Папярэдняя старонка: 2021

№ 12 (1527) 


Дадана: 24-03-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 12 (1527), 24 сакавіка 2021 г.

103-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

Прадчуванне вясны

Першыя праталіны, парыжэлы снег.

Дзесьці там, за далямі, хуткі часу бег.

Дзесьці там, за далямі, светлае быццё,

Чыстае, сапраўднае, іншае жыццё.


Пад ляснымі шатамі нібы ўсё ў сне,

Елачкі махнатыя мараць аб вясне.

Пад нагамі чоўкае плесневая цвіль,

У ваколлі носіцца старых дрэваў гніль.


Штосьці страпянулася соннае ў бары,

Рэхам адгукнулася ў дальнім гушчары.

Паняслося покатам усё далей-далей,

У небе бусел клёкатам -

хопіць спаць, смялей...


Скінь убранне цёмнае, скінь,

зямелька, скінь,

Хмарка горка-чорная назаўсёды згінь.

Чыстае і светлае на сябе надзень,

Праўдаю спрадвечнаю поўні кожны дзень.


Паглядзі як сонейка лашчыць неба сінь,

Шэпчуць мовай шпаркаю капелькі:

"Дзінь-дзінь..."

Галіна Гражынская, сябра ТБМ, г. Валожын.

Так выглядае тэрыторыя БНР на сучаснай карце

Суцэльнай лініяй пазначаны тэрыторыі, на якія прэтэндавала БНР

Беларуская Народная Рэспубліка як незалежная дзяржава фізічна праіснавала нядоўга. Але менш, чым за год дзеячы БНР паспелі зрабіць вельмі многае. А менавіта:

- Першы ў гісторыі беларускі ўрад, першы беларускі пашпарт, першае грамадзянства;

- Школьная адукацыя на роднай мове;

- Упершыню беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Гэта дало магутны штуршок для развіцця беларускай культуры і навукі. Былі распачаты крокі да стварэння літаратурнага стандарту беларускай мовы;

- Упершыню пазначаны межы Беларусі. У суседзяў больш не было нагоды прэтэндаваць на нашы землі як на частку Польшчы, Літвы ці Украіны. БНР заявіла, што дадзеныя тэрыторыі належаць Беларусі. Сучасная Рэспубліка Беларусь пераважна існуе ўнутры межаў, абвешчаных БНР;

- Замежныя прадстаўніцтвы. Упершыню Беларусь выступала на міжнароднай арэне як самастойнае фармаванне, упершыню свет пачуў пра існаванне незалежнай беларускай дзяржавы;

- Менск упершыню стаў сталіцай Беларусі;

- З'яўленне інстытутаў і развіццё беларускай навукі;

- З прыняццем герба "Пагоня" заяўлена прэтэнзія на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага;

- Зроблены першыя крокі да стварэння беларускага войска і інш.

І калі параўнаць усё гэта з тым, што мы зрабілі за 30 гадоў сучаснай незалежнасці, то зробленае БНР не выглядае такім ужо і малым. Станаўленне новай дзяржавы - справа не аднаго дня. І сённяшні суверэнітэт Беларусі наўпрост бярэ свой пачатак ад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле СМІ.

Наша задача - зрабіць беларускую мову адной з паўнапраўных моў аб`яднанай Еўропы

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) 18 сакавіка, за тыдзень да чарговай гадавіны абвяшчэння БНР, прыняў зварот да грамадства пра пашырэнне ўжытку мовы тытульнай нацыі. Тэкст дакумента апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" старшыня ТБМ Алена Анісім.

"Сто тры гады таму паўстала Беларуская Народная Рэспубліка, дзеячы БНР упершыню за некалькі стагоддзяў забыцця голасна абвясцілі пра дзяржаўнасць нашай роднай беларускай мовы, - адзначана ў звароце. - Шмат падзей адбылося з таго часу. У 1991 годзе аднаўленне незалежнай Беларусі сталася гістарычным фактам. Беларуская мова была абвешчаная адзінай дзяржаўнай і паступова пачала пашырацца ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця".

"Сёння наша задача не толькі захаваць сваю мову для нашчадкаў, але і зрабіць яе адной з паўнапраўных моў аб`яднанай Еўропы. На жаль, чакаць у гэтай справе належнай падтрымкі ад сённяшняй улады не выпадае. Але беларуская мова ёсць і будзе заўсёды дзяржаўнай. Таму наша задача - развіваць яе, карыстацца ёю ў штодзённым жыцці", - падкрэслілі аўтары дакумента.

Сакратарыят ТБМ заклікаў грамадства паўсюль размаўляць па-беларуску - "годна, упэўнена, ветліва", запаўняць на беларускай мове "ўсе афіцыйныя паперы, анкеты, квіткі", звяртацца па-беларуску да дзяржаўных асоб. "Будзьце прыкладам для іншых, нясіце ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваім сэрцы, пачувайцеся гаспадарамі на сваёй зямлі, думайце і разважайце па-гаспадарску, а гэта значыць па-беларуску", - заклікалі сябры арганізацыі.

belapan.by.

Палова случчан хоча, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю па-беларуску

Каля 40 працэнтаў случчан сказалі, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў штодзённых размовах, амаль 54 працэнты разумеюць мову, але не выкарыстоўваюць. Гэта вынікае з апытання, што праводзіць аддзел адукацыі Слуцкага райвыканкама.

Вынікі апытання на 10 гадзін раніцы 19 сакавіка.

Вынікі апытання можна пабачыць на сайце Слуцкага райвыканкама. З іх вынікае, што большасць бацькоў хацелі б, каб іх дзеці дасканала валодалі роднай мовай.

У апытанні па становішчы на 9 гадзін раніцы 19 сакавіка прынялі ўдзел 297 чалавек, якія адказалі на розныя пытанні. З тых 297 асоб, што прагаласавалі, 177 выказаліся за тое, каб дзеці свабодна размаўлялі па-беларуску. Супраць - толькі 65 удзельнікаў.

173 чалавек хочуць, каб школьнікі вывучалі гісторыю Беларусі на роднай мове, адмоўнае стаўленне выказала меншая частка - 112 чалавек.

Да беларускамоўнага выхавання ў дзіцячых садках пазітыўна ставяцца крыху менш, чым палова апытаных.

Крыху больш за палову падтрымалі беларускамоўную адукацыю ў школе па ўсіх навучальных прадметах: за - 150 чалавек, 147 - супраць.

Па выніках апытання "Слуцкае гарадское таварыства беларускай мовы" напісала зварот да бацькоў, які цяпер распаўсюджваецца ў мясцовых чатах. У сваім звароце ТБМ просіць бацькоў Слуцкага раёна агучыць сваё пажаданне наконт беларускамоўнага навучання на школьных бацькоўскіх сходах і напісаць пісьмовыя звароты на імя дырэктараў школ, аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама наконт забеспячэння законнага права на атрыманне адукацыі на беларускай мове.

Зінаіда Цімошак, г. Слуцк.

"Галоўнае, каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску"

Цікаўнасць людзей да роднай мовы становіцца ўсё больш відавочнай у розных кутках краіны. А калі б колькасць такіх людзей узрасла ў сотні разоў? У тысячы? А калі б бацькі напісалі заявы аб выбары адукацыі сваіх дзяцей у садках і школах на беларускай мове? Гэта б ужо была воля народа, перакананая жыхарка Слуцка Алена Дубіцкая.

- Большую частку свайго жыцця я жыла ў вёсцы Сорагі Слуцкага раёна, дзе была беларускамоўная школа, і там увогуле не было моўнай праблемы. У Слуцку ж няма аніводнай беларускай школы. Калі дзесяць гадоў таму я пераехала з вёскі ў Слуцк, пачала з суседзямі па пад'ездзе размаўляць на рускай мове. Якое ж было маё здзіўленне, калі суседзі адказвалі мне па-беларуску! Высветлілася, што большасць жыхароў майго дома таксама пераехалі з вёсак, каб працаваць на Слуцкім мясакамбінаце.

У нашым мікрараёне знаходзяцца дамы цукровага камбіната, жыхары якога таксама з лёгкасцю падтрымліваюць размову па-беларуску.

У цэнтры горада ўжо інакш. Адказваюць на рускай мове, але многія хваляць мяне і дзякуюць за родную мову. Відавочна, што так размаўляю не я адна, бо прадавачкі даволі звыкла пачалі казаць "дзякуй", "калі ласка". Так, была сведкай, як жанчына ў вулічным шапіку купляла малочныя прадукты і замаўляла іх на добрай беларускай мове. Прадавачка ў адказ прыязна пасміхалася і нават пажадала "смачна есці". У шапіку, дзе прадаюцца газеты, прадавачка не толькі падзякавала па-беларуску і пажадала "ўсяго найлепшага", але і паабяцала наступны раз поўнасцю абслужыць па-беларуску.

Паводле слоў Алены Андрэеўны, аднойчы яна ўсё ж такі сутыкнулася з абразай беларускай мовы.

- У сувязі з эпідэміяй каронавіруса я цяпер меней камунікую з людзьмі на вуліцах. Таму зарэгістравалася ў суполцы-чаце "Слуцкая телега". Там больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. Допісы і каментары ў большасці рускамоўныя. Аднойчы ў адказ на мой беларускамоўны каментар адзін з удзельнікаў чата назваў беларускую мову "сабачай". Была вельмі здзіўлена рэакцыяй шматлікіх рускамоўных случчан, якія "накінуліся" на аўтара зняважлівага каментара. Людзі пісалі пра неабходнасць павагі да роднай мовы. Называлі яго "небеларусам" і нават прапаноўвалі пакінуць краіну, заблакаваць карыстальніка і г. д. Магчыма, гэты ўдзельнік чата быў заблакаваны адміністратарам альбо змяніў нік, бо такіх абраз болей я не сустракала. Наадварот, пасля гэтага выпадку павялічылася нават колькасць беларускамоўных каментароў, а "Слуцкая телега" нават ператварылася ў "Слуцкі воз".

- Як уратаваць нашу мову ў такіх неспрыяльных абставінах, калі ўлада з дзвюх дзяржаўных моў фактычна падтрымлівае толькі адну - расійскую?

- Мова - галоўны вынік развіцця беларускай культуры. Люстэрка нашага існавання, адбітак нашых душ. Аніякія прагматычныя інтарэсы не прыводзяць да нацыянальнага абуджэння народа. Нішто не зможа перамагчы волю людзей, калі яна моцная і калі яна ёсць. Заўсёды можа стацца так, як гэтага захочуць людзі. Можна без вялікай бойкі, без шуму і страт у корані перамяніць становішча і высока падняць беларускую мову ў нашай краіне. Патрэбныя толькі ахвота і крышку змагання. А галоўнае, каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску. У мяне ёсць адчуванне, што многія людзі пачынаюць гэта разумець.

- Наколькі ведаю, вы таксама робіце спробы беларусізаваць прадукцыю прадпрыемстваў?

- Так, я вяду перапіску з многімі прадпрыемствамі: прашу беларусізаваць надпісы на ўпакоўцы прадуктаў, этыкеткі. Часта атрымліваю ў адказ, што "ў нас дзве дзяржаўныя мовы" і рускамоўнае афармленне не супярэчыць заканадаўству. Некаторыя камбінаты аргументуюць адмоўны адказ тым, што экспартуюць прадукцыю ў Расію. Як быццам расіяне не змогуць зразумець, што яны купляюць, калі замест "сахара" будзе напісана "цукар".

Радуе, што пасля дзвюх старонак аргументацыі на карысць дзяржаўнай рускай мовы напрыканцы тое ж ААТ "Слуцкі сыраробчы камбінат" паведаміла, што "пры распрацоўцы новых этыкетак і закупцы новага пакавання ўлічыць пажаданні спажыўцоў аб маркіроўцы прадукцыі на беларускай мове або на беларускай і рускай мовах". Тое ж самае паабяцала і ААТ "Здравушка-мілк".

Разам з маёй знаёмай у сярэдзіне лютага наведалі нашу слуцкую цэнтральную пошту (аддзяленне сувязі Слуцк - 9). Калі тая выказала пажаданне атрымаць квіток на падпіску на беларускай мове, высветлілася, што ў наладах моўнай панэлі адсутнічала беларуская мова. Пасля запісу ў кнізе заўваг і прапаноў аб магчымасці атрымання паслугі па-беларуску атрыманы адказ, што цяпер рэалізавана магчымасць уводу даных на беларускай мове. І, што цікава, адказ кліентцы быў дастаўлены наўпрост у рукі, а супрацоўніца службы дастаўкі пры ўручэнні заказной карэспандэнцыі прадэманстравала добрую беларускую мову.

А калі б колькасць такіх людзей узрасла ў сотні разоў? У тысячы? А калі б бацькі напісалі заявы аб выбары адукацыі сваіх дзяцей у садках і школах на беларускай мове? Гэта б ужо была воля народа.

Зінаіда Цімошак, г. Слуцк.

ЧАТЫРЫ ДНІ У САКАВІКУ

(З прыватнага дзённіка)

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук

14 сакавіка 2005 г. Панядзелак

Цэлы дзень ідзе мокры снег, які часам пераходзіць у завіруху. Спяшаюся на лекцыю. Перад уваходам ва Універсітэт культуры і мастацтваў абвестка, зробленая па-беларуску, пра пачатак тэставання будучых абітурыентаў. На другім паверсе - чарга маладых людзей, што жадаюць патрапіць на іспыты. Вельмі прыемна бачыць напісаны на беларускай мове расклад прыёму тэстаў. Дарэчы, у гэтым годзе, дзякуючы намаганням ТБМ, тэксты ўсіх тэстаў зроблены на дзвюх мовах, і Рада ТБМ звярнулася да моладзі, каб яны ведалі пра гэта і выбіралі родную мову, мову Купалы і Коласа, Караткевіча і Быкава для праверкі сваіх ведаў.

Заходжу ў аўдыторыю. Сёння ў мяне студэнты першага курса, будучыя спецыялісты ў галіне рэстаўрацыі твораў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Расказваю пра склад праектных работ, неабходных для рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. У якасці прыкладаў прыводжу Полацкую Сафію і Мірскі замак. I перад вачыма плывуць, плывуць вобразы маладосці...

Полацкую Сафію ўпершыню я ўбачыў летам 1976 г. Тады там толькі пачыналіся рэстаўрацыйныя работы, і поўным ходам ішлі археалагічныя раскопкі. Мяне вельмі ўразіла, што з IX ст. культурны слой вакол будынка вырас амаль на 2,5 метры. Тады ж мне давялося трымаць у руках кавалачкі пазалоты, магчыма, ад галоўнага купала Сафіі. Ніколі не забуду, у якім занядбаным стане знаходзіўся на той час калісьці знакаміты храм. Цяжка было паверыць, што ён будзе адноўлены, адродзяцца фрэскі і пазалота інтэр'ераў, шыкоўная скульптура і ляпніна XVIII ст., эпохі Віленскага барока.

Потым давялося не раз прыязджаць у Полацак і бачыць на свае вочы, як крок за крокам ідзе складаны працэс рэстаўрацыі, браць удзел у суботніках і талоках, каб ачысціць падвалы Сафіі ад шматгадовага бруду і смецця. З насілкамі і рыдлёўкамі тут актыўна працавалі полацкія літаратары і мастакі. Сярод іх быў Уладзімір Арлоў, а таксама аўтар праекта аднаўлення Сафіі, архітэктар Валер Слюнчанка.

Незабыўныя ўражанні засталіся ад арганнага канцэрту ў Верхняй зале Сафійскага сабора, а таксама адкрыццё падземнага археалагічнага музея, прысвечанага будынку XI ст.

Потым распавядаю пра Мірскі замак, якому аддаў не адзін год свайго жыцця. Першыя раскопкі ў Міры пачаліся ў 1980 г. Праз Мірскія археалагічныя экспедыцыі прайшлі шмат якія вядомыя зараз на Беларусі людзі. З якой цікавасцю збіралі мірскую кафлю студэнты - Вінцук Вячорка і Алесь Бяляцкі! У складзе маёй экспедыцыі працавалі сённяшнія дактары навук Алесь Краўцэвіч і Алесь Кушнярэвіч, якія, акрамя замка, даследавалі і само мястэчка. Апошнія раскопкі я праводзіў у Міры летам 1991 г. Студэнты, якія раскопвалі прадбрам'е - круглы дадатковы абарончы мур перад галоўнай вежай-брамай Мірскага замка, працавалі пад бел-чырвона-белым сцягам і спявалі патрыятычныя беларускія песні. Тады мала хто верыў, што можна аднавіць знакаміты палац часоў Радзівілаў, асабліва паўночны корпус, які апошні раз згарэў яшчэ ў 1812 г.

Цяпер, калі я наведваю Мір са сваімі студэнтамі і бачу ў вежах знаходкі з тагачасных раскопак, разумею, што менавіта тады, у 70-я - 80-я гг. XX ст., і былі закладзены падмуркі сённяшняй дзяржаўнасці і незалежнасці.

Лекцыя скончылася, і я кіруюся ў сядзібу ТБМ, дзе прыходзіцца працаваць на грамадскіх пачатках кожны дзень па некалькі гадзін. Сёння мы рыхтавалі скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі, паколькі 16 лютага Міністэрства юстыцыі вынесла нам папярэджанне. Нас абвінавацілі ў тым, што некалькі нашых раённых і гарадскіх арганізацый маюць юрыдычныя адрасы ў жылых памяшканнях, а гэта пярэчыць Жыллёваму кодэксу. Цікава, што ў свой час мясцовыя органы ўлады зарэгістравалі нашыя структуры згодна з рэкамендацыямі Міністэрства юстыцыі, якія пазней гэтым жа міністэрствам былі адменены. Значыць мясцовыя органы ўлады маюць права здымаць з уліку. Аднак, пакуль што ніводную суполку ТБМ, зарэгістраваную на жылой кватэры, мясцовыя ўлады не скасавалі, а вінавацяць у гэтым чамусьці Таварыства беларускай мовы. Таму Рада ТБМ вырашыла звярнуцца ў суд. Аналагічныя папярэджанні вынесены шмат якім партыям і іншым грамадскім аб'яднанням, і яны таксама меліся звярнуцца ў суд. Але пакуль не спяшаюцца з гэтым. Мабыць, мы будзем першыя.

Вялікіх спадзяванняў на станоўчы вынік разгляду нашай справы ў Вярхоўным Судзе я не маю. Але самае галоўнае, што ў судзе будзе гучаць беларуская мова, і мы зможам прыцягнуць да гэтай яўна палітычнай справы ўвагу грамадскасці як у краіне, так і за яе межамі. Зварот у суд - справа няпростая. Трэба заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 120000 рублёў, напісаць добрай юрыдычнай мовай абгрунтаваную скаргу і зрабіць копіі розных дакументаў. Шчыравалі мы некалькі гадзін і спадзяемся, што заўтра аднясем нашу скаргу ў Вярхоўны Суд.

Пасля абеду набываю свежыя газеты. У панядзелак - гэта "Беларускі рынак" і "Беларуская газета". Пачынаю іх гартаць. У "Беларускім рынку" Паўлюк Быкоўскі, цікавы журналіст і добры знаўца Беларушчыны, друкуе артыкул пра дзейнасць беларускай апазіцыі, якая да лета абяцае назваць адзінага кандыдата. Шчыра кажучы, да гэтай справы я адношуся вельмі крытычна, як і іншыя беларускія палітолагі. На маю думку, спачатку трэба было скласці адзіную перадвыбарчую платформу, не болей як з сямі пунктаў, у якой было б сказана, як нам выйсці з крызісу і палепшыць свой дабрабыт. Напрыклад, ні адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на будучага кіраўніка дзяржавы не сказаў, як ён ставіцца да прыватнай уласнасці на зямлю. Калі, нарэшце, тыя, хто яе апрацоўвае, стануць яе гаспадарамі з правам продажу і перадачы ў спадчыну? Пакуль зямельнае пытанне не будзе вырашана, мы ніколі не станем жыць добра і заможна.

Пад гэтай платформай павінны падпісацца ўсе ўдзельнікі кааліцыі. Потым у кожным раёне варта стварыць групу грамадзян у колькасці не меншай за 100 чалавек, якія згодны з гэтай праграмай і гатовы збіраць подпісы за таго дэмакратычнага кандыдата, што пагодзіцца ісці з вышэйназванай праграмай на выбары. У гэтую групу зможа ўвайсці любы чалавек, але, вядома, пераважаць будуць сябры тых партыяў і рухаў, якія належаць да аб'яднанай апазіцыі.

З усіх названых зараз прэтэндэнтаў мне, па поглядах і перакананнях, блізкія Уладзімір Колас і Аляксандр Мілінкевіч. З прадстаўнікоў прагрэсіўнай наменклатуры - Пётар Краўчанка і Аляксандр Казулін.

Уявім на хвілінку, што гэтыя хлопцы знайшлі паразуменне і пагадзіліся ісці на выбары разам, з адной канкрэтнай праграмай.

Тады тая сотня грамадзян, якія гатовы збіраць подпісы пад гэтую праграму, збіраецца разам, сустракаецца адразу з чатырма прэтэндэнтамі, задае ім розныя пытанні і падзяляецца на чатыры каманды, зыходзячы са сваіх меркаванняў. Каманды чатыры, але праграма ў іх адна. Прэтэндэнты рэгіструюць свае каманды, і яны пачынаюць адначасова збіраць подпісы.

Выбаршчыкі бачаць адну праграму і, калі яны пагаджаюцца з ёй, ставяць подпісы за таго з чатырох кандыдатаў, які ім больш падабаецца. Дарэчы, па законе можна падпісацца адзін раз за кожнага з іх. I тады лепшага кандыдата шляхам збору подпісаў будзе вылучаць не купка лідараў партый і іх бліжэйшых сяброў, а ўвесь беларускі народ.

Тыя, хто сабраў 100000 подпісаў, здаюць іх на рэгістрацыю. Пасля рэгістрацыі той кандыдат, які сабраў менш подпісаў і мае меншы сацыялагічны рэйтынг, у пэўны час здымае сваю кандыдатуру на карысць мацнейшага і пераходзіць у яго каманду. Прычым, увесь час прапагандуецца адна і тая ж праграма. I тады мільёны людзей не толькі прагаласуюць за яе, але і выйдуць яе бараніць, калі іх падмануць і галасы іхнія палічаць няправільна.

Калі пенсіянер будзе ўпэўнены, што абраны кандыдат за год-два павялічыць яго пенсію ў два разы, ён будзе стаяць на плошчы Незалежнасці столькі дзён, колькі патрэбна для перамогі.

Галоўная слабасць нашай апазіцыі ў тым, што лідары партый, таксама як і ўлада, адарваныя ад простых людзей. Беларусы вельмі цэняць стабільнае жыццё і нездарма трымаюцца лозунга: "Мы на ўсё згодныя, абы было ціха і не было вайны".

Пакуль прадпрымальнікаў не прымусілі плаціць шалёны падатак на дадатковую вартасць, які разбурае іх жыццёвую стабільнасць, яны не выходзілі на вуліцы і плошчы, не страйкавалі. А як узбунтаваліся пенсіянеры суседняй Расіі, калі ў іх забралі жыццёва неабходныя ільготы? Калі малады "зубр" замест чарговага партрэта ці лозунга-аднадзёнкі выйдзе з плакатам "Мая бабуля, ветэран працы, не можа заплаціць за кватэру і патрабуе годнай пенсіі", на яго баку будуць тысячы пенсіянераў і ветэранаў, бо іхнія ўнукі клапоцяцца менавіта пра іх, а не пра ўваходжанне ў НАТА ці Еўразвяз, пра якія яны маюць цьмянае ці адмоўнае ўяўленне.

У "Беларускай газеце" маю ўвагу прыцягнулі два матэрыялы. Спрэчка паміж Аляксандрам Рухляй і Таццянай Румянцавай (дарэчы, з ёй я разам вучыўся на гістфаку БДУ: я - на гістарычным, а яна - на філасофскім аддзяленні) і вялікі матэрыял Кірыла Жываловіча, прысвечаны Станіславу Шушкевічу. Аднак на гадзінніку ўжо пачаўся новы дзень. I таму вырашаю прачытаць гэтыя матэрыялы наступным вечарам.

15 сакавіка 2005 г. Аўторак

Раніцай ярка свеціць сонейка - сапраўдны вясновы дзень і адпаведны настрой на душы. На аркушыку календара сціплы надпіс "Дзень Канстытуцыі". Адзінаццаць гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Беларускай Краіны. Як непасрэдны ўдзельнік гэтых падзей, пакуль еду ў трамваі ў сядзібу ТБМ, пераношуся ў думках у залу паседжанняў Вярхоўнага Савета 12 склікання. Праца над Канстытуцыяй ішла вельмі марудна, бо спачатку значная частка дэпутатаў спадзявалася на аднаўленне старых савецкіх парадкаў і вяла гаворку разам са Станіславам Шушкевічам пра "адноўлены Саюз". Пасля таго як той жа Шушкевіч у Белавежскай пушчы падпісаў СССР смяротны прысуд, праца па стварэнні новай Канстытуцыі актыўна зрушылася з месца.

Аднак найбольшыя спрэчкі выклікалі два пытанні: дзяржаўная беларуская мова, як адзіная мова краіны, і пасада Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Каб прыняць нейкі артыкул у Канстытуцыю, патрэбна было атрымаць 2/3 галасоў дэпутатаў ВС. У той час верхаводзіла пракебічаўская фракцыя "Беларусь", якая мела простую большасць галасоў. Існавалі таксама фракцыі дэпутатаў на платформе БНФ і БСДГ і пэўная колькасць адносна незалежных дэмакратычных дэпутатаў, якія кожны раз галасавалі па-рознаму.

Асобна трэба сказаць пра групу артадаксальных (адноўленых пасля ліквідацыі КПСС) беларускіх камуністаў і фракцыю ветэранаў, якую трымалі ў ВС па старых савецкіх квотах. Усе мы разам і складалі вышэйшы заканадаўчы орган краіны, які пасля ліквідацыі СССР атрымаў у свае рукі ўсе ўладныя функцыі. Бо ўсе прадстаўнікі судовай і выканаўчай улады, у тым ліку і прэм'ер-міністр, прызначаліся ВС. Дарэчы, кожны дэпутат меў права на працягу трох хвілін выступіць ад імя сваіх выбаршчыкаў па любым пытанні і атрымаць ад прадстаўнікоў выканаўчай ці судовай улады пісьмовы адказ. Таму ў прыёмныя дні дэпутаты і іх памочнікі прымалі дзесяткі, а то і сотні скаргаў і прапаноў ад выбаршчыкаў, грамадзян сваёй краіны.

Паступова, крок за крокам прымаліся тыя ці іншыя артыкулы Канстытуцыі. I вось справа дайшла да дзяржаўнай мовы краіны. Значная частка дэпутатаў, асабліва былыя вяскоўцы і прадстаўнікі інтэлегенцыі, разумелі неабходнасць развіцця беларускай мовы, якая паступова заняла ў парламенце належнае ёй месца. Спачатку Станіслаў Шушкевіч, а потым і Мечыслаў Грыб вялі пасяджэнні па-беларуску, па-беларуску друкаваліся і праекты законаў і пастаноў.

Аднак атрымаць 2/3 галасоў па гэтым пытанні было складана. Бо былі і прыхільнікі так званага "двухмоўя", якія не ведалі беларускай мовы і па розных прычынах ведаць яе не жадалі. Справа зрушылася з месца, калі за адзіную дзяржаўную беларускую мову выступіў нефармальны лідар беларускіх ветэранаў (у асноўным, былых вайскоўцаў) генерал Гец. Гэта быў чалавек, выхаваны ў рэчышчы сталінскай ідэалогіі, але па-свойму сумленны і абавязковы. Калі ён нешта абяцаў, то заўжды выконваў абяцанне.

(Працяг у наступным нумары.)

Вершы да заўтрашняга дня

Зміцер Захарэвіч

УЗІМКУ

Замярзае сэрца пад наледдзю,

Што ніколі, бадай, не растане,

І прамень агністае памяці

Прапаліць шэры

панцыр не ў стане.


Астывае недаўгавечнае

Сярод снежаньскай

цішы паўночнай

Ад уласнае недарэчнасці

Ў марных спрэчках

і ў справах пабочных.


Пазіраю ў белы свет холадна,

Дзе ўзнялі вузлаватыя рукі

Дрэвы ўгору, нібыта моляцца

Тым, каго замялі завірухі.

ГІЛІ

Абеларусіць свет зімовы

Апоўдні зрадзіўшы гілі,

Чародкай селі на галлі

Абеларусіць свет зімовы.

Гараць істужкаю пунсовай,

Цілікаюць: "Жыве!" у гаі -

Абеларусіць свет зімовы

Апоўдні зрадзіўшы гілі.

АПОШНІ ДЗЕНЬ ЗІМЫ

Напрадвесні раніцай ссівелай

Снег кладзецца на галінкі веяў.


Вальсаваннем мятлікавых зданяў

Засыпае горыч развітання.


Перажыўшы веру

ў неўміручасць,

Усясвет вакольны абязгучыў


І - прыгонны суджанай нядолі -

Па шчацэ слязой сцякае долу.


Той дзень мае

кожны з нас таксама,

У які сплыве ў край неспазнаны.


У душы смуга ці ў сэрцы рана,

Нібы леташні сумёт, растануць,


Калі родныя ў жалобнай цішы

Успамінам аб зіме калішняй


У руках спачылага зацепляць

Знічку дрогкую

грамнічнай свечкі.

ВІТОЛЬДУ АШУРКУ

Тым, што пайшлі на вырак

Дажывотна


Самім на кроснах Кона

Долю ткаць,


У небе свеціць

Бліскаўка зіхотна,


А на зямлі

Спагады не прыждаць.


Чаўнок шчыруе ўпарта

Год за годам,


Кладуцца ўзорам

Словы на кілім:


"Адолець здатны

Пілігрым дарогу,


Пакуль гарыцьме

Веры зніч у ім".

Кій у руцэ

І поплеч - вецер вольны,


Не засціць цемра

Мэту прад вачмі


Тых, што зрабілі выбар

Дажывотны


На кроснах Бога

Лёс свой ткаць самім.

ПРА ЗОРКУ

Развіднела. Сонца спакваля

Зорак рой згасіла,

Паміж іншых там была мая

І скрозь змрок свяціла...


Як вандроўнік зблудзіць уначы

Ці смуга ўсцяж ляжа,

Дык агеньчык збаўна заблішчыць,

Дзе бальшак пакажа.


Каб кахання запаліўся зніч

У дзявочым сэрцы,

Возьме хлопец яску ў вышыні -

У нябёс цяпельцы.


Душу жуддзю хмары занялі,

Паняверку сеюць,

Ды надзея пасярод імглы

Зіхаціць - не цьмее.


Калі ж краю прышласць

чорны цень,

Нібы крэп, агорне,

Залатоўка боская ў руцэ

Узгарыць паходняй...


Хай ёй сонца вынесла вырок,

Распасцёршы крылы,

А ўсё ж зорка на сямі вятрох

Давідна свяціла.


* * *

То бяссонне, то сон,

То любошчы, то звады -

Колькі двоістых дзён

Засталося ў нас ззаду?


То шукаў сталы схоў,

То кляў цвілы зацішак;

Здані мёртвых багоў

Мне на яве вярзліся.


У вірах амарок

Меў часы прасвятлення:

То маўчаў мой радок,

То грымеў над зняменнем.


І цяпер грамада

Ці пяе, ці галосіць? -

Сёння свята, відаць,

Ці хаваюць кагосці?


Уладарлівы Кон

Сцяў зачын з заканчэннем.

Колькі двоістых дзён

Засталося яшчэ мне?


На якім сеў плячы

Мой анёл лёсаносны?

Ці, з нябёс летучы,

Заблудзіў у трох соснах?

ДАРОГА ДА СВАБОДЫ

Спяліў і вершы, і грахі,

Калі сваволіў ды гарэзіў,

Крычалі нада мной крукі,

Лізалі рукі ваўкарэзы.

Гарэла зжухлая трава,

Гасіў яе залевай зорнай,

Са сцэн зацята горла драў,

Цярпеў няздараў брэх пакорна.

Хіліў чало прад хараством,

Але не мог знайсці адхлання,

Астуджваў лоб зімовым шклом

Нябёс ад думак віравання.

Не сцішваў бег на віражах,

Калечыў ногі аб каменні,

На кроў разбітая душа

Мінала порстка летуценні.

Знікалі любыя й сябры,

Мяняў на беспрасвет выгоды…

Самотны ўрэшце рэшт дабрыў

Да неспагадлівай Свабоды.

заЙМЕННІКІ

Для мяне ветлы дом твой малы.

Перламутравы золак на плечы

Узвалю і, пакінуўшы "МЫ",

Падзялю яго, панявечу.

На світанку пакінуўшы "МЫ",

Падзялю яго, панявечу.


Каб на сцежках зямнога быцця

Ці ў Сусвету бяскрайняй сінечы

Замігцела вугельчыкам "Я"

Сярод зорнае халаднечы.

Замігціць агеньчыкам "Я"

Сярод зорнае халаднечы.


Толькі цераз прадон нематы,

Скрозь аглухлы, заснежаны вечар

Данясецца з бяссоння "Дзе ТЫ?"

І са мной застанецца навечна.

Даляціць з бяссоннем "Дзе ТЫ?"

І ўва мне застанецца навечна.

ЗГУБА

Згубіць сябе хаця б на дзень,

Пра вугальныя сны забыцца

Ды босым крочыць па вадзе

Пад пералівы навальніцаў.


Не згадваць ці не заўважаць

Заганы іншых, бо сам грэшны,

І ўласны поспех сустракаць

З халоднай, стоенай усмешкай.


Не верыць у прачуласць слоў,

У посную высокамоўнасць,

З гурмой гарэзлівых вятроў

Шугаючы ўгару нязлоўна.


Не памятаць, што маю дом,

Вячэру, краявід насценны,

Прымглёным не мігцець святлом,

А знічкай палыскнуць

на ймгненне.


І, згаснуўшы, не шкадаваць

Аб зыркім зораў карагодзе,

Бо як ужо сябе губляць,

То каб ніколі не знаходзіць.

АТЛАНТ 1

Бяздонне нябёс,

як свет, неагляднае

На плечы лягло,

нібыта Атланту, мне.

Грамоў поўнае і

каляднага звону,

Літанняў, прыпевак,

прысягаў, праклёнаў.

Прапахлае водарам

тонкім парфумы,

Прасоленае

пад сівых штормаў шумы,

У едкіх дымах

агмяніцаў, пажараў…

Згінаюся ў крук

пад нязносным цяжарам,

Удзень сонца слепіць

бязлітасна вочы,

Ноч джаліць цела

шротам зораў-гарошын.

Гняце прыцягненне

закону зямнога,

Але не скаруся:

ён - даўні мой вораг.

Мне нельга інакш

ні на ўздых, ні на слова,

А схіблю -

абрынецца светабудова.

Адзіна ў сабе сам

шукаю апоры,

Бо чым ёсць мой боль

людскім перад горам?

Трываю, стаю -

не змагуся, не здамся!..

Нябёсы трымаю,

нібыта Атлант я.

ПРАМОВА СТАРОГА ШЛЯХЦІЦА

Не рыпне трывожна масніца,

Не згасне Стажар'е ў акне,

Калі цень бязносы касцістай

Увойдзе ў пакой да мяне.


Магільны бязлітасны холад

На знямоглае цела спадзе,

Але кожны шнар аб паходах

Мінулых вам распавядзе.


Цяпер хто згадае, хто знае,

Як горды ліцвінскі напеў

Ад Балтыкі аж да Дуная

Клінком карабелы 2 звінеў?


На покліч Касцюшкі ў атаку,

Прышпорыўшы коней, зноў йшлі

І шчодра з-пад канфедэратак

Крывёй напаілі палі.


Не ручыла абараніцца -

Каханка калішняга трон

Распусная імператрыца

Скрышыла гарматным агнём.


Па Бацькаўшчыне хаўтуры

Адправіў з чужынцамі хам,

Хіба толькі памяць пра буры

Пакінуўшы зраненым нам…


На дол аплывае грамніца,

Гадзіннік застыў на сцяне.

Кастуся 3 ва ўборы чарніцы

Ўладарна прыйшла па мяне.

БЕЗ АДКАЗУ

Дзень пры дні няпэўна на планеце:

То дажджы драбняць, то капяжы.

Ці цябе шукаў пад імі ў свеце? -

Адгукніся, знак дай, адкажы.

Май дзяцінства,

жнівень поўналецця

І зайнелых ранкаў сівізна

У тваім люструюцца партрэце,

Ён, аднак, не здольны адказаць.

Убярэ вясна сад голы ў квецень,

Сонца зладзіць з месяцам альянс,

Каб дапытваць, маю што наўвеце

Дый чаму хачу пачуць адказ.

Паўз прасвішчуць кулі

альбо вецер -

Не зачэпяць кіпцем плечука -

Рэхаў смык заблытаецца ў вецці

І паўторыць толькі: "Ці шукаў?.."

КРАСАВІЦКАЯ РАНІЦА

Застанемся ранкам у пасцелі -

Хай саўдзельнікі,

ды "кожны пры сваіх",

А скрозь шыбу

промнем пасталелым

Будзе лашчыць

твае грудзі красавік.


Не ўцячэ з блішчастай туркі кава,

На дварэ не дазавецца мяне шпак,

Ад любошчаў бо ключы схавала

І не вырвацца з абдымкаў аніяк.


Ці здабыча, ці чаканы госць я? -

Не паспела ўчора

ўцямна адказаць,

Як пачаў засечкі маладосці -

Паскі шнараў

на запясцях - цалаваць.


Адно маем на дваіх - бязладдзе,

Дзе бялеюць бессаромна па начы

Росы эрасу на прасцірадле,

Нібы ў небе парушынкі аблачын.

ПАТЭТЫКА

Сваё наяўнае багацце,

Якое з гонару й крыві,

Не згань спагадаю да здрайцы,

Што на суку ў пятлі павіс.


Не вылі ў бездань балаціння

Збанок крынічнае вады,

Дрыгва ад гэтага не згіне,

Але з чым застанешся ты?


Нудзьгу тужлівых галашэнняў

І блазнаванне модных шоў

Пакінь без горычы на сцэне

Для безгустоўных гледачоў.


Пазбаўся ад смугі ваганняў,

Каб ясны розум не гнялі,

Бо паняверцы апраўданняў

Няма на небе і зямлі.


Чыя б ні панавала ўлада,

Якіх бы ні маліў святых,

Заўсёды здрада будзе здрадай

І вораг - ворагам заўжды.


Закон адвечны не зыначыць,

Што б красамоўцы не плялі,

Пільнуй наяўнае багацце,

Якое з гонару й крыві.

1 Атлант (грэцк. міф.) - тытан, які трымае на сваіх плячах неба.

2 Карабела - шабля, якая была папулярная ў XVII-XVIII ст.ст. сярод шляхты і якой былі ўзброеныя (акрамя іншага) крылатыя гусары.

3 Кастуся - беларускі народны эпітэт смерці.

Кароткі ўспамін пра Ларысу Канчэўскую

15 сакавіка 2021 г. памерла Ларыса Георгіеўна Канчэўская.

Дачка афіцэра, яна нарадзілася 9 кастрычніка 1946 г. на востраве Сахалін. У дзяцінстве жыла ў Расіі і Латвіі. З 1956 г. - у Лідзе.

Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Была рабочай, лабарантам на заводзе электравырабаў, мастаком-афарміцелем, касірам у банку, малодшым навуковым супрацоўнікам у гарадскім архіве, інструктарам гарвыканкама, інжынерам па эстэтыцы, выкладчыкам у педвучылішчы.

Заўсёды знаходзілася ў самым цэнтры інтэлектуальнага жыцця горада Ліды, была душой любога калектыву, генератарам ідэй, стваральнікам сэнсаў.

Грала ў народным тэатры, усё жыццё пісала вершы і прозу, мела "абсалютны" літаратурны слых і вытанчаны густ. Калі-нікалі друкавалася ў "Лідскай газеце", газеце "Чистый мир", у альманаху "Ад Лідскіх муроў", у "Лідскім летапісцы".

Ларыса Канчэўская заўсёды была сябрам маіх сяброў, але працяглы час мы з ёй былі толькі знаёмы, покуль у лістападзе 2014 г. не стэлефанаваліся, і я прыйшоў да яе, ужо вельмі хворага чалавека, у госці. Мая першая фраза пры нашай сустрэчы потым увайшла ў адзін з яе тэкстаў:

- Мы з вамі … амаль не перасякаліся. Затое мае сябры ... у пэўныя перыяды свайго жыцця бясконца паўтаралі: "Ларыса Канчэўская ды Ларыса Канчэўская ...".

Шмат пра што размаўлялі з ёй у той дзень, і яна перадала мне для публікацыі рукапіс цікавых мемуараў Уладзіміра Крушэўскага пра лідскі рок-фестываль 1982 г. (надрукаваны ў менскім альманаху "Асоба і Час", Вып. 8). Пасля той сустрэчы яна пачала пісаць свае цудоўныя белетрызаваныя ўспаміны. Напісала найкарыснейшыя ўспаміны пра нашага з ёй агульнага сябра Валянціна Ляцецкага (Лідскі летапісец. 2015. № 4), і таленавітую "Маленькую аповесць пра любоў" - лірычныя ўспаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў нашым горадзе ("Ад лідскіх муроў", № 8). Пасля аповесці, з канца 2015 г., пачала пісаць раман успамінаў і працавала над ім каля года. Напісала, па маіх разліках, каля чвэрці рамана, але давесці справу да канца ёй не дазволіла хвароба. Я ўпэўнены, што мы надрукуем яе апошні тэкст у чарговым альманаху "Ад лідскіх муроў", а фрагмент з яго нават ужо быў надрукаваны ("І Быкаў такі малады... Да 70-годдзя Ларысы Канчэўскай" // Лідскі летапісец, 2016. № 4 (76)).

Не хачу пісаць стандартныя словы пра тое, што мы яе ніколі не забудзем. Пасля кожнага з нас застаецца, толькі тое, што ён пакінуў на гэтым свеце. Пасля майго сябра Ларысы Канчэўскай застануцца яе тэксты.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

Гісторыя Віцебска пазнаецца глыбей праз прызму асобы А. Сапунова

Працявае прыцягваць увагу асоба гісторыка і краязнаўца Аляксея Сапунова, чыё 170-годдзе адзначаецца сёлета. Яго спадчыне быў прысвечаны круглы стол з удзелам навукоўцаў, архівістаў і бібліёграфаў, які прайшоў 17 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Гісторык і краязнавец Аляксей Парфёнавіч Сапуноў, нашчадак дваранскага роду, які апісаў гісторыю Віцебска, Полацка, Веліжа, Усвятаў, Невеля, удзельнічаў у перанясенні мошчаў Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк у 1910 годзе, быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы III cклікання, чытаў лекцыі па беларусазнаўстве ў 20-тыя гады, быў зацверджаны на пасадзе прафесара, пакінуў багатую гістарычную спадчыну, перадаў свае кнігі (у тым ліку Статут ВКЛ 1588 года) ў зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (сёння НББ), быў доўгі час незаслужана забытым.

У савецкія гады ён лічыўся буржуазным гісторыкам, і толькі ў 1991 годзе яго імя было вернута грамадскасці, зладжана навуковая канферэнцыя. У яго гонар планавалі назваць сквер у цэнтры Віцебска, а атрымалася вуліца на ўскрайку горада.

Падчас правядзення круглага стала ў НББ 17 сакавіка былі агучаны забытыя факты з жыцця рупліўца беларушчыны, ушанавана яго дзейнасць.

Таццяна Мікалаеўна Захарава, загадчыца музейнага сектара навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распавяла пра кнігазбор А.П. Сапунова ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша звярнуў увагу на знакаміты "згублены" Статут ВКЛ 1588 г. са збораў Аляксея Сапунова. У 1920-х гг. ён трапіў у зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Аляксей Сапуноў прапанаваў дырэктару бібліятэкі Іосіфу Сіманоўскаму набыць Статут і іншыя каштоўныя кнігі са свайго кнігазбору, што пасля пэўных выпрабаванняў і адбылося. У часе Другой сусветнай вайны Статут знік. Праз пэўны час ён трапіў у Беларускую бібліятэку і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Надзея Пятроўна Варламава, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, паведаміла пра архіў А.П. Сапунова ў фондах музея.

Захаваўся асабісты альбом А.П. Сапунова, які ўтрымлівае 142 дакументы да біяграфіі гісторыка з 1883 па 1924 г. Дакументы ў альбоме адлюстроўваюць асноўныя этапы жыццёвага і навукова-даследчага шляху гісторыка.

Сярод найбольш цікавых комплексаў вылучаюцца дакументы аб яго ўдзеле ў дзейнасці Дзяржаўнай Думы трэцяга склікання, пасведчанне дэпартамента Герольдыі Сената аб прызнанні А.П. Сапунова ў спадчынным дваранстве, віншаванні з нагоды 25-годдзя выкладчыцкай і навуковай дзейнасці, пасведчанні аб прысваенні вучонаму Увараўскай прэміі, дыпломы аб абранні яго членам Маскоўскага археалагічнага інстытута, дзейсным членам Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, Рускага археалагічнага таварыства і інш. Сярод дакументаў змешчаны лісты А. Семянтоўскага, Б. Эпімах-Шыпілы, Д. Даўгялы, П. Шэйна, а таксама ліст ад І. Рэпіна з падзякай за падараваныя асобнікі кніг "Віцебская даўніна".

Святлана Мікалаеўна Мясаедава, вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, нагадала пра дакументы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці аб жыцці, дзейнасці і спадчыне Аляксея Парфёнавіча Сапунова.

Пасля 1917 г. гісторык працаваў у савецкіх установах. У Віцебскім губернскім статыстычным бюро ён узначальваў секцыю дэмаграфічнай статыстыкі (1918-1919), спрабаваў сабраць разам і зберагчы метрычныя кнігі цэркваў, касцёлаў. У Віцебскім губернскім архіўным фондзе (1919-1922) кіраваў так званым "другім аддзелам", займаўся абследаваннем ліквідаваных архіваў дырэкцый вучэбных, навуковых, фінансавых, гандлёвых, гарадскіх устаноў, паштова-тэлеграфных кантор. 67-гадовы прафесар наведваў такія месцы, куды цяжка было дабрацца ў той неспакойны час. Ехаў па магчымасці цягніком, а часцей за ўсё - на конях, хворых і галодных. Адначасова Аляксей Парфёнавіч працаваў і як інструктар камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва (1920-1921), дапамагаў арганізоўваць музейныя ячэйкі ў Суражскім, Сенненскім, Полацкім паветах. Матэрыяльная становішча навукоўца было вельмі дрэнным.

Ён з'ехаў са сваёй сядзібы ў вёсцы Бернікі ў Віцебск "для разбору архіўных дакументаў", валасны выканкам аддаў дом Аляксея Парфёнавіча, адзіную яго маёмасць, "нейкім чырвонаармейцам", якія хутка разабралі і перавезлі яго у суседнюю вёску. Да канца жыцця вучоны жыў на кватэры, якую здымаў. Ён атрымаў пенсію за два дні да смерці.

Ірына Уладзіміраўна Градоўкіна, загадчыца навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі паведаміла пра дзейнасць А.П. Сапунова ў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909-1919).

Гэта арганізацыя, нягледзячы на кароткі перыяд існавання, стала своеасаблівым навуковым, адукацыйным, культурным цэнтрам, які кансалідаваў мясцовую інтэлігенцыю ў справе аховы гістарычных помнікаў, даследавання і папулярызацыі гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, археалогіі роднага краю, збірання прадметаў даўніны, выяўлення старажытных дакументаў.

Людміла Уладзіміраўна Хмяльніцкая, гісторык, рэдактар гістарычнага навукова-папулярнага альманаха "Віцебскі сшытак" сабрала звесткі пра ўшанаванне памяці прафесара А.П. Сапунова ў перыяд з 1924 па 2021.

Аднаўленне памяці пра вучонага пачалося намаганнямі Н. Дарафеенка, затым у 1960-я і 1970-я гг. - А. Падліпскага. Аднак, 1000-годдзе Віцебска было адсвяткавана без згадак пра Сапунова, тым не менш з 1980-х гг. імя славутага віцябляніна, дзякуючы выхаду шэрагу краязнаўчых прац па гісторыі нашага краю, пачало вяртацца ў беларускую навуку.

Сапраўднае аднаўленне памяці пра гісторыка пачалося з 1990-х, калі ў Віцебску пачалі праводзіць чытанні імя А.П. Сапунова, круглыя сталы, адзначаць яго юбілеі, пачало дзейнічаць грамадскае аб'яднанне "Віцебскі краязнаўчы фонд імя Сапунова", а таксама выходзіць прысвечаныя яму кнігі (аўтарства А. Падліпскага, Л. Хмяльніцкай, Д. Газіна) і ўрэшце быў пастаўлены памятны знак у гонар славутага віцябляніна на месцы фальварка Кахоўка, які належаў раней Сапуновым. За апошнія два дзесяцігоддзі выйшаў шэраг артыкулаў па матэрыялах гісторыка аўтарства В. Шышанава, Н. Шаркоўскай, В. Давідоўскай, Н. Варламавай.

Выстава ў гонар 170-годдзя з дня нараджэння А.П. Сапунова і навуковы круглы стол - важныя звенні ў ланцужку ўшанавання памяці, а таксама ўвагі да навуковых прац знакамітага гісторыка і краязнаўца, сапраўднага рупліўца даўніны з Віцебска.

Нядаўна зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі "Книжное наследие А.П. Сапунова" быў выдадзены Нацыянальнай бібліятэкай, - паведаміў А.А. Суша. Выстава "Руплівец беларускай даўніны" ў траўні будзе экспанавацца ў Віцебску.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

З цікавасцю і павагай да праваслаўнай кнігі

На працягу многіх сотняў гадоў кніга з'яўляецца для чалавека крыніцай ведаў, светачам ісціны, зборам мудрасці. Да гэтага часу нішто не змагло замяніць друкаваную кнігу: ні тэлевізар, ні смартфоны, ні электронныя кнігі. Як ні імкнуцца людзі вынайсці чарговую навінку для грамадства, а кніга ўсё роўна застаецца тым адзіным і верным сябрам і дарослым, і дзецям.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, з нагоды Дня праваслаўнай кнігі адбылася сустрэча вучняў 8"Б" класа сярэдняй школы №11 г. Ліды з настаяцелем храма Усіх Святых протаіерэем Уладзімірам Яромічам. Тэмай сустрэчы стала "Праваслаўная кніга: гісторыя і сучаснасць".

Разам з дарослымі навучэнцы разважалі пра значэнне праваслаўнай кнігі ў жыцці чалавека. Таксама васьмікласнікі мелі магчымасць убачыць, наколькі змяніліся праваслаўныя кнігі ад знешняга выгляду да зместу, змаглі пачытаць старонкі старажытных царкоўных кніг, пазнаёміцца з навінкамі праваслаўнай літаратуры за апошні час.

Падчас сустрэчы адбыўся прагляд відэа-прэзентацыі "Гісторыя стварэння кнігі", пасля чаго айцец Уладзімір распавёў навучэнцам аб прызначэнні богаслужбовых кніг і іх значэнні ў жыцці храма і праваслаўных вернікаў, а таксама патлумачыў школьнікам, наколькі неабходна кніга для кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця.

Мерапрыемства, якое праходзіла ў школьнай бібліятэцы, прыцягнула ўвагу падлеткаў яшчэ і тым, што для іх была арганізавана выстава праваслаўнай літаратуры.

У завяршэнне сустрэчы святар падзякаваў навучэнцам за актыўны ўдзел і пажадаў усім поспехаў у вучобе.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 Б класа.

ПРАФЕСІЙНЫЯ І СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ ШКЛОВА

(Ад старажытнасці да сучаснасці)

А. ГРУДЗІНА, Шклоўская арганізацыя ТБМ

Перыядам узнікненння агульнадзяржаўнай сістэмы асветы ў Вялікім Княстве Літоўскім можна лічыць 16 стагоддзе. Менавіта ў гэты час значна актывізаваліся кантакты з Заходняй Еўропай і ў рэгіён пачалі пранікаць гуманістычныя ідэі эпохі Адраджэння.

Андрэй Самусік, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Пачынальнікамі эвалюцыі асветніцкай справы на беларускіх землях можна лічыць пратэстантаў - кальвіністаў і арыян, якія здолелі ў другой палове 16 ст. - пачатку 17 ст. стварыць дастаткова шырокую сетку вучылішчаў. Непасрэдна ў горад Шклоў кальвіністаў запрашаюць тагачасныя ўладары горада Геранім і Карл Хадкевічы. Іх намаганнямі будуюцца кальвінскі збор - тып пратэстанцкага храма, пры якім працуе адпаведная школа.

Следам за пратэстантамі, амаль паралельна, уласную сістэму адукацыі пачала арганізоўваць каталіцкая царква. Аляксандр Хадкевіч, да якога Шклоў перайшоў у спадчыну, запрашае ў горад каталіцкі ордэн Дамініканаў. Яго намаганнямі забяспечваецца будаўніцтва мураванага касцёла з кляштарам, ствараецца багатая бібліятэка. Паводле дадзеных польскай даследчыцы старажытнага Шклова Марыі Тапольскай, верагодней за ўсё, кляштар у Шклове быў найвялікшы сярод кляштараў ордэна Дамініканаў у Беларусі [8,14]

Абодва напрамкі тагачаснай школьнай справы мелі відавочную еўрапейскую арыентацыю. У асноўным, за выключеннем антычнай літаратуры, выкладчыкі выкарыстоўвалі вучэбныя дапаможнікі еўрапейскіх аўтараў. У вучэбнай праграме з'явіліся арыфметыка, геаметрыя, астраномія, граматыка, рыторыка, дыялектыка, музыка і іншыя навукі. Навучэнцамі гэтых устаноў асветы былі не толькі пратэстанты і католікі, але і дзеці праваслаўнага насельніца. У далейшым выхаванцы мелі магчымасць працягваць вучобу за мяжой.

Між тым праваслаўнае насельніцтва не жадала саступаць новым асветніцкім плыням. Гэта знайшло свой адбітак ва ўзнікненні праваслаўных культурна - асветніцкіх брацтваў, дзе адукацыйна - выхаваўчы працэс быў у візантыйска - праваслаўным напрамку. Брацтвы пачалі выконваць не толькі асветніцкія функцыі, але і праводзіць барацьбу супраць пратэстантызму, каталіцтва і новай рэлігійнай з'явы ў Вялікім Княстве Літоўскім - уніяцтва. Разам з тым, нягледзячы на ўсе адметнасці ўнутранай пабудовы брацкіх школ, педагагічная думка ў іх асяроддзі паступова развівалася ўсё ж у агульнаеўрапейскім напрамку. Стваральнікі хутчэй зыходзілі з намеру знайсці пэўны кампраміс паміж праваслаўем і рэаліямі тагачаснай еўрапейскай культуры. Шклоўскае праваслаўнае брацтва згадваецца ў 1661 годзе. Праз пэўны час, у сувязі са складаным палітычным і канфесійным становішчам на беларускіх землях, вышэй згаданыя навучальныя ўстановы, у тым ліку і ў Шклове, паступова зачыняюцца [6,11,12,13].

Вельмі цікавай з'явай у адукацыйным накірунку Шклова і ўвогуле Беларусі было стварэнне ў 1778 годзе Шклоўскага шляхетнага вучылішча. Заснавальнікам вучылішча быў Сямён Гаўрылавіч Зорыч. Па тагачасных умовах выкладчыкаў давялося выпісваць з-за мяжы. Да працы ў вучылішчы прыступілі выкладчыкі з Берліна, Трыра, Бруселя, Гётынгенскага ўніверсітэта. Законанастаўнікам на працягу 17 гадоў быў настаяцель Шклоўскай Успенскай царквы протаіерэй Аляксандр Старынкевіч. Для вучылішча Зорыч набыў багатую па тым часе бібліятэку і пастаянна яе папаўняў. Бібліятэка змяшчала 178 рускіх, 743 французкія, 70 нямецкіх, 12 польскіх і 27 лацінскіх кніг. У вучылішчы быў свой музей, для якога былі набыты заалагічная калекцыя, астранамічныя, фізічныя, геадэзічныя прыборы і інстументы. Зорыч перадаў установе багатую карцінную галерэю, у якой меліся работы Рубенса, Цяньера, Дольга і іншых вядомых майстроў.

Колькасць выхаванцаў штогод павялічвалася. У 1797 годзе налічвалася 252 чалавекі. Гэта былі дзеці дваранскіх родаў з Магілёўскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і іншых суседніх губерняў, былі дзеці з Францыі, Польшчы, Чарнагорыі, Грэцыі, Турцыі. Выхаванцы дзяліліся на два звязы кавалерыі (кірасірскі і гусарскі) і на дзве пяхотныя роты (грэнадзёрскую і егерскую). Для выхаванцаў і афіцэраў кожнага падраздзялення мелася як паўсядзённая, так і парадная форма абмундзіравання.

У 1793 годзе для вучылішча быў пабудаваны новы трохпавярховы мураваны дом. Па баках галоўнага корпуса даўжынёй у 52 сажні стаялі два драўляныя флігелі, у якіх змяшчаліся лазарэт і музычная каманда. Установа, не маючы афіцыйна ваеннай назвы, у адміністрацыйных адносінах мела характар вайскова - вучэбнай, бо кіравалася вайсковым статутам. Выхаванцы ўставалі ў пяць гадзін раніцы, збіраліся на агляд і малебен. Пасля снедання адпраўляліся ў класы, дзе мелі па тры ўрокі да поўдня. Затым абедалі, дзве гадзіны адпачывалі. Пасля адпачынку ішлі на тры ўрокі. Потым вячэралі і ў 21 гадзіну клаліся спаць.

У вучэбным плане былі наступныя прадметы: руская, французская і нямецкая мовы, арыфметыка, гісторыя, геаграфія, маляванне, красамоўства, вышэйшая матэматыка, артылерыйскія справы, архітэктура. Акрамя таго, фехтаванне, танцы, музыка. Да 1796 года вучылішча падрыхтавала 268 кадэтаў. Большасць з іх пачала служыць у армейскіх і гарнізонных палках, артылерыі. У 1798 годзе 10 чалавек паступілі ў Чарнаморскі флот. Многія выхаванцы вызначыліся яшчэ пры жыцці Зорыча. Напрыклад, М.І. Маркевіч - генерал-лейтэнант, аўтар шэрагу фізічна-матэматычных даследаванняў артылерыйскай зброі, Н. Пятроў - аўтар сачыненняў па матэматыцы, фартыфікацыі, механіцы і многіх іншых.

У 1799 годзе ў вучылішчы здарыўся пажар і будынак згарэў. Неўзабаве адышоў у іншы свет і галоўны фундатар навучальнай установы Сямён Зорыч. Таму, у адпаведнасці з указам імператара Паўла I, навучальная ўстанова была пераведзена ў Гародню. Гэта вестка вельмі ўзрушыла выхаванцаў і жыхароў горада. У дзень праводзін у Шклоў з'ехаліся бацькі выхаванцаў з розных губерняў. Усе сабраліся ў царкве, дзе айцец Аляксандр Старынкевіч, узышоўшы на кафедру, сказаў: "Возстани, Зорич! Воззри на виноград, тобой посаженный! Ты в жизни своей говаривал, что не имеешь, кому оставить детей своих! Се, монарх приемлет их под свой покров и вверяет их руководству избранного им мужа!" Пры гэтым святар указаў на генерал - маёра Кетлера. Бацькі і ўсе прысутныя "зарыдали в голос". У далейшым з Гародні навучальная ўстанова была пераведзена ў Смаленск і потым канчаткова ў Маскву, дзе атрымала назву першага Маскоўскага кадэтскага корпуса. Створанае Сямёнам Зорычам Шклоўскае шляхетнае вучылішча стала трэцяй па ліку вучэбнай установай па падрыхтоўцы афіцэраў у Расійскай імперыі [2,9].

На мяжы 18 - 19 стагоддзяў Шклоў вызначыўся тым, што горад становіцца цэнтрам па распаўсюджванні разнастайных ведаў і ідэй сярод яўрэйскага насельніцтва. Яўрэйская грамада Шклова вельмі хутка развіваецца. Яшчэ ў 1668 годзе сакратар аўстрыйскага амбасадара пры двары Пятра І Георг Корб адзначыў, што шклоўскія яўрэі - "багацейшае і ўплывовае саслоўе". У 1727 годзе шклоўскія яўрэі ўжо склалі 20 працэнтаў гарадскога насельніцтва, пры гэтым яны выплачвалі амаль 60 працэнтаў гарадскога падатку. Ім належыла 78 драўляных і 7 мураваных дамоў, што было болей, чым у хрысціянаў.

Гандлёвыя сувязі, у першую чаргу з Еўропай, паспрыялі таму, што Шклоў паступова пачынае станавіцца цэнтрам яўрэйскай вучонасці. Асаблівая роля ў гэтым належыць шклоўскім купцам і мецэнатам Ноткіну і Цэйтліну. Менавіта Іошуа Цэйтлін вылучыўся як буйны падрадчык і пастаўшчык фуражу і правіянту ў час турэцкай кампаніі. Нажыўшы мільённую маёмасць, Цэйтлін адышоў ад спраў і пасяліўся ў сваім маёнтку Вусце, дзе стварыў своеасаблівую "хатнюю акадэмію".

Навуковы мецэнат пабудаваў пры сваім двары малітоўны дом з дарагім начыннем, лабараторыю для хімічных доследаў, стварыў раслінны гербарый. Навуковую дзейнасць забяспечвала і багатая бібліятэка. Пад прытулкам Цэйтліна навукоўцы актыўна займаліся даследніцкай працай.

Для выдавецкай дзейнасці ў 1783 годзе ў Шклове адкрываецца друкарня, а ў пачатку 19 стагоддзя - яшчэ дзве. Усяго да 1835 года ў Шклове было выдадзена болей за 210 назваў кніг. Надрукаваныя ў Шклове навуковыя працы ў далейшым набылі сусветную вядомасць. Напрыклад піянер асветы таго часу - ураджэнец Шклова равін Барух бен Яакаў Шык, вядомы пад прозвішчам Шкловед, горача адстойваў неабходнасць свецкіх ведаў. З мэтаю асветы перакладаў на яўрэйскую мову кнігі па розных навуковых галінах. У 1777 годзе ён друкуе кнігу вядомага яўрэйскага навукоўца 14 стагоддзя Ісака Ізраэлі "Кіраўніцтва па астраноміі і геаметрыі". Атрымаўшы акрамя равінскага дыплома дыплом урача, Шык склаў у папулярнай і агульнадаступнай форме грунтоўны лячэбнік па гігіене і папулярнай медыцыне, апублікаваны ў 1779 годзе.

Пачатковую адукацыю яўрэйскія дзеці атрымлівалі ў "хэдэрах" пры сінагогах, якіх было некалькі ў Шклове. Потым вучоба працягвалася ў кагальных вучылішчах. Вышэйшую духоўную адукацыю атрымлівалі толькі юнакі ў навучальнай установе, якая насіла назву "іешыва". У свой час у шклоўскай іешыве вучыўся знакаміты пісьменнік 19 стагоддзя Перац Смаленcкін, які апісаў Шклоў у сваім рамане "Асінае пахаванне", што пабачыў свет у 1873 годзе.

У 1851 годзе ў Шклове заснавана дзяржаўнае яўрэйскае вучылішча 1-га разраду, у якім у 1858 годзе навучалася 27 вучняў. Вучылішча знаходзілася ў наёмным доме з аплатай 215 рублёў у год. Дадаткова, у 1864 годзе, адчыняецца прыватнае яўрэйскае вучылішча для дзяўчат, якое ўтрымлівалася за кошт збору грошай за навучанне. А напрыканцы 19 стагоддзя, і аддзяленне Слабадской іешывы, якое дзейнічала на ідэалах руху "Мусар", дзе галоўным накірункам у выхаванні быў сваеасаблівы рэлігійны аскетызм [5,7,9,10].

З пачаткам 20-га стагоддзя ў сістэме адукацыі пачынаюцца рашучыя змены. У міжваенны час, акрамя агульнаадукацыйных устаноў, у Шклове працуюць дзве ўстановы прафесійнага накірунку. Гэта - школа медсясцёр, дзе навучалася 211 чалавек і налічвалася 13 выкладчыкаў, і Магілёўская абласная школа Наркамзема БССР, дзе займалася 90 навучэнцаў. Амаль адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе пачынае дзейнічаць аднагадовая школа птушкаводаў Міністэрства сельскай гаспадаркі, якая праіснавала да 1957 года [1, 3, 4].

Пэўны час на вытворчай базе Шклоўскай райаграпрамтэхнікі (зараз ААТ "Аграсервіс") дзейнічалі філіял Бялыніцкага СПТВ - 40, а потым з 1988 па 2004 год Міжгаспадарчы вучэбны камбінат упраўлення сельскай гаспадаркі Шклоўскага райвыканкама.

З 1978 года дзейнічае ў Шклове ўстанова адукацыі "Шклоўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №12" (да 2006 года Шклоўскае ПТВ - 139). За тры дзесяцігоддзі існавання навучальная ўстанова стала вядучым цэнтрам па падрыхтоўцы рабочых кадраў для сельскай гаспадаркі Шклоўскага раёна. Набываюць тут веды навучэнцы і з суседніх Горацкага, Круглянскага, Магілёўскага і Аршанскага раёнаў. Працуюць у сучасны момант у горадзе і іншыя ўстановы прафесійнага плану. Гэта ўстанова "ДТСАФ" і прыватная аўташкола. Такім чынам можна ўпэўнена сцвярждаць, што пачынаючы з даваенных часоў, прафесійны накірунак адукацыі ў Шклове амаль не спыняўся.

Да дзейных ўстаноў спецыяльнага накірунку адукацыі можна аднесці Шклоўскую спецыяльную школу - інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, створаную ў 1953 годзе. У 1959 годзе ў Шклове ствараецца школа мастацтваў, доўгі час якую ўзначальваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталій Аляксеевіч Бабчанка. Працуе зараз у Шклове і спецыалізаваная дзіцяча - юнацкая спартыўная школа.

Падагульняючы гістарычны экскурс ў мінулае, можна адзначыць, што Шклоў па - ранейшаму з'яўляецца традыцыйным месцам адукацыі як прафесійнага, так і спецыяльнага накірункаў.

ЛІТАРАТУРА:

1. Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. Том 1. - Мн., 1979. - С. 732.

2. Брыгадзіч П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча. // Беларуская мінуўшчына. - 1997. - №4.

3. Государственный архив Могилевской области. Письмо 5 - 10/187 от 17.07.2008г.

4. Ігнацьеў В. З гісторыі Шклоўшчыны. // Ударны фронт. - 1983. - 17 верасня.

5. Ільюшэнка М. На шлях суцэльнай пісьменнасці. // Ударны фронт. - 1991. - 28 верасня.

6. Ільюшэнка М. На скрыжаванні часоў. // Ударны фронт. - 1985. - №47.

7. Краткая еврейская энциклопедия. Том 10, кол. 224 - 227.

8. Левко О.Н. Средневековые территориально-административные центры северо-восточной Беларуси: Формирование и развитие. - Мн.: Бел.навука, 2004. - С. 106 - 110.

9. Опыт описания Могилевской губернии. Книга 2. - Могилев на Днепре, 1884. - С. 43 - 47.

10. Прамысловыя прадпрыемствы дарэвалюцыйнай Беларусі. - Мн., 1988. - с.313, 314.

11. Россия. Полное географическое описание нашего отечества. / Под ред. Семёнова В.П. Том 9. - СПб., 1905. С. 468.

12. Самусік А. Магілёўская брацкая школа ў святле эвалюцыі агульнаеўрапейскай гуманістычнай сістэмы педагогікі 16 - 17 стагоддзяў. // Гістарычнае і сацыякультурнае развіццё Магілёва. Зборнік навуковых прац удзельнікаў 5 навуковай канферэнцыі "Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць". Магілёў, 2007. - С. 27 - 32.

13. Харлампович К. Западнорусские православные школы 16 и начала 17 века. / К. Харлампович. - Казань: Типо - литография Имп. Университета, 1898. - С. 371.

14. Topolska M. Szklow i jego rola w gospodarce Bialorusi wschodniej w 17, 18 wieku. - Poznan, 1962. - C. 139.

Спаская царква

Горад Магілёў яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага з'яўляўся буйным асяродкам праваслаўя з мноствам старажытных храмаў. Спаская царква ў Магілёве выконвала асаблівую ролю, бо Спас лічыўся заступнікам нашага горада. Спаская царква ў Магілёве вядомая з 1478 года. Будынак быў драўляны. Пры храме быў манастыр з манаскімі келлямі. У 1578 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый даў архіепіскапу Феафану (Багдану) Рэпінскаму грамату на манастыр, але пазней перадаў яго мяшчанам.

У 1594 годзе пабудавана новая царква. З 1618 года, калі магілёўцы не пусцілі ў горад уніяцкага архіепіскапа Іясафата Кунцэвіча, манастыр з царквой на доўгі час пераходзіць да ўніятаў. Амаль трыццаць год манастыром кіраваў намеснік Гервасій Гасцілоўскі. У 1632 кароль Уладзіслаў IV у сваіх "Артыкулах заспакаення рэлігіі грэчаскай" прызначыў манастыр для рэзідэнцыі епіскапаў Магілёўскай праваслаўнай епархіі, але сойм зноў замацаваў яго за ўніятамі. Па Збораўскай дамове з 1649 года манастыр вяртаецца да праваслаўных, і ў ім жыве епіскап Іосіф Канановіч-Гарбацкі. У 17 стагоддзі, калі манастыр перайшоў да праваслаўных, у ім была зацверджана кафедра епіскапа і, адпаведна, кафедральным саборам стала Спаская царква. У час Паўночнай вайны ў 1708 годзе, калі па загадзе маскоўскага цара Пятра І Магілёў быў цалкам спалены, згарэў і драўляны будынак храма разам з манастыром. І ў 1710 годзе з дошак была пабудавана часовая царква, якая стаяла на падпорах і "хісталася ад ветру".

У 1740 годзе быў урачыста закладзены мураваны сабор, на які расійская імператрыца Ганна Іаанаўна загадала выдаткаваць 10 тысяч залатых рублёў. Храм павінен быў размяшчацца над высокай Дняпроўскай кручай і яго выява здалёк была добра бачная. Значную фінансавую дапамогу аказвала і імператрыца Елізавета Пятроўна, а яе каштоўныя падарункі захоўваліся ў царкве яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя.

Магілёўскія епіскапы Іосіф і Геранім Валчанскія клапатліва кіравалі будаўніцтвам. У 1742 годзе будынак быў пабудаваны ўжо на палову. А ў 1748 у часы Гераніма Ваўчанскага будаўніцтва дайшло да ўзроўню даху, але ў тым жа годзе здарыўся моцны пажар, і ад новага храма засталіся толькі сцены. У 1754 годзе Г. Ваўчанскага пахавалі ў алтары недабудаванага храма.

У 1755 г. у Магілёў быў запрошаны новы епіскап з Украіны, рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі Георгій Каніскі. Епіскап Георгій быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу: грамадскі дзеяч, філосаф і педагог. Дабудавана Спаская царква была менавіта дзякуючы Г. Каніскаму, па запрашэнні якога ў 1756 годзе з Вільні прыехаў вядомы архітэктар Іаган Крыштаф Глаўбіц. Г. Каніскі як заказчык падкрэсліваў, што гэты дойлід "у саёй справе мастак і ў дагаворах пастаянны". Георгій Каніскі быў пахаваны ў новай мураванай Спаскай царкве і над яго магілай была замацавана медная дошка з эпітафіяй, якую ён сам напісаў:

Колыбель - Нежин, Киев мой учитель,

Я в тридцать восем лет назван:

Святитель.

Семнадцать лет боролся я с волками.

А двадцать два, как Пастырь,

отдохнул с овцами.

За претерпенные труды и непогоду

Архиепископом и Членом стал Синоду,

Георгий именем, я из Конисских дому,

Коню подобен был я почтовому.

Тут трупа моего зарыты кости.

В год семисотый пятый девяностый.

Архітэктар Іаган Глаўбіц (1700 - 1767) - адзін з найбольш вядомых і запатрабаваных архітэктараў у Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне 18 стагоддзя. Стваральнік і самы яскравы прадстаўнік архітэктурнага стылю віленскага барока. Даследчыкі адзначаюць, што яскравай асаблівасцю стылю Глаўбіца з'яўляюцца дзве высокія шматярусныя вежы на галоўным фасадзе, а паміж імі фігурны франтон. Майстар выконваў заказы прадстаўнікоў розных канфесій: каталікоў, праваслаўных, уніятаў і пратэстантаў. На Беларусі Глаўбіцам былі пастаўлены вядомыя помнікі архітэктуры: адбудаваны пасля Паўночнай вайны Сафійскі сабор у Полацку, царква ў Сталовічах, кармеліцкі касцёл у Мсціславе, палац епіскапа і Спаская царква ў Магілёве...

Узнёслы сілуэт Спаскай царквы ўзвышаўся над поймай Дняпра і выразна вылучаўся сярод жылой забудовы верхняга горада. Разам з Багаяўленскім манастыром і ратушай царква з'яўлялася архітэктурнай дамінантай гістарычнага цэнтра Магілёва. Галоўным фасадам яна была арыентавана ў бок ратушы, а алтарнай часткай выходзіла да палаца епіскапа. Пры ўзвядзенні будынка І.Глаўбіц ўлічыў канкрэтныя ўмовы і традыцыі, якія існавалі ў той час у культавым дойлідстве Магілёва. А таму ў архітэктуры царквы былі выкарастаны будаўнічыя прыёмы магілёўскай школы дойлідства. Згодна з беларускім гісторыкам архітэктуры Тамарай Габрусь, Спаскі сабор меў незвычайную для праваслаўя трохнефную крыжова-купальную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Архітэктурны тэрмін "неф" азначае "карабель", прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр'ера, абмежаваная з аднаго ці двух бакоў радам калон , або слупоў. Бывае неф сярэдні, бакавы і папярочны (трансепт).

Працяг будзе.

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

"На перавалах часу і прасторы задумацца над пройдзеным хачу…"

На літаратурнай хвалі

Пасля перапынку аднавілася штомесячнае правядзенне пасяджэнняў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Знамянальна, што першае ў бягучым годзе такое паседжанне было прысвечана выхаду новай - ужо сёмай - кнігі аднаго з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных лідскіх пісьменнікаў Уладзіміра Гаўрылавіча Васько. Называецца гэта новая кніга "На перавалах часу".

Уладзімір Васько - асоба даволі вядомая на літаратурнай Лідчыне (ды і не толькі Лідчыне). Амаль трыццаць гадоў ён аддаў працы ў "Лідскай газеце", у тыя ж гады быў кіраўніком літаратурнага аб'яднання пры ёй (дарэчы, ён жа даў літаб'яднанню назву - "Суквецце"). З 2007 года з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Як пісьменнік друкуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Выдаў кнігі паэзіі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), кнігі прозы "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017, аўтабіяграфічная кніга), кнігі паэзіі і прозы "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021).

У кнізе "На перавалах часу", акрамя традыцыйных раздзелаў "Вершы" і "Проза", ёсць новыя для аўтара раздзелы: "Байкі", "Разважанні аб літаратуры" (у апошні ўвайшлі рэцэнзіі Уладзіміра Гаўрылавіча на кнігі асобных лідскіх паэтаў). Па ўласным прызнанні аўтара, работа яго над новай кнігай пачалася не з вершаў, а з аповесці "Памылка", якая спачатку была задумана як апавяданне. Аўтару падуладны розныя літаратурныя жанры: вершы, байкі, апавяданні, аповесці. У якім бы жанры ён ні пісаў, мова твораў сакавітая і вобразная, думкі аўтара глыбокія, кожны твор дыхае энергіяй душы творцы - душы, якая імкнецца ўвабраць у сябе сусвет, зліцца з навакольнай прыродай, жыва рэагаваць на розныя праявы жыцця. Аўтар задумваецца над пройдзеным жыццёвым шляхам, над прызначэннем паэта, над лёсам чалавецтва і ўсёй планеты.

За герояў яго празаічных твораў перажываеш, з цікавасцю сочыш за тым, як складваецца іх лёс, як складваюцца іх адносіны паміж сабой. Байкі напоўнены жывым народным гумарам, трапнымі апісаннямі дзейных асоб (пераважна жывёл), раскрыццём іх характару праз асаблівасці іх мовы. А ў вершах чытач знойдзе і пейзажную, і інтымную, і грамадзянскую, і філасофскую лірыку. Аўтар улюбёны ў жыццё, поўны стваральнай энергіі, жадання дзейнічаць, пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку.

Хачу абняць душой сусвет.

Кіпіць энергія, бы магма.

Не афрыканская я малпа,

а просты сённяшні паэт.

Паэт умее радавацца кожнаму дню, заўважаць незвычайнае і прыгожае ў звычайным:

Глядзі, які радасны, велічны дзень!

Якія цюльпаны, ружы якія!

На лісці зялёным, зусім маладым,

расінкі брыльянтамі

свецяцца ярка.

Квітнее вясёлка, квітнеюць сады.

Бывай, дажджавая

пралётная хмарка!

Пазбавіцца ад дрэннага настрою, ад тугі паэту дапамагаюць навакольная прырода, мясцовыя краявіды. Паэт разумее мову прыроды, умее ўбачыць у яе з'явах штосьці незвычайнае: "я з дубам гаманю, бы з атаманам", "стаіўся корч ваўчыцаю галоднай", "музычна плюскаюцца хвалі і дражняцца з прыгнутаю лазой". Прырода (напрыклад, лес) уздымае настрой, натхняе на новыя вершы:

Прызнацца, весела тут мне,

прасторна новенькай задуме.

Знаходжу тэмы я ў дупле

і ў гняздзе дразда на дубе.

Уражваюць таксама пасапраўднаму паэтычныя, узнёслыя, рамантычныя вобразы інтымных вершаў. Напрыклад:

…Юная каханая мая

мне падарыла залатыя вёслы,

і лодку з пазалочанай кармой,

і ветразь, нібы лебедзь,

белы-белы…

Або такія параўнанні, метафары: "у цябе паходка нібы хваль акорд", "салаўіны песенны прыбой", "блікі сонца грудзі цалавалі" і г. д.

Ёсць у кнізе і вершы, у якіх аўтар задумваецца над будучым Зямлі, выказвае свае хваляванні з нагоды глабальных экалагічных праблем, узброеных канфліктаў у розных кропках планеты, а таксама пажаданні, "каб на Зямлі ўсе жылі ў вечнай згодзе", "захаваць багацці нашы ў нетрах, стронцыям зямлю не запляваць". "Калі заменім атамную бомбу на свежы і салодкі, смачны кекс?" - задаецца пытаннем аўтар.

І, канешне ж, аўтару блізкая тэма паэта і паэзіі. Ён гаворыць, што голас сапраўднага паэта прыемны для слыху, у гэтым голасе не адчуваецца здрады, фальшы і ён прыходзіць да паэта ад Бога. Паэт раіць такому ж паэту:

Не спі, а твары па начах,

эпітэты складвай, як дровы.

Каб талент зусім не зачах,

шапчы ад бяздушша замовы.

Круціся, хвалюйся, гары…

Асобны верш аўтар кнігі прысвяціў літаб'яднанню "Суквецце". Верш "Літаб'яднанню "Суквецце"", а таксама некаторыя іншыя вершы Уладзіміра Васько былі зачытаны падчас прэзентацыі яго новай кнігі ў раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На прэзентацыі, акрамя лідскіх паэтаў, прысутнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар "Лідскай газеты" Кацярына Серафіновіч, намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік, галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка, некаторыя сябры Уладзіміра Васько. Прысутныя віншавалі Уладзіміра Гаўрылавіча з выхадам новай кнігі і жадалі яму моцнага здароўя, нязгаснага натхнення, новых творчых здабыткаў, яшчэ шмат гадоў тварыць і прыходзіць на паседжанні "Суквецця".

Аляксей КРУПОВІЧ

Уладзімір ВАСЬКО

* * *

Ад зоркі да зоркі - мой крок.

Натхнёны іду па сусвеце.

Абвостраны слых, абвостраны зрок.

Насустрач Купала едзе ў карэце.


Спыняе каня і руку падае,

у Вязынку просіць заехаць -

і радасць з вялікай нагоды тае

пульсуе на Марс і на Месяц.


З Купалам паўсюль прагну быць -

у вёсках і буйных сталіцах,

і нацыі верна служыць,

і краем сваім ганарыцца.

Пацалавацца

Раскладу касцёр па-над ракой,

буду ім да ночы любавацца.

Я хачу спаткацца тут з табой,

я хачу з табой пацалавацца.


Будзе міла полымя шугаць,

будзе дым над гаем слацца, слацца.

Хай гарыць агнём мая туга!

Ты бяжы сюды пацалавацца!


Салаўіны песенны прыбой

стане з чыстым небам хвалявацца.

Я хачу сустрэцца тут з табой,

я хачу з табой пацалавацца.

Уяўленне

На месцы не ўтрымаецца ўяўленне:

яму зацесны ціхенькі куток.

Яно то вылівае на патэльню

з бялка аблокаў сонечны жаўток,


то гойсае з планеты на планету,

абы пад цёплай коўдрай не драмаць,

то памагае здольнаму паэту

метафары ў космасе шукаць.


Яго не схопіш, як быка за рогі,

не кінеш, бы саломінку пад плот.

У яго непрадказальныя дарогі,

няўлоўны, не заблытаны палёт.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX