Папярэдняя старонка: 2021

№ 17 (1532) 


Дадана: 28-04-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 17 (1532), 28 красавіка 2021 г.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Хрыстос уваскрос!

Вясна ўзышла над Беларуссю

Залатаспеўным капяжом.

Блакiт Радзiмы першы бусел

Зноў мерыць стомленым крылом.

Са звонам ускрылiўшы з храмаў,

Вясновы вецер клiч разнёс:

"Смерць перамогшы, грэх Адамаў,

Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!!!"


Зямля скiдае посны саван.

I нараджае з небыцця

Пралескi як сцвярджэнне славы

Таго, Хто даў пiтво жыцця.

I ты, калi збалеў душою,

Аддай свой боль галлю бяроз.

I свежай ciлаю напоiць

Лагодны шэпт: "Хрыстос васкрос!!!"


Ўваскрос Ён - гэта значыць, браце,

Свой крыж рашуча ўзняўшы услёд,

У латах Божай благадацi

На бой з грахом пачнём паход!

Хрыстос у смерцi вырваў жала!

Душу мы вырвем з мiтуснi,

Найперш каб у зямным жадала

Ўскрылiць да Божай вышынi!

Напоўнiм вечным кожны момант,

Падняўшы Крыж Хрыста, як сцяг,

I пад грахоўным бураломам

Да Царства Бога знойдзем шлях!

Алег Нагорны.

Тры "Ятранкі" сустрэліся ў Дзятлаве

У Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя першага дзятлаўскага літаратурнага альманаха "Ятранка". Прэзентацыю падрыхтавалі супрацоўнікі музея і Дзятлаўская арганізацыя ТБМ.

"Ятранка" пабачыла свет сёлета ў Лідзе, дзякуючы Таварыству беларускай мовы.

Літаратурны альманах склаў і напісаў прадмову да яго пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын. Ён і распачаў прэзентацыю, адзначыўшы, што гэта першы літаратурны альманах у гісторыі Дзятлаўшчыны.

- Ён будзе вельмі карысным для настаўнікаў і вучняў, бібліятэкараў і ўсіх тых, хто цікавіцца літаратурай, гісторыяй і культурай Дзятлаўшчыны, таму што ў альманах увайшлі творы не толькі тых, хто сёння жыве на Дзятлаўшчыне, але ў ім апублікаваны творы і пісьменнікаў Дзятлаўшчыны ХХ стагоддзя, пачынаючы ад Ігната Дварчаніна. Гэта своеасаблівая літаратурная справаздача тутэйшых літаратараў перад сваімі землякамі, - сказаў выступоўца.

З новымі творамі і пажаданнямі цікава выступілі аўтары "Ятранкі" Вера Хрышчановіч, Ірына Касянкова, Міхаіл Лук'янчык, Раіса Лакіза. Шчырыя і чуллівыя вершы пачытала супрацоўніца музея Алена Абрамчык - таксама аўтарка "Ятранкі".

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанарда Юргілевіч адзначыла тое, што з'яўленне "Ятранкі" - добрая справа на ніве нашай агульнай беларускай літаратуры, гісторыі і краязнаўства. Дарэчы, адзін з раздзелаў альманаха прысвечаны краязнаўству. Яго аўтары Валерый Петрыкевіч, Фёдар Красюк і Дзімітрый Кузьма дапоўнілі свае артыкулы новымі звесткамі і пошукамі пра Канстанціна Астрожскага, Адама Міцкевіча на Дзятлаўшчыне і пра напалеонаўскага генерала Яна Канопку, які, мажліва, пахаваны ў Дзятлаве.

З пісьменнікаў ХХ стагоддзя, якія родам з Дзятлаўскай зямлі, у "Ятранку" ўвайшлі, акрамя Ігната Дварчаніна, творы Сяргея Хмары, Язэпа Крыгі, Гарасіма Праменя, Васіля Струменя, Нікіфара Жальбы, Віталя Губарэвіча, Віктара Шымука, Вячаслава Адамчыка, Міколы Грышана, Алега Аблажэя і іншых аўтараў. Тыя, хто ніколі не чытаў, прачытаюць цудоўнае апавяданне Вячаслава Адамчыка "Ятранка".

Прэзентацыю ўпрыгожыў мясцовы ансамбль "Ятранка", які хораша спяваў і весяліў усіх удзельнікаў мерапрыемства.

Атрымалася так, што ў Дзятлаве сустрэліся ажно тры "Ятранкі" - альманах "Ятранка", выступленне фальклорнага ансамбля "Ятранка" і хрэстаматыйнае апавяданне Вячаслава Адамчыка "Ятранка".

У траўні на Дзятлаўшчыне мяркуецца яшчэ некалькі прэзентацый "Ятранкі" разам з гарадзенскім альманахам "Новы замак".

А па факту Дзятлаўскі раён стаў чацвёртым раёнам Гарадзенскай вобласці, дзе выходзяць літатаратурныя альманахі пад крылом ТБМ. Гэта Ліда (выйшла 9 нумароў "Ад лідскіх муроў"), Наваградак (на пачатак 2022 года спланаваны выхад 2-га нумара альманаха "Стольны град"), Слонім (выйшаў 1-шы нумар альманаха "Паланэз") і вось нарэшце Дзятлава з "Ятранкай". Ажыў цэлы літаратурны рэгіён.

Барыс БАЛЬ. Фота аўтара.

Міжнародны форум кнігазнаўцаў прайшоў на высокім узроўні

На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная бібліятэка Беларусі паспяхова выконвае адказную справу збірання і папулярызацыі беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны і такім чынам забяспечвае духоўную і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, стварае ўмовы для ўзбагачэння і раскрыцця творчага патэнцыялу сваіх карыстальнікаў. Выкананню гэтай місіі служыць правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ўжо трэццяе дзесяцігоддзе.

Мэтай Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў з'яўляецца кансалідацыя навуковай супольнасці для абмеркавання актуальных пытанняў па вывучэнні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, стымулявання міжнароднага супрацоўніцтва паміж даследчыкамі кніжнай культуры.

Мерапрыемства аб'ядноўвае кнігазнаўцаў, педагогаў, філосафаў, багасловаў, культролагаў, гісторыкаў, якія прадстаўляюць вынікі найноўшых даследаванняў па гісторыі рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны Беларусі.

23 красавіка штогод адзначаецца Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права. Нацыянальная бібліятэка прымеркавала да гэтай даты ХVII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні.

- За дзесяцігоддзі правядзення навуковы форум стаў сапраўдным брэндам, пазнавальным сярод даследчыкаў і спецыялістаў розных краін у галіне кніжнай культуры. У праграме сёлетняй канферэнцыі: больш за 80 дакладаў ад навукоўцаў з 7 краін, - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша. - Канферэнцыя ўвесь час мянецца, спачатку яна была лакальнай, а зараз разраслася да сотні ўдзельнікаў і стала брэндам для еўрапейскай публікі. Вялікім выклікам у мінулым годзе быў кавід, які абмяжоўваў прыезд навукоўцаў, сёлета мы спалучаем рэальны і віртуальны ўдзел у чытаннях.

На пленарным паседжанні выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі. Яго даклад быў прысвечаны агляду гісторыі старажытных бібліятэк Беларусі, зборам Віленскай публічнай бібліятэкі як скарбніцы беларускіх нацыянальных дакументаў, і намаганням па захаванні кніжнай спадчыны.

- Кнігі, як сведкі мінулага, заслугоўваюць вялікай увагі пры іх вывучэнні, - адзначыў Раман Сцяпанавіч Матульскі. - Бібліятэкі Беларусі маюць багатую, але і трагічную гісторыю.

Старажытная бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора загінула ў 1579 годзе ў час кровапралітнай вайны, а кнігі, якія ацалелі, былі вывезены за межы Беларусі. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе найбагацейшая Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў была вывезена ў С. Пецярбург, папоўніла зборы Імператарскай бібліятэкі Акадэміі Навук і перастала існаваць як самастойная адзінка.

Такі ж цяжкі лёс напаткаў бібліятэкі Віленскага і Полацкага езуіцкага калегіюмаў (пазней - універсітэтаў), іх зборы разышліся па свеце. Пасля завяршэння войнаў і рэвалюцый к пачатку 1920-тых гадоў на Беларусі амаль не засталося ніводнай значнай кніжнай калекцыі, якая б цалкам адлюстроўвала шматвекавую кніжную культуру нашага народа.

Падчас II сусветнай вайны мы зноў згубілі нават невялікія зборы, якія сабралі ў міжваенны перыяд. Зараз на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца толькі частка усёй багатай спадчыны мінулых стагоддзяў. Доступ да астатняй часткі для айчынных карыстальнікаў і даследчыкаў ускладнены.

Новая арганізацыйная структура і матэрыяльная база, будаўніцтва сучаснага будынка бібліятэкі дазволіла на новым узроўні пачаць работу па пошуку і апісанні ацалелых калекцый.

Матэрыяльная аснова і кадравы патэнцыял дазваляе папоўніць нацыянальную бібліяграфію, спрыяе выданню каталогаў калекцый, віртуальнай рэканструкцыі, факсімільнаму ўзнаўленню кніжных помнікаў, стварэнню рэестра кніжных помнікаў. Агульнымі намаганнямі мы паспяхова выяўляем новыя дакументы нацыянальнай бібліяграфіі, ствараем каталогі асобных калекцый, вяртаем рэдкія каштоўныя выданні.

На Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях 22-23 красавіка выступілі вядомыя айчынныя і замежныя даследчыкі: Аляксандр Сцефановіч, Вольга Шутава, Мігель Паласіа, Ілля Лямешкін, Алесь Суша, Галіна Нячаева, Ігар Клімаў, Анатоль Сцебурака, Юры Лаўрык, Ларыса Доўнар і іншыя.

Пра велічны мацярык кніжнай культуры, працэсы станаўлення нацыі і ролю нацыянальнай кнігі ў генезісе беларускай дзяржаўнасці паведаміў Валерый Мікалаевіч Герасімаў. Марыя Міхайлаўна Міцкевіч распавяла на канферэнцыі пра творы Якуба Коласа ў беларускім і замежным друку. Таццяна Захарава паведаміла пра кнігазбор А. П. Сапунова ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Дзмітрый Лапцэвіч аналізаваў медыцынскія кнігі 1920-1930-х гг. выдавецтва "Беларусь" у фондах Музея гісторыі медыцыны Беларусі.

Ксенія Суша пазнаёміла прысутных з выставачнымі культурнымі праектамі нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню, якія праводзіць штогод Нацыянальная бібліятэка, у святле галоўных каштоўнасцей: любові да Радзімы, сям'і, талерантнасці, узаемадапамогі, працавітасці, шанавання чалавека як вышэйшай каштоўнасці, абароны правоў і свабод чалавека, шанавання Бога як найвышэйшага дабра і крыніцы ўсіх каштоўнасцей і маральных запаветаў.

Важнае месца на канферэнцыі займалі тэмы хрысціянскай культурнай спадчыны. Вольга Шутава распавядала пра некаторыя асаблівасці мастацкай атмасферы "Бівліі рускай" Францыска Скарыны. Алесь Суша пазнаёміў з "Навукай..." Лаўрэнція і Стэфана Зізаніяў, якая стала першым аўтарскім падручнікам у Вялікім Княстве Літоўскім і на славянскіх землях, складзеным прафесійнымі педагогамі і царкоўнымі дзеячамі.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Веткаўскага музея стараабрадніцтва Галіна Рыгораўна Нячаева паведаміла пра каштоўныя абразы і арнаменты ў рукапісах ХVI-XIX cтагоддзяў.

Таццяна Комлева прысвяціла свой даклад увасабленню вобраза кнігі ў іканаграфіі Беларусі. Мікалай Малееў паведаміў пра дзейнасць архіепіскапа Менскага і Бабруйскага Міхаіла Галубовіча на аснове яго дзённікаў. Андрэй Самусік вывучаў канспекты базыльянскай вучнёўскай моладзі як крыніцу па гісторыі айчыннай адукацыі XVII-XVIII стст.

Эмацыйная дыскусія разгарнулася вакол сучасных метадаў папулярызацыі, прамоцыі, прасоўвання кнігі ў чытацкай аўдыторыі і на кніжным рынку. Гэтай тэме былі прысвечаны паведамленне Дзіны Зылевіч "Роля краўдфандынгавых пляцовак у развіцці сучаснага кнігавыдання для дзяцей" і выступленне Ксеніі Тарасевіч "Усім, усюды, усімі спосабамі: папулярызацыя кнігі і чытання анлайн, без смс і рэгістрацыі".

З задавальненнем госці міжнароднага кніжнага форуму падводзілі вынікі працы канферэнцыі:

- Для нас, удзельнікаў чытанняў у замежжы, важна было даведацца пра новыя накірункі, дазнацца, што адбываецца ў нацыянальнай кніжнай сферы Беларусі, - адазвалася кандыдат гістарычных навук Вольга Шутава. - Канферэнцыя была адзначана найцікавейшай праграмай!

- Хачу падзякаваць за цудоўную тэхнічную арганізацыю чытанняў, за маральную падтрымку нас усіх! - прамовіла прафесар кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці БДУКіМ Ларыса Іосіфаўна Доўнар. - Нас радуе, што за намі ідуць маладыя спецыялісты, чые даследаванні разнастайныя і грунтоўныя.

- Беларускі кантэкст поліканфесійны і мультыкультурны, - адзначыла даследчыца з Польшчы.

- Я прыхільнік таго, каб нашы веды з дапамогай мультымедыйных тэхналогій даходзілі да раённых бібліятэк, каб вывучалася і захоўвалася жывая гісторыя культуры рэгіёнаў! Моцны бок працы публічных бібліятэк у галіне краязнаўства трэба і далей развіваць, - падкрэсліў Валеры Герасімаў.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Кнігазбор Храбтовічаў: на шляху вяртання

Шырокае кола зацікаўленых асобаў, чытачоў і навукоўцаў зможа ўбачыць каштоўныя выданні і сямейнае ліставанне ХIХ стагоддзя на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы "Кнігазбор Храбтовічаў: на шляху вяртання".

15 красавіка адбылося вяртанне дзвюх кніг і часткі архіва Храбтовічаў. Гэта ўдалося здзейсніць, дзякуючы дзейнасці фонду "Шчорсы і Храбтовічы."

- Бібліятэка Храптовічаў налічвала больш за 20 000 тамоў і была адной з самых найбуйнешых пасля бібліятэкі Радзівілаў, - адзначыў прысутны на адкрыцці выставы Пётр Кузьміч Краўчанка.

- Бібліятэка Храбтовічаў стала адным з брэндаў Вялікага Княства Літоўскага. Адна з найвялікшых прыватных бібліятэк, створаных на нашай зямлі, стала грамадскай і нацыянальнай каштоўнасцю, - распавёў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А. А. Суша. - На жаль, кнігазбор не захаваўся ў Беларусі. Падчас Першай сусветнай вайны гэты каштоўны збор быў вывезены. Частка яго захоўваецца ў Кіеве ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Вярнадскага. Было шмат імкненняў і спадзяванняў на яго вяртанне. 12 гадоў таму разам з нашымі калегамі мы правялі грунтоўнае даследаванне і большую частку бібліятэкі ўдалося алічбаваць. Нядаўна ў Германіі былі выяўлены дакументы і асобнікі кніг з бібліятэкі Храбтовічаў і праз перамовы вернутыя на Радзіму.

Сёння архіўныя дакументы і кнігі спрыяюць вяртанню спадчыны Храбтовічаў у грамадскую свядомасць. Падзея падрэслівае, наколькі багатая наша кніжная культура і як шмат можна зрабіць для яе папулярызацыі праз разнастайныя нашыя стасункі з многімі краінамі свету!

Пра каштоўныя рарытэты распавяла дырэктар фонда "Шчорсы і Храбтовічы" Ганна Георгіеўна Булда:

- У далёкім 1916 годзе маёнтак Храбтовічаў знаходзіўся ў цэнтры баявых дзеянняў 1-ай сусветнай вайны. У падвале палаца знаходзіўся нямецкі штаб. Адукаваны малады салдат Юліюс Херман быў уражаны кнігамі з бібліятэкі Храбтовічаў і лістамі. Сабраўшы рарытэты, ён пасылкай адправіў іх дадому. У 1939 годзе Юліюс патрапіў у Бухенвальд, бо быў антыфашыстам, але выжыў і працягваў працаваць ва Усходняй Германіі выкладчыкам ва ўніверсітэце. Потым усё жыццё ён вывучаў знаходкі з Беларусі і запавядаў сваім нашчадкам вярнуць кнігі на Радзіму. І вось у 2019 годзе яго ўнук Хельмут патрапіў у Інтэрнэце на сайт фонду "Шчорсы і Храбтовічы.

І вось, нарэшце, дачка Юліюса Хермана Марыён і ўнук Хельмут перадалі фонду каштоўныя кнігі і лісты Міхаіла Храбтовіча і Алены Несельродэ. Яны - як першыя ластаўкі вяртання кніжнай спадчыны Храбтовічаў на Беларусь, - патлумачыла кіраўніца фонду Ганна Георгіеўна Булда.

Ганна Булда - мянчанка, якая натхнілася ідэяй рэстаўрацыі шляхецкай сядзібы Храбтовічаў у Шчорсах і ў 2017 годзе заснавала фонд дзеля аднаўлення сядзібна-паркавага комплексу, створанага Іахімам Літаворам Храбтовічам у 1770-1776 гадах у стылі французскага класіцызму эпохі Людовіка XV.

Кандыдат гістарычных навук, даследчык і выкладчык Анатоль Сцебурака вывучыў эпісталярны архіў Храбтовічаў на французскай мове і запісаў змястоўнае відэа, у якім распавёў пра ліставанне ўнука апошняга канцлера ВКЛ Іахіма Літавора Храбтовіча - Міхаіла Ірынеевіча - з яго жонкай Аленай Несельродэ.

- Пачала збывацца даўняя стогадовая мара аб рэстытуцыі збору Храбтовічаў, - адзначыў Анатоль Мікалаевіч Сцебурака. - Каб ацаніць каштоўнасць прадстаўленых дакументаў, варта заглыбіцца ў гісторыю сям'і Храбтовічаў. Гаворка ідзе не толькі пра Іахіма Літавора Храбтовіча, але і пра яго ўнука - Міхаіла Ірынеевіча.

Міхаіл Ірынеевіч быў дыпламатам, пражыў слаўнае і годнае жыццё, але служыў ужо інтарэсам Расійскай імперыі. Ён знаходзіўся на дыпламатычнай службе ў Берліне, Гамбургу, Лондане і адтуль пісаў жонцы. Захавалася каля 150 лістоў актыўнай і цёплай перапіскі. Жонкай Міхаіла Ірынеевіча была Алена Карлаўна Несельродэ, шлюб іх быў шчаслівы, яны захавалі душэўныя адносіны. У моманты раставання між імі ішла ажыўленая перапіска. Храбтовіч апісваў сустрэчы з вядомымі асобамі, мясціны, дзе яму даводзілася быць. Па лістах прасочваюцца падарожжы маладога дыпламата.Улічваючы значнасць роду Храбтовічаў, гэтыя лісты - цікавая крыніца для беларускіх гісторыкаў. Вернутая спадчына ўяўляе цікавасць у якасці музейных аб'ектаў.

Лісты з сямейнага архіва (1835-1851) можна пабачыць на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы. Раней Анатоль Сцебурака даследаваў лісты французскага афіцэра да сваёй жонкі Жазэфіны падчас Напалеонаўскай кампаніі і апублікаваў на матэрыяле даследавання кнігу "Лісты да Жазэфіны".

У холе Музея кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы таксама прадстаўлены жывапісныя працы студэнтаў БНТУ, прысвечаныя сядзібе Храбтовічаў у Шчорсах.

Кнігі і лісты членаў шляхецкай сям'і звязваюць нябачнымі ніцямі прадстаўнікоў розных народаў, спрыяюць наладжванню партнёрскіх і сяброўскіх стасункаў, спрыяюць справе захавання гістарычнай спадчыны, прымірэння і ўзаемапаразумення.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Выстава сябра ТБМ, мастака Вітаўта Жукава ў Полацку

Гэтымі днямі ў старажытным Полацку праходзіць выстава карцін нашага земляка Вітаўта Жукава. У выставачнай зале Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур экспануюцца 24 працы. Большасць палотнаў прысвечана краявідам роднай полацкай зямлі. На некаторых - выявы старажытных храмаў. Вельмі моцнае ўражанне пакідае твор "Раніца на Богінскім возеры", народжаны ў незабыўнай вандроўцы з сябрамі Таварыства беларускай мовы сумесна з Уладзімірам Арловым і Зміцерам Бартосікам на радзіму знанага беларускага мастака Пётры Сергіевіча.

Спадар Вітаўт - жыхар вёскі Новыя Гараны, што месціцца непадалёк ад Полацка. На яго радзіме зліваюцца дзве ракі - невялічкая Обаль злучаецца з велічнай Дзвіной. Таму шмат карцін прысвечана водным прасторам Полаччыны.

Падчас адкрыцця выставы прагучала шмат цёплых слоў ад прысутных сяброў і гледачоў. Даўняя прыхільніца мастака, лекарка з Менска Наталля Мікалаеўна, параўнала творчасць Жукава з творчасцю нашага славутага земляка Івана Хруцкага. Ад сяброў Наваполацкай суполкі ТБМ мастак атрымаў у падарунак новую кнігу Вінцэся Мудрова "Меліярацыя з Альберам Камю".

Алесь Рымша, старшыня Наваполацкай Рады ТБМ.

Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных

Да 160-годдзя з дня народзінаў і 90-годдзя з дня смерці (1.01.1861-29.04.1931)

Алесь Крой

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

8. Мігова. Я. Карскі: "…Летом 1901г. мне пришлось 3 месяца провести в имении Мигово (в 18 верстах от Гродно, к юго-востоку по р. Нёману). Мои наблюдения относительно говоров западной части Гродненской губернии сводятся к следующему: народная речь здесь вообще такая же, как и в Новогрудском уезде Минской губернии, т.е. чисто белорусская. Отличия следующие (по местностям):…Д. Мигово. Всюду - са. Часто приставочное г (h) перед о и у: гуліца, гаўца, гавечки, гавес жаць. Аще (еще), р. Нёман (всегда с ё), Гирдзей (Гордей), Прыегджаць. Дат. п. дзякей, мужыкей, бацькей. Род.п. тые пары. Будущее: може масло брацьмеце? Ударение: гарачо". (Карский, Е.Ф. Заметки по белорусским говорам/ Е.Ф. Карский, Труды по белорусскому и другим славянским языкам. - М: Изд. АН СССР, 1962. - С. 379-380.)

30 кастрычніка 2019 года пры ўездзе ў вёску Мігова ўсталяваны памятны знак акадэміку Я. Карскаму.

9. Менск. 14.11. 1917 года Выканкам ВБР (Вялікай беларускай Рады) прыняў Пастанову аб скліканні 5 снежня (па ст.ст.) 1917 г. Усебеларускага з'езду. 10 снежня 1917 года Яўхім Карскі ў Пецярбургу пакідае запіску акадэміку Аляксею Аляксандравічу Шахматаву аб тым, што па просьбе розных беларускіх камітэтаў павінен паехаць у Менск, таму не зможа ў сераду і суботу прысутнічаць на паседжаннях … Ён прыехаў на вялікі І Усебеларускі з'езд, дзе прымалі ўдзел 1872 дэлегаты, але, вечар аднаго дня з'езда трохі азмрочыў выступ прадстаўніка латышскага народа, які прапанаваў выкінуць беларускі нацыянальны сцяг. Калі зала зараўла ад абурэння з латышскага бальшавіка "… наперад выйшлі салдат, матрос і генерал, моцна сцяўшы рукі адзін аднаму, і стары генерал… Аляксееўскі пацалаваў гэты сцяг, які толькі што быў абсмяяны вар'ятам" (Белоруская рада, № 7, 10 снежня 1917).

Генерал-лейтэнант К. Аляксееўскі пакінуў успаміны з І Усебеларускага з'езда ў газеце "Чырвоны шлях" №1/2 1918. Перадрукавана на сайце "Павет" 22-11-2017: " Молодёжь белорусская, - к тебе обращаюсь я, старик белорус, - помни это, храни завет его и передай другим. Да будет единая, светлая, вольная Беларусь и "нехай жыве на векі"".

Праўнук акадэміка Аляксандр Карскі піша, што Я. Карскага запрасілі у Менск акрамя петраградскага БОКа і Вялікая беларуская рада. Кіраўніцтва бальшавікоў у Расеі не было гатова даваць беларусам самавызначыцца, вайскоўцамі ў Менску камандавалі слабаадукаваныя не мясцовыя людзі. (У "Біяграфіі…" А. Карскага разглядаюцца некаторыя іх біяграфіі). Калі бальшавікі, не змаглі легальна ўплываць на выгадныя ім рашэнні з'езда, то ў адчаі вырашылі (некаторыя камандзіры і салдаты былі п'яныя) гвалтоўнай сілай разагнаць І Усебеларускі з'езд пасля тэлеграм-кансультацый з маскоўскімі бальшавікамі. А беларусы на з'ездзе асцярожна шукалі кампраміс паміж "незалежнікамі" - віленчукамі, гарадзенцамі, смаленчукамі з аднаго боку і "абласнікамі"- магілёўскімі з віцебскімі з другога боку, і абавязкова кампраміс быў бы знойдзены, як і лепшы лёс для Беларусі. Але…

10. Петраград-Менск-Санкт-Пецярбург. Пры садзейнічанні БОК Я. Карскі выпусціў брашуру "Белоруская речь. Очерк народного языка с историческим освещением". Асобнік гэтай кнігі сёння захоўваецца ў сямейным архіве Карскіх. У прадмове паведамляецца, што кніга ўяляе з сябе даклад, прачытаны Карскім на І Усебеларускім з'ездзе. Гэты кароткі папулярны нарыс зроблены на матэрыялах "Беларусаў". Па звестках некаторых даследчыкаў, Я. Карскі адносіўся да "абласнікоў". Па высновах праўнука А. Карскага, (згодна з архіўнымі звестакі - беспартыйны - А.К.) Я. Карскі быў блізкі па палітычных поглядах да ліберальных заходнерусістаў.

У некралогу, да 5-х угодкаў смерці Я. Карскага, яго аўтар і зямляк Я. Карскага з Гарадзенскага павета Макар Краўцоў пісаў, што на І Усебеларускім з'ездзе ў 1917 г. менавіта Я. Карскі прапанаваў назваць першыя маніфесты беларускае дзяржавы "ўстаўнымі граматамі". Беларускія незалежнікі схіляліся на ўкраінскі ўзор называць маніфесты "ўнівэрсаламі".

11. Менск. З "Біяграфіі…" А. Карскага. У аўторак 12 снежня 1917 Карскі робіць важную рэпліку на І Усебаларускім з'ездзе: "Немцы быццам прызнаюць самавызначэнне, але як гэта будзе вызначана. Маса бежанцаў пакінула Гарадзенскую і Віленскую губерні. Іншыя выселены ў Германію з занятых земляў. Там амаль нікога не засталося. Засталася невялічкая колькасць насельніцтва. Германія можа іх прымусіць прызнаць уладу Літвы (Летувы - А.К.). Неабходна тэрмінова даведацца ў т. Троцкага сутнасць перамоваў. Неабходны кантроль над мірнымі перамовамі. Мною ўжо складзена карта Беларусі, у якой дакладна абазначана мяжа рассялення беларусаў". (Авацыі і крыкі: "Да здравствует профессор белорусского университета!" Прапануецца выбрать яго ганаровым старшынём з'езда. Галасы: "Просим!") Прапанову па Карскаму ўнёс старшыня прэзідыума І Усебеларускага з'езда і будучы першы старшыня Рады БНР Іван Серада.

… "Новы склад прэзідыума з'езд абраў 14 снежня, у гэты ж дзень быў сфармаваны савет з'езда. Старшынём з'езда стаў І. Серада, таварышамі старшыні - А. Вазіла і А. Прушынскі, сакратарамі - Л. Каляда і Шаўчук, таварышамі сакратара - Гушча і Т. Грыб. У савет з'езда ўвайшлі 57 чалавек, у тым ліку Я. Варонка (старшыня), К. Аляксееўскі, А. Бурбіс, Я. Дыла, Я. Карскі, Я. Канчар, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Цвікевіч і інш. Перад тым дзейнічаў прэзідыум з'езда, абраны 9 снежня ў складзе Рак-Міхайлоўскага, Савіча, Фальскага, Клішэвіча, Вярбіцкага, Цвікевіча, Каўшылы, Грыба, Ладнова, Альхова, Дубовіка, Селівончыка". (П. И. БРИГАДИН, ПЕРВЫЙ ВСЕБЕЛОРУССКИЙ СЪЕЗД (ДЕКАБРЬ 1917 г.): К СТОЛЕТИЮ, с.39; Нац. арх. РБ. Ф. 325. Воп. 1. спр. 2. арк. 5-6).

(Працяг у наступным нумары.)

Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Эстафету памяці пераймаюць школьнікі

Сярод памятных дат, якія адзначаюцца ў 2021 годзе, 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца: і па маштабах выпрабаванняў і страт, і па ўплыве на ход сусветнай гісторыі. Не пакінула гэтую дату без увагі і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Днямі ў канферэнц-зале бібліятэкі адбылася навукова-практычная канферэнцыя "VIII Лідскія чытанні" на тэму "Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю", прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у канферэнцыі прынялі педагогі і навучэнцы лідскіх школ, краязнаўцы, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея, работнікі і чытачы бібліятэк.

Якой жа прыйшла вайна на лідскую зямлю? Колькі бяды, болю, пакут яна прынесла жыхарам Лідчыны і як адбілася на іх жыцці? Якія яе трагічныя наступствы? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі даць удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі. Адметнай асаблівасцю сёлетніх Лідскіх чытанняў стала вялікая колькасць дакладаў, прадстаўленых навучэнцамі школ. Падрастаючае пакаленне цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, годна пераймае эстафету памяці, памятае аб загінулых і бязвінна забітых.

З дакладам "Помнікі Вялікай Айчыннай вайны Лідскага раёна" перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Лілея Хвайніцкая. Лілея Андрэеўна падкрэсліла, што кіраўніцтвам раёна прымаюцца меры па падтрымцы помнікаў і месц пахаванняў у належным стане, аддзел культуры пастаянна працуе з уласнікамі помнікаў па пытаннях аховы гістарычна-культурнай спадчыны. Навучэнкі СШ №11 Алена Лычкоўская і Ганна Юнда расказалі аб складзеных імі экскурсійных маршрутах па месцах баявой славы горада і раёна. З гісторыяй помнікаў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беліцкага сельсавета азнаёміла прысутных навучэнка Беліцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Марына Карповіч.

Супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Хацяновіч і Наталля Валынец азнаёмілі з артэфактамі той вайны ў музейных фондах, а таксама нагадалі асноўныя падзеі 1941-1944 гадоў на Лідчыне, ад пачатку вайны да вызвалення горада. У ходзе канферэнцыі былі таксама закранутыя балючыя тэмы палітыкі генацыду (Рэната Ігнатовіч, СШ № 1), халакосту (Дар'я Ус, СШ № 11), Лідскага гета (Ніна Хілько, СШ № 6).

Асобныя даклады былі прысвечаны канкрэтным людзям. Так, навучэнка СШ №1 Ганна Каламыцкая расказала пра лёс малавядомай лідскай падпольшчыцы Сабіны Шавырынай, а настаўніца СШ № 11 Наталля Анашкевіч - аб сваёй бабулі Ганне Аляксандраўне Раік, якая ў гады акупацыі дапамагала партызанам (дарэчы, менавіта бабуліну мару - стаць педагогам - рэалізавала ў сваім жыцці Наталля Мікалаеўна).

Да падзей верасня 1939 года - першых дзён Другой сусветнай вайны - звярнуўся ў сваім дакладзе лідскі краязнавец і пісьменнік Станіслаў Суднік, які распавёў пра ваенны лёс 77-га пяхотнага палка Ковенскіх стральцоў, які перад вайной дыслакаваўся ў Лідзе. Галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі Галіна Курбыка азнаёміла з самымі значнымі кніжнымі выданнямі з фонду бібліятэкі, у якіх адлюстраваны ваенныя гады на Лідчыне. Выстаўка гэтых выданняў "Хвалюючы летапіс Перамогі" дзейнічала ў той дзень у канферэнц-зале.

Трэба адзначыць, што сярод гасцей канферэнцыі прысутнічаў пракурор Лідскага раёна Станіслаў Дмухоўскі. Станіслаў Юр'евіч нагадаў аб узбуджэнні ў бягучым годзе Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд і звярнуўся да прысутных з просьбай падзяліцца наяўнымі фактамі, інфармацыяй па пытанні генацыду на Лідчыне.

Яшчэ адной асаблівасцю сёлетніх Лідскіх чытанняў стаў удзел раённай бібліятэкі ў дабрачынным праекце "Добрая бібліятэка", арганізаваным ТАА "OZ. Прыносім радасць" (г. Менск), галоўная мэта якога - садзейнічаць стварэнню безбар'ернага гуманітарнага асяроддзя, дзе ў кожнага ёсць доступ да патрэбнай літаратуры. У канферэнц-зале ў дзень Лідскіх чытанняў быў устаноўлены спецыяльны бокс для збору кніг, і любы ахвочы мог прыняць удзел у праекце, падзяліўшыся літаратурай з хатняй калекцыі. Уся сабраная літаратура была перададзена ў сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр "Лідскі клубны дом", кіраўнік якога Ганна Савук расказала гасцям канферэнцыі аб рабоце арганізацыі.

Што ж датычыцца дакладаў, якія прагучалі, то на аснове іх бібліятэка выдасць зборнік "Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю", які стане каштоўным дапаможнікам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны ў разрэзе Лідчыны.

Аляксей КРУПОВІЧ. Фота Лідскай бібліятэкі.

Украіна папрасіла ў Германіі абарончае ўзбраенне

Навіны Германіі

Кіеў прасіў у Берліна патрыманыя карветы, кампаненты супрацькарабельных ракет, сістэмы СПА і абсталяванне для размініравання, піша FAS. Кіраўнік МЗС ФРГ - супраць паставак зброі Украіне.

Украіна звярталася да Германіі з просьбай паставіць абарончую зброю для абароны свайго ўзбярэжжа ў святле росту напружання на мяжы з Расіяй. Пра гэта германскае выданне Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung паведаміла ў суботу, 24 красавіка. Сярод іншага, Кіеў запрасіў быўшыя ва ўжыванні карветы, кампаненты супрацькарабельных ракет, сістэмы супрацьпаветранай абароны і абсталяванне для размініравання.

Міністр замежных спраў ФРГ Хайка Мас адмоўна паставіўся да магчымых паставак узбраенняў украінскаму боку, адзначыла выданне. А міністр абароны Анегрэт Крамп-Карэнбауэр адкрыта да падобнай ідэі, як і старшыня знешнепалітычнага камітэта бундэстага Норберт Ротген. Было б памылкова выключыць пастаўку абарончых сістэм узбраенняў, паколькі "Расія пагражае вайной", працытавала газета Ротгена.

Пазней у гэты ж дзень амбасадар Украіны ў ФРГ Андрэй Мельнік выказаў расчараванне адмовай Берліна прадаставіць Кіеву ўзбраенне і паскорыць ўступленне ў НАТА. Дыпламат заклікаў не мець ілюзіі аб змене палітыкі Германіі адносна Украіны пасля выбараў.

dw.com.

Карветы тыпу "Браўншвейг" (K130) - былі распрацаваны ў 2000-х гадах нямецкімі караблебудаўнічымі кампаніямі: Blohm + Voss і ThyssenKrupp. Рашэнне пра распрацоўку і будаўніцтва карветаў праекту K130 было прынята ў 2000 годзе. Галаўны карабель серыі F260 "Braunschweig" спушчаны на ваду ў 2006 годзе, уведзены ў шыхт 16 красавіка 2008 г. У 2007 годзе спушчаны другі карвет серыі - F261 "Magdeburg", у 2007 годзе - адразу тры караблі спушчаны на ваду: F262 "Erfurt", F263 "Oldenburg", F264 "Ludwigshafen". Караблі абсталяваны па тэхналогіях "Стэлс". На кожным могуць быць размешчаныны два БПЛА ці адзін верталёт NH90.

Па Каліфорніі - Х-ХІ

Мікалай Русель

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Індзейцы ў "Па Каліфорніі" і некаторыя іншыя малавядомыя факты пра доктара Руселя

Апісаўшы фермера містара Кука (гл. № 16 "НС"), Мікалай Русель паказаў, што ён у замілаванні ад простых сумленных працаўнікоў. Доктар не стаў атрымліваць гомстэд, здаецца, толькі таму, што, паводле яго слоў, не лічыў свой ўзрост у 40 гадоў адпаведным гэтаму. Русель абдумваў перабрацца ў Гватэмалу або ў адно з мястэчак на Ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША, "у Арэгон, Айдаха або Мантану", каб там жыць у "першабытнасці", у выніку ж стаў жыхаром Гаваяў, уключаючы час, калі яны былі Гавайскай рэспублікай. Мы можам меркаваць, што Русель пісаў раздзелы "Па Каліфорніі" прынамсі з VII-га па няскончаны XI-ы ўжо на Гаваях, паколькі ў VII-ым згадвае пра смерць чыгуначнага магната Джэя Гулда, якая мела месца 2 снежня 1892 года.

Адным з вынікаў блізкага знаёмства з жыццём у сельскай Каліфорніі была выснова Руселя, што гэты вопыт "прымірыў" яго з Амерыкай. Да гэтага ён меў скептычныя адносіны да тэарэтычна сімпатычнай яму незалежнай фермерскай Амерыкі, якая нібыта ўяўляла самой штосьці супрацьлеглае "капіталістычным аперацыям". Але ён стварыў партрэты фермераў розных тыпаў, у тым ліку і не лепшага "амерыкана-індзейскага" (адна з нашых задач - высветліць прозвішча метыса Джэка і знайсці яго нашчадкаў, калі яны былі, і сваякоў, а таксама нашчадкаў асоб з вядомымі прозвішчамі, хто жыў побач з ім і "дапамагаў" яму пазбавіцца ад алкагольнай абстыненцыі і залатаноснай зямлі).

Мы можам спецыяльна акцэнтаваць увагу на індзейскай тэме ў Руселя, якая нам асабліва блізкая. Індзейскія рэаліі з'яўляюцца ў тэксце "Па Каліфорніі" некалькі разоў. Індзейцаў (а таксама "белых", што ўказвае на тое, што побач ёсць і "чырвонаскурыя") ён згадвае ў чатырох-пяці месцах раздзелаў VIII, IX і X, прычым толькі ў форме "индийцы", "индийская"(і "индианка"), а яшчэ адзін раз - фактычна мае іх на ўвазе, гаворачы пра дзікае (г. зн. індзейскае) і лянівае насельніцтва Гватэмалы. Ён параўноўвае танцы і песні індзейцаў з рухамі і музыкай на вясковай вечарынцы, збліжаючы фермераў з індзейцамі і аддаляючы апошніх ад "нашых": "Ваенныя танцы індыйцаў пэўна выклікаюць падобнае ўражанне. Ні гукі, ні твары неяк не ладзяць з кадрыльнымі фігурамі і культурнымі строямі. Вогнішча і індыйская ваенная песня бадай была б хутчэй да месца. У нас у такіх выпадках лапочуць, гамоняць, жэстыкулююць, рагочуць. Тут усё адбываецца неяк маўчком, з панурай сур'ёзнасцю, быццам робіцца сур'ёзная справа". Ён параўноўвае лес, які быў пры з'яўленні ў раёне Плэйсервіля белых і ў пазнейшыя часы, калі яго пачалі вынішчаць штучнымі пажарамі. Пры гэтым робіць крыху няслушныя высновы - пра "чысціню" і пра шкоду лесу ад пажараў. Пішучы пра каліфарнійскі ціс, Русель згадвае, што "індыйцы ўжывалі яго для вырабу лукаў".

Са "схаваных" індзейскіх момантаў, звязаных з Каліфорніяй і "Па Каліфорніі", - згадка Руселем "Шчасця Равучага стану" Брэт Гарта (ён называў Гарта і Купера як пісьменнікаў, якія фарміравалі яго ўяўленне пра Амерыку), славутага апавядання, у якім гаворка ідзе пра дзіця памерлай індыянкі, над якім апекаваліся жыхары старацельскага пасёлка.

Русель даволі павярхоўны: нельга сказаць, што ён сам блізка сутыкаўся з індыянкамі, вельмі цікавіўся індзейцамі і быў іх гарачым прыхільнікам. Яго веданне індзейцаў было недастатковым для сур'ёзных самастойных высноў. Ён не вагаецца ўжываць выраз "дзікуны" ў адносінах да карэнных жыхароў Аляскі і каліфарнійскіх індзейцаў. Русель лічыў, што ў свеце, які ён нібыта добра ведаў, назіралася "рабства жанчыны, прыніжанай да стану індзейскай скво". Яго калега і сябар этнограф і арнітолаг Генры Хенша мог бы адказаць адносна "скво": "Становішча жанчыны ў індзейскім грамадстве, асабліва што тычыцца падзелу працы, было няправільна зразуметае. Гісторыкі звычайна ўяўлялі яе як асобу, якая выконвала цяжкую і нудную працу, і рабыню, якая няспынна працуе ў той час, як яе лянівы муж па большай частцы бяздзейнічае і існуе галоўным чынам дзякуючы плёну яе працы". У адным са сваіх артыкулаў Русель закрануў нават самае "святое" для індзеяністаў - адных з лідараў супраціўлення еўрапейцам - апачаў: паводле яго, жорсткі і цынічны кайзер Вільгельм II (Гогенцолерн) "прапаведаваў узор маральнасці гатэнтотаў, якая ілюструе, што ні пост, ні становішча не ставяць чалавека над узроўнем ментальнасці апачаў і бушменаў".

Русель мог быў у нечым павярхоўным, але і пішучы пра Руселя можна быць павярхоўным і паўтараць памылковыя стэрэатыпы. Руселю-Судзілоўскаму прысвечана велізарная колькасць асобных публікацый - найбольш важныя на рускай, англійскай, беларускай, японскай мовах. Яго біябібліяграфія, якую мы толькі ў першы перыяд збірання руселіяны імкнуліся фіксаваць усю скрозь, налічвае больш за тысячу запісаў.

Русель - не псеўданім, як часта пішуць, а прозвішча, якое ён афіцыйна прыняў у Румыніі замест першапачатковага; як рэвалюцыянер у Расіі, але гэта параўнальна невялікі перыяд у яго актыўнай рэвалюцыйнай дзейнасці, ён сапраўды вядомы як Судзілоўскі. Прозвішчы Судзілоўскі і Русель даваліся праз злучок у гэтай ці адваротнай паслядоўнасці для зручнасці, каб лепей ідэнтыфікаваць яго. Мы не ведаем ніводнага выпадку, калі б ён пісаў пра сябе "Судзиловский-Руссель" або "Руссель-Судзиловский". Пазбавіўшыся ад "польска-рускага" прозвішча, ён забяспечыў сабе большую верагоднасць поспехаў у "вялікай" палітыцы неславянскіх краін.

У Сан-Францыска, акрамя натуральнага абурэння абыходжаннем кіраўніцтва епархіі з часткай кліру і прыхаджанамі, асабліва з вучнямі царкоўнай школы, ім рухала і закранутая прафесійная "амбіцыя". Пры гэтым многім яго калегам-рэвалюцыянерам не спадабалася б тое, што Русель, як выявіў Т. Эманс, спрабаваў весці "сепаратныя" перамовы з обер-пракурорам Сінода К. П. Пабеданосцавым (калі гэтая спроба перагавораў пра ў нейкім сэнсе яго лепшую будучыню - імкненне "дзяржаўнага злачынца" трапіць на дзяржаўную службу, з просьбай звярнуцца да імператара! - не ўдалася, Русель публічна пакрытыкаваў Пабеданосцава за нізкія метады, згадаўшы толькі іх абмеркаванні паводзін архірэя; гэты эпізод трохі дзіўны, але можа пацвярджаць толькі вядомы па іншых прыкладах імпульсіўны, "лабільны" характар доктара).

Яго візаві, епіскап Уладзімір, таксама выехаў прыкладна ў той жа час на Аляску, і ён таксама любіў пісаць - у лістах - пра свае падарожжы. Паездкі з Сан-Францыска на Аляску праваслаўнага кліру і епіскапату, хоць і не былі афіцыйным адпачынкам, былі адначасова разнавіднасцю турызму. Мы не маем іншых узораў недзелавых рускіх падарожных нататак у той жа год, хаця, напрыклад, ураджэнец Гомельшчыны Мікалай Грынкевіч, абранніцай якога ў сувязі з прыняццем ім святарскага сану стала Аляксандра, дачка протаіерэя Паўла Кедраліванскага, які загінуў яшчэ 12 гадоў назад (траўма галавы пры нявысветленых акалічнасцях і пазней працэс адносна дыфамацыі, звязанай з меркаваным адзюльтэрам матушкі), меў вясельнае падарожжа ў папулярнае курортнае месца Дэль-Монтэ (раён Мантарэя, які праходзіць у "Па Каліфорніі" як недасяжны для адпачынку многіх "буржуазных сем'яў"), пра што паведаміла газета "Дэйлі Альта Каліфорнія"1 лютага 1891 года.

Алесь Сімакоў, індзеяніст, даследчык "беларускай Каліфорніі".

За некалькі міль адсюль ёсць нехта Джэк, сын амерыканца і індыянкі, які атрымаў у спадчыну ад маці ўсе незайздросныя бакі дзікуна і не набыў ад бацькі якасцей белага чалавека. Жыве гэты Джэк на ўрадавым участку, што належыць яму, жыве адной стрэльбай, жыве брудна, гультаявата і вельмі шануе гарэлку і тытунь. На гэтую гарэлку і на падаткі часам патрэбны грошы, якіх у Джэка няма. Тады Джэк накіроўваецца да Маркела, і Маркел яму дапамагае. Так цягнулася некалькі гадоў, пакуль доўг з працэнтамі не ўзрос настолькі, што нябозе Джэку прыйшлося аднойчы раніцай пайсці ў Placerville і перавесці сваю ферму на імя Маркела. Здарылася гэта ў час нашага знаходжання ў гарах. Вярнуліся абодва моцна пад чаркай і абодва задаволеныя. Не ведаю, чаму радаваўся Джэк, відаць, часткова па прыроднай жыццярадаснасці, асвежанай выпіўкай віскі. Маркел жа мае больш значныя падставы. На ферме Джэка, дзе былы гаспадар цяпер застаецца толькі ў якасці вартаўніка, - выдатная зямля, цудоўны лес і, галоўнае, залатая міна, на якую Маркел даўно глядзеў з апетытам.

Не маючы капіталаў на золатапра-мысловыя прадпрыемствы, стары Маркел вядзе сузіральнае жыццё. Ён або сядзіць на ганку і, пакурваючы кароценькую люлечку, глядзіць на гэтыя поўныя золата горы, або чытае газету, а калі газеты няма - які-небудзь вельмі стары падручнік хіміі. Наогул ён чалавек не без некаторай адукацыі, крышку філосаф і пры прыродным розуме ўмее даць рады ва ўсякай галіне. Пагаварыць з ім вельмі прыемна, тым больш што пагаварыць ён не супраць і не скажа нічога, не ўзважыўшы і не абдумаўшы папярэдне.

Вёрст за дзве-тры ад Маркела і Кука жыве іх бліжэйшы сусед, таксама халасты стары і таксама пасяленец казённага ўчастка. Фермачка яго яшчэ менш развіта і [больш] занядбана, чым ферма Маркела. Усё, што можна там бачыць, - кепскі, занядбаны агарод, у сярэдзіне якога стаіць старая халупа, больш падобная на свіны хлеў. Дождж, снег і вецер маюць свабодны доступ праз вялізныя шчыліны ў сценах і даху, што прагнілі. Усярэдзіне - бруд і пустата. Як і дзе спіць гэты Дыяген, вядома толькі яму аднаму, бо ні пасцелі, ні якой бы там ні было мэблі не бачна. Па паходжанні гэта нейкі ірландзец. На ферме ён жыве толькі летам, а на зіму накіроўваецца ўніз, чым і як ён жыве там - не ведаю. Тут жа летам ён знаходзіцца ў кампаніі і дае на сваім лапіку прыстанішча нейкім падазроным маладым людзям, якія прыгналі на летняю пашу жывёлу. Уся кампанія здабывае мяса, забяспечваючы ім ўсю аколіцу. Гольдэн, Маркел і іншыя аселыя фермеры глядзяць на гэтую кампанію далёка не прыязна, не толькі таму, што прыгнаная імі чужая жывёла пазбаўляе падножнага корму іх уласную, але і таму, што для выкарыстання мяса, карыстаючыся цяжкасцю кантролю, яны забіваюць чужых кароў.

Па той бок глыбокага яра, у глыбіні якога бурліць цудоўны Slab-Creek са сваімі шматлікімі маляўнічымі вадаспадамі і рэзервуарамі, поўнымі стронгі, са сваёй халаднаватай свежасцю і цяністымі, дзікімі, часта непраходнымі берагамі высокай, стромкай сцяной уздымаецца новая гара, уся зарослая цудоўным будаўнічым лесам. Там на ўзвышаным плато яшчэ шмат свабоднай зямлі. Некаторыя ўчасткі ўжо ўзяты маладымі людзьмі з суседніх мястэчак. Большасць іх не прыватныя пасяленцы, а толькі агенты багатай капіталістычнай кампаніі, якая стараецца захапіць лясы ў свае рукі. Велізарныя прасторы ўжо належаць ёй. Сістэма захопу вельмі простая. Адшукаўшы некалькі дзясяткаў нядобрасумленных агентаў, якія не страцілі асабістага права на дзяржаўныя землі, яны пасылаюць іх у Placerville у пазямельную кантору. Карыстаючыся сваім правам, яны разбіраюць лепшыя лясныя ўчасткі, будуюць на іх для выгляду буданы і, задаволіўшы фармальнасці закона, толькі атрымаюць права адчужэння - перапрадаюць зямлю кампаніі. Некаторыя бяруць участкі на свой страх і пасля неабходнага тэрміну прадаюць той жа кампаніі лес, а зямлю пакідаюць для далейшых спекуляцый. Вынікам будзе тое, што ў хуткім часе і ў гэтых першабытных лясах зазвіняць сякеры, засвішчуць лакаматывы, пойдзе лясное раскраданне. А потым высахнуць ручаі і краіна ператварыцца ў мёртвую, пазбаўленую жыцця пустыню, падобную да той, якая распасціраецца цяпер паміж Сьера-Невадай і Скалістымі гарамі. Амерыканскія індывідуалістычныя парадкі менш, чым якія-небудзь іншыя, здольныя паставіць сур'ёзную перашкоду такому ходу справы. Апамятаюцца амерыканцы толькі тады, калі ўжо будзе позна.

Па Каліфорніі - XI

Пражыўшы каля 6 тыдняў у лесе С'ера-Невады толькі за 40 міль ад знакамітага возера Тага [Таха], не хацелася нам вяртацца, не пабачыўшы яго. Каб выканаць гэтае жаданне, мы нанялі м-ра Гольдэна адвезці нас. Мядовы месяц, які ён спраўляў пры натуральнай схільнасці да рамізніцтва і агідзе да фермерскай працы, сыграў нам на руку. Наш план далейшых вандраванняў прыйшоўся маладому якраз да густу, і ўгаворваць не было неабходнасці, нягледзячы на няскошанае сена і іншыя неадкладныя работы. Хутка наладзіў ён сваю цыратовую калымагу, у якой магла змясціцца ўся кампанія, акрамя аднаго, якому прыйшлося ехаць вярхом. Амерыканцы, мабыць, пагалоўна належаць да таварыства абароны жывёл; прынамсі экіпажы іх надзвычай добра прыстасаваны для зручнасці коней. Гэта, вядома, вельмі пахвальна, і ўсё, чаго застаецца жадаць, каб і людзі не былі забыты. На няшчасце, да гэтай пары пра гэта тут мала думаюць. Забрацца ў амерыканскае buggy і ўсякі іншы падобны да яго экіпаж пры ўсім спрыце даволі цяжка і далёка не бяспечна. Калі коням уздумаецца рушыць некалькі раней, чым чалавек паспеў усесціся, апошні сур'ёзна рызыкуе заблытацца ў колах і быць расціснутым. Пра зручнасці сядзення - ужо і казаць няма чаго. Калі б у французаў былі амерыканскія экіпажы, ні пра якія horizontales не было б і паміну.

Выязджалі мы гадзін у 7 раніцы. Надвор'е стаяла, як звычайна, добрае, цёплае, сонечнае і ціхае. Дарога ішла ўвесь час лесам, дзе больш дробны, дзе больш буйны, падымаючыся ўвесь час угару, абгінаючы вялікія яры і непрыкметна перабіраючыся з гары на гару. Ландшафты звычайныя, лясныя. Лес, што расце на раўніне, як гэта звычайна бывае ў Расіі, аднастайны. У гарах іншая справа; тут на кожным павароце якая-небудзь нечаканасць: то глыбокі, цяністы яр, у якім нягледзячы на лес можна бачыць на 1-2 вярсты ва ўсіх кірунках, то стромкая гара, што раптоўна вырасла высокай сцяной, то вясёлы ручай, то вадаспад. Зрэдку паміж лістотай дубоў, ялін і хвой раптам прагляне ўся бясконцая каліфорнская даліна, адзетая блакітным туманам. Тады, прыгледзеўшыся, можна распазнаць раку Сакрамента, што віецца па ёй вузенькай сярэбранай стужкай, і нават сам горад. Цяніста, халаднавата ў лесе. Ні сонца не пячэ, ні пыл не надакучвае, і падарожжа атрымліваецца прыемнае, разнастайнае і няўтомнае. Ехалі мы марудна, усё больш крокам і толькі калі-нікалі трушком. Адзінай нашай мэтай было разгледзець краіну, і спяшацца не было чаго. Нярэдка дарога ішла занадта стромка і тады ўся публіка, за выключэннем возніка, спешвалася і ішла мілю-дзве пешшу. Са мной была стрэльба, і я значна апярэджваў коней у пагоні за вавёркамі. Гэта чыста вавёрчына царства. Іх не толькі мноства, але і з заалагічнага пункту гледжання ўся парода прадстаўлена багата. Я налічыў 6-7 відаў, пачынаючы са звычайнай вялікай шэрай вавёркі і канчаючы малюсенькай паласаценькай, вельмі міленькай істотай, якая называецца тут chip-munk (Tamias striatus). Яны чамусьці любяць уладкоўвацца каля самай дарогі ў земляныя норках. Праходзячы, спуджваеш іх цэлымі сотнямі. Узлезшы на пень або калоду, натапырыўшы вушы і падняўшы хвосцік, вартуюць яны, пакуль не падыдзеш бліжэй, а потым так хутка шмыгануць кудысьці, што прасачыць няма магчымасці.

У адным гэтыя лясы саступаюць нашым - тут няма ні грыбоў, ні ягад; і тыя і другія, кажуць, бываюць толькі ранняй вясной, калі ідуць частыя дажджы. Летам жа, у бездажджавы сезон, мы дарэмна шукалі таго і другога. Раз ці два за ўвесь час знаходжання як выключэнне ішоў прыстойны дождж, але і тады, акрамя жмені суніц, нам не ўдалося нічога знайсці.

Дамініканскі след у Галоўчыне

Гісторыя Магілёўшчыны

Галоўчын звычайна суадносяць з летапісным горадам Галацічаскам, які згадваецца ў Аповесці мінулых часоў пад 6579 (1071) годам: "Того же лета победи Ярополкъ Всеслава у Голотичьска". Таму сёлета самаму старажытнаму паселішчу на Бялыніччыне спаўняецца 950 год.

Галацічаск таксама названы ў складзеным у канцы ХIV ст. "Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх" у ліку так званых "літоўскіх гарадоў". Аднак гэты загадкавы горад не атрымлівае ў Спісе нават прыблізную арыенціроўку, і яго месцазнаходжанне невядома. Верагодна, традыцыя атаесамлення Галоўчына з Галацічаскам пачынаецца з другой палове XIX ст. Напрыклад, звесткі пра гэта знаходзяцца ў 3-м томе кнігі "Живописная Россия", выдадзеным у 1882 годзе, а потым і ў 2-м томе кнігі "Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах" (1884 г.), аўтарам якой быў магілёўскі губернатар А. С. Дамбавецкі.

Шматвяковая гісторыя Галоўчына багатая на самыя розныя падзеі, у тым ліку і ў рэлігійным жыцці. Але, на вялікі жаль, старажытныя культавыя пабудовы, што былі ў мястэчку, не захаваліся да нашага часу. Пра іх мы ведаем у асноўным з пісьмовых і картаграфічных крыніц, таму кожнае новае адкрыццё ўяўляе сапраўдную каштоўнасць.

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ Багуслаў Радзівіл, праязджаючы праз Галоўчын у сярэдзіне ХVII стагоддзя, налічыў у мястэчку пяць храмаў розных канфесій. Згодна з падрабязным апісаннем мясцовасці Галоўчынскай бітвы паміж шведскім і рускім войскамі, у пачатку XVIII стагоддзя ў паселішчы дзейнічалі тры царквы, адна з якіх - могілкавая. Калі ж па-глядзець на Генеральны план Магілёўскага павета ад 1783 года, то высвятляецца, што на тэрыторыі Галоўчына адзначаны чатыры храмы. Можна нават вызначыць іх прыблізнае месцазнаходжанне.

Акрамя таго, да нас дайшлі назвы храмаў. Гэта праваслаўныя Успенская, Спаская і Свята-Троіцкая цэрквы, каталіцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў. Была ў Галоўчыне і іўдзейская сінагога.

У розных крыніцах пра дату заснавання касцёла і кляштара сустракаюцца супярэчлівыя звесткі. Але наўрад ці касцёл маглі пабудаваць тут раней сярэдзіны ХVII стагоддзя. Справа ў тым, што князь Мацвей Мікіцініч, які прыехаў з Масковіі разам з князёўнай Аленай Іванаўнай і пачаў валодаць мястэчкам у пачатку ХVI стагоддзя, быў праваслаўны. Яго сын Яраслаў перайшоў у модны на той час сярод шляхецкага саслоўя ВКЛ кальвінізм. Таксама і Шчасны Галоўчынскі, які быў уладаром Галоўчына па 1610 год, з'яўляўся кальвініствам. Вядома, што ў Галоўчыне існаваў нават кальвінскі збор, адзін з чатырох на тэрыторыі сучаснай Магілёўшчыны. Таму вельмі сумніўна, што Шчасны мог выступаць фундатарам кляштара дамініканцаў. Тым больш, што ў мястэчку Бальверышкі (у сучаснай Літве), якім таксама валодалі князі Галоўчынскія, каталіцкі касцёл быў перададзены кальвіністам і пераабсталяваны ў збор.

У 1-й кнізе 5-га тома энцыклапедыі "Гарады і вёскі Беларусі" ў раздзеле, прысвечаным Бялыніцкаму раёну, можна знайсці звесткі пра тое, што ва ўладанні кляштара дамініканцаў знаходзіўся шэраг населеных пунктаў. Усе вёскі згадваюцца пад 1681 годам, які можна прыняць за верагодную дату заснавання Галоўчынскага дамініканскага кляштара, а магчыма і мураванага касцёла. Тым больш, што гэтым жа годам датуецца пачатак будаўніцтва касцёла ў Княжыцах, якія, нагадаем, таксама некалі з'яўляліся ўладаннем князёў Галоўчынскіх. Фундатарам яго выступіў гаспадар мястэчка, іх нашчадак па жаночай лініі, Канстанцін Уладзіслаў Пац.

На генеральнай капітуле, зборы вышэйшых чыноў ордэна дамініканцаў, якая адбылася ў Рыме ў 1686 годзе, у якасці фундатара Галоўчынскага дамініканскага кляштара і касцёла Найсвяцейшай Тройцы названы Андрэй Патоцкі. Хаця ў іншых гістарычных крыніцах у гэтай ролі выступаюць магнаты Слушкі. Так, да прыкладу, у "Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх" змешчаны кароткі запіс, што Слушкі перадалі будынак Галоўчынскага кальвінскага збору католікам і паспрыялі размяшчэнню тут манахаў-дамініканцаў.

Справа ў тым, што пасля смерці бяздзетнага Яна Шчаснавіча Галоўчынскага яго ўдава Алена Валовіч выйшла замуж за Крыштафа Патоцкага. У выніку шматхадовай камбінацыі склалася сітуацыя, калі спадчыннае права на Галоўчын перайшло да Патоцкіх, але мястэчка заставалася да пачатку ХVIIІ стагоддзя ў фактычным валоданні паноў Слушкаў.

У кнізе "Спіс дамініканскіх кляштараў рускай правінцыі", выдадзенай у 1923 годзе ў Кракаве ёсць цікавыя звесткі пра кляштар. Падзеі Паўночнай вайны не абмінулі яго. У 1702 годзе казакі закатавалі айца Казіміра Орду, які прыехаў у Галоўчын з Пінска, а шведы ў 1708 годзе разбурылі "сядзібу ордэна". У 1714 годзе сядзіба была адбудавана. Акрамя даходу ад навакольных вёсак, кляштар меў капітал у 1 000 злотых, "запісаны праз нейкага Кіркора на шклоўскім кагале".

Пры кляштары існавала пачатковая школа граматы, у якой навучаліся дзеці, што наймаліся для дапамогі касцёлу або пражывалі пры ім.

На жаль, дагэтуль застаецца невядомым, як выглядалі пералічаныя вышэй храмы Галоўчына, акрамя Свята-Троіцкай царквы. І вось, дзякуючы намаганням архітэктара з Пінска Аляксандра Невара, адной загадкай стала менш. Ён зрабіў графічную рэканструкцыю касцёла Найсвяцейшай Тройцы кляштара дамініканцаў, выкарыстоўваючы чарцяжы з фондаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва і публікацыі польскіх даследчыкаў культавай архітэктуры.

У 1832 годзе Галоўчынскі кляштар дамініканцаў быў ліквідаваны, прыход касцёла пераведзены ў Бялынічы, а яго будынак перададзены праваслаўным. У архіве ў Санкт-Пецярбургу захоўваецца праект перабудовы касцёла ў праваслаўную Прэабражэнскую царкву. Як відаць з рэканструкцыі, першапачаткова касцёл уяўляў сабой трохнефавую базіліку, галоўны фасад якой завершаны двух'ярусным франтонам - ніжнім фігурным шчытом і верхнім трохвугольным. Будынак не меў вежаў і купалоў, яго сцены падзяляліся пілястрамі - плоскімі вертыкальнымі выступамі. Фасад быў дэкаратыўна аздаблены чатырма вазамі з медзі ці каменю. Пасля перабудовы над храмам павінен быў з'явіцца масіўны купал, а з левага боку - званіца. Аднак дакладна невядома, ці быў гэты праект рэалізаваны.

Апошнія звесткі пра Прэабражэнскую царкву датуюцца пачаткам 1870-х гадоў. Далейшы лёс будынка пакуль застаецца невядомым.

Каталіцкі касцёл і дамініканскі кляштар месціліся ў цэнтры Галоўчына, захаваўся падмурак храма. Зараз побач з гэтым месцам з аднаго боку знаходзіцца магазін райспажыўтаварыства, з другога - дамы галоўчынцаў. Мінулай восенню, збіраючы ўраджай бульбы на сваім прысядзібным участку, адзін з іх жыхароў адкапаў нейкі невялічкі прадмет. Падняўшы і ачысціўшы яго ад зямлі, мужчына ўбачыў старадаўні нацельны медны крыжык. Яго памеры складаюць 7,5 см на 3,5 см. На крыжы адлюстраваны архангел Міхаіл у поўны рост, у даспехах, з мячом у правай руцэ і ножнамі ў левай. У верхнім пашырэнні дрэва ёсць надпіс у два радкі. Расчытаць яго складана, але напісаны ён кірылічнымі літарамі. Па баках гарызантальных перакладзін і знізу выгравіраваны выявы святых. Адваротны бок крыжа гладкі. Ён завяршаецца круглай адтулінай для вяровачкі або ланцужка.

Паводле Бібліі, Святы архангел Міхаіл узначальвае ангельскае войска ў барацьбе супраць Сатаны. Таксама ён стаіць на варце райскай брамы, трымаючы ў руках меч, якім паражае сілы зла. Архангел Міхаіл з'яўляецца абаронцам воінаў. Але і звычайныя людзі маліліся яму аб заступніцтве. Згодна з апакрыфічнымі крыніцамі, Ісус Хрыстос даручае праведныя душы архангелу Міхаілу для іх абароны.

Улічваючы час знаходжання на гэтым месцы праваслаўнага храма, уладальнік рэліквіі мог жыць у Галоўчыне паміж 1830 і 1880-м гадамі. Магчыма, знойдзены крыжык указвае на статус чалавека, які яго насіў. Гэта мог быць прадстаўнік духавенства або вайсковец. У любым выпадку, гэта цікавая знаходка з'яўляецца каштоўным матэрыяльным сведчаннем пра багатую канфесійную гісторыю старажытнага Галоўчына.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ, настаўнік гісторыі Галоўчынскай СШ, краязнавец.

На здымках: 1. Графічная рэканструкцыя Галоўчынскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. 2. Праект перабудовы касцёла ў Прэабражэнскую царкву. 3. Нацельны крыжык з выявай архангела Міхаіла з мячом.

ДЗЕЙНІЧАЕ КЛУБ "СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ"

Чарговыя заняткі праведзены ў Нясвіжскім аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту. Яны прысвечаны народнаму мастаку, заслужанаму дзеячу мастацтва Беларусі, лаўрэату шматлікіх дзяржаўных прэмій, вядомаму скульптару Льву Гумілеўскаму. Правяла іх Наталля Плакса, якая цягам 11 гадоў з'яўлялася аўтарам і вядоўцай краязнаўчых выпускаў "Хвілінкі нясвіжазнаўства" на раённым радыё, падрыхтавала да выдання краязнаўчую кнігу "Кунтуш Радзівіла, або сто эцюдаў новага нясвіжазнаўства". Цяпер у нашай установе яна выступае ў ролі валанцёра клуба "Старонкі гісторыі".

Тэма заняткаў выбрана зусім не выпадкова. Па-першае, нядаўна Леў Гумілеўскі адзначыў 90-гадовы юбілей! Па-другое, хоць нарадзіўся ён у Маскве, большую частку жыцця пражыў у Менску, але наш Нясвіж лічыць і заўсёды называе сваёй духоўнай радзімай. Па-трэцяе, па лёсе мастака можна вывучаць лёс Беларусі: падлеткам ён перажыў варожыя блакады партызанскай зоны ў пушчы Палік на Барысаўшчыне, вучыўся ў Міхала Сеўрука ў пасляваенным Нясвіжы, будаваў Волгадон, ствараў знакавыя помнікі дзеячам айчыннай гісторыі і культуры.

Сустрэчы і экскурсіі такога кшталту арганізоўваліся ў нас і ў папярэднія гады. Варта згадаць заняткі пра трагедыю ў Гайках і працоўную акцыю ля брацкай магілы, што непадалёк ад в. Еськавічы, знаёмства з творчасцю Яўгена Ждана і наведванне яго кватэры-галерэі, што ў Снове, успомніць, экскурсію для азнаямлення з гісторыяй касцёла ў Сейлавічах і царквы ў Кунасе… Аднак цяпер такія заняткі пастаўлены на планавую аснову. Распрацаваны іх тэмы і чарговасць правядзення да канца года. А мэта зразумелая: ведаць больш пра гісторыю свайго краю, яго знакамітых людзей, пра важныя падзеі з жыцця Нясвіжчыны, удасканальваць валоданне роднай мовай (валанцёры Станіслава Вальчык і Наталля Плакса праводзяць заняткі выключна па-беларуску).

Змест гэтых заняткаў быў насычаны і даволі ёмісты. Гаворка дапаўнялася дэманстрацыяй фотаздымкаў з сямейнага архіва сям'і Гумілеўскіх. Знаёмства з некаторымі творамі было даволі глыбокім. Як да прыкладу, помнік стваральнікам першай беларускай оперы. Замілаваў тандэм аднадумцаў - аўтара лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча і кампазітара С. Манюшкі. Захапляў па-майстэрску зафіксаваны і перададзены настрой моманту.

Павітаўшы ўдзельнікаў заняткаў, загадчыца аддзялення Аксана Пяткевіч сказала: -

- Вельмі важна, каб пачутае тут вы неслі ў сем'і, перадавалі дзецям і ўнукам, каб гэта было прадметам вашай гаворкі з сябрамі, суседзямі, знаёмымі. І такім чынам самі станавіліся валанцёрамі , пашыралі культуру і веды.

У сваю чаргу Наталля Плакса адзначыла, што праводзіць заняткі з людзьмі сталага ўзросту важна яшчэ і таму, што яны маюць важкі жыццёвы багаж, не з'яўляюцца пасіўнымі слухачамі. Падчас кожнай сустрэчы можна пачуць іх дапаўненні і падказкі, сведчанні са свайго жыцця, лёсу бацькоў, часам і больш далёкіх продкаў. А гэта, хай па маленькай дробачцы, узбагачае краязнаўчы свет гістарычнай Нясвіжчыны.

На занятках клуба, што будуць праведзены ў траўні, тэма творчасці Льва Гумілеўскага будзе прадоўжана. Нашым наведвальнікам мы прапануем аўтобусную экскурсію па горадзе "Нясвіж Льва Гумілеўскага".

Наталля Дзігмунтовіч, загадчык клуба "Старонкі гісторыі". Нясвіж.

Фота 1. Падчас заняткаў. Фота 2. Леў і Сяргей Гумілеўскія. Помнік стваральнікам першай беларускай оперы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку.

Помнікі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі праз аб'ектыў фотакамер

Не першы год вучні 8 "Б" класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў. Так, усім добра запомніўся удзел у квэсце "Падарожжа па вуліцы Віленскай", дзе школьнікі змаглі пазнаёміцца з самай старажытнай вуліцай роднага горада і даведацца аб аб'ектах, якія сёння з'яўляюцца візітнымі карткамі горада Ліды. Мінулы год вучні прайшлі пешаходнай экскурсіяй "Лідскімі дарогамі Валянціна Таўлая". Шмат цікавых фактаў з жыцця паэта пачулі яны і ўбачылі ўласна мясціны, дзе жыў, працаваў і, нават, сядзеў за кратамі ў часы Вялікай Айчынай вайны Валянцін Паўлавіч.

У гэтым годзе фармат удзелу быў зменены. Напярэдадні свята, а адзначаецца гэты дзень ва ўсім свеце 18 красавіка, вучні ў шосты школьны дзень арганізавалі фотавыставу "Помнікі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі". Трэба сказаць, што васьмікласнікі ўжо чацвёрты год з'яўляюцца членамі школьнага прэс-цэнтра "Вялікі перапынак", і менавіта на чарговым занятку яны правялі імпрэзу сваіх фотаздымкаў, зробленых падчас падарожжаў па розным куткам радзімы. Кожны з юных фотамастакоў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачаных выяў і з задавальненнем расказаў, дзе і калі яны зрабілі свае фотаздымкі. Такім чынам, вучні нават змаглі правесці невялікую інтэлектуальную гульню "Што? Дзе? Калі?"

А на здымках, сапраўды, можна было ўбачыць гістарычна-культурныя аб'екты розных куткоў Беларусі: Сафійскі сабор у Полацку, Мірскі і Нясвіжскія замкі, касцёл Святой Троіцы ў Гярвятах, Сынкавіцкую царкву, царкву ў Мураванцы, сабор Святога Архангела Міхаіла ў Лідзе, Каложскую царкву і шмат іншых цікавых аб'ектаў.

Абмен ураджаннямі выклікаў ў васьмікласнікаў жаданне працягнуць знаёмства з помнікі гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі і на летніх канікулах абавязкова здзейсніць сямейныя падарожжы, каб на ўласныя вочы пабачыць іншыя цікавыя будынкі і аб'екты Радзімы.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 "Б" класса сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX