НАША СЛОВА № 12 (1423), 20 сакавіка 2019 г.
101-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі
Гісторыя ў 1 год
21-га сакавіка споўніцца роўна год, як высілкамі аднаго з мясцовых патрыётаў на Лідчыне быў усталяваны помнік-камень у гонар 100-годдзя БНР.
Сёння арганізатар і фундатар устаноўкі каменя ўспамінае:
- На пачатку 2018 г. мяне апанавала ідэя - у гонар 100-годдзя БНР усталяваць у годным месцы камень з адпаведным надпісам.
Перабіраў варыянты тэксту. Потым вырашыў праз свайго сябра, які жыве ў ЗША, параіцца з Пазьняком.
Той прапанаваў тэкст і горача падтрымаў саму ідэю - адмысловым зваротам праз інтэрнэт заклікаў ставіць памятныя камяні па ўсёй Беларусі і па-за межамі краіны.
Гэты камень усталяваны 21 сакавіка 2018 г. напярэдадні Дня Волі (25 сакавіка) на падворку пад Лідай, і пакуль што стаў першым і адзіным такім у свеце.
Вось што пісаў Зянон Пазьняк:
"Некалькі зацемак па актуальных пытаннях.
Вы ведаеце маю прапанову аб вечным азнакаванні стагоддзя БНР.
Рэалізацыя такая: шмат у якіх месцах Беларусі і за яе межамі паставіць памятныя камяні з выбітным знакавым надпісам пра 100 гадоў БНР. Па ідэі тут паўтор гістарычнага беларускага прынцыпу "Барысавых камянёў". Таму надпіс павінен быць вельмі кароткім (знакавым).
Прапанова наступная:
Першы радок: "СТО ГОД БНР".
Другі радок: (выява Пагоні).
Трэці радок: "БЕЛАРУСЬ - НАВЕЧНА".
Не ўсе разумеюць знакавы прынцып тэксту і прапануюць інфармацыйна-тлумачальны характар надпісу. Але гэты падыход не для каменя, а для памятнай дошкі. Напрыклад, калі дадаць даты на камень (1918 - 2018), то ў падсвядомасці ўзнікае асацыяцыя з магілай. Калі дадаць больш разгорнутага інфармацыйнага тэксту, тады знікае эфект знакавага ўздзеяння. Раскрываць такія абрэвіятуры як БНР ці БНФ не абавязкова, яны жывуць у свядомасці самі па сабе і шырока вядомыя.
21.01.2018. НЁ.
Зянон Пазьняк."
Праз некалькі месяцаў з прыгарада камень перавезлі ў горад і ўстанавілі каля лідскай грэка-каталіцкай капліцы па адрасе: вул. Каліноўскага, 16.
Як здаецца, гэты помнік-камень быў усталяваны напярэдадні стогадовага юбілею не толькі першым у свеце, але і да гэтага часу з'яўляецца адзіным, які ўшаноўвае такую значную дату ў гісторыі нашай Радзімы.
Паводле Л. Лаўрэша.
21 сакавіка - Сусветны дзень паэзіі
У Гародні з'явілася бібліятэчка альманаха "Новы Замак"
Першай кнігай серыі стаў зборнік Самсона Пярловіча - паэта, ахвяры сталінізму, беларускага патрыёта з Наваградка - "Такі непаўторны сусвет". У зборнік увайшлі таксама публікацыі літаратараў Гарадзеншчыны, якія згадваюць асобу і час змагання і пакутаў Самсона Пярловіча, які, як і Ларыса Геніюш, аказаўся нязломным у адстойванні беларускай нацыянальнай ідэі. Кажа Валянцін Дубатоўка, старшыня абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў:
- Калі ён напісаў супраць Сталіна, то Цанава захацеў пабачыць спачатку гэты верш, а потым гэтага чалавека. Яго прывезлі ў Менск, каб паказаць Цанаве, хто ж такі смелы хлопец, які супраць Сталіна напісаў верш. Уяўляеце, якая сітуацыя. Гэтую кнігу ўкладаў Янка Траццяк, галоўны рэдактар нашага альманаха і галоўны рэдактар і ўкладальнік гэтай кнігі. Збіралі матэрыялы ўсе нашыя пісьменнікі Гарадзеншчыны. Тут матэрыялы і Сяргея Чыгрына, і Святланы Абдулаевай, і шмат хто яшчэ даваў матэрыялы.
Кніга Самсона Пярловіча, як і чарговы нумар часопіса "Новы Замак", будуць прэзентаваны 23-га сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця, па гарадзенскім адрасе: вуліца Кірава, дом 3.
Кніга Самсона Пярловіча выйшла малым накладам, і набыць яе можна будзе ў Гародні і Наваградку, дзе пройдуць прэзентацыі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.
Белпошта выпусціла канверт, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку
Паступіў у гандаль прыгожы канверт ад Белпошты, які прысвечаны 225-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Канверт выйшаў накладам 35 тысяч асобнікаў. Дызайн канверта ажыццявіла мастачка Таццяна Кузняцова.
Беларускае Радыё Рацыя.
Традыцыя дзяржаўных прававых актаў прадстаўлена на выставе
Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны гістарычны архіў вядуць сістэмную працу па захаванні і дэманстрацыі важных гістарычных дакументаў, каб сфарміраваць у сучаснікаў пачуццё нацыянальнай самапавагі і годнасці.
Новая змястоўная выстава "Шлях Канстытуцыі" з унікальнымі гістарычнымі дакументамі часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і БССР адкрылася 13 сакавіка ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі і будзе працаваць да 14 красавіка. Выстава адлюстроўвае асноўныя этапы, якія наша краіна прайшла ў развіцці і фарміраванні галоўнага закона дзяржавы.
Шэраг заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь адзначаюць сёлета памятныя гадавіны. У гэтым годзе спаўняецца 490 гадоў з моманту прыняцця Статута Вялікага Княства Літоўскага, 100 гадоў Кантытуцыі ССРБ і 25 гадоў Канстытуцыі Незалежнай Беларусі.
- Дакументы і экспанаты падабраны з такой мэтай, каб наведвальнікам было зразумела, што гісторыя нашай дзяржаўнасці налічвае стагоддзі, - сказаў дырэктар бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі. - Статут Вялікага Княства Літоўскага стаў важным для еўрапейскіх краін прававым актам. Быў закладзены пачатак традыцыі стварэння канстытуцый еўрапейскіх дзяржаў.
Першым найбольш каштоўным дакументам з'яўляецца факсімільная копія Лаўрэнц'еўскага спісу Статута ВКЛ 1529 года на лацінскай мове з гербам "Пагоня".
Невялічкую экскурсію па выставе зрабіў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі спадар Алесь Суша:
- Тут прадстаўлены цікавыя артэфакты, якія сведчаць пра 500-гадовую традыцыю заканадаўчых актаў нашай краіны. Экспазіцыя складаецца з унікальных рукапісных, старадрукаваных помнікаў права, а таксама выданняў XIX-XXІ стагоддзяў. Значная частка выставы прысвечана Статуту ВКЛ. Прадстаўлены арыгіналы і факсіміле розных спісаў Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг., у якіх упершыню зафіксаваны нормы канстытуцыйнага права.
Арыгіналы Статута 1588 года захоўваюць мноства пазнакаў і каментароў на палях, якія сведчаць, што ім карысталіся, на ім ёсць спасылкі на нормы рымскага права. Тут распісаны абавязкі караля і вялікага князя, вызначана судовая сістэма, акрэслены органы выканаўчай улады. Адбываліся пасяджэнні сойма Рэчы Паспалітай, Статуты змяняліся і дапаўняліся, яны кіравалі працэсам прававой арганізацыі краіны, уплывалі на заканадаўчы працэс, на судовую сістэму.
На выставе можна ўбачыць дэкрэт трыбунала ВКЛ - вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Прадстаўлены поўны збор законаў Расійскай імперыі, заканадаўчыя акты Кацярыны II.
У экспазіцыі змешчаны важныя для беларускага права Канстытуцыі: рукапісная Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 г, першая Канстытуцыя ў Савецкай Беларусі, прынятая 3 лютага 1919 года.
Чатырохмоўная Канстытуцыя БССР 1927 г. прадстаўлена на мовах, якія мелі афіцыйнае пашырэнне ў той час, а таксама размешчаны іншыя Канстытуцыі савецкага перыяду. Пачэснае месца займае Канстытуцыя нашай незалежнай дзяржавы, якая была прынята 15 сакавіка 1994 г., у першапачатковым выглядзе і з улікам пазнейшых змен і дапаўненняў.
Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства бібліятэкі, які падрыхтаваў экспанаты для выставы "Шлях Канстытуцыі" , канцэнтруе ўвагу на важных этапах у развіцці прававой свядомасці беларусаў.
Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Р.С. Матульскі; 2. А.А. Суша.
Дэпутат Алена Анісім уручыла першыя пашпарты ў Дзень Канстытуцыі. Разам з дыскамі Данчыка
15 сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім у Стоўбцах уручыла першыя пашпарты 40 школьнікам, якія жывуць на тэрыторыі яе выбарчай акругі. Сярод тых, хто ўпершыню атрымаў дакумент, пераможцы творчых конкурсаў і прафесійных алімпіядаў, таленавітыя спартоўцы. Кожны вучань атрымаў у падарунак з рук дэпутата па два дыскі спевака Данчыка з песнямі на беларускай і ўкраінскай мовах. На нефармальнай сустрэчы пасля завяршэння ўрачыстасці школьнікі задалі дэпутату пытанні.
Уладзімір Глод, "Радыё Свабода".
Мы, народ Рэспублікі Беларусь ...
Такімі словамі пачынаецца наш асноўны і самы галоўны закон - Канстытуцыя, які рэгулюе ўсе астатнія кодэксы і зводы законаў.
15 сакавіка ў малой зале Палаца культуры ў Бярозаўцы Лідскага раёна адбылося вельмі важнае ў жыцці маладых грамадзян Беларусі мерапрыемства - уручэнне пашпартоў. Акурат у дзень, калі роўна 25 гадоў таму была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, пашпарты атрымалі некалькі дзясяткаў маладых жыхароў Бярозаўкі. Што вельмі прыемна ўразіла - гэта тое, у якой урачыстай абстаноўцы адбывалася ўручэнне. Са сцэны ад вядоўцы мерапрыемства гучала вельмі прыгожая родная беларуская мова, а падчас самой праграмы ў выкананні юных беразаўчан гучалі вельмі цудоўныя і пранікнёныя вершы пра самыя прыгожыя і пяшчотныя беларускія словы і песні пра нашу Радзіму.
Падсумавалі праграму вельмі важнымі словамі-прысвячэннямі, каб маладыя грамадзяне Беларусі не пакідалі і не забывалі сваю родную мову - самы галоўны інструмент нашай беларускай незалежнасці!
Юрась Дзяшук, г. Бярозаўка.
Лёс Гавязны абмяркоўвалі ў Вішняўцы
Тапонім ГАВЯЗНА абавязкова вернецца на мапу Стаўпеччыны і Беларусі. Праз год, два ці праз пяць або дзесяць, але вернецца.
Удзельнікі чытацкіх слуханняў у Вішняўцы (гістарычнай Гавязне) былі ў гэтым адзінадушныя. Маўляў, таму ёсць зарука - кніга-хроніка "Гавязна і Гавязнянка" пісьменніка, эколага, змагара за нацыянальную памяць і актывіста ТБМ Валерыя Дранчука. А яшчэ, канстатавалі яны, зусім нядаўна з'явіўся важны дакумент - Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Менавіта гэты дакумент патрабуе замацоўваць у сваіх межах і НАЦЫЯНАЛЬНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ ГІСТАРЫЧНАГА МІНУЛАГА КРАІНЫ, БЕЛАРУСКАЙ МАДЭЛІ ПАМЯЦІ.
- Калі пісаў кнігу, - кажа Валер Дранчук, - я ведаў (і ў кнізе гэта ёсць!), што самая дакладная канцэпцыя памяці сфармулявана акурат маімі землякамі ў іх звароце да выканаўчай улады: "Вярніце тое, што ў нас забралі!". Гэта быў апагей кампаніі "За Гавязну", 2003 год. З тых падпісантаў - 24-х старэйшых жыхароў - сёння засталося толькі двое. Я сведка: людзі крыкам крычалі, прасілі, патрабавалі: вярніце адвечную назву, знак нашай Бацькаўшчыны, корань мясцовасці. Але іх не пачулі. Атрымліваецца так, што дзеянні ўлады супярэчылі сённяшняй "канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі" краіны. Невядома, ці пачуе хто цяпер.
Удзельнікі, абмяняўшыся думкамі, дамовіліся "перазагрузіць" патрабаванні, звярнуцца да ўлады з прапановай памяняць падыходы ў прыняцці рашэння, прынамсі, не ўжываць такі сумнеўны механізм уліку грамадскай думкі як рэферэндум (хачу - не хачу, падабаецца - не падабаецца).
Плануецца і зварот у Рэспубліканскую тапанімічную камісію з просьбай актуалізаваць свой вердыкт аб вяртанні гістарычнай назвы Гавязна, які быў прыняты ў 2006 годзе і які зваротнай сілы не мае.
Імпрэза называлася так: "Як вярнуць на мапу Стаўпеччыны тапанімічны помнік"Гавязна". Чытацкія слуханні па старонках кнігі-хронікі В. Дранчука "Гавязна і Гавязнянка"
На сустрэчу прыйшлі дзеці колішніх падпісантаў, карэнных жыхароў Гавязны. Сярод іх Ала Шчука-Сяржант, Галіна Адаміцкая, Зінаіда Чалых.
- Я б хацела прыйсці на маміну магілу і сказаць: "Мама, Гавязна вярнулася!" - са слязамі на вачах прызналася Ала Шчука-Сяржант. - Мама гэтым жыла, верыла, што ўлада адумаецца, верне забранную назву мястэчка. На жаль, не дачакалася.
- Я была ў пятым классе, калі перайменавалі наша мястэчка. Але мы, дзеці, не хацелі прызнаваць новую назву і аддаваць сваю. На сшытках яшчэ доўга пісалі "Гавязнянская школа"… - прыгадала Зінаіда Чалых. - Ніколі гэтага не забудуся.
Былі на імпрэзе і людзі з ваколіц. Муж і жонка Гладкія жывуць у Менску, але карані побач - у Новых Навасёлках Нясвіжскага раёна (колішняя Гавязнянская гміна).
- Перада мной старадаўняя карта, - сказаў Валянцін Гладкі. - І я вось гляджу, што Гавязна была больш, чым населены пункт. Гэта цэлая мясцовасць, якая аб'ядноўвала дзясяткі вёсак, засценкаў, урочышчаў, хутароў. Забраць такую назву - значыць, збядніць наваколле, пазбавіць мясцовасць свайго адвечнага імя.
- А я вось правяду паралель. Доктар, які робіць аперацыю, раіцца са спецыялістамі. І не пытаецца парады ні ў хворага, ні ў яго родзічаў, ні, тым больш, у людзей з вуліцы. Так і гістарычныя, тым больш адзінкавыя, назвы. Як можна пытацца ў жыхароў, калі гісторыя даўно вырашыла, - разважала Марына Гладкая-Калевіч.
Намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік (родам з в. Сейлавічы - колішняя Гавязнянская гміна) прывёў прыклады вяртання гістарычных назваў: Магільнае ў Уздзенскім раёне (было перайменавана ў Нёман), Пагулянка, Заазер'е і Альба ў Нясвіжскім раёне (гэтыя прыгожыя, адвечныя, гістарычныя назвы былі заменены пры камуністах адпаведна на Кирпичный, Свекловичный і посёлок Биомицинового завода).
Старшыня сельвыканкама Таццяна Белановіч сказала, што ёй было вельмі важна пачуць аргументы "за Гавязну". Безумоўна, што аргументы "супраць" яна пачуе таксама, але ў іншым месцы.
- Усім, каму я падпісаў кніжку, не прамінаў казаць: "Чытайце з алоўкам!". Гэта значыць, працуйце, назапашвайце аргументы, праца над памылкай працягваецца - для гэтага і пісалася кніжка, - дадаў на завяршэнне Валер Дранчук.
Наш кар.
Прозвішчы Беларусі
Новая серыя. Частка ІІІ
Павел Сцяцко
(Заканчэнне. Пач. у папяр. нум.)
598. Шчурок (Жанна) - семантычны вытвор ад апелятыва шчурок, памянш. ад шчур 'птушка' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с.1109) або (рэг.) 'пацук'.
599. Шчэпін (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Шчэпа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шчэпін. ФП: шчэпа ('чаранок высокагатунковага дрэва, які ўстаўляецца ў расшчэпленую частку расліны для прышчэпкі', а таксама 'прышчэпленая расліна') - Шчэпа (мянушка, потым прозвішча) - Шчэпін.
600. Шыкун (Юлія) - семантычны вытвор ад апелятыва шыкун 'той, хто шыкуецца, прыбіраецца' або 'той, хто шыкае, шэпча (шэпчацца)' (СНМЗ, с. 142). На Зэльвеншчыне (в. Грабава, радзіма Сцяцко П.У.) існуе і адмысловае найменне - шыкаваннік 'той, хто прыбіраецца, шыкуецца'.
601. Шыкунова (Ірына) - вытвор з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Шыкун і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шыкунова. ФП: шыкаць ('вымаўляць гук " ш" на месцы іншых гукаў, напрыклад замест "сыкаць" - "шыкаць"') - шыкун (той, хто шыкае: шыкун) - Шыкун (мянушка, пазней прозвішча) - Шыкунова. Або ад рэг. шыкаць 'гаварыць на вуха, шаптаць' ("Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" Сцяцко П., с. 142): Шыкун (семантычны вытвор ад апелятыва шыкун 'шаптун') - Шыкунова. Або ад шыкавацца 'прыбірацца'. Гл. Шыкун.
602. Шэўнік (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва шэўнік (ст.-бел.) шевник 'шавец' (ПГССЛ).
603. Юргілевіч (Леанарда) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Юргіль і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Юргільеіч - Юргілевіч. ФП: Юрый (імя, гл. Георгій <грэч. 'земляроб') - Юрый (1528 г.), Юркгель (1539 г.), Юргель/Юргіль (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Юргілевіч.
604. Юроўскі (Рамуальд) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Юрава з значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Юравскі - Юраўскі.
605. Юхнік (Дар'я) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Юхно і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Юхнік. ФП: Юрый (імя <грэч. 'земляроб') - Юхно (народны варыянт, празванне, потым прозвішча) - Юхнік. Параўн. Адамік, Данік.
606. Юч (Галіна) - варыянт імя Усцін (<лац. 'справядлівы'; зафіксаваны ў 1555 г.) набыў ролю прозвішча.
607. Яглыцкі (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -іцкі (-ыцкі) ад антрапоніма Яглы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яглыцкі. ФП: яглы ('проса' (злак ПГССЛ)) - Яглы (мянушка, потым прозвішча) - Яглыцкі.
608. Ядлоўскі (Васіль) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Ядловец і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Ядловецскі - Ядловскі - Ядлоўскі. Або ад польск. jadlo ('яда, ежа, корм') - семантычны вытвор: Jadlo (мянушка, потым прозвішча) - Jadlowski - ці прэстыжная (польская) форма прозвішча Ядло - Ядлоўскі.
609. Якубіцкая (Наталля) - вытвор з суфіксам -ская ад тапоніма Якубічы і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Якубічская - Якубіцкая. ФП: Якуб (імя <яўр. 'перашкода') - Якубіч (бацькайменне, суфікс -іч, як і Кузьміч) - Якубічы (тапонім) - Якубіцкі ( Якубіцкая).
610. Ялётнаў (Раман) - вытвор з суфіксам -аў ад антрапоніма Ялётна (Ялетна) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ялётнаў. ФП: яленіць ('гаркавець' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 1130) - ялента ('тое, што пачынае гаркавець (мець гаркаваты прысмак)') - Ялента (мянушка, потым прозвішча) - Ялентаў.
611. Ялкоўская (Ірына) - вытвор з суфіксам -оўская ад тапоніма Елка/ Елкі і значэннем 'нараджэнка, жыхарка названага паселішча': Елкоўская - Ялкоўская.
612. Ялугін (Эрнест) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Ялуга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ялугін. Утваральнае слова ад апелятыва ялуга (рус. елуга 'ельнік' (Дабр.).
613. Януць (Філарэт) - варыянт імя Ян (<яўр. 'ласка Божая, Бог мілуе'; зафіксавана Януть у 1539 г.) набыў ролю прозвішча.
614. Янушэвіч (Андрэй) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Януш з значэннем 'нашчадак названай асобы': Янушэвіч. ФП: Януш (імя <яўр. 'голуб') - Януш (празванне, пазней прозвішча) - Янушэвіч.
615. Яроцкі (Леанід) - вытвор з суфіксам -скі (-цкі) ад антрапоніма Ярок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ярокскі - Яроцкі. ФП: ярок ('бычок' - ПГССЛ) - Ярок (мянушка, потым прозвішча) - Яроцкі. Магчыма разглядаць і як вытвор з суфіксам - скі ад тапоніма Ярок з значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясціны, паселішча': Ярокскі - Яроц (к+с=ц)кі. ФП: ярок (памянш. з суфіксам -ок ад яр 'круты бераг, роў, лагчына') - Ярок (тапонім) - Яроцкі.
616. Яськуць (Андрэй) - вытвор з фінальным -уць ад Яська (параўн. Карпуць < Карп) - Ясько (1597 г.) < Ианн <яўр. 'ласка Божая, Бог мілуе' - Яська, Яськуць.
617. Ятра (Ядвіга) - семантычны вытвор ад апелятыва ятра (ст.-бел.) 'печань' (ПГССЛ).
618. Яўрозіевіч (Алена) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч/-эвіч ад антрапоніма Яўрозія і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Яўрозіяэвіч - Яўрозіевіч. Утваральнае слова - жаночае імя Яўрозія < лац. 'ружа, куст ружы'.
Якіх патрыётаў мы выхоўваем?
Пачатак гэтага года выдаўся ўраджайным на розныя юбілеі ў гісторыі і жыцці нашай краіны.
Гэта і стагоддзе камсамолу, і векавы юбілей утварэння БНР, і сямідзесятпятая гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і трыццацігоддзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. I ўсе гэтыя знамянальныя даты і падзеі шырока адзначаліся ў нашым грамадстве. I ўсе яны добра спрыялі патрыятычнаму выхаванню нашай моладзі, падрастаючага пакалення, будучыні краіны.
Здаецца, няма неабходнасці тлумачыць сэнс і значэнне паняццяў патрыятызм, патрыёт і патрыятычнае выхаванне грамадзяніна краіны, дзяржавы, грамадства. Але на ўсякі выпадак нагадаць трэба, каб зрабіць высновы з правядзення тых мерапрыемстваў, якія прайшлі ў нашай краіне і непасрэдна ў асобна ўзятым рэгіёне, горадзе, у арганізацыях, на прадпрыемствах, вучэбных установах і г.д.
Калі заглянуць у тлумачальны слоўнік, то заўважым, што слова "патрыёт" абазначае: любоў і адданасць сваёй Радзіме, народу. А значыць, патрыёт - гэта чалавек, які любіць сваю Радзіму і свой народ і аддана служыць інтарэсам Радзімы, народа, інтарэсам грамадства сваёй дзяржавы. У кожнага народа ёсць свая мова, якая абслугоўвае грамадства, дзяржаўнае і духоўнае жыццё краіны. Народы свету маюць сваю нацыянальную культуру, традыцыі і абрады, у падмурку якіх знаходзіцца нацыянальная мова народа. Адсюль зробім выснову, што любоў і адданасць Радзіме і народу абазначае любоў да сваёй нацыянальнай мовы, культуры, народных традыцый і абрадаў, да гісторыі сваёй краіны. Патрыёт павінен любіць і шанаваць сваю мову, аддана служыць інтарэсам сваёй Радзімы і народа. У нашым выпадку: беларускаму народу і беларускай дзяржаве.
А як гэта ўсё выглядае ў нашай рэчаіснасці, у жыцці нашага грамадства, нашай Радзімы - Бацькаўшчыны? Давайце прасочым па тых мерапрыемствах, якія прайшлі ў нашай краіне і канкрэтна ў горадзе Пінску.
Роднай мове беларусаў было адведзена да крыўднага мала ўвагі. Ёй была прыгатавана роля беднай падчарыцы-папялушкі. На 90% усё было зроблена па-руску, на мове іншай краіны, суседняй дзяржавы. I спынімся больш канкрэтна на гарадскім фестывалі патрыятычнай песні, які прайшоў у гонар 75-гадовага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У конкурсе патрыятычнай песні прынялі ўдзел амаль трыццаць спевакоў. I толькі чатыры з іх выканалі свае песні на беларускай мове. Пра іх і хачу болей падрабязна расказаць чытачу нашай газеты. Самая юная ўдзельніца гэтага конкурса Назарава Марыя, вучаніца 5 класа школы № 3. Яе падрыхтавала да конкурса педагог па вакалу Гарбунова Ларыса. Марыя - удзельніца шматлікіх конкурсаў, і на многіх яна стала пераможцам. У яе арсенале больш за 20 дыпломаў рознай якасці.
Троцкая Таццяна, вучаніца 9 класа школы №18, выканала песню "Чыстая сляза". У гэтым ёсць заслуга педагога па вакалу Пухоўскай Вольгі.
Па-беларуску спявала сваю песню "У святле тваіх вачэй" малады педагог з Малоткавічскай музыкальнай школы Рыжко Ганна.
Алег Васільевіч Каратышэўскі - адзін з старэйшых удзельнікаў фестывалю, які выканаў сваю песню пад свой акампанімент "Партызанскія мадонны" на верш Таццяны Дарошкі таксама па-беларуску. Алег Васільевіч - чалавек вядомы не толькі ў Пінску. Ён вучоны, з'яўляецца членам РАН, пенсіянер, доўгае жыццё пражыў за межамі Беларусі. Ён нарадзіўся ў Пінску і сюды вярнуўся жыць. Любіць родную мову і часта на ёй размаўляе.
Я лічу, што сапраўдных патрыётаў можна выхаваць толькі на роднай мове, на нацыянальных культурных традыцыях і гісторыі краіны. На чужой мове можна выхаваць толькі патрыётаў чужой краіны. I я не магу зразумець усіх тых, хто спрабуе выхоўваць будучае пакаленне не ў нацыянальных каштоўнасцях сваёй дзяржавы, свайго народа. Беларускага патрыёта неабходна выхоўваць па-беларуску. Канешне, беларускую мову адзінкі не ўратуюць. Але цешыць тое, што сярод маладых ёсць прыхільнікі роднай мовы. I спявачкі жаночага полу з лікам тры да аднаго перамагаюць. Стан беларускай мовы катастрафічны. Гэта паказаў і Дзень роднай мовы. Я ў гэты дзень наведаў каля дзесяці розных офісаў. Сярод іх два гарадскія ДК, некалькі школ, офісы рэдакцый рэгіянальных газет, каледжы... I толькі ў будынку, дзе месціцца музычная школа і рэдакцыя газеты "Палеская праўда", свяціўся экран:"Дзень роднай мовы" з датай 21 лютага.
У нашай газеце "Наша слова" № 9 ад 27 лютага 2019 года чытаю: "Родная мова з'яўляецца падмуркам дзяржаўнасці". I гэтыя словы належаць Міністру замежных спраў спадару Уладзіміру Макею, якія ён прамовіў у Нацыянальнай бібліятэцы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і 25-годдзя Канстытуцыі Беларусі. Здорава. Шкада толькі, што гэта не даходзіць да сэрца і сумлення яго падначаленых, усіх парламентарыяў, уладных чыноўнікаў. Вось толькі што адбылася "Вялікая размова з Прэзідэнтам", адбылася ў асноўным па-руску. У вярхоўнай улады беларуская мова не ў пашане, яна для іх не дзяржаўная.
Уладзімір Гук, г. Пінск
Дзень роднай мовы на Смаргоншчыне
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. Урачыста і па-святочнаму выглядала ў гэты дзень Смаргонская гімназія. Вучні і настаўнікі загадзя рыхтаваліся да гэтага свята: з самага ранку і да вечара не змаўкалі дзіцячыя галасы, гучалі беларускія песні, вершы…
Праграма была насычана, і ніводзін клас не застаўся без увагі: літаратурны вернісаж "Жывая спадчына" - для вучняў 5-х класаў, КВЗ і інтэлектуальныя гульні - для 6-7 класаў, для 8-9-х класаў - конкурсныя праграмы "Знаўцы роднай мовы", "Літаратурная краіна", а вучні 10-11-х класаў падрыхтавалі гасцёўню "Смяяцца па-беларуску", сябрыну "Спяваем і гаворым па-беларуску", квэст "Калейдаскоп роднай мовы". Спадзяёмся, што гэты дзень не пакінуў нікога абыякавым да лёсу роднай мовы.
Сайт гімназіі г. Смаргоні.У школе №2 г. Смаргоні суботні дзень быў прысвечаны беларускай роднай мове: "Мова - душа народа". На завочным падарожжы "У сялянскай хаце" вучні пачатковых класаў даведаліся пра побыт беларускага сялянства.
Вучні сярэдняга ўзросту прымалі ўдзел у гульнявой праграме "Хто жадае стаць выдатнікам". Свой узровень валодання беларускай мовай змаглі паказаць старшакласнікі пры наведванні паэтычнай гасцёўні "Родная мова - матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова".
Сайт школы № 2 г. Смаргоні.
Дашкольны ўзрост найбольш спрыяльны перыяд для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Таму асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі педагогі дзяржаўнай установы адукацыі "Яслі-сад № 6 г. Смаргоні" надаюць развіццю беларускага маўлення, уменню выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа.
21 лютага ў гэтай установе адзначаецца Дзень роднай мовы. Пры дапамозе беларускіх персанажаў педагогі стваралі камунікатыўныя сітуацыі для зносін дзяцей на беларускай мове. З дзецьмі праводзіліся беларускія рухомыя гульні, гульні-драматызацыі, гучалі казкі, вершы на роднай мове, дзеці спявалі песні, танцавалі беларускія народныя танцы, праводзіліся экскурсіі ў музейны пакой, дзе сабраны рэчы, якія адлюстроўваюць культуру беларускага народа.
Сайт аддзела адукацыі Смаргонскага раёна.
Міжнародны дзень роднай мовы на Гарадзеншчыне
Супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі адзначылі Дзень роднай мовы цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі
21 лютага супрацоўнікаў і чытачоў Карэліцкай раённай бібліятэкі можна было ўбачыць за незвычайным для іх заняткам. Яны старанна выводзілі кожную літару падчас Агульнанацыяльнай дыктоўкі, якая была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы.
- Бібліятэкары і работнікі нашай установы з задавальненнем далучыліся да свята беларускай мовы, - адзначыла дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілея Арцюх. - З самага ранку і на працягу ўсяго дня ў сценах бібліятэкі гучыць выключна беларуская мова. Дню роднай мовы мы прысвяцілі шэраг мерапрыемстваў і акцый. Напрыклад, апытанне "Слова дня", акцыі "Вершы ў кішэні", "Чытаем па-беларуску. Далучайся і ты", "Кошык літаратурных прысмакаў", "Паспрабуй перакладзі" і "Салодкі камплімент", калі чытачы адрасавалі цёплыя словы бібліятэцы, за што атрымлівалі салодкія прызы. Асноўная мэта ўсіх мерапрыемстваў - папулярызацыя роднай мовы.
Кульмінацыйным момантам свята беларускага слова стала гадзіна роднай мовы "Родная мова, цудоўная мова", якая прайшла пад мілагучныя вершы беларускіх паэтаў у чытальнай зале раённай бібліятэкі. Падчас мерапрыемства бібіятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Кошур зрабіла кароткі экскурс у гісторыю развіцця і станаўлення мовы нашых продкаў.
Хутчэй за ўсё вучнямі альбо студэнтамі адчулі сябе ўсе прысутныя падчас напісання ўрыўка з твора Сяргея Грахоўскага пад дыктоўку члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Святланы Кошур.
Да святкавання Дня роднай далучыліся работнікі дзіцячай бібліятэкі, якія прапанавалі маленькім чытачам прыняць удзел у мерапрыемствах "Інтэрактыўнае падарожжа ў гісторыю беларускай мовы", "Чароўныя гукі роднай мовы". Дарэчы, юныя наведвальнікі дзіцячай бібліятэкі чуюць беларускую мову штотыдзень, кожныя сераду і чацвер, калі бібліятэкары актыўна прывіваюць дзецям любоў да роднага слова.
Аксана ЯНУШ. Фота аўтара.
Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску!
21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа № 3 г. Масты" адбылося свята "Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску!" У гэты дзень роднае слова загучала не толькі на ўроках беларускай мовы, але і на перапынках. З раніцы гучалі песні на беларускай мове, хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні заклікалі ўсіх размаўляць на роднай мове. Кожны ўдзельнік свята атрымаў эмблему дня "Размаўляй са мной па-беларуску".
Вучні і супрацоўнікі школы прынялі ўдзел у акцыі "Пішам дыктант разам".
У школьным музеі была аформлена выставка фотаздымкаў "Мой родны горад", прысвечаная Году малой радзімы. На працягу дня вучні розных класаў наведвалі музей, дзе настаўнік гісторыі Вебер Людміла Паўлаўна на прыгожай беларускай мове пазнаёміла з цікавымі фактамі з гісторыі горада 60 - 80 гг.
На выхаванне спагадлівых і беражлівых адносін у вучняў да свайго мінулага было накіравана мерапрыемства "Свята беларускай кухні". Якія стравы спажывалі нашы продкі? У якіх абрадах ужывалі іх беларусы? Якое значэнне яны (стравы) мелі і маюць? Пра ўсё гэта і многае іншае можна было даведацца ў час свята. І не толькі даведацца, а і пакаштаваць. Вучні падрыхтавалі выставу нацыянальных страў. На сталах можна было сустрэць дранікі, драчону, бульбу са скваркамі, квашаную капусту, агуркі, кісель, пірагі, бярозавік, сушаную рыбу і інш. Напрыканцы свята ўдзельнікі і госці свята частаваліся стравамі беларускай кухні.
Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа. Для беларусаў - яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы.
Сайт школы.
Ты над Прыпяццю, Белай Вежаю - мова родная, не замежная
21 лютага ва ўсім свеце адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. У Шчучыне - таксама.
Ініцыятарам цікавай акцыі выступілі супрацоўнікі аддзела абслугоўвання Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. Загадчыца аддзела Л.С. Татаранка, яе калегі Н.М. Петрашэўская і Н.П. Унукевіч наведаліся ва ўстановы і арганізацыі горада з мэтай нагадаць іх работнікам аб неабходнасці падтрымкі і захавання нацыянальнай мовы, пашырэння яе ў бытавых зносінах і дзелавой сферы.
Па словах бібліятэкараў, з разуменнем, прыхільна сустрэлі іх у аддзелах і службах райвыканкама, ваенкамаце, прадстаўніцтве Белдзяржстраху, а таксама пакупнікі ў магазінах і мінакі на гарадскіх вуліцах.
Акцыя суправаджалася ўручэннем улётак з вершаванымі радкамі на беларускай мове, якія належаць пяру вядомых паэтаў. І гэта правільна. Ці ж можна застацца абыякавым, калі чытаеш паэтычнае прысвячэнне Еўдакіі Лось:
"Табе складаю
шчыры свой санет,
Прапрадзедаў маіх жывая мова,
Майго народа першая аснова,
Душы яго шырокі, чысты свет!".
Крыніца:
www.dzyannica.by.
У с п а м і н ы
Да 156-годдзя паўстання 1863 г.
Апалонія з Далеўскіх Серакоўская
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Даленга вымагаў ад падначаленых парадку і дакладнага выканання абавязкаў, але цешыўся, бачачы іхнюю, хоць хвілінную, радасць і забыццё, баяўся думаць, што ўся гэтая моладзь прыгаворана на непазбежную гібель. Любоў да справы і любоў узаемная іх спаяла. Пасля зняволення Зыгмунта прыслалі ў Вільню пасланца, просячы кавалак кашулі, у якой быў паранены, хацелі ім падзяліцца, перахоўваючы тыя часткі, як ім дарагую рэліквію. (Дала шэрую, ядвабную, у чорныя клеткі.)
Паводле слоў рапарта і апавяданняў тых, якія прывезлі рапарты пра паход трох калон пад кіраўніцтвам Даленгі, кс. Мацкевіча і Колышкі на поўнач у бок Бірж (уласнасць Бенедыкта Тышкевіча, добра Зыгмунту і нашай сям'і знаёмага). Калі б прыйшоў транспарт зброі, дастаўлены караблём з Англіі, тут у ваколіцы Бірж мела быць прынята і схавана зброя ў невядомай мне колькасці, ведаю толькі, што на тую мэту выдаў Тышкевіч 30 тысяч рублёў. Праўдападобна ішлі туды для атрымання хоць той колькасці. Паход гэты быў сапраўдным трыумфальным маршам. Была гэта вербная нядзеля, перад тыднем пакут і перад уваскрашэннем. Была вера ў грудзях усіх, калі зброю здабудуць, перамога і ўваскрашэнне блізкія.
А такі быў наплыў моладзі з народу, што Даленга, не маючы зброі для іх узбраення, вымушаны быў абмінаць вёскі, бо вясковая моладзь, узброіўшыся цапамі і сякерамі, цягнулася за войскам, упрошваючы прыняць. Люткевіч камандаваў аддзелам з 50 чалавек, узброеных толькі цапамі (называлі іх цапавікамі).
У пачатку паўстання, г.зн. у часы Кіраўнічага аддзела Літвы і Даленгі, войска нашае не спазнала занядбання з боку грамадства. Даленга клапаціўся і апекаваўся моладдзю, як камандзір і дбалы бацька. Сяляне са свайго боку забяспечвалі ахвотна тым, чым былі ў стане (сумы, выдаваныя на ўтрыманне войска, відавочна, не былі дастатковымі, бо, як апавядаюць, не раз Даленга мусіў залазіць у сваю прыватную касу для забеспячэння патрэб жаўнераў; лагерная каса была ў руках Антаневіча). Траскоўскі меў у сваім распаджэнні асабістую касу Даленгі. Пасля сыходу Даленгі лёс аддзелаў падлёг вялікім зменам, а пад канец быў роспачлівым: бо пасля ўвязнення Зыгмунта і Кіраўнічага аддзела, што мела месца ў першыя дні ліпеня, арганізацыя аслабла, страціла веру ў поспех справы, згуба пагражала ўсім.
Пасля пераможнай бітвы пад Латвелямі Свалкень, жыхар Ковенскага павета, быў высланы з рапартам у Вільню. Яму Аддзел даручыў паспяшацца з паведамленнем, што Ганецкі з 3000-ай арміяй спяшаецца перарэзаць Даленгу дарогу на поўнач. Свалкень заміж таго, каб спяшыць дзень і ноч, правёў адзін дзень у Вільні, пасля чаго падаўся ў свой фальварак адпачыць другі дзень. З часам ён знайшоў лагер, уручыў перасцярогу, але ўжо не Даленгу, а Ляскоўскаму, які ў той час быў ужо ў Панявежскім павеце.
З вялікай колькасці людзей, з якімі лёс зблізіў Зыгмунта, адным з бліжэйшых быў ксёндз Александровіч у Дынабургу. Зыгмунт цаніў яго розум, нязломную нічым энергію, вялікую сумленнасць і любоў да Бацькаўшчыны.
Пакідаючы назаўсёды Пецярбург, бачыўся з ім і, вядомы пачуццём, якое мусяць засведчыць людзі блізкія да смерці, хочучы пераказаць сваю апошнюю волю, сваё апошняе даручэнне, пакінуў яго не ў Пецярбургу, а ў кс. Александровіча. Ад яго таксама атрымалі: дадзены Зыгмунтам на схованку "Польский вопрос", другі асобнік дадзенага Мілюціну, трэці быў дадзены Нітчалу, сакратару пры ангельскім пасольстве.
Калі Зыгмунт дзейнічаў на Ковеншчыне, кс. Александровіч, працуючы за дзесяцярых, дзелавіта вёў працу ў сябе ў Дынабургу. Не разлічваючы на дакладнасць іншых камісараў, сам адследжваў рух і распараджэнні рас[ійскіх] вайсковых уладаў. Гэта ён дае знаць у Вільню пра тое, што планы Зыгмунта некім здраджаны, і пра сабраныя каля Бірж вялікія маскоўскія сілы, для перарэзвання дарогі польскаму войску. Падазрэнне ўпала на Баляслава Сясіцкага (спраўніка), які меў брата, польскага камісара ў Вількаміры. Баляслаў страціў усе рысы чалавека - паляка - застаўся толькі спраўнік. Мечыслаў, прыяцель Гейштара, лічыўся тым за сумленнага, гарачых пачуццяў паляка. Ці пры такім блізкім кроўным сваяцтве патрафіў захаваць паўнату таямніцы? Не ведаю. Ва ўсякім разе рабілі яму з той нагоды закіды - цярпеў іх, але давесці невінаватасць не было спосабу. Баляслаў Сясіцкі пасля біржанскай паразы, баючыся за сваё жыццё, прасіў перавесці яго ў Расію, атрымаў пасаду ў Баравічах, дзе я мела пакуту, будучы там на выгнанні, бачыць яго часамі як спраўніка, а ў Самары - Ільдэфонса Касцялкоўскага, чыя жонка выдала Зыгмунта ў рукі маскалёў.
Кс. Александровіч зняволены, пераносіў адно з найгоршых у тыя часы вязненняў. Адказваў так разумна, што пры перакананні камісіі, быццам ён у сваёй асобе спалучаў дзейнасць ваяводскага начальніка і камісара, тая камісія не магла яму нічога даказаць, мусіла прыгаварыць толькі на пасяленне, але цяжкае вязненне падкасіла здароўе і сілы. Памёр у турме. Смутна мне, што не мела мажлівасці пазнаёміцца з так цэненым Зыгмунтам чалавекам.
Апрача ксяндза Александровіча шмат мела Літва дзелавітых капланаў, узорных у жыцці, вялікіх патрыётаў, як: кс. Бышэўскі ў Троках (рэшту жыцця правёў у Ватыкане), кс. Пежа ў лагеры Зыгмунта (павешаны Мураўёвым), кс. Скарупскі ў Н[ова] Аляксандраўску, сасланы ў Сібір, кс. Гундзюс, прыгавораны да Сібіры, памёр у дарозе ад тыфу; кс. Ішора, павешаны, кс. Зямацкі, павешаны 338 і шмат, шмат іншых, якія прыступалі да справы Бацькаўшчыны, як да алтара і ад якога не адышлі, не пакінулі, хоць увесь гмах валіўся ў друз і іх ля падножжа алтара пахаваў.
Гінулі на шыбеніцы, у турмах, у вязніцах пакутавалі, цярпелі нястачу на пасяленнях і ў Сібіры. Ім горш было, чым свецкім, няраз у паняверцы мерлі з голаду. Калі расіянам рабілі вымовы, чаму ксяндзам не даюць пасад, як свецкім на выгнанні, адказвалі з наіўнасцю: "Да вот видите, неловко, вашего ксендза нельзя ругать" 339.
(Працяг у наступным нумары.)
337 Ксяндзы Ішора і Зямацкі былі расстраляны.
339 Ды вось бачыце, няёмка, вашага ксяндза нельга лаяць.
Крымскі сцэнар
Інга Лізянгевіч
Пяць год анексіі Крыма
"Крымскі сцэнар" для Беларусі - хутка ўжо пяць год, як пад гэтым загалоўкам рэгулярна з'яўляюцца артыкулы, эсэ, ды аналітычныя перадачы. Ці то ідзе гаворка пра цэны на расейскі газ, ці то пра расейскія вайсковыя базы, альбо расейскія вайсковыя вучэнні на беларускай тэрыторыі... У кожным з гэтых выпадкаў першае, што прыходзіць у галаву: вось і пачалося. Сапраўды, гэта засцярога не надуманая. Расейскі ўплыў у Беларусі нельга не заўважыць. Да таго ж краіна збольшага расейскамоўная. Гэта мо гучыць абсурдна, але менавіта праз чаканне наступнага знешнепалітычнага кроку з боку Расеі, у нас запусцілася нават "мяккая беларусізацыя." Ды і ў рыторыцы Прэзідэнта з'явіліся новыя тэрміны: замест "братняй дзяржавы" прамільгнула нешта пра "партнёраў".
Вось я і вырашыла напярэдадні "юбілею" анексіі Крыма Расеяй даведацца, што ж гэта азначае "крымскі сцэнар"?
Сімферопаль
- Гэта ўсё навадзел!, - Раман паказвае мне новую тратуарную плітку і тынкоўку на дамах.
Раман Чэгрынец - старшыня грамадскай арганізацыі "Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Крыма"". Раней, за ўкраінскім часам, у Крыме было некалькі грамадскіх аб'яднанняў беларусаў. Зараз яны ўсе ўліліся ў адну арганізацыю, якую і ўзначальвае 36-ці гадовы Раман. Мы ідзём па цэнтры Cімферопаля. Паўсюль рупліва вядзецца рамонт. На новых чыгунных лаўках выгравіраваны гады 2015 і 2016. Гучныя рэкламы супермаркетаў перабіваюць адна адну. Новая пешаходная зона нагадвае мне берасцейскую. Ці гэта выпадкова?
- Праект гэтай кнігі быў распачаты ў 2006 годзе. Ва Украіне яе выдаць не маглі, грошай на гэта ніколі не было, - Раман трымае ў руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы даволі вялікага фармату, амаль А4. Назва кнігі "Белорусы. Belarusians.". - Калі я ўзначаліў арганізацыю ў 2015 годзе, мы здолелі давесці яе да розуму, дадалі сучасныя дадзеныя і выдалі ў 2018 годзе." Новая расейская ўлада знайшла сродкі на выданне, а за ўкраінскім часам ніхто беларусамі не цікавіўся, - кажа Раман.
Раман Чэгрынец, як і яго бацькі, нарадзіўся ў Крыме. Яго бабуля пераехала ў Крым пасля Другой сусветнай вайны.
- У бабулі заўсёды была гэтая настальгія. Яна пераехала сюды ў 16 год. І ўвесь час яна пастаянна прыгаворвала: "Беларусь, Беларусь". Натуральна, што для мяне, крымчаніна, спачатку было складана гэта зразумець. Я ведаю мора, горы, стэп. Але ж, калі я прыехаў у Беларусь, то я быў уражаны беларускай дрыгвой. У Крыме няма балот!
Я таксама ўражана. Раман распавядае мне пра планы стварэння музея Максіма Багдановіча ў Ялце, беларускай калонкі ў газеце, ды беларускай перадачы на тэлебачанні раз у квартал. Няўжо гэта сапраўды магчыма, каб чалавек у трэцім пакаленні адчуваў сваю нацыянальную ідэнтычнасць, нягледзячы на тое, што на гістарычнай радзіме ён ніколі не жыў. Як так атрымалася, што ён адчувае сябе беларусам? Беларускія песні заўсёды гучалі ў яго сям'і, кажа Раман. Можа гэта і ёсць рэцэпт да беларускай самасвядомасці? Але ўжо наступны сказ вяртае мяне да рэчаіснасці.
- З улікам крымскай ментальнасці, мы адчуваем сябе больш як субэтнас вялікага рускага свету. Гэта мая пазіцыя і пазіцыя нашай арганізацыі.
Раман не размаўляе па-беларуску, але кажа, што валодае ўкраінскай мовай, бо вывучаў яе ў школе, і нават разумее трошкі па крымска-татарску. Але мэты ўжывання іншых славянскіх моў, апроч расейскай, ён не бачыць.
- Запатрабаванай мовай з'яўляецца, натуральна, расейская. Дзе тут карыстацца ўкраінскай мовай? Ёсць трыадзіная Русь: Вялікая, Белая і Малая. Гэта рускія, беларусы, украінцы. Моцна я б не раздзяляў.
Таксама, кажа Раман, былі арганізаваны курсы беларускай мовы. Я пытаюся, ці можна туды наведацца, але: "У нас ёсць курсы, але туды ніхто не ходзіць, бо яны таксама не запатрабаваныя".
А Крым, наадварот, з'яўляецца вельмі запатрабаваным беларусамі месцам адпачынку, даводзіць Раман. Афіцыйна Беларусь не прызнае анексіі Крыма Расеяй. Паводле ўкраінскага заканадаўства, беларусы могуць наведаць "часова акупаваную тэрыторыю" Крым толькі маючы адпаведны дазвол з украінскага боку. Такі дазвол можна атрымаць для наведвання сваякоў, магілаў продкаў, ці з журналісцкай або праваахоўнай мэтай. Турызм не ёсць падставай для атрымання дазволу з украінскага боку. Але, паводле Рамана, гэта не з'яўляецца перашкодай для беларускіх турыстаў.
- У гэтым годзе беларусаў стала больш. Пасля адкрыцця Керчанскага моста шмат паехала. Беларускі турыст яшчэ з украінскіх часоў ёсць запаслівым турыстам. Яму зручна ехаць на сваёй машыне, са сваім скарбам, нават з трэйлерам. Зараз з запускам моста беларус паехаў.
Калі мы дамаўляліся аб сустрэчы, Раман прапанаваў сустрэцца ля помніка "ветлівым людзям". Гэты помнік з'яўляецца своеасаблівым сімвалам сённяшняга Крыму. Паміж крымскім парламентам і пешаходнай зонай стаіць бронзавы чалавек у вайсковай форме, бронекамізэльцы, з аўтаматам Калашнікава, гранатамі на поясе і шлемам на галаве. На пагонах, адсутнічаюць знакі адрознення. Маленькая дзяўчынка працягвае салдату букет. Вакол іх ног трэцца кот, таксама бронзавы. Напэўна, таму, што бадзяжных катоў тут шмат, а мясцовыя жыхары любяць іх і кормяць. Побач з помнікам знаходзіцца таблічка: "Ветлівым людзям ад удзячных жыхароў Крыма, 27.02.2014". "Ветлівыя людзі", таксама вядомыя як "зялёныя чалавечкі". 27 лютага 2014 года а чацвёртай гадзіне раніцы парламент Крыма штурмавалі "зялёныя чалавечкі" - расейскі спец. наз. без знакаў адрознення. Той жа раніцай быў узняты расейскі сцяг над крымскім парламентам, які і сёння хістаецца тут ад ветру.
Раман прытрымліваецца прарасейскай пазіцыі.
- Асабіста я, мая сям'я, мае сябры ўзялі актыўны ўдзел у падзеях. Мы актыўна бралі ўдзел у рэферэндуме. Паглядзіце, якая яўка была. А калі хто-небудзь кажа, што гэта быў фэйк, то паглядзіце, якая яўка была на прэзідэнцкіх выбарах. Тобок людзі прыйшлі і аддзякавалі таму чалавеку, які вярнуў Крым дадому. - І дадае. - Напрыклад, кнігу мы пры Украіне ніколі б не выдалі.
Я гартаю кнігу пра беларусаў Крыма і намагаюся зразумець, ці варта было яе выданне зневажанню ўсіх дзейных міжнародных нормаў, якое адбылося падчас анексіі і адбываецца зараз праз акупацыю паўвострава. У кнізе можна даведацца пра тры хвалі міграцыі беларусаў у Крым, азнаёміцца з графічнай структурай знешняга гандлю Крыма за 2015 год, фальклорнымі калектывамі і пайменным спісам ды біяграфіямі выбітных беларусаў Крыма. У мяне не атрымоўваецца знайсці адказ на гэтае пытанне. Я наўпрост кажу, што мы ў Беларусі баімся "Крымскага сцэнару".
- Я не разумею, аб якім "Крымскім сцэнары" можа ісці гаворка, калі мы ўжо знаходзімся ў рамках саюзнай дзяржавы, - супакойвае мяне Раман, - я ўвогуле не разумею, што такое "Крымскі сцэнар". Вось прайдзіце па Cімферопалі, паглядзіце. Тут не трэба шмат чаго казаць. Узровень жыцця рэальна павялічыўся, інфраструктура палепшылася. Новы аэрапорт.
Прынамсі, у гэты аэрапорт зараз можна прыляцець выключна з Расеі. Але хутка можа дадацца яшчэ адзін напрамак: Сірыя. Напрыканцы мінулага года ў прэсе з'явілася заява С. Аксёнава пра мажлівае ўзнікненне новага напрамку з аэрапорта ў Сімферопалі. Гэта будзе рэгулярны маршрут паміж Дамаскам і Сімферопалем.
Пасля нашай сустрэчы мяне не пакідае такое дзіўнае пачуццё, як быццам нешта засталося нявыказаным. Я вырашаю пашпацыраваць па Сімферопалі. Я сустракаю крамы беларускай касметыкі, беларускую "малочку" ў харчовых аддзелах. Мяне ўражвае колькасць кветак у падземных пераходах. Ад прадаўшчыц я даведваюся пра тое, што часткова ружы тут крымскія, а часткова галандскія. За амаль пяць год пад санкцыямі знайшліся шляхі, як іх абысці. Увогуле, кажуць людзі, нягледзячы на санкцыі, тут "ёсць усё, апроч Макдональдса".
Раптам я стаю ля светлага будынка з чорнай дахоўкай. Гэта будынак камуністычнай партыі РФ. На фасадзе барэльеф з абліччам Сталіна, гэта таксама "навадзел", які з'явіўся тут праз год пасля анексіі.
Севастопаль
"Карабель 494, "Адмірал Грыгаровіч" пабудаваны ў 2014 годзе. Ён ўжо часта браў удзел у баявых дзеяннях у Сірыі. Ён распрацаваны ў адпаведнасці з найноўшымі тэхналогіямі. Яго тактыка-тэхнічныя характарыстыкі звышсакрэтныя. Нават ў стане спакою, за ім увесь час сочаць замежныя спец. службы."
Я знаходжуся на невялікім катэры, які возіць турыстаў па бухтах Севастопаля. Ваенныя караблі Чарнаморскага флоту з'яўляюцца тут галоўнай турыстычнай мэтай.
"Адмірал Эсен" аздоблены ракетамі "Калібр", здольнымі дасягаць цэлі на адлегласці 2500 км. Ракета ляціць па дакладнай траекторыі і не парушае пры гэтым межаў іншых дзяржаў, якія нельга парушаць. Вы можаце сабе гэта ўвогуле ўявіць?" - трашчыць голас экскурсавода праз калонку.
Гаворка ідзе пра расейскую атаку па цэлях у Сірыі ў траўні 2017. Часткі Чарнаморскага флоту з Севастопаля адправілася тады ў Міжземнае мора. Да сірыйскага ўзбярэжжа можна дабрацца адсюль менш чым за два дні. Стратэгічнае значэнне порта Севастопаля і флоту, хутчэй за ўсё, галоўная прычына анексіі Крыма Расеяй. Я хачу зразумець, як тут змянілася жыццё ў апошнія амаль пяць год. Я пытаю Рыгора, які зазывае турыстаў у круіз па гавані.
- Ёсць плюсы і мінусы. Няма вайны, гэта ўжо плюс. Калі б інакш было, тут была б вайна, як у Данецку. Было б усё сур'ёзна і дрэнна. Амерыканскі флот ужо б стаяў тут. Яны ўжо пачалі фарбаваць украінскія караблі пад НАТАўскі стандарт. Сюды заходзілі грузінскія, турэцкія, амерыканскія караблі, таксама французскія карветы ды фрэгаты. Зараз не ходзяць. Зараз тут расейскі флот у нас.
На набярэжнай дзеці і іх бацькі кормяць чаек з рук. Рыгор, які 40 хвілін таму ўгаварыў мяне з'ездзіць да ваенных караблёў, шукае новых кліентаў.
- Прынамсі, тут шмат беларусаў, - кажа ён, - Да беларусаў мы ставімся лаяльна. Добры народ. Ціхі, спакойны, мірны. Чым мне Беларусь падабаецца: у вас ужо даўно ўвялі санкцыі супраць Лукашэнкі, але ж гэта супраць усёй краіны. Але ж народ, ён выжыў. І нягледзячы на санкцыі, прадукцыю сваю на экспарт, у Расею, пастаўляе. Малочная прадукцыя файная, і ўвогуле прадукты харчавання я бяру толькі беларускія, калі ёсць.
Рыгор падрабязна тлумачыць перавагі беларускіх цукерак над іншымі, а мне цікава даведацца, ці было гэта страшна, калі раптам на вуліцах тут з'явіліся ўзброеныя людзі.
- У вас, у Менску, таксама былі хваляванні, - смяецца Рыгор, - такі своеасаблівы Майдан. За Еўропу, за гэткія рэчы... Вы не баяліся тады? Вы? Самі беларусы?
Пакуль я разважаю, як мне растлумачыць Рыгору, што мне было страшна, але менавіта таму, што гэты шанец на еўрапейскую будучыню нам атрымаць не пашчасціла, ён ужо прадоўжыў сваю думку.
- У вас тады таксама быў натоўп. І ледзь-ледзь абстаноўка ў Беларусі магла і дэстабілізавацца. І Лукашэнка мне ваш падабаецца, - дадае Рыгор.
Я вырашаю нічога не тлумачыць, развітваюся і шпацырую па прамінадзе ў свой гатэль. На рэцэпціі мяне сустракаюць Сталін і Пуцін. Іх партрэты вісяць адзін ля аднаго: Сталін - над дзвярыма, Пуцін - праваруч ад яго.
Ялта
- Я люблю беларусаў. У мяне цячэ беларуская кроў. Мой бацька - беларус.
Супрацоўніца могілак у Ялце вядзе мяне да месца пахавання Максіма Багдановіча.
- Мой бацька з Гарадзенскай вобласці, недзе там на мяжы з Польшчай, - тлумачыць жанчына, - беларусы прыязджаюць да нас вельмі часта. Асабліва ўлетку. Яны адпачываюць тут, заходзяцца да нас, адведваюць магілку. Мы заўсёды ім паказваем. Яны прыходзяць, прыбіраюць, робяць парадак. Так, адведваюць. І пры Украіне прыязджалі, і зараз у Расею прыязджаюць. Менш не стала. Таксама з дзецьмі прыходзяць. Матулі паказваюць свайго беларускага паэта. Летам нават прыязджала дэлегацыя ў беларускіх нацыянальных строях. А тут у нас пахаваныя салдаты, якія памерлі ў шпіталі пад час Айчыннай вайны. Мы іх даглядаем, прыбіраем, - даводзіць жанчына.
Старыя могілкі, на якіх пахаваны Максім Багдановіч, вялізныя. Знаходзяцца яны на гары, асфальтавыя сцежкі вядуць праз розныя сектары. Спачатку я паспрабавала знайсці магілу сама, але не здолела. Свайго імя супрацоўніца назваць не пажадала, але вельмі сардэчна мяне сустрэла і адразу пагадзілася паказаць мне дарогу. Я пытаюся, ці змянілася жыццё за амаль што пяць год на паўвостраве.
- Нам што? Каб заробак быў, ды вайны не было. Мы - мірныя людзі. Калі нас не чапаюць і мы нікога не чапаем. Менталітэт у нас такі.
- Вы маеце на ўвазе крымскі менталітэт? - дапытваю я.
- Ну як, крымскі. Расейскага чалавека.
- А што змянілася і ў які бок? - паўтараю я сваё пытанне.
- Сказаць, што горш стала, нельга. Сказаць, што... Натуральна, ёсць змены да лепшага, напрыклад, мост, які пабудавалі. Аэрапорт у Сімферопалі. Вось і прыйшлі. Я Вас пакіну?
Я дзякую добрай жанчыне і застаюся сам на сам з магілай Багдановіча. Вялікая шэрая пліта, бюст паэта прыладжаны на пастаменце-калоне. Калона абвязаная стужкай, на якой вісіць сіні вянок. Стужка чырвона-зялёная. Я аглядаюся і бачу на дрэвах ля магілы дзве "Пагоні", выразаныя з металу. Вершы, прысвечаныя паэту, стаяць у рамцы на магільнай пліце.
Я выходжу з могілак. На прыпынку я сустракаю Вольгу Іванаўну. Пенсіянерка дзве гадзіны таму растлумачыла мне, як даехаць да могілак. А ці бачыла я "Вялікіх трох", - пытаецца яна і рэкамендуе зрабіць гэта неадкладна. Я паслухмяна саджуся ў маршрутку. Пакуль мы едзем, я распытваю маю спадарожніцу, як змянілася яе жыццё ў апошнія амаль пяць год.
- Спачатку мы трохі баяліся, калі цэны так выраслі. Але мы ўжо прызвычаіліся да гэтага. Самае істотнае: зараз з'явілася стабільнасць. Медыкаменты даражэлі раней кожны тыдзень. Кожны тыдзень. Яшчэ не паспявала скончыць адну ўпакоўку, як ужо пачынала новую. Зараз я ўжо не купляю ў запас. Раней я складзіравала таблеткі.
Пенсіянерка атрымала новы расейскі пашпарт, але і старыя ўкраінскія яна захавала.
- Мы жывём на так званай акупаванай тэрыторыі. Таму мы не можам атрымаць еўрапейскія візы ў нашы расейскія пашпарты. Раней мы атрымлівалі ў Кіеве візы бескаштоўна, бо наша дачка жыве ў Нямеччыне.
З расейскімі крымскімі пашпартамі гэта немагчыма.
- Мо ёсць нейкія варыянты, але вельмі дарагія. Ці ведаеце вы колькі мы маем пашпартоў? Па два ўкраінскія і два расейскія. А хутка яшчэ атрымаем біяметрычныя. Тады мы зможам паехаць да нашай дачкі праз Украіну.
З новым біяметрычным пашпартам украінцы падарожнічаюць без віз. Турыстычныя фірмы прапануюць крымчанам, якія маюць выключна расейскае грамадзянства, дапамогу ў атрыманні віз. Каштуе такая паслуга нямала. Напрыклад, за 650 еўра некаторыя фірмы гарантуюць атрыманне візы. Але большасць крымчанаў мае і карыстаецца ў гэтым выпадку ўкраінскімі пашпартамі.
- Мы паедзем праз Украіну. Мо прыйдзецца завязаць жоўта-блакітную павязку, - смяецца Вольга Іванаўна, - гэта, бадай, адзінае, чаго дасягнула Украіна за гэты час.
На мацерыку Вольга Іванаўна мае стрыечную сястру, яле яны не падтрымліваюць адносіны.
- Я з ёй не кантактую. Яна не любіць нічога савецкага. І гаворыць нейкую лухту. Але што зробіць, яна ж не мае нават расейскага тэлебачання...
Я выходжу з маршруткі і крочу ўгару. Ужо хутка я стаю перад велічэзным бронзавым Сталінам. Ён сядзіць тут побач з Рузвельтам і Чэрчылем. Помнік у гонар Ялцінскай канферэнцыі 1945 года быў устаноўлены ў 2015 годзе, праз год пасля анексіі Крыма Расеяй. Каля помніка ўжо сабралася невялічкая чарга: турысты робяць адзін за адным фоткі ля дыктатара.
Экскурсавод Аляксандра чакае сваю групу трошкі збоку.
- Поўнач Расеі паехала, - падкрэслівае яна, - пачынаючы з Екацярынбурга і да Уладзівастока.
Агульная колькасць турыстаў заставалася ўсе гады стабільнай.
- У 2014 годзе некалькі часу спатрэбілася, пакуль людзі не скончылі баяцца. Але з таго моманту, як з'явіўся мост, людзі едуць нават на некалькі дзён. Раней тут больш было замежных турыстаў. Зараз, натуральна, не. Але беларусы ёсць.
Група Аляксандры скончыла фотасесію, і яна ўжо спяшаецца да аўтобуса. І мне ўжо час збірацца дамоў.
Па дарозе дадому
- А вось калі б Вы напісалі, што Крым гэта Украіна, ці Вас бы звольнілі? - пытаецца мая суразмоўніца.
Наталля жыве ў Севастопалі. Я сустрэла яе выпадкова ў цягніку. Ва Украіне яна наведвае сваякоў. Я тлумачу, што афіцыйна Беларусь не прызнае акупаваны Крым расейскім. Мы едзем у адным купэ і размаўляем ужо некалькі гадзін.
- Нашы крымскія людзі, яны ж таксама ўкр..., - Наталля выпраўляецца, - ...былі ўкраінцамі. Я была заўсёды не згодна з такім меркаванням, нібыта ў Крыме расейцы жывуць. Не, карані там у большасці украінскія. Я нават больш скажу: расейскія вайскоўцы, якія засталіся з савецкага часу ў расейскім флоце, родам з Украіны. Палтаўская, Хмяльніцкая, Мікалаеўская вобласці... З усіх куточкаў Украіны. І сказаць, што гэта расейцы? Не! У маім пяціпавярховым пад'ездзе ёсць толькі дзве сям'і сапраўдных расейцаў. Але ж нават у адных з іх прозвішча ўкраінскае. Разумееце? А астатнія ўсе з Украіны.
Наталля расказвае, як аднойчы ўлетку ў тралейбусе іграла песня "Одну калину за вiкном, І Україну, бо в нас іншої нема!" на ўкраінскай мове.
- І ніхто нічога не сказаў дрэннага, ехалі і слухалі. Гэта тое, што насамрэч змянілася, - кажа Наталля. Пяць год таму такую рэакцыю было не магчыма сабе ўявіць. "За тым часам што было! Божа, калі пачуюць толькі слова "Украіна" - жах! Раней было і пра хахлоў і пра бандэраўцаў. А зараз гэтага няма. Бо чакалі нечага лепшага, напэўна. А лепш не стала. Не стала лепш і ва Украіне.
Таму, разважае Наталля, і агрэсія зышла. Праз побытавыя праблемы ў людзей няма ўжо рэзерву гэтую агрэсію захоўваць столькі часу.
На так званы рэферэндум у 2014 Наталля не хадзіла.
- А што датычацца выбараў, то гэта такая справа. Вы самі ведаеце, як гэта робіцца. Камісіі робяць свае справы, калі ўчасткі зачынены. Людзі ў Крыме разумеюць, што Расея - гэта не Украіна, і не мае сэнсу неяк абурацца. Па-першае, гэта час марнаваць, а па-другое, можна і пацярпець. Напэўна, і ў вас, і ў нас зараз усё аднолькава ў гэтым сэнсе.
Я піла гарачую гарбату і думала, што паміж Крымам і Беларуссю насамрэч ёсць дастаткова шмат агульнага. Я здолела знайсці суразмоўнікаў, але ўвогуле людзі ў Крыме даволі асцярожныя і не вельмі спяшаюцца расказаць сваё стаўленне да сітуацыі. Страх рэпрэсій лунае ў паветры. Той, хто асмельваецца паказаць сумнеў у новай рэальнасці, хутка зразумее, што разам з помнікамі Сталіну вярнуліся і метады сталінскай эпохі.
З БЕЛАРУСКІМ АКЦЭНТАМ
ФРАШКІ
МАЦЕРНАЯ МОВА
Як размаўляюць сёння
Ў нашай хаце?
Паслухаўшы,
Пара рабіць выснову:
Мы ўжо даўно
Забылі мову маці,
А знаем толькі
Мацерную мову.
БІЛІНГВІЗМ
Мы білінгвізм
Даўно ў краіне маем -
Хаця двухмоўем
І не называем.
Такіх у нас сягоння
Вельмі шмат,
Што знаюць мовы дзве:
Трасянку й мат.
ПАЛІГЛОТ
- Ты мовы ведаеш? -
Пытаю
Ў Міколы,
А ён мне: - Вучыў...
На многіх з іх
Я размаўляю,
Хаця не ведаю -
Аб чым...
АКЦЭНТ
Хто швачкай працуе,
Шафёрам, дацэнтам
У Віцебску, Брэсце,
У Стоўбцах і Глуску -
Гавораць усе
З беларускім акцэнтам.
Ды толькі гавораць
Не па-беларуску!..
ІНШАЗЕМНЫЯ МОВЫ
Сцвярджаю зноўку,
Што няроўна дзеліць Бог.
Хто аб замежнай мове
З нас не марыць?!.
Я двух-трох слоў англійскіх
Вывучыць не мог,
А янкі Джон
На інгліш вольна шпарыць!..
НАРОД І МОВА
Ёсць прыкладаў
У свеце дастаткова -
Няма народа,
Ды жывая мова.
А вось у нас
Усё наадварот -
Знікае мова,
Хоць жывы народ.
КАЛЫХАНКА
Калі малым быў -
У калысцы Янку
Заўжды спявала
Маці калыханку.
А ўласным дзецям
Ён не заспявае -
Бо мовы матчынай
Иван не знае!..
АДНЯЛАСЯ МОВА
Народ ужо
Да многага прывык,
Да іншага -
Звыкае паступова.
Бывае,
Што аднімецца язык,
А тут агулам -
Аднялася мова...
ПАЛІГЛОТКА
- Тры мовы
Жонка Ўласа знае!..
- Не пазайздросціш,
Брат, Уласу!
Мая адною
Размаўляе -
І то няма
Ад яе спасу!..
ДОСЫЦЬ І ТРАСЯНКІ
Не Беларусь у нас,
А Беларусія,
І мы ужо Іваны,
А не Янкі.
Для тых Іванаў,
Думаю ў скрусе я,
Не трэба мовы -
Досыць і трасянкі.
МАЦЯРЫНСКАЯ МОВА
Спыталася Каця:
- Скажы ты мне, Вова,
Чаму мы завём:
"Мацярынская мова"? -
А той у адказ:
- Ну й дурная ж ты, Кацька -
Бо маці гаворыць на ёй
Больш, чым бацька.
ЧАМУ Я ПІШУ ПА-БЕЛАРУСКУ?
Што адказаць вам,
Спадары-панове?
Пытанне гэта
Мне здаецца надта вузкім:
Чаму пішу
На беларускай мове?
А чаму дыхаю
Паветрам беларускім?!.
Міхась Мірановіч, сябар Віцебскай абласной Рады ТБМ, сябар Саюза Беларускіх пісьменнікаў, Лаўрэат прэміі імя Кандрата Крапівы за 2002 год.
Выстава "ТАНДЭМ"
6 сакавіка 2019 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адчынілася выстава жывапісу і графікі творчай сям'і мастакоў Вольгі і Юрыя Крупянковых "Тандэм". Акрамя 25-годдзя творчай дзейнасці, 30-годдзя шлюбу, 50-годдзя аўтараў - іх аб'ядноўвае сумесная творчасць "у 4 рукі" і рэалізацыя сумесных праектаў.
Юры і Вольга разам вучыліся ў вучылішчы імя А.К. Глебава. Юры скончыў аддзяленне жывапісу а Вольга - графікі. Далей Юры працягнуў навучанне ў асістэнтуры на кафедры жывапісу БДАМ у народнага мастака Беларусі М.В. Данцыга, а таксама ў акадэмічных майстэрнях пры Міністэрствы культуры у героя Беларусі, народнага мастака Міхаіла Савіцкага.
У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 твораў жывапісу Юрыя і 50 твораў друкаванай графікі Вольгі.
У сваёй творчасці Юры працягвае і развівае традыцыі рэалістычнага жывапісу. Мастак працуе ў жанры партрэта, тэматычнай карціны, пейзажу. На выставе прадстаўлены такія цыклы прац як "Двое". "Сям'я","Свята", "Ідышлэнд", "Партрэты дзеячаў культуры Беларусі..."
Вольга займаецца друкаванай графікай і экслібрысам, а таксама працуе ў тэхніцы літаграфіі. На выставе прадстаўлены як літаграфіі вялікіх памераў, так і цэлы шэраг экслібрысаў, зробленых мастачкай у прыватныя калекцыі больш, чым 20 краін свету.
Юры Крупянкоў таксама захапіўся экслібрысам, а ў апошнія гады ім зроблена некалькі кніжных знакаў, якія увайшлі ў экспазіцыю.
Асабіста мне спадабаліся карціны "Графіці", "Любімы горад", "Лаўка садавіны", "Ягадка", а таксама партрэты Стэфаніі Станюты, Яўгена Глебава, Мая Данцыга, Міхаіла Пташука і іншых.
Перад прысутнымі выступалі: Леанід Хобатаў, Міхась Баразна, Ларыса Фількінштэйн, Віктар Барабанцаў і іншыя асобы.
Выстава "Тандэм" будзе працаваць да 24 сакавіка 2019 года. Раю наведаць менчукам і гасцям сталіцы.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Выстава "Крок мінуўшчыны" папоўнілася
Адкрытую ў лютым у памяшканні літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея выставу "Крок мінуўшчыны", прымеркаваную галоўным чынам да 105-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая, супрацоўнікі музея абяцалі папоўніць новымі экспанатамі. І дапамаглі ім у гэтым калегі з Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, дзе захоўваюцца асобныя рэчы, дакументы, рукапісы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта, перададзеныя туды ў свой час яго другой жонкай Лідзіяй Сяргееўнай. Некаторымі рукапісамі і дакументамі Гарадзенскі музей днямі падзяліўся з лідскім, і выстава "Крок мінуўшчыны" ў доме Таўлая па вуліцы Замкавай папоўнілася.
У ліку прывезеных з Гародні экспанатаў - аўтабіяграфія Валянціна Таўлая, напісаная яго рукой у 1945 годзе; рукапісы яго вершаў, напісаных пераважна ў Гарадзенскай турме і адноўленых ім у памяці, у тым ліку сшытак з вершамі; пасведчанне члена Саюза пісьменнікаў СССР; даведка аб тым, што ў 1942-1944 гадах Таўлай быў сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага; пасведчанне да медаля "За доблесную і самаадданую працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг."; прафсаюзны білет, выдадзены паэту незадоўга да яго смерці ў 1947 годзе.
Магчыма, у далейшым выстава "Крок мінуўшчыны" папоўніцца дакументамі альбо іх копіямі з музея адной са школ горада Баранавічы, дзе таксама шануюць памяць аб Валянціне Таўлаі.
- Яшчэ ў мінулым годзе мы распачалі музейна-педагагічныя заняткі для выхаванцаў дзіцячых садкоў "Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам", - расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. - Гэтыя заняткі будзем працягваць і ў бягучым годзе, чакаем заявак ад устаноў дашкольнай адукацыі. У год 105-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая мы, супрацоўнікі музея, хочам атрымаць больш інфармацыі пра яго першую жонку Кіру Брант, з якой ён жыў у Лідзе, у гэтым вось доміку каля замка (як яны пазнаёміліся, як склаўся далейшы лёс Кіры). Хочам таксама больш даведацца пра гэты домік. Хто ў ім жыў у розныя часы? Няхай адклікнуцца тыя, хто хоць штосьці ведае пра гэты будынак. Любая дробязь будзе для нас цікавай і каштоўнай.
А яшчэ карэспандэнту стала вядома, што кампазітар Леанід Шурман даслаў у Лідскі гістарычна-мастацкі музей праз сацыяльнае сеціва ноты на асобныя вершы Валянціна Таўлая. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што хто-небудзь з лідскіх выканаўцаў захоча выканаць песні на гэтыя вершы.
І яшчэ адно пажаданне лідскіх музейных работнікаў, якое тычыцца "таўлаеўскай" тэмы, - набыць дакументальны фільм "Валянцін Таўлай" (1978 год, аўтар сцэнарыя - Вячаслаў Адамчык). Магчыма, названы фільм захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафона-дакументаў горада Дзяржынска.
Наш кар.