Папярэдняя старонка: 2021

№ 23 (1538) 


Дадана: 09-06-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1538), 9 чэрвеня 2021 г.

У Стоўбцах установяць помнік Якубу Коласу

У наступным годзе ў Стоўбцах з'явіцца помнік Народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу (1882-1956). Многія гады Таварыства беларускай мовы і грамадскасць Беларусі дабіваліся гэтага помніка, і вось нарэшце ён мае быць.

Адкрыццё помніка будзе прымеркавана да 140-годдзя народнага песняра і з нагоды правядзення ў Стоўбцах менскага абласнога свята "Дажынкі-2022".

Культурная спадчына Стаўпецскага раёна трывала звязана з Якубам Коласам: тут ён нарадзіўся, жыў, ствараў вялікія творы, тутака ж упершыню сустрэўся з Янкам Купалам і ўдзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. Імем народнага паэта на Стаўпеччыне названы школы і вуліцы.

Але як ні дзіўна, на радзіме Якуба Коласа ёсць толькі адзін помнік - у Мікалаеўшчыне, на радзіме яго бацькоў. Бронзавы бюст быў усталяваны ў вёсцы яшчэ ў савецкі час, у 1972 годзе, да 90-годдзя песняра. Знайсці яго нескладана: досыць пад'ехаць да будынка Мікалаеўшчынскага сельсавета, побач з якім і размяшчаецца помнік паэту.

Яго гісторыя не самая простая. Рашэнне пра пастаноўку помніка прынялі яшчэ ў 1956 годзе, пасля смерці паэта. 16 жніўня таго года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову "Пра ўвекавечанне памяці Народнага паэта БССР Якуба Коласа (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча)". Менавіта тады было вырашана ўсталяваць манументальны помнік паэту ў Менску і бюст на яго радзіме ў Стаўпецкім раёне.

Праўда, за 16 гадоў бюст змяніўся. Зірніце на архіўны праект першапачатковага помніка аўтарства Міхася Бакланава, створанага ў 1956 годзе, і канчатковы варыянт, над якім працавалі Аляксей Глебаў і Ігар Краўчанка: пастамент набыў прасцейшую форму, на ім з'явілася цытата з верша "Песняй вітаю я вас", а сам Колас некалькі "памаладзеў".

На конкурс помніка Якубу Коласу сёлета паступіла 15 скульптурных работ. Пераможцам стаў аўтарскі калектыў скульптараў Івана Міско, Сяргея Логвіна і Уладзіміра Піпіна. Той самы калектыў скульптараў, які працаваў і ўстанавіў помнік Льву Сапегу ў 2019 годзе ў Слоніме. Цяпер мастакі плённа працуюць над помнікам, каб своечасова яго ўстанавіць у Стоўбцах і парадаваць усіх беларусаў.

Манумент будзе знаходзіцца ў цэнтры горада, у скверы на вуліцы Цэнтральнай. Прыблізная вышыня кампазіцыі - 3 метры. Яго стварэнне і ўсталёўка будзе фінансавацца за кошт прыцягнутых сродкаў ад правядзення суботнікаў, спонсарскай дапамогі і іншых крыніц. Як паведамілі ў Стаўпецкім АКС, на 28 траўня сабрана 35 337 рублёў.

Вы таксама можаце дапамагчы ў зборы сродкаў! Для гэтага досыць пералічыць любую суму на дабрачынныя рахункі, якія размешчаны на сайце газеты "Прамень" і іншых стаўпецкіх сайтах.

Паводле артыкулаў: Кацярыны Сівадзедовай, газета "Прамень", і Барыса Баля, Беларускае Радыё Рацыя.

Юныя мастакі ствараюць кніжныя знакі

1 чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу "Малады беларускі экслібрыс" і адкрыццё выставы, у якой удзельнічалі юныя навучэнцы Дзіцячай мастацкай школы № 3 з Менска і іншых мастацкіх студый і вучэльняў краіны. У конкурсе, прымеркаваным да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 15-годдзя Музея кнігі, узялі ўдзел дзеці ад 6 да 16 гадоў. Для ўдзелу было даслана 170 прац з розных рэгіёнаў краіны.

Акрамя пастаяннай працы са студэнтамі, аспірантамі і даследчыкамі, Нацыянальная бібліятэка на працягу ўжо некалькіх гадоў працуе з дашкольнікамі і вучнямі малодшых класаў у межах музейнай педагогікі, каб прывіць цікавасць да чытання і пазнаёміць іх з кніжнай культурай.

Цягам апошніх месяцаў тут ладзілі мерапрыемствы, звязаныя з беларускай графікай: праводзілі выставу кніжных ілюстрацый, майстар-класы, заняткі ў Клубе кніжных прафесараў і іншыя імпрэзы. На гэты раз супрацоўнікі бібліятэкі заахвоцілі дзяцей зрабіць невялічкую творчую экспазіцыю.

Юныя мастакі прадумвалі сюжэты, ідэі і малявалі кніжныя знакі, перадаючы конкурсную тэму лаканічнымі сродкамі ў малым фармаце. Работы атрымаліся розныя: сур'ёзныя і вясёлыя, чорна-белыя і маляўнічыя, усе яны неардынарныя і індывідуальныя. Пераможцы конкурса былі ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі, які прадаставіла партнёр конкурсу, кампанія ОZ.

Ва ўзнагароджванні юных мастакоў узяў удзел вядомы менскі бібліяфіл і калекцыянер Алег Судлянкоў, які адначыў:

- Кніжны знак - экслібрыс - з'явіўся яшчэ ў Старажытным Егіпце, са з'яўленнем пісьменства. У часы фараона Аменхатэпа-IV ужо быў свой экслібрыс. У Еўропе на працягу апошніх шасці стагоддзяў былі створаны разнастайныя каштоўныя экслібрысы. Беларускія майстры экслібрысаў, такія, як Раман Сустаў і Леў Алімаў, з'яўляюцца вельмі паспяховымі. Выдатна, што дзеці стварылі новыя экслібрысы Нацыянальнай бібліятэкі.

Узнагародамі былі адзначаны ў малодшай узроставай катэгорыі Соф'я Платоненкава (11 г.), Соф'я Грыневіч (11 г.), Паліна Гарэлава (10 г.) .

У старэйшай катэгорыі былі ўзнагароджаны Вікторыя Фядковіч з Целяханаў (16 г.), Варвара Хмыльніна з Менска (13 г.) і Дар'я Бунас з Берасця (13 г.).

Педагог Юлія Уладзіміраўна Шаціла з Дзіцячай мастацкай школы № 3 падзякавала сваім выхаванцам за ўдзел у конкурсе і выставе.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Ведаеш беларускую мову - ідзеш у ВНУ

Удзельнікі праекта "Першыя" ад А1 з розных гарадоў нашай краіны зрабілі праект "Беларуская мова як шлях да паступлення". Галоўнай яго ідэяй з'яўляецца распаўсюджванне беларускай мовы, у першую чаргу, сярод абітурыентаў.

- Мы хочам, каб беларуская мова стала больш папулярнай сярод абітурыентаў. Наш праект закліканы распавесці людзям, што беларуская мова - цікавая, а калі здаваць яе на ЦТ, шанцы паступлення ў ВНУ становяцца вышэй, - распавяла адна з членаў каманды Ірына Срэбняк.

У праекце ўдзельнічаюць сем чалавек, усе яны навучаюцца ў школе, акрамя ментара Аляксандра. Раней дзеці не ведалі адзін аднаго, пазнаёміліся на этапе падрыхтоўкі да прэзентацыі сваёй ідэі. Каманда была прадстаўніком кірунку "Культура".

Школьнікі кажуць, што настаўнікі цалкам падтрымалі іх і дапамагалі з рэалізацыяй праекта.

У межах сваёй ініцыятывы дзеці правялі даследаванні, у якіх высветлілі суадносіны вучняў, якія здаюць беларускую і рускую мовы, адсотак вучняў-стобальнікаў, чаму абітурыенты здаюць рускую або беларускую мову, і прывялі прыклады, чаму беларускую мову лягчэй здаваць.

Дарэчы, даследаванні яны праводзілі цалкам самастойна: рабілі апытанкі ў Інстаграме, глядзелі статыстыку за мінулыя гады. Зрабілі дыяграмы, у якіх наглядна паказалі вынікі сваёй працы.

Таксама маладзёны заснавалі старонку ў Інстаграме і канал у Тэлеграме, дзе яны публікуюць правілы беларускай мовы, зрабілі адмысловыя буклеты.

- Мы стварылі буклет з пералікам асноўных фактаў і некаторых правілаў, якія істотна адрозніваюцца ад рускай мовы і дэманструюць, наколькі лягчэй здаваць беларускую. Буклеты мы распаўсюджваем абсалютна бясплатна, і вы можаце замовіць іх і раздаць сваім вучням або аднакласнікам і такім чынам папулярызаваць беларускую мову, якая дазволіць вам і вашым сябрам мець большыя шанцы для паступлення, чым тым, хто яшчэ здае рускую.

Дарэчы, у паўсядзённым жыцці, кажуць удзельнікі праекта, яны не заўсёды размаўляюць па-беларуску, але стараюцца. На пытанне, што трэба зрабіць для пашырэння ўжывання роднай мовы, дзеці адказваюць проста: "Каб беларуская мова была больш распаўсюджанай, трэба, каб людзі хацелі размаўляць на ёй, каб людзям яна падабалася і каб людзі яе любілі".

Марыя Камарова, Новы час.

Жывы покліч працягвае гучаць

1 чэрвеня адзначыў 75-годдзе адзін з лепшых сучасных беларускіх празаікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і літаратурнай прэміі імя І. Мележа - Генрых Вацлававіч Далідовіч, аўтар раманаў на гістарычную тэматыку "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя", "Свой дом", "Заходнікі", стваральнік зборнікаў апавяданняў "Жывы покліч", "Жар кахання" і іншых.

Генрых Далідовіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 года на хутары Амшарок, паблізу вёскі Янковічы Стаўпецкага раёна ў сям'і каваля. Ён мае звесткі пра сваіх прадзедаў з 1710 года. Прозвішча "Далідовічы" паходзіць ад назвы продкаў-дойлідаў, якіх князі Радзівілы запрасілі працаваць у яго родныя мясціны.

У 1968 годзе ён скончыў філфак БДУ, некалькі гадоў настаўнічаў на Барысаўшчыне, з 1973 года стала займаецца літаратурнай працай. Амаль 6 гадоў Генрых Вацлававіч працаваў у аддзеле прозы часопіса "Полымя", з 1979 па 2002 - быў намеснікам, галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць", працаваў у "Краязнаўчай газеце".

Важнай у яго творчым багажы была невялічкая кніга "БНР-БССР", дзе ён з падрабязнай факталогіяй апісваў час стварэння і дзейнасці БНР і запачаткавання БССР, апісваў лідараў беларускага нацыянальнага руху.

- У 1980-1995 гадах я ў прозе далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР і БССР, выклаў сваю версію ў раманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя", "Свой дом" - на аснове асэнсавання ўсяго надрукаванага ў нас і за мяжой у сілу сваіх здольнасцей імкнуўся надрукаваць творы не толькі ў белых і чорных, але і ў шматколерных фарбах, каб не ганьбіць шчырых, высакародных герояў, і не ўзвышаць непрыяцеляў.

У кручаным 1918 годзе, у самых што ні на ёсць жудасных умовах было проста не пад сілу зрабіць шмат, ды, бадай, удалося тады дабіцца самага галоўнага - паўстаць з попелу, сцвердзіцца і заявіць свету пра яшчэ адну дзяржаву - БЕЛАРУСЬ!!!"- падкрэсліваў Генрых Далідовіч.

Узнёслыя старонкі сваіх аповесцяў і апавяданняў у кнігах "Міг маладосці", "Жар кахання" пісьменнік прысвяціў галоўнаму чалавечаму пачуццю - любові да роднай зямлі, прыроды і чалавека, з якой нараджаецца і доўжыцца жыццё, выдатна перадаў псіхалогію і перажыванні дзяцей і падлеткаў.

Аповесць "Жывы покліч" Г. Далідовіч прысвяціў лёсу сваіх маладых бацькоў - Вацлава і Яніны - якія пасля вянчання ў касцёле і запісу ў сельсавеце пачалі сямейнае жыццё на папялішчы, збудаваўшы зямлянку. У гэтай зямлянцы і нарадзіўся ён ў 1946 годзе - адзін з першых дзяцей адроджаных Янковічаў. На хутары Амшарок пабачылі свет дзве сястры і два браты пісьменніка.

Генрых Далідовіч шчодра апісвае свой Налібоцкі край і землякоў. Ён любіць працу на зямлі і юбілей сустрэў на лецішчы. Мы павіншавалі аўтарытэтнага літаратара з важнай датай у яго жыцці.

- Дзякуй за памяць сябрам ТБМ! Я рады, што газета "Наша слова" працягвае выходзіць. Музей гісторыі беларускай літаратуры прапанаваў мне правесці юбілейную вечарыну, але я пакуль адмовіўся, бо не магу святкаваць, калі ў краіне пакутуюць і смуткуюць людзі.

Меня працягвае цікавіць гістарычная тэматыка. Не адзін год я збіраю матэрыял на тэму Грунвальдскай бітвы, ездзіў у Польшчу да эпідэміі, аглядаў Варшаву, Віслу, крыжацкі замак у Мальборку.

- Генрых Вацлававіч, як Вы перажываеце цяперашні складаны час?

- З пачатку эпідэміі Кавіду я больш часу праводжу на лецішчы. Там жыву і зараз. Суседскі пяцікласнік прачытаў мае апавяданні, якія ўвайшлі ў школьную праграму. Падышоў да таты і запытаўся пра прозвішча: "Тата ці не наш гэта сусед? Мужчына звярнуўся да мяне з пытаннямі. Я патлумачыў, што два мае апавяданні "Губаты" і "Страта" ў свой час уключылі ў школьную праграму, каб дзеці раслі больш гуманнымі і чуллівымі.

"Губаты" - пра маладое ласянятка, якое выратаваў і выгадаваў ляснік і якое, атрымаўшы свабоду і даверыўшыся людзям, сустрэлася з браканьерамі.

Апавяданне "Страта" я напісаў з уласнага досведу, які атрымаў у час настаўніцкай працы. У ім гаворыцца пра сяброўства двух хлопчыкаў. Адзін з янкавінскіх падлеткаў Міця Бокуць захварэў на лейкамію і знаходзіўся на хатнім навучанні, а яго сябра Стась наведваў яго і спагадаў яму. На жаль, хлопчык памёр… Усёй школай, з настаўнікамі хавалі яго на могілках. Апавяданне "Страта" было перакладзена на балгарскую мову.

Калі я наведваю Налібокі, заходжу на могілкі, стаю ля агароджы і помніка, з журбой успамінаю маладзенькага Міцю. Аднойчы да мяне падышла жанчына, і запыталася, чаму я даў яму такое імя ў апавяданні. Гэта была яго матуля. Я адказаў, што пісаў не нарыс, а ствараў мастацкі вобраз. Яна падзякавала і пацалавала мяне...

Гутарыла Э. Дзвінская, фота з архіва пісьменніка.

У спадарыні Сафіі, гаспадыні "беларускай гасцёўні" - юбілей!

У Гародні, у Занёманскай частцы горада, пражывае даволі сціплая і вельмі цікаўная да беларускага жыцця і культуры жанчына, былая настаўніца, майстрыха, якая перажывае за далейшы лёс Беларусі, за беларускую мову і культуру. Зваць спадарыню - Сафія па прозвішчы Дольская, па мужы - Вераб'ёва. Яна ў ліку першых у 80-я гады ХХ ст. далучылася да беларускамоўнай культурнай супольнасці Гародні. Нягледзячы на хваробы, яна шпацуруе каля дома, слухае і глядзіць радыё і тэлебачанне, праграму "Культура", выпісвае і чытае газету "Наша слова", цікавіцца беларускім культурным жыццём у Гародні, краіне і за яе межамі. Выгадавала сына-беларуса, які шмат гадоў займаўся кавальскай справай, аздобіў сваімі вырабамі прыватныя і дзяржаўныя ўстановы, храмы Беларусі, у прыватнасці, у Жыровічах. Не забываюць шаноўную бабулю і ўнукі, асабліва зараз, калі сяброўскія кантакты з-за Кавіду-19 дзеля ўласнай бяспекі былі часова прыпынены. Раней спадарыня Сафія актыўна наведвала культурныя беларускія мерапрыемствы ў горадзе, прымала ўдзел у справах мясцовага ТБМ, хадзіла на заняткі УЗВ, любіла турыстычныя вандроўкі па краіне, экскурсіі па старажытнай Гародні, яна застаецца і сёння адкрытай і шчырай да сяброў і сваіх родных, заўсёды вельмі радая гасцям…

…Нарадзілася спадарыня Сафія ў чэрвені 1931 года ў Свіслачы Гарадзенскага раёна. Мама і тата спадарыні Сафіі прыгожа казалі па-беларуску. Татка слова "мабыць" вельмі часта вымаўляў. У Свіслацкай школе вучылася таксама па-беларуску. Скончыла педвучылішча. У час вучобы памёр Сталін, і ўсе насілі жалобныя павязкі чорна-чырвона-чорныя, праз пару дзён нейкі хлопец зрабіў крытычную заўвагу адной дзяўчыне, якая працягвала насіць павязку ў той час, калі ўсе іх паздымалі - з наступнага дня яго ў вучылішчы больш ніхто не бачыў. Такая была рэчаіснасць… у 50-я гады…. Потым сп. Сафія вучылася на вячэрнім аддзяленні Гарадзенскага педінстытута. Выкладаў у яе равеснік спадарыні Сафіі прафесар Аляксей Пяткевіч, сп. Гурло і іншыя. У 80-я гады ХХ стагоддзя хадзіла на "Паходню" са сваім былым вучнем, выдатным чалавекам і доктарам, светлай памяці, Міхаілам Адаміным, які працаваў ў санаторыі "Парэчча", потым дапамагаў у час службаў святару ў Лашы. На "Паходні" муж універсітэцкай выкладчыцы Надзеі Іванаўны, беларускі вайсковец (абое родам са Случчыны) неяк ушчуваў прысутных, што не гавораць па-беларуску.

Пасля педвучылішча, спадарыня Сафія (так яе ахрысціў з яе слоў у 80-я гады сп. Мірановіч) пачынала працоўнае жыццё маладой настаўніцай у в. Рыбніца Гарадзенскага раёна і вельмі перажывала за беларускую мову, дзе сем'і вайскоўцаў і нават настаўнікі вызвалялі сваіх дзетак ад вывучэння беларускай мовы. Адчула маральныя непрыемнасці ў СШ № 2 калі пасля пераезду з вёскі ў Гародню, сына называлі "дзяроўняй" дзеці былых вайскоўцаў і зрусіфікаваныя гарадзенцы. Уладкавалася ў 80-я гады на працу прыбіральшчыцай у музей гісторыі рэлігіі і атэізму і там была вельмі ўсцешана, калі нейкі малады чалавек запытаў у музеі па-беларуску, як прайсці ў майстэрню да беларускамоўнага мастака-рэстаўратара Уладзіміра Кіслага, апошні і парэкамендаваў спадарыні Сафіі пераходзіць паступова на беларускую мову, якая без практыкі ўжо пачала забывацца. У час наведвання з Беластоку настаўнікаў і школьнікаў з мэтай пазнаёміцца з беларускай мовай у Беларусі і паслухаць экскурсію па-беларуску ў музеі не знайшлося на той час экскурсавода, знаўцы беларускай мовы. Спадарыня Сафія вырашыла паспрабаваць, кажа, нешта з гэтага атрымалася, беларусы з Польшчы пасябравалі з ёю і паехалі ў Жыровічы, дзе таксама давялося шукаць жыровіцкага семінарыста, знаўцу мовы для правядзення экскурсіі для беларусаў з Польшчы. Знайшла семінарыста Алеся Сакалова (прыехаў з Гомеля), які скончыў 2 курсы беларускага аддзялення філфака ў Гомельскім універсітэце, ведаў добра беларускую мову і выдатна правёў экскурсію па Жыровічах. Пазней прыехала экскурсія з Ленінграда і шукалі беларускамоўнага экскурсавода, зноў сп. Сафія яе правяла. Паступова налаўчылася іх праводзіць. Потым адбылося знаёмства з Данутай Янаўнай Бічэль-Загнетавай, якая дала пачытаць кніжку Ларысы Геніюш. Неяк прывезлі выставу мастака Алеся Ісачова, то сп. Сафія правяла экскурсію таксама па-беларуску, працавала ўжо ў зале. Нагледзяўшыся на сп.Сафію і Уладзіміра Кіслага, пачалі па-беларуску весці экскурсіі Ігар Ганчарук і некаторыя іншыя экскурсаводы з музея гісторыі рэлігіі і атэізму. "Вірус беларуса" пайшоў далей у людзі. Неяк былі госці з Польшчы - Яўген Мірановіч, які скардзіўся, што абышоў усю Гародню і не пачуў ніводнага беларускага слова і толькі спадарыня Сафія ў музеі правяла экскурсію па-беларуску, то ён параіў усім браць з яе прыклад… З таго часу сп. Сафія просіць сваіх сяброў яе так і называць - спадарыня Сафія!

… Напрыканцы першай дзесяцігодкі ХХІ стагоддзя, падчас нейкай сустрэчы, яна прапанавала сябрам абласной ГА ТБМ збірацца ў больш утульнай, хатняй атмасферы, тым больш, што жывём мы на адной вуліцы. Так мы і пасябравалі. Праз кароткі час, завітаўшы да спадарыні Сафіі, убачыў на сцяне вышытыя прыгожымі літарамі словы "Беларуская гасцёўня". І хоць яна заўсёды і да гэтага была вельмі рада з любой нагоды арганізаваць прыемную атмасферу для сустрэчы сяброў, але словы "Беларуская гасцёўня" на сцяне пашыралі адказнасць перад наведвальнікамі і павышалі статус яе кватэры ў нашых вачах. Мастацкія палотна на сценах яе мужа-мастака гарманічна дапаўняюць утульнасць прасторы. У 2010 годзе яна актыўна ўдзельнічала ў самым першым наборы слухачоў "Універсітэта Залатога Веку", вучылася ў "Акадэміі мастацтваў", светлай памяці, у вядомага мастака Зміцера Іваноўскага.

Спадарыня Сафія заўсёды запрашае праводзіць Рады ТБМ у нефармальнай абстаноўцы. Радныя Таварыства беларускай мовы прыносілі ў "Беларускую гасцёўню" свае падарункі, з крамы, кухні, з лецішча, дапамагалі гаспадыні прыгатаваць розныя стравы. Перад такімі сустрэчамі мы часта абмяркоўвалі са спадарыняй Сафіяй нефармальную тэматыку пасля разгляду афіцыйных пытанняў ТБМ, запрашалі таксама іншых людзей беларускай культуры. Сустракаліся на Радуніцу пасля наведвання могілак адышоўшых у вечнасць нашых былых сяброў, святкавалі Дзень роднай мовы, сустракаліся ў час прыезду цікавых гасцей і пасля гарадскіх мерапрыемстваў. У "Беларускай гасцёўні" адразу знікала казённасць сустрэчаў, сціраліся ўзроставыя і прафесійныя бар'еры, людзі разнявольваліся і станавіліся больш шчырамі ў сваіх думках і справах. Спадарыня Сафія ніколі не навязвала ўласных планаў, але вельмі перажывала, каб усё было добра, старалася кожнаму дагадзіць пры падрыхтоўцы часткі стала і ўласнай прасторы, любіла паназіраць за цікавымі гутаркамі, зрэдку нешта прапаноўвала цікавае і самабытнае. Мы часта чыталі вершы любімых паэтаў, абмяркоўвалі іх, спявалі беларускія песні, глядзелі відэазапісы культурных падзей, народзінаў нашых сяброў. Хто тут толькі не пабываў! Беларускія пісьменнікі, навукоўцы, музыканты, паэты, дактары, настаўнікі і неабыякавыя да беларускай культуры беларусы. Вялікі дзякуй, што Вы ёсць разам з намі! Спадзяёмся, што некалі пандэмія скончыцца і мы будзем сустракацца часцей. Усе сябры Гарадзенскага ТБМ віншуюць Вас з юбілеем, шаноўная спадарыня Сафія! Моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!

Ад імя сяброў ТБМ, старшыня Гарадзенскай гарадской Рады ТБМ імя Ф. Скарыны, Алесь Крой.

Сустракаем лета з кнігай, або Дзень абароны дзяцей у бібліятэках Лідчыны

Дзень абароны дзяцей - гэта светлое, сонечнае свята - свята шчаслівага дзяцінства. Не дарма яно адзначаецца ў першы дзень лета. У гэты дзень бібліятэкары гарадскіх і сельскіх бібліятэк Лідчыны запрасілі дзяцей усіх узростаў на святочныя забаўляльныя мерапрыемствы, бо летні перыяд працы бібліятэк з дзецьмі заўсёды пачынаецца з Міжнароднага дня абароны дзяцей.

1 чэрвеня філіял "Бярозаўская гарадская бібліятэка" прыняў удзел у дзіцячым гарадскім свяце "Планета дзяцінства". Бібліятэчны бульвар "Жыве на ўсёй планеце народ вясёлы - дзеці!" уключаў у сябе кніжную выставу "Лета з праграмнай кнігай", віктарыну пад назвай "Адрас дзяцінства - лета", конкурс загадак. Чытачы бібліятэкі прынялі ўдзел у літаратурнай фотаакцыі "Парай сябру кнігу" і весела правялі час.

Дзіцячае шчасце і ўсмешкі, цёплае сонечнае надвор'е і сапраўдныя сябры, напэўна, самае вялікае шчасце для нашых дзяцей. А калі шчаслівыя дзеці, то шчаслівыя і дарослыя. Дзіцячае шчасце наўпрост звязана з творчасцю. Філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" для сваіх чытачоў і гасцей з 1 "А" класа ДУА "СШ № 6 г. Ліда" арганізаваў бібліятэчную пляцоўку малявання "Вось што дзецям трэба - сонца, шчасце, сяброўства". Калі дзіця чытае, малюе, спявае або танчыць, то становіцца фантазёрам свайго маленькага свету. У дзень абароны дзяцей бібліятэкары стварылі творчую пляцоўку, на якой з дапамогай алоўкаў ці фарбаў, ліста белай паперы дзеці стваралі "сваё дзіцячае шчасце".

Тым жа днём у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" ладзілася экскурсія па бібліятэцы "Чытаем! Вучымся! Адпачываем!" для наведвальнікаў ДУА "Яслі-сад № 7 г. Ліда". Супрацоўнікі бібліятэкі гасцінна сустрэлі хлопчыкаў і дзяўчынак, прапанавалі здзейсніць займальнае падарожжа ў свет кніг. Дашкаляты з вялікай цікаўнасцю слухалі аповяд бібліятэкара. Яна пазнаёміла дзяцей з калекцыяй кніг, часопісаў, расказала аб правільным карыстанні кнігамі, як выбіраць кнігі, і як паводзіць сябе на абанеменце і ў чытальнай зале. Супрацоўнікі бібліятэкі паказалі дзецям мультфільм "Воўка ў трыдзявятым царстве" і правялі цікавую віктарыну па казках, на якой хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем адказвалі на пытанні.

У першы летні дзень і філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" запрасіў дзяцей на гульнёвую праграму "Залатое дзяцінства - лепшая пара". Завіталі ў бібліятэку дзяўчынкі і хлопчыкі, якія наведваюць ДУА "Яслі-сад № 34 г. Ліда". Дзеці адгадвалі загадкі, расказвалі вершы, з цікавасцю ўдзельнічалі ў гульнях і эстафетах.

Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3" запрасіў дзяцей прышкольнага лагера ДУА "СШ № 13 г. Ліды" на свята "Дзяцінства імгненне цудоўнае". Мерапрыемства пачалося з гутаркі аб гісторыі ўзнікнення свята, затым дзеці здейснілі займальнае падарожжа ў Краіну казак, дзе з задавальненнем удзельнічалі ў гульні "Літаратурны каламбур". Весела і са смехам адказвалі на каверзныя пытанні, адгадвалі загадкі, разгадвалі крыжаванку, збіралі пазлы. У завяршэнні мерапрыемства нагадалі чытачам, каб яны не забывалі летам бібліятэку, і тады канікулы будуць не сумнымі, а адпачынак пройдзе займальна, цікава і пазнавальна.

Свята кнігі пад назвай "Лета кліча, дзеці, вас да чытання кніг у нас" прайшло ў філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка", дзе бібліятэкар пазнаёміла юных удзельнікаў мерапрыемства з гісторыяй узнікнення кнігі, расказала аб значнасці кнігі і чытання ў жыцці чалавека. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з навінкамі дзіцячай літаратуры, прынялі ўдзел у конкурсах і віктарынах.

У казачнае падарожжа "Лета, сонца, сто фантазій" разам з бібліятэкарам філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды" дзеці адправіліся 2 чэрвеня. Падарожжа праходзіла ў загадкавым свеце казак. Дзеці прынялі ўдзел у розных гульнях і конкурсах: "Пярэкруты", "Блытаніна", "Пякучае сонца", "Сонечны круг", "Канікулы" і іншыя. А яшчэ ўсе разам адгадвалі "летнія загадкі", адказвалі на пытанні "казачнай віктарыны" і малявалі лета. Цікава, захапляльна і вядома ж з карысцю дзеці правялі час у бібліятэцы, дзе на працягу ўсяго лета іх будуць чакаць займальныя мерапрыемствы.

Гульнявая забаўляльная праграма "Маленькія дзеці на вялікай планеце" сабрала 2 чэрвеня дзяцей у сценах філіяла "Інтэграваная бібліятэка вёскі Мінойты". Бібліятэкар павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства са святам, расказала пра Канвенцыю правоў дзіцяці і запрасіла прыняць удзел у гульнявой праграме. Дзеці адказвалі на пытанні гумарыстычнай віктарыны, адгадвалі словы па апісанні, успаміналі песенькі з мультфільмаў, складалі са слоў прыказкі, успаміналі, у якой краіне і якой жывёле і за што пастаўлены помнікі. У канцы мерапрыемства дзеці з цікавасцю азнаёміліся з кніжнай выставай "Лета і кніга".

Інфармацыйна-рэкламная гадзіна "Мы рады бачыць вас..." для вучняў 4-5 класаў прышкольнага лагера ДУА "Сярэдняя школа № 17 г. Ліды" прайшла ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4". Бібліятэкар у гульнявой і вершаванай форме распавяла дзецям аб абанеменце, чытальнай зале, аб правілах запісу і паводзін у бібліятэцы. Школьнікі з вялікай цікавасцю слухалі аповяд аб тым, як правільна абыходзіцца з кнігамі, для чаго яны патрэбныя і як ствараліся. Больш за ўсё дзецям спадабалася віктарына "Па старонках любімых казак". Дзеці з задавальненнем пагрузіліся ў атмасферу мерапрыемства, адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, распавядалі свае вясёлыя і дзіўныя гісторыі з жыцця.

У філіяле "Тарноўская сельская бібліятэка" для дзяцей была арганізавана выстава-настрой "Дзеці зробяць наш свет лепшым". Бібліятэкар расказала гасцям пра гісторыю свята, Арганізацыю Аб'яднаных нацый, Дэкларацыю правоў дзіцяці і Канвенцыю аб правах дзіцяці.

Дзень абароны дзяцей - гэта не толькі вясёлае свята для саміх дзяцей, гэта і напамін пра неабходнасць абараняць правы дзіцяці, каб усе дзеці раслі шчаслівымі, вучыліся, займаліся любімай справай і ў будучыні сталі выдатнымі бацькамі і грамадзянамі сваёй краіны.

Гэта только частка мерапрыемстваў, якія прайшлі ў публічных бібліятэках г. Ліды і Лідскага раёна. Усё лета бібліятэкі будуць арганізовываць цікавыя, пазнавальныя, забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей, каб адпачынак стаў запамінальным і карысным.

Запрашаем усіх у госці да кнігі!

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.

У Лідзе на месцы былога асфальтавага завода пачалося будаўніцтва касцёла ў гонар святога Юзафа-рамесніка і наваградскіх сясцёр-назарацянак

Вызначана месца будаўніцтва новага каталіцкага храма ў межах горада Ліды. Касцёл у гонар святога Юзафа-рамесніка і дабраславёных сясцёр-назарацянак-пакутніц з часам з'явіцца на месцы былога асфальтавага завода па вуліцы Генерала Бяды. Святыня будзе невялікай, ёмістасцю да 100 чалавек.

Ужо гатовы праект будучага касцёла, расчышчана тэрыторыя, праводзіцца электрычнасць. Да канца года плануецца закласці падмурак, а ў наступным годзе - паставіць сцены. Храм будуецца на ахвяраванні вернікаў. Дапамога не будзе лішняй.

* * *

Вядома, што адзінаццаць манашак з Наваградка, у гонар якіх у тым ліку названа парафія будучага касцёла, аддалі свае жыцці дзеля выратавання больш за сотню незнаёмых ім людзей, арыштаваных фашыстамі. Сясцёр-назарацянок расстралялі 1 жніўня 1943 года. А 19 сакавіка 1945 года целы пакутніц былі перанесены і пахаваны пры храме Перамянення Панскага. Сумную працэсію з адзінаццаці запрэжаных у санкі фурманак, якія перавозілі парэшткі сясцёр, выпраўляла іх адзіная пакінутая ў жывых сястра Малгажата, якая ў дзень расстрэлу несла паслушэнства ў лякарні.

У Наваградак сёстры-назарацянкі прыехалі 4 верасня 1929 года па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб клапаціцца пра касцёл Перамянення Панскага і займацца выхаваннем дзяцей і моладзі. Тут яны заснавалі агульнаадукацыйную школу. Манашкі клапаціліся пра бяздольных дзяцей, дапамагалі маламаёмасным. З прыходам фашыстаў яны засталіся без даху над галавой: у манастыры размясціліся салдаты. Але сёстры працягвалі дапамагаць людзям.

Улетку 1943 года ўзлаваныя гітлераўскія акупанты вырашылі спагнаць гнеў на мірных жыхарах Наваградка. У адзін з дзён было арыштавана больш за 120 чалавек, галоўным чынам бацькі сямействаў. Хадзілі зацятыя чуткі, што дахаты жывымі яны не вернуцца. Сваякі арыштаваных ішлі па суцяшэнне ў касцёл. У сценах храма манашкі прынялі нялёгкае рашэнне.

Ігумення сястра Стэла Мардасевіч у прысутнасці капелана Аляксандра Зянкевіча сказала: "Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, хай лепш нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сем'і, - молімся нават за гэта". Цяпер гэтыя словы вядомыя ўсяму свету. 31 ліпеня 1943 гады сёстры атрымалі загад з'явіцца ўвечар у камісарыят. Ідучы ў гестапа, сёстры ведалі, што ідуць на смерць.

Адзінаццаць манашак расстралялі досвіткам у лесе за горадам. Калі сёстры загінулі, закладнікаў выпусцілі.

5 сакавіка 2000 года сёстры Стэла, Імельда, Раймунда, Даніела, Канута, Гвідона, Сергія, Канізія, Феліцыта, Геліядора, Барамея былі беатыфікаваны Іяанам Паўлам II. Папа Рымскі абвясціў сясцёр-назарацянак дабраславеннымі, назваўшы іх заступніцамі сем'яў.

Лілея Лапшына.

Студзень жыцця...

Днямі парадаваў сябе набыццём кнігі Барыса Пятровіча "Ідзі адзін, альбо студзень жыцця ", якая пабачыла свет у выдавецтве "Кнігазбор" у 2019 годзе.

Рэдактар кнігі Алесь Пашкевіч. Карэктура зрабіла Алена Спрытніч, а вокладку Сяргей Кандраценка. Наклад выдання 300 асобнікаў. Кніга мае цвёрдую вокладку.

Гэтая незвычайная кніга складаецца з запісаў, зробленых у студзені 1993 года, калі аўтар раптам вырашыў весці дзённік, а таксама штодзень пісаць кароткую прозу у прыдуманых ім "жанрах". У выніку атрымаўся адзін месяц жыцця, асветлены з розных бакоў, - асабістага, грамадзянскага, творчага.

У кнізе ўзгадваюцца: Сяргей Вераціла, Эдуард Акулін, Алесь Разанаў, Іван Пташнікаў, Янка Брыль і іншыя знакамітыя асобы.

Другой дзейнай асобай з'яўляецца маладая суверэнная , поўная надзей дзяржава Беларусь студзеня 1993 года. Кнігу прачытаў хутка і з вялікім захапленнем. Раю набыць яе чытачам нашай газеты.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Жыдаль Дзяніс Уладзіміравіч - 100,00 р.

2. Ралько Леанід Міхайлавіч - 30,00 р.

3. Юлія - 30,00 р.

4. Кукавенка Іван Іванавіч - 15,00 р.

5. Чыгір Яўген - 10,00 р.

6. Зылева Г.Н. - 0,50 р.

7. Луцэвіч А.С. - 50,00 р.

8. Паленік Сяргей Валянцінавіч - 30,00 р.

9. Крачкоўская В.А. - 50,00 р.

10. Маісееў Павел Іванавіч - 50,00 р.

11. Філіповіч Валерый Аляксеев. - 20,00 р.

12. Коржава А.В. - 15,00 р.

13. Калеснікава Т.А. - 50,00 р.

14. Мірановіч - 20,00 р.

15. Андрэй - 10,00 р.

16. Цвірка Ала Аляксандраўна - 20,00 р.

17. Міхалевіч П.А. - 5,00 р.

18. Баранаў I.A. - 3,00 р.

19. Нікулін Дзмітрый Аляксеевіч - 5,00 р.

20. Іваноў Ігар Алегавіч - 10,00 р.

21. Аляксенка Дзяніс Аляксандр. - 50,00 р.

22. Паўленка А.В. - 5,00 р.

23. П. - 10,00 р.

24. Аполька Дзяніс Анатольевіч - 10,00 р.

25. Пыжык Сяргей Аляксандр. - 10,00 р.

26. Лінкевіч А.А. - 5,00 р.

27. Шэршань Андрэй Сяргеевіч - 20,00 р.

28. Крамянецкая Валерыя - 5,00 р.

29. Акаловіч Святлана Дзмітр. - 10,00 р.

30. Рагалевіч - 30,00 р.

31. Дубінін Дзмітрый Уладзімір. - 150,00 р.

32. Б. - 10,00 р.

33. Лоцманава Вольга Уладзімір. - 40,00 р.

34. Каспаровіч Е.П. - 50,00 р.

35. Александровіч А.В. - 20,00 р.

36. Муравейка Т.Н. - 25,00 р.

37. А. - 20,00 р.

38. Харытановіч Кацярына Ігар. - 10,00 р.

39. Іваноў Іван Іванавіч - 10,00 р.

40. Сізякін Дзмітрый Вячаслав. - 100,00 р.

41. Нісцюк Вольга Юр'еўна - 10,00 р.

42. Заяш Кацярына Алегаўна - 50,00 р.

43. б/н - 20,00 р.

44. Бастынец А.М. - 10,00 р.

45. Майсюк Таццяна Уладзімір. - 20,00 р.

46. Шпілёнак Андрэй Аляксандр. - 15,00 р.

47. Сямёнава - 20,00 р.

48. Шляхтовіч Андрэй Аляксанд. - 10,00 р.

49. Емяльянчык Таццяна Міхайл. - 20,00 р.

50. Якімовіч А.Н. - 40,00 р.

51. Лукашэвіч Таццяна Андрэев. - 15,00 р.

52. Рудзько Алег Сяргеевіч - 10,00 р.

53. Лазараў Канстанцін - 10,00 р.

54. Шчарбачэня Дзмітрый Уладз. - 0,47 р.

55. Ляльчук - 30,00 р.

56. Рупец Вадзім Сяргеевіч - 20,00 р.

57. Апель Л.П. - 10,00 р.

58. Лесняк - 10,00 р.

59. Шамава Алена Віктараўна - 10,00 р.

60. Філіпаў Аляксей Уладзімір. - 20,00 р.

61. Белавусава - 10,00 р.

62. Міхайлоўская Людміла - 30,00 р.

63. Яфрэмава Надзея Мікалаеўна - 10,00 р.

64. Валчаніна Т.В. - 5,00 р.

65. Іберзаў - 2,00 р.

66. Падлуцкі Ягор - 25,00 р.

67. Юлія - 15,00 р.

68. Юлія - 25,00 р.

69. Бусло Аляксандр Iванавiч - 5,00 р.

70. Кундрат Алена - 30,00 р.

71. ? - 3,00 р.

72. Івашын В.А. - 50,00 р.

73. Задоля - 10,00 р.

74. Суржык Ірына Васільеўна - 20,00 р.

75. Курылёнак Антон Юр'евіч - 50,00 р.

76. Барысевіч Кірыл Іванавіч - 20,00 р.

77. Літвінава Кацярына - 18,00 р.

78. Сінкуць С.В. - 5,00 р.

79. Кухарэнка - 20,00 р.

80. Скібінскі Сяргей Уладзімір. - 20,00 р.

81. Максімовіч Н.В. - 20,00 р.

82. Баравік - 20,00 р.

83. Анкуда Уладзімір Аляксан. - 21,31 р.

84. Вяргейчык Аляксей Юр'евіч - 10,00 р.

85. Лубінскі І.В. - 10,00 р.

86. Валожынскі А. С. - 20,00 р.

87. Ананім - 5,00 р.

88. Капач А. - 5,68 р.

89. Гаркун А. Т. - 10,00 р.

90. Дзерман С. І. - 10,00 р.

91. Радкевіч Аксана Сяргееўна - 5,00 р.

92. Аляксандраў - 5,00 р.

93. Кацярына - 50,00 р.

94. Цітова Таццяна - 50,00 р.

95. Навіцкі Д.В. - 50,00 р.

96. Калеснік Р.В. - 50,00 р.

97. Лонскі Павел Іванавіч - 10,00 р.

98. Пярэдня Д.А. - 50,00 р.

99. Роліч Артур Аляксандравіч - 35,00 р.

100. Урбановіч - 10,00 р.

101. Рудзенік І.В. - 10,00 р.

102. Пракапюк Н.М. - 10,00 р.

103. Карліцкая Анастасія Алякс. - 50,00 р.

104. Чамерка -12 р.

105. Хамко Андрэй Мікалаевіч - 0,01 р.

106. Бабылёў Аляксандр Сярг. - 20,00 р.

107. Усачова Т.Ю. - 50,00 р.

108. Варахоб Марыя - 20,00 р.

109. Сцепчанка Т. І. - 20,00 р.

110. А а а - 5,00 р.

111. Рудэнка Дзмітрый Уладзіс. - 10,00 р.

112. Ігнаццеў А.І. - 50,00 р.

113. Мацкевіч Сергей Уладзімір. - 10,00 р.

114. Ляхавец П. В. - 100,00 р.

115. Каладяжны Аляксей Пятр. - 20,00 р.

116. Іванова Аня - 10,00 р.

117. Юлія Віктараўна - 20,00 р.

118. Сябар - 250,00 р.

119. Кальпінскі Мікалай - 100,00 р.

120. Касенка Мікалай Васільевіч - 20,00 р.

121. Давыдзенка Яраслаў Алег. - 10,00 р.

122. Лыкава Е. Н. - 5,00 р.

123. Панюціч Ксенія - 20,00 р.

124. ааа - 10,00 р.

125. Неабыякавы Беларус - 200,00 р.

126. Карвецкі Н.А - 50,00 р.

127. Сам - 40,00 р.

128. Гарбуз А. Н. - 50,00 р.

129. Шадко С.А. - 50,00 р.

130. Міхальчанка - 9,00 р.

131. 200 - 200,00 р.

132. Макрыцкая Алена - 10,00 р.

133. Гарачка Я. Г. - 30,00 р.

134. Гордуз Андрэй Леанідавіч - 20,00 р.

135. Салдаценка Я.У. - 10,00 р.

136. Бялькоў Віталій Аляксеевіч - 10,00 р.

137. Sus - 10,00 р.

138. Жук Яўген Георгіевіч - 30,00 р.

139. Пятроўскі Віктар Фёдаравіч - 20,00 р.

140. Вераб'ёў А. - 250,00 р.

141. Вострава Ганна Валер. - 150,00 р.

142. Дварэцкі Андрэй Вадзімавіч - 60,00 р.

143. Грыбовіч Юрый - 10,00 р.

144. Алешка Максім Мар'ян. - 100,00 р.

145. Філееў Д. А. - 144,00 р.

146. Бруйло Дзмітрый Міхайлав. - 20,00 р.

147. Маслёнік Яўген Анатольевіч - 10,00 р.

148. Катовіч Павел - 100,00 р.

149. Уласенка Андрэй Анатольев. - 3,45 р.

150. Паўлючэнка Анатолій Юр'ев. - 6,50 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Моладзевая зборная ФРГ стала пераможцам ЧЕ-2021 па футболе

Навіны Германіі

Моладзевая зборная Германіі па футболе (U21) заваявала званне чэмпіёна Еўропы, перамогшы ў фінале першынства супернікаў з Партугаліі - 1:0. Аўтарам "залатога" гола на 49-й хвіліне матчу, які праходзіў у Любляне на стадыёне "Стожыце", стаў нападнік клуба "Манчэстар Сіці" Лукас Нмеча (Lukas Nmecha).

Гэта - ужо трэці чэмпіёнскі тытул бундэстым, у складзе якой выступаюць гульцы не старэй за 21 год. Да гэтага немцы выйгравалі еўрапейскі турнір у 2017 і ў 2009 гадах. Часцей перамагалі толькі зборныя Італіі і Іспаніі (па пяць разоў).

У 2019 годзе каманда Германіі U21 саступіла Іспаніі і ўзяла срэбныя медалі.

Трэнер быў настроены песімістычна

Як адзначаюць каментатары, заваёва тытула гэтым разам аказалася нечаканай. Яшчэ год назад цяперашні склад гульцоў лічыўся параўнальна слабым. "Тады я быў даволі песімістычна настроены. Але, як бачыце, штосьці з гэтага ўсё ж выйшла", - сказаў трэнер Штэфан Кунц (Stefan Kuntz).

DW.

"Музхвілінка. Гучыць рэтрапласцінка"

Культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцiнец" працягваецца... Ужо не першы год Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея прымае ў ім удзел і пастаянна з новымі формамі імпрэзаў. У мінулую суботу, 29 траўня, быў дадзены старт музейна-адукацыйная праграме "Прамова прадметаў". А вось 5 чэрвеня, на дварэ ля дома-музея можна было паслухаць музыку.

"Музхвілінка. Гучыць рэтрапласцінка" - пад такой назвай пачаргова праз дзве суботы будуць гучаць рамансы, песні ваенных гадоў, аўтарскія, кампазіцыі на розныя падзеі, а таксама музычныя запісы на дзіцячую тэматыку (казкі, інсцэніроўкі). Прыхільнікі рэтрамузыкі такім чынам могуць акунуцца ў мінулы час: сталыя ўзгадаюць свае маладыя гады, а маладое пакаленне параўнае сучасныя песні са спевамі іх продкаў. Трэба зазначыць, што ў фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваецца звыш тысячы пласцінак. На любы густ. Ахвотны можа прыйсці і паслухаць і такім чынам адпачыць, а таксама і станцаваць, калі пару знойдзе.

Гайда на Замкавую,7. Дом паэта Валянціна Таўлая пастаянна рады сваім наведвальнікам.

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

( Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Мацкевіч, хоць яго здрада і выявілася, дажыў да старасці ў сваёй вёсцы. Кандрат быў высланы ў Кастрамскую губерню. Праз доўгія гады здолеў вярнуцца ў Паддубна, дзе пражыў да смерці.

Пра прыязныя адносіны людзей ў Лідскім павеце да паўстання красамоўна сведчаць цэлыя вёскі, сядзібы і шляхецкія засценкі, спаленыя і зруйнаваныя з зямлёй. Сведчаць вялікія дэпартацыі цэлых сямей як дробнай шляхты, гэтак і сялян з вёсак Леніцы, Кракшлі, Зубрава і іншых.

Толькі пазней, калі расійская ўлада пачала няслушна тлумачыць народу мэту паўстання, а праваслаўнае духавенства шаптала яму, што паны змагаюцца не за Айчыну, а толькі за паншчыну, цёмныя сялянскія масы адвярнуліся ад нас. Хутка пасля паразы паўстання, пасля таго як стала зразумелай наша слабасць, у сэрцах людзей пасялілася непрыязнае да нас пачуццё.

РАЗДЗЕЛ VI

Першыя разлікі. Казначэйства. Перабольшванні і парушэнні. Слабое ўзбраенне паўстанцаў. Гераічныя высілкі. Шляхта. Расійцы пра тактыку Нарбута. Першая засада. Павелічэнне атрада. Тэадора Манчунская. Дапамога і сімпатыя людзей. Галоўныя бітвы Нарбута. Догляд хворых паўстанцаў па вёсках.


Паўстане ў Лідскім павеце магло разлічваць на поспех, бо мела сімпатыі людзей, як мы ўжо гаварылі, пераважна сярод каталіцкага насельніцтва. Падавалася несумненным, што агітацыі за ўдзел у паўстанні сялян не прайшла дарма. Верыў у гэта і Нарбут, пачынаючы барацьбу. Заўчасны выбух не даў магчымасці адпаведным чынам падрыхтаваць людзей і зброю, недахоп якой стаўся адчувальны з першых хвілін і аказваў уплыў на шэраг сутычак аддзела з непрыяцелем.

Віленскі аддзел Народнага ўрада быў арганізаваны паспешна і з гэтай прычыны не мог прадухіліць многія недапрацоўкі, але раз за разам нагадваў Варшаве пра недахоп зброі. Высылаў дзеля яе закупкі значныя сумы грошай за мяжу, аднак зброя не прыходзіла. Складкі і ахвяраванні паступалі без перапынкаў, грошай у фондзе хапала, аднак дзесьці па дарозе яны прападалі бясследна. Толькі нязначная колькасць зброі была прывезена на Віленшчыну. Фінансавая справа ў тайнай арганізацыі паўсюдна знаходзілася ў напаўразбураным стане. Ніякія разлікі немагчыма было правесці па дакументах, таму што любы знойдзены квіток пагражаў стратай свабоды і нават жыцця. Справаздача аб абароце грошай не магла быць прадстаўлена публічна, а таму часта з'яўлялася розная інфармацыя. Распараджаліся грашыма найшляхетнейшыя людзі, але здаралася, што грошы траплялі ў рукі людзей легкадумных, якія не адчувалі поўнай адказнасці за свае абавязкі, альбо што яшчэ горш, станавіліся здабычай розных аферыстаў, кар'ерыстаў, якія жадалі палавіць рыбку ў мутнай вадзе для сябе. Рыцараў падобнага промыслу мела кожная правінцыя, кожны горад. Многія з іх былі раскрытыя, але многім удалося ўнікнуць кары і пакінуць патомству маёнткі, альбо камяніцы, праўда з плямай на прозвішчы. Знакамітым быў у той час нейкі Янчэўскі з Познані, які загадваў плаціць яму за адну і тую ж дастаўку зброі з Уроцлава па некалькі разоў.

Кожная такая справа, якая станавілася вядомай, давала журналістам варожых газет поле для іроніі і абсмейвання. Таму выкрытую праблему неабходна было ціха ўрэгуляваць дома. З-за нараканняў грамадства, каб адсочваць рух кожнага публічна выкарыстанага грошыка, восенню 1863 года Траўгут арганізаваў у Парыжы Палату аўдытараў. Але неадпаведна выбраныя чальцы Палаты сталі на шлях бюракратыі так непатрэбнай у такі час, і ініцыявалі спрэчкі з графам Дзялыньскім у Парыжы, спасылаючыся на Народны ўрад у Варшаве. А падмурак паўстання ў той час ўжо валіўся, ломячы ўсё: і Народны ўрад, і рахункі, што вяло да жудасных наступстваў для Краю25.

З пазнейшых, не вельмі дакладных звестак, можна даведацца, што было закуплена поўнае ўзбраенне для 50 000 пяхоты і 4 000 кавалерыі. Аднак значную частку гэтага ўзбраення канфіскавалі ў Прусіі і Аўстрыі, а таксама на мяжы з Расіяй. З гэтага выходзіць, што на 3 закупленыя карабіны звычайна губляліся 2, тут улічваюцца і часта неабгрунтаваныя звесткі аб злоўжываннях пастаўшчыкоў зброі.

Узбраенне ў Літву даходзіла з яшчэ большай цяжкасцю, чым у Каралеўства. Барацьба ў нашым краі распачыналася з той зброяй, якая была ў доме, па большай частцы з паляўнічым узбраеннем, вельмі далёкім ад тагачаснага ўзроўню ваеннай зброі. За выключэннем болей заможных асоб, уладальнікаў англійскіх ружжаў, бальшыня паўстанцаў мела на ўзбраенні простыя фузыі і дубальтоўкі, а найчасцей - пад'ядынкі (аднарулькі). Яны мелі драўляны шомпал, што абцяжарвала іх набіццё і зніжала тэмп стральбы. Шомпалы часта проста ламаліся ў дрыжачых руках. Было немагчыма зрабіць запас куль для такога рознакалібернага арсенала. Кожны сам павінен быў іх адліць адпаведна сваёй зброі. Даволі часта, калі не хапала сапраўдных куль, фузеі набівалі карцеччу ці нават шротам.

Порах і волава для куль куплялі ў яўрэяў, якія мелі добры запас гэтага матэрыялу і добра на гэтым зарабілі. Аднак пазней, ці то з разлікаў, ці, можа, з засцярогі, перасталі яго прадаваць, і недахоп амуніцыі сказаўся яшчэ выразней. Тайная перавозка ўзбраення станавілася больш небяспечнай і больш цяжкай.

Тамтэйшыя стрэльбы білі на невялікую адлегласць. Часта ружжы не стралялі больш чым на 100 крокаў, а з дубальтоўкі - больш, чым на 200. Маскоўскае войска ўжывала гладкарульныя штуцары з багнетамі, якія стралялі на 600 крокаў. Якія ж няроўныя ўмовы для бою стварала гэтая розніца ва ўзбраенні! Сёння нават удасканаленая паляўнічая зброя бывае шматзараднай. Унукі маюць лепшае ўзбраенне, калі палююць на зайца, чым мелі іх дзяды, калі ішлі ў смяротны бой. Вялікае пачуццё патрыятызму прыводзіла іх да звышчалавечых высілкаў. Гэта былі сапраўдныя героі! Не пакінулі па сабе высокіх помнікаў, многіх імён не захавала гісторыя, але памяць пра іх жыве ў сэрцы народа.

Недахоп зброі вымушаў шукаць дапамогі ў косах, якія насаджвалі на кій стырчаком. Такія работы выконваліся ў кузнях, а кузня і каваль былі ў кожным аддзеле. Часамі гэтая зброя магла адыграць вырашальную ролю ў бліжнім баі. Аднак стрэлы непрыяцельскіх штуцэраў адкідвалі аддзелы касінераў, і справа не даходзіла да рукапашнага бою.

Некаторыя паўстанцы мелі шаблі і пісталеты. Часам узбраенне дапаўнялі стылеты.

Вось у такіх умовах распачыналася барацьба 1863 года.


Калі разлік на ўдзел у паўстанні сялян не апраўдаўся нават у Лідскім павеце, дык увесь цяжар барацьбы зваліўся на плечы шляхты, і трэба сказаць, што ішла яна ў бой з самаадрачэннем, не шкадуючы крыві і жыцця. Здараліся выключэнні, калі адзінкі клапаціліся пра сябе і выходзілі з агульнага руху ці з'язджалі за мяжу, але гэта былі адзінкі.

Застаўся невыказны жаль з-за таго, што з-за гэтай партызаншчыны, лясных схронаў і сутычак засталося толькі рэха, утаймаваная трывога, чаканне віхуры новых трагедый. Лясныя тайны схавалі ад нас многія геройскія ўчынкі, вусны сведкаў закрыў пераслед уладаў: куля, вязніца, дэпартацыя. Толькі прыпомнім сабе часы Мураўёва. Хто ж мог што-небудзь пісаць або занатоўваць? Тое, што тады пісалася за мяжой, мела даволі вялікую долю зразумелай і справядлівай ў тую эпоху экзальтацыі.

Гісторыю тых часоў у нашым Краі тварыў толькі ціхі баязлівы шэпт мацярок, якія, як страшны сон, пераказвалі дзецям пра тое, што адбылося. Край доўга абуджаўся ў крыві і жалобе, гінулі і сціраліся з памяці даты і выпадкі, якім на разе не прыдавалася вялікага значэння, а сёння яны набываюць гістарычны сэнс. Значна пазней, з вяртаннем выгнанцаў, расшырыўся гістарычны гарызонт, але час аслабіў яго жывы каларыт. Параўнальна нядаўна, калі ўжо большая частка ветэранаў пайшла з жыцця, забраўшы з сабой у магілы таямніцы сваіх выпрабаванняў, пачалі прыбіраць паўвекавую павуціну з абразоў мінулага, аднаўляючы часта спрэчныя і незразумелыя выпадкі. Не захаваўся ніводзін ліст, напісаны рукой паўстанца ў часы лясной партызанкі, які мог бы кінуць святло на дзейнасць аддзелаў, на іх ваенныя сутычкі і трагічныя драмы.

Падобна існаваў нейкі дзённік Баляслава Свентаржэцкага з Багушэвічаў, вядомага дзеяча і арганізатара аднаго з буйнейшых аддзелаў Ігуменскага павета Менскай губерні. І хаця аддзелам кіраваў Ляскоўскі, назвалі яго аддзелам Свентаржэцкага26. Ваявалі ўмела, чым выклікалі пострах у ворага. Дзённік напэўна мог захоўваць каштоўныя і цікавыя рэчы, аднак быў спалены падчас ператрусу ў Вільні.

З тых крошак, якія мы маем перад сабой, вельмі цяжка ўявіць увесь рух у Лідскім павеце, а менавіта партызанскую барацьбу Нарбута. З-за недахопу інфармацыі і падрабязнасцей справы немажліва дакладна вызначыць нават працягласць паўстання. Нітка нашага аповяду пастаянна заблытваецца і рвецца. Таму прашу чытача з разуменнем ставіцца да памылак і недахопаў у ланцугу апісаных гістарычных падзей.


Пакінуўшы Шаўры, Людвік Нарбут скіраваўся ў Серпянішкі, дзе быў прызначаны пункт збору. Там да аддзела далучыліся некалькі новых таварышаў. Разам вырушылі да Салапацкага лесу, адтуль - да вёскі Паддубна.

Нарбут меў намер перахапіць па дарозе атрад жаўнераў, які суправаджаў рэкрутаў з-пад Аран. Засада не ўдалася. Частка рэкрутаў змагла ўцячы, але ні адзін не далучыўся да аддзела.

Аднак першыя стрэлы ў акрузе зрабілі розгалас пра пачатак паўстанчага руху. Сталі абуджацца суседнія парафіі, і да Нарбута прыбывалі ахвотнікі з розных сацыяльных класаў і палажэнняў. Сястра камандзіра, Тэадора Манчунская, пасвечаная ва ўсе справы брата, накіроўвала іх да месца яго побыту, яна была злучнікам, які нітаваў пушчу і свет. Засцерагала атрад перад небяспекай, апекавалася яго рознымі патрэбамі і часта сама ў сялянскай вопратцы прыносіла харчаванне і інфармацыю. Не ваявала са зброяй у руках, але ўсёй душой брала ўдзел у паўстанні, станавілася, як калісьці ў дзіцячых гульнях, новай Эміліяй Плятэр, гатовай ахвяраваць жыццём дзеля Радзімы.

Нарбут глядзеў ў бок Вільні і таму нейкі час знаходзіўся ў лясах паміж Эйшышкамі і Начай. Аднаго разу яго аддзел высачылі і, каб папярэдзіць людзей пра небяспеку, Манчунская знайшла старога каваля, які, рызыкуючы жыццём, выратаваў сотню людзей ад смерці, бо сама дайсці да аддзела не магла, а іншыя знаёмыя людзі папросту баяліся.

- Пайду, - сказаў селянін падумаўшы. - Свет нічога не страціць, калі на аднаго каваля стане меней.

Пайшоў, не загінуў, а аддзел уратаваў.

Падобную добразычлівасць і паслугі сялян Нарбут меў паўсюдна, аднак пры паглядзе на яго аддзел, сяляне гаварылі: "Лепш такі, паночку, арганізаваць тут ранейшае войска, таму што з гэтымі маладымі ... цяжка будзе", - сніўся ім яшчэ 1831 год. Няісныя палкі да гэтага часу жылі ў іхнім уяўленні. Здаровы сялянскі сэнс верыў толькі ў моц рэгулярнага войска і ахвотна яго прызнаваў.

Аддзел Нарбута хутка вырас да ста з некалькімі дзясяткамі чалавек. Гэта лічба то павялічвала, то памяншалася. З такой невялікай жменькай людзей Нарбут тры месяцы аказваў супраціў вялікім атрадам непрыяцеля, і хаця ніводнай бітвы, ва ўласным значэнні гэтага слова, не выйграў, стамляў ворага неспадзяванымі нападамі, дапякаў засадамі, а ўдалай абаронай прыносіў ворагу значныя страты. Ваенныя здольнасці Нарбута праяўляліся ўсё больш яўна. Сярод расійскіх жаўнераў расла паніка, і нават само імя Нарбута выклікала іх хваляванне. Казалі, што мае моц чараўніка і ні адна куля яго не возьме, што ловіць яе, як мяч, і адкідваючы яе назад у ворага, кладзе мёртвымі дзясяткі жаўнераў. Падобных легенд віравала мноства.

* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

25 Пра фінансавыя пытанні паўстання і злоўжыванні ў гэтай справе апавядае Пшыбароўскі ў "Астатніх гадах студзеньскага паўстання". Гэта ж адзначае Гейштар у сваіх мемуарах. - Л. Л.

26 Баляслаў Часлававіч Свентаржэцкі (1831, маёнтак Багушэвічы, Ігуменскі павет - 1888) - кіраўнік паўстання 1863 г. у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

Па Каліфорніі - VIІІ

Мікалай Русель

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

Доктар Русель з сімпатыяй пра жанчыну і пра вечарынку ў школе ў "Залатым штаце" 130 гадоў таму

Раздзелы VII (гл. "НС" №№ 18 і 19) і VIII - самыя "дамскія" ў "Па Каліфорніі". У VIII-ым Русель дае адзін з двух самых кранальных партрэтаў жыхароў графства Эль-Дарада - з вялікай сімпатыяй расказвае пра былую настаўніцу пані Кроўфард. Месца дзеяння другога сюжэта - школа, якая ўжо згадвалася ў раздзеле VI, калі падарожнікі збіліся са шляху і вымушаны былі заначаваць ў Маскітасе. Нам па-ранейшаму цікава, асобна ад каго доктар Русель праспаў да світання пад пледам у павозцы, г. зн. хто з гасцей з Сан-Францыска ўдзельнічаў у вечарынцы з містарам Гольдэнам, бабулькай Маркел і іншымі дарослымі і дзецьмі. Мы схільныя думаць, што з доктарам паехала і місіс Русель, якую ён пазбягае называць жонкай, як і згадваць іх медыцынскую прафесію, - відавочна, з "канспірацыі", каб цэнзары ў Расіі не пазналі ў іх рэвалюцыянераў на адпачынку. У цэлым Леакадзія, хаця і падзяляла палітычныя погляды Руселя, так і засталася ў цені свайго мужа; невядома, што яна рабіла, каб падтрымаць вучняў школы ў Сан-Францыска, якія - парадаксальна - разам з епіскапам Уладзімірам прынеслі доктару, як "на сподачку з залатой аблямоўкай" (Т. Эманс), ужо па-сапраўднаму гучную вядомасць. Цікава, што слава Леакадзіі, жанчыны-доктара з гуманітарнымі заслугамі яшчэ да іх шлюбу і прыезду ў ЗША, апярэдзіла па часе славу Руселя ў амерыканскай прэсе: яна згадвалася нават у газеце "Індзейскі правадыр" у Вініце на Індзейскай тэрыторыі (Literary and Musical // Indian Chieftain. 1886. Dec. 26. P. 2).

Алесь Сімакоў, гісторык "беларускай Каліфорніі" і каардынатар Грынкевічаўскага даследчага і перакладчыцкага праекта "Пра школу".

Па Каліфорніі - VIII

Мікалай Русель

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

На гэтых вышынях (3000 ф.) снег ляжыць толькі кароткі час, 2-4 тыдні. Галоўны клопат фермера заключаецца ў тым, каб пракарміць жывёлу як-небудзь той кароткі час. Для гэтага так ці інакш на працягу лета трэба запасціся сенам. Лепшыя гаспадары сеюць канюшыну, цімафееўку і да т. п. Дрэнныя, як Гольдэн, абыходзяцца асакой. Збожжа ніхто не сее. Гародніну высаджваюць позна і збіраюць толькі ў канцы жніўня, так што яе прыходзіцца самому фермеру купляць у горадзе. Тое ж з фруктамі. Увогуле, за выключэннем свініны, дзічыны, курэй і яек, бульбы і малака, усе астатняе трэба купляць. Гарадскія купцы ахвотна даюць у крэдыт да восені, г. зн. да збору ўраджаю або продажу жывёлы. Цэны на пакупныя прадукты, ды яшчэ ў крэдыт, высокія, а цэны на прадукты, што збываюцца, залежаць ад зычлівасці аптовых скупшчыкаў і верхаводаў, у якіх усё гэта ўжо абладжана ў найлепшым выглядзе. Таму нават добры, працавіты гаспадар бывае рады, калі восенню яму ўдасца пакрыць зробленыя на працягу года даўгі. Паводле слоў маладога Гольдэна, тут можна існаваць сяк-так, але не больш. Не здавольваючыся гэтым, жадаючы зрабіць грошы, ён са спадзяваннем глядзіць на новыя, прывольныя месцы на поўначы, маючы намер перасяліцца ў штат Вашынгтон.

У час нашага знаходжання ў Гольдэнаў маладых гаспадароў наведала пані Crawford, маці пані Гольдэн, у кампаніі якой мы з задавальненнем правялі некалькі дзён. Я дазваляю сабе спыніцца на ёй, таму што яна ўяўляе сабой таксама адзін з тыпаў амерыканкі, на жаль, пакалення, якое ўжо аджывае. Высокая, зграбная, хударлявая жанчына гадоў 40 з прамым адкрытым позіркам, інтэлігентным і сімпатычным выразам твару. Бадзёрасць і энергія бачныя ва ўсёй яе фігуры. Сур'ёзны твар ветліва ўсміхаецца вам у час размовы. Яна вельмі дзейная, работа кіпіць у яе ў руках і не перашкаджае ёй весці самую сур'ёзную размову. Апранута яна вельмі проста, без якіх бы там ні было прэтэнзій на маладосць або прыналежнасць да такога класа, да якога ў сапраўднасці па стану яна не належыць. Усе гэта пры яе сціпласці і ветлівасці з першага погляду выклікае прыхільнасць да яе кожнага. Далейшае знаёмства адкрывае паміж ёй і маладым пакаленнем амерыканак цэлую прорву. Кантраст здзіўляльны і далёка не на карысць маладых. Нягледзячы на незвычайнае для каліфорнскай фермершы разумовае развіццё і сур'ёзную адукацыю (Mrs. Crawford былая бостанская настаўніца), нягледзячы на ўзрост, яна вельмі цікаўная і не прапусціць выпадку навучыцца ўсяму новаму. Маладой амерыканцы вучыцца няма чаму, яна ведае ўсё. Але што больш за ўсё ўразіла мяне ў ёй - гэта глыбокая цікавасць да абстрактных, філасофскіх пытанняў. У гэтага роду амерыканак цвярозы рэалізм і незвычайная практычнасць дзіўна сумяшчаюцца з імкненнем крыху глыбей і шырэй зірнуць на ўсё навакольнае, са смакам да чыста філасофскіх тэорый і абагульненняў. Не менш дзіўная пры гэтым тая шчырасць і прамата, з якой яна выказвае свае погляды, смеласць сваёй думкі. Калі маладая амерыканка ў размове гаворыць не пра надвор'е і да таго падобныя прадметы, я кожны раз адмаўляюся верыць, што яна гаворыць тое, што думае, бо праз 5 хвілін, гаворачы з маім суседам, які сцвярджае дыяметральна супрацьлеглае, яна з такой жа зручнасцю згодзіцца і з ім. Думак сваіх у яе або няма зусім, а ёсць толькі "чаго Вашай ласцы, каб я Вам спадабалася?!", або, калі яны ёсць, то яна іх не выкажа. Па словах амерыканцаў, it does not pay to say everything one thinks (казаць што думаеш - не аплачваецца). Самыя лепшыя з іх змаўчаць, але пярэчыць не стануць. Іх размова - гэта нейкае асцярожнае зандзіраванне і пошлае падтакванне. Яны захапляюцца ў найвышэйшай ступені ўсім, што вам падабаецца, жахаюцца і абураюцца на тое, што вы не ўхваляеце, і г.д. Mrs. Crawford рэлігійная ў лепшым сэнсе гэтага слова. Яе вера - выяўленне яе ўласнага душэўнага свету, якое не абмяжоўваецца ніякімі дагматычнымі сектанцкімі традыцыямі. У ёй не прыкметна нічога навеянага, застылага, нічога, што не было б прадуктам самастойнай мазгавой работы. Гэта жанчына, якая ўсё жыццё сваё не пераставала не толькі працаваць рукамі ў поце чала здабыць свой кавалак хлеба, але і мысліць, чалавек усебаковы, са смелымі, шырокімі поглядамі на рэчы, якіх недахоп у вышэйшай ступені адчувальны ў сучаснай Амерыцы.

Мінулае яе вельмі няшчаснае. Бостанская ўраджэнка, у маладыя гады яна была народнай настаўніцай. Выйшаўшы замуж за беднага чалавека, яна ўздумала паспрабаваць шчасця ў Каліфорніі, якая ўзбударажыла тады ўвесь свет. У якасці золаташукальнікаў прыбылі туды, і гады два ім настолькі не шанцавала, што яны падрыхтаваліся ўжо да зваротнага падарожжа. Напярэдадні ад'езду муж узяў кірку і лапату, каб паспрабаваць яшчэ адно месца, якое яму шкада было кідаць, не даследаваўшы. Пад вечар ён вярнуўся з $800 золата. Ад'езд быў адкладзены. Далейшая работа ў тым жа месцы прынесла яму некалькі тысяч, на якія каля Каломы ён і заснаваў сабе фруктовую ферму. На гэтай ферме яны жывуць і цяпер. Галоўны артыкул іх вытворчасці - персікі. Пры пастаяннай працы, крайняй эканоміі і добрых ураджаях яны ледзь зводзяць канцы з канцамі, дзякуючы эксплуатацыі з боку аптовых гандляроў і высокім чыгуначным тарыфам.

- Чаму садаводы вашай мясцовасці не арганізуюць свайго таварыства, якое б мела сваю фабрыку кансерваў, свае склады, сваіх агентаў на Усходзе і г.д.? - спытаў я яе.

- Гэта было б вельмі добра, мы пазбеглі б уціску і вымагання аптовых фірм, але для гэтага трэба згадзіцца нам усім.

- Дык чаму ж не згадзіцца!?

Яна ўсміхнулася і, паглядзеўшы на мяне ўважліва, сказала:

- Чаму? А вось бачыце ж. Здаецца проста, а між тым у гэтым якраз і ёсць галоўная перашкода. Людзі цяжка згаджаюцца паміж сабой, калі гаворка ідзе пра іх яўныя агульныя інтарэсы.

Так, людзі - усюды людзі. Мяне заўсёды здзіўляла здольнасць амерыканцаў хутка арганізавацца і іх уменне проста і практычна абладжваць супольна свае справы. Але, як відаць, і ў іх гэтай здольнасці ёсць мяжа. У адносінах да нас, рускіх, розніца толькі ў ступені. У час нашага знаходжання ў сям'і Гольдэна нам удалося наведаць сельскую вечарынку, пра якую я не магу не расказаць больш падрабязна. Камусьці з мясцовых жыхароў прыгожага полу прыйшло ў галаву арганізаваць штомесячныя вечарынкі (socials) для моладзі. Сказана - зроблена. Раз у месяц з суботы на нядзелю то ў тым, то ў другім пункце наладжваецца з'езд навакольных дзяўчат і кавалераў, якія ў танцах, спевах і да т. п. бавяць усю ноч. Гэтым разам вечарынка прызначана была ў Mosquitos, у будынку школы, г. зн. за дзесяць вёрст ад нас. Гаспадары нашы, не выключаючы, вядома, і бабульку, вырашылі ехаць і прапанавалі ўзяць нас з сабой. Нам вельмі цікава было зірнуць на гэты бок фермерскага жыцця, і мы ахвотна прынялі прапанову. Выехалі гадзін у 7 вечара, прыцемкам, і, калі ўехалі ў лес, стала зусім цёмна; прыйшлося ехаць, так бы мовіць, вобмацкам і, вядома, крокам па краях буйных яроў. Дарога часткова пакатая ў бок яроў, і мы шмат разоў сур'ёзна рызыкавалі зламаць сабе карак. Не кажучы ўжо пра многія зведаныя пры гэтым пакуты. Пры кожным штуршку галовы нашы стукаліся аб бакі і дах экіпажа, пакідаючы адчувальныя сінякі на цэлы тыдзень. Калі б нас скацілі з гэтых гор у закрытай бочцы, я не думаю, каб цялесныя пакалечанні былі больш значнымі. Амерыканскія экіпажы безумоўна зроблены для зручнасці коней, а не людзей. Яны вельмі лёгкія, але крайне нязручныя.

Але ахвота горш за няволю. Рызыкуючы легчы касцямі, мы дасягнулі на пачатку дзясятай гадзіны месца прызначэння. Выратавала нас толькі дасканалае веданне дарогі і мясцовасці нашым вазаком панам Гольдэнам. Дабраўшыся да школы, мы ўжо знайшлі там з тузін такіх жа калясніц. Пад'езду не было, і як дамам, так і мужчынам прыйшлося пачаць partie de plaisir пералазваннем цераз плот. Каб жывёла не заходзіла на школьны двор, ні варот, ні брамкі не зроблена, а зроблена штосьці накшталт лесвіцы, з дапамогай якой пасажыр пры некаторым гімнастычнай спрыце можа дасягнуць верхавіны плота, а адтуль такім жа чынам спусціцца ўніз. І дзеці і настаўніца прарабляюць гэта прынамсі 2 разы ў дзень. Прайшоўшы двор, мы дасягнулі новенькага нядаўна адбудаванага і яшчэ не пафарбаванага школьнага будынка. Пабудова, вядома, драўляная, але прасторная і складаецца з аднаго вялікага пакоя. Дзверы былі адчынены насцеж, і некалькі кавалераў прахалоджваліся і курылі на ганку. Некалькі прыступак - і мы апынуліся ў самой школе, ператворанай на гэты вечар у танцавальную залу.

Школьныя парты былі прыбраны і часткова нагрувашчаны адна на другую ў адным кутку, утвараючы значнае ўзвышэнне, на якім змяшчаліся тры музыканты: дзве скрыпкі і флейта. Другая частка іх была перакулена каля сцен і давала магчымасць прысесці тым, хто не прымаў удзелу ў танцах. Садзіцца і ўставаць трэба было папярэдзіўшы іншых, хто сядзеў, у адваротным выпадку раўнавага неяк раптоўна парушалася і публіку або ўскідала ўгару або скідала ўніз, гледзячы па акалічнасцях. Асвятленне рабілася паўтузінам свечак, уваткнутых у бутэлькі, умацаваныя на сценах у выглядзе кандэлябраў. Публікі было чалавек трыццаць, мужчын і жанчын амаль пароўну, дзядкі, бабулькі і дзеці туліліся ля сцен, хто седзячы, хто стоячы з-за адсутнасці сядзення. Моладзь абодвух палоў прахаджвалася парамі ўзад і ўперад. Тыя, хто танцаваў, былі апрануты проста, але па-гарадскому; мужчыны ў чорных сурдутах, жанчыны ў паркалёвых лёгкіх сукенках. Толькі адна ці дзве дзяўчыны вызначаліся пышнасцю сваіх касцюмаў. Адна з іх была ў белай кісейнай сукенцы, упрыгожанай не без густу карункамі і стужкамі. Хтосьці прадставіў мяне ёй, і мы ўступілі ў размову. Яна адразу дала мне зразумець, што яна не тутэйшая, а "from over the mountains", г. зн. з тога боку гор, з суседняга штата Невада, што яна гараджанка і трапіла на гэтую вечарынку выпадкова. Ёй, відавочна, не хацелася, каб мы прынялі яе за фермерскую дзяўчыну. Сапраўды, ні па касцюме, ні па твары і фігуры яна не была падобная на гэтых мускулістых, загарэлых вясковых дзяўчат, поўных здароўя і сілы. Яна была адзінай з прысутных, якую нельга было не назваць прыгожай, але прыгажосць гэта была цяплічная, гарадская. Бледны, худзенькі тварык з даволі інтэлігентным выразам, маленькі рост, чорныя выразныя вочы. Танцавала яна таксама няблага, не тое што іншыя, трымала сябе вельмі міла і свабодна. Астатнія, не выключаючы самой настаўніцы, на жаль, прыгажосцю не адрозніваліся. Размова з імі неяк не ладзілася. Яны хоць і нехлямяжа, але надзвычай старанна круціліся ў вальсах і шоцішах (так называюць у Штатах стары англійскі "country dance"; штосьці вельмі падобнае на нашу "мяцеліцу"), якія змяняліся кадрылямі, лянссе і Virginia Reel. Вярцеліся, пацелі і пыхкалі, быццам бы спяшаючыся навярстаць страчанае. Апрануты яны былі просценька, без прэтэнзій на якую-небудзь моду, у большасці ў лёгкія паркалёвыя сукеначкі. Паміж імі былі адна або дзве багацейкі, дочкі мясцовых жывёлаводаў, з рукой і сэрцам якіх шчаслівы прэтэндэнт мог атрымаць the half of the hogs, г. зн. палову цэлага статку свіней.

Што тычыцца кавалераў, то за нямногімі выключэннямі (у тым ліку, безумоўна, нашага гаспадара) сурдуты іх сядзелі на іх вельмі кепска, танцавалі яшчэ горш, нягледзячы на энергетычную рашучасць пераадолець перашкоду ў што б там ні было. Адзін малады чалавек зусім не ведаў, што рабіць са сваімі доўгімі, мускулістымі рукамі і яшчэ больш доўгімі нагамі. Дзяўчаты штурхалі і цягалі яго бязлітасна то ў адзін, то ў другі бок, як неадушаўлёны прадмет. Гэта была сапраўдная дзеравеншчына, стыхійная сіла, якая можа варочаць калоды з лёгкасцю пяра, але ў танцавальнай зале адчувала сябе ў вельмі цяжкім становішчы. Ён паслухмяна і лагодна рухаўся туды, куды яго штурхалі, і змяняў напрамак толькі пры новым штуршку. Яго ногі неяк вымушана чапляліся за навакольныя, самыя аддаленыя прадметы, адціскалі пальцы, заблытваючыся ў складках сукенак, і распасцёртыя, доўгія рукі абхоплівалі дзвюх ці трох дам замест адной.

Былі і іншыя яшчэ больш цікавыя тыпы. Асабліва ўрэзаўся ў маю памяць адзін хлопец гадоў 28, брунет, высокага росту, з магутнымі мускуламі і велізарнымі рукамі. Яго бліскучыя чорныя вочы, якія выяўлялі бязмежную рашучасць і энергію, дзіка і сурова глядзелі з-пад некалькі навіслых чорных броваў. Яго страшны, гіпнатызуючы позірк пры нерухомай фізіяноміі гаварыў вам, што ён усё можа. Ад гэтага погляду станавілася паняволі жудасна, і вытрымаць яго было немагчыма даўжэй за некалькі секунд. З ім я не жадаў бы сустрэцца твар у твар у лесе. Гэта з тых герояў, якім нічога не каштуе спыніць і абрабаваць цэлы цягнік. Музыка была жорсткая, немагчымая. Паміж дзвюма скрыпкамі і флейтай згоды было мала, яны пішчалі і вішчалі неміласэрна, прычым першы скрыпач грамавым голасам з вышыні сваёй імправізаванай кафедры камандаваў танцамі, быццам бы перад ім разгортвалася цэлая дывізія. Мне міжволі ўспомніліся нашы вясковыя музыканты. Пры ўсёй іх недасканаласці яны ж артысты ў параўнанні з гэтымі. Увогуле, уражанне даволі дзікае. Ваенныя танцы індзейцаў, пэўна, выклікаюць падобнае ўражанне. Ні гукі, ні твары ніяк не ладзяць з кадрыльнымі фігурамі і культурнымі строямі. Вогнішча і індзейская ваенная песня бадай была б хутчэй да месца. У нас у такіх выпадках лапочуць, гамоняць, жэстыкулююць, рагочуць. Тут усё адбываецца неяк маўчком, з панурай сур'ёзнасцю, быццам робіцца сур'ёзная справа. Кожны з тых, хто прыбыў, уносіў сваю лепту за асвятленне і музыку. Акрамя таго, кожны прывёз нейкі салодкі ласунак. У прамежках паміж танцамі публіка частуецца ліманадам, які адзін з кавалераў тут жа гатуе ў металічным вядры, мяшаючы ваду з цукрам і кіслатой вялікай палкай. Ліманад сервіруецца з-за адсутнасці шклянак у бляшанках ад кансерваў; закусваюць салодкім пірагом. Напояў або закусак у нашым сэнсе ніякіх.

Пасля танцаў былі спевы, але гэтага я ўжо не бачыў; не жадаючы правесці бяссонную ноч, я хутка забраўся ў нашу павозку і, закруціўшыся ў плед, праспаў да світання, калі кампаньёны мае вярнуліся для зваротнага падарожжа.

Вечарына памяці паэта, пісьменніка, барда Валерыя Скакуна

25 траўня 2021 года ў сталічнай бібліятэцы № 1 адбылася вечарына памяці паэта, пісьменніка, барда Валерыя Скакуна, які быў удзельнікам і сябрам літаратурнага клуба "Экватар" з моманту заснавання суполкі. Ужо шэсць год, як Валеры пайшоў з гэтага свету, а калі б ён быў жывы, то 17 траўня 2021 года яму б споўнілася 60 год.

На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы сталічных будаўніча-мантажнага і энергетычнага каледжаў разам з суправаджаўшымі іх выкладчыкамі, супрацоўнікі бібліятэкі № 1, сваякі Валерыя Скакуна, "экватарцы", госці. Дарэчы, Менскі энергетычны каледж Валеры Скакун скончыў у 1981 годзе.

Напачатку імпрэзы слова ўзяла загадчыца бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога Лола Іназемцава. Яна прывітала ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, зазначыла, што ўсе яны прысутнічаюць у адной з самых старых бібліятэк Менска, якой восенню 2021 года споўніцца 110 год. Лола Юр'еўна паведаміла, што ёй вельмі радасна бачыць такую колькасць моладзі ў сваёй ўстанове і пажадала прысутным юнакам і дзяўчатам больш шчыльна далучыцца да друкаванага слова.

Вядоўцам вечарыны стаў кіраўнік літаратурнга клуба "Экватар", пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут, які быў сябрам Валерыя Скакуна на працягу дваццаці пяці год. Вячаслаў распавёў сабраўшымся пра свайго сябра, які пры жыцці працаваў па кантрактах на Поўначы, у Якуціі, у Казахстане на Байкануры, ва Узбекістане, аб'ехаў ледзь не ўвесь былы Савецкі Саюз, а ў 2005 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе і застаўся да самой сваёй смерці ў 2016 годзе.

Асобна Вячаслаў Корбут спыніўся на спартыўных дасягненнях Валерыя Скакуна, які яшчэ ў юнацтве стаў ўдзельнікам юнацкай зборнай Беларусі па лыжных гонках, удзельнічаў у шматлікіх лыжных спаборніцтвах і нават марафонах. Валеры быў добра знаёмы са многімі знакамітымі лыжнікамі, а з алімпійскай чэмпіёнкай Раісай Смятанінай нават разам удзельнічаў у некалькіх лыжных забегах.

Паэт, празаік, бард, Валеры Скакун пісаў на беларускай і рускай мовах. Ён быў аўтарам кніг: "Мяне вецер шукае" (2000 год, вершы), "Набытак" (2006 год, вершы), "На виражах судьбы" (2009 год, стихи), "Паўночны варыянт" (2012 год, проза), "За зацяненнем Поўначы" (2015 год, проза). Кніга "І вабіць дарога наперад..." (2017 год, вершы) была выдадзена пасмяротна сваякамі Валерыя Скакуна - да першай гадавіны сыходу аўтара з жыцця.

Вячаслаў Корбут прачытаў сабраўшымся шэраг вершаў з паэтычных зборнікаў Валерыя Скакуна, сярод іх быў і гэты паэтычны твор:

Так, мае пэўны тэрмін, плён

Усё, і будзе час вяртання.

Адчуеш, як званарны звон

Абудзіць мроі аб спатканні.

Дарогаю прайшлі гады,

Там знікнуў вобраз назаўсёды.

І толькі ўпартыя сляды

Мае зазначылі прыгоды.


Парыў натхнення і душы -

Да мары крочыў так упарта.

Пасля прыпомніцца ў цішы:

Што зроблена дарма, што варта.


Ўсяму рахунак будзе свой,

І тут не прагнем спачування.

Які б ні быў твой лёс, ён твой -

Ад забыцця і да прызнання…

Оперны спявак, бас, былы саліст Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзмітрый Максімавіч Марозаў зазначыў, вельмі пашкадаваў, што Валерый Скакун так рана пайшоў з жыцця. Спадар Марозаў дагэтуль вельмі добра памятае Валерыя, бо шмат разоў удзельнічаў разам з ім у выступленнях, што ладзіліся літаратурным клубам "Экватар" у самых розных установах і падраздзяленнях. У памяць Валерыя Скакуна Дзмітрый Максімавіч Марозаў выканаў перад прысутнымі некалькі класічных рамансаў на вершы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.

Дарэчы, канцэртная брыгада літаратурнага клуба "Экватар" - у розным складзе - праводзіць выязныя выступленні на працягу ўжо амаль адзінаццаці год гісторыі суполкі. Валеры Скакун удзельнічаў у такіх канцэртах бадай да самай сваёй раптоўнай смерці 20 сакавіка 2016 года.

Да слова сказаць, канцэртная брыгада "Экватара" выступае не толькі ў Менску і ў Менскай вобласці, але і па ўсёй тэрыторыі краіны, і за адзінаццаць год скалясіла, бадай, ужо ўсю Беларусь. Шмат разоў суполка была ўзнагароджана Граматамі і Падзякамі з боку самых розных устаноў, і па колькасці ўзнагарод літаратурны клуб "Экватар" - гэта, напэўна, адно з самых тытулаваных літаратурных аб'яднанняў краіны.

Шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар", паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская, канешне, выйшла да сабраўшыхся з экземплярам сайго любімага выдання за нумарам 9 (11). Інга зазначыла, што, нягледзячы на тое, што Валерыя Скакуна ўжо шэсць год, як няма на гэтым свеце, але творы ягоныя кожны год, па склаўшайся ўжо традыцыі, друкуюцца ў новым нумары альманаха "Літаратурны экватар". Спадарыня Вінарская распавяла, што пасмяротна вершы Валерыя Скакуна ўвайшлі ў выданне, падрыхтаванае да друку Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, з якім шчыльна супрацоўнічае літаратурны клуб "Экватар", - "Поэзия русского слова: антология современной русскоязычной поэзии Беларуси. Том 2" (выдавецтва"Беларуская навука", 2020 г.). Таксама спадарыня Інга расказала, што ў 2021 годзе Інстытут літаратуразнаўства распачаў працу над новай анталогіяй - на гэты раз, беларускамоўнай паэзіі. Прадстаўнікі літаратурнага клуба "Экватар" праз Інгу Вінарскую былі туды таксама запрошаны, і яна ў прызначаны тэрмін прадставіла ў Акадэмію навук вершы шасці аўтараў суполкі, сярод якіх былі і вершы Валерыя Скакуна (пасмяротна).

Інга прачытала прысутным некалькі сваіх вершаў, сярод якіх быў і гэты, прысвечаны, бадай, усім верным і адданым сябрам-паэтам і бардам:

Дружа наш прыязджаў ізноў,

Пад гітару спяваў для нас.

За сталом - цесны гурт сяброў.

Ўсе ад спраў адышлі на раз.


Так, паэты мы - соль нябёс…

Добра ўсё ж хоць калі забыць

Слова "нельга", праблемаў стос

І размовы заплесці ніць.


Светла, лёгка, уздоўж спакой -

Спевам душы сяброў крані!..

Што ж, пашчасціла ў вечар той

Нам адчуць сябе зноў людзьмі…

Паэт Вячаслаў Данілаў распавёў прысутным, што добра памятае Валерыя Скакуна, што ў літаратурным клубе "Экватар" дагэтуль вельмі не хапае такога мужнага, моцнага і таленавітага чалавека, як Скакун. А пазнаёміўся Вячаслаў з Валерыем вельмі даўно, калі клуб "Экватар" толькі арганізоўваўся. Вячаслаў успомніў пра тое, як у сакавіку 2017 года суполка правяла вялікі канцэрт-рэквіем памяці Валерыя Скакуна - да першай гадавіны з дня ягонай смерці, і на канцэрце гэтым выступалі не толькі "экватарцы", але і запрошаныя журналісты, літаратуразнаўцы, спевакі.

Вячаслаў Данілаў прачытаў сабраўшымся нізку сваіх лірычных сумных вершаў - у памяць свайго сябра і калегі Валерыя Скакуна.

Малады і таленавіты паэт і бард Кірыл Бандзерс - выканаўца ўласных песень пад гітару, музыку і тэксты для якіх піша ён сам. Гэта вельмі дарэчы было - пачуць у той вечар спевы пад гітару маладога хлопца, бо такім жа хлопцам з гітарай быў некалі і сам Валеры Скакун, калі пачынаў свой творчы шлях. Тут ёсць і яшчэ адна паралель: у Кірыла Бандзерса дастаткова нізкі, амаль брутальны голас. Прыкладна такі ж быў і ў Валерыя Скакуна, толькі яшчэ з невялікай хрыпатцой.

Кірыл Бандзерс выканаў перад гасцямі вечара, "экватарцамі", супрацоўнікамі бібліятэкі № 1 і сваякамі Валерыя Скакуна шэраг сваіх аўтарскіх песень, сярод якіх была і песня з наступным тэкстам:

сьпявай мяне зямля

паводкай веснавой

дзе сонца вечаровае

з разьбiтай галавой

размажа чырвань болю

па мехавой вадзе

сьпявай мяне зямля

бо болей я нiдзе


запi мяне вада

рух рыбiных ратоў

i з лускай на руках

не адпусьцi дамоў

дзе воля там турма

я больш ня буду мець

паветрам выдзiмаць

грудзей уласных медзь.

Прафесійнай перакладчыцы і педагогу Кацярыне Матусевіч не прывыкаць размаўляць з моладдзю, бо Каця ўмее тую моладзь зацікавіць і ўцягнуць у размовы і дыскусіі. Прамова спадарыні Матусевіч была прысвечана патрыятычнай тэматыцы, а таксама яна кранулася тэмы чарнобыльскай аварыі, чарговая сумная гадавіна якой адзначалася не так даўно. Для Кацярыны чарнобыльская тэма вельмі блізкая, бо нарадзілася спадарыня як раз у зоне той страшэннай аварыі. А яшчэ Кацярына Матусевіч прачытала прысутным некалькі сваіх вершаў, прысвечаных любові да роднага краю.

Паэт і пісьменнік Юрась Нераток - чалавек вельмі цікавы. І справа тут нават не ў яркіх кашулях і экзатычных гальштуках, якія ён вельмі любіць насіць і якія адразу выдзяляюць яго з любой кампаніі, спадар Юрась - вельмі таленавіты і арыгінальны творца, часамі нават брутальны, але заўжды глыбокі і справядлівы. Юрась Нераток зазначыў у той вечар, што гэта вельмі добра, што літаратурны клуб "Экватар" не забывае сваіх пайшоўшых ужо з гэтага свету аўтараў і сяброў і праводзіць вечарыны іх памяці. Такая традыцыя заслугоўвае вялікай павагі. Яшчэ спадар Юрась казаў пра цяжар творчасці, якая шмат сіл забірае і можа нават скараціць жыццё. Але паэты не могуць не пісаць вершы:

…Цябе прывучыў ужо час,

што нельга публічна прарочыць,

што зло і дабро - толькі ў нас,

на нас - і знішчэнне, і творчасць.

…Ды толькі,

каб тое спачатку дайшло,

напэўна, наогул цябе б не было.

Паэт і навуковец, кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Серж Мінскевіч добра ведаў і дагэтуль памятае Валерыя Скакуна. Гэты чалавек і цяпер выклікае ў Сержа вялікую павагу, таму, нягледзячы на сваю занятасць, спадар Мінскевіч прыйшоў на вечарыну памяці Валерыя. Серж зазначыў, што Скакун быў цэльнай натурай, вельмі шмат працаваў, ніколі нікога не па справе не пакрыўдзіў, паважліва і з цеплынёй ставіўся да жанчын, забяспечыў сваіх дваіх дзяцей: дачку Ганну і сына Валодзю.

Серж Мінскевіч выступіў перад прысутнымі са спевамі пад гітару на ўласныя творы. Прагучалі некалькі песень, сярод якіх былі палюбіўшыеся ўжо аматарам беларускай аўтарскай песні "Каўбой у пустэльні", "Мы - пінгвіны" і іншыя.

Выступленне кожнага аўтара і выканаўца песень сабраная аўдыторыя цёпла вітала апладысментамі. Сваякі Валерыя Скакуна, якія прысутнічалі на тым вечары, і плакалі, і смяяліся, і апладзіравалі разам з усімі.

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў і радзіны Валерыя Скакуна. А потым было чаяванне ў спецыяльнай зале бібліятэкі. Дарэчы, сваякі Валерыя прывезлі агромністы торт, зроблены на заказ у выглядзе вялікай кнігі, на якой вялікімі літарамі было напісана: "ВАЛЕРЫ СКАКУН". Так што, можна сказаць, што торт быў імянны. А яшчэ, ува ўсіх было адчуванне, што дух пісьменніка і барда Валерыя Скакуна прысутнічаў у той травеньскі вечар у сталічнай бібліятэцы № 1 імя Талстога.

Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX