НАША СЛОВА № 45 (1456), 6 лістапада 2019 г.
ДЗЯДЫ - 2019
3 лістапада ў Менску ад метро "Парк Чалюскінцаў" да Курапатаў прайшло традыцыйнае шэсце на Дзяды - дзень памяці продкаў. У Курапатах - месцы масавых расстрэлаў сталінскіх часоў - адбыўся мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Свабода вяла жывую відэатрансляцыю.
На шэсце сабралася больш за дзве сотні ўдзельнікаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, крыжамі і транспарантамі.
У час шэсця тры чальцы "Еўрапейскай Беларусі" запалілі фаеры - іншыя ўдзельнікі акцыі папрасілі іх згасіць піратэхніку і больш так не рабіць.
Сярод іншых у шэсці ўдзельнічалі нядаўна вызвалены анархіст Зміцер Паліенка - ён і ягоная нявеста Наста Гусева збіралі грошы для іншых, каго лічаць палітычнымі зняволенымі. Грошы, кажуць яны, пойдуць на перадачы і аплату адвакатаў.
Акрамя звычайных для Дзядоў лозунгаў гучалі і воклічы супраць "паглыблення інтэграцыі" з Расеяй.
Паводле відавочцаў, праваахоўнікі фіксавалі нумары машынаў, якія сігналілі ў падтрымку акцыі, пасля спынялі машыны і за нешта штрафавалі.
Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на "Дзяды" з расцяжкамі, на якіх былі б назвы месцаў масавых расстрэлаў, мемарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, "што прыязджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне".
На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны зварот ад старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. Выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юрась Беленькі ў свай прамове зрабіў акцэнт на небяспецы інтэграцыі з Расеяй. Паводле Юрася Беленькага і Алеся Чахольскага, карані курапацкіх забойстваў месціліся ў Расеі, і цяперашняя інтэграцыя пагражае паўтарэннем гэтых трагічных падзеяў.
Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненнем слезагоннага газу і спецсродкаў. Першы сямімятровы крыж на тэрыторыі мемарыялу з'явіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.
Радыё Свабода. Фота nn.by.
Падвядзенне вынікаў года і абмеркаванне плана дзейнасці на наступны год
3 лiстапада ў Менску адбылася чарговая рада ТБМ iмя Ф. Скарыны. На ёй абмяркоўвалася дзейнасць арганiзацыi за 2019 год, разглядаўся праекта плана дзейнасцi на наступны год, была агучана iнфармацыя пра iнiцыятывы Унiверсітэта iмя Н. Гiлевiча. З прамовай выступiла старшыня ТБМ iмя Ф. Скарыны спадарыня Алена Анiсiм:
- У цэлым арганiзацыя працавала на працягу года стабiльна. Важным было правядзенне нашага 30-гадовага юбiлею. У звязку з гэтым 6 верасня была праведзена канферэнцыя, датычная лепшых практык захавання гiстарычна-культурнай спадчыны, арганiзаваная Дзянiсам Тушынскiм, i прыём. Да канферэнцыi быў зроблены банер, якi можна выкарыстоўваць на розных мерапрыемствах.
Напярэдаднi правядзення сёняшняй pады ТБМ было заключана пагадненне на арэнду сядзiбы на 4 гады. Мы плануем зрабiць абнаўленне сядзiбы. Нам удалося дамагчыся таго, каб беларуская мова вярталася ў сферу заканадаўства. Вынiкам маёй працы ў Палаце Прадстаўнiкоў Нацыянальнага Сходу стала тое, што нас уключылi ў экспертную Раду, якая перакладае тэксты законапраектаў на беларускую мову. Гэта - Законапраект аб шлюбе i сям'і i Выбарчы кодэкс, які будзе зацвярджацца на беларускай мове. Юрысты працуюць над тым, каб зацвердзiць на беларускай мове частку Грамадзянскага кодэкса. Iдзе праца над тым, каб напоўнiць беларускасцю кожны тэрмiн.
Вырашана працягваць дзейнасць па прасоўваннi Законапраекта аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
- На таго, хто падае законапраекты у адпаведныя мiнiстэрствы, ускладзен абавязак прыкласцi фінансавае абгрунтаванне, - адзначыла Алена Мiкалаеўна Анiсiм. - Каб наш законапраект прайшоў, мы павiнны зрабіць фiнансавае абгрунтаванне. У такiм выглядзе, як зараз, ён прыняты быць не можа.
Пра арганiзацыйную дзейнасць Універсітэта імя Н. Гілевіча распавёў выканавец абавязкаў рэктара, ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевiч Трусаў.
- Вялiкая iнфармацыйная хваля пра Унiверсiтэт разышлася па Еўропе. Я пераканаўся ў гэтым падчас правядзення VIII кангрэса беларускiх даследчыкаў у Вільні. Стварэннем Універсiтэта зацiкавiлiся беларускiя студэнты ў Літве i Польшчы. Людзi ў рэгiёнах iнфармаваныя пра дзейнасць Унiверсітэта, патэнцыйныя абiтурыенты маюць планы да паступлення ва Унiверсiтэт. Зацiкавiлiся Універсiтэтам вучнi i выкладчыкi беларускамоўнай гімназii ў Асiповiчах. Новая навучальная ўстанова ўжо мае сваю бiблiятэку, якая складае 1200 выданняў - энцыклапедыi, слоўнiкi, мастацкую лiтаратуру. Пётр Садоўскi падараваў Унiверсiтэту рэдкiя кнiгi, якія ён збiраў у Германii. За лета былi падрыхтаваны дакументы па чатырох накiрунках i распрацавана 19 вучэбна-метадычных комплексаў, i чатыры папкi з дакументамi былi адпраўлены ў адпаведныя саветы. Нашы студэнты будуць ведаць дзве еўрапейскiя мовы на сусветным узроўнi. Як толькi мы атрымаем лiцэнзію, зможам распачаць навучальны працэс. Калi мы не атрымаем яе сёння, то зможам атрымаць заўтра, бо палiтыка - справа перманентная, - адзначыў Алег Трусаў.
Пра мiжнародныя кантакты Унiверсітэта iмя Гiлевіча распавёў яго першы прарэктар Уладзiмiр Колас:
- Беларуская мова павiнна асацыявацца не толькi са старажытнасцю, але і з сучаснасцю. Таму нядаўна мы пабывалi ў Данii i вывучалі сiстэму ўнiверсiтэцкай адукацыi там, каб выкарыстаць пазiтыўны досвед i зрабіць наш Унiверсiтэт больш прывабным. Там усё не так, як у нас, пачынаючы ад выбараў рэктара, да стасункаў універсiтэта i Мiнiстэрства адукацыi. Студэнты маюць права выбару прадметаў, па якіх навучаюцца. У час паездкi адбывалася шмат сустрэч i дыскусій.
Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Міхайлавiч Тушынскi зарэгістраваны на выбарах кандыдатам ад партыi зялёных.
У наступным, 2020 годзе чакаюцца круглыя даты з дня народзінаў выбітных пісьменнікаў: 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, 80-годдзе Леаніда Дайнекі, і круглыя даты іншых творцаў, якія варта адзначыць.
Старшыня Магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў вынес на абмеркаванне пытанне эфектыўнасці мерапрыемстваў, якія ладзiць ТБМ.
- На наступнай Радзе ТБМ, якая пройдзе 26 студзеня, вырашана прызначыць дату правядзення з'езда ТБМ, не пазней 27 кастрычніка, кожны з прадстаўнікоў раённых і абласных арганізацый павінен прадставіць дату сходаў. Кожная арганізацыя павінна будзе правесці справаздачна-выбарчую канферэнцыю і выбары старшыняў, - адзначыла А. Анісім.
Вырашана прызначыць складкі на наступны год у памеры 20 рублёў для тых, хто працуе і 10 рублёў для пенсіянераў.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Досвед дацкіх універсітэтаў зафіксаваны ў дакументальных праграмах
29 кастрычніка ў менскай галерэі "Ў" прайшло мерапрыемства, арганізаванае рэктаратам Нацыянальнага ўніверсітэта імя Н. Гілевіча. На сустрэчы з моладдзю выступілі рэктар Капенгагенскага ўніверсітэта Карстэн Флідэліўс і прафесар Дацкага тэхнічнага ўніверсітэта, даследчык, журналіст Карл Эрык Фаверскаў.
Прарэктар Універсітэта імя Ніла Гілевіча, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч і першы прарэктар Універсітэта імя Н. Гілевіча, намеснік старшыні ТБМ імя Ф. Скарыны Уладзімір Колас распавялі пра паездку ў Данію, дзе яны вывучалі досвед сучасных дацкіх універсітэтаў. Па выніках падарожжа былі створаны дзве дакументальныя кінастужкі, якія былі прадэманстраваны гасцям сустрэчы.
У Даніі сёння на 5 мільёнаў жыхароў дзейнічаюць 8 універсітэтаў і 3 інстытуты архітэктуры і мастацтва, у якіх у агульнай колькасці навучаюцца 150.000 студэнтаў. Стыпендыя для студэнтаў складае 750 еўра ў месяц.
Уладзімір Колас і Павел Церашковіч сустракаліся з выкладчыкамі і студэнтамі Універсітэта Роскілдэ (па-дацку: Roskilde Universitet, скарочана RUC або RU) - Дацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, заснаванага ў 1972 годзе, які размешчаны ў Трэкронеры, за 30 кіламетраў ад Капенгагена. Універсітэт прысуджае ступені бакалаўра, магістра і кандыдата навук у самых розных прадметах: у сацыяльных, гуманітарных і прыродазнаўчых навуках.
Універсітэт першапачаткова быў задуманы як альтэрнатыва традыцыйным дацкім універсітэтам, якія былі месцам некалькіх забастовак студэнтаў у канцы 1960-х. Студэнты лічылі традыцыйныя ўніверсітэты недэмакратычнымі і кантраляванымі прафесарамі, і хацелі большай свабоды і таксама больш гнуткай методыкі выкладання.
У 1970-х універсітэт быў вядомы сваёй вельмі ліберальнай адукацыяй у адрозненне ад звычайных лекцый, якія праводзілі больш традыцыйныя ўніверсітэты Капенгагена і Орхуса. Асноўная ўвага была перамешчана з традыцыйных лекцый на групавыя метады і праекты, а не на традыцыйныя экзамены. Рэктар прызначаецца калегіяй універсітэта. Студэнты маюць прасторны інтэрнат з добрымі побытавымі ўмовамі. Для замежных студэнтаў конкурс на навучанне ў Даніі складае 200 чалавек на 1 месца.
У Даніі прафесары ўніверсітэтаў працуюць як эксперты, на 75% яны займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю, на 25% - навуковымі даследваннямі.
На пытанне, якія дацкі досвед хацелі б пераняць заснавальнікі Універсітэта імя Н. Гілевіча, Уладзімір Колас і Павел Церашковіч адказалі:
- Павагу да асобы і Стварэнне публічнай прасторы, дзе маглі б нефармальна кантактаваць выкладчыкі і студэнты.
У канцы сустрэчы Лявон Баршчэўскі прэзентаваў новы падручнік па філасофіі на беларускай мове.
Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Уладзімір Колас і Павел Церашковіч; 2. Госці з Даніі.
Памятны камень у гонар акадэміка Карскага адкрылі ў вёсцы Мігова
Памятны камень у гонар акадэміка Яўхіма Карскага, аўтара фундаментальнай працы "Беларусы" ўрачыста адкрылі ў вёсцы Мігова, Гарадзенскага раёна. Гэты камень згадвае, што тут на лецішчы спыняўся славуты акадэмік. Для выканання задумы па ўвекавечанні яго памяці, сябар нацыянальнай Рады ТБМ Алесь Крой удала супрацоўнічаў з мясцовымі жыхарамі і мясцовымі ўладамі Абухаўскага сельскага савета. Згадвае пра акалічнасці стварэння памятнага знаку Алесь Крой:
- Мы зрабілі першы чын гэтай справы. Дамовіўся са сваімі гарадзенскімі сябрамі, і яны знайшлі ў сваіх працоўных календарах пару дзён, прыехалі, выкапалі траншэю ў выглядзе простакутніка - гэта Віталь Карнялюк, Янка Курчэўскі, Сяргей Амелька, якія шчыра адгукнуліся дапамагчы зрабіць з валуноў, цэментнага раствору п'едэстал для памятнага знака. Столькі прозвішчаў мне трэба пералічыць.
Надпіс выканаў гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, а кансультацыю па кампазіцыі мемарыяльнага каменя даў мастак-каваль Юрась Мацко. Гэты знак беларускай памяці цяпер стаіць ля самай дарогі ў вёсцы Мігова. Недалёка ад яго - мемарыяльны аўтобусны прыпынак, дзе ўказаны мясцовыя славутасці. А адна з вуліц садовага таварыства ў Мігове носіць імя Яўхіма Карскага.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, г. Гародня.
Ахвяры польскага ўзброенага падполля кананізаваныя Праваслаўнай царквой у Польшчы
Ахвяры польскага ўзброенага падполля кананізаваны, паведамляецца на афіцыйным сайце Праваслаўнай царквы ў Польшчы.
Вазакі, закатаваныя 31 студзеня 1946 года ў лесе ля Пухалаў Старых на Падляшшы аддзелам Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса "Бурага", далучаны Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквой да ліку святых пакутнікаў Падляшскай і Холмскай зямлі. Дзень малітоўнага ўшанавання пакутнікаў-вазакоў устаноўлены Саборам Епіскапаў на апошнюю суботу ліпеня - у дзень Заляшанскага абраза Божай Маці. Лік святых Падляшскай зямлі папоўнілі 30 імёнаў праваслаўных беларусаў Беласточчыны. Рашэнне прынятае на апошнім саборы епіскапаў Польскай Аўтакефальнай царквы 29 кастрычніка 2019 года.
Беларускае Радыё Рацыя. Фота wikimedia.org.
Сэрца прыроды
п-а-э-м-а э-с-э
Яўген Гучок
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
* * *
І ў любові свая экалогія;
Яе разбурэнне вядзе да разладу
Душ.
* * *
Калі ў кожнага свая экалогія,
Дык ці доўга там
Да экалагічных войнаў?
* * *
Каб ведаў невук сэрца прыроды,
Не вярзеў бы ён
Бальшавіцкую дзіч.
* * *
"Разумнікі", разбойнікі, бандыты...
Яны і прыродзе гатовы наладзіць
Галадамор і Курапаты.
* * *
Хто думае прыроду
Ўзяць за жабры,
Таго яна адправіць у нябыт.
* * *
Калі да прыроды
драпежна ставіцца,
Такім жа стаўленнем
Яна абернецца і да людзей.
* * *
Экалагічны глабальны крызіс
Пачаўся з крызісу
У галаве-глобусе чалавека.
* * *
Прырода мяняецца незаўважна,
А вось калі яе чалавек мяняе,
Дык да крызісу недалёка.
* * *
Ні адзін дэдэктыў,
Як вядома, і трылер
Не прысвяціў сур'ёзна
сябе экалогіі.
* * *
Вайна з прыродай -
Вайна з сабой
І супраць сябе.
* * *
Вырываць у прыроды літасць -
Шляхам ісці
Жабрака.
* * *
І Чырвоныя кнігі,
На жаль, пачынаюць
Жухнуць-жаўцець.
* * *
Антыэкалагічны разгул на зямлі,
Сумневу няма,
Можа быць спынены
толькі небам.
* * *
Грамадствы рэжымныя
Пра экалогію не тое, што думаць,
А і слухаць не маюць патрэбы.
* * *
Не выпадковы балоты ў прыродзе,
А чалавек, нібы шкворнем,
Асушэннем празмерным
пранізвае планеты лёгкія.
* * *
Хочаш - не хочаш, а войны
Чалавека з прыродай
Пакуль яшчэ ёсць, але...
* * *
Перш, чым прышэльцы
Знішчаць зямлю,
Чалавек гэта зробіць сам.
* * *
Зялёныя зоны,
зялёны насаджэнні...
І іх экалогія пад пагрозай
Сёння.
* * *
Закрылася сэрца прыроды,
Калі чалавек пажадаў
Больш, чым яму патрэбна.
* * *
І таму паўзе небяспека
Нават зямным
Нябёсам.
* * *
Што мы ведаем аб прыродзе?
Ведаем: браць у яе і ад яе,
А вось штосьці каб даць -
нам няўцям.
* * *
А яшчэ "мудрацы" дадумаліся
Змяшаць чалавецтва -
Загнаць у калгас-кібуц адзіны.
* * *
Чалавецтва будуецца-
разбудоўваецца
Не толькі на паверхні зямлі,
А ўжо і пад зямлёй глыбока.
* * *
Паварочваць рэкі,
Засушваць планеты лёгкія -
Нібы галаву зварочваць прыродзе.
* * *
Ва ўсе стагоддзі
Быў выклік прыродзе,
Асабліва ў стагоддзі апошнія.
* * *
На змену адходам бясшкодным
Прыйшлі адходы неабмежаваныя,
Да жудасці небяспечныя.
* * *
Перад тым, як аграхіміяй
Труціць глебу і наваколле,
Людзі гэтымі сродкамі
вынішчаюць сябе.
* * *
Ахова рэк, мораў і акіянаў
Сёння на ўзроўні плінтуса,
Пафарбаванага ў колер марэнга.
* * *
Нябачна, але ж страляе
Газамі кожны аўтамабіль
У лёгкія нашай планеты.
* * *
Было на зямлі калісь,
Бы ў лядоўні,
А сёння - бы ў парніку.
* * *
Нават пад час вайны
экалагічны лёс
У леса быў лягчэйшы,
Чым у нашы дні.
* * *
Рэсурс існавання людзей
скарачаецца,
А колькасць тых жа людзей
Няўхільна расце.
* * *
Чым болей знішчаюцца
дзікія віды,
Тым больш
адпаведна знішчальнікі
І дзічэюць, і вар'яцеюць.
* * *
Чым больш чалавек выпрамляўся,
Тым больш скрыўлялася
Экалогія.
* * *
Хто ёсць хто ў прыродзе?
А чалавек - галоўны яе
Разбуральнік.
* * *
Стандарты, стандарты...
Экалагічныя,
А прырода часам па-за экалогіяй.
* * *
На зямлі кожны выбух
Аддаляе людзей ад
Прыроды.
* * *
Ды і акустыка зямлі ў крызісе,
Таму няма ўзаемасувязі
З Сусветам.
* * *
Можа, хутка дойдзе і да таго,
Што вада будзе прагнуць
Вады.
* * *
А як з экалогіяй у акіяне?
Ніколькі няйначай,
Чымся на сушы.
* * *
Знявечаная прырода
Свой стан праецыруе
На здароўе людзей.
* * *
Часам можна падумаць,
Што ў выпрацоўцы цяпла
З сонцам супернічае чалавек.
* * *
Відаць, яшчэ і таму
Не маем з космасу гасцей,
Што з экалогіяй у нас нелады.
* * *
Хіба гэта - не цуд на планеце:
Свіння на дзвюх нагах
І з чалавечай галавой.
* * *
Кантакты шкодныя ёсць на зямлі,
І адзін з іх - кантакт
Чалавека-хціўца з прыродай.
* * *
Выдатна, што ёсць
бюлетэні экалагічныя,
Толькі б сама экалогія
На бюлетэнь не пайшла.
* * *
Экалагічная рупнасць людзей
Вызначае іх лад
Жыцця.
* * *
Экалогія свету людзей
Не можа не быць скіравана
На ўсё да дарабніц у свеце.
* * *
Калі няма жывой узаемадзейнасці
Паміж душой і камнем,
Душа абарачаецца у камень.
* * *
Экалагічная адукацыя і выхаванне
Перакрэсліваецца цыгарэтай
Цяжарнай жанчыны
для дзіцёнка яе.
* * *
І на выжыванні прырода
Па-свойму разнастаіць
Жыццё чалавека.
* * *
Няма тут пытання ніякага,
Хто болей свядома
прыроду забруджвае,
Жывёла ці чалавек.
* * *
Галіны прамысловасці
дзейнічаюць паспяхова,
А як рэагуе на гэта
Прырода?
* * *
Усе канферэнцыі і форумы
Аб стане прыроды
Павінны праходзіць
пад знакам "SOS".
* * *
Калі чалавек не бароніць прыроду,
Дык прырода яго
Адвяргае.
* * *
Асноўная крыніца забруджвання
У прыродзе -
Яго "вялікасць" чалавек.
* * *
Людзі словы свае сказалі,
А што скажа супольнасць
Прыроды.
* * *
Якая экалогія Зямлі,
Такое і здароўе
Чалавецтва.
* * *
Якая экалогія на зямлі,
Такая яна і ў той частцы неба,
Што ахінае зямлю.
* * *
Свая гісторыя і ў экалогіі,
А з гледзішча дзён сягонняшніх,
Нядобрае чакае чалавецтва.
* * *
У адрозненне ад людзей,
Не даруе прырода
Рэпрэсій.
* * *
Без спрыяння мове роднай
Экалогія Бацькаўшчыны
Поўнай не будзе.
* * *
Мясціны свяшчэнныя на зямлі
Наўрад яшчэ хто пералічыць,
Калі і кропелька расы свяшчэнна.
* * *
Многа і ў Беларусі
свяшчэнных месц:
Нарач, Свіцязь, Белавежа
Ды і ўся Беларусь у цэлым.
* * *
А дзе беларускай душы
Экалогія?!
А?! Дзе?!
* * *
А якая ў Беларусі экалогія
Курапат?
Якая? А?
* * *
Другое сонца для планеты
І ўсяго, што на ёй знаходзіцца, -
Экалогія!
* * *
Экскурсіі ў прыроду
Пачынаць трэба з экскурсіі
Ў чалавека.
* * *
Экалагічнае выхаванне
Сумлення...
Ці дастаткова яго між людзей?
* * *
Разбураныя палацы і храмы
Можна наноў стварыць,
А знішчаную прыроду - ніколі.
* * *
Ахова прыроды -
І непасрэдная ахова
Людзей.
* * *
Аб чым мігацяць зоркі у небе?
Людзі, беражыце Зямлю
І не загінеце самі.
* * *
Калі сэрца прыроды
і сэрцы людскія
Б'юцца ў адзіным рытме... -
Вось яна экалогія залатая.
* * *
Няўжо няма шляхоў вяртання
У першароднасць
Прыроды?
* * *
Ужо даўно назад да прыроды
Заве чалавецтва
Прарок Русо.
(Працяг у наступным нумары.)
Культура - гаючая сіла, здольная вярнуць індывідуму цэласнасць
"А. І. Смолік стварае галерэю партрэтаў творцаў беларускай культуры, адкрываючы забытыя імёны."
Б.У. Святлоў.
Вядомаму беларускаму навукоўцу, доктару культуралогіі, прафесару Аляксандру Іванавічу Смоліку ў кастрычніку споўнілася 75 гадоў. Разам з гэтым юбілеем было адзначана 20-годдзе запачаткавання беларускай культуралагічнай школы. Мы пагутарылі з шаноўным прафесарам на кафедры культуралогіі БДУКіМ.
Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў в. Каловічы Вілейскага раёна ў 1944 годзе. Пасля заканчэння Вілейскай агульнаадукацыйнай школы ён працаваў у рэдакцыі раённай газеты " Шлях перамогі". У 1964 годзе будучы навуковец паступіў на гістарычны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Горкага і скончыў яго ў 1968 годзе. А.І. Смолік вучыўся ў аспірантуры, абараніў кандыдацкую дысертацыю ў МДПІ і працаваў дацэнтам у інстытуце, у 1979-1922 гадах быў дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. З 1992 года на працягу 15 гадоў А.І. Смолік быў першым прарэктарам БДУКіМ, ён спалучаў арганізацыйна-педагагічную працу з навуковай дзейнасцю, што дазволіла абараніць першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю па тэорыі і гісторыі культуры (1999). З 2006 года Аляксандр Іванавіч Смолік узначальваў кафедру гісторыі Беларусі і музеязнаўства, а з 2008 года ён загадвае кафедрай культуралогіі БДУКіМ.
- Аляксандр Іванавіч, з якой падзеяй звязана 20-годдзе беларускай культуралагічнай школы?
- 10 снежня 1999 года ў нашай краіне была абаронена першая доктарскай дысертацыя. На постсавецкай прасторы такой навукі, як культуралогія, не было, дамінаваў марксізм і навуковы камунізм, (сацыялогія, паліталогія і культуралогія лічыліся буржуазнымі навукамі). Пасля таго, як утварылася наша суверэнная дзяржава, пачалося фарміраванне сістэмы гуманітарнай адукацыі, і тады замест палітызаваных дысцыплін у ВНУ было ўведзена выкладанне культуралогіі. Яе выкладалі гісторыкі, філолагі. Мы, як Універсітэт культуры, вырашылі стварыць цэнтр па падрыхтоўцы сапраўдных культуралагічных кадраў. У 1998 годзе ВАК дазволіла нам стварыць савет па абароне дысертацый па культуралогіі, і ў 1999 годзе адбыліся дзве абароны: кандыдацкай і доктарскай дысертацый.
- Гэта была як раз Ваша доктарская дысертацыя?
- Так, абарона доўжылася 6 гадзін пры вялікім прадстаўніцтве навуковай супольнасці. Мая праца была прысвечана даследванню існавання культуры і яе патэнцыялу ў трагічных умовах пасля Чарнобыльскай катастрофы, у ёй была прасочана сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыюме. Адбываўся вялікі стрэс, і культура дапамагала выжыць у той час. Я ўдзельнічаў у многіх канферэнцыях, кантактаваў з медыкамі, біёлагамі, земляробамі, едзіў па Гомельшчыне і Магілёўшчыне, выкладаў у філіяле нашага ўніверсітэта ў Мазыры.
Ва ўсім свеце шырока лечаць не толькі таблеткамі і ўколамі, але і мастацтвам. Існуе музыкатэрапія, хоратэрапія. Я быў у Германіі і бачыў, як у аптэках прадаваліся рэпрадукцыі карцін і кнігі, дыскі з музыкай. У залежнасці ад самаадчування можна рэкамендаваць адну кнігу ці іншую, якая выпраўляе саматычны стан, здымае трывогу. Арт-тэрапія вельмі развіта. Адзін час мы шмат усяго рабілі на Гомельшчыне.
У нашым універсітэце пачалі адкрывацца новыя спецыяльнасці, такія, як рэабілітацыя сродкамі культуры і мастацтва. Культура мае вялікую гаючую сілу.
Сёння мы маем пяць дактароў навук у галіне культуралогіі ў краіне і 40 кандыдатаў навук ва ўсіх рэгіёнах. Наш Універсітэт з'яўляецца вядучай метадалагічнай установай у галіне культуралогіі. Новы Універсітэт імя Ніла Гілевіча мае намер развіваць культуралагічную адукацыю, і мы падтрымалі яго кіраўніцтва ў гэтым намеры.
- У Вашых манаграфіях Вы ствараеце культурны імідж Беларусі, вывучаеце і папулярызуеце жыццё і дзейнасць такіх асобаў, як К. Тураўскі, Т. Зан, Я. Чачот, Я. Карскі, Е. Раманаў, В. Доўнар-Запольскі, А. Сержпутоўскі.
- Мы заснавалі такую серыю выданняў. У ёй выйшла мая манаграфія "Божы дар Івана Кандрацьева" пра нашага генільнага суайчынніка, драматурга, пісьменніка, краязнаўца, майго земляка, аўтара шырокавядомых песень "По диким степям Забайкалья", " Очаровательные глазки". Сярод твораў Івана Кандрацьева нямала песень, дум, былін народных казанняў, заснаваных пераважна на беларускім, польскім, літоўскім, украінскім фальклоры. І.К. Кандрацьеў быў выдатным знаўцам песеннай творчасці і разглядаў песню як сродак самавыяўлення народа. Ёсць думка, што песня "По диким степям Забайкалья" напісана пад уражаннем паўстання 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
У часопісе "Народная асвета" я вяду рубрыку "Студыя культуры і прыгажосці" пра нашых славутых творцаў у галіне духоўнай культуры. У гэтым годзе выйшлі мае артыкулы пра Станіслава Манюшку і пра Надзею Хадасевіч, простую сялянскую дзяўчыну, якая з любові і цікавасці да мастацтва дабралася да Парыжа, стала вучаніцай Фернана Ляжэ і яго жонкай. У мяне два дзесяткі нарысаў пра знакамітых асобаў.
Мы заснавалі Тышкевіцкія чытанні, якія перакрочылі межы нашай краіны і адбыліся ў Літве. Разам з настаўнікамі і бібліятэкарамі мы правялі добрую канферэнцыю ў Барысаве. Наступныя, 8-ыя чытанні мы будзем праводзіць з кафедрай для прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі ў Ружанах.
- Вы напісалі кнігу "Беларуская культуралогія: гісторыя і сучаснасць" і адзначылі ў ёй нават дасягненні Вашых паслядоўнікаў?
- У ёй я зрабіў экскурс ў гісторыю і прасачыў развіццё культуралагічных ведаў ад Ефрасінні Полацкай да нашых дзён. Культуралогія імпліцытна развівалася ў межах іншых дысцыплін, ёй займаліся гісторыкі і фалькларысты.
Сярэднявечча - гэта перыяд высокай духоўнай культуры. Я вяду імпліцытныя культуралагічныя веды ад Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўраамія Смаленскага, бо ў іх шмат культуралагічных інтэнцый - разважанняў пра каштоўнасці, духоўнасць, прызначэнне чалавека.
Міністр культуры Барыс Святлоў падтрымаў выданне кнігі, і яна выйшла вялікім накладам, разышлася па ўсіх асветніцкіх установах і бібліятэках. З Ібрагімам Канапацкім мы выдалі кнігу "Гісторыя культуры беларускіх татар", яна цяпер выкарыстоўваецца ў мусульманскіх школках пры мячэцях. Мая місія як навукоўца, загадчыка кафедры і педагога - спрыяць адраджэнню і развіццю беларускай культуры. Я выкладаю сваім студэнтам толькі на беларускай мове. Артыкулы і падручнікі пішу таксама па-беларуску.
- Вы распрацавалі праграму для студэнтаў, кіруеце магістарскімі, кандыдацкімі і доктарскімі дысертацыямі. Ваш сын Дзяніс Аляксандравіч - таксама кандыдат культура-логіі?
- Так, і яго жонка, прафесар, працуе на нашай кафедры. У нас культуралагічная сям'я. Унук скончыў БДУІР, унучка - на другім курсе Лінгвістычнага універсітэта.
У гэтым годзе два дактаранты прыходзяць на кафедру, зараз у нас - 21 аспірант. Кожны год мы дадаём 4-5 кандыдатаў навук, пашыраем нашу навуковую супольнасць. Будзем спадзявацца, што з цягам часу з'явяцца новыя грунтоўныя доктарскія даследванні.
Акрамя таго, сёння на кафедры 20 кітайцаў выконваюць магістарскія працы і дысертацыі па праблемах кітайскай і беларускай культуры, і вучацца 6 аспірантаў з розных універсітэтаў Кітая.
- Шчыра дзякуем за сустрэчу, жадаем Вам моцнага здароўя і плёну ў дзейнасці!
Гутарыла Э. Дзвінская, фота аўтара На здымку: прафесар А.І. Смолік.
Беларускія ВНУ зацікаўленыя ў студэнтах з Германіі
Навіны Германіі
Беларускія ВНУ зацікаўлены ў прыцягненні на навучанне і стажыроўкі грамадзян Германіі, заявіў міністр адукацыі на сустрэчы з паслом Германіі ў Беларусі Манфрэдам Хутарэрам 30 кастрычніка ў Менску. Пра гэта паведаміла прэс-служба міністэрства. Паводле слоў Карпенкі, установы адукацыі гатовыя праводзіць для нямецкіх грамадзян моўныя, навуковыя і навукова-тэхнічныя стажыроўкі па актуальных кірунках навукі і інавацыйнай дзейнасці, а таксама запрашаюць іх да ўдзелу ў міжнародных адукацыйных і навуковых мерапрыемствах. Паміж Беларуссю і Германіяй дзейнічаюць 110 прамых міжуніверсітэцкіх дамоў аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і навукі, адзначыла прэс-служба ведамства. З пачатку 2019 года заключана восем такіх дамоў. Міністэрства адукацыі разлічвае таксама на падтрыманне больш цесных кантактаў на ўзроўні ўстаноў адукацыі дзвюх краін для выканання сумесных праектаў у рамках праграм Erasmus+, Horizont 2020 і MOST; прыцягнення спецыялістаў вядучых нямецкіх універсітэтаў да чытання лекцый, правядзення навучальных семінараў, летніх школ (па кірунках) у беларускіх універсітэтах, сумесных навуковых даследаванняў. Таксама міністэрства "цэніць вопыт узаемадзеяння ў рамках праграмы Германскай службы акадэмічных абменаў DAAD", адзначыў у гутарцы з паслом Карпенка. Манфрэд Хутарэр выказаў зацікаўленасць у захаванні дынамікі адносін, якія "прыводзяць да паглыблення ўзаемаразумення ў вырашэнні шматлікіх пытанняў". Абодва бакі адзначылі паспяховае правядзенне сумесных адукацыйных праектаў і мерапрыемстваў. Гэта, у прыватнасці, праект "Дыплом нямецкай мовы I і II ступені", які рэалізуецца з 2008 года пры ўдзеле школ Берасцейкай, Гарадзенскай, Менскай абласцей і Менска. У 2015 годзе да яго далучыліся школы Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Менску і Цэнтральнага ўпраўлення па справах школьнай адукацыі за мяжой беларускія школы рэалізуюць праект "Школы: партнёры будучыні". У дзіцячых садках сталіцы, Полацка і Наваполацка (Віцебская вобласць) праводзіцца праект "Ранняе навучанне замежнай мове". Наладжаны прадуктыўныя кантакты паміж установамі вышэйшай адукацыі і навуковымі арганізацыямі дзвюх краін, у тым ліку на рэгіянальным узроўні (з землямі Саксонія, Ніжняя Саксонія, Баварыя). Рэалізуецца шэраг грамадска значных гуманітарных праектаў, накіраваных у тым ліку на аказанне садзейнічання сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі і іншымі патрэбамі, адзначаецца ў рэлізе. У Мінадукацыі падкрэслілі, што Германія традыцыйна лідзіруе сярод краін, якія аказваюць Беларусі садзейнічанне ў пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Штогод адтуль паступае да 20% агульнага аб'ёму замежнай бязвыплатнай дапамогі. Паводле дадзеных дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, у 2018 годзе Германія прыняла на аздараўленне 2.316 беларускіх дзяцей, за мінулы перыяд 2019 года - 1.958.
БелаПАН.
Мяцежная Магілёўшчына
ТБМ імя Ф.Скарыны г. Магілёва 28 кастрычніка 2019 г. у грамадскім цэнтры "Кола" арганізавала сустрэчу з вядомым беларускім гісторыкам, кандыдатам гістарычных навук Нінай Стужынскай. Тэма сустрэчы: "Мяцежная Магілёўшчына. Да стагоддзя паўстання. 1919-2019 гг."
Надзвычай цікавую лекцыю пра падзеі самага пачатку "савецкай улады" на Магілёўшчыне паслухалі магілёўцы ад гісторыка. Ніна Стужынская - кандыдат гістарычных навук, лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра, аўтар гістарычных работ па нацыянальна-вызвольным руху 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя. Стужынская займаецца даследаваннем гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Аўтарка кнігі "Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст.". Кніга "Беларусь мяцежная" прысвечана малавядомым падзеям беларускага супраціву - гісторыі Слуцкага паўстання, дзейнасці антысавецкага партызанскага змагання ў 20-я гады мінулага стагоддзя, а таксама выбітным асобам таго часу. Спадарыня Ніна якраз наведвала Магілёў, каб папрацаваць у нашых архівах, і расказала шмат чаго, што даведалася новага, і што даследавала раней.
Тэмай беларускага антыбальшавіцкага супраціву гісторык Ніна Стужынская займаецца каля 30 гадоў, пачалося ўсё яшчэ на пятым курсе ўніверсітэта. У рэчышчы тагачасных ідэалагічных патрабаванняў студэнтка пісала дыплом на тэму "палітычнага бандытызму" на Беларусі. Паводле савецкіх стэрэатыпаў, у антыбальшавіцкіх паўстаннях удзельнічалі выключна злачынцы. І тут у даследчыцы з'явілася падазрэнне: няўжо ўсе гэтыя тысячы людзей былі бандытамі? З часам яна пераканалася: на супраціў Саветам уздымаліся лепшыя людзі вёсак, гарадоў і мястэчак. Тыя маладыя людзі, якія паклалі жыццё за нацыянальную ідэю, засталіся ў "схаванай" гісторыі. За рамкамі школьнага падручніка, афіцыйнай гістарыяграфіі засталіся сапраўдныя нацыянальныя героі.
Супраціў мясцовага насельніцтва, аказваецца, быў і ў нашых краях, на Магілёўшчыне даволі актыўны, нават былі паўстанні, не на шмат меншыя за Слуцкі збройны чын. Былі і адметныя лідары супраціву - атаманы, на якіх палявала ЧК, прычым гісторыі вельмі ўражлівыя, вартыя нават кніг і фільмаў. Стужынская думае: шчэ надыйдуць часы, калі гэтыя імёны вернуцца, будуць грунтоўна даследаваны ўсе акалічнасці, і напісана свая гісторыя, з нашага, нацыянальнага погляду, без чырвонага крамлёўскага ўхілу.
Беларусь у палітычным сэнсе ў 20-я гады была даволі стракатай. Але Ніна Стужынская піша пра тых, хто быў нацыянальна арыентаваны, хто абраў сабе за мэту пабудову еўрапейскай, дэмакратычнай, незалежнай Беларусі. І яшчэ піша пра тых, хто са зброяй у руках абараняў ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі. Хто пасля сацыяльных катастрофаў, такіх, як Першая ўсясветная вайна, расейская рэвалюцыя, абраў шлях да незалежнасці. Пасутнасці, гэта былі і амбіцыі, і ўласныя планы. Моладзь не хацела аддаваць бальшавікам ні тэрыторыю, ні мову, ні культуру. Яна хацела быць гаспадаром на сваёй зямлі. Калі пачытаць, напрыклад, нарысы атамана Дзергача, то гэтая ідэя прасочваецца вельмі яскрава.
Па словах Ніны Стужынскай, сярэдняя фігура важака партызан выглядае так: атаманамі часцей за ўсё станавіліся харызматычныя хлопцы, моцныя целам і духам. Як правіла, лідар быў з тутэйшых, меў аўтарытэт сярод сваіх аднавяскоўцаў і падтрымку вясковай грамады. Менавіта на сваёй малой радзіме паўстанцы знаходзілі прытулак, ежу, вопратку, зброю. Некаторыя атаманы ў мэтах канспірацыі мелі па некалькі імёнаў і нават двайнікоў. Сярод кіраўнікоў узброенай апазіцыі сустракаюцца творчыя асобы. Атаманы пісалі вершы, прозу, добра спявалі, удзельнічалі ў тэатральных пастаноўках. Выклікае зразумелае пачуццё здзіўлення і глыбокай павагі мужнасць і адказнасць за лёс краіны 20-гадовых (і нават маладзейшых) юнакоў - удзельнікаў паўстанцкага руху. Яны былі вельмі маладыя, але ў той жа час такія сталыя паводле таго, як ацэньвалі сітуацыю, якія праграмныя дакументы стваралі, якія рашэнні прымалі.
Наступная кніга Ніны Стужынскай будзе прысвечана маладаследаваным і малавядомым падзеям магілёўскага супраціву - паўстанню, дзейнасці антысавецкага партызанскага руху ў 20-я гады XX стагоддзя, выбітным асобам таго часу. Аўтарка шукае і выкарыстоўвае шмат невядомых раней крыніцаў, у тым ліку і дакументы ДПУ, прыватныя лісты, успаміны ветэранаў. Яна дакладна абвяргае міф камуністычнай прапаганды аб тым, што беларускі народ падтрымліваў бальшавіцкі рэжым. Сялянства выступіла супраць харчразвёрсткі, бараніла сваю маёмасць. Масавасць і ўпартасць, велічыня ахопленых партызанскім супрацівам тэрыторый дазваляе прымяніць да гэтых падзей тэрмін малой вайны. Напрыклад, у атамана Мяфодзія Караткевіча баявая групоўка на Магілёўшчыне дасягала 800 шабель.
Гэтая тэма дае новы погляд на наша мінулае. Застылая савецкая гістарыяграфія тоўстым слоем закрывае сапраўдную беларускую гісторыю.
Гісторыя беларускага антысавецкага супраціву ўшчэнт разбівае міф, што беларусы - пакорлівыя людзі.
Наталля Шэмянкова, Магілёў. Фота: Алеся Сабалеўскага.
Літаратурны салон "Над Лідзейкай"
Раўт другі
22 кастрычніка прайшла другая сустрэча ў літаратурна-музычным салоне "Над Лідзейкай". Сустрэча ізноў адбывалася ў канферэнц-зале Лідскага замка і мела назву "Сцежкі малой радзімы". Гасцямі салона на гэты раз былі выдатны беларускі паэт Міхась Скобла і слынная спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.
Утульная зала, завешаная карцінамі, зацікаўленыя слухачы стваралі зусім іншую атмасферу, адрозную ад той, якая бывае, скажам, у школе ці ў вялікай зале. Сама ідэя салона і грунтуецца на пэўнай камернасці, блізкасці выканаўцаў да слухачоў, душэўнасці. Тут не выступленні, тут размовы паэта, спевака са слухачом. Тут верш і песня гавораць пра тое, што хочацца слухаць і чуць.
Цудоўныя вершы і бліскучыя пераклады Міхася Скоблы - сапраўдны паэтычны майстар-клас. Міхась Скобла - паэт, які не стаміўся, не спыніўся, а прдаўжае актыўна пісаць, актыўна перакладаць, а яшчэ займацца ўкладаннем кніг, даследваннем літаратурнай спадчыны Беларусі, архіваў літаратараў, якія пайшлі ў лепшы свет.
У сваю чаргу Таццяна парадавала прысутных шырокім рэпертуарам з добра вядомых і новых песень. У прыватнасці яна выканала "Белавежскую пушчу" па-беларуску, паведаміўшы, што паедзе з гэтай песняй у Стамбул, дзе будзе выконваць яе на адкрыцці помніка зубру. Які зубр у Стамбуле? Але чаго толькі ў гэтым свеце не бывае...
Наступная сустрэча ў салоне "Над Лідзейкай" 12 лістапада. Праграму "Паланэз над Шчарай" прадстаўляюць літаратары Слоніма.
Яраслаў Грынкевіч.
БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН
Балады крыві і любові
Віктар Шніп
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
БАЛАДА БЕНЯДЗІКТА ДЫБОЎСКАГА (29.04.1833-31.01.1930)
Маёнтак родны твой Адамарын
Застаўся без цябе, як плыт, адзін
На хвалях часу і Еўропы тлумнай,
Дзе і табе было зусім не сумна
Ні ў Дэрпце, ні ў Варшаве, ні ў Берліне.
Прайшоў агонь паўстання па Айчыне,
І дымам ты занесены ў Сібір,
Дзе возера Байкал, нібы пацір,
Напоўнена чысцюткаю вадою.
Глядзіш на снег і бачыш прад сабою,
Праз далеч, беларускія азёры,
Лясы і рэкі, жытнія прасторы...
Ты вернешся дамоў, каб дом пакінуць
І, дом пакінуўшы, любіць Айчыну,
Не верачы, што ўсё наўкол ад Бога
І нават гэта праз Сібір дарога,
Якой ты едзеш, як дамоў, у Львоў,
Дзе беларуская не знікне кроў
У сэрцы, што па-беларуску б'ецца,
Бо гэта беларуса сэрца...
23.04.2010 г.
БАЛАДА ФЛЯРЫЯНА ДАНОЎСКАГА (1834-6.03.1903)
У чаўне па Нарачы плывеш,
Як па небе, у якім святло,
Як вада, якой не ведаць меж,
Ды не змыць ёй тое, што было,
Тут, дзе кроў пралітая была
На Айчыны белае крыло...
"Назаві імёны, адрасы!" -
Патрабуе царскі капітан.
Ты ж маўчыш. А за табой лясы
Інсургенцкія шумяць, туман
Сцелецца, хаваючы сляды
Хлопцаў, за якіх стаіш гарой,
Бо яны таксама, як і ты,
Любяць родны край, дзе іх крывёй
Абазначыцца шлях наш, святы.
Ты маўчыш. І на табе пятлю
Ворагі сціскаюць, і пажар
Закрывае родную зямлю,
Сонца, нібы кроў, цячэ з-за хмар,
Асвятляючы ў Сібір твой шлях,
Дзе з цябе не вымерзне любоў
Да буслоў і кветак у лугах,
Да магутных ля дарог дубоў...
Праз сасняк ад Нарачы ідзеш
У маёнтак, дзе прытулак твой.
І на небе, нібы на вадзе,
Маладзік каронай залатой
Па-над беларусамі плыве,
Не сплыве, бо Беларусь жыве...
23.06.2010 г.
БАЛАДА КАНСТАНЦІНА ВЕРАНІЦЫНА (1(13).06.1834-1904(?))
Тарас на Парнасе, а ты ў Беларусі,
Дзе чорныя вошы і белыя гусі,
Дзе наша адвечнае слова "любоў"
Не толькі са словам рыфмуецца "кроў",
А нашай зямлі дае колер чырвоны
У полі бялюткім, дзе кружаць вароны
Па-над інсургентамі, што паляглі
За волю і славу радзімай зямлі,
Якую ты любіш за песні жальбы,
Якія спявае народ несляпы.
У Віцебску сумна табе не бывае,
Таму з Пецярбурга сюды ты ўцякаеш
Пад родныя шаты, буслова крыло,
Дзе ў сэрца ўрастае цяпло і святло,
Якія пасля ператворацца ў вершы.
І ў лепшую долю Айчыны ты верыш,
Бо з вераю моцныя мы, і ў нас вера
Заўсёды ў душы, як пад лавай сякера,
Пад небам, якое, бы вочы дзядоў,
Лагоднае, грознае, дзе век любоў
Спакойна жыве, але ўсё-ткі, бывае,
Маланкай, як востраю шабляй, шугае
І ўсю Беларусь для цябе асвятляе,
Дзе наш не сумуе Тарас на Парнасе
І нашая мова жыве, не зжылася…
5.11.2010 г.
БАЛАДА АЛЯКСАНДРА ЕЛЬСКАГА (16.06.1834 - 10.09.1916)
У снягах задрамала світанне,
І паўдня пачынаецца дзень.
Для кагосьці за волю паўстанне -
Гэта кроў, для кагосьці - прамень,
Што асвечвае новыя далі,
За якімі жыве Беларусь.
Ля іконы ты свечку запаліш,
На стале ты рассцелеш абрус
Для гасцей, што не прыйдуць зімою,
Бо дарогі паліты крывёю
І ў фальварку замецены сцежкі,
Што нікуды не выйсці табе.
А ў суседа дымяць галавешкі,
І крук вочы суседу дзяўбе.
І ты дома, нібыта ў няволі,
Малады, адзінокі, сядзіш.
Як ваўку, табе хочацца ў поле
Хоць і сніцца начамі Парыж.
Ды вясна хутка будзе ў Замосці,
І тут жыць, і тварыць будзеш ты.
І ў музей твой з Еўропы ўсёй госці
Будуць ехаць, бы ў Храм залаты.
А пакуль што з-пад снегу світанне
Прарастае, як кроў праз бінты.
І душу тваю паліць паўстанне,
І душу тваю студзяць вятры.
24.08.2009 г.
БАЛАДА ЦЭЛЯСТЫНА ЦЭХАНОЎСКАГА (1835-10.01.1906)
Улада чужая сама не пакіне
Твой край, у якім ёй, як дома, жывецца.
І край твой ніколі не стане краінай,
Калі тут за волю крыві не пральецца.
І будзе паўстанне, рыхтуеш якое
І ты з Каліноўскім, што сніць перамогу,
Бо ваша змаганне за волю - святое
І вы не адны, а вас многа і многа,
Як зорак у небе, валошак у жыце,
Але і чужынцаў, як вошай, хапае,
Таму не спіце вы ў лясах - і не спіце,
Бо ўлада чужая не спіць, а страляе,
Хапае людзей, і цябе не мінае.
Cуцеха - заместа расстрэлу - чужына,
Якая цябе забярэ назаўсёды
Ад любай матулі, каханай дзяўчыны,
Ад беднай, але ўсё ж ад роднай басоты,
Якая чужынцам не здасца дарэшты,
А будзе выходзіць у людзі, змагацца,
І хоць у Сібіры далёкай памрэш ты,
Але з Беларуссю табе не расстацца,
Як з верай у лепшае ты не расстаўся,
Калі ты за волю з чужынцам змагаўся
І быў галавой вальналюбнай Гародні,
Якая цябе, прыйдзе час, ды й успомніць...
А покуль завея сляды замятае,
А покуль трава на слядах вырастае...
6.06.2010 г.
БАЛАДА МІХАЛА ЦЮНДЗЯВІЦКАГА (1836 - 2.06.1863)
"Мужыцкую праўду" сялянам чытаеш
У дымнай карчме каля пыльнай дарогі.
Чытаеш, нібыта агонь раздзімаеш,
Агонь, што асвечвае многае многім
У гэтай краіне, дзе роднае гіне,
Бо волі няма, і яна не даецца
Нікому за слёзы, крывёю павінен
За волю плаціць, калі ж трэба, то й сэрца
Пад кулю падставіць і быць не героем.
Цябе ж за чытанне газет расстраляюць
У Менску, і неба, яшчэ не начное,
Счарнее, і птушкі ў яго паўзлятаюць,
Нібыта нязбытныя мары, якімі
Ты жыў малады і жыла ўся Айчына,
Якая ў крыві патанае і ў дыме,
Шукаючы ў бойцы да волі сцяжыну,
Што стане дарогай і будзе дарогай,
Але не цяпер, бо цяпер яшчэ рана...
Цябе расстралялі...
Ды "Праўда мужыцкая" не расстраляна.
12.08.2009 г.
(Працяг у наступным нумары.)
ЗНІЧЫ ПАМЯЦІ АБУДЖАЮЦЬ ЛЮДЗЕЙ І РАЗГАНЯЮЦЬ ЦЕМРУ
Дзяды
Першую экспедыцыю па сцежках рэпрэсаванай Нясвіжчыны зладзіла днямі мясцовая ТБМ.
У кароткі аднадзённы тур сваіх сяброў па суполцы запрасіў журналіст і краязнаўца Валер Дранчук. Ён паказаў два аб'екты фізічнага гвалту і духоўнага тэрору ў вёсцы Новыя Навасёлкі, адкуль родам ягоны бацька і дзе на вясковых могілках ляжаць ягоныя дзяды, - ацалелую хату раскулачанага і сасланага ў Казахстан Ігнася Дранчука і рэшткі занядбанага храма, помніка архітэктуры ХVIII стагоддзя (сёлета акурат 80 гадоў, як у ім не гучыць малітва, 1939 - 2019).
- Юбілей красамоўны, я не мог яго прапусціць, адзначыў гістарычную дату выпускам календара, цалкам прысвечанага гісторыі касцёла, - пасведчыў В. Дранчук, паказваючы маляўнічыя старонкі аўтарскага выдання. - Рэч у тым, што я фатаграфую касцёл больш як трыццаць гадоў. Зрабіў графічную рэканструкцыю, сабраў крыху звестак, хоць яшчэ недастаткова… Гэта праект дзеля памяці і агульнага абавязку.
У 2002-2003 гг. справа аднаўлення касцёла (з далейшым выкарыстаннем на дзве канфесіі - каталіцкую і праваслаўную) набыла прыкметны народны рух. Актывізаваўся збор сродкаў сярод жыхароў навакольных вёсак, да праекту рэстаўрацыі далучыліся менскія архітэктары. Паслугі прапанаваў "Беларускі народны банк". Бліжэйшым летам збіраўся прыехаць атрад валанцёраў. На жаль, мясцовая ўлада (старшыня сельсавета Пянкрат) раптоўна адклікала ўсе дакументы, спыніла працэс нібыта на загад райвыканкама.
- Людзям было цяжка патлумачыць, што адбылося. - прыгадвае Валер Дранчук. - Расчараванне, роспач. Выглядала на шкодніцтва, на палкі ў колы. Па часе прыйшла думка працягваць справу крыху інакш. Напрыклад, сёлетняй вясной на фасаднай сцяне з'явіўся абраз, да якога можна падысці і сказаць малітву. Інфармацыйны стэнд з гістарычнымі і бягучымі звесткамі…
Падчас экспедыцыі разам з Валерам аднадумцаў з Нясвіжа сустракаў і Валянцін Гладкі, які апошні час не пакідае Новыя Навасёлкі, дзейна далучыўся да адраджэння храма. Спадар Гладкі першым чынам запрасіў гасцей падыйсці да сцен напаўразбуранай святыні і з кучы "святога друзу" дастаць колькі цаглінаў, пакласці іх на адмыслова ўсталяваны паддон.
- Як бачыце, мы тут аформілі нават таблічку з абвесткай, каб гэта мог зрабіць кожны, - патлумачыў Валянцін. - А з парэшткаў плануем пабудаваць бліжэй дарогі невялічкую дэкаратыўную каплічку.
Няцяжка заўважыць, што перад уваходам, забітым дошкамі, побач з дзяржаўнай "ахоўнай шыльдай" з'явіліся кветкі.
- Клумба пашыраецца, вяскоўцы патрошку падсаджваюць, - працягвае Валянцін. - Калі мы тут нешта робім, да нас падыходзяць людзі, цікавяцца. Сваю "палітыку" мы не хаваем, тлумачым. Хто з Богам у сэрцы, горача падтрымлівае… На Радаўніцу ці ў восеньскія Дзяды на могілках бывае людзей. І ўсе ж бачаць, што нешта зрушылася, ажыло. На гэты эфект мы і разлічваем. Бо храм дае ўсім нам шанец. Сваю падтрымку абяцае кіраўніцтва агракамбіната "Нясвіжскі", ксёндз з Нясвіжа дабраславіў нас на далейшы клопат, падзяляе спадзеў, што маленькія справы ўрэшце абернуцца сапраўднай будоўляй, больш маштабным аднаўленнем.
Другім аб'ектам экспедыцыі-пілігрымкі ў Новыя Навасёлкі стала "Хата рэпрэсаванага селяніна". Менавіта так называе Валер Дранчук свой даўні праект - размясціць у хаце, з якой па волі нехрысцяў і бандытаў пайшлі ў незваротны свет ягоныя родзічы, музейную экспазіцыю раскулачванняў на Нясвіжчыне. Так, ні дваюрадны дзед Ігнась, ні тры цёткі Валера - Ніна, Марыя і Геня - не вярнуліся на радзіму ў Новыя Навасёлкі, у сваю родную хату. Пакуль выжывалі ў чужыне, тут, у іхнім родавым гняздзе, па чарзе займалі месца то "ізба-чытальня", то пошта, то сельскі савет. А сёння ў хаце Ігнася Дранчука жывуць перасяленцы з Расіі.
Другой радзімай сям'і стала Польшча, горад Пулавы. Валер кажа, што ў 2005 годзе яму пашчасціла абняць 100-гадовую спадарыню Зосю, верную спадарожніцу дзеда Ігнася, у дзень яе юбілею, які стаў сапраўдным муніцыпальным святам Пулаваў. Шкада, не было ўжо на гэтым свяце гаспадара з Новых Навасёлак, які разам з братамі наважыў-прадпрыняў рызыкоўную справу - пабудаваў свой млын…
- Хату Ігнася, спадзяюся, мы неяк прыбярэм да рук, - разважае Валер Дранчук. - На гэта ёсць пэўныя юрыдычныя падставы. І на правах уласнікаў зробім тут прыватную экспазіцыю, якая будзе адлюстроўваць трагічныя падзеі на Нясвіжчыне. Час бяжыць хутка, змяняюцца пакаленні, і гісторыю гэтай хаты ўжо мала хто і ведае ў вёсцы. Гэта крыўдна. Бо затоптваецца памяць, рвуцца повязі часу. Сёння мала казаць пра пагрозы глабалізацыі ці расейскай акупацыі. Трэба ведаць, дзе ты жывеш і што шануеш. Пагроза бяспамяцтва для нас, беларусаў, нашмат страшней. Мы бачым, што за апошнія дзесяцігоддзі адбылася зачыстка краязнаўства. Што яго ператварылі ў трэцеразрадны прыдаткавы музейны баласт. А ў суседніх Стоўбцах нават гэтага няма. Нясвіж хоць і мае свой краязнаўчы музей, але і тут ажыўленне заўважаецца хіба тады, калі аднекуль прывозяць экзатычных птушак ці нейкую (далёка не партызанскую) зброю. Гэта палітыка сённяшняй дзяржавы. Задумы рэферэндуму-1995 планамерна выконваюцца. Змена сімволікі, герба. Русіфікацыя. У гэтай знішчальнай плыні і краязнаўства. Таму наша супольнасць мусіць браць на сябе тое, што не будзе рабіць улада.
Падводзячы вынікі экспедыцыі, старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса заўважыла, што бачыць вялікі сэнс у тым, каб развіваць кірунак "рэпрэсаванай Нясвіжчыны", планаваць наступныя экспедыцыі, ствараць краязнаўчы рух.
- Прыклад Валера і Валянціна пераканальны, - сказала яна. - Можна рухацца малымі крокамі, пакуль без вялікіх грошай. Можна запальваць надзею. Знічы памяці абуджаюць людзей і разганяюць цемру...
Вольга Карчэўская.
Рэгіянальнае фальклорна-экалагічнае свята "Алена-Льняніца" адбылося ў Ганчарскім Доме культуры
Пытанні экалогіі і пытанні захавання адвечнай культуры стаяць побач. Нягледзячы на тое, што прыродныя рэсурсы ў Беларусі, асабліва, што тычыцца тэхнічных раслін, былі моцна абмежаваныя, беларусы вельмі эфектыўна іх выкарыстоўвалі і забяспечвалі ўсе свае патрэбы. Беларусы выкарыстоўвалі дзве асноўныя расліны для атрымання валакна: лён і каноплі. Тое, што валакно можна атрымоўваць з крапівы, паспяхова забыліся. Раслінны алей у Беларусі таксама быў у асноўным ільняны. Сланечнікавы алей у Заходню Беларусь прыйшоў разам з калгасамі, і да яго вельмі доўга і неахвотна прывыкалі.
Лён апрацоўвалі ўручную яшчэ ў 60-я гады. Сям-там ткалі яшчэ і ў 70-я. Вяроўкі вілі і ў 80-я, ды і цяпер, каб было з чаго, то шмат хто ўмее. Таму традыцыя апрацоўкі лёну, хоць і сягае ў стагоддзі, але яшчэ абсалютна жывая. А зараз, калі чалавецтва стала перад праблемай пластыку, беларусам не трэба хадзіць далёка. Льняная торбачка паспяхова заменіць той самы апальны пластыкавы пакет.
27 кастрычніка ўдзельніц з Карэліцкага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага раёнаў сабраў пад дахам Ганчарскага Дома культуры рэгіянальны фальклорна-экалагічны конкурс "Алена-Льняніца". Канкурсанткі спаборнічалі ў 6 відах: "Давайце пазнаёмімся "(візітоўка), "Дзяўчына без касы не мае красы" (пляценне касы з ільну), "Льняная асалода" (прыгатаванне страў з ільну, хатняе заданне), "Лён - кашуля ў полі" (касцюм з ільну, хатняе заданне), "Церці лён - ляціць кастрыца" (трэнне ільну), "Свет захапленняў" (уласнае хобі, хатняе заданне).
У выніку карону "Алена-Льняніца" атрымала Дзіяна Валацко з г. Бярозаўкі. Наталля Жук з Карэліцкага раёна атрымала тытул "Алена-прыязнасць", Антаніна Мілько з г.п. Воранава атрымала тытул "Алена-дбайнасць", Юзэфа Старасціна з Іўеўскага р-на - тытул "Алена-спрытнасць", а Алена Рудзінская з аграгарадка Ганчары Лідскага раёна атрымала тытул "Алена-гаспадынька".
Настрой на свяце ствараў тытулаваны ўзорны танцавальны калектыў "Крышталікі" і фальклорны дзіцячы гурт "Крынічка" Бярозаўскага Дома культуры.
Безумоўна, на наступны год трэба прыцягваць і мужчын, скажам, конкурс на віццё вяроўкі на час можа вельмі ўпрыгожыць усё свята. І крытэры выпрацаваць зусім не цяжка, абы ахвота была.
Тэма змагання за экалогію праз каультуру блізкая многім структурам. Так конкурс "Алена-Льняніца" падтрымалі і Лідскі аддзел культуры, і Карэліцкі льнозавод, і газета "Наша слова" і іншыя.
Наш кар.
Не ад Эзопа, а ад Язэпа
Выказванні
Ні адна вайна за гісторыю існавання чалавецтва не ўзяла столькі жыццяў і не ўчыніла столькі рабунку і гвалту, як рэлігійныя канфлікты.
Рэлігія: чаго болей міласэрнасці ці крыві няверных?
Ні табе, ні мне мяркаваць, хто быў справядлівы ў Садоме.
Чаму Ярыла нам не да спадобы?
Змей зганьбіў чалавека, а той зрабіў яго бессмяротным … у спірце.
Богу богава, чорту чортава, а мне суседка да спадобы.
Ад вогнішча пекла дыму няма.
А дзе смалу бяруць да пекла?
- Святы Ойча! Калькі каштуе месца ў раі для беднага?
- Дзе ты столькі грошай возьмеш?
Хто не нарадзіўся, той не памрэ.
Жыццё вымяраецца смерцю.
У судны дзень не будзе адвакатаў.
Атрыманае ў дар жыццё пусціў на вецер.
Будзеш шчырым, як смерць паўстане на парозе.
Пляма смерці на твары тваім.
Жыццё не лепшы настаўнік, а што казаць пра вучняў?
А хто судзіць мяне будзе на тым свеце, калі ў дзень смерці іншую веру прыму?
Каханне ніколі не прадаецца і не купляецца, але патрабуе выдаткаў.
Язэп Палубятка.