Папярэдняя старонка: 2021

№ 05 (1520) 


Дадана: 03-02-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1520), 3 лютага 2021 г.

Алена Анісім: "Для беларускай мовы наступае чарговы выклік"

Магчымыя змены ў экзаменах чакаюць школы Беларусі. Толькі вось ёсць небяспека, што нацыянальны экзамен для выпускнікоў школ можа стаць не нацыянальным, паводле вызначэння, а імперскім. Пра гэтыя ды іншыя выклікі нацыянальнай мове карэспандэнт "Радыё Рацыі" пагутарыў з Аленай Анісім, старшынёй ТБМ, у мінулым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь.

РР:

- Вы, як і ўсё беларускае нацыянальна свядомае грамадства імкнецеся да таго, каб беларуская мова набыла сапраўдны статус дзяржаўнай мовы. Я думаю, ёсць што сказаць сёння, улічваючы, што мова застаецца ў такім жа загнаным стане і на пачатку 2021 года. Пакуль не відаць тых проблескаў святла, якіх мы чакалі больш за 20 гадоў пасля таго, як расейская мова стала ўровень з беларускай.

Алена Анісім:

- Змяняецца шмат што ў палітычным жыцці. Што тычыцца адносін да беларускай мовы, то, на вялікі жаль, мы не можам сказаць, што ўжо можна скласці рукі, адпачываць і карыстацца паўсюль бесперашкодна беларускай мовай. Застаюцца праблемы і ў дзяржаўным кіраўніцтве, узнікаюць і новыя выклікі ў сістэме адукацыі. Я маю на ўвазе, што зараз пачынае абмяркоўвацца новая сітуацыя для нас - прапануецца так званы нацыянальны экзамен для выпускнікоў школ. І вось якраз у гэтым экзамене прадугледжана адна з дзяржаўных моў, замежная мова і матэматыка. Такім чынам, мы можам прадбачыць, што для беларускай мовы наступае чарговы выклік. Таму гэтую сітуацыю для выпускнікоў мы павінны не выпускаць з-пад увагі. Што тычыцца далейшых нашых крокаў, то мы бачым, што нават гэты так званы "Усебеларускі сход" не збіраецца разглядаць пытанне беларускай мовы. Хоць гэтае пытанне падымаюць - падымалі мы, дасылалі звароты Качанавай, ад мясцовых дэпутатаў гучыць пытанне функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы. Але мы не можам, на жаль, разлічваць на тое, што сённяшняя ўлада зробіць усё, каб гэтае пытанне зняць з парадку дня ў плане таго, каб забяспечыць правы беларускамоўных грамадзян у нашай краіне.

РР:

- Мінулы год паказаў шмат цікавых пераменаў у беларускім грамадстве. І ў першую чаргу - гэта з'яўленне беларускай нацыянальнай сімволікі. На жаль, беларускай мове такой увагі нададзена не было. Такой увагі мове не надаецца і прадстаўнікамі альтэрнатыўнага палітычнага погляду ў сферы змагання за прэзідэнцкую ўладу.

Алена Анісім:

- На гэты конт я б хацела вам трошкі запярэчыць. Усё ж такі з абвастрэннем сітуацыі са зменай улады, якая адбылася ў жніўні 2020 года, калі мы пабачылі, як грамадства выразна дало пасыл, што яно хоча бачыць змены ў палітычнай эліце, у палітычным і эканамічным курсе краіны, гэта якраз такі і сведчыла пра тое, што людзі пачынаюць усведамляць сябе як сапраўдныя грамадзяне Беларусі. Таму і выйшла на першы план беларуская гістарычная нацыянальная сімволіка, а з вяртаннем сімволікі пачаўся рух і да беларускай мовы. Асабліва пасля таго, як пачалі пераследаваць беларускамоўных журналістаў незалежных СМІ, як пачаўся на іх нечувалы ціск. Пасля таго, як, дзякуючы іхняй інфармацыі, грамадству сталі вядомыя факты яўнай дыскрымінацыі і цяжкага ціску на людзей, затрыманых падчас акцый, тых, хто размаўляў па-беларуску. Мы пакуль дэталёва не расследавалі гэтую справу, але пра гэтыя факты мы ведаем. І таму для людзей беларуская мова пачынае з'яўляцца каштоўнасцю. Акрамя таго давайце згадаем, што перапіс 2019 года таксама паказаў, што людзі часцей і часцей называюць сваёй роднай мовай беларускую. Яны можа быць не так часта карыстаюцца ёй у штодзённым жыцці, але хочуць карыстацца.

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

Майстры Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры адрадзілі традыцыйны сялянскі жаночы касцюм пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Лідскага раёна

Выдатнае снежнае надвор'е дало магчымасць творчым людзям паказаць плён сваёй работы за летні перыяд. Сучасныя майстры Лідскага аддзела рамёстваў аднавілі ў ткацтве і пашыве адзення традыцыйны сялянскі жаночы касцюм пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Лідскага раёна. Прыметна тое, што дэманстрацыя рэплік адбылася ў вясковым асяроддзі, а характэрныя зімовыя ўмовы адпавядалі тагачасным.

Нашы прабабулі зімой насілі вельмі зручнае і прыгожае адзенне. Галаўныя ўборы жанчын прадстаўлены варыянтамі тканых хустаў розных памераў. Шарсцяныя ахінанакі (вялікія хусты) замянялі вопратку, таму імі пакрывалі галаву, на якой ужо была танчэйшая хустка, завязаная вакол шыі, і ахіналі ўсё цела. У спалучэнні з кажушком падыходзілі хусты сярэдніх памераў, запраўленыя пад каўнер, або махрамі навыпуск, завязанымі канцамі пад бараду. Выдатна глядзіцца хуста, завязаная адным канцом вакол шыі, другім спушчаная на плячо бурносіка, пашытага з паўшарсцянога палатна. Святочныя тканыя андаракі (спадніцы) бытавалі аднатонныя, клятчатыя, у палоску. У халоднае надвор'е маглі спалучаць дзве спадніцы. Было цёпла і глядзелася пышна. Камплекты дапаўняюць вязаныя рукавічкі з воўны, на нагах валёнкі, "буркі" (лямцавы абутак са скураным нізам), боцікі.

Над стварэннем рэплік працавала творчая група з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці": метадыст па народнаму касцюму Ірына Дыдышка, майстры па ткацтву Валянціна Сільвановіч, Марыя Шылкоўская, Яўген Маркевіч, майстар па пашыву адзення Марына Андрушкевіч.

ЛРЦНТК.

Актуалізацыя дзейнасці першага літаратурнага аб'яднання праз стагоддзе

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 27 студзеня адбыўся навукова-практычны семінар "Шляхамі маладнякоўцаў", прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі і 120-годдзю з дня нараджэння Міхася Зарэцкага.

Са змястоўнымі паведамленнямі на семінары выступілі Таццяна Лаўрык, Алесь Суша, Эліна Свірыдовіч, Святлана Воцінава, Аксана Данільчык, Ігар Шаладонаў, Анатоль Трафімчык і іншыя даследчыкі і навукоўцы. Прысутныя атрымалі шмат новай інфармацыі пра жыццё і творчасць Змітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага і іншых "маладнякоўцаў".

Падчас семінара прагучаў відэазапіс прамовы сына Змітрака Бядулі - Яфіма Самуілавіча Плаўніка. Пра лёсы трох паэтак - Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай, Яўгеніі Пфляўмбаўм - распавяла літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Аксана Аляксееўна Данільчык.

Таццяна Анатольеўна Лабада паведаміла пра ўшанаванне памяці Змітрака Бядулі ў "Беларускай хатцы". Актуалізацыя твораў беларускай літаратуры праз стагоддзі і паглыбленне ў вывучэнне біяграфій творцаў наводзіць на думку пра шматлікія гістарычныя паралелі з сёняшнім днём.

На працягу двух гадоў Нацыянальная біблітэка Беларусі разам з партнёрамі: Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, выдавецкім домам "Звязда" працуе над маштабным рэспубліканскім праектам "На хвалі часу, у плыні жыцця", прысвечаным 100-годдзю стварэння Усебеларускага аб'яднання пісьменнікаў і паэтаў "Маладняк" - першага прафесійнага літаратурнага аб'яднання ў нашай краіне. У межах праекта ажыццяўляецца шэраг культурных акцый.

(Трэба ўзгадаць, што Усебеларускае аб'яднанне паэтаў і пісьменнікаў "Маладняк" існавала з лістапада 1923 па лістапад 1925 года, і яго дзейнасць пакінула яркі след у беларускай культуры.

Яго заснавальнікамі былі М. Чарот, А. Дудар, А. Вольны, А. Александровіч, А. Бабарэка і іншыя.

Філіялы аб'яднання былі створаны ў Менску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, Магілёве, Оршы і іншых гарадах. У склад "Маладняка" ўваходзілі нацыянальныя секцыі рускіх, польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх пісьменнікаў.)

За апошні час было створана 6 віртуальных раздзелаў да юбілеяў маладнякоўцаў: Валерыя Маракова, Адама Бабарэкі, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Яна Скрыгана. Сёмы раздзел прысвечаны юбілею Андрэя Александровіча.

- Для нас было важным размяшчэнне поўных тэкстаў кніг сяброў "Маладняка", - сказала на падсумаванне ўсёй праведзенай дзейнасці загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Лаўрык. - За 2019-20 гады намі разам з музеем гісторыі беларускай літаратуры было сумесна ажыццёўлена шмат разнастайных імпрэз, лекцый і круглых сталоў, відэапрэзентацый. Зацікавілася нашым праектам Берасцейская абласная бібліятэка. Мы шмат працавалі над тым, каб папулярызаваць творчасць маладнякоўцаў: У. Дубоўкі, Я. Скрыгана, М. Чарота, А. Александровіча.

Каб распавесці больш пра іх дзейнасць сучаснікам і для прэзентавання раздзелаў, арганізоўваліся мерапрыемствы, лекцыі, круглыя сталы. Разам з часопісам "Маладосць" мы правялі лекцыю "Ад "Маладняка" да "Маладосці"". Падчас пандэміі мы шукалі новыя формы працы. Мы наладзілі сувязь з музеем Кузьмы Чорнага. Ірына Эрнстаўна Багдановіч падрыхтавала раздзел, прысвечаны У. Дубоўку.

Апошняй ініцыятывай, якая атрымала шырокі рэзананс, стала правядзенне анлайн конкурсу чытальнікаў "О, Беларусь, мая шыпшына!", прысвечанага 120-годдзю Уладзіміра Дубоўкі. Мы наладзілі сувязь з самымі рознымі арганізацыямі, якія носяць імя Дубоўкі.

На конкурс паступіла 880 прац з розных рэгіёнаў краіны з чытаннем самых разнастайных тэкстаў Дубоўкі. Удзельнікі конкурсу расказвалі пра ўдзел у сваіх арганізацыях. Навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Выгоцкага размясцілі свае дыпломы на сайце. Яшчэ адзін раздел мы прысвяцілі Яну Скрыгану і наладзілі сувязь з яго дачкой Галінай Іванаўнай, а таксама з музеем аграгарадка Камень, які даслаў нам шмат матэрыялаў. Мы стварылі рубрыку на нашым сайце, прысвечаную 100-годдзю "Маладняка" і суполка ў Фэйсбуку "О, Беларусь, мая шыпшына". Мы пачалі супрацоўнічаць з роднымі пісьменнікаў - "маладнякоўцаў".

- Для нас гонар браць удзел у шматлікіх культурных і навуковых акцыях, выставачных і публікацыйных, - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай і выдавецкай дзейнасці А.А. Суша. - Для літаратурнай прасторы Беларусі праект з'яўляецца вельмі важным. Многія нашы ініцыятывы выклікалі фенаменальную рэакцыю! Дзеці з самых розных школ і бібліятэк чыталі вершы перад камерай ва ўмовах кавіду. Гэта сведчыць пра цікавасць да беларускай літаратуры.

Плённая атмасфера семінара натхніла даследчыкаў працаваць далей. Вялікая колькасць гледачоў далучылася да ўдзелу ў семінары ў дыстанцыйным фармаце.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Беражлівае захаванне спадчыны Напалеона Орды для нашчадкаў

Кнігай месяца назвала сталічная "Акадэмкніга" новае выданне "Напалеон Орда", якое дэманструе гравюры славутага мастака з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аўтарам тэксту і складальнікам выдання выступіў Алесь Суша. Кніга выйшла ў канцы 2020 года ў выдавецтве "Беларусь" накладам у 900 асобнікаў. Кніга прадстаўляе багатую калекцыю гравюр выдатнага творцы.

Дызайнерам выдання з'яўляецца дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ Усевалад Свентахоўскі.

"Гравюры Напалеона Орды заўжды прыцягвалі ўвагу даследчыкаў, магутны выбух цікавасці да яго творчасці адбываўся ў 2006-2007 гадах - напярэдадні і падчас святкавання 200-годдзя з дня нараджэння творцы, - напісаў у прадмове да збору гравюр аўтар-укладальнік. - З гэтай нагоды 2007 год быў аб'яўлены ЮНЭСКА годам Напалеона Орды. Урачыстасці праходзілі ў Іванаве, Брэсце, Пінску, Мінску. У 2006 годзе з мэтай папулярызацыі ўласнай калекцыі Нацыянальная бібліятэка супольна з выдавецтвам "Беларусь" выпусціла альбомнае выданне, у якім былі апублікаваны 159 пейзажаў і партрэт самога мастака. Альбом аказаўся запатрабаваным і быў перавыдадзены новым накладам.

Дадзенае выданне мае намер раскрыць багацце графічных вобразаў Напалеона Орды праз апублікаванне ўсіх яго літаграфій з фондаў Нацынальнай бібліятэкі Беларусі. У кнігу ўключаны 190 гравюр, выпушчаных у складзе васьмі серый літаграфічным прадпрыемствам Максімільяна Фаянса ў 1873-1883 гадах."

Гравюры суправаджаюць каментары на беларускай, рускай і англійскай мовах. Акрамя гравюр, у кнізе змешчаны вокладкі нотных выданняў Напалеона Орды, яго мазуркі і 14 паланэзаў, дакументы, якія пацвярджаюць прыналежнасць мастака і кампазітара да шляхецкага роду Ордаў - радаводнае дрэва Ордаў гербу "Астоя" і іншыя.

Своечасова ўзгаданая біяграфія мастака, кампазітара, педагога і асветніка, чый талент цанілі Феранц Ліст, Фрэдарык Шапэн, Адам Міцкевіч, надае маральных сілаў нам сёння. Напалеон Орда быў нашчадкам двух вядомых беларускіх шляхецкіх дынастый Ордаў і Бутрымовічаў. Навучанне ў Свіслацкай гімназіі стала важнай прыступкай перад паступленнем у Віленскі ўніверсітэт. На фізіка-матэматычным аддзяленні ў 1823 годзе і пачаў навучанне будучы творца.

У тыя гады пачаўся пераслед тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, выключэнні студэнтаў, звальненні выкладчыкаў… Малады чалавек патрапіў пад следства як сябар тайнага таварыства "Заране", неўзабаве быў выключаны з універсітэта і кінуты на 15 месяцаў у Віленскую турму. У пачатку 1830-тых гадоў ён уключыўся ў шэрагі ўдзельнікаў антырасійскага паўстання. Ён стаў падпаручнікам паўстанцкай арміі і за мужнасць у баях атрымаў найвышэйшую ўзнагароду - Залаты Крыж ордэна "Virtuti Military".

Пасля разгрому паўстання ён знайшоў часовы прытулак у Францыі, дзе актыўна займаўся музыкай і жывапісам. Напалеон Орда стварыў нямала паланэзаў, рамансаў, песень, якія карысталіся папулярнасцю ў Еўропе, пасябраваў з Джаакіна Расіні, Джузэпе Вэрдзі, Гектарам Берліёзам, Анарэ дэ Бальзакам, Стэндалем, захоўваў блізкія стасункі з кампазітарамі і музыкантамі, такімі, як Феранц Ліст і Фрэдарык Шапэн. Жывапіснае і графічнае майстэрства ён удасканальваў у студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П'ера Жырара.

Атрымаўшы амністыю як удзельнік паўстання 1830-31 гадоў, Напалеон Орда вярнуся ў родныя Варацэвічы на Піншчыне. У 1870-ыя гады мастак нямала падарожнічаў па землях, якія ўваходзяць у склад Палесся, Гарадзенскай, Валынскай і Кіеўскай губерніяў. У 1878 годзе за час падарожжаў ён зрабіў 800 малюнкаў. У апошнія гады жыцця мастак наведаў Галіцыю, куточкі Польшчы, гістарычную Каралеўскую Прусію. Адной з задач мастака было сабраць і захаваць памяць для нашчадкаў. Створаныя ім малюнкі, сёння дапамагаюць мастакам і рэстаўратарам.

Эла Дзвінская.

Падзеі 2020 года

Сымон Барыс

Дзяржаўны доўг на 1 студзеня 2020 года склаў 44,8 мільярдаў рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 1,3% (0,6 млрд. руб.), або 33,7% да ВУП пры парогавым значэнні - не больш за 45% да ВУП: знешні дзярждоўг - 27,1% да ВУП, унутраны дзярждоўг - 6,6% да ВУП. На 1 студзеня 2020 года знешні дзярждоўг склаў 17,1 млрд. долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 0,2 млрд. долараў ЗША (з улікам курсавых розніц), або на 1,4%.

З 1 студзеня 2020 г. мужчыны выходзілі на пенсію ў 62 гады, а жанчыны - у 57 гадоў. (З 2017 г. кожны год прыбаўляецца паўгода.) У 2020 годзе мінімальны страхавы стаж складае 17,5 года.

На 1 студзеня ў Беларусі налічваецца 3265 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. За апошнія 9 гадоў іх колькасць павялічылася на трэць.У карыстанні фермераў знаходзіцца 213,9 тысячы гектараў зямлі, у тым ліку ворыва - 150,7 тысячы гектараў.

Паводле новых звестак сацыёлагаў, больш за 100 тысяч насельніцтва ў 2020 годзе пражывае ў 14-ці беларускіх гарадах. Сярод іх: Менск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гародня, Берасце, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Салігорск і Ліда. Раней у гэты спіс таксама ўваходзіў Наваполацк. У 2017 годзе ў ім налічвалася 102 тысячы чалавек. Аднак на пачатак гэтага года ў Наваполацку пражывала 98 тысяч чалавек,

3 студзеня. Часова спынены пастаўкі нафты з Расіі ў Беларусь.

9 студзеня. Больш за 40 працэсаў і амаль 35 тысяч рублёў штрафаў - такія вынікі дня. Судзілі людзей - патрыётаў, якія выступалі супроць інтэграцыі Расіі і Беларусі, за незалежнасць Беларусі на чатырох мітынгах у мінулым годзе.

9 студзеня. А. Лукашэнка ў Палацы незалежнасці ўручаў прэміі "За духоўнае адраджэнне за 2019 год" і гаварыў, што ён абараняе незалежнасць Беларусі, а не тыя, хто на вуліцах гарлапаніць.

У Ленінскім судзе г. Менска святара Вікенція (Віктар Кавалькоў) аштрафавалі на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) за ўдзел у акцыі супроць паглыблення інтэграцыі з Расіяй.

10 студзеня. Ідзе дождж. Тэмпература +2 градусы, а дзе-нідзе і вышэй. .

10 студзеня. Уладзіміра Арлова, аўтара эсэ 1990 года "Незалежнасць - гэта ...", судзілі ўпершыню ў жыцці. За тое, што выйшаў на плошчу абараняць незалежнасць Беларусі 8 снежня і зачытаў сваё эсэ. Ён жа зачытаў яго і ў судзе. У. Арлову прысудзілі штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Усяго за мірныя пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй ўлады аштрафавалі ў снежні і студзені беларусаў больш, чым на 100 тысяч рублёў. Грамадзянская супольнасць арганізавала збор сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсій.

10-14 студзеня. Снегу няма Сыра. Часам ідзе дождж. Тэмпературы 2-3 градусы цяпла.

13 студзеня. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля пакараў былога дырэктара ААТ " Мілкавіта" Сяргея Бабарыку на 5 гадоў зняволення за атрыманне хабару, а Сяргея Мельнікава - на 3 гады і 6 месяцаў турмы за тое, што даваў хабар.

16 студзеня. Латвійскі прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш прыехаў у Беларусь на сустрэчу з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам

17 студзеня. Самая высокая тэмпература адзначана ў Лепелі (Віцебская вобласць) - плюс 6 градусаў. На другім месцы самая паўночная кропка краіны Езярышча - 5,9. У абодвух населеных пунктах пабітыя максімумы дня 27-гадовай даўніны (5,8 і 4 градусы адпаведна).

У Віцебску паветра прагрэлася да 5 градусаў (4,9 у 2007 годзе). У Мсціславе, дзе назіранні праводзяцца толькі 11 гадоў і невялікая база дадзеных, абноўлены рэкорд 2015 года - 4 градуса цяпла супраць 0,2.

19 студзеня. Вадохрышча ў праваслаўных. Снегу няма. Тэмпература - 0. Увечары ў Менску было сыра, +1 градус.

20 студзеня. Андрэй Раўкоў вызвалены ад пасады Міністра абароны і прызначаны Дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі. Міністрам абароны Беларусі прызначаны генерал-маёр Віктар Хрэнін, які з'яўляўся камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Начальнікам Генеральнага штаба ВС прызначаны генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч, які раней служыў першым намеснікам начальніка Генштаба.

Студзень. У школах Беларусі ўводзіцца новая пасада настаўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.

25 студзеня. Тэмпературны максімум у сталіцы ў суботу склаў + 4,8 °C. мінулы рэкорд быў зафіксаваны 30 гадоў таму, тады слупкі тэрмометра паказалі + 4,4 °C. Таксама рэкорд цяпла пабіты ў Віцебску (+4°C супраць +3,8°C) і Магілёве (+5°C супраць + 3,9°C).

Самая высокая тэмпература 25 студзеня была ў Беразіне, Ашмянах і Лідзе. Там было 5,3 градуса вышэй за нуль.

25 студзеня. "Цукровая справа". Самалёт Белавія вярнулі з-пад Кракава ў Гародню, каб затрымаць дырэктара цукровага завода Мікалая Прудніка. У гэты ж дзень супрацоўнікі КДБ арыштавалі ўсіх 4 дырэктараў беларускіх цукровых заводаў за тое, што яны рабілі махінацыі з цэнамі, а самі сабе бралі "навар". Пад вартай апынуліся Міхаіл Крыштаповіч (Гарадзейскі камбінат), Віктар Міронаў (Жабінкаўскі цукровы завод), Мікалай Пруднік (Слуцкі камбінат), Дзмітрый Ягораў (Скідзельскі завод).

У студзені Беларусь закупіла 80 тысяч тон нафты ў Нарвегіі і перавезла яе з Клайпеды ў Наваполацк цягнікамі. Першы эшалон з нафтай (3,5 тысяч тон) прыйшоў на завод 26 студзеня.

27 студзеня. Вядомых філолагаў, былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета Пятра Садоўскага і Лявона Баршчэўскага ў судзе аштрафавалі на 810 рублёў кожнага.

31 студзеня. Вялікабрытанія афіцыйна выйшла з Еўрасаюза.

Уступіў у сілу Указ прэзідэнта № 492 ад 30 снежня 2019 года, які адмяняе неабходнасць афармлення талона да вадзіцельскага пасведчання і сертыфіката аб праходжанні дзяржаўнага тэхагляду транспартных сродкаў.

На 6 месяцаў падрос пенсійны ўзрост.

1 лютага. У лютым месяцы ў Беларусі сярэдняя пенсія склала 446,7 руб.

Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ў Менску сустрэўся з міністрам замежных спраў У. У. Макеем і з Прэзідэнтам А.Р. Лукашэнкам. Таксама адбылася сустрэча старшыні ТБМ Алены Анісім, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага і старшыні Беларускага Хельсінскага Камітэта Алега Гулака з Дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа.

2 лютага. Грамніцы ў католікаў Снегу няма. Пахмурна. У Менску +8 градусаў.

У Мастаўлянах адбылося ўшанаванне памяці Кастуся Каліноўскага, які нарадзіўся 2 лютага ў гэтай вёсцы. Беларусы Беластока, Варшавы, Гародні і іншых гарадоў сабраліся каля помніка ў гонар Каліноўскага.

5 лютага. У Менску памёр Барыс Іванавіч Луцэнка (нар. 16 верасня 1937, г. Майкоп, РСФСР) - беларускі тэатральны рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў (1975 г.), народны артыст Беларусі (1995 г.).

7 лютага. Сустрэча ў Сочы А. Лукашэнкі і У. Пуціна. Потым адбыліся перамовы ўрадавых дэлегацый. Дамовіліся, што з Расіі газ будзе паступаць у Беларусь па цане мінулага года (за 1 тыс. куб. м - 127 долараў), а нафта па сусветных рыначных цэнах.

13 лютага. У Маскве памёр Аляксей Мікалаевіч Бацян, герой, савецкі разведчык, які ў студзені 1945 г. выратаваў Кракаў ад разбурэння. Нарадзіўся 10 лютага ў в. Чартовічы Віленскай губ. (цяпер у Валожынскім раёне).

13 лютага. У Менску адкрылася Пасольства Швейцарскай Рэспублікі ў Беларусі.

13 лютага. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў юбілейны медаль " 75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў".

17 лютага. У Менску ўдзень было + 11 градусаў цяпла. Пахмурна.

Люты. Тэмпература трымаецца каля 0 градусаў. Снегу няма. Часта маросіць дождж. Дзьме вецер.

18 лютага. Стала вядома, што вучоныя прыдумалі, як атрымаць электраэнергію з паветра. Раней вучоныя прыдумалі транзістар для атрымання электрычнасці з дажджу.

19, 20 лютага. Афіцыйны візіт А. Лукашэнкі ў Егіпет. Сустрэча з прэзідэнтам Егіпта ў Каіры.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы, Агульнанацыянальная дыктоўка. Найбольш актыўна дыктоўка прайшла ў Гарадзенскай вобласці, там яе пісалі ў 227 населеных пунктах.

23 лютага ў Менску адбыўся лёгкаатлетычны забег сапраўдных мужчын. Удзельнікі пераадолелі на выбар дыстанцыю 1 або 3,5 км. галоўная ўмова ўдзелу - аголены торс. Старт і фініш забегу былі размешчаны на пешаходнай дарожцы ля цэнтральнага ўваходу ў Палац спорту.

24 лютага. Эксгумацыя парэшткаў Змітрака Бядулі адбылася ў казахстанскім Уральску, дзе ён памёр у 1941 г. Дапамог швейцарскі фонд, заснаваны там беларусамі. На цырымоніі прысутнічалі Аляксандр Сапега, Часовы Павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч, настаяцель мясцовай праваслаўнай царквы - у ёй правялі паніхіду па Бядулі. У гэты ж дзень парэшткі адправілі ў Менск.

24-28 лютага. Візіт дэлегацыі Еўрапейскага парламента ў Беларусі.

25 лютага. Указ № 70 ад 25.02.2020 "Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці". Указ патрабуе ад крэдытораў даць даўжнікам 15-гадовыя адтэрміноўкі на пакрыццё даўгоў.

27 лютага. У Менску захварэў на каранавірус студэнт з Ірана. Гэта першы хворы ў Беларусі на гэтую заразу.

28 лютага. Адбыўся VІІІ з'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), на якім выступіў А. Лукашэнка. Старшынём ФПБ пераабраны М. С. Орда.

Навукоўцы з Стэнфардскага ўніверсітэта ў ЗША здолелі "ператварыць" звычайную нафту ў алмаз.

Міністэрства адукацыі заявіла аб распрацоўцы Кодэкса этыкі для педагогаў.

Зіма была рэкордна цёплай за ўсю гісторыю назіранняў.

2 сакавіка. У Ашмянах паветра прагрэлася да 10,7 градуса цяпла (было 10,3 у 1995 годзе), у Валожыне - да 9,9 (9,6 у 1992-м), у Езярышчы на крайняй поўначы краіны - да 9,7 (8,9 у 1995-м), у Нарачы - да 8,5 (7,9 у 2017-м).

У першы дзень вясны абнавіўся максімум у Мсціславе - 6,6 градуса (5,8 у 2017 годзе), аднак у гэтым горадзе метэастанцыя была абсталяваная толькі 12 гадоў назад, таму экстрэмумы абнаўляюцца часцей.

Цяплей за ўсё 2 сакавіка было ў Шчучыне (10,8), напярэдадні - у Гародні (10,5).

8 сакавіка. У Менску на пр. Незалежнасці адбыўся забег жанчын, 5 тысяч дзяўчат з 85 гарадоў Беларусі і некаторых замежных краін прабеглі дзве дыстанцыі на выбар - 2 км або 5 км. Самых хуткіх узнагародзілі сувенірамі, ад арганізатараў, грашовымі прызамі і падарункамі ад партнёраў.

10 сакавіка. А. Лукашэнка 25 падлеткам, якім стукнула 14 гадоў, уручыў пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

11 сакавіка. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) абвясціла выбліск новага каронавіруса пандэміяй

22 сакавіка. У праваслаўных Саракі. Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, экзарх Беларусі Кірыл лётаў над Менскам і святой вадой ад Менска адганяў эпідэмію каронавіруса.

23 сакавіка. У Мінску памёр доктар гістарычных навук Пётр Фёдаравіч Лысенка, які пражыў 88 гадоў. Нарадзіўся 16 верасня 1931 г. у в. Зарачаны Полацкага раёна. Яго заслуга - музей "Бярэсце", даследаванне Турава, тураўскія каменныя крыжы.

У Беларусі ўжо 81 чалавек хворы на каронавірус.

24 сакавіка. У Гародні памёр славуты вучоны мовазнавец Павел Уладзіміравіч Сцяцко, які нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Грабава, цяпер Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласці. Працаваў да 2016 г. у ВНУ Менска, Гомеля і Гародні.

26 сакавіка. У Беларусі для прыезджых з тых краін, дзе ёсць каронавірус прапануюць на 14 дзён самаізаляцыю.

26 сакавіка адбылося паседжанне экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў з рускай на беларускую мову.У Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (НЦПІ) разгледзелі такія пытанні, як пераклад Грамадзянскага кодэкса на беларускую мову. Варта адзначыць, што Грамадзянскі кодэкс з'яўляецца адным з самых маштабных заканадаўчых актаў Беларусі. Ён уключае ў сябе 1153 артыкулы, якія аб'яднаны ў 8 раздзелаў.

Мяркуецца, што на беларускую мову ў 2020 годзе таксама перакладуць Працоўны кодэкс, Кодэкс аб зямлі і Жыллёвы кодэкс.

28 сакавіка. У Кітаі афіцыйна аб'яўлена, што распаўсюджанне каронавіруса спынена. Была заражана 81 тысяча чалавек, з іх 3 тысячы памерлі.

28 сакавіка. У Магілёве і Гомелі было +18 градусаў (гэтым пабіты рэкорд).

29 сакавіка. Патрыярх РПЦ Кірыл у Маскве звярнуўся да праваслаўных з прапановай часова не хадзіць у храмы, а маліцца дома.

30 сакавіка. У Менску зямля была белая ад снегу. Тэмпература паветра -3 градусы марозу.

31 сакавіка. У Віцебску ад каронавіруса памёр Віктар Мікалаевіч Дашкевіч (1945 г. нар.), заслужаны артыст Беларусі, .

31 сакавіка памёр акцёр Менскага моладзевага тэатра Гарык Вяпшкоўскі.

Сакавік. Кінастудыя "Беларусфільм" выпусціла кінафільм па кнізе сучаснай пісьменніцы. На экране выйшаў гістарычны фільм "авантуры Пранціша Вырвіча" паводле рамана Людмілы Рублеўскай. У цэнтры сюжэту - барацьба за трон Рэчы Паспалітай паміж Радзівіламі, Сапегамі і Багінскімі. Праўда, шырокага пракату карціны з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі так і не было.

Краіны-суседкі закрылі межы з Беларуссю.

Сёлета ў першым квартале ў Беларусі пачалі менш жаніцца. Так, у студзені-сакавіку 2019 года пажаніліся 11 123 пары, а ў 2020 годзе на 1573 пары менш - 9550 шлюбаў. Асабліва памяншэнне колькасці шлюбаў прыкметна ў Берасцейскай вобласці - на 21%.

А вось сітуацыя з разводамі наадварот, дэманструе рост. Калі за першыя тры месяцы 2019 года развяліся 8570 пар, за аналагічны перыяд 2020 года гэта колькасць павялічылася на 5% - да 9000. Колькасць разводаў у Менску павялічылася на 12%, а ў Менскай вобласці - на 35%. Колькасць разводаў павялічылася ва ўсіх абласцях, акрамя Магілёўскай.

Паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі палепшыла сітуацыю з занятасцю насельніцтва. Гэта дазволіла запаволіць інтэнсіўнасць зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце (у 2015 годзе - 5,4 млн чалавек, 2019-м-5,4 млн).

Колькасць працоўных рэсурсаў краіны толькі за чатыры гады (2016-2019) скарацілася на 145,9 тыс. чалавек, або на 2,5%, у тым ліку колькасць працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце - на 76,8 тыс., асоб старэйшых за працаздольны ўзрост, занятых у эканоміцы, - на 69,1 тыс. За чатыры гады пяцігодкі занятых у нацыянальнай эканоміцы стала менш на 3,6%, або на 161,8 тыс. чалавек.

У першым квартале 2020 года 1600 беларусаў атрымалі права на жыхарства ў Польшчы.

На 1 красавіка насельніцтва Беларусі склала 9 397 800 чалавек (столькі было ў 1976 г., а ў 1994 г. налічвалася 10,2 млн. чалавек).

2 красавіка. Як паведамлялі СМІ, прадстаўнік РПЦ у Беларусі Мітрапаліт Павел абляцеў Беларусь на самалёце. Зрабіў ён гэта з копіяй Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Жыровіцкага і Дзяржаўнага абразоў Прасвятой Багародзіцы і абраза свяціцеля Лукі Крымскага.

(Працяг у наступным нумары)

Галоўны помнік яго жыцця - вялікая шматтомная праца "Беларусы"...

Да 160-годдзя акадэміка Яўхіма Карскага

Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і сябар БГТ

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Магчыма, некалі будзе належным чынам ўшанаваны і "Беларускі Калумб" Яўхім Карскі на сваёй малой радзіме ў Лашы.

Жыхарам даводзілася ўдзельнічаць ў розных войнах, за інтарэсы не толькі беларускага народа: руска-японскай, І сусветнай, ІІ сусветнай, беларускім падполлі і партызанцы ў 20-30 гады пры Польшчы і ў гады ІІ Сусветнай вайны. Даставалася сялянам і ад мясцовых паноў, якія моцна эксплуатавалі тутэйшых людзей. Не называюць салодкім жыццё жыхары вёскі і ў першых савецкіх калгасах, калі хто і не ўмеў да гэтага красці, то вымушана навучыўся, каб пражыць.

…Пасля Берасцейскай уніі Мікалаеўская царква стала ўніяцкай, напачатку 19 стагоддзя 3/4 насельніцтва Беларусі былі ўніятамі, а ў 1839 г. усіх грэка-католікаў па плане ініцыятара, ідэі Іосіфа Сямашкі і Сакрэтнага камітэта вырашылі вярнуць у праваслаўе. Але адбыўся вялікі падзел мясцовых беларусаў спачатку на дзве асноўныя канфесіі, а пазней і па змене нацыянальнасці, значная частка не захацела вяртацца ў праваслаўе і перайшла ў рыма-каталіцызм, частка дзесяцігоддзямі чытала грэка-каталіцкія пацеры, адчуваючы сябе грэка-католікамі, але вымушана ходзячы ў праваслаўныя храмы, бо іншых побач не было. Нават у першай палове ХХ стагоддзя адзначаліся такія факты ў Гарадзенскім раёне. Значная колькасць сялян у Гарадзенскім павеце падпарадкавалася і вярнулася ў праваслаўе. У 19 стагоддзі, як піша краязнавец Апанас Цыхун, і падцвярджае ў "Біяграфіі…"Аляксандр Карскі, царкву ў Лашы пабудавалі ў 1805 г., драўляную на каменным падмурку, з драўлянай званіцай на чатырох слупах, пакрытай саломай, а другую ў 1863 г. з мураванай званіцай, са званамі. На адным з іх быў надпіс лацініцай, які паказвае, што царква была ўніяцкая, зрэшты, і прадзеды Карскіх, імёны якіх знойдзены ў Духоўных казках у Гародні, запісаны грэка-ўніяцкімі святарамі. Першая царква, верагодна, стаяла (на старым здымку кнігі А. Цыхуна) бліжэй да могілак, у пачатку ХХ стагоддзя згарэла.

4. Род Карскіх адносіўся да прыходу Лашанскай грэка-ўніяцкай царквы і Масалянскай грэка-ўніяцкай царквы, (пабудовы 1796 года па фундацыі Марыяны Біспінг, у 1865-1867 гг. перароблена ў праваслаўны храм). У духоўных кнігах таго часу ў запісах быў падзел на прыходы: грэка-расійскія, рыма-каталіцкія і грэка-ўніяцкія. Сустракаліся таксама архіўныя справы з выдаленымі ці падцёртымі звесткамі пра канфесійную прыналежнасць мясцовых сялян. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі. Шматлікія грэка-ўніяцкія цэрквы пасля падзелу беларусаў пасля 1839 года сталі ў 19-20 стагоддзях грэка-расійскімі ці рыма-каталіцкімі храмамі. Адраджэнне грэка-ўніяцкіх цэркваў стала магчымым пры атрыманні незалежнасці Беларусі і большай свабодзе веравызнання ў 1991 годзе, у створаных новых прыходах грэка-ўніяцкіх (грэка-каталіцкіх) цэркваў першая дзяржаўная мова знаходзіцца ў пашане і прыярытэце.

5. Першы музей Яўхіма Карскага ў Лашы. 19 снежня 1964 года быў урачыста адкрыты школьны музей Яўхіма Карскага, створаны Ананасам Цыхуном, паплечнікамі і школьнікамі. Больш за 20 тысяч чалавек наведалі гэты музей. На жаль, пасля закрыцця "некамплектнай" школы ў Лашы ў 1991 г. праз год быў закрыты і музей, будынак стаў інтэрнатам для мігрантаў. З болем у сэрцы пісала пра гэта ў "Гродзенскай праўдзе" ўнучка акадэміка Таццяна Сяргееўна Карская. Абабіванне абцасамі чыноўніцкіх кабінетаў таксама не дапамагло А. Цыхуну захаваць музей. Школьнікаў перавялі з Лашанскай васьмігадовай у Луцкаўлянскую сярэднюю школу. У Луцкаўлянскі школьны музей, створаны Уладзімірам Козыравым, былі перавезены і рэшткі з лашанскага музея Я. Карскага. Частка экспанатаў і кніг, перададзенах Кандратам Крапівой для музея, недзе згубілася пры перавозе ў Луцкаўляны, частка расцягнута мясцовымі падшпаркамі праз вокны, бо школа ўжо не працавала… на былой школе з музеем ў Лашы захавалася шыльда, прысвечаная Яўхіму Карскаму.

6. Другі музей акадэміка Яўхіма Карскага ў Гародні. Створаны і адкрыты 4 лютага 1995года (25 гадоў назад) ў школе-гімназіі № 30, якая стала гімназіяй № 1 імя Яўхіма Карскага. У 2018 годзе стала лепшай сярэдняй навучальнай установай Беларусі. Напачатку 90-х гадоў па педсавеце школы-гімназіі № 30 было вырашана надаць новай навучальнай установе імя Яўхіма Карскага. З ініцыятывы дырэктара навучальнай установы Рэгіны Можджар і аргкамітэта па стварэнні музея: Таццяны Еўтух, Апанаса Цыхуна, Андрэя Майсяёнка, Валянціны Шаровай, вучняў беларускага філалагічнага класа - праз кароткі час музей пачаў працу.

Пазней, пасля смерці ў 2005 годзе Апанаса Цыхуна, у новае памяшканне на другім паверсе, яго сынам Генадзем Цыхуном з Менска былі перададзены розныя дакументы і фотаздымкі. Пасля адкрыцця новай экспазіцыі музея ў 2006 г., у часы куратарства музеем Віталем Карнелюком, галоў-нымі раздзеламі сталі: "Гісторыя музея", "Кабінет вучонага", "Апанас Цыхун-педагог, паэт, грамадзянін", "Этнаграфічны куток".

(Працяг у наст. нумары.)

Выспачкі беларускай культуры ў новым музеі ў Жлобіне

У лістападзе мінулага 2020 года ў Жлобіне ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты новы будынак гістарычна-краязнаўчага музея.

Дзяржаўная ўстанова культуры "Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей" была заснавана ў верасні 1987 года ў выніку рэарганізацыі грамадскага музея народнай славы, які быў створаны па ініцыятыве жлобінскага краязнаўца, настаўніка гісторыі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Фёдаравіча Талкачова. А 15 лютага 1992 г. музей быў адкрыты для наведвальнікаў - у дарэвалюцыйным драўляным будынку былога касцёла.

Новы двухпавярховы будынак - гэта пабудова былога дзіцячага садзіка, які быў закрыты яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Шмат часу ішла барацьба паміж рознымі ўстановамі, у тым ліку і адным з банкаў, каб размясціцца тут (у цэнтры горада). Але, дзякуючы прынцыповай пазіцыі тагачаснага старшыні гарвыканкама Уладзіміра Канстанцінавіча Ерафеева (1939-2020), які, акрамя усяго быў і краязнаўцам, гэты будынак захавалі для будучага музея.

Месца ў старым будынку было мала. Таму там дзейнічала толькі 6 экспазіцыйных залаў. А ў новым - ужо 16. Знайшлося тут месца і для матэрыялаў, якія тычацца беларускай культуры. Гэта экспанаты нацыянальнага адзення мінуўшчыны, характэрныя для Гомельшчыны. А таксама - матэрыялы пра творчасць і дзейнасць вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў - ураджэнцаў Жлобіншчыны: ганаровага грамадзяніна г. Жлобіна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, сябра Саюза пісьменнікаў СССР Уладзіміра Федасеенкі (1926-2018), ганаровага грамадзяніна г. Жлобіна, удзельніка ВАВ, сябра Саюза пісьменнікаў СССР Аляксандра Капусціна (1924-1996), удзельніка ВАВ, сябра Саюза пісьменнікаў СССР Міколы Лупсякова (1919-1972), ганаровага грамадзяніна Жлобінскага раёна, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза мастакоў Беларусі Генадзя Говара (нар. 1945 г.), удзельніка ВАВ, сябра Саюза пісьменнікаў СССР Хведара Жычкі (1927-2007), сябра Саюза пісьменнікаў СССР Міхася Чавускага (1904-1984), сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіля Рагаўцова (1952-2016), сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Содаля (1937-2015), а яшчэ беларускай паэтэсы Людмілы Шадукаевай (нар. 1951 г.) і пісьменніцы Валянціны Кадзетавай-Арэставай (нар. 1951 г.), якія нарадзілся па-за межамі Жлобіншчына, але іх лёс цесна звязаны з гэтым краем.

Мікалай ШУКАНАЎ, краязнаўца, г. Жлобін. На фота аўтара: 1. Новы музей; 2. Кнігі і ўласныя рэчы Аляксандра Капусціна; 3. Кнігі і аўтограф Хведара Жычкі; 4. Кнігі Міколы Лупсякова; 5. Яшчэ адна выспачка беларушчыны ў музеі.

Моўны код

5 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстава "Моўны код", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Мы ўспрымаем мову як дадзенасць, а між іншым гісторыя беларускай мовы нагадвае дэтэктыў з закручаным сюжэтам і яскравымі адметнасцямі. Ці ведаеце вы, што ў ХVI стагоддзі старабеларуская мова была афіцыйнай у Вялікім Княстве Літоўскім? Калі нарадзілася літара Ў? Што беларуская мова мела тры алфавіты - кірылічны, лацінскі і арабскі?..

На выставе прадстаўлены графічныя работы Уладзіміра Басалыгі з серыі "Мова наша родная" (1980-1990-х гг.), творы сучаснай мастачкі Томы Пракоф'евай "Беларускi алфавiт", артэфакты са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Выстава дапаможа ўзнавіць пэўныя веды пра беларускую мову, узгадаць любімыя словы, пацешыць наведвальнікаў інтэрактыўнымі элементамі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, акрамя выставы, прапануе актыўнасці:

Інтэрактыўная гульня "Не шукаючы, не знойдзеш".

Гульня разлічана на дзяцей і дарослых, гэта інтэрактыўнае падарожжа па старонках гісторыі, дзе самі рэчы адкрыюць свае таямніцы!

Экскурсія "Шлях кнігі да чалавека: з гісторыі кнігадрукавання".

Дапаможа даведацца аб гісторыі развіцця пісьменнасці на беларускіх землях, пачынаючы ад перыяду рукапісных берасцяных грамат да вынаходніцтва друкарскай справы і стварэння першых друкаваных кніг.

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) адзначаецца штогод 21 лютага ў адпаведнасці з рашэннем ЮНЕСКА 1999 г. і накіраваны на заахвочванне моўнай разнастайнасці, папулярызацыю і захаванне моўных і культурных традыцый.

Выстава арганізавана пры ўдзеле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Рэалізуецца ў рамках вялікага музейнага праекта "Беларусь і беларусы", скіраванага на папулярызацыю айчыннай гісторыі і культуры.

Куратар Мірановіч Таццяна:

8029 569 34 24.

Выстава працуе па 28 лютага.

На экскурсію і гульню дзейнічае папярэдні запіс.

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12.

Штодня: 11.00 - 19.00.

Тэл.: (017) 374-83-22, 365-48-27.

histmuseum.by.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Гацкі Уладзімір - 30 р.

2. Рымша Алесь - 20 р.

3. Кунцэвіч Уладзімір - 25 р.

4. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

5. Мудроў Алег - 20 р.

6. Гняткоў Валеры - 10 р.

7. Паўловіч Віктар - 15 р.

8. Мельнікаў Алесь - 20 р.

9. Фарнэль Кастусь - 5 р.

10. Пісарэнка Алесь - 20 р.

11. Мельнікаў Юрась - 10 р.

12. Жукаў Вітаўт - 5 р.

13. Пожанька Ігар - 10 р.

14. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

Усе Наваполацк.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Табе, а не цэламу свету

Паэтычнай кніжкай "У старой хаце" нам, сябрам ТБМ Глыбоцкага раёна, адкрыўся малады паэт Максім Нікіфаровіч. Ён знайшоўся на курсах "Мовананова". Выданне кнігі ажыццявілі карэктар Зміцер Лупач, вярстальшчык Леанід Юрык, ілюстратар Руслан Рагоўскі.

Кніга - заўсёды радасць для творцы. Першая кніга, дык нібы і сама радуецца - яна ж змесціва чалавечай шукальнай душы…

"Абвастрэнне суму з кожным годам адбываецца часцей і крые сабой рэмісію радасці", - гэтыя словы аўтара раскрываюць духоўны змест кнігі.

Старая хата (на вокладцы кнігі) сімвалізуе духоўную пустку на радзіме, яе закінутасць праз мову, дзе знікла радасць чуць дарагую мелодыю дзядоў: "У старой хаце прывіды жывуць… у старой хаце не паліцца святло… Старую хату зараз пакрыла забыццё: гісторыя яе сям'і даўно памерла". Дык не павінна ж памерці Айчына, трэба ратаваць яе родным словам.

"Апошні верлібр прысвячу табе,

толькі табе, а не цэламу свету.

Свет не натхняе, што тоне ў ганьбе,

ён мала вядомы маладому паэту".

А дзядоўскія хаты, якія "прасвіствае вецер", "руйнуе трактар і рыдлёўка", зразумелыя і родныя. Дзяды і на тым свеце "пакутуюць бясспрэчна", - нефантастычна адчувае і заяўляе аўтар, - але пакутуюць не за свае грахі - за разбурэнне памяці пра іх. І адчувае ўнук-паэт, што "дзедавы рукі жывуць у галаве", і ўяўляе, што ён, "як самотны птах… ляціць па-над зямлёй, палітай крывёй".

Зямля, Курапаты, пакуты ў паветры.

Я - птах, адчуваю іх шэрым крылом.

І трывога аўтара кнігі расце:

Зямля Курапацкіх крыжоў

Не вынесе новай эпохі,

Бо цяжыцца сімвал Хрыстоў,

Што ў дрэве застыў на Галгофе.

Паэтам-грамадзянінам, які патрэбны Радзіме, выяўляецца аўтар па накіраванасці думак, якія сур'ёзна мацаюць жыццё, аналітычна пранікаюць у з'явы сёняшніх падзей. Светабачанне трывожнае, балючае. І кожны верш ставіць вострае пытанне, і адказ сумлення паэта шчыры.

Усё набіваеш кішэні?

Колькі ж табе трэба?

Вы ж першыя для пакарання мішэні,

Сочыць за вамі Неба!..

Паэт не той, хто счэплівае канструкцыі і сам гадае, што б гэта азначала. Максім ідзе ад наяўнасці і ўнутранай ацэнкі. Асабіста сваёй. Расце выяўленнем і пранікаецца аналізам.

Як спрабаваў я каршуна злавіць

І прыручыць…

Казаў каршун мне, напужаўшы трохі,

Што сярод іх не знойдзеш халуёў,

Бо велічныя птахі не ідуць на крохі…

Усё гэта лёс дваровых вераб'ёў.

Тканку наступнага верша пранізвае чалавечая спачувальнасць:

Хто ж гэтай спёкай не ідзе

Купацца да ракі?..

…І вязень паляціць туды

Душой…

І мусіць занырне

Ў ваду, што капае з вачэй.

Паэт разумее, што свет трымаецца на людзях - на любові, якая праяўляецца праз розум і пачуццё адказнасці ў душах. Дык вылучаецца промень смутку, дзе самы пранізлівы боль - "ад страты людзей блізкіх", "Самая блізкая мова - матчына… Самыя ўтульныя месцы не ў замках - у дзедавай хатцы на ўскрайку вёскі". А ў людскім свеце ён адкрывае:

"Розум зараз не ў модзе…

Якой належыш ты пародзе -

звычайны люд ці слізкі смоўж?"

Паэт робіцца філосафам. І агарнуў ён думкай з'явы. Спытаўся сам у сябе, дзе ён? І атрымаліся вершы: "Няма мяне", "Маё натхненне", "Іду туды, адкуль з'явіўся", "Іх спіны лашчылі дубіны", "Лес", "У вялікім горадзе", "Складаны выбар", "Малюнак смутку", "Якім заўтра будзе дзень?", "Слязіліся вочы", "Я ўчора бачыў смерць", "Як адшукаць сябе?", "Што ёсць жыццё для паэта?", "Што маю акрамя жадання?", "Як памірае лістота дрэў?"…

Ён жыццём малады. І творчасцю. На яго вяку ўвесь імклівы, шалёны свет краіны гучыць на расейскай мове. Але Максім з блісцінкай гумару трапна заўважае пра свята духоўнай радасці патрыётаў: "Спачатку было слова, якое грымнула па-беларуску".

Ёсць у кнізе лірычныя вершы з цікавымі метафарамі:

Рог, што гарыць у пазалотах,

Табе прыладжу на дуду,

Каб месяц адчуваўся ў нотах.

Або: "Краты пілаваў прамень пякучы", "неба разышлося у абшарах, звалілася моўчкі зіма, у белых, яскравых фанфарах". А "завіруха прозы"? - гэта ўжо знаходка захапляльная! - кажа паэтычная дарадца, (М.Н.), якая азнаёмілася з часткай вершаў Максіма.

І рэфрэн ён уводзіць - прыём пабудовы верша - такі, напрыклад:

Калі адвал сталёвы не кране зямлю,..

Памёр араты.

Калі навой пацёрты нітку не возьме,..

Памёр ткач,

Калі Радзіму дзікі вораг пазайме,..

Памёр ваяр.

Калі памёр араты,

Калі памёр ткач,

Калі памёр ваяр -

Памёр паэт.

Безумоўна, бо пра каго ж ён напіша?

Рэфрэн узмацняе думку ў вершах: "Маё натхненне", "Беларусь жыве", "Няма мяне".

Мне радасна, што ў Максіма Нікафаровіча - выразны грамадянскі почырк і талент думкі, пачуццёвасць душы, вобразнае мысленне.

Разам з тым яшчэ шмат недапрацовак у наяўных творах, шырока заўважна ў кнізе шурпатасць верша. Думка не заўсёды ўкладваецца ў форму верша. Назіраецца кульгавасць радка, рыфмы, рытму. Часам перазакручанасць думкі, трасянкавы ўкід слоў, не трапных наватвораў. Безумоўна, гэта залежыць ад нешырокага пакуль запасу беларускага слоўніка ў творчай працы. Спасцігаючы "мову нанова", піша пяро не заўжды адмыслова. Але творчая праца наперадзе. І хочацца зычліва заключыць агляд першай паэтычнай кнігі Максіма зарыфмаванымі радкамі:

Ёсць юнак, які ўзяўся за мову -

Дух Ачыны стварыць і партрэт.

Ёсць паэт, які мацае слова

І нырнуць хоча ў вобразны свет.

І нырнуў у яго і заплакаў…

Выйшла кніжка - люстэрка душы.

Там, у ёй, верш яго не балакаў -

Ён зайшоўся пытаннем: "Як жыць?".

Марыя Баравік, Глыбокае-Падсвілле, ТБМ.

Да 80-годдзя незабыўнага песняра, або Прысвячэнне будучыні Уладзіміра Мулявіна

Цяпер відавочна, што 12 студзеня беларуская культурная грамадскасць магла б адзначыць свята, але гэтага свята нібыта і не існуе. Розныя часткі культурнікаў не адзначалі яго па-рознаму: адны пасыпалі героя труізмамі агульнага карыстання, іншыя, спрошчваючы ролю, абышліся археалагічнымі адпіскамі аб успамінах. Але ж свята, якога не існуе ні ў адным з нясшытых шматкоў беларускага свету, як спяваў Лявон Вольскі, ані ў Менску, ані ў Мінску, усё ж такі, нягледзячы на нязрынную часцінку "бы" трагічнай даты, не страціла вартасці і патрабуе эскалацыі ўвагі. 12 студзеня 2021 г. споўнілася б 80 гадоў музыку, кампазітару, Народнаму артысту СССР і Беларусі, заснавальніку і лідару ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну. Але чаму трэба пра гэта нагадаць?

Мулявін адкрыў Беларусь для беларусаў

"Уладзімір Мулявін - гэта фенаменальны чалавек, які нарадзіўся на Урале - і стаў гэткім жа вобразам беларуса, як купалаўскі Гусляр ці коласаўскі Сымон", - напісаў з нагоды даты ў сваім "Фэйсбуку" паэт У. Някляеў. І сапраўды, неверагодная мелодыка мулявінскіх фантазій, патрабавальная і тонкая праца з інструментамі і вакалам стварылі ўмовы для нараджэння цуду - класічныя беларускія вершы набылі вечнае жыццё ў акустычным вымярэнні, дзе некалькі пакаленняў вялізарнай ўсесаюзнай грамады слухачоў спявалі па-беларуску. Але галоўнае дасягненне кіраўніка ансамбля Мулявіна ў тым, як у адным з мемарыяльных фільмаў будуць казаць У. Някляеў і У Арлоў, што Мулявін, як і Гогаль ва Украіне, напітаў беларушчыну асаблівым смакам, адкрыўшы яе не толькі для свету, але для саміх беларусаў.

Спадчына песняра

У музеі імя Мулявіна ці "Песняроў", верагодна, дастаткова дарэчна глядзеліся б і "Волагда", і "Белавежская пушча", і "Беларусія", ці іншыя эстрадныя савецкія шлягеры тагачасных песеннікаў. Але, каб пачуць пад сабою краіну і адчуць асалоду звацца беларусамі, дзякуючы Мулявіну свет пабачылі іншыя пяшчотныя прыгажуні.

Напрыклад, чароўная народная "Купалінка". Песня, складзеная на верш Міхася Чарота, можа і не мае прамога дачынення да Мулявіна, але ж без яго гэтая кампазіцыя мела б іншы выгляд. Справа нават не толькі ў той цудоўная аранжыроўцы, якую Мулявін надаў песні да запісу 1971 г., але таксама ў той строгасці, якую кіраўнік ансамбля меў у справах рэпетыцый. Саўдзельнікі і сучаснікі распавядаюць пра шматгадзінныя трэнінгі на сцэне філармоніі, дзе бясконца пераігрываліся і прапяваліся партыі. Дзякуючы гэтаму, у "Песнярах" з'явіліся сапраўдныя "залатыя" галасы і "цудадзейныя" рукі, якія і зрабілі "Купалінку" ціхай, меладычна вышытай бас-гітарай, асцярожнымі ўдарнымі і электрапіяніна.

"Купалінка" не тое, што падобная на нейкія гармоніі блюзменаў ці нават "Пінк Флойд", але яна лепшая за іх, бо аніякі "Пінк Флойд" не мае ніякага дачынення ані да добрага вакальнага выканання, ані да беларускай спадчыны. Таму не трэба баяцца гучных заяваў і зрынання іншаземных зорак дзеля сваіх.

У 1989-1991 гг. "Песняры" запісалі канцэртную праграму "Вянок", у якую ўвайшлі песні, напісаныя на вершы з аднаіменнага зборніка беларускага паэта Максіма Багдановіча. Адзін з найлепшых вакалістаў ансамбля, Валерый Дайнека, выканаў напісаную Мулявіным песню "Слуцкія ткачыхі" з філіграннай дакладнасцю. Даволі спецыфічны, але незабыўны голас Дайнекі апрацаваў кожны гук з найвышэйшай пранізлівасцю.

Адна з рысаў Мулявіна, якая зрабіла яго звышпаспяховым кіраўніком ансамбля, - ён падбіраў цудоўныя кадры і даваў ім прастор для творчасці. Уладзімір Мулявін склаў песню на верш з "Вянка" "Максім і Магдалена", і выконваў яе вакаліст "незалатога" складу ансамбля Ігар Пеня. Радкі, што ўвайшлі ў песню, распавядаюць пра хлопца Максіма, які ідзе ў разнос з-за разбітага кахання да Магдачкі, Магдалены, хлопец п'е, прапівае крыж, гуляе на ўсе грошы, заве сяброў, каб разам піць, - і вакал Пені такіх ж рэзкі, разцугляны і разгульны. Да таго ж, моцны голас, па шчасці, дазваляў выканаўцу праводзіць вельмі смелыя і зваонкія акустычнаыя атакі, упрыгожваючы песню.

Уладзімір Мулявін так добра выканаў сваю культурна-гістарычную ролю стваральніка беларускага мас-культу, што некаторыя часам нават забываюць, што майстар быў не беларускім, але расійскім нараджэнцам, і патрапіў у Беларусь на вайсковую службу са Свярдлоўска. Пасля павіннасці Мулявін вырашыў застацца ў Менску, дзе праз некаторы час і заснаваў у 1969 г. ансамбль, спачатку названы "Лявоны" (гэтым словам у прыніжальным сэнсе замежнікі называлі ўсіх беларусаў), а ў 1970 г. пераіменаваным у "Песняроў".

У праграме "Вянок" была таксама і знакамітая песня "Пагоня". Прадказальна, што кампазіцыя набыла сваё жыццё толькі на рубяжы 1980-1990-х гг., калі савецкая ўлада рыхтавалася абрынуцца ў вечнасць ці па меншай меры адыйсці на некалькі гадоў. Цікава, што нават у некаторых перавыданнях зборніка вершаў Багдановіча, якія выходзілі ў савецкія часы, гэты верш увогуле адсутнічае. Гэта не выглядае нейкім цудам, бо калі ў пэўнай ступені цэнтральная савецкая ўлада падтрымлівала беларушчыну (вядома пра асабістую любоў Брэжнева і Машэрава да ансамбля), то радкі "старадаўняй "Пагоні" не разбіць, не спыніць, не стрымаць" яўна не ўваходзілі ў пералік слоганаў, пажаданых для распаўсюду.

Затое ў "дзевяностых" вяртанне "Пагоні" ў беларускае жыццё адбылося адразу па некалькіх накірунках: у дзяржаўнай сімволіцы, у мастацтве, а таксама ў цудоўнай кампазіцыі Уладзіміра Мулявіна. Што праўда, можна было б заўважыць нейкую кан'юнктурнасць з'яўлення мулявінсай "Пагоні" ў зручны для гэтага час, але вынік той творчай працы не пакідае ў душы слухача ніякіх іншых думак і пачуццяў, акрамя захаплення працай песняра. Ад пачатку песні душа музыкі ірвецца кранальным болем, але ў канцы кампазіцыі гарыць агонь адданай барацьбы і надзеі. Калі ў якасці афіцыйнага гімну Беларусі мулявінская "Пагоня" можа паказацца збыт эмацыйнай, то для распальвання пачуцця нацыянальнай годнасці - у самы раз.

Акрамя таго, па чым Уладзіміра Мулявіна ведаюць у краінах былога Саюза, "Песняры" напісалі шмат арыгінальнага і з выдумкамі, як альбом, прысвечаны паэзіі Бёрнса ў перкаладах Маршака, ці звычайнага для тых часоў, звязанага з замоўленай памяццю пра вялікую вайну. Але ж і вакальна-інструментальны ансамбль, і кіраўнік Мулявін - гэта перш за ўсё музыкі беларускія, дзеячы не толькі савецкай, але і беларускай культуры. Лёс, наканаваны Мулявіну, выгукнуў яго ў Беларусь, у беларускую філармонію, каб разам з кампазітарам Ігарам Лучанком вандраваць па Палессі ў пошуках народных музычных матываў і спеваў, каб "з нуля" вывучыць беларускую мову, не каланізаваць, але лакалізавацца, сабраць найлепшы калектыў у гісторыі беларускай музыкі і праспяваць пад нацыянальными сімваламі купалаўскую "Малітву", прысягу на вернасць Беларусі.

Аднойчы французкі аўтар пісаў: традыцыя - гэта не пакланенне попелу, але падтрыманне агню. І цудоўная мулявінская ці ўвогуле песняроўская песня - гэта спадчына, якая, пры ўсім недахопе ўвагі да сабе, усё яшчэ мае вялізарны капітал вартасці ў нараджэнні і жыццязабеспячэнні культурнага ці эмацыйнага самаасэнсавання сабе ў якасці дзейнай адзінкі беларушчыны. І пакуль галасы тых, хто артыкулюе Уладзіміра Мулявіна як нацыянальнага героя тонуць у агрэсіўным і таксічным інфармацыйным шуме безталентнасці, часоўшчыны і пазіравання, вытокі рызыкуюць загінуць.

Яўген Балінскі, студэнт ЕГУ.

Таццянін дзень прывітала сталічная бібліятэка імя Талстога

Для паэтычнага тэатра "Арт.С." стала ўжо традыцыяй правядзенне штогод святкавання Таццянінага дня. І традыцыйна - ізноў жа - праводзіць гэтае святочнае мерапрыемства супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, паэтка, пісьменніца, навукоўца Таццяна Барысюк. Не стаў выключэннем з правіла і 2021 год. Аднак нейкія змены ўсё ж адбыліся - упершыню імпрэзу, прысвечаную Таццянінаму дню, прымала бібліятэка № 1 імя Л.М. Талстога.

Мерапрыемства прызначылі на нядзелю, 24 студзеня - г. зн. напярэдадні свята ўсіх Таццян 25-га студзеня. У пэўны час пачалі збірацца людзі: выступоўцы, запрошаныя госці, аматары паэзіі. У нейкі момант пачуўся лёгкі стук абцасаў, і ў залу ўплыла вядоўца імпрэзы Таццяна Барысюк. Дарэчы, святочным сукенкам спадарыні Таццяны можна было б прысвяціць асобны артыкул у модным часопісе: доўгія і кароткія, расклёшаныя і строга па фігуры, упрыгожаныя стразамі, крышталямі і г.д. На гэты раз сукенка была блакітная са срэбрам, упрыгожаная драпіроўкамі…

І вось імпрэза пачалася. Напачатку Таццяна Барысюк павіншавала ўсіх Таццян, усіх студэнтаў і ўсіх прысутных з Таццяніным днём і пажадала плёну ва ўсіх справах.

З цудоўным святам вас, Таццяны!

Хай вашы дні ляцяць без хмараў,

Шанцунак будзе спадзяваны

І здзейсняцца ўсе вашы мары!


І лёс хай не перашкаджае

Вам быць шчаслівымі заўжды!

І хай анёлы ашчаджаюць

У студзеньскія халады!

Далей вядоўца зазначыла, што мерапрыемства, прысвечанае Таццянінаму дню, паэтычны тэатр "Арт.С" гэтым разам праводзіць сумесна з літаратурным клубам "Экватар".

Увогуле, нельга не адзначыць, што ў 2021 годзе святкаванне Таццянінага дня спадарыня Барысюк праводзіла ў дванаццаты раз, але для кожнай з гэтых імпрэз Таня пісала асобны сцэнар. Спіс выступоўцаў таксама змяняецца кожны год.

Прысутныя пачулі ад вядоўцы шмат цікавых рэчаў. Канешне, напачатку быў кароткі экскурс у гісторыю свята ўсіх Таццян і студэнтаў, якое пачалі адзначаць у 1755 годзе ў Расіі, калі імператрыца Елізавета Пятроўна падпісала Указ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта. Потым спадарыня Барысюк звярнулася да гісторыі імені Таццяна і распавяла, што "Таццяна" перакладаецца з грэчаскай мовы як "арганізатарка", "наладжвальніца", "заснавальніца". Таццяны валявыя, актыўныя, рашучыя, прынцыповыя, артыстычныя, эгацэнтрычныя, інтраверткі. Не выносяць аднастайнасці, маюць моцную волю. Іх інтэлект высокі, але заўсёды накіраваны на рашэнне практычных задач - ніякіх абстракцый. Таццяны - надзейныя сяброўкі.

Дарэчы, менавіта свайго старога сябра яшчэ з 90-х гадоў, спадарыня вядоўца запрасіла выступіць першым. Гэта быў паэт, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут, ён жа - кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар". Спадар Вячаслаў распавёў прысутным некалькі гісторый са свайго жыцця, звязаных з Таццянамі. Потым ён прачытаў шэраг сваіх лірычных вершаў, сярод якіх быў, канешне, паэтычны твор, прысвечаны ўсім Таццянам.

…Я дачакаюся, Таццяна!

Ты - маёй мары небакрай.

Яна ўсіхнулася, бы панна,

Рукой махнула: выбачай!


Ці ж гэта словы апраўдання?

Мо горычы цяжкой уздых?

Пачуцці зведалі звяданне,

Як квецень скінулі сады…

Наступная выступоўца нарадзілася з Таццянай Барысюк у адзін год і ў адзін і той жа месяц. А таксама іх абедзвюх у адзін і той жа дзень прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў - 10 сакавіка 2004 года. На гэтым супадзенні заканчваюцца, бо імя ў гэтай паэткі зусім не Таццяна, а Інга. Следам за Вячаславам Корбутам перад прысутнымі выступіла Інга Вінарская. Яна выйшла да аўдыторыі з новым нумарам альманаха "Літаратурны экватар", паколькі з'яўляецца яго шэф-рэдактарам, дызайнерам і тэхнічным рэдактарам. Адтуль жа Інга чытала і свае вершы, але зусім не зімовыя, а вясновыя і летнія, бо сказала, што зімой вельмі хочацца лета, а яшчэ вясны на яе заканчэнні - з усімі гэтымі пялёсткамі і квеценню.

…Трава ў расе, пялёсткі зіхацяць,

Пачаўся дзень сінечаю нябёснай.

Ад захаплення думак лёгкі сцяг

Са свежасцю дыхнуў красою роснай.


І пад дажджом з пялёсткаў бы ізноў

Было свабодна, радасна надзіва,

Нібы дайшоў да лёсавых асноў

Жыцця ўсяго - раптоўна і пачціва.

З вершамі пра прыроду і каханне перад прысутнымі выступіла ўчарашняя школьніца, сённяшняя студэнтка Лінгвістынага ўніверсітэта Любоў Раманава. Гэта была самая маладзенькая выступоўца, і яе вершаваныя творы зала прымала асабліва цёпла.

Паэт, пісьменнік, кнігавыдавец, грамадскі дзяяч Міхась Башура на святкаванне Таццянінага дня завітаў упершыню, але ні на хвіліну аб гэтым не пашкадаваў. Чытаў зімовыя вершы і творы пра каханне.

Пачуцці маюць колер.

Настрой - тым больш.

Мы гэтага не бачым

і нават не імкнёмся.

Тым лепш для нас,

бо колер маем

і мы самі…

Паэт, пісьменнік, літаратуразнавец Юрась Нераток натхнёны і паэзіяй, і музыкай. Ён часта выступае з песнямі пад гітару, піша творы ад імя розных арыгінальных лірычных суб'ектаў. Спадар Юрась арганізаваў выданне некалькіх кніг калектыўных твораў, што з'яўляецца вельмі рэдкім для сучаснай беларускай літаратуры. Ён - архітэктар малых форм паводле сваёй асноўнай сферы дзейнасці. На святочнай вечарыне, прысвечанай Таццянінаму дню, Юрась Нераток прачытаў шэраг сваіх эксперыментальных твораў, якія мелі вельмі цікавую форму.

Валянцін Шведаў не так даўно выдаў кнігу вершаў "Міг на часавай стужцы". Адтуль ён і прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў пра прыроду і пра каханне.

Адно з тых адвечных

у свеце пытанняў:

Дык што ж уяўляе сабою каханне?

Адкуль нам прыходзіць? Знікае куды?

Якія ў душы пакідае сляды?


З сустрэчы пачнецца

зусім выпадковай,

Ці выспее з доўгіх адносін сябровых?

І вось загарэлася зоркай яно.

Сп'яніла, атруціла, нібы віно…

І, канешне, падборку вершаваных твораў прачытала прысутным вядучая святочнай вечарыны Таццяна Барысюк. Гэта былі і новыя вершы, і творы з яе кнігі "Аўтапартрэт", і паэтычныя опусы з альманаха "Літаратурны экватар".

Самы прыгожы мужчына - каханы.

Мне не хапае пяшчотных абдымкаў.

Быць з Вамі разам -

мне так нерэальна,

а быць у пекле наяўным - так звыкла.


Я ратавалася б Вашымі вуснамі,

позіркам Вашым і Вашай усмешкай.

Я - у адчаі і на сэрцы - вусцішна.

Я несвабодна, а з Вамі - бязмежна.

Вы - непазбежнасць…

Напрыканцы імпрэзы адбылася святочная віктарына, па ўмовах якой, хто першы адказваў на пытанні вядоўцы, звязаныя з Таццянамі і днём 25 студзеня, той атрымоўваў прыз. Гэта было сапраўды весела! Завяршылася імпрэза, прысвечаная Таццянінаму дню, фотасесіяй выступоўцаў з усімі ахвотнымі сфатаграфавацца.

Інга Вінарская, паэтка, пісьменніца, журналістка.

"Люстэрка творчасці" раскрыла творчы шлях мастачкі і паэткі Лідчыны Ірыны Вашкевіч

28 студзеня ў Лідскім палацы культуры адбылася творчая сустрэча лідскай мастачкі і паэткі Ірыны Вашкевіч са студэнцкай аўдыторыяй і з людзьмі, якія цікавяцца культурай у розных яе праявах.

Ірына працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ГУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" кіраўніком народнага лялечнага тэатра "Батлейка". Аддзел рамёстваў - гэта выдатная платформа для творчасці і фантазіі, рэалізацыі ідэй, вывучэння беларускай культуры і традыцый.

Вядоўца вечара Лаліта Кумпель гутарыла з госцяй пра этапы станаўлення і творчага росту, натхненні для стварэння прац на выяўленчым і літаратурным шляху.

Для гасцей вечара Ірына прадставіла калекцыю палотнаў у тэхніцы алейнага жывапісу, прэзентацыю студэнцкіх прац, відэа ў тэхніцы пескаграфіі, зачытвала вершы, якія ўвайшлі ў міжнародную складанку ўкраінскага выдаўца 2019 г. Трэба адзначыць, што мерапрыемства адбывалася на фоне маляўнічай сцяны "Музы мастацтва", якую Ірына распісала для Палаца культуры г. Ліды ў 2014 годзе.

- Уменне заўважаць прыгажосць у самых простых рэчах, натхняцца нашай прыродай, меладычнасцю роднай мовы, культурнымі традыцыямі сваёй зямлі, - усё гэта - невычэрпная крыніца для маёй творчасці, - падкрэсліла Ірына.

Удзельнікі калектыва народнага лялечнага тэатра "Батлейка" падрыхтавалі падарунак для гледачоў. Ім стаў спектакль "Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі", рэжысёрам і сцэнарыстам якога з'яўляецца Ірына. Сталая і дзіцячая аўдыторыя з вялікай увагай і цікавасцю сачыла за прыгодамі галоўных герояў п'есы. Вясёлая музыка ў народных матывах і пацешныя персанажы нікога не пакінулі абыякавымі.

Вечар з харызматычнай Ірынай Вашкевіч завяршыўся ў добразычлівай і ветлівай атмасферы. Дзякуючы прафесійнай працы арганізатараў мерапрыемства, а таксама ўтульнай зале Палаца культуры, у гледачоў засталіся толькі прыемныя ўражанні.

Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Дыдышка І.М.

Быхаўскі кляштар і ягоныя ўладанні

Гісторыя Магілёўшчыны

У 1619 г. з фундушу тагачаснага ўладальніка Быхава вялікага гетмана літоўскага Яна-Караля Хадкевіча быў пабудаваны драўляны касцёл святога Казіміра, які пачалі ставіць яшчэ ў 1617 г., пры гэтым Хадкевіч абмяркоўваў ідэю заснавання Быхаўскага манастыра рэгулярных латэранскіх канонікаў з прэпазітам Марцінам Клачынскім ужо ў 1616 г., а ў 1618 г. з Кракаўскай кангрэгацыі ў Быхаў выехалі 4 канонікі на чале з пробашчам Крыштафам Ланеўскім. У 1621 г. Хадкевічаў фундуш быў зацверджаны віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам і самім рымскім папам Паўлам V.

Трохі пазней кароль Жыгімонт ІІІ сваім прывілеем зацвердзіў пазбаўленне правоў на маёнткі Лубянка, Хамічы і Азяраны Кіеўскай праваслаўнай архімандрыі, якая кіравала імі не менш за стагоддзе, і перадаў іх вялікаму маршалку літоўскаму Яну-Станіславу Сапегу як спадкаемцу Хадкевіча (ён быў жанаты з адзінай дачкой Яна-Караля Ганнай-Схаластыкай, а менавіта яна і натхніла свайго бацьку на фундаванне кляштара). 15 ліпеня 1631 г. кароль зацвердзіў і прывілей на Быхаўскі кляштар. У 1649 г. пазначаныя маёнткі былі афіцыйна перададзеныя братам Яна-Станіслава, літоўскім падканцлерам Казімірам-Лявонам Сапегам быхаўскім латэранскім канонікам.

У 1657 г., у часе Трынаццацігадовай вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, будынкі кляштара былі спалены расійскім войскам, пасля чаго былі адбудаваныя коштам чарговага быхаўскага магната - вялікага гетмана літоўскага Паўла-Яна Сапегі, сам касцёл быў ужо тады пастаўлены з цэглы і каменю. Падчас беспарадкаў быхаўскіх месцічаў у 1695 г. ён зноў згарэў і не быў цалкам узноўлены, аж пакуль 5 кастрычніка 1702 г. Быхаў - з прычыны пераходу ягоных уладальнікаў Сапегаў на бок Швецыі ў часе Паўночнай вайны - не быў абложаны расійска-казацкімі войскамі на чале з Пятром І, якія пачалі абстрэльваць горад з гармат, у выніку чаго комплекс згарэў цалкам з усімі дакументамі. У 1707 г. кляштар быў адноўлены. Касцельныя метрычныя кнігі, што цяпер знаходзяцца ў Нацыяльным гістарычным архіве ў Менску, захаваліся таксама толькі ад 1707 г.

У сярэдзіне XVIII ст. касцёл зноў згарэў, таму ў 1762 г. быў закладзены новы мураваны, які 2 траўня 1768 г. быў асвечаны беларускім біскупам - суфраганам Феліксам Тавянскім з наданнем новага імені - Беззаганнага Зачацця Божай Маці і святых патронаў Казіміра і Аўгустына. Будынак быў не дужа вялікі, памерам 10,5 х 4,5 сажняў, г. зн. прыблізна 23 х 10 метраў. Спераду быў франтон з крыжам, абапал яго - дзве вежкі таксама з крыжамі. Чацвёрты крыж быў ўсталяваны ў задняй частцы будынка. Дах быў крыты гонтай, апрача вежак, што былі пакрытыя бляхай. Перад будынкам касцёла стаяла высокая мураваная званіца.

Колькасць манахаў у кляштары заўсёды была невялікай, вагаючыся ад 4 у 1619 г. да максімальнай лічбы ў 12 канонікаў у 1777 г.

Тэрытарыяльна Быхаўская парафія была даволі вялікая, ахопліваючы амаль увесь колішні Старабыхаўскі павет (нашмат большы за цяперашні Быхаўскі раён), за выключэннем задруцкай і паўднёвай частак, што адносіліся да Азяранскай ды Журавіцкай парафіяў, адпаведна. Але з увагі на тое, што рыма-каталікі на ўсходзе Беларусі былі ў выразнай меншасці, парафіянаў было няшмат, дый тое - іх колькасць значна павялічылася толькі пасля далучэння рэгіёна да Расійскай Імперыі. Рэч у тым, што Кацярына ІІ пачала патрабаваць ад шляхціцаў пацверджання свайго шляхецкага паходжання, таму небагатыя засцянкоўцы, каб прыстасавацца да стэрэатыпнага вобраза, пачалі масава пераходзіць у каталіцтва, хоць пры Рэчы Паспалітай большасць з іх наведвала ўніяцкія цэрквы, там і хрысціліся, і вянчаліся, і, тым больш, адпавяліся. Напрыклад, у 1832 годзе агульная колькасць парафіян складала 1177 чалавек (629 мужчынскага полу, 548 - жаночага), з іх у самім Быхаве - 339 парафіянаў (178 і 161, адпаведна). Да таго ж, на тэрыторыі парафіі было 3 рыма-каталіцкія капліцы: у Глухах і Хамічах (цяпер - Быхаўскі раён), у Запаточчы (цяпер - Магілёўскі раён).

Прынамсі ад 1675 г. пры кляштары існавала школка ланкастэрскага тыпу, у якой вучылася ад 8 да 50 дзяцей шляхцічаў і сялян. Напрыклад, у 1832 годзе ў наноў выбудаванай школе ў 4 класах вучылася 56 вучняў, з іх большасць - дзеці бедных шляхціцаў, што навучаліся за кошт кляштара.

Манахі і вучні карысталіся з бібліятэкі: у ёй, напрыклад, у 1820 г. налічваўся 321 экземпляр кніг, прычым самая старая з іх была выдадзена ў 1602 г. Быў і ўласны архіў, дзе захоўваліся фундушовыя, судовыя, фінансавыя дакументы, рэестры, інвентары і г. д. Пры кляштары дзейнічаў невялікі шпіталь для бедных шляхціцаў і ўласных прыгонных (у 1832 годзе было 6 хворых і калекаў).

У дакументах судоў Аршанскага і Рэчыцкага паветаў, на тэрыторыі якіх знаходзіліся кляштарныя маёнткі, а таксама Галоўнага трыбунала ВКЛ згадваюцца бесперапынныя памежныя і маёмасныя спрэчкі з суседнімі ўласнікамі: дзедзічамі Быхаўскага графства Сапегамі, Аскеркамі (уласнікамі маёнтка Ціхінічы), Янішэўскімі і Ганіпроўскімі (уласнікамі маёнтка Збышын-Чачэвічы), Бабруйскім і Рагачоўскім каралеўскімі староствамі.

Уладанні кляштара былі даволі вялікімі як тэрытарыяльна (агульная плошча складала 1374 валокі ці каля 300 км²), так і па насельніцтве: напрыклад, у 1747 г. у Лубянцы было 40 двароў, у Хамічах - 11 (абедзве вёскі цяпер знаходзяцца ў Быхаўскім раёне), у Падсёлах - 26 (сучасны Кіраўскі раён), у Азяранах - 34, у Крушынаўцы - 24 (абедзве вёскі - у Рагачоўскім раёне), агулам колькасць прыгонных абодвух палоў складала ў той час ад 800 да 1000 чалавек, і гэта без уліку чыншавай шляхты і зямян-арандатараў.

У 1772 г., пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, мяжа між дзяржавамі пралягла па рацэ Друць, раздзяліўшы ўладанні Быхаўскага кляштара: фальваркі Лубянка і Хамічы апынуліся ў Расійскай Імперыі, а сёлы Азяраны, Крушынаўка і Падсёлы засталіся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дзеля абароны сваіх межаў ды засваення новых зямель (у тым ліку дзеля сплаву лесу па Дняпры для расійскіх верфаў на Чорным моры) канонікі засадзілі невялічкія слабодкі на ўскрайках: каля 1775 г. была заснавана Новая Слабодка (пазнейшая вёска Галееўка), каля 1790 г. узнікла Слабодка Кароткія (першымі жыхарамі там былі сяляне з сяла Лубянка з прозвішчам Кароткі, якое пазней трансфармавалася ў Караткевіч). Некалькі зямян і сялян засялілі на берагах рэчкі Балонаўка аднайменны засценак, згаданы яшчэ ў 1730 г. як млын Абалонаўка. У 1788 г. каля Лубянкі была заснавана шкляная гута, вакол якой вырасла вёска Лубяніцкая Гута ці проста Гута (апошні жыхар памёр у 2001 годзе, яна сама пазней была спляжана бульдозерамі, на яе месцы цяпер знаходзіцца гадавальнік аленяў для заможных паляўнічых). На Друці на мяжы XVIII XIX стст. узніклі аколіцы Радамысль (цяпер Слабада, дзе ў 2015 годзе заставаўся 1 жыхар) і Рум (цяпер не існуе).

Пасля падзелу ўзнікла праблема кіравання маёмасцю на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дзеля гэтага ў 1772 г. быў заснаваны Азяранскі манастыр рэгулярных канонікаў латэранскіх, фактычны філіял Быхаўскага кляштара, які таксама заснаваў новыя паселішчы на межах сваіх абшараў: каля 1790 г. з'явілася вёска Рэкта (цяпер Рагачоўскі раён), ля Падсёл быў заснаваны аблюднены фальварак Феліксполле (цяпер Сяліба Кіраўскага раёна). На сучаснай Быхаўшчыне каля 1775 г. была пасаджана слабодка на самым поўначы земляў Азяранскага кляштара, пазней заселеная таксама і чыншавай шляхтай. Цяпер гэта вёска Кароўчына на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Каля Хаміч пры млыне была заснавана вёска Езва (знаходзілася ў Быхаўскім раёне, цяпер не існуе).

У 1842 г. маёнткі Быхаўскага кляштара рэгулярных канонікаў латэранскіх, пасля яго закрыцця царскімі ўладамі, былі перададзены казне, апошні манах выселены ў 1845 г., але касцёл працягваў дзейнічаць аж да паслярэвалюцыйных часоў. Да нашых часоў захаваўся апошні будынак кляштара, у якім пасля скасавання месцілася жаночая гімназія, вядомая тым, што менавіта тут у 1917 годзе ўтрымліваліся пад арыштам кіраўнікі карнілаўскага бунту. У савецкія часы тут была школа, ДТСААФ, медыцынскі выцвярэзнік, урэшце, будынак быў перададзены ў карыстанне Быхаўскаму лясгасу.

Анатоль Прасаловіч, Магілёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX