НАША СЛОВА № 7 (1418), 13 лютага 2019 г.
21 лютага "Арт Сядзіба", Cаюз беларускіх пісьменнікаў, кампаніі "Будзьма беларусамі!", ПЭН-цэнтр, Белсат і SAY.BY запрашаюць у кавярню "Грай" адзначыць Дзень роднай мовы #беларускамоўны.
Падчас свята выступяць беларускія паэты і музыкі, сярод якіх гурт Akute, Uzari, рэпер Angst, Усевалад Сцебурака, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Стась Карпаў. Культурніцкая праграма будзе жывой і насычанай, а кожны ахвотны зможа ўзяць удзел у шоу "Самшазам" (аналаг гульні "Угадай мелодыю"). Таксама на другім паверсе прасторы "Грай" будуць дзейнічаць пляцоўкі настольных гульняў, дзіцячых забаў і невялічкі кірмаш.
Адмыслова да Дня роднай мовы каманда SAY.BY прэзентуе новую версію мабільнага дадатку для размоваў па-беларуску ў сферы абслугоўвання і штодзённым жыцці. Госці свята змогуць узяць удзел у квэстах з ужываннем дадатку, а самыя актыўныя атрымаюць цікавыя прызы і падарункі.
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень ва ўніверсітэтах і клубах Беларусі праходзяць адмысловыя мерапрыемствы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ з'яўляюцца шматлікія конкурсы і публікацыі, прысвечаныя беларускай мове.
Мы хочам паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы.
Уваход вольны, але варта зарэгістравацца: Кафэ "Грай", вул. Інтэрнацыянальная, 33.
Пачатак а 18:00.
nn.by.
21 лютага гарадзенцы напішуць дыктоўку
Першая ў гэтым годзе гарадзенская беларуская дыктоўка пройдзе 21-га лютага. Абласная рада Таварыства беларускай мовы запрашае гарадзенцаў далучыцца да свята роднай мовы і напісаць ХІІ Агульнанацыянальную дыктоўку ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні а 18-ай гадзіне. Кажа Алесь Крой, сябра Рады ТБМ:
- Мы запрашаем шаноўных гарадзенцаў прыйсці на яе, тым больш пасля дыктоўкі для тых, хто прыйдзе, будзе канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча і невялічкія падарункі. Таму запрашаем на дыктоўку. Плануецца, што тэкстам дыктоўкі стане ўрывак з эсэ літаратара Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта…".
Напісанне дыктоўкі прыпадае да 20-ых угодкаў Міжнароднага дня роднай мовы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.
12-я Агульнанацыянальная дыктоўка пачынаецца на Лідчыне
12-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне па шматгадовай традыцыі пачынаецца з бібліятэкі вёскі Мінойты. Дыктоўка пройдзе 16 лютага ў 11.00.
16 лютага ў 13.30 12-я Агульнанацыянальная дыктоўка плануецца ў бібліятэцы г. Бярозаўкі.
20 лютага ў 14.00 у малой зале Палаца культуры г. Ліды пройдзе канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Арганізатар Палац культуры.
Пытанне з канцэртам да Міжнароднага дня роднай мовы ў Палацы культуры г. Бярозаўкі вырашаецца.
20 лютага ў 17.30 дыктоўку піша літаб'яднанне "Суквецце" ў Доміку Таўлая, Замкавая,7.
20 лютага ў 18.30 дыктоўку пішуць курсы "Мова нанова" ў "Галерэі 11" па Міцкевіча, 31.
Дыктоўка для сяброў ТБМ Лідскага раёна плануецца на 23 лютага ў 3-м бібліятэчным філіяле г. Ліды, м-н Маладзёжны.
Усе змены і ўдакладненні просім адсочваць па газеце "Наша слова" і па сайтах nslowa.by, naszaslowa.by.
Заклікаем сяброў ТБМ Лідчыны прыняць самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах Дня роднай мовы і ў 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы.
Лідская гарадская Рада ТБМ.
Віктару Шалкевічу - 60
Беларускаму барду, актору, паэту і шоўмэну Віктару Шалкевічу споўнілася 60 гадоў.
Віктар Шалкевіч нарадзіўся ў мястэчку Поразава Гарадзенскай вобласці 9 лютага 1959 года. Закончыў школу ў Поразаве, затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у Менску (у 1980 годзе). Піша саркастычныя песні па-беларуску. Выступае з канцэртамі ў Беларусі і за мяжой. Аўтар некалькіх кніг. 26 гадоў працаваў акторам у Гарадзенскім драмтэатры, тэатры лялек, цяпер выступае ў Купалаўскім тэатры. Здымаўся ў фільмах. «За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры» быў узнагароджаны міжнародным Ордэнам усмешкі.
Вікіпедыя.
За беларускую мову ў футболе
Віцебская абласная арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" звярнулася да кіраўніцтва футбольнага клуба "Віцебск" па пытанні пашырэння ўжывання беларускай мовы.
ЗВАРОТ ДА КІРАЎНІЦТВА ФУТБОЛЬНАГА КЛУБА "ВІЦЕБСК"
Шаноўнае спадарства! Дазвольце шчыра павіншаваць увесь калектыў футбольнага клуба "Віцебск" з паспяховым выступленнем у мінулагоднім чэмпіянаце краіны! Гульня, прадэманстраваная камандай, не пакінула нікога абыякавым і прывяла на трыбуны нашага стадыёна сотні новых аматараў футболу. Не сумняваемся, што і ў сёлетнім чэмпіянаце наш футбольны клуб пакажа добрыя вынікі, у тым ліку і на міжнароднай арэне!
Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаецца перад пачаткам новага футбольнага сезону да кіраўніцтва ФК "Віцебск" з прапановай падаваць прозвішчы футбалістаў на майках на дзяржаўнай беларускай мове. На сённяшні дзень ФК "Віцебск" - адзін з нешматлікіх клубаў нашага чэмпіянату, які пакідае рускамоўныя версіі прозвішчаў гульцоў на майках. На наш погляд, было б зусім лагічна і нам перайсці на беларускую мову ў напісанні прозвішчаў - мову тытульнай нацыі. Гэта будзе з'яўляцца сведчаннем нашай павагі да нацыянальнай культуры, нацыянальных традыцый і да першай дзяржаўнай мовы нашай краіны.
З павагай,
старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Юрый Бабіч.
22.01.2019.
29.01.2019 №77 Віцебская абласная арганізацыя
грамадскага аб'яднання "Таварыства
беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
tbmviciebsk2018@gmail.соm
Шаноўнае спадарства!
Спартыўная ўстанова "Футбольны клуб "Віцебск" выказвае вялікую ўдзячнасць за Вашы прапановы і пажаданне перамогі.
На Ваш зварот паведамляем, што мы вельмі любім родную Беларусь, родны Віцебск, займаемся патрыятычным выхаваннем моладзі.
У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Таксама ў адпаведнасці з артыкулам 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 1990.01.26 № 3094-ХІ (рэд. ад 2013.01.03) "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" грамадзяне маюць права карыстацца іх нацыянальнай мовай і выбіраць мову зносін.
На сходзе работнікаў установы прынята рашэнне, як і раней, выкарыстоўваць рускую мову ў рабоце клуба.
Згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" дадзены адказ на зварот Вы маеце права абскардзіць у аддзел спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама.
Дырэктар М.І. Вайцюхоўскі.
Наталенне прагі да кніжных навінак
ХХVI Міжнародны кніжны кірмаш, які праходзіў у Менску з 6 па 10 лютага, стаў яркай падзеяй культурнага жыцця. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ГА "Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў", ААТ "Белкніга", ВК ТАА "Макбел".
Сёлета свае кніжныя навінкі ў Беларусь прывезлі 300 удзельнікаў з 35 краін свету. На выставе дэманстраваліся і прадаваліся кнігі выдавецтваў Украіны, Чэхіі, Германіі, Італіі, Расіі, Азербайджана, Турцыі, Кітая і іншых краін.
Айчынныя выдавецтвы "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі", "Мастацкая літаратура", "Харвест", " Тэхналогія", "Адукацыя і выхаванне" , выдавецкі дом "Звязда" былі шырока прадстаўлены высокаякаснай паліграфіяй, энцыклапедычнымі даведнікамі, каляровымі выданнямі. У гасцей кірмаша выклікалі вялікую цікавасць кнігі выдавецтва Змітра Коласа і Андрэя Янушкевіча.
Кірмаш наведалі прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі: літаратары і журналісты, мастакі і ілюстратары, гісторыкі, медыкі, студэнты.
У рамках выставы-кірмаша адбыліся прэзентацыі шматлікіх кніжных навінак, літаратурныя сустрэчы, аўтограф-сесіі. Першы дзень працы выставы быў прысвечаны прэзентацыям, у другі дзень асноўным мерапрыемстваў стаў сімпозіюм "Пісьменнік і час". Нацыянальная бібліятэка Беларусі традыцыйна прыняла актыўны ўдзел у міжнароднай выстаўцы-кірмашы. Факсіміле першага "Буквара" было ўручана лепшым настаўнікам Беларусі і аўтарам самых сучасных буквароў. Калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў перадаў сваю калекцыю старых паштовак, кніг і фатаграфій "У пошуках страчанага" Нацыянальнай бібліятэцы.
9 лютага на адной з выставачных пляцовак цэнтра "БелЭкспа" адбылася прэзентацыя гістарычнага рамана Ірыны Данеўскай "Багуслаў Радзівіл" у перакладзе Наталкі Бабінай, прысвечанага вядомаму дзеячу ВКЛ.
Дыскусія пра адметнасці дакументальнай прозы і мастацкай літаратуры разгарнулася з удзелам расійскіх пісьменнікаў Яўгенія Вадалазкіна і Паўла Басінскага. Чытачы задалі шмат пытанняў літаратуразнаўцу Яўгенію Вадалазкіну з С. Пецярбурга, аўтару раманаў "Лавр", "Авиатор", "Брисбен", і хацелі больш даведацца пра кнігу літаратурнага крытыка Паўла Басінскага "Святой против Льва. Иоанн Кронштадтский и Лев Толстой: История одной вражды".
Госці кірмаша і чытачы змаглі сустрэцца з Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч і набыць яе творы.
Цікавасць наведвальнікаў выставы выклікала прэзентацыя "Менскай трылогіі" Сяргея Пясецкага. Старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца прадставіў новы мастацкі альбом свайго калегі В. Маркаўца. На адной з пляцовак адбылася аўтограф-сесія Альгерда Бахарэвіча. Аматары літаратуры нон-фікшн змаглі пазнаёміцца з новай кнігай Сяргея Шапрана "Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія". Уладзімір Сіўчыкаў прэзентаваў вельмі прыгожую дзіцячую кніжку з малюнкамі "Багоўка".
8 лютага на Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стаў пераможцам у намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны". Дырэктару бібліятэкі Раману Сцяпанавічу Матульскаму ўручылі спецыяльны дыплом і памятны знак-сімвал "Залаты фаліянт" - узнагароду за рэалізацыю праекта факсімільнага ўзнаўлення "Буквара". Кніга "Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка" была абвешчана найлепшай дзіцячай кнігай 2018 года.
Эла Дзвінская, фота аўтара. 1-2. На Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы; 3.Уладзімір Сіўчыкаў, Ірына Данеўская, Андрэй Янушкевіч.
Да Таўлая завітаем
8 лютага ў доме па вуліцы Замкавая, 7, у якім з 1939 па 1941 год пражываў заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай, сабраліся прыхільнікі творчасці пісьменніка. Менавіта сёння яму споўнілася 105 год з дня нараджэння. Супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея арганізавалі да гэтай даты мерапрыемства.
У мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая (дарэчы, адзіным у Беларусі) змянілася экспазіцыя. У ім з'явілася новая мэбля. Так, лідскі паэт Міхась Мельнік падараваў для дома Таўлая крэсла-гушкалку, бо па ўспамінах сястры В. Таўлая Ніны, яно таксама тут размяшчалася. Акрамя гэтага, у пакоі паэта ёсць і пудзіла вераб'я паводле першага верша В. Таўлая "Верабейка", напісанага ў Лідзе. А рабочы патэфон прываблівае сваім граннем. Кнігі тых часоў на этажэрцы, стол з друкаркай, пяро з чарнільніцай, газета "Уперад" 1940 года, старая лямпа - жырандоль, партфель з рукапісамі раскрываюць вобраз Валянціна Таўлая ў час яго пражывання ў гэтым доме. Ажывіць прастору, у якую патрапілі лідскія паэты, супрацоўнікі бібліятэкі імя Янкі Купалы і яе філіяла № 6 імя Валянціна Таўлая, супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея паспрабавалі самі музейшчыкі. Так, ролю Валянціна Таўлая сыграў Алесь Хітрун, а яго жонкі Кіры Бранд - Ганна Некрашэвіч. У ролі чытальніка выступіў Ілля Пузаткін. Інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабываем" раскрыў гістарычныя моманты з жыцця паэта ў горадзе Ліда.
А ў суседняй зале адкрылася выстава з той жа назвай. Ідэя яе арганізаваць узнікла пасля паездкі яе куратара Алеся Хітруна ў Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва, у якім змяшчаецца асабісты фонд В. Таўлая ў колькасці звыш 240 адзінак. Копіі аўтографаў (рукапісаў), машынапісаў з вершамі і артыкуламі, фотаздымкаў і інш., якія маюць непасрэднае дачыненне да лідскага перыяду паэта, былі прывезены ў Ліду.
Трэба зазначыць, што ў гэтай зале за кубкам кавы і смачным печывам сабраліся ўсе, хто наведаў у гэты дзень дом паэта. Сярод іх былі шаноўныя госці. Краязнавец з Дзятлава Валерый Петрыкевіч прыгадаў пісьменнікаў, якія сябравалі з яго бацькам і былі знаёмыя некалі з Валянцінам Таўлаем. Пісьменнік Сяргей Чыгрын са Слоніма паказаў рэдкія фотаздымкі Валянціна Таўлая і распавёў раней невядомыя факты з біяграфіі заходнебеларускага літаратара. Мясцовы пісьменнік Уладзімір Васько падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчу з сябрамі В. Таўлая - Максімам Танкам і Анатолем Іверсам. Пад час вечарыны гучалі вершы, прысвечаныя Таўлаю Аляксандрам Мацулевічам, Міхасём Мельнікам, а таксама песні ў выкананні барда Сяргея Чарняка.
Супрацоўнікі музея плануюць і ў далейшым арганізоўваць інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабываем" па заяўках, як новую форму правядзення экскурсіі. А дзейнасць выставы працягнецца на кароткі час. Так што, гайда ў дом Таўлая.
Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
"Ён быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на прэзідэнта"
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў Сямён Домаш памёр гэтай раніцай у сваім аўтамабілі. 2 студзеня яму споўнілася 69 гадоў.
Сямён Домаш нарадзіўся ў вёсцы Тумашы Берасцейскай вобласці. У 1993 годзе абраны старшынём Гарадзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Пасля быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. На прэзідэнцкіх выбарах 2001 года Сямён Домаш быў адным з кандыдатаў ад аб'яднанай апазіцыі. Ягоную кандыдатуру падтрымліваў палітычны рух "Рэгіянальная Беларусь", структуры якога дзейнічалі практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Перад самымі выбарамі, згодна з ранейшымі дамоўленасцямі, Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць адзінага кандыдата - Уладзіміра Ганчарыка. У 2006 годзе ўзначаліў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне". Пасля працаваў адным з кіраўнікоў гарадзенскага харчовага прадпрыемства ABC.
Сямёна Домаша ўзгадвае Аляксандр Мілінкевіч.
"Ён быў прадстаўніком тэхнічнай наменклатуры, пра такіх кажуць "зрабіў сябе сам". Чалавек часоў перабудовы, Адраджэння і вялікай веры ў перамены. У 43 гады яго абралі (былі ж такія часы!) кіраўніком Гарадзенскай вобласці, найлепшай у краіне. Да гэтага ён ужо быў паспяховым мэрам Ліды, потым і Гародні. Абралі яго дэпутаты, сярод якіх значная частка была з дэмакратычнага ася-роддзя.
Сямён Домаш - мой хрышчоны бацька ў палітыцы. Ён мяне паклікаў, прапанаваўшы пасаду свайго намесніка ў гарвыканкаме. Я супраціўляўся, казаў, што мне падабаецца праца ва ўніверсітэце, ды і нарады не правяду, бо не ўмею. А Сямён Мікалаевіч проста адказаў: "Вы Гародню любіце, трэба ёй паслужыць. А то ў выканаўчай уладзе ўсе аднадумцы, а людзі ў горадзе - яны розныя. Давайце створым кааліцыйны ўрад у Гародні. Чаго не будзеце ведаць - дапамагу".
Усе ведалі: Домаш - чалавек слова. Ён быў сапраўдным лідарам, за якім хацелася ісці. І не таму, што паклікаў, а таму, што побач з ім надзейна. Такі не здрадзіць, падставіць плячо, дапаможа. Умеў жорстка патрабаваць і кантраляваць, але ніколі не абражаў, не памятаю, каб ён хоць раз павысіў голас. Адначасова не імкнуўся ўсё вырашаць сам, шчыра давяраў людзям, якія з ім працавалі. Домаш быў бібліяфілам, меў велізарны збор добрых кніг і бесперапынна чытаў, асабліва многа па беларускай гісторыі і культуры.
Ён паслядоўны прыхільнік нацыянальнага Адраджэння і без гучных лозунгаў працаваў на яго. Гарадзенцам было няпроста ў 90-я, як і ўсім у Беларусі. Заробкі па пары дзясяткаў даляраў, беспрацоўе. І гарадзенскія ўлады зрабілі стаўку на падтрымку малога бізнэсу. Праз чатыры гады ён ужо даваў каля паловы гарадскога бюджэту. У культурным і мастацкім жыцці свабода рабіла сваё - яно віравала.
У Горадні пры падтрымцы Сямёна Мікалаевіча нараджаліся новыя фестывалі, горад адрадзіў свой 500-гадовы герб, вуліцам вярталіся старадаўнія назвы, а вернікам усе храмы, адно за адным рэгістраваліся грамадскія аб'яднанні і нацыянальныя суполкі, у садках, школах, універсітэце панавала беларуская мова, мастакам у цэнтры горада былі аддадзеныя пад майстэрні добрыя памяшканні за малыя цэны.
Цяжка ўявіць сёння, што галоўная апазіцыйная газета "Пагоня" мела свой офіс у гарвыканкаме... побач з аддзелам адукацыі. Праз усё жыццё для Сямёна Домаша асноўнымі каштоўнасцямі былі праўда і справядлівасць. Менавіта таму ён, як дэпутат парламента не мог не падпісаць імпічмэнт і не адмовіўся ад подпісу, нягледзячы ні на што.
Домаша паважалі ўсе, нават тыя, хто не вельмі любіў. Ён не быў занадта красамоўны, але калі гаварыў, наступала цішыня. Яму верылі. Сямён Домаш стаў кандыдатам у прэзідэнты ў 2001 годзе, дзякуючы моцнай падтрымцы сотняў незалежніцкіх праеўрапейскіх арганізацыяў ва ўсіх рэгіёнах краіны, якія аб'ядналіся ў выбарчы блок "Рэгіянальная Беларусь". На жаль, так сталася, што ў той год адзінага дэмакратычнага кандыдата вызначыў не Кангрэс, а закрытае паседжанне пяцёркі прэтэндэнтаў. Сямён Домаш меў значную перавагу амаль па ўсіх вызначаных папярэдне крытэрах: колькасці сабраных подпісаў, па пазітыўным і негатыўным рэйтынгах, па геаграфіі і колькасці групы падтрымкі. Акрамя аднаго - у ягонага штаба было менш фінансаў на заключны этап кампаніі.
Сямён Мікалаевіч не стаў "адзіным". Як чалавек слова, ён зняўся ў час свайго выступу па тэлебачанні. Лічу, што Сямён Домаш быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі ў нашай сучаснай гісторыі.
Мне яго не стае."
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка ІІІ
(Працяг. Пач. у папяр. нум.)
445. Санчук (Іна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Санко з значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Санкук - Санч(к/ч)-ук. ФП: Аляксандр (імя < грэч. Alexandros 'мужны, абаронца людзей') - Санко (1555 г.) - Санко (празванне, потым прозвішча) - Санчук.
446. Сапегін (Леанід) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Сапега і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сапегін - Сапегін. ФП: сапці ('цяжка дыхаючы, утвараць гукі з прысвістам') - сап ('гукі сапення, цяжкага дыхання', а таксама 'заразная хвароба коней і іншых парнакапытных, якая перадаецца чалавеку') - сапега ('хворы на сап', суфікс -ега (параўн. чапега 'пра слабога чалавека, які чапае - павольна, з цяжкасцю ходзіць')) - Сапега (мянушка, потым прозвішча) - Сапегін.
447. Сапоцька (Павел) - семантычны вытвор ад апелятыва сапоцька 'той, хто цяжка дыхаючы, утварае гукі з прысвістам'; сапці - сопат - сапоцька. Або вытвор ад сап 'заразная хвароба коней і некаторых жывёл, якая перадаецца чалавеку': сап - сопат - сапоцька.
448. Сапяжынская (Ала) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Сапежына і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці': Сапежынская - Сапежынская.
449. Саранчук (Вадзім) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Саранча з значэннем 'нашчадак названай асобы': Саранчук. ФП: саранча ('насякомае, небяспечны шкоднік сельскай гаспадаркі, які пералятае вялікімі масамі') - Саранча (мянушка чалавека з частым у маўленні словам "саранча") - Саранча (прозвішча) - Саранчук.
450. Саротнік (Аліна) - магчыма семантычны вытвор ад апелятыва саратнік (высок.) 'паплечнік, таварыш па барацьбе, зброі' (з галосным о для адмежавання ад апелятыва).
451. Сасноўскі (Вячаслаў) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам - оўскі ад тапоніма Сосны і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Сосноўскі - Сасноўскі.
452. Саўлевіч (Вікторыя) - форма бацькаймення з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Савел з значэннем 'нашчадак названай асобы': Савелевіч - Саўлевіч. ФП: Савелій (імя <яўр. 'цяжкая праца', ст.-яўр. 'цяжкай працай выпрашаны ў Бога') - Саўла (народная форма, празванне, пазней прозвішча) - Саўлевіч.
453. Саўрас (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка саўрасы 'масць каня - светла-гняды з жаўцізной' (Даль).
454. Сафонцава (Таццяна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ава ад антрапоніма Сафонец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сафонецава - Сафонцава. ФП: Сафон (імя <яўр. 'Гасподзь захоўвае') - Сафон ( Софон (1593 г.) - Сафон (1594 г.)) - Сафон (празванне, пазней прозвішча) - Сафонец ('нашчадак Сафона', суфікс -ец) - Сафонцава.
455. Сахарчук (Наталля) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Сахар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сахарчук. ФП: сахар (бел. рэг. і рус. 'цукар', а таксама бел. рэг. (перан.) 'прыдзіра, буркун' (Нас.)) - Сахар (мянушка, потым прозвішча) - Сахарчук.
456. Сахута (Яўген) - вытвор з фармантам -ута ад антарпоніма Саха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сахута. ФП: саха ('народ саха' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 897)) - Саха (мянушка , потым прозвішча) - Сахута (варыянт імя: Сахута, параўн. Федзя - Фядута) - Сахута (прозвішча).
457. Свярдлоў (Пётр) - вытвор з суфіксам -оў ад антрапоніма Свердзел і значэннем 'нашчадак названай асобы': Свердзелоў - Свердлоў. Утваральнае слова ад апелятыва свердзел 'інструмент для свідравання круглых адтулін у дрэве, метале і пад.'. ФП: свердзел (інструмент) - Свердзел (мянушка, прозвішча) - Свярдлоў.
458. Сека (Васіль) - семантычны вытвор ад апелятыва сека 'жывёліна', нязм. несклан. ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 904).
459. Сёмушкіна (Таццяна) - вытвор з прыналежным суфіксам -іна ад антрапоніма Сёмушка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сёмушкіна. ФП: Сямён (імя <ст.-яўр. 'Бог чуе') - Сёма, Сёмушка (народныя формы) - Сёмушка (празванне, потым прозвішча) - Сёмушкіна.
460. Семяніда (Наталля) - варыянт імя Сямён (грэч. 'пачуты Богам'; <яўр. 'якога Бог выслухаў') набыў ролю прозвішча.
461. Сівец (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва сивец 'сівы чалавек' (ПГССЛ).
462. Сіл аева (Алеся) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ева ад антрапоніма Сілай і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сілайева. ФП: сіла (апелятыў мае некалькі значэнняў: 1) здольнасць жывых істот напружаннем мускулаў рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія або маральная магчымасць чалавека, жывёліны актыўна дзейнічаць; 2) спец. велічыня, якая з'яўляецца мерай механічнага ўздзеяння цел; энергія, якая ўздзейнічае на матэрыю цела, а таксама ступень інтэнсіўнасці, напружанасці гэтай энергіі; 3) улада, магутнасць, уплыў; 4) сутнасць, сэнс; 5) тое, што і войскі; 6) велізарная колькасць, мноства (разм.) і інш.) - Сіла (мянушка, потым прозвішча) - Сілай ('нашчадак асобы з прозв. Сіла', суфікс -ай) - Сілаева.
463. Сіманёнак (Іван) - вытвор з фармантам -ёнак ад антрапоніма Сіман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіманёнак. ФП: Сіман (імя <яўр. Sim'on 'паслухмяны'; грэч. 'пачуты Богам') - ( Симон (1528) - празванне, потым прозвішча) - Сіманёнак.
464. Сінюціч (Алена) - другасная форма ад Сінючыц (< Сінючыц) - вытвор з суфіксам бацькаймення - іч ад антрапоніма Сінюк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сінюкіч - Сінючыч. ФП: Сямён (імя <ст.-яўр. sim on 'Бог чуе') - Сень (1552), Сенько (1465), Сінько і Сінюк (народная формы) - Сінюк (празванне, потым прозвішча) - Сінючыч (бацькайменне, суфікс - ыч) - Сінюціч.
465. Сірэнка (Віктар) - вытвор з суфіксам -энка ад імя Сіра (грэч. Syra 'сірыйка, жыхарка Сірыі') і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сірэнка - Сірэнка. ФП: Сіра (грэч. 'працяг, злучнасць') - Сіра (празванне, пазней прозвішча) - Сірэнка.
466. Сіцько (Міхаіл) - вытвор ад апелятыва сітка (ад сіта 'род рэшата (сетка для прасейвання мукі і пад.)'). Зыначаная форма прозвішча для адмежавання ад апелятыва.
467. Скібінскі (Аляксандр) - вытвор ад тапоніма Скібіна з суфіксам -скі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Скібінскі. ФП: скіба ('луста (звычайна хлеба)'; 'пласт узаранай зямлі') - Скіба (мянушка чалавека з чыстым у яго маўленні словам "скіба") - Скіба (прозвішча) - Скібіна ('уладанне Скібы', суфікс -іна) - Скібінскі. Або шляхетная форма ад прозвішча Скіба.
468. Скідзельскі (Антон) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Скідзель і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Скідзельскі. ФП: скідзель ('той, хто скідае што-н. адкуль-н.' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 917) - Скідзель (мянушка, потым прозвішча) - Скідзель (тапонім) - Скідзельскі.
469. Скрыпенік (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва (з памянш. суфіксам -ік) скрыпень (-ік) 'высокая травяністая расліна з мяцёлкай парпурова-ружовых або белых кветак з пушыстым насеннем'.
470. Скрыпнік (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва скрыпнік (рус., укр.) 'скрыпач'.
471. Скрыпнічэнка (Георгій) - вытвор з суфіксам -энка (-енка) ад антрапоніма Скрыпнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скрыпнікенка - Скрыпіч(к/ч)-энка. ФП: скрыпка ('музычны смычковы інструмент') - скрыпнік ('скрыпач') - Скрыпнік (празванне, потым прозвішча) - Скрыпнічэнка.
472. Слабодзіч (Арнольд) - семантычны вытвор ад апелятыва слободич ст. бел. 'жыхар Слабады' (ПГССЛ).
473. Славук (Валерый) - вытвор з суфіксам -ук для антрапоніма Слава і значэннем 'нашчадак названай асобы': Славук. ФП: Святаслаў (імя <слав. 'слаўны святасцю') - Слава (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Славук.
474. Слізень (Рафал) - семантычны вытвор ад апелятыва слізень 'тое, што і сліпень' (заал. 'вераценіца') (СБГПЗБ, т. 4, с. 483).
475. Смакаў (Усевалад) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Смак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смакаў. Утваральнае слова ад апелятыва смак 'адно са знешніх адчуванняў чалавека, органам якога з'яўляецца слізістая абалонка языка і ротавая поласць'; 'адчуванне на языку, у роце або ўласцівасць ежы, якая з'яўляецца крыніцай гэтага адчування', перан. 'сэнс, цікавасць, вастрыня чаго-н.'; 'задавальненне, ахвота'. ФП: смак ('адчуванне чалавека, уласцівасць ежы' - задавальненне, ахвота) - Смак (мянушка, пазней прозвішча) - Смакаў.
476. Смоткіна (Таццяна) - другасная форма (магчымая) ад Шмоткіна (гл. вышэй) дзеля адмежавання ад апелятыва шмотка (< шмотка, шматок).
(Працяг у наст. нумары.)
Случчына - край нябесны
Яўген Гучок
У гонар "Года малой Радзімы"
П-а-э-м-а - э-с-э
І
І Радзіма - ад Бога.
Паводле Платона.
* * *
Радзіма! Яна - і хвароба, яна - і лекі.
Хвароба - калі паганяць яе,
Лекі - як хворую лечыць душу яна.
* * *
Мова Радзімы -
Твае і мае магутныя крылы
Да Творцы ў бессмяротнасць.
* * *
Ці многа будуць ведаць нашчадкі
Аб Радзіме сваёй,
Калі продкаў іх за яе забівалі?!.
* * *
Не многа каштуюць словы любові,
Калі яны не пацверджаны
Працай, учынкам і подзвігам нат.
* * *
Ліхалецце - бясчассе Айчыны
Пераважна і ад паскудстваў
Дзетак яе шалапутных.
* * *
Многа іх, што ў імя імперый
Радзімы сваёй малой выракаліся,
Але яны выракаліся болей
сутнасці неба ў сабе.
* * *
Кукарэкае певень, бы прыкарытны паэт,
А ці здольны любіць ён і бараніць
Нібыта дарагі свой куратнік?!.
* * *
На Радзіме памерці
З любоўю ў душы да яе -
Адродзіцца ў бясконцым небе.
ІІ
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына...
Янка Купала.
* * *
У птушкі малая Радзіма - гняздо,
Ды тое гняздо - пасярод Сусвету,
І злучае з небам зямлю яно.
* * *
Малая Радзіма, малая Радзіма...
А ці ні яна - падваконне
Ў Сусвет?!.
* * *
Вялікай любові
Вучацца і спасцігаюць яе
На Радзіме малой безумоўна і безупынна.
* * *
І з малою Радзімай
мы не звязаны ланцугом,
На любові і прыгажосці
Трымаецца сувязь тая.
* * *
І малая Радзіма часам - як дзеці малыя -
Патрабуе пяшчотнай увагі,
Пільнага догляду і клопату.
* * *
Зніякавела сувязь з малой Радзімай -
І любоў паказушна-штучная
Адпаведна сметніку варта.
* * *
А як на тваёй Радзіме малой
З вялікаю мовай нашай?!.
Не трэба, не трэба маўчаць!
* * *
А ці знойдзеш на Беларусі
Хоць адну малую Радзіму
Без Курапатаў, Хатыні, Чарнобыля?!.
* * *
Так, пяро крамніка-маразматыка
Ніколі не створыць дыхтоўны тэкст,
І тым больш пра Радзіму малую.
* * *
Дзіва дзіўнае, звышсусветнае -
У век непамернай глабалізацыі
Адстаяць інтарэсы Радзімы сваёй малой.
* * *
Разбураюць тваю малую Радзіму -
Разбураюць Радзіму
Вялікую нашу.
* * *
Нямала абыякавых і ў малой Радзімы...
Сапраўдных і гарачых патрыётаў -
Часта дэфіцыт.
* * *
Фігляр сябе ў сваім фіглярстве любіць;
Радзіма ж для яго, тым больш малая, -
Гук пусты.
* * *
Малая Радзіма - зусім не паддзёўка,
Што тулава грэе;
Малая Радзіма - гарачае сэрца тваё.
* * *
Калі ты малую сваю Радзіму
Мысліш нібыта сядло,
Дык скінуць ў канаву можа цябе яна.
* * *
Малая Радзіма, малая Радзіма!
Будзь пільнай
У бок феадалаў сучасных
пабочных і, вядома, сваіх.
* * *
Не саспець душой табе, чалавеча,
І без Радзімы малой -
Светлай і непаўторнай.
* * *
Без яе, светлай і непаўторнай,
Радзімы малой,
Ты і тулавам здольны
Дачасу сапсець.
* * *
А сапсееш душой адназначна,
Калі ад Радзімы малой адвернешся,
Хаця і аб гэтым многія не падазраюць.
* * *
Калі на твары сваім у люстэрку
Не бачыш адбітак Радзімы сваёй малой,
Дык варта задумацца.
* * *
Пудрыць, памадзіць Радзіму не трэба,
Асабліва малую;
Таксама яна пад наглядам неба жыве.
* * *
І падсіньваць таксама яе не варта,
Вунь колькі ў нас ставаў, азёр і рэк,
І васількоў колеру неба.
* * *
Як страхуе пуцявы абходчык цягнікі,
Так мае рупнасць патрыёт
Пра светлы шлях сваёй малой Радзімы.
* * *
Пустыя страхі на малой Радзіме -
Ні больш-ні менш, як бурбалкі,
Якія свежы вецер разбурае.
* * *
І гарэзаў малая Радзіма любіць,
Толькі б яны
Не гарэзнічалі супраць яе.
* * *
Калі малая Радзіма твая - бы загадка,
Дык ты - як яе адгадка -
Не спяшайся кожнаму
падазронаму раскрывацца.
* * *
Калі суайчыннікі любяць
малую Радзіму сваю,
Дык і любоў, і згода
Будуць заўжды вялікімі паміж імі.
* * *
Трэба мужна жыць і для малой Радзімы,
Для сябе ж - трэба проста жыць,
І галоўнае самае - не паскудзіць.
* * *
Як у кроплі расы
Адбіваецца неба-Сусвет,
Так у малой Радзіме - Радзіма вялікая.
* * *
Каб спасцігнуць неба рэльеф,
Спасцігайма рэльеф
Радзімы сваёй малой.
* * *
Хай частка маёй Радзімы малой
Абавязкова і ў неба ідзе,
Але каб не дымам.
ІІІ
Паміж Слуцкам залатым
І Капылём сярэбраным
Веснавы зялёны дым,
Ветрам не цярэблены.
А ў тым дыме ды маё
Сэрца паэтычнае,
І настрой бярэ яно
На чуццё касмічнае.
І ужо лунаю я,
Быццам бесцялесны...
Случчына - любоў мая,
Край ты мой нябесны.
Яўген Гучок.
* * *
Абматаю шыю маем
І па студзені пайду,
І нішто не затрымае
Маю лёгкую хаду.
Леваруч мне Слуцак будзе,
Ну а справа - Млечны шлях...
Вы святлей жывіце, людзі,
Каб не згінуць у вяках.
Яўген Гучок.
* * *
Случэск, Слуцак, Слуцк...
Сэнс нібыта аднолькавы,
Але мелодыі больш у вытокаў.
* * *
А на Слуцкай раўніне
Неба прывязана да зямлі
Кветкамі дзіўнымі і прыгожай травой.
* * *
Тут у цэнтры рамонка кожнага
Кропля сонца з кропляю мёду
Паядналіся назаўжды.
* * *
І дажджы бываюць на Случчыне -
Нібы на эстрадзе
Сонечныя танцоры.
* * *
А зоры, а зоры нябесныя
Ў лёсы людскія зямныя
Тут углядаюцца пільна.
* * *
У Радзімы маёй малой - Случчыне
Падлога - на ўрадлівай зямлі,
А столь - у бясконцым небе.
* * *
Пра Слуцкую раўніну ў народзе кажуць:
"Калі не ўродзіць Слуцкая раўніна,
Дык не накорміць і Украіна".
* * *
І на Случчыне ратаваліся людзі
Ад разгульнага галадамору,
Ва Украіне арганізаванага.
* * *
Раўніна Слуцкая - бы шчодры стол,
Ды вось шкада - бяда, што хтосьці там,
Нібы свіння, сябе паводзіць.
* * *
Далёка ад Случчыны мора,
Але Случы вада
Трапляе ў акіян Сусветны.
* * *
Не мяжуе Случчына з морам,
І з гэтай прычыны-нагоды
Тут болей да неба прывязваешся.
* * *
Для пералётных птушак нябесных
І Случчына добразычлівая -
Пажаданая пасадачная пляцоўка.
* * *
Так, слуцкіх жабаў галасы
Не меней меладычныя,
Чым салаўіны пошчак на чужыне.
* * *
На Случчыне і лістапад, і зорапад, і снегапад
Заўжды прыгожыя,
Вядома, з ласкі Творцы.
* * *
А бэра Слуцкая не толькі ва ўспамінах,
Яна і сёння пладаносіць
У садзе Стралкоўскай Паўлы -
настаўніцы Ермаловіча.
* * *
У Слуцку больш за тысячу гадоў,
Аб гэтым сведчыць пастаўленне
Ў Тураве епіскапату
* * *
Сярод гарадоў беларускіх ў свой час
Другім пасля Брэста
Поўнае Магдэбургскае
права нададзена Слуцку.
(Працяг у наступным нумары.)
Пра каштоўнасць асобы - мовай мастацтва
У Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску дэманструецца абшырная выстава "Сучаснікі ХХ. Стагоддзе беларускага партрэта", якая прадстаўляе выявы выбітных асобаў ХХ стагоддзя і знакамітых людзей, адметных прыгожымі абліччамі. Мастакі ўсіх часоў імкнуліся перадаць каштоўнасць асобы як індывідыума.
У буйным творчым праекце сабраны працы вядомых беларускіх жывапісцаў. Глядач атрымае асалоду ў назіранні за развіццём жанру партрэта ў розныя перыяды і вызначэнні рысаў, характэрных розным эпохам і стылям.
У першым раздзеле экспазіцыі асаблівая ўвага нададзена партрэтыстам, якія захавалі індывідуальнасці губернскай эліты пачатку ХХ стагоддзя, стварылі сентыментальныя вобразы жаночай натуры, перадалі тыпажы старасвецкай мяжы аседласці і пакінулі ў спадчыну камерныя партрэты сваіх родных і блізкіх. Невялікія па фармаце карціны спалучаюць параднасць, салоннасць і камернасць.
Гледачам надзвычай цікава паназіраць, як бачылі і паказвалі асобу Лейба Альпяровіч (1874-1913), Янкель Кругель (1869-1940), і Юдэль Пэн (1854-1937). Творчасць Лейбы Альпяровіча выходзіць за рамкі натурнага партрэтавання і ўбірае рысы плыні мяжы стагоддзя: сімвалізму, рамантызму і мадэрнізму. У яго партрэце мастака Бонч-Асмалоўскага, партрэце жанчыны ў белым прысутнічае ўласцівае сімвалізму адчуванне таямніцы, філасафічнасці светаадчування, раскрываюцца тонкія нюансы сферы думак і пачуццяў.
Янка Кругель таксама ўзіраецца ва ўнутраны свет сваіх герояў - менскай мастачкі аматаркі і мецэнаткі Пальміры Мрачкоўскай і дачкі Сафіі. Карціны і аўтапартрэты Юдэля Пэна захоўваюць класічныя прынцыпы, засвоеныя ў Акадэміі мастацтваў. У маленькай па фармаце працы аўтар перадае духоўную сутнасць асобы. Профільная выява маладой мастачкі Алены Вабішчар-Якерсон выканана з грацыёзнасцю, вытанчанасцю, натуральнасцю і прастатой. На аўтапартрэце ў футры Ю. Пэна захаваны пяшчотны задуменны позірк мастака ў арыстакратычным кацялку. Мяккасць барады і вусоў перагукваюцца з мяккасцю футра і фактуры тканіны кацялка. Карціны пачатку ХХ стагоддзя паказваюць асобу ў вечным вымярэнні.
Гледачам цікава спыніцца ля партрэта Івана Луцкевіча, які быў выкананы вуглём на паперы Пётрам Сергіеевічам ( 1900-1984). Вартыя ўвагі аўтапартрэт і партрэт спявачкі Ганны Вашкель, напісаныя Язэпам Драздовічам (1888-1954).
Увагу прыцягваюць партрэты пэндзля Міхася Станюты (1881-1974) і Івана Ахрэмчыка (1903-1971).
Перыяд вялікай Айчыннай вайны прадстаўлены графічнымі працамі ў жанры плаката, карыкатуры. Франтавыя ваенныя замалёўкі перадаюць вобразы вайскоўцаў пасля бітваў у партызанскіх пунктах, медсанбатах. На выставе прадстаўлены алоўкавыя патрэты С. Раманава, Г. Бржазоўскага, С. Андруховіча. Гэта так званыя партрэты-рэпартажы, партрэты-эцюды, дзе чалавек паказаны ў цеснай узаемасувязі з навакольным светам. У іншай групе твораў паказаны прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, якія змагаліся з ворагам зброяй мастацтва. У канцэртных франтавых брыгадах удзельнічалі А. Нікалаева, Г. Глебаў, Л. Александроўская, І. Балоцін. Пасля перамогі перад савецкім мастацтвам была пастаўлена задача стварэння помніка эпохі, праслаўлення правадыроў і герояў вайны.
З сярэдзіны 50-тых гадоў у культурным жыцці пачаўся рух, які даў магутны імпульс для развіцця ўсяго мастацтва ХХ стагоддзя. Палітычныя і сацыяльныя змены, звязаныя з развянчаннем культу асобы, паставілі новыя задачы для выяўленчага мастацтва. На месца пасляваеннай параднасці, пампезнасці, партыйнасці прыйшла рамантыка часоў "адлігі", адлюстраванне паўсядзённага жыцця простага чалавека. Акцэнты ад дакументальна-пратакольных партрэтаў змясціліся на карысць "героя нашых дзён": скульптара і навукоўца, медсястры і студэнта, творчай асобы. Адбывалася абнаўленне вобразна-пластычных магчымасцей мовы мастацтва, пераадольвалася некаторая застыласць акадэмічнай вывучкі, мастакі імкнуліся перадаць свежасць уражання, свабоду жывапіснага дыхання. Творцы канца ХХ стагоддзя больш засяроджваюцца на індывідуальнасці асобы, узмацняюць псіхалагічныя аспекты інтэрпрэтацыі вобраза. Партрэты перадаюць грані характараў славутых сучаснікаў, з'яўляюцца дакументамі, якія сведчаць пра эпоху.
Значным укладам у развіццё партрэтнага жывапісу паслужыла творчасць І. Ахрэмчыка, У. Стэльмашонка, Г. Вашчанкі, А. Кішчанкі, М. Селяшчука, Я. Харытоненкі.
На выставе займаюць пачэснае месца выразныя патрэты Пятра Глебкі, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Анатоля Анікейчыка, Святланы Габуновай, якія выражаюць асаблівасці іх творчай натуры. Не аднойчы мастакі надавалі належную ўвагу вобразам класікаў літаратуры: Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Акрамя жывапісных палотнаў, на выставе прадстаўлены скульптурныя выявы Саламона Міхаэлса, Георгія Паплаўскага і іншых дзеячаў культуры.
Дэмакратычны характар выставы вызначаецца ўключэннем у экспазіцыю твораў прадстаўнікоў авангарднага накірунку ў беларускім мастацтве 90-х- 2000-х гадоў, такіх як Людміла Русава, Руслан Вашкевіч, Віталь Чарнабрысаў і іншых.
Больш за 100 твораў жывапісу, графікі і скульптуры з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага саюза мастакоў, а таксама збораў прыватных калекцыянераў Аляксандра і Іны Радаевых, Андрэя Плясанава, персанальных калекцый аўтараў ствараюць сапраўдны даведнік у асобах па гісторыі нашай краіны.
Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: працы мастакоў Ю. Пэна, Л. Альпяровіча, У. Тоўсціка, М. Данцыга, Я. Харытоненкі.
Наваградак літаратурны
10 лютага 2019 года ў Наваградскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя літаратурнага альманаха №1 "Стольны град". Гораду гэта выдатны падарунак да Году малой радзімы. Адбылося выданне кнігі дзякуючы намаганням у першую чаргу намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы Станіслава Судніка. Укладальнікам стала Святлана Абдулаева, карэктарскую працу зрабіў былы рэдактар раённай газеты "Новае жыццё" Васіль Кузьміч.
На прэзентацыю завіталі настаўнікі, мясцовыя журналісты і проста аматары літаратуры. Імпрэза атрымалася змястоўнай і цікавай - лілася музыка і гучала паэзія. Пачалося ўсё мерапрыемства з песень, якія выканала настаўніца Наваградскай школы мастацтваў Юлія Піваварчык - яна задала лірычны тон гэтай культурнай падзеі. Затым вядоўца Святлана Абдулаева прадставіла слова кожнаму з прысутных аўтараў. З паэзіяй выступілі Марыя Быт, Уладзімір Бармута, Уладзімір Гайдук, Алесь Гоцка, Васіль Кузьміч. Вядоўца расказала і пра тых аўтараў, якія даўно адышлі ў іншы свет, але іх творчасць заслугоўвае канкрэтнай увагі - і найперш, гэта Адам Міцкевіч - менавіта з ягоных твораў і пачынаюцца паэтычныя старонкі. А таксама пра Янку Паддубіцкага, Уладзіміра Сіўко, Міколу Сільвановіча і Аркадзя Шынтара. Асаблівая ўвага была аддадзена і творчасці наваградскага паэта Самсона Пярловіч. Перажыўшы сталінскія рэпрэсіі, ён так і пайшоў у вечнасць не рэабілітаваным. Але яго рэабілітуе ўжо сам час.
На словы паэта гучалі песні "Шыпшына" і "Душу маю хвалююць адгалоскі" ў выкананні хора ветэранаў "Радасць". Музыку да слоў напісала былая настаўніца школы мастацтваў Марыя Іванаўна Дароніна.
Выступіў на прэзентацыі і Сябар саюза беларускіх пісьменнікаў празаік Міхась Зізюк. У кнізе таксама надрукаваны яго матэрыял "Паэт", прысвечаны светлай памяці Самсона Пярловіча і апавяданне "Ваўчыца".
І завершана была імпрэза прадстаўленнем паэзіі паэтэсы Святланы Абдулаевай. На яе словы гучалі песні ў выкананні хору, Марыі Іванаўны Даронінай і ў выкананні самой аўтаркі. Напрыканцы культурнай праграмы былі зроблены фотаздыкі на памяць і пастаўлены аўтографы ўсім ахвочым.
С. Юшкевіч.
У с п а м і н ы
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
Да 156-годдзя паўстання 1863 г.
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Быў гэта момант, калі кожны дзейнічаў на ўласны розум, а маскоўскія ўлады падмаўлялі сялян да нападаў на двары і да знішчэння першых слабых аддзелаў, паўстаўшых па распараджэнні Партыі Руху. У Інфлянтах урад трыумфаваў: раскольнікі нападаюць на двары, рабуюць, мардуюць, аддзел Звяждоўскага разбіты, ён уцякае за мяжу, адкуль вяртаецца і ў Каралеўстве гіне пад Апатавым329. Плятар Леан (дзейны, шляхетны) нападае на транспарт зброі, схоплены інфлянцкім мужыччом, гіне расстраляны ў Дынабургу. Мужычок наш літоўскі, падбухтораны слухае, падтаквае, у паўстанне не ідзе, але абяцанням і падбухторванням урадавым не верыць - трымаецца нейтральна. Не было прыкладу даносаў і нападаў на двары і паўстанцаў, таму не ўводзіліся па распараджэнні Каралеўства тэрор і прымус адносна нашых сялян.
З'езд скліканы 15/27 [студзеня]. Маршалкі, да якіх далучыліся Зуберг-Плятар і Станіслаў Старэнскі (Стажэнскі)330, засядаюць у Камітэце, ёсць прапанова, каб пакінуць усіх і ўсё, як датуль было, да 15 сакавіка, а ў той час склікаць з'езд, бо да той пары высветліцца сіла паўстання або яго ўпадак.
Камітэт не хацеў і не мог застацца бяздзейным сведкам у так важнай для Краю хвілі. Таму першая прапанова, г.зн. скліканне з'езду з дэлегатаў на 25 студзеня большасцю галасоў прайшла.
25 студзеня сабраныя дэлегаты выбіраюць надалей тых жа самых з упаваўнаважаннем дзейнічаць паводле ўласнага меркавання, браць ці не браць удзел у паўстанні (ці разарваць дасюлешнюю салідарнасць з Польшчай, або з ёй разам жыць цярпець і памерці). Адзін з дэлегатаў ад моладзі з Менскай губерні, Геранім Кяневіч, сын эмігранта, выхаваны ў Парыжы, прадставіў свой праект дыверсіі ў Расіі праз выклік руху над Камай і Волгай, дзе паводле яго, захавалася памяць пра дзейнасць Пугачова. (Кяневіч быў чыноўнікам Пецярбургскай чыгункі, прыбыў туды з французскай кампаніяй для пракладкі чыгуначнай лініі Пецярбург-Вільня. Быў інжынерам.)
Далеўскі не верыў у мажлівасць ажыццяўлення гэтага плану і з многіх іншых прычын быў яму супраціўным. Галасы падзяліліся. Кяневіч засведчыў гатоўнасць дзейнасці на сваю адказнасць і знайсці капітал на тую мэту ў прыватнай асобы (Юзаф Тыш[кевіч] улажыў 15 тысяч) і пасвяціў свой уласны капітал (другія 15 тысяч).
Змову адкрылі. Здрадзіў расеец, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта (не памятаю прозвішча). Кяневіч зняволены на мяжы, калі вяртаўся з Парыжа пасля ўручэння там 25 тысяч, выдадзеных з літ[оўскай] касы Гейштарам на зброю; расстраляны ў Казані.
На тле выбуху паўстання ў Каралеўстве Літва не магла, не павінна была застацца абыякавай. Гісторыя мінулых паўстанняў гаварыла: "Калі б паўстанцкі рух быў перанесены і сканцэнтраваны на Літве, можа быць інакшым быў бы вынік нашых мінулых паўстанняў?" А таму, калі з'езд дэлегатаў з Краю пакінуў Літ[оўскаму] Камітэту развязванне гэтай з усіх бакоў трагічнай праблемы, Камітэт ад імя Літоўскага краю пастанавіў дзейнічаць салідарна з Каралеўствам. Паклаў на ахвяру не толькі жыцці найлепшых сваіх сыноў, не толькі маёмасць, але і мэту шматгадовых намаганняў, накіраваных з верай, пры супольным з'яднанні ўсіх пластоў і вызнанняў, да свабоды.
Большага доказу любові да Бацькаўшчыны, які ў той час выказаў Францішак Далеўскі, мабыць жыццё чалавека не выказвае (апрача Зыгмунта Серакоўскага).
Ад першых гадоў маладосці, на ўсіх сцяжынах жыцця, ці то ў школе ў коле таварышаў, ці ў атачэнні любячай сям'і, ці ў турэмным лёху і ля катаржных тачак, дух яго жыў поўным жыццём, думка планавала і малявала вобразы будучай з'яднанай спакойнай працы ў цэлым краі. Праняты ёю, бачыць перад сабою толькі адну мэту жыцця - ратунак Бацькаўшчыны
А аднак, калі яму Бог дазволіў уцяліць у дзейнасць працу духу ўсяго жыцця, калі ўжо бачыў усю сваю Літву, прыймаўшай яго праграму за супольную, за праводную нітку будучай працы ўсяго грамадства - Францішак, якога год назад не ўзрушылі ўгаворы і закляцці Канстанціна Каліноўскага, які ўпаў перад імі на калені, заклікаючы:
- Францішак, кінь шляхту, кінь гэтых марудаў, эгаістаў. Яны стаяць толькі, дзякуючы табе! Ты іх трымаеш, ты імі кіруеш, гэтая чарада бараноў не патрафіць ісці самастойна, бо ты адзін не дапускаеш да паўстання, ты адзін яго тут стрымліваеш! Перайдзі да нас! Цудаў дасягнём, калі ты нас падтрымаеш, калі ты сярод нас станеш! Твая галава і тваё сумленне нам патрэбныя.
Францішак маўчаў.
- Маўчыш! Значыць, не! Ведаю цябе, не пойдзеш з намі. Значыць, супраць нас! Калі так? Ты ведаеш - я сам, цябе тут у тваім уласным доме, сярод тваёй сям'і зарэжу!
- Зрабі гэта, калі думаеш, што гэта будзе з карысцю для справы, - адказаў спакойна.
Канстанцін выбег.
Яго не напужалі пагрозы як Каліноўскага, так і Шварца. Сёння на тле большасці галасоў братоў у Каралеўстве, якія жадалі ахвяры, паддаўся - знішчыў, парваў уласнымі рукамі справы ўсяго свайго жыцця.
Удзел Літвы ў заўчасным паўстанні забіваў усю выпешчаную ў марах будучыню. Вялікая гэта была з яго боку ахвяра - вялікі боль душы!
Партызанка пачалася на Літве без зброі, без грошай і без патрэбных людзей на ўсіх пасадах.
У Інфлянтах пачынаюць Леан Плятар і Звяждоўскі.
У Ковенскай кс. Мацкевіч з аддзелам з маладых, пераважна з народу са сваёй парафіі Ляўды. Длускі-Ябланоўскі, пазнейшы паўнамоцны камісар, прызначаны на гэтую ж Ковенскую губерню Партыяй Руху. Усе мелі ў распараджэнні вельмі нешматлікія аддзелы. Кс. Мацкевіч каля - 50, Колышка - 70, Длускі - ад 50 да 60 чалавек, Шылінг, Малецкі, I. Жахоўскі і іншыя - ледзве трохі больш за дзесятак. Усе, за малым выключэннем, узброеныя старымі паляўнічымі стрэльбамі.
У Віленскай губерні: у Лідскім павеце Нарбут з малой жменькай біўся коратка, але ўдачна; у Віленскім Казела331, у Троцкім Любіч332, Лада333, Віславух (прозвішча Пасербскі).
У Менскай губерні: Міхал Ляскоўскі334 камандаваў аддзелам Баляслава Святарэцкага (Свентажэцкага), ім сфармаваным і ўтрымваным яго коштам. (Святарэцкі быў камісарам у тым жа аддзеле).
У першыя дні студз[еня] Казела прыехаў да Зыгмунта з прапановай ад Партыі Руху прыняць гетманства на Літве. Зыгмунт адмовіўся і моцна загневаўся на нязгоду і раздваенне ў дзеяннях.
У Магілёўскай губерні распачынае Чудоўскі, забіты ў першай сутычцы. Пасля яго прыняў камандаванне Звяждоўскі, разгромлены ў Віцебскай губерні. (Аўтар "Гісторыі двух гадоў" памылкова апісвае Звяждоўскага як высокага, віднага, яркага бландына. Звяждоўскі быў невысокі, з чорнымі валасамі і вачамі. А вось Чудоўскі супадаў з апісаннем таго бландына. Абодва былі нам добра знаёмыя.)
(Працяг у наст. нумары.)
329 Апатаў , павятовы горад Келяцкай губ. Звяждоўскі быў захоплены пасля прайгранай бітвы за горад (21.ІІ.1864) і павешаны ў Апатаве.
330 Віктар Старэўскі (Стажэўскі).
331 Гаворка пра Вінцэнта Козел-Паклеўскага.
332 Гаворка пра Аляксандра Стаброўскага, пс. Любіч.
333 Гаворга пра Уладзіслава Цыбульскага. пс. Лада.
334 Гаворка пра Станіслава Ляскоўскага.
З падзей 2018 года
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у пап. нум..)
31 ліпеня газета "Народная воля" на першай старонцы надрукавала адкрыты ліст А.Р. Лукашэнку ад народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі з прашэннем абараніць мемарыял "Курапаты". Пра адказ на гэты ліст нічога не было чуваць.
Ліпень. Сярэдняя зарплата за гэты месяц у Беларусі 973,8 рубля.
3-9 жніўня. Міжнародны музычны фестываль у гонар кампазітара Дз. Дз. Шастаковіча праведзены ў Шэметаве Мядзельскага раёна. Тут нарадзіўся ў 1808 годзе Пётр Шастаковіч, прадзед кампазітара. Арганізаваў фестываль французскі беларус, мызыка Аркадзь Валадось. Першы канцэрт у гонар Шастаковіча ён правёў у 2015 годзе ў пас. Нарач Мядзельскага раёна.
5 жніўня. У былым фальварку Шчытнікі (паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы) на Лідчыне патрыёты адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года.
7-9 жніўня. У офісах БелаПАН і Tut.by па просьбе кіраўніка БелТА праведзеныя ператрусы і арышты некаторых супрацоўнікаў.
8 жніўня. У Берусі быў самы спякотны дзень. У Гомелі зарэгістраваны рэкордны паказчык летняй гарачыні +38,9 градуса. (Толькі 20 жніўня 1946 года ў пас. Васілевічы, каля Рэчыцы, было +38 градусаў.)
11 жніўня. У Аляксандрыі Шклоўскага раёна А. Лукашэнка правёў выпрабаванні новага збожжаўборачнага камбайна.
12 жніўня. У Берліне беларуска Вольга Мазуронак перамагла ў марафонскім бегу і атрымала залаты прыз. Яна прабегла дыстанцыю 42 км за 2 гадз. 26 хв. 22 сек.
13 жніўня. А. Лукашэнка правёў нараду на Аршанскім інструментальным заводзе. Вызвалены ад пасады міністра прамысловасці Віталь Міхайлавіч Воўк.
14 жніўня. Памёр народны артыст Беларусі Мікалай Міхайлавіч Кірычэнка, актор Нацыянальнага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы.
14 жніўня. Зняты з пасады старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандр Пазняк. Прызначаны на гэтую пасаду Ігар Ісачанка.
15 жніўня. У Вільні памёр сябар Рады ТБМ Хведар Якубавіч Нюнька. Пражыў 90 гадоў. 25 гадоў узначальваў Таварыства беларускай культуры ў Літве.
18 жніўня. Вызвалены ад пасады прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў. На гэтую пасаду прызначаны фінансавы работнік Сяргей Мікалаевіч Румас, які нарадзіўся ў Гомелі 1 снежня 1969 года.
21 жніўня. У Браславе Міхаіл Змітравіч Аўсюкевіч вырасціў клубень бульбы гатунку "Сінявочка", які мае вагу 1 кг. 75 г., даўжыню 183 мм і шырыню 111 мм (газета "Браслаўская звязда" за 21 жніўня 2018 г.).
21-21 жніўня. У Сочы У, У. Пуцін і А. Р. Лукашэнка правялі сустрэчу.
З 22 па 26 жніўня. Чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ праходзіць у партугальскім горадзе Мантемор-у-Вел'ю. Беларуская зборная каманда заваявала 8 медалёў (3 залатыя, 2 сярэбраныя і 3 бронзавя). Золата прынёс у скарбонку дуэт Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай на дыстанцыі 200 м. Каміла Бобр і Алена Ноздрава фінішавалі першымі ў каноэ-двойцы на 200 м. Падняўся на верхнюю прыступку п'едэстала гонару Арцём Козыр, перамогшы трэці раз запар на сусветных форумах у каноэ на 200 м. Сярэбраныя ўзнагароды заваявала ў байдарцы на 5000 м Марына Літвінчук, а таксама Алена Ноздрава ў каноэ на 500 м. Бронзавыя медалі на рахунку Вольгі Худзенка, якая выступіла ў байдарцы на 500 м, Алены Ноздравай у каноэ на 200 м, якая сабрала поўны камплект узнагарод чэмпіянату. На трэцяй пазіцыі фінішавалі ў каноэ-двойцы на 500 м Надзея Макарчанка і Вольга Клімава.
У медальным заліку зборная Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ заняла чацвёртае месца.
23 жніўня. У Рудзенску памёр Алесь Іосіфавіч Ліпай, паэт, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН. Нарадзіўся ён у в. Андросаўшчына Капыльскага раёна 9 красавіка 1966 года.
У Таліне адкрыты помнік ахвярам камунізму, на якім выбіты імёны 22 тысяч эстонцаў, якія загінулі ў выніку рэпрэсій. Так тут адзначылі Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяр таталітарных рэжымаў.
2 4 жніўня. Паслом РФ у Беларусі прызначаны Міхаіл Бабіч, які адначасова будзе з'яўляцца прадстаўніком Прэзідэнта РФ па гандлёва-эканамічных пытаннях.
24 жніўня. Старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар той жа арганізацыі Ігар Комлік асуджаны ў Менску на 4 гады абмежавання волі за нявыплату падаткаў.
24 жніўня. У Кіеве на парадзе з нагоды гадавіны Дня Незалежнасці ўпершыню выкарысталі воінскае прывітанне "Слава Украіне!" Вайскоўцы на яго адказвалі: "Героям слава!"
24-25 жніўня. У Столінскім раёне авіяцыя МНС тушыла лясны пажар на плошчы 70 гектараў.
31 жніўня. У Стамбуле адбылася сустрэча Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея і Маскоўскага патрыярха Кірыла. Вырашалася пытанне аб прадстаўленні аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве. Кірыл выказаўся супраць прадстаўлення аўтакефаліі.
У жніўні ў адным з архіваў Кракава электрыкі, якія мянялі электраправодку, знайшлі ў верхнім ярусе сцяны скрынку ад гарбаты. Калі яе ўскрылі, там быў ліст аднаго манаха, які ён напісаў 17 лютага 1940 года. Прачытаўшы той ліст, зразумелі, што гэта тайна аб парафіяльных метрычных кнігах і касцельных рэліквіях, замураваных у сцяне Мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай. Звесткі перадалі ў Мядзель ксяндзу Юрыю Кулаю. Знайшлі сховішча ў нішы касцёла. Сярод рэліквій былі мошчы Святой Цэцыліі (ІІІ ст.), фрагменты касцей Папы Грыгорыя Вялікага і Св Тэрэзы. Пры савецкай уладзе ў Мядзельскім касцёле быў склад мінеральных угнаенняў.
1 верасня. У падворку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылі скульптурную кампазіцыю "Пераемнасць беларускай навукі". Адкрываў яе старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.
З 1 верасня рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні прызначаны Сяргей Ігнатаў (вучоны з Балгарыі).
1 верасня. А. Р. Лукашэнка выступаў на школьнай лінейцы Аляксандрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна.
1-2 верасня. У Саборы Св. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай царквы ў Нью-Ёрку адбылася 33-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая была прысвечана 100-й галавіне БНР.
2 верасня. У горадзе Іванава Берасцейскай вобласці адбылося рэспубліканскае свята - ХХV Дзень беларускага пісьменства.
8 верасня. У Вялікім тэатры оперы і балету ў Менску адмянілі прэм'еру оперы "Саламея" па просьбе нейкіх невядомых вернікаў і перанеслі на 18 кастрычніка.
8-9 верасня. Менск адзначыў свята горада. У нядзелю 9 верасня адбыўся паўмарафон на адлегласці 21 км. Бягун Уладзімір Сташкевіч прабег дыстанцыю, як і летась, з бела-чырвона-белым сцягам. Потым яго затрымалі і пратрымалі ў міліцыі 3 гадзіны, а сцяг канфіскавалі.
9 верасня. Больш, чым у 80 гарадах Расіі прайшлі мітынгі супроць павышэння пенсійнага ўзросту на 5 гадоў. Яны праводзіліся па закліку палітыка Аляксея Анатолевіча Навальнага, які адбыў 30 сутак у турме.
8-9 верасня 2018 года адбыўся VII З'езд Партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", на якiм абраная новая Цэнтральная рада. Пытанне аб кіраўніку БСДГ не разглядалася, бо Станіслава Шушкевіча (кіруе партыяй з 1998 года) на з'ездзе не было - быў хворы.
10-15 верасня. XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў адбыўся ў Менску. Яго тэма - "Мы ствараем касмічную будучыню". У кангрэсе ўдзельнічалі больш за 80 касманаўтаў з 17 краін - Расіі, ЗША, Кітая, Казахстана, еўрапейскіх дзяржаў, а таксама вучоныя, прадстаўнікі беларускіх ВНУ, прадпрыемстваў.
12-14 верасня. Адбыўся візіт Прэзідэнта А. Лукашэнкі ў Ташкент (Узбекістан).
14 верасня Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы спыніў удзел у рабоце структур Канстанціпольскага патрыярхата.
15 верасня. Горад Гародня адзначыў 890-годдзе свайго існавання. Асілак горада 29-гадовы Аляксандр Кодзіс пацягнуў 12-тонны тралейбус з пасажырамі.
19 верасня. У Полацку Людміла Пашкевіч, жыхарка аграгарадка Заазер'е Полацкага раёна, атрымала першы прыз раёна за баравік вагой 3 кг і дыяметрам шапкі 47 см. Ён вырас недалёка ад сельскага Дома культуры ў Заазер'і.
20 верасня. У Менску паветра нагрэлася да 28,1 градусаў цяпла, што было вышэй за рэкордны паказчык у 1975 годзе, калі паветра нагрэлася да +26,5 градуса.
20 верасня. У Гародні адбыўся чарговы з'езд незарэгістраванага аб'яднання "Гражданская инициатива "Союз". Гэты рух узначальвае расійскі палітык камуніст Сяргей Бабурын, доктар юрыдычных навук.
21 верасня. У Сочы кіраўнікі ўрадаў Расіі і Беларусі Мядзведзеў і Румас, а таксама прэзідэнты Пуцін і Лукашэнка правялі перамовы па развіцці гандлю паміж дзвюма дзяржавамі.
25 верасня. На прадпрыемстве "Магілёўдрэў" адбыўся выбух. Апёкі атрымалі 6 чалавек.
26 верасня. У Чарнігаве адбыўся ІV з'езд руху салідарнасці "Разам". У ім удзельнічалі 118 дэлегатаў з Беларусі.
27 верасня. Валянцін Елізар'еў вярнуўся ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на пасаду мастацкага кіраўніка па кантракту на 5 гадоў. Ён з гэтай пасады сышоў 9 гадоў таму.
28 верасня. У Душанбэ (сталіца Таджыкістана) адбыўся саміт кіраўнікоў СНД.
29 верасня. У Мядзелі адбыўся абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі-2018".
Верасень. Самы цёплы месяц за апошнія 74 гады ў Беларусі. Сярэдняя тэмпература паветра 13 - 16,5 градусы цяпла, што на 2-3,5 градусы вышэй кліматычнай нормы.
У кінатэатрах Менска паказвалі беларускі кінафільм "Хрусталь" (кінарэжысёр Дар'я Жук).
У Гародні вынесены прысуд 25-і асобам за інсцэніроўку (падстаўныя) аўтамабільных аварый у 2015-2016 гадах, каб атрымаць страхоўку. Незаконна выплачана ім 150 тысяч рублёў. Вінаватых пакаралі ад аднаго да сямі гадоў пазбаўленнем волі з канфіскацыяй маёмасці.
У Пружанах замянілі шыльды з назвамі вуліц. На кожнай вуліцы павесілі гістарычныя назвы, якія існавалі ў розны час.
У вёсцы Старая Беліца пад Гомелем Ларыса Грыгарэнка за сёлетняе лета сабрала другі ўраджай яблык з яблані ў сваім садзе. Яблыня заквітнела другі раз на пачатку жніўня і за паўтара месяца на ёй выспелі яблыкі.
У Нарвегіі апробавалі самалёт, які рухаецца ад энергіі электрычных батарэек.
4 кастрычніка. Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю "Аб абмежаванні свабоды слова ў сродках інфармацыі Беларусі".
4 кастрычніка. Палітыка Паўла Севярынца аштрафавалі на 50 базавых велічынь (каля 600 даляраў) за тое, што учора не прапусціў адзін з аўтамабіляў да рэстарана "Паоедем поедим". Нядаўна за пікеты каля гэтага рэстарана ён адбываў 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
8-9 кастрычніка. У Жэневе Камітэт па правах чалавека заслухаў (упершыню з 1997 года) справаздачу дзяржаўнай улады Беларусі і справаздачу беларускіх праваабаронцаў. Камітэт вынес 104 прапановы беларускім уладам.
10-12 кастрычніка. У Магілёве адбыўся V форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Прыехалі на форум прадстаўнікі 35 рэгіёнаў Расіі. У апошні дзень сюды прыляцеў У. Пуцін і правёў сустрэчу з А. Лукашэнкам.
10 кастрычніка. У Рыме, у Ватыкане, было пасяджэнне Сінода Рыма-Каталіцкага касцёла.
Увечары ў Ватыкане адбылася неафіцыйная сустрэча мітрапаліта, арцыбіскупа Каталіцкага касцёла Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча і Папы Рымскага Францішка ў часе прагулкі. Кандрусевіч запрасіў Папу Францішка прыехаць у Беларусь.
11 кастрычніка. Сінод Экуменічнага патрыярхату спыніў дзеянне ўказу 300-гадовай даўніны (1686 года) аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату, зняў анафему з кіраўніка УПЦ КП Філарэта і кіраўніка УАПЦ Макарыя, і пастанавіў прадоўжыць працэдуру надання Томаса Украінскай царкве.
12 кастрычніка. У Берасці і Пінску зноў заквітнелі каштаны.
14 кастрычніка. Амаль у кожную нядзелю ў Берасці людзі выходзяць на недазволены мітынг-пратэст супраць будаўніцтва кітайцамі каля горада акумулятарнага завода. Сёння тут затрымалі Міколу Статкевіча, які прыехаў сюды, каб падтрымаць пратэст. Статкевіча міліцыя затрымала, а ў наступны дзень яму далі 5 сутак арышту, а іншым 10-і чалавек выпісалі штраф.
Пасля гэтай акцыі жыхары Берасці змянілі форму пратэсту. У нядзелю яны выходзілі на плошчу карміць галубоў. Напэўна, нідзе ў свеце не было такой пашаны галубам, як тут. І такое паўтаралася некалькі разоў.
14 кастрычніка, на Пакровы, Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл правёў асвячэнне храма-помніка Усіх Святых у Менску. Ён наведаў нашу краіну ў сувязі са святкаваннем 1030-годдзя Хрышчэння Русі.
(Працяг у наст. нумары.)
Адпачынак па-беларуску
З запісак вартаўніка базы адпачынку
Не ад Эзопа, а ад Язэпа
"Дзяўчаткі" прыехалі самі, але свае
Чатыры маладыя мужчыны замовілі лазню, домік на суткі. Сакавік месяц выдаўся цёплым, і напрыканцы на азёрах сышоў лёд. Самая звычайная папойка мужчын, што вянуліся з заробкаў з Расіі і неўзабаве паедуць туды зноў. Працэс ідзе па адпрацаваным плане: размінка гарэлкай, лазня з півам, пасля парылкі адкрыццё купальнага сезону: скачкі распаранымі ў халодную ваду "нагалясы". Перапад тэмпературы нараджае неймаверны крык, аднак надае целу "поўную расслабуху", пасля чаго арганізм можа ўжываць гарэлку да бясконцасці. Ужытае пацягнула на прыгоды. Раздаецца нечаканы званок. Запрашаюць да сябе. Прыхожу. З парога разамлелыя мужчыны запатрабавалі:
- Нам бы мясцовых дзяўчатак. Падсабі.
Наўкола выміраючыя вёскі, дзе жывуць адны пенсіянеркі, і, няведама чаму, гэтая сітуацыя мне стала смешнай, і я адказаў паўжартліва першае, што збегла на язык:
- Сямнаццацігадовых дзяўчатак не абяцаю, а з сямнаццатага года рэальна.
Жарт мой кліенты не зразумелі, і адзін з іх на поўным сур'ёзе зазначыў:
- Стараватыя.
У адказ выдаю яшчэ адзін экспромт:
- Ну, калі так, то магу дапамагчы млодай польскай пшэдваеннай.
П'яная кампанія зразумеўшы, што з іх збыткуюць, пачала выказваць абурэнні. Перахожу на сур'ёзную гутарку:
- Як на паляванне ідуць сабак не кормяць. Ведалі, што едзеце адцягвацца, ды з сабой трэба было браць.
Гамана больш узмацнілася:
- Ды пайшлі яны к чортавай мацеры. Яны нам дома абрыдлі, - і т.д. і т. п.
На адыход пачуў толькі жаласлівую просьбу:
- Камандзір! Прыдумай што-небудзь.
Думаць я нічога не збіраўся, аднак тая камічная сітуацыя мела свой працяг. Выйшаўшы з доміка адпачынку, вырашыў яшчэ раз агледзяць уладанні. Заўважаю ля шлагбаўма стаіць аўто. Машына знаёмая. На ёй не так даўно прыязджала адпачываць сямейная пара. У машыне чатыры кабеты, адна з іх была тут. У жанчын агрэсіўны настрой. Адбываецца прыкладна такі дыялог.
- Адпачыванцы ёсць?
- Так.
- Колькі?
- Столькі, як і вас.
- Гэта яны… З бабамі?
- Адны мужчыны. Можа ў іх не тая арыентацыя.
- Не можа быць!!!
Разумею, што жонкі шукаюць мужоў. Вырашаю пацешыцца надалей.
- Калі жадаеце далучыцца, магу запытаць іх дазволу.
Тут у гутарку ўмешваецца яшчэ адна кабета.
- А што, дзеўкі, калі ім можна, то і мы, давайце, гульнём.
Аднадушша поўнае.
- Тэлефануй.
Адыхожу ў бок, каб кабеты не пачулі і тэлефаную:
- Чатыры трыццацігадовыя тутэйшыя вас задаволяць? - стрымліваю смех, але маю перасцярогу, што біць могуць усе васьмярых. Адна надзея на сабакаў.
- Давай хутчэй. Аплата двайным тарыфам.
Сустрэча была нечаканай, а працяг дзіўным. Напачатку першыя дзесяць хвілін нямая цішыня: пэўна - высвятленне адносінаў. Потым музыка, танцы, замова на лазню пановай. Поўная ідылія сямейных адносінаў падчас адпачынку.
Язэп ПАЛУБЯТКА.
Паважаны рэдактар "Нашага слова".
Назву артыкулу "Адпачынак па-беларуску" на маю думку лепш было б даць "Адпачынак па-руску". Цяжка, немагчыма зразумець, чаму радуецца вартаўнік так званай "базы адпачынку"? Можа, таму, што гэтая "шарашкіна кантора", якой, хутчэй за ўсё, кіруе нейкі ўласнік (ІП), часам ператвараецца ў вар'ятню, дзе "адпачываюць" беларусы, якія адцягваюцца напоўніцу". І гэта, здаецца, вельмі цешыць вартаўніка, што сюды прыязджаюць аматары "зялёнага змея", як казалі раней, каб пагудзець. Як ён радуецца, што адшукаў пад лаўкай п'яную дзеўку-нявесту. Цікава, а ці радаваўся б ён, калі б гэтая п'яная нявеста была, напрыклад, яго дочкай, ці ўнучкай, ці плямянніцай? Калі разважаць далей, то якія могуць быць дзеці ў гэтых жаніха з нявестай, аматараў "адцягнуцца напоўніцу"? Якія будуць нашчадкі ў тых дзяўчат і хлопцаў, што прыехалі з сутачным адпачынкам, з адной мэтай "адцягнуцца"?
І далей, "музыка такая, што сабакі не вылазяць з будкаў, крыкі, енкі, ад якіх асыпаецца снег з дрэваў". Ну, дык, хто ў гэтай вар'ятні - базе жыве, вядзе рэй? Адказ знойдзеце ў тым жа № 5 "Нашага слова" ў артыкуле пад назвай "Дзе ў Беларусі Бог жыве". А далей можна зноў разважаць, колькі хочаш, "хто мы і адкуль наш род? якія ў нас гены? да якой цывілізацыі мы адносімся?..."
І перспектыў, здаецца, ніякіх, бо "бухаюць" маладыя, як адзначае вартаўнік "адпачываюць дзень-другі, але адцягваюцца напоўніцу і прыязджаюць сюды зноў". Хіба што такіх не шмат, але на ўліку па краіне такіх тысячы і кандыдатаў патэнцыяльных, як бачым, хапае. З гэтай з'явай, хваробай, як п'янства, трэба змагацца, але толькі не рабіць з аматараў такога "адпачынку" нейкіх "герояў", як у згаданым артыкуле.
Лічу, што калі б у згаданай вышэй базе адпачынку (незалежна ад формы ўласнасці) было адэкватнае кіраўніцтва, тот не было б і п'яні, якая лезе ў лазню "пасля шклянкі гарэлкі". Як не было б і "крыкаў, енкаў, ад якіх асыпаецца снег з дрэваў", было б па-людску, як кажуць. Вось такое маё альтэрнатыўнае бачанне праблемы.
З павагай Ул. Гукаў, а/г Азёры, Гарадзенскі р-н.
Мова мая, уваскрэсні і жыві!
Па гарызанталі: 1. "Дык шануй, …, сваю мову -\\Гэта скарб наш на вечныя годы". З верша А.Гаруна "Ты, мой брат, каго завуць беларусам". 5. "Слова - …, слова - чары,\\Вобраз вечна юных вёсен". З верша Я. Коласа "Слова". 8. "У вочы вам адплаты … //Зірне сурова .//Каб дзеці апраўдалі вас, //Вярніце мову !". З верша Ул. Някляева "Вярніце мову! Вярніце сцяг! Вярніце герб!". 9. Паэт і музыкант, выканаўца ўласных песень. 10. Зіма снежная - … даждлівае (прыкм.). 12. … у школе, што пасеў у полі (прык.). 15. Веды - … , які паўсюды ходзіць за тым, хто ім валодае (кітайская прык.). 16. " Ад слова вырастаюць …, //А ў сэрцы стукае любоў". З верша С. Грахоўскага "Словы". 17. Найбольш распаўсюджаная група моў Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыкі. 18. Музычная п'еса. 19. Кароткі літаратурны твор алегарычнага зместу. 20. Паўторная здымка эпізоду ў фільме. 21. " … - нямы настаўнік". Платон. 23. "Жыве ў вяках беларускае … - \\ Народа душа і народа хвала". З верша А. Бачылы "Матчына мова". 24. Вялікая форма эпічнай літаратуры. 26. Забава, задавальненне. 30. Першая праца на беларускай мове С. Буднага, асветніка, прадаўжальніка справы, традыцыі Ф. Скарыны. 32. Прадукт творчай працы. 33. Адна ў чалавека родная …, адна ў яго і Радзіма (прык.). 34. "Ты наталяла смяглы … . //І выкрасала ўдар грамовы, //Каб сам сабою стаў народ, //Пачуўшы гукі роднай мовы". З верша Р. Барадуліна "Роднаму слову". 35. Класічныя творы літаратуры і мастацтва. 36. "Без песень свайго народа //Нямее нават і … ". З верша А. Грачанікава "Народ і песні".
Па вертыкалі: 2. Сімвал паэтычнай творчасці. 3. Буйны почырк старажытных рукапісаў, які вызначаўся прамым і вельмі акуратным напісаннем літар. 4. " Спяваюць на чужыя … //Адзіныя ў свеце беларусы". З верша А. Балуценка "Мова вернецца". 6. "Кожны народ мае хаця б … геніальны твор, і гэты твор - мова". А. Разанаў. 7. "Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на … пусціў". Ф. Скарына. 9. Карабель, які буксіруе іншыя караблі. 11. … - да мудрасці ступенька (прык.). 13. Свецкае імя беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай, якая стварыла першую на Беларусі школу. 14. Вельмі прыгожая жанчына (перан); гэтым словам многія беларускія паэты на-зываюць зіму. 20. Публічныя спрэчкі. 22. Атмасферная вільгаць, якая выпадае на зямлю. 25. Буйны дзённы матылёк. 27. Частка тэксту, або асобныя словы, надрукаваныя ў адну лінію. 28. "І заплача …, і застогне …,\\Загалосіць зіма белавокая". З верша Зм. Бядулі "Зімовая казка". 29. "… мая, народу скарб нятленны, //… мая, ўваскрэсні і жыві !". З верша Л. Геніюш "Мова мая". 31. Лоб (уст., паэт.).
Лявон Целеш. г. Дзяржынск