НАША СЛОВА № 8 (1523), 24 лютага 2021 г.
Беларускае слова нясе моц і энергію
Міжнародны дзень роднай мовы на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны быў адзначаны 21 лютага напісаннем дыктоўкі па тэксце Міколы Ермаловіча "Мова - сцяг народа", які прадыктавала выкладчыца 50-тай менскай гімназіі Валянціна Аляксандраўна Драгун.
"Нацыянальнае абуджэнне бярэ свой пачатак з усведамлення роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце", - гаворыцца ў тэксце дыктоўкі.
Ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў узгадаў пра гісторыю запачаткавання нацыянальнай дыктоўкі.
- Мы пішам яе ўжо у 14-ты раз. З такой ідэяй 13 гадоў таму ўпершыню выступіў Уладзімір Падгол, які звярнуўся з прапановай у розныя грамадскія арганізацыі і партыі, яго падтрымаў Віктар Івашкевіч.
Для напісання першай дыктоўкі на сядзібу ТБМ былі запрошаны дыпламаты еўрапейскіх краін. Дыктоўка з удзелам дыпламатаў дала шырокі рэзананс. З тых часоў мы пачалі запрашаць да ўдзелу ў дыктоўцы беларусазнаўцаў, музыкаў, артыстаў і ўсіх, хто любіць прыгожае мастацкае слова. Дыктоўка пачала праводзіцца ў бібліятэках, музеях, палацах культуры і стала сапраўдным святам!
Пяць гадоў таму тыдзень беларускай мовы быў абвешчаны на рэспубліканскім узроўні і назва "Нацыянальная дыктоўка" атрымала падтрымку ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
Год таму ў адной толькі Гарадзенскай вобласці ў напісанні дыктоўкі ўдзельнічалі каля 100.000 чалавек, а па ўсёй краіне - не менш за 200.000 чалавек. Мова тады адчувае сябе поўнакроўнай, калі людзі на ёй пішуць.
Да сёлетняй дыктоўкі мы падрыхтавалі тэксты нашых юбіляраў: І. Шамякіна, Н. Гілевіча, М. Ермаловіча, - адзначыў Алег Трусаў.
- Жадаю вам моцы, энергіі і свабоды! Наперад з беларускім словам!, - прамовіла да ўдзельнікаў дыктоўкі на заканчэнні старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.
На памяць аб сённяшняй падзеі кожны ўдзельнік атрымаў дыскі з запісамі беларускіх песень.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Мова - тое, што нас яднае
У Гарадзенскім аблвыканкаме напісалі беларускамоўную дыктоўку
Напярэдадні Дня роднай мовы каля 50 супрацоўнікаў аблвыканкама сабраліся разам, каб напісаць беларускамоўную дыктоўку.
Мерапрыемства стала ўжо традыцыйным для Гарадзеншчыны. Кожны год яго ўдзельнікі з задавальненнем бяруць чысты ліст паперы і ручку, каб звярнуцца да мілагучнага беларускага слова. Многія прызналіся, што напачатку крыху хваляваліся, але, нягледзячы на гэта, атрымалі добры настрой і шмат пазітыўных эмоцый.
- Беларуская мова - родная мова маёй бабулі і матулі, тое, што заўсёды застанецца ў сэрцы, - падзяліўся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк. - Хачу сказаць усім нам, што мова - адзіная частка нашай культуры, якая аб'ядноўвае ўсіх жыхароў краіны. Таму, калі 2021 год мы аб'явілі Годам народнага адзінства, то павінны менавіта мову зрабіць тым падмуркам, на якім гэтае адзінства будзе будавацца.
Сёння ўдзельнікі прыгожай беларускамоўнай акцыі ўспомнілі, што значыць уважліва слухаць настаўніка, успрымаць тэкст на слых, самастойна правяраць памылкі і атрымоўваць адзнакі. У аўдыторыі, трэба сказаць, аказалася шмат выдатнікаў.
- Дыктоўка заўсёды праходзіць у вельмі прыемнай атмасферы: мы запрашаем настаўніка вышэйшай катэгорыі, падбіраем тэксты, якія было б зручна напісаць любому ўдзельніку і якія расказваюць нам пра нашу Радзіму, - рассказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. - Важна таксама, каб не толькі ў гэтыя дні, а на працягу ўсяго года мы ўспаміналі тых людзей, якія стваралі літаратурную беларускую мову. Ва ўстановах адукацыі і культуры мы будзем ушаноўваць імёны нашых пісьменнікаў - стогадовых юбіляраў Івана Шамякіна і Івана Мележа, а таксама Кандрата Крапіву, святкуючы яго 125-годдзе. Гэтаму будзе прысвечана шмат цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў.
Чытала дыктоўку настаўніца беларускай мовы гімназіі № 10 Гародні Ірына Мялешка. Яна прапанавала тэкст беларускага пісьменніка Янкі Сіпакова "Наш родны край".
- Абраны тэкст вельмі прыгожы, блізкі і мілы майму сэрцу, - рассказала настаўніца, - і, я думаю, усе, хто сёння пісаў гэтую дыктоўку, таксама адчулі прыгажосць слова нашага пісьменніка. Тэкст быў нескладаны, насычаны, канешне, знакамі прыпынку, але тыя, хто ўважліва слухаў, памылак не дапусцілі. Наша зямля, наша мова - тое адзінае, чым мы павінны даражыць, тое, што нас аб'ядноўвае і робіць сапраўднай нацыяй.
Дарэчы, напісаць дыктоўку сёння планавалася не толькі ў Гарадзенскім аблвыканкаме. Такое ж мерапрыемства прайшло ў абласным інстытуце развіцця адукацыі і абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага. У раёнах вобласці акцыю правялі грамадскія аб'яднанні.
Ганна РАДЗЮК. Фота Арцёма ТУРЛАЯ. "Гродзенская праўда".
У. Макей пра бел-чырвона-белы сцяг: "Гісторыкі павінны сесці і правесці маштабнае мерапрыемства, абмеркаванне"
Пра гэта міністр замежных спраў заявіў у інтэрв'ю РБК.
- Ці згодныя вы з ідэяй прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім?
- Пытанне вельмі складанае.
- Скажыце як грамадзянін, а не як міністр.
- Пытанне вельмі складанае. Я выкажу свой асабісты пункт гледжання. Я лічу, што да гісторыі трэба ставіцца беражліва. У нас шмат помнікаў савецкага і дасавецкага перыядаў. Я калісьці сказаў: хіба камень вінаваты ў тым, што яго тут паставілі? Калі вы не згодныя з чымсьці ці жадаеце выказаць свой пункт гледжання (я маю на ўвазе новую ўладу, якая, умоўна кажучы, у той ці іншай краіне мяняецца), вазьміце і пастаўце шыльду, што вось гэта такі помнік, што ён прысвечаны такому дзеячу, як ён ацэньваецца, пазітыўна ці адмоўна і г. д. У ходзе экскурсій, якія могуць адбывацца на гэтым месцы, можна тлумачыць такога роду рэчы. Я не разумею, навошта зносіць помнікі. Я сапраўды гэтага не разумею. Маё меркаванне: да гісторыі трэба ставіцца беражліва.
Што тычыцца сцяга, я думаю, што нашы гісторыкі павінны сесці і правесці маштабнае мерапрыемства, канферэнцыю, абмеркаванне. Я разумею і ўспрымаю патрабаванні многіх грамадзян, якія патрабуюць забараніць гэтую сімволіку і абвясціць гэты сцяг экстрэмісцкім, бо сапраўды пад гэтым сцягам здзяйснялася шмат злачынстваў супраць беларускага народа.
Вядома ж, гэта выклікае абурэнне, але я меркаваў бы, што з улікам таго, што гэты год абвешчаны Годам Усенароднага адзінства, нам трэба вельмі ўважліва паставіцца да гэтай тэмы. Як бы нейкія рэзкія, забароненыя рэчы, рашэнні, не прывялі да таго, што гэта, наадварот, выкліча нейкае адрыньванне ва ўдзеле грамадства, калі нават гэта невялікая частка грамадства. Гэта мой асабісты пункт гледжання.
- Так, я разумею. Ён адрозніваецца ад дзяржаўнага?
- Пакуль рашэнне не прынята. Я проста ўважліва сачу за дыскусіяй. Я яшчэ раз кажу, што я бачу і ведаю, што пад гэтым сцягам здзяйснялася шмат злачынстваў, але трэба ўсё ўзважыць з пункту гледжання будучага развіцця нашай дзяржавы.
https://nn.by.
Наведвальнікі кніжнага кірмашу пазнаёміліся з новымі выданнямі
У Менску 18-21 лютага праходзіў ХХVIII Міжнародны кніжны кірмаш, дзе было прадстаўлена шмат густоўных выданняў беларускіх і замежных выдавецтваў.
У Міжнароднай выставе-кірмашы ўзялі ўдзел прадстаўнікі блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Азейрбайджана, Аўстрыі, Ірана, Венсуэлы і іншых краін. Прадстаўнікі далёкіх краін распавялі пра гісторыю сваіх дзяржаў і падзяліліся яркай і цікавай паліграфічнай прадукцыяй. Распаўсюднікі з Венсуэлы прапаноўвалі гасцямі кнігу пра нацыянальнага героя, змагара за незалежнасць Лацінскай амерыкі ад Іспаніі Сімона Балівара "Вызваліцель".
Беларускія выдавецтвы "Мастацкая літаратура", "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі", "Адукацыя і выхаванне" прадставілі новыя кнігі па мастацтвазнаўстве, гісторыі і краязнаўстве Беларусі. Дзіцячыя каляровыя выданні на беларускай, рускай, англійскай мовах прыцягвалі ўвагу маладых бацькоў.
18 лютага адбылася прэзентацыя мастацкага альбома У. Пракапцова, прысвечанага вядомаму пейзажысту Вітольду Бялыніцкаму- Бірулю і іншых кніг з серыі "Славутыя мастакі з Беларусі". Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" прадставіла новую змястоўную энцыклапедыю "Уладзімір Караткевіч". Кніга падсумавала пласт даследванняў, якія зроблены на сённяшні дзень. Аўтары артыкулаў Пётр Пятровіч Жаўняровіч, Віктар Іванавіч Іўчанкаў, Ганна Вячаславаўна Запартыка , Вольга Карпаўна Шанкарэнка, Галія Фатыхава і іншыя аўтары энцыклапедыі атрымалі падзякі за ўнёсак у даследванні.
"Гэта тая скарбніца, якая дапаможа студэнтам, магістрантам, аспірантам знайсці свайго Караткевіча. Калі я пачаў займацца ў 80-я гады вобразнай сістэмай і мовай У. Караткевіча, я не мог сябе нават ўявіць такой сённяшней імпрэзы. Вялікі вам дзякуй і нізкі паклон!"
"У. Караткевіч пражыў не доўгае жыццё, але быў настолькі і пладавітым аўтарам, што мы спадзяемся да яго стагоддзя выпусціць 3-томную энцыклапедыю!", - адзначыў выдавецкі калектыў.
19 лютага Уладзімір Ліпскі прадствіў сваю новую кнігу для дзяцей "Я тут жыву". Рэдактар часопіса " Вясёлка", былы старшыня Беларускага дзіцячага фонду, які нядаўна атрымаў тытул "Рыцара дзяцінства", запрасіў юных чытачоў у захапляльнае падарожжа па Беларусі з загадкамі і квэстамі, і заахвоціў шукаць свае сем цудаў роднай краіны.
- Часопіс "Вясёлка" - адзначыў Уладзімір Ліпскі, - гэта міні-выдавецтва, якое выкрышталізоўвае на сваіх стронках лепшыя творы беларускіх аўтараў. "Вясёлка" ідзе ў 4,5 тысячы сем'яў Беларусі. А яшчэ калі ўлічыць, што часопіс чытае не адзін падпісчык, а ўся сям'я, то можна памножыць тыраж на пяць!
У "Вясёлкі" ёсць прэмія Васіля Віткі, заснавальніка часопіса, і сёння мы ўручылі яе вядомаму пісьменніку і паэту Віктару Шніпу, чыя казка ў часопісе была прызнана галоўным творам года, - падвёў вынікі У.С. Ліпскі
Гісторык і экскурсавод Іван Іванавіч Сацукевіч выступіў аўтарам-складальнікам кнігі "Мінск: з руінаў да росквіту", якая прысвечана пасляваеннай гісторыі сталіцы ў перыяд з 1944 па 1979 год.
Багатыя матэрыялы (калекцыя чорна-белых фотаздымкаў), пакладзеныя ў аснову кнігі, былі знойдзены ў Дзяржынскім архіве кіна- і фотадакументаў.
- Архіў, які знаходзіцца ў былым Койданаве - распавёў Іван Сацукевіч, - гэта сапраўдны Кландайк цікавых фотадакументаў, па якіх можна вывучаць гісторыю краіны. У новай кнізе мы хацелі паказаць, як змяніўся Менск за першыя 30 гадоў пасля вайны. Мы раздзялілі яе на 15 раздзелаў-блокаў, якія паступова раскрываюць для нас гісторыю Менска. Праз кнігу можна даведацца, як Менск пацярпеў падчас вайны, якія раёны былі найбольш разбураныя і чаму, і як аднаўляўся наш горад, чаго каштавала гэта праца нашым дзядам, каб горад зноў пачаў жыць. Можна даведацца, як выглядалі Прывакзальная, Цэнтральная і Круглая плошчы, якія былі архітэктурныя формы, як выглядалі першыя тралейбусы ў 50-я гады. Залатая Горка, Доўгі Брод, Пярэспа - такімі назвамі карысталіся нашы продкі, сёння пра гэта можна прачытаць у кнізе.
Выдавецтва "Мастацкая літаратура" разгарнула дэманстраванне кніг, прысвечанае юбілеям класікаў: Івана Шамякіна, Івана Мележа і Кандрата Крапівы.
Госці кірмаша наведалі стэнды Нацыянальнай бібліятэкі, дзе былі прадстаўлены навуковыя выданні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, выдавецкі праект "Партызанскі архіў", рэпрынтныя выданні, паштоўкі і інш. Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з інтэрнет-праектам, прысвечаным У. Дубоўку і конкурсу чытальнікаў "О, Беларусь, мая шыпшына".
На жаль, у гэтым годзе ў выставе-кірмашы не змаглі ўзяць удзел шматлікія недзяржаўныя прыватныя выдавецтвы Беларусі.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Выстава кніжнай графікі Illustratio
З 16 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы працуе выстава кніжнай графікі "Illustratio. Разнастайнасць тэхнік ілюстравання", якая дэманструе высокі мастацкі ўзровень упрыгожвання кніг і лепшыя ўзоры нацыянальнага кнігавыдання. Графічныя працы ў тэхніцы афорту, літаграфіі, лінарыту, дрэварыту перадаюць увесь складаны і захапляльны працэс ілюстравання твораў сусветнай класікі, зборнікаў паэзіі, дзіцячых казак. Адкрыццё выставы супадае па часе з правядзеннем у лютым у Менску традыцыйнага Міжнароднага кніжнага кірмашу.
У экспазіцыі прадстаўлены працы знаных мэтраў, вядомых кніжных графікаў: Георгія Паплаўскага, Міколы Купавы, Паўла Татарнікава, а таксама выкладчыкаў і студэнтаў факультэта дызайну і кафедры графікі мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў.
Выстава знаёміць з рознымі тэхнікамі ілюстравання кніг: дрэварытам, лінагравюрай, гравюрай па метале, сучаснай камп'ютарнай графікай. У адкрыцці выставы прынялі ўдзел дэкан мастацкага факультэта БДAM Ганна Конанава, вядомыя мастакі-графікі Юры Хілько, Андрэй Басалыга і іншыя асобы.
Той, хто цікавіцца мастацтвам афармлення кніг, зможа даведацца пра майстроў, якія аздаблялі кнігі гравюрамі па метале. Такімі майстрамі былі Альбрэхт Дзюрэр, Тамаш Макоўскі, Георгі Паплаўскі і іншыя мастакі. У старадаўняй, спрадвечнай тэхніцы дрэварыту працавалі майстры, якія ўпрыгожвалі кнігі Ф. Скарыны, а таксама нямецкі графік Альбрэхт Дзюрэр, французскі ілюстратар Жан-Мішэль Папіён, англійскі мастак Эдмунд Эванс і беларускія творцы: Саламон Юдовін, Ібрагім Гямбіцкі і іншыя. Тэхнікай літаграфіі займаліся Эжэн Дэлакруа, П.-А. Рэнуар, Пабла Пікаса і іншыя мастакі. Вуглём і алоўкамі пісалі Леанарда да Вінчы, Эдгар Дэга і Анры Маціс.
Арыгінальнымі рашэннямі вызначаюцца сёння творы маладых мастачак: Кацярыны Коўзусь, Марыі Варанкевіч, Крысціны Булас, Веранікі Несцярук і іншых. Абуджаюць фантазію акварэльныя малюнкі, якімі аздоблены казкі розных народаў свету.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Падзеі 2020 года
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах)
1 жніўня. Кіраўнікі цэркваў звярнуліся да беларусаў перад выбарамі "У імя мірнай будучыні Беларусі". Менскі мітрапаліт, экзарх Павел і арцыбіскуп касцёла Тадэвуш Кандрусевіч казалі аб правядзенні сумленных і выбараў і заклікалі не дапусціць кровапраліцця.
4 жніўня. У Палацы Рэспублікі выступіў А. Р. Лукашэнка з дакладам "Послание Александра Лукашенко белорусскому народу и Национальному собранию". У Палацы Рэспублікі было 2500 чалавек. Даклад А. Лукашэнкі заняў паўтары гадзіны.
6 жніўня. У Берасці ўлады закрылі краму "Князь Вітаўт" па продажу тавараў з нацыянальнай сімволікай. У выніку агляду супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ўсе 54 сцягі з гербам "Пагоня", якія былі ў краме, 14 бел-чырвона-белых сцягоў, 10 кепак з "Пагоняй" і каля 200 белых бранзалетаў. Кіраўніцтва крамы выклікалі на допыт.
7 жніўня ў Менску прайшла акцыя пратэсту, пасля якой сілавікі Беларусі масава праводзілі затрыманні раварыстаў, якія былі ў ліку пратэстоўцаў.
Увечары 7 жніўня ў Менску прайшла масавая акцыя аўтамабілістаў. Кіроўцы сігналілі, паказвалі белыя стужкі і бранзалеты, з салонаў легкавікоў гучала песня "Пераменаў!".
8 жніўня У Менску а 19-й гадзіне аўтамабілісты зноў зладзілі акцыю салідарнасці: пачалі гучна сігналіць і паказваць з машын белыя бранзалеты на руках. Далучыліся і пешаходы. Іх пачаў затрымліваць АМАП.
9 жніўня. Асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Датэрміновае галасаванне пачалося 4 жніўня. За чатыры дні датэрмінова прагаласавалі 32,24 % выбаршчыкаў. За пяць дзён датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі яўка выбаршчыкаў склала 41,7%. Лідзія Ярмошына, кіраўніца ЦВК, заявіла пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1": "Уже цифра 41,7%. Причем в Гомельской области выборы состоялись, там уже более 50 %".
9 жніўня, пасля таго як зачыніліся выбарчыя ўчасткі, у многіх гарадах Беларусі прайшлі акцыі пратэсту.
10 жніўня МУС прадаставіла звесткі аб тым, што ўчора пацярпелі больш за 89 чалавек, сярод іх 39 - сілавікі. Затрымана каля 3 тысяч чалавек.
Інтэрнэт не працуе зусім. БТ паведамляе, што за А. Лукашэнку прагаласавала 80 % выбаршчыкаў.
Вечарам у Менску і некаторых іншых гарадах з'явіліся сілавікі, пачаліся затрыманні. Каля паўночы МУС паведаміла аб загінулым падчас пратэстаў. Ім быў Аляксандр Тарайкоўскі, якому было 34 гады. Ён быў паранены ў грудзі і памёр ад страты крыві.
Міністэрства аховы здароўя назвала колькасць пацярпелых падчас акцый пратэсту 9 і 10 жніўня, якім спатрэбілася шпіталізацыя. У медустановах знаходзілася "крыху больш за 200 чалавек", - паведамляў телеграм-канал ведамства.
У 16 гадзін Святлана Ціханоўская зайшла ў ЦВК да Л. Ярмошынай са скаргай на вынікі выбараў і адтуль не вярнулася. Яе разам Марыяй Мароз выправілі ў Літву 11 жніўня. Святлана Ціханоўска зрабіла заяву аб спыненні пратэстаў, яку яна зачытала з паперкі для Беларускага тэлебачання.
Па дадзеных МУС, падчас пратэстаў за папярэдні дзень былі затрыманы дзве тысячы чалавек, распачата 21 крымінальная справа.
11 жніўня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў да спынення гвалту і правядзення экстраннага круглага стала.
Увечары 11 жніўня пратэсты аднавіліся ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Гродне, Брэсце.
12 жніўня. Уключылі інтэрнэт (не працаваў 3 дні). У Менску АМАП пакінуў вуліцы, плошчы і праспекты. Каля Камароўскага рынку ў Менску 250 жанчын у белых кашулях утварылі ланцуг неабыякавых людзей.
Гарадзенкі паўтарылі акцыю, якая раней прайшла ў Менску. Такім чынам, яны вырашылі падтрымаць мінчанак, а таксама паказаць салідарнасць з праціўнікамі гвалту. Праз гадзіну ўдзельніц акцыі было ўжо амаль 300.
Услед за Менскам 12 жніўня ў Гомелі на пляцоўцы ля цырка, якая стала традыцыйным месцам збору мясцовага пратэсту, сабраліся дзяўчаты і жанчыны. Яны трымалі ў руках кветкі і шарыкі. У гэты ж дзень у Гомелі памёр затрыманы на пратэстах 25-гадовы Аляксандр Віхор. У яго былі праблемы з сэрцам, і час этапавання ў СІЗА яму стала дрэнна ў аўтазаку. Дзяцюк памёр у бальніцы.
Перамогу Аляксандра Лукашэнкі прызналі Кітай, Расія, Казахстан і іншыя краіны. У Еўрасаюзе выбары ў Беларусі назвалі несвабоднымі і недэмакратычнымі. У Сенаце ЗША заклікалі беларускага лідара скласці паўнамоцтвы.
13 жніўня. Беларусь пратэстуе ўжо чацвёрты дзень: затрыманыя тысячы чалавек. З раніцы ў Менску каля 200 жанчын у белай вопратцы сталі ў ланцужок, у руках у іх былі белыя і чырвоныя кветкі.
14 жніўня. Былы міністр культуры і былы амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які цяпер кіруе Купалаўскім тэатрам, прыйшоў з акторамі на плошчу Незалежнасіці ў Менску на мітынг і паведаміў, што "ён са сваім калектывам і не можа заставацца ў баку". Ён публічна запатрабаваў адстаўкі міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і ягоных намеснікаў у сувязі з гвалтам да мірных грамадзянаў 9,10,11 і 12 жніўня.
14 жніўня. Святлана Ціханоўская заявіла аб стварэнні Каардынацыйнай рады (савета), у якую ўвайшлі кіраўнікі яе перадвыбарнага штаба.
14 жніўня Беларусь перадала Расіі 32 расійскіх грамадзяніна, раней затрыманых у рэспубліцы і абвешчаных байцамі прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера.
15 жніўня ў Менску пахавалі 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага - пратэстоўца, які загінуў падчас разгону дэманстрацыі каля станцыі метро "Пушкінская" ўвечары 10 жніўня.
16 жніўня, нядзеля. У Менск былі звезены з усіх гарадоў Беларусі на пл. Незалежнасці чыноўнікі ў падтрымку Лукашэнкі на аўтобусах і цягніках. Было каля 10 тысяч. Дзейны прэзідэнт краіны А. Лукашэнка заявіў, што выбары ў Беларусі адбыліся, фальсіфікацыі на іх быць не магло.
У Менску 16 жніўня было горача. Пад пякучым сонцам сталіцы прайшлі два мітынгі. На адным крычалі: "За бацьку!", на другім: "Сыходзь!".
Ад Менска не адставалі і рэгіёны: у Віцебску, Гомелі, Магілёве, Гародні, Берасці, Баранавічах, Слоніме, Паставах, Ваўкавыску і іншых гарадах прайшлі акцыі "Марш салідарнасці".
16 жніўня, падчас сваёй традыцыйнай нядзельнай сустрэчы з вернікамі Папа Рымскі Францішак скіраваў адмысловы зварот, звязаны з сітуацыяй у Беларусі.
17 жніўня ў цэнтры горада Наваградка прайшоў вялікі мітынг, на якім арганізавалі сустрэчу з мясцовай уладай. Канструктыўнага размовы не атрымалася. Людзі казалі аб адным, улада - аб другім. І тых, і іншых перапаўнялі эмоцыі.
Лукашэнка прыбыў на МЗКЦ і выйшаў да рабочых. Ён, як і напярэдадні, адхіліў магчымасць правядзення паўторных выбараў: "Ніколі вы ад мяне не дачакаецеся, каб я пад ціскам нешта зрабіў".
17 жніўня 2020 года звольнены дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка за падтрымку пратэстных выступленняў, што выклікала масавыя звальненні акцёраў і рэжысёраў тэатра.
18 жніўня. У Магілёве і Гомелі арганізаваны пасля работы мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі.
Заявы на звальненне з Купалаўскага тэатра напісалі ўжо больш за 80 чалавек
Дырэктар Нясвіжскага замка Сяргей Клімаў вывесіў бел-чырвона-белы сцяг і рыхтуецца да звальнення.
Міністэрства інфармацыі звольніла галоўнага рэдактара газеты "Звязда" - дырэктара выдавецкага дома "Звязда" Паўла Сухарукава.
Адбылося першае пасяджэнне так званай Каардынацыйнай рады па перадачы ўлады С. Ціханоўскай. У раду ўваходзяць каля 70 чалавек. Яна яшчэ толькі ствараецца.
19 жніўня. Палітычны крызіс у Беларусі, а таксама перспектывы гандлёва-эканамічнай кааперацыі падчас тэлефоннай размовы абмеркавалі прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка са старшынём урада Расіі Міхаілам Мішусціным. А. Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета бяспекі з запрашэннем кіраўнікоў абласцей.
19 жніўня. У ваенным шпіталі ў Менску памёр Генадзь Шутаў. Ён быў паранены ў галаву з агнястрэльнай зброі ў час разгону пратэстоўцаў у Берасці 11 жніўня.
20 жніўня. Больш за 200 спартоўцаў, трэнераў і працаўнікоў спартыўнай галіны апублікавалі ліст з патрабаваннем паўторных выбараў прэзідэнта ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўкі дзейнага складу Цэнтравыбаркаму з прыцягненнем фальсіфікатараў да адказнасці.
20 жніўня. У Віцебску і многіх гарадах Беларусі былі арганізаваны праўладныя мітынгі ў падтрымку міру, бяспекі і спакою з дзяржаўнымі сцягамі і канцэрты ў падтрымку А. Лукашэнкі. Доўжыўся мітынг 1 гадзіну, а потым быў канцэрт.
Генеральны пракурор Беларусі Канюк узбудзіў крымінальную справу супроць Кардынацыйнага савета і перадаў яе для расследавання ў СК. Ён заявіў, што стварэнне і дзейнасць Каардынацыйнага савета накіраваны на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны.
Затрыманы старшыня стачкама МАЗа Яўген Бахвалаў.
21 жніўня ў Менску былі затрыманы журналісты Рускай службы "Радыё ..." Юлія Вішнявецкіх і Андрэй Кісялёў. Іх спынілі для праверкі дакументаў і пакінулі ў Партызанскім РУУС. Праз некалькі гадзін было прынята рашэнне дэпартаваць журналістаў у Расію ў суправаджэнні прадстаўніка расійскага консульства.
На вуліцы Гомеля выехалі камбайны, на кожным з якіх размешчаны Дзяржаўны сцяг. Яны едуць у калоне, у якой можна заўважыць і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. На камбайне - лозунг "Забастоўкі руйнуюць эканоміку".
Не выйшлі з друку газеты "Народная воля" і "Комсомольская правда". Так было ў 2005, 2008 гг.
У пятніцу, 21 жніўня, надвячоркам у цэнтры Зэльвы каля райвыканкама адбыліся два мітынгі. Адзін мітынг за Лукашэнку правялі некалькі пенсіянераў. Другі мітынг зэльвенцаў адбыўся ў цэнтральным скверыку, каля помніка жарабяці.
У Шаркаўшчыне, каля райвыканкама, 21 жніўня прайшоў мітынг у падтрымку дзейнага Прэзідэнта.
Мерапрыемства, арганізаванае ўладамі, прайшло ў Ганцавічах 21 жніўня.
22 жніўня. У Гародні А. Лукашэнка правёў мітынг і даручыў выканкамам закрыць бастуючыя прадпрыемствы з 24 жніўня. Адпраўлены ў адстаўку старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Новым старшынём аблвыканкаму прызначаны Уладзімір Каранік, былы міністр аховы здароўя.
23 жніўня. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё адмовіў у прамой трансляцыі нядзельнай святой Імшы з архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску.
"Марш новай Беларусі". Самы масавы мітынг быў на пл. Незалежнасці, затым дэманстрацыя да стэлы "Горад - герой", дзе яе ахоўвалі войскі МА і АМАП.
У Палац Незалежнасці прыляцеў на верталёце А. Лукашэнка з аўтаматам у руках.
24 жніўня. Затрыманне членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага адбылося каля прахадной Менскага трактарнага завода.
24 жніўня ў 11.30 быў затрыманы сустаршыня стачачнага камітэта ААТ "Беларуськалій" Анатоль Бокун.
24 жніўня Савет бяспекі Беларусі прыняў пастанову №1 "Аб мерах па стабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь".
24 жніўня. Святы Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы на пасяджэнні ў аўторак у Маскве прыняў прашэнне мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла аб вызваленні ад пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, Мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны епіскап Барысаўскі і Мар'інгорскі Веніямін з захаваннем за ім часовага кіравання Барысаўскай епархіяй.
25 жніўня ў цэнтры Менска прайшла акцыя пратэсту настаўнікаў,
Прэс-служба МУС расказала пра акцыі, якія прайшлі 27 жніўня 2020 г.:
* У "месцах палітычнай актыўнасці" сабралася каля пяці тысяч чалавек.
* На "мерапрыемствах у падтрымку міру, бяспекі і спакою" сабралася больш за 2400 чалавек.
* Затрыманыя 114 чалавек.
* У Менску "даставілі " ў РУУС для праверкі дакументаў каля 50 журналістаў. На аднаго склалі адміністрацыйны пратакол, аднаго "выслалі з краіны ў добраахвотным парадку".
У Менску і рэгіёнах Беларусі 27 жніўня прайшлі акцыі пратэсту.
29 жніўня. Журналістаў, фатографаў і аператараў замежных выданняў сталі масава апавяшчаць аб пазбаўленні акрэдытацыі.
Заблакіраваны многія сайты: Радыё ..., "...", ..., ... і інш. Не выдаюцца газеты: "...", "Комсомольская правда в Беларуси", ...
30 жніўня. Каля Палаца Незалежнасці сабраліся тысячы людзей.
Найбольшы мітынг у Менску, на пр. Пераможцаў. Прыйшло каля каля 100 тысяч чалавек. Мітынгі пратэстаў парайшлі ў Магілёве, Берэсці, Гомелі, Гародні і інш. Усяго затрымана 140 ці 173 чалавекі.
31 жніўня. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які я ехаў з Польшчы ў Беларусь, не пусцілі ў нашу краіну без тлумачэння прычын.
Міністр культуры Ю. П. Бондар звольніў рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аліну Корбут, якая займала гэтую пасаду з 2017 года.
Па стане на 31 жніўня 2020 года агульная колькасць хворых каронавірусам у Беларусі склала 71843 чалавек. За суткі небяспечным вірусам заразіліся 156 чалавек. Ахвярамі каронавіруса сталі 5 пацыентаў, такім чынам агульная колькасць памерлых на гэты дзень складае 681 чалавек. За суткі вылечыліся і адправіліся дадому 16 пацыентаў, а агульная колькасць выздаравелых дасягнула ўжо 70 468 чалавек.
1 верасня. У Менску ўстаноўлена мемарыяльная дошка Васілю Быкаву. Яе размясцілі на пілоне дома на вуліцы Максіма Танка, 10. Тут працяглы час (з 1978 па 2003 год) жыў і займаўся напісаннем твораў беларускі класік.
1 верасня ў Дзень ведаў сталічныя студэнты і іншыя грамадзяне Рэспублікі выйшлі на мірную акцыю пратэсту калона пратэстоўцаў накіравалася па праспекце Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа. У Мінску было затрымана 79 чалавек.
За ўдзел у пратэстах у Менску пратаколы сёння склалі на 95 чалавек. Па падліках МУС, па ўсёй краіне ў несанкцыянаваных мітынгах прынялі ўдзел каля 2,3 тысячы чалавек.
Выкладчыкі, супрацоўнікі, выпускнікі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў апублікавалі адкрыты ліст, у якім запатрабавалі правядзення новых выбараў.
3 верасня. Прэзідэнт правёў кадравыя перастаноўкі. Старшынёй КДБ стаў Іван Церцель - экс-кіраўнік Камітэта дзяржкантролю. Выканаўцам абавязкаў старшыні КДК прызначаны Васіль Герасімаў - былы першы намеснік старшыні гэтага ведамства. Валерый Вакульчык, які амаль 8 гадоў узначальваў КДБ, стаў дзяржсакратаром Савета бяспекі замест Андрэя Раўкова. На пасаду намесніка старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прызначаны Вячаслаў Расалай. Намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі прызначаны Анатоль Сівак - экс-кіраўнік Менгарвыканкама. На яго месца прыйшоў Уладзімір Кухараў - былы віца-прэм'ер.
(Працяг у наст. нумары.)
Памылак мала, а ў некаторых і зусім няма
Штогод да Міжнароднага дня роднай мовы ў нашай краіне праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: ад забаўляльных праграм і адукацыйных праектаў да навуковых канферэнцый рознага ўзроўню. Галоўная мэта гэтых падзей - папулярызацыя і вывучэнне роднай мовы.
Сярод мерапрыемстваў у рамках Міжнароднага дня роднай мовы вылучаецца Агульнанацыянальная дыктоўка, правядзенне якой ужо шмат гадоў падтрымлівае Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Вось і сёлета бібліятэка запрасіла ўсіх ахвочых да напісання 14-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Года народнага адзінства ў Беларусі. Кожны, хто прыняў удзел у дыктоўцы, хацеў паказаць, што любіць, шануе і ведае родную мову. Удзельнічаў у ёй і аўтар гэтага артыкула.
Для напісання дыктоўкі быў узяты ўрывак з рамана Івана Шамякіна "Глыбокая плынь" (сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна). Названы раман на тэму Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбы прынёс пісьменніку народную славу. Дыктавала тэкст бібліятэкар Надзея Камароўская.
- Удзельнікі дыктоўкі вельмі добра напісалі яе, - адзначае пасля прагляду напісанага Надзея Міхайлаўна. - Памылак мала, а ў некаторых і зусім няма. Памылкі ў асноўным пунктуацыйныя (ёсць у тэксце некалькі складаных сказаў). Многім можна паставіць васьмёрку ці дзявятку. Радуе, што вельмі добра напісалі і прысутныя школьнікі - ім, школьнікам, пераймаць ад старэйшых пакаленняў эстафету захавання роднай мовы.
Удзельнічалі ў напісанні дыктоўкі і прадстаўнікі БРСМ, у тым ліку першы сакратар і галоўны спецыяліст Лідскай раённай арганізацыі ГА "БРСМ" Вольга Міхаловіч і Вольга Козіч. Дарэчы, у той жа дзень ва ўсёй Гарадзенскай вобласці стартаваў праект "Адзіны дыктант на прыз БРСМ". Напісанне адзінага дыктанта на працягу некалькіх дзён праходзіць ва ўсіх першасных арганізацыях БРСМ нашай вобласці, у тым ліку і Лідчыны.
Пасля напісання дыктоўкі ў бібліятэцы ўсе яе ўдзельнікі атрымалі ад моладзевай арганізацыі памятныя падарункі - сшыткі. Работнікі бібліятэкі пасля мерапрыемства арганізавалі для прысутных адкрыты прагляд кніг Івана Шамякіна "Пісьменніцкае слова на далоні".
Аляксандр Мацулевіч, lidanews.by.
ІНФАРМАЦЫЯ
Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" аб дзейнасці, атрыманні і выдаткаванні грашовых сродкаў i iншай маёмасцi
У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 9-2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб захадах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння" Грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэньне" паведамляе наступнае:
Грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэньне" працягвае сваю дзейнасць згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях" і на падставе ўласнага Статута. Сойм ГА БНФ "Адраджэньне" размяшчаецца па адрасе: 220012, горад Мінск, вуліца Чарнышэўскага, 3 - 48а.
Па стане на 1 студзеня 2021 году колькасць сяброў грамадскага аб'яднання складае 2059 чалавек.
Грамадскае аб'яднанне мае 20 зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур, у тым ліку Мінскую гарадскую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадскіх арганізацыйных структур.
Цягам 2020 года Грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэньне" праводзіла наступныя мерапрыемствы:
1. Правядзенне пасяджэнняў выбарных органаў Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" і яго арганізацыйных структур згодна са Статутам.
2. Правядзенне 7 лістапада 2020 года чарговага XVI З'езда Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" (справаздачна-выбарчага), распаўсюд рэзалюцыяў З'езда.
3. Накіраванне і праца ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам прадстаўнікоў Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" і яго арганізацыйных структур у якасці назіральнікаў пры тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіях і на ўчастках для галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
4. Накіраванне сяброў грамадскага аб'яднання ў якасці прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
5. Судовае абскарджванне рашэнняў мясцовых органаў улады аб фармаванні тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камсій без удзелу сябраў ГА БНФ "Адраджэньне" ў судах розных інстанцыяў.
6. Падача прапановаў па арганізацыі выбарчага працэсу ў выбарчыя камісіі рознага ўзроўню, падача скаргаў на парушэнне выбарчага заканадаўства на розных этапах выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
7. Арганізацыя сходаў і памятных імпрэзаў (у памяшканнях аб'яднання) з нагоды 102-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, удзел у правядзенні іншых сходаў і памятных мерапрыемстваў з гэтай нагоды ў адпаведнасці з заканадаўствам і ўласным Статутам.
8. Удзел у абмеркаванні канцэпцыяў і праектаў актаў заканадаўства шляхам накіравання заўвагаў і прапановаў на праекты, вынесеныя для публічнага абмеркавання адпаведнымі дзяржаўнымі органамі-распрацоўшчыкамі нарматыўных прававых актаў, у тым ліку канцэпцыя закона і праекта закона "Аб валанцёрскай дзейнасці", праект закона "Аб ліцэнзаванні" (у частцы ліцэнзавання дзейнасці па аказанні прававой дапамогі і адукацыйнай дзейнасці), праект зменаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб пытаннях па абыходжанні з жывёламі", праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь" (у частцы ўстанаўлення афіцыйных адзінак велічынь на беларускай мове і з ужываннем літар беларускага алфавіту).
Мова - найбольшы скарб для кожнага народа
Напярэдадні Дня роднай мовы гарадзенцаў аб'яднала Усебеларуская дыктоўка.
На чыстых аркушах паперы ўдзельнікі акцыі - вучні, іх бацькі і настаўнікі - няспешна выводзяць словы. Засяроджаныя, яны ўважліва слухаюць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 13 горада Гародні Алену Машко, каб улавіць кожную дэталь тэксту. Рознаўзроставую аўдыторыю аб'яднала Усебеларуская дыктоўка. Гэта адзін з галоўных эпізодаў мерапрыемстваў, якія сёлета прайшлі ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы. Адзначыць свята напісаннем адзінай дыктоўкі ўсім ахвочым прапанаваў Гарадзенскі абласны камітэт ГА "БРСМ". Той, хто справіцца на выдатна, атрымае прыз ад саюза моладзі.
- Родная мова - гэта найбольшы скарб для кожнага народа. Яна адлюстроўвае яго характар, гісторыю, вопыт і розум, - гаворыць першы сакратар Гарадзенскага гарадскога камітэта ГА "БРСМ" Пётр Касіцкі. - Галоўная мэта сённяшняга мерапрыемства - не столькі праверыць арфаграфічныя здольнасці ўдзельнікаў, колькі прывіць жаданне бліжэй пазнаёміцца з роднай мовай, падтрымаць цікавасць да яе вывучэння. Бо такую пяшчотную, пявучую, вобразную і шчырую павінен ведаць кожны з нас. Беларуская мова - наша нацыянальнае багацце і адрозненне. Дарэчы, падобныя дыктоўкі напісалі ў многіх першасных арганізацыях. Вучні іншых школ і гімназій горада далучыліся да праекта 20 лютага.
Чыстую родную мову вучаніца дзявятага класа сярэдняй школы №13 Марыя Сакалоўская чуе не толькі ў школе на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і дома. У сям'і нават склалася своеасаблівая традыцыя.
- Раз на тыдзень, зазвычай гэта выхадны дзень, з роднымі і блізкімі мы размаўляем выключна па-беларуску. Ініціятарамі такой прапановы калісьці выступілі бацькі, бо лічаць, што ведаць абедзве дзяржаўныя мовы мы павінны на аднолькавым узроўні, - расказвае дзяўчына. - Таму пытанне, прымаць удзел у агульнай дыктоўцы ці не, для мяне нават не стаяла. Тут ніхто не гоніцца за адзнакай. Проста гэта выдатная мажлівасць яшчэ раз атрымаць асалоду ад мілагучнасці мовы, адчуць яднанне з усімі беларусамі.
А вось для Мар'яны Паўлоўскай, матулі адной з вучаніц школы, гэты непрацяглы ўрок - прыемная нагода ўспомніць непаўторныя школьныя гады. Яна ўпэўнена, каб прывіць штосьці добрае і светлае моладзі, трэба абавязкова паказваць прыклад.
- Для любога народа родная мова - крыніца сілы, аснова яго багатай культуры. Менавіта яна робіць нас унікальнымі і мудрымі. Нашу мову трэба берагчы, перадаваць нашчадкам, каб не знікнуць як нацыя.
Усяго да напісання Усебеларускай дыктоўкі ў гарадзенскай школе далучыліся каля 60 чалавек.
У гэты дзень гучала матчына мова і ў Гарадзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пляцоўка стала самай масавай. Тут дыктоўку пісалі больш за 100 чалавек, у анлайн-рэжыме далучыліся таксама грамадзяне з Расіі і Украіны.
Адначасова спрабавалі свае сілы ў веданні мовы і ў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага. Па словах дырэктара бібліятэкі Марыны Ігнатовіч, удзел у акцыі прынялі 20 чалавек. Гэта бібліятэкары і чытачы. Паспрабаваць свае сілы вырашыў нават невідушчы жыхар абласнога цэнтра. Ён пісаў той жа тэкст, але шрыфтам Брайля.
- 21 лютага будзе адзначацца Дзень роднай мовы. Гэта асаблівае свята для кожнай нацыі і кожнага народа. Да таго ж у Год народнага адзінства гэтая падзея набывае асаблівае сімвалічнае значэнне, - гаворыць яна. - Мэта нашай сустрэчы - дэманстрацыя павагі да роднай мовы, яе ўшанаванне. Беларускай мовай нельга не захапляцца, бо яна надзвычайна тонка можа перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, апісаць унутраны свет чалавека. Нездарма столькі цудоўных твораў напісана па-беларуску.
Марафон мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, у вобласці быў прадтрыманы ва ўсіх раёнах. У свята нямала сваіх традыцый. Шэраг конкурсаў, віктарын і забаўляльных праграм ці дыктовак прайшоў у школах, бібліятэках, універсітэтах.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ. Фота Арцёма Турлая. "Гродзенская праўда".
У Віцебску напісалі дыктоўку ў памяць пра Караткевіча
Дзень роднай мовы ў Віцебску адзначылі невялікім канцэртам і традыцыйнай дыктоўкай у віцебскай абласной бібліятэцы. Імпрэзу падрыхтавала абласная рада Таварыства беларускай мовы з удзелам віцебскіх студэнтаў - будучых настаўнікаў-філолагаў. Урывак для дыктоўкі абралі адмыслова, распавяла старшыня абласной рады ТБМ Марына Белахвостава:
- Гэта ўрывак з "Леаніды не вернуцца да Зямлі" нашага земляка, аршанца Уладзіміра Караткевіча. Мінулы год быў юбілейны, адзначалі яго 90-годдзе. Тым больш, такое надвор'е - былі маразы, а тут такі тэкст, які набліжае нас да вясны. Таму - чакаем вясну!
Сярод жыхароў Віцебска, якія прыйшлі напісаць дыктоўку, былі і тыя, хто робіць гэта штогод на знак адданасці роднай мове, і моладзь, якая далучылася да традыцыі толькі сёння. Дзень роднай мовы - гэта асаблівае свята, кажа выпускніца Верхнядзвінскай гімназіі, а цяпер студэнтка віцебскага ўніверсітэта Дзіяна Галавач:
- У школе гэта быў мой самы любімы дзень, таму што ў гэты дзень усе размаўлялі на беларускай мове, кожны настаўнік пачынаў свой урок з беларускага верша. І сёння я прыйшла напісаць дыктоўку, бо гэта добрая нагода праверыць сябе ў беларускай мове - як я яе ведаю.
Летась напісаць Агульнанацыянальную дыктоўку прыходзілі нават чыноўнікі Віцебскага аблвыканкама - такім чынам яны імкнуліся прадэманстраваць, што нацыянальныя каштоўнасці для іх не чужыя. Сёлета ніводнага прадстаўніка мясцовых уладаў у ліку ўдзельнікаў не было.
Абласное свята "Дзень роднай мовы" прайшло ў Слуцку 19 лютага
21 лютага адзначаецца Мiжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды 19 лютага Слуцк прымаў абласное свята "Беларусь - крынiца натхнення". На iм пабываў i карэспандэнт МЛЫН.BY.
Святочны дзень для ўдзельнiкаў быў насычаны падзеямi. Пазнавальная экскурсiя ў музей фабрыкi знакамiтых Слуцкiх паясоў дапамагла больш даведацца аб гiсторыi i сучаснай вытворчасцi аднаго з галоўных культурных сiмвалаў нашай краiны. Яшчэ адно мерапрыемства з культурна-гiстарычным ухiлам - пастаноўка "Беларускае вяселле". Госцi свята не толькi змаглi пазнаёмiцца з вясельнымі традыцыямi нашых продкаў, але i прыняць удзел у гэтым iнтэрактыўным абрадзе.
У святкаваннi абласнога Дня роднай мовы прынялі ўдзел каля 70 актывiстаў БРСМ цэнтральнага рэгiёна. "Беларусь - крынiца натхнення" - гэта менавiта праект Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi.
Першы сакратар Менскага абласнога камiтэта БРСМ Кiрыл Шык акрэслiў галоўныя мэты мерапрыемства:
- Мы сабралiся, как абмеркаваць пытаннi, як нам перайсцi на беларускую мову, што зрабiць, каб яна развiвалася i папулярызавалася, i калi ўжо надыдзе той час, калi народ Беларусi загаворыць па-беларуску. Гэта важна таму, што мы нарадзiлiся ў Беларусi, i нашы продкi размаўлялi па-беларуску, а пакуль жыве мова - жыве i народ. Штодня мы iмкнёмся размаўляць па-беларуску. Але важна: гэта павiнна быць не пад прымусам. Калi чалавек сам усвядоміць - нiколі не вырачацца мовы. Я лiчу, што мова жыве ў генетычным кодзе кожнага з нас.
Адной з цэнтральных падзей свята стала анлайн-дыктоўка. Па добрай традыцыі дыктоўкi прысвячаюцца пэўным юбiлеям славутых землякоў. Так было i на гэты раз. Удзельнiкi мерапрыемства пiсалi тэкст з твору "Трывога ў Ельнiчах" беларускага пiсьменнiка, ураджэнца Случчыны Васiля Вiткi, сёлета адзначаюцца яго 110-я народзіны.
Завяршылася мерапрыемства дыялогам, у ходзе якога абмяркоўвалiся хвалюючыя моладзь рэгiёна пытаннi: дзе браць натхненне, каб пiсаць па-беларуску; творы якiх сучасных пiсьменнiкаў i паэтаў чытаць; трэба цi не, каб беларуская мова была адзiнай дзяржаўнай у краiне, i iншыя.
Тэкст і фота Антона Няверава.
Чарговы раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні" адбыўся ў аграгарадку Беліца Лідскага раёна
Цудоўную, багатую спадчыну мае Лідская зямля. Яна стваралася нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца. І мерапрыемства "Спазнай смак сваёй кухні", якое адбылося ў мінулую нядзелю, дапамагло ўявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, даведацца аб звычаях і абрадах беларусаў, звязаных з харчаваннем.
Кожны дзень мы карыстаемся гэтай спадчынай, нават не задумваючыся аб гэтым. А ці заўсёды былі на нашым стале хлеб, каша, бульба і іншыя стравы?
Сустракалі гасцей свята работнікі Беліцкага дома культуры бліннай дэгустацыяй. Падсілкаваўшыся, можна было зрабіць здымкі на памяць каля фотазоны, прыняць удзел у майстар-класах па лепцы з салёнага цеста і побытавых танцах. Тут жа мясцовыя рамеснікі прапаноўвалі купіць свае вырабы.
Менавіта тут прагучаў дыялог:
- Ну што, панства, патанчым?
- Патанчым!
- Ну тады пачнём з простага. Падыспань, панства!
Цікава, што ў іх там на складанае будзе, калі падыспань гэта проста?
- Думаю мясцовым жыхарам будзе цікава даведацца, што больш за 250 гадоў назад кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы, - расказвае метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Ірына Струмскіс. - Яе рэзалі на невялікія кавалкі, палівалі соўсам і елі лыжкай. Новая страва стала вядомай пад назвай "верашчака" (у гонар яе вынаходніка). Беларусы часцей ядуць яе з аладкамі, мачаюць і таму называюць мачанкай. Быў у Беліцы і свой славуты кухар Пятро Мышыц, стравы якога адзначаў сам кароль Рэчы Паспалітай, а таксама знакамітыя Радзівілы. Таму нездарма на гэтай зямлі, у гэтай установе культуры сёння будуць прэзентавацца стравы нацыянальнай кухні, якія прыгатавалі супрацоўнікамі філіялаў Лідскага раённага цэнра культуры і народнай творчасці.
Візітоўкі мясных страў суправаджаліся вясёлымі прыпеўкамі, загадкамі і пералівамі гармонікаў. Першымі выступалі гаспадары свята. Беліцкі дом культуры прапанаваў пачаставацца мясным рулетам "Спшэнжына" (прыпольшчылі, бо па-беларуску будзе "Спрунжына"). Хаця на працягу многіх стагоддзяў беларусы не ўжывалі шмат мяса ў сваім рацыёне (яго месца займала, як і ва ўкраінскай кухні, сала), з таго часу ў нацыянальнай кухні захаваліся такія стравы, як мачанка, верашчака, смажанка, хатнія каўбаскі.
Рачную рыбу беларусы таксама актыўна ўжывалі, аб чым сведчаць народныя рэцэпты. Самымi папулярнымi былi шчупак, лешч, вугор, карп, акунь, судак. З рыбы гатавалі суп, клёцкі. Дарэчы, беліцкай юшкай кожны ўдзельнік мерапрыемства меў магчымасць пачаставацца на першым паверсе ўстановы. Рыбныя стравы, а дакладней, шчупака фаршыраванага і запечанага ляшча рэкламавалі Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр і Пескаўскі дом культуры.
Шмат добрых слоў гучала ў той дзень пра беларускія стравы. Але ж не выпадкова беларусаў называюць "бульбашамі". Вялікая іх колькасць была прыгатвана з "другога хлеба".
- Памятаеце, як у дзяцінстве, летам у вёсцы, раніцай прачынаешся і чуеш, як дровы ў печы патрэскваюць і да цябе даносіцца духмянасць бабуліных дранікаў? - заўважыла загадчыца Ганчарскага дома культуры Ганна Булай. - Кожны чалавек нябачнай тонкай нітачкай звязаны з тым куточкам, дзе прайшло яго шчаслівае дзяцінства. І не важна, нарадзіўся ён тут, жыў, гасцяваў ці проста адпачываў, - у яго сэрцы заўсёды будзе цепліцца агеньчык надзеі зноў вярнуцца туды і перажыць гэтыя непаўторныя імгненні. Дранікі - самая любімая страва беларусаў. І хоць іх гатуюць у розных краінах свету, але ў кожнай існуюць асаблівыя кулінарныя сакрэты.
Па словах гаспадынькі, аснова традыцыйных беларускіх дранікаў - бульба, цыбуля, соль і алей для смажання. І гэтага цалкам дастаткова, калі гатаваць страву са смачнай беларускай бульбы з высокай колькасцю крухмалу ў складзе. Але можна і пафантазіраваць. Напрыклад, на свой густ крыху змяніць класічны рэцэпт дранікаў, дабавіўшы ў цеста яйкі, муку, спецыі.
- За апетытнай хрумсткай скарыначкай можа хавацца не толькі пяшчотная бульба, але і сыр, каўбаскі, грыбы і фарш, - гаворыць Ганна. - Дарэчы, на свята ў дадатак да дранікаў мы прывезлі і тыя стравы, якія найлепшым чынам дапаўнялі іх: лустачкі салёнага сала, свойскую падсмажаную каўбаску, свежае сальца, падсмажанае з цыбулькай, грыбочкі, прыпраўленыя апетытнай цыбулькай з алеем і… наш мясцовы сакрэт. Яго перадала мне мая бабуля. Для таго каб цеста дранікаў не цямнела, многія гаспадынькі дабаўляюць у яго цыбульку. У нашай жа мясцовасці (хочаце - верце, хочаце - не) клалі менавіта свойскі тварог. Не дадавалі муку: яна магла зрабіць дранікі "гумовымі" і нясмачнымі. Калі цеста атрымліваецца занадта рэдкім, лепш дабавіць трохі крухмалу (можна выкарыстоўваць пакупны, а можна ўзяць той крухмал, які асядзе на дно ёмістасці з бульбяным сокам). Дранікі абавязкова атрымаюцца светленькія, пяшчотныя на смак, проста раствараюцца ў роце. Гэтую традыцыю мы перадаём з пакалення ў пакаленне.
Пра асаблівасці выпякання дранікаў у сваёй мясцовасці таксама расказалі прадстаўнікі Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу, Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра і Ходараўскага сельскага клуба-бібліятэкі. Страў было шмат. Не дзіва, што сярэднестатыстычны беларус з'ядае каля паўкілаграма бульбы штодня! А вось гаспадынькі з філіяла "Ваверскі Дом культуры" звярнуліся да прыроднага багацця нашай мясцовасці. Ва ўсім свеце ведаюць ягадна-раслінныя гарбаты: ліпавую, малінавую, рамонкавую, мятную, іван-чай - усіх не пералічыць, і ўсе яны сапраўдныя прыродныя валанцёры. А мне пашчасціла паспрабаваць (не здзіўляйцеся!) цудоўны і вельмі карысны хвойны напой.
- Нам, жыхарам ваверскага куточка, вельмі пашанцавала, - заўважыла культарганізатар Ганна Табала. - Хоць на нашай зямлі не расце чайны куст, затое ў лясах і лугах, што акружаюць аграгарадок з усіх бакоў, можна знайсці вельмі шмат карысных ягад і траў: маліны і чарніцы, мяту і рамонак, чабор і шыпшыну - усе яны нясуць з сабою не толькі водар лесу і лугу, але і поўны набор вітамінаў. У нашай мясцовасці ягадна-травяныя гарбаты вельмі распаўсюджаны. І сёння мы запрашаем чытачоў пачаставацца хвойнай гарбатай, якая з'яўляецца выдатным сродкам пры авітамінозе.
Рэцэпт прыгатавання вельмі просты: у рандэляк (каструлю) аб'ёмам 0,5 літра наліваем ваду і перад закіпаннем кідаем хвою маладой сасны ці елкі. Варым 15-20 хвілін, даліваючы ваду, затым працэджваем вадкасць праз марлю, дабаўляем сушаныя ягады чарніц, лісты мяты, чорнай парэчкі, мёд і пакідаем у накрытых кубках яшчэ на 3-5 хвілін. Што тут яшчэ сказаць? Смачна піць!
Або яшчэ.
Травяная гарбата з шыпшынай.
Шыпшына - гэта чэмпіён па ўтрыманні вітамінаў. Умацоўвае ахоўныя сілы арганізма пры прастудных і інфекцыйных хваробах, сасуды, зніжае ціск. Адвар з шыпшыны карысны для органаў стрававання, печані.
Рацэпт прыгатавання: 1 ст. л. ягад шыпшыны заліць 200 мл кіпеню, накрыць кубак, пакінуць на 15 хвілін. Дабавіць ягады чорнай парэчкі, лісты мяты.
Смачна піць.
Кажуць, што ў добрай кухаркі на стале скваркі, а ў дрэннай - прыгаркі. А яшчэ мне падабаюцца такія словы: "Ці з перцам, ці не з перцам - абы было са шчырым сэрцам". Журы падвяло вынікі і сказала нам, у каго аказаліся скваркі, а ў каго - прыгаркі, хто рыхтаваў стравы з перцам, а хто - са шчырым сэрцам. Доўгачаканы момант - падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў - настаў. І калі для мяне ўсё было відавочна (усім - першыя месцы), то ў ацэнцы страў меркаванні журы разышліся. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым фестывалі-конкурсе "Спазнай смак сваёй кухні" дасталося філіялу "Першамайскі дом культуры", другое - філіялу "Ганчарскі дом культуры", трэцяе - філіялу "Дварышчанскі дом культуры".
Паводле Вольгі Капцевіч, lidanews.by.
Малюнак палаца Адама Хмары паклікаў у падарожжа
11 лютага адзначаецца дзень народзінаў вядомага жывапісца, музыканта, літаратара, педагога Напалеона Матэвуша Тадэвуша Орды. Да гэтай даты быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі 7 лютага на Меншчыне з удзелаў вядомых навукоўцаў, гісторыкаў, экскурсаводаў і папулярызатараў гістарычнай спадчыны.
Пад Менскам, у Сёмкаве, у мясцовай аграсядзібе "Даліна Утульнасць" адбылася прэзентацыя кнігі-альбома "Напалеон Орда" ад намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы і канцэрт-лекцыя Святланы Немагай "Музыка шляхецкіх сядзібаў: Орда, Манюшка, Міладоўскі" з удзелам салісткі Белдзяржфілармоніі Тамары Рэмез.
Экскурсавод Таццяна Хамянкова пазнаёміла гасцей з сядзібна-паркавым комплексам другой паловы ХVIII стагоддзя, які быў пабудаваны менскім ваяводам Адамам Хмарам па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані.
Госці з Менска змаглі прыехаць у Сёмкава дзякуючы падарожжу, арганізаванаму "Арт-Вандроўняй" з турыстычным менеджарам Валерыяй Чарнаморцавай і экскурсаводам Цімохам Акудовічам. Нягледзячы на моцны мароз, аматарам беларускай мінуўшчыны было цікава даведацца пра жыццё шляхецкіх магнацкіх родаў Меншчыны, сярод якіх у ХVIII стагоддзі, акрамя Сапегаў і Радзівілаў, значны ўплыў мелі Хмары і Пшаздзецкія. Менскі ваявода Адам Хмара пабудаваў два касцёлы ў Сёмкавым Гарадку і Сёмкаве ў памяць сваіх бацькоў і свайго роду, і стварыў сядзібна-паркавы комплекс. Само мястэчка Сёмкава было заснавана ў 1567 годзе, з 1755 года маёнтак належаў Адаму Хмары. Малюнак яго палаца пакінуў Напалеон Орда.
Алесь Суша прадставіў новы альбом гравюр і распавёў пра лёс і дзейнасць Напалеона Орды:
- Імя Напалеона Орды раней было малавядомым, часам яго ўзгадвалі на Палессі. Ён быў прадстаўніком двух уплывовых дынастый - Ордаў і Бутрымовічаў.
У 2007 годзе ў час святкавання 200-годдзя творцы пачалося вяртанне памяці пра яго. Помнік Напалеону Ордзе быў пастаўлены ў Янаве, творца ўшанаваны ў назвах вуліц.
Яго жыццё вучыць нас захоўваць нязломнасць духу ў самых цяжкіх сітуацыях. Пасля многіх жыццёвых выпрабаванняў, ва ўзросце больш за 60 гадоў Напалеон Орда звярнуўся да графічнага адлюстравання сядзіб і сакральных забудоваў Палесся, Менскай, Гарадзенскай, Валынскай і Кіеўскай губерніў, каб захаваць спадчыну і запэўніць сваіх сучаснікаў і аднадумцаў у каштоўнасці беларускай гісторыі і культуры.
На сёмым дзясятку гадоў ён ездзіў па вёсках, сядзібах да позняй восені, сустракаўся са шляхціцамі, а потым звярнуўся ў Варшаве да Максімільяна Фаянаса, каб за свой кошт выдаць альбом з гравюрамі і зрабіць ім прамоцыю. Яго альбомы сталі паспяховымі пры жыцці. Орда захаваў спадчыну, і пацвердзіў, што наша агульная гісторыя вартая многага!
Прэзентацыю кнігі і вечарыну арганізавала суполка валанцёраў "Сёмкава", якая налічвае больш за 30 чалавек. Краязнаўчае аб'яднанне "Сёмкаўскі край" дзейнічае пры Сёмкаўскай сярэдняй школе. У школьным музеі ёсць краязнаўчы куток, дзе знаходзяцца каштоўныя дакументы і артэфакты.
- Мы ўдзельнічаем у краязнаўчых конкурсах, - распавяла Таццяна Хамянкова,- стварылі YOUTUBE-канал "Сёмкаўскі край", з валанцёрамі робім добра-ўпарадкаванне парку, ладзім гістарычныя, батанічныя, арнаталагічныя экскурсіі з элементамі анімацыі, квэсты, экалагічныя акцыі сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў у Менску і культурна-адукацыйныя мерапрыемствы - да дня нараджэння Адама Хмары і Напалеона Орды, Юзафа Пешкі.
Таццяна Хамянкова займаецца з дзецьмі музейнай дзейнасцю, рыхтуе юных экскурсаводаў. Яна па першай адукацыі - педагог-псіхолаг, па другой - экскурсавод, больш 10 год працуе экскурсаводам.
- Восеньскі валанцёрскі злёт у нас быў прысвечаны добраўпарадкаванню парку і дыскусіі па пошуку актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплекса. Мы плануем цыкл мерапрыемстваў да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа сумесна з літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
У лістападзе да угодкаў вянчання бацькоў М. Багдановіча ў Сёмкавым гарадку плануецца адмысловая імпрэза (у нас ёсць копія дакументаў аб іх вянчанні), а ў чэрвені мы маем намер правесці фестываль "Х-мара" з майстар-класамі, традыцыйнымі спевамі і танцамі, разнастайнымі экскурсіямі, горадам майстроў, фермерскай прадукцыяй, кірмашом. Рыхтуемся да 250-годдзя пачатку будаўніцтва палаца ў Сёмкаве.
Кіраўнік студыі "Калекшн" Канстанцін Вашчанка і Баграт Дзьячэнка пазнаёмілі гасцей з праектам па выданні календароў, якія адлюстроўваюць гістарычную спадчыну "З мінулага - у будучыню".
Усе мерапрыемствы былі прысвечаны дням народзінаў знакамітых мастакоў: Напалеона Орды і Юзафа Пешкі, якія ў свой час рабілі выявы палаца ў Сёмкаве.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Адраджэнне народных рамёстваў - справа важная і цікавая!
Працягваючы знаёмства з гістарычна-культурнай спадчынай Лідскага краю, вучні 8 Б класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды наведалі Лідскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына". Дзеці ўжо не раз прысутнічалі ў Цэнтры на занятках, прысвечаных адраджэнню народных рамёстваў. Мінулы раз, напрыканцы восені, іх увазе былі прапанаваны майстар-класы па пераборным пляценні, стварэнні ніткавых паясоў, розных відах ткацтва. Юныя майстры пазнаёміліся з разнавіднасцямі ткацтва, даведаліся, як раней ствараліся ніткі і якія існавалі віды рамёстваў. Самае галоўнае тое, што дзеці даведаліся пра гэта не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Кожны меў магчымасць паспрабаваць сябе ў тэхніцы пераборнага ткацтва і стварыць сваімі рукамі ўзор "багацце", які нашы продкі выкарыстоўвалі пры вырабе пакрывалаў, ручнікоў, элементаў адзення.
У зімовы час вучні 8 Б класа наведалі яшчэ адзін майстар-клас, на гэты раз па кераміцы. Занятак, па меркаванні юных рамеснікаў, стаў самым хвалюючым, бо праца з глінай выклікала ў іх як прыемныя ўражанні, так і невялікія расчараванні на пачатку. Майстар-кераміст Алена Свідэрская прапанавала навучэнцам старыць свае вырабы ў жгутавай тэхніцы. Спачатку невялікія парады ад настаўніка, і праца закіпела. Кожны стараўся як мог: спачатку юныя керамісты раскачвалі гліну ў тонкія жгуты, далей кожны жгут налепліваўся паверх першага. Галоўная ўмова - выконваць пэўныя правіла лепкі: жгуты павінны шчыльна прылягаць адзін да аднаго. Далей кожны зрабіў насяканні на сваім вырабе, змазваючы шлікерам, і прыдаў форму па жаданні.
За гадзіну працы атрымаліся выдатныя кубкі. Але гэта яшчэ не ўсё: вырабы павінны былі прайсці працэс сушкі і апальвання ў печы. Толькі праз тыдзень усе змаглі ўбачыць свае керамічныя шэдэўры. Бацькі, калі ўбачылі на фотаздымку працы сваіх дзяцей, ацанілі, сказаўшы: "Дык, гэта ж сапраўдны сервіз!"
Вось такія цікавыя і незвычайныя для сучасных дзяцей заняткі могуць наведаць усе лідчане і госці горада. У плане знаёмства з народнымі рамёствамі лідскім школьнікам пашанцавала, бо ў іх ёсць магчымасць наведваць заняткі па адраджэнні шэрагу рамёстваў: кераміцы, вышыванні, саломапляценні, выцінанцы, дрэваапрацоўцы і нават ткацтве.
Усе ў каго ёсць жаданне і цікавасць да рамёстваў, хто хоча адрадзіць традыцыі мінулага Лідскага краю, мы раім наведваць Лідскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына".
Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 Б класа СШ № 11 г. Ліды.
Міжнародны дзень роднай мовы ў Лідскім палацы культуры
Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
Два дні ішлі мерапрыемствы ў Лідскім палацы культуры з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.
19 лютага работнікі Палаца культуры горада Ліды пачалі працоўны дзень з акцыі "Вітаемся па беларуску" і гульнявой праграмы "Гульня слоў".
Гэта стала арыгінальнай праверкай на веданне мовы! Пасля прывітання і пажадання добрага ранку, удзельнікам прапаноўвалася прадумаць новае слова на апошнюю літару, амаль як у гульні "Гарады". З задавальненнем работнікі падтрымлівалі эстафету і будавалі ланцужок з беларускіх слоў.
Сапраўдным сюрпрызам стала смачная і духмяная бабка з бульбы са смятанай ад кіраўніка народнага тэатра гульні "100 сяброў" Ірыны Кузняцовай - ёй частаваліся ўсе гульцы.
Дапоўніла і ўпрыгожыла мерапрыемства выстава-інсталяцыя аўтарскіх лялек "Лялька, як мова беларускага народа" ад аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
У 18.00 са словаў:
Мова продкаў нашых і нашчадкаў -
Шэпт дубровы і пчаліны звон, -
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён, -
пачаўся канцэрт да Дня роднай мовы.
Ужо многія гады ідуць тут канцэрты ў гонар роднай мовы. Кожны год нешта трохі замінае, але кожны год гэтыя канцэрты адбываюцца і праходзяць на высокім мастацкім узроўні.
Распачала канцэрт вядоўца Тамара Зенюкевіч, якая некалі паспрыяла, каб у Лідзе прайшла Агульнанацыянальная дыктоўка ў першы раз.
Пачаўся канцэрт песняй "Спадчына" ў выкананні саліста гурта "Медуніца" Аляксея Міранюка. І пайшлі нумар за нумарам: ансамбль скрыпачоў "Славяначка" з салісткай Вольгай Пчыцкай, харэаграфічны калектыў "Чаравічкі", хор ветэранаў "Майскія зоры".
Выступілі паэтэса Ганна Рэлікоўская, салістка калектыва рэтра-песні "Мерыдыян" Валянціна Гайдурава, спявачка і паэтэса Людміла Краснадубская, кіраўнік народнага гурта "Прэмія" Віктар Лебядзевіч.
Пад цёплыя воплескі была прынятая гледачамі п'еса "Курачка і каласок" тэатра "Батлейка" Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Завяршыў канцэрт Славамір Шклёнік, саліст калектыва рэтра-песні "Мерыдыян" песняй "Мой родны кут".
І ўсе 75 хвілін на адным дыханні. І ўсё па-беларуску.
І трэба ж так падгадаць што менавіта сёння Палац культуры г. Ліды ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры за шматгадовую творчую здейнасць па папулярызацыі нацыянальнай культуры.
У суботу 20 лютага ў рамках абласнога інфармацыйна-творчага праекта "Шосты школьны дзень" творчыя калектывы Палаца культуры горада Ліды прапанавалі шэраг мерапрыемстваў да Дня роднай мовы.
Спачатку і дзецям і дарослым прапанавалася прыняць удзел у інфармацыйна-гульнявой праграме "Пагуляем ў роднае слова" і майстар-класе "З добрымі думкамі" па вырабе лялек-абярэгаў. З задавальненнем наведвальнікі ўспаміналі беларускія словы і шылі маленькия паркалёвыя лялечкі.
Потым на спектакль "Як казкі пераблыталіся" запрасіў узорны тэатр "Какос".
Вясёлая і дынамічная пастаноўка на беларускай мове па матывах народных казак не пакінула абыякавымі і дзяцей, і дарослых. А фотасесія з галоўнымі героямі акзалася сапраўдным сюрпрызам для ўсіх.
- Вельмі цікава і смешна! Касцюмы і дэкарацыі неверагодныя. Будзем і далей прыходзіць да вас у госц, - пракаменціравала спектакль адна з мам.
Пасля спектакля хлопчыкаў і дзяўчынак запрасіла танцавальна-забаўляльная праграма "Babydance"!
Музычна-тэматычная праграма "Жыве ў вяках беларускае слова" ў 15.00 у малой зале Палаца культуры стала працягам шэрагу мерапрыемстваў да Дня роднай мовы.
У мовы нашай мноства слоў
Крамяных, росных, васільковых
Ад мурагоў і ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
Журыцца ўмеюць і звінець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Іх трэба сэрцам разумець
I выслухоўваць у народзе.
Удзельнікі музычна-эстраднага калектыву "Талісман", эстраднай студыі "Акцэнт", харэаграфічнага калектыву "Чаравічкі", эстраднай студыі "Ліда-мюзікл" і народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" прадставілі свае лепшыя творчыя нумары.
Шчырыя воплескі сталі лепшай узнагародай для артыстаў.
Інф. Палаца культуры.