Папярэдняя старонка: 2021

№ 04 (1519) 


Дадана: 27-01-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1519), 27 студзеня 2021 г.

Рада ТБМ

У нядзелю 24 студзеня 2021 г. у Менску ў сядзібе ТБМ адбылося чарговае паседжанне рэспубліканскай Рады таварыства. Кворум быў забяспечаны прысутнымі, але, паддаючыся павевам часу, адпрацоўваўся і рэжым анлайн-удзелу. Атрымалася не адразу, але некалькі чалавек, пераважна з Гомельшчыны, усё-такі далучыліся. Тым не менш, над адпрацоўкай гэтага рэжыму яшчэ трэба папрацаваць.

На паседжанне быў вынесены наступны парадак дня:

1. Справаздача аб дзейнасці ў 2020 г. (перыяд пасля з'езда).

2. Прыняцце і зацвярджэнне плана дзейнасці ТБМ на 2021 г.

3. Разгляд і падтрымка тэкстаў для Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

4. Дзейнасць Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

5. Аб дзейнасці сайта ТБМ tbm-mova.by.

5. Функцыянаванне сядзібы ТБМ.

6. Рознае.

Паседжанне пачалося з хвіліны маўчання ў памяць сяброў ТБМ, якія пакінулі нас ужо ў гэты кароткі перыяд, які прайшоў пасля з'езда.

Справаздача старшыні была кароткай, бо часу пасля з'езда прайло мала, але тым не менш знайшліся людзі, якія аказалі годнымі ўзнагарод. Падзякі ТБМ былі ўручаны Валянціне Раманцэвіч і Алесю Рымшу.

План традыцыйна быў зацверджны без вялікіх спрэчак. Адзначыць трэба пункт аб удзеле ў Дні пісьменства, які пройдзе ў Капылі. Там у нас няма арганізацыі, але ёсць прыхільнікі і сябры. Удзел плануюць як дэлегацыя з Менска, так і арганізацыі з Нясвіжа, Ліды, Слоніма і наогул з Гарадзеншчыны

Тэксы для Агульнана-цыянальнай дыктоўкі вызначаны з твораў Івана Шамякіна (100 год з дня нараджэння), Міколы Ермаловіча (100 год з дня нараджэння), Ніла Гілевіча (90 гадоў з дня нараджэння) і тэкст Уладзіміра Арлова "Незалежнасць гэта..." да 30-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе.

Алег Трусаў і Уладзімір Колас далажылі сітуацыю з Універсітэтам імя Ніла Гілевіча. Па факту дзяржаўныя структуры банальна блакуюць з'яўленне ўніверсітэта, бо бачаць у ім канкурэнта.

Рада разгледзела сітуацыю з дзейнасцю (дакладней, бяздзейнасцю) сайта ТБМ tbm-mova.by. Рада прызначыла новага адміністратара сайта - намесніка старшыні ТБМ Зміцера Солтана з Наваградка. Кансультантам прызначана ІТ-спецыяліст Ганна Янкоўская, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ. Былі абмеркаваны і іншыя пытанні, якія тычацца прысутнасці ТБМ у віртуальнай прасторы.

Няпростая сітуацыя з сядзібай ТБМ. Драпежніцкая арэндная плата і ў лепшыя часы была праблемай, а падчас пандэміі, калі закрыліся розныя курсы, стала ўдушальнай для арганізацыі. Што праўда, акрамя закліку тэрмінова заплаціць складкі за 2021 год, іншых вартых прапаноў не паступіла.

На завяршэнне Рада ТБМ у чарговы раз выказалася за адзіную дзяржаўную беларускую мову.

Яраслаў Грынкевіч.

З ЖЫЛКАМ У НОВЫ ГОД

2020 год нясвіжскія талакоўцы пражылі па календары "Маляванкі" са шматгадовай аўтарскай серыі Валера Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына". Прысвячаўся ён 120-годдзю Уладзіміра Жылкі.

Юбілейны год мінуў, а вось каляндарная тэма паэта з нясвіжскіх Макашоў прадаўжаецца. Сямейная пара Вячаслаў і Нона Букі - актыўныя ўдзельнікі грамадскіх акцый па ўшанаванні памяці земляка - прапанавалі электронны варыянт свайго календара на 2021 год. Ён аздоблены фотаздымкамі макашоўскіх краявідаў і дапоўнены вершамі паэта з берагоў Ушы.

Пад штандар бел-чырвона-белы

Гартуйся раць, адважна, смела,

Адважных, храбрых ваяроў!

…Пад знак Літоўскае Пагоні

Абараняць краіны гоні,

Народ забраны вызваляць,

Ісці к святлу, святлом палаць -

Спяшайся той, хто к волі рвецца,

Ў кім беларуса сэрца б'ецца.

Усе ахвотныя могуць раздрукаваць чатырнаццаць старонак у патрэбным для сябе фармаце ды зноў жыць па календары "песняра красы", пераняўшы яго змагарны дух і веру ў тое, што "абуджаны народ быліц дазнае сказ". Папрасіць эл. версію календара можна па электроннай пошце buko.nonna@yandex.by

Асабліва прыдасца каляндар жыхарам вёскі Макашы, вучням ды настаўнікам мясцовай школы, работнікам устаноў культуры. Як падаецца, яны перш за іншых мусяць шанаваць свайго земляка ды па добрым прыкладзе аўтараў згаданых календароў рупіцца пра цікавыя формы папулярызацыі яго спадчыны.

Вольга Карчэўская. Нясвіж. На фота: 1. Старонка календара. 2. Вячаслаў Бука каля помніка У. Жылку ў Макашах.

План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2021 год

1. Асветніцкая і педагагічна-псіхалагічная праца:

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2021-2022 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства;

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў:

збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, з Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час ", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7. Правядзенне літаратурных сустрэч.

Дзейнасць клуба "Прамовыа".

8. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне сустрэчаў з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі).

Агульнанацыянальная дыктоўка.

9. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнэт-партала ТБМ.

10. Выданне календароў і паштовак да памятных дат, юбілеяў

11. Правядзенне курсаў для школьнікаў па гісторыі, беларускай, украінскай, польскай мовах

12 Правядзенне курсаў польскай мовы праз беларускую.

13. Прыняць удзел у Дні беларускага пісьменства.

14. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

15. Адзначыць 30-годдзе Ліцэя імя Якуба Коласа.

16. Адзначыць Дзень беларускай школы.

17. Урачыста адзначыць З0-годдзе незалежнасці Беларусі.

18. Рэкамендаваць кіраўнікам структур рэгулярна ладзіць

у ZOOM (ці іншай анлайн-сістэме) сустрэчы з прадстаўніком нацыянальнай культуры: гісторыкамі, пісьменнікамі і інш.

19 Правесці краязнаўчую вандроўку, прысвечаную юбілею пісьменніка Міхася Зарэцкага. Маршрут: Менск-Княжыцы-Магілёў-Шклоў-Зарэчча).

20. Адзначыць юбілеі і памятныя даты, згодна з календаром памятных дат ТБМ (Наша слова, № 2 , 2021 г.)

УСЛАЎЛЕННЕ ДУХОЎНАСЦІ І СВАБОДЫ

Да 60-годдзя С. Украінкі

Час бяжыць няўмольна… Вось і тыя, каго мы прывыклі лічыць маладымі, перасякаюць лінію саліднай сталасці. І Сяргей Украінка дасягнуў гэтай мяжы, але, дзякуючы клопату дзяржавы, яшчэ можа сябе з упэўненасцю называць чалавекам перадпенсійнага ўзросту. Для тых, хто ўжо крыху прызабыў яго, напомню: Сяргей Сяргеевіч Украінка нарадзіўся 25 студзеня 1961 года ў вёсцы Ніканавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай даўно абкалгасненай сям'і. З залатым медалём закончыў Ніканавіцкую сярэднюю школу і ў 1978 годзе паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Праз пяць гадоў вярнуўся ў родныя мясціны, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лудчыцкай сярэдняй школе, працаваў дырэктарам Дунайкоўскай сярэдняй школы, а ў 1989 годзе быў запрошаны на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А. Куляшова (зараз універсітэт), і з утварэннем кафедры журналістыкі быў пераведзены туды таксама на пасаду старшага выкладчыка, адкуль сышоў у 2009 годзе.

Літаратурную творчасць ён пачаў яшчэ вучнем сярэдняй школы, працягваў удасканальваць паэтычнае майстэрства ў літаратурным аб'яднанні "Узлёт", якім апекаваўся слынны прафесар і паэт Алег Лойка. Тады ж ён і акрэсліў сваё паэтычнае kredo, што сталася і далейшым стрыжнем яго паэзіі.

Дзе адшукаць замову

Ад абыякавасці да мовы?

Не да нямецкай,

Не да французскай -

Да сваёй,

Беларускай.

Стагоддзямі гнутай,

Чужынцамі моранай,

Пакутнай,

Магутнай,

Няскоранай…

Такі пасыл не бязадрасны. З высокай грамадзянскай пазіцыі паэт звяртаецца да суайчыннікаў, зноў жа з той максімальнай патрабавальнасцю мае права заявіць, "што любоў да Айчыны і ў знявечанай памяці жыць павінна". Абыякавасць ці не галоўны вораг любой нацыі, якая пад збегам абставінаў паступова выракаецца свайго. І напамінак для такіх мінакоў пра нацыянальных герояў выклікае ў іх не больш, чым прыкрасць. Можна ў гэтай сувязі згадаць творы "Балада 1648 года", "Паэт", "Вязень", "Магілёўская балада 1991-га" і інш., на падставе якіх С. Украінка спрабуе раскатурхаць санлівасць беларуса, які яшчэ з купалаўскіх сцверджанняў амаль праспаў сваю долю. Аптымісты могуць запярэчыць: вось, глядзіце, беларусы нарэшце ўскалыхнуліся, ідуць на пратэсты пад старажытнай беларускай сімволікай. Што ж, і гэта праўда, але толькі знешняя. Хто з тых пратэстантаў па-сапраўднаму заклапочаны нацыянальнай ідэяй, станам нацыянальнай культуры, мовы? Ды будзем спадзявацца, што прыйдзе і гэта, што сюды падключацца не дзясяткі , а тысячы людзей свабодных. І ў такім павароце да спрадвечна беларускага будзе спрыяць і паэтычнае слова Сяргея Украінкі.

Але і зводзіць усю шматколерную разнастайнасць паэзіі да адной, няхай сабе і архіважнай праблемы, таксама наўрад ці справядліва. У сапраўднай паэзіі заўсёды адчуваецца спектр ўзаемадачыненняў з рэчаіснасцю, дзе цесна пераплятаецца будзённае са святочным, здаровы прагматызм з акрылёнай рамантыкай. Галоўнае ў нашым свеце - пры любых абставінах заставацца чалавекам, які адчувае свае карані і ганарыцца гэтым. Асоба, як і прырода, гіне, калі страчваюцца спрадвечныя сувязі. Ці не пра вечнасць і трываласць гэты верш:

Віхляе жывая сцяжынка

ўздоўж акрайку сасняку.

Цнатліва гонкая асінка

глядзіць у вочы грыбніку.

Здаецца, кінулася б ценем

услед за ім, не адштурхні!

Ды толькі лёгкае трымценне -

трымаюць моцна карані.

Моцная сашчэпленасць з жыццём зусім не азначае скаванасць духу. Унутранае імкненне да свабоды насуперак марксісцкай філасофіі пра немагчымасць жыць у грамадстве і быць свабодным ад яго, заўсёды было характэрна для чалавека. Праўда, не ўсе карысталіся гэтай магчымасцю, задавольваючыся адносна ўяўнай воляй. Але і імкненне да свабоды можа праяўляцца ў розных мадыфікацыях: унутраная раскаванасць, адчуванне свабоды, незалежнасці душы ад дзяржаўнага гнёту і, галоўнае, пры спрадвечнай звычцы да цярпення, адчуць у сабе радасць ад здольнасці да вольнага палёту.

У паэзіі С. Украінкі грамадзянскі напал, сувязь з прыродаю, тэма кахання ўзаемна пераплецены і моцна знітаваны, і яно бачна нават у тым, калі лясная галінка раптам вымушае да прызнання ў каханні, імкнення да трывалага ўзаемаразумення, калі "ў абдымках з любоўю кожны з двух дзівакоў крочыць, крочыць гатовы да сканчэння вякоў". Характэрнай прыкметай вершаў з'яўляецца і дакладная знітаванасць слоў, іх эканомнасць без той празмернай апісальнасці, так характэрнай для традыцыйнай беларускай паэзіі. У яго кожны выраз мае шматзначны сэнс, а ўспрыняццю паэтычнага радка садзейнічае рытміка і разналікая рыфма пры больш-менш традыцыйнай форме верша.

Цікавая і проза С.Украінкі, якая вызначаецца моўным багаццем, дакладным псіхалагізмам. З апублікаваных апавяданяў "Пах ажыны", "Памочнічкі", "Яльцы", "Аўдзеевіч", варта выдзяліць апошняе пра лёс неардынарнага чалавека, прыклад таго, як бяздушна дзяржава заўсёды адносілася да сваіх грамадзян. Аўдзеевіч, у час вайны партызанскім камандаваннем засланы ў логава акупантаў, потым не змог даказаць свой патрыятычны ўдзел у змаганні, стаў вязнем савецкіх канцлагераў, а ўсё разам узятае і скалечыла яго псіхічна.

Рассыпаныя па розных перыядычных выданнях празаічныя мініяцюры, якія сам аўтар называе "смехаёчкамі", перадаюць увесь каларыт нашага жыцця. Вершы С. Украінкі пакуль што сабраны ў зборнікі "Маё Купела" (2001), "9 гранаў" (2015), на дзвюх мовах, у перакладзе на рускую паэтам Г. Петуховым "Белый аист, черное перо" (2015), выдадзеным у Смаленску, а таксама яго творы публікаваліся ў альманахах "Брама" і іншых часопісах і зборніках.

З пераадоленнем рысы саліднасці гадоў у Сяргея Сяргеевіча Украінкі застаецца мажлівасць рэалізацыі творчага патэнцыялу. Пажадаем яму завяршыць распачатыя творы і з натхненнем ажыццявіць новыя задумы.

Яраслаў Клімуць, Магілёў.

Тэксты, падтрыманыя Радай ТБМ для 14-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Глыбокая плынь

У партызанскім лагеры пачалося звычайнае жыццё. Людзі павыходзілі з зямлянак, рассыпаліся па лесе. Адны пачалі выліваць вёдрамі з зямлянак ваду, другія пайшлі шукаць сухіх дроў і завіхаліся каля кухні. Група маладых партызан на чале з Яўгенам Лубянам выйшла на край балота і навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Гэта была спецыяльная снайперская група, створаная па ініцыятыве Лубяна, выдатнага снайпера, які яшчэ да вайны на рэспубліканскім спаборніцтве стралкоў атрымаў другі прыз. Гэта яго кулі знімалі вартавых немцаў і паліцаяў з такой адлегласці, што ворагі не заўсёды маглі нават хутка вызначыць, адкуль стралялі. Гэта яго куля на поўным хаду машыны трапіла ў скронь нямецкага афіцэра Рэдара. За восем месяцаў партызанскай дзейнасці на яго асабістым рахунку было каля трыццаці немцаў і паліцаяў. Яму зайздросцілі ўсе маладыя партызаны. Ён вучыў іх снайперскай справе старанна, удумліва, а сам употайкі ўвесь час марыў аб снайперскай вінтоўцы з аптычным прыцэлам. Нідзе яму не даводзілася пабачыць у немцаў такую вінтоўку, а то быць бы ёй у яго руках...

Пасля смерці сям'і ў яго, дваццацігадовага юнака, пасівелі скроні, і ён зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Цяпер адзінай мэтай яго жыцця было помсціць ворагу, і ён помсціў бязлітасна, жорстка і жыў толькі гэтым, забыўшыся на ўсе іншыя пачуцці і думкі.

Шамякін, І. Глыбокая плынь : раман / Іван Шамякін. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1996. - С. 106-107.

Мова - сцяг народа

Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць. Нешта падобнае мы бачым і ў адносінах народа і яго мовы.

Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць, бо мова - гэта і ёсць сцяг народа. Вось чаму прыгнечанне народа пачынаецца са зневажання і ганення яго мовы. Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння сваёй роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце.

Доўгі час вера з'яўлялася адной з адметнейшых рыс народнасці. Але змяняліся часы, і значэнне веры як галоўнай прыкметы народнасці страцілася. Яе месца заняла родная мова, на якой гаварыла дзевяць дзясятых насельніцтва Беларусі, незалежна ад яго веравызнання. Гэта не засталося незаўважаным для нашых ворагаў, і яны адразу перанеслі свой галоўны ўдар на нашу мову. Цяжка знайсці зняважлівы эпітэт, які б яны не прыклалі да яе: грубая, простая, хамская і г.д. А ў апошні час пушчаны ў ход стары прыём: можаш сабе называцца беларусам, але роднай мовай называй другую. Але паўстае пытанне: "Які ж ты беларус, калі мова твая не беларуская, а іншая?" Мова - гэта не рэлігія. Апошнюю можна змяніць і застацца ў сваёй народнасці. Але калі ты страціў сваю родную мову, то гэтым страціў і сваю родную нацыянальнасць, хоць фармальна і будзеш належаць да яе. А гэта між іншым і патрабуецца. Гэта заахвочваецца рознымі спосабамі. Свабода адрачэння ад сваёй мовы - пакуль што адзіная свабода, якая прадстаўлена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна. Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасці іншых свабод, спяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай. Але народ зразумее, што яму патрэбна не адна ганебная свабода, а ўсе свабоды, што родная мова - гэта яго сцяг, ідучы пад якім, ён заўсёды здабудзе ўсе свабоды.

Мікола Ермаловіч, 1975 год.

Мова майго народа

Вякамі ёй ходу-жыцця не давалі,

Вякамі чынілі насмешкі ды кпіны,

Вякамі крыўлялі, глушылі, тапталі

Вялікую мову няшчаснай краіны.


Прарочылі лёс ёй - ажно да сканання

Хадзіць за хвастамі быдлячымі з пугай,

Быць моваю дворнічых, прачак ды нянек,

I то - не абчэшацца покуль прыслуга.


О, як пралічыліся злыдні-прарокі,

Што прагнулі бачыць мой край безыменным!

Хай сёння пачуюць дзяржаўныя крокі

Вячыстага слова пад сцягам праменным.


У згодзе з вялікім і мудрым законам

Аб роўнасці братняй і братняй павазе -

Гудзі, мая мова, сярэбраным звонам

I помні аб колішняй крыўдзе-абразе!


На ніве дзяржаўнай, на ніве грамадскай,

Пісьмова ці вусна - ты ліся так складна,

Каб нават і мёртвы - страшэннай грымасай

Скрывіўся чыноўнік пары самаўладнай!


У школе, тэатры і з кожнай трыбуны -

Хай чуюцца нашы пявучыя гукі.

Ад сэрца да сэрца - ці свята, ці будні -

Ідзі, мая мова, ідзі без прынукі!


I так па-дзяржаўнаму смела і горда

Трымайся заўсёды - і дома, і ў свеце,

Каб шчасце - гарачаю хваляй да горла,

Каб слёзы буялі, як росы дасвеццем!

Ніл Гілевіч. Па рукапісу, 1966 г.

Незалежнасць - гэта...

Незалежнасць - гэта калі ты з'явішся на свет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсць аднаразавыя шпрыцы і пялюшкі.

Незалежнасць - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўнагодак з Мадагаскара, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова "імавернасць", і ты па-французску растлумачыш яму.

Незалежнасць - гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю "вот от сюда и до обеда". У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе "бульбашом".

Незалежнасць - гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'еце кавы насупраць палаца Шонбрун.

Незалежнасць - гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што расстраляла твайго дзеда і задушыла голадам тваю бабулю.

Незалежнасць - гэта калі ніхто не страшыць цябе, што твой народ не зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо не мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галандцаў ці бельгійцаў, якія не маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.

Незалежнасць - гэта...

Незалежнасць - гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста не варта жыць.

Уладзімір Арлоў, люты, 1990 г.

Узнагароды за руплівасць на ніве беларушчыны

На чарговай Радзе ТБМ ганаровымі граматамі за пашырэнне і адраджэнне беларускай мовы ў грамадскім жыцці былі ўзнагароджаны Валянціна Карлаўна Раманцэвіч і Алесь Георгіевіч Рымша.

Мы пагутарылі з Алесем Рымшам, старшынём Наваполацкай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны.

- Спадар Алесь, раскажыце, калі ласка, як даўно Вы ўзначальваеце Наваполацкую філію ТБМ?

- Наваполацкая арганізацыя - адна са старэйшых у краіне. Заснавальнікам яе з'яўляецца вядомы палітык і мовазнавец Лявон Баршчэўскі. Я ўзначальваю арганізацыю з 1995 года. У нашай цэнтральнай суполцы - 24 чалавекі з Полацка і Наваполацка. У лепшыя часы колькасць сяброў даходзіла да 60-ці. Мы падтрымліваем усе ініцыятывы Таварыства, выпісваем газеты, пералічваем сродкі.

У 90-тыя гады да нас прыязджалі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, Васіль Сёмуха, пазней у нас выступалі Уладзімір Арлоў і Міхась Скобла.

- А цяпер некалькі словаў пра сябе.

- Я працаваў у спартовай галіне, быў дзіцячым трэнерам па плаванні, падтрымліваў дзіцячы хакей, масавыя віды спорту. А нарадзіўся я ў вельмі прыгожым месцы, у будынку панскага палаца ў Расонах у 1953 годзе. Там знаходзілася раённая бальніца, існавала радзільня. У Расонах я патрапіў у рускамоўны клас, мы размаўлялі на трасянцы, але я памятаю сваю настаўніцу. У маладыя гады я жыў у Маскве, потым вярнуўся на Беларусь.

Сваіх дваіх сыноў я аддаваў у апошні беларускамоўны клас ў 9-тай школе. Я ўзяў на сябе абавязкі і агітаваў бацькоў за беларускую мову навучання. Да сёмага класа дзеці вучыліся па-беларуску. Цяпер у мяне трое ўнукаў: Альгерд, Дамініка і Злата. Уладзімір Арлоў падпісаў ім сваю кнігу "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі".

Гутарыла Эла Дзвінская.

Галоўны помнік яго жыцця - вялікая шматтомная праца "Беларусы"...

Да 160-годдзя акадэміка Яўхіма Карскага

Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і сябар БГТ

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

12. У 2019 годзе атрыманы новы культурны артэфакт для школьнага музея. Здымак Івана Ануфрыевіча Карскага, дзядзькі Яўхіма Карскага, музей атрымаў ад праўнука Я. Карскага Сушанцова Я.М. Ён не супадае са здымкам на магіле Івана Карскага. Па сведчанні нашчадкаў Карскіх дзядзька Іван Карскі не насіў барады і меў іншыя рысы твару. З'явіліся пытанні і па месцы пахавання Івана Карскага. Тут патрэбны новыя даследаванні, звязаныя найперш з месцамі службы Івана Карскага, царкоўных прыходаў, асабліва ў Летуве, дзе служыў Іван Карскі, пошукі ў розных дзяржархівах, праца з лістамі.

Апанас Цыхун лічыў, што Іван Карскі зрабіў для Беларусі не на шмат менш за Яўхіма Карскага. Канешне, ён не меў такой акадэмічнай адукацыі, не напісаў такой фундаментальнай працы "Беларусы", але ён меў прыродны дасціпны розум, аналітычныя і практычныя здольнасці і вельмі шмат пісаў. Ён, як этнограф і даследчык, варты глыбейшага вывучэння, асабліва яго краязнаўчыя працы ў якасці карэспандэнта, дасыланыя найперш знакамітаму Паўлу Шэйну. Менавіта яго ўважлівыя назіранні і аналіз рэчаіснасці шматкроць сёння ўзгадваюцца як краязнаўцамі, так і вучонымі. Напрыклад: Іван Карскі адзначаў, што Лашанскі прыход быў вялікі - часам ад 5 да 7 тыс. чал. Але традыцыі трымаць абраз у покуці сяляне не мелі, ён таксама адзначае, што абраз бачыў толькі аднойчы ў селяніна, у якога здымаў пакой псаломшчык царквы… Сяляне Гарадзенскага павета хоць і былі далучаны да праваслаўнай царквы ў 1839 годзе, але да 1855 года ўсе царкоўныя абрады адбываліся на ўніяцкі лад. А як выдатна ён піша пра бытавыя ўмовы сялян, пра беларускую карчму, пра гэта можна даведацца таксама з кнігі Аляксандра Карскага ў біяграфіі пра свайго прадзеда Яўхіма Карскага.

Частка ІІ

Мемарыялізацыя і папулярызацыя Яўхіма Карскага

1. Матывацыя на ўсё жыццё! Аднойчы, праязджаючы на возе з сенам праз вёску Лаша, бацька Апанаса прыпыніў каня і кажа: "А ці ведаеш, сынку, што ў гэтай Лашы нарадзіўся хлопчык - Яўхімам якога клікалі. Калі вырас, дык стаў вялікім вучоным, напісаў шмат розных кніжак. Пра яго і бацюшка ў царкве казаў"…

…Пройдзе нейкі час і хлопчык Апанас будзе вучыцца ў Лашанскай школе, пазней стане настаўнікам, прыедзе працаваць у Лашанскую школу. Выпадкова, на курсах Гарадзенскага педінстытута ад выкладчыка беларускай мовы сп. Гурло ён даведаецца адрас дачкі Я. Карскага. Напіша ёй ліст, атрымае першае фота свайго земляка, будзе разам са сваімі калегамі вельмі ўсцешаны з гэтай нагоды і зробіць у школцы невялічкі куток, прысвечаны Я. Карскаму. Потым і ўнучка з Ленінграда дашле новыя фота і дакументы. Выпадкова, пра ініцыятыву захавання памяці пра свайго земляка-акадэміка Апанасам Цыхуном даведаецца і вядомы вучоны з Менска Фёдар Янкоўскі, які наведаўшы Лашу, натхніць да стварэння сапраўднага музея Яўхіму Карскаму будучага заслужанага настаўніка Беларусі Апанаса Цыхуна. Ён створыць адзіны ў СССР музей Я. Карскага, выдасць кнігу пра акадэміка з вёскі Лаша. Пазней былі іншыя ініцыятывы па мемарыялізацыі і папулярызацыі імя акадэміка. Апанас Цыхун меў цвёрды характар у дасягненні пастаўленых мэтаў, многія не вытрымлівалі, а ён неверагодным чынам знаходзіў рашэнні ў складаных сітуацыях, меўшы матывацыйны стрыжань, закладзены бацькам у дзяцінстве….Фактычна, амаль усе справы, за якія браўся, Апанас Цыхун давёў да канца.

2. Ініцыятывы А. Карпюка і А.Цыхуна па мемарыялізацыі імя Яўхіма Карскага. Ужо праз 11 гадоў пасля ІІ Сусветнай вайны гарадзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк разам са сваімі аднадумцамі ( адным з якіх быў Апанас Цыхун) напісаў ліст сакратару ЦК КПБ тав. Гарбунову, каб годна ўшанаваць памяць пра свайго земляка Яўхіма Карскага і назваць вуліцу ў Гародні яго імем, адкрыць музей і мемарыяльную шыльду на малой радзіме акадэміка ў Лашы, назваць яго імем абласную бібліятэку.

Фактычна ўсё за пэўны час было зроблена. Сёння ў в. Лаша захаваўся будынак, дзе быў адчынены ў 1964 г. першы музей Я. Карскага, на ім вісіць шыльда, прысвечаная Я. Карскаму. Насупраць школы і музея некалі стаяў дом, дзе жылі Карскія.

Названа вуліца ў Гародні, Гарадзенская абласная бібліятэка носіць яго імя, ёсць дакументы, дзе разглядалася пытанне надаць імя Я. Карскага і Гарадзенскаму ўніверсітэту (інстытуту). У сярэдзіне 90-х гадоў ХХ ст. па ініцыятыве Апанаса Цыхуна, група гарадзенцаў ездзіла ў Лашу высекчы хмызняк і прыбраць могілкі родных Я. Карскага. Потым, дзякуючы ініцыятыве Апанаса Цыхуна і дапамозе старшыні СПК імя Дзеньшчыкова Васіля Свірыда былі адноўлены месцы пахаванняў, зроблена новая агароджа, пакладзена мемарыяльная пліта ў памяць пра родных Яўхіма Карскага. Пасля ўсіх працаў адмыслова з Апанасам Цыхуном прыехалі зрабіць здымкі. На фотаздымку ніжэй фота Івана Карскага на крыжы (злева на здымку) адсутнічае, магчыма, здымак быў зняты перад рэканструкцыяй ці з'явіўся пасля.

3. Вёска Лаша. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах (Пісцовая кніга Гарадзенскай эканоміі ў 2 кнігах) пад 1539 г., яна была валасным сялом, дзе ў XVI ст. існавала царква Святога Мікалая і ўзгадваецца святар Лашанскай царквы Андрэй. Назва можа паходзіць ад старой назвы прытока Свіслачы Лахвы, ляхова, ляш'я рака, сёння рэчка Лашанка. Ёсць версія даследчыка Яшкіна "лаша" - пустое, голае месца. Вадзім Жучкевіч і Апанас Цыхун (збіральнік гідронімаў Гарадз.р-на) назву ракі Лашанкі звязваюць з назвай ласосевых рыб лох-лош, лошак. Вёска Лаша знаходзіцца ў 7 км. ад шашы Гародня - Ваўкавыск над рэчкай Лашанкай. У XVI - XVII ст. Лаша ўваходзіла ў склад каралеўскай эканоміі, пасля падзелу Рэчы Паспалітай адышла Расіі. У 1708 г. у Лашы адбыўся бой рускіх са шведамі. Па мясцовай легендзе ў Лашанскай царкве сляпы конь, што прывялі шведы, пачаў зноў бачыць, але цудадзейнасць абраза была страчана…

Не зайздросны быў лёс мясцовых жыхароў амаль ва ўсе часы. Хто толькі не праходзіў па гэтых землях… У 17 ст. лашане цярпелі ад Масковіі. У 19 ст. французскія войскі падчас вайны рабавалі мясцовых жыхароў. Але найбольш яны пацярпелі ў гады фашысцкай акупацыі, 29 жыхароў вёскі загінулі. Загінула ад рук фашыстаў і сакратар камсамолу Гарадзенскага раёна Вольга Салома. (Соламава) У цэнтры Лашы ёй стаіць вялікі помнік. Па Нёмане ходзіць параход , які названы імем В. Соламавай. За сувязь з партызанамі быў расстраляны фашыстамі разам з дочкамі і жонкай святар Лашанскай царквы Віталь Міхайлавіч Бароўскі. Загінулым афіцэрам і салдатам ІІ Святовай вайны, якія вызвалілі Лашу, пастаўлены таксама помнік на мясцовых могілках.

(Працяг у наступным нумары.)

Мае сваякі, растраляныя фашыстамі, пахаваны ў брацкай магіле

(27 студзеня - Дзень памяці ахвяр Халакосту)

У кожным горадзе, ёсць вуліцы, назвы якіх сучаснікам растлумачыць цяжка або ўвогуле немагчыма. Вось і ў Шклове ёсць вуліца, якая носіць назву "Іскра". Гэта невялікая вулачка знаходзіца на ўзбярэжжы ракі Днепр і абмежавана мясцовымі прадпрыемствамі ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" і ААТ "Шклоўскі льнозавод".

Напярэдадні Дня памяці ахвяр Халакосту шклоўскія краязнаўцы наведалі гэты куток горада. Выпадковым мінакам, якія сустракаліся на нашым шляху, прапаноўвалася адказаць на пытанне: "Чаму вуліца носіць назву "Іскра" і якія падзеі тут адбываліся ў мінулым?". У выніку, дасканалага адказу пачуць не ўдалося.

Між тым, гістарычна-краязнаўчыя даследванні паведамляюць, што на гэтым ускрайку Шклова ў 1925 годзе была створана адна з першых сельскагаспадарчых арцелей, якая ў адпаведнасці з подыхам таго часу атрымала назву "Іскра". Арцель аб'ядноўвала гандляроў і рамеснікаў у асноўным яўрэйскай нацыянальнасці. З 1926 года арцель пачалі папаўняць бядняцкія гаспадаркі.

Спачатку гаспадарка развівалася марудна. Аднак к 1929 году арцель дасягнула значных поспехаў і стала паказальнай гаспадаркай Шклоўшчыны. У яе ўваходзілі 28 асабістых гаспадарак, налічвалася 124 галавы буйной рагатай жывёлы. Арцель мела трактар і сельскагаспадарчыя машыны, у тым ліку малацілку-камбайн, касілку, бульбакапалку, жняярку. Арцель апрацоўвала 222 гектары ворнай зямлі і мела 41 гектар лугу.

Заработная плата прызначалася ў адпаведнасці са спецыяльнасцю і адказнасцю. Член арцелі атрымліваў усе неабходныя прадукты на сваю сям'ю па цвёрдай цане. Дзеці вучыліся за сродкі гаспадаркі. Працавалі дзіцячыя яслі, гурток павышэння пісьменнасці. Але неўзабавые пачалася вайна і менавіта на гэтай вуліцы адбыліся падзеі, якое сусветнае грамадства аб'ядноўвае трагічным словам "Халакост".

З успамінаў Розы Майсееўны Алдашавай: "Мае бацькі, Майсей Якаўлевіч Ратніцкі і Бася Навумаўна Угольнікава працавалі ў сельскагаспадарчай арцелі "Іскра" з моманту яе стварэння ў 1925 годзе. Арцель аб'ядноўвала ў асноўным мясцовых яўрэяў. Я добра памятую, што гаспадарка мела млын і вялізны амбар. На гаспадарчым двары вісеў металічны звон, які выкарыстоўваўся для апавяшчэння мясцовых жыхароў. Калі Шклоў быў акупаваны фашыстамі, маіх дзядулю і бабулю, як і шмат іншых мясцовых яўрэяў, прымусова сагналі ў амбар. Пасля шматлікіх пакутаў, гэтыя людзі былі расстраляны каля Дняпра на лузе, які мае мясцовую назву "Кругліца". Маёй матулі, разам са мной, неяк удалося ўцячы. Спачатку мы дабраліся да суседняй Оршы, а потым пад іншымі імёнамі схаваліся ў адной з вёсак. Мае сваякі, расстраляныя фашыстамі, пахаваны ў брацкай магіле на яўрэйскіх могілках Шклова".

З успамінаў Клары Захараўны Альтшулер: "Я з бацькамі да вайны жыла ў Шклове па вуліцы Ітэрнацыянальная. Мой бацька, Залман Навумавіч, працаваў ў Шклоўскім райпа, а матуля, Малка Захараўна, была швачкай. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт. Мы, па-ранейшаму, заставаліся ў Шклове. Падчас адной з аблаў, немцы схапілі матулю разам са мной. Прымусова шматлікіх яўрэяў сагналі ў былы клуб льнозавода. Праз суткі ўсіх яўрэяў павялі на расстрэл, а мясцовых жыхароў-беларусаў прынудзілі глядзець на гэтую карную акцыю. Падчас гэтага гвалту нехта з мяцовых жыхароў схаваў матулю і мяне ў натоўпе прысутных. Я бачыла, як знішчалі яўрэяў, як маленькіх дзетак жывымі кідалі ў роў. Усё адбывалася на лузе за льнозаводам. Нас з матуляй схавалі ў нейкай пуні, а потым мы хаваліся ў вёсцы. Гэта дапамагло нам перажыць вайну".

І гэта толькі дзве гісторыіі тых падзей, якія адбывалія на вуліцы "Іскра". Больш падрабязна пра гэтыя жудасныя падзеі можна даведацца з кнігі "Разделенные войной. Дети войны вспоминают: Быхов, Шклов". Книга 1. Составители: И. Шендерович, А. Литин. - Могилев, 2014 год. А таксама з відэапрэзентацыі "Чтобы это никогда не повторилось!" на сайце часопіса "Мишпоха". Куток Шклова пад назвай "Іскра" зведаў жудасную трагедыю. Сучасная вуліца забудавана домаўладаннямі ў пасляваенны час. З'явіліся і сучасныя прыгожыя дамы. Але захавалія і дзве больш даўнія пабудовы барачнага тыпу. Напэўна гэтыя дамы належалі ў даваенны час арцелі "Іскра" і нагадваюць сучаснікам аб мінулых тут падзеях. Гэта наша гісторыя.

Алесь Грудзіна, Шклоўская арганізацыя ТБМ.

Шчучыншчына

Леанід Лаўрэш

Вядома, што да адміністратыўнай рэформы 1565-1566 гг., тэрыторыя будучага Лідскага павета, якая потым стала гістарычнай Лідчынай, уваходзіла ў склад Віленскага і Трокскага ваяводстваў. Шчучын адносіўся да Васілішскай воласці Трокскага ваяводства, а пасля вышэйзгаданай адміністратыўнай рэформы стаў населеным пунктам Лідскага павета.

Ад пачатку сучасныя Шчучын і Ішчална з'яўляліся вялікакняскай маёмасцю. У 1505 г. гэтая маёмасць надаецца ва ўласнасць і дзедзічнае валоданне падскарбію ВКЛ Андрэю Якубавічу Давойну. Ужо ў 1515 г. Давойна застаўным правам аддае (у арэнду) Ішчалну і Шчучын Лімантам (сям'і італьянскага паходжання), а ў 1547 г. гэтыя ўладанні становяцца ўжо спадчыннай маёмасцю Лімантаў. У 1616 г. два браты Ян і Мікалай Ліманты дзеляць гэтыя ўладанні на дзве роўныя часткі. З акту падзелу вынікала, што старшы брат Ян атрымаў Ішчалну, а малодшы Мікалай - Шчучын. У выніку кожны з іх атрымаў па 220 валок рольнай зямлі.

Абодва мястэчкі развіваліся належным чынам, але Шчучын рос хутчэй за Ішчалну, і таму мястэчка Шчучын стала гандлёва-рамесным і школьным асяродкам, а мястэчка Ішчална і надалей захоўвала аграрны характар.

Невядома як доўга Шчучынам валодала сям'я Лімантаў, але пры канцы XVII ст. гэта маёмасць з'яўляецца ўласнасцю магнацкай сям'і Глябіцкіх-Юзафовічаў. Полацкі войскі Глябіцкі-Юзафовіч фундаваў у мястэчку піярскі калегіюм, калегіюм быў зацверджаны ў 1726 г. Яго дачка Тарэза прынесла Шчучын у пасаг свайму мужу, смаленскаму кашталяну Сцыпіёну дэ Кампа. Пры канцы існавання Рэчы Паспалітай мужчынская лінія шчучынскіх Сцыпіёнаў згасла, апошні з гэтага роду, Юзаф Сцыпіён дэ Капа быў жанаты з княжной Друцка-Любецкай (дачкой Францішка Друцкага-Любецкага, пінскага кашталяна і Ганавэфы з Алізараў) і пакінуў пасля сябе дачку Марыю (1799-1876).

Удава Юзафа Сцыпіёна прагнула ўтрымаць Шчучын у руках сям'і Друцкіх-Любецкіх. Таму як толькі Марыі мінула 18 гадоў, маці выдала яе замуж за свайго брата, роднага дзядзьку дзяўчыны, князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага (1778-1846). Адбылося гэта ў 1817 г., мужу было 39 гадоў, ён быў старэйшы за сваю жонку на 21 год.

Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі яшчэ ў 1784 г. паступіў на вучобу ў Пецярбургскі сухапутны кадэцкі корпус, а потым служыў у рускім войску. Удзельнічаў у італьянскім і швейцарскім паходах Суворава, падчас якіх атрымаў кантузію і ў 1800 г. выйшаў у адстаўку. У 1809 г. быў абраны на пасаду гарадзенскага павятовага маршалка шляхты. З'яўляўся прыхільнікам аўтаноміі Літвы і перад 1812 г., разам з Плятарам напісаў праект аўтаноміі пад пратэктаратам Расіі. Вайну 1812 г. сустрэў у Вільні і разам з царом Аляксандрам І выехаў у Пецярбург. Адразу пасля вайны быў прызначаны маршалкам шляхты Гарадзенскай губерні.

У шчучынскім палацы па дарозе на Венскі кангрэс спыняўся цар Аляксандр І. Асабістыя кантакты з князем Любецкім дазволілі цару ацаніць гэтага чалавека і даверыць яму шэраг розных пасад. У 1815 г. князь Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі стаў членам Грамадзянскага камітэта Польскага каралеўства. У 1813 г. быў прызначаны гарадзенскім, а потым віленскім губернатарам. У 1821-1830 гг. князь Любецкі займаў пасаду міністра фінансаў Польскага каралеўства, правёў рэформу і ўпарадкаваў скарбовыя справы. Яго рэформы таксама кранулі і сельскую гаспадарку краю - ён заклаў Крэдытнае таварыства землеўладальнікаў. Любецкі быў перакананым пацыфістам і праціўнікам узброенай барацьбы. Магчыма, таму пасля выбуху паўстання ў 1830 г. ён пакінуў пасаду ў польскім урадзе і выехаў у Пецярбург, дзе і жыў да канца свайго жыцця, быў членам Дзяржаўнага савета. Яго старэйшая сястра і адначасова цешча заўсёды мела ўплыў на паводзіны брата, які хоць і займаў шэраг высокіх пасад але, як казалі суседзі, прыслухоўваўся да яе меркаванняў.

У памяці нашчадкаў Францішак-Ксаверы Любецкі застаўся не толькі разумным, але і добрым чалавекам. Вядомы мемуарыст Станіслаў Мараўскі гэтак пісаў пра яго ў сваіх успамінах: "Міністр скарбу Польскага каралеўства і чынны член Дзяржаўнага савета Расіі, князь Ксаверы Любецкі, чалавек вядомы ў Еўропе сваім геніем, а ва ўсім свеце сваёй дабрынёй. Князь не раз ляжаў ад падагры (у Пецярбургу), аднак на мае просьбы паклапаціцца аб нашых земляках загадваў акруціць ногі шкурай барана і, каб дапамагчы бедакам, асабіста ехаў да міністраў".

Адзін з нашчадкаў міністра, князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі, у 1913 г. быў забіты пры загадкавых абставінах у сваім маёнтку Тарэсіне пад Варшавай - галоўнай сядзібе гэтай сям'і. У забойстве абвінавацілі яго швагра, барона Яна Біспінга, землеўладальніка з Ваўкавыскага павета. Перад Першай сусветнай вайной, на фоне працэсу Бейліса гэта быў сенсацыйны судовы працэс пра які пісала ўся тагачасная прэса.

З прэсы бачна, што Уладзіслаў Друцкі-Любецкі прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Лідчыны, балатаваўся ў выбарах выбарцаў у Дзяржаўную Думу, а ў студзені 1906 г. пад відам палявання у сваім маёнтку Шчучын сабраў вяршкі мясцовай арыстакратыі для абмеркавання палітычнай сітуацыі. Удзел у паляванні прымаў і будучы забойца князя - барон Ян Біспінг.

Трэба заўважыць, што ў той час у мястэчку Шчучын слынна працавала фабрыка фанеры Друцкіх-Любецкіх, але на пачатку XX ст. новая чыгунка Балагое - Сядлец абмінула мястэчка, хоць і прайшла недалёка ад яго. У мясцовых жыхароў нарадзілася ідэя пабудаваць добрую шашу ад Шчучына да новай чыгуначнай станцыі Ражанка і такім чынам злучыць сваё мястэчка з "цывілізаваным светам". Але толькі ў Першую сусветную вайну, падчас нямецкай акупацыі, была пабудавана вузкакалейная чыгунка ад чыгуначнай станцыі Ражанка, праз Шчучын да Плянтаў, якія знаходзіліся на шашы Ліда - Гародня. У Плянтах існавала вялікая лесапілка, на якой, дарэчы, у той час пілаваў лес палонны французскі афіцэр Шарль Дэ Голь - будучы прэзідэнт Францыі. Вузкакалейка была патрэбна акупантам, каб вывозіць лесаматэрыялы. Менавіта вялікая лесапілка прычынілася да таго, што падчас першай нямецкай акупацыі з'явілася новая адміністрацыйная адзінка - Плянцкі павет. Бо ў 1916 г. вялікі Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй, быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радунскі, Васілішскі і Плянцкі. З-за нязначнасці Плянтаў, у тагачаснай прэсе наваствораны павет часта называўся Шчучынскім ці нават Плянта-Шчучынскім, і менавіта тады ў першы раз у нашай гісторыі шырокая грамадскасць пачула пра Шчучыншчыну.

Гэта зямля дала Беларусі вялікіх людзей, першы з якіх, безумоўна Вацлаў Іваноўскі. Лічыцца, што менавіта ён "беларусізіраваў" сваю суседку, вялікую Алаізу Пашкевіч, а яна, у сваю чаргу, улетку 1901 г. на нейкіх вячорках шляхецкай моладзі (па іншай інфармацыі на маёўцы) навярнула на беларускі шлях Фелікса Стацкевіча, які нарадзіўся непасрэдна ў Шчучыне і потым з'яўляўся паплечнікам Антона і Івана Луцкевічаў - у Беларускай Рэвалюцыйнай грамадзе адказваў за друкарскую справу, а потым, "пад Польшчай" кіраваў Таварыствам беларускай школы. Гэтыя людзі ў самым прамым сэнсе гэтага слова "стварылі" Беларусь.

Цікава, што ў так званым Плянцкім павеце, перад сваім сыходам у 1918 г., нямецкі начальнік павета гаўптман Ліндаман хацеў перадаць уладу роднаму брату Вацлава Іваноўскага, прадстаўніку ўрада незалежнай Летувы Тадэвушу Іваноўскаму, вядомаму актывісту летувіскага нацыянальнага руху. Дарэчы, Тадэвуш Іваноўскі вёў тады палітычную працу ў сваім павеце разам беларускім рухам, прадстаўніком урада БНР у Плянта-Шчучынскім павеце ў той час з'яўляўся палкоўнік Кастусь Езавітаў.


Шчучынскі павет у межах польскай дзяржавы ствараўся па этапах. На пачатку тут пачала працаваць так звана "экспазітура", якая падпарадкоўвалася лідскаму старасце і выконвала галоўныя функцыі павятовай улады. У красавіку 1929 г. міністр унутраных спраў зацвердзіў унёсак Наваградскага ваяводы аб стварэнні Шчучынскага павета, і такім чынам пасля некалькіх стагоддзяў знаходжання гэтай тэрыторыі ў Лідскім павеце з шэрагу гмін быў створаны новы Шчучынскі павет. Трэба дадаць, што ў якасці цэнтра будучага павета абмяркоўваліся таксама і Васілішкі, але гэтае мястэчка, хоць і мела цікавую і значную гісторыю, але ляжала ўдалечыні ад галоўных транспартных магістраляў.

Да стварэння сапраўднага Шчучынскага павета ў межах польскай дзяржавы, праз сваю прагу да ўлады, прычыніўся стараста Лідскага павета Станіслаў Здановіч, які з'яўляўся даўнім актывістам польскага руху і стаў першым лідскім старастам яшчэ ў 1919 г. Лідскі абшарнік і тагачасны грамадскі дзеяч, інжынер Андрэй Раствароўскі пісаў у сваіх успамінах: "Стараста Здановіч, які вывучаў юрыспрудэнцыю ў Пецярбургу, меў свае амбітныя планы. Лідскі павет і так ужо меў 20 вялікіх гмін, але стараста штораз адрываў гміны ад суседскіх паветаў. Меў надзею, што калі колькасць гмін дойдзе да 30, дык яны будуць падзелены на 3 паветы і такім чынам створыцца Лідскае ваяводства, якое ўзначаліць, зразумела, сам Здановіч. Аднак, калі павет атрымаў 27 гмін, быў створаны Шчучынскі павет, у які патрапілі ўсе гміны на захад ад ракі Дзітва. Старастам гэтага новага павета стаў Юзаф Сялява". Хутка і самога Станіслава Здановіча, "з'елі" лідскія асаднікі, і пасаду лідскага старасты заняў выхадзец з этнічных польскіх зямель, малады чыноўнік Генрык Багаткоўскі.


Пры канцы 1930-х гг. Шчучын меў каля 4 000 жыхароў. Апошнім уладальнікам маёнтка Шчучын з'яўляўся сын Уладзіслава Любецкага, князь Юзаф Друцкі-Любецкі, маёнтак якога налічваў каля 8 500 гектараў. Пасля Другой сусветнай вайны князь эміграваў у Амерыку, а яго прыгожы шчучынскі парк быў высечаны і стаў часткай савецкага ваеннага гарадка. У шчучынскім палацы адчыніўся афіцэрскі клуб. У наш час палац Друцкіх-Любецкіх рэстаўраваны.

Як вядома, галоўным крытэрыем для Савецкай улады пры стварэнні раёнаў быў кантроль за тэрыторыяй і таму Шчучыншчына працягнула сваё далейшае існаванне ў выглядзе Шчучынскага раёна, аддаўшы пры гэтым частку сваіх усходніх сельсаветаў Лідскаму раёну. Пры гэтым, мяжа паміж Лідскім і Шчучынскім раёнамі прайшла паміж Малым Мажэйкавым і найстаражытнейшай царквой Лідчыны, якая заўсёды звалася Маламажэйкаўскай. Таму, насуперак гісторыі, старажытная царква атрымала новую назву і пачала называцца Мураванскаўскай. Новая назва царквы была ўзятая ад назвы вёскі, якая сама з'явілася тут толькі пры канцы XIX ст. і атрымала сваю назвы ад народнай назвы царквы - Мураванкі. Вось што бывае, калі межы праводзяць чужыя і абыякавыя да нашай гісторыі людзі. Тым не менш ёсць надзея, што гістарычна вывераная дзяржаўная сістэма з вялікімі паветамі, калі-небудзь вернецца і ў межах Рэспублікі Беларусь зноў адродзіцца гістарычная Лідчына.

Па Каліфорніі: беларус пра "Залаты штат" 130 гадоў таму

Мікалаю Руселю (Судзілоўскаму), "урачу (што, верагодна, можна лічыць аналагам нашага тэрапеўта або ўрача агульнай практыкі) і хірургу хваробы вачэй, вуха і горла", які вядомы сваёй актыўнай роллю ў жыцці сан-францыскай грамады выхадцаў з Расійскай імперыі, патрабаваўся адпачынак. Вядома, што, акрамя мясцін, якія былі на ўсход ад Сан-Францыска і якія ён бачыў, калі прыехаў з Нью-Ёрка ў 1887 г., ён назіраў паўднёвую Каліфорнію з акна цягніка і падарожнічаў па заходнім беразе заліва ў экіпажы. На гэты раз, у канцы траўня 1891 г., ён выехаў з Сан-Францыска на поўнач і паўночны ўсход. З ім быў сябар, ураджэнец Валагодскай губерні Карл Сіверс. Ён апісвае прычыны, характар і формы распаўсюджання вакацыйнага турызму, знаёміць патэнцыяльнага рускага чытача з ландшафтамі, флорай і фаўнай, з транспартам, архітэктурай, заняткамі, звычкамі жыхароў гарадоў, мястэчак і ферм. Падарожнікі пабывалі ў Сакрамента, а ў графстве Эль-Дарада іх чакала дэтальнае знаёмства з сельскай Каліфорніяй. Русель падрабязна апісаў месцы, дзе яшчэ многае нагадвала пра залатую ліхаманку, уключаючы назву і старажылаў цэнтра графства - Плэйсервіля. Ён паглыбіўся ў тэхніку і наступствы для прыроды здабычы золата. Расказаў і пра метыса Джэка, участак якога з залатой "мінай" перайшоў да суседа, які дапамагаў яму купляць гарэлку. Першапачатковы (закрэслены і зменены на "Па Каліфорніі") загаловак - "Два месяцы ў Сьера-Невадзе" - указвае на прыкладны час, які Русель і Сіверс правялі сярод фермераў, а потым і звяроў проста ў лесе. Апісанне, якое Русель рабіў на сваёй бланкавай паперы, абрываецца пасля таго, як яны выехалі на мяжу з Нявадай - пабачыць славутае возера Таха. Апошні цяжкі год у Сан-Францыска, а потым багатае на падзеі і новыя ўражанні жыццё на Гаваях і ў іншых новых месцах перашкодзіла яму скончыць каліфарнійскі травялог і пераслаць яго ў якое-небудзь рускае выданне.

У наш час назіранні і меркаванні, прадстаўленыя ў гэтым творы, могуць быць цікавымі і карысна ўплываць на светапогляд беларусаў, дзякуючы актыўна-крытычнаму падыходу і энцыклапедызму ведаў, відавочнаму літаратурнаму таленту аўтара. У 2021 г. спаўняецца 130 гадоў з часу падарожжа доктара Руселя. Яго месца сярод славутасцей і маральных аўтарытэтаў свету бясспрэчнае, але яго тэксты мала вядомыя ў Беларусі. Значэнне яго рэпартажу становіцца большым у святле факту, што ён часта параўноўвае тое ці іншае з "нашым": у "Па Каліфорніі", такім чынам, мы знаходзім некалькі месцаў з беларускімі рэаліямі і шмат беларусістыкі, схаванай у фазах і выразах агульнага характару.

Мы пераклалі тэкст рэпартажу, уключаючы 11-ты, няскончаны раздзел, на беларускую мову з рускамоўнага рукапісу, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве, і спадзяёмся апублікаваць усе раздзелы ў юбілейны год.

Алесь Сімакоў. Мікалай Русель

Па Каліфорніі - V (фрагмент)

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

Дарога ад Сан-Францыска да Сакрамента складае частку вялікай Ціхаакіянскай дарогі, і таму цягнікі рухаюцца па ёй са значнай хуткасцю. Затое пабочная лінія, якой нам давялося ехаць далей да Placervill'я, нікуды не вартая. Не кажучы ўжо пра тое, што па гэтай лініі адпраўляецца толькі адзін цягнік у дзень, якога даводзіцца чакаць у Сакрамента цэлых 3 гадзіны, сама лінія настолькі дрэнная, што вагоны на ёй трасуцца і хістаюцца, як на бруку. Ехаць са звычайнай хуткасцю па такой дарозе немагчыма, і таму цягнік робіць толькі 10 міль, г. зн. 15 вёрстаў у гадзіну. Невялікая адлегласць у 55 міль (каля 80 вёрстаў) да Placervill'я ён праходзіць ажно за 5 гадзін з лішкам. Вагоны брудныя, нязручныя, цёмныя, відавочна, пераробленыя са старых, прызначаных для перавозкі быдла. Гэтая бакавая лінія пакідае ранейшы паўночна-ўсходні напрамак і паварочвае прама на захад перпендыкулярна ў кірунку Сьера-Нявадскага ланцуга. Маруднасць руху дала нам магчымасць лепш разгледзець навакольную мясцовасць. Ланцуг Сьера-Невады мае тую асаблівасць, што, нягледзячы на значную вышыню, не робіць адпаведнага ўражання, калі да яго набліжаешся. Залежыць гэта ад паступовага ўзняцця паверхні. Як мы ні глядзелі з самага Сан-Францыска, ніякіх не толькі снежных, але і проста колькі-небудзь значных вяршынь не бачылі. Не бачылі і асабліва маляўнічых ландшафтаў. Пад'язджаючы да Placervill'я, размешчанага каля самога падножжа, я не без здзіўлення пытаўся, дзе ж, нарэшце, гэта праславутая Sierra Nevada, з гучнай назвай якой (снежныя зубцы) з гімназічнай лаўкі звязвалася столькі паэтычнага і маляўнічага. Усё, што мы бачылі на прасторы гэтых 55 міль, была ўзгорыстая мясцовасць, даволі дзікая і маланаселеная. На ўсім шляху толькі адно паселішча Folsom City на 1200 чалавек жыхароў. Дзе-нідзе самотная ферма або група кітайскіх хлявоў, затое вельмі часта трапляюцца пашматаныя і раскурочаныя ўзгоркі чырвонай гліны, якія наводзяць маркоту і сведчаць пра залатую гарачку, што калісьці кіпела тут, сям-там яшчэ капаецца некалькі кітайцаў у сваіх сініх блюзах, лічачы за лепшае зарабляць той жа долар у дзень без сваіх кампаній. Амерыканскі золаташукальнік знаходзіць нявыгадным працаваць у месцах, якія прыносяць менш за 3 долары. Калісьці ўся гэтая мясцовасць была пакрытая раскошнымі лясамі, але ад іх цяпер і пнёў не засталося. Расліннасць убогая: пустазелле ды дзікі хмызняк. Увогуле, мясцовасць стварае ўражанне нядаўняга поля бітвы, дзе артылерыйскі налёт, што пранёсся, паставіў усё дагары нагамі.

На станцыю Placerville мы прыбылі ўжо прыцемкамі. Адлегласць у паўвярсты да горада праехалі на рамізніку, які высадзіў нас у гатэлі пані Кінэ. Гэты гатэль быў мне рэкамендаваны адным рускім суайчыннікам, які нядаўна адправіўся ў гэтыя мясціны, пакінуўшы ў Сан-Францыска сваю маладую жонку, якая не ведала, як і ён сам, ні слова па-англійску. Жонка хутка мусіла паехаць следам за ім і ў лісце да яе ён даў ёй падрабязную інструкцыю, як ехаць. У інструкцыі гэтай між іншым гаварылася:

"Калі прыедзеш на станцыю Placerville, далей якой цягнік не ідзе, скажы рамізніку:

- Да пані Кінэ!

Ён прывязе цябе ў гасцініцу, гаспадыня пасадзіць цябе за стол і спытае:

- Чаго жадаеце, барановых катлетак ці кілбасак?

А ты скажы:

- Кілбасак, Madame Кінэ, кілбасак".

Чытаючы гэты ліст, мы міжвольна запомнілі інструкцыю і прытрымліваючыся яе дакладна апынуліся ў пані Кінэ, бабулькі нямецкага паходжання, якая пасялілася ў гэтым мястэчку пры самым яго заснаванні, перажыла ўсю яго векапомную гісторыю і засталася яму вернай, нягледзячы на ўсе зменлівасці свайго і яго лёсу.

Гатэль пані Кінэ даволі ўбогі. Змяшчаецца ён у драўлянай старэнькай крывой хатцы на курыных ножках, з якіх у тыя часы складалася, верагодна, усё мястэчка "Шыбеніца" (Hangtown) ранейшае імя гэтага паселішча, пераробленае пазней у больш прыстойнае: Placerville (Горад залатых россыпаў). Дамок двухпавярховы. Увесь першы паверх, размешчаны прама на зямлі, заняты адным вялікім пакоем з нізкай столлю і вельмі нагадвае нашы скляпкі, дзе рабочы народ забаўляецца "распівачна і на вынас". Налева піцейны прылавак, за ім паліцы, пакрытыя графінамі і бутэлькамі, а паміж прылаўкам і імі змяшчаецца сама маленькая і пухленькая, лагодная і гаваркая пані Кінэ. Далей за прылаўкам з таго ж боку бачны крыты ход на другі паверх, а справа адзін за другім уздоўж пакоя стаяць два вялікія доўгія сталы, пакрытыя ўбогімі ж і старэнькімі, як сама гаспадыня, але чысценькімі сервізамі. Нягледзячы на беднасць і прастату, уся ўстанова мае ахайны выгляд.

Бабулька прыняла нас вельмі гасцінна, зусім не па-амерыканску і, даўшы магчымасць прывесці наш туалет у некаторы парадак, адразу ж пасадзіла за адзін з вялікіх сталоў і пачаставала сваімі кілбаскамі і ўсім, што Бог паслаў. За ўвесь час вячэры яна не пераставала займаць нас сваімі цікавымі расказамі пра залатыя часы, уваскрашаючы ў памяці паўзабытыя Брэт-Гартаўскія сцэны. Усё ж гэта адбывалася або тут у гэтым самым "доме", на вачах у гэтай самай кабеты, тады яшчэ маладой і прыгожай; або ў блізкім суседстве. Хто ведае, ці не з яе пісаны некаторыя гераіні? Ва ўсякім разе не можа быць, каб пры яе прыгажосці, якая яшчэ захавалася, нягледзячы на ўзрост, яна не была тады ўдзельніцай многіх кур'ёзаў і можа быць міжвольнай віноўніцай не аднаго злачынства. Сціпласць утрымлівала нас ад роспытаў у гэтым кірунку.

Пасля заспакаення голаду, нас павялі па лесвіцы, прыступкі якой жаласна пішчалі пад нагамі, на верхні паверх, што складаўся з вузенькага калідорчыка, на які выходзіла некалькі дзвярэй, раздзеленых перагародкамі малюсенькіх спальняў. Сцены адведзенай нам каморкі былі абіты, відаць, вельмі даўно, белым палатном, верагодна, з мэтай накіраваць ваду, што працякала праз дах, куды-небудзь апрача галоў гасцей, што заснулі. Палатно гэта цяпер пажаўцела, вісела пухірамі і размалявалася лужынамі і ручаямі вады, што працякала па ім. Падлога аказалася ўладкаваная на прынцыпе ці то барабана, ці то мікрафона, бо самы асцярожны крок, самы нязначны рух выклікае штосьці падобнае да лагернай трывогі. Можна было падумаць, што пабудова пастаўлена спецыяльна для медыцынскіх паказаў. Яшчэ больш цікавыя былі пасцелі. Яны не толькі жаласна крахталі і вішчалі пры кожным павароце, але, што горш за ўсё, матрацы, што іх пакрывалі, нагадвалі Сьеру-Неваду ў мініяцюры з яе вяршынямі, ярамі і далінамі. Нельга не спыніцца на гэтых падрабязнасцях, бо гатэль пані Кінэ ёсць свайго роду гістарычны помнік, рэліквія старых часоў. Авантурысты-піянеры, што разбагацелі і патранавалі яго ў час залатой гарачкі, былі занадта непатрабавальныя ў адносінах камфорту; а потым, калі міны вычарпалі, справы мястэчка пайшлі адразу настолькі кепска, што рамантавацца стала і не з чаго і не для каго.

"Чарадзейныя шкатулкі" адшукалі ў Міжнародны дзень сэлфі ў музеі вучні 11 школы горада Ліды

Традыцыйна кожную трэцюю сераду студзеня праводзіцца міжнародная акцыя "Сэлфі ў музеі". Навучэнцы 8 "Б" класа СШ № 11 г. Ліды ў гэты дзень наведалі Лідскі гістарычна-мастацкі музей, дзе падчас квэст гульні "Чарадзейная шкатулка" наведалі шэсць выставачных залаў. На кожнай станцыі вучні атрымлівалі цікавую і займальную інфармацыю аб тым, як святкавалі навагоднія святы ў розныя гістарычныя перыяды на Лідчыне.

Вандроўка па выставачных залах пачалася з экспазіцыі "Кватэра пачатку ХХ стагоддзя", дзе ўсе ўбачылі надзывай багатую калекцыю посуду і даведаліся, як святкавалі святы ў тыя часы, чым упрыгожвалі кватэру і якія ўпрыгожванні гаспадыня захоўвала ў сваёй шкатулцы. Далей у "Белай зале", дзе размешчана выстава карцін лідскіх мастакоў "Зімовы настрой", вучні прадэманстравалі свае ўменні ў якасці экскурсаводаў, даўшы апісанні карцін, якія ім прыйшліся да спадобы. А затым разгледзелі і ацанілі выставу шкатулак разных памераў і тэхнік вырабу. У зале "Сучаснае мастацтва Лідскага краю" чакала сустрэча са шклянымі вырабамі прадпрыемства "Нёман", скульптурамі і іншымі прадметамі сучаснага мастацтва. У шкатулцы гэтай залы вучні знайшлі прыгожую ружу, выкаваную з металу. Зал "Прырода Лідчыны" уразіў незвычайнымі сакрэтамі са свету жывёл і птушак. Здаецца, простыя на першы пагляд, кожная птушка і звер маюць цікавыя паданні і звычаі. У зале "Нам 41-шы не забыць, нам 45-ты славіць" вучні сустрэлі Дзеда Мароза часоў Вялікай Айчынай вайны і пазнаёміліся з побытам партызан, нават змаглі пераўвасобіцца ў іх вобразы. У шкатулцы вучні знайшлі клішэ і выданні газеты "Уперад" тых часоў, прачыталі яе артыкулы. У зямлянцы вучні паласаваліся чаем з кавалачкамі цукру з сухарыкамі. Менавіта такія пачастункі былі ў дзяцей той пары. Апошняя зала "Кватэра 90-х" сустрэла інтэр'ерам і прадметамі, якімі карысталіся ў жыцці бацькі і бабулі з дзядулямі экскурсантаў. А частавалі яны дзяцей у той час цукеркамі "Снікерс" альбо "Марс". Чым пашчасціла пачаставацца і васьмікласнікам.

Падчас вандроўкі па выставачных залах вучні рабілі сэлфі на фоне ўпадабаных экспанатаў. Фотаздымкаў атрымалася шмат. І кожны паспяшаўся хутчэй размясціць іх у сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках, каб падзяліцца ўражаннямі з сябрамі і знаёмымі ў Міжнародны дзень сэлфі ў музеі. А чарадзейныя шкатулкі засталіся чакаць новых наведвальнікаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Ім ёсць яшчэ чым здзівіць гасцей!

Наталля Анашкевіч , класны кіраўнік 8 "Б" класа СШ № 11 г.Ліды.

Абрад "Тры Каралі" правялі ў аграгарадку Ваверка Лідскага раёна

6 студзеня гэтага года ў вёсцы Ваверка Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці адбыўся ўжо традыцыйны для дадзенай мясцовасці абрад "Тры Каралі". Менавіта ў гэты дзень мясцовыя жыхары Ваверскай зямлі ладзяць аднайменны старадаўні абрад калядавання "Тры каралі", які бытаваў тут больш за паўвека таму. Арганізаваць святочную містэрыю дапамаглі працаўнікі філіяла "Ваверскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"Вадэйка Рыта Леанідаўна і Табала Ганна Леанідаўна. Незвычайны калядны абрад, які быў забыты больш чым на паўстагоддзе, адноўлены. Адбыўся рытуал пасля святочнай службы ў ваверскім касцёле.

Тры Каралі - гэта вешчуны, якія, згодна з хрысціянскімі традыцыямі, наведалі Езуса пасля ягонага нараджэння, каб прынесці яму дары ў выглядзе золата, ладану і міру. Імёны вешчуноў, якія прыйшлі з падарункамі да немаўляці - Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Цяпер яны з'яўляюцца традыцыйнымі персанажамі падчас рытуала. Духоўнае значэнне абрада "Тры каралі" ў тым, што чалавек, так як мудрацы, павінен шукаць Бога, і можа яго знайсці, калі вельмі гэтага хоча. Дом, у які заходзяць мудрацы, будзе дабраслаўлёны Богам! Менавіта ў абрадзе "Тры каралі" хаваецца адна важная рыса нашага народа - імкненне ўсіх адарыць увагай, добрымі пажаданнямі, павіншаваць са святам, праспяваць рэлігійныя песні і прынесці кавалачак радасці ў кожны дом, незалежна ад таго, заможныя гаспадары ў ім жывуць ці бедныя.

У аснову абраду пакладзена шчырасць, добразычлівасць, пяшчота і ўзаемапавага. Гэты абрад - не проста прыгожы тэатралізаваны перформанс, але вяртанне да вытокаў, бо рытуал цалкам адноўлены па запісах і ўспамінах старажылаў Ваверскай зямлі.

ЛЦКНТ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX