Міхаіл Уладзіміравіч
Татаранка Аляксандр Мікал.
Тоўсцік Таццяна Цімафееўна
Трубкін Аляксей Анатольевич
Тулько Ірына Уладзіславаўна
Тулько Кацярына Уладзімір.
Туровіч Алесь
Тычына Міхаіл Аляксандравіч
Тэрэз Віктар
Утохіна Наталля
Ушакоў Сяргей Аляксандравіч
Філімоненка Марына Віктар.
Філіповіч Алена Сяргееўна
Філюта Ніна Рыгораўна
Хадановіч Яўген
Хадневіч Васіль
Хацкевіч Анатоль Канстанцін.
Хмянчук Марыя Іванаўна
Ходар Аляксандр
Хоміч Марына Уладзіміраўна
Цімафеева Ганна Сяргееўна
Цімохін Леанід Аляксандравіч
Ціткоўскі Ігар Адамавіч
Цішакіна Ірына Пятроўна
Цэдрык Ганна Васільеўна
Цярэнцьеў Зміцер Ігаравіч
Чарнышова Зоя
Чарнякевіч Андрэй
Чарняўскі Сцяпан
Чыбісаў Мікола
Чылек Ніна Аляксандраўна
Шалкевіч Віктар Антонавіч
Шаўчук Аляксандр Мікал.
Шашута Алесь
Шпакаў Фелікс
Шундрык Георг
Шчарбакоў Ян Сяргеевіч
Шчасная Марыя
Шырвель Андрэй Раманавіч
Шыян Яўген Дзімітрыевіч
Юхнель Віктар Мікалаевіч
Язукевіч Ганна Чаславаўна
Яканюк Данат Лявонавіч
Янушэўскі Віктар Пятровіч
Ярмусік Эдмунд Станіслававіч
Яроменка Уладзімір Уладзім.
Яшчэня Ірына
Яшын Дзмітры Іванавіч
ЦІКАВАЯ ПРЭЗЕНТАЦЫЯ
24 студзеня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі "Янка Маўр. Наш вечны рабінзон. Штрыхі да партрэта", у якой змешчаны ўспаміны блізкіх і родных, калег па пяру вядомага дзіцячага пісьменніка. Гэтыя залацінкі памяці дапамагаюць больш глыбока раскрыць творчую асобу аўтара, шматграннасць яго таленту.
У кнізе змешчаны ўспаміны яго дачкі Наталлі Міцкевіч, дзе апісаны невядомыя факты жыцця пісьменніка, раскрыты яго ўзаемаадносіны з роднымі і сябрамі. Сведкам сапраўдных сяброўскіх адносін Янкі Маўра і Якуба Коласа з'яўляецца ліставанне паміж імі, пра гэта распавядае праўнучка абодвух пісьменнікаў Васіліна Міцкевіч. Вось прозвішчы асоб, якія адрасавалі свае вершы і ўспаміны: Міхась Міцкевіч, Вера Гнілазуб, Алена Васілевіч, Васіль Вітка, Артур Вольскі, Мікола Гіль, Сяргей Грахоўскі, Алег Грушэўскі, Генрых Далідовіч, Павел Кавалёў, Іван Курбека, Еўдакія Лось, Віталь Луба, Алесь Масарэнка, Макар Паслядовіч, Людміла Рублеўская, Пятро Рунец, Святлана Шыдлоўская, Станіслаў Шушкевіч, Мікола Маляўка, Віктар Шніп, Лідзія Ламасадзе...
Укладальнік кнігі "Янка Маўр. Наш вечны рабінзон" - Марыя Міцкевіч, унучка Янкі Маўра. Рэдактар кнігі - Зміцер Пятровіч. Наклад - 500 асобнікаў. Выпуск ажыццёўлены пры заказе і пры фінансавай падтрымцы міністэрства інфармацыі. У кнізе выкарыстаны фота з асабістага архіва Янкі Маўра.
На мерапрыемстве прысутнічалі вучні СШ № 4 г. Менска! Выступалі: галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" паэт Віктар Шніп, рэдактар выдання Зміцер Пятровіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Полымя" літаратуразнаўца Мікола Трус. Прагучалі ўспаміны Марыі Міцкевіч, Сяргея Няхамкіна. Паэт Яўген Хвалей прачытаў верш-прысвячэнне Марыі Міцкевіч. Было вельмі цікава!
Кнігу яшчэ можна набыць усяго за 24 рублі ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" (маркетынгавы аддзел).
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Справаздачна-выбарчы сход у Наваполацку
24 снежня 2018 года ў Наваполацку прайшоў справаздачна-выбарчы сход Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ.
Сход заслухаў справаздачу старшыні арганізацыі, выбраў старшыню і зацвердзіў план на 2019 год.
Сход абраў старшынём Наваполацкай гарадской арганізацыі на новы перыяд Алеся Рымшу.
Наш кар.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Рымша Алесь - 20 р.
2. Кунцэвіч Уладзімір -20 р.
3. Гацкі Уладзімір - 20 р.
4. Кулік Анатоль - 10 р.
5. Паўловіч Віктар - 10 р.
6. Шэвяка Аляксандр - 10 р.
7. Мудроў Алег - 10 р.
8. Гняткоў Валеры - 5 р.
9. Пісарэнка Алесь - 10 р.
10. Фарнэль Кастусь - 5 р.
11. Недзялкоў Ярасл. - 10 р.
12. Мельнікаў Юрась - 10 р.
13. Сідараў Сяргей - 5 р.
14. Мельнікаў Алесь - 10 р.
15. Рымша Ангеліна - 10 р.
16. Жукаў Вітаўт - 5 р.
17. Рындзевіч Вячасл. - 10.р.
Усе Наваполацк.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Урокі мужнасці хору "Лёсы"
Імі кіруе святое натхненне, пранізлівая памяць і вялікая чалавечая еднасць. Творчы калектыў былых вязняў з Менска стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. На пачатку года хор "Лёсы" выступіў на тэлебачанні, яго чальцы мелі шэраг сустрэч у школах і грамадскіх арганізацыях. Менская габрэйская грамада запрасіла іх ушанаваць 27 студзеня Дзень памяці ахвяраў Халакосту.
Хор былых вязняў " Лёсы" быў створаны ў 2004 годзе пры сярэдняй школе №137 імя П.М. Машэрава. Настаўніца гісторыі Людміла Шчэннікава з вучнямі-валанцёрамі пачала запісваць успаміны былых вязняў, на аснове ўспамінаў была створана кніга. Былыя вязні Першамайскага раёна сталіцы пачалі збірацца на рэпетыцыі хору ў школе. З канцэртмайстрам Аленай Навумчык яны развучвалі вядомыя ваенныя і беларускія народныя песні.
Дзеці вайны здолелі з'яднацца дзякуючы гістарычнай памяці пра цяжкое ваеннае мінулае і праявіць вялікую чалавечую салідарнасць адзін да аднаго. Разам адзначалі юбілеі і круглыя гадавіны вяселляў, дапамагалі прадуктамі харчавання, лекамі і мыйнымі сродкамі, падтрымлівалі сем'і інвалідаў і ляжачых хворых, падбадзёрвалі адзін аднаго.
Нітачка лёсу звязала Яўгенію Піўнявец з Менска са спецыялісткай па міжнародных связях з Майнца Герліндай Браўч. Немцы імкнуліся выправіць сваю віну перад беларускім народам. У 90-тыя гады стварылася "Нямецка-беларускае таварыства сяброўства Майнц-Менск." Фраў Герлінда запрасіла групу былых вязняў з Беларусі наведаць аб'яднаную Германію. Яна ўсёй душой палюбіла пакутных мужчын і жанчын, якіх вайна пазбавіла дзяцінства, і імкнулася зрабіць як мага больш для іх.
- Памятаю, як у 2002 годзе мне прыйшла пасылка ад фраў Герлінды, поўная дабротнага адзення, - успамінае Яўгенія Міхееўна Вырвіна.
Дзейнасць хору была неверагодна плённай! За 15 гадоў яны некалькі разоў наведалі Германію, пабывалі ў Майнцы, Франкфурце. Хор выступаў у Чэхіі, Францыі, Галандыі, Бельгіі, Фінляндыі, Швецыі, Расіі. Хор спяваў у мэрыях, дамах састарэлых, школах. "Не - фашызму. Дзяцінства без вайны!"- такім быў іх дэвіз выступленняў і сустрэч на міжнародным узроўні. У 2017 годзе яны пабывалі ў Бухенвальдзе, калі адзначалася гадавіна вызвалення вязняў з гэтага канцлагера.
Некалькі гадоў таму ў французскім горадзе Арадуры яны падпісалі зварот да ўсіх народаў Еўропы з заклікам не дапусціць вяртання фашызму. З акцыяй "Не - фашызму. Дзяцінства без вайны!" яны будуць сустракаць сёлета 75-годдзе вызвалення Беларусі.
Фраў Герлінда Браўч была самотнай жанчынай. Яна так прыгарнулася ўсёй душой да беларусаў, так палюбіла нашых суайчыннікаў, што загадала пахаваць себе побач з беларускай сяброўкай. Некалькі гадоў таму прах Герлінды Браўч быў прывезены на Беларусь і пахаваны на Паўночных могілках, дзе быў усталяваны памятны знак.
Урокі мужнасці, якія хор "Лёсы" праводзіць у школах, пачынаюццца з пераклічкі:
- Я - Яўген Стасевіч, 13 гадоў, канцлагер Грос-Розэн, Нямеччына. Я - Жэня Дзегцярова, тры гады, канцлагер Азарычы. Я - Ганна Доўнар, пяць гадоў, Азарычы. Я -Тамара Папова, 900 дзён у блакадным Ленінградзе. Я - Мая Макарчанка, тры гады, Беларусь, аккупацыя.
Ім усім каля 80-90 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, немачы, яны працягваюць збірацца, спяваць, выступаць і дзяліцца ўспамінамі. Навошта? Каб людзі маладзейшага ўзросту памяталі ўрокі гісторыі, былі больш чалавечнымі і спагадлівымі, верылі ў лепшыя якасці беларусаў і здольнасць супольна перадольваць цяжкасці і крызісы.
Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Хор былых вязняў "Лёсы".
У с п а м і н ы
Да 156-годдзя паўстання 1863 г.
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
"Белая" партыя ў Каралеўстве была супраць паўстання. Шляхта там у ніякім разе не мела намеру браць у ім удзел, таму хутка прышлі з улікам гэтага да паразумення, толькі Гутры горача таму супраціўляўся і не хацеў нават прысутнічаць пры дыскусіях наступнага дня.
У выніку пастанавілі:
1) Паўстанне адкласці;
2) Прыняць праграму Літвы (што тычыцца супольнай працы);
3) Кіраўніцтва грамадскай думкай аддаць часова пазнаньскаму Колу паслоў;
4) Кракаўскі "Час" як пасярэдніцкае выданне для карэспандэнцыі, нашае мусіла праходзіць праз Варшаву.
У час нарадаў у Кроненберга Гейштар некалькі разоў выказваўся, як кажуць на Літве, "па-своему". Раз выклікаў пытанне з боку старшыні: "Што пану дае права гаварыць нам грубасці?" Другі раз ён жа адазваўся: "Пане Гейштар, хто так гаворыць на з'ездзе, як пан у гэтую хвілю, павінен заўтра разаслаць адозву да паўстання".
Пасля паседжанняў, пад выглядам візітаў наступілі даверлівыя паразуменні. Гейшар у размове з Гутарам, які заклікаў да неадкладнага паўстання, абавязуецца як чалец Літоўскага камітэта збіраць зброю ад пачатку 1863 года (шчасце, што не ведаў, што Камітэт ужо ад 1861 года, г.зн. ад першых варшаўскіх падзей, прадбачачы, да чаго гэтыя падзеі вядуць, дастаўляў яе ў вялікй таямніцы з Расіі, найчасцей асобнымі адзінкамі, прысыланымі на імя Францішка).
Маскоўскі ўрад перад паўстаннем канфіскаваў усялякую зброю ад прыватных асоб, таму было яе вельмі мала, схаванай літоўскай моладдзю.
Гейштар бачыўся з Краеўскім, Гілерам, Юргенсам і Рупрахтам, пераканаўся, што калі паўстанне выбухне, агул не будзе мець сілы не ўзяць у ім удзел, і Літва, хоць і пагражае, будзе з Каралеўствам салідарная.
Пра тую здраду чутых даверлівых галасоў і рашэнняў у Цэнтр[альным] Літоўскім камітэце даведаліся ўжо пасля ўпадку паўстання. Сам Гейштар пра тое разглагольставаў і пісаў - відочна, не разумеў, чым і як далёка зграшыў.
У 1862 годзе ў першыя дні жніўня Цэнтр[альны] Літоў[скі] камітэт даручыў Зыгмунту, які ехаў на чатырохмесячны побыт за мяжу, вывучыць карыснасць замежных двароў для польскай справы. Тое ж самае даручэнне ён атрымаў ад чальцоў Нац[ыянальнага] ўр[ада] ў Варшаве.
Зыгмунт пасля адведвання Вялікапольшчы, Галіцыі, замежных унівесітэтаў затрымліваецца надаўжэй у Вене і ў Берліне ў час з'езду ў парламента. У Парыжы бачыцца з князем Напалеонам. З ім і ім[ператрыцай] Яўгеніяй мае аўдыенцыю ў імператара Напалеона. Прыняў ласкава. Не адабраў надзеі ў Польшчы. Сказаў чакаць (на колькі памятаю гэта ў той час імператарам былі прамоўлены словы: "Я гатовы, няхай толькі Англія выставіць хоць аднаго жаўнера ў довад нейтральнасці. З-за няскончанай італьянскай справы, без паразумення з суседнімі дзяржавамі рэч немажлівая - не сёння, трэба чакаць").
Серакоўскі пасылае з Парыжа ў Лондан (наколькі памятаю) Нікаровіча з рэкамендацыйнымі лістамі і з даручэннем да ўплывовых там асобаў для вывучэння спрыяння сённяшняй хвілі для польскай справы. Усюды чуецца адно: "Не сёння", трэба чакаць. З тымі інфармацыямі вяртаецца з Алжыра, спяшаецца ў Варшаву, тут чуе запэўніванні, што выбух паўстання адкладзены на год або на два гады.
Зыгмунт вяртаецца ў Пецярбург праз Вільню поўны добрых думак, колькі ж за два гады можна зрабіць! У Пецярбургу прыняты ўладамі не толькі добра, але сардэчна, радасна. Міністр Мілюцін гаворыць, што яго выглядалі з вялікай нецярплівасцю, што ў змесце будучых рэформ чакаюць яго важныя работы. Сувораў, Шувалавы, Даўгарукаў, Патапаў і іншыя, усе сардэчна вітаюць яго, і стары Шувалаў кідае жарт:
- Enfin, enfin Vous etes parmi nous, et nous pensions, que Vous nous quitterez pour les legions!
- Pas encore,326 - адказаў Зыгмунт, смеючыся
- О, не жартуй, пан. Манаршая ласка і нашая прыязнь затрымаюць пана.
Серакоўскі з верай у лепшае заўтра бярэцца за працу. Прадстаўляе міністру, напісаны ім "Польский вопрос". Міністр Мі[люцін] прымае, абяцае ўчытацца і падтрымаць. Зыгмунт мае надзею, што пры дапамозе, пры ўзаемадзеянні ўплывовых. высокапастаўленых асоб і людзей добрай волі правядзе ў Краі найпільнейшыя рэформы, якімі не толькі адкладзе кровапраліцце, але зробіць паўстанне бязмэтным, лішнім.
Брутальная, безаглядная, легкадумная да пачуццяў народа палітыка Веляпольскага пакіравала іначай.
11/23 студзеня 1863 года выбухнула паўстанне ў Польшчы.
Камітэт Руху327 (які быў заснаваны побач з Цэнт[ральным] Літоў[скім] кам[ітэтам] і дзейнічаў самастойна) выдае ўжо ад сябе, як ад адзінай улады, адозву328 да Літвы.
У той час галоўнымі прадстаўнікамі Руху на Літве былі: Канстанцін Каліноўскі, Звяждоўскі, афіцэр Генеральнага штаба, Эдмунд Вярыга, Ахілес Банольдзі, Зыгмунт Чаховіч, Казелла329, які потым адыграў выбітную ролю ў Каралеўстве; Уладыслаў Малахоўскі, Длускі, доктар і капітан, Залескі, абывацель, Ду Лаўрэнс, камісар з Варшавы ад Нац[ыянальнага] Ур[ада] (гэтыя ўсе ад прыезду Аляксандра Дал[еўскага] і Длускага ды Ду Лаў[рэнса] акрамя Банольдзі, былі нам добра вядомыя).
Нягледзячы на выступленне Камітэта Руху, Цэнт[ральны] Літ[оўскі] камітэт склікае з'езд, на якім надае маршалкам: Лапе, князю Любамірскаму і Гячэвічу за Дамейку голас раўназначны з чальцамі Цэнт[ральнага] Літ[оўскага] камітэта, хоча пры гэтым склікання дэлегацый з губерній для выбару іншых асобаў на сваё месца, або ўпаўнаважвання тагачасных для неадкладнага дзеяння для абароны Краю ад пагрозы анархіі.
(Працяг у наст. нумары.)
326 - Нарэшце, нарэшце пан сярод нас, а мы думалі, што застанешся ў легіёнах!
- Яшчэ не (франц.).
327 Камітэт Руху ці Літоўскі Правінцыйны камітэт, пасля выбуху паўстання пераўтварыўся ў Правінцыйны часовы ўрад на Літве і Беларусі.
328 Маніфест Літоўскага Правінцыйнага камітэта ад 20.І/1.ІІ.1863 г., у якім "чырвоныя" абвяшчаліся адзінай уладай на Літве і Беларусі.
328 Гаворка пра Яна Козел-Паклеўскага.
З падзей 2018 года
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у пап.. нум.)
1 мая. Свята Працы - выхадны дзень. У Менску тэрмометр паказаў +27,4 градуса цяпла, а ў г. п. Акцябр Гомельскай вобл.- яшчэ вышэй (+29,2 градуса). Дрэвы зялёныя. Сады квітнеюць. Вішні і слівы ў сталіцы - белыя ад сваіх кветак.
1 мая. У Менску незалежныя прафсаюзы, сацыял-дэмакраты і сябры партыі "Справядлівы свет" правялі мітынг і прынялі рэзалюцыю супроць кантрактнай сістэмы прыёму на работу і супроць дэкрэта "аб дармаедах". У Брэсце адбыўся тысячны мітынг гараджан супроць будаўніцтва акумулятарнага завода ў іх горадзе.
4 мая. У гэты дзень у Менску была рэкордная тэмпература +30 градусаў цяпла.
4 мая. У Палацы спорту ў Менску на конкурсе прыгажосці "Міс Беларусь - 2018" атрымала тытул і карону 20-гадовая студэнтка БДЭУ Марыя Васілевіч. Першай віцэ-міс стала 22-гадовая Маргарыта Мартынава са Слоніма, другой віцэ-міс - 18-гадовая мянчанка Анастасія Лаўрынчук.
5 мая. У Брэсце незадаволеныя будаўніцтвам акумулятарнага завода перакрылі тры дарогі. У гэты ж дзень у Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах прайшлі антыўрадавыя мітынгі, арганізаваныя Аляксеем Навальным. У Маскве мітынг жорстка разагнаны паліцыяй, Расійскай гвардыяй і казакамі.
6 мая. Праваслаўныя адзначаюць Юр'е. У гэты выганяюць свойскую жывёлу ў поле. Сёлета да гэтага дня вырасла ўжо вялікая трава.
8 мая. Пасля месячных пратэстаў кіраўнік апазіцыі ў Арменіі Нікол Воваевіч Пашанян выбраны старшынёй Ураду Арменіі.
9 мая. У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі. У в. Заброддзе Вілейскага раёна адбыўся вялікі фэст, на якім было шмат прыезджых з Менска, Маладзечна, Смаргоні і Вілейкі. Ужо квітнеў бэз.
У лесе каля в. Дубрава Маладзечанскага раёна энтузіясты адкапалі 3 касцельныя званы, знятыя з мясцовага храма пры яго закрыцці. Званы перададуць у Менск для новага касцёла.
12 мая. У Косаве Івацэвіцкага раёна адкрыты помнік Тадэвушу Андрэю Касцюшку. Аўтар скульптуры Генік Лойка. На помнік патрыёты сабралі 22 тысячы рублёў па ініцыятыве журналіста Глеба Лабадзенкі. Помнік адліты з бронзы на Украіне.
14 мая. Каманды хакеістаў Беларусі і Аўстрыі правялі гульню на чэмпіянце свету ў Даніі з лікам 0:4. Наша каманда хакеістаў выбыла з вышэйшай лігі.
15-16 мая. А. Лукашэнка быў у Таджыкістане. Там, у пас. Гісары, А Лукашэнка і Прэзідэнт Таджыкістана Рахмон Эмамалі адкрылі цэх па зборцы беларускіх трактараў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях будуць пасаджаны два сады, саджанцы для якіх прывезеныя з Таджыкістана. У Таджыкістане пасаджаны сад беларускай чарэшні. Лукашэнка выказаў надзею, што таджыцкія дрэвы прыжывуцца, бо ўжо ў Беларусі нават растуць кавуны.
15 мая. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. Пуцін праехаў за рулём грузавіка КАМАЗ начале калоны з 30 грузавікоў па Крымскім мосце, пабудаваным над Керчанскім пралівам, які злучыў аўтамабільнай дарогай Керчанскі і Таманскі паўвостравы. Яго будаўніцтва пачалося ў лютым 2016 года. Даўжыня чатырохпалоснага аўтамабільнага маста 19 км (самы доўгі ў Расіі і Еўропе), вышыня над вадой 35 м. Яго кошт абышоўся каля 228 міліярдаў расійскіх рублёў. Рух па гэтым мосце адкрываецца з 16 мая. Чыгуначны мост над Керчанскім пралівам яшчэ будуецца і будзе закончаны ў наступным годзе. 18 мая 1949 года Савет Міністраў СССР прыняў пастанову аб будаўніцтве Крымскага маста, але будаўнічыя работы ўжо вяліся яшчэ з 1947 года. У 1950 годзе будаўніцтва маста было спынена, і была зроблена паромная пераправа.
26 мая, субота. У Слоніме прайшоў традыцыйны міжнародны фестываль "Паланез-2018". У ім бралі ўдзел музычныя і танцавальныя калектывы Беларусі, Літвы і Польшчы.
27 мая. Праваслаўныя і католікі адзначылі свята Найсвяцейшай Тройцы.
28 мая. У Менску памёр фалькларыст Арсень Сяргеевіч Ліс, якога пахавалі на яго радзіме.
30 мая. Арыштаваны памочнік Прэзідэнта Беларусі па Гродзенскай вобласці Сяргей Васілевіч Раўнейка, які вымагаў хабар 200 тысяч даляраў.
Май. Прадстаўнікі Украіны, Турцыі, Германіі і Венгрыі абмяркоўвалі праект будаўніцтва караблеходнага канала праз Перакопскі перашыек (праз воз. Сіваш), які злучыць парты Адэса (Чорнае мора) і Марыупаль (Азоўскае мора). Грошы на будаўніцтва канала абяцае выдаць Джордж Сорас.
1 чэрвеня рэстаран "Поедем поедим", які пабудаваны за 50 м. ад могілак у Курапатах, пачаў рэкламавацца ў Інтэрнэце і запрашаць наведвальнікаў. Актывісты апазіцыі пачалі блакаваць яго з 31 мая.
2 чэрвеня. У Менску, на плошчы Свабоды, праведзены Дзень Швецыі, арганізаваны яе паслом Крысцінай Юханенсон і Менскім гарвыканкамам.
На пачатку чэрвеня. У Беларусі было зарэгістравана 19 800 беспрацоўных. Беспрацоўнаму выплачвалі дапамогу памерам 27 рублёў (меней 14 долараў) у месяц.
З пачатку чэрвеня газета "Наша Ніва" больш не друкуецца, а існуе толькі на сайце ў Інтэрнэце. Рэдакцыя газеты пачала выдаваць часопіс "Наша гісторыя" на беларускай мове.
3 чэрвеня. Мітынг-рэквіем у Курапатах "Дзень памяці пра генацыд" правялі актывісты КХП-БНФ. Так яны адзначылі 30-годдзе публікацыі ў "ЛіМе" артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты - дарога смерці".
6 чэрвеня. Памёр кампазітар Эдуард Барысавіч Зарыцкі, народны артыст Беларусі, які нарадзіўся 9 лютага 1946 года ў г. Красны Кут Саратаўскай вобласці.
8 чэрвеня. Памёр Міхась Язэпавіч (Іосіфавіч) Мушынскі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук. Нарадзіўся 24 студзеня 1931 года ў в. Мокрае Быхаўскага раёна.
9-10 чэрвеня. Рабочы візіт Прэзідэнта А. Лукашэнкі ў Кітай. Там адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Манголіі Х. Батулгой.
12 чэрвеня. У Сінгапуры адбылася гістарычная сустрэча прэзідэнтаў КНДР (Паўночная Карэя) і ЗША. Падпісаны дакументы аб ядзерным раззбраенні КНДР. Але пакуль што санцыі з КНДР не здымаюцца. Паўночная Карэя стала ядзернай дзяржавай у 2005 годзе.
15 чэрвеня. У Беларусі прайшоў даўгачаканы дождж, якога не было болей за 2 тыдні. У паселішчах пасохла і парыжэла трава.
19 чэрвеня. Паэт Ігар Канановіч у Менску скончыў сваё жыццё самагубствам. Ён нарадзіўся ў Клецку ў 1983 годзе.
21 чэрвеня. У Менску адбылося адкрыццё стадыёна "Дынама" пасля рэканструкцыі, якая пачалася ў 2012 годзе. Цяпер ён называецца Нацыянальны Алімпійскі стадыён "Дынама". Да рэканструкці ў ім было 34 тысячы пасадачныя месцы для гледачоў, а цяпер засталося 22 246.
26 чэрвеня. Памёр вядомы краязнавец Івацэвіцкага раёна Алесь Фаміч Зайка, былы настаўнік беларускай мовы, даследчык народнай лексікі свайго краю. Надрукавў 6 кніг і дзве кнігі падрыхтаваў да друку.
29 чэрвеня. Ва ўрочышчы Благоўшчына (Менск) адкрылі мемарыял лагера смерці "Трасцянец". Тут нацысты ў 1942-1943 гадах знішчылі каля 150 тысяч чалавек. Гэта чацвёрты па колькасці ахвяр на кантыненце і першы на паслясавецкай прасторы. На адкрыцці прысутнічалі прэзідэнты Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Аўстрыі Аляксандр ван дэр Белен, Германіі Франк Вальтэр Штайнмайер.
30 чэрвеня. Адбыўся не дазволены пікет каля рэстарана "Поедем поедим", які пабудаваны побач з Курапатамі ў Менску. Тых, хто быў у пікеце (8 чалавек), затрымала міліцыя. А 1 ліпеня іх адвезлі ў суд, дзе аштрафавалі або арыштавалі на 10 сутак.
1-2 ліпеня ў Будславе адзначылі 20-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай. Прыйшлі і прыехалі паломнікі з многіх куткоў Беларусі. Сёлета сюды прыбылі 2662 пілігрымы.
2 ліпеня. Звольнены з міліцыі прапаршчык міліцыі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП на Акрэсціна) у Менску Міхаіл Грамыка за тое, што 30 чэрвеня выйшаў у цывільнай вопратцы на пікет да рэстарана "Поедем поедим", каля Курапатаў, і сфатаграфаваўся з бела-чырвона-белым сцягам. За гэта ж ён 4 ліпеня быў арыштаваны на 10 сутак, якія адбываў там, дзе да гэтага сам служыў.
2 ліпеня. У Менску адбыўся Пленум Цэнтральнага Савета Саюза Камуністычных партый - Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Сабраліся прадстаўнікі партый з 18 краін, каб адзначыць 120 гадоў РСДРП. Ім (прыхільнікам роўнасці і справядлівасці) накіраваў прывітанне А.Р. Лукашэнка.
3 ліпеня. У Менску адбыўся парад і салют у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На парадзе былі вайскоўцы Пскоўскай дэсатнай дэвізіі з горада Пскоў і ваенныя Кітайскай Народнай Рэспублікі. У гэты ж дзень адбыліся затрыманні міліцыяй тых, хто без дазволу ўладаў пайшоў ускладаць кветкі да помніка савецкім воінам на вул. Талбухіна. Гэта ўскладанне арганізаваў падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч, якога за гэта затрымала міліцыя.
4 ліпеня. У Варшаве, у Сейме Польшчы, адбылося паседжанне камісіі па замежных справах. Удзельнічалі з беларускага боку Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўск і Наталля Радзіна (рэдактар сайта "Хартыя-97"). Не змаглі прыехаць у Варшаву Мікола Статкевіч і Рыгор Кастусёў, якога затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск".
Выпушчаны з ЦІПа ў Менску Мікола Статкевіч, які быў затрыманы ўчора. У судзе Першамайскага раёна горада Менска яго сёння аштафавалі на 40 базвых велічынь (980 рублёў), а Вячаслава Сіўчыка - на 50 базавых велічынь (1225 рублёў).
У судзе Партызанскага раёна г. Менска Рыгору Кастусёву прысудзілі 735 рублёў штрафу за пікет ля рэстарана, які каля Курапатаў.
7 ліпеня. У Аляксандрыі Шклоўскага раёна з удзелам А. Лукашэнкі правялі традыцыйнае Купалле. Тут выступалі артысты з Беларусі, Расіі і Украіны.
8 ліпеня. У Менску адбыўся 18-ы з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Анатоль Лябедзька адмовіўся ад пасады старшыні партыі. Кіраўніком АГП выбраны Васіль Палякоў, які 23 верасня сам склаў свае паўнамоцтвы. Палітсавет АГП даручыў часова кіраваць партыяй Мікалаю Казлову (былы падпалкоўнік міліцыі), кіраўніку Менскай гарадской арганізацыі АГП.
10 ліпеня. У Менску памёр Мікалай Дземянцей, былы сакратар ЦК КПБ, былы Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Пражыў 88 гадоў.
12 - 16 ліпеня. У амфітэатры ў Віцебску, праводзіўся XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар". Адкрываючы гэтае мерапрыемства, А. Лукашэнка ўручыў узнагароды некаторым артыстам, а яму падарылі пояс-абярог.
12 ліпеня. У Брэсце ўвечары была навальніца. Выпала 80% месячнай нормы ападкаў. Вуліцы горада часова былі затоплены вадой.
16 ліпеня. Увечары ў Менску была навальніца. Па вуліцах цяклі ручаі. Вуліца Рэвалюцыйная затоплена.
З пачатку месяца ліпеня амаль кожны дзень ідзе дождж.
16 ліпеня. У г. Хельсінкі адбыліся перамовы прэзідэнтаў ЗША і РФ Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна.
21 ліпеня. Раніцай у Гомелі спыніўся транспарт, бо па вуліцах цяклі ручаі (выпала 55 мм ападкаў, больш паловы месячнай нормы).
21-22 ліпеня. Пад Гродна адбыўся фестываль аўтамашын Sunday-2018, на які прыехалі прыгажэйшыя легкавікі з усёй Еўропы.
25 ліпеня. Дзяржаўная дума Расійскай Федэрацыі прыняла Закон аб родных мовах, які дае права бацькам у аўтаномных рэспубліках пісаць роднай мовай рускую, і такім чынам іх дзеці могуць не вывучаць нацыянальную мову аўтаномнай рэспублікі.
Ноччу з 27 на 28 ліпеня адбылося зацменне Месяца, якое назіралася ў Беларусі і Расіі. Адбылося супроцьстаянне Месяца і Марса.
28 ліпеня. У Маскве памёр рускі пісьменнік Уладзімір Вайновіч. З 1980 па 1990 год жыў у ЗША, бо ён быў высланы з СССР і пазбаўлены грамадзянства СССР за свае творы.
У многіх гарадах Расіі прайшлі мітынгі супроць павышэння пенсійнага ўзросту на 5 гадоў. Мітынгі арганізавала КПРФ.
28-29 ліпеня. У Наваградскім фарным касцёле прайшло ўшанаванне памяці пакутнікаў смерці 11 дабраслаўлёных манахіняў-назарэтанак. У ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 года гестапа зняволіла каля 120 чалавек. Сястра Марыя Стэла падчас сустрэчы з ксяндзом капеланам Аляксандрам Зянкевічам вымавіла прарочыя словы: "Божа мой, калі патрэбна ахвяраваць жыццё, то няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сем'і. Мы молімся аб гэтым". Такое рашэнне сёстры прынялі разам, а сястра Марыя Стэла паведаміла пра гэта святару. Інфармацыя дайшла да зняволеных. Яны загінулі 75 гадоў таму, стаўшы закладніцамі ў нямецкіх акупантаў, але такім чынам выратавалі нявінных арыштаваных, якіх хацелі расстраляць.
(Працяг у наст. нумары.)
Не ад Эзопа, а ад Язэпа
Адпачынак па-беларуску
З запісак вартаўніка базы адпачынку
Стрэптыз саракагадовых жанчын
Напачатку здавалася, што не адбудзецца нічога экстравагантнага. Прыехалі адпачываць на двух аўто чатыры сямейныя пары, дзесьці саракагадовага ўзросту. Без начлегу. Замовілі домік, альтанку і лазню. Адразу пайшлі гуртом парыцца. Праз пару гадзін дружна пайшлі працягваць "адпачынак" у домік. Пасля ўсяго мой абавязак навесці парадак у лазні.
Заходжу. Божухна. Садом і Гамора ў стократных памерах. Увесь посуд (куфлі, шклянкі, талеркі) разбіты ўшчэнт і яго аскепкі валяюцца дзе заўгодна: на стале, лаўках, падлозе. Прыбіраць няма чаго. Пачынаю дзейнічаць. На ключ замыкаю ўваходныя вароты і - наўпрост да доміка. Вяселле ў поўным разгары. Адклікаю замаўляльніка і тлумачу сітуацыю: страты павінны быць сплачаны ў пяцікратным памеры або павернуты. Фінансава сітуацыя беларусаў вытлумачальная: грошай хапіла толькі на гарэлку, і тае мала. У абяцанкі вярнуць посуд заўтра не веру. Патрабую заклад - прапаную да павяртання страт пакінуць машыну. Адна кабета ў якасці закладу прапануе сябе. Муж пагаджаецца на такое і нават настойвае. Сітуацыя камедыйна. Хоць кабета ладная, аднак не пагаджаюся я. Урэшце рэшт пасля іх адпачынку адна машына застаецца да заўтра. Ранкам адзін з адпачыванцаў павяртае ўвесь да аднаго посуд і ў якасці падзякі мне пляшку гарэлкі. Мяне тузае цікавасць і я пытаю:
- Што тут урэшце адбылося?
Напачатку мужчына запытаў, ці можна сюды прыехаць адпачыць, але ў іншай кампаніі. Даведаўшыся, што няма ніякіх пытанняў, распавядаў.
Кабета, што мела намер быць добраахвотнай закладніцай, арганізавала той адпачынак з сваімі сяброўкамі, каб "ужучыць" сваім мужоў у нявернасці. Пасля парылкі і гарэлкі з півам келіх у келіх з мужыкамі распачала распавядаць пра іх паходжанні. І каб даказаць, што яны чагосьці вартыя, жанчыны ўчынілі стрэптыз на стале. На мой запыт: "Голымі?" пачуў у адказ: "Як маці нарадзіла".
На што толькі не здольна беларуска ў імя кахання.
Сланімчанка здзейсніла свой выбар
Пасля апошняй сустрэчы з гэтаю жанчынаю я зразумеў, што яна дамаглася ў жыцці свайго і чаго яшчэ хоча, ды ў тым дапамагла ёй зона адпачынку.
Тое пачалося болей за год назад. Прыехала пара. Ім пад трыццаць. Шыкоўная кабета за кіраўніцай шыкоўнага аўто. Такога ж узросту мужчына. Афармляю дакументы. Сланімчанка. Называю прозвішчы сваіх тамтэйшых знаёмых. Ведае. Адпачынак звыклы: лазня, пагулянкі на катамаране і так далей. Поўная ідылія блізкасці. Праз некаторы час другі заезд, трэці. Кожны раз партнёр новы, як і аўто. Сярод абслугі пайшлі розныя чуткі. Надараецца так, што жанчына два разы прыязджае з адным і тым жа мужчынам. Пры афармленні дакументаў задаю несціплае пытанне:
- Ён упадабаў цябе?
На што яна адказала без злосці і дасціпна:
- Не ён мяне, а я яго. Я дастаткова забяспечана. У мяне свой бізнес. Бізнес паспяховы. У нашых варунках тая справа сабачая. І іншы раз узнікне жаданне адпачыць. Адчуць сябе жанчынаю. Мне патрэбны сапраўдны мужчына. Мужчына маіх жаданняў. І няхай яго называюць як хочаш. Альфонс ці неяк па-іншаму. Мне ўсё роўна. Мяне ён задавальняе. Маю на мэце пабрацца з ім шлюбам.
Праз месяц гэтая пара наведалася яшчэ адзін раз. Дваіх. З пярсцёнкамі на пальцах. Адпачынак правялі шумна, гамонка і, як першыя закаханыя, рука ў руку да паўночы гулялі па беразе возера ды кармілі хлебам лебедзяў.
Язэп ПАЛУБЯТКА.
Верхнядзвінская "ІніцыЯ+ТЫва" - у ліку лепшых ініцыятываў па развіцці супольнасцяў "Зрабілі"
12 студзеня ў Менску адбылося ўзнагароджанне лепшых ініцыятываў па развіцці супольнасцяў "Зрабілі". Ужо ў трэці раз Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый і CityDog.by і ў гэтым годзе з Vitebsk4.me, "Рэгiянальнай газетай", і "Біноклем" сумесна арганізавалі ўзнагароджанне, якое пашырае бачнасць нізавога (grass roots) актывізму ў Беларусі. Сярод ўзнагароджаных-грамадская "ІніцыЯ+ТЫва" з Верхнядзвінска, якая на працягу 2018 года займалася добраўпарадкаваннем тэрыторыі дома № 72 па вуліцы Першамайскай нашага горада.
Спіс ініцыятыў для ўзнагароджання "Зрабілі" быў створаны з улікам рэкамендацый пераможцаў мінулага года, кансультацый з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі некамерцыйных арганізацый і ініцыятыў рознага тэматычнага напрамку і таксама меркаванняў арганізатараў і арганізатарак узнагароджання. Такім чынам, больш за 60 ініцыятыў атрымалі ўзнагароду ў 7 намінацыях за актыўнасць і паспяховую дзейнасць на працягу 2018 года.
- Унёсак кожнай намінаванай ініцыятывы ў роўнай ступені з'яўляецца каштоўным і значным. Мы вельмі ўдзячныя ўсім ініцыятывам за тое, што яны мяняюць жыццё мясцовых супольнасцяў у Менску і раёнах да лепшага, - адзначыла кіраўніца Офіса еўрапейскай экспертыўзы і камунікацый Святлана Зінкевіч
У гэтым годзе было вызначана некалькі намінацый:
Падзея года: У гэтай намінацыі ўдзельнічалі адукацыйныя праграмы, івэнты, фестывалі, адвакатыўныя кампаніі і іншыя падзеі, якія адбыліся, дзякуючы актывісткам і актывістам, грамадскім арганізацыям і ініцыятывам у 2018 годзе.
Канал у сацыяльных сетках: У намінацыі ўдзельнічалі лепшыя інфармацыйныя каналы мясцовых ініцыятыў: старонка, суполка, канал ці аккаўнт у любой сацыяльнай сетцы.
Нізавая ініцыятыва (Grass roots): Удзельнічалі ініцыятывы, якія былі створаны ў 2018 годзе з "нуля", амаль без падтрымкі і бюджэту. Гэта былі тыя ініцыятывы, пра якія яшчэ няма публікацый у медыя ці яны не вельмі вядомыя шырокай публіцы.
Праект ці ідэя, якую варта мультыплікаваць: Былі намінаваны ідэі і ініцыятывы з катэгорыі "Бяры і рабі!", што лёгка зрабіць у любой супольнасці і ў любым населеным пункце Беларусі.
Крэатыўнае рашэнне праблемы: У намінаціі ўдзельнічалі крэатыўная адвакатыўныя кампаніі, новыя ці незвычайныя падыходы да вырашэння існых праблем.
Штуршок: Удзельнічалі ініцыятывы, якія ўразілі і натхнілі на новыя ідэі, праекты і дзеянні на працягу 2018 года.
Уклад у абарону правоў чалавека: Намінацыя была новай у гэтым годзе. У ёй маглі прыняць удзел кампанія, акцыя ці іншая ініцыятыва, накіраваная на абарону правоў чалавека, адстойванне правоў уразлівых груп, супрацьстаянне любым формам дыскрымінацыі.
Зараз праект, скіраваны на пашырэнне ўдзелу грамадзян у развіцці супольнасцяў, мае працяг і я, у выніку адбору, запрошана на ўдзел у трохсеместравым курсе.
Арганізатары "Віцебскага арнаменту 2.0 " вызначылі яго як "..курс, скіраваны на праекты, што ўцягваюць уразлівыя групы, - тых, з кім мы не часта сустракаемся або ўзаемадзейнічаем у гарадах і вёсках. Гэта могуць быць самыя розныя людзі: моладзь са спальных раёнаў альбо далёкіх вёсак, людзі, якія ўшчэмленыя ў сваіх правах (пажылыя людзі, і ў цэлым тыя, хто пражывае побач з намі і падвяргаецца дыскрымінацыі па якіх-небудзь прыкметах").
Прайшла першая сесія адукацыйнага курсу, наступная пройдзе ў лютым.
Валянціна Болбат, старшыня Верхнядзвінскай раённай арганізацыі ГА"Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".