Папярэдняя старонка: 2021

№ 18 (1533) 


Дадана: 06-05-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1533), 5 траўня 2021 г.

9 траўня - Дзень Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне

Абаронцам роднай зямлі

У кожны міг, у кожны час

Душою, сэрцам я між вас,

Браты мае, байцы-сябры,

Зямлі святой багатыры!

Вялік прастор, шырок прасцяг -

На coтні міль пралёг ваш шлях.

На тым шляху i ўдоўж, i ўшыр

Бурліць смяротны бой, як вір.

Тэўтон-бандыт, фашыст-удаў

Бандытаў полчышчы нагнаў.

Ды пад навалай чорнай цьмы

Галоў cвaix не хілім мы.

I ўсё, што ў нас святога есць -

Радзіма, воля, слава, чэсць, -

Мы пранясём праз гром, агонь,

Варожых сіл раскрышым бронь.

Другіх дарог нам больш няма,

Сыноў жа цьмы агорне цьма.

Байцы-сыны, сябры, браты!

Мы выпаўнім наш доўг святы

I над раскутаю зямлёй

Узыдзем яснаю зарой.

Няхай вам свецяць сонца, дзень,

А ворагаў агорне цень!

Якуб Колас.

Народны гісторык па прызванні

Да 100-годдзя беларускага гісторыка, публіцыста, пісьменніка і паэта Міколы Іванавіча Ермаловіча ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прапануецца чытачам кніжная выстава, якая змяшчае публікацыі ў часопісах, брашурах і зборніках, прысвечаныя вядомаму гісторыку, прыхільніку новай беларускай рамантычнай плыні гісторыяграфіі. На выставе прадстаўлены кнігі Міколы Ермаловіча "Старажытная Беларусь", "Па слядах аднаго міфа".

"Яшчэ ў далёкія 1970-тыя гады гэты чалавек не баяўся гаварыць праўду пра нашу гісторыю, хоць яна пярэчыла і афіцыйнай навуцы, і тагачаснай камуністычнай ідэалогіі. А героем навукі ён ёсць толькі таму, што маючы нулявы зрок (акуляры - 12-16 + павелічальнае шкло) мог чытаць на адлегласці ад вока прыблізна 3-5 см. З такім зрокам ён змог напісаць сапраўдную гісторыю Беларусі", - адзначаў Дзмітрый Давідоўскі на старонках часопіса "Маладосць" у 2016 годзе.

Мікола Ермаловіч (1921-2000) нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Менскага павета (цяпер Дзяржынскі раён) у вялікай працавітай сялянскай сям'і. У яго былі браты Валянцін і Леанід ды сястра Марыя. Яшчэ перад акупацыяй Беларусі нямецкімі войскамі Мікола Ермаловіч здаў экстэрнам іспыты за сярэднюю школу, паступіў на падрыхтоўчыя курсы. Пасля заканчэння курсаў навучэнцаў запрасілі працаваць у толькі што далучаныя раёны Заходняй Беларусі. Ён апынуўся ў Шаркаўшчыне, на пасадзе загадчыка педкабінета райана. Потым на беларускім аддзяленні педагагічнага інстытута ў Менску ён правучыўся тры гады.

З 1941 па 1943 год Мікола Ермаловіч працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР. З пачаткам вызвалення беларускіх земляў ад захопнікаў ён быў накіраваны ў былы Суражскі раён Віцебскай вобласці загадчыкам аддзела адукацыі. У 1946 годзе Мікола Ермаловіч аднавіўся ў педынстытуце, паспяхова скончыў яго ў 1947 годзе і атрымаў накіраванне ў аспірантуру з перспектывай займацца навуковымі даследаваннямі. Але праз год аспірантуру прыйшлося пакінуць па ідэйных матывах. Прычынай стаў духоўны і ідэйны дыскамфорт, канфрантацыя з уладамі ад навукі. З 1955 па 1957 г. М. Ермаловіч быў старшым выкладчыкам Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. З-за слабога зроку ў 1957 годзе М. Ермаловіч выйшаў на пенсію. З гэтага часу пачынаецца яго самаадданая праца па асэнсаванні і напісанні гісторыі Беларусі Сярэднявечнага перыяду ад IX да XVI стагоддзя. Ён актыўна займаўся літаратуразнаўствам, даследаваў і прапагандаваў шматлікія постаці, падзеі і з'явы з гісторыі беларускай літаратуры.

Першая гістарычная кніга Міколы Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" была напісана яшчэ ў сярэдзіне 1960-тых гадоў. У той час яе адмовіліся друкаваць у выдавецтве "Полымя". І толькі праз 20 гадоў, у 1989 годзе, яна пабачыла свет. Увесь гэты час названая кніга распаўсюджвалася сярод беларускай інтэлігенцыі і студэнцтва ў фота- і машынапісных копіях, прывіваючы любоў да Бацькаўшчыны, вызваляючы людзей ад фальшывай інтэрпрэтацыі мунуўшчыны.

У адрозненне ад спецыялістаў-гісторыкаў з дыпломамі кандыдатаў і дактароў навук, якія працавалі ва ўніверсітэцкіх цэнтрах Савецкай Беларусі, Мікола Ермаловіч разглядаў мінулае беларускага народа з нацыянальных пазіцый, як прынята ва ўсіх цывілізаваных краінах і грамадствах. Яго асноўны метадалагічны прынцып заключаўся ў прызнанні факта, што беларускі народ ёсць суб'ект гістарычнага працэсу, а не аб'ект альбо складовая частка ідэалагічнай канструкцыі. Мікола Ермаловіч займаўся праблемамі генезісу і развіцця Вялікага Княства Літоўскага. Ён глядзеў на мінулае беларускага народа вачыма жыхароў Полацка, Турава, Наваградка і іншых беларускіх гарадоў і рэгіёнаў.

"Ён спрабаваў зразумець працэсы і падзеі розумам і сэрцам палачанаў, менчукоў, гарадзенцаў, віцьбічаў і іншых насельнікаў беларускіх земляў у раннім Сярэднявеччы. Для нас назаўжды застануцца яго кнігі, артыкулы, ідэі і гіпотэзы, вера. Вера ў тое, што беларускі народ - вялікі народ з багатай гісторыяй", - адзначаў Генадзь Семянчук.

Вольга Іпатава на старонках часопіса "Полымя" ў 2001 годзе прыгадвала, як у маладыя гады, калі яна працавала над дыпломам, то сустракала ў Ленінцы прыгорбленага чалавека, які схіляўся над стосам кніжак. Мікола Ермаловіч рабіў маладой паэтцы заўвагі па яе вершах на гістарычную тэматыку.

Пра Міколу Ермаловіча напісаў у сваёй брашуры з цыклу "100 выдатных дзеячаў" Анатоль Астапенка:

"Ён зрабіўся маім настаўнікам, а я навекі ўдзячны яму за тое, што ён вярнуў мне гісторыю беларусаў, вярнуў мне веру ў беларускі народ. Я стаў ведаць, што мы, беларусы, не нейкі там пакорлівы, маўклівы народзец без мінулага і будучыні, а цалкам самастойная магутная еўрапейскай нацыя з вялікай гісторыяй, выдатнымі героямі, цудоўнымі пісьменнікамі, мастакамі і навукоўцамі".

"Пад канец жыцця Мікола Ермаловіч ужо не мог чытаць, нават з моцнай лупай. Апошнюю кнігу ён і не бачыў, і не патрымаў у руках. Яна выйшла пасля яго смерці. "Беларуская дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае" - назваў яе аўтар", - напісаў Уладзімір Крукоўскі ў часопісе "Роднае слова" ў 2001 годзе. На выставе ў зале беларускай літаратуры НББ дэманструюцца таксама лісты Ларысы Геніюш да Міколы Ермаловіча, надрукаваныя ў часопісе "АРХЭ" № 3, 2003. Захавалася 19 лістоў паэткі.

Мікола Іванавіч - не кандыдат,

Не доктар, не акадэмік па званні,

Калі ж быць дакладным, калі ў акурат -

Народны гісторык ён па прызванні.

Ён хоча сказаць, што яднаюць людзей

Праўда і справядлівасць,

Калі ж іх не знойдзем у ходзе падзей,

Страцім да роднага краю пачцівасць…

… У век панавання антыідэй,

Суцэльнай хлусні і падману

Ці многа, Радзіма, у цябе дзяцей,

Што служаць табе аддана?!

(Яўген Гучок, 1985 г.)

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

Публічнае абмеркаванне праектаў нарматыўных актаў як сродак абароны беларускай мовы

У адным з мінулых нумароў "Нашага слова" была апублікавна справаздача пра дзейнасць Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" ў 2020 годзе (публікацыя такіх справаздач цяпер ёсць абавязковая згодна з новым заканадаўствам аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму).

Сярод іншага, у пераліку мерапрыемстваў, якія былі праведзены аб'яднаннем цягам году, быў узгаданы і ўдзел ГА БНФ "Адраджэньне" ў абмеркаванні праекта пастановы Савета Міністраў "Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь". Досвед удзелу ў абмеркаванні гэтага праекта прававога акта варты таго, каб азнаёміць з ім чытачоў "Нашага слова" больш дэтальна. Па-першае, вынікам абмеркавання стала замацаванне афіцыйных адзінак велічынь на беларускай мове і з выкарыстаннем літараў беларускага алфавіту. Па-другае, сама форма ўдзелу ў абмеркванні праектаў нарматыўна-прававых актаў робіцца цяпер усё больш папулярным сродкам удзелу грамадскасці ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў.

Публічнае грамадскае абмеркаванне праектаў прававых актаў

Артыкул 7 закона "Аб нарматыўных прававых актах" ад 17 ліпеня 2018 года (набыў моц 1 лютага 2019 года) прадугледжвае, што на публічнае абмеркаванне могуць быць вынесены: праекты заканадаўчых актаў і пастановаў ураду, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў альбо якія ўводзяць новыя падыходы да прававога рэгулявання пэўнай сферы грамадскіх адносінаў.

У развіццё гэтай нормы закона пастановай урада ад 28 студзеня 2019 года № 56 было зацверджана Палажэнне аб публічным абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў, якім былі ўстаноўлены дзве формы гэткага абмеркавання праектаў:

- Грамадскае публічнае абмеркаванне - абмеркаванне праектаў з удзелам шырокай грамадскасці ў выглядзе неакрэсленага кола асобаў.

- Прафесійнае публічнае абмеркаванне - абмеркаванне праектаў з удзелам пэўнага кола асобаў, якія ажыццяўляюць прафесійную, адукацыйную, навуковую або грамадскую дзейнасць у сферы рэгулявання грамадскіх адносін, якую закранае праект нарматыўнага прававога акта.

Безумоўна, другая форма (прафесійнае абмеркаванне) з'яўляецца больш паглыбленай, паколькі прадугледжвае наўпроставы кантакт паміж зацікаўленай грамадскасцю з распрацоўшчыкамі праекта нарматыўнага акта. Напрыклад, тое ж грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэньне" ў 2019 годзе было запрошана на абмеркаванне праекта закона "Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму" і выказала па ім крытычныя заўвагі з заклікам не прымаць яго.

Але на практыцы арганізацыі грамадзянскай супольнасці і незалежныя эксперты далёка не заўсёды запрашаюцца да прафесійнага абмеркавання, не заўсёды запрашаюцца ў рабочыя групы па законапраектах. Калі ж іх запрашаюць, то гэта амаль заўсёды толькі некалькі арганізацый, запрошаныя індывідуальна рашэннем ураду, а зусім не шырокае кола зацікаўленых арганізацый. Вельмі рэдка агучваецца запрашэнне да ўдзелу ў рабочых групах або кансультацыйных сустрэчах па законапраектах, адрасаванае неабмежаванаму колу якіх-кольвек зацікаўленых арганізацый.

А вось форма грамадскага публічнага абмеркавання з'яўляецца даступнай для неабмежаванага кола грамадзян і арганізацый. Вельмі простай і зручнай для выкарыстання з'яўляецца форма ўдзелу ў такім грамадскім абмеркаванне праз падачу пісьмовых каментароў і прапановаў, у тым ліку на спецыяльным дзяржаўным вэб-сайце "Прававы форум Беларусі" (https://forumpravo.by/). Істотна, што пададзеныя на гэтым сайце каментары разглядаюцца, як афіцыйныя - па іх ладзіцца абагульненне і асобны разгляд пры абмеркаванні праекта закона ці праекта іншага нарматыўнага акта.

Нездарма за апошнія гады папулярнасць менавіта гэткай формы грамадскага абмеркавання істотна павялічылася, прычым як па колькасці вынесеных на абмеркаванне праектаў, так і па актыўнасці каментатараў і зацікаўленых асобаў:

Безумозўна, далёка не ўсе з выкладзеных на абмеркаванне праектаў прававых актаў выклікаюць вялікую хвалю абмеркавання. Здараецца так, што да некаторых праектаў зусім не з'яўляецца заўвагаў. Часам праекты выклікаюць сотні заўвагаў, але яны незмястоўныя, агульныя і выкліканы хутчэй самой тэмай для прававога рэгулявання, а не практычным зместам прапанаванага тэксту законапраекта (так было, напрыклд, з праектамі прававых актаў, датычна правілаў утрымання свойскіх жывёлаў).

Але пры гэтым на ўзроўні такога невялікага сегмента законатворчай дзейнасці (невялікага - таму, што далёка не ўсе праекты ўказаў, законаў, пастановаў выносяцца на грамадскае абмеркаванне) заўважная старая хіба беларускага права: законы прымаюцца толькі на адной з дзвюх дзяржаўных моваў, і гэтая мова ў абсалютнай большасці выпадкаў - руская. Праекты прававых актаў на беларускай мове складаюць мізэрную частку ў агульнай плыні.

Сітуацыя з гэтай дыспрапорцыяй у законатворчасці патрабуе вырашэння, і грамадскі ціск па гэтым пытанні на этапе публічнага абмеркавання праектаў прававых актаў - справа важная. Але досвед некаторых абмеркаванняў сведчыць, што ў працэсе можна прадухіліць прыняцце дыскрымінацыйных нормаў і шкодных для беларускай мовы актаў.

Досвед абмеркавання праекта пастановы ўраду пра адзінкі велічынь

Праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь" быў вынесены на публічнае грамадскае абмеркаванне ў верасні 2020 года з ініцыятывы Дзяржкамстандарта.

Абмеркаванне цягнулася 10 дзён, і ў яго межах паступіла толькі некалькі заўваг да тэксту праекта. Гэта прыклад таго, як праект, які закранае будзённае жыццё тысяч людзей і арганізацый, не выклікаў вялікай грамадскай увагі з той прычыны, што вонкава належыць да вузкапрафесійнай сферы.

Між тым, праект устанаўліваў, што адзінай мовай для адзінак вымярэння ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца руская мова, вызначаў і фактычна навязваў выкарыстанне выключна рускай мовы на інструментах, у тэхнічнай і праектнай дакументацыі і г.д. Натуральна, такое грубае парушэнне патрабаванняў Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" выклікала абурэнне Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне". Была падрыхтавана адпаведная заўвага, якую мы тут прыводзім з нязначнымі скаротамі:

- У прапанаваным праекце палажэння неаднаразова выкарыстоўваецца тэрмін "русское обозначение единиц величин" (пункты 11, 13), а таксама ўжываецца пазначэнне "с использованием букв русского алфавита" (пункт 13).

- У дадатках да палажэння (ад першага да восьмага) прапануецца замацаваць міжнароднае і рускае пазначэнне адзінак велічыні, а беларускае значэнне не пазначаецца.

Азначаныя палажэнні прапанаванага паректа супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь аб мовах, ігнаруюць дзяржаўны статус беларускай мовы, ствараюць нязручнасці для выкарыстання адзінак велічыні пры выкарыстанні беларускай мовы ў норматворчым працэсе, у справаводстве і дакументацыі, асабліва тэхнічнай і праектнай, а таксама ствараюць умовы для дыскрымінацыі грамадзян па моўнай прыкмеце ў стасунках з дзяржаўнымі органамі і ў адукацыі.

Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Артыкул 22 Канстытуцыі ўстанаўлівае, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Згодна з артыкулам 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Згодна з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя. Згодна з артыклуам 2 таго ж закона, Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ствараюць грамадзянам неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі. Артыкул 9 таго ж закона замацоўвае, што тэхнічная і праектная дакументацыя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння - на іншай мове.

Разам з тым, артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" прадугледжвае, што акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Гэтая норма закона дазваляе прымаць пастановы Савета Міністраў на двух дзяржаўных мовах адначасова.

З улікам выклазеных аргументаў, было прапанавана:

1. Прыняць пастанову Савета Міністраў, якая вынесена на абмеркаванне на рускай і беларускай мовах, падрыхтаваўшы дзве моўныя версіі, ідэнтычныя па змесце.

2. У рускамоўным тэксце пастановы замест тэрміна "русское обозначение единиц величин" выкарыстоўваць тэрмін "русское или белорусское обозначение единиц величин", а замест выразу "с использованием букв русского алфавита" ужыць выраз "с использованием букв русского или белорусского алфавита".

3. У рускамоўным тэксце пастановы ў табліцах, прадстаўленых у дадатках 1-8, уключыць дадатковы слупок "Белорусское обозначение единицы величины" (альбо "Белорусское обозначение приставки" адпаведна).

Вынік разгляду гэтых прапановаў ва ўрадзе быў палавіністым. З аднаго боку, Дзяржкамстандарт катэгарычна адмовіўся ад прапановы прыняць пастанову ў дзвюх моўных версіях: маўляў, не прадугледжана заканадаўствам (што, канешне ж, не адпавядае рэчаіснасці). Як выглядае, прыняцце актаў на дзвюх мовах - сістэмная праблема, якая патрабуе прынцыповага вырашэння.

Што да прапановы змяніць у праекце пастановы дыскрымінацыйныя нормы пра выкарыстанне афіцыйных адзінак велічынь толькі на рускай мове - то па ёй быў дадзены такі адказ:

"Прапанова аб дапаўненні праекта пастановы нормамі, якія ўстанаўліваюць магчымасць указання ў дакументах, на тэхнічных сродках, прыладах і сродках вымярэнняў найменняў і пазначэнняў адзінак велічынь на беларускай мове, і дапаўнення дадаткаў да Палажэння, што зацвярджаецца праектам пастановы, беларускімі пазначэннямі адзінак велічынь і прыставак - дадзеная прапанова падтрымана, праект пастановы дапоўнены адпаведнымі нормамі".

Пастанова Савета міністраў "Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь" ад 24 лістапада 2020 года № 673 сапраўды была прынята ў адкарэктаваным выглядзе - на рускай мове, але ўжо без дыскрымінацыйных палажэнняў (апублікавана ў зборніку прававых актаў "Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь", 2020 г., № 46).

Здавалася б, гэта перамога нязначная. Але з іншага боку - гэта перамога здаровага сэнсу, і карэкціроўка гэтага праекта дазволіла прадухіліць абсурдную сітуацыю, калі б у Беларусі было забаронена выкарыстоўваць у праектай і іншай афіцыйнай дакументацыі, на інструментах і прыладах беларускую мову для вызначэння адзінак вымярэнняў і велічынь.

Падобнага кшталту маніторынг і рэагаванне на выпадкі ігнаравання беларускай мовы пры распрацоўцы праектаў нарматыўных актаў робіцца Грамадскім аб'яднаннем БНФ "Адраджэньне" на сталай аснове. Напрыклад, падобнага кшталту фармулёўка, ужытая ў бягучай версіі праекта закона "Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання" датычна вядзення Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Артыкул 9 праекта закона кажа, што дзяржрэгістр вядзецца "на адной з дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь", а тлумачальная нататка да законапраекта пераконвае, што такой мовай можа быць толькі руская (цытуецца на мове арыгінала): "Проектом Закона решается вопрос выбора одного из государственных языков Республики Беларусь, на котором ведется ЕГР. Устанавливается, что его выбор определяется программно-техническими условиями и языком принятия нормативных правовых актов, используемых при ведении ЕГР. В настоящее время ЕГР ведется на русском языке, выписки из ЕГР также предоставляются на русском языке. Это обусловлено тем, что при ведении ЕГР используются общегосу-дарственные классификаторы, являющиеся нормативными правовыми актами, принимаемыми на русском языке."

Па гэтым пытанні ў межах абмеркавання праекта закона таксама была накіравана крытычная заўвага, з патрабаваннем не дапусціць ужывання ў законе дыскрымінацыйнай фармулёўкі датычна мовы вядзення дзяржрэгістра юрыдычных асобаў (а значыць - і мовы афіцыйных найменняў усіх арганізацый краіны). Гэты закон пакуль не прыняты, а ў дачыненні да прапановы весці дзяржрэгістр на дзвюх мовах дадзены прамежкавы адказ, што будзе праведзена дадатковая прапрацоўка гэтага пытання.

У кожным разе, удзел у грамадскім абмеркаванні праектаў прававых актаў, у тым ліку праз накіраванне заўвагаў і каментароў праз сайт "Прававы форум Беларусі", уяўляецца песрпектыўнай формай данясення да заканадаўцаў пазіцыі па пытаннях, датычных забесяпчэння дзяржаўнага статусу беларускай мовы і прадухілення дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.

Застаецца толькі заклікаць усіх зацікаўленых суб'ектаў, як грамадзян, так і арганізацыі, найчасцей зазіраць на сайт "Прававы форум Беларусі" (https://forumpravo.by/) і пакідаць там свае заўвагі - гэта кароткі шлях, каб дагрукацца да распрацоўшчыкаў законапраектаў на адносна ранняй стадыі.

Юрый Чавусаў, сябар Сойму ГА БНФ "Адраджэньне".

Актуалізацыя спадчыны З. Бядулі і жывы кантакт з сынам класіка

У Менску ў межах віртуальнага праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 29 красавіка адбыўся круглы стол "Беларускі салавей", прысвечаны Змітраку Бядулі (1886-1941), прымеркаваны да 135-годдзя класіка. У ім прынялі ўдзел даследчыкі спадчыны З. Бядулі, а таксама ганаровы госць - сын паэта і пісьменніка Яфім Самуілавіч.

Падчас правядзення круглага стала выступіла прафесар Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук прафесар Зоя Пятроўна Мельнікава. Змітрок Бядуля ўвайшоў у яе прафесійнае жыццё, у яе выкладчыцкую дзейнасць, яе кандыдацкая дысертацыя была прысвечана прозе Зм. Бядулі, таму яна адчувае абавязак несці новае слова пра яго ў грамадства.

- Мы яшчэ мала ведаем Бядулю, як публіцыста, тэарэтыка, філосафа, мысляра, не ўся яго спадчына надрукавана. Яго выданні папоўніла кніга з серыі "Беларускі кнігазбор", у якую былі ўключаны новыя творы.

Змітрок Бядуля належаў да пляяды нашаніўцаў, якія клалі свае сілы, аддавалі сваю душу, і шчыравалі, каб Беларусь была беларускай, - падкрэсліла Зоя Пятроўна Мельнікава. - Важна, каб нічога не заставалася забытым.

Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч былі блізкімі ў сваіх літаратурных і эстэтычных пошуках, толькі Бядуля быў больш узнёслы і паэтычны. Яго эсэ, нарысы, - усё вельмі кранае!

Яго філасофская глыбіня і мудрасць мае вытокі ў родзе Плаўнікаў. Чулай душой успрынятая з дзяцінства кніжнасць, Талмуд, пачуты ад дзеда, сфарміравалі душу будучага пісьменніка. Дзівосная мова, сістэма вобразаў даюць выдатную падставу для даследавання. Тэма беларускіх габрэяў - важная ў нашым сацыякультурным асяроддзі. Творы яго вельмі хораша прачытваюцца сёння ў нашых умовах. Я знайшла актуаліі ў рамане "Язэп Крушынскі", у яго аповесцях. Варта звярнуцца да публіцыстычнага артыкула "Сіла і праўда" (1914), які прачытваецца вельмі актуальна. "Сіла - гэта магутная істота, якая прыціскае сабой усё і хоча заглушыць праўду. Але так не павінна быць! Праўда ўсё роўна павінна адбыцца", - пераконвае нас публіцыст Змітрок Бядуля.

- Габрэйская культура - страчаная Атлантыда для нас, - адзначалі ўдзельнікі круглага стала. - Сапраўднае імя пісьменніка было габрэйскім - Шмуэль. Змітрок Бядуля вучыўся ў хэдары, у ешыбоце, мог стаць равінам, але ён не пайшоў гэтым шляхам, адышоў ад рэлігіі, але працягваў кантакт з габрэйскім асяроддзем. Змітрок Бядуля звязваў габрэйскую культуру з беларускай. Ён яднаў розныя светы ў адной прасторы.

Вялікі інфармацыйны прадукт быў створаны ў межах праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця" дзеля ўшанавання З. Бядулі ў сучаснасці. Пра яго паведаміла Святлана Вербаль, вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі, якая ўдзельнічала ў праекце. Сёння спадчына класіка вяртаецца да чытачоў і глыбей даследуецца. На сайце біблітэкі www.nlb.by даступна тэкставая інфармацыя, фотаздымкі і выявы твораў класіка, інфармацыя пра пастаноўкі твораў на сцэне. У студзені гэтага года адбываўся навукова-практычны семінар "Шляхамі маладнякоўцаў", прысвечаны З. Бядулю і М. Зарэцкаму. У Беларускай хатцы ёсць экспазіцыя пра Змітрака Бядулю. У сярэдняй школе аграгарадка "Крайск" знаходзіцца музей З. Бядулі.

У круглым стале ўзяў таксама ўдзел літаратуразнавец, паэт, архівіст Віктар Жыбуль, супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва. Ён знайшоў звесткі пра адгалінаванне роду Плаўнікаў.

На сустрэчы выступіў сын пісьменніка Яфім Самуілавіч Плаўнік. Ён падзяліўся ўспамінамі дзяцінства, распавёў, як пісьменнік граў на скрыпцы, спяваў, маляваў. Паэты, пісьменнікі і артысты выступалі ў доме Змітрака Бядулі і яго жонкі. Змітрок Бядуля ведаў латынь, нямецкую мову, іўрыт.

- Мінулы год прайшлоў пад знакам перапахавання майго бацькі, - падзяліўся Яфім Плаўнік. - Гэта было вельмі складанай справай. Некалькі разоў паступалі такія прапановы. І нарэшце гэта здзейснілася. Парэшткі былі перанесены ў Менск 3 лістапада 2020 года. Перапахаванню спрыяў прадстаўнік Фонда Марыі-Магдалены Радзівіл Аляксандр Сапега. Настаяцель царквы з Бабруйска а. Віктар сказаў, што Змітрок Бядуля быў чалавекам Божым.

Э. Дзвінская. На здымку: Яфім Самуілавіч Плаўнік.

Ён усё прадбачыў наперад…

1 траўня спаўнілася 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алега Лойкі (1931-2008). Пры жыцці Алег Лойка напісаў і выдаў 101 кнігу. Гэта зборнікі паэзіі, крытыкі, літаратуразнаўчых артыкулаў, перакладаў, падручнікі для студэнтаў-філолагаў і г.д. Сярод выданняў свет пабачылі яго кнігі пра Янку Купалу і Францыска Скарыну, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа… Апошнія гады жыцця мой зямляк правёў у родным Слоніме. Гэты горад ён называў сваім першым светам, прасторам і любоўю. Ён так і пісаў: "Ды я не ведаю, рос я ў горадзе ці ў вёсцы, бо з кожнай вуліцы і вулічкі гэтага, лёгшага абапал Шчары гарадка, відаць на ўзгоркавым небасхіле сінія лясы, відаць разлогія палі: вясною - у руні, летам - у спелых нівах, восенню - у срабрыстым павуцінні…". Алег Лойка любіў родны Слонім, любіў людзей, якія жывуць і жылі ў ім, ці, як ён называў, у "гэтай Шчаравай даліне". Ён заўсёды ўсёй душой быў з родным горадам. Любы Слонім ён шчыра насіў у сэрцы. А Першамай (нарадзіўся 1 траўня) у Слоніме для Алега Антонавіча быў найвялікшым днём, які збіраў усіх яго сяброў і сваякоў за адным сталом. Збіраў у бацькоўскай хаце на Зялёнай вуліцы, ці ў цешчынай хаце на Віленскай вуліцы. Пасля Менска ён вярнуўся ў Слонім назаўсёды. Жыў у цешчынай хаце, спачатку з жонкай Лілеяй, а потым, калі яе не стала, жыў адзін. У апошнія гады жыцця знакамітага слонімца, мне некалькі разоў прыйшлося з ім разам сустракаць Першамай - гэта значыць святкаваць дзень яго нараджэння. Сябра-зямляк Алега Антонавіча - энцыклапедыст і літаратуразнавец са слонімскай вёскі Вялікая Кракотка Янка Саламевіч (1938-2012) таксама часта гасціў у яго слонімскай хаце на Віленскай вуліцы. А на дзень нараджэння свайго сябра, спадар Янка спяваў народныя песні. А яму дапамагаў Алег Антонавіч. Як яны разам землякі-слонімцы спявалі народныя песні!.. О, гэта трэба было бачыць і чуць! А колькі яны іх ведалі - дзясяткі, сотні… А ці мы сёння зможам за сталом праспяваць хоць адну беларускую народную песню?.. А?.. Праспяваць ад пачатку да канца… А яны спявалі бясконца - адна за адной, якія толькі прыходзілі на памяць. Я і сёння іх бачу разам, чую іх, слухаю іх, яны - перада мной, як жывыя, мае славутыя землякі… Прайшло трынаццаць Першамаяў без Алега Лойкі. Цяпер я разумею, чаму ён свае апошнія кнігі так і назваў: "Плач зямлі", "Дрэва жыцця", "Галгофа", "Неўміручасць", "Ушанаванне". Алег Антонавіч быў не толькі таленавітым, але і мудрым, мужным чалавекам. Ён усё прадбачыў наперад, адчуваў час, і са шчырым спачуваннем хацеў нам пры жыцці дапамагчы:

Не дабягу - дайду,

Не дайду - дапаўзу

У кожную бяду,

У кожную слязу…

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных

Да 160-годдзя з дня народзінаў і 90-годдзя з дня смерці (1.01.1861 - 29.04.1931)

Алесь Крой

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

12. Менск. 15 снежня 1917 г. на з'ездзе адбылося пасяджэнне культурна-асветнай секцыі з'езда. Старшыня секцыі, інспектар народных вучылішч Менска (В.Л. Далінка), сакратар педагог Ганчарэнкаў (Гончаренков Т.С.). На павестцы дня - даклад Я. Карскага аб адкрыцці першага беларускага ўніверсітэта. Акадэмік Карскі вельмі аргументавана і рознабакова разгледзеў геаграфію магчымых месцаў адкрыцця ўніверсітэта - Вільні, Менска, параўнаў з праблемнымі ў культурных адносінах гарадамі для ўніверсітэта з Растовам-на Доне, з Нежынам. Пасля важкіх аргументаў Я. Карскага за Менск, камісія падтрымала прапанову. Для першага беларускага ўніверсітэта быў абраны Менск - буйны і цэнтральны горад краіны. 15 снежня 1917 г. культурна-асветнай камісіяй адразу абмеркавалі практычныя пытанні па адкрыцці І курса 4 факультэтаў з 1918 года. Вырашана запрасіць мясцовае самакіраванне горада на паседжанні новастворанай камісіі па абмеркаванні фінансавання і перадачы ўніверсітэту зямлі для забудоў і памяшканняў пад бібліятэку, чытальную залу, для прафесараў, для іншых патрэбаў… (У скароце з "Біяграфіі…"пра Карскага - А.К.)

13. Менск. Праз дзень Я. Карскаму споўніцца 57 гадоў… У "Біяграфіі…" Аляксандр Карскі не ўзгадвае пра ўдзел Я. Карскага ў фінале І Усебеларускага з'езда 17 і 18 снежня…але ёсць успаміны настаўніка і паэта, пачынальніка "ваяцкай паэзіі" ў беларускай літаратуры, удзельніка з'езда Макара Краўцова (ён пісаў у траўні 1918 і ў 1938), апублікаваныя (сакавік 1920. "Беларускае жыццё", люты 1938. "Шлях моладзі" і надрукаваныя ў "Спадчыне" №1 -1996 г. і "Павеце" 16.09.2011 г. ) дзе мы чытаем, што Яўхім Карскі ўсё ж прысутнічаў у начы з 17 на 18 снежня (з 30 на 31 снежня па н.с.) у час разгону бальшавікамі Усебеларускага з'езда:

"Каля прэзідыума выраслі дзве шэрыя фігуры: успамінаны ўжо тут наркам унутраных справаў Рэзаўскі і п'яны, у шапцы з вялізарным бліскучым брылём, нязвычайна хамаваты выглядам, начальнік менскага бальшавіцкага гарнізона Крывашэін.

- Хто вы? Ваш мандат, таварыш?-энергічна пытаецца старшыня з'езда д-р Серада.

- Я начальнік гарнізона! - выкрыкнуў сярод агульнага гоману Крывашэін…- Прашу слова! паўтарае ён…

- Старшыня звоніць. На зале крыху цішэй.

- Я под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели… пляце нейкую бязглуздзіцу Крывашэін.

Магутны гул пратэсту заглушае яго… Віца-старшыня Вазіла закрывае з'езд… Серада звініць, пазбаўляе Крывашэіна слова і ўзнаўляе паседжаньне, на якім усе трымаюцца стоячы, не вылучаючы самога старшыні. Сядзіць толькі сакратар Калядка і ўвесь час піша. З маестатычнай павагаю ўзносіцца сярод прэзідыуму фігура прафесара Карскага "…

Пасля загаду камісараў Заходняй вобласці і фронту Прэзідыум І Усебеларускага з'езда быў арыштаваны, Я. Карскі, арышту пазбег (згодна ўспамінаў удзельнікаў з'езда) і з'ехаў у Петраград, бо пакінуў там працу на кароткі час, але з-за голаду, крыміналу і разрухі праз нейкі час вярнуўся зноў у Беларусь. Праўнук акадэміка дапускае, што ў час працы І Усебеларускага з'езда Я. Карскі мог бачыць ці нават прыпыняўся ў брата Аляксандра Фёдаравіча Навіцкага (ён жыў у Менску ў 1916-1917 гг.). У Менску ў гэты ж час жыў і брат жонкі Сафіі Аляксандр Сцепужынскі. Акадэмік Карскі, па звестках праўнука А. Карскага, прабыў у Менску 5 дзён.

Даследчык Васіль Дранько-Майсюк пісаў пра Макара Краўцова і Яўхіма Карскага ў "Свабодзе", што Макар Краўцоў у час разгону І Усебеларускага з'езда бальшавікамі фактычна стаў ахоўнікам акадэміка Карскага.

...М. Краўцоў у газеце "Родны край" № 5,1936 г. пісаў: "…Карскі не пакідае (…) зьезду аж да самага разгону яго п'янымі салдатамі бальшавіцкага начальніка менскага гарнізона Крывашэіна. (…) Вось апранае ляжачую на крэсле шубу і праціскаецца да дзвярэй моцная фігура нашага ганаровага старшыні Карскага. Прабіраюся да яго, станаўлюся побач; яго пышная шуба і гэткі зусім "буржуйскі" выгляд трывожыць душу. Бо пяць мінут назад адзін чырвонармеец ледзь не прабіў штыком генерала А-га. (Відаць Аляксея Алексяеўскага, які цалаваў нацыянальны сцяг - А.К.) Засланяць Карскага ад знявагі п'янае салдатні, ці нават ад горшай бяды, узяўся я - неазброены нават і гэткімі мускуламі, як у таварышаў-матросаў. "Прапусціць прафесара Карскага!" - камандую салдатам, калі мы ўжо блізка праціснуліся да дзвярэй. Налятае сам Крывашэін. Карскі сваёю вечнаю дабрадушнаю усмешкаю і каменным спакойствам якбы зачароўвае камісара. "Проходите, проходите, пожалуйста", - сіпліва кажа Крывашэін".

Язэп Янушкевіч і Кастусь Цвірка пішуць: "Толькі вытрымка, прыроджаная інтэлігентнасць, дабразычлівасць і "каменны спакой" велічнай постаці акадэміка здолелі "зачараваць камісара Крывашэіна", які з дапамогай салдат разганяў з'езд, і дазволілі Карскаму пазбегнуь арышту і нават больш трагічных наступстваў" (Яўхім Карскі. Беларусы. Прадмова.).

Дасталося, праўда, і Мікалаю Крывашэіну, фізічна па шапцы, (ледзь не застрэлілі) ад удзельніцы з'езда "грэнадзёрскага выгляду" Зінаіды Юр'евай пасля слоў п'янага Крывашэіна: "Ты, красотка, поедешь со мной в автомобиле"…(па даследаваннях В. Скалабана). Далейшы лёс Крывашэіна быў не лепшы, як і шматлікіх беларусаў, якіх ён разганяў на з'ездзе, пазней нішчыў ідэйных "ворагаў", але і сам па волі лёсу ў Маскве ў 1936 годзе будзе расстраляны за "контррэвалюцыйную тэрарыстычную дзейнасць". Сёння ён фігуруе на розных сайтах як ахвяра чэкістаў.

Людвіг Пятровіч Рэзаўскі (24.4.1887, город Елгава, Латвія - верасень 1980), якога вывелі дэлегаты за правакацыю са з'езда, потым ён з Крывашэіным і салдатамі арыштавалі 27 чалавек з Прэзідыуму (30 засталіся вольнымі?), у тым ліку і адну дзяўчыну, верагодна смелую Зінаіду Юр'еву.

У тэлеграфнай размове кіраўніцтва ВРК Заходняй вобласці і фронту з наркаматам замежных спраў РСФСР была дадзена фальсіфікаваная версія падзей, звязаных з працай з'езда і прынятых на ім рашэнняў….

"…Тэкст тэлеграмы сведчыць пра тое, што кіраўнікі Аблвыкамзаха і Саўнаркама Заходняй вобласці і фронту не жадалі дзяліцца ўладай. Законных падстаў для разгону з'езда ў кіраўніцтва Аблвыкамзаха і Саўнаркама Заходняй вобласці і фронту не было. Непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей А. Чарвякоў, З. Жылуновіч, Я. Дыла, В. Кнорын пазней выказвалі сваё сумненне ў неабходнасці правядзення гэтай акцыі (і гэта беларускія бальшавікі так выказваліся - А.К.)… . Дэлегаты не прызналі паўнамоцтвы Аблвыкамзаха, які справядліва лічылі прадстаўніцтвам фронту, а не насельніцтва Беларусі. Разгон з'езда разглядаўся дэлегатамі як "акт здзеку над беларускiм народам, учыненым праз наплыўны элемент гвалтоўнікаў-чужынцаў…" (П. И. БРИГАДИН, ПЕРВЫЙ ВСЕБЕЛОРУССКИЙ СЪЕЗД (ДЕКАБРЬ 1917 г.): К СТОЛЕТИЮ, с.41).

14. Менск-Петраград. …Камісія І Усебеларускага з'езда выказалася "за неадкладнае адкрыццё ў Беларусі Беларускага Універсітэта, Сельскагаспадарчага Інстытута і Політэхнікі" (Канчэр Е. Цыт. пр. с.72). У выкананне гэтай пастановы Народны Сакратарыят Асветы БНР у красавіку 1918 года склікаў Каміссію, якой даручыў падрыхтоўчую працу для адкрыцця ў Менску Беларускага Універсітэта. У склад Камісіі ўвайшлі: народны сакратар асветы А. Смоліч, праф. М. Доўнар-Запольскі, праф. (акад. з 1916 г. - А.К.) Я. Карскі, праф. Масоніюс, былы дырэктар Менскай гімназіі В. Самойла, др. І. Кодзіс і іншыя… (A. Калубовіч. "Крокі гісторыі". Мастацкая літаратура. Мінск. 1993. С. 48.).

15. Менск. 1918. "… Праф. М. Доўнар-Запольскаму і праф. Яўхіму Карскаму было даручана ўлажыць праекты ўніверсітэцкага статута, што яны і зрабілі." (A. Калубовіч. "Крокі гісторыі". Мастацкая літаратура. Мінск.1993. С. 48; ГОМАН, 1918. № 37 (233), 49 (245). Праект статута, уложаны праф. Я. Карскім, апублікаваны ў "Вольнай Беларусі" за 13 кастрычніка 1918 года). Прафесар Доўнар-Запольскі ўлажыў і спіс 36 прафесараў з розных універсітэтаў, якія далі згоду выкладаць у Менску. Сярод іх былі выдатныя акадэмікі і прафесары былых расейскіх універсітэтаў у Кіеве, Варшаве, Дэрпце, а і таксама маскоўскія і пецярбурскія прафесары. (A. Калубовіч. "Крокі гісторыі". Мастацкая літаратура. Мінск.1993. С. 48; ГОМАН,1918.№61(257).

16. Менск-Вільня-Пецярбург. "… З ужо працаваўшых вышэйшых школаў у БНР былі Беларускі Педагагічны Інстытут у Менску, рэарганізаваны ў 1918 годзе з Менскага Настаўніцкага Інстытута". (A. Калубовіч. "Крокі гісторыі". Мастацкая літаратура. Мінск.1993. С. 48; Турук Ф. цыт. пр. с. 62) (лектары-праф. Я. Карскі, праф. В. Іваноўскі, кандыдат філалогіі Б. Тарашкевіч і інш.). У траўні 1919 года Народны камісарыят адукацыі Літоўска-Беларускай ССР вырашыў вызваліць Я. Карскага з пасады прафесара Менскага педінстытута, як чалавека з ненадзейнай "политической физиономией" з фармулёўкай: "Да высвятлення палітычнага крэда". (Яўхім Карскі. Беларусы. Прадмова Я. Янушкевіча і К. Цвіркі. Беларускі кнігазбор. Мінск. 2001. С. 16-17). Пасля арышту і шальмаванняў бальшавікамі акадэмік Я. Карскі вырашае пакінуць радзіму, тым больш, што неабходна было выдаць трэці выпуск ІІІ тома "Белорусов" Атрымалася, што выехаў назаўжды. Яшчэ ў сакавіку 1919 года чэкісты правяралі увесь Менскі педінстытут, дзе працаваў Я. Карскі і арыштавалі групу выкладчыкаў - Б. Тарашкевіча, А. Трэпку, У. Фальскага. 15 траўня арыштавалі і В. Іваноўскага. У верасні 1919 года адбылася паездка Я. Карскага ў Вільню па выдавецкіх справах і лекцыя ў Беларускай гімназіі аб беларускай мове для слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў, дзе Я. Карскі, ахарактарызаваў яе як раўнапраўную іншым мовам, а не як дыялект, "нарэчча", як ён звычайна раней пісаў. У віленскай газеце "Крыніца" № 3 ад 7 верасня 1919 г. гаварылася: "2 верасьня, у беларускай гімназіі, прафесар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша - не гутарка якая, але мова так, як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі і далёкімі мовамі. Лекцыя была прадусім назначана для беларускіх вучыцялёў-курсантаў, апрача гэтых, было многа гасцей". У гэты ж час Я. Карскі актыўна друкуецца ў беларускім перакладзе ў часопісах і газетах "Звон", "Беларусь", "Рунь", "Вольны сцяг", пераважна па гісторыі беларускай літаратуры. У 1921 годзе ў Менску выходзіць даследаванне Я. Карскага "Что предстоит сделать по белорусскому языку и литературе".

17. Варшава-Масква-Петраград-Менск. "Беларусы" (1903-1922): том І (Варшава), том ІІ ( Варшава, 3 часткі ІІ тома), ІІІ том (Масква, І ч., Петраград, ІІ і ІІІ ч.). Вядома, што быў запланаваны Я. Карскім і ІV том: 1. Словарь современного белорусского языка. 2. Словарь старого западнорусского языка. Але, акадэмік не паспеў. У будучай акадэміі Беларусі - Інбелкульце адбываліся рознатэматычныя дыскусіі. Удзельнік адной з такіх дыскусій па кнізе "Беларусы" З. Жылуновіч (Ц. Гартны) выкрываў "чарнарызніцкую падкладку, на якой выхоўваўся Карскі і дзякуючы якой дасягнуў і акадэміцтва" (с.65), Я. Дыла залічваў Я. Карскага да чарнасоценцаў, манархістаў, абаронцаў "Самадзяржаўя, праваслаўя, народнасці" што вядома ж не адпавядала сапраўднасці (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск,"Навука і тэхніка",1993. с. 64-65). Я. Колас, як абаронца беларускай нацыянальнай ідэі наадварот, адразу ж па выхадзе кнігі "Беларусы" даў ёй высокую адзнаку. У лісце да Я. Карскага ён ад 24.11.1921 г. пісаў па-руску (пераклад - А.К.): "…Беларуская культура так шчыльна звязана з Вашым імем, што адно без другога немагчыма ўявіць" (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск,"Навука і тэхніка", с. 65). Ацэньваючы работу тэрміналагічнай камісіі Я. Колас гаворыць, што адсутнасць у ёй Карскага "адчуваецца ў моцнай ступені" (с. 65). Трэба сказаць, што дасталося на такой дыскусіі і Я. Коласу за паэму "Новая зямля", але большасць удзельнікаў яе ўхваліла. Ідэолагі бальшавізму з Масквы праз камуністычную секцыю ў Інбелкульце падтрымлівалі толькі адну ідэалогію, носьбіты іншых думак сувора шальмаваліся, арыштоўваліся, пазней і расстрэльваліся. Але як выстветлілася потым, тыя камуністы, хто пісаў і "выкрываў" ідэалагічна няправільных, пацярпелі таксама, пазней. Гэта і З. Жылуновіч, і Я. Дыла, і Бабарэка, і іншыя. Усіх іх проста выкарысталі "савецкія імперцы" з Масквы для знішчэння беларускай культуры і яе асноўных носьбітаў і папулярызатараў. Гэта невялікі ўрок для палітыкаў 21 стагоддзя, якія працягваюць дзяліць беларусаў па ідэалогіі … "Са 104 штатных супрацоўнікаў Інбелкульта, якія працавалі ў ім у канцы 1928 года, у 30-я гады падвергнута арыштам і рэпрэсіравана 48 чалавек". (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск, "Навука і тэхніка", 1993, с. 251).

"…Кожны беларус, які любіць сваю мову, павінен з вялікай удзячнасцю адносіцца да Я.Ф. Карскага, які аддаў усё сваё жыццё вывучэнню беларускай мовы", - пісаў прафесар П.А. Растаргуеў (з кнігі А. П. Цыхуна "Акадэмік з вёскі Лаша", Гродна, 1992 г. С. 68). П.А. Растаргуеў - правадзейны член Інбелкульту абраны ў адпаведнасці з "Палажэннем аб Інстытуце беларускай культуры" 1924 года. (АН Беларусі. Інстытут гісторыі. Інстытут беларускай культуры. Навука і тэхніка. Мінск. 1993. С. 252-253).

(Працяг у наступным нумары.)

31 год я жыву ў камандзіроўцы

- 31 год я жыву ў каман-дзіроўцы, - так распачалася размова з Валянцінай Мінчук, сям'я якой, пасля жудаснай трагедыі ў 1986 годзе, цягам часу вымушана была з'ехаць з родных мясцін на Гомельшчыне. Такі лёс чакаў і іншых нараўлянцаў, якія, хвалюючыся за дзяцей, пакідалі родныя хаты.

- Першай думкай, - працягвае нашу размову Аляксей Ломач, - як і куды вывезці дзяцей. Хаця спачатку мы, жыхары Нароўлі, мала што ведалі пра аварыю. "Сарафаннае радыё" данесла, што нешта здарылася. Але на той час мы ўжо адзначылі Першамай, на які выйшлі з сем'ямі. Спякота была страшная. Але якраз напарэдадні першамайскіх святаў давялося пабачыць такую карціну: з украінскага боку па дарозе ішлі калоны машын, якія вывозілі жывёлу. А нашыя ўлады не давалі ніякай дакладннай інфармацыі, якраз наадварот, казалі, што падставаў для панікі няма. Аднак мы ўжо пачалі разумець, што здарылася нешта страшнае.

Сям'я Валянціны Мінчук, у якой падрасталі трое маленькіх дзяцей, жыла ў вёсцы Завайць, ад якой да райцэнтра не болей за 8 кіламетраў. Мелі добры дом, сваю гаспадарку. Пра тое, што ў Чарнобылі адбылася аварыя, гаварыла ўжо ўся вёска. Але што рабіць, куды кінуцца?

- Ездзілі самі, шукалі месца для жыцця. А куды ехаць, дзе шукаць, нічога людзі не ведалі. У вёску прыязджалі "партызаны": мылі дахі дамоў, здымалі верхні пласт глебы, усюды ваенныя пасты, міліцыі шмат было. Цяжка было. Вельмі хваляваліся за дзяцей, - успамінае Валянціна Мінчук.

Многія жыхары самі пачалі шукаць выйсце, бо жыць, не толькі на Нараўляншчыне, было ўжо небяспечна. Таму і з'язджалі, не дачакаўшыся неабходных папер аб адсяленні.

Пасля аварыі сям'я Ломачаў пражыла яшчэ ў Нароўлі 4 гады:

- Мы не проста жылі, мы змагаліся, каб пачуць праўду і вырашыць, што рабіць далей. У горадзе былі частыя мітынгі, сходы, на якіх людзі патрабавалі сказаць праўду пра трагедыю. У кожнай сям'і былі дзеці, і гэта турбавала больш за ўсё.

Праблема кранулася з месца, калі дырэктар завода буддэталяў Лешчанка Леанід Паўлавіч, па дамове з Віцебскім аблвыканкамам, дамовіўся аб "пераездзе прадпрыемства" ў Верхнядзвінск, куды прыехала больш за два дзясяткі перасяленцаў. Так пачалося новае жыццё на новым месцы.

- Але ж адразу, пасля добраўпаракаваных кватэр на радзіме, трапілі ў баракі ПМК, бо для чарнобыльцаў будаваўся дом, які яшчэ быў не гатовы. Нават калі мы перасяліліся, яшчэ некалькі месяцаў не было вады, газу... Цяжка было, - расказвае Аляксей Ломач. - Ды і будаваўся дом хуткімі тэмпамі: за тры з лішнім месяцы паставілі пяціпавярхоўку, што "дае пра сябе знаць" і праз столькі год. Бо было не да тэхналогій, і да сённяшняга часу дом халодны, вонкавы выгляд не зачаруе вока.

- Дамагліся за столькі год адраматантаваць дах, але праблемы "чарнобыльскага дома", як яго называюць у горадзе, да сённяшняга часу так і не ліквідаваны, - працягвае Валянціна Мінчук. - Абіваем парогі ва ўладаў. Вуглавыя кватэры ў доме халодныя, дом, мабыць, самы страшны ў горадзе па вонкавым выглядзе. Дабраўпарадкаваннем займаемся самі. Тры гады таму аб'явілі акцыю "Добры сусед": пасадзілі туі, івы, зрабілі альтанку, шыкоўныя домікі для птушак, бо на азярцы ў нас жывуць лебедзі, качкі, ёсць рыба. Але азярцо зарастае, трэба чысціць. Напярэдадні журботнай даты правялі суботнік і вырашлыі пасадзіць Алею памяці для дзяцей, якія нарадзіліся ўжо тут, і ўнукаў. Усё ўласнымі сіламі, уладу, праўду кажучы, наша ініцыятыва моцна не кранула.

Пасля чарнобыльскай аварыі на Верхнядзвіншчыну прыехала болей за сотню чалавек. Праз некаторы час адны з'ехалі ў іншыя мясціны, другія знайшлі вечны прытулак на новай радзіме.

У 1996 годзе грамадскі сектар раёна звярнуўся да колішняга загадчыка аддзела культуры Валерыя Дарафеевіча Багушэвіча, які таксама ўжо ў іншым свеце, а ідэю падкінуў Мікалай Мікіценка, чарнобыльскі ліквідатар, царства яму нябеснае, наведаць Хойніцкі раён з канцэртнай праграмай і праехаць па пацярпелых вёсках. Была якраз Радаўніца.

Калі ініцыятыва была ўхвалена ўладамі, мы пачалі збор сродкаў для набыцця падарункаў: купілі тэлевізар для Хойніцкага вучылішча, магнітафоны для дзіцячых садкоў, рукамыйнікі для пастоў назірання ў зоне, і іншыя патрэбныя рэчы. Ехаў на Хойнікшчыну "народны" калектыў РДК "Ярыца".

Гомельшчына тады гарэла: дым суправаджаў нас увесь час. Кожны дзень сустрэчы ў вёсках, установах раёна, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Паездка доўжылася тыдзень. Мы ўсё запісвалі і здымалі. Узгадваецца сустрэча ў вёсцы Стралічава: паўнюткая зала, а мы не можам пачаць канцэртную праграму, бо зладзілася чарга на запіс. Па вёсцы хутка распаўсюдзілася чутка, што прыехалі журналісты, усё запісваюць і здымаюць. Нам крыху было незразумела такая актыўнасць людзей. А аказалася, што літаральна за некалькі дзён яе наведваў кіраўнік краіны і жыхары спадзяваліся выказацца пра набалелае. Але, як нам расказалі, была адабрана патрэбнная колькасць жыхароў, якіх запусцілі ў залу, ды было загадана пытанняў не задаваць.

Падчас той паездкі мы атрымалі дазвол і праехалі ўсю зону да вёскі Пагоннае. А вось там было ад чаго разарвацца сэрцу. Гэта была Радаўніца, і былых жыхароў вёсак, што аказаліся ў "зоне", дапусцілі прыехаць на могілкі. Наш аўтобус спыніўся каля двухпавярховага будынка, былой канторы калгаса, і як толькі мы пачалі выходзіць з дзвярэй, распачалася сустрэча, якая разарвала б сэрца кожнаму. На вуліцы быў вецер, які ганяў па плошчы лісткі паперы. Аказалася, што гэта калгасныя дакументы: заявы былых жыхароў вёскі на выдзяленне трактара, сена… Людзі, якія ў той час былі тут, лавілі гэтыя "пісьмы з мінулага" і горка плакалі: на заявах былі прозвішчы іх суседзяў, з якімі яны ўжо даўно не сустракаліся, прозвішчы памёрлых… Пра гэта цяжка ўспамінаць нават праз столькі год.

І калі мы вярнуліся дадому, хутка пачалі рыхтаваць справаздачу пра нашу паездку. У дзень трагедыі ў РДК павіннна была прайсці вечарына памяці, а мы прывезлі шмат відэаматэрылаў з Хойніцкага раёна. Выйшлі на сцэну Дома культуры з Мікалаем Мікіценкам, ён прамовіў свае ўступныя словы, … а ў мяне замест маіх уступных словаў пакаціліся слёзы … некалькі хвілін у зале стаяла цішыня.

Пасля той паездкі я толькі крыху асэнсавала, што гублялі людзі, з'язджаючы з родных мясцін. Каб усвядоміць гэта, трэба было наведаць "чарнобыльскую зону" і зразумець, як няпроста было ім, перасяленцам, калі яны прыехалі ў наш раён.

- Першыя гады ўзгадваюцца з болем. Акрамя побытавых праблем, мы адчулі "асаблівыя адносіны" мясцовых жыхароў, - працягваем размову з Валянцінай Мінчук. - Калі нашы дзеці пайшлі ў школу, дзеці мясцовых жыхароў баяліся садзіцца разам за парту. Казалі пра нас "светлячкі", як быццам мы свецімся. І калі ў магазін прыходзілі, то мясцовыя стараліся трымацца ад нас далей. Цяжка было.

Радзіма на Гомельшчыне цягне да сябе, бо там пахаваны мае бацькі, бацькі майго мужа, жывуць мае родныя. І калі я вяртаюся назад, задаю сабе пытанне: куды я еду?

Падобныя пачуцці і ў сям'і Аляксея Ломача:

- Верхнядзвінск - прыгожы горад, прыгожыя мясціны, але ў памяці - Прыпяць, Нароўля. Кватэра ў нас была ў цэнтры горада, недалёка рака, пляж… Уладкаваліся тут, жывём. Але памяць пра родня мясціны - у сэрцы. І з гэтым жывём тут столькі год.

Дом № 72 па вуліцы Першамайскай так і застанецца "чарнобыльскім", нягледзячы на тое, што жывуць у ім зараз, збольшага, ужо не чарнобыльцы. І ў гадавіну жалобнай даты тут, на Верхнядзвіншчыне, пахаваюць яшчэ адну жыхарку з "зоны" - Таццяну Ломач, сваячку Аляксея Ломача. Светлая ёй памяць! Як і ўсім тым, каго сваім чорным крылом закранула трагедыя 1986 года.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск. На здымках: Валянціна Мінчук, Аляксей і Ірына Ломачы.

Перад выбарамі ў Германіі

Навіны Германіі

Эпоха Ангелы Меркель падыходзіць да канца. Якіх змен у адносінах з Менскам можна чакаць ад наступнага канцлера?

Па апытаннях, партыя "зялёных" лідзіруе (26-28%), за ёй стаіць блок ХДС/ХСС Лашэта (21-22%) і толькі потым Шольц і СДПГ (13%).

Германія будзе выбіраць новы парламент і тым самым новага канцлера ўжо менш, чым праз пяць месяцаў, 26 верасня 2021 года. Дзейная частка ўрада Ангелы Меркель (Angela Merkel) сыходзіць - за яе месца разгарнулася барацьба, у якую ўступілі кандыдат ад партыі "Саюз-90"/"зялёныя" Анналена Бербок (Anna-lena Baerbock), Армін Лашэт (Armin Laschet) ад блока партый ХДС/ХСС і кандыдат нямецкіх сацыял-дэмакратаў, дзейны віца-канцлер Олаф Шольц (Olaf Scholz). Як можа змяніцца курс Берліна ў стаўленні да Менска ў выпадку абрання таго ці іншага кандыдата? DW вывучыла пазіцыі кандыдатаў на падставе іх публічных выказванняў.

Сацыял-дэмакрат Шольц публічна выказваўся пра Беларусь на хвалі пратэстаў апазіцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 года, заклікаўшы апошняга да адстаўкі і назваўшы яго "жудасным дыктатарам".

Бербок з партыі "зялёных" таксама неаднаразова заклікала ЕС не забываць пра сітуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне. "Увага да барацьбы за волю апазіцыі ў Беларусі не павінна слабець", - упэўнена Бербок.

На гэтым фоне кідаецца ў вочы "гучнае" маўчанне трэцяга кандыдата: Армін Лашэт публічна стараецца абыходзіць увагай сітуацыю ў Беларусі.

DW.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

Раздзел І

Род Нарбутаў. Шаўры. Гісторык Літвы Тэадор Нарбут. Год 1812. У герцага Басано. Далейшыя прыгоды. Амністыя. Вяртанне ў Шаўры. Сужэнства з Крысцінай Садоўскай. Гаспадарства.

"Колькі будуць Панары стаяць,

а воды Нёмана цячы і віраваць,

столькі наканавана дому Нарбутаў

на зямлі Лідскай славу збіраць!"


Так калісьці гаварылі пра старажытны род Нарбутаў і яго значэнне для Лідскай зямлі. Істотным было тое, што Остык-Нарбуты жылі ў Літве з незапамятных часоў і, шырока разгалінаваўшыся, стварылі заможны і ўплывовы род.

Знакаміты гісторык Літвы Тэадор Нарбут сваё паходжанне вёў ад Лідзейкі. Аднак насамрэч Нарбуты былі нашчадкамі Остыка, аднаго з літоўскіх князёў, імя якога Нарбуты насілі як прыдомак да свайго прозвішча. У 1413 годзе Нарбуты атрымалі права на герб Трубы. Гэты род заўсёды і пры кожнай патрэбе верна служыў свайму краю, набываючы з часам гонар і значнасць.

У XVI-м стагоддзі Нарбуты атрымалі пасапраўднаму каралеўскі дар - значная частка маёмасці была нададзена ім пасля Міхала Глінскага: вялікія зямельныя ўладанні ў Лідскім павеце, вялікія маёнткі ў Ашмянскім і Віленскім паветах, а таксама маёмасць на Жмудзі.

Адна з галін роду Нарбутаў асела ў Лідскім павеце ў маёнтку Шаўры, назва якога паходзіць ад літоўскага слова "сіеўрас", што азначае яшчарка.

У гэтых самых Шаўрах і прыйшоў на свет у 1784 годзе Тэадор Нарбут - даследчык Літвы, бацька Людвіка - кіраўніка паўстання 1863 года.

Ужо ў дзяцінстве Тэадор Нарбут вызначаўся незвычайным розумам. У падлеткавым узросце яго зацікавіла гісторыя паганскай Літвы: нават бачыў сны пра Міндоўга і вайдэлотаў1. У 1803 годзе Тэадор скончыў курс навукі ў Віленскім універсітэце і апынуўся на вайсковай службе ў Пецярбургу. Як склаўся там лёс будучага даследчыка Літвы ўявіць цяжка.

Падчас адной з ваенных сутычак Расіі са Швецыяй Нарбут атрымаў кантузію і амаль зусім страціў слых. Па прычыне глухаты быў пераведзены ў штаб, дзе яго і напаткаў 1812 год.

Падзеі гэтага года ўзрушылі Нарбута так глыбока, што пакінулі ў яго памяці незабыўныя ўражанні да самай старасці.

Гарачы патрыёт роднага краю - Тэадор душыўся і мучыўся ў абціскаўшым яго расійскім мундзіры, чакаў вызваліцеля Напалеона і выказваў свае экзальтаваныя пачуцці ў паэзіі. У адным са сваіх тагачасных твораў ён апавядае пра сустрэчу на Замкавай гары ў Вільні з духам Лідзейкі. Першае, што робіць дух прыняўшы вобраз архікаплана ў такі важны для Літвы момант - знімае з галавы Тэадора трохкутны капялюш2, ненавісны і непрыстойны для Нарбута. Гэты паэтычны твор доўгі час захоўваўся ў сям'і і загінуў пад час падзей 1863 года.

У 1812 годзе Тэадор Нарбут у складзе рускага штаба знаходзіцца ў Вільні, туды ў той самы час прыбывае Аляксандр I. З вокам павернутым на Захад, будучы гісторык Літвы разам з іншымі суайчыннікамі жывіўся надзеяй і чакаў збегу акалічнасцей. Як раз тады да яго зайшоў малады штабіст, князь Кацэбу3 з весткай аб прызначаным на заўтрашні дзень адступленні расійскіх войск з Вільні.

- Што думаеш рабіць? - запытаў Кацэбу.

- Схавацца і застацца тут, - шчыра адказаў Нарбут. - Можа сваім на што-небудзь прыдамся.


Цар Аляксандр I пакінуў горад. Напалеон пераправіўся цераз Нёман і наблізіўся да сталіцы Гедыміна. Назаўтра, на світанку расейскія палкі пачалі выходзіць з Вільні, маршыруючы праз завулкі і вуліцы горада. Усе дзверы і вокны былі шчыльна зачынены і завешаны.

Нарбут схаваўся ў знаёмага купца. Падчас хаосу адступлення яго адсутнасць пры штабе не заўважылі. З першымі промнямі ўзыходзячага сонца ў Вільню ўвайшоў французскі авангард - аддзел польскіх уланаў князя Радзівіла. Умомант абудзіўся ад сну цэлы горад, адчыняліся дзверы, вокны і людскія сэрцы.

Шалёны энтузіязм ахапіў месцічаў. Пачуцці выбухнулі ў крыкі радасці. Жанчыны кідаліся да коней, лашчылі і нават цалавалі іх. Армія французаў уваходзіла ў горад.

Падхоплены на вуліцах людскімі хвалямі, Нарбут быў запхнуты ў нейкую невялічкую крамку, дзе зусім змучаны затрымаўся на хвілінку. На стале ляжалі пашарпаныя лісткі старога друку. Прыгледзеўся і закрычаў ад радасці. Гэта былі рэшткі Дыярыюша крыжацкіх дарог на Літве4, Бог ведае, якім лёсам тут апынулася гэтакая каштоўнасць.

Думка пра гістарычную мінуўшчыну ўзяла верх над настроем тагачаснай хвіліны. Забыўшыся пра час, пра Напалеона, Тэадор занатоўваў словы старога друку. Не многа змог выкарыстаць з гэтых шматкоў будучы гісторык Літвы. І толькі пазней, асеўшы ў Шаўрах, ён грунтоўна выканаў даследніцкую працу.

Выбег з крамкі і, каб убачыць Напалеона, Нарбут накіраваўся да Зялёнага моста.

Імператар сядзеў на вялікіх бэльках і наглядаў за работай сапёраў, якія будавалі мост цераз Вілію - стары мост спалілі расейцы пакідаючы горад. За ракой, падпаленыя казакамі, гарэлі склады са збожжам, прадмесце Вільні і вёскі. Дым у паветры зацямняў яснасць раніцы.

Нарбут вырашыў адразу пайсці на службу да імператара Францыі. Каля Напалеона, аточанага цесным колам маршалаў і ад'ютантаў, стаяў тутэйшы настаяцель айцоў піяраў, ксёндз Гладоўскі. Непасрэдна да яго і звярнуўся Нарбут па пратэкцыю. Хацеў працаваць перакладчыкам, бо ведаў дзевяць еўрапейскіх моваў. Напалеон на хвіліну павярнуў галаву. Сталёвыя вочы ўважліва агледзелі постаць Нарбута.

Загадаў прыняць Нарбута ў канцылярыю міністра Басано5 і не звяртаў болей увагі на просбіта. Нарбут атрымаў абмундзіраванне і грашовае забеспячэнне: дзесяць франкаў у дзень, сівую кабылу для раз'ездаў і грошы на яе ўтрыманне.

Большага Тэадор і не жадаў. Пачуваўся шчасліва, але меў шмат работы.

Канцылярыя герцага Басано атрымоўвала палітычная і дыпламатычныя паперы большай або меншай важнасці, прыходзілі прыватныя петыцыі, ішла прыватная карэспандэнцыя. Усё гэта патрэбна было прачытаць, зарэгістраваць у кнізе і перакласці.

Герцаг Басано часта нават уначы пастаянна меў нейкія пытанні і, паколькі Нарбут быў глухі, дык даваў яму пісьмовыя загады. Часта Нарбута пасылалі з важнымі заданнямі, якія ён выконваў сумленна, і таму здабыў давер князя і павагу калег.

Нарэшце надышоў эпілог гістарычнай драмы - трагічнае вяртанне з Масквы.

Нарбут не пакідаў Вільні і з вялікім непакоем назіраў за тым, як з галоўнага імператарскага штаба пачыналі наплываць туманныя загады і няясныя рапарты. Злавесныя весткі ішлі ў Вільню з хуткасцю тэлеграфа, якога яшчэ і не было. У канцылярыі герцага Басано нарастаў хаос. Напалеон з-пад Бярэзіны, едучы ў Парыж таемна прамчаўся праз Вільню, за ім імчалася смерць.

За Напалеонам з Вільні спешна рушыў увесь штаб. Урэшце пацягнуліся недабіткі Вялікай арміі, абазначаючы трупамі свой снежны шлях адыходу.

Ваенная эпапея заканчвалася. Год 1812 сыходзіў у бездань вякоў! Прайшоў, як ураган, як сон, поўны казачных прывідаў.

Разам з канцылярыяй Басано пацягнуўся за Нёман на сваёй Сіўцы і Нарбут. Але ўжо каля Аўгустова ён зразумеў, што не можа бадзяцца недзе на чужыне і вырашыў застацца на Радзіме. Павярнуў Сіўку і паехаў да свайго сваяка Прота Нарбута, які жыў тут недалёка. Прот - сын вядомага прыгажуна Нарбута, які быў аздобай салона на "чацвярговых абедах" караля Станіслава Панятоўскага.


Спадар Прот і яго дачка Клемянціна прынялі Тэадора са стараліцвінскай гасціннасцю, і гісторык змог тут адпачыць ад перажытага. Час бавілі за размовамі пры каміне. Клямуся, займаючыся вышыўкай, уважліва слухала сваяка і выходзіла толькі каб у стайні папесціць Сіўку.

У Краі тым часам канала астатняе рэха той буры, якая яго страсянула. Кароткі сон мінуў. Тутэйшую грамадскасць будзіла цяжкая рэчаіснасць. Усе правінцыі атрымалі новую ўладу і новыя правы. Шукалі дэзерціраў. Чуйнае вушка Клямусі з непакоем прыслухоўвалася да ўсіх чутак. І аднойчы яна прыбегла з весткай пра набліжэнне казакаў.

Сіўка стаяла каля ганка пад сядлом. Казакі ўжо ўязджалі праз браму, таму часу ў Тэадора амаль не было. Сіўка з вершнікам адным скокам пераскочыла цераз плот і пагнала. За ёй пусціліся казакі, але, не здолеўшы дагнаць, сыпанулі градам куль. Параненая раз і другі Сіўка яшчэ бегла. Урэшце яе дабіла трэцяя куля, і Сіўка звалілася каля зарослага густым чаротам возера. Тэадор схаваўся і перасядзеў тут да ночы, але яшчэ доўга разлятаўся тупат коней, доўга свісталі кулі над чаротам.

Калі ўсё сціхла, начны змрок ахінуў зямлю. Нарбут выйшаў з укрыцця і асцярожна скіраваўся да бліжэйшай плябаніі. Падалося, што ксёндз-пробашч чакаў яго. Ціха сам адчыніў яму дзверы і правёў ва ўнутр. Тут пераапрануў парабкам і пасадзіў яго як вазніцу на вазок, загадаўшы як быццам везці ксендза да хворага. Узяў з касцёла св. Сакрамант.

Ксёндз у начной цемры падказваў дарогу. Праз некаторы час стаялі перад леснічоўкай.

Ксёндз паставіў св. Сакрамант на стале, паклікаў усю сям'ю лесніка і загадаў ім прысягнуць, што яны не здрадзяць таму, каго ён прывёз, не выдадуць расейцам, схаваюць і зберагуць у сябе. Прысягнулі ўсе.

У лясной глушы сярод сумленных людзей Нарбут адчуваў сябе ў бяспецы. Апека кузіны Клямусі і тут яму дапамагала.

Было дамоўлена, што калі Тэадор пойдзе кудысьці з хаты, а ў яе прыйдзе нехта чужы, дык на знак небяспекі будуць вывешаны белыя хусткі. Пасярод гэтай лясной цішы Нарбут пачаў працаваць над гісторыяй Літвы. Старанна збіраў усялякія легенды, байкі і паданні, будуючы на іх падставе гмах адважных высноў і карцін з дагістарычных, паганскіх часоў.

Час ад часу леснічоўку наведваў спадар Прот, а яго дачка ў казакаў выкупіла шкуру Сіўкі і загадала пашыць з яе доўгі дарожны куфэрак, у якім гістарыёграф Літвы праз усё жыццё захоўваў свой французскі мундзір, лісты герцага Басано, загады Напалеона і іншыя сувеніры тых часоў.


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

1 Вайдэлоты (літ.: Vaidilos, лат.: Vaidelosi) - святары ў свяцілішчах агню старажытных прусаў і ліцвінаў, абавязкам якіх было прымаць ахвяры, даглядаць вогнішча, сачыць за каляндаром святаў, навучаць і даваць парады, а таксама апяваць на пахаваннях герояў-нябожчыкаў - перакладчыцы.

2 Трохвуголка - форменны капялюш рускай арміі. - Л. Л.

3 Верагодна - Морыц Аўгуставіч Кацэбу (1789-1861) - генерал-лейтэнант, сенатар. Сын нямецкага пісьменніка Аўгуста фон Кацэбу. Кадэтам прыняў удзел у кругасветным плаванні 1803-1806 гадоў на фрэгаце "Надзея" пад камандаваннем Крузенштэрна. Потым паступіў на ваенную службу. Удзельнічаў у вайне 1812 года і быў узяты ў палон французамі і вызваліўся толькі ў 1814 годзе. - Л. Л.

4 Гэта не маглі быць лісткі старога друку, бо гэты тэкст быў выдадзены ў 6-ці тамах, з 1861 па 1874 гг. пад назвай "Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preussischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft". Малаверагодна, што Нарбут бачыў рукапіс гэтага найкаштоўнейшага дакумента. - Л. Л.

5 Юг-Бернар Марэ (1763-1839) - французскі дыпламат, журналіст, адвакат, палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1811-1813 гг. - міністр замежных спраў, у 1834 г. - прэм'ер-міністр. З 1809 г. насіў ганаровы (беззямельны) тытул герцага Басано. - Л. Л.

6 На "чацвярговых абедах" караля з найбліжэйшымі паплечнікамі, падданым падаваўся прыклад ашчаднасці і цвярозасці. На гэтых абедах укладаліся планы па ўратаванні Рэчы Паспалітай. "Абеды" ў 1770-77 гг. штотыдзень нават выдавалі свой неафіцыйны орган - часопіс "Забаўкі прыемныя і карысныя, сабраныя ад розных аўтараў", які прапагандаваў прынцыпы станіславаўскага класіцызму. Гэта першы літаратурны часопіс у РП, яго заснавальнік і рэдактар - Ю. Альбертрандзі, рэдактар з 1771 г. - А. Нарушэвіч. У "Забаўках..." дэбютавалі: І. Красіцкі, С. Тамбэцкі, Т. К. Венгерскі, Ю. Шыманоўскі. - Л. Л.

( Працяг у наступным нумары.)

Па Каліфорніі - VIІ

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

Мікалай Русель

Тры пасажы з "Прогресса": доктар Русель, консул Арцімовіч і рускія ў Сан-Францыска

Мае сэнс падзяліцца з беларускім чытачом некалькімі "фонавымі" месцамі з нью-ёркскай газеты "Прогресс" за 1891-1892 гады - тым больш, што адным з рэдактараў яе быў колішні мінчанін Ісак Гурвіч. У ёй за подпісам "С." былі надрукаваны артыкулы "Дзеянні Св. Апосталаў" і "Апошнія главы з Дзеянняў Апосталаў", а таксама "Руская "Mafia" ў С.-Францыска". Гэты крыптанім ([Судзиловский?]) указвае з вялікай верагоднасцю на самога доктара. У заўвазе ад "Рэд." у самым першым нумары (6.12.1891) звяртае ўвагу непасрэдная нагода для першага са згаданых матэрыялаў - пра акалічнасці, якія "прывялі да сутыкнення паміж п. Роселем (так!) і расійскімі ўладамі ў С. Францыска": выклік Руселем на дуэль консула Уладзіміра Арцімовіча. Гэта як сенсацыя было пададзена ў "амерыканскіх газетах", з сан-францыскіх - у "… кронікл" (гл. № 4, з якога ў "НС" пачаўся "серыял" "Па Каліфорніі": выява фрагмента старонкі, артыкул на якой мае такое поўнае апісанне: The field of honor: A duel between Russians imminent. The imperial consul has been challenged. Dr. Russell demands satis-faction according to the European сode // San Francisco Chronicle. 1891. Oct. 27. P. 12.).

Сутыкненне двух лідараў рускай грамады з беларускімі каранямі непазбежна трапляе ў кантэкст падарожжа, якое мы вывучаем, - прынамсі яго завяршэння. Вядома, што "ў лесе" Русель не быў у вакууме: сябар, які замяніў яго ў офісе, мусіў перасылаць яму яго карэспандэнцыю, з якой (як і з даступных ў графстве Эль-Дарада газет) доктар мог даведацца і пра прызначэнне новага консула. 4 сакавіка 1892 года ў "Прогрессе": "У ліпені новы консул пакідае Пецярбург, а ў пачатку жніўня з'яўляецца ў С. Францыска". Далей: "Тут, на абарону Уладыкі, па абавязку службы, выступае п. Арцімовіч. У сваім дбайным жаданні абяліць Уладзіміра ў грамадскай думцы і пераканаць самога архірэя ў сваёй шчырай дружбе і поўнай адданасці, рускі консул у размовах з уласцівым толькі рускаму чыноўніку нахабствам сцвярджае, што Уладзімір ніколі не быў адкліканы. Гэта выводзіць з цярпення д-ра Руселя, што толькі што вярнуўся з летніх канікул, які публікуе ў газетах тэлеграмы, адрасаваныя з гэтай нагоды яму і консульству Улангалі і Пабеданосцавым, а таксама ліст апошняга архімандрыту Інакенцію, які нейкім чынам трапіў у яго рукі, ліст, у якім катэгарычна гаворыцца пра адкліканне Уладзіміра яшчэ ў лютым і сакавіку 1890 г. ".

18 сакавіка ў заўвазе ў "Прогрессе" так напісана пра консула: "Гэты Арцімовіч блізкі сваяк рэвалюцыянераў 63 года. Ператварыўшыся з католікаў у праваслаўныя і з палякаў у рускія паліцэйскія чыноўнікі, гэты, удвая нованавернуты, занадта ўтрыруе ў сваёй стараннасці падслужыцца новым гаспадарам: plus royaliste que le roi, plus catholique que le pape!.. " (большы манархіст, чым кароль, большы католік, чым папа).

Такім чынам, вярнуўшыся ў Сан-Францыска і зноў пагрузіўшыся ў неспакойную атмасферу, якая панавала ў рускай грамадзе, Русель уступіў у канфрантацыю і з новым яе членам на "-іч". Русель паведаміў газеце, што генеральны консул, які змяніў папярэдняга, з якім доктар быў у прыязных адносінах, прыходзіўся дальнім сваяком (па "Прогрессу" можна зразумець, што блізкія, але гэта і не вельмі істотна) Арцімовічам, маёнтак якіх купілі Судзілоўскія. У артыкуле "Сан-Францыска кронікл" гаварылася, што гэта было ў 1866 годзе, і нядаўняе паўстанне, пасля якога ўладальнікаў маёнтка саслалі ў Сібір, дапамагло набыць яго вельмі танна. Праз газету Русель іранічна ўказваў Арцімовічу на ганьбу, якая несумяшчальная з гонарам за польскую кроў: як дыпламат той стаў на бок яўнай няпраўды.

У тым жа нумары за 18 сакавіка ў "Прогрессе" падсумоўваліся вынікі барацьбы з праасвяшчэнным Уладзімірам: "Так скончыўся пакуль царкоўны інцыдэнт у С.-Францыска. Рускаму ўраду цяпер будзе цяжка аднавіць канчаткова загінуўшы прэстыж духавенства нават у асяроддзі Аляскінскіх дзікуноў. Убачым, наколькі ўдасца гэта пераемніку Уладзіміра, Мікалаю. Удасца ці не ўдасца, несумненна адно, што, дзякуючы гэтай гісторыі ў паралель з лекцыямі Кенана аб "нігілістах", тутэйшыя амерыканцы практычна пазнаёміліся і з the оther side - прадстаўнікамі сучаснага рускага ўрадавага ўбоства. Кантраст выходзіць даволі рэзкі і адцяняе карціну".

Як звязаць гэты вывад з тым месцам у першай частцы раздзела VII, дзе доктар Русель апісвае прынцыпы і схільнасці бабулькі Маркел? Найперш праз слова "ўбоства", бо, несумненна, Русель убогімі лічыў кіруючыя колы і Расійскай імперыі, і ЗША. Бабулька Маркел - адзін з самых непрыемных персанажаў у "Па Каліфорніі". Але, без яўных прыкмет дэменцыі, яна проста дэманстравала амерыканскую абмежаванасць: "Колькі (долараў)?" Менавіта з гэтага эпізоду паходзіць найбольш папулярная сярод нешматлікіх цытат з "Па Каліфорніі", якія дагэтуль рабіліся ў друку, - пра "ракавую пухліну", з абагульненнямі пра індывідуалістычныя ЗША. На гэта найперш звярнулі ўвагу па ідэалагічных прычынах тыя, хто працаваў у маскоўскім архіве з рукапісам. Але нават у дэтальнага біёграфа Руселя Міхаіла Іоські няма і намёку, што фундаментальныя сацыяльна-палітычныя высновы, якія робяцца ў адносінах да ЗША, пачынаюцца з сацыяльна-псіхалагічнага партрэта… бабулькі, амаль "раскольнікаўскай"…

У той час як прозвішча Раскольнікава не забытае і зараз, прозвішча Разуванаў патрабуе каментарыя. Гэта імя купца-кулака (у артыкуле пра "мафію" выраз "кулак" ужываецца ў адносінах да дзякоў з крымінальным мінулым з "Russian - Greek - Slavonian Orthodox Church Benevolent Society" ў Сан-Францыска) з апавядання М. Я. Салтыкова-Шчадрына "Прыстанішча Мон-рэпо", якое тады было хадзячай назвай. Яшчэ адзін не зусім зразумелы выраз - "big-bug". У заўвазе ў выданні 1991 года (Around California in 1891) - ""Bigwig", perhaps?" (і тады гэта - верхавод, дзялок, важная персона).

У прадмове да другой часткі раздзела мы раскажам кароткую гісторыю "Па Каліфорніі" - рэпартажу, які не ўдалося скончыць і які, паводле цэлай існуючай традыцыі, пацверджанай і нашым вопытам, а перад тым вопытам гісторыка Эманса, апублікаваць увогуле было няпроста. Гэта з рознай ступенню карэктнасці адносіцца і да даволі вальнадумных ЗША 19 ст. (у 20 жа ст. - патрабаваліся прынамсі каментары - "прабачэнні") і да СССР, а потым "незалежных" Расіі і Беларусі.

Алесь Сімакоў, даследчык "беларускага Сан-Францыска".

Мікалай Русель

Па Каліфорніі - VII

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

Ад Mosquitos дарога ідзе ўгору ўсё тым жа бясконцым лесам, паўліставым, паўхвойным, месцамі пагарэўшым, абгінаючы вялікія яры і перасякаючы невялікія горныя ручаі. Лясная цішыня перарываецца толькі зрэдку журчаннем вады ды выпадкова спалоханым дзікім голубам або вавёркай. Дробнай птушкі амаль не бачна. Так ішлі мы, насуперак разлікам, да самага сонечнага захаду, калі да задавальнення свайго адразу апынуліся на вялікай, абнесенай агароджай, лясной пакатай зялёнай паляне, на супрацьлеглым баку якой віднеліся дзве фермерскія пабудовы. Гэта так званы Soap weed. Soap weed атрымала сваю назву ад асобага мясцовага віду буйных лілей (Chlorogalum pomeridiamum), якая заканчваецца гронкай прыгожых мініяцюрных лілейных кветак і мае буйную цыбуліну; гэта цыбуліна пры трэнні з вадой дае мыльную пену. У мінулыя часы золаташукальнікі нярэдка ўжывалі яе замест мыла і з удзячнасці яе іменем ахрысцілі саму мясцовасць.

Маючы намер правесці лета ў гарах і не ведаючы, як лепш уладкавацца, тыдні за два перад ад'ездам мы змясцілі абвестку ў некаторых мясцовых газетах, выкладаючы свае патрабаванні, і ў адказ атрымалі некалькі дзясяткаў лістоў з самымі разнастайнымі прапановамі. З іх адзін быў напісаны жвавым спенсэраўскім, каліграфічным почыркам і падпісаны пані Гольдэн. У гэтым лісце яго аўтар прапаноўваў нам за вельмі памяркоўнае ўзнагароджанне стол і зручную кватэру ў невялікай сям'і на вышыні 3000 ф., у лясной, здаровай мясцовасці, багатай горнымі ручаямі, дзе можна купацца і вудзіць фарэль. Пры гэтым згадвалася пра існаванне фісгармоніі і скрыпкі ў доме, якія, як і ўсё астатняе, даваліся ў наша распараджэнне.

Па дарозе мы, вядома, не прамінулі распытаць пра аўтара і яе сям'ю. Адзін гаваркі стары ў Placervill'і даў вельмі пахвальны водзыў, які заканчваўся тым, што Гольдэны, маўляў, ніколі не з'яўляюцца ў горадзе з пустымі калёсамі, прывозячы з сабой кожны раз досыць тавару, каб заплаціць за свае пакупкі! Стары Дзікерсан меркаваў, што мы з ёй добра знаёмы, з іранічнай усмешкай толькі заўважыў, што пані Гольдэн зноў выйшла замуж. Як ні прыемна было ўсё гэта чуць, але якога-небудзь уяўлення пра сям'ю, часовымі членамі якой мы мелі намер зрабіцца, гэтыя лаканічныя водгукі нам не давалі, і мы не без цікаўнасці ўвайшлі пад яе прыстанак. Сям'я аказалася складзенай з трох або, калі хочаце, 4-х чалавек. Сапраўдны галава сям'і, піянер, золаташукальнік і фермер, пан Гольдэн, памёр некалькі гадоў таму назад, патануўшы пры сплаўцы лесу ў Амерыканскай рацэ. Гэта быў чалавек, па водгуках суседзяў, які лічыў за лепшае жыць "кемлівасцю" (by his wits) хутчэй, чым працай, спрытны спекулянт, для якога ферма або фермы (акрамя Soapweed, у даліне ў яго ёсць яшчэ адна) служылі толькі рэзідэнцыяй. Паміраючы, ён пакінуў пасля сябе старую ўдаву і дваіх сыноў. Абедзве фермы цяпер належаць старой. Адзін сын гаспадарыць у ніжняй галоўнай ферме, а другі, які толькі што ажаніўся, прыгнаў на лета ўсю жывёлу на пашу сюды і пражыве свае летнія мядовыя месяцы з маці і маладой жонкай. Бабулька маці, якая носіць сляды былой прыгажосці, высокая, прамая і зграбная, хоць сівая і са збарозненым маршчынамі тварам, цяпер ужо не пані Гольдэн, а пані Маркел, бо хутка пасля смерці мужа пасля доўгага грамадзянскага сумеснага жыцця з суседам, такім жа старым, уступіла з ім у афіцыйны шлюб; па некаторых сямейных прычынах яны, аднак, не жывуць разам. Ва ўсходніх штатах пані Маркел была краўчыхай, а сюды прыехала з мужам сваім у час залатой гарачкі. Да гэтай пары яна прыбіраецца і не пакідае гарсэта. Але што больш за ўсё варта ўвагі ў ёй, гэта яе невялікія, махлярскія, бегатлівыя, блакітныя вочкі. Паглядзеўшы на іх, міжволі думаеш сабе: гэтай, маўляў, пальца ў рот не кладзі! Далейшыя назіранні цалкам апраўдалі першае ўражанне. У гадзіны, якія нам часам даводзілася з ёй праседжваць, якіх толькі бліскучых планаў і спакуслівых прапаноў яна не развівала перад намі. Усе было скіравана да таго, каб выгадна збыць нам адну са сваіх ферм. Гэта дало б, бачыце, магчымасць ёй перасяліцца ў Сан-Францыска. Калі гэты план не выгараў, яна выказала сваю згоду вызваліць нас ад усякіх турбот гарадской гаспадаркі і зрабіцца чымсьці накшталт нашага major dom'а за прыстойнае ўзнагароджанне. І г.д. І г.д. Сутнасць у тым, што справы ў старой кепскія, фермы закладзены і перазакладзены, а пажыць на старасці яшчэ хочацца. У лесе, сярод ваўкоў, якое ж жыццё!

Не ў першы раз ужо трапляецца мне ў Штатах гэты тып старой, перапоўненай жарсцю пажуіраваць на рэшткі дзён сваіх. Звычайна, калі чалавек старэе, цікавасць да жыцця ўвогуле і да яе матэрыяльных спакус у асаблівасці, слабее. З прычыны інстынктыўнага ўсведамлення блізкасці наканаванага зыходу, тленнасці і часовасці свайго Я, цэнтр цяжару жыццёвых інтарэсаў неяк міжвольна пераносіцца пад тымі ці іншымі формамі ў вялікае Цэлае, на збліжэнні, атаясамленні з якім чалавечага Я заснаваны ўсе рэлігіі, уся паэзія і філасофія. Самыя адчайныя эгаісты пачынаюць клапаціцца пра сваіх дзяцей, а з прычыны адсутнасці іх - пра іншых істот, якія патрабуюць клопату і апекі. Самыя адчайныя скептыкі і матэрыялісты пускаюцца ў містыцызм таго ці іншага роду. У тых і другіх нараджаецца патрэбнасць спакою, самоты, схільнасць да змястоўнага жыцця. Штаты ўяўляюць сабой дзяржаву, заснаваную на крайнім індывідуалізме. Пакаленне за пакаленнем вырасталі на прынцыпе everybody for himself and the devil take the hindmost, г. зн. кожны за сябе, а чорт ззаду ўсіх. Не дзіўна, што ў гэтай класічнай краіне індывідуалізму і эгаізму больш, чым дзе-небудзь знаходзяцца ў вялікай колькасці і крайнія ў гэтых адносінах тыпы, крайнія, паталагічныя эгаісты і індывідуалісты, якія застаюцца вернымі свайму прынцыпу на краі магілы. Нават на краі магілы ім няма справы ні да бліжняга, ні да чалавецтва ўвогуле; яны ігнаруюць сваіх уласных дзяцей, гледзячы на іх як на абузу. Яны цэнтр свету. І свет і чалавецтва існуюць для іх толькі настолькі, наколькі яны неабходны для іх асабістага задавальнення і забеспячэння. На паслугі і ахвяры з боку навакольных яны глядзяць як на штосьці натуральнае, ім належнае, абураюцца і раз'юшваюцца, калі сустракаюць адпор і адмову. Часцей за ўсё, хаця далёка не выключна, трапляюцца гэтыя тыпы паміж тутэйшымі багацеямі. Абапіраючыся на ўсёмагутнасць сваіх капіталаў, як грэцкая губка, як ракавая пухліна, усмоктваюць яны ў сябе ўсе пажыўныя сокі з навакольнага асяроддзя, без літасці, без жалю прыносяць ў ахвяру свайму пачварнаму эгаізму ўсё і ўсіх. Згрызоты сумлення ім невядомыя. Старасць іх не вылечвае, наадварот, тады якраз і разыходзяцца ва ўсю за задавальненнем сваіх жывёльных інстынктаў, купляючы ўсё, што можна купіць за грошы. А ў Штатах чаго толькі нельга купіць?!

Такі быў чыгуначны кароль Jay Gould, які нядаўна памёр, такі жалезаробчы кароль Carnegie, такія дзясяткі багацеяў, якіх мне давялося ведаць асабіста. Адзін з іх, і прытым, адзін з лепшых людзей сярод іх яшчэ нядаўна паставіў мяне зусім у тупік такога кшталту фразай:

- Дзіўны вы народ - рускія. Куды ні глянь, усюды ў вас прынцып. Зусім як дзеці! Здаецца ж ясна, як дзень, што на свеце ёсць толькі адзін прынцып: "Колькі?!"

На жаль, на гэтай маралі выхоўваецца ўвесь народ. Гэта галоўная і самая істотная струна народнага жыцця. Астатняе - адна крывадушнасць.

Нішто не новае пад месяцам. Эгаістычныя пачвары вядомыя былі ва ўсе часы і ва ўсіх народаў. "Вось хоць бы рускія Разуванавы", - скажа чытач. Так, вядома; але пытанне тут, так бы мовіць, у ступені развіцця. Я сцвярджаю толькі, што ў Штатах гэты тып занадта ўжо ўзялі і ўшыркі і ўглыб, г. зн., з аднаго боку, занадта ўжо шмат яго развялося, столькі развялося, што разуванаўшчына зрабілася адным з істотных элементаў нацыянальнага характару. З другога боку, ён пайшоў у глыбіню, удасканаліўся да абсурду. Рускі кулак у самым горшым выпадку з маленькай заганай, з ахілесавай пятой, яго яшчэ можна зразумець, калі ўзяцца ўмеючы. Ён, па-першае, далёка не займае першынствуючага грамадскага становішча і таму ўразлівы з боку славалюбства. Багацей амерыканец з прычыны свайго багацця, eo ipso, ужо стаіць на самых вярхах сацыяльнага слоя; ён ўжо арыстакрат, магутны магнат, кароль, які ўсімі абагаўляецца і ў руках якога канцэнтраваны ўсе палітычныя і эканамічныя атрыбуты ўлады, усе юпітэраўскія перуны. Затым рускі кулак можа быць рэлігійным і ва ўсякім разе не далёкі ад царквы. Амерыканскага big-bug (буйная казюрка), як іх тут называюць, і на гэтым не проймеш. Ён ведае і прызнае толькі арыфметыку: "Колькі?" Так, калі б бабульцы Маркел - мільёнчык, другі, яна б дала яшчэ сябе адчуць. На шчасце, бадлівым каровам не заўсёды Бог рогі дае.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Афрасіньня, Офрасіньня ці Ефрасіньня: шукаем адказ разам з Сяргеем Тарасавым

Землякам Сяргея Васільевіча Тарасава пашанцавала: яны першыя ўбачылі ПЕРШЫ асобнік яго новай кнігі, прысвечанай асветніцы і заступніцы зямлі Полацкай - Ефрасіньні. Ці Афрасіньні? А можа Офрасіньні? У назве кнігі "Ефрасіньня, Офросіньня, Афрасіньня, яе час - яе крыж" тры імені ідуць адзін за адным. Чаму аўтар паставіў пад сумнеў імя Ефрасіньня? Пра гэта распавядаў Сяргей Васільевіч падчас сустрэчы, якую ладзіла грамадскае аб'яднанне "Беларуская жаночая ліга", арганізацыя, якая доўгі час займаецца вывучэннем жыцця вядомых беларусак, якія ўнеслі свой уклад ў грамадска-палітычнае жыццё Беларусі, але доўгі час гэтыя імёны былі вядомы толькі гісторыкам.

Ва ўводзінах, якія аўтар, як прызнаецца, пісаў не адразу, бо ў навукоўцаў ёсць правіла: пакуль працу не зробіш - уводзіны не пішаш, Сяргей Тарасаў напісаў: "Паўтарыць яе шлях немагчыма. Паўстаць з Ёй можна толькі побач. З вераю і шчырымі думкамі яна здолела не проста пражыць зямное жыццё, але і застацца ў гісторыі і вечнасці."

Аўтар прызнаецца, што яго не адпускае адна думка: "Усё сваё жыццё зямное, па смерці і ў надзеі на вечнае яна спланавала і ажыццявіла сама. У маленькім, амаль дзіцячым целе, трымаўся такі моцны дух, што падобных прыкладаў і на сёння няма!"

Пераказваць доказы аўтара твора, які ён рыхтаваў больш за два гады - справа няўдзячная і проста немагчымая, таму зацікаўленым асобам знаёмства з гэтым выданнем будзе вельмі карысным і пазнавальным. І не толькі таму, што ён паставіў пад сумнеў імя Ефрасінньня, а і таму, што кніга багатая і на іншыя гістарычныя цікавінкі, бо аўтар, як кажуць, абмацаў у Полацку кожны каменьчык, як археолаг, і ведае да драбніц гісторыю месца, дзе ён нарадзіўся.

А арганізатар сустрэчы, кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, акрамя сухіх гістарычных звестак пра вядомых беларусак, вырашыла "ажывіць" іх праз тэатралізацыю, і рэжысёрка Людмілы Клінцова ўвасобіла вобраз самай знакамітай жанчыны Беларусі, які суправаджаўся цудоўнымі відэакадрамі пра Полацкую Сафію.

Падчас гэтай сустрэчы жанчыны ўзгадалі шмат цікавых ініцыятываў, якія здзейснілі беларускія жанчыны за апошнія некалькі год: пра дабрачынныя справы наваполацкіх прафсаюзных актывістак гаварыла Ніна Турчына, экскурсавод Ларыса Паўлаўна Яцкова, па ініцыятыве якой і яе сябровак у мясцовым музеі распрацавалі асобную экскурсію аб знакамітых навапалачанках, якія ўжо сёння - гісторыя горада.

Пра гэта давялося распавядаць і мне асабіста, як аўтару і удзельніцы жаночых ініцыятываў, бо гісторыя кожнага куточка нашай зямлі - вялікая скарбніца, якая адчынена толькі часткова. А што тычыцца жаночага ўнёску ў справы краіны, то тут працаваць не толькі гісторыкам у архівах, але і мясцовым краязнаўцам. Тэма багатая, вартая, цікавая.

Увогуле, калі быць амаль аб'ектыўным - жаночы ўнёсак у розныя сферы нашага жыцця, бадай, самы важкі. Але гендэрная тэматыка, аб чым гаварыла мадэратар сустрэчы, псіхолаг Таццяна Трафімава, пакуль яшчэ на ўзроўні навучання, як у першым класе.

Падчас сустрэчы прагучала нямала цікавых прапаноў пра тое, як жанчыны могуць уплываць на вырашэнне шматлікіх праблемаў і як, у сувязі з гэтым, могуць "працаваць" жыццёвыя гісторыі нашых папярэдніц.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Часлава Петрашкевіч

***

Радзіма. Немаўлятак шчыра

Пялюшкай неба спавіла,

Як маці, да грудзей туліла

І ў кожным часе берагла.


Слязінку смутку асушала,

Трымаць вучыла годна стаць,

Саломкі мякка падсцілала,

Калі хацелася лятаць.


З удзячнасцю за ўсё, што мела

Я ад цябе ў зямным жыцці,

Радзіма, на тваім узмежку

Дазволь рамонкам прарасці.

Такое яно, жыццё

Замалёўка

Прыкрыю вочы - водар сена бярэ ў палон. З канца вёскі падымаецца воблака пылу - каровы паціху брыдуць дадому пасля спякотнага дня, і вось ужо звонка цурчаць у даёнку з-пад маміных рук струменьчыкі сырадою.

Здаля, ледзь чутна, а потым шырэй, шырэй нарастае перазвон, уперамешку з тапатаннем капытоў - Юзік і Ян гоняць коней у начное.

І зноў ціша, супакой над засынаючай вёскай. Ад ракі цягне дымком з пахам печанай бульбы ды цыкаюць раз-пораз коні. Нейкае пачуццё абароненасці і прадчування там, за бліжнім гарызонтам.

Расплюшчу вочы - той жа цёплы водар Радзімы, толькі без паху сена. Падслепаватыя пустыя ваканіцы бяздушна глядзяць услед, калі міма, міма - і сюды на пагост. Амаль ўсе свае тут. Роўныя радочкі могілак без агароджаў. Некалі мама была супраць: "... жылі вёскай, як адной сям'ёй. Ад каго гарадзіцца? Як жылі, так і ляжаць будзем".

Размаўляеш з бацькамі, сваякамі, аднавяскоўцамі цяпер ўжо ў думках. І толькі восеньскія Дзяды ўносяць у гэты вечны спакой свой расклад - жывыя з усіх куточкаў з'язджаюцца сюды, да сваіх каранёў, каб схіліць галаву перад памяццю.

Такое яно, жыццё…

Верхнядзвінск, творчая гасцёўня ТБМ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX