Папярэдняя старонка: 2019

№ 28 (1439) 


Дадана: 10-07-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 28 (1439), 10 ліпеня 2019 г.

Дарагія сябры "Нашага слова"!

У ліпені мы атрымалі вялікі правал у падпісцы. Па ўсім відаць, што тыя негатыўныя змены, якія адбываюцца ў грамадстве, не мінаюць і нас. Мы трацім чытачоў папяровай газеты, а ці набываем чытачоў сайта, то яшчэ пытанне. Тым не менш, газета прадаўжае выходзіць, і ніякіх песняў жальбы не будзе. Мы былі, ёсць і мусім быць.

Красавік Ліпень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 13 8

Бяроза р.в. 8 8

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 6 7

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в - -

Івацэвічы р. в. 2 2

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 1 1

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. - -

Пінск гор. 6 5

Пружаны р.в. 4 2

Столін р.в. - -

Усяго: 45 38

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 23 17

Верхнедзвінск р.в. 5 4

Глыбокае р.в. 5 5

Гарадок р.в. 3 -

Докшыцы р.в. 2 3

Дуброўна р.в. 1 -

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 19 18

Орша гор. 6 6

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 3 4

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 1

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 3 3

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 6 5

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 87 77

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 2 3

Барысаў гор. 7 5

Вілейка гор. 2 1

Валожын гор. 7 5

Дзяржынск р.в. 7 5

Клецк р.в. - 1

Крупкі р.в. 2 2

Капыль р.в. 2 1

Лагойск 5 6

Любань р.в. 1 2

Менск гор. 199 147

Менск РВПС 14 10

Маладзечна гор. 11 5

Мядзель р.в. 2 3

Пухавічы РВПС 4 4

Нясвіж р.в. 27 7

Смалявічы р.в. 3 2

Слуцк гор. 7 4

Салігорск гор. 3 3

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 3 3

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 1 1

Усяго: 310 221

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 1

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. - -

Гомель гор. 15 13

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 11 6

Жлобін гор. - -

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 1 1

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 2 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 43 33

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 2 2

Ваўкавыск гор. 4 3

Воранава р.в. 16 2

Гародня гор. 32 24

Гародня РВПС 14 14

Дзятлава р.в. 3 5

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 2 2

Карэлічы р.в. 1 1

Масты р.в. 1 1

Наваградак гор. 4 1

Астравец р.в. 1 1

Ашмяны р.в. 4 3

Смаргонь гор. 8 7

Слонім гор. 8 8

Свіслач р.в. 4 5

Шчучын р.в. 3 1

Ліда 49 7

Усяго: 157 88

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 1 1

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. - 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 21 21

Асіповічы гор. 8 7

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 1 2

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 1 1

Усяго 41 41

Усяго на краіне: 683 498

Каб сям'я была крыніцай радасці і надзеі для нашай Бацькаўшчыны

Сёлета Будслаўскі фэст, на які сабраліся некалькі тысяч вернікаў, праходзіў пад дэвізам "Марыя-каралева сям'і." 5 ліпеня адбылася прэзентацыя сямейных рухаў Беларусі. 6 ліпеня Мітрапаліт Менска-Магілёўскі прысвяціў сваё выступленне тэме абароны сям'і і сямейных каштоўнасцяў.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў урачыстасці на заданні Касцёла ў Беларусі па абароне сям'і перад абліччам крызісу.

Палова сем'яў у Беларусі разведзена, і гэта негатыўна ўплывае на грамадскі клімат нашай краіны і выхаванне маладога пакалення, якое застаецца без належнай бацькоўскай апекі. Спасылаючыся на агульнадаступныя статыстычныя дадзеныя, арцыбіскуп Т. Кандрусевіч з горыччу канстатаваў, што Беларусь перажывае дэмаграфічную зіму.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на пагрозлівую тэндэнцыю росту колькасці абортаў і шкоднасць "прапаганды амаральнай ідэі штучнага апладнення", у выніку якога, нават не беручы пад увагу вельмі сумніўны маральны аспект гэтай працэдуры, не народзіцца і дзясятай часткі ад той колькасці дзяцей, якіх штогод забіваюць ва ўлонні маці.

Задаючыся пытаннем пра прычыны амаральных тэндэнцый, якія разбуральна дзейнічаюць на сямейныя каштоўнасці, арцыбіскуп сярод іх назваў тое, што беларускае грамадства яшчэ не вызвалілася ад згубных уплываў савецкай атэістычнай ідэалогіі.

"Скрыты вірус" недалёкага савецкага мінулага актывізуецца "вірусам" лібералізму і маральнага рэлятывізму.

- Лібералізм свабодна трактуе правы дзяцей, - заўважыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, - забываючы пра тое, што спачатку трэба акрэсліць правы бацькоў клапаціцца пра духоўную фармацыю сваіх дзяцей. Мы павінны імкнуцца, каб сям'я была крыніцай радасці і надзеі для нашай Бацькаўшчыны! .

Душэўныя словы сказаў па-беларуску апостальскі нунцый Габар Пінтэр:

- Гісторыя гэтай зямлі сведчыць пра любоў Маці Божай да Беларусі. Яна сабрала сваіх дзяцей тут, каб усцешыць і ўзмоцніць. Адзінства ў сям'і і ў супольнасці - запавет Езуса.

У Будславе было прэзентавана новае выданне Катэхізісу Каталіцкага касцёла для моладзі на беларускай мове - "YOUCAT"

Мы пазнаёміліся з удзельнікамі пілігрымкі з розных гарадоў. Даша Іваноўская з парафіі св. Тройцы ў Глыбокім займаецца ў моладзевым хоры і два разы на тыдзень спявае на моладзевай імшы. Яна марыць стаць юрыстам.

Прадстаўніцы руху "Маці ў малітве" прыехалі з Ліды. Гэты рух распачала на Беларусі каардынатар Людміла Губіна з Менска.

Пані Данута з касцёла Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі распавяла пра тры групы руху, якія існуюць у іх горадзе.

- Мы сустракаемся кожны квартал на тры дні і прысвячаем гэтыя сустрэчы сусветнаму руху, які існуе. Мы рады, што ёсць сёстры ў Хрысце, якія дапамогаюць добрым словам і парадай. Мы молімся і за хворых дзяцей, і за тых, якія засталіся без бацькоўскай апекі.

Пілігрымы з Пінска падзяліліся:

- Мы былі вельмі шчаслівыя, калі з намі быў як наш бацька кардынал Казімір Свёнтак! Наша архікатэдра вельмі прыгожая, а цяпер ёсць яшчэ новы касцёл святога Бенедыкта, дзе служыць працавіты, умелы і творчы ксёндз Часлаў. У Крыўчыцах у савецкія часы рота салдат разбурыла касцёл, 50 гадоў храма не было. І вось прыехаў місіянер з Польшчы Пётр Бялевіч і пабудаваў каплічку. Мы вельмі задаволеныя!

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Удзельнікі "Сямейнай пілігрымкі"; 2. Удзельніцы руху "Маці ў малітве".

"Дзейнасць у ТБМ - самы шчаслівы і яркі перыяд майго жыцця"

Да 30-годдзя ТБМ

Педагог, грамадскі дзеяч, псіхолаг, актывістка ТБМ Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч падзялілася сваімі думкамі пра тое, якую ролю ў яе жыцці адыграла Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Выкладчыцкая, асветніцкая і дабрачынная дзейнасць зрабілі яе шчаслівай і багатай на сяброў.

Людміла Дзіцэвіч - выкладчык з 40-гадовым стажам, аўтар больш за 100 артыкулаў, якія друкаваліся ў газетах "Наша слова" і "Новы час", 243 мастацкіх твораў і 80-ці навукова-метадычных распрацовак.

Яна з'яўлялася першым намеснікам старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", намеснікам старшыні Таварыства "Беларусь-Ірландыя", працавала ў ГА "Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння "Сакавік", займалася гуманітарнай дзейнасцю і аздараўленнем дзяцей за мяжой. На працягу 20 гадоў выязджала з групамі беларускіх дзяцей у Італію, Англію, Уэльс і Ірландыю.

- У сярэдзіне 90-тых гадоў адбыўся вялізны ўздым у маім жыцці, - успамінае Людміла Мікалаеўна. - Адбылося супадзенне майго пад'ёму інтэлектуальнага і грамадзянскага з уздымам у грамадстве. Маё ўваскрасенне як асобы супала з Адраджэннем краіны. Я трымала руку на пульсе ўсіх падзей.

ТБМ дапамагло мне развіць мае творчыя здольнасці! Я шмат пісала, друкавала, бо трэба было развіваць мову, падымаць газету, падставіць плячо ў падтрымку сябрам. Я пісала па-мастацку, нараджаліся вершы і песні, добра пайшла ў мяне публіцыстыка. Я трапіла ў кола адраджэнцаў - навукоўцаў, пісьменнікаў, патрыётаў! Гэта было велізарным шчасцем у маім жыцці!

Я стварала сцэнары, іграла ў тэатры, праводзіла вечарыны. Развіліся мае філалагічныя і арганізацыйныя здольнасці, - усё спатрэбілася дзеля працы ў арганізацыі. Гэта быў самы яркі перыяд майго жыцця! У ТБМ я знайшла спаемства сваіх аднадумцаў - самых лепшых людзей!

Яшчэ калі я працавала настаўніцай у сярэдняй школе № 183, Ніл Гілевіч парэкамендаваў мяне, і я стала адказным сакратаром ТБМ. Потым была абрана намеснікам старшыні ТБМ, а затым - першым намеснікам старшыні (пры Алегу Трусаву). Я праводзіла курсы па культуры мовы на ТБМ і адначасова вяла курсы ў БДУКіМ.

Людзі імкнуліся вывучаць мову, шукалі рэпетытараў, каб авалодаць мовай і выразна гаварыць па-беларуску. У ТБМ прыйшлі заможныя людзі, пры падтрымцы якіх удалося ажыццявіць шмат беларускамоўных праектаў.

Праз працу над дакументамі і спісамі ў мяне, як у філолага удасканаліўся яшчэ і дзелавы стыль. Мне давялося ўдзельнічаць у розных навуковых мовазнаўчых канферэнцыях. Давялося навучаць беларускай мове кіраўнікоў амбасад, а сярод іх - намесніка амбасадара ЗША Джона Кунстадтэра, а таксама аташэ нямецкага пасольства. Кіраўнікі ТБМ Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін і Алег Трусаў навучылі мяне гаспадарлівасці, каб кожную капейку накіроўваць на карысныя справы для арганізацыі.

Пры ТБМ я арганізавала цыкл семінараў "Я магу жыць лепей", які праходзіў у розных гарадах і вёсках. Слухачы прыходзілі на мае семінары ў Бярозе, у Лідзе, Берасці, Віцебску.

Частка нашых праектаў і заняткаў была прысвечана развіццю пачуцця ЛЮБОВІ- любові да мовы, да краіны, да людзей і жыцця.

Я ўдзячная ТБМ, што тут я адчула сваё новае пакліканне да набыцця і выкарыстання псіхалагічных ведаў. Авалодаўшы прафесіяй псіхолага, я пайшла працаваць у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і займалася з моладдзю.

Нарэшце, я адчула сябе гаспадыняй свайго жыцця. Стала індывідуальным прадпрымальнікам як псіхолаг, праводжу семінары і трэнінгі, імкнуся дапамагчы людзям паправіць здароўе і палепшыць свой стан, развіваць сябе як асобу. Праз псіхалагічныя веды я сама змагла аздаравіцца і стаць паспяховай у дзейнасці. Зараз праводжу вебінары, на якіх да мяне могуць далучыцца карыстальнікі інтэрнэта. Непарушна ўсёй маёй душой я звязана з ТБМ.

Я рада, што Алена Анісім вядзе рэй далей і высока падымае рэйтынг арганізацыі!

Запісала Эла Дзвінская, Фота аўтара.

Скідзельская суполка ТБМ на ўздыме

Стварэнне ў Скідзелі суполкі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны не было выпадковым.

Тут здаўна, яшчэ ў 20 - 30-я гады мінулага стагоддзя, існаваў моцны беларускі нацыянальны рух, плённа і паспяхова працаваў шматлікі гурток Таварыства беларускай школы і карыстаўся падтрымкай жыхароў, ішло змаганне за беларускамоўную адукацыю. Тут заўсёды было многа шчырых прыхільнікаў беларускай справы, беларускага адраджэння.

Таму пасля стварэння ў краіне ў 1989 годзе Таварыства беларускай мовы гэты невынішчальны дух прывёў да ўзнікнення ў Скідзелі некалькіх суполак Таварыства, пераходу школ горада на беларускую мову навучання. Аднак антыбеларускі рэферэндум 1995 года, з горыччу ўспрыняты беларускім дэмакратычным грамадствам, прывёў да абмежавання дзейнасці першасных суполак Таварыства. А наступным рэпрэсіўным крокам было закрыццё мясцовымі ўладамі ў 2005 годзе Гарадзенскай раённай арганізацыі ТБМ. Трэба прызнаць, што гэтыя неразумныя меры ўладаў не дэмаралізавалі прыхільнікаў беларускага адраджэння, і яны прадаўжалі сваю справу.

У выніку амаль пяць гадоў назад гэтыя актыўныя, неабыякавыя людзі аб'ядналіся ў Скідзельскую рэгіянальную суполку Таварыства беларускай мовы, у якую ўваходзяць настаўнікі школ, работнікі культуры, грамадскія актывісты, пенсіянеры горада і навакольных вёсак. Шмат карысных спраў на яе рахунку. Душой суполкі, нястомным арганізатарам і ініцыятарам многіх спраў з'яўляецца Таццяна Анатольеўна Савянкова.

Сябры суполкі настойліва і плённа працуюць над ушанаваннем памяці выдатных дзеячоў беларускай культуры. Іх намаганнямі, асабліва Алены Міхайлаўны Салей, створаны і працуе ў сельскагаспадарчым ліцэі музей Міхася Васілька. А ў вёсцы Баброўня, адкуль родам вядомыя паэты Макар Краўцоў і Міхась Васілёк, сябры Таварыства ўстанавілі ў іх гонар памятны знак і рэгулярна ладзяць розныя культурніцкія імпрэзы.

У вёсцы Мількаўшчына, дзе нарадзілася і працяглы час жыла Эліза Ажэшка, спадарыня Таццяна кіруе музеем, прысвечаным пісьменніцы, праводзіць частыя экскурсіі па месцах, звязаных з яе жыццём, апякуе месца былой сядзібы бацькі яе - Бенядзікта Паўлоўскага. Музей з'яўляецца сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця вёскі і работы з моладдзю. Як шчырая патрыётка свайго краю Таццяна Анатольеўна з трывогай перажывае за лёс беларускай мовы і беларускамоўнага навучання і таму ідзе ў скідзельскія школы, сустракаецца з дзецьмі і настаўнікамі, каб сумесна раскрыць прыгажосць свайго, роднага слова, фарміраваць павагу і любоў да яго.

Спадарыня Таццяна, поўная сіл, энергіі і творчых планаў, набліжаецца да свайго юбілею. І рада Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны віншуе яе з гэтай датай і жадае ёй здароўя, поспехаў і новых дасягненняў.

І. Буднік, сябар абласной рады.

БНФ заклікае называць беларускую мову роднай падчас перапісу

Сойм Партыі БНФ прыняў заяву з нагоды набліжэння перапісу насельніцтва, які запланаваны на кастрычнік гэтага года. БНФ заклікае беларусаў падчас адказаў на пытанні перапісу, якія датычныя роднай мовы, дбаць пра нацыянальныя інтарэсы і называць беларускую мову ў якасці роднай.

Крытыкуючы фармулёўкі пытанняў перапісу, датычныя мовы, БНФ перасцерагае ад выкарыстання вынікаў перапісу як абгрунтавання для далейшага наступу на беларускую мову, задушэння нацыянальнай ідэнтычнасці, парушэння правоў людзей.

Партыя вяртаецца да кожнага беларуса, якому неабыякавы лёс нашай нацыі і нашай краіны, з заклікам на ўсе пытанні, датычныя мовы, незалежна ад іх фармулёвак ( родная мова; першая мова, засвоеная ў дзяцінстве; мова штодзённых стасункаў) шчыра пазначаць БЕЛАРУСКУЮ МОВУ.

Наш кар.

Заява Сойму Партыі БНФ

У кастрычніку гэтага года адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва Беларусі.

Фармулёўкі пытанняў, што тычацца нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасці, у першую чаргу - роднай мовы, выклікаюць вялікую заклапочанасць. Падчас мінулага перапісу 2009 года дадаванне да простага пытання "Якая вашая родная мова?" дадатковых тлумачэнняў ("мова якая была першая засвоеная ў дзяцінстве", "на якой мове пераважна размаўляеце дома") прывяло да таго, што з 73% да 53% знізілася колькасць тых, хто назваў беларускую мову роднай, з 37% да 23% стала менш тых, хто сказаў, што дома гаворыць пераважна па-беларуску.

У 2019 годзе пытанні перапісу (нумар 12 і 13) ізноўку гучаць з падобнымі недарэчнымі ўдакладненнямі. Існуе небяспека, што замест таго, каб адзначыць рост нацыянальнай свядомасці, перапіс адлюструе вынікі той даўгатэрміновай палітыкі русіфікацыі, якая вялася расейскай імперыяй, савецкім рэжымам, і ў пэўнай ступені працягваецца ўладамі цяперашняй незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ва ўмовах дыскрымінацыі беларускай мовы (асабліва балючай ў сферы адукацыі і вядзення дзяржаўных справаў) недарэчныя фармулёўкі пытанняў перапісу могуць быць скарыстаныя як абгрунтаванне для далейшага наступу на беларускую мову, задушэння нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, парушэння правоў людзей. Калі па выніках перапісу будзе паказана змяншэнне ўжывання беларускай мовы грамадзянамі Беларусі, гэта станецца апраўданнем яшчэ большага выціснення беларускай мовы са сфераў дзяржаўнага кіравання, адукацыі, СМІ.

Партыя БНФ заклікае ўсіх беларусаў падчас адказу на гэтыя пытанні перапісу дбаць пра беларускі нацыянальны інтарэс: беларусы як самастойная нацыя маюць сваю родную мову, гэта мова беларуская, і ў гэтай якасці яна павінная быць названая роднай мовай падчас перапісу. Станоўчыя вынікі перапісу, якія пакажуць рост ужывання беларускай мовы, могуць быць скарысаныя для карэкціроўкі дзяржаўнай палітыкі на карысць беларускай мовы. Мы заклікаем да шырэйшага ўжывання беларускай мовы ў грамадскім і прыватным жыцці, у тым ліку размаўляючы на белаускай мове дома ў якасці мовы штодзённых стасункаў. Мы звяртаемся да кожнага беларуса, якому неабыякавы лёс нашай нацыі і нашай краіны, з заклікам на ўсе пытанні, датычныя мовы, незалежна ад іх фармулёвак (родная мова; першая мова, засвоеная ў дзяцінстве; мова штодзённых стасункаў) шчыра пазначаць БЕЛАРУСКУЮ МОВУ. Такім чынам мы разам дадзім шанец беларускай мове пазбавіцца шалёнага ціску русіфікацыі і захаваем перспектывы самастойнага развіцця для нашай нацыі.

Перапіс 2019 года павінны паказаць істотнае павелічэнне ўжывання беларускай мовы як важнага індыкатара нацыянальнай ідэнтычнасці. Беларуская мова - гэта родная мова беларускага народа, гэта тое, што нас яднае ў нацыянальную супольнасць.

Пазначайце сябе беларусамі, тлумачце важнасць такога ўчынку сваім сябрам, родным, калегам па працы.

Жыве Беларусь!

Пакліканы несці Боскую энергію людзям

На ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай ў Будславе 5-6 ліпеня ўвага была нададзена 30-годдзю біскупскага пасвячэння Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Падчас святой імшы біскуп Юры Касабуцкі выказаў падзяку Яго Эксэленцыі за вялікую працу па адраджэнні Каталіцкага касцёла на Беларусі, за спрыянне развіццю структур Касцёла, пашырэнню каталіцкага друку,СМІ і выдавецкай дзейнасці.

- Яскравая харызма вызначае Мітрапаліта Тадэвуша, - адзначыў біскуп Юры. - З рук Яна Паўла ІІ 29 ліпеня 1989 года ён атрымаў біскупскую хіратонію. Дзякуючы яго пастырскаму подзвігу, малітве і намаганням у нашай краіне святыні былі вернуты вернікам, тысячы людзей знайшлі сцяжынку да храма.

Затым Ян Павел II даў іншае заданне і паслаў Тадэвуша Кандрусевіча ў Расію, у яшчэ больш складаныя ўмовы, дзе былі знішчаны ўсе каталіцкія парафіі, а існавалі толькі дзве - у Маскве і Санкт-Пецярбургу. У 1991 годзе Уладыка Тадэвуш паехаў у Расію і 16 гадоў вёў там апостальскую працу: з'явіліся сотні новых дыяцэзій і парафій, прыехалі святары і законныя сёстры. Зноў святы айцец паклікаў біскупа Тадэвуша на Беларусь, каб несці далейшае служэнне, і вось ужо 12 гадоў праз яго намаганні ў нашай краіне Касцёл умацоўваецца, і мы бачым гэты вялікі плён! Мы асаблівым чынам дзякуем за дар 30-гадовага служэння нашага пастыра.

Пілігрымы горача прывіталі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча апладысментамі і маліліся за яго здароўе падчас святой імшы. Цэлебрацыю яе ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Таксама вернікі павіншавалі біскупа Казіміра Велікасельца, які сёлета адзначае 20-годдзе біскупскага пасвячэння і 35-годдзе святарства.

Галоўнае набажэнства на фэсце ў Будславе ішло на беларускай мове.

Эла Оліна, фота аўтара.

Прэзентацыя Збору твораў Міхала Шымялевіча

Міхал Шымялевіч не напісаў ні аднаго твора па-беларуску. Аднак жа першая яго сапраўдная кніжка выйшла менавіта па-беларуску.

6 ліпеня ў канферэнц-зале Лідскага замка прайшла прэзентацыя Збору твораў Міхала Шымялевіча, якая распачала серыю "Лідскі кнігазбор". Было вельмі важна правесці прэзентацыю ў замку, бо менавіта артыкул Міхала Шымялевіча пра Ліду і Лідскі замак, надрукаваны ў "Виленском календаре" ў 1906 годзе паклаў пачатак вывучэнню гэтага помніка нашай гісторыі

Вёў імпрэзу супрацоўнік Лідскага музея Алесь Хітрун.

Укладальнік кнігі Леанід Лаўрэш спыніўся больш на асобе Міхала Шымялевіча, у прыватнасці, на яго нацыянальнасці, бо той на крутых паваротах гісторыі пісаў сябе то барцяком, то беларусам, то палякам, то проста тутэйшым, што, мабыць, найбольш адпавядае праўдзе. Хоць вельмі важны і той факт, што менавіта Міхал Шымялевіч быў адзіным дэпутатам ад Таварыства беларускай школы, абраным у Лідскую раду ў міжваеннай Польшчы. У другой палове 1930 гадоў М. Шымялевіч увайшоў у склад рэдакцыі найлепшага краязнаўчага выдання Заходняй Беларусі "Ziemi Lidzkiej", дзе ў кожным нумары друкаваў па некалькі грунтоўных матэрыялаў з гісторыі Лідчыны.

Рэдактар выдання Станіслаў Суднік спыніўся на тым, як стваралася кніга, як спрыялі ёй вышнія сілы, бо артыкул М. Шымялевіча пра літоўскіх татараў, надрукаваны ў "Виленском календаре" ў 1905 годзе, быў знойдзены Леанідам Лаўрэшам на нейкім татарскім сайце ўжо тады, калі кніга была гатовая для перадачы ў выдавецтва. У кнізе змешчаны вялікія матэрыялы, якія не друкаваліся нідзе раней, а перакладаліся з рукапісаў, знойдзеных у бібліятэцы Асалінскіх ва Уроцлаве.

Аляксандр Колышка, старшыня Таварыства польскай культуры на Лідчыне, які атрымаў слова наступным, у свой час шмат зрабіў, каб сабраць усе даваенныя нумары "Ziemi Lidzkiej", а таксама каб у новы час надрукаваць многія артыкулы Міхала Шымялевіча. Сп. Колышка вельмі станоўча ўспрыняў выхад кнігі і толькі задаўся пытаннем, чаму палякі не выдалі такую кнігу раней па-польску.

Такім чынам вялікая справа па выданні спадчыны Міхала Шымялевіча завершана. Па-за кнігай застаўся невялікі артыкул пра Салечнікі, які вядома, што быў, але знайсці які пакуль не ўдалося.

Асобнікі кнігі перададзены ў Лідскі музей, у Лідскую раённую бібліятэку, у іншыя зацікаўленыя ўстановы. Прыватныя асобы могуць набыць кнігу ў шапіку Лідскага музея. Неўзабвве яна мае з'явіцца ў лідскім "Кніжным свеце". Наклад невялікі, паспяшайцеся.

Яраслаў Грынкевіч.

ОХ І СЕЯЛА ІВАНАЎНА ЛЯНОК…

Як пяецца ў песні, так і зрабілі ў дзіцячым садку № 4 г. Нясвіжа - пасеялі лянок. Так-так! У двары садка падрыхтавалі добрую градку і ў адпаведны тэхналогіі час пасеялі лён. Задума простая і геніяльная (яна належыць загадчыцы садка Вользе Іванаўне Пуляк) - назіраць ад пачатку да канца ва ўсёй лагічнай паслядоўнасці шлях зернетка-насення да зернетка ўраджаю, да спрадзенай ніткі, сатканага палатна.

А пакуль лён узыходзіць ды расце, пачалі збіраць прыклады-ўзоры беларускага прадзіва і ткацтва: ручнікі і посцілкі, сурвэткі і дарожкі… Расквечаныя вышыўкай, яны здзіўлялі даўнім умельствам беларускіх жанчын. Каб было навідавоку тое багацце ды радавала штодня, размясцілі сабранае ў мураванай альтанцы: тут і паветра свежае, і схоў надзейны. Прадоўжылі напаўненне той альтанкі прыладамі для апрацоўкі лёну, прадзіва і ткацтва.

Цяжэй за ўсё было знайсці сапраўдны ткацкі станок (кросны). Тут і прыйшлі на дапамогу нясвіжскія сябры ТБМ, краязнаўцы. Добрую падказку атрымалі ад цікаўнай і памятлівай жанчыны Ірыны Абрамовіч з Быхаўшчыны. Па яе парадзе пачулі расповед ураджэнкі гэтай жа вёскі, а цяпер ужо жыхаркі Ліды Людмілы Язэпчык:

- Мая мама ткала і сабе, і людзям. Вельмі ж хутка і спраўна ў яе ўсё рабілася. А прылады амаль усе, нават ткацкі станок, зрабіў тата. Я даўно ўжо жыву ў Лідзе. Бацькі памерлі, але ў родную хату еду ды еду. І вось жа ўсё перажываю, што кросны і шмат што іншае, такое дарагое і неабходнае некалі, цяпер прападае, без аніякай патрэбы ляжыць на гарышчы. Таму буду вельмі радая перадаць усё дзеткам, іх выхавацелям. Хай паслужыць добрай справе.

А добрая справа ў садку "Караблік дзяцінства" шырылася. Агульнымі намаганнямі сабралі больш сямі дзясяткаў экспанатаў. Утварыўся міні-музей ткацтва "Сінявокі ляночак". Кросны з Быхаўшчыны занялі ў ім годнае месца. Дзень адкрыцця музея стаўся сапраўдным святам - з гасцямі, з падарункамі-экспанатамі, з казкай маленькай праснічкі і пазнаваўчай гульнёй пра слуцкія паясы. А ў мове маленькіх экскурсаводаў цешылі слых пракаветныя беларускія слоўкі, на якія ўжо забыліся іх бацькі: сувой, уток, сукала, кудзеля, тканіна.

Мо менавіта яны, гэтыя выхаванцы добрага садка, якім зараз па пяць-шэсць гадкоў, дапамогуць дарослым, сваім бацькам, дзядулям ды бабулям падчас перапісу беларускую мову назваць роднай мовай.

Наталля Плакса, Нясвіж.

Сустрэча з "Вераснем" з нагоды 30-годдзя ТБМ і 10-годдзя часопіса

Літаратурная сустрэча да 30-годдзя ТБМ прайшла ў сталічнай сядзібе Таварыства беларускай мовы. Тут адзначылі дзесяцігоддзе літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Якраз выйшаў з друку дваццаты нумар.

На сустрэчу завіталі чытачы часопіса, кіраўніцтва ТБМ імя Францішка Скарыны і яго аўтары. Прэзентацыю распачала кіраўнік ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая адзначыла вартасць выдання і павіншавала ўсіх з юбілейным 20-м нумарам "Верасня".

Рэдактар часопіса Эдуард Акулін прыгадаў той час, калі ён распачынаў выдаваць часопіс, згадаў Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, якія шчыра віталі новае выданне. Ён сказаў:

- Гэта выданне было заснавана для падтрымкі маладых аўтараў. Заснавала Таварыства беларускай мовы як выданне для маладых. І калі я пагадзіўся, у мяне адразу паўстала пытанне: а якім павінна быць гэтае выданне? У любога друкаванага перыёдыка павінна быць сваё аблічча, непаўторнае, прыгожае, свая эстэтыка. У аснову творчай канцэпцыі часопіса "Верасень" я паклаў тэорыю самага маладога беларускага класіка, майго, як кажуць, духоўнага настаўніка - Максіма Багдановіча, эстэтычным дэвізам якога былі словы"краса і сіла".

Пра вартасць выдання, найперш для моладзі, дызайн яго, пра тэксты і аўтараў, а таксама з удзячнасцю да беларускага слова і беларушчыны ў цэлым распавядалі Анатоль Трафімчык, Сяргей Чыгрын, Наталля Бучынская і іншыя прысутныя. Прэзентацыю юбілейнага нумара "Верасня" Эдуард Акулін аздобіў сваімі песнямі.

Памёр Леанід Анціпенка

Беларускае Радыё Рацыя.

1 ліпеня, пасля цяжкай хваробы, адышоў у лепшы свет выдатны журналіст, літаратар і краязнавец Леанід Міхайлавіч Анціпенка. Яму было 84 гады. Леанід Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Цінькаў Крычаўскага раёна. Закончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. Тры гады працаваў дырэктарам Рэкашыцкай школы Уздзенскага раёна. З 1963 года - літаратурны супрацоўнік, загадчык сельгасаддзела, намеснік рэдактара раённай газеты "Ударны фронт" Шклоўскага раёна. З 1975 года - рэдактар. З 1995 года - на пенсіі. Сябар Беларускага саюза журналістаў і ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з моманту ўтварэння адпаведнай структуры ў Шклоўскім раёне. Літаратурную дзейнасць пачаў яшчэ вучнем старэйшых класаў Бацвінаўскай сярэдняй школы Крычаўскага раёна, калі ў Чэрыкаўскай раёнцы была надрукавана яго байка "Мядзведзь і самакрытыка" (20 траўн\я 1954 года). Потым яго байкі, вершы, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах "Магілёўская праўда", "Звязда", "ЛіМ", "Чырвоная змена", у часопісах "Вожык", "Полымя" іншых перыядычных выданнях. Ланід Міхайлавіч - выдаў некалькі зборнікаў вершаў, прозы, эпіграм і пародый. Суаўтар калектыўных зборнікаў.

Так здарылася ў маім жыцці, што ў свой час я "захварэў" на краязнаўства. Шклоўская раённая газета "Ударны фронт", калі рэдактарам працаваў Леанід Міхайлавіч, заўсёды шмат увагі ўдзяляла гэтай тэматыцы. З цягам часу з'явілася жаданне і мне самому паспрабаваць сябе ў якасці аўтара.

Першапачаткова свае паведамленні я рабіў па-руску і супрацоўнікі газеты перакладалі іх на беларускую мову. Гэта мяне неяк бянтэжыла. І вось, у чарговы раз, я завітаў у рэдакцыю ўжо з беларускамоўным артыкулам. Лявон Міхайлавіч, запрасіў у свой кабінет і пачаў моўчкі чытаць мой рукапіс. Я ўважліва паглядаў на рэдактара, які нахіліўшыся над маімі паперамі, пачаў амаль у кожным сказе выпраўляць памылкі. Хутка чырвоны колер ягонага пяра запоўніў усе мае аркушы, і я з напружаннем і сорамам чакаў, чым гэта ўсё скончыцца. Лявон Міхайлавіч па - ранейшаму моўчкі нешта абдумваў і нічога не гаварыў. Чакаючы адмоўнай рэакцыі я не вытрымаў і першы запытаў:

- Напэўна мне больш ніколі не трэба нічога пісаць?

І нечакана пачуў у адказ:

- Пішы! У цябе павінна атрымацца.

Такога прысуду я не чакаў.

Пасля гэтай падзеі я пачаў больш пільна цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. Беларуская мова, як увогуле беларушчына, зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне майго светапогляду. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, шанаваць бацькоў, любіць і берагчы Радзіму. Асобнае месца на гэтым маім шляху належыць творчасці Лявона Міхайлавіча:

Мне Богу рана спавядацца,

Бо мала спраў, а больш надзей.

І можа, нават, гэтак стацца,

Што не памножыцца падзей,

А пойдзе ладам з ласкі Бога -

Яго штораніцы прасі.

Пакуль не збаўлены зямнога,

Цярпліва ты свой крыж нясі.

Калі абыдзешся без грэху

У гэтым немачным жыцці,

То адгукнешся ў небе рэхам,

За ім імкніся і ляці.

Ці магчыма, каб гэтыя словы Лявона Міхайлавіч, як і ўся яго творчасць, не закранула пачуццё чалавека?

Леанід Міхайлавіч Анціпенка пражыў жыццё так, што пра яго ніхто не можа сказаць кепскае слова. Ён быў вельмі ціхім чалавекам, які не ўлазіў ні якія канфлікты, быў рахманым, лагодным і працавітым.

Пахаваны Леанід Анціпенка 2 ліпеня на шклоўскіх могілках побач з жонкай Раісай.

А. Грудзіна. Шклоўская раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Open Сall: [Ня]бачныя межы - міжнародная тэатральная майстэрня

Навіны Германіі

Адкрыты прыём падачы заявак для маладых акцёраў і акторак з Беларусі, Германіі і Расіі. 20-25 жніўня майстэрня пройдзе ў Берасці, 19-26 кастрычніка ў Франкфурце-на-Одары. Арганізатары бяруць на сябе ўсе выдаткі. Тэрмін падачы заявак 15 ліпеня 2019 года.

Мастацкія кіраўнікі праекту: Вольфганг Негеле (рэжысёр), Валянцін Лявіцкі (рэжысёр, Тэатр Пакаленняў, Санкт-Пецярбург), Мерэт Кюндзіг (Meret Kundig, драматург), Барбара Ганна Бернсмайер (культурны мэнеджар).

Міжнародная тэатральная майстэрня ўяўляе сабою 10-дзённы воркшоп з удзелам 15 акцёраў (студэнтаў і выпускнікоў тэатральных ВНУ) з Германіі, Расіі і Беларусі, які арганізаваны Музеем Клейста ў Франкфурце-на-Одары і тэатральнымі дзеячамі Вольфгангам Негеле (Wolfgang Nаgele) і Барбарай Ганнай Бернсмайер (Barbara Anna Bernsmeier). Праект будзе праводзіцца другі раз.

Зварот да творчасці Генрыха фон Клейста абгрунтаваны супярэчлівым пазіцыянаваннем яго прац паміж касмапалітызмам і нацыяналізмам, а таксама сувяззю з актуальнай еўрапейскай позвай. Гэта стварае глебу для прадуктыўнага творчага дыялогу. Удзельнікі майстэрні будуць працаваць з тэкстамі Клейста, якія адабралі кіраўнікі праекту і супрацоўнікі Музея Клейста. Падчас майстэрні акцёры будуць ствараць тэатральныя кампазіцыі ў музеі і вакол музея, у якіх яны будуць каментаваць такія характэрныя для Клейста тэмы, як улада, адкрытасць, межы і гвалт.

Межы ствараюцца і перасоўваюцца, тэрытарыяльныя пераазначэнні патрабуюць сталых карэктовак. Стан напругі паміж адкрытасцю і пратэкцыянізмам займае важнае месца ў палітычнай позве памежных рэгіёнаў Еўропы. Прычына гэтаму тэрытарыяльныя канфлікты, міграцыя і ўцёкі насельніцтва. Час жыцця паэта Генрыха фон Клейста звязаны са станам сталай вайны. Палітычная пазіцыя Клейста вагаецца паміж раннім еўрапеізмам і, здавалася б, правакацыйным нацыяналізмам. Гэта дваістасць вельмі своечасовая і сімвалічная для сённяшніх дэбатаў у Еўропе.

У цэнтры праекту знаходзіцца сустрэча - асабістая і творчая, вывучэнне "чужога" погляду і апрабаванне эстэтык і формаў стваранага твора. Падчас працы над агульным мастацкім праектам удзельнікі змогуць адрэфлексаваць і ўдасканаліць свае ўласныя спосабы працы. Падчас праекту ім будуць прадстаўлены прафесійная падтрымка і маніторынг.

Крыніца: facebook.com. АДБ "Брусель".

Прайшлі першыя заняткі новага сезону "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

27 чэрвеня, прайшлі першыя заняткі новага сезону "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. На сустрэчу прыйшло два дзясяткі чалавек рознага ўзросту. Адкрывала сустрэчу старшыня ТБМ спн. Алена Анісім, якая адзначыла, што сёння асабліва адметны дзень не толькі дзякуючы заняткам гістарычнай школы, але і ў сувязі з 30-годдзем ТБМ. На сустрэчы ладзіліся прагляды гістарычных фільмаў вядомага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Мір і Мірскі замак, а Алег Трусаў распавёў пра тое, што засталося за кадрам.

Штомесяц спланаваны па 1-2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў будзе распавядаць пра гісторыю розных гарадоў Беларусі, сярод якіх Мір, Слонім, Валожын, Мсціслаў і мястэчка Івянец.

Чакаем у офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13). Уваход вольны.

Наш кар.

ЛІСТЫ ДА ГАРБАЧОВА

З гісторыі суполкі "НА ПАДДАШКУ"

Зміцер Санько

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Канспірацыя прыносіць плён

16 снежня, калі ў нас былі ўжо ўсе подпісы, сабраліся на чарговую нараду. Яшчэ раз абмеркавалі важныя дэталі, удрукавалі зваротны адрас на імя Льва Мірачыцкага, які надоечы даў на гэта згоду. Пастанавілі дамовіцца з Анатолем Вярцінскім (гэта ўзяўся зрабіць Яўген Кулік), каб ліст у тыднёвік "Літаратура і мастацтва" часова "закансервавалі". Неабходна было таксама як мага хутчэй памножыць матэрыялы ліста М. Гарбачову ў неабходнай колькасці копій. У тых умовах ні пра які ксеракс і гаворкі быць не магло - усё даводзілася друкаваць на звычайнай друкавальнай (г. зв. канцылярскай) машынцы.

Мы разумелі, што па нейкім часе пасля таго як ліст будзе накіраваны адрасату, яго аўтараў, натуральна, павінны пачаць "цягаць" на гутаркі з адказнымі ідэалагічнымі работнікамі ці супрацоўнікамі КДБ. Таму ініцыятыўная група засяродзіла сваю ўвагу на тым, каб пры неабходнасці дапамагчы людзям псіхалагічна падрыхтавацца. Бо чакаць можна было ўсяго: і дробных правакацый, і маральнага ціску, і прыпісвання таго, чаго ў лісце не было. Дзеля гэтага тым, хто падпісаўся, раздалі копіі ліста, праінструктавалі (калі ў гэтым была патрэба), як сябе паводзіць, сказалі, на каго спасылацца.

Канспірацыя дала свой плён: да самага прыезду камісіі з Масквы менскія партыйныя функцыянеры не ведалі пра гэты ліст і таму не маглі зрабіць ніякіх прэвентыўных захадаў. Поўнай нечаканасцю для іх быў і змест ліста - шырокі дыяпазон узнятых праблем, комплекс канкрэтных прапаноў, а таксама высокі грамадскі статус людзей, што падпісалі яго. Да Івана Антановіча, які адказваў у ЦК за сувязі з творчай інтэлігенцыяй (ён быў тады загадчыкам аддзела культуры), даходзілі цьмяныя чуткі, што збіраюцца нейкія подпісы. Але ўсе ягоныя намаганні выведаць больш падрабязна засталіся безвыніковыя. Дэзарыентавала яго, відаць, і тое, што адначасова аналагічныя лісты (пра стан мовы, адукацыі, культуры, пра красавіцкія падзеі ў Траецкім прадмесці 3) рыхтаваліся ў іншых колах інтэлігенцыі.

Так, 13 снежня 1986 года ліст пра лёс беларускай мовы і культуры паслалі М. Гарбачову ўдзельнікі рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў (Сымон Свістуновіч, Васіль Сахарчук, Васіль Гадулька, Галіна Тычка, Вольга Куртаніч, Васіль Дэбіш, Таццяна Дашкевіч, Э. Конт, Наталля Марціновіч, Ларыса Раманава, Віктар Лужкоўскі, Павел Бурдыка, Уладзімір Сцяпан, Уладзімір Граўцоў, Андрэй Федарэнка, Авэ Юпрус, В. Гарбарук, Г. Самойла, В. Барковіч). 14 снежня 1986 года ліст пра моўную сітуацыю ў Беларусі і скажэнні нацыянальнай палітыкі накіравалі на той самы адрас сябры Саюза пісьменнікаў (Уладзімір Ягоўдзік, Алесь Пісьмянкоў, Павел Місько, Валянцін Рабкевіч, Хрысціна Лялько, Галіна Каржанеўская, Віктар Супрунчук). А наступным днём, 15 снежня, датаваны "Ліст 28-мі", што разглядаецца ў гэтым артыкуле. Часавая блізкасць пералічаных лістоў можа навесці на думку, што падрыхтоўка іх каардынавалася, але гэта не так.

Візіт маскоўскай камісіі

12 студзеня 1987 года ў Беларусі пачала працаваць камісія ў складзе чатырох адказных работнікаў ЦК КПСС: В. Н. Касцецкага (кіраўнік групы, аддзел прапаганды ЦК), Г. Н. Дзьяканава (аддзел культуры), П. І. Надолішняга (аддзел прапаганды), Ю. І. Муратава (аддзел навукі і навучальных устаноў). Заварушылася мясцовае чынавенства. У міністэрствах асветы, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, культуры, Дзяржкамвыдзе, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё БССР збіраліся калегіі. Рыхтавалі для камісіі справаздачы пра колькасць беларускіх школ, кніг і перыёдыкаў на беларускай мове, пра аб'ём радыё- і тэлевяшчання ды інш.

У творчых саюзах адбыліся сходы, дзе прадстаўнікі маскоўскай камісіі правялі гутаркі па нацыянальным пытанні. Яны, відаць, спрабавалі высветліць стаўленне да ўзнятых у лісце праблем шырэйшых колаў творчай інтэлігенцыі. Але гэта былі не агульныя сходы, куды мог прыйсці кожны сябар саюза, а сустрэчы з "актывам". Як занатаваў тады Віктар Маркавец, "усюды склад удзельнікаў сустрэч камплектаваў Антановіч праз сваіх давераных у саюзах (у мастакоў - Гардзеенка). На гэтыя сустрэчы нідзе не трапілі людзі, якія б хоць трохі валодалі пытаннем. Таму аўдыторыя была яўна не падрыхтаваная да такіх размоваў. І калі была дадзена магчымасць выказацца, то гэтыя людзі анічога не маглі акрэсліць, акрамя сваіх вузкамеркантыльных праблемак.

Увечары тэлефанаваў Шчамялёў і здзіўляўся, што на такую сур'ёзную размову выклікалі людзей выпадковых, якія не ведаюць пытання. Выснова такая, што масквічам была фармальная патрэба правесці гутаркі ў саюзах" 4.

20 студзеня аўтараў ліста пачалі выклікаць на гутаркі. Прымалі іх адначасова ў некалькіх групах, якія працавалі ў розных пад'ездах будынка ЦК КПБ. У кожнай з іх быў адзін "госць" з Масквы і двое або трое мясцовых партыйных функцыянераў. Уражанні ад гэтых гутарак у наведнікаў былі супярэчлівыя. Нехта застаўся задаволены: далі выказацца, не перапынялі. Але часцей адчуваўся псіхічны націск, і асабліва тут стараўся Іван Іванавіч, які ўсё імкнуўся вывесці на чыстую ваду арганізатараў, "падбухторнікаў". Вялікім расчараваннем для яго было тое, што да ліста не мае дачынення Мікола Купава (а ён жа быў упэўнены ў адваротным!) - і гэта зблытала ўсе ягоныя планы.

Пагаджаючыся (на словах), што выкладзенае ў лісце мае месца, камісія больш за ўсё была занепакоена канкрэтнымі прапановамі, накіраванымі на выпраўленне становішча. Так, Ю. Муратаў увесь час схіляў да абмеркавання праграмы па пунктах, сцвярджаючы, што некаторыя людзі, падпісаўшы ліст "в определенном эмоциональном состоянии", цяпер шмат з чым не згодныя (хоць такой інфармацыі ён не мог мець, бо гутаркі тады толькі пачыналіся) 5. З усяго было відаць, што маскоўскім таварышам недаспадобы праграма, рэалізацыя якой істотна падважвала панаванне расейскай мовы ў Беларусі. Па завяршэнні працы камісія мела сустрэчу з першым сакратаром ЦК КПБ Мікалаем Слюньковым, які прызнаў праўдзівасць выкладзеных у лісце фактаў.

Пад грыфам "секретно"

Па вяртанні "рэвізораў" у Маскву аддзелы прапаганды, культуры, навукі і навучальных устаноў ЦК КПСС падрыхтавалі для Цэнтральнага Камітэта пад грыфам "секретно" запіску, дзе выклалі сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі. Паводле гэтага дакумента, "вопрос о развитии и использовании белорусского языка в последнее время широко обсуждается в республике, причем особенно остро и болезненно в научной и творческой среде. Как и авторы писем, некоторая часть интеллигенции считает, что его преподавание в школах находится "в критическом состоянии", имеет место "мещанско-нигилистическое отношение к национальной истории и культуре". В частности, в ряде материалов газеты "Літаратура і мастацтва" утверждается, что в Белоруссии национальный язык игнорируется и принижается, вытесняется "из государственных и культурных сфер, что ведет к упадку культуры, ее ассимиляции". В некоторых книгах навязывается неверное представление о том, что якобы белорусский язык являлся государственным в "крупной средневековой державе" - Великом княжестве Литовском. В связи с тем, что этот период слабо разрабатывается учеными республики, авторы некоторых книг ставят под сомнение общность исторических судеб белорусского и русского народов. Подобные утверждения широко муссируются зарубежными радиостанциями, которые стремятся распространить среди населения республики неправильные взгляды на развитие белорусской культуры. Отдельные лица пытаются использовать сложившуюся ситуацию в националистических целях. Однако это не всегда получает своевременный и должный отпор" 6.

Працэс русіфікацыі, як гэта вынікае з тэксту запіскі, нібыта мае аб'ектыўны характар, таму партыйныя функцыянеры не бачаць праблемы ў звужэнні сферы ўжывання беларускай мовы, прызнаючы, праўда, што ў гарадах, і перадусім у сталіцы Беларусі, "допущено определенное забегание вперед": там засталіся школы толькі з расейскай мовай навучання. Згодна з запіскай, сцверджанні аўтараў лістоў пра тое, што ў Беларусі выходзіць мала кніг на беларускай мове, не адпавядаюць сапраўднасці, як не абгрунтаваныя і прапановы перавесці шэраг газет на беларускую мову.

Гутаркі з аўтарамі лістоў, на думку камісіі, прадэманстравалі "слабую осведомленность интеллигенции о деятельности партийных и государственных органов па развитию экономики и культуры республики, о реальных достижениях в осуществлении ленинской национальной политики КПСС, низкий уровень подготовки многих ее представителей по проблемам марксистско-ленинской теории наций и национальных отношений" 7.

"Организовать изучение политики партии..."

Якія ж высновы зрабілі адказныя работнікі ЦК КПСС, прааналізаваўшы ўсе гэтыя матэрыялы? А вось якія: "Большинство утверждений и оценок авторов не обосновано. Вопросы развития национальных языков и культур рассматриваются в отрыве от их взаимовлияния и взаимообогащения, вне связи с процессом интернационализации общественной жизни. Содержащиеся в письмах выводы и предложения во многом несут на себе печать национальной ограниченности, объективно способствуют оживлению националистических настроений" 8.

Зразумела, што і рэкамендацыі былі адпаведныя: "глубоко и всесторонне проанализировать…" , "определить меры по усилению…" , "организовать изучение политики партии…" , "особое внимание обратить на разоблачение…" , "повысить качество…" , "улучшить деятельность…" , "укреплять контакты…" , " регулярно информировать…".

Сакратарыят ЦК КПСС на сваім паседжанні 10 сакавіка 1987 года спецыяльна разгледзеў пытанне "Аб лістах пісьменнікаў, артыстаў і навукоўцаў Беларускай ССР па пытаннях развіцця нацыянальнай мовы і культуры". Пад грыфам "совершенно секретно" ён прыняў пастанову, паводле якой пагадзіўся з меркаваннямі, выкладзенымі ў запісцы аддзелаў прапаганды, культуры, навукі і навучальных устаноў ЦК КПСС, і накіраваў гэтую запіску Цэнтральнаму камітэту Кампартыі Беларусі для прыняцця адпаведных захадаў 9.

(Працяг у наст. нумары.)

3 20 красавіка 1986 года пад час традыцыйнай Выставы аднаго дня нанятыя і падбухтораныя Менскім гаркамам КПБ "воіны-інтэрнацыяналісты" збілі і разагналі школьнікаў, якія ладзілі там фальклорнае свята Гукання вясны. Дзяцей застрашвалі, пагражалі ўтапіць, пакалечыць за тое, што яны размаўлялі па-беларуску і спявалі народныя песні. Спробы дамагчыся пакарання вінаватых у гэтай дзікай расправе поспеху не мелі. Улады мэтанакіравана распаўсюджвалі чуткі, што "бравые афганцы разогнали фашистов".

4 Маркавец Віктар. Дзёньнікавыя нататкі 1986-1987 гг. // Veritas: Бюл. БГА "Ветэраны Адраджэньня". 2006. № 1 (4). С. 29.

5 Маркавец Віктар. Дзёньнікавыя нататкі 1986-1987 гг. // Veritas: Бюл. БГА "Ветэраны Адраджэньня". 2006. № 1 (4). С. 31.

6 Записка отделов пропаганды, науки и учебных заведений, культуры ЦК КПСС в ЦК КПСС "О письмах писателей, артистов и ученых Белорусской ССР по вопросам развития национального языка и культуры" // Исторический архив. М., 2004. № 6. С. 23-24.

7 Тамсама. С. 25.

8 Тамсама. С. 22.

9 Выписка из протокола заседания Секретариата ЦК КПСС "О письмах писателей, артистов и ученых Белорусской ССР по вопросам развития национального языка и культуры" // Исторический архив. М., 2004. № 6. С. 21.

Апошні беларускі базыльянін XIX ст.

Леанід Лаўрэш

У канцы XIX ст. у Львове памерлі два апошнія манахі-базыльяніны гістарычнай Літвы. Вось пра аднаго з іх - апошняга базыльяніна - і будзе гэты артыкул.

Апошнім базыльянінам быў а. Кірыл Летаўт. Пра яго ў свой час напісаў рэдактар газеты "Беларуская крыніца" Ян Пазняк. Ён падаў тую інфармацыю, якую знайшоў у нашчадкаў вільнян, бацькі якіх у XIX ст. асабіста ведалі а. Кірыла. На пачатку артыкула Пазняк пісаў: "Невядомы нават самыя галоўныя даты і факты яго жыцця, і таму якімі сумнымі будуць гэтыя нататкі. Сэнс іх напісання бачым толькі ў тым, каб пачаць тую дарогу, якая вырве з цемры гісторыі імя і асобу "апошняга літоўскага базыльяніна"" 1.

Пойдзем па шляху, указаным Янам Пазняком. Адразу скажу, што інфармацыі пра а. Кірыла захавалася няшмат і, спадзяюся, даследчыкі працягнуць пошукі пасля мяне.

Каэтан Летаўт нарадзіўся ў 1801 г. 2 Род Летаўтаў быў дастаткова распаўсюджаны ў ВКЛ, і таму цяжка сказаць, з якой часткі Беларусі ён паходзіць. Ян Пазняк заўважае, што "Прозвішча Летаўт выразна кажа, што быў ён "gente Lituanus" і нарадзіўся дзесьці ў Літве паміж 1800 і 1810 гг." 3

Валыняк паведаміў, што апошні базыльянін даўняй літоўскай правінцыі а. Кірыл Летаўт з 1826 па 1831 гг. служыў кляштарным кажнадзеем 4 у Лядах (зараз - вёска Малыя Ляды Смалявіцкага раёна). Ужо ў 1831 г., калі пасля паўстання пачаліся ганенні на базыльянаў, Летаўта як "упорнага" саслалі ў вязніцу 5, у Тадулінскі кляштар, які сярод іншых кляштараў таксама быў месцам ссылкі базыльянаў. Напрыклад, менавіта туды саслалі іншага манаха-вязня, настаяцеля базыльянскага Ануфрэйскага манастыра з-пад Віцебска Іллю Андрушкевіча 6.

Шавельскі Г. І. пісаў, што манахамі вестка пра "ўз'яднанне" была прынятая вельмі дрэнна, у Полацкай епархіі, "у Тадулінскім кляштары, тры іераманахі - Фядосій Скарына, Фядосій Капусцінскі, Канстанцін Сташэўскі - і нізведзеныя ў царкоўныя служкі - Меркурый Галаўня, Віктар Зброжка, Кірыл Летаўт, Фёдар Сакалоўскі, Мікалай Іваноўскі, а таксама нізведзены ў дзячкі святар Сцяпан Сосна рашуча адмовіліся ад уз'яднання. ... Іераманах Махіраўскага кляштара Баніфацый Казакевіч, нізведзены ў служкі, публічна асуджаў праваслаўе", а "настаяцель Тадулінскага кляштара Букоўскі яшчэ ў 1838 г. быў заключаны ў Якабштадскі кляштар" 7. З гэтага тэксту бачна, што да 1839 г. а. Кірыл Летаўт знаходзіўся ў Тадулінскім кляштары і быў "нізведзены" ў царкоўныя служкі. Цікава, што "ўпорным" быў манах са знакавым для Беларусі прозвішчам Скарына, якому тады было 65 гадоў. Заўважу, што Шавельскі ўводзіць у зман сцвярджэннем, што Летаўт разам з іншымі да 1846 г. "воссоединился" 8. Насамрэч крыжовы шлях манаха толькі пачынаўся.

Як і належыць, Шавельскі ў сваёй кнізе аптымістычна рапартуе, што ўсе вышэйпералічаныя асобы ўсвядомілі сваю няправасць і хутка "далучыліся" да пануючай царквы 9, але гэта няпраўда. Пасля Тадулінскага кляштара епіскапам Лужыцкім а. Кірыл Летаўт быў накіраваны ў "древнеправославный" Полацкі Багаяўленскі манастыр 10.

У некралогу па а. Кірылу, надрукаваным у "Кур'еры Пазнанскім", падаецца, што апошні базыльянін 30 гадоў пражыў на выгнанні, у тым ліку і ў Смаленску 11. Пра гэта сведчыць і аповед рэдактара "Беларускай крыніцы" - прыяцель Летаўта, будучы першы рэктар Івана-Франкоўскай семінарыі, а. Ерамія Ламніцкі, пасля смерці а. Кірыла прасіў, каб сябры ў Вільні паведамілі пра яго смерць у Смаленск ксяндзу-прэфекту Стэфану Дзянісевічу, пазнейшаму магілёўскаму біскупу-суфрагану і адміністратару гэтай жа дыяцэзіі, які асабіста ведаў Летаўта і сустракаўся з ім у Смаленску 12.

З таго факту, што паперы "ўніята іераманаха Кірыла Летаўта" за 1855-1857 гг. захоўваюцца сярод дакументаў Пафнуцьева Бароўскага манастыра ў Расіі (каля Калугі) можна з упэўненасцю сказаць, што гэты манастыр таксама стаў адной са стацый яго крыжовага шляху 13, і там, каля Калугі, ён заставаўся ўніятам. Спадзяюся, будучыя даследчыкі змогуць вывучыць гэтыя архіўныя дакументы. Ян Пазняк піша пра дасланы ў Вільню ліст Летаўта, які ён трымаў у руках: "Ці з таго часу паходзіць пажоўклы, напісаны на чацвяртушцы паперы, без даты і подпісу, ліст ад а. Летаўта на рускай мове, змест якога наводзіць на думку, што базыльянін знаходзіўся ў праваслаўным манастыры?" 14

З манастырскай вязніцы перакананы базыльянін выйшаў толькі ў ліберальныя часы цара Аляксандра ІІ, Ян Пазняк піша: "Нейкая амністыя магла ... моцнага старца звольніць з вязніцы. Вядома, што потым ён бываў на Полаччыне і Віцебшчыне, на землях, па якіх гуляў варожы да уніі ўраган" 15.

Праз нейкі час пасля атрымання волі а. Кірыл Летаўт пасяліўся ў Вільні. Тут ён меў шчырых сяброў - спадарства Рэнігераў і Мілераў. Рэнігеры валодалі нерухомасцю на Антоклі (дом 12 па вуліцы Касцюшкі, адрас 1930-х гг.). Менавіта тут, на Антоклі, у Рэнігераў а. Летаўт пазнаёміўся і хутка пасябраваў з суддзём Казімірам Максевічам, меў дом у сяродмесці.

З нашчадкамі гэтых вільнян ў 1930-я гг. і меў справу Ян Пазняк. Ён чытаў лісты апошняга базыльяніна, праглядаў фотаздымкі, на якіх Летаўт быў з сябрамі і аднаасобна. Для сваіх сяброў здымкі ён рабіў у слыннай у той час віленскай фатаграфіі Чаховіча, каля Батанічнага саду. Рэдактар "Беларускай крыніцы" апісаў адзін са здымкаў а. Кірыла Летаўта, старца з шляхетнымі і поўнымі дабрыні рысамі твару. Пад авальнай выявай меўся надпіс "X. Letowtt, bazylian" . На адваротным баку партрэта ён напісаў наступныя словы:

"1884 г. 5 чэрвеня. Аўторак. Святар Каэтан (Кірыл Летаўт). На памяць спадарству Казіміру і Яго сыну Дамініку Максевічам, як доказ удзячнасці і сяброўства пры развітанні ў Літве, пакідаю ў іх доме, з удзячнасцю" 16.

На другім здымку вялікага фармату, так званым кабінетным здымку, базыльянін сфатаграфаваўся з Мамертам Рэнігерам. Менавіта Рэнігер хаваў а. Кірыла ў сябе на вёсцы, а потым у сваім доме на Антоклі. Верагодна ганенні на старога базыльяніна пачаліся пасля 1863 г., калі тагачасная палітычная "адліга" закончылася і зноў пачалася шалёная русіфікацыя Краю. Хаваючыся, Летаўт жыў у адным з драўляных дамкоў Рэнігера (потым у ім жыў вартаўнік) і штодзённа служыў святую імшу. Тут пад страхой доўгі час захоўвалася перапіска Мамерта Рэнігера, і сярод яе, падобна, былі і лісты ад старога базыльяніна. Аднак ужо да часоў Пазняка ўсе гэтыя архівы зніклі.

Стары базыльянін моцна смуткаваў па манаскім жыцці ў сваім ордане, і таму праз нейкі час Казімір Максевіч адвёз яго ў кляштар базыльянаў у Дабрамылю (Усходняя Галіцыя). Пераход праз добра ахоўваную мяжу патрабаваў вялікай смеласці, Летаўта везлі на малым вазку апранутага ў сялянскую вопратку 17.

Некралог паведамляў, што а. Кірыл "на схіле гадоў пасяліўся ў Вільні, а адтуль прыбыў у Добрамылю ў Галіцыі, дзе вярнуўся ў закон Св. Базыля Вялікага. Астатак жыцця правёў у Львове і тут памёр, як жыў, пабожна" 18.

Яшчэ жывучы ў Вільні, а. Летаўт у значнай ступені страціў зрок. Шматгадовы пераслед, разлука з горача любімым родным Краем, хваляванні ў дарозе з Літвы ва Усходнюю Галіцыю настолькі аслабілі зрок старца, што калі ён ужо жыў у Добрамылі і 06.08. 1885 г. захацеў напісаць ліст у Вільню да сп. Казіміра Максевіча, дык паперу для яго трэба было разлінеіць, каб стары змог сам нешта напісаць дрыжачай рукой. Гэты ліст чытаў Ян Пазняк. Ён паведамляў, што ў лісце а. Кірыл Летаўт узгадваў і кланяўся "прафесарам, якія адведвалі яго ў Вільні" . Рэдактар "Беларускай крыніцы" лічыў, што магчыма меўся на ўвазе лекар, які яго лячыў, бо раней у Вільні, па традыцыі і з-за памяці пра прафесуру медыцынскага факультэта былога Віленскага ўніверсітэта, усіх наогул лекараў называлі прафесарамі. З ліста бачна, што добры настрой не пакінуў старога, ён пісаў: "Хоць калека, але здаровы. Свята 3 мая адзначыў весела ... Шануюць мяне, як патрыярха" . І дадае пры канцы: "Што ў нас чутно?" 19

Бадай, гэта быў апошні ўласнаручна напісаны ліст а. Кірыла. Хутка ён цалкам страціў зрок, і старому законніку прыйшлося шукаць сакратара сярод маладых манахаў. Шэраг такіх лістоў, напісаных пад дыктоўку, рэдактар таксама чытаў. У гэтай асабістай перапісцы для яго былі цікавыя толькі некалькі заўваг пра здароўе і ўмовы жыцця ў галіцыйскім кляштары.

Аднак увагі заслугоўвалі лісты, у якіх ішла размова пра дапамогу ад рускага ўраду. У першым лісце з гэтай серыі (без даты) Летаўт піша сябрам наступнае: "Адначасна з гэтым лістом падаў просьбу да Віленскага губернатара аб дасыланні мне ўтрымання за 1889 і 1890 гг. Ці атрымаю і калі - невядома. А можа мне ў гэтым адмовяць і ў мае старыя гады пакінуць без утрымання. Злітуйся, Пан, над цёмным, глухім і хворым старцам! Калі можна, даведайцеся пра гэту справу ў губернатара і, калі магчыма, пастарайся як хутчэй даслаць да мяне" .

У адным з наступных лістоў ад 24.10.1890 г. а. Кірыл узгадвае пра "прызначанае мне міністрам утрыманне ў памеры 99 рублёў" . Ці рэальна атрымаў базыльянін-эмігрант гэтую дапамогу, перапіска не давала адказу. Калі меркаваць па апошнім лісце да Дамініка Максевіча ад 13.05. 1890 г., дык можна дапусціць, што атрымаў. "Ці жыве той губернскі сакратар, якога ведаў ваш с. п. бацька? Калі жывы, прашу яму пакланіцца ад мяне і павіншаваць са святам..." , - магчыма, стары меў нагоду для ўдзячнасці чыноўніку, да якога ў папярэдніх лістах прапаноўваў сябрам звяртацца па справе сваёй пенсіі? 20

Пасля гэтага законнік жыў яшчэ паўгода. Апошнія хвіліны жыцця і пахаванне, па жаданні самога а. Кірыла, сябрам у Вільню ў лісце ад 27.02.1892 г. апісаў а. Ерамія Ламніцкі: "С. п. Кірыл Летаўт хварэў нядоўга - толькі месяц. Хварэў на гангрэну (gangrena senilis) 21 , якая пачалася ад нагі. На пачатку хваробы пацыент быў неспакойны, ірваўся ў Вільню, па якой заўсёды сумаваў, потым, аднак, супакоіўся. За два тыдні да смерці прыняў еўхарыстыю і падрыхтаваўся да смерці. Спакойны і аддадзены Божай волі, ён не толькі не размаўляў пра смерць (што звычайна робяць такія старыя), але нават жартаваў з сябе. Не раз паўтараў словы нашай пахавальнай песні:

Плачуся і рыдаю,

Егда памышляю

На см ...

Прамовіўшы толькі гэтыя дзве літары апошняга слова, казаў мне: "Баішся, брацішка, памерці, бо ой! Цяжка паміраць!", альбо зноў: "Ой! Гэтая нага, гэтая нага, а каб не яна, дык бы яшчэ падскокваў, але, вось бяда, нага не дае!"

... За тыдзень перад смерцю ўжо нічога не еў і не піў, аднак прытомнасць захаваў да самага канца. За некалькі дзён да смерці паклікаў нас усіх і прасіў дараваць яму, а потым блаславіў. Апошнюю ноч сядзелі каля яго. Ужо быў у агоніі, але прытомнасць не страчваў. Баючыся, што страціць мову, яшчэ раз прасіў пра бласлаўленне. Пасля бласлаўлення сам блаславіў мяне. "Дзядзю, - запытаў, а Дамініка (Дзянісевіча ў Смаленску), ці блаславіш, дзядзю?" - "Бласлаўляю, бласлаўляю, напішы!" Больш не размаўляў да самай смерці. 1 студзеня 1892 г., а 9-й раніцы аддаў Богу душу" 22.

Нязвыклае і прыгожае пахаванне адбылося ў Львове ў першую нядзелю студзеня 1892 г. Службу вёў грэка-каталіцкі святар-інфулат 23, і ў пахаванні ўдзельнічала шмат белага і чорнага духавенства абодвух абрадаў. Сціплуую труну добрую палову мілі неслі да могілак на руках, і за ёй ішоў вялікі натоўп свецкага народу. Усе, хто знаў нябожчыка ці чуў пра яго, задумліва паўтаралі: "Гэта апошні базыльянін Літвы!"

"Кур'ер Познанскі" паведаміў: "а. Кірыл Летаўт, апошні базыльянін былой літоўскай правінцыі, сумная ахвяра Сямашкі, які яго гнобіў да свайго канца, ... памёр 1 студзеня гэтага года ў Львоўскім кляштары айцоў базыльянаў 24 . .... Раней, 26 лістапада 1887 г., у тым жа кляштары памёр таварыш а. Кірыла, а. Самуэль Чарнаруцкі, перадапошні базыльянін Літвы, які здолеў раней уцячы з маскоўскіх рук" 25.

Вось і ўсё, што вядома пра апошняга базыльяніна гістарычнай Літвы.

А перадапошнім базыльянінам гістарычнай Літвы быў а. Самуэль Чарнаруцкі, пра якога я напішу потым.

1 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski // Preglad Wilenski. № 21-22, 20 grudnia 1932. S. 10.

2 Kurier Poznanski. № 7, 10 stycznia 1892. S. 4.

3 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

4 Кажнадзей - духоўная асоба, якая прамаўляе казанні. Гэту пасаду займалі высокаадукаваныя манахі.

5 Wolyniak. Monaster bazylianski w Ladach na Bialej Rusi. 1891. S. 25.

6 Марозава С. В. "Сваёй веры ламаць не будзем…": Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 - 1839 гады). Гродна, 2014. С. 155.

7 Шавельский Г. Последнее воссоединение с православною церковью униатов Белорусской епархии. С.- Петербург. 1910. С. 353-354.

8 Там жа. С. 354.

9 Там жа.

10 Там жа. Зноска № 1.

11 Kurier Poznanski. № 7, 10 stycznia 1892. S. 4.

12 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 12.

13 Российский государственный архив древних актов. Путеводитель. В четырех томах. Том 3. Часть 2. 1997. С. 781.

14 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

15 Там жа.

17 Там жа.

18 Kurier Poznanski. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

19 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 11.

20 Там жа.

21 Гангрэна, якая ўзнікае ў старэчым узросце ў сувязі з мясцовымі і агульнымі атэрасклератычнымі парушэннямі кровазвароту і нервовай трофікі.

22 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski. S. 12.

23 Інфула - мітра, інфулат атрымаў яе як узнагароду.

24 Валыняк піша што гэта быў кляштар Св. Ануфрыя ў Львове. Гл: Wolyniak. Monaster bazylianski w Ladach na Bialej Rusi. S. 26.

25 Kurier Poznanski. №7, 10 stycznia 1892. S. 4.

Як філосаф стаў музыкам, застаўшыся філосафам

Алесь Камоцкі, вядомы паэт, бард, аўтар шматлікіх музычных твораў на свае вершы, а таксама на вершы вядомых беларускіх паэтаў, быў госцем на Верхнядзвіншчыне.

Распачынаючы сустрэчу, паставіў на стол невялікі тэрмасік і прагаварыў:

- Хто п'е гарэлку, той не ведае смаку вады, - выклікаўшы тым самым абуджэнне сярод удзельнікаў вечарыны і, усталяваўшы кантакт, распачаў шчырую музычную размову-гаворку са слухачамі.

Чытаў уласныя вершы, спяваў песні, часта звяртаючыся да імёнаў вядомых беларускіх аўтараў, асабліва да паэзіі свайго сябра Рыгора Барадуліна, на вершы якога Алесь выпусціў альбомы "Зорка спагады " ў 1999 г., і "Псалмы і балады" ў 2000 г., а агулам на вершы Р. Барадуліна ён напісаў больш за сем дзесяткаў песень.

У інтэрв'ю "Радыё Свабода" гады тры назад А. Камоцкі, калі журналіст нагадаў пра кнігу "Каб аднойчы", бо гэта ўжо пятая кніга Рыгора Барадуліна, якая выйшла з ініцыятывы і пад апекай Алеся Камоцкага , ён адказаў:

- … я раблю тое, што мне падабаецца. Папярэдняя кніжка "Сны сасны" як з'явілася? Я са здзіўленнем знайшоў у сваіх архівах запісы Барадуліна, дзе ён прачытаў 50 вершаў з выбраных мною. Ён яшчэ быў з намі. Я прыйшоў да яго і прапанаваў выдаць. Ён пагадзіўся. Дык як можна было адступіцца ад гэтай задумы? Яшчэ раней была кніжка хуткамовак, яна пісалася спецыяльна. А яшчэ раней мы зрабілі кніжку "Навошта" - такі сабе зборнік барадулінскіх афарызмаў. А пра кніжку з нотамі мы размаўлялі з Барадуліным яшчэ гадоў сем таму. Проста я доўга збіраўся. Усё гэта было проста немагчыма не выдаць.

На пытанне зноў жа журналіста:

- А якую барадулінскую кнігу ты найчасцей бярэш у рукі?

Алесь адказаў:

- Мне вельмі падабаецца паэтычны цыкл "Псалмы Давідавы". Частку вершаў з яго я паклаў на музыку, яны ёсць у зборніку "Вяровіца". Для мяне гэта вельмі каштоўна. Мне іх і перачытваць не трэба, паколькі я іх пераспеўваю. Прычым, шторазу адкрываю для сябе нейкія новыя сэнсы. Так і павінна быць. Сапраўдная паэзія тая, якая пры кожным новым прачытанні ці выкананні адкрывае новыя сэнсы, выклікае новыя эмоцыі і асацыяцыі.

Ён таксама зрабіў пераклады папулярных песень савецкіх часоў на беларускую мову і некалькі з іх праспяваў на творчай вечарыне. Аўдыторыя, уключыўшыся ў музычную гаворку-спевы, пачала нават ужо падпяваць госцю.

А каб больш ажывіць сустрэчу, Алесь прапанаваў правесці конкурс на веданне паэзіі беларускіх паэтаў. Ён праспяваў музычны твор і папрасіў прысутных назваць аўтара. Узнікла паўза, але вядоўца, каб неяк зняць няёмкасць, прапануе далей:

- Вось зараз прагучыць яшчэ адзін твор і вы павінны назваць ужо не толькі аўтара паэтычных радкоў, але і аўтара музыкі.

І заспяваў песню на словы М. Багдановіча. Знайшоўся і пераможца, якому А. Камоцкі падарыў дыск з яго музычнымі запісамі.

У творчым тандэме са Зміцерам Вайцюшкевічам выйшаў альбом "Паравіны", які напісаны таксама на вершы Алеся Камоцкага.

Алесь скончыў філасофскі факультэт БДУ, а стаў вядомым паэтам, музыкам, і ў гэтым няма ніякай супярэчнасці, бо паэзія, музыка - гэта ж тая філасофія, якая ўплывае на нашыя пачуцці, дзеянні, наш унутраны свет праз гармонію гукаў і словаў.

А я ўдзячная Алесю за падарунак - дыск з запісамі яго твораў.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Помста

Неяк аднаго разу, калі Шурык Кандратовіч працаваў у другую змену, ды ў гэты час звычайна было бязлюдна, завітаў да яго начальнік кацельні, сябар Коля Патапчык. Пагаманілі крыху пра працу катлоў, што грэлі бестурботна ўвесь горад. Пасля чаго начальнік прапанаваў падначаленаму абмыць тую справу, дзеля чаго ён прыхапіў з сабою, што трэба. Скарыстаўшы ціхую гадзіну ды адсутнасць чужога вока, мужчыны "раскалолі" пляшку гарэлкі. Жонка Шурыка здагадалася, што ён пад "шафэ" адразу, як толькі пераступіў парог кватэры і хуценька апоўначы патэлефанавала дамоў яго начальніку, бо ведала апошняга яшчэ са школы.

- На тваім участку, Коля, творыцца, Бог ведае што. Падначаленыя п'юць на рабочым месцы. Ведаеш, пра каго я гавару. Калі не прымеш меры, хоць і паважаю цябе, буду скардзіцца вышэй.

- Прыму. Абавязкова прыму, - паспешна паабяцаў Патапчык свайму першаму каханню ды ўткнуўся носам ва ўзгоркі Венеры сваёй жонкі.

На наступны дзень начальнік Коля зноў прыйшоў на працу да падначаленага Шурыка і распавёў пра скаргу яго жонкі ды звярнуўся з запытаннем:

- Што будзем рабіць? Яна не супакоіцца.

- Не супакоіцца, - пагадзіўся з сябрам-начальнікам Шурык. - Далей рогам папрэ.

- Дык што тады рабіць? Кінуць піць.

- Ты што, Калян?! Зусім ужо таго, - абурыўся Кандратовіч.

- Як быць?

- А давай адпомсцім. Я скажу, што ты мяне пакараў. Пазбавіў прэміі. Яна скнара. Мяркую, болей скардзіцца не будзе.

- Давай так і зробім, а потым абмыем тую справу.

Вечарам таго ж дня муж аб'явіў жонцы, што яго пазбавілі прагрэсіўкі.

- За што? - умомант раз'юшылася жанчына.

- Тэлефанавала майму начальніку?

- Тэлефанавала.

- Казала, што я піў на працы?

- Казала. Ну і што?

- Дык ён і пакараў мяне.

- Не мае права! - з гэтымі словамі жанчына зноў патэлефанавала былому аднакласніку.

- Ты не маеш права караць так майго мужа.

- А што мне пальчыкам на яго паківаць? Ты сама скардзілася, Люба.

- Казала з гарачкі штосьці…

- Казала, калі я не прыму меры, то будзеш шукаць на мяне "ўправу".

- Ой, гэта я так, Коленька…

- Так ці не так, але я не хачу, каб мяне каралі.

Жанчына гучна сапла ў тэлефонную трубку.

Муж узмоцніў гук тэлевізіра і задаволена ўсміхаўся.

Язэп Палубятка. 1996 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX