НАША СЛОВА № 22 (1433), 29 траўня 2019 г.
Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі таксама адхіліла законапраект ТБМ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"
"Пытанні ўжывання беларускай мовы ўрэгуляваны дзейным заканадаўствам" - такі выніковы сэнс ліста, які атрымала з Адміністрацыі Прэзідэнта дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім на законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Уладзімір Жаўняк спасылаецца на тое, што паводле Канстытуцыі Беларусі дзяржаўнымі мовамі ў краіне з'яўляюцца беларуская і расейская мовы. А дзяржава гарантуе свабоду выбару мовы выхавання і навучання. Чыноўнік спасылаецца і на закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".
Анісім А. М.
вул Савецкая, д. 11,
г. Мінск
Паважаная Алена Мікалаеўна!
У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны праект Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".
Пагаджаючыся з неабходнасцю развіцця беларускай мовы, мяркуем неабходным адзначыць, што згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання (частка трэцяя артыкула 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
На ўрэгуляванне адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы накіраваны палажэнні "Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-ХІ "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".
Такім чынам, пытанні ўжывання беларускай мовы ўрэгуляваны дзеючым заканадаўствам.
Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.Р. Жаўняк.
Ліст з Прэзідэнцкай Адміністрацыі стаў трэцім наконт законапраекту ТБМ. Раней ініцыятыву не падтрымалі Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў і Міністэрства юстыцыі.
Старшыня ТБМ мяркуе, што рашэнне наконт таго, што рабіць далей, будзе прынятае на паседжанні Рады Таварыства.
Алена Анісім лічыць, што найбольш важнае ў законапраекце - гэта захады дзеля таго, каб выраўняць становішча з беларускай мовай, якое склалася ў грамадстве, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі органамі; каб вярнуць ёй статус дзяржаўнай мовы і напоўніць яго адпаведным зместам.
Традыцыйны фэст прайшоў у Вайцюшках
Салаўіныя трэлі, посвісты драздоў, ціньканне сінічак раздаваліся ў лесе над Нёманам з чацвёртай гадзіны раніцы. Птаства сваім звонкім шчабятаннем вітала ўзыход сонейка. У лесе сярод густой і свежай зялёнай травы жаўцелі кураслепы, зацвіталі суніцы. Уся навакольная прыгажосць прыцягвала турыстаў, якія вырваліся з каменных абдымкаў горада.
На аграсядзібе Вайцюшкі 25 траўня адбыўся рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні "Салаўё". Напярэдадні яго па запрашэнні музыкі Змітра Вайцюшкевіча на пленэры працавалі мастакі з Гародні і Менска: Валянціна Шоба, Уладзіслаў Стальмахаў, Галіна Раманава, Таццяна Гардашнікава, Ілона Касабука. Яны аздобілі сядзібу карцінамі і стылізаванымі драўлянымі скульптурамі. Напісаныя ў блакітных колерах, з'явіліся "Анёлы Вайцюшкоў". Вясёлых коцікаў стварыла Таццяна Гардашнікава, каляровымі драўлянымі круглячкамі ўпрыгожыла сцяну дома Галіна Раманава.
Наталіць прагу да культурнага адпачынку прыехалі госці з Ліды, Бярозаўкі, Менска, Берасця. Сярод удзельнікаў былі маладыя беларускамоўныя бацькі з дзецьмі.
У фэсце "Салаўё" ўзялі ўдзел Віталь Рыжкоў, Сяргей Башлыкевіч і іншыя. Літаратар і музыка Міхаіл Валодзін прэзентаваў сваю кнігу "Прапетая біяграфія". На завяршэнні паэтычна-музычнага свята гаспадар сядзібы Зміцер Вайцюшкевіч выканаў лепшыя песні са свайго рэпертуару. Самы лепшы канцэрт - канцэрт, які гучыць пад адкрытым небам, для зорак і птушак, дрэваў і камянёў, і самых верных слухачоў. Прагучалі песні пра матуль, пра каханне, пра тое, што застаецца пасля нас… Музыка і госці ўзгадалі Алеся Ліпая, які некалькі гадоў таму быў удзельнікам фэсту "Салаўё". Прагучала яго песня "І навучу лятаць".
Купанне ў Нёмане, частаванне юшкай з рыбы і грачанай кашай з дымком падбадзёрылі гараджанаў, надалі новых сіл і натхнення.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Моўны закон ва Украіне: у чым сутнасць закона пра мову і як будуць караць за непавагу да дзяржаўнай мовы
14 траўня дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны адхілілі ўсе пастановы пра адмену прынятага закона пра функцыянаванне ўкраінскай мовы як дзяржаўнай.
Адразу ж пасля гэтага спікер парламента Андрэй Парубій гэты закон падпісаў.
Прэзідэнт Пётр Парашэнка падпісаў закон неадкладна, пакуль яшчэ знаходзіўся на пасту прэзідэнта.
Нагадаем, 25 красавіка Рада прыняла моўны закон. Дэпутаты набралі 278 галасоў за прыняцце закона пры неабходных 226 галасах.
Аўтарамі законапраекта сталі 33 дэпутаты з розных фракцый. Ён прадугледжвае адмену закона "Пра асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі", а замест яго прапануе ўвядзенне абавязковага выкарыстання ўкраінскай мовы практычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Мы разабраліся, у чым сутнасць закона пра ўкраінскую мову, каго ён кране і наколькі гатовыя службоўцы і супрацоўнікі сферы абслугоўвання да новаўвядзення.
Каго кране
Закон прадугледжвае, што ўкраінская мова павінна выкарыстоўвацца ў дзяржслужбе, афіцыйных дакументах, адукацыйнай і медыцынскай сферах, кінатэатрах і тэатрах, фэстах, пры абслугоўванні спажыўцоў, у працоўных адносінах, публічных мерапрыемствах, рэкламе, СМІ, інтэрнэце і тэлебачанні.
Дзеянне закона не распаўсюджваецца на сферу прыватных зносін і здзяйсненне рэлігійных абрадаў.
За парушэнне закона прадугледжаны штрафы. А публічнае зневажэнне ці грэбаванне ўкраінскай мовай будзе нават падставай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Службоўцы і медыкі падрыхтаваліся
Кіеўскія службоўцы кажуць, што не дасведчаных украінскі калегаў у сталіцы практычна не засталося.
- Яшчэ некалькі гадоў назад з'явілася новаўвядзенне, што без дакумента пра атэстацыю па мове на пасаду дзяржслужбоўца не возьмуць. Гэта абавязковая ўмова, і ўсе службоўцы даўно здалі гэтыя іспыты. Таму такой праблемы для дзяржслужбы, прынамсі ў Кіеве, даўно не існуе, - распавёў нам адзін са службоўцаў.
У медыцынскай сферы, запэўніваюць лекары, таксама ніякіх праблем няма.
- Я заканчваў медінстытут на рускай, ведаю ўкраінскую. Таму з пацыентамі магу вольна гаварыць на любой мове. Бо ёсць людзі, якія прынцыпова не жадаюць пераходзіць на іншую, і я ў гэтым ніякай праблемы не бачу, - сказаў нам кіеўскі педыятр Мікалай Фірсаў.
У кінатэатрах расійскія фільмы практычна не паказваюць, а замежныя даўно дублююць на ўкраінскай.
Афіцыянтаў пашлюць на курсы пасля штрафаў
Што да рэстаранаў, то ўладальнікі пакуль не гатовыя масава адпраўляць сваіх супрацоўнікаў на курсы па ўкраінскай.
- Адзінкі праводзяць курсы па ангельскай і ўкраінскай са сваімі супрацоўнікамі. Гэта звязана з вялікай цякучкай кадраў. Адсоткаў 50 афіцыянтаў месяц працуюць, а потым звальняюцца. Таму курсы немэтазгодныя. Што да абслугоўвання, то на нарадах персаналу раяць, што пажадана размаўляць з кліентамі на ўкраінскай. Хоць бы першы раз. А далей усё будзе залежаць ад таго, на якой мове адкажа кліент. Але ў рэальнасці мала хто так робіць. Калі паводле новага закона будуць за рускую мову караць штрафамі, то, вядома, яны адправяць супрацоўнікаў на курсы. Калі ніякай адказнасці не прадбачыцца, то ўсё пакінуць, як ёсць. Дапускаю, што сачыць за выкарыстаннем украінскай мовы будуць толькі тыя рэстаратары, якія захочуць пазбегнуць скандалаў. Бо часам трапляюцца наведвальнікі, якія "шыхтуюць" персанал за тое, што іх не так абслужылі", - распавяла нам прэзідэнт кампаніі Рэстаранны кансалтынг Вольга Насонава.
Чакалі 150 гадоў
Культуролаг і літаратуразнавец Вадзім Скуратоўскі нагадвае - украінская мова была забаронены ў 1876 годзе. Тады расійскі цар Аляксандр II выдаў так званы Эмскі указ, які ўводзіў цвёрдыя абмежаванні на выкарыстанне ўкраінскай мовы ў Расійскай імперыі.
- Указ забараніў усе вусныя і друкаваныя варыянты ўкраінскай мовы на тэрыторыі Наддняпроўскай Украіны. З таго часу пачалася абсалютная атака супраць украінскай мовы і працягвалася да сённяшняга дня. І толькі цяпер, праз паўтара стагоддзі, спынілася гэтая атака, - кажа Скуратоўскі.
Па яго словах, цяпер у краіне ладзяцца дыверсіі супраць украінскай мовы. Але з-за закона яны сыдуць на нішто.
- Увесь гэты час некаторыя дэпутаты на суржыку палохаюць, што ўсё дрэнна ў гэтым законе, ад "А" да "Я". Іншыя палохаюць канфліктамі з Польшчай і Вугоршчынай, да якіх нібы прывядзе прыняцце закона. Гэта і ёсць дыверсіі. На вялікі жаль, за апошнія паўстагоддзя ўкраінцаў прывучылі не паважаць родную мову. Гэта ўсё не знікне за адзін дзень, але зараз будзе натыкацца на юрыдычныя бар'еры, - упэўнены культуролаг.
Сыдуць гады і стагоддзі
Па словах палітычнага аналітыка, экс-дэпутата і кіраўніка мастацкага аб'яднання Апошняя барыкада Алеся Донія, важнасць закона ў тым, што менавіта ўсведамленне сябе ўкраінцам пачалося з выкарыстання новай літаратурнай мовы.
- Спачатку гэта быў Іван Катлярэўскі, потым харкаўскія і кіеўскія інтэлігенты. Менавіта з украінскай мовы пачаўся рэнесанс украінскай культуры. І ўвесь гэты час працягвалася барацьба за права яе выкарыстання. За апошняе стагоддзе мова развівалася нераўнамерна. Украінцы, якія жылі ў Аўстра-Вугоршчыне, пераходзілі на нямецкую, у Расійскай імперыі - на рускую. І з таго часу ва Украіне супярэчнасці, якія ўсюды ёсць паміж горадам і вёскай, ператварыліся ў супярэчнасці паміж рускамоўным горадам і ўкраінамоўнай вёскай. І гэта наш крыж, які трэба было змяняць, - кажа Доній.
Па яго словах, змены ў лепшаю бок, адбываліся не пасля Майданаў, а ў канцы 80-ых гадоў.
- Першы прарыўны закон пра ўкраінскую мову быў прыняты ў 1989-ым, яшчэ пры УССР. Як карэнны кіяўлянін, магу сцвярджаць, што паступовы працэс пачаўся яшчэ тады. І я ўвесь час кажу, што на гэты працэс патрэбныя калі не дзесяцігоддзі, то стагоддзі. Ён не адбудзецца аднамомантава. Але ён ні ў якім разе не павінен быць гвалтоўным, - удакладніў эксперт.
Пугай і пернікам
Пакуль жа ўкраінцы саматугам адстойваюць правы на дзяржаўную мову. Адны ідуць у суды, якія абавязваюць рускамоўных пры абслугоўванні пераходзіць на ўкраінскую.
Напрыклад, Лычакаўскі суд Львова прызнаў, што супрацоўнікі "Украінскай чыгункі" неправамерна адмовіліся абслугоўваць пасажыра на ўкраінскай. Мужчына пажаліўся, што ў цягніку "Чарнаўцы-Адэса" праваднікі размаўлялі з ім на рускай, прычым груба і непаважліва. Таму пасажыр спачатку напісаў водгук у "Кнізе скаргаў", а потым яшчэ і звярнуўся ў суд.
Іншыя - за мірны план. Алесь Доній з'яўляецца заснавальнікам бясплатных курсаў украінскай мовы. Цяпер іх праводзяць у 25 гарадах краіны.
- Я ініцыяваў, а зараз ужо дзеці самастойна іх праводзяць. Але гэта добраахвотніцкі праект, які, што паказальна, праводзіцца высілкамі актывістаў, а не дзяржавы. Галоўны дэвіз курсаў: "Навучы сябра размаўляць на ўкраінскай". Гэта кажа пра тое, што кожны чалавек, які размаўляе на рускай ці іншай мове, але жадае вывучыць украінскую, ужо з'яўляецца сябрам. Гэта значыць, ні ў якім разе не павінна быць прымусу, а падахвочванне і рука сябра. Гэта вельмі важная рэч, таму што любыя іншыя спробы могуць прывесці да процілеглых наступстваў. І дзяржава павінна паказаць сістэмнасць і паслядоўнасць. А ўкраінскае грамадства павінна садзейнічаць, але рабіць гэта ў прыязнай манеры. Тады не будзе магчымасці дзейнічаць варожай прапагандзе, а ў грамадстве не будзе расколу.
Рэсурс "Галоўрэд".
Беларусаў запрашаюць на "Агульную дыктоўку"
1 чэрвеня ў Беларусі пройдзе масавая "Агульная дыктоўка" па беларускай мове. Напісаць яе можна будзе дома альбо ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Маштабная ініцыятыва прымеркавана да 400-годдзя выхаду "Граматыкі" Мялеція Сматрыцкага - кнігі, якая больш за 200 гадоў была вядучым выданнем па славянскай філалогіі, паведамілі ў кампаніі "Лідскае піва", якая з'яўляецца арганізатарам праекта. Напісаць дыктоўку можа любы ахвочы незалежна ад узросту і роду заняткаў. Пры гэтым арганізатары свядома выбіраюць тэкст павышанай складанасці, каб звярнуць увагу на багацце, самаідэнтычнасць і асаблівасці беларускай мовы. Каб стаць удзельнікам, трэба зарэгістравацца на старонцы праекта і ў пазначаны час далучыцца да сотняў беларусаў, якія будуць пісаць дыктоўку на роднай мове. Сёлета арганізатары забяспечваюць радыётрансляцыю дыктоўкі на хвалях радыёстанцыі "Культура" (102,9 FM у Менску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гародні, 99,1 FM у Магілёве). Прамая трансляцыя пачнецца а 12 гадзіне адначасова са стартам дыктоўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Для праверкі трэба будзе адправіць сваю працу праз форму на сайце lidskae.by. Правяраць усе дыктоўкі будуць прафесійныя філолагі. Арганізатары звяртаюць увагу, што выпраўленні будуць улічвацца на карысць ўдзельніка. Вынікі дыктоўкі стануць вядомыя праз 5-7 рабочых дзён, і кожны ўдзельнік атрымае электронны сертыфікат аб удзеле. Арыгінал тэксту дыктоўкі будзе апублікаваны на старонцы праекта, каб кожны мог праверыць свой вынік. "Праект "Агульная дыктоўка" накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. Неардынарны фармат дазваляе ўдзельнікам згуртавацца і знайсці аднадумцаў па агульных інтарэсах, - адзначылі ў кампаніі "Лідскае піва".
Папулярызацыя беларускай мовы - важны напрамак карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці "Лідскага піва". Кампанія рэгулярна праводзіць акцыі і фестывалі на беларускай мове і выкарыстоўвае яе ў сваёй камунікацыі. Праект "Агульная дыктоўка" ў 2019 годзе праводзіцца кампаніяй "Лідскае піва" пры падтрымцы канала "Культура" Беларускага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя.
Прымаўкі і прыказкі Вялейшчыны
(ад бацькоў, землякоў і з кніжак)
Язэп Стэпановіч
(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)
364. Свая сярмяжка нікому ня цяжка.
365. Свая хатка як родная матка.
366. С ем пятніц на тыдні (Чалавек з нетрывалай думкай).
367. Сем разоў адмераць - раз адрэзаць (Разважлівы падыход да справы).
368. Сёмая вада на кісялі (Далёкая радня).
369. Сівізна ў бараду, а чорт у галаву (Дурнота).
370. Скажы дурню памаліцца - лоб разаб'е.
371. Скора каты робяцца, ды сляпыя родзяцца (Небяспека паспешлівасці).
372. Скрыпучае дрэва доўга расце (Таму, хто любіць скардзіцца на сваё здароўе).
373. Слова лечыць і калечыць (Прамаўляць узважана).
374. Словам (языком) не накорміш.
375. Слова як птушка: выпусціў - ня вернеш.
376. Слоў на вецер не кідае (Абавязковы, не пустаслоў).
377. Слухай вухам, рабі брухам (Не адлучайся ад справы).
378. Спаў як пшаніцу прадаўшы (Моцны працяглы сон).
379. Старасць - ня радасць.
380. Стары друг лепш за новых двух (Каштоўнасць сталага сяброўства).
381. Стары конь баразны не псуе (Досвед мае значэнне).
382. Стаяць на галаве (Вэрхал).
383. Стаяць, як укапаны (Ніякіх зрухаў).
384. Столькі гадоў, як у Сьвіры жыдоў (Незлічона).
385. Сумеў узяць - умей вярнуць (Пазыка).
386. Сучка ня дасць, сабака ня возьме (Усё з дазволу).
387. Сыты галоднаму не раўня.
388. Сьвятое месца пустым не бывае.
389. Слязамі рады не дасі.
390. Сябе загубіш, калі чужую жонку прыгалубіш.
391. Сядзець на карку (Утрыманец).
392. Сядзі ў будзе (будынку) і чакай, што будзе.
393. Талер маленькі, але даражэнькі.
394. Тая світа, ды налева пашыта.
395. Твае кляты - табе ў пяты (Зваротнасць праклёну).
396. Той не памыляецца, хто ад работы ўхіляецца.
397. Трапіла жучка ў панскія ручкі.
398. Трымаць язык на прывязі (Маўчаць).
399. Тры чвэрці да смерці (Доўга жыць).
400. У Бога днёў многа - паробім (Неабходнасць адпачынку).
401. Убраўся ў жупан і думае, што пан (Зазнайства).
402. У галаву зайшло (З'явілася думка).
403. У гасьцёх добра, а дома лепей.
404. Узыход (заход) сонца не адменіш (Непазбежнасць).
405. Узляціш высока - балюча падаць.
406. Узяўся за гуж, не кажы, што ня дуж (Даводзіць справу трэба да канца).
407. У каваля (…) рукі залатыя (Майстровы чалавек).
408. У каго адвага, у таго перавага.
409. У каго дабро вядзецца, у таго й певень нясецца (Дбайнасць).
410. У калодзісь вады не ліюць, і ў лес дроў не вязуць (Думаць трэба).
411. У калхозе добра жыць - адзін косіць, сем ляжыць.
412. У кожнага кавалера свая манера.
413. У маладосці шмат дурносці.
414. У сваёй хаце й дзіркі грэюць (На радзіме прасцей жыць).
415. Усе мае зборы - лапці ды аборы.
416. Усё добра паравое (і нараджэнне, і смерць).
417. Усё мінецца, адна праўда застанецца.
418. У страху вочы вялікія (Боязь).
419. У студню вады ня льюць, а ў лес дроў не вязуць.
420. У судзе праўды ня знойдзеш, а на кірмашы - долі.
421. Усяму свой час.
422. У цеснаце, ды ня ў крыўдзе.
423. У ціхім балоце чэрці водзяцца (Асцерагайся маўклівага).
424. У чужую бажніцу са сваім статутам ня ходзяць.
425. Хвала рукам, што пахнуць хлебам (Пашана працавітаму чалавеку).
426. Хвалілася Ганна, што выйдзе за пана (а той ня ўзяў).
427. Хоць за старца, абы не астацца.
428. Хоць касой касі (Багаты ўраджай грыбоў, ягад).
429. Хоць кол на галаве чашы (Упарты чалавек).
430. Хоць не багаты, але зухаваты.
431. Хоць ў будане жыць, але з мілым быць (Першынства кахання, духоўнай еднасці).
432. Хочаш па-воўчы жыць, мусіш па-воўчы й выць.
433. Хочаш прапасці, ідзі красці (Жыві сумленна).
434. Хочыцца, ды не даскочыцца (Аднаго жадання мала).
435. Хто баіцца, таму ўваччу дваіцца.
436. Хто б навучаў, а ты б лепей памаўчаў.
437. Хто грукаецца, таму адчыняюць (Не спадзявайся на кагосьці).
438. Хто дбае, той мае (Клопат і заможнасць неадлучныя).
439. Хто жонку добрую мае, той гора ня знае.
440. Хто зашмат жадае, той нічога ня мае.
441. Хто з працай дружыць, той ня тужыць.
442. Хто каго любіць, той таго чубіць.
443. Хто не рызыкуе, той ня мае.
444. Хто парася ўкраў, таму ўвушшу вішчыць (Рана ці позна стане вядома).
445. Хто працуе, той не сумуе.
446. Хто пытае, той ня блудзіць, хто шукае, той знаходзіць.
447. Хто рана ўстае, таму й Бог дае (Руплівасць).
448. Хто спіць, таго не будзіць, хто на сяле, па таго не хадзіць (Ня клікаць есці не занятых справай).
449. Хто сябе хваліць, таго пярун спаліць.
450. Хто ў боб, хто ў гарох (Адно і тое ж).
451. Хто ўлетку балюе, той узімку галадуе.
452. Хто цярплівы, той шчаслівы.
453. Хуткі паспех - людзям на смех.
454. Цікаўнай Амілі нос прышчамілі (Залішняя цікаўнасць).
455. Ці пан, ці прапаў (Рызыка).
456. Ці стары - ці малы (Нямудрыя дзеі).
457. Ціхая свіння глыбака рые (Падазронасць).
458. Цішэй едзеш - далей будзеш (Абачлівасць).
459. Цішэй за ваду, ніжэй за траву (Паводзіць сціпла, непрыкметна).
460. Цяпло (пара) касці ня ломіць.
461. Цярпі, Зося, раз прыйшлося.
462. Цярпук лопнуў (Скончылася трыванне).
463. Чаго ня хочаш самому, не чыні другому.
464. Чалавек без сяброў, як печ бяз дроў.
465. Чакаць з мора надвор'я (Нязбытная надзея).
466. Час - грошы (Каштоўнасць часу).
467. Чорт яго ведае (Няўпэўненасць).
468. Чорту душу аддаў (Загінуў непрыстойна).
469. Чужую бяду адным пальцам развяду.
470. Чужым дабром не ўзбагацішся.
471. Чужым розумам жыве (Не мае сваёй думкі).
472. Чуў звон, ды няведама, дзе ён (Недакладнасць).
473. Чым багаты, тым і рады.
474. Шмат вады выцякла (Даўняя падзея).
475. Што галава, то розум (Важнасць іншай думкі).
476. Што гарохам аб сцяну (Безвыніковае тлумачэнне).
477. Што душа мае, то й прымае (Адпаведнасць патрэбаў).
478. Што занадта, то ня здорава (Усё добра ўмеру).
479. Што зранку, то й да вечара (Пра надвор'е й ня толькі).
480. Што люблю, то й раблю.
481. Што ні атрымліваецца - да лепшага (Ня варта адчайвацца, шкадаваць).
482. Што ні зрабі - усё дрэнна (Цяжка дагадзіць).
483. Што ні край, то свой звычай.
484. Што пасееш, то й пажнеш (Рабіць дабро).
485. Што прайшло, таго ня вернеш.
486. Што пра тое гаварыць, чаго ня можа быць.
487. Што ўбіў, то ўехаў (Неразважлівы чалавек).
488. Што ў вока пальцам (Цемра).
489. Што цвярозы думае, тое п'яны скажа.
490. Шукаць ветру ў полі (Ня бачыць відавочнага).
491. Шукаць іголку ў стозе (Бязсэнсоўны пошук).
492. Шустры як венік (Хітры).
493. Шчасце само не прыходзіць.
494. Шыла ў торбе не схаваеш (Рана ці позна стане вядомым).
495. Яблык ад яблыні не далёка падае (Якія бацькі, такія і дзеці).
496. Яду на вечар адкладзі, а бульбу зараз пасадзі.
497. Язык да Кіева давядзе (Не цурацца спытаць у дасягненні чагосьці, парадзіцца).
498. Языком малоць (Недакладна гаварыць).
499. Языком у Вільні, галавой за печчу (Пустаслоў).
500. Языку дай волю, завядзе ў няволю.
501. Якая матка, такое й дзіцятка.
502. Якая музыка, такія й танцы (Часцей пра палітыку).
503. Якая справа, такая й слава.
504. Якая хатка, такі й тын, які бацька, такі й сын.
505. Як беднаму жаніцца, дык і ноч малая.
506. Як вады ў рот набраў (Нежаданне рэагаваць).
507. Як гром з яснага неба (Неспадзявана, знянацку).
508. Як гукнеш, так і адгукнецца.
509. Які двор - такі гаспадар, як у хаце - такая гаспадыня.
510. Які музыка, такое й гранне.
511. Які поп, такое й маленне (Пра кіраўніка калектыву).
512. Як дзве кроплі вады (Падабенства).
513. Як з галоднага краю (Прагна есці).
514. Як з неба зваліўся (Не ў курсе спраў).
515. Як мокрае гарыць (Неруплівы чалавек).
516. Як мыша пад венікам (Маўчаць).
517. Якое семя, такое й племя (Пра бацькоў і дзяцей).
518. Як ня стала хлеба, дык і нож ня трэба.
519. Як піць даць (Хутка, імгненна).
520. Як рыба ў вадзе (Адчуваць упэўнена).
521. Як скрозь Зямлю праваліўся (Знік бясследна).
522. Як у ваду глядзеў (Прадбачыў).
523. Як у неба пальцам (Марна).
524. Як трывога, дык да Бога.
525. Як хачу, так і кручу.
526. Як хмара (Змрочны чалавек).
527. Яму кажы стрыжана, а ён - голена (Упартасць).
528. Яшчэ гэткі не спаткаўся, каб усім спадабаўся.
2019 г.
Збор твораў Міхала Шымялевіча
Міхал Шымялевіч. Збор твораў.
Укладальнік Леанід Лаўрэш.
Рэдактар Станіслаў Суднік.
Выдавецтва "ЮрСаПрынт", Гародня.
Фармат 90х80/16. Ум. друк. арк. 23,8.
326 ст. Наклад 110 экз.
22 траўня на сходзе лідскіх літаратараў у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы была прадстаўлена першая кніга з серыі "Лідскі кнігазбор", заснаванай Лідскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта "Збор твораў" найвыбітнейшага лідскага гісторыка Міхала Шымялевіча, выдадзены ў гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт".
"Збор твораў" - першая і адзіная кніга Міхала Шымялевіча, якая выйшла праз 60 гадоў пасля яго смерці (да рэвалюцыі выходзілі дзве невялікія брашуркі, пры Польшчы былі напісаны і надрукаваны ў перыядычным друку многія артыкулы, але кніг не было).
"Збор твораў" выдаўцы не адважыліся назваць "Поўным зборам твораў", бо вядома, што ў нейкай газеце застаўся не знойдзены яшчэ адзін артыкульчык, а, можа, і яшчэ што дзе схавалася.
Тым не менш у "Збор твораў" увайшлі наступныя працы, згрупаваныя па раздзелах:
Частка 1. Ліда і мястэчкі Лідчыны
1. Горад Ліда і Лідскі замак. Надрукавана: Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57. Пераклад Станіслава Судніка.
2. Горад Ліда ў 1938 г. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Miasto Lida w 1938 roku // Ziemia Lidzka. 1938. № 11. S. 143-146. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
3. Белагруд. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Bialohrud // Ziemia Lidzka. 1936. № 2. S. 5-6.; 1936. № 3-4. S. 2-3.; 1936. № 5. S. 2.; 1936. № 6. S. 11-12; 1936. № 7. Пераклад Станіслава Судніка.
4. Борці і Барцянская воласць. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Borcie i wlosc Borcianska // Ziemia Lidzka. 1939. № 4-5. S. 109-117.; № 6. S. 161-168. Пераклад Станіслава Судніка.
5. Нататкі да манаграфіі Жалудка. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Szkice do monografii Zoludka // Ziemia Lidzka. 1937. № 2. S. 22-23; 1937. № 3. S. 27-28; 1937. № 4. S. 45-46; 1937. № 5. S. 50-52; 1937. № 9. S. 100-101; 1937. № 10. S. 106-107; 1937. № 11. S. 121-122; 1937. № 12. S. 131-132. Пераклад Станіслава Судніка.
6. Дворышча і Тракелі. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Dworzyszcze i Trokiele // Ziemia Lidzka. 1939. № 3. S. 82-91. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
7. Тры вёскі ў паўстанні 1863 г.: Дубічы, Шаўры, Нача. Рукапіс захоўваецца: Michal Szymielewicz: Historia wsi Dubicze i Nacza na Litwie // Fundacja-Zaklad narodowy im. Ossolnskich. Katalog Rekopisow akcesyjnych Akc. 17/56. S. 1-8. Пераклад Станіслава Судніка.
8. Яўрэі Шчучына. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Zydzi w Szczuczynie Nowogrodzkim // Ziemia Lidzka. 1938. № 1. S.13-14. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
9. Спроба класіфікацыі зямель. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Proby klasyfikacji gruntow na ziemi lidzkiej // Ziemia Lidzka. 1938. № 7-8. S. 95-97. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 2. Даўнейшае Наваградскае ваяводства
10. Даўнейшае Наваградскае ваяводства. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Dawne wojewodztwo nowogrodzkie // Ziemia Lidzka. 1938. № 2. S. 19-21.; 1938. № 3. S. 31-32.; 1938. № 4. С. 43-45.; 1938. № 5-6. С. 63-65. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 3. Адукацыя на Лідчыне
11. Пра гімназію, якая раней існавала ў Лідзе. Надрукавана: Михаил Шимелевич. О гимназии, которая ранее существовала в Лиде // Лидское Слово. № 5, 14 декабря 1912. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
12. Гісторыя лідскіх піяраў. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Dzieje pijarow lidzkich // Ziemia Lidzka. 1936. № 9. S. 2-4.; 1937. № 1. S. 2-3.; 1937. № 3. S. 32-33.; 1937. № 4. S. 44.; 1937. № 6-7. S. 62-67. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 4. Людзі Лідчыны
13. Адкуль паходзіць род Адама Міцкевіча. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Skad pochodzi rod Adama Mickiewicza // Ziemia Lidzka. 1938. № 9. S. 113-116. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
14. Алхімік з Шайбакполя. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Alchemik z Szejbakpolu // Ziemia Lidzka. 1936. № 6. S. 3. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
15. Стары дакумент. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Stary dokument // Ziemia Lidzka. 1938. № 12. S. 151-153. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
16. Са старой кніжкі. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Ze starej ksiazki // Ziemia Lidzka. 1937. № 12. S.140-142. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 5. Дарогі і пошта Лідчыны
17. Каралеўскі тракт. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Trakt krolewski // Ziemia Lidzka. 1936. № 2. S. 9-11. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
18. Польскі тракт. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Trakt polski // Ziemia Lidzka. 1937. № 8. S. 82-83. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
19. Даўняя пошта і тэлеграф на Лідчыне. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Dawna poczta i telegraf w ziemi lidzkiej // Ziemia Lidzka. 1939. № 1. S. 1-9.; 1939. № 2. S. 53-63. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
20. Ангарыя на Лідчыне. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Angaria w Ziemi Lidzkiej // Ziemia Lidzka. 1938. № 10. S. 125-128. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 6. Нашы рэкі
21. Нёман. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Nieman // Ziemia Lidzka. 1938. № 5-6. S.73-78. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
22. Рака Лебяда і яе прытокі. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Rzeka Lebioda i jej doplywy // Ziemia Lidzka. 1937. № 6-7. S. 72-73. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
23. Рэкі Гаўя і Жыжма. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Rzeki Gawja i Zyzma // Ziemia Lidzka. 1939. № 7-8. S. 209-211. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
24. Рака Дзітва. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Rzeka Dzitwa // Ziemia Lidzka. 1936. №1. S. 5-6. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 7. Нашы дрэвы
25. Сасна. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Nasze drzewa. Sosna // Ziemia Lidzka. 1938. № 1. S. 7-8. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
26. Дуб. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Nasze drzewa. Dab // Ziemia Lidzka. 1939. № 4-5. S. 133-138. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
27. Бярозавы сок. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Sok brzozowy // Ziemia Lidzka. 1939. № 4-5. S.144-145. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 8. Этнаграфія
28. Літоўскія татары. Этнаграфічны нарыс. Надрукавана: Шимелевич М. Литовские татары. Этнографический очерк // Виленский календарь на 1906 простой год / Изд. под ред. Ф. Н. Добрянского. Вильна, 1905. Отдел исторический. С. 63-74.; Шимелевич М. Литовские татары. Этнографический очерк. Вильно, 1905. - 14 c. Пераклад Станіслава Судніка.
29. Народная варажба. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Wrozby ludowe // Ziemia Lidzka. 1936. № 9. S. 11-12. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
30. Юр'я. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Jurje // Ziemia Lidzka. 1937. № 4. S. 40.; 1937. № 5. S. 54-56.; 1938. № 4. S. 52-53. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
31. Вяселле. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Wesele // Ziemia Lidzka. 1939. № 2. S. 41-45. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 9. Гістарычныя камяні Лідчыны
32. Гістарычныя камяні Лідчыны. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Zabytkowe kamienie // Ziemia Lidzka 1937. № 9. S.102-103.; 1937. № 10. S. 110-112. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 10. Лідскія могілкі
33. У цiшы могiлак… Надрукавана: Szymielewicz Michal. W cmentarnej ciszy // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 117-120. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
34. З таго свету. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Z tamtego swiata // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 125-127. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 11. Мовазнаўства
35. Трохі пра пакрыўджаны J. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Cos o skrzywdzonem J. // Ziemia Lidzka. 1936. № 8. S. 5-7. Пераклад Станіслава Судніка.
Частка 12. Успаміны, лісты, успаміны пра Шымялевіча
36. Лiда ў гады Вялiкай вайны. Надрукавана: Szymielewicz Michal. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. 1939. № 7-8. S. 185-198. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
37. Лiст Мiхала Шымялевiча Драмовiчу, дасланы ў рэдакцыю "Лiдскай зямлi" Вiтольдам Драмовiчам. Надрукавана: Ziemia Lidzka. 1999. № 2 (37). Пераклад Станiслава Суднiка.
38. Лiст напiсаны ў 1963 г. Мiхалам Шымялевiчам сябру Яну Сегеню ў Варшаву. З асабістага архіва Януша Сегеня. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
39. Успамiны Яна Сегеня пра блiзкага сябра свайго бацькi Мiхала Шымялевiча. З асабістага архіва Януша Сегеня. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Частка 13. Рукапісы
40. Высяленне ў Казахстан у 1940 г. значнай часткі жыхароў Лідскага павета. Рукапіс захоўваецца: Michal Szymielewicz. Wysiedlenie do Kazachstanu w r. 1940 znacznej czesci mieszkancow powiatu lidzkiego // FundacjaZaklad narodowy im. Ossolnskich. Katalog Rekopisow akcesyjnych Akc. 26/56. S. 9-89. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
41. Ішымскі стэп і яго мінулае. Рукапіс захоўваецца: Michal Szymielewicz. Step Iszymski i jego przeszlosc // FundacjaZaklad narodowy im. Ossolnskich. Katalog Rekopisow akcesyjnych Akc. 18/56. S. 95-163. Пераклад Станіслава Судніка.
Як бачна, большасць твораў Міхала Шымялевіча была надрукавана пры цары і Польшчы. Значная частка іх у перакладзе на беларускую мову прайшла цераз "Лідскі летапісец" і "Наша слова". А такі вялікі нарыс, як "Ішымскі стэп і яго мінулае" не друкаваўся ніколі нідзе, перакладаўся з рукапісу і друкуецца ў кнізе ўпершыню.
Мiхал Шымялевiч (18.10. 1879 - 11.01.1969, Michal Szymielewicz (Szymilewicz)).
У адным са сваiх артыкулаў - "Borcie i wlosc Borcianska" - Мiхал Шымялевiч паведамiў, што, згодна з iнвентаром Барцянскага староства 1765 г., барцяк вёскi Паўлока Мiхал Шымялевiч меў 3/4 валокi зямлi i плацiў штогод 30 злотых, а згодна з iнвентаром 1798 г., ягоны сын Марцiн Шымялевiч меў 1 дым (яго сям'я: 2 мужчынскія душы i 3 жаночыя) i 1 вала, 4/8 "osiadlych" валокi i 4/8 "pryjemnych" валокi, штогод адбываў паншчыну 2 дні ў тыдзень на дворнай зямлi i плацiў 40 злотых падатку. Другi сын Мiхала, Ян, перасялiўся ў Падзiтву. Сын Марцiна i ўнук Мiхала, таксама Мiхал Шымялевiч, нарадзiўся ў Паўлоцы ў 1801 г. (маці Мар'яна з Вiшнеўскiх) i жыў на адной валоцы зямлi сям'i сваёй жонкi ў вёсцы Пеляса. Згодна з iнвентаром 1832 г., ён адбываў на дворнай зямлі ў Палашках ужо 3 днi паншчыны акрамя iншых абавязкаў i выплат. Тут, у Пелясе, 6 жнiўня 1830 г. нарадзiўся бацька гiсторыка - Ян Шымялевiч, сын Мiхала.
Мiхал Шымялевiч пачаў адукацыю ў Лiдскай павятовай вучэльнi. З памятнай кнiжкi Вiленскай губернi за 1901 г. бачна, што на пачатку стагоддзя малады Шымялевiч ужо працаваў у Лiдскай судова-мiравой акрузе, канцылярыi з'езду мiравых суддзяў, памочнiкам сакратара (" на пасадзе з 12 сакавiка 1898 г., каталiцкага веравызнання") .
У 1915 г. Шымялевiч пакiнуў родны горад, стаў бежанцам. Пасля 1918 г. ён вярнуўся ў Лiду i перажыў усе навальнiцы, якiя прайшлi праз наш горад. Пасля стварэння ў кастрычнiку 1926 г. у Лiдзе гуртка Таварыства беларускай школы Мiхал Шымялевiч стаў сябрам гэтай арганiзацыi. У 1927 г. сябар ТБШ Мiхал Шымялевiч удзельнiчаў у выбарах у Раду г. Лiды і адзіны ад лідскага ТБШ прайшоў у Раду. 13 красавiка 1940 г. 60-гадовы даследчык разам са сваёй жонкай i малодшай дачкой, жонкай польскага афiцэра, быў кiнуты ў вагоны для быдла i разам з іншымі тысячамі лідзян вывезены памiраць у казахстанскi стэп, сям'ю пасялiлi ў Палудзiнскiм раёне Паўночна-Казахстанскай вобласцi, за 40 кiламетраў ад Петрапаўлаўска, а ягоны дом плошчай 71,41 м 2 у Лiдзе быў канфiскаваны. Там у 1943 годзе атрымаў яшчэ 10 гадоў ППЛ, але ў 1948 г. быў вывезены ў Польшчу (па амністыі). Жыў у Сопаце з сям'ёй. Працаваў вахцёрам. Памёр 11 студзеня 1969 года. Рэабілітаваны ў 1992 г.
Вось з такой кнігі пачаўся "Лідскі кнігазбор". Калі будзе ласка лідскіх уладаў, то неўзабаве пройдзе больш шырокая прэзентацыя кнігі, а калі не - то і не. Асноўнае зроблена - кніга ёсць.
Яраслаў Грынкевіч.
"Новы замак" прэзентавалі ў Наваградку
У Наваградскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя гадавіка сяброў Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў "Новы замак". З бібліятэкарамі і чытачамі сустрэліся пісьменнікі з Гародні Валянцін Дубатоўка і Янка Трацяк, са Слоніма Сяргей Чыгрын, з Наваградка Міхась Зізюк і з Дзятлава краязнавец і грамадска-культурны дзеяч Валер Петрыкевіч.
Сустрэчу распачаў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, які "пагартаў" свежы нумар "Новага замка" і спыніўся на асобах, якія там надрукавалі свае творы.
Рэдактар выдання Янка Трацяк распавёў пра тое, як ён працаваў над выданнем, адзначыўшы, чым яно адрозніваецца ад ранейшых, адказаў на пытанні прысутных.
Сяргей Чыгрын чытаў свае гумарыстычныя вершы, Міхась Зізюк спяваў песні на словы беларускіх аўтараў, а Валер Петрыкевіч распавёў пра тое, як на Дзятлаўшчыне ўшаноўваюць пісьменнікаў-землякоў. Госці пакінулі для бібліятэкі шмат сваіх новых кніг, а бібліятэкары падаравалі пісьменнікам на памяць памятныя медалі з выяваю Адама Міцкевіча.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак. Фота аўтара.
У Германіі петыцыя аб прызнанні Галадамору генацыдам набрала неабходную колькасць галасоў
Навіны Германіі
Петыцыя аб прызнанні Галадамору 1932-1933 гадоў генацыдам украінцаў, размешчаная на сайце парламента Германіі, набрала неабходныя 50 000 галасоў, паведаміла Міністэрства замежных спраў Украіны.
У 23:10 26 траўня колькасць тых, хто пакінуў свае дадзеныя ў падтрымку петыцыі, перавысіла неабходны мінімум у 50 000 галасоў. Гэта азначае, што петыцыю павінен разгледзець парламент і, не выключана, што Бундэстаг паставіць на галасаванне пытанне аб прызнанні генацыду ўкраінскага народа.
"Наперадзе - няпростая праца з дэпутатамі. Рашуча спадзяёмся на паспяховыя вынікі", - гаворыцца ў паведамленні.
Петыцыя з'явілася на сайце парламента Германіі ў канцы красавіка. У яе тэксце гаворыцца, што нямецкі Бундэстаг, як і 23 іншыя краіны свету, павінен прызнаць, што Галадамор ва Украіне ў 1932-1933 гадах - гэта генацыд украінскага народа, выкліканы савецкім рэжымам пад кіраўніцтвам Сталіна.
Вярхоўная Рада Украіны прызнала Галадамор 1932-1933 гадоў генацыдам украінскага народа ў лістападзе 2006 года. Украіна са спасылкай на дадзеныя навукова-дэмаграфічнай экспертызы сцвярджае, што агульная колькасць чалавечых страт ад Галадамору 1932-33 гадоў складае амаль 4 мільёны чалавек, а страты ўкраінцаў у частцы ненароджаных складаюць больш за 6 мільёнаў чалавек.
Незабыўны Манюшка - на канцэртах і ў лекцыях
У Менску працягваецца святкаванне юбілею кампазітара Станіслава Манюшкі. Яго натхняльная музыка прагучала 23 траўня ў Артыюме Нацыянальнай бібліятэкі для членаў Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА. У гэты ж вечар шырокая публіка мела асалоду слухаць арыі з опер Манюшкі ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. За дырыжорскім пультам стаяў маэстра Антоні Віт з Варшавы, арыю Ентка з оперы "Галька" выконваў саліст Варшаўскага тэатра тэнар Рафал Бартмінскі.
24 траўня ў дзень адчыненых дзвярэй Вялікага тэатра оперы і балету пра творчасць кампазітара распавядаў у сваёй лекцыі прафесар БДАМ Віктар Скарабагатаў. Многім цікава было даведацца, што на беларускіх землях у ХIX-тым стагоддзі існавалі 26 тэатраў оперы і балета. Оперныя пастаноўкі ў палацах Радзівілаў і Сапегаў ажыццяўлялі вядомыя майстры сцэны з Еўропы.
Станіслаў Манюшка пісаў песні на вершы Ул. Сыракомлі, Я. Чачота. Дзякуючы свайму таленту, з лёгкасцю і натхненнем ён ствараў рамансы на вершы рускіх і французскіх паэтаў.
У лекцыі прафесар Віктар Скарбагатаў распавёў, якая мясціна паслужыла правобразам для оперы " Страшны двор". Гэта была сядзіба дзядзькі кампазітара ў Смілавічах. Аднойчы дзядзька, жадаючы напалохаць малога Стася, сказаў яму, што стары гадзіннік апоўначы нечакана пачынае адбіваць гадзіны, калі закрычыць певень, а з партрэтаў у залах выходзяць жывыя паны і паненкі, былыя валадары маёнтка. Уражанне дзяцінства паслужыла сюжэтам музычнага твора.
Опера "Страшны двор" ставілася ў Расіі пад назвай "Зачараваны замак". У ёй дзеянне адбывалася ў пачатку ХVIII стагоддзя. Браты вярталіся з вайсковай службы і траплялі ў таямнічы замак. Яны закахаліся ў дзвюх паненак…
Наведвальнікам мерапрыемстваў было цікава даведацца пра шматгранны талент беларускага кампазітара, які лічыцца бацькам польскай нацыянальнай оперы, адчуць багацце беларускіх музычных традыцый ХVIII-ХIХ стагоддзя.
Эла Дзвінская, фота аўтара. Рафал Бартмінскі і Антоні Віт; 2. Канцэрт у Нацыянальнай бібліятэцы; 3. Ля Вялікага тэатра оперы і балета.
"Заві мяне кветачкай..."
Памяці жонкі Наталі
Зміцер Санько
(Працяг у наст. нумары.)
* * *
Памятаю той кастрычніцкі дзень 1966 года, калі ўпершыню ўбачыў яе. Лёгкай ступою ў гурце дзяўчат яна паднімалася па лесвіцы ў тым, яшчэ даваенным, корпусе біяфака. "Паглядзі, якая дзяўчонка! - з захапленнем вымавіў Грыша Падлужны. - Гэта Шчучка з шостай групы". А яе нельга было не заўважыць. Яна вабіла сваёй вытанчанай прыгажосцю, чароўнай усмешкай, някідкім арыстакратызмам. Была вясёлай і грамадзейскай. Яе тонкі голас, як сярэбраны званочак, вылучаўся спаміж дзявоцкай гаманы. Але, прыгожая, як ружа, яна была і калючай, як ружа. Яе востры язычок імгненна ставіў на месца якога-небудзь залішне самаўпэўненага кавалера. Хоць дзяўчат у нас на курсе было ўтрая болей за хлапцоў, шмат хто ўздыхаў па ёй. Я ў тым ліку. Ейная "калючасць" і мяне стрымлівала ад праяўлення пачуццяў.
На 4-м курсе, калі мы ўжо спецыялізаваліся на кафедры біяхіміі і біяфізікі, надарылася шчаслівая магчымасць быць бліжэй да яе. Неяк сама сабою ўтварылася сяброўская кампанія з трох дзяўчат (Тацяны Гладковай, Клавы Буланавай і Наталі) і двух хлапцоў (Аляксандра Ушкова і мяне). Разам рыхтаваліся да залікаў і экзаменаў, каапераваліся ў наладжванні доследаў, абмяркоўвалі дыпломныя праекты. Разам хадзілі ў тэатр і кіно. Прыгадваю, калі мне ў 3-й клініцы выразалі гланды, сябры прыйшлі ў адведкі. Прынеслі розных прысмакаў, сяго-таго падсілкавацца. І толькі Наталя здагадалася зварыць кісялю. Гэта было вельмі дарэчы, бо есці я тады яшчэ нічога не мог. Быў вельмі ўдзячны ёй. Тым не менш дыстанцыя паміж намі заставалася.
Толькі напярэдадні абароны дыпломных працаў, ведаючы, што Наталя яшчэ не намалявала дыяграмы (мабыць, адзінае, чаго яна не ўмела, - гэта маляваць), я наважыўся прапанаваць сваю дапамогу. Аднак, каб смялей пачувацца, узяў за памочніка Ушкова. Прыехалі да яе і ўбачылі, што з дыяграмамі ў Наталі сапраўды "поўны завал". За гадзіны тры зрабілі ўсё ў найлепшым выглядзе, чым заслужылі ад яе шчыры дзякуй.
Як бачыш, шаноўны чытачу, мой шлях да яе сэрца быў надта доўгі. Праз год, калі я ўжо стажаваўся ў Інстытуце малекулярнай біялогіі, павіншаваў Наталю паштоўкай з днём народзінаў. Папытаўся, як маецца, як уладкавалася ў Інстытуце гематалогіі. Яна адказала. А я ў сваю чаргу запрасіў яе пагасціць у Маскве, прымеркаваўшы прыезд да пачатку майго адпачынку ў ліпені. Пазней Наталя ўспамінала, што бацькі не хацелі адпускаць яе. І толькі пасля таго, як дачка запэўніла, што там працуе не толькі аднакурснік, але і аднакурсніца (маючы на ўвазе Наталю Ліцвінку), яны згадзіліся.
Падарожжа цягніком не абышлося без прыгодаў. Ейнае месца ў плацкартным вагоне было бакавое ніжняе, а верхняе - у Георгія Жжонава. Тады вядомыя акцёры былі больш сціплыя, чым цяпер, без фанабэрыі. Ён не назваў сябе, але Наталя здагадалася - занадта адметнае ў яго аблічча. Ехаў з Менска, можа, здымаўся там. Пакуль відно было, сядзелі за адкідным столікам, пілі гарбату. Крыху пагутарылі пра сёе-тое. Наталя сказала, што едзе ў Маскву ўпершыню, да аднакурсніка.
А побач, цераз праход, размясціліся нейкія артысты, нейкая "мастацкая самадзейнасць". Былі ў цэнтры ўвагі, увесь час спявалі, весяліліся. Адзін з гэтых камсамольцаў пачаў заляцацца да Наталі. Як ужо ўсе палеглі спаць, палез да яе, - кажа, пасунься. Наталя трохі спалохалася: "Здурнеў ты ці што?" А той усё адно нахабна лезе. Відаць было, што не прывык, каб яму адмаўлялі. Шмат хто чуў гэтую валтузню, але ўсе маўчалі. "Жжонаў быў адзіны, хто за мяне заступіўся", - з удзячнасцю ўспамінала Наталя. Перагнуўшыся з верхняй паліцы, ён сказаў цвёрда: "Гэтая дзяўчына едзе са мною". Камсамолец не паверыў, але адчапіўся.
"А як прыехалі на Беларускі вакзал, - згадвала Наталя, - той нахабнік яшчэ стаяў на пероне, вычэкваў, назіраючы, сустрэне мяне хто ці не. А тут падышоў ты з белай ружай. Я тады была такая радая, што ты спаткаў мяне, што не спазніўся. Дзіва што, адна ў чужым горадзе…"
Тры дні я знаёміў яе з Масквою: хадзілі ў тэатры, музеі, кнігарні, проста гулялі па горадзе, успаміналі студэнцкія гады. Нашы сяброўскія дачыненні сталі яшчэ больш шчырымі і даверлівымі. А па прыездзе ў Менск, куды мы вярнуліся разам, я ўпершыню спазнаў смак яе пацалунка. Не верыў свайму шчасцю! Дзяўчына, пра якую я мог толькі марыць, была ў маіх абдымках!
Пры канцы верасня 1972 года я прапанаваў Наталі выйсці за мяне замуж. Але адначасова папярэдзіў, што ёй са мною будзе вельмі нялёгка, што беларуская справа, якой я намерыўся прысвяціць сваё жыццё, не прынясе ніякіх дывідэндаў. Мая Шчучка захавала той ліст, дзе я пісаў пра ўсё гэта:
"Падумай добра, ці зможаш ты быць не толькі жонкай, але і маім верным сябрам. Гэта не так лёгка, як можа здацца на першы погляд. Калі не зможаш, дык лепей разысціся цяпер, бо ў адваротным разе мы рана ці позна станем чужымі, а жыццё наша будзе пакутай... Я не абяцаю табе спакойнага жыцця і тым больш не абяцаю "залатых гор". Я нават не пэўны, кім мне заўтра давядзецца быць - навукоўцам ці дворнікам… Хачу, каб нашыя дзеці былі не горшымі, а намнога лепшымі за нас, каб яны былі шчырымі беларусамі. А для гэтага, як мінімум, трэба, каб іх маці была беларускай. Не ведаю, ці добра ты ўсведамляеш гэтую адказнасць. Я досыць нагледзеўся, як людзі пакутуюць праз свае неабдуманыя ўчынкі ў маладосці, і не хачу паўтараць іхнія памылкі… Галубка мая, я не хачу, каб ты была няшчаснай са мною, бо бязмежна кахаю цябе і жадаю табе дабра. Будзь разумніцай, добра падумай пра ўсё гэта і не спяшайся з адказам, каб не шкадаваць пасля".
Але дарэмна я сумняваўся. Гэтая, на першы погляд, кволая дзяўчына мела моцны характар і вялікае беларускае сэрца. Яе выбар быў усвядомлены, бо ёй таксама балела душа за родную мову, бо яна таксама не магла мірыцца з той несправядлівасцю і крыўдамі, што чыніліся нашаму няшчаснаму народу.
На пачатку лістапада паехаў з Наталяй у Азярычына, каб пазнаёміць яе са сваімі бацькамі. Сустрэча была цёплай. Бацькі прынялі маю абранніцу вельмі зычліва. Потым, трохі счакаўшы, тата неспадзявана запытаўся ў яе:
- А калі станецца так, што твайго мужыка пагоняць у Сібір, ці гатова ты пайсці за ім?
- Так, - не вагаючыся, адказала Наталя. Яна ўжо ведала, з кім звязвае свой лёс.
І сёння, праз 46 гадоў, я з хваляваннем успамінаю той сонечны дзень 14 красавіка 1973 года, калі мы ўзялі шлюб, злучыўшы свае жыццёвыя сцежкі… А праз два тыдні, 1 траўня, вяселле гулялі ў Азярычыне. Сярод ганаровых гасцей там былі Яўген Кулік, Алесь Разанаў, Вольга Іпатава, Васіль і Наталя Ліцвінкі, Юзік і Людміла Прышчэпы, Валік Шык, Міхась Макаранка. Дзякуючы Міхасю, майму калегу-хіміку і выдатнаму майстру фатаграфіі, тая падзея была зафіксаваная на каляровай стужцы, з якой пазней наша дачушка зрабіла шыкоўны альбом, падараваўшы яго нам да 40-годдзя шлюбу.
Калі нарадзіліся дзеці, пытанне іх моўнага выхавання паўстала перад намі ў практычнай роўніцы. І ў дзіцячых садках, і ў школах панавала расейская мова. Як стварыць для дзяцей асяроддзе, якое б успрымалася як натуральнае, і міжволі не сфармаваць у іх комплекс непаўнавартасці? Як бараніцца ад агрэсіўнай расейшчыны, што лезла адусюль, з усіх дзірак? Мы з Наталяй пайшлі на радыкальны крок: пастанавілі не купляць тэлевізара, пакуль дзеці не скончаць школу. Бо тады, як і сёння, тэлебачанне было самым эфектыўным каналам русіфікацыі. А што ж прапанаваць наўзамен? Зразумела, было радыё, адкуль яшчэ гучала родная мова ў песнях, пастаноўках тэатра перад мікрафонам, інфармацыйных праграмах. Але самае галоўнае: мы штодня чыталі нанач сваім дзецям беларускія казкі, апавяданні, вершы. Потым набылі праектар і ў выходныя дні часта паказвалі ім дыяфільмы, перакладаючы суправаджальны тэкст з расейскай ці ўкраінскай мовы... Так і пайшло: дома дзеці гаварылі па-беларуску, а па-за яго сценамі - па-расейску.
Аднаго разу Наталі прыйшла ў галаву ідэя рацыяналізаваць працэс чытання: запісаць казкі на магнітафон і па вечарах "круціць" дзецям гэтыя запісы, выслабаніўшы для сябе трохі вольнага часу. Падабралі самыя, на наш погляд, цікавыя казкі (першай, здаецца, была "Леў і Воўк"), размеркавалі ролі, правялі рэпетыцыю. Усё ішло гладка датуль, пакуль не пачулі саміх сябе на магнітафоннай стужцы. Бо мы ж - не прафесійныя акцёры, каб запісаць на адным дыханні, даводзілася рабіць паўзы. Вядома, што чалавек і без таго чуе свой голас іначай, чым у запісе. А мы ж яшчэ дужа стараліся ўвайсці ў ролю, прыпадабняючыся да казачных персанажаў. І як паслухалі - такі нас апанаваў смех! Так рагаталі, так рагаталі - як не парваліся! Доўга не маглі суняцца. Ніколі ў сваім жыцці гэтак не смяяліся… Не памятаю, дапісалі мы тую казку ці не, але ўжо болей не спрабавалі.
Да чаго давялі тады нашую мову, вельмі добра паказвае такі факт. Уладзімір Содаль рыхтаваў для сваёй перадачы "Роднае слова" сюжэт пра Цётку. І спрабаваў напытаць, хто мог бы на памяць расказаць яе верш "Сынок маленькі". Сустрэўшы мяне, папрасіў памагчы: "Зьміцер, я ў роспачы, ува ўсім Менску не магу знайсці хлапчука перадшкольнага ўзросту, які можа гаварыць па-беларуску!" Наш Кастусёк вывучыў той верш даволі хутка - добрую меў памяць. Наталя хораша апранула яго, завязала на шыю як гальштук тканы паясок з традыцыйным арнаментам. Памятаю, усё прайшло добра, толькі надта змарылася нашае дзіця, чакаючы ў студыі сваёй чаргі. Бо ў Леаніда Барткевіча, які запісваўся там з дзіцячым хорам, нешта ўсё зрываўся голас.
(Працяг у наст. нумары.)
Гісторыя з пахаваннем паўстанцаў аддзела Людвіка Нарбута
Леанід Лаўрэш
Пасля паразы аддзела Людвіка Нарбута пад Дубічамі 4 траўня 1863 г. трэба было пахаваць паўстанцаў і, каб аб атрымаць дазвол, патрабавалася адмыслова тэлеграфаваць у Вільню генерал-губернатару Назімаву і атрымаць ад яго дазвол.
На ноч целы забітых паўстанцаў перанеслі ў бабінец касцёла ў Дубічах. Сяброўка Тэадоры Манчуньскай Тося Табенская, якая займалася пахаваннем, успамінала:
"З трупаў лілося столькі крыві, што здавалася яны плаваюць у крывавай плыні.
Касцельныя бабкі абмылі трупы ад крыві, вясковыя жанчыны, з плачам, як па ўласных сынах, накрылі іх сваёй грубай бялізнай і прасцінамі.
Ранкам прыбылі некалькі спадарыняў і спадароў з суседніх гаспадарак. Прывезлі бялізну і адзенне для забітых, посцілкі і бандажы для параненых …
Змрочная сур'ёзнасць ляжала на галовах усіх, хто прыбываў на гэты балючы людскі рытуал… З вялікай роспаччу глядзелі на тое, як палягла моладзь, з якой яны звязвалі так многа надзей, ляжыць як скошаная трава ў бабінцы касцёла. Тут ляжалі найлепшыя і найшляхетнейшыя сыны Лідскай зямлі, яе будучыня, а можа і слава.
Ляжаў і ён, камандзір - Людвік Нарбут, у якім не толькі Ліда, але і ўся Літва страціла свайго найслаўнейшага ваяра за вольнасць.
З прыбыўшых на пахаванне спадарыняў найбольшую дапамогу аказалі: Тараевіч з Салтанішак і Юзэфа Вісмант - настаўніца.
Нарэшце ўсё падрыхтавана.
Дванаццаць белых нефарбаваных трунаў былі пастаўлены ў касцёле без катафалка, проста на зямлі і ўтварылі піраміду, верхам якой была абабітая чорным аксамітам труна камандзіра.
Развітаўшыся з нягодамі і цяжкасцямі свайго кароткага жыцця, прысвечанага Краю, якое налічвала крыху болей за 31 год, спаў у труне вечным сном Людвік Нарбут, над дванаццаццю сваімі вернымі таварышамі, а людзі, углядваючыся ў яго "дамавіну", як у святыню, выціралі заплаканыя вочы і паўтаралі: "Зусім як Хрыстос з дванаццаццю апосталамі" 1.
Пахаванне з вялікай урачыстасцю адбылося 24 красавіка (6 траўня). Акрамя шматлікіх сялян прысутнічалі 14 ксяндзоў і каля 200 тутэйшых землеўладальнікаў. Тлумы перапаўнялі касцёл, яшчэ большая колькасць людзей стаяла каля касцёла.
Вялікая, загадзя падрыхтаваная магіла, чакала палеглых за вольнасць. Усе труны былі пастаўлены ў дол у адзін рад. Лідская зямля прыгарнула сваіх верных сыноў, прымаючы іх у сваё лона на вечны адпачынак. З пяску, насыпанага жменямі вырас высокі капец, які закідалі вясновымі кветкамі. Яшчэ не высахлі слёзы ў сем'ях, як гэты курган казакі зруйнавалі капытамі сваіх коней 2.
У 1864 годзе ў гадавіну бітвы пад Дубічамі да магілы прыйшлі сябры загінуўшых разам са спадарыняй Геншаль, сястрой былога сябра арганізацыі. Каля магілы іх адразу ж атачылі жаўнеры і пагналі ў Ліду: "Раз моліцеся на магіле Нарбута, дык вы такія самыя бунтаўшчыкі, як і ён". Аднак у Лідзе ваенны начальнік Лідскага павета палкоўнік Алхазаў атрымаў "у лапу" 25 рублёў і ўсіх адпусціў 3. Як тут не ўспомніць словы Вяземскага: "У Расіі суровасць законаў сцішаецца іх невыкананнем", і дадам ад сябе, хабарніцтвам.
У Лідскім павеце людзі яшчэ доўгі час не верылі ў смерць Людвіка Нарбута і спадзяваліся на яго вяртанне. Хадзіла шмат легенд. Вось адна з іх: "Скульптур Хрыста было тры. Адна ў Вільні на Антокалі, другая ў Дубічах, у касцёле, трэцяя недзе ў свеце, невядома дзе зараз валадарыць. Нарбут не загінуў, але пайшоў у свет шукаць каралеўства трэцяга Хрыста, а як знойдзе, дык прыйдзе разам з ім адпомсціць за ўсе крыўды і забярэ тады з Начы 4 фігуру другога Хрыста" 5.
У ліпеньскім нумары 1909 г. "Курьера Літоўскага" настаўнік пецярбургскай мужчынскай гімназіі пры касцёле Св. Кацярыны Алойзы Сцерла-Арліцкі (Alojzy SterloOricki) напісаў пра свае ўражанні ад наведвання мястэчка Дубічы. Сярод іншага ён паведаміў: "На ўзгорку, пасярод маляўнічых могілак, раней стаяў драўляны касцёлік, у ім мелася фігура Пана Езуса. Да гэтай фігуры здалёк прыходзілі пілігрымы, і тут адбываліся дзіўныя рэчы: сляпыя пачыналі бачыць, глухія чуць, нямыя гаварыць, а хворыя выздараўлівалі. У Дубічах заўсёды было шмат паломнікаў.
Наступіў 1863 г. Касцёл разабралі на дровы для вайсковай часткі ў Васілішках, цудоўную фігуру разам з алтарамі перавезлі ў касцёл Начы. Гэтак цягналася 40 гадоў.
Зараз, калі бліснуў прамень рэлігійнай свабоды, сяляне ў Дубічах вырашылі адбудаваць святыню і перанесці ў яе цудадзейную фігуру Езуса. … 5 ліпеня адбылося залажэнне кутняга каменя новага касцёла …
На Дубіцкіх могілках разам з сваімі паплечнікамі спіць вечным сном гераічны камандзір паўстанцаў Людвік Нарбут. Доўга я шукаў хоць нейкага помніка ці крыжа з надпісам, і, не знайшоўшы, звярнуўся па дапамогу да сялян, якія стаялі каля могілак.
Адзін з іх, сівы як голуб стары, сведка паразы паўстанцаў Нарбута, прывёў мяне на пагорак, падобны на вал які атачае могілкі. Паказваючы на працяглую, але ледзь бачную нізінку, сказаў:
- Тут супольная магіла Нарбута і яго таварышаў.
І, паказаў месца кожнага з іх:
- Тут мы паклалі Красінскага, тут Лукашэвіча, тут двух братоў Бразоўскіх
І гэтак паказваючы - сказаў:
- А тут ляжыць наш любімы і справядлівы камандзір.
Сказаўшы гэта, стары замігаў, па зморшчаным і загарэлым твары пацяклі слёзы.
- Там, куды спадар глядзіць, там на балоце палеглі ўсе, - сказаў ён паказваючы мне рукой на супрацьлеглы бераг возера. - Адтуль чуліся стрэлы, але потым усё сціхла, і праз некалькі гадзін нам аддалі знявечаныя целы для пахавання.
- Чаму, - пытаю ў яго, - няма помніка ці хоць крыжа з надпісам, што гэта магіла Нарбута і паўстанцаў?
- Раней было не можна, а зараз, хоць і можна, але няма каму гэта зрабіць.
- А ці засталіся крэўныя, ці можа хто з грамады хоча сціплы помнік паставіць?
- Крэўныя? … не ведаю. Некалькі гадоў таму прыязджаў нейкі багаты спадар, запытаў, дзе магілы паўстанцаў і дзе пахаваны Нарбут. Калі яму паказалі - здзівіўся, што няма помніка, сеў на мураву, пасядзеў пяць хвілін і паехаў. І шмат да яго і пасля яго было такіх наведвальнікаў, і кожны шкадаваў, што няма помніка. Здаецца, нікому гэта не патрэбна.
Са смутнымі думкамі я пакінуў старога, а ён яшчэ доўга стаяў каля магілы і пра нешта думаў. Няма там аніводнай кветкі, аніводнага дрэўца. Ці дачакаемся мы хоць сціплага помніка?" 6
Як бачым, прыгожа напісаны тэкст настаўніка гімназіі па-свойму тлумачыць, чаму на месцы пахавання паўстанцаў не было помніка.
Праз некалькі нумароў газеты, на тую ж тэму выказаўся Вандалін Шукевіч - член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі, жыхар суседняй Начы і надзвычай дасведчаны чалавек у гісторыі нашага краю.
Шукевіч паправіў гістарычныя памылкі, пецярбургскага настаўніка, сярод іншага ён паведаміў, што стары касцёл у Дубічах існаваў да 1869 г. і быў зачынены, бо, як быццам, мог паваліцца ад старасці. Яго можна было адрамантаваць, але гэтага зрабіць не дазволілі. Замест рамонту, касцёл быў зачынены і разабраны, а касцельную зямлю, "урад аддаў папам у Лідзе", - піша Вандалін Шукевіч.
Гісторык, паправіўшы настаўніка, пераказаў сапраўдную гісторыя мястэчка Дубічы. Мястэчка заўсёды было каралеўскай маёмасцю, а яшчэ раней - уласнасцю Вялікіх князёў ВКЛ. На супрацьлеглым ад мястэчка беразе возера Пелясы, Вітаўт меў паляўнічы двор. З усёй маёмасці, па прывілеі Казіміра Ягелончыка і Жыгімонта І, толькі возера Пеляса і зямля вакол яго была прыватнай маёмасцю Яна Касцевіча, падляшскага ваяводы. Наступнымі пасля Касцевіча ўладарамі возера былі: Радзівілы, Садоўскія, Францкевічы, Тышкевічы, а ў XIX ст. ім валодала графіня Вансовіч, пасля яе возера мелі Патоцкія.
Але самае цікавае Шукевіч расказаў пра магілу паўстанцаў 1863 г. Працытую гэты фрагмент тэксту цалкам: "Магіла Людвіка Нарбута і яго таварышаў, палеглых у бітве каля Дубічаў 22 красавіка (па старым стылі) 1863 г. знаходзіцца на зямлі, якая належыць папам, з-за гэтага да нашага часу цяжка марыць пра ўстаноўку хоць якога помніка. Гэта адзіная прычына яго адсутнасці. Нядбайнасць сваякоў ці грамадскасці не мае да адсутнасці помнікаў ніякага дачынення. Ці зменіцца гэта калі-небудзь да лепшага - хто ведае? Да гэтага часу памяць пра гэтых пакутнікаў мы захоўваем у скарбніцах сваіх душ, і тут ужо даўно стаіць помнік нашым героям" 7.
"Папы ў Лідзе", якім належала зямля былога Дубіцкага касцёла (дарэчы, таму новы касцёл будаваўся ў баку ад старых могілак) - гэта лідскі дабрачынны таго часу Іосіф Каяловіч, родны брат гісторыка і добра вядомы на Лідчыне, зацяты русіфікатар. Але Каяловіч як барацьбіт з помнікамі - гэта нешта новае пра гэтага чалавека.
І толькі ў 1933 г., дзякуючы iнiцыятыве жаўнераў i афiцэраў 76-га Лiдскага палка пяхоты, у Дубiчах паставiлi помнiк памяцi Людвiка Нарбута i палеглых паўстанцаў. Сродкi на яго пабудову былi сабраны спецыяльным, для той мэты сабраным Камiтэтам Лiдчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Смiглы. Праект выканаў прафесар Унiверсiтэта iмя Стэфана Баторыя, знакаміты мастак Фердынанд Рушчыц. Адкрыццё помнiка 6 жнiўня 1933 г. было вялiкай падзеяй i святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з'явiлiся спецыяльныя публiкацыi, прысвечаныя Людвiку Нарбуту i студзеньскаму паўстанню, а таксама гiсторыi 76-га Лiдскага палка пяхоты, якому было нададзена iмя геройскага камандзiра (полк у той час дыслакаваўся ў Гародні). У адрозненне ад іншых, гэты помнік перажыў савецкія часы, бо ў савецкай гістарыяграфіі, тое паўстанне лічылася толькі сацыяльным і антыцарскім.
Пасля пабудовы новага касцёла ў Дубічах, туды вярнулася алтарная фігура Хрыста, якая да гэтага часу захоўвалася ў Нацкім касцёле. А ў цяжкім 1947 г., перад пачаткам нядзельнай службы ў Дубіцкім касцёле, на вачах у сотняў вернікаў, за паўгадзіны аднавілася фігура Хрыста на крыжы які стаяў перад касцёлам 8, і вернікі злучылі ў сваім уяўленні гэты цуд з памяццю пра Людвіка Нарбута.
Дарэчы, у той год на Лідчыне, аднаўленні крыжоў і абразоў стала амаль што масавай з'явай, расказы пра гэта я чуў шмат ад каго, некаторыя з іх запісаны і апублікаваны ў інтэрнэце, але гэта ўжо іншая тэма.
1 Elzbieta Tabenska. Z doli i niedоli. Wspomnienia wygnanki. Krakow, 1897. S. 34-35.
2 Kowalewska Zofja. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 54.
3 Там жа. S. 78-79.
4 Пасля разбурэння ў 1869 г. касцёла ў Дубічах, алтарная фігура Хрыста захоўвалася ў суседнім Нацкім касцёле.
5 Kowalewska Zofja. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 56.
6 Kurjer Litewski № 158, 16 (29) lipca 1909.
7 Kurjer Litewski № 166, 25 lipca (7 sierpnia) 1909.
8 Ziemia Lidzka. 2002. № 1 (48).
"ПЛАНЕТА БЕЛАРУСЬ" У МАГІЛЁВЕ
10 красавіка 2019 г. Магілёў наведаў знакаміты беларускі фатограф і журналіст, заснавальнік парталу "Планета Беларусь" Сяргей Плыткевіч. Творчая сустрэча са знакамітым беларускім фатографам, журналістам, выдаўцом, дырэктарам Фонду дзікай прыроды "Чырвоны Бор" Сяргеем Плыткевічам адбылася ў касцёле Св. Станіслава, пры падтрымцы якога магілёўская суполка ТБМ і арганізавала падзею.
Сяргей Плыткевіч - дырэктар краязнаўчага выдавецтва "Рыфтур", дырэктар Рэспубліканскафа фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды "Планета без межаЎ", фотамастак, аўтар фотальбомаў "Мая Беларусь", "Беларуская экзотыка", "Нечаканая Беларусь", "Планета Беларусь", "Запаведная Беларусь" і іншых. Ён распавёў шмат цікавага пра сваю творчасць і працу, пра рознага кшталту выпадкі з уласнай практыкі, узгадаў хвалюючыя гістарычныя падзеі. Сяргей Міхайлавіч прадставіў увазе публікі свае лепшыя фотаздымкі, а таксама прадэманстраваў відэазапісы момантаў працы людзей, якія звязалі свой лёс з роднай прыродай.
"Мая Беларусь" - так называўся першы аўтарскі фотаальбом, які быў выдадзены ў 2001 годзе. Потым было шмат турыстычных даведнікаў, камплектаў паштовак, а таксама альбомы "Беларуская экзотыка", "Нечаканая Беларусь", "Дикая жизнь в центре Европы", "Планета Беларусь". Гэтымі выданнямі Плыткевіч спрабуе пераканаць і суайчыннікаў, і замежных гасцей, што наша краіна незвычайная і нават экзатычная. Сяргей Міхайлавіч дае магчымасць паглядзець на дзікую прыроду, якая амаль недасягальная для звычайных людзей.
У "Нечаканай Беларусі" ўпершыню ў гісторыі нашай краіны Сяргей Міхайлавіч паказаў самыя прыгожыя мясціны Беларусі з вышыні птушынага палёту. Альбом вытрымаў тры выданні, але час ляціць імкліва - многія гарады значна змяніліся.
Таму Сяргей Плыкевіч вырашыў зрабіць новую кнігу "Планета Беларусь", якая працягвае тую ж тэму. Ён ўпэўнены, што дзівосныя разлівы на Прыпяці, якую называюць палескай Амазонкай, або самае вялікае ў Еўропе верхавое балота Ельня ўразяць любога замежнага госця. Бо не так многа ў свеце захавалася кавалачкаў некранутай дзікай прыроды, тым больш у самым цэнтры індустрыяльнай Еўропы.
Сяргей Міхайлавіч з захапленнем распавядаў магілёўцам пра нашу краіну. Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы, на скрыжаванні дарог - і не толькі зямных, але і паветраных. Аднак дагэтуль краіна не пазнаная да канца, захоўвае мноства таямніц і недаступных воку прыгожых мясцін. Беларусь заўсёды будзе загадкавай, здатнай здзіўляць.
Сяргей Плыткевіч даўно марыў убачыць сваю радзіму з вышыні птушынага палёту. Яшчэ падчас навучання ў Полацкім лясным тэхнікуме ў яго ўзнікала жаданне звязаць свой лёс з небам - была магчымасць атрымаць спецыяльнасць лётчыка-назіральніка… Журналіст і фатограф Сяргей Плыткевіч, праляцеўшы не раз на верталёце па-над Бацькаўшчынай, здымаў яе краявіды на фотаапарат.
Ці можна параўнаць краіну з планетай? Фотамайстар Сяргей Плыткевіч здзейсніў больш за сто адмысловых палётаў над Беларуссю і перакананы: параўноўваць не толькі можна, але і неабходна. І цяпер у сваёй выснове фатограф пераконвае жыхароў "Планеты Беларусь", грамадзян гэтай неверагодна прыгожай краіны, пераконвае з дапамогай зробленых у палётах фотаздымкаў, аб'яднаных у фотаальбомы "Нечаканая Беларусь", "Планета Беларусь", фотавыставы, з якімі Сяргей Плыткевіч вандруе па краіне.
Сяргей Міхайлавіч зрабіў і фільм пра непаўторную беларускую прыроду. Адзін з магчымых шляхоў паказаць яе прыгажосць - праз чалавека, які па-сапраўднаму адчувае сябе непадзельным з ёй. На нейкі час займець яго ўспрыманне, паглядзець на "дзікую Беларусь" яго вачыма, разам з ім наблізіцца да тае рысы, за якой заканчваецца бытавое чалавечае жыццё і пачынаецца тайна прыроды.
Мы павінны бачыць прыгажосць той зямлі, на якой пашчасціла жыць, працаваць, выхоўваць сваіх дзяцей. Мы памятаем сваіх продкаў, якія не шкадавалі жыцця дзеля захавання незалежнасці нашай Радзімы, і разумеем, што зараз мы нясём адказнасць за лёс планеты Беларусь…
Шэмянкова Наталля, Магілёў.
Не ад Эзопа, а ад Язэпа
Тутэйшы шляхціц
Ужо спрадвеку такое вялося: на балота пойдзеш - на жабу ступіш. У недалёкім мінулым пры нашай памяці было як закон: пляшку прыдбаеш - браты-камсамольцы дапамогуць асушыць ці партдзядзька аднекуль падкоціцца ды яшчэ адну з годнасцю камуніста запатрабуе. Балоты асушылі, партыю забаранілі, а ўсяроўна лягчэй не стала. З крыўды за няўклюдны сённяшні дзень паспрабуй куды-небудзь плюнуць - на шляхціца патрапіш. Не было іх чуваць-відаць, а тут, на табе, распладзілася бы камароў увесну.
Неяк аднаго разу ў краме, дзе пучкі бычыных хвастоў і капытоў прадавалі, сабралася ладная чарга, і я, як належыць, не прамінуў стаць. Як ні кажы, а ў апошні час стала модным у госці без запрашэння хадзіць. Аднаго конскага капыта пад гарбату з палыну на ўвесь вечар хапае.
Значыць, стаім, як належыць, ды кожныя пяць хвілін нехта выгуквае на ўсю залу: "Болей аднаго капыта на рукі не выдаваць".
Тут шыбуе да прылаўка пузаты карантыш: штаны, пэўна, на сметніку знайшоў, і ў левым чаравіку абцаса няма.
- Мне пяць кіль, - нахабна патрабуе.
Бачна: не інвалід руска-пруска-турэцкай вайны, не поўны кавалер ордэнаў "За ўзяцце Шыпкі". (Цяпер і такіх немала.) Проста нахабнік. Стогалосая калейка далікатна звярнулася да нізкарослага чалавека:
- Ты, абрубак, канец чаргі на вуліцы!
Карантыш нават не павярнуўся.
- Не тыкай мне, быдла! Я - шляхціц.
Народ адразу прыціх. Вядома, цёмны, забіты. Ведае камунізм, сацыялізм ды аднадушна абранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бо ён сам пра сябе штодня сваім выбаршчыкам напамінае. Слова "шляхціц" упершыню чуе.
Праўда, знайшлася адна сціплая жанчына.
- Я - таксама шляхцянка.
Шляхцюк бойкі трапіўся.
- Радавод свой распавядай ці грамату ад Вялікага князя Літоўскага пакажы.
Жанчына таксама не лыкам шытая, паспрабавала вырашыць пытанне рубам.
- Сам пакажы.
Маленькі чалавек дастаў з кішэні жоўтую паперку і горда ўзняў яе над галавою.
- Глядзіце. Глядзіце ўсе. Уласнаручны подпіс караля Рэчы Паспалітай і пячатка Вялікага князя Літоўскага. Я - шляціц!
Паперка - моц. І сягодня яе ўсе баяцца. Натоўп аціх, толькі самыя апошнія ў калейцы напаўголаса запярэчылі:
- Шляхта капытоў не есць.
- Дзякуй Богу! Трапіўся адзін свядомы чалавек, - зазначыў карантыш. - Мы, шляхта, хвастоў не ямо. А вось сабакі нашыя ядуць. Ім я і купляю.
Шляхцюк наладаваў поўную торбу спажывы і з шляхецкай годнасцю пайшоў прэч.
Усе мы з зайздрасцю глядзелі яму ўслед. Мы - не шляхта, у нас паперкі такой няма, і таму нам - па аднаму капыту на рукі.
Язэп Палубятка. 995 г.