НАША СЛОВА № 32 (1443), 7 жніўня 2019 г.
Бог! Гонар! Айчына!
Гэтым слоганам вітала праваслаўнае паселішча "Шляхам Ефрасінні Полацкай" усіх ахвочых адпачыць - дзяцей і іх бацькоў - з розных мястэчак Лідчыны. Духоўнікам паселішча запрасілі айца Аляксея Глінскага з прыходу Хрыста Збаўцы.
Берагі слыннага Нёмана, магутныя векавыя дубы-веліканы сустрэлі дарослых і дзяцей ва ўсёй сваёй прыгажосці.
Адкрыццё паселішча адбылося 24 ліпеня святочным канцэртам. На канцэрце гучала наша народная песня "Купалінка" ў выкананні музычнага кіраўніка Аляксандры Рубан. Дзеці падрыхтавалі танцавальныя, песенныя, гумарыстычныя нумары - і свята адпачынку распачалося!
Кожны дзень быў напоўнены новымі прыгодамі і таямніцамі. Выхавацелі Валянціна Грышкевіч, Алена Салаўёва, Наталля Тананушка, Маскалёвы Таццяна і Ігар зладзілі разам з дзецьмі і дарослымі сапраўдную археалагічную экспедыцыю. Раскопкі вяліся зранку, а ўдзень і ўвечары адбываліся гульні, імпрэзы і спаборніцтвы. Асабліва запомнілася ўсім "Вечарына для ног", якая адбылася пасля раскопкі "адбітка нагі старажытнага чалавека". Давялося нават асвоіць жывапіс нагамі ў адным з конкурсаў! Дарэчы, перамагла каманда дарослых!
За бяспекай і фізічным здароўем дзяцей сачыў кіраўнік фізічнага выхавання спадар Раман Маляўскі. Кожны сонечны дзень арганізоўвалася зарадка з бегам па лясных сцяжынах Панямоння, купанні ў Нёмане.
А якія ж смачныя беларускія стравы гатавала палявая кухня начале з шэф-поварам матушкай Вольгай. Ёй дапамагалі спадарыня Лідзія Смокат, Валянціна Улас. Цяжкую працу на кухні выконвалі спадары Сяргей Трафімчык і Сяргей Сідарэнка.
Духоўнік айцец Аляксей запрасіў дзяцей і дарослых паселішча ў нядзелю ў пешы паход да вёскі Дзям'янаўцы на нядзельную службу ў царкву прападобнага Сергія. На службу завіталі і мясцовыя жыхары, якія з захапленнем слухалі спевы ў выкананні матушкі Вольгі, а таксама Кацярыны Рубан, Валянціны Грышкевіч.
Дзень за днём паселішча наведвалі госці. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава ладзіла сапраўдныя народныя танцы і спявала з дзецьмі песні на роднай мове. Бард, паэт Віктар Шалкевіч завітаў таксама з песнямі пад гітару. Вядовец бясплатных курсаў "Мова нанова ў Лідзе" спадар Алег Лазоўскі і спадарыня Марыя Ганчар правялі занятак па тэме "Сваякі", ладзілі народныя рухомыя гульні з падарункамі для самых актыўных удзельнікаў. Лідскі бард Сяргей Чарняк разам з акцёрамі прывёз на паселішча батлейку з сядзібы "Гасціна" са спектаклем "Чарнакніжнік", які з захапленнем сустрэлі апладысментамі і дзеці, і дарослыя. Завітаў да дзяцей у паселішча і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Асабліва хацелася б адзначыць, што дзеці размаўлялі з уладыкам і задавалі яму пытанні толькі па-беларуску!!!
Асабліва запомніцца ўсім "жыхарам" праваслаўнага паселішча той дзень, калі ў госці завіталі рыцары з Лідскага клуба "Дайнава". Дзеці пачулі гісторыі рыцарскіх эпох, змаглі ўбачыць і нават прымераць даспехі, патрымаць у руках рыцарскую зброю. І скончыўся той дзень інсцэнізацыяй аднаго са значных гістарычных момантаў гісторыі Беларусі - "Грунвальдскай бітвы". Дзеці падзяліліся на дзве каманды: "Крыжакі" і "Ліцвіны", спаборнічалі ў моцы, спрыце і хуткасці. Цяжка было суддзям вырашыць, хто ж найлепей прызнаецца ў каханні даме свайго сэрца: "Вітаўт" ці "Ульрых фон Юнгінген", у якіх пераапрануліся галоўнакамандуючыя варожых бакоў. Але гісторыю немагчыма перапісаць! Канешне, атрымалі перамогу "Ліцвіны". Асабліва задаволенымі ад такіх спабортніцтваў засталіся хлопчыкі!
У дзень закрыцця ў госці да жыхароў паселішча завітаў спадар Зміцер Бартосік са сваёй сям'ёй. Заспявалі этнічныя песні пад жывую музыку ля вогнішча, вакол якога гучала ўвесь вечар дзіцячая беларуская гутарка! А дзеці і дарослыя атрымалі ў падарунак майкі з эмблемай праваслаўнага паселішча.
Упэўнена, у наступным годзе і дзеці, і дарослыя будуць чакаць новай сустрэчы на беразе Нёмана. Ізноў загучыць родная мова на абшарах Панямоння з вуснаў маленькіх беларусаў, ізноў разляціцца ў паветры гучна і з любоўю духоўны гімн беларусаў "Магутны Божа"…
Наталля Тананушка.
Алегу Трусаву - 65
Алег Анатольевіч ТРУСАЎ (нарадзіўся 7 жніўня 1954 года) - археолаг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі ў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1981). Палітык і грамадскі дзяяч, папярэдні старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, выканавец абавязкаў рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
Алег Трусаў нарадзіўся ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У перыяд з 1976 па 1992 гады працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых даследаванняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1996 да сакавіка 1998 года - дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэмаў Беларускага ўніверсітэта культуры. Цяпер дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, у 2017-2018 адзін з асноўных барацьбітоў за заснаванне прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча і за атрыманне ліцэнзіі на дзейнасць новай навучальнай установы.
Прымаў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту і поўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь "Пагоня", бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.
У 1990-1996 гады - дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. З 1990 па 1995 год - намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазіцыі БНФ 11-12 красавіка 1995 года супраць рэферэндуму аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга, герба "Пагоні" ў якасці дзяржаўных сімвалаў, скасавання статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы і эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.
У 1995-1996 гады Трусаў тройчы балатаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету XIII склікання, тройчы праходзіў у другі тур, аднак дэпутатам стаць не далі.
У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай Радай першым намеснікам старшыні ТБМ. На VI з'ездзе ТБМ 17 красавіка 1999 года абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У 2017 годзе здаў гэтую пасаду Алене Анісім.
Уваходзіць у склад рэдкалегіі газеты "Наша слова". Быў чальцом рэдкалегіі часопіса "Беларуская мінуўшчына". Узначальваў таварыства Беларусь-Іспанія, доўгі час быў сябрам Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Распрацаваў методыку архітэктурна-археалагічнага вывучэння манументальных помнікаў Беларусі, прасочваў эвалюцыю асноўных тыпаў муровак і будаўнічых матэрыялаў.
Аўтар больш чым 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў. Як археолаг і гісторык архітэктуры займаецца вывучэннем манументальнага дойлідства XI-XVIII стст.
Аўтар вельмі папулярных кніг апошняга часу "Невядомая нам краіна. Беларусь у этнаграфічных межах" (2009), "The Country We Don't Know. Belarus in its Ethnic Borders" (2013), "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі" (2015), "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы" (2016), адзін з аўтараў фундаментальнай кнігі "Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці" (2018).
Вікіпедыя.
Рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуе шаноўнага Алега Анатольевіча са значнай датай і зычыць багатага плёну на ніве Беларушчыны.
Запрашэнне ў экспертную раду
Выканаўцу абавязкаў рэктара
ўстановы адукацыі
"Універсітэт імя Ніла Гілевіча"
Трусаву А.А.
Пра ўдзел у экспертнай радзе
Паважаны Алег Анатолевіч!
У выкананне даручэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2019 г. № 11/512-45 пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь ствараецца экспертная рада па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову (далей - экспертная рада) з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, асноўных навуковых і адукацыйных устаноў і іншых арганізацый.
Экспертная рада, функцыянуючы на грамадскіх пачатках, будзе рыхтаваць прапановы па перакладзе найболей запатрабаваных заканадаўчых актаў, вызначаць экспертаў для іх перакладу, ацэньваць якасць перакладу, рэкамендаваць атрыманыя вынікі да размяшчэння на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.
Запрашаем Вас увайсці ў склад экспертнай рады. Пры адсутнасці пярэчанняў просім не пазней 10 ліпеня 2019 г. падаць кантактную інфармацыю (нумар тэлефона і адрас электроннай пошты для наступнага рассылання матэрыялаў).
Плануецца, што першае паседжанне экспертнай рады адбудзецца арыенціровачна 23 ліпеня 2019 г. Пра час і месцы правядзення паседжання будзе паведамлена дадаткова.
Кантактная асоба НЦПІ: Судзілоўская Наталля Валер'еўна (тэл. 279-99-20, мaб. тэл. + 375 (44) 707-64-30, е-mail: sudilovskaja@ncpi.gov.by).
З павагай,
Намеснік дырэктара Н.Н. Радзівановіч.
Ракуцёўскае лета - 2019
28 ліпеня 2019 года адбылося славутае свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета - 2019". З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю выступалі: Раіса Генадзеўна Казакевіч (кіраўнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама), а таксама дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхась Генадзевіч Рыбакоў. Пасля перад гледачамі спяваў народны вакальны ансамбль "Асалода"...
Мне вельмі спадабаліся песні: "Матуля", а таксама "Вёсачка мая"... Далей натхнёна выступала маладая паэтка і літаратарка Бажэна Мацук. Слова брала прадстаўніца роду Уласава Ірына Нежанкоўская і спадчынніца роду Луцкевічаў - Маргарыта Пярова (г. Санкт-Пецярбург). У гэты час маленькія удзельнікі свята глядзелі спектакль "Ці добра быць суслікам"...
Наступным выступаў калектыў Красненскага дома культуры "Эрыдан". Вельмі хораша спявалі дзяўчаты з эстраднай студыі "Вясёлыя ноткі" (в. Краснае), якія выканалі песню "Бабка-бабуля".
Перад прысутнымі мелі слова паэты: Усевалад Сцебурака Алена Басякірская, Валеры Максімовіч, Уладзімір Цанунін. Таксама мне спадабаўся выступ калектыву "Беразіначка" (песні "Раніца" і "Васількі"...). Майстар выцінанкі Валянціна Антонаўна Слюнчанка падаравала музею Максіма Багдановіча сваю працу. Харызматычна выглядаў лідар гурта "Сумарок" Ігар Палынскі. Вельмі мне спадабалася песня "Вясновы снег"! Вітала удзельнікаў свята Таццяна Совыш (стараста вёскі "Ракуцёўшчына") Пасля слова бралі Марыя Уладзіміраўна Кобец і Валянціна Гіруць-Русакевіч...
Вельмі хораша і натхнённа дзеяў на сцэне знакаміты спявак Ян Жанчак з вядомымі хітамі "Алеся", "Калядачкі", "Вераніка" і іншымі.
На літаратурна-музычнай імпрэзе таксама выступалі цудоўныя беларускія гурты "Гарадскі вал", "Балцкі субстрат".
Трэба адзначыць, што "Ракуцёўскае лета 2019" наведала каля 1000 чалавек. Цікава было ўсім!
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Культуролаг Вадзім Мажэйка пра школьны курс па літаратуры: Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно
Кандыдат культуралогіі, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка напісаў для сайта Цэнтра новых ідэй "Ідэя" цікавы матэрыял, у якім прапануе пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры.
Палова беларусаў зусім не чытае мастацкую літаратуру. Сярод моладзі такіх людзей яшчэ больш, і бацькі схільныя вінаваціць у гэтым відэагульні ды агульнае падзенне нораваў. Аднак, бадай, асноўны забойца цікаўнасці да літаратуры - гэта сучасная школьная праграма. Вось што ў ёй трэба змяніць, каб стала лепей.
Вывучаць сусветную літаратуру, а не толькі рускую
У беларускіх школах дагэтуль вывучаюць дзве літаратуры - беларускую і рускую. Гучыць неверагодна, але адукацыя фактычна ігнаруе ўвесь корпус сусветнай літаратуры. Так, у навучальнай праграме для X-XI класаў можна знайсці толькі пяць тэкстаў пяці аўтараў, якія адносяцца да сусветнай літаратуры: Шэкспір, Драйзер, Гашак, Лорка, Экзюперы. І ўсе яны - толькі для дадатковага чытання.
"Русское купечество", "русский национальный театр" "нравственная сила русского национального характера" - гэта ўсё тэмы для навучання, якія ўздымаюцца ў праграме літаратуры. Беларускім дзецям невядома дзеля чаго прапануюць рускацэнтрычны погляд на свет.
Руская літаратурная традыцыя - сапраўды велічэзны складнік сусветнай літаратурнай культуры. Аднак доля рускай літаратуры ў беларускай школьнай праграме мусіць адпавядаць адсотку, які складаюць творы рускіх пісьменнікаў у сусветнай літаратурнай спадчыне. На сёння ў метадычнай частцы праграмы няма тлумачэння, чаму творы рускіх пісьменнікаў маюць такую перавагу.
Думаць над творам, а не зубрыць "правільную" крытыку
Школьны курс дагэтуль грунтуецца на кансерватыўным падыходзе да разгляду твораў. Каб рэфлексаваць над прозай ды лірыкай, дзецям прапануецца засвоіць "асновы светаўспрымання аўтара", вывучыць яго біяграфію, а потым зразумець, што аўтар хацеў сказаць. Дзіўна засяроджвацца на гэтым у век постмадэрну, калі Ралан Барт ужо 50 гадоў таму напісаў "Смерць аўтара".
Французскі філосаф і літаратурны крытык пераканаўча даводзіць, што бессэнсоўна шукаць тлумачэнне твора ў біяграфіі аўтара - "цяпер тэкст ствараецца і чытаецца такім чынам, што аўтар на ўсіх яго ўзроўнях ліквідуецца". Адпаведна, не існуе "правільнага" разумення таго ці іншага твора, бо тэкст пераасэнсоўваецца наноў з кожным чытаннем
Адпаведна, на ўроках літаратуры трэба вучыцца глыбока разважаць, фармуляваць свае думкі і аргументавана іх выказваць у эсэ ды вусных абмеркаваннях. Немагчыма развіць мысленне, калі проста завучваць тлумачэнні са старой крытыкі.
Адлюстраваць у праграме існаванне пісьменніц
Пра гендарную роўнасць у курсе літаратуры не чуваць. У праграме дамінуюць творы, якія пісалі мужчыны, і там збольшага прадстаўлены патрыярхальны погляд на свет. Так, ва ўжо ўзгаданай праграме для X-XI класаў асобныя гадзіны выдзелены на вывучэнне толькі творчасці Цвятаевай. Творы Ахматавай ёсць у дадатковых спісах для чытання. Таксама некалькі аўтарак згадваюцца ў агульных аглядах. Усе астатнія творы - мужчынскія.
Калумністка ... Ганна Янкута прыводзіць яскравы прыклад патрыярхальнага падыходу пры вывучэнні "Героя нашага часу" Лермантава ў IX класе. Праграма прапануе вывучаць "трагічны лёс Пячорына", аднак ніяк не разглядае гісторыю з пункту гледжання Бэлы, выкраданне якой Пячорын замовіў, а пасля трымаў яе ў няволі і спрабаваў маніпуляцыямі дабіцца яе кахання. У выніку загінула і Бэла, і яе бацька, але іх трагічны лёс складальніка праграмы хвалюе меней.
Не варта ствараць штучныя квоты, каб палову аўтараў складалі жанчыны. Арыентавацца ў першую чаргу трэба на якасць, інакш гэта толькі зашкодзіць іміджу жаночай творчасці. Аднак у сусветнай літаратуры хапае добрых пісьменніц, якія адлюстроўваюць жаночы погляд на свет. Не варта абмяжоўвацца патрыярхальнымі рускімі норавамі.
Разбавіць неўміручую класіку сучаснымі творамі
За стагоддзі ў чалавецтва назапасілася шмат выдатных узораў мастацкай літаратуры. Аднак са школьнага курса ў дзяцей можа скласціся ўражанне, што літаратура - гэта толькі нейкая забава продкаў, якая даўно аджыла сваё і не мае працягу ў наш час. Відавочна, гэта супярэчыць рэчаіснасці. Да таго ж такі падыход зніжае цікаўнасць да літаратуры ў моладзі, якая натуральна цягнецца да ўсяго сучаснага.
Зразумела, што прасцей складаць праграму з класічных твораў, якія ўжо правераны часам. Не трэба вялікай кваліфікацыі, каб ведаць, што Шэкспір і Дастаеўскі - гэта "топчык" свайго часу. Куды складаней адабраць нешта з сучаснасці, бо трэба будзе адрозніць часова моднае ад сапраўды магутных твораў, якія маюць глыбокі патэнцыял. Кансерватыўная беларуская сістэма адукацыі абірае тут просты шлях. Аднак з яго трэба смела ступіць на глебу пошукаў новага, каб прыцягнуць увагу моладзі.
Да таго ж сучасная літаратура патрэбная, каб размаўляць пра актуальныя праблемы, сучаснай мовай і ў актуальным тэмпарытме. Дзецям цяжка адчуць адзінства з героем, знайсці агульныя з ім пачуцці, калі яны жывуць фактычна ў іншым свеце. Безумоўна, існуюць вечныя тэмы, а дасведчаны чытач знойдзе паралелі з блізкай яму рэчаіснасцю ў розных культурных кантэкстах, але школьнік, хутчэй, кіне нудную кніжку ды пойдзе глядзець відэаблог.
Стварыць умовы для новай генерацыі настаўнікаў
Нават самыя перадавыя рэформы на базавым узроўні будуць ажыццяўляць не прасунутыя маладыя рэфарматары, але простыя настаўнікі мовы і літаратуры. Без глыбокіх зменаў у гэтым асяродку ніякія новыя ідэі і прагрэсіўныя методыкі проста не дойдуць да вучняў.
Гаротны лёс беларускіх настаўнікаў вядомы: да халеры працы з паперкамі, дзіўныя абавязкі, кшталту хадзіць па кватэрах вучняў альбо збіраць іх на дабраахвотна-прымусовы хакей. Тыя ж настаўнікі пераважаюць сярод чальцоў выбарчых камісій, якія фальсіфікуюць выбары. Заробкі ж пры гэтым такія мізэрныя, што нават добрых новых кніжак набыць не атрымаецца.
Сацыяльны статус настаўнікаў мусіць адпавядаць той высокай ролі, якую яны выконваюць у грамадстве. Заробкі неабходна павысіць, а не звязаныя з навучаннем абавязкі - скасаваць. Гэта гучыць як кніжная ісціна, якую шмат разоў паўтаралі нават на самым высокім узроўні, але заганная сістэма працягвае існаваць. А яскравыя і ініцыятыўныя настаўнікі, якія могуць зацікавіць вучняў літаратурай (як герой Робіна Уільямса ў "Таварыстве мёртвых паэтаў"), застаюцца адзінкавымі выключэннямі ў беларускай школьнай багне.
Успамін з нагоды 25-ці і 30-ці гадовых юбілеяў у Беларусі
Ва ўмовах невытлумачальнага агульнанацыянальнага страху, які паступова, незаўважна накрыў за апошнюю чвэртку стагоддзя ўсе сферы грамадства, надышоўшы і незаўважна прайшоўшы юбілей у 25 год ўсенароднага абрання першага Прэзідэнта незалежнай Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ды 25-ці і 30-ці гадовыя юбілеі шэрагу грамадскіх і палітычных арганізацый на дзяржаўным узроўні не адзначаны і не святкуюцца. Людзі шушукаюцца між сабою і баяцца адкрыта спытацца: чаму так дзеяцца?
У юбілейныя дні дзеляцца ўспамінамі. Я прапаную чытачам свой, на першы погляд, дробязны факт, які павучальны, паказальны як для інтэлектуалаў, так і для іх спажыўцоў. У 90-я адраджэнцкія гады я меў гонар і дзяржаўную адказнасць узначальваць Менскую гарадскую арганізацыю Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Мы на хвалі адраджэнцкага ўздыму працавалі ў цесным кантакце з адпаведнымі дзяржаўнымі, грамадскімі, творчымі ўстановамі. У канцы аднаго навучальнага года я звярнуўся да народнага паэта Ніла Гілевіча з просьбай-прапановай падрыхтаваць Зварот да ўдзельнікаў штогадовых жнівеньскіх педсаветаў, бацькоў, дзеці якіх пойдуць у першы клас. Духоўны апостал беларусаў прыняў маю просьбу і падрыхтаваў не зварот у традыцыйнай форме, а напісаў верш "Маладой беларускай маці" (тэкст дадаецца). Прапаную надрукаваць яго ў адным жнівеньскім нумары Вашай-нашай газеты. Гэты верш можна разглядаць у якасці тэксту гімна маладых беларускіх мацярок.
Жнівень месяц вельмі важны і адказны для сямей, у якіх дзеткі пойдуць "першы раз у першы клас". Няхай бацькі і настаўнікі яшчэ раз занава адчуюць глыбокі філасофскі і педагагічна-выхаваўчы змест мысліцеля-паэта і заснавальніка Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, народнага паэта, прафесара Ніла Гілевіча перад новым навучальным годам і палітычна-адказным перапісам насельніцтва.
Мікола Савіцкі, прафесар.
Маладой беларускай маці
Ніл Гілевіч
Ты - маці, ты свайму дзіцяці
Не для пакут жыццё дала -
Для долі - шчасця ў роднай хаце,
У царстве праўды і святла.
Каб гэтым правам заручыцца,
Каб промень веры не пагас -
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Хай з самай першай
парты школьнай
Распазнаваць яно пачне
У лёсе Бацькаўшчыны вольнай
Свой лёс - як вечнасць у вясне.
Не дапусці, каб цень злачынца
Зацьміў душы яго алмаз:
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Хай змалку прыйдзе да высновы,
Прызнанай людствам нездарма:
Мілей, чым гукі роднай мовы -
На свеце радасці няма.
Каб не запозна далучыцца
Да векавых яе акрас -
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Узнагароду будзеш, маці,
Ты атрымоўваць кожны дзень:
Любоў і ўдзячнасць - ад дзіцяці,
Хвалу і славу - ад людзей.
Каб ёй давеку ганарыцца
І стрэць спакойна судны час -
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Прозвішчы Беларусі
Новая серыя. Частка ІV
Павел Сцяцко
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Макруш (Сяргей) - форма м.р. ад Макруша - семантычны вытвор ад апелятыва макруша < рус. мокруша 'мокры, змоклы, запырсканы вадой' (Даль).
Малажай (Галіна) - семантычны дэрыват ад апелятыва малажай 'атава'; рас. моложай, моложавый 'які выглядае маладзейшым за свае гады'. ФП: малажавы - малажай ( параўн. голы - галай, доўгі - даўгай) - Малажай (мянушка) - Малажай.
Мардасевіч (Анастасія) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Мардас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мардасевіч. Утваральнае сова ад апелятыва мардасы 'морда' (Нас.), укр. мордас 'аплявуха' (Грынч.).
Машноў (Сяргей) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Машна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Машноў. Утваральнае слова - ад апелятыва машна 'мяшочак для грошай (устар.)', перан. 'пра грошы, багацце' (разм.).
Мілановіч (Ірына) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Мілан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мілановіч. Адымёнавае прозвішча: ад Мілан < грэч. 'яблычны'.
Міхнавец (Дар'я) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Міхнава і значэннем 'нараджэнец, жыхар названага паселішча': Міхнавец; ці ад Міхнавічы: Міхнав(ічы)ец. Або ад прозвішча Міхно (< Міхаіл <ст.-яўр. 'роўны Богу Яхве') з суфіксам -авец: Міхнавец.
Мічурын (Іван) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Мічура і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мічурын. Адымёнавае прозвішча: ад Дзмітрый, Дзімітрый < грэч. 'плод зямны, плод зямлі'. Зафіксаваны Димитрий (1552), Мицура, Мичко (1540).
Млынчык (Валерыя) - семантычны вытвор ад апелятыва млынчык 'малы млын' (прадпрыемства, будынак з устаноўленымі ў ім прыстасаваннямі для размолу зерня'; 'машына для здрабнення розных матэрыялаў, якая выкарыстоўваецца ў горнай,хімічнай і іншых галінах прамысловасці'. Або вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Млын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Млынчык. Утваральнае слова ад апелятыва млын.
Мотыль (Анастасія) - акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва матыль 'насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых рознакаляровым пылком'. Або ад формы мотыль 'мноства матылёў' (ВСБМ Піскунова, с. 527).
Назарачкін (Аляксандр) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Назарачка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Назарачкін. Адымёнавае прозвішча: ад Назар < яўр. 'прысвечаны Богу'. ФП: Назар (імя) - Назарка (1660 г.) памянш.-ласк. ад Назар (суфікс -ачк-а) - Назарачкін.
Паніматка (Арнольд) - семантычны вытвор ад апелятыва паніматка < укр 'маці, пані матка' - ветлівы зварот да старэйшых жанчын' (Грынч.).
Панічава (Марыя) - вытвор з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Паніч і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Панічава. Утваральнае слова ад апелятыва паніч 'сын пана'; а таксама пра спешчанага чалавека, беларучку (разм.).
Папенка (Мікіта) - вытвор з суфіксам -енка ад антрапоніма Папа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Папенка - Папенка. Утваральнае слов ад апелятыва папа 'вярхоўны галава каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан'.
Папруга (Ігар) - семантычны вытвор ад апелятыва папруга 'раменны пояс або наогул пояс'; 'частка збруі для ўмацавання падсядзёлка на спіне каня'.
Пархамовіч (Руслан) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Пархом і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пархомавіч - Пархамовіч. ФП: Парфеній (імя - грэч. 'чысты, нявінны, як дзева') - Пархом (1582) - празванне, потым прозвішча) - Пархомавіч - Пархамовіч.
Паўлечка (Аліна) - вытвор з фармантам -ечка ад антрапоніма Паўло і значэннем 'нашчадак названай асобы': Паўлечка. Утваральнае слова ад імя Павел < лац. paulus 'малы, маленькі, невялікі'.
Пешын (Сяргей) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Пешы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пешын. Утваральнае слова ад апелятыва пешы 'які ідзе пехатой ці праводзіцца, ажыццяўляецца пехатой'.
Плісюк (Таццяна) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Пліс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пліс-юк - Плісюк. Утваральнае слова ад апелятыва пліс (уст.) 'баваўняны аксаміт'.
Поўх (Пятрусь) - семантычны вытвор ад апелятыва поўх 'крот'.
Праскурка (Нэля) - семантычны вытвор ад апелятыва праскура / праскурка (рэг.) 'просвірка і прасвірка (маленькая круглая прэсная булачка белага колеру, якая выкарыстоўваецца ў некаторых абрадах праваслаўнага набажэнства' (Нас., Даль).
Пудава (Ірына) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Пуд і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пудава. Адымёнавае прозвішча: Пуд (< лац. 'сарамлівы'). Або ад апелятыва пуд 'руская мера вагі - 16,38 кілаграма'.
Пуляк (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва пуляк 'той, хто пуляе (кідае чым-н. куды-н. ці ў каго-н.)': пуляк.
Рабец (Яўген) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Рабы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рабец. Утваральнае слова ад апелятыва рабы 'не адной масці, не аднаго колеру, з плямамі, пярэсты, з рабаціннем'. Параўн. Адамец, Якубец. Або семантычны вытвор ад апелятыва рабец 'назва птушкі' (Даль), укр. робець 'род каршуна' (Грынч.).
Рабушэвіч (Аляксандра) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Рабуш / Рабушка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рабушэвіч - Рабушэвіч. Утваральнае слова ад апелятыва рабуш 'рабы певень, бык' (Нас.).
Рамашка (Алена) - семантычны вытвор ад руск. ромашка - рамон, рамонак 'травяністая расліна сямейства складанакветных з адзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая', а таксама 'кветка гэтай расліны', 'лекавы настой або высушаныя кветкі гэтай расліны'. Або ад імені Раман (< лац. 'чалавек з Рыма, рымскі', < грэч. 'моцны'); форма Ромашко зафіксавана ў 1528 г.
Рачэўскі (Станіслаў) - вытвор з суфіксам -еўскі ад тапоніма Ракі і значэннем 'жыхар, нараджэнец названага паселішча': Ракеўскі - Рач(к/ч)эўскі. Або як прэстыжная форма ад прозвішча Рак - Рачэўскі. ФП: рак ('пакрытая панцырам прэснаводная або марская жывёліна з клюшнямі і брушкам') - Рак (мянушка, пазней прозвішча) - Ракі (тапонім - 'мясціна, дзе водзяцца ракі, або паселішча з прозвішчамі Рак') - Рачэўскі.
Рой (Георгій) - семантыны вытвор ад апелятыва рой, які мае некалькі значэнняў: 1) 'вялікая колькасць насякомых, якія кружацца ў паветры'; 2) 'сям'я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу'; 3) перан. 'мноства, вялікая колькасць чаго-н., каго-н.'.
Рубін (Міхаіл) - семантычны вытвор ад апелятыва рубін 'каштоўны камень чырвонага колеру'.
Руднік (Пётр) - семантычны вытвор ад апелятыва руднік 'горнапрамысловае прадпрыемства для здабычы руды, карысных выкапняў' (ТСБЛМ-2016, с. 709).
(Працяг у наст. нумары.)
Метамарфоза дырэктара са Слоніма
У артыкуле "Міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў дэкларуе світанне для беларускай мовы! А ці развіднее?" ("НС" № 29, 17.07.2019) распавядалася, што міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў у пісьме ад 10 траўня 2019 года на адрас Міхася Варанца паведаміў, што спажыўцы жыллёва-камунальных паслуг маюць магчымасць падпісаць тыпавыя дамовы, саматужна перакладзеныя мясцовымі прадпрыемствамі ЖКГ на беларускую мову, і гэтыя дамовы маюць юрыдычную моц. Сягоння гаворка пра тое, як пры вырашэнні гэтага пытання паводзіў сябе дырэктар Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Нагадаем, у лістападзе мінулага года мясцовыя камунальнікі не здолелі заключыць са мною тыпавыя дамовы з-за адсутнасці беларускамоўных бланкаў. Начальніца разлікова-даведачнага цэнтра Слонімскага ГУП ЖКГ Наталля Сыантовіч патлумачыла, што пастановай урада бланкі зацверджаны толькі па-руску, што само прадпрыемства ЖКГ не мае права перакладаць тыпавыя дамовы на беларускую мову, бо, такія, саматужныя, дамовы не будуць мець юрыдычнай моцы.
Тады ж, у кнізе заўваг і прапаноў прадпрыемства, я напісаў просьбу - зрабіць неабходныя захады дзеля забеспячэння майго права падпісаць тыпавыя дамовы на роднай мове. Неўзабаве атрымаў ліст (цытую на мове арыгінала): "Постановлением Совета Министров Республики Беларусь, которым утверждены типовые формы договоров, не предусмотрены бланки договоров на белорусском языке, в связи с чем удовлетворение Вашей просьбы не находится в рамках компетенции Слонимского ГУП ЖКХ" (Адказ М. Варанцу дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ ад 09.11.2018 года № 13-06/8).
Як бачым, дырэктар прадпрыемства не зрабіў аніякіх захадаў дзеля забяспячэння майго канстытуцыйнага права падпісаць беларускамоўныя тыпавыя дамовы. Ён спасылаецца на ўрад: Савет Міністраў рашыў, каб не было па-беларуску. Дапамагчы не можам - гэта "не… в рамках" кампетэнцыі прадпрыемства.
Здаецца, правільна, і шчыра, піша чалавек. Хочацца паверыць яму, і нават пашкадаваць яго - бездакорнага, адданага ўраду службоўца, які і думаць баіцца, ці правільнае, законнае рашэнне прыняў Савет Міністраў, ці адпавядае гэтае рашэнне Канстытуцыі, паслухмянага і дысцыплінавага выканаўца, які хоча, але нічога не можа зрабіць дзеля абароны кліента-спажыўца жыллёва-камунальных паслуг, бо мяжа кампетэнцыі яму - як чырвоны сцяжок ваўку.
Але, шаноўныя чытачы "НС", звернем увагу на мову ліста. Тут з дырэктарам адбылася метамарфоза - ён сам, самахоць адмовіў мне ў праве атрымаць адказ па-беларуску (ліст напісаны па-руску). Закон "Аб зваротах грамадзян…" абавязвае дырэктара адказы на пісьмовыя звароты грамадзян даваць на мове звароту (артыкул 18 Закона). І Канстытуцыі гэты закон адпавядае, і Савет Міністраў "за", прынамсі, не загадаў пісаць адказы толькі па-руску. А дырэктар раптам з ціхмянага выканаўца пераўтварыўся ў адважнага бунтара - смела піша мне па-руску. І ягоная службовая спраўнасць некуды знікла, страх прапаў, рамкі кампетэнцыі больш не здушваюць кадык і ўжо ён не бяздумны выканаўца, а асоба "з царом у галаве", слонімскі "Данка", які выводзіць мяне на святло з цемры беларускамоўнага балота.
Вяртаючыся да зместу ліста, зазначу, што, насамрэч, у дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ хапае кампетэнцыі, каб хоць крышачку парупіцца пра мае правы. У Канстытуцыі нашай краіны напісана: "Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы" (артыкул 59). Так, тыпавыя дамовы толькі на рускай мове. Так, гэта ўрад парушыў Канстытуцыю. Але чаму дырэктар Слонімскага ГУП ЖКГ не "біў у званы" пра дыскрымінацыю спажыўцоў жыллёва-кумунальных паслуг па моўнай прыкмеце, чаму нават пасля майго запісу ў кнізе заўваг і прапаноў і пальцам не паварушыў, каб аднавіць вяршэнства Канстытуцыі? Няўжо так цяжка скласці афіцыйны ліст (што спажыўцы патрабуюць тыпавыя дамовы па-беларуску) і даслаць яго ў вышэйшыя інстанцыі?! Не, не вінаваты, гэта рашэнне Савета Міністраў, гэта не мая кампетэнцыя, я выканаўца - вось пазіцыя дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ.
Мякка кажучы, не правільная пазіцыя. Але, што зробіш… слабы чалавек. І не надта б я наракаў на дырэктара, каб ён паслядоўна прытрымліваўся гэтай пазіцыі. А тут, у адным лісце, такая метамарфоза: як хачу, так і кручу. І службовая этыка не для яго, і закон яму не закон.
Што тут сказаць?! Усё да нас сказана:
Ён з начальствам знае дзела:
Па-расейску валіць смела;
Ліжа, выйшаўшы за вёску,
Ласку панскую па-польску.
Нават жыду - ў доўг як просе -
"Гутэ-моргэн!" - буркне ў носе.
Калі ж сядзе у кутузку,
Ўсіх кляне па-беларуску.
("На ўсе рукі", 1911, Янка Купала)
Быў бы я, Міхась Варанец, хоць якім, самым маленькім начальнікам для дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ, ён бы, безумоўна, напісаў адказ на мове начальніка. Было б данае прадпрыемства прыватнай уласнасцю дырэктара, ягонае стаўленне да кліента-карміцеля таксама было б іншае.
P.S. Не варушыў бы я, паважаныя чытачы, гэтую ўжо даўнаватую гісторыю. Але! Усё вышэйнапісанае яшчэ ў снежні 2018 года праз слонімскі райвыканкам я давёў да ведама дырэктара. І што… Пра далейшыя метамарфозы дырэктара са Слоніма - у наступных нумарах "Нашага слова".
Міхась ВАРАНЕЦ, г. Слонім
Мелодыі, спеўнікі і оперы Манюшкі
Юбілей Станіслава Манюшкі адкрыў для беларусаў рознабаковы талент кампазітара падчас шматлікіх мерапрыемстваў.
- Станіслаў Манюшка - гонар нашай нацыі і нашага народа. Яго продкі паходзілі з Меншчыны, - распавёў падчас экскурсіі для сяброў ТБМ музыказнаўца Аляксей Фралоў, стоячы на месцы сядзібы бацькоў кампазітара ў былым Убелі, а зараз - Волме. - У яго радаслоўную ўліліся Манюшкі, Вайніловічы, а Маджарскія дадалі кропельку арыентальнасці.
Опера "Сялянка" стала вядомай на значнай частцы тэрыторыі Беларусі. Ішла яна ў Менскім тэатры побач з Дамініканскім касцёлам, дзе сёння стаіць гатэль "Еўропа". Опера ставілася ў Менску, і ў Слуцкі, і ў Глуску, і ў Бабруйску. Манюшка быў аўтарам вакальнай лірыкі, ствараў рамансы на вершы беларускіх, рускіх, французскіх і італьянскіх паэтаў, пісаў духоўныя творы для касцёла. У менскім тэатры ішлі оперы "Рэкруцкі набор", "Чарадзейная вада".
У Вільні Манюшка граў на аргане ў Вострай браме. Галоўным месцам яго служэння быў віленскі касцёл св. Янаў - Яна Хрысціцеля і Евангеліста Яна. Ён агучваў і іншыя арганы - некалькі арганаў у Менску, арган у Смілавічах. Менскі арган, які стаяў у катэдры, выглядаў вельмі прыгожа, па-барочнаму. Фундаваў яго Станіслаў Манюшка -дзед. Менскі арган пайшоў у печ, бо мясцовы бальшавічок пакалоў, пасек на дровы і кінуў у буржуйку старажытныя драўляныя трубы аднаго з лепшых еўрапейскіх арганаў ХVIII стагоддзя.
Манюшка адчуваў сябе выдатным прафесіяналам. Прыехаўшы ў Вільню, з першага позірку ён пакахаў сваю будучую жонку Аляксандру Мюлер. Яе маці зрабіла заўвагу: "Пане Станіславе, вы - са шляхетнага роду, але трэба набыць пэўную прафесію". І ён адправіўся па навуку ў Берлін, у каралеўскую хоф-капэлу і стаў выдатным акадэмічным спецыялістам.
Свой талент, свае веды, глыбінныя пачуцці і ўражанні ад нашага фальклору, ад таго, што спявала яго маці, спявалі навакольныя дзяўчаты і хлопцы, а таксама рулады птушак ён запісваў у сваіх мініяцюрах: "Салоўка", "Зязюлька". У іх адлюстравалася гучанне убельскай ваколіцы - той свет, у якім ён нарадзіўся, і які бясконца любіў! Мы адчулі гэта, калі вывучалі адзін з яго "Хатніх спеўнікаў".
Ён прыязджаў у Менск па справах сямейных, побытавых, музычных і, каб ставіць свае оперы. У 1852 годзе беларуская мова загучала з акадэмічнай опернай сцэны. Гэта была вехавая падзея. Нашай оперы было ўжо каля 200 гадоў, бо яна ўпершыню была пастаўлена ў Вільні ў 1630-х гадах у стылі барока. Жанр оперы нарадзіўся ў Італіі ў вялікага Клаўдыё Монтавердзі і ўжо ў хуткім часе патрапіў у Вільню.
І вось у 1852 годзе ўпершыню на беларускай мове ў оперы заспявалі ў Манюшкі! Гэта неабвержаны факт! Да прыходу Расійскай імперыі наш край меў 26 оперных і балетных тэатраў.
Ва ўмовах імперскага ціску Станіслаў Манюшка адчуваў прымітыўнасць цэнзуры. Тутэйшыя цэнзары не давалі яму праходу, і давялося паехаць у С. Пецярбург, каб атрымаць дазвол на друкаванне шасці "Хатніх спеўнікаў". Але піцерскі цэнзар ахвотна паставіў свой грыф пад зборнікам. Больш за 300 унікальных мініяцюр, у якіх творца выражаў сваю беларускую ментальнасць, увайшлі ў "Хатнія спеўнікі".
Ён хацеў рэалізавацца як еўрапейскі оперны кампазітар і адчуваў у сабе такія сілы. Ён спрабаваў сябе і ў С. Пецярбургу. У 1858 годзе ён пераехаў у Варшаву, дзе опера "Галька" мела фурор. Ён ездзіў па Еўропе, ставіў оперы ў нямецкіх гарадах і ў Парыжы.
- Ён быў вельмі духоўным чалавекам, чалавекам высокай веры, - адзначыў Аляксей Фралоў. - На развітанне з ім у Варшаве да Вялікага тэатра прыйшлі сто тысяч чалавек і праводзілі яго на Павонзкаўскія могілкі. Сёлета 10 траўня мы ўсклалі кветкі з бел-чырвона-белай стужачкай на яго магілу. Гэта быў самы геніяльны наш кампазітар за ўсю тысячагадовую гісторыю. Імя яго слаўнае і фантастычнае! - зазначыў вядомы сучасны дырыжор і музыказнаўца Аляксей Фралоў.
Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Станіслаў Манюшка. 2. Малюнак маёнтка, зроблены Напалеонам Ордам. 3. Аляксей Фралоў на месцы сядзібы С. Манюшкі.
Міністэрства культуры Рэспублікі БеларусьУпраўленне культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік
ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ
21-22 лістапада 2019 г.
навукова-даследчая і асветная ўстанова культуры "Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік" праводзіць
V міжнародную навуковую канферэнцыю "Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць",
прысвечаную 390-годдзю з дня нараджэння Сімяона Полацкага і 25-годдзю Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага
На канферэнцыі плануецца абмеркаваць наступныя тэмы:
- Сімяон Полацкі і яго эпоха;
- крос-культурныя камунікацыі ўсходнеславянскіх народаў у XVII ст.
- канфесійныя працэсы на беларускіх землях у ХІ-ХШ стст.
- Полацк у XVII ст.
- пытанні захавання, прэзентацыі і інтэрпрэтацыі помнікаў кніжнай культуры Беларусі ў музеях і бібліятэках.
Рэгістрацыя удзельнікаў канферэнцыі ажыццяўляецца на падставе заяўкі, пададзе-най у вызначаны Аргкамітэтам тэрмін.
Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі і тэзісы выступленняў прымаюцца да 20 кастрычніка 2019 г. па электроннай пошце: simeon.polotsk@muzeum.by.
ЗАЯЎКА НА ЎДЗЕЛ У КАНФЕРЭНЦЫІ:
1. Прозвішча, імя, імя па бацьку.
2. Вучоная ступень, званне.
3. Пасада, месца працы.
4. Назва даклада.
5. Кантактны тэлефон.
6. Адрас электроннай пошты.
7. Неабходнасць браніравання месца ў гасцініцы (дата, колькасць дзён).
Запрашэнні будуць высланы пасля заканчэння рэгістрацыі.
Праграма канферэнцыі будзе сфарміравана ў сярэдзіне лістапада 2019 г. і даслана на электронную пошту зарэгістраваных удзельнікаў.
Рэгламент выступлення на канферэнцыі - да 15 хвілін.
Рабочыя мовы: беларуская, руская, англійская.
Плануецца публікацыя матэрыялаў канферэнцыі. Аргкамітэт пакідае за сабой права рэгістрацыі ўдзельнікаў канферэнцыі і адбору матэрыялаў для публікацыі.
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ:
- матэрыялы для публікацыі прымаюцца ў 2 тэкставых файлах: у фармаце rtf (магчымы dос, оdt) і pdf;
- аб'ём да 10 старонак А-4 (шрыфт Тіmes New Roman, кегль 14 з адзінарным міжрадковым інтэрвалам; выраўноўванне па шырыні без пераносаў; палі: верхняе і ніжняе - 2 см, левае - 3 см, правае - 1,5 см; абзацны водступ - 1,25 см);
- для грэчаскай мовы рэкамендуецца выкарыстоўваць шрыфт "Неllenіса", для царкоўна-славянскай - "СуrylliсаОсhridl", дапускаецца шрыфт "Ижица";
- колькасць выяў - да 10 шт.; фармат: tiff, jреg; разрашальнасць: 300 dpі; дасылаюцца асобнымі файламі.
Тэрмін падачы матэрыялаў для публікацыі - да 22 снежня 2019 г.
Камандзіровачныя выдаткі за кошт накіроўваючай арганізацыі.
Кантактныя дадзеныя Аргкамітэта:
- тэлефон для даведак:
Гаўрылава Славіна Вячаславаўна, загадчык філіяла +375 29 185-18-36;
Філімонава Вольга Аляксандраўна, вядучы навуковы супрацоўнік +375 214 42-57-25.
- электронная пошта: simeon.polotsk@muzeum.by;
- адрас: вул. Ніжне-Пакроўская, 22, г. Полацк, Віцебская вобл., Рэспубліка Беларусь, 211400.
Запрашаем да ўдзелу гісторыкаў, культуролагаў, кнігазнаўцаў, філолагаў і ўсіх, чые навуковыя інтарэсы знаходзяцца ў рамках заяўленых да абмеркавання тэм
Дзіцячы часопіс "Жэўжык" выходзіць у сеціва
У дзіцячым забаўляльным выданні "Жэўжык", як паведамляе NN.by, вы зможаце знайсці шмат пазнавальнай і карыснай інфармацыі, разнастайныя займальныя заданні (галаваломкі, лабірынты, рэбусы і г.д.), файныя коміксы, арыгінальныя майстар-класы. Матэрыялы найбольш пасуюць для дзетак ад 6 год.
У свет ужо выйшла 3 тэматычныя нумары "Жэўжыка" ("Вясна і птушкі", "Вялікдзень", "Дрэвы"). Іх усе можна спампаваць.
Гадавая валанцёрская праграма на нямецкім тэлебачанні
Навіны Германіі
Вецін-ТБ шукае валан-цёраў/к, якія будуць дапамагаць рабіць дакументальныя фільмы і відэа-ролікі для навінаў на мяс-цовым тэлебачанні.
Калі: 1 траўня 2020 - 30 красавіка 2021.
Фінансы: выдаткі на пражыванне, транспарт і харчаванне пакрываюцца праектам.
Кандыдаты/кі павінны падаць заяўку на праект, папярэдне зарэгістраваўшыся на платформе да 20 жніўня 2019 г.
Дзеля чаго ўдзельнічаць у гэтым праекце:
- навучыцца працаваць з камерай, мантаваць матэрыял, апрацоўваць відэа і дадаваць эфекты, а таксама браць інтэрв'ю;
- пазнаёміцца з людзьмі самых розных прафесій: ад мастакоў і мастацтвазнаўцаў да работнікаў мясцовых органаў кіравання і вядомых футбалістаў;
- навучыцца працаваць з людзьмі рознага ўзросту;
- атрымаць шанец рэалізаваць свой асабісты праект па тэме, звязанай з Еўразвязам.
Патрабаванні да кандыдатаў і кандыдатак:
- узрост 17-30 гадоў;
- моцная заматываванасць працаваць у сферы тэлебачання, прадукцыі фільмаў і медыя-адукацыі;
- уменне працаваць у камандзе, з дзецьмі і моладдзю;
- добрае валоданне нямецкай мовай.
Перавага будзе аддавацца кандыдатам і кандыдаткам:
- з невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасці;
- мігрантам;
- моладзі, якая знаходзяцца ў цяжкім эканамічным становішчы.
Пражыванне: 2 валанцёры будуць жыць у цалкам абсталяванай кватэры, кожны/ая ў сваім пакоі, у вельмі прыгожым раёне студэнцкага горада Хале.
Праца: працаваць валанцёры будуць збольшага ў Веціне і Хале. Залежна ад праектаў WTV і сваіх асабістых медыя-праектаў валанцёры могуць наведаць і іншыя гарады Германіі.
Праект ладзіцца ГА "Цэнтр "Трэці сектар" разам з WTV - Der Offene Kanal aus Wettin e.V. у межах адной з акцый праграмы Еўразвяза "Эразмус плюс" - European Solidarity Corps (ESC).
Крыніца: europa.eu. АДБ "Брусель".
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
Віктар Шніп
БАЛАДА УСЯСЛАВА ЧАРАДЗЕЯ
(каля 1029 - 14.04.1101)
У Полацкім княстве спакой не жыве -
Суседзі імкнуцца твой трон захапіць,
І злая іх кроў на высокай траве
Зімой ледзянее, а летам кіпіць.
У Полацку слаўным Сафійскі сабор,
Як веліч твая і Айчыны тваёй,
Расце, уздымаецца ў неба да зор,
Сабою яднаючы неба з зямлёй,
Яднаючы ўсіх, каму люба тут жыць,
Душой мацавацца ад родных палёў,
Ад цішы курганняў, дзе вечнасць ляжыць
І кветкамі ўсходзіць, якія як кроў,
І ў травах знікае, нібыта ў вадзе,
Якая ў рацэ, што праз Полацк цячэ.
І ты да сабора спакойна ідзеш,
Як да Беларусі, і крыж нам нясеш,
Хоць да Беларусі далёка яшчэ.
29.08.2009 г.
БАЛАДА КНЯЗЯ ГЛЕБА МЕНСКАГА
(каля 1070-13.09.1119)
Праз сотні год вярнуўся ў родны горад,
Спыніўся на кані каля сабора.
Ты менскі князь, ты беларускі волат,
Ты пераплыў праз вечнасць,
як праз мора,
Каб з намі быць
заўжды пад нашым небам,
Дзе вольна лётаюць буслы, анёлы.
Тут хлеб сягоння ёсць і ёсць да хлеба,
Бо мы - народ, і мы - народ не кволы.
Глядзіш на горад. Горад твой вялікі.
Мог большым быць, ды нішчылі чужыя,
І кроў цякла ракой, і ў камень крыкі
Ператвараліся, і ўсе святыя
Спрыялі гораду, цябе чакалі.
І ты вярнуўся, як людская памяць
Вярнулася людзям, што век шукалі
Свой шлях у Заўтра праз агонь і замяць.
Глядзіш на горад. Прад табой Айчына.
І ты адзін, але ты не самотны,
Мы за табой усе - твая дружына,
І кожны з нас - нібыта брат твой родны…
27.01.2019 г.
БАЛАДА ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ
(магчыма 5.01.1104-23 ці 25.05.1167)
Ад Полацка да Іерусаліма,
Нібы святы агонь, твая дарога.
У сэрцы і за спінаю - Радзіма
І прад табою Бог і ўсё ад Бога...
І не шкадуеш ты, што ў цеснай келлі
Ты думаеш пра родны край і Бога
Каля вакна, дзе галубы паселі
І слухаюць малітвы і ўзлятаюць
Над Беларуссю, да якой шукаюць
Усе дарог, каму ёсць не за морам,
А тут-зямное шчасце, без якога
Не стаць тутэйшым і не стаць святою...
Нібы малітва, праз жыццё дарога
Твая
не зарасце палын-травою,
А стане вечным крыжам Ефрасінні,
Які шукаць, губляць, ізноў знаходзіць
Нам на зямлі, якую не пакіне
Ніколі Бог, бо ён жыве ў народзе,
Як ты жывеш у нашае Айчыне...
25.02.2009 г.
БАЛАДА КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА
(каля 1113-пасля 1190)
Мінае травень… Ліпень… Лістапад… Зноў снежань
З нябёс самотай белай на людзей імжыць.
А ты замураваны ў манастырскай вежы,
Каб толькі Слову,
Слову божаму служыць.
І Тураў твой ад снегу, як ад квету, белы,
І толькі Храмаў купалы сярод нябёс,
Нібы вуголле ў снезе, на сусвет наш цэлы
Зіхцеюцца пад сонцам, страшачы мароз.
З малітваю глядзіш на родныя прасторы
І верыш, што твой край ніколі і нікім
Не будзе зваяваны і не змоўкне ў горы,
Не знікне, як знікае па-над свечкай дым,
Якая прад табой гарыць і асвятляе
Душу, як свет, і свет, нібы тваю душу,
Дзе Бог жыве і Беларусь жыве святая,
Якая стане белай, як пасля дажджу
Вясновы ціхі сад, што чорным быў, бялее
Ад квецені густой, нібыта белы Храм,
Дзе Слова, як анёла, ты душой сагрэеш
І Слова паляціць да нас, і светла нам
У свеце чорным будзе, у якім сягоння
Ёсць наша Беларусь, а з ёю ёсць і ты,
І ў беларускім небе, нібы на іконе,
Хто ў Бога шчыра верыць,
бачыць лік святы,
Як бачыў ты…
8.12.2008 г.
БАЛАДА МІНДОЎГА
(1195-1263)
...Як ланцугі, звіняць касцёльныя званы
І вестка, што не будзе болей тут вайны,
Нібыта ў вочы пыл ляціць, ляціць крылата.
Гуляй хто можа! - у Новагародку свята -
Каронай каралеўскай князь каранаваны,
І ўжо Еўропай родны край
і мы прызнаны,
Ды крыжакам усё ахвота біцца з намі
І будзем мы за волю біцца з крыжакамі
І на магілах нашых вырасце палын,
Як воі вырастаюць,
каб зноў стаць травою.
Ты - князь Міндоўг і ты,
як родны край, адзін
І сёння ты з каронай цяжка-залатою,
Але часова ўсё, як дзень, як ноч, зіма,
Як вера, ад якой ты заўтра адрачэшся,
Бо ёсць твой шлях, а іншага ў цябе няма,
І на шляху ёсць здрада, ты з яе смяешся
Цяпер, хоць заўтра - смерць.
Ты не баішся смерці.
І пройдзе час...
Як з белага чырвонае не сцерці,
Не знішчыць нас!
12.08.2005 г.
БАЛАДА ВІЦЕНЯ
(?--каля 1316)
Пагоня… Імчыцца пагоня, імчыцца…
Наперадзе князь на бялюткім кані
І меч у яго, быццам бы бліскавіца,
І вораг, як травы сухія ў агні,
Знікае з палёў, што спрадвеку святыя,
Як нашая кроў, што праліта была
За волю, за княства, за мову, якія
Для нас, як у цемры шляхі да святла.
Пагоня… Імчыцца пагоня, імчыцца,
І літасці просіць у князя чужак.
І вые ўсю ноч, нібы плача, ваўчыца
І капае кроў, як вуголле, з крыжа,
І ведае князь - ад маланкі загіне,
І будзе з "Пагоняй" над замкамі сцяг
Крыляць, як анёл у самотнай Айчыне,
Як радасць у сэрцах і слёзы ў вачах…
27.09.2005 г.
БАЛАДА ГЕДЗІМІНА
(1275-1341)
Нібыта смерць, халодная зіма
І ў Вільню аніхочацца вяртацца,
Бо ўсё замецена, і ўжо віна няма,
І ў замку не збіраюцца здавацца.
І ты на замак, як на сон, глядзіш
Праз белы снег, нібыта праз самоту,
І ля агню, як ля царквы, стаіш
І неба над табой, нібыта з лёду,
І ў гэтым лёдзе трэшчынай страла
Ляціць у сэрца, што не любіць цішы.
Ляціць страла, як цемра, да святла
І кроў тваю мяцеліца заліжа.
І зазвіняць у гарадах званы,
І хтось заплача, нехта засмяецца.
І ад тваёй труны, як ад сцяны,
Адыдзе ноч, і новы дзень пачнецца...
12-13.08.2005 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Духоўнае гарэнне базыльянаў
У артыкуле Леаніда Лаўрэша "Апошні базыльянін ХIX стагоддзя на Беларусі" ў № 28 ад 10 ліпеня закраналася гісторыя манаскай супольнасці базыльянаў.
На развіццё беларускай культуры ХVII-ХVIII стагоддзяў паўплывала дзейнасць Oрдэна базыльянаў (Ordo Sancti Basilii Magni) - манаскага ордэна грэка-каталіцкай царквы.
На Беларусі ў манастырах базыльянаў захоўваліся найбольш шанаваныя абразы Маці Божай: Жыровіцкі, Менскі, Супрасльскі, Каложскі. Манахі-базыльяне перапісвалі кірылічныя рукапісы, стваралі арыгінальныя творы на старабеларускай мове, развівалі музыку, якая суправаджала набажэнствы, у тым ліку арганную.
У цэнтры Менска, ператвораная ў канцэртную залу, узвышаецца царква Святога Духа, якая была пабудавана ў сярэдзіне ХVII стагоддзя і служыла мужчынскаму і жаночаму манастырам базыльянаў.
Пра дзейнасць Ордэна базыльянаў на Беларусі мы пагутарылі з кандыдатам культуралогіі Алесем Сушам, які прысвяціў шмат артыкулаў і дысертацыйную працу культурнай спадчыне грэка-каталіцкай царквы і, у прыватнасці, вывучэнню і захаванню культурнай спадчыны Ордэна базыльянаў.
- Супольнасць базыльянаў шмат зрабіла для культуратворчага працэсу ў Беларусі, - распавёў спадар Алесь. - Мне давялося папрацаваць з кнігазборамі базыльянаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Іх кнігі з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для вывучэння гэтай манаскай супольнасці. Давялося паездзіць па закінутых, напаўразрабаваных і панішчаных часам манастырах, вывучаць спадчыну ў палявых умовах. Пашчасціла папрацаваць у архівах і бібліятэках за мяжою, шукаючы культурныя артэфакты, створаныя манахамі Ордэна базыльянаў. Атрымалася абагульніць інфармацыю, якая ўжо існавала ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, і адшукаць шмат новага, папрацаваць з Полацкімі і Аршанскімі, Віцебскімі і Талачынскімі зборамі базыльянаў.
Гісторыя самога Ордэна базыльянаў бярэ свае вытокі ад грэчаскіх манастыроў на тэрыторыі паўднёвай Італіі і Сіцыліі. Грэкі, якія масава беглі ад пераследу на тэрыторыі колішняй Візантыйскай імперыі, траплялі на тэрыторыю Італіі і Сіцыліі, пераязджалі і сяліліся цэлымі манастырамі. У I тысячагоддзі нашай эры яны пачалі гуртавацца. У ХIII-ХIV стагоддзі пачаўся працэс іх афармлення ў ордэнскую структуру. Была нешматлікая колькасць манахаў, яны пакрысе лацінізаваліся, большасць з іх сталі католікамі і згубілі практыку карыстання грэчаскай мовай і іншыя асаблівасці. Да нашага часу працягвае дзейнічаць манастыр у Гротаферата, які застаецца духоўным цэнтрам старажытных базыльянаў у Італіі.
Падзеяй, якая дала штуршок развіццю Ордэна базыльянаў на Беларусі, была Берасцейская царкоўная ўнія і падзеі пачатку ХVII стагоддзя, калі дзякуючы намаганням Язэпа Руцкага і Язафата Кунцэвіча, двух маладых манахаў, якія у той час гуртаваліся ў Віленскім Траецкім старажытным манастыры, быў створаны першы статут Ордэна базыльянаў.
Ён грунтаваўся і на статуце Васіля Вялікага, і на практыцы ўсходняга манаства. Язафат Кунцэвіч выкарыстоўваў практыкі ісіхазуа і іншыя ў сваім манаскім жыцці. З іншага боку былі выкарыстаны і заходнія практыкі - Ордэнаў кармелітаў і езуітаў, якія лічыліся ў той час перадавымі. У 1617 годзе на Наваградскай кангрэгацыі Ордэн базыльянаў быў створаны пяццю беларускімі манастырамі. Протаархімандрытам ордэна быў прызнаны Язэп Руцкі. У 1624 годзе кангрэгацыя прапаганды веры зацвердзіла Ордэн, і ў 1631 годзе булай Папы Рымскага ён быў юрыдычна замацаваны як правадзейны.
Усё ХVII cтагоддзе асноваю, сэрцам Ордэна, была беларуская зямля. Большасць протаархімандрытаў была выхадцамі з беларускіх земляў, большасць генеральных капітулаў праходзіла на Беларусі. Пераважная большасць з іх адбывалася альбо ў Вільні, альбо ў Жыровічах, альбо ў Наваградку. Ордэнам кіравалі протаархімандрыты, у заходняй практыцы іх называлі генераламі Ордэна. Яны апасродкавана былі падначаленыя грэка-каталіцкім архімандрытам, але наўпрост падпарадкаванне было Рыму.
Так на беларускіх землях паўстаў Ордэн базыльянаў, які аб'яднаў беларускія манастыры, беларускіх дзеячаў і протаархімандытаў, якія потым пераязджалі ва Украіну, Літву, Латвію, і традыцыя працягвалася. Беларуская зямля нараджала актыўных праваднікоў базыльянскай традыцыі. Адным з такіх дзеячаў стаў Якуб Суша, які нарадзіўся ў Менску ў 1610 годзе і стаў вельмі вядомым на тэрыторыі Украіны царкоўным дзеячам. Ён доўгі час узначальваў Холмскую епархію і быў адным з кіраўнікоў Ордэна базыльянаў, аказаў уплыў на развіццё беларускай і ўкраінскай культуры. Ён быў адным з першых, навукова падрыхтаваных даследчыкаў царкоўнай традыцыі на Беларусі. Быў вельмі таленавітым вучоным, пісьменнікам і прапаведнікам, - распавёў спадар Алесь Суша.
На тэрыторыі Расійскай імперыі дзейнасць Ордэна была спынена ў 1830-х гадах, калі ішоў працэс ліквідацыі уніі. У ХIX cтагоддзі дакументы і кнігазборы базыльянаў звозіліся ў Вільню праз Жыровічы і канцэнтраваліся там. У Вільні знаходзілася семінарыя і кансісторыя. Там кнігі пераразмяркоўваліся. Часткова дакументы захаваліся ў Віленскай публічнай бібліятэцы. Туды трапілі зборы базыльянаў з тэрыторыі Цэнтральнай і Заходняй Беларусі.
Пасля I сусветнай вайны большасць базыльянскіх манастыроў апынулася ў межах тагачаснай Польшчы. У краінах сацыялістычнага блока афіцыйная дзейнасць Ордэна была перапынена. Паўсюль, за выключэннем Польшчы, чын вымушаны быў сысці ў падполле. На працягу многіх гадоў базыльяне выхоўваліся, маліліся і дзейнічалі як свецкія людзі.
Многія манахі былі рэпрэсаваныя, асуджаныя ў высылку і турмы. Многія базыльяне ва Украіне, у Чэхаславакіі, у Румыніі і Венгрыі загінулі за свае рэлігійныя перакананні. У 2001 г. пяць базыльянаў былі беатыфікаваны. Цяпер праводзіцца беатыфікацыйны працэс яшчэ шэрагу базыльян. Ордэн васіліянаў сёння дзейнічае на тэрыторыі Украіны.
"Кожны васіліянін паклканы да апостальскай дзейнасці, якая праяўляецца праз прапаведанне і катэхізацыю, праз апеку над парафіямі і школамі, у народных місіях, рекалекцыях для міранаў, праз друк і іншыя сродкі камунікацыі", - напісана ў статуце ўкраінскіх васіліянаў.
Гутарыла Эла Дзвінская. На здымках: Герб Ордэна базыльянаў; Царква Святога Духа ў Менску; Талочынскі манастыр базыльянаў; Манастыр базыльянаў ў Барунах; Алесь Суша і Уладзімір Ліхадзедаў, фота аўтара.
Скарбы Карэліччыны
27 ліпеня ў г. Свіслачы Гарадзенскай вобласці прайшоў ІV рэгіянальны фестываль традыцыйных культур "Скарбы Гарадзеншчыны", у якім аддзел рамесніцкай дзейнасці "Карэліцкі Дом рамёстваў" ДУ "Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці" прымаў удзел і атрымаў узнагароды.
У абласным конкурсе традыцыйных рэгіянальных строяў "Скарбніца моды Панямоння":
- лаўрэат II ступені ў намінацыі "Аўтэнтычны рэгіянальны строй", адзел рамесніцкай дзейнасці "Карэліцкі Дом рамёстваў"
У Рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры "Скарбы Гарадзеншчыны":
- лаўрэат I ступені ў намінацыі "Лепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы", адзел рамесніцкай дзейнасці "Карэліцкі Дом рамёстваў".
Стравы Карэліччыны
Стравы Карэліччыны, без сумневу - наш самы галоўны скарб. Чаму без сумневу, запытаеце Вы, таму што была праведзена складаная даследчая праца, падчас якай мы знайшлі самабытныя і ўнікальныя ў сваім родзе стравы, якіх Вы не сустрэнеце амаль ні ў адным з іншых раёнаў нашай вобласці. У мінулы раз нашы Карэліцкія стравы атрымалі дыплом лаўрэата.
Пачнём, мабыць, з самай старадаўняй стравы "Кісель".
Гатуецца "Кісель" з аўсяных шматкоў, якія заліваюць халоднай вадой на 1-2 сутак з дадаваннем кавалка жытняга хлеба. Пасля шматкі неабходна працадзіць праз два пласты марлі. Адціснуты настой варыць з дабаўленнем солі, стала памешваючы да гатоўнасці. Падаюць кісель халодным з мёдам, грыбамі, смажанай цыбуляй, ягадамі. Кісель нашы продкі лічылі сакральнай стравай (паняцце сакральны азначае нешта містычнае, ірацыянальнае, боскае, але тое, якое мае схаваны сэнс), якую ўжывалі і ў пост з квашанай капустай і на Каляды, і на памінках. А таксама ведалі пра амаладжальныя ўласцівасці аўсянкі і вельмі часта ўжывалі яе. Так лічыць і Ганна Іванаўна Кітун - жыхарка в. Райца Карэліцкага раёна, якой споўнілася 85 гадоў. Яна гатуе кісель і па сённяшні дзень. "У галодны час кісель ратаваў нас ад голаду", - распавядае яна.
Для даведкі, у далёкія часы, яшчэ да нашай эры, егіпецкая царыца Клеапатра вельмі часта ўжывала аўсяныя шматкі і рабіла амаладжальныя маскі на твар.
Кісель па праве лічаць беларускай традыцыйнай стравай.
"Хрэнавуха"
Традыцыйны беларускі напой, які выраблялі з самагонкі або гарэлкі, хрэну, мёду. Гэта класічны варыянт (у самагонку пакласці вычышчаны хрэн, сталовую лыжку мёду, старанна перамяшаць, даць настаяцца 1-2 тыдні, затым працадзіць). Ужывалі хрэнавуху пераважна ў халодны перыяд году, каб сагрэцца. Таксама ёсць другі варыянт прыгатавання: замест самагонкі выкарыстоўвалі ваду, такі напой маглі ўжываці і дзеці. Можаце сабе ўявіць, якімі карыснымі ўласцівасцямі валодае такі напой! Можна адначасова і пагрэцца, і палячыцца.
"Мазгі ў яйках"
Цікавая назва ў гэтай стравы. Гатуецца з выкарыстаннем мазгоў свіных або цялячых 300 г, 5 яек, 1 цыбуліна, 2 ст. лыжкі алею, соль, зеляніна.
Яйкі аддзяліць ад лупін. Лупіны старанна прамыць, прасушыць.
Мазгі прамыць, падсмажыць з соллю, са здробненай цыбуляй, расцёртымі яйкамі. Атрыманым фаршам запоўніць лупіны, зверху пакласці смятану і зеляніну.
"Мяса, запечанае ў цесце з жытняй мукі"
1 кг свінога мяса, 2 ст. лыжкі алею, 200 г жытняй мукі, 0,5 шклянкі вады, соль, перац, часнык.
Свініну (кавалак 1-1,5кг) першапачаткова замарынаваць з соллю, перцам і дробна нарэзаным часныком. З мукі, вады, алею і солі прыгатаваць тугое цеста. Мяса шчыльна загарнуць у цеста і запякаць у печы (духоўцы) каля двух гадзін.
Жытняе цеста альтэрнатыва сучаснай фальзе.
"Кветкі гарбуза (кабачка) ў цесце"
Кветкі гарбуза, 2 яйкі, 150 г мукі, 0,65 шклянкі малака, алей для смажання, соль.
Муку, жаўткі размяшаць з малаком, дадаць соль і ўзбітыя бялкі. Кветкі гарбуза вымыць, прасушыць. Затым апускаць у цеста і смажыць з абодвух бакоў на алеі.
Падаваць са смятанай.
"Аладкі па-цырынскі"
Вельмі папулярная страва на Карэліччыне.
4 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі малака, 1 сталовая лыжка цукру, 30 г дражджэй, 2 яйкі, 2 сталовыя лыжкі алею, вада.
Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дабавіць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай спарыць малако і адразу ж уліць у цеста, дабавіць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны.
Пячы на добра разагрэтай і змазанай патэльні. Гатовыя аладкі скласці напалам і яшчэ раз напалам, паліць смятанай, мёдам, топленым маслам і прагрэць у печы альбо духоўцы паўгадзіны.
"Язык у вусе"
Для гэтай стравы выкарыстоўваюць свіныя язык і вушы, якія неабходна добра вымачыць, прасушыць, затым шчыльна засунуць язык у вуха і перавязаць моцнай ніткай. Пакласці ў кіпячую ваду, дадаць соль, перац гарошкам, лаўровы ліст. Варыць 3 гадзіны, астудзіць, падаваць з хрэнам.
"Морс з журавін"
250 г журавін, 6-8 ст. лыжак цукру.
Журавіны перабраць, прамыць, працерці праз сіта, адціснуць сок. Жамерыны заліць гарачай вадой (6-7 шклянак), давесці да кіпення, працадзіць. У адвар пакласці цукар, закіпяціць яго, затым уліць адціснуты сок і давесці да кіпення.
Няхай традыцыйныя стравы заўсёды будуць на вашым стале, а кулінарныя прыхільнасці беларусаў захоўваюць нацыянальную самабытнасць.
Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці
Юлія Баярэнка, "Карэліцкі Дом рамёстваў".
Не ад Эзопа, а ад Язэпа
Выказванні
Не плыві па цячэнні, не плыві супраць, а плыві, куды табе трэба.
Трымай сябе трайной забаронаю: не бойся, не спадзявайся, не прасі.
Сіла без справядлівасці - тыранія, справядлівасць без сілы - нішто.
Раб тады, калі волі баішся.
Два правілы сапраўднага палітыка: стрымліваць сваё раздражненне і не трымаць свайго слова.
Смерць - адзіны сродак уратавання ад жыцця.
Сэксуальнае бескультур'е натхняе.
Рамантычнае каханне - недарэчныя паводзіны двух людзей у незвычайных абставінах.
Штогод восеньскі друк поўніцца нататкамі пісьменнікаў, як яны адпачывалі ад музы.
Языком малоць не цэглу класці.
Адпомсціў сваім глупствам.
Малы, тоўсты, тлусты, лысы, неадукаваны, але ёсць надзея, што не ўсё згублена, можа, ажанюся - і ўсё будзе добра.
Нос такі сіні, што, каб выкруціў, то апахмяліўся б.
Лягчэй НЛА даследаваць, чым жаночую логіку.
Палітыка - гульня ў карты. Там і там гульцы - шулеры.
Сам не працуеш, то другім не замінай тым займацца.
Парашэшка прагаласаваў за Зяленскага і падумаў: "Рашай, рашай, браце, мае праблемы".
Самае цяжкае ў свеце быць самім сабою па-сапраўднаму.
Прывялі казу на агляд цнатлівасці да ваўка. Ні цтнатлівасці, ні казы.
Ачышчаючы іншых ачысці найперш сябе.
Язэп Палубятка.