Папярэдняя старонка: 2021

№ 10 (1525) 


Дадана: 10-03-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1525), 10 сакавіка 2021 г.

З вясной, дарагія нашы беларусачкі!

Бацькі хвалююцца за стан беларускай мовы ў школе

Міністэрства адукацыі Беларусі плануе ў перспектыве аднавіць практыку здачы адзінага нацыянальнага экзамену пры заканчэнні базавай і сярэдняй школы. Многія беларускія бацькі былі ўсхваляваны імавернасцю ўвядзення абавязковай расейскай мовы замест дзяржаўнай беларускай. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны накіравала зварот і ўжо атрымала адказ з міністэрства.

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь

вул. Савецкая, 9

220010, Мінск

Аб нацыянальным экзамене

Паважаны Ігар Васільевіч!

Як вядома, Міністэрства адукацыі ініцыявала змены ў кампанію па выпускных экзаменах і паступленні ў ВНУ. У прыватнасці, прапануецца ўвесці нацыянальны экзамен, у якім прадугледжваецца праверка ведаў па адной з дзяржаўных моў, матэматыцы і замежнай мове.

Мы лічым, што ў нацыянальным экзамене абавязкова павінна быць уключана праверка ведаў па валоданні дзяржаўнай беларускай мовай.

У сувязі з гэтым прапаную Вам улічыць думку сяброў нашай арганізацыі пры зацвярджэнні новых нормаў аб атрыманні дакументаў за курс сярэдняй школы і паступленні ў ВНУ.

З павагай, Старшыня ТБМ А. Анісім.

Кажа Алена Анісім, старшыня арганізацыі:

- Мне прыйшоў ужо адказ. І ў ім сказана, што будзе прааналізавана наша прапанова. Паднесена разам з тым, што прапанавалі ўжо бацькі, настаўнікі і так далей. То бок пытанне не закрытае, і нашы прапановы - зрабіць абавязковы экзамен па беларускай мове. Прапанавалі, што вы сабе як хочаце, а беларускую мову, калі ласка, як дзяржаўны экзамен за курс агульнай сярэдняй адукацыі пакідайце. Пакуль што яны думаюць.

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства

беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Міністэрствам адукацыі разгледжаны Ваш зварот. Паведамляем наступнае.

У цяперашні час Міністэрствам адукацыі распрацаваны новыя падыходы да выніковай атэстацыі вучняў XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія прадугледжваюць увядзенне нацыянальнага экзамену па асобных вучэбных прадметах. Увядзенне змен у выніковую атэстацыю вучняў XI класаў абмеркавана з настаўнікамі, выкладчыкамі, вучонымі, органамі кіравання адукацыяй.

Ваша прапанова аб уключэнні ў нацыянальны экзамен праверкі ведаў па валоданні беларускай мовай будзе абмеркавана пры дапрацоўцы новых падыходаў да выніковай атэстацыі вучняў XI класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі.

Першы намеснік Міністра І.А. Старавойтава.

Гэты перспектыўны экзамен не будзе ўжо сёлета. У экзамене за базавую школу прадугледжаны экзамен па-беларуску і па-расейску. А ў экзамене за сярэднюю школу была прапанова - экзамен па адной з дзяржаўных. Таксама мае быць уведзены экзамен па матэматыцы і замежнай мове.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

У Шчучыне прэмію імя Анатоля Іверса ўручылі Рычарду Бялячыцу

27 лютага ў Шчучыне прайшла літаратурна-музычная сустрэча з нагоды віншавання мясцовага літаратара Рычарда Бялячыца. Імпрэза адбывалася ва ўтульнай прыгожай зале былога палаца князёў Друцкіх-Любецкіх і сабрала прыхільнікаў беларускага паэтычнага слова. У госці да шчучынцаў прыехалі сябры гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Апошнія гады гэтая грамадская літаратурная арганізацыя вызначае лаўрэатаў адмысловай прэміі імя Анатоля Іверса. Рычард Бялячыц стаў яе лаўрэатам у 2020 годзе, але з-за эпідэміі каронавіруса віншаванне адбылося толькі зараз. На жаль, не змог прыехаць у Шчучын адзін з заснавальнікаў узнагароды, слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын.

Рычард Бялячыц вядомы як тонкі і лірычны паэт.

Хата пойдзе Шляхам Млечным,

Дзень утопіцца ў акне.

Ты ж карэннямі навечна

Ў маладосці і ў ва мне…

("На радзіме")

У вершах паэта гучыць і філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці.

І будзе маліцца зямля

На ноч. І марозным світаннем

Малая радзіма мая

З каленяў ніколі не ўстане…

("Малая радзіма")

Мне нажурчэла крыніца,

Жаўранак цвердзіў пра гэта:

Штосьці павінна адбыцца

У сіняй бясконцасці свету…

("Прадчуванне")

На імпрэзе выступілі мастацкія калектывы і выканаўцы рознага ўзросту са Шчучына. Пару песень выканалі таксама гарадзенскія прадстаўнікі гурта NZ-Harodnia. Cябры гарадзенскага адзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў на чале з старшынём Валянцінам Дубатоўкам павіншавалі лаўрэата. Асабліва цёпла прысутныя сустракалі зусім юных выканаўцаў, якія спявалі беларускія песні.

Рычард Бялячыц прадставіў таксама новы зборнічак удзельнікаў шчучынскага паэтычнага салона "Краскі Прынямоння". Раней вершы гэтых аўтараў друкаваліся на старонках абласнога альманаха "Новы Замак". Мясцовыя паэткі прачыталі свае вершы.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара.

Святлана Воцінава звяртаецца да творчасці Элізы Ажэшкі

Напярэдадні жаночага дня мы пагутарылі з мілай і прыгожай жанчынай, пісьменніцай і даследчыцай Святланай Дзмітрыеўнай Воцінавай, якая 9 гадоў узначальвала часопіс "Маладосць". Спадарыня Святлана - аўтар-укладальнік кнігі "Скрозь "Маладосць".

Восенню 2020 года яна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і ў лютым была звольнена з пасады галоўнага рэдактара часопіса.

- Я вельмі шчаслівая, што мне давялося працягваць традыцыю "Маладосці", якую калісьці ўзначальваў Генрых Далідовіч, я вельмі яго паважаю і ўдзячная яму асабіста. Пад адной назвай і адным лагатыпам мы займаліся з ім агульнай справай - рэдагаваннем часопіса "Маладосць". Для мяне гэта вельмі ганарова! Генрых Вацлававіч для мяне - вялікі аўтарытэт.

- У сучаснай " Маладосці" склаўся свой калектыў і свой стыль. Вашымі сталымі аўтарамі з'яўляюцца Маргарыта Латышкевіч, Ганна Севярынец, Аксана Данільчык і іншыя аўтары.

- Добры рэдактар павінен цаніць і берагчы такіх аўтараў. Леанід Лаўрэш працаваў з "Маладосцю" яшчэ да майго прыходу, меня пазнаёмілі з ім як з адным з аўтараў гістарычных матэрыялаў, і я ацаніла яго каштоўную дакументалістыку. Рубрыку мы назвалі "Factum" на падставе канкрэтных крыніц прэсы. Я сама займаюся пошукамі фактаў, датычных Элізы Ажэшкі і Жылібера, таму для мяне такія рубрыкі - знаходка.

- Спадарыня Святлана, раскажыце, калі ласка, пра сябе.

- Я нарадзілася ў Гародні і пражыла там некалькі месяцаў. Наступны раз прыехала ў Гародню ва ўзросце 12 гадоў. Цяпер я бываю там па некалькі разоў на год, мяне запрашаюць на канферэнцыі і Ажэшкаўскія чытанні. Адчуваю, што гэта мой горад, і як толькі з'яўляецца магчымасць паехаць туды, ува мне ўсё трапечацца! Я люблю Жылібера, бо ён лекар, і шаную Элізу Ажэшку за яе зацікаўленасць батанікай і медыцынай.

У Менску я жыву з 16 год. Да гэтага я вучылася па-беларуску ў Дзяржынскай школе № 3. У 1989 годзе я скончыла школу з залатым медалём, не паступіла ў медінстытут і прайшла без экзаменаў у менскую медвучэльню № 2.

Бацькі арыентавалі мяне на медыцыну, я прыслухоўвалася да іх парадаў. Але загадзя паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта, мне прысылалі матэрыялы і падручнікі, па якіх я рыхтавалася паступіць на факультэт журналістыкі. Тымі матэрыяламі карыстаюся і зараз часам, у мяне захоўваецца стосік кніжак. Мосцік захоўваецца паміж мной 16-ці гадовай і сённяшняй.

Пасля медыцынскай вучэльні я зноў не паступіла ў інстытут і пайшла працаваць у вядомую стаматалагічную паліклініку на вуліцы Сухой у Менску.

Мне падабалася медыцына, бо ў школе я любіла біялогію і фізіку. (А яшчэ захаплялася астраноміяй і ўдзельнічала ў конкурсе юных астраномаў у 1986 годзе. Аднолькава цікава мне было вучыцца ў розных накірунках).

У мяне з'явілася сям'я, нарадзіўся старэйшы сын. І толькі, калі сыну споўнілася тры гады, я наважылася зноў паступаць на біялагічны факультэт, каб набыць вышэйшую адукацыю, і скончыла яго з чырвоным дыпломам у 2000 годзе. На апошнім курсе я звольнілася са стаматалогіі і пайшла працаваць у Інстытут фізіялогіі Акадэміі навук, на яго базе абараняла дыпломную работу. А потым ў мяне нарадзілася яшчэ адно дзіця. Пасля гэтага ў прыватным стаматалагічным кабінеце я працавала чатыры гады.

За гэты час пачала пісаць у глянцавыя часопісы матэрыялы пра прыгажосць, здароўе, дзяцей, кулінарыю, а потым пачала ствараць для выданняў рэкламныя тэксты. Так працягвалася пяць гадоў.

Быў час, калі пацыенты, седзячы за шкляным столікам у чаканні прыёму, гарталі каляровыя часопісы з маімі артыкуламі, а я як медсястра ў гэты час дапамагала ўрачам. Тут я зразумела, што ўсё трэба мяняць! Так мая мара пра журналістыку вярнулася да мяне.

Цэлы год я працавала як фрылансер, потым мяне запрасілі ў "Жаночы часопіс", я працавала там шэф-рэдактарам, потым - намеснікам галоўнага рэдактара, а праз чатыры гады мяне запрасілі ў часопіс "Маладосць".

У "Жаночым часопісе"да гэтага з'явілася рубрыка "Архіў", якая з маім прыходам перайшла на беларускую мову. Я хацела, каб у часопісе друкаваліся агляды кніг беларускіх выдавецтваў, я рабіла інтэрв'ю з беларускамоўнымі персонамі. Маімі стараннямі беларуская мова прысутнічала ў "Жаночым часопісе" ў 2008-2012 гадах. Дзесяць гадоў я супрацоўнічала з часопісам "Стаматолаг", бо ведаю, што спытаць у прафесара-стаматолага.

- Вы падрыхтавалі цыкл адкрытых лекцый пра Ажэшку, пішаце пра яе жыццё.

- З 2014 года я вяла гістарычную рубрыку ў "Жаночым часопісе" і ў "Горадзе жанчын". Адзін з матэрыялаў быў прысвечаны Элізе Ажэшцы, пры яго падрыхтоўцы мне захацелася даведацца больш, і я пачала раскручваць яе гісторыю.

На правядзенне лекцый мяне натхніла Ганна Севярынец сваімі выступленнямі пра маладнякоўцаў у праекце "На хвалі часу, у плыні жыцця". Я стварыла цыкл лекцый пра Элізу Ажэшку. Адна з маіх лекцый была прысвечана тэме стасункаў Ажэшкі і Багушэвіча, іншая - цыклу навэл "Glorya Victis", прысвечаных паўстанню 1863 года.

Сёлета адзначаецца 180 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшкі, і я хачу зладзіць новы цыкл лекцый пад назвай: "Ажэшка. Дэталі". Слухачоў зацікавіць, напрыклад, як яна стварала свае гербарыі, так, што кветкі і лісты дагэтуль не пакрышыліся, іх не з'елі насякомыя, у яе была адмысловая тэхналогія.

Ёсць шмат іншых дэталяў, напрыклад, як яе творы перакладаліся і выходзілі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Нямногія ведаюць, што творчасць Элізы Ажэшкі перасекла Атлантычны акіян, яе раманы перакладзены на 20 еўрапейскіх моў. Ніводзін наш пісьменнік не друкаваўся ў столькіх краінах у ХIX cтагоддзі!

Часопіс "Маладосць" павінен ганарыцца яшчэ і тым, што першыя вершы Анхелы Эспіносы Руіс былі надрукаваныя менавіта ў нашым часопісе. Пазней яна знайшла сябе і як аўтарка рубрык. У іспанамоўным свеце пасля Карласа Шэрмана яна з'яўляецца галоўным прапагандыстам беларускай літаратуры.

- Распавядзіце, калі ласка, пра Вашых маладых аўтараў. Якія зоркі ў беларускай літаратуры будуць разгарацца ярчэй?

- Аўтарскія калонкі, блокі прозы і паэзіі вядуць маладыя. Ужо заявілі пра сябе Андрэй Кулеш, Дар'я Значонак, Дар'я Калакольцава, Канстанцін Касяк, Кацярына Тарасава, Зміцер Крэс, Вольга Ропат, Алена Беланожка, Дар'я Вераб'ёва і Ганна Комар, Дзяніс Шпіронак, Дар'я Палынская, Мікіта Яблыкаў і іншыя.

Кацярына Масэ рэгулярна друкуе ў "Маладосці" пераклады з нямецкай і іншых моваў, вяла больш года рубрыку "Код паэзіі", Марына Яромка вяла рубрыку "Міжкніжжа". Блок перакладаў вядуць студэнты Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (англійская, кітайская, іспанская мовы і іншыя).

Наш часопіс не можа існаваць без матэрыялаў цудоўнага даследчыка Наталлі Бахановіч. Зміцер Кузьменка - аўтар рубрыкі "Е-закладкі", ён напісаў цудоўны твор пра Кастуся Каліноўскага.

Усім аўтарам я зычу шчаслівага творчага лёсу!

Я выступала з лекцыямі пра сучасныя літаратурныя выданні ў Гарадзенскім і Баранавіцкім універсітэтах. У дзяржаўным медуніверсітэце - з тэматычнымі лекцыямі да юбілею У. Караткевіча і іншых пісьменнікаў. Мяне запрашалі на іспыты на факультэт журналістыкі як галоўнага рэдактара літаратурнага выдання. Будучыя журналісты і філолагі павінны ведаць сучасныя літаратурныя часопісы. У такіх аўдыторыях я заахвочвала іх чытаць і выпісваць літаратурныя часопісы, дасылаць свае творы. Маладыя людзі, якія маюць амбіцыі, павінны спрабаваць надрукавацца ў такіх часопісах. І мы, рэдактары, заўсёды працавалі як педагогі і псіхолагі. Настаўнікі павінны рэкамендаваць часопісы.

- Вы прадстаўляеце новае пакаленне інтэлектуалаў, пішаце пра такіх асобаў, як Павел Сапоцька і іншых.

- Мы пішам пра такіх асоб, якія ўжо нечага дасягнулі, могуць паслужыць прыкладам, якімі варта натхняцца, калі выбараць сябе прафесію.

Не так даўно па запрашэнні перакладчыка Анатоля Іванавіча Бутэвіча я пісала прадмову да новага тома Элізы Ажэшкі, які выйшаў у серыі "Беларускі кнігазбор" у 2020 годзе. У яго ўвайшлі раман "Над Нёманам" і пяць навэл "Glorya Victis" - "Слава пераможаным". У час паўстання 1863 года Эліза Ажэшка была сувязной партызанскага атрада, была асабіста знаёмая з Францішкам Багушэвічам, Рамуальдам Траўгутам. Водгулле паўстання адчуваецца ў цыкле навэл "Glorya Victis".

Калі я перабірала ўсе творы, у навэле "Яны" я знайшла радкі, у якіх гаворыцца пра мары і марнасць. У паўстанцаў была мара вызваліць сваю зямлю, але не трэба думаць, што гэта была марнасць. Мары - гэта можа быць пыл, які насыпае над магіламі курганы, але "некалі адкрыецца магіла, і з яе выйдзе пераможная праўда вялікіх сноў" - пісала Э. Ажэшка. Калі я прачытала гэтыя радкі, у мяне мурашкі пабеглі па скуры, бо ў нас, сапраўды, раскрылася магіла, якае мае дачыненне да тых падзей - адбылося перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага, і з магілы выйшла вялікая праўда, як у Ажэшкі, "пераможная праўда вялікіх сноў". Думаю, што тая падзея вельмі моцна каталізавала наступныя падзеі, а Ажэшка гэта прадказала. Яна выкарыстала гэта як вобраз, а аказалася - прадказанне.

- Вы ўдзельнічаеце ў праекце "На хвалі часу ў плыні жыцця," і ўвекавечваеце тых пісьменнікаў, якія жылі 100 гадоў таму. А сённяшнія, такія, напрыклад, як Павел Севярынец, хто пакутуе і церпіць, застаюцца без увагі.

- Наша грамадства падзелена на часткі. Ёсць тыя, хто гэтую творчасць ужо ацаніў. Гэта тая меншасць, якая ўсё разумее. Ёсць яшчэ і Вышэйшая Справядлівасць, з вышыні якой ўсё відаць. Той, хто заслугоўвае памяці, вернецца да чытачоў і праз стагоддзе.

Гутарыла Эла Дзвінская.

Водгулле Дня роднай мовы

Родная мова жыве і асвячаецца ў касцёлах

У Чырвоным касцёле ў напісанні дыктоўкі ўзялі ўдзел парафіяне і чытачы бібліятэкі імя А. Міцкевіча. Для іх была прапанавана выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

На імпрэзе, арганізаванай куратарам бібліятэкі Галінай Івуць, прагучалі галасы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна з дыска " Сто паэтаў". Тэкст дыктоўкі "Без мовы няма народа" па творы Ніла Гілевіча прачытала выдатнік народнай асветы, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Карлаўна Раманцэвіч.

У гэты ж дзень навучэнцы нядзельнай школы прынялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага сакраманту. Святыя пачуцці да Пана Бога і да роднай мовы выхоўвае ў іх выкладчыца беларускай мовы і настаўніца нядзельнай школы Ірына Адамаўна.

Эла Оліна, фота аўтара.

Дзень роднай мовы ў Валожыне

21 лютага Валожынская суполка ТБМ адзначыла свята Міжнарод нага дня роднай мовы напісаннем Усеагульнай нацыянальнай дыктоўкі. І тэкст быў адпаведны: урывак з кнігі У. Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі".

Пасля дыктоўкі адбылося чарговае пасяджэнне, першае ў гэтым годзе. Старшыня суполкі напачатку павіншавала прысутных са святам - Міжнародным днём роднай мовы. Затым віншавалі сябра ТБМ Сівага Сяргея з абраннем яго на пасаду старшыні Менскай абласной арганізацыі ТБМ ( абранне было на 14 з'ездзе ТБМ) і ўручылі памятныя сімвалічныя падарункі.

Потым гутарка ішла пра дзейнасць суполкі ў сувязі з той сітуацыяй, якая ўсталявалася зараз на Беларусі. Быў падкарэктаваны план дзейнасці суполкі на 2021 год, прыняты яшчэ да з'езда. Скіравалі ўвагу на арганізацыю выпуску буклета для музея беларускамоўнага святара У. Чарняўскага ў в. Вішневе, на шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю самага старэйшага сябра Валожынскай суполкі ТБМ Марыі Трапашкі, а таксама вырашылі пачаць працу над падрыхтоўкай матэрыялу для выпуску календара на 2022 год.

Не абмінулі надаць увагу актывізацыі падпіскі на "Наша слова", напаследак былі сабраны абавязковыя складкі сяброў за 2021 год.

Людвіка Таўгень.

Падзеі 2020 года

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах)

1 кастрычніка. У Беларусі пачалі рабіць прывіўкі ад каронавіруса дабраахвотнікам.

2 кастрычніка Міністэрства адукацыі ўзнагароджвала пераможцаў конкурсу да Дня настаўніка ў Менску. 56 педагогаў краіны - пераможцы абласных і менскіх гарадскіх этапаў - спаборнічалі ў прафесійным майстэрстве. У суперфінал выйшлі 8 канкурсантаў. У Беларусі званне "Настаўнік 2020 года Рэспублікі Беларусь" атрымаў малады настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзім Алегавіч Лосеў. Акрамя ганаровага звання, яго ўзнагародзілі аўтамабілем

2 кастрычніка. МЗС Беларусі абвясціў аб "пераакрэдытацыі" замежных СМІ.

МЗС запатрабаваў ад пасольстваў Польшчы і Літвы ў нашай краіне скараціць колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі: у літоўскім - з 25 да 14, у польскім - з 50 да 18. Там таксама паведамілі, што амбасадары Беларусі ў Польшчы і Літве з 5 кастрычніка адклікаюцца ў Менск для кансультацый і прапанавалі Варшаве і Вільні рушыць услед гэтаму прыкладу. Паслы Польшчы і Літвы не вярнуліся ў Беларусь нават у канцы студзеня 2021 года, як і беларускія паслы не прыехалі ў Варшаву і Вільню.

4 кастрычніка. Па падліках МУС, было затрымана 317 грамадзян, з якіх 258 чалавек будуць знаходзіцца ў месцах утрымання затрыманых да разгляду спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у судзе.

За апошні дзень зарэгістраваны 443 новыя выпадкі са станоўчым тэстам на каронавірус. Ачуняў і выпісаны 91 чалавек, памерлі 6. Ва ўсім свеце на 4 кастрычніка зарэгістраваны 34 804 348 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Зафіксаваная гібель 1 030 738 чалавек з такім дыягназам

У гонар 500-годдзя Жыровіцкага манастыра ва Успенскім саборы прайшоў святочны малебен, кожны мог дакрануцца да абраза Божай Маці, дарэчы, у гэтым годзе яму споўнілася 550 гадоў.

Пасля працэсіі каля брамы манастыра адкрылі помнік прападобнамучаніку Серафіму Жыровіцкаму. Асоба для мясцовай мясціны знакавая - ён адраджаў духоўнае жыццё беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Асвячэнне званоў і часовай званіцы адбылося каля Яўленскага храма. Дванаццаць званоў, адлітых у Варонежы, былі падораны Расіяй у гонар юбілею манастыра.

8 кастрычніка. У вёсцы Бердаўка Лідскага раёна памёр Анатоль Леанідавіч Крупа, настаўнік гісторыі, кіраўнік Бердаўскага гістарычна-краязнаўчага народнага музея. Нарадзіўся 2 сакавіка 1955 года ў вёсцы Мастаўляны Лідскага раёна.

9 кастрычніка. За "круглым сталом" у турме КДБ ("Амерыканка") былі: А. Лукашэнка, Віктар і Эдуард Бабарыка, юрыст, член КС Лілія Уласава, бізнесмен Юрый Васкрасенскі, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, Кірыл Бадзей, які да арышту займаў пазіцыю в.а. старшыні праўлення "Белгазпрамбанка", а таксама дырэктар IT-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, юрысты Максім Знак і Ілля Салей, блогер Сяргей Ціханоўскі. Марыя Калеснікава адмовілася прыехаць на гэтую сустрэчу з Жодзінскай турмы. Гутарка вялася 4 гадзіны з паловай. Далі магчымасць Сяргею Ціханоўскаму пагаварыць па тэлефоне з жонкай Светай пра дзяцей і ўтрыманне яго ў турме. Потым зняволеных па іх просьбе звадзілі ў лазню. Некалькі чалавек (Васкрасенскі, Рабцэвіч, Шкляраў) назаўтра выпусцілі з турмы.

10 кастрычніка. Ва ўзросце 78 гадоў памёр вядомы беларускі апазіцыянер Валеры Шчукін. Валеры Шчукін быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання, праваабаронцам і журналістам, актыўным удзельнікам акцый пратэсту.

13 лістапада ў рэдакцыю "Народнай волі" прыйшлі супрацоўнікі АМАПу і канфіскавалі ўвесь тыраж за гэты дзень - 25 тысяч асобнікаў. Па словах намесніка галоўнага рэдактара газеты Марыны Коктыш, зрабілі гэта без папер і тлумачэнняў

14 кастрычніка Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін (Тупека) у Гародні выказаўся супраць выканання гімна "Магутны Божа" ў праваслаўных храмах.

З 12 па 16 кастрычніка праходзілі ў Беларусі супольныя вучэнні Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ) "Нерушимое братство 2020". Месцам іх правядзення быў навучальна-тактычны палігон у Віцебскай вобласці "Лосвіда" 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады (103-я АПДБр) Сіл спецыяльных аперацый УС Беларусі. У вайсковых манеўрах прынялі ўдзел больш за 900 чалавек асабовага складу. Былі задзейнічаныя больш за 120 адзінак узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі (УСВТ).

18 кастрычніка. У Віцебскім раёне выпаў першы снег.

18 кастрычніка. У нядзелю ў Менску прайшоў ХIV З'езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Яго дэлегаты выказаліся за вяртанне Канстытуцыі 1994 года і статусу адзінай дзяржаўнай беларускай мовы.

На наступныя тры гады старшынёй арганізацыі пераабрана Алена Анісім.

19 кастрычніка. Урачысты старт 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі быў дадзены ў НАН Беларусі. На лядовы кантынент адправіліся 10 удзельнікаў, сярод іх 5 спецыялістаў, якія пабывалі ўжо ў Антарктыдзе, і навічкі.

20 кастрычніка. У Берасці пасаду рэктара БрДТУ заняў Аляксандр Бахановіч, экс-прарэктар БрДТУ.

У Менску фармуюць добраахвотныя дружыны, якія будуць дапамагаць сілавікам "забяспечваць парадак на вуліцах". Пра гэта заявіў начальнік ГУУС Менгарвыканкама Іван Кубракоў у эфіры тэлеканала АНТ.

22 кастрычніка. Беларуская апазіцыя атрымала еўрапейскую прэмію Сахарава "За свабоду думкі" (2020 г.) па рашэнні Еўрапарламента.

У Менску адбылася гутарка дырэктара Службы знешняй выведкі Расіі Сяргея Нарышкіна з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

24 кастычніка. У Беларусі працягваецца рост захворвання COVID-19. За мінулыя суткі зарэгістравана 811 новых выпадкаў. Гэта самы высокі паказчык з канца жніўня. Агульная колькасць хворых з пачатку эпідэміі складае 91978. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 953 пацыенты (+4 за апошнія суткі) з шэрагам хранічных захворванняў, з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй, на 24 кастрычніка ачунялі і выпісаны 82670 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, з іх за апошнія суткі - 534 чалавекі. Усяго праведзена 2 347 375 тэстаў.

27 кастрычніка ў Менску затрымалі 7 супрацоўнікаў РНПЦ "Кардыялогія".

27 кастрычніка артысты Опернага тэатра правялі акцыю салідарнасці, заспяваўшы перад пастаноўкай "Царскай нявесты" песню-гімн "Магутны Божа". Артыст Ілля Сільчукоў пасля таго трапіў у спіс на звальненне.

27 кастрычніка. У Палацы Незалежнасці А. Лукашэнка правёў нараду з нагоды пратэстаў і падрыхтоўкі Усебеларускага народнага сходу.

29 кастрычніка. Валерый Вакульчык прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Берасцейскай вобласці. Юрый Караеў прызначаны на адпаведную пасаду па Гарадзенскай вобласці, а Аляксандр Барсукоў - па Менску.

Міністрам МУС стаў Іван Кубракоў.

Іван Уладзіміравіч Кубракоў (нар. 5 мая 1975, в. Малінаўка, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць, БССР - Беларускі дзяржаўны дзеяч. Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь з 29 кастрычніка 2020 года, генерал-маёр міліцыі (2018).

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба ў працу народных дружын прыцягваць "Лятучыя атрады" былых вайскоўцаў аж да ўзбраення.

У Беларусі пачалі адлічваць студэнтаў з ВНУ за ўдзел у акцыях пратэсту.

30 кастрычніка. А. Лукашэнка прызначыў начальнікам ГУУС г. Менска Міхаіла Грыба.

На канец кастрычніка распачалі 657 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі, заявіў Генеральны пракурор Андрэй Швед на тэлеканале "Беларусь 1".

31 кастрычніка. Памёр пісьменнік Уладзімір Паўлаў, які нарадзіўся 25 кастрычніка 1935 года ў вёсцы Замошша Любанскага раёна. Друкавацца пачаў яшчэ ў 1954 годзе.

Паводле свежых звестак Міністэрства аховы здароўя на 31 кастрычніка, у Беларусі 98 482 выпадкаў COVID-19 з пачатку пандэміі. Прырост за суткі - 983 новых інфіцыраваных. Ачунялі і выпісаны 86663 пацыенты (681 за апошнія суткі), у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 980 пацыентаў (3 за апошнія суткі). Усяго праведзена 2495602 тэсты.

(Працяг у наступным нумары.)

НЕВЯДОМЫ АЎТОГРАФ БАЙКАПІСЦА

Імёны і даты

Уладзімір Барысенка

Да 125 -годдзя з дня нараджэння вялікага майстра байкі і цудоўнага лірычнага паэта Кандрата Крапівы, які глыбока пранікаў у тайнікі паўсядзённага жыцця і бачыў у ім і гераічнае, і трагічнае, і смешнае

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

- Дзед папярэдзіў, што будзе журналіст, і я на ўсялякі выпадак падрыхтавала пінжак з найбольш высокімі ўзнагародамі, - кіўнула Алена на спінку крэсла, - але дзед сказаў, што не той выпадак, здымаць яго сёння асобна ўвогуле не трэба.

- Добра, добра, - далікатна парыраваў Алег, - усё зразумела, - і ў чарговы раз пераправерыў наяўнасць плёнкі. У працяг Алена зазначыла, што з раніцы дзеду сапсавалі настрой весткамі з вёскі.

- У чым там справа, не ведаю, - казала яна, - але што б ні было - ён заўсёдна дужа перажывае за сялян, пастаянна цікавіцца, што ў іх і як. Яму ж не было шчэ і васьмі, калі пачаў пасвіць гусей ды хатнюю жывёліну. Потым сам за плугам хадзіў, з канём спраўляўся ды абыходзіўся не горш за мужчын.

Алег гартаў кніжку, жадаючы знайсці ў ёй радкі пра вёску. Нібы здагадаўшыся, Алена пачала чытаць па памяці верш, назву якога пры падрыхтоўцы гэтага нарыса я для сябе ўдакладніў - "У вагоне". У ім дзед "ехаў" у цягніку і бачыў збяднелую, ва ўпадку, непісьменную вёску. Яму вельмі ўжо хацелася найхутчэй усё змяніць. Некаторыя мары цягам часу, вядома ж, збываліся, але ж вельмі і вельмі павольна, няспешна і непаваротліва.

Алена ўспамінала, як дзед адпачываў на дачы ў Ждановічах разам са сваім лепшым сябруком, земляком (абое з Уздзеншчыны) Пятром Глебкам. Тым часам Прылуцкі-старэйшы скончыў справу і паклікаў малодшага. Кандрат Кандратавіч павольна ўзняўся са старыннага крэсла (усяго іх было тры). Выйшаў з-за вялікага двухтумбавага сасновага стала, што месціўся між двух вокнаў. Мінуў шырокую, з квяцістай коўдрай, канапу і, зноўтакі, няспешна сеў у вялікае, з "прыбудовай" крэсла з шарсцяным бэжавым ворсам. Ад розных выданняў, якія знаходзіліся ў памяшканні паўсюдна, у Алега зной разбегліся вочы. Ён глянуў на паліцу справа і ўбачыў знаёмую кніжачку. Але зноў дастаў з сумкі тую, што прынёс з сабою, і папрасіў Кандрата Кандратавіча зрабіць дарчы надпіс. Гаспадар беражліва, з бачнай прыязнасцю ўзяў выданне ў рукі:

- А дзе ж вы яе, дарагі мой, знайшлі, ужо шмат новых павыходзіла, малайчына, малайчына, дзякуй, дзякуй, - яму было прыемна і радасна, што яго ведаюць, што ягонай творчасцю цікавяцца маладыя, што, у рэшце рэшт, чытаюць кніжкі па-беларуску!

Алег адказаў, як і было:

- Вывучаць мову ў школе, як разумееце, я не меў аніякай магчымасці, але вельмі люблю яе і намагаюся ведаць больш дасканала. Набываю розныя кніжкі і па іх вучуся. Вашу знайшоў у свой час у... кніжнай краме вёскі Жоўты Брод. Гэта Салігорскі раён, радзіма бацькі. Мы туды калі-нікалі ездзім… Гаспадар прыціснуў руку да сэрца і глянуў на старэйшага:

- Вось я, Валодзя, і даведаўся, што ты - гэтаксама не гарадскі, а з вёскі, як жа гэта добра, што не забываеце пра малую радзіму, як жа гэта добра.

Ён разгарнуў зборнік якраз пасярэдзіне, потым некалькі разоў перагартаў яго, нібы ўспамінаючы, як ён нараджаўся, і павольна азірнуўся. Алег здагадаўся: справа за ручкай, і працягнуў сваю, з белым, пад колер кашулі, каўпачком. Гэтак нарадзіўся невядомы аўтограф класіка.

ПАСЛЯ пахавання Уладзіміра Уладзіміравіча на Усходніх могілках у Менску (ён пайшоў ад нас 17 лютага 2014 года), мы зайшлі з Алегам да Кандрата Кандратавіча, якога не стала ў 94 гады 7 студзеня 1991-га. На пліце, што побач з надмагільным пастаментам, выбіта: "Мною валодала… жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць".

"Быў у Лідзе Крапіва…"

Пад такой заманлівай назвай у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, 5 сакавіка, у дзень юбілею (125-годдзя) з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы адбылося адкрыццё выстаўкі. Наведалі яе вучні 7 класа СШ № 4 г. Ліды. Куратар Дома-музея Алесь Хітрун прадэманстраваў кароткаментражныя фільмы пра байкапісца, знятыя дзяржаўнымі каналамі, распавёў пра сувязь Кандрата Крапівы з горадам Лідай.

Аб гэтым было сказана больш падрабязна. Пра тое, што Крапіва быў у Лідзе, ведалі мясцовыя краязнаўцы, але ж доказу не было. Ды дзякуючы дасціпнасці навуковага супрацоўніка Алеся Хітруна, быў знойдзены ліст беларускага байкапісца. Стала вядома, што пісьмо датуецца 1939 годам, калі К. Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў мабілізавалі і прызвалі ў армію, дзе ў якасці камандзіра стралковай роты ён удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (дапамагаў Заходняй Беларусі ўз'яднацца з Усходняй, з БССР). Гэты ліст быў змешчаны ўпершыню ў газеце "Літаратура і мастацтва" за 3 кастрычніка 1939 года. А цяпер яго можна пачытаць у кнізе "Кандрат Крапіва. Збор твораў у шасці тамах. Том 2, выдавецтва "Мастацкая літаратура", 1997 год". Вось гэты ліст:

"Дух захватвае ад радасці"

(З пісьма)

"…Шлю табе прывітанне з горада Ліда, дзе мы часова прыпыніліся. Гэта адзін з гарадоў Заходняй Беларусі, якую вызваліла наша слаўная Чырвоная Армія з-пад прыгнёту паноў-памешчыкаў і капіталістаў. А як часта мы з табой аб гэтым марылі і гаварылі з хлапцамі!.. Мары нашы здзейсніліся раней нават, чым мы маглі спадзявацца. Цяпер увесь беларускі і ўкраінскі народы, не падзеленыя ніякімі межамі, будуць жыць у сям'і брацкіх народаў Савецкага Саюза.

Настрой у мяне самы найлепшы, як і ва ўсёй нашай арміі. Проста дух захватвае ад радасці ад такіх грандыёзных падзей. Падумай толькі, гэта ж сапраўды, Дзяржаўны тэатр зможа выехаць на гастролі, скажам, хоць бы ў Вільна і паказаць там "Партызаны". Раней мы гаварылі аб гэтым, як аб далёкім будучым.

Сяляне і рабочыя Заходняй Беларусі вельмі рады нашаму прыходу. Яны нам актыўна дапамагаюць і ахвотна расказваюць, дзе хаваюцца польскія бандыты. Затое панам, фабрыкантам, польскім афіцэрам наш прыход вельмі не да смаку. Гэта нашы заядлыя ворагі. Чырвоная Армія выпорвае іх з усіх нор, дзе яны пахаваліся.

Прывітанне ўсім".

Пра другі прыезд Кандрата Крапівы ў Ліду стала вядома, дзякуючы ўспамінам Дануты Бічэль-Загнетавай, якая ўзгадвала аб гэтым 22 лістапада 2017 года, калі прыязджала на ўрачыстасць у Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы: "…Ліда - першы горад у маім жыцці, - гаварыла Данута Бічэль. - Сюды я дабіралася з вёскі пяшком, праз балоцістую мясцовасць, у Лідзейцы мыла ногі. У тыя гады Ліда была для мяне, вясковай дзяўчынкі, цудоўнай краінай, дзе мяне вучылі ўсяму… Памятаю, да нас, першакурсніц (Лідскага педагагічнага вучылішча), прыязджаў Кандрат Крапіва. Паслухаўшы мае вершы (многія ў юнацтве спрабуюць пісаць вершы), вядомы пісьменнік параіў даслаць іх у "Вожык". У "Вожык" я тады вершы не даслала (мабыць, саромелася), аднак мае спробы пяра часта сталі з'яўляцца ў насценгазеце вучылішча. Такой была мая "стартавая пляцоўка" ў друку… Пасля Ліды быў Навагрудак, а затым - Гродна, дзе я, скончыўшы педінстытут, і засталася жыць…"

Падчас мерапрыемства вучні дазналіся, што ў сатырычным агітплакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну", якую рэдагаваў Кандрат Крапіва, друкаваўся і Валянцін Таўлай пад псеўданімамі "Мсцівец", "Алесь Шыпшына", а таксама яго калега па працы з рэдакцыі лідскай газеты "Уперад" Ніна Тарас. Цікавай інфармацыяй для вучняў стала асоба дырэктара цвіковага завода ў Лідзе (цяпер завод электравырабаў) Уладзіміра Корбана, які працаваў тут з канца 1946 да студзеня 1948 года, потым праз невялікі час, у 1952 годзе, знайшоў працу ў рэдакцыі "Вожыка", а з 1967 па 1971 год быў яго галоўным рэдактарам. Яго звалі "другі пасля Крапівы", бо менавіта Кандрат Кандратавіч аднойчы сказаў: "Што ж, дарагі Корбан, ёсць у мяне добрая замена, табе зараз і лейцы ў рукі".

Акрамя кніг Кандрата Крапівы, на выставе экспанаваліся з фондаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея і арыгіналы агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну".

Між іншым, стала вядома, што, дзякуючы "Вожыку", упершыню ў рэспубліканскі друк увайшоў са сваімі творамі і сам куратар Дома-музея.

Было зазначана, што вядзецца перапіска з унучкай байкапісца Аленай Ігараўнай Атраховіч, якая абяцала па магчымасці наведаць Дом Валянціна Таўлая.

Бясспрэчна, вучні з задавальненнем паслухалі і пачыталі байкі Кандрата Крапівы, паспрабавалі адгадаць іх па выявах. Наведалі куточак гумару "Лідскага "Вожыка"", які таксама змяшчаецца ў Доме паэта.

Што ж, супрацоўнікі Дома-музея могуць шмат цікавага распавесці. Сачыце за інфармацыяй і наведвайце яго. Не пашкадуеце.

Алесь Крупскі.

Жанчыны ў літаратурным працэсе: пакліканне і крыж

Ва Украіне і на Беларусі адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння Лесі Украінкі шматлікімі выставамі, круглымі сталамі і пісьменніцкімі сустрэчамі, у якіх удзельнічае пасольства Украіны.

Леся Украінка (Ларыса Пятроўка Косач - Квітка, 1871-1913) - паэтка, пісьменніца, перакладчыца і культурная дзяячка, удзельніца нацыянальнага руху. Яна пісала ў самых разнастайных жанрах: паэзіі, лірыцы, эпасе, драме, прозе, публіцыстыцы, а таксама - у галіне фалькларыстыкі.

"Яе асоба важная для беларускай культуры. Пры яе жыцці на Беларусі ведалі яе. Творы Лесі Украінкі перакладзены на дзясяткі моў свету.

Леся Украінка змагла творчасцю дайсці да вышыняў духу, яна ўзбагаціла строфіку, метрыку, рытміку ўкраінскай паэзіі, выкрыстоўвала катрэны і актавы, гекзаметр, верлібр, пяцістопавы ямб і іншыя памеры, стаяла ў авангардзе творчых сіл, якія выводзілі ўкраінскую літаратуру на новы сусветны ўзровень.

У час хваробы Леся Украінка вывучыла 10 моваў, яна была вельмі адукаваным чалавекам, усе веды змагла раскрыць у творчасці, у тым ліку веданне біблейскай тэматыкі. Адна з яе ключавых тэмаў - тэма свабоды.

"Лісова пісьня" - вяршыня драматычнай творчасці пісьменніцы", - адзначыла магістр філалагічных навук Алена Бармоціна, удзельніца круглага стала, прысвечанага творчасці пісьменніцы, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

"Драма-феерыя "Лясная песня" - чароўны квяцісты востраў у творчасці Украінкі", - пісаў Максім Рыльскі. "Гэта вялікая паэма жыцця лясной і вадзяной зямлі, філасофскае абагульненне ўсяго светлага", - лічыў У. Караткевіч.

Леся Украінка разглядала прыроду як больш гарманізаваны свет. Старонкі кахання - вяршыня гімну самаму найтонкаму адчуванню душы. Л. Украінка пераконвае, што нараджаць мастацтва можа толькі чыстая душа.

Творчасць Лесі Украінкі, інтэлегентная, вытанчаная, маральная будзіць у душах самае светлае. Фізічна кволая жанчына зрабіла подзвіг, знайшла сродкі і арганізавала фальклорную экспедыцыю, дзе сабрала песні Палтаўшчыны.

Нягледзячы на тое, што яна пражыла кароткае і трагічнае жыццё, ва Украіне падрыхтаваны 14-томны збор яе твораў.

Часта ў літаратурнай крытыцы гучаць параўнанні Лесі Украінкі з Максімам Багдановічам. Абодва творцы звярталіся да еўрапейскіх міфалагічных тэм.

Юбілей Лесі Украінкі мае важнае значэнне ў кантэксце беларуска-ўкраінскіх дачыненняў.

Э. Оліна.

"НАША СЛОВА" - ГЭТА СУПОЛЬНАСЦЬ НАЙЛЕПШЫХ ЛЮДЗЕЙ БЕЛАРУСІ

Станіслаў Суднік, прадстаўляючы вынікі падпіскі на "Наша слова" ў першым квартале 2021 года (зменшылася на 13 асобнікаў), адзначыў: "Разам з тым газета жывая. Сёння ёсць магчымасць гэтую падпіску падняць. Попыт на газету пачаў павялічвацца, але гэты попыт пакуль у павелічэнне падпіскі не выліўся" ("НС", № 2, 13 студзеня 2021 г.).

Зразумела, рэдактар дбае пра падпіску, як умее і як можа. Газета перыядычна традыцыйным, прыгожым заклікам ("КАЛІ ЗА АДРАДЖЭННЕ МОВЫ, ЧЫТАЙ, СПАДАРСТВА, "НАША СЛОВА!") напамінае чытачам пра неабходнасць прадоўжыць падпіску, публікуе штоквартальныя звесткі пра колькасць падпісчыкаў па ўсіх раёнах краіны, а таксама публікуе агітацыйныя звароты.

У мінулым годзе са спасылкай на Беларускае Радыё Рацыя ў газеце быў апублікаваны зварот са Слоніма пад назвай "Падтрымаем беларускамоўныя выданні": "Сябры Слонімскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы прынялі зварот да ўсіх жыхароў Беларусі. У звароце сябры ТБМ просяць падтрымаць беларускамоўныя выданні "Наша слова" і "Краязнаўчую газету". І падпісацца на чацвёрты квартал на гэтыя выданні. Падпіска вельмі танная. Таму просьба падпісаць на гэтыя выданні і бібліятэкі, школы, клубы, медыцынскія ўстановы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама райгарвыканкамы. Сябры ТБМ са Слоніма просяць жыхароў Беларусі падтрымаць гэтыя выданні, бо кожны падпісчык - гэта новы голас у падтрымку нашага краязнаўства і роднай мовы" ("НС", № 37, 16 верасня 2020 г.).

Падпіска ў чацвёртым квартале павялічылася - на 17 асобнікаў. Павялічэнне дасягнута дзякуючы Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ і з'яўляецца плёнам сістэмнай працы ў гэтым кірунку тамтэйшага лідара Алега Дзьячкова і ягоных паплечнікаў. У чацвёртым квартале 2019 года ў Магілёве было 17 падпісчыкаў, у 2020 годзе па кварталах адпаведна 20, 18, 36, 53. Цяпер, у 2021 годзе - 50 падпісчыкаў.

У самім Слоніме колькасць падпісчыкаў у чацвёртым квартале 2020 года зменшылася. Было 8, стала 7. Адно не памянялася. З пяці сяброў раённай рады ТБМ падпісчыкамі "Нашага слова" па-ранейшаму з'яўляюцца двое - старшыня Сяргей Чыгрын і намеснік старшыні Святлана Бушчык. Як бачым, зварот слонімцаў быў няшчыры. Ніхто з сяброў рады ТБМ не падпісаў на "Наша слова" дзяржаўную ўстанову, у тым ліку трое сябе не падпісалі.

Зварот праігнаравалі і чытачы "Нашага слова". Чаму? На маю думку, сталы падпісчык "Нашага слова" калі і падпіша нейкую дзяржаўную ўстанову за ўласныя грошы, дык у апошнюю чаргу. Хутчэй такім спосабам ён далучыць да супольнасці чытачоў беларускай газеты сяброў, знаёмых. Аднак, аналіз падпіскі "Нашага слова" за апошнія паўтара гады паказвае, што падпісваць за свае грошы кагосьці таксама не самы эфектыўны шлях. Так, у першым квартале 2020 года колькасць падпісчыкаў "НС" павялічылася на 105 адзінак (на 19%) - у асноўным за кошт Слуцка, Ліды і Нясвіжа. У канцы 2019 годзе ў гэтых гарадах было адпаведна 5, 7 і 8 падпісчыкаў, а ў 2020 годзе дабавілася: +39 (Слуцк), +38 (Ліда), +18 (Нясвіж). Мабыць, знайшліся фундатары ў гэтых трох гарадах і прафінансавалі падпіску на першы квартал 2020 года. Не стала фундатараў, і адразу ж, у другім квартале, падпіска ў гэтых гарадах вярнулася на зыходныя пазіцыі.

Відавочна, сама правільны шлях павялічэння падпісчыкаў - марудная, працаёмкая і карпатлівая агітацыя шляхам індывідуальнай размовы з канкрэтным чалавекам. Бывае і не раз трэба пагаварыць, бывае - і не адну гадзіну.

Менавіта такім нялёгкім шляхам крочыць старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч. У чацвёртым квартале 2019 года ў Дзятлаве было 7 падпісчыкаў, у 2020 годзе па кварталах адпаведна 8, 5, 7, 12. Цяпер, у 2021 годзе - 9 падпісчыкаў. Замацавацца на дасягнутым у мінулым годзе перашкодзіла ўласная хвароба Валерыя Міхайлавіча, а, найперш, страта жонкі і паплечніцы Наталлі Гергіеўны. Але! Сёння ў нашай вобласці болей падпісчыкаў толькі ў Гародні (25) і Гарадзенскім раёне (13), у суседняй Зэльве ўсяго - 1 падпісчык, у Слоніме - 8. Каб дацягнуцца да Дзятлава прапарцыйна колькасці насельніцтва, у Лідзе мусіць быць 120 падпісчыкаў, а ў Менску - 2350 (сёння ў Менску 148 падпісчыкаў) . Тут я цалкам згодзен з крытыкай А. Дзьячкова на адрас кіраўнікоў ТБМ, якія "любяць казыраць на сваіх пафасных справаздачах, што ў суполку г. Менска ўваходзіць аж 2000 чалавек!" (НС", № 41, 14 кастрычніка 2020 г.). Во, дзе не аранае поле для павялічэння колькасці падпісчыкаў "Нашага слова"!

Аўтар гэтай нататкі (як і падпісчыкі "Нашага слова", вядомыя сябры ТБМ Мікола Канановіч і Таццяна Трафімчык) не мае дачынення да вераснёўскага звароту Слонімскай арганізацыі ТБМ. Аднак жа пачуваўся я ніякавата - з-за таго, што нікога не сагітаваў падпісацца на чацвёрты квартал 2020 года. Хоць прычына бяздзейнасці была важкая. Эпідэмія каронавіруса - не час для сустрэчаў і размоваў. Урэшце не вытрымаў. Аднаму патэлефанаваў, другому напісаў ліст, з трэцім сустрэўся. У выніку на першы квартал гэтага года падпісаўся адзін з іх - мой даўні і надзейны сябар Віталь Ешану. Буду і надалей, колькі здолею, так рабіць.

Некалі ў часы так званай перабудовы ў Савецкім Саюзе, Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў любіў гаварыць: "Нам патрэбны справы, а не гучныя словы!". Гарбачоў - рускі імперац, на яго сумленні ўтойванне праўды пра радыеактыўную небяспеку ў першыя гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС імя У.І.Леніна і я, ураджэнец Брагіншчыны, гэта добра помню. Але фраза генсека правільная. Лепей і не скажаш. Савецкае мінулае ўспомнілася найперш вось чаму. Я быў камуністам і, адпаведна, выпісваў рускамоўную газету "Правда" - галоўную газету КПСС. Быў афіцэрам Савецкай Арміі і выпісваў рускамоўную газету "Красная Звезда" - галоўную газету Міністэрства абароны СССР. Але! Заўжды меў і маю найвышэйшую годнасць - беларус! Таму выпісваю "Наша слова" - галоўную беларускую газету на беларускай мове, таму раблю беларускую справу.

Відавочна, "Наша слова" па сваім ўзроўні - газета так сабе. І пра гэта, лічу, трэба чэсна гаварыць людзям, якіх мы заклікаем падпісацца. Чаму такі ўзровень - асобная гаворка. Сёння ж прывяду маленькі прыклад і добрага, і так сабе ўзроўняў з папярэдняга, ад 3 сакавіка, нумара "Нашага слова".

У нумары апублікаваны выдатны артыкул Інгі Вінарскай пра тое, як дзень роднай мовы адзначылі менскія літаратары і музыкі. Гэта - узровень! Інфармацыя з рэгіёнаў пра дзень роднай мовы таксама і патрэбная і цікавая. Але не бачна агульнай карціны па краіне, за дрэвамі не відно лесу. У тым ліку няма параўнання з мінулым драматычным і трагічным для беларусаў годам. Аналізаваць, бачыць агульную карціну і праз газету інфармаваць сяброў нашага таварыства - гэта кампетэнцыя і клопат кіраўніцтва ў Менску, найперш старшыні ТБМ Алены Анісім.

Заключэнне.

Наша беларуская мова і газета "Наша слова" - наша зброя ў барацьбе з імперыяй цяперашняй і наступнай! Калі будзем чытаць ""Наша слова" і гаварыць на нашай мове, тады ніводны сабака не гаўкне, што Беларусь - "русский мир", тады ніхто не скажа, што беларусы "радасна" хочуць стаць часткай Расеі, тады ніхто не скажа, што беларусы - рускія са знакам якасці.

Ёсць яшчэ чыннік, чаму для мяне "Наша слова" з'яўляецца галоўнай беларускай газетай. Сярод недзяржаўных газет "Наша слова" - адзіная без двукоссяў дэмакратычная газета, адзіная сумленная і непрадажная, а падпісчыкі газеты - (за рэдкім выключэннем) самыя бескарыслівыя, самыя беларусы. І калі я чытаю "Наша слова", дык адчуваю сваю прыналежнасць да супольнасці найлепшых людзей нашай краіны!

Міхась ВАРАНЕЦ, г. Слонім.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другі квартал 2021 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 59. Цана не змянілася. У 2021 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце.

Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Шаноўнае спадарства!

Хто не паспеў падпісацца, хто не змог, заходзьце на сайт nslowa.by. Там вы знойдзеце газету ў фармаце pdf. Там вы зможаце прачытаць і "спампаваць" большасць матэрыялаў газеты і шмат чаго іншага, цікавага і карыснага.

Але памятайце, што сайт - гэта дапаможная форма, гэта дадатак да газеты. Можа, калі-небудзь ён стане самастойным СМІ, але сёння гэта - дадатак да папяровай версіі. І зусім верагодна, што калі не стане папяровага "Нашага слова", хутчэй за ўсё не стане і сайта. Карыстайцеся сайтам, калі трэба лёгка спампаваць тэкст, пазычыць каляровую фатаграфію, але перш за ўсё выпісвайце папяровую версію. Яна ў аснове ўсяго.

Водгулле Дня роднай мовы

14-ю Агульнанацыянальную дыктоўку на Лідчыне сёлета распачалі курсы "Мова нанова"

Сёлета першымі 14-ю Агульнанацыянальную дыктоўку 2021 года распачалі лідскія курсы "Мова нанова". Дыктоўка пачалася 17 лютага ў 18.30 у лідскай кавярні "Тутака".

Тэкст па "Глыбокай плыні" Івана Шамякіна чытала кіраўнік курсаў, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Марыя Іосіфаўна Ганчар.

Напісалі проста выдатна. Не больш трох памылак.

Дыктоўка была аздоблена міні-канцэртам намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, барда Сержука Чарняка. У дыктоўцы браў удзел намеснік старшыні ТБМ імя Ф. Скарыны, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Наш кар.

Да Таўлая завіталі… напісаць дыктоўку

Адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы стала традыцыяй у супрацоўнікаў Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Ужо не першы раз тут збіраюцца мясцовыя пісьменнікі і прыхільнікі беларускага мастацкага слова. Тут, у сценах дома-музея, пастаянна гучыць родная мова, бо, як вядома, тут жыў заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай, які ў гады вучобы ў Слоніме настойваў на тым, што яго мова - беларуская, а нацыянальнасць - беларус, за што быў выключаны з вучэльні. Гэта гістарычны факт.

22 гады назад Арганізацыя Аб'яднаных Нацый заснавала Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета споўнілася і 31 год з дня прыняцця ў Беларусі "Закона аб мовах". З мэтай папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы і вырашана праводзіць Агульнанацыянальныя дыктоўкі. На гэты раз яны прысвечаны Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

З прапанаваных тэкстаў быў узяты ўрывак з рамана Івана Шамякіна "Глыбокая плынь". Тэкст чытаў навуковы супрацоўнік Дома Таўлая Алесь Хітрун. Адным словам, дыктоўка ўдалася. І месца было падзелена паміж галоўным рэдактарам часопіса "Лідскі летапісец" і газеты "Наша слова" Станіславам Суднікам і лідскім паэтам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Васько, ІІ месца атрымала актыўная лідзянка, удзельніца ў шматлікіх беларускамоўных мерапрыемствах горада і раёна Марыя Ганчар, ІІІ месца было прысуджана актыўным лідскім паэтэсам Станіславе Белагаловай і Але Юшко.

Пераможцы І і ІІ месцаў атрымалі ў падарунак па аднаму асобніку літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" №9 і кожны з удзельнікаў мог набыць чарговыя нумары часопіса "Лідскі летапісец".

Наш кар.

Агульнанацыянальныя дыктоўкі ў Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці

У 2021 годзе спаўняецца 22 гады з моманту заснавання Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый Міжнароднага дня роднай мовы і 31 год з дня прыняцця ў Беларусі "Закона аб мовах".

З гэтай нагоды ў мэтах папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы ў перыяд з 19 па 21 лютага 2021 года ва ўсіх філіялах (14 устаноў культуры) ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшлі Агульнанацыянальныя дыктоўкі, прымеркаваныя да гэтага дня, па тэкстах, прысвечаных Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны!

Наш кар.

Дзень роднай мовы ў Лідскім каледжы

Святкаванне Дня роднай мовы стала добрай традыцыяй у Лідскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы. У гэтым годзе выкладчыкамі і навучэнцамі ўстановы быў падрыхтаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў.

Дзень роднай мовы пачаўся традыцыйна - самай масавай і папулярнай акцыяй "Гавары са мной па-беларуску". З самай раніцы ў фае каледжа прыхільнікі беларускай мовы сустракалі выкладчыкаў і навучэнцаў прыветлівымі словамі і запрашэннем на працягу дня гаварыць на роднай мове, уручалі кожнаму невялікія буклеты. У педагагічным корпусе каледжа навучэнцы пазнаёміліся з відэапрэзентацыяй, падрыхтаванай дзяўчатамі 1курса групы 84 да. На працягу дня ў бібліятэцы працавала выстава кніг да 100-годдзя з дня нараджэння І. Шамякіна і І. Мележа, а таксама былі прадстаўлены лепшыя конкурсныя малюнкі па матывах баек К. Крапівы, прысвечаныя 125-гадоваму юбілею байкапісца. Навучэнцамі 3 курса групы 98 па была падрыхтавана віктарына. Лепшыя знаўцы беларускай мовы і літаратуры былі ўзнагароджаны прызамі. Багата ўражанняў пакінула экскурсія навучэнцаў у Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе яны змаглі дакрануцца да скарбаў народнай творчасці і стаць удзельнікам майстра-класа па ткацтве. А вось бадай самай масавай і папулярнай па традыцыі стала ўсеагульная дыктоўка, якую пісалі 210 навучэнцаў каледжа 1-4 курсаў усіх спецыяльнасцей.

Дзень роднай мовы праходзіць у каледжы ўжо не першы год і нязменна ахоплівае нямала цікаўных і неабыякавых да роднага слова навучэнцаў і выкладчыкаў. Далучэнне да роднага слова, літаратуры, культуры гарантавана стварае святочны настрой і пакідае шмат прыемных уражанняў, а самае галоўнае - папулярызуе наша роднае слова.

Вікторыя Шундрык, навучэнка 4 курса Лідскага каледжа.

Размаўляй на мове, а не пра мову

Загаловак гэтага допісу ўзяты са стэнда да Тыдня роднай мовы СШ № 15 г. Ліды. І яго пара рабіць дэвізам усяго руху за мову, і яго робяць такім ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна.

Сёлета, нягледзячы на складаную эпідэмічную і сацыяльную сітуацыю, лідскія школьнікі засталіся галоўнай ударнай сілай Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У дыктоўцы ўдзельнічалі ўсе 34 школы раёна. На жаль, сёлета не ўдалося атрымаць дакладныя звесткі па кожнай школе, але агульную лічбу ўпраўленне адукацыі агучыла - 7485 вучняў. Такім чынам Лідчына застаецца фарпостам Агульнанацыянальных дыктовак у Беларусі, і так ужо многія гады.

Акрамя дыктовак цэлы тыдзень ішлі самыя розныя мерапрыемствы на карысць роднай мовы. Дапамагалі школам у папулярызацыі роднай мовы 50 садкоў і тры прафесійныя ліцэі.

І гэты тыдзень ёсць просты і сціплы адказ тым, хто крычыць, што ўсё прапала, а сам нічога не робіць. На здымку ў класе СШ №15 дыктоўку пішуць 10 чалавек. І не цяжка прыкінуць, колькі павінна было прайсці такіх дыктовак, каб атрымаць 7485 удзельнікаў.

Наш кар.

За мову! Тры ў адным!

Я гэта люблю падарожжа,

З якім і зраўняцца не можа

Вандроўка ў любыя Таўрыды,

У казачныя краявіды.

А гэта вандроўка праз сёлы,

Праз край мой, цудоўны, вясёлы,

Праз родныя нівы, дубровы

У маю беларускую мову.

(Максім Танк)

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова - жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Калі чуеш яе - ці то літаратурную, ці змешаную "трасянку" або мясцовую, дыялектную - ведай, што гэта ўсё яна - наша родная беларуская мова!

Сёлета Дзень роднай мовы ў Карцэвіцкім СДК Нясвіжскага раёна быў адзначаны вельмі цікава. У вандроўку адправіліся тры каманды - дарослыя вяскоўцы, моладзь і падлеткі, госці з Нясвіжа. Падчас моўнага падарожжа ўсіх чакалі тры прыпынкі. Першы - "Літаратурны". Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю аднавяскоўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, перакладчыка, былога настаўніка замежнай мовы Уладзіміра Бруя. Акурат перад Днём роднай мовы выйшла з друку яго пятая кніга "Новае сэрца". І герояў, і сюжэт для яе, як і для папярэдніх кніг, аўтар узяў з нашага жыцця. Ды зноў жа, як і раней, звычайныя ці, наадварот, незвычайныя чалавечыя лёсы літаратурны талент пісьменніка ператварыў у духоўную дыдактыку, мудрае павучанне жыць па Божых законах. І як жа да месца былі пры гэтай гаворцы духоўныя хрысціянскія песні на роднай мове.

На прыпынку "Пішам па-беларуску" кожны ўдзельнік далучыўся да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Камандзе вяскоўцаў і гасцям з Нясвіжа, перш чым пісаць, патрэбна было па прапанаваным пачатку распазнаць прыказку, дадаць яе другую частку, а пасля ўжо цалкам пад дыктоўку запісаць. Тым часам каманда падлеткаў і моладзі ў асобным пакоі пісала іншую дыктоўку - верш "Жыта, сосны і валуны" ў гонар сёлетняга юбіляра Ніла Гілевіча. Варта адзначыць, што з заданнямі вельмі добра справіліся амаль усе ўдзельнікі дыктоўкі. Падрыхтавала і правяла яе мясцовая жыхарка, краязнаўца, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Плакса.

На трэцім прыпынку "Слоўкі з куфэрка" каманды-ўдзельніцы адгадвалі народныя загадкі, рашалі пакручастыя галаваломкі, выступілі ў ролі перакладчыкаў з рускай на родную мову, тлумачылі сэнс малавядомых слоў ( арэлі, альтанка, афіцына, грэбля, гонта, ветах, жырандоля, поплаў) успаміналі і працягвалі вядомыя вершы беларускіх паэтаў.

Тры змястоўныя часткі свята, тры пакаленні ўдзельнікаў. А аб'яднала матчына мова - прыгожая, непаўторная, мілагучная. Яшчэ доўга ішла гамонка ў вясковым ДК - успаміналі мясцовыя прымаўкі, выпраўлялі памылкі, частаваліся гарбатай, слухалі прыгожыя беларускія песні. І так лёгка, так прыемна рабілася на душы ад разумення, што мова наша неўміручая! І калі мы будзем шанаваць яе, не цурацца, то ў хуткім часе з невялічкіх крыніц утворыцца вялікая рака нашай магутнай мовы і разальецца на шырокі прастор усёй Беларусі.

Марына Шумейка, Карцэвіцкі ДК (Нясвіжчына).

НАШЫМ ЖАНЧЫНАМ

Да свята 8 сакавіка

На Зямлю пасланыя

Каб яна квітнела,

Любімыя, жаданыя,

Загадкавыя, умелыя.

Над калыскаю голас -

Пяшчоты гукі,

Як ветрык летам колас,

Гайдалі нас вашы рукі.


З букетам кветак,

Гудзелі, як пчолы -

Вялі вы нас, дзетак,

За ручку да школы.


Званок апошні,

Расправілі крылы, -

"Дай ім, Усявышні!

Удачы і сілы".


Зноў пахі вясны,

Птушачка спевам чаруе.

Хай спраўдзяць дзявочыя сны -

Каханне хай завіруе.

САКАВІК СІНЯВОКІ

Сакавік сінявокі,

Цябе я шчыра вітаю.

Таюць ў небе аблокі,

Небасхіл блакітны сустракаю.


Румяны, марозны світанак,

Пунцовыя неба і снег,

Цудоўны вясёлы ранак,

Падоўжыўся дзень -

скараціўся начлег.


Абуджэнне прыроды, прадвесне,

Весялей на душы ў людзей,

Цецярук заспяваў свае песні,

А лес повен добрых надзей.


Жаль час кароткі чакання,

Вясна свой карагод павяла,

Гракі ж ужо сёння ўранні

Абвясцілі - вясна прыйшла!

НЕЗНАЁМКА

На крыллях птушкі-самалёта

Ляцеў калісці я ў даль,

Адна дзівосная істота,

Мільгнула знічкаю на жаль.

Цяпер у снах яна прыходзіць,

Смяецца, маніць да сябе,

І сну майму яна ўсё шкодзіць -

Які ж там сон у барацьбе.


І знаю я, што ўсё здаецца,

На свеце ёсць яна, ці не?

Ды памяць мне не паддаецца,

І светлы вобраз усё ў акне.


Можа, нам

надарыцца сустрэцца

У астральным нейкім змроку,

І, мо, яна таму імкнецца

Не даць зрабіць убок і кроку.

Мар'ян Даргель.

Завіталі да Таўлая ў Сусветны дзень пісьменніка

Напэўна жыхары горада ведаюць, што ў Лідзе ёсць Дом паэта? Так, і размяшчаецца ён па вуліцы Замкавая,7. Цікава: а каму ён належыў? Бяспрэчна, паэту, які пакінуў важкі след у гісторыі беларускай літаратуры. У гэтым будынку з верасня 1939 па чэрвень 1941 года жыў заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай. Як і пры жыцці паэта, так і цяпер, у гэтым доме збіраюцца творчыя асобы. Наведваюць яго і турысты. Тут праходзяць мерапрыемствы літаратурнага характару.

3 сакавіка ў Сусветны дзень пісьменніка ў мемарыяльным пакоі Дома Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея сабраліся вучні СШ 1. Тут упершыню быў арганізаваны агляд калекцыі "Дакументы" - "Новае пра Таўлая". У большасці гэта копіі дакументаў, якія былі адшуканы за апошнія гады ў літаратурных музеях і бібліятэках Беларусі: рукапісы, машынапісы з рознымі рэдактарскімі праўкамі паэта, друкаваныя выданні, фотаздымкі, мастацкія работы і інш.

Куратар Дома-музея навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун распавёў пра гісторыю будынка (у верасні 2020 года як музею, споўнілася 10 год з дня адкрыцця), пра дзейнасць паэта, частка жыцця якога была праведзена ў Лідзе, падзяліўся гістарычнымі фактамі, якія раскрываюць сувязь творцы з нашым горадам. Так, у нашым прынёманскім горадзе Валянцін Таўлай нарадзіўся як паэт у свае 8 гадоў, навучаючыся ў польскай школе № 5 імя Людвіка Нарбута. Дарэчы, у бягучым годзе споўніцца 100 гадоў, калі бацька-чыгуначнік правёз будучага паэта ў Ліду ў школу. Наступны, 2022-і, таксама стане юбілейным - першаму напісанаму вершу "Wrоbelki" ("Верабейкі") споўніцца 100 гадоў. З гэтай нагоды супрацоўнікамі Дома-музея запушчаны праект-акцыя "Вядзе рэй верабей".

- У кожнага музея насамрэч ёсць свая пэўная сімволіка, - распавядае Алесь. - Яна непасрэдна звязана з творчай дзейнасцю той ці іншай асобы. Умоўным сімвалам Дома-музея з'яўляецца менавіта верабей. Птушка, між іншым, для ўсіх нас вядомая. Яе вобраз выкарыстоўваюць у розных творчых ідэях. І па-гэтаму, супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая вырашылі сабраць комплекс матэрыялаў і прадметаў пра вераб'я. Гэта могуць быць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (саломапляценне, арыгамі, вышыўка, работы па дрэве і тканіне і г.д.), работы выяўленчага мастацтва (малюнкі, карціны), мастацкія творы (вершы, апавяданні) і іншае… Адметнай каштоўнасцю тут стануць матэрыялы (прадметы), якія захоўваюць аўтарства. І па-гэтаму, мы хочам каб нас пачулі творчыя асобы і такім чынам падтрымалі нас у гэтай справе. Нам ужо паступілі першыя работы, гэта значыць, збор пайшоў. Сабраныя за год прадметы зоймуць годнае месца ў экспазіцыі.

У тым, што гэтая ідэя ажыццявіцца, можна не спрачацца. Неабыякавае стаўленне да дзейнасці В. Таўлая праяўляецца ў Алеся Хітруна ўжо не першы год.

- Бясспрэчна, ушанаваннем творчай і жыццёвай дзейнасці паэта-рэвалюцыянера займаліся і ў іншых музеях Гарадзеншчыны, напрыклад, у краязнаўчых і школьных музеях Слоніма, у Баранавічах, - дзеліцца з прысутнымі куратар Дома Таўлая. - У сваіх фондах яны захоўваюць некаторыя матэрыялы. Так, за апошнія гады працы Дома-музея была сабрана даволі значная частка матэрыялаў, якія раскрываюць дзейнасць Валянціна Таўлая. З намі дзеляцца калегі з Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея, з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, вельмі шмат матэрыялаў паэта захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у фондах Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі адкуль таксама была перададзена частка архіва. Дзеляцца з намі і краязнаўцы, як напрыклад, Сяргей Чыгрын са Слоніма. Перадала архіў свайго знакамітага дзеда - пісьменніка Пятруся Граніта, які сябраваў з Таўлаем, унучка Людміла Яновіч. У мінулым годзе, з Гародні, сын бацькі-партызана атрада "Буравеснік" Мікалая Грабёнкіна перадаў рэчы, якімі карыстаўся паэт. Валянцін Таўлай, як вядома, любіў і народную музыку, сябраваў з кампазітарамі, як з Рыгорам Шырмам, Генадзем Цітовічам, Міхалам Забэйда-Суміцкім. Сучасны кампазітар Леанід Шурман паклаў нямала песень на вершы Валянціна Таўлая, якія таксама захоўваюцца ў нас. Было бы за шчасце, каб гэтыя музычныя творы загучалі ў сценах Дома паэта. Валянцін Таўлай прадстаўлены і на карцінах вядомых мастакоў Беларусі. Як, напрыклад, у рабоце мастака, паэта Венанцыя Бутрыма з Баранавіч - "Партрэт В. Таўлая", карціна Рамана Семашкевіча "Партрэт Таўлая" (напісаны ў 1930-я гады), Уладзіміра Сахненкі "Вобраз Таўлая", адна з апошніх - за 2005 год - карціна Уладзіміра Стальмашонка "Супрацоўнікам часопіса "Калосьсе" прысвячаецца". За дзень да мерапрыемства, мы атрымалі ад калег з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы копію палатна за 1942 год "А ты, сіраціна, жыві…" па творы Янкі Купалы аўтара Пётры Сергіевіча. Гэтая работа першапачаткова была задумана пад назвай "На працу". Але пабачыўшы яе яшчэ ў майстэрні, Валянцін Таўлай зазначыў, што па прадстаўленым настроі, яна ідэальна адпавядае раннім творам Купалы. Мастак пагадзіўся з меркаваннем Таўлая і ў 1944 годзе, на адкрыццё Купалаўскага музея ён падараваў яе гэтай установе.

Архівы Валянціна Таўлая захоўваюцца ў шматлікіх музеях і бібліятэках Беларусі і за яе межамі. Як упэўнены Алесь Хітрун, з цягам часу ўвесь гэты матэрыял будзе вывучаны і даследаваны, а таксама даступны наведвальнікам.

Алесь Крупскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX