Папярэдняя старонка: 2019

№ 47 (1458) 


Дадана: 20-11-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 47 (1458), 20 лістапада 2019 г.

22 лістапада - перапахаванне паўстанцаў 1863 года ў Вільні

Вільня 22 лістапада

Як стала вядома, афіцыйную дэлегацыю Беларусі на перапахаванні паўстанцаў 1863 года ў Вільні ўзначаліць намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 18 лістапада перадало літоўскім калегам вынікі экспертызы матэрыялаў з меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага. Вынікі экспертызы МЗС Беларусі апублікавала ў сваім фэйсбуку.

Меркаваныя парэшткі Віктара Каліноўскага літоўскаму боку не перадаваліся, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Беларускі грамадскі камітэт ушанавання памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў, які кантактуе ад імя Беларусі з Дзяржаўнай камісіяй у справе перапахавання, абнародаваў сцэнар жалобных імпрэзаў у Вільні на 22-24 лістапада.

22 лістапада, пятніца (асноўны дзень)

8:30-8:40. Труны з паўстанцамі ўрачыста перанясуць з двара Палаца ўладароў ВКЛ у Кафедральны касцёл Святых Станіслава і Уладзіслава.

9:00-11:30. Развітанне грамадскасці з паўстанцамі ў Кафедральным касцёле Вільні, уваход вольны.

12:00. Пачатак жалобнай імшы ў Кафедральным касцёле (уваход абмежаваны, але на Кафедральнай плошчы будуць вялікія экраны). Плануецца выступ прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.

13:20. Пачатак развітальнай працэсіі ад сабора да могілак Росы. Парэшткі лідараў паўстання Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага павязуць на лафеце, астатніх - на катафалках.

14:00. Цырымонія пахавання парэшткаў паўстанцаў у калумбарыі капліцы на могілках Росы. Плануецца выступ прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы.

20:00. Канцэрт гурта "Dzieciuki" з Гародні ("Legendos Klubas". Kalvariju, g. 85). Уваход - 5 еўра.

23 лістапада, субота

11:00. Грэка-каталіцкае набажэнства за спачын паўстанцаў 1863-1864 гадоў у Базыльянскіх мурах (Свята-Траецкая грэка-каталіцкая царква, Ausros Vartu, g. 7B).

13:00. Сустрэча грамадcкасці з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі.

16:00. "Містэрыя": гісторыка-тэатральна-паэтычны Рэквіем, прысвечаны паўстанню 1863-1864 гадоў.

18:00. "Паўстанцкі ланцуг". Жалобнае грамадcкае шэсце са знічамі ад Вострай Брамы да могілак Росы.

24 лістапада, нядзеля

12:00. Беларускае рымска-каталіцкае набажэнства за спачын паўстанцаў у касцёле Святога Барталамея на Зарэччы (Uzupio, g. 17).

14:00-16:00. Пасля набажэнства бясплатныя пазнавальныя вандроўкі па беларускіх мясцінах Вільні. Сустрэча каля касцёла Святога Барталамея.

Зямлю з чатырох паўстанцкіх магіл Лідчыны павязуць у Вільню

Грамадскія актывісты з Ліды і Бярозаўкі наведалі ў памятныя дні першых дзён лістапада месцы пахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года і дзеячаў беларускіх патрыятычных арганізацый. Сярод іншага яны запалілі знічы на магілах удзельнікаў паўстання Валерыі Цехановіч і ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідзе, а таксама на месцы баёў і пахавання невядомых паўстанцаў у фальварках Стрэліца і Шчытнікі ля вёсак Голдава і Малое Ольжава ў Лідскім раёне. Наведалі магілу Міністра БНР генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве, а таксама магілы Юльяна Саковіча і яго паплечнікаў па Беларускай незалежніцкай партыі ў Лідзе. Важнасць ушанавання памяці герояў Беларусі ў гэтыя дні патлумачыў адзін з удзельнікаў памятнай акцыі Вітольд Ашурак:

- Вяртанне беларускіх герояў, вяртанне памяці пра іх, вяртанне ім належнага ганаровага месца ў нашым жыцці - гэта наша задача. І ў такія вось дні, калі ўсе шануюць памяць, мы не забываемся на гэта, мы гаворым, мы прыводзім гэтых герояў у прыклад, мы арыентуемся на іх: на іх дзейнасць, на іх самаахвярнасць.

Акрамя іншага, актывісты ўзялі па жмені зямлі з месцаў пахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года на Лідчыне, каб далучыць яе ў Вільні 22 лістапада да могілкаў Росы, побач з кіраўнікамі паўстання.

Для Лідчыны паўстанне 1863 года мае выключную важнасць. Гэта там недзе не ўсё адназначна. Тут, на Лідчыне, адназначна ўсё: вось мы, вось нашыя продкі, якія палеглі ў баях за волю і незалежнасць, а вось яны - тыя, хто прыгнятаў, нішчыў і забіваў. І калі нас вучаць адпускаць віны, то ніхто не вучыць забыць хоць нешта.

Беларускае Радыё Рацыя.

Справаздача Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ за 2019 год

Ад пачатку года праводзілі работу па агітацыі за беларускую мову падчас перапісу насельніцтва. У жніўні і верасні 2019 года правялі інтэрв'ю праз СМІ.

На працягу года - падпіска на "Наша слова".

Сябар абласной рады А. Крой правёў працу за перайменаванне вуліцаў у садовым таварыстве Мігова ў гонар князя Комата і Яўхіма Карскага. У верасні - кастрычніку створаны і адкрыты памятны знак у гонар акадэміка Яўхіма Карскага ў вёсцы Мігова.

Прапановы аказання метадычнай дапамогі аддзелу адукацыі гарвыканкама і аблвыканкама ў папулярызацыі і пашырэнні беларускай мовы былі адкінутыя.

У 2019 годзе дзейнічаюць тры групы з беларускай мовай выхавання ў дзіцячых садках 45, 65 і 83.

Зрабілі, дзякуючы фундатарам, якім падзякавалі адмысловымі знакамі пашаны, падарункі для дашкольнікаў садкоў 45 і 65. Таксама правялі ёлкі з калядоўшчыкамі 27.12.2018 - д/с 65, 09.01.2019 - д/с 45. А таксама павіншавалі пачатковыя класы з беларускай мовай навучання ў СШ 34 - 21.12.2018 г., у СШ 32 - 18.12.2018 г.

7 лютага 2019 г. сіламі абласной арганізацыі (Віталь Карнялюк, Віктар Парфёненка, Таццяна Савянкова) узнагароджаны пераможцы абласной алімпіяды па беларускай мове сярод 29 навучэнцаў школаў і гімназій у Скідзелі, а таксама перададзены падшыўкі "Нашага слова" класным кіраўнікам.

10 лютага з нагоды 25-годдзя з дня смерці сябра БНФ, дэпутата Гарадзенскай рады Антона Сцяпуры сябры ТБМ, яго калегі адведалі яго магілу.

21 лютага, у 18-00 агульнанацыянальная дыктоўка ў Дзень роднай мовы. Тэкст В. Варанец "Сустрэча" - прысутнічала больш за 100 чалавек з Гародні і раёна. Чытаў сябар абласной рады Іван Буднік.

Увесну (красавік - травень) прынялі ўдзел у бацькоўскіх сходах будучых першакласнікаў у СШ 32, 34, 33, 31, 26, 27, 28.

Агулам у Гародні 120 сем'яў зрабілі выбар на карысць беларускай мовы, аддаўшы вучыцца сваіх дзяцей у СШ 32 і 34, гімназіі 7 і 10 і ў беларускія групы д/с 45, 65 і 83.

13 траўня сябры ТБМ правялі Талаку па высечцы зараснікаў на старых каталіцкіх (Бернардынскіх) могілках.

16 траўня прайшла чарговая абласная Рада ТБМ, дзе было прынята рашэнне накіраваць Алеся Кроя на кангрэс няўрадавых арганізацый.

25 ліпеня В. Парфёненка наведаў дырэктара заапарка Алега Жданкіна па тэме "Беларуская мова ва ўстанове (на інфармацыйных стэндах)". Па выніку сустрэчы дырэктар абяцаў выстаўляць беларускія стэнды па ходзе аднаўлення антуражу.

6 жніўня - сустрэча з Аляксандрам Вярсоцкім, старшынём галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама. На сустрэчы быў Віктар Парфёненка:

Праблемная тэма № 1: русіфікацыя вонкавага афармлення Слоніма напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку. Вынікам стала перапісванне мастакамі графічнага малюнка з выявай тэатра Агінскага з дабаўленнем беларускай мовы ў Слоніме. Свята прайшло 1 верасня - абласная арганізацыя ТБМ арганізавала экскурсію на свята, дзе апрача Слоніма ( адкрыццё помніка Льву Сапегу, наведалі Ружанскі палац, Косаўскі палац і музей Тадэвуша Касцюшкі, Зэльву.

Праблемная тэма № 2: правядзенне свята мовы і паэзіі ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна, ініцыятар старшыня Дзятлаўскай суполкі ТБМ Валеры Петрыкевіч. Вынік: станоўчае развязанне праблемы (бясплатнае мерапрыемства з удзелам мясцовай бібліятэкі і Дзятлаўскага райвыканкама). Свята прайшло 8 жніўня 2019 года. Ушанаваны на свяце: заходнебеларускія паэты Пятрусь Граніт, Васіль Струмень і Герасім Прамень. Выступалі ля памятнага каменя ў Зачэпічах сябры ТБМ Станіслаў Суднік, Уладзімір Хільмановіч, Валер Петрыкевіч, Ала Петрушкевіч, Сяргей Чарняк.

7 верасня - экскурсія для дзяцей па-беларуску. Правяла Кацярына Галота (сябра Гарадзенскай гарадской рады ТБМ), арганізацыйная праца Наталлі Карповіч.

1 лістапада - сустрэча прадстаўнікоў універсітэта імя Ніла Гілевіча з гарадзенцамі, прэзентацыя вопыту дацкай сістэмы вышэйшай адукацыі. Мерапрыемства прайшло на арт-пляцоўцы "Цэнтр гарадскога жыцця".

2 лістапада на Дзяды - адведванне сябрамі ТБМ сумесна з Універсітэтам залатога веку могілак "Сакрэт", дзе ўсклалі кветкі і запалілі знічы на месцах спачыну славутых беларусаў Гародні.

9 лістапада сябры ТБМ сумесна з грэка-каталіцкай парафіяй ажыццявілі пілігрымку ў мястэчка Баруны, месца, дзе пачаў сваю місійную працу айцец Ян Матусевіч, святар, які ўслед за Уладзіславам Чарняўскім прыняў у набажэнствах беларускую мову і быў адным з аднаўляльнікаў беларускай, паводле мовы, царквы.

На працягу года абласная арганізацыя накіроўвала пісьмовыя звароты ў розныя ўстановы, якія прынцыпова ігнаруюць ужыванне ў камерцыйных мэтах беларускую мову: Івейскі аўтавакзал - 14.09, Ваўкавыскія малаказавод і мясакамбінат - 17.09. З Іўя (Лідская аўтакалона) адказ прыйшоў. У Ваўкавыску праігнаравалі, парушыўшы заканадаўства.

Па ініцыятыве сябра ТБМ Яўгена Дудкіна зараз на этапе стварэння "Гістарычны клуб імя Адама Станкевіча" пры абласной арганізацыі ТБМ.

Складзена 11 лістапада 2019 г.

Старшыня абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка.

Берасцейская Біблія - у цэнтры ўвагі навуковай супольнасці

Фінальным мерапрыемствам, якое падсумавала цыкл сустрэч, прысвечаных Берасцейскай Бібліі, стаў "круглы стол" у Нацыянальнай бібліятэцы, які адбыўся 14 лістапада. Ён аб'яднаў экспертаў з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН імя Я. Коласа, БДУКіМ, БДУ, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Нацыянальнага мастацкага музея і быў надзвычай змястоўным. У падзеі ўзялі ўдзел Аляксандр Суша, Людміла Іванова, Ігар Клімаў, Аляксандр Сцефановіч, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Юры Лаўрык, Ларыса Доўнар і іншыя кнігазнаўцы, філолагі, бібліятэкары. У абмяркаванні ўдзельнічалі пастары Алег Габрусевіч і Антоні Бокун.

У выступленнях навукоўцаў прагучалі цікавыя факты з гісторыі стварэння берасцейскіх друкарняў ХVI cтагоддзя, з гісторыі перакладу Бібліі, інфармацыя пра асобнікі, якія захаваліся.

- Берасцейскую Біблію называюць яшчэ Радзівілаўскай, ці Пінчаўскай, - паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Людміла Сяргееўна Іванова. - У 1557 годзе сінод малапольскіх рэфарматарскіх збораў абраў камісію па перакладзе ўсяго Святога Пісьма. Цэнтрам перакладу быў абраны горад Пінчаў, у якім існавала гімназія пад кіраўніцтвам Рыгора Оршака. Былі выкарыстаны пераклады са старажытна-яўрэйскай, грэчаскай і французскай моваў. У перакладах удзельнічалі Рыгор Оршак, П'ер Статорыўс, Жан Тэнаўдус, Анджэй Тшацецкі, Францыск Станкар, Якуб Любэльчык, Сымон Зак, на розных этапах далучыліся іншыя тэолагі і перакладчыкі з Італіі і Германіі. М. Радзівіл Чорны ўзяў справу ў свае рукі і ўклаў каля 10000 злотых у выданне Берасцейскай Бібліі. Кніга была прызначана для распаўсюду ў ВКЛ і ў Польшчы. Яна вельмі шанавалася ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Мікалай Радзівіл Чорны быў зацікаўлены, каб пра кнігу ведалі ў свеце. Яна была падаравана знакамітым асобам у Еўропе, Альбрэхту і будучаму імператару Максіміліану, прысвечана Жыгімонту II Аўгусту. Асобнікі кнігі ў скураных пераплётах знаходзіліся ў Ашмянскім, Слуцкім, Капыльскім і Койданаўскім зборах. Пазней пераклад Новага Запавета з Берасцейскай Бібліі быў выкарыстаны для 12-моўнай Бібліі Паліглоты.

- У перакладах Берасцейскай Бібліі бралі ўдзел франкафоны, прадстаўнікі Францыі і Швейцарыі, - паведаміў кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУКіМ Ігар Клімаў. - Гэта былі франкамоўныя кальвіністы. Прадстаўнікі Жана Кальвіна былі запрошаны ў школу ў Пінчаў, дзе яны выкладалі грэчаскую і старажытна-яўрэйскую мовы. Сярод грона выкладчыкаў з 17 чалавек, 7 былі франкафонамі. Большую частку перакладчыкаў складалі польскамоўныя пратэстанты.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што праца над стварэннем арыгінала Берасцейскай Бібліі аб'яднала лепшыя інтэлектуальныя сілы Еўропы.

Ужо ў ХХI cтагоддзі перавыданнем гэтага кніжнага шэдэўра займаліся прадстаўнікі розных краін: польскія і амерыканскія, нямецкія даследчыкі. І ўрэшце ўнікальны твор, факсімільна перавыдадзены на беларускай зямлі, прыцягнуў увагу навуковай супольнасці на Беларусі.

Прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая распавяла пра факсімільнае перавыданне Берасцейскай Бібліі, якое выканалі ў 2001 годзе Ірэна Квілецкая (Польшча) і Дэвід Фрык (ЗША).

Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Аляксандр Віктаравіч Стэфановіч паведаміў пра ўнікальны асобнік, які захоўваецца ў бібліятэцы, дзе ён працуе.

- У 1975 годзе, на пяцідзесяцігоддзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа, бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, з якой мы супрацоўнічаем, падаравала нам асобнік Берасцейскай Бібліі. У ім не хапала 40 лістоў з пачатку кнігі і 30 лістоў у канцы. Мы ганарымся, што ў нас ёсць гэты асобнік, мы прапагандавалі яго ў свой час.

У 2013 годзе, да 450-годдзя Берасцейскай Бібліі мы зрабілі электронную копію каштоўнага выдання, адсканавалі старонкі, якіх у нас не хапала, вывесілі электронную копію на сайце і бясплатна раздалі дыскі студэнтам, якія працягваюць вывучаць Берасцейскую Біблію.

Кандыдат педагагічных навук Ларыса Іосіфаўна Доўнар падкрэсліла, што Берасцейская Біблія належыць да кніжнай спадчыны Беларусі і цяпер шануецца належным чынам.

Пастар пратэстанцкай царквы "Ян Прадвеснік" Антоні Бокун выказаў думку, што такія мерапрыемствы неабходны, каб вернікі розных канфесій пазнаёміліся з глыбокімі навуковымі даследваннямі, якія вядуць гісторыкі, філолагі, бібліёграфы. Імёны перакладчыкаў, якія захаваліся, сведчаць, што памяць пра тых, хто рупіўся пра Святое Пісьмо, застаецца на сотні гадоў.

Бліскучы ланцуг культурных падзей, звязаных з Берасцейскай Бібліяй, які арганізаваў спадар Алесь Суша, дапамог усвядоміць духоўную і культурную каштоўнасць кніжнага помніка і ролю, якая належала Бібліі ў старажытнай беларускай дзяржаве.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Гарадзенцу Віталю Карнелюку - 50!

Народжанаму ў Ленінградзе з берасцейскімі дзедаўскімі каранямі, а сёння ўжо гарадзенцу, гісторыку і краязнаўцу, дацэнту факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, сябру абласной Рады ТБМ Віталю Карнелюку 15 лістапада, напрыканцы залатой восені, споўнілася пяцьдзясят гадоў…

…Напачатку 90-х Віталь прыйшоў студэнтам на практыку ў школу-гімназію № 30, дзе адбылося нашае знаёмства, а потым і сяброўства, а пасля заканчэння ўніверсітэта там жа Віталь пачаў працаваць гісторыкам. Цікаўнасць да гісторыі, методыкі выкладання, краязнаўства, інавацыйныя педагагічныя практыкі пашыралі прафесійны і агульны кругаагляд маладога настаўніка. Сёння школа-гімназія № 30 называецца гімназія №1 імя Яўхіма Карскага і па паказчыках Міністэрства адукацыі стала лепшай сярэдняй навучальнай установай Беларусі за 2018 год. Той першы педагагічны калектыў сфармаваны на конкурснай аснове, і ён, пастаянна павышаючы свае кваліфікацыйныя веды, стаў моцным ядром для будучага адукацыйнага працэсу. Пераможцы дзясяткаў алімпіяд па шматлікіх прадметах і проста выпускнікі з шырокім кругаглядам - вынік працы педагогаў. Настаўнікі гісторыі з гімназіі не толькі выйгравалі са сваімі вучнямі розныя алімпіяды, але змаглі перадаць сваю любоў да краязнаўства і гісторыі дзясяткам вучняў. У гэтым і велізарная заслуга Віталя Карнелюка, як добрага і гуманнага настаўніка і навукоўца, які ўзважана і прадумана падыходзіць да папулярызацыі гісторыі і культуры, пастаянна знаходзіцца ў краязнаўчым пошуку з дзецьмі, не парывае сувязяў з гімназіяй нават сёння. Працуючы ў Гарадзенскім універсітэце, ён мае некалькі гадзін у гімназіі, праводзіць краязнаўчыя заняткі, курыруе створаны іншымі настаўнікамі і вучнямі, а потым рэканструяваны з яго непасрэдным удзелам і кіраўніцтвам музей Я. Карскага. Завадатар шматлікіх ініцыятыў для дзяцей пры школьным музеі і харавым класе. Школьны музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, якія знаходзіць і купляе апантаны гэтай справай Віталь. Вядзе перапіску з нашчадкамі Яўхіма Карскага ў Санкт-Пецербурзе і ў далёкай Сібіры.

Літаральна на днях з Сібіры атрымаў пасылку ад радні вучонага - арыгінальныя здымкі сям'і, родных і самога акадэміка Яўхіма Карскага і падарунак ад праўнука Аляксандра Карскага з Санкт-Пецербурга - двухтомнік пра біяграфію і навуковыя даследаванні акадэміка Яўхіма Карскага, які нарэшце выйшаў у Беларусі тыражом у 1000 асобнікаў. Там шмат новых і цікавых звестак, атрыманых з розных крыніц і ад даследчыкаў, але найперш ад самога праўнука. Праўда, засталіся і нявысветленыя старонкі пра бацькоў Яўхіма Карскага…

Цікаўнасць і павага да роднай мовы, гісторыі і культуры пачалася ў Віталя напрыканцы 80-90-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пачалося новае культурнае беларускае адраджэнне. Матуля спадара Віталя выкладала па-беларуску ў пачатковай школе. Тата - вайсковы медык, таму давялося сям'і трохі павандраваць, але сям'ю цягнула на радзіму. Малодшы брат пайшоў бацькоўскім шляхам, а спадар Віталь матчынай дарогай. Віталь быў чалавек начытаны і моцна любіў кнігі, таму пасля першага знаёмства, асветніцтва стала агульнай справай. Тысячы кніг па гісторыі і культуры, краязнаўству, найперш Беларусі разам прывозілі ў сумках і чыталі, праводзілі кніжныя выставы новых кніг у навучальных установах у Гародні. Запатрабаванасць у іх была неверагодная. Дырэктары гарадзенскіх кніжных крамаў прыслухоўваліся да нашых рэкамендацый па закупках літаратуры. Каля дзясятка настаўнікаў нашай навучальнай установы па рознаму ўключыліся ў беларускі культурны працэс. Пачыналі з сябе. Хадзілі на курсы беларускай мовы, выпісвалі дзясяткі газет і часопісаў, каб вучыцца на мове лепш размаўляць. Потым пайшлі ініцыятывы. На педсавеце настаўніцкага калектыва большасць людзей прагаласавала за наданне імя школе-гімназіі нашага земляка з-пад Гародні Яўхіма Карскага (у канкурэнцыі з Пятром Машэравым). Тут мы атрымалі першую перамогу, бо імя вучонага да сёння не ўшанавана належным чынам на Гарадзеншчыне. На жаль, у першыя гады незалежнасці (1992 г.) быў зачынены ўладамі створаны Апанасам Цыхуном школьны музей на радзіме Яўхіма Карскага ў Лашы, пасля закрыцця беларускай малакамплетнай школы. Але, пры падтрымцы адміністрацыі школы-гімназіі № 30 (гімназія № 1) і Апанаса Цыхуна ў 1995годзе быў адкрыты новы музей Я. Карскага ў гімназіі, якая ўзяла сабе імя акадэміка.

Была ўведзена новая традыцыя - штогод лепшыя вучні гімназіі № 1 на тэматычнай дэкаце Я. Карскага ўзнагароджваліся грашовымі падарункамі. Шчырая праца настаўнікаў і спрыяльная чалавечая атмасфера ў навучальнай установе садзейнічалі паступовай папулярызацыі беларушчыны. Ішла падрыхтоўка настаўнікамі гімназіі школьных экскурсаводаў па музеі, якія праводзяць на роднай мове экскурсіі для гасцей і ўсіх ахвочых. У рамках сустрэчы са знакамітымі асобамі навучальную ўстанову наведалі дзясяткі вядомых вучоных, паэтаў, пісьменнікаў, скульптараў, мастакоў з Беларусі і замежжа. Нашчадкі акадэміка Карскага, міністры адукацыі і кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, замежныя дэлегацыі - усе госці зафіксаваны ў музейнай кнізе ганаровых гасцей. Некаторыя мастакі, кавалі, паэты і пісьменнікі падаравалі свае працы і кнігі музею. У гэтым таксама велізарная заслуга куратара музея спадара Віталя. Дзясяткі розных культурных мерапрыемстваў па папулярызацыі мовы, гісторыі, павагі да сваёй зямлі і навакольнага асяроддзя праводзяцца ў гімназіі, нягледзячы на іншую агульную атмасферу пасля 1995 года. Сёння адным з важных накірункаў дзейнасці Віталя Рыгоравіча стала арганізацыя і правядзенне рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах рэгіяналістыкі і краязнаўства "Румлёўскія чытанні", куды збіраюцца дзясяткі вядомых навукоўцаў і даследчыкаў гісторыі і прыроды, а пасля выдаюцца зборнікі матэрыялаў удзельнікаў канферэнцыі.

Спадар Віталь праводзіць таксама для дзяцей Гарадзеншчыны і не толькі, навукова-практычную канферэнцыю "Край Гарадзенскі", куды адбіраюцца дзясяткі лепшых працаў для ўдзелу дзяцей у гэтай канферэнцыі, якая звычайна праходзіць у гімназіі № 1 імя Я. Карскага і збірае пару соцень чалавек. Прымае Віталь актыўны ўдзел са сваім краязнаўчым гуртком у іншых агульнагарадскіх мерапрыемствах і часта займае там з дзецьмі прызавыя месцы. У 2010 годзе быў новы працяг па папулярызацыі імя Я. Карскага і мясцін на Гарадзеншчыне, дзе бываў і якія даследаваў акадэмік у турпраекце для дзяцей і дарослых "Прынёманскімі шляхамі акадэміка Яўхіма Карскага". Музеем сумесна з абласным ТБМ былі выдадзены вялікія каляровыя плакаты турмаршруту. Віталь Рыгоравіч быў кіраўніком міжнароднага праекта ад гарадзенскага ўніверсітэта па аднаўленні і рэстаўрацыі літаратурнага музея Алеся Белакоза ў Гудзевічах.

Гэта была цяжкая і працяглая праца. Сёння некалькі адрамантаваных пакояў музея маюць больш прывабны выгляд і тэхнічную бяспеку, падтрымліваецца супрацоўніцтва з гэтым музеем для папулярызацыі традыцыйная беларускай культуры і прывабнасці нашых вёсак і мястэчак у галіне турызму сярод студэнтаў, вучняў гімназіі і дарослых. Шмат працы па папулярызацыі мовы праводзіць Віталь Рыгоравіч у сваім універсітэце, на факультэце. Чытаючы па-беларуску лекцыі, меў заўвагі з боку факультэцкага кіраўніцтва ў праблеме разумення беларускай мовы некаторымі туркменскімі студэнтамі. Быў адным з галоўных ініцыятараў і прымаў актыўны ўдзел у стварэнні шыльдаў гістарычных назваў вуліц на беларускай мове ў Гародні. Стацыянарныя інфармацыйныя планшэты каля гістарычных тураб'ектаў Гародні таксама яго непасрэдная ініцыятыва разам з іншымі гісторыкамі і краязнаўцамі, работнікамі культуры гарвыканкама і аблвыканкама. Сёння гэта пераймаюць іншыя вёскі і мястэчкі. Немагчыма ўсе культурна-гістарычныя ініцыятывы ў нашым горадзе і раёне пералічыць, дзе б не прымаў удзел спадар Віталь. Ужо 5 гадоў трымае папулярнасць энцыклапедычны даведнік Віталя Карнелюка ў суаўтарстве з Янкам Трацяком "Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны", які дае звесткі пра велізарную беларускую культурную спадчыну і цудоўных людзей Гарадзеншчыны і Сувальшчыны. Я вельмі ўдзячны сябру Віталю і яго студэнтам за навуковую і фізічную дапамогу па ўсталяванні першага памятнага знака на п'едэстале ў Беларусі акадэміку Карскаму ў былым маёнтку Мігова Гарадзенскага раёна, які быў урачыста адкрыты 30 кастрычніка 2019 года.

Спадар Віталь працягвае займацца навуковай дзейнасцю ў гарадзенскіх і замежных архівах. Піша доктарскую працу, праводзіць цікавыя і змястоўныя экскурсіі па Гародні і іншых гарадах і мястэчках нашай краіны, распрацоўвае новыя экскурсіі, плануе новыя канферэнцыі і метадычныя дапаможнікі, падтрымлівае здаровы лад жыцця, выхоўвае дваіх дзяцей. Каб кожны гарадзенскі навуковец і настаўнік у галіне нашай мовы і культуры зрабіў столькі, колькі Віталь, то ў нашых суседзяў не ўзнікала б недарэчных пытанняў пра нашую мову, культуру і гістарычную спадчыну.

З юбілеем, сябра!!! Здароўя і новых творчых праектаў па папулярызацыі нашай мовы і культуры!

Алесь Крой.

XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні

Можа, толькі не так часта, як хацелася б… І ўсё ж 25 кастрычніка (менавіта раз у два гады) у Карэліцкай раённай бібліятэцы ладзіліся XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні на тэму "Мінулае і сучаснае Карэліцкага краю". Тэма адзіная, але даклады розныя, і краналіся яны амаль усёй гісторыі Карэліччыны.

Удзельнікі краязнаўчых чытанняў, а гэта бібліятэкары і музейныя спецыялісты, ідэалагічныя работнікі і настаўнікі мясцовых школ, з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі змаглі пачуць цікавыя і змястоўныя выступленні 18 дакладчыкаў навукова-практычнай канферэнцыі.

Але ўсё папарадку. З прывітальным словам удзельнікаў сустрэла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іна Міхайлаўна Санчук, якая падкрэсліла важнасць мерапрыемства для раёна і пажадала ўсім плённай працы, а таксама ўручыла Ганаровую грамату калектыву Інстытута гісторыі НАН Беларусі, які сёлета адзначыў сваё 90-годдзе. Затым слова ўзяла Вольга Папко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, якая доўгі час працавала дырэктарам замкавага комплексу "МІР", і тэма яе выступлення тычылася менавіта замка і мела назву "Павел Бяляслаў Падчышынскі (1822-1876 і вувучэнне Мірскага замка".

Пра Петрапаўлаўскую царкву ў Карэлічах і гісторыю яе будаўніцтва падрабязна распавёў Сяргей Сергачоў, прафесар БНТУ, доктар архітэктуры, прафесар, а Аляксандр Доўнар, загадчык аддзела крыніцазнаўства і археалогіі інстытута гісторыі НАН Беларусі расказаў аб стане Карэлічаў у XVII ст. спасылаючыся на дакументы Галоўнага архіва старажытных актаў.

Пра розныя віды кафлі з фондаў замкавага комплекса "Мір" і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея вёў аповед краязнавец з Менска Пётр Русаў, які, да слова, яшчэ займаецца і яе рэстаўрацыяй.

Зацікавілі слухачоў цікавыя і змястоўныя даведкі дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук Вольгі Гарбачовай, якія тычыліся менавіта нашага пачэснага земляка з вёскі Медзведка Ігнація Дамейкі і дацэнта Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдата педагагічных навук Алы Баранавай, якая з упэўненасцю канстатавала, што сёння Карэліччына паспяхова працягвае і рэалізуе асветніцкія ідэі, блізкія і для Ігнація Дамейкі.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ігар Шаладонаў таксама звярнуўся да творчай спадчыны яскравага прадстаўніка Карэліцкай зямлі - Янкі Брыля. Тэма яго даклада "Народная мудрасць жыцця ў аповесцях Я. Брыля".

Прысутнічалі на чытаннях і нашы блізкія суседзі. Дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча ў Наваградку Мікалай Гайба ў дэталях і на картах раскрыў гісторыю вузкакалейнай чыгункі на Карэліччыне і Наваградчыне, а навуковы супрацоўнік музея "Замкавы комплекс "Мір" Юлія Бязносік падрабязна апавяла аб сельскагаспадарчым жыцці Карэліцкага раёна ў 50-60 гг. XX ст. на старонках газет. Ураджэнец аграгарадка Палужжа Карэліцкага раёна, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", аспірант Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Аляксандр Яраш завітаў на малую радзіму з дакладам пра функцыянаванне Карэліцкага гарнізона прыватных войскаў роду Радзівілаў у XVIII стагоддзі.

Мясцовая краязнаўца, сябра Гарадзенскага абласнога аб'яднання ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Святлана Кошур на працягу 20 хвілін вяла цікавы і змястоўны аповед пра ўраджэнца Карэліччыны Алеся Вільчыцкага - рэдактара газеты "Беларуская справа". Вывучэннем гэтай тэмы яна займалася поўныя 10 гадоў.

Не адставала ад сталых удзельнікаў канферэнцыі і моладзь. Малодшыя навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Таццяна Даўгач дасканальна расказала пра дзейнасць органаў сялянскага кіравання ў Карэліцкім краі пасля адмены прыгоннага права, Ягор Сурскі праз інвентар Мірскага графства 1671 года раскрыў адметнасці побыту нашых продкаў. Кірыл Мядзведзеў ахапіў адразу дзве тэмы: "З гісторыі археалагічнага даследавання Карэліцкага краю" і "Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё мяшчан Карэліч у XVIII ст.". Загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных запытаў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі пабудаваў сваё выступленне на прозвішчах знаёмых кожнаму мясцоваму жыхару, і амаль раптоўна ўсе прысутныя захацелі пачуць, ці адносіцца іх прозвішчы да таго мінулага часу.

Не абышлося на чытаннях і без выступленняў гаспадароў. Калісьці ў Карэліцкую раённую бібліятэку трапілі ранейшыя фотаздымкі Мірскага замка, якімі вельмі цікавяцца нашы паважаныя чытачы. З гэтых цудоўных фотакартак зладзіўся і працуе гістарычны фотапраект "Замак у аб'ектыве", пра які расказала дырэктар ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" Лілея Арцюх. Таксама Лілея Канстанцінаўна расказала аб краязнаўчай рабоце, якая вядзецца ў рамках раённай мэтавай праграмы "Край Карэліцкі мой" і паказала асабістую самастойную выдавецкую прадукцыю бібліятэкі. Завяршылася навукова-практычная канферэнцыя выступленнем загадчыка аддзела рамёстваў Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Юліі Баярэнка "Традыцыйны строй Карэліччыны" з паказам мадэляў касцюмаў як жаночага, так і мужчынскага канца XIX - пачатку XX ст.

У рамках мерапрыемства прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з арт-галерэяй "Гісторыя роднага краю", краязнаўчымі матэрыяламі аддзела бібліятэчнага маркетынгу, фотавыставай краязнаўчых чытанняў мінулых гадоў, кніжнай выставай "Гонар зямлі Карэліцкай", а таксама з сувенірнай прадукцыяй аддзела рамесніцкай дзейнасці дзяржаўнай установы "Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці".

Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".

Новая выстава

5 лістапада 2019 года ў мастацкай галерэі БЕЛАРТ адкрылася выстава твораў славутага творцы Фёдара Ладуцькі.

Мастак нарадзіўся 19 снежня 1943 года ў вёсцы Махоўка Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. У 1960 - 1964 гг. - вучоба ў Менскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. У 1970 - 1975 гг. - на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Вучань Л. Міронавай і А. Хадыкі. Працаваў дызайнерам ў шматлікіх бюро эстэтыкі і мастацкага праектавання ў 1970-1990 гг. Сёння мастак жыве і працуе ў Менску.

Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1995 года. Працуе ў графіцы і афарміцельскім мастацтве.

Асноўныя творы: афармленне экспазіцыі музея народнай творчасці ў Раўбічах, літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына (Менская вобласць), літаратурнага музея партызанскай славы (Віцебская вобласць), мастацкага афармлення выставы 105 годдзя Я. Купалы ў Маскве, выставы "Ганчарнае кола" ў Менску, распрацоўка канцэпцыі афармлення праспекта Машэрава ў Менску, манументальна - дэкаратыўнай кампазіцыі (разьба па дрэве) для вытворчага аб'яднання "Гарызонт", завода "Тэрмапласт", гасцініцы "Кастрычніцкая" ў Менску.

Апошнім часам мастак рэгулярна выязджае ў краіны Сяродземнамор'я, дзе плённа працуе на ўзбярэжжах сярод стромкіх скал і на ўтульных вуліцах каталонскіх, турэцкіх і грэчаскіх гарадоў і мястэчак...

З 1990-х гадоў Фёдар Ладуцька - удзельнік шматлікіх мастацкіх выставак у Менску, групавых і персанальных выставак у Мар'інай Горцы, Уздзе, Вільні, а таксама рэспубліканскіх пленэраў.

Асабіста мне на выставе вельмі спадабаліся творы: "Лета", "На Радзіме", "Бэз", "Возера", "Рака Пціч", "Восеньскі букет", "Рэчка Страча" і іншыя.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Каб не забыліся пра Чараўкі

Недалёка ад г. Ліды ў амаль зніклай вёсачцы Чараўкі адраджаецца жыццё высілкамі вядомага трэнера па боксу Аляксандра Іванавіча Памахі.

Год таму назад, падчас беларускага свята Дзяды, Аляксандр Іванавіч прыбраў і прывёў у належны стан вясковыя могілкі, дзе разам з іншымі вяскоўцамі пахаваны і ягоныя бацькі.

У гэтым годзе таксама ў святочную пару Дзядоў, спадар Аляксандр усталяваў прыгожы каменны знак, які выканаў мастак Максім Рунец, пра тое, што тут ёсць жыццё, што тут жылі і будуць жыць людзі, покуль існуе памяць, павага, любоў і пашана да таго месца дзе бацькоўскі кут - родны кут. І хочацца верыць, што як ляжаць тут праз стагоддзі гэтаму каменю, так праз стагоддзі стаяць і вёсцы Чараўкі, што яна ніколі да канца не абязлюдзее, што выжыве.

Алег Лазоўскі.


Чарговая сустрэча ў лідскім літаратурна - музычным салоне "Над Лідзейкай" пройдзе 26 лістапада. З праграмай "З-пад гары Міндоўга" Ліду наведаюць дырэктар наваградскага музея Адама Міцкевіча Мікола Гайба і пісьменнік Міхась Зізюк з прэзентацыяй сваёй новай кнігі для дзяцей "Таямніцы гары Міндоўга". Канферэнц-зала Лідскага замка. Пачатак у 17.30. Уваход вольны.

Кіраўнік МЗС Германіі: "Еўропа без ЗША не здолее сябе абараніць"

Навіны Германіі

Міністар замежных справаў Германіі Гайка Маас лічыць, што без ЗША Еўропа і Германія не здолеюць сябе эфектыўна абараняць, таму супрацоўніцтва ў рамках NATO вельмі важнае.

- Для Германіі відавочна: было б памылкай падрываць аўтарытэт NATO. Без ЗША ні Германіяа, ні Еўропа будуць не ў стане эфектыўна сябе абараніць. Нядаўняе парушэнне Расеяй дамовы аб РСМД зрабіла гэта відавочным, - напісаў міністр у артыкуле для тыднёвіка "Шпігель".

Паводле Мааса, еўрапейская палітыка без Вашынгтона была б прыкладам безадказнасці.

- Мы будзем мець патрэбу ў NATO на працягу многіх гадоў. Альянс адказвае за размеркаванне нагрузак, за міжнароднае супрацоўніцтва, за шматграннасць, - лічыць міністр.

Паводле яго, нават калі Еўропа аднойчы зможа абараніць сябе самастойна, Паўночнаатлантычны альянс усяроўна будзе неабходны.

Германія адмяняе "ўзнос салідарнасці" з усходнімі землямі

З 2021 года пераважная большасць жыхароў ФРГ будуць вызваленыя ад выплаты "ўзносу салідарнасці з новымі федэральнымі землямі" (Solidaritаtszuschlag). Такое рашэнне прыняў у чацвер, 14 лістапада, нямецкі бундэстаг, паведамляе Нямецкая хваля. Фактычная адмова ад падатку стала магчымай таму, што нямецкае адзінства прасунулася далёка наперад, заявіў міністр фінансаў краіны Олаф Шольц. Значнае скарачэнне "з'яўляецца таксама знакам поспеху ўз'яднання Германіі", - цытуе Шольца агенцтва dpa.

Ад выплаты ўзносу вызваляць прыкладна 90 адсоткаў падаткаплацельшчыкаў. 3,5 адсоткі будуць па-ранейшаму плаціць яго ў поўным аб'ёме, яшчэ 6,5 працэнта - часткова, у залежнасці ад іх даходу.

"Узнос салідарнасці" быў асаблівым падаткам, уведзеным пасля ўз'яднання Германіі ў мэтах аднаўлення новых федэральных зямель, тэрыторыі былой ГДР. Ён складаў 5,5 працэнта ад карпаратыўнага і падаходнага падатку і толькі ў 2018 годзе прынёс у нямецкі бюджэт 18,9 млрд еўра.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Фурс Антон - 50 р., г. Паставы

2. Рогач Пётр - 5 р., г. Менск

3. Касцюкевіч Д. - 5 р., в. Карзуны

4. Вяргейчык - 30 р., г. Барысаў

5. Рамановіч Р.К. - 20 р., в. Хацежына

6. Ляўшун Д. - 32 р., г. Менск

7. Чэчат Алесь - 30 р., г. Менск

8. Джэгайла У.В. - 50 р.

9. Рабека Мікалай - 40 р., г. Менск

10. Жыдаль - 50 р., г. Менск

11. Панасюк - 60 р, г. Менск

12. Мотуз Сяргей - 20 р., г. Менск

13. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

14. Кукавенка І.І. - 25 р., г. Менск

15. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

16. Севярынец Павел - 15 р., г. Менск

17. Ралько Леанід - 20 р., г. Баранавічы

18. Невядомы - 20 р., г. Менск

19. Лічык - 1 р., Менскі р-н

20. Чаркасаў Сяргей - 10 р., г. Менск

21. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

22. Крыўко - 7 р., г. Наваполацк

23. Тамара - 5 р., г. Менск

24. Дулько Уладзімір - 10 р., г. Менск

25. Вайдзялевіч А. - 10 р., г. Менск

26. Чайкоўскі Павел - 25 р., г. Менск

27. Сівы Сяргей - 7 р., г. Валожын

28. Нагорны Юры - 16 р., г. Орша

29. Бойса Іосіф - 30 р., г. Ліда

30. Птушка - 5 р., в. Хільчцы

31. Фісенка - 10 р., г. Менск

32. Шкут Яўген - 2 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АЛЬГЕРДА АБУХОВІЧА (25.07.1840-10.08.1898)

Ізноўку дождж начны шуміць,

і ты не спіш

І, гледзячы ў вакно на слуцкія агні,

Жэневу ўспамінаеш, Вільню і Парыж,

І Каліноўскага на вараным кані.


У шафе кніжнай мыш шкрабецца і ўначы

Ты з ёй, галоднай, размаўляеш, як вар'ят,

І прапануеш у Італію ўцячы,

Каб вершы там пісаць і есці вінаград.


Але нікуды з роднай не ўцячэш зямлі,

Бо ты прывязаны крывёю да тых ніў,

Дзе васількі цвітуць, як і раней цвілі,

Калі яшчэ ты іх зусім і не любіў,


Як гэты дождж начны, што не дае заснуць

І вымывае, нібы золата, людзей

З адвечнай цемнаты, дзе кажаны лятуць

Не да святла, а ў кут, які за ўсе цямней.


І ты выходзіш з хаты, каб сустрэць ізноў

Свой новы дзень, які ніколі не праспіш,

Бо ў ім жыве і будзе жыць святло й любоў,

Як родны Слуцк, які не горшы за Парыж.

7.10.2017 г.

БАЛАДА ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ (06.06.1841-18.05.1910)

Магілы паўстанцаў травой заплываюць

І Нёман не спіць між сівых берагоў,

Дзе сумныя людзі тутэйшага краю

У сэрцах хаваюць да краю любоў,


Якому і ты па крыві не чужая,

Бо ты нарадзілася тут і жывеш

І лепшае долі сабе не жадаеш,

Як-лепшага сонца, што ў небе плыве


Над мілаю сэрцу шляхетнай Гародняй,

Дзе замкі і Храмы, дзе ціша і тлум,

Дзе думкам, як птушкам у небе, свабодна,

Дзе самы гаючы бярозавы шум,


Якім ацаляюцца душы людскія,

Што мараць аб волі на роднай зямлі,

Дзе слёзы і кроў, над якімі воўк вые,

Нібыта ўсіх моліць, каб людска жылі


І не адракліся ад песень і казак,

Якія прыйшлі праз стагоддзі да нас,

Якія й пра нас праз стагоддзі раскажуць,

Калі захаваем мы іх у наш час.


І ты, каралева народнага слова,

Збіраеш не золата, золата - тло,

А песні і казкі тутэйшаю мовай,

У мове тутэйшай жывое святло,

Што дадзена Богам і не забярэцца

Нікім і ніколі, бо тут ёсць народ,

І ён, хто тут свой, хто чужы разбярэцца,

Калі не цяпер, дык праз тысячу год.


І, нібы з нябыту, з травы паўсплываюць

Магілы паўстанцаў, курганні дзядоў.

Не будзе нідзе прыгажэйшага краю,

Чым край,

да якога спазнана любоў...

24.02.2009 г.

БАЛАДА АДАМА ПУСЛОЎСКАГА (1842(?)-26.06.1863)

На белых травах кроў і кветкі на крыві,

І ты па іх, палонны, на расстрэл ідзеш,

І спадзявання ўжо няма пачуць:

"Жыві…",

Але ўсё ж ты любоўю, як і жыў, жывеш,

І бачыш далеч, у якой наш родны край

Краінай будзе вольнай, і таму табе,

Нібы царкоўны хор,

гучыць птушыны грай,

І ўсё журботнае ты бачыш не ў журбе,

Бо недарэмна ўчора пралілася кроў,

І кроў шматкроп'ем стане,

каб пазней ізноў

Такія, як і ты, працягвалі дарогу

Да Беларусі беларускай, у якой

Па-беларуску людзі размаўляюць з Богам,

Па-беларуску размаўляюць між сабой…


І, каб не бачыў ты прад смерцю

родны свет,

Кат вочы завязаў табе, сказаў страляць,

Але ўсё роўна крыж ты бачыў на царкве

І бачыў, як анёлы ў Беларусь ляцяць…

22.07.2011 г.

БАЛАДА ЭДВАРДА ВАЙНІЛОВІЧА (13.10.1847-16.06.1928)

Не прышэлец з Усходу ні з Захаду ён,

А з тутэйшага люду, які гонар мае,

Над якім неба светлага велічны звон

Звонам вечным

для светлай нас долі яднае.

Звон праз душы людскія з малітвай плыве,

На касцёле крыжуецца і на царкве,

Каб мы помнілі вечна - на нашай зямлі

І багатыя людзі, як людзі, жылі

І жыў ён, і любіў белы свет, і бярог

У сабе, як агонь, да Айчыны любоў

І вяртаўся дадому з край свету, і Бог

У душы яго жыў, як жыве ў сэрцы кроў.


І пакінуў ён нам божы свет і святло,

І што будзе, што ёсць,

што праз вечнасць прайшло,

Дзе Чырвоны касцёл, як агонь,

што застыў,

Каб прайшлі праз яго ўсе,

хто хоча прайсці

І ачысціць душу, каб сказаць: "Я пражыў

Так, як трэба было жыць

мне ў гэтым жыцці..."

І заплакаць, і ўспомніць, што ты не адзін

І адзін, бо не ўсё, што хацеў, ты збярог,

І не толькі Айчыны ты - сын, Божы сын,

І не толькі цябе, а і ўсіх любіць Бог...

9.11.2006 г.

БАЛАДА ЯКАВА НАРКЕВІЧА-ЁДКІ (8.01.1848-19. 02.1905)

На рэштках маёнтка лаза і асіны.

Але не схавалі яны ад людзей

Шляхетнасць і веліч, якія ў Айчыны

Былі пры табе і ў табе...


І мілей

Нічога няма для цябе, і не стане,

Чым Нёман, хоць помніш

Маскву і Парыж,

Як помняцца матчыны песні, каханне

І побач з дарогай запылены крыж,

З якога твая пачалася дарога,

Якім і закончыцца ўсё апасля.

А музыка будзе малітвай да Бога

Ляцець і вяртацца, як крык жураўля,

Які па-над Нёманам вольна крыляе,

Бо тут нарадзіўся ля гэтых дуброў,

Дзе ты без народа сябе не ўяўляеш,

Бо толькі з народам жывая ў нас кроў...


Твой родны маёнтак разбураць і спаляць

Тутэйшыя людзі, якіх ты любіў…

Чырвоная цэгла ў траве, нібы памяць,

Якую народ наш аднойчы згубіў,

Калі адвярнуўся на міг ад Айчыны,

Каб скінуць свой крыж беларускі

з плячэй...


На рэштках маёнтка лаза і асіны,

І Нёман, як вечнасць, спакойна цячэ...

21.04.2010 г.

БАЛАДА ЯНКІ ЛУЧЫНЫ (6.07.1851-16.07.1897)

Тры мовы… І лягчэй маўклівым быць,

Не бачыць, як травою зарастае

Палетак, што прыдатны для сяўбы

Свайго, тым больш - зямля тут не чужая

І ўсё навокал - роднае, сваё,

І гэты крыж пахілы ля дарогі,

І песні веснавыя салаўёў,

І цішыня, і Храмы, і астрогі.


Тры мовы… Ты ж адзін, і ты паэт,

Ты малады, але ты бачыш свет,

Дзе ты жывеш, не як трава, якая

Ад ветру хіліцца і так жыве,

Пакуль яе каса не напаткае…


На Кльварыйскіх могілках спакой.

Тры мовы… Ну а ты з адной душой.

3.07.2005 г.

(Працяг у наступным нумары.)

М і г о в а

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

Купілі 5,5 тоны добрых валуноў. Працавалі да сёмага поту, зрабілі пачатковы падмурак у зямлі і звязалі яго жалезным дротам. Дапамагаў таксама з транспартам і карыснымі кансультацыямі Шалай Мікалай Антонавіч з садовага таварыства Мігова. Праз пару дзён знайшоў на дачы дошкі, у іншых месцах дзверы, і з братам Юрам Капіцам зрабілі апалубку на вышыню каля 60 сантыметраў.

У наступныя выходныя зноў з сябрамі за дзень зрабілі галоўную частку падмурка. Потым, пайшоўшы ў адпачынак на асноўнай працы, змог, не спяшаючыся, пару тыдняў выкладаць з усіх бакоў лепшыя валуны, каб быў больш прыстойны від, на гэтым этапе патрэбна была не хуткасць, а якасць. Дапамагала ў гэтым і сястра Таццяна - з мастацкай адукацыяй.

Знутры таксама выправілі сцены, запаўнялі бетонам шчыліны. Пазней з Віктарам Францавічам запрасілі некалькіх сяброў садовага таварыства "Мігова"на засыпку ўнутры п'едэстала. Дзякуй ім вялікі таксама!

Падчас работ некалькі разоў прыпыняліся розныя людзі з Гародні, Абухава, Мігова і Коматава, дзякавалі за ініцыятыву і прапаноўвалі нейкую дапамогу. Напрыклад, малады чалавек Канстанцін з Мігова прапанаваў за свае выдаткі пакласці спецыяльную плёнку каля памятнага знака і насыпаць на яе мульчы, што і было зроблена 26 кастрычніка ў суботу. Дарэчы, яго новы катэдж пабудаваны на падмурку хаты апошніх гаспадароў маёнтка Мігова - Шлегеляў. Апошняя гаспадыня пасля смерці мужа Хрыстафора Шлегеля таксама дапамагала людзям. Хтосьці з праезджых па шашы каля Мігова прапаноўваў грошы, але браць у незнаёмых людзей было няёмка і небяспечна. Дапамагалі у будаўніцтве дзеці-школьнікі, якія прыехалі на канікулы з Гародні ў Мігова. Прыносілі ваду з калодзежа і іншае.

Акадэмік Яўхім Карскі збіраў адметныя беларускія словы па ўсёй тэрыторыі Беларусі, і таму валун хацелася знайсці падобны да межаў Беларусі. Першы валун, што застаўся ў будаўнічай фірме, не меў нейкай цэльнасці, не вельмі спадабаўся, дык і далёка яго сюды было везці. Вырашыў добра абшукаць тутэйшыя мясціны-ўзгоркі і лагчыны. І вось аднойчы еду ад шашы М-6 па гравейцы ў бок Александрова і бачу - ляжыць выдатна адшліфаваны старажытным ледавіком са Скандынавіі за тысячы гадоў прыгожы валун - падобны на кампактную Беларусь. Фактычна на самай вышэйшай кропцы гэтай мясцоваці - на гары перад вёскай Александрова, паміж былой вайсковай часткай і трыангуляцыйным пунктам, адтуль геадэзісты вывяраюць свае высоты падчас нейкага будаўніцтва. Заставалася толькі дамовіцца з кіраўніцтвам СПК імя Ільі Сянько аб яго дастаўцы ў Мігова. Даставілі і ўсталявалі валун на зроблены за лета п'едэстал у два этапы, дзякуючы Шумелю Валерыю Віктаравічу і працаўнікам СПК імя Сянько - інжынеру Пашкевічу Дзмітрыю Іванавічу з брыгадай працоўных. А кіровец і памагаты Міша Будрык аказаўся і суседам па дачы. Дзякуй ім!

Варта сказаць, што п'едэстал для валуна і памятнага знака прыдумаў і зрабіў эскіз вядомы гарадзенскі каваль Юрась Мацко.

Прыйшлося па інтэрнэце вывучаць, як гэта зрабіць акуратна пад старыну і замацаваць прыгожа валуны на п'едэстале.

Камяні, выкладзеныя ў выглядзе чатырохкутніка вакол памятнага знака - п'едэстал з валуноў, сваесаблівы сімвал памяці пра тытанічную працу Я. Карскага - яны сімвалізуюць беларускія словы, этнаграфічны матэрыял, збіраны Я. Карскім з розных месцаў Беларусі ў яго галоўную кнігу "Беларусы" .

Форму шыльды, якую з граніту вырабіў вядомы гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, нагадвае кнігу, на якой напісаны тэкст, тэкст рэдагаваны мовазнаўцамі прафесарам Аляксеем Пяткевічам і дапоўнены Алай Петрашкевіч.

Прымацавалі шыльду разам са спецыялістам-будаўніком і індывідуальным прадпрымальнікам Канстанцінам Серыкавым, дарэчы, былым філолагам.

Фрагмент беларускага арнаменту з левага боку шыльды абазначае неўміручасць імя Я. Карскага і той фундаментальнай працы "Беларусы" ў вывучэнні беларускай культурнай спадчыны і асветы, якую распачаў у 19 стагоддзі наш зямляк, напісаўшы амаль 100 кніг. Праўнук Яўхіма Карскага, які жыве ў Санкт-Пецярбургу, пабачыўшы адасланы яму здымак памятнага знака, высока ацаніў агульную працу.

Хочацца сказаць Вялікі дзякуй і хлопцам - першакурснікам ГрДУ факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, якія разам з выкладчыкам Карнелюком В.Р. упарадкавалі тэрыторыю і выклалі каля знака брукаваную пляцоўку для турыстаў.

Шаноўныя сябры, усім, хто дапамагаў і тым, хто не замінаў - яшчэ раз хачу сказаць шчыры дзякуй! Без вас будаўнічую частку праекта за некалькі месяцаў зрабіць не ўдалося б!

Айцец Міхаіл Лойка з Коматаўскай Свята-Прэабражэнскай царквы асвяціў памятны знак. Па новых звестках ад нашчадкаў Я. Карскага вядома, што матуля Яўхіма Карскага была з сям'і святароў. А Фёдар Навіцкі, які запісаны ў дакументах бацькам і выхоўваў Яўхіма, быў святаром і настаўнікам.

Сябар садовага таварыства "Мігова і намеснік старшыні Гарадзенскай абласной ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алесь Крой

Беларускія казанні ў Літве і Беларусі ў 1826 г.

Гісторыя ўжывання беларускай мовы ў дадатковым касцельным набажэнстве і ў казаннях - недастаткова высветленае пытанне. Матэрыял па гэтай тэме ляжыць у касцельных і свецкіх архівах і бібліятэках. Шукаць яго трэба як ў нашым краі, гэтак і за мяжой, напрыклад у архівах тых ордэнаў, якія працавалі ў былыя часы ў Літве і Беларусі. А якіх ордэнаў тут не было?

Некалькі гадоў таму мы пісалі пра беларускі катэхізіс, выдадзены ў Вільні ў 1835 г. з дазволу віленскага біскупа др. Андрэя Клангевіча. Знаходка гэта кнігі была поўнай неспадзяванкай, бо ніхто і не мог падумаць, што ў часы, калі Клангевіч быў біскупам, справа беларускай мовы ў касцёле ўжо была актуальнай.

У гэтым годзе мы даведаліся пра новыя факты ўжывання беларускай мовы ў касцёле. Знайшоў новую інфармацыю ксёндз др. Ч. Фалькоўскі, прафесар УСБ (Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя - Л. Л.) Некалькі месяцаў таму ў Вільні быў надрукаваны яго вельмі каштоўны артыкул (O jubileuszu na Litwie i Białorusi w 1826 roku) Як бачна з артыкула, кс. Фалькоўскі трымаў крыніцу першараднай вартасці аб святкаванні юбілейнага 1826 года на Беларусі (У Юбілейны год аб'яўлены папам, моглі быць прабачаны ўсе грахі. - Л. Л.) Гэта: "Дыярыуш Года Ласкі ці Вялікага Юбілею, які служыць Белай Русі, дазволенага хрысціянскаму свету папам Леанам XII. Напісаны кс. Карнеліем Рапчынскім … прэфектам Юбілейнага набажэнства, дамініканам у Забелах". Гэта дыярыюш у фармаце фоліа мае 45 рукапісных і 18 друкаваных старонак. Рукапіс - уласнасць універсітэцкай бібліятэкі.

Ужываючы сучасныя тэрміны, можна лічыць кс. Карнелія Рапчынскага прыхільнікам уніі. З 1817 г. ён працуе прафесарам дамініканскага канвента ў Пецярбургу. Тое, што яму была блізкай справа злучэння царквы, сведчыць той факт, што ў 1822 г. у Вільні ён выдаў катэхізіс па-руску. У 1826 г. беларускі правінцыял прызначыў яго на пасаду прэфекта святкавання Юбілейнага года ў Беларусі, і ён пачаў весці дыярыюш. Здольны прапаведнік быў членам Ordinis Praedicatorum (Ордэна дамініканаў - Л. Л.) - аказаўся добры пісьменнікам і пакінуў нашчадкам цікавы для гісторыка дыярыюш.

Сваю працу ксёндз пачаў з "беларускіх Афінаў", з Полацка, дзе ў касцёле францішканаў для асоб ніжняга стану адправіў вечаровы рахунак сумлення па-беларуску. Акрамя казанняў і навукі па-польску, кс. Рапчынскі і яго памагатыя кскс. Пётр Каралевіч, Дамінік Окалаў, Рыгор Шыманоўскі і Герман Магілевіч, а таксама два клірыкі: Аўгустын Вайноўскі і Клеменс Шушынскі, добра ведаючы беларускую мову, часта карысталіся ёй пры катэхізацыі. Гэта было, калі іх слухачамі была не шляхта ці абшарнікі, якія, дарэчы, таксама паходзілі з беларускага народа. Дыярыюш расказвае, што навукі па-беларуску казаліся ў наступных мясцовасцях: Гарбачэва (касцёл належаў кляштару дамініканаў у Забелах), у Класіцах (мястэчку, якое мела ўніяцкую царкву), ва Ушачах (у базыльянаў, навука і рахунак сумлення па-беларуску), у Забелах ("другая навука для прастаты па-беларуску"), у Томсіне ( "кс. Рапчынскі прамовіў усе навукі па-беларуску, а кс. Шыманоўскі навуку пра сакраманты на той жа мове"), у Халапенічах і Мікалаеве ( "пасля першай імшы, голасна навукі па-беларуску"), у Таболках ( "усе навукі мы казалі па-беларуску"). Казанні па-польску рабіліся толькі перад вышэйшымі слаямі грамадства, а для люду "простага" касцельныя навукі казаліся па-беларуску.

Езуіты, якія перад скасаваннем ордэна, жылі ў Альбрыхтове, працавалі ў Расосне над рэлігійнай асветай беларускага люду, прычым, каб народ добра запомніў асновы каталіцкай веры, выкарыстоўвалі такую методыку: "Пасля ружанца … размаўляем з людзьмі па-беларуску, і такім чынам усе тут ведаюць на памяць катэхізіс і добра ведаюць праўды веры". Гэта быў па-сапраўднаму выніковы спосаб.

Нешта падобнае адбывалася ва Ушачах у базыльянаў, дзе пасля таго, як была выканана праграма юбілейнага дня, г. зн. пасля таго як былі расказаны адпаведныя навукі, "рэшту, да восьмай гадзіны, запоўнілі беларускім катэхізісам, які для народа чыталі ў царкве два хлопцы".

У вышэйпералічаных мясцовасцях, асабліва ў Томсіне і Таболках беларускай мовай карысталіся падчас драматычнага абыходу "Даліну Язафата", якім дамініканы звычайна заканчвалі сваю місійную працу.

A. S. (псеўданім кс. Уладзіслава Талочкі.)

Kazania białoruskie na Litwie i Białorusi w r. 1826 // Pregląd Wileński. 1926. № 11. S. 4-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

"Паланэз" зайграў на Лідчыне

Слонімскія літаратары Сяргей Чыгрын, Мікола Канановіч, Святлана Адамовіч і Надзея Салейка наведалі Лідчыну. Іх запрасілі на сустрэчу з чытачамі ў Беліцкую сярэднюю школу і ў літаратурна-музычны салон "Над Лідзейкай" Лідскага замка.

У школе ў Беліцы слонімскія літаратары прачыталі свае творы, правялі конкурс сярод вучняў 6-7 класаў, прысвечаны беларускай літаратуры. Пераможцы конкурсу атрымалі ад гасцей падарункі. А паэтка, спявачка і мастачка Надзея Салейка праспявала таксама вядомыя песні ў перакладзе на беларускую мову.

Пасля сустрэчы ў Беліцы слонімцы наведалі Ліду, дзе выступілі ў канферэнц-зале Лідскага замка. Сустрэча адбылася пад агульнай назвай "Паланэз над Шчарай". Пра сустрэчу супрацоўнік музея Валянціна Таўлая Алесь Хітрун сказаў наступнае:

- Трэба зазначыць, што ў Слоніме 1 верасня бягучага года прайшло чарговае рэспубліканскае свята - Дзень беларускага пісьменства і друку. А, дзякуючы гісторыі беларускай літаратуры, вядома, што Слонім мае літаратурныя сувязі з Лідчынай: Валянцін Таўлай пакінуў важкі след у беларускім горадзе над Шчарай.

Менавіта Алесь Хітрун і распачаў гэту сустрэчу ў Лідскім замку. Згодна з канцэпцыяй правядзення дадзеных сустрэч, для лідзян - прыхільнікаў прыгожага беларускага пісьменства - былі зачытаны добрыя вершы з вуснаў Сяргея Чыгрына, Міколы Канановіча, Святланы Адамовіч. Аздабленнем праграмы на гэты раз стала і музычнае выкананне, якое было агучана Надзеяй Салейка.

А паралельна ішла нязмушаная прэзентацыя першага нумара слонімскага літаратурна-мастацкага альманаха "Паланэз".

Сустрэча ўсім прысутным вельмі спадабалася. Нагадаем яшчэ, што госці па традыцыі адказалі на пытанні гледачоў-слухачоў, пакінулі дарчыя запісы-аўтографы ў кнізе водгукаў і паабяцалі яшчэ не раз прыехаць у беларускі прынёманскі горад Ліду.

Візіт слонімскіх літаратараў на Лідчыну праходзіў пры падтрымцы Лідскага гістарычна-мастацкага музея і Лідскай арганізацыі ТБМ.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX