Папярэдняя старонка: 2021

№ 16 (1531) 


Дадана: 21-04-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1531), 21 красавіка 2021 г.

35 гадоў Чарнобыльскай трагедыі

Боль Чарнобыля

Чым гэты боль нясцерпны вымераць?

Ён не лягчэй за той - з вайны.

Ці можа край палескі вымерці

без аніякае віны?

Няўжо атрутны вецер выпетрыць

пачуцці нашы, мову, слых?

Няўжо не вернуцца дазіметры

да тых паказчыкаў - былых?

Няўжо абапал плыннай Прыпяці

лясы змарнеюць і палі?..

Усё стрываем, што ні прыйдзецца,

каб не застацца без зямлі;

каб жыта ў полі каласілася,

каб не радзеў лясоў гушчар,

каб над планетай не насілася

пагроза смерці ў плойме хмар;

каб катастрофа немагчымаю

была; каб матухна Зямля

не ўпала, стаўшы Хірасімаю,

счарнелым яблыкам з галля.

Артур Вольскі.

Горкая раса

Каравай расы палескай,

магілёўскае расы,

ў родным віцебскім падлеску

сінявокія пралескі

чуюць вашы галасы!


"Не забыць нам вас, не зблытаць, -

я з дасвецця адгукнусь, -

абдымай, Дняпро наш, Прыпяць,

колькі ж нам расы той выпіць,

каб жыла ты, Беларусь?!"


Узмацняйся ж, наша роднасць,

еднасць сілы і красы,

налівайся ж, наша годнасць,

як у полі каласы!

Уладзімір Барысенка.

Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

16 красавіка ў Гародні адбыўся планавы справаздачна-выбарчы сход абласной філіі грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

На сходзе прысутнічаў актыў гарадзенскай суполкі і кіраўніцтва Саюза: старшыня Барыс Пятровіч, першы намеснік Алесь Пашкевіч, намеснік Усевалад Сцебурака.

Старшыня філіі Валянцін Дубатоўка, які змяніў пяць гадоў таму на гэтай пасадзе Юрку Голуба, выступіў са справаздачай аб дзейнасці арганізацыі. Узгадаў у дакладзе найбольш важныя справы, сярод якіх выданне гарадзенскага літаратурнага альманаха "Новы замак", рэгіянальных альманахаў у Лідзе, Слоніме, Наваградку і Дзятлаве, рэгіянальныя паэтычныя фестывалі, літаратурныя выступы, далучэнне новых сяброў.

Па прадстаўлені Валянціна Дубатоўкі новым кіраўніком філіі быў абраны Янка Трацяк, актыўны сябра абласной арганізацыі, сябар Гарадзенскай абласной рады ТБМ імя Ф. Скарыны, які ў апошнія гады актыўна займаўся ўкладаннем літаратурнага альманаха "Новы замак".

Радыё Рацыя.

БЕЛАРУСКІ САЛАВЕЙ

135 гадоў з дня нараджэння Змітрака Бядулі

Неацэнны ўклад у стварэнне і развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўнёс паэт, публіцыст і празаік Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіча Плаўнік) , які нарадзіўся 23 красавіка1886 года ў мястэчку Пасадзец (цяпер Лагойскага раёна) у беднай яўрэйскай сям'і.

УСПАМІНАЮ камандзіроўку ад "Сельской газеты", у якой доўгі час працаваў, у Лагойскі раён. Разам з вядомым журналістам Міколам Васьковым мы рыхтавалі сцюдзёнай зімою чарговы выпуск летапісу адзінаццатай пяцігодкі (усяго іх выйшла 117, па колькасці раёнаў, сёння на адзін, Дрыбінскі, больш). Яшчэ ў райкаме партыі (а як жа без яго?!) прыстаўлены да нас інструктар аддзела прапаганды і агітацыі Зміцер (во супадзенне!) прапанаваў: "А давайце пачнем з...музея Змітрака Бядулі". "Што, у іх ёсці такая ўстанова?" - пераглянуліся мы здзіўлена і зацікаўлена, ды, як жа інакш, з ахвотай пагадзіліся.

Гэта аказаўся музей Пасадскай сярэдняй школы. Прозвішча часовага экскурсавода цяпер не ўспомню, затое перадаю яму (дай Божа, жывы) праз гады палкае прывітанне і вялікую падзяку. Знакамітаму земляку тут быў прысвечаны асобны цікавы раздзел. Асаблівую ўвагу прыцягнулі арыгінал першага пасмяротнага збору твораў, выдадзенага ў 1946 годзе і бюст, які зрабіў і сам прывёз у вёску сябар класіка, наш вядомы скульптар Заір Азгур.

ПАСЛЯ я даведаўся, што экспанаты ўпрыгожыла кніга "Успаміны пра Змітрака Бядулю", якая ўбачыла свет у 1998 годзе. І я яе, хоць і з вялікай цяжкасцю, усё ж, знайшоў! У ёй надрукаваны і ўражанні жонкі Купалы Уладзіславы Францаўны. Яна піша, што пазнаёмілася з Бядулем у 1912 годзе, яшчэ да ягонага прыезду ў Вільню. Ужо тады ён вылучаўся сярод маладых пісьменнікаў як надзвычай здольны і своеасаблівы лірык у прозе, глыбокі знаўца чалавечай душы. Многія з яго апавяданняў завучваліся моладдзю на памяць і перадаваліся з вуснаў у вусны. Мова чаравала сваёй мяккасцю і сакавітасцю. Была вельмі блізкай да народа, адначасова высокакультурнай і здольнай выказаць самыя тонкія адчуванні.

Калі Уладзіслава Францаўна прыйшла ў Вільні ў беларускую кнігарню на вуліцы Завальная, 7, яна ўбачыла "маладога, вельмі сарамлівага хлопца", якога акружылі яе знаёмыя. "Ён быў апрануты ў вясковую куртачку, паверсе - пелярына (кароткая накідка на плечы - Ул. Б.), а на галаве - нейкі смешны капялюш. Гэта надавала яму паўвясковы, паўгарадскі выгляд." Бядуля адразу стаў неадлучнай часткай віленскага беларускага асяроддзя. З Купалам ён сустрэўся ўпершыню ў 1913-ым, калі той вярнуўся з Пецярбурга. У рэдакцыі "Нашай нівы" яны амаль заўсёды былі разам. Рэдакцыя, удакладняе жонка Купалы, знаходзілася на Віленскай, 29, на другім паверсе, у двух маленькіх простых пакойчыках. Тут яны жылі і працавалі. Уладзіслава часта іх наведвала. " Як цяпер бачу, - піша яна, - узнімаюся я на другі паверх, а насустрач, па цёмных усходах, ідзе ўніз Бядуля з вялікім чайнікам: "Як маешся, Станкевічанка? Ідзі, а я зараз прынясу чай." Жылі будучыя класікі сціпла. "...звычайна куплялі па пяць капеек "абрэзкаў" у каўбаснай краме і хлеба - гэта была іх вячэра. ...я часам прыносіла з сабой "складчыну" -- булкі і бутэрброды. Купала бурчэў і казаў, што ён не галодны, а Бядуля чырванеў, паўтараючы: "Што гэта ты робіш, Станкевічанка?". Яны рэдка калі елі гарачую страву - на гэта не хапала грошай. Купала (ён быў рэдактарам, а Бядуля - сакратаром) вельмі паважаў сябра "за таленавітасць і працаздольнасць".

У1921 - 1926 гадах Луцэвічы жылі з Бядулем на адной кватэры. "Перш - на Савецкай вуліцы, у гістарычным доміку 1 з'езда РСДРП, а затым - на Правіянцкай (цяпер Захарава. - Ул. Б.), 35. Перад жонкай Купалы яшчэ больш раскрылася глыбокая душа Бядулі. "Ён быў вельмі просты, чулы і мяккі (за апошняе, дарэчы, Купала яго папракаў.- Ул. Б.). Часта сядзеў начамі і працаваў." Калі Уладзя казала, што пара спаць, адказваў: скончу работу, потым пайду...

ПРЫ падрыхтоўцы артыкула я звярнуў увагу на такі абуральны факт. Асобныя вершы, напісаныя паэтам у 1909 - 1910 гадах нідзе тады так і не надрукавалі. І сёння для мяне гэта зусім незразумела. Вось услухайцеся:

На горне душы першы верш я каваў,

Мне молатам гора служыла;

Зык песні паўночнай у сэрцы хаваў,

І сэрца свой боль гаварыла...

Ці вось гэта:

Начлежнікі пяюць.

Над вогнішчам туман.

А спеў -- вясёлы сум. А галасы -- рачулкі.

Плывуць адтуль з кустоў,

з асрэбраных палян

Частушкі - як званкі,

частушкі - як бразгулкі.

Першай "спахапілася" "Наша ніва", і толькі ў 1911-ым надрукавала першы паэтычны твор "Мой спеў". Затым прозвішча паэта пачало з'яўляцца ў друку ўсё часцей. А праз два гады, у Пецярбургу, у выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" пабачыў свет зборнік лірычных мініяцюр у прозе, якія мела на ўвазе Уладзіслава Францаўна, "Абразкі". Каб вы ўявілі іх змест, прывяду радкі толькі з імпрэсіі "Нашто мне". "Кожнае слова маё - шчыры ўспамін убогай вёскі. Кожны радок маёй песні - малюнак перажыванняў гаротнага, простага беларуса. Хата мая не пад шнур будавалася, жыта маё прадаецца без вагі і меры - дабра свайго я нікому не шкадую..."

Паступова паэзія Бядулі станавілася адметнай з'явай у літаратуры. Свае мастацкія вобразы паэт ткаў з нечаканых, пры гэтым, выразных метафар, параўнанняў і спалучэнняў. А ў прыродзе і пачуццях чалавека шукаў красу і гармонію. Увасабленнем сапраўднай паэзіі і хараства для яго з'яўлялася "чыстая краса". Таму зусім невыпадкова паэтам "чыстай красы" Бядуля назваў Максіма Багдановіча. Гэтым самым аддаў яму даніну найвышэйшай павагі. Назваў яшчэ "жрацом хараства", які "вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння". Скажу пры гэтым з асаблівай павагай: ён першым з пісьменнікаў адгукнуўся ў друку на смерць вялікага паэта:

...Далёка ад роднай мяжы

Пайшоў наш паэт той адвечнай дарогай,

Што йдзець аж да Самага Бога.

Бо полымя сэрца паліла - не грэла.

Ў тым полымі сэрца згарэла...

ЧАТЫРОХТОМНІК, які выйшаў у 1952 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, змясціў усяго (!) восем вершаў 1917-1920 гадоў напісання.

Астатнія не траплялі і ў ніякія іншыя выданні. Справа тут вось у чым. Лютаўская рэвалюцыя ўпершыню ў нашай гісторыі забяспечыла нам права на свабоду слова і палітычную дзейнасць. На карыстанне роднай мовай без усялякіх абмежаванняў. Абудзіла ў нас надзею на сапраўдную Волю. Паэт - змагар пісаў:

На мовах на розных аб Волі святой,

Аб дзіўным, аб заўтрашнім дне

Гаворуць - гамонюць. Не вераць сабе.

І людзі, як быццам у сне.

Гэй, воля пануе на белым, на свеце,

Аб Волі пяюць нават дзеці

...............................................................

Усім адзін Бог - гэта Воля!

Ідуць і лікуюць. Бы рынуўся бор...

Ну хто мог у вядомы час такое надрукаваць? Між іншым, калі Бядуля пачуў заклікі да помсты і расправы за рабства і здзекі мінулага, ён імгненна адчуў: прынцып "вока за вока" можа прывесці да новых сацыяльных катаклізмаў, пахаваць гэтую самую волю:

О, Воля, ты толькі, як промень, зірнула,

О, Воля, ты нас абманула...

Таму ён нарадзіў для ідыёлагаў і правадыроў такія словы:

Дык кіньце вы помсту, не робце руінаў, -

Пад біч зноў падставіце спіны.

Слушнае, як паказаў час, папярэджанне. Але не пачулі, не захацелі пачуць...

ПАСЛЯ Лютаўскай, пра якую сказаў, рэвалюцыі і да самага заканчэння грамадзянскай вайны на рэдкасць актыўна пачала выпрацоўвацца нацыянальная ідэя. Праблема яе паўстала ў нас сёння вельмі актуальна. Дык вось адным з самых найактыўнейшых за яе змагароў на працягу ўсяго свайго жыцця быў менавіта Змітрок Бядуля. Яго вельмі трывожыла будучыня Беларусі. У сувязі з гэтым не магу не расказаць пра два вершы: "Тры сцежкі" і " Беларускі шлях". Нашы дарогі адвеку вялі нас ці на захад, ці на ўсход. Ёсць жа, сцвярджае і настойвае Бядуля, трэцяя , свая, родная, ні на кога не падобная. Толькі на ёй мы застанемся самімі сабою, зберажэм усё, што набылі. Таму ў першым вершы:

Ідзі, беларус, толькі сцежкай сваёй!

Сцежкай сваёю

Да Сонца ідзі!

А ў другім - заклік перастаць аглядвацца на кагосьці, на некага спадзявацца. Трэба самім пракладваць свой уласны светлы шлях:

Ачніцесь, бедныя ратаі,

Бо шчасце - будучыня краю

У вашых жа руках!

Ідзіце ўсе, усе без конца

Пад беларускім ясным сонцам

На беларускі шлях!

ЧАЦВЁРТАГА красавіка 2016-га пайшоў з жыцця наш вядомы старэйшы літаратуразнавец Уладзімір Казбярук. Ён пераклаў на расейскую мову "Скарб" Змітрака Бядулі. Ён жа стаў аўтарам цікавай і шмат у чым пазнавальнай прадмовы да "Выбраных твораў" класіка. Яны выйшлі ў "Беларускім кнігазборы" ў 2006 годзе. Уладзімір Міхайлавіч трапна зазначае, што з паэзіяй вельмі цесна паводле свайго зместу пераплятаецца публіцыстыка Бядулі. Гэта сапраўды так. Як і вершы, пра якія я казаў вышэй, мяне да глыбіні душы ўсхваляваў, да прыкладу, артыкул "Хрыстос васкрос!" " Паўстала к жыццю, - піша публіцыст, - і наша айчына, наша Бацькаўшчына Беларусь. Больш за трыста год панавала над ёй смяртэльная ціша.

Але жыватворны дух адвечнага жыцця завітаў і над ёю. Белая Русь уваскрэсла і цвёрда стала на грунт дзяржаўнай незалежнасці.

Толькі дзяржаўная незалежнасць прынясе нам збавенне ад гістарычных мук і нацыянальнага здзеку. Толькі ў пяшчотах нацыянальнай культуры мы атрымаем магчымасць стаць поплеч з асвечанымі народамі З. Еўропы.

Нацыянальнасць - рэч неўмірушчая, нацыянальнасць - гэта крыніца жыцця, пачатак поступу, культуры і бязмежнага развіцця. Нацыянальнасць - само жыццё і яго несмяртэльнасць у межах нашага ўяўлення. Жыве нацыя - жыве і чалавецтва".

Сучасна гучыць цвёрдае слова майстра і ў артыкуле "Адносіны Беларусі да суседніх народаў". Ён знаходзіць у нашай колішняй гісторыі абгрунтаванне права на нашу незалежнасць, на ператварэнне мовы ў дзяржаўную. Упэўнены, "што ўсе народнасці, жывучыя цесна з намі на нашай зямлі, пойдуць нам насустрач у нашай дзяржаўнай будове і не будуць нам шкодзіць у нашым нацыянальным руху, бо шавінізм у нас месца не мае і мець не можа.

Наша ідэя такая, каб у нацыянальным смысле кожны народ быў сам сабою, і гэтым ён і выпаўніць свой прыродна-этычны доўг".

СТВАРАЎ Бядуля і цікавую, запамінальную, эмацыянальную прозу. Ведаюць многія такія апавяданні, як "Пяць лыжак заціркі", "На Каляды к сыну", "Туляга", "Малыя дрывасекі".

Мне найбольш запомніліся два першыя. Спачатку - "пра зацірку". Вясной, калі ўсе прыпасы ўжо скончыліся, а шчаўя яшчэ няма - у вёсцы такая галадуха, што "нечым нават муху накарміць". У хаце ж сялянкі - шмат дзетак і хворы, з-за чаго не працуе, муж. Гаспадыня выенчыла ў суседа фунт (каля 460 грамаў. - Ул. Б.) мукі, і, на вялікую радасць сямейцы, зварыла на вадзе зацірку. У хаце - свята! Як толькі пачалі есці, завітала суседка, якую, жанчына запрасіла за стол. Дзеці з мужам - па лыжцы - другой, а яна - усе, што засталіся, пяць! І ўсе засталіся галодныя, і скончыліся радасць і шчасце... "Шчасце, - адзначае аўтар, - не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце".

Цяперака - пра сына. Іншая, старая, сялянка сабрала апошнія сілы і накіравалася ў горад яго праведаць. Той за час, што не бачыліся, стаў адвакатам, начальнікам і не пажадаў сустрэцца. Загадаў падначаленым адправіць яе, адкуль прыехала... Гэтулькі гадоў прайшло, а мы ўсё ніяк не можам задумацца над чалавечай існасцю...

Разам з аповесцю "Салавей" (дарэчы, сучаснікі называлі Бядулю "беларускім салаўём), аўтабіяграфічным творам "У дрымучых лясах", фантастычнай аповесцю-казкай (калі не чыталі, дык чулі!) "Сярэбраная табакерка", раманам "Язэп Крушынскі" вышэйназваныя рэчы адметна ўзбагацілі нашу літаратуру, з'явіліся яе надзейным здабыткам.

У савецкія часы, як і многім, сапраўднаму патрыёту Беларусі "давялося мяняць арыенціры", прыстасоўвацца да новай сітуацыі. Нягледзячы на яе, ён застаўся ў сваёй шматграннай творчасці верным жыццёвай праўдзе. У яго было шмат цікавых задумак і памкненняў, ды жыццё абарвалася ўсяго ў 54 гады.

ПАВОДЛЕ ўспамінаў брата, Мацвея Плаўніка, якія надрукаваны ў той жа кнізе, дзе і нататкі жонкі Купалы, у чэрвені 1941 года Змітрок знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Хойніцкім раёне. Марыя Ісакаўна адпачывала з двума дзецьмі ў Пухавічах, у Доме творчасці пісьменнікаў.

Брат вярнуўся ў Менск, і разам з маці яны пайшлі да Барысава, адтуль цягніком - у Піжму Горкаўскай вобласці. Самуіл уладкаваўся ў мясцовую рэдакцыю. Праз доўгі час стала вядома, шо сям'я - у вёсцы Старыя Бурасы на Саратаўшчыне. Там уз'ядналіся і паехалі ў Казахстан.

Далей я скарыстаўся малавядомай каму сёння інфармацыяй. За 12 кіламетраў ад Уральска, на станцыі Семігаловы Арол Бядуля выйшаў з іншымі з вагона "размяць косці". Нечаканы гудок - і ён пабег з хворым сэрцам да свайго месца. Паступова стаў асядаць на зямлю... Апошняе, аб чым папрасіў жонку - даць яму апошнюю папяроску. Зрабіў некалькі характэрных зацяжак і замоўк, назаўжды...

Пахаваць ва Уральску дапамагла трупа Віцебскага коласаўскага тэатра ( ён знаходзіўся там з гастролямі. - Ул. Б.) Наколькі ведаю, раней ішла гаворка пра перапахаванне класіка айчыннай літаратуры на радзіме. На вялікі жаль, тады не атрымалася. Ура! уральцам, якія стварылі ў сябе выдатны Музей Змітрака Бядулі. З экспазіцыямі я знаёміўся, калі наведваў перад напісаннем гэтага артыкула Музей гісторыі беларускай літаратуры. Ура! беларусам, якія даўнішнюю задуму здзейснілі хоць у 21 стагоддзі.

Што тычыцца музея Пасадскай школы, то яго (паведамілі лагойскія сябры) перавялі разам з дзецьмі і настаўнікамі ў суседні Крайск. У некалі квітнеючым мястэчку дажываюць свой век пенсіянеры-землякі, старая (дзякуй Богу, што працуе) крама, фундамент знішчанай хаты-пяцісценкі Плаўнікаў, ды шыльдачка на будынку былой школы, куды прывёз нас сцюдзёнаю зімою інструктар райкама Зміцер...

Уладзімір Барысенка.

Кавід і грамадства

Як дзве хвалі каронавіруса паўплывалі на працу ў розных прафесіях

Як паўплывалі першая і другая хвалі каронавіруса на працу людзей у розных сферах? Якія выклікі і праблемы з'явіліся? Ці знайшліся шляхі вырашэння? Пра гэта мы паразмаўлялі з жыхарамі рэгіёна.

Ларыса працуе настаўніцай у адной са школ Маладзечанскага раёна. Кажа, каронавірус паўплываў на працу педагогаў як падчас першай хвалі, так і падчас другой:

- Яшчэ на пачатку першай хвалі была запланавана экскурсія з вучнямі. З-за пандэміі прыйшлося адмяніць. З таго часу і да сёння экскурсіі не аднаўлялі. У мінулым навучальным годзе некаторыя вучні не наведвалі школу, вучыліся дома ўсю апошнюю чвэрць. Ужо тады былі першыя выпадкі хваробы сярод настаўнікаў.

Увосень новы навучальны год пачалі, як звычайна. Цяпер усе вучні наведваюць школу, дома ніхто не навучаецца. Але ў лістападзе і снежні вучні пачалі масава хварэць. Падчас другой хвалі на кавід хварэлі таксама і настаўнікі. Ніякага каранціну не ўводзілі. Настаўнікі працуюць у масках. Метадычныя нарады праходзяць анлайн. Агульнашкольныя мерапрыемствы не праводзім. А настаўніцкі калектыў працуе ў звычайным рэжыме.

Алена Крэйніс, гаспадыня прытулку для жывёл. Ужо некалькі год Алена з мужам Ігарам трымаюць прытулак для жывёл у Валожынскім раёне. Алена кажа, што другая хваля на дзейнасці прытулку практычна ніяк не адбілася. А вось падчас першай хвалі здарыўся такі выпадак:

- У нас на ператрымцы былі сабакі з Менска, у гаспадароў якіх медыкі падазравалі каронавірус. Пакуль рабіліся тэсты, людзі сышлі на самаізаляцыю. Пачалі актыўна шукаць ператрымку для сваіх сабак, бо прадбачылі шпіталізацыю. Усе, каму тэлефанавалі, адмаўляліся. Хаця сабакі не з'яўляюцца пераносчыкам хваробы і самі не хварэюць.

Па словах Алены, ім гаспадары тэлефанавалі ў роспачы, літаральна са слязьмі. У выніку Крэйнісы забралі двух пародзістых сабак. У прытулку на Валожыншчыне сталічныя гадаванцы былі тры тыдні. У выніку дыягназ пацвердзіўся ў трох членаў з сям'і гаспадароў: бацькоў і аднаго з дваіх дзяцей.

- Пасля хваробы гаспадары самі прыязджалі забіраць гадаванцаў, расказвалі пра ўсю сур'ёзнасць віруса, папярэджвалі нас, каб бераглі сябе. Ну, і дзякавалі, канешне, - дзеліцца Алена.

Вядоўца свят, скрыпачка Ларыса з Маладзечна, адкрыла сваю справу незадоўга да пачатку першай хвалі. Паспяхова правяла навагоднія карпаратывы і…

- Вось у мяне адкрытае ІП, ёсць апаратура і жаданне працаваць. А тут - каронавірус. Але я не пашкадавала, што пачала сваю справу. Вясна для вядоўцаў заўсёды не вельмі актыўная. З задавальненнем бавіла час з сям'ёй, займалася творчасцю. Ведала: у мяне яшчэ ўсё наперадзе. І сапраўды, летам людзі, якія з-за каронавіруса адкладалі вяселлі і юбілеі, пачалі іх спраўляць, - дзеліцца з карэспандэнтам Ларыса.

Адзначае, што падчас другой хвалі навагоднія карпаратывы былі нешматлікія, але працы ўсё роўна хапала. Бліжэй да канца зімы актывізаваліся жаніхі з нявестамі. Цяпер яны плануюць вяселлі на вясну і лета, цікавяцца паслугамі, заключаюць дамовы. Усе спадзяюцца на лепшае, адзначае Ларыса. Тым больш, многія з тых, хто звяртаецца, ужо перахварэлі цэлымі сем'ямі.

Ёсць тэндэнцыя скарачэння гасцей на ўрачыстасці. Здараецца, што запланаванае свята ўвогуле адмяняюць з-за хваробы юбіляра або каго-небудзь з гасцей.

- Але ў цэлым я настроеная аптымістычна. Не губляю часу: пашыраю рэпертуар, рыхтую цікавую праграму да новага сезону.

Марыя працуе дома. Як сеткавы менеджар прадае праз інтэрнэт драўляныя вырабы ад адной расійскай фабрыкі.

- Нам не пашанцавала, бо наш галоўны прадукт - турыстычны сувенір, - пачынае Марыя. - У першую хвалю продажы абваліліся, і адразу было вельмі цяжка. Але мы надалі больш увагі сваёй лінейцы цацак і пачалі спрабаваць новыя варыянты продажу - праз інтэрнэт-пляцоўкі. Драўляныя цацкі робім і прадаём самыя розныя: ад экалагічных лялек да сартэраў, што ствараюцца па сістэме італьянскага доктара і педагога Марыі Мантэсоры.

Да другой хвалі кампанія падышла ўжо з набытым досведам:

- Таму спакойна працягвалі працу, уносячы карэктывы па неабходнасці. Свет ужо крыху прывык да новых абставін, таму стала лягчэй дамаўляцца па лагістыцы і тэрмінах. Працягнулі развіваць новыя напрамкі, якія намацалі яшчэ ў першую хвалю. Па-ранейшаму больш увагі надаём вытворчасці цацак, акрамя звычайнай працы з оптам разгарнуліся на гандлёвых пляцоўках у інтэрнэце. Усё яшчэ не проста, але вельмі цікава адказваць на выклікі часу.

Аксана ЯРАШОНАК. Рэгіянальная газета.

Як COVID-19 увёў у кому беларускі турызм

Дадзеныя пра дзейнасць турыстычных арганізацый Беларусі за 2020 год нядаўна апублікаваў Белстат. Калі сцісла - усё дрэнна. Што падкасіла беларускі турызм, чым ён жыве цяпер і якім бачыць сваю найбліжэйшую будучыня, высвятліла Intex-press.

Белстат: турыстаў і выручкі менш у разы.

Тое, што 2020 год па выніку акажацца складаным для сферы турызму, было зразумела яшчэ напачатку першай хвалі каронавіруса, якая цалкам паралізавала турыстычную галіну. Але наколькі ўсё будзе дрэнна, на той момант не браліся прагназаваць нават спецыялісты, якія прапрацавалі ў гэтай сферы не адзін дзясятак гадоў.

Не так даўно Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў справаздачу пра дзейнасць турыстычных арганізацый за 2020 год. З яго выцякае, што ўсяго за адзін год турызм у нашай краіне па многіх паказчыках адкаціўся, прынамсі, на дзесяць гадоў назад!

Возьмем, да прыкладу, уязны турызм. У 2020 годзе нашу краіну наведалі каля 81 тысячы замежных турыстаў: у пяць разоў менш, чым у 2019-м. Для параўнання: у 2005 годзе, па дадзеных таго ж Белстата, у Беларусь заехалі больш за 90 тысяч чалавек, у 2011-м - больш за 116 тысяч.

Радзей выязджалі ў 2020 годзе за мяжу і беларусы: у чатыры разы ў параўнанні з 2019-м і ўдвая радзей у параўнанні з 2005-м.

Істотнае скарачэнне турыстычных плыняў, натуральна, адбілася на фінансавых паказчыках арганізацый. Чысты прыбытак ад аказання турыстычных паслуг за год паменшыўся каласальна: прыкладна ў 60 разоў у рублях і прыкладна ў 70 разоў у далярах ЗША!

Нядзіўна, што выжыць у такіх найскладаных умовах змаглі далёка не ўсе: прыкладна кожная восьмая турфірма ў Беларусі ў 2020 годзе спыніла сваё існаванне.

"Многіх працаўнікоў скарацілі, у тым ліку і мяне"

Колькі ўсяго беларусаў, занятых у сферы турызму, пазбавіліся працы ў 2020 годзе з-за крызісу, выкліканага пандэміяй каронавіруса, сапраўды сказаць складана. Але, калі верыць афіцыйным дадзеным, спіскавая колькасць працаўнікоў арганізацый, якія здзяйсняюць турыстычную дзейнасць, за год скарацілася прыкладна ў 1,5 раза.

У рэальнасці ж працаўнікі сферы турызму кажуць пра куды больш сур'ёзныя скарачэнні кадраў. Так, па словах жыхаркі Баранавіч Наталлі (імя зменена па просьбе гераіні), у турагенцтве, дзе яна працавала, звольнілі палову супрацоўнікаў. Яе - у тым ліку.

- У сярэдзіне сакавіка нас усіх адправілі на каранцін. Казалі, ён падоўжыцца дзён дзесяць. Але ў выніку каранцін зацягнуўся на некалькі месяцаў. Спачатку нам плацілі звычайны аклад, потым усё менш і менш. Пад канец я ўжо атрымлівала нейкія капейкі, рублёў сто, бо кампанія грошай амаль не зарабляла, - успамінае дзяўчына.

Нейкі час кіраўніцтва турфірмы абнадзейвала супрацоўнікаў, а потым Наталлі і чатыром яе калегам, якія прыйшлі працаваць у агенцтва пазней за ўсіх, проста сказалі шукаць новую працу.

- Многіх працаўнікоў скарацілі, у тым ліку і мяне. Знайсці новую працу было складана. Патрабаваліся галоўным чынам дальнабойнікі, прадаўцы, што наогул не маё. Многія вакансіі былі проста для галачкі: тэлефануеш па аб'яве, а табе кажуць, што ніхто не патрабуецца. Пытанне, для чаго аб'ява тады? Стварыць бачнасць, што праца ёсць? - разважае Наталля.

Працаўладкавацца дзяўчыне ўдалося толькі ў верасні: яна педагог і знайшла працу па спецыяльнасці. Наталля кажа, што сама не ўяўляе, як яе сям'я перажыла гэты перыяд, і зараз доўга не захоча працаваць у турызме.

- Муж працаваў, бацькі трошкі дапамагалі, я таксама не сядзела склаўшы рукі і нешта шукала. Не ведаю, як мы выбраліся з усяго гэтага, але сітуацыя была жудасная, - кажа яна. - Мне падабалася гэта сфера, але сказаць, што шкадую пра тое, што сышла з яе, не магу. Я зразумела, што праца гэтая нясталая: межы то адкрыты, то закрыты, працы то шмат, то наогул няма. Арэлі такія. Таму вяртацца ў турызм больш, напэўна, не стала б.

"Турагенты пачуваліся кінутымі дзецьмі"

Тыя ж, хто яшчэ застаўся працаваць у сферы турызму, кажуць, што такога крызісу галіна не перажывала яшчэ ніколі.

- Нават калі былі праблемы з валютай і мы дапамагалі кліентам яе шукаць і мяняць, людзі ўсё адно ехалі адпачываць, таму што ў іх было жаданне, былі магчымасці, былі грошы. Але такога, каб узяць і год практычна выкінуць з жыцця, не бачылі нават тыя, хто прапрацаваў у турызме па 30 гадоў, - кажа Ганна Нікіціна, дырэктар ТАА "Клуб вандраванняў "Рабінзон"".

Мала таго, што з-за закрытых межаў, каранціну і сітуацыі, якая змяняецца не па днях, а па гадзінах, турагенты засталіся практычна без працы і сродкаў да існавання, дык яшчэ і ніякай падтрымкі ад дзяржавы не атрымалі. Хоць спадзяваліся на яе.

- Пытанняў было шмат: як вярнуць грошы турыстам, як выжыць і не зачыніцца. А адказаў на іх практычна не было, - адзначае Ірына Сварцэвіч, менеджар ЧУТТП "Ветразь". - Турагенты пачуваліся кінутымі дзецьмі ў чаканні падтрымкі дзяржавы, якой не было, да слова, зусім: ні адтэрміноўкі па падатках, ні дапамогі ў рашэнні важных пытанняў.

Турагенцтвы, якія прадавалі туры з авіяпералётамі, маглі хоць неяк працаваць: улетку мінулага года беларусы, хай і не так масава, але паляцелі адпачываць у краіны, якія ў сезон адкрыліся для турыстаў. Тым жа, хто спецыялізаваўся на аўтобусных турах, прыйшлося зусім не салодка.

- У мяне галоўным чынам аўтобусныя туры: Беларусь, Расія, Украіна. Таму па турызме ўвесь гэты год амаль не працавала, даводзілася падзарабляць у іншай сферы, каб неяк выжыць. Цяпер спрабуем штосьці аднавіць, трохі па Беларусі пачынаем працаваць і вельмі чакаем адкрыцця меж з Расіяй і Украінай, - распавядае Ганна Нікіціна.

Сезон-2021: з надзеяй, але без прагнозаў

Прагнозы на цяперашні сезон супрацоўнікі турагенцтваў робяць з вялікай асцярожнасцю, бо досвед 2020 года паказаў, што сітуацыя можа змяніцца ў любы момант і ад турагенцтваў у гэтым плане мала што залежыць.

- У канцы красавіка ў Менску турыстычная выстава будзе. Нас таксама запрашаюць, а з чым выстаўляцца? Ніхто нічога не разумее: што выстаўляць, што прадаваць, ніякай канкрэтыкі, - кажа Ганна Нікіціна.

Што яны могуць сцвярджаць з упэўненасцю, дык гэта тое, што беларусы стаміліся ад пандэміі, нестабільнай палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне і жадаюць адпачыць ад гэтага, пажадана далей ад Беларусі.

- Людзі стаміліся за мінулы год, і мы спадзяёмся, што ў гэтым паедуць адпачываць. Цяпер пачалі нядрэнна прадаваць Егіпет, але бранююць галоўным чынам на найбліжэйшы час. На лета яшчэ баяцца, - адзначае Ірына Сварцэвіч.

Таму цяпер турагенцтвы, як той казаў, спадзяюцца на лепшае, але рыхтуюцца да ўсяго:

- Але апроч звычайнай страхоўкі на ўсякі выпадак пачалі афармляць страхоўку ад нявыезду, каб, калі што якое, хоць неяк усцерагчы фінансы турыстаў.

Людміла СЦЯЦКО.

Эксперты расказалі, як каронавірус уплывае на псіхіку і жаночае здароўе

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя расказалі пра тое, як вірус уплывае на псіхічны стан і жаночае здароўе.

Па словах доктара, каардынатара праграм па грамадскай ахове здароўя офіса СААЗ у Беларусі Валянціна Русовіча, уплыў каронавіруса на псіхічнае здароўе людзей праяўляецца ў наступным:

- страх захварэць і памерці;

- страх заразіцца падчас звароту да дактароў і як вынік - людзі не звяртаюцца да медыкаў;

- адчуванне бездапаможнасці ў абароне блізкіх і страх іх страціць;

- успрыманне сімптомаў іншых хвароб за сімптомы каронавіруса;

- павелічэнне ўжывання алкаголю, псіхаактыўных рэчываў.

Як абараніць сваё псіхічнае здароўе?

- Прызнаць негатыўныя эмоцыі;

- быць на сувязі з сябрамі і сям'ёй;

- падтрымліваць здаровы лад жыцця - правільнае харчаванне, фізічныя практыкаванні, адмовіцца ад курэння і алкаголю ці хаця б скараціць іх ужыванне;

- атрымліваць інфармацыю пра дзеянні і меры засцярогі з надзейных крыніц, на пэўны час скараціць чытанне кепскіх навін.

Доктар Мэры Элунед Гафілд з Дэпартамента сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя і даследаванняў СААЗ адзначыла, што не варта зніжаць узровень кансультавання па пытаннях цяжарнасці і планавання сям'і, а па магчымасці перавесці кансультацыі ў анлайн-фармат.

Па яе словах, у пандэмію на 10% знізіўся ахоп паслуг для жанчын падчас цяжарнасці і паслуг для нованароджаных. Па ацэнках СААЗ, з пандэміяй у статыстыку дадалося 28 тысяч мацярынскіх смерцяў і 168 тысяч смерцяў немаўлят.

З'явіліся парушэнні ў паслугах па планаванні сям'і. Па ацэнках СААЗ, гэта праявілася ў мільёнах незапланаваных цяжарнасцяў.

Што павінны рабіць мы, а што - сістэма аховы здароўя?

Спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі доктар Масурд Дара расказаў пра тое, якія санітарныя меры падчас пандэміі каронавіруса павінна прымаць сістэма аховы здароўя, а якія - мы з вамі.

Санітарныя мерапрыемствы, агучаныя экспертам, вядомыя большасці з нас. Гэта:

- гігіена рук;

- рэспіраторная гігіена;

- фізічнае дыстанцыянаванне;

- скарачэнне перасоўванняў, аддаленая праца, лічбавыя зносіны;

- рэгулярная ачыстка і дэзынфекцыя навакольнага асяроддзя;

- ранняе выяўленне хвароб.

Як павінна рэагаваць сістэма аховы здароўя на выклікі COVID-19?

Масурд Дара адзначае наступныя пункты:

- надзейная сістэма нагляду;

- развітая лабараторная сетка, стратэгіі хуткага і эфектыўнага тэставання;

- абарона і падтрымка медыкаў, ахова іх псіхічнага здароўя;

- якасная клінічная дапамога, назіранне дома, інтэнсіўная тэрапія;

- вакцынацыя;

- камунікацыі і абазнанасць грамадскасці;

- вялікая ўвага да фактараў, якія абумоўліваюць высокую смяротнасць;

- падрыхтаванасць да наступнай або спадарожнай пандэміі.

Аксана ЯРАШОНАК.

Рэгіянальная газета

Як зберагчы здароўе, дзякуючы харчаванню

Падчас пандэміі COVID-19 вельмі важна харчавацца здаровай ежай. Рацыён можа ўплываць на здольнасць арганізма супрацьстаяць інфекцыі, змагацца з ёй і аднаўляцца ў выпадку перанесенай хваробы.

Сама па сабе ежа і харчовыя дадаткі не могуць абараніць ад COVID-19 або вылечыць захворванне. Але здаровае харчаванне неабходна для падтрымання функцый імуннай сістэмы. Акрамя таго, збалансаваны рацыён дазваляе зменшыць верагоднасць узнікнення іншых расстройстваў, у тым ліку атлусценне, захворванні сэрца, дыябет і некаторыя віды раку.

Здаровае харчаванне для дзяцей груднога ўзросту - гэта выключна грудное малако ў першыя шэсць месяцаў з паступовым увядзеннем бяспечных харчовых прадуктаў у дадатак да матчынага малака з шасці месяцаў да двух гадоў і больш. Дзецям ранняга ўзросту здаровае і збалансаванае харчаванне неабходна для росту і развіцця арганізма.

Ешце разнастайна, у тым ліку садавіну і гародніну

- Кожны дзень варта ўжываць у ежу сумесь з натуральных злакаў, такіх як пшаніца, кукуруза і рыс. Бабовыя, напрыклад, сачавіцу і фасолю. Дастатковую колькасць свежых садавіны і агародніны і прадукты жывёльнага паходжання, напрыклад, мяса, рыбу, яйкі і малако.

- Па магчымасці неабходна выбіраць крупы з неапрацаваных зярнят, напрыклад, з кукурузы, проса, аўсу, пшаніцы і бурага рысу. Яны багатыя каштоўнай клятчаткай і спрыяюць доўгаму захаванню пачуцця сытасці.

- Для перакусу на працягу дня падыдуць свежыя гародніна, садавіна і несалёныя арэхі.

Менш солі

- Варта абмежаваць спажыванне солі да пяці грамаў у дзень. Гэта адна чайная лыжка.

- Не перасольвайце гатовыя стравы і ежу ў час прыгатавання. Старайцеся радзей выкарыстоўваць салёныя соўсы і прыправы, напрыклад, соевы соўс, рыбны соўс ці соўс на аснове булёну.

- Калі ўжываеце ў ежу кансервы або сушаную прадукцыю, старайцеся выбіраць прыгатаваную з гародніны, арэхаў або садавіны без солі або цукру.

- Прыбярыце са стала салонку і паспрабуйце дадаваць для смаку свежую або сушаную зеляніну і спецыі.

- Правярайце ўтрыманне солі ў набытай прадукцыі і аддавайце перавагу ежы з нізкім утрыманнем натрыю.

Менш тлушчу

- Гатуючы ежу, аддавайце перавагу аліўкаваму, соеваму, сланечнікаваму або кукурузнаму алею.

- Аддавайце перавагу белым гатункам мяса, напрыклад, мясу птушкі і рыбы. Утрыманне тлушчу ў іх звычайна ніжэйшае, чым у мясе чырвоных гатункаў. Зразайце з мяса тлушчавую праслойку і старайцеся пазбягаць ужывання мясных паўфабрыкатаў.

- Малако і малочныя прадукты павінны быць абястлушчанымі або з паніжаным утрыманнем тлушчу.

- Пазбягайце выпечкі, смажаных і перапрацаваных прадуктаў, у якіх ёсць транстлушчы прамысловай вытворчасці.

- Імкніцеся гатаваць ежу на пары або варыць, а не смажыць.

Менш цукру

- Паспрабуйце абмежаваць спажыванне ласункаў, а таксама салодкіх напояў, напрыклад, газіраванай вады, фруктовых сокаў і напояў на аснове соку.

- Замест прысмакаў, такіх як печыва, тарты і шакалад, выбірайце свежую садавіну. Калі вы ўсё ж аддаяце перавагу дэсертам, варта падбіраць такія, у якіх няшмат цукру, і есці невялікімі порцыямі.

- Менш карміце дзяцей прадуктамі з цукрам. Соль і цукар не варта дадаваць у прыкорм для дзяцей да двух гадоў.

Больш вады

Для аптымальнага функцыянавання арганізма неабходна сачыць за дастатковым паступленнем вадкасці. Вада з-пад крана, калі яна бяспечная для піцця і даступная, з'яўляецца самым патрэбным і недарагім напоем.

Паводле паведамлення Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Рэгіянальная газета.

Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных

Да 160-годдзя з дня народзінаў і 90-годдзя з дня смерці (1.01.1861-29.04.1931)

Алесь Крой

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

5. Гародня. Пасля закрыцця школы і музея Я. Карскага ў Лашы (1991-1992), у 1995 годзе ў Гародні (сёння гімназія № 1-адна з найлепшых навучальных устаноў Беларусі) быў адкрыты новы школьны музей Я. Карскага. Штогод у студзені ў гімназіі № 1 імя Я. Карскага праводзіцца дэкада, прысвечаная Я. Карскаму, дзеці знаёмяцца з музеем, выдатнікі гімназіі атрымоўваюць стыпендыі імя Я. Карскага. Музей паступова папаўняецца новымі экспанатамі. Жырандоля для музея Яўхіма Карскага была адмыслова выкавана і падаравана вядомым гарадзенскім мастаком-кавалём Юрасём Мацко. Вакол гімназіі - Румлёўскі парк, які з'яўляецца помнікам прыроды і помнікам садова-паркавага мастацтва, землі якога некалі належалі роду Радзівілаў. Былы настаўнік гімназіі, паэт Хведар Чычкан напісаў верш пра Румлёўскі парк, некалькі радкоў якога варта ўзгадаць:

…Калі самотны я, і боль шчымлівы

У сэрца ўносяць тлумы галавы,

Іду сюды, дзе розум мітуслівы

Губляе ў сценах дрэў свае правы…

Сябры Гарадзенскага таварыства беларускай мовы для папулярызацыі мясцін, звязаных з імем Я. Карскага, разам з музеем Я. Карскага каля 10 гадоў назад выдалі вялікія каляровыя плакаты 2-3 дзённых турмаршрутаў для аўтатурыстаў і велатурыстаў (з 2019 года маршрут пашыраны да в. Баброўня на Котры) "Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я. Карскага". Лаша-Індура-Луцкаўляны-Масаляны-Алекшыцы-Гудзевічы-Скідзель-Баброўня-Абухава-Мігова-Гародня (Каробчыцы). Ёсць і турмаршрут аднаго выходнага дня "Крыніцы нашых скарбаў". Лаша-Луцкаўляны-Індура-Гародня (Каробчыцы). Некалькі разоў гэтыя маршруты былі ўжо апрабаваны на аўтатранспарце і на раварах. Ахвочыя даведацца больш пішыце на эл. адрас: tbm.garodnia@tut.by

6. Гародня-Жукі, Саколка (Польшча). У 1896 Я. Карскі жыў ў Гародні (А. Госцеў, В. Швед. "Кронон". Гродно.1993. с. 67, на 1894 г. у Гародні каля 30 тыс. іудэяў, 11500 праваслаўных і 8200 католікаў). Я. Карскі ў 1896 г. вывучаў асаблівасці беларускай мовы ў в. Жукі і Саколцы. ( Я. Карскі жыў у Саколцы, у брата жонкі доктара Маркевіча). Калі ў 1896 годзе ён жыў у Гародні, то верагодна сустракаўся з краязнаўцам Я. Арлоўскім. Дзе Я. Карскі ў гэты час пражываў у Гародні, калі на 1894 год у горадзе былі 4 гасцініцы? У 1896 годзе, у год знаходжання Я. Карскага ў Гародні, у Гарадзенскай губернскай друкарні выдадзена паэма на беларускай мове "Тарас на Парнасе" і працы па беларускай этнаграфіі і фальклоры (ці няма тут нейкай сувязі з Я. Карскім таксама?), у 1896 годзе нарадзіўся вядомы генерал Антонаў і памерла маці паэта Максіма Багдановіча. (А. Гостев, В. Швед. "Кронон". Гродно.1993.). Пазней, Я. Карскі аб'ехаў шматлікія населеныя пункты ў 1899, 1901, 1903 Гарадзенскай і Сувалкаўскай губерні.

7. Гародня-Мігова-Панямонь-Варшава. Вядома, што Я. Карскі быў у МіговаПанямоні ў 1901, 1903, 1905, 1907, 1909, 1911 гг. Адпачываў на дачы, якую здымаў з сям'ёй у Мігова ці Панямоні. Я. Карскі дабіраўся з сям'ёй з Варшавы да Гародні і па Нёмане на параходзе. Паміж Мігова і Панямонню ў сярэдзіне 19 стагоддзя існавала паромная пераправа за плату (больш пра Мігова-Панямонь у "НС" № 6 за 10.02.2021). Па звестках А. Карскага Панямонь была канечным пунктам паездкі па Беларусі Я. Карскім у 1903 годзе. Улетку 1911 года (7 чэрвеня - 13 жніўня) з Панямоні напісана прашэнне Сяргея Карскага (сына) на імя рэктара СПб універсітэта з дачы нейкай Быкавай. Цікава, што праз шэсць дзясяткаў гадоў па ўспамінах сына Васіля пісьменніка Васіля Быкава, у раёне Віцькоў, на землях былога маёнтка Мігова, была дача ў "гарадзенскі перыяд" у Васіля Быкава. У маёнтку Мігова Я. Карскі быў тры месяцы ў 1903 годзе. У 1905 і 1909 гадах знойдзены лісты і паштоўкі, адпраўленыя Я. Карскім з Мігова розным навукоўцам і рэдактару "Нашай Нівы" А. Уласаву. У 1907 годзе быў перавод аплаты за вучобу Яўгенам Карскім (сынам) з дачы (Панямонь-Мігова). План участкаў лясной дачы ў маёнтку Мігова на 1905 год знойдзены ў НГАБ у Гародні.

У памяць пра Я. Карскага і іншых вядомых тутэйшых беларусах 1 верасня 2018 года на прыпынку садовага таварыства "Мігова" сябрамі садовага таварыства "Мігова" і студэнткай ГрДУ Лізай Біруковай зроблены арт-аб'ект: Турмаршурут "Прынёманскімі шляхамі акадэміка Яўхіма Карскага", з партрэтамі і датамі жыцця вядомых людзей рэгіёна. У летні перыяд тут можна ўбачыць турыстаў-раварыстаў, аўтатурыстаў, фатаграфуючых схему турмаршрута, якія збочылі з аўтамагістралі М-6 на аэрапорт і потым на Александрова-Мігова-Коматава.

Я. Карскі: "…Довольно странные формы удалось нам наблюдать возле Гродно, это: дзякей, мужыкей, бацькей (Мат. Б. №№ 12, 19), которые находят для себя параллели в говорах витовском и рогозенском чешского языка…" (Карский, Е.Ф. Исторический очерк словообразования и словоизменения в белорусском языке/ Карский Е.Ф. Белорусы. Язык белорусского народа. Выпуск второй. Исторический очерк словообразования и словоизменения в белорусском языке. Выпуск третий. Очерки синтаксиса белорусского языка. - М.: Изд. АН СССР, 1956. - С.126)

Баркоўская-Карская Наталля Яўхімаўна, дачка акадэміка: "…Лета мы звычайна праводзілі на дачы пад Гроднам. Калі бацька не выязджаў у чарговую, іншы раз вельмі цяжкую і далёкую экспедыцыю па вывучэнні беларускіх гаворак, то і на дачы пісаў свае працы…" ( А. П. Цыхун "Акадэмік з вёскі Лаша", Гродна.1992. С. 41). Пра Варшаву і свайго бацьку Наталля Яўхімаўна Карская таксама ўспамінала: "Калі ён вадзіў мяне гуляць па Уяздоўскай алеі, я, шасцігадовая дзяўчынка, моцна трымалася за адзін палец яго рукі, і мне здавалася, што бацька самы высокі чалавек у Варшаве. Бацька любіў гуляць з дзецьмі … хадзіць з імі ў цырк, у тэатр…."

(Працяг у наступным нумары.)

Аўтар лепшага беларускага сучаснага "Буквара" пакінуў гэты свет

З сумам успрыняла грамадскасць вестку пра адыход Анатоля Клышкі, аўтара лепшага беларускага Буквара.

Анатоль Констанцінавіч Клышка беларускі празаік, журналіст, крытык, перакладчык, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі нарадзіўся 16 красавіка 1935 года ў в. Данэйкі (цяпер - у Баранавіцкім раёне Берасцейскай вобласці), вучыўся ў Наваградскай педагагічнай вучэльні, працаваў карэктарам у наваградскай газеце "Звязда", адказным сакратаром рэдакцыі газеты "Физкультурник Белоруссии".

Анатоль Канстанцінавіч скончыў у 1958 годзе філалагічны факультэт БДУ, з'яўляўся супрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва", з 1958 года быў інструктарам па справах друку ЦК ЛКСМБ, стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР у 1960 годзе. З 1958 года Анатоль Клышка вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР, з 1960 года працаваў у рэдакцыі часопіса " Полымя", з 1961 па 1963 год быў старшым рэдактарам сцэнарнага аддзялення кінастудыі "Беларусьфільм". З 1971 года ён быў загадчыкам лабараторыі навучання грамаце, а затым - аддзелам навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-83 гадах ён загадваў рэдакцыяй выдавецтва "Юнацтва", а з 1986 па 1990 год узначальначальваў аддзел крытыкі часопіса "Полымя". Анатоль Канстанцінавіч Клышка даследаваў развіццё беларускай паэзіі, вершаскладання, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Буквар А. Клышкі быў створаны з улікам дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. У ім рэалізоўваліся прынцыпы навучання чытанню і пісьму. Густоўна аформлены "Буквар" Анатоля Клышкі атрымаў залаты мядаль на міжнароднай выставе ў Лейпцыгу (1977).

- Той найвыдатнейшы "Буквар" стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай, - напісаў Міхась Скобла. - У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150.000 асобнікаў. 37 гадоў прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і тэксты!

Анатоль Канстанцінавіч стварыў вялікую колькасць дапаможнікаў па чытанні і пісьме для вучняў падрыхтоўчых і пачатковых класаў. Прыгожымі, змястоўнымі і цікавымі былі яго падручнікі для вучняў "Чабарок" і "Верасок", працягальным і захапляльным - ілюстраваны слоўнік для дзетак "Чую, бачу, гавару". У 2017 годзе А. Клышка выдаў кнігу "Францыск Скарына, Або як да нас дайшла кніга" для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

- Дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце, спадар Анатоль і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі, - успамінае Міхась Скобла. - То дасканаліў свой легендарны "Буквар" (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгінала Марцыяла, то даследаваў жыццёвы і творчы шлях Валянціна Таўлая. Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму настаўніку!

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Яго хоч-няхоч ведалі ўсе дзеці

14 красавіка памёр легендарны пісьменнік Анатоль Клышка. Яго хоч-няхоч ведалі ўсе дзеці, якія свае першыя веды чэрпалі з беларускага "Буквара". У тым ліку і я таксама. І для мне гэта гонар. У Лідскім музеі, як узгадваюць мае калегі па працы, у свой час пісьменніка запрашалі на мерапрыемства, ён выступаў перад дзецьмі.

Але ж хто гэта мог падумаць, што мне пашанцуе з ім пабачыцца зноў? Падчас курсаў па перападрыхтоўцы кадраў у інстытуце культуры і мастацтваў я знайшоў час, праўда, позна вечарам, наведаць Анатоля Канстанцінавіча, загадзя стэлефанаваўшыся з ім. Між іншым, пакуль знайшоў пазначаны адрас (ніколі ў гэтым раёне Менска не быў), сцямнела. Але ж, вось гэты ж праспект Газеты "Звязда", дом 9, кватэра 203.

Па якой прычыне мяне зацікавіла сустрэча з легендарнай асобай? Яшчэ ў 2014 годзе калі адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая, ён напісаў пісьмо да маёй калегі з Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасіі Аляксандраўны Каладзяжнай (аўтару кнігі пра В. Таўлая "Этапы жыццёвых дарог"), што рыхтуецца ў "Беларускім кнігазборы" Таўлаеў том, укладальнікам якога ён з'яўляецца і прапанаваў сваю падмогу, якую пастараўся б выканаць. Па падмогу так ніхто і не звярнуўся, бо, здаецца, ужо ўсё было вырашана з выданнем кнігі ў Лідзе. І вось," Беларускі кнігазбор" выдаў гэтую кнігу. У верасні 2019 года падчас гучнага свята горада Ліды я сустрэўся з вядомым Міхасём Скоблам. Мне ён і перадаў адзін з экзэмпляраў гэтай кнігі з дарчым надпісам Анатоля Канстанцінавіча для Дома Таўлая.

Дык вось, загадзя запланаваўшы гэтую сустрэчу я прыбыў да Анатоля Канстанцінавіча з гэтай кнігай (як з дакументам), з кнігай, выдадзенай у Лідзе, "Этапы жыццёвых дарог" і набыў яшчэ такі ж адзін асобнік кнігазбораўскага выдання.

Адразу, пераступіўшы парог кватэры, я сустрэў па-сапраўднаму светлага чалавека. Ветлівага, спакойнага, радаснага чалавека! Вось ён які Клышка, які піша кніжкі! Яго светлы погляд, яго светлая заснежаная галава, светлая ўсмешка адразу паслабілі мяне, знялі напружанасць і, падалося, што мы знаёмы ўжо не адзін год. Шчырасць, адкрытасць, спагада была бачна адразу ў гэтага чалавека.

Творца мне распавёў пра сябе, падзяліўся малавядомымі цікавымі фактамі пра Валянціна Таўлая, якія маюць дачыненне да Ліды, іх у будучым я выкарыстаю ў навуковай дзейнасці (некаторыя з іх змешчаны ў кнігазбораўскім выданні). Пагутарыў я і з яго жонкай (таксама ветлівай жанчынай). Ад Дома Таўлая я падпісаў яму кнігу "Этапы жыццёвых дарог", а мне, на набытым мною асобніку з "Беларускага кнігазбора" ён пакінуў дарчы надпіс: "Дарагому супрацоўніку Дома-музея Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесю Хітруну з найлепшымі пажаданнямі ў пошуках і даследаваннях жыццёвай і творчай дзейнасці выдатнага сына беларускай зямлі, паэта-рэвалюцыянера Валянціна Таўлая. Шчыра ад сэрца Ан. Клышка.19.12.19 г.".

На маё пытанне, ці ведаюць суседзі з гэтага шматпавярховіка, што тут жыве вядомы Анатоль Клышка, ён адказаў зноў сціпла: "Які ж я вядомы?.. Ат, супакойся...". Вось у такім маленькім дыялогу і пасапраўднаму бачна адданасць чалавека сваёй любімай справе на карысць народа. На развітанні я спытаў, ці маглі бы мы запрасіць яго на сустрэчу ў Ліду. Творца адмовіўся, маўляў, што стараецца ўжо менш прымаць удзел у сустрэчах...

Зрабіў я некалькі здымкаў, мяне з А. Клышкам сфатаграфавала яго жонка, зрабілі на сёння моднае сэлфі. І мы развіталіся з думкай, што яшчэ не раз сустрэнемся...

Сустрэнемся. Бо напісанае застаецца. Такія не забываюцца...

Так, роўна год назад, Анатоль Канстанцінавіч Клышка адзначаў сваё 85-годдзе. Па тэлефоне я павіншаваў яго, пажадаў яму моцнага здароўя, творчага даўгалецця... Прыемна, што ён не забыў мяне.

Не забуду і я... Нагадваць будуць фотаздымкі з ім, яго кнігі, сярод якіх ёсць дарчы надпіс і для мяне...

Алесь Хітрун.

У Германіі не бачаць пагрозы ад "Паўночнага струменя-2" для Польшчы і Украіны

Навіны Германіі

Пагрозы з боку газаправода "Паўночны струмень-2" для Польшчы і Украіны ўяўляюцца перабольшанымі. Польшча адыходзіць ад выкарыстання расійскага газу, а Украіна пастаўляе газ выключна з заходняга кірунку. Фінансавыя страты ў транзітных зборах не могуць быць выключаны, што таксама звязана з новымі СПГ-тэрміналамі і канкуруючымі трубаправоднымі праектамі, заявіў старшыня Усходняга камітэта нямецкай эканомікі Вольфганг Бюхеле.

Па яго словах, у амерыканскай дыскусіі, нажаль, цыркулююць ілжывыя ўяўленні пра "Паўночны струмень-2", якія могуць быць ухілены. Праект не стварае большай залежнасці ад Расіі, а з'яўляецца яшчэ адным каналам збыту, які спрыяе шырэйшай прапанове прыроднага газу і, такім чынам, стабільным коштам для еўрапейскіх спажыўцоў і прадпрыемстваў. Акрамя таго, Германія можа дапамагчы Украіне інвестыцыямі ў наладжванні транспартавання вадароду.

ЗША таксама варта разумець, што "Паўночны струмень-2" рэалізуецца ў адпаведнасці з дзейсным прававым становішчам у ЕС, а ўмяшанне звонку ў выглядзе экстэрытарыяльных санкцый падрывае суверэнітэт Германіі і ЕС і наносіць шкоду міжнароднаму праву, адзначаюць ва Усходнім камітэце. Тым больш, што ЗША працягваюць прасоўваць уласныя энергетычныя праекты з расійскім бокам і зараз імпартуюць нафту з Расіі на рэкордных узроўнях, але ў той жа час пагражаюць еўрапейскаму энергетычнаму праекту з Расіяй санкцыямі.

Тэкст: Аляксандр Саможнеў. Фота: Сяргей Гунееў, РІА Навіны.

Па Каліфорніі - Х-ХІ

Мікалай Русель

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

На чым абрываецца рэпартаж з падарожжа, або "Па Каліфорніі" прыходзіць да беларускага чытача

Увазе чытачоў - заключны поўны X і няскончаны ХІ раздзел "Па Каліфорніі". У кампаніі па публікацыі гэтага рэпартажу перадача рэдкалегіі аднаго з выданняў, што рыхтаваліся ў Гомелі на пераломе 2020-2021 гадоў, менавіта няскончанага раздзела тлумачылася тым, што гісторык-русіст Тэрэнс Эманс не апублікаваў яго ў кнізе "Па Каліфорніі ў 1891 годзе" на англійскай мове: было жаданне даць археаграфічны эксклюзіў там, дзе ажыццяўлялася праца над перакладам. Часткі тэксту першага твора Руселя, што перакладзены на беларускую мову, могуць не з'явіцца і ў Магілёве, на яго радзіме, але ўжо надрукаваны ў некалькіх выданнях на захад ад згаданых гарадоў. Русель, колішні Судзілоўскі, якому прыйшлося адмовіцца ад першага прозвішча, некаторыя свае вялікія тэксты не падпісваў і новым прозвішчам, ставячы толькі крыптанім, і яго творы ўвогуле мала вядомыя ў Беларусі. Шлях іх да беларускага чытача не такі просты, як можна было б чакаць у выпадку з адной з самых яскравых зорак беларускага замежжа.

І гэта пры тым яшчэ, што яго талент літаратара і папулярызатара пацвярджаецца фактам уключэння яго як аўтарытэтнага аўтара ў рускія геаграфічныя хрэстаматыі. Але ён здольны не толькі зацікаўліваць, але і лячыць словам. "Легендарны доктар" прэтэндуе быць беларускім Таквілем - адным з першых нашых выдатных амерыканістаў (Дамейка, Галынскі, Ельскі…) - і Маркам Твэнам. Руселеўскі баланс паміж крытыкай і ўхваленнем: пераважна крытыкуе, але любіць Каліфорнію, якую, страціўшы, называе "мая". У раздзеле III ( гл. "НС" № 14) ёсць указанне на адкрыццё Стэнфардскага ўніверсітэта. Яно адбылося 1 кастрычніка 1891 года, і гэта дае адзін з арыенціраў, але не дазваляе дакладна датаваць першыя і апошнія радкі рукапісу. Скончыць яго доктар не здолеў: крызіс яго знаходжання ў Сан-Францыска не быў пераадолены. Змяніўшы ў траўні 1892 года месца свайго сталага жыхарства на Гаваі, пра гэтае экзатычнае месца ён тым больш не мог не пісаць - каб расказаць землякам.

Акрамя рускіх і беларусаў, яўрэі, украінцы, палякі, немцы, ірландцы, партугальцы, французы, швейцарцы, італьянцы, шведы, кітайцы, гавайцы, індзейцы, гватэмальцы, панамцы, канадцы і іншыя таксама знойдуць у "Па Каліфорніі" штосьці пра сябе, свае краіны або сваіх суайчыннікаў, што апынуліся ў Амерыцы. Словы, адрасаваныя Руселем патэнцыйным эмігрантам: "Дарагой цаной купляе амерыканец свой матэрыяльны дабрабыт, і зайздросціць яму ў гэтым можна толькі здалёк", але нашым сучаснікам трэба ўзгадняць гэта з пераменамі, што адбыліся за 130 гадоў. Пра тое, што яго рэпартаж быў разлічаны на рускага чытача і менавіта ў Расіі, сведчыць тое, што Русель у сваіх займальных апісаннях і экскурсах часта параўноўвае прыроду, эканоміку, сацыяльныя адносіны і іншае з "нашым", з тым, як "у нас", і, крытыкуючы Амерыку, вельмі лагодна ўказвае, што, на жаль, некаторыя непажаданыя з'явы такога ж кшталту развіліся і ў Расійскай імперыі.

Просім прабачэння ў аматараў і абаронцаў жывёл, калі яны лічаць, што доктар у двух месцах пакрыўдзіў іх - словам (заклік паклапаціцца пра людзей) і дзеяннем (паляванне на вавёрак) - у раздзеле, што абрываецца.

Алесь Сімакоў, амерыканіст, даследчык беларускай спадчыны ў Каліфорніі і на Алясцы, г. Гомель.

Такія фермеры, як Дзікерсан і Гольдэн, тут у гарах выключэнне. Большасць фермерскага насельніцтва горных мясцовасцей Вашынгтона, Арэгона і Каліфорніі прадстаўлена асобным класам амерыканцаў, якія належаць да двух распаўсюджаных у Амерыцы тыпаў: старых халасцякоў і т. зв. cranks. Слова crank паходзіць ад таго ж кораня, што і нямецкае krank, хворы, але амерыканцы надаюць яму адценне спецыяльна душэўнага расстройства. На рускай мове гэтае слова лепш за ўсё перакладаецца выразам "тронут" ці "не ўсе дома". Але няхай не падумае чытач, што амерыканскія крэнкі - сапраўды вар'яты. Каб зразумець сапраўдны сэнс слова, трэба ўзяць пад увагу агульны хваравіты груба і вузка-матэрыялістычны характар амерыканскага жыцця. З пункту гледжання гэтага мяшчанскага матэрыялізму, якім прасякнута "здаровая" большасць, кожны, для каго фраза "не адзіным хлебам чалавек жывы будзе" мае сэнс, кожны, у якога ёсць наўме што-небудзь акрамя планаў нажывы, з'яўляецца "ненармальным". Усе роўна, ці будзе гэта "што-небудзь" арыгінальная палітычная, сацыяльная, філасафічная або рэлігійная ідэя, нязгодная з агульнапрынятымі поглядамі і вераваннем большасці. Ва ўсіх духоўных праявах чалавечага жыцця, "здаровая" большасць трымаецца вядомай руціны, вядомага катэхізіса, апраўдваючы і паважаючы арыгінальнасць і энергію толькі там, дзе яны накіраваны да павелічэння матэрыяльнага дабрабыту. Усіх, хто ўхіляецца ад гэтага, хто выказвае якія-небудзь іншыя імкненні і выяўляе так ці інакш сваю арыгінальную духоўную асобу на шкоду матэрыяльным інтарэсам, грамадская думка кляймуе напаўпаблажлівым, паўнасмешлівым тэрмінам крэнка. Я баюся, што з пункту гледжання амерыканскай большасці ўся наша руская інтэлігенцыя, усе нашы грамадскія дзеячы, літаратары і мысляры, за выключэннем, вядома, тых, што ўмеюць нажываць грошы і на гэтай ніве, акажуцца крэнкамі. Пра Л. М. Талстога і яго паслядоўнікаў ужо і гаварыць няма чаго. Пры ўсёй маёй цікавасці да асобы і таленту Талстога, я павінен сказаць, што адзінае, што выратуе яго папулярнасць тут, гэта графскі тытул, без якога, на жаль, яго рэпутацыі прыйшлося б кепска. У мастацтве і маральных вучэннях амерыканцы дрэнныя суддзі. Рускі чытач, вядома, бадай што пацісне плячыма і возьме пад сумненне справядлівасць маіх слоў. Але я цвёрда буду стаяць на сваім і раскажу яму адно з тысячы вядомых мне маленькіх здарэнняў, якія характарызуюць арыстакратычныя смакаванні дэмакратычнай і рэспубліканскай Амерыкі.

Неяк нядаўна ў час знаходжання англійскага прынца Георга ва ўсходніх штатах у газетах Сан-Францыска пранеслася чутка пра верагодны намер яго наведаць і Захад. У гэты час у адным з арыстакратычных гатэляў горада спыніўся нейкі невядомы малады чалавек. Негру, які кіруе элеватарам і які калісьці і дзесьці бачыў прынца, здалося, што гэта ён. Падымаючы новапрыбыўшага на яго паверх, ён, здзіўлены падабенствам, назваў яго "Ваша Вялікасць". Прысутныя на элеватары чулі гэта і паднялі трывогу па ўсім гатэлі.

- Прынц Георг у Palace Hotel'і?!..

Кожны хацеў бачыць знакамітага госця, кожны хацеў гаварыць з ім. Мужчыны не ведалі, як прыступіцца.

- Добрай раніцы, Ваша Вялікасць!...

Дамы раз-пораз хадзілі сюды-туды каля яго, упускалі свае хусткі і рыдыкюлі, будучы не ў сабе ад захаплення, калі ён ветліва паднімаў і вяртаў уласна ўпушчаны прадмет. Гэта давала магчымасць распачаць знаёмства.

- Які вы ласкавы, Ваша Вялікасць!

Праз паўгадзіны ўвесь горад быў на нагах, і рэпарцёры газет ужо акружалі госця.

- Кажуць, што Вы прынц Георг; ці праўда гэта? - пытаецца адзін з рэпарцёраў.

- Калі ўжо вы ставіце пытанне так прама, - адказаў незнаёмец, - то мне нічога не застаецца, як адказаць адмоўна. Я - не прынц Георг, а commis-voyageur такой вось мылаварнай фабрыкі з Усходу. Але мне вельмі шкада, што вы разбураеце ілюзію, не таму, што мне даў задавальненне тытул Яго Вялікасць, які мне не належыць, а таму, што ўсе гэтыя людзі вакол былі так шчыра і глыбока шчаслівыя. Я не адмаўляў, думаючы, чаму ж не даць ім парадавацца, калі гэта мне нічога не каштуе! Так, вашым недалікатным пытаннем вы пазбаўляеце тубыльцаў гатэля вялікага задавальнення.

Нашы тытулаваныя гвардзейцы, што прагуляліся, наўрад ці ўяўляюць, якую бліскучую кар'еру яны маглі зрабіць у найвялікшай з рэспублік.

Крэнкі - не вар'яты. Гэта адзіны здаровы элемент у акіяне "дзялкоў" усякага звання і стану. Гэта соль і надзея амерыканскай зямлі. Большасць крэнкаў, вядома, змагаецца ў шэрагах шматлікіх прагрэсіўных партый, падобных да нацыяналістаў - паслядоўнікаў Беламі, прыхільнікаў Single taxe movement, заснаванага Генры-Жоржам, хрысціянскіх сацыялістаў і іншых сацыялістычных фракцый, партыі ўстрымання ад спіртных напояў і інш. Але многім падобная барацьба або не пад сілу, або не да густу. Не знаходзячы задавальнення сярод людзей, яны збягаюць у горы і лясы і вядуць там жыццё анархістаў. У большасці выпадкаў яны халасцякі або ўдаўцы. Да іх далучаюцца іншыя халасцякі, якім чамусьці проста не пашчасціла ў жыцці, не ўдалося звіць свайго гнязда па-людску і якія махнулі на ўсё рукой.

Як я ўжо сказаў, большасць фермерскага насельніцтва горных акруг Захаду складаецца з такіх халасцякоў-анархістаў. Прыкладаў шукаць недалёка. За паўмілі ад нас ёсць дзве асобныя фермы, з якіх адна належыць містару Куку, другая - містару Маркелу.

Mr. Cook маленькі, худзенькі чалавек, пра якіх у нас гавораць: у чым толькі яго душа трымаецца. Яму 60 гадоў ад роду, і сівізна серабрыць не толькі яго галаву, але моцна прабіваецца і ў маленькай, рэдзенькай бародцы пясчанага колеру. Шмат разоў мы яго наведвалі і заўсёды знаходзілі за працай, апранутым у моцна пацёртую рабочую вопратку, г. зн. шарсцяную фланелевую кашулю, палатняныя штаны і куртку, якія яшчэ мелі сляды ранейшага сіняга колеру. Варта ўвагі, што рабочыя ўсяго свету любяць гэты сіні колер. Пачынаючы з сініх кашуль нашых вялікарускіх сялян і знакамітай французскай сіняй блюзы, не толькі ўся рабочая Амерыка, але нават кітайскія і японскія кулі на Сандвічавых астравах аддаюць гэтаму колеру яўную перавагу. Ніколі не ўдавалася нам бачыць Mr. Cook'а ў яго святочным чорным адзенні і белай крухмальнай кашулі, якія ён не без гонару паказваў нам у ліку многіх падобных рэчаў, якія захоўваюцца ў вялікім драўляным куфры. Капелюша-цыліндра мы таксама не бачылі, але бачылі фатаграфічную картку, на якой ён паказаны ва ўсім гэтым шыкоўным убранні. Картка знятая шмат гадоў таму назад, калі ён быў яшчэ рымарам на Усходзе. Прыехаўшы сюды шукаць золата, і не знайшоўшы яго, пражыўшы ўсе свае запасы, ён выбраў добрую долю фермера. Гэта было гадоў за сем перад тым, як я яго бачыў. Са ста доларамі ў кішэні і адным канём ён узяў дармавы ўрадавы ўчастак у 160 акраў, зарослы буйным будаўнічым лесам. Каня свайго на першы год ён аддаў суседу, таму што ні плуга, ні корму для яго не было, і з уласцівай толькі амерыканцу энергіяй прыняўся за работу. Для любога іншага рымара ды яшчэ старога гэта піянерская дзейнасць у першабытным лесе, бадай, здалася б непасільнай. Але Mr. Cook не глядзеў, па сілах або не па сілах. Ён звальваў вялізныя дрэвы, распілоўваў і расколваў іх, рабіў агароджу, карчаваў пні, пракопваў канавы, араў, сеяў, касіў і ў дадатак да ўсяго збудаваў сабе без усякай пабочнай дапамогі, аднымі сваімі рукамі добры рублены дамок з двух прасторных пакояў.

Адным словам, гэты маленькі, худзенькі дзядок здзейсніў неверагодную, нечалавечую работу. У цяперашні час у яго ёсць вялікае бульбяное поле, засеяны канюшынай луг, некалькі соцень пладовых дрэваў, некалькі штук рагатай жывёлы, 3 або 4 кані і штук 60 свіней. Працуе ён нястомна ад світання да світання і ўсё сам, усё адзін. Кароў сваіх, у адрозненне ад суседзяў, ён доіць, робіць масла і прадае. Выпытваў у нас, як рабіць швейцарскі сыр, але гэта аказалася занадта клапатлівым для маленькай гаспадаркі. Акрамя масла, ён збывае ў горад бульбу, свіней, курэй, яйкі і да т. п. Пладовыя дрэвы свае ён даглядае, як маці малых дзяцей. Ніжнія часткі ствалоў рупліва абгорнуты анучкамі, каб кошкі не вастрылі аб іх сваіх кіпцюроў. Ён любіць моцна ўсю сваю ферму, але гэтыя дрэвы складаюць прадмет яго асаблівага замілавання, і ў які б час дня вы не прыйшлі, ён абавязкова правядзе вас па садзе, спыніцца пад кожным, разгледзіць яго любоўна і раскажа яго біяграфію. Стары столькі працаваў над імі, што ўклаў у іх сваю душу. Яны яго дзеці і хутка прынясуць яму забяспечанае і заможнае існаванне ва ўзнагароду за старанны дагляд.

Mr. Cook можа служыць наглядным прыкладам, чаго пры энергіі і цвярозасці тут яшчэ можа дабыць адзін чалавек, так бы мовіць, голымі рукамі. Для каго ж працуе стары? Як ні кепска ў Каліфорніі беднаму, але, пры сваіх абмежаваных патрэбах, ён мог бы забяспечыць сваё існаванне больш лёгкім чынам, хоць бы той жа рымарскай працай у бліжэйшым горадзе. Жанаты ён ніколі не быў, дзяцей у яго няма. Дзяцей сапраўды няма, але дзесьці ў Вашынгтоне служаць на пошце пляменніца, а яшчэ дзесьці ёсць пляменнік. Гэтага пляменніка ён мае намер выклікаць да сябе - калі паставіць ферму на ногі. Гэта адзін з верагодных матываў. Акрамя таго, ён любіць прыроду і незалежнасць і сваёй фермы не прамяняе на самае раскошнае, гультайскае і бессэнсоўнае гібенне ў нейкім Palace Hotel'і ў Сан-Францыска, які служыць рэзідэнцыяй багатых на грошы і бедных духам каліфорнскіх мільянераў.

Яго сусед Маркел, таксама стары і таксама бабыль, нягледзячы на законную сувязь са старой Гольдэн, належыць да зусім іншага тыпу. Яго ферма - парожняе месца. Невялікі лясны паплавец, зарослы кепскай натуральнай травой, а пасярод яе трухлявая хацінка, што пагражае падзеннем. Ні дрэва, ні поля, ніякіх слядоў фермерскай дзейнасці. Некалькі галоў жывёлы і свіней, што гуляюць у лесе па сваёй волі - вось уся яго бачная маёмасць. Сам ён высокі, сагнуты гадамі стары з вялікай сівой барадой і разумнымі вачыма. Гэта золаташукальнік па натуры. Фермерства яму агіднае, і ён гэтага не хавае. Жыве ён тут, па-першае, таму што трэба ж недзе жыць, а па-другое, што не губляе надзеі на ўзнаўленне права гідраўлічнай апрацоўкі навакольных гор, якія, па яго словах, поўныя золата. Ён ужо не раз меў грошы і не раз спускаў іх у рызыкоўных справах па золатапрамысловасці. Апошнюю маёмасць ён улажыў на будаўніцтва доўгага канала, пры дапамозе якога хацеў пачаць гідраўлічныя работы. Але тут выйшаў згаданы вышэй закон, і багацце старога засталося ў канале, які хоць і існуе і падтрымліваецца, але даходу не прыносіць амаль ніякага. На сякія-такія грошы, што засталіся, ён спекулюе і тым існуе, не перастаючы трызніць золатам і не губляючы надзеі яшчэ раз напоўніць ім свае кішэні.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

БУДЗЕМ ЗАСЯВАЦЬ НАШУ НІВУ

Доўгія каронавірусныя вакацыі спынілі і да таго небагатае, культурніцкае жыццё на Дрысеншчыне, акрамя нейкіх афіцыйных святаў, што ладзіла ўлада. Але не толькі хвароба стала перашкодай гэтаму. Развіваецца і мацнее "штучная хвароба", якая актыўна спрабуе змясціць наша жыццё ў некаму патрэбныя рамкі і інструкцыі, не даючы магчымасцей і дазволу на самаарганізацыю людзей, якія найлепш ведаюць пра свае патрэбы, прапануючы "адзіны рэцэпт "яе лячэння-забарону з вядомым дыягназам - гэта "палітыка".

На жаль, гэта не разумеюць тыя "ідэалагічныя лекары", якія, замест шырокага дыялогу, прапануюць грамадзянам толькі ролю паслухмяных слухачоў. Дарэмна. Такая "медыцынская кампанія" толькі пашырыць раскол і створыць большыя цяжкасці ў стасунках паміж людзьмі, значна зменшыць той вялікі патэнцыял, якім валодае наша грамадства. У розных сферах.

Бяру толькі культурна-гістарычны складнік кожнага рэгіёна. Якое багацце! Якія вялікія магчымасці дае такое багацце для супольнай працы розных груп людзей: настаўнікаў, работнікаў культуры, гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца гэтай справай, а разам даюць падставы для вялікага гонару кожнага насельніка за сваю малую Радзіму, за той куток, дзе мы жывём.

Дрысеншчына, у гэтым плане, вялікая Атлантыда, дзе цікавых знаходак і фактаў яе гісторыі хопіць не на адно пакаленне.

Пра гэта вялі гаворку мясцовыя краязнаўцы, паэты і пісьменнікі, мастакі, якія сабраліся ў Сусветны дзень паэзіі, каб не толькі пачытаць свае творы, але абмеркваць план культурніцкіх спраў на бягучы год, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці з-за кавіду і іншыя "вірусы".

Антон Бубала, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, ініцыятатар сустрэчы, знаны краязнаўца, вядомы паэт, узгадаўшы і пра надыйшоўны дзень веснавога раўнадзенства, адразу сыпануў вершамі:

Ах, як сарамліва,

нясмела як крочыць вясна,

Як хрусткія ранкі яна

асцярожна гартае -

Нібы не асмеліцца

кветкі рассыпаць яна,

Нібыта дазволу

на хмельныя гулі пытае.

Ды прыдзе свой час:

запалоніць сусвет салавей,

Рассыпле чаромха пялёсткі

па сцежцы да гаю,

І сэрца пакліча на шчасце

слязіну з-пад вей,

І вусны прашэпчуць

адвечную праўду: "Кахаю!"

І пасыпаліся пярлінкі імёнаў з караляў: Наталля Арсеннева, якая ў далёкім 1921 годзе пэўны час жыла ў маленечкай вёсцы Жоўніна і яе "Магутны Божа", які стаў гімнам, Ігнат Храпавіцкі, адзін верш якога "Песня Дзвіны", што перакладзены на некалькі моваў, дабыў яму сусветную славу. Але, акрамя гэтага, наш зямляк, які нарадзіўся ў Каханавічах і магілу якого знайшлі і даглядаюць сябры мясцовага клуба "Белыя вароны", быў вядомым этнографам, чалавекам, які глядзеў далёка наперад і адным з першых выступіў супраць прыгоннага права.

З нашых землякоў - Эдуард Самуйленак з Бандзеляў, што пад той жа Расіцай, Тарас Хадкевіч, імя якога носіць раённая бібліятэка, Генадзь Героднік з Асвейшчыны, маці якога не прагаласавала "ЗА", калі раскулачвалі суседзяў, і была рэпрасавана, вядомы партызанскі камандзір Іван Захараў і Генадзь Капусцёнак, якія прайшлі цяжкімі дарогамі вайны і пісалі пра гэта ў сваіх творах.

У гэтым шэрагу імёнаў - Эдуард Зубрыцкі, які ўвесь час адпрацаваў у раённай газеце "Дзвінская праўда", выдаў некалькі паэтычных зборнікаў і даў дарогу ў мастацтва высокага слова Інзе Явіч, Івану Дзямінскаму, простаму рабочаму з будаўнічай арганізацыі, Аляксандру Мядзюта і Валянціне Мядзюта, Міхаілу Букевічу, Ірыне Багамолавай і іншым.

Новы час прыносіў новыя імёны - Мікалай Мікіценка, майстар вострага слова, Сяргей Пятроў, якога цікавіла далёкая і некалькі міфічная гісторыя краю, Пятро Квяцінскі, доктар вясковай амбулаторыі з вёскі Каханавічы, які лячыў не толькі лекамі, але і словам. І яго чарговая кніга - якраз пра людзей з яго мясцовасці і пра незвычайныя гісторыі, якія здарыліся з тымі людзьмі, што ўбачылі ў ім не толькі доктара, але і шчырага чалавека. Выйшла новая кніга Пятра Квяцінскага, прэзентацыя якой і адбылася якраз у Дзень паэзіі і на сустрэчы прагучала адно з апавяданняў.

Ульян Родзік, нараджэнец Асвейшчыны, таксама праэзентаваў свой паэтычны зборнік, уступам да якога сталі радкі яго верша:

Я вельмі шаную сваю Беларусь

З яе прыгажосцю лясоў і палёў.

І сэрца маё захлынецца журбой,

Калі не пачую я клёкат буслоў.

Пра сябе кажа, што ён не адносіць сябе да паэтаў, а проста выказвае свае пачуцці праз вершаваныя радкі. Часта піша для сяброў з нагоды юбілеяў, юбілейных датаў раёна, лірычныя вершы. Шчыра прызнаецца, што цяжкавата пакуль пісаць на роднай мове, але ён шчыра працуе над гэтым.

Паэзія і проза Чаславы Петрашкевіч - шчымлівыя і ўзнёслыя радкі-роздум пра наша жыццё, успаміны дзяцінства, прыгажосць роднай зямлі і яе лёс, лёс роднай мовы:

А родная - яна лагодная,

Да сэрца так ціхенька хінецца,

У чысценькім, зрэбным, гаротная,

Што мамінай змалку завецца.

А маміна - яна найзванчэйшая,

Зрадні, мо' салоўку ў гаі,

Крынічкай спатоліць смагу,

Каб песняй узляцець над краем.

А мова - яна, як сонейка,

Ад люлькі і да магілы.

А мова - яна знявераным

У заўтра ўзмоцніць крылы.

Мінулым годам сябры ТБМ правялі прэзентацыі двух твораў Вячаслава Якімава, экс-суддзі нашага раёна, які выдаў дзве свае кнігі з такімі гістарычнымі падрабязнасцямі пра Гарадоччыну, што вызначыла яго не толькі як майстра слова, але і як грунтоўнага даследчыка. Варта сказаць, што абедзве кнігі выдадзены на роднай мове і ва ўступе да першай кнігі В. Якімаў грунтоўна патлумачыў такі падыход.

На пасяджэнні творчай гасцёўні-садружнасці мастацтваў, менавіта так мы вырашылі вызначыць фармат гэтага аб'яднання, бо плануем сустракацца не толькі з пісьменнікамі і паэтамі, але і ладзіць вандроўкі, наведваць мясціны, адкуль пачалі свой шлях у творчае жыццё нашы вядомыя землякі - творчыя асобы, знаёміцца з новымі творамі мастакоў раёна, сябрамі вядомых творчых мастацкіх аб'яднанняў, праводзіць вечарыны ўспамінаў і імпрэзы з вядомымі творчымі асобамі з суседніх рэгіёнаў.

Для нас заўсёды жаданымі гасцямі на творчых вечарыных былі Ірына Жарнасек, для якой вёска Расіца "Сталася яна ўжо часткай майго жыцця. І не толькі таму, што напісала я пра трагедыю Расіцы кнігу… Не хочацца казаць пафасных словаў, яны фальшывяць. А Расіца - гэта праўда пра нас і нашу зямлю. Пра яе трагічнае мінулае і пра такую супярэчлівую нашу сучаснасць", Франц Сіўко, які выкладаў у СШ № 2 Верхнядзвінска і не раз быў удзельнікам творчых імпрэзаў.

І, канешне, наш шаноўны Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік, якога мы лічым сваім земляком і "Хатка бабкі Параскі" ў Цінкаўцах доўгі час была для нас месцам цёплых сустрэч і цікавых справаў. Ён часта казаў, што "…мы сталі донарамі Сусвету", і з гэтым нельга не пагадзіцца.

А яго вялікі артыкул у "Краязнаўчай газеце" - "І поле маё будзе засеяна" - мусіць стаць праграмай дзейнасці для ўсіх, хто вывучае гісторыю свайго краю, якая закранула лёс не толькі многіх пакаленняў нашых дзядоў і прадзедаў, але захавала і шмат таямніц для нас сёняшніх грамадзян Беларусі.

А верш Ніла Гілевіча, які прагучаў напрыканцы сустрэчы, дае нам спадзяванні і надзею :

За векам век плыве-цячэ,

а мы ідзем-ідзем - і што ж?

О, як далёка нам яшчэ

да Беларусі.

Ужо нясцерп нам крыж пакут,

і мы крычым-крычым, але

не дакрычаліся пакуль

да Беларусі.


А можа быць, яна міраж,

і усё мы трызнім, бо чаму ж

не далятае голас наш

да Беларусі...

Відаць, пракляцця знак ляжыць

на нас ад роду, і таму

так цяжка шлях нам церабіць

да Беларусі.


За векам век плыве-цячэ,

а мы ідзем-ідзем - і што ж?

О, як далёка нам яшчэ

да Беларусі.

Равуць вятры, грымяць грамы, пыл засціць вочы нам, і усё ж,

і ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!

А мы зараз думаем пра назву гэтага аб'яднання і плануем, праз мясцовыя сацыяльныя сеткі, аб'явіць нават конкурс на лепшую назву. Зразумела, з узнагародай для пераможцы!

P.S. Матэрыял толькі-толькі быў гатовы, а тут адказ шаноўнага Сяргея Сцяпанавіча наспеў:

"Ох, палымяная Валянціна Васільеўна! Рады Вашаму натхнённаму выгуку! Старажытная Одрыса свае стагоддзі растапырыла, булькоча, Праведніца словамі-выракамі! Горкія дымы развеюцца, а парасткі Вечнасці праб'юцца ў пупышкі - і настане росквіт не толькі галінак, а і Кроны нашай. "На святога Прыску праб"е лёд і пліска". Дабравешчання! Звеставання! Гукання шчымліва-шчодрай Вясны! Ваш лявонпальска-цінкаўскі сусед Сяргей.

І ВАША ПОЛЕ БУДЗЕ ЗАСЕЯНА!"

От жа можа запаліць фіцілёк Сяргей Сцяпанавіч, што адразу хочацца брацца за справу!!!

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX