Папярэдняя старонка: 2021

№ 30 (1545) 


Дадана: 27-07-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1545), 29 ліпеня 2021 г.

27 ліпеня - 31-я ўгодкі прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі

Дзясяткі тысяч дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на плошчы перад Домам ураду ў Менску. Такім быў 1990 год, у якім 27 ліпеня была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

Пра значэнне гэтага дакумента гаварыў год таму назад на пасяджэнні клуба імя Вітаўта Вялікага былы дэпутат Вярхоўнага савета ХІІ склікання Лявон Баршчэўскі:

- Яна дала аснову, магчымасць працаваць. У нас пасля год фактычна аказаўся, год калі мы маглі ўжо мець напрацоўкі па самых важных пунктах: па незалежнай банкаўскай сістэме, эканоміцы, закон аб грамадзянстве распрацавалі, аб адукацыі самастойныя законы. Мы атрымалі гэты год і 25 жніўня мы былі намнога больш гатовыя да таго, каб дэ-юрэ афармляць незалежнасць 25 жніўня 1991 года, чым 27 ліпеня 1990 года, бо ў нас ужо была напрацавана база.

Праз год 27 ліпеня было абвешчана выходным днём, дзяржаўным святам - Днём незалежнасці.

Памяняліся часы і прыярытэты, але беларусы працягваюць шанаваць і адзначаць 27 ліпеня. Так, на працягу дзесяцігоддзяў 27 ліпеня з года ў год адзначаецца грамадскасцю Лідчыны. І выклікаюць толькі здзіўленне спробы прынізіць значэнне гэтай даты, з якога боку гэтыя спробы не пачыналіся б.

27 ліпеня было ў нашай гісторыі, у гісторыі ды памяці народа і застанецца.

Я. Грынкевіч.

ПОМНІК-КАМЕНЬ ЛЯ КАСЦЁЛА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА Ў Г. ІЎІ

Днямі адбылося асвячэнне помніка-каменя з выявай Маці Божай Вастрабрамскай каля касцёла св. Пятра і Паўла ў г. Іўі.

Такім чынам, спраўдзілася даўняя мара і задума мясцовага ўраджэнца, жыхара г. Ліды, актывіста ТБМ, сапраўднага патрыёта Беларусі. На камені, вышынёю каля 2 метраў і вагою каля 5 тон, выбіты па-беларуску цудоўны выраз: "ЛЮБІ АЙЧЫНУ СВАЮ - РАБІ ДАБРО - АДКАЗВАЙ ПЕРАД БОГАМ"

Гэтыя словы былі дэвізам шляхты ў часы ВКЛ, і якраз у тыя часы і быў пабудаваны касцёл св. Пятра і Паўла і кляштар бернардынаў - помнік архітэктуры XV-XVIII стагоддзяў у Іўі.

Пасярэдзіне каменя замацаваны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, апякункі зямель беларускіх і літоўскіх, выкананы з бронзы па індывідуальнай замове. Помнік-камень, як пазначана на шыльдачцы, усталяваны на знак павагі да Касцёла, удзячнасці і любові да роднай зямлі, дзеля захавання светлай памяці бацькоў і землякоў.

Істотна дапамог у распрацоўцы эскіза помніка-каменя і яго ўсталяванні вядомы лідскі разьбяр па дрэве Іван Мікулка (на фота).

Наш кар.

Выйшаў з друку адрыўны каляндар "Родны край" на 2022 год

Менскае выдавецтва "Беларусь" парупілася загадзя і выпусціла беларускі адрыўны каляндар "Родны край" на 2022 год. Каляндар ужо прадаецца ў кнігарнях Беларусі. Наклад яго 4000 асобнікаў. На старонках календара аматары беларускай гісторыі і культуры знойдуць цікавыя звесткі пра жыццё і дзейнасць знакамітых асоб Беларусі - юбіляраў 2022 года: вучоных, пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, архітэктараў, дасягненні якіх сталі гонарам краіны. Сярод іх - 100-годдзе даследчыка літаратуры Уладзіміра Калесніка, 75-годдзе паэта Юркі Голуба, 120-годдзе балетмайстра Івана Хвораста, 80-годдзе гісторыка Міхася Ткачова, 100-годдзе драматурга Алеся Махнача, 155-годдзе заснавальніка беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафана Доўнар-Запольскага, 320-годдзе дзяржаўнага дзеяча Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, 120-годдзе паэта Язэпа Пушчы, 90-годдзе скульптара Анатоля Анікейчыка, 140-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе кампазітара Генрыха Вагнера, 85-годдзе паэта Міколы Купрэева і іншыя. Значнае месца ў календары займаюць матэрыялы на тэмы выхавання дзяцей і медыцыны, спорту і турызму, прыроды і экалогіі, здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання, падабраныя з улікам сучасных даследаванняў вучоных. Аматары паэзіі прачытаюць неўміручыя вершаваныя радкі класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса, Уладзіміра Дубоўкі, Цішкі Гартнага і іншых літаратараў. Склалі каляндар Алеся Даўгушова і Таццяна Мартыненка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Ва Універсітэце імя Гілевіча прайшоў ператрус

У прыватным Універсітэце імя Ніла Гілевіча прайшоў ператрус, паведаміў выканаўца абавязкаў рэктара Алег Трусаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". "Забралі некаторыя кнігі з бібліятэкі. Памяшканне апячаталі", - напісаў ён. Універсітэт размешчаны ў раёне Менскага трактарнага завода на вул. Шчарбакова.

У 2017 годзе Менгарвыканкам зарэгістраваў Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў якасці структурнага падраздзялення "Таварыства беларускай мовы". Неўзабаве быў зарэгістраваны статут ВНУ, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве павінна весціся па 56 спецыяльнасцях. Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" 1 сакавіка 2019 года, у якой удзельнічаў Алег Трусаў, Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў стварэнне ўніверсітэта.

- Тое, што вы там - гэта трэба пацікавіцца - універсітэт стварылі самі, не спадзеючыся ні на каго, - ну, гэта добра, - сказаў А. Лукашэнка. У той жа час ён папярэдзіў:

- Толькі каб гэта быў, Алег, правільны ўніверсітэт. Ну мы ж з табой ужо пражылі нямала часу. Каб рускую мову паважалі і вывучалі.

У студзені кіраўніцтва ВНУ з-за сітуацыі ў краіне спыніла працэс падрыхтоўкі і зацвярджэння дакументаў, неабходных для атрымання ліцэнзіі Міністэрства адукацыі на навучанне студэнтаў.

- Пасля падзей у жніўні 2020 года мы проста спынілі ўсе гэтыя справы, усе адносіны з Мінадукацыі, таму што няма сэнсу гэтым займацца, улічваючы сітуацыю ў краіне, - заявіў БелаПАН Трусаў. - Будзем чакаць лепшых часоў. Пакуль не зменіцца сітуацыя ў краіне, афіцыйна працягваць [працэс атрымання ліцэнзіі] - пустая справа, бо зразумела, што нічога мы не атрымаем. Але мы спадзяёмся на лепшае, можа, да канца года ўсё зменіцца, спадзяёмся на станоўчыя змены... Але праца ідзе, універсітэт працуе - пішам падручнікі. Плануем за гэты год напісаць тры падручнікі па германістыцы, а таксама выдаць беларускамоўны падручнік па паланістыцы, - сказаў в.а. рэктара.

belapan.by

Беларускамоўная "Рэгіянальная газета" прыпыняе выхад друкаванай версіі

Такую абвестку выданне зрабіла на сваім сайце. "Дарагія чытачы папяровай "Рэгіянальнай газеты"! - гаворыцца ў звароце да чытачоў. - На жаль, нумар за 23 ліпеня па незалежных ад рэдакцыі прычынах вы не атрымаеце. Як і наступныя. Просім у вас прабачэння і спадзяёмся на разуменне сітуацыі".

19 ліпеня ў рэдакцыю недзяржаўнай "Рэгіянальнай газеты" ў Маладзечне прыходзілі сілавікі. Тады ж затрымлівалі журналістак Зою Хруцкую і Настассю Уткіну. Таксама ў той дзень прыходзілі дадому да галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча. Яго разам з жонкай звезлі на допыт.

"Рэгіянальная газета" больш за 25 гадоў пісала пра падзеі ў сямі суседніх раёнах Менскай і Гарадзенскай абласцей (Маладзечанскім, Вілейскім, Мядзельскім, Валожынскім, Смаргонскім, Астравецкім, Ашмянскім).

"Рэгіянальная газета" ўсе гэтыя гады цвёрда трымалася беларускай мовы, несучы беларускасць ва ўсе згаданыя раёны, выконваючы па вялікім рахунку місію ТБМ, бо тут, акрамя Валожынскага раёна, структуры ТБМ або спяць, або адсутнічаюць зусім. Цяпер жа, не забягаючы наперад, не даючы ніякіх ацэнак, можам канстатаваць, што з 23 ліпеня беларускай мовы ў гэтых раёнах стала менш.

novychas.by.

Пайшла з жыцця найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў

У аўторак, 20 ліпеня, на 104 годзе жыцця, памерла княгіня Альжбета Радзівіл - дачка перадапошняга гаспадара Нясвіжскага замка Альбрэхта Радзівіла і англічанкі Дораці Паркер Дыкан. Пра гэта паведаміў яе сваяк Мацей Радзівіл.

- Пайшоў з жыцця незвычайны чалавек. Сведка некалькіх эпох. Апошні чалавек, для якога замак Радзівілаў у Нясвіжы быў проста домам. Спачывай з мірам, - напісаў у Facebook Мацей Радзівіл.

Альжбэта нарадзілася ў Лондане ў 1917 годзе. Альбрэхт Радзівіл адправіў жонку нараджаць у Англію, бо здарылася рэвалюцыя.

Бацькі пражылі разам нядоўга, і пасля расставання Альжбета жыла разам з маці ў Парыжы, а на вакацыі ездзіла да бацькі ў Нясвіж - да 1935 года, пакуль ён не пайшоў з жыцця.

Пані Альжбета ніколі не жалілася на лёс. У яе былі два шлюбы, у першым нарадзіўся сын Альбрэхт Чартарыйскі. Другі раз яна выйшла замуж за дыпламата Яна Тамашэўскага, які да вайны быў амбасадарам Польшчы ў Партугаліі. У гэтым шлюбе яна таксама нарадзіла сына. Жыла ў Швейцарыі, Партугаліі, Англіі, шмат гадоў у Францыі. У канцы 80-х пераехала бліжэй - у Польшчу, у Варшаву.

Пасля гэтага Альжбета змагла трапіць у родныя мясціны толькі ў 1993 годзе. Як здарыўся той візіт, апісаў у сваёй кнізе "Беларускія скарбы за мяжой" гісторык Адам Мальдзіс. Ён пазнаёміўся са спадчынніцай магнацкага роду ў Лондане.

"Гутарка пачалася з абвінавачванняў:

- Вы, бальшавікі, адабралі ў нас Нясвіж, разрабавалі маёмасць, такую пышную маляўнічую галерэю. Зараз давядзецца вам усё вяртаць нам.

- Памілуйце, княгіня, цяперашні ўрад, незалежная Беларусь, не можа несці адказнасць за зробленае іншай дзяржавай, сталінскай уладай. Ды і каму - "нам"? Наколькі я ведаю, у Радзівілаў дзейнічала вельмі разумнае права маярату: каб не драбніць маёмасць, не спараджаць канфлікты, уся ўласнасць па спадчыне пераходзіла ў рукі старэйшага сына ці старэйшага мужчыны ў родзе. Менавіта гэта дазволіла Радзівілам сканцэнтраваць незлічоныя багацці. Зараз, ведаю, такія правы - у Антонія Радзівіла, які жыве дзесьці недалёка ад Лондана, але і яны сёння чыста намінальныя, этыкетныя. У той жа Польшчы, на якую вы спасылаецеся, магнацкія латыфундыі, скажам, Нябораў, застаюцца ў руках дзяржавы.

- Дзе ж тады справядлівасць?

- А дзе ж тады логіка? Дапусцім, адбудзецца цуд і вам асабіста вернуць Нясвіж. Што вы з ім зробіце? Рэстаўруеце замак, адродзіце музей? Гэта сёння па плячы толькі дзяржаве.

- А нам тады што застаецца?

- А вам застаецца садзейнічаць, дапамагаць. Менавіта такіх поглядаў прытрымваецца Антоні Радзівіл. Дарэчы, я перапісваюся з ім..."

Апошні яе візіт у Беларусь адбыўся ў 2009 годзе. Тады 93-гадовая княгіня разам з іншымі прадстаўнікамі роду Радзівілаў наведала родныя мясціны: Нясвіж, Мір, Паланечку і Ішкалдзь.

- Гэта вялікая ганьба, што вы ў Беларусі не гаворыце па беларуску… Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькі дзён… Ведаеце, калі б нас не пагналі адсюль у 1939-м, я сёння размаўляла б па-беларуску. Бо мой бацька з нясвіжцамі размаўляў выключна па беларуску, - казала яна падчас візіту.

Альжбета Радзівіл дапамагала рэстаўратарам Нясвіжскага замка, бо памятала, як ён выглядаў у часы яе дзяцінства.

Паводле СМІ.

На 64-м годзе памёр пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. У яго быў каронавірус

Развітанне з творцам прайшло 22 ліпеня.

Паводле ягонага калегі Алеся Аркуша, да таго Уладзімір Сіўчыкаў наракаў, што вельмі цяжка перажыў каронавірус, бо мае цукровіцу. Яму надзвычай цяжка было перасоўвацца, быў агульны кепскі стан.

Уладзімір Сіўчыкаў нарадзіўся 3 траўня 1958 года ў Жодзіне. Пісьменнік, перакладчык, мастак, выдавец.

Скончыў педагагічнае аддзяленне Менскай мастацкай вучэльні. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна.

Пасля службы ў войску быў мастаком-афармляльнікам у Менскім палацы чыгуначнікаў. У 1981 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, удзельнічаў у згуртаванні "Беларуская Майстроўня". Падчас вучобы праходзіў стаж у Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, вывучаў грузінскую мову і літаратуру.

Пасля атрымання дыплома працаваў рэдактарам аддзела літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса для дзяцей і падлеткаў "Бярозка". З 1990 года - прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана, з 1994-га - дырэктар выдавецтва "Радыёла-плюс". З пачатку нулявых як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай.

Удзельнік літаратурна-грамадскага таварыства "Тутэйшыя", сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У друку выступаў з 1982 года. Аўтар кніг апавяданняў і п'ес "Гульня ў тастамант", кніг прозы "Лісты да брата", "Бювар", "Уладзевы гісторыі", кнігі паэзіі "Высакосны год", кніг вершаў дзецям "Кошык Велікодны", "Багоўка".

Укладальнік і адзін з аўтараў альбомаў "Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова", а таксама "Рыцары Пагоні і Арла". Укладальнік зборнікаў дэтэктываў "Кінжал з крыламі" і "Карона Вітаўта Вялікага".

У перакладзе Уладзіміра Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Надара Думбадзэ "Закон вечнасці", шэраг вершаў і паэмаў у "Анталогіі грузінскай паэзіі" ў 2 тамах.

Аўтар творчых партрэтаў беларускіх і замежных мастакоў - Вінцэнта Ван Гога, Язэпа Драздовіча, Аляксея Марачкіна, Івана Міско, Ігара Рымашэўскага і іншых.

Вечная памяць.

Не стала спадарыні Сафіі, гаспадыні "Беларускай гасцёўні"

21 ліпеня патэлефанавала спадарыня Святлана Маразевіч і паведаміла сумную навіну - пайшла з жыцця наша цудоўная і сціплая спадарыня Сафія. Літаральна паўтара месяцы таму мы ўсе разам адзначылі яе 90-годдзе. З нагоды юбілею пра яе быў надрукаваны артыкул у "Нашым слове" №23 за 9 чэрвеня 2021года. Прайшло колькі дзён, і я выпісаў на другое паўгоддзе сабе і спадарыні Сафіі "Наша слова", потым пару разоў размаўлялі з ёй па тэлефоне…і неяк нечакана хутка прыйшла сумная навіна… сыну Алесю выказаў шчырыя спачуванні, а ў самога нешта падтачыла знутры…хоць апошнім часам стараліся менш кантактаваць, асабліва да юбілею, ці захоўваць нейкую дыстанцыю, а тут у сп. Сафіі выявіліся сёр'ёзныя праблемы з лёгкімі …

…Спадарыня Сафія нарадзілася 7 чэрвеня 1931 года ў в. Хамякі каля Свіслачы Гарадзенскага раёна. Мама і тата спадарыні Сафіі прыгожа казалі па-беларуску, і любоў да мовы была закладзена з дзяцінства. У Свіслацкай школе вучылася па-беларуску. Скончыла педвучылішча, дзе ў гарадах беларуская мова была выціснута метраполіяй і заменена на рускую. Дазвол беларусам пакуль яшчэ быў дадзены на выкарыстанне роднай мовы ў сельскіх школах, але і там знаходзіліся "шляхетныя людзі" на адміністрацыйных пасадах навучальных устаноў, якія спіным мозгам для павышэння па кар'ернай лесвіцы адчувалі правільны подых Усходу. Пазней сп. Сафія вучылася на вячэрнім аддзяленні Гарадзенскага педінстытута, дзе ў 50-я гады выкрывалі і садзілі ў турмы за родную мову беларускіх выкладчыкаў-патрыётаў. Працавала настаўніцай у школе, потым у музеі гісторыі рэлігіі, там пазнаёмілася з географам, рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым, які параіў паступова перайсці на беларускую мову. Пазней да беларускай мовы далучыліся іншыя супрацоўнікі музея, але спачатку сп. Сафія, працуючы там прыбіральшчыцай і наглядчыцай, амаль адзіная выручала экскурсантаў з Польшчы і Пецярбурга, якія замаўлялі экскурсіі ў музеі рэлігіі па-беларуску. Спадарыня Сафія актыўна наведвала культурныя беларускія мерапрыемствы ў горадзе, хадзіла ў клуб "Паходня", пазней - на заняткі УЗВ, любіла турыстычныя вандроўкі, экскурсіі па старажытнай Гародні… Падтрымлівала цёплыя адносіны з гарадзенскімі актывістамі, якія любілі мову і гісторыю сваёй краіны. Шмат чытала, слухала перадачы па радыё і тэлебачанні на канале "Культура", нават нешта занатоўвала. Лічыла, што дзяржаўнасць Беларусі павінна будавацца на беларускім моўным падмурку, інакш не зможа доўга існаваць… і на гэтым падмурку варта будаваць беларускі дом.

Спадарыня Сафія заўсёды запрашала праводзіць Рады ТБМ у нефармальнай хатняй абстаноўцы. Радныя Таварыства беларускай мовы прыносілі ў "Беларускую гасцёўню" свае падарункі, дапамагалі гаспадыні прыгатаваць розныя стравы. Сустракаліся на Радуніцу, святкавалі Дзень роднай мовы, сустракаліся ў час прыезду цікавых гасцей і пасля агульнагарадскіх мерапрыемстваў. Спадарыня Сафія ніколі не навязвала ўласных поглядаў, старалася кожнаму дагадзіць, любіла паназіраць за цікавымі бяседамі, зрэдку нешта прапаноўвала сваё, наведвальнікі чыталі вершы любімых паэтаў, абмяркоўвалі іх, спявалі беларускія песні, глядзелі відэазапісы культурных падзей, відэазапісы народзінаў нашых сяброў. Тут бывалі беларускія піьменнікі, навукоўцы, музыканты, паэты, дактары, настаўнікі….

…У пятніцу, 23 ліпеня з раніцы выдаўся выдатны сонечны дзень, родныя і сябры з жывымі кветкамі ішлі да Уладзімірскай царквы, якая стаіць каля першай беларускай чыгункі Варшава-Санкт-Пецярбург, каб развітацца са спадарыняй Сафіяй. Большая частка людзей вырашыла праводзіць яе да месца спачыну ў Свіслач, дзе пахаваны на ўзвышаным месцы могілак яе родныя - Дольскія, Лашакі. Адмыслова на развітанне прыехаў з сям'ёй сп. Юрась Мацко, у якога сын сп. Сафіі Алесь некалі вучыўся кавальскаму майстэрству. У часы развітанняў з нашымі блізкімі сябрамі, акрамя спеву "Магутны Божа" ўдзельнікаў хору "Бацькаўшчына", з'явілася традыцыя чытаць верш Яўгена Петрашэвіча "Хаваюць сёння беларуса", які ведаюць і чытаюць таксама ў іншых гарадах краіны:

Хаваюць сёння беларуса -

Часцінку роду маяго.

А колькі ў краі палягло,

О, Госпадзі Ісусе!

Хаваюць сёння беларуса,

І стала менш на аднаго.

Паплачуць людзі …Памалюся

За супакой душы яго.

Хаваюць сёння беларуса,

Як зерне сеюць па раллі,

І як яно: як не раструсяць -

Не ўзродзіцца ўжо на зямлі.

Хаваюць сёння беларуса…

А можа сеюць на вякі?!

І па-славянску з правае рукі

Зямелькі сыпнуць

па тры жменькі,

Заб'юць ў труну па два цвікі…

Хаваюць сёння беларуса,

А можа сеюць на вякі?!

О, Госпадзі Ісусе,

Будзь міласціў,

Дапамажы

Душы яго спакой знайсці!

Верш гарадзенскага кампазітара і паэта Я. Петрашэвіча, карэкцыя са скаротам 2021 г. паэта І. Будніка (верагодна, упершыню прагучаў на пахаванні А. Цыхуна ў сакавіку 2005 года.)

Пасля развітання на могілках і вяртання ў Гародню, у кавярні "Верас" усе дзяліліся ўспамінамі пра цудоўную матулю, бабулю, сяброўку. Было вельмі шмат выказана ўдзячных слоў на яе адрас ад родных і сяброў, слёз, бо і родныя, і сябры даведаліся шмат новага пра сп. Сафію, яе доўгае жыццё насычанае шматлікімі і цікавымі падзеямі. Кіраўнічка хору "Бацькаўшчына" Вера Кунцэвіч распавяла пра свайго сына, якога дапамагала выхоўваць сп. Сафія, калі яна шмат рэпеціравала са сваім хорам, таму дасягненні хору - гэта і яе вялікая заслуга. Сціплая Ніна Шаставіцкая і іншыя ўдзельніцы хору плакалі пасля шчымлівых расказаў выступоўцаў, у якіх сп. Сафія праявіла свае нейлепшыя чалавечыя якасці, некаторыя з якіх перадаліся і сыну, і ўнучцы. Яна сапраўды шмат каму ў цяжкі час замяняла нашых матуль, якія адышлі ў вечнасць. Адначасова сп. Сафія захавала ясную памяць і выдатна арыентавалася ў гарадзенскім грамадскім жыцці, цікавілася і замежнымі навінамі….

Шкада, што мы больш не наведаем гаспадыню "Беларускай гасцёўні" з цудоўнай і сціплай усмешкай у гарадзенскім мікрараёне "Людзі на балоце". Няхай легкай будзе родная зямліца ў родным знакавым месцы, дзе Свіслач з левага боку злучаецца з Бацькам-Нёманам…

Сябры Гарадзенскага ТБМ выказваюць шчырыя спачуванні родным і сябрам спадарыні Сафіі! Вечная памяць!

Алесь Крой.

Неразвітанне з Радзімай

Паэма-эсэ

Яўген Гучок

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

V

Цётка, Ларыса Геніюш,

Зоська Верас, Дземідовіч Надзея -

З галоўных постацяў

беларускага духоўнага іканастасу.

***

Бог пасылае Айчыне

Такіх жанчын

Як прыклад і для мужчын таксама.

***

Сумленныя працаўніцы Бога

На ніве святой і знявечанай

Беларушчыны.

***

Іх вока і сэрца ніколі

Не абміналі ўвагай таго,

Што сутнасць Айчыны складала.

***

Слёзы Айчыны - у іх сэрцах,

Слёзы, якія павінна выцерці

Геройскім жыццём сваім.

***

Прысутнасць такіх жанчын

На зямлі

Аблягчае Айчыны лёс.

***

Яны ведалі, помнілі ўсё,

Каб паведаць Сусвету

Пра сутаргі Беларусі.

***

Іх спадзевы на Бога

Мелі працяг у іх гераічных

Жыццях.

***

Рубцы на сэрцы Айчыны

Сышліся, адбіліся

На сэрцах спагадных іх.

***

Айчына! За трагічны лёс -

І твой, і мой

Шчэ больш цябе люблю.

***

Да супраціву Айчыны

Яны далучалі свой супраціў,

А часта і пачыналі той супраціў.

***

Сярод жанчын,

Больш шчодрых і спагадлівых,

Чым беларускі, не так і многа ў свеце.

***

Беларусь - жаночага роду,

Яна ім - сястра і маці...

Дык ці не ім яе ратаваць?!.

***

Яны не сыходзілі

ў пустэльніцы, у самотніцы,

Айчыны лёс

Падзялілі яны.

***

Правалу ў любові

Да Айчыны, да роднага краю

У такіх людзей не бывае.

***

За спінамі іх - Скарына, Цяпінскі, Будны,

За імі няскораная

Беларусь.

***

Як у сэрцы не мець любові

Да такіх мужчын-патрыётаў,

Як Багушэвіч, Чаховіч, Купала, Колас,

***

Багдановіч, Гарэцкі, Тэраўскі, Гарун,

Краўцоў, браты Луцкевічы, Шантыр,

Эпімах-Шыпіла, Доўнар-Запольскі,

***

Карскі, Ластоўскі, Шчакаціхін, Лёсік,

Захарка, Абрамчык, Ігнатоўскі,

Галубок, Буйніцкі, Уласаў,

***

Смоліч, генерал Аляксееўскі, Езавітаў,

Лістапад, Замоцін, Прышчэпаў,

Дудар, Улашчык і многіх іншых.

***

А як не ўзгадаць

княгіню Анастасію Слуцкую,

Палкоўніка Эмілію Плятэр,

Дачку Дуніна-Марцынкевіча Камілу

і іншых ?!.

***

Збалелыя душы суграмадзян

Такія жанчыны лекуюць

Праз іх вяртанне да Бацькаўшчыны.

***

У іх служэнні Айчыне

Не было і быць не магло

Ніякіх прабелаў.

***

Яны прымалі промні табуіраванага

Беларускага сонца

І шчодра дзяліліся з іншымі.

***

Разумным, рыцарскім беларусародзіцам

Шырока расчынена брама

У ГУЛаг.

***

Жанчына ў ГУЛагу, за дротам

Была прыкладам мужнасці

і духоўным апірышчам

І для паняволеных мужчын.

***

І цяжкая работа, фізічная

Была пад сілу ім;

Не нішчыла душы патэнцыял.

***

Жывая душа за кратамі - нязломная,

Яна не ў мане,

Не ў падлізніцтве.

***

Было дарэмна іх перавыхоўваць

На знямогу і на абыякавасць

Да Бацькаўшчыны мілай.

***

Сэрцы паняволеных патрыётак

Памяталі Беларусь-Айчыну

І марылі там сустрэцца.

***

І пошту супраць іх падключалі,

Патрыятычнае ліставанне перарывалі...

Але...

***

Іх, не атручаных духоўна,

Не раз атруціць фізічна

Імкнуліся.

***

У лёсе драматычным іх

Былі ім абярэгам

Творца й Айчына.

***

Такія ад пякельнага лёсу свайго

Не адмаўляюцца,

Не перакрэсліваюць яго.

***

Такія жанчыны -

Фартуна на паратунак

Для Беларусі.

***

Віхуры ніякія іх не зламалі,

Наадварот, духоўна

Умацавалі іх.

***

Яшчэ й пры жыцці -

Яны нібы абеліскі

Жывыя.

***

Шчаслівы той,

Хто быў у духоўным кантакце з імі...

Заблудшы, да Айчыны паварочваўся ён.

***

У целе такіх жанчын -

Годных мужчын-герояў

Дух.

***

Яны - і маці, і сёстры, і сяброўкі

Для тых, хто Беларусь нашу

Любіць.

***

А іх слёзы, гаручыя слёзы

Па Айчыне былі

Пераважна.

***

Яны, да ўсяго, - і эстэткі:

Для іх зоркі начнога неба

Былі часам пчолкі на кветках і наадварот.

***

Не меней, чым зоркі ў небе,

Кветкі любяць такія жанчыны,

Яны з тымі кветкамі размаўляюць.

***

Яны адрознівалі капяжы

Ад цокату конскіх капытаў

Коннікаў-заваёўнікаў.

***

Яны песняю сталі ў народзе,

Які не прышыблены, не зманкрутаваны,

Які не ў аброці, не ў загарадзі.

***

Хто з імі ў стваральным кантакце,

Таму ў Беларусі нябеснай

Месца - гарантавана.

***

У іх і сэрцы,

І рукі -

Беларускія.

***

Патрыёт і на адчужанай тэрыторыі

Яго Бацькаўшчыны

Застаецца на ўсё жыццё патрыётам.

***

Калі табе, мой суайчыннік,

Не падвязло сустрэцца з жанчынамі гэтымі,

Чытай іх кнігі ўважліва.

***

Яны нам пакінулі кнігі свае -

Навігатары для гартавання

Беларускага духу.

***

Любы радок іх твораў -

Сведчанне палымянай любві

Да Айчыны і яе сыноў і дачок.

***

У адрозненні ад многіх,

Для народа пішучых,

Яны нікому не затуманьвалі розум.

***

Адраджэнскі іх почырк - нелакіраваны,

Палохаў і палохае

Розных нечысціўцаў і здрайцаў.

***

Чытаюць іх духаўздымныя кнігі -

Мужнеюць

Нашчадкі вялікіх беларускіх жанчын.

***

І для дзіцячай душы

Ёсць айчынны агеньчык

У іх нязмушаных творах.

***

Іх кнігі - не проста кнігі,

А захавальніцы часу

І неспрыяльных умоў для беларушчыны.

***

Бывае: даруем, але

Не забываем...

Свяшчэнная памяць Айчыны!

Айчына - не лёгкая ноша;

І хто яе панясе?!.

Былі і будуць і годныя жанчыны...

***

Нялёгка, ой як нялёгка сябе пачуваць

Сярод аслупянелых сучаснікаў -

Суайчыннікаў.

***

Невымерна цяжкая ноша сланова

Для мураша,

Але...

***

Самы надзейны саюзнік

У Айчыны -

Яе патрыёты і патрыёткі.

***

Цень патрыёткі -

Сонечны зайчык

На тле беспамяцтва і баязліўства.

***

Кім і чым

Ганарыцца яшчэ Беларусь?!.

Патрыётамі і дзеямі іх.

***

З Айчынай не фліртуюць;

Яе - ці любяць,

Ці яе для кагосьці - няма.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Яркая зорка ў музычнай прасторы Бацькаўшчыны

Юбілей адзначыў на гэтым тыдні найвыбітны беларускі артыст новага часу, мультыінструменталіст і кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч, адзін са стваральнікаў і ўдзельнікаў знакавых для сучаснай беларускай музыкальнай культуры праектаў: "Я нарадзіўся тут", "Народны альбом", "Святы вечар", "Бывайце здаровы" , аўтар больш за 20 альбомаў найлепшай беларускай музыкі і спеваў, лаўрэат Рок-каранацый у намінацыі "Спеўная паэзія" і іншых, лаўрэат прэміі "За свабоду думкі" імя В. Быкава.

З. Вайцюшкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1971 года ў г. Бярозаўцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Яго родныя шмат гадоў працавалі на знакамітым шклозаводзе "Нёман". Будучы спявак скончыў Лідскае музычнае вучылішча і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва па класе кларнета (1995) і музычнае вучылішча імя Глінкі па класе вакалу.

Артыст чэрпае моц і энергію ў прыродзе Наднёманскага краю, праводзіць шмат часу на сваім хутары Вайцюшкі, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця ў сугуччы з лесам і ракой, развівае сваю аграсядзібу і ладзіць там рэгіянальныя фэсты музыкі і паэзіі "Салаўё" і іншыя.

Яго лепшыя велічныя песні "Нёман", "Дзе мой край", "Бывайце здаровы", "Наш сцяг" сілкуюць дух беларусаў.

Свядома абраўшы ў маладосці нацыянальны накірунак у творчасці, у пастаянным руху і развіцці праз удзел у гуртах "Палац" і "КRYWY" , Зміцер Вайцюшкевіч выйшаў на шлях сольнай кар'еры і наладзіў плённае супрацоўніцтва з класікамі беларускай паэзіі - Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным, Уладзімірам Някляевым, і сучаснымі творцамі - Леанідам Дранько-Майсюком і Алесем Ліпаем. 20 гадоў таму ён стварыў свой непаўторны калектыў "WZ-Orkiestra" з адукаваных і таленавітых музыкантаў.

Творчы дыяпазон артыста даволі шырокі і ахоплівае вядомыя нацыянальныя гімны, патрыятычныя песні, балады, гарадскі шансон, спеўную паэзію.

Зміцер Вайцюшкевіч плённа супрацоўнічае з еўрапейскімі суперзоркамі, запісвае складанкі на вершы польскіх, шведскіх і чэшскіх паэтаў, праспяваў пераствораныя па-беларуску народныя японскія песні. У 2016 годзе ён выступаў у Чэхіі разам з папулярным бардам Ярамірам Нагавіцам.

Новы дыск песень спевака на вершы Аляксея Пысіна "Вясёлка над плёсам" выйшаў у 2020 годзе. У ім артыст, як і дзесяць гадоў таму ў праекце "Мой сябра Анёлак", звярнуўся да дзіцячай тэматыкі. Быў створаны анімацыйны кліп з запісам дзіцячых песень.

У 2010 і 2018 гадах выдавецтва "Кнігазбор" пры ўдзеле музычных крытыкаў А. Мяльгуя, В. Мартыненкі, З. Падбярэзскага, С. Будкіна, журналістаў М. Скоблы, Э. Дзвінскай і іншых выпускала зборнік "Беларускае слова ад спеву", прысвечаны багатай творчай дзейнасці артыста.

Кніга знаходзіцца ў зборах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама ў музычных і краязнаўчых аддзелах бібліятэк Гародні і Віцебска, у бібліятэках Лідскай музычнай вучэльні і Бярозаўскага Дома культуры.

Э. Дзвінская, фота аўтара і А. Лявы.

ЗША і Германія дамовіліся наконт "Паўночнага струменя - 2"

Навіны Германіі

Злучаныя Штаты і Германія дамовіліся аб завяршэнні праекту "Паўночны струмень - 2" без увядзення амерыканскіх санкцый.

Пра гэта заявіла намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд. Падрабязнасці пагаднення абвесцяць пазней. Нуланд паведаміла толькі некаторыя з іх.

Паводле слоў Нуланд, Вашынгтон і Берлін будуць дамагацца падаўжэння дамовы пра транзіт расейскага газу праз Украіну на 10 гадоў. Тэрмін цяперашняга пагаднення мінае ў 2024 годзе.

Нуланд адзначыла, што ЗША і Германія будуць імкнуцца знізіць эканамічную залежнасць Украіны ад транзіту і паставак расейскага газу. Акрамя таго, нямецкія ўлады будуць дамагацца санкцый у дачыненні да Масквы, калі Расея будзе выкарыстоўваць энергарэсурсы для ціску на іншыя краіны. Украіна атрымае ад Берліна і Вашынгтона фінансавую падтрымку на дыверсіфікацыю крыніц энергарэсурсаў.

Тым часам кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, каментуючы дамову ЗША і Германіі наконт "Паўночнага струменя - 2", сказаў, што "любая пагроза санкцый - новая, старая або бягучая - не можа быць прымальнай, паколькі іх можа ўводзіць толькі Рада Бяспекі ААН".

Пасля таго як Вашынгтон афіцыйна пацвердзіў існаванне дамоўленасці з Берлінам па "Паўночным струмені-2", Берлін паведаміў, што Ангела Меркель патэлефанавала прэзідэнту Расіі. Гаворка ішла пра Украіну і транзіт газу

"Тэлефонны званок быў звязаны з выкананнем менскіх дамоў пра мірнае ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны. Абмяркоўваліся таксама такія пытанні энергетыкі, як транзіт газу праз Украіну і трубаправод "Паўночны струмень - 2", - гаворыцца ў паведамленні ўрада ФРГ.

У паведамленні на сайце Крамля змест гутаркі перададзены больш дэталёва. Прэс-служба расійскага прэзідэнта паведаміла, што Пуцін выказаў спачуванні Меркель у сувязі з паводкамі на захадзе Германіі, а нямецкі канцлер у адказ "выказала надзею, што ў самы найблізкі час удасца справіцца з ляснымі пажарамі ў Якутыі".

Пасля гэтага Меркель і Пуцін перайшлі да абмеркавання "Паўночнага струменя - 2".

"Лідары здаволены падыходзячым да завяршэння будаўніцтвам газаправода "Паўночны струмень - 2". Прэзідэнт Расіі адзначыў паслядоўную прыхільнасць германскага боку да рэалізацыі дадзенага праекта, які носіць вылучна камерцыйны характар і накіраваны на ўмацаванне энергабяспекі Германіі і Еўрасаюза. Ангела Меркель паінфармавала пра вынікі абмеркавання сітуацыі вакол газаправода падчас нядаўніх перамоў з прэзідэнтам ЗША Джозафам Байдэнам у Вашынгтоне. Уладзімір Пуцін даў адпаведныя каментары", - гаворыцца ў паведамленні Масквы.

Таксама ў рэлізе Крамля гаворыцца пра Украіну. У прыватнасці, Пуцін "звярнуў адмысловую ўвагу на прыняты Вярхоўнай радай адкрыта дыскрымінацыйны закон "Пра карэнныя народы Украіны".

Паводле СМІ.

Перамога ў намінацыі "Тэатральная лялька" на "Славянскім базары"

З 15 па 18 ліпеня лідскія майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" з калегамі з Іўеўскага раёна мелі гонар прадстаўляць дэлегацыю Гарадзеншчыны на ХХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар" у Віцебску.

Адметнасцю фестывалю стаў удзел у міжнародным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі "Забава" супрацоўніцы аддзела рамёстваў і народнай творчасці Ірыны Дыдышкі.

- У гэтым конкурсе змагалася ўпершыню, - дзялілася ўраджаннямі Ірына. - Акрамя прадстаўлення дамашняй калекцыі, трэба за пэўны тэрмін часу зрабіць практычную работу. Творчай задумкай стала батлеечная лялька: хітры і гарэзлівы чорцік, які накрыўся плашчом манаха. Вельмі прыемна, што журы высока ацаніла выстаўку лялек з дамашняй калекцыі. Гэта рэгіянальна-этнаграфічныя вобразы, міфалагічныя персанажы, батлеечныя лялькі. А вынікам спаборніцтва стала перамога ў намінацыі "Тэатральная лялька" - Дыплом І ступені! Усё так добра атрымалася, дзякуючы падтрымцы і дапамозе маіх калег!

Сёлета майстрыхі з Ліды здзіўлялі мясцовых жыхароў і гасцей горада асноўнымі накірункамі рэгіянальнага рамяства. Каля выстаўкі-кірмаша завіхалася майстар па ткацтве Валянціна Сільвановіч. Увагу людзей прыцягвалі традыцыйныя белаўзорыстыя ручнікі Панямоння, сурвэткі з карункамі, рознакаляровыя ходнікі, палатняныя мужчынскія і жаночыя сарочкі з тканымі ўзорамі, паясы, торбачкі, керамічныя цацкі, свістулькі і іншыя вырабы.

Наш кар.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У сярэднім аддзел Нарбута стала налічваў 150-180 чалавек. І з гэтай невялікай жменькай людзей ён не мог сам напасці на значна больш колькаснае рэгулярнае маскоўскае войска, лепш узброенае і здольнае ў любую хвіліну ўзмацніцца.

Памяць пра дзеі Нарбута для вольнасці Айчыны, якую ён так горача любіў з самага дзяцінства, застанецца ў людскіх сэрцах навечна і будзе абуджаць вялікую павагу да гэтага чалавека. Боль і горыч ад расчаравання ў грамадстве з-за няспраўджаных надзей былі прычынамі згасання паўстанцкага руху. Нарбута падазравалі ў тым, што пад Дубічамі паддаўся апатыі і абыякавасці. Вусны прасякнутыя жалем, асуджалі яго за брак энергіі і ўпадак духу.

Гэта былі недарэчныя і беспадстаўныя абвінавачванні. Пра супрацьлеглае сведчыць тое, што Нарбут даслаў Віславуху праз свайго брата Баляслава загад падрыхтаваць харчаванне. Планы і праекты, дасланыя праз сястру Манчунскую ў тую памятную ноч за некалькі гадзін перад апошняй бітвай, у якіх ішла гаворка пра неабходнасць сыходзіць у лясы пад Гародню; нарэшце, напісаны за тры дні да смерці ліст да сваёй жонкі, поўны надзеі на будучыню.

Гэты ліст, захаваны ў "Таварыстве сяброў навукі" ў Вільні і прыводзім яго тут даслоўна:

"Мая найдаражэйшая каштоўнасць!

Дзякую табе за памяць пра мяне. Ліст з-пад тваёй каханай ручкі, напісаны Толем (-) дайшоў да мяне і вялікай радасцю напоўніў маё прагнае сэрца навінамі пра маю наймілейшую котачку. Я ўжо засумняваўся, што ты мяне кахаеш, але Толя запэўніў, што памятаеш пра мяне і перадаеш, што кахаеш яшчэ мацней. Гэта мяне вельмі цешыць і дадае сілы выносіць пакуты дзеля Айчыны і цябе, мая Амелія! Бясконца рады, што тваё здароўе, мая маленькая, паляпшаецца. Я таксама не магу наракаць. Як там Пятрушак і Уладзюшак (--) і іх прыяцелька Жалігоўская - (словы нечытэльныя), айцу Серафіну, сп. Сафіі, сп. Карнэлю перасылаю найлепшыя пажаданні. Цалую дзетак, а цябе мая наймілейшая, найдаражэйшая, цалую мільён разоў і моцна абдымаю. Часта думаю, мару і сумую па табе. Бог ласкавы, Маці Яго Святая, што апякуецца над нашай Літвой, можа дазволяць яны дачакацца той шчаслівай хвіліны, калі зноў будзем разам і будзем буркаваць і любіць адзін аднаго, дзякаваць Тварцу Найвышэйшаму за ласкі Яго святыя.

Сумна мне, што павінен перарваць мае крамзолі, таму што маю толькі лічаныя хвіліны.

Твой моцна кахаючы і сардэчна прывязаны да сваёй найдаражэйшай

ЛЮДВІК.

1 траўня ( 19 красавіка).

(-) Тэадора Манчунская

(--) пасынкі Людвіка Нарбута."


Людзі ў Лідскім павеце яшчэ доўгі час не хацелі верыць у смерць Людвіка Нарбута і спадзяваліся на яго вяртанне. Гэтыя надзеі з'явіліся на падставе розных легенд, якія апявалі чарадзейскую сілу Нарбута, для якога няма нічога немагчымага. Многія з гэтых легенд забыліся або страцілі свой першасны змест. Перакажу адну, якая з'явілася праз некалькі гадоў пасля смерці Нарбута, імя якога народ не мог забыць і звязваў з рознымі датычнымі да яго з'явамі. Легенда гэтая захавалася да цяперашніх часоў і гучыць так:

"Скульптур Хрыста было тры. Адна - у Вільні на Антокалі, другая - у Дубічах, у касцёле, трэцяя - недзе ў свеце, невядома дзе зараз валадарыць. Нарбут не загінуў, але пайшоў у свет шукаць каралеўства трэцяга Хрыста, а як знойдзе, дык прыдзе разам з ім адпомсціць за ўсе крыўды і забярэ тады з Начы 47 фігуру другога Хрыста".

Праўдападобна гэтая легенда з'явілася ў 1869 годзе, і яна патрабуе пэўнага тлумачэння. У 1869 годзе быў разабраны моцна знішчаны пад час паўстання стары касцёлік у Дубічах, а фігуру Хрыста, якая лічылася цудадзейнай, ксёндз Гінтаўт перанёс да касцёла ў Начы.

Гэта быў балесны ўдар для тамтэйшых людзей, таму што трацілі яны адразу і свой стары малітоўны дом і свайго Хрыста, каля стоп якога ад дзядоў і прадзедаў пакорна схілялі галовы, шукаючы дапамогі і суцяшэння ў кожнай бядзе і смутку.

Смерць Нарбута, разбурэнне касцёла ў Дубічах, перанос так горача шанаванай фігуры Хрыста, злучыліся ў людскім уяўленні ў адзінае цэлае, на фоне якога склалася легенда, прыведзеная вышэй, поўная ціхага болю і яшчэ нязгаснай надзеі.

Мноства песень і вершаваных твораў пра Нарбута курсіравала тады ў Лідскім павеце, але на жаль бальшыня з іх згубілася з людской памяці і страчана незваротна. Гэтыя паэмы і песні склаліся ў людскіх сэрцах і ў пэўнай ступені яны характарызавалі тагачасную эпоху і тагачасныя падзеі. Нічога з таго, што дайшло да нас і што зараз маем пад рукой, не падлягае друку.

Таксама адразу пасля паразы пад Дубічамі быў напісаны гімн у гонар Нарбута. Самаробныя вершаваныя радкі, не заўсёды гладкія, з журботай апявалі гераічную смерць яго і іншых палеглых, пералічвалі ўсіх пайменна і характарызавалі кожнага. Гэта быў плач над магілай камандзіра і над усёй Лідскай зямлёй. Праўдападобна, твор нарадзіўся ў шляхецкім доме і з піетэтам захаваўся да сёння.

Палова веку ўцякло з тых часоў!... І хоць рэха падзей прыгасла, адзываецца яшчэ калі-нікалі не толькі ў сядзібных дамах, але і ў сялянскіх хатах. Трэба яго толькі ўмець выклікаць.

Раздзел XIII

Жменька выжыўшых. Напад пад Ганелькамі. Чароўнае ўратаванне Паплаўскага. Прызначэнне Парадоўскага - "Астрогі". Пакаранне здраднікаў, розныя версіі. Астрога або Віславух. Андрыёлі.


Пасля паразы пад Дубічамі частка рассеяных паўстанцаў зноў сабралася пад Ганелькамі і не ведала, што рабіць далей. Аднак раптоўна напаўшы маскоўскі атрад, зноў рассеяў паўстанцаў. У гэтай сутычцы між іншымі загінуў і Тарашкевіч, практыкант Лідскай аптэкі, а паранены ў нагу Пётр Паплаўскі, які жадаў патрапіць у двор Забалаці быў акружаны жаўнерамі сярод балота. Уцякаць не мог, таму, не доўга раздумваючы, стрэліў у бліжэйшага афіцэра. Раззлаваныя жаўнеры кінуліся на Паплаўскага і закалолі яго штыкамі, але не забілі. Вада была за некалькі крокаў ад яго, ён бачыў яе, але сілы да яе дацягнуцца ўжо не было. У страшэнных пакутах чакаў смерці.

Каб пахаваць целы забітых з бліжэйшай вёскі пад вечар прыйшлі сяляне з рыдлёўкамі. Знайшлі Паплаўскага і злітасцівіліся над ім - прыцягнулі воз з саломай і палажылі на яго параненага, але са страху, што ўлады прымуць гэта за знак спачування нават не накрылі голае акрываўленае цела і гэтак везлі яго да Сабакінцаў - уласнасці Шалевіча.

У гэты самы час там знаходзіўся расійскі ваенны начальнік павета Алхазаў. Сяляне, якія везлі Паплаўскага якраз трапілі ў той момант, калі Алхазаў ад'язджаў і развітваючыся з Шалевічам казаў, дзякуючы за гасціннасць: "Чем же я Вам за всё отплачу?" "Аддайце мне гэтага паўстанца, - адказаў Шалевіч. - Вылечу яго або пахаваю", - і паказаў на воз, што стаяў непадалёк на дзядзінцы.

Алзахаў хвіліну павагаўся, аднак кінуўшы вокам на акрываўленае цела, якое ляжала на саломе, ахвотна пагадзіўся, бо меркаваў, што аддае труп, з якім сам меў бы дастаткова клопату. Гэты выпадак уратаваў Паплаўскаму жыццё, бо, дзякуючы намаганням і той увазе, якімі яго атачылі ў доме Шалевіча, змог ён загаіць цяжкія раны і паволі вярнуць здароўе. Хварэў досыць доўга, за гэты час змяніліся расійскія чыноўнікі, і пра яго забыліся. Гэтак шчасліва пазбавіўся далейшага пераследу. Змог дажыць да спакойнага часу, але насіў на сабе памятку аб маскоўскіх штыках: шаснаццаць вялікіх плям.

Другім выжыўшым з аддзела Людвіка Нарбута быў Андрыёлі, гісторыя яго таксама вельмі цікавая. У часе бітвы пад Дубічамі, калі ратаваў параненага камандзіра, атрымаў рану ў руку. Нарбута падхапілі іншыя таварышы, а ён, адчуўшы, што не здольны больш ваяваць, шчасліва выйшаў з-пад агню і трапіў у бяспечнае месца, дзе яго хутка агарнула наша знакамітая клапатлівасць якая ратавала ўсіх выжыўшых.

Хутка пасля пахавання сына Крыстына Нарбут сама адвезла пераапранутага Андрыёлі да бацькоў у Вільню. Калі вылечыўся, дык яго адправілі ў мундзіры марскога афіцэра ў Пецярбург, разлічваючы, што над Нявой будзе бяспечней, чым у Вільні, дзе ён лёгка мог быць апазнаны. Была надзея, што з Пецярбурга Андрыёлі зможа перайсці морам мяжу.

Але шанец здрадзіў. У дарозе да сталіцы нейкі марак убачыў недакладнасць ва імправізаванай форме Андрыёлі і даў знаць пра гэта ўладам. Ён быў арыштаваны і вернуты ў Вільню ў часы страшэннага мураўёўскага тэрору, пранізаўшага ўсю Літву.

Пачаліся цяжкія допыты следчай камісіі, судовыя паседжанні. Андрыёлі абвінавачвалі ў дзейным удзеле ў паўстанні, прыналежнасці да банды Нарбута, і нават у тым, што ён часова замяняў камандзіра! Быў прысуджаны на смерць, але перад гэтым паўстанца выслалі ў Наваградак на вочную стаўку з другім вязнем. У наваградскай турме, убачыўшы на свае вочы мноства смярцей, Андрыёлі вырашыў паставіць усё на адну карту і паспрабаваць уратаваць жыццё праз уцёкі з турмы.

Знайшоў паразуменне яшчэ з двума такімі ж арыштантамі і чакаў адпаведнага моманту. Аднаго дня ў поўдзень, пад час агульнай прагулкі пад наглядам варты, трое арыштантаў раптоўна ўскочылі на мур, якім быў абнесены падворак турмы. Невялікі спрытны Андрыёлі быў далёка за мурам, калі двое другіх яшчэ пералазілі праз плот. Узнялася вялікая трывога, замяшанне, і гэта дало Андрыёлі час, каб адбегчы ад турмы на значную адлегласць. Калі ахоўнікі кінуліся за ўцекачом, Андрыёлі быў ужо даволі далёка і бег з усяе сілы праз вуліцы горада.

Была зіма, на двары пачыналася завіруха, яна дапамагла арыштанту ўцячы.

Ніводзін з мінакоў не затрымаў уцекача, хаця яны і бачылі жаўнераў, якія беглі за паўстанцам. За горадам завіруха сцірала сляды. Андрыёлі скінуў з сябе цяжкае адзенне арыштанта і ў адной бялізне паімчаўся да бліжэйшага лесу, дзе нарэшце вольна ўздыхнуў.

Ахоўнікі страцілі след уцекача і вярнуліся ў горад. Андрыёлі, каб не замерзнуць, пачаў шукаць сабе схованку. Знайшоў стог сена і глыбока закапаўся ў сярэдзіну. Так правёў ноч, а на досвітку, адчуваючы, што замярзае, зноў пабег. Праз нядоўгі час убачыў фальварак і змучаны, рызыкуючы ўсім, але без роздуму увайшоў у дом чэлядзі. Там быў толькі стары парабак, заняты нейкай работай. Прасякнуты літасцю, ён не выгнаў Андрыёлі а зняў з сябе кажух і загадаў яму адзець, потым даў кавалак хлеба і кубак вады, бо адчуваў голад і смагу ўцекача.

Андрыёлі толькі ў цяпле пачаў адчуваць здранцвелыя канечнасці, але на парозе ўжо стаялі жаўнеры з пытаннем пра беглага арыштанта, якога шукаюць з учарашняга дня.

Селянін, не перарываючы штосьці габляваць, флегматычна адказаў, што ніякага арыштанта тут не было і ніхто яго не бачыў.

- А это кто? - спыталі, паказваючы на Андрыёлі.

- Хворы, - прамармытаў селянін - Трасе яго трасца.

Жаўнеры задаволіліся адказам і выйшлі. Гэтак дзякуючы добраму чалавеку, Андрыёлі быў выратаваны. Потым селянін адвёз Андрыёлі з адмарожанымі рукамі і нагамі ў Вільню да бацькоў, і так гэта зручна і асцярожна зрабіў, што ахова нідзе не звярнула на іх увагу.

У Вільні ў часы страшнага тэрору знаходзіцца параненаму было небяспечна. Здрада і шпіянаж, які добра аплачваўся, запаўзалі ў кожны кут. Бедныя бацькі Андрыёлі вымушаны былі замураваць сына ў каміне, куды праз дзверцы падавалі яму ежу і лекі. Гэта быў не першы такі выпадак у нашым Краі.

Жаданне выратаваць сваіх блізкіх нараджала дзіўныя месцы схованак для тых, хто аказаўся пад пераследам. Дзякуючы гэтаму ацалелі многія, каму наканавана была непазбежная згуба.

Як толькі Андрыёлі стаў мацнейшы і здаравейшы, ён, адзеты як "кацап" (г. зн. як старавер - гэтак мясцовы люд называў каланістаў з Волгі, якіх насадзіла тут яшчэ Кацярына II), з возам льну выехаў у Рыгу. Стараверы пераважна гандлявалі льном, які ў вялікай колькасці выраблялі ў нашай старане.


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

47 Пасля разубурэння ў 1869 г. касцёла ў Дубічах, фігура Хрыста захоўвалася ў Нацкім касцёле. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

ШКЛОЎСКІЯ МОГІЛКІ

(ГІСТАРЫЧНА-КРАЯЗНАЎЧЫЯ ДАСЛЕДВАННІ)

Вот могила здесь моя.

В ней спокойно сплю и я.

Мимо шедший стань, прочти.

Но могилы не топчи.

(Надпіс на адным з помнікаў на Шклоўскіх могілках.)

Могілкі - гэта помнікі гісторыі, культуры і архітэктуры. Надпісы на могілках даносяць да нас абрыўкі лёсаў людзей, якія некалі жылі, даты нараджэння і смерці, сацыяльны стан, этнакультурны каларыт. Эпітафіі на некаторых помніках перадаюць традыцыйнае мысленне ў пэўны перыяд часу. Могілкі, як і іншыя помнікі гісторыі, патрабуюць даследвання, апісання і сістэматызацыі. Прапанаванае даследванне - спроба сістэматызацыі існых звестак пра гарадскія могілкі Шклова.

Амаль ці не ў кожным беларускім горадзе і мястэчку са старажытных часоў паасобку або побач існуюць праваслаўныя, каталіцкія і яўрэйскія могілкі. Не з'яўляецца выключеннем і горад Шклоў. Шклоўскія могілкі размясціліся на невялікім узгор'і каля паўднёва-заходняга ўскрайку горада. Некалі побач знаходзілася прадмесцце Рыжкаўскае, потым вёска Рыжкавічы, якая ў пачатку сучаснага стагоддзя ўвайшла ў склад горада. Таму і могілкі ў Шклове носяць назву "Рыжкаўскія". Могілкі размясціліся ў наступным парадку: найбліжэйшыя да сучаснага цэнтра горада знаходзяцца каталіцкія. Потым, у паўдёвым накірунку праз роў - праваслаўныя і на невялікай адлегласці, зноў праз роў - яўрэйскія.

З цягам часу каталіцкія і праваслаўныя аб'ядналіся ў агульныя, а частка пахаванняў на тэрыторыі, якая знаходзіцца паміж гэтымі могілкамі, атрымала назву "Брацкае". На прыканцы XX стагоддзя пачаліся пахаванні на новай тэрыторыі ў заходнім накірунку ад існых могілак, яны працягваюцца і зараз. Жыхары Зарэчнага Шклова са старадаўніх часоў праводзяць пахаванні на сваіх асобных могілках. Таксама гараджане, якія маюць сваі карані з вёсак Стары Шклоў, Зароўцы, Загор'е, Ржаўцы, што знаходзяцца побач з горадам, хаваюць сваіх родзічаў на гэтых вясковых могілках.

Безумоўна, могілкі з'явіліся з моманту ўзнікнення населенных пунктаў. Звестак пра існаванне могілак у Шклове ў гістарычных крыніцах захавалася вельмі мала. Інвентар Шклова 1661 года ўзгадвае гарадскія могілкі, а таксама манастыр: "Св. Прачыстай, над Дняпром з пляцам, цментаром, могілкамі…" [7, с. 139-146; 9, s. 12-13]. Да 60-х гадоў мінулага стагоддзя на гэтым месцы яшчэ знаходзіўся будынак былой драўлянай царквы. Аб тым, што каля царквы знаходзіліся пахаванні, успаміналі мясцовыя старажылы [3]. Тое, што могілкі існавалі каля культавых збудаванняў, у старадаўнія часы была звычайная з'ява. У сучасны момант на гэтым месцы знаходзіцца магазін "Серабранка" з гаспадарчымі памяшканнямі.

Пра каталіцкія могілкі гістарычныя крыніцы паведамляюць, што "…на адлегласці адной вярсты ад Шклоўскага касцёла памерам 50 х 42 сажні знаходзяцца каталіцкія парафіяльныя могілкі" [5, с. 201]. Далей паведамляецца, што на могілках у 1852 годзе была пабудавана капліца. Найбольш верагодна, што менавіта ў гэтай капліцы знаходзіўся прах Аляксандра Хадкевіча, аднаго з уладароў Шклова. Першапачаткова забальзаміраваны прах Аляксандра Хадкевіча быў пахаваны непасрэдна ў Даміканскім кляштары. Аднак, пасля закрыцця гэтай манаскай абіцелі ў 1840 годзе, прах перанеслі з кляштара на каталіцкія могілкі [6, с. 468, 470]. Капліца на каталіцкіх могілках існавала да 30-х гадоў XX стагоддзя, калі была знішчана ў часы ваяўнічага атэізму.

Пахавальныя склепы, дзе былі пахаванні заможных шляхціцаў, яшчэ доўга заставаліся некранутымі. Рэшткі пахавальных склепаў яшчэ можна была пабачыць нават у 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Аднак, калі абыходзіш сучасныя каталіцкія могілкі, толькі імёны на помніках, больш характэрныя для каталіцкага асяроддзя, нагадваюць, што раней тут хавалі мясовых каталікоў. А пра існаваўшыя некалі тут пахавальныя скляпенні зараз можна пачуць толькі ўспаміны мясцовых старажылаў.

Больш звестак захавалася пра праваслаўныя могілкі. Тут, як і на каталіцкіх могілках, таксама існаваў храм. Вось што распавядала жыхарка Шклова Франя Фёдараўна Цодава, гутарка з якой мною была запісана 7 красавіка 2014 года: "У дзяцінстве я памятаю, што на могілках знаходзілася вялікая драўляная царква са званіцай. На царкоўныя святы гукі званоў былі добра чуваць на нашым Рыжкаўскім наваколлі. Прыблізна ў 1935-1936 гадах царкву зачынілі, і мой дзядуля перанёс царкоўныя рэчы (старадаўнія кнігі з пазалочанай афарбоўкай, абразы, драўляныя выявы святых і іншыя прадметы) у наш дом. Усё гэта захоўвалася ў некалькіх скрынях.У пачатку вайны агонь знішчыў шмат пабудоў на нашым ускрайку, у тым ліку і наша домаўладанне. Разам з пабудовамі згарэлі і ўсе царкоўня рэчы" [4].

Зараз побач з месцам, дзе некалі існавала царква, знаходзіцца магіла Агаф'і Сідаравай. Гэта жанчына лічыцца заснавальніцай шклоўскай Спаса-Праабражэнскай царвы, якая і зараз дзейнічае. Да яе, жанчыны добразычлівай і прадбачлівай, прыходзілі людзі маліцца. Звярталіся да багамолкі купецтва і багацеі, бо яна прадказвала, у які бок ісці, каб пашанцавала, дзе мець поспех. Усё спраўджвалася, і людзі ў знак удзячнасці давалі ёй грошы.

Захаваўся гістарычны дакумент: Справа канцылярыі оберпракурора свяцейшага ўрадавага Сінода № 12076 "О построении церкви в местечке Шклов из завещаных на сей предмет 20 тыс. руб. Агафии Сидоровой". Вось вытрымка з гэтай справы: "...находившаяся в Могилевской губернии уезда в местечке Шклов Агафия Сидорова по смерти своей завещала на приведение к совершению в том местечке Шклов начатой г. Зоричем Храма банковыми ассигнациями 20 тысяч рублей и кирпича, заготовленного ею, на 1355 руб. По дошедшему о сем предмете Могилевской Консистории сведению 17 августа 1820 года был опрошен шкловский священник Косьма Цалуевский, в приходе коего проживала и скончалась вышеуказаная Агафия, показал, что оная Агафия от стекавшегося к ней из разных мест народа, получая подаяния, имела твёрдое намерение по собрании такового количества значительной суммы, обратить оную на сооружение в местечке Шклов каменной церкви. По смерти оные Агафии Сидоровой в 1811 году последовавшей, осталось собраной ею суммы 20 тысяч рублей ассигнациями, разного в посуде состояшего серебра три фунта с половиною и кирпича купленого на сей предмет на 1.355 руб." [1].

Безумоўна, цяпер цяжка поўнасцю высветліць усе перапетыі з ходам будаўніцтва царквы. Але галоўнае, мара ўсяго жыцця Агаф'і здейснілася - у Шклове ўзнёсся прыгожы мураваны храм. Сама Агаф'я Сідарава была пахавана каля існай на той час царквы Нараджэння Багародзіцы. На месцы пахавання амаль да пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя знаходзіўся крыж. Потым рэшткі нябожчыцы былі перанесены на гарадскія могілкі. Кожны год 14 чэрвеня багамолку Агаф'ю ўспамінаюць на спецыяльнай літургіі ў храме, а потым адбываецца памінальная паніхіда каля яе магілы.

Таксама, як і на каталіцкіх могілках, старажытныя пахаванні тут не захаваліся. Каля месца, дзе некалі знаходзілася царква, захаваліся некалькі камянёў з выявамі крыжа. Ацалелыя помнікі, у асноўным, датуюцца сярэдзінай мінулага стагоддзя і пазнейшым перыядам. На цэнтральнай алеі звяртае на сябе ўвагу помнік афіцэру Першай сусветнай вайны Булановічу Аляксандру Дзмітрыевічу. А на паўднёвым ўскрайку на помніку Зносенку Івану Маркавічу можна прачытаць наступныя цікавыя словы:

"Вот могила здесь моя.

В ней спокойно сплю и я.

Мимо шедший стань, прочти.

Но могилы не топчи".

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пачаліся пахаванні на вольным месцы паміж каталіцкімі і праваслаўныя могілкамі, якая атрымала назву "Брацкае". Першапачаткова тут хавалі савецкіх воінаў, якія загінулі непасрэдна ў гады акупацыіі горада, а потым і пры вызваленні Шклова ў чэрвені 1944 годзе. У далейшым, парэшткі загінуўшых воінаў, перапахавалі ў брацкую магілу ў гарадскім скверы. Зараз там паўстаў мемарыял "Памяць".

Між тым, улічваючы мацярынскую просьбу, у гарадскі сквер не пераносілі прах партызанкі атрада № 60 Сурковай Марыі Ціханаўны. Гэта дзяўчына загінула пры вызваленні Шклова і была пахавана з усімі вайсковымі ўшанаваннямі. Магіла партызанкі Сурковай засталася на могілках [2].

З даўніх часоў знаходзяцца ў Шклове і яўрэйскія могілкі, якія мясцовыя жыхары называюць "бесхаім". Яны аднесены на невялікаю адлегласць ад гарадской мяжы і размясціліся на невялікім узгор'і паўднёва-заходняга ўскрайка. Тэрыторыя могілак абмежавана штучным ровам, які часткова захаваўся.

З паўночна-ўсходняга боку раней знаходзіўся невялікі драўляны прадпахавальны будынак, ад якога па нахілу пачынаецца мураваная лесвіца-калідор. Раней лесвіца-калідор мела драўляны дах і зачынялася варотамі. У сучасны момант гэта старадаўняя пабудова захавалася часткова. Могілкі падзелены на дзве роўныя часткі, паміж якімі, з заходняга боку, меліся ўваходныя вароты. Найбольш верагодна, заходнія вароты, былі знішчаны падчас Другой сусветнай вайны. Слупы ад былых варот, вырабленыя з бетону, павалены і знаходзяцца побач. На паўночным ускрайку могілак знаходзіцца мемарыял ахвяр Халакосту. Асноўная частка старажытных надмагільных помнікаў знішчана ў час апошняй вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд.

У жніўні 2016 года ў Шклове адбылася каталагізацыя яўрэйскіх могілак па праекце "Вузел жыцця". Было выяўлена 130 помнікаў. Самая старажытная мацэва датуецца 5 красавікам 1852 года. На помніку наступная эпітафія, якую пераклала на рускую мову эпiграфiст Аляксандра Фiшэль з Кiева: "Штэйн Яков, сын Аарона. Тут похоронен человек цельный и праведный господин, вечной памяти, умер во 2-ой день Песаха в год 5612 (05.04.1852). Пусть душа его будет увязана в Узле Жизни" [8, c. 33].

У перадваенны час пачынаюць з'яўляцца надпісы кірылічнымі літарамі. Сярод пахаванняў на шклоўскіх могілках ёсць славутыя яўрэйскія дынастыі. Прыкладам можа быць сямейства з прозвішчам Флеер, якія пераехалі ў Беларусь з Іспаніі ў XVII стагоддзі і зараз пражываюць па ўсім свеце. Менавіта Дар'я Флеер, карэнні продкаў якой паходзяць са Шклова і якая пражывае ў ЗША, паспрыяла таму, што на могілках быў адрамантаваны мемарыяльны комплекс яўрэям, загінуўшым пад час Другой сусветнай вайны. Амаль за чатыры стагоддзі на шклоўскіх яўрэйскі могілках знайшлі свой прытулак шмат тысяч яўрэяў. Сёння яўрэйскія могілкі Шклова маюць вялікую каштоўнасць і вядомыя ў сусветнай супольнасці [8, с. 30-34].

Кожныя могілкі абавязкова наведваюць нашчаткі, навукова-даследчыя экспедыцыі і проста аматары-краязнаўцы. Таму агульнымі намаганнямі як мясцовым уладам, так і грамадскасці трэба захоўваць гэтая мемарыальныя месццы - найцікавейшы набытак нашай спадчыны.

Грудзіна А.П. Шклоўская раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Спасылкі:

1. Багамолка Агаф'я Сідарава / У. Паўлаў // Ударны фронт. - 1994. - № 68.

2. Гутарка з жыхаркай г. Шклова С.Ф. Громыка 5 мая 2014 г. / запісаў А.П. Грудзіна // Асабісты архіў А.П. Грудзіны.

3. Гутарка з жыхаром г. Шклова Л.Я. Аўчыннікавым 16 лютага 2012 г. / запісаў А.П. Грудзіна // Асабісты архіў А.П. Грудзіны.

4. Гутарка з жыхаркай г. Шклова Ф.Ф. Цодавай 7 красавіка 2014 г. / запісаў А.П. Грудзіна // Асабісты архіў А.П. Грудзіны.

5. Завальнюк, Ул. Касцёлы царскай Расіі / Ул. Завальнюк. - Вып. 1. - Мінск : Рымска-каталіцкая парафія св. Сымона і св. Алены, 2009. - 220 с.

6. Россия. Полное географическое описание нашего отечества / под ред. В.П. Семенова; под общ. ред. П.П. Семенова и В.И. Ламанского. - Т. ІХ: Верхнее Поднепровье и Белоруссия / сост. В.П. Семенов [и др.]. - Санкт-Петербург : Изд-во А.Ф. Девриева, 1905. - VIII, 619 c.

7. Ткачоў, М.А. Замкі і людзі / М.А. Ткачоў; [пад рэд. Г.В. Штыхава]. - Мінск : Навука і тэхніка, 1991. - 182 с.

8. Узел жизни / сост. И. Шендерович, А. Литин. - Могилев, 2017. - 116 с.

9.Topolska, M.B. Szklow i jego rola w gospodarce Bialorusi wschodniej w XVII i XVIII wieku / M.B. Topolska. - Poznan, 1969. - 32 s.

Музыка, якая памнажае дабрыню, веру і святло

Творчы вечар выдатнага беларускага кампазітара Аліны Іванаўны Безенсон, выкладчыка, члена праўлення Саюза кампазітараў, члена Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, адбыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Шматгранны талент кампазітара быў прадстаўлены падчас выканання яе твораў і знаёмства гасцей са шматлікімі музычнымі зборнікамі кампазітара, прадстаўленымі на выставе "Дарогай святла".

Творчасць Аліны Безенсон ахоплівае розныя жанры: канцэрты для саліруючых інструментаў з аркестрам, сімфанічныя паэмы, кантаты, месы, камерна-інструментальныя творы для фартепіана, домры, цымбал, скрыпкі і іншых інструментаў. Асобае месца ў яе творчасці займае інструментальная і вакальная музыка для дзецей, а таксама харавая і камерная вакальная музыка: рамансы, песні, хоры, вакальные і харавые цыклы, духоўныя гімны.

Творы Аліны Іванаўны вывучаюць у музычных школах і каледжах, яны ўваходзяць у рэпертуар салістаў і калектываў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, гучаць на канцэртных пляцоўках не толькі нашай краіны, але і многіх краін свету.

У вечарыне прынялі ўдзел выканаўцы: Дар'я Баханко (цымбалы), Сафія Ткачэнка (скрыпка), Марыянна Бабіч і Аліна Чыжык (вакал) і сама кампазітар за фартэпіяна.

Як адзначалі госці мерапрыемства, творчыя суаўтары і сябры юбіляркі, Аліна Іванаўна з'яўляецца чалавекам дзіўнага ўнутранага святла і фантастычнай працавітасці. Яна натхняецца прыгажосцю свету і прыроды, і стварае высокадухоўныя творы, выхоўвае высокую культуру ўспрымання музыкі. Яна супрацоўнічае з паэтамі і нясе слухачам боскую музыку і паэзію ў сваіх творах. Аліна Іванаўна Безенсон падзялілася ўспамінамі аб пачатку свайго творчага шляху і адказала на пытанні, якія цікавілі слухачоў.

- Я рада, што выстава маіх нотных зборнікаў цягам месяца была прадстаўлена ў найбуйнейшай бібліятэцы нашай краіны, і таму з вялікім хваляваннем і радасцю прыйшла на вечарыну са сваімі сябрамі-выканаўцамі, а таксама навучэнцамі Рэспубліканскага каледжа па музыцы і выяўленчым мастацтве і студэнтамі Беларускай Акадэміі музыкі.

- Аліна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра Ваш жыццёвы і творчы шлях.

- Я нарадзілася ў горадзе Ваўкавыску ў 1971 годзе. Калі мне было пяць гадоў, мае бацькі ўбачылі аб'яву, пра тое, што прадаецца піяніна, і набылі гэты чэшскі інструмент. Пазней я грала на ім і сачыняла сваю музыку. З братам Віктарам і сястрой Аленай мы ладзілі канцэрты, падбіралі папулярныя мелодыі, калі яшчэ не ведалі нот. Тады мы захапляліся Ю. Лявонцьевым, А. Пугачовай, "Боні-М", "Задыякам", "Арабескамі". Маёй лепшай марай было навучыцца граць на фартэпіяна.

Калі мне было 10 гадоў, я запісалася ў музычную школу, займалася па класе домры, асвоіла акардэон, а пазней, калі выкладчыца даведалася, што ў нас дома ёсць інструмент, я перайшла ў клас па фартэпіяна.

У Гарадзенскім музычным вучылішчы я займалася па класе домры ў Ядвігі Эдуардаўны Сергіенкі. Пазней асновы кампазіцыі вывучала ў вядомага чалавека - Андрэя Васільевіча Бандарэнкі, які цяпер з'яўляецца святаром, протаіерэем. Яго словы выклікалі ў мяне ў душы глыбокае хваляванне! Неўзабаве я зразумела, што не магу жыць без складання музыкі і буду паступаць толькі на кампазітарскае аддзяленне.

- Нагадайце, калі ласка, Вашыя раннія творы.

- Адзін з іх, аматарскае дзіцячае сачыненне "Гоман Нёмана", напісанае мной у 15 гадоў, выконваецца і зараз у музычных школах і каледжах краіны.

- Адным з Вашых выдатных выкладчыкаў у Беларускай Акадэміі музыкі быў нядаўна спачылы прафесар Андрэй Юр'евіч Мдзівані…

- Андрэй Мдзівані - гэта найсвятлейшы, наймудрэйшы, глыбока веруючы чалавек, які знаходзіў тонкі, індывідуальны падыход да сваіх вучняў. Ён патрабаваў ад нас высокамастацкіх твораў. Паводле яго слоў, у музыцы можна дараваць усё, акрамя нуды. Такім чынам, трэба было абуджаць эмоцыі слухача: прымушаць плакаць, радавацца, смяяцца.

Я ўдзячная за ўсё свайму выкладчыку і выступіла з прамовай у момант развітання з ім ...

- У Вашым рэпертуары шмат твораў для дзяцей.

- Твор "Пасля дажджу" я напісала для свой дачкі Веранікі, якая скончыла музычную школу па класе скрыпкі.

- Вы напісалі мноства харавых твораў, кантаты, сімфанічныя паэмы: "Hosanna in exelsis", "Набліжэнне. Стварэнне музыкі патрабуе вялікай працы.

- Мелодыя нараджаецца імгненна, але каб скласці нотныя партытуры для розных інструментаў і сабраць нотныя зборнікі, патрабуюцца дзесяткі гадзін працы за камп'ютарам.

- Аліна Іванаўна, Вы супрацоўнічаеце з паэтамі, ствараеце песні і вакальныя цыклы, знаходзіцеся ў творчым саюзе са скрыпачамі і флейтыстамі, пішаце творы для домры, віяланчэлі, кларнэта і габоя, Вы пашырылі рэпертуар цымбалістаў, выпусцілі мноства нотных зборнікаў, дзеліцеся велізарнай творчай энергіяй!

- Мною былі напісаны ў свой час харавыя творы на вершы нашых класікаў - Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, а таксама Мар'яна Дуксы.

Я пішу музыку на вершы Лізаветы Палеес, Ірыны Карнавухавай, Галіны Усічэнкі, Алы Ткачэнкі і іншых маіх любімых аўтараў.

- А хто самыя блізкія слухачы ў Вашай сям'і?

- Гэта мае дзеці - сын Уладзіслаў і дачка Вераніка.

- Дзякуем Вам за выдатную музыку, якая вядзе да дабра, святла і памнажае веру!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX