Папярэдняя старонка: 2021

№ 24 (1539) 


Дадана: 16-06-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1539), 16 чэрвеня 2021 г.

Віват, "Маладзечна-2021"!

Беларусь чакала гэтай падзеі два гады: у Летнім амфітэатры Маладзечна загучалі фанфары і абвясцілі аб адкрыцці XX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2021".

З прывітальным словам да ўдзельнікаў маштабнага песенна-музычнага форума звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч.

Па шматгадовай традыцыі ў час адкрыцця была раскрыта галоўная інтрыга фестывалю - названы імёны пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Гран-пры і прыз Уладзіміра Мулявіна атрымала 17-гадовая Ніколь Фургал з Віцебска.

Затым увазе маладзечанцаў і гасцей горада была прадстаўлена прэм'ера канцэрта "Талака", прысвечанага творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і вядомага кампазітара Ігара Паліводы. Ён падрыхтаваны Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Суразмоўцы сустрэліся ў Маладзечне

Гасцямі аўтарскай праграмы пісьменніка Навума Гальпяровіча "Суразмоўцы" ў Маладзечне сталі старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша.

Цікава было даведацца, як рыхтуецца праграма "Суразмоўцы". Гэта інтэрв'ю з людзьмі, якія маюць аўтарытэт у культурным і грамадскім жыцці нашай краіны. Выходзіць праграма на тэлеканале "Беларусь-3". За час існавання праекта Навум Гальпяровіч сустрэў каля сотні гасцей. У іх ліку былі і маладзечанцы.

Па словах Навума Якаўлевіча кожная сустрэча з цікавым чалавекам для яго сапраўднае адкрыццё і вялікая адказнасць. Гэта магчымасць яшчэ раз упэўніцца наколькі шчырыя, таленавітыя, адданыя сваёй Радзіме людзі жывуць на Беларусі.

Беларуская мова - наша з небам размова

Саюз пісьменнікаў Беларусі запрасіў маладзечанцаў і гасцей горада на музычна-паэтычную гасцёўню "Святло Радзімы. Радасць Перамогі", якая адбылася ў малой зале гарадскога Палаца культуры.

Вялі імпрэзу першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналістка, паэтэса Алена Стэльмах і старшыня Менскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.

Паэты Уладзімір Мазго, Навум Гальпяровіч, Міхась Пазнякоў, Валерый Максімовіч, Віктар Шніп і іншыя дзяліліся са слухачамі ўражаннямі аб фестывалі, чыталі свае вершы. Сярод выступоўцаў была і маладзечанка - паэтэса Таццяна Атрошанка. Бард з Пінска Віктар Мяцельскі выконваў песні на словы паэтаў, якія знаходзіліся ў зале.

Падчас фестывалю прайшла вялікая колькасць іншых, самых разнастайных і цікавых імпрэзаў і праектаў.

Людміла ЦАР. Фота: А. ПЛАТКО.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!

"Наша слова" ўключана ў падпісны каталог на другое паўгоддзе 2021 года.

Падпісны індэкс: 63865.

Інфармацыя пра падпіску знаходзіцца на ст. 52 Каталога падпіскі на 2-е паўгоддзе.

Цана падпіскі: на 1 месяц - 2,88 руб.;

на 3 месяцы - 8,64 руб.;

на 6 месяцаў - 17,28 руб.

Кветкі ў гонар любімай зямлячкі

6 чэрвеня 2021 года славутай беларускай пісьменніцы і любімай гарадзенцы Элізе Ажэшцы споўнілася 180 гадоў. Да вялікай юбілейнай даты супрацоўнікі ДУК "Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага" падрыхтавалі насычаны культурнымі імпрэзамі дзень, каб кожны ахвотны мог бліжэй пазнаёміцца з вядомай зямлячкай.

Святкаванне распачалося з некалькіх экскурсій па доме-музеі Элізы Ажэшкі. Госці аглядалі яе мемарыяльны пакой і слухалі цікавыя факты з біяграфіі пісьменніцы. Была адкрыта выстава рэдкіх выданняў, фотаздымкаў і рэчаў, якія захаваліся з часоў жыцця пані Элізы.

А самае яркае свята чакала ўсіх на літаратурна-музычным салоне "Эліза Ажэшка запрашае сяброў". І насамрэч, адзначыць яе юбілей прыйшлі сапраўдныя сябры, аматары і прафесіяналы літаратурнага свету Гарадзеншчыны, таленавітая моладзь і звычайныя чытачы, для якіх пісьменніца з'яўляецца сімвалам любімай Гародні.

Усіх, хто прыйшоў на салон, яшчэ на вуліцы, з балкона дома-музея, сустракала скрыпачка, чыя прыгожая музыка захоплівала нават мінакоў. Дарэчы, квартэт ад Гарадзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа быў адной з самых яскравых зорак на юбілеі - іх выкананне засталося ў душы слухачоў.

Успомнілі і пра яшчэ аднаго вядомага беларускага пісьменніка - Максіма Багдановіча, які зусім маленькім жыў разам з сям'ёй недалёка ад дома пані Элізы. Калі б яны сустрэліся, пра што бы размаўлялі? Вядома адно - любоў да роднага краю вельмі б іх зблізіла. На гэтую тэму паразважалі навучэнцы Гарадзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якія прадставілі сваю праграму, прысвечаную беларускаму класіку. Творчае чытанне яго вершаў і прыгожыя песні ўразілі ўсіх прысутных.

Дзве эпохі творцаў - мінулага і сучаснага - сутыкнуліся ў гэты дзень на салоне. Павіншаваць імянінніцу прыйшлі гарадзенскія пісьменнікі, якія шануюць і захоўваюць літаратурныя традыцыі класікаў. Свае цудоўныя творы прадставілі Л. Кебіч, Д. Радзівончык, А. Апанасевіч, С. Глямбоцкая і іншыя літаратары. Завітаў і госць з Менска Юрый Радзькоў - таленавіты кіна-меладэкламатар, які вельмі творча прачытаў верш Роберта Раждзественскага.

Прыгожую і рухомую кропку ў гэтым літаратурна-музычным вечары паставіў танцавальны калектыў Універсітэта Залатога Веку.

А пасля супрацоўнікі бібліятэкі разам з чытачамі адправіліся да помніка Элізы Ажэшкі, каб пакласці кветкі ў гонар любімай зямлячкі.

Калектыў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага вельмі шануе памяць аб знакамітай пісьменніцы і працягвае яе традыцыі. Дом-музей Элізы Ажэшкі і ў наш час з'яўляецца месцам, дзе ззяе святло дабрыні і міласэрнасці, а дзверы адкрыты для кожнага.

www.grodna.lib.by.

Ігар Случак: "Не абараніўшы моўнае права ўчора, сёння страчваеш іншыя чалавечыя правы"

Моўны інспектар Ігар Случак разважае на budzma.by, чаму беларусы не змагаюцца за беларускую мову ў сферы паслуг

Паводле апытання, якое правялі студэнткі ЕГУ для праекта "Discrimination due to national language", 49 адсоткаў рэспандэнтаў-беларусаў сутыкаліся з адмовай ці абразамі пасля просьбы абслугоўваць іх па-беларуску. Не ўсе беларусы адстаялі свае правы ў такой сітуацыі. А калі спрабавалі гэта зрабіць, то ў 75,9% выпадкаў іх скаргі не былі задаволены.

Юрыст і прадстаўнік ініцыятывы "Умовы для мовы" Ігар Случак распавёў, ці адказныя самі грамадзяне за існаванне моўнай дыскрымінацыі, як на яе ўплываюць тавары з беларускімі назвамі і што можа зрабіць кожны з нас, каб дыскрымінацыя паменшылася.

- Толькі 30 адсоткаў рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у апытанні, рабілі захады для абароны сваіх моўных правоў (24% пісалі ў кнігу скаргаў і прапаноў, 5% выклікалі кіраўнікоў устаноў, і толькі адзін чалавек звярнуўся ў суд). Большасць - 70% (!) - не змагаліся за свае правы: пакідалі ўстанову ці пераходзілі на рускую мову. Як вы думаеце, чаму пераважная частка беларусаў не намагаецца абараніць свае правы?

- Людзі баяцца ці саромеюцца ісці на канфлікт, каб абараніць свае моўныя і наогул правы. А сутыкненне моў - гэта канфлікт. Ён не ўнікальны, а існуе там, дзе носьбіты адной мовы хочуць дамінаваць над іншай мовай або носьбітамі гэтай мовы.

Таксама нельга забываць, што мова - гэта ў першую чаргу не культура, а сродак камунікацыі. Людзі ў большасці пасіўныя і выбіраюць для камунікацыю тую мову, якая гучыць вакол іх часцей і якую ім прапаноўваюць "школа-крама-ўлада".

Пасіўнасць у абароне сваіх моўных правоў, па сутнасці, прывяла Беларусь у той грамадска-палітычны стан, у якім краіна знаходзіцца цяпер. Не абараніўшы моўнае права ўчора, сёння страчваеш іншыя чалавечыя правы.

- Ці з'яўляецца адсутнасць абслугоўвання па-беларуску моўнай дыскрымінацыяй?

- Так, адсутнасць абслугоўвання па-беларуску - гэта дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце, бо чалавеку адмаўляюць у абслугоўванні на роднай і дзяржаўнай мове па прыкмеце менавіта гэтай мовы, навязваючы абслугоўванне на мове, для яго не роднай, на якой ён камунікаваць не хоча і не абавязаны.

- Паводле вынікаў апытання, 74% беларускамоўных рэспандэнтаў вымушана пераходзяць на рускую мову пры абслугоўванні. Як гэтыя людзі ўплываюць на існаванне дыскрымінацыі?

- Такія людзі наўпрост нараджаюць дыскрымінацыю, падтрымліваюць яе. Бо калі б людзі свае моўныя правы актыўна і мэтанакіравана абаранялі, моўнай дыскрымінацыі ўжо б даўно не было. Больш за тое, актыўныя паводзіны чалавека спыняюць узнікненне любой дыскрымінацыі і парушэнне правоў.

Іншымі словамі, беларус, які не абараняе сваё моўнае права, стварае ўмовы для дыскрымінацыі іншых беларусаў. Ён робіцца саўдзельнікам дыскрымінацыі.

- Ігар, як вы лічыце, ад каго залежыць існаванне моўнай дыскрымінацыі: ад улады ці ад простых людзей?

- Дыскрымінацыя і яе існаванне залежаць ад абодвух бакоў - і ад людзей, і ад дзяржавы. Але ўлада мае ў сваім арсенале больш сродкаў, каб гэтую дыскрымінацыю падтрымліваць або спыніць.

Недасканалае заканадаўства стварае ўмовы для дыскрымінацыі. Але і людзі сваімі пасіўнымі паводзінамі спрыяюць таму, што моўнае заканадаўства або практыка яго прымянення застаюцца недасканалымі.

- Як цяперашняе заканадаўства, якое гарантуе двухмоўе, уплывае на стан беларускай мовы ў сферы паслуг?

- Сённяшняе моўнае заканадаўства не гарантуе рэальнага двухмоўя, таму яго ў сферы паслуг няма. Больш за тое, у адпаведнасці з нормамі ЕАЭС, руская мова з'яўляецца абавязковай, а беларуская - толькі дадатковая або па жаданні.

Гэтыя нормы пераходзяць і ў беларускія тэхнічныя рэгламенты. Яны сталі вышэйшымі за беларускае заканадаўства праз норму аб альтэрнатыўным выкарыстанні дзяржаўных моў, а не аб іх абавязковым ўжыванні.

- Што могуць зрабіць беларусы, каб выпадкаў дыскрымінацыі было менш?

- У любым выпадку, калі чалавек лічыць, што яго моўныя правы парушаныя, ён мусіць напісаць пра гэта ў кнізе заўваг і прапаноў, а таксама напісаць заяву аб прыцягненні да адказнасці паводле арт. 10.16 КаАП "Парушэнне заканадаўства аб мовах" і падаць яе ў выканкам або адміністрацыю, на тэрыторыі якіх адбылося парушэнне.

Таксама ёсць опцыя звярнуцца ў парламент, міністэрствы і іншыя ўстановы з прапановай удасканалення моўнага заканадаўства ў той сферы, дзе чалавеку гэтага не хапае.

Вы можаце падаваць зыскавыя заявы ў суд па прыкмеце дыскрымінацыі і парушэння правоў спажыўцоў. І, вядома, мець у сабе моц не пераходзіць на мову, якую вам прапануюць замест роднай.

А яшчэ па магчымасці вы можаце не карыстацца паслугамі тых, хто парушае вашыя моўныя правы.

- Калі звяртаць увагу на меркаванні рускамоўных беларусаў, які бралі ўдзел у апытанні, 93% з іх лічаць праблему дыскрымінацыі паводле нацыянальнай мовы актуальнай, а 95,8% станоўча ставяцца да месцаў, дзе абслугоўванне вядзецца па-беларуску. Што варта рабіць гэтай сацыяльнай групе, каб дыскрымінацыя паменшылася?

- Па-першае, трэба падтрымліваць такія месцы, дзе мы ўсе можам галасаваць за беларускую мову рублём. Хадзіць у краму, дзе абслугоўваюць па-беларуску, у цырульню, у лякарню, у кавярню і гэтак далей. Такія месцы ёсць у каталогу "Свае". Калі будзе масавы попыт на абслугоўванне па-беларуску, у рускамоўных установах з'явіцца матывацыя выкарыстоўваць беларускую мову.

Па-другое, варта пісаць звароты установам, якія вы наведваеце, з прапановай ужываць беларускую мову. Калі кавярня ці крама паважае сваіх наведвальнікаў, беларуская мова там з'явіцца.

Наогул, такое азначэнне як "рускамоўны" беларус, некарэктнае, бо ў Беларусі, я лічу, няма рускамоўных, а ёсць беларускамоўныя, якія не змаглі супрацьстаяць дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце і якіх гэтая дыскрымінацыя перамагла. Таму яны прыхільна ставяцца да беларускамоўных ініцыятываў, бо гэта іх мова, якую яны хацелі б вярнуць, але, як звычайна такое бывае, чужымі рукамі.

- Некаторыя кампаніі ўжываюць піяр-хады, як рэкламу і назвы па-беларуску, для прыцягнення ўвагі. Так робяць "А1", "Лідскае", "Аліварыя", сетка аўтазаправак "А-100". Як гэта ўплывае на становішча беларускай мовы ў грамадстве?

- Калі беларуская мова ў кампаніі толькі ў назве, то гэта хутчэй прыкрыццё дыскрымінацыі, чым рэальная барацьба з ёй. Быццам бы беларуская мова ёсць, але ў сапраўднасці дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце ёсць таксама.

Гэта стварае ўражанне, што ў краіне яшчэ засталося месца для беларускай мовы, хоць у рэальнасці яна ператварылася ў праблему як для тых, хто мовай карыстаецца, так і для тых, хто хоча, каб яе стала яшчэ менш, а лепш - каб яна знікла наогул. Знікне беларуская мова - знікне і беларуская дзяржаўнасць.

"Новы час".

Статус беларускай мовы на тэрыторыі Мытнага саюза

Вось некалькі дакументаў з камплекту дакуметацыі, які дадаецца да прынтара Brother. Як вынікае з дакументаў, юрыдычны адрас вытворцы знаходзіцца ў Японіі, прадстаўнік - у Маскве.

Дакументацыя выканана на чатырох мовах: англійскай, рускай, казахскай і беларускай. Што праўда, беларуская мова чацвёртая, але дасканалая па ўсіх пазіцыях.

У "Інфармацыі аб вытворцы і прадстаўніку на тэрыторыі Мытнага саюза", "Інструкцыі па хуткім усталяванні" і інш. не заўважана ніякіх праблем з ужываннем самай сучаснай беларускай тэхнічнай тэрміналогіі, для беларускіх вытворцаў, як бы і не распрацаванай, а для японскіх ужо звыклай. І што тут за праблема? Ці то японцы разумнейшыя за нас, ці то яны больш паважаюць законы, нават чужыя?

Яраслаў Грынкевіч.

Памяць пра таленавітага паэта, выдатнага выкладчыка, празаіка - эсэіста

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі разгорнута кніжная выстава, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта і пісьменніка, літаратуразнаўца, педагога, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Антонавіча Лойкі. На ёй прадстаўлены творы Алега Лойкі, а таксама выданне "Чалавек з сонечнаю усмешкай", прысвечанае яго жыццю і дзейнасці, якое пабачыла свет у 2019 годзе.

Алег Лойка, доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, легендарны дэкан філалагічнага факультэта БДУ, быў аўтарам каля 100 кніг, з якіх больш за 30 - зборнікі паэзіі, 2 раманы, некалькі дзясяткаў літаратурных даследаванняў і перакладаў, рэцэнзій, эсэ.

Алег Антонавіч Лойка нарадзіўся 1 траўня 1931 года ў сям'і фельчара ў Слоніме. Пасля заканчэння беларускай Слонімскай сярэднюю школы № 1, ён паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў з адзнакай у 1953 годзе і быў рэкамендаваны ў аспірантуру. Алег Лойка вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю (1956).

Алег Лойка дэбютаваў вершамі у 1943 годзе ў "Баранавіцкай газеце". Выходзілі яго зборнікі паэзіі паэзіі: "На юначым шляху" (1959), "Задуменныя пералескі" (1961), "Дарогі і летуценні" (1963), "Блакітнае азерца" (вершы і паэмы, 1965), "Каб не плакалі кані" (1967), "Дзівасіл" (1969), "Калі ў дарозе ты…" (выбранае, 1971), "Шчырасць" (1973), "Пачуцці" (вершы і паэма, 1976), "Лінія жыцця" (1978), "Скрыжалі" (выбранае, 1981), "Няроўныя даты" (1983), "Грайна" (1986), "Пралескі ў акопах" (1987).

З 1956 года ён быў выкладчыкам новаўтворанай кафедры беларускай літаратуры, з 1962 - дацэнтам кафедры, абараніў доктарскую дысертацыю ў 1969 годзе, з 1971 года - прафесарам кафедры беларускай літаратуры, з 1985 - загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. У 1991-1996 - дэканам філалагічнага факультэта БДУ. Пастаянна распрацоўваў новыя лекцыі, тэмы і семінары, чытаў курсы лекцый па "Гісторыі старабеларускай літаратуры", "Літаратуры XIX - пачатку XX ст.", "Уводзінах ў лiтаратуразнаўства", "Краязнаўству", спецкурсы па паэзіі, "Літаратурных славянскіх узаемасувязях" і іншыя.

Алег Лойка напісаў раманы-эсэ: "Як агонь, як вада" (1984) і "Францыск Скарына і сонца маладзіковае" (1990), аповесць "Скарына на Градчанах" (1990), аповесць "Кельты не ўміраюць" (1998), стаў аўтарам сцэнарыя дакументальнага фільма "Максім Багдановіч".

Літаратуразнавец пераклаў на беларускую мову кніжку выбраных твораў Поля Верлена "У месяцавым ззянні" (1974), І. Гётэ, "Спатканне і ростань" (1981), Ф. Шылера, асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў, быў перакладчыкам і ўкладальнікам 2-томнай анталогіі польскай паэзіі "Ад Буга да Віслы", куды ўвайшлі вершы 180 паэтаў.

Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студэнты БДУ, Варшаўскага, Енскага ўніверсітэтаў. Распрацаваны ў курсах лекцый матэрыял быў пакладзены ў аснову дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.

Пад кіраўніцтвам А. Лойкі было абаронена 17 доктарскіх дысертацый. Ён быў старшынём Вучонага савета па абароне дысертацый у БДУ, членам Вучонага савета Інстытута літаратуры імя Я. Купалы, членам рэдкалегiй часопісаў "Веснік БДУ" (серыя IV), "Беларусь", "Спадчына", "Першацвет".

Алег Лойка з'яўляецца аўтарам шасці манаграфій - "Новая зямля" Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство" (1961), "Адам Міцкевіч і беларуская літаратура" (1959), "Сустрэчы з днём сённяшнім" (1968), "Максім Багдановіч" (1966), "Беларуская паэзія пачатку XX стагоддзя: Некаторыя заканамернасці і асаблівасці" (1972), "Старабеларуская літаратура" (2001). Творчы асяродак, літаб'яднанне "Узлёт", якім ён кіраваў чвэрць стагоддзя і ў якім узрасціў мноства вядомых сёння літаратараў і навукоўцаў, адданых слуг беларускага слова, такіх як А. Бутэвіч, Т. Шамякіна, А. Верабей, А. Разанаў, А. Пісьмянкоў, М. Скобла, С. Чыгрын і іншыя. Аматар і добры знаўца сусветнай паэзіі імкнуўся далучыць да гэтага скарбу айчыннага чытача праз перакладчыцкую дзейнасць.

Найвялікшым захапленнем, якое Алег Лойка пранёс праз усё жыццё, стаў Янка Купала. Навуковец даследаваў творчасць нацыянальнага генія і з наватарскай смеласцю паказаў многія факты яго біяграфіі, жыццёвую драму і ўзаемаадносіны з пісьменніцкім асяродкам.

Алег Антонавіч быў жанаты, меў дачку Антаніну, сына Паўла і ўнукаў Віталя, Алега і Надзею. Алег Лойка сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, Янкам Саламевічам, Анатолем Вярцінскім і іншымі выбітнымі асобамі.

У 1982 годзе прафесар Лойка выдаў у Маскве ў серыі "ЖЗЛ" кнігу "Янка Купала". Гэта была першая кніга, напісаная беларусам пра беларуса і выдадзеная ў вядомай расійскай серыі, якую заснаваў Максім Горкі ў 1933 годзе. Прадмову да кнігі Алега Лойкі напісаў Іван Шамякін. Іван Пятровіч адзначыў, што кніга "гістарычна дакладная, праўдзівая, шчырая".

Наклад выдання пра Янку Купалу быў тады 150 тысяч экзэмпляраў. Тым не менш, купіць у Беларусі яго было немагчыма. Толькі праз 16 гадоў Алег Лойка падпісаў кнігу ў Слоніме: свайму земляку і філфакаўцу, краязнаўцу Сяргею Чыгрыну.

Захапляла фенаменальная эрудыцыя прафесара ў самых розных галінах ведаў, яго пранікнёнасць у з'явы культуры, уменне красамоўна даносіць інфармацыю, генерыраваць новыя ідэі, якімі ён надзвычай шчодра дзяліўся са сваімі вучнямі (выгадаваў 25 кандыдатаў навук). Узаемадзеянне двух вызначальных фактараў у светапоглядзе, у мысленні А. Лойкі - рацыянальна-навуковага і рамантычна-мастакоўскага - спрыялі нараджэнню новых ідэй, якія ўвасабляліся на практыцы. Ён спалучаў у сябе чалавека рацыянальнага, выдатнага даследчыка літаратуры з паэтам - лірыкам, у якога пераважна задзейнічана эмацыйная сфера.

У 1980-1990-х гадах адбывалася актыўнае навукова-канцэптупльнае спазнанне феномену асветніка Францішка Скарыны. Алег Лойка як даследчык-скарыназнавец выступаў на высокім міжнародным узроўні ў Венецыі і ў Кракаве, у Маскве і Парыжы, паказваючы Скарыну як постаць агульнаеўрапейскага і сусветнага маштабу.

Апошнія 10 гадоў Алег Антонавіч жыў у Слоніме. Яго даймалі хваробы. Давялося перанесці некалькі цяжкіх аперацый. Дрэва яго жыцця не спыняла росту да апошніх дзён фізічнага існавання. Пераадольваючы боль на шпітальным ложку, у інвалідным вазку ён ствараў новыя вершы, празаічныя творы і навуковыя працы. Роднае слова трымала дух паэта, ён жыў паэзіяй, творчасцю, мужна трымаў фізічную немач, думаў пра Беларусь. Адной з апошніх яго старонак стаў верш-прысвячэнне:

"Дзе вусны зноў табой ажыўляю,

Маё ты шчасце, дзіва і бальзам,

І вечнасцю тваёю прамаўляю

Нявечаны сам."

У кнізе "Чалавек з сонечнай усмешкай" створаны цэласны партрэт А.А. Лойкі, як вучонага, аўтара раманаў-эсэ, выхавальніка творчай моладзі, грамадзяніна і патрыёта Бацькаўшчыны.

"Такія паэты, як Алег Лойка не знікаюць, яны прадаўжаюць духоўнае жыццё пасля смерці, жывуць датуль, пакуль іх слова будзе гучаць у вершах, пакуль будзе існаваць Беларусь, зямля Слонімская і мова нашага народа", - напісаў Алесь Бельскі.

Напрыканцы 2017 года ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Я. Коласа адбылося адкрыццё пакоя-музея Алега Лойкі (1931-2008).

28-30 кастрычніка 2021 у БДУ адбудзецца ХІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай", прысвечаная 100-годдзю БДУ і 90-годдзю з дня нараджэння члена-карэспандэнта НАН Беларусі, прафесара Алега Антонавіча Лойкі.

Падрыхтавала Э. Дзвінская, фота аўтара.

Фотаальбом, прысвечаны Ермаловічу і Каханоўскаму

Новае выданне

У Маладзечне выйшаў з друку фота-альбом "З верай і любоўю", прысвечаны 100-годдзю нашага славутага гісторыка і педагога Міколы Ермаловіча (1921-2000) і 85-годдзю пісьменніка, музейшчыка і краязнаўца Генадзя Каханоўскага (1936-1994). Альбом падрыхтаваў пісьменнік і літаратуразнавец з Маладзечна Міхась Казлоўскі.

Фотаальбом пабачыў свет, дзякуючы рупнасці супрацоўнікаў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, якія шмат робяць дзеля прапаганды творчасці сваіх знакамітых землякоў і ўшанавання іх памяці.

Альбом "З верай і любоўю" падзелены на дзве часткі: у першай ідзе знаёмства з Генадзем Каханоўскім, у другім - з Міколам Ермаловічам.

Альбом багата аздоблены не толькі фотаздымкамі, але і рознымі тэкстамі. У ім змешчаны біяграфіі пісьменнікаў, выказванні вядомых людзей пра іх творчасць, надрукаваны балады паэта Віктара Шніпа ім прысвечаныя. Напрыклад, прафесар Анатоль Грыцкевіч некалі пра Міколу Ермаловіча сказаў, што ён "быў падзвіжнік, які адкрываў шырокаму колу чытачоў мінулае Беларусі, папулярызаваў яе даўнюю гісторыю, значна апярэдзіўшы нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі".

А Міхась Казлоўскі ў прадмове адзначыў, што "з-пад пяра доктара гістарычных навук, пісьменніка і вучонага Генадзя Каханоўскага выйшлі ўнікальныя, насычаныя багатай краязнаўчай і гістарычнай фактурай, навукова вывераныя кнігі, якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай гуманітарнай навукі".

Давайце пагартаем гэты фотаальбом. На першых яго старонках надрукаваны два партрэты. Партрэт Генадзя Каханоўскага намаляваў пры жыцці мастак Юрась Герасіменка-Жызнеўскі, а партрэт Міколы Ермаловіча мастак Кастусь Харашэвіч. Дзве працы мастакоў, нібы сардэчна запрашаюць да сябе ў госці. Далей чытачы пазнаёмяцца з аўтографамі Каханоўскага і Ермаловіча, з іх біяграфіямі.

На адной са старонак альбома - Генадзь Каханоўскі - малодшы сяржант Савецкай Арміі, далей ён - студэнт Маскоўскага педінстытута, а вось Генадзь Каханоўскі сфатаграфаваны з пісьменніцай і выдаўцом Зоськай Верас. На другіх здымках - ён у добрых кампаніях з Лявонам Луцкевічам, Аляксеем Пяткевічам, Нілам Гілевічам, Іванам Чыгрынавым, Янкам Багдановічам, Міхасём Казлоўскім, з супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, з роднымі і сваякамі, і шмат яшчэ з кім.

Здымкаў Міколы Ермаловіча ў фотаальбоме больш з жонкай Лідзіяй Цімафееўнай і з дзецьмі. Зацікавяць чытачоў таксама рэдкія здымкі Міколы Ермаловіча з братам Якуба Коласа Юзікам Міцкевічам напачатку 1950-х гадоў. Ёсць шэраг цікавых здымкаў з Вольгай Іпатавай, Віктарам Шавялевічам, Сяргеем Грахоўскім і іншымі асобамі Беларусі.

Выданне "З верай і любоўю" - гэта маленькая цаглінка ў велічны гмах памяці Міколы Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага, якія любілі Беларусь, свой народ і даследавалі нашу гісторыю.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Сусветнага ўзроўню каштоўнасці з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі

Адным з самых цікавых элементаў упрыгожвання кнігі з'яўляецца суперэкслібрыс. Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае ў сваіх фондах старадрукі, адзначаныя экслібрысамі, якія паходзяць з прыватных кнігасховішч французскай арыстакратыі. Яны дэманструюцца ў гэтым месяцы ў Музеі кнігі.

- Суперэкслібрыс - гэта тое, што надае выключную каштоўнасць кнізе. Суперэкслібрыс маглі мець далёка не ўсе, сёння гэта з'ява больш рэдкая, чым пяць стагоддзяў таму, - падзяліўся думкамі кандыдат культуралогіі Алесь Суша. - Уладальніцкі знак на пераплётнай вокладцы з залачэннем, цісненнем і сімволікай - і ёсць экслібрыс.

Суперэкслібрысы захоўваюцца ў калекцыях большасці бібліятэк нацыянальнага ўзроўню, іх апісваюць у каталогах і выстаўляюць на выставах. Іх мелі прадстаўнікі шляхецкіх і магнацкіх родаў, заможная інтэлігенцыя ў ХIX стагоддзі, іх маюць некаторыя сучасныя калекцыянеры. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі мы маем каштоўную калекцыю французскіх кніг з суперэкслібрысамі - гэта сусветнага ўзроўню каштоўнасці, якімі мы валодаем. Вывучаць гэтыя калекцыі пачыналі Таццяна Рошчына і Галіна Кірэева, далучаны да гэтай тэмы маладыя даследчыкі Таццяна Захарава і Анатоль Сцебурака. Шмат зрабіла для адкрыцця гэтай выставы Святлана Рыгораўна Пахоменкава. Мы яшчэ шмат чаго зробім для асэнсавання гэтай спадчыны. Нядаўна была выпушчана калекцыя паштовак з выявамі французскіх суперэкслібрысаў.

- Мы хочам прадэманстраваць гэты бок кніжнай культуры, - адзначыў кандыдат гістарычных навук Анатоль Сцебурака. - Мы маем цэлую калекцыю кніг з каштоўнымі вокладкамі, суперэкслібрысамі і з вялікім піетэтам глядзім на кнігі з манаршай бібліятэкі, якія з'яўляюцца сімвалам французскага каралеўства ХIV-ХVIII cтагоддзяў. Тут прадстаўлены кнігі не толькі каралёў, але і іх жонак. Праз палітыку, праз культурныя сувязі, адукацыю беларускія землі былі знітаваныя з Французскім каралеўствам.

- У Францыі існавала некалькі тысяч экслібрысаў, а ў Расіі і на Украіне іх было значна менш, - распавёў калекцыянер Алег Аляксандравіч Судлянкоў. - На Беларусі іх мелі Гутэн-Чапскія, Радзівілы. Кнігі маюць шыкоўныя пераплёты, гэта адна з самых дарагіх скур, якія ішлі на пераплёт. Суперэкс-лібрысы не ведаюць падробак.

Навукова-даследчую працу па вывучэнні суперэкслібрысаў правяла Святлана Рыгораўна Пахоменкава.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

"Адраджэнне традыцыі: прыватныя выдавецтвы Рэспублікі Беларусь"

У чэрвені споўніцца 31 год з часу прыняцця Закона СССР "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Гэты закон замацаваў свабоду друку і адмену цэнзуры. А праз два гады, таксама ў чэрвені, у незалежнай Беларусі першыя прыватныя прадпрымальнікі атрымалі ліцэнзіі на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці. З таго часу ў нашай краіне пачалося адраджэнне прыватнай ініцыятывы ў сферы кнігавыдання. З гэтай нагоды Музей беларускага кнігадрукавання прадстаўляе выставу "Адраджэнне традыцыі: прыватныя выдавецтвы Рэспублікі Беларусь".

Карані прыватнаўласніцкага кнігавыдання ўзыходзяць да часоў беларускага першадрукара і яго паслядоўнікаў. Менавіта з таго часу пачалася шматгадовая гісторыя прыватнага выдавецтва на тэрыторыі Беларусі, развіццё якога было прыпынена ў савецкі перыяд, калі сфера кнігавыдання была манапалізавана дзяржавай. Але ўжо з 1970-х гг. у Беларусі пачалі з'яўляцца альтэрнатыўныя афіцыйным крыніцам інфармацыі матэрыялы. І менавіта Полаччына стала вытокам беларускага самвыдату, а таксама прыватнай ініцыятывы ў беларускім кнігавыданні. На выставе "Адраджэнне традыцыі: прыватныя выдавецтвы Рэспублікі Беларусь" можна пабачыць унікальныя прадметы - кнігі, што выходзілі ў савецкі перыяд на Полаччыне падпольна.

Пасля атрымання першых ліцэнзій на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці пачалося павелічэнне і хуткае развіццё прыватных выдавецтваў краіны. Вядучымі недзяржаўнымі выдавецтвамі Рэспублікі Беларусь у 1990-х гг. былі "Эрыдан", "Паліфакт", "Мет", "Аракул", "Амалфея", "Пікорп", "Сервег", "Сказ". Яны займаліся выпускам мастацкай, адукацыйнай і асветнай літаратуры, дэтэктываў, фантастыкі, дысідэнцкай, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай літаратуры. Прыватныя выдавецтвы "Тэхналогія", "Асар", "Экаперспектыва", "Аракул", "Хата", "Жаксон", "Беларускі кнігазбор" актыўна распаўсюджвалі творы на беларускай мове, а таксама ўзяліся за перавыданне нацыянальнай кніжнай спадчыны.

З пачатку 2000-х гг. бясспрэчным лідарам беларускага кнігавыдання па тыражы і колькасці выданняў стала выдавецтва "Харвест". Да лідараў недзяржаўных выдавецтваў у азначаны час адносіліся таксама "Папуры", "Аверсэв", "Кніжны дом", "Юні-прэс", "Тэхналогія", "Кавалер Паблішэрс", "Чатыры чвэрці", "Каўчэг" і інш. На сённяшні дзень прыватныя выдавецтвы выпускаюць большую частку друкаванай прадукцыі краіны, іх выданні становяцца лепшымі на конкурсах "Мастацтва кнігі", трапляюць у музейныя зборы.

Акрамя кніг, на выставе "Адраджэнне традыцыі: прыватныя выдавецтвы Рэспублікі Беларусь" можна пабачыць лагатыпы выдавецтваў, многія з якіх, як напрыклад лагатып "Аверсэв", добра знаёмыя беларусам з самага дзяцінства.

Выстава працягне працу да 15 жніўня. Шчыра запрашаем ўсіх ахвотных!

Дзіяна Кашкур, старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання.

Кніга "Мой спосаб чытання"

Наведваючы сталічную кнігарню "Цэнтральная" зноў не застаўся без пакупкі і набыў кнігу літаратурна-мастацкага крытыка, вядомага журналіста і блогера Паўла Абрамовіча. Выданне складаецца з тэкстаў, створаных у розныя гады для часопіса "Дзеяслоў" і іншых мас-медыя!

Наклад літаратурна - мастацкага выдання 200 асобнікаў. Адказны за выпуск Генадзь Вінярскі. Рэдактар Анатоль Івашчанка, а ўпрыгожыў кнігу мастак Генадзь Мацур. Кэрэктарам з'яўляецца славутая Аксана Спрынчан. Таксама у кнізе змешчана творы П. Абрамовіча, што публікавалася ў сацыяльных сетках. Усе тэксты пададзены у адпаведнасці з першакрыніцамі, з захаваннем правапісу арыгінала...

Асабіста мяне ўразіў нарыс "У пошуках свайго чытача". (Пісьменніцкая крытыка Беларусі ХІХ стагоддзя). Трэба адзначыць цікавую прадмову да кнігі, якую напісаў знакаміты літаратар Андрэй Федарэнка.

Прачытаў кнігу за паўтары гадзіны на адным дыханні і рэкамендую набыць усім аматарам роднага слова.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Шыбут Алена Аляксандраўна - 30,00 р.

2. Ігар К. - 10,00 р.

3. Вячаслаў - 20,00 р.

4. Жаўнер Аляксей Уладзіславав. - 30,00 р.

5. Слабукараў І.М. - 20,00 р.

6. Іваноў Іван Іванавіч - 7,00 р.

7. Галац Ганна Антонаўна - 5,00 р.

8. Дуброўская Ілона - 5,00 р.

9. Мікула Ірына Сергеевна - 15,00 р.

10. Дуднікава Юлія Вячаславаўна - 10,00 р.

11. Бяспалава Таццяна Сяргееўна - 10,00 р.

12. Гутавец Максім Леанідавіч - 20,00 р.

13. Радзькова - 5,00 р.

14. Станкевіч Аляксей Сцяпанав. - 30,00 р.

15. Пучко Н. Л. - 20,00 р.

16. Пагарэлаў Віктар Леанідавіч - 20,00 р.

17. Пісарэўскі А.В. - 10,00 р.

18. Скрабец Вольга Рыгораўна - 10,00 р.

19. Рахацэвіч Д. Е. - 20,00 р.

20. Грышкевіч Ілля Мікалаевіч - 10,00 р.

21. Дэмух Наталля Яўгенаўна - 30,00 р.

22. Драпко Міхаіл Уладзіміравіч - 10,00 р.

23. Дзямідовіч Віталь Сяргеевіч - 100,00 р.

24. Пятроў Вадзім Аляксандр. - 500,00 р.

25. Зубарэвіч Настасся Віктар. - 10,00 р.

26. Мітуневіч А. А. - 5,00 р.

27. Лаўрусік Ігар Юр'евіч - 300,00 р.

28. Забалотны - 50,00 р.

29. Бадзяк Ю.М. - 10,00 р.

30. Іваноў - 5,00 р.

31. Сахно Аляксей Мікалаевіч - 200,00 р.

32. Шышкоўская Настасся Іван. - 5,00 р.

33. Надольская Вольга Александ. - 10,00 р.

34. Пятроў - 2,00 р.

35. Наталля - 50,00 р.

36. Крыцкая Юлія Валер'еўна - 10,00 р.

37. Агапаў Дзяніс - 100,00 р.

38. Д. - 30,00 р.

39. Ляшчынская Н.І. - 50,00 р.

40. Дзямідава Л.Г. - 5,00 р.

41. Жукоўскі Вадзім - 50,00 р.

42. Захарава Таццяна Віктараўна - 30,00 р.

43. Палянок В.І. - 30,00 р.

44. Мамоцька Н.А. - 5,00 р.

45. Каваленка Алена Рыгораўна - 50,00 р.

46. Пратасеня Аляксандр Міхайл. - 10,00 р.

47. Панасюк Юрый Сцяпанавіч - 30,00 р.

48. І. - 10,00 р.

49. Бура А.В. - 100,00 р.

50. Лузан Андрэй Мікалаевіч - 25,00 р.

51. Салаў Максім Генадзевіч - 150,00 р.

52. Міцько А.А. - 4,00 р.

53. Рete - 50,00 р.

54. Балтрамяюк Наталля Анатол. - 20,00 р.

55. Трызна Уладзімір Уладзімір. - 20,00 р.

56. Свірыд Ігар Віктаравіч - 10,00 р.

57. Няхайчык А.Б. - 33,00 р.

58. Парэчына Наталля Іванаўна - 20,00 р.

59. Нагібовіч Марына Львоўна - 100,00 р.

60. Чырук Дмітрый - 20,00 р.

61. Міціна Тамара Мікалаеўна - 7,00 р.

62. Лагіновіч І.А. - 20,00 р.

63. Ключанкоў Андрэй Аляксан. - 100,00 р.

64. Гаспадарык А.В. - 50,00 р.

65. Калібаба Дзіна Пятроўна - 50,00 р.

66. Шымборская Святлана Юр. - 10,00 р.

67. Пратасевіч Павел - 5,00 р.

68. Дзмітрый Юр'евіч - 10,00 р.

69. Макарава Ж.Я. - 20,00 р.

70. Васілевіч Мікалай Уладзімір. - 25,00 р.

71. Амяльковіч - 20,00 р.

72. Раманенка Дзмітрый Фёдар. - 50,00 р.

73. Баркоўская - 5,00 р.

74. Наважылаў В.В. - 40,00 р.

75. Жаркевіч Д.В. - 10,00 р.

76. Сабыніч Ірына Вячаслав. - 50,00 р.

77. Без імя - 20,00 р.

78. Анатоль - 50,00 р.

79. Смірноў А.В. - 20,00 р.

80. Лупанаў Я.В. - 30,00 р.

81. Невядомы - 70,00 р.

82. Дварэцкі Аляксей - 30,00 р.

83. Сапач А. Е. - 100,00 р.

84. Сакалоўскі Я.А. - 20,00 р.

85. Коўшун Аляксандр Мікалаев. - 10,00 р.

86. Рубцоў Артур Юр'евіч - 50,00 р.

87. Наталля - 30,00 р.

88. Князева Ірына Вячаславаўна - 30,00 р.

89. Храловіч Марына Рыгораўна - 50,00 р.

90. Корбут А.Н. - 10,00 р.

91. Кісялёва В.В. - 40,00 р.

92. Вольга - 20,00 р.

93. Даряфяюк Дзяніс Генадзевіч - 20,00 р.

94. Абрамчук В.Н. - 20,00 р.

95. Лашкевіч Максім Уладзімір. - 10,00 р.

96. Лашкевіч - 10,00 р.

97. Рафаловіч Юлія Уладзімір. - 10,00 р.

98. Рыбінская Вольга Іванаўна - 20,00 р.

99. Янукенас А.В. - 20,00 р.

100. Іваноў А.І. - 10,00 р.

101. Гушча Іван Дмітрыевіч - 20,00 р.

102. Лявонавец - 20,00 р.

103. Баранцэвіч В.М. - 20,00 р.

104. Чумакоў С.А. - 100,00 р.

105. Карман А.С. - 5,00 р.

106. Міхаіл - 5,00 р.

107. Ёдчык Дмітрый Анатолевіч - 10,00 р.

108. Б/н - 7,00 р.

109. Хёкнер Маргарыта - 60,00 р.

110. Налівайка Мікалай - 50,00 р.

111. Супіталёў А.Б. - 10,00 р.

112. Іваноў Іван Іванавіч - 50,00 р.

113. Лапко Уладзіслаў Усевалад. - 20,00 р.

114. Крупец А. С. - 6,00 р.

115. Судзiнка Юрый - 10,00 р.

116. Сідарэнка Карына Сяргееўна - 15,00 р.

117. Маладцова Н.Н. - 10,00 р.

118. Бабко А.С. - 20,00 р.

119. Неўмяржыцкі Яўген Раман. - 20,00 р.

120. Рагожны Дзмітрый Аляксан. - 50,00 р.

121. Шурупава Н.Л. - 30,00 р.

122. Шаўчэнка - 20,00 р.

123. Кудрэвіч Д.В. - 20,00 р.

124. Дубараў Сяргей Мікалаевіч - 100,00 р.

125. РДС - 20,00 р.

126. Алесь Свечка - 1 000,00 р.

127. Мацяш Настасся Анатолеўн. - 20,00 р.

128. Лахтанаў Дзмітрый Рыгор. - 100,00 р.

129. Alex Che - 20,00 р.

130. Лагімахаў Аляксандр -100,00 р.

131. Дзмітрый Станіслававіч - 22,00 р.

132. Наталля на эл. энергію - 5,00 р.

133. Новікаў Я.А. - 50,00 р.

134. Ігнатовіч Дзмітрый Уладзім. - 25,00 р.

135. Шашко Д.І. - 3,00 р.

136. Шалай Вікторыя - 3,00 р.

137. Саўчук Яўгенія Мікалаеўна - 5,00 р.

138. Козыраў - 1,00 р.

139. Прыгожая Інеса Мікалаеўна - 5,00 р.

140. Цітова - 10,00 р.

141. Бялевіч Сергей Мікалаевіч - 10,00 р.

142. Коцелеў Аляксандр Дзмітр. - 150,00 р.

143. Савіч С.А. - 5,00 р.

144. Ананім А.П. - 5,00 р.

145. Галаўко С.Н. - 50,00 р.

146. Бацян Валянціна - 10 р., г. Валожын

147. Гражынская Галіна - 10 р., г. Валожын

148.Збірэнка Алена - 3 р., г. Валожын

149. Пятровіч Аксана - 10 р., г. Валожын

150.Таўгень Людвіка - 20 р., г. Валожын

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

У ФРГ запэўнілі, што пытанне ўступлення Украіны ў НАТА не разглядаецца

Навіны Германіі

НАТА ў наш час не разглядае пытанне ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс. Пра гэта заявіла прадстаўнік урада Германіі Ульрыку Дэмер.

- Вы ведаеце наша стаўленне да Украіны, яе значэнне і нашы высілкі на Украіне, але пытанне ўступлення ў НАТА, як мы ўжо казалі, не стаіць на павестцы, - адзначыла Дэмер, каментуючы магчымасць хуткага далучэння Украіны да альянсу і занепакоенасць з гэтай нагоды Масквы.

Пра тое, што Кіеву давядзецца прайсці доўгі шлях, заявіў і адмысловы прадстаўнік генеральнага сакратара НАТА, намеснік памочніка генсака па палітычных пытаннях Джэймс Апатурай.

- Да членства ў НАТА няма кароткага шляху. Кожны патэнцыйны член альянса павінен правесці шырокі комплекс рэформаў не толькі ў сферы бяспекі і абароны, але яшчэ і адносна вяршэнства права, дзяржаўнага кіравання і эканамічнай стабілізацыі, - адзначыў ён падчас Кіеўскага форума па бяспецы.

У той жа час Апатурай падкрэсліў, што дзверы НАТА для Украіны застаюцца адкрытымі, і хуткім часам іх супрацоўніцтва толькі ўзмоцніцца.

Занепакоенасць з нагоды магчымага ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс раней выказаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У інтэрв'ю тэлеканалу "Расія-1" ён нагадаў, што пры папярэдніх двух этапах пашырэння НАТА на Усход усе заклапочанасці Масквы былі праігнараваны. Па яго меркаванні, "нехта павінен падумаць" пра тое, як павінна рэагаваць РФ на пашырэнне НАТА да расійскіх меж, і пра тое, што можна лічыць "чырвонай лініяй".

Юры Кагалаў.

Бундэсбанк чакае значнага росту эканомікі ў Германіі

Па прагнозах Нямецкага федэральнага банка, рост эканомікі ў ФРГ у 2021 годзе складзе 3,7 адсотка. Толькі ў сярэдзіне снежня бундэсбанк чакаў прыросту на ўзроўні 3 адсоткаў ВУП.

Нямецкі федэральны банк (бундэс-банк) скарэктаваў у бок падвышэння прагнозы на бягучы і будучы гады ў чаканні "моцнага росту" нямецкай эканомікі. Паводле новых прагнозаў, апублікаваным у пятніцу, 11 чэрвеня, эканоміка Германіі ў 2021 годзе вырасце на 3,7, а ў 2022 - на 5,2 адсотка ВУП. У 2023 годзе бундэсбанк чакае прыросту на ўзроўні 1,7 адсотка.

Толькі ў сярэдзіне снежня бундэс-банк прагназаваў рост нямецкай эканомікі ў аб'ёме 3,0 адсоткаў у бягучым, і 4,5 адсотка - у будучым годзе.

- Нямецкая эканоміка пераадольвае крызіс, выкліканы пандэміяй, - канстатаваў старшыня бундэсбанка Енс Вайдман (Jens Weidmann).

У сваіх прагнозах Нямецкі федэральны банк зыходзіць з таго, што пандэмію ўдасца хутка здушыць, дзякуючы вакцынацыі, і гэта дазволіць без доўгіх прамаруджанняў паслабіць антыкаронавірусныя абмежаванні. Па меркаванні экспертаў бундэсбанка, спажыўцы захочуць хутка кампенсаваць змушаную пасіўнасць з-за пандэміі, што асабліва пазітыўна адаб'ецца на сферы паслуг і прыватным спажыванні.

БЫКАЎСКІЯ ДНІ

ў філіяле "Музей-дача Васіля Быкава"

Шаноўныя сябры!

З 19 па 22 чэрвеня 2021 г. Музей-дача Васіля Быкава па традыцыі адзначае Быкаўскія дні - дні памяці Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У гэтым годзе спаўняецца 97 гадоў з дня нараджэння літаратара.

Як заўсёды, у гэтыя дні чакаем вас у Музеі-дачы Васіля Быкава па адрасе: Менская вобласць, Мінскі раён, а/г Ждановічы, вул. Дачная, 62.

Падчас святочных дзён прапануем Вам знаёмства з невялікай, але вельмі змястоўнай мастацкай экспазіцыяй "Партрэты Васіля Быкава ў творчасці беларускіх мастакоў". Выстава часовая - працягнецца з 19 па 30 чэрвеня 2021 года. На ёй будуць прадстаўлены 16 мастацкіх работ з вобразамі Васіля Быкава, створаныя беларускімі мастакамі ў розных выяўленчых жанрах: жывапісе, графіцы, афорце, скульптуры, габелене, маляванцы.

Акрамя таго, у гэтыя дні адбудзецца мастацкі пленэр з удзелам навучэнцаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. У прыгожым творчым асяроддзі, сярод шумных бяроз, якія так любіў Васіль Быкаў, будучыя мастакі будуць ствараць свае карціны. І вы, сябры, таксама зможаце акунуцца ў гэты таямнічы цуд і пабачыць на свае вочы стварэнне мастацкіх твораў.

Кантактны тэлефон: 8 (029) 811-21-85.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Нарбут так разумна ўмеў расставіць сваіх людзей, што ў вачах непрыяцеля яны разрасталіся да тысяч жаўнераў. Аднак гэтыя пагалоскі шкодзілі паўстанцам, бо супраць іх канцэнтравалася войска, якое сцягвалі з розных месцаў. Ладзіліся аблавы, з якіх Нарбут павінен быў выслізгваць. Гэта руйнавала яго партызанскія планы. Прасіў сястру пярэчыць чуткам пра яго моц, а падтрымліваць чуткі пра жменьку паўстанцаў. Нарэшце, калі нават і вялікае войска не змагло перамагчы Нарбута, які хаваўся ў лясах, расійцы прызначылі цану за яго галаву. Здраднік за захоп Людвіка жывым павінен быў атрымаць тысячу рублёў.

Раёнам партызанскай дзейнасці аддзела Нарбута была галоўным чынам даліна ракі Котра, а таксама Ковенская, Ягелонская і Аранская пушчы, што давала магчымым зрабіць пераход да Рудніцкай пушчы, а далей да пушчы Гарадзенскай. Гэтыя пушчы і багны з'яўляліся для паўстанцаў свайго роду ляснымі фартамі, дзе людзі маглі адпачыць бяспечна.

Да найбольш значных сутычак Нарбута, якія праславілі яго імя, належаць:

1. Бітва пад Руднікамі, 25 лютага паводле дадзеных ўрада;

2. Бітва, названая бітвай пад Дубічамі, ці інакш, бітва ў Паддубіцкіх лясах, ці бітва пад Старжынамі, 30 сакавіка;

3. Бітва пад Кавалькамі ў Лакштуцянскім лесе, 8 красавіка;

4. Апошняя бітва пад Дубічамі, у якой Нарбут загінуў, 22 красавіка.

Гэтыя дадзеныя маем з урадавых крыніц, бо сцерліся яны ўжо ў людской памяці, за выключэннем апошняй, крывавы фінал якой моцна ўразіў людскія сэрцы і розум.

Сяляне давалі схованкі параненым, а вясковыя жанчыны старанна іх апякалі. Пазней дзяржаўныя ўлады загадалі пад пагрозай суровай кары паведамляць пра такіх параненых. Гэтых нешчаслівых забіралі ў шпіталь, а пасля выздараўлення аддавалі пад суд.

Аднак літасць і добрыя сэрцы сялянак дазволілі схаваць параненых паўстанцаў і ўратаваць іх ад згубы. Але ўсё часцей аддзел павінен быў забіраць з сабой такіх інвалідаў і з-за бытавых нязручнасцяў многія з іх паміралі. Раслі ў лесе хутка насыпаныя магілы з крыжыкамі і прозвішчамі, выцятымі на кары дрэў.

З высяканнем лясоў сляды гэтых магіл страціліся назаўжды. Бывае толькі, што часамі араты, апусціўшы плуг глыбей у лясную глебу, падыме на паверхню людскія косці.

РАЗДЗЕЛ VII

Над Мерычанкай. Малы прырост сіл.

Першая параза пад Руднікамі і Стажынамі. Урадавыя крыніцы. У пушчы пад Зубравым. Бітва пад Кавалькамі. Выхад з пасткі. Розгалас імя Нарбута і павелічэнне сіл аддзела. Нефартунная засада. Пройгрыш бітвы пад Дубічамі.

Затрымаўшыся на нейкі час у лясных ваколіцах Начы і Эйшышак, Нарбут са сваім ненамнога павялічаным аддзелам, выправіўся ў Руднікі, што ў бок Вільні, таму што спадзяваўся, што там да аддзела далучацца новыя людзі. І сапраўды, падчас пастою над Мерычанкай да лагера Нарбута далучыўся Андрыёлі са жменькай віленскай моладзі. Ён нарадзіўся ў 1837 годзе ў Вільні. Маці яго была полькай, а бацька грэкам, меў гарачы паўднёвы тэмперамент, яго палымяныя чорныя вочы выдавалі ўзвышаныя пачуцці. Маці выхавала ў сына глыбокую прывязанасць да Краю, дзе нарадзіўся і якому павінен быў верна служыць да смерці. У дзяцінстве Андрыёлі меў слабое здароўе і таму загартоўваў сябе праз спорт. Гэтыя заняткі далі плён: ён развіў у сабе нязвыклую фізічную сілу і дасканаласць, што вельмі прыдалося ў будучым жыцці. Мог асядлаць любога каня, выдатна веславаў і плаваў, быў чэмпіёнам па фехтаванні. Пасля заканчэння школы ў Вільні вучыўся медыцыне ў Маскве, але хутка гэтыя заняткі кінуў, паступіў у школу малявання, адтуль быў залічаны ў Акадэмію Мастацтва ў Пецярбургу. Пасля заліку апошніх экзаменаў Андрыёлі выехаў у Рым, потым у Парыж, дзе прадоўжыў вывучэнне жывапісу. У 1862 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе ўжо ўсё кіпела і рыхтавалася да паўстання. Андрыёлі не застаўся пасіўным сведкам. Ён знайшоў кантакт з Нарбутам і далучыўся да яго шэрагаў.

Зламаная ў адпаведным месцы лесу сасонка была знакам, што тут будзе чакаць праваднік, які прывядзе ў лагер. Аднак замест правадніка Андрыёлі сустрэў маладую жанчыну. Ён незадаволена зморшчыў лоб і толькі даведаўшыся ад яе, што перад ім Тэадора Манчунская, весела павітаўся, адгукнуўшыся да таварышаў: "Панове! Шапкі ўгару! Сястра Галоўнага!"

Манчунская прынесла інфармацыю і кош з ядой для добраахвотнікаў. Не звяртаючы ўвагі на сур'ёзнасць хвіліны, з вуснаў моладзі зрываліся вясёлыя неасцярожныя словы. Андрыёлі абяцаў Манчунскай прынесці у якасці паска "стужку", сарваную з гвардзейца, яна абавязалася сама пашыць для яго канфедэратку. Рассталіся поўнымі веры ў будучыню. Праваднік, якога прывяла Манчунская, давёў добраахвотнікаў да лагера Нарбута. З гэтага часу Андрыёлі не пакідаў лагер да самай апошняй хвіліны.

Гэта яму мы абавязаны тым, што маем зарысаванае аблічча Галоўнага, бо Нарбут не любіў фатаграфавацца. Андрыёлі намаляваў вобраз Нарбута па памяці і па рысах падобнага на Людвіка малодшага брата Баляслава.

Гэта ён, Андрыёлі, пераказаў нашчадкам пра апошнія хвіліны Галоўнага і яго верных таварышаў, якія пад градам маскоўскіх куль выносілі параненага Людвіка ў бітве пад Дубічамі, намаляваўшы карціну пад назвай "Смерць Нарбута", якая цяпер знаходзіцца ў школе Бацінёл27 прадмесця Парыжа.

25 лютага каля Руднікаў над Мерачанкай адбылася першая важная бітва аддзела Нарбута з маскоўскім войскам. Шалі поспеху напачатку схіліліся на бок паўстанцаў, якія давалі годны адпор расійскім ротам, а потым спрытна адступілі ў глыбокую пушчу.

Ва ўрадавых выданнях першы ўспамін аб знаходжанні аддзела Нарбута ў Эйшышскіх лясах з'явіўся толькі 19 лютага ў "Рускім Інвалідзе", адначасова з паведамленнем пра выбух паўстанчага руху пад кіраўніцтвам Рагінскага ў Мазырскім павеце Менскай губерні. Гэта былі дзве першыя знакавыя аб'явы пра рух на Літве.

Праз пару дзён "Інвалід" паведамляў: "Дня 28-га лютага з Ліды была выслана 1 рота жаўнераў і палова эскадрона ўланаў, а з Вільні - рота лейб-гвардыі маскоўскага палка, 1 плутон28 казакаў. Гэты атрад, рушыў з чыгуначнай станцыі Алькенікі ў бок Руднікаў каб далучыцца да галоўных сіл, якія выйшлі з Ліды і напаткаў банду паўстанцаў у Рудніцкім лесе. Пасля кароткай сутычкі, у якой былі паранены 3 жаўнеры і адзін казак, маскоўская рота і казакі рушылі ў лес і разагналі банду, якая разбеглася. У гэтай сутычцы здабылі 3 фузыі і косы, забіты 4 паўстанцы і конь камандзіра. Банда, рассыпаная па лесе, на другі дзень пераследавалася палкоўнікам Вінбергам. З Вільні ў Руднікі высланы на падводах 2 роты лейб-гвардыі стралковага батальёна і рота лейб-гвардыі фінляндскага палка па чыгунцы з Алькенікаў для супольнага дзеяння."

Гэтая справаздача характарызуе тую занепакоенасць, якую выклікаў Нарбут і колькасць войскаў, якія сцягваліся супраць яго невялічкага аддзела, які паводле "Інваліда" адразу разбегся.

Памяць пра бітву пад Руднікамі захоўваецца сярод людзей да гэтага часу. Яшчэ жывуць старыя, што бачылі ўсё на ўласныя вочы. Гэтыя сведкі гавораць, што пад Руднікамі ваяваў не адзін Нарбут, а аб'яднаныя паміж сабой тры аддзелы: Віславуха, Парадоўскага і Нарбута. Аднак, здаецца, што тут закралася памылка: Парадоўскі, як вядома, прыняў кіраўніцтва значна пазней. Гэта мог быць ашмянскі аддзел, але на яго чале не мог стаяць Парадоўскі. Дарэчы, бітва адбылася 25-га лютага, калі акрамя Нарбута, які выклікаў самы ранні рух у Лідскім павеце, пра арганізацыю іншых паўстанчых аддзелаў у Віленскай губерні, наогул не было чуваць. Можа пад Руднікамі біліся тры аддзелы атрада Нарбута? Людское паданне гаворыць аб іншым. Указваюць на магілы палеглых і з даўняй сімпатыяй, узгадаванай яшчэ дзядамі ва ўнуках, гавораць пра Нарбута. Пад Руднікамі загінуў таксама і адзін афіцэр расійскай арміі. На яго магіле стаіць помнік з адпаведным надпісам.

Нарбут меў звычай: дзеля канспірацыі сваіх планаў раскідваць аддзел на дробныя пададдзелы - "дзясяткі", якія разыходзіліся і з'яўляліся тут і там, а потым збіраліся ў абумоўленым месцы. Пасля выступу маскалёў, Нарбут скарыстаўся хвілінай і перайшоў да Паддубіцкіх лясоў, а потым рушыў у Забалацкую пушчу. Праз час яго аддзел быў на краі Гарадзенскай пушчы. Навакольныя жыхары выказвалі паўстанцам вялікую сімпатыю і забяспечвалі аддзел правізіяй. Праз нядоўгі час Нарбут зноў рушыў у бок Дубічаў, і там спыніўся ў лясах непадалёк вёскі Старжыцы.

30 сакавіка пачалася новая бітва. Паўстанцы, седзячы ў засеках за драўлянай сцяной, густым агнём сеялі смерць сярод шэрагаў расійскіх жаўнераў. Затым Нарбут высунуўся з засекаў і манеўрам вывеў непрыяцеля ў балота пасярод лесу, і там, загразшага па калені ў балоце, пачаставаў новай порцыяй агню. Роты паламалі шэрагі і адступілі, пакідаючы за сабой многа забітых.

Пасля гэтага годнага адпору ворагу, Нарбут зноў павярнуў у пушчу, а слава яго пачала расці, пашырацца, ахопліваць сялянскія двары і шляхецкія засценкі, вёскі і мястэчкі. І той, і гэты бралі зброю і выходзілі з дому, каб папоўніць шэрагі паўстанцаў.

Маскоўскія дзяржаўныя выданні ў гэты час давалі даволі цьмяную інфармацыю. "Северная почта" 30 сакавіка пісала: "Атрад Нарбута, якога пераследаваў капітан Цімафееў, разбіўся на дзясяткі, рушыў да вёскі Зубрава і зноў злучыўся за Новым Дваром. Для затрымання Нарбута з Гародні былі выслана тры роты і эскадрон уланаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Вінберга".

Праз некалькі дзён "Кур'ер Віленскі" № 38 пісаў: "У Лідскі павет высланы 2 роты лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і 50 казакаў пад кіраўніцтвам капітана Цімафеева. 30 сакавіка яны рушылі да вёскі Бершты, дзе на рацэ Котра знайшлі мост, разабраны паўстанцамі. Аддзел дайшоў да вёскі Пілаўцы, дзе даведаліся аб тым, што камандзір банды Нарбут і ксёндз Гарбачэўскі перайшлі лясамі пад Дубічы, куды і павярнуў капітан Цімафееў. Як толькі ланцуг жаўнераў уступіў на ўскраек лесу, паўстанцы спаткалі яго шчыльным агнём з засекаў. Ланцуг, падтрыманы рэзервам кінуўся на паўстанцаў, але паўстанцы пакінулі засекі і расцерушыліся па лесе. Ланцуг, часам ідучы па пояс у вадзе, пераследаваў іх у густым багністым лесе. Паўстанцы рассыпаліся ў розныя бакі і пакінуўшы свае рэчы, катлы і адну фурманку. Далейшы пераслед быў спынены з-за стомленасці коней. У вайскоўцаў забіта 2, паранена 6 чалавек. Параненых і забітых паўстанцаў бачылі каля 25-ці. У той жа час казакі захапілі жыхара ваколіцы Янкоўскага, які накіроўвася да паўстанцаў. У яго возе зайшлі зброю, волава і пуд пораху. Вайсковы аддзел, зрабіўшы ў гэты дзень па лесе пятлю ў 50 вёрст, прыбыў на начлег у маёнтак Новы Двор".

Падобна на тое, што і Нарбут праходзіў каля Новага Двара, кіруючыся да Забалацкай пушчы. У тых паданнях, што дайшлі да нас, часта прыпамінаецца бітва ў гэтым месцы. На самай справе там здарылася некалькі дробных нязначных сутычак. Некалькі паўстанцаў выбеглі з лесу, каб забраць пасылкі ў мястэчку, а калі яны ўжо вярталіся ў лес, на іх напаў дробны атрад жаўнераў. Пад час узаемнага абмену стрэламі быў забіты расійскі афіцэр. Маскоўскі атрад павярнуў у бок Эйшышак, а паўстанцы - спакойна пайшлі ў лагер.

Пасля бітвы пад Старжынамі ў Паддубіцкіх лясах аддзел Нарбута зноў адпачываў некалькі дзён у Гарадзенскай пушчы каля вёскі Зубрава, дзе меў верных сабе сялян. Пад час пастою да аддзела далучыліся некалькі чалавек. Сэрцы забіліся мацней, бо вырасла вера ў поспех.


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

27 Школа Бацінёл (Szkola Batignolles) - польскі ліцэй паўстаў у 1842 г. у раёне Парыжа Бацінёл. - Л. Л.

28 Плутон - ўзвод. - заўвага перакладчыцы.

(Працяг у наступным нумары.)

"НАМ ДА ЎСЯГО ЁСЦЬ СПРАВА..."

"…Чуеш, як час бяжыць?

Жыць на свеце цікава,

Значыцца будзем жыць ", -

радкі з Гімна "народнага" клуба "Сучаснік", які хутка адзначыць сваё 30-годдзе.

Годам афіцыйнага прызнання клуба стаў 1993 год. Але гісторыя "Сучасніка" пачалася яшчэ раней, калі мы ўсе адчулі новыя павевы ў нашай краіне.

Стрымліваная неабходнасць грамадзян у абмераванні вялікіх зменаў у жыцці краіны напачатку 90-х вылілася ў стварэнне розных нефармальных аб'яднанняў, на пасяджэннях якіх горача абмярковаліся пытанні не толькі штодзённага жыцця.

На Дрысеншчыне спачатку гэта быў клуб "Адраджэнне" з самым шырокім спектрам поглядаў на падзеі 90-х, у сустрэчах якога бралі ўдзел людзі розных поглядаў, узросту і палітычных пазіцый. Важна было тое, што не было варожасці, калі збіраліся ветэраны і людзі больш маладога ўзросту, для якіх больш характэрным было жаданне больш хуткага руху да зменаў.

Затым невялікая трансфармацыя - і клуб ўзяў сваёй сваёй ідэяй рабіць сустрэчы з вядомымі людзьмі - "Клуб цікавых людзей", падчас пасяджэнняў якога абмяркоўваліся пытанні мовы, культуры, нашай самаідэнтычнасці. Нельга сказааць, што ўсё ішло гладка: былі спрэчкі, непаразуменні… Што рабіць, такі быў час: новы, невядомы, калі самі грамадзяне атрымалі магчымасць адкрыта выказваць свае думкі і ўплываць на мясцовыя рашэнні. Вынікам гэтага стала стварэнне пры выканкаме клуба "Дыялог", на якім разглядваліся нават пытанні, што выносіліся на пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў. Шмат у гэтым накірунку зрабіла Эма Валянцінаўна Аржанік, якая на той час была загадчыкам аддзела інфармацыі райвыканкама, экс-намеснік старшыні выканкама Уладзімір Яфімавіч Якаўлеў. Ды і іншыя супрацоўнікі органаў улады не цураліся прысутнічаць на пасяджэннях гэтых грамадскіх аб'яднанняў. Не паўставала і пытання юрыдычнавай рэгістрацыі, бо гэта была, так бы мовіць, форма для супольнага дыялогу грамадзян і органаў улады. І можна прывесці шмат добрых прыклалаў таго часу, калі такое супрацоўніцтва давала плён.

Але час і далейшыя падзеі грамадскага жыцця зрабілі сваю справу. Калі клуб "Сучаснік" стала "прыпісаўся" да раённай бібліятэкі, змяніліся формы яго працы, змест якіх вызначаўся інтарэсамі яго ўдзельнікаў. І дзякуючы яго кіраўніку - Крук Валянціне Іосіфаўне, ён набыў абрысы клуба цікавых сустрэч, у фармат працы якога ўпісваліся: падарожжы, і нават за межы краіны, цікавыя імпрэзы з вядомымі асобамі не толькі рэгіёна, творчыя вечарыны сяброў клуба і вядомых пісьменнікаў, паэтаў… Пасяджэнні сталі рэгулярнымі, з'явіўся Гімн клуба і яго эмблема - мудрая Сава, а дэвізам клуба стаў выраз: "Усё аддаў - і скарб набыў, што для сябе збярог - згубіў".

Той перыяд, калі клубам кіравала Валянціна Іосіфаўна стаў, бадай, самым плённым у яго жыцці і дзейнасці. І з таго часу застаўся вялікі архіў, знаёмства з якім дае магчымасць убачыць і адчуць пульс таго часу, зразумець, якім багатым можа быць жыццё людзей, заангажаваных у арганізацыі не толькі свайго цікавага асабістага жыцця, але і ў рэалізацыі і карысных справаў для свайго горада і раёна.

Пэўны час яго кіраўніком была Людміла Васільеўна Гагалінская, якая больш увагі надавала цікавым падарожжам, экскурсіям, знаёмству з адметнымі мясцінамі раёна і рэгіёна. Тры гады афіцыйным кіраўніком "Сучасніка" давялося папрацаваць і мне.

І кожны кіраўнік ўносіў нешта сваё, з улікам інтарэсаў і змянення сітуацыі ў краіне. Канешне, шмат чаго і згублена, і, найперш гэта тое, што першыя удзельнікі клуба, яго заснавальнікі - гэта людзі шаноўнага ўзросту і некаторыя ўжо пайшлі з жыцця, пакінуўшы ў спадчыну - выдадзеныя кнігі сваёй творчасці, карціны, альбомы… Сярод сяброў клуба - паэты, мастакі, народныя майстры. Пры падтрымцы бібліятэкі выйшлі кнігі Антона Бубалы, выбітнага краязнаўца, укладальніка раённай кнігі "Памяць", паэта, мастака Аляксандра Мядзюты, творчыя працы якога дэманстраваліся нават ў Маскве, Мікалая Мікіценкі, чарнобыльскага ліквідатара, Юльяна Родзіка, сямейнага дуэта народных майстроў Салаўёвых - Ірыны і Валерыя, пастаянных удзельнікаў "Славянскага базару" і іншых раённых, абласных і рэспубліканскіх выставаў народнай творчасці, Пятра Квяцінскага, пра некаторых нават зняты фільмы, шмат пра каго пісала не толькі мясцовая, але і рэспубліканская прэса.

Праца клуба "Сучаснік" уганаравана званнем "Народнага", і ў каторы раз ён падтрымлівае гэта званне, а таксама ўзнагароджваецца Дыпломамі на раённых конкурсах аматарскіх аб'яднанняў.

Вось і гэтым разам, на чарговым раённым конкурсе аматарскіх аб'яднанняў, клуб пацвердзіў сваё высокае званне творчага аб'яднання. А новаму кіраўніку "Сучасніка", Калеснікавай Святлане Генадзеўне, для якой удзел у раённым свяце аматарскіх аб'яднанняў быў своеасаблівым экзаменам, і сябрам клуба давядзецца нямала папрацаваць, каб адпавядаць высокаму статусу "Народнага".

Экспазіцыя "Сучасніка" ўражвала сваімі экспанатамі. А гэта - багатая калекцыя значкоў Мікалая Запасніка, якой наўрад ці знойдзецца аналаг у вобласці, працы майстрыцы-вязальшчыцы Ірыны Салаўёвай, якія атрымалі прызванне на конкурсах розных узроўняў, модныя зараз работы, сшытыя з тканін розных афарбовак - лапікавыя коўдры Святланы Калеснікавай, вязаныя казачныя персанажы Надзеі Іванеевай і Крысціны Шыпілы, а таксама багаты архіўны матэрыял пра дзейнасць клуба, ацанілі не толькі ўдзельнікі свята, але і прадстаўнічае журы. Акрамя таго, для мясцовых жыхароў зладзілі віктарыну "Ведай, любі і шануй свій край" пра гісторыю Каханавіч і іх знакамітага земляка.

Ды і месца для правядзення раённага аматарскага конкурсу выбрана не выпадкова - вёска Каханавічы, якая ўзгадвалася ў летапісах аж у 16 стагоддзі, а яе ўладальнікам быў вядомы грамадскі дзеяч, паэт, фалькларыст, перакладчык - Ігнат Яўстафавіч Храпавіцкі, пахаванне якога знайшлі мясцовыя сябры "народнага" клуба "Белыя вароны".

Ігнат Храпавіцкі яшчэ напачатку 19 ст. быў адзін з ліку тых, хто выказаўся за адмену прыгоннага права, а пасля абнародавання царскага загаду аб яго адмене актыўна удзельнічаў у рэалізацыі рэформы, за што быў узнагароджаны срэбным медалём на Аляксееўскай стужцы і бронзавым медалём "За труды по освобождению крестьян", аўтар шматлікіх вершаў, перакладаў на польскую мову беларускія народныя песні, рыхтаваў да выдання "Полный белорусский песенник". А яго твор "Двина" перакладзены на некалькі замежных моваў.

Вось у такім гістарычным месце і прайшоў раённы конкурс, у якім прынялі ўдзел каля двух дзясяткаў творчых аматарскіх аб'яднанняў раёна.

Апроч таго, што кожны калектыў абараняў сваё ганаровае званне, яго арганізатары зладзілі конкурсы на лепшае выкананне народных танцаў, прыпевак, дэфіле - "Сукенка з бабулінага куфра", арганізавана выстава тканых даўней ручнікоў, якія старэйшыя нават за некаторых удзельнікаў свята, і іншыя забавы.

А клуб "Сучаснік" і надалей збіраецца кіравацца правіламі сваёй дзейнасці, якія распрацаваны напачатку яго стварэння:

Будзь цікавым.

Будзь цікаўным.

Не шкадуй сябе дарыць.

З намі той, хто сам гарыць.

Не саромейся і браць.

Не лянуйся пазнаваць.

П'юць у нашым клубе ўсе -

Толькі чай, ды пакрысе.

Больш гавораць,чым ядуць,

Ды і то, калі дадуць.

Сябе прасіць не прымушай,

А сам у госці запрашай.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

У госці да Радзівілаў і не толькі

Летнія канікулы вучні 8-х класаў сярэдняй школы № 11 г. Ліды пачалі з пазнавальнай і займальнай вандроўкі ў невялікі, але вядомы ва ўсёй Беларусі горад Нясвіж, горад, які і сёння называюць "сталіцай некаранованых каралёў Вялікага Княства Літоўскага". Аб знаёмстве з гістарычна-культурнай спадчынай, якую пакінулі нам Радзівілы, вучні марылі ўжо даўно, і вось доўгачаканыя мары здзейсніліся.

Шлях да Нясвіжа прайшоў праз гарады і мястэчкі, аб якіх вучні таксама пачулі розныя факты з гісторыі і цікавыя паданні. А гэта Бярозаўка, Наваградак, Карэлічы, Мір і іншыя.

Нясвіж сустрэў нас добрым надвор'ем і падрыхтаваў васьмікласнікам шмат яскравых і запамінальных імгненняў.

Першым аб'ектам знаёмства стаў нацыянальны гістарычна-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", які ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарога да палаца Радзівілаў, які акружаны ланцугом азёр і паркаў, адразу перанесла нас у час, калі некалі там жылі яго гаспадары. Падчас наведвання палаца нам увесь час здавалася, што восьвось выйдзе хтосьці з вяльможных асоб роду Радзівілаў прывітае нас уласна і працягне экскурсію па пакоях велічнага палаца.

Пасля знаёмства з гісторыяй палаца і жыццём княжацкага роду Радзівілаў, якія жылі там да пачатку Другой Сусветнай вайны, мы наведалі Стары парк, дзе прыемна ў спякотны дзень пагуляць ў прахалодзе. Юныя турысты ўбачылі скульптурныя кампазіцыі, алею знакамітных асоб, якія ўнеслі значны ўклад у жыццё Нясвіжа ў розныя часы, а сёння памяць аб іх увекавечана ў бюстах.

Касцёл Божага Цела, пабудаваны ў 1587-1593г. ў стылі барока, дзе сёння знаходзіцца крыпта княжацкага роду Радзівілаў, міма не пройдзе ніводны турыст. Васьмікласнікі таксама наведалі велічны храм. А недалёка ад касцёла, у скверы, устаноўлены ў 1982 годзе помнік Сымону Буднаму, каб нагадаць усім гасцям горада, што менавіта ў Нясвіжы беларускі асветнік займаўся выдавецкай дзейнасцю. З яго ўдзелам у 16 стагоддзі была заснавана друкарня, дзе выйшла першая на беларускіх землях кніга "Катэхізіс" у форме пытанняў і адказаў.

Наступным аб'ектам знаёмства стаў будынак нясвіжскай ратушы. Гэта, як даведаліся школьнікі, адна са старажытных ратуш Беларусі, якая адлічвае сваю гісторыю з 1596 года. Сёння, пасля рэстаўрацыі помніка архітэктуры, які таксама ўваходзіць у спіс аб'ектаў нацыянальнага гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", тут знаходзіцца музей "Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII - першай паловы XIX стагоддзяў". Вежу ўпрыгожвае гарадскі гадзіннік, а вакол размясціліся гандлёвыя рады.

Не менш цікавым для дзяцей стала знаёмства з гарадской Слуцкай брамай, помнікам барока. Гэта адзіная сёння з пяці брам, якая захавалася да нашага часу. Пастаўленая яшчэ ў 16 стагоддзі, сёння Слуцкая брама нам нагадвае і дапамагае ўявіць той далёкі час, калі вакол Нясвіжа дзейнічалі абарончыя ўмацаванні.

Вяртаючыся ад брамы ў цэнтр горада, мы зазірнулі ў невялікі сквер каля фантана. Нашу ўвагу прыцягнуў цар жывёл - леў, які горда ўзнёсся на п'едэстале і адною лапаю трымае герб Нясвіжа. Знізу на мемарыяльнай шыльдзе размешчаны запісы аб значных падзеях у гістарычным развіцці горада. Леў - сімвал мужнасці. Гэтая ж жывёла сустракаецца і на гербе нашага горада. Прыгледзеўшыся да выявы, мы быццам бы ў думках адразу перамясціліся ў Ліду. Але гэта толькі ў думках. На справе дарога ад Нясвіжа да Ліды была наперадзе.

Час ў дарозе праляцеў вельмі хутка, гэтаму дапамаглі незабыўныя ўражанні, новыя веды, якія сталі добрым пачаткам летніх канікул. Упэўнена, што вучні здзейсняць за лета не адно падарожжа па Беларусі. Наша краіна вельмі багата на гістарычна-культурныя аб'екты, помнікі архітэктуры, прыроды і археалогіі. Лета наперадзе! Трэба правесці яго з карысцю для сябе і сваіх родных!

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8Б класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры - пераможца рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Вясновы букет"

22 траўня 2021 г. у Менску адбыўся ХІІ рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў "Вясновы букет".

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прадстаўлялі супрацоўнікі ўстановы - знакамітыя ў раёне майстры-прафесіяналы, удзельнікі шматлікіх фестываляў, выставак і кірмашоў народнай творчасці.

Пры падвядзенні вынікаў свята аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры стаў пераможцай і атрымаў пачэсны Дыплом І ступені! Для працавітых людзей гэта ўзнагарода - добры штуршок для новага развіцця ў творчасці.

На фестывалі традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння дэманстравала майстар-клас па ткацтве Сільвановіч Валянціна.

- Я не толькі прэзентавала свае работы, вытканыя ў апошні перыяд часу, але працавала за кроснамі, папулярызуючы гэты кірунак дзейнасці. Журы высока ацаніла маё валоданне тэхнікамі шматнітовага ткацтва і якасць вырабаў. Мяне ўзнагародзілі Дыпломам ІІ ступені, - паведаміла Валянціна Генрыкаўна.

Аўтарская выстаўка выцінанкі Дар'і Юрчык была прадстаўлена па ўсіх канонах традыцыйнага выразання з паперы. Вобразы прыроды і родных мясцін, святы і абрады, якія жывуць у памяці беларусаў, перадае ў сваіх работах мастачка.

- Я сустрэлася са сваімі сябрамі-калегамі па рамястве і сярод шматлікіх работ ацаніла свой прафесійны ўзровень. Галоўным маім дасягненнем з'яўляецца адаптацыя ў сучаснае асяроддзе аднаго з найцікавейшых кірункаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Людзі жадаюць набываць выцінанку, каб упрыгожыць сучасны інтэр'ер, - гаворыць Дар'я. За свае работы Дар'я Станіславаўна атрымала Дыплом ІІ ступені.

Майстар па кераміцы Алена Свідэрская годна ўпрыгожвала кірмаш выстаўкай традыцыйнай жгуцікавай керамікі. Гэта былі талеркі, глыбокія вазы, дэкаратыўныя пано, а калекцыя свістулек уразіла сваёй аўтарскай непаўторнасцю.

- У мяне засталіся найлепшыя ўспаміны пра свята. Я сустрэла апантаных сваёй справай людзей, убачыла высокі ўзровень мастацтва па ўсіх кірунках рамеснай дзейнасці, пераняла каштоўны вопыт. Фестывалі з мэтай зберажэння і распаўсюджання народнай культуры павінны жыць. Гэта добрая магчымасць узбагаціць людзей як духоўна, так і матэрыяльна, - падзялілася ўражаннямі Алена Міхайлаўна.

Вяртанне дадому было прыемным. З ганаровымі ўзнагародамі, святочным настроем, віншаваннямі блізкіх і калег.

Дыдышка І.М., метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX