Папярэдняя старонка: 2021

№ 29 (1544) 


Дадана: 21-07-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1544), 22 ліпеня 2021 г.

Беларускамоўная песня "Падзяка сэрца" на "Славянскім базары ў Віцебску" ўзяла 1-ую прэмію

З 14 па 18 ліпеня праходзіў юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Свята асвятлялі больш за чатыры сотні акрэдытаваных прадстаўнікоў 43-х беларускіх і 33-х замежных СМІ з васьмі краін.

Да юбілею фестывалю было падрыхтавана шмат цікавостак. Былі выдадзены даведнік "Славянскі базар у Віцебску. Трэцяе дзесяцігоддзе", каталог фірмовага стылю і сцэнаграфіі фестывалю. У цэнтры горада з'явіліся новыя фотазоны - вялізны металічны кантрабас і рознакаляровая пава. Змянілася цырымонія ўзняцця фестывальнага сцяга. Калі раней яна непасрэдна папярэднічала закладанню імянной зоркі, дык цяпер была перанесена на таямнічую апоўнач, сімвалізуючы нараджэнне новага дня, у які быў урачыста адкрыты юбілейны фэст з удзелам Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі. А тыя, хто прыязджае на яго 14 і больш гадоў, атрымалі так званы "валошкавы пашпарт" - гэткае сувенірнае пасведчанне, якое, зразумела, не замяняе сапраўдны дакумент.

Свае ўзнагароды падрыхтавала і Саюзная дзяржава. Спецыяльнымі дыпломамі Пастаяннага Камітэта СД "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі" былі адзначаны галоўны гукарэжысёр Цэнтра культуры "Віцебск" Руслан Стаброўскі, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў, народны артыст СССР, альтыст і дырыжор Юрый Башмет, генеральны дырэктар Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі Ірына Веліканава.

Падчас фестывалю былі праведзены XXX Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні і Міжнародны дзіцячы музычны конкурс.

Ярка прагучалі над Віцебскам славянскія ноты. 14 маладых выканаўцаў з краін Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі спявалі на рускай, украінскай, беларускай і іншых славянскіх мовах.

Гран-пры і "ЛІРУ" старшыня міжнароднага журы народны артыст Беларусі Анатоль ЯРМОЛЕНКА ўрачыста ўручыў спявачцы з Казахстана РУХІІ. I прэмію заваявала Ірына АРСЕНІЕВІЧ з Сербіі, і яна ж уганаравана Спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "СЛАВЯНСКАЯ НАДЗЕЯ". II прэмію раздзялілі беларус Данііл МЫШКАВЕЦ і ўкраінка Рэната ШТЫФЕЛЬ. Дыпломы лаўрэатаў трэцяй ступені ўручаны выканаўцам ІВАННЕ са Славакіі і Тофіку ГАДЖЫЕВУ з Азербайджана. Спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра МУЛЯВІНА, заснаванай Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, узнагароджаны Мірза СЕЛІМОВІЧ з Босніі і Герцагавіны. Прызы Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ўручаны беларусу Даніілу МЫШКАЎЦУ і расіяніну Эмілю КАДЫРАВУ. Абай СЕРЫКАЎ з Кыргызстана адзначаны ўзнагародай міждзяржаўнай тэлекампаніі "МІР".

Па выніках конкурсных выступленняў на Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе гран-пры конкурсу прысуджана Комнену ВУКАВІЧУ з Чарнагорыі. Прадстаўнік Беларусі Канстанцін МАЗУРКЕВІЧ атрымаў I прэмію. II прэмія дасталася Элізабет ЗАХАРЫЕВАЙ з Балгарыі і Ксеніі КАН з Расіі. III прэмію раздзялілі Шахрухон ХАЛІМХОНАЎ з Узбекістана і ДАНІЕЛА з Украіны.

Спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Союза Беларусі і Расіі былі ўзнагароджаны лепшыя выканаўцы ад Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі Канстанцін МАЗУРКЕВІЧ і Ксенія КАН адпаведна.

На пытанне карэспандэнта БЕЛТА, чаму ён выбраў менавіта песню "Падзяка сэрца", Канстанцін Мазуркевіч адказаў:

- На самай справе мне вельмі імпануе выканавец гэтай песні Юрый Наўроцкі, які выступае пад творчым псеўданімам Uzari. І як толькі ўстала пытанне з нагоды песні на беларускай мове, то я адразу ўспомніў пра гэтага спевака і яго кампазіцыю "Падзяка сэрца". Вырашылі паспрабаваць, і ў нас усё атрымалася.

Паводле СМІ.

Без спрадвечнага абраду "Зажынкі" жніво цяпер не пачынаюць

Ва ўсе часы жніво падводзіла вынік шматдзённай працы селяніна. Да пачатку летняй гарачай пары рыхтаваліся, як да вялікага свята: гаспадыня мыла дом, гаспадар прыбіраў надворак, гумно. Стол засцілалі белым абрусам. А затым хадзілі аглядаць свае нівы: ці паспеў колас, ці пара жаць? У некаторых месцах праводзілі спецыяльны абрад. І сёння гэтая традыцыя мае працяг.

На ўчастку поля з азімым ячменем сабраліся спецыялісты і работнікі КСУП "Пескаўцы", артысты, жыхары навакольных вёсак, госці. Падаспелі экіпажы камбайнаў і шматтонныя МАЗы. Тэхніка гатовая да чарговага іспыту - жніва-2021. Тэатралізаванае прадстаўленне пачалося са старадаўняга абраду: жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, сярпамі зрэзалі налітыя каласы, а потым, сабраўшы іх у сноп, прагаварылі замову на добры ўраджай. Песнямі гасцей цешылі народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік", артысты Ганчарскага Дома культуры і гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

- Песні, якія сёння прагучалі ў полі, надаюць абраду асаблівую таямнічасць, - адзначыла дырэктар Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Троцкая. - І тое, што сёння мы беражліва захоўваем традыцыі і звычаі нашых продкаў, асабліва значна. Зажынкам ва ўсе часы надавалася важнае значэнне. У народзе казалі, што гэта свята - свайго роду рубеж: лета да гэтага часу "даспявае", гарачыя дні ідуць на змяншэнне, ночы паступова халадзеюць.

Усё дзейства суправаджалася народнымі песнямі. Затым начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага райвыканкама Вользе Наройчык быў уручаны першы сноп новага ўраджаю.

- Настаў самы адказны момант у нашай працы - уборка збожжа, - звярнулася да прысутных на свяце хлебаробаў Вольга Анатольеўна. - Мы доўга да яго ішлі, рыхтаваліся. Кожны з нас уклаў часцінку сваёй душы ў той ураджай, які маем сёння. І цяпер агульнымі намаганнямі мы павінны яго сабраць, не страціўшы ніводнага зярнятка. У добры шлях усім!

Спакон вякоў так павялося, што, не атрымаўшы Божага дабраславення, ніхто жаць не выходзіў. Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, што знаходзіцца ў вёсцы Збляны, айцец Георгій прачытаў малітву, акрапіў святой вадой удзельнікаў уборачнай кампаніі і тэхніку.

Права першымі прыступіць да жніва было дадзена аднаму з найлепшых работнікаў гаспадаркі Івану Руткоўскаму і яго напарніку Аляксандру Барташэвічу. На сваім камбайне яны ўзначалілі калону тэхнікі. Машыны рушылі ў поле, напаўняючы бункеры залатым зернем новага ўраджаю. Зусім хутка ў гаспадарцы пачнуць адзначаць першых тысячнікаў. Застаецца толькі пажадаць добрых намалотаў і здароўя тым, хто абраў для сябе гэтую нялёгкую і вельмі патрэбную прафесію - хлебароба.

Дарэчы, у гэтым сезоне аграрыі КСУП "Пескаўцы" спадзяюцца сабраць добры ўраджай.

Вольга Капцэвіч, lidanews.

У дзейнасці сядзібы Таварыства беларускай мовы ў Менску ўзніклі складанасці

У менскім офісе грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) 15 ліпеня адбыўся ператрус, паведаміла Бела-ПАН старшыня арганізацыі Алена Анісім.

- Гэта, канешне, было для мяне ўзрушэнне, гэта было нечакана. Я павінна была на працягу паловы гадзіны з`явіцца ў офісе, іначай бы яго адчынялі без мяне, - сказала яна. - Стаўленне было нармальнае. Яны прыехалі, забралі каляндарыкі, якія ім кінуліся ў вочы, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годдзя БНР, забралі аргтэхніку - маніторы і сістэмныя блокі. Сказалі, што са мной скантактуюцца і потым вернуць. У мяне да іх чыста па-чалавечаму ніякіх абсалютна прэтэнзій няма. Яны самі сказалі, што ім паступіў загад на працягу дзвюх гадзін.

Паводле слоў Анісім, ператрус адбываўся з санкцыі намесніка пракурора Менска:

- Гэта звязана з тым, што з 9 па 12 жніўня 2020 года адбываліся розныя мерапрыемствы і, магчыма, у нашых матэрыялах ёсць нейкія там заклікі, нейкія матэрыялы, датычныя гэтых мерапрыемстваў.

Хто праводзіў вобшук, А. Анісім не запомніла, бо для яе "гэта быў стрэс, нечаканасць, усе планы давялося паперакройваць, на працягу 20 хвілін дабрацца". Зараз Міністэрства юстыцыі праводзіць праверку дзейнасці ТБМ. Да 14 ліпеня аб`яднанне мусіла перадаць у Мінюст арыгіналы дакументаў, якія тычацца рэгістрацыі і дзейнасці арганізацыі за апошнія тры гады. Частку дакументаў ТБМ даслала, іншыя былі на камп`ютарах, якія канфіскавалі падчас ператрусу.

- Забралі камп`ютар, дзе былі звесткі адносна сяброў арганізацыі і іншае. Заўтра будзем збірацца, думаць, як выходзіць з гэтай сітуацыі, магчыма, ёсць варыянты абысціся сваімі сіламі, - сказала старшыня арганізацыі. Іншая праблема, паводле яе слоў, у тым, што бухгалтарская дакументацыя была ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч - галоўнага бухгалтара "Нашай Нівы", якая дапамагала ТБМ з разлікамі па дамове падраду (на сёння Вольга Раковіч ужо на свабодзе, рэд.).

Дома ў А. Анісім забралі ноўтбук, а ў бацькоўскай хаце ў в. Савані Стаўпецкага раёна не ўзялі нічога.

Паводле БелаПАН.

Юбілей Серафіма Жыровіцкага

15 ліпеня беларускаму святару Серафіму Жыровіцкаму (Раману Шахмуцю) - 120 гадоў з дня нараджэння. Вясной 1946 года святара закатавалі ў сталінскіх лагерах, прывязаўшы яго рукі і ногі да грузавікоў, якія раз'ехаліся ў розныя бакі.

Нарадзіўся Раман Шахмуць 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе на Случчыне (цяпер Ляхавіцкі раён) у шматдзетнай сялянскай сям'і Рамана і Алены Шахмуцяў. З дзяцінства хлопчыка цягнула да царквы, дзе ён многа і старанна маліўся. Нягледзячы на беднасць і раннюю смерць бацькі, Раману ўдалося скончыць двухгадовую школу ў Ляхавічах. У 1916 годзе ён паступіў паслушнікам у Менскі Свята-Духаў мужчынскі манастыр. Але праз год, у 1917 годзе, вымушаны быў вярнуцца ў роднае Падлессе, каб дапамагаць аўдавелай маці. У 1921 годзе Раман здаў экзамен на псаломшчыка і нейкі час служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска. 25 чэрвеня 1922 года, адчуваючы ў сабе манаскае прызванне, ён пакідае свой дом і накіроўваецца ў Жыровіцкі манастыр на Слонімшчыну. Праз год юнак прымае манаскі пострыг з імем Серафім. Дзякуючы добрым здольнасцям да музыкі і спеваў, яму было даручана яшчэ выконваць абавязкі рэгента і ўстаўшчыка. У 1926 годзе Серафіма (Шахмуця) рукапалажылі ў іерадыякана. У гэтым сане пэўны час ён кіраваў манастырскім хорам, выконваў абавязкі эканома. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод манастырскай браціі. У 1935 годзе Серафім Жыровіцкі быў узведзены ў сан іераманаха. Яго накіравалі на Беласточчыну ў вёску Курашава, што каля Гайнаўкі. Там праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў. Два гады іераманах Серафім служыў у Курашаве. За гэты час малітоўнай і падзвіжніцкай працы ён дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыходу, заўважна ўмацоўваў дух праваслаўных вернікаў. А 20 траўня 1937 года ён з хрэсным ходам з Курашава прыйшоў у Жыровічы, дзе ў гэты дзень адзначалі свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці. Па прапанове іераманаха Серафіма ў 1938 годзе Ікона Жыровіцкай Божай Маці была ўпершыню вынесена з Жыровіцкага Свята-Успенскага сабора і на спецыяльна абсталяваным возе яе пачалі вазіць па Гарадзенскай епархіі. З таго часу іераманах Серафім разам са сваім сябрам Рыгорам Кударэнкам, будучым архімандрытам Жыровіцкім, удзельнічаў у місіянерскіх хрэсных хадах з Жыровіцкай Іконай Божай Маці па заходнебеларускіх гарадах і вёсках. Падчас гэтых хадоў разам з прыхаджанамі ён збіраў сродкі на рамонт Жыровіцкага манастыра. Паўсюль сустрэчы Іконы адбываліся ўрачыста і шматлюдна. У канцы 1939 года ўладыка Панцеляймон (Павел Ражноўскі) узвёў айца Серафіма ў сан ігумена, а крыху пазней - у сан архімандрыта. Калі пачалася Другая сусветная вайна, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор Кударэнка з дабраславення архіепіскапа Панцеляймона ў жніўні 1941 года пакінулі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр і выехалі ў кірунку Менска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўна-прыходскага жыцця ва Усходняй Беларусі, дзе яно было ў даваенны час цалкам разбурана. Па дарозе ў Менск яны наведалі шэраг вёсак Капыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў. У кожным паселішчы місіянеры збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляймона з просьбай аб адкрыцці прыходскіх цэркваў; усюды адпраўлялі богаслужэнні, аглядалі храмы, якія захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў, нястомна прапаведавалі. Прыбыўшы ў Менск, архімандрыт Серафім і айцец Рыгор нядоўгі час служылі ў Спаса-Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Але ўжо ў студзені 1942 года адправіліся на Віцебшчыну з той жа мэтай місіянерскай пропаведзі. Затым яны наведалі Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск і Гомель. У мясцовасці Чонкі аднавілі жаночы манастыр, у якім пасялілася 30 сясцёр. У Віцебску па просьбе Царкоўнага аддзела, быў напісаны архімандрытам Серафімам артыкул для газеты "Новый путь". У ёй аўтар распавядаў пра сваю месіянерскую працу, аб адкрыцці цэркваў, пра тое, як народ радуецца гэтаму, энергічна ачышчае храмы ад калгаснага збожжа, ад смецця. Людзі неслі ў храмы выратаваныя і схаваныя ад бальшавікоў крыжы, рызы, малітоўнікі, Евангелле, абразы, дапамагалі рамантаваць храмы, горача маліліся, пачалі хрысціць дзяцей, адпяваць памерлых і г.д. У Вербную нядзелю праваслаўныя святары наведалі горад Сянно, дзе наладзілі першае богаслужэнне, на якім прысутнічала каля 1000 вернікаў. Там архімандрыт Серафім і іерэй Кударэнка пахрысцілі 200 дзяцей. Падчас місіянерскага падарожжа 1941-1944 гадоў па Усходняй Беларусі айцом Серафімам разам з іерэем Кударэнкам былі адкрыты 74 храмы. Аб'ехаўшы Усходнюю Беларусь, архімандрыт Серафім (Шахмуць) стаў першым летапісцам тых пакутаў, якія выцерпелі служыцелі Праваслаўнай Царквы ў перыяд бальшавіцка-савецкага тэрору. У чэрвені 1944 года ў сувязі з набліжэннем лініі фронту святары выехалі ў Гародню, дзе знайшлі прытулак у манастыры Нараджэння Багародзіцы. А 6 верасня таго ж года абодва прапаведнікі і місіянеры былі арыштаваны. Супрацоўнікі НКУС прад'явілі ім абвінавачанне ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі карнымі органамі СД і ў іншых надуманых злачынствах. На самой справе прычынай арышту была іх падзвіжніцкая і місіянерская дзейнасць. Арыштаваных пратрымалі пад "следствам" роўна 10 месяцаў, так нічога і не дабіўшыся. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы сваіх поглядаў і перакананняў. Абодвум вязням 7 ліпеня 1945 года вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ў канцлагеры. Іх адправілі ў Горкаўскую вобласць, размясцілі ў розных месцах, на адлегласці 12 кіламетраў. Хутчэй за ўсё гэта быў Унжэнскі канцлагер МДБ Горкаўскай вобл. (станцыя Сухабязводная). Там і закатавалі архімандрыта Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця). Рэабілітаваны ён быў пракуратурай Беларусі 22 красавіка 1994 года. Групавая справа, па інфармацыі Леаніда Маракова, архімандрыта і іншых святароў № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Святар Рыгор Кударэнка, адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, дзе праз нейкі час прыняў манашаскі пострыг з імем Ігнацій. У 1984 годзе ва ўзросце 89 гадоў яго не стала. У 1999 годзе Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім Жыровіцкі быў далучаны да ліку святых новапакутнікаў. А ў 2000 годзе на юбілейным Архіерыйскім Саборы РПЦ, які праходзіў у Маскве, Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, быў кананізаваны. Штогод 6 верасня ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбываецца святочнае ўшанаванне памяці пакутніка Серафіма Жыровіцкага. У гэты дзень наладжваюцца Хрэсны ход і літургія. У гонар яго дзейнічае ў Слоніме і прыходскі храм. А ў Жыровічах каля Успенскага сабора стаіць яму помнік.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. На фота: Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць); Серафім Жыровіцкі з вернікамі; Помнік Серафіму Жыровіцкаму ў Жыровічах. Фотаздымкі з архіва аўтара.

Рэдкія выданні Цёткі патрапілі ў аднаіменную бібліятэку

Сёлета адзначаецца 145-годдзе з дня нараджэння Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі). Вядомая беларуская паэтка і дзяячка нарадзілася 3 (15) ліпеня 1876 года ў шляхецкай шматдзетнай сям'і ў фальварку Пешчын Васілішкаўскай вобласці Лідскага павета.

Алаіза Пашкевіч з 1902 года жыла ў Пецярбургу, дзе скончыла гімназію Александроўскай і вучылася на адукацыйных курсах Лесграфта. Атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы паспяхова выкарыстоўваліся ёй у жыцці. У 1903 годзе пачалася літаратурная дзейнасць А. Пашкевіч. У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы і праводзіла актыўную прапагандысцкую працу. У 1904-05 гг. А. Пашкевіч была дзяячкай Беларускай сацыялістычнай грамады, арганізоўвала рабочыя гурткі, выступала з прамовалі на мітынгах і сходах. У 1905 г. А. Пашкевіч была дэлегаткай ад віленскіх работніц на жаночым з'ездзе ў Маскве.

У канцы 1905 года А. Пашкевіч эмігравала ў Галіцыю, жыла ў Львове, была вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта, зарабляючы на жыццё працай масажысткі. У Жоўкве каля Львова яна выдала ў базыльянскай манастырскай друкарні два зборнікі вершаў "Скрыпка беларуская" і " Хрэст на свабоду". У 1908-1909 гадах А. Пашкевіч жыла ў Кракаве, вучылася на гуманітарным аддзяленні ў Ягелонскім універсітэце, была членам рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі " Згуртаванасць". У 1911 годзе намаганнямі Алаізы Пашкевіч і Уладзіславы Станкевіч (будучая жонка Я. Купалы) былі створаны некалькі нелегальных школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні. У лютым 1912 года Алаіза Пашкевіч выйшла замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй вярнуцца ў Вільню.

У 1914 годзе, калі стварыўся першы беларускамоўны часопіс "Лучынка", Алаіза Пашкевіч стала яго галоўным рэдактарам. Дзеля папраўкі здароўя паэтка выязджала ў Фінляндыю і Швецыю. Ва ўмовах Першай сусветнай вайны з вясны да восені 1915-га года А. Пашкевіч даглядала хворых у тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя, прыкладала намаганні для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, у стварэнні прытулкаў. У 1916 годзе памёр бацька і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. Алаіза Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася. Аслаблены сухотамі арганізм не адолеў хваробы…

- Сёлета 13 ліпеня ў Шчучыне былі ўпершыню прадстаўлены арыгінальныя і вельмі рэдкія выданні знакамітай беларускай паэтэсы, вядомай пад псеўданімам Цётка. Адмыслова на святкаванне 145-годдзя з дня яе нараджэння Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая сёння з'яўляецца галоўнай захавальніцай кніжнай спадчыны нашай краіны, перадала калегам - Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі - цэлы шэраг каштоўных выданняў для арганізацыі памятнай выставы, - падзяліўся Алесь Суша.

Асаблівую каштоўнасць маюць упершыню прадстаўленыя ў Шчучыне яе зборнікі паэзіі ("Скрыпка беларуская", "Хрэст на свабоду"), кніжкі і падручнікі для дзяцей ("Гасцінец для малых дзяцей", "Першае чытанне для дзетак беларусаў"), часопіс для моладзі ("Лучынка"), нелегальныя выданні ("Песні", "Калядная пісанка"), лістоўкі, маніфесты і інш. Для жыхароў і гасцей Шчучына, дзе існуе бібліятэка імя Цёткі і ўсталяваны помнік паэтэсе, выстава стала цудоўнай магчымасцю пабачыць арыгінальную творчую спадчыну слаўнай зямлячкі.

Э. Дзвінская.

Рабіць дабро - прыкмета пакоры, духоўнага ўзвышэння

Не за гарамі 2023 год - год 525-годдзя нашага роднага Дзятлава. Здаецца, зусім нядаўна мы святкавалі 500-гадовы юбілей. Горад да яго тады падрыхтаваўся грунтоўна, было шмат зроблена для зручнасці яго жыхароў. Найперш добраўпарадкаванне кранулася гістарычнага цэнтра, плошчы 17 верасня, касцёла і дамоў рамеснікаў, якія былі адрамантаваны, пафарбаваны, аздоблены кавальскімі вырабамі з жалеза (балконы, вароты і брамкі, вывескі). Забудова ажыла, але ў той жа час і не згубіла сваёй сярэдневечнай прывабнасці.

Усе, але асаблiва тыя, хто ўпершыню трапляе ў цэнтр нашага Дзятлава, атрымліываюць асалоду ад пачуцця нібы вяртання на 1-2 стагоддзі назад у мінулае. Тут часткова захаваліся і элементы радыяльнай забудовы сярэдневечных мястэчкаў, і невялікія крамы, і месцы дзе можна перакусіць (праўда іх малавата, ды і сервіс у іх, хоць і палепшыўся, але жадае быць на больш высокім узроўні).

На другім баку плошчы - і галоўны, самы старажытны помнік архітэктуры, узор віленскага барока, касцёл Успення Багародзіцы, збудаваны ў 1646 годзе на сродкі К. Сапегі. Парог гэтай культавай установы за гэты час пераступалі сотні тысяч людзей, у тым ліку і знакамітых жыхароў, і ўраджэнцаў, і гасцей Дзятлава. Тут, канешне ж, бывалі і фундатары пабудовы Сапегі, пісьменнікі, мастакі, навукоўцы. Крыштаф Ульдарык Радзівіл і Тамаш Жаброўскі, Ігнат Дамейка і Вінцэнт Дмахоўскі, Юліян Корсак і, па непацвержаных дакументальна дадзенных, Адам Міцкевіч. Пра ўсё гэта з захапленнем слухаюць турысты, асабліва замежныя. Але пасля аповедаў амаль усіх цікавіць пытанне: хто заснаваў Дзятлава? Як ён угаранаваны?

Адказваючы на гэтае пытанне дзятлаўчанам вельмі хутка не прыдзецца чырванець. Бо, як вядома, яшчэ ў 2018 годзе мне, пры падтрымцы аднадумцаў, удалося ініцыяваць ідэю стварэння ў Дзятлаве манументальнага помніка яго заснавальніку і першаму ўладару, слаўнаму ваяру-палкаводцу, гетману найвышэйшаму ВКЛ К.І. Астрожскаму.

На сённяшні дзень пройдзены ўсе асноўныя юрыдычныя этапы: узгадненне ў міністэрстве культуры і адміністрацыі Прэзідэнта, праведзены конкурс эскізных праектаў, выбрана і зацверджана месца ўсталявання манумента, жылкамунгасам запланаваны сродкі для праектнай дакументацыі пад пастамент помніка, у Белаграпрамбанку адкрыты рахунак для дабравольных ахвяраванняў. Прайшло ўжо амаль паўгода, а на гэтым рахунку сёння вельмі нязначная колькасць рублёў, ды і тыя амаль усе з маёй пенсіі. Пішу гэта не дзеля таго, каб пахваліцца, бо згодна са святым пісаннем, калі ахвяруе правая рука, то левая аб гэтым не павінна ведаць, а дзеля таго каб напомніць яшчэ раз жыхарам горада і раёна, што справа ахвяравання - і богадагодная і ўласцівая людзям нашага краю спрадвеку. Талакой у нас збіралі сродкі і будавалі храмы, капліцы, дарогі, масты, грэблі і іншыя грамадскія аб'екты.

Сёння гэтым у асноўным займаецца дзяржава.

2021 год аб'яўлены годам адзінства. Ці не найлепшы час людзям розных канфесій, рознага ўзросту, полу, дастатку, палітычных поглядаў згуртавацца і паспець зрабіць згодна з "пруткасцю" свайго кашалька ахвяраванне на такую патрэбную справу як манументальны помнік чалавеку, які заклаў у "падмурак" нашага горада першую цагліну, які фундаваў тут пабудову праваслаўнай царквы, а пасля быў шчырым і паслядоўным абаронцам праваслаўя ў ВКЛ, чалавеку, справу якога годна прадоўжыў сын Васіль Канстанцін Астрожскі, які пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, а постаць кананізавана праваслаўнай царквой.

Згодна са святым пісаннем аб богадагоднх ахвяраваннях прынята даваць дзесятую частку свайго заробку. Для адных гэта будзе, вобразна кажучы - рубель, а для іншых і лічба з некалькімі нулямі. Сёння асноўная маса дзятлаўчан жыве ад зарплаты да зарплаты, але ёсць і людзі больш заможныя. Па вялікім рахунку зрабіць пасільны ўклад у высакародную справу можа кожны. Тым больш, што ў нас практыкуюць штогадовыя суботнікі. Па рашэнні калектыву арганізацыі ці прадпрыемства частку сродкаў, заробленых на гэтых масавых мерапрыемствах, можна накіраваць на помнік Астрожскаму. Ёсць варыянты арганізаваць дадатковы суботнік, ці які-небудзь працоўны дэсант, а заробленыя сродкі ўкласці ў справу ўвекавечання заснавальніка нашага Дзятлава.

Вядома, что вучні карыстаюцца бацькоўскімі грашыма, але іншы раз гэтыя рублі трацяцца на якую небудзь жвачку ці чупа-чупс. Калі раз у месяц ці чвэрць, абысціся без такой забавы, то бацькоўскі рубель з гонарам можна аддаць на помнік. І першымі прыклад у гэтай справе павінны падаць на маю думку, сябры БРСМ, піянеры, а ва ўстановах і арганізацыях іх кіраўнікі і ідэолагі.

Вельмі спадзяюся, што прачытаўшы гэты артыкул, адклікнуцца прадпрымальнікі і бізнесоўцы, і не толькі тыя, хто сёння жыве і працуе ў нашым горадзе, але і тыя, хто тут нарадзіўся, жыў калісьці, вучыўся ў дзятлаўскіх школах, у каго захаваліся добрыя настальгічныя ўспаміны аб гэтым куточку Гарадзеншчыны. А такія людзі сёння жывуць і ў Гародні, і ў Менску, і іншых мясцінах Беларусі, за яе межамі ў бліжнім і дальнім замежжы.

Шаноўныя землякі! Раскажыце сваім сваякам, блізкім, знаёмым, якія сёння далёка ад родных мясцін пра ідэю стварэння помніка К.І. Астрожскаму, - дашліце ім нумар банкаўскага рахунка.

Агульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць наша Дзятлава не менш прывабным для турыстаў, чым Ліда, дзе два гады таму паўстала перад замкам конная постаць Гедыміна, ці Слоніма, дзе не нашмат раней, заняў месца бронзавы Леў Сапега. А былая першая сталіца ВКЛ Наваградак яшчэ толькі вядзе размовы, каб яго ўпрыгожыў манумент першага караля ВКЛ Міндоўга.

Не толькі хлеб патрэбны чалавеку. Уявіце сабе, як праз 20-30 гадоў, вы ці вашы нашчадкі, гуляючы ў цэнтры Дзятлава са сваімі дзецьмі, унукамі змогуць з гонарам распавядаць ім пра Астрожскага, пра яго перамогі, заслугі перад праваслаўем і галоўнае, што дзякуючы яму існуе Дзятлава. Пры гэтым сціпла можна будзе нагадаць, што і іхні бацька ці дзядуля зрабіў пасільны грашовы ўклад, і, што магчыма, без яго рубля ці двух і не было б гэтага помніка. Ці не найлепшае патрыятычнае выхаванне?

Нагадваю, што нумар рахунка, на які трэба пералічваць сродкі на помнік:

УНП 50056293, р/р

BY37AKBB31320000000030000000

у ААТ "АСБ Беларусбанк",

БІК АКВВВY2X.

Скульптурны камбінат г. Менска прадставіў планавую калькуляцыю праекта-пераможцы скульптара Паўла Лукі і арітэктара Алы Мацкевіч кошту вырабу ў бронзе помніка Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве, без ацэнкі добраўпарадкавання тэрыторыі і кошту п'едэсталу. Па цэнах 2020 года - гэта 124 тыс. бел. руб.

Шаноўныя суайчыннікі хачу закончыць свой зварот-артыкул радкамі з апошняй кнігі "Памілуй і ўзвысь. Малітвы" знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага: "Навучы, Божа рабіць добраславённыя дзеі, навучы не браць, а аддаваць. І слава спаткае тых, хто мала пра яе думае".

Валерый Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай арганізацыі ТБМ, краязнавец, адзін з ініцыятараў стварэння помніка К. І . Астрожскаму.

Неразвітанне з Радзімай

Яўген Гучок

Паэма-эсэ

Светлай памяці

Цёткі (Алаізы Пашкевіч),

Ларысы Геніюш,

Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай),

Наталлі Арсенневай,

Надзеі Дземідовіч

і іншых, блізкіх па духу і лёсе,

прысвячаецца.


Любоў да Радзімы - першая

годнасць цывілізаванага чалавека.

Напалеон Банапарт.


Caritate patriae austus (est)

(Апантаныя любоўю да Айчыны).

Непот (каля 100-25 гг. да н. э.) ,

рымскі гісторык.


Мой родны кут, як ты мне мілы!

Забыць цябе не маю сілы!

Якуб Колас.


Адзінай мэты не зракуся,

І сэрца мне не задрыжыць:

Як жыць, дык жыць для Беларусі,

А без яе - зусім не жыць!

Ларыса Геніюш.

І

Дзе самае высокае

І самае блізкае неба?!.

Вядома, у Айчыне!

***

Што робіцца з нашай Айчынай,

Адбываецца тое і з намі,

І наадварот.

***

Для Айчыны ўласціва

Мець сабе абаронцаў

Як мужчын, так і жанчын.

***

Айчына!...

Гэта яшчэ і -

Адухоўленая матэрыя.

***

У Айчыне

І канюшына -

Ружы.

***

У кнізе засохлая кветка Айчыны

Даражэй на чужыне

За ўсе экзотыкі ў свеце.

***

Родны край, родны кут...

У сэрцы сваім

Патрыёты даўно яго размясцілі.

***

Жыць у Айчыне - не зусім,

Каб з сачком за матылямі ў лузе бегаць;

Жыць у Айчыне - яе бараніць.

***

Айчыну прыхваткамі не любяць,

Любоў - гэта, калі нязменна

сэрца пульсуе -

Дасылае кроў усяму арганізму.

***

Калі ў імя Айчыны

Міжвольна яе пакідаюць,

Гэта таксама годны ўчынак.

***

Патрыёта не цягне ў тэатр

На забаўку ці нейкі там фарс,

Калі Айчына ў трагічным стане.

***

"Міністэрствы патрыятызму"...

Ад іх толькі боль

І ў першую чаргу гарачаму патрыёту.

***

Айчына - адна,

А калі ёсць другая,

То ёсць пытанне да чалавека.

***

Здрада сям'і - вялікае зло,

Яшчэ большае -

Здрада Айчыне.

***

Пустазелле - смецце маральнае -

Сваё і чужое -

Для Айчыны - пакуты, пагібель.

***

Сёння для сэрца і для душы

Беларусь - нібы ў клімаце

Крайняе Поўначы і Сібіры.

***

Адрываць ад Айчыны часткі (тэрыторыі) -

Тое самае, што разрываць

Патрыёта душу.

***

У Айчыны бываюць слёзы...

Гэта калі рэчкі, азёры, крыніцы

З ласкі людской мялеюць, перасыхаюць.

***

Калі Айчына часам

Не чуе цябе -

Тут і прамых тваіх продкаў заслуга.

***

Лёс балесны Айчыны

Дзеляць з ёю яны (патрыёты)

Перад небам.

***

Рэжым любові да Бацькаўшчыны -

Не лёгкі, але ад яго

Не адмовішся.

***

Як бы што і дзе яно

Ні было, а патрыёты

Не развітваюцца з Радзімай.

***

Накал пачуццяў

У творах патрыётаў

Зашкальвае.

***

Адзін за аднаго...

Айчына за нас -

І мы за яе.

І І

Народ! Народ!

А ці ўсё ў народзе народнае?!.

Антынароднага там - хоць адбаўляй.

***

Бяда, калі лапці з ног

Знайшлі прытулак

У галаве.

***

Сёння нібыта за Беларусь,

А заўтра сур'ёзна - супраць...

Беларускія ванькі-ўстанькі.

***

Хіба то мужчыны, хіба то жанчыны,

Што падмяняюць лухтою, плёткамі

Патрыятычныя справы?!.

***

У многіх рашучасці тут хапае,

Каб чарку кульнуць

І то, не дай Бог, каб за Бацькаўшчыну.

***

І кульнякі гэтыя

Любую хамскую ўладу

Са шчырасцю прывітаюць.

***

Піўнушкі, піўнушкі... Яны таксама

Супраць беларушчыны

І яе гераічных жанчын.

***

Мяшочніка Айчына -

У ягоным

Мяшку.

***

Найбольшыя катаванні

Айчыне -

Ад здрайцаў.

***

Вораг-лазутчык

Спачатку залазіць у душу

Няўстойлівага жыхара, а потым...

***

Чым жа з'яўляюцца здрайцы?!.

Сутнасць гэтых істот у асноўным

У грошах, страўніку і што ніжэй паясніцы.

***

Завербаваны ў патрыёты -

Неадданы і

Ненадзейны.

***

Псеўдапатрыёты -

З разраду

Хітраванцаў, прыстасаванцаў і шкурнікаў.

І І І

Хто ў Беларусі любіць Беларусь,

Той ў Беларусі мае статус

Накшталт зэка палітычнага.

***

У Айчыны тады

звышпраблемы ўзнікаюць,

Калі цёмныя сілы

Імкнуцца ёй перакрыць кісларод.

***

Для Беларусі ў шэрагу адным

Сталін, Гітлер, Пілсудскі...

Ды і сягонняшніх

падобных монстраў легіён.

***

І беларускія прававеды-душагубы

За любоў да Айчыны

Па чвэрці стагоддзя ў Гулагу адмервалі.

***

У паняволенай Айчыне

І салаўіныя песні зніжаюцца

Да ўзроўню курынага кукарэкання.

***

Беларускія і вожыкі, і вавёркі

На падазрэнні

У ворагаў беларушчыны.

***

Не парадокс, а дэгенератства

Не прамымі дарогамі

Ходзіць у Айчыне.

***

Становіцца нормай адказваць па-руску

Іншаземцу, які вас вітае

Па-беларуску.

***

Хто займаецца сачэннем-даносам,

Хто чыніць суд

і расправу над патрыётамі?!.

Тытулаваная і бязродная шантрапа.

***

Ідэалагічна-вышуковыя службы...

Кожны след беларушчыны

Прыгняталі, уціскалі, знішчалі.

***

Шавіністы... Яны,

І паняволеныя,

Шавіністамі застаюцца.

***

Душы д'яблам абрэзаныя

Працягваюць брудныя лапы

Да горла нашай любімай Айчыны.

***

А хамы куды вядуць?!.

Да краю бездані,

Да поўнага вынішчэння, але...

IV

На роднай мове

Размаўляе з Богам

Патрыёт.

***

Мова патрыёта - адкрытая,

Без намёкаў;

Мова яго - не Эзопава мова.

***

Ці даўно беларускае друкаванае слова

З чужыны праз патрыётаў

Вярталася у Айчыну?!.

***

І беларуская мова лучыць

Беларусь зямную

З Беларуссю нябеснай.

***

Адпаведна правоў чалавека

І прыродных законаў Айчыны

Яе мова свабоднай

і абароненай быць павінна.

***

Як недарослае птушаня,

З разбуранага гнязда беларускага

Выпала наша мова.

***

І беларуская мова -

Стрэлка-компас на Беларусь -

Патрыётаў кіруе.

(Працяг у наступным нумары.)

Помнікі ў бронзе і ва ўспамінах

Многія грамадскія актывісты, супрацоўнікі бібліятэк і ўдзячныя чытачы наведалі гэтым летам Вушаччыну ў сувязі з адкрыццём помнікаў Рыгору Барадуліну і Васілю Быкаву на сабраныя народныя сродкі.

А на кніжных паліцах з'явіўся восьмы выпуск "Дзённікаў і запісаў" народнага паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна, над якім шчыравала Наталля Аляксееўна Давыдзенка. Восьмы том выйшаў у Смаленску ў "Інбелкульце" накладам 60 асобнікаў за сродкі аўтара-ўкладальніка, з дапамогай А. Пашкевіча, Г. Роліч, І. Дабрыян.

Новы выпуск ахоплівае 1996-97 гады, у якіх актыўна праяўлялася грамадская, творчая і выдавецкая дзейнасць Рыгора Барадуліна. У гэты перыяд ён удзельнічаў у соймах і з'ездзе БНФ, у працы ПЭН-цэнтра, у канферэнцыі "Улада і свабода слова", у Міжнародных форумах. У траўні 1996 года паэт ездзіў у Германію, пабачыў Музей Гутэнберга ў Франкфурце-на-Майне, Марбургскі і Гесенскі ўніверсітэты. Было шмат паездак і па роднай Беларусі. Наведваў Рыгор Іванавіч Віцебск, Наваполацк і Полацк, выязджаў на здымкі па Вушаччыне. У той час быў зняты фільм пра Рыгора Барадуліна " Евангелле ад Мамы."

Шмат часу і сіл паэта займала перакладчыцкая праца. У лістападзе 1996 г. Рыгора Іванавіча звольнілі з працы. Нарасталі праблемы ў кнігавыдавецкай справе. Падалі тыражы, шалелі цэны. І ўсё ж моцным жаданнем было падтрымаць беларускасць хоць у такіх умовах.

Творчым набыткам тых гадоў стаў зборнік выбраных вершаў "Слаўлю чысты абрус", 1-шы том Збору твораў, неардынарды зборнік ушацкіх прыпевак "Здубавецце", кніга для дзетак " Ішоў коця па канапе". У траўні 1997 года Рыгор Барадулін быў узнагароджаны ордэнам Трох зорак Латвійскай Рэспублікі. У восьмы том часткова ўвайшлі вершы і прысвячэнні, якія не друкаваліся ў зборніках. Даследчыцкая і рэдактарская праца Наталлі Давыдзенкі па захаванні і апублікаванні "Дзённікаў і запісаў" вельмі каштоўная.

Э. Дзвінская.

Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы прэзентавала школьнай бібліятэцы кнігі

У 2021 г. у раёне Бараўкі г. Баранавічы адкрываецца новая доўгачаканая школа, якая пачне працаваць з верасня. Школьная бібліятэка на дадзены момант фармуецца. Арганізацыя "Таварыства беларускай мовы" перадала для бібліятэкі дзіцячую літаратуру: аўтарскія і народныя казкі, легенды і паданні, праграмныя творы. Спадзяёмся, яны будуць карыснымі для вучняў новай школы.

Таццяна Вілес.

Германія - надалей першая ў ЕС паводле колькасці атрыманых заяваў аб прытулку

Навіны Германіі

Германія захоўвае лідарства ў Еўрапейскім Саюзе паводле колькасці атрыманых заявак на прытулак. Пра гэта ў нядзелю паведаміла газета Welt am Sonntag на падставе справаздачы Еўрапейскага бюро падтрымкі прытулку (EASO).

Паводле справаздачы, у першай палове гэтага года краіны ЕС, а таксама Нарвегія і Швейцарыя атрымалі агулам 194808 заяваў аб наданні прытулку. У Германіі была зарэгістравана 47 231 заява. Удакладняецца, што 36% шукальнікаў прытулку прыбылі з Сірыі, 18% - афганцы і 6,6% - іракцы.

Паводле звестак Welt am Sonntag, на другім месцы - Францыя (32 212), за ёй ідуць Іспанія (25 823) і Італія (20 620). Спіс замыкаюць Венгрыя (19), Эстонія (30) і Латвія (58).

Раней міністр унутраных справаў Германіі Горст Зэегофер выказаў занепакоенасць цяперашняй сітуацыяй, бо ўсё больш мігрантаў прыбывае ў краіну так званым балканскім маршрутам. Разам з тым ён адзначыў, што раней нямецкае насельніцтва талерантна ставілася да размяшчэньня ўцекачоў на тэрыторыі Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Але тады трэба было прыняць толькі 200 тысяч чалавек за год. Калі іх колькасьць значна ўзрасла, краіна, паводле міністра, сутыкнулася з сацыяльнымі і палітычнымі праблемамі.

Кіраўнік МУС таксама ўдакладніў, што летась у Германіі папрасілі прытулку больш за 102,5 тысячы мігрантаў.

Welt am Sonntag.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Лапата У.Г. - 50,00 р.

2. Жалабоўскі С.М. - 4,00 р.

3. Ваньковіч Яўген Эдуардавіч - 30,00 р.

4. Ралько Леанід Міхайлавіч - 40,00 р.

5. Лешчанка Юрый Вячаслававiч - 50,00 р.

6. Батура Міхаіл Пятровіч - 5,66 р.

7. Пушкін І.А. - 20,00 р.

8. Гарановіч Анатолій Вітальевіч - 50,00 р.

9. Чыгір Яўген - 10,00 р.

10. Крот Уладзімір Рыгоравіч - 10,00 р.

11. Січкар Алена Рыгораўна - 100,00 р.

12. Кукавенка Іван Іванавіч - 15,00 р.

13. Жыдаль Дзяніс Уладзіміравіч - 100,00 р.

14. Усціновіч Васіль Віктаравіч - 100,00 р.

15. Сасноўскі П.А. - 50,00 р.

16. Сірата А.М. - 10,00 р.

17. Шкут Яўген Аляксандравіч - 6,00 р.

18. Неабыякавы Беларус - 20,00 р.

19. Рабаў Дзмітры Уладзіміравіч - 30,00 р.

20. ШВІ - 15,00 р.

21. Баранаў I.A. - 3,00 р.

22. Копыл Ілля Філіпавіч - 100,00 р.

23. Манько Аляксандра - 50,00 р.

24. Анісім - 335,00 р.

25. Патока Ілля Віктаравіч - 10,00 р.

26. Дайнека А.В. - 20,00 р.

27. Бубен Кастусь Канстанцінавіч - 15,00 р.

28. Якімовіч А.Н. - 30,00 р.

29. Свечка Алесь - 250,00 р.

30. Дамброўская Алеся Яўген. - 20,00 р.

31. Мажэйка Ганна Георгіеўна -10,00 р.

32. Малаковіч Святлана Алегаўна - 20,00 р.

33. Птушка С.І. - 5,00 р.

34. Крачкоўская В.А. - 5,00 р.

35. Цярохін - 20,00 р.

36. Бандарчык - 20,00 р.

37. Белахвостава Людміла - 10,00 р.

38. Бабіч К.С. - 25,00 р.

39. Сеўрук У.А. - 10,00 р.

40. О. О. - 10,00 р.

41. Грыдзюшка Сяргей Мікалаев. - 20,00 р.

42. Пляхневіч Міхаіл Пятровіч - 50,00 р.

43. Грыцкевіч Аляксандра Алякс. - 10,00 р.

44. Сямашка Уладзімір Іванавіч - 10,00 р.

45. Бацяноўскі Аляксандр Рыг. - 10,00 р.

46. Чайкоўскі Павел Іванавіч - 10,00 р.

47. Папова Валерыя Віктараўна - 20,00 р.

48. Белахвостава Людміла - 10,00 р.

49. Тыгрыцкая Вольга - 20,00 р.

50. Шафарэнка Мікалай Мікалаев. -10,00 р.

Усяго - 1853,66 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пра апошняга апавядалі, што перад тым як пайсці з дому ў паўстанцкі атрад, ён быў на пахаванні ў Палашках у Адольфа Краінскага. Там, адна з паненак разгледзела на яго адзенні чырвоную пляму на грудзях, і паказала гэта іншым. Некалькі асоб гэтую пляму таксама разгледзелі. Пляма знікала, калі набліжаліся да Ёдкі, і выразна бачылася на адлегласці. Каб не ствараць дрэннага ўражання, яму пра гэта ніхто не сказаў, але тыя, што разгледзелі злавесны знак, зрабілі сумныя высновы пра яго лёс. Цяжка паранены пад Дубічамі Станіслаў Ёдка, звярнуўся да аднаго з таварышаў: "Маю пры сабе трошкі грошай, вазьміце, каб не трапілі ў рукі маскалёў..." Не дакончыў ... расійскі багнет ударыў яму грудзі. Калі на полі бітвы былі знойдзены парэшткі Станіслава Ёдкі, дык на яго грудзях убачылі глыбокую рану, якраз у тым самым месцы, дзе раней бачылі яе выяву.


Параненыя і захопленыя ў палон былі:

1. Уладзіслаў Клімантовіч;

2. Нікалаі, былы капітан44 расійскіх войск;

3. Кіпрыян Пясецкі - доктар, і іншыя.


У пагроме ацалелі: Геншаль, Тэадора Манчунская, ксёндз Гарбачэўскі, Францкевіч, Пётр Паплаўскі, Андрыёлі.


Адразу ж па заканчэнні бітвы маскоўскія жаўнеры, як шакалы, кінуліся абдзіраць дагала параненых і забітых. Яны яшчэ не былі ўпэўнены ў тым, што забілі самога Нарбута, але ўжо гучала радаснае "Ура!" Крыкі салдат мяшаліся з краканнем варон і крукоў, якія зляцеліся на жор.

Лес прыцішыўся і як бы знямеў ад жаху. Дробныя птушкі адляцелі, пакінуўшы свае вясновыя гнёзды. Сонца на хвіліну абліло апошнімі прамянямі лясную паляну на якой скончыўся бой, адлюстраваўшыся ў вялікіх лужынах крыві і зноў схавалася за аблокі. Потым неба над беднай гаротнай зямлёй і над яе вернымі сынамі заплакала вялікімі кроплямі дажджу. Гэтак закончылася 22 красавіка (4 траўня) трохмесячная партызанка Людвіка Нарбута. Ён скончыў сваё пакутніцкае жыццё, прысвечанае ідэі вольнасці. Герой Літвы, гонар Ліды, адзін з самых адважных кіраўнікоў паўстання, найвысакароднейшы з людзей і лепшы сын нашага Краю.

Па заканчэнні бітвы здраднік Базыль у якасці узнагароды за галаву Нарбута пачаў дамагацца ў капітана расійскіх войскаў Цімафеева абяцаную тысячу рублёў. Афіцэр з агідай, як сабаку, кінуў яму трохрублёўку, сказаўшы: "Не успеешь и этого пропить, мерзавец".

Цімафееў разумеў, што чакала здрадніка. Хутка пасля паразы пад Дубічамі ў Лідскім павеце, як пярун, з'явіўся Парадоўскі (псеўданім "Астрога"), павесіў Базыля Карповіча на шыбеніцы.

У Палашкі, дзе ў Краінскіх45 чакаў вестак з поля бітвы Станіслаў Калясінскі, яе рэха дабегла з хуткасцю маланкі. Хтосьці ціха пастукаў у вакно, і нечыя збляднелыя вусны расказалі пра разгром. У доме Краінскіх запанавала жалоба. Безнадзейная роспач ахапіла сэрцы, таму што ў смерці Нарбута ўсе ўбачылі паразу Лідскага паўстання.

Раздзел XII

На полі бою. Ахвяры з Дубічаў. Пахаванне. Пані Табенская. Жалоба ў народзе. Пані Бразоўская. Нечуваныя абвінавачванні. Песні і легенды пра Нарбута


Звяртаемся ізноў да апавядання спадарыні Манчунскай пра бітву пад Дубічамі.

"Пасля ранішняй паездкі гнала да Дубіч па другім разе. Па конях! Па конях! У вёсках паўсюдна адкрывалі мне брамы і рагаткі. Жанчыны плакалі і прыгаворвалі: "Забіты! Забіты!..." Бліжэй да Дубіч усё часцей трапляліся атрады расійскага войска ... конныя і пешыя, а на вуліцы ад касцёліка да кладкі над Котрай, якая вяла проста ў лес, сабраўся такі тлум жаўнераў, што ехаць стала немагчыма. Сцяна жаўнераў перагарадзіла мне дарогу. Моцна закрычала: "Сястра Нарбута! Шукаю яго цела. Хачу яго пахаваць!"...

Нехта голасна спытаў: "Что она говорит?" Да мяне падышоў Цімафееў. "Сястра Нарбута, - паўтарыла. - Шукаю брата". Прылажыў, салютуючы, руку да галавы: "Мы брата Вашего уважаем как настоящего солдата… Расступиться!"... - крыкнуў жаўнерам. Падаў знак рукой. Шэраг раздзяліўся, і я ўбачыла палянку і голыя абкрываўленыя целы! У маёй галаве пранеслася: "Укленчу перад першым лепшым трупам … скажу што гэта Нарбут. Можа ён жывы, то няхай яго не шукаюць". Але ўжо бачыла Людвіка. Меў рану на шыі. Упала на калені. Сэрца напоўнілася невыносным жалем … Вакол мяне таўкліся жаўнеры, чуліся крыкі: "Нарбут! Нарбут!"

Да гэтага часу яны не былі ўпэўнены, што забілі яго, і толькі цяпер узняўся крык: "Это я его убил. Нет, это я доколол!" Гэтак яны спрачаліся і што раз шчыльней атачалі мяне. Мне здавалася, што прыйшла мая апошняя хвіліна. І тут пачулася каманда - паміж мной і жаўнерамі праціснуліся багнеты… Уздыхнула. Афіцэры сталі каля мяне, а войска атачыла труп навокал.

Праз шэрагі войска з плачам праціскаліся сялянкі з грубымі самаробнымі кашулямі, каб прыкрыць аголеныя целы. "Не плачце пры ворагу!" - закрычала я, трацячы розум ад болю.

На маё шчасце паявілася Тоня Табенская46 , якая на той момант знаходзілася ў Шаўрах. - "Ціха... ціха... Адсочваюць цябе, запісваюць кожнае тваё слова!... Я ўсім займуся!"

"И вы тоже ищете брата?" - іранічна спытаў Табенскую нейкі афіцэр.

"Яны ўсе мае браты!" - адказала горда.

Ёй дазволілі заняцца пахаваннем забітых, але найперш было загадана тэлеграфаваць да Назімава, каб атрымаць яго дазвол на пахаванне.

Назімаў дазволіў.

Войска выходзіла з Дубічаў.

На вазах, высланых свежай саломай, вывозілі ў плябанію параненых з абодвух бакоў.

За мной пайшоў нейкі афіцэр і пачаў распытваць: "Это Ваша записка была найдена при нём? А деньги - это его деньги?"... і г. д.

Адчувала, што ад болю і роспачы трачу над сабой кантроль. Кінулася да яго як раз'ятраная ільвіца … афіцэр выйшаў за дзверы... і толькі тады я апрытомнела...

Прыехала пані Краінская шукаць свайго мужа. Затым на пошукі парэшткаў сваіх сыноў прыехала пані Бразоўская. Яна хоць і была зламана асабістай стратай, казала маёй маці: "Такія як мае яшчэ знойдуцца ... але хто заменіць сына спадарыні? ..." Любоў да Айчыны ў тыя часы верхаводзіла над усім, прыглушала боль страшнай асабістай страты.

Цімафееў дазволіў перанесці на ноч целы забітых у бабінец касцёліка ў Дубічах".


На гэтым перарываюцца ўспаміны спадарыні Манчунскай і далейшыя падрабязнасці чэрпаем з успамінаў спадарыні Табенскай "З долі і няволі":

"З трупаў лілося столькі крыві, што здавалася яны плаваюць у крывавым патоку.

Касцельныя бабкі абмылі трупы ад крыві, вясковыя жанчыны, з плачам, як па ўласных сынах, накрылі іх сваёй грубай бялізнай і прасцінамі.

Ранкам прыбылі некалькі пань і паноў з суседніх гаспадарак. Прывезлі бялізну і адзенне для забітых, посцілкі і бандажы для параненых."

Адзін з іх - Уладзіслаў Нікалаі, афіцэр штаба, потым быў расстраляны ў Вільні. Дарма ён уратаваў жыццё. Другі - доктар Кіпрыян Пясецкі, атрымаў выгнанне ў Сібір і памёр у Табольску, пакінуў косці ў чужой зямлі. Пётр Янкоўскі атрымаў вырак на цяжкія работы. Іншых прозвішч пані Табенская не прыпамінае.

"Змрочная сур'ёзнасць ляжала на галовах усіх, хто прыбываў на гэты балючы людскі рытуал… З вялікай роспаччу глядзелі на тое, як палягла моладзь, з якой яны звязвалі так многа надзей, ляжыць, як скошаная трава, на бабінцы касцёла. Тут ляжалі найлепшыя і найшляхетнейшыя сыны Лідскай зямлі, яе будучыня, а можа, і слава.

Ляжаў і ён, камандзір - Людвік Нарбут, у каторым не толькі Ліда, але і ўся Літва страціла свайго самага слаўнага ваяра за вольнасць.

З прыбыўшых на пахаванне спадарынь найбольшую дапамогу аказалі: Тараевічава з Салтанішак і Юзэфа Вісмант - настаўніца.

Нарэшце ўсё падрыхтавана.

Дванаццаць белых нефарбаваных трун былі пастаўлены ў касцёле без катафалку, проста на зямлі і ўтварылі піраміду, верхам якой была абабітая чорным аксамітам труна камандзіра.

Развітаўшыся з нягодамі і цяжкасцямі свайго кароткага жыцця, прысвечанага Краю, якое налічвала крыху болей за 31 гады, спаў ужо ў гэтай труне вечным сном Людвік Нарбут, над дванаццаццю сваімі вернымі таварышамі, а людзі, углядваючыся ў яго дамавіну як у святыню, выціралі заплаканыя вочы і паўтаралі: "Зусім як Хрыстос з дванаццаццю апосталамі".


24 красавіка (6 траўня) з вялікай урачыстасцю адбылося пахаванне ахвяр, палеглых пад Дубічамі.

Прыбылі чатырнаццаць ксяндзоў і каля 200 асоб з тутэйшых землеўладальнікаў.

Тлумы людзей перапаўнялі касцёл, звонку атачаючы яго вялікай рухомай хваляй.

Усе сюды прышлі, каб аддаць пасмяротную даніну пашаны ўлюбёнаму лідару і яго таварышам. Людзі галасілі ўголас, а з грудзей матак, жонак, сясцёр і нарачоных вырываліся раз за разам балесныя ўздыхі і здушаны енк.

Спадарыня Бразоўская, заліваючыся слязьмі, паўтарала: "Вельмі шкадую сваіх дзетак, але яшчэ болей - Нарбута. З ім уся Літва сваю надзею на вольнасць кладзе ў магілу".

Вялікая, загадзя падрыхтаваная магіла, чакала палеглых за вольнасць ваяроў. Усе труны былі пастаўлены ў дол у адзін рад. Лідская зямля прыгарнула сваіх верных сыноў, прымаючы іх у сваё лона на вечны адпачынак.

З пяску, насыпанага жменямі вырас высокі капец, які закідалі вясновымі кветкамі.

Яшчэ не высахлі слёзы ў сем'ях, як гэты курган казакі зруйнавалі капытамі сваіх коней.


Паражэнне пад Дубічамі было сумным фіналам трохмесячнай партызанкі Нарбута. Праходзіла яна ў незвычайна цяжкіх умовах: нястача добрай цывільнай арганізацыі па-за лагерам, непадпарадкаванне аддзелаў і іх слабая падрыхтоўка з-за працяглых маршаў, неабходных каб дэзарыентаваць ворага, нястача зброі і амуніцыі. Атрад Людвіка Нарбута налічваў максімальна да 400 чалавек. Акрамя страт у сутычках, здаралася дэзерцірства сярод маладушных, асабліва пасля абвяшчэння ўрадавага маніфеста, які абяцаў памілаванне ўсім тым, хто са зброяй у руках, або без яе, дабраахвотна выдасць сябе ўладам.

Партызанка ў такіх умовах была свядомым геройскім учынкам, і трэба браць пад увагу яшчэ і тое, што камандзір працяглы час даваў адпор значна больш колькаснаму непрыяцелю і ўдала выслізгваў з яго рук. Сапраўды, расійскае войска дрыжала толькі пры адным упамінанні імя Нарбута. Аднак сілы для барацьбы былі вельмі няроўныя.


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

44 Нiкалаi Уладзiслаў, насамрэч былы падпаручнік Нарваўскага палка, шляхціц Вiленскай губерні, паранены ў бітве пад Дубiчамi, трапіў у палон, 13 верасня 1863 г. расстраляны ў Вiльнi на Лукiшскiм пляцы. - Л. Л.

45 Краінскія паходзілі з Галіцыі. Іх дзед - Тадэвуш Дунін Краінскі асеў у Літве ў палове XVIII ст. Леан, загінуўшы пад Дубічамі, пакінуў жонку Юзэфу са Шчукаў і некалькі дзяцей. Яго маёнтак Грачанішкі ацалеў амаль што цудам. Яго Брат - Адольф з Палашак, быў зняволены і высланы ў Варонеж, дзе і памёр.

46 Антаніна Табенская, сястра Альжбеты. Абедзве з'яўляліся актыўнымі ўдзельніцамі паўстанчага руху і былі высланыя на Сібір. Антаніна знаходзілася ў Іркуцку, дзе выйшла замуж за Эдварда Лазоўскага. Альжбета працавала настаўніцай у Енісейску. У 1876 годзе вярнулася і пасялілася ў Варшаве. Антаніна потым працавала настаўніцай у Смаленскай губерні, пасля чаго зноў пераехала ў Варшаву. Скончыла свае дні ў прытулку для настаўнікаў. Бацька Табенскіх памёр у турме.

(Працяг у наступным нумары.)

Палац у Жалудку

Леанід Лаўрэш

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Вячэру падалі ў вялікую залу. Увагу гасцей прыцягвалі не багаты і вытанчаны смак ежы, а сталовыя прыборы. Сервізы былі з парцэляны вышэйшага гатунку і кожная адзінка сервіза аздоблена падвойным гербам: Чорным арлом з трубамі ў сярэдзіне - Радзівілаў і Пагоняй - Чацвярцінскіх. Разам яны выглядалі як падвойны герб Рэчы Паспалітай. Дапаўнялі сервізы залатыя покрыўкі з гербамі і знакамі пробы каштоўнага металу. Не вядома, з якой колькасці тузінаў складаўся гэты парцалянавы сервіз і колькі было залатых покрывак з усімі дадатковымі прыборамі, пачынаючы ад апалонікаў і падмісаў і заканчваючы малымі лыжачкамі для перцу і солі. Каля кожнай покрыўкі ляжаў поўны камплект патрэбных прыбораў, а прыборы, якімі ў той вечар Караль Лясковіч не карыстаўся, ён нават і не ведаў якую назву яны маюць і для чаго служаць.

Іншая падзея, якую апісаў Лясковіч, таксама мела месца ў мурах Жалудоцкага палаца, гэта была вячэра і раўт у гонар прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага, які адбыўся ў верасні 1929 г. Прэзідэнт наведваў Наваградскае ваяводства і прыехаў з Ліды ў Жалудок каля 17-й гадзіны. Узгоднены з ўладамі спіс запрошаных гасцей уключаў у сябе паслоў і сенатараў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання. Баль не праводзіўся і мела месца толькі ўрачыстая вячэра, падчас якой у гонар госця выступіў гаспадар дома князь Людвік Чацвярцінскі. Прысутнічала каля 60 чалавек. Пасля вячэры адбыўся раўт з удзелам гасцей як з кола землеўладальнікаў гэтак і з чыноўнікаў. Спадары былі ў фраках з ордэнамі, спадарыні ў вячэрніх туалетах.

Халодны, афіцыйны настрой перапыніў малады энтузіяст, кузен Караля Лясковіча Юльян Лясковіч. Юльян, высокі, прадстаўнічы бландзін з тыповай славянскай знешнасцю хутка наблізіўся да прэзідэнта і ўкленчыў:

- Шаноўны наш спадар прэзідэнт! - сказаў ён глыбока ўзрушаным голасам. - Першы раз у жыцці маю шчасце бачыць першага саноўніка Рэчы Паспалітай. Прашу дазволіць мне, як сыну, прывітаць цябе!

Прэзідэнт выцягнуў далонь, якую шчаслівы Юльян пацалаваў, пасля чаго абняў Юльяна за галаву, прыціснуў да сябе і выказаў яму сардэчную ўдзячнасць. Караль Лясковіч заўважыў, што гэтая сцэна была як быццам з ранейшых вякоў, гэтак калісьці віталі сваіх каралёў.


Пасля Першай сусветнай вайны, Чацвярцінскія мелі вялікія эканамічныя праблемы. Апошні ўладальнік суседняга маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў, што калі яго бацька купіў сабе брычку, дык "пасля вайны нейкі час быў адзіным уладальнікам брычкі ў павеце. Тады нават большыя абшарнікі, як напрыклад, кн. Чацвярцінскі з Жалудка, ці таксама кн. Друцкі-Любэцкі са Шчучына брычак яшчэ не мелі, і пакупка брычкі для Малога Мажэйкава была вялікім выдаткам, пра які шмат гаварылі...".

28 снежня 1925 г. польскі сейм прыняў законы пра аграрную рэформу, і пастановай Рады Міністраў былі прымусова прадзены 300 га з маёнтка Жалудок (фальваркі Хацееўшчына і Варацішча) князя Людвіка Чацвярцінскага а ў 1927 г. прымусова прададзены яшчэ 100 га княгіні Марыі Чацвярцінскай каля мястэчка Жалудок.

Аднак паступова матэрыяльны стан паправіўся, сучаснікі памятаюць, што ў толькі што створаным Шчучынскім павеце, толькі чатыры чалавекі мелі аўтамабілі: Андрэй Брахоцкі з Малога Мажэйкава, князь Чацвярцінскі з Жалудка, Міхал Верашчака з Вялікага Мажэйкава і Андрэй Раствароўскі (сын архітэктара) са Скабеек (каля Дзікушак). І толькі гэтыя землеўладальнікі ў маёнтках мелі тэнісныя пляцоўкі.

Аднак і пасля гаспадарчай і фінансавай стабілізацыі Чацвярцінскія вялі аскетычнае штодзённае жыццё. Андрэй Раствароўскі ўспамінаў, што сыны Людвіка і Ружы, хлопцы Чацвярцінскія, часта гасцявалі ў яго і неяк запыталіся ў сваёй маці, Ружы з Радзівілаў, сястры апошняга ардыната Нясвіжа: "Чаму ў Раствароўскага на сняданак ёсць такая смачная кава, а мы п'ем такую дрэнную?". У княжацкім жалудоцкім доме панавала прастата, і штодзень ужывалася кава са збожжа. Сям'я жыла ў невялікім белым мураваным доміку, які летам тануў у моры кветак.

Уладальнікі Жалудка князі Чацвярцінскія былі сапраўдный арыстакратыяй і з'яўляліся ўзорам сацыяльнай адказнасці багатых за стан жыцця народа. На пачатку 1909 г. народны карэспандэнт "Нашай Нівы" пад псеўданімам Дзяцел паведамляў: "М. Жалудок Лідскага павета. У нас ёсць гаспадарская суполка, але надта моцна яна не працуе. Аткрылі тут хаўрусную краму, за 7 месяцаў яна дала 400 руб. чыстага даходу. Хаўруснікаў у краме 120-140, кожны даў па 10 рублёў. Яшчэ большая была бы карысць, каб у нас была не толькі хаўрусная крама, дзе мужык толькі купляе за свае грошы, але яшчэ хаўрусы для прадажу мужыцкага дабра, здабытага мужыцкай працай - напрыклад, малака, масла, збожжа і др. Тут ёсць вялікая старасвецкая карчма, якая належыць памешчыку князю Чацыярцінскаму. Ён перабудаваў нанава гэтую карчму пад краму і чайную, хочуць зрабіць тут і заезд дзеля начлега. З крамы кн. Чацыярцінскі бярэ 50 руб. Арэнды, - значыць ня шмат. Вядома рэч, што як багатыя людзі памагаюць завясці карысныя для грамады рэчы, то гэта добра. Але хаўрусныя крамы і таварыства будуць моцныя толькі тады, калі самі мужыкі будуць на іх складацца. Мужыцкі грош будзе цвярдзейшы! Княгіня аткрыла тут бальніцу на 10 ложкаў, лечаць дарма".


Усе працаўнікі маёнтка Чацвярцінскіх разам з сваімі сем'ямі мелі медыцынскае абслугоўванне і таму пры двары жыў лекар. Ён жа працаваў у шпіталі св. Ружы ў мястэчку, які фундавала княгіня Ружа. Шпіталь працаваў без усялякіх датацый з боку дзяржавы ці мясцовага самакіравання і быў адчынены для ўсіх, грошы за медычныя паслугі бралі па дзяржаўным каштарысе, тыя ж, хто плаціў дзяржаўную медыцынскую страхоўку, абслугоўваўся бясплатна. Лекары шпіталя мелі права прыватнай практыкі. Для работнікаў маёнтка працаваў дзіцячы садок.

Князі ніколі не адмаўлялі ў дапамозе тым, хто меў у гэтым патрэбу. Сялянам і сваім рабочым, хаты якіх згарэлі пры пажары, дрэва на пабудову новых хат давалася дарэмна разам з грашовай дапамогай. Журналіст Фелікс Дангель пісаў, што "калі напрыклад, захварэе ляснік Пятрук, дык князь без ваганняў выдае 5 000 злотых для лячэння ... у Закапанэ, а колькі грошай было дадзена працоўным паціху ...". Чацвярцінскія паважалі працавітых людзей, але былі жорсткія да хуліганаў і п'яніц, гэтых нават маглі выселіць з мястэчка на хутары.

У 1936 г. Жалудоцкіх маёнтак у выглядзе заробкаў выплаціў сваім работнікам каля 1 мільёна злотых. Лічба красамоўная, і ведаючы прыкладныя заробкі таго часу, не цяжка падлічыць, што ў маёнтку працавала да 1000 чалавек.


Чацвярцінскіх мелі каля 17000 гектараў зямлі, большая частка з якой, да 15000 гектараў, была пад лесам. Таму для маёнтка лясная гаспадарка была галоўнай крыніцай даходаў.

Адміністрацыя жалудоцкага маёнтка пасля Першай сусветнай вайны знаходзілася ў энергічных руках Юзафа Славінскага. У 1936 г. той жа Фелікс Дангель пісаў пра гэтага чалавека: "Юзаф Славінскі, шляхціц і сын гэтай зямлі, вырас на ёй, добра ведае патрэбы і норавы мясцовых людзей. ... Няўдзячная яго праца. Усё добрае - заўсёды заслуга князя, а дрэннае застаецца з ім. Але гэта яго заслуга, што стаўшы каля князя ў цяжкія пасляваенныя часы, ён дапамог яму стварыць моцную, а зараз ужо і ўнікальную гаспадарку, якая нават падаткі плаціць наперад".

Найбольшым аграрным аб'ектам маёнтка - 600-гектарнай Ліпічной, кіраваў сярэдні сын князя Станіслаў. Аднак галоўны грашовы даход давалі лясы і кіраваў лясной гаспадаркай інжынер Пясецкі. Пясецкаму падначальваліся два лясніцтвы, у якіх працавала 88 аб'ездчыкаў і леснікоў. Гаспадарка мела школкі маладых дрэў, прамысловы адбор саджанцаў, вялікі паравы тартак над Нёманам і ўласны рачны порт. Таксама ўзорна была пастаўленая справа падкормкі і адстрэлу жывёл і гадоўля фазанаў.

Узровень лясной гаспадаркі ў Жалудку стаяў настолькі высока, што Управа дзяржаўных лясоў прысылала сюды для вучобы сваіх ляснічых. Высечкі рабіліся згодна з планам і вельмі ашчадна. Выцярэбліваліся толькі 200 гадовыя асіны і дубы (замест 100 гадовых, як звычайна). Рымскае права лічыла, што бясспрэчным доказам права ўласнасці з'яўляецца гаспадаранне, якое робіцца з пазіцыі "добрага гаспадара". У Жалудку гаспадарка вялася менавіта такім чынам. Высокі ўзровень аграрнай, лясной, жывёлагадоўчай і рыбнай гаспадарак даваў добрыя вынікі.

Прамысловасць маёнтка не абмяжоўвалася вялікім тартаком з сушылкай і млынам у Зачэпічах (у Зачэпічах князь у 1933 г. пабудаваў драўляную капліцу, куды прыязджаў ксёндз з Жалудка). Маёнтак меў дзве вінакурні (спіртзаводы) і сваю электроўню, якая акрамя маёнтка асвятляла яшчэ і мястэчка. Паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў другой палове 1930-х гг. дазволіла значна пашырыць тартакі. Да канца 1930-х гг. меўся адзін паравы і два вадзяныя млыны, гадоўля пародзістых коней і кароў. Яшчэ ў 1902 г. маёнткі Жалудок і Ліпічна злучыла тэлефонная сувязь, да канца 1930-х гг. тэлефонная сувязь злучала паміж сабой усе суседнія маёнткі.

Арыгінальна было вырашана водазабеспячэнне Жалудоцкага палаца. Вада да яго паступала з крыніц за 2 км ад палаца самацёкам. На месцы вада фільтравалася і запампоўвалася ў рэзервуар на 3-м паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Для працы помпаў на працягу месяца дастаткова было 2-х балонаў са сціснутым паветрам.

Чацвярцінскія ніколі не ашчаджалі грошы для грамадскіх патрэбаў. "За польскім часам" князь быў сталым старшынём Павятовага звязу землеўладальнікаў і дэлегатам ад павета ў ваяводскім звязе, дзе меў пасаду члена кіраўніцтва. Княгіня за свае грошы ўтрымлівала ткацкія майстэрні і ўстанову, якая апекавалася дзецьмі рабочых маёнтка. Князі фінансавалі шматлікія грамадскія і харытатыўныя акцыі. Усталявалася традыцыя, што на ўсе грамадскія акцыі адзін Жалудок даваў столькі ж грошай, колькі ўсе астатнія землеўладальнікі павета.

Князі і адміністрацыя Жалудка бралі чынны ўдзел у працах сельскагаспадарчых вясковых гурткоў (колаў), княгіня ўдзельнічала ва ўсіх жаночых таварыствах, такіх як Кола землеўладальніц, Кола вясковых гаспадынь і іншых, часта фінансавала мерапрыемствы, якія праводзілі гэтыя арганізацыі. Сусед Андрэй Раствароўскі ўспамінаў: "... грамадскія справы ... прыбывалі амаль што з кожным выездам. Гэтых выездаў было шмат, таму князь Людвік Чацвярцінскі, старшыня Звязу землеўладальнікаў і праз нейкі час Сельскагаспадарчага Таварыства, Стась Ваньковіч (землеўладальнік, сваяк Раствароўскага - Л. Л. ) і я былі змушаны часта начаваць у Лідзе, супольна нанялі пакой ... Нашым чацвёртым таварышам быў Юзаф Славінскі, адміністратар з Жалудка. ... У Коле вясковых гаспадынь ... старшынствавала княгіня Ружа Чацвярцінская. Да абавязковых атрыбутаў начлегу належала вячэрняя партыя ў брыдж і неяк хутка аказалася, што я - не самы дрэнны гулец. ... Пасля брыджу часта наступала партыя чагосьці хуткага, звычайна покеру, які спадабаўся князю. Але князь ніколі не граў настойліва і з высокімі стаўкамі".

Сусед Караль Лясковіч пісаў, што "сям'я Чацвярцінскіх мела вялікі аўтарытэт, цешылася павагай і сімпатыяй. Дабрыня і дабрачыннасць гэтай сям'і была добра вядома сялянам, і яны неаднаразова ёй карысталіся. Жалудок у нашым павеце з'яўляўся моцным культурным асяродкам".

Сучаснікі адзначалі, што Людвік Чацвярцінскі быў гарачым апякуном мясцовага краязнаўчага руху.

Жалудок Чацвярцінскіх славіўся сваімі паляваннямі, якія князь ладзіў для гасцей у сваіх занёманскіх пушчах. У Першую сусветную вайну ў лясах быў цалкам вынішчаны лось, але паляўнічым хапала сарнаў, ваўкоў, рысяў, дзікоў, зайцоў. Фелікс Дангель адзначыў, што ў 1936 г. Людвік Чацвярцінскі падстрэліў свайго сотага ваўка.


Князі Чацвярцінскія мелі 5 дзяцей - 3 сыны і 2 дачкі:

- Ежы, старшы сын, юрыст. Перад Другой сусветнай вайной займаў пасаду віца-старасты Касцянскага павета ў Вялікай Польшчы. Афіцэр рэзерву, падчас вайны вязень Офлага ў Германіі, пасля вайны эмігрант, разам з маці жыў у Бруселі, дзе ажаніўся з графіняй Жалтоўскай. Меў 2 сыны і 2 дачкі.

- Станіслаў, быў жанаты з Евай Буксхэўдэн. Усю Другую сусветную вайну правёў у нямецкіх турмах і лагерах. Пасля вайны, за нейкую малую правіннасць быў арыштаваны службай бяспекі ПНР і звольнены толькі ў 1956 г. Пасля звальнення пачаў дабівацца права на эміграцыю ў Канаду, у 1961 г. эміграваў туды разам з сваёй сям'ёй. Меў 5 сыноў і 4 дачкі.

- Андрэй, трэці сын. Афіцэр рэзерву 3-га палка Грохаўскіх уланаў, у верасні 1939 г. прызваны на службу. Расстраляны каля Скідзеля разам з жонкай (жонка з дома графаў Тараноўскіх).

- Ружа, старшая дачка, чацвёртае дзіця ў сям'і. Перад Другой сусветнай вайной выйшла замуж за графа Плятэра з Лужкоў Дзісненскага павета. Падчас вайны выехала ў Швейцарыю, дзе і жыла потым. Мела 2 сыны і 1 дачку.

- Марыя, малодшае дзіця. Падчас вайны выехала ў Францыю. Там закончыла курс медыцыны і працавала лекарам недалёка ад Парыжа. Мела сына і дачку. Пасля разводу другі раз выйшла замуж за Раствароўскага.

У верасні 1939 г. князь Людвік не паслухаў парады свайго дасціпнага адміністратара Юзафа Славінскага, які ўгаворваў яго неадкладна пакінуць Жалудок. Замест таго, каб на аўтамабілі ці коньмі ехаць у бок літоўскай мяжы, князь вырашыў ехаць у Вільню чыгункай. У Лідзе на чыгуначнай станцыі быў апазнаны і разам з жонкай арыштаваны. Пазнаць яго было не цяжка, бо меў рост 190 см, вельмі характэрны профіль твару і характэрную вымову. Чацвярцінскіх пасадзілі ў мясцовую турму, дзе яны прабылі 7 месяцаў, пасля чаго адвезлі ў Маскву. Там, па просьбе італьянскага караля Віктара-Імануіла III, Чацвярцінскія былі звольнены і адпраўлены ў маёнтак свайго брата на тэрыторыю Польшчы, акупаваную нацысцкай Германіяй. Але з-за дыверсійнай акцыі ў ваколіцах маёнтка князь як закладнік быў арыштаваны і вывезены ў лагер Асвенцым, дзе і памёр у 1941 г.

"Гуляй, спявай, Дварышчанскі край!": аграгарадку Дворышча - 500 гадоў

У сілах кожнага чалавека зрабіць сваю малую радзіму прыгажэйшай і лепшай за іншыя. Яркі прыклад таму - аграгарадок Дворышча. Тут жывуць людзі, якія на справе даказваюць сэнс знаёмай усім прыказкі: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Сёння дварышчанцы - і цяперашнія, і тыя, хто па якіх-небудзь прычынах адгэтуль з'ехаў - адзначылі юбілей роднага краю.

На імправізаванай сцэне ля Дома культуры разгарнулася канцэртная праграма лепшых калектываў Лідскага раёна, паралельна працавалі дзіцячыя пляцоўкі, праводзіліся майстар-класы па рамёствах, ішоў святочны гандаль.

На свяце ўшаноўвалі ганаровых жыхароў, ветэранаў вайны і працы. Медалём, падзячным лістом і грашовым падарункам ганаравалі Галіну Рубель, якая 40 гадоў прапрацавала загадчыцай Дварышчанскга ФАПа. Дзякуючы яе ўмелым рукам і моцным нервам на свет з'явілася нямала малянят.

- Ці ведаеце вы, што праца сельскай акушэркі - кругласутачная? - усміхаецца Галіна Іванаўна і па яе твары разбягаюцца добрыя маршчынкі. - Па дапамогу аднавяскоўцы звярталіся да мяне і днём, і ўначы. Памятаю, у 7 раніцы каля маёй хаты спыніўся рэйсавы аўтобус, які ішоў у Геранёны. З яго выбеглі людзі і пачалі клікаць на дапамогу. Аказалася, што ў дарозе ў жанчыны пачаліся роды. Я заскочыла ў аўтобус, і мы панесліся на ФАП. Апынуўшыся на кушэтцы, парадзіха слёзна маліла дастаць з яе кішэні аплатку і пакласці ёй у рот. І хоць радавы працэс быў імклівым, прыйшлося прычасціць жанчыну і ўжо толькі тады прымаць дзіцятка.

Мабыць, у кожнага, хто хоць неяк знаёмы з аграгарадком Дворышча, узнікаюць асацыяцыі з коньмі. І гэта, вядома, нездарма. Аддзяленне коннага спорту Лідскай комплекснай ДЮСШ №4 - адмысловы гонар дварышчанцаў. У дзень імпрэзы 500-годдзя аграгарадка тут быў дадзены старт адкрытаму першынству Гарадзенскай вобласці па конным спорце.

- На баявое поле выйшлі 29 спартовых пар з Ліды, Шчучына, Гародні і Берасця, каб у сумленнай барацьбе вызначыць наймацнейшых у трох катэгорыях "Аматарская язда", "Дзеці 2004 г.н. і маладзей", "Маладыя коні", - распавядае галоўны суддзя спаборніцтваў Наталля Савіцкая. - Выхаванцы Лідскай ДЮСШ паказалі выдатныя вынікі, перамогшы амаль на ўсіх маршрутах.

Конным спортам лідзянка Каця Зуевіч займаецца ўжо тры гады. Кажа, доўга не магла вызначыцца ў сваіх захапленнях: спрабавала сябе і ў барацьбе, і ў плаванні, пакуль аднойчы мама не прывезла яе ў Дворышча. Апынуўшыся першы раз у сядле, дзяўчынка адчула велізарны стрэс. Але калі эмоцыі ўлегліся, зразумела: коні - гэта яе жарсць. На заняткі ў Дворышча Каця прыязджае 5 дзён у тыдзень. І ў зімовыя халады, і ў летнюю спёку, на аўтобусе ці на машыне - усё роўна. Галоўнае, апынуцца там, дзе сэрцу міла.

- Мой любімчык - конь Норык. Люблю яго даглядаць - мыць, расчэсваць, размаўляць. Але выступаць сёння я буду ў пары з іншым канём - Флейтай. Нажаль, гэта залежыць не ад мяне, а ад трэнера - зыходзячы з досведу вершніка, менавіта ён выбірае нам чацвераногага напарніка. Дарэчы, на спаборніцтвах выступаю ўпершыню. Хвалююся!

Каларытнасць святу надавала выстава старадаўніх побытавых і працоўных прылад. Такую экспазіцыю прама ля сваёй хаты арганізаваў былы дырэктар эксперыментальнай базы "Нiва" Віктар Кудла - за 20 гадоў, якія ён прысвяціў калекцыянаванню, сабралася больш за сотню экспанатаў. Дзе яшчэ сучаснае пакаленне ўбачыць малатарню з конным прывадам, драўляныя вагі і нават слайсер для тытуню?

- З дапамогай садніка - даставалі з печы хлеб, а з дапамогай вілак - чыгункі. Вось рубель - яго выкарыстоўвалі для мыцця бялізны, - Віктар Іванавіч знаёміць моладзь з "вымерлымі" прадметамі побыту. - Для чаго патрэбныя "кошыкi", думаю, вы ведаеце, яны яшчэ не зусім састарэлі. Іх у мяне таксама цэлая калекцыя - кожны выкананы розным майстрам і ў рознай тэхніцы пляцення. А зараз пытанне "на засыпку": для чаго служыў гэты прадмет? - трымаючы ў руках драўляную "педальку", Віктар Кудла ўмела заінтрыгаваў наведвальнікаў сваёй выставы...

Сваё 500-годдзе аграгарадок Дворышча адзначыў весела і з размахам. Было шмат музыкі і душэўных песень, слоў падзякі і пажаданняў, успамінаў і планаў на будучыню... Хочацца толькі дадаць: і яшчэ 500 гадоў будзе жыць!

Наталля Валканоўская, lidanews.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX