НАША СЛОВА № 33 (1444), 14 жніўня 2019 г.
У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш
Ушанаваць беларускую паэтку і змагарку Ларысу Геніюш (1910-1983) 10 жніўня ў Зэльву прыехала няшмат людзей, як і летась. Тым не менш ушанаванне адбылося. Пачалося яно раніцай у Зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве набажэнствам у гонар слаўнай беларускі. На набажэнстве прысутнічалі і зэльвенцы, і тыя, хто прыехаў згадаць паэтку з Гародні і Слоніма. Потым каля помніка Ларысе Геніюш, які знаходзіцца на царкоўным цвінтары, пра паэтку, яе творчасць і лёс казалі сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, Ала Петрушкевіч, Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч. Шчырымі словамі прыгадала сустрэчы з Ларысай Антонаўнай і яе сяброўка, суседка Ірына Тукальская, якая таксама далучылася да прысутных. На Зэльвенскіх могілках пад бел-чырвона-белым сцягам да магілы Ларысы і Янкі Геніюшаў былі ўскладзены кветкі, а Валянцін Дубатоўка сказаў, што ў наступным годзе Ларысе Геніюш спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння, таму гэта дата будзе адзначацца ў Зэльве і ў Беларусі шырока і масава.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.
Што нам рыхтуе Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме?
Вось напісала загаловак і падумала: мяркуючы па аповедах слонімскіх калег, іх родны горад рыхтуецца сустрэць свята беларускага друкаванага слова вельмі старанна і зробіць гэта найлепшым чынам.
Ва ўсякім разе, у рэспубліцы не ўпершыню праводзіцца названае мерапрыемства, а ў 26-ы раз. Упершыню яно было праведзена ў 1994 годзе ў Полацку. У 2017 годзе старажытны горад зноў стаў літаратурнай сталіцай краіны - свята, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, было вырашана правесці ў Полацку, родным горадзе беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. За амаль тры дзесяцігоддзі гэта знакавае мерапрыемства праходзіла ў розных гарадах краіны: Наваградку, Пінску, Тураве, Заслаўі, Шчучыне… Цяпер яго прыме горад над Шчарай - Слонім…
Арганізатары прадумалі правядзенне святочнай імпрэзы да драбніц. І будзе чаму здзіўляцца гасцям горада. Іншая справа - як мы самі да яго падрыхтуемся, з чым прыйдзем? І "Лідская газета", і друкарня, як і іншыя арганізацыі нашага раёна, 1 верасня прымуць удзел у гэтым знакавым мерапрыемстве. Мерапрыемства з гэтай нагоды павінна стаць не толькі і не столькі выключнай падзеяй, але найбольш падставай для таго, каб яшчэ раз ацаніць каштоўнасць роднага слова і абазначыць сваю пазіцыю ў адносінах да яго. Так, я кажу пра сферу ўжывання. На дадзены момант яна не вельмі шырокая. І тыя матэрыялы на беларускай мове, якія вы бачыце на старонках "Лідскай газеты", - гэта праца журналістаў раённага выдання і нешматлікіх пазаштатных аўтараў, якія не цураюцца роднага слова.
Гэта я кажу не для таго, каб кагосьці папікнуць у няведанні беларускай мовы. У нас дзве дзяржаўныя мовы, і кожны з іх ужываннем вызначаецца самастойна. Са свайго боку, рэдакцыя пры падрыхтоўцы матэрыялаў на гістарычную, краязнаўчую, культурную тэматыкі будзе аддаваць перавагу тым, якія напісаны на беларускай мове. Сэнс тут такі: гэта тыя сферы нашага жыцця, дзе яна павінна гучаць па вызначэнні. Мне даводзіцца ўдзельнічаць у розных семінарах, імпрэзах не толькі ў нашым раёне, і хочацца бачыць флэшмобы вучняў, прысвечаныя Году малой радзімы, на роднай мове. Мая думка: пра любоў да бацькаўшчыны больш пераканаўча гучаць словы на беларускай мове.
Да ўсяго, у 2020 годзе Ліда стане культурнай сталіцай Беларусі. Не выключана, што калі-небудзь і Дзень беларускага пісьменства заплануюць правесці ў нашым горадзе. Як мы яго правядзём і чым будзем здзіўляць - гэта адна справа. А гучанне роднай мовы паўсюдна было б лепшым сведчаннем нашай адукаванасці і годнасці. І гэта без прывязкі да мерапрыемстваў.
Кацярына Серафіновіч, галоўны рэдактар "Лідскай газеты". lidanews.by.
А З Б У К А
ад дзеда Мар'яна
Прывітанне, маленькі чытач,
Уважліва слухай і для сябе зазнач:
З літараў складаюцца словы,
З родных словаў складваецца мова.
З літары А - пачынаецца Буквар.
Ён у цябе - найкаштоўнейшы дар.
Цябе ён навучыць чытаць,
праз літары зможаш свет пазнаць.
А
А - Айчына, адзінства наша, любы мой,
наш край, дзе мы жывём с табой,
дзяды, бацькі і дом тут твой.
Б
Б - Беларусь - краіна наша
так здаўна завецца.
Носім мы яе з сабой у сэрцы.
В
В - вясна, вярба, вясёлка, веды -
старайся больш усяго пазнаць,
каб краіне і сабе карысным стаць.
Г
Г - галава, герой, гук галосны.
Вучыся гаварыць і карыстацца словам:
слова - мудрасці аснова.
Д
Д - дом, дзе ты жывеш,
дзядуля, любіш ты якога,
кажаш: " Добры дзень", - калі ўстаеш, -
" Дабранач", - калі спаць адходзіш.
Дж
Дж - джала ёсць у пчолкі
Не чапай яе ты толькі.
Дож дж абмые ўвесь наш край,
будзе добрым ура джай.
Дз
Дз - дзеці бегалі па лесе,
дзеці ў лесе зніклі дзесьць.
Дзе, дзе, дзе нам іх шукаць?
Будзем дзетак мы гукаць.
Е
Е - еднасць - наш народ яднае.
Дапамагай і ты ўсім,
хто ў тым патрэбу мае.
Ё
Ё - ёлка, дзед Мароз, Новы год.
У ім ты падрасцеш. Хай будзе ён
удачным для цябе - наступіўшы год.
Ж
Ж - жыццё, жыта і жарт.
Жывы і жвавы сябра Жэня.
Словаў шмат, старайся іх усе
запомніць, мой маленькі брат.
З
З - Зямля - планета, на якой жывём,
завод, на якім працуе тата,
зялёны кветнік ля хаты,
і зялёны гай, зязюля дзе кукуе.
І
І - літара можа словы злучаць,
інфармацыю карысную даць,
ёсць праз яе і акно ў Сусвет,
называцца яно - інтэрнет.
Й
Й - мы па йшлі, мы пры йшлі,
мы га йданачку зна йшлі.
Будзем го йсаць і га йдацца
і за за йкамі ганяцца.
К
К - культура, калектыў і каляндар.
Каб культурным, кампетэнтным быць,
трэба многа ведаць і людзей любіць.
Л
Л - літара лагодная, мой любы:
лета ласкавае, ліпа з пчоламі,
белая лебедзь і людская любоў.
М
М - мама -слова тваё першае.
Мова - мноства словаў розных мае,
слоўнік моўны іх змяшчае,
каб ведаў ты, як правільна пісаць
і як разумна што і дзе cказаць.
Н
Н - навука - старайся больш пазнаць,
вучоным тады зможаш стаць!
Каб вучыцца добра - старацца
трэба больш і менш гуляць.
О
О - слоў нямнога
на літару гэтую пачынаецца,
затое ў словах унутры,
часта яна сустракаецца.
П
П - больш за ўсё на літару словаў:
а найгалоўнае з іх - праўда!
Праўдзівым хочаш быць?
Старайся, любы, не хлусіць.
Р
Р - раніцою, як прачнешся,
радасна ўсміхайся
і ручкай з іншымі з радасцю прывітайся.
С
С - слова, яно абазначае ўсё на свеце,
усё сваю назву мае:
запамінайце ж словы дзеці.
Т
Т - твой тата, таварыш Толя,
танец танга, танк, таксі,
і нават тоўстая таполя.
У
У - увага на ўроку ўмацуе веды,
уважлівым удача ўдаецца,
узыйдзеш на вяршыню ведаў,
каб там з узнагародаю сустрэцца.
Ў
Ў - паля ўнічы ло ўка
палява ў на во ўка,
ну а во ўк схава ўся,
на ўло ўкі не падда ўся.
Ф
Ф - у горадзе фестываль феерычны:
на плошчы б'е фантастычны фантан,
ноччу ён ззяе, як небасхіл арктычны.
Х
Х - хлеб - аснова нашага з табой жыцця.
Твой сябра - хлопчык Хрыстафор,
з якім ты ў хованкі гуляеш. А яшчэ:
Хома - хамячок і Хруша - парсючок.
Ц
Ц - цырк, які да нас прыехаў,
клоўн Ціша - крыніца смеху,
Цыцылія - канатаходца,
пад купалам яна, як маленькае сонца.
Ч
Ч - ты чалавек.
Помні! - вяршыня прыроды,
таму любі і шануй яе, як маму,
будзь добрым сябрам ёй і сынам родным!
Ш
Ш - школа - тваё акно ў жыццё,
твой першы крок у пазнанні свету,
вучыся добра і не забывай
роднай школы сцен гэтых.
Ы
Ы - слоў няма ў нашай мове,
якія з гэтай літары пач ынаюцца,
затое мноства "ы" ўнутр ы
і на канц ы сустракаецца.
Ь
Ь - без мяне ў жыцці ніяк,
я - усім патрэбны мяккі знак.
Без мяне - ні ўцяц ь, ні ўзяц ь,
ні што вартае сказац ь.
Э
Э - эскімо - тваё марожанае смачнае,
эрудыт - чалавек, які многа ведае.
Старайся стаць і ты такім,
каб зрабіць нешта значнае.
Ю
Ю - юннат - юны натураліст,
ён вывучае і ахоўвае прыроду,
прыносіць вялікую карысць
і прыродзе, і народу.
Я
Я - каб стаў твой розум ясным,
ніколі дарэмна не крыўдуй,
разважаць вучыся, не хваліся,
умерана перад іншымі ганарыся.
Мар'ян Даргель.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя. Частка ІV
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Русовіч (Алег) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Русы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Русовіч - Русовіч. Утваральнае слова ад апелятыва русы 'светла-карычневы (пра валасы); са светла-кары-чневымі валасамі'.
Рындзевіч (Вячаслаў) - вытвор з акцэнтавым суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Рында і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рындевіч - Рындзевіч. Утваральнае слова ад апелятыва рында: 'на Русі ў Сярэднія вякі: воін царскай прыдворнай аховы' (ТСБЛМ, 2016, с. 713).
Савянкова (Аліна) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ов-а ад антрапоніма Савянок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Савянокова - Савянкова. Утваральнае слова Савянок - вытвор з суфіксам -янок (-ёнак) ад антрапоніма Сава і значэннем 'нашчадак названай асобы': С авёнак - Савянок. Адымёнавае прозвішча: ад Сава < яўр. 'віно' < грэч. 'суботні' < арам. 'стары дзед'. ФП: Сава - Савянок - Савянкова.
Саланенка (Вікторыя) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -енка ад антрапоніма Салоны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Салоненка. Утваральнае слова ад апелятыва салоны (рэг.) 'салёны' (Нас.).
Салей (Віктар) - варыянт імя Саламон (? яўр. 'спакой, шчасце; які жыве', зафіксаваны ў 1541) набыў ролю прозвішча.
Сілінаў (Мікалай) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Сілін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сілінаў. ФП: Сіла (< імя < яўр., лац. 'маўчанне, спакой') - Сіла (празванне, потым прозвішча) - Сілін (нашчадак Сілы', суфікс -ін) - Сілінаў. Або ад апелятыва сіла, які ме 11 значэнняў (ТСБЛМ - 2016).
Сіманёнак (Людміла) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Сіман і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сіманёнак - Сіманёнак. Адымёнавае прозвішча: ад Сіман < яўр. 'паслухмяны', грэч. 'пачуты Богам'.
Сіўчыкаў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сіўчык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіўчыкаў. ФП: сівы ('белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы), пасівелы, колеру попелу; з прымессю белай шэрсці (пра футра)'; 'які мае адносіны да старажытнасці, далёкага мінулага') - сіўка ('тое, што і сівак ('конь сівай масці') - Сіўка ( Сіўко) - мянушка, потым прозвішча - Сіўчык ('нашчадак Сіўкі', суфікс -ык(-ік) (параўн. Лукашык) - Сіўчыкаў.
Скалабан (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва скалабан 'скалістыя горы', 'трэшчына ў скалах' (Грынч.).
Склярэнка (Андрэй) - вытвор з суфіксам -энка ад антрапоніма Скляр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Склярэнка - Склярэнка. Утваральнае слова ад апелятыва скляр - укр. 'шкляр' (Грынч.).
(Працяг у наст. нумары.)
Далейшыя метамарфозы дырэктара са Слоніма
З папярэдняга нумара "НС" чытач ведае, што дырэктар Слонімскага ГУП ЖКГ, не вагаючыся, парушыў і службовую этыку, і закон "Аб зваротах грамадзян…" - па-руску напісаў адказ на мой запіс у кнізе заўваг і прапаноў разлікова-даведачнага цэнтра названага прадпрыемства. А як, згодна з артыкулам 59 Канстытуцыі, прыняць меры для ажыццяўлення і абароны правоў свайго кліента-карміцеля (хаця б звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі наконт бланкаў беларускамоўных тыпавых дамоваў), дык дырэктар зрабіўся надзвычай далікатным і не асмеліўся патурбаваць начальства.
Такім далікатным да начальства і абыякавым да мяне, Міхася Варанца, як спажыўца жыллёва-камунальных паслуг, дырэктар быў амаль чатыры месяцы, да 27 лютага 2019 года. У гэты дзень з даным кіраўніком здарылася чарговая метамарфоза - ён напісаў мне пісьмо: "Слонімскае гарадское ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прапаноўвае Вам… у найкарацейшы тэрмін звярнуцца ў РДЦ Слонімскага ГУП ЖКГ для заключэння дагавораў на беларускай мове на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, якія аказваюцца нашым прадпрыемствам".
Да 27 лютага кіраўнік слонімскіх камунальнікаў двойчы пісьмова паведаміў мне, што не можа заключыць дамовы па-беларуску, бо, маўляў, гэта "не знаходзіцца ў рамках кампетэнцыі Слонімскага ГУП ЖКГ". Цяпер, аказваецца, знаходзіцца! Мо дырэктар сам уцяміў, зразумеў, прасякся ўсведамленнем службовага і канстытуцыйнага абавязку?!
У такім няпэўным роздуме 1 сакавіка прыйшоў я ў слонімскі РДЦ, дзе мяне ветліва сустрэў намеснік начальніцы цэнтра паважаны Мікалай Мікалаевіч Шмялёў і на нашай роднай мове прапанаваў падпісаць ужо аформленыя саматужныя беларускамоўныя тыпавыя дамовы з пячаткай Слонімскага ГУП ЖКГ (!) і з подпісам самога (!) дырэктара прадпрыемства (звычайна дамовы падпісвае начальніца РДЦ і ставіцца пячатка цэнтра). На маё пытанне "Дырэктар сам дадумаўся саматужна перакласці дамовы ці яму хтосьці падказаў зверху, збоку?", Мікалай Мікалаевіч шчыра, прынамсі, так мне падалося, адказаў, што не ведае, як і не ведае ці сам дырэктар перакладаў, ці прасіў кагосьці, што разлікова-даведачны цэнтр атрымаў ужо аформленыя дамовы. Нармальныя дамовы. Пераклалі, як умелі. У адным дакуменце назву пераклалі як "Тыпавы дагавор", у другім - проста "Дагавор". Вялікай бяды ў гэтым няма. Але і толку не будзе ў нашай камунальнай гаспадарцы, калі кіраўнік прадпрыемства ЖКГ некалькі месяцаў неправамерна, незаконна (наўмысна ці па няведанні - гэта ягоны клопат і ягоных начальнікаў) адмаўляе прадстаўніку тытульнай нацыі ў праве заключыць тыпавыя дамовы на роднай мове, пасля гэтага застаецца на пасадзе і падпісвае дакументы, не чытаючы нават загалоўкі!
Падпісаўшы дырэктарскія дамовы з агаворкай, што яны не зацверджаны ўрадам і напісаўшы пра гэта Прэм'ер-міністру Сяргею Румасу, праз два месяцы я атрымаў ад міністра ЖКГ Аляксандра Церахава пісьмо-растлумачэнне, што, згодна з артыкуламі 396 і 402 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, слонімскія саматужныя беларускамоўныя дамовы маюць такую ж юрыдычную моц, як і тыпавыя дамовы, зацверджаныя на рускай мове пастановай Савета Міністраў ад 27.01.2009 года № 99.
А што дырэктар Слонімскага ГУП ЖКГ, які не ведае на належным узроўні грамадзянскае заканадаўства, дырэктар, які насуперак Канстытуцыі не прыняў аніякіх мер для ажыццяўлення і абароны правоў кліента-домаўласніка, дырэктар, які, дзякуючы настойлівасці гэтага домаўласніка, даведаўся, што межы ягонай дырэктарскай кампетэнцыі значна шырэйшыя?!
А дырэктар - зноў анічога і зноў аніяк!
Гэты кіраўнік не палічыў патрэбным патлумачыць мне, Міхасю Варанцу, сваю чарговую метамарфозу - сваё раптоўнае жаданне "ў найкарацейшы тэрмін" заключыць дамовы на беларускай мове.
Гэты кіраўнік не палічыў патрэбным павініцца перада мною, Міхасём Варанцом, за тое, што некалькі месяцаў ён незаконна, неправамерна не заключаў беларускамоўныя дамовы, не палічыў патрэбным павініцца і за тое, што самаўхіліўся ад выканання свайго канстытуцыйнага абавязку прымаць меры для ажыццяўлення і абароны маіх, Міхася Варанца, правоў.
Гэты кіраўнік не палічыў патрэбным падзякаваць мне, Міхасю Варанцу, за тое, што, не шкадуючы сябе, вялізарнымі высілкамі я вярнуў яго, дырэктара прадпрыемства, у прававое поле, што крыху адукаваў яго.
Гэты кіраўнік пакуль што не прапанаваў і матэрыяльную кампенсацыю за прычыненую мне маральную шкоду, за патрачаныя мною час і грошы на напісанне пісьмаў у слонімскі райвыканкам, Канстытуцыйны Суд, кіраўніку дзяржавы, Прэм'ер-міністру.
Неўзабаве высветлілася і прычына такой аніякасці кіраўніка слонімскіх камунальнікаў. У дырэктара адбылася яшчэ адна, ужо трэцяя метамарфоза! 30 ліпеня мая дачка Кацярына прыйшла ў РДЦ Слонімскага ГУП ЖКГ для заключэння дамоваў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, але там яе не сустрэлі пытаннем: "Вам бланк якой дамовы? Тыпавой па-руску ці саматужнай па-беларуску?", а адразу прапанавалі рускамоўны бланк. Кацярына двойчы папрасіла бланк па-беларуску, і двойчы ёй адмовілі, маўляў, у нас бланкі толькі па-руску. У выніку дачка падпісала рускамоўныя дамовы, бо фізічна не мае часу, каб, па прыкладзе таты, пісаць лісты ў вышэйшыя інстанцыі.
Шаноўныя чытачы "Нашага слова"! Першы артыкул на гэту тэму я назваў: "Міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў дэкларуе світанне для беларускай мовы! А ці развіднее?" ("НС" № 29, 17.07.2019). Як бачым, у Слоніме развіднела толькі для Міхася Варанца. Не паверылі мне Прэм'ер-міністр Румас і міністр Церахаў, што слонімскія саматужныя дамовы падрыхтаваны кіраўніком мясцовага прадпрыемтва ЖКГ толькі ў адным экзэмпляры эксклюзіўна для Міхася Варанца. Пакуль міністр Церахаў гэту інфармацыю будзе правяраць, чытач "НС" не будзе сумаваць… Пра іншыя метамарфозы дырэктара са Слоніма - у наступных нумарах "Нашага слова".
Міхась Варанец, г. Слонім.
Сфарміравалася супольнасць хрысціянскіх аўтараў і чытачоў
6 жніўня на офісе БАЖ у Менску адбылася сустрэча, прысвечаная 5-годдзю з моманту заснавання хрысціянскага інфармацыйнага партала Крыніца.iнфо.- электроннага СМІ, які адлюстроўвае погляд хрысціянаў на грамадскія і культурныя падзеі, транслюе навіны дзейнасці канфесій.
На вечарыне прысутнічалі стваральнікі і аўтары інфармацыйнага партала: Анатоль Шырвель, Павел Севярынец, Аляксандр Тамковіч, Валеры Мацкевіч, Аксана Ючкавіч і іншыя.
Ідэя запачаткавання СМІ з хрысціянскім поглядам на свет нарадзілася ў Паўла Севярынца ў Купліне ў 2013 годзе.
- Для хрысціянаў, якія любяць Беларусь і хацелі б пачуць праўду, не хапала інфармацыйнай прасторы, - адзначыў Павел Севярынец. - Ёсць Sobor.by і Catholic.by, часопіс "Аве Марыя" і "Наша вера", але не было пляцоўкі, якая б яднала хрысціян розных канфесій. Тры месяцы аўтары будучага партала збіралі інфармацыю з розных бакоў, і 6 жніўня 2014 года тэставая версія выйшла - запрацаваў партал Крыніца. інфо. Ён хутка пачаў набіраць абароты. Склаўся калектыў з 30 чалавек, удалося атрымаць замежную падтрымку для яго дзейнасці. 1000 праглядаў у дзень адзначалі выхад Крыніцы. Парталам зацікавіліся канфесійныя колы, яго пачалі ўзгадваць святары і епіскапы. Царкоўная эліта адчула патрэбу ў міжканфесійнай інфармацыі, каб католікі ведалі, што адбываецца ў братоў-праваслаўных і пратэстантаў, - паведаміў Павел Севярынец. - Аднак потым колькасць праглядаў зменшылася, фінансаванне скончылася. Але, нягледзячы на цяжкасці, 7 чалавек засталіся працаваць на некамерцыйным праекце на валанцёрскіх пачатках. Першым рэдактарам Крыніцы.iнфо быў Анатоль Шырвель. Максім Гацак выконваў вялікую працу, каб працягваць дзейнасць партала. Пастаяннымі аўтарамі Крыніцы сталі Вікторыя Чаплева,Эльвіра Гарошка, Вольга Севярынец і іншыя. Самае галоўнае, што сфарміравалася супольнасць, якая стварае партал і якая пастаянна карыстаецца інфармацыяй.
Прадстаўнікі розных канфесій яднаюцца на ідэі любові да беларускага грамадства. На партале прысутнічае аналітыка, актуальныя інтэрв'ю, навіны з іншых краін. Папулярнасцю карыстаюцца блогі Кастуся Шыталя, Сяргея Луканіна, Максіма Гацака. Практыка паказвае, што чытачоў кранаюць асабістыя рэчы: перамога над хваробамі, жыццё шматдзетных сем'яў, выхаванне дзяцей. Прагляды такіх матэрыялаў складаюць 2.000 - 4.000. Крыніца.інфо стала адным з найбуйнейшых хрысціянскіх парталаў на постсавецкай прасторы. З яго чэрпаюць інфармацыю многія заходнія амбасады. Партал мае тры версіі: рускую, беларускую і англійскую.
Заснавальнікі і аўтары Крыніцы.інфо абмеркавалі перспектывы развіцця партала.
Э. Дзвінская, фота аўтара: 1. Павел Севярынец; 2. Сход аўтараў партала на офісе БАЖ; 3. Анатоль Шырвель.
Вуліцам у Мастах быць па-беларуску
Апошнім часам у Мастах на фасадах дамоў з'яўляцца прыгожыя таблічкі з назвай вуліцы і нумарам дома. Радуе тое, што аднаўленне адрасоў ідзе выключна на беларускай мове. Такія шыльды можна пабачыць на дамах па праспекце Міру, вуліцах Савецкая, Будаўнікоў, Цэткін і інш. Застаецца спадзявацца, што камунальшчыкі і надалей будуць працягваць гэтую працу.
Наш кар.
Нямецкія даследчыкі: Каршэрынг - міф, які не вырашыць праблемы трафіку
Навіны Германіі
Паслугі пахвіліннага пракату аўтамабіляў (так званы "каршэрынг") не дае чаканага эфекту ў большасці гарадоў Германіі, піша газета "Зюддойчэ Цайтунг".
Першапачаткова, на каршэрынг ускладаліся вялікія спадзяванні. Як меркавалася, адмовіўшыся ад уласных аўто на карысць агульных аўтамабіляў, людзі тым самым вызваляць вуліцы ў сваіх гарадах ад залішняга трафіку.
Лічыцца, што адно аўто каршэрынгу здольнае замяніць дзесяць адзінак персанальнага аўтатранспарту.
Аднак, як выявілася, станоўчы эфект ад пашырэння каршэрынгу ў большасці нямецкіх гарадоў мінімальны, піша "Зюддойчэ Цайтунг" са спасылкай на вынікі даследавання кансалтынгавай кампаніі ATKearney.
Пахвілінны пракат аўто можа быць прыбытковым толькі ў густанаселеных раёнах краіны, пішуць даследчыкі. У правінцыі ды ў меншых гарадах каршэрынг проста не акупіцца.
Але нават калі ўсе насельнікі нямецкіх агламерацыяў - Берліна, Гамбурга, Мюнхена, Штутгарта, Франкфурта - адмовяцца ад уласных аўто і перасядуць на каршэрынгавыя аўтамабілі, усё адно гэта дазволіць прыбраць з дарог толькі вартыя жалю 5% аўтамабіляў у маштабах краіны. Такая ж сітуацыя будзе і ў іншых еўрапейскіх краінах са значнай тэрыторыяй, мяркуюць даследчыкі.
Вялікая праблема ў тым, што многія карыстальнікі каршэрынгу лічаць яго не заменай, а дадаткам да ўласнага аўто.
Напрыклад, у вялікіх гарадах Германіі бывае прасцей і танней запаркаваць уласную машыну далёка ад дому, перасесці на каршэрынгавае аўто, дабрацца на ім да самага ганка і кінуць яго на рагу вуліцы.
Пакуль што фірмы, якія даюць аўто ў пахвілінны пракат, завабліваюць кліентаў нізкімі цэнамі, а гэта не тая матывацыя, якая спрыяе экалагічным паводзінам, мяркуюць даследчыкі.
Для таго, каб заахвоціць людзей і сапраўды адмовіцца ад уласных аўто, варта ствараць каршэрынгу імідж "зялёнай альтэрнатывы", а не таннага спосабу перамяшчэння па горадзе.
Берлін можна назваць сталіцай нямецкага каршэрынгу, піша газета. У сталіцы краіны больш за 5 тысяч аўто ў агульным карыстанні, прычым ажно палова з іх - электрамабілі. Усяго ў свеце колькасць каршэрынгавых аўто вырасла з 7 да 27 мільёнаў за тры гады.
Руслан Гаёк паводле "Зюддойчэ Цайтунг", nn.by.
Літаратурная Слонімшчына - у адной кнізе "Паланэз"
Дзякуючы ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" свет пабачыў першы нумар слонімскага літаратурнага альманаха "Паланэз". Прыгожае афармленне альманаха каляровымі рэпрадукцыямі карцін слонімскага мастака Міколы Бушчыка, цудоўныя творы слонімскіх літаратараў, пачынаючы ад Кандрата Лейкі і да сённяшняй вясковай школьніцы-паэткі Дар'і Раманавай, зацікавяць чытачоў, як афармленнем, так і зместам. Рэдактарам выдання, складальнікам (разам са Святланай Адамовіч) і аўтарам прадмовы з'яўляецца пісьменнік Сяргей Чыгрын, які ў прадмове да "Паланэза" адзначыў, што альманах не вычэрпвае ўсе літаратурныя набыткі Слонімшчыны. І здаецца, што іх вычарпаць немагчыма. Гэта датычыць і мінулых стагоддзяў, і ХХI стагоддзя, бо Слонімшчына - адзін з найбагацейшых раёнаў Беларусі на літаратурныя таленты. Сапраўды, каб шырока пазнаёміць чытачоў з усёй літаратурнай Слонімшчынай, магчыма, хапіла б толькі штомесячнага часопіса "Паланэз".
- Але слонімцы задаволены і тым, што, дзякуючы ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", сёння з'явілася такая мажлівасць распачаць наш шчодры творчы пасеў - выданне альманаха "Паланэз" і вынесці яго на суд чытачоў, - адзначыў у прадмове Сяргей Чыгрын.
Слонімшчына з'яўляецца радзімай беларускага паэта, празаіка, драматурга пачатку ХХ стагоддзя Кандрата Лейкі. У вёсцы Рудаўка прайшлі дзіцячыя гады Валянціна Таўлая. На вялікі жаль даўно пакінулі гэты свет слонімскія літаратары Алесь Сучок, Валянціна Ададурава, Янка Карповіч, Іван Сяргейчык, Рудольф Пастухоў, Мікола Арочка, Алег Лойка, Уладзімір Сакалоўскі, Янка Саламевіч. Няма ў жывых вязняў сталінскіх лагераў - паэтаў Сяргея Дарожнага і Васіля Супруна, а таксама яўрэйскага паэта Хацкеля Дунца. У Слоніме некалі жыў добры паэт, калекцыянер, мастак, музыкант, сябар Янкі Купалы Гальяш Леўчык. Калі вам не надакучыў спіс літаратараў Слонімшчыны, дык нагадаем яшчэ, што слонімская зямля з'яўляецца радзімай Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзіміра Цвяткова, Надзеі Дземідовіч, Ганны Шарамецьевай, Святланы Варонік, Сяргея Ярша, Васіля Герасімчыка, Міколы Канановіча, Святланы Адамовіч і іншых вядомых літаратараў і даследчыкаў нашай творчай спадчыны. Сёння ў Слоніме і раёне жывуць тры сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў - Зьніч, Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын, а таксама два сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі - Ірына Войтка і Аляксей Якімовіч. Яны шмат пішуць, друкуюцца ў розных літаратурных выданнях. Слонімскі літаратурны альманах "Паланэз" з'явіўся напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку, які адбудзецца сёлета 1 верасня ў Слоніме. Выданне ўжо паступіла ў кніжныя крамы Слоніма.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя.
УВАГА!
Газета "Наша слова" абвяшчае конкурс на лепшы твор экалагічнай тэматыкі.
Гэта можа быць літаратурны твор:
- нізка вершаў;
- паэма;
- апавяданне;
- эсэ.
Можа быць журналісцкая праца:
- інтэрв'ю;
- рэпартаж;
- расследаванне;
- артыкул.
Можа быць твор выяўленчага мастацтва:
- плакат;
- банер.
Можа быць песня.
Ніякіх персанальных узнагародаў пераможцам не будзе, але:
- літаратурныя творы і журналісцкія працы будуць апублікаваны ў "Нашым слове"
- у тых раёнах, адкуль паступяць лепшыя творы, школы раёна будуць падпісаны на газету "Наша слова".
- калі сярод пераможцаў акажацца плакат ці банер, то на іх грунце будзе надрукаваны банер 6х3 м і перададзены ў адпаведны раён для размяшчэння на правах сацыяльнай рэкламы.
Тэрмін падачы матэрыялаў да 15 лістапада 2019 г. Матэрыялы падаваць на адрас: naszaslowa@tut.by.
Поспехаў!
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Віктар Шніп
Балады крыві і любові
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
БАЛАДА ДАВЫДА ГАРАДЗЕНСКАГА (каля 1283-1326)
На высокім стромкім беразе ракі
Пад аховаю Каложскае царквы,
Дзе ў траву крывёй сыходзілі вякі,
Дзе ўзыходзіць росна новы дзень з травы,
Ты ляжыш самотны, а па-над табой
Неба светлае, як вочы тых людзей,
Для якіх ты назаўжды ваяр, герой,
Абаронца краю, веры і надзей.
І цябе баяцца, княжа, крыжакі
Нават мёртвага, бо ты іх моцна біў.
І цяпер на ціхім беразе ракі
Ты свой родны край шчэ болей палюбіў
За яго любоў да волі, да святла,
Без якой не дапаможа нават Бог,
Каб Айчына вольнай стала і была,
Не згібела ўзімку на крыжы дарог.
І ты ўстанеш з роднай стоптанай травы,
Як табе спатрэбіцца аднойчы ўстаць,
Каб паклікаць мёртвых і яшчэ жывых,
Каб ісці Гародню ратаваць…
28.05.2018 г.
БАЛАДА МАГІЛЬНЯНСКАЙ БІТВЫ (1284)
Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць князя Рынгольта. Кааліцыя рускіх князёў і татар панесла страты ў 40 тысяч чалавек. Страты войска Рынгольта-700 забітых і 200 параненых.
Сорак тысяч магіл каля вёскі Магільна
Анікому капаць, анікому аплакаць -
Вы здалёку прыйшлі,
будзе сніцца вам Вільня,
Да якой вы хацелі са смерцю дайсці.
І ўсю ноч у Магільна правые сабака,
І не ўздыдзе раса на траве і лісці,
Толькі кроў зачарнее, як вугаль, застыне
І малітва чужая з яе не ўсплыве,
І назаўтра пральецца,
як з вечнасці, лівень,
Як у Лету, у Нёман знясе па траве
Кроў чужую, і долю, і веру чужую,
І князёў-маскалёў, і арду залатую…
Чарапоў сорак тысяч ля вёскі Магільна
У траве па дарозе з чужыны на Вільна
Будзе доўга жаўцець,
размывацца дажджамі
І прымацца зямлёю,
што ў нас пад нагамі...
23.08.2005 г.
БАЛАДА АЛЬГЕРДА (1296-1377)
...Залатая арда залатою не будзе
І праз Сінія Воды ардзе не прайсці,
Бо тут наша зямля, бо тут нашыя людзі,
А татарская кроў на траве і лісці
Нашых дрэў,
што шапочуць аб нашае волі,
Будзе стыць і знікаць, як знікае вада,
У якую ты двойчы не зойдзеш ніколі,
Без якой, як трава, пачарнее арда.
І глядзіш ты наўкол і ўдыхаеш прастораў
Незнаёмых, але зваяваных, вятры,
І ты мроіш ужо край ад мора да мора,
Дзе на мове тваёй век людзям гаварыць.
І так будзе, бо ты так жадаеш пад Богам,
І хай пройдзе яшчэ і не год, і не пяць,
І твая тут не згубіцца ў травах дарога
І яе, нібы вечнасць, нічым не стрымаць.
А пакуль што арда, як агонь, залатая
Прад табой і прад войскам вялікім тваім,
Як агонь у вадзе, чорна ў травах знікае
І лятаюць вароны над ёй, нібы дым...
15.08.2005 г.
БАЛАДА АЛЬДОНЫ (1309-26.05.1339)
Дзяўчынка, дзяўчына, жанчына…
Альдона зрабілася Ганнай.
І сніцца, як воля, Айчына,
Князёўне, што стала жаданай
Пад небам чужым і халодным,
Як вецер, як снег, што вясною
Ляціць адзінокі і родны
На поле, што тут за сцяною
Старога, як Польшча, палаца,
Дзе танцы, уцехі, забавы,
Дзе слёзы, і смех, і паяцы,
Дзе кожнаму хочацца славы…
А ты каралеваю стала,
І мужу пакорнаю будзеш,
І гэтага будзе тут мала
І мужу, і Богу, і людзям.
І будзе нядоўгай дарога…
Ды будзе, як сонца, Айчына,
Дзе ты не разлюбіш нікога,
Бо любяць дачку Гедзіміна
У Княстве Вялікім і вераць,
Што шлюб недарэмны, для справы…
Цвіце акрываўлена верас,
І вецер самотна-гаркавы.
21-22.09.2005 г.
БАЛАДА ВІТАЎТА ВЯЛІКАГА (1350-1430)
...Вязуць карону, як ваду жывую,
Старому князю, у якога ёсць
Усё, і ўсё ў часіну залатую
Было, і быў ён сам, бы ў горле косць,
Для крыжакоў, для Залатой арды,
Якіх ён біў, з якімі разам піў.
І падрасталі замкі, гарады,
І люд па-беларуску гаварыў,
Бо ён быў іхні князь, ён князь - Вялікі.
Цяпер стары, нямоглы, і яму
З каронай хочацца сустрэць зіму.
Але не чутны радасныя крыкі,
Што ўжо карону, як ваду жывую,
Паслы прывезлі... Не сустрэць паслоў -
Іх польскія паны ў лясах пільнуюць,
Карону адбяруць, каб князь сыйшоў
У вечнасць, як вада ў пясок знікае...
16.08.2005 г.
БАЛАДА ЯГАЙЛЫ (1352(?)-1.06.1434)
...Прад табой крыжакі, як на полі крыжы,
Дзе твой брат, дзе твой сын,
дзе твой бацька ляжыць,
Дзе ляжаць твае воі ў крывавай траве,
Дзе вятры і ваўкі, дзе самота жыве...
Князь глядзіць на траву,
нібы ў вечнасць глядзіць,
І не бачыць, каго тут любіць, каго біць,
Каб Айчына была - у Еўропу вакно,
Каб яе не дзялілі, нібыта віно,
Ні свае, ні чужак, ні касцёл, ні царква...
І на замкавых вежах не ўзыдзе трава,
Бо траву наша кроў вымывае, як тло,
Бо ў крыві ёсць цямрэч,
бо ў крыві ёсць святло,
Ад якіх пачынаюцца ноч, светлы дзень...
Прад табой крыжакі,
прад табою твой цень,
За табой ВКЛ, за табой усе мы,
Нібы кволая рунь пасля доўгай зімы.
23.08.2005 г.
БАЛАДА ГРУНВАЛЬДСКАЙ БІТВЫ (15.07.1410)
Пад латамі стальнымі крыжакоў
Жывыя душы і жывая кроў,
І ім, як нам, жыццё таксама міла,
Але палюбіць сёння іх магіла,
Бо з намі Вітаўт наш, над намі Бог,
І коп'яў лес, і стрэлаў нашых хмары,
Што ў небе над самотаю дарог
Лятуць і лётам абуджаюць мары
Аб перамозе, да якой ідзём
За Вітаўтам, нібыта за агнём
Праз ноч у дзень, дзе нашыя магілы,
Нібы прыступкі лесвіцы, з якой
Нам воляй дыхаць, бачыць край наш мілы,
Нібыта Храм бялюткі, прад сабой...
Звіняць мячы, крывавяцца шаломы,
І коп'яў лес трашчыць, нібы трыснёг.
І ўжо адказ ёсць на пытанне: "Хто мы?",
Але яго яшчэ не чуе Бог...
17-19.08.2005 г.
(Працяг у наступным нумары.)
Па стронках кніг Віктара Карамазава
Да 85-годдзя пісьменніка ў чэрвені і ліпені ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі праходзіла кніжная выстава. Чытачы зацікавіліся разнастайнасцю жанраў, у якіх працуе вядомы празаік. Гэта апавяданні і аповесці, падарожныя нарысы, зборы публіцыстыкі, раманы пра жыццё і творчасць знакамітых майстроў жывапісу: Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага, Антона Бархаткова, Гаўрыіла Вашчанку і іншых.
Пісьменнік пагадзіўся ўзгадаць пра яркія моманты жыцця і вандровак. Юбіляру па старой звычцы зручней друкаваць апавяданні на машынцы, а потым аддаваць іх у камп'ютарны набор. У перапынках паміж літаратурнай працай ён звяртаецца да мальберта. На сценах яго пакоя - пейзажы і партрэты, фотаздымкі родных, вырабы народных майстроў.
- Віктар Філімонавіч, Вы вельмі любіце прыроду, падарожнічалі не толькі па Беларусі, але і наведвалі Мальдзівы, Сейшэлы, Маўрыкій, Мадагаскар. Вашы назіранні аб сустрэчах з жыхарамі гэтых краін адлюстраваны ў аповесці "Глядзіце ў вочы лямуру". Як Вы патрапілі на акіянскія выспы?
- Многія здзіўляліся, як я з'ездзіў на Індыйскі акіян. У канцы 70-тых гадоў дэлегацыя Саюза пісьменнікаў СССР адправілася ў краіны - былыя калоніі Францыі і Англіі, якія сталі вольнымі. Савецкі ўрад імкнуўся завязваць культурныя кантакты з гэтымі народамі і краінамі. Сфарміравалі такую экспедыцыю, куды ўваходзілі міністр культуры Грузіі, скульптар з Латвіі, два прафесары Маскоўскага ўніверсітэта, літоўская паэтэса, і ўключылі мяне. Мы ляцелі на самалёце, гэта было цікава. Я пабываў на выспах у Індыйскім акіяне, і напісаў аповесць пра далёкія краіны. На Сейшэлах і на Мадагаскары я знаходзіў кантакт з прыродай. Яна натхніла мяне на напісанне аповесці, хоць я не ведаў ні мовы, ні гісторыі тых мясцовасцей. За 20 дзён мы наведалі чатыры краіны. Я пабываў на Сейшэлах у дамках у мясцовых людзей, слухаў іх спевы. Былі кантакты і з ваеннымі, і з паліцэйскімі. Брыль сказаў, што гэта лепшае, што ў нас ёсць пра замежжа ў літаратуры. Падарожжы я вельмі любіў і знайходзіў новыя ўражанні. Ужывую сустракаліся сланы і лямуры.
- Ці не прыгадаеце, якім было Ваша першае апавяданне?
- У 1956 годзе ў студэнцкія гады мы адправіліся ў Кустанайскую вобласць і ўдзельнічалі ў жніве на цаліне. Жыццё было цікавае, яно памаладому ўражвала. Рамантыка, палаткі, героіка гарачых дзён - усё было вельмі ўрачыста. З маладымі аднакурснікамі мы жылі ў палатках у стэпе. У брыгадзе кругласуткава працавалі 13 камбайнаў, на машынах звозілі зерне, і мы ўчатырох у начную змену выгружалі яго і засыпалі яго ў бурт. Бывала, што ўначы адвозілі зерне на элеватар. Едзеш з кіроўцам па стэпе, кругом ноч, дзіўна, як ён арыентуецца. Калі я вярнуўся адтуль - напісаў апавяданне на рускай мове "Сыновья". Шафёр па дарозе расказваў пра сваіх сыноў, пра іх працу і лёс. Занёс апавяданне ў "Советскую Отчизну" (Так называўся тады часопіс "Нёман"). Многія пісьменнікі майго пакалення, выхадцы з Магілёўшчыны, пачыналі пісаць па-руску: Стральцоў, Чыгрынаў, Ялугін.
Была ў мяне цікавая сустрэча з Барысам Іванавічам Бур'янам, які загадваў аддзелам прозы. Ён прыхільна да мяне паставіўся і аддаў апавяданне ў нумар. Яно было надрукавана ў сакавіку 1957 года. Гэта быў чалавек высокай культуры, у мінулым - драматычны актор, франтавік, удзельнік вызвалення Менска. Ён вельмі спадабаўся мне як шчыры чалавек і выдатны прафесіянал. Калі выйшла яго аповесць пра Максіма Багдановіча "Сіняя бухта", ён падпісаў кнігу, і яна мне вельмі спадабалася. Праз год, скончыўшы ўніверсітэт, я прыйшоў да яго з новым апавяданнем. Ён пацікавіўся маім лёсам. Наша філалагічнае пакаленне: Чыгрынаў, Пташнікаў заканчавалі вучобу і ўладкаваліся ў Менску, хто ў - "Маладосць", хто - у "Полымя". Барыс Іванавіч шчыра і па-бацькоўску параіў мне паехаць у раённую газету. "На раёне ты знойдзеш сапраўднае багатае народнае жыццё. Беларуская мова - сёння ў вёсцы." Так я і зрабіў. Прыехаў у Магілёўскую вобласць і патрапіў адказным сакратаром у родны Чэрыкаў, дзе жылі мае сваякі і стрыечныя браты. Папрацаваў год у Чэрыкаўскай раённай газеце, і адчыў, што там была выдатная школа жыцця і беларускай мовы. Потым я прыжыўся ў канторы лясніцтва і завёў добрыя стасункі з леснікамі. Гэта сяброўства засталося на ўсё жыццё, тэмай у літаратуры стала прырода і леснікі. Лес, паляванне, Сож, цудоўныя мясціны - гэта незабыўнае!
У Лімені быў бабровы запаведнік і вальер з аленямі. Ліменскі лес славіўся яшчэ пры цары, драўніна ішла на будаўніцтва Чарнаморскага флоту. Пасля рэвалюцыі ў доме пана Васілеўскага была заснавана школа-камуна. Яе узначальваў Панцеляймон Лепяшынскі. З яе выйшлі Ісаак Любан, два будучыя генералы. Жыццё мяне звязала з Ліменню. Мы палявалі і рыбачылі, там я напісаў апавяданне "Падранак" і раман "Пушча". Потым туды прыйшла радыяцыя. Я прыехаў праз пяць дзён, пасля таго, як чарнобыльскае воблака села на Лімень. Мае Чэрыкаўскія лясы аказаліся самымі забруджанымі ў Беларусі. Я пабываў у вёсках, паглядзеў, што там адбываецца і напісаў аповесць "Аброчны крыж". Намеснік старшыні аблвыканкама Клімаў прапаноўваў выпісаць мне пасведчанне ліквідатара. Я адмовіўся, бо не ратаваў ад бяды, а толькі пісаў. Лясная тэма ўвайшла ў маё жыццё, паляўнічыя былі маімі сябрамі.
Да лесу ў мяне святыя адносіны. З дзяцінства Сож і лес былі роднай стыхіяй. Потым я вандраваў па лясах Карэліі, любіў лясную стыхію, у мяне была машына, палаткі, стрэльбы, сабакі. Маё захапленне лесам якраз і вывела на мастака, які пісаў прыроду і не мог жыць без яе. Вітольд Бялыніцкі-Біруля быў унікальны прыроднік. Напісаўшы пра яго, я зацікавіўся творчасцю яго сябра - Станіслава Жукоўскага і напісаў аповесць "Брат мой духоўны". Так яно і пайшло ў мяне, я палюбіў гэтую тэму.
- Выдавецтва "Беларусь" нядаўна выдала Вашу кнігу "Зямля Фердынанда" для сярэдняй школы. А раней дзецям рэкамендавалася для прачытання ў старэйшых класах пераважна апавяданне "Дзяльба кабанчыка".
- У новую кнігу ўключылі апавяданні розных гадоў, аповесць пра Фердынанда Рушчыца, эсэ. Аповесць пра Бялыніцкага-Бірулю раней уваходзіла ў праграму як літаратура пазакласная. Было б добра, каб гэтую аповесць уключылі ў абавязковую школьную праграму. Для дзяцей і моладзі гэта літаратура вельмі многа дае. У ёй паказана духоўная шчырасць мастака. Я напісаў восем аповесцей і раманаў пра мастакоў. Увесь час працуючы ў гэтай тэме, глядзіш па-новаму на творцаў, на мастацкую тэматыку. Перада мною, як пісьменнікам, паўстаюць усё новыя і новыя задачы. У Бірулі мяне захапляла, як адчуванне прыроды вылівалася ў яго мастацтва, калі пісаў пра Жукоўскага, мяне хваляваў яго круты лёс і яго пошукі каларыту. Ён быў больш энергічны і тэмпераменты за свайго сябра. Як пісаў аповесць пра Рушчыца - зразумеў яшчэ адну ісціну - літаратура пра мастака сёння вельмі патрэбная!
Калі глыбока ўглядацца і імкнуцца разумець, мастак вучыць чытача духоўнай шчырасці і адкрытасці. Але не проста ўвайсці ў яго ўнутраны свет! Сам мастак адкрываецца найперш свайму твору. Нашаму чалавеку, беларусу, які вельмі замкнёны, гэта сёння вельмі трэба. Успамінаючы сваю маладосць, бацькоў і старэйшых людзей, я заўважаю, што пасля вайны людзі былі больш адкрытыя. Сёння чалавек больш замыкаецца, але з самім сабой цяжка жыць у адзіноце, і людзі групуюцца ў суполкі. Я стараўся быць з усімі адкрытым.
Я напісаў аповесць пра самага замоўчанага нашага мастака Міхаіла Савіцкага. Такія кампазіцыі, глыбокія і складаныя, ніхто, акрамя яго, не мог рабіць. У яго былі сябры, былі і ворагі. Нават інтэлегентныя людзі даходзілі да таго ў сваіх размовах, што казалі: "Ці мае ён права пісаць на тэмы канцлагераў? Яго трэба распрануць і праверыць, ці выпалены ў яго на целе нумар вязня." Колькі хлусці навалаклі на Савіцкага! А ён быў адданы свайму станку, ён пісаў.
Праглядаю кавалкі сваёй новай аповесці: Савіцкі пісаў сваю апошнюю работу на каленях, яго ўжо не трымалі ногі. Яму зрабілі спецыяльны насціл, другую высокую падлогу, каб ён мог стаяць на каленях і пісаць. Ён пісаў нямецкі шпіталь, дзе немцы выцягвалі кроў з дзяцей. Жыццё яго было трагічным…
- Заўсёды побач з Вамі партрэты Вашых бацькоў…
- Мама і бацька былі грыбнікі, без лесу жыць не маглі, на беразе Сожа стаяла хата. Бацька быў настаўнікам, ён пражыў 77 гадоў. Два разы ён быў у палоне ў Германіі. У першую Сусветную вайну, знаходзячыся ў палоне, ён выкарыстаў час, каб вывучыць нямецкую мову. Потым пры Маскоўскім універстэце ён скончыў завочна вышэйшыя курсы і здабыў дыплом выкладчыка нямецкай мовы.
У другую Сусветную вайну ён не падлягаў прызыву, як стары чалавек, а ведаючы нямецкую мову, не захацеў заставацца пры немцах, і мы пайшлі ў бежанства. Пазней бацьку давялося быць дырэктарам школы пад Ульянаўскам. Школа знаходзілася ў маёнтку Тургенева. Там стаяў пісьмовы стол, за якім пісаў свой раман "Хождение по мукам" Аляксей Талстой. Праз жонку Аляксея Талстога маёнтак дастаўся яму. Я яшчэ не пісаў пра гэты цікавы адрэзак жыцця.
- Сярод іншых ёсць і Ваш партрэт.
- Яго паднёс мне на 80-годдзе на сустрэчы ў бібліятэцы Антон Вырва. Мы з ім бывалі на пленэрах на Сажы, у Крычаве. Ён паціху замалёўваў і зрабіў мой партрэт.
Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва пісьменніка: 1. Кнігі пісьменніка ў Нацыянальнай бібліятэцы; 2. Віктар Карамазаў у маладосці; 3. Віктар Філімонавіч і яго партрэт пэндзля Антона Вырвы.
СЛОЎКІ ДЛЯ МУЗЕЯ
Як ужо паведамяла газета, у нясвіжскім садку "Караблік дзяцінства" стараннямі супрацоўнікаў, бацькоў выхаванцаў, грамадскаці заснаваны і дзейнічае міні-музей ткацтва. У ім сабрана дастаткова (звыш сямідзесяці) экспанатаў - прыладаў, што маюць дачыненне да прадзіва і ткацтва, іх асобных дэталяў, ткацкіх вырабаў з ільну. А вось слоў, прафесійных ткацкіх тэрмінаў, палічылі ў садку, не лішнім было б яшчэ падназбіраць. Таму і накіраваліся ў Малую Быхаўшчыну, адкуль яшчэ раней прывезлі самы ганаровы экспанат - сапраўдныя старадаўнія кросны.
Жыве ў вёсцы Ірына Абрамовіч, прабабуля выхаванца садка Івана Кабальнікава (фота). Гэтая цікаўная і памятлівая жанчына з ахвотай і раскажа пра ўсё, што памятае, і пакажа-прадэманструе ўсё, што ўмее, і для фотаздымка з ахвотай папазіруе.
Везлі з этнаграфічнай вандроўкі добры спіс такіх старадаўніх і такіх новых слоў. Іх неўзабаве пачуюць ды паўтораць маленькія наведнікі музея.
Наталля Плакса, Нясвіж.
Не ад Эзопа, а ад Язэп
ВЫКАЗВАННІ
Умей прыйсці да ўлады, а лепш своечасова сысці.
Сапраўднай праўды не было, няма і не будзе: ёсць толькі версіі здарэння як свае, так і чужыя.
Чхаць мне на праўду, калі яна не мая.
Дамовы прымаюцца для таго, каб іх парушаць
Вялікая рэч - каханне, яшчэ большая - растанне.
Язэп Палубятка.
Катэдральны Сабор Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку шчыра ўдзячны лідзяніну Лявону Анацку
"Усе ў Царкве з вялічэзнай павагай адносяцца да сп. Лявона".
Ад 1944 г. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) знаходзіцца на эміграцыі. 26 жніўня 1950 года Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква заснавала ўБрукліне прыход імя Святога Кірылы Тураўскага. Будынак Катэдральнага Сабора Святога Кірылы Тураўскага пачаў будавацца 5 чэрвеня 1950 года (закладзены вуглавы камень у фундамент будынка) ў стылі неаготыкі. Кіруе Саборам яго Міласць Найпачаснейшы СВЯТАСЛАЎ (Логін), Архіяпіскап БАПЦ. У цяперашні час у Саборы кожную нядзелю праводзяцца службы. І таксама пад дахам беларускай царквы ладзяцца сустрэчы з беларусамі.
Стараста Катэдральнага Сабора сп. Аляксандр Хомчанка распавёў пра беларускага звышмарафонца з г. Ліды сп. Лявона Анацку, які завітаў у Нью-Ёрк, каб паспрабаваць свае сілы ў марафоне імя Sri Chinmoy працягам у 10 сутак. Акрамя асабістага захаплення бегам сп. Лявон займае пасаду старшыні Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы.
- Такога самаахвярнага, сумленнага, працавітага і пры гэтым неверагодна сціплага чалавека, як сп. Лявон раней бачыць не даводзілася. Трэба вельмі добра пашукаць і абсалютна ўпэўнены, што магчыма і не знойдзеце. Пасля тога, як сп. Лявон прабег 10-ці дзённы марафон у Нью Ёрку, мы запрасілі яго ў беларускую царкву і арганізавалі сустрэчу ў грамадскай зале Сабора. Было вельмі цікава сустрэцца з такім неардынарным чалавекам. Сустрэча прайшла цудоўна: цікавыя пытанні і цікавыя адказы, падчас трошкі жартоўныя.
Пасля прыемнай сустрэчы, даведаўшыся, што сп. Лявон збіраецца яшчэ нейкі час быць у Амерыцы, прапанавалі яму да ад'езду спыніцца ў нашай царкве, хаця добрых, прыстасаваных умоваў для пражывання ў царкве няма, але гэтая акалічнасць яго не збянтэжыла. Мы, час ад часу, аказваем дапамогу беларусам, якія па пэўных прычынах часова не маюць магчымасці арандаваць жыллё. Галоўная ўмова часовага пражывання - дапамога царкве. І тут пачалося: сп. Лявон усё прапалоў і перакапаў вакол царквы, зрабіў прыгожыя кветнікі, замовіў у сястрынства прыгожыя кветкі белага і чырвона колераў (пад колер нацыянальнага сцяга), адрамантаваў, пафарбаваў лесвіцы на другі паверх будынка, адрамантаваў і пафарбаваў адлівы фундамента звонку па перыметры царквы і шмат чаго яшчэ… Мы не паспявалі прывозіць фарбу і матэрыялы… Хачу азначыць, што сп. Лявон прымаў і самы актыўны ўдзел у працы ля помніка Беларускім Змагарам, рэстаўрацыі і ўпарадкаванні тэрыторыі у Саўт Рывары ў суседнім штаце Нью-Джэрсі. Пры жудаснай спякоце (тэмпература падымалася да +37 ºС) сп. Лявон, з сякераю ў руках, амаль што без перапынку, як заўзяты марафонец, павысякаў усе кусты і параснік па перыметры помніка… І гэта пры тым, што сакера ў сп. Лявона была тупая, а калі б вострая?
Недалёка ад канадскай мяжы, на поўначы штата Нью-Ёрк, недалёка ад Ніягарскага вадаспаду Лявон Анацка прыняў удзел у маратоне Mighty Mosquito ў 100 міль (160 км).
Мы планавалі разам са сп. Лявонам, што атрымаецца прыняць удзел у 52-дзённым на 3100 міль (амаль 5000 км) марафоне ў гэтым годзе, але спіс удзельнікаў быў сфармаваны яшчэ ўзімку. За кожным удзельнікам быў замацаваны суддзя, які фіксаваў час. Сп. Лявон нават 4 кругі прабег з удзельнікамі, але арганізатары папрасілі, каб ён сышоў з дыстанцыі, таму, што не было каму рэгістраваць яго час.
Са свайго боку яны паабяцалі ўключыць яго ў спіс марафонцаў на наступны год. Асноўны крытэр удзелу ў супермарафоне - прабегчы 10-ці дзённы марафон з вынікам не менш, чым 100 км/дзень. Ён гэта выканаў: прабег.
Улічваючы тое, што не атрымалася ўзяць удзел у супермарафоне, дзеля нейкай маральнай кампенсацыі, ён папрасіў знайсці нейкі марафон у штаце Нью-Ёрк. Мы яму дапамаглі гэта зрабіць. Аказалася, што гэта не вельмі блізка. Але, улічваючы ягоную апантанасць і вялікае жаданне бегчы, і ў знак удзячнасці за вялікую дапамогу ў царкве, прапанавалі яго "падкінуць" да месца правядзення марафону Mighty Mosquito і зладзіць вандроўку да Ніягарскага вадаспаду.
Паўтаруся. Такога сціплага, самаахвярнага, сумленнага чалавека раней бачыць не даводзілася. Усе ў царкве з вялічэзнай павагай адносяцца да сп. Лявона. Калі яму ўдасца атрымаць візу і прыехаць на наступны год, з вялікім задавальненнем сустрэнем і, чым зможам - дапаможам.
А. Лазоўскі. Фота Аляксанара Хомчанкі.