Папярэдняя старонка: 2019

№ 8 (1419) 


Дадана: 20-02-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1419), 20 лютага 2019 г.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

12-я Агульнанацыянальная дыктоўка пачалася з Мінойтаў

Па традыцыі апошніх гадоў чарговая Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне пачалася з Мінойтаў. У Мінойтаўскай бібліятэцы дыктоўка праходзіла ў пяты раз. Бралі ўдзел і дарослыя, і вучні мясцовай школы.

Чытала дыктоўку, як і ўсе папярэднія гады, настаўніца Мінойтаўскай школы Ганна Чаславаўна Енка.

Сёлета па рэкамендацыі Лідскага райвыканкама дыктоўка на Лідчыне прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тэкст называўся "Начны бой" і хоць быў не цяжкі, але дзясятка аказалася толькі адна. Затое васьмёрак - больш за палову.

У дыктоўцы бралі ўдзел дарослыя і дзеці, а таксама сябры ТБМ з Ліды: старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Станіслаў Суднік і намеснік старшыні, бард Сяргей Чарняк, які наладзіў невялікі канцэрт, пакуль ішла праверка. Кожны ўдзельнік дыктоўкі атрымаў ад ТБМ у падарунак нумар часопіса "Лідскі летапісец", а пераможцы сярод вучняў і дарослых атрымалі кніжкі пра Францішка Скарыну.

Я. Грынкевіч.

МАЯ МОВА

О, мова, мова родная!

Дзе Ты, дзе Цябе мне шукаць?

У які куточак зайсці,

Каб Цябе зноў спаткаць?


Дзе схавалася Ты, дзе?

Ці куды захавалі Цябе?

На якую гару зайсці

Каб нарэшце Цябе знайсці?


Хто сказаў, што Ты "непрыгожая",

"Нягучная і нягожая"?

Хто цураўся Цябе, мая любая,

Хоць забытая, але дужая?!


Хто абразіў Цябе, мая родная,

Прыгажуня неверагодная?

Кінуў хто і калі ў забыццё?

Дзе згубіла сваё ты жыцццё?


Ты вярніся, мая даражэнькая,

Не хвалюйся і патрывай!

Хутка словы Твае прыгажэнькія

Загучаць на ўвесь родненькі край!


Я так мару!..

Наталля Тананушка, Ліда.

Новыя званы будуць абуджаць сумленне і напамінаць пра Божыя запаветы

17 лютага пасля святочнай імшы адбылося асвячэнне Мітрапалітам Менскім і Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам новых званоў на вежы касцёла св. Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці. З самай раніцы ля ўвахода ў Чырвоны касцёл урачыста спяваў хор "Голас душы", абвяшчаючы пра радасную падзею.

У сваёй гаміліі, звяртаючыся да словаў Нагорнай пропаведзі, Мітрапаліт Тадэвуш зрабіў акцэнт на тым, што сапраўднае шчасце асоба, сям'я і народ могуць пабудаваць на фундаменце Божага закону, а не на ўласнай сваволі.

Са скрухай іерарх касцёла ўзгадаў пра трагічны выпадак ў Стоўбцах.

- Зараз шукаюць вінаватых у здарэнні сярод настаўнікаў, псіхолагаў, дырэктара школы і нават міністра адукацыі. Калі юнак падняў руку на чалавечае жыццё, на жыццё настаўніцы і аднакласнікаў, значыць, яму ў свой час не патлумачылі, што гэта супярэчыць Боскім запаветам.

Іерарх Беларускага касцёла заклікаў вяртацца да хрысціянскіх каранёў, ставіць духоўныя каштоўнасці на першае месца, атрымліваць ласку Божую ў сакрамантах касцёла, клапаціцца пра будаўніцтва і аздабленне новых святыняў.

Падчас літургіі пробашч Чырвонага касцёла ксёндз-канонік Уладыслаў Завальнюк падзякаваў Пану Богу за дар званоў і выказаў спадзяванне, што яны будуць служыць не толькі як музычны інструмент, але і абуджаць сумленне народа, заклікаць людзей да Бога і да святыняў.

- Званы як частка даўняй традыцыі ўпісаліся ў практыку касцёла і служаць сродкам да запрашэння на літургію. Званы абвяшчалі пра важныя падзеі ў дзяржаве, заклікалі на малітву, - адзначыў кс. Уладыслаў.

Ксёндз Уладыслаў распавёў, што тры званы былі адліты польскімі адмыслоўцамі на ахвяраванні парафіянаў і ўсіх людзей добрай волі, сярод якіх былі і праваслаўныя вернікі.

Найвялікшы звон "Святы Арханёл Міхаіл" важыць 1 тону 250 кілаграмаў і ўзняты на знак падзякі духоўным і свецкім асобам, якія захавалі веру ў час ганенняў, другі - вагой 700 кілаграмаў - названы ў гонар слугі Божага Эдварда Вайніловіча, які імкнуўся, каб людзі розных веравызнанняў праслаўлялі Пана Бога ў святынях. Трэцці звон важыць 500 кілаграмаў, нагадвае пра Алімпію, Сымона і Алену, і сімвалізуе словы Хрыста: "Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне." Надпісы на званах выкананы па-беларуску.

- Званы! Прамаўляйце ўва весь голас, сёння ваша інаўгурацыя! - усклікнуў ксёндз Уладыслаў.

Пасля заканчэння св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узняўся на вежу Чырвонага касцёла, здзейсніў акрапленне, акаджэнне званоў і сімвалічна ўдарыў у кожны з іх, каб быў пачуты асобны голас кожнага звона. Звонкія, ясныя і чыстыя гукі паплылі над плошчай. Калі іерарх касцёла спусціўся на зямлю да вернікаў, ён звярнуўся з кароткім словам да ўсёй грамады.

- Маісей заклікаў народ да служэння Богу сярэбранымі трубамі, а ў сучасных касцёлах і цэрквах гэтую ролю выконваюць званы, - сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Яго Эксэленцыя ўзгадаў пра выпадак, калі падчас служэння ў Гародні да яго звярнуліся прадстаўнікі мясцовай турмы. Аказалася, што два забойцы, якія здзейснілі цяжкія значынствы, пачулі гукі званоў Фарнага касцёла святога Францішка Ксаверыя і папрасілі, каб да іх накіравалі ў турму святара. "Калі б мы ведалі пра Бога раней, мы ніколі б не здзейснілі таго, што мы зрабілі!" - сказалі злачынцы. Гукі званоў абудзілі іх сумленне і заклікалі да пакаяння.

Урачыстасць адбылася ў прысутнасці сотняў парафіянаў і гасцей, якія прыбылі з розных канцоў горада і ўсёй краіны.

Эла Дзвінская

Вытокі беларускай дзяржаўнасці сягаюць у ІХ ст.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Беларуская грамадскасць нядаўна адзначыла дзве важныя гістарычныя падзеі: сотыя ўгодкі з дня абвяшчэння БНР і БССР. Здаецца, што беларуская нацыя, якая з 1991 года жыве ў сваёй незалежнай дзяржаве, можа жыць спакойна і далей мацаваць сваю эканоміку і культуру, тым больш, што паводле апошніх перапісаў беларусы складаюць больш за 80% насельніцтва. Але ў апошнія гады пасля анексіі Крыма і неаб'яўленай вайны на тэрыторыі Украіны над нашай краінай ужо ў каторы раз навісла пагроза акупацыі і страты суверэнітэту. Актывізаваліся, асабліва ў інтэрнэт-прасторы, ворагі нашай дзяржавы, якія заклікаюць да захопу Беларусі праз так званую Саюзную дзяржаву. Некаторыя жыхары нашай краіны разбураюць яе знутры і прапануюць адмовіцца і ад назвы краіны і ад назвы народа - беларусы.Тым самым яны дапамагаюць раскалоць нашую супольнасць.

Спробы знішчыць і асіміляваць беларусаў, якія маюць тысячагадовую дзяржаўную традыцыю пачаліся і ўзмацніліся пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай, у якой беларусы жылі з 1569 па 1795 год, калі яны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, якая пасля перамогі ў напалеонаўскіх войнах дасягнула свайго росквіту і канчаткова стварыла канцэпцыю сваёй дзяржаўнасці, пачынаючы яе з 862 года, калі ў Ноўгарадзе прыйшоў да ўлады вараг Рурык, заснавальнік дынастыі Рурыкавічаў. Канчаткова імперскі погляд на гісторыю Расіі і тых народаў, што жылі на яе неабсяжных прасторах, склаўся ў часы кіравання Аляксандра ІІІ. Тады нацыянальная ідэя Расійскай імперыі ўвасобілася ў кароткім лозунгу "За веру, царя и Отечество". Начале імперыі стаяла дынастыя Раманавых, якія з ХVІІІ ст. мела ў асноўным нямецкія карані, але абапіралася на вялікарускі народ, што складаўся з трох славянскіх плямёнаў: вялікарусаў, маларусаў (украінцаў) і беларусаў. Астатнія народы імперыі ў асноўным адносіліся да "інародцаў", якія належалі да нехрысціянскіх канфесій.

Гэты падзел быў замацаваны перапісам 1897 года, калі значная частка жыхароў сённяшняй Беларусі назвала сваёй роднай мовай беларускую. Частка беларускай шляхты і асабліва магнаты-католікі адмовіліся ад свайго ліцвінства і запісаліся палякамі, 60% дробнай шляхты вырашылі стаць беларусамі. Сярод іх былі Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Ядзвігін Ш., Карусь Каганец, Вацлаў Іваноўскі і іншыя.

Тэрмін "Беларусь" як тэрыторыя, дзе жывуць усе беларусы ад Вільні, Беластока і да Смаленска, пачаў існаваць з 40-х гадоў ХІХ ст. спачатку ў польскай, а потым і ў расійскай гістарыяграфіі. Дарэчы, значную ролю ў яго замацаванні зрабіў Канстанцін Каліноўскі, які выдаваў беларускую газету "Мужыцкая праўда" і замацаваў слова Беларусь як палітонім у сваім паролі: "Каго любіш? - Люблю Беларусь. - То ўзаемна."

Дзякуючы гэтым фактам, у самасвядомасці нашай эліты, якая ўжо не хацела быць "красовымі палякамі", альбо малодшымі братамі "вялікарускага племені" адбыліся істотныя змены. Беларусы вырашылі пісаць сваю ўласную гісторыю. Першую спробу ў гэтым накірунку зрабіў Вацлаў Ластоўскі ў сваёй кнізе "Кароткая гісторыя Беларусі", што выйшла ў Вільні ў 1910 г. У прадмове да гэтай кнігі аўтар пісаў, што ён сабраў гістарычную інфармацыю з навуковых прац расійскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, але пры гэтым некаторыя факты выклаў па-свойму, з гледзішча карысці ці шкоды для беларускага народа.

Ён упершыню адзначыў, што плямёны крывічоў і дрыгавічоў мелі свае дзяржаўныя і культурныя традыцыі ўжо тады, калі нашчадкі Рурыкавічаў заснавалі моцную дзяржаву на ўсходзе і на поўдні. Ён лічыў, што беларускія плямёны жылі сваім асобным жыццём і нячаста мелі дачыненні да спраў дзяржавы Рурыкавічаў, таму і звесткі пра іх у рускіх летапісах выпадковыя і нешматлікія.

Пра вытокі беларускай дзяржаўнасці ён пісаў наступнае: "На абшары беларускай зямлі яшчэ да прызвання князёў у Ноўгарад пачалі складацца свае княствы." Самае моцнае з іх Полацкае, якое мела сваю асобную княжацкую дынастыю.

А цяпер адкрыем "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі", напісаны Усеваладам Ігнатоўскім, кнігу, якая мае пяць выданняў. Ён піша, што яшчэ да прыходу вядомых усім князёў-варагаў у 862 г. на тэрыторыі Беларусі ўжо былі воласці-княствы.

Найбольшымі з іх былі Полацкае, Смаленскае і Тураўскае. Даследчык лічыў, што залежнасць Полацка ад першых кіеўскіх князёў, пачынаючы ад Алега, паступова змяншаецца і ў другой палове Х ст. у Полацку кіраваў неазлежны ад Кіева князь Рагвалод. Першую беларускую дзяржаву Ігнатоўскі называў Полацкая Русь і адзначаў, што яна вяла няспынную барацьбу з Руссю Кіеўскай.

Аднак надышлі часы сталінскіх рэпрэсій, і ўсе творы Ігнатоўскага пасля 1931 г. былі забаронены і ў асноўным знішчаны. У гэтыя гады гістарычная беларуская навука прыйшла ў заняпад і пачала пакрысе аднаўляцца толькі пасля Другой сусветнай вайны і смерці Сталіна.

Таму адкрыем першы том гісторыі Беларускай ССР, які выйшаў на рускай мове ў 1954 г. пад рэдакцыяй правадзейнага сябра АН БССР Перцава і кандыдатаў гістарычных навук Шабуні і Абэцэдарскага. Тут на стар. 19 мы можам прачытаць, што землі Сярэдняга Падняпроўя ўжо ў ІV ст. мелі назву Русь ці Рос. Гэтыя назвы, на думку аўтараў, замацаваліся за ўсімі землямі, заселенымі ўсходнімі славянамі.

Такім чынам, назва Русь у іх не назва дзяржавы, а назва ўсходнеславянскай тэрыторыі, што зусім пярэчыць сённяшняй гістарычнай думцы.

Потым паведамляецца, што да ІХ ст. на Русі існавалі вялікія гарады, і сярод іх Полацк. Адначасова ў V-ІХ стст. складваецца старажытнаруская (усходнеславянская) народнасць. Такім чынам, у нашай гістарыяграфіі была замацавана сталінская канцэпцыя старажытнарускай дзяржавы і міфічнай старажытнарускай народнасці, якая існавала да распаду СССР і зараз яшчэ праяўляецца ў публікацыях некаторых гісторыкаў.

Таксама паведамляецца, што тэрыторыя Беларусі - гэта "заходнерускія землі, якія ўжо ў канцы ІХ ст. з'яўляліся складовай часткай Старажытнарускай дзяржавы са сталіцай у Кіеве". Цікава, што беларускія землі, калі глядзець з Кіева, знаходзяцца не на захад, а на поўнач ад яго, але калі глядзець з Масквы, то менавіта на захадзе ад сталіцы Расійскай імперыі і СССР. Цікава, што ў ХІІ-ХІІІ стст. беларусаў і ўкраінцаў як народаў яшчэ няма, а вось літоўцы як адзіны народ ужо ёсць. Беларусы і ўкраінцы з'яўляюцца на старонках гэтай кнігі толькі ў канцы ХІVст., як "беларускае і ўкраінскае насельніцтва" ВКЛ.

Такая сітуацыя амаль без зменаў захоўвалася ў беларускай навуцы да пачатку "перабудовы" (1986 г.). У 80-я гады ХХ ст. з'явілася новая канцэпцыя ўзнікнення ВКЛ Міколы Ермаловіча, арыгінальныя публікацыі на гэтую тэму Мікалая Улашчыка і Анатоля Грыцкевіча.

Пасля ўзнікнення незалежнай беларускай дзяржавы ў нашых навучальных установах замест гісторыі СССР і БССР пачала вывучацца гісторыя Беларусі, з'явіліся новыя падручнікі і гістарычныя энцыклапедыі.


Нядаўна выйшаў у свет першы том акадэмічнага гістарычнага выдання, якое ўпершыню атрымала назву "История белорусской государственности". Назва першага тома "Белорусская государственность от истоков до конца ХVІІІ в.". Шкада, што як і ў 1954 г. нашы гісторыкі аддалі перавагу не роднай, а рускай мове насуперак працам першых беларускіх гісторыкаў Вацлава Ластоўскага і Усевалада Ігнатоўскага.

Але будзем спадзявацца, што ў 29 аўтараў, якія працавалі над напісаннем першага тома, хопіць сіл зрабіць беларускую і асабліва англійскую версію гэтага ўнікальнага выдання.

Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якія і склалі ў асноўным аўтарскі калектыў, на працягу апошніх гадоў распрацавалі канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасці і вырашылі ўпершыню прадставіць грамадзянам Беларусі і замежных краін сваю версію абагуленай беларускай гісторыі з мэтай расказаць грамадству пра станаўленне нашай дзяржаўнасці ад старажытнасці да нашых дзён.

Ужо ў пачатку кнігі сцвярджаецца, што першабытныя людзі з'явіліся на тэрыторыі Беларусі не 100, а 250 тысяч гадоў таму назад на тэрыторыі Іванаўскага раёна, дзе знойдзены адпаведныя археалагічныя артэфакты.

Шкада толькі, што тэкст, у якім ідзе гаворка пра каменны, бронзавы і жалезны век Беларусі, напісаны вельмі сухой, акадэмічнай мовай, якую цяжка зразмець простаму чытачу. Ці варта было "загружаць" яго назвамі соцень археалагічных культур, не распавёўшы пры гэтым, што гэта такое.

У аповедзе пра нашых далёкіх продкаў - індаеўрапейцаў - не сказана, адкуль яны прыйшлі на тэрыторыю Беларусі і якія этнасы ўзніклі тут з іх прыходам. Аўтары паведамляюць, што ў бронзавым веку посуд становіцца пласкадонным, але не тлумачаць, што гэта здарылася таму, што ў жылых пабудовах нашых продкаў з'явіўся стол, на які і ставілі гліняны гаршчок ці міску.

Не растлумачана, чаму ў гэтыя часы з'явіліся першыя курганы і новы пахавальны абрад - крэмацыя. Таксама варта было б растлумачыць, хто такія балты, якія ў жалезным веку былі асноўнымі жыхарамі Беларусі.

Сітуацыя з развіццём эканомікі на нашых землях значна палепшылася ў першыя стагоддзі нашай эры, калі нашы продкі авалодалі поўным цыклам металургічнай вытворчасці і навучыліся вырабляць жалеза ў спецыяльных печах-домніцах. Гэта выклікала з'яўленне інтэнсіўнага падсечна-ляднага земляробства і асваення новых тэрыторый.

Значныя змены адбыліся ў Еўропе ў сярэдзіне першага тысячагоддзя нашай эры. Адбыліся змены ў клімаце, панізілася тэмпература, павысілася вільготнасць, узровень сусветнага акіяна падняўся на некалькі метраў. Беларускія археолагі даказалі, што першыя славяне (пражская культура) з'явіліся на поўдні Беларусі ўжо ў ІV-V стст. н.э. Гэта тэрыторыя ад Брэста да Мазыра. Іншыя славяне (крывічы) з'яўляюцца ў VI-VII стст. на поўначы Беларусі на тэрыторыі Расонскага і Гарадоцкага раёнаў.

Ужо ў VIII-ІХ ст. узнікае княства палачан, аднаго з крывіцкіх плямёнаў паміж рэчкамі Улай і Обалью, якія ўпадаюць у Заходнюю Дзвіну.

У VIIIст. крывічы з'яўляюцца на тэрыторыі Смаленшчыны, дзе ўзнікае іх цэнтр - Гнёздава.

Частку Цэнтральнай і Паўднёвай Беларусі займаюць дрыгавічы, якія да Х ст. ствараюць сваё княства.

Аўтары адзначаюць, што аднаўленне ў Полацку ўлады асобнай дынастыі Рагвалодавічаў на мяжы Х-ХІ стст., прывяло да таго, што Полацкае княства канчаткова стала на шлях самастойнага развіцця і стала самастойнай дзяржавай (зямлёю).

У пачатку ХІІІ ст. на палітычнай сцэне побач з крыжакамі, ордэнам мечаносцаў і полацкай дзяржавай з'яўляецца летапісная "літва". На жаль, аўтары ніяк не тлумачаць гэты тэрмін. Што гэта? Асобнае балцкае племя, якое жыло на тэрыторыі сучаснай Беларусі, саюз балцкіх плямёнаў, тэрыторыя, дзе яны жылі, а можа асобны народ, як лічаць сучасныя літоўскія гісторыкі? Яны пішуць, што ў ХІІІ ст. літва - гэта і ёсць сённяшнія літоўцы, а беларусаў і ўкраінцаў тады яшчэ не было.

Калі літва - асобны этнас, то чаму маўчаць беларускія археолагі? Дзе помнікі матэрыяльнай культуры, пахавальны абрад, упрыгожванні, чым літва адрозніваецца ад яцвягаў і г.д.

На старонцы 208 з'яўляецца "Літоўскае княства як складаны кангламерат з насельніцтвам уласна літоўскіх плямён і суседніх тэрыторый". Калі аўтары рэзка замянілі тэрмін "балцкія плямёны" на "літоўскія плямёны", то чаму не даць назвы гэтых плямёнаў, не паказаць іх матэрыяльную культуру і тэрыторыю іх рассялення? Упершыню тэрыторыю летапіснай літвы паспрабаваў акрэсліць Мікола Ермаловіч, потым Мікалай Улашчык і Алесь Краўцэвіч.

Чамусьці знікла са старонак кнігі Гродзенскае княства са сваёй самабытнай культурай, якая мае непасрэднае дачыненне да стварэння беларускага этнасу і асабліва Навагрудка і Навагрудскай зямлі.

У ХІІ - пачатку ХІІІ ст. Навагрудак быў адным з самых багатых і заможных гарадоў, пра што сведчаць шматгадовыя археалагічныя раскопкі і ўнікальныя артэфакты, знойдзеныя пры раскопах горада. Аднак, на старонцы 209 "як Піліп з канапель" з'яўляюцца ў 1238 г. кіраўнік навагрудскай зямлі Ізяслаў Наваградскі і "Літва Міндоўга".

Праўда, пазней на старонках 226-229 друкуецца маленькі раздзельчык пад назвай "Беларускае Панямонне", дзе ёсць невялікая інфармацыя пра Наваградак, але пра сталіцу княства - Гродна - амаль нічога няма. Тое ж можна сказаць і пра Ваўкавыск і Слонім.

Значную частку кнігі займае глава 4, у якой ідзе гаворка пра ВКЛ і беларускую дзяржаўнасць у сярэдзіне ХІІІ - сярэдзіне ХVI ст. Цікава, што хоць даціроўка главы павінна пачацца з сярэдзіны ХІІІ ст., пачынаецца яна з раздзела "Гістарычная Літва", у якім першая дата гэта 1009 г. і далей ідзе гаворка пра падзеі першай паловы ХІІІ ст. Тут мы знаходзім адказ на тое пытанне пра тэрмін "літва", якое мы ставілі раней, але калі сённяшнія літоўцы сталі народам, а не племем, адказу няма і тут. Адсюль ўзнікаюць наступныя пытанні. Калі не існавала старажытнаруская народнасць, то калі сфарміраваліся асноўныя ўсходнеславянскія этнасы?

На старонцы 243 мы чытаем, што 3/4 жыхароў складалі тую частку насельніцтва, якая ўжо ў ВКЛ паступова трансфармавалася ў беларускую, украінскую і рускую народнасці. Такім чынам, мы зноў становімся на старыя сталінскія граблі, што гэтыя народнасці ўзніклі толькі ў ХV-ХVІ стст.

Раней на гэтае пытанне спрабавалі адказаць рускія гісторыкі ў ХІХ - пач. ХХ ст. Яны сцвярджалі, што рускія (вялікарусы) узніклі ў ХІІ ст., а вось беларусы з украінцамі з'явіліся невядома калі, не раней ХVІІ ст., як іх малодшыя браты.

На маю думку, і беларускі этнас як народ пачаў таксама фармавацца ў ХІІ ст, калі ў першай палове ХІІ ст. з летапісаў зніклі згадкі пра крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. У першую чаргу гэта былі нашчадкі крывічоў, што жылі на тэрыторыі Полацкай зямлі. Насельніцтва гэтай дзяржавы мела агульную пісьмовую мову, бо існаваў Полацкі летапіс, сваё манументальнае дойлідства, агульны эканамічны рынак, выхад у Балтыйскае мора і вялікае войска, здольнае ваяваць з Кіеўскімі князямі. Таму ў ВКЛ спачатку ўвайшлі беларусы, а потым і ўкраінцы, якіх разам пачалі называць як Русь (праваслаўнае насельніцтва ВКЛ) - ці русінамі, альбо рускімі. Вялікарусы ў ХІІІ ст. трапілі ў Залатую Арду і сталі маскавітамі, масквой альбо ардынцамі да канца ХV ст. Цікава, што на наступнай старонцы (244) літоўцы як асобная народнасць прысутнічаюць. А на стар. 248 мы можам прачытаць наступны сказ. "ВКЛ з'яўлялася поліэтнічнай дзяржавай, у складзе якой беларускі этнас аформіў і ажыццяўляў сваю дзяржаўнасць у ХІІІ - ХVIII ст." З гэтага сказу вынікае, што беларускі народ, які ўжо склаўся на тэрыторыі Полацкай і суседніх земляў у гэты час існаваў на сваёй першапачатковай стадыі. Што датычыцца літоўскага этнасу, то ён пачаў складвацца толькі ў канцы ХІVі першай палове ХV ст., калі Ягайла ахрысціў мясцовыя балцкія плямёны, а пазней Вітаўт далучыў да ВКЛ Жмудзь. Дарэчы, Статут ВКЛ 1566 г. пісаў, што дзяржава складаецца з літвы, русі і жамойтаў. Жамойты і ў ХVІ ст. засталіся асобным этнасам. Не расказалі аўтары і пра складаны лёс яцвягаў, якія таксама існавалі як асобны этнас на тэрыторыі ВКЛ у ХІІІ-ХІV стст.

Варта адзначыць, што аўтары ўпершыню ў сучаснай гістарыяграфіі далі адказ на пытанне, чыёй дзяржавай з'яўлялася ВКЛ, на аснове грунтоўнага аналізу тэкстаў асноўнага закону краіны - трох Статутаў ВКЛ. Раздзел, прысвечаны ВКЛ, напісаны на грунтоўным аналізе розных пісьмовых археалагічных крыніцаў, публікацыяў папярэднікаў, пачынаючы ад Вацлава Ластоўскага і Міколы Ермаловіча да сучасных беларускіх даследчыкаў В. Насевіча і А. Краўцэвіча і літоўскага гісторыка Р. Пятраўскаса.

Вельмі грунтоўна і прафесійна напісаны параграф, прысвечаны войску і арганізацыі ВКЛ, бо толькі дзякуючы моцнай сістэме абароны дзяржавы, хоць мы і згубілі вялікую тэрыторыю на ўсходзе ў канцы ХV - пачаткуХVІ ст., але здолелі надоўга спыніць наступ маскоўскіх войскаў і захаваць сваю незалежнасць. Варта адзначыць, што сістэма ўлады і нават назвы кіруючых элітаў у ВКЛ была запазычана з усходнеславянскіх дзяржаў. Гэта лідар дзяржавы - вялікі князь, падначаленыя яму ўдзельныя князі і баяры. Ніякіх балцкіх традыцый у кіраванні ВКЛ ніколі не было, пачынаючы з Міндоўга, які адзіны некалькі гадоў пабыў каралём па-заходнееўрапейскім узоры.

Да падпісання Крэўскай уніі ВКЛ было адной з самых вялікіх і незалежных краін у Еўропе, з якім усе лічыліся. Аднак унія пазбаўляла ВКЛ незалежнасці і далучала яго да польскага каралеўства. Але на палітычную сцэну выйшаў Вітаўт, які аднавіў суверэнітэт сваёй дзяржавы і ледзь не стаў самастойным каралём. З 1447 г. узнікла асабістая (персанальная) унія паміж ВКЛ і Польшчай, калі адзін чалавек адначасова кіраваў абедзвюма дзяржавамі. Незалежнасць ВКЛ ад Польшчы была замацавана 29 верасня 1529 г. прыняццем Статута ВКЛ, які дзейнічаў толькі на тэрыторыі ВКЛ.

У апошняй пятай главе кнігі гаворка ідзе пра ролю Рэчы Паспалітай у гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

1 ліпеня 1569 г. у час Лівонскай вайны было створана новае дзяржаўнае ўтварэнне - грамадзян Польскай кароны і грамадзян (шляхта) ВКЛ. Пры гэтым Беласточчына і Украіна былі ўключаны ў склад Польшчы. Польскія эліты марылі аб тым, каб паступова землі ВКЛ былі ўключаны цалкам у склад Польшчы. Аднак эліты ВКЛ дамагліся значнай суверэннасці ў складзе РП і мелі сваё войска, структуру дзяржаўнага апарату і нават асобныя дыпламатычныя зносіны з суседзямі, асабліва ў часы адсутнасці адзінага караля і вялікага князя. Даследчыкі адзначаюць, што ў сярэдзіне ХVІІ ст. на тэрыторыі РП жылі розныя народы: палякі, беларусы, украінцы, літоўцы, жамойты і інфляндскія немцы. Пры гэтым палякі складалі толькі 40 % ад агульнай колькасці жыхароў РП.

Значную аўтаномію ВКЛ у складзе РП замацавалі ІІІ Статут ВКЛ і трыбунал ВКЛ, створаны ў 1581 г. Варта адзначыць, што ў ХVІ ст. беларускія магнаты і шляхта, каб спыніць паланізацыю, уключылі ў Статут 1566 і 1588 гг. артыкулы, якія замацоўвалі статус старабеларускай мовы як афіцыйнай мовы ВКЛ. Можна пагадзіцца з аўтарамі кнігі ў тым, што "асобная афіцыйная мова справаводства (да 1697 г.) і свая дзяржаўная сімволіка (герб "Пагоня"), безумоўна, таксама з'яўляліся сімвалічнымі рысамі дзяржаўнасці ВКЛ".

Аўтары кнігі лічаць, што на падставе аналізу пісьмовых і археалагічных крыніц тэрыторыяй, на якой склалася беларуская народнасць, былі землі, дзе рассяліліся крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Не забываюцца яны і пра ролю балцкага субстрату. Можна таксама пагадзіцца з тым, што пачатак фармавання беларускай народнасці пачаўся тады, "калі мясцовае насельніцтва перастала атаясмліваць сябе толькі з крывічамі, дрыгавічамі і радзімічамі". Але далей ідзе тэзіс аб тым, што "асноўныя рысы беларускай народнасці праявіліся ўжо ў ХІV-ХVІ стст".

З такой даціроўкай, запазычанай са старых савецкіх падручнікаў, аўтар артыкула не можа пагадзіцца. Я лічу, што пачатак узнікнення асобнай беларускай народнасці не ХІV, а ХІІ ст. Менавіта ў гэты час канчаткова сфармавалася незалежная Полацкая дзяржава (зямля) і зніклі ў першай палове ХІІ ст. згадкі пра крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў у пісьмовых крыніцах. У гэты ж час канчаткова распалася на незалежныя краіны (землі) былая Кіеўская Русь. Акрамя Полацкай зямлі, на нашых землях існавалі Смаленская, Турава-Пінская землі, а таксама Гродзенскае княства і Новагародская зямля. Менавіта старабеларуская мова і культура сталі ў ХІІІ ст. асновай новага дзяржаўнага ўтварэння ВКЛ. Праваслаўныя жыхары беларускіх земляў у складзе ВКЛ сталі называцца русінамі, а іх землі Руссю, што было засведчана пры Гедыміне ў назве новай дзяржавы. Пасля вызвалення ў часы Альгерда ад Залатой Арды часткі Украіны да беларускага насельніцтва далучыліся пад назвай русіны і Русь і ўкраінцы.

Толькі пасля Люблінскай уніі, калі ўкраінскія землі адышлі да Польшчы, беларускі і ўкраінскі этнасы канчаткова размежаваліся як асобныя народы, прычым назва Русь замацавалася за ўкраінскай тэрыторыяй.

Аўтары кнігі слушна адзначаюць, што ў канцы ХVІІ ст. старабеларуская мова канчаткова знікла з афіцыйных дакументаў ВКЛ і толькі ўніяцкая царква ў пэўнай ступені працягвала карыстацца беларускай мовай.

У гэты час беларуская шляхта пачала атаясамліваць сябе з сармацкай ідэялогіяй і культурай. У сувязі з гэтым яе паланізацыя ўзмацнілася, і асноўнымі носьбітамі беларускай мовы і культуры засталіся сяляне, а таксама праваслаўныя і ўніяцкія святары. Тым не менш, першым беларусам назваў сябе ў канцы ХVІ - пачатку ХVІІ ст. вядомы паэт і навуковец Саламон Рысінскі, які выдзяляў беларусаў як самастойны этнас.

Добра напісаны раздзел, прысвечаны Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Зараз гэты дакумент цалкам прыватызаваны Польшчай. Але беларусы і літоўцы таксама маюць да яе дачыненнне. Падчас прыняцця гэтага дакумента паслы і сенатары ВКЛ мусілі бараніць сваё права і дабіліся пэўных саступак ад караля і яго прыхільнікаў. У траўні 1791 г. быў прыняты закон, які пацвердзіў правядзенне кожнага трэцяга сойма РП на тэрыторыі ВКЛ. 20 кастрычніка 1791 г. сойм РП прыняў дакумент аб "Узаемнай гарантыі двух народаў", у якім была канчаткова пацверджана самайстойнасць ВКЛ і фактычна прызнаваліся роўнасць ВКЛ і Кароны польскай у межах Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага магнаты і шляхта ВКЛ на сойміках 1792 г. падтрымалі Канстытуцыю 3 мая 1791 г., якая мела прагрэсіўны характар. Дарэчы, на тэрыторыі Беларусі захаваліся помнікі, пастаўленыя ў яе гонар. Напрыклад, калона ў в. Ляонпаль Верхнядзвінскага раёна.

Цікава адзначыць, што аўтары кнігі звярнулі ўвагу на тое, што падчас ІІ раздзелу Рэчы Паспалітай інфлянцкі епіскап Юзаф і Шымон Касакоўскі прапанавалі Кацярыне ІІ далучэнне ВКЛ да Расійскай імперыі ў якасці ўдзельнага княства. Спроба захаваць ВКЛ была зроблена ў 1794 г., калі войскі ВКЛ здолелі вызваліць Вільню ад расійскага гарнізона.

24 красавіка 1794 г. у Вільні быў абвешчаны "Акт паўстання народа ВКЛ", які падпісалі 2328 удзельнікаў паўстання. Камендантам узброеных сіл ВКЛ стаў палкоўнік (потым генерал-лейтэнант) Якуб Ясінскі.

З агульнай колькасці паўстанцаў 150 тыс. чалавек жыхары ВКЛ складалі ад 30 да 40 тысяч. Дарэчы, Віленскі акт не згадваў імя Т. Касцюшкі, а ўладай у ВКЛ абвясціў Найвышэйшую Літоўскую Раду, у склад якой павінны былі ўвайсці прадстаўнікі ваяводстваў, паветаў і гарадоў ВКЛ. Такая аўтаномія не спадабалася Тадэвушу Касцюшку і ў чэрвені 1794 г. ён распусціў гэты орган. Да паўстанцаў далучылася шмат сялян, якія складалі ад 30 да 50% удзельнікаў паўстання. Войскі ВКЛ спрабавалі перанесці паўстанне на тэрыторыі ВКЛ, захопленыя Расіяй у выніку першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай. Гэтымі рэйдамі кіравалі Міхаіл Агінскі і Стэфан Грабоўскі. Да іх далучыліся мясцовыя сяляне і шляхта. Пасля задушэння паўстання ў лістападзе 1795 г. ВКЛ назаўжды знікла з карты Еўропы.

Варта сказаць, што важным фактарам наяўнасці дзяржаўнасці з'яўляецца манументальнае дойлідства. Таму, на маю думку, можна было згадаць пра Полацкую, Віцебскую і Гродзенскую архітэктурныя школы ХІІ ст., а таксама пра існаванне беларускай готыкі ў ХІІІ - ХVІ ст. Гэта яшчэ адзін доказ існавання беларускага народа ў ХІІ-ХVІ стст.

Аўтары першага тома (дарэчы, ужо выйшаў і другі том) паказалі, што беларуская акадэмічная гістарычная навука зрабіла значны крок у сваім развіцці.

Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя. Частка ІІІ

(Працяг. Пачатак. у папяр. нумары.)

477. Сняжанскі (Алег) - вытвор з суфіксам -скі ад антрапоніма Сняжана і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сняжанскі. Утваральнае слова - Сняжана < слав. 'белая, чыстая, як снег'.

478. Сола (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва сола 'музычны твор або частка, прызначаная для выканання адным музыкантам, спеваком або танцорам', а таксама 'выкананне такога твора адным чалавекам' ці як прыслоўе 'без удзелу каго-н., асобна ад іншых (пра выкананне музычных твораў, танцаў)'.

479. Спевак (Дар'я) - семантычны вытвор ад апелятыва спявак 'той, хто ўмее спяваць, для каго спевы з'яўляюцца прафесіяй'. Форма з націскам на першым складзе - дзеля адмежавання ад апелятыва.

480. Спорнік (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва спорник 'аматар спрэчак' (ПГССЛ). Параўн. спор 'сварка' (Нас.), спорка 'спрэчка', спорыць 'адстойваць свае погляды, спрачацца' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны", с. 116).

481. Станчык (Галіна) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Стань (Стан) і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Станчык. ФП: Станіслаў (імя <слав. 'стаць слаўным') - Стань (1528 г.) - Стань і Стан (народныя варыянты імя, потым прозвішча) - Станчык.

482. Старажышына (Хрысціна) - вытвор з суфіксам -ына ад антрапоніма Старажыха і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Старажыш(х/с)ына. Утваральнае слова ад апелятыва старажыха 'жонка стоража' (разм.), 'жанчына, якая працуе вартаўніком'.

483. Стась (Андрэй) - скарочаная (гутарковая) форма імя Станіслаў (гл. Станчык) набыла функцыю прозвішча.

484. Стацэнка (Святлана) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Стэц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Стэцэнка - Стацэнка. ФП: Сцяпан (імя <грэч. 'вянец, карона') - Степан (1528), Стец (1528) - Стэц (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Стэцэнка - Стацэнка.

485. Страмбоўская (Таццяна) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Страмбова і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці': Страмбовская - Страмбоўская.

486. Страхаў (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Страх і значэннем 'нашчадак названай асобы': Страхаў. ФП: страх ('пачуццё і стан вельмі моцнага сполаху; боязь', 'тое, што страшыць, выклікае трывогу') - Страх (мянушка, потым прозвішча) - Страхаў.

487. Страшынская (Ала) - вытвор ад тапоніма Страшына з суфіксам -ская і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Страшынская.

488. Строгаль (Ісідар) - семантычны вытвор ад рус. строгаль (бел. стругаль) 'абманшчык, ашуканец' (Даль).

489. Строгіна (Святлана) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Строгі і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Строгіна. ФП: строгі (прыметнік строгі мае 6 значэнняў: 1) вельмі патрабавальны, 2) вельмі сур'ёзны, суровы, які не дапускае ніякіх паблажлівых адносін, 3) які не прызнае ніякіх адхіленняў ад нормы, абсалютна дакладны, 4) які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм, 5) які патрабуе адпаведнасці пэўнай нормы, правільны, 6) пра адзенне, знешнасць, абстаноўку і пад.: без упрыгожанняў, просты, але з густам) - строгі (субстантываваны прыметнік) - Строгі (празванне, пазней прозвішча) - Строгіна.

490. Стрыгельскі (Віталь) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Стрыгелі і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці': Стрыгельскі. ФП: стрыгель (рэг. - "Беларускае народнае словаўтварэнне", Сцяцко П., с. 38) - адэкват слоўнікавага стрыгаль (разм. 'тое, што і стрыгальшчык рабочы-спецыяліст па стрыжцы авечак') - Стрыгель (мянушка, потым прозвішча) - Стрыгелі - Стрыгельскі. Або шляхетнае ад прозвішча Стрыгель ( Стрыгельскі).

491. Стрыжак (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва стрыжак (рус. стрижак 'чалавек з кароткай стрыжкай' (Даль), укр. 'аднагадовае жарабя', 'салдат з падстрыжанай галавой' (Грынч.)).

492. Студнеў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Студня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Студнеў. ФП: студня ('калодзеж, умацаваная зрубам вузкая і глыбокая яма для атрымання вады з ваданоснага слоя') - Студня (мянушка, потым прозвішча) - Студнеў.

493. Суглоб (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) суглоб 'гарбаты чалавек' (Бяльк.), рус. суглоба 'той, хто глядзіць з-пад ілба, няветлівы чалавек, нелюдзім' (Даль).

494. Сумнікава (Ірына) - вытвор з прыналежным суфіксам -ава ад антрапоніма Сумнік і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сумнікава. ФП: сумнік ('шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных' (БелСЭ, Кароткая энцыкл., т. 2, с. 632)) - Сумнік (мянушка, пазней прозвішча) - Сумнікава.

495. Сцяпурын (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Сцяпура і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сцяпурын. ФП: Сцяфан (імя <грэч. 'вянец, карона') - Стефан (1528 г.), Сцепан (1610 г.) - Сцяпан (імя, пазней прозвішча) - Сцяпура (народны экспрэс, варыянт, суфікс -ура) - Сцяпура (мянушка, пазней прозвішча) - Сцяпурын.

496. Сыцько (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) сыцько 'сыты': сыты - сыць - сыцько. Бытуюць на Гродзеншчыне (в. Каюхі, Скідз. р-н) прозвішчы Сыты, Сытых.

497. Сыцэвіч (Галіна) - другасная форма ад Сычэвіч - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Сыч з значэннем 'нашчадак названай асобы': Сычэвіч. ФП: сыч ('начная птушка атрада совападобных'; (перан.) 'маўклівы, пануры чалавек') - Сыч (мянушка, потым прозвішча) - Сычэвіч - Сыцэвіч (вынік дысіміляцыі: ч-ч > ц-ч).

498. Сяўрук (Вадзім) - семантычны вытвор ад апелятыва севрук 'слуга' (укр.).

499. Табала (Міхаіл) - семантычны вытвор ад апелятыва табала <ст.-бел. тобола 'сумка, торба, каліта' (Нас).

500. Танечніца (Аліна) - семантычны вытвор ад танечница (ст.-бел.) 'танцорка' (ПГССЛ).

501. Тапечыц (Іван) - вытвор з суфіксам -ыч (>-ыц) ад антрапоніма Тапека і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тапеч(к/ч)ыц (Тапечыч). ФП: тапека (рэг.) варыянт слоўнікавага тапільшчык 'той, хто займаецца тапленнем чаго-н.' (напрыклад, воску) - Тапека (мянушка, потым прозвішча) - Тапечыц - Тапечыч (дысіміляцыя чч>чц).

502. Таранда (Карына) - семантычны вытвор ад апелятыва таранда (рус. рэг.) 'ахвотнік пагаварыць, гаваркі чалавек, гаварун' (Мельн.).

503. Таранеўская (Таццяна) - вытвор з прэстыжным суфіксам -еўская ад антрапоніма Таран і значэннем 'нашчадак названай асобы': Таранеўская. ФП: таран ('прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі', а таксама 'старажытная прылада для разбівання цвердзі (сцен) і пад.'; 'прарыў фронту праціўніка') - Таран (мянушка, потым прозвішча) - Таранеўская.

504. Таранка (Фаіна) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Таран з значэннем 'асоба жаночага полу': Таранка. ФП: таран ('прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі') - Таран (мянушка, потым прозвішча) - Таранка.

(Працяг у наст. нумары.)

У Магілёве адбылася прэзентацыя "Гісторыі Расіі" і Універсітэта імя Ніла Гілевіча

У нядзелю, 10 лютага, у магілёўскім Цэнтры Кола адбылася сустрэча з рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіча, падчас якой прайшла прэзентацыя дзейнасці ўніверсітэта і адначасова прэзентацыя кнігі "Гісторыя Расіі". Акрамя в.а. рэктара Алега Трусава і прарэктара па навучальнай дзейнасці Паўла Церашковіча таксама выступала і старшыня ТБМ Алена Анісім.

Сустрэча была арганізавана Магілёўскай арганізацыяй ТБМ і Цэнтрам Кола. Акрамя непасрэдна прэзентацый, былі абмеркаваны розныя актуальныя пытанні беларускай адукацыі, госці задавалі пытанні і выказвалі свае меркаванні адносна дзейнасці ўніверсітэта. Таксама на сустрэчы выступіў бард Васіль Аўраменка, які выканаў беларускамоўныя версіі вядомых рускамоўных песень.

Наш кар.

Асноўная задача - падрыхтоўка нацыянальнай эліты

Кожныя чарговыя заняткі на курсах "Мова-Нанова" радуюць слухачоў сустрэчамі з адметнымі асобамі, у ходзе знаёмства з якімі набываюцца новыя веды, навыкі, уражанні, эмоцыі.

На заняткі 23 студзеня ў Барысаве "высадзіўся" ажно цэлы дэсант вядомых у Беларусі творчых асоб: Алена Анісім, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Павел Церашковіч.

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў А. Анісім і выканвец абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча А. Трусаў, дапаўняючы адзін аднаго, распавялі пра дзейнасць ТБМ, 30-годдзе стварэння якога неўзабаве будзе адзначацца, пра праведзеную работу па адкрыцці беларускамоўнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, патлумачылі, што гэта неабходна рабіць у прыватным парадку, бо дзяржава займацца гэтым не збіраецца. Універсітэт зарэгістраваны, працуюць падрыхтоўчыя курсы. Падбіраюцца выкладчыкі, складаюцца праграмы па прадметах, якіх няма ў іншых ВНУ. Пішуцца і выаюцца падручнікі, кнігі. Асноўная задача, якая стаіць перад універсітэтам, - падрыхтаваць нацыянальную эліту, патрыётаў Бацькаўшчыны.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Трусаў асобна расказаў пра сваю і калег працу над "Гісторыяй сярэднявечнай Еўропы (V-XV стагоддзі)" і "Гісторыяй Расіі: ад Сярэднявечча да сучаснасці", якія напісаны па-беларуску і з беларускага гледзішча на працэсы гістарычнага развіцця заходніх і ўсходніх суседзяў.

Кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, перакладчык з многіх моў свету, пазнаёміў слухачоў са сваёй перакладчыцкай дзейнасцю, падкрэсліў, што ў Беларусі расце школа маладых перакладчыкаў, што ёсць творчыя сілы, якія гатовы рабіць (і робяць) многае для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Павел Церашковіч прывёў цікавыя (зачастую далёка не аптымістычныя) факты з гісторыі прагрэсу чалавецтва, якія ён выкарыстаў у сваіх даследаваннях "Глабальныя праблемы чалавецтва" і "Культурная геаграфія".

Курсанты не засталіся пасіўнымі слухачамі. Яны не толькі задавалі пытанні, якія сведчылі аб іх абазнанасці ў паднятых праблемах, але і заяўлялі аб сваім жаданні актыўна ўдзельнічаць у іх рашэнні.

У канцы сустрэчы многія набылі кнігі менскіх гасцей. Выручаныя сродкі пойдуць на стварэнне спрыяльных умоў функцыянавання ўніверсітэта.

Іван Белы, газета "Гоман Барысаўшчыны".

Случчына - край нябесны

П-а-э-м-а - э-с-э

Яўген Гучок

У гонар "Года малой Радзімы"

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

* * *

Слуцкі ліцэй, а затым - гімназія

Былі вядомы шырока у свеце

Як Слуцкія Афіны.

* * *

Падмуркам "Вялікай дыдактыкі"

Чэшскага мысляра-гуманіста

Яна Амоса Коменскага

З'явіўся статут ліцэя - Слуцкіх Афін.

* * *

Кантактавалі з Афінамі Слуцкімі

І Кёніксберг, і Берлін, і Франкфурт-на-Одры,

І Марбург, і Эдынбург і іншыя.

* * *

Вось некаторыя з вучняў

Слуцкіх Афін - ліцэя-гімназіі:

Капіевіч, Абуховіч, Карповіч, Цэраскі,

Дыла, Косберг, Юрка Гаўрук і іншыя.

* * *

У далёкай Фларыдзе (ЗША)

Ян Пятроўскі - сын Слуцка,

вучань гімназіі слуцкай

Выдаў па-беларуску творы Платона-эліна.

* * *

Больш таго, там жа ён выдаваў

"Класічны грэка-беларускі слоўнік"

І многае іншае ў беларускай мове.

* * *

Каб трапіць у слынны Слуцак,

Нясвіжская магнатэрыя

Выязжала з Нясвіжа праз Слуцкую браму.

* * *

Замкі, друкарня, капэла, тэатр,

Летапіс, зборы, "Евангелле"... -

І гэта прыкметы

старажытных Слуцка і Случчыны.

* * *

Аб многім сведчыць

І гэты гістарычны радок паэта:

"Starsza Slucka fara niz niemiecka wiara".

* * *

Слуцкае княства буйное

Сваім нараджэннем

Звязана з імем Вялікага Вітаўта.

* * *

Хто палохае Слуцк і Случчыну,

Сам спалоханы будзе

Ушчэнт канчаткова.

* * *

За родны край і за сябе

Сапраўдныя сыны і дочкі Случчыны

Заўсёды пастаяць умелі.

* * *

Сафія Слуцкая і Слуцкая Анастасія -

Вось упрыгожанне

духоўнае і грамадзянскае

Патрыятычнай Случчыны ў вяках.

* * *

І сёння іх помнікі

Упрыгожваюць асяроддзе-прастору

Старажытнага і маладога Слуцка.

* * *

Калі нават Вільня была захоплена,

Слуцак выстаяў пераможна...

Сямнаццатае стагоддзе.

* * *

І дваццаціпяцітысячнаму

войску Трубяцкога

З дапамогай казакаў ліхіх

Адолець Слуцак не ўдалося.

* * *

Ніколі ў вяках ні ў кога, ні ў чым

Мая дарагая Случчына

Не была папрашайкай.

* * *

Бы пашпарт ў гісторыю гераічную,

Было калісьці княства Слуцкае.

Не сцерці памяці аб гэтым!

* * *

Ліквідавана княства Слуцкае

Напрыканцы стагоддзя васемнаццатага

Ардынскім Санкт-Пецярбургам.

* * *

Першае, што пабудавалі

імперцы-ардынцы у Слуцку -

Была Кацярынінская турма

Для патрыётаў зямлі паняволенай.

* * *

Калі паразы Случчына цярпела,

Цярпела тое самае і Беларусь,

І неба бессмяротнае над імі засмучалася.

* * *

Слуцк - і пушысты,

Слуцк - і яршысты,

А ўвогуле ён ваяўніча-лагодны.

* * *

І такога быць не магло,

Каб на Случчыне не было

Каліноўцаў.

* * *

У часы нялёгкія твайго жыцця, зямляча,

Бадзёрыць хай цябе ўцехай

Сваім мінулым гераічным Случчына твая.

* * *

Жадаеш палюбавацца лепшым помнікам

Драўлянага дойлідства ў славян -

Ён у Слуцку - Свята-Міхайлаўская царква.

* * *

А простыя слуцакі

Пераважна самі выбіваліся ў людзі

Без ласкі-падтрымкі магнатаў -

гаспадароў жыцця.

* * *

І прозвішчы некаторыя ўтвараліся -

Зыходзілі з назваў славутых -

Случэск і Случчына.

* * *

Карані шчымліва-нябеснай "Купалінкі"

Адшукаў у Слуцкай зямлі

Патрыёт, кампазітар, слуцак Тэраўскі.

* * *

"Адвеку мы спалі..." -

беларуская марсельеза

Паўстала на Случчыне і па Беларусі пайшла,

А пасля бальшавікі яе абязлюдзілі.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)



ТБМ запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у дванаццатай Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, 21 лютага ў офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13). Пачатак у 18:00.

Інстытут мовазнаўства правядзе ў Беларусі Тыдзень роднай мовы

Ад 18 да 24 лютага ў Беларусі пройдзе Тыдзень роднай мовы. Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук (НАН).

Тыдзень арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Як адзначаюць арганізатары, "праводжаныя мерапрыемствы павінны служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыньнікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як каштоўную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў, і якая мусіць быць перададзена дзецям як крыніца нацыянальнай культуры, мянтальнасці і светапогляду".

На працягу Тыдня роднай мовы вядучыя навукоўцы Інстытута мовазнаўства выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, возьмуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах, якія будуць арганізаваныя дзяржаўнымі ўстановамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі.


19 лютага ў рамках тыдня ў Інстытуце мовазнаўства адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэта славянскіх і германскіх моваў Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсітэта. Будучым лінгвістам раскажуць пра гісторыю інстытута, прадставяць сучасныя даследаванні аб нацыянальным мовазнаўстве, пакажуць выставу навуковых працаў інстытута. Яны таксама наведаюць Музей старажытнабеларускай культуры.

20 лютага Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры НАН Беларусі правядзе круглы стол "Беларуска-расейскае дзяржаўнае дзвюхмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медычнай тэрміналогіі". На ім будуць абмеркаваныя стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Беларусі. У паседжанні возьмуць удзел выкладчыкі медычных навучальных установаў Беларусі, навукоўцы-філолагі, лекары.

У гэты самы дзень у Менску пройдзе прэзентацыя кнігі Апанаса Ярушэвіча "Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына", падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства супольна з Нацыянальным архівам Беларусі. Як адзначаюць даследнікі, "Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына" - унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны расейска-беларускі слоўнік, створаны нацыянальнай мовазнаўчай навукай.

21 лютага дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў выступіць з лекцыяй "Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму" перад слухачамі факультэту павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце - кіраўнікамі галоўных упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкама, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый. У сваю чаргу акадэмік Аляксандар Лукашанец у гэты самы дзень выступіць з лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ.

У пятніцу, 22 лютага, адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У Інстытуце мовазнаўства ў гэты самы дзень адбудзецца лекцыя даследніка гісторыі беларускай мовы Сяргея Запрудскага "Мікалай Байкоў - знаёмы і незнаёмы", прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа.

Удакладненні ў графіку дыктовак на Лідчыне

Дыктоўка ў Бярозаўцы па тэхнічных прычынах перанесена на 23 лютага. Дыктоўка пройдзе ў Палацы культуры г. Бярозаўкі ў 13.30.

Святочная імпрэза (канцэрт) да Дня роднай мовы пройдзе ў Бярозаўцы ў Палацы культуры 21 лютага ў 15.00.

Дыктоўка 23 лютага на 3-м бібліятэчным філіяле пакуль не ўзгоднена (свежая інфармацыя будзе на сайтах), таму сяброў ТБМ лідскіх арганізацый запрашаем на дыктоўку ў 18.30 20-га лютага на "Галерэю 11" па вул. Міцкевіча, 31 - курсы "Мова нанова".

Усё астатняе - па ранейшых графіках.

Раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні" адбыўся ў аграгарадку Беліца

Раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні" ўдала ўпісаўся ў канцэпцыю вывучэння лакальнай культуры Лідчыны. Чацвёрты па ліку прайшоў у мінулую нядзелю ў аграгарадку Беліца. Сюды з'ехаліся работнікі ўсіх устаноў культуры раёна. На гэты раз рыхтавалі вясельныя стравы 20-х - 60-х гадоў мінулага стагоддзя, пасля дэгустацыі якіх, і гледачы, і журы атрымалі асалоду. Немагчыма было ўстаяць перад каўбаскамі гаспадынь з Бердаўкі, Першамайска, Пескаўцаў. Запечанымі скабкамі гудскіх гаспадынь і фаршыраванай рыбай беліцкіх. Апетытна выглядала мясное асарці ваверскіх гаспадынь і тварожны сыр ходараўскіх. Духмянасцю і разнастайнасцю прываблівалі бульбяныя стравы. Сваеасаблівай грацыёзнасцю вылучаліся вясельныя пірагі, якія прыгатавалі крупаўскія, пескаўскія, ганчарскія, дзітвянскія гаспадыні.

Акрамя страваў кожная вёска прадстаўляла па-мастацку аформленыя рэцэпты, і калі на першым конкурсе былі спробы падаць рэцэпт не па-беларуску, то сёлета ўсё было на роднай мове.

Па-беларуску гучалі і вясельныя показкі, прыказкі, пажаданні, віншаванні і песні. Пры гэтым нічога не паўтаралася, што яшчэ раз паказала багацце нашага вясельнага фальклору. Калектывы з Дворышча і Ваверкі выканалі песні на віленскім дыялекце польскай мовы, які тут абсалютна ўсім зразумелы. А пасёлак Першамайскі, які не можа пахваліцца народнымі традыцыямі глыбокай даўніны, бо быў заснаваны толькі пасля вайны прадставіў як бы гарадскія песні і строі 60-х гадоў, але і гэтыя песні былі па-беларуску.

Усе прысутныя засталіся задаволены ад прадстаўленага фальклорным гуртом "Талер" тэатралізаванага абраду "Вяселле". У выніку, пераможцамі сталі: першае месца ў філіяла "Ваверскі Дом культуры", другое ў філіяла "Першамайскі Дом культуры", трэцяе - філіял "Беліцкі Дом культуры".

Прэзентацыі традыцыйных страў папярэднічаў тэатралізаваны абрад "Вяселле", які прадставіў фальклорны калекттыў "Талер" Аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Таксама ўразіла рэтра-выстава вясельных сукенак мінулага стагоддзя, выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-клас па вырабу вясельных бутаньерак, майстар-клас па побытавых танцах.

Дзяржаўная ўстанова "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" вядзе вельмі актыўную работу па адраджэнні, захаванні і папулярызацыі народных традыцый, матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, што безумоўна станоўча адбіваецца на агульнай атмасферы ў раёне, робячы яе сапраўды беларускай.

Наш кар.

Паэзію - у вёскі Лідчын

Як вядома, ва ўсіх установах культуры Лідчыны праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы. На гэты раз у рамках Года адбыўся чарговы выезд аўтаклуба (сектара нестацыянарнага абслугоўвання) ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Задачай яго лічыцца наведванне аддаленых і маланаселеных вёсак. Ды не проста наведаць, а прабавіць хвіліны з людзьмі сталага ўзросту. На гэты раз у маршруце быў Дзітвянскі сельсавет, а менавіта вёскі Бельскія і Заполле. Па ініцыятыве загадчыка сектара Матуйзы Юрыя Іванавіча ў паездцы прынялі ўдзел сябры літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" - паэты Алесь Хітрун, Міхась Мельнік, Таццяна Сямёнава і папулярны бард Сяргей Чарняк.

Так, у вёскі Лідчыны прыехалі паэты! Не заўсёды ж сяльчанам выпадае шанец іх убачыць, паслухаць уласныя творы ў іх выкананні. У вёсцы Бельскія сустрэча адбылася ў доме гаспадыні Жолудзь Яўгеніі Станіславаўны, а ў Заполлі - у гаспадара Бічэля Івана Іванавіча. Там, акрамя іх, з зацікаўленасцю сабраліся суседзі-вяскоўцы. Для іх гучалі вершы прысвечаныя каханню, на патрыятычную тэматыку, пра прыроду, гумар і, вядома, песні пад акампанемент гітары, дзе па-магчымасці слухачы нават падпявалі разам з бардам. Жыхары вёсак дазналіся пра творчую дзейнасць літаратараў "Суквецця" і іх жыццё-быццё ў мастацтве Прынямоння. З вялікім задавальненнем удзельнікі паездкі наведалі дом жыхара Заполля Роўбы Генаддзя Іванавіча, які падзяліўся майстэрствам па пляценні кошыкаў. Была магчымасць лідскім творцам пабыць на гістарычным месцы (каменных мурах), дзе калісьці размяшчалася сядзіба, у якой 6 гадоў жыў вядомы на ўвесь свет будучы чылійскі вучоны, падарожнік Ігнат Дамейка.

Ужо запланаваны чарговыя паездкі з літаратурным "Суквеццем" і ў іншыя вёскі ды мястэчкі. Няхай гучыць паэзія па наваколлях Лідчыны!

Алесь Хітрун, кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце".

У с п а м і н ы

Да 156-годдзя паўстання 1863 г.

Апалонія з Далеўскіх Серакоўская

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Большасць моладзі цярпліва чакала распараджэнняў Цэнтр[альнага] Камітэта на Літве.

У той час з'явіліся пасланцы з Кароны ў Камітэт ад Белай партыі, Руху і ад Велапольскага, кожны з іх хацеў нечага іншага. У палове лютага Цэнтр[альны] Камітэт выслаў Антонія Яленскага ў Варшаву. Той прывёз адказ, што грамадства ў Каралеўстве мае застацца бясчынным сведкам руху, а пасля ўпадку паўстання падасць пратэстны адрас супраць злоўжыванняў Расіі. Побач з той весткай паведаміў яшчэ, што паўстанне пашыраецца і агул яму сімпатызуе.

Пастанова шляхты з Кароны здзівіла і канчаткова расчаравала Літву ў Белай партыі, Літва не магла ісці следам за ёй, за кроў людзей заплаціць адрасам.

Пасля паразумення з Яленскім Нацыянальны ўрад загадаў Ду Лаўрэнсу, чыё ўмяшанне ў справы Літвы было шкодным (на што найперш скардзілася і Партыя Руху на Літве) здаць уладу і пячатку Цэнтр[альнаму] Літоў[скаму] камітэту, які ад гэтага часу носіць назву Распарадчага аддзела Літвы. Абавязкі падзялілі:

Фр[анцішак] Далеўскі - пячатка аддзела і ўнутраныя справы (да 10 ліпеня 1863 года);

Ал[яксандр] Аскерка - начальства горада;

Ант[оні] Яленскі - краёвая каса;

Якуб Гейштар, намеснік Цітус Далеўскі - вайсковасць;

Ігнацы Лапацінскі - карэспандэнцыя;

Аскар Вагнер - сакратар;

Ду Лаўрэнс - прадстаўнік з Кароны з роўным голасам.

Камітэт Руху здаў пасады і паперы без супраціву і ахвотна паддаўся кіраўніцтву Распарадчага аддзела, але інакшай была справа з паўстанчымі аддзеламі, якія ўжо распачалі партызанку. На пачатку не хацелі яны падпарадкоўвацца распараджэнням роўна як з Варшавы, так і з Вільні.


Літоўскі аддзел меў перад сабой велізарную, цяжкую задачу: за месяц сакавік рэарганізаваць мірную Літву на ваенную, не маючы ніякіх для гэтага сродкаў апрача вялікага запалу агулу і гатоўнасць яго ў кожную хвілю для дабра Бацькаўшчыны аддаць сваё жыццё. Трэба было забяспечыць правінцыю, ахопленую рухам, дастаткам прадуктаў, бялізны, зброі, знайсці патрэбныя грошы і людзей на ўсе пасады, як: ваяводскіх камісараў, павятовых, парафіяльных, раз'язных і г.д.

У час мірнай арганізацыі наша шляхта згаджалася на ўсякія пажаданыя змены ў сваім жыцці і дзейнасці, апрача падаткаў на патрэбы ў Краі, а ў гэты час увесь цяжар упаў на яе (у нас не было прамысловага класа). У канцы згадзілася на складкі, але тыя паступалі вельмі скупа, і з тых сум трэба было выдаткоўваць на народную асвету, а гэта быў кошт не малы, бо мужычок наш рады быў вучыцца, але на навуку даваць грошы не любіў. У хвілю паўстання ў касе не было вялікіх запасных сум. Цяпер настала неабходнасць аблажыць падаткамі грамадства, як прыпамінаю, плацілі 3 ад 100. Многія не хацелі і той сумы плаціць. За месяц сакавік арганізавалі Літву да бою - без зброі, бо наяўны запас быў нічым у параўнанні з патрэбаю.

Аддзел дасканала ведаў усе слабыя бакі свайго Краю, працуючы некалькі гадоў у вузкім коле над яго праблемамі. Ведаў у тую настаўшую хвілю, што сапраўдны цуд ацаліць нашую Літву ад страшных вынікаў заўчаснага паўстання, аднак не адступіў перад той страшнай, крывавай маніфестацыяй пачуццяў еднасці з Каронай.

Пра яўны ўрад Літва не думала, бачачы поўную немагчымасць гэтага. Я чула не раз супярэчлівыя думкі адносна таго погляду. У канцы прызналі, што яўны ўрад патрабуе апоры прынамсі на 100-тысячную добра ўзброеную армію. У супраціўным выпадку становіцца хвіліннай цацкай лёсу. Зыгмунт у час сваёй бытнасці ў Вільні кінуў думку, што можа больш выніковым было б паўстанне, каб Літва сама ўзяла стырно кіраўніцтва ў сябе без аглядкі на кіраўніцтва з Каралеўства. Так і было да 10 ліпеня новага стылю, пасля чаго, г.зн. пасля ўвязнення амаль усіх з Аддзела, кіраўніцтва перайшло ў рукі былой Партыі Руху і Літва ўжо кіраваная, а не кіраўнічая носіць назву Выканаўчага аддзела.

У гэты час Гейштар без упаўнаважання Краю запраектаваў Тызенгаўзу свой план: Якуб Гейштар будзе яўна рэпрэзентаваць дыктатара, а Тызенгаўз даваў бы інструкцыі. 1) Калі шчаслівы вынік завершыць справу, дакладней, паўстанне, Тызенгаўз выступіць як дыктатар, а Гейштар адсунецца - у выпадку няўдачы Гейштар застаўся б у ролі дыктатара. Тызенгаўз, забаўлены наіўнасцю прапановы, на наступны дзень перадаў яе Аддзелу. Як жа часта Гейштар пустымі прапановамі ўводзіў у вялікі клопат Урад Лівы.


Пасля абвяшчэння дыктатарам Лянгевіча прыйшлі новыя распараджэнні з Варшавы:

1) Каб палякі сыйшлі з пасад маршалкаў, пасярэднікаў і іншых. Праз маршалкаў і пасярэднікаў Аддзел звязваўся з Краем. Гэтым распараджэннем насаджвалі Літве на гэтыя пасады расейцаў, як навочных сведкаў усёй дзейнасці, у само сэрца Краю і гэта ў час паўстання.

2) Прызначылі ў Варшаве Вацлава Пшыбыльскага, без паведамлення, а дакладней без паразумення з Літвой пасярэднікам паміж Вільняй, Пецярбургам і Варшавай.

Аддзел прыняў тыя весткі са здзіўленнем, бо Вацлаў быў так неадпаведны на той пасадзе ў Варшаве, як Ду Лаўрэнс у Вільні. Не ведаў ні Краю, ні яго патрэб.

Неўзабаве прыбыў граф Юзаф Замойскі з дзвюма новымі прапановамі:

1) Выслаць да Лянгевіча прадстаўніка Літвы.

2) Каб землеўладальнікі не бралі ўдзелу ў паўстанні для аховы зямель ад канфіскацыі.

Хто ж у такім разе рабіў бы ў нас паўстанне? Забылі пра тую вялікую розніцу, што ў Кароне народ ідзе ў паўстанне без шляхты, а на Літве - шляхта без народа.

Аддзел толькі часткова падтрымаў тое апошняе распараджэнне пасля паразумення з галоўнымі кіраўнікамі (захоўваючы як наймацней таямніцу). Найбуйнейшыя ўладальнікі зямель на Літве, як: Тызенгаўз, Горват, Тышкевічы, Яленскі, Радзівілы і інш. не будуць браць удзелу ў паўстанні, г.зн. не далучацца да баявых аддзелаў. Таму паўстанцкія аддзелы будуць абмінаць іхнія маёнткі, але яны, уладальнікі той ашчаджанай зямлі, абавязваюцца:

1) уносіць павялічаны падатак не ў рукі зборшчыкаў, а непасрэдна ў цэнтральную касу ў Яленскага.

Гэтыя ж самыя ўладальнікі ашчаджаных маёнткаў:

2) не будуць ухіляцца ад пасад у таемнай арганізацыі;

3) будуць ратаваць пакрыўджаную люднасць;

4) падтрымліваць і апекавацца вязнямі;

5) а пасля прадбачанага ўпадку паўстання ўжыць захаваную маёмасць на выкуп сканфіскаваных зямель меншай уласнасці;

6) у выпадку арышту не выдаць ані людзей, ані справы, а ўжыць усякія сумленныя дыпламатычныя сродкі для ацалення зямлі.

Адсюль выплываюць дзіўныя тлумачэнні многіх з наймажнейшых паноў на Камісіі, а менавіта беднага М[ацея] Радзівіла, так асуджанага недасведчанымі. Ён займаў месца акруговага паўстанцкага начальніка. Арыштаваны тлумачыў: "Бацька вучыў нас шанаваць уладу, цаніць парадак і спакой у Краі. Паўсталыя забурэнні мярцвілі нас. Мы цешыліся. калі настаў час заспакаення (Камісія дадала ад сябе, "калі прыбыў Мураўёў"). Прыняў месца акруговага кіраўніка, калі разышлася па Краі пагалоска пра інтэрвенцыю, калі б гэтага не зрабіў, увесь Край асудзіў бы мяне".

(Працяг у наст. нумары.)

З падзей 2018 года

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

15 кастрычніка. А. Р. Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці прыняў Маскоўскага патрыярха Кірыла, а затым сустрэўся з членамі Свяшчэннага Сінода РПЦ і Сінода Беларускага экзархата. Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел падарыў А. Лукашэнку Свяшчэннае Пісанне Новага Запавету на беларускай мове, якое перакладалі беларускія вучоныя са старажытнагрэцкай мовы 25 гадоў. Сінод Беларускага экзархата вылучыў групу перакладчыкаў Бібліі на Дзяржаўную прэмію "За духоўнае адраджэнне". Лукашэнка падарыў патрыярху Кірылу (Гундзееву) абраз з выявамі беларускіх святых, а патрыярх Кірыл уручыў Лукашэнку медаль у гонар 100-годдзя аднаўлення патрыяршаства на Русі і абраз Уладзімрскай іконы Божай Маці.

15 кастрычніка. У Менску адбылося паседжанне Свяшчэннага Сінода РПЦ з удзелам мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Паўла. Было заяўлена, што РПЦ спыняе ўсялякія стасункі з Усясвецкім патрыярхам (у Стамбуле).

16 кастрычніка. Святар Аляксандр Шрамко адхілены ад службы ў менскай царкве Свята-Міхайлаўскага прыходу за тое, што ён сфатаграфаваў ахову патрыярха Кірыла і нумар аўтамашыны 0002 МІ, на якой ён прыехаў у храм 14 кастрычніка, а затым усё гэта паказаў на сайце Радыё ... .

17 кастрычніка. У сядзібе БНФ у Менску журналіст з рэдакцыі Радыё ... Сяргей Навумчык правёў прэзентацыю сваіх новых кніг: "Год 92-і" і "Год 93-і".

17-19 кастрычніка. У Брагіне і Васілевічах Гомельскай вобласці тэмпература паветра была вышэй за 20 градусаў цяпла. Так, у Брагіне 17 кастрычніка на тэрмометры было + 23,6 градусаў.

19 кастрычніка. Менскі абласны суд пакараў былога камандзіра роты Паўла Сукавенку на 6 гадоў пазбаўлення волі і старшыну роты Артура Вярбілу - на 4 гады, з накіраваннем іх у калонію строгага рэжыму. Яны прызнаны вінаватымі ў "дзедаўшчыне", што прывяло да смерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў мінулым годзе.

22 кастрычніка. Каля мемарыялу "Яма" ў Менску адбыўся жалобны мітынг. 75 гадоў таму 21 кастрычніка 1943 года нацысты знішчылі Менскае гета. У мітынгу бралі ўдзел міністр Ізраіля Софа Ландвер, пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар і міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.

26 кастрычніка. У Гомелі праводзіўся форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі. Тут жа адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Украіны і Беларусі Пятра Парашэнкі і Адяксандра Лукашэнкі.

27 кастрычніка. Суд Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці аштрафаваў восем чалавек за тое, што яны без дазволу ўладаў пайшлі на Дзяды пакласці кветкі да помніка Рамуальду Траўгуту і на магілу Віктара Каліноўскага (родны брат народнага героя Кастуся Каліноўскага). Яны пры гэтым трымалі бела-чырвона-белы сцяг. Агулам актывісты павінны заплаціць штрафаў на суму 3 430 рублёў (140 базавых велічыняў).

28 кастрычніка. Адбылося дазволенае шэсце прыхільнікаў КХП-БНФ ад гадзіннікавага завода "Луч" да ўрочышча Курапаты, дзе прайшоў мітынг. За тое, што там на мітынгу святары памаліліся (без дазволу ўладаў), Менскі гарвыканкам прыслаў папярэджанне арганізару шэсця і мітынгу Юрасю Беленькаму, які з'яўляецца выканаўцам абавязкаў кіраўніка КХП-БНФ. Трэба было і на малітвы браць дазвол у мясцовых уладаў, як гэта было ў Савецкім Саюзе пасля 1961 года.

29 кастрычніка. У Музеі беларускай літаратуры ў Менску Саюз беларускіх пісьменнікаў правёў вечарыну памяці рэпрасаваных беларускіх пісьменнікаў.

Каля 100 чалавек узялі ўдзе ў жалобнай акцыі ў Курапатах, чытаннях "Ноч расстраляных паэтаў" памяці забітых у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Кіраўнік Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч у гэты вечар біў у звон столькі разоў, колькі тут было расстраляна ў тую ноч беларускіх літаратараў. За гэтую акцыю яго потым аштрафавалі ў судзе на 40 базавых велічынь (980 рублёў).

29 кастрычніка. У Палацы незалежнасці А. Лукашэнка прыняў групу моладзі БРСМ. Менавіта БРСМ сёлета ў гэты дзень адзначае 100-гадавіну ВЛКСМ, хоць да гэтай даты БРСМ не мае аніякага дачынення.

31 кастрычніка - 1 лістапада. Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы ў Еўропе прайшла ў Менску. У ёй прынялі ўдзел Аляксандр Лукашэнка, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер і камісар ЕС па пытаннях добрасуседства і пашырэння перамоваў Ёханэс Хан.


2 лістапада. А. Лукашэнка наведаў Віцебскі футравы камбі-нат, які стаў прыватнай уласнасцю абутковага аб'яднання Марко. Камбінат за некалькі гадоў ператварыўся з даўжніка ў прыбытковы.

2-9 лістапада. 25-ы міжнародны кінафестываль у Менску прайшоў пад дэвізам "Спазнаючы белы свет". У яго праграме было 167 карцін з больш як паўсотні краін. Упершыню ўдзельнічалі кінафільмы з краін ПАР і Кеніі. І ўпершыню сёлета месцам для творчых сустрэч і дыскусій стала пляцоўка "Беларусьфільма". Падвядзенне вынікаў адбылося ў кінатэатры "Масква".

3 лістапада. С. С. Шушкевіч пакінуў пасаду старшыні партыі БСДГ і на гэтую пасаду выбраны Сяргей Чарэчань.

5 лістапада. Вынесены прысуд тром сяржантам у гарнізоне Печы за "дзедаўшыну", якія вінаваты ў смерці салдата Коржыча, якога знайшлі павешаным 3 кастрычніка 2017 года. Яны атрымалі пакаранне 6, 7 і 9 гадоў працоўна-папраўчай калоніі.

6 лістапада. Здадзены ў экслуатацыю новы мост на рацэ Прыпяць у Жыткавіцкім раёне. Стары мост трэснуў 7 снежня 2017 года. З таго часу вялося будаўніцтва новага. На яго будаўніцтва затрачана 25 млн. даляраў ЗША.

7 лістапада. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Толькі ў адной Беларусі з усіх былых саюзных адзначаюць гэты дзень як дзяржаўнае свята - выхадны дзень.

7 лістапада. У Гародні Мікалай Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў выйшлі на вуліцу горада з плакатам "Долой самодержавие!" За гэта потым іх выклікалі ў суд. М. Салянік прыйшоў у суд у арыштанцкай вопратцы, з нашыйнікам і з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Разгляд адміністратыўнай справы адклалі. А 21 снежня суд Ленінскага раёна горада Гародні аштрафаваў яго на 40 базавых велічынь (980 рублёў). Вінаваты запытаўся на судзе ў міліцыянера, які ён закон парушыў. На гэта пытанне Саляніку не адказалі.

8-9 лістапада. У Курапатах устаноўлены памятны знак ахвярам рэпрэсій. Грошы на выраб гэтага знака сабрала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Аўтары знака - скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, архітэктары Марыя Маркоўцава і Вольга Ярмоліна.

11 лістапада. У Парыжы прайшлі ўрачыстасці з нагоды 100-й гадавіны заканчэння Першай сусветнай вайны. Там былі кіраўнікі многіх дзяржаў. А. Лукашэнка туды не паехаў, а ад Беларусі ездзіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. Мясніковіч. У Менску ёсць мемарыял Першай сусветнай вайны, але тут ніякіх мерапрыемстваў не было.

12 лістапада. У Менску памёр кампазітар, народны артыст СССР Ігар Міхайлавіч Лучанок (нар. 6 жніўня 1938, Менск). Пахавалі яго на Усходніх могілках.

14 лістапада. Пад раніцу выпаў першы снег, які ўдзень растаў.

18 лістапада. У в. Верцялішкі Гарадзенскага раёна ў хаце падчас пажару згарэлі 4 чалавекі і адзін трапіў у рэанімацыю.

18 лістапада. У Берасці, на вул Я. Коласа, 13, адкрыўся прыватны музей Дзядоў Марозаў і Снягурак. Зрабіла яго калекцыянерка Ганна Кавалёва. Яна лічыць, што адкрыццё музея адбылося ў Дзень нараджэння Дзядулі Мароза, бо ў гэты дзень прыходзяць маразы.

19 лістапада. У Менску А. Лукашэнка прыняў Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, з якім правёў перамовы аб супрацоўніцтве дзвюх краін.

20 лістапада. У газеце "Народная воля" надрукаваны артыкул сацыёлага, дацэнта Васіля Русовіча "Пражорлівы дзяржаўны апарат", у якім сцвярджаецца, што на дзяржаўны апарат расходуецца 50,7 % ад усяго бюджэту, на сацыяльны блок - меней 20 %. А павінна быць наадварот. У насупным нумары газеты гэта сцвярджэнне было падмацавана пераканаўчымі фактамі з размяркавання бюджэту на 2018 год.

23 лістапада. На Кальварыйскіх могілках у Менску пісьменнікі СБП адкрылі помнік народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу.

24 лістапада. А. Лукашэнка вызваліў Андрэя Шорца ад пасады старшыні Менскага гарадскога выканкама і на гэтую пасаду прызначыў Анатоля Сівака, вызваліўшы яго ад пасады міністра транспарту.

24 лістапада. У Кіеве праводзіўся Міжнародны форум, прысвечаны 85-м угодкам Галадамору. Там былі прадстаўнікі дзяржаўных органаў Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых дзяржаў. Ад Беларусі была неафіцыйна дэпутат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, якая каля помніка ахвярам Галадамору паставіла свечку ад Беларусі.

25 лістапада. Актывісты КХП-БНФ ушанавалі герояў Слуцкага збройнага чыну. Мітынг адбыўся ў парку Слуцка. У ім удзельнічалі каля 80 чалавек.

25 лістапада. Расійскія пагранічнікі абстралялі тры ўкраінскія кацеры ў Керчанскім праліве і захапілі іх. Трох украінцаў яны паранілі. На наступны дзень Вярхоўная Рада Украіны ўвяла ваеннае становішча ў памежных з Расіяй абласцях на два месяцы, якое было адменена праз месяц.

Вечарам 26 лістапада да амбасады Расіі ў Менску прыйшлі каля дзесяці чалавек (пераважна моладзь БНФ), якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга. Такім чынам актывісты выказалі салідарнасць з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон на моры. За гэтую акцыю 22 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разглядалі адміністратыўную справу аб парушэнні. Палітыкі Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў выставілі ў судзе караблікі на падаконнік. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным падышоў і забраў караблікі. Людзі паставілі новыя, жартуюць, што іх захапілі піраты. Суддзя пастанавіў накласці штраф па 20 базавых велічынь (па 490 рублёў) кожнаму з удзельнікаў акцыі - Святлане Каваленка, Яўгену Батуру, Дзіяне Серадзюк, Дзянісу Урбановічу, Сяргею Тарасенку. На няпоўнагадовых пратаколы адправілі на аміністратыўную камісію па месцы жыхарства парушальнікаў.

27 лістапада. Актрысе Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Зоі Валянцінаўне Белахвосцік прысвоена званне "Народнай артысткі Беларусі". Яе дзед (па маці) Глеб Глебаў, бацька Валянцін Белахвосцік таксама працавалі акторамі ў Беларускім драматычным тэатры імя Янкі Купалы і заслужылі званне народнага артыста Беларусі.


1 снежня. 13-я сесія ЮНЕСКА, якая праводзілася ў Маўрыкіі, уключыла Браслаўскі фэст у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Гэты фэст праводзіцца з ХVІІ стагоддзя штогод у першыя выхадныя ліпеня ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай.

1 снежня. Сёння сапрадны зімовы дзень у сталіцы. Ідзе снег і мароз ад 5 да 10 градусаў.

5 снежня. Лявону Судаленку з Гомеля ў Парыжы прысуджана французская прэмія за ўклад у абарону правоў чалавека "Свабода-роўнасць-братэрства" ў гонар 70-й гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 20-й гадавіны Дэкларацыі аб праваабаронцах. Уручэнне прэміі адбылося 10 снежня (у Міжнародны дзень правоў чалавека) у міністэрстве юстыцыі Французкай Рэспублікі ў Парыжы.

6 снежня. У Санк-Пецярбургу, у зале Расійскай бібліятэкі імя Барыса Ельцына У. У. Пуцін правёў нараду кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС і АДКБ. З рэзкай крытыкай палітыкі цэн у ЕАЭС выступіў А. Лукашэнка.

8 снежня. У Тбілісі на міжнародны кінафестывалі кінарэжысёр Дар'я Жук атрымала ўзнагароду "Залаты Праметэй" за свой кінафільм "Хрусталь", які быў прызнаны лепшым.

9-11 снежня. Афіцыйны візіт Прэзідэнта Судана Амара Хасана Ахмеда аль-Башыра ў Менск. Ёсць дамова, што Беларусь будзе пастаўляць у Судан тэхніку, весці будаўніцтва жывёлаводчых фермаў і для сябе будзе здабываць там золата. 10 снежня 2018 года яго прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, а 11 снежня Прэм'ер-міністр РБ Сяргей Румас і Амар аль-Башыр адкрылі ў Менску пасольства Судана.

10 снежня. Сяргей Падзолка, Алесь Абрамовіч, а таксама Наталля Гарачка былі затрыманы падчас правядзення пікета, прысвечанага Міжнароднаму дню правоў чалавека. Іх затрымалі супрацоўнікі АМАП-у і прывезлі ва Упраўленне УС Цэнтральнага раёна, дзе склалі пратакол на несанкцыянаванае мерапрыемства.

(Працяг у наст. нумары.)

Вайна ва Украіне вачыма мастакоў - папярэджанне

На сядзібе ТБМ ў Менску прадстаўлены матэрыялы мастацкага пленэру 2015 года, у якім удзельнічалі Алесь Пушкін, Алесь Цыркуноў, Генадзь Драздоў, Андрэй Такінданг і Тарас Носаў. Да іх далучыліся творамі Уладзімір Анішчанка з Оршы і Алесь Марачкін з Менска.

"Многія беларусы трагічна і добраахвотна ваявалі з абодвух варагуючых бакоў, - напісаў у прадмове да выставы Алесь Пушкін. - Мастакі адчулі важнасць пленэру: братні народ пазнаецца ў змаганні за сваю будучыню! Ахвярныя шляхі беларусаў Міхася Жызнеўскага і Алеся Чаркашына, іх смерць за Украіну - вартая падзея, каб у форме жывапісна-дакументальнага пленэ-ра зрэфлексаваць і засведчыць пра выключнае здарэнне ў грамадска-палітычным жыцці родных народаў. Гэта ахвярная смерць беларусаў ляжа падмуркам сапраўднай братэрскай будучыні і добрасуседства нашых народаў, бо браты пазнаюцца ў дапамозе ў цяжкіх выпрабаваннях.

Мы ж мастакі, сіламі мастацкай рэфлексіі, своечасовым выездам на месца баявых дзеянняў (вёскі - Пескі, Новогродыўка, Волмоваха, Велікоміхайліўка), дзе вяліся жорсткія баі, свежым мастацкім позіркам на рэаліі, не асветленыя нашымі СМІ, табуяванай і закрытай тэмы беларуска-ўкраінскіх адносін, засведчым каштоўнасць жыццёвага выбару лепшых сыноў Беларусі ў імя будучыні Украіны.

Мы верым, усведамляем і спадзяёмся, што гэтай сімвалічнай мастацкай падзеяй-пленэрам мы астудзім гарачыя галовы авантурыстам, пакажам гора, нянавісць, якія нясе вайна, прымусім жахнуцца і культурна пратэставаць супраць гэтага. Прапануем усім неабыякавым людзям нешта зрабіць разам, дамаўляцца і дапамагаць спыніць вайну на брацкай Украіне."

- Мы пабывалі ва Украіне ў 2015 годзе, - успамінае творца. - Тады гэта было небяспечна, таму што тэрыторыя была замініравана, на зямлі ляжалі снарады, якія не разарваліся. Мастакі не адразу згадзіліся выправіцца ў рызыкоўнае падарожжа. Нам прадаставілі два мікраўтобусы. Мы наведалі пасёлак Пяскі за 3 кіламетры ад Данецка. Гэта - прыгранічная тэрыторыя, з другога боку знаходзіцца самаабвешчаная тэрыторыя ДНР.

Дом Культуры, школа, царква пасёлка Пяскі былі ўшчэнт разбураныя ад артылерыйскіх выбухаў. Разбітыя сцены, раскіданая бібліятэка, пакінутае абсталяванне ў кабінетах фізікі і працоўнага навучання ўяўлялі жахлівае відовішча.

Алесь Чаркашын з іншымі байцамі з батальёна жыў у будынку інтэрната сельскагаспадарчай школы. Светлы беларускі хлопец, хрысціянін, насіў пазыўны - Тарас. Алесь нарадзіўся ў Берасці, супрацоўнічаў з моладзевымі патрыятычнымі арганізацыямі "Край" і "Зубр", пазней далучыўся да царквы і стаў сябрам БХД. Ён вучыўся ў Херсонскім тэалагічным каледжы на пастара і меў сярод яго навучэнцаў добрых сяброў. Песні, запісаныя сябрамі ў студыі і на вечарынах, былі выразам яго пачуццяў, праявай яго душы.

На сценах яго пакоя ў інтэрнаце віселі цытаты з Евангелля, а на дзвярах - герб Пагоня. Інтэрнат абстрэльваўся120-ціміліметровымі гаўбіцамі. У верасні 2015 года беларускі абаронца Украіны быў цяжка паранены, сцякаў крывёй і быў дастаўлены ў шпіталь, дзе пражыў яшчэ 14 дзён. Акрамя яго ў розны час загінулі яшчэ пяць байцоў батальёна, - успамінае Пушкін.

Мастак і яго сябры сустракаліся з яго паплечнікамі, распытвалі іх пра падзеі, пісалі партрэты байцоў. Украінскія пабрацімы Алеся Чаркашына перадалі ў Нацыянальны гістарычны музей у Кіеве яго гітару, беларускі сцяг і асабістыя рэчы.

Дапамогу мастакам у арганізацыі пленэру аказала беларуска-ўкраінская арганізацыя "Браты", галава "Львівскай абласной спілкі художніків Украіны" Алег Мікіта, намеснік кіраўніка Нацыянальнага саюза мастакоў В. Зінчанка. Выстава "Білорусь з Україною в серці" пасля прэзентацыі ў амбасадзе Украіны ў Менску, была перавезена ў Кіеў і дэманстравалася ў 20-ці гарадах краіны: у Запарожжы, Чарнігаве, Кіраваградзе, Чаркасах і іншых гарадах. У лістападзе 2018 года творы вярнуліся да аўтараў.

Аўтарам ідэі пленэру, рэжысёрам-дакументалістам Антосем Цялежнікавым быў зняты і паказаны на Белсаце фільм "Пэндзлі замест аўтаматаў".

Героі партрэтаў Алеся Пушкіна (Вінцэнт Гадлеўскі, Янка Быліна, Васіль Быкаў, Расціслаў Лапіцкі) - асобы, якія маюць моцны духоўны стрыжань і выражаюць маральны супраціў тым абставінам, у якіх яны жывуць. Сярод сучаснікаў мастак вызначыў Алеся Чаркашына, ацаніў подзвіг героя-рамантыка, якому было неабходна змагацца за ідэалы свабоды народаў.

Той факт, што лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення Беларусі не пашкадавалі свайго жыцця за гонар і свабоду Украіны, прымушае нас адстойваць і бараніць незалежнасць Беларусі, нашу зямлю, каштоўнасці культуры, гісторыі, мовы.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Партрэт Алеся Чаркашына; 2. Падчас мастацкага пленэру.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Крыўда

Што б хто ні казаў, а мая жонка - люты звер. Што ні рабі, усё не так. Чымсьці ўвесь час незадаволена, бурчыць, бы той сабака на незнаёмца. А бывае, што і зусім у яе мову аднімае.

Учора прыходжу вечарам дахаты. Сядаю вячэраць. Бразь талерку на стол!

- На, еж, каб ты падавіўся!

Культуры аніякай. Хіба можна так? Выпіў жа нейкіх дзвесце грамаў гарэлкі ды яшчэ дзве пляшкі піва наверх. А яна чаўпе:

- Ад цябе прэ, як ад смярдзючай бочкі!

Іншая справа суседка: не жанчына - цуд! Заўсёды:

- Яначак! Яначак! Можа, кавы вып'еш? Ды не, пачакай… Учора госці былі, дык вось кілішак гарэлкі для цябе прыхавала.

Ча-ла-век! Свайму мужу не налівае. Ён у яе не п'е. Адвучыла. Як толькі дахаты прыйдзе, заўжды сабе занятак знойдзе: дываны выбівае, посуд мые ці нешта майструе. А калі свята нейкае, то кніжку ў рукі - і на канапу. Чытае. Самым разумным, мабыць, хоча быць. А ўсё роўна жонка дурнем выстаўляе. Я ж - не, дома ні да якай справы пальцам не дакрануся. Для гэтага ёсць жонка. Няхай працуе. (Так заўжды суседка кажа.)

А ўзяць у яе грошы, праблема. Свайго заробку мне, вядома, бракуе. У жонкі ж ніколі ні капейкі не возьмеш. І апраўданне заўжды знойдзе: то дзецям абутак трэба купляць, то ў самой калготкі парваліся. А спытай на піва - гвалт:

- Я сама ў людзей пазычала!

Пазычала, мо і пазычала, а на піва дай! Надакучыць прасіць - іду да суседкі. Ніколі не адмовіць.

- Калі ласка, Яначак! Аддасі калі-небудзь, а калі не аддасі, то і так добра будзе. Можа болей трэба, не саромейся, кажы.

У яе заўжды грошы ёсць. Яна ў свайго недарэкі банкаўскую карту адабрала. І кішэні чысціць, а ён ёй ні слоўца. Дысцыпліну чуе. Знойдзе на вуліцы капейку - дахаты нясе.

А ў маёй жонкі век грошай няма…

Ды што тут казаць. Няўдалая ў мяне жонка. Колькі жыву - пакутую. Вось памяняцца б з суседам жонкамі - жыў бы, як чалавек.

Цудатворы лекар

Да доктара ў вясковую амбулаторыю прыбягае заклапочаны чалавек.

- Доктар! Хутчэй паехалі.

- Што здарылася? - доктара напужаў выгляд мужчыны, ён пачаў нервавацца і заікацца. - Су-упакойцеся і расспавядайце ўсё-ё па-па-ра-дку.

- Якое там супакойся, калі здарылася такое няшчасце.

- Дык кажыце, у чым справа.

- З жонкаю выйшла нейкае непаразуменне: мова аднялася. Другі дзень не размаўляе. Што мне рабіць?

Доктар некалькі хвілін мітусіўся па кабінеце, збіраючы медычную аптэчку, а горам прыгнечаны чалавек, апусціўшы галаву, маўкліва стаяў ля дзвярэй. Справа была настолькі спешнай, што доктар скрыстаўся сваім аўтамабілем.

Праз некалькі хвілін гаспадар і доктар пераступілі парог дома. "Хворая" была на кухні і гучна бразгала посудам. Пабачыўшы доктара, яна ад неспадзяванкі разгубілася.

- Уладзімір Мікалаевіч! Хіба ў нас у доме хто-небудзь захварэў?

- Як хто? Вы!

- Я? Пэўна вы жартуеце.

- Доктар! Вы цудатворца! Ураз вылечылі маю жонку. Шчыра вам дзякуй, - усміхнуўся задаволены муж.

На што доктар адказаў:

- Гэта толькі сімптомы. У маёй жонкі - рэцыдыў. Можа маўчаць тыдзень.

* * *

Настаўніца вучаніцы:

- Юля! Ты так дрэнна паводзіш сябе ў школе! Няхай заўтра да мяне прыйдзе твой тата!

- Заўтра дакладна не. Заўтра з ім замовіла сутрэчу дырэктарша. Перанясіце спатканне на другі дзень.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX