Папярэдняя старонка: 2019

№ 50 (1461) 


Дадана: 12-12-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1461), 11 снежня 2019 г.

ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ!

7 і 8 снежня ў Менску прайшлі масавыя мірныя акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй. Асноўнай рухальнай сілай акцый была беларуская моладзь.

Фота nn.by.

Лідскаму ТБМ - 30 гадоў

30 гадоў назад, 16 снежня 1989 года, была ўтворана Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны.

У 1995 годзе ўтворана Лідская (раённая) арганізацыя ТБМ, у якую пасля аб'яднання ў 2004 годзе горада і раёна ў адну адміністрацыйную адзінку ўвайшлі Лідская гарадская арганізацыя і суполкі Лідскага раёна.

17 снежня адбудзецца ўрачыстая вечарына з нагоды 30-годдзя Лідскага ТБМ. Вечарына пройдзе з 18.00 да 20.00 у малой зале Дзіцячай школы мастацтваў (былы Дом афіцэраў).

Уваход вольны.

Падобна, што ахвярай "глыбокай інтэграцыі" можа стаць нават тая мізэрная колькасць беларускай мовы, што яшчэ засталася ў афіцыйнай сферы

Да 6 снежня на сайце "Правовой форум Беларуси" праходзіла грамадскае абмеркаванне новага законапраекта - Проект Закона "О государственной регистрации и ликвидации (прекращении деятельности) субъектов хозяйствования". Абмеркаванне гэтае хоць і называецца "грамадскае", але мае афіцыйны характар, яно ініцыяванае міністэрствам юсты-цыі, мінэканомікі і міністэрствам па падатках і зборах. Гэты закон павінен прыйсці на змену дзейнаму дэкрэту № 1 "О государственной регистрации и ликвидации (прекращении деятельности) субъектов хозяйствования" ад 2009 года. Законапраект, паводле плана законапраектнай дзейнасці, плануецца да ўнясення ў парламент у верасні 2020 года.

Да гэтай пары для рэгістрацыі назваў юрыдычных асобаў падаюцца варыянты назваў арганізацый на дзвюх мовах - на рускай і беларускай, і абодва яны заносяцца ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадыпрмальнікаў (вядомы ЕГР). Пры гэтым спецыялісты дзяржрэгістра, хоць і вымушаныя паводле закона заносіць у рэгістр дзве моўныя формы назваў і мець беларускамоўную версію сайта, сваё праграмнае забеспячэнне робяць толькі на рускай мове і выпіскі афармляюць толькі на ёй (як пацвярджаецца і ў тэксце абгрунтавання да гэтага законапраекта).

У асноўным прапанаваны законапраект паўтарае тое, што цяпер ёсць у прэзідэнцкім дэкрэце. Але невялікае адрозненне ёсць, і яно датычыць менавіта мовы дзяржрэгістра: прапануецца на заканадаўчым ўзроўні замацаваць, што афіцыйныя назвы арганізацый цяпер будуць заносіцца ў дзяржрэгістр толькі на рускай мове.

Робіцца гэта неўпрыкмет - на першы погляд моўныя фармулёўкі ў праекце зводзяцца да звыклых "і (альбо)". Але пункт 3 артыкула 9 "Порядок ведения Единого государственного регистра юридических лиц и индивидуальных предпринимателей" законапраекта мае наступны змест: "Ведение Единого государственного регистра юридических лиц и индивидуальных предпринимателей осуществляется на одном из государственных языков Республики Беларусь, выбор которого определяется программно-техническими условиями и языком принятия нормативных правовых актов, используемых при ведении Единого государственного регистра юридических лиц и индивидуальных предпринимателей."

Азначаная фармулёўка ўстанаўлівае дыскрымінацыйны падыход для вядзення рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў: выбіраць будуць не карыстальнікі, а сам дзяржрэгістр. Дакладней - ужо выбраў.

Як бачна з пункта 3.2. абгрунтавання праекта закона (Обоснование необходимости принятия Закона Республики Беларусь "О государственной регистрации и ликвидации (прекращении деятельности) субъектов хозяйствования", заканадаўца апрыёры зыходзіць з таго, што з дзвюх дзяржаўных моваў у дыскрымінаваным стане павінная быць беларуская мова, а дзяржрэгістр будзе весціся на рускай.

Аўтары абгрунтавання гавораць: "Проектом Закона решается вопрос выбора одного из государственных языков Республики Беларусь, на котором ведется ЕГР. Устанавливается, что его выбор определяется программно-техническими условиями и языком принятия нормативных правовых актов, используемых при ведении ЕГР. В настоящее время ЕГР ведется на русском языке, выписки из ЕГР также предоставляются на русском языке. Это обусловлено тем, что при ведении ЕГР используются общегосударственные классификаторы, являющиеся нормативными правовыми актами, принимаемыми на русском языке."

Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Прапанаваная ў праекце закона норма прадугледжвае стварэнне прывіліяванага становішча для носьбітаў адной мовы (на якой будзе весціся рэгістр) за кошт дыскрымінацыі носьбітаў другой дзяржаўнай мовы, якія будуць пазбаўленыя права на ўнясенне звестак у рэгістр і на карыстанне рэгістрам наўпрост на сваёй дзяржаўнай мове. Гэта будзе супярэчыць артыкулу 22 Канстытуцыі, які ўстанаўлівае, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Улічваючы, што артыкул 28 праекта закона прадугледжвае ўвядзенне ў якасці новай падставы для адмовы ў рэгістрацыі "несоответствия наименования юридического лица требованиям, установленным законодательными актами" (таксама перапісана з расейскага закона - і павінна пакласці канец вольнай рэгістрацыі НКА ў форме ўстановаў) прапанаваны парадак вядзення рэгістра будзе пазбаўляць беларускамоўных грамадзян Беларусі права на стварэнне суб'ектаў гаспадарання. І каб ні для каго не было сумневаў - на самым пачатку тэкста абгрунтавання даецца тлумачэнне, што "Одним из основных мероприятий Программы действий Республики Беларусь и Российской Федерации по реализации положений Договора о создании Союзного государства, принятой 8 декабря 1999 г., является унификация гражданского законодательства" - так што маем справу, як бачна, з тымі самымі "таемнымі" дарожнымі картамі.

Азначаны парадак, прапанаваны законапраектам, супярэчыць і артыкулу 23 Канстытуцыі, які ўстанаўлівае, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.

На маёй памяці гэта ці не першы такі нахабны законапраект, які наўпрост піша: "будзем працаваць афіцыйна толькі па-руску". У падзаконных актах - так, бывала, але ў законах стараліся сарамліва пісаць "и (или)" ну ці ўвогуле абыходзілі гэтае пытанне. Прапанаваныя праектам закона нормы супярэчаць артыкулу 5 і 6 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", а таксама іншым нормам гэтага закона.

І да таго ж, няўжо Беларусь, як айцікраіна, не можа справіцца з задачай вядзення рэгістра на дзвюх мовах, а толькі на адной можа? Я б, па шчыраці, яшчэ б і на ангельскай мове зрабіў.

Юры Чавусаў.

Міф пра баланс беларускай і расейскай моваў на афіцыйных дзяржаўных сайтах

Нядаўна ў краіне прайшоў перапіс 2019 г., і пытанне пра мову сярод насельніцтва вельмі актуальнае. Сітуацыя з беларускай мовай на сёння ў краіне - гэта пытанне не толькі нацыянальнага гонару, але пытанне стратэгічнае. Захаванне, падтрымка і развіццё беларускай мовы - стратэгічная задача захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Цікава, якую ўвагу дзяржаўнай беларускай мове надаюць дзяржаўныя ўстановы і дзяржслужбоўцы? Як дзяржаўныя ўстановы паважаюць права свайго народа на карыстанне сваёй дзяржаўнай роднай мовай? Прапаную даведацца пра павагу да дзяржаўнай беларускай мовы, павагу да народа і да незалежнасці краіны праз аналіз сайтаў беларускіх дзяржаўных установаў. Пачнём з міністэрскіх, а потым пройдземся па сайтах мясцовых выканкамаў.

I

Адзначым, што амаль усе міністэрствы Рэспублікі Беларусь маюць беларускамоўную версію. Шмат што перакладзена, шмат працы зроблена. Але, праглядаючы міністэрскія сайты, бачна, што колькасць інфармацыі на беларускай мове значна меншая, чым на расейскай. Пры пераключэнні мовы на беларускую знікаюць цэлыя раздзелы з сайтаў. Колькасць навінаў па-беларуску ў разы саступае колькасці расейскамоўных навінных падзей.

Уявіце сабе, што з 23 сайтаў міністэрстваў і 24-га сайту Савета Міністраў, толькі Міністэрства аховы здароўя (minzdrav.gov.by) і Міністэрства культуры (kultura.by) сустракае чытача па-беларуску.

Сайт Урада Рэспублікі Беларусь (government.by) мае беларускамоўную версію, але навінаў на беларускамоўнай старонцы ў разы менш, чым на расейскамоўнай. Як не парадаксальна, але ж банэр "Праграма дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гг." з беларускага мае толькі назву. У беларускай версіі сайта Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва (mas.gov.by) у раздзеле "Афіцыйна" шэраг старонак мае паведамленне "Памылка 404. Такой старонкі не існуе". Замест дзяржаўных супрацоўнікаў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі сайт (mjkx.gov.by) на беларускую мову перакладецца анлайн-сэрвісам.

Было прыкра пераключаць мовы на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання (mshp.gov.by). Адразу бачна, што для беларускамоўнага чытача ад усяго сайта застаецца ледзь не ягоны інфармацыйны шкілет. Падобнае ўражанне пакідае і сайт Міністэрства спорту і турызму (mst.by). Беларуская мова ёсць на сайце Міністэрства энергетыкі (minenergo.gov.by), але з беларускай мовай выпадае нямала старонак. Чытачы вымушаны атрымліваць інфармацыю толькі на расейскай мове.

Бывае, і на беларускамоўных старонках міністрэрстваў формы заяваў прапануюцца толькі на расейскай мове. Гэта можна пабачыць на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (mart.gov.by). Як прыклад, калі наведвальнік пераключыць мову на беларускаю, то ўсё адно форму заявы аб выдачы дакумента аб згодзе на здзяйсненне здзелкі з акцыямі сайт будзе прапаноўваць па-расейску.

Напэўна, па-дзіўным выпадку лёсу ці можа з-за нядаўніх перамоваў па стварэнні адзінага падатковага кодэксу ў межах інтэграцыйнага працэсу з Расеяй сайт Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (nalog.gov.by) не мае беларускамоўнай версіі. Што, таварышы, уніфікацыя ўжо пачалася?

II

Зараз пройдземся па сайтах абласных і раённых выканаўчых камітэтаў. З боку інфармацыйнага забеспячэння на беларускай мове становішча на выканкамаўскіх сайтах значна горшае адносна міністэрскіх. Шмат выканкамаў не маюць беларускай мовы на сайтах. Шмат такіх, што не маюць беларускамоўнага зместу і карыстаюцца анлайн гугл-перакладчыкам. Ёсць і такія, дзе перакладзены толькі назвы раздзелаў сайта ці некалькі асобных старонак. Больш за 50 сайтаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, што я наведаў, сустрэлі мяне выключна па-расейску.

Няма беларускамоўнай версіі на сайце Берасцейскага гарвыканкама (ГВК) (city-brest. gov.by). На сайце Віцебскага ГВК (vitebsk.gov.by) ёсць беларуская мова, але, адчыняючы старонку пра гісторыю Віцебка, бачым "Старонка не знойдзена". Няма традыцыйнага кутка для выбару моў на сайце Гомельскага ГВК (gorod.gomel.by): яны не напісалі матэрыял для беларускай версіі, а проста ў самым нізе вывелі спасылку на сэрвіс Гугл з выбарам моў. То бок, калі каму з беларусаў патрэбна будзе беларуская мова, то гомельскія чыноўнікі прапануюць звяртаюцца па дапамогу не да мясцовай ўлады, а да амерыканскага Google.

Няма кантэнту на беларускай мове на Магілёўскім ГВК (mogilev.gov.by), але ёсць кнопкі для моў і пры выбары беларускай анлайн-сэрвіс перакладае расейскамоўны змест старонак. Полацкі сайт (polotsk.vitebsk-region.gov.by) паўшоў па слядах Магілёўскага. Барысаўкія дзяржаўныя службоўцы (borisov.gov.by) знайшлі такое вырашэнне: на сайце ёсць кнопка, каб пераключаць мовы, але, калі ціскнеш на беларускую мову, то перакладаюцца толькі назвы раздзелаў, але не змест гэтых раздзелаў. Вілейскі раённы выканкам (vileyka.minsk-region.by) паўшоў шляхам барысаўскіх чыноўнікаў.

Супрацоўнікі Новаполацкага гарвыканкама (novopolotsk. gov.by), відаць, беларускую мову ведаюць не лепш за гомельскіх, таму прапануюць наведвальніку звяртацца па дапамогу да перакладу да Google. Тое ж і Жлобін, Бабруйск, Рэчыца. Івацэвіцкі раённы выканаўчы камітэт (ivacevichi.brest-region.gov.by) і ягоны брат-блізнюк - Кобрынскі (kobrin.brest-region.gov.by) - зрабілі сайты па-расейску і па-ангельску. Не ўдалося адшукаць беларускай мовы на Пінскім сайце (pinsk.gov.by).

Ліда (lida.gov.by) ведае сваю мясцовую гісторыю толькі па-расейску. Асіповіцкі (osipovichi.gov.by) райвыканкам на беларускамоўнай версіі старонкі пра гісторыю пакідае код 404 (старонкі не існуе). Пастаўскі сайт (postavy.vitebsk-region.gov. by) таксама не мае сваёй гісторыі на роднай мове.

На вялікі жаль, прыклады можна працягваць. З беларускай мовай у дзяржаўных установах бяда. Заўважце, як чыноўнікі замест таго, каб разважаць пра беларускую мову як падмурак беларускай незалежнасці, адметнасць нашага народа і гонар ды спадчыну нашых бацькоў, спрабуюць нас пераканаць, што гэта шырокія колы насельніцтва самі адмовіліся ад беларускай на карысць расейскай. Відавочна, гэта звычайнае невалоданне курсам гісторыі Беларусі дзяржаўнымі службоўцамі.

У адказ такім хачу прывесці думкі з блога Алесі Аўласевіч з гомельскага сайту "Сильные Новости" з нагоды перапісу 2019: "Мова, канешне, можа існаваць сама і без дзяржавы, але калі ўжо дзяржава ёсць, то хто яшчэ нясе адказнасць за захаванне мовы, як не дзяржава? Чыноўнікі не разумеюць, што такая катастрафічная статыстыка ахвочых навучаць дзяцей па-беларуску - гэта праблема не ТБМ ці гэтых людзей. Гэта праблема чыноўнікаў, якія не стварылі адпаведных умоў для развіцця дзяржаўнай мовы. Гэта пытанне да іх кваліфікацыі, адпаведнасць займаным пасадам, аплаты нарэшце. І гэта не аддзел адукацыі павінен спытаць у мяне, як старшыні Гомельскага ТБМ на прыёме: "Ну, дзе вашыя "беларускамоўныя"?", а я ў іх: "Дзе ВАШЫЯ беларускамоўныя?"

Васіль Каваль.

Выпускнікоў філфака сабраў юбілей

Поўная душэўнай цеплыні, сяброўскіх успамінаў вечарына паэзіі і музыкі "Аснежаныя рытмы", прысвечаная 80-годдзю філфака БДУ, адбылася 5 снежня.

Арганізатарам і вядоўцам мерапрыемства выступіў загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, паэт Алесь Іванавіч Бельскі. Менавіта яго курс 1986 года выпуску ў большай частцы свайго складу сабраўся на юбілейную вечарыну. Сам Алесь Іванавіч пасля заканчэння філфака настаўнічаў у сярэдняй школе № 55, быў намеснікам дырэктара Слабадской васьмігодкі, аспірантам, выкладчыкам і дацэнтам філфака БДУ, з 2004 года быў прафесарам кафедры беларускай літаратуры і культуры. На вечарыну былі запрошаны навучэнцы ліцэя БДУ, пераможцы рэспубліканскай і гарадской алімпіяд, вучні профільных класаў гімназій і школ Менска.

- За 80 гадоў мы выпусцілі тысячы выпускнікоў, якія працуюць у сістэме сярэдняй і вышэйшай адукацыі, у міністэрстве замежных спраў, на тэлебачанні, і радыё, і ў іншых сферах гуманітарнай дзейнасці, - адзначыў дэкан філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук Іван Сямёнавіч Роўда. - Сёння наш факультэт прызнаюць галоўным факультэтам у сістэме філалагічнай адукацыі Беларусі. Філфак дае глыбокія веды ў галіне літаратуры, тэорыі і практыкі перакладаў, камп'ютарных моўных тэхналогій. Мы супрацоўнічаем з 20-цю ўніверсітэтамі свету.

На вечарыне падчас прэзентацыі з удзячнасцю ўзгадвалі Алега Антонавіча Лойку, які быў дэканам філфака ў 1991-96 гадах, членам - карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі навук, вядомага славіста, заслужанага дзеяча навукі прафесара Адама Яўгенавіча Супруна, прафесара Паўла Паўлавіча Шубу, заслужанага дзеяча Акадэміі адукацыі Беларусі, і многіх іншых, якія заклалі аснову сённяшняга філфака.

Сваёй творчасцю на вечарыне падзяліўся паэт, кампазітар і спявак Станіслаў Іванавіч Коршак. Станіслаў Іванавіч нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Вясея на Случчыне, ён зямляк Васіля Віткі, зараз пражывае ў Рызе, штогод наведвае сваю малую радзіму.

Дваццаць гадоў таму ён не згадзіўся з прысудам лекараў, якія раілі яму паспяшыць развітацца з роднымі, і цяпер, нягледзячы на тое, што з самай раніцы ён перасаджваецца ў вазок, ён поўны любові да жыцця, людзей і творчасці. Станіслаў Коршак спявае на рускай, беларускай і латышскай мовах. Ён выдаў песенныя альбомы: "Па жыцці з любоўю" (2011), "Сустракаемся ў Юрмале" (2012), "Маім сябрам" (2015). Многія яго дабрачынныя канцэрты адбываліся ў Латвіі і ў Беларусі.

- Галоўнае - гэта тое, што мы адчуваем у душы і што мы нясем людзям, гэта - пазітыўныя эмоцыі, радасць, каханне, жаданне зрабіць шчаслівымі нашых блізкіх, - упэўнены паэт і кампазітар.

У Станіслава Іванавіча дзве дачкі і пяцёра ўнукаў. Кожнаму з іх на дзень народзіў ён напісаў прысвячэнні, каб незабыўныя імгненні засталіся ў вершаваных радках.

З чытаннем уласных вершаў на вечарыне выступілі таксама студэнткі філфака. Выпускнікі абмяняліся ўспамінамі пра ўзнёслыя гады маладосці. Для іх заўсёды будуць светачамі іхнія паплечнікі, якія вучыліся на філфаку БДУ- Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, Іван Навуменка і Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў і Алена Анісім.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Трыяда Анатоля Белага

П-а-э-м-а - э-с-э

Яўген Гучок

Светлай памяці незабыўнага

Анатоля Яўхімавіча Белага

(Працяг у наступным нумары.)

* * *

Ад мора да мора,

Ад зямлі да нябёс

Распавядалася ў "Спадчыне"

пра Літву-Беларусь.

* * *

"Спадчыну" славуты Ермаловіч Мікола

Назваў сапраўдным народным

Універсітэтам.

* * *

Тут ад многіх прамоў-напамінаў

Кідала многіх цела ў холад,

А галаву ў гарачыню.

* * *

У "Спадчыне" дбайна адбельвалася

Радно гісторыі

Літвы-Беларусі.

* * *

Тут маленькі зямны агеньчык

Пераўвасабляўся ў зіхотную зорку

Нябесную.

* * *

На лекцыі Ермаловіча пра ВКЛ узнікненне

Народу было пад завязку -

Некалькі соцень люду.

* * *

Гаванню быў гэты клуб

Для таго, хто імкнуўся

У беларускай духоўнасці мора.

* * *

У моры гістарычнай праўды

"Спадчына" была караблём

Звышнадзейным і зручным.

* * *

А колькі людзей

Аб'яднала "Спадчына"!

Многіх зрабіла прыяцелямі між сабой.

* * *

Ідэя і духу роднага атмасфера

Заўжды панавалі

У "Спадчыне".

* * *

Атрымаць узнагароду ў "Спадчыне"

Больш ганарова было,

Чым атрымаць яе з рук чынавенства.

* * *

У "Спадчыне" ўсё - адкрыта,

Закрытых тэм там

Няма.

* * *

Тут хлусня гістарычная выкрывалася,

Ды ці толькі хлусня гістарычная,

Тут увогуле спавядалі праўду жыцця.

* * *

Тут на вушы не вешалі локшыны,

Тут з вушэй вымывалі

Ідэалагічныя коркі.

* * *

Тут здымалі ўдаўку-зашмаргу

З шыі любімай

Айчыны.

* * *

Тут ажывалі-настойваліся новыя -

Старыя гімны

Айчыны.

* * *

А перспектыва, што тут намалёўвалася,

Нагадвала люксавы часам цягнік

Па дарозе ў светлую Беларусь.

* * *

Тут кожны атрымліваў камандзіроўку

У мінуўшчыну, цяпершчыну

І будучыню Беларусі.

* * *

У "Спадчыне" перасаджвалі

З галеры на галёрку,

А пасля і ў партэр ведаў аб Беларусі.

* * *

Тут адсякалі чалавека ад цемры,

Ад душы яго -

Спадчынную забітасць.

* * *

Ганаровымі сябрамі "Спадчыны"

Былі песняры народныя Беларусі

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.

* * *

Былі яшчэ ў статусе гэтым

Дактары навук, прафесары

Грыцкевіч, Штыхаў, Юхо,

* * *

Саламонаў, Ліс і Лыч,

Настаўнік-даследчык Содаль,

Некаторыя незарэгістраваныя навукоўцы.

* * *

Быў сярод спадчынцаў

І патрыярх сучаснага

беларускага мастацтва

Яўген Мікалаевіч Ціхановіч.

* * *

Нельга не адзначыць

Сярод спадчынцаў чыннасць

Сакратара клуба Надзеі Сармант.

* * *

Яшчэ сябрамі "Спадчыны" былі:

Гісторыкі Ермаловіч, Валахановіч,

Мастакі Цыркуноў, Крывенка,

Карпук, Несцярэўскі,

* * *

Выкладчык ВНУ, прафесар Савіцкі,

Лаўрэль - навуковец,

метадыст беларускай мовы,

Інжынер, грамадскі дзеяч Раманоўскі,

* * *

Вайсковец, артыст Антанюк,

бібліятэкар Лісоўская,

Паэт -песеннік Пецюкевіч,

педагог, драматург Саскавец,

Вайсковец Копыл,

інжынеры Лавіцкі, Курыцын,

* * *

Галіна Сіўчык - грамадскі дзеяч,

Тэхнолаг Ліпскі, стаматолаг Будзянок,

Правізар Біцай, шахматыст Аніська,

* * *

Семеняка - стваральнік сайта "Спадчына",

Мурашка - хросны бацька музея,

Русаў - археолаг, паэтка Багданкевіч,

* * *

Журналісты Мяльгуй, Кісялёва,

А ўзначальвала іх усіх тройца Белых:

Анатоль, Ала, Святлана.

* * *

Усіх пастаянных,

сталых сяброў "Спадчыны"

Было не меней

Паўсотні.

* * *

У "Спадчыну" не зазіралі прыблуды,

Сюды прыходзіў зацікаўлены

Патрыятычны народ.

* * *

І ў кожнага было што паведаміць

Пра Беларусь, пра яе гісторыю,

Мову, культуру і інш.

* * *

Запрашалі сюды навукоўцаў

З усіх галін ведаў

Пра Беларусь.

* * *

Былі каля "Спадчыны" правакатары,

А вось здраднікаў сярод спадчынцаў

Не было.

* * *

Былі ў "Спадчыны" і адкрытыя непрыяцелі,

Прыкарытная філасофія і мараль

Іх на гэта скіроўвалі.

* * *

Але ім, ворагам беларушчыны,

Не ўдавалася ўтрымацца

На разгаліністым Беларусі дрэве.

* * *

А тых, хто пэўнымі коламі

Засылаўся ў "Спадчыну",

Па выразах твараў можна было распазнаць.

* * *

А калі нам не шкодзіла наменклатура?

А тады, калі яна ад ляноты абыходзіла бокам

І "Спадчыну", і музей.

* * *

Многа нягод перанесла "Спадчына",

Але, відаць, што і неба

Апекавалася ёю

* * *

Ёсць жа яшчэ і такія,

Што ўсяго і заўжды баяцца,

Вось яны і "Спадчыну" абыходзілі бокам.

* * *

Некаторым дома казалі:

"Не хадзіце ў "Спадчыну",

Там небяспечна", - і ўзгадвалі Курапаты.

* * *

А большасць без страху і боязі

Скіроўвалася ў "Спадчыну" -

У Белага ўніверсітэт.

* * *

Тут ніхто сабой не нагадваў

Укладам сваім унутраным

Няўстойлівых дзьмухаўцоў.

* * *

Тут людзі смялелі

І бачылі далей

За межы сваёй Беларусі.

* * *

"Спадчына" - не завулак для нехлямяжных,

А інтэлектуальны праспект

Для розуму развіцця.

* * *

Для беларускай збалелай душы

Тут светлага многа было насення

І нябеснага, і зямнога.

* * *

А ці вядома было пра "Спадчыну" ў свеце?

Вядома, ведалі,

І нат на той бок Атлантыкі.

* * *

Барскі з Варшавы,

Шыраеў з Масквы

Распавядалі спадчынцам

пра беларусаў замежжа.

* * *

Пра "Спадчыну" і музей добра ведалі

У Англіі і ЗША

Праз Надсана і Мерляка...

* * *

Паслоў і супрацоўнікаў пасольстваў

Швецыі, Чэхіі, ЗША

З прыязнасцю спадчынцы сустракалі.

* * *

Былі тут наведнікі з Украіны,

Грузіі, Польшчы, Ізраіля,

Расіі, Францыі, Італіі і інш.

* * *

Сталага памяшкання не мела "Спадчына",

Яна, лятучая, прытулак знаходзіла

То ў бібліятэцы (у Лісоўскай),

то ў касцёле (у Завальнюка),

то дзе ў сутарэнні.

* * *

Дарогу ў "Спадчыну" і музей

Ведалі і святары, і вернікі

Розных канфесій.

* * *

Усе беларускія святы "Спадчына" адзначала

І ў горадзе, і па-за яго

Межамі.

* * *

Не стала Белага - тэарэтыка і практыка -

І "Спадчына" нібы знікла,

Але застаўся аб ёй успамін і цёплы, і светлы.

* * *

Пабудзеш у "Спадчыне",

пабудзеш у музеі -

У сапраўднай беларускай краіне

Пабудзеш.

І І І

* * *

Каб Беларусь ведала і паважала сябе

Хай служаць ёй напамінам

Помнікі беларускім славутасцям.

* * *

І з ініцыятывы яго - Белага -

З яго дзейсным удзелам

Тыя помнікі паўставалі.

* * *

І паўставалі такія помнікі

У Беларусі - на сядзібе музея Белага

І за межамі Беларусі.

(Працяг у наступным нумары.)

Успамін пра Эдварда Вайніловіча

"Кожнаму сваё ёсць

прызначэнне,

Помні, што жыццё ёсць

дар з дароў,

Не тушы святло

ў душы вячэрняй,

І ў світальнай запалі наноў"

Успамінам падзялілася настаўніца гісторыі Вольга Каляда на мерапрыемстве, прысвечаным 109-тай гадавіне асвячэння Менскага Чырвонага касцёла. Спадарыня Вольга распавяла пра пошукі, якія яна праводзіла ў вёсцы Савічы ў канцы 90-тых гадоў разам з сынамі і вучнямі. У выніку былі знойдзены надмагіллі Сымона і Алены, дзяцей Эдварда Вайніловіча і Алімпіі Узлоўскай. Пліты праз клопат пробашча касцёла кс. Уладыслава Завальнюка былі перавезены да Чырвонага касцёла, у мясцовай школе быў створаны музей. Даследчыцкія працы вучняў пазней увайшлі ў калектыўны зборнік.

- Мы вельмі рады, што імя Эдварда Вайніловіча, заснавальніка святыні, ушаноўваецца ў нашым пакаленні, - адзначыў кс.-пробашч Уладыслаў Завальнюк. - Праз усё жыццё ён паказаў сябе узорным сем'янінам, мужам і бацькам, выхаваным у хрысціянскіх традыцыях чалавекам. Няхай яго прыклад служыць таму, каб нашы сем'і былі больш духоўнымі, каб бацькі выхоўвалі дзяцей у духу веры!

21 лістапада на ранішніку "Так хацеў Бог" для вучняў катэхетычнай школы і іх бацькоў выступіў лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Васіль Зуёнак. Васіль Васільевіч прачытаў свае вершы з кнігі "Азірнуўшыся не скамянець" і падзялiўся ўспамiнамi пра тое, якое месца займала Бiблiя ў яго маленстве. Нягледзячы на тое, што гэта кніга была адзiнай на ўсю вёску, яе перадавалi з хаты ў хату i чыталi па чарзе.

- Першым маiм букваром была Бiблiя, - сказаў Васіль Зуёнак. - У сталым веку я прывёз Бiблiю з-за мяжы падчас творчай камандзіроўкi ў Польшчы. Цяпер кнiга са мной на працягу многiх гадоў, я яе чытаю i перачытваю. У ёй шмат мудрасцi i падказак для жыцця.

Вучнi 3-яй дзiцячай менскай музычнай школы пад кiраўнiцтвам Вольгi Мiронавай выканалi песню на вершы Вольгi Войнскай "Прысвячэнне Чырвонаму касцёлу". Свае спеўныя таленты былі рады праявіць таксама ўдзельнікі музычнага калектыва "Неспадзянка".

У гэты дзень, калі ў касцёле адзначалася свята Хрыста - Уладара ўсяго свету, падчас святой iмшы бiскуп Аляксандр Яшэўскi ўдзялiў сакрамант канфiрмацыi моладзi i асобам сталага веку.

Э. Дзвінская.

Люстэрка эпохі...

2019-ты год абвешчаны ЮНЕСКА "Годам Станіслава Манюшкі".

Цягам года ўвесь свет адзначаў юбілей таленавітага кампазітара Станіслава Манюшкі - аўтара песень, аперэт, балетаў, опер, стваральніка беларускай і польскай нацыянальных опер.

26 лістапада 2019 г. ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва запрасіла сваіх сяброў наведаць музычную гасцёўню ў абласной бібліятэцы, дзе адбылася музычная гадзіна "Люстэрка эпохі…" у гонар геніяльнага беларускага і польскага кампазітара, дырыжора Станіслава Манюшкі, 200-гадовы юбілей якога адзначаўся ў гэтым годзе.

Асоба Станіслава Манюшкі з'яўляецца адной з самых знакамітых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яна адначасова рэпрэзентуе беларускую і польскую культуры і аб'ядноўвае іх. Гісторыя музыкі славянскіх народаў багата імёнамі вядомых дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сусветнай музычнай культуры, але сярод шэрагу імён таленавітых творцаў, сапраўдных майстроў яскрава вылучаецца дзейнасць кампазітара, дырыжора і педагога Станіслава Манюшкі.

Жыццё і лёс творцы непарыўна звязаныя з беларускай зямлёй. Манюшка нарадзіўся і вырас на Меншчыне, правёў свае маладыя гады ў Менску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам. Пазней Манюшка працаваў у Вільні, колішняй сталіцы нашай дзяржавы. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.

200-гадовы юбілей - дата вельмі значная не толькі ў сусветным, але і ў нацыянальным кантэксце, бо Станіслаў Манюшка з'яўляецца цэнтральнай фігурай у беларускай музыцы эпохі рамантызму, а яго яскравы кампазітарскі талент сфарміраваўся менавіта ў Беларусі.

Постаць Станіслава Манюшкі дае нам надзейнае пачуццё: у нас былі і ёсць вялікая гісторыя і вялікія творцы. Манюшка - манументальны, паўнамерны класік музыкі. Ён стаіць побач з галоўнымі кампазітарамі таго часу, такімі як: Ф. Мендэльсон, І. Брамс, А. Дворжак, М. Глінка, П. Чайкоўскі. Вялікі дзякуй супрацоўнікам Аддзела мастацтва абласной бібліятэкі за цікавую імпрэзу.

Наталля Шэмянкова, Магілёў.

Актывізм - на карысць грамадства

Недзе прачытала такі выраз : "Грамадскі актывізм, як скрынка шакаладных цукерак", і ты не ведаеш, якія цукеркі там, унутры. І ступаючы на шлях грамадскай актыўнасці, сапраўды, таксама ніколі не ведаеш, якую дарогу давядзецца прайсці, з якімі праблемамі сутыкнуцца. А калі яшчэ ты - і лідар грамадскай ініцыятывы, ці грамадскага аб'яднання, то бярэш на сябе яшчэ большую адказнасць за тых людзей, якія пайшлі з табой побач.

Уступаючы ў супольнасць грамадскіх актывістаў, людзі спрабуюць змагацца з праблемамі, якія іх хвалююць і дзеляцца з іншымі часткай сябе. І не важна, на якія праблемы будзе скіравана грамадская актыўнасцьна вырашэнне сацыяльных праблем, абарону правоў людзей ці жывёл, вырашэнне экалагічных праблем ці праблем пэўных мэтавых груп, ВАЖНА тое, што мы робім.

Праводзячы сустрэчу "Актывізм - на карысць грамадства", я ўзяла на сябе абавязак узгадаць пра той каштоўны вопыт, які набыты грамадскім сектарам Верхнядзвіншчыны за апошнія два дзесяцігоддзі і пра тыя справы, якія супольна рабілі разам з грамадзянамі, у некаторы прамежак часу - разам і з уладамі, пра справы сёняшнія, пра праблемы дня і складанасці ў самараганізацыі людзей для вырашэння праблемаў лакальнай супольнасці, пра магчымыя варункі працы на дзень заўтрашні.

Грамадскі сектар раёна, у свой час, быў адным з самых паспяховых у вобласці: па ліку зарэгістраваных структур грамадскіх арганізацый, стасункаў з рознымі фондамі, у тым ліку і замежнымі, цікавымі сацыяльна-культурніцкімі мерапрыемствамі, партнёрскімі адносінамі з установамі культуры і адукацыі.

Варта ўзгадаць такія праекты, як "Бюро сацыяльнай інфармацыі", супольна з Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў, дзейнасць якога ў раёне была падмацавана дамовай з уладамі, праект, скіраваны на папярэджанне гандлю людзьмі і факультатывы ў школах раёна, дзе заняткі праводзілі нашы жанчыны-актывісткі, міжнародны праект з праграмай ТАСІС па абароне правоў працоўных, праца інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтра з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва… Не стаўлю кропку, бо пералік добрых і цікавых спраў можна доўжыць. Але гэта з таго, ШТО БЫЛО. І ў тым, што карысныя пачынанні сыйшлі, як кажуць, "на НЕ", няма віны грамадскіх актывістаў: пачалі мяняцца адносіны ўладаў да дзейнасці грамадскага сектару.

Жаночыя арганізацыі раёна, арганізацыя шматдзетных сямей актыўна развівалі партнёрскія сувязі з замежнымі дабрачыннымі фондамі з Галандыі, супраца пачалася яшчэ ў 1985 годзе, крыху пазней усталяваліся добрыя адносіны з двума фондамі з Ірландыі, якія займаліся аздараўленнем дзяцей. Сябравалі з італьянцамі, Наталляй Андэрсан са Швецыі, фондамі з Брытаніі, Нямеччыны і нават Злучаных Штатаў. І кожнае лета да сотні дзяцей маглі адпачываць за межамі краіны, набірацца здароўя і новых уражанняў.

Грамадскі сектар Верхнядзвіншчыны распрацаваў вялікі праект з праграмай "Каўнтэрпарт", а яе прадстаўнік з Вашынгтона Брайян Проп наведваў наш горад, працавалі два праекты гуманітарнага характару з Галандыяй і Ірландыяй. А гэта - пастаўкі мэблі, адзення, інвалідных калясак, рамонт школы-інтэрната для глухіх дзяцей, аказанне дапамогі раённай бальніцы ў медабсталяванні і рамонце аддзяленняў бальніцы, сродкі для цэнтра дзяцей-інвалідаў і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Усе дзеці хворыя на цукровы дыябет былі забяспечаны глюкометрамі, і не толькі дзеці, але і шмат дарослых. Усе гэтыя кантакты распачынаў менавіта грамадскі сектар раёна, але ў хуткім часе некаторыя праекты былі спынены ці перайшлі да мясцовых уладаў.

Ведучы аповед пра нашыя справы, я падмацоўвала гэта і фота-відэаматэрыяламі, якіх на сёння - вялікі і цікавы архіў. І з жалем трэба сказаць пра тое, што напрацоўкі грамадскіх актывістаў раёна, на якія спатрэбіўся не адзін год, былі заблакаваны мясцовымі ўладамі, і многія праекты сёння можна ўзгадваць толькі ў мінулым часе.

У мінулым часе гаварыла я на сустрэчы і пра выданне дадатку "Рабочы Дзвінскага памежжа" да газеты "Рабочы", які рэдагаваў Віктар Івашкевіч, а таксама бюлетэня "Рубон" НДА раёна, выданне якога было адноўлена праз 100 год, пачатак якому паклаў вядомы фалькларыст, навуковец, наш зямляк з Каханавічаў Ігнат Храпавіцкі. Варта сказаць і пра тое, што першую міжнародную канферэнцыю, прысвечаную І. Храпавіцкаму, правялі таксама грамадскія арганізацыі, а П. Квяцінскі, разам са сваімі "Белымі варонамі", знайшоў і добраўпарадкаваў магілу вядомага земляка. Мы былі ў ліку ініцыятараў і другой канферэнцыі такога ж маштабу, прысвечанай І. Лапацінскаму, на якую прыехалі яго родныя з Латвіі, а відэазапіс мерапрыемства адвезлі ў Варшаву яшчэ аднаму Лапацінскаму, які займаў важны пост ў Міністэрстве аховы прыроды Польшчы.

У справах грамадскага сектару раёна важнае месца займаюць мерапрыемствы культурніцкага характару, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі, падтрымцы юных талентаў. Пяць год , пры падтрымцы ГА "Самакіраванне і грамадства", мы дапамагалі рэалізоўваць праект "Галасы будучыні", а таксама міжнародны праект па агратурызму з удзелам прадстаўнікоў нашага раёна, больш за10 гадоў фінансавалі конкурс "Зорны шлях", абласны конкурс юных мастакоў "На хвалях натхнення", які праходзіў у рамках міжнароднага свята "Дзвіна-Двина-Дaugava", конкурс юных паэтаў, разам з раённай бібліятэкай, які таксама быў у праграме гэтага мерапрыемства. Наша справа - гэта і сустрэчы з вядомымі ў краіне палітыкамі, навукоўцамі, паэтамі і пісьменнікамі, грамадскімі актывістамі.

Мы ў супрацыі і з нацыянальнымі грамадскімі арганізацыямі - ГА "Беларуская жаночая ліга", з якой працавалі ў праекце "Супраць раку малочнай залозы", "Пачуць жанчын" - праводзілі сустрэчы ў гарадах вобласці з жанчынамі і гаварылі пра праблемы жаночай мэтавай групы, шмат працавалі па пытаннях мясцовага самакіравання з ГА "Фонд імя Л. Сапегі" і нямецкім Фондам Ф. Эберта, а таксама мелі магчымасць праз гэтыя структуры накіроўваць у азнаямляльныя візіты настаўнікаў, дэпутатаў, актывістаў у Літву і Латвію, Польшчу, Швецыю, Украіну і іншыя краіны.

Апошнія тры гады мясцовыя актывісты спрабуюць арганізаваць працу ў мясцовых супольнасцях. Прыкладам можа стаць ініцыятыва "Добры сусед", у рамках якой мы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю каля дома № 72 у мікрараёне Гейжанава, дзіцячую пляцоўку яшчэ ў адным мікрааёне горада, тэрыторыю каля Цэнтра выхаваўчай працы дзяцей і моладзі, якому напярэдадні мінулых Калядных святаў зрабілі падарунак з двух банэраў, якія ўпрыгожылі будынак Цэнтра.

Ведучы аповед пра дзейнасць грамадскіх актывістаў і ініцыятываў, значная частка якіх прысутнічала на сустрэчы, давялося абмяркоўваць і тыя праблемы, якія сёння значна ўплываюць на развіццё грамадскай актыўнасці ў раёне. У іх ліку - падзел уладамі грамадскага сектару на "сваіх" і "чужых" і падтрымка "сваіх", адсутнасць дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, зніжэнне актыўнасці саміх людзей, якія заняты праблемамі выжывання, а таксама пэўнай перасцярогі займацца грамадскім актывізмам, які не заўсёды бяспечны, зніжэнне матывацыі да грамадскіх справаў, якая таксама абумоўлена тым, што такая актыўнасць не ўхваляецца, калі яна не зыходзіць з боку ўлады. Менавіта ўлада магла скарыстаць такі магутны патэнцыял людской актыўнасці для вырашэння, напрыклад, такіх праблемаў, як добраўпарадкаванне вуліц, прыдамавых тэрыторый, правядзенне святаў вуліц і мікрараёнаў, і ў грамадскага сектару ёсць такі вопыт.

Шчырая падзяка ў дапамозе Зінаідзе Жыравай, кіраўніку народнага клуба "Сучаснік".

Калі зробім разам, зробім для сябе.

Валянціна Болбат. ТБМ, Верхнядзвінск.

Маладыя ў Германіі запусцілі паветраны шарык з паштоўкай, а ён прызямліўся ў Ружанах

Навіны Германіі

Ёсць у немцаў такая вясельная традыцыя, як запусканне ў неба паветраных шарыкаў, надзіманых геліем, у гонар маладых. Да іх прымацоўваюць паштоўкі, на якія просяць адгукнуцца людзей, што знойдуць вясельнае пасланне. Цяпер пра гэтую традыцыю ведае і сям'я Жыеўскіх з Ружан, якая стала выпадковым адрасатам такога нямецкага прывітання, піша газета "Раённыя будні".

Іна Андрэеўна вярталася з работы, калі раптам у двары пад акном іх прыватнага дома заўважыла нейкае "смецце". Гаспадыня падняла паперку і пацягнула за прымацаваны да яе "хвост", калі раптам з вазона з петуніямі паказаўся шарык. Выгараўшая за час няблізкага палёту паштоўка ўражання не зрабіла. Жанчына прызнаецца, што ўжо несла "смецце" да сметніцы, калі звярнула ўвагу, што паштоўка не айчынная, а надпісы на ёй на замежнай мове.

- Сфатаграфавала паштоўку, адправіла фота дачцэ, - расказвае Іна Жыеўская. - Яна і пераклала тэкст, растлумачыўшы, што гэтая паштоўка - прывітанне ад Лізы і Енса, пары з Германіі, якія 10 жніўня гэтага года гулялі вяселле. Яны прасілі яго атрымальніка напісаць на згаданы зваротны адрас, хто і дзе знайшоў пасланне. Шчыра кажучы, адразу падумала, што гэта нейкі розыгрыш. Але дачка сказала, што ў Германіі сапраўды ёсць традыцыя запускаць на вяселлі паветраныя шарыкі. Ну, і муж пераканаў: раз людзі просяць, трэба адказаць.

З дапамогай інтэрнэт-перакладчыка Іна і Валерый Жыеўскія напісалі ліст і адправілі яго поштай. Указалі і адрас сваёй электроннай пошты, на які неўзабаве і прыйшоў адказ ад маладой сям'і. Як высветлілася, пара жыве пад Мюнхенам. Маладыя былі вельмі здзіўлены, што шарык з пасланнем адляцеў настолькі далёка ад іх дома… Адным словам, паміж беларусамі і немцамі завязалася перапіска.

- Няхай прызямліўся б гэты шарык у іншым месцы! Дык не! - гаворыць спадарыня Іна.

Справа ў тым, што Жыеўскія аб'ездзілі амаль усю Германію: Валерый з сынам і сёння рэгулярна бываюць там у рабочых камандзіроўках, шмат гадоў кіроўцам-"дальнабойшчыкам" была і Іна Андрэеўна. Дзякуючы рабоце, яны знайшлі ў гэтай краіне нямала знаёмых, з якімі падтрымліваюць цёплыя, сяброўскія адносіны. Цяпер, верагодна, набылі яшчэ адных: чакаюць магчымасці сустрэцца з сям'ёй, ад якой атрымалі вось такое незвычайнае прывітанне.

NN.by.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА КСЯНДЗА АНДРЭЯ ЗЯЗЮЛІ (26.11.1878-17.02.1921)

Зноў неба захмурэла над вясной,

Заціхнуў закаханых птушак спеў.

І ў Ракаўскі касцёл на голас твой

Матыль, нібы анёлак, заляцеў

І сеў ля свечак, белы, нібы снег,

Які не ўвесь у Ракаве растаў,

Дзе ты хадзіў няспешна, нібы ў сне,

І вершы беларускія шаптаў,

Нібы малітвы, што пачуе Бог

І дапаможа, каб наш вечны край

Краінай стаў і на крыжы дарог

Згубіў самоту і нямы адчай.

І матылю ты працягнуў руку,

Але матыль над свечкамі ўзляцеў

І ў неба паляцеў, нібы ў раку,

Хоць і ляцець напэўна не хацеў

З касцёла, у якім маліўся ты,

Святар, паэт і проста чалавек.

І грымнуў гром і кроплямі вады

Рассыпалася неба па траве.

17-18.05.2018 г.

БАЛАДА ПЯТРА КРАЧЭЎСКАГА (7.08.1879 - 8.03.1928)

Прага. Альшанскія могілкі. Светла

Сцежка вядзе праз гады і праз лета

Зноў да цябе, быццам бы да званіцы,

Дзе на каленях стаяць і маліцца,

Каб адзіноты, як гора, пазбыцца...


І забываецца ўсё, што чужое,

Шэрае, чорнае і залатое,

Помніцца роднае толькі, святое,

Дзе Беларусь пачыналася наша.

Вецер табе пра Айчыну раскажа

Тую, якую ты сніў і якая

Шлях свой знайшла і ў сабе зберагае...


Першае лісце дадолу злятае -

І ўжо сцяжына - змяюка жывая

Пад валуны не хаваецца болей.

Людзі жывуць, калі дыхаюць воляй,

І памірае краіна, якая

Мову народа, як сэрца, кідае

Чорнаму часу пад брудныя боты.


Не зарасце аніколі асотам

Тое, што ў сэрцах, што сэрцамі стала.

Ёсць Беларусь, і ўжо гэта - нямала,

Каб на Альшанскія могілкі светла

Сцежка вяла праз гады і праз лета

Зноў да цябе…

6.08.2009 г.

БАЛАДА ЯЗЭПА ДЫЛЫ (14.04.1880-07.04.1973)

Ад родных слоў, ад родных ветлых хатаў,

За тое, што ты любіш родны край,

Завезлі, як ваўка, цябе ў Саратаў,

Дзе жыць - жыві, не хочаш - памірай

Без тых палёў, дзе каласіцца жыта

І васількамі плача аб былым,

Якое, нібы дзень адзін, пражыта,

Але не знікла, як знікае дым,

А з намі засталося валунамі

Ад замкаў, што разбураны былі,

І засталося ўмшэлымі крыжамі

На могілках, што лесам параслі,

Дзе пойдзеш і заблудзішся надоўга,

Нібы ў стагоддзях, у якіх наш край

Бярэ пачатак у крыві Міндоўга

І тых людзей, што марылі пра рай

На роднае зямлі для ўсіх тутэйшых

І для цябе, хоць ад радзімы ты

Далёка будзеш жыць і сніць аб лепшым

І светлым часе, хоць не залатым,

Для родных ніў, для родных ветлых хатаў,

Дзе Беларусь жыла і будзе жыць

На злосць усім сусветным супастатам,

Так, як Святло жыве ў святым крыжы.

29.03.2009 г.

БАЛАДА УСЕВАЛАДА ІГНАТОЎСКАГА (19.04.1881-4.02.1931)

Халодны пісталет, як чорны лёд,

І час такі ж, як чорны пісталет.

Ты ведаеш: харошы ў нас народ,

Ён - працаўнік, змагар, і ён - паэт,

І любіць ён не менш, чым ты, зямлю,

Якую Бог нам даў, каб кожны мог

Па-беларуску ёй казаць люблю,

Але чамусьці не ў пашане Бог

І мова, і ты - вораг для людзей,

Што ведаюць, якой павінна быць

Твая Айчына, што табе мілей

За ўсё. І як тут беларусу жыць

У часе, што, як чорны пісталет,

Які з шуфляды дастаеш, як лёд,

Які не растае, нібыта след,

Што ў небе па-над Мінскам самалёт

Пакінуў і за небакраем знік…

І вецер па-над горадам, як крык,

На момант узляцеў і ў снег упаў,

І пісталет у цемры не растаў,

А цемрай стаў…

1.10.2008 г.

БАЛАДА ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА (9.06.1881--20.08.1919)

На Роса ў Вільні росы, нібы слёзы,

Бо ты ўсё ж не вярнуўся з Закапанэ,

Бо ты вярнуўся ў Беларусь, якую

І спёка паліць, і сякуць марозы,

Яна ж, нібыта маладая панна,

Трывае ўсё і ўсім усё даруе,

Як ты ўсім за пакуты дараваў.


І сёння сонца помнік твой цалуе

І плача беларуская трава.

А ты па Беларусі ходзіш нашай.

Як мы жывём - не кожны з нас раскажа,

Але ты бачыш сам, але ты чуеш

І ў нашых душах, як святло, начуеш,

Бо ты быў сэрцам Беларусі той,

Што, як каменне замкаў, пад травой,

Што стаць магла, - не стала залатой…

1.10.2007 г.

БАЛАДА УЛАДЗІСЛАВА ГАЛУБКА (15.05.1882-28.09.1937)

Вандроўны тэатр не па свеце вандруе,

А толькі з самотнай душы - да душы

І ў душах, нібыта ў палацах, начуе

І доўжыць свой шлях

праз вятры і дажджы,

І ты спазнаеш усё роднае, наша,

І ў творах сваіх ты жывеш і жывуць

Тутэйшыя людзі, якіх лёс, як сажа

І светлы, як зоры, як шлях у царкву…


Вандроўны тэатр, нібы вольная птаха,

Што ў клетцы не можа ні жыць,

ні спяваць.

І душы, як келіх атрутаю, страхам

Цябе не прымусіць ніхто напаўняць,

Бо ты беларус, у якога дарога

З самотнай душы да самотнай душы,

Якая, як ты, нібы свечка, прад Богам,

А Бог - у нябёсах, а Бог - на крыжы

І ў думках, дзе ты застаешся і будзеш

З Вандроўным тэатрам і ў свята,

і ў будзень

Зноў доўжыць свой шлях

праз вятры і дажджы,

Каб мы зразумелі: тутэйшыя людзі

І ў хаце любой і ў любым у двары

Гаспадары!

2.10.2007 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Адкуль узяліся беларусы-католікі?

У апошні час, у дыскусіях у сейме, прэсе і нават на мітынгах паўстае пытанне аб існаванні ў нас беларусаў-католікаў ці лаціннікаў. Часта чутны галасы, якія цалкам адмаўляюць факт прыняцця ў свой час русінамі лацінскага абраду. Гісторыя пра гэта маўчыць - часцей за ўсё яны гэтак кажуць, і таму ім прыходзіцца ўжываць дэдукцыю - калі гісторыя нічога не кажа аб лацінскім хрышчэнні беларусаў, дык сучасныя беларусы-католікі - гэта толькі русіфікаваныя палякі ці летувісы. Але за такімі падыходамі стаіць моцнае палітычнае жаданне перарабіць беларусаў-католікаў у палякаў. Нават існаванне праваслаўных беларусаў і сама назва Беларусь вельмі невыгодная для гэтай палітычнай плыні, і яна гатова падараваць дзесяць мільёнаў беларусаў імпералістычнай Расіі. Такім шляхам ідзе польская эндэцыя, бо жадае цалкам "вырашыць" "красовыя" праблемы.

Пачаткі хрысціянства на Беларусі адносяцца да X ст. калі ў Полацку бачым манастыр, пабудаваны для жонкі князя Уладзіміра Рагнеды (у законе - Анастасіі), і акрамя манастыра яшчэ і царкву. Беларусь, калі прыняла хрысціянства, знаходзілася на вялікім гандлёвым шляху з "вараг у грэкі". Відочна, што тут панаваў усходні абрад, што ў той час ніколькі не перашкаджала ўсёй хрысціянкай супольнасці знаходзіцца пад уладай рымскага папы. Нават пасля фатальнага ў гісторыі хрысціянства 1054 г, яшчэ працяглы час усходнія славяне заставаліся ў злучэнні з Рымам, прымалі заходнія святы, прымалі легатаў, вялі перапіску і г. д. Такім было царкоўнае жыццё на Беларусі ў часы, калі яна выйшла з палітычнага небыцця.

Аднак адказ на пытанне, пастаўленае ў загалоўку артыкула, будзем шукаць у пазнейшыя часы.

У кнізе кс. Курэчэўскага "Kosciol Zamkowy" (ІІ, с. 9-11.) цалкам надрукаваны выдадзены ў Вільні ў пятніцу пасля папяльцовай нядзелі 1387 г. "Універсал Ягайлы аб хрышчэнні русінаў і надання свабоды каталіцкаму касцёлу". У гэтым дакуменце заснавальнік дынастыі Ягелонаў кажа, што ён прагне яднання ў веры на землях як Літвы, гэтак і Русі […]. Пад пагрозай цялесных кар дакумент патрабаваў, каб у змешаным шлюбе некаталіцкі бок перайшоў у лона касцёла. Не трэба нават і тлумачыць, што пасля гэтага дакумента шматлікія русіны, каб атрымаць ласку Вялікага князя, прымалі каталіцтва. Гэтак выглядалі пачаткі беларусаў-католікаў лацінскага абраду.

Пададзены ў той жа кнізе кс. Курчэўскага (ІІ, С. 23.) "Універсал Вітаўта ў справе хрышчэння ліцвінаў" (праўдападобна, ад 1392 г.) трошкі мадыфікуе працэдуру навяртання русінаў, бо кажа: "… які русін будзе жадаць па сваёй волі хрысціцца, няхай хрысціцца, а які не жадае, хай застаецца ў сваёй веры". У параўнанні з дакументаў Ягайлы гэты ўніверсал з'явіўся пазней. Але фактам ёсць тое, што русіны пераходзілі ў лона каталіцкага касцёла і прымалі лацінскае хрышчэнне. Іх хрышчэнне ва ўсходнім абрадзе прызнавалася, але яго трэба было абнавіць, у гэтым можна ўбачыць дрэннае стаўленне лаціннікаў да ўсяго, што адносілася да ўсходняга абраду.

Але не толькі ў XIV і XV стст., але і ў XVI ст. справа хрышчэння русінаў у нашым краі была актуальнай. Гэтак, у 1501 г. папа Аляксандр VI асобай булай (гл. там жа, С. 33, 35.), накіраванай да віленскага біскупа, указвае спосаб хрышчэння русінаў. Ён прызнае ўсходняе хрышчэнне і цалкам забараняе другое хрышчэнне тых, хто вярнуўся да царкоўнай еднасці, і выказвае сваю вялікую радасць ад гэтага вяртання.

Шмат важнага матэрыялу для нашага артыкула знаходзім у зборніку "Polska i Litwa w dziejowym stosunku", выдадзеным у 1914 г. У зборніку прафесар др. Уладзіслаў Абрахам у артыкуле "Polska i chrest Litwy" кажа, што ўжо ў часы Гедыміна нямала католікаў у нас ужывала беларускую мову, і гэты князь летам 1323 г. прасіў нямецкіх францішканаў з саскай правінцыі закона, прыслаць чатырох святароў у Вільню і Наваградак для працы ў кляштарных касцёлах, святары павінны " ўмець і па-руску, гэтак жа, як і тыя, якія раней былі" (С. 19.)

Яшчэ больш пра беларусаў-католікаў даведваемся з артыкула кс. др. Яна Фіялка "Kosciol Rzymo-katolicki na Litwie". Пра Ягайлу гэты гісторык кажа (С. 42.): "… шмат схізматыкаў у сваёй вялікай літоўска-рускай дзяржаве ён прывёў да праўдзівага, якое і сам вызнаваў, хрысціянства, г. з. да рыма-каталіцкага абраду". Вядомы навуковец Ян Астрарог сярод заслуг караля Уладзіслава Ягайлы адзначае, што ён "у рускіх землях усе забабоны зняў" (С. 45.) Каля паловы тагачаснага ВКЛ была заселена беларусамі, якія размаўлялі на сваёй мове. Таму прапаведнікі Ягайлы навучалі ліцвінаў праўдам веры на іх мове … (С. 51-52.) Сам Ягайла, ахрышчаны разам з шматлікімі літоўска-рускімі баярамі і князямі, быў навучаны веры на мове беларускай (С. 55.) У той час беларусаў-лаціннікаў мы сустракаем у Кракаве, дзе яны жывуць у бурсе каралевы Ядвігі пры Ягелонскім універсітэце і вывучаюць тут тэалогію і іншыя навукі. Кс. Фіялак знайшоў у архівах іх прозвішчы, гэта, напрыклад Сенька Гарынскі, Міхал Місееў з Пінска, Пётр з Менска, Францішак з Полацка і іншыя (С. 159.) Нічога дзіўнага, што Заходняя Еўропа чытала пра беларусаў у гісторыка Энея Сільвія (Eneasz Sylwiusz) і ведала пра іх а потым, калі ён стаў папам Піем II (С. 193.) дык пісаў, што Ягайла "прывёў да нашай рымскай рэлігіі і веры розныя языкі і народы, а галоўнае народ літоўскі і русінскі, першы, наогул, цалкам, а з другога дастаткова значную частку, якая жыла сярод ліцвінаў ці ў блізкім з імі суседстве, далёка ад епіскапстваў і ўсходне-грэцкіх дыяцэзій …" (С. 49.)

Беларусы ў XVI ст. нават далі Віленскай дыяцэзіі свайго біскупа Валер'яна Пратасевіча , "Пратасевіч Шышкоўскі, родам русін, герба Дрэвіца, з Крайска Менскага" (С. 229. Заўвага). Тыя часы характарызуе той факт, што кароль Жыгімонт Аўгуст "яшчэ перапісваўся з віленскай капітулай па-руску" (С. 243.)

Вось кароткі адказ на пытанне, адкуль узяліся ў нас беларусы-католікі. І зараз беларусаў католікаў каля 3 мільёнаў.

Erka (Ул. Талочка).

Skаd siе wziеli Bialorusini-katolicy? // Preglad Wilenski. 1922, № 11-12. S. 6-7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

ЦІ БЫЎ РАСПРАЦОЎШЧЫКАМ СТАТУТА ВКЛ 1529 ГОДА ДВОЙЧЫ ДОКТАР НАВУК ФРАНЦЫСК СКАРЫНА?

(З серыі "Невядомыя юрысты Беларусі")

Леанід Драздоў

(Заканчэнне Пачатак у папяр. нумары.)

Такі падзел права ў значнай ступені садзейнічаў развіццю не толькі прававой тэорыі, але і кадыфікацыі.

Падобная класіфікацыя прыменена пры падрыхтоўцы Статута 1529 года.

Размежаванне земскага права з божым і царкоўным мела глыбокі тэарэтычны і практычны сэнс, бо не прызнавала дамаганняў каталіцкага духавенства на кіраўніцтва законатворчасцю і судовай практыкай.

На думку Скарыны, адной з найважнейшых мэтаў крымінальнага пакарання з'яўляецца, папярэджанне злачынства. "И вчинены суть права, или закон, для людей злых, абы боячися казни, усмирили смелость свою и моци не имели иным ушкодити, и абы добрыи миж злыми в покои жити могли".

Аналіз гэтых прававых ідэй, выказаных Ф. Скарынам, дазволіў Язэпу Юхо зрабіць выснову, што менавіта Скарына паклаў пачатак развіццю прававой навукі ў Беларусі, прычым не толькі яе тэарэтычных праблем, але і практыкі. Язэп Юхо прама называе Францыска Скарыну заснавальнікам беларускай навукі аб дзяржаве і праве.

На думку Язэпа Юхо можна лічыць досыць абгрунтаваным выснову, аб тым, што Францыск Скарына ўдзельнічаў у складанні Статута 1529 года.

Сама па сабе гіпотэза Язэпа Юхо даволі цікавая, але спрэчная і да цяперашняга часу дакументальна не даказаная.

Для гэтага няма нават параўнальных табліц, у якіх бы прававыя ідэі Скарыны былі б праілюстраваны на прыкладах з тэксту Статута 1529 года. Усё гэта, з аднаго боку, зніжае доказную базу Язэпа Юхо ў дачыненні да яго гіпотэзы, але з іншага боку, дае магчымасць сучасным даследчыкам папрацаваць у гэтым кірунку.

Першы крок у гэтым напрамку ў свой час зрабіў С.В. Кузьмін. Ён у прыватнасці пісаў: "Скарынінскія ідэі ў пэўнай ступені знайшлі адлюстраванне ў Статуце ВКЛ 1529 года, напрыклад, у арт. 3 раздела 3 адлюстравана ідэя патрыятызму, заснаванага не на рэлігійнай альбо этнічнай, а на геаграфічнай і палітычнай адзнацы. Менавіта гэты прынцып найбольш поўна сфармуляваў Скарына ў прадмове да кнігі "Юдзіф": "Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя, рыбы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя, пчелы и тым подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имеють".

У сваіх творах, працягваў аналіз С.В. Кузьмін, Скарына таксама абвяшчаў ідэю дабрапрыстойнасці і справядлівасці права. Ён адзначаў, што закон павінен быць годным для выканання, карысным для насельніцтва, і адпавядаць звычаям, часу і месцу, абвяргаў дамаганні рымска-каталіцкага духавенства на пашырэнне рымскага і візантыйскага права або чужых для насельніцітва ВКЛ норм польскага і нямецкага права. Менавіта гэтыя палажэнні аб прыярытэце мясцовага права, заснаванага на звычаёвым праве і судова-адміністрацыйнай практыцы, на адзінстве права для ўсіх людзей паспалітых адлюстравана ў Статуце ВКЛ 1529 года (разд. 1 арт. 9). Згодзен з гэтай высновай Язэпа Юхо даследчык С.В. Кузьмін распавядае пра погляды Скарыны на класіфікацыю права.

Версію Язэпа Юхо падтрымаў і іншы знакаміты беларускі навуковец Адам Мальдзіс. Прыкладна год таму ён выказаў вядомаму журналісту і доктару гістарычных навук Сяргею Абламейку сваю думку, што Скарына мог прымаць удзел у працы над Статутам 1529 года разам са сваім босам, віленскім біскупам Янам. Выказаў ён таксама меркаванне, што пасяджэнні статутовый камісіі, нібыта, адбываліся ў Астраўцы, дзе была адна з рэзідэнцый Гаштольда. Але дакументальных доказаў гэтага не было прад'яўлена.

Затое па-за ўсялякіх сумневаў, што асноўныя палажэнні Статута 1529 года абмяркоўваліся з вялікім князем Жыгімонтам Старым, таму што непасрэдна закраналі яго правы і абавязкі. Так што мы дакладна можам назваць яшчэ адну асобу, якая, безумоўна, чытала і ўзгадняла асобныя палажэнні Статута 1529 года яшчэ ў праекце. Гэта ніхто іншы, як вялікі князь Жыгімонт Стары, манарх сярэднявечнай беларускай дзяржавы.

У Статуце ён браў на сябе абавязак захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць краіны, не дапускаць iншаземцаў (палякаў, маскавітаў і інш) на дзяржаўныя пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясцовых феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Жыгімонт таксама даваў абяцанне, што не будзе прымусу дзяўчат да шлюбу без іх згоды.

Статут 1529 года быў зацверджаны вялікім князем Жыгімонтам Старым. З гэтай нагоды была нават напісана "Пахвала", у якой ён называўся "вялікім гасударом", паколькі перасягнуў усіх іншых вялікіх князёў і каралёў (бо "навучыў нас справядлівасць чыніці").

Значэнне Статута 1529 года

Статут ВКЛ 1529 за год мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы беларускага народа, дае магчымасці вывучыць лексіку і стыль, дзяржаўна-прававую тэрміналогію таго часу. Многія навукоўцы падкрэсліваюць яго ўнікальнасць і сцвярджаюць, што гэты помнік прававой думкі з'яўляецца выключна важнай крыніцай не толькі для беларускага, але і для ўсіх іншых народаў, якія пражывалі на тэрыторыі ВКЛ, у прыватнасці літоўскага і ўкраінскага.

Статут 1529 года з'явіўся прававой асновай для далейшага развіцця заканадаўства. Ён адыграў значную ролю ў кадыфікацыі і сістэматызацыі права. Гэтак жа, як і Статут ВКЛ 1566 года, ён паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі Статута ВКЛ 1588 года.

Беларускія гісторыкі і правазнаўцы сцвярджаюць, што прыняцце Статута 1529 года вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіцці права і прававой культуры. Для параўнання: Статут кароннага канцлера Яна Пяшчотна ў суседнім Польскім каралеўстве быў зацверджаны ў 1505 годзе і папяровы варыянт быў надрукаваны праз год. На тэрыторыі ВКЛ быў надрукаваны толькі трэці Статут 1588 года.

Гімн у Статуце ВКЛ 1529 года

У спісах Замойскіх і Пулаўскіх, а таксама ў Лаўрэнцьеўскім спісе Статута 1529 года быў змешчаны тэкст гімна "Багародзіца". Як лічаць некаторыя даследчыкі, гэты гімн быў дзяржаўным у ВКЛ і выконваўся падчас афіцыйных мерапрыемстваў.

ПІЛІГРЫМКА ДА НЯСВІЖСКІХ СВЯТЫНЯЎ

І зварухнецца Беларусь

Ад той хады на славу Богу.

С. Суднік.

У чарговы раз наведвальнікі Нясвіжскага раённага аддзялення з дзённым перабываннем для людзей сталага ўзросту здзейснілі аўтобусную вандроўку па Нясвіжчыне. І зноў экскурсійнае абслугоўванне ўзялі на сябе сябры ТБМ. Прахалоднае паветра перадзім'я не стала перашкодай, каб адправіцца па свежыя ўражанні і нечаканыя адкрыцці.

Першы прыпынак на маршруце - хата мастака Юзафа Мысліцкага, што ў Сейлавічах (фота).

Цяпер тут жыве яго сын Іван. Ён і паказаў даўнія бацькавы маляванкі, якія некалі ўпрыгожвалі хаты сейлаўцаў і жыхароў суседніх вёсак.

Другі прыпынак - касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На яго цвінтары збудавана невялікая каплічка. У ёй захоўваецца драўляная фігурка Есуса самотнага. Па даўняй сейлаўскай легендзе, яна цудадзейным чынам аб'явілася ў ваколіцах вёскі і стала праз стагоддзі заступніцай за яе жыхароў.

Верыў цвёрда люд наўкольны

цудадзейнай сіле,

Каб бяду ці грэх адолець,

моцы тут прасілі.

Да фігуркі з найпільнейшай

просьбай прыступалі,

Бо Хрыстос быў свой, тутэйшы,

ён паможа, зналі.

Гэтыя ды і іншыя радкі з краязнаўчага сказа "Пілігрымка дадому" ўраджэнца Сейлавіч Станіслава Судніка з асаблівай душэўнасцю прамаўляліся ля святых сцен касцёла і каплічкі. Хоць яшчэ за колькі дзён да вандроўкі для яе ўдзельнікаў тымі ж сябрамі ТБМ было праведзена літаратурнае знаёмства з творам і яго аўтарам.

Нечаканым было даведацца, што той жа Юзаф Мысліцкі размаляваў сцены сейлаўскага касцёла і намаляваў для яго абраз Найсвяцейшага Сэрца Есуса.

Трэці аб'ект вандроўкі - Дабравешчанская царква ў Кунасе. Гэты надзіва прыгожы, з ажурнымі лініямі драўляны храм мае даўнюю гісторыю. Пра яе напоўніцу даведаліся вандроўнікі.

Вярталіся ў Нясвіж з усведамленнем, што сваю блізкую зямлю яшчэ адкрываць ды адкрываць, спасцігаць ды вывучаць… як і родную мову.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

Фальклорна-абрадавая праграма "Піліпаўскія вечары" запрашаюць у госці ўсіх!

У апошні восеньскі дзень, 30 лістапада, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбылася фальклорна-абрадавая праграма "Піліпаўскія вечары". Пабыць у атмасферы Піліпаўскіх вечароў і даведацца, як калісьці дзяўчаты і хлопцы мясцовых вёсак праводзілі час, атрымалі магчымасць навучэнцы 7 "Б" класа СШ № 11 г. Ліды.

З першых хвілін вечара школьнікі акунуліся ў свет жыцця вясковай моладзі. Як мы даведаліся, дзяўчаты 15-17-гадовага ўзросту збіраліся ў адной з жыхарак вёскі. Кожная несла калаўрот ці нешта іншае для таго, каб правесці вечар весела і з карысцю. Сустракала гасцей гаспадыня, якая вельмі любіла спяваць. Пакуль сяброўкі працавалі, гаспадыня дома, дзе праходзіла сустрэча, рыхтавала вячэру. Абавязковым элементам Піліпаўскіх вячорак быў прыход хлопцаў. Групе хлопцаў запрашэнне не патрабавалася. Яны за вечар абыходзілі ўсе хаты, дзе былі вячоркі. Падчас працы хлопцы падсаджвалася да дзяўчат, жартавалі. Дзіўна, але, нягледзячы на пост, у доме ўладкоўваліся танцы. Музыкаў спецыяльна не наймалі. Пайграць для танцаў мог хтосьці з прысутных хлопцаў. У нядзелю і святы дазваляліся гульні ў фанты, колцы, явар, рэпу. Калі дзяўчына хлопцу падабалася, то ён імкнуўся правесці яе дадому, прапанаваўшы паднесці калаўрот.

Нашы бабулі ўмелі праводзіць час за працай. Менавіта таму праграма атрымалася насычанай: ўключала вясёлыя апавяданні пра жыццё ў вёсцы, востры гумар, гульні, гісторыі і нават танцы, што, вядома, не магло пакінуць абыякавымі ўдзельнікаў свята. Школьнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях і танцах.

Актуальныя абрады і сёння. Звычаі Піліпаўскіх вечароў, дзякуючы работнікам Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, сталі ўнікальнай асновай для сцэнічных пастановак, а таксама анімацыйных праграм, у чым мы асабіста пераканаліся. Гэта дае магчымасць маладым людзям паспрабаваць свае сілы ў характэрных для перыяду посту занятках, паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях, танцах, пакаштаваць посныя стравы беларускай кухні.

На жаль, вячоркі як форма правядзення часу перасталі існаваць, але, дзякуючы неабыякавым людзям, сёння яны адраджаюцца, і хоць толькі на фальклорных святах, але заўсёды праходзяць на ўра!

Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ №11 г.Ліды.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX