Папярэдняя старонка: 2021

№ 20 (1535) 


Дадана: 19-05-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1535), 19 траўня 2021 г.

Аднаўленне касцёла ў Будславе - справа ўсёй Беларусі і ўсіх беларусаў

На аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) сабрана 330.033 рублі, сведчаць звесткі на парафіяльным сайце. Акрамя гэтага, у межах кампаніі па зборы сродкаў на аднаўленне нацыянальнага санктуарыя, запушчанай беларускай супольнасцю ў Польшчы на інтэрнэт-платформе zrzutka.pl, сабрана 4.611 злотых (1.236 даляраў). Ініцыятары паставілі мэту сабраць 30 тыс. злотых (прыблізна 8 тыс. долараў). Кампанія завяршаецца праз тыдзень. Тэлеграм-канал "Адновім Будслаў разам!", створаны для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў здарэння, паведамляе, што 12 траўня быў атрыманы дазвол на разбор рэшткаў даху. Да наступнага дня ўнутры касцёла разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вуглі, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, прынялі меры для прасушкі аргана. 14 траўня ў касцёле ўсталявалі кантролеры вільгаці, 15 траўня - ачысцілі дах ад буйнога смецця, ачысцілі тэрыторыю побач з касцёлам ад попелу, вуглёў і тэхнічнага смецця, выставілі дадатковыя агароджы.

Як паведамлялася, 11 траўня ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абрынуўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці. 12 траўня паводле вынікаў экстраннай нарады пры курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі была створана спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Камісію ў складзе васьмі асоб узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі. У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў "сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай".

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 траўня пасля наведвання фермерскага экарынка ў гандлёвым комплексе "Валяр'янава" (Менскі раён) даручыў дапамагчы ў аднаўленні будслаўскага касцёла. "Не трэба тут спяшацца, нават спецыялісты кажуць, - заявіў ён. - Дапамагчы трэба: разабраць там, гэтыя работы… Але спецыялісты хай вызначацца, абследуюць, што трэба зрабіць...

... Я не думаю, што там шалёныя аб'ёмы работ будуць. Дах адновім, унутры прывядзём у парадак. Таму ты мусіш назіраць, і калі спецыялісты зробяць выснову, што і як, потым паведаміш, і падумаем, як зрабіць", - звярнуўся А. Лукашэнка да старшыні Менаблвыканкама Аляксандра Турчына.

belapan.by.

Беларускай бібліятэцы ў Лондане - 50 гадоў

Гэта ўнікальны архіў, між іншым, беларускай літаратуры і перыёдыкі беларускай дыяспары цэлага свету.

15 траўня споўнілася 50 гадоў ад афіцыйнага адкрыцця ўнікальнага месца - Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Гэта культурніцкі асяродак, які выконвае шмат іншых функцый. Вядзе выдавецкую дзейнасць, ладзіць навуковыя і культурніцкія сустрэчы. Яшчэ ў 1979 г. бібліятэка атрымала статус "незалежнай навукова-харытатыўнай установы". Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх уніяцкіх святароў Часлава Сіповіча і Льва Гарошкі, якія пераехалі ў Вялікабрытанію пасля Другой сусветнай вайны і апекаваліся духоўнымі патрэбамі беларусаў у Вялікабрытаніі. Бібліятэка таксама з'яўляецца велізарнай заслугай айца Аляксандра Надсана, які памёр у 2015 годзе, расказвае член Бібліятэчнай рады Яраслаў Крывой.

- Гэта яны ўнеслі найбольшы ўнёсак у развіццё бібліятэкі. Акрамя таго, шэраг навукоўцаў беларускага і замежнага паходжання, напрыклад, брытанскага, таксама бралі актыўны ўдзел у развіцці бібліятэкі. Але тых людзей, якія памятаюць заснаванне бібліятэкі, засталося не так шмат. Беларуская бібліятэка і музей Скарыны з'яўляюцца ўнікальнай установай, якая захоўвае самую багатую калекцыю кніг, архіваў і перыядычных выданняў пра Беларусь, выдадзеных за яе межамі. У Бібліятэцы ёсць каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі "Царствы" Ф. Скарыны, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Куцейне, Вільні і Супраслі, першадрукі зборнікаў М. Багдановіча, К. Буйло, М. Гарэцкага, Я. Купалы, М. Танка, Ядвігіна Ш. і іншых беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў А. Гваньіні, А. Каяловіча і інш., творы эмігранцкіх аўтараў. У калекцыі рукапісаў аўтографы Я. Коласа, Я. Купалы (паэма "Курган"), 24 старабеларускамоўныя дакументы 1499-1682 гг. ...

polskieradio.pl.

Дарыў дзецям роднае слова

110 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, класік беларускай дзіцячай літаратуры Васіль Вітка нарадзіўся 16 траўня 1911 года ў вёсцы Еўлічы на Случчыне. Сапраўднае яго прозвішча Цімох Крысько. Паходзіў творца з сялянскай сям'і. бацька быў ваенным фельчарам, шукаў заробку ў Сібіры, працаваў рознарабочым на чыгунцы. З 1912 года сям'я жыла ў Омску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917-га маці разам з дзецьмі вярнулася ў родную вёску Еўлічы. Пазней вярнуўся з фронту і бацька. Скончыўшы ў вёсцы тры класы, Цімох як выдатнік здаў экзамены экстэрнам за чацвёрты ў суседняй сямігодцы, аднак вучыцца далей не было грошай. Сам навучаў малалетніх дзяцей за харчы і невялікую прыплату. Навучаўся кавальскай працы ў кузні суседа. У 1928 годзе скончыў Слуцкую прафесійную школу, пасля працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Потым была журналісцкая праца ў заводскай шматтыражцы, рэдакцыях розных газет - бабруйскага "Камуніста", жлобінскага "Ударніка", у сталічных "Чырвонай змене", "Літаратуры і мастацтве", часопісе "Полымя рэвалюцыі". У Бабруйску Вітка пазнаёміўся з пісьменнікам Міхасём Лыньковым, што істотна паўплывала на далейшы лёс маладога пісьменніка. Васіль Вітка ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Перад Другой сусветнай вайной працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. З прыходам вайны на беларускую зямлю працаваў у рэдакцыі газеты "Савецкая Беларусь", а з 1942 года - у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, быў рэдактарам масавых выданняў для акупаваных раёнаў. Супрацаваў з сатырычнымі часопісамі "Партызанская дубінка" і "Раздавім фашысцкую гадзіну". З дня ўтварэння часопіса "Беларусь" (студзень 1944 года) Васіль Вітка працаваў яго адказным сакратаром, з 1948-га - намеснікам, з 1951-га - галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва". У 1957-74 гадах - галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка". У 1974-87 гадах быў сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі "Беларусьфільм". Друкавацца Васіль Вітка пачаў у 1928-ым годзе. Першы зборнік вершаў "Гартаванне" выйшаў у 1944-ым у Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі "Поўдзень", "Вернасць", "Ружа і штык", "Паверка", "Вершы", "Беларуская калыханка", "Праводзіны лета", "Вышыні святла", "Случчына", "Трэція пеўні", зборнік сатыры і гумару "Для дома, для альбома і трохі для эпохі". Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак "Вавёрчына гора", "Буслінае лета", "Казка пра цара Зубра", "Дударык", "Азбука Васі Вясёлкіна", "Казкі", "Чытанка-маляванка", "Хто памагае сонцу", "Ладачкі-ладкі", "Мы будуем метро", "Мінскія балады", "Казкі і краскі", "Госці", "Загадка пра зярнятка", "Дзецям" (выбраныя творы ў дзвюх кнігах), "Свята дружбы", зборнік апавяданняў "Зайчык-вадалаз". У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў двух тамах. Вітка - аўтар п'есаў "Прамень будучыні", "Шчасце паэта", прысвечанай Янку Купалу. Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на этычныя і выхаваўчыя тэмы. Васіль Вітка ведамы таксама як перакладчык. У 1977-ым выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў "Дзеці і мы", у 1982-ім - кнігу "Урокі", у 1988-ым - "Азбука душы". Адзін з аўтараў чытанак "Роднае слова" для першага, другога і трэцяга класаў. У 1991 годзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Паводле ўспамінаў унучкі, Юліі Чарняўскай, пасля незаконнага рэферэндума 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую. Васіль Вітка напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання, беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Памёр Васіль Вітка 5 ліпеня 1997 года ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя.

Як без прымусу вярнуць беларускую мову

14 траўня 1995 года ў Беларусі адбыўся рэферэндум, у выніку якога змянілася дзяржаўная сімволіка, а беларуская мова перастала быць адзінай дзяржаўнай. Гісторык і даследчыца моўнай палітыкі Алена Маркава расказвае пра тое, як у будучыні можна будзе выправіць маргіналізацыю беларускай мовы, якая працягваецца апошнія 26 гадоў.

- Ці былі ў 1990-я гады пратэсты супраць беларускай мовы і сімвалаў?

- Сітуацыя была абсалютна адваротная. Былі калектыўныя лісты, але ў падтрымку беларускай мовы. Гэта была вельмі масавая з'ява. Рабочыя калектывы пісалі лісты за беларускую мову. Не было пратэстаў, мітынгаў супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Была масавая хваля прыняцця нацыянальнай мовы як адзінай дзяржаўнай. Мова была знакам новага жыцця.

- Ці навязвалася беларуская мова ў 1990-я?

- Заканадаўствам прадугледжваўся паступовы пераход. Былі прадугледжаны моўныя курсы і г.д. Гэта было без прымусу. Былі акрэслены меры для плаўнага пераходу. Перш, чым прыняць беларускую мову як адзіную дзяржаўную, урад спытаўся ў грамадзян. Лісты ў падтрымку беларускай мовы пісалі нават рускія ў Беларусі.

- Чаму тады ўзнікла ідэя рэферэндуму?

- Гэта тлумачыцца настроем пэўнага кола чыноўнікаў, якія заўсёды апелявалі да савецкіх традыцый. І калі ўзнікла магчымасць, то быў арганізаваны рэферэндум. Ініцыятыва паходзіла ад іх, а не ад грамадзян. Пры тым, што працэс пераходу на беларускую мову адбываўся спакойна. Не было ніякіх з'яваў, якія б сведчылі аб тым, што чынавенства рэагуе на сігналы знізу.

- Як павінна выпраўляцца праблема беларускай мовы ў будучыні?

- Калі адбудуцца перамены, то многія могуць запярэчыць: а навошта вы гаворыце пра мову, давайце займацца эканомікай або геапалітыкай. Але не існуе такога паняцця, што пра мову гаварыць рана ці позна. Наша мова цяпер у крытычным стане. Беларускую мову неабходна абвясціць адзінай дзяржаўнай мовай. Яе статус павінен быць прыярытэтны. Інакш мы нічым не будзем адрознівацца ад суседзяў. Наш распазнавальны знак - мова, і мы павінны яе культываваць.

- Навошта чапляцца за адну мову, калі свет стаў глабальным?

- Калі мы паглядзім на іншыя краіны ў Еўропе, то тыя ж шведы, якія часта гавораць па-ангельску лепш, чым хто заўгодна, культывуюць сваю нацыянальную мову і падтрымліваюць яе на ўсіх узроўнях. Мы яшчэ не саспелі да таго, каб адмаўляцца ад сваіх моваў.

- Ці падтрымаюць сёння беларусы статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай?

- За гады русіфікацыі, калі беларуская мова негалосна была на другаснай пазіцыі, або трэцяй ці чацвёртай, вырасла пакаленне, якое не мае адносінаў да беларускай мовы. Яны не разумеюць, навошта ім беларуская, калі можна размаўляць па-расейску. Гэта пытанне да тых людзей, якія падтрымліваюць сёння перамены. Ці падтрымаюць яны і новую мову, як адзіную дзяржаўную?

- Ці прымальная прапанова дзвюхмоўя з разлікам у будучыні перайсці на адзіную беларускую?

- Пытанне: а калі той светлы момант надыдзе? Тут існуе небяспека, што гэта будзе адкладацца на пазней - маўляў, а цяпер эканоміка, або палітыка. А мова, можа, некалі пазней. Гэта нібыта кампраміс, але не зразумела, калі будзе адпаведны час. Пры любых абставінах беларуская мова павінна мець прыярытэтны статус.

- Як можна на практыцы пашыраць ужытак беларускай мовы?

- Пачынаць трэба ад пашырэння прэстыжу мовы. Не толькі на сімвалічных узроўнях. Калі вышэйшыя слаі, палітыкі, дзяржаўныя дзеячы пачнуць размаўляць па-беларуску, гэта ўжо будзе адзін з першых сігналаў, што гэта мова прэстыжнай сацыяльнай камунікацыі.

Далей дзяржаўныя СМІ павінны пераходзіць на беларускую. А камерцыйныя СМІ пасля будуць рэагаваць на попыт.

Важна прасоўваць нацыянальную мову на адукацыйным узроўні. Гэта павінна быць без прымусу - дзякуючы дзяржаўным прэферэнцыям.

- Хто павінен усім гэтым займацца?

- Гэты працэс будзе маштабным. Будзе неабходна стварыць хаця б часовую камісію па нацыянальных пытаннях, якая будзе каардынаваць гэтыя дзеянні і кант-раляваць гэтыя мерапрыемствы.

- Ці павінна моўнае пытанне выносіцца на новы рэферэндум?

- Такія пытанні не могуць выносіцца на рэферэндум. Нельга паўтарыць памылкі 1995 года. Немагчыма выносіць на галасаванне рэчы, якія ёсць часткай нацыянальна-гістарычнай адметнасці. Я лічу, што рэферэндуму быць не павінна.

Гэта павінна быць у пакеце новых пераменаў, якія будуць прыняты. Бо потым можа быць позна. Пасля можа не быць месца на гэтыя пытанні.

Калі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай будзе прыняты, то трэба выкарыстоўваць досвед іншых дзяржаў, каб рабіць гэта найлепшым чынам. Тут справа не ў тым, што нехта будзе прымушаць людзей гаварыць на адной мове. Павінен быць паступовы графік пераходу, з курсамі, каб гэта не было прымусова. Так, як было ў нас да 1995 года. Гэтыя механізмы і трэба выкарыстоўваць.

- Колькі патрэбна часу на вяртанне беларускай мовы ва ўжытак?

- Як паказвае досвед беларусізацыі 1920-х або 1990-х, неабходна трохі больш, чым 5 год, каб гэта было паспяхова. Трэба, каб гэтая палітыка пачала самапрадукавацца, каб яна ўкаранілася настолькі, каб не было патрэбы абапірацца на падтрымку зверху. Прынамсі 6-7 год такое павінна працягвацца, каб гэтыя меры далі плён. Хутка гэта не адбудзецца. Трэба доўга, старанна і асцярожна працаваць, каб гэта не выклікала адпрэчвання. Таму трэба больш часу.

Гутарыў Дзмітры Гурневіч.

Міжнародны конкурс названы ў гонар хормайстра, лекара і святара ў адной асобе

14-16 траўня на Беларусі ў дыстанцыйным фармаце праводзіўся I Міжнародны харавы конкурс імя В.У. Роўды, прымеркаваны да 100-годдзя гэтага выбітнага дзеяча беларускага харавога мастацтва. Конкурс накіраваны на папулярызацыю харавога мастацтва і ўдасканаленне выканаўчага майстэрства харавых калектываў з розных краін.

Удзел у конкурсе стаў магчымасцю выканаць харавое сачыненне беларускага кампазітара, беларускія народныя песні ці творы замежных кампазітараў, атрымаць адзнаку і рэкамендацыю ад журы - вядомых майстроў харавога мастацтва.

У лістападзе 2021 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктара Уладзіміравіча Роўды.

Віктар Роўда служыў харавой справе і бачыў у гэтым сэнс свайго жыцця. Віктар Уладзіміравіч атрымаў музычную адукацыю ў Літоўскай кансерваторыі, а таксама скончыў духоўную семінарыю і медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта па спецыяльнасці "хірург". Маэстра не аднойчы прызнаваўся, што ён лекар, святар і артыст у адной асобе. Пазней Віктар Роўда скончыў аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі і вучыўся ў выдатнага харавога дырыжора Аляксандра Васільевіча Свешнікава.

Усю творчую энергію, веды, вопыт Віктар Уладзіміравіч Роўда накіроўваў на тое, каб хоры сталі высокапрафесійнымі калектывамі, атрымалі папулярнасць у Беларусі і за межамі. Хормайстару былі ўласцівыя ўдумлівае стаўленне да музычных твораў, імкненне да высокай якасці шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя музычных твораў. Таксама Віктар Роўда з'яўляўся выдатным інтэрпрэтатарам літургічнай музыкі.

З 1975 года прафесар Роўда быў мастацкім кіраўніком канцэртнага хору Беларускай акадэміі музыкі. За гэты час ім было падрыхтавана больш за 800 хормайстраў. Віктар Роўда шчодра дзяліўся сваімі ведамі з вучнямі. Сёння сотні яго вучняў кіруюць царкоўнымі і прафесійнымі харавымі калектывамі, спяваюць і выкладаюць музыку і спевы дзецям.

Віктар Уладзіміравіч казаў, што каханне і агонь па сваёй сутнасці сінонімы - так было ў яго жыцці. Ён горача любіў дырыжыраванне, сваю працу, студэнтаў, родную Смаргонь, жонку.

Прафесар Роўда сустракаўся з Свяцейшым Патрыярхам Алексіем II, з Папам Рымскім Янам Паўлам II, з англійскай каралевай Елізаветай II.

Віктар Роўда адышоў у вечнасць 18 лістапада 2007 года, маэстра пахаваны на Усходніх могілках у Менску. На яго надмагіллі напісана: "Спявайце Богу майму, спявайце!"

Эла Дзвінская.

На фота аўтара: 1. Віктар Роўда; 2. Харавы калектыў "Імправізацыя", удзельнік I Міжнароднага харавога конкурсу.

Родныя набліжалі Дзень Перамогі

"Пакуль і мы,

і ўнукі будзем жыць,

Нам тыя дні і ночы не забыць".

Міхаіл Ясень.

Успамінае Сяргей Іванавіч Законнікаў:

- Мой бацька Іван Законнікаў быў зенітчыкам. Ён ваяваў на Украіне, а пасля Перамогі вярнуўся на Беларусь. Бацькі пазнаёміліся яшчэ да вайны. Мама, Валянціна Фёдараўна, была сувязной партызанскага атрада, а затым знаходзілася ў атрадах, якія дзейнічалі ва Ушацкім, Бешанковіцкім і Лепельскім раёнах.

Мой старэйшы брат Міхась нарадзіўся ў 1942 годзе. Як толькі матуля скончыла карміць яго грудзьмі, ён застаўся на руках бабулі, якая яго даглядала, а мама пайшла ў партызанскі атрад. Пазней ёй давялося перажыць партызанскую блакаду ля возера Палік у Барысаўскім раёне. Яны былі ў акружэнні, сядзелі ў багне, у твані, адтуль мама выйшла зусім хворая. Пасля вайны мама працавала настаўніцай ў Глыбачцы Вушацкага раёна Віцебскай вобласці, дзе прайшло маё дзяцінства.

Успамінамі падзяліўся пісьменнік Эрнест Васільевіч Ялугін:

- Мой бацька Васіль служыў артылерыстам. Ён быў пакліканы ў войска яшчэ за некалькі месяцаў да пачатку вайны будаваць Берасцейскія ўмацаванні. Яму ўдалося выжыць, ён вярнуўся праз год пасля вайны, бо быў афіцэрам і год даслужваў, рыхтуючы артылерыйскія кадры.

У 1945 годзе мы з маці жылі на вёсцы ў дзедавай хаце, куды мама здолела з трыма дзецьмі перайсці з Дуброўна.

У вясновы час я знайшоў гранату і засунуў яе пад шуло. Пачуўся выбух, я быў паранены асколкам, аглушаны і кантужаны, да мяне прыязджаў вайсковы ўрач. І вось 9 траўня з сельсавета перадалі радасную навіну, што надышла Перамога над фашысцкай Германіяй! Я выбраўся з хаты на вуліцу, з перабінтаванымі кульцямі, у сваіх бінтах, і цешыўся радаснай навіной разам з усімі!

Падчас працы над аповесцю "Мсціслаўцаў посах" я падымаў вялікі гістарычны матэрыял, перачытваў Біблію. І зараз шмат разважаю над тэкстамі Старога Запавета і пішу на гэтую тэму.

Успамінае пісьменнік Віктар Філімонавіч Карамазаў:

- У час Вялікай Айчыннай вайны я жыў з бацькамі ў Чувашыі, Татарстане, Ульянаўскай вобласці. Ва Ульянаўскай вобласці мы трапілі пад бамбёжку, я згубіўся, і бацька мяне знайшоў на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады і міны. Я патрапіў у інтэрнат для беспрытульных дзяцей. Нас апраналі ў салдацкія неданоскі і кармілі... 9 траўня я сустрэў у родным Крычаве.

Усю гэтую зіму я працаваў за друкарскай машынкай. Абыходзіў тэрыторыю парку і вяртаўся дадому. Спадзяюся, калі нешта прасвятлее ў грамадскім жыцці, тады спытаюць, а што ты зрабіў? Я застаюся верным сваім ідэалам у літаратуры і мастацтве, пішу пра лёсы беларускіх мастакоў.

Гаворыць Іраіда Шмакава, фельчар:

- Мы сустрэлі Перамогу з нашым вайсковым шпіталём у Барысаве. Я нарадзілася ў Бранску, скончыла сямігодку, а пасля яе - медыцынскую вучэльню. Апынулася на службе ў вайсковым шпіталі, які з Казані перадыслакавалі на Волхаўскі фронт. Там ішлі цяжкія баі. 849-ты артылерыйскі полк быў на самай перадавой. Мы рабілі перавязкі байцам, цяжка параненых перапраўлялі ў тыл. У мірны час я знаходзілася на розных работах, бо муж быў вайскоўцам.

Запісала Эла Дзвінская.

Група жыхароў з Магілёўшчыны здзейсніла вандроўку да наваградскіх сясцёр-пакутніц

10 і 11 траўня 2021 года, у святочна-памятныя дні, група вернікаў з Магілёўшчыны (Магілёў, Мсціслаў, Шклоў) здзейснілі вандроўку-паломніцтва ў горад Наваградак, дзе маліліся і выказвалі ўдзячнасць дабраслаўлёным сёстрам-манахіням за складзеную ахвяру.

Асноўная група паломнікаў - гэта вернікі-католікі. Таксама ў паломніцве ўдзельнічалі і асобныя праваслаўныя вернікі. Арганізатарам і кіраўніком вандроўкі быў ксёндз-пробашч Шклоўскага касцёла Пятра і Паўла Міхал Бубен. На пачатку вандроўкі, разважаючы над тэмай пакутніцтва сясцёр з Наварадка, святар адзначыў, што іх рашэнне аддаць жыццё за бліжніх не было мімалётным імпульсам, але вынікала з моцнага малітоўнага фундамента, які дазваляе рабіць адважныя крокі.

- Так і мы падчас шляху будзем загартоўваць нашу веру, каб з яе дапамогай прымаць мудрыя і смелыя рашэнні ў сваёй паўсядзённасці, - падкрэсліў ксёндз Міхал.

Непасрэдна ў Наваградку ў фарным касцёле для магілёўскіх вернікаў была адпраўлена ўрачыстая Святая Імша на ўспамін 11 Дабраславёных сясцёр-пакутніц, якую ўзначаліў ксёндз Міхал Бубен. Потым усе прысутныя ўшанавалі рэліквіі Дабраславёных.

У гэты ж дзень магілёўскія вернікі азнаёміліся з кляштарам манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта (назаратанкі) і іншымі памятнымі мясцінамі старажытнага Наваградка. Гэты беларускі горад прайшоў шлях ад пасёлка дрыгавічоў, які ўзнік у X ст., гандлёва-рамеснага паселішча і цэнтра воласці XI ст. да пабудаванага на пачатку XII ст. гарадзенскім князем Усеваладам Яраславічам горада. Будаўніцтва новага ўмацаванага цэнтра ў першай палове XII ст. было здзейснена на Замкавым узвышшы, ён ахопліваў сённяшнія Малы замак і Замкавую гару. Завяршылася паломніцтва супольнай малітвай у Батароўскім лесе на месцы пакутніцкай смерці сясцёр.

Таксама магілёўскія вернікі наведалі Дом Святой Тройцы ў Баранавічах. Тут, у капліцы, адбылася імша, сяброўская вячэра, а потым пілігрымы ўладкаваліся на адпачынак. На наступны дзень адбылася сустрэча ў рэдакцыі культурна-рэлігійнага часопіса "Дыялог" і агляд музейнай экспазіцыі "Дарогаю Бібліі". Музейная экспазіцыя прадстаўлена мноствам розных экспанатаў, якія знаёмяць з біблейскім светам, даюць магчымасць зразумець эпоху і ўмовы, у якіх стваралася самая асноўная кніга - Біблія. Разнастайныя экспанаты дапаўняюць вялікае мноства фотаздымкаў са Святой Зямлі, якія зроблены святаром і фотамайстрам Карнеліем Конекам. Гэтыя культурна-асветніцкія асяродкі ўтульна размясціліся ў будынку баранавіцкага Дома Святой Тройцы.

На шляху падарожжа магілёўскія паломнікі таксама рабілі прыпынкі каля Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Звычайна нашая штодзённасць складаецца з манатонных і руцінных спраў. Менавіта такія вандроўкі дапамагаюць нам вырвацца з гэтай руціны. Дакрануўшыся да святых і культурна-асветніцкіх мясцін, такія падарожжы дапамагаюць яшчэ больш пазнаць сваю Радзіму, сутнасць храсціянскай веры. Шчыры дзякуй усім, хто спрыяў нашаму падарожжу і асабліва ксяндзу-пробашчу Шклоўскага касцёла Пятра і Паўла Міхалу Бубену.

Гістарычная даведка: У ліпені 1943 г. у Наваградку было арыштавана каля 120 мужчын, будучы сумны лёс якіх не выклікаў у людзей сумневаў. Настаяцельніца супольнасці сясцёр назаратанак сказала тады кс. Аляксандру Зянкевічу, адзінаму ацалеламу ў акрузе святару: "Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем'і". 1 жніўня ў лесе за горадам манахіні былі расстраляны, а мужчыны вярнуліся ў свае сем'і. Пасля вайны 19 красавіка 1945 г. целы сясцёр-пакутніц былі перанесены і пахаваны каля Белай Фары ў Наваградку. 27 верасня 1991 г. іх рэліквіі перанеслі ў склеп у бочнай капліцы касцёла. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назаратанак.

Алесь Грудзіна, удзельнік вандроўкі. Фота аўтара. На здымках: 1. Белая фара ў Наваградку; 2. Імшу адпраўляе Міхал Бубен; 3. Знак на месцы расстрэлу сясцёр-пакутніц; 4. Саркафаг з рэліквіямі сясцёр-пакутніц.

Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных

Да 160-годдзя з дня народзінаў і 90-годдзя з дня смерці (1.01.1861 - 29.04.1931)

Алесь Крой

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

22. Смаленск. У выданне "Беларусы" Я. Карскім уключана карта з навуковых меркаванняў. І хоць там шмат спрэчных пытанняў, асабліва пры параўнанні з картай другога буйнога вучонага-гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, але і яна была важкім аргументам у спрэчках вядомых вучоных, асабліва палітыкаў, калі на пачатку ХХ стагоддзя ў беларусаў з'явілася магчымасць аднавіць сваю дзяржаўнасць. Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі (брат Максіма Гарэцкага) згадваў, што Аляксандр Чарвякоў у Смаленску заўсёды насіў пры сабе карту Карскага, складзеную ў колькі разоў, захоўваў у бакавой кішэні. Як толькі здаралася якая спрэчка з расійскімі палітыкамі, дык ён - за мапу: "Вось глядзіце, тут чорным па белым пазначаны межы Беларусі! І не мною гэта прыдумана і зацверджана, а расійскімі вучонымі".

23. Петраград-Менск. У 1918 годзе ў петраградскай беларускамоўнай газеце "Дзянніца" № 38 (19.11.1918 г.) паведамляецца аб прызначэнні Я. Карскага начальнікам акругі народнай асветы ў Менску, пры начальніку акругі прызначана калегія, у склад якой ўвайшлі, акрамя прафесара Карскага, Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч. У Менскай газеце ў старой арфаграфіі "Белорусская Рада" № 3 1918 года за 23 студзеня (5 лютага) у артыкуле " Границы Белоруссіи" чытаем: " В момент, когда на мирных переговорах решается судьба оккупированных немцами областей, мы Белорусы обязаны заявить как немцам, считающим Виленскую и Гродненскую губернии Литвой, так и г.Троцкому, решившему говорить от имени нас, что они говорят и спорят о судьбе народа не зная кто он такой, каковы желания и где границы разселения Белорускаго племени. Исследователь и знаток Белорускаго края профессор Петроградского университета историк Карский следующим образом очерчивает площадь России, на коей живёт белорусское племя… (у артыкуле ідзе пералік геаграфічных абъектаў, у межах якіх жывуць беларусы. Безумоўна гэта ўзята ўсё з працаў Я. Карскага, магчыма і Доўнар-Запольскага.) … единственным защитником белорускаго народа, по вопросу о судьбе оккупированных областей должен быть специальный делегат от Совета Всебелорусскаго Съезда, который возможно скорее должен явиться в г. Брест…".

Паведамляецца ў гэтай газеце і пра разгон Усебеларускага з'езда: "В ночь с 17 на 18 декабря 1917 года первый всебелорусский съезд в городе Минске разогнан пьяной толпой большевитских солдат под предводительством пьяного же начальника гарнизона Кривошеик(н)а и председателя военно-революционного комитета Ланде(ра) за то, что вынес резолюцию о краевой белоруской власти. На заседание съезда были введены солдаты, пустившие в ход приклады. В зале участники съезда устроили баррикаду и в присутствии большевиков, преодолевавших ея, вынесли резолюцию о непризнании большевитской власти, выделили совет съезда, которому и поручили дальнейшую работу: арестовали 26 человек, в том числе одна девица. Просим телеграфно распоряжения товарища Троцкого о прекращении гонения на съезд и выражения порицания комиссарам западной области. Так самоопределяют народности большевики! 18 декабря 1917. Исполнительный комитет белорусской центральной войсковой рады, г. Минск".

24. Пецярбург-Менск-Ленінград. Да "нашаніўскай" пары была "шыпілаўская"- канец 1890-х і першае дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя, а для клерыкаў да 1918 года, як піша гарадзенскі даследчык-культуролаг Янка Трацяк. Лектар і бібліятэкар, паліглот (авалодаў больш як 20 мовамі) Браніслаў Эпімах-Шыпіла быў звяном, якое злучала рамантыкаў і народнікаў-дэмакратаў з новай хваляй свядомага нацыянальнага адраджэння да 1918 года, калі зачынілі духоўную акадэмію. (Я. Трацяк. Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі. Гродна. ГрДУ. 2013, с.179-181). У канцы 1912 г. ужо афіцыйна ў Пецярбургу быў зарэгістраваны ўніверсітэцкі літаратурна-навуковы гурток. Гурткоўцаў было шмат, толькі арганізацыйная рада складала каля 20 чалавек. Прыходзілі і чыталі лекцыі найлепшыя філолагі - акадэмік Аляксандр Шахматаў (яго родная сястра Масальская-Сурына мела на Беларусі маёнтак Глыбокае і напісала ўспаміны пра брата і сям'ю, машынапісная копія "Гісторыя з геаграфіяй" захоўваюцца ў Осла), Яўхім Карскі, Іван Бадуэн дэ Куртанэ, Аляксандр Пагодзін, Сямён Венгераў. Старастам гуртка быў студэнт Браніслаў Тарашкевіч. Выступалі з дакладамі па беларускай тэматыцы будучыя выдатныя беларускія дзеячы: Браніслаў Тарашкевіч, Рамуальд Зямкевіч, Антон Грыневіч, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Аркадзь Смоліч, Яўген Хлябцэвіч, заходзіў сюды і Янка Луцэвіч (Купала), прысвяціўшы сябрам гуртка свой верш "Прарок".

Піянер беларускага адраджэння, высокаадукаваны, рэлігійны Б. Эпімах-Шыпіла стварыў таксама з будучых святароў-беларусаў гурток і ў рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі, многія святары палюбілі мову і папулярызавалі яе паўсюль - у ліку першых былі Францішак Будзька, Адам Лісоўскі, Францішак Грынкевіч (пахаваны ў Гародні - працягваў справу Б. Эпімах-Шыпілы, з гуртка Ф. Грынкевіча - Зоська Верас, як і іншыя духоўныя дзеці і ўнукі Б. Эпімаха-Шыпілы сталі ўжо наступным звяном беларушчыны на Беларусі), Генрых Бэта, Адам Станкевіч, Янка Семашкевіч (Янка Быліна), Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк), Віктар Шутовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота і іншыя.

Беларускі менеджар культурнага адраджэння і першы беларускі акадэмік. Ужо немалады каардынатар-менеджар беларускіх гурткоў у Пецярбургу Браніслаў Эпімах-Шыпіла, амаль аднагодак Я. Карскага, вернецца на радзіму ў Менск у 1925 годзе, а з 1924 года стане правадзейным членам Інбелкульта (Я. Карскі быў членам Інбелкульта да 1924 года), як і Я. Карскі ахвяруе каля 5 тысяч кніг са сваёй бібліятэкі, толькі ўжо для Акадэміі навук. У 1930, як і Я. Карскі арыштаваны (ДПУ БССР, Я. Карскі другі раз арыштаваны ў Ленінградзе ў 1930), як і Я. Карскі пасля арышту 1919 года ў Менску праз кароткі час быў вымушаны з'ехаць ў Ленінград, дзе знайшоў апошні прытулак у 1934 годзе. Імя Браніслава Эпімаха-Шыпілы таксама патрабуе шырокай мемарыялізацыі на Беларусі. На радзіме - Полаччыне (Залессе) усталяваны вялікі валун з шыльдай, які нагадвае і абрысы Беларусі, як валун з шыльдай у Мігова Я. Карскаму. Выдатна! У Менску, на шыльдзе "Інбелкульта" таксама ўзгадваецца яго імя. А ці знойдуцца новыя беларускія менеджары, каб пакінуць пра Браніслава Эпімах-Шыпілу большую памяць у Полацку, Віцебску і Менску? Ён гэтага варты!

25. Ятра-Менск-Нежын (Украіна). Яўхім Карскі атрымаў пачатковую адукацыю ў народнай вучэльні в. Ятра. Потым у Яўхіма была Менская духоўная вучэльня і семінарыя, дзе ён насіў прозвішча Навіцкі. Перад апошнімі курсамі (класамі) семінарыі вырашыў паступіць у Нежынскі гістарычна-філалагічны інстытут (1881-1885). Калі б не атрымалася паступіць, мог вярнуцца. Пасля залічэння ў Нежынскі інстытут Яўхім Навіцкі вярнуў прозвішча па маці Карскі і з гэтым прозвішам пражыў усё астатняе жыццё. Усе яго браты і сёстры па маці з нараджэння насілі прозвішча Навіцкія.

26. Нежын (Украіна) - Менск. 26 снежня 1918 г. адбылося паседжанне ў Нежынскім гістарычна-філалагічным інстытуце (альма-матэр акадэміка), дзе большасцю галасоў абралі Яўхіма Карскага дырэктарам інстытута. У Нежыне ўсталявана шыльда ў памяць пра Яўхіма Карскага. А Я. Карскі восенню 1918 года быў у камандзіроўцы на Украіне (Нежын, Кіеў) потым з'ехаў з Украіны і займаўся арганізацыяй у Менску беларускага ўніверсітэта і на паседжанні ў Нежыне адсутнічаў. Галоўнай мэтай Я. Карскага ў Менску было адкрыццё БДУ! Жыў ён тады ў Менску на вул. Вясёлай, д. 27., кв. 3.

27. Ліверпуль-Брэст (Францыя). Старэйшы сын Яўген. Сувязі са старэйшым сынам мічманам Яўгенам верагодна перапыніліся ў 1918 годзе, як піша Аляксандр Карскі, яму пісаў у Ліверпуль бацька Я. Карскі, калі Яўген быў поўны рашучасці змагацца на баку Антанты і ў г. Брэст падаваў прашэнне аб прыёме яго на французскую вайсковую службу.

28. Петраград-Масква. Малодшы сын Сяргей служыў у Марскім Генеральным штабе ў Петраградзе, потым са штабам - у Маскве. У Маскве знайшла апошні прытулак Карская Сафія Мікалаеўна, яна памерла ва ўзросце 76 гадоў 8 лютага 1946 года. Пахавана жонка Я. Ф. Карскага ў Маскве, на 17 участку Галавінскіх могілак. Наталля Яўхімаўна Карская - дачка акадэміка Я. Карскага, возьме шлюб з менчуком Віктарам Баркоўскім, вучнем Я.Ф. Карскага, будучым акадэмікам, дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН СССР, які пайшоў з жыцця 26 снежня 1982 г. Наталля Яўхімаўна Баркоўская памерла ў 1981 г. Два дзесяцігоддзі Віктар Баркоўскі кіраваў кафедрамі ў Магілёве (1930-1932), Ноўгарадзе, Мікалаеве, Сімферопалі, Яраслаўлі, Львове (1946-1950). З 50-х гг. ХХ ст. В. Баркоўскі з сям'ёй жыў у Маскве. Менавіта, дзякуючы Карскаму Баркоўскі стаў філолагам, бо ён казаў, што Беларусі філолагі зараз вельмі патрэбны, хоць марыў Віктар Баркоўскі пра фізмат ці тэхнічную ВНУ. Атрымаўся добры вучоны і вядомы акадэмік. Падрыхтаваны том да перавыдання ў рамках працы Інстытута мовазнаўства АН БССР, а выдадзены АН СССР у Маскве ў 1955 г. тры часткі тома.

У падрыхтаваным томе "Беларусы" Інстытутам мовазнаўства АН БССР і выдадзеным ў Маскве ў 50-я гады В. Баркоўскі ў загалоўку і ў тэксце кнігі замяніў словы "белорусское племя, белорусское наречие" словамі "белорусский народ, белорусский язык". Замену гэтую ў сваёй прадмове Віктар Баркоўскі матывуе: "Карскі ў сваіх шматлікіх працах ужываў, побач з тэрмінамі белорусский народ, белорусский язык, западнорусский язык, тэрміны, якія ва ўмовах царскага рэжыму былі вымушанай уступкай афіцыйным колам, строгай цэнзуры: белорусское племя, белорусское наречие, западнорусское наречие. У новым выданні "Беларусаў" захоўваюцца толькі тыя назвы, каторыя паказваюць сапраўдны погляд самога аўтара, што горача любіў свой народ - беларусаў, што думаў аб часе, калі Беларусь будзе свабоднай і шчаслівай…"

(Працяг у наступным нумары.)

Новая сустрэча з "Жывым словам"

На адной са значных кніжных імпрэз гэтага года выступаў Народны літаратурны тэатр "Жывое слова". Рэжысёрам тэатра з'яўляецца Алесь Мойскі, які адзначыў 10 траўня свой дзень народзінаў.

"Жывое слова" - унікальная з'ява ў сучаснай студэнцкай творчасці і аматарскім тэатры. Гэта адзіны студэнцкі тэатр, які жыве выключна беларускай мовай. Спецыфіка тэатра - у працы з літаратурнымі тэкстамі, у развіцці ўменняў данесці мастацкае слова гледачам і слухачам. Выпускнікі тэатра сёння працуюць на радыё і тэлебачанні, у кіно і прафесійным тэатры, іх імёны вядомыя ў Беларусі і за мяжой.

Паэт, журналіст і мастацкі кіраўнік тэатра Алесь Мойскі нарадзіўся 10 траўня 1988 года ў Менску, вучыўся ў сярэдніх школах № 31 і № 178, скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М.Танка. Свой першы верш ён напісаў у 2004 годзе ў 16 гадоў. Падборкі вершаў і апавяданняў маладога аўтара друкаваліся ў часопісах "Маладосць", "Бярозка", а апавяданні змяшчаліся ў "ЛіМе". Алесь Мойскі быў удзельнікам Рэспубліканскіх творчых конкурсаў "Брама мар" і конкурсу "Дэбют" па тэме "Дзіцячых сэрцаў уладар", у межах магістарскай працы ён даследаваў паэзію Максіма Танка.

Тэатр "Жывое слова" быў створаны ў лістападзе 1966 года артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, выкладчыкам педагагічнага інстытута і акадэміі мастацтваў Андрэем Калядой. У 1977 годзе калектыў атрымаў званне народнага. Тэатр аб'ядноўвае студэнтаў з розных навучальных устаноў Менска. З 2012 года тэатрам кіруюць Алесь Мойскі і Алеся Сівохіна. На працягу навучальнага года ў тэатры працуе клуб творчых дыялогаў, і ўдзельнікі калектыву ладзяць сустрэчы з вядомымі дзеячамі культуры і цікавымі асобамі.

Так, адбываліся знаёмствы з даследчыкам творчасці М. Танка і У. Караткевіча літаратуразнаўцам Анатолем Вераб'ём, дачкой Сяргея Грахоўскага - Таццянай, Навумам Гальпяровічам, Алесем Камоцкім і іншымі асобамі.

У рэпертуары тэатра спяктаклі - "Вецер", створаны па п'есе "Маці ўрагану" У. Караткевіча, пастаноўка па рамане "451 градус па Фарынгейце" Р. Брэдберы. Важнай з'явай было ажыццяўленне спяктакля "Дудар". У ім перапляліся творы васьмі розных аўтараў, пачынаючы з С. Палуяна і В. Ластоўскага і заканчваючы Ф. Кафкам і Х.-Л. Борхесам.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Літаратурна-мастацкі салон фестывалю "Вытокі. Крок да Алімпу"

У рамках рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства "Вытокі. Крок да Алімпу", прысвечанага 30-годдзю Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі сумесна з Палацам культуры горада Ліды быў арганізаваны літаратурна-мастацкі салон. У ім прынялі ўдзел музыканты з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў складзе Аляксандры Пяцэвіч (вакал) і Ганны Лабкоўскай (фартэпіяна), Вікторыі Бараноўскай (фартэпіяна), Кацярыны Юхновай (цымбалы) і паэты з горада Ліды Тарэза Смольская, Людміла Краснадубская, Ірына Маркевіч, Канстанцін Якубчык, Станіслава Белагаловая, Людміла Русь, а таксама Вольга Верасняк і Ала Юшко. Вечарына атрымалася цудоўнай, усе атрымалі зарад пазітыву.

Пра ўвесь фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу" чытайце на сайце nslowa.by.

Наш кар.

Ангела Меркель заклікала запусціць ПС-2 з-за патрэбы ў расійскім газе

Навіны Германіі

Канцлер ФРГ Ангела Меркель выступіла за найхутчэйшае завяршэнне праекта будаўніцтва газаправода "Паўночны струмень - 2" (ПС-2). Пра гэта паведаміла ў суботу, 15 траўня, "РІА Навіны".

Меркель удакладніла, што ўлады Германіі падтрымаюць будаўніцтва ПС-2 без увагі на санкцыі з боку ЗША. Паводле інфармацыі, прадстаўленай міністэрствам эканомікі краіны, ФРГ адчувае вострую неабходнасць у газе. Уласная здабыча ў дзяржаве памяншаецца пры попыце, які пастаянна расце.

Адзначаецца, што Германія аддае перавагу блакітнаму паліву, адмаўляючыся ад вугалю і атамных электрастанцый. Аднак палова газу, які экспартуецца ў Еўрасаюз (ЕС), з'яўляецца расійскім. Пры гэтым у 2020-2021 гадах пастаўкі газу ў ЕС павялічыліся на 30% з-за халоднай зімы. Аднак запоўненасць газавых сховішчаў у ЕС рэзка зменшылася. Так, на найбуйнейшым еўрапейскім радовішчы Граніген у Нідэрландах здабыча газу скончыцца ўжо ў 2022 годзе.

Прэм'ер-міністр германскай федэральнай зямлі Саксонія Міхаэль Крэчмер удакладніў, што "Паўночны струмень - 2" дазволіць вырашыць праблему імпарту. У сваю чаргу, кіраўнік міністэрства эканомікі і энергетыкі ФРГ Петар Альтмайер адзначыў, што газ, які імпартавала Германія з СССР, а затым з Расіі, ніколі не быў "палітычнай зброяй у адносінах паміж Усходам і Захадам".

Раней, 14 траўня, кіраўнік Мінэнерга РФ Мікалай Шульгінаў паведаміў, што ў Еўропе зацікаўлены ў рэалізацыі праекта "Паўночны струмень - 2". Ён распавёў, што будаўніцтва газаправода знаходзіцца ў завяршальнай стадыі.

Сустаршыня нямецкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" Ціна Крупала адзначыў 11 траўня, што праект ПС-2 павінен быць завершаны, бо пастаўкі расійскага прыроднага газу вельмі важныя для Германіі.

8 траўня амбасадар Расіі ў ФРГ Сяргей Нячаяў дапусціў, што "Паўночны струмень - 2" будзе пабудаваны яшчэ да выбараў у бундэстаг, якія пройдуць 26 верасня. Акрамя таго, 20 красавіка Меркель паказала, што Берлін зрабіў выбар на карысць будаўніцтва ПС-2, нягледзячы на крытыку краін Еўрасаюза. Па яе словах, вакол праекта ідзе палітычная барацьба, аднак Берліну варта падтрымліваць гандаль з Масквой, у тым ліку ў энергетычнай сферы.

"Паўночны струмень - 2" будуецца ад Расіі да Германіі па дне Балтыйскага мора з мэтай прамых і надзейных паставак газу ў Еўропу. Краіны Еўрасаюза галоўным чынам падтрымліваюць праект і ўдзельнічаюць у яго рэалізацыі. Супраць выступаюць Прыбалтыка, Польшча, Украіна і ЗША. Апошнія ўжо не раз уводзілі санкцыі супраць будаўніцтва газаправода.

Фота: Global Look Press/dpa-Zentralbild/ZB/Jens Bаttner.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Ралько Леанід - 30,00 р.

2. Кукавенка Іван - 15,00 р.

3. Копыл Ілля - 50,00 р.

4. Бусел Мікола - 30,00 р.

5. Чыгір Яўген - 10,00 р.

6. Чайкоўскі Павел - 40,00 р.

7. Супіталёў А.Б. - 5,00 р.

8. Жыдаль Дзяніс - 100,00 р.

9. Сотнiкаў А.Я. - 25,00 р.

10. Баранаў I.A. - 6,00 р.

11. Юнчыц Сяргей - 100,00 р.

12. Бубен Кастусь - 15,00 р.

13. Качаноўская Наталля - 10,00 р.

14. Старыкевіч Іван - 150,00 р.

15. Коўган Барыс - 150,00 р.

16. Фурс Антон - 25,00 р.

17. Сухоцкі - 10,00 р.

18. Пяцельчыц Тадэвуш - 0,50 р.

19. Птушка С. І. - 5,00 р.

20. Крачкоўская В.А. - 10,00 р.

21. Салавей Васіль - 22,50 р.

22. Плакса Наталля - 105,00 р.

23. Юнчыц Сяргей - 20,00 р.

24. Аксючыц Галіна - 10,00 р.

25. Аксючыц Ганна - 20,00 р.

26. Блінова Т. І. - 120,00 р.

27. Трубач Таццяна - 7,00 р.

28. Розін Дзмітрый - 50,00 р.

29. Кароль Вольга - 13,00 р.

30. Віданава Ірына - 25,00 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэаль-нага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гона-ру кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларус-банк.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Найбольш хваляваў Тэадора стары мундзір, сукно паблякла, але бліскучыя эпалеты ўсё яшчэ будзілі ў ім прывіды 1812 года - часоў яго маладосці і надзеі.

"Старога прыяцеля", як называў ён свой мундзір, нават ушанаваў вершам, які пачынаўся гэтак:

Калі я ўсё страціў падчас краёвых бур,

Ты адзін са мной застаўся,

мой стары мундур!

Ты блішчаў на мне ў часы,

калі Край быў у патрэбе,

Я ж рызыкоўна падстаўляў

пад удары себя і цебя.

Зніклі мае прыгожыя дні,

як дым у начныя хвіліны,

Але ўсё ж шчаслівы той,

хто мае ўспаміны.

Тэадор Нарбут жыў гэтымі ўспамінамі і мацаваўся імі да позняй старасці, пры гэтым часта паўтараў: "О, лёс! Хто цябе бачыў у нашым Краі…"


Творы Міцкевіча, такія як "Пан Тадэвуш", "Дзяды" і іншыя хадзілі тады пераважна перапісаныя ад рукі, бо іх друк быў забаронены. Дзеці Нарбутаў ведалі цэлыя раздзелы на памяць, хапаючы на ляту тое, што ім уголас чыталі бацькі або дэкламаваў Гератоўскі.

Аднаго дня, калі маці дома не было, па дарозе за гародам цягнуўся расійскі эскадрон.

Дзеці вырашылі здзейсніць, як ім уяўлялася, геройскі ўчынак: голасна маніфеставаць свае патрыятычныя пачуцці. Забеглі ў кусты парэчак і агрэсту каля плоту пры дарозе і з усяе сілы свайго дзіцячага голасу запелі патрыятычную песню.

Яны былі ўпэўнены - іх павесяць, прыгатаваліся да пакутніцкай смерці, але эскадрон цягнуўся, не звяртаючы на спеў ніякай увагі, што вельмі збянтэжыла маладых патрыётаў.

Доўгімі вечарамі дамавая чэлядзь збіралася на супольныя спевы "гадзінак" ці на спевы калядных песняў. Часам маці, якая мела чысты і моцны голас, спявала з кухарам Каралем, які быў адораны шыкоўным басам, дуэт "Барацьба анёла з шатанам". Спадарыня Манчунская, якой мы абавязаны ўсімі падрабязнасці хатняга жыцця ў Шаўрах, гаворыць, што нават опера і славутыя артысты, каторых яна чула ў сваім жыцці, не выклікалі ў яе такога моцнага ўражання, як сціплы дуэт дзіцячых гадоў у Шаўрах. Калі Людвік дарос да падлеткавага ўзросту, яго аддалі ў школу ў Лідзе15. Аднак вучоба не магла заглушыць яго патрыятычныя пачуцці. Калі прыязджаў дадому на святы ці вакацыі, гэтыя пачуцці станавіліся ўсё мацней. Стоячы перад маці, не раз дэкламаваў патрыятычныя вершы, а яна плакала, прыкрываючы вусны сына сваёй далонню і цалавала, тулячы да грудзей яго галаву.

Адзін раз Людвік ёй сказаў: "Буду, мама, ці вялікім чалавекам, ці бандытам". Маці хвалявалася і трывожылася за свайго ўлюбёнца, бо адчувала, што вісіць над ім нешта фатальнае, здольнае вырваць сына з матчыных рук.

РАДЗЕЛ III

Людвік Нарбут у Вільні. Рэха з захаду. Фермент школьнай моладзі. Арышт і следства. Вырак і выкананне. Пасівеўшая маці. Выгнанне Людвіка.

Побыт на Каўказе. Удзел у партызанскай барацьбе. Вяртанне ў Край. Жаніцьба. Падрыхтоўчая праца.


У 1848 годзе Людвік Нарбут па заканчэнні школы ў Лідзе знаходзіўся ў так званым Шляхецкім інстытуце. Там яго наведвала маці, якая заўсёды сама займалася пытаннямі вучобы і жылля сыноў, дамовамі з прафесарамі і г. д. На рэдкасць адважная жанчына, яна мела практычны мужчынскі розум і са здаровым сэнсам падыходзіла да жыццёвых спраў, ва ўсім давала сабе рады. Паглыблены ў свае кнігі гістарыёграф Літвы заўсёды ахвотна дзяліўся хатнімі справамі з жонкай.

Як ў сямейным доме, так і ў школах Людвік аказваў на калег вялікі ўплыў.

Яго духоўная перавага заўсёды брала верх, і да яго хілілася моладзь. А ў яго сэрцы і галаве гартавалася адзіная думка: вызваленне Краю. Марыў пра вялікія, смелыя ўчынкі, прыслухоўваўся да рэха эміграцыі, якое наплывала з захаду, да розгаласу барацьбы народаў за незалежнасць. Гады 1846, 47 і 48 забяспечылі яго багатым матэрыялам і горача хвалявалі маладое ўяўленне.

У Краі з'яўляліся розныя эмісары, мелі распаўсюд рэвалюцыйныя брашуры і звароты, якія траплялі ў рукі моладзі і распалялі кроў у яе жылах.

Паўстанне ў Бадэне16 і ўдзел у ім палякаў з Міраслаўскім, Лютаўская рэвалюцыя, нарэшце вайна 1848 года ў Венгрыі17 - усе гэтыя падзеі спарадзілі ўздым патрыятычнага руху ў краі і ўзбудзілі дух моладзі амаль ва ўсіх установах адукацыі Літвы. Асабліва ўзрасло абурэнне ў Шляхецкім інстытуце. Паўсюдна ўтвараліся таварыствы і складаліся арганізацыі школьнай моладзі, якія камунікавалі паміж сабой. Вільня была запальнікам гэтага моладзевага руху. З Вільні, як павуцінне, цягнуліся ніці, якія ахоплівалі Менск і іншыя гарады.

Людвік, прыбыўшы ў Вільню, адразу трапіў у гэтую сетку - знайшоў выхад для свайго арганізацыйнага таленту. Хутка ён ужо быў у першых, найбольш адказных, шэрагах.

Калі прыязджаў з Вільні на вакацыі ў Шаўры, родныя заўважалі яго сталенне. З непакоем гледзячы на любага сына, гэтыя змены заўважала і маці. Апошнія дні вакацый у бацькоўскім доме былі насычаны незвычайным дзіўным сумам. Родныя глядзелі на Людвіка з трывогай, адчуваючы, як нешта вялікае і грознае выспявае ў яго сэрцы. Аднак ніхто не адважваўся аб гэтым запытаць.

Дні ішлі...

Напярэдадні ад'езду, калі, як і ў дзяцінстве, апынуліся разам у садзе, Людвік адкрыў сцізорык і ўторкнуў яго ў зямлю, потым паказваючы на затопленае ў пяску лязо, сказаў: "Можа і мне хутка вось так уваб'юць нож у сэрца".

Гэтыя загадкавыя словы дрыжыкамі жаху працялі родных. Людвік доўга блукаў па садзе засмучаны і задуманы, як бы развітваўся, вырэзваў на дрэвах даты, літары і розныя іерогліфы.

Калі ад'язджаў, дык туліўся даўжэй, чым звыкла, да грудзей бацькоў са слязьмі на вачах, быў моцна ўзрушаны. Забіраў разам з сабой малодшага брата Баляслава, якога пад яго апеку аддавалі бацькі, не маючы магчымасці гэтым разам самім адвезці сына ў школу.

У гэтым маўклівым расставанні быў такі балючы смутак, што пасля ад'езду Людвіка сям'ю ахапіў вялікі неспакой. У хуткім часе Шаўры атрымалі жорсткі ўдар. Найперш даведаліся аб бурленні моладзі ў школах, потым атрымалі паведамленне пра арышт Людвіка і тую жудасную кару, якая яму гразіла.

Патрыятычны моладзевы рух прыцягнуў увагу куратараў і адміністрацыйнай улады. Паколькі першыя з бацькоўскім паразуменнем трактавалі ўзбуджэнне сярод вучняў і хацелі надаць моладзевым эмацыйным выбухам характар аднаразовага свавольства і адпаведна яго пакараць, то другія ўчынілі вялікі алярм, надаўшы справе велізарнае палітычнае значэнне, хоць насамрэч гэта была канспірацыя нявінная і не мела пад сабой аніякіх важных эфектаў.

Генерал-губернатар Бібікаў загадаў прымяніць самыя цяжкія сродкі.

Пачаліся ператрусы, суровае следства, арышты.

Аднак знайшлі на дзіва мала: нязначныя абрыўкі занатовак, вершыкі, патрыятычныя песні. Вучняў прывозілі з Менска і іншых гарадоў у Вільню з мэтай расследавання і вочных ставак з калегамі. Легкадумна прыведзены ў моладзевую арганізацыю вучнем Паўлам Вейхнерам нейкі Плонскі збаяўся і замнога нагаварыў, пачаліся новыя арышты.

Людвік Нарбут, у якога знайшлі нейкія дробныя абрыўкі - занатоўкі, з некалькімі сваімі калегамі атрымаў сто "розаг" і "вечныя салдаты". Гэта была найвышэйшая мера пакарання.

Свой вырак прыняў з поўным спакоем.

Некалькі соцень іншых вучняў пакараны на 75 розаг і выключэнне, увесь час секлі на холадзе, падзяліўшы на 4 катэгорыі. Першая атрымала 100 розаг, другая - 75, трэцяя - 50, а чацвёртая - 25.

Цялеснае пакаранне практыкавалася тады ва ўсіх школах. Гэтыя экзекуцыі адбываліся ціха, пры дапамозе школьных вартаўнікоў, якія шкадавалі вінаватых, і таму пакаранне насіла хутчэй характар бацькоўскай кары. Аднак на гэты раз па судовай пастанове прымянілі хлысты "для маладых палітычных злачынцаў" і надалі гэтаму пакаранню паказальны характар. Так рабілася, каб паўплываць на грамадства і нанесці большае маральнае прыніжэнне асуджанаму.

Вучняў секлі розгамі публічна.

Прысутнічалі пры экзекуцыі прадстаўнікі адміністрацыйнай, судовай і школьнай улады, маршалкі і куратары. Вучні, якія не падлягалі пакаранню, стаялі ў шэрагах адзетыя ў школьныя мундзіры, і павінны былі глядзець на пакаранне гэтак жа, як бацькі і апекуны асуджаных.

На гэтую бацькоўскую Галгофу прыбылі з Шаўроў і Нарбуты, яны стаялі ў шэрагу з іншымі і глядзелі на мукі свайго сына. Многія маці млелі. Крысціна Нарбут стаяла, як каменная статуя з сухімі вачамі, якія палымнелі глыбокім болем. Людвік не выдаў ані аднаго енку. Пасля экзекуцыі схіліўся да ног бацькоў. І тады іх вусны прыпалі да збляднелага ілба сына, а дрыжачыя рукі складалі дабраслаўленне на гэтую ўлюбёную галаву.

Людвіку толькі ледзь споўнілася 17 гадоў, але яго твар меў выраз дарослага ўпэўненага ў сабе чалавека. Маці ганарылася сынам, хоць былая брунетка і вярнулася з Вільні сівой жанчынай. Вялікі смутак агарнуў Шаўры. Можа нават смерць не нанесла б сэрцу бацькоў такой вялікай раны, як гэтае выпадзенне з-пад бацькоўскіх крылаў, ссылка ў далёкую старану, да чужых людзей, ніжэйшых маральна і культурна, дзе чалавечая годнасць сына, яго пачуцці і амбіцыі павінны былі падвяргацца пастаяннаму прыніжэнню.

Паштовая сувязь працавала кепска. Доўгія месяцы і амаль што гады можна было чакаць ліст ад беднага салдата, вестачку ад сына і брата. І сын, і брат, акружаны арэолам пакутніцтва, стаў для сям'і святым! Прыпаміналі яго словы, выказаныя ім думкі. Малодшае пакаленне брала яго за прыклад.

Час ішоў, праходзілі цяжкія дні, месяцы, гады. Людвік закінуты далёка ад роднага гнязда не здрадзіў сваім прынцыпам, сумленна выконваў вайсковую службу і цярпліва зносіў розныя прыніжэнні, супраць якіх працягвала бунтаваць яго чыстая і шляхетная натура.

Аднойчы, даведзены да адчаю, кінуўся з багнетам на афіцэра ... аднак вайсковыя ўлады, улічваючы маральную перавагу ліцвінскіх асуджаных, дастаткова справядліва ацанілі яго дзёрзкі ўчынак. Адзіным пакараннем стаўся перавод Людвіка ў дзейную армію на Каўказ, дзе, як і ў арыштанскіх ротах, знайшлося многа суайчыннікаў, якіх у той час дэпартавалі пераважна не ў Сібір, а на Каўказ. Усе гэтыя краёўцы мелі ад вайсковага камандавання добрыя водгукі.

Былі заўважаны здольнасці Людвіка, яго паводзіны і погляды, ён карыстаўся павагай не толькі калег, але і афіцэраў. Афіцэры ахвотна дапамагалі яму ў вучобе на вайсковых курсах, якія Людвік з вялікім задавальненнем наведваў. І тое, што павінна было стаць пакараннем, прынесла яму ў будучыні многа карысці.

Тут, пасля цяжкіх выпрабаванняў на радзіме, ён мог вольна падумаць, асэнсаваць былыя падзеі і ўдасканаліцца. Яго адвага і прысутнасць духу, вытрымка ў барацьбе з горцамі-партызанамі рыхтавалі яго да будучыні.

Людвік удзельнічаў у некалькіх дзясятках бітваў і сутычак з чачэнцамі. Усе гэтыя падрабязнасці чэрпаем з рукапісу сястры Людвіка Тэадоры Манчунскай "Успаміны з дзяцінства".


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

15 Людвік Нарбут вучыўся ў Лідскай павятовай вучэльні і, скончыўшы яе каля 1846 года, паступіў у Віленскую гімназію. - Л. Л.

16 Пасля атрымання вестак пра лютаўскую рэвалюцыю 1848 года ў Францыі, у першых днях сакавіка ў розных дзяржавах Германіі - Бадэне, Вюртэмбергу, Баварыі, Гесэн-Дармштаце, Саксоніі і іншых - адбыліся хваляванні. У 1849 г. для абароны пастаноў парламента ў Гайдэльбергу (Бадэн) адбыліся народныя паўстанні, але яны хутка былі задушаны пры дапамозе прускіх войскаў. - Л. Л.

17 Маюцца на ўвазе падзеі рэвалюцыя 1848-1849 гадоў у Венгрыі. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

Спаская царква

Частка 2

Гісторыя Магілёўшчыны

(Працяг. Пачатак у № 12 ад 24 сакавіка 2021 г.)

У плане Спаская царква была ў выглядзе выцягнутага лацінскага крыжа з двухвежавым фасадам-нартэксам. Тры нефы ў храме былі роўныя па вышыні і накрыты агульным двухсхільным дахам, а таму звонку будынак выглядаў як аднанефавы. Іагану Глаўбіцу належыць і ўнутраны дэкор храма, а роспісы сцен былі адноўлены ў пазнейшы час. Інтэр'ер быў выкананы ў стылі ракако. Двух'ярусны іканастас быў пакрыты срэбрам і пазалотай. Амбон і ківоты пакрыты пазалочанай накладной разьбой вытанчанага малюнка, а таксама абразы і шаты, якія выканалі магілёўскія вядомыя майстры іканапісец Афанасій Пігарэвіч і чаканшчык Пятро Сліжык.

Да новага архітэктурнага прыёма, які выкарастаў Глаўбіц, не характэрнага для беларускай традыцыі, даследчыкі адносяць пяцігалоўе над сяродкрыжжам, падобнае на Андрэеўскую царкву ў Кіеве. Але калі ў Андрэеўскай царкве пяцігалоўе з'яўляецца цэнтрам кампазіцыі і архітэктурнай дамінантай, то ў нашым выпадку яно адыгрывае дэкаратыўную і сімвалічную ролю. Па меркаванні даледчыцы архітэктуры Алены Дзмітрыеўны Квятніцкай, светлавы барабан і асноўны аб'ём храма былі пабудаваны ў розныя часы, аб чым сведчыць розная па памерах будаўнічая цэгла. Галоўны фасад, які накіраваны на захад, быў складзены з вельмі тонкай цэглы, а барабан купала з цэглы звычайнага памеру. Гісторык адзначае падабенства царквы з украінскімі храмамі. І гэта не выпадкова, бо Магілёў меў шчыльныя кантакты з Украінай на працягу стагоддзяў. Спаская царква пабудавана ў стылі позняга беларускага Віленскага барока, і таму асноўннае значэнне нададзена галоўнаму фасаду, які фланкіруецца дзвюма тэлескапічнымі вежамі, паміж якімі размяшчаецца "карункавы" франтон.

Гісторыя Спаскай царквы насычана многімі цікавымі гістарычнымі падзеямі і фактамі. Напрыклад, у траўні 1780 года расійская імператрыца Кацярына ІІ у час свайго візіту ў горад Магілёў дзеля сустрэчы з імператарам Аўстра-Венгрыі наведала кафедральны сабор, дзе епіскап Г. Каніскі казаў прамову. Тут жа на тэрыторыі Спаскага манастыра ў садзе архірэя меў працяглую размову князь Рыгор Пацёмкін з імператарам Аўстра-Венгрыі Францам Іосіфам. У час вайны 1812 года французскія войскі пакінулі ў горадзе ўсё цэлым і не рабавалі праваслаўныя храмы, але абшукалі кладавыя Спаскай царквы і забралі 8 турэцкіх гармат, якія Р. Пацёмкін падараваў епіскапу на медны звон. Падчас знаходжання Галоўнакамандуючага ў Магілёве ў часы Першай сусветнай вайны менавіта Спаская царква выконвала функцыі царквы пры Стаўцы. І за гады вайны ў гэтым храме пабывала ўся імператарская сям'я і ўся вайсковая і палітычная эліта Расійскай імперыі. Ва ўсе святочныя дні і ў нядзелю, а таксама напярэдадні цар наведваў штабную царкву. Рызніца гэтай царквы, дзякуючы шчодрым ахвяраванням, уяўляла вялікую мастацкую каштоўнасць і к канцу 1916 года была нават багацей за рызніцу Фёдараўскага сабора ў Царскім Сяле!!! Царская сям'я рэгулярна наведвала царкоўныя службы. М. Бялеўская ўзгадвала: "Там пеў выдатны хор з мабілізаваных спевакоў, і гэты хор мог смела спаборнічаць з любым мітрапаліччым хорам. Гасудар быў аматарам царкоўных спеваў і меў любімыя песнапенні, якія ў яго прысутнасці і выконваліся". У сакавіцкія драматычныя дні 1917 года для таго, каб падтрымаць свайго сына, былога цара Мікалая ІІ, з Кіева ў Магілёў завітала ўдава-імператрыца Марыя Фёдараўна, якая таксама малілася ў Спаскай царкве. Вось, як яна ўзгадвала гэтыя дні: "Была ў царкве, дзе сустрэлася з маім Нікі, малілася спачатку за Расію, затым за яго, за мяне, за ўсю сям'ю. У 11 гадзін служба скончылася."

Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года храмы ў Магілёве пачалі зачыняцца, і ў Спаскай царкве, дзякуючы намаганням гісторыка і архівіста Зміцера Даўгялы, быў створаны архіў, куды звозіліся дакументы з усяго горада. Але, на вялікі жаль, архіў быў разгромлены супрацоўнікамі ЧК, якія знаходзіліся побач у будынку былога палаца епіскапа і кансісторыі. Затым разглядаўся варыянт выкарыстання велічнага храма ў якасці спартовай залы для вайскоўцаў. Як бы там ні было, але да вайны сам будынак царквы быў цэлы і не пашкоджаны. І ўжо толькі ў час масавых бамбардзіровак Магілёва савецкай авіяцыяй з 1943-1944 гадах храм быў зруйнаваны. Па сведчаннях старажылаў, гітлераўскія захопнікі спрабавалі ўзарваць царкву, калі пачаліся налёты савецкай авіяцыі, бо высокі будынак мог быць арыенцірам для лётчыкаў. Але гэта гітлераўцам не ўдалося, бо царква вельмі трывала была пабудавана, і яна была знішчана, хутчэй за ўсё савецкай авіацыяй. Па меркаванні краязнаўца Алега Давіда Лісоўскага, царква была знішчана савецкай авіяцыяй у перыяд люты - сакавік 1944 года.

Ужо пасля вайны, у 1950-х гадах на падмурках храма быў пабудаваны будынак Будтрэста №12, а зараз тут знаходзіцца Абласны следчы камітэт. Большая частка падмуркаў Спаскай царквы, на вялікі жаль, знішчана. А. Лісоўскі ў апошнія гады сабраў вялікую калекцыю фотаздымкаў Спаскай царквы, якая дапамагае нам прасачыць гісторыю храма ў апошнія гады яго існавання.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. На здымках: 1. Спаская царква, 1916 г.; 2. Цар Мікалай ІІ каля Спаскай царквы; 3. Званіца Спаскай царквы; 4. Архівіст Зміцер Даўгяла; 5. Спаская царква, 1943 г.

Выйшаў з друку двухтомнік Міхася Казлоўскага

Хто такія Раман Семашкевіч, Віктар Казлоўскі, Мікалай Грышкевіч, Пётр Зяновіч, Адам Більдзюкевіч, Мікола Ільяшэвіч, Уладзіслаў Чарняўскі, Віктар Шутовіч, Тодар Куніцкі, Вольга Таполя, Сяргей Сахараў і дзясяткі іншых асобаў Беларусі? На гэта пытанне вы зможаце адказаць толькі тады, калі прачытаеце ўнікальны двухтомнік артыкулаў, эсэ, літаратурных партрэтаў, бібліяфільскіх нататкаў і ўспамінаў даследчыка нашай літаратуры і культуры Міхася Казлоўскага з Маладэчна. Двухтомнік мае адну назву "Пад сузор'ем веры і надзеі". Ён пабачыў свет у менскім выдавецтве "Кнігазбор".

Падобнага двухтомнага выдання ў Беларусі даўно не выдавалася. Але гэта не проза ці паэзія, а змястоўныя артыкулы-даследаванні, літаратурныя партрэты знакавых, ды забытых дзеячаў беларускай культуры, якія пражылі годнае, але трагічнае жыццё ў неспакойным ХХ стагоддзі, гісторыя родных аўтару мясцін і нараджэнне беларускага бібліяфільства, ліставанне вядомых беларускіх літаратараў і краязнаўцаў. Шырока і грунтоўна апісана жыццё і дзейнасць вядомага заходнебеларускага грамадскага і культурнага дзеяча Адольфа Клімовіча (1900-1970). Упершыню чытачы даведаюцца з двухтомніка Міхася Казлоўскага пра лёс бібліятэкі і архіва генерала Кастуся Езавітава, пра мастакоў і бібліятэчку часопіса "Узвышша", пра беларускія выданні ў ковенскай Летуве, пра Дзвінскія беларускія выданні, пра беларускае таварыства бібліяфілаў у БССР і шмат-шмат пра што іншае. "Пад сузор'ем веры і надзеі" Міхася Казлоўскага - своеасаблівы даведнік пошукаў і знаходак, адкрыццяў і памяці пра забытых беларусаў, пра кнігі і падзеі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Прэзентацыя "Ятранкі" працягваецца

Намаганнямі сяброў Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ, з дапамогай газеты "Наша слова" ў лютым 2021 года быў надрукаваны першы нумар раённага літаратурнага альманаха "Ятранка".

Адбор твораў, укладанне, прадмову і рэдакцыю іх зрабіў краязнавец, журналіст, даследчык літаратуры, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын. Амаль усе тэксты на камп'ютары на грамадскіх пачатках набрала і адрэдагавала супрацоўніца Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык. Ідэйна натхняў і падштурхоўваў усю працу аўтар гэтага артыкула. Доўга шукалі назву. Выбар спынілі на "Ятранцы". Так называецца правы прыток ракі Моўчадзь. Гэтая рачулка бярэ пачатак з крыніцаў каля вёскі Ярошычы ў Наваградскім раёне, за паўтара-два кіламетры ад легендарнага возера Свіцязь і на працягу 31 кіламетра цячэ паміж паўднёва-заходніх схілаў Навагрудскага ўзвышша аж да Наваельні, дзе і аддае свае воды Моўчадзі. Напаўняюць Ятранку дзясяткі крыніцаў, у тым ліку жывой і мёртвай вадой з сусветнавядомай Косіцкай крыніцы. Аддаюць свае воды Ятранцы і некалькі кароткіх бызыменных рачулак, а таксама больш значныя Мутніца і Лапушанка.

Здавён вада Ятранкі прыводзіла ў рух механізмы вадзяных млыноў. Калісьці іх было звыш дзесяці. Рачной вадой паілі жывёлу, палівалі агароды, мылі і паласкалі ў ёй бялізну. Летам працавіты люд прыбярэжных вёсак змываў надвячоркам пот пасля палявых работ, а дзятва дык бавіла час каля вады і ў вадзе з ранку і да самага вечара.

Пра тое, якое месца ў жыцці прыятранскіх вёсак мела гэтая рэчка, цудоўна, запамінальна, па-майстэрску, як сапраўдны класік, з непаўторнай цеплынёй распавёў у апавяданні "Жывая вада" наш зямляк, ураджэнец вёскі Варакомшчына, знакаміты беларускі пісьменнік Вячаслаў Адамчык (гэтым апавяданнем і пачынаецца раздзел "Проза" нашага альманаха). Нават той, хто ні разу не быў на Дзятлаўшчыне ці ўвогуле ў Беларусі, прачытаўшы "Жывую ваду", закахаецца ў яе, захоча прыехаць сюды, каб на свае вочы ўбачыць гэты цуд нашага краю.

Напэўна, хараство прыроды ў прыбярэжжы Ятранкі, яе чыстыя крынічныя воды, дзе і сёння, нягледзячы часам на празмерную хімізацыю сельгасвытворчасці, непрадказальную "ўзброенасць" і хітрыкі сучасных браканьераў-рыбакоў, можна ўбачыць чырвонакніжных стронгу і харыюса, маляўнічыя пагоркі Наваградскага ўзвышша з шатамі змешаных хваёва-лісцёвых лясоў і пералескаў, багатых суніцамі, чарніцамі, брусніцамі, малінамі, ажынамі і іншымі ягадамі, рознымі грыбамі і арэхамі, не магло не натхняць мясцовы люд не толькі на штодзённую звыклую сялянскую працу, але і на творчасць.

Мы ўжо ўзгадалі, што Варакомшчына дала натхненне і дарогу ў жыццё пісьменніку Вячаславу Адамчыку. У Рабках вырас навуковец, літаратуразнавец і крытык, пісьменнік Вячаслаў Чамярыцкі. У Заполлі, што ўжо ў Наваградскім раёне, убачыла свет, расла і сталела вядомая пісьменніца Ніна Тарас, у суседняй Ятры прайшло дзяцінства сусветнавядомага акадэміка, даследчыка беларускай мовы і культуры, старажытнай рускай і беларускай палеаграфіі (навука, якая вывучае старажытныя рукапісы), аўтара бясцэннай працы - трохтомнага выдання "Беларусы" Яўхіма Карскага.

Без перабольшвання можна сцвярджаць, што прыгажосць родных мясцін натхняла і жыхароў Наваельні, у прыватнасці, разьбяра па дрэве, паэта Яўгена Мацвеева, прафесара-фізіка Віктара Анішчыка, доктара матэматычных навук з Данілавіч Эдуарда Груду і многіх іншых.

Раздзел "Проза" змяшчае і тры апавяданні вядомай на Дзятлаўшчыне ды і далёка за яе межамі сяброўкі Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанарды Юргілевіч.

Ільвіную долю старонак альманаха займае раздзел "Паэзія". Сюды ўключана па некалькі вершаў паэтаў, што нарадзіліся і жылі ў раёне ці нейкім чынам іх лёс быў звязаны з нашым краем, пачынаючы з 20 стагоддзя і да нашых дзён. Найперш тут творы людзей, якія адышлі ў лепшы свет, а гэта Ігнат Дварчанін і Сяргей Хмара, Язэп Крыга і Малады Дубок, Нікіфар Жальба і Віталь Губарэвіч, Мікола Грышан і Яўген Мацвееў, Алег Аблажэй ды тройка зачэпіцкіх паэтаў - Гарасім Прамень, Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, а таксама творцаў-сучаснікаў - Георгія Шундрыка, Веры Хрышчановіч, Лідзіі Нічыпар, Міхаіла Лук'янчыка, Алены Абрамчык, Раісы Лакізы, Алы Нікіпорчык, Кастуся Ільюшчыца ды Ірыны Касянковай.

Завяршаецца альманах раздзелам "Краязнаўства". У сваіх артыкулах Фёдар Красюк, Дзмітрый Кузьма і Валерый Петрыкевіч адкрываюць новыя, малавядомыя факты з жыцця Адама Міцкевіча, генерала Яна Канопкі і заснавальніка Дзятлава Канстанціна Астрожскага.

У канцы красавіка адбылася першая прэзентацыя нашага альманаха ў Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі. А пятага траўня - адразу два такія ж мерапрыемствы. Спачатку ў Доме культуры пасёлка Гезгалы, а пазней - у раённай бібліятэцы. У гэты дзень да нас далучыліся і пісьменнікі з Гародні і Слоніма на чале са старшынём абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўным рэдактарам альманаха "Новы замак" Янкам Трацяком, а таксама паэтам Мечыславам Курыловічам і журналістам-пісьменнікам Уладзімірам Хільмановічам ды Сяргеем Чыгрыном са Слоніма. Яны разам з намі прэзентавалі дзявяты нумар свайго штогадовага альманаха.

Выбіраючы назву для свайго выдання, мы неяк прапусцілі, што ў раёне даўно і паспяхова дзейнічае ансамбль народнай песні "Ятранка". Неспадзявана атрымаліся дзве "Ятранкі". Канешне ж, запрасілі і іх на прэзентацыі. Самадзейныя артысткі-прыгажуні сваімі самабытнымі строямі, прыгожымі вяночкамі на галовах, а самае галоўнае, імпэтнымі прафесійнымі спевамі беларускіх народных песень задавалі тон і падымалі настрой не толькі слухачам, але і выступоўцам. Кароткія прамовы пра сябе, пра свае творы, пра планы на будучыню мелі Вера Хрышчановіч і Алена Абрамчык, Дзмітрый Кузьма і Міхаіл Лук'янчык, Валерый Петрыкевіч, а таксама Сяргей Чыгрын і ўсе гарадзенцы.

Паэтка з Гезгалаў Вера Хрышчановіч сваю біяграфію распавяла прысутным вялікім прыгожым вершам, а завяршыла выступ кароткай паэтычнай сатырай у стылі Кандрата Крапівы "Пра казла". Дарэчы, пачуўшы гэтую байку, Янка Трацяк адразу ж папрасіў даслаць гэты твор ды і іншыя ў "Новы замак". Прэзентацыю ў Гезгалах і Дзятлаве завяршаў лідскі бард Сяргей Чарняк. Ён напісаў музыку і выконваў пад гітару песні на словы паэтаў, чые творы змешчаны ў альманаху "Ятранка". Прэзентацыі заканчваліся агульным здымкам і падарункамі. Усе бібліятэкі нашага раёна атрымалі экземпляры "Ятранкі", а Гезгалаўская і раённая - дзявяты нумар "Новага замка". Раённая арганізацыя ТБМ мае намер па адным асобніку альманаха перадаць у бібліятэкі школ раёна. У каго ёсць жаданне набыць "Ятранку" ў асабістую бібліятэку, той за невялікія грошы зробіць гэта ў гістарычна-краязнаўчым музеі. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на помнік К.І. Астрожскаму, заснавальніку Дзятлава і фундатару пабудовы нашай праваслаўнай царквы.

Завяршыць артыкул хочацца словамі падзякі ўсім тым, хто нам дапамагаў у арганізацыі прэзентацыі. Гэта ў першую чаргу Шыцько В.В. і Ганне Харлінскай, а таксама членам ансамбля, Наталлі Маліноўскай, дырэктару РЦК, супрацоўніцы Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алене Абрамчык, раённай і гезгалаўскай бібліятэк, дырэктару гезгалаўскага ДК і ўсім аўтарам твораў, якія прымалі ўдзел у прэзентацыі, ды той сотні, а можа, і болей чалавек, што не згубілі цікавасці да беларускага мастацкага слова.

Спадзяюся, што такія сустрэчы хоць каго-небудзь натхняць напісаць нешта сваё, падымуць аўтарытэт роднага друкаванага слова.

Валерый Петрыкевіч, краязнавец, старшыня Дзятлаўскай раённай філіі ТБМ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX