Папярэдняя старонка: 2019

№ 23 (1434) 


Дадана: 05-06-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1434), 5 чэрвеня 2019 г.

Cвятлана Алексіевіч: "Мая родная мова - беларуская"

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч запэўніла, што падчас перапісу насельніцтва назаве беларускую мову роднай. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю "Белсату":

- Вядома ж, я - беларуска. І гэта мая родная мова - беларуская, хоць я на ёй і не размаўляю. Не размаўляю па той прычыне, што ўся практыка майго жыцця - гэта руская мова і руская культура. Але я сябе адчуваю беларускай, беларуская зямля - мая зямля, мой бацька адсюль. Я іншага жыцця не ведаю, толькі жыццё тут, нягледзячы на тое, што я жыла і ў Еўропе. Мая зямля - Беларусь.

NN.by.

VIIІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

1 чэрвеня ў Менску прайшоў VIIІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Некалькі соцень дэлегатаў з усiх рэгiёнаў Беларусi былі вылучаны на Кангрэс. На ім абмеркавалі ключавыя праблемы грамадскага сектару. У Асамблею ўваходзiць на сёння 330 арганiзацый i iнiцыятыў, як зарэгiстраваных, так i незарэгiстраваных. У Кангрэсе ўзяў удзел 131 дэлегат. Пасля агульнага паседжання пачалася праца па секцыях. Кангрэс Асамблеi абраў новую Рабочую групу ў новым, моцна скарочаным фармаце. У яе увайшлі 12 чалавек па розных тэматычных кiрунках дзейнасцi. Былі прыняты рэзалюцыя i дэкларацыя пра каштоўнасцi Асамблеi НДА. Падчас Кангрэсу працавала вулiчная выстава, прысвечаная кiрункам дзейнасцi і дасягненням розных НДА краiны. Мерапрыемства праходзіла ў сталічнай пляцоўцы "Прастора".

Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота Ладзіка Майніча.

Беларуская мова ўрачыста гучала на эўхарыстычнай працэсіі

Па ўсёй Беларусі католікі правялі шматлюдныя святочныя шэсці, прымеркаваныя да свята Божага Цела і Крыві. У Менску 2 чэрвеня велічная эўхарыстычная працэсія з Святымі Дарамі цягам чатырох гадзін ішла па галоўных плошчах і вуліцах горада ад касцёла святога Роха на Залатой Горцы да Архікатэдральнага касцёла і стала выразнай праявай веры. На плошчах Перамогі, Кастрычніцкай, Незалежнасці і Свабоды святары прамаўлялі гаміліі на беларускай і польскай мовах на тэмы хрысціянскай веры і сямейнага жыцця.

Ля Архікатэдральнага касцёла на пяці еўрапейскіх мовах да вернікаў звярнуўся Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ксёндз Аляксандр Улас у сваёй гаміліі нагадаў пра важнасць сямейнага ладу, памнажэння любові і ўзаемаразумення ў сям'і. Лета - цудоўная магчымасць сем'ям удзельнічаць у пілігрымках, адпачываць разам і наведваць санктуарыі Беларусі. У арганізацыі і правядзенні працэсіі ўдзельнічалі скаўты, яе суправаджалі хоры з Залатой горкі і Чырвонага касцёла. У святочным шэсці бралі ўдзел людзі розных узростаў, было шмат моладзі і дзяцей, што сведчыць аб развіцці традыцый касцёла на Беларусі, які з'яўляецца сёння ў краіне адным з галоўных духоўных і маральных аўтарытэтаў. Велічна гучала ў дзень свята родная мова з вуснаў святароў і вернікаў.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

У Архікафедральным касцёле ў Менску з'явіўся мемарыяльны знак у гонар Станіслава Манюшкі

Станіслаў Манюшка - знакаміты кампазітар, дырыжор, пачынальнік беларускай оперы.

Фота Ігара Сурмачэўскага.

У Варшаве імя Станіслава Манюшкі атрымаў чыгуначны вакзал "Цэнтральны"

У Польшчы Станіслаў Манюшка - пачынальнік польскай оперы.

Алег Трусаў: "Сярод чыноўнікаў ёсць варожая да беларушчыны група, якая спіць і бачыць, каб хутчэй увайсці ў Расію"

Госцем "Інтэрвію тыдня" на Радыё Свабода быў выканавец абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў. Ён адказаў на пытанне, калі першыя студэнты змогуць пачаць заняткі ў гэтым універсітэце, заявіў, што сярод чыноўнікаў ёсць варожая да беларушчыны група, і патлумачыў, навошта хадзіў на "Вялікую размову" з Лукашэнкам.

- На якой стадыі цяпер падрыхтоўка да пачатку навучальнай дзейнасці ў Беларускім нацыянальным універсітэце імя Гілевіча?

- З аднаго боку, унівэрсітэт ужо пачаў сваю дзейнасць летась 24 верасня, калі адкрыў першыя ў Менску беларускамоўныя падрыхтоўчыя курсы для падлеткаў і дарослых. У траўні адбыўся першы выпуск навучэнцаў курсаў, іх скончыла больш за 50 чалавек. Мы рыхтавалі вучняў ад 6 да 11 класа, і ў падрыхтоўцы да тэстаў, і ўвогуле дзеля падвышэння іхніх ведаў. Фізіка, матэматыка, гісторыя, польская, ангельская, нямецкая мова - праз беларускую мову. Выкладчыкі былі самага высокага ўзроўню - ад дактароў, кандыдатаў навук да настаўнікаў вышэйшай катэгорыі.

Такім чынам, універсітэт пачаў рэальна дзейнічаць 24 верасня, першыя заняткі правёў Уладзімір Арлоў. Што да іншых планаў, то мы працуем зараз над атрыманнем ліцэнзіі. Калі ўсё будзе добра, то ў верасні 2020 года ўжо прыйдуць і першыя студэнты ў наш універсітэт.

- Якая сітуацыя з гэтай ліцэнзіяй? Алена Анісім у некаторых інтэрв'ю распавядала пра пэўныя бюракратычныя перашкоды.

- Так, чым болей мы працуем, тым болей гэтых перашкодаў з'яўляецца. Вылазяць, як чэрці з балота. Дзве траціны ўсіх паперак мы сабралі. Цяпер збіраем паперкі, што нейкія фірмы, дзяржаўныя і недзяржаўныя, гатовыя ўзяць нашых выпускнікоў на практыку. Ходзім, збіраем, па самых розных спецыяльнасцях.

І самае складанае - вучэбна-метадычныя комплексы. Мы абавязаныя прадставіць інфармацыю, што калі не маем падручнікаў на беларускай мове з грыфам Міністэрства адукацыі, то прадстаўляем вучэбна-метадычны комплекс. А гэта велізарная праца, да канца чэрвеня мы хочам мець 18 такіх комплексаў.

І тады мы будзем падаваць паперы на першую стадыю атрыманьня ліцэнзіі. Стадыяў такіх дзве. Спачатку мы павінны падаць на адмысловыя Рады пры БДУ ды іншых універсітэтах, потым нясём у Міністэрства адукацыі. Што да памяшканняў, то ў нас ужо ёсць згода ад тых, хто можа даць нам памяшканні пасля атрымання ліцэнзіі.

- Як бы вы ацанілі стаўленне чынавенства да ідэі стварэння ўніверсітэта - гэта нейтралітэт, спрыянне ці перашкоды?

- Наша грамадства і чынавенства падзелена на тры групы. Першая - гэта варожая да беларушчыны група, якая спіць і бачыць, каб хутчэй увайсці ў Расію. І калі мы трапляем на такіх - то атрымліваем самыя велізарныя перашкоды. Другая група сярод чынавенства, якія паважаюць мову і культуру - ад тых ідзе поўная падтрымка. Але, на жаль, большасць чыноўнікаў - проста абыякавыя людзі, якія не хочуць працаваць.

І яшчэ ёсць канкурэнты. Гэта тыя дзяржаўныя ўніверсітэты, якія самі хочуць мець гэтых платных студэнтаў, і з іхняга боку ёсць пэўныя перашкоды. Мы, дарэчы, хочам зрабіць плату за навучанне меншую, чым у іншых прыватных ВНУ. У Беларусі ёсць 9 прыватных універсітэтаў, і ва ўсіх студэнты плацяць грошы. І ўсё залежыць ад прэстыжнасці - выкладчыкаў, магчымасці знайсці працу з гэтым дыпломам і гэтак далей.

- Вы казалі, што вашыя курсы скончылі 50 чалавек. Няма ніякіх абмежаванняў з гледзішча колькасці студэнтаў?

- Не, можа навучацца хоць адзін чалавек. Колькасць студэнтаў у прыватных універсітэтах не вызначаецца нейкімі нарматывамі. Калі гэта дзяржаўны - там ёсць нарматывы. Мы хочам, каб у нашых групах было 10-12, максімум 15 студэнтаў. Бо калі іх больш за 20 - узровень адукацыі рэзка падае.

- Вашы кантакты, у тым ліку з чыноўнікамі, ваш аналіз палітычнай сітуацыі ў краіне, надыход перапісу, які адбудзецца сёлета - як, па-вашаму, зыходзячы з усяго гэтага можна ахарактарызаваць стаўленне дзяржаўных структураў да беларусізацыі?

- Частка дзяржаўных структураў у разгубленасці. Ці будзе анексія з боку Расіі, выстаім мы ці не. Зразумела, што на анексаванай тэрыторыі ніякіх беларускамоўных універсітэтаў ці нават школаў не будзе. Паглядзіце, колькі ўкраінскіх школаў засталося ў Крыме пасля анексіі - фактычна ніводнай.

Над намі вісіць дамоклаў меч расейскай анексіі. І гэта адчуваецца ў кожнай канторы, куды б я ні зайшоў. І, канешне, лёс універсітэта цалкам ад гэтага залежыць.

Я лічу, што мы адаб'ёмся.

Таму нашая мэта - зрабіць усё, каб з першага верасня можна было пачаць вучобу. Калі ўсё гатова, то ўступаюць "вышэйшыя сілы", як у 1991 годзе. Вы памятаеце, тады з апазіцыі смяяліся, нашыя законы выкідалі ў сметніцу - хоць мы пісалі іх дзень і ноч. А потым наступіў "момант ікс", мы дасталі са сметніцы гэтыя законы, і іх адразу прынялі пераважнай большасцю.

Я спадзяюся, што да верасня ў мяне па трох факультэтах будзе ўсё гатова. А калі ўсё гатова, то ў момант Ікс, можа, пры новай уладзе наш універсітэт адразу становіцца дзяржаўным. І тады здымаюцца ўсе пытанні па платным навучанні.

- Ваш удзел у "Вялікай размове з Прэзідэнтам" выклікаў шмат неадназначных каментароў, вас крытыкавалі, з вас іранізавалі. Як вы цяпер, праз некалькі месяцаў, ацэньваеце свой прыход на гэтую прэсавую канферэнцыю?

- Я заўжды быў прыхільнікам падыходу, што калі запрашаюць, то трэба ўдзельнічаць. Самая галоўная мэта майго ўдзелу была - паглядзець сітуацыю з незалежнасцю. І там было падкрэслена, першай асобай і ўсімі астатнімі, што ў Расію мы ісці не хочам.

Потым была вайна з Бабічам, і гэтую вайну Лукашэнка выйграў. Ніхто не думаў адпачатку, што Бабіча адклічуць. Але ў выніку Бабіч паехаў у Расію "несолоно хлебавши". Потым адбыўся адкат, з Курапатамі. Ён паказаў, што сярод чыноўнікаў ёсць група, якая справакавала разгром курапацкіх крыжоў. Я не сумняваюся, што за тымі, хто выкопваў крыжы ў Курапатах, стаяць крэатуры Расеі.

Яны выступаюць супраць усяго беларускага. Толькі міністр культуры Расіі заявіў, што ў нас шмат беларускіх шыльдаў - здымаюць шыльды "Хуткасны рэжым". Аднак - прайшоў месяц, і я бачу, што з'явіліся сотні новых беларускіх шыльдаў. Бо набліжаюцца Еўрапейскія гульні, я хаджу па вакзале і бачу, што беларускамоўныя і англамоўныя новыя шыльды растуць, як грыбы.

Пакуль што і першая асоба, і астатнія выступаюць за незалежнасць. Ці вытрымаюць яны, ці не здадуцца, не здадуць Беларусь - цяжка сказаць. І, канешне, наш універсітэт - гэта вялікая цагліна ў будынку незалежнасці Беларусі.

Гутарыў Віталь Цыганкоў.

1000 чалавек з 5 краін: у Менску прайшла дыктоўка па беларускай мове

У Менску правялі масавую дыктоўку па беларускай мове. Заяўкі на ўдзел у "Агульнай дыктоўцы" падалі каля тысячы чалавек. Акцыю ў падтрымку беларускай мовы правяла кампанія "Лідскае піва". Упершыню ў гісторыі праекта заяўкі на ўдзел паступілі з Амерыкі, Расіі, Украіны і Польшчы. "Агульная дыктоўка" стартавала 1 чэрвеня ў 12 гадзін па менскім часе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прамую трансляцыю вёў партнёр праекта - канал "Культура" Беларускага радыё. Такім чынам, многія ўдзельнікі змаглі напісаць дыктоўку дыстанцыйна, далучыўшыся да прамога эфіру радыёканала. Спецыяльна для дыктоўкі папулярны сучасны пісьменнік Андрусь Горват, аўтар беларускага бестселера "Радзіва "Прудок", адаптаваў фрагмент аднаго са сваіх твораў, каб удзельнікі маглі годна ацаніць багацце і самабытнасць беларускай мовы. Ідэю праекта падтрымалі і акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія прыйшлі павітаць удзельнікаў "Агульнай дыктоўкі". У якасці "настаўнікаў" тэкст прадыктавалі салісты гурта NaviBand, якія ў сваёй творчасці актыўна папулярызуюць беларускую мову. "Агульная дыктоўка" праводзіцца трэці раз і сёлета стала рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў. Акцыя аб'ядноўвае людзей неабыякавых да беларускай мовы і традыцый.

- У гэтым годзе ў нас атрымалася значна пашырыць геаграфію праекта. За кошт радыётрансляцыі да нашай ініцыятывы ўпершыню далучыліся жыхары іншых краін, - адзначыла дырэктар па маркетынгу ААТ "Лідскае піва" Ірына Капілава. - З кожным годам "Агульная дыктоўка" аб'ядноўвае ўсё больш удзельнікаў, партнёраў, зорных гасцей. Мы разлічваем і надалей шырока трансляваць каштоўнасці беларускай культуры, якія цесна ўзаемазвязаны з каштоўнасцямі нашай кампаніі.

Адразу пасля дыктоўкі арганізатары апублікавалі тэкст на старонцы праекта, каб удзельнікі маглі самастойна праверыць сябе. Акрамя таго, усе працы правераць прафесійныя філолагі, пасля чаго арганізатары вышлюць кожнаму ўдзельніку вынікі разам з электронным сертыфікатам аб удзеле, а выдатнікі атрымаюць яшчэ і памятныя прызы.

Паводле прэс-рэлізу. Фота Myfin.by.

Больш за 22 тысячы абітурыентаў зарэгістравалася на ЦТ па беларускай мове

1 чэрвеня скончылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. Здаваць ЦТ плануюць 76888 чалавек, распавялі TUT.BY у Міністэрстве адукацыі.

Больш за ўсё абітурыентаў зарэгістравалася на рускую мову - каля 63 тыс. чалавек. На беларускую - у тры разы менш: яе плануюць здаваць больш за 22 тыс. выпускнікоў.

Другі па папулярнасці прадмет - матэматыка: прайсці тэставанне па гэтым прадмеце жадаюць больш за 42 тыс. абітурыентаў.

На ангельскую мову зарэгістравалася 26635 абітурыентаў, на біялогію - больш за 25 тысяч, на фізіку - амаль 25 тысяч чалавек.

Найменшай папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаюцца іспанская і кітайская мовы.

Цэнтралізаванае тэставанне будзе праходзіць з 11 чэрвеня па 1 ліпеня. Першымі будуць здаваць ЦТ тыя, хто абраў беларускую мову, апошнімі - сусветную гісторыю.

Рэзервовымі днямі для рэшты ЦТ стануць 6, 8 і 10 ліпеня. Для рэгістрацыі на іх адведзена тры дні: 30 чэрвеня і 1-2 ліпеня. Здаць ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе толькі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Атрымаць сертыфікаты абітурыенты гэтага года змогуць з 10 ліпеня ў пунктах правядзення ЦТ. Тыя абітурыенты, якім прыйдзецца здаваць тэсты ў рэзервовыя дні, - з 13 ліпеня і толькі ў БДУ.

Дарэчы, з гэтага года запрацуе новая сістэма падліку балаў.

TUT.BY.

Беларускія гаворкі - гэта lingua franca балцкага памежжа

Польскі беларусіст Міраслаў Янкавяк прысвяціў сваё навуковае жыццё незвычайнай на першы погляд тэме - беларускім гаворкам у Літве і Латвіі. Ужо больш за 15 гадоў ён падарожнічае ў памежжы і запісвае носьбітаў беларускіх гаворак, якіх усё менш. Нядаўна выйшла яго новая кніга - паўтысячы старонак і 1,5 кг вагі.

Што можна пісаць пра гаворкі, якія паміраюць? Пра гэта Міраслаў Янкавяк расказаў у інтэрв'ю Свабодзе.

- Чым так цікавыя беларускія гаворкі ў Латвіі, што вы напісалі пра іх ужо другую кнігу і прысвяцілі больш за дзясятак гадоў жыцця?

- Дарэчы, збіраюся напісаць яшчэ дзве кнігі на гэтую тэму. Акрамя беларускіх гаворак у Латвіі, я інтэнсіўна займаюся і беларускімі гаворкамі ў Літве. Беларускія дыялектолагі пасля 1945 года займаліся пераважна гаворкамі ў межах БССР. А гаворкамі па-за межамі сваёй краіны яны займацца не хацелі. Але мова і гаворкі - гэта не адміністрацыйная мяжа. Мяжа для іх увогуле не мае значэння. Таму я пакінуў беларускія гаворкі ў Беларусі беларускім даследнікам і заняўся гаворкамі ў Латвіі і Літве. Мне не трэба віза, таму працаваць проста. Бярэш машыну і ездзіш з вёскі ў вёску, размаўляеш з людзьмі.

- У масавай свядомасці Латвія, у адрозненне ад Літвы, не ўспрымаецца як краіна, дзе жыве шмат беларусаў. Адкуль там беларускія гаворкі?

- Тут вельмі цікавая сітуацыя. Я магу параўнаць стан беларускіх гаворак на тэрыторыі паўднёвай Пскоўшчыны, Латвіі, Літвы і Польшчы. У Польшчы і Літве гэтыя гаворкі захаваліся ў вельмі добрым стане. Што да Латвіі, то на жаль, яны ўжо паміраюць. Я быў улетку 2018 года ў Даўгаўпілскім раёне і запісваў апошніх бабуляў, якія яшчэ размаўляюць на беларускай гаворцы. Прыкра, што гэтая гаворка адыходзіць. Ёю там размаўляюць людзі, якія нарадзіліся ў 1920-40-я гады. Калі яны памруць, то беларускіх гаворак больш не будзе.

- Латгалія - былая частка Рэчы Паспалітай. Як беларуская мова ўвогуле там магла выжыць, калі ўжо ў міжваенны час гэтая тэрыторыя належала Латвіі?

- Цікава, што ў міжваенны перыяд, калі Латвія была незалежнай дзяржавай, беларуская меншасць мела добрыя ўмовы для развіцця сваёй мовы і культуры. Там было каля 40 беларускіх школаў, гімназія, беларуская прэса і тэатры. Улады Латвіі вельмі пазітыўна ставіліся да беларусаў, якія там жылі. Таму беларусы маглі развіваць сваю мову і культуру. І беларускія гаворкі былі шырока распаўсюджаны. Падчас перапісу 1920 года беларусамі ў Латвіі запісаліся 75 тысяч чалавек, праз 5 гадоў - 38 тысяч. Сітуацыя змянілася пасля 1934 года, калі ў выніку перавароту да ўлады прыйшоў Карліс Улманіс. Ён пачаў латвізацыю краіны. Беларускія і польскія школы пачалі зачыняць. Тое самае адбывалася з рознымі арганізацыямі і таварыствамі. У 1935 годзе беларусаў у Латвіі было ўжо 26 тысяч. Самы кепскі час для беларускіх гаворак наступіў пасля 1945 года, калі зноў з'явіліся саветы і там ужо ніколі не існавалі беларускія школы і арганізацыі. На іх месцы адчыняліся расейскія.

- Гэта зусім іншая сітуацыя, чым, напрыклад, з беларусамі ў Польшчы. Бо на Падляшшы камуністы акурат адчынялі беларускія школы.

- Менавіта. У Літве польскія школы таксама захаваліся, і гэта вельмі моцна ўплывае на тоеснасць беларусаў Літвы. 90% маіх суразмоўцаў у Літве называюць сябе палякамі і тыя ж 90% размаўляюць не толькі на так званай "крэсовай" польскай мове, але і на беларускай гаворцы.

- А кім сябе лічаць у Латвіі тыя людзі, якія размаўляюць на беларускіх гаворках?

- Памежжа заўсёды само па сабе вельмі спецыфічнае. Там сутыкаюцца розныя мовы, традыцыі і веравызнанні. Там немагчыма адназначна акрэсліць чалавека. Калі я ўпершыню паехаў у Латвію ў 2004 годзе, у мяне ў галаве быў загаловак кніжкі, маёй кандыдацкай працы - "Мова беларусаў Латвіі". Але калі я пачаў запісваць мясцовае насельніцтва на дыктафон і калі палова людзей сказалі, што яны беларусы, другая палова - што палякі, я зразумеў, што немагчыма чалавека акрэсліць. Напэўна б, некалькі чалавек сказалі, што яны расейцы, латышы або латгальцы. У 1989 годзе ў Латвіі пражывала 119 тысячаў беларусаў.

Неяк я запісаў на дыктафон аднаго хлопца, які жыў у Піедруі (Прыдруйску), з беларускага боку гэта Друя, я быў сведкам, як хрысцілі сына ягонага брата. Сабралася ўся сям'я, і я меў магчымасць паразмаўляць з людзьмі. Адна бабуля - праваслаўная беларуска, дзед - паляк-каталік. Іншая бабуля - беларуска-стараверка, дзед паляк-каталік. У адных па дакументах сын - паляк-каталік. У другіх - дачка праваслаўная беларуска. Яны ўзялі шлюб і маюць трох сыноў. Усе па дакументах палякі. Самы старэйшы ажаніўся з праваслаўнай расейкай, сярэдні - з латгалкай-каталічкай, а маладзейшы сустракаўся з латышкай-лютэранкай. Вось гэта - памежжа і адказ на пытанне пра ідэнтычнасць. Важны момант, ці мясцовы гэты чалавек, ці прыехаў туды пасля вайны з усходняй або заходняй Беларусі. Пасля вайны былі тры вялікія хвалі міграцыі на гэтую памежную тэрыторыю. Насельніцтва з усходняй Беларусі найбольш было звязанае з беларускасцю, яны наўпрост казалі, што яны беларусы. Прыезджыя з заходняй Беларусі падкрэслівалі сваю польскасць. Радзіма і бацькаўшчына для іх розныя. Бацькаўшчына - гэта Беларусь, а радзіма - Латвія.

- А што прыходзіць на месца беларускіх гаворак у Латвіі?

- Па-першае, там вельмі вялікі дэмаграфічны заняпад. Моладзь з'язджае ў вялікія гарады або ўвогуле па-за межы Латвіі. Людзі паміраюць. Але там, дзе яшчэ трошкі людзей ёсць, то пасляваеннае пакаленне расейскамоўнае. Таму месца беларускіх гаворак займае сёння расейская мова. Латышская мова таксама паволі ўваходзіць, але гэта датычыць найперш змешаных сем'яў.

- Калі палова з іх не лічыць сябе беларусамі, то як яны самі тлумачаць, чаму карыстаюцца беларускімі гаворкамі? Ніхто ж іх не мог прымусіць гаварыць па-беларуску.

- Гэта добрае пытанне, якое сведчыць пра жывучасць беларускіх гаворак на памежжы і ўвогуле. Тое ж самае і ў Літве, дзе 90% маіх суразмоўцаў лічаць сябе палякамі і размаўляюць на беларускай гаворцы. Тоеснасць не заўсёды ідзе побач з мовай, што, зразумела, мае свае плюсы і мінусы. Людзі адказваюць проста - гэта іхняя мова з дзіцячых гадоў. Тыя, хто прыехаў туды з заходняй Беларусі, кажуць, што ў іхняй вёсцы ўсе да вайны размаўлялі па-беларуску, а дома па-польску. Але з суседзямі ізноў жа па-беларуску. Беларуская гаворка - гэта добры код размовы з іншымі людзьмі. Іншыя нацыянальнасці вельмі добра разумелі беларускую гаворку. Гэта lingua franca (мова міжэтнічнай камунікацыі. - РС) на гэтай тэрыторыі. Тое самае і на беларуска-літоўскім памежжы. Беларуская гаворка трохі дастасоўваецца на ўзроўні лексікі. Лексіка насычаная паланізмамі і літуанізмамі, але людзі без праблемаў могуць размаўляць адзін з другім. Часам на памежжы ёсць па тры-чатыры словы, якія абазначаюць адзін прадмет. І ўсе маюць адну мову, на якой могуць размаўляць між сабой.

- Ці шкадуюць мясцовыя, што беларуская гаворка там памірае?

- На жаль, ёсць такое ўспрыманне, што беларуская гаворка - гэта мова вёскі і неадукаваных людзей. Такі стэрэатып, на жаль, ёсць. Маладыя мне казалі наўпрост: "Міраслаў, беларуская гаворка - гэта мова маёй бабулі, якая жыве ў вёсцы і не мае адукацыі". А расейская - мова адукаваных людзей, гарадоў. Гэты стэрэатып дзейнічае. Латвія дае вялікія магчымасці тым, хто хоча падтрымліваць сваю мову, культуру і традыцыі. Палякі гэтым карыстаюцца вельмі актыўна, а беларусы не вельмі. Ёсць адна пачатковая школа ў Рызе, выходзіць адна газета, але гэтага вельмі мала, каб падтрымаць беларускія гаворкі і беларускую свядомасць.

Гаворкі знікаюць, і я спяшаюся іх зафіксаваць. Гэта ўжо мая другая кніга на гэтую тэму. А цяпер рыхтую слоўнік беларускіх гаворак Латвіі і манаграфію пра лексіку. Гэтым усім я займаюся ў Славянскім інстытуце Акадэміі навук Чэхіі.

- А дзе яшчэ беларускія гаворкі захаваныя ў такім стане, каб іх можна было даследаваць і адкрываць нешта новае?

- Па-за межамі Беларусі я хачу займацца беларускімі гаворкамі ў Літве. Там працы можа хапіць на некалькі дзясяткаў гадоў. Ёсць два памежжы, якія трэба абавязкова вывучыць. Пасля вайны там ніхто не займаўся беларускімі гаворкамі. Гэта заходняя Смаленшчына з Браншчынай і паўночная Чарнігаўшчына ва Украіне.

Гутарыў Дзмітры Гурневіч, адыё Свабода.

Паміж душой і Духам

Яўген Гучок

П-а-э-м-а - э-с-э

Леаніду Міхайлавічу Лычу - гарачаму абаронцу беларускай мовы

"Мова - гэта не знешняе праяўленне думкі, але і сама думка"

Поль Мішэль Фуко.

"Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі"

Францішак Багушэвіч.

І

* * *

Слова да слова, слова на слова... -

І, бы іскры,

Высякаюцца новыя сэнсы.

* * *

З жарала чалавечай душы

На свет з'яўляецца мова,

Як душа -

з жарала Сусветнага Духу.

* * *

І праз ведамства мовы

Праглядаюцца рухі душы

І Сусветнага Розуму.

* * *

Калі Дух увасабляецца ў словы

Ён робіцца стрыжнем

Душы.

* * *

Так, мова - злучальнік

Паміж Духам Сусветным

І душой чалавека.

* * *

І родная мова - праява Духу,

Таму не ведае яна

Ні пераядання, ні недаядання.

* * *

Кожнае чыстае слова, -

Нібы жыццядайная кропля

І напамінак

аб бессмяротнасці Духу і душ.

* * *

Мова - паўшар'е Творцы

На карце душы

Кожнага з нас.

* * *

Мова - прыдатак душы,

А душа, калі Духам жыве...

Яны - тройца-ўзаемаратунак.

* * *

Мова - бы кола,

А словы - бы спіцы ў ім...

Не дапускайма спіц выпадання!

* * *

Што ні слова - то асілак,

Што ні слова - то пяшчота...

Гэта ўсё і ў роднай мове.

* * *

Мова - гэта цэлы аркестр,

А народ - кампазітар,

А паэт - выканаўца і дырыжор.

* * *

Народ - мова - дзяржава -

Трайняты...

Хто з іх важнейшы? Разам усе!

* * *

Мова - і пропуск,

Яна - і пароль, яна ў яднанні - сіла.

* * *

У мову

заўсёды адчынены дзверы,

Дзверы з усіх бакоў,

І ніякіх білетаў туды не трэба.

* * *

Па россыпе слоў

мінулых стагоддзяў

У роднай мове

Можна гісторыю люду чытаць.

* * *

Так, мова,

як і любоў, не праходзіць;

Добраахвотныя перамены ў ёй

Адбываюцца з новаю вышынёй.

* * *

А мова -

яшчэ і іголка з ніткаю залатой,

І ёй можна дзіркі ў душы

Зацыраваць.

* * *

Словам можна і торкнуць,

А можна

І пяшчотна пагладзіць.

* * *

Ёсць мовы,

У якіх, бы ў яблыках чарвякі,

Заводзяцца паразіты - феня.

* * *

Ёсць словы, што ідуць да нябёс,

А ёсць і такія,

што ў нёба ўпіраюцца...

І залежыць гэта ад носьбітаў мовы.

* * *

Ёсць мовы і кучаравыя,

Ёсць мовы і пена нібыта;

А паходжанне іх ад фені.

* * *

Прадажны пісака

З роднаю мовай заігрывае,

Каб адправіць яе ў нябыт.

* * *

Калі пісакі мовай карыстаюцца,

Лічы, што гэта мова ў палоне,

Як і грамадства ў паняволі.

* * *

Мова ніколі не позніцца,

Позняцца, і мо назаўсёды

Яе хісткія носьбіты.

* * *

Не патрабуе давескаў мова,

І сама, самадастатковым

Ніколі давескам не будзе.

* * *

Мова вынесе-выцерпіць усё

І, нібыта раса,

Уздымаецца ў бессмяротнае неба.

ІІ

* * *

Зямелька родная ўдыхала неба,

А выдыхала мову

Беларусам.

* * *

Наша слова - не з вакууму

І не сколак з моваў чужых;

Наша слова - з неба, душы і Духу.

* * *

Родная мова

І слова Творцы -

Блізняты.

* * *

І ў справах светлай любові

Натхняюць і дапамагаюць

Словы роднае мовы.

* * *

Родная мова - яна яшчэ і тормаз,

Каб не зваліцца ў агульную

Бездань-прорву.

* * *

І на далонях мовы роднай

Знявечаная душа ажывае,

І ўваскрасае яна.

* * *

Родная мова -

Паром у нябесную

Беларусь.

* * *

Дома ў мяне ў ходзіках на сцяне

Зязюля па-беларуску

Для мяне аб'яўляе гадзіны.

* * *

Кожнае слова ў нашай мове -

Нібы заспявала

Для соцень тысяч сваіх калег.

* * *

Нібы муляры непаўторны храм

Узвялі з найкаштоўных цаглін,

Так нашы словы

ў мову сабрала жыццё.

* * *

На трэба мову суцяшаць:

Сябе суцешце

Любоўю да яе.

* * *

Слова праўды на роднай мове -

Вострае, - часам бы брытвы

Лязо.

* * *

Родная мова - бы сонца;

Праўда, толькі яна

не ўзыходзіць і не заходзіць;

Для патрыётаў яна - у зеніце.

* * *

І наша мова-душа жыла

Да патопу сусветнага,

А пасля ізноў на зямлю вярнулася.

* * *

Трасянка! Трасянка!

Ідзі сюды,

Я, мова твая,

прывяду цябе ў першароднасць.

* * *

Як для студэнта стыпендыя,

Так для мяне - новае,

светлае слова

Ў мове нашай роднай.

* * *

Кожнае наша слова -

Веснічкі ў прастору

беларускай душы

І Духу Сусветнага.

* * *

І для мяне падарунак вялікі,

Калі незнаёмец звяртаецца да мяне

На нашай прыроднай мове.

* * *

Недамаганне людское

Бывае яшчэ і ад адсутнасці

Роднага слова.

* * *

Каму і чаго шкадаваў беларус?!.

Ён і мовай сваёй дзяліўся...

І на базе яе паўставалі

іншыя мовы.

* * *

Бы святло маяка -

Метафара кожная светлая, смелая,

У мове нашай, прынамсі для мяне.

* * *

Словы роднае мовы, бы пчолы,

Яны ў нашы душы

Скарбы свету збіраюць.

* * *

Жыве наша мова

Ў душы яе абаронца,

І аніяк - у лапах-душы захопніка.

* * *

Забіваюць нашу мову -

Напрамую людзей забіваюць,

Людзей - яе шчырых носьбітаў.

* * *

І як бы і хто б там

Ні ганіў мову нашай зямлі,

Зямля ж наша

тых паганцаў карміла.

* * *

Пагартайце розныя

моўныя слоўнікі -

І пераканаецеся, што і наша мова

Донарам для іншых была.

* * *

І магнатэрыя

зрабілася багнатэрыяй,

Як пачала выракацца

Мовы сваёй зямлі,

мовы прыроднай.

* * *

Родная мова не ведае крызісаў.

Крызіс датычны яе ненадзейных

Носьбітаў.

* * *

За тое, што ёсць і была ў свеце

Шматпакутнай зямлі наша мова,

Яна і сёння плаціць падаткі.

* * *

Басанож, бы па бітым шкле,

Стагоддзямі мова наша ходзіць

Паміж моваў,

якія ў каваных ботах.

* * *

Абкладзеная з усіх бакоў,

Наша мова сэнсамі

Узмацняецца.

* * *

Калі нашу мову ў зямлю заганялі,

Яна рабілася карэннем дрэў,

На якіх квітнелі іншыя мовы.

* * *

І жыццё, і душу,

Калі хто трапіў пад дзіркаход,

Можна залатаць

мовай роднай зямлі.

* * *

Не мова хварэе,

А ўчарашнія носьбіты-

моваадрачэнцы

І сённяшнія іх паслядоўнікі.

* * *

І на могілках нашых

На беларускую мову

абдзелены помнікі:

Не беларусы там пахаваны,

а жыхары РБ там ляжаць.

* * *

Душа твая, ілжэпатрыёт,

ой як раскрытая, -

Бы дах над тваім

Жытлом.

* * *

Не трэба на мове чужой

Распавядаць мне пра вечнасць

І Бога.

* * *

Не слухаю тых святароў,

Пазбягаю іх,

Што грэбуюць нашай мовай.

* * *

А яшчэ мне карціць

Заказаць для іх на радыё

"Мурку".

* * *

Набажэнства на мове чужой -

Яно не для Творцы,

Яно не для храма.

* * *

Наша мова для многіх - сардэчна;

І тыя, хто ёю грэбуе,

Гэта добра ўсведамляюць.

* * *

Мовазваротныя мовы...

Зямля - неба - зямля -

Гэта і нашай мовы шляхі.

* * *

Неба - зямля - неба -

Шлях абарончы мовы,

Якою стагоддзямі пагарджаюць.

* * *

Так любяць эстонцы мову сваю,

Што яе носьбіту Скрыгану Яну

Помнік паставілі ў сябе.

* * *

Першародную мову

Звычайна імкнецца зжыць

Захрыбетная феня і носьбіт яе.

* * *

Прыхлёбваць феняй з мовы чужой

Для роднай мовы - ніяк і ніколі -

Недапушчальна.

(Працяг у наст. нумары.)

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абакановіч Віталь Феліксавіч Абужынская Ганна Аляксанд. Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алейнікава Антаніна Андр. Алексін Самуіл Арцёмавіч Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Яўген Анташкевіч Канстанцін Андр. Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч Асаёнак Алена Міхайлаўна Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Аўраменка Васіль Аляксеевіч Афанасьева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Уладзіміравіч Баеў Павел Віктаравіч Базык Вольга Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валянц. Бельская Ірына Казіміраўна Бельскі Аляксей Паўлавіч Бігель Дзмітры Анатольевіч Бондараў Сяргей Яўгенавіч Бруевіч Вольга Аляксандр. Бузо Марат Антонавіч Булавінская Марыя Бурачонак Аляксандр Вячасл. Бушкова Таццяна Яўгенаўна Бычэнка Алена Аляксандраўна Бязмацерных Дар'я Аляксанд. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валабуеў Аляксей Вітальевіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячаслав. Вернікоўская Аксана Фёдар. Гайдук Ігар Віктаравіч Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Галушка Вера Віктараўна Гараніна Ганна Гаўрылькова Таццяна Уладз. Гашко Ірына Аляксееўна Герасімюк Ілья Мікалаевіч Глушко Адам Аляксеевіч Глушко Аляксей Віктаравіч Грыбоўскі Васіль Аляксандр. Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Гуркова Алена Валер'еўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзячэнка Алег Віктаравіч Драбышэўская Марына Вікт. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожжына Ала Леанідаўна Дубінін Андрэй Барысавіч Дубовік Вячаслаў Юр'евіч Дуброўскі Валер Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Жарнасек Міхась Васільевіч Ждановіч Таццяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юрый Георгіевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Зяльвовіч Павел Іванавіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Барысавіч Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцьеўна Кавалёва Кацярына Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Калета Радаслаў Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Карповіч Аліна Аляксандр. Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Колас Мікалай Мікалаевіч Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Дзмітры Аляксандр. Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандр. Курчэўскі Іван Люцыянавіч Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ліціна Фларыда Вакілаўна Лойка Святаслаў Робертавіч Лыскавец Ігар Лясько Аляксандр Аляксандр. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макарэвіч Марына Уладзім. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Малочка Аляксандр Віктар. Маневіч Аляксей Манкевіч Таццяна Пятроўна Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Марозава Людміла Уладзімір. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячасл. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Мысліцкая Галіна Якаўлеўна Насановіч Ларыса Уладзімір. Нікантаў Мікалай Яўгенавіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Падгал Марыўш Уладзімірав. Палухін Уладзімір Мікалаевіч Пальчэўскі Віталь Юр'евіч Палянскі Алег Алегавіч Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Паршанкоў Аляксандр Андр. Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Паўловіч Валянціна Іванаўна Паўловіч Карына Георгіеўна Петракова Антаніна Алегаўна Пінчук Аляксандра Анатол. Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Пятровіч Ігар Канстанцінавіч Рабчэня Таццяна Васільеўна Рагойша Дамініка Пятроўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзімір. Раеўскі Аляксандр Развянкоў Яўген Аляксандр. Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзіміраўна Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладзіл. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Настасся Юр'еўна Русін Алег Дзмітрыевіч Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Саевіч Павел Вячаслававіч Сазонаў Уладзіслаў Алякс. Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаўёва Людміла Мікалаеўна Салаш Сяргей Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Самусевіч Уладзімір Алякс. Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сівіцкая Наталля Віктараўна Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сідляр Андрэй Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Сітнікава Ядзвіга Леанардаўна Славута Ніна Солтан Наталля Антонаўна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сухарэбскі Вячаслаў Іванавіч Сцяпура Дзяніс Уладзіміравіч Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сяргеева Ірына Аляксандр. Таўгень Людвіка Трацяк Дзмітры Вітальевіч Трухан Людміла Туровіч Ірына Уладзіміраўна Уласевіч Таццяна Леанідаўна Урбан Аляксандр Фадзееў Яўген Мікалаевіч Фаміна Ірына Міхайлаўна Філічонак Ларыса Антонаўна Фурс Юры Антонавіч Хаванскі Павел Міхайлавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Ханеева Таццяна Яўгенаўна Харужая Вера Харэвіч Васіль Віктаравіч Хашылёва Таццяна Аляксанд. Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Цішчанка Віялета Цюленеў Аляксандр Аляксан. Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чавусаў Юры Віктаравіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чарнуха Сяргей Анатольевіч Чашчына Вольга Мікалаеўна Чэбатарэўскі Барыс Дмітр. Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шарыпкін Рыгор Леанідавіч Шарэшык Ясенія Віктараўна Шаўкун Васіль Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктарав. Шубіна Дар'я Алегаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Уладзімір Аляксандр. Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў ЮрыГенадз'евіч Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна

Ангела Меркель не збіраецца пакідаць пост канцлера датэрмінова

Навіны Германіі

Няўдача хрысціянскіх дэмакратаў на выбарах у Еўрапарламент і падзенне папулярнасці ХДС у Германіі ўмацавала Меркель у намеры не пакідаць пост канцлера датэрмінова.

Пра гэта паведамляе "Нямецкая хваля" са спасылкай на агенцтва Bloomberg.

Канцлер Германіі Ангела Меркель расчараваная ў сваёй патэнцыйнай пераемніцы Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр і сумняваецца, што тая зможа неўзабаве замяніць яе на пасадзе кіраўніцы ўраду. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на двух суразмоўцаў з атачэння канцлера.

Паводле іх давер Меркель да Крамп-Карэнбаўэр, якую нямецкія СМІ часта называюць скарочана АКК, у апошні час істотна знізіўся.

Гэта выклікана, акрамя іншага, падзеннем папулярнасці ХДС, якое пачалося з моманту абрання АКК на пасаду лідаркі партыі, а таксама кепскімі вынікамі хрысціянскіх дэмакратаў на выбарах у Еўрапарламент.

Паведамляецца, што кіраўніцтва ХДС збіраецца 2-3 чэрвеня абмеркаваць прычыны стратаў гэтай партыі на выбарах у Еўрапарламент. На гэтым сходзе можа адбыцца і "непрыемная" асабістая сустрэча Меркель з АКК.

Паводле інфармацыі Bloomberg, Крамп-Карэнбаўэр склікала гэтае пасяджэнне без папярэдняй размовы з Меркель, каб даць ёй зразумець, што прыйшоў час сысці з пасады кіраўніцы ўраду.

Сама Меркель неаднаразова заяўляла, што збіраецца застацца на пасадзе канцлера Германіі да завяршэння тэрміну яе паўнамоцтваў у 2021 годзе.

Bloomberg. а здымку: Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр і Ангела Меркель.

У Германіі стогадовая жанчына стала дэпутаткай мясцовай рады

У нямецкім горадзе Кірххаймбаландэне дэпутаткай мясцовай рады абралі стогадовую былую настаўніцу Лізель Хайзе, піша RP Online.

Яна ўзначаліць фракцыю ў мясцовай радзе.

Галоўнай мэтай Хайзе, якая з'яўляецца актыўнай плыўчыхай, стала адкрыццё гарадскога басейна, які не працаваў у Кірххаймбаландэне на працягу васьмі гадоў.

Хайзе - пратэстантка і на працягу дзесяцігоддзяў была актыўнай удзельніцай мясцовай царкоўнай парафіі. Яна да гэтага часу мае добрае здароўе і рэгулярна наведвае царкоўную службу.

RP Online.

Завяршылі сваю працу падрыхтоўчыя курсы Універсітэта імя Ніла Гілевіча

У траўні завяршылі сваю працу падрыхтоўчыя курсы Універсітэта імя Ніла Гілевіча, якія паспяхова скончылі болей за 50 чалавек. Гэта былі вучні 6-11 класаў, якія ўдасканальвалі свае веды па беларускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах, а таксама па фізіцы, матэматыцы і хіміі.

З лістапада пачалі працаваць дзве групы для дарослых людзей, якія хацелі ўдасканаліць свае веды па англійскай і польскай мовах.

Са снежня дзейнічала група для тых, хто хацеў вывучаць гісторыю Беларусі.

Таксама хачу выказаць падзяку ахвярадаўцам Кавалюк А. М., Паўловіч А.Ю, Журок С. В., якія грашова падтрымалі дзейнасць універсітэта праз сістэму АРІП. Усе, хто хоча дапамагчы ўніверсітэту, могуць скарыстацца інструкцыяй па спасылцы https://tbm-mova.by/news_2214.html.

А. Трусаў.

"Заві мяне кветачкай..."

Памяці жонкі Наталі

Зміцер Санько

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Надоечы Алесь Разанаў назваў нашую кватэру на вуліцы Арлоўскай філіялам "Паддашка". Я, відаць, не насмеліўся б так сказаць. Хоць, можа, збоку яно гэтак і выглядала. Бо ў нас часта збіраліся Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Алесь Разанаў, Мікола Купава, Генадзь Сакалоў-Кубай, Ірына Марачкіна, Тодар Копша, Уладзімір Содаль. Былі ў нас гасцямі таксама Вячаслаў Шыдлоўскі, Мікола Ермаловіч, Валянцін і Анатоль Грыцкевічы, Уладзімір Конан, Адам Мальдзіс, Алесь Зайка. Думаю, што гэтая "пляцоўка" была прыцягальная для сустрэч перадусім дзякуючы Наталі, яе гасціннасці і зычлівасці. Дабрыня і зацікаўленасць маёй жонкі стваралі непаўторную атмасферу душэўнай цеплыні і ўтульнасці. Якая б ні была нагода, гаворка заўсёды была змястоўная… Адбываліся і шматлюдныя імпрэзы: у 1978 годзе - акадэмія да 100-годдзя Казіміра Малевіча, а праз тры гады - святкаванне Новага Году для дзяцей нашых сяброў. Дарэчы, з таго свята ў нас захавалася маска беларускага Дзеда Мароза і "чарадзейны" кій з навершнікам у выглядзе Пагоні.

У Інстытуце гематалогіі і пералівання крыві, дзе Наталя працавала больш за чвэрць стагоддзя, усё ў яе складвалася добра. Была бліскучым эксперыментатарам. Якую б методыку ні бралася асвойваць, нават самую складаную, усё ішло з першага разу. Па нейкім часе распрацавала арыгінальны экспрэс-метад вызначэння асноўных характарыстык крыві. Тэма была закрытая, бо вынікі даследавання прызначаліся Міністэрству абароны для выкарыстання ў палявых умовах. Падрыхтавала прысвечаную гэтай тэме дысертацыйную працу, якая была высока ацэнена кіеўскімі і ленінградскімі навукоўцамі. Але не ўсім гэта было даспадобы. Намінальны кіраўнік адчуў у поспеху падначаленай небяспеку свайму становішчу. І пад усялякімі прэтэкстамі - то нешта дапрацаваць, то перапрацаваць, то дапісаць - адцягваў абарону дысертацыі. Гэта цягнулася гадамі. Наталя, для якой давесці пачатую справу да канца было жыццёвым прынцыпам, цвёрда намервалася завяршыць яе. Ды ў нейкі момант я не вытрываў і сказаў:

- Любая, кідай усё гэта! Пашкадуй свае нервы, не марнуй свайго здароўя. У цябе ўжо ёсць дзве дысертацыі! (маючы на ўвазе нашых дзяцей). І жонка паслухалася.

Гэтая кардынальная перамена ў ейным жыцці адкрыла шырокія перспектывы працы на карысць роднай культуры. Маючы ад прыроды аналітычны розум, Наталя вельмі хутка самастойна асвоіла кампутарныя праграмы, неабходныя ў выдавецкай справе. Стваральная праца дзеля гістарычнай асветы нашага народа прыносіла ёй вялікае задавальненне і рэальны вынік. Акрамя таго, давала магчымасць блізка пазнаёміцца з выдатнымі творцамі і цікавымі суразмоўцамі - Нілам Гілевічам, Міхасём Чарняўскім, Віктарам Скорабагатавым, Уладзімірам Арловым, Алесем Жлуткам, Сяргеем Панізьнікам.

Яшчэ калі працавала ў інстытуце, займалася папулярызацыяй асобаў нашай гісторыі. Пры канцы 80-х гадоў у выдавецтве "Беларусь" запланавалі выданне адрыўнога календара. Алена Законнікава, якая ўкладала яго, папрасіла мяне напісаць серыю біяграфічных нататак пра нашых славутых землякоў-навукоўцаў. Я адмовіўся, бо дужа быў заняты слоўнікам прыказак, прымавак і фразем. Наталя ж ахвотна пагадзілася. Ёй хацелася паспрабаваць сябе ў новай справе. І атрымалася вельмі ўдала. Зразумела, яна перш за ўсё пісала пра тое, што ёй бліжэй, - пра медыкаў і біёлагаў: пра Аляксандра Маліноўскага, стваральніка першага ў свеце Інстытута пералівання крыві, пра Аляксандра Кавалеўскага, заснавальніка эвалюцыйнай эмбрыялогіі, пра Сымона Зімніцкага, аўтара вядомага ўсім лекарам метаду функцыйнай дыягностыкі нырак, пра Аляксея Бялыніцкага-Бірулю, даследніка жывёльнага свету Крайняй Поўначы… Каляндар "Родны край" выходзіў тады вельмі вялікім накладам, і сотні тысяч беларусаў упершыню даведаліся з гэтых невялікіх, але змястоўных і цікавых нататак пра сваіх знакамітых суайчыннікаў.

Асобна варта сказаць пра Наталін удзел у факсімільным выданні газеты "Наша Ніва", якая была асяродкам і рухавіком беларускага Адраджэння пачатку XX стагоддзя. Гэты праект быў фактычна праектам выратавання нацыянальнай рэліквіі, бо фізічны стан газеты часта быў проста безнадзейны (асабліва пачынаючы з 1912 года, калі фармат павялічыўся болей чым удвая), а ўсе агулам беларускія бібліятэкі не мелі нават яе камплекта. Першыя два выпускі выйшлі ў акадэмічным выдавецтве. Дыяпазітывы для іх фотамеханічным спосабам рыхтаваў Рычард Лахцянкоў. Трэці выпуск, за 1910 год, апрацоўвала Наталя Місючэнка, прафесіянал у кампутарнай справе. Я меркаваў, што і надалей буду супрацоўнічаць з ёй. Але яна катэгарычна адмовілася. Сказала, што такой катаржнай працай ні за якія грошы болей займацца не будзе. І іншыя не згаджаліся. Урэшце мне параілі звярнуцца ў Тэхналагічны ўніверсітэт, дзе ўжо быў адпаведны факультэт і падрыхтаваныя адмыслоўцы. Але гутарка з рэктарам Жарскім таксама была безвыніковай…

А Наталя ўзялася. Сканаванне, рэтуш і рэстаўрацыя тэксту гадавікоў 1911-1915 гг. і 1920 г. - гэта ейная работа, якая доўжылася некалькі гадоў. Здавалася, канца ёй не будзе. Хто бачыў тыя арыгіналы, той мяне разумее. Якой цярплівасцю трэба валодаць і якую адказнасць мець, каб зрабіць такую каласальную працу! На прэзентацыі, прысвечанай завяршэнню факсімільнага выдання, якая адбылася 24 сакавіка 2010 года ў Акадэмічнай бібліятэцы, Алесь Разанаў вельмі трапна акрэсліў значэнне гэтай падзеі: "Дагэтуль "Наша Ніва" была, а цяпер яна ёсць". Потым да мяне падышла Тацяна Рошчына, колішняя загадчыца Аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, і сказала: "Мы ведалі, што гэта немагчыма, а Зміцер не ведаў, таму і зрабіў". Гэтыя словы яскрава паказваюць маштаб і складанасць працы, якую выканала Наталя.

Часам мяне самога здзіўлялі нестандартнасць яе мыслення і творчы падыход. Аднойчы прынёс паказаць невялікі плакат, надрукаваны на лічбавым прынтары для аздаблення стэнда выдавецтва "Тэхналогія" на Міжнароднай кніжнай выставе. На ім былі папулярныя выслоўі на расейскай мове і іх беларускія эквіваленты.

- Дык гэта ж гатовы наглядны дапаможнік для школьнікаў, - заўважыла Наталя. - Добра было б яго выдаць у форме лістоўкі.

Я пасміхнуўся:

- Нешта не даводзілася мне бачыць, каб у кнігарнях прадаваліся лістоўкі.

- А ты зрабі, і будуць прадаваць. Гэта ж можна і да лядоўні магнітам прымацоўваць, і да манітора прышчэпліваць, і ў файл укладваць, - каб мець увесь час перад вачыма.

У 1998 годзе мы збіраліся адзначыць "сярэбранае вяселле". Хацелі абвянчацца ў Чырвоным касцёле. Наталя сур'ёзна рыхтавалася да гэтай урачыстасці: пашыла святочную сукенку, купіла мне гарнітур. Але нечакана памёр мой бацька, а па нейкім часе і ейны. І ўсе нашыя планы пабурыліся. Вось у той журботны час я ўсё ж наважыўся павіншаваць яе. Паслаў звычайнай поштай арыгінальную картачку з вершам. Нельга выказаць словамі, як узрушыла Наталю гэтая неспадзяванка. Слёзы маркоты змяшаліся ў яе са слязьмі ўдзячнасці. "Я вельмі расчуленая", - толькі і змагла вымавіць яна...

Яе чысты, сярэбраны галасок, што захаваўся маладым да сталага веку, быў для мяне найпрыгажэйшай музыкай. Штодня тэлефанаваў ёй апоўдні і, як не было пра што гаварыць, проста казаў:

- Хачу паслухаць твой анёльскі голас.

- Ну, слухай, - смяялася яна…

Калі нам тэлефанавалі па гарадской лініі, яе часта прымалі за нашу дачку. А што да Аляксея Марачкіна, дык той заўсёды без ценю сумневу казаў: "Пазаві бацьку". Наталя ўжо звыклася з гэтым і не пярэчыла.

Але галоўнае - у яе была маладая душа. Яе ўсё цікавіла: і беларуская гісторыя, і таямніцы Сусвету, і новыя адкрыцці ў фізіцы і генетыцы, і загадкі старажытных цывілізацый, і жыццё абарыгенаў ва ўсіх канцах свету, і праблемы аховы рэдкіх жывёлаў, і палітыка, і спартовыя дасягненні, і падзеі культурнага жыцця, і навінкі літаратуры. Была вясёлай і жыццярадаснай. З задавальненнем танцавала, калі была адпаведная кампанія.

Захаплялася джазавай музыкай, старалася не прапусціць ніводнага выступлення замежных выканаўцаў - спевакоў і музыкаў, якія гастралявалі тут. Часта наведвала канцэрты ў філармоніі, якія ладзіла "Беларуская Капэла". Высока цаніла майстэрства ансамбля "Класік-Авангард" Уладзіміра Байдава. З асалодай слухала Юрася Гарадзецкага, радавалася ягоным поспехам. Па даўно пратаптаных сцежках вадзіла сваіх сямейнікаў у Купалаўскі тэатр, Тэатр беларускай драматургіі, Оперны тэатр. А на некаторыя спектаклі - такія, як "Пінская шляхта", "Тутэйшыя", "Паўлінка" - па некалькі разоў.

Вельмі любіла чытаць. Перачытала практычна ўсю беларускую класіку. Сярод яе ўлюбёных аўтараў - Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Віктар Казько, Барыс Сачанка, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін. Шмат чытала і замежнай літаратуры, асабліва дэтэктывы, тут для яе на першым месцы была Агата Крысці, а з сучасных аўтараў - Чынгіз Абдулаеў. Ёй цікава было самой угадваць, як будзе развівацца сюжэт дэтэктыўнага рамана. Была сталым чытачом "Новага Часу", "Нашага слова", "Нашай гісторыі". А ўзяўшы ў рукі "Народную Волю", перш за ўсё шукала "100 радкоў Міхася Скоблы".

Любіла падарожнічаць. Ужо змагаючыся з хваробай, яна, дзякуючы дачушцы Яніне, пабачыла і фіёрды Нарвегіі, і кратар Везувія, і балтыйскія дзюны. Вярталася дадому поўная ўражанняў, паказвала здымкі, з захапленнем апавядала пра ўсё, што бачыла. Але найбольшую асалоду прыносіў ёй адпачынак на радзіме. Браслаўскія азёры, Прыпяць, парк Пышкі пад Горадняй, старая Вільня, Трокі былі мясцінамі, дзе, паводле ейных словаў, адпачывала і наталялася энергіяй яе душа.

Наталя вельмі любіла гатаваць, бо пацешыць родных людзей было для яе вялікай радасцю. Я ў захапленні ад яе кулінарнага майстэрства. Маючы такі талент, яна магла б быць шэф-поварам якога-небудзь элітнага рэстарана. Увесь час эксперыментавала, увесь час была ў пошуку. Нават, здавалася б, самая звычайная страва ў яе выкананні станавілася шэдэўрам. Аднаго разу сур'ёзна прапанаваў Наталі заняцца падрыхтоўкай кулінарнай кнігі - для гэтага ёй даволі было проста занатоўваць свае рэцэпты. Яна толькі адмахнулася, смеючыся: "Чым займацца гэтым, я вам лепей яшчэ што-небудзь смачненькае згатую".

Мала сказаць, што яна была дбайнай, клапатлівай гаспадыняй. У маім разуменні яна была ідэальнай маці, ідэальнай жонкай, ідэальнай бабуляй. Усе ў яе былі дагледжаныя, адзетыя, абутыя, накормленыя і аблашчаныя. Яна была нашым першым лекарам. Яна лепей за дактароў ставіла дыягназ і лячыла нас. Яна ўратавала жыццё маёй маці. Яна ўратавала жыццё нашаму сыну. Яна ўратавала жыццё нашай унучцы. А мы не змаглі ўратаваць яе…

Мужна трывала і боль, і ўсе цяжкасці свайго становішча. Ніколі аптымізм не пакідаў яе, ніколі не жалілася, не ныла. Мы з дзецьмі ўсяляк падтрымлівалі яе. Але, відаць, яшчэ больш яна падтрымлівала нас. Казала дачушцы: "Я цяпер сцісну сябе ў кулак, а пасля расцвіту". Дзівам дзіўлюся, колькі ў гэтай далікатнай, па-дзявоцку танклявай жанчыне было нутраной моцы. Якой сілай духу яна валодала! Пад час наведання Наталі ў госпісе, куды мы завезлі яе на кропельніцу, я неяк папытаўся, каб крыху падвесяліць яе:

- Любая, як цябе лепей зваць - ластавачкай ці кветачкай?

- Заві мяне кветачкай, - адказала Наталя. Такой яна і засталася ў маім сэрцы - дзівоснай кветкай майго жыцця.

21 красавіка 2019 г.

Юбілей Купалаўскага музея

У канцы траўня музей Янкі Купалы ў Менску адзначыў свае 75-годдзе. Наведвальнікам новай экспазіцыі распавяла пра яго гісторыю спадарыня Марыя Барткова.

- 25 траўня 1944 года, калі Урад Беларусі знаходзіўся ў Гомелі, была прынята пастанова аб заснаванні нашага музея. У гэтым жа годзе былі прыняты першыя наведвальнікі, і іх запрасіла асабіста Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Музей тады знаходзіўся на плошчы Свабоды ў гістарычным цэнтры Менска, у адным будынку з музеем Вялікай Айчыннай вайны і мастацкім музеем. А з 1960 года адрасам яго стаў дом № 4 па вуліцы Янкі Купалы. Па гэтым адрасе і сёння мы сустракаем гасцей.

- У новай экспазіцыі - 75 экспанатаў, - працягнула аповед М. Барткова. Тут ёсць фотаздымкі Купалы, творы мастацтва, зробленыя па замове Уладзіславы Францаўны. Яе партрэт стварыў Пётра Сергіевіч. Ён перадаў у калекцыю музея 14 сваіх палотнаў. У зале дэманструецца партрэт Янкі Купалы пэндзля Янкеля Кругеля. Выява Якуба Коласа пасля рэстаўрацыі дэманструецца ўпершыню і ствараецца ўражанне, быццам Якуб Колас прыйшоў у госці да свайго сябра ў гэты дом.

- Мы распавядаем пра тое, як архітэктары ўзнаўлялі праект дома, дзе жыў Я. Купала. Тут захоўваецца фотаздымак вялікага дрэва, якое вельмі любілі ўсе, хто прыходзіў на папялішча. На выставе можна даведацца пра пераклады вершаў Купалы на замежныя мовы. На славацкую мову верш "Малітва" пераклаў амбасадар Славакіі Сэрватка.

Шматлікія наведвальнікі юбілея музея агледзелі мемарыяльныя куткі, інтэр'еры рабочага кабінета, гасцёўні, якія былі створаны па ўспамінах і архіўных матэрыялах, і адчулі, быццам бы пабылі ў гасцях у самога Купалы. Матэрыялы знаёмяць наведвальнікаў з Вільняй, Санкт-Пецярбургам, Масквой, перадваенным Менскам.

Мэта стацыянарнай экспазіцыі - паказ жыцця і творчасці Я. Купалы ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, ролі пісьменніка ў гісторыі беларускай літаратуры, культуры, станаўленні дзяржаўнасці.

Стваральнікі экспазіцыі музея Песняра імкнуліся прадставіць гісторыю шляхецкага роду Луцэвічаў, фальклорныя і біблейскія вытокі паэзіі, філасофска-грамадзянскую пазіцыю паэта і драматурга, стан і развіццё беларускага і замежнага купалазнаўства.

Музей мае 8 экспазіцыйных залаў. Рукапісы Янкі Купалы, выданні яго твораў розных гадоў, асабістыя рэчы паэта, фотаздымкі, творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва распавядаюць пра жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё краіны.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

У Лідскім раёне адбыўся абласны фестываль-свята "Танцуем па-даўнейшаму"

26 траўня ў філіяле "Дзітвянскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" ужо другі раз адбыўся абласны фестываль-свята побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму". Таму арганізацыя правядзення мерапрыемства была на вышэйшым узроўні і Дзітвянская зямля гасцінна сустрэла прадстаўнікоў амаль ўсіх раёнаў вобласці. Танчылі, як у народзе кажуць, ад старога да малога. Старэйшаму удзельніку Яўгену Дубатоўку з Зельвенскага раёна - 76 год, а дзяўчынцы Лізе Макоўскай з Карэліцкага раёна - 7 гадоў.

На фестываль-свята прыехалі шаноўныя і паважаныя госці: выкладчык кафедры этналогіі і мастацтва УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў", лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыня журы Мікалай Аляксеевіч Козенка і загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры Менскай вобласці, этнахарэограф, этнапедагог Сяргей Георгіевіч Выскварка.

Танцавальныя пары прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і веды аўтэнтычнага танцавальнага фальклору. І няхай танцы выконваліся не так дасканала, як раней, але такія святы даюць новы віток для іх жыцця.

Ад самых простых рухаў да трох-кроку… Усе танцавалі на высокім узроўні, але трэба вылучаць лепшых сярод лепшых:

Ва ўзроставай катэгорыі 7-10 гадоў дыпломамі ўзнагароджаны:

Шчучынскі раён: Яўген Малей і Кацярына Бадак - дыплом I ступені;

Карэліцкі раён: Аляксей Лустач і Аляксандра Струк - дыплом II ступенi;

Іўеўскі раён: Мікіта Піскароў і Ліза Макоўская - дыплом III ступенi;

Іўеўскі раён: Арсень Грынцэвіч і Ілона Хабян - спецыяльны прыз "За непасрэднасць i выразнасць вобразна-пластычнага самавыяўлення".

Узроставая катэгорыя 11-17 гадоў:

Ваўкавыскі раён: Павел Смурага і Мар'яша Кузьма - дыплом I ступенi;

Шчучынскі раён: Захар Сухоцкі і Вераніка Клімук - дыплом II ступенi;

Іўеўскі раён: Давыд Марцінкевіч і Мілана Лавыш - дыплом II ступенi;

Лідскі раён: Данііл Кандраценя і Валерыя Ненартовіч - дыплом III ступенi;

Зельвенскі раён: Іван Бутакоў і Дзіяна Лаўко - дыплом III ступенi;

Іўеўскі раён: Уладзіслаў Грынцэвіч і Кацярына Бычкова - дыплом III ступенi.

Узроставая катэгорыя 18-50 гадоў:

Лідскі раён: Мікалай Сакалоўскі і Таццяна Язерская - дыплом I ступенi;

Лідскі раён: Аляксандр Кель і Алеся Назіна - дыплом II ступенi;

Гарадзенскі раён: Дзяніс Балабуеў і Людміла Касянчук - дыплом II ступенi;

Карэліцкі раён: Аляксандр Чарапанаў і Вольга Ложачнік - дыплом III ступенi.

Узроставая катэгорыя звыш 50 гадоў:

Карэліцкі раён: Васіль Чартко і Валянціна Фурс - дыплом I ступенi;

Лідскі раён: Аркадзь Кім і Ада Кім - дыплом II ступенi;

Лідскі раён: Пётр Касяк і Ірына Юзько - дыплом III ступенi;

Ваўкавыскі раён: Часлаў Апановіч і Ганна Суханава - дыплом III ступенi;

Зельвенскі раён: Дубатоўка Яўген і Ваялнціна Лапа - спецыяльны "Прыз глядацкіх сімпатый".

Фестываль-свята атрымаўся добрым, шчырым і прыгожым. І, бяспрэчна, ён будзе мець працяг, бо танцаў народ беларускі прыдумаў безліч!

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Рамантыка

Вы любіце прыроду? Уявіце сабе цёплую летнюю ноч, бераг ракі. Побач булькае вада ды плёскаецца рыба, здаецца, зусім над галавою трымцяць яркія зоркі.

Эк-зо-ты-ка!

За крок ад вас разганяе цемрыва полымя вогнішча. Распачатая пляшка цудоўнага віна ўздымае настрой, бадзёрасць.

Ра-ман-ты-ка!

А побач… Побач з вамі маладая, прыгожая, чарнявая. Вы пазнаёміліся некалькі гадзін назад, і яна адразу пагадзілася быць з вамі.

Шчасце! Такое запамінаецца на ўсё жыццё!

Яшчэ як!

Прыгоды адбываюцца на досвідку. Вы прачынаецеся ад таго, што вам холадна, і пачынаеце здзіўлена азірацца навокал. Лёгкі ветрык кранае попел на патухлым вогішчы. І тут вы са здзіўленнем заўважаеце, што ваша прыгажуня знікла. Была - і няма. Разам з ёю зніклі новыя джынсы з заробкам у кішэні, зніклі вашы туфлі, швэда, кашуля. Ляжыць толькі пляшка. Выпітая…

Сітуацыя-я!

Вы шкрабаеце патыліцу і спрабуеце нешта думаць. Нязвыкласць выпадку не дазваляе вам засяродзіцца. І вы пачынаеце напаўсвядома дзейнічаць. Хапаеце некалькі папарацін ды хуценька ладзіце касцю папуаса. І наперад!

Вас чакае дарога да хаты, поўная дзіўнах прыгод і казачных здарэнняў.

Кепска ў роце

Тое было ў гады існавання СССР. У адну з вайсковых частак на Сахаліне з праверкаю прыязджае генерал-беларус з генштаба. Марафет наладзілі напоўніцу. Генерал ходзіць па адной з казармаў і гучна вымаўляе: "Кепска ў роце! Кепска ў роце!" Суправаджаючыя яго афіцэры не могуць высветліць сваіх недапрацовак. Генерал зайшоў у капцёрку. Па говары капцёршчыка зразумеў, што той беларус. Распачалася гутарка. Паразуменне землякоў поўнае. Генерал адсылае суправаджаючых заняцца сваёй справаю.

- Ты адкуль? - пытае генерал.

- З-пад Свіслачы. Гэта што побач з Белавежскай пушчай.

- Дык я адтуль. А якія там лясы! Эх-х! Якую там ціснуць пушчанку! П'еш і не адарвацца! Даўно нашай не піў!

- Таварыш генерал! Пасылку нядаўна прыслалі нашыя. Дык там пляшку мне паклалі. Ведаеце, мне, салдату, піць нельга, а калі вы - не супраць, пачастую.

- Налівай!

Салдацкі кубачак у дзвесце грамаў генерал асушыў умомант. Закусіў пальцам піханай ды пайшоў далей інспектаваць вайсковую частку. Ідзе і задаволена кажа:

- Добра ў роце! Добра ў роце!

Суправаджаючыя ніяк не могуць уцяміць змены настрою генерала.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX