НАША СЛОВА № 21 (1536), 26 траўня 2021 г.
Зварот ТБМ да бацькоў
Паважаныя бацькі!
Неўзабаве Ваша дзіця пойдзе ў дзіцячы садок ці ў першы клас школы. І Вы зараз вырашаеце: у якую ўстанову адукацыі яго аддаць - у суседнюю або якую-небудзь спецыялізаваную з паглыбленым вывучэннем замежных моў; з мастацкім ці іншым ухілам, каб забяспечыць пэўную будучыню Вашаму дзіцяці.
Мы заклікаем Вас у заяве аб прыёме дзіцяці ў садок ці школу абавязкова ўказаць беларускую мову ў якасці мовы навучання.
Гэта шлях да лепшай будучыні Беларусі.
21.05.2021 г.
Сакратарыят ТБМ.
Зварот ТБМ да абітурыентаў 2021 г.
Шаноўныя выпускнікі школ і абітурыенты!
Надыходзіць час важнага выпрабавання вашай сталасці - цэнтралізаванае тэставанне. З гэтай нагоды "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" шчыра зычыць вам поспехаў на ўсіх іспытах.
Асабліва жадаем прадэманстраваць выдатныя веды тым, хто абраў экзамен па беларускай мове. Бо сам выбар гэтага прадмета заўсёды сведчыў пра грамадзянскую сталасць асобы і сапраўдны патрыятызм. А менавіта сапраўдныя патрыёты вызначаюць развіццё краіны ў ХХІ стагоддзі.
Будзем з роднай мовай назаўжды!
21.05.2021 г.
Сакратарыят ТБМ.
Да ведама чытачоў і карэспандэнтаў "Нашага слова"
У сувязі з падзеямі, якія разгарнуліся апошнім часам вакол партала TUT.by ў многіх чытачоў і карэспандэнтаў "Нашага слова" ўзніклі пытанні да працы паштовай скрынкі naszaslowa@tut.by. Даводжу да вашага ведама, што пошта tut.by ёсць фрагмент пошты Яндэкс і на сёння скрынка naszaslowa@tut.by працуе ў штатным рэжыме, але на ўсякі выпадак мы актывізавалі скрынку kajety@list.ru. Можна карыстацца. Скрынка пастаўлена ў рэжым рэгулярнага, штодзённага прагляду. Пішыце, калі ласка.
Рэд.
ЛІДА РАЗВІТАЛАСЯ З ГЕРОЯМІ
1 траўня 2021 г. у Лідскай 116-й штурмавой авіяцыйнай базе адбылася развітальная цырымонія з трагічна загінулымі пад Баранавічамі лётчыкамі гвардыі маёрам Андрэем Нічыпорчыкам і гвардыі лейтэнантам Мікітам Куканенкам.
Нагадаем, што падчас планавых палётаў на борце самалёта Як-130, якім кіраваў экіпаж, узнікла тэхнічная няспраўнасць. Імкліва губляючы вышыню, пілоты здолелі накіраваць паветраны карабель на невялікую пустую пляцоўку, размешчаную ў жылой зоне населенага пункта. Ратуючы горад ад магчымых разбурэнняў, абодва лётчыкі загінулі.
І трэба скаць бы,
не ўдаўся палёт,
Ды рухне на горад
пусты самалёт
"Па першых папярэдніх выніках расшыфроўкі ўжо пэўна магу сказаць: аварыйная сітуацыя адбылася з самалётам Як-130 у гарызантальным палёце над аэрадромам Баранавічы. Экіпаж пасля ўзнікнення аварыйнай сітуацыі даклаў кіраўніку палётаў пра адмову сістэмы кіравання, што пацвярджаецца матэрыяламі аб'ектыўнага кантролю чорных скрынь. У дадзенай сітуацыі, паводле патрабаванняў кіраўніцтва па лётнай эксплуатацыі самалёта Як-130, экіпаж абавязаны быў катапультавацца. На што кіраўнік палётаў не меней дзесяці разоў у эфір падаў каманду: "Катапультуйся! Скачы!" Тым часам самалёт пачаў зусім хаатычны рух, траекторыя палёту зрушылася налева. Экіпаж не пакінуў самалёт, а працягваў змагацца. Ім ўдалося перайсці на рэзервовую сістэму кіравання. Але гэта дазволіла стабілізаваць толькі кірунак палёту, не вышыню. Яна працягвала падаць", - распавёў падрабязнасці камандуючы ВПС і СПА Ігар Голуб. - Нажаль, ужо перад гарантаваным падзеннем у гэтую кропку экіпажу не хапіла вышыні для таго, каб бяспечна пакінуць самалёт. Па дадзеных бартавых самапісцаў мы бачым, што экіпаж кіраваў, уздзейнічаў на ручку кіравання самалётам і на педалі, якія змяняюць кірунак палёту, да моманту дотыку да зямлі".
Ад сябе як камандуючага ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі экіпаж выявіў самыя лепшыя якасці беларускага вайскоўца, які да канца выканаў свой вайсковы абавязак: коштам сваіх жыццяў выратаваў жыцці нашых грамадзян. "Гэта сапраўдныя патрыёты нашай краіны, - адзначыў Ігар Голуб.
Развітанне з маладымі хлопцамі - 22-гадовым Мікітам і 33-гадовым Андрэем - было арганізавана ў Лідзе ў клубе вайсковай часткі. Ад кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі і ад сябе асабіста Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін выказаў спачуванні сем'ям загінулых. У развітальнай цырымоніі таксама прынялі ўдзел чальцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч і Аляксандр Шышко, а таксама прадстаўнікі Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Лідскага раённага Савета дэпутатаў і Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і іншыя
Жалобная цырымонія прайшла з вайсковымі ўшанаваннямі, з удзелам роты і аркестра ганаровай варты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Праводзіць у апошні шлях авіятараў, якія выявілі ў няштатнай сітуацыі мужнасць і гераізм, прыйшлі многія. Людская рака з вайскоўцаў Лідскай штурмавой авіябазы, лётчыкаў-калегаў з 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах, вайскоўцаў Лідскага памежнага атрада, выратавальнікаў МНС, прадстаўнікоў ваенкамата, Следчага камітэта, РАУС і іншых арганізацый, цякла бесперапынным струменем.
Душыў боль беззваротнай страты, і па шчоках многіх людзей каціліся слёзы. Але надвор'е не замінала лідзянам праводзіць у апошні шлях маладых хлопцаў, якія ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля жыцця іншых людзей. Аднак неўзабаве пасля канца развітальнай цырымоніі, не вытрымаўшы, неба "заплакала" разам з людзьмі: лінуў лівень.
Гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка пахавалі на могілках у Зосіна. Цела Мікіты Куканенкі для пахавання ваенна-транспартным самалётам было дастаўлена на радзіму маладога лётчыка ў Полацак.
Лілея Лапшына.
У нябесную Беларусь пайшоў Вітольд Ашурак
ПАМЯЦІ ВІТОЛЬДА АШУРКА
Нам толькі мроіцца праменнае світанне,
Пад крэпам цемры травень, сцяўшыся, маўчыць,
А ты адмовіўся сыходзіць на адхланне,
Паходняй сэрца асвяціўшы далячынь.
Душа і ў выраі не знойдзе супакою,
Не будзе ў госпада дзеля сябе прасіць,
Пакуль над роднаю, распятаю зямлёю,
Спажыву сочачы, крумкач скрозь ноч ляціць.
Пагрозна грагае хіжак у змроку згубным,
Аднак не ведае падступны людажэр,
Што нават стратай не застрашыць волялюбных,
Бо гонар з годнасцю для іх найдаражэй.
Ты стаў навекі ў шыхт з няскоранымі поплеч,
Каб не ўзнялі мы ўгору рукі ў барацьбе,
І доўгім рэхам у адказ на горды покліч
Гукнеш з нябёсаў неўміручае:
- ЖЫВЕ!!!
Зміцер Захарэвіч.
Сябар Бярозаўскай гарадской і Лідскай раённай арганізацый ТБМ імя Ф. Скарыны Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі на 51-м годзе жыцця.
Апошнія тыдні ад яго не было лістоў. Раней ён пісаў, што спадзяецца выйсці на свабоду яшчэ сёлета.
Паводле "Нашай Нівы", прычына смерці - спыненне сэрца.
На смерць сябра Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка была прынята адпаведная заява партыі. Адгукнуўся і рух "За свабоду", абласным каардынатарам якога таксама быў Вітольд.
Вітольд Ашурак акрамя ўсяго іншага вёў актыўную дзейнасць на ніве Беларушчыны ў шэргах Таварыства беларускай мовы. Ён прымаў удзел ва ўсіх Агульнанацыянальных дыктоўках на Лідчыне. Асаблівы ўклад Вітольда ў рэстаўрацыю, а фактычна ў стварэнне мемарыялу паўстанцам 1863 года ў Шчытніках Лідскага раёна і ў шмат іншае.
Вітольд Ашурак быў пранізаны Беларушчынай накскрозь ва ўсіх яе праяўленнях: ад сімволікі да мовы, ад гісторыі да сучаснасці. Ён не быў гатовы да кампрамісаў у гэтых пытаннях, не мог прыгнуцца і перачакаць. Ён рабіў для Беларусі, што лічыў патрэбным, сёння і цяпер, без сумнення і аглядкі. З тым і пайшоў. Такім і застанецца ў памяці сяброў, паплечнікаў і ўсёй Беларусі. Беларускае неба яго душы!
Станіслаў Суднік, намеснік старшыні ТБМ.
За беларускамоўную Беларусь!
Паважаныя кіраўнікі ўсіх партый і грамадскіх рухаў, уключна і Таварыства беларускай мовы, незалежна ад вашых светапоглядаў выразна і ясна заявіце беларускай нацыі і цывілізаванаму свету сваю пазіцыю па стратэгічнай галоўнай праблеме для яе выратавання ад поўнай асіміляцыі. І як вынік - страце рэальнага дзяржаўнага суверэнітэту. Ці падтрымліваеце вы ў Рэспубліцы Беларусь вяртанне ў Канстытуцыю артыкула аб адзінай дзяржаўнай мове ў монаэтнічнай Беларусі? Па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ўстаноўлена: у нацыянальным складзе беларусы складаюць 84,9 %, рускія - 11,4%.
Пражыты беларусамі гістарычны час пасля аб'ектыўнага самароспуску СССР і адраджэння на яго развалінах суверэнных нацыянальных дзяржаў доказна засведчыў, што этнічная мова нацыі ёсць галоўная зброя для абароны рэальнага суверэнітэту ад інкарпарацыі дзяржавамі-суседзямі. Беларусь гістарычна існуе пад дзвюма знешнімі моўнымі пагрозамі - русіфікацыя і апалячванне. У часы першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь жыццядзейнасць грамадства аказалася пад агрэсіўнай унутранай русіфікацыяй на дзяржаўным узроўні. Гэта ўнікальная беларуская з'ява для сусветнай цывілізацыі цяжка вытлумачальная і пакуль што ёсць неразгаданы рэбус!
Каб нам - беларусам - быць заўважанымі ў суквецці народаў свету і паважанымі, трэба вярнуць на Бацькаўшчыну беларускамоўнае абслугоўванне ва ўсіх сферах афіцыйнага дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Навязанае ж сілай беларускай уладай у 1995 годзе так званае "двухмоўе" на сёння прывяло беларускую нацыю на мяжу нацыянальнай катастрофы: да завяршальнай асіміляцыі беларусаў. Час пасля незаконнага рэферэндуму яскрава і пераканаўча засведчыў: толькі канстытуцыйнае вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай можа спыніць і адвесці беларускую нацыю ад смяртэльнай асіміляцыі і страты рэальнага суверэнітэту дзяржавы Беларусь. Аб гэтым жа сведчыць і сусветная навука. Адвесці народ і дзяржаву Рэспубліка Беларусь ад смяртэльнай асіміляцыйнай багны здольны лідары беларускай нацыі са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, гістарычнай адказнасцю і разуменнем сваёй персанальнай выратавальнай місіі.
У гэтым гістарычным працэсе Таварыства беларускай мовы ёсць арганічная частка беларускага грамадства. Мы пакуль што не асэнсавалі дзейнасць нашых папярэднікаў з Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй ва ўмовах вельмі агрэсіўнага апалячвання беларусаў. На жаль, апошнія 20 гадоў ліберальнае кіраўніцтва ТБМ не прыняло адэкватную стратэгію і тактыку сваёй дзейнасці ва ўмовах так званага двухмоўя і агрэсіўнай русіфікацыі і асіміляцыі беларускай нацыі.
Для ўмацавання нашага змагарна-выратавальнага духу прапаную ўспомніць і пастаянна помніць гістарычныя трагічныя эпахальныя даты асіміляцыі беларусаў на працягу апошніх стагоддзяў:
26 жніўня 1696 года. Усеагульная канфедэрацыя саслоўя Рэчы Паспалітай прыняла смяротную для беларускай мовы Пастанову: беларуская мова ў Вялікім Княжстве Літоўскім выводзіцца са службовага справаводства, і пачынаецца паланізацыя ("усе рашэнні павінны складацца на польскай мове"). З афіцыйнага жыцця была цалкам выключана беларуская мова і запанавала польская.
1772 - 1793 - 1795 гады (акупацыя тры падзелы Рэчы Паспалітай). Прыйшоў у беларускі дом новы знешні акупант: Расейская імперыя. І пачалася больш, чым 140-гадовая смяротная русіфікацыя. Імперыятрыца загадала: "Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа".
1839 год. Гвалтоўнае скасаванне нацыянальнай на той час уніяцкай царквы. З таго часу беларусы не чулі сваёй роднай мовы ні ў праваслаўных, ні ў каталіцкіх храмах.
Гісторыя пераканаўча зафіксавала, што чужыя мовы, якія панавалі на нашай тэрыторыі ў часы Рэчы Паспалітай (польская мова) і імперскай Расіі (русский язык), сталі магільшчыкамі беларускай мовы і беларускай культуры.
1917 - 1990 гады. Гістарычны час, калі беларускай мове дазвалялася пажыць спагадліва цывілізавана (БНР, БССР (міжваенная беларусізацыя); 1941-1944 гады - пакуль яшчэ намі не асэнсаваны.
Гістарычны час ад 26 студзеня 1990 года (прыняцця Закона аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове) і да 14 траўня 1995 года (правядзення крывадушнага майскага рэферэндуму) і міжваенны перыяд беларусізацыі - залатыя старонкі ў беларускай гісторыі.
Ад 14 траўня 1995 года і па сёння ідзе працэс глабальнай паралізацыі беларускага нацыянальнага арганізму без поўнакроўнага функцыянавання роднай мовы і культуры. Трэба надрукаваць пайменна прозвішчы 177 дэпутатаў з тых 185, хто галасаваў за правядзення рэферэндуму. Менавіта яны: "Пагадзіліся на ганьбаванне нашай мовы, каб сёння па кавалачках яе адраджаць і вучыць нашых дзяцей простым словам" (Аксана Колб "Новы час", №18, 2021г.). На дзяржаўным узроўні ідзе актыўны працэс асіміляцыі беларусаў. Прывяду страшную для нас выснову К. Каўцкага: "…нацыя знікае… проста таму, што яна перастае гаварыць на сваёй мове, бо лічыць іншую мову больш для сябе мэтазгоднай". (Каутский Карл. Национальные проблемы. Пг. 1918. С. 40).
Дзяржаўная татальная русіфікацыя - смяртэльны вораг беларускай нацыі. Пацверджанне таму:
- уладная вертыкаль з першых дзён свайго ўсталявання з самага высокага верху і да самага нізу пры выкананні сваіх канстытуцыйных функцыянальных абавязкаў спрэс не карыстаецца першай канстытуцыйнай беларускай мовай;
- юрысты і дэпутаты не пішуць Законы для беларусаў па-беларуску;
- беларускае войска, пры наяўнасці распрацаваных і зацверджаных у свой час статутаў і прафесійных слоўнікаў, жыве пад русским языком і не разумее, да прыкладу каманд РУБОН, ЗВАЖАЙ, КРОКАМ РУШ;
- сістэма адукацыі амаль цалкам зрусіфікавана. У Беларусі няма ніводнага! дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім бы беларус мог рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права атрымаць вышэйшую адукацыю ў сябе на радзіме на сваёй роднай мове.
Далей: куды не кінь - усюды клін! Алагічная сітуацыя: Канстытуцыйны суд, генеральныя пракуроры, канстытуцыйныя асобы, кіраўнікі Палаты Прадстаўнікоў і іншыя высокадзяржаўныя адказныя асобы маўчаць і невытлумачальна не хочуць акрэсліць сваю прафесійную адказную пазіцыю па сучасным катастрафічным становішчы беларускай нацыі.
Выснова: галоўнай прычынай агульнанацыянальнага і дзяржаўнага сістэмнага крызісу і сучаснай катастрофы з беларускай мовай, беларускай культурай, рэальным дзяржаўным суверэнітэтам і ўвогуле беларускай нацыяй ёсць выключна дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь з 1995 года. Гэта ў нашым летапісе самы змрочны гістарычны час.
Мікола Савіцкі, прафесар.
Вернікі згуртаваліся дзеля аднаўлення святыні
Раніцай 11 траўня загарэўся дах адной з самых галоўных каталіцкіх святынь Беларусі - касцёла Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі ў Будславе.
З 7 гадзін раніцы з'явіўся дым над дахам касцёла, у 11.24 гадзін пажар быў лакалізаваны, у 15.21 - быў ліквідававаны, дзякуючы аператыўным дзеянням МНС.
Трагедыя глыбока ўзрушыла жыхароў Будслава, якія дружна кінуліся ратаваць касцёльныя святыні. Яшчэ да прыезду пажарных яны многія рэчы вынеслі з памяшкання - абразы, прылады для правядзення набажэнстваў, кнігі і галоўную каштоўнасць храма - Будслаўскі абраз Божай Маці. Гэта адзін з самых ушанаваных католікамі абразоў. Нягледзячы на моцнае задымленне, людзі дзейнічалі дружна і зладжана.
Прадстаўнік МНС падкрэсліў, што яго калегі "зрабілі ўсё магчымае і нават больш". Выратавальнікі дзейнічалі асцярожна, каб выратаваць будынак. Акрамя выратавальнікаў з суседніх раёнаў накіраваліся людзі з Менскага гарадскога кіравання МНС. Удалося выратаваць абразы, кнігі і іншыя каштоўныя рэчы. У касцёле застаўся арган, створаны ў 1771 віленскім майстрам Нікаласам Янцонам. Пажарныя абаранялі інструмент ад вугляў, якія падалі.
Так званы стары касцёл, які знаходзіцца за алтаром, агонь не закрануў. Але ў самім касцёле пры тушэнні пажару вада заліла арган, жывапіс. Улічваючы абставіны, што храм застаўся без даху, усё і далей будзе мокнуць і разбурацца пад дажджом. Вядома, гэтага дапусціць нельга. Пры першай магчымасці вернікі пачнуць прыводзіць храм у парадак. Арган хутчэй за ўсё трэба дэманціраваць для абследавання і аднаўлення.
15 красавіка 2019 года моцны пажар адбыўся ў Парыжы ў саборы Парыжскай Божай Маці. Прэзідэнт Мануэль Макрон хутка абвясціў аб зборы сродкаў на аднаўленне храма, які ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны UNESCO ў 1991 годзе. Верагодна, як лічаць спецыялісты, прычынай пажару стала кароткае замыканне. Ці не дзеянне вандалаў гэта, ці не злы ўмысел? Застаецца загадкай...
Праз тыдзень пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай спецыялісты прыступаюць да працы па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі.
- Калі Будслаўскі касцёл застанецца пад дажджом, як было ў выпадку з Нясвіжскім замкам, то ўсё будзе дрэнна, - выказаў свае меркаванне дырэктар НВУП "Будрэканструкцыя" Генадзь Малашук у размове з Арцёмам Ткачуком, валанцёрам Медыйнай групы пры архідыяцэзіяльнай Камісіі па аднаўленні будслаўскай святыні Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Размова была апублікавана на інтэрнэт-старонцы санктуарыя ў Будславе Budslau.by.
Па факце пажару ў Будславе Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкула "Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне" (ч. 2 арт. 304 КК).
Цяпер адмыслоўцы чысцяць дах, ідзе абследаванне будынка. Вернікі і неабыякавыя людзі збіраюць сродкі на аднаўленне.
- Мы пакуль усё робім самі, без дзяржавы, - распавёў кс. Ігар Лашук, сябар спецыяльнай камісіі Каталіцкага касцёла ў Беларусі, якая займаецца ліквідацыяй наступстваў пажару. - Не толькі аднаўляем касцёлы, але і будуем новыя. І сродкі на гэта ідуць значна большыя, чым тут. Напэўна, мы будзем прасіць дзяржаву, каб нас вызвалілі ад падатку на даданую вартасць. Па законе помнікі архітэктуры вызваляюцца ад ПДВ пры рэстаўрацыі і ад ПДВ на матэрыялы.
- Касцёл у Будславе - гэта помнік архітэктуры. Таму па факце заводзіцца крымінальная справа. Будуць шукаць "крайняга". Нават калі ў касцёле ёсць адказны, святар скажам, то ён жа не можа бегаць 24 гадзіны і глядзець, ці ўсё ў парадку. Хто і што можа тут нешта ведаць?! Гэта вельмі падобна на пажар у саборы Парыжскай Божай Маці. Там таксама ўсё пачалося з даху. Шмат касцёлаў гарэла і гарыць. І чамусьці вельмі часта гэта пачынаецца з даху, - выказаў сваё меркавенне ксёндз Ігар Лашук.
- Я звяртаюся да ўсіх людзей добрай волі, асабліва беларусаў за мяжой, дапамагчы ў гэтай справе. Я буду маліцца за вас усіх, каб Божая Маці бараніла вас у цяжкую хвіліну, асабліва ў сённяшні складаны час. Мы просім згуртавацца вакол Будслава і аднавіць яго! Гэта наш Нацыянальны санктуарый. Вера заўсёды мела асаблівае значэнне ў жыцці нашага народу. Яна нас яднала. Сёння мы за гонар кажам: "Беларус беларусу - беларус", гэта значыць, што чалавек заўсёды дапаможа, - прамовіў кс. Ігар Лашук.
Нацыянальны санктуарый у Будславе з'яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю і мае агульнанацыянальнае значэнне для Беларусі. Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Штогод тут збіраюцца тысячы паломнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Славеніі, Італіі. Большасць прыходзяць на фэст пешшу групамі.
Па стане на 18 траўня ахвярадаўцы сабралі болей за 441 000 рублёў на рамонт Будслаўскай святыні. Урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай сёлета пройдуць без зменаў 2 і 3 ліпеня. У сувязі з пандэміяй арганізаваныя пілігрымкі не плануюцца. Аднак усе ахвочыя могуць ладзіць паломніцтвы ў індывідуальным парадку, як і летась.
Інфармацыя па спонсарскай дапамозе для юрыдычных асоб
Адказаная за афармленне дамоваў - валанцёр Тарэса Клімовіч.
Тэл.: +375 29 131 03 12.
Email: t160677@gmail.com.
Дабрачынныя рахункі:
Религиозная община "Римско-католический приход Успения Пресвятой Девы Марии" а г. Будслав Мядельского района,
222374, Минская обл.,
Мядельский р-н, аг. Будслав,
ул. Красная площадь, 8.
Для рэзідэнтаў Республікі Беларусь:
BY10BAPB31353404200300000000 (BYN)
у ТАА "Белаграпрамбанк" г. Мінск.
Код банка: BAPBBY2X. УНП 600195666.
Для нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь:
BY19BAPB31353404200100000000 (USD),
BY63BAPB31353404200200000000 (EUR),
BY54BAPB31353404200400000000 (RUB),
BY98BAPB31353404200500000000 (PLN)
у ТАА "Белаграпрамбанк" г. Мінск.
Код банка: BAPBBY2X. УНП 600195666.
Парафіяльны рахунак:
Религиозная община "Римско-католический приход Успения Пресвятой Девы Марии" аг. Будслав Мядельского района,
222374, Минская обл.,
Мядельский р-н, аг. Будслав,
ул. Красная площадь, 8.
Р/с BY12BAPB30153404200100000000
у ТАА "Белаграпрамбанк" г. Мінск.
Код банка: BAPBBY2X. УНП 600195666.
Праз сістэму "Разлік" (АРІП):
Религиозная миссия "Благотворительное католическое общество Каритас" Минско-Могилевской архиепархии.
Тэл/факс +375 17 515 31 08.
УНП 101131305.
223040, Минский р-н, д. Лесковка, ул. Каритас, 1.
р/р BY16 PJCB30150531141000000933
у ТАА "Пріорбанк", БІК PJCBBY2X.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.
У ВЕЧНАСЦЬ ЖЫЛКІ
Новая вясна зноў кліча на сцежкі Уладзіміра Жылкі. У мінулыя гады да 120-годдзя паэта ў Гарадзеі і Макашах землякі ладзілі дабрачынную зялёную акцыю "100 дубоў для Жылкі", а на беразе Ушы ўсталявалі памятны камень. З ініцыятывы сяброў ТБМ адна з вуліц у Нясвіжы займела яго імя. Па добрым прыкладзе і ўзоры календароў серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына" Валера Дранчука і на гэты год выдадзены каляндар з вершамі і краявідамі радзімы Уладзіміра Жылкі.
А сёлета напярэдадні дня нараджэння паэта наведаліся ў "Ціхую затоку", што за пасёлкам гарадзейскіх цукравараў, каб падсадзіць дубкі на месцы тых, якія не прыжыліся. Прыўдалым саджанцам з прыватнага гадавальнічка па 10-14 гадкоў, акурат столькі пражыў паэт на Нясвіжчыне. Хай набіраюцца моцы, растуць-зелянеюць праз многія дзесяцігоддзі.
Краязнавец са Студзёнак Аляксандр Абрамовіч, апроч усяго, абачліва паклапаціўся пра надзейныя слупкі і падвязку дубкоў, каб ніякія шалёныя буры не пакалечылі маладыя дрэўцы.
- Тым сонечным днём неяк асабліва добра працавалася, светла марылася, - дзеліцца ўражаннямі Наталля Плакса, - ды самі сабой адзін за адным прыходзілі на памяць вершы "песняра змагання і красы.
Вераніка Васілевіч. Нясвіж.
ПЕРАЧЫТАЕМ НАНОЎ УЛАДЗІМІРА ЖЫЛКУ
ЯК ЎСЁ Ў ЖЫЦЦІ…
Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна
Мінула ў вечнасць назаўсёды.
Памножыла тугу й нягоды,
Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна…
Душы ж як бы чагосьці шкода,
А думка - за адной адна:
У тваім жыцці яшчэ вясна
Мінула ў вечнасць назаўсёды.
(1921год)
ПРАДЧУЦЦЁ
Неба пахмурнае… ймгліць невясёлае…
Нібы ў бяздоллі сумуе…
Нечым стрывожана сэрцайка кволае.
Чым? - адказаць не магу я.
Можа быць, гэтая даль непагоджая
Крые ў хмарах няшчасці?
Можа, збіраецца сіла варожая
Новы наслаці напасці?
(1921 год)
Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных
Да 160-годдзя з дня народзінаў і 90-годдзя з дня смерці (1.01.1861 - 29.04.1931)
Алесь Крой
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
29. Нежын-Кіеў-Менск-Варшава-Менск-Вільня-Петраград. На з'ездзе ЧК у Петраградзе 14 сакавіка 1918 года У. Ленін заявіў: "Грамадзянская вайна - гэта трыумф Савецкай улады!" Невыносны голад і тыф, высокая злачыннасць пры бальшавіках у 1918 г. вынудзілі Карскіх напісаць прашэнне на выезд у камандзіроўку з 15 траўня па 1 верасня для працы ў бібліятэках у Нежыне (пражылі там да пачатку кастрычніка, дакументы ў Варшаву немцы невыносна зацягнулі), Кіеве (у Кіеве Я. Карскі быў і па запрашэнні праф.Доўнар-Запольскага, сустрэўся з кіеўскай дыяспарай беларусаў, справа па беларускім універсітэце не рухалася, таму Доўнар-Запольскі прасіў справу па адкрыцці БДУ узначаліць Я. Карскаму, так піша А. Карскі згодна з тэкстам знойдзенага нататніка Я. Карскага, раней нідзе не друкаванага) і Варшаве. Насамрэч і выезд, і прыезд атрымаўся значна пазнейшымі за тэрміны прашэння ў камандзіроўцы. Спатрэбілася рабіць "Дазвол" для наведвання ўжо новых замежных дзяржаў Польшчы і Украіны, а найбольш зацягвалі немцы з дазволам у Варшаву. Толькі дзякуючы Язэпу Варонку ўжо ў Менску, як піша ў нататніку Я. Карскі (А. Карскі. "Біяграфія…") дазвол быў атрыманы.
З 4 кастрычніка 1918 года Я. Карскі прыехаў у Менск, яго папрасілі дапамагчы ў апекаванні гімназіямі, В. Іваноўскаму - тэхнічнымі і спецыяльнымі вучэльнямі, Б. Тарашкевічу - пачатковымі школамі. "Областное учебное попечительство" пачало працу з 1 лістапада 1918 года. Пасялілі абласное (краёвае) навучальнае папячыцельскае кіраўніцтва ў будынак на Вясёлай, 27, канцылярыя была на Захар'еўскай. Я. Карскі спрабаваў перад немцамі паставіць не выкананае адукацыйнай камісіяй БНР пытанне аб адкрыцці БДУ. Немцы былі не супраць беларускага ўніверсітэту, асабліва прыватнага, але праблема была ў фінансаванні, таму пытанне па адкрыцці БДУ зноў было адкладзена. Адначасова адкрываліся прыватныя навучальныя ўстановы польскія, габрэйскія. У часы БНР (за той кароткі час) была зроблена агромністая праца ў галіне адукацыі і пашырэнні беларускай мовы…
Газеты таго часу паведамляюць пра абстаноўку у розных гарадах. У Варшаве, дзе знаходзілася бібліятэка Я. Карскага, - голад і хваробы, страйкі, у Беларусі - тэрор, людзей немцы хапаюць проста на вуліцах і ў вагонах звозяць у лыб Германіі, землі аддаюць памешчыкам. У Кіеве - пераварот, немцы разагналі Украінскую Цэнтральную Раду, арыштаваны члены сацыялістычнай арыентацыі. Дзейнічае вайсковая ўлада гетмана Скарападскага.
…Атрымаўшы часовую працу ў галіне адукацыі ў Менску ў якасці інспектара з перспектывай узначаліць усю адукацыю ў Беларусі, Я. Карскі вырашыў з'ездзіць у Варшаву, прабыўшы там 10 дзён згодна з нямецкім дакументам. Два памочнікі бібліятэкара Панятоўскага Варшаўскай універсітэцкай бібліятэкі Зандровіч і Вэбер (якіх потым звольнілі) з нейкім нямецкім чыноўнікам вывезлі з варшаўскай (вул. Наталінская, 4, кв. 6, гаспадыня Дальская) кватэры Я. Карскага на 3 платформах кнігі, пакінулі ў кватэры поўны вэрхал. Адну платформу, самых каштоўных кніг па этнаграфіі, беларусазнаўстве, палеаграфіі, мовазнаўстве, партрэты і карціны памочнікі бібліятэкара распрадалі букіністам, прыхапілі з кватэры і іншыя рэчы… гаспадара не было ж 3 гады. Гаспадыня Дальская, канешне, заўляла свой пратэст у сувязі з вывазам кніг (з Біяграфіі…с.110). Распрадана было прыкладна 30% бібліятэкі на сумму 16 тыс. нямецкіх марак (на лістапад 1918 г.). Па падказцы ўніверсітэцкага бібліятэкара Панятоўскага Я. Карскі абгледзеў крамы на вул. Святога Крыжа і знайшоў невялічкую частку - 91 том сваёй бібліятэкі ў букіністычнай краме насупраць вул. Школьнай, кнігі паліцыяй былі вернуты. Агульная сума стратаў у кватэры была каля 37 тысяч нямецкіх марак (курс маркі быў амаль роўны даваеннаму рублю). Верагодна, што панесеныя страты не былі вернуты як пад нямецкай акупацыяй, так і пазней. Да наступнага прыезду ў Варшаву Я. Карскі за плату часова пакінуў кнігі і ўсе рэчы сп. Пекутоўскаму, зяцю спадарыні Дальскай, які жыў паверхам вышэй. У Менск Я. Карскі вярнуўся 24-25 кастрычніка 1918 года. 10 снежня Чырвоная армія ўвайшла ў Менск, і 1 студзеня пад ціскам і зваротамі беларусаў быў прыняты маніфест аб утварэнні БССР, можна сказаць, у супрацьвагу БНР, з 1 студзеня пачалося новае летазлічэнне, гэта супала яшчэ і з днём народзінаў Я. Карскага. У дзень утварэння БССР Я. Карскаму па новым стылі споўнілася 58 гадоў. У студзені, сакавіку і траўні 1919 года Я. Карскі выязджаў у Петраград на паседжанні АН з камандзіроўкі ў Менску, якую працягнулі ў Расейскай АН яшчэ на тры месяцы, у Петраградзе была моцная галадоўка.
Я. Карскі ўсё-такі прывязе з Варшавы ў 1919 годзе большую частку сваёй бібліятэкі, што засталася з больш як 4000 кніг і падорыць іх БДУ. Потым будуць новыя акалічнасці, звязаныя з прывезенай бібліятэкай Я. Карскага пры новых "гаспадарах" і новых акупацыях, гісторыя з бібліятэкай акадэміка заслугоўвае мастацка-дакументальнага фільма. У Менску вядзецца вывучэнне гэтай кніжнай спадчыны, складзены каталог. Я. Карскі клапаціўся пра далейшае пашырэнне будучай бібліятэкі БДУ, пісаў таксама ліст па даручэнні акадэміку А. Сабалеўскаму аб магчымасці продажу і яго бібліятэкі для БДУ…
30. Вільня-Варшава. Як піша гісторык Васіль Герасімчык, менавіта з падачы Карскага за мовай заканадаўчых актаў часоў Вялікага Княства Літоўскага замацавалася назва "старабеларускай", аб чым ён зрабіў паведамленне на 9-ым Археалагічным з'ездзе, які адбыўся ў Вільні ў 1893 годзе. Падчас працы настаўнікам у Вільні Яўхім Карскі прынамсі двойчы спрабаваў дабіцца пераводу ў Імператарскі Варшаўскі ўніверсітэт у сувязі са з'яўленнем вакансіі на кафедры славянска-рускай філалогіі і літаратуры. Першы ліст маладога вучонага застаўся без станоўчага адказу - адміністрацыя ўніверсітэта не выказала жадання бачыць яго сярод сваіх супрацоўнікаў. Праз нейкі час Карскі піша другі ліст, спасылаючыся гэтым разам на прафесара Смірнова, які асабіста звярнуўся да рэктара з просьбай прыняць на працу Карскага і рэкамендацыяй. Гэты ліст, напісаны Карскім 29 чэрвеня 1892 г., прынёс жаданы вынік. У пісьме з Міністэрства асветы да рэктара Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта паведамлялася, што Яўхіма Карскага прызначаюць з 1 лютага 1893 г. на пасаду лектара рускай мовы ў Варшаўскім універсітэце, з заробкам 2000 рублёў на год. Канкурэнтам Карскага на вышэйназваную пасаду быў тады Я.Ф. Будэ - пазнейшы прафесар Казанскага ўніверсітэта . (Архэ. 26.06.2010 г. Міраслаў Янковяк.)
Вядома, што Яўген Будэ (1859-1931), канкурэнт на пасаду ў Варшаўскі ўніверсітэт Я. Карскага, вучоны-славіст, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук, быў рэпрэсаваны ў ліпені 1931 года, а трохі раней Яўхім Карскі ў 1931годзе скончыў свой зямны шлях.
31. Японія-Чэхія-Гародня-Лаша. Аднойчы японскі вучоны-русіст даведаўся пра асобу акадэміка Карскага ад свайго выкладчыка падчас стажыроўкі ў Чэхіі? - і быў так уражаны, што прыехаў у Беларусь, каб паглядзець на зямлю, што нарадзіла такога вялікага чалавека, пабываў і на Карскіх чытаннях, арганізаваных філолагам ГрДУ Марыяй Канюшкевіч.
32. Беларусь-Расія-Украіна-Польшча-Летува-Латвія. "Беларусы". Том І. С. 25. … "Такім чынам, вобласць беларускага племя з'яўляецца крыніцаю, адкуль бяруць пачатак чатыры галоўныя ракі Еўрапейскай Расіі (Волга, Днепр, Нёман, Заходняя Дзвіна) з іх прытокамі ў верхнім цячэнні. Адсюль жа пачынаюцца і некаторыя прытокі Віслы. Такое зручнае размяшчэнне рэк, гэтых прыродных шляхоў зносін, давала б магчымасць беларусам распаўсюджвацца ва ўсе бакі, канешне, калі б да гэтага не было іншых перашкодаў "…
33. Лаша-Ленінград. Сапраўдны Калумб Беларусі, акадэмік Я. Карскі памёр 29 красавіка 1931 г. у Ленінградзе. Пахаваны на Смаленскіх могілках, дзе хавалі ліцвіноў-беларусаў з 18 стагоддзя. Я. Карскі супрацоўнічаў і падтрымліваў беларускі нацыянальны рух, быў адным з яго духоўных "айцоў", але не быў гатовы да беларускай незалежнасці. Пакінуў нам незавершаных "Беларусаў", чацвёртым томам якіх павінен быў стаць "Словарь белорусского наречия".
Ці зрабіў бы ён такую вялізную працу, каб шчыльней далучыўся да беларускіх адраджэнцаў нашаніўскае пары? Даследчык Вітаўт Тумаш мяркуе, што не: "…такіх шырокіх умоваў да сыстэматычнае навуковае працы, якую даваў яму расейскі афіцыяльны імпэрыяльны навуковы апарат, напэўна ён-бы ня меў. Напісаўбы тады, хіба, нямала патрыятычных артыкулаў, а мо на'т і вершаў, якія тады былі ў асаблівай модзе, але ў галіне мовы праўдападобна ня здолеўбы даць і столькі, колькі далі Тарашкевіч ці Лёсік, бо ў папярэдніках яму не ставала-б моваведа фармату й аўтарытэту Карскага. Пісаць "Беларусаў", у кажным выпадку, ня было-б тады каму."
Сёлета не толькі 160-я ўгодкі яго народзінаў, але і 90-годдзе з дня смерці. Яўхім Карскі магчыма не ўсвядоміў да канца, што сваёй фундаментальнай працай "Беларусы", як ніхто іншы з сучасных вучоных, спрычыніўся да культурнага адраджэння беларускага народа.
У СМІ можна знайсці розныя высновы пра постаць акадэміка Я. Карскага ад людзей празаходняга і праўсходняга вектараў палітычнай думкі. Некаторыя "старыя" беларускія бальшавікі беспартыйнага Я. Карскага называлі "імперцам", заходнерусістам, чорнасоценцам і рускім шавіністам. Магчыма, гэта як бальзам на душу для сённяшніх рознакаляровых "імперцаў", якія дзясяткамі артыкулаў шчыруюць на беларусафобскіх рускамоўных сайтах і вылучаюць у працах Я. Карскага найперш матэрыялы для "імперцаў". У прыватнасці, яны пішуць, што Яўхім Карскі скептычна, або ўвогуле адмоўна ставіўся да палітыкі "беларусізацыі" па ўмацаванні пазіцый беларускай мовы ў Савецкай Беларусі. Для беларусафобаў пазіцыя зразумелая. Насамрэч Карскі проста казаў, што "белорусизация должна идти естественно, без принуждения и притеснения лиц, воспитанных на русской культуре". Бо ён, як ніхто іншы, разумеў, што гэта доўгі працэс, з наскоку немагчыма зрабіць, а беларускую мову ён любіў і вывучаў яе ўсё жыццё.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Светлай памяці Яўгена Анішчанкі
16 траўня 2021 года на 65 годзе жыцця ад нас адышоў вядомы беларускі гісторык Яўген Канстанцінавіч Анішчанка.
Будучы навуковец нарадзіўся 27 кастрычніка 1955 года ў вёсцы Бранцава на Аршаншчыне. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. Скончыў на выдатна гістфак БДУ (1978). Служыў у войску камандзірам звяза. У 1981-83 гг. выкладаў у сярэдніх навучальных установах. У 1983-85 г. - у Менскім інстытуце культуры. З 1985 г. працаваў у Інстытуце Гісторыі НАН БССР (з 1993 г. старшы навуковы супрацоўнік). Даследаваў сацыяльна-палітычныя працэсы на Беларусі перыяду падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх земляў да Расейскай Імперыі (перыяд 1760-1840 г.г.). Выдаў зборнікі дакументаў "Паўстанне і вайна 1794 г. у Літоўскай правінцыі: (паводле дакументаў расійскіх архіваў)" (2000 г.), "Паўстанне і вайна 1794 г. у Літоўскай правінцыі (паводле дакументаў архіваў Масквы і Мінска)" (2001 г.), "Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. у Літоўскай правінцыі" (2002 г.).
Кандыдат гістарычных навук. У 2004 г. абараняў доктарскую дысертацыю па тэме "Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай", якую не прапусціў ВАК Беларусі (за неадпаведнасць дзяржаўнай ідэалогіі).
Даследаваў сацыяльна-палітычныя працэсы на Беларусі перыяду падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў канцы XVIII-сярэдзіне XIX ст.ст.
Адзін з аўтараў кніг: "Нарысы гісторыі Беларусі" (ч. 1, Мн.: Беларусь,1994), "Гісторыя сялянства Беларусі" (т. 1, Мн.: Беларуская навука, 1997) і інш.
Аўтар кніг: "Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай" (2003 г.), "Черта оседлости (Белорусская синагога в царствование Екатерины II)", "В когтях двуглавого орла: Беларусь во времена Екатерины II (1772-1796 гг.)", "Генеральнае межаванне ў Беларусі".
Мае больш за 400 публікацый, у тым ліку 27 кніг без суаўтарства.
Паміж 2007-2009 гг. быў галоўным архівістам і вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у 2010-2013 гг. працаваў выкладчыкам у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. З 2014 г. працаваў выкладчыкам гісторыі медыцыны на пасадзе дацэнта кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Прычынай смерці сталі наступствы каронавіруснай інфекцыі. Развітвацца з гісторыкам прыйшлі Віктар Хурсік і Валеры Карбалевіч, а таксама прадстаўнікі грамадскасці Менска.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, краязнавец.
Берлін: ЗША не будуць рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць "Паўночнага струменя"
Навіны Германіі
У кіраўніцтве Германіі пацвердзілі звесткі пра тое, што Злучаныя Штаты не будуць уводзіць новыя санкцыі супраць кампаніі-аператара газаправода "Паўночны струмень - 2".
З заявай выступіў міністр замежных спраў Германіі Гайка Маас. На сустрэчы з журналістамі ён сказаў, што 19 траўня Дзярждэпартамент ЗША збіраецца апублікаваць справаздачу пра санкцыі ў дачыненні да шэрагу арганізацый. Адначасова, як адзначыў Маас, вядома пра існаванне "прэзідэнцкіх адмоваў" адносна санкцый супраць кампаніі Nord Stream 2 AG і яе выканаўчага дырэктара - грамадзяніна Германіі Матыяса Варнінга.
- Мы ўспрынялі гэта як канструктыўны крок. І мы радыя працягнуць дыскусіі з нашымі партнёрамі ў Вашынгтоне, - сказаў Маас, адзначыўшы, што абмеркаваў сітуацыю з дзяржсакратаром Энтані Блінкенам. DW прыводзіць словы Мааса пра тое, што Берлін разглядае рашэнне не рабіць больш жорсткімі санкцыі "як даніну павагі тым выключна добрым адносінам, якія склаліся з адміністрацыяй Байдэна".
Раней пра тое, што адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна адмовіцца ад новых санкцый супраць "Паўночнага струменя - 2" напісалі са спасылкай на ананімныя крыніцы партал Axios і агенцтва Reuters.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў сказаў, што вітае паведамленні амерыканскіх СМІ. Пяскоў дадаў, што "факт з'яўлення такіх публікацый сам па сабе досыць пазітыўны".
Звесткі з'явіліся незадоўга да першай сустрэчы міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова з Энтані Блінкенам, які раней называў "Паўночны струмень - 2" "дрэннай ідэяй для Еўропы і ЗША".
Адносіны паміж ЗША і Расіяй апошнія гады застаюцца вельмі напружанымі. І адміністрацыя дэмакрата Джо Байдэна знаходзіцца пад ціскам, у тым ліку з боку прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі, якія выступаюць за ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць удзельнікаў будаўніцтва газаправода з Расіі па дне Балтыйскага мора.
У Вашынгтоне і сярод шэрагу еўрапейскіх лідараў гучаць меркаванні, што "Паўночны струмень - 2" узмоцніць залежнасць Еўропы ад расейскіх энергапаставак, і што гэта ўзмоцніць палітычны ўплыў Масквы. Расія ў адказ называе газаправод выключна эканамічным праектам.
Паводле СМІ.
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
Што можа быць лепшым для культурнага чалавека за добрую кнігу? Таксама добрая кніга, толькі яшчэ не прачытаная. І не важна, што яна не новая, што даўно сышла з друкарскага варштата, што чыталі і перачытвалі яе да цябе.
Сямейная пара Вячаслаў і Нона Буко не першы раз прывозяць кнігі на Нясвіжчыну, каб перадаць іх у бібліятэкі, сельскія клубы, навучальныя ўстановы ці проста ў добрыя рукі. Яны ўжо некалькі гадоў удзельнічаюць у дабрачынным праекце " Кнізе - другое жыццё", што ладзіцца пры ААТ "Белгіпс-ЭКА". Ратаваць добрую кнігу ад утылізацыі - высакародная справа кожнага , лічаць яны. А яшчэ адзначаюць, што кнігі правераныя, апрацаваныя, іх можна без усякай асцярогі браць у рукі, чытаць.
На гэты раз першым прыпынкам на шляху з Менска была Навасёлкаўская школа. А ў Нясвіжы пасярэднікам паміж дабрачынцамі і адрасатамі стала старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса.
- Мяне цікавілі беларуска-моўныя выданні, - кажа спадарыня Наталля. - На шчасце, такія знайшліся. Ды не абыякія! Шматтомнікі Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Вячаслава Адамчыка, творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Івана Пташнікава. У зборніку "МЫ-беларусы", дзе сабраны вершы беларускіх паэтаў розных пакаленняў, прыемна было сустрэць найлепшыя патрыятычныя творы нашых землякоў - "Памяць" Паўлюка Пранузы, "Ехаў праз Гасцілавічы" Валера Дранчука, "Радзіміч" Кастуся Жука. Атрыманыя кнігі папоўняць бібліятэчку ТБМ у кабінеце грамадскіх арганізацый.
Большую колькасць з прывезенага спадаром Вячаславам Наталля Плакса перадала ў Карцэвіцкую школу. Бібліятэкар Святлана Гаціла адзначыла, што сярод кніг шмат твораў сусветнай літаратуры, кніг для дзяцей, слоўнікаў і даведнікаў, літаратуры па тэме "Што? Дзе? Калі?" Усё гэта прыдасца ў школьнай працы.
Вучні-пачаткоўцы, якія разам з бібліятэкарам пераносілі пакуначкі з кнігамі, заўважылі, што каля іх усё круціцца цікаўны коцік. "Мабыць, ён хоча замовіць сабе "Кніжку пра мышку", - пажартавала дасціпная дзяўчынка. А калі сур'ёзна, то жыхары Нясвіжчыны шчыра дзякуюць супрацоўнікам калектыва ААТ "Бел-гіпс-ЭКА" і непасрэдна сямейнаму тандэму Буко за дабрачыннасць і чакаюць новых сустрэч з добрай старой, але новай кнігай.
Вераніка Васілевіч, Нясвіж.
Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*
Зоф'я Кавалеўская
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
За здабытыя непрыяцельскія сцягі, як салдат, Людвік атрымліваў 5 рублёў узнагароды, але атрымаў яшчэ нешта больш каштоўнае: досвед у партызанскай барацьбе і яе глыбокае веданне. Вывучаў вайсковую тактыку, думаў пра Край.
Пры захопе Карскіх фартоў Людвік быў першым на турэцкім рэдуце і, хоць паранены, але сваім учынкам дапамог здабыць умацаванні, за што атрымаў званне афіцэра і крыж св. Георгія.
Памёр цар Мікалая I, і на расійскі трон узышоў яго сын Аляксандр II.
Як вядома, пасля Крыскай вайны ўсталяваліся больш ліберальныя парадкі. Пакідаючы па сабе добрую памяць, сімпатыю з боку расійцаў, выгнанцы вярталіся ў свае родныя гнёзды.
Праз дзесяць год вярнуўся ў родны кут і Людвік Нарбут. Сталася гэта ў 1854 годзе. Вялікая радасць запанавала ў Шаўрах. Дзесяцігадовая адсутнасць пакінула свае сляды на тварах і жыццях родных, але ў іх сэрцах біліся тыя ж самыя пачуцці.
Людвік з маладзёна таксама ператварыўся ў дарослага чалавека. Ён быў невысокага росту, худы, трошкі лысаваты. Меў задуменны і меланхалічны твар. Мілы ў абыходжанні, разважны ў радах і дзеяннях, ахвочы да паслугі і дапамогі іншым, ён хутка пакарыў сэрцы ўсіх знаёмых і суседзяў.
Неўзабаве ажаніўся з ўдавой Амеліяй Седлікоўскай з Кунцэвічаў, прыгожай жанчынай, якую горача пакахаў. Яна ўжо была маці двух сыноў, для якіх Людвік стаў добрым бацькам.
Адразу яны пасяліся ў Сербянішках, што каля Шаўроў, але хутка дзеля выхавання пасынкаў, а быць можа, каб наблізіцца да цэнтра народнага руху, які пачаў адраджацца, Людвік асеў з сям'ёй у Вільні.
Жонка Людвіка вылучалася сваёй інтэлігентнасцю і ўзвышалася над агульным разумовым узроўнем тагачасных жанчын. Мела розум цвярозы і халодны, што было ў кантрасце з характарам мужа. Людвік яе вельмі кахаў і заўсёды называў "даражэнькая". Мелі дачушку, але яна памерла ў маленстве. Праз каханне да жонкі расквітнела ў Людвіку вялікае і святое пачуццё да Айчыны.
Думкі аб Радзіме насіў на выгнанні, з імі ж вярнуўся ў Край і чакаў толькі адпаведнага моманту, каб пачаць дзейнічаць. У 1860 годзе з Захаду, з Варшавы пачалі даносіцца яшчэ невыразныя знакі і званочкі пра абуджэнне. Нарэшце, праз спевы і дэманстрацыі на іх адазвалася і Літва, яна таксама рыхтавалася да найважнейшай справы. Людвік Нарбут рупліва браў удзел у гэтым - няспынна працаваў над свядомасцю народа і гадаваў у ім добразычлівасць.
Слухаючы малельныя спевы, якія грымелі ў касцёлах, ён не без падставы верыў, што гэтыя грудзі, якія з такой сілай просяць дапамогі ў нябёсаў, стануць пры першым поклічы, як адзін, на барацьбу за Айчыну. Меркаваў аб людзях па сабе і верыў у трываласць гэтых распаленых пачуццяў.
Паволі пачалася арганізацыйная праца, у якой вызначыліся два цэнтры: адзін поўны легкадумнай экзальтацыі, другі - цвярозай развагі. Людзі знаёміліся паміж сабой, з'ядноўваліся і раіліся, скасоўваючы пры гэтым найбольш неадпаведныя заклікі і адозвы з цэнтра руху - з Варшавы.
У падрыхтоўчай працы вялікую дапамогу Людвік знайшоў у сваёй сястры Тэадоры Манчунскай. Яе не палохала небяспека. З рашучасцю і мужчынскай адвагай ішла ўсюды, дзе была патрэбна яе дапамога. Была знаёма з вялікай колькасцю моладзі і ведала канспірацыю. Хадзіла па хатах вяскоўцаў, разагравала простыя сэрцы і яднала іх дзеля будучай справы. На простых людзей спадзяваўся і Людвік - менавіта з імі звязваў свае надзеі.
РАЗДЗЕЛ IV
Нявыкананыя праекты. Народная справа. Згасанне ў 1846 годзе. Бальтазар Калясінскі. Пачатак 1863 года. Арганізацыя. Геншаль, Гажыц. Паляванне на кіраўніка ўзброеных сіл Нарбута. Ашмянская арганізацыя.
Ідэя аб праве выбарчага голасу для вяскоўцаў, аб скасаванні прыгону і паншчыны, аб наданні іншай формы адносінам паміж дваром і вёскай віравала, як вядома, здаўна сярод пэўных груп нашага насельніцтва, аднак не паспела распаўсюдзіцца на ўсё грамадства. Зрэдку да вышэйшай улады даходзілі розныя праекты землеўладальнікаў са шляхты з канкрэтнымі прапановамі, але ўсе яны з грозным папярэджаннем і патрабаваннем адмовіцца ад усялякага руху ў гэтым кірунку скасоўваліся.
Справы людзей цесна звязаны са справай Краю. Гэтая сувязь прайшла праз сэрца многіх асоб, якія моцна верылі, што толькі ідучы разам з народам, можна марыць аб перамозе народнага руху.
У 1846 годзе ў Лідскім павеце прыпынілася агітацыя, якая, як здавалася, заклікала да народнага паўстання з мэтай дабіцца пэўнай палёгкі і вольнасці.
Гэта адбывалася ў той час, калі па ўсёй Еўропе рух у бок свабоды пашыраўся. Яго адгалоскі павінны былі і ў нас выклікаць пэўнае ўзбуджэнне, якое непакоіла ўлады. Справа праводзілася ціха і патаемна, і сёння перад намі вырысоўваецца даволі цьмяна. Пасля 70 гадоў цяжка пранікнуць у яе глыбіню. Відочна, што яна мела сувязь са згасаннем актыўнасці сярод школьнай моладзі ва ўсім Краі.
Хто ў Лідскім павеце падняў агітацыю і да якой ступені яна распаўсюдзілася, сёння даведацца цяжка. Не абышлося, як заўсёды, і без ахвяр, сярод каторых быў лідскі землеўладальнік Бальтазар Калясінскі18, які і стаўся адным з галоўных ініцыятараў руху. Гэта быў нязломны дзеяч, чалавек моцнай волі, які ўпарта імкнуўся да сваёй мэты.
Яго арыштавалі ў сваім маёнтку Сядзеймы19, дзе ён жыў разам з жонкай, якая паходзіла з дому Більдзюкевічаў. Сваю жонку Бальтазар выкраў ад бацькоў. Маладзіца прынесла ў яго дом абраз Маці Божай Вострабрамскай, які знаходзіўся ў сям'і Більдзюкевічаў з незапамятных часоў і, паводле падання, ціхім звонам папярэджваў сям'ю пра блізкую бяду. У хвілю, калі жандары наблізіліся да маёнтка ў Сядзеймах, каб арыштаваць Бальтазара, абраз, які вісеў на сцяне, загучаў сам па сабе.
Як быццам маланка ўдарыла ў дом Калясінскага. Яго пасадзілі ў вязніцу і пасля доўгага следства вынеслі вырак: "Вечныя салдаты" са скасаваннем усіх правоў і шляхецкіх прывілеяў. Паводле тагачаснага звычаю, усё адбывалася з пэўным цырыманіялам - Бальтазара ўзвялі на эшафот і над яго галавой зламалі шпагу.
У 1848 годзе Бальтазар Калясінскі знаходзіўся на Каўказе20 сярод іншых мясцовых асуджаных, адбываў цяжкае пакаранне адначасова з Людвікам Нарбутам.
Пасля дзесяці гадоў, згодна з маніфестам цара Аляксандра II, Калясінскі быў вызвалены ад жаўнерскай службы і прызначаны камендантам21 Арэнбургскіх стэпаў, якія былі пад камандаваннем губернатара Пяроўскага, бацькі Соф'і, пазней вядомай рэвалюцыянеркі.
Маральная, культурная і разумовая перавага нашых выгнанцаў нараджала павагу ў непрыяцеля і часта выносіла пасля заканчэння тэрміну пакаранага на высокія пасады ў Расіі. У 1860 годзе Бальтазар Калясінскі знаходзіўся на радзіме, дзе выспяваў новы выбух. Як стары баявы конь, пачуўшы гук трубы, якая грае пабудку, кідаецца ў шэрагі, так і Бальтазар Калясінскі, прасякнуты патрыятычнай атмасферай, ірваўся да дзеяння.
Пасля вяртання дадому Калясінскаму прапанавалі месца суддзі ў Лідзе, а пасля сялянскай рэформы - "міравога пасярэдніка". Гэта была вельмі адпаведная пасада для яго дзейнасці. Калясінскі мог зблізіцца з людзьмі і ўздзейнічаць на іх. У гэтым быў практычны сэнс, бо Бальтазар мог паўплываць на розум селяніна і выклікаць яго павагу. Трэба дадаць, што грунт, на якім ён працаваў, з'яўляўся больш жыватворным, чым дзе-небудзь у іншым месцы.
Лідскі павет быў заселены дастаткова вялікай колькасцю дробнай засцянковай шляхты, якая захоўвала даўнія традыцыі. Сяляне з паветаў літоўскіх і беларускіх моцна трымаліся веры сваіх бацькоў, тым больш, што ў Лідскім павеце жыло шмат нашчадкаў мазураў, якіх калісьці прывезлі з-за Віслы заможныя гаспадары для працы ў маёнтках, якія атрымалі за розныя заслугі перад краінай. Гэтыя мазуры ўжо абеларусіліся, хоць і насілі часта польскія прозвішчы, аднак па жылах цякла гарачая польская кроў22. Як Калясінскі, так і Нарбут бачылі ў людзях галоўную сілу для будучай і ўжо дастаткова блізкай барацьбы. І праўдападобна, не ведаючы адзін аднаго, падрыхтавалі адпаведны матэрыял, магчыма ідучы рознымі шляхамі, аднак да адной мэты.
Тым часам падзеі разварочваліся хутка. Год 1861 прынёс вядомыя маніфестацыі з крывавымі ахвярамі. 1862 год прагрымеў у спевах і расплыўся ў маніфестацыях. На іх была выдаткавана частка патрыятычнай і грамадзянскай энергіі. Кроў закіпала ў жылах, сляпіла вочы. З захаду наплывалі заклікі да барацьбы, абяцанні дапамогі з боку мацнейшых дзяржаў.
Французскі імператар Напалеон III, як і яго папярэднік ў 1812 годзе, заблытваў палякаў.
Дарэмна старэйшыя і памяркоўныя настаўлялі малодшых і гарачых быць разважлівымі.
Патаемнае парушэнне правоў арыштаваных перапоўніла чашу цярплівасці і выклікала заўчасны выбух, у выніку чаго арганізацыйныя работы на землях даўнейшай Рэчы Паспалітай павінны былі паскорыцца, таксама неабходна было знайсці мясцовыя кадры для будучага кіраўніцтва паўстаннем.
Радыкальныя элементы масава далучаліся да руху, але знаходзіліся ў яго шэрагах і больш памяркоўныя людзі, яны і кіравалі арганізацыяй і ўсімі сіламі жадалі з мінімальнымі ахвярамі выратаваць Край ад небяспечнай згубы. У той час калі частка грамадства ў Вільні працягвала мітынгаваць, ў камяніцах на вузкіх віленскіх завулках ішла ціхая і карпатлівая арганізацыйная праца.
Людзі працавалі як краты.
Як толькі сфарміраваўся Цэнтральны камітэт Народнага ўрада ў Варшаве, на пачатку студзеня 1863 года з'явіўся яго аддзел у Вільні23. Віленскі аддзел павінен быў знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Цэнтральным камітэтам, падпарадкоўвацца яго загадам і быць ў пэўнай ступені ад яго залежным.
Віленскі аддзел у сваю чаргу фарміраваў павятовыя структуры. Кіраўніком Лідскага павета стаўся Канстанцін Геншаль з Валдацішак - сын Людвіка і Стэфаніі з Пуцілоўскіх. Меў дваццаць з невялікім гадоў. Пасля заканчэння школы ў Вільні, вывучаў медыцыну ў Пецярбургу. Потым перавёўся на факультэт матэматыкі, пасля заканчэння навукі вярнуўся да бацькоў у Валдацішкі. Належаў да моладзі, якая прапагандавала народны рух. Выключныя здольнасці Геншаля былі ўлічаны Віленскім аддзелам Народнага ўрада пры яго прызначэнні на адпаведную пасаду. Ён павінен быў назіраць за паветам, апекавацца ўсялякімі патрэбамі паўстанцаў і падтрымліваць шчыльную сувязь з аддзелам Народнага ўрада ў Вільні.
Геншаль да апошняга выконваў свае абавязкі сумленна і разумна. Выключна праз цуда здолеў застацца жывым. Улада, напаўшы на яго след, правяла пкератрус у Валдацішках і арыштавала бацьку.
Геншаль у гэты час знаходзіўся ў Вільні, жыў у гатэлі Пазнаньскага (сёння гатэль не існуе). Выйшаў у горад, калі жандары атачылі гатэль і ператрасалі яго нумар. Атрымаўшы паведамленне ад сяброў, Геншаль адразу знік з віленскага гарызонту. Апынуўся ў Парыжы, куды шчасліва здолеў дабрацца. Там зноў вучыўся медыцыне і абараніў вучоную ступень доктара. У 1870 годзе браў удзел у франка-прускай вайне. Ажаніўся з французскай літаратаркай. Яе артыкулы аб польскіх падзеях часта сустракаліся ў парыжскіх часопісах.
* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.
18 Бальтазар Калясінскім (30.12.1818 - 30.09.1888) - нарадзіўся ў Сядзеймах, сын Бальтазара і Тэклі з Луткевічаў, у 1864 г. сасланы ў Кастрамскую губерню. Потым вярнуўся ў Вільню і быў тут пахаваны на Бернардынскіх могілках. - Л. Л.
19 Маёнтак Сядзеймы, Лідская парафія, каля р. Дзітвы, недалёка ад Заполля, Вострава, Янцавіч. - Л. Л.
20 Калясінскі праходзіў службу ў Сярэдняй Азіі. - Л. Л.
21 За гераічны ўчынак атрымаў ніжэйшы чынавенскі чын. - Л. Л.
22 Інфармацыя пра мазураў не адпавядае рэальнасці. - Л. Л.
23 Тым, хто цікавіцца падрабязнасцямі, а таксама складам Віленскага аддзялення, можна звярнуцца да ўспамінаў Якуба Гейштара, выдадзеных у Вільні ў 1913 годзе.
(Працяг у наступным нумары.)
Дзятлаўчане і іх прозвішчы
Прозвішча (па-руску фамілія) азначае "сям'я", "род". У старажытным Рыме гэта была сямейна-гаспадарчая адзінка, у склад якой, акрамя кроўных сваякоў, уваходзілі і работнікі. З цягам часу прозвішча набывала родавае найменне, а пры нараджэнні пераходзіла ў спадчыну, мяняючыся толькі ў шлюбе для асоб жаночага полу ці падчас усынаўлення. "Словарь русского языка" пад рэдакцыяй С.Г. Ожагава трактуе прозвішчы як тое, што перадаецца ў спадчыну ў якасці дадатка да асабістага імя.
Першыя ўстойлівыя прозвішчы на тэрыторыі сучаснай Беларусі прымаліся магнатамі і з'явіліся толькі ў другой палове 15 стагоддзя - Хадкевічы, Сапегі, Пышкевічы, Ільінічы, Гарнастаі, Грамыкі і г.д. Аднак асноўная колькасць шляхты ў першай палове 16 стагоддзя яшчэ карысталася найменнямі па бацьку ці дзеду.
На аснове інвентароў 17-га пачатку 18-га стагоддзяў можна сцвярджаць, што пастаяннае прозвішча набываюць усе саслоўі: шляхта, гандляры, рамеснікі і асноўная колькасць сялян. Аднак яны не былі ўстойлівыя і абавязковыя.
Беларуская сістэма прозвішчаў канчаткова аформілася толькі ў другой палове 19-га стагоддзя.
Што ж такое беларускае прозвішча?
Да самых характэрных беларускіх прозвішчаў адносяцца тыя, што маюць канчатак -овіч, -евіч. Яны найчасцейшыя і настаражытнейшыя. Такога тыпу прозвішчы маюць да 90% сербаў і харватаў, што яшчэ раз пацвярджае наша славянскае радство з імі.
Сёння ў Беларусі, згодна з апошнім перапісам насельніцтва, прозвішчы з гэтым суфіксам, такія як Пашукевіч, Самайловіч, Макарэвіч, Петрыкевіч, Капковіч, Мацюкевіч, Хартановіч, Урбановіч, Юшкевіч, Ярмаловіч, Місцюкевіч, Станкевіч, Пранкевіч, Капаткевіч і г.д., маюць звыш 1.5 мільёна жыхароў і 88% іх прозвішчаў, як сцвярджае доктар філалагічных навук М.В. Бірыла, аўтар дзясяткаў навуковых прац і даследаванняў па антрапалогіі, бэрэ пачатак ад імён, атрыманых пры хрышчэнні ў царкве ці касцёле ў поўнай ці скарочанай форме: Клім - Клімовіч, Восіп - Асіповіч, Барыс - Барысевіч, Косця - Касцюкевіч, Якуб - Якубовіч, Багдан - Багдановіч. Найбольш такіх прозвішчаў у Менскай і Гарадзенскай абласцях. Натуральна, вялікая колькасць такіх людзей і ў нашым раёне.
Дастаткова на Дзятлаўшчыне жыхароў з прозвішчамі з канчаткам -ко. У Беларусі носьбітаў прозвішчаў дадзенага тыпу каля 700 тысяч чалавек. Па сутнасці канчатак -ко спаланізаваны варыянт старажытнага беларускага суфікса -ка. Ён можа дадавацца да любой асновы імя ( Федзя - Фядзько), фізічных асаблівасцей чалавека ( глухі - Глушко), прафесіі ( каваль - Кавалько), да дзеясловаў ( прыходзіць - Прыходзька) і г.д.
Найбольш пашыраныя ў нас з прозвішчаў гэтага тыпу наступныя: Бойка, Мялешка, Лойка, Сянько, Куцко, Дудко, Санько, Ламака, Шышко, Цярэшка, Бабко, Клімко, Зубко, Шурко, Латушка, Ражко, Харошка, Кашко, Лашко, Юшко, Сіўко, Мілейка, Губко, Лянко, Пышко, Васько, Бялко, Грамко, Саўко, Хацько. Прычым -о або -а на канцы прозвішча залежыць ад націску на слове. Пад націскам у беларускай мове пішацца літара о.
Праўда, позвішчы такога тыпу, але з канчаткам -эйка з'яўляюцца старажытналітоўскімі па паходжанні: Мажэйка (малы), Нарэйка, Нарэйчык (жадаць, хацець), Барэйка (папракаць).
Значная частка жыхароў Дзятлаўшчыны валодае прозвішчамі з заходнеўкраінскім (валынскім) суфіксам на -ук, -юк, -чук. Гэта Касцюк, Паўлюк, Пятрук, Мацюк, Радзюк, Пасюк, Кавальчук, Пінчук, Федарук, Антанюк, Лазюк, Маярчук, Манчук, Ванчук, Грынчук, Герасімук.
Каля паўмільёна беларусаў карыстаецца сёння прозвішчамі на -ік, -чык. Таму і на Дзятлаўшчыне прозвішчы Дубовік, Новік, Кулік, Чыжык, Царык, Філіпчык, Кухарчык, Юрчык, Гарэлік, Дзямідчык, Дзям'янчык, Дзялендзік, Альховік, Аляксейчык, Данільчык, Яскельчык, Абрамчык, Максімчык, Барысік, Сончык, Лейчык, Сідорчык, Купрыянчык і іншыя зусім не рэдкасць.
Тое ж самае можна сказаць і пра прозвішчы на -іч: Акуліч, Кузьміч, Мікуліч, Бабіч, Анапіч, Бародзіч, Ахрамовіч, Асіповіч, Капковіч, Шымановіч. Іншы раз, калі аснова прозвішча заканчваецца на -к, суфікс -іч у беларускай мове мяняецца на -ыц: Кончыц, Казючыц, Саўчыц, Мамчыц. Праўда, у нашым раёне такія прозвішчы вельмі рэдкія.
У першабытных людзей, як вядома, прозвішчаў не было, але, каб неяк адрозніваць аднаго чалавека ад другога, адпаведна з іх здольнасцямі, паводзінамі, рысамі характару, фізічнай падрыхтоўкай ім даваліся мянушкі, якія атаясамлівалі іх з тым зверам, птушкай, рыбай ці насякомым, на якіх палявалі, якія іх атачалі. Многія з гэтых мянушак аказаліся досыць трывалымі і праз стагоддзі набылі статус прозвішчаў. Так, у шэрагах прозвішчаў жыхароў Дзятлаўшчыны з'явіліся Мядзведзі і Мядзведзевы, Ваўкі і Воўкавы, Лісы і Лісіцыны, Сабалі і Сабалеўскія, Зайцы, Зайко і Зайцавы, Бабры і Баброўскія, Норкі, Выдры, Каты і Котавы, Краты і Кротавы, Петухі, Курачкі і Курачкіны, Лебедзі, Гусевы, Буселы, Каршуны, Голубы, Жаваронкі, Дразды, Салавей і Салаўёвы, Чайка і Чайкоўскія, Шпакі і Шпакоўскія, Сокалы і Сакалоўскія, Вераб'і, Вераб'ёвы, Вароны і Варонкі, Гілі, Сарокі, Карпы, Карповічы, Ракі і Ракавы, Сліжы, Сліжэўскія, Яршы, Шчукі, Маляўкі, Акуневічы, Шэршні, Мухі, Камары, Матылі, Мурашкі, Жукі, Кляшчы, Шашалі, Прусакі, Блашынскія, Баравікі, Апенькі, Груздзевы, Грыбы, Буякі і г.д.
Бурнае развіццё рамесніцтва ў познім сярэднявеччы дало падставу для ўтварэння прозвішчаў людзям па роду іх заняткаў. Так з'явіліся Ганчары і Бандары, Рыбакі і Рыбачонкі, Краўцы і Шаўцы, Бортнікі і Мельнікі, Скрабцы і Шорнікі, Дайліды і Ткачыкі, Садоўскія і Садаўнічыя, Кухарчыкі і Кухарэвічы, Конюхі, Піваварчыкі і Вінакуравы, Седляры і Кажамякі, Смаляры, Смалякі і Смолкі, Дзягцевічы (здабывалі дзёгаць), Будары і Літавары (музыкі, якія гралі на літаўрах).
Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна густа пакрыта лясамі і пушчамі, таму ў нас нярэдкія прозвішчы, утвораныя ад расліннасці, якая акаляла жытло таго ці іншага чалавека, ці месцазнаходжання населенага пункта адносна рэльефа. У спісах жыхароў хапае Бароўскіх, Дубіцкіх, Грабоўскіх, Лазоўскіх, Вярбіцкіх, Яловікаў, Альшэўскіх, Асінскіх, Шавялёў, Чамяроў і Чамярыцкіх, Асокіных, Самалянкаў, Аўсянскіх, Нагорных, Запольскіх, Залескіх, Загорскіх, Забалотных.
Зрэдку можна сустрэць чалавека з прозвішчам, якое паходзіць ад прыладаў працы ці хатняга ўжытку: Лапата, Качарга, Шчотка, Дзяркач, Грэбень, Бязмен, Баклага, Апалонік, Барана, Бубен, Шыла.
Калісьці ў горадзе Вільні мая сястра жыла на вуліцы Шыла. Адкуль такая назва, у гонар каго? Высветлілася, што вуліца перасякала хваёвы бор. Па-літоўску "шылутэ" - хвойка, а вострыя калючыя лісточкі - "шыла". Напэўна, ад іх і атрымаў назву такі патрэбны шаўцу і краўцу інструмент, як шыла. Гэта назва перакачавала з літоўскай мовы ў беларускую, а камусьці і ўвогуле стала прозвішчам. Людзі старэйшага веку добра помняць і невялічкі тэлевізар "Шыляліс" ("Хваінка"), што вырабляўся ў Літве і быў у дэфіцыце.
Пласт балтызмаў на Дзятлаўшчыне абумоўлены глыбокім і доўгім кантактам беларусаў з балтыйскімі народамі і ў першую чаргу - з літоўцамі. Асабліва гэта датычыць такіх вёсак, як Засецце, Погіры, Норцавічы, Страла, у якіх, згодна з гістарычнымі крыніцамі, яшчэ ў канцы 13 стагоддзя літоўскі князь Трайдзень даў прытулак плямёнам прусаў і борцяў, што шукалі паратунку ад крыжацкай навалы. Мінулі стагоддзі, але і сёння ў гэтых вёсках і ўвогуле на Дзятлаўшчыне жывуць Дайліды, Гедвілы, Жыбарты, Везгіры, Стульгевічы, Гярвы, Лойлы, Рымшы, Ленкі, Кашкі, Канусы, Сташайцісы, Шыкасы, Жалойды і Жалойдзікі, Шыкуці, Герусы.
Невялікая колькасць жыхароў нашага краю носіць прозвішчы, якія падказваюць паходжанне і нацыянальнасць яго першага ўладара. Гэта Русіны, Русакі, Маскалі, Хахловы, Палякі, Татарчыкі, Латышонкі, Туркі, Якуты, Шведы, магчыма, Літвінскія і Грэцкія.
Даволі вялікі пласт прозвішчаў, спаланізаваных накшталт Брычкоўскі, Стракоўскі, Іваноўскі, Бараноўскі, Зайкоўскі, Чудзілоўскі, Камароўскі, Пятроўскі, Венславоўскі і г.д.
Сустракаюцца, хоць і рэдка, прозвішчы на аснове германізмаў - Шульц, Гольц, Гаўпт, Грос.
А вось Кардаш і Бекіш - найхутчэй мадз'яравенгерскага паходжання.
Вялікія літоўскія князі ў сярэднявечча не толькі ваявалі з татарамі, але і запрашалі іх, здольных ваяроў, на службу, надзяляючы землямі і прывілеямі ў абмен на гатоўнасць па першым патрабаванні стаць на абарону межаў ВКЛ. З таго часу ўжо шмат вякоў жывуць побач з намі беларускія татары, якія часткова абеларусіліся і ахрысціяніліся. З людскога натоўпу яны нічым, практычна, не выдзяляюцца, хіба што характэрнымі прозвішчамі - Басай, Шайбак, Шайпук, Арда, Чучэйка, Іода (што азначае "чорны"), Ёда, Лябецкія і Лебяцкія, Чорныя і Чарняўскія.
Дарэчы, і беларусы часта прымалі прозвішчы згодна з колерам валасоў, скуры ці асаблівасцей характару і паводзінаў, пра што яскрава сведчаць прозвішчы Сівы і Сіўко, Чырвоны, Белы, Бяляк, Бельскі, Бялятка, Зялёны, Сіняк, Хітрук, Бягун, Скараход, Ліхарад, Дабрук, Дабрыян, Чорт, Чартко, Доўгі, Бойка, Кароткі, Кіслы, Драка, Трус, Крывы, Крывеня, Глушкевіч, Храмы, Хромчанка, Стары, Старыкевіч, Малышчык, Малы, Жадзейка, Касы, Касач, Гарбачык, Губарэвіч, Звягін, Лішык (пазбаўлены чагосьці), Мілейка, Мілевіч, Мякіш, Зуй, Харошка, Даўгач, Сухоцкі, Самахвал.
Прысутнічае некалькі прозвішчаў, у аснове якіх - лічбы: Траян, Трайнель, Чацвяртак, Семярнік, Сёмуха, Дзевятоўскі, Дзясятнік, а таксама з царкоўна-касцельнай асновай - Духоўнік, Паноў, Дз'яканаў, Званар, Свяцкі, Прыхадоўскі.
Вельмі цікавае паходжанне прозвішчаў Патыш і Буднік. У пушчах нашай мясцовасці ў 18-19 стагоддзі магнатамі была наладжана вытворчасць паташа, які атрымлівалі з попелу спаленай нетаварнай драўніны, хмызняку і нават асакі. Працэс быў доўгім, даволі складаным. Попел доўга замочваўся ў вялікіх чанах і карытах, па некалькі разоў прамываўся, сушыўся, ператвараючыся амаль у пудру, якая беражна запакоўвалася ў вырабленыя бочкі і па Нёмане і Шчары сплаўлялася на рынкі ў Еўропу, дзе каштавала вялікія грошы. Паташ выкарыстоўваўся ў мылаварнай, шкляной, ткацкай і іншых галінах прамысловасці. Для работнікаў у лясах рабіліся часовыя будынкі, якія называліся будамі. Тых, хто там працаваў, пазней празвалі Буднікамі і Паташамі. А нейкі пісар пасля літары "т" замест "а" напісаў "ы" - і атрымаўся Патыш.
У сярэдзіне 20 стагоддзя ў мястэчках і вялікіх вёсках значны пласт насельніцтва складалі яўрэі. За некалькі стагоддзяў жыцця на Беларусі многія з іх змянілі свае гістарычныя прозвішчы, прыстасаваўшы іх да месца жыхарства. І побач з Фельдманамі, Берманамі, Гольдбергамі, Гальштэйнамі, Ляйбовічамі, Капланамі з'явіліся Навагрудскія, Мірскія, Турэцкія, Лідскія, Пінскія, Слонімскія, Слуцкія, Дварэцкія, Карэліцкія, Дзенцёльскія, Жухавіцкія. Пасля падзей Вялікай Айчыннай вайны, утварэння дзяржавы Ізраіль і развала СССР, калі адкрыліся граніцы, прадстаўнікоў гэтай самабытнай творчай нацыі ў нашым раёне амаль не засталося.
І ў заключэнні хочацца сказаць, што каля 30% прозвішчаў з'яўляюцца непатлумачанымі. Таму для зацікаўленых асоб у пошуках каранёў свайго роду, гісторыі ўтварэння прозвішча - шырокае поле дзейнасці. І яшчэ хачу нагадаць, што не прозвішча ўпрыгожвае чалавека, а чалавек - прозвішча сваёй працай, паводзінамі, учынкамі.
Буду рады і ўдзячны за слушныя і справядлівыя заўвагі, за новыя звесткі пра этымалогію тых ці іншых прозвішчаў жыхароў нашага раёна.
Валерый Петрыкевіч, краязнавец.
"Кіч у мастацкай культуры сучаснай Беларусі"
У сталічнай краме "Акадэмкніга" набыў цікавую кнігу "Кіч у мастацкай культуры сучаснай Беларусі." Наклад выдання 400 асобнікаў. Яго рэцэнзенты: доктар мастацтвазнаўства В.І. Жук і кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт А.С. Бохан.
Аўтар кнігі, Бунеева Дар'я Юр'еўна, нарадзілася 23 красавіка 1988 г. у Баранавічах. Вучылася ў 2003-2007 гг. у Каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, у 2007-2013 гг. - у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва), у 2013-2014 гг. - у магістратуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (спецыяльнасць "Мастацтвазнаўства"), з 2014 г. - у аспірантуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. У 2018 г. абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства па спецыяльнасці "17.00.04 - Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура". З 2013 г. выкладчыца ў Менскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава. Выкладае спецдысцыпліны: жывапіс і кампазіцыю. З 2013 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Удзельніца вялікай колькасці рэспубліканскіх і міжнародных выстаў.
Жыве ў Менску. Працуе ў галіне жывапісу, графікі, дызайну і ілюстрацыі кнігі
У мастацкім афармленні кнігі выкарыстаны фрагменты твораў А. Замай, У. Бугро, аўтарскія фатаграфіі і здымкі з адкрытых інтэрнэт-крыніц. Кніга надрукавана на высакаякаснай паперы. У выданні разглядаецца феномен мастацкага напрамку кіч і яго праявы ў творчасці сучасных беларускіх аўтараў - як самадзейных творцаў, так і прафесійных майстроў жывапісу, скульптуры і графікі. Робіцца спроба асэнсавання гэтай складанай з'явы, даецца вызначэнне яе асноўных стылявых рыс і тэматычных напрамкаў, а таксама крытэрыяў ідэнтыфікацыі і ацэнкі твораў з рысамі кічу.
Кніга з'явілася ў выдавецтве "Беларуская навука". Выданне разлічана на спецыялістаў-мастацтвазнаўцаў і прадстаўнікоў прафесій, якія маюць дачыненне да фарміравання сучаснай візуальнай медыяпрасторы, а таксама на больш шырокае кола чытачоў, зацікаўленых гэтым пытаннем.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст.
СЯМ'Я - НАЙВЫШЭЙШАЯ КАШТОЎНАСЦЬ
У наш час сям'я - гэта найважнейшае асяроддзе для захавання і перадачы з пакалення ў пакаленне культурных каштоўнасцей, нацыянальных традыцый, яна маральна і матэрыяльна падтрымлівае дзяцей, старых і інвалідаў. Для любога чалавека са словам "сям'я" звязана мноства непаўторных успамінаў і шчаслівых хвілін. Менавіта ў сям'і дзіцяці перадаецца эстафета вопыту пакаленняў, якую ён панясе далей, перадаючы яе па коле.
Правядзенне Міжнароднага дня сям'і служыць павышэнню статусу сям'і і спрыяе лепшаму разуменню яе надзённых праблем і патрэбаў. У рамках Міжнароднага дня сям'і ў бібліятэках ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" праходзілі розныя масавыя мерапрыемствы, якія яны прысвяцілі рэспубліканскай акцыі "Мая сям'я - мая краіна".
14 траўня філіял "Бярозаўская гарадская бібліятэка" арганізаваў конкурс малюнкаў для навучэнцаў 4-5 класаў. Мэта конкурсу - прыцягненне ўвагі дзяцей да важнай ролі сям'і ў іх жыцці. Удзельнікі стварылі цікавыя работы, у якіх адлюстравалі сябе і сваіх бацькоў. У сваіх малюнках дзеці пастараліся перадаць цеплыню, любоў і добрыя пачуцці, якія характэрны моцнай сям'і.
Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3" запрасіў сваіх чытачоў на гадзіну карысных парад "Сям'я і кніга - чытаем разам". У пачатку мерапрыемства бібліятэкар распавёў удзельнікам пра тое, што сям'я - гэта крыніца любові, павагі, салідарнасці і прыхільнасці, тое, без чаго не можа існаваць чалавек. У ходзе мерапрыемства ўспомнілі прыказкі пра сям'ю, адгадалі загадкі, паўдзельнічалі ў конкурсах. Увазе ўдзельнікаў была прадстаўлена выстава кніг "Сямейнаму чытанню - наша павага!", а таксама праведзена міні-апытанне "Як арганізаваць сямейнае чытанне".
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 5" прайшла літаратурная гадзіна "Сям'ю з'яднаць сумее мудрасць кніг". Дзецям распавялі аб гісторыі свята, аб галоўных каштоўнасцях сям'і і захаванне добрых традыцый, якія аб'ядноўваюць родных і блізкіх. Мерапрыемства скончылася гучным чытаннем вершаў пра сям'ю, любоў і дабрыню.
15 траўня бібліятэкар філіяла "Тарноўская сельская бібліятэка" пазнаёміла дзяцей з гісторыяй свята і расказала, што для кожнага чалавека сям'я ўяўляе сабой самую галоўную каштоўнасць. Гэта наша падтрымка і апора, цвердзь, якая абараняе нас ад многіх нягод. Таксама ў ходзе мерапрыемства разам з дзецьмі пагутарылі аб асцярожным стаўленні да родных і блізкіх, і ў гэтым ім дапамаглі разнастайныя конкурсы і гульні. Падчас адкрытага прагляду літаратуры "Чытае ўся сям'я: мама, тата і я" бібліятэкар прадставіў да ўвагі ўдзельнікаў кнігі і часопісы, у якіх сабраны практычныя парады, звязаныя з сям'ёй.
Чытанне спрыяе фарміраванню сацыяльна каштоўнага чалавека, больш развітага, прычым выхаваць такога чалавека можна толькі з самых маладых гадоў. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае сістэматычнае яго далучэнне да сямейнага чытання. Дзякуючы бібліятэкам маецца магчымасць выхоўваць любоў да кнігі, фарміраваць патрэбнасць у чытанні як адной з галоўных у жыцці чалавека. Таму з 15 траўня ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" дзейнічае куток сямейных кніг "Пачытаем усёй сям'ёй", дзе сабраны кнігі, якія можна чытаць як у бібліятэцы, так і дома разам з бацькамі.
Таксама ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшла літаратурна-гульнявая праграма "Шчаслівыя разам". Гасцямі сталі ўдзельнікі аматарскага аб'яднання "Крынічка". Дзеці ў гульні "Ласкавая сям'я" называлі ласкавымі словамі сваіх родных, выказалі свае шчырыя і цёплыя пачуцці да іх. У рухомай гульні "Памочнікі бацькоў, едзем на агарод" паказалі, як яны ўмеюць дапамагаць бацькам збіраць ураджай. Сем'і нашых удзельнікаў спартыўныя і вядуць здаровы лад жыцця, таму дзеці з радасцю прынялі ўдзел у фізкультхвілінцы "Сямейная зарадка". А таксама паўдзельнічалі ў пальчыкавай гульні "Мая сям'я". Каб парадаваць сваю сям'ю і прыйсці дадому не з пустымі рукамі, дзеці прынялі ўдзел у творчым конкурсе "Падарункі любімым людзям".
Праведзеныя мерапрыемствы стварылі радасны пазітыўны настрой. А галоўнае, садзейнічалі выхаванню любві да сям'і і блізкіх людзей.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Д.А. Марцінкевіч.
У Дзiтве адбыўся абласны фестываль-свята "Танцуем па-даўнейшаму"
22 траўня, на базе філіяла "Дзiтвянскi дом культуры" Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбылося фестываль-свята "Танцуем па-даўнейшаму". Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гарадзенскай вобласці з'ехаліся каб прадэманстраваць найлепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў з захаваннем адметнага мясцовага выканальніцкага стылю.
Арганізатарамi свята выступілі галоўнае ўпраўленне культуры Гарадзенскага аблвыканкама, ДУК "Гарадзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці", аддзел культуры Лідскага райвыканкама, ДУ "Лідскi раённы цэнтр культуры народнай творчасці". Гэты праект накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танцу, традыцыямі якога славіцца Гарадзеншчына.
Як адзначыла начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, гэты фестываль аб'ядноўвае людзей з усіх раёнаў нашай вобласці.
- Наша Гарадзеншчына багатая на культуру. Народныя танцы не выключэнне. Танец складаўся на працягу доўгага часу, і, канешне, значны ўплыў на яго фарміраванне аказалі самі людзі, іх самабытная культура. І сёння мы паказваем, што даўнейшыя танцы прыгожыя, дынамічныя, вясёлыя, завадныя, - адзначыла Наталля Леўшунова.
Пасля ўрачыстага адкрыцця - пачаўся конкурс беларускіх народных побытавых парных танцаў. Конкурс праходзіў у чатырох узроставых катэгорыях: ад 7 да 10 год, ад 11 да 17 год, ад 18 да 50 год, i ад 51 года і больш.
"Мальвіну", "Лявоніху", "Кракавяк", "Лысага" выдатна танцавалі ўсе - ад малога да вялікага. Што цікава, самаму старэйшаму выканаўцу кадрыляў аказалася 70 гадоў, а самаму маладзейшаму - усяго 7.
Адна з удзельніц, культуролаг i мама ў дэкрэце Таццяна Язерская сказала, што падобныя мерапрыемствы стараецца наведваць, паколькі дзякуючы ім можна даведацца пра беларускую культуру.
- Танцамі займаюся ўжо шмат гадоў. Народныя танцы дапамагаюць добра даведацца пра беларускую традыцыйную культуру, пагрузіцца ў тыя далёкія часы. Акрамя танцаў цікаўлюся гісторыяй Беларусі. Сёння мы ўбачылі яскравыя прыклады таго, якое прыгожае выкананне можа мець беларускі народны танец. Ён жыве і мае сваё прадаўжэнне. Выканаўцы самых разных узростаў гэта нам даказалі, - сказала Таццяна Язерская.
Пасля конкурсу праходзiла дэфiле ў традыцыйных строях "Мода з куфра", на якім удзельнікі з розных рэгіёнаў Гарадзеншчыны маглі паказаць, як апраналіся нашы продкi.
Напрыканцы фестывалю-свята адбыўся майстар-клас па побытавых танцах ад Сяргея Выскаваркi i флэшмоб "Танцуем разам". Мясцовыя танцоры, сярод якіх было шмат пераможцаў, ізноў кінуліся ў скокі.
Танцавальныя пары з самых розных куткоў вобласці прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і дасканалыя веды аўтэнтычнага танцавальнага фальклору. Многія народныя побытавыя танцы даўно забыты. Але такія вось мерапрыемствы даюць новы віток для іх жыцця.
Максім Кісялеўскі. lidanews.