Папярэдняя старонка: 2019

№ 43 (1454) 


Дадана: 23-10-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 43 (1454), 23 кастрычніка 2019 г.

Юбілей Інстытута гісторыі НАН стаў стымулам для правядзення міжнароднага кангрэса

17-18 кастрычніка ў Менску ў Інстытуце гісторыі і акадэмічнай бібліятэцы НАН праходзіў IV Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі "Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні." Ён быў прымеркаваны да 90-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Адбылося пленарнае пасяджэнне і выступленні ў чатырох секцыях. Праблемнае поле кангрэса ахоплівала такія пытанні, як: метадалогія і гістарыяграфія, крыніцазнаўства і археаграфія, сучасныя даследаванні ў галіне археалогіі і іншыя.

На форуме абмяркоўваліся пытанні гісторыі беларускай дзяржаўнасці, этнагенезу на беларускіх землях, гістарычных формаў беларускай дзяржаўнасці. У фокусе даследаванняў гісторыкаў сёння - сацыяльна-эканамічныя трансфармацыі і грамадска-культурныя змены ў Беларусі (канец XVIII-XX ст.), генезіс беларускай нацыі і нацыянальнай ідэі. Праводзяцца даследаванні ў галіне сусветнай гісторыі, Беларусь вывучаецца ў сістэме міжнародных адносін. Суверэнная Рэспубліка Беларусь разглядаецца як найвышэйшая ступень рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.

На IV Міжнародным кангрэсе абмяркоўваліся пытанні ўкаранення канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў вучэбна-выхаваўчым працэсе школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, методыка выкладання гісторыі ў навучальных установах, фарміраванне гістарычнага светапогляду маладога пакалення.

Пра дзейнасць Цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі распавёў яго дырэктар, доктар гістарычных навук, прафесар Валянцін Фёдаравіч Голубеў:

- У склад Цэнтра ўваходзяць чатыры аддзелы: аддзел антрапалогіі, крыніцазнаўства і археаграфіі, аддзел генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі, аддзел гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследвання. Асноўныя напрамкі дзейнасці Цэнтра - вывучэнне гістарыяграфіі сацыяльна-палітычнай і эканамічнай гісторыі Беларусі, выяўленне і апрацоўка новых крыніц па гісторыі нашай краіны.

Прафесар Голубеў адзначыў працы такіх асобаў, як Аляксандр Барысавіч Доўнар, Аляксей Іванавіч Шаланда, Андрэй Анатольевіч Мяцельскі, Аляксандр Анатольевіч Жлутка.

Пра метады выкладання гісторыі ў ВНУ паведаміў у сваім выступленні прафесар Уладзімір Аляксандравіч Бажанаў (БНТУ). Пра працу з моладдзю па вывучэнні гісторыі Вялікай айчыннай вайны распавёў кандыдат гістарычных навук Альберт Іосіфавіч Котаў (БДУ), былы малагадовы вязень канцлагера ў Мар'інай Горцы. Пра развіццё канфесійнага вектара даследаванняў і дыскусіі па канфесійнай тэрміналогіі паведаміла кандыдат гістарычных навук Раіса Уладзіміраўна Зянюк.

- Важна перайсці ад наратыўнага падыходу да глыбокага аналізу гістарычных момантаў, звязваць нашу гістарычную навуку з сусветнымі працэсамі, - падкрэсліў прафесар У.А. Бажанаў.

У дакладах былі адзначаны дасягненні навукоўцаў і рост іх узроўню, але разам з тым на кангрэсе прагучала інфармацыя пра так званую "аптымізацыю кадраў" і скарачэнне фінансавання некаторых мерапрыемстваў.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: удзельнікі IV Міжнароднага кангрэса гісторыкаў Беларусі.

Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты

Спадар Тушынскі з'яўляецца каардынатарам экалагічнага руху "Зялёны дазор" і сябрам Беларускай партыі "Зялёныя". Неўзабаве будзе апублікавана праграма, якая спалучае экалагічны змест і пункты ў падтрымку беларускай мовы і суверэнітэту Беларусі.

tbm-mova.by.

Уласны досвед удзелу ў перапісе

Перапіс па Інтэрнэце - справа выдатная, нікуды не трэба ісці, нікога не трэба пускаць у хату. Запоўніў, як захацеў, запісаў, што захацеў. Ніхто не навяжа табе рускую мову, бо "мы ўсім пішам рускую", ніхто не пачне схіляць напісаць дзве мовы і г.д. Але жывыя стасункі з перапісчыкамі таксама нечага вартыя, бо перапіс па Інтэрнэце закончыўся, перапісалася недзе каля 2 мільёнаў, а астатнія 7 мільёнаў з лішнім павінны перапісаць перапісчыкі.

Ва ўсіх гарадах адкрыты стацыянарныя перапісныя ўчасткі. У Лідзе іх чатыры.

Перапісны ўчастак № 2 г. Ліды. Загадчык участка - Вольга Козіч. Гадоў 20 з нечым.

На пытанне, ці ёсць анкета на беларускай мове (канешне, электронная), адказвае:

- Калі ласка, - пераходзіць на літаратурную беларускую мову і вядзе па-беларуску ўсю гутарку ад пачатку да канца без адзінай памылачкі.

Лёгка і нязмушана разбіраецца з усімі кустамі ажыны, агрэсту, глогу, шыпшыны, парэчак і інш. Ведае трускалкі, хаця ў анкеце, як падалося, стаяць "клубніцы" і г.д.

Ну і чаго мы маем хацець ад гэтай улады ў пытанні перапісу, калі яго праводзяць такія высокаадукаваныя спецыялісты, як Вольга Козіч? Не скажу за ўсю Беларусь і нават за ўсю Ліду, але за ўчастак № 2 можна быць спакойным. Тут будзе ўсё аб'ектыўна.

І хочацца парадавацца за тую ж Ліду, бо калі ёсць такія маладыя спецыялісты з такім бездакорным валоданнем мовай, то не ўсё ў нас прапала, што б там ні налічылі ў цэлым па астатняй Беларусі.

Станіслаў Суднік.

Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв'ю пяці недзяржаўным СМІ

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв'ю пяці недзяржаўным СМІ: "Нашай Ніве", tut.by, БелаПАНу, Радыё "Свабода" і Еўрарадыё. Адказваў на пытанні Макей каля дзвюх гадзін. "Наша Ніва" сабрала асноўныя выказванні міністра.

Як патлумачыў прэс-сакратар міністэрства, кожнае з гэтых выданняў даўно прасіла пра інтэрв'ю, і было вырашана арганізаваць такую сустрэчу адразу для ўсіх.

Ад "Нашай Нівы" ў размове ўдзельнічаў Арцём Гарбацэвіч.

Першыя пытанні журналістаў датычылі тэмы гэтак званай "Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі" і прапаноў Масквы аб "паглыбленай інтэграцыі".

Пра інтэграцыю:

- Ніякага палітычнага складніка ў праграме інтэграцыі няма, гаворка пра больш паглыбленую інтэграцыю ў сферах, якія маюць значэнне толькі для эканамічнага развіцця дзяржавы: гарманізацыя правілаў і ўзгодненая прамысловая, энергетычная (асабліва нам цікавы адзіны рынак энерганосьбітаў), аграрная палітыка, абмен інфармацыяй аб руху тавараў, што таксама важна, бо шмат шэрага імпарту ідзе ў тым ліку з Усходу.

Так, на першапачатковым этапе абмеркавання былі непрымальныя для нас прапановы: я так разумею, гэта работнікі сярэдняга звяна расійскіх міністэрстваў унеслі іх. Аб стварэнні нейкіх наднацыянальных структур, напрыклад. Але прэзідэнты на форуме ў Пецербургу прызналі немэтазгоднасць работы над прапановамі, якія ўтрымліваюць палітычны складнік: няма сэнсу гаварыць, напрыклад, аб стварэнні цэнтральнага банка, калі мы эканамічна не інтэграваліся.

Разглядаецца, дзе б заканадаўства было набліжана, і я не думаю, што з'явяцца нейкія новыя органы - існуе мноства інстытуцыянальных механізмаў, якія дазваляюць нармальна ўзаемадзейнічаць, пытанні могуць разглядацца на сумесных калегіях міністэрстваў.

А адносна той публікацыі ў "Коммерсанте" - я думаю, гэта было зроблена наўмысна і з пэўнымі мэтамі, і што гэта не ёсць афіцыйнай пазіцыяй расійскіх уладаў. У нас нармальныя адносіны на ўзроўні міністэрстваў, якія працуюць над дарожнымі картамі, і добрыя адносіны паміж кіраўнікамі, мы знойдзем разуменне.

І тымі пытаннямі, якімі займаемся ў рамках інтэграцыі з Расіяй, мы ж займаемся і ў рамках ЕАЭС - гэта, чамусьці, не выклікае заклапочанасці.

Але там [у ЕАЭС] работа ідзе не вельмі, многае магло б рухацца хутчэй, таму прынятае рашэнне паскорыць гэтыя працэсы ў рамках двойкі - мы ў любым разе прыйдзем да гэтага і ў рамках пяцёркі, але калі гэта можна зрабіць хутчэй, то навошта адмаўляцца?

Трэба глянуць, што вымалюецца да канца лістапада, калі будзе адзначацца 20-годдзе "саюзнай дзяржавы", тады ж будзе сустрэча прэзідэнтаў, абмеркавана сітуацыя з падрыхтоўкай гэтых дарожных карт.

Пра тое, чаму не публікуюцца тэксты дакументаў аб "паглыбленай інтэграцыі":

- Не сказаў бы, што людзі так ужо хвалююцца аб дакументах больш паглыбленай інтэграцыі з Расіяй. Я таксама сустракаюся з людзьмі і бачу, што галоўнае, што іх хвалюе, гэта каб была праца, добры заробак і гэтак далей. Пэўныя колы ў Беларусі, канешне, хвалюе гэта пытанне. […] Дзесяць ці нават некалькі тысяч чалавек ствараюць глебу для маніпуляцый ці інсінуацый.

Напрацоўкі публікаваць немэтазгодна, я лічу, давайце пачакаем да пачатку снежня. Я нават не ўпэўнены, што нашы міністэрствы змогуць падрыхтаваць і рэалізаваць усе тыя планы, якія адлюстраваны ў праекце праграмы паглыбленай інтэграцыі.

Трэба пачакаць сустрэчы прэзідэнтаў.

Я падкрэслю, што не бачу небяспек для Беларусі: шмат разоў было заяўлена, што не трэба баяцца, што хтосьці будзе прадаваць суверэнітэт. Усё гэта згодна з нацыянальнымі інтарэсамі нашай краіны!

Не існуе і думкі аб тым, каб хтосьці падумаў аб страце незалежнасці ці суверэнітэту.

Я не разумею, як мог бы першы прэзідэнт краіны, які яе стварыў, прадаць незалежнасць - кім бы ён увайшоў у гісторыю?

Ён адназначна сказаў, што гэта немагчыма - у нас грамадства іншае, чым яно было 20 гадоў таму. Ужо некалькі пакаленняў нарадзілася ў новай дзяржаве, яны не бачаць сябе ў іншай дзяржаве, а ў незалежнай Беларусі.

Я бачу гэта і на прыкладзе свайго 10-гадовага сына, які разумее, дзе ён жыве, вучыцца, і дзе мае намер жыць - у Беларусі.

Аб тым, ці можа даць слова, што дакументы аб "паглыбленай інтэграцыі" не нясуць палітычных рызык для Беларусі:

- Ёсць інстытуты, якія могуць гарантаваць ад імя дзяржавы тыя ці іншыя моманты, таму вы не па адрасе звярнуліся. Ніхто незалежнасць здаваць не збіраецца: мы адчулі сябе незалежнай дзяржавай і так застанецца ў будучыні.

Пра тое, навошта новым пакаленням увогуле гэтая гэтак званая "саюзная дзяржава":

- Існуюць міжнародныя пагадненні, якія мы абавязаліся выконваць. А калі грамадства палічыць немэтазгодным існаванне таго ці іншага пагаднення, то яно можа ўзняць пытанне і паставіць яго перад кіраўніцтвам дзяржавы - кіраўніцтва дзяржавы улічвае грамадскую думку і адпаведнае рашэнне будзе прынята.

Існуюць жа адпаведныя заканадаўчыя моманты, якія дазваляюць падрыхтаваць петыцыі, звароты, вынесці пытанне на рэферэндум, нарэшце.

Наколькі мне вядома, цяпер усе апытанні, якія праводзяцца, кажуць пра тое, што вялікая колькасць грамадзян яшчэ выказваецца за шчыльныя адносіны з Расіяй, але павялічваецца і колькасць грамадзян, якія хочуць адносін і з Расіяй, і з іншым бокам - з ЕС.

Гэта нармальна.

Пра тое, якія небяспекі сёння для Беларусі галоўныя:

- Сітуацыя вакол нас нясе пэўныя пагрозы для Беларусі, мы паміж двума агнямі: Расіяй і ЕС, якія ўвялі санкцыі адзін супраць аднаго, таму галоўная небяспека для нас - эканоміка. Іншыя знешнія прычыны - далейшая мілітарызацыя нашага рэгіёна. У бакоў [Расіі і НАТА] ёсць планы па размяшчэнні тут дадатковага ваеннага кантынгенту вакол нас. Я лічу, што Беларусь можа быць уцягнута ў гэты працэс, гэта можа быць пагрозай. Вельмі ўважліва трэба адсочваць сітуацыю і рэагаваць на яе. Расце недавер між дзяржавамі.

Якім чынам ураўнаважыць эканамічную сітуацыю і выйсці з эканамічнай залежнасці ад Расіі:

- Так, мы залежым ад Расіі. Але я не думаю, што ў іх інтарэсах зрабіць так, каб Беларусь апынулася на мяжы эканамічнага краху.

Што датычыць гіпатэтычнага сцэнара, "а раптам", то кіраўніцтва любой дзяржавы думае аб магчымых варыянтах дзеянняў. […]

Таму прынятае рашэнне аб тым, каб сысці ад моназалежнасці і дыверсіфікаваць нашую эканомку і знешнеэканамічную дзейнасць: пастаўлена задача па размеркаванні экспарту на 1/3 - ЕАЭС, 1/3 - ЕС, 1/3 - краіны дальняй дугі.

Нейкія зрухі ёсць, але да гэтай мэты яшчэ крочыць і крочыць. МЗС і іншыя міністэрствы працуюць над выкананнем гэтай задачы.

Задача таксама ў тым, каб сысці ад залежнасці ад адной краіны, чым мы і займаемся, развіваючы нармальныя, сбалансаваныя адносіны па іншых напрамках - з ЕС, ЗША і іншымі дзяржавамі, якія з'яўляюцца сяброўскімі для нас.

Пра чырвоныя рысы ў адносінах з Расіяй:

- Праводзячы знешнюю палітыку, мы думаем аб тым, каб не нашкодзіць.

Што тычыць развіцця адносін з ЕС і ЗША, мы ім кажам, што разрываць адносіны з Расіяй мы не збіраемся, што мы не можам сябраваць супраць Расіі, гэты наш погляд прымаецца і гэта, сапраўды, чырвоная рыса, за якую мы не можам перайсці. Але гэта не азначае, што мы крочым услед за Расіяй, у нас ёсць нацыянальныя інтарэсы, мы гаворым ад імя Менска, а не Масквы ці Брусэля.

Пра галасаванне ў ААН так, як трэба Расіі:

- Не заўсёды мы галасавалі так, як галасуе Расія. Мы заўсёды імкнёмся давесці да ўсіх нашых партнёраў матывы галасавання нашага па тым ці іншым пытанні. І знаходзім звычайна разуменне.

Пра беларускую мову:

- Гэта мова нашага народа, нацыі, калі яна ўжываецца менш, на жаль, то трэба надаваць больш увагі яе развіццю. Дзяржава стварыла ўмовы для нармальнага развіцця дзвюх моваў, а ўсё астатняе залежыць ад нас з вамі, ад канкрэтнага чалавека.

Я сам лічу беларускую мову роднай, бо я вучыўся ў беларускай школе. Сын, на жаль, не вучыцца ў беларускай школе. Так склалася сітуацыя.

Існуюць пэўныя заявы ў Расіі, быццам бы Беларусь імкнецца развіваць беларускасць: пачалі хадзіць у вышыванках, размаўляць публічна на мове. І ніякай небяспекі для рускай мовы гэта не нясе, гэта нармальны працэс суіснавання дзвюх моваў. У нас дзве дзяржаўныя мовы, мы - адзіная краіна ў свеце, дзе руская мова другая дзяржаўная, таму абвінавачваць Беларусь у нейкай "дэрусіфікацыі" недарэчна.

Пра тое, што ў Беларусі не існуе вышэйшай адукацыі на беларускай мове, а ў школьнікаў няма выбару, як вучыцца, бо класаў вобмаль:

- Трэба ўдакладніць у Міністэрстве адукацыі, ці ёсць праблема з гэтым. Я думаю, што калі будзе бачна, што ўсё большая колькасць людзей гатовая гаварыць, то няма праблемы адкрыць новыя класы ці ў ВНУ забяспечыць навучанне часткі студэнтаў па-беларуску.

Пра стаўленне да постаці Каліноўскага і ідэі яго перапахавання:

- Беларускім бокам праведзена экспертыза парэшткаў і вынікі вывучаюцца, мы ў кантакце ў літоўцамі, абмяркоўваем правядзенне мерапрыемстваў 22 лістапада.

Беларускі бок будзе ўдзельнічаць у перапахаванні, але хто прадставіць Беларусь, я не ведаю - трэба на высокім узроўні, гэта вельмі важная падзея для гісторыі Беларусі.

А стаўлюся я да яго вось як: Каліноўскі належыць гісторыі Беларусі. І Каліноўскі, і Касцюшка, і Дамейка - усе яны належаць нашай гісторыі. Не трэба падводзіць старыя палітычныя матывы, якія звязаныя з гэтымі імёнамі, сёння.

Гісторыя мусіць быць аб'ектыўнай - яны тут нарадзіліся, яны нашай гісторыі належаць. Вось і аўтар гімна God Bless America Ірвінг Берлін нарадзіўся ў Талачыне, мы можам казаць, што ён належыць Беларусі.

Калі яны жылі на нашай зямлі, зрабілі ўнёсак у нашу гісторыю, то яны належаць Беларусі, не трэба сёння дзяліць, чый ён больш.

А ці рабіла Міністэрства замежных спраў нешта, каб Каліноўскі ляжаў у беларускай зямлі?

Калі чалавек загінуў там, дзе ён знаходзіцца, навошта пераносіць ягоныя косткі? Што мы атрымаем з гэтага? Зянон Пазняк нават выказаўся - ён катэгарычна супраць пераносу парэшткаў, я тут таксама з Пазняком згодны больш, чым з тымі, хто за перанос.

Калі ж будзе прынята рашэнне аб стварэнні пантэону герояў, то трэба думаць над сістэмным падыходам, каб і Багдановіча з Ялты перанесці.

Пра нацыянальную ідэю:

- Нам цяпер трэба рухацца наперад, імкнучыся ўмацаваць эканоміку, суверэнітэт і незалежнасць.

Ідэя выкрышталізуецца сама сабой, на гэтым этапе мы не можам яе прыдумаць, мы не ведаем, дзе мы апынёмся праз некаторы час - трэба разумець, куды мы імкнемся.

Хто мы і дзе мы, мы ведаем, але куды ідзём? Дваццаць пяць гадоў - гэта кароткі тэрмін.

Для асноўнай большасці людзей незалежнасць яшчэ нейкае эфемернае паняцце, незалежнасць звалілася нечакана. Народы балтыйскіх краін змагаліся за незалежнасць, яны не лічылі, што яны частка СССР. Мы адрозніваемся і ад украінцаў, у якіх гэта паняцце незалежнасці мацней выражана. Тое, што мы атрымалі незалежнасць без крыві… Мо таму не ўсе і адчуваюць сутнасць незалежнасці, але лепш так і пакрысе, чым з крывёю. Цяпер ужо мы пажылі, хаця 30 гадоў - гэта імгненне для гісторыі. Мы разумеем, што гэта значыць, але за незалежнасць кожны мусіць заплаціць пэўную цэну, працаваць, не спыняючыся, каб умацаваць незалежнасць гэтую...

(Скарочана.)

Арцём Гарбацэвіч. nn.by.

Лёсы былых вязняў усхвалявалі ўдзельнікаў канферэнцыі

У бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла 13 кастрычніка прайшла навукова-папулярная чытацкая канферэнцыя па кнізе М. І. Дзенісевіча "Фінская пастка". Яе мэтай было вяртанне гістарычнай праўды пра лёсы беларусаў - былых вязняў фінскіх канцлагераў і развіццё культуры памяці ў адносінах да лёсаў былых вязняў. Чытачам была прапанавана выстава літаратуры, якая выкрывае антычалавечую практыку фашысцкага генацыду ў гады Другой сусветнай вайны і перадае шматлікія сведчанні дзяцей вайны пра іх шматпакутныя лёсы.

На канферэнцыю былі запрошаны аўтарытэтныя гісторыкі: Леанід Міхайлавіч Лыч, Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч, Кузьма Іванавіч Козак, Вячаслаў Дзмітрыевіч Філіменеў, Мікалай Іванавіч Савіцкі і іншыя.

Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк дабраславіў удзельнікаў канферэнцыі.

Мерапрыемства адкрыла ўрачыстае выступленне хору былых непаўнагадовых вязняў фашызму "Лёсы", лаўрэатаў спецыяльнай прэміі прэзідэнта Беларусі 2019 года.

Госці канферэнцыі прагледзелі дакументальны фільм "Вязень лагера Hepasuo", пастаўлены па кнізе "Фінская пастка". Пасля савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гадоў з тэрыторыі БССР у Карэлію перасяліліся беларускія сялянскія сем'і (і сярод іх сям'я М.І. Дзенісевіча). У 1941 годзе многія беларусы апынуліся ў фінскіх канцэнтрацыйных лагерах. Толькі зараз гісторыкі і валанцёры высвятляюць дакладную колькасць беларусаў і імёны людзей па архівах.

Пра лёс сваёй сям'і і іншых вязняў фінскіх канцлагераў распавяла ў сваім выступленніі Галіна Ігнатаўна Змушко, старшыня Першамайскай раённай суполкі былых вязняў г. Менска. У той перыяд Галіне Ігнатаўне было 3 гады і 3 месяцы. Яна апынулася ў канцэнтрацыйным лагеры Hepasuo разам з маці Таццянай Дзенісевіч, з братамі і сёстрамі, дзе правяла 1004 дні і ночы. Маленькая Галя зазнала знясіленне ад голаду, яе ратавалі маці і старэйшы брат, якія дзяліліся з ёй сваім кавалачкам хлеба.

Мікалаю Ігнатавічу Дзенісевічу ў час вызвалення ў 1944 годзе было 14 гадоў. Яму ўдалося першаму вырвацца з лагера і вярнуцца ў Менскі раён у вёску Лекараўку, а пазней вярнулася дадому ўся сям'я. У роднай вёсцы спакутаваны хлопчык праявіў незвычайную волю да жыцця і мужнасць, за кароткі час засвоіў школьную праграму за страчаныя гады, у 1950 годзе паступіў у Менскі медыцынскі інстытут і доўгі час працаваў лекарам-педыятрам, санітарным лекарам і тэрапеўтам.

Гэтага добразычлівага чалавека памятаюць супрацоўнікі Менскай гістарычнай майстэрні, куды ён прыходзіў падзяліцца сваімі ўспамінамі. Пра гэты факт нагадаў у сваім выступленніі дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Кузьма Іванавіч Козак.

У 80-я гады Мікалай Ігнатавіч настойліва рупіўся пра тое, каб захаваць памяць пра пакуты беларусаў-вязняў канлагераў на тэрыторыі Карэла-Фінскай ССР. Ён звяртаўся па дакументы ў архівы Беларусі і Расіі, Фінляндыі. Былі знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць факты генацыду славянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Карэліі ў кнізе фінскага гісторыка Ю. Куломаа.

"Разам з намі ў лагеры Hepasuo было шмат перасяленцаў 1940-1941 гадоў у старыя раёны Карэла-Фінскай ССР, - напісаў ва ўспамінах Іван Ігнатавіч Дзенісевіч. - Лёсы іх былі розныя. Многія назаўжды засталіся ў карэльскай зямлі ў невядомых магілах, не вытрымаўшы пакутаў, якія выпалі на іх долю. Частка сямей вярнулася на радзіму ў Беларусь. Некаторых з іх мне ўдалося адшукаць і заахвоціць да ўздзелу ў грамадскім аб'яднанні былых непаўнагадовых вязняў канцлагераў Карэліі ў складзе Беларускага аб'яднання непаўнагадовых вязняў фашызму." Сястра М.І. Дзенісевіча Галіна Ігнатаўна ўсе гэтыя гады вяла актыўную працу ў сваім мікрараёне па псіхалагічнай і матэрыяльнай падтрымцы былых вязняў фашызму, арганізоўвала ўрокі мужнасці ў школах, выступленні хору "Лёсы" ў Беларусі і ў краінах Еўропы.

Выкладчыца гісторыі сярэдняй школы № 137 горада Менска Людміла Іванаўна Шчэнікава распавяла пра досвед валанцёрскай працы з вучнямі, якія запісвалі ўспаміны былых вязняў канцлагераў. Яе выхаванцы, дзякуючы кантактам з былымі вязнямі, выраслі чулымі да чалавечай бяды і спагадлівымі, а адна з вучаніц скончыла гістарычны факультэт БДУ і працуе ў школе.

- Мэта кнігі і фільма - звярнуць увагу на каштоўнасць чалавечага жыцця, - адзначыў дацэнт БДУ Кузьма Іванавіч Козак.

- Мы пачулі жахлівыя сведчанні дзяцей вайны, яны кранулі нашыя сэрцы і мы павінны зрабіць усё, каб такое ніколі не паўтарылася ў гісторыі! - падкрэсліла куратар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла Галіна Фёдараўна Івуць.

Э. Дзвінская, фота аўтара . На здымках: 1. Я.К. Касмовіч і Г.І. Змушко (Дзенісевіч); 2. Кніжная выстава; 3. Спявае хор "Лёсы".

ТБМ - школе № 4

17 кастрычніка 2019 г. у СШ № 4 г. Магілёва я правёў урок, прысвечаны нашаму роднаму гораду. Сама школа знаходзіцца на старажытнай вуліцы Лазарэнкі, якая ў часы ВКЛ называлася Віленскай і лічылася цэнтральнай, бо вяла да нашай тагачаснай сталіцы Вільні. Некалькі год таму непадалёк ад школы заснавалі новы рынак, які так і назвалі "Віленскі". Вучням-старшакласнікам я падрыхтаваў невялікую фотапрэзентацыю з выявамі старога Магілёва. Распавёў пра Магілу Льва, пра нашага славутага Машэку, якому Янка Купала прысвяціў цэлую паэму. Зацікавілі вучняў фотаздымкі панішчаных помнікаў архітэктуры: езуіцкага касцёла св. Ксаверыя 18 ст., калегіюма 17 ст., Спаскай царквы 18 ст. у стылі віленскага барока, Пакроўскай царквы 17 ст. магілёўскай школы дойлідства, Багаяўленскага манастыра 17 ст., пры якім існавала брацкая школа і друкарня… Зразумела, аднаго ўрока дужа мала, каб нешта грунтоўнае даць маладым магілёўцам. Але, я спадзяюся, што самае прыгожае і самае цікавае з майго расповеду яны запомняць на ўсё жыццё! Таму, шаноўная грамада, спадары адраджэнцы, усіх заклікаю ісці да шкаляроў і студэнтаў і цікава, з захапленнем распавядаць ім пра нашу мару - Беларусь!

Дзьячкоў Алег, Магілёў.

"Уводзіны ў філасофію" па-беларуску!

Днямі выйшлі з друку "Уводзіны ў філасофію" па-беларуску! Да друку выданне рэкамендавана Навуковай радай Універсітэта імя Ніла Гілевіча, фактычна - гэта адзін з будучых падручнікаў студэнтаў універсітэта.

Кніга дае кароткі агляд асноўных раздзелаў і пытанняў філасофіі як дысцыпліны і адначасова ўяўляе сабой хрэстаматыю абраных тэкстаў з гісторыі сусветнай і айчыннай грамадска-палітычнай і філасофскай думкі. Матэрыял размеркаваны ў межах дзевяці асноўных раздзелаў і ахоплівае большасць пытанняў стандартнага курса філасофіі. Фрагменты тэкстаў дастаткова рэпрэзентатыўныя для самастойнага вывучэння багацця і разнастайнасці дзвюх з паловай тысячагадовай гісторыі філасофскага здумлення.

Як піша ва ўступным слове рэдактар кнігі, кандыдат філасофскіх навук Павел Баркоўскі: "Гэтая кніга з'яўляецца першым выданнем хрэстаматыі выбраных тэкстаў з сусветнай і айчыннай філасофскай традыцыі. Фрагменты арыгінальных тэкстаў упарадкаваны паводле шэрагу раздзелаў, з якіх звычайна складаецца вывучэнне філасофіі як прадмета ў вышэйшых навучальных установах. Кніга таксама змяшчае ўступныя артыкулы да кожнага з раздзелаў, у якіх даецца кароткая характарыстыка што да праблематыкі самой гэтай часткі, агульнае ўяўленне пра датычныя тэмы і пытанні, якія мусяць закранацца. Усё гэта ілюструецца арыгінальным матэрыялам пераважна нанова перакладзеных на беларускую мову тэкстаў сусветна вядомых філосафаў, а таксама выбраных прадстаўнікоў беларускай традыцыі мыслення. Праўда, з прычыны адсутнасці перакладаў з арыгінальных моў у гэтае выданне не ўвойдуць тэксты арабскіх, кітайскіх і індыйскіх мысляроў, што таксама гэтую традыцыю ўтвараюць; такую абмежаванасць мусяць зняць наступныя выданні хрэстаматыі.

Неабходнасць крыніцы падобнага кшталту паўстае з прычыны малой колькасці перакладзеных прац па філасофіі на беларускую мову, што абцяжарвае магчымасць навучання гэтаму прадмету на роднай мове праз базавую адсутнасць падставовых тэкстаў. Разумеючы, што ніводная кніга не здолее замяніць увесь неабходны корпус перакладаў тэкстаў, укладальнікі хрэстаматыі парупіліся пра тое, каб стварыць уводны корпус філасофскіх фрагментаў, своеасаблівыя пралегомены, найперш да вывучэння філасофіі ў вышэйшых навучальных установах Беларусі на беларускай мове. Станаўленне нацыянальнай традыцыі мыслення і далейшая інтэлектуалізацыя жыцця грамадства немагчымая без засваення сусветнай спадчыны думак і тэкстаў, якія мусяць гучаць на той мове, на якой ствараецца актуальная беларуская культура.

Сам праект хрэстаматыі нарадзіўся яшчэ на пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя і, нягледзячы на вялікі аб'ём зробленай працы, доўгі час заставаўся незавершаным. Але сёння відавочная патрэба ў выданні кнігі падобнага зместу натхніла на працяг і падрыхтоўку хрэстаматыі ў найноўшай рэдакцыі. Агульная рэдакцыя перакладаў, як і большая іх частка, належыць нашаму вядомаму філолагу, паэту, перакладчыку Лявону Баршчэўскаму. Пры напісанні ўступных артыкулаў да раздзелаў выкарыстоўваліся матэрыялы з кнігі Рыгора Грудніцкага ("Філасофія. Канспект лекцый", Наваполацк, 2005) у дапоўненым і скарэктаваным выглядзе. Суаўтарам першай версіі ўкладання хрэстаматыі быў беларускі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч Анатоль Сідарэвіч, а першым рэцэнзентам - адзін з карыфеяў сучаснага айчыннага мыслення, светлае памяці Уладзімір Конан".

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў хуткім часе, пра гэта будзе паведамлена дадаткова.

tbm-mova.by.

Вывучэнне манускрыптаў адкрывае кантакты з усім светам

У Беларусі з 13 па 18 кастрычніка знаходзіўся з візітам вядомы даследчык з ЗША, гісторык і археолаг, доктар філасофіі, кіраўнік "Групы даследавання рукапісаў" доктар Скот Кэрал, заснавальнік музея Бібліі ў Вашынгтоне. Ён удзельнічаў у шэрагу навуковых мерапрыемстваў і выступіў з лекцыямі ў Нацыянальнай бібліятэцы, БДУ і Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. У мінулым годзе, дзякуючы яго дзейнасці, была паспяхова праведзена сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай буйнейшая ў гісторыі краіны выстава "Беларусь і Біблія".

У мінулым спартовец, чалавек моцнай волі і характару, чэмпіён ЗША, які рыхтаваўся да ўдзелу ў Алімпіядзе-80, быў пакліканы на служэнне, каб сведчыць па ўсім свеце пра даставернасць Бібліі. Ён выступае ў розных краінах свету, арганізуе выставы біблейскіх дакументаў у рамках праекту "Inspired Eхhibited". Выставы на працягу апошніх гадоў былі арганізаваныя ў Ганконгу, Беларусі, Расіі і рыхтуюцца ў Папуа-Новай Гвінеі. Сёлета навуковец з камандай з 32 чалавек здзейсніў падарожжа ў Грэцыю на месцы пропаведзяў апостала Паўла ў Філіпіі, Фесалоніках, Кападокіі і іншых гарадах.

15 кастрычніка доктар Кэрал выступіў у Нацыянальнай бібліятэцы з лекцыяй "Кнігі да вынаходніцтва друку: нястомная праца перапісчыка". Лекцыю наведалі беларускія даследчыкі Бібліі, студэнты Інстытута тэалогіі БДУ, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Падчас даследаванняў Скоту Кэралу давялося вывучаць і ідэнтыфікаваць больш за 20.000 манускрыптаў, сярод якіх былі старажытныя Торы, кумранскія рукапісы, раннія хрысціянскія тэксты.

Вядомы амерыканскі навуковец распавёў пра працу перапісчыкаў Святога Пісьма на працягу тысяч гадоў. Доктар Скот звярнуў увагу на ідэнтычнасць па змесце тэкстаў, якія перапісваліся ў розныя часы.

Многія гадзіны праводзіць прафесар над рукапісамі, яны з'яўляюцца для яго акном у старажытны свет, праліваюць святло на аўтараў і перапісчыкаў тэкстаў. Навуковец заахвочвае студэнтаў да капіявання манускрыптаў. Удзельнікі лекцыі змаглі разгарнуць і патрымаць у руках старажытны скрутак Торы.

- Я віншую беларускіх даследчыкаў, якім удалося ажыццявіць факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі! - прамовіў доктар Скот Кэрал.

Пасля паездкі ў Баранавічы, напрыканцы тыдня амерыканскі даследчык сустрэўся з юнымі наведвальнікамі "Клуба кніжных прафесараў" у Нацыянальнай бібліятэцы. Дарослых і дзяцей кранулі яго шчырасць, душэўная цеплыня, апантанасць даследаваннямі і моцная вера.

Эла Дзвінская, На фота аўтара: Д-р Скот Кэрал ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Шаноўныя сябры!

Рэктарат універсітэта імя Ніла Гілевіча выказвае вялікую падзяку сп. Мотуз Сяргею з Менска, сп. Язэпу Стэпановічу з Менска і сп. Невядомаму, якія ў верасні даслалі нам свае ахвяраванні. Таксама выказваем вялікую падзяку грамадзянам, якія ахвяравалі ў нашую бібліятэку разнастайную неабходную для ўніверсітэта літаратуру.

Ахвяраваць на працу ўніверсітэта можна пералічыўшы сродкі на наступныя рахункі:

ААТ "Белінвестбанк" BLBBBY2X (BIC) на Універсітэт імя Ніла Гілевіча УНП: 193050167. Асноўны рахунак: BY49BLBB30150193050167001001. Дабрачынны рахунак для ахвяраванняў: BY56BLBB31350193050167001001.

Таксама падтрымаць універсітэт можна праз сістэмы АРІП (Разлік), інструкцыя ёсць па гэтай спасылцы https://tbm-mova.by/news_2214.html. Любыя пытанні задавайце праз пошту nhuniversitet@gmail.com.

Вашыя грошы, у першую чаргу, пойдуць на аплату арэнды офіса ўніверсітэта і закупку падручнікаў для будучых студэнтаў.

З павагай і ўдзячнасцю, в.а. рэктара Алег Трусаў.

Літаратурны салон "Над Лідзейкай" пачаў дзейнасць у Лідскім замку

15 кастрычніка адбылася першая сустрэча ў літаратурна-музычным салоне "Над Лідзейкай". Сустрэча прайшла ў канферэнц-зале Лідскага замка. Праграму "Беларускім шляхам" прадстаўлялі паэт Станіслаў Суднік і бард Сяржук Чарняк.

Адкрыццё літаратурна-музычнага салона "Над Лідзейкай" спланавана Лідскім гістарычна-мастацкім музеем яшчэ вясной 2019 года, але там - то лета, то спроба іншых форм дзейнасці кшталту "Вершы з балкона", то свята горада, і вось дайшла чарга да салона. Меркавалася, што ён будзе ў Доміку Таўлая, але вялікая зала доміка аказалася распісанай пад планавыя выставы, а адкладваць не хацелася, таму дырэктар музея прапанавала канферэнц-залу Лідскага замка, якая зусім побач і якая вечарамі бывае вольнай.

Праграма "Беларускім шляхам" паэта Станіслава Судніка і барда Сяржука Чарняка сталася пашыранай версіяй выступлення ў Менску ў канцы верасня. Актыўны ўдзел у лідскай праграме ўзяў актор Алег Лазоўскі.

Праграма ў некаторай ступені была настроена на хвалю вельмі някруглай даты - 31 года прыходу абодвух аўтараў у беларускі нацыянальны рух. У 1988 годзе ў Прыазёрску ў Казахстане пачала дзейнічаць беларуская арганізацыя, і ў тым жа 1988 годзе ў Лідзе пачала дзейнасць беларуская суполка "Рунь". Акрамя С. Чарняка на імпрэзе быў яшчэ адзін рунёвец - Леанід Лаўрэш, ды і Лявон Анацка з той жа эпохі.

Дзея, пачатая вершамі і песнямі 80-х і 90-х гадоў, плаўна рухалася бліжэй да нашага часу і закончылася песняй "Бацькава хата", напісанай месяц назад.

У выніку, што атрымалася, тое атрымалася, многія вершы і песні ішлі толькі на слых. Яны нідзе не запісаны, нідзе не апублікованы, прагучалі і або запомніліся, або забыліся.

Салон у 2019 годзе адпрацуе ў тэставым рэжыме, а ў 2020 годзе Ліда - культурная сталіца Беларусі. Відочна, салон змесціцца ў Домік Таўлая, стабілізуецца форма сустрэч, перыядычнасць, кантэнт, бо надзвычай важна, каб у літаратурным музеі літаратурная Лідчына не ціха выцвітала на сценах і пылілася ў папках, а гучала ва ўвесь голас, гучала па-беларуску і для беларусаў. Беларускі голас мусіць быць чуцён, ён мусіць быць прыгожым і прыцягальным.

Яраслаў Грынкевіч.

Чарговая Рада ТБМ адбудзецца 3 лістапада 2019 г.

Запрашаем сяброў Рады ТБМ 3 лістапада на пасяджэнне Рады.

Пачатак рэгістрацыі - 9:30.

Пачатак паседжання - 11:00.

Парадак дня:

1. Абмеркаванне вынікаў дзейнасці арганізацыі за 30 гадоў.

2. Вынікі выбарчай кампаніі 2019 г.

3. Рознае.

Калі сябры Рады хочуць прапанаваць пытанне для абмеркавання, то просім дасылаць сваю прапанову на адрас siadziba@gmail.com з пазнакай "Рада ТБМ".

Прэмію міру нямецкіх кнігагандляроў атрымаў бразільскі фатограф Салгаду

Навіны Германіі

Фатограф з Бразіліі Себасцьян Салгаду ганараваўся адной з найважных нямецкіх узнагарод у вобласці культуры. Віншавальную прамову на ўручэнні прэміі сказаў кінарэжысёр Вім Вендэрс.

Па традыцыі ў апошні дзень найбуйнай у свеце кніжнага кірмаша ў Франкфурце-на-Майне адбылося ўзнагароджанне Прэміяй міру нямецкіх кнігагандляроў. Сёлета яна дасталася знакамітаму бразільскаму фатографу Себасцьяну Салгаду. Узнагароджанне прайшло ў нядзелю, 20 кастрычніка, у франкфурцкай царкве Святога Паўла.

Вім Вендэрс (Wim Wenders), які зняў у 2014 годзе разам з Салгаду фільм "Соль зямлі", назваў работы фатографа "тварэннямі міру", пашкадаваўшы пра тое, што мір на Зямлі дагэтуль праходзіць па разрадзе "навагодніх пажаданняў".

Адмысловую ўвагу Вендэрс надаў серыям работ 75-гадовага Салгаду, прысвечаным уцекачам.

- Ён фатаграфуе людзей з розных бакоў свету, якіх голад, вайна і прыгнёт прымушаюць пакінуць родныя месцы і пусціцца ў падарожжа да невядомага, - падкрэсліў рэжысёр.

Прэмія міру нямецкіх кніга-гандляроў з 1950 года прысуджаецца пісьменнікам, мастакам, навуковым і грамадскім дзеячам, якія ўнеслі выбітны ўнёсак ва ўмацаванне свету, першым чынам, сваёй дзейнасцю ў вобласці літаратуры, навукі і мастацтва.

DW.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АДАМА КІРКОРА (21.01.1818-23.11.1886)

Па ціхіх вулках Вільні да цябе ізноў

Прыйшлі сябры агучыць музыку і вершы.

А ў музыцы і ў вершах, як агонь, любоў

Да Беларусі, для якой штодня жывеш ты,


Як і сябры твае паэты і музыкі,

Якім Радзіма - як матуліна цяпло.

І кожны, хто Радзіму любіць - той вялікі,

Як вежаў замкавых спакойнае святло,


Што ў душы зацякаючы людзей тутэйшых,

Нібы малітва ў Храме велічным, жыве

І будзе жыць,

і прыбліжаць наш час святлейшы,

Які яшчэ як росы ў маладой траве


На курганах, дзе спяць героі славы нашай

І будуць спаць,

бо ёсць каму край бараніць

І ёсць той хто пра іх легенды нам раскажа,

Каб мы змаглі Радзіму, як яны, любіць…


І вершам з музыкай да раніцы гучаць,

І марам не губляцца ў цыгарэтным дыме,

Пакуль сябры з табою за сталом сядзяць

І светла думаюць аб долі і Радзіме.

12.05.2009 г.

БАЛАДА СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ (5.05.1819-4.06.1872)

Як ветразь, музыкай тваёй з аргана

Напоўнены касцёл Святога Яна,

І Вільня, як каўчэг, праз свет плыве

Па золаце, па бруку, па траве,

Па Беларусі, у якой ёсць ты,


І трэскаюць паміж людзей ільды

Неразумення і слязамі з воч

Цякуць і асвятляюць дзень і ноч,

Як васількі, як зоркі, як бурштын.

Музыкаў многа, ты ж такі адзін,

І слухае цябе народ і Бог

І прад Еўропаю крыжы дарог

Ужо не рвуць тутэйшую душу

Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу,

Бо лепш, як тут, не будзе анідзе -

Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве,

Бо толькі тут, як рыба - у вадзе,

У Беларусі Беларусь жыве,

Але ёсць слава, да якой і ты,

Як да агню матыль, ляціш заўжды,

І п'еш, як горкае віно, любоў.


Ды не знікае шлях у Менск дамоў,

Дзе музыка твая, як карані

Святога дрэва, што ўздымае дні

Краіны, што была і будзе ў нас,

У беларусаў на бясконцы час,

Пакуль малітвай, музыкай святой

Тут поўніцца душа, каб быць жывой…

14.02.2009 г.

БАЛАДА АЛЯКСАНДРА НЕЗАБЫТОЎСКАГА (2.10.1819-21.03.1849)

Мары пра каханне, славу і свабоду

Для цябе, як лекі, хвораму ў турме.

І ты верыш: свечку нехта ў Храме ўпотай

За цябе паставіць, вецер не задзьме,


Як не знішчыць мары, мары аб свабодзе,

У людзей, што сёння, нібы на крыжы.

Сонца ў хмарах,

як твой край у снезе й лёдзе.

Да вясны далёка і не ўсім дажыць.


Ты адзін у камеры, з табой адзіным

Гаварыць тут нельга, бо крамольшчык ты.

Страшная крамола - любіш ты Айчыну,

Хочаш, каб Айчыну як і крыж святы


Не трымалі ў брудзе, а ў душы - як Храме,

У якім і слёзы, у якім і спеў.

І не трэба нам чужынцаў, бо мы самі

Разбяромся дома,

дзе ў нас дом, дзе хлеў…


Мары пра каханне, славу і свабоду,

І твая душа ўжо болей не ў турме.

Плача свечка. Нехта смела, а не ўпотай

За цябе паставіў. Вецер не задзьме…

24.05.2009 г.

БАЛАДА УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ (29.09.1823--15.09.1862)

Там, дзе кветкі цвілі, сёння - пырнік,

Сёння пырнік, а заўтра - крыжы.

І тутэйшай зямлі сумны лірнік

Думу думае - як тут жыць? -

І слязу, нібы верш, не хавае,

Ну а верш, як на вейцы сляза,

Новы дзень, новы шлях асвятляе,

На якім касінераў каса

Заблішчыць, акрывавіцца й пылам

Занясецца, але - не навек.

Хоць забудуцца ў травах магілы,

Ды не зменее слёз на траве.

Ён ідзе, а паны, як сабакі:

"Што ён ходзіць да гэтых сялян!"

І ў начы ў хатах свечкі, як макі,

Прарастаюць святлом праз туман

І праз ноч, і праз век да ваколіц,

Па якіх нам з табою хадзіць

І ўсё думаць аб шчасці і долі

І свой край, нібы волю, любіць...

4.02.2005 г.

БАЛАДА ПАЎЛА ШПІЛЕЎСКАГА (31.10.1823-17.10.1861)

Над Айчынай глыбокае неба,

У якім наша сонца плыве

Праз аблокаў халоднае срэбра,

Праз малітвы, якія ў царкве

Праспявалі самотныя людзі,

Да якіх ты ідзеш, каб сказаць:

"Беларусь тут была, тут і будзе,

Толькі трэба любіць, зберагаць

Беларускага слова дыханне,

У якім Беларусь і жыве..."

І збіраеш ты песні, паданні,

Што, як кветкі ў высокай траве,

Існуюць, ды не кожны іх знае.

А дзе кветкі - там пчолы і мёд,

Там Айчына ад пчол залатая,

Бо, як пчолы вясною, народ,

Без якога не будзе краіны,

Пра якую ты марыш і сніш.

З-за аблок чутны крык жураўліны,

Працінае цябе, нібы крыж,

Што стаіць ля вясковай дарогі,

Дзе ідзеш ты і ў неба глядзіш,

Дзе ўсе радасці і ўсе трывогі

Сталі сонцам, якое плыве

Праз аблокаў халоднае срэбра,

Праз малітвы, якія ў царкве

Праспяваны, падхоплены небам,

Нібы кветкі, што спелі ў траве...

8.07.2010 г.

БАЛАДА ПАЎЛА ШЭЙНА (1826-14.08.1900)

Не ўзыдзе сонца - не пачнецца дзень.

Несказанае слова памірае.

І ты па вёсках, як жабрак, ідзеш

І, нібы золата, штодня збіраеш

Паданні, казкі, у якіх наш край

Жыве і будзе жыць, як жыў стагоддзі.

Збіраеш песні. Не сумуй, збірай,

Няхай жывая песня ў сэрцы зойдзе

І застанецца ў нашае крыві,

Нібы агонь у прыску застаецца.

І хай з цябе хто хоча пасмяецца,

А ты збірай і так далей жыві,

Як беларускае жадае сэрца

Тваё пад небам беларускім гэтым,

Дзе холадна зімой і цёпла летам,

Дзе людзі светлыя, як свечкі ў Храме,

Што асвятляюць змрок і нашу памяць,

Дзе казкі, песні родныя жывуць

І дзень мінулы з будучым нітуюць,

Дзе беларусы плачуць і пяюць

І родны край, нібыта рай, шануюць,

Дзе ты няспешна, як жыццё, ідзеш,

Старыя казкі, песні і паданні,

Нібыта золата, нам раздаеш…


І сонца ўзыдзе й новы дзень настане.

10.04.2009 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Юрыст, спалены на вогнішчы,

ці Самы скандальны судовы працэс у гісторыі Беларусі

Леанід Драздоў

Недалёка ад мяжы з Польшчай і прыкладна за пару дзясяткаў кіламетраў на паўночны захад ад цэнтра Берасця месціцца невялікая вёсачка Лышчыцы. Сёння, акрамя жылых дамоў, там ёсць толькі крама і могілкі, і нічога больш, што варта было б узгадаць. Паводле статыстычных дадзеных, у 2018 годзе ў ёй налічвалася менш за 80 чалавек. Аднак у ранейшыя часы народу там жыло шмат. Напрыклад, у 1878 годзе - разоў у шэсць больш. А стагоддзем раней, трэба меркаваць, насельніцтва Лышчыц было больш шматлікім. Побач з цяпер занядбанай вёсачкай размешчана найбуйнейшае радовішча торфу. Аднак знакамітая яна зусім іншым: тым, што 4 сакавіка 1634 года ў ёй з'явіўся на свет хлопчык, які быў вельмі здольны ў розных навуках і насіў прозвішча па месцы свайго нараджэння.

Спачатку жыццё яго складвалася ўдала і кар'ера развівалася паспяхова. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у мясцовай школе. У 1648 годзе скончыў Берасцейскі езуіцкі калегіюм. У далейшым прымаў удзел у шматлікіх абарончых ваенных кампаніях, якія вяла яго краіна - Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае - з краінамі-суседзямі: Масковіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй. Аднак ніякія войны не здольныя былі аслабіць яго цягу да ведаў. Сваё навучанне малады чалавек працягнуў у Віленскай духоўнай акадэміі.

У 1658 годзе ен ўступіў у ордэн езуітаў і прыняў духоўны сан. Затым вучыўся ў Кракаве і Калішы, дзе рыхтавалі выкладчыкаў езуіцкіх школ. Па заканчэнні Калішскай студыі выкладаў у Львове, у 1665 годзе стаў памочнікам рэктара роднага для яго Берасцейскага езуіцкага калегіюма.

У 1666 годзе, знаходзячыся ва ўзросце Хрыста, наш герой раптам адмаўляецца ад вельмі паспяховай духоўнай кар'еры, выходзіць з ордэна езуітаў, жэніцца, пакідае Берасце і селіцца ў сваім радавым маёнтку Лышчыцы, які належыць яго роду ў трэцім пакаленні. Тут засноўвае ўласную школу - дэмакратычную па сутнасці і свецкую па змесце, у якой вучыць дзяцей сялян і шляхты: выкладае пісьменнасць, матэматыку, мовы, асновы некаторых навук. Паралельна займаецца юрыдычнай практыкай. І трэба сказаць, ягоная справа становіцца не толькі паспяховай, але і прыбытковай. У хуткім часе ён набывае пэўны аўтарытэт у мясцовай шляхты. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што яго нярэдка выбіраюць паслом ад Берэсцейскага ваяводства на агульныя соймы Рэчы Паспалітай (1669, 1670, 1672, 1674).

Дарэчы, пад Рэччу Паспалітай многія сучаснікі часцей за ўсё разумеюць Польшчу. На самай жа справе гэтая была канфедэрацыя, г.зн. саюз дзвюх самастойных дзяржаў: Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага - начале з манархам, дакладней, з двума - каралём польскім і вялікім князем літоўскім, але ў адной асобе. Абранне і ўзвядзенне на трон у кожнай з краін праводзілася самастойна. У час, які цікавіць нас, вышэйшую дзяржаўную ўладу меў выбарны кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян III Сабескі. Прывілеем менавіта гэтага манарха ў 1682 годзе наш герой быў прызначаны на пасаду берасцейскага падсудка. Кажучы сучаснай мовай, ён стаў першым памочнікам берасцейскага суддзі, нароўні з пісарам земскім уваходзіў у склад суда, а часам замяняў суддзю. Аб'ектыўны і справядлівы, мноства судовых спраў ён вырашыў на карысць мясцовых жыхароў (шляхты і мяшчан), якія судзіліся, у тым ліку з езуітамі, за незаконна захопленыя землі, даўгі і іншае. Акрамя таго, наш герой удзельнічаў у працы вышэйшага апеляцыйнага суда - Літоўскага трыбунала, быў пісарам каралеўскага суда. І не пакідаў выкладчыцкую дзейнасць.

Да пэўнага часу яму ўдалося назапасіць вельмі прыстойныя сродкі. Мабыць, большая іх частка дасталася яму ў спадчыну ад бацькі, а часткова ў выніку шлюбу. Але распарадзіўся ён імі не лепшым чынам: неабдумана пазычыў 100 тысяч талераў суседу, якога лічыў лепшым сябрам. Забыўшыся, напэўна, старую ісціну: хочаш нажыць смяротнага ворага - пазыч грошай лепшаму сябру. Забягаючы наперад, адзначым, што ў нашай гісторыі гэтыя словы цалкам сябе апраўдалі.

Зразумела, што сусед і лепшы сябар, а клікалі яго Ян Бжоска, быў у курсе ўсіх асабістых і сямейных спраў свайго пазыкадаўца. Але калі наш герой запатрабаваў вярнуць доўг, так званы сябар выкраў у яго рукапіс, а менавіта 15 сшыткаў, або 530 старонак дробнага тэксту, напісанага на лаціне, з сенсацыйным па тых часах назвай - "Аб неіснаванні Бога". Разам з рукапісам Бжоска выкраў кнігу пратэстанцкага вучонага Альстэда "Натуральная тэалогія". На яе старонках наш герой уласнай рукой зрабіў паметкі наступнага характару: "Мы, атэісты, так думаем", "значыць, я паказваю, што Бога няма" і іншыя падобныя. Мабыць, берасцейскі падсудак абмяркоўваў з "сябрам" свае думкі і свае запісы.

Скарыстаўшыся даверам, ілжэсябар склаў данос віленскаму біскупу, у якім абвінаваціў нашага героя ў атэізме, адмаўленні Бога і іншых смяротных грахах. У хуткім часе па загадзе віленскага біскупа берасцейскага падсудка арыштавалі. А ў 1687 годзе царкоўны суд прыгаварыў яго да спалення. Аднак рашэнне царкоўнага суда ў дачыненні да свецкай асобы выклікала шматлікія пратэсты берасцейскіх шляхты і мяшчан. У адпаведнасці са Статутам ВКЛ 1588 года свецкія асобы не падлягалі суду духоўнай улады. Берасцейскі падкаморы (суддзя ў зямельных спрэчках) Пісаржэўскі абвінаваціў каталіцкае духавенства ў жаданні ўвесці ў ВКЛ іспанскую інквізіцыю.

Разгледзеўшы пратэст, Літоўскі трыбунал адмяніў вынесены царкоўным судом прысуд. Духавенства не жадала мірыцца з такім рашэннем. Больш за ўсё каталіцкія біскупы былі абураныя тым, што вышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ фактычна абараняе бязбожніка. Біскупы настаялі, каб справа была перададзена на разгляд аб'яднанага сойму Рэчы Паспалітай, які праходзіў у Гародні (люты 1688 года). І нашага героя зноў узялі пад варту па загадзе віленскага біскупа.

Цяпер запярэчыла ўсё Берасцейскае ваяводства, расцаніўшы прынятую меру як супрацьпраўнае дзеянне, якое пярэчыць крымінальнаму заканадаўству ВКЛ. Статут ВКЛ 1588 года не дазваляў абмяжоўваць свабоду шляхціцаў, пакуль не будзе даказана віна. У сувязі з гэтым шляхта рэкамендавала сваім паслам не разглядаць на сойме іншых спраў да таго часу, пакуль парушэнне закона не будзе ліквідавана. Іншымі словамі, паслы Берасцейскага ваяводства пагражалі прымяніць права "лібэрум вета", г.зн. накласці забарону на любое рашэнне сойма, у тым ліку перашкодзіць яго правядзенню.

У адпаведнасці з гэтай устаноўкай берасцейскі земскі пісар Людвік Канстанцін Пацей выкрываў каталіцкае духавенства ў імкненні ўсталяваць сваё панаванне ў краіне і кіраваць дзяржавай метадамі іспанскай інквізіцыі. Гэтую справу супраць берасцейскага падсудка ён разглядаў не інакш як меч, занесены над галовамі вольнай шляхты. Ён вінаваціў у супрацьпраўнасці духавенства, якое дайшло да таго, што на аснове ілжывага даносу вельмі сумніўнай асобы аднаго з членаў берасцейскага суда (берасцейскага падсудка) сілком выцягнулі з дому, адабралі былую пры ім наяўнасць, фактычна абрабавалі і кінулі ў турму. Такія паводзіны віленскага біскупа і яго памагатых наносяць шкоду шляхецкай вольнасці, замацаванай Статутам 1588 года, цалкам супярэчаць законам. Таму ён, Людвік Пацей, не лічыць магчымым разгляд любой справы на сойме, пакуль працэсуальна не будзе вырашана гэтае пытанне.

У адказ выступілі некалькі соймавых паслоў. Яны паказалі, што, на іх думку, у дачыненні да чалавека, які адмаўляе існаванне Бога, дзеянне законаў прыпыняецца і што ў асобе Людвіка Пацея берасцейскі падсудак знайшоў сабе не толькі лепшага абаронцу, але і адданага вучня.

На гэтае абвінавачванне спадар берасцейскі пісар быў вымушаны апраўдвацца. Падобна на тое, што біскупы і самога Людвіка Пацея збіраліся пасадзіць на лаву падсудных побач з яго старэйшым таварышам. Таму берасцейскі земскі пісар растлумачыў, што ў яго няма намеру апраўдваць атэізм, але ён ставіць пад сумнеў менавіта спосаб дзеянняў каталіцкага духавенства. У прыватнасці, учынкі берасцейскага падсудка нельга назваць нядаўна учыненым злачынствам, бо яго сшыткі напісаны шмат гадоў таму, а падсудак можа прадставіць доказы сваіх добрасумленных паводзінаў і прыстойнага ладу жыцця. Больш за тое, ён рыхтуецца прыняць прычасце. І гэтаму ёсць нямала сведак. І няма ў яго аніякіх вучняў. А Ян Бжоска, будучы ў працягу многіх гадоў блізкім прыяцелем берасцейскага падсудка, напісаў на яго ілжывы данос па злосці, паколькі павінен яму значную суму, вярнуць якую не ў стане.

Гэтая прамова абаронцы выклікала пярэчанні іншых паслоў. Слова ўзяў старшыня пасольскай палаты Станіслаў Антоні Шчука. Ён адзначыў, што яго прававое становішча не дазваляе яму далучыцца ні да аднаго з бакоў і ён павінен захоўваць нейтралітэт, але не можа не падтрымаць тых, хто абараняе гонар Бога. З тым, што ў берасцейскага падсудка няма вучняў, старшыня не пагадзіўся. Ён адзначыў, што сама меней адзін вучань у яго сапраўды маецца - той самы земскі пісар, які спрабуе яго абараніць. Гэты выпад быў зроблены персанальна супраць Людвіка Канстанціна Пацея.

У далейшым на пасяджэнні вырашалі, да юрысдыкцыі якога суда належыць справа берасцейскага падсудка. Людвік Пацей прапанаваў, каб прадаўжалі разглядаць ва ўстаноўленым парадку, а лепш усім соймам. Аднак, на гэтую прапанову не пагадзіліся.

І не толькі з-за таго, што яе высунуў Людвік Поцей, а галоўным чынам таму, што ўсе разумелі: досыць усяго толькі аднаму паслу на сойме скарыстацца правам "лібэрум вета" - і ўвесь судовы працэс, задуманы каталіцкім духавенствам як паказальны, звядзецца ўсяго толькі да агульнадзяржаўнай юрыдычнай дыскусіі. Верагоднасць таго, што ў выніку суда на агульным сойме берасцейскі падсудак выйдзе сухім з вады, была на сто адсоткаў.

Па гэтай прычыне каталіцкая большасць настаяла на тым, каб абвінавачанага ў атэізме берасцейскага падсудка судзіў не ўвесь сойм, а толькі соймавы суд, г.зн. суд, склад якога абраны на сойме.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян III Сабескі падтрымаў гэтае рашэнне. Таму прапанавалі, каб абвінавачаны не пазней чатырох тыдняў паўстаў перад соймавым судом, які наступным разам будзе засядаць у Варшаве.

Такім чынам, на Гарадзенскім сойме 1688 года справа па сутнасці не разглядалася, і наш герой выйшаў на волю.

З 79 пасяджэнняў Варшаўскага сойма ў 1689 годзе гэтае справа слухалася на 19. У абмеркаванні актыўна ўдзельнічалі больш за 100 сенатараў і паслоў. Прадстаўнікі каталіцкага духавенства - 17 біскупаў начале з папскім нунцыем - аднадушна патрабавалі для атэіста смяротнага пакарання.

І вось 3 студзеня 1689 года слова на сойме зноў узяў пісар берэсцейскі Людвік Пацей. Ён усё ж вырашыў прымяніць сваё права "лібэрум вета", прычым да таго часу, пакуль не атрымае задавальнення за рэзкія словы, выказаныя ў яго адрас старшынём пасольскай палаты. Мабыць, насамрэч Пацей пераследваў мэту любой цаной прыпыніць працу сойма. Абараніць сябра і добрага калегу - вось яго сапраўдная мэта. Аднак усе тут жа кінуліся яго супакойваць і фактычна ўціхамірылі. Увогуле пад далікатным націскам іншых паслоў ад свайго пратэсту ён вымушаны быў адмовіцца. Акрамя Людвіка Канстанціна Пацея, нашаму герою прызначылі яшчэ двух абаронцаў - адвакатаў Ілевіча і Віткоўскага.

Абвінаваўцаў было двое, адзін з іх - Дзіянісій Рамановіч. Пракурорам у соймавых судзе выступаў Сымон Куровіч Забістоўскі.

Падчас свайго выступу абаронца Ілевіч адзначыў, што нельга казаць пра нядаўняе злачынства (crimen recens) абвінавачанага, паколькі ён напісаў сваё сачыненне 15 гадоў таму, прыкладна ў 1674 годзе. Пракурор не прамінуў выкарыстаць гэты факт супраць абвінавачанага і пацікавіўся: калі з моманту напісання першай часткі трактата прайшло столькі часу, чаму абвінавачаны не напісаў другую частку, чаму ў сачыненні няма ніводнага радка за Бога, а ўсе словы і высновы толькі супраць?

(Працяг у наступным нумары.)

ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

Свой край вывучай

Далёка не кожнаму чалавеку выпадае лёс прысвяціць жыццё справе, якая будзе дарыць натхненне, радасць ды яшчэ і прыбытак нядрэнны прыносіць. Часцей сустракаецца падзел на любімае хобі і не вельмі любімую, але неабходную ў матэрыяльным плане работу. І рэдка хто рашаецца гэту раздвоенасць разарваць на карысць поклічу душы.

Мар'яна ЯНУШКЕВІЧА ў Валожыне ведаюць як спраўнага кіроўца. Шмат гадоў ён круціў "баранку" і быў упэўнены: шафёрыць яму аж да самай пенсіі. У дарозе, асабліва калі маршрут вядомы да драбніц, заўсёды добра думаецца. Мар'ян Францавіч і не прыкмеціў, як ператварыўся ў філосафа. Неяк раз адзначыў: кансерватыўны сельскі ўклад увачавідкі мяняецца, а людзі пазбаўляюцца даўнейшых прадметаў побыту самым дзікунскім спосабам - выкідаюць на смецце або спальваюць. Ад убачанага балюча сціснулася сэрца. Шкадаваў не толькі тыя старыя куфэркі ды посцілкі, але і маладое пакаленне, якое ніколі не пабачыць працу рук прадзядуляў і прабабуль. Так і ўзнікла ў Мар'яна Янушкевіча ідэя збіраць рарытэтныя вясковыя рэчы. Неўзабаве стаў падобным да апантанага грыбніка, які ў пошуках баравіка гатоў блукаць па лесе, не зважаючы на стому, забыўшыся пра сон і голад.

Усе маршруты ў Мар'яна цяпер вызначаюцца кароткімі адрэзкамі: ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты. Некаторыя людзі аддаюць бацькоўскую спачыну ахвотна і дарам, іншыя вымагаюць грошай. Мар'ян Францавіч пагаджаецца на любыя ўмовы. Асабліва шчодрыя на экспанаты тэрыторыі, якія да 1939 года належалі Польшчы. Колькасць назапашанага старажытнага дабра расла з дня ў дзень і ўпарта патрабавала прытулку.

Неяк запрыкмеціў шафёр Янушкевіч на памежжы Валожынскага і Стаўбцоўскага раёнаў вёску, утульную, ціхую. Набыў тут сядзібу, а каб аматары старажытнасці не блукалі, паставіў указальнік - "Музей пана Мар'яна".

Тут пад адкрытым небам туляцца шматлікія сеялкі, веялкі, сячкарні, вырабленыя ў пачатку мінулага стагоддзя на заводах Заходняй Беларусі па ліцэнзіі англійскіх, нямецкіх, амерыканскіх прамыслоўцаў. Аўтэнтычныя вазкі, сані, брычкі для гужавога транспарту ўражваюць дасціпным выкананнем. Як расказаў гаспадар экспазіцыі, адзін з вазкоў больш за 70 гадоў прастаяў схаваным пад стогам струхлелага сена. Такім чынам селянін ратаваў сваю маёмасць ад бальшавіцкай экспрапрыяцыі. І гэта яму ўдалося. Магчыма, чалавек спадзяваўся, што яго ўнукі ці праўнукі запрагуць некалі коніка і ўспомняць яго добрым словам… А атрымалася, што той вазок цікавы цяпер толькі калекцыянерам ці кінематаграфістам. Дарэчы, пра музей пана Мар'яна ведаюць не толькі беларускія рэжысёры, але і расійскія. Для дэкарацыі гістарычных кінастужак у ход ідуць куфэркі і чамаданы, фарфоравыя статуэткі і гіпсавыя бюсты Сталіна, камуністычныя вымпелы і піянерская форма. Усё гэта ёсць у Янушкевіча і падтрымліваецца ў ідэальным стане. Эксклюзіўную мэблю, якая стагоддзе служыла людзям, аддае на рэстаўрацыю спецыялістам, а пра большасць экспанатаў клапоціцца сам.

Мяркую, што рэестравую колькасць калекцыі Мар'ян Францавіч і сам дакладна не ведае. Але затое арыентуецца ў ёй выдатна. Сярод дзясяткаў выкаваных уручную завесаў і цвікоў за хвіліну адшукае маленькае пяро да чарнільнай ручкі, ведае памер кожнай пары ялавых ботаў і беспамылкова ўкажа, з якой вёскі той сярпок ці гэблік.

Кожны знойдзены і даведзены да толку прадмет - гэта як яго дзіця. І яно павінна мець будучыню, а не валяцца недзе на сметніку. Хіба не знойдзецца пакупнік на ўнікальную мясарубку? Не бяда, што ёй не менш за сто гадоў. Яна вельмі стыльная, моцная, прыгожая, а вялікі памер дае ўяўленне пра колькасць мяса, якую можна закінуць за адзін раз. Фору дасць сваім сучасным электрычным паслядоўніцам! Латунныя ступкі, медныя тазы і швейныя машынкі, нягледзячы на паважаны ўзрост, гатовы верай і праўдай служыць гаспадыням. Чаго не скажаш пра драўляную саху, у якую калісь селянін запрагаў валоў і араў надзел. Гэта прылада працы - чыста музейны экспанат. Ён, бадай што, і самы "ўзроставы" ў калекцыі, з'явіўся на свет гадоў дзвесце таму, калі не раней…

Прадметамі "цяжкай" прамысловасці Мар'ян Францавіч не абмяжоўваецца. Ёсць у яго і "мануфактура": саматканыя ходнікі, бурносы, посцілкі, ручнікі з карункамі і цэлыя сувоі палатна высокай якасці. Цяжка нават паверыць, што ўся гэта прыгажосць, і з суконных нітак, і з ільняных, стваралася ўручную.

Мар'ян Янушкевіч не толькі збірае экспанаты. Ён ведае пра іх усё і ахвотна расказвае, як яны з'явіліся, удасканальваліся, выкарыстоўваліся, чым замяняліся. Далёка не кожны спецыяліст па гісторыі ці фальклоры прачытае такую пазнавальную лекцыю ды яшчэ на беларускай мове.

Мар'ян Францавіч вельмі радуецца гасцям, асабліва дзецям і моладзі. А шматлікія пытанні з іх вуснаў сведчаць пра галоўнае: яго хобі патрэбнае і для грамадства.

Алена ЗБІРЭНКА, г. Валожын.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX