Папярэдняя старонка: 2021

№ 15 (1530) 


Дадана: 14-04-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1530), 14 красавіка 2021 г.

1200-ты нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе

Засеўкі на Лідчыне

Ва ўрачыстай абстаноўцы абрад "Засеўкі" (а старадаўнюю традыцыю лідскія аграрнікі выконваюць дагэтуль) сёлета прайшоў на базе сельгаспрадпрыемства "Пескаўцы".

На полі ля вёскі Лазяны сабраліся кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі духавенства, працаўнікі культуры, каб разам правесці традыцыйную цырымонію, якая спрыяе паспяховасці сельскагаспадарчага года.

Павіншаваў працаўнікоў сяла з пачаткам палявых работ і выказаў упэўненасць, што яны будуць паспяховымі, старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік. Звяртаючыся да аграрнікаў, кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу прысутных: вясновыя работы трэба правесці ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны. Ярыну пасеяць да 20 красавіка, кукурузу - да 9 траўня.

- Летась надвор'е так распарадзілася, што ўжо 7 сакавіка трактары выйшлі ў поле, - узяў слова Сяргей Ложачнік. - Сёлета мы выходзім 23 сакавіка. Уся тэхніка якасна падрыхтавана да вяснова-палявых работ. А, як вядома, калі ўмела яе рыхтаваць, граматна працаваць, заўсёды будзем з хлебам. Мінулы год паказаў, што нам ёсць чым ганарыцца. У некаторых гаспадарках ураджайнасць была 200 адсоткаў да ўзроўню 2019 года. Калі раней у полі бачылі два ці нават тры культыватары, якія перад сеялкай "бегалі" для таго, каб падрыхтаваць глебу, то сёння гэта адзін культыватар, а за ім ідуць дзве сеялкі. Вядома, мы можам наракаць на нябесную канцылярыю, але спачатку самі павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, прынамсі - правесці работы ў палях якасна. Радасна, што вясновыя работы пачынаем з добрым настроем, поўнымі бакамі паліва, якасным пасяўным матэрыялам. Упэўнены, вынік будзе не горшы, нават лепшы за леташні.

Сяргей Ложачнік і кіраўнік КСУП "Пескаўцы" Тадэвуш Рахатка кінулі ў зямлю першыя зерні будучага ўраджаю, і толькі пасля гэтага ў поле выйшлі магутныя трактары з пасяўнымі агрэгатамі. Народны абрад "Засеўкі" даў старт вялікай усеагульнай працы. І задачы перад калектывамі гаспадарак пастаўлены не завоблачныя, а цалкам рэальныя.

- У глебе досыць вільгаці, угнаеннямі мы забяспечаны. Таксама да пачатку правядзення вяснова-палявых работ у кожнай з дзевяці сельгазарганізацый распрацавана сістэма аплаты працы і прэміявання, што дазволіць правесці работы якасна і ў тэрмін. А ў цэлым для забеспячэння выхаду на прагнозныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі раслінаводства нам трэба пасеяць 18 тысяч гектараў ярыны і зернебабовых культур, - распавяла намеснік старшыні, начальнік кіравання сельскай гаспадаркі і харчу Лідскага райвыканкама Вольга Наройчык.

Засеўкі аздаблялі народнымі песнямі работнікі Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Вольга Капцевіч. На верхнім здымку: засеўкі пачынае старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.

Старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле - 85

11 красавіка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонцы Сурвіле спаўнілася 85 гадоў. Івонка Сурвіла нарадзілася ў Стоўбцах, першыя гады жыцця правяла ў Засуллі, потым з бацькамі пераехала ў Баранавічы. Потым былі Усходняя Прусія, Данія, затым - Парыж, Мадрыд, Атава… Івонка Сурвіла вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы, скончыла лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэта. Рыхтавала беларускія перадачы на іспанскім радыё ў Мадрыдзе, працавала ў Бюро перакладаў пры Федэральным урадзе Канады. Была сузаснавальніцай і старшынёй канадскага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Ад 1997 года Івонка Сурвіла - Старшыня Рады БНР.

Радыё Рацыя.

Прэмію Багушэвіча атрымаў Сяргей Абламейка

30 сакавіка Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў вынікі Прэміі Францішка Багушэвіча, якая ўручаецца за найлепшую гістарычную прозу. Лаўрэатам стаў доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка за кнігу "Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі". Кніга выйшла ў серыі "Бібліятэка Свабоды". У кнізе Абламейка па-новаму паглядзеў на ролю і значэнне кіраўніка антырасейскага вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў.

lit-bel.org.

Лёс беларускай мовы можа быць вырашаны ў гэтым годзе

Зараз у нашай краіне ідзе гаворка аб так званай канстытуцыйнай рэформе. Хто толькі пра яе не гаворыць у СМІ, на розных форумах, сайтах і стрымах.

Адно з самых балючых пытанняў, гэта колькі дзяржаўных моваў павінна быць у будучай дэмакратычнай Беларусі. Адна ці дзве? Дарэчы. У свой час Бабарыка гаварыў пра тры мовы: беларускую, рускую і англійскую. Пасля таго, як у жніўні мінулага года да мірнага беларускага супраціву далучылася масава рускамоўнае насельніцтва нашай краіны, якое адразу прызнала нацыянальную сімволіку як сваю, але пераходзіць на беларускую мову ў іх вялікага жадання не было, яны зноў, як у далёкім ужо 1995 г., сталі на пазіцыі тых, хто пад уплывам Крамля навязаў краіне так званае двухмоўе. Наіўныя людзі верылі, што ў Беларусі будзе ідэальная сітуацыя, пра якую калісьці казаў старшыня ВС БССР Дземянцей: "У нас, хто как хаціт, тот так і гаварыт".

У выніку ж разгарнулася татальная русіфікацыя ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Асабліва ў адукацыі і сістэме дзяржаўнага кіравання. Гэта вельмі падабалася Крамлю, які не шкадаваў грошы і ўсяляк падтрымліваў і зараз падтрымлівае русіфікатараў. Уладзімір Пуцін вылучыў асобную канцэпцыю "русского мира", дзе ёсць асобныя праграмы падтрымкі спачатку грашыма, а потым і зброяй так званага "русскоязычного населения". Гэта ідэя легла ў абгрунтаванне анексіі Крыма і вайны на Данбасе. Цікава, што пасля ўмяшальніцтва Пуціна ў армяна-азербайджанскі канфлікт у непрызнанай армянскай рэспубліцы Арцах (Нагорны Карабах) з'явілася яшчэ адна дзяржаўная мова - руская. Такая сітуацыя зараз у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Пра дзве дзяржаўныя мовы на Беларусі зараз гаворыць каманда Ціханоўскай, блогерка і палітык Вольга Карач, прыхільнікі новай партыі "Вместе" і іншыя аматары "великого и могучего языка и великой культуры".

Прыводзяць прыклады двухмоўя ў Бельгіі і Ірландыі, і нават Індыі, ужо не кажучы пра Швейцарыю. Але ў Бельгіі жывуць два народы - валоны і фламандцы, і таму ў іх дзве дзяржаўныя мовы. Кожны швейцарскі кантон мае адну мову, на якой і гаворыць. Урад Ірландыі траціць вялікія сродкі, каб хоць неяк захаваць сваю родную мову, але яна паступова знікае і асаблівай перспектывы на захаванне не мае.

А што мы маем зараз у Беларусі? Мы адна з самых монанацыянальных краін Еўропы, бо беларусы складаюць у нас больш за 80 % насельніцтва. На апошнім перапісе, нягледзячы на 25 год русіфікацыі, больш за 50 % грамадзян Беларусі назвалі роднай мовай беларускую, прычым акрамя беларусаў, гэта і палякі, і рускія, і татары, і яўрэі. Насельніцтва краіны збольшага разумее беларускую мову, бо вывучае яе ў школе.

Доўгі час крыніцай захавання беларускай мовы была наша вёска. Але зараз яна імкліва вымірае, і мы сталі адной з самых урбанізаваных нацый у Еўропе. Толькі ў Менску жыве 2 млн. чалавек. Але дзеці ў Менску і вялікіх гарадах, асабліва ў малым узросце (3-6 гадоў), ужо зусім не разумеюць беларускай мовы, а калі яны ідуць у рускамоўную школу, то беларуская мова там для іх чужая, замежная і, галоўнае - непатрэбная, бо ўсе ВНУ краіны рускамоўныя.

Цалкам рускамоўныя войскі, суды, міліцыя і амаль увесь дзяржаўны апарат.

Таму калі мы пакінем дзве дзяржаўныя мовы, то за бліжэйшыя 25 год у нас застанецца адна дзяржаўная мова, і, вядома, не беларуская.

Калі за гэты час нас не захопіць Расія, то нас чакае лёс нават не Ірландскай рэспублікі, але, бадай, лёс Белфаста (Паўночнай Ірландыі), якая належыць Брытаніі, а мова ірландцаў там у поўным заняпадзе.

Таму, калі мы хочам жыць, як у Чэхіі, Даніі, Славакіі, Галандыі, мы павінны вярнуць беларускай мове, як адзінаму фактару існавання самастойнай беларускай нацыі, статус адзінай дзяржаўнай мовы. У Канстытуцыю можна запісаць пункт, што статус выкарыстання рускай і іншых замежных моў у краіне вызначаецца асобным законам. Гэты закон у нас існуе з 1990 г. і называецца "Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Яго трэба ўдасканаліць і дапрацаваць. Там запісана, што на пераход да беларускай мовы патрэбна 10 год. Але павінны быць запіс, што ўсе дзяржаўныя чыноўнікі павінны здаваць пры прыходзе на службу абавязковы экзамен на веданне беларускай мовы, а на пэўных пасадах і англійскай. (Як, дарэчы, у Ірландыі)

У адпаведнасці з вынікамі апошняга перапісу з 2022 году не менш, чым 50 % усіх школ і ВНУ краіны пераводзяцца на беларускую мову навучання. Кожны беларускамоўны грамадзянін краіны мае права ва ўсіх сферах жыцця карыстацца беларускай мовай на роўных правах з рускамоўнымі грамадзянамі.

Асноўная мова дзяржаўнага апарата краіны - беларуская. Аднак на працягу 10 гадоў па пісьмовай просьбе рускамоўных грамадзян краіны яны могуць карыстацца рускай мовай у перапісцы з чыноўнікамі, у судах, банках і іншых дзяржаўных структурах, навучацца на рускай мове ў школах і ВНУ.

Закон аб мовах пасля прыняцця Канстытуцыі можна вынесці на грамадскае абмеркаванне, каб удасканаліць яго асобныя палажэнні.

Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Зварот да сяброў рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны

Высокашаноўныя і высокаадказныя сябры Рады ТБМ! На спецыяльным паседжанні Рады ТБМ афіцыйна заявіце народу Беларусі галоўны лозунг дзейнасці ТБМ: "За адзіную дзяржаўную беларускую мову у Беларусі!"

Звяртаюся да Вас шчыра з просьбай, а ні ў якім разе не з крытыкай, асэнсаваць хібную стратэгію дзейнага кіраўніцтва ТБМ па абароне беларускай мовы, прадстаўленую ў Звароце да грамадства "Наша задача - зрабіць беларускую мову адной з паўнапраўных моў аб'яднанай Еўропы" ("Наша слова" № 12, 24.03.21 г.). Еўропа ўспрымае наша беларускае канстытуцыйнае двухмоўе як роўнасць "паўнапраўных моў". Канстытуцыйнае двухмоўе ў цывілізаваных краінах успрымаецца як рэальная роўнасць. Хопіць ТБМ быць бэк-вакалістам нашаму канстытуцыйнаму двухмоўю Прэзідэнцкай вертыкалі. Час паказаў, што яно смяртэльнае для беларускай мовы. Толькі адзіная дзяржаўная беларуская мова ёсць шлях для яе выратавання. Таму галоўныя стратэгія і тактыка: за адзіную дзяржаўную беларускую мову!

Абгрунтаванне. Гвалтам накінутае на нашу вольную і незалежную дзяржаву ярмо рускамоўнай татальнай русіфікацыі падвяло беларускую мову і яе стваральнікаў і носьбітаў - беларускі народ да вымірання: лінгвацыду і этнацыду. Падаю навуковыя тэрміны: "Лінгвацыд (літар. "мовазабойства" ці глотафагія) - комплекс мер адміністрацыйна-палітычнага, а таксама эканамічнага характару, накіраваных на выкараненне мовы, звычайна ў рэгіёнах яе спрадвечнага распаўсюду. Этнацыд (ад грэц. etnos - народ і лат. caedo - забіваю) - палітыка знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці, самасвядомасці народа". "Этнацыд можа праводзіцца як праз палітыку асіміляцыі, так і падчас станаўлення новых нацый праз знішчэнне ці змену самасвядомасці старых".

Уладная Прэзідэнцкая вертыкаль адразу пасля ўсталявання сваёй улады адмяніла артыкул Канстытуцыі 1994 года аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове і ўвяла так званае двухмоўе. Пачалося выцісканне беларускай мовы з ўсіх сфераў дзяржаўнага і грамадскага жыцця мірна-агрэсіўнай русіфікацыяй, самой беларускай дзяржавай, што не магчыма асэнсаваць. Вынік "двухмоўя": на сёння стан беларускай мовы катастрафічны. Беларускі народ на сваёй гістарычна-этнічнай зямлі, адзіны народ сярод народаў былога СССР, стаў бязмоўны ў сваёй роднай этнічнай беларускай мове. І адзіны народ, які пагадзіўся цярпець шалёную русіфікацыю, што праводзіць дзейная ўлада пад прыкрыццём смяртэльна-забойчага канстытуцыйнага так званага двухмоўя.

"Наша слова" апошнія гады неаднакратна гаварыла з чытачамі аб трагічным стане беларускай мовы ў Беларусі, уносіла канкрэтныя прапановы па яе выратаванні і беларусаў, як нацыю, ад вымірання. Для прыкладу артыкул "За адзіную дзяржаўную беларускую мову" ("Наша слова" № 13, 25.03.20 г.). Успомніце 13 і 14 з'езды ТБМ, на якіх уносіўся праект "Аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове". На дзіва, ён не быў ўключаны ў парадак дня з'езда.

У праекце "Беларуская мова як адзіная дзяржаўная - галоўны гарант рэальнага суверэнітэту нашай Бацькаўшчыны" прапаноўвалася (галоўнае):

"а) аднавіць дзейнасць гістарычных па сваім значэнні законаў аб мовах, прынятых дэпутатамі БССР. Гэта "Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 г.), "Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 г.) і "Закон Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі Беларускай ССР"(26 студзеня 1990 г.);

б)альбо у бліжэйшы час прыняць новы Закон аб адзінай дзяржаўнай мове - беларускай".

На жаль, гэты праект (да 13 і 14 з'ездаў ТБМ) ужо сёння стаў гістарычным артэфактам для ацэнкі ролі канстытуцыйнага двухмоўя і нашай (і маёй) дзейнасці-бяздзейнасці ТБМ у барацьбе за адзіную дзяржаўную беларускую мову.

Мэта адукацыйна-выхаваўчай работы ТБМ: беларускі народ павінен мець цвёрдае перакананне, што панаванне рускай мовы ў сучаснай Беларусі, гэта не гістарычная непазбежнасць, не добраахвотны выбар рускай мовы нашымі прашчурамі, а вынік свядомай, сістэмнай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі на працягу больш, чым двух стагоддзяў, ад якой, на вялікі жаль, Прэзідэнцкая вертыкаль не адышла і па-сёння.

Мікола Савіцкі, прафесар.

На Беларускай чыгунцы пабольшала беларускай мовы

На Беларускай чыгунцы зацверджаны тыпавыя тэксты інфармавання пасажыраў на вакзалах, станцыях і прыпынках. Як стала вядома "Палескай Вясне", загад па іх зацвярджэнні падпісаў 25 лютага першы намеснік начальніка БЧ Іван Шылаў.

У дакуменце кіраўнікам аддзяленняў чыгункі загадваецца забяспечыць з першага красавіка трансляцыю абвестак на ўсіх станцыях і прыпынках на беларускай мове. У цягніках рэгіянальных ліній абвесткі па-беларуску гучалі ўжо некалькі гадоў. Цяпер гэта правіла распаўсюдзілася і на цягнікі міжрэгіянальных ліній.

Абуджаны вясной дзівосны спеў

Вясна, Радзіма, мацярынская ласка, пяшчота, мілосць. Адвечныя тэмы, якія грэюць сэрца. Вялікдзень. Свята Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы. Малітва за Беларусь.

Цудоўным быў 7 красавіка канцэрт лаўрэата агульнанацыянальнага конкурсу "Эўрыдыка" і іншых, спявачкі аддзела Белдзяржфілармоніі для дзяцей і юнацтва Галіны Сакольнік . У канцэрце ўзялі ўдзел Андрэй Дзяргай (кларнэт), Наталля Змітровіч (цымбалы), Таццяна Лясун (фартэпіяна), а таксама юная Віталіна, дачушка артысткі. На свяце прысутнічала кампазітар Аліна Безансон.

Публіка была ў захапленні ад узвышанай, густоўнай, мілай Галіны Сакольнік, якая правяла цудоўны канцэрт "Святло роднага дому", дзе прагучалі творы беларускіх кампазітараў - А. Безансон, Г. Гарэлавай і іншых, песні на словы Міхаіла Ясеня, Валянціна Семянякі. Мацярынская пяшчота, вясна, каханне - адвечныя тэмы, якія хвалююць слухачоў. Дыяпазон твораў спявачкі вельмі разнастайны - і духоўныя, і лірычныя, і жартаўлівыя спевы.

Даўнім з'яўляецца супрацоўніцтва Галіны Сакольнік з кампазітарам Алінай Безансон, што належыць да творцаў, якім уласцівы глыбокая захопленнасць духоўнымі тэмамі і вобразамі, пошук новых форм і жанраў, экспрэсіўнасць музычнай мовы.

"Незабыўны аўтограф на памяць аб канцэрце ад лаўрэата агульнанацыянальнага конкурсу песні Ганны Герман "Эўрыдыка" неверагодна абаяльнай уладальніцы срэбнага голасу Галіны Сакольнік атрымала на памяць. Уладальніца чароўнага меца-сапрана так замілавана выконвае музычныя творы на вершы беларускіх паэтаў, што кранае глыбінныя струны душы і падымае да вяршынь любові і адухоўленасці, пяшчоты і нацыянальнай самабытнасці. Словы глыбокай павагі і ўдзячнасці спявачцы і ўсім артыстам, хто мае дачыненне да цудоўнага дзейства", - адазвалася аб падзеі паэтка і мастачка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Святлана Раманава.

Э. Дзвінская , фота аўтара.

Велікодныя спевы дораць надзею

Вядомы оперны артыст Ілля Сільчукоў, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, які ствараў высакародныя вобразы, выконваючы галоўныя мужчынскія ролі ў пастаноўках "Іаланта", "Чароўная флейта", "Яўгеній Анегін", "Травіята", "Севільскі цырульнік", у кастрычніку быў вымушаны сысці з Нацыянальнага Акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, але працягвае служыць сваім талентам беларускаму народу. Восенню ён запісаў моцны кліп з песняй "Магутны Божа", удзельнічаў у відэазвароце дзеячаў культуры.

Пасля паездкі да бацькоў у Злучаныя Штаты Амерыкі спадар Ілля вярнуўся ў Менск і працягвае несці духоўнае музычнае служэнне ў евангельскай царкве "Святло Ісціны". Тут артыст выступіў са спевамі на Вялікдзень разам з групай музычных служыцеляў.

Адораны артыст з'яўляецца ўладальнікам медаля Францыска Скарыны (2015), лаўрэатам III прэміі Міжнароднага конкурсу вакалістаў у г. Портафіні (Італія, 2017), дыпламантам, уладальнікам Belvedere Preis і Helikon Preis XXX Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Ганса Габара "Бельведэр" (Аўстрыя, Вена, 2011 г.), лаўрэатам I прэміі ХХІ Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. Шнайдэр-Трнаўскага (Славакія, г. Трнава, 2010 г.), лаўрэатам I прэміі I Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. Магамаева (Расія, г. Масква, 2010 г.) і іншых міжнародных конкурсаў.

Спадар Ілля ў мінулым годзе быў адным з герояў кнігі "ЛІНІІ СВЯТЛА", якая выходзіла ў выдавецтве " Кнігазбор". Мы гутарылі са спадаром Іллём у чэрвені мінулага года і вось зноў адбылася новая сустрэча.

- Спадар Ілля, у Вашай сям'і захоўваюцца трывалыя традыцыі веры. Падзяліцеся, калі ласка, гэтым досведам.

- Гэтыя традыцыі ідуць ад маёй прабабулі Марфы. У вёсцы Вязьма Магілёўскай вобласці існавала з пачатку ХХ стагоддзя евангельская царква. У канцы 20-тых гадоў пачаліся рэпрэсіі супраць вернікаў. Мая прабабуля захавала веру і перадала сваім чатыром дзецям. Мой прадзед Іван Барысавіч загінуў у 1941 годзе пад Смаленскам. Прабабуля Марфа не выходзіла больш замуж, выхоўвала дзяцей адна. Дзеці выраслі свядомымі хрысціянамі, надзейнымі людзьмі, у іх - шматдзетныя сем'і. Мой дзед Яўгеній Іванавіч Сільчукоў стаў пастарам евангельскай царквы ў Слуцку ў 60-тыя гады. Але ў Хрушчоўскія часы ганенні абрынуліся на вернікаў. У 1961 годзе было прынята заканадаўства пра рэлігійныя культы, іх царква была падзелена (частка яе пайшла на саступкі ўладам, а частка засталася "катакомбнай").

Дзед быў двойчы асуджаны па артыкуле "За антысавецкую прапаганду і паклёп на савецкую рэчаіснасць", па якім ён атрымаў па 5 і 10 гадоў зняволення. Дзеці яго, у тым ліку, мой тата, выраслі без бацькі. Я ўдзячны свайму дзеду за маральны прыклад. Ён зрабіў свой выбар на карысць Бога, не здрадзіў сваім перакананням. Ён жыве зараз ў Слуцку, захоўвае жывы светлы розум, пастаянна чытае Біблію, ён - яркі суразмоўца. Я памятаю, як зімовымі вечарамі мы едзілі за горад на рэпетыцыі царкоўнага хора, як багаслужэнні разганяла міліцыя. Маму выключылі з трэццяга курса з інстытута. Цяпер гэта ўсё ў мінулым. Але я вырас у атмасферы, калі трэба мець маральныя арыентыры ў жыцці і быць гатовым за іх адказваць.

Мой дзед не азлобіўся супраць тых, хто яго прыцясняў, у ім адчуваецца ласка Божая. З яго я браў прыклад трывалых маральных паставаў. У мяне ў сям'і ёсць такія крэмені, добрыя прыклады для мяне!

- І голас таксама дастаўся ад іх?

- Мая бабуля Алена Мітрафанаўна Сільчукова вельмі добра спявала, і мой прапрадзед Барыс быў запявалам у палку ў Першую сусветную вайну. Ён спяваў так, што на другім баку Друці было чутно. Голас - гэта Божы дар, і трэба прыкладаць намаганні, каб развіваць яго. Я вырас на рэпетыцыях царкоўнага хору. Рэпетыцыі ладзіліся ў Воўкавічах пад Менскам, бацькі бралі мяне з сабой, ішлі пешшу два кіламетры ад станцыі. Тады я першы раз сустрэўся з музыкай. Я ўдзячны Богу за сям'ю, за бацькоў, якія аддалі мяне ў музычную школу з сямі год, падтрымлівалі маю адукацыю.

- Бацькі далучалі Вас да Слова Божага?

- З маленства мама чытала мне дзіцячую Біблію, гісторыі запалі ў сэрца, потым была нядзельная школа, удзел у царкоўных летніках, на якіх я пачаў чытаць Біблію самастойна. Шлях мой з Бібліяй доўжыцца ўжо 20 гадоў.

Для мяне Біблія - навігатар у жыцці, каб мець сістэму каардынат. Лічу, што кожнаму беларусу трэба прачытаць хоць раз у жыцці Біблію, і з гэтага могуць пачацца добрыя перамены. Будзе добра, калі народ звернецца да Слова Божага.

- У Вашай біяграфіі быў эпізод, калі Вы адмовіліся ехаць з бацькамі за мяжу і засталіся ў Менску, каб вучыцца ў Кансерваторыі.

- Так. На пачатку 2001 года бацькі павінны былі пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША, а ў мяне знайшоўся выдатны педагог Пётр Васільевіч Рыдзігер. Мы з ім вырашылі, што я застануся на Беларусі, каб атрымаць музычную адукацыю, бо ў іншай краіне яна была б пад пытаннем. Са мной разам былі мае бабуля і дзядуля, цёця, яны падтрымлівалі мяне, і я не быў самотным. А два мае браты з'ехалі ў ЗША і там жывуць зараз.

Спачатку я займаўся ў ліцэі, дзе быў выкладчыкам Сяргей Рыгоравіч Косцін, (мой педагог па вакале), спяваў у хоры. У 1999 годзе ён адвёз мяне на мой першы ў жыцці конкурс, на "Убельскую ластаўку". У гэтым конкурсе мяне пабачыў іншы мой педагог Адам Асманавіч Мурзіч. Па заканчэнні ліцэя я паступіў да яго ў вучэльню імя Глінкі. А пасля я скончыў Кансерваторыю ў Пятра Васільевіча Рыдзігера ў 2005 годзе і асістэнтуру ў 2007 годзе. У 2011 годзе я прайшоў моладзевую праграму Зальбурцкага музычнага фестывалю.

- Ваша сям'я таксама шматдзетная?

- Так, у нас трое дзяцей. Старэйшаму сыну мы хацелі даць імя, якое нясе сэнс. Лука - імя евангеліста. Луцый - той, які нясе святло. Лучана Павароці… Дачку мы назвалі Алівія - тая, якая нясе мір. Нашаму малодшаму сыну Лаўрэну два гады. Мая жонка Таццяна - салістка Нацыянальнага акадэмічнага опернага тэатра, мае меца-сапрана. Зараз яна даглядае дзіця.

- Спадар Ілля, прыгадайце, калі ласка, якой была Ваша першая роля ў тэатры.

- Калі казаць пра студэнцкі тэатр, маёй першай роляй была роля музыканта Шанара ў оперы "Багема" Пучыні. Выпускной працай з Беларускай акадэміі музыкі быў "Яўгеній Анегін". Летам 2005 года мы выступалі ў пары з Юрыем Гарадзецкім (Ленскім), нам тады было па 24 гады, і мы былі як раз ва ўзросце герояў Пушкіна.

Мне пашанцавала з тыпам голасу. Барытон - такі голас, які дазваляе выконваць ролі герояў з арыстакрытычнымі рысамі, якія звычайна носяць фракі, належаць да вышэйшага свету. Сюжэтная лінія барытона трывае да канца оперы. Тэнар у адрозненне ад яго - звычайна больш малады, імпульсіўны персанаж, заўсёды горача закаханы.

- Вы ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах салістаў за мяжой. Ці лёгка гэта было?

- У маім жыцці было больш за 25 конкурсаў. Усе яны - частка творчага росту. У 15-ці з іх я быў у якасці прызёраў, у іншых вылятаў пасля першага туру. Крок за крокам складваўся мой музычны лёс. Каб тварыць у агульнаеўрапейскім кантэкце, трэба ездзіць, слухаць, адточваць майтэрства. Калі малады спявак хоча развівацца, ён павінен рабіць інвестыцыі ў свой талент. На конкурсах мы вучымся адзін ад аднаго.

- Раскажыце, калі ласка, пра Ваш удзел у оперных пастаноўках за мяжой. Вы ўвасабляеце на сцэне сферу высокіх пачуццяў.

- У мінулым годзе я наведваў Тулузу ў Францыі. Там у старэйшым тэатры Дю Капітоль, якому больш за 300 гадоў, я ўдзельнічаў у пастаноўцы "Любоўны напой" Даніцэці. Думаю, што восенню зноў удасца выйсці на сцэну ў Францыі.

- Вы бралі чынны ўдзел у святкаваннях 200-гадовага юбілея Станіслава Манюшкі. Што гэта значыла для Вас?

- Манюшка - наш гонар. Можна сказаць, самы знакаміты мінчук у свеце! У Менску ён вучыўся, працаваў.

Мы з Віктарам Іванавічам Скорабагатавым і Беларускай капэлай праводзілі цыкл імпрэз "Чытыры стагоддзі беларускай вакальнай традыцыі," у якім цэлая частка была прысвечана Станіславу Манюшку. З Аляксеем Фраловым у некалькі гарадах мы выконвалі праграму "Хатні спеўнік Станіслава Манюшкі".

- Спадар Ілля, зараз артысты перажываюць няпросты час.

- Так. Многія тэатры ў Італіі, Францыі зачынены па прычыне эпідэміі кавіду. Але дзеячы культуры ў еўрапейскіх краінах атрымліваюць дапамогу ад урадаў. Мы, на жаль, такую дапамогу не атрымліваем.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных

Да 160 годдзя з дня народзінаў і 90 годдзя з дня смерці (1.01.1861-29.04.1931)

Алесь Крой

1. Лаша (Гарадзенскі раён). Малая радзіма акадэміка. У Лашы, дзе нарадзіўся акадэмік Яўхім Карскі ўсталявана шыльда ў памяць аб вучоным на былой школе, дзе быў адкрыты першы і адзіны ў СССР музей акадэміка 19 снежня 1964 года Апанасам Цыхуном і яго паплечнікамі, у 1992 годзе выйшаў краязнаўча-біяграфічны нарыс пра Я. Карскага "Акадэмік з вёскі Лаша". Насупраць былога музея і школы стаяў дом, дзе жылі Карскія.

Фота 1. Лаша. Памятная шыльда на будынку, дзе была школа і музей (1964-1992) Я. Карскага

2. Лаша. Могілкі. Тут пад металічным крыжом, усталяваным у 1880 годзе дзядзькам Я. Карскага краязнаўцам Іванам Карскім, пахаваны родныя Я. Карскага па лініі яго матулі Магдалены. Дзякуючы супадзенням новых звесткак пра родных Я. Карскага з імёнамі на крыжы, найхутчэй тут пахаваны, бацькі Івана Карскага і родны дзед Яўхіма Карскага Ануфрый Вікенцьевіч і бабуля Тэкля (Фёкла) Бандарэвіч, таксама дзедавы браты і іх жонкі, дзядзька акадэміка Іван Ануфрыевіч Карскі пахаваны асобна. Магчыма, знойдуцца дакументы, звязаныя непасрэдна з гэтымі пахаваннямі.

Мікалаеўская царква. Тут быў ахрышчаны маленькі Яўхім Карскі, каля царквы пахаваны святар Рыгор Парчэўскі, які правёў таксама і цырымонію шлюбу Магдалены Карскай і Фёдара Навіцкага.

Па меркаванні Аляксандра Карскага, акрамя Рыгора Парчэўскага, верагодна, на цырымоніі шлюбу прысутнічаў дзячок Ануфрый Вікенцьевіч Карскі (родны дзед Яўхіма) і айчым Фёдар Навіцкі. Не мог не прысутнічаць на такой цырымоніі і Іван Ануфрыевіч Карскі, родны брат матулі Я. Карскага - Магдалены і дзядзька Яўхіма Карскага, які служыў у Капцёўцы, побач Лашы.

3. Лаша-Быдча-Ятра-Бярозавец-Менск-Нежын-Баранавічы-Вільня-Цырын-Мірацічы-Свіцязь. Пасля шлюбу Магдалены Карскай і Фёдара Навіцкага сям'я Карскіх-Навіцкіх з Лашы з'ехала ў Быдчу (Барысаўскі павет), а з 1866 года - у Ятру (Наваградчына) на 13 гадоў, дзе прайшло дзяцінства будучага акадэміка, вучоба ў Ятранскім прыходскім вычылішчы, дзе святаром пры царкве і першым настаўнікам Яўхіма быў Васіль Янушэўскі. Пасля атрымання пачатковай адукацыі Я. Карскі шэсць гадоў вучыўся ў Менскай духоўнай вучэльні (да 16 гадоў) і чатыры гады ў Менскай духоўнай семінарыі (дзе вучыліся 6 гадоў). З Менска, верагодна, дабіраўся па чыгунцы да станцыі Баранавічы (піша А. Карскі ў "Біяграфіі…"), і каля 37 км (35 вёрст) ішоў, магчыма, пехатою, ці нехта падвозіў, а калі сям'я набыла каня (Яўхім у Менску даваў прыватныя ўрокі і дапамагаў сям'і), то айчым, Фёдар Мікалаевіч Навіцкі, мог прыехаць на возе на чыгуначную станцыю па Яўхіма. Калі Я. Карскі вучыўся ў духоўнай семінарыі, то яго малодшы брат пачаў вучыцца ў Менскай духоўнай вучэльні, і яны разам маглі наведваць бацькоў у час вакацый. З канца 1879 года сям'я пераехала на 11 гадоў у Бярозавец на паўночны ўсход ад Ятры, 27 км (25вёрст).

Аляксандр Карскі сцвярджае пра менскага семінарыста Я. Карскага вельмі важную рэч! Аляксандр Карскі піша: "У тыя гады вызначаецца галоўны інтарэс (цікавасць, захапленне) Яўхіма Карскагане латынь, не грэчаская, а менавіта родная мова ва ўсёй яе шыраце і гістарычным развіцці" (Біяграфія Я. Карскага… Т. 1, С. 116).

У Менску, за 10 гадоў вучобы ў Я. Карскага паступова сфармаваўся і вызначыўся галоўны інтарэс (цікавасць, захапленне). Хто яго на гэта зматываваў? Выкладчыкі, сябры семінарысты, родны брат матулі Магдалены, вядомы краязнавец Іван Карскі, ці нехта іншы? Ці ўсе патроху? Але, важна таксама іншае - гэтае захапленне, любоў да роднай мовы, сфармавалася ў маладога семінарыста Я. Карскага даволі рана, да 20 гадоў і працягвалася да канца жыцця.

Пасля 4 курсаў (класаў) духоўнай семінарыі ў 1881 годзе Я. Карскі выкарыстаў апошні шанец, каб паступіць у Нежынскі інстытут (Чарнігаўшчына), дзе за бясплатную адукацыю трэба было потым адпрацаваць па размеркаванні 1,5 гады за кожны год вучобы. Каб не паступіў, то мог бы вярнуцца і давучвацца, а на наступны год дзейнічалі б узроставыя абмежаванні. Паступаць на платную вучобу Я. Карскі сабе дазволіць не мог. З 1885 года, пасля заканчэння інстутута, Я. Карскі выкладаў у Другой Віленскай гімназіі (дзе пазней вучыўся Б. Тарашкевіч), да пераходу ў Варшаўскі ўніверсітэт, больш за 7 гадоў. На Наваградчыне, у царкве, было выпадковае знаёмства і потым рамантычнае каханне з гімназісткай Сафіяй, наведванне з будучай нявестай ў 1886 г. Міраціч і возера Свіцязь (верагодна, ён там мог быць і раней - у дзяцінстве), атракцыйных мясцін, авеяных легендамі пра славутага паэта Адама Міцкевіча і яго каханую Марылю Верашчаку з маёнтка Туганавічы. Як бачым, славутая Наваградчына шмат гадоў была звязана і з лёсам акадэміка Я. Карскага. Жонка акадэміка Я. Карскага Сафія Мікалаеўна Сцепужынская - таксама з Наваградчыны, у Цырынскай царкве была ахрышчана.

Сябры Наваградскай суполкі ТБМ запланавалі ўшанаваць імя акадэміка, звязанага з Наваградчынай, усталяваннем памятнага знаку Я. Карскаму.

4. Новы Двор-Гародня-Будча-Волма-Растоў на Доне-Блячын-Слабодка-Рэвель. Айчым Я. Карскага Фёдар Навіцкі паходзіў з Новага Двара, побач Гародні. Сёння Польшча. Народжаны 31 сакавіка 1841 года, з габрэяў, у габрэйстве звалі Абрамам, ахрышчаны ў 7 гадоў у Гарадзенскім Сафійскім саборы 31сакавіка 1848 года, ужо як Фёдар, знаходзіўся пры Гарадзенскім Барыса-Глебскім кляштары на выхаванні да 1857 года. Быў фактычна бацькам Я. Карскаму. Свой зямны шлях Фёдар Навіцкі скончыў у в. Будча былога Слуцкага павета, сёння Ганцавіцкі раён Берасцейшчыны. Пахаваны каля царквы.

Маці Яўхіма Карскага - Магдалена з Лашы - нарадзілася ў 1841 годзе. Нарадзіла 8 дзяцей. Яўхім Карскі нарадзіўся за паўтара гады да шлюбу з Фёдарам Навіцкім. Магдалена Навіцкая памерла ў ліпені 1902 года, пахавана на могілках ў Волме. У Валмянскай царкве захаваўся запіс пра яе смерць 19 ліпеня. Сёння Волма - аграгарадок, Койданаўскі (Дзяржынскі) раён Менскай вобласці. Магіла настаўнікамі і краязнаўцамі Валмянскай школы пакуль не знойдзена з-за вырасшага на могілках лесу і хмызняку.

Пра Фёдара Навіцкага і яго дзецей даведваемся таксама з дакументаў, якія захоўваюцца па звестках Андрэя Блінца, у Будчанскай сельскай бібліятэцы:

" Клировые ведомости Будчанской Преображенской церкви Слуцкого уезда 3-го Благочиннического округа Минской епархии за 1914 г.

Вдовец с 1902 г. 6-теро детей.

1-ый сын Евфимий, 53 года. Ординар. Проф. в Варшав. университете, род. 1860 г. 20 дек.

2-ой Николай род. 1870 г. 27 Апр. Бугалтером (зачёркнуто, надписано - секретарём) Государственного банка в Ростове на Дону (зачёркнуто, надписано - Харькове - А.Б.)

3-ий Иван род. 1873 г. 11 дек. Свя-щенником в селе Блячин Слуцкого уезда.

4-ый Александр род. 1875 г. 20 мар-та. Начальник (надписано - Помощником) движения по Варшавской (зачёркнуто, надписано - Либаво-Ровен. - А.Б.) линии желез. дороги.

5-ая дочь Мария род. 1865 г. За священником в с. Слободке Мин. уезда.

6-ая дочь Вера род. 1878 г. 20 мая. Замужем за чиновником в г. Ревель".

Згодна з гэтымі звесткамі, на 1914 год сястра Я. Карскага Марыя, 1865 года нараджэння, была ў шлюбе за святаром у сяле Слабодка Менскага павета. Таму яна, верагодна, не магла быць пахаванна ў Лашы з надпісам на крыжы ў 1880 годзе, такая версія друкавалася ў "НС" № 3 за 20.01.2021 г. А вось новыя звесткі пра Слабодку і святароў царквы таго перыяду, звязаныя з сястрой Я. Карскага варта шукаць. Добра, калі дапамогуць адшукаць "Кліравыя ведамасці" Слабодскай царквы тамтэйшыя краязнаўцы ці даследчыкі біяграфіі Я. Карскага.

(Працяг у наступным нумары.)

Тыдзень пачатковых класаў

У красавіку 2021 года ў СШ №11 г. Ліды праводзіўся тыдзень пачатковых класаў "Марафон ведаў". Прадметны тыдзень праходзіў пад дэвізам: "Веды! Творчасць! Сяброўства!"

Педагогамі быў сфармуляваны прынцып правядзення прадметнага тыдня: кожнае дзіця з'яўляецца актыўным удзельнікам усіх падзей тыдня. Вучні маглі выпрабаваць свае сілы ў розных відах дзейнасці: рашаць, пісаць, спяваць, іграць на музычных інструментах, майстраваць, фантазіраваць, маляваць, прапаноўваць (прыдумляць) і разгадваць свае і ўжо існыя задачы і загадкі.

Навучэнцы 2-4 класаў прынялі ўдзел ў чытацкай канферэнцыі "Беларуская казка-розуму падказка", якую падрыхтавала і правяла бібліятэкар Тамара Зенюкевіч, у конкурсе на лепшага чытальніка "Смак роднай мовы", акцыі "Кніжкіна бальніца", этна-квізе "Пад стрэхамі прашчураў", біблія-дайджэсце "Таямніцы Дзеда-Усяведа".

Падчас прадметнага тыдня былі праведзены інтэрактыўная гульня "Хачу ўсё ведаць", конкурс-сачыненне "Новая казка", інтэлектуальная гульня "Знаўцы прыроды", бліцтурнір "Лепшы матэматык", брэйн-рынг "Знаўцы беларускай мовы", творчая майстэрня "Умелыя ручкі".

Усе мерапрыемствы прайшлі цікава і пазнавальна, былі арыентаваны на максімальнае раскрыццё творчых і інтэлектуальных магчымасцяў кожнага вучня.

Можна з упэўненасцю сказаць, што "Тыдзень пачатковых класаў" прайшоў у атмасферы супрацоўніцтва і паказаў высокую выніковасць працы настаўнікаў пачатковых класаў. Кожны вучань знайшоў сваю нішу для самавыяўлення і атрымаў узнагароду.

Наталля Бібліс, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

У Гародню прывезлі разны алтар для кірхі. Яму больш за 100 гадоў

Навіны Германіі

Акрамя самога алтара, для лютаранскай кірхі ў Гародню перадалі кафедру (амбон) і хрысцільню (баптыстэрый). "Новаму" разному алтару - 113 гадоў. У хуткім часе ў кірсе запусцяць і адрэстаўраваны старадаўні гадзіннік.

Алтар меркавалі прывезці ў Гародню яшчэ ў жніўні 2020 года і ўсталяваць да Дня горада. Праз пандэмію ўсё давялося адкласці на нявызначаны тэрмін. Зараз з'явілася магчымасць перасылкі, і ёй хутка скарысталіся.

- У нас няма пэўных канонаў, якім мусіць быць алтар, гэта можа быць і проста стол. Але наш храм - неагатычны, у ім прысутнічае архітэктурная прыгажосць. Таму алтар, які прывезлі сёння, для нас такі важны, - распавёў Hrodna.life пастар кірхі Уладзімір Татарнікаў.

Калі будынак вярнулі суполцы ў 1995 годзе, увесь інтэр'ер у ім быў знішчаны. Грамада спрабуе вярнуць кірсе выгляд дзейнага храма.

- Мы хочам, каб людзі, заходзячы, разумелі, што гэта намоленае месца з багатай гісторыяй. Гэта дасягаецца за кошт архітэктурных элементаў, інтэр'еру, - патлумачыў пастар.

Стогадовы алтар прывезлі ў Гародню з горада Бітэрфельд (Германія) па дабрачыннай лініі фонду "Саюз Марціна Лютара і Лютаранская царква Сярэдняй Германіі" як падарунак. Храм, з якога ён прыбыў, быў збудаваны ў той жа час, што і гарадзенская кірха, і выглядае гэтаксама. Гэта быў гарнізонны храм, а калі вайсковую частку расфармавалі, яго закрылі. Фотаздымкаў, як выглядаў алтар у гарадзенскай кірсе, не захавалася. Хутчэй за ўсё ён быў падобны да бітэрфельдскага, патлумачыў пастар.

10 красавіка алтар, амбон і баптыстэрый выгрузілі і размясцілі ў гарадзенскай кірсе. Яго ўсталююць пасля афармлення неабходных дакументаў.

Зараз груз трэба зарэгістраваць у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці пры Упраўленні справамі прэзідэнта. Гэта вызваліць лютаранскую суполку ад выплаты падаткаў за яго атрыманне. На афармленне можа сысці некалькі месяцаў. Пакуль усе часткі алтара запакаваныя і знаходзяцца ў кірсе. У ёй адкрылі адмысловую зону часовага захоўвання для гуманітарнага грузу. Інакш яго трэба захоўваць на мытні, а гэта досыць дорага.

Крок за крокам. Што яшчэ плануюць аднавіць ў кірсе

Кірха паступова вяртае свой гістарычны выгляд. У бліжэйшых планах - далучыць да цыферблатаў адноўлены механізм старадаўняга гадзінніка, запусціць яго і выставіць для дэманстрацыі.

- Для нас гэта вялікая падзея - гадзіннік быў у такім стане, што мы не спадзяваліся, што ён калі-небудзь запусціцца.

Зробяць і знешнюю падсветку для будынка, плануюць заняцца ўнутраным асвятленнем. Арыгінальныя жырандолі былі ці знішчаны, ці вывезены, засталіся толькі крукі.

У кірсе хочуць таксама ўзнавіць старадаўні вітраж за алтаром - магчыма, нават у наступным годзе. Захавалася фатаграфія 1939 года, на якой бачная яго частка, пісаў "Вечерний Гродно". На вітражы быў выяўлены Ісус, які ідзе па аблоках над горадам.

- Наш лозунг - крок за крокам з Божай дапамогай. У нас багатая гісторыя - з 1796 года лютаранская царква прысутнічае ў Гародні. Старадаўнія рэчы, якія мы атрымліваем, дапамагаюць гэта прачуць, - кажа Уладзімір Татарнікаў.

Гісторыя кірхі

Гарадзенская царква Святога Іаана - адзіная лютаранская кірха ў Беларусі. У канцы XVIII стагоддзя кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў гарадзенскай суполцы трохпавярховы будынак карчмы, у якой лютаране нямецкага паходжання абедалі і маліліся. Будынак некалькі разоў перабудоўваўся, і сучасны выгляд кірха набыла ў 1912 годзе. У савецкі час у кірсе знаходзіўся абласны архіў. Інтэр'ер прыбралі, тэрыторыю старых могілак забудавалі.

Грамада гарадзенскіх лютаран аднавіла дзейнасць у 1993 годзе, а ў 1995 ёй вярнулі будынак кірхі. Пасля гэтага храм пачалі аднаўляць. Стогадовыя лавы прывезлі з Германіі. Рэстаўрацыя храма пачалася ў 2013 годзе і доўжылася два гады. Будынку вярнулі гістарычны колер, аднавілі 12-метровы шпіль. Механічны арган прывезлі ў 2014 годзе з Франкфурта-на-Майне. Цяпер у кірсе рэгулярна праходзяць канцэрты арганнай музыкі, паслухаць іх могуць усе ахвотныя. Лютаранская грамада ў Гародні складае каля 70 чалавек.

АЎТАР: HRODNA.LIFE.Фота: Facebook Уладзіміра Татарнікава.

Ганна Патоцкая, пісьменніца, мемуарыстка, мастак

Леанід Лаўрэш

Графіня Ганна Марыя Ева Апалонія Патоцкая, народжаная Скумін-Тышкевіч (26.03.1779, Варшава - 16.08.1867, Парыж) увайшла ў гісторыю як пісьменніца і мастачка.

Ганна - дачка польнага літоўскага гетмана, вялікага літоўскага маршалка, графа Людвіка Скумін-Тышкевіча (†1809) і князёўны Канстанцыі Панятоўскай (1759-1830), сястры князя Станіслава Панятоўскага і пляменніцы апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У Літве кароль вырашыў абаперціся на Тышкевічаў. Адну з сваіх пляменніц, дачку князя Казіміра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвіка Тышкевіча, для другой, Тарэзы, дачкі Андрэя Панятоўскага, аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча, літоўскага ардынарыя.

Скуміны-Тышкевічы старажытны беларускі род з XVI ст. сцісла злучаны з Лідчынай. У XVIII ст. Тышкевічам на Лідчыне належалі Радунскае, Эйшышскае, Васілішскае, Каняўскае і Дубіскае староствы. Бацька Ганны, Людвік Скумін-Тышкевіч, цэнтрам сваёй рэзідэнцыі выбраў маёнтак у Гародна, які ён атрымаў у спадчыну ад сваёй стрыечнай бабулі Саламеі Радзівіл. Зямельная маёмасць Людвіка Скуміна-Тышкевіча, падзеленая на дзве вялікія зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар, трымаў свае маёнткі на высокім гаспадарчым узроўні. Ганна Тышкевіч, хоць і гадавалася ў сваёй беластоцкай цёткі Браніцкай, але, безумоўна, жыла і ў сямейным гняздзе Тышкевічаў Гародна.

Людвік Тышкевіч чакаў прыезду караля і, як кажа мясцовае паданне, на працягу аднаго года пабудаваў драўляны, вельмі прыгожы палац у класічным стылі па праекце архітэктара Ф. Эйсена. Палац звонку не вылучаўся нічым асаблівым, але ўсярэдзіне быў бліскуча і з добрым густам аздоблены. На ўпрыгожванне сядзібы Тышкевіч выдаткаваў вялікія сумы, запрашаючы мастакоў-дэкаратараў і майстроў, а таксама выпісваючы матэрыялы наўпрост з Парыжа. Кароль Станіслаў Панятоўскі ў Гародна так і не прыехаў, аднак будынак быў закончаны і, нягледзячы на гульню лёсу, дастаяў да Другой сусветнай вайны. У бібліятэчным пакоі палаца меліся чатыры кніжныя шафы. Акрамя бібліятэкі, Тышкевічы захоўвалі багаты архіў дакументаў (з 1470 г.) усіх уладальнікаў маёнтка і іншых асоб. Пасля 1831 г. частка кніг была перавезена ў Беласток у Інстытут паненак, які там ствараўся.


Ганна Тышкевіч гэтак пісала пра свайго бацьку, працытую вялікі кавалак цікавага тэксту, які наўрад ці можна лічыць гістарычнай крыніцай: "Падчас апошняга падзелу ён далучыўся да невялікай колькасці асоб, якія адмовіліся падпісаць несправядлівы і зневажальны акт Таргавіцкай канфедэрацыі, прадыктаваны Расіяй. З-за гэтага адважнага ўчынку ўся яго маёмасць была секвестрована, але ён з цвёрдасцю, моўчкі падпарадкаваўся гэтаму суроваму прысуду - выніку яго непахіснай волі і патрыятызму.

Праз некалькі гадоў, каб выклапаціць захаванне старажытнага Літоўскага статута, Вялікае Княства Літоўскае паслала дэлегацыю ў Пецярбург да імператрыцы (у 1795 г. - Л. Л.). Дэпутацыя, якая складалася з самых знакамітых вяльможаў, была прынята Кацярынай з чароўнай ветлівасцю, пры дапамозе якой яна так па-майстэрску падкупляла сэрца ... дэпутаты былі ёй запрошаны ўдзельнічаць у пяці бліскучых прыёмах і лічылі сваім абавязкам не прапусціць ні аднаго з іх. І толькі мой бацька з'яўляўся да двара выключна, калі гэтага патрабавалі ўскладзеныя на яго абавязкі.

Імператрыца, здзіўленая і пакрыўджаная падобнымі паводзінамі бацькі, не магла ўтрымацца, каб не выказаць яму свайго незадавальнення, і рэзка заўважыла, што ён адзін не праяўляе цікаўнасці і не імкнецца ўбачыць усе цуды прыдворных святкаванняў. Не збянтэжыўшыся і як бы прымаючы кінуты яму папрок за выраз адмысловай Божай ласкі, бацька з глыбокім паклонам адказаў, што становішча, у якім знаходзіцца яго краіна, не дазваляе яму хаваць свае журботныя пачуцці і што, на яго думку, не варта азмрочваць бліскучых свят выглядам няўцешнага смутку. Хітрая Кацярына, адразу зразумела, што ўяўляе з сябе гэты чалавек, які адважыўся адказаць ёй падобным чынам і ўсклікнула, што нічым на свеце яна так не захапляецца, як незалежнымі і ўзвышанымі пачуццямі, і дадала:

- Як жанчына, я спачуваю тым няшчасцям, прадухіліць якія мне, як царыцы, перашкаджае суровая палітыка.

І перш чым выйсці, яна адкалола ад пояса малы гадзіннік, аздоблены смарагдамі і падала майму бацьку, просячы яго прыняць гэты падарунак як доказ сваёй незвычайнай павагі і захаплення высакароднымі паводзінамі графа. Пасля гэтага быў зняты секвестр з маёнткаў майго бацькі".


Сваю маці маладая графіня ўзгадвала разам з апошнім каралём Рэчы Паспалітай: "... я таксама каралеўскага роду ... мая маці была пляменніцай нашага апошняга караля - Станіслава-Аўгуста Панятоўскага. Высакародная фігура гэтага манарха, веліч яго манер, ласкавы і меланхалічны погляд, серабрыстыя валасы і прыгожыя, лёгка прыпухлыя рукі - усё гэта жыве ў маёй памяці. ...

Мая маці пайшла за каралём у Гародню, куды ён прымушаны быў адправіцца па патрабаванні рускай партыі. І там з акна маленькага пакойчыка, куды мяне пасялілі разам з гувернанткай, я кожную раніцу магла назіраць выезд палоннага караля. Рускія салдаты так напалохалі маё дзіцячае ўяўленне, што патрэбен быў увесь аўтарытэт маці, каб прымусіць мяне пераступіць парог пакоя, - хоць і не без супраціву і слёз з майго боку. ...

Пры іншых абставінах Панятоўскі з годнасцю займаў бы пасад. Яго валадаранне склала эпоху ў навуковых летапісах. Ён уваскрэсіў густ да мастацтва i літаратуры, задушаных уладай саксонскіх курфюрстаў, грубасць якіх спарадзіла па ўсёй краіне пагібельную рэакцыю.

Станіслаў Панятоўскі, наадварот, знаходзіў задавальненне ў высакародных і карысных занятках і амаль увесь свой вольны час праводзіў у коле навукоўцаў і мастакоў. Шырокая і рознабаковая адукацыя злучалася ў ім з вытанчаным густам і розумам, поўным зачаравання. ... Ён меў высакароднае і ўзвышанае сэрца, велікадушна дараваў сваім ворагам, часта не ведаючы межаў сваім дабрадзействам; але прырода, якая гэтак шчодра адарыла яго як чалавека прыватнага, адмовіла яму, як уладару, у тым, без чаго нельга валадарыць: у сіле характару і цвёрдай волі.

Пасля таго, як кароль з'ехаў у Пецярбург, мы вярнуліся ў Беласток, дзе жыла мая цётка, кракаўская кашталянка - удава кракаўскага кашталяна графа Браніцкага і сястра караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага ...".


Адукаваная, начытаная дзяўчынка, адзіная дачка ў сям'і і спадчынніца двух вялікіх маёмасцяў, была засватана ў чатырнаццаць гадоў за роднага дзядзьку, які меў ужо каля шасцідзесяці гадоў. На шчасце, вяселле не адбылося.

Хатняя адукацыя маладой графіні была настолькі выдатнай, што Анетка (так звалі яе ў маладосці) лічылася інтэлектуалкай варшаўскіх салонаў. Панна Тышкевіч нават у бліскучым атачэнні вызначалася надзвычайным розумам - хуткім і зласлівым, мела добры густ і цвярозыя меркаванні аб рэчах і людзях. Але графіня да канца жыцця дасканала не ведала ні польскай, ні французскай моваў, і яе правапіс пакідаў жадаць лепшага.

Значна лепш яна была адукавана ў галіне выяўленчага мастацтва, у якім маладая графіня Тышкевіч мела пэўны талент. Моднаму ў той час малюнку падчас яе знаходжання ў Дрэздане і Вене ў 1795 г., Анетку вучыў французскі жывапісец і гравёр Ігнацы Дзюўе (1758-1832). З 1797 г. Ганна брала ўрокі ў Зыгмунта Фогеля (1764-1826) - мастака і кабінетнага рысавальніка караля Станіслава Аўгуста і, верагодна, брала таксама ўрокі ў Яна Пятра Норбліна.

Горш было з жаночай прыгажосцю, якая, здаецца, не адпавядала вялікай жаноцкай прывабнасці Анеткі. Мастачка, калекцыянерка, аўтарка прац па археалогіі Наталля Ганна Кіцкая з Біспінгаў (1801-1888), якой маладая графіня не падабалася, паведамляла ў сваіх мемуарах: "Вельмі сутулая (па-польску - "garbata", не ведаю, можа і сапраўды гарбатая, а не сутулая - Л. Л.), у меру сімпатычная з рэзкай кемлівасцю і нястрыманым фліртам, да трыццаці гадоў яна не магла знайсці дастаткова смелага мужчыну, які б ажаніўся з ёй". Нават калі меркаванне Наталлі Кіцкай было не вельмі аб'ектыўным, яно сведчыць, што Анетка не была прыгажуняй і, магчыма, не карысталася вялікай сімпатыяй свайго кола.

"Пад уплывам вялікіх паэтаў мой розум і сэрца былі перапоўненыя нейкім дзіцячым захапленнем. Я марыла пра герояў Расіна ці рыцараў ..., аб глыбокай жарсці, аб раптоўнай сімпатыі, аб вялікіх і высакародных подзвігах ... І я чакала! Але калі ўбачыла, што час праходзіць і не з'яўляюцца ні Брытанік, ні Ганзальё Кардуанскі, і нават наўрад ці з'явіцца Грандысан, вырашыла сысці з аблокаў на зямлю, з сумам думаючы, што, хутчэй за ўсё, прыйдзецца, як і ўсім, дзеля прыстойнасці, па разліку выйсці замуж", - пісала Ганна пра сваю маладосць.

27 траўня 1805 г. у віленскім касцёле св. Яна адбыўся шлюб Ганны Тышкевіч з графам Аляксандрам Станіславам Патоцкім. Разлік збольшага апраўдаўся: Аляксандр Патоцкі лічыўся адной з лепшых партый у Польшчы. Ён быў сынам графа Станіслава Косткі Патоцкага, і адносіны Ганны са свёкрам склаліся надзвычай добра, маладая нявестка была ў захапленні і мела моцную прыхільнасць да бацькі свайго мужа, але стасункі са свякрухай не склаліся, і таму адносіны з мужам таксама пачалі разбурацца.

Трэба заўважыць, што маладая сям'я жыла ў прыгожым Вілянаўскім палацы Варшавы, які быў пабудаваны ў 1677-1698 г. для караля Яна Сабескага і з'яўляецца шэдэўрам барока. У 1805 г. Станіслаў Костка Патоцкі адкрыў у палацы адзін з першых у Польшчы музеяў. Таксама Патоцкія перабудавалі прыдворны касцёл св. Ганны і збудавалі побач з палацам фамільную пахавальню.

Адразу пасля свайго замуства Ганна Патоцкая многа малявала і нават атрымала вядомасць праектамі паркаў, у тым ліку ў Наталіне, у Заторы і Мокатаве (у гэтым парку зараз гуляе мой унук). У двух апошніх парках яна перабудавала рэзідэнцыі ў духу рамантызму (стылю неаготыкі). Таксама была ініцыятаркай і сузаснавальніцай помніка князю Юзафу Панятоўскаму ў Варшаве. Шмат у чым у сваёй адукацыі Ганна была абавязана сваёй свякрусе - дасведчанаму спецыялісту ў жывапісе і антычнасці.

Падарожнічаючы па Еўропе, маладая замужняя жанчына Ганна Патоцкая наведвала майстэрні вядомых мастакоў, знаёмілася з экспазіцыямі музеяў і прыватных калекцый. У 1810-1811 гг. у Парыжы яна вывучала жывапіс мастакоў Жака-Луі Давіда, Анэ-Луі Жырадэ дэ Трыёсан і Франсуа Жэрара, а таксама пазнаёмілася з генеральным дырэктарам Збораў мастацкіх калекцый Дамінікам Віванам Дэнонам. Разам з генеральным дырэктарам яна вывучала яго прыватныя калекцыі і наведвала Луўр. Свае ўражанні Ганна ўвекавечыла ва "Успамінах відавочцы"1, напісаных праз шмат гадоў. Між іншым, у гэтай кнізе чытаем пра яе зачараванне падчас агляду ў калекцыі Дэнона ад "малюсенькай лапкі [егіпецкай] муміі, такой цудоўнай, такой мілай, так прыгожа пацямнеўшай за стагоддзі, што захацелася скрасці яе і зрабіць прэс-пап'е для кабінета".

Ганна Патоцкая таксама паспрабавала свае сілы ў гравюры, тут яна выкарыстоўвала любімую аматарамі тэхніку афорту. У гэтай тэхніцы па сваіх уласных малюнках яна зрабіла некалькі гравюр: "Выгляд фантана ў Лазенках" і "Від на плошчу Жыгімонта ў Варшаве" (абедзве падпісаны і датаваны: Вена, 1795), а таксама гравюру руінаў царквы ў Гародні. Маладая жанчына малявала віды гарадоў, складала архітэктурныя праекты, малявала пейзажы і кніжныя ілюстрацыі. Калекцыя сям'і Патоцкіх у Вілянава, сярод іншага, мела яе атмасферная ілюстрацыі да чацвёртага раздзела рамана Эн Рэдкліф "Удольфскія таямніцы" (The Mysteries of Udolpho). Гэтыя ілюстрацыі зараз знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы.


У часы Варшаўскага княства пад французскім пратэктаратам Ганна мела сувязь з прыгожым (па агульным меркаванні) Артурам Патоцкім. Пазней нейкія адносіны звязвалі яе з Каралем Флахаўтам, з якім яна пазнаёмілася ў Варшаве ў 1807 г.

Асаблівага кахання паміж мужам і жонкай не было, Патоцкія пражылі разам больш за дзесяць гадоў, нарадзілі траіх дзяцей: двух сыноў і дачку (Аўгуста, Маўрысія і Наталлю, якая выйшла замуж за князя Сангушку), у 1821 г. мірна развяліся, і абодва ўступілі ў новыя шлюбы.


У 1826-1827 гг., пасля разводу з Аляксандрам Патоцкім, Ганна падарожнічала па Італіі і напісала кнігу. Толькі ў 1899 г. рукапіс кнігі "Падарожжа па Італіі" быў апублікаваны ў Парыжы Казімірам Стрыенскім.

Другім мужам Ганны стаў палкоўнік граф Станіслаў Дунін-Вансовіч (1785-1864), які ў 1812 г. быў лейтэнантам імператарскай гвардыі і перакладчыкам пры паходнай канцылярыі Напалеона (некаторыя аўтары пішуць, што ён з'яўляўся адным з ад'ютантаў Напалеона). Гэты шлюб, несумненна, азначаў пэўнае паніжэнне сацыяльнага і сяброўскага становішча, і жонка палкоўніка, нягледзячы на тое, што да другога шлюбу мела свой салон у сталіцы, пакінула свецкае жыццё. Мемуарысты пісалі пра яе ўсё меней, але былі і выключэнні, якія варта працытаваць: "... яна выйшла замуж за Вансовіча, чалавека з праўдзівым і шчырым характарам. Ён трымаў яе цвёрда, не дазваляў ёй заляцацца і какетнічаць, нагадваў пра яе ўзрост, і таму ніхто ўжо больш не пакутаваў ад яе рэзкай дасціпнасці", - пісала ўсё тая ж Наталля Кіцкая.

У другім шлюбе нарадзілася дачка Мацільда. Гэты шлюб быў значна шчаслівейшым, чым першы, але сужэнцам прыйшлося з'ехаць у эміграцыю: Вансовіч актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1831 г. З 1851 г. графіня Ганна Дунін-Вансовіч разам з мужам жыве ў Парыжы, і яе парыжскі салон лічыцца адным з самых бліскучых ў Другой французскай імперыі. Графіня цалкам аддалілася ад так званай Вялікай эміграцыі і яе знакамітага штаба - гатэля "Ламбер". Тым не менш яна працягвала цікавіцца палітыкай, чытала літаратурныя навіны і часта гуляла на біржы. Верагодна, апошні ўспамін пра графіню Вансовіч паходзіць з 1863 г.: "... Мяне ўразіў бляск яе вачэй, якія захавалі нешта ад яе маладосці" (гэты радок быў выкраслены з прадмовы да яе ўспамінаў выдаўцом Казімірам Стрыенскім).

Апошняя графічная выява Ганны Патоцкай-Вансовіч - літаграфія жывапісца Фларыяна Ліпінскага (1812-1882), датавана 1836 г. і грунтуецца на малюнку мініяцюрыста і венскага партратыста Ёгана Непамука Эндэра (1793-1854). У рысах твару амаль што 60-ці гадовай жанчыны, апранутай у карункавы капот і захутанай ў муслінавы вэлюм, цяжка пазнаць маладую і жывую Анетку, увекавечаную на знакамітым партрэце Юзафа Грасі (1794) і ў мініяцюры Вінцэнта Лясэра, якая паўтарае гэты партрэт.

Памерла Ганна Патоцкая-Вансовіч у Парыжы 16 жніўня 1867 г.


У 1897 г., праз трыццаць гадоў пасля смерці Ганны Патоцкай-Вансовіч, у Парыжы былі апублікаваны яе ўспаміны2. У іх графіня Патоцкая (выдавец вывеў аўтарку пад прозвішчам, якое яна мела ў перыяд, апісаны ў мемуарах) распавядае пра Напалеона І і Аляксандра I, цікава апісвае імператрыцу Марыю-Луізу, маршала Мюрата, Паліну Баргезе, Талейрана, герцага Басано, вялікага князя Канстанціна, Навасільцава, князя Юзафа Панятоўскага, графіню Валеўскую і іншых. Хутка мемуары Ганны Патоцкай былі перакладзены на рускую мову3, пасля чаго неаднаразова перавыдаваліся. Як я ўжо пісаў вышэй, таксама пасмертна, у 1899 г. былі апублікаваны яе дарожныя запіскі пад назвай "Voyage en Italie" ("Падарожжа ў Італію").


У канцы артыкула яшчэ раз скажу пра радавы маёнтак Тышкевічаў Гародна на Лідчыне (сучасны Воранаўскі р-н). Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ў 1808 г. усю вялікаю маёмасць бацькі атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна Патоцкая. Тастамантам ад 1867 г. яна перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу Маўрысію Патоцкаму (1812-1879), пасля смерці якога, у 1880 г. уся маёмасць перайшла наступнаму спадчынніку графу Аўгусту Патоцкаму.

Сусед Аўгуста Патоцкага, сын уладальніка маёнтка Лябёдка Тадэвуш Іваноўскі (брат Вацлава Іваноўскага), успамінаў: "Самым вялікім з магнацкіх быў двор графа Аўгуста Патоцкага ў Гародна. Гэты апошні з ўсімі фальваркамі і лясамі займаў некалькі дзесяткаў тысяч гектараў. Ва ўласных маёнтках гэтыя багачы не жылі - праводзілі час у Варшаве ці за мяжой. Мелі давер да сваіх эканомаў, чыім абавязкам было выцісканне з двароў і дасыланне ўладальнікам максімальных даходаў. Пан з візітам прыязджаў рэдка, заставаўся на некалькі дзён і зноў з'язджаў. Менавіта так рабіў знаны гуляка, уладальнік Гародна Аўгуст Патоцкі, які мог за адну ноч прайграць у карты свой найлепшы фальварак. Таму яго маёмасць растала, як вясновы снег: першымі былі прададзены лясы, а сапраўдную каралеўскую рэзідэнцыю за малыя грошы купіў рускі генерал ...".

Напрыканцы ХІХ ст. Аўгуст Патоцкі прадаў маёнтак разам з кніжнымі зборамі і архівамі рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева і далей - да генерала Кіпрыяна Кандратовіча, будучага міністра абароны БНР. У той час маёнтак складаўся з 23 200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку разам з Гароднам.

1 Wspomnienia naocznego świadka (cz. 1-3), oprac. B. Grochulska; przekł. J. R. przejrzała i uzupełniła na podst. rękopisu: sygn. 308a Z. Lewinówna. Warszawa) 1965.

2 Memoires de la comtesse Potocka (1794-1820), publies par Casimir Strienski. Paris. 1897.

3 Гл: Мемуары графини Потоцкой // Исторический вестник, № 4. 1897.

Мястэчка Расна

Гісторыя Магілёўшчыны

У Дрыбінскім раёне на старажытным шляху з Магілёва ў Мсціслаў ёсць досыць вялікае мястэчка Расна. Гэтае мястэчка на сённяшні дзень адно з самых "насычаных" гістарычнымі помнікамі на ўсходзе Беларусі. Тут, перажыўшы нейкім дзівам усе нягоды мінулага стагоддзя, захаваліся: касцёл, сядзіба, млын, бровар, стайня, парэшткі царквы, цікавыя габрэйскія могілкі....

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім "Расна" ўтвораны ад аднайменнай расліны. Расна вядомае з часоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1430 г. з'яўляецца ўладаннем князя Свідрыгайлы. А з 1499 г. належыць мсціслаўскаму князю М. Жаслаўскаму. У пачатку 16 стагоддзя павятовы горад Мсціслаўскага княства. У 1753 годзе заснавана езуіцкая місія, і былі пабудаваны: школа, місіянерскі дом і касцёл на фундуш уладальніка графа Пацея. Расна належала Пацеям, у 1848 годзе Еліяшэвічу, а з 1870 года адстаўному падпалкоўніку Спыткову. Па інфармацыі А. Мяцельскага ў 1784 годзе тут налічвалася 65 двароў і 218 жыхароў, касцёл і царква. Мястэчка мела квартальную вулічную забудову. У час паўстання 1863-64 гадоў паўстанцкі атрад Л. Звяждоўскага захапіў і спаліў усе справы, што знаходзіліся ў кватэры станавога прыстава. Ужо ў 1882 годзе ў Расна меліся вадзяны млын, сукнавальня, крупадзёрка, маслабойня, крама і карчма. У 1897 годзе было 137 двароў, пражываў 931 чалавек, працавалі дзве конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царква, касцёл, сінагога, царкоўна-прыходская школа, тры яўрэйскія малітоўныя дамы, багадзельня. У год бывалі два кірмашы.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, у Расна варта абавязкова завітаць. Па сведчанні археолага Еўдакіма Раманава, яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя ў наваколлі вёскі знаходзілася 2 курганныя могільнікі, і якіх было адпаведна 4 і 9 насыпаў. Калі пад'ехаць да Расна з боку Магілёва, то адразу спыніцеся каля шыльды-ўказальніка з назвай мястэчка. З правага боку вы пабачыце негусты хвойны лес, дзе знаходзяцца мясцовыя габрэйскія могілкі. Надмагільныя помнікі добра захаваліся. Калі прыкладзеце намаганне ў пошуках, то знойдзеце досыць вялікі помнік, які зроблены з каменя ручных жорнаў.

Далей ваш шлях павядзе праз пойму рачулкі Вербаўка, якая з'яўляецца прытокам Проні. Калі ўз'едзеце на пагорак у самім мястэчку, з правага боку пабачыце вялікі мураваны жылы будынак. Варта да яго ўважліва прыгледзецца. Раней гэта была праваслаўная царква, якая ў 1937 годзе была афіцыйна зачынена і напрыканцы 1940-х гадоў перабудавана пад вучэбны корпус школы-інтэрната. З тарца захавалася паўкруглая апсіда.

Далей па шляху не варта разганяць машыну, бо хутка ўгледзіце з левага боку манументальны касцёл з калоннамі ў глыбіні квартала. Касцёл Святога Казіміра - гэта помнік архітэктуры ў стылі класіцызму. Спачатку быў драўляны касцёл, у 18 стагоддзі пастаўлены на сродкі рагачоўскага старасты Міхала Пацея. У час пажару касцёл згарэў, і мураваны быў пабудаваны к 1819 году. Касцёл - трохнефная базіліка з прамавугльнай апсідай. Быў накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад выдзелены 4-х калонным дарычным порцікам, які завяршаецца трохвугольным франтонам. Па баках порціка знаходзяцца нішы. Бакавыя фасады таксама з 4-х калоннымі порцікамі. Унутры храм падзелены на нефы 16 калонамі. Было 4 алтары. Касцёл знаходзіцца ў аварыйным стане.

Далей па шляху праедзеце праз дамбу да сядзібы Спытковых. З правага боку пабачыце маляўнічую сажалку з вадзяным млынам. Млын пабудаваны ў часы НЭП-у мясцовым прадпрымальнікам Пеўзнерам. Сядзіба знаходзіцца на пагорку і дамінуе над наваколлем. Сядзіба пабудавана напрыканцы 19 стагоддзя ў стылі неакласіцызму. Сядзібны комплекс уключае ў сябе: сядзібны дом, бровар, свіран, стайню і іншыя гаспадарчыя будынкі. Яшчэ гадоў 20 таму ў панскім доме знаходзілася мясцовая школа, але школу перавялі ў новы будынак, і помнік архітэктуры, на вялікі жаль, пачаў прыходзіць у заняпад.

Краявіды і помнікі Расна абавязкова зацікавяць аматараў даўніны. А на мясцовай сажалцы ў гарачы летні дзень можна прыемна адпачыць і скупацца пасля дарогі. Калі па гаспадарску падыйсці да гістарычнай спадчыны Расна і захаваць старадаўнія помнікі, то гэтае мястэчка стане сапраўдным упрыгожваннем нашай Магілёўшчыны.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прымаў рэспубліканскі семінар-практыкум

1-2 красавіка 2021 г. у Гарадзенскай вобласці адбыўся Рэспубліканскі семінар-практыкум "Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе".

Першая частка семінара адбылася ў горадзе Гародні на базе ДУК "Гарадзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці". Працоўны дзень атрымаўся вельмі плённы і насычаны. Пасля адкрыцця семінара вядучы метадыст па народных промыслах Барысевіч Яніна Анатольеўна расказала аб прынцыпах выяўлення, захавання і трансляцыі ў сучаснае асяроддзе рэгіянальнай народнай культуры. Пасля ўдзельнікі семінара атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю майстра па вырабе габеленаў у традыцыях "падвойнага і пераборнага аднабаковага" ткацтва Шунейка Алены Феліксаўны.

Далей адбыўся пераезд у філіял "Цэнтр рамёстваў "Спадчына" ДУ "Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры". Супрацоўнікі філіяла прэзентавалі элемент нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь "Выраб велікодных вербаў (пальмаў) на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны".

У Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры была магчымасць азнаёміцца з такім элементам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь як "Традыцыя роспісу велікодных яек", наведаць музей пісанкі.

У Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці народны майстар Рэспублікі Беларусь Мар'ян Скрамблевіч захапіў усіх прысутных сваім аповедам і гульнёй на музычных інструментах. Творчасць майстра таксама прызнана нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю. Завяршыўся першы дзень семінара знаёмствам з рэгіянальнай традыцыйнай кухняй (элемент нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці) аграгарадка Адэльска, майстар-класам па побытавых танцах.

На другі дзень семінара гасцей сустракала Лідская зямля. Семінар адбыўся на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Загадчык аддзела рамёстваў Шчэліна Алена Валянцінаўна пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з накірункамі дзейнасці. Метадыст Дыдышка Ірына Маркаўна прадставіла грунтоўнае даследванне традыцыйнага касцюма Гарадзеншчыны. Супрацоўнікамі ўстановы была прароблена вялікая навукова-даследчая работа: акрамя спецыяльнай літаратуры, выкарыстоўваліся этнаграфічныя прадметы, інфармацыя, сабраная падчас палявых даследаванняў у вёсках Збляны, Панямонцы, Краснае, Вялікае Сяло, аграгарадку Беліца Лідскага раёна. Работа па стварэнні калекцыі ажыццяўлялася ў некалькі этапаў на працягу васьмі месяцаў: ніткі падбіраліся па складзе, колеры, максімальна падобныя на арыгінал, паступова вырабляліся дэталі для ўпрыгожвання адзення, пляліся паясы.

Сапраўднае дэфіле-дэманстрацыя народных строяў не пакінула абыкавымі гасцей Лідскай зямлі, выклікаўшы натхненне і безліч пазітыўных эмоцый. Акрамя гэтага малодшы навуковы супрацоўнік Савіцкая Марына Вячаславаўна расказала аб такім элеменце нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці як "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння", якое было распаўсюджана ў сялянскім побыце Панямоння на працягу XIX і большай часткі XX стагоддзя. Яго непаўторнасць і асаблівасць - белізна палатна. Госці мелі магчымасць азнаёміцца з сучаснай калекцыяй вырабаў ткацтва, атрымаць майстар-клас па розных тэхніках ткацтва.

Пацешыць рэгіянальнымі песнямі і майстар-класамі ўдзельнікаў семінара вырашыў фальклорны гурт "Талер", кіраўніком якога з'яўляецца Шчаўканогава Наталля Мікалаеўна.

Завяршыўся семінар-практыкум пазнавальнай экскурсіяй і круглым сталом у Лідскім замку.

Ірына Эдмундаўна Струмскіс, метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX