Папярэдняя старонка: 2021

№ 27 (1542) 


Дадана: 07-07-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1542), 8 ліпеня 2021 г.

3 ліпеня - дзяржаўнае свята і малітвы за Беларусь

3 ліпеня Беларусь афіцыйна адзначала Дзень Незалежнасці. Што праўда, розныя пласты насельніцтва прызнаюць за Дзень Незалежнасці аж пяць розных датаў, што для многіх дзіўна, а то і непрымальна, а на самай справе хутчэй сведчыць пра ўсебеларускае імкненне да гэтай, вынашанай у марах пакленняў, Незалежнасці.

Сёлета свята было "мірным", калі парад, то парад сельгастэхнікі, калі ўзнагароды, то за мірныя працу і службу, калі песні, то на ўсе густы.

3 ліпеня слова "Незалежнасць" прагучала многія тысячы, а, можа, і мільёны разоў. Ну і добра, няхай пранікае ў душу кожнага, няхай будзіць самыя лепшыя пачуцці, няхай прымушае задумацца, што гэта такое, як яна нам дасталася, як яе трэба шанаваць і берагчы. Сёння воля народа - захаваць і зберагчы Незалежнасць.

Дапамажы нам Бог.

3 ліпеня ў Будславе ўрачыстай імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, завяршыўся традыцыйны фэст Маці Божай Будслаўскай.

Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі звярнуў увагу на тое, што "ў гэты дзень мы ўзгадваем важную падзею, дзякуючы якой гэтая краіна была вызвалена з-пад акупацыі, ад умяшальніцтва знешніх сілаў, распачаўшы адбудоўваць тое, што было разбурана, з надзеяй на лепшае жыццё ў будучыні. Таму кожны з нас адчувае абавязак узносіць гарачыя малітвы да Бога за ўсіх ахвяраў Другой сусветнай вайны: як вядомых, так і невядомых; як блізкіх нам, так і чужых".

- Сёння асаблівым чынам я малюся за мір і згоду ў гэтай краіне, каб з Божай дапамогай і праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай удалося пераадолець, як кажа Папа Францішак, "культуру падзелу і ўсталяваць у краіне сапраўдную культуру братэрства і салідарнасці". У цяперашні момант жыхары гэтай краіны маюць патрэбу прымірыцца паміж сабою, зноў сустрэцца адно з адным як браты, пераадолець нязгоду, якая іх падзяляе.

Неабходна ўмацаваць культуру міру, якую гэтая краіна ў вялікай ступені набыла на працягу стагоддзяў, і паказаць усяму свету, як абараніць этычныя і маральныя каштоўнасці, як абараніць уласныя сем'і, заснаваныя на гэтых каштоўнасцях, якія запэўніваюць ім будучыню", - сцвердзіў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

catholic.by.

Дарагія сябры "Нашага слова"!

Павольнымі тэмпамі, але падпіска працягвае расці. У некаторых раёнах прайшло традыцыйнае сезоннае падзенне, але Баранавічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Наваполацк, Івацэвічы паказалі значны рост. Па тэхнічных прычынах яшчэ на пэўную колькасць асобнікаў па Лідзе, Нясвіжы, Капылі падпіска аформлена са жніўня.

Красавік Ліпень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 17 32

Бяроза р.в. 8 8

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 6 6

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в - -

Івацэвічы р. в. - 9

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 1 1

Лунінец гор. 1 1

Ляхавічы р.в. - -

Маларыта р.в. - 1

Пінск гор. 5 3

Пружаны р.в. 3 3

Столін р.в. - -

Усяго: 43 66

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 16 17

Верхнедзвінск р.в. 6 5

Глыбокае р.в. 4 4

Гарадок р.в. 2 2

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. - 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 18 23

Орша гор. 3 3

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 2 3

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 1

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 3 2

Чашнікі р.в. 3 2

Шаркоўшчына р.в. 6 6

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 76 81

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 4 2

Барысаў гор. 6 11

Вілейка гор. 1 -

Валожын гор. 13 10

Дзяржынск р.в. 5 6

Клецк р.в. - -

Крупкі р.в. - -

Капыль р.в. 3 2

Лагойск 7 4

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 153 159

Менск РВПС 10 9

Маладзечна гор. 9 9

Мядзел р.в. 2 3

Пухавічы РВПС 2 2

Нясвіж р.в. 10 6

Смалявічы р.в. 5 5

Слуцк гор. 5 5

Салігорск гор. 1 2

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 3 3

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. - -

Усяго: 241 240

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 1

Брагін р.в. 1 -

Ветка р.в. - -

Гомель гор. 14 20

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 13 14

Жлобін гор. - -

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 2 1

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 1 1

Акцябрскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 2 3

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. - -

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - 1

Усяго: 43 48

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 2 1

Ваўкавыск гор. 2 2

Воранава р.в. 2 2

Гародня гор. 29 26

Гародня РВПС 16 14

Дзятлава р.в. 9 13

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 3 2

Карэлічы р.в. 1 1

Масты р.в. 1 1

Наваградак гор. 3 2

Астравец р.в. 1 1

Ашмяны р.в. 3 2

Смаргонь гор. 6 6

Слонім гор. 15 13

Свіслач р.в. 4 2

Шчучын р.в. 1 2

Ліда 10 8

Усяго: 109 99

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 1 11

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 2 2

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 3 3

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 61 56

Асіповічы гор. 8 7

Слаўгарад р.в. - -

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 1 1

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 1 2

Усяго 83 88

Усяго на краіне: 595 622

Купалле рушыла па Беларусі

Аўтэнтычнае Купалле на "Запаведным востраве"

Аўтэнтычнае Купалле адсвяткавалі беларусы на аграсядзібе Алеся Цвіркі "Запаведны востраў". Ладзілася імпрэза пры падтрымцы полацкага гурта "Варган". На свята завіталі госці не толькі з Глыбоччыны, але і з іншых гарадоў Беларусі, былі нават удзельнікі свята з блізкага і далёкага замежжа. Удзельнічала ў свяце і вядомая беларуская спявачка Кацярына Каланчук-Ваданосава, якая адпачывала ў гэты час на аграсядзібе:

- Даўно марылі прыехаць менавіта на Купалле. І ў прынцыпе, ведаеце, не расчараваліся! Я думала, гэта будзе цесны паміжсабойчык апантаных людзей, а тут, аказваецца, столькі дасведчаных, столькі інтэлігентных, столькі тых, хто "ў тэме". Вельмі прыемна!

Сваімі ўражаннямі ад "Купалля" ў аўтэнтычных традыцыях выказваюцца і іншыя прысутныя на свяце:

- Гэта цудоўнае месца, я тут бываю часта. Мне вельмі падабаецца. І наогул, нейкая такая сіла нараджаецца ўнутры, калі ты маеш магчымасць дакрануцца да вытокаў, успомніць абрады нашых продкаў. І калі не ведаеш іх, пабачыць, як гэта ўсё робіцца. І гэтая энергетыка вельмі каштоўная.

- На такім сапраўдным святкаванні Купалля я ўпершыню ваджу карагоды, гляджу на вогнішча. І таму мае ўражанні вельмі яскравыя і вельмі цікавыя.

Аграсядзіба "Запаведны востраў" вядомая на Глыбоччыне і па ўсёй Беларусі сваёй гасціннасцю, крэатыўнасцю гаспадароў, якія падтрымліваюць і развіваюць беларускія традыцыі. Таксама яна неаднаразова станавілася лепшай аграсядзібай Беларусі ў розных конкурсных намінацыях.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя.

Напішы ліст салдату

3 ліпеня 2021 года Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея прыняў удзел у святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На пляцоўцы каля Дома-музея былі прадстаўлены фотазоны і чарговы выхад ужо дзейнага праекта "Музейная вітрына "Прамова прадметаў". Чым зацікавілі музейшчыкі? Па-першае, на імправізаванай пляцоўцы - "у канцылярыі" - кожны ахвотны мог прыняць удзел у напісанні пісьма салдату (дзеду, прадзеду, таму, хто не вярнуўся з вайны і даў нам мірнае неба над галавой) і зацвердзіць напісанае пячаткай у выглядзе армейскай зорачкі. А таксама можна было пачытаць і іншыя салдацкія лісты, ваенныя ўлёткі, баявыя лісткі, газету "Уперад", агітплакат "Раздавім фашысцкую гадзіну", да выхаду ў друк якіх у свой час мелі дачыненне і лідзяне. Што датычыцца да "Прамовы прадметаў", то на гэты раз была прадстаўлена чарговая літара "В" і пляцоўка мела назву "ВАВ", што азначала "Валянцін (Таўлай) аб вайне". На ёй можна было пабачыць фотаздымкі Валянціна Таўлая напярэдадні вызвалення Наваградка ў 1944 годзе, яго сяброў-таварышаў з партызанскага атрада імя Катоўскага, былых удзельнікаў анты-фашысцкай арганізацыі ў Наваградку і інш. Акрамя гэтага, былі прадстаўлены копіі дакументаў - даведка В. Таўлаю аб удзеле ў партызанскім атрадзе імя Катоўскага, пасведчанне В. Таўлая да медаля "За доблестный и самоотверженный труд в период Великой Отечественной войны 1941-1945 гг.". Аб усім падрабязна наведвальнікі дазнаваліся з вуснаў супрацоўнікаў Дома Валянціна Таўлая і з задавальненнем рабілі фотаздымкі.

А. Хітрун.

Фраза мележаўская ажыве народнай мудрасцю

Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі імя Я. Коласа Івана Паўлавіча Мележа (1921-1976) у аўтарскай серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі" ў 2021 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла з друку кніга ўспамінаў, артыкулаў і эсэ "Іван Мележ. Пясняр Палесся".

У яе ўвайшлі ўспаміны Генадзя Бураўкіна і Алеся Адамовіча, Міколы Аўрамчыка і Уладзіміра Ліпскага, Лідзіі Пятроўны і Людмілы Мележ, артыкулы Міколы Мятліцкага і Алеся Карлюкевіча.

Выключная чуласць пісьменніка да чалавека, да прыроды, да ўсяго навакольнага свету, да рытму жыцця, веданне прыроды і сацыяльных стасункаў чалавека былі ў высокай ступені ўласцівы Івану Мележу.

Журналіст і крытык Рыгор Бярозкін раскрыў лёс і характар І. Мележа па франтавых, шпітальных, тылавых запісных кніжках 1941-42 гг., якія склалі апошнюю прыжыццёвую кнігу І. Мележа.

Добразычліва настроеным, шчаслівым, удзячным лёсу, што не загінуў на вайне ўспамінала яго жонка Лідзія Пятроўна. Ён цаніў духоўнае напаўненне жыцця.

У 1942 годзе Іван Мележ быў паранены асколкам авіябомбы ў плячо, перанёс цяжкую аперацыю. Атрымаўшы інваліднасць па раненні, ён быў вызвалены ад вяртання ў армію. У 1943 годзе, даведаўшыся аб аднаўленні працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на станцыі Сходня пад Масквой, Іван Паўлавіч накіраваўся туды вучыцца. Праз некаторы час да яго прыехала жонка Лідзія з маленькай дачкой…

Пасля вызвалення Менска Мележ са студэтамі ўніверсітэта вярнуўся ў сталіцу. Пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі ён паступіў у аспірантуру, працаваў над дысертацыяй, прысвечанай творчасці Кузьмы Чорнага, выкладаў беларускую літаратуру ў родным універсітэце.

З канца 1947 года Мележ працаваў над раманам "Мінскі напрамак" (1947-1953), у якім расказваў пра вызваленчую барацьбу на Беларусі летам 1944 года, пра аперацыю "Баграціён". Праца над "Мінскім напрамкам" стала важным этапам у творчым росце І. Мележа - празаіка.

Дачка Людміла Мележ ўзгадвае памятныя паездкі з Іванам Паўлавічам на Палессе да яго бацькоў, калі спыняліся яны ў родных яму Глінішчах, дзе засталася хата, якую ён дапамагаў бацькам будаваць на папялішчы. Памятае яна падарожжы з бацькам у Прыбалтыку, дні, праведзеныя ў Ялце, Адэсе і Кактэбелі…

У двары дома на вул. Янкі Купалы не аднойчы сустракаў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін знаёмую постаць з прыгнутым плячом і схіленай задумлівай галавой. Адкрытым і бескампрамісным памятаў яго паэт і паплечнік.

У хатняй бібліятэцы Уладзіміра Ліпскага ёсць асобнік кнігі "Людзі на балоце", якому ўжо сорак гадоў.

- Раман майго слыннага земляка чытаю, перачытваю, учытваюся, - кажа Уладзімір Сцяпанавіч. - Кожным разам нешта падкрэсліваю. Слоўца нейкае западзе ў душу, фраза мележаўская ажыве народнай мудрасцю, афарызмам. Як жа мы яшчэ вінныя перад Мележам, бо не ўсё прачыталі, не пранікліся ў золатапісанне народнага творцы, якім быў і застаўся незабыўны Іван Мележ! Кажуць, час стварае бяссмерце для сапраўдных твораў літаратуры.

"У гісторыі ёсць заўсёды элемент сучаснасці, - іменна ў гэтым сакрэт, чаму хвалюе гісторыя", - такімі словамі Іван Паўлавіч падкрэсліваў наколькі цесна пераплеценыя мінулае і сучаснасць.

Увасабленне гістарызму, зварот да праблем адносна нядаўняга мінулага беларускага народа з найбольшай выразнасцю праявіліся ў яго "Палескай хроніцы". "Палеская хроніка" стварала карціну шматпланавай рэфлексіі над гістарычным лёсам народа. Першы раман "Хронікі" "Людзі на балоце" ўзнаўляў непаўторны свет палескай вёскі Курані, свет людзей на балоце з іх клопатамі і турботамі, з малымі і вялікімі засмучэннямі, трывогамі і надзеямі. "Подых навальніцы" напоўнены драматызмам вялікіх падзей. Адсюль інтэлектуальная насычанасць твора, яго глыбокі ідэйны змест," - адзначыў крытык і літаратуразнавец Серафім Андраюк.

"Літаратурная і публіцыстычная спадчына Івана Мележа трывала і надзейна заняла пачэснае і ганаровае месца ў залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры і культуры, - адзначаў гісторык і публіцыст Анатоль Мяснікоў. - Таксама вялікае поле дзейнасці для даследчыкаў - мележаўскія інтэрв'ю, адказы на анкеты. Працуючы ў галіне публіцыстыкі, Мележ пастаянна заўважаў, адзначаў і ашчаджаў пошукі, набыткі і дасягненні ў ёй іншых творцаў - сваіх братоў па літаратурным цэху".

Глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа, якое ажыццяўляў Іван Мележ у сваіх творах, наводзіць на роздум, што сур'ёзныя перамены ў грамадскім жыцці патрабуюць доўгага часу і пакаяннага пераасэнсавання савецкага мінулага. Неапраўданыя формы калектывізацыі, партыйныя чысткі, рэпрэсіі, прыносілі цяжкія маральныя пакуты людзям.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Лідскія стабальнікі па беларускай мове

Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове.

Абсалютныя вынікі ведаў паказалі ў тым ліку двое жыхароў Лідскага раёна. Гэта беразаўчанка Алеся Ціхановіч і лідзянін Ілля Цыбрук.

Алеся Ціхановіч - выпускніца СШ №3 г. Бярозаўкі. У школе адзываюцца пра яе, як пра актыўную, старанную і творчую дзяўчыну. Сярэдні бал па заканчэнні школы - 9,4. Алеся вучылася ў профільным класе з вывучэннем беларускай і ангельскай моў на падвышаным узроўні. На беларускай мове адбываюцца зносіны і ў сям'і дзяўчынкі. Ну а непасрэдна рыхтавала Алесю да ЦТ настаўнік Марына Уладзіміраўна Турок - дасведчаны педагог, яна ж і яе класны кіраўнік. Склаўся ўдалы тандэм настаўніка і вучня, які прынёс выдатны вынік. Алеся Ціхановіч марыць стаць лекарам і збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт.

Ілля Цыбрук - выпускнік гімназіі г. Ліды. Педагогі гімназіі ведаюць і шануюць яго як мэтанакіраванага і вельмі працавітага хлопца. 11 клас ён скончыў на выдатна. Паглыблена вывучаў хімію і біялогію і таксама плануе паступіць у медыцынскі, але жадае стаць правізарам. У Іллі выдатны педагог - гэта Галіна Антонаўна Велькашынская. Яна падрыхтавала нямала прызёраў і пераможцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. У бягучым 2020/2021 навучальным годзе яе навучэнка стала пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура".

Нам застаецца пажадаць Алесі і Іллі поспехаў на іх далейшым шляху. І хай іх мары збываюцца.

Вольга Яхантава, lidanews.

У Лідзе адбылася святочная акцыя "Падары немаўляцi вышыванку"

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь Лідскі раённы камітэт грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" традыцыйна правёў акцыю "Падары немаўляці вышыванку", у рамках якой мясцовыя актывісты наведалі радзільню нашага горада. Сёння тром нованароджаным малянятам былі падораны распашонкі з беларускай сімволікай.

- Акцыя "Падары немаўляці вышыванку" - частка шматступеннага праекта "Беларусь - крынiца натхнення", - распавядае першы сакратар Лідскага РК ГА "БРСМ" Вольга Міхаловіч. - Штогод, 2 ліпеня, мы наведваем Лідскую радзільню, дзе віншуем жанчын са збыццём мацярынскага шчасця і ўручаем ім вырабы з нашай беларускай вышыўкай, якая з'яўляецца своеасаблівым абярэгам для чалавека. Традыцыя ўпрыгожваць сябе, свае хаты вышыванкамі дасталася нам ад нашых продкаў і нясе ў сабе адпаведны культурны код нацыі. Хай жа маленькія грамадзяне Беларусі растуць здаровымі і шчаслівымі!

Да віншавання далучылася загадчыца аддзялення абсервацыі і паталогіі цяжарных, лекар акушэр-гінеколаг Алена Кашыц, якая павіншавала маладых мам з нараджэннем дзетак, Днём Незалежнасці і пажадала здароўя ім і іх блізкім, святла і дабра.

Максім Кісялеўскі, lidanews.

ЛІПАЙ ПЁТР МІХАЙЛАВІЧ

(22.06.1941 - 12.06.2010)

Нарадзіўся ў дзень нападу Германіі на Савецкі Саюз у вёсцы Вялікае Залужжа Смалявіцкага раёна, а дзяцінства і юнацтва прайшлі ў вёсках Зенькавічы і Вялікая Вуса на Уздзеншчыне, радзіме бацькі, вясковага настаўніка, які ў час Вялікай Айчыннай вайны загінуў пад Варшавай. Гэтыя ваколіцы славутая, тым што далі імя беларускаму паэту Пятру Глебку, дзядзьку Пятра Ліпая. На Уздзеншчыне, у раённай газеце "За Савецкую Радзіму" Пятро Ліпай надрукаваў свае першыя вершы.

У 1959 годзе Пятро Ліпай паступіў у Гарадзенскі заатэхнічны тэхнікум. Як вясковага хлапчука, яго цікавіла навуковая сельскагаспадарчая праца. Ужо тады ён праявіў паэтычныя здольнасці. Сярод студэнтаў вялікім поспехам карысталася светлагукавая газета "Камсамольскі фіціль", які выдавалі Койпіш Рыгор, Кудла Віктар, Нарон Валера і Пятро Ліпай. Яго шчырыя сатырычныя вершы пра жыццёвыя студэнцкія эпізоды ўспрымаліся на выдатна. За тры гады вучобы яго вершы друкаваліся ў раённай газеце. Пасля заканчэння тэхнікума ў траўні 1962 года Пятро быў накіраваны заатэхнікам калгаса Манькоўскага (вёска Дзітрыкі) Лідскага раёна. Праз пару месяцаў, як здольнага паэта, прынялі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі.

Пасля заканчэння БДУ працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх часопісаў "Сельская гаспадарка Беларусі"), загадчыкам аддзела Міжнароднай асацыяцыі "Культура - свету", друкаваў свае вершы і пераклады з украінскай і рускай моў у рэспубліканскіх выданнях супрацоўнічаў у часопісах "Маладосць", "Беларусь", працаваў загадчыкам аддзела прапаганды Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вершы П. Ліпая друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. На яго словы напісаны песні "Сон-трава", "Лясныя абеліскі", "Першы снег", "Зялёны човен", "Навек зрадніла Русь", "Сляза вялікага Адама" , якую спявае народны хор імя Цітовіча, і іншыя.

Так размеркавала прырода і распарадзіўся лёс, што на Божы свет Пятро Ліпай з'явіўся ў самы змрочны для нашай гісторыі дзень - 22 чэрвеня 1941 года. Можа, таму ён у сваім жыцці самым актыўным чынам імкнуўся супрацьстаяць журбе і суму, заусёды знаходзіў уцешнае слова сябру ў цяжкую хвіліну. А ўвогуле бараніўся ад сумоты гумарам, жартам, смехам... I вядома ж - песняй!

Покуль будуць паэты

Поўніць песнямі струны,

Вечна будзе свет гэты

Так чароўны і юны!

З-пад пяра Пятра Ліпая выйшаў прыгожы верш "На Міншчыне мілай" - ён стаў гімнам Меншчыны. Кампазітар Ігар Лучанок цаніў вершы паэта, сябраваў і пастаянна супрацоўнічаў, пісаў на яго вершы музыку. Яго вершы прасякнуты светлым лірызмам і любоўю да роднага краю і землякоў-беларусаў: "Сэрца Беларусі", "Вяртанне на Радзіму", "Шлях выраёвы".

Як аднакурснік і творчы сябра, я пастаянна падтрымліваў з ім сувязь. Я яго запрашаў на вясковыя і раённыя святы ў Дворышча. Тут мы па-сяброўску праводзілі час, ён падпісваў і перадаваў свае вершы, шчыраваў з маімі сынамі і жонкай… "Хмельны я Табою", "Вечаровая імпрэсія".

Пранікнёна распавядаў, як на сваім самаходзе "Запарожац" рушыў на Польшчу наведаць магілу бацькі. Дальняя дарога, пагранічныя і мытныя цяжкасці ўсё ж такі пераадолеў. Знайшоў на помніку надпіс: "Савецкі салдат Міхась Ліпай" і стварыў вершаваную аповесць…

Бываючы ў Менску па гаспадарчых справах, я заўсёды стараўся сустрэцца, пагутарыць аб жыцці, аб творчай працы. Яго сын Васіль з павагай трымаўся каля бацькі. На жаль, мілая, добрая, прыгожая жонка Святлана рана пайшла з жыцця. Светлай яе памяці прысвечаны яго цудоўныя пранікнёныя вершы "Закалышыце мяне, чараты" і "Вочы Святланы"…

Пасля цяжкай хваробы Пятро Ліпай 12 чэрвеня 2010 года адышоў у вечнасць. Памяць аб ім засталася не толькі на магільным помніку, а і ў сэрцах землякоў ды сяброў…

Віктар Кудла.

ПА НЯСВІЖСКІХ СЦЕЖКАХ ЛЬВА ГУМІЛЕЎСКАГА

Ёсць добры сімвалічны сэнс, што першая экскурсія "Нясвіж Льва Гумілеўскага" праведзена ў першы дзень ліпеня, акурат напярэдадні Дня Незалежнасці. Народны мастак Беларусі, знакаміты айчынны скульптар сваё творчае жыццё прысвяціў шанаванню тых, хто праз нягоды і паняверку памнажаў славу роднай зямлі, вёў Радзіму да свабоды, дзяржаўнай самастойнасці. Скарына, Астрожскі, Касцюшка, Каліноўскі, Багушэвіч, Купала, Багдановіч, Караткевіч, Гілевіч… З гадамі (размяняў ужо дзясяты дзясятак!) скульптар, не заўважаючы таго, сам стаў у ганаровы шэраг з героямі сваіх твораў.

Падрыхтавалі і правялі экскурсію валанцёры Нясвіжскай арганізацыі ТБМ. Для хуткасці перамяшчэння спатрэбіўся аўтобус, за які ўдзячны кіраўніцтву раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, ды дзве гадзіны прыемнага летняга часу. Менавіта столькі ўсе ахвочыя з задавальненнем патрацілі на тое, каб наведаць і пабачыць мясціны нашага горада, што звязаны з жыццём і творчасцю Льва Гумілеўскага, які называе Нясвіж сваёй духоўнай радзімай.

Першы прыпынак - палац Радзівілаў. Тут, у пакойчыку на першым паверсе ў 1944 годзе жыў Леў Гумілеўскі са старэйшым братам і маці, якая працавала ў санаторыі. Пасля ў парку за замкам разгледзелі алею славутасцяў - плён працы бацькі і сына Гумілеўскіх. Валанцёры-экскурсаводы падрыхтавалі цікавыя звесткі пра Юрыя Нясвіжскага, Мікалая Радзівіла (Сіротку), Яна Бернардоні, Томаша Макоўскага, Уладзіслава Сыракомлю, Якуба Коласа. А крыху далей, у зялёнай засені палюбаваліся грацыёзнай "Русалкай". Другі прыпынак - касцёл Божага цела. Ушанавальная пліта ў гонар ксяндза Гжэгажа Каласоўскага выканана таксама Гумілеўскім, як і тая, што ў 2010 годзе з'явілася на франтоне царквы, дзе служыў Богу і людзям яшчэ адзін паважаны святар Дзмітрый Пятровіч Хмель (трэці прыпынак экскурсіі).

Не абмінулі і раённы краязнаўчы музей: там яшчэ адна работа Льва Мікалаевіча - скульптурны партрэт "вясковага лірніка" , аўтара краязнаўчых вандровак Уладзіслава Сыракомлі. А нашы вандроўнікі хоць крыху і прытаміліся, аднак пагадзіліся наведаць нясвіжскія могілкі, дзе пахаваны мастак Міхал Сяўрук - першы творчы настаўнік скульптара. У 2015 годзе надмагільная пліта мастака дапоўнена густоўным барэльефам, які выканаў яго ўдзячны вучань.Такі ж барэльеф аздабляе і ўваход у музей-кватэру Міхала Сеўрука. На завяршэнне экскурсіі каля гарадской ратушы яе ўдзельнікі па даўняй завядзёнцы сям'і Гумілеўскіх ціха паклікалі: "Міхал Канстанцінаві-і-іч!"

Падчас экскурсіі гучала шмат пытанняў, вяліся зацікаўленыя дыялогі і панавала пачуццё нейкай светлай з'яднанасці. А з'яднаў усіх светлы чалавек - Леў Гумілеўскі, якому ўсе зычылі здароўя і Божай ласкі ў гэты няпросты жыццёвы час.

Вольга Карчэўская. Нясвіж. На фота: Пра Льва Гумілеўскага і яго творчасць распавядае Станіслава Вальчык, старшыня Карцэвіцкай суполкі ТБМ.

Гэты матэрыял паступіў у "Наша слова" 2 ліпеня. На вялікі жаль, праз два дні сябры ТБМ з Нясвіжчыны даслалі яшчэ адзін ліст, напоўнены шчырым смуткам ад сыходу Льва Гумілеўскага ў Беларускую Вечнасць і такімі ж шчырымі спачуваннямі яго родным, якія заўсёды былі аднадумцамі і паплечнікамі майстра ў святой справе служэння народу і Айчыне.

Недзе ў балоце нясвіжскай бюракратыі загразлі паперы, падрыхтаваныя нясвіжскім ТБМ, аб наданні Льву Гумілеўскаму звання Ганаровага грамадзяніна Нясвіжа. Але сябры ТБМ маюць надзею, што нясвіжскія сцежкі Льва Гумілеўскага не зарастуць і не патонуць у балоце бяспамяцтва, а яго "светлы след будзе вечна жывым".

ДУХОЎНАЯ РАДЗІМА МАЙСТРА ГУМІЛЕЎСКАГА

3 ліпеня на 91-м годзе пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі скульптар Леў Мікалаевіч Гумілеўскі, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Найлепшы падарунак у дзень нараджэння для вядомага скульптара, Народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага былі сямейныя паездкі ў Нясвіж. Гэта добра ведалі родныя, а таму, калі была магчымасць і дазвалялі абставіны, абавязкова рабілі такую прыемнасць дарагому чалавеку, дый сабе таксама. Наважваліся і летась, у суботу, 31 кастрычніка, акурат на 90-годдзе майстра, зладзіць такую настальгічна-душэўную экскурсію, але з-за каронавіруснай асцярогі вырашылі адкласці яе надалей, адклалі назаўжды.

Чаму менавіта ў Нясвіж, спытаеце. Нехта правільна скажа: Нясвіж - яго родны горад. А другі, няўніклівы і маладасведчаны, пачуе і паўторыць амаль тое ж: "Гумілеўскі нарадзіўся ў Нясвіжы". Паўторыць і памыліцца. Калі не так катэгарычна, то ёсць ў гэтых словах і памылка, і праўда.

Нарадзіўся Леў Гумілеўскі ў Маскве, хоць маці яго была родам з маленькай вёсачкі Жарнелішкі, што на Віцебшчыне. Масква. Адкуль такая геаграфія ў лёсе беларускага скульптара і яго маці, у дзявоцтве Франі Паўлюкевіч? А было так: наважыліся яе, маладую ды прыгожую дзяўчыну, выдаць замуж за старога. Баронячы свае пачуцці і годнасць, рашылася яна на смелы і дзёрзкі па тым часе ўчынак - сышла з дому, як кажуць у народзе, у свет божы, дабралася аж да Масквы. Працавала ў доме Савы Мамантава. Пазнаёмілася з Мікалаем Гумілеўскім, выйшла за яго замуж, нарадзіла двух сыноў. Аднак па часе сямейнае жыццё не заладзілася - паехала на Радзіму. Ды на вакзале ў Барысаве нехта скраў усе яе пажыткі, усе грошы. Застаўся ў жанчыны толькі самы вялікі скарб - трохгадовы Леў ды шасцігадовы Мікалай. Са спачування нейкі чалавек прапанаваў уладкаваць яе на працу ў Старым Барысаве. Маўляў, папрацуеш крыху, заробіш грошай ды паедзеш далей. Але затрымаліся там даўжэй, бо неўзабаве выбудавалі Старабарысаўскі санаторый. Маці ўладкавалася туды на працу, а сыны пайшлі ў школу.

Пачынаецца вайна. Год перабіваліся неяк. Каб выжыць, пасвілі па чарзе ў гаспадара авечак. Старэйшаму Мікалаю пагражаў вываз у Германію. І маці зноў прымае смелае рашэнне: "Пойдзем у лес, у партызаны!" Леў Мікалаевіч праз жыццё ва ўсіх драбніцах памятаў той шлях. Як іх, адзінокіх і беспрытульных, ахінула на ноч разгалістая елка, як радаваліся ранішняму вераснёўскаму сонцу. Як уцякалі ад паліцаяў, распытвалі ў людзей дарогу да партызан. Памятаў спаленую вёску, здзічэлых курэй на папялішчы. Знямоглыя і згаладалыя, з тыдзень жылі-начавалі ў стажку сена ля той вёскі. Там паблізу і напаткалі партызан, што ішлі з Паліка на заданне. Так Мікалай стаў партызанам брыгады "Жалязняк", а маці з малодшым сынам далучылася да такіх жа гаротнікаў партызанскага лагера, якія дапамаглі абсталяваць лясное жытло.

Ды гэта быў толькі пачатак. Наперадзе чакалі яшчэ дзве блакады. Падаліся далей, у глыбокі партызанскі край. Асабліва цяжка было падчас другой блакады, калі апынуліся ля самай ракі Бярэзіны. Туліліся на невялікіх астраўках сярод балот. Але і туды спрабавалі дабрацца фашысты. Неаднойчы ўцякалі ад іх праз балотную твань. Трымаючыся за бервяно, перапраўляліся на другі бераг ракі… Мерзлі, хварэлі, галадалі, радаваліся кацялку бульбачкі. А яе і згатаваць патрэбна яшчэ ўмудрыцца, каб не выдаць сябе, каб не ўчулі, не прыкмецілі ворагі кволенькі дымок. І якой жа радасцю было пачуць пасля доўгіх ліхалеццяў ад пасланца з вольнай зямлі: "Чаго седзіце? Немца ўжо прагналі!"

- У канцы вайны я выйшаў з балот з апухлымі ад голаду нагамі, - завяршыў свой ваенны аповед Леў Мікалаевіч.

1944 год. Беларусь вяртаецца да мірнага жыцця. Пасля вайны дырэктар санаторыя ў Старым Барысаве атрымаў прызначэнне ў Нясвіж, у санаторый, што распачынаў працу ў княжацкім палацы. Ён прапанаваў лепшым супрацоўнікам паехаць з ім на новае месца. Прынялі прапанову найперш тыя, хто не меў свайго сталага жылля. Так сталася з родзічамі Янкі Купалы, так сталася і з сям'ёй Гумілеўскіх.

- Жылі ў замку Радзівілаў, - распавядаў Леў Мікалаевіч, - на першым паверсе, дзверы справа ад уваходу. Пасля - у Марысіным парку, на выхадзе з яго, у маленькім доміку-будачцы. Цяпер той пабудовы ўжо няма. Захоўвае ўсё толькі памяць.

Нясвіж уразіў. Заходні горад! Уразілі людзі. Глядзеў прыезджы хлопец і дзівіўся: на раварах ездзяць, задняе кола - з сетачкай! Прыкмячаў пачцівасць у абыходжанні, годнасць на тварах, прыстойнасць гаворкі. А хутаранцы на кірмашах! Якія дагледжаныя коні! Якая вупраж! Як самі апрануты! Гаспадары!

У Нясвіжы прыйшло адчуванне Радзімы, сталага апірышча, жыццёвай пэўнасці і ўладкаванасці.

- Пасля Масквы, Барысава, ваенных пакут і блуканняў гэта быў рай! - сцвярджаў Леў Мікалаевіч.

Тыя жыццёвыя даброты, што прапаноўваў юнаку пасляваенны Нясвіж, ён карыстаў напоўніцу. Прадоўжыў перарваную вайной вучобу ў школе. Займаўся ў авіямадэльным гуртку (ксёндз Гжэгаж Каласоўскі аддаў для гэтага палову плябаніі). Мадэлі Льва Гумілеўскага, сканструяваныя з чароту, ляталі вышэй за іншыя. З'явілася нават на той час у хлопца мара стаць канструктарам. У нясвіжскіх азёрах навучыўся выдатна плаваць. Гуляў у футбол і валейбол на пляцоўках, што меліся ў Старым парку. Да віртуознасці асвоіў радзівілаўскі більярд, заганяў па восем шароў запар.

Да таго ж маці, убачыўшы на слупе каля плябаніі аб'яву, што мастак Сяўрук набірае студыю, запісала туды сына. Для гэтага былі ў жанчыны дзве нагоды: па-першае, прыкмеціла яго здольнасці да малявання, па-другое, імкнулася асцерагчы ад небяспечных пасляваенных забаў. І хлопец, адкінуўшы ўсё іншае, аддаўся маляванню. Падахвоціў да заняткаў і сваіх сяброў. Студыйны клас месціўся ў ратушы. Пасля школы ішлі хлопцы да той адметнай гістарычнай мураванкі і, пазіраючы на вокны другога паверха, клікалі:

- Міхаіл Канстанцінавіч! Міхаіл Канстанцінавіч!

Настаўнік неўзабаве даваў знак, што чуе, спускаўся ўніз, адчыняў уваходныя дзверы. Тыя дзверы варта параўнаць з брамай у іншы свет - здавалася б, умоўны, паралельны будзённаму пасляваеннаму жыццю і, разам з тым, такі рэальны, напоўнены велічнымі асобамі з гісторыі мастацтва, творамі, што на працягу стагоддзяў мелі статус шэдэўраў, узорных дасягненняў чалавецтва. Дый сам настаўнік быў асобай, мастаком, які на той час меў выдатную вывучку і практыку (вучань Фердынанда Рушчыца!), нацыянальную загартаванасць ад сяброўства і сумеснай працы з вядомымі віленскімі беларусамі. У творчай скарбонцы нясвіжскага майстра быў ужо і самы знакаміты яго твор - велічна- сімвалічнае "Жніво".

- Нарадзіўся я ў Маскве, але духоўнай маёй радзімай з'яўляецца Нясвіж, - сцвярджаў Леў Мікалаевіч і працягваў говорку падзячнымі словамі Міхасю Канстанцінавічу.

І хоць былі пасля настаўнікамі ў сталічных вучэльнях вядучыя тагачасныя скульптары Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, але перад гэтым быў Сяўрук. Пра ролю нясвіжскага майстра ў сваім станаўленні Леў Мікалаевіч неаднойчы казаў: "Ён прыладзіў мне хамут". Мудры сэнс мае гэтая сялянская метафара: мала мець воз дабра, трэба яшчэ дасканала змайстраваны хамут для спрытнага і дужага коніка. Удалай, паспяховай, тым больш, доўгай дарогі не атрымаецца, калі не падагнаны хамут. Сяўрук заклаў глыбінныя асновы творчасці, фундаментальныя прынцыпы жыцця ў мастацтве. Ды яшчэ разуменне таго, што праца жывапісца, графіка, скульптара блізкая па высілках да настойлівай цягавітасці селяніна на палетку - на ворыве ці касьбе. Адно што палетак іншы....

Нясвіжскія ўрокі Сеўрука мелі плён: па заканчэнні сямігодкі (а было тады выпускніку-пераростку 19 гадоў) Леў Гумілеўскі без аніякай цяжкасці паступіў у Менскае мастацкае вучылішча...

Наталля Плакса. "Нясвіжскія каеты" № 6.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рапавец Е.В. - 100,00 р.

2. Клімовіч Я.А. - 25,00 р.

3. Зубараў Аляксандр Генадзевіч - 5,00 р.

4. Снесараў Аляксандр - 14,51 р.

5. Бацькойскі камітэт - 470,00 р.

6. Ліцвінава Людміла - 20,00 р.

7. Шчука Н. - 50,00 р.

8. Чыпізубава Вольга - 15,00 р.

9. Грыб Маргарыта Міхайлаўна - 20,00 р.

10. Грыгор'еў Андрэй Уладзімір. - 50,00 р.

11. Гадзецкі Ігар Іванавіч - 100,00 р.

12. Гаварко Е.Г. - 10,00 р.

13. Міхаіл - 5,00 р.

14. Роўба А.А. - 100,00 р.

15. Мандрык Н.С. - 50,00 р.

16. Жучкоў Ягор Аляксандравіч - 10,00 р.

17. Міхей В.М. - 5,00 р.

18. Буралом Валерый Мікалаевіч - 10,00 р.

19. Заяц - 10,00 р.

20. Салаўёў Зміцер - 20,00 р.

21. Барысёнак Д.С. - 10,00 р.

22. Хількевіч Віталь Вітальевіч - 5,00 р.

23. Стэпановіч Язэп Міхайлавіч - 50,00 р.

24. Сілівончык Галіна Васільеўна - 30,00 р.

25. Кірэеў Андрэй Пятровіч - 50,00 р.

26. Пчолкіна Святлана - 8,00 р.

27. Сівы Сяргей Антонавіч - 7,00 р.

28. Каржанеўская Марыя Станіс. - 25,00 р.

29. Сысоеў Аляксандр Віктарав. - 12,50 р.

30. Ігнаценка - 30,00 р.

31. Шаруба Ганна - 10,00 р.

32. Клімуць Лада Яраславаўна - 40,00 р.

33. Томін Андрэй Уладзіміравіч - 50,00 р.

34. Кароль Галіна - 20,00 р.

35. Пушкін І.А. - 20,00 р.

36. К. - 10,00 р.

37. Турбал Е.Н. - 20,00 р.

38. Глухава С.П. - 25,00 р.

39. Якавюк Л.Б. - 10,00 р.

40. Ляскоўскі Уладзіслаў Канстан. - 70,00 р.

41. Сырамятнікава А. - 100,00 р.

42. Урублеўская Наталля Вікенц. - 20,00 р.

43. Пасько Юрый Аляксандравiч - 3,00 р.

44. Дубяга С.А. - 5,00 р.

45. Юлія - 10,00 р.

46. Якімовіч А.Н. - 25,00 р.

47. Андрэй Іванавіч - 100,00 р.

48. Сідаровіч Васіль Сяргеевіч - 20,00 р.

49. Барыс Сымон - 30,00 р.

50. Пенсіянеры - 35,00 р.

51. Бацькоўскі камітэт - 140,00 р.

52. Прылішч Ірына - 20,00 р.

53. Чэчат Алесь - 50,00 р.

54. Якавенка Алена Васільеўна - 20,00 р.

55. Сцепанчук Н.У. - 50,00 р.

56. Штрахава М.У. - 10,00 р.

57. Каморчанка Алена - 10,00 р.

58. Валчкова М.С. - 50,00 р.

59. Птушка С.І. - 5,00 р.

60. Крачкоўская В.А. - 20,00 р.

61. Пачкаева О.А. - 100,00 р

62. Багушэвіч Францішак - 20,00 р.

63. Саротнік Андрэй Якаўлевіч - 50,00 р.

64. Радцэвіч А.П. - 2,00 р.

65. Кухарчук - 15,00 р.

66. Іваноў - 20,00 р.

67. Шынкевіч І.І. - 20,00 р.

68. Фурс Антон Віктаравіч - 50,00 р.

69. Жыгадла Віталь Анатольевіч - 2,00 р.

70. Ялашэвiч Аляксей - 20,00 р.

71. Гузняков Аляксандр Мікал. - 40,00 р.

72. А. А. А. - 5,00 р.

73. Саніковіч Наталля Мікалаеўна - 5,00 р.

74. Комлева Наталля Аляксандр. - 20,00 р.

75. Шумко Д.Г. - 10,00 р.

76. Маразевіч Станіслаў Уладзім. - 50,00 р.

77. Траццяк Марына Аляксандр. - 10,00 р.

78. Шырвель Андрэй Раманавіч - 10,00 р.

79. Левіна Н.С. - 30,00 р.

80. Кізевіч Яўген Іванавіч - 20,00 р.

81. Корзун А.Н. - 15,00 р.

82. Рак Аляксандр Аляксандрав. - 20,00 р.

83. Лагун Арцём - 44,43 р.

84. Гарыновіч Алена Сяргееўна - 20,00 р.

85. Амяльковіч Віталь Леанідавіч - 20,00 р.

86. Іванова Кацярына Алякс. - 15,00 р.

87. Харук Раіса Міхайлаўна - 3,00 р.

88. Жамойдзін Яўген Аляксандр. - 20,00 р.

89. Гардзей Вольга Васільеўна - 15,00 р.

90. Лобзава Аляксандра - 30,00 р.

91. Багач Уладзімір Мікалаевіч - 20,00 р.

92. Усцінаў Арцёмій Анатольев. - 10,00 р.

93. Мяленццеў Ігар Леанідавіч - 10,00 р.

94. Оліна Эла Ігараўна - 10,00 р.

95. Гяцэвіч Вячаслаў Вальдэмар. - 30,00 р.

96. Ф. І. О. - 20,00 р.

97. Міхал - 20,00 р.

98. Васількоў Віталь Рыгоравіч - 100,00 р.

99. Высоцін Яўген Яўгенавіч - 20,00 р.

100. Прасаловiч Анатоль Вадзiм. - 20,00 р.

101. Прыгодзіч Фёдар Уладзімір. - 20,00 р.

102. Лук'янава Надзея Алякс. - 10,00 р.

103. Бутанава Ніна Мікалаеўна - 10,00 р.

104. Канкаловiч Вера Генадзеўна - 50,00 р.

105. Пятроўскі Віктар - 20,00 р.

106. Храмцова Марына Юр. - 20,00 р.

107. Праннік Пятро Мікалаевіч - 20,00 р.

108. Х. Х. Х. - 20,00 р.

109. Каржанеўская Марыя Стан. - 20,00 р.

110. Каржанеўскі Данііл Аляксан. - 20,00 р.

111. Гідлеўскі Павел Раманавіч - 20,00 р.

112. Агееў Алесь - 10,00 р.

113. Сяргей Мудрачэнка - 20,00 р.

114. Ляскоўскі Уладзіслаў Канст. - 20,00 р.

115. Урублеўская Наталля Вікенц. - 20,00 р.

116. Чаркасаў - 5,00 р.

117. Сямашка Уладзімір Іванавіч - 20,00 р.

118. Таўгень Людвіка Станіслав. - 203,00 р.

119. Батура Міхаіл Пятровіч - 20,00 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Шаноўныя беларусы!

Мы закончылі друкаваць спісы ахвяраванняў, якія паступілі ў траўні 2021 года падчас збору сродкаў для выратавання сядзібы ТБМ у Менску. Усяго ў спісах аказалася 719 чалавек (некаторыя па некалькі разоў). Ахвяравані за травень склалі 25 059,22 руб., што дазволіла цалкам закрыць запазычанасць за арэндную плату і камунальныя паслугі сядзібы ТБМ у Менску.

Кіраўніцтва ТБМ выказвае шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да гэтай высакароднай справы. У наш няпросты час вельмі важна захаваць пазіцыі, не дапусціць ліквідацыі агменяў беларушчыны, тым больш па зусім бытавой прычыне неаплаты рахункаў за арэнду і камуналку.

Праведзеная акцыя, шаноўныя сябры, паказала, што ў беларускім грамадстве дастаткова сілаў, каб працягваць будаваць беларускую Беларусь. Мы маем да 30% нацыянальна арыетаванага насельніцтва краіны ва ўсіх пластах грамадства, а гэта - вялікая сіла.

Шчыры дзякуй вам, дарагія, сапраўдныя беларусы!

Апошні салдат бундэсвера пакінуў Афганістан

Навіны Германіі

Апошнія нямецкія войскі пакінулі Афганістан 29 чэрвеня, спыніўшы амаль дваццацігадовае знаходжанне вайскоўцаў бундэсвера ў гэтай краіне.

Нямецкія салдаты місіі НАТА "Рашучая падтрымка" былі вывезены з лагера "Кэмп Мармал" у Мазары-Шарыфе федэральнымі ваенна-паветранымі сіламі нямецкага міністэрства абароны. Па паведамленні інфармацыйнага агенцтва dpa, на борце самалёта знаходзіліся чальцы камандавання спецпрызна (KSK), якія былі перакінуты на поўнач Афганістана для забеспячэння бяспекі лагера.

Бяздзейнасць ЗША можа справакаваць генацыд больш за 70 тысяч афганцаў

- Пасля амаль 20 гадоў службы апошнія салдаты нашага бундэсвера пакінулі Афганістан сёння ўвечар. Цяпер яны вяртаюцца дахаты, - сказала ў аўторак федэральны міністр абароны Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, якая ў гэты час знаходзілася з візітам у ЗША.

Па дадзеных міністэрствы абароны Германіі, з 2001 года ў Афганістане служылі каля 150 тысяч немцаў, якія былі дыслакаваны ў Гіндукушы, многія з іх пабывалі з місіямі некалькі разоў. 59 нямецкіх салдат былі забіты ў краіне, 35 з іх загінулі ў баях ці ў нападах, удакладняе выданне Тagesschau.

Размяшчэнне ў Афганістане адзначыла новы раздзел у гісторыі бундэсвера. Ён пачаўся пасля тэрарыстычных нападаў 11 верасня 2001 года з мэтай аказання ваеннай падтрымкі Злучаным Штатам. У студзені 2002 года першыя нямецкія вайскоўцы прыбылі ў Кабул і 14 студзеня прынялі ўдзел у патруляванні разбуранага вайной горада. Нямецкі кантынгент быў накіраваны на поўначы Афганістана і да нядаўняга часу ўдзельнічаў у навучальнай місіі НАТА "Рашучая падтрымка". Апазіцыя і камісар узброеных сіл ФРГ Ева Хегль неаднаразова заклікалі ўлады краіны да перагляду мэт і задач місіі, каб лепш зразумець прагрэс і няўдачы, і зрабіць высновы для будучых ваенных аперацый.

Тым часам

Амерыканскія вайскоўцы завершаць вывад войскаў з Афганістана праз некалькі дзён, задоўга да 11 верасня - крайняга тэрміну, прызначанага прэзідэнтам Джо Байдэнам. Пра гэта Reuters паведамілі афіцыйныя асобы ЗША, знаёмыя з гэтым пытаннем. Канчатковы выхад будзе прымеркаваны да 4 ліпеня, Дня незалежнасці ЗША. Вывад войскаў і абсталявання не ўключае сілы бяспекі, якія застануцца ў амерыканскім пасольстве для абароны дыпламатаў і, магчыма, для забеспячэння бяспекі аэрапорта ў Кабуле. У гэтым кантэксце афіцыйныя асобы казалі прыкладна пра 650 салдат.

Меркаванне

Па словах высокапастаўленага амерыканскага камандуючага, Афганістан рызыкуе скаціцца да грамадзянскай вайны пасля выхаду амерыканцаў. У аўторак генерал Скот Мілер заявіў, што гэтая краіна можа сутыкнуцца з "вельмі цяжкімі часамі", калі яе кіраўніцтва не зможа аб'яднацца пасля выхаду міжнародных войскаў, паведамляе ВПС.

Максім Макарычаў.

Фота: AFP/FARSHAD USYAN.

Лідская "Батлейка" - пераможца фестывалю батлеечных тэатраў

Народны лялечны тэатр "Батлейка" Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры стаў пераможцам VI адкрытага рэгіянальнага фестывалю батлеечных тэатраў "Чароўны свет Батлейкі".

Фестываль праходзіў у фармаце дыстанцыйнага ўдзелу. На суд журы было прадстаўлена 18 спектакляў батлеечнага мастацтва ад калектываў Гарадзенскай, Віцебскай і Менскай абласцей.

Спектакль "Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі" быў адзначаны дыпломам "Лепшы спектакль". Кампетэнтнае журы высока ацаніла акцёрскае майстэрства, выдатную сцэнаграфію, аўтарскую ідэю і арыгінальны сцэнар каляднай гісторыі.

Дзякуючы сумеснай суладнай працы, удзельнікам батлеечнага тэатра ўдалося здабыць перамогу!

Наш кар.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пач. у папярэд. нумарах.)

Калі ў маёнтку сабраліся аддзелы з Ашмянскага, Наваградскага і Лідскага паветаў, агульным лікам некалькі соцень чалавек, як пярун з яснага неба, зваліўся з Ліды Ігнат Каліноўскі (той самы, у руках якога, як потым высветліцца, растварыліся грошы сабраныя ў Лідскім павеце на патрэбы паўстання) і ўзняў трывогу, што як быццам у Аўсядава выправіліся вялікія сілы маскоўскага войска. Гаспадара абвінаваціў у здрадзе, крычаў, што той хоча свядома ўсіх загубіць, пасля чаго незаўважна знік. Тым часам уражаныя прастачкі пачалі разбягацца, і нават іх лідары, людзі разумныя, разгубіліся і скамянелі. Становішча было страшнае.

Нарбут, падвергнуўшы сваіх людзей небяспецы, наўмысна даўжэй затрымаўся пад Дубічамі і чакаў гэтае папаўненне. Калясінскі, каб праясніць сітуацыю, пакінуў свой аддзел у лесе пад апеку Дарашкевіча і накіраваўся ў Ліду. У горадзе было ціха і спакойна. Ніхто не чуў пра блізкае маскоўскае войска. Ніхто не разумеў, з якой мэтай Каліноўскі нярвуе людзей сваімі расказамі. Хутка справа стала праясняцца. Гэты Каліноўскі па навучанні жонкі, такім чынам хацеў скарыстацца з хаосу і схаваць сляды зніклых грошай, якія павінен быў атрымаць лідскі аддзел. Боль, ганьба, гнеў апанавалі людскія сэрцы. Лідары аддзелаў рвалі валасы на галовах, што так лёгка далі сябе ашукаць!

Тагачасныя палітычныя абставіны прымушалі людзей да маўчання, і толькі нямая пагарда сталася выразам агульнага абурэння. Ганебны факт не страціўся ў людской памяці. Гэтая авантура знішчыла гэткую цяжкую, мазольную арганізацыю лідскага і іншых аддзелаў і тым самым нанесла страшэнны ўдар па тутэйшым паўстанні.

Аднак аўсядаўская гісторыі паказала і вялікую ахвярнасць. Юльян Кашыц40 з Новага Ольжава - рэспектабельны чалавек з бездакорнай рэпутацыяй - даслаў значную колькасць бельгійскіх штуцараў, імпартаваных з-за мяжы. Іншыя двары давалі на патрэбы паўстання, што толькі мелі: дарагія дзядоўскія памяткі - аздобленыя золатам і срэбрам пісталеты, карабіны і г. д.

Пасля сумнага здарэння ў Аўсядаве Станіслаў Калясінскі загадаў свайму памочніку Дарашкевічу прывезці зброю ў Клепцаўшчыну. Аднак Дарашкевіч ужо не знайшоў у лесе самай каштоўнай зброі. Яна знікла разам з вопраткай, канфедэраткамі і іншым. У хуткім часе даведаліся, што яе скраў завербаваны ў аддзел праваслаўны шавец з Ліды па прозвішчы Ніколка, які ў Аўсядаве першым пачаў хваляванне і пабудзіў да ўцёкаў іншых. Неўзабаве Ніколка пачаў прадаваць яўрэям скрадзеныя прадметы, выдзіраючы золата, срэбра і іншую каштоўную аздобу.

Часы былі такія, што ўсялякія падобныя злачынствы заставаліся без пакарання. Але праз некалькі тыдняў Ніколка раптоўна звар'яцеў. Гэта зрабіла пэўнае ўражанне на ніжэйшыя пласты насельніцтва. "Боская кара, - шапталіся - Абмінуў руку людскую, але не пазбег рукі Божай".

Каятан Дарашкевіч памёр праз некалькі гадоў і пакінуў пасля сябе памяць як пра чалавека годнага, сумленнага і з пачуццём гонару. Пазней Станіслаў Калясінскі паставіў на яго магіле на могілках у Лідзе невялікі надмагільны камень з надпісам: "Каятану Дарашкевічу, вахмістру народнага войска". Гэты помнічак захаваўся і па сёння.

Як мы ўжо гаварылі раней, непадалёк ад лагера Нарбута пад Дубічамі стаяў стары касцёлік, у плябаніі якога жыў ксёндз Савіцкі - вядомы тады прапаведнік.

У касцёліку захоўваўся цудадзейны абраз Хрыста. Шчодрыя ахвяраванні складаліся на алтары і хадзіла пагалоска, што сабраўся ўжо неблагі капітал, які ксёндз Савіцкі трымае ў плябаніі.

Неаднаразова хто-небудзь з паўстанцаў патаемна забягаў у плябанію. Ксёндз Савіцкі кожнага прымаў з прыязнасцю і дапамагаў ежай, тытунём і ўсім іншым. Аднойчы ўначы на плябанію напалі нейкія бандыты з патрабаваннем выдаць ім грошы, а калі ксёндз адмовіўся, кажучы што не мае грошай, яму заткнулі рот кляпам, збілі і вывалаклі ў адной бялізне ў лес. Потым вярнуліся да плябаніі, дзе ператрэслі ўсе куты і каморы, дарэмна шукаючы схаваныя грошы.

Перапалоханыя служкі не адважваліся нават падаваць знакі жыцця, і ксёндз, напэўна, замёрз бы пад дрэвам, каб да плябаніі не прыехалі нейкія парафіяне, якія прывезлі пахрысціць дзіця. Толькі тады гаспадыня (жанчына, якая гатавала ксяндзу ежу) ударылася ў плач і расказала пра начное здарэнне. У адным з нападнікаў служкі апазналі паўстанца, які часта бываў у ксяндза. Узнялася трывога. Распачаліся пошукі ксяндза. Паінфармавалі аб здарэнні Нарбута. Праз кароткі час напаўжывога ксяндза знайшлі пад дрэвам. Выкрылася, што напад здзейсніў паўстанец Рыла з яшчэ адным шарагоўцам.

Нарбут быў страшна разгневаны і абодвух пакараў смерцю. Гэты выпадак выклікаў вялікі розгалас сярод ваколічнага люду і розныя домыслы. Адны сцвярджалі, што камандзір загадаў закапаць Рылу жыўцом, другія - што засячы палкамі. Словам, на гэтым фоне нараджаліся розныя міфы, якія жывуць і па сённяшні дзень. Нарбут насуперак сваёй звычайнай практыцы затрымаўся на адным месцы даўжэй, можа чакаў пад Дубічамі аддзел з Ліды, можа падмогу з Ашмян ад Парадоўскага, ці Віславуха з Гарадзеншчыны, да якога выслаў свайго брата Баляслава.

Маскоўскія войскі сцягваліся да Ліды з Гародні, Шчучына і Трок. Капітан Цімафееў з некалькімі ротамі стаяў у Дубічах, аднак не рабіў ніякіх крокаў. Яго дзеянні нагадвалі хутчэй род аблавы, ці нават жаданне даць Нарбуту час паглыбіцца ў пушчу.

Лідар пастаянна меў звесткі аб рухах маскалёў і цяпер атрымаў паведамленне пра тое, што Цімафееў пасля некалькіх дзён пастою ў Дубічах пакінуў іх і павярнуў у Ліду.

Выкарыстоўваючы момант, Нарбут хацеў папоўніць запас правіянту ў ваколіцах і толькі потым паглыбіцца ў пушчу. Не ведаў ён аднак аб тым, што калі Цімафееў павярнуў да Ліды на сёмай вярсце яго дагнаў стражнік урадавых лясоў, тутэйшы селянін Базыль Карповіч, званы ў народзе "Базылюк", і паабяцаў правесці маскоўскае войска праз балоты да лагера Нарбута. Ён добра ведаў усе мажлівыя пераходы, бо не раз разам з іншымі сялянамі прыносіў паўстанцам хлеб. Здраднік спакусіўся на абяцаную за галаву Нарбута ўзнагароду ў суме адна тысяча рублёў.

Як гаварылі людзі, Цімафееў успрыняў селяніна з пагардай і доўга вагаўся, але потым павярнуў да Дубічаў і адначасова паведаміў у Ліду, каб дасылалі дапамогу для акружэння Нарбута.

Вечарам 21 красавіка жыхары Ліды заўважылі пэўны рух сярод маскоўскага войска. Адзін з афіцэраў, затрымаўшы на вуліцы Станіслава Калясінскага, завёў яго ў цукерню Андрушкевіча і там пад закуску, нібыта выпадкова, абмовіўся пра тое, што рыхтуецца аблава на Нарбута. Калясінскі зразумеў, што афіцэр, як чалавек добры і сумленны, хоча папярэдзіць пра пагрозу і небяспеку паўстанцам. Асядлаў сваю адважную выпрабаваную кабылу і пагнаў у Дубічы. Ужо світала, калі праехаўшы некалькі міль, амаль на апошняй вярсце пачуў стрэлы.

Прыехаў запозна!...

Прыгнечаны павярнуў да Плашак, урадавай фермы, якую арандаваў адзін з Краінскіх. Другі брат быў у лагеры Нарбута. Знясіленая кабыла Калясінскага пала каля ганка. У двары з-за стрэлаў пачыналі абуджацца. Задыханы малады чалавек уварваўся ў пакой.

У маўчанні, якое перапынялася шэптам ружанца і ўздыхамі, сям'я разам з Калясінскім у роспачы чакала звестак з поля бітвы. Хвіліны здаваліся гадзінамі...

Раздзел X

У Шаўрах. Паход Манчунскай у лагер. Апошнія хвіліны Нарбута. Разгром пад Дубічамі


У Шаўрах жылі надзеяй! Стары Тэадор Нарбут, даследчык Літвы, знаходзіўся ў Вільні ў жонкі Людвіка, куды яго адвезла сям'я, каб пазбегнуць збыт моцных для 80-ці гадовага старога хваляванняў, а таксама таму, што яго адсутнасць дазваляла больш свабодна і актыўна прымаць удзел у паўстанчым руху.

Сувязь паміж дваром у Шаўрах і пушчай была пастаяннай. Людвік Нарбут высылаў з лагера да сястры Манчунскай розныя каманды і загады, якія яна выконвала дакладна, без аглядкі на розную небяспеку. Яна таемна перадавала ў лагер сакрэтныя дакументы і інфармацыю, ежу і адзенне, а калі і амуніцыю. Мела на вёсках адданых справе людзей, мела сваіх шпіёнаў і засакрэчаных сувязных, паслугамі якіх карысталася ў выпадках, калі сама не магла дайсці.

З мужчынскай адвагай, па-рознаму апранутая, Тэадора Манчунская не раз падвяргала сябе вялікай небяспецы, але заўсёды шчасліва абмінала пагрозу. Напярэдадні бітвы пад Дубічамі выбралася ў лагер да брата. Павінна была прайсці некалькі міль прасторы ноччу, але яе гэта ўвогуле не палохала.

Пра гэты паход пані Манчунская расказвала так: "... Дзень 21 красавіка ўжо скончыўся. Было ціха, вясновая ноч поўная таямнічага шуму і шолаху... У леснічоўцы перад хатай лесніка Баняшкі, старога слугі Нарбута, стаяў вазок, нагружаны бялізнай, адзеннем, ежай ... была там і чамарка для камандзіра, падбітая аўчынай, і шаўковая кашуля, пашытая суседскімі дзяўчатамі для маладзенькага Баляслава Нарбута і шапачка, абяцаная Андрыёлі".

Везла яна таксама розныя лекі, а таксама сігары і ліст ад жонкі Людвіка. Найважнейшымі з'яўляліся паперы з Вільні - танюсенькія лісты, абрыўкі якіх можна было лёгка схаваць, і трошкі залатых манет. Гэта былі першыя грошы, якія Народны ўрад перасылаў Людвіку. Да гэтага часу паўстанне фінансавалася ўласнымі сіламі: праз зборы і ахвяраванні, якія праходзілі праз рукі Манчунскай. Яна іх адсылала ці адвозіла ў лагер, у сваю чаргу атрымлівала квітанцыі, завівала іх у алавяную паперу і ў бутэльках закопвала ў шаўроўскім садзе. На патрэбы паўстання пані Манчунская выдала ўвесь свой пасаг, што складаў дзве тысячы дукатаў, і грашовую дапамогу, якую атрымала пасля смерці мужа.

"Вазок стаіць гатовы. Начныя цені атулілі зямлю. Са сваім скарбам я рушу ў Дубічы да незнаёмага лесу, кіруючыся адзіна падказкамі пачцівага Баняшкі.

Каштанка не мела падкоў, і колы не былі акутыя, таму можна было ехаць ціха...

Перажагналася і, прамаўляючы любімую бацькам даўнішнюю малітву "Бог - наша прыстанішча і сіла..." выправілася ў дарогу", - расказвала сястра Людвіка.

"Пазбягаючы шырокіх шляхоў, выбірала вузкія сцяжыны. І хоць я была адна, не адчувала ніякага страху. Думка аб паслузе брату і народу, якую я рабіла, напаўняла сэрца хутчэй радасцю і весялосцю. Па пясках, лясным моху і верасе ціха рушыў наперад мой вазок. Старанна абмінала паселішчы, бо паўсюдна па вёсках стаялі загародкі - шлагбаумы.

Вось у начных ценях замаячыла перада мной вялікая вёска, з аднаго боку балота, з другога бездарожны выган, так як амаль ва ўсіх нашых вёсках. Абмінуць цяжка.

Вырашыла ехаць дарогай па сярэдзіне вёскі ... ціха адчыніла першую браму, другую, зачыненую плеценым вянком ... цішыня паўсюдная, не абудзіўся ніхто, ні адзін сабака не забрахаў. Пацягнула лейцамі Каштанку і ... мінула ўжо апошнюю браму ... у рагатак нікога.

Перада мной у начной цемры ўжо вырысоўваюцца контуры старой плябаніі ў Дубічах.

Паўсюль ціха і цёмна, але каля брамы мяне чакае мой праваднік - каваль. Без слоў узяў каня, навязаў, кінуў яму сена, падсунуў вядро з вадой. Забраў больш цяжкія пакункі з воза, мне аддаў драбнейшыя ... подбегам мы дабраліся да лесу. Тут ужо было бяспечна. Лес! Гэта апякун! Сябар! Атуляе і абараняе!


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

40 Сын Юзафа Кашыца (1795-1868), які на баку французаў, у складзе 17-га ўланскага палка, удзельнічаў у вайне 1812 года. У 1812-1815 гг. у эміграцыі, з 1815 г. асеў у Наваградскім павеце. У 1830 г. абраны наваградскім маршалкам, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Брат Канстанціна Кашыца (1828-1881), які валодаў Тарновам з фальваркамі. Менавіта на зямлі Канстанціна Кашыца быў устаноўлены помнік (крыжы) загінулым у баі паўстанцам. З вясны 1863 г. цывільны паўстанцкі начальнік Наваградскага павета. 25.5.1866 вымушаны быў "добраахвотна" падпісаць акт продажу маёнтка Тарнова разам з фальваркамі генералу Маўрасу. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

Летнія вандроўкі "Экватара"

Гудзевічы - 2021

Для тых, хто цэніць родную спадчыну, назва Гудзевічы мае сакральны сэнс. У гэтае мястэчка, што на Гарадзеншчыне, невялікі літаратурны дэсант "экватарцаў" здолеў патрапіць у госці 23 чэрвеня 2021 года. А славяцца Гудзевічы на ўсю Беларусь і далёка за яе межамі сваім музеем, які ў 1968 годзе на базе мясцовай сярэдняй школы заснаваў настаўнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Алесь Мікалаевіч Белакоз. Спачатку музей быў літаратурным, а праз некалькі дзесяцігоддзяў стаў дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым.

Прадстаўнікоў літаратурнага клуба "Экватар" гасцінны калектыў установы культуры прымаў у самае "пекла" надвор'я - было вельмі горача. На ганку сустракала гасцей старшы навуковы супрацоўнік Мая Антонаўна Сідар. Разагрэтыя чэрвеньскім сонцам і размораныя спёкай пісьменнікі Інга Вінарская, Мікалай Іваноўскі, Тамара Мазур і Вячаслаў Корбут, крыху ажыўшыя ў прахалодзе памяшкання музея, зрабілі літаратурнае выступленне перад сабраўшыміся ў спецыяльнай зале музея слухачамі, сярод якіх былі вучні мясцовай сярэдняй школы, жыхары Гудзевічаў, супрацоўнікі літаратурна-краязнаўчага музея, а таксама Гудзевіцкай сельскай бібліятэкі. Сярод прыйшоўшых на літаратурную імпрэзу была і Вера Ігнатаўна Белакоз, удава славутага заснавальніка музея, якая і дагэтуль жыве ў Гудзевічах. Як адзначыла дярэктар музея Вікторыя Сяргееўна Палойка, з-за пандэміі літаратурных мерапрыемстаў даўно не праводзілася, таму гэтая сустрэча з прафесійнымі пісьменнікамі была вельмі чаканая.

Праводзіў імпрэзу і знаёміў прысутных з прыехаўшымі аўтарамі кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён звярнуўся да прысутных на мерапрыемстве вучняў, каб тыя беражліва ставіліся да спадчыны продкаў, любілі і шанавалі родную мову, не баяліся складаць свае творы па-беларуску. Далей Вячаслаў коратка распавёў пра працу суполкі, гісторыю заснавання клуба "Экватар", паказаў слухачам самы першы нумар альманаха "Літаратурны экватар", прачытаў некалькі сваіх баек і лірычных вершаў, сярод якіх быў і паэтычны твор пад назвай "Дарогі Радзімы":

Дарогі Радзімы ўсё туляцца ў змроку,

Пад раніцу іх туманы праглынаюць.

Ім моляцца зоркі ў тым небе глыбокім

За наш беларускі абсяг каравайны.


Іх шмат па мястэчках і вёсках маленькіх,

Зусім непрыкметных ля смелых рачулак,

Яны адгукнуцца суніцамі ў жменьках,

Ля самых ваколіц Слабодак, Пачуек.

Вяргіні ля хатак у Старыцах, Бродках,

Залескіх сцяжынак рамонкі ў суквецці

Парадуюць водарам хмельна-салодкім,

Смачнейшым ва ўсім неабсяжным сусвеце.


Іх крокамі нельга паўсюдна адмераць,

Яны - як пульсары на целе краіны,

Хаваюць гісторыі родаў і веры

Ва ўсе залатыя ці змроку часіны.


Дарогі Радзімы, звязаныя ў сэрцах

Усіх пакаленняў, - ад краю да краю.

У часе маім рэха іх адзавецца -

Там кожны свой лёс патаемны спаткае.

Вялікую цікаўнасць у гудзевіцкай публікі выклікала выступленне паэткі, пераклад-чыцы, журналісткі, шэф-рэдактара альманаха "Літатурны экватар" Інгі Вінарскай, якая распавяла пра аўтараў альманаха, гісторыю яго сталення, пра супрацоўніцтва "Экватара" з Акадэміяй навук Беларусі, пра ўзнагароды суполкі і публікацыі ў прэсе, прысвечаныя дзейнасці клуба. Інга прачытала некалькі сваіх лірычных вершаў, а потым зазначыла, што ў такую спякоту вельмі хочацца дажджу, нават залевы, і прысутныя пачулі верш пра летні дождж. Дарэчы, забягаючы крыху наперад, можна сказаць, што дажджы і ў Гудзевічах, і па ўсёй Гарадзеншчыне пайшлі праз два дні пасля літаратурнай імпрэзы "Экватара", і моцная спякота спала.

Сусвет прыціх прад подыхам дажджу

Замёрлі рухі велічных стагоддзяў,

Паветра змоўкне, згледзеўшы мяжу

Залевы, мкне дзятва ад непагоды.


Сцяна вады - цудоўнай сілы вір,

На каштанах аж свечкі задрыжэлі,

Таполі дождж імкнуцца блаславіць,

Да неба іх маркоты паляцелі.


Пірамідальна струнаў чуўся звон…

Вада, вада - там шэпат, шамаценне…

У лужы дзень свой накіруе скон,

Свой вопыт і энергію сталення.


І час перад дажджом - цудоўны міг

У покрыве той Боскае залевы...

Вялікі свет! Шчаслівы, хто спасціг

Яго красу - у гэтых летніх спевах!

Далей слова атрымаў мясцовы паэт, аўтар некалькіх кніг паэзіі і баек Мікалай Пятровіч Іваноўскі, што жыве недалёка ад Гудзевічаў - у прыгожай і маляўнічай вёсцы Пачуйкі, дзе займаецца ўласнай гаспадаркай, вялікую частку якой складае пасека. Мікалай Пятровіч распавёў пра асбістае сяброўства з заснавальнікам музея Алесем Мікалаевічам Белакозам, чалавекам славутым на ўсю Беларусь, гарачым прыхільнікам беларускай мовы, літаратуры і культуры, а потым прачытаў шэраг сваіх баек і вершаў, сярод якіх быў верш пад назвай "Вішня", прысвечаны памяці маці аўтара:

Прыгожая вішня расце каля брамы,

То памяць матулькі, ад нашае мамы.

Бялёсую травень адзене сукенку

І вішаньку зробіць чароўнай паненкай.


Красуе букетам яна каля бруку,

Страчае з дарогі і гладзіць нам рукі.

Улетку прывабіць гасцінцам прахожых,

Твар дзецям фарбуе і зробіць прыгожым.


Вітае здаля сваім сонечным плодам -

Ласунак суседзям і нашаму роду.

Тут ветрык вішнёвай галінкай ад мамы

Штодзённа вітае і шле тэлеграмы.


Варэннем зімою нас вішня частуе,

Нібы ад хваробы нас мама ратуе.

Пладовыя дрэвы садзіце ля хаты.

Нясуць яны памяць і будням, і святам.

Потым выступала паэтка, пісьменніца, журналістка Тамара Мазур. Яна расказала пра сваю новую кнігу "Скідляне, скідзельцы, скідзельчане", пра гісторыю яе напісання, пра герояў выдання, а таксама пра вялікі ажыятаж, што выклікала кніга ў скідзельскага чытача. Далей Тамара Мазур прачытала прысутным падборку сваіх лірычных вершаў. Пра паэтычны твор "Паланэз Агінскага" Тамара Міхайлаўна гаварыла асобна, і зазначыла, што яго трэба чытаць пад музыку гэтага знакамітага кампазітара:

О, Паланэз! Залессе… баль…

Я тут - у зорнасці мелодый.

І хоць няма для свят нагоды,

І сэрца зноў ахутаў жаль,

Я тут - ва ўлонні асалоды.


У гэту непагадзь з дажджом,

У буру, што сасну зламала,

Ступіць сюды пашанцавала,

Як быццам гэта быў мой дом…

Ах, як яго мне не ставала!


О, Паланэз - працяг жыцця!

І ўжо зусім няма прычынаў,

Каб не сказаць пра тое сыну,

Што час не гасіць пачуцця


Любві да велічнай Айчыны.

Любоў - нязгасны наш агмень,

Яна ў ліцвінскіх моцных жылах,

Ад нашых продкаў, іх магілаў,

З калень што ўздымуць кожны дзень…

Любоў - узмах магутных крылаў.


О, Паланэз! Залессе… баль…

Напрыканцы літаратурнай імпрэзы ў Гудзевіцкім музеі Вячаслаў Корбут падзякаваў прысутных і супрацоўнікаў музея за добры прыём і пажадаў і надалей працягваць традыцыі захавання роднай спадчыны, закладзеныя славутым Алесем Мікалаевічам Белакозам.

Але для пісьменнікаў, прыехаўшых у Гудзевічы, на гэтым канцэртная праграма не завяршліся. Выступоўцаў запрасілі ў мясцовую бібліятэку, што знаходзіцца побач з музеем, дзе ўсіх прывітала бібліятэкар Валянціна Уладзіміраўна Пронька. Там нашыя аўтары выступілі перад чытачамі бібліятэкі, распавялі пра свае творчыя здабыткі, падзяліліся ідэямі і ўражаннямі ад наведвання Гудзевічаў, выканалі свае творы. Прычым, Тамара Мазур і Інга Вінарская чыталі пераважна лірычныя вершы, а Вячаслаў Корбут і Мікалай Іваноўскі радавілі і смяшылі прысутных сваімі гумарыстычнымі творамі. Завяршылася сустрэча ў бібліятэцы агульнай фотасесіяй.

Пасля гасцей-літаратараў чакала цікавая і змястоўная экскурсія па залах і будынках Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, дзе выступоўцы змаглі дакрануцца да глыбінь жыцця беларускага народа, роднага краю. Правяла экскурсію асабіста дырэктар музея Вікторыя Сяргееўна Палойка.

Пісьменнікаў уразіла сабараная багатая літаратурная калекцыя музея, цікавы расповед пра этнаграфічныя экспанаты, ткацтва, выраб дываноў, пра захоўванне традыцый продкаў. Вялікую цікавасць для літаратараў прадставіў агляд старажытнай сялянскай хаты канца ХVІІІ стагоддзя, дзе госці падрабязна пазнаёміліся з побытам беларускіх сялян, традыцыямі і звычкамі нашых продкаў, умовамі жыцця і выкарыстаннем сродкаў побытавага характару.

Адметна тое, што ідэя стварэння літаратурна-краязнаўчага музея ў Гудзевічах была рэалізавана ў жыццё як самім Алесем Мікалаевічам Белакозам, так і рупнымі намаганнямі ягоных вучняў і супрацоўнікаў установы. У музеі можна атрымаць звесткі пра асноўныя вехі развіцця беларускай нацыянальнай культуры, тут арганічна прадстаўлена інфармацыя пра літаратараў і мастакоў Гарадзеншчыны. Усяго ва ўстанове культуры створана дзесяць залаў, частка з якіх прысвечана літаратурнай спадчыне, а частка - гісторыі ткацтва і ткацкіх вырабаў. Дарэчы, у музеі знаходзіцца некалькі сапраўдных кроснаў, прычым усе яны ў працоўным стане: на іх вырабляюцца тканыя вырабы ў розных тэхніках. Асаблівай увагі заслугоўвае адноўленая ў Гудзевічах тэхналогія падвойнага ткацтва дываноў, прычым гэтай тэхналогіі тут могуць навучыць усіх ахвочых. За ткацтва ў музеі адказвае старшы навуковы супрацоўнік Лілея Іосіфаўна Рэйшаль, якая, дарэчы, віртуозна спраўляецца з усімі відамі кроснаў і ткацтва.

Напрыканцы змястоўнай экскурсіі прыехаўшыя аўтары і супрацоўнікі музея абмяняліся падарункамі, кнігамі, паштоўкамі, аўтографамі, пажадаўшы адзін аднаму плёну, поспехаў і новых добрых сустрэч на ўдзячнай Гудзевіцкай зямлі.

Паэты, пісьменнікі, журналісты Інга Вінарская і Вячаслаў Корбут.

"Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы…"

У Лідскім раёне адбыўся конкурс ручной касьбы

Найлепшых касцоў з усяе Лідчыны зноў сабраў у аграгарадку Ганчары раённы конкурс ручной касьбы "Звініць каса - жыве вёска".

Гэты конкурс праводзіцца на Лідчыне, пачынаючы з 2016 года. Ідэя яго правядзення належыць тагачаснаму метадысту па фальклоры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганне Некраш, на малой радзіме якой - у Бярозаўскім раёне на Берасцейшчыне - спаборніцтвы касцоў даўно набылі статус міжнародных. А ў нас, у прынёманскім краі, хіба мала спрытных касцоў, докаў сваёй справы?! Конкурс ручной касьбы стаў брэндавым мерапрыемствам менавіта Ганчарскага Дома культуры.

Самая прыемная праца

- Конкурс "Звініць каса - жыве вёска", - расказвае рэжысёр мерапрыемства, дырэктар Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай, - закліканы захаваць традыцыі ручной касьбы, само гэта падзабытае рамяство (дарэчы, частку гістарычна-культурнай спадчыны нашай краіны) у век бензакос і трымераў, перадаць яго нашай моладзі. Сёння з тым жа трымерам "празвінеў" гадзіну - і не атрымліваеш такога задавальнення ад працы, як пры касьбе звычайнай дзедаўскай касой. Ідэю правядзення спаборніцтваў касцоў у нас ужо падхапілі Іўеўскі, Дзятлаўскі раёны, але мы на Гарадзеншчыне ў гэтай справе першапраходцы. Сёлетні конкурс "Звініць каса - жыве вёска" ў аграгарадку Ганчары - ужо шосты па ліку. Удзельнікаў на гэты раз, на жаль, у два разы меней, чым было ў мінулым годзе, - толькі дванаццаць чалавек. Гэта касцы з Дзітвянскага, Ходараўскага, Пескаўскага, Беліцкага сельсаветаў, у тым ліку адна жанчына. Самаму малодшаму ўдзельніку - 22 гады, самаму старэйшаму - 60. Не ўдзельнічаюць на гэты раз нашы ганчарскія "аксакалы" - найстарэйшыя жыхары-касцы. Спадзяёмся, у наступным годзе канкурсантаў будзе болей. Чацвёрты год запар спаборніцтвы касцоў праводзяцца вечарам: у вячэрні час на свята касьбы збіраецца значна больш вяскоўцаў, ды і калі касец - сапраўдны майстар сваёй справы, ён зможа добра пакасіць траву і без ранішняй расы.

У час адкрыцця свята вядоўцы нагадалі прысутным, што некалі пачатак сенажаці аб'ядноўваў усіх жыхароў вёскі. На сенакос выходзілі ўсе разам. Гэта было не проста важным этапам жыцця вёскі, а самай прыемнай працай, напоўненай весялосцю і светлымі пачуццямі. І мужчыны, і жанчыны для працы на лугах прыбіраліся ў самае лепшае адзенне, як на свята. "Для нашых продкаў касьба, - казалі вядоўцы, - гэта не знясільвальнае маханне косамі, не проста зразанне травы і натужлівая праца, а святочны рытуал. Калі ты малады, заліхвацкі, спрытны і вясёлы, сенажаць станавілася выдатнай нагодай паказаць астатнім свае найлепшыя якасці". Усіх прысутных на свяце прывіталі гаспадары ганчарскай зямлі - старшыня Ганчарскага сельвыканкама Валерый Калодка і кіраўнік КСУП "Беліца-Агра" Віктар Сянкевіч (яны ж, разам з намеснікам дырэктара Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццянай Лісоўскай, увайшлі ў склад журы конкурсу).

"Дабраславі, Божа, касу!.."

Затым перад сцэнай вышыхтаваліся ўдзельнікі конкурсу ручной касьбы, амаль усе - у прыгожых нацыянальных кстроях. Па старадаўнім звычаі да касцоў запрасілі жанчын-сеназарніц, у ролі якіх выступілі ўдзельніцы аматарскага аб'яднання "Ульяніца" Ганчарскага Дома культуры. Сена-зарніцы апаясалі кожнага касца паясамі-абярэгамі з пакосных траў. Потым удзельнікі конкурсу паставілі свае косы так, каб іх лязы глядзелі на сонца, і разам з жанчынамі-сена-зарніцамі паўтаралі словы дабраславення на добрую касьбу: "Дабраславі, Божа, касу! Дабраславі пад касою расу! Дабраславі скошаную траву! Дабраславі, Божа, нашых касцоў! Спашлі ім пагодачку на добрую работачку!.."

Касіць удзельнікі конкурсу выходзілі на гэты раз не на дзялкі, як у папярэднія гады, - яны займалі свае пракосы адзін за другім, як гэта было ў даўніну. Працу касцоў журы ацэньвала па наступных крытэрыях: якасць касьбы (вышыня травы пасля пакосу), чысціня касьбы (адсутнасць так званай "барады" - рэшткаў няскошанай травы), эстэтычны выгляд пракосу, выпраўка і стан касца ў час касьбы, адзенне касца.

- Мне шэсцьдзясят гадоў, - гаворыць, пакасіўшы свой пракос, у інтэрв'ю для "Лідскай газеты" самы старэйшы ў гэтым годзе ўдзельнік конкурсу Віктар Ляпешка. - Аднак я ўжо дзевяць гадоў знаходжуся на пенсіі (пайшоў на пенсію па "гарачай сетцы" з завода "Оптык"). Жыву ў вёсцы Бабры Ходараўскага сельсавета. Касіць, кляпаць касу навучыў мяне дзед. Кашу з адзінаццаці гадоў. У конкурсе ручной касьбы ўдзельнічаю трэці раз, прызавога месца пакуль не займаў. Лічу, што паспяховая касьба залежыць у першую чаргу ад кляпання касы. А яшчэ трэба ўмець выбраць касу.

А Галіну Брэйва з Беліцы, адзіную на гэты раз жанчыну-ўдзельніцу конкурсу, касіць навучыў бацька, і косіць яна з дзесяці гадоў. У мінулым годзе нават заняла 2-е месца па выніках конкурсу "Звініць каса - жыве вёска". А яшчэ Галіна Тадэвушаўна вельмі любіць танцаваць, і ў час выступлення на свяце творчых калектываў можна было бачыць, як яна горача, нястомна танцуе перад сцэнай, падаючы прыклад іншым гледачам.

Галоўнае не перамога, а ўдзел

І вось усе касцы скасілі свае пакосы, вярнуліся да сцэны, паставілі свае косы на плот. Пакуль члены журы раіліся паміж сабой, падводзілі вынікі, на сцэне пад адкрытым небам выступалі народны вакальны гурт "Святліца" Дзітвянскага Дома культуры, вакальны гурт народнага хору "Скарбніца" ААТ "Завод "Оптык"", фальклорны калектыў "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Удзельніцы апошняга таксама праводзілі для ўсіх ахвочых майстар-класы па побытавых танцах і вырабе лялькі з сена.

- Касьба - справа небяспечная, - адзначае майстар Марыя Шылкоўская. - Касой можна лёгка нанесці сабе цяжкую траўму. Нашы продкі верылі, што лялькі-пакосніцы абароняць людзей ад выпадковых траўм у час сенакосу. Пасля пачатку працы ляльку хавалі ў першы стог. Лічылася, што таму, хто потым яе знойдзе, будзе спадарожнічаць поспех. Лялька-пакосніца - унікальная лялька: яна можа быць і абярэгам, і абрадавай, і проста гульнявой. Дзеці гулялі з ёй, пакуль іх маці працавалі ў полі.

Але вось прыйшоў час абвяшчэння вынікаў конкурсу ручной касьбы. Як адзначыла журы, у наш час проста выйсці са звычайнай касой на луг і пакласці пракос - ужо вялікае дасягненне. Таму перамога ў гэтым конкурсе не галоўнае. Галоўнае - удзел. Усе касцы, якія прынялі сёлета ўдзел у спаборніцтве, былі па-свойму адмысловыя. Калі ж гаварыць аб пераможцах, то 1-е і 2-е месцы занялі адпаведна браты Віталь і Аляксандр Кель з аграгарадка Дзітва, 3-е месца - у Вячаслава Карабача з Ходараўцаў. Найлепшыя касцы атрымалі прызы ад спонсара мерапрыемства - ААТ "Шклозавод "Нёман"".

- У Дзітве я дапамагаю бацькам і працую на торфабрыкетным заводзе, - дае інтэрв'ю "Лідскай газеце" задаволены сваім вынікам, а таксама вынікам свайго брата Віталь Кель. - А жыву ў Лідзе (мая сям'я, як шматдзетная, атрымала ў Лідзе кватэру). На свята ў Ганчары прыехаў проста з работы. Брат працуе ў Лідзе, у БМУ-7. У яго таксама шматдзетная сям'я. Абодва косім з падлеткавага ўзросту. У конкурсе ручной касьбы ўдзельнічаем другі раз. Летась я таксама быў пераможцам. Значную лепту ў наш поспех унёс наш тата Эдуард Кель: менавіта ён падрыхтаваў косы. А ад падрыхтоўкі касы ў такіх спаборніцтвах залежыць многае. Важныя фактары таксама - жаданне і здароўе. Нам вельмі хацелася перамагчы, і мы вельмі добра сябе адчувалі!

P. S. Раней у народзе казалі: хто як лыжку ў рот носіць, той так і косіць. Добры работнік і есць з апетытам. Арганізатары конкурсу таксама не сталі адыходзіць ад традыцый і запрасілі ўсіх удзельнікаў на вячэру - за шчодры беларускі стол, традыцыйна падрыхтаваны КСУП "Беліца-Агра", якое ўвогуле аказвае вялікую падтрымку ў арганізацыі і правядзенні конкурсу ручной касьбы.

Алесь Мацулевіч .

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX