Папярэдняя старонка: 2021

№ 07 (1522) 


Дадана: 17-02-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1522), 17 лютага 2021 г.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

ПАДЗЯКА ЗА МОВУ

Падсумоўваючы вынікі 2020 года, у набліжэнні Дня роднай мовы сябры Нясвіжскай раённай арганізацыі ўзнагародзілі шанавальным лістом супрацоўніцу раённай газеты "Нясвіжскія навіны" Вольгу Кандрукевіч (на фотаздымку злева).

Гэта той прыемны выпадак, калі ёсць за што ганараваць і шчыра дзякаваць. Спадарыня Вольга піша нязменна па-беларуску. Родная мова надае яе нататкам, нарысам і рэпартажам шчырасці гаворкі, пераканальнасці зместу, пачуццёвага выяўлення, мясцовага каларыту: як-ніяк, а раёнка - гэта газета найперш пра сваё, блізкае, местачкова-вясковае - пра перадавога камбайнера, 100-гадовы юбілей вясковай доўгажыхаркі, ганаровых землякоў, народныя калектывы.

У 2020 годзе спадарыня Вольга з ахвотай узялася за ажыццяўленне новага газетнага праекта "Дзіцячая старонка" - выключна беларускамоўнага і, як усім відавочна, вельмі надзённага. Кожны яе выпуск пачынаецца ўступным словам вядоўцы да маленькіх чытачоў і іх бацькоў, парадамі і падказкамі. Знаходзіцца на газетнай старонцы месца вершам вядомых беларускіх паэтаў, народным прыказкам, прымаўкам, загадкам і лічылкам, пацешкам і забаўлянкам, рэбусам і шматлікім іншым заданням на веды, досціп і кемлівасць. Хоць старонка багата ілюстраваная, каляровая, але і маленькім карыстальнікам ёсць месца для ўласных размалёвак, падбору колераў па адпаведнасці і густу.

- Падрыхтаваць такую старонку значна цяжэй, чым напісаць прывычны артыкул, кажа спадарыня Вольга. - Праца вымагае непрывычных падыходаў . Але ж тым і цікавая! Асабліва падахвочвае мяне разуменне той карысці, якую нясе "Дзіцячая старонка" ў сем'і падпісчыкаў. Гэта дадатковыя прыемныя кантакты бацькоў і дзяцей, інтэлектуальнае развіццё, далучэнне да роднай мовы праз цікавае баўленне вольнага часу.

"Дзіцячай старонцы" ўсяго толькі год. Пажадаем ёй доўгага лёсу, а Вользе Кандрукевіч і надалей творчага імпэту.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

Гарадзенскае ТБМ запрашае на анлайн-дыктоўку

Гарадзенская філія Таварыства беларускай мовы выклала на YouTube відэа, з дапамогай якога можна далучыцца да напісання агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Распавяла сябра ТБМ, літаратарка Ала Петрушкевіч:

- У Міжнародны дзень роднай мовы ў Гародні, як і па ўсёй Беларусі, штогод ладзіцца Агульнанацыянальная дыктоўка. На жаль сёлета з-за пандэміі такога свята, сустрэчы аднадумцаў наладзіць не выпадае. Таму Гарадзенская гарадская і абласная Рада ТБМ прапаноўваюць вам напісаць дыктоўку анлайн.

Ала Петрушкевіч зачытала на відэа да 90-годдзя Ніла Гілевіча яго верш "Жыта, сосны і валуны". Старшыня абласной філіі ТБМ Віктар Парфёненка заклікаў усіх беларусаў далучыцца:

- Беларусам прапануецца далучыцца 21-га лютага. У зручны для іх час адкрыць камп'ютар, дастаць з YouTube гэты тэкст, паслухаць і напісаць дыктоўку. Беларусы могуць выказаць сваё стаўленне да беларушчыны, да беларускай мовы, паказаць, што яны самавіты народ. Яны не адны, гэта пішуць тысячы і тысячы беларусаў у гэты дзень. Тэксты, якія ўслаўляюць наш край, услаўляюць нашу літаратуру, даюць магчымасць нам пачуць нашу еднасць.

Таксама падчас агульнанацыянальнай дыктоўкі прапануецца напісаць на выбар эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта", а таксама творы Івана Шамякіна з нагоды яго 100-годдзя і тэкст Міколы Ермаловіча "Мова - сцяг народа", напісаны ў 1975 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.

Вечарына памяці рупліўца Беларушчыны, вядомага гісторыка, грамадскага дзеяча, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Міхайлавіча Лыча адбудзецца 24 лютага на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны па вул. Румянцава, 13 у 18.00.

Беларусізацыя, якая не адбылася

На Усебеларускім Народным Сходзе з боку ўладаў не прагучала ні аднаго добрага слова ў бок беларускай мовы. Усе праблемы былі паднятыя, а праблемы беларускай мовы як бы і няма. А 20 гадоў назад праблему бачылі, і нешта пачыналі рабіць.

А.П. Вайтовічу

B. І. Стражаву

А.У. Сасноўскаму

А.І. Падлужнаму

А.У. Казуліну

Л.Н. Ціханаву

Я.Д. Грыгаровіч

Пытанне аб далейшым развіцці беларускай мовы ў рэспубліцы, безумоўна, заслугоўвае самай пільнай увагі.

Думаю, што нам трэба мець перспектыўную праграму па падтрымцы нацыянальнай мовы.

У сувязі з гэтым прашу Вас абмеркаваць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі беларускамоўную праблему і ўнесці прапановы ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для дакладу Кіраўніку дзяржавы.

29 лістапада 1999 г. І.І. Пашкевіч.

№ 10/209-40

Намесніку Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Пашкевічу І.І.

Міністэрства адукацыі інфармуе аб стане ўкаранення і развіцця беларускай мовы ва ўстановах сістэмы адукацыі.

На 1.09.1999 г. з агульнай колькасці 4441 дашкольных устаноў вядуць работу ў групах на беларускай мове 1863 (42%). У сельскай мясцовасці колькасць дашкольных устаноў з групамі на беларускай мове складае 76% ад агульнай колькасці, у гарадской - 9,2%.

У мінулым навучальным годзе на беларускай мове навучалася 481060 (30,5%) вучняў падрыхтоўчых, 1-11 класаў, пры гэтым у сельскай мясцовасці - 317300 (77,1%), у гарадской - 163760 (14,0%). У апошнія гады назіраецца зніжэнне колькасці вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове ў пачатковай школе гарадской мясцовасці. Так, з агульнай колькасці навучэнцаў падрыхтоўчых і першых класаў гарадской мясцовасці на беларускай мове ў 1998/99 навучальным годзе навучалася 6,8%, у сельскай мясцовасці - 75,2%.

Сітуацыя сведчыць аб неабходнасці прыняцця мер па спыненні працэсаў пераводу беларускамоўных школ, класаў на рускую мову навучання, па развіцці беларускай мовы ва ўстановах адукацыі.

Міністэрства распрацоўвае адпаведную праграму падтрымкі беларускамоўнай адукацыі. Праграма закране дзейнасць усіх ступеняў сістэмы ад дашкольнага выхавання да паслядыпломнай адукацыі. На наш погляд, асаблівая роля ў вырашэнні праблем беларускай мовы належыць вышэйшым і сярэднім спецыяльным навучальным установам. Апошняе тлумачыцца тым, што без магчымасці навучання ў вышэйшых установах на беларускай мове выпускнікі школ і бацькі аддаюць перавагу рускамоўным школам.

Вырашэнне гэтай праблемы мяркуецца ажыццявіць праз увядзенне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах дзвюх плыняў: рускамоўнай і беларускамойнай. Акрамя таго, прапануецца паступова пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў вучэбным працэсе педагагічных, гуманітарных, тэхнічных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

З улікам вышэйназваных праблем Міністэрства адукацыі накіроўвае для першапачатковага разгляду праект праграмы, у якой вызначаны меры па падтрымцы і развіцці беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

Міністр В.І. Стражаў.


Праект

ЗАЦВЯРДЖАЮ:

Міністр адукацыі

Рэспублікі Беларусь

В.І.Стражаў

Праграма дадатковых мер па развіцці беларускай мовы ў сістэме адукацыі

I. Арганізацыйныя мерапрыемствы

1. З мэтай вызначэння стратэгіі развіцця беларускай мовы ў сістэме адукацыі стварыць каардынацыйны савет з прадстаўнікоў Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Навукова-метадычнага цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання, Навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны і іншых устаноў адукацыі.

2. Усебакова прааналізаваць моўны рэжым ва ўсіх тыпах навучальных устаноў. На аснове праведзенага аналізу вызначыць перспектыву развіцця сеткі школ, дашкольных устаноў, ПТВ, сярэдніх снецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, груп і плыняў з беларускай мовай навучання.

3. Пашырыць сетку гімназій, ліцэяў, школ з ухілам з арганізацыяй навучальна-выхаваўчага працэсу па беларускай мове.

4. Ажыццявіць паступовы перавод на беларускую мову візуальнай інфармацыі ў навучальна-выхаваўчых установах.

5. Узмацніць у сістэме адукацыі патрабаванні да вядзення справаводства на беларускай мове. Вызначыць пералік абавязковых дакументаў для падрыхтоўкі і выдання на беларускай мове.

6. Забяспечыць ужыванне беларускай мовы пры правядзенні педагагічных саветаў школ, ПТВ, ССНУ, вучоных саветаў ВНУ, пасяджэнняў саветаў факультэтаў, рэктаратаў, кафедраў.

7. Устанавіць аднолькавыя суадносіны друкавання матэрыялаў у двухмоўных перыядычных педагагічных і прафесійных выданнях Міністэрства адукацыі на беларускай і рускай мовах.

8. Падрыхтаваць і ўнесці ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапановы аб даплаце настаўнікам, выкладчыкам, выхавацелям, якія ажыццяўляюць навучальна-выхаваўчы працэс на беларускай мове.

II. Сістэма дашкольнага выхавання

1. Вызначыць канкрэтную геаграфію дзіцячых дашкольных устаноў, якія працуюць на беларускай мове. Забяспечыць у іх выхаваўча-навучальны працэс, вядзенне справаводства і дакументацыі на беларускай мове.

2. Вызначыць у кожным раёне апорныя дашкольныя ўстановы з арганізацыяй комплекснай работы па развіцці беларускай мовы, азнаямленні дзяцей з культурнай спадчынай Беларусі. Распрацаваць перспектыўны план развіцця беларускамоўных апорных дашкольных устаноў. 3. Забяспечыць курсавую падрыхтоўку педагагічных работнікаў беларускамоўных дашкольных устаноў на беларускай мове.

4. Забяспечыць усе дашкольныя ўстановы, якія ажыццяўляюць выхаваўча-навучальную работу на беларускай мове, праграмай выхавання і навучання "Пралеска" (беларускамоўны варыянт).

5. Забяспечыць выхаванне і навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту адпаведнай вучэбна-метадычнай літаратурай на беларускай мове.

6. Распрацаваць праграмы для гурткоў па азнаямленні дзяцей з фальклорнай спадчынай, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам Беларусі, забяспечыць імі ўсе дашкольныя ўстановы рэспублікі.

III. Сістэма школьнай адукацыі

1. Пашыраць сетку агульнаадукацыйных школ з беларускай мовай навучання ў гарадской мясцовасці. У кожным раённым цэнтры, раёне гарадоў адкрыць не менш адной школы з беларускай мовай навучання.

2. Стварыць у рэспубліцы сетку гімназій з беларускай мовай навучання.

3. Адкрыць для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, школы-інтэрнаты з беларускай мовай навучання і выхавання, забяспечыць іх адпаведнай вучэбна-матэрыяльнай базай.

4. Распрацаваць Палажэнне аб узорнай гарадской беларускамоўнай школе. Штогод да 1 верасня па прадстаўленні абласных упраўленняў адукацыі прысвойваць лепшым школам ганаровае званне "Узорная беларускамоўная школа".

5. Прыняць неабходныя меры па забеспячэнні ў беларускамоўных школах (класах) выкладання ўсіх прадметаў вучэбнага плана на беларускай мове.

6. Павялічыць колькасць школ і класаў з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, укамплектаваць іх высокакваліфікаванымі кадрамі, вучэбнай і метадычнай літаратурай. Стварыць у гарадах рэспублікі апорныя школы з паглыбленым вывучэннем гэтых прадметаў.

ІV. Сістэма прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі

1. Адкрыць прафтэхвучылішчы (вучэбныя групы, аддзяленні ў іх) з беларускай мовай навучання.

2. Ва ўсіх ПТВ сельскагаспадарчага профілю, ПТВ, якія рыхтуюць кадры для гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, транспарту, лёгкай прамысловасці, машынабудавання, адкрыць аддзяленні для навучання на беларускай мове па прыярытэтных прафесіях.

V. Сістэма вышэйшай і сярэдняй адукацыі

1. Распрацаваць перспектыўны план адкрыцця беларускамоўных плыняў у гуманітарных, тэхнічных вышэйшых навучальных і сярэдніх спецыяльных установах. 2. Адкрыць ва ўсіх ВНУ і сярэдніх спецыяльных установах рэспублікі вучэбныя групы, патокі, адзяленні з беларускай мовай навучання.

3. Адкрыць беларускамоўныя групы на факультэтах да-ВНУ-шнай падрыхтоўкі

4. Ажыццявіць перавод навучальнага працэсу на беларускую мову ў педагагічных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах.

5. Увесці ў педагагічных і па асобных спецыяльнасцях у гуманітарных вьппэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах абавязковы экзамен па беларускай мове. 6. Увесці на першых курсах усіх вьышэйшых навучальных устаноў спецкурс "Беларусазнаўства".

VI . Сістэма павышэння кваліфікацыі

І. У кожным ІПК, Мінскім гарадскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі стварыць неабходныя ўмовы для павышэння кваліфікацыі па беларускай мове ўсімі катэгорыямі педагагічных работнікаў.

2. Распрацаваць і ўвесці для ўсіх катэгорый педагагічных работнікаў рознаўзроўневыя праграмы курсаў "Беларусазнаўства" для сістэмы павьппэння кваліфікацыі.

Памёр дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання Лявон Дзейка

Лявон Іванавіч Дзейка (2 лютага 1950 - 15 лютага 2021) - беларускі палітык, і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. Інжынер-электронік, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Памёр ад каронавірусу.

Сын настаўнікаў, ураджэнец вёскі Заастравечча, што ў Клецкім раёне, Леанід Дзейка скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы (1971) яго накіравалі працаваць у Казахстан. У 1975 годзе Леанід Іванавіч вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Баранавічах, а потым старшым інжынерам-электронікам у аддзеле аўтаматычнай сістэмы кіравання вытворчага аб'яднання "Беларуськалій". Быў ён таксама начальнікам электрамеханічнага аддзела.

З 1988 года Леанід Дзейка працаваў інжынерам-электронікам механічнага завода ў Клецку - у горадзе, дзе жылі ягоныя бацькі.

Калі на 4 сакавіка 1990 года былі прызначаны выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР ХІІ склікання, ён стаў дэпутатам па Клецкай выбарчай акрузе № 62.

У Вярхоўным Саеце ХІІ склікання Ленід Іванавіч Дзейка быў сярод тых дэпутатаў, якія выступалі за дэмакратыю, за дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, за сваё войска, мытню, памежную службу, за новую назву нашай краіны, за вяртанне герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцяга. Разам з дэпутатамі, якія выступілі на абарону беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы краіны і супраць намераў вярнуць у зыначаным выглядзе савецкую дзяржаўную сімволіку, у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года ён трымаў галадоўку і быў жорстка збіты.

Леанід Іванавіч Дзейка быў адным з тых грамадзян Беларусі, хто ў канцы 1990 года выступіў за адраджэнне беларускага сацыялістычнага руху і 2-3 сакавіка 1991 года быў удзельнікам Устаноўчага з'езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якая пазней прыняла назву БСДП (Грамада).

Сціплы працаўнік, шматгадовы прэс-сакратар партыі, Леанід Іванавіч да канца свайго жыцця быў шчыра адданы ідэалам сацыяльнай дэмакратыі. Памяць пра яго захаваецца ў нашых сэрцах.

ПРЭЗІДЫУМ БСДП.

Падзеі 2020 года

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах)

Сярэдняя тэмпература за 6 месяцаў 2020 года склала +7,3 градуса, што на 2,6 градуса вышэй нормы. Гэтае паўгоддзе заняло другое месца ў ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 г. Самым цёплым было першае паўгоддзе 1989-га з сярэдняй тэмпературай + 7,4 °C.

У Мінску, на праспектах і вуліцах, пастаўлены цёмныя шапікі з надпісам "Табакерка", якія раздражняюць гараджан, бо фактычна гэта агітацыя за курэнне. У сталіцы і без таго шмат жанчын курыць тытунь.

На многіх вуліцах Мінска стаяць на пракат равары і электрасамакаты. Дастаткова да іх прыкласці грашовую крэдытную картку, каб можна было на гэтым транспарце паехаць і пакатацца.

Насельніцтва Беларусі за 20 гадоў скарацілася амаль на 631,8 тыс. чалавек, пры гэтым гарадскіх жыхароў стала больш. Такая інфармацыя змяшчаецца ў бюлетэні, апублікаваным на сайце Белстата па выніках перапісу насельніцтва ў 2019 годзе. Калі ў 1999 годзе ў краіне налічвалася 10 045 237 жыхароў, то ў 2009-м - 9503807, а ў 2019-м - 9 413 446 чалавек. Колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася: з 6 961 516 чалавек у 1999 годзе да 7299 989 у 2019-м. а вяскоўцаў, наадварот, стала менш прыкладна на 970 тыс. чалавек: з 3083 721 да 2 113 457.

Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 ліпеня 2020 года склаў 52,6 млрд. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2020 года на 7,8 млрд. рублёў, або на 17,5%.

Знешні дзяржаўны доўг па стане на 1 ліпеня 2020 года склаў 18,0 млрд. долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 0,9 млрд. долараў ЗША (з улікам курсавых розніц), або на 5,3%.

На 1 ліпеня 2020 года, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, ачунялі і выпісаныя 47 тысяч 553 пацыенты, у якіх ужо раней быў пацверджаны дыягназ: новы каронавірус COVID-19. Усяго зарэгістраваны 62 тысячы 424 чалавекі са станоўчым тэстам на новую каронавірусную інфекцыю COVID-19. Усяго было праведзена 1 мільён 013 тысяч 056 тэстаў. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны памерлі 398 пацыентаў з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленым каронавірусам.

2 ліпеня. Расійскі прэпарат для лячэння каронавіруса "Авіфавір" быў распрацаваны ў маі і ўжо адпраўлены ў Беларусь.

3 ліпеня. У Мінску, па пр. Незалежнсці, прайшоў праўладны марш "Народ помнит!" да пл. Перамогі. Увечары быў салют. Праведзена больш за 300 усякіх святочных мерапрыемстваў, у тым ліку канцэрт.

11 ліпеня. У Мінску адбыўся XIII (XLV) з'езд Камуністычнай партыі Беларусі. У ім удзельнічалі каля 250 чалавек. Камуністы падтрымліваюць цяперашні курс беларускай дзяржавы. Першым сакратаром ЦК КПБ перавыбраны Аляксей Сокал.

11/ 12 ліпеня. Фестываль Купалле ў Александрыі на радзіме А. Лукашэнкі, дзе ён выступіў перад гледачамі. Свята тут праводзіцца ўжо 11-ы раз запар.

12 ліпеня падчас службы ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску вернікам паведамілі, што ўлады налічылі падатак на зямлю і амартызацыю будынка ў памеры 13000 рублёў штомесяц. Ужо запазычанасць перад дзяржавай 156 тысяч рублёў.

13 ліпеня. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў мост цераз раку Сож у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці

14 ліпеня. ЦВК зарэгістравала 5 кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта: Лукашэнку, Дзмітрыева, Канапацкую, Чэрачэня, Ціханоўскую.

16 ліпеня прайшла сустрэча штабоў трох альтэрнатыўных кандыдатаў: Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкала і Віктара Бабарыка, на якой было абвешчана аб аб'яднанні намаганняў.

16 - 19 ліпеня. XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіў ў Летнім амфітэатры горада Віцебска.

27 ліпеня стала вядома, колькі выбаршчыкаў у Беларусі і за яе межамі могуць прагаласаваць на выбарах кіраўніка дзяржавы. Паводле інфармацыі ЦВК, агульная колькасць выбаршчыкаў складае 6 844 932 чалавекі. За апошния 5 гадоў колькасць выбаршчыкаў скарацілася на 70 тысяч чалавек.

29 ліпеня. У адну з гасцініц у прыгарадзе Мінска засяліліся 32 чалавекі ў ваеннай форме. Гэта група прыватнай арганізацыі Расіі, якая накіроўвалася за мяжу. На самалёт чамусьці спазніліся, а іх у Мінску арыштавалі. На наступны дзень у МЗС выклікалі пасла Расіі і Украіны. Расійскі пасол Мезінцаў сказаў, што гэта грамадзяне РФ, які транзітам накіроўваліся ў іншую краіну. У Беларусі іх палічылі баявікамі-тэрарыстамі. 14 жніўня іх адправілі ў Расію і нават папрасілі ў іх прабачэння.

31 ліпеня, пятніца. У пункце расійскага пропуску "Рэдзькі-Краснае" на трасе М1 на беларуска-расійскай мяжы стаялі доўгія 5-кіламетровыя чэргі з фур і легкавых аўто. Назапасіўся транспарт як на ўезд у Беларусь, так і на выезд.

31 ліпеня. Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі зарэгістравана 67 808 выпадкаў COVID-19 (+143 за суткі). Ачунялі 62 444 пацыенты. За ўвесь перыяд памерлі 559 чалавек (+6 за суткі).

Ліпень. Даследнікі з Універсітэта Дарэма ў Вялікабрытаніі і нямецкага інстытута Фраўнгофера стварылі матэрыял "Пратэй", які немагчыма разрэзаць. Яго нельга і прасвідраваць. Бо свярдзёлак затупляецца і становіцца непрыдатным.

У Мінску заўважаецца шмат раварыстаў на дарожках. А жоўтыя равары на пракат стаяць амаль у кожным двары.

Шэнгенская віза нарэшце патаннела да 35 еўра

Упершыню за 12 гадоў ЗША прызначылі пасла ў Беларусь.

Падачу дакументаў у ВНУ адклалі.

(Працяг у наступным нумары.)

Дзве сустрэчы з Іванам Мележам

Палескай хронікай Івана Паўлавіча Мележа - раманамі "Людзі на Балоце", "Подых навальніцы" - мы ў Людзяневіцкай сярэдняй школе зачытваліся і з вялікім нецярпеннем чакалі працягу хронікі, новага твора Народнага пісьменніка. Як складзецца далейшы лёс Васіля і Ганны, Апейкі і Башлыкова? Куды паверне жыццё ў вёсцы Курані? Пра гэта часта і доўга гаварылі з дабрэйшай душы чалавекам, які бязмежна любіў людзей і літаратуру, настаўнікам роднай мовы і літаратуры Мікалаем Паўлавічам Атліваным.

І вось неяк саспела ў Мікалая Паўлавіча думка напісаць пісьмо Мележу ў Менск і запрасіць яго на сустрэчу ў школу. Тым больш, што ён у той час быў дэпутатам Вярхоўнага Савета па нашай выбарчай акрузе. Паклікаў настаўнік неяк мяне пасля заняткаў у мясцовы школьны інтэрнат, і мы напісаплі там цёплае запрашэнне да нашага славутага земляка-палешука, вядомага ўжо далёка за межамі рэспублікі чалавека.

Прайшло няшмат часу, і ў адзін з дзён быццам бы сонца ярчэй засвяціла: Мікалай Паўлавіч, не хаваючы радасці, паведаміў, што сёння ў школе павінен быць Мележ. Хваляванню і нецярпенню нашаму не было мяжы. Тым больш, што ў прызначаны час доўгачаканыя госці не з'явіліся, затрымаліся ў дарозе. І вось нарэшце машына падруліла да школы, і з яе выйшлі Мележ і Гамолка. Мы дружнымі чародкамі кінуліся ў актавую залу школы.

Дарагіх гасцей прадставіла дырэктар школы Ніна Браніславаўна Кліменка. Мележ адразу папрасіў прабачэння за тое, што яны спазніліся на сустрэчу і прымусілі нас чакаць. Расказаў, якой дарогай яны дабіраліся да нас са сталіцы, што бачылі ў час паездкі. Цікавіўся нашай вучобай, заняткамі ў вольны час. Я, прызнацца, быў у душы крыху пакрыўджаны: ён нас зусім за дзяцей прымае, дзе размова пра літаратуру, пра яго палескую хроніку.

Мележ быў высокага росту, рухі павольныя. Адразу кідаўся ў вочы яго бледны, нібы вымачаны твар. Праўда, з яго біяграфіі мы ведалі, што ён быў двойчы паранены, доўга лячыўся ў шпіталях, свой дзённік і першыя апавяданні пісаў левай рукой.

Гаварыў Іван Паўлавіч глухаватым голасам, быў скупаваты на словы, але ўменнем пажартаваць Бог яго не абдзяліў. Ён неяк непрыкметна разварушыў нашую школьную аўдыторыю, удала ўвайшоў у патрэбны кантакт са сваімі слухачамі. У канцы прамовы, праўда, некалькі слоў сказаў пра ўласную творчасць і планы. З нейкай журбой у голасе прызнаўся, што вельмі цяжка пішацца трэцяя кніга палескай хронікі. А потым, адказаўшы на нашыя пытанні, схіліўся да дырэктара школы, нешта шапнуў ёй на вуха. Тая кіўнула ў мой бок і дала знак, каб я падышоў да Мележа.

Сустрэча з пісьменнікамі (выступаў і Мікола Гамолка - наш зямляк з вёскі Найда) якраз была аб'яўлена завершанай, і я з пахаладзелымі нагамі і трапяткім сэрцам падышоў да сцэны. Рука ў Івана Паўлавіча была шырокая, але мяккая, быццам падушачка, вочы - зацікаўленацёплыя. То іранічныя, то крыху сумнаватыя, задуменныя. Вакол нас сабраліся настаўнікі і вучні. Яшчэ б! Не кожнаму пашчасціць увачавідкі пабачыць жывога класіка, задаць пытанне, паразмаўляць з ім…

Іван Паўлавіч падзякаваў мне за пісьмо, распытаў, адкуль родам, як вучуся. Я, натуральна, хваляваўся, таму не помню ўсіх падрабязнасцяў нашай гутаркі. Помню толькі яго глухаваты голас, што ішоў знутры, ад душы, ад сэрца, цёплы позірк прыжмураных вачэй ды добрыя пажаданні на будучае.

Прыйшоўшы ў хату бабкі Антусі, у якой я кватараваў, адразу запісаў усе падрабязнасці сустрэчы ў сшытак. І вельмі шкадую, што ён з цягам часу згубіўся. А калі расказаў пра сустрэчу з Мележам гаспадыні, то мая ціхмяная бабулька, седзячы на ўслончыку ля прыпечка, сказала-ўздыхнула: "Добры, відаць, чалавек…".

Прайшоў год, і я стаў студэнтам філфака Белдзяржуніверсітэта. Гэта быў 1972 год, у якім беларуская грамадскасць адзначала 90-я ўгодкі з дня нараджэння нашых песняроў - Якуба Коласа і Янкі Купалы. Коласаўскі юбілей адзначаўся ў яго родных маляўнічых мясцінах - ва ўрочышчы "Дубы", куды павінны былі з'ехацца беларускія пісьменнікі.

Паехалі аўтобусам туды і мы - група студэнтаў філфака. Побач Нёман, дубы, што помняць Коласа, цудоўныя краявіды. Сапраўды, такія прыгожыя мясціны, такі чароўны куток, дзе, як кажуць, "сама зямля спявае", не маглі не даць нашай Беларусі такога цудоўнага мастака слова як Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.

Грала музыка, працавалі буфеты, усё бурліла, быццам віно ў чане. І чакалі нашых пісьменнікаў драўляныя падмосткі ды трыбуны з мікрафонам. Сярод выступоўцаў быў і Мележ. Я яшчэ раз пераканаўся, што ён не быў прыхільнікам доўгіх і красамоўна-пустых прамоў. Кожнае слова было добра ўзважанае і прапушчанае праз сэрца. Ён гаварыў, як думаў, як адчуваў.

Пасля выступлення Мележ адышоў у адзіноце ў бок Нёмана, спыніўся ля кустоў у задуменні. Мне карцела падысці да яго, толькі для смеласці я падбіў некалькі сваіх аднакурснікаў.

Тыя ж пранікліва-задуменныя вочы, тая ж мяккая рука-падушачка. І бледны, немачны твар.

- Помню, помню цябе, Сярожа…

Я амаль да слёз быў здзіўлены, што ён праз год успомніў маё імя.

- Дык, ты ўжо, мабыць, стаў студэнтам? Што ж віншую. Малайчына.

Ён зноў паскардзіўся, што цяжка "ідзе" новая кніга, што падводзіць здароўе. Былі і мажорныя тэмы нашай гутаркі, жарты.

Шкадую, што як у першую, так і другую сустрэчу не ўзяў у Мележа аўтограф. Але ж дзве гэтыя сустрэчы - непараўнальна даражэй за росчырк яго аўтаручкі. Яны ў памяці. Яны ў сэрцы - назаўсёды.

Сяргей Кулакоўскі, сябар Жыткавіцкай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны і Саюза беларускіх журналістаў.

Галоўны помнік яго жыцця - вялікая шматтомная праца "Беларусы"...

Да 160-годдзя акадэміка Яўхіма Карскага

Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і сябар БГТ

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

9. Варшава. Беларускія вечарыны. У Варшаве Я.Ф. Карскі быў ужо на пасадзе рэктара ўніверсітэта, а беларускія студэнты для папулярызацыі беларускай культуры і народнай творчасці шмат рабілі цікавага. Напрыклад, ладзілі беларускія вечарынкі ў 1908-1913 гг. Аднойчы Я. Карскі нават хадайнічаў, як рэктар універсітэта аб дазволе правядзення такога беларускага вечара. Як вядома, публічнае выкарыстанне беларускай мовы забаранялася царскай паліцыяй. Дазвалялася выкарыстанне рускай і польскай мовы. А перад вечарынай з удзелам трупы Ігната Буйніцкага арганізатары беларускай вечарынкі надрукавалі і наклеілі па горадзе афішы на беларускай мове, гэта ледзь не сарвала правядзенне вечарыны, каб не ўмяшальніцтва рэктара Варшаўскага ўніверсітэта. Факт выдання афішы на беларускай мове стаў прадметам спецыяльнага паліцэйскага дазнання. Сярод арганізатараў беларускіх вечарынак быў паэт Гальяш Леўчык, Аркадзь Салаўевіч, актыўны ўдзел прымалі таксама жонка Яўхіма Карскага - Сафія Мікалаеўна і дачка Наталля Яўхімаўна (з кнігі А. П. Цыхуна "Акадэмік з вёскі Лаша", Гродна, 1992 г.).

10. Апошні прытулак Карскай Сафіі Мікалаеўны. Пасля смерці Яўхіма Фёдаравіча ў 1931 г. у Ленінградзе, Сафія Мікалаеўна працягвала падтрымліваць кантакты з калегамі мужа і Акадэміяй навук СССР, якая пераехала ў Маскву ў 1934 годзе. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, ліст ад 5 лютага 1933 года з Акадэміі навук СССР, адрасаваны Сафіі Мікалаеўне, з падзякай за прынесены ёю ў дар Акадэміі навук партрэт Я. Ф. Карскага. Сафія Мікалаеўна памерла ва ўзросце 76 гадоў 8 лютага 1946 года, прычына смерці - гіпертанія і кровазліццё ў мозг. Гэтыя дадзеныя зафіксаваны ў пасведчання аб смерці. Пахавана жонка Я.Ф. Карскага ў Маскве, на 17 участку Галавінскіх могілак.

Архіўныя справы

Фонды, вопісы і справы ў якіх напісана "новая" інфармацыя пра радавод Карскіх і Лашанскі прыход (адшукана з 2011 па 2020 г.) у перакладзе на мову:

1. Ф.92-1-258, ст.183аб.-184аб, ст.184аб-185-185аб, ст.241аб.-243

2. Ф.24-7-33а, ст. 1273аб.-1274

3.Ф.24-7-27, ст.155-156

4. Ф.24-7-42, стар.158-160

Ф.92-1-258, ст.183аб.-184аб: "Маёнтак Масаляны (сялян -191, вольных - 7) памешчыка Казіміра Юнкер….Антон Ігнацьевіч сын Вайчынскі (Войчынскі), 35гадоў, доказаў на дваранства не мае. Жанаты з дваранкай Юзэфай Біспінг, дзяцей няма.

Масалянскага прыхода грэка-ўніяцкага веравызнання прыходскі святар Іосіф Качаноўскі, 35 гадоў, доказаў на дваранства не мае. Жанаты з Юзэфай Халькоўскай. Мае сына Аляксандра, ён у бацькоў ад 1823 года. Пражывае ў маёнтку Масаляны".

Ф 92.-1-258.ст.184аб-185-185аб.: "Гарадзенскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Спіс жыхароў Гарадзенскага павета. На 358 старонак. На ст.1аб - Абывацельскай кнігі Гарадзенскага павета: "Святар Масалянскай грэка-ўніяцкай царквы Іосіф Качаноўскі, 35 гадоў. Доказаў на дваранства не мае. Жанаты з Юзэфай Халькоўскай. Мае сына Аляксандра 9-ці гадоў, які знаходзіцца пры бацьках. Нікуды не адлучаўся з маёнтка і пражывае ў маёнтку Масаляны".

Царкоўныя служкі Масалянскага прыхода: "№ 1626. Дзяк Іван Вікенцьевіч Карскі, 44 гады. Запісаны ў Духоўныя казкі тутэйшага павета пры Лашанскай царкве. Жанаты з Кацярынай Палканавай. Мае сына Ігнація 12-ці гадоў, дачку Еву - 15-ці гадоў. Дзеці пры бацьках жывуць. Родам з Гарадзенскага павета".

У фондзе 24-7-33а за 1816 г. на старонцы 1273аб.-1274: "Маёнтак Квасоўка памешчыцы Ганны Міхайлаўны дачкі Данькоўскай": "Лаша. Вольныя людзі. Іван Вікенцьевіч Карскі, 31 год, жонка Кацярына (сялянка) мела ад першага мужа:

1. Іван Палкан - 19 гадоў;

2. Міхайла (Міхайло) - 13;

3. Андрэй - 11;

4. Венедыкт - 9;

5. Павел - 6.

Пра дзяцей Вікенція Карскага ў Духоўных казках на адлічбаваных файлах Ф. 92-1-258 пад № 1626 стар.185аб. на 1831 г. запісана: "Царкоўныя служкі: дзяк Іван Вікенцьевіч Карскі - 44 гады (ці 46?- А.К. згодна справы 33а за 1816 г.) запісаны ў Духоўныя казкі пры Лашанскай царкве. Жанаты з Кацярынай Палканавай. Дзеці: Ігнат - 12 гадоў, Ева - 15 г адоў" (акрамя 5 дзяцей ад першага мужа Палканавай Кацярыны - А.К.).

На старонцы 242аб. - 243 запісана: "Царкоўнаслужкі пры плябаніі Ігнат Карскі, 45 гадоў, жанаты з Кацярынай Бянцэвіч (Бянцевіч), сын Якаў - 9, Ева - 4 гады.

Ануфрый Карскі - 34, жонка Тэкля Бандарэвіч (Бондаревич), сын Ігнат-3 гады (сын нарадзіўся прыкладна ў 1828 г. - А.К.).

Сцяпан Карскі - 30, жонка Антаніна Захарычава (Захаричева), дачка - Петранэла (Петронеля - 2 гады)".

Ф. 92.-1-258.Ст.241аб.-243. Лашанская плябанія: "Святар Лашанскі прыхадскі грэка-ўніяцкага веравызнання Уладзіслаў Іванавіч сын Халькоўскі, 33 гады. Доказаў дваранства не мае. Жанаты з Тарэзай Кунцэвічаўнай. Маюць сына Платона 4-х гадоў. Родам з гэтай жа плябаніі.

Родны брат Баляслаў Халькоўскі, 23 гады. Другі брат Юльян Халькоўскі, 20 гадоў. Абое халастыя. Усе браты - святарскія дзеці. Пражываюць у Лашанскай плябаніі. Нікуды не адлучаліся. Маёнтак адносіцца да Духоўных".

(Прыходы ў кнізе падзяляюцца на грэка-расейскія, рыма-каталіцкія і грэка-ўніяцкія. Лашанскі духоўны маёнтак меў на той час 8 душ і адносіўся да грэка-ўніяцкага прыходу - А.К.)

"Вікарый святар грэка-ўніяцкага веравызнання Лявонцій Ігнацьевіч сын Нарэвіч, 54 гады. Доказаў на дваранства не мае. Удавец. Мае сына Франца 22 гадоў, які знаходзіцца ў Слонімскім павеце ў маёнтку Шыдловічы памешчыка Пуслоўскага. Лявонцій Нарэвіч мае таксама дачку Мар'яну 15 гадоў таго ж павета ў маёнтку Палонка пры радні. Вікарый прыбыў у Лашанскую плябанію па прадпісанні грэка-ўніяцкай духоўнай кансісторыі 1832 года, лютага, 9 дня за № 370.

Таксама ў маёнтку запісаны фурман Іван Сарока, 18 гадоў - незаконнанароджаны. З малых гадоў знаходзіцца ў гэтай плябаніі. Нікуды не адлучаўся".

"Царкоўныя служкі Лашанскай плябаніі . Усе ніжэй запісаныя царкоўныя служкі апісаны ў Духоўных казках пры Лашанскай плябаніі.

1. Ігнацій Карскі - 45 гадоў, жанаты з Кацярынай Бянцэвіч. Маюць сына Якава 9 гадоў і дачку Еву 4 гадоў. Дзеці знаходзяцца пры бацьках. Ад нараджэння знаходзяцца ў Лашанскай плябаніі. Нікуды не адлучаліся.

2. Ануфрый Карскі - 34 гадоў. Жанаты з Тэкляй Бандаровічаўнай. Маюць сына Ігната 3 гадоў. Пры бацьках. Нікуды не адлучаліся. Ад нараджэння ў гэтай жа плябаніі.

3. Сцяпан Карскі - 30 гадоў, жанаты з Антанінай Захарэвічаўнай. Маюць дачку Петранэлю 2 гадоў. Пры бацьках дзеці. Нікуды не адлучаліся. Ад нараджэння ў гэтай жа плябаніі".

Ф. 24-7-27 ст. 155-156 за 1811 г.: "1811 года месяца жніўня 31 дня Гар.губ. Гар. павета, царквы Лашанскай прыходскога святара Івана Іванава, сына Халькоўскага мужэска полу царкоўна-службовыя шпітальныя і вольна паселеныя людзі.

У плябаніі Лашанскай:

1. Царкоўнаслужак.

Карскі Вікенцій Якаўлеў, на 1795 г. - 31 год, на 1811- 47гадоў.

Вікенцьевы дзеці:

Іван, на 1795 г. - 9 гадоў, на 1811-25 гадоў.

Ігнацій, на 1795 г. - 3 гады, на 1811 - 19 гадоў.

Ануфрый, на 1795 г.------, на 1811-15 гадоў.

Сцяпан, на 1795 г.--------, на 1811 - 9 гадоў.

Усяго вольнапаселеных - 6, царкоўнаслужак і шпітальных - 6. Агулам - 12 чал.".

Ф. 24-7-42, стар.158-160 ад 30.04.1834 г.: "Аднадворац Іосіф Восіпавіч Шынкевіч - Гар. губ. і Гар. пав. у плябаніі Лашанскай - 33 гады, жонка Кацярына - 26.

Заверыў святар Уладзіслаў Хальт(к)овіч (неразборліва, відаць Халькоўскі - А.К.)".

Пісьменнік, якога любяць чытаць

У мінулую нядзелю, 14 лютага, таленавітаму беларускаму празаіку, драматургу, публіцысту, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019) Уладзіміру Ягоўдзіку споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння.

Родам пісьменнік з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна. Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай і Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 годзе скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у розных рэспубліканскіх выданнях, быў рэдактарам газеты "Дзеці і мы" часопісаў "Бярозка" і "Лесавік".

У 1984 годзе з друку выйшаў першы зборнік прозы Уладзіміра Ягоўдзіка "Стронга". Калі паспрабаваць вылучыць нейкую адну, галоўную рысу першай кнігі пісьменніка, то гэта, як пісала ў той час Таіса Грамадчанка, відаць, будзе шчырасць. Шчырасць пачуцця, якім быў сагрэты кожны радок, шчырасць ягонай думкі. І гэта, сапраўды так. Але не толькі шчырасць, а яшчэ праўдзівасць і пошукавая адметнасць. Героямі яго першай "Стронгі" былі равеснікі, такія, як ён тады, была моладзь. У кожнага з герояў па-рознаму складваліся і свой лёс, і свае клопаты, але ўсе яны ўласнымі ўчынкамі і ўзаемаадносінамі сцвярджалі дабрату і чалавечнасць, маральную чысціню і няпросты характар.

Праз тры гады пасля беларускага выдання першага зборніка Уладзіміра Ягоўдзіка, ягоная "Стронга" выходзіць у Маскве на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной з прадмовай Уладзіміра Калесніка. "Галоўнае для пісьменніка - тэма чалавека, пошукі сэнсу і сутнасці жыцця ў нашым складаным свеце", - пісаў у прадмове Уладзімір Калеснік. Пісаў і зычыў маладому тады празаіку быць і заставацца сабой. І ён застаўся, і застаецца сабой да сённяшніх дзён.

Услед за "Стронгай" выходзяць дзесяткі новых кніг Уладзіміра Ягоўдзіка. Гэта кнігі аповесцяў, апавяданняў, дзіцячых казак, нарысаў, рэцэнзій, партрэтаў пісьменнікаў і мастакоў, кнігі аб прыродзе, зборнікі гістарычных твораў і дзіцячых п'ес і г.д. І ўсё, як сказаў некалі Янка Брыль, "мне прыемна засведчыць, з цікавасцю перачытваецца, хораша гаворачы гэтым пра сваю таленавітасць".

Нам сёння не хапае твораў для падлеткаў-школьнікаў. Але вельмі было б дарэчы, калі б настаўнікі і вучні чыталі-перачытвалі сёння аповесць Уладзіміра Ягоўдзіка "Вочы Начніцы". Першае выданне пабачыла свет у бібліятэчцы часопіса "Маладосць" у 1989 годзе з прадмоўкай Уладзіміра Конана. Такіх аповесцей з тонкім лірызмам і светлай музыкай слова сёння не хапае нашым школам.

З 2012 года Уладзімір Ягоўдзік плённа распачаў выданне сваіх новых кніг. У асноўным усе яны прысвечаны беларускай прыродзе, беларускай гісторыі, легендам і паданням і адрасаваны найперш школьнікам і настаўнікам. У 2012 годзе выходзіць кніга пісьменніка "Сіні калодзеж", у якую ўвайшлі 100 беларускіх легенд і паданняў, пераказаных аўтарам. У 2013 годзе - кніга аб прыроде "Год-карагод", потым - кніга апавяданняў і мініяцюр "Лясныя таямніцы", прысвечаная рэкам, азёрам і крыніцам, затым - кніга казак "Медзяны дзядок", куды пісьменнік уключыў аповесць-казку "Янка і Ружа", беларускія народныя казкі і казкі народаў свету ў яго пераказах і г.д.

Пісьменнік добра ведае дзіцячую псіхалогію, умее размаўляць з маленькімі чытачамі пра самае вялікае, непаўторнае, агульначалавечае. Дзеці любяць яго творчасць, а ён любіць сустракацца з імі.

Вельмі карыснай для школьнікаў атрымалася кніга Уладзіміра Ягоўдзіка "Шлях Рагвалода" (2013). Яна прысвечана беларускай гісторыі, а таксама сюды ўвайшоў і пераказ славутай "Аповесці мінулых гадоў". Здзівіў літаратар нас і выданнем "Быў знак на небе" (2015) - кнігай аб прыродзе Беларусі ў з'явах і падзеях. Што гэта значыць? Ды тое, што ў кнізе аўтар сабраў самыя цікавыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваныя ў летапісах і на старонках друкаваных выданняў, пачынаючы з 1002 года, калі "ў той год з неба плылі зоркі, і было шмат дажджоў"…

Зусім нядаўна ў выдавецтве "Народная асвета" выйшла з друку новая кніга пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка "Вочы Зямлі: Вандроўкі па роднай Беларусі". Гэтае прыгожае і захапляльнае выданне прысвечана багаццям нашай беларускай прыроды. Аматары прыроды, а найперш гэта вучні сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, з радасцю прачытаюць артыкулы пра аблокі над азёрамі, пра зачараваную Свіслач і палескую Амазонію, пра Нарачанскія казкі і мядзвежыя нетры, пра беларускія лясы, крыніцы і разнастайных звяроў. Па словах Уладзіміра Ягоўдзіка, у новай сваёй кнізе ён спалучыў звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі, крыніцы з народнымі паданнямі і легендамі. "Таму, спадзяюся, - адзначае пісьменнік, - што выданне гэтае стане верным сябрам тым, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю".

Уладзімір Ягоўдзік - сапраўды таленавіты і вопытны літаратар. Некалькі гадоў таму ён стварыў серыю "Скарбы Беларусі" і ў гэтай серыі выдаў шмат цудоўных кніжак для юных і дарослых чытачоў. Свет пабачылі ўжо выданні, прысвечаныя нацыянальным паркам "Прыпяцкі", "Браслаўскія азёры", Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, азёрам Беларусі, матылькам, ваўкам, камяням, дзятлам, зубрам і г.д.

З 1995 года выдаваў Уладзімір Ягоўдзік і свой прыватны цудоўны часопіс сяброў прыроды "Лесавік". Але "Лесавік" закрылі, бо тыя ўмовы, якія выдаўцу прапанавалі ў міністэрстве друку, паставілі выданне проста на калені, таму выдаваць часопіс ужо не было сэнсу.

Уладзімір Ягоўдзік - добры і цікавы драматург, які хораша стварае п'есы для юных гледачоў. Берасцейскі тэатр лялек у 1983 годзе паставіў яго першую п'есу-казку "Залатое зярнятка". А потым праз два гады сцэнічнае жыццё ў Берасці атрымала другая казка Уладзіміра Ягоўдзіка "Сонейка, свяці!". Лёс "Сонейка…" быў даволі шчаслівы. Па гэтай п'есе купалаўцамі быў запісаны радыёспектакль на Беларускім радыё, быў пастаўлены мюзікл у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры. І што самае неверагоднае, гэтую п'еску "Ваап-информ" выдаў у Маскве ў 1987 годзе ў перакладзе на рускую мову, а Міністэрства культуры Украіны - па-ўкраінску. А далёка на Камчатцы (Расія), у мясцовым абласным тэатры лялек жыццё атрымала п'еса драматурга "Пякла баба калачы" (у суаўтарстве з А. Пыжыкам).

Шчаслівай на сцэнічнае жыццё была і п'еса Уладзіміра Ягоўдзіка "Усміхніся, прынцэса!". У 1991 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч паставіў яе на сцэне Слонімскага беларускага драматычнага тэатра пад назвай "Прынцэса і салдат". А Беларускае радыё па гэтай п'есе падрыхтавала радыёспектакль. Дарэчы, на радыё часта ў 1990-я гады гучалі п'есы драматурга.

Радыёспектаклем "Калі тупне зайка" па п'есе Уладзіміра Ягоўдзіка заслухоўваліся юныя слухачы рэспублікі ў канцы 1980-х гадоў. Спектакль па гэтай п'есе, але пад назвай "Сакрэты вогніка", дэманстраваўся і па Беларускім тэлебачанні...

Цяпер пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік працуе над новымі літаратурнымі творамі. Ён піша пра родную прыроду, пра мастакоў і пра нашу гісторыю. Пажадаем яму і надалей шчаслівага літаратурнага і жыццёвага лёсу, здароўя і аптымізму. З юбілеем, дарагі мой зямляк і сябра!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Першы літаратурны альманах Дзятлаўшчыны

Напярэдадні Дня роднай мовы парупілася Дзятлаўская суполка ТБМ, якая выпусціла першы ў гісторыі дзятлаўскай зямлі літаратурны альманах "Ятранка". Альманах падрыхтаваў і напісаў прадмову да яго сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын. Мясцовыя творчыя людзі вырашылі назваць выданне "Ятранка". Ятранка - гэта рака ў Наваградскім і Дзятлаўскім раёнах, правы прыток Моўчадзі. Даўжыня Ятранкі - 31 кіламетр. Пачынаецца яна каля вёскі Ярошычы на Наваградчыне, цячэ па паўднёва-заходніх схілах Наваградскага ўзвышша, упадае ў Моўчадзь на поўдні ад Наваельні на Дзятлаўшчыне. Мае Ятранка і свае прытокі - гэта Мутніца і Лапушанка… Адны назвы рэк і самі рэкі, а таксама прырода вакол іх, не могуць тутэйшых людзей не натхняць на творчасць. Таму пісьменнікі Дзятлаўшчыны хутчэй за ўсё і натхняліся мясцовай прыродай, апісваючы яе прыгажосць. Бо на дзятлаўскай зямлі заўсёды жылі творчыя людзі розных нацыянальнасцей. Стваралі тут паэзію і прозу пісьменнікі на польскай, рускай, украінскай, ідыш, літоўскай мовах. Але найбольш творчым людзям тут добра думалася на роднай мове. Таму з-пад іх пяра, як грыбы ў Ліпічанскай пушчы, з'яўляліся творы па-беларуску. У літаратурны альманах "Ятранка" ўвайшлі творы аўтараў, якія родам з Дзятлаўшчыны, але даўно пакінулі гэты свет, і тых, хто жыве ў розных кутках свету і Беларусі, але родам з дзятлаўскай зямлі, і, вядома ж, тых, хто сёння жыве і працуе на роднай Дзятлаўшчыне. Альманах мае тры раздзелы - паэзія, проза і краязнаўства. Творы аўтараў "Ятранкі" розныя па мастацкім ўзроўні, але яны вельмі разнастайныя, шчырыя, цікавыя. У іх адчуваецца любоў да бацькоўскай зямлі, да матчынай мовы і гісторыі, да сваіх землякоў і іх працы. Зборнік адкрываецца вершамі Ігната Дварчаніна, які быў родам з вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна. Сярод паэтаў на суд чытачоў вынесены таксама вершы Сяргея Хмары, Язэпа Крыгі, Петруся Граніта, Васіля Струменя, Гарасіма Праменя, Віктара Шымука, Віталя Губарэвіча, Нікіфара Жальбы, Міколы Грышана, Алега Аблажэя, Георгія Шундрыка, Лідзіі Нічыпар, Раісы Лакіза, Міхаіла Лук'янчыка, Алы Нікіпорчык, Алены Абрамчык, Ірыны Касянковай, Веры Хрышчановіч і іншых паэтаў, для якіх дзятлаўская зямля з'яўляецца малой радзімай. Проза парадуе чытачоў апавяданнямі Вячаслава Адамчыка і Леанарды Юргілевіч. Вельмі цікавым атрымаўся краязнаўчы раздзел. Артыкулы Валерыя Петрыкевіча, Фёдара Красюка і Дзмітрыя Кузьмы адкрываюць новыя факты з жыцця Канстанціна Астрожскага, Адама Міцкевіча і генерала Яна Канопкі, які ваяваў на баку Напалеона. Выданне "Ятранкі" - добры дапаможнік культасветработнікам і настаўнікам, а таксама вучням і ўсім тых дзятлаўчанам, хто цікавіцца літаратурай і гісторыяй роднага краю. "Ятранка" аздоблена творамі беларускага мастака Івана Козела.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Чарговы нумар "Нясвіжскіх каетаў"

Да Міжнароднага дня роднай мовы паспеў выйсці чарговы, 6-ты, нумар электроннага часопіса "Нясвіжскія каеты".

У нумары: хроніка Нясвіжчыны, Нясвіжскі гістарычны каляндар, матэрыялы пра нясвіжскіх юбіляраў 2020 года.

Цікавы матэрыял пра створаную ў Нясвіжы 260 гадоў таму назад механічную вылічальную машыну Якабсона. Ёсць матэрыял, прысвечаны юбілею Льва Гумілеўскага.

Тут знайшлося месца і працягу ўспамінаў Вікторыі Жукевіч-Дзівоты, і споведу Васіля Дрыгаўца. Дукуюцца пераклады кнігі В.А. Акулы "На паўднёвы захад ад Мінска" і трылогіі Уладзіслава Станіслава Рэйманта "1794 год".

"Нясвіжскія каеты" стабілізаваліся і цяпер выходзяць два разы на год. Знайсці нумар можна на belkiosk.by. Праз некаторы час нумар з'явіцца на бясплатных сайтах.

Наш кар.

Віленскія ўспаміны пачатку XX ст.

Жменя ўспамінаў пра падзеі 1905 г. у Вільні

Сучаснае цяжкае жыццё прымушае большасць інтэлігенцыі думаць пра "хлеб штодзённы" і не спрыяе бавіць час думкамі пра былое.

Я лічу, што для развіцця палітычнай думкі ў грамадстве Літвы важным з'яўляецца ўсведамленне таго факту, што 20 гадоў таму ў Вільні разам з дзейнасцю моцных нацыянальных плыняў, невялікая група грамадзян стварыла палітычны клуб, які, стоячы на краёвым грунце, паставіў сабе за мэту збліжэнне розных народаў гістарычнай Літвы і выпрацоўкі праграмы супольнага жыцця ў згодзе, а таксама каардынацыі працы дзеля дабра і карысці краю.

Клуб дзейнічаў не доўга. Існаванне яго было перарвана выбухам першай рускай рэвалюцыі, і дзейнасць не выйшла за межы выпрацоўкі праграмы і прыгатавання пляцоўкі для збліжэння палякаў з беларусамі, летувісамі і яўрэямі. На гэтым полі клуб змог адзначыцца скліканнем у Вільні ў траўні 1905 г. пагаджальнага з'езду і ўдзелам у польска-рускім з'ездзе ў Маскве 2 - 22 красавіка таго ж года. Таксама памятаю выступ у клубе Андрэя Немаеўскага (1864-1921, пісьменнік і грамадскі дзеяч, аўтар шэрагу прац па гісторыі хрысціянства - Л. Л.), якога ў тыя часы царскі ўрад інтэрніраваў у Вільні.

Мая памяць не захавала ні хаду віленскага з'езда, ні яго рашэнняў. Можа, хто з членаў клуба захоча дапоўніць мае ўспаміны ў гэтым кірунку. Але рэзалюцыя, дасланая ў Маскву, цалкам захавалася, і кракаўская "Крытыка" ў ліпеньскім нумары ад 1905 г. на старонках 33-34 друкавала яе. Я ж, нарэшце, жадаю ў той ступені, у якой дазваляе мая памяць, падаць, хоць і не поўны, асабісты спіс віленскага з'езда. … Падаю спіс у алфавітным парадку:

Абрамовіч Вітольд, адвакат з Вільні; Багінскі Ст., адвакат з Вільні; др. Дамашэвіч, лекар з Вільні, знаны летувіскі дзеяч; Ентыс, адвакат з Менска; Кайрыс, летувіскі дзеяч са Жмудзі; Крушэўскі Зыгмунт, адвакат з Вільні; др. Кучэўскі Антон, лекар з Вільні; Луцкевіч Іван, беларус; Нагродскі Зыгмунт, Вільня; Нарутовіч Аляксандр, са Жмудзі; Пашкевічанка Алаіза, т. зв. "Цётка", беларуска; др. Ром, лекар з Вільні, ужо не жы-ве; Віршыла Ігнат, Вільня; Вазніцкі, прадстаўнік польскіх рамеснікаў Вільні; Уласаў, сучасны беларускі сенатар; гр. Зубаў Уладзімір, з Шаўлёў.

Адзначу, што шмат каго я зараз ужо не памятаю.

Зараз пераходзім да з'езда ў Маскве, тут я буду карыстацца "Крытыкай".

У тым з'ездзе прымалі удзел наступныя асобы:

"Др. К. і Л. (пэўна, з-за канспірацыі прозвішча пададзены літарамі, але ёсць пэўнасць, што "Др. К" - гэта Кучэўскі, а літарай "Л" памылкова абазначаны Вазніцкі, які прымаў удзел у з'ездзе) вялі перамовы ад імя тых груп польскага насельніцтва Вільні, якія салідарныя з некаторымі элементамі беларускага, летувіскага і яўрэйскага насельніцтва і лічаць, што дзяржаўным уладкаваннем Расіі павінна быць федэрацыя, а адной з часткай гэтай федэрацыі мае быць Літва.

Рэзалюцыя, зачытаная гэтымі асобамі, прыкладзена да пратакола, вось яна:

"Праграма клуба польскай фракцыі ірэндантыстаў Вільні (аўтар заўважае, што клуб назву прыняў "ірэндантысты", ірэндантысты - у шырокім сэнсе, рух за аб'яднанне нацыі - Л. Л.):

1. Уладкаванне Рускай дзяржавы павінна будавацца на прынцыпах федэрацыі, у якой кожны суб'ект будзе мець аўтаномію.

2. Узаемныя стасункі зфедэраваных краёў паміж сабой і цэнтрам будуць вызначаны агульным сходам усіх прадстаўнікоў будучай дзяржавы.

3. У сувязі з гэтым, Літва будзе асобнай аўтаномнай часткай, яе унутранае ўладкаванне будзе вызначана на сойме ў Вільні, паслы на сойм будуць выбраны на аснове роўнага, агульнага, непасрэднага і тайнага галасавання.

Увага: пра тэрыторыю Літвы ёсць два меркаванні: а) Літвой лічацца землі, на якіх жывуць беларусы і летувісы; b) Літвой лічацца землі, якія аб'ядналіся ў выніку адзіных культурных, этнаграфічных, эканамічных, гістарычных і палітычных уплываў і маюць сваім цэнтрам Вільню.

4. Унутранае ўладкаванне Літвы павінна абапірацца на падмуркі дэмакратыі, якія гарантуюць усім грамадзянам роўныя правы ў незалежнасці ад нацыянальнага, рэлігійнага, маёмаснага стану і полу, пры гэтым павінны быць забяспечаны правы працоўных мас у іх барацьбе з сучаснымі эканамічнымі ўмовамі".

Зразумела, што вышэйпададзеная рэзалюцыя пасля чытання яе на з'ездзе, які складаўся, з рускага боку з кадэтаў, а з польскага з народных і прагрэсіўных дэмакратаў, не магла ў 1905 г. атрымаць падтрымкі. Яна была прынята магільным маўчаннем і адкладзена на будучыню - з'езд вырашыў, што потым яе яшчэ будзе разглядаць адмысловы з'езд у Вільні ці ў Маскве. З падачы іншых дэлегатаў з "Паўночна -" і "Паўднёва-Заходнага краю": гр. Ваўжынца Путкамера (Вільня), гр. Грахольскага (Валынь), адваката Панятоўскага (здаецца з Луцка) і др. Лісоўскага (Умань), была прынята наступная рэзалюцыя: "У тых мясцовасцях, у якіх палякі з'яўляюцца адным з народаў, а менавіта ў гістарычнай Літве і Украіне, трэба прызнаць без усялякіх абмежаванняў іх палітычныя і нацыянальныя правы і гарантаваць іх свабоднае нацыянальна-культурнае развіццё". […]

Кучэўскі Антон.

Dr. Ant. Kuczewski. Garść wspomnień z przed lat 20 // Pregląd Wileński. 1926. № 1. S. 2-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Уваскрэсенне "Кур'ера Літоўскага"

Фрагменты ўспамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага

У канцы красавіка 1905 г. (па старым стылі) выйшаў указ аб талеранцыі, які дазволіў свабодны пераход з аднаго хрысціянскага веравызнання ў другое, і адначасова скасаваў самыя цяжкія абмежаванні для выкарыстання "мясцовых моў".

Дазвол ужываць польскую мову меў для мяне нечаканы вынік. Мяне наведаў шэф канцылярыі генерал-губернатара Фрэзэ Станкевіч і засведчыў, што хоць выразна ў майскім і наступным указе нічога не сказана, але генерал-губернатар і ён сам, разумеюць указ у тым сэнсе, што часопісы і газеты на польскай мове ў Вільні павінны быць дазволены і генерал Фрэзэ лічыць, што гэта пайшло б на карысць паляпшэння стасункаў паміж польскім і рускім грамадствам, аднак з умовай, што польская прэса не будзе ўваскрашаць заслужаныя і незаслужаныя віны Расіі перад палякамі. Станкевіч закончыў тым, што генерал Фрэзэ верыць у маю памяркоўнасць і жадае, каб я ўзяў на сабе справу ўваскрэсення польскай палітычнай прэсы не толькі ў інтарэсах польскага грамадства, але і на карысць расійскай паступова-ахоўнай палітыкі, якую я, як ён лічыць, змог бы падтрымаць.

Гэта думка мне не надта спадабалася. Я добра ведаў, што, як кажуць у Парыжы, калі не атрымліваць у газетнай справе грошы праз рэкламу і брудны шантаж, дык танней будзе "мець тры танцоркі, чым адну газету". Акрамя таго, гэта вымагала шмат працы і ведаў і "з маёй натурай шчырага каня", калі мяне зацугляць, дык воз я буду цягнуць адзін. Таксама гэта справа прымусіла б мяне кінуць нагляд за маёй вялікай гаспадаркай і без выезду сядзець у Вільні. Адно гэта каштавала б для мяне скарачэння на палову майго даходу. Таму я адмовіўся ад прапановы.

Мой стары бацька мяне цалкам падтрымаў. Але Фрэзэ не супакоіўся. Ён выклікаў мяне да сябе і наўпрост сказаў, што ўжо атрымаў восем паданняў, каб дазволіць выдаваць штодзённую польскую палітычную газету (бадай, найбольш памяркоўным з гэтых прасіцеляў быў Тадэвуш Урублеўскі, заснавальнік і кіраўнік "Таварыства шубраўцаў") і некалькі паданняў на выданне гаспадарчых ці рэлігійных тыднёвікаў. Потым ён сказаў, што з гэтымі выданнямі пытанне яшчэ не вырашана, але польская палітычная газета, ці будзе выдавацца мной, ці яе наогул не будзе і закончыў словамі: "Альбо вы, альбо ніхто".

Тут зноў пачаўся мой крызіс сумлення […]. Усе вышэйпералічаныя рацыі цалкам заставаліся, але перспектыва, якую спакуснік Станкевіч намаляваў мне, не давала шмат месца для літаратурнай працы і мяне не вабіла, бо я добра ведаў, як казаў Бальзак, "музу чынавентства" у такім адмысловым куце як Вільня. Але ўсе ж пагадзіўся з прапановай, бо не жадаў запляміць сваю амаль што трыццацігадовую дзейнасць адмовай ад выдання штодзённай газеты.

Матэрыяльныя цяжкасці былі агромністыя, тым больш, што сам Фрэзэ парадзіў мне не марнаваць час. Каб атрымаць дазвол у дэпартаменце прэсы МУС, трэба было зрабіць двухдзённае падарожжа ў Пецярбург. А ўсе іншыя справы рухаліся марудна. Ужо сорак гадоў у Вільні нічога не друкавалася па-польску, акрамя рэлігійнай літаратуры, у друкарні Завадскага. Я мусіў дамовіцца з яўрэйска-рускай друкарняй Сыркіна, дзе друкавалася газета "Северо-Западное Слово". Тут ведалі друкарскую справу, але ім прыйшлося закупіць у Пецярбурзе некалькі пудоў лацінскіх шрыфтоў, а ў Варшаве наняць наборшчыкаў. Немагчыма было ў Вільні набраць рэдакцыю. Таму я паехаў у Варшаву і там па рэкамендацыі с. п. Паўла Гурскага знайшоў фіктыўнага рэдактара (бо ведаў, што сапраўдным буду я сам) сп. Астрог-Садоўскага, аўтара некалькіх добрых літаратурных прац, які добра пісаў па-польску і ведаў газетную справу. Ён знайшоў для рэдакцыі сапраўдную пярліну ў асобе сп. Урсына (сапраўднае яго прозвішча казацкае: Замараеў), які не меў добрай адукацыі, але меў шматгадовую практыку ў так званай "газетнай кухні".

На месцы прыняў на працу адміністратара маладога банкаўскага службоўца сп. Радзецкага-Мікуліча і яшчэ некалькі добрых супрацоўнікаў: сп. Уземблу, спецыяліста па віленскай археалогіі, на месца карэктара сп. Напалеона Роўбу, рэвалюцыянера-сацыяліста-бамбіста, але здольнага і выхаванага чалавека (гэтая характарыстыка сп. Напалеона Роўбы ёсць тыповай для аўтара ўспамінаў. Ацэнка чалавека далёкая ад праўды і грунтуецца толькі на асабістай фантазіі - заўвага рэдактара Pregląda Wileńskiego) і яшчэ пару рэпарцёраў з рускіх газет. І з гэтым я пусціўся ў дарогу.

Натуральна, не абышлося без моцнага незадавальнення з боку канкурэнтаў. Сп. Тадэвуш Урублеўскі выступіў на старонках "Кур'ера Варшаўскага" з артыкулам, у якім даў зразумець, што я куплены расійскай адміністрацыяй. У самой Вільні хадзілі чуткі пра тое, што ўлады абяцалі мне 30 000 рублёў. Я меў моцнае падазрэнне, што аўтарам гэтай "качкі" была адна асоба, якая жадала зрабіць сабе грамадзянскае імя за чужы кошт. Ён ахвяраваў мне на справу 10 000 рублёў, а ўзамен патрабаваў вырашальны голас у кіраўніцтве газеты. Натуральна, я адмовіўся, але гэты спадар мне ніколі гэтага не дараваў.

Усе гэтыя прыгатаванні і наяўнасць нейкай рэкламы прывабілі пэўнае ядро падпісчыкаў, што дазволіла нам выпусціць першы нумар 1 (14) верасня. Распачалі з шэрагу артыкулаў пра будучую Дзяржаўную думу. Як вядома, ажно да маніфеста 17 (30) кастрычніка Дума павінна была быць толькі дарадчым органам, а яе парады меліся быць неабавязковымі для ўрада. Тыя артыкулы абапіраліся на трыццацігадовым вывучэнні дзяржаўнага права і былі прыязна сустрэты польскай і рускай прэсай, што адразу паставіла "Кур'ер Літоўскі" на адзін узровень з самай паважанай штодзённай прэсай. Ужо пры падрыхтоўцы першага нумара я зразумеў, што на майго рэдактара сп. Астрог-Садоўскага можна было разлічваць толькі, калі справа ішла пра літаратуру, бо палітыку ён цалкам не разумеў і сам не прытрымліваўся ніякай палітычнай лініі, таму ўвесь гэты цяжар лёг выключна на мае плечы. На працягу трох месяцаў маёй працы, з 80-ці надрукаваных нумароў "Кур'ера Літоўскага" 78 мелі мае грунтоўныя ўступныя артыкулы. Таксама пад псеўданімам "Вуячак" я напісаў нейкую колькасць напалову гумарыстычных "хронік".

* * *

Натуральна, тады не было ніводнага літаратара, які б абмінуў тэму Адама Міцкевіча. Ужо ў 1906 г. гэты вялікі чалавек, дзякуючы саракагадовай рэкламе, якую вёў яго сын Уладзіслаў па ўсіх правілах гандлёвай навукі на сваю карысць (а ніводнага гроша не атрымалі ні яго сястра Гарэцкая, ні брат Юзаф), стаў у нас адзіным манапольным увасабленнем цэлага народа, прыкладна як Гарыбальдзі ў італьянцаў. Мае супрацоўнікі лічылі, што "Кур'ер Літоўскі" без інвестыцый у гэтага ідала не можа існаваць. Аднак яны разумелі, што аддаючы належную пашану паэту і пісьменніку, я бачу яго як палітыка, мараліста, прыхільніка "духу", па настроі і "тону" асабістым ворагам розуму і не меншым труціцелем душы і думкі, якім былі для французаў Расін, а для рускіх Талстой. Таму мяне не хвалявала, ці будзе дазволена паставіць яму помнік (яшчэ да маніфеста 17(30) кастрычніка), дзе той помнік будзе стаяць, хто і як яго выканае. Але ў газеце мы распачалі збор грашовых сродкаў на помнік Міцкевічу.

У першыя дні збор грошай ішоў вельмі добра. Мой брат Ігнат і яго будучая жонка, удава Уладзіслава Умястоўскага, унеслі некалькі тысяч рублёў. Я сам, здаецца, унёс пяцьсот. Пасыпаліся сотні рублёў, і агулам сабралі амаль што дзесяць тысяч. Мае супрацоўнікі нагадалі мне, што кампанія пачалася ў кастрычніку, а ў лістападзе закончылася. Пасля гэтага адбылася гісторыя, якая добра адлюстроўвае нашы звычкі. Я прадбачыў, што маё кіраўніцтва газетай не будзе доўгім, што помніка не будзе, а ахвярадаўцы могуць пачаць патрабаваць грошы назад. Таму я асцярожна вылучыў збор грошаў з рэдакцыі газеты і загадаў адміністратару Мікулічу, каб не адзін сабраны на помнік грош не праходзіў праз касу газеты, а складкі ішлі на адмысловы банкаўскі рахунак. Пры перадачы газеты сп. Завадскаму здаў яму і гэты банкаўскі рахунак. Калі хутка Завадскі перадаў газету біскупу Ропу, я убачыў, што да яго перайшло і кіраванне рахункам на помнік Міцкевіча і больш за гэты рахунак не хваляваўся. Калі біскуп пайшоў з палітыкі, дык ён са значнымі стратамі ўступіў газету нейкаму кансорцыюму з дырэктарамі сп.сп. Паўлам Кончай і Аляксандрам Мейштовічам на чале, а рэдактара Чэслава Янкоўскага змяніў сп. Войцех Бараноўскі. Пасля яго рэдактарам стаў сп. Гласко. Падчас вайны, пасля пракламацыі вялікага князя Мікалая (пра незалежнасць Польшчы - Л. Л.) можна было спадзявацца на тое, што ўсё ж у Вільні з'явіцца помнік Міцкевічу. Тады я пацікавіўся у сп. Кончы пра лёс фундуша на помнік? І даведаўся, што яго ўжо няма і замест помніка на вольным паветры пастаўлены бюст Міцкевіча ў бібліятэцы. Бюст падараваны гораду Вільні сп. Уладзімірам Ленскім (насамрэч, бюст быў падараваны Таварыству навук, а не гораду, і зрабіў гэта не Уладзімір, а Гіляры Ленскі - заўвага рэдактара Preglada Wilenskiego).

На бюст, каб ён нават быў выкананы з срэбра, не маглі пайсці ўсе сабраныя грошы, і, каб гэта адбылося ў Англіі ці Францыі, дык трэба было б даведацца, у чыю кішэню пайшлі грамадскія грошы. Але я не жадаў і не жадаю турбаваць грамадзян такім нясціплым пытаннем, бо ведаю свой народ і свой край. Адной з улюбёных пацех нашага краю ёсць крадзёж ці забойства. Гэтыя злачынствы ў іншых краях маюць індывідуальных выканаўцаў, а ў нас іх ніколі не знаходзяць. […]

Hipolit Korwin-Milewski. Wskrzeszenie "Kurjera Litewskiego" // Pregląd Wileński. 1931. № 6-7. S. 2-7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Мацвей Васільевіч Фурсаў (1825 - 1901) - гісторык і педагог, дырэктар Магілёўскай мужчынскай гімназіі

Гісторыя Магілёўшчыны

Нават для дасведчаных магілёўскіх краязнаўцаў і гісторыкаў імя Мацвея Васільевіча Фурсава, на вялікі жаль, мала вядомае. І гэта пры тым, што гэты чалавек у свой час быў адным з самых тытулаваных чыноўнікаў у губернскім Магілёве і зрабіў безліч прагрэсіўных крокаў для развіцця адукацыі і асветы нашага Прыдняпроўскага краю.

Нарадзіўся Мацвей Фурсаў у Санкт-Пецербургу ў 1825 годзе. У 1843 са срэбным медалём скончыў 3-ю Пецербургскую гімназію, у якой выкарыстоўвалася ланкастарская сістэма адукацыі. Навучальная ўстанова знаходзілася ў Ліцейнай часці, у Саляным завулку (зараз гэта дом 12). Будучы казённакоштным выхаванцам, жыў у агульнай кватэры пры гімназіі. Ведаючы аб сістэме выкладання старажытных моваў і гісторыі ў гімназіі, можна меркаваць, што, хутчэй за ўсё, першапачатковыя навыкі працы з гістарычнымі крыніцамі студэнтам Фурсавым былі набыты менавіта ў гэтых сценах. Як адзначае вядучы бібліятэкар Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Пецербургу Дзмітрый Левін, выхаванне ў дэмакратычным разначынным асяроддзі з'яўлялася адной з галоўных прычын, чаму ў Мацвея Фурсава была поўная адсутнасць саслоўных і нацыянальных забабонаў. І потым, будучы дырэктарам трох гімназій Віленскай акругі, Мацвей Васільевіч ніколі не падзяляў сваіх вучняў на "элінаў і іудзеяў". Затым Фурсаў паступіў ў Пецербургскі ўніверсітэт казённакоштным студэнтам на філасофскае аддзяленне "по разряду общей словесности", дзе правучыўся пяць год. У 1848 годзе ён завяршае навучанне, атрымаўшы ступень кандыдата і пасаду старшага настаўніка гісторыі 1-га разраду.

На службу старшы настаўнік Фурсаў быў першапачаткова накіраваны ў горад Пскоў, дзе з лістапада 1848 па ліпень 1865 года працаваў у розных адукацыйных установах. Паступіў на службу ў Пскоўскую мужчынскую гімназію на пасаду старшага настаўніка гісторыі і законазнаўства. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці Фурсаў актыўна займаецца і грамадскімі справамі. З 1857 года тытулярны саветнік М. В. Фурсаў працуе дырэктарам і казначэем пскоўскага прытулка Святой Вольгі, уваходзіць у склад губернскай камісіі па пытаннях друку ў "Памятных кнігах" і "Губернскіх ведамасцях". У верасні 1859 года грамадзянскі педагог, надворны дарадца Мацвей Фурсаў служыць інспектарам класаў у Пскоўскай вучэльні ваеннага ведамства. Гэта быў вялікі поспех для навучальнай установы. Вось як піша пскоўскі гісторык Ф. Ушакоў: "Гэтая постаць не саступала па энергіі, разуменні і добрых намерах начальніку вучэльні: Фурсаў быў заняты з раніцы да ночы і, не пакладаючы рук, працаваў над увядзеннем новых парадкаў у вучэльні".

Дзякуючы намаганням Мацвея Фурсава і іншых педагогаў, унутраныя правілы ў навучальнай установе сталі больш чалавечнымі. Пачынаючы з 1860 года, Фурсаў уводзіць узнагароды за поспехі ў навучанні і добрыя паводзіны. Прозвішчы лепшых выхаванцаў пачалі заносіць на асобную чырвоную дошку, і ў дадатак гэтым вучням дазвалялася насіць пагоны.

Фурсаў выкарыстоўваў методыку нагляднага навучання для развіцця памяці, увагі і здольнасці да лагічнага мышлення, і калегі ў гімназіі гэта заўважалі і ацэньвалі высока. Вось невялікая характэрная цытата гісторыка гімназіі П. Гаварлівага: "Выкладчык гісторыі, М. В. Фурсаў звяртаў вялікую ўвагу на чарчэнне карт вядомых гістарычных мясцовасцяў, прымушаў вучняў пісаць на дошцы храналогію, чарціць генеалагічныя табліцы, для лепшага засваення вучнямі сувязі паміж падзеямі М. Фурсаў выяўляў яе праз чарцёж, кожны месяц ён рабіў вучням пісьмовыя іспыты". Акрамя таго, Фурсаў у 1858 годзе прыняў удзел у арганізацыі Марыінскай жаночай вучэльні, а ў 1860-1862 гадах выкладаў там гісторыю, рускую мову і славеснасць. Летам 1865 года загадам №8 ад 2 красавіка Фурсаў пераведзены па службе на пасаду дырэктара мужчынскай гімназіі ў горад Шаўлі, які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Літвы. Дырэктарам у гэтым мястэчку М. Фурсаў працаваў з 1865 па 1872 гг.

Варта звярнуць увагу, што гэта былі першыя гады пасля задушэння вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага і нацыянальныя і канфесійныя пытанні стаялі вельмі востра. Але, не зважаючы на палітыку татальнай русіфікацыі і вялікадзяржаўнага шавінізму, Мацвей Фурсаў заставаўся сумленным чалавекам і тактоўным адміністратарам і не даваў у крыўду ні католікаў, ні іудзеяў. Цікавую характарыстыку М. Фурсава ў сваіх успамінах пакінуў расійскі педагог і драматург Мікалай Кулікоў, які ў гэтыя гады таксама працаваў у гімназіі ў Шаўлях і перад прыездам на працу атрымаў інструктаж папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі аб неабходнасці барацьбы за рускую справу на зямлі "жемайтов", якая на мове вялікарускіх шавіністаў таго часу называлася "жмудским углом". Мемуарыст пісаў: "Дырэктар М. В. Ф-в, кандыдат СПб універсітэта , быў адным з лепшых выкладчыкаў гісторыі ў карпусах… быў роўны з усімі падначаленымі і клапаціўся толькі аб поспехах вучняў… З вялікім захапленнем ён казаў аб сваіх педагагічных перакананнях, і я з задавальненнем заўважыў, што ў праграме яго педагагічнай дзейнасці не было месца так напужаўшым мяне ў Вільні "вуглам" і іншым жупелам". Далей М. Кулікоў таксама прыводзіць прыклад, калі адзін з настаўнікаў хацеў пазбавіць залатога медаля выпускніка гімназіі каталіцкага веравызнання Франца Шымкевіча, які вучыўся выдатна, але ў час некаторых "патриотических мест лекции" дазваляу сабе "иронически улыбаться". У тую эпоху ў Заходнім краі такая заўвага была вельмі істотным фактарам пры наданні ўзнагарод і медалёў. Але Мацвей Фурсаў, як старшыня педагагічнай рады дамогся аб'ектыўнага падыходу, і вучань атрымаў заслужаны медаль.

Пасаду дырэктара Мацвей Васільевіч сумяшчаў з выкладаннем расійскай славеснасці, рускай і лацінскіх моў, гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўчых навук, чыстапісання і малявання. У час канікул ён даваў некаторым вучням заданні збіраць мясцовы літоўскі этнаграфічны і фальклорны матэрыял. Вось імёны некаторых гімназістаў, якія да траўня 1867 года прадставілі лепшыя, з пункту гледжання адміністрацыі, свае пісьмовыя працы: Стульчынскі Антон ("Джугас, багатыр жмудскі"); Рудзіс Мацвей ("Жмудскія песні"); Стасевіч Пётр ("Жмудскае вяселле", "Жмудскія песні", "Рысы жмудскай народнасці")… Для таго, каб падтрымаць таленавітых, але матэрыяльна не забяспечаных вучняў, М. Фурсаў прапанаваў правесці сярод выкладчыкаў Шавельскай гімназіі падпіску па зборы сродкаў на вучнёўскую стыпендыю. І 30 лістапада 1876 года гэта стыпендыя атрымала афіцыйную назву "Стыпендыі імя Пятра Вялікага". І яшчэ адно яскравае ўдакладненне да біяграфіі: у гімназіях, якімі кіраваў М. Фурсаў, намагаліся не павышаць плату за навучанне, а шукалі ахвярадаўцаў і мецэнатаў. Упершыню такі варыянт быў апрацаваны ў Шавельскай гімназіі, а потым у Слуцкай і Магілёўскай.

Напрыклад, у Шавельскай установе ў 1871 годзе плата за навучанне ў падрыхтоўчым класе складала 13 рублёў 50 капеек у год, а ў той жа час у Ковенскай гімназіі кошт складаў 20 рублёў пры той жа праграме. І з гэтага года выпадкі адмовы ў прыёме ў гімназіі, дзе кіраваў Фурсаў, былі вельмі рэдкай з'явай. Дадамо, што сярод выпускнікоў гімназіі ў гэты час быў у будучым вядомы інжынер, мецэнат, літоўскі грамадскі і палітычны дзеяч Пятрас Вілейшыс.

У 1872-1876 гадах Мацвей Фурсаў працуе на тэрыторыі Беларусі ў горадзе Слуцку дырэктарам Слуцкай гімназіі, дзе выкладае агульную геаграфію, расійскую і лацінскую мовы. Пры Фурсаве ў гімназіі пачынаюцца метэаралагічныя назіранні. Пражыўшы амаль чатыры гады ў Слуцку, Мацвей Васільевіч 4 снежня 1876 года прызначаецца дырэктарам Магілёўскай класічнай мужчынскай гімназіі.

Наступны, самы плённы перыяд жыцця, будзе звязаны менавіта з нашым горадам.

Працяг будзе.

Наталля Куляшкова. Алег Дзьячкоў. Магілёў.

Памяці Уладзіміра Кісялёва

16 студзеня 2021 года памёр беларускі краязнавец, кандыдат эканамічных навук, заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў, які нарадзіўся 28 красавіка 1931 г. у вёсцы Шацк Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. У 1950 годзе скончыў Беларускую сярэднюю школу № 1 у Наваградку. Пасля заканчэння ў 1955 годзе Маскоўскага аўтамабільна-дарожнага інстытута працаваў у Менскім трамвайна-тралейбусным упраўленні на пасадах майстра і галоўнага інжынера дэпо. Затым служыў у Галоўкамунгасе і Міністэрстве камунальнай гаспадаркі БССР на пасадах старэйшага інжынера аддзела ўпраўлення, начальніка нарматыўна-даследчай станцыі, адным з намеснікаў міністра жыллёва камунальнай гаспадаркі БССР!

З 1991 года - на пенсіі. У 1998-2002 гадах працягваў працаваць грамадскім дырэктарам музея гарадской гаспадаркі НВА "Жылкамунтэхніка"...

З другой паловы 80-х гадоў актыўна супрацоўнічаў з узначальваным І. Чыгрынавым Беларускім фондам культуры і яго краязнаўчай камісіяй на чале з Генадзем Каханоўскім...

Развіваючы тэму роднага краю, Уладзімір Кісялёў распрацаваў шэраг радаводаў вядомых прозвішчаў. У прыватнасці родаў Ельскіх, Наркевічаў-Ёдкаў, Завітневічаў, Кісялёў.

У 2002 годзе Уладзімір Мікалаевіч узнагароджаны граматай Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта (1935-2001) і медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Кірыла Тураўскага (2007).

Асобныя працы сп. Кісялёва выкарыстаны ў кнігах серыі "Памяць" па Уздзенскім, Пухавіцкім, Капыльскім і Чэрвеньскім раёнах.

У 2000 годзе матэрыялы пра Наркевіча-Ёрку ўвайшлі ў выдадзены БФК зборнік "Славутыя імёны Бацькаўшчыны". Кісялёў з'яўляўся правадзейным членам Беларускага геаграфічнага таварыства.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

ВЕРШЫ АЛЕСЯ КЛЫШКІ

Да Міжнароднага дня роднай мовы

Калядны вечар

На святочныя Калядкі,

Маці смажыць нам аладкі,

Вінегрэт, пірог мясны,

Квас да смачнай кілбасы.


У кутку - ялінка ў зорках,

Бляск фальгі, арэхі з коркаў,

Шышкі з фанцікаў цукровых,

Снег з сняжынак папяровых.


Пад галінкай падарункі,

Цацкі, гульні, пачастункі, -

Ўсё Гасподзь паслаў багата, -

Поўны кошык наша хата.


Вось бацькі прыйшлі з царквы,

Ўсе прысмакі да пары,

Зорку першую чакаем,

Нараджэнне праслаўляем.

Родны край

ТБМ

Ратуйма, браце, родную мову

Насуперак кіроўцу тому,

Ён пераблытаў свой маршрут,

Апошні наш прыпынак - тут,

Дзе наша хата, крыж, клады,

Усе шляхі вядуць сюды.

Ад усіх навалаў абярэгі:

Татараў вытрымаць набегі,

Ад крыжакоў і маскалёў

Нам Божай Маці быў пакроў.

У час ліхі паўстала,

Нас продкаў кроў уратавала.

Няўжо цяпер усё аддамо

Пад чужароднае ярмо?

Палі, лясы, азёры, рэкі,

Няўжо мы зломкі ці калекі?

Нам непатрэбны "мірны атам",

Даколі быць "малодшым братам",

Край беларускі, родны край,

Не на нябёсах - тут мой рай…

Мова

Кастусю Лапко -

сябру-навукоўцу

Сакральныя словы прамовіў Кастусь,

Што ўсім патрыётам аснова:

Ці любіш каго? - Люблю Беларусь!..

То Клятва, Радзіма і Мова.

- Ці крочыць за мной

праз гады яшчэ хто? -

Гучаць Каліноўскага словы,

- То так, сярод іх ёсць упарты Лапко,

Хай будзе да веку здаровы.

Ад сведкаў сучасных я толькі дадам -

Па першаму і па другому,

Ён скажа: "За волю ўсе скарбы аддам,

Ды толькі не родную мову".

Кропка

Я жыву, хай нетаропка,

З большага безвынікова.

І пастаўленая кропка

Больш за змест, за сказ і слова.

Трэба жыць - я разумею,

Перш за ўсё - любіць Радзіму,

Па-другому я не ўмею,

Так вучу дачку і сына.

Каб у праўнукаў і ўнукаў

Прарасло раллёй вясновай,

Без вучэнняў і навукаў -

Беларусь - усяму аснова.

Трэба жыць і не баяцца,

З непахіснаю надзеяй

За любую працу брацца,

З верай ў сэнс і гэту дзею.

І пакутная Радзіма

Ачуняе з словам родным,

Недарэмна нарадзіла:

Руш наперад - будзь свабодным!

Скарбы

Сяргею Чыгрыну

Скарбы паўсюль - то жыццё чалавечае,

Верш недапісаны - аркуш скамечаны,

Цацка, калыска - дзяцінства ўзгадана,

Бацькавы крыж да канца не разгаданы.

Дзённік пакрэслены - словы не сцёрты,

А хто пісаў, той жывы, а не мёртвы.

Ён распавёў, дзе закопаны скарбы,

Мапу пакінуў - не выцвілі фарбы.

І я дрыжачай рукой разбіраю

Літары, знакі - багацце ўяўляю:

Што набываю, яшчэ што набуду,

Іншым - заможным, нарэшце, я буду.

Потым гляджу - то старонка радзімая:

Шчара, царква і мяжа недзялімая,

Вёсачка, школка і сцежка знаёмая,

Бруіць крынічка - чужым невядомая.

Дзесьці ў лесе зязюля загукала,

Маці вядром каля студні загрукала.

Раптам ачнуўся - рука абвяла

Слова на мапе - Сло-нім-шчы-на.

Менск.

Выстава Васіля Шаранговіча

Мемарыяльны музей Якуба Коласа занесены сумётамі снегу. А ў самім музеі, акрамя пастаяннай экспазіцыі, дэманструецца выстава ілюстрацый вядомага графіка Васіля Шаранговіча да "Новай зямлі" і іншых твораў пісьменніка.

Якуб Колас - адзін з лепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры, які вельмі тонка і пранікнёна апісвае беларускія краявіды, а яго прыродаапісальная лірыка кранае. Кожная пара года ў творчасці Якуба Коласа вельмі хораша і рэалістычна перададзена чытачам рознага ўзросту.

"Мароз паважны, як вяльможа,

Знасіць свавольніцтва не можа.

І на той час, як ён пануе,

Па небе хмарка не вандруе.

І ўсе стварэнні занямеюць,

І патыхаць вятры не смеюць."

Вельмі яскрава зімовая пара з вясёлымі дзяцячымі прыгодамі апісана на старонках паэмы "Новая зямля". Радкі з паэмы - "Уладарства холада вяліка" - далі назву экспазіцыі мастацкіх ілюстрацый Васіля Шаранговіча. Мастаку заўсёды цікава перачытваць творы класіка і рабіць свае акварэльныя і графічныя малюнкі. Васіль Пятровіч нарадзіўся зімовай парой, 14 студзеня. Выдатнаму графіку даступныя разнастайныя тэхнікі афармлення кніг, зразумелая структура і вобразы твора, псіхалогія і настрой персанажаў.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX