Папярэдняя старонка: 2019

№ 36 (1447) 


Дадана: 04-09-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1447), 4 верасня 2019 г.

Кіраўніцтва ТБМ і ЗБС "Бацькаўшчына" атрымала медалі Рады БНР

У савецкія часы пра такое казалі: "Узнагарода знайшла герояў". Але знайшла яна іх раней, а вось уручыць медалі Рады БНР атрымалася толькі зараз, калі Менск наведаў Мікола Пачкаеў. І наведаў ён радзіму менавіта, каб уручыць медалі БНР кіраўніцтву Таварыства беларускай мовы - Алене Анісім і Алегу Трусаву, а таксама іншым грамадскім дзеячам.

Як вядома, Рада БНР - гэта такі своеасаблівы беларускі дэмакратычны ўрад у выгнанні. Паводле статуту Рады, яе паўнамоцтвы трываюць да сумленных выбараў у Беларусі і, адпаведна, перадачы іх ураду дэмакратычнай Беларусі. У наш час Рада БНР можа лічыцца дзяржаўнай інстытуцыяй у выгнанні.

Раней, калі Беларусь была часткай СССР, Рада была органам, які даводзіў да міжнародных структураў беларускае бачанне сітуацыі. Зараз жа і афіцыйны Менск можа стасавацца праз дыпламатычныя місіі з усім сусветам, і беларуская апазіцыя таксама не мае праблемаў з міжнароднымі кантактамі. Але Рада БНР усё ж працягвае працаваць на карысць Беларусі. Адна з такіх працаў - гэта заснаванне медаля да стагоддзя БНР.

Гэта, па словах Міколы Пачкаева, важная функцыя - публічнае адзначэнне выбітных беларусаў.

- На апошняй сесіі Рады было пэўнае засмучэнне палітыкай узнагароджвання, што ажыццяўляецца ў Беларусі. Гэтае засмучэнне ў нас трывае ад 1994 года. Мы ведаем, што ў нас дзяржаўныя ўзнагароды атрымліваюць такія фігуры, як Кадыраў. Але гэта яшчэ не горшае. Па меркаванні Рады, горш тое, што не ўзнагароджваюцца тыя аб'ектыўна заслужаныя беларусы, якія ў любой іншай нацыянальнай дзяржаве павінны былі быць узнагароджаныя. Прычым, пытанне не толькі пра грамадскіх дзеячаў, але, напрыклад, і пра дзеячаў культуры, - сказаў прадстаўнік Рады БНР. - На наш погляд, беларускія культурныя дзеячы, якія дэманструюць сваю грамадскую пазіцыю, не прызнаюцца дзяржавай так, як іх калегі, якія займаюць праўрадавыя пазіцыі. Таму, на наш погляд, існуе пэўная палітычная дыскрымінацыя, мы мяркуем, што гэтая дыскрымінацыя менавіта з прычынаў грамадскай пазіцыі.

Каб выправіць гэтую сітуацыю, Рада БНР і заснавала медаль з нагоды 100-годдзя БНР. Узнага-рода надаецца на адзначэнне стогадовага юбілею БНР і асаблівых заслугаў на карысць увасаблення ідэалаў 25 сакавіка. На думку Рады БНР, ідэалы 25 сакавіка - гэта ўсталяванне нацыянальнай беларускай дэмакратычнай дзяржавы, незалежнасць якой не была б у небяспецы.

Гэтым медалём ужо ўзнагароджаныя розныя людзі - і тыя, хто пэўны час правёў за кратамі, і тыя, хто ўсё жыццё працаваў у сваёй прафесійнай якасці. Але агульнае, што іх яднае - пажыццёвыя альбо іншыя вельмі значныя заслугі ў нейкай галіне, якая ўвасабляе ідэалы БНР.

Кола ўзнагароджаных - вельмі шырокае. Гэта і ветэраны паваеннага антысавецкага падполля, і, напрыклад, дэпутаты 12-га склікання, якія актыўна працавалі над пытаннем прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, і замежнікі, што спрыялі беларускай справе, і шмат хто яшчэ.

Напрыклад, Мікалай Пачкаеў 22 жніўня ў сядзібе Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" ўручыў медалі да стагоддзя БНР старшыні Згуртавання Алене Макоўскай і старшыні Рады "Бацькаўшчыны" Ніне Шыдлоўскай за заслугі ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

Поўны спіс узнагароджаных, па словах спадара Пачкаева, не агучваецца, бо некаторыя з гэтых людзей жывуць у краінах (прытым, як ён адзначыў, гэта не толькі Беларусь), у якіх падобная ўзнагарода ўладамі "не вітаецца". Але пры гэтым ён сказаў, што чатыры пятых ад агульнай колькасці ўзнагарод уручаюцца тым, хто жыве ў Беларусі, і толькі пятая частка - тым, хто знаходзіцца за мяжой.

Цікавае і пасведчанне, што выдаецца ўзнагароджаным, а дакладней - яго пячатка. Гэта тая самая пячатка, якой у 1943 годзе старшыня Рады БНР Васіль Захарка перадаў свае паўнамоцтвы Ларысе Геніюш і Міколе Абрамчыку. Гэтую самую пячатку мы бачылі і на пасведчанні Янкі Філістовіча.

Некаторыя звяртаюць увагу, што адбітак гэтай пячаткі атрымліваецца "размытым". Такі адбітак звязаны не са "сталасцю" пячаткі. Рэч ў тым, што яна не была прызначаная для таго, каб яе адбітак ставіўся на паперу. Кажучы сучаснай моваю, гэта 3D-пячатка, адбівацца яна павінна была на воску альбо сургучы. Аднак ані ў архівах Рады, ані ў гісторыі БНР не зафіксавана ніводнага выпадку, калі яна ставілася на сургуч. І Рада БНР вырашыла не адыходзіць ад практыкі, якая склалася, - пасведчанні аб узнагароджванні замацаваны гэтай пячаткай.

А пасля непрацяглага экскурсу ў гісторыю ўзнагароды былі прышпілены на лацканы герояў.

Алег Трусаў адзначыў, што для яго гэта - другі медаль, ім атрыманы. Першы - гэта залаты медаль у школе. І таму яму вельмі прыемна прыняць гэтую ўзнагароду.

А вось для Алены Анісім гэты медаль - трэці. Яна атрымала не толькі школьны медаль, але і нейкі медаль прафсаюзны.

Калі Беларусь урэшце стане дэмакратычнай дзяржавай, і Рада БНР перадасць свае паўнамоцтвы дэмакратычнай і нацыянальнай (па сутнасці, а не па форме) уладзе, то, па меркаванні намесніка старшыні Рады БНР, адной з умоваў перадачы гэтых паўнамоцтваў будзе прызнанне ўзнагароды БНР на ўзроўні дзяржаўнай.

Сяргей Пульша, "Новы час".

Сонечнае і шчырае свята ў Слоніме

Свята беларускага пісьменства стала неад'емнай часткай духоўна-культурнай прасторы Беларусі. Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты і часопіса.

Сёлета свята беларускага пісьменства прымаў Слонім Гарадзенскай вобласці - адзін з самых старажытных гарадоў на беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця. Пачаліся ўрачыстасці 31 жніўня з адкрыцця ў г. Слоніме кнігарні "Санет".

Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.

У рамках Дня беларускага пісьменства адбылася навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з Дабрадатным агнём ад Труны Гасподняй. У рамках экспедыцыі 31 жніўня ў аграгарадку Жыровічы прашоў Крыжовы ход да Свята-Успенскага сабора. Пасля Крыжовага ходу адбылося адкрыццё капліцы ў гонар святых Пятра і Феўронні на вул. Чырвонаармейскай.

Міжнародны круглы стол "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго" традыцыйна аб'яднаў беларускіх і замежных літаратараў.

У межах Дня беларускага пісьменства 31 жніўня прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Слонімскія чытанні". З прывітальным словам у адрас удзельнікаў і гасцей канферэнцыі выступілі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі і культуры, Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Сярод дакладаў былі агучаны такія тэмы, як "Роднае слова ў прасторы мастацкай культуры", "Штрыхі да ўрбананімнага партрэта Слоніма" і іншыя цікавыя і актуальныя гістарычна-асветніцкія праблемныя палі.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі прадстаўнікі розных даследчыцкіх устаноў, Нацыянальнай акадэміі навук, ВНУ краіны, а таксама настаўнікі агульнаадукацыйных школ.

У Слонімскім драматычным тэатры адбыўся фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка", прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі i 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта штогадовы сумесны праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі і тэлекампаніі "Сталічнае тэлебачанне", накіраваны на пошук і падтрымку таленавітай моладзі. За гады правядзення конкурс выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. Яго пераможцаў узнагароджваюць напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

У 2019 годзе ў фінал выйшлі 15 удзельнікаў у трох узроставых групах, у кожнай з якіх журы вызначыць пераможцаў. Фіналісты прачыталі творы Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Анатоля Грачанікава, Васіля Віткі і іншых вядомых літаратараў.

1 верасня першай падзеяй святочнага дня стала Боская літургія ў Свята-Троіцкім саборы.

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбылася афіцыйная цырымонія ўрачыстага адкрыцця XXVІ Дня беларускага пісьменства, а таксама ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Героі тэатралізаванай пастаноўкі перанесліся разам з гледачамі ў мінуўшчыну і сустрэліся з князем Аляксандрам Солтанам, Львом Сапегам, Міхалам Казімірам Агінскім.У падарожжа па часе гасцей заваблівалі маладыя акторы Вікторыя Кадрава і Максім Шышко з Менска.

Адной з цэнтральных падзей свята стаў Фестываль кнігі і прэсы. Тут былі прадстаўлены кнігі-пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі", кнігі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Году малой радзімы, кнігі пісьменнікаў-юбіляраў, разгорнуты тэматычныя выстаўкі, а таксама экспазіцыі вядучых рэспубліканскіх перыядычных выданняў і "СМІ Гродзеншчыны", быў арганізаваны святочны гандаль кнігай.

У Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі было ўпершыню прадэманстравана наведвальнікам факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі. Яе разам з іншымі рарытэтамі прывезлі ў Слонім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На выставе можна было пазнаёміцца з творамі С. Чыгрына і іншых аўтараў, прысвечанымі Слоніму.

У рамках Дня беларускага пісьменства прайшла гістарычная квэст-праграма "Код Сапегі".

На працягу ўсяго свята праходзілі святочныя мерапрыемствы, канцэрты, гульні на Дзіцячай пляцоўцы ў парку, свята народнага мастацтва ў Горадзе майстроў. На розных пляцоўках адбыліся майстар-класы па народным ткацтве, ганчарстве, кавальстве, лозапляценні, традыцыйнай выцінанцы і сучасных тэхніках працы з паперай.

- Мне найбольш спадабалася, што людзі пранікліся атмасферай свята, дабрыні, атмасферай беларускай мовы, няхай бы так яна гучала ў нас штодня ў крамах, у кавярнях, на вуліцах, у дзяржаўных установах, - адзначыла старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.

Адметнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала ўрачыстае адкрыццё пад гукі валынкі помніка славутаму дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, дыпламату і мысліцелю - Льву Іванавічу Сапегу.

Увечары на галоўнай сцэне прайшла цырымонія ўрачыстага закрыцця свята, перадача эстафеты - сімвалічнага вымпела гораду-сталіцы будучага свята (г. Бялынічы Магілёўскай вобласці) і канцэрт майстроў мастацтваў "Льецца песня па-над Шчарай".

Э. Дзвінская. На здымках: Помнік Льву Сапегу ў Слоніме; 2. Адкрыццё кнігарні "Санет"; 3, 4. Тэатралізаваная пастаноўка з гістарычнымі асобамі; 5. Памятная шыльда ў гонар Міхала Казіміра Агінскага; 6. Старшыня ТБМ Алена Анісім на свяце.

Да 80-годдзя Валера Санько

Шаноўны Валерый Аляксеевіч!

Да свайго 80-годдзя Вы прышлі з вялікім духоўным здабыткам. Гэта я падкрэсліваю таму, што тыя, хто не сеў у вагон матэрыяльных каштоўнасцей, у нашым узросце часам пераглядаюць свае пазіцыі. Але Вы не з тых. Я ведаю Вас больш 50-ці гадоў і не магу сказаць, што Вы збочылі ад вельмі вялікай парады чалавецтву: "Вначале было Слово, и Слово было у Бога, и Слолво было Бог" (Иоанн 1.1.). Вы пачалі прафесійную кар'еру з медыцыны, але знайшлі свае прафесійнае шчасце на нівах журналістыкі, пісьменніцкага лёсу, народнай медыцыны. Такі выбар заслугоўвае вялікай падзякі ад мяне і маёй сям'і, як і ад многіх прыхільнікаў Вашага таленту і Вашай творчасці. Калі да віншавання прыкласці найбольш бачныя характарыстыкі, то ў мяне склаўся аб юбіляры такі прафесійны, сяброўскі шарж:

Народны лекар, выдавец,

Пісьменнік, Бацькаўшчынай плённы.

Да прымавак народных спец,

Адбіў Чарнобылю паклоны.


Здароўя, творчага плёну, шчасця сям'і!

Доктар медыцынскіх навук,

прафесар, сябра Саюза

беларускіх пісьменнікаў. Э.І. Збароўскі.

29.08.2019 г.

Выйшаў з друку працяг "Гістарычнай мазаікі Слонімшчыны"

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку другая кніга Сяргея Чыгрына "Гістарычная мазаіка Слонімшчыны". Справа ў тым, што напачатку 2019 года свет пабачыла яго першая кніга "Гістарычная мазаіка Слонімшчыны", якая спадабалася не толькі слонімскім чытачам, але і тым, хто цікавіцца гісторыка-краязнаўчай літаратурай у межах усёй краіны. Таму другая кніга "Гістарычная мазаіка Слонімшчыны" з'яўляецца працягам першай. Разам атрымалася дзве кнігі "Гістарычнай мазаікі Слонімшчыны" - вельмі арыгінальнага і цікавага выдання. Тэксты і здымкі ў кнізе дапаўняюць адзін аднаго, каб праўдзіва паказаць гісторыю Слонімскай зямлі, лёсы людзей, помнікі, падзеі, факты. Ад першабытных людзей да сучасных падзей на Слонімшчыне - гэта падарожжа ў часе. Таму тых, хто захоплена ўглядаецца ў сівую мінуўшчыну Слонімшчыны і ў яе сучаснасць, чакаюць новыя адкрыцці і сустрэчы на старонках новай кнігі Сяргея Чыгрына. Выданне, прысвечанае Слонімшчыне, ужо паступіла ў кнігарні Слоніма, а праз пэўны час яе змогуць набыць і ў краме "Акадэмічная кніга" ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя.

НА СМЕРЦЬ АРЦЁМА ХАРАШЭЯ

Я не бачыў яго і не чуў пра яго.

І калі б не ягоная трагічная смерць, пэўна, ніколі не даведаўся б, што ў Вілейцы быў такі настаўнік - Арцём Харашэй.

З усіх каментароў прысвечных гэтай падзеі, якія я прачытаў на сайце НН, вылучу адзін:

"Вы можаце ўявіць у ЕС ці Канадзе што настаўнік жыве ў інтэрнаце, як бежанец з ваюючых краін?

Зарплаты настаўніка не хапае нават на арэнду жылля...".

https://nn.by.

Цяпер задам пытанне тым, хто чытаў трылогію Аляксея Талстога "Блуканне па пакутах". Колькі пакояў было ў кватэры маладога піцерскага інжынера Івана Іванавіча Цялегіна?

Гэтае пытанне я любіў задаваць інжынерам і тэхнікам славутага колісь "Інтэграла", якія, нібы студэнты, туліліся ў невялікіх пакоях па чатыры і нават пяць чалавек у "абшчазе" на вуліцы Казінца.

А яшчэ я любіў задаваць такое пытанне: што купіў на свой першы заробак сормаўскі рабочы Павел Уласаў з аповесці Максіма Горкага "Маці"? І ці можа нешта такое і ў такой колькасці купіць на свой заробак савецкі інжынер, настаўнік, лекар?

"Буржуазія пазбавіла свяшчэннага арэолу ўсе роды дзейнасці, якія да гэтага часу лічыліся ганаровымі і на якія глядзелі з багавейлівым трымценнем. Лекара, юрыста, святара, паэта, чалавека навукі яна ператварыла ў сваіх платных наёмных работнікаў".

Чытаючы ў маладыя гады гэтыя словы, я міжволі экстрапаляваў іх на савецкую рэчаіснасць. Маркс і Энгельс і падумаць не маглі, што ў Расіі, прыкрываючыся іх імёнамі, да ўлады прыйдуць людзі, якія будуць працаваць не на ўзвышэнне, а на паніжэнне чалавека, што ў буржуазных Канадзе і Штатах, у Нямеччыне і Францыі будзе больш сацыялізму, чым у "першай краіне пераможнага сацыялізму". Лекар і юрыст, інжынер і настаўнік там не туляцца ў "абшчагах", не жывуць у вясковых хатах, дзе ні вадаправода, ні гарачай вады, ні каналізацыі. Там мігрантаў з Азіі і Афрыкі ў такіх умовах трымаць нельга.

А яшчэ я любіў цытаваць Леніна: "Народны настаўнік павінен быць у нас пастаўлены на такую вышыню, на якой ён ніколі не стаяў і не можа стаяць у буржуазным грамадстве… Да такога стану спраў мы павінны ісці сістэматычнай, няўхільнай, настойлівай працай і над яго духоўным уздымам, і над яго ўсебаковай падрыхтоўкай да яго сапраўды высокага звання і, галоўнае, галоўнае і галоўнае - над уздымам яго матэрыяльнага становішча".

Вось пра гэтае "галоўнае, галоўнае і галоўнае" ўвесь час забывалі і забываюць тыя, хто называлі і, пэўна, як міністр Карпенка, яшчэ называюць сябе камуністамі-ленінцамі.

Настаўнік царскай гімназіі мог сабе дазволіць паездку ў Берлін ці Парыж. І нават народны настаўнік (настаўнік пачатковай школы) Андрэй Лабановіч у царскі час жыў непараўнальна лепш за многіх іх калег у суверэннай і "еўрапейскай" Беларусі: у яго было гарантаванае жыллё пры школе, а старожка бабка Мар'я за ім прыбірала, яму гатавала і, пэўна ж, мыла кашулі ды споднікі.

Звычайна ў рацыянальна пабудаванай сістэме дзейнічае такое правіла: я даю табе ўсё для твайго бязбеднага існавання, але патрабую ад цябе працы. У бальшавіцкай і постбальшавіцкай сістэме "еўрапейскай" Беларусі ўсё наадварот: я патрабую ад цябе працы, але не гарантую табе бязбеднага існавання. Не гарантаваўшы табе бязбеднага існавання, я патрабую ад цябе… Лепш не пералічваць, што цяпер патрабуюць ад настаўніка ды выкладчыка тэхнікума ці ВНУ.

Калі кажуць, што ў настаўніцкай прафесіі нізкі прэстыж, дык праблема не зводзіцца адно да матэрыяльнага становішча, пра якое пісаў Ленін. Праблема ў тым, што настаўнік бездапаможны перад сістэмай. Ён не можа паставіць вучню адзнаку, якая б адпавядала сапраўднаму ўзроўню яго ведаў, ён не можа даць яму заданне на лета, пакінуць на другі год… Ужо і студэнтаў у нас нельга пакідаць з "хвастамі" ды выключаць з ВНУ. Дармо, што яны не ходзяць на лекцыі і практычныя заняткі, не чытаюць у неаўдыторны час. Педагог бездапаможны перад няздарамі, гультаямі і нахабамі ды перад іх бацькамі. Мусячы выводзіць патрэбныя начальству балы, забяспечваючы патрэбныя начальству паказчыкі, педагог становіцца хлусам і пасмешышчам у вачах няздараў, гультаёў і нахабаў ды іх бацькоў. І ў пасмешышча, у вартага жалю чалавечка ён ператвараецца, калі змушаны хадзіць па дамах і кватэрах, выслухоўваць лаянку не заўсёды цвярозых бацькоў, складаць усякія паперкі.

Я не хацеў бы ўлазіць у палітыку, хацеў бы ўсё звесці да сацыяльных і маральных праблем. Але… Дакладна ведаю, што ў савецкі час настаўнікаў не любілі за прапаганду атэізму, асабліва тых двурушнікаў, хто таемна хрысціў дзяцей і нават не абыходзіўся без фарбаваных яек на Вялікдзень. Не любілі за хлусню пра "самы перадавы на свеце лад", пра "самае шчаслівае жыццё", пра "самую перадавую навуку" і да т.п. Цяпер прапагандаваць атэізм ад педагогаў не патрабуюць, але многія з іх мусяць крывадушнічаць, хлусіць і апавядаць сваім вучням пра "беларускую мадэль", "сацыяльна арыентаваную дзяржаву", пра "мудрую палітыку" … не, не КПСС... А яшчэ мусяць сядзець у выбарчых камісіях і таксама крывадушнічаць і хлусіць. Але дэпалітызацыяй навучальных устаноў у нас і не пахне. Амаль усё, як пры КПСС.

…Шкада, што Бацькаўшчыну, уцякаючы ад гэтай "мадэлі", тысячамі пакідаюць маладыя людзі.

Шкада, што некаторыя маладыя развітваюцца з гэтым няўтульным светам.

Мяккім пухам Табе зямля, Арцёме.

Анатоль Сідарэвіч. 29 жніўня 2019 г.

Двухбаковыя пазітыўныя адносіны паміж Беларуссю і Германіяй

Навіны Германіі

Адносіны Беларусі з Германіяй, таксама як і з Еўрапейскім саюзам, на працягу апошніх гадоў развіваліся "выключна пазітыўна" ў палітыцы і эканоміцы, але перш за ўсё ў галіне культурных абменаў. Пра гэта заявіў пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутарэр 1 верасня на афіцыйным адкрыцці ў Менску першага гарадскога сацыяльнага фестывалю IBB JubilаumsFest, які праходзіць у гонар 25-годдзя Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау (IBB Менск).

- Наша мэта заключаецца ў захаванні і ўзмацненні гэтай пазітыўнай дынамікі. Гэта ўдасца нам у тым выпадку, калі мы працягнем праяўляць цікавасць і цікаўнасць да развіцця адзін аднаго. Таму што толькі так можна выратаваць давер, - падкрэсліў Хутарэр.

Паводле яго слоў, IBB Менск уяўляе сабой сёння "прамыя і творчыя сувязі паміж лю-дзьмі".

- Ён з'яўляецца галоўнай германа-беларускай платформай для кантактаў паміж нашымі краінамі па лініі грамадзянскай супольнасці. Тым самым ён адыгрывае ролю галоўнай апоры ў нашых адносінах, - сказаў дыпламат.

Ён расказаў, што ідэя заснавання Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау паўстала больш за 30 гадоў таму "з імкнення да прымірэння з народамі Савецкага Саюза". Пачатак быў пакладзены асабістымі кантактамі ў 1986 годзе трох сацыяльных педагогаў з Дортмунда, якія наведалі Беларусь, паведаміў пасол. Цэнтр адкрыўся 4 верасня 1994 года для рэалізацыі сумесных беларуска-нямецкіх адукацыйных праектаў.

- Мы павінны прыкласці ўсе намаганні для захавання гэтага месца сустрэч і навучання, - заявіў Хутарэр. - Цэнтральнае значэнне для федэральнага ўрада Германіі мае правядзенне Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам праграмы падтрымкі Беларусі, якая фінансуецца Федэральным міністэрствам эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Асаблівасцю гэтай праграмы з'яўляецца ініцыяванне і рэалізацыя праектаў грамадзянскіх ініцыятыў шляхам прамога ўзаемадзеяння з органамі кіравання на месцах. Толькі падчас восьмага этапу праграмы падтрымкі, які адбыўся ў сакавіку гэтага года, дапамога была аказана 22 германа-беларускім партнёрскім праектам, у тым ліку на карысць уразлівых груп насельніцтва.

Пасол звярнуў увагу на тое, што, цэнтр перш за ўсё з'яўляецца платформай для дыскусіі па пытаннях сучаснасці і будучыні германа-беларускіх адносін.

- Для палітычнага фарміравання будучыні неабходна захоўваць старую дружбу і ўсталёўваць новыя партнёрскія адносіны. Асабліва ў часы, калі яшчэ існуе небяспека новых равоў паміж Усходам і Захадам, нам неабходны больш ці менш інтэнсіўны дыялог і кантакты, - дадаў ён.

Паводле слоў старшыні дырэкцыі цэнтра Віктара Балакірава, за 25 гадоў працы IBB Менск стаў своеасаблівым мостам паміж Беларуссю і Германіяй і вельмі важнай дыялогавай пляцоўкай паміж Усходам і Захадам. Ён нагадаў, што заснавальнікамі цэнтра з'яўляюцца Дортмундскі IBB і Менгарвыканкам.

- Сёння асноўныя кірункі дзейнасці IBB Менск - культура памяці, устойлівае развіццё, сацыяльныя праекты, медыя, - адзначыў Балакіраў.

За асаблівыя заслугі ва ўклад у паразуменне і прымірэнне паміж Беларуссю і Германіяй па ініцыятыве беларускага МЗС у 2006 годзе цэнтру было прысвоена імя былога федэральнага прэзідэнта Германіі Ёханеса Рау.

БелаПАН.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ЛЬВА САПЕГІ (4.04.1557-7.07.1633)

У Ружанах на вуліцы вецер,

Нібы воўк, што ў начы заблудзіў,

Ля вакон, што да раніцы свецяць,

Прыпыніўся, свой шлях прытаіў

І заціх... І прыцішыў дыханне

Па-над кнігаю новаю ён,

Адзінокі, сівы, бы ў тумане,

І самотны, як вечнасць, як сон,

Леў Сапега, што сёння начуе

Сярод кніг, як сярод цішыні,

У якой па стагоддзях вандруе

Белы рыцар на белым кані.

І гараць свечкі светла, бы ў Храме,

І па кнігах зноў цені, як дым,

Прапаўзаюць, губляюцца з намі

У паветры ад зор залатым.

І запіша ён зноў, што спазнае,

Запісаўшы, закрэсліць ізноў.

Ён - Сапега, Сапегу свет знае,

Як сам знае Сапега любоў

Да зямлі, на якой нарадзіўся,

За якую маліўся і біўся...

І назаўтра ён сядзе ў карэту,

Зноў у Вільню паедзе, у свет,

І за ім, нібы воўк, на край свету

Будзе вецер ляцець след у след...

24.08.2005 г.

БАЛАДА ЮРЫЯ АЛЕЛЬКАВІЧА (17.08.1559 - 6.05.1586)

Слуцкае Евангелле напісана табой,

І дачка ў цябе расце і вырасце святой

Соф'яй Слуцкай,

пра якую будзе ведаць свет

І якой маліцца будзе панства і паэт

Бедны, як і бедная старонка, у якой

Часам нават і ў магіле не знайсці спакой

Ад вайны і здрады братняй,

ад атрутных слоў.

Пройдзе ўсё, як праз пясок вада,

праз тлум гадоў,

І забудзецца, і знікне, каб з'явіцца зноў.

Княства ж застаецца,

як на полі бітвы кроў -

Кветкамі, што будуць

праз вякі расці й цвісці,

Дзе да Бога тым,

хто любіць родны край, ісці

Вечна маладымі, маладымі, як і ты.

І цалуе сонца за табой твае сляды,

У якіх, нібыта ў гнёздах жаўрукі, святло

Княскае, якое пылам не пазамяло

І не замяцецца, бо жыве твой родны край,

Над якім анёлы, над якім птушыны грай

І малітва Соф'і Слуцкай - радасці тваёй,

А для беларусаў на вякі - святой…

5.08.2009 г.

БАЛАДА ЯНА КАРАЛЯ ХАДКЕВІЧА (1560-24.09.1621)

Пад Хоцінам туркі, за спінай Айчына,

І лісце, счарнелае ў дыме кастроў,

Спадае з бярозаў старых і асінаў

На кроў янычараў і нашую кроў.


Страляюць гарматы аж глухнуць нябёсы,

Як чорныя д'яблы, наўкол груганы,

І кулі лятаюць, як дзікія восы,

Што мёд сабіраюць з палеткаў вайны.


Ты моцна хварэеш і ўжо адчуваеш,

Што заўтра не ўбачыш, як вораг збяжыць,

І сонца, як шчыт, заірдзее над краем,

Дзе людзі не хочуць нявольнымі жыць.


І ты аддаеш булаву, паміраеш

За Княства Вялікае і за свой род.

І воі твае, ты іх кожнага знаеш,

Сягоння шчэ воі, а Заўтра - народ.


Да Заўтра далёка, але яно прыдзе!

І новыя дрэвы, дзе попел і тло,

Ізноў зашумяцца аб шчасці, аб крыўдзе,

І там, дзе шчэ цёмна, праблісне святло…

13.06.2019 г.

БАЛАДА САЛАМОНА РЫСІНСКАГА (1560 (?)-13.11. 1625)

Ты ў князёў Радзівілаў прыдворны паэт.

Ты не рыфмы рыфмуеш,

ствараеш свой свет,

У якім беларус мае права, каб жыць

І мець мову сваю, і ісці праз дажджы

І снягі да вялікага сонца, якім

Наш асвеціцца край, як Іерусалім,

І для ўсіх беларусаў ён будзе святы,

Бо ад Бога наш свет і ўсе мы ў ім браты.

А вайна - не ад Бога, вайна - ад людзей,

У якіх няма Бога ў душы і нідзе

І ніколі не будзе, калі не любіць

Сіраціну бярозу, што ў полі шуміць,

У крынічнай вадзе заімшэлы валун,

І гучанне жалейкі, цымбалавых струн

Не любіць, не казаць анікому тых слоў,

У якіх, як у Храмах анёлы, любоў

Да зямлі, на якой нарадзіўся, памрэш.

І сляза закіпае ў табе, і ўжо верш

На паперу кладзецца, і папера жыве,

Нібы новая фрэска ў беларускай царкве...

15.06.2010 г.

БАЛАДА ПЁТРЫ КМІТА (?-1629 або 1632)

Нібы з Іерусаліма, з любай Вільні

У мястэчка Любча ты вязеш друкарню

Па дарозе гразкай, па дарозе пыльнай.

Ты вязеш і знаеш, што вязеш не марна,

Бо патрэбны кнігі, як святло ў святліцы,

Кожнаму, хто ў Княстве

хоча жыць, як трэба

Дома жыць, дзе Богу верыць і маліцца,

Каб быў хлеб заўсёды і было да хлеба.

І, нібы анёлак, што табе спрыяе,

Белы бусел следам над табою кружыць.

Там, дзе ты праедзеш, салавей спявае,

І цвітуць рамонкі, і не вянуць ружы.

І твая друкарня ў Любчы доўга будзе,

Нібы зніч,

што праз гады й стагоддзі свеціць,

Асвятляць Айчыну

ўсім тутэйшым людзям.

Без Айчыны людзі, нібы пыл у вецер,

І таму, як з Іерусаліма, з Вільні

У мястэчка Любча ты вязеш друкарню

Па дарозе слёзнай, па дарозе дымнай...

6.05.2010 г.

БАЛАДНЫ МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА (3.03.1634-30.03.1689)

Разбурылі мой дом, як прытулак вар'ята,

І спалілі мяне, абакралі мой край.

Мог чыноўнікам стаць,

нават быць дыпламатам,

Стаў бязбожнікам. Люд, ты мяне пакарай,

Што вучыў тваіх дзетак любові

Не да Бога - да роднай нявольнай зямлі.

Ну чаго вашы варты, браточкі, галовы,

Раз душу і зямлю чужакам аддалі!

Я вучыў вас за волю стаяць, вы ж няволі

Цалавалі па-рабску, як жабу, руку.

Не любілі мяне, я ж ніколі, ніколі

Не жадаў вам нядолі на горкім вяку.

Каты вырвалі вусны, язык - ды не мову -

І спалілі мяне - не спалілі мой крык,

Мой праклён мудрацам,

што заўсёды гатовы

Нахлусіць,

каб з цямноцця не выйшаў мужык.

І мой попел злятае ў далоні Айчыны,

І душа мая ў небе, не ў пекле чарцей.

О мой край, ты пакутнік, ты воін адзіны,

Што сябе не шкадуе за грэшных дзяцей.

Разбурылі мой дом, як прытулак вар'ята,

Абдурылі людзей, абакралі мой край.

І сядзяць за сталамі шырокімі каты,

І збіраюцца вечна судзіць і караць.

Судзіць і караць, прыкрываючы Богам

Свой няправедны суд,

свой звярыны закон.

На касцёр - век за праўду прамая дарога

І сляпога насельніцтва рабскі праклён.

Я згарэў, як згарэлі мільёны нявінных.

Мне застацца жывым,

покуль ёсць на зямлі

Змагары-Беларусы і па-над Айчынай,

Нібы продкавы душы, лятуць жураўлі.

Я згарэў, каб вам светла было і жылося,

Каб надзей не цяплілі на міласць Багоў.

Я сказаў сваё слова. Не жыць безгалоса.

Сёння слова за вамі, скажыце яго!

1990-я гады.

(Працяг у наступным нумары.)

КАЛІ ПАЧАЛАСЯ ДРУГАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА, або ЧАМУ ТРЭБА ЗГАДЗІЦЦА СА СТАЛІНЫМ?

Анатоль Сідарэвіч

У 1919-м годзе, калі быў падпісаны Версальскі трактат, маршал Францыі Фердынанд Фош сказаў, што падпісана не мірная дамова, а замірэнне на дваццаць гадоў, бо за Першаю сусветнаю вайною будзе Другая. Пра гэта пісаў у 1920-м і наш Антон Луцкевіч, і ён жа прарочыў, што адноўленая польская дзяржава будзе расціснутая Нямеччынай і Расіяй. Ведалі пра гэта і бальшавікі. Аднак Другая сусветная вайна пачалася не там, дзе яе пачатак лакалізуе афіцыйная і неафіцыйная еўрапейская і амерыканская гістарыяграфія. І не ў тым годзе, і не ў той дзень.

Проста Еўропа і Злучаныя Штаты, еўраатлантычная цывілізацыя па традыцыі сваё ставіць вышэй за чужое, а постсавецкая беларуская, расійская, украінская і г. д. - сваё.

Адразу па сканчэнні Першай сусветнай вайны так званыя вялікія дзяржавы, асабліва Францыя, самі падштурхоўвалі да новай вайны і Нямеччыну, і сваіх учарашніх саюзнікаў. Маю на ўвазе Італію, якую пакрыўдзілі пры новым падзеле свету (у прыватнасці, германскіх і турэцкіх уладанняў). А таксама Японію. Хворая на расізм еўраатлантычная цывілізацыя, калі стваралася Ліга Нацый, не пажадала ўключыць у яе статут пункт супраць расізму. Японіі, якая не хацела паўтарыць лёс каланіяльных і паўкаланіяльных краін Азіі, удалося на пачатку ХХ ст. давесці, што яна таксама вялікая дзяржава. Яна жадала, каб прынамсі жоўтая раса была афіцыйна прызнана гэткай жа паўнавартаснай, як і белая. Белая раса з гэтым не згадзілася. І японцы гэта не забылі. Так паступова нараджалася дактрына Вялікай усходнеаазіяцкай сферы суросквіту пад гегемоніяй Японіі, якая пачала складвацца ў эру Тайсё пад лозунгам "Азія для азіятаў" (1912-1926). Канчаткова ж дактрына аформілася на пачатковым этапе эры Сёва (1926-1941).

Да канчатковага афармлення дактрыны Вялікай усходнеаазіяцкай сферы суросквіту Японію падштурхнулі Злучаныя Штаты Амерыкі сваім актам аб кантролі экспарту (26 ліпеня 1941 г.) Па сутнасці Злучаныя Штаты абвясцілі Японскай імперыі вайну, бо гэтым актам быў забаронены экспарт нафты і нафтапрадуктаў у Японію і яе заморскія ўладанні не толькі са Штатаў, але і з трэціх краін. Кантроль за экспартам нафты трэцімі краінамі ўсклалі на ваенна-марскі флот ЗША. Амерыканскія войскі на Гаваях прывялі ў баявую гатоўнасць, філіпінскую нацыянальную гвардыю перадалі пад амерыканскі кантроль, японскія авуары ў банках ЗША замарозілі. Ці гэта ўсё разам узятае не абвяшчэнне вайны? Ці здарыўся б Пёрл-Харбар (7 снежня 1941 г.), калі б не акт 26 ліпеня? Не ведаю, але нагадаю, што японскімі войскамі 7 снежня камандаваў праціўнік вайны са Штатамі і нават іх сімпатык Ісароку Ямамота.

ВАЙНУ ПАЧАЛА ІТАЛІЯ

Першая вайну за новы перадзел свету (імперыялістычную вайну) пачала Італія. Забіраць калоніі ў Брытаніі і Францыі, Партугаліі ды Іспаніі яна не адважылася. Але яшчэ ў ХІХ ст. (у выніку 1-й італа-эфіопскай вайны) італьянцы ўзялі пад кантроль Эрытрэю, якой не да спадобы было эфіопскае панаванне, і частку Самалі. 13 кастрычніка 1935 г. з дапамогай эрытрэйцаў і самалійцаў Італія развязала 2-ю вайну з Эфіопіяй. Імператар Хайле Селасіе мусіў уцячы за мяжу. Пазней, карыстаючы з таго, што ў Еўропе разагарэлася вайна за жыццёвую прастору, італьянцы ўварваліся ў Брытанскае Самалі.

Губляць свае ўладанні Брытанія не хацела. У 1940-м яна стала саюзніцай Эфіопіі, і з яе дапамогай нгусэ нэгест Хайле Селасіе вярнуўся на радзіму ды ўзначаліў барацьбу за вызваленне Абісініі ад італьянцаў. Супольныя брытана-абісінскія дзеянні прывялі да аднаўлення ў траўні 1941 г. незалежнасці Эфіопіі.

Як бачым, ваенна-палітычная кампанія, распачатая Італіяй ў 1935 г., была прадоўжана і завяршылася ўжо ў той час, які еўрапейцы ды амерыканцы лічаць часам 2-й сусветнай вайны. Адначасова з Заходнім фронтам з'явіліся Італьянскі і Усходне-афрыканскі франты. Калі ваенныя падзеі на Усходнеаафыканскім фронце завярышліся ў лістападзе 1941 г., дык ваяваць з італьянскімі фашыстамі на поўначы Афрыкі, на Сіцыліі, Сардыніі і Апенінскім паўвостраве аліянтам давядзецца аж да 2 траўня 1945 г.

ЯПОНІЯ, МАНЧЖУРЫЯ І КІТАЙ

Падобнае адбылося і ва Усходняй Азіі.

Ніхто з гісторыкаў не важыцца аднесці да падзей Другой сусветнай вайны ўварванне Японіі ў Манчжурыю (1931). Гэтую краіну толькі з нацяжкай можна было назваць часткаю Кітая. Як-ніяк, у Кітаі з 1644 па 1912 год панавала манчжурская дынастыя. Ідучы ў Манчжурыю, японцы маглі разлічваць на апошняга імператара Кітая Пу І (манчжурскае імя Айсін Гёро) і на тых манчжураў, якім пятлёй на шыі было ханьскае панаванне ў іх краіне. У 1932-м была абвешчана дзяржава Манчжоў-го на чале з Пу І. У 1934-м ён афіцыйна стаў імператарам. Іншая справа, што дзяржава знаходзілася пад кантролем Японіі. Але ж саюзны Захаду і Савецкаму Саюзу Кітай наогул не прызнаваў права манжчураў на нейкі асобны быт, як, дарэчы, не прызнае яго цяпер і камуністычны Кітай.

Другая сусветная вайна ва Усходняй Азіі пачалася 7 ліпеня 1937 г., калі Японія напала на ўласна Кітай.

І раней паміж кітайцамі і японцамі адбываліся сутычкі, але цяпер разгарэлася поўнамаштабная вайна.

Калі чытаць нашы падручнікі, дык можа скласціся ўражанне, што супраць японцаў ваяваў увесь Кітай - і Нацыянальна-рэвалюцыйная армія партыі Гаміньдан на чале з Чан Кай-шы, і камуністычная Народна-вызваленчая армія Кітая. Але гэта далёка не так.

Кітай - гэта мноства народаў, мноства рэгіёнаў, якія маюць і сваю дзяржаўную мінуўшчыну, і свае мовы. Прыход японцаў прывёў да драблення і да таго не адзінага Кітая.

Прыняўшы на сябе ўдар японскіх агрэсараў, урад Кітайскай Рэспублікі зрабіў часовай сталіцай дзяржавы Чунцін. Але ў снежні 1937 г. была абвешчана Кітайская Рэспубліка на чале з часовым урадам і са сталіцай у Пекіне.

З 1937 г. існавала таксама Усходняе Цзі. Гэта ўсходняя частка правінцыі Хэбэй. У 1938 г. Усходняе Цзі стала часткай Кітайскай Рэспублікі са сталіцай у Пекіне.

У 1938-1940 гг. існавала і трэцяя Кітайская Рэспубліка - са сталіцай у Нанкіне. На чале яе стаяў так званы рэфармаваны ўрад.

Асобна ў 1937-1938 гг. існаваў урад "Вялікага шляху" горада Шанхай, які прызнаў уладу рэфармаванага ўраду Кітайскай Рэспублікі.

30 сакавіка 1940 г. часовы ўрад Кітайскай Рэспублікі са сталіцай Пекіне і рэфармаваны ўрад Кітайскай Рэспублікі вырашылі стварыць цэнтральны ўрад Кітайскай Рэспублікі. Гэты ўрад, у які ўвайшлі вядомыя дзеячы Гаміньдана і які выступаў за прымірэнне з Японіяй, працаваў у Нанкіне. Інакш паўсталую ў 1940-м паралельную Кітайскую Рэспубліку называлі рэжымам Ван Цзінвэя.

З 1940-га на тэрыторыі Кітая, апроч ураду Кітайскай Рэспублікі (Чунцін) і рэжыму Ван Цэзінвэя (Нанкін), існаваў і трэці ўрад - Мэнцзяна.

У 1937-1939 гг. аўтаномны ўрад у дзейнічаў у Паўночнай Цзінь. Гэта паўночная частка правінцыі Шаньсі, якая тры тысячагоддзі мела сваю дзяржаўнасць (царства Цзінь, сінонім Шаньсі).

На поўдні правінцыі Хэбэй у 1937-1939 гг. дзейнічаў аўтаномны урад Паўднёвага Чахара.

У 1937-1939 гг. дзейнічаў і аўтаномны ўрад Аб'яднаных мангольскіх аймакоў.

1 верасня 1939 г. (калі пачалася германа-польская вайна) аўтаномныя ўрады Паўночнай Цзінь, Паўднёвага Чахара і Аб'яднаных мангольскіх аймакоў стварылі аб'яднаны аўтаномны ўрад Мэнцзяна (у перакладзе - мангольскіх памежных земляў, мангольскага памежжа). У 1941 г. японцы дазволілі гэтаму ўтварэнню называцца Мангольскай аўтаномнай федэрацыяй. Але захоўвалася і назва Мэн-цзян. Прыйшоўшы да ўлады, кітайскія камуністы вымушаны будуць стварыць ва Унутранай Манголіі сваю аўтаномію. Што праўда, некаторыя землі з мангольскім насельніцтвам у склад аўтаноміі не трапілі.

Нарэшце, нельга не прызнаць, што ў Кітаі час вайны з Японіяй меўся яшчэ адзін урад - камуністычны, пад кантролем якога знаходзілася немалая частка краіны. У гісторыю ўвайшла Пячорная Яньань, дзе ў 1937-1947 адседжвалася кіраўнцітва КПК на чале з Мао Цзэдунам. Гэта быў чацвёрты кітайскі ўрад, калі не лічыць Манчжоў-го.

Асноўны цяжар барацьбы з японцамі ўзвалілі на свае плечы саюзныя заходнім дзяржавам і Савецкаму Саюзу ўрад Кітайскай Рэспублікі (Чунцін) і Нацыянальна-рэвалюцыйная армія на чале з Чан Кайшы.

Калі пачытаць гісторыю барацьбы камуністаў з японскімі захопнікамі, дык міжволі прыходзіш да высновы, што пэўны час змагалася толькі адна Восьмая армія, бо з усіх дзесяці маршалаў КНР шэсць рабілі кар'еру менавіта ў яе шэрагах. Ну, і Чэнь І вызначыўся ў 4-й арміі. А што тычыцца такога палкаводца, як Е Цзя-нінь, дык гэта тыповы палітык, нават палітычны інтрыган. Кар'еры ж маршала Сюй Сянцяня паспрыяла яго перамога над… кітайцамі з Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі Гаміньдана ў 1932 г. Пра яго поспехі у вайне з японцамі чытаць не давялося. Нічога не ўдалося мне пачытаць пра подзівігі ў вайне з Японіяй і маршала Не Жун-чжэня.

2-я япона-кітайская вайна (першая адбылася ў 1890-х гг.), пачаўшыся ў ліпені 1937 г., доўжылася восем гадоў - да верасня 1945 г. Яна папярэднічала ваенным падзеям у Еўропе і працягвалася пасля іх. Ужо гэта дае права сцвярджаць, што 2-я сусветная вайна пачалася задоўга да 1 верасня 1939 г.

"Вялікая вайна Супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам паклала пачатак галоўнаму ўсходняму фронту сусветнай вайны з фашызмам", - чытаем мы ў кнізе "Вялікі ўклад - Кітай у сусветнай вайне з фашызмам" (Пекін, 2015). Гэтае выказванне належыць старшыні КНР Сі Цзіньпіну.

Я б цалкам згадзіўся са старшынём Сі, калі б не ведаў, што галоўным фронтам на Усходзе стаў Ціхаакіянскі тэатр ваенных дзеянняў, якія адбываліся і ва ўсходняй частцы Індыйскага акіяна, калі б не ведаў, што Кітайскай Рэспубліцы істотную мілітарную дапамогу аказалі Злучаныя Штаты (і тут безумоўна вялікая заслуга выхаванай у Амерыцы Сун Мэйлін, жонкі Чан Кайшы).

Нельга цалкам згадзіцца і з падзагалоўкам першай часткі кнігі, у якім напісана: "Кітай першы падняў заслону сусветнай антыфашысцкай вайны і стаў першым буйнамаштабным фронтам, дзе разгортвалася барацьба з фашыстамі". У вайну супраць аўтэнтычных фашыстаў, італьянскіх, першая ўступіла ўсё ж Эфіопія. Што ж тычыцца буйнамаштабнасці фронту, дык гэта праўда. Але ці можна назваць Японскую імперыю таго часу фашысцкай дзяржавай?

АБСЯГ ВАЙНЫ

Да 1 верасня 1939 г. у сусветную вайну былі ўцягнутыя Італія, Эфіопія, Японія, Кітай, Савецкі Саюз, Манголія…

Так, і Савецкі Саюз з Манголіяй. Я маю на ўвазе падзеі ля возера Хасан (ліпень- жнівень 1938 г.) і ля ракі Халхін-Гол (май-верасень 1939 г.). Маю на ўвазе і тое, што Далёкаўсходні фронт Савецкага Саюза сфарміраваўся ў чэрвені 1938 г.

Апошнім часам пра падзеі ля Хасана і ракі Халхін-Гол у электронных СМІ з'явіліся рэвеляцыйныя публікацыі. Тым, хто цікавіцца гэтымі падзеямі даю спасылкі: .... Тут жа працытую рэзюмэ: "Да мая 1939 г. Еўропа была гатовая абрадзіцца вялікай вайной, на Далёкім Усходзе [вайна] палала, хоць не гэтак ярка і горача: японцы завязлі ў Кітаі, але і кітайцы сталі выдыхацца. Сталін не мог дапусціць ні перамогі Японіі ў Кітаі, ні замірэння з ёю кітайцаў - з далейшым разваротам да СССР ужо не адной толькі Квантунскай арміі, але і ўсёй японскай армады, якая магла б выкарыстаць не толькі манчжурскі плацдарм, але ўжо і ўвесь Кітай з яго рэсурсамі, у тым ліку з невычарпальным чалавечым. Адсюль і задача: не даць японцам магчымасці разграміць Кітай, не дапусціўшы выхаду з вайны самога Чан Кайшы".

Аўтары даводзяць, што баі ля Халхін-Гола спатрэбіліся Савецкаму Саюзу, каб зрабіць бяспечным яшчэ адзін канал пастаўкі ўзбраенняў Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі (першы канал пралягаў праз Уйгурстан, другі пракладвалі праз землі манголаў).

Утрымаць Японію і Кітайскую Рэспубліку (Чунцін) у стане вайны Сталіну было патрэбна перш-на-перш таму, што ўжо ўвесну 1939-га ён меў свой план наконт Нямеччыны і ўсёй Еўропы. Скаваная ў Кітаі, Японія не магла ўдарыць з усходу, з тылу.

Баі на Халхін-Голе пяпярэднічалі ваенным падзеям у Еўропе і скончыліся пасля нападу Нямеччыны на Польшчу. Можна іх выкрасліць з гісторыі 2-й сусветнай вайны?

СЛОВА ІОСІФА СТАЛІНА

Ужо даўнавата я спытаўся ў былога рэдактара "Беларускага гістарычнага часопіса" Васіля Кушнера, ці надрукуе ён мой артыкул пра тое, як СССР рыхтаваўся на нападу на Нямеччыну. Я абяцаў, што ў артыкуле будзе выкарыстана толькі адна стэнаграма XVIII з'езду бальшавікоў (сакавік 1939 г.). І больш нічога. Кушнер маю прапанову адкінуў.

Цяпер ёсць магчымасць не на поўніцу тую стэнаграму выкарыстаць.

Першы раздзел справаздачнага даклада Іосіфа Сталіна мае загаловак "Міжнароднае становішча Савецкага Саюза". Першы раздзел даклада заканчваецца двума кароткімі абзацамі. Вось яны:

"Так стаў складвацца блок трох агрэсіўных дзяржаў.

На чарзе паўстала пытанне аб новым перадзеле свету з дапамогай вайны".

Другі раздзел мае загаловак "Абвастрэнне міжнароднага палітычнага становішча, крушэнне па-ваеннай сістэмы мірных дагавораў, пачатак новай імперыялістычнай вайны".

Пачынаецца гэты раздзел са сказа: "Вось пералік важных падзей за справаздачны перыяд, якія паклалі пачатак новай імперыялістычнай вайне". Далей ідзе гэты пералік: напад Італіі на Абісінію і захоп яе; ваенная інтэрвенцыя Германіі і Італіі ў Іспаніі, замацаванне Германіі ў Паўночнай Іспаніі і іспанскім Марока, замацаванне Італіі ў Іспаніі і на Балеарскіх астравах; уварванне ў 1937 г. Японіі ў Паўночны і Цэнтральны Кітай, захоп Кантона (1938) і вострава Хайнань (1939). Згадваецца таксама аншлюс Аўстрыі і захоп Судэцкай вобласці Чэхаславаччыны.

Пералічыўшы ўсе гэтыя гістарычныя факты, Сталін, рабіў выснову: "Такім чынам, вайна… уцягнула ў сваю арбіту больш за 500 мільёнаў насельніцтва, распаўсюдзіўшы сферу свайго дзеяння на агромністую тэрыторыю ад Цзянціна, Шанхая і Кантона праз Абісінію да Гібралтара". І праз абзац: "Новая імперыялістычная вайна стала фактам".

Гэтыя словы, нагадаю, прамоўленыя амаль за 6 месяцаў да нападу Нямеччыны на Польшчу, які з еўропацэнтрычнага (еўраатлантычнага) гледзішча лічыцца пачаткам 2-й сусветнай вайны. Калі ж глядзець на падзеі таго часу шырэй, то трэба згадзіцца з генеральным сакратаром бальшавіцкай партыі: імперыялістычная, або 2-я сусветная, вайна пачалася значна раней - у Эфіопіі.

Сталін ведаў, пра што казаў. Ён сам быў адным з падпальшчыкаў гэтай вайны і нават меў на гэты конт адмысловую тэорыю. Але пра тэорыю калі-небудзь асобна.

31 жніўня 2019 г.

(Працяг тэмы ў наступным нумары.)

Прыжыццёвы некралог па Вацлаву Ластоўскім

Ад перакладчыка.

На пачатку 1936 г. у Вільню з СССР дайшла чутка пра расстрэл Вацлава Ластоўскага. Але, насамрэч, у гэты час ён яшчэ працаваў у ссылцы загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта, арышт адбыўся праз паўтара года, 20 жніўня 1937 г.

Вацлаў Ластоўскі расстраляны 23 студзеня 1938 г. па прыгаворы Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР як "агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі".

Тэкст, які я пераклаў, з'яўляецца рэдкай з'явай прыжыццёвага памылковага некралогу. Цікава, ці паспеў прачытаць гэты тэкст сам Ластоўскі?


Я пад свежым уражаннем ад весткі пра смерць Вацлава Ластоўскага. Ён належаў да тых людзей, пра якіх не магчыма не сказаць. Меў ворагаў, але меў і сяброў, чым больш пра яго зласловілі першыя, тым больш паважалі другія. Чалавек ідэі. Верны ёй праз усё сваё жыццё. Бескарысна служыў гэтай ідэі. Ідэяй была Беларусь, яе адраджэнне. Служыў дваяка: як адзін з найвыбітнейшых дзеячаў культуры і як палітык поўны тэмпераменту, фантазіі і зацятасці. Беспярэчна, яго праца ў культуры больш важная, чым у палітыцы. Аднак, і першае, і другое трэба зараз падсумаваць, каб, нарэшце, стварыць сінтэтычны вобраз чалавека, якога звалі Вацлаў Ластоўскі.

Ён перажыў розныя часы, бо працаваў у Вільні, Коўні, Рызе, Менску, у ссылцы і, пэўна, у турме. І гэтак да смяротнага выраку, бо праца для Беларусі была сэнсам яго жыцця, унутраная патрэба і штодзённы прымус. Чалавек высокіх намераў, высокага і смелага палёту думкі, ён, пэўна, выканаў толькі невялікую частку сваіх задум, планаў і праектаў - і тое толькі літаратурных і выдавецкіх. Калі паглядзім навокал, дык не ўбачым сярод беларусаў нікога, каго можна было б параўнаць з Властам па пафасе і энтузіязме ў культурнай працы. Ён гарэў агнём - адных запальваў, а іншых саграваў.

Самародак і самавук, начытаны і развіты, здольны і таленавіты, толькі ў малой ступені мог быць удзячны школе за сваё развіццё і веды бо не доўга ён выціраў лавы ў школе. Аднак вучыўся ўсё жыццё. Яго працы можа крытыкаваць нейкі адмысловец у метадалогіі які сам дасягнуў вышыняў ў напісанні навуковых тэкстаў. Аднак і такі навуковец будзе прымушаны з павагай ставіцца да вялізнага аб'ёму матэрыялаў сабраных Ластоўскім, асэнсаванню тэмаў, знаходкам заўсёды цікавых і важных арыгіналаў.

* * *

Я пазнаёміўся з Ластоўскім на старонках варшаўскага "Свята", які перад вайной першыя старонкі звыкла прысвячаў інтэрв'ю з прадстаўнікамі розных груп: этнічных, палітычных, грамадскіх, літаратурных, артыстычных ... Сярод іншых з'явіліся і інтэрв'ю з прадстаўнікамі беларускага і літоўскага грамадства ў Вільні. Папулярны і вольны ад эндэцкіх тэндэнцый варшаўскі штотыднёвік надрукаваў тады партрэт Власта і некалькі калонак інтэрв'ю з ім, з якога можна было даведацца, што робіцца ў беларусаў у Вільні і ў правінцыі і да чаго яны імкнуцца.

Асабіста я пазнаёміўся з Ластоўскім у Вільні пад час сусветнай вайны калі з'явілася шчаслівая думка пашырыць беларускую палітычную платформу праз заахвочанне да супрацы тых груп і асоб, якія да гэтага трымалі дыстанцыю ад беларускага руху.

Потым неаднаразова бываў у беларускай "Кнігарні" па вуліцы Завальнай, 7 - месцы якое беларусы добра памятаюць як пункт сходаў і прыватных размоваў, месца з добрай аўрай для бібліяфіла з-за наяўнасці старых, апраўленых у пергамент ці скуры фаліянтаў і рукапісаў. Колькі там было дыскусій! Колькі прыносілася навінаў і чутак з горада і правінцыі, якія будзілі надзею ці непакой.

Власт быў добрым, сардэчным чалавекам. Другой адзнакай Власта была яго далікатнасць, жаданне дапамагчы. Нічога няма добрага, каб яшчэ на пачатку якога-небудзь нацыянальнага руху працягнуць шавінізмам. Не было такога, бо ведаю пра яго сяброўства з палякамі, пра яго блізкае сяброўства з др. Басановічам1 і іншымі. За выняткам, можа, некалькіх асобаў, з усімі ён меў добрыя стасункі.

Будучы вызнаўцам сацыялістычнага рэвалюцыйнага накірунку, В. Ластоўскі быў вольны ад любой партыйнай вузкасці, дактрынёрства, меў шырокі погляд і шырока расплюшчаныя на сусвет вочы даследчыка і мысляра. Разумеў усіх і ўсё. У гэтым можна бачыць прычыну рэдкай з'явы, што палітычна заангажаваны Власт сябраваў з некалькімі ксяндзамі, між іншым і з шваграм былога прэзідэнта Вайцяхоўскага, знаным у Вільні гімназічным катэхетам, с.п. кс. Казімірам Кярсноўскім і з жывым і зараз беларускім паэтам кс. Янам Семашкевічам. З іншымі ксяндзамі заўсёды меў найлепшыя стасункі. Цаніў значэнне рэлігійнага элементу як у выхаваўчай працы (Золак), гэтак і ў выдавецкай (Крывічанін), і трапна казаў пра важкасць добра праведзенай унійнай працы. У Коўне прыгожа сказаў развітальную прамову на жалобе па арцыбіскупу Матулевічу, з якім быў знаёмы яшчэ з Вільні. Не хачу сказаць, што ў асабістым жыцці і палітычнай дзейнасці Власта не было часам пэўных адхіленняў з гэтай дарогі. Адхіленні гэтыя ў большай ступені тлумачыліся парывамі сэрца і жывым характарам, якія не раз пхалі яго да рэалізацыі ці заключэння недастаткова прадуманых небяспечных саюзаў і канцэпцый. Пры гэтым, ён быў палітыкам з чыстымі рукамі. Ніколі не шукаў асабістага інтарэсу і нічога не рабіў у палітыцы для асабістага інтарэсу. У Варшаве быў такім жа, як у Коўні і Рызе, у Берліне быў аднолькавым, як і ў Парыжы. Упэўнены, што застаўся такім жа і ў Менску і хутка заплаціў за гэта сваім жыццём.

* * *

Меў усебаковыя здольнасці. У пэўным сэнсе, калі можна ўлічваць і дылетанцкія захапленні, быў нават і ўніверсальным чалавекам. Аднак нідзе не быў партачом2, працаваў добра і якасна. Яго ратавала тое, што сябе не пераацэньваў. Высока ўзняўшыся на крылах мары, потым зніжаўся, каб паглядзець на ўжо пракладзеную дарогу і на ўжо вядомыя памылкі і гэтак чэрпаў навуку на будучыню. Хіба ніхто не назаве Власта рэальным палітыкам, але скажыце, ці мог быць рэальным палітыкам той, хто працаваў на адраджэнне Беларусі? Беларускі рух на сваім пачатку меў усё супраць сябе і нікога за сябе. Але нават у такіх варунках Ластоўскі мог быць рэалістам пра што сведчыць хаця бы тое, што ён не раз дэнансаваў беларускія эфемерныя арганізацыі словамі: "Хвасты на лік ..." (у старыя часы гіцлі атрымлівалі аплату ад магістрата за колькасць сабачых хвастоў, якія калі-нікалі маглі быць не сапраўднымі).

Власт усё жыццё працаваў у некалькіх накірунках. Вершы пісаў, зразумела, для справы. Натхняў імі, але ці было гэта мастацтвам? Напэўна, не менш, чым у сучасным польскім авангардзе, які прадукуецца ў незлічоных дадатках да газет і нават у "Ведамасцях Літэрацкіх". Быў гісторыкам беларускага народа, яго пісьменнасці, культуры, фальклору. Быў выбітным знаўцам беларускай мовы, сапраўдным яе радовішчам (але апрацаваць свае веды не змог, бо ў выдадзеным ім слоўніку бракуе тлумачэнняў).

Займаўся таксама і рэальнай працай і арганізоўваў дзіцячыя прытулкі, летнікі, добры дзіцячы тэатр, дэбютам якога была пастаноўка старабеларускай містэрыі. Ён прымушаў несвядомых людзей думаць. А яшчэ настаўніцтва, прытулкі, службы ... усё гэта пасля яго яшчэ доўга несла дух, якім жыў Власт і яго паплечнікі.

Заўсёды сардэчна зычыў Власту каб ён вярнуўся ў Вільню, каб тут ён яшчэ мог папрацаваць для беларускай культуры, дзяліцца з намі тым, што сабраў у галіне фальклору, непараўнальным знаўцам якога быў пасля адыходу з гэтага свету цэлай генерацыі як польскіх, гэтак і расейскіх даследчыкаў.

Хто ведае, можа гэта ахвярная смерць Власта ёсць для яго больш прыгожым канцом зямнога жыцця чымсьці павальная смерць у ложку хворага чалавека?

Жаль і смутак з-за смерці Вацлава Ластоўскага павялічвае яшчэ тая акалічнасць, што яго багатыя зборы і ўсе архівы былі раскіданы ці знішчаны. Смерць Власта, як і смерць Івана Луцкевіча ёсць межавым каменем, якім заканчваецца "нашаніўскі" перыяд беларускага руху. Сышоў яго другі заснавальнік.

Ad. Soloduch (кс. У. Талочка).

Waclaw Lastowski // Preglad Wilenski. № 1-2, 16 stycznia 1936. S. 5-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Ян Басановіч (Basanaviсius), адзін з заснавальнікаў літоўскага нацыянальнага руху. " Зь яго іменем зьвязана першая літоўская газэта "Ausra", выдаваная ў Тыльжы (у Прускай Літве) ад 1883 году. Зь яго пачыну адбыўся ў 1905 годзе ў Вільні вялікі ўселітоўскі зьезд, які да лёзунгаў расейскае Рэвалюцыі далучыў лёзунг аўтаноміі Літвы. Ён жа - бацька літоўскае Навукі, закладчык Літоўскага Навуковага Т-ва ў Вільні, аўтар чысьленых навуковых прац і дасьледаў у літоўскай мове. І ўся гэтая дзеяльнасьць Яго - гэта ж падстава, на якой вырасла сучасная Літва, яе незалежнае гаспадарства." - Цыт. па: Луцкевіч А. Д-р Ян Басановіч // Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня; Беласток, 2009. С. 380.

2 Партач, у сярэднявеччы, майстар, які не належаў да цэху і таму мог вырабляць прадукцыю некантраляванай, нізкай якасці.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

ВЫКАЗВАННІ

Еў у меру сваёй тлустасці.

Разумнаму дзве вышэйшыя адукацыі непатрэбныя.

Удавец пры жывой жонцы.

Увесь яго духоўны свет дзяліўся на анекдоты і жанчын.

Хто знойдзе маё шчасце, няхай возьме сабе.

Ён і яна награшылі столькі, што іншага не прыдумалі, як ажаніцца.

Нябожчыку ці хвала, ці хула, а святару навар.

Праўда аб шчырасці яго гутаркі была напісана на твары сінякамі.

Імкнуўся да мудрасці - спазнаў глупства.

Мудрасць жыцця спазнаў уласнай смерцю.

Адам і Ева ў раі былі апрануты па апошнім крыку моды.

Усе мы нарадзіліся з блуду.

Мужчыну псуюць гарэлка і жанчыны, асабліва іх празмернае ўжыванне.

Думаць трэба жывым, мёртваму ўжо не з рукі.

"Я" апошняя літара ў алфавіце і тую карова языком злізала.

Быў у гасцях і стаў, як дровы.

І пні бываюць дубовыя.

Я разумею сэкс, але гэта на іншую літару называецца.

Купляе, як памірае.

Удзельнікі перабудовы абслугоўваюцца па-за чаргой.

Пайшоў у людзі і не вярнуўся.

Маладосць перамагае старасць сілаю, старасць маладосць - розумам.

Баязлівасць - хвароба, як халуйства і чынавенства.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX