НАША СЛОВА № 11 (1526), 17 сакавіка 2021 г.
І Мара павінна быць прыгожай
Нядзельная раніца выдалася пахмурнай і нават прахалоднай. Але гэтая акалічнасць ніяк не адбілася на настроі лідзян, якія прыйшлі пад сцены Лідскага замка на раённае свята "Праводзіны зімы". Менавіта тут, а дванаццатай дня, пачалося маляўнічае тэатралізаванае прадстаўленне "Зіма, бывай! Вясне - пачатак!" - народныя гулі, прысвечаныя праводзінам зімы. Дзея ўдалася яркай і запамінальнай.
Працаўнікі культуры паказалі сапраўднае фальклорнае свята. Яркія і вясёлыя персанажы не давалі нудзіцца гараджанам: амаль тры гадзіны сцэна ля сцен Лідскага замка належала артыстам Палаца культуры, спецыялістам Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, аддзела рамёстваў і традыцыйны культуры, а таксама ўдзельнікам народнага ансамбля народнай песні і музыкі "Уладары" з г. Ваўкавыска і фольк-шоў "Забабоны" з г. Менска. Яны жартавалі, спявалі песні, разам з гасцямі свята вадзілі карагоды, танчылі.
Лідчына - адзін з нямногіх рэгіёнаў, дзе выключана з абіходу слова"масленіца", не характэрнае для Беларусі. Тут адзначаюцца праводзіны зімы.
І лялька, якую традыцыйна спальваюць мае сваё імя. Завуць яе Мара. Мара - гэта дух сну, і не вельмі добры дух. Мара можа зМАРыць чалавека, каб заснуў, Мара можа і заМАРыць да паўсмерці або і да смерці. Восенню Мара ўкладвае спаць усю прыроду, а вясной, каб прырода прачнулася, трэба тую Мару спаліць.
Лялек да свята робяць шмат, і робяць шмат такіх прыгожых, што рука не падымаецца іх паліць. Паляць адну, а астатніх берагуць і будуць цэлы год задобрываць, каб сніліся толькі прыемныя сны.
Вось такое свята з аладкамі, Марай, весялосцю і ўсякімі там крэатывамі дзеля добрага настрою.
Паводле ЛГ.
Космас беларусаў вечны
85-годдзе адзначыла ў сакавіку вядомая пісьменніца, літаратуразнавец і крытык Лідзія Сымонаўна Савік.
Лідзія Сымонаўна доўгі час з'яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры Акадэміі навук, дацэнтам Беларускага ўніверсітэта культуры. Яна - сябар Саюза беларусіх пісьменнікаў з 1992 года.
Л.С. Савік нарадзілася 1 сакавіка 1936 года ў вёсцы Камуна Любанскага раёна ў сям'і карэнных беларусаў. Яе маці Алена Піліпаўна была родам з Полаччыны, бацька Адам Васільевіч - са Случчыны. Яе дзядзька Пракоп Адзярыха стаў героем паэмы "Над ракой Арэсай" Янкі Купалы.
Лідзія Савік скончыла філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытута літаратуры, абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах развіцця сучаснай беларускай прозы. На старонках рэспубліканскай перыёдыкі яна выступала з праблемнымі артыкуламі і рэцэнзіямі творчасці Я. Нёманскага, С. Грахоўскага, Я. Скрыгана, І. Мележа, У. Караткевіча, Б. Сачанкі, В. Казько і іншых пісьменнікаў.
Л. С. Савік займалася таксама вяртаннем творчай спадчыны рэпрэсаванай і эмігранцкай беларускай літаратуры. Лідзія Сымонаўна доўгі час з'яўлялася сябрам і сакратаром Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", у 1995 годзе яна была абрана ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
Старонкі сваіх даследванняў яна прысвяціла творчасці Барыса Сачанкі, Вольгі Іпатавай, аналізавала здабыткі беларускіх пісьменнікаў у далёкім замежжы. Ёй створаны кнігі "Пад мірным небам бацькаўшчыны" (1986), "Космас беларуса" (1996), " Пакліканыя" ( 2001), "Адна між замкаў" (2003) і іншыя. Мы павіншавалі шаноўную юбілярку і пагутарылі з ёй.
- Лідзія Сымонаўна, Вы цікавіліся жыццём вялікага чалавека і доўгажыхара, доктара філасофскіх навук у галіне фізікі і матэматыкі Барыса Кіта.
- Беларуская зямля дала свету многія таленты, да якіх належыць і Барыс Уладзіміравіч Кіт. Упершыню я ўбачыла Барыса Уладзіміравіча ў доме Масея Сяднёва пад Нью-Ёркам у Глен-Кове, куды ён заехаў на Каляды пад новы 1992 год праведаць даўняга сябра, беларускага паэта на эміграцыі. Мяне ўразіў малады, рухавы, абаяльны воблік Барыса Уладзіміравіча, яго імклівая гаворка на чыстай беларускай мове, уменне з матэматычнай дакладнасцю сказаць пра сябе і незвычайна зацікавіць суразмоўца сціплай недасказанасцю, за якой стаяла вялікае жыццё.
У кастрычніку 1992 года я мела магчымасць наведаць Барыса Уладзіміравіча ў Германіі, у Франкфурце-на-Майне па яго ветлівым запрашэнні. Дзякуючы яму, я пабывала ў славутых тургенеўскіх мясцінах Вісбадэна, у Бадгомбургу, дзе бываў Дастаеўскі. Мяне найбольш уражваў беларус, які здолеў даказаць, што ён не горшы за амерыканцаў, еўрапейцаў, чалавек глыбокіх рознабаковых ведаў, з выдатнай памяццю на даты, сусветную гісторыю, людзей, літаратуру. Яго жыццё цесна знітавана з жыццём беларускага народа, шляхамі-пуцявінамі беларускага інтэлігента, які дзякуючы сваім прыродным здольнасцям змог выйсці на сусветную арэну і захаваць вернасць Бацькаўшчыне. Ён напісаў падручнік па ракетным паліве, па якім вучыліся цэлыя генерацыі ракетных інжынераў. Вынікам сустрэч з Б. Кітом стала своеасаблівая дакументальная аповесць пра жыццё і дзейнасць беларускага вучонага.
У Наваградку, дзе выкладаў Барыс Кіт, у школе быў створаны яго музей. Значную частку сваіх архіваў Барыс Кіт перадаў у Наваградскі краязнаўчы музей. На 90-годдзі Барыса Кіта амерыканскі амбасадар прамовіў: " Дзякуй беларусам, што яны дапамаглі нам у пакарэнні космасу!"
- Кнігу "Пакліканыя" Вы прысвяцілі жыццю і творчасці Наталлі Арсенневай, У. Дудзіцкага, Я. Золака, М. Кавыля, Р. Крушыны, М. Сяднёва і іншых творцаў замежжа.
- Мне ўдалося напісаць пра паэтаў, а я планавала стварыць яшчэ адну кнігу пра празаікаў. Але, напэўна, ужо нехта іншы выканае гэту працу.
Літаратура беларускага замежжа - неадлучная, арганічная частка сучаснага літаратурнага працэсу, прадстаўленая творамі паэтаў і празаікаў, публіцыстаў, крытыкаў.
Амаль усе пісьменнікі-эмігранты былі сучаснікамі старэйшага пакалення беларускай творчай інтэлігенцыі, яны выхоўваліся на традыцыях Ф. Скарыны, С. Буднага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча.
Пісьменнікі-эмігранты, нягледзячы на тое, што валодалі асноўнымі еўрапейскімі мовамі, пісалі свае творы, у асноўным, па-беларуску. І карысталіся яны граматыкамі Б. Тарашкевіча, Я. Лёсіка, захавалі жывое беларускае слова, лексічныя багацці народнай мовы, тым самым выступаючы за яе чысціню, супраць асіміляцыі.
Беларускія літаратурна-мастацкія, навуковыя і грамадскія газеты і часопісы ў далёкім замежжы зрабілі шмат для развіцця літаратуры, журналістыкі, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Яны неслі суайчыннікам аб'ектыўныя веды і праўду нацыянальнай гісторыі, літаратуры і культуры.
Паэзія, проза, мемуарыстыка пісьменнікаў замежжа была выразна нацыянальнай не толькі моваю, але і духам, складам твораў. Пры канцы ХХ стагоддзя гэтая літаратура вярнулася на радзіму, далучылася да мацерыка беларускага мастацкага слова, дала новы імпульс праблемам, якія хвалююць нас сённня: нацыянальнага адраджэння, дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, захавання мовы, гісторыі, нацыянальных сімвалаў, лепшых традыцый жыцця беларускага народа.
- Яркія старонкі Вы прысвяцілі Вользе Іпатавай у кнізе "Адна між замкаў".
- Мы жылі з ёй па суседстве, таму я склала невялічную кніжачку пра яе. Вольга Іпатава была першаадкрывальніцай новых тэмаў і пластоў нашай гістарычнай спадчыны і глыбінных плыняў культуры, такіх, як індаеўрапейская, зараастрыйская і фракійская, што стала здабыткам беларускай гістарычнай літаратуры. Славянскія абліччы вялікіх князёў літоўскіх, адкрытыя ёй для шырокага чытача, маюць вялікае значэнне для самаідэнтыфікацыі народа, чыё жыццё склалася на скрыжаванні шляхоў многіх еўрапейскіх нацый.
- Спадарыня Лідзія! Шчыра дзякуем Вам за Вашы артыкулы, кнігі, даследванні і жадаем Вам такога ж доўгага веку, як у Барыса Кіта!
- Восем тамоў я выдала ў "Беларускім кнігазборы", пісала прадмовы, бібліяграфічныя нататкі, якія ўвайшлі ў даведнікі. Усё гэта застанецца навечна.
Гутарыла Эла Дзвінская.
Кавід і эканоміка
Падлічана, што эканамічныя наступствы COVID-19 у свеце будуць вагацца ад 5 да 5,5 трыльёна долараў. Пра гэта амаль год таму заявіла кампанія Блумберг (Bloomberg L.P.). Многа гэта ці не? Насамрэч гэта каля 8% сусветнага ВУП, або ў 26,5 раза больш гадавога ВУП Беларусі.
Змены такога кшталту з-за эпідэмій не здараліся ўжо даўно. Хіба толькі ў ХIV стагоддзі, калі ад чумы загінула палова насельніцтва Еўропы. Пасля хваробы амаль не засталося працоўных рук. Ва ўсходняй частцы кантынента выраслі рознага кшталту падаткі, затое ў Заходняй Еўропе эпідэмія падштурхнула да развіцця гаспадаркі, росту заробкаў і да большых свабод. Нават "іспанка", якая 100 гадоў таму пазбавіла жыцця ад 20 да 50 мільёнаў чалавек, не паўплывала на сусветную эканоміку. 20-я гады мінулага стагоддзя былі досыць паспяховымі, а крызіс 30-х узнік з іншых прычын.
Але каронавірус ужо ўплывае на эканоміку. Чаму? У апошнія гады назіралася надзвычай хуткая глабалізацыя. З Азіі дастаўлялі нават дробязі, якія раней выраблялі на месцах. Узрасла роля Кітая ў сусветнай эканоміцы. У 2003 годзе Кітай даваў 11% сусветнага аб'ёму канцавых вытворчасцей, а ў 2019 годзе гэтая лічба ўзрасла да 25%. Прадпрыемствы і спажыўцы па ўсім свеце сталі больш залежнымі ад кітайскіх пастаўшчыкоў. Пры такой залежнасці любы збой у любой частцы лагістычнага ланцужка пагражае дэфіцытам тавараў і спыненнем вытворчасці.
Як гэта паўплывае на сусветную эканоміку? Багатыя краіны пацерпяць не менш, чым ад крызісу 1974-75 і 2008-09 гадоў. Сусветная Гандлёвая Арганізацыя лічыць, што сусветны гандаль апынецца ў найгоршым становішчы за ўвесь пасляваенны перыяд. Міжнародная арганізацыя працы заяўляе, што рызыка беспрацоўя і падзення заробкаў закране каля 1 мільярда працаздольнага насельніцтва. Краіны з меней развітай эканомікай маглі б пацярпець значна менш, але насельніцтва не мае сродкаў на выпадак крызісаў, а кіраўніцтва такіх краін не мае фондаў для падтрымкі сваіх грамадзян.
Як уплывае пандэмія на асобныя галіны? Турызм ужо практычна спынены, у такім жа становішчы спартыўныя і забаўляльныя ўстановы. Значна зменшаны аб'ёмы перавозак. Пацярпеў гандаль прамысловымі таварамі і паслугамі. У выйгрышным становішчы толькі гандаль прадуктамі харчавання і медыкаментамі.
А што ў Беларусі? ВУП нашай краіны складае ўсяго толькі 0,14% ад сусветнай вытворчасці. Эканоміка не з'яўляецца самадастатковай, яна залежыць ад становішча ў Расіі, Кітаі і Еўропе і ад сусветных глабальных працэсаў. Пандэмія, хутчэй за ўсё, не праявіць сябе зусім ужо катастрафічна, але яна ўжо мяняе грамадства і звычкі грамадзян.
Па розным дадзеным ужо назіраецца падзенне ў канкрэтных галінах: турызм і масавыя мерапрыемствы - да 95%; медыцынскія паслугі, у тым ліку стаматалогія - да 90%; рэстараны, кафэ, клубы кажуць пра зніжэнні на 50-80%; спартыўныя і прыватныя адукацыйныя ўстановы паведамляюць пра падзенне на 40-60%; пасажырскія перавозкі - 20-50%; нерухомасць, продаж аўто і іншых прамысловых тавараў - 20%. Толькі ў IT-сферы падзенне зусім нязначнае. Сельская гаспадарка, вытворчасць і гандаль прадуктовымі таварамі пра падзенне пакуль нічога не паведамляюць.
Не зусім ясна, што чакае фінансавы сектар. Банкі працуюць, узрасла колькасць грашовых пераводаў і аддаленых плацяжоў. Якім будзе попыт і прапанова на крэдыты ва ўмовах пандэміі, пакуль яснай карціны няма.
Складаная сітуацыя з экспартам, з буйнымі прадпрыемствамі. Усё будзе залежаць ад краін-пакупнікоў. Але яны вырашаюць у першую чаргу ўласныя праблемы, і эканоміка Сінявокай іх мала цікавіць.
Мікалай Ільючык, "ІП".
У 2020 годзе ў Рэспубліцы Беларусь адчувальна замарудзіліся тэмпы эканамічнага росту
Пра гэта сведчаць змены ў асноўных макраэканамічных паказчыках.
За 8 месяцаў:
- скараціўся рост валавога ўнутранага прадукта (ВУП) (-1,3%).
- інфляцыя вырасла з 4,7% да 6,1%.
- замежнагандлёвы аварот зменшыўся на 17,9%.
Падзенне курсу беларускага рубля ў адносінах да амерыканскага даляра і да еўра на 10% і 9% адпаведна.
На памяншэнне ВУП аказалі ўплыў тры фактары:
- зніжэнне дзелавой актыўнасці з-за COVID-19;
- скарачэнне аб'ёмаў паставак нафты з Расіі з прычыны рознагалоссяў па кошце;
- зніжэнне сусветных цэнаў на калійныя ўгнаенні.
Таксама скараціліся прамысловая вытворчасць, транспартная дзейнасць, аптовы і рознічны гандаль.
За 8 месяцаў 2020 года фінансавая ўстойлівасць прадпрыемстваў пагоршылася:
- выручка скарацілася на 6,8% у супастаўных цэнах;
- чысты прыбытак скараціўся на 80,1%;
- доля стратных арганізацый у агульным ліку павялічылася з 15% у 2019 да 19%.
Пры гэтым самыя вялікія долі стратных арганізацый у агульным ліку ў 2020 годзе склалі транспартныя арганізацыі (25,7% супраць 15,3% у 2019 годзе), арганізацыі гандлю (27,5% супраць 19,6% у 2019 годзе). Гэта яшчэ адно сведчанне ўплыву COVID-19 на дадзеныя віды дзейнасці.
Сярод найболей пацярпелых з-за COVID-19 сектараў эканомікі ў Беларусі:
- вытворчасць машын і абсталяванні (-13%);
- транспарт (пасажырааварот зменшыўся на 32%, грузааварот - на 6,4%);
- агульнахарч і аптовы гандаль (-7,8% і -19,8% адпаведна).
Пры гэтым расла фармацэўтычная вытворчасць (+11,6%), што таксама абумоўліваецца ўплывам каронавіруса.
Бягучы стан эканомікі
Больш 2/3 кампаній лічаць, што эканоміка краіны знаходзіцца ў дрэнным становішчы. Чаканні таксама негатыўныя: больш 3/4 прыватных і амаль палова дзяржаўных кампаній лічаць, што ў найблізкія некалькі месяцаў стан эканомікі пагоршыцца.
Найбольшы негатыўны ўплыў COVID-19 аказаў:
- на прамысловую вытворчасць (-1,8%);
- транспартную дзейнасць (- 9,5%);
- аптовы і рознічны гандаль (- 3,1%).
Але ў некаторых галінах у сувязі з каронавірусам назіраўся рост:
- сектар інфармацыі і сувязі вырас на 8,2% у адносінах да 2019 года;
- фармвытворчасць (апрацоўчая прамысловасць) павялічылася на 11,6%.
У прамысловым сектары Рэспублікі Беларусь у студзені-верасні 2020 года вытворчасць у грашовым выражэнні зменшылася на 1,8%.
З-за зніжэння закупаў беларускай прадукцыі краінамі-партнёрамі (некаторыя наяўныя кантракты былі пастаўлены на паўзу) скараціліся аб'ёмы вытворчасці:
- у металургіі (- 2%);
- вытворчасці машын і абсталявання (- 13%);
- вытворчасці электраабсталявання (- 3,9%);
- тэкстылю і адзежы (-3,1%).
Грузааварот пацярпеў менш:
- у студзені-кастрычніку 2020 года назіралася падзенне на 6,4% у адносінах да 2019 г. Галоўным чынам гэта адбылося за кошт зніжэння трубаправодных і чыгуначных перавозак грузаў (на 3,8% і 13,1% адпаведна). Збольшага зніжэнне грузаавароту выклікана перабоямі з пастаўкай нафты з Расіі.
Як і ў іншых краінах, каронавірус аказаў моцны ўплыў на сферу паслуг і агульнахарч. Таваразварот агульнахарча за студзень-верасень 2020 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года зваліўся на 19,8%.
Па большай частцы гэта звязана з увядзеннем абмежавальных мер па барацьбе з распаўсюдам каронавіруса (напрыклад, абмежаваннем часу працы аб'ектаў грамадскага сілкавання). Акрамя таго, наведвальнасць устаноў агульнахарча зменшылася з-за асцярог насельніцтва і добраахвотнай адмовы ад вольнага часу ў рэстаранах, кавярнях і інш. Пра страты ў сферы грамадскага сілкавання таксама сведчыць і колькасць звольненага персаналу. У красавіку і траўні 2020 года адносіны прынятых да звольненых у сферы паслуг па часовым пражыванні і сілкаванні (улучна з паслугамі грамадскага сілкавання) склала 36% і 32% адпаведна (у красавіку і траўні 2019 года - 98% і 93%).
Па матэрыялах SATIO (беларуская даследчая кампанія
Дарагая "зараза", ці ў колькі абыходзіцца лячэнне ад кавіда?
Паводле Пастановы Савета Міністраў № 344 ад 15 чэрвеня 2020 года, хворым СОVID-19, якія лечацца амбулаторна, лекі па рацэпце лекара павінны адпускацца бясплатна. Сродкі на забеспячэнне медыкаментамі для такіх пацыентаў выдзяляе мясцовы бюджэт.
Аднак, як аказалася, многія, хто перахварэў каронавірусам, не ведалі пра гэтую палёгку. І лекары чамусьці замоўчваюць гэтую тэму. А тым часам, супрацьвірусныя і гарачкапаніжальныя медыкаменты каштуюць нямала. Улічваючы, якія ў нашых людзей зарплаты і пенсійныя дапамога, то не кожны раскашэліцца на такія сумы.
Карэспандэнт "Информ-прогулки" высвятліў у некаторых чытачоў, якія перанеслі кавід, у якую суму абышлося лячэнне?
Валянціна Шпакоўская захварэла кавідам у сярэдзіне студзеня бягучага года. Пачыналася, як ва ўсіх: тэмпература, пяршэнне ў горле, кашаль, слабасць. Лекар прызначыў лячэнне на хаце. Супрацьвірусныя таблеткі, наймоцныя антыбіётыкі, а праз час, калі ніякіх паляпшэнняў не адчула, прыйшлося перайсці на гарманальныя прэпараты. У цэлым выдаткавана 500 рублёў. Але гэта яшчэ не ўсё. Зараз трэба аднаўляць арганізм, патрабуюцца вітаміны. Да таго ж, усе блізкія Валянціны таксама падхапілі каронавірус. Станоўчы аналіз аказаўся ў яе мужа, дачкі і сястры. А гэта плюс яшчэ 200 рублёў дадатковых растрат на супрацьвірусныя медыкаменты.
- Мне 58 гадоў, я яшчэ працую. Лячэнне выляцела ў круглую капейчыну. На сваім здароўі ніколі не эканоміла. Грошай не шкада. Добра, хоць усе жывыя. Я вельмі цяжка пераносіла. Зараз нават страшна выйсці з хаты: ногі падкошваюцца, слабасць, патлівасць. Ды яшчэ і зрок сеў ад высокай тэмпературы. І калі ўсё гэта пройдзе, не вядома. Так што, яшчэ нямала давядзецца ўкласці ў сваё аднаўленне.
Ганне Стражэвіч - 63 гады. Перанесла вірусную інфекцыю. Аналіз на каронавірус быў адмоўным. Паўторны рабіць не стала. Жанчына ўпэўнена, што ў яе быў кавід, бо рэнтгенаўскі здымак выявіў правабаковую агменевую пнеўманію.
- Мы з мужам - пенсіянеры. Пенсіі не вялікія, да таго ж, пад нашай апекай унук, - кажа чытачка. - На лячэнне пайшла ўся мая пенсія - 400 рублёў. Але, калі гутарка ідзе пра здароўе, вядома ж, з грашыма не лічышся. Нажаль, многія прэпараты, якія мне прызначаліся, былі выкінуты ў сметнік. Арганізм іх не ўспрымаў, пачалася жудасная алергія. У маёй сям'і ніхто больш не заразіўся, і гэта цешыць. Бо адно толькі маё лячэнне значна стукнула па кашальку.
Святлане Пашкевіч - 38 гадоў. Маладая жанчына лічыць, што ёй пашанцавала. Святлана актыўна займаецца аэробікай, правільна сілкуецца і замест мяса аддае перавагу запечанай рыбе. Святлана лічыць, што менавіта гэта яе і зберагло ад заражэння кавідам.
- У таты дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію, - распавядае суразмоўніца. - Першы аналіз быў адмоўны, другі - станоўчы. Мы ўсёй сям'ёй патрапілі на самаізаляцыю. Нельга было выходзіць з хаты, пагражалі штрафам да 50 базавых. А з іншага боку, як схадзіць у аптэку па лекі? У краму па хлеб і малако? Прасілі сваякоў, суседзяў. Тата перахварэў яшчэ ў снежні, а аднаўляецца дагэтуль. Якая сума выдаткавана на яго акрыянне і рэабілітацыю, мы не лічылі. Ды і хіба справа ў сумах, калі на коне жыццё блізкага чалавека…
Галіна Самуйлік, "ІП".
Падзеі 2020 года
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
З 31 кастрычніка па 1 лістапада 2020 года адбыўся Сусветны кангрэс беларусаў. Гэта сустрэча беларусаў усяго свету. Кангрэс прайшоў у фармаце відэаканферэнцыі,
Кастрычнік. Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2020 г. склала 1285 рублёў.
У Менску працягваюць працаваць каля 165 тыс. пенсіянераў, тысяча з іх перасягнула 80-гадовы рубеж, ёсць і тыя, каму за 90. У Менску 13 пенсіянераў старэйшых за 90 гадоў працягваюць афіцыйна працаваць.
Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка вярнулася ў топ-10 сусветнага рэйтынгу
1 лістапада. У Беларусі па стане на 1 лістапада зарэгістраваны 99 тыс. 459 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Прырост за апошнія суткі склаў 977 выпадкаў супраць 983 за папярэднія суткі.
У Беларусі на 1 лістапада 2020 года выяўлена 22 792 чалавекі з ВІЧ-інфекцыяй. Ацэначная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ - інфекцыяй у Беларусі, - 28 тысяч чалавек, - паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
У Менску раптоўна памёр шматгадовы кіраўнік бізнес-саюзаў, старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета СЮА "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Уладзімір Карагін. Ён нарадзіўся 20 красавіка 1952 года ў Пскове. Па адукацыі - філосаф, эканаміст-менеджэр, фінансіст.
3 лістапада. Першы энерга блок Беларускай АЭС уключаны ў аб'яднаную энергасітэму Беларусі.
У аўторак, 3 лістапада, у Менску, на Усходніх могілках, па праваслаўным абрадзе ўрачыста перапахавалі прах пісьменніка-нашаніўца Змітрака Бядулі (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік). Ён памёр у 1941 годзе ва Уральску (Кахахстан).
4 лістапада. Пасля Мітрапаліта Веньяміна і міністр культуры Юрый Бондар таксама прапанаваў у Дамах культуры не выконваць гімн "Магутны Божа".
6 лістапада. Адкрыта першая чарга трэцяй лініі Менскага метрапалітэна. Першых пасажыраў прынялі 4 станцыі: "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча", "Юбілейная плошча". Працягласць гэтай лініі цяпер 4,4 км.
7 лістапада. У Менску прайшоў 20-ы з'езд Партыі БНФ. Старшынём Партыі БНФ пераабралі большасцю галосаў Рыгора Кастусёва.
7 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў атамную электрастанцыю ў Астраўцы.
9 лістапада. Памёр мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі. Нарадзіўся 12 лютага 1941 года ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна. Яму было 79 гадоў. Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.
10 лістапада. А. Лукашэнка патрабуе да канца 2020 года стварыць прафсаюзныя арганізацыі на ўсіх прыватных прадпрыемствах.
13 лістапада. У Менску ў ноч на суботу выпаў першы снег.
14 лістапада. Беларускі кінафільм "Янка Купала" рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага атрымаў прыз "Падзея кінематаграфічнага года" на другім Міжнародным фестывалі кіно краін Садружнасці "Маскоўская прэм'ера". Паказ фільма адбыўся 14 лістапада ў Маскоўскім Доме кіно.
15 лістапада. Памёр вядомы беларускі дыпламат і культурны дзеяч Уладзімір Рыгоравіч Шчасны. Нарадзіўся ў 1948 годзе ў Смаргоні.
17 лістапада ў Менску аднавілі Кальварыйскую вежу з гадзіннікам. Вышыня Кальварыйскай вежы дасягае 18 метраў, а яе верхавіну ўпрыгожвае вялікі гадзіннік з цыферблатам дыяметрам у паўтара метра.
18 лістапада. У Беларусі за суткі выяўлена 1309 выпадкаў заражэння Covid, 7 пацыентаў памерлі.
20 лістапада памёр вядомы беларускі кампазітар Алег Барысавіч Залетнеў. Нарадзіўся 8 ліпеня 1947 года ў станіцы Сухабязводнае Ніжагародскай вобласці.
21 лістапада. У Беларусі за суткі выяўлена 1588 новых выпадкаў заражэння Covid, 8 пацыентаў памерлі. Два з паловай месяцы шукалі сям'ю з вёскі Задвор'е Стаўбцоўскага раёна. Увесь гэты час бацькі і двое дзяцей жылі ў Налібоцкай пушчы. У лес яны сышлі, каб "выратавацца ад каронавіруса і чыпіравання"
22 лістапада. У Лідзе памёр беларускі празаік Валер Аляксеевіч Санько, які нарадзіўся 29 жніўня 1939 г. у в. Вялікая Сліва Слуцкага раёна. Яго пахавалі на малой радзіме.
24 лістапада ад каронавіруса памёр вядучы рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура", паэт Дзмітрый Пятровіч. У той жа дзень ад каронавіруса памерла і яго маці Вольга.
27 лістапрада. Кіраўнікі і актыў Саюза беларускіх пісьменнікаў адзачылі 100-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Прыехалі на Случчыну і ўсклалі кветкі да крыжоў у гонар паўстанцаў.
29 лістапада. У Менску зімовы дзень з невялікім снегам. Тэмпература -1 градус.
29 лістапада. У нядзелю ў Менску прайшоў ХХ з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), якая на днях адзначыла 20-годдзе. Старшынём партый пераабраны Мікалай Казлоў. Удзел у з'ездзе прынялі 85 дэлегатаў.
На 30 лістапада ў Беларусі зарэгістравана 136 647 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерла 1 158 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. Такім чынам, за апошнія суткі ў Беларусі выяўлена 1 639 выпадкаў каронавіруса, праведзена 16 428 тэстаў. Ачунялі і выпісаны 966 чалавек, памерла сямёра. Ачуняў і выпісаны 114 341 чалавек, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Усяго праведзена 3 269 576 тэстаў.
Беларуская паэтка Таццяна Скарынкіна стала лаўрэатам прэміі Андрэя Белага ў намінацыі "Паэзія". Скарынкіна атрымала прэмію за сваю кнігу "И все побросали ножи", якая выйшла ў 2020-м у маскоўскім выдавецтве "Книжное обозрение" Піша вершы на рускай мове. Т. Скарынкіна жыве ў Смаргоні.
Лістапад. У лістападзе 2020 года ў Магілёве памерла ў 1,8 разоў больш людзей, чым у лістападзе 2019. Магілёўскі ЗАГС - адзіны ў краіне, які публікуе такую статыстыку па смяротнасці.
Лістапад 2020 года, як адзначаюць сіноптыкі, увайшоў у гісторыю з перавышэннем тэмпературнага рэжыму на 2-4°С. Ападкаў выпала крыху менш за кліматычную норму.
Па ўсёй краіне ўвялі масачны рэжым.
Чэмпіёнам Беларусі па футболе стаў " Шахцёр".
Упершыню ў гісторыі адмянілі кінафестываль "Лістапад" у Менску.
Газета "Народная Воля" з сярэдзіны лістапада не друкуецца. Друкарні Беларусі і Расіі адмаўляюцца яе друкаваць, а таму яна выходзіць толькі ў інтэрнэце.
Знешні дзярждоўг Беларусі на 1 снежня дасягнуў 18, 2 мільярда долараў. З пачатку 2020 года дзярждоўг вырас на адзін мільярд долараў.
З 1 снежня павышаецца пенсія. У снежні сярэдняя пенсія вырасце да 483 рублёў. У той час, як у лістападзе яна была 458 рублёў.
Па дадзеных на 1 снежня 2020 года, у Менску налічваецца 167,3 тыс. працуючых пенсіянераў, што складае 35,2% ад агульнай колькасці атрымальнікаў пенсій.
1 снежня. Беларускі партал TUT.BY атрымаў Міжнародную прэмію імя Паўла Шарамета. Такое рашэнне прыняў Кіруючы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.Прэміяй імя Шарамета чацвёрты год запар узнагароджваюць за смеласць і адданасць журналісцкім стандартам прадстаўнікам СМІ з краін-сяброў Усходняга партнёрства.
3 снежня. Эканамічны суд Менска пазбавіў партал TUT.BY статусу СМІ.
Дэпартамент выканання пакаранняў МУС выканаў Закон "аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў", паведаміла прэс-служба ведамства ў телеграм-канале. Амністыя закранула больш за 11 тыс. чалавек, якія адбываюць пакаранне як у месцах пазбаўлення волі, так і ў папраўчых установах адкрытага тыпу.
Усяго з месцаў пазбаўлення волі вызвалена каля 2,6 тыс. асуджаных, больш чым для 4,5 тыс. чалавек тэрмін пакарання скарочаны на адзін год. Кампенсаваная шкода пацярпелым склала больш за пяць мільёнаў рублёў. Амністыя ўжывалася толькі да станоўча характарызавальных людзей, а іх вызваленне не пацягнула пагаршэнне крымінагеннай абстаноўкі ў грамадстве.
8 снежня. Памёр Вячаслаў Францавіч Кебіч, які нарадзіўся ў 1936 г. у Валожынскім раёне. Быў хворы на каронавірус.
Дыпламаты краін ЕС абмеркавалі з міністрам У. Макеем вяршэнства закона і правы чалавека. Прапанавалі вярнуць амбасадараў Польшчы і Літвы ў Менск.
10 снежня кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам міністра абароны Віктара Хрэніна і начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Аляксандра Вальфовіча.
У чацвер, 10 снежня, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаў ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Прэзідэнт уручыў супрацоўнікам універсітэта дзяржаўныя ўзнагароды, а самому ВНУ - ордэн Працоўнай Славы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта першы ў гісторыі незалежнай Беларусі ордэн.
У Менску прайшла цырымонія ўручэння штогадовай Нацыянальнай прэміі праваабарончай супольнасці. Уладальнікамі прэміі ў намінацыі "Журналіст года-2020" сталі журналіст TUT.BY Кацярына Барысевіч, а таксама журналісты "Белсата" Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова. Усе яны цяпер знаходзяцца ў ІЧУ і прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
На полі каля вёскі Грабоўка пад Гомелем зграя ваўкоў загрызла 13 коз, якіх пасвіў гаспадар Аляксандр Кузьмянкоў.
Ад 21 снежня грамадзяне Беларусі наземным транспартам змогуць выехаць выключна з мэтамі вучобы і працы, а таксама грамадзяне, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ці грамадзянства іншай краіны.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальныя справы ў дачыненні да Ціханоўскай і членаў Каардынацыйнай рады. Справы ўзбуджаны па фактах стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
21 снежня. Напярэдадні Калядных і Навагодніх святаў чатыры самыя буйныя канфесіі Беларусі падпісалі зварот аб міры.
23 снежня ўлады Беларусі дазволілі Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца ў Менск.
24 снежня. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Менск і правёў калядную вячэрнюю службу ў касцёле св. Панны Марыі.
25 снежня. Каталіцкія Каляды. На вуліцы няшмат снегу і невялікі мароз да 3 градусаў. Днём каля 0 градусаў.
26 снежня. У Беларусі кароткачасовы снег. На дарогах галалёдзіца. Вецер заходні парывісты. Тэмпература паветра ноччу 0..-6°С, днём -3..+2°С.
На 26 снежня ў краіне зарэгістравана 184 922 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1376 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. Ачунялі і выпісаны 164 538 чалавек, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.
27 снежня. Памёр вядомы эканаміст Леанід Заіка, які нарадзіўся 23 жніўня 1948 года ў Гародні. Выкладаў ва ўніверсітэтах Беларусі, быў дэканам эканамічнага факультэта ЕГУ.
28 снежня. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў Законапраект "Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі" (Belarus Democracy, Human Rights, and Sovereignty Act).
29 снежня. Адбылося першае пасяджэнне Савета старэйшын, створанага ўпершыню ў гісторыі пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Быў абраны старшыня савета старэйшын. Ім стаў 73-гадовы Барыс Батура, які ўзначальваў Савет Рэспублікі чацвёртага склікання
Увечары ў Палацы Незалежнасці ў Менску - Навагодні баль.
29 снежня ў Віцебскай вобласці назіраліся магутныя парывы ветру, ледзяны дождж і моцны галалёд.
На 30 снежня ў Беларусі зарэгістраваны 192 361 чалавек са станоўчым тэстам на каронавірус. Такія лічбы прыводзіць прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, прырост новых выпадкаў за апошнія 24 гадзіны склаў 1957 чалавек. Ачуняў 171 901 пацыент, у якіх раней быў пацверджаны каронавірус.
31 снежня. За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1 923 новыя выпадкі каронавіруснай інфекцыі, усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі COVID-19 дыягнаставаны ў 194 284 чалавек.
У Менску +3 градусы цяпла. Снегу няма, і таксама дажджу няма. Пахмурна цэлы дзень.
Мінчане сустракалі Новы год без снегу.
Снежань. У Менску актыўна забудоўваўся былы аэрадром. Як грыбы, хутка выраслі 20-павярховыя хмарачосы. З'явіліся тут новыя вуліцы і правулкі.
Амаль 2,5 мільёна чалавек атрымалі ў снежні пенсіі, якія павялічыліся, бо ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта № 409. У сярэднім працоўныя пенсіі падраслі на 5,4% - з 458,25 рубля ў лістападзе да 483 рублёў у снежні .
У Нью-Ёрку (ЗША) выдадзены 13-ы літаратурны альманах "Беларус"- 2020.
На Пастаўшчыне выдадзена краязнаўчая кніга "Вадзяныя млыны Пастаўшчыны", якую падрыхтаваў настаўнік геаграфіі і астраноміі Пастаўскай гімназіі Ігар Пракаповіч.
У 2020 годзе
У эканоміцы Рэспублікі Беларусь у снежні 2020 г. было занята 4303,3 тыс.чалавек. Гэта на 30,2 тысяч менш, чым было ў снежні 2019 года. Гэта працоўная сіла невялікага горада.
У гаспадарках усіх катэгорый вырашчана 1,844 млн т жывёлы і птушкі ў жывой вазе, што на 2,1% больш, чым у 2019 годзе. Малака атрымана 7,765 млн т (на 5% больш). Валавы збор збожжавых і зерне-бабовых культур склаў 8,769 млн т, рапсу - 731,3 тыс. т, бульбы - 5,231 млн т, гародніны - 1,75 млн т, цукровых буракоў - 4,01 млн т, ільновалакна - 47,8 тыс. т. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых - 35 ц з 1 га. Сярэдняя ўраджайнасць бульбы - 206 ц з 1 га.
За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі (апрача элекраэнергіі і тэлефона) прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 38 руб., а разам з электраэнергіяй - 62 руб.
Цэны ў магазінах Менска ў канцы года:
Бульба, 1 кг. 0,78 руб.
Малако, 1 л 2,5 % тлустасці 1,55 р.
Малако, 1 л. 3,2% тлустасці 1,69 р.
Хлеб Смачны, 700 г. 1,22 руб.
Хлеб Нарачанскі, 600 г. 1,19 руб.
Батон (булка) 1,46 руб.
Батон здобны, 400 г. 0,92 руб.
Хлеб майскі 0,80 руб.
Хлеб жытні, 0,5 кг 0,85 руб.
Алей сланечнікавы, 1 л. 3,99 руб.
Тварог, 200 г. 5% тлустасці 1,22 р.
Свініна, 1 кг 6,14 руб.
Мяса свінное, 1 кг 7,99 руб.
Масла сялянскае, 200 г. 72 % 2,79 р.
Сыр расійскі 50 %, 1 кг. 12,86 руб.
Грэчка, 900 г. 2,09 руб.
Грэчка, 800 г. 2,59 руб.
Рыс, 800 г. 1,60 руб.
Крупы ячменныя, 900 г. 1,85 руб.
Мука пшанічная, 1 кг 1,35 руб.
Мука жытняя, 1 кг 1,01 руб.
Цукар, 1 кг. 1,69 руб.
Цыбуля, 1 кг 0,87 руб.
Капуста, 1 кг 0,51 руб.
Яйкі, 10 штук 2,39 руб.
Гарэлка "Мінская", 0,5 л
40 градусаў 7,44 руб.
Соль, 1 кг 0,55 - 0,59 руб.
Мыла гаспадарчае, 200 г. 0,89 руб.
Кошт праезду ў гарадскім транспарце ў Менску ў канцы снежня 2020 г.: Талон разавы каштуе 75 кап,
у кіроўцы транспарту - 80 кап. Жэтон на адну паездку ў метро - 80 кап.
Курсы валют у Беларусі:
Долар ЗША можна было купіць за 2,60 і 2,66 руб.
Еўра - за 3,22 руб.
100 расійскіх рублёў - за 3,55 беларускага рубля.
Аляксей Сапуноў прыкіпеў душой да Віцебска і любіў яго ўсім сэрцам
11 сакавіка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы "Руплівец беларускай даўніны", прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўца Аляксея Парфёнавіча Сапунова і да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
- Мы ведаем Аляксея Сапунова як аднаго з самых апантаных і руплівых даследчыкаў Віцебшчыны, - адзначыў на адкрыцці выставы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша. - Ён упершыню выявіў, апісаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца "Віцебская даўніна" дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі.
Аляксей Парфёнавіч Сапуноў, гімназічны выкладчык, гісторык, быў стваральнікам многіх ініцыятыў. Ён тварыў у межах гістарыяграфіі Расійскай імперыі, але яго працы вельмі каштоўныя і сёння, - падкрэсліў навуковец. - Віцебскі край, Дзвіна, увесь яе абсяг, прыцягвалі ўвагу Аляксея Сапунова. Ён быў ініцыятарам вывучэння Барысавых камянёў, запісу легенд, быў аўтарам каштоўных чарцяжоў. Напрыканцы свайго жыцця ён прапанаваў кнігі з сваёй бібліятэкі І.Б. Сіманоўскаму, колішняму дырэктару Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (сёння - НББ). Сярод іх было выданне "Статута Вялікага Княства Літоўскага" (1588). Каштоўныя кнігі былі ацэнены і закуплены нашай бібліятэкай.
Дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская адзначыла:
- Аляксей Парфёнавіч Сапуноў - дастаткова знакамітая асоба ў нашым горадзе! Ля ўваходу ў Віцебскія дзяржаўны ўніверсітэт знаходзіцца бюст Сапунова, у горадзе ёсць вуліца Сапунова, епархіяльная бібліятэка носіць імя А. Сапунова. Віцебскі краязнаўчы музей захоўвае яго архіў, які налічвае больш за 600 адзінак каштоўных дакументаў. Ім пастаянна цікавяцца даследчыкі, краязнаўцы, студэнты. І вось зараз частка дакументаў пабачыла свет у сталіцы. Віцебская зямля - багатая на вялікіх асобаў, таму наш музей пастаянна запрашае наведвальнікаў на экскурсіі. Мы ўдзячныя Нацыянальнай бібліятэцы за ўдзел у выставачным праекце.
Пра жыццё А. П. Сапунова распавяла адна з удзельніц стварэння новай экспазіцыі Таццяна Мікалаеўна Захарава:
- Беларускі гісторык, археограф і краязнавец Аляксей Парфёнавіч Сапуноў нарадзіўся ў г.п. Усвяты ў 1851 годзе. Ён вучыўся ў Віцебскай гімназіі, а затым - у Пецярбурскім універсітэце. У 1873-96 гадах ён выкладаў у Віцебскай гімназіі старажытныя мовы і гісторыю. У экспазіцыі прадстаўлены кнігі, якія Аляксей Парфёнавіч падараваў сваёй гімназіі. Аляксей Сапуноў даследваў гісторыю, літаратуру, этнаграфію, фальклор Беларусі, ён зрабіў палеаграфічныя апісанні старажытных рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Менска.
На выставе можна пабачыць аб'ёмісты том "Віцебскай даўніны" (1883-1888), багата ілюстраваны малюнкамі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх кніг. Планаваўся выпуск 6 тамоў, прысвечаных гісторыі Віцебска і Віцебскай губерніі. Іншая кніга А. П. Сапунова "Гісторыя Віцебска ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя" (1924) захавалася ў машынапісным выглядзе.
У поўных паэзіі і замілавання радках з "Гісторыі Віцебска" аўтар апісваў сучасную яму панараму горада: "Варта палюбавацца відамі нашага горада. Дзеля гэтага лепш за ўсё стаць на Лысай гары - і вам адкрыецца цудоўная панарама. Паглядзіце направа, на поўнач: побач з велічным і цудоўным Успенскім саборам - вялізны трохпавярховы будынак духоўнай семінарыі; а далей, прыгожы губернатарскі дом, які патанае ў зеляніне садоў. Паглядзіце наперад, на захад: там, унізе, ля вашых ног, плаўна бруіцца Дзвіна, а за ёю - шырока раскінулася на раўніне Задзвінне, з яго пяццю храмамі; на ягонай ускраіне ўзвышаецца вялізны будынак вакзала; на поўнач ад яго праглядаюцца высокія вежы касцёла Св. Барбары; а там, далёка за вакзалам, узвышаюцца горы "Сасонніка" (Юр'ева горка).
Зірніце налева, на ўсход: перш за ўсё вы міжволі залюбуецеся зграбнай, быццам вытачанай са слановай косці, царквою Уваскрасенскай; за ёю, быццам для кантрасту, бачны цяжкой архітэктуры Антонеўскі касцёл; тут жа, на поўнач ад іх, узвышаецца шматпавярховая вежа гарадской думы з каланчою.
Звярніце, погляд ваш на поўдзень: за ракой Віцьбай, якая тут жа ўпадае ў Дзвіну, на высокім беразе той жа р. Віцьбы, раскінуўся Пушкінскі сад; на адным ягоным баку, на самым беразе Дзвіны, - дом Дваранскага сходу, і за ім праглядаюцца лёгкія аркі пабудаванага праз Дзвіну маста; на другім баку Пушкінскага саду - на месцы былой Замкавай гары - трохпавярховы будынак з атыкам мужчынскай Аляксандраўскай гімназіі, а за ім, на ўсход, будынак Акруговага суда, а яшчэ далей на ўсход - Мікалаеўскі сабор і архірэйскі дом - старадаўні езуіцкі будынак; далей на поўдзень ад таго ж Пушкінскага саду праглядаецца высокі дах губернскага архіва, а за ім выглядвае купал Дабравешчанскай царквы; яшчэ далей, на поўдзень, праглядаецца царква Раства і ўзвышаюцца з-за дрэваў зграбныя купалы Уваскрасенскай Заручаўскай царквы; на ўсход ад іх размешчана на самай вышэйшай кропцы горада - Пакроўская царква; на поўнач ад яе праглядаюцца алеі Сянноўскага сада, а за ім - Духаўская царква, размешчаная таксама на высокім месцы, і грандыёзны будынак жаночага духоўнага вучылішча, абкружаны векавымі дубамі".
У асобным раздзеле ў экспазіцыі прадстаўлены працы Аляксея Парфёнавіча, прысвечаныя гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны. Тут знаходзіцца каштоўная манаграфія "Рака Заходняя Дзвіна" (1883), у якой сканцэнтраваны гістарычныя і гідраграфічныя матэрыялы, а асобны раздзел кнігі прысвечаны тэме "Дзвіна ў паэзіі". Гэтую кнігу Сапуноў падараваў з дарчым надпісам рэктару Віцебскай духоўнай семінарыі І.Х. Пічэце.
Дзякуючы даследчыку захавалася апісанне гістарычных лёсаў Полацкай епархіі са старажытных часоў да паловы ХIХ стагоддзя, гісторыя Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра, Віцебскага Успенскага сабора і царквы ў гонар прарока Іллі ў Віцебску, гісторыя полацкіх абразоў.
У экспазіцыі прадстаўлена ліставанне Аляксея Сапунова з Е. Раманавым, У. І. Друцкім-Любэцкім, Б.І. Эпімах-Шыпілам і іншымі выбітнымі асобамі.
Выстава "Руплівец беларускай даўніны" арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і будзе доўжыцца да 2 траўня.
Эла Дзвінская, На здымках аўтара: 1. Пра жыццё А. Сапунова распавядае Т. Захарава; 2. На адкрыцці выставы выступаюць А.А. Суша і Т. Старынская.
Беларускае дойлiдства праз стагоддзi
Запрашаем на цыкл лекцый, які азнаёміць вас з гістарычна-культурнай спадчынай архітэктуры Беларусі ад Візантыйскага перыяду 11-12 ст да класіцызму і мадэрну сённяшніх дзён.
Вы даведаецеся:
- калі ў нас зявілася мураваная архітэктура i хто будаваў Полацкую Сафію;
- адкуль і калі на Беларусь прыйшла готыка;
пазнаёміцеся:
- з yніяцкай і праваслаўнай архітэктурай;
- з асаблівасцямі беларускага барока, рускага класіцызму на Беларусі;
- з амаль нікому не вядомымі вынікамі рэстаўрацый гістарычных інтэр'ераў;
- з гiстарычна-культурнай спадчынай архітэктуры Менска.
Віртуальныя падарожжы перанясуць вас у абарончыя вежы 13 ст. і бастыённыя замкі, храмы ў Віцебску і Наваградку, замкі ў Крэве і Лідзе, Гародні і Міры, у палацы і шляхецкія маёнткі.
6 красавiка.
Лекцыя 1. "Гістарычныя інтэр'еры Менска ХХ стагоддзя. Новыя адкрыцці".
Лектары: Вадзім Гліннік, архітэктар-рэстаўратар, дырэктар ТАА "Навукова-практычны цэнтр" Рэстабіліс", Раман Забела, архітэктар-рэстаўратар.
13 красавiка.
Лекцыя 2. Візантыйскі перыяд (11-12 ст.).
20 красавiка.
Лекцыя 3. Готыка і рэнесанс (13-16 ст.).
27 красавiка.
Лекцыя 4. Барока і ракако (16-18 ст.).
4 траўня.
Лекцыя 5. Ад класіцызму да мадэрну (18-20 ст.).
Лектар: Алег Трусаў, беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства. Мае некалькі манаграфій і больш, чым 150 навуковых прац па археалогіі і гісторыі архітэктуры.
Час заняткаў: з 18.30 да 21.00 з перапынкам на кава-паўзу.
Месца правядзення: корпус Духоўнай асветы: Менск, вул. Кісялёва, 38.
Даты правядзння заняткаў: 06.04, 13.04, 20.04, 27.04, 04.05
Колькасць месцаў абмежавана.
Для рэгістрацыі вашага ўдзелу ў праграме і запісу на курс трэба запоўніць, анкету:
Атрымаць ўсю дадатковую інфармацыю вы можаце па тэлефоне:
+37529111 92 26 (Ганна), пошта: admin@blagotvoritel.by.
Мацвей Васільевіч Фурсаў - гісторык і педагог, дырэктар Магілёўскай мужчынскай гімназіі. Частка ІІІ
Гісторыя Магілёўшчыны
Асобнай істотнай часткай жыцця Мацвея Васільевіча Фурсава стала справа па развіцці губернскага музея. У 1867 годзе музей быў заснаваны, а ў 1878 годзе пачалася яго рэарганізацыя. У Прадмове да музейнага каталога Фурсаў адзначаў: "Прывядзенне ў парадак прадметаў Музея і складанне яго вопісу было ўскладзена на… М. В. Фурсава, якім і састаўлены ў 1889 г. падрабязны каталог нумізматычнага аддзела, а ў 1890 г. канчаткова згрупаваны і ўсталяваны прадметы аддзелаў этнаграфічнага і гістарычнага".
У 1891 годзе было выдадзена "Апісанне Магілёўскага музея" ў Губернскай друкарні. Сістэматызавана і прадстаўлена ў каталогу было 900 прадметаў з фондаў музея. Гэта 207 адзінак гістарычнага аддзела, не менш за 455 прамысловага аддзела, больш за 120 геаграфічнага…
М. Фурсаў апісваючы калекцыю прамысловага аддзела дае цікавую інфармацыю апра амаль 30 прадпрыемстваў губерні, але часта дае і апісанне самога працэсу вытворчасці музейнага экспаната. Нястомным гісторыкам было арганізавана капіраванне каштоўных дакументаў з шматлікіх магілёўскіх архіваў.
Пад кіраўніцтвам М. Фурсава ў 1886 годзе выпускнік гімназіі Іван Арнольд зрабіў павялічаную копію славутай выявы Магілёва 18 стагоддзя, якая была выканана для Германскага Імператара Іосіфа ІІ да часу яго прыезду ў Магілёў у траўні 1780 года. Таксама Мацвей Васільевіч перадаў у музей некаторыя ўласныя каштоўныя гістарычныя артэфакты. Напрыклад, гэта "Чэцвераевангелле" XV стагоддзя, рэдкая срэбная манета 1757 года…
У сувязі з правядзеннем ІХ археалагічнага з'езда ў Вільні пад кіраўніцтвам М. Фурсава ў Магілёўскай губерні былі праведзены маштабныя археалагічныя раскопкі. Гістарычныя даследаванні праходзілі пры фінансавай і адміністрацыйнай падтрымцы Магілёўскага губернатара. У Рагачоўскім, Быхаўскім і Чэрыкаўскім паветах з 7 па 27 ліпеня было даследавана 30 курганоў. У губернскім музеі знойдзеныя матэрыялы былі апісаны і размеркаваны на васьмі асобных табліцах.
Ад Магілёўскай губерні М. Фурсаў быў адзіным афіцыйным прадстаўніком на Віленскім з'ездзе ў 1893 годзе. На паседжанні аддзела "Першабытныя старажытнасці" 4 жніўня прагучаў яго даклад аб курганных могільніках у даліне Дняпра. Была падрыхтавана археалагічная карта раёна даследавання з абазначэннем месцаў, дзе праходзілі раскопкі не толькі ў 1892 г., але і ў папярэднія гады. Яшчэ ў час падрыхтоўкі з'езда гэтая карта была прадстаўлена ў Маскоўскае Археалагічнае таварыства.
Сам прафесар С. Ф. Платонаў на паседжанні аддзела з'езда "Помнікі быту" 13 жніўня зачытаў рэферат Фурсава аб беларускім свяце "Свечы". У час працы з'езда экспанавалася падрыхтаваная М. Фурсавым выстава, на якой дэманстраваліся не толькі яго археалагічныя знаходкі, але і асобныя экспанаты магілёўскага музея. У выніку працы з'езда Фурсаў 29 лістапада 1893 года быў абраны член-карэспандэнтам Маскоўскага археалагічнага таварыства. А ў лістападзе 1897 года выбітны гісторык Еўдакім Раманаў змяніў не менш выбітнага гісторыка Мацвея Фурсава на пасадзе галоўнага рэдактара неафіцыйнай часткі Магілёўскіх губернскіх ведамаасцей.
Апошнія гады жыцця М. Фурсаў, будучы ўжо чалавекам сталага ўзросту, не пакідаў сваёй асветніцкай дзейнасці. Нягледзячы на тое, што жыў у гэты час выключна на пенсію і адчуваў матэрыяльную нястачу, ён актыўна прымаў удзел з 1897 года ў стварэнні жаночай нядзельнай школы, на грамадскіх пачатках выкладаючы там арыфметыку. А ў дадатак разам з магілёў-скім кнігагандляром Я. Сыркіным, дзякуючы ўласным ахвяраванням, заснаваў бібліятэку для гэтай школы. Займаўся і сваім любімым музеем - у 1898 годзе выдаў другое дапоўненае выданне музейнга каталога. Праяўляў вялікую зацікаўленасць да дзейнасці сельскагагаспадарчых курсаў пры магілёўскай талмудторы і лічыў вельмі карысным распаўсюд іх досведу працы.
У лютым 1901 года Мацвей Васільевіч захварэў. Але не пакідаў педагагічную працу: у журналах няма сведчанняў аб прапушчаных уроках. Напрыканцы траўня адбылося рэзкае пагаршэнне стану здароў'я і ў 10 гадзін вечара 26 траўня Мацвея Фурсава не стала.
Некралог з'явіўся ў друку вельмі хутка. "Магілёўскія губернскія ведамасці" пад рэдакцыяй Е. Раманава, які працягваў традыцыі свайго папярэдніка, выходзілі двойчы на тыдзень: у сераду і суботу.
26 траўня ў суботнім нумары з'явілася паведамленне аб пагаршэнні здароўя папярэдняга рэдактара, а ў наступным нумары з'явіўся ўжо некралог.
Вось вытрымка з гэтага тэксту, які дае нам пэўнае ўяўленне пра апошнія гады жыцця М. Фурсава і пра стан грамадства ў часы Расійскай імперыі: "Бодрасць цела і духу нябожчык захаваў да апошніх дзён, і толькі незадоўга да смерці стаў скардзіцца на ўпадак сіл. Канчына М. В. дае горкі ўрок усім службоўцам у ведамстве Міністэрства народнай асветы: чыноўнік пятага класу, дзейны стацкі дарадца, дырэктар трох гімназій, які высока трымаў расійскі сцяг у Заходнім краі, чалавек, які праслужыў радзіме 45 год, пражываў у апошні час у беднай лачузе старога гімназічнага служкі, у неверагодных умовах, і памёр у жабрацтве. Калі б не дапамога выдадзеная гімназіяй за некалькі дзён да яго скону, не было б і сродкаў для пахавання нябожчыка. Пенсіі яго пры сённяшняй дарагавізне ледзь хапала на пражыццё…
Цяжка хворая ўдава засталася літаральна без капейкі…
Сціпла праходзіла пахаванне нябожчыка: на першай паніхідзе было не больш дзесяці асоб з гімназічнай карпарацыі на чале з дырэктарам і з рэдакцыі "Губ. Вед.". На вынасе прысутнічалі тыя ж: кіраўнік губерні князь А. Вяземскі, дырэктар рэальнай вучэльні, пракурор акружнога суда, некаторыя знаёмыя. Не ўмеем яшчэ мы цаніць нашых дзеячаў! З пашанай да памяці памершага аднеслася магілёўскае духавенства: і ўсе паніхіды, і адпяванне былі зроблены саборна…"
І завяршаўся некралог фразай: "Мір праху твайму, сумленны рускі чалавек!"
Наконт "расійскага сцяга ў Заходнім краі" і іншых вялікадзяржаўных характарыстык сучасныя даследчыкі адзначаюць з гэтай нагоды, што М. Фурсаў па сваім статусе і займаных пасадах у Расійскай імперыі павінен быў быць правадніком імперскай палітыкі татальнай русіфікацыі, але такім ён не з'яўляўся. А наадварот, быў яскравым прадстаўніком ліберальнай інтэлігенцыі, які цікавіўся мовамі заходніх ускраін: літоўскай, польскай і беларускай. Не вітаў антысемітызму, быў талерантным чалавекам і паводзіў сябе, як сапраўдны прадстаўнік асветніцкіх традыцый пецярбургскай школы.
Вось што пісаў Мацвей Фурсаў наконт беларускай мовы: "У Магілёўскай гімназіі, як і ўвогуле ва ўсіх навучальных установах Паўночна-Заходняга краю, т.б. у Беларусі, навучанне рускай мове не знаходзіць сабе ні апоры, ні падтрымкі ў разнастайных і пярэстых наслаеннях грамадства. Для паловы насельнікаў гэтага краю руская мова - не "родная речь".
Адпявалі Мацвея Васільевіча ў кафедральным саборы Святога Іосіфа, пры якім ён і быў пахаваны. Магіла не захавалася да нашага часу, бо царква, на вялікі жаль, была знесена ў 1938 годзе па праекце пераносу сталіцы з Менска ў Магілёў, і на гэтым месцы быў пабудаваны гатэль "Дняпро".
З 76 год жыцця працоўны стаж М. Фурсава складае 53 гады. Удава нябожчыка, Яўфімія Міхайлаўна Фурсава з верасня 1901 года атрымлівала пенсію ў памеры паловы яго акладу, што складала 510 рублёў у год. Мацвей Фурсаў быў двойчы жанаты. Ад першага шлюбу былі сыны Сяргей і Васіль. Ад другога - дачка Надзея, якая пабралася шлюбам з выпускніком магілёўскай гімназіі Марозавым Канстанцінам Андрэевічам. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей: Павел, Георгій, Яўген, Канстанцін, Марыя і Лідзія. Даслужыўся К. Марозаў да 1913 года да чыну палкоўніка з пасадай - начальнік Уладзікаўказскага вайсковага шпіталя Каўказскай вайсковай акругі.
Роля М. В. Фурсава ў развіцці і папулярызацыі адукацыі і гісторыі нашага краю велізарная. Варта з цягам часу ўшанаваць памяць гэтага нястомнага рупліўца старасвеччыны: усталяваць памятную шыльду на будынку мужчынскай гімназіі ў Магілёве і адной з вуліц надаць імя нястомнага асветніка.
Наталля Куляшкова. Алег Дзьячкоў. Магілёў.
Прэзентацыя кнігі ў Менску
10 сакавіка ў сядзібе ТБМ у Менску, на вул. Румянцава, прайшла прэзентацыя кнігі гісторыка і журналіста Аляксея Шалахоўскага "Сцежкамі гісторыка". Кніга выйшла з друку ў пачатку сакавіка ў выдавецтве "Ковчег" накладам 99 асобнікаў. У кнізе змешчаны публіцыстычныя тэксты, якія аўтар друкаваў у штотыднёвіку "Наша слова" на працягу 2005-2020 гадоў. Кніга прысвечана памяці Уладзіміра Содаля - беларускага літаратуразнаўца, журналіста, даследчыка, краязнаўца (1937-2015).
Перад пачаткам прэзентацыі старшыня ТБМ Алена Анісім ад імя ТБМ падзякавала Аляксею Шалахоўскаму за шчырую грамадскую працу і ўручыла падзячную грамату за адраджэнне, пашырэнне беларускай мовы ў духоўным і грамадскім жыцці народа.
На прэзентацыі кнігі прысутнічала дачка Уладзіміра Содаля Аксана Чылікіна. Яна падзякавала Аляксею за памяць пра бацьку і перадала невялікі падарунак.
Аляксей Шалахоўскі расказаў пра сваю біяграфію і радавод, пра складанасці журналісцкай працы ў сённяшніх умовах, пра вядомых людзей, з якімі давялося сустракацца, і заклікаў падтрымліваць падпіскай газеты "Наша слова", "Краязнаўчая газета" і беларускамоўны друк у цэлым.
Аўдыторыя складалася з прыхільнікаў беларускай мовы. Былі сярод яе Ніна Багінская, Ян Грыб, Надзея Малаковіч, Мікола Бамбіза, Уладзімір Азёма, бард Аляксей Галіч, які праспяваў некалькі песень, і інш.
Зычым Аляксею Шалахоўскаму моцы духу, вытрываласці і здароўя, якія так патрэбныя для працы на ніве адраджэння і пашырэння беларускай мовы і культуры.
Павел Чайкоўскі, Менск. Фота Алеся Рэзнікава.
Успаміны пра дзяцінства, або ў што апраналі Галінку ў даваенны час
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася незвычайная выстава дзіцячага адзення 1920-35-х гг. Дзіцячая этнаграфія такой даўнасці - увогуле, рэдкая з'ява для многіх фондаў устаноў культуры. Цікава, што адзенне належыць уладальніцы, якая яго насіла і жыве дагэтуль у в. Голдава Лідскага раёна. Знаёмцеся, гэта Кавальчук Галіна Дзмітрыеўна. У 2020 годзе яна адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей!
Сустрэча з гэтай цудоўнай жанчынай адбылася падчас палявых даследванняў у Лідскім раёне з мэтай збору дадатковай інфармацыі па традыцыйным сялянскім касцюме першай паловы ХХ ст. Сярод добразычлівых людзей раёна з актыўным жаданнем дапамагчы этнографу апынулася і старшыня Ходараўскага с/с Баклага Зоя Іванаўна. З разуменнем справы, яна не толькі падзялілася ведамі гісторыі сваёй мясціны, але спрыяла ў пошуках сталых жыхароў вёскі для ўдакладнення мінулых падзей. Выявілася, што і матуля Зоі Іванаўны, Галіна Дзмітрыеўна, з'яўлялецца той самай жывой сведкай першай паловы ХХ ст. Дзякуючы бабулі падцвердзіліся гістарычныя факты, напісаныя ў літаратурных крыніцах, і з'явіліся новыя, характэрныя для Лідскага раёна, былі запісаны назвы слоў прадметаў адзення на мясцовым дыялекце в. Вялікае Сяло.
Самым захапляльным атрымаўся яе аповяд пра ўклад жыцця ў тагачаснай вёсцы, пра дзяцінства і пра тое, у што яе апранала мама да Айчыннай вайны:
- Дзіцячае адзенне ў нашай сям'і замаўлялі тутэйшай краўчысе. Шылі з даматканага палатна, перашывалі з дарослага адзення, пашытага з куплёных тканін, - распавядала Галіна Дзмітрыеўна. - Паколькі я была малодшай у сям'і, акрамя новых убораў, мне ў спадчыну пераходзіў гардэробчык старэйшай сястрычкі Ганначкі.
Высветлілася, што шапачкі на галоўкі дзецям звычайна матулі шылі самі. Гладкія шапачкі з завязкамі пад бараду, пашытыя шчыльна па галаве з баваўнянай тканіны, мелі назву "каптурыкі", з рушачкамі - шапачкі з "чубкамі".
Немаўлят спавівалі да паўгода мяккімі льнянымі пялёнкамі і перавязвалі шырокім тканым поясам (каля 3 - 3,5 см) без узору, які называлі "спавівач". Рабілі гэта так: вызначалі сярэдзіну пояса, пачыналі абмотваць дзіця ад грудзей пад спіну, перакрыжоўваючы канцы, потым наверх і гэтак далей, захопліваючы ножкі, "каб роўненькія былі", і ўнізе замацоўвалі пояс вузельчыкам. Пад галаву дзецям клалі маленькія падушачкі, напханыя сенцам або пер'ем.
Самы цікавы сярод дзіцячых рэчаў - гэта камплект для хрышчэння. Шапачка з "чубкамі" і доўгая кашулька для немаўляці пашыты з тонкай баваўнянай тканіны, вышыты ў тэхніцы крыжа чырвонымі і чорнымі ніткамі. Маленькі мініяцюрны камплект, пашыты ўручную, з вытанчанай дробнай вышыўкай, выклікае шчырае замілаванне.
- Адзенне для хрышчэння, пашытае на заказ, каштавала грошай, яго бераглі і перадавалі ў спадчыну наступным дзецям сям'і без вызначэння полу. Абавязкова ў час хрышчэння завязвалі нацельны крыжык-абярэг на льняной нітачцы, які пасля хрышчэння дзіця насіла не знімаючы. Увогуле, існавала прыкмета, што немаўлят да года суседзям нельга паказваць, каб не ўрачы, таму калыску ў прысутнасці чужых закрывалі накідкай, трымалі малых ў хаце, пакуль не пачнуць хадзіць самастойна. Бывалі выпадкі, калі дзеці, народжаныя напрыканцы года, пасля зімы ўпершыню з'явіўшыся на вуліцы, здзіўлялі суседзяў. Маўляў: "Адкуль ты ўзяўся, малеча? Не паспелі і заўважыць!" - пераказвала ўспаміны сваёй маці, далучыўшыся да размовы, Зоя Іванаўна.
Сукеначкі летнія і зімовыя былі прыкладна аднолькавага фасону: на гестцы (рус. - кокетке), якая зашпільвалася гузікамі на спінцы, з раўнамернымі складкамі па полках спераду і ззаду, з доўгімі рукавамі.
Хочацца дадаць, што ў Лідскіх вёсках практыкавалі пашыў сукеначак з ільнянога палатна, якое ткалі на абрусы. Яно было танчэйшае, чым паўсуконнае, і ўзорыстае.
Бацькі Галіны Дзмітрыеўны трымалі ў гаспадарцы авечак. З воўны матуля прала ніткі, вязала на прутках цёплыя рэчы, такія як камізэлькі (рус. - жилетки), рукавічкі, панчошкі, шкарпэткі. Зімой у дзяўчынак былі валёнкі. Гэта сведчыць аб дабрабыце сям'і: без цёплага абутку дзеці ў бедных сем'ях маглі ўсю зімку на печцы прасядзець. Хатні абутак, падобны на тапкі, вязалі з ільняных нітак шыдэлкам. Называлі "лапці". Хаця на Гародзеншчыне былі распаўсюджаны і іншыя назвы: такія як "пасталы", "чуні", "цюмпы".
Бабуля, дарэчы, захавала хатні камбінезон, перашыты з куплёнай ніжняй бялізны, дзе гузікамі служылі кавалачкі галінак (у в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна драўляныя гузікі, напрыклад, называлі "парцурбалкі"). Дзяўчынкам у халоднае надвор'е, як хлопчыкам, адзявалі портачкі, пашытыя з куплёных тканін, цёплыя камбінезоны, каб не памарозілі ногі.
Полаўзроставае адрозненне ў адзенні традыцыйна яшчэ доўга захоўвалася сярод вясковага насельніцтва, асабліва гэта датычылася галаўных убораў: дзяўчынкі і жанчыны завязывалі хусты, хлопцы даношвалі за старэйшымі мужчынамі футравыя шапкі, картузы. У сярэдзіне ХХ ст. паўсюдна былі распаўсюджаны "канаплянкі" - крамныя клятчастыя хусты з махрамі, якія для дзяцей замянялі вопратку. Хусты былі не толькі цёплыя, але мяккія і зручныя. Завязывалі іх так: складалі вуглом, пакрывалі галаву і плечы, далей перакрыжоўвалі канцы пад пахамі і завязвалі на спіне, запраўляючы вугал хусты пад вузёл. Многія дзеці зімой так і хадзілі ў пачатковую школу.
Пад канец размовы вельмі хацелася пачуць адказ на пытанне: з чым жа гуляла Галіна Дмітрыеўна, калі была маленькай Галінкай?
- Помню, што мама мне давала льняную торбачку, у якой ляжалі рознакаляровыя лапікі. Я любіла іх перабіраць, - з усмешкай адказала бабуля. - А якія цацкі ў нас былі, і ў што мы гулялі, я раскажу вам у наступны раз!
Аўтар артыкула:
Ірына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Мудрасць народную, продкамі дадзеную, павінны спазнаваць дзеці
У лютым праваслаўныя хрысціяне адзначаюць адно з найбуйнейшых святаў - Стрэчанне Гасподняе. Гэтае старажытнае свята апісваецца ў Новым Запавеце і сімвалізуе сустрэчу Старога і Новага Запаветаў, старца Сімяёна і немаўляці Ісуса, чалавецтва і Збаўцы. А яшчэ нашы продкі лічылі, што на Стрэчанне, ці Грамніцы (так называюць свята беларусы), сустракаюцца зіма і вясна.
Працягваючы знаёмства з цыклам вялікіх хрысціянскіх свят, вучні 8 "Б" класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды наведалі Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе прынялі ўдзел у фальклорна-анімацыйнай праграме "Ад Стрэчання да Масленіцы!". Менавіта з гэтага дня нашы продкі ўжо пачыналі рыхтавацца да Масленіцы, да сустрэчы з вясной.
Вучні пазнаёміліся з традыцыямі святкавання Стрэчання як на Панямонні, так і ў некаторых іншых рэгіёнах Беларусі. Дзяўчаты прынялі ўдзел у гульні-карагодзе "А мы грушку пасадзілі", стрэчанскім абрадзе "Упрыгожванне елкі", а хлопцы памераліся сілай у перацягванні вяроўкі і прадэманстравалі свой спрыт, калі "астуджвалі аладкі". Пачулі вучні і народныя прыметы. Так, на Стрэчанне нельга было хадзіць у лес, бо лічылася, што ваўкі ў гэты дзень "гуляюць". На Лідчыне існавала такая прымета: "Калі на Грамніцы лёд са стрэх ледзяшамі - тады ўраджайны год будзе на лён, ён будзе доўгі і харошы". Яшчэ нашыя продкі ў гэты дзень выкідвалі з хаты ўсе старыя рэчы і спальвалі ў вогнішчы. А сёння гэтае вогнішча мы можам убачыць падчас святкавання праводзінаў зімы. Асаблівым атрыбутам свята Стрэчання была і застаецца сёння свечка, якую людзі асвячалі ў храме і неслі дахаты. Свечка абараняла хату ад маланкі ці пажару, яе нельга было нікому перадаваць.
На працягу гульнёвай праграмы дзеці чулі песні-вяснянкі, якія выконвалі ўдзельнікі фальклорнага гурта "Талер", што дзейнічае пры аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры горада Ліды. Стрэчанскія песні - першыя вяснянкі, і, нягледзячы на холад, нашы продкі гукалі вясну, каб яна хутчэй прыйшла і цяпло прынесла. Вучні 8 класа таксама ладзілі карагод вакол абруса і заклікалі вясну.
Удзел у гульнях, карагодах і абрадах дазволіў падлеткам дакрануцца да духоўнай спадчыны нашых продкаў. Вучні не толькі змаглі сваімі вачыма ўбачыць, як святкавалася Стрэчанне, пачуць песні-вяснянкі, але, галоўнае, адчуць душой адметнасць і значнасць свята. Іх духоўны свет узбагаціўся новымі ўражаннямі і ведамі.
Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 "Б" класа СШ № 11 г. Ліды.
НА ЯЕ ГЛЯДЗЕЎ БОГ
Кажуць, самых упадабаных сваіх служак Бог забірае ў святы. 14 лютага, у святую нядзельку, пакінула гэты свет Яніна Аляксандраўна Ялтыкова - ураджэнка і нязменная жыхарка Гарадзеі. Ёй ішоў 94-ы год. За плячыма гэтай жанчыны, стройнай і прагожай нават ў старасці, не па гадах энергічнай і рашучай, было амаль стагоддзе. Здаецца, што з яе сыходам Гарадзею пакінула цэлая эпоха.
За сённяшнім часам, адна з нямногіх, яна магла шмат расказаць пра гарадзейскую даўніну - пра школку 30-ых гадоў мінулага стагоддзя, што месцілася амаль за чыгуначным пераездам, пра яе настаўнікаў і вучняў, успомніць старэйшага сябра Аляксандра Бочка, з якім дзяўчынкай-падлеткам танчыла на школьных вечарынах - вядомага пасля ў шырокім свеце святара Аляксандра Надсана, апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў, стваральніка ў Лондане беларускамоўнага цэнтра з царквой, музеем і бібліятэкай імя Скарыны.
У пасляваенны час Яніна Аляксандраўна працавала ў школе. Прадметы, шыццё і дамаводства, якія яна выкладала, былі тады асабліва запатрабаваныя. Настаўніца дамаглася, каб у школу набылі неабходную колькасць машын для шыцця. "Колькі я добрых швачак вывучыла! Да сёння тэлефануюць ды дзякуюць", - з непрыхаваным гонарам казала яна неаднойчы. Сама ж заставалася адмысловай мадысткай і швачкай на працягу ўсяго жыцця. Шмат хто фарсіў у яе мадэлях на святах і ўрачыстасцях, выходзіў замуж у яе фасоністых сукенках.
Гарадзейская настаўніца, яна памятала і часта паўтарала, што яе бацька загінуў, каб "беларускія дзеці вучыліся па-беларуску" (Аляксандру Скачко і яго таварышам усталявана на будынку чыгуначнай станцыі памятная пліта). Таму не выклікае здзіўлення, што ўжо ў шаноўным узросце Яніна Аляксандраўна ўхваліла і падтрымала дзейнасць Нясвіжскай арганізацыі ТБМ, з'яўлялася яе Ганаровай сяброўкай.
Як і маці, Яніна Аляксандраўна была шчырай верніцай. Касцёл называла сваім галоўным домам. Свята ўшаноўвала памяць гарадзейскага ксяндза Юзафа Гагалінскага, які па-бацькоўску клапаціўся пра дзяўчынку-сірату. Але 5 жніўня 1942 года фашысты расстралялі яго ва ўрочышчы Гайкі. І з таго часу брацкая магіла непадалёк ад Еськавіч стала для Яніны Аляксандраўны месцам горкага смутку і нязменнага клопату.
Амаль што кожнага, хто завітваў ў хату, яна запрашала да сябе ў пакой, каб паказаць Божы абраз. Там жанчына станавілася перад сваёй галоўнай іконай і казала: "Бачыце, Ён глядзіць на мяне!" Пасля пераходзіла ўлева ці ўправа, да акна, і зноў узрушана прамаўляла: "Ісус і цяпер глядзіць на мяне!" Была ў гэтым не наіўнасць, а вялікая сіла веры, узнёслая шчырасць хрысціянскай душы і мудрая выснова: хто з Богам - з тым і Бог.
Не без падстаў ганарылася сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Да апошніх дзён была для іх, як і для кожнага, хто яе ведаў, прыкладам жыццёвага імпэту і актыўнасці ва ўсім, што дапамагае людзям жыць правільней, прыгажэй і разумней. Памяць пра яе захаваем самую светлую.
Сябры ТБМ з Нясвіжчыны. На здымку: каляндар ТБМ для найстарэйшага сябра ТБМ.