Папярэдняя старонка: 2019

№ 38 (1449) 


Дадана: 18-09-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1449), 18 верасня 2019 г.

80 гадоў таму назад беларускі народ уз'яднаўся ў адзіную рэспубліку

Фашысцкая Германія напала на Польшчу 1 верасня 1939 г. 6 верасня штаб камандуючага войскамі Эдварда Рыдз-Сміглага, а таксама частка польскага ўрада пакінулі Варшаву і перанеслі галоўную стаўку ў Брэст-над-Бугам (Берасце).

14 верасня Берасце было занята нямецкімі войскамі. Захопнікі трое сутак атакавалі Берасцейскую цвердзь, якую мужна абаранялі польскія салдаты начале з брыгадным генералам Канстанцінам Плісоўскім. Немцы ў некалькі разоў пераўзыходзілі ў колькасці зброі, абстрэльвалі цвердзь з гармат і мінамётаў, бамбілі з самалётаў. Абаронцы адбілі 7 моцных атак нямецкай пяхоты і танкаў, але іх становішча рабілася ўсё больш драматычным і безнадзейным. Познім вечарам 17 верасня і ноччу з Цытадэлі выйшла большасць абаронцаў у напрамку Кодня, для прыкрыцця асноўных сіл у цвердзі засталіся добраахвотнікі з капітанам Вацлавам Радзішэўскім. Толькі 18 верасня немцы з боку Цярэспаля ўвайшлі ў Цытадэль. Колькі абаронцаў Берасцейскай цвердзі загінула альбо памерла ад ран, невядома.

Паводле распараджэння ўрада СССР 17 верасня 1939 г. пачаўся Вызвольны паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Пачалі ажыццяўляцца пагадненні паміж савецкім і германскім кіраўніцтвам аб размежаванні «сфер інтарэсаў» паводле Маскоўскай дамовы ад 23 жніўня 1939 г. У ходзе паходу Чырвонай Арміі асобныя падраздзяленні Войска Польскага аказвалі нязначнае супраціўленне, адступалі альбо здаваліся ў палон. Мясцовае насельніцтва аказвала садзейнічанне Чырвонай Арміі.

19 верасня 29-я лёгкатанкавая брыгада 4-й арміі пад камандаваннем С. М. Крывашэіна заняла Пружаны, 20 верасня перадавыя часткі брыгады падышлі да Берасця. У горад была накіравана разведка начале з батальённым камісарам Баравенскім. Затым у штаб 29-й брыгады прыбыла нямецкая дэлегацыя ў складзе двух афіцэраў і шасці салдат.

21 верасня С. М. Крывашэін з 4-м танкавым батальёнам увайшоў у горад. Мясцовыя камуністы збудавалі на Кобрынскім мосце (уезд у горад з усходу) драўляную арку, упрыгожаную хвояй, паднеслі хлеб і соль.

Як старэйшы па чыне, камандзір Чырвонай Арміі С. М. Крывашэін прыняў Берасце ад генерала Г. Гудэрыяна. Гейнц Гудэрыян меў загад правесці сумесны парад, але камбрыг праявіў сябе палітыкам і ўхіліўся ад сумеснага параду.

У Берасцейскай цвердзі 22 верасня а 10-й гадзіне з вежы Цярэспальскіх варот пад гукі аркестра быў спушчаны імперскі сцяг. А 12 гадзіне ў цвердзь прыбылі прадстаўнікі Чырвонай Арміі, над цвердзю паднялі сцяг СССР. Перадачу цвердзі правёў камандзір 2-га батальёна 76-га пяхотнага палка обер-лейтэнант Ганц-Георг Лемель. Прыняў цвердзь памочнік начальніка штаба 29-й брыгады капітан Іван Дзмітрыевіч Квас. У цвердзі заставаліся каля 900 параненых польскіх салдат і афіцэраў.

22 верасня ў другой палове дня С. М. Крывашэін на плошчы (цяпер пл. Леніна), стоячы каля Г. Гудэрыяна, назіраў урачысты марш нямецкіх батальёнаў (пяхота, артылерыя, танкі), якія выходзілі з Берасця на захад. Насупраць невысокага памоста з камандуючымі стаялі гледачамі байцы з 4-га танкавага батальёна. У гэты час некалькі савецкіх танкаў, якія праехалі праз горад да пачатку маршу, блакавалі чыгунку, каб немцы не змаглі вывезці маёмасць са складаў.

Паводле СМІ.

Міленіюм Берасця высвяціў гісторыю горада

6-8 верасня адбыліся святкаванні, прысвечаныя 1000-годдзю Берасця. У праграме ўрачыстасцяў былі мастацкія і спартовыя мерапрыемствы, фестываль тэатраў і кніг, гістарычныя выставы, рыцарскія турніры, карнавальнае шэсце. Падчас святкаванняў Аляксандр Лукашэнка падараваў Берасцейскую Біблію музею гісторыі горада. Мясцовыя і цэнтральныя газеты паведамлялі аб адкрыцці новай інфраструктуры - Заходняга абхода, якая разгрузіць транспартныя патокі і палепшыць экалогію горада.

Народнае гулянне працягвалася штодня, маладыя бацькі з дзецьмі з задавальненнем бавілі час ля фантанаў. Турысты з цікавасцю вывучалі барыльефы помніка з анёлам-ахоўнікам на вяршыні і шасцю скульптурамі, пасталенага ў 2009 годзе да 990-годдзя Берасця па праекце архітэктара А.А. Андрэюка і скульптара А.А. Паўлючука.

Абласны гісторыка-краязнаўчы музей па вул. К. Маркса, 40 з гарматамі ля ўвахода прыцягваў увагу гасцей горада. Экспазіцыя музея багатая на дакументы, кнігі, прадметы, здабытыя ў археалагічных раскопках, бліскучыя рыцарскія панцыры і зброю ХII-ХIХ стагоддзяў, старажытныя манеты. Тут можна ўбачыць булаву гетмана, ваярскія дзіды, шаблю часоў Касцюшкі.

У адной з залаў музея можна праехаць у купэ цягніка мінулага стагоддзя па маршруце Берасце-Пінск, агледзець прыродны ланшафт Берасцейшчыны.

Пра яркія факты з гісторыі Берасця распавяла супрацоўніца музея Ніна Міхайлаўна Кірылава.

Берасце ўпершыню ўзгадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1019 годзе. З ХI да сярэдзіны ХII стагоддзя горад знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства. З другой паловы ХII ст. Берасце ўваходзіла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства. У канцы ХII ст. горадам валодаў польскі кароль Казімір II.

У 1319 г. пры князі Гедыміне Берасцейская зямля першы раз далучана да Вялікага Княства Літоўскага. У 1390 годзе Берасце першым з гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі атрымала Магдэбургскае права.

У 1409 годзе ў Берасцейскім замку адбывалася сустрэча польскага караля Ўладзіслава (Ягайлы) і вялікага князя літоўскага Вітаўта, і быў вызначаны план супольных дзеянняў у вайне супраць крыжакоў, а ў 1410 годзе берасцейская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве.

У 1413 годзе быў юрыдычна вызначаны стан горада. Ён стаў цэнтрам Берасцейскага староства Трокскага ваяводства ВКЛ. У 1495 годзе ў Берасці адкрыўся шпіталь, прытулак для старых і знямоглых.

У 1551 годзе Берасцейскае староства ўзначаліў дзяржаўны дзеяч, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны. Вялікі дабрачынца горада М. Радзівіл Чорны ў 1563 годзе заснаваў друкарню і надрукаваў Берасцейскую Біблію. Ён заснаваў у замку кальвінісцкі збор, спрыяў распаўсюду кальвінізму. Берасце атрымала каралеўскі прывілей, і горад займеў пячатку. У 1588 годзе цырульнік Генрых Петэрсан адчыніў першую ў горадзе аптэку.

У 1596 годзе ў Свята-Мікалаеўскай царкве ў Берасці адбыўся Царкоўны сабор, на якім быў прыняты акт аб стварэнні ўніі.

У 1600 годзе ў Берасці вянчаўся князь Януш Радзівіл з княжной Сафіяй Алелькаўнай Слуцкай (згодна з праваслаўнымі крыніцамі).

У 1620 годзе быў пабудаваны ўніяцкі манастыр айцоў-базыльянаў з касцёлам св. Пятра і Паўла па ініцыятыве ўніяцкага мітрапаліта Язэпа Руцкога. Духоўнае жыццё таго часу было багатым і разнастайным. У Берасці ў гэты перыяд існавалі манастыры брыгітак, дамініканцаў і трынітарыяў, касцёл езуітаў. Людзі былі пабожнымі і прагнымі да ведаў, пры манастырах адчыняліся школы і шпіталі.

У 1706 у час Паўночнай вайны шведскія войскі ўзялі горад у аблогу і занялі яго.

- Шведскі кароль быў у захапленні ад Берасця, - распавяла Ніна Міхайлаўна Кірылава. - Ён загадаў свайму мастаку выканаць мапу з выявай горада. Гэта выява дайшла да нашага часу. Выкананая ў вялікім фармаце, яна сёння ўпрыгожвае адну з вуліц горада.

Вайна аслабіла польска-літоўскую дзяржаву. У другой палове ХVIII cтагоддзя Антоні Тызенгаўз заснаваў тут суконную мануфактуру. У 1775 годзе па ініцыятыве караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага распачалося будаўніцтва Мухавецкага (Каралеўскага) канала.

У красавіку1794 года Берасце апынуўся ў руках паўстанцаў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, горад заняў корпус генерал-маёра К. Серакоўскага. Каля Берасцейскага прадмесця Цярэспаля адбыўся бой паўстанцаў з вайскамі Суворава. Войскі К. Серакоўскага былі разбітыя, пазней і Т. Касцюшка трапіў у палон…

У 1812 годзе Берасце занялі напалеонаўскія жаўнеры. ..

Ні адно войска так не парушыла горад, як загад імператара Мікалая 1, які прымусіў разбурыць старажытныя помнікі і пабудаваць абарончую фартэцыю. Будаўніцтва яе ішло з 1836 па 1846 год. Цвердзь акружалі воды Мухаўца і Буга. Забудовы старажытнага Берасця зніклі, а сучасныя вуліцы з'явіліся ўжо на новым месцы. У 1869 годзе была пабудавана чыгунка Берасце-Варшава, у 1871 г. з'явілася чыгуначная лінія Берасце - Масква.

У 1914 годзе пачалася першая Сусветная вайна, а ў 1915 годзе нямецкія войскі занялі Варшаву і Берасце. У 1917 г. у Берасці пачаліся мірныя перамовы. 3 сакавіка горад над Бугам увайшоў у гісторыю як месца падпісання Брэст-Літоўскага міру. У 1921 годзе Брэст-Літоўск у складзе Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы, быў перайменаваны ў Брэст-над-Бугам і стаў цэнтрам Палескага ваяводства. У 1921 годзе горад налічваў 1941 будынак, у ім жылі 29 460 жыхароў.

З 1919 да 1939 горад насіў назву Брэст-над-Бугам, улада належала палякам, была створана Рада і магістрат.

У Вялікую Айчынную вайну Берасце ў ліку першых прыняло на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гераічная абарона Берасцейскай цвердзі доўжылася да канца ліпеня 1941 года.

У пасляваенны час аднаўленне і рэканструкцыя горада вялася інстытутам "Белдзяржпраект". У мірны час мемарыяльны комплекс з музеем Берасцейскай цвердзі-героя быў пабудаваны пад кіраўніцтвам народнага архітэктара СССР У. А. Караля. Упершыню дзень нараджэння горада адзначаўся ў 1969 годзе (950 гадоў).

Мы пацікавіліся, дзе ў Берасці гучыць часцей родная мова. У першую чаргу - у абласной бібліятэцы імя Горкага, побач з якой у 2017 годзе пастаўлены помнік Берасцейскай Бібліі.

Сярод іншых месцаў - гэта краўдфанд-кафэ "Грунтоўня" на пл. Свабоды 18/1, дзе праходзяць кожны тыдзень курсы "Мова-нанова". Таксама гэта грамадскае аб'яднанне "Дзедзіч", дзе адбываюцца лекцыі і семінары. Прыемна пагутарыць па-свойску з гаспадарамі крамы сувеніраў і беларускіх строяў, кніг і часопісаў "Князь Вітаўт", якая знаходзіцца на вул. Савецкай, 55. Тут прыемна набыць падарункі, значкі і паштоўкі на памяць аб наведванні Берасця. Гаспадар крамы запрашае не абмінуць уніяцкую царкву па вул. Дворнікава, 63, дзе можна набыць Новы Запавет, Біблію і іншыя духоўныя кнігі па-беларуску.

Берасце пакідае цёплыя ўражанні. Застаецца толькі чакаць, калі праз некалькі дзесяцігоддзяў цэнтральныя вуліцы - Леніна, Маркса і Савецкая - набудуць імёны Мікалая Радзівіла Чорнага, Тадэвуша Касцюшкі і Язэпа Руцкога.

22 верасня з 1000-годдзем горада жыхароў павіншуе Зміцер Вайцюшкевіч на канцэрце ў памяшканні Берасцейскай абласной філармоніі (вул. Арджанікідзэ, 14) ў 19.00

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Ахова гістарычна-культурнай спадчыны - клопат ТБМ

Нататкі з канферэнцыі

6 верасня ТБМ імя Ф. Скарыны правяло рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю "Нашы вякі - наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны" з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, каталіцкага касцёла, мясцовых дабрачынных фондаў, музеяў. На ёй абмяркоўваліся юрыдычныя, тэарэтычныя і практычныя пытанні захавання гістарычна-культурнай спадчыны.

У вітальным слове начальніца Ўпраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Наталля Хвір перадала падзяку і добрыя словы ў адрас ТБМ ад міністра культуры. Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім зачытала віншаванне ўдзельнікам канферэнцыі з ЗША і пералічыла нормы заканадаўства, якія спрыяюць захаванню беларускасці.

Тэма захавання такіх галоўных каштоўнасцей, як беларуская мова, герб і сцяг прагучала ў выступленнях старшыні ТБМ Алены Анісім, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Міхаіла Іванавіча Пастухова.

Кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гістарычна-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Генадзь Ходар распавёў пра заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны. З яго выступлення ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 17 аб'ектаў сусветнай спадчыны, 635 аб'ектаў нацыянальнага значэння. Міністэрства культуры выступае дзяржаўным рэгулятарам палітыкі па захаванні гістарычна-культурнай спадчыны.

Доктар архітэктуры і прафесар БНТУ Георгій Патаеў зацікавіў прысутных аповедам пра 45 знакамітых паркавых ансамбляў Беларусі, лепшыя з якіх - Нясвіжскі і Гомельскі -захоўваюцца на еўрапейскім ўзроўні.

Пра жывую спадчыну Беларусі - традыцыйныя веды і практыкі як элементы ідэнтычнасці распавяла Ала Барысаўна Сташкевіч, прадстаўніца фонду "Культурная спадчына і сучаснасць". Беларусь захавала ўнікальныя практыкі па бортніцтву, народнай медыцыне, кулінарыі, народных рамёствах. Гэты рэсурс можа дапамагчы ў развіцці крэатыўных індустрый рэгіёнаў.

На секцыйных пасяджэннях абмяркоўваліся тэмы зберажэння архітэктурнай і археалагічнай спадчыны, захавання мемарыяльных мясцінаў і літаратурных помнікаў.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел вядомыя гісторыкі і краязнаўцы Павел Каралёў, Мікалай Півавар, Вітольд Ермалёнак і іншыя. Станіслаў Суднік распавёў пра практыку захавання памяці пра паўстанне 1863 года на Лідчыне. Пра замежны досвед паведамілі Георгій Патаеў, Алена Каховіч, Дзяніс Тушынскі.

Пра аднаўленне храмаў на Беларусі распавёў Яго Эксэленцыя біскуп Казімір Вялікаселец. Алег Анатольевіч Трусаў распавёў пра археалагічнае вывучэнне помнікаў беларускага мураванага дойлідства ХI-ХII cтагоддзя ў ХХ стагоддзі. Важнасць захавання недатыкальнасці зоны Курапатаў падкрэсліла сябра экспертнай групы ў абарону Курапатаў Зінаіда Антонаўна Тарасевіч. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел такія вядомыя папулярызатары шэдэўраў архітэктуры і мастацтва, як Юры Жыгамонт, Сяргей Харэўскі і іншыя.

Што перашкаджае захаванню ў належным стане многіх сядзібаў і паркаў, дапускае іх занядбанасць? Гэта малая колькасць спецыялістаў у галіне культурнай спадчыны - усяго 137 чалавек у рэгіёнах, і слабасць фінансавання. У выступленнях падкрэслівалася неабходнасць прыцягнення прыватных інвестараў для аднаўлення помнікаў архітэктуры і паркавых ансамбляў і стымулявання донараў.

ТБМ як грамадская арганізацыя шчыльна супрацоўнічае з дзяржаўнымі арганізацыямі, дабрачыннымі фондамі па пытаннях папулярызацыі гістарычна-культурных каштоўнасцей, духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа і пастаянна публікуе матэрыялы на гэту тэматыку на старонках газет " Наша слова" і "Новы час".

Юбілейная канферэнцыя ТБМ, арганізаваная намеснікам старшыні ТБМ Дзянісам Тушынскім, атрымалася плённай і змястоўнай.

Э. Оліна.

ГЕРБ, СЦЯГ, МОВА ЯК ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ I НАРОДА. ПРАВАВЫЯ МЕХАНІЗМЫ ЗАХАВАННЯ I УДАСКАНАЛЕННЯ

Уводзіны

Гістарычна-культурная і духоўная спадчына беларускага народа фармавалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яна ўключае ў сябе мастацтва, літаратуру, адукацыю, навуку, народную творчасць і фальклор, іншыя матэрыяльныя і духоўныя даброты. Яе захаванне з'яўляецца перадумовай і ўмовай самабытнасці народа і нацыянальнага развіцця краіны.

Асаблівае месца ў культурным і духоўным жыцці народа займаюць такія атрыбуты нацыянальнай дзяржаўнасці, як герб і сцяг, а таксама мова тытульнай нацыі, якой аддаецца перавага сярод моў іншых нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы.

Ніжэй разгледзім асаблівасці гістарычнага развіцця нацыянальных сімвалаў беларускага народа, яго мовы, замацаванне гэтых каштоўнасцяў у заканадаўстве, а таксама праблемы, звязаныя з іх захаваннем і ўдасканаленнем у новых умовах.

Герб Беларусі

У беларускай гісторыі прынята лічыць, што сімвалам беларускай дзяржавы здаўна быў герб Вялікага Княства Літоўскага "Пагоня" - выява збройнага вершніка на кані ў руху, які ў правай руцэ трымае меч гарызантальна над галавой, а ў левай руцэ - шчыт, на белым полі якога намаляваны шасціканцовы залаты крыж.

Пасля ўваходжання ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай у 1569 г. герб "Пагоня" з мінімальнымі зменамі, нароўні з гербам Кароны Польскай, быў элементам Герба Рэчы Паспалітай, аж да яе ліквідацыі ў 1795 годзе.

У 1918 г. "Пагоня" стала гербам Літоўскай Рэспублікі, а таксама Беларускай Народнай Рэспублікі. У савецкі перыяд у Літве і ў Беларусі герб "Пагоня" не выкарыстоўваўся. З 1988 г. "Пагоня" стала сімвалам нацыянальнага руху ў Літве і ў Беларусі.

10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацвердзіў герб "Пагоня" ў якасці Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

14 траўня 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на які выносілася, сярод іншых, пытанне аб усталяванні новых дзяржаўных сцяга і герба. Па дадзеных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, за станоўчае вырашэнне пытання прагаласавала 75, 1% выбаршчыкаў. У выніку герб "Пагоня" быў заменены гербам, які нагадвае герб БССР.

5 ліпеня 2004 г. быў прыняты Закон "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь". Згодна з арт. 9 Закона, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб аздоблены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы "Рэспубліка Беларусь".

Я, як былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, раней неаднаразова выказваў меркаванне, што рэферэндум па ўказаных пытаннях не мог праводзіцца. Рашэнне аб прызначэнні рэферэндуму было прынята з прымяненнем фізічнай сілы ў дачыненні да дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, якія абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту. Да таго ж, вынікі галасавання выклікалі вялікія сумневы ў назіральнікаў ад палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый.

Выкладзенае дазваляе сцвярджаць, што дзяржаўны герб "Пагоня" захоўвае свой легітымны статус і можа быць адноўлены новым Парламентам (магчыма, на падставе рашэння Канстытуцыйнага суда аб незаконным характары рэферэндуму 1995 года).

Сцяг Беларусі

У гісторыю беларускай дзяржаўнасці ўвайшоў бел-чырвона-белы сцяг. Лічыцца, што эскіз гэтага сцяга падрыхтаваў у 1917 годзе Клаўдзій Душ-Душэўскі ў адказ на просьбу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу.

Пазней бел-чырвона-белую стужку масава ўспрынялі ў Менску. У снежні 1917 г. у час Усебеларускага з'езда гэты сцяг быў прызнаны нацыянальнай сімволікай Беларусі. Ён стаў дзяржаўным сцягам БНР. 3 прыходам на зямлю Беларусі Чырвонай Арміі ён быў забаронены.

У канцы 80-х гадоў бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Пасля правалу путчу ГКЧП 24 жніўня 1991 г. дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг, дзе ён і застаўся. На наступны дзень дэпутат-касманаўт Уладзімір Кавалёнак прынёс у залу яшчэ адзін сцяг.

19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон "Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь".

На рэферэндуме ад 14 траўня 1995 г. А. Лукашэнка прапанаваў замяніць Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. На падставе дадзеных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дзяржаўныя сімвалы краіны былі змененыя. Аднак, як вышэй адзначалася, гэты рэферэндум нельга прызнаць законным, а яго вынікі - юрыдычна значнымі.

Мова Беларусі

Яшчэ да абвяшчэння суверэнітэту Беларусі 26 студзеня 1990 г. Парламент краіны прыняў Закон "Аб мовах у Беларускай ССР". У ім абвяшчалася, што дзяржава "забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця", "праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі", "забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў", "стварае грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі".

У мэтах развіцця палажэнняў Закона Савет Міністраў БССР прыняў Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў, у якой ставілася задача паэтапна перайсці на беларускую мову ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

Аднак з выбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі сітуацыя ў моўнай палітыцы кардынальна змянілася. Працэс беларусізацыі быў прыпынены. Пытанне аб мовах было вынесена на рэферэндум у наступнай рэдакцыі: "Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?". Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, 83,3% грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, адказалі "так"; і толькі 12,7% адказалі "не". Пасля рэферэндуму пераход на беларускую мову спыніўся і пачаўся зваротны працэс.

У ходзе перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 г. выявілася, што беларускую мову лічылі сваёй роднай 73,6% жыхароў краіны, у сем'ях на ёй мелі зносіны 37%. На перапісе 2009 г. сітуацыя ў моўнай сферы змянілася: беларускую мову ў якасці роднай прызналі 53,2% апытаных, пры гэтым у сем'ях на ёй мелі зносіны 23,4%.

Па стане на 1 лютага 2013 г. на беларускай мове ў школах навучаліся 138,4 тысячы ці 16,4% навучэнцаў, а ў ВНУ 0,7 тысяч ці 0,2% студэнтаў.

У цяперашні час сістэма сярэдняй адукацыі на беларускай мове мае фармальны характар. У буйных гарадах жадаючых вучыцца ў беларускіх класах практычна няма. Болыпасць школ з беларускай мовай знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, што дазваляе казаць аб наяўнасці беларускага складніка ў працэсе навучання.

У атласе моў ЮНЕСКА беларускую мову пазначаюць як vulnerable, гэта значыць, ўразлівую, аслабленую. На думку экспертаў, калі не прыняць экстраных мераў па падтрымцы гэтай мовы, то яна хутка адамрэ.

Як вядома, у Беларусі няма ніводнай ВНУ, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. З такой ініцыятывай выступіла Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны". Пакуль зарэгістраваны прыватны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Выканаўцам абавязкаў рэктара стаў ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Вядзецца падрыхтоўка дакументаў для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць, фарміруецца штат выкладчыкаў, вызначаюцца будучыя спецыяльнасці. З верасня 2018 г. дзейнічаюць падрыхтоўчыя курсы для навучэнцаў старэйшых класаў, а таксама студэнтаў, якія жадаюць вучыцца па-беларуску.

Яшчэ адна праблема, звязаная з выкарыстаннем беларускай мовы, заключаецца ў яе прыніжэнні ў дзяржаўным і грамадскім жыцці. У гэтай сувязі заслугоўвае падтрымкі ініцыятыва дэпутата Палаты прадстаўнікоў, цяперашняга старшыні ТБМ Алены Анісім па прыняцці законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспублікі Беларусь".

Я таксама падзяляю меркаванне А. Анісім аб тым, што "беларуская мова - аснова нацыянальнай бяспекі". Сапраўды, шануючы сваю нацыянальную мову, беларуская нацыя зможа кансалідавацца, усвядоміць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, свае нацыянальныя каштоўнасці і ў выніку адстаяць сваё права быць самастойным народам.

Высновы і прапановы

Беларускі народ як нацыянальная еднасць з даўняй гісторыяй і культурай сфармаваў свае сімвалы ў выглядзе герба і сцяга, захаваў сваю самабытную мову.

Па выніках рэферэндуму 1995 года былі зменены дзяржаўныя сімвалы, і разам з беларускай мовай, статус дзяржаўнай атрымала руская мова. Па шэрагу прычын рэферэндум 1995 года нельга прызнаць законным. Гэта пазбаўляе яго вынікі юрыдычнай сілы і захоўвае легітымнасць раней дзеючых палажэнняў.

У мэтах умацавання статусу дзяржаўных сімвалаў і дзяржаўнай мовы ў Рэспубліцы Беларусь прапаную ўнесці папраўкі ў артыкулы 17 і 19 Канстытуцыі, выклаўшы іх у наступнай рэдакцыі:

Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова як мова тытульнай нацыі.

Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін.

Артыкул 19. Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь з'яўляецца палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальна размешчаных палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй белага, сярэдняй - чырвонага колеру. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні 1: 2.

Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь з'яўляецца старадаўні герб Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель, які ўяўляе сабой малюнак размешчанага на чырвоным фоне вершніка белага колеру, звернутага ў левы бок, з паднятым мячом і шчытом з крыжам.

Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з'яўляецца музычная кампазіцыя на верш Наталлі Арсенневай "Магутны Божа".

Варыянт: Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з'яўляецца музычная кампазіцыя на верш Леаніда Пранчака "Жыве Беларусь!".

Міхаіл Пастухоў

ВІНШАВАННЕ З ЮБІЛЕЕМ ЦІ ЯК Я СТАЎ БЕЛАРУСАМ?

14 верасня адзначыў свой 80-гадовы юбілей мой сябар Пётр Ільіч Рогач. Ён нарадзіўся на хутары Старына Слабадскога сельскага савета на Мядзельшчыне. У раннім дзяцінстве страціў бацьку, таму даводзілася шмат працаваць дома па гаспадарцы, у калгасе. Вучыцца пачаў у складаны пасляваенны час. У 1955 годзе выдатна скончыў Слабадскую дзесяцігодку (у атэстаце сталасці была толькі адна чацвёрка па рускай мове).

Пасля заканчэння школы па камсамольскай пуцёўцы паехаў у Казахстан на будаўніцтва Джэзказганскага металургічнага камбіната, дзе працаваў тынкоўшчыкам, рознарабочым. Далей была праца бліжэй да роднага краю - у Эстоніі на шахце № 6 трэста "Эстонсланец". І толькі ў 1958 годзе ён паспяхова здае ўступныя іспыты і становіцца студэнтам геаграфічнага факультэта БДУ, у далейшым спецыялізуецца ў накірунку "эканамічная геаграфія". Усе гады навучання быў старастам плыні і групы, атрымоўваў Ленінскую стыпендыю. Вытворчую практыку пашчасціла прайсці ў Дзяржплане БССР пад кіраўніцтвам акадэміка В.С. Нямчынава і прыняць удзел у распрацоўцы першага міжгаліновага балансу рэспублікі. Затым была вучоба ў аспірантуры, якую давялося прыпыніць у сувязі з прызывам у армію. Падрыхтоўку дысертацыі з-за гэтага давялося таксама часова адкласці.

Навукова-даследчая работа Пятра Рогача адразу была звязана з Інстытутам эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (сёння гэта НДЭІ Мінэканомікі Беларусі), дзе ён працаваў з 1967 па 1977 год. У 1973 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата геаграфічных навук.

Як вопытнага навукоўца, у 1977 годзе Пятра Ільіча запрашаюць на педагагічную працу ў БДІНГ (сёння гэта БДЭУ). Тут ён адразу працуе старшым выкладчыкам, затым - дацэнтам, а з 1983 па 2003 год - загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі (з 1988 года кафедра размяшчэння прадукцыйных сіл). У БДЭУ ён працаваў яшчэ дацэнтам на кафедрах дзяржаўнага кіравання і эканомікі прыродакарыстання да 2013 года, адкуль пайшоў на заслужаны адпачынак. Менавіта ў "наргасе" нашы жыццёвыя шляхі перасекліся. Я прыйшоў туды таксама працаваць напрыканцы 1977 года. Узгадваючы першыя ўражанні ад нашага знаёмства, хачу падкрэсліць, што якім ён быў добрым, сціплым, працавітым, адказным, прыстойным чалавекам, такім і застаўся. Для мяне ён заўсёды будзе асобай, якая ўвабрала лепшыя рысы беларускага народа. Калі адносна нядаўна я даведаўся пра колькасць яго навуковых прац (звыш 300), быў проста ўражаны. Пагадзіцеся, што далёка не кожны доктар навук можа пахваліцца такой іх колькасцю. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што сярод іх не толькі артыкулы, але і манаграфіі, падручнікі і дапаможнікі. І нават сёння на старонках перыядычнага друку нярэдка можна сустрэць матэрыялы з яго прозвішчам на надзённыя тэмы.

Аднак самы адметны след, які пакінуў Пётр Ільіч у маім жыцці - гэта беларуская мова, якую я пераняў ад яго, працуючы побач з ім. Мяне заўсёды натхняла тая апантанасць, з якой ён і шэраг іншых выкладчыкаў БДЭУ адстойвалі права выкладаць па-беларуску. Сёння я з гонарам магу сказаць, што беларусам стаў дзякуючы яму. Не раз прыходзіў да высновы, што працэс беларусізацыі ў ВНУ адбываўся б значна хутчэй, каб там працавалі такія адданыя Бацькаўшчыне асобы, як Пётр Ільіч. Не магу не ўзгадаць такі факт. Калі стаяла пытанне матэрыяльнага стымулявання тых выкладчыкаў, якія выкладаюць па-беларуску, ён і некаторыя яго калегі адмаўляліся ад яго і гатовыя былі самі даплачваць, каб толькі не было перашкод на гэтым шляху. Мяркую, што тыя зярняткі беларускасці, якія, вобразна кажучы, былі ўкінуты ў глебу адукацыі Рогачам Пятром Ільічом і яго паплечнікамі ў апошнія дзесяцігоддзі, дадуць свой плён. Не магу не сказаць і пра нашчадкаў, якіх пакінуў мой сябар на гэтай зямлі. У яго два сыны - Васіль (пражывае ў ЗША) і Павел (кандыдат фізіка-матэматычных навук), якія "падарылі" бацьку пяцярых унукаў. Вельмі хочацца, каб Пётр Ільіч заставаўся здаровым (наколькі гэта магчыма ў такім узросце) і дачакаўся праўнукаў, каб яшчэ пры жыцці ўбачыў вынікі тых сваіх высілкаў, якія рабіў на карысць Беларусі.

З павагай і ўдзячнасцю, Вячаслаў Сасноўскі.

Слонімскі "Паланэз" прэзентавалі ў Дзятлаве

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя слонімскага літаратурнага альманаха "Паланэз". На прэзентацыю завіталі са Слоніма пісьменнікі Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч і мастачка, бард, паэтка Надзея Салейка. Да гэтай урачыстасці дзятлаўскія бібліятэкары арганізавалі вялікую выставу кніг, прысвечаную 75-годдзю Гарадзенскай вобласці, распавялі пра гістарычны шлях вобласці, а потым пазнаёмілі прысутных з гасцямі. Сяргей Чыгрын перад дзятлаўчанамі падвёў вынікі Дня беларускага пісьменства і друку ў Слоніме, распавёў пра першы літаратурны альманах "Паланэз", а таксама запэўніў, што ў наступным годзе падобны альманах з'явіцца і на Дзятлаўшчыне. Мікола Канановіч чытаў свае новыя вершы, а Надзея Салейка парадавала прысутных не толькі вершамі, але і рамансамі ў сваім выкананні. Сустрэчу ўпрыгожвалі і дзятлаўскія артысты, якія выконвалі песні на роднай мове. Роднае слова гучала ў выкананні Алы Чарняўскай і Марыны Шаўчук. А грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч запрасіў дзятлаўчан дасылаць свае творы ў будучы альманах і аб'явіў конкурс на яго прыгожую назву.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава. Фота аўтара.

Берасцейская Біблія і нашчадкі Радзівілаў

На святкаваннях 1000-годдзя Берасця гораду было перададзена факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі. Ёмісты фаліянт вагой 15 кілаграмаў у 1,5 тысячы старонак выклікаў шмат зацікаўленасці. Выданне пабачыла свет 4 верасня 1563 года. Яно выходзіла па загадзе і на сродкі берасцейскага старасты, канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. Працэс рэдагавання і друкавання Берасцейскай Бібліі адбываўся пад кантролем беларускіх і польскіх асветнікаў і друкароў Ц. Базыліка і С. Мурмэліюса. На працягу многіх стагоддзяў міжканфесійныя спрэчкі і атэістычныя трактоўкі не дазвалялі належным чынам ацаніць каштоўнасць выдання.

Вяртанне велічных кніжных помнікаў абуджае цікавасць да знакамітых асобаў мінуўшчыны, асэнсавання іх вычынаў. Застаецца шмат таямніц, святло на якія праліваюць навукоўцы.

- Чаму Мікалай Радзівіл Крыштаф Сіротка спаліў Біблію, якую друкаваў яго бацька, Мікалай Радзівіл Чорны? Якія рысы Берасцейскай Бібліі лічацца кальвінісцкімі? Гэтыя пытанні мы накіравалі спадару Алесю Сушу, каардынатару і навуковаму кіраўніку праекту па перавыданні, намесніку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. - У чым былі рысы кальвінізму і Рэфармацыі ў Берасцейскай Бібліі?

- Сапраўды, Берасцейская Біблія была выканана ў кантэксце кальвінісцкіх плыняў у ВКЛ і ў Кароне Польскай.

Па-першае, сам зварот да Бібліі, як да галоўнай крыніцы веры - гэта рыса Рэфармацыі. Менавіта эпоха Рэфармацыі спарадзіла неабходнасць выдання Бібліі. Гэта кніга стала галоўным сведчаннем жыцця Хрыста і галоўнай крыніцай веры. Яна стала даступнай для хатняга чытання.

Другая рыса - пераклад на жывую нацыянальную мову. Мы бачым пераклады на нацыянальныя мовы, якія пачынаюць з'яўляцца ў ХVI-тым стагоддзі - гэта адказы на выклікі Рэфармацыі. У гэты ж час з'яўляецца пераклад Берасцейскай Бібліі на польскую мову, якая стала мовай рэфарматараў па Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе ад Чэхіі да Масковіі.

Трэццяя рыса - зварот да першакрыніц. Берасцейскую Біблію перакладалі з арыгінальных моў - са старажытнагрэчаскай і старажытнагабрэйскай. Як мы заўважылі, аказалі ўплыў пераклады на англійскую і французскую мовы, выкананыя ў ХVI-тым стагоддзі. Рэфармацыйны рух спарадзіў вельмі глыбокі аналіз старажытных тэкстаў, спробу спалучыць дакладнасць думкі і адпаведнасць арыгіналу, мастацкасць і прыгажосць арыгінальнага тэксту.

Чацвёртая рыса - некаторыя каментаванні і адсылачнасць. У Берасцейскай Бібліі багата каментароў, існуюць прадмовы, пасляслоўі, тэксты, напісаныя выдаўцамі, аўтарамі перакладу адмыслова для гэтага выдання. Спроба асэнсаваць, патлумачыць сваю пазіцыю, характэрна для эпохі Рэфармацыі. Яшчэ адна рыса, якая паказвае прыналежнасць да Рэфармацыйных тэндэнцый - індывідуальнасць. Біблію выдаўцы спрабавалі зрабіць даступнай для кожнага. Такая ідэя была рэалізавана.

Берасцейскае выданне раскрыла ўсе таямніцы, пачынаючы з каментароў і завяршаючы двума блокамі, якіх раней нідзе не было - гэта пералік чытанняў Старога Запавету і Псалмаў па днях года на кожны дзень кожнага месяца. Раней такімі ведамі валодаў выключна святар. Толькі ён і мог зачытаць гэтыя тэксты і ўжываць у казаннях у набажэнстве. Іншы аб'ект, які з'явіўся ўпершыню - гэта прадметны ўказальнік у канцы Берасцейскай Бібліі, ён дапамагаў знаходзіць неабходныя фрагменты ў Бібліі.

Што датычыцца Мікалая Крыштофа Радзівіла, я ўпэўнены, што спаленне Бібліі - гэта міф. Хутчэй за ўсё, гэта легенда, створаная ў пачатку ХIХ стагоддзя гісторыкамі эпохі рамантызму. Гэтую легенду мы бачым у Яўхіма Лелявеля, Уладзіслава Сыракомлі і іншых даследчыкаў-рамантыкаў ХIХ-га стагоддзя. Для беларускай супольнасці не характэрна паліць Біблію. У нас ніколі не было рэлігійных войнаў. Нішчыць Біблію - гэта грэх.

Сыны Мікалая Радзівіла Чорнага мелі добрую рэлігійную адукацыю, паважалі Біблію. Юры Радзівіл быў кардыналам і біскупам Віленскім. Паліць Біблію было непрыстойна. Дакладных крыніц пра паленне Берасцейскай Бібліі няма. Асобнікаў яе арыгіналаў захавалася вельмі многа! Мы сёння маем каля 130 асобнікаў у свеце. Гэта фенаменальная з'ява, іншых берасцейскіх выданняў засталіся адзінкі. Такі факт пярэчыць магчымасці іх палення! Як бы ні мяняліся рэлігійныя погляды Радзівілаў, спадчыну папярэднікаў яны заўжды шанавалі, паважалі і захоўвалі. Мікалай Крыштоф Радзівіл Cіротка не знішчыў Берасцейскую друкарню, выкарыстоўваў яе сам, а пасля перадаў Віленскай калегіі.

На Беларусі іх захавалася пяць няпоўных асобнікаў выдання, адзін - у Акадэмічнай бібліятэцы ў Менску, адзін - у абласной Берасцейскай, тры - у руках прыватных уладальнікаў.

Захаванне Берасцейскай Бібліі Багуславам Радзівілам - чарговае пацверджанне паважнага стаўлення Радзівілаў да спадчыны папярэднікаў. Багуслаў Радзівіл, унук Мікалая Радзівіла Чорнага, папрацаваў шмат, каб ушанаваць спадчыну свайго папярэдніка, ён перавыдаў Берасцейскую Біблію. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага здзейснена некалькі перавыданняў - у Каралеўцы, у Торуні. Багацейшая бібліятэка Багуслава Радзівіла ў Слуцку, у створанай ім новай рэзідэнцыі Радзівілаў - імпульс Новага часу ў культуры Беларусі, які выкарыстоўваў рэнесансныя і рэфармацыйныя павевы. Там жа захоўваўся Радзівілаўскі летапіс.

Берасцейская Біблія прэзентуе нам эпоху Рэфармацыі і эпоху Адраджэння. Гэты помнік сведчыць, што нашы продкі былі не тымі, хто ўспрымаў павевы звонку, але былі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага працэсу. Ідэя факсімільнага ўзнаўлення заключаецца ў тым, каб звярнуць увагу на значнасць артэфакта як сімвала велічы Берасця, Беларусі, беларускай культуры, бо гэта сапраўдны шэдэўр паліграфіі ХVI стагоддзя. Берасцейская Біблія сведчыць пра актыўныя інтэлектуальныя працэсы паміж Берасцем і Жэневай, Берасцем і Кракавам, Берасцем і Вільняй.

Берасцейскую Біблію добра вычыталі і адрэдагавалі, хаця перакладчыкі былі самыя розныя. Працавалі над перакладам знаўцы грэчаскай і габрэйскай моваў, лаціны, прадстаўнікі розных краін, з ВКЛ, Францыі, Італіі, Германіі. Прадстаўнікі ўсёй Еўропы рупіліся над гэтым выданнем. Жан Кальвін падтрымліваў сувязі з перакладчыкамі і з Мікалаем Радзівілам Чорным. У кнізе ёсць прадмова-прысвячэнне, напісаная Мікалаем Радзівілам Чорным да караля Жыгімонта Аўгуста, якая тлумачыць аўтарскую ідэю. У прадмове М. Радзівіл заклікае Жыгімонта Аўгуста да духоўнага абнаўлення, да шукання сапраўднага Слова Божага.

Наспеў час для шматаспектнай ацэнкі Берасцейскай Бібліі ў кантэксце нацыянальнай і агульначалавечай культуры як помніка сусветнай значнасці.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. А.А. Суша з асобнікам факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі; 2. Мікалай Радзівіл Чорны; 3 Экслібрыс Б. Радзівіла; 4. Навуковае даследаванне "Асэнсаванне шэдэўра".

Крапівенскае поле

На Крапівенскім полі вятры.

Палыны. На далоні патры -

Загарчыць.

Торгне сутаргай, болем.

Тут вякі праплылі,

як віры па Дняпры,

За палкамі палкі

тут прайшлі ваяры,

Змагары,

што накрытыя полем.


На Крапівеньскім полі трава.

Крапіва.

Тут крыві напілася Масква,

Татарва

з крыжакамі ў хаўрусе…

Тут над імі

усімі

паўстала Літва -

І абрынулася ў Беларусі!


Дзе ж мы дзелі

літоўскую долю?

Веліч продкаў? Іх вольную волю,

Што яны аплацілі крывёй?

Як гарчыць палыном на

Крапівенскім полі?

І пячэ крапівой!..

Уладзімір Някляеў.

УВАГА!

Газета "Наша слова" нагадвае пра конкурс на лепшы твор экалагічнай тэматыкі.

Гэта можа быць літаратурны твор:

- нізка вершаў;

- паэма;

- апавяданне;

- эсэ.

Можа быць журналісцкая праца:

- інтэрв'ю;

- рэпартаж;

- расследаванне;

- артыкул.

Можа быць твор выяўленчага мастацтва:

- плакат;

- банер.

Можа быць песня.

Ніякіх персанальных узнагародаў пераможцам не будзе, але:

- літаратурныя творы і журналісцкія працы будуць апублікаваны ў "Нашым слове"

- у тых раёнах, адкуль паступяць лепшыя творы, школы раёна будуць падпісаны на газету "Наша слова".

- калі сярод пераможцаў акажацца плакат ці банер, то на іх грунце будзе надрукаваны банер 6х3 м і перададзены ў адпаведны раён для размяшчэння на правах сацыяльнай рэкламы.

Тэрмін падачы матэрыялаў да 15 лістапада 2019 г. Матэрыялы падаваць на адрас: naszaslowa@tut.by.

Поспехаў!

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ТАДЭВУША РЭЙТАНА (20.08.1742--8.08.1780)

"Забіце мяне,

але не забівайце Айчыну!"-

І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў.

Вялікае Княства быць цэлым,

як сэрца, павінна,

Калі ж раздзіраць яго -

будзе пралітая кроў.

Ды ўжо ўсё падзелена,

толькі адобрыць патрэбна.

Адобрыць падзел

аніхто не прымусіць цябе.

Цябе аніхто тут не купіць

за золата й срэбра,

Купляюцца ж многія,

потым жывуць у журбе,

Бо золата й срэбра

ніколі не будзе Айчынай,

Дзе сонца ўзыходзіць,

нібыта смяецца дзіця,

Дзе самыя вабныя ў свеце красуні -

жанчыны,

З якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцця

Без іх на зямлі,

дзе туман малаком раніцою

Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве,

Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол,

над зямлёю

Яднае крыжы на касцёле старым і царкве.

"Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!".

Твой голас у шуме,

бы ў твані сівой, патануў.

З табой засталіся

найлепшыя нашы мужчыны,

З якімі любую асіліш бяду і вайну,

Але вас нямнога,

і ўжо не з'іначыш нічога…

І вернешся ў родную Грушаўку

ты не маўчаць,

І будзеш, як свечка ўначы,

прад Айчынай і Богам

На вочах тутэйшых людзей дагараць…

20-21.07.2008 г.

БАЛАДА ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ (4.02.1746 ці 12.02.1746-15.10.1817)

"Амерыка, бывай! Вяртаюся дахаты!"-

Твой голас, нібы чайка белая, ляціць

Над пенай хваль,

што нібы дым вайны кудлаты

Віруе за табой, каб ты не змог любіць

Вайну, якая не за волю і не за Айчыну,

Не за любоў...

І ведай, што паўстанню быць,

Бо нельга болей жыць так,

каб тваю радзіну

Чужак няволіў, прымушаў сваё забыць.

Ды не забыць сваё! Яно сваё ад Бога,

Як любая зямля, як мова, як крыжы,

Як гэтая твая дамоў праз свет дарога

Самотная, як восенню штодня дажджы...

І заўтра вернешся ты ў родныя пенаты,

Прыгожы, генерал і ўсё шчэ малады.

І будуць поспехі ў цябе, і будуць страты,

І ўсё забудзецца на змрочныя гады

У родным краі, каб пасля ізноў успомніць

Цябе нам не чужога па крыві, душы,

І вольнай Беларусі залатыя промні

Заззяюцца цвікамі і ў тваім крыжы...

17.07. 2008 г.

БАЛАДА ЮЛЬЯНА НЯМЦЭВІЧА (16.02.1758 - 21.05.1841)

Ізноў зацішыцца маёнтак Скок і-

Збіраешся ў дарогу, гаспадар.

Паўзуць з усходу чорныя аблокі,

І сонца ўсходзіць, бы ў крыві штандар.


І ты апошні раз глядзіш на поле,

Дзе шчэ нядаўна ехалі сябры,

Якія марылі з табой аб волі

Для краю, пра які ты гаварыць

Да скону будзеш у раманах, вершах,

Бо родны край - не Лондан, не Парыж,

А гэты сад, дзе яблыкаў нарвеш ты,

І ля дарогі брукаванай крыж.

Той крыж абняўшы, можаш праслязіцца

І, быццам сябрука, расцалаваць.

Хто любіць родны край - той не баіцца

Яго пакінуць, потым паміраць

Без родных ніў, без песень, без надзеі,

Якія аніколі не памруць

І без якіх душа заледзянее,

З халодных воч анёлы не ўзлятуць...


І ты глядзіш апошні раз на Скокі,

Не плачаш ты, каб у слязах тваіх

Не плавалі ні сонца, ні аблокі,

Што прыплылі да нас з краёў чужых.

29.07.2009 г.

БАЛАДА МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА (7.10.1765-15.10.1833)

Радзіма вечная, як неба гэта,

З якога, нібы дождж, сыходзіць Бог

І ў музыцы жыве, нібыта лета

Жыве ў траве і камянях дарог,

Якімі ты Радзіму пакідаеш,

Бо Княства немагчыма аднавіць,

Як кроў пралітую не пазбіраеш,

Ды Княству жыць у нашае крыві,

Як музыцы ў траве, вадзе, лістоце,

У ветры, што змятае пыл з крыжоў.

Жыць Княству,

як святлу ў нябёсным лёдзе,

Малітвам у крылатасці буслоў,

Якія над тваёй дарогай кружаць,

Нібы анёлы, для якіх наш край

Плыве азёрна-залатою ружай,

Якой ты кажаш светлае: "Бывай…"

Праз Лету, праз душу, якая плача

Па тым, што ўжо не вернуцца сюды

Ні Княства, ні князі з крывёй гарачай,

Ні закаханы ў беларусак ты…

31.08.2005 г.

БАЛАДА СТЭФАНА ГРАБОЎСКАГА (24.06.1767--4.06.1847)

Вялікага Княства не будзе ўжо болей,

А ты спадзяешся, што вернецца час,

Якому да нас не вярнуцца ніколі,

Бо й час, што прыходзіць -

не цалкам для нас.

Ён нас не шкадуе, руйнуе палацы,

А ты не шкадуеш для волі сябе.

І ты - пераможца, ты ў Вільні на пляцы,

Але ўсё часова, ізноў ты ў журбе,

Бо мора крыві і яна залатая,

Бо самыя лепшыя леглі ў зямлю.

Вялікае Княства, як сонца, знікае

І ўсходзіць у сэрцах, як слова "люблю", -

Люблю гэты край, дзе, як слёзы, азёры,

Бялюткія Храмы, ля вёсак крыжы

І, нібы з бурштыну, драбнюткія зоры

У небе, дзе вольна заўсёды душы,

Якая баліць па радзімавых гонях,

Якія цяпер здратаваны мяжой.

І верыш, што прыйдуць французы

і сёння ж

Адродзіцца Княства і ў Княстве спакой.

І будзе спадманам табе абяцанне,

Што вернецца Княства і светлы той час.

Ды час залаты і павек не настане,

Бо час, што прыходзіць,

прыходзіць па нас.

І ты ўжо глядзіш на завею, што ў полі

Французаў хавае, хавае іх шлях,

Якім яны ўжо тут не пойдуць ніколі,

І слёзы ў тваіх не ўскіпаюць вачах…

21.07.2008 г.

БАЛАДА АДАМА ХРАПТОВІЧА (19.03.1768-25.12.1844)

Сядзіш прад свечкай, свечка ў цемнаце,

Бы кветка адзінокая, цвіце...


У Шчорсах школу маеш для сялян,

Каб і яны ў жыцці магчымасць мелі

Не толькі ведаць, як завецца пан,

А для чаго на свеце - разумелі -

Жывуць яны і гінуць у паўстаннях.

Без сонца ў небе не пачнецца ранне,

Як не пачнецца шлях ад родных хат

У свет без веры, што вяртанне будзе

Дамоў, хоць гэты край не райскі сад.

Хто бацька твой - ніколі не забудзеш

І будзеш кнігі субіраць, як ён.

Адам Міцкевіч у цябе загосціць.

Да мудрых кніжак трапіўшы ў палон,

"Гражыну" ён задумае і ўзросціць,

І, гледзячы на сумны дождж з вакна,

Прашэпча ён: "Айчына ў нас адна..."

І вершаў беларускіх настварае,

Якія потым згубяцца, згараць,

Як зараз свечка прад табой згарае,

Каб аніколі больш не асвятляць

Таго, што свет само ўжо асвятляе...

27.04.2010 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Нямецкі вандроўнік напісаў пранікнёны тэкст пра Беларусь

Навіны Германіі

Інга Пэтц - нямецкі журналіст, аўтар кніг і эксперт па Беларусі з Берліна - надрукаваў у інтэрнэтвыданні Der Standard нарыс па слядах чарговай вандроўкі ў нашую краіну.

Цяжкія чорныя аблокі вісяць у небе, нібыта надзьмутыя пуховыя падушкі. Потым пачынаецца дождж. Ён спачатку імжыць, а потым лье, нібы з вядра. Я адчуваю гул грузавікоў, міма якіх мы праносімся. Польскія, украінскія нумары, расійскія, літоўскія, беларускія. Нямецкія заўважаеш толькі зрэдку.

Пырскі вады страляюць у шкло майго шлема. Праз пасмы дажджу свет выглядае скажоным і размытым. Я толькі ўрыўкамі бачу перад сабой ясны шлях.

Разрыў у аблоках заспявае нас, калі мы праносімся каля Познані, горада, дзе нарадзіўся ў 1904 г. мой дзед. Да канца Першай сусветнай гэты горад належаў Нямецкаму Райху. Прусія абсарбавала яго ў сваё цела пасля таго, як імперыялістычная пажадлівасць расцягнула польска-літоўскую дзяржаву на кавалачкі. У небе між тым разыгрываецца драматычная сцэна барацьбы аблокаў з чыстым небам - бадай, тут, уласна, і пачынаецца нашае падарожжа.

Я жыву ў Берліне разам з жонкай Алесяй. Яна нарадзілася ў Беларусі, я на захадзе Германіі. На матацыкле мы кіруемся з захаду на ўсход, але не напрасткі, а так, як уздумаецца, ажно да Стоўбцаў - маленькага мястэчка на паўднёвы захад ад беларускай сталіцы.

Яго назву можна перакласці як "плытагоны" - бо рака, на якой у пачатку 16 стагоддзі збудавалі гэтае мястэчка, выкарыстоўвалася ў якасці транспартнага шляху. Рака па-беларуску завецца Нёман. Па-нямецку - Мемель. Там вырасла мая жонка. Там жывуць яе бацькі.

Той, хто едзе з Берліна ў Маскву чыгункай, перасякае Нёман. Па мосце, які дагэтуль, нібы ў часы халоднай вайны, ахоўваюць салдаты. З 1994 г. я наведаў Беларусь незлічоную колькасць разоў.

Дзякуючы Беларусі я таксама лепей спазнаў Польшчу.

Шмат хто з маіх беларускіх сяброў у розны час там жыў, вучыўся ці працаваў. Каб зарабіць грошы, каб мець перспектыву, каб пажыць у вольнай краіне. Беларусь дзеліць са сваёй суседкай доўгую гісторыю.

Да канца 18 стагоддзя беларуская культурная прастора знаходзілася ў межах падвойнай польска-літоўскай дзяржавы. Калі ж пасля Першай сусветнай вайны паўстала Другая польская рэспубліка, захад Беларусі зноў зрабіўся польскім. У 1939 г. нацысты і саветы падзялілі паміж сабой суседа. Пасля гэтага былі вайна, тэрор, генацыд, адсяленні.

Мой дзед быў на Ўсходнім фронце, дзед маёй жонкі ваяваў у Чырвонай Арміі.

За тое, што мы можам быць разам, мы мусім падзякаваць зменам, што адбыліся пасля 1989 г. Таму імя шашы, якая злучае Берлін і Варшаву - Аўтабан свабоды - для нас не пусты гук. Выправіцца ў такое падарожжа - неблагая ідэя ў наш час, калі навокал дзяруць глоткі, заклікаючы будаваць новыя межы, калі прапагандуюць ізаляцыю і адмежаванне, калі гістарычныя прыдумкі і гістарычнае забыццё зноў уваходзяць у моду. Пракаціцца на матацыкле па абшарах еўрапейскай гісторыі.

Ля Гнезна зноў нясцерпна пячэ сонца. Падчас запраўкі ключ запальвання развальваецца на кавалкі. Бадай, не выпадкова, што гэта адбываецца менавіта ў тым горадзе, які звязваюць у міфах з утварэннем польскай дзяржавы. Перад намі матэрыялізуюцца дзве "польскія феі" - так мая жонка іранічна ахрысціла двух супрацоўнікаў службы эвакуацыі. "Мы вам зробім новы ключ", - кажа адзін з іх, невысокі, жылісты ды шпаркі на словы.

Мая жонка размаўляе з імі на сумесі ламанай польскай і беларускай. Паразумецца можна. "На вуліцы Адама Міцкевіча ў нас ёсць файны майстар, ён дапаможа". Іншы, цыбаты, пазірае на жонку: "Вы Адама Міцкевіча ведаеце?" "Ясная справа. А ці вы ведаеце, што ён нарадзіўся ў Наваградку? Гэта ў Беларусі, маёй радзіме". Цыбаты стомлена пасміхаецца. Нам робяць ключ на вуліцы Міцкевіча, якая ёсць амаль у кожным польскім месцы (акурат, як вуліца Гётэ ў нямецкіх гарадах). Падарожжа выратаванае. На развітанне: абдымкі, фота.

Рушым далей. На вуліцах стаяць бабулькі ды прадаюць грыбы, мёд і сочыва, а маладыя кабеты гандлююць уласным целам. У Мазурах мы мінаем азёры, якія глядзяць сваімі глыбока-блакітнымі вачыма ў неба, пад аховай старых прысадаў, а таксама старыя сядзібы, якія, толькі-толькі адрамантаваныя, чакаюць адпачывальнікаў з Варшавы.

У вёсках пахне, як і раней: вогнішчамі, гноем, свежым сенам.

Вечаровае сонца прасякае ўсё навокал ласкавым, мяккім святлом - і, здаецца, ты разумееш, чаму шмат хто з настальгіяй і паэзіяй узгадвае пра Мазуры.

Ландшафт, які гісторыя не раз цягнула то ў адзін, то ў другі бок, як і іншыя абшары ў гэтай пераходнай зоне Еўропы, дзе скрозь стагоддзі мяшаюцца разнастайныя культуры. "Я старанна складаў свой край дзяцінства з драбочкаў разбітага свету", - так апісваў сваё існаванне ў свеце, які знік, мазурскі пісьменнік Эрвін Крук.

Буслы, здаецца, няблага пачуваюцца сёлета. Часцяком, у буслянках па два малых, якія чакаюць, калі ж нарэшце можна будзе вучыцца лётаць. Бадай, яны адзіныя, хто ведае, што гэтыя краі звязаныя разам.

І сапраўды - беларускія пейзажы дужа падобныя да нямецкай зямлі Брандэнбург. Шырокія палеткі, густыя лясы, прахалодныя азёры; часам узгорысты, а потым зноў пляскаты краявід.

Калі дзень хіліцца да вечара, у старой сялянскай сядзібе на краі маленечкай вёсачкі мы сустракаем маладую польскую пару, якая запрашае нас пачаставацца кілбаскамі.

Абое пераехалі сюды з Варшавы, а нарадзіліся ў Любліне. Яна была настаўніцай, працавала ў маленькай фірме. "Мне падабалася настаўнічаць", - кажа яна. "Але ў нашых настаўнікаў малыя заробкі".

Наступным ранкам мы развітваемся з гаспадарамі сядзібы, іншай маладой парай са Шчэціна. Яны вырашылі збегчы з горада ў дзікую рамантычную прыроду.

"Вёска бегуноў" - так яны называюць сваё месца жыхарства. Абодва - апантаныя аматары бегу, і часта запрашаюць да сябе ў госці спартоўцаў з усяго свету. Мазуры зноў робяцца перакрыжаваннем шляхоў, дзе сустракаюцца іншыя культуры і паўстаюць новыя гісторыі.

Вуліца ў нікуды

Вуліца, што вядзе праз сасновы і яловы бор, здаецца бясконцай. Кавалак неба - усяго толькі плямка на гарызонце. Вуліцы ў кірунку мяжы вядуць у нікуды, апошняе слова тут застаецца за прыродай.

Чалавек інтуітыўна адчувае дыскамфорт, які сыходзіць ад межаў - яны падзяляюць, рэжуць напалам, разрываюць, за іх зацята змагаюцца стагоддзямі і паміраюць у крывавых пакутах.

І хаця я меў досвед памежнага кантролю яшчэ дзіцём, калі мы на аўто ездзілі ў Нідэрланды ці ў Бельгію, каб набыць кавы ці заправіцца, а таксама пад час сваіх журналісцкіх і турыстычных вандровак у постсавецкую прастору, але і дагэтуль блізкасць мяжы выклікае ў мяне нервовае трымценне ў жываце.

На памежным пераходзе ў Кузніцы ўжо чакаюць дзясяткі аўтамабіляў і мікрааўтобусаў, якія жадаюць трапіць у Беларусь. Большасць - з беларускімі нумарамі, некаторыя з польскімі, і адзінкі - з расійскімі. Працэдура малазразумелая для тых, хто з ёй не знаёмы.

Спачатку правяраюць пашпарты і візы. Потым трэба кіравацца да беларускай мытні і зарэгістраваць свой аўтамабіль, а таксама даць багаж на праверку. Таму, хто не ўмее ні па-беларуску ні па-руску, даводзіцца нясоладка. Толькі пасля гэтага падымаецца шлагбаум, і можна ехаць да наступнага шлагбаўма, працягнуць памежніку квіток, на якім пашпартысты і мытнікі паставілі свае пазнакі.

Праз тры без малога гадзіны можна, нарэшце, патрапіць у Беларусь. Іншыя чакаюць даўжэй, грузавікі - часам нават цэлы дзень. Чакальнікі прымаюць гэта з пакорай і гумарам.

Купанне ў Нёмане

Мы мінаем Гародню, горад, які ўжо ў 1444 г. атрымаў Магдэбурскае права.

Паўз сасновыя лясы, залатыя палеткі, сакавітыя лугі, паўз гістарычныя мястэчкі Наваградак і Мір, а таксама вёскі з іх яркімі кветнікамі і шэрымі ці блакітнымі драўлянымі хатамі, мы едзем у кірунку Стоўбцаў. Там бацькі Алесі ўжо накрылі святочны стол. Са свежымі памідорамі і гурочкамі з уласнага агароду, са смажаным шчупаком з Нёмана, салёным салам і бульбай.

Бульбашы - так, крыху прыніжальна, называюць часам беларусаў - бульбяныя людзі.

Многія тутэйшыя стравы маюць у сваім грунце гэты цвёрды клубень. Ежа сардэчная і шчодрая. У дадатак - гарэлка і сентыментальныя тосты. "За тое, каб мы адзін пра аднаго клапаціліся і каб да наступнай сустрэчы не давялося так доўга чакаць".

Пафас дзейнічае як абарончы слой, якім абраслі беларусы за стагоддзі войнаў і катастрофаў, перажытых гэтай зямлёй.

Я ўзгадваю, як некалі прасіў у Алесіных бацькоў рукі яе дачкі такімі самымі надзьмутымі словамі. "Не быў бы то немец", - вырвалася тады ў маёй будучай цешчы. Яна збянтэжана ўсміхнулася. Мы паглядзелі адзін на аднога і зарагаталі.

У наступныя дні мы плавалі ў Нёмане, пазіралі ў беларускае неба і елі, елі ды елі. Хатка, у якой некалі справілі вяселле я ды Алеся, стаіць на самым нёманскім беразе, на Мемелі. На гэтым кавалку зямлі нарадзіўся Мікола, бацька Алесі, які шмат год таму пасадзіў тут для мяне яблыню. Сёлета яна добра ўрадзіла. Мой дзед, які нарадзіўся ў Познані, быў на Ўсходнім фронце і ў савецкім палоне, жыў на вуліцы, якая да вайны насіла назву Мемелерштрасэ - Мемельская.

Мы робім вылазкі ў горад Дзяржынск з яго высокімі шматпавярхоўкамі - мястэчка было названае так у гонар смерцепрагнага заснавальніка ЧК Фелікса Дзяржынскага, а таксама на сядзібу, дзе ў шляхецкай сям'і нарадзіўся Адам Міцкевіч.

"Палякі кажуць: ён наш пісьменнік. Таксама і беларусы і літоўцы", - тлумачыць дырэктар музея. "Нават французы жадаюць залічыць яго да сваіх. Але я кажу: гэта не важна. Важная ягоная паэзія, якая вядзе сюды людзей з усяго свету".

Напрыканцы нашага візіту - зноў пачастунак і пітво. Мы смяёмся і плачам.

Па твары маёй жонкі яшчэ бягуць слёзы, калі на даляглядзе з'яўляюцца фабрычныя коміны Баранавічаў.

За мяжой мы заўважаем двух маладых буслоў, якія ўздымаюцца ў неба, шалёна б'ючы крыламі.

Нас вітаюць матацыклісты. Мы салютуем ім у адказ працягнутымі рукамі. Гэта толькі сімвалічнае прывітанне. Але яно - знак яднання, жэст, якому нам у Еўропе варта зноў падвучыцца.

Наперад, увесь час наперад, на захад. Па вуліцы, якая вядзе амаль пад ганак нашага дома, праз усё нашае жыццё.

Інга Пэтц. (пераклаў Руслан Гаёк)

Пра "Вяртанне з забыцця" і не толькі...

Яўген Гучок

Днямі я атрымаў каштоўны падарунак ад свайго знаёмага і аднадумца, сапраўднага педагога і выдатнага краязнаўца, актывіста "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", гарадзенца Івана Фёдаравіча Будніка - кнігу "Вяртанне з забыцця", толькі што выдадзеную ў гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт". Падарунак - гэта заўсёды прыемна, а гэты да ўсяго яшчэ каштоўны сваёй горкай, бясстрашнай і высакароднай праўдай. Гэты падарунак - і як бы пралог да асэнсавання, таго што адбылося з сапраўднымі людзьмі і як бы заклік зрабіць усё, каб такое не паўтарылася.

Мала хто так пацярпеў пад час Другой сусветнай вайны, як некаторая частка заходніх беларусаў - былых грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, пераважна Ўсходніх Крэсаў. Тут неабходна заўважыць, што і ўсходнім беларусам пад завязку хапіла гора ад бальшавікоў - гэтага сусветнага зла мангола-татарскай афарбоўкі; асабліва з навязваннем мясцоваму насельніцтву калгаснай (прыгонна-рабскай) сістэмы гаспадарання. Нежадаючых уступаць у камуністычныя кібуцы таварнымі эшалонамі вывозілі на Поўнач і ў Сібір і гэтым пракладвалі дарогу і для заходнікаў. На Случчыне з гэтай нагоды-прычыны нават прыказка нарадзілася: "Не пойдзеш у калгас - павязуць у Каталас". Ды і пад час Другой сусветнай вайны ўсходнікі смяртэльна цярпелі як ад немцаў, так і ад савецкіх партызан. Ды ці мала ўвогуле беларускі народ прыняў гора ад сваіх дабрадзеяў - значна больш моцных суседзяў з Захаду і Ўсходу і, вядома, іх памагатых - сваіх здраднікаў. Рэпрэсаваных саветамі беларусаў было ад 400 тысяч да 1 млн. 400 тысяч. А што скажуць недаступныя для даследчыкаў архівы?

Кожны мастацкі твор сваёй падасновай мае яшчэ і аўтарскую выдумку-прыдумку; кніга ж І. Будніка пабудавана на ўспамінах удзельнікаў - жывых ахвяр тых драматычных падзей, на расповядах дзяцей тых пакутнікаў, на дадзеных лонданскіх і варшаўскіх архіваў, апублікаваных у Беларусі ў газеце "Новы час" гісторыкам Ю. Грыбоўскім. Але вернемся больш шчыльна да "Вяртання з небыцця".

Пасля таго, як Польшча пацярпела паразу ў 1939 г. ад фашысцкай Германіі і бальшавіцкага Савецкага Саюза, польскія войскі, якія былі ва ўсходняй камуністычнай акупацыйнай зоне, сталі палоннымі Чырвонай Арміі. НКУС адфільтраваў польскіх афіцэраў і прыгаварыў іх да Катыні, а салдат і малодшых камандзіраў у таварных вагонах даставілі да самага палярнага круга, да таго Котласа, куды, як ужо ўзгадвалася вышэй, адпраўлялі з Усходняй Беларусі нежадаючых прыняць калгасны рай, - на будаўніцтва чыгункі на Варкуту - сталіцу канцэнтрацыйных лагераў. Многа палякаў, заходніх беларусаў знайшлі там свой скон ад непасільнай працы, голаду, холаду (- 40º) і здзекаў ад савецкіх фашыстаў-нкусаўцаў.

А праз пэўны час, калі Чырвоная Армія не вытрымлівала націску вермахта і цярпела ад яго скрышальныя паразы, бальшавікі па дамоўленасці з польскім урадам у эміграцыі (у Лондане) дазволілі фарміраваць з сыльных Польскую армію пад камандаваннем генерала Ў. Андэрса, які таксама трапіў у бальшавіцкі палон і якога вызвалілі з Лубянкі (таксама па дамоўленасці названых бакоў). Вядома, кожны з гэтых бакоў меў свае планы пры стварэнні Польскай арміі. У. Сікорскі ў Лондане разлічваў пры падтрымцы гэтай арміі вызваліць Польшчу і аднавіць дэмакратычную дзяржаву. Гэтая дэмакратычнасць да беларусаў дае аб сабе ведаць яшчэ і ў нашыя дні. Як, гарадзенцу Юльяну Парэмскаму - сыну грамадзяніна Другой Рэчы Паспалітай, палоннага Чырвонай Арміі, савецкага катаржаніна, удзельніка вайны ў арміі Андэрса, узнагароджанага крыжам "Віртуці Мілітары" за Монтэ-Касіна. Шчодра абмылі сваёй крывёй і беларусы шурпатыя, дзікія горы каля гэтага манастыра.

Заслугоўвае асаблівай пільнай увагі чытача, як пасля вайны савецкія органы агітавалі беларусаў, што не загінулі падчас баявых дзеянняў, вяртацца дадому. Не ўсе ўспрынялі тую актыўную камуністычную агітацыю. А хто на яе паддаўся, той зноў зрабіўся вязнем ведамства ГУЛАГ-а з яго непасільнай працай, голадам, здзекамі і іншымі праявамі рускага фашызму. А даверлівых, што вярнуліся дамоў, было не так ужо і мала. З адной толькі Гарадзеншчыны было каля 400 (чатырохсот) чалавек з іх сем'ямі. Не менш такіх вяртанцаў было з Берасцейскай, Віцебскай і Менскай абласцей (не менш за паўтысячы), часткі якіх да 1939 г. уваходзілі ў склад Польшчы, адкуль таксама праз ведамства ГУЛАГ-а адпускалі беларускіх палякаў і католікаў у Польскую армію.

А як жа ставіліся мясцовыя жыхары да спецперасяленцаў-андэрсанцаў. Калі паняволеныя імкнуліся апрацаваць які кавалак зямлі і пасадзіць там штосьці для ўласнага выжывання, атручаныя савецкай прапагандай расіяне выкрыквалі: "Во-о, куркулі! І тут не здохнуць!". І гэта за тое, што "куркулі" ваявалі супраць нямецкага фашызму, а не за савецкі фашызм. Саслалі тых "куркулёў" яшчэ і за тое, каб ніхто з іх не распавядаў, як людзі жывуць па-за межамі Савецкага Саюза.

Нейкая палёгка прыйшла да высланых пасля смерці дыктатара Сталіна, любімага і сёння рускімі. Але палёгка тая не рабіла нявольнікаў сапраўды вольнымі, аб чым сведчаць старонкі кнігі.

Паказальна, што на працягу ўсяго зместу сваёй кнігі аўтар акцэнтуе ўвагу на лёсе беларусаў-гарадзенцаў у Польскай арміі. Папрозвішчна, папаветна (параённа) ён на колькі гэта магчыма ўваскрасае памяць аб сынах беларускай зямлі на Другой сусветнай вайне і пасля яе. Тут падаюцца спісы загінулых у Сярэдняй Азіі, у Іране, у Іраку, у Палесціне, у ваенна-марскім флоце, у ваенна-паветраных сілах, на поўначы Вялікабрытаніі, у Шатландыі, а таксама спіс памерлых ад ран, служыўшых у розных іншых падраздзяленнях польскага войска (парашутнай брыгадзе).

Тут жа знаходзім спісы дзяўчат і юнакоў кадэцкіх школ, загінуўшых ва Ўзбекістане і на Блізкім Усходзе, а таксама юнакоў з вайсковай дапаможнай службы. Уражвае сваёй колькасцю спіс загінулых пры штурме Монтэ-Касіна, а таксама спіс загінулых у бітве за Рыміні і на Готскай лініі пры вызваленні Балоніі.

У асобнай частцы кнігі даюцца ўспаміны, разважанні і расповед дзяцей воінаў У. Андэрса, якія пасля вайны раздзялілі лёс сваіх бацькоў, якія апынуліся, фігуральна кажучы, на лініі двух бесчалавечных рэжымаў.

Вяртанне з забыцця багата праілюстравана, што дае большае ўяўленне аб жыцці і смерці нашых землякоў на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, Савецкага Саюза, Азіі, Афрыкі і Заходняй Еўропы.

Адначасова падаецца спіс літаратуры - кніг, часопісаў, газет - крыніц, якімі карыстаўся аўтар у сваёй рабоце.

А яшчэ міжвольна гэтая кніга як бы падводзіць чытача да пэўнай мажлівасці параўнання нямецкага і рускага фашызму.

Кожны беларус, кожны прыстойны чалавек не можа не выказаць сваіх слоў удзячнасці, павагі і пашаны ў адрас Івана Фёдаравіча Будніка за стварэнне такой бясстрашнай у сваёй праўдзівасці і актуальнай і сёння кнігі пра вяртанне з забыцця пакутных герояў-беларусаў.

У Менску канцэртам ушануюць памяць вядомага музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі

Аўтару азначэння "беларускі рок" 29 верасня споўнілася б 60 гадоў.

Беларускія музыкі ўшануюць памяць вядомага крытыка, пісьменніка і паэта Вітаўта Мартыненкі, якому б 29 верасня споўнілася 60 гадоў. У гэты дзень Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Плясанаў, Алесь Камоцкі і іншыя героі кніг аўтара выступяць з акустычным канцэртам у палацы культуры імя Шарко (Менск, вул. Уральская, 3).

- Для мяне Вітаўт Мартыненка - не проста сябар, настаўнік, але і чалавек, які спрычыніўся да з'яўлення беларускага року. Гэты чалавек разам з Анатолем Мяльгуем у 80-х гадах рабіў сапраўдную музычную рэвалюцыю, засноўваючы першыя беларускія рок-клубы і фестывалі, - расказвае арганізатар канцэрта Віталь Супрановіч. - Увесь час мы думалі, як ушанаваць яго памяць, і вось вырашылі гэта зрабіць да юбілею. Сёлета Вітаўту споўнілася б 60 гадоў.

Да канцэрту будзе выдадзены зборнік песень, напісаных на вершы Мартыненкі або перакладзеных ім.

Вітаўт Мартыненка - журналіст, пісьменнік, паэт, музычны крытык, сталы аўтар "Нашага слова". Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у "Чырвонай змене", на беларускім тэлебачанні і радыё "Свабода", арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад. У 1985 годзе разам з Анатолем Мяльгуем стварыў першы ў Беларусі рок-клуб "Няміга". Удзельнік арганізацыі фэстаў "Тры колеры", "Басовішча". Пісаў прозу, вершы і тэксты для беларускіх і ўкраінскіх гуртоў. Аўтар музыказнаўчых кніг "Праз рок-прызму", "222 альбомы беларускага року і не толькі", "Rock on-line", а таксама шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця. Мартыненка прыдумаў азначэнне "беларускі рок". У 2016 годзе з ускладненнямі дыябету трапіў у шпіталь, памёр 17 красавіка 2016 года.

Дзе: Менск, палац культуры імя Шарко (вул. Уральская, 3).

Калі: 29 верасня, 19.00.

Квіткі: 8-15 рублёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX